Папярэдняя старонка: 2021

№ 32 (1547) 


Дадана: 11-08-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 32 (1547), 12 жніўня 2021 г.

Малітвай у лесе і чуваннем сем'яў у Наваградку ўшанавалі памяць назарэтанак-пакутніц

31 ліпеня вернікі разам з біскупам Юзафам Станеўскім маліліся ў Батароўскім лесе каля Наваградка, дзе 78 гадоў таму падчас Другой сусветнай вайны былі расстраляны адзінаццаць законніц з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэта.

Як паведамляе Grodnensis.by, ушанаваць памяць сведкаў Хрыста, якія прынеслі сябе ў ахвяру, сабралася шмат людзей. Прысутныя дзякавалі за дар дабраслаўлёных пакутніц для Касцёла ў Беларусі, праз іх заступніцтва прасілі Бога аб ласцы глыбокай, моцнай веры, адвагі, сапраўднай любові да Яго і бліжніх для сябе, сваіх сем'яў і супольнасцяў.

Акрамя таго, маліліся за нашу краіну, каб у ёй панавалі мір і згода, узаемная павага і разуменне, шанаванне супольнага дабра і клопат пра будучыя пакаленні.

Вернікі маліліся таксама аб беатыфікацыі сястры Малгажаты Банась - дванаццатай назарэтанкі з Наваградка, якая пазбегла пакутніцкай смерці.

Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў Генеральны вікарый Гарадзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.

У гаміліі іерарх адзначыў, што Батароўскі лес 78 гадоў таму стаў Кальварыяй, на якой назарэтанкі па прыкладзе Езуса Хрыста ахвяравалі сваё жыццё за бліжніх.

- Гісторыя Наваградка ведае прыклад пакутніц, якія, умацаваныя Божай ласкай, здолелі дасягнуць вяршыні святасці на шляху менавіта такой бязмежнай любові да бліжняга, як ахвяра ўласнага жыцця, - сказаў біскуп.

Па яго словах, перамога пакутніц і іх сведчанне працягваюць сёння моцай Бога прыносіць духоўны плён, таму на гэтай зямлі, акропленай іх крывёю, асаблівым чынам належыць прасіць Пана аб дары веры.

- Тут было жыццё, тут нашыя продкі закладвалі падмурак веры для дома жыцця. Тут былі планы і надзеі, бо тут наша і нашых продкаў "абяцаная зямля". Аднак тут і ненавідзелі жыццё, чалавека як Божае стварэнне і вобраз. Больш за тое, ненавідзелі тых, хто пайшоў за Хрыстом праз пакліканне да манаскага жыцця, - дадаў іерарх.

Біскуп падкрэсліў, што назарэтанкі, паміраючы, не памерлі.

- Дабраслаўлёныя пакутніцы звяртаюцца да нашых сэрцаў: "Паверце, што Бог ёсць любоў! Абудзіце ў сабе надзею! І няхай гэтая надзея прынясе ў вас плён вернасці Богу ва ўсялякім жыццёвым выпрабаванні, каб па прыкладзе жыцця і ахвяры пакутніц аддана ісці за Хрыстом", - адзначыў іерарх.

На заканчэнне Імшы да прысутных звярнулася Правінцыяльная сястра Беларускай правінцыі назарэтанак Філатэя Ціхановіч CSFN, якая падзякавала за дар супольнай малітвы, а таксама заахвоціла і далей узносіць да Бога свае просьбы праз заступніцтва наваградскіх пакутніц.

Пасля Імшы прысутныя мелі магчымасць памаліцца ў цішыні на тым месцы, дзе назарэтанкі пакутніцы аддалі жыццё за іншых. Вернікі пакідалі лес у засяроджанасці, з думкай пра тое, што наша зямля - дабраслаўлёная зямля, дзе пралілася кроў многіх адважных людзей, якія не адракліся ад Бога, а засталіся Яму вернымі да канца.

У ноч з суботы на нядзелю 1 ліпеня ў наваградскім санктуарыі, дзе спачываюць рэліквіі дабраслаўлёнай сястры Стэлы і яе дзесяці паплечніц, пакутніц, адбылося малітоўнае чуванне ў інтэнцыі сем'яў.

Як заўважае Grodnensis.by, большасць прысутных складала моладзь.

Падчас чування вернікі ўдзельнічалі ў малітве Ружанца, набажэнстве Крыжовага шляху, выслухалі канферэнцыю, якую прамовіў пробашч парафіі Спаслання Духа Святога ў Бярозаўцы ксёндз Андрэй Радзевіч. Удзельнікі чування маліліся за ўсе сем'і нашай краіны, бо менавіта за бацькоў сем'яў назарэтанкі ахвяравалі сваё жыццё ў 1943 г.

Сустрэча завяршылася святой Імшой, якая цэлебравалася ў 4.30 раніцы - прыблізна ў той час, калі сёстры прынялі ў Батароўскім лесе пакутніцкую смерць ад рук гітлераўцаў.

Паводле: Кс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by. Фота: Grodnensis.by.

Да Ларысы Геніюш

Менскія сябры Арт-Вандроўні cупольна з Фондам Ефрасінні Полацкай наведалі 7 жніўня Зэльвеншчыну, Ваўкавышчыну і Мастоўшчыну. Яна пабывалі на зямлі Ларысы Геніюш - легендарнай беларускай паэткі і нязломнай патрыёткі, ахвярнай хрысціянкі і пакутніцы камуністычнага ГУЛАГу. Вядоўца вандроўкі - цудоўны гісторык, музейшчык і экскурсавод Павел Каралёў. Госці з Менска наведалі Свята-Троіцкую царкву (1851 г.), якой у свой час апекавалася Ларыса Геніюш, дзе на падворку стаіць яе помнічак, а ў самой царкве, акрамя памятнай шыльды, створаны маленькі музейчык, прысвечаны паэтцы. У Зэльве менчукі пабачылі дом, дзе свае апошнія гады, пасля вызвалення з лагераў, правяла Ларыса Антонаўна, куды да яе прыязджалі шматлікія нашы вядомыя пісьменнікі, мастакі, археолагі, студэнты, ды іншыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, адкуль ішла перапіска з усім светам. Не прамінулі госці наведаць і магілу Ларысы і Янкі Геніюшаў на мясцовых могілках, якія маляўніча ўзвышаюцца над Зэльвенскім вадасховішчам.

З Зэльвы менскія турысты паехалі ў Ваўкавыск, а потым у Гудзевічы. Там наведалі літаратурна-этнаграфічна-краязнаўчы музей, заснаваны вядомым краязнаўцам, мясцовым настаўнікам Алесем Белакозам (1928-2016), а таксама магілу дзеда Ларысы Геніюш Паўла Францавіча Міклашэвіча, пана Міклаша, які ў пазамінулым стагоддзі валодаў Гудзевічамі. Па дарозе менскія турысты і іх экскурсаводы згадвалі і чыталі вершы Ларысы Геніюш.

9 жніўня, на працягу ўсяго дня Зэльву наведвалі прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі з усёй Беларусі, каб ускласці кветкі на магілу і да помніка вялікай беларускай паэткі Ларысы Геніюш (1910-1981). З самай раніцы кветкі да помніка і на магілу Ларысы Геніюш усклаў намеснік старшыні Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка з жонкай Ганнай. Са Слоніма з кветкамі завіталі пісьменнікі Мікола Канановіч і Сяргей Чыгрын. Яны таксама ўшанавалі Ларысу Антонаўну.

З Дзятлава ў Зэльву прыехаў краязнавец Валерый Петрыкевіч, які добрымі словамі памянуў вялікую паэтку. На магілу паэткі і да помніка ёй прыносілі кветкі і зэльвенцы - людзі сталага ўзросту, якія ведалі і сябравалі са сваёй знакамітай зямлячкай. У гэтыя дні да Ларысы Геніюш ехалі беларусы з Менска, Ваўкавыска, Гародні, Ліды, Берасця і іншых гарадоў Беларусі, каб аддаць ёй даніну светлай пашаны і любові.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва. Фота аўтара.

Бабруйская настаўніца стварае настолкі, па якіх прасцей вывучаць беларускую мову

Людміла Крылова выкладае беларускую мову і літаратуру ў школе № 34. Ідэя рабіць настольныя гульні ў яе з'явілася, калі заўважыла цяжкасці засваення прадмета вучнямі. Сёння бабруйчанка мае восем дыдактычных гульняў, якімі можна карыстацца на занятках у малодшых і старэйшых класах. І распрацоўвае вялікую, сюжэтную настолку разам з калегамі з іншых гарадоў. "У каманду шукаем мастака-дызайнера, які здолее аформіць гульню так, каб яна выглядала актуальна для сучасных падлеткаў", - кажа Людміла.

- Упершыню думка рабіць дыдактычныя гульні для школьнікаў у мяне з'явілася тры гады таму, у часы працы ў цэнтры дзіцячай творчасці, - распавядае Людміла Крылова. - Я была намеснікам дырэктара па выхаваўчай працы і займалася праектам беларускамоўнай змены летніка для сотні дзяцей. Спачатку педагогі напалохаліся, бо мала хто валодае мовай. Я прапанавала такі варыянт: буду сама размаўляць па-беларуску, прыдумляць заданні, а ў вас ужо як атрымаецца. І паступова калегі самі запаліліся гэтай ідэяй, і мы паспяхова зладзілі такую змену на 18 дзён.

Адным з заданняў лагера было "Гуляем па-беларуску". Напрыклад, дзецям трэба было зрабіць сэлфі на фоне беларускамоўных надпісаў у Бабруйску. І яны хадзілі, квэсцілі, шукалі іх. Таксама былі сустрэчы з цікавымі беларускамоўнымі людзьмі, майстар-класы па народных танцах. З прэзентацыяй гэтага праекта я з'ездзіла ў "Зубраня".

Калі Людміла прыйшла працаваць у школу, задумалася над пытаннем: як заахвоціць васьмікласнікаў на шосты навучальны дзень? Бо дзецям патрэбна матывацыя, разуменне "для чаго я гэта раблю?"

- Гэта нам, настаўнікам, трэба падладжвацца пад сучасных дзяцей. Я ім прапанавала ствараць гульні для малодшых школьнікаў, быць карыснымі. Формы я ім прапаноўвала сама, напрыклад - лато. А яны самастойна падбіралі лексічны матэрыял, цікавыя, на іх позірк, словы. Рабілі гульні ў электронным выглядзе, напрыклад, можна было пачуць птушыныя галасы праз QR-код. Ім было дужа цікава прыходзіць да меншых дзяцей, выступаць у якасці настаўнікаў.

Для старэйшых класаў патрэбны гульні з падвышанай складанасцю, але не ўсе яны праходзяць. Таму нам так важна тэставаць іх на розных класах, каб знаходзіць хібы, ці цалкам адмаўляцца ад настолкі. Важна, каб гульня была гульнёй, з інтрыгай, а не проста дыдактычным матэрыялам.

Зараз Людміла Крылова распрацоўвае сюжэтную гульню. Ідэя ўзнікла на бізнэс-інтэнсіве "Уключы сябе". Ёй сказалі: "Гульні, якія маеце, будуць набываць толькі настаўнікі. А каб уключыць больш дзяцей, трэба стварыць нешта маштабнае". Настаўніца кажа, што адной ёй было б цяжка прыдумаць актуальную настолку.

- Трэба часцей пытаць у дзяцей: "А што цікава вам?" І даць ім магчымасць паўдзельнічаць. Нядаўна я ездзіла на "Eduton" у Менск, дзе сабраліся настаўнікі з розных куткоў Беларусі. І там я знайшла аднадумцаў, з якімі зараз распрацоўваю сюжэтную гульню. Гэта настаўнікі з Менска, Іванава і Брожы (Бабруйскі раён). Мы стасуемся з імі праз інтэрнэт.

Спадзяюся, ужо ў верасні зможам абкатаць гульню на дзецях. Бо перад тым, як трапіць у друк, настолка павінна быць добра пратэставаная і даведзеная да дасканаласці.

- Слова "кілішак" сустракаецца ў 8-м класе ў "Магіле Льва". У малодшых класах дзеці з ім не сутыкаюцца. Але гэта не значыць, што яго не трэба ведаць. Назапашванне словаў спатрэбіцца ў старэйшых класах. Каб не давялося доўга шукаць яго значэнне. Таму я пастаянна падкідаю дзецям рэдкія словы. Бо з разуменнем тэкстаў у некаторых вучняў катастрофа, - кажа настаўніца.

Людміла Крылова прапанавала нам сустрэцца ў парку. Яна тлумачыць, чаму гэтае месца адно з самых улюбёных у горадзе:

- Я з Бабруйскага раёна, вёска Цялуша, - кажа Людміла. - Трапіла сюды па размеркаванні. Працавала ў школе, атрымала другую вышэйшую адукацыю, якая зараз вельмі дапамагае ў маіх пачынаннях. У горадзе больш за ўсё люблю гэты парк, бо прывыкла звязваць месцы з успамінамі пра нейкія важныя падзеі. Тут пачалася мая другая работа, тут былі квэсты, сустрэчы, танцавальныя майстар-класы з Юліяй Літвінавай і Сяргеем Выскваркам.

У Бабруйску не такое вірлівае жыццё, як у Менску. Таму я люблю месцы, у якіх ёсць рух.

- Я б раіла наведаць азёры за кінатэатрам. Гэта гістарычныя мясціны. Кажуць, там былі габрэйскія могілкі. І мы з вучнямі знаходзілі там разенбергаўскую цэглу, цікавыя камяні. Я тады акурат працавала ў клубе "Лотас", і гэта быў раён нашых даследаванняў.

Ведаю, што для карэнных бабруйчан гэта адметная лакацыя, з якой звязана нямала прыемных успамінаў. А я тут часта гуляла з маленькай дачкой - яна спіць, а я чытаю. У гэтых мясцінах яна вырасла. Прыемна, што зараз каля азёраў прыбіраюць, зараз тут прыемна прайсціся, падумаць.

Для таго, каб атрымаць у карыстанне адну з дыдактычных гульняў Людмілы Крыловай, звяртайцеся праз яе Instagram.

А.Л. Фота: Алена Фофанава.

"ЛІТФЭСТ ПА-ЛІДСКУ" ПРАЦЯГВАЕЦЦА!

На календары нас сустракае апошні месяц лета, а на вуліцах г. Ліда жыхароў горада сустракае "Літфэст па-лідску" ад ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы".

Ва ўтульнай альтанцы горада для дзяцей прайшло літаратурнае знаёмства "Што пачытаць у бібліятэцы?", арганізаванае супрацоўнікамі філіяла "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка". Хлопчыкам і дзяўчынкам распавялі пра тое, што ў дзіцячай бібліятэцы знаходзіцца вялікая разнастайнасць літаратуры на любы густ, гэта вершы, казкі і апавяданні, энцыклапедыі і даведнікі, часопісы пра жывёл, падарожжы і казачных герояў. Дзеці з вялікім задавальненнем пазнаёміліся і пачыталі прадстаўленыя выданні, а за круглым сталом адзін з адным абмеркавалі прачытаныя гісторыі, пачаўшы свой аповяд словамі "А мая гісторыя пра ...".

Праблема існавання бяздомных жывёл - адна з актуальных праблем сучаснасці - мае неспрыяльныя экалагічныя і сацыяльныя наступствы. Жывёлы з'яўляюцца разносчыкамі хвароб, узбуджальнікамі захворванняў. З бяздомнасцю неабходна змагацца, а не з жывёламі. Даносілі гэтую праблему бібліятэкары філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 2" дзецям на адной з гульнявых пляцовак падчас правядзення акцыі "Бяздомныя жывёлы просяць дапамогі". Выхоўваць у дзецях пачуццё адказнасці і прыстойнасці дапамагло знаёмства з правіламі паводзін у час сустрэчы з жывёламі, раздача буклетаў. У акцыі ўзялі ўдзел малодшыя школьнікі, бо даносіць гэтую праблему трэба пачынаючы з малодшага пакалення.

Ужо традыцыйным стала наведванне бібліятэкарамі філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 2" самых мужных і доблесных людзей нашага горада. На Лідскай выратавальнай станцыі ГАА ТВВОД (ОСВОД) супрацоўнікаў бібліятэкі сустрэлі ратавальнікі-вадалазы, матарыст, медсястра і матрос станцыі, і для кожнага бібліятэкары знайшлі найцікавейшыя перыядычныя выданні і літаратуру па інтарэсах.

Адпачывайце летам разам з нашымі бібліятэкамі!

Адпачывайце разам з "Літфэстам па-лідску"!

Кацярына Сандакова, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы".

…МУЖНАЕ СЛОВА - "АБАРАНЮ" !

або СЯБРЫ І ЗНАЁМЫЯ ПРА ЮБІЛЯРА

Валеру Дранчуку - 70 гадоў

Маё знаёмства са спадаром Валерам, якое неўпрыкмет перарасло ў добрае сяброўстава, налічвае каля трох дзясяткаў гадоў. І што цікава: прыгадваючы нашы сустрэчы, тэлефонныя размовы, я не прыпомню, каб ён калі выказваў вялікі клопат пра асабіста-пабытовыя рэчы, хоць гаспадарчых спраў у яго хапае: адзін хутар каля Ахрэмавіч - спадчына сялянска-шляхецкага роду Дранчукоў-Рымашэўскіх - вымагае шмат старанняў. Але ад продкаў ён атрымаў у спадчыну не толькі радзіннае гняздо - у яго светаадчуванне трывала закладзена не толькі захапленне перад красой і веліччу прыроды - сваё жыццё (і гэта не перабольшанне) ён прысвяціў яе абароне. Яго "зялёны фронт" шматаблічны:

- аўтарская газета "Белавежская пушча" (прыродалюбнае асветна-публіцыстычнае выданне);

- каляндарная серыя "Маляўнічая Бацькаўшчына" (сёлета ёй 20 гадоў);

- газета "Святаяннік" (школа дзіцячай экалагічнай журналістыкі);

- дзіцячыя экалагічныя пленэры на беразе ракі Гавязнянкі;

- літаратурна-мастацкая серыя "Мне сонцам свеціць Наднямонне";

- выданне кнігі У. Дацкевіча "Маё жыццё ў Белавежскай пушчы";

- выданне ўласных кніг на абарону роднай прыроды, роднах назваў: "Белавежская пушча. Рэзалюцыя SOS", "Мае кантрапункты. За акіянам і дома", "Кажу дзецям…", "Воблакі-лебедзі", "Гавязна і Гавязнянка";

- пастаноўка крыжа-абярэга на месцы прыбранага сметніка на ўтаймаванне страт у прыродзе і ў самім чалавеку. Ды колькі яшчэ ўсяго, штодзённага і абавязковага ў гэтага чалавека, які верай і праўдай служыць прыродзе і людзям, - не пералічыць!

Валянціна Холадава, Новы Свержань.

Валер Дранчук у гэтым годзе юбіляр. Мы, сябры, шчыра віншуем яго і выказваем словы падзякі за ўсё, што ім зроблена!

Унікальнасць і велічнасць Валерыя Аркадзевіча - у бязмерным жаданні абараніць прыроднае асяроддзе ад неразумнай дзейнасці чалавека. Ён нібыта бацька, як малых атуляе то рэчку Гавязнянку, якую асушаюць меліяратары, то Белавежскую пушчу, якую ўціхую высякаюць, то бацькоўскі хутар, побач з якім наровяць ссекчы векавы дуб… І во цуд! - шмат што яму ўдаецца абараніць і захаваць (і адзін у полі воін!). Мяркую, што так робіцца дзякуючы спалучэнню Богам дадзеных талентаў: мастака, фатографа, журналіста, эколага.

Яго шматгранны талент і імпэт зачароўвае і прыцягвае. Сябраваць і сустракацца з ім - гэта свята для душы, гэта як наталяць смагу вадой з крынічкі, што выцякае з-пад царквы ў Лагойску. Да яго цянуцца і дзеткі, ужо ўнукі, з якімі ён ладзіць экалагічныя пленэры, распавядае пра родны кут, друкуе для іх кніжкі.

Планаў ды праектаў у Валерыя Аркадзьевіча бясконца. I на ўсё яму хапае часу … акрамя сябе! Нават у дні сваіх юбілеяў ён ладзіць вандроўкі па родных мясцінах, лірычныя і змагарныя.

Вось такім і зараз фіксую вобраз майго дарагога сябра - па-юнацку максімалісцкім абаронцам нашага краю, смелым і непахісным.

Сябар Валянцін.

Валер - гэта Чалавек, які не пакіне без абароны і дапамогі ніводную раслінку, ніводную жывёліну ці птушку, ніводную культурную каштоўнасць роднай краіны.

Марыся Гладкая.

Вітаю і віншую шаноўнага юбіляра. Бязмерна ўдзячная за вялікую працу па захаванні прыроды нашай Бацькаўшчыны, за абарону яе красы, каб мае дзеці і ўнукі, усе будучыя пакаленні маглі наталяцца водарам чыстага паветра, любавацца хараством і гармоніяй роднага наваколля.

Здароўя, моцы, добрых набыткаў, невычэрпнай творчай энергіі сёння, заўтра, назаўжды.

Станіслава Вальчык.

У мяне слоў не хапае, каб выказаць сваё захапленне.

Галіна Каржанеўская (пра апошнія фотаработы).

За адзін дзень не стала і следу ад стогадовага клёна, што вольна раскашаваў у полі, утвараў густоўны відагляд ды меў у кроне мілую прасветліну-сэрцайка. Адны гэтай страты і не заўважылі, другія адзначылі - дый на гэтым. Валер Дранчук займеў болю і клопату на доўгі час, нібыта забілі яго дарагога сябра. А дзесяцігоддзямі змагацца за адно даўняе слова продкаў - за пракаветную назву Гавязна. А вучнем-сямікласнікам паўстаць супраць гвалту на рэчцы дзяцінства і весці змаганне за малыя беларускія рэкі да сваіх сямідзесяці, ахвяруючы спакоем, здароўем, жыццёвай уладкаванасцю, творчай рэалізацыяй!

Не давялося за жыццё сустрэць чалавека большай мэтаскіраванасці, смелай праўдзівасці, канструктыўнай паслядоўнасці, зацятай настойлівасці, стваральнай упартасці ў святой справе зберажэння роднага. Болей бы падобных хоць крыху на яго - было б усё інакш.

Наталля Плакса, старшыня Нясвіжскай раённай арганізацыі ТБМ.

Душэўнай і цялеснай моцы, Божага дабраслаўлення на Вашы дабрачынна-ахвярныя справы.

Пётр Шарко, ксёндз касцёла Божага Цела ў Нясвіжы.

У псалме цара Давіда чытаем: "Дзён гадоў нашых - семдзясят гадоў, а пры большай моцы - восемдзясят, а самая лепшая іх пара - праца і хвароба, бо праходзіць хутка і мы ляцім."

Хочацца пажадаць глыбока паважанаму мною спадару Валеру, каб пара большай моцы заўжды прыносіла плён у змаганні за беларушчыну, захаванне дараванага нам Творцам сусвету прыроднага быцця, мовы і культуры продкаў.

Уладзімір Бруй, пісьменнік.

Пра адметныя мясціны Пастаўшчыны

Ігар Пракаповіч, які жыве ў Паставах і працуе настаўнікам, - адзін з самых таленавітых і цікавых пісьменнікаў і краязнаўцаў Віцебшчыны, які шмат гадоў даследую родную Пастаўшчыну і суседнія раёны.

Даследчык напісаў і выдаў дзесяткі кніг па гісторыі Пастаўскага краю і Мядзельшчыны. Сферы зацікаўленняў даследчыка - найперш геаграфія (геамарфалогія, лімналогія, тапаніміка, ландшафтазнаўства), лакальная гісторыя (даславянская гісторыя рэгіёна, старажытныя гандлёвыя шляхі, археалагічныя помнікі, германскія ўмацаванні і пахаванні на лініі фронту Першай сусветнай вайны, гістарычныя мясціны Пастаўшчыны і Мядзельшчыны, гісторыя асобных населеных пунктаў, літаратурная работа і журналістыка, педагогіка (тэорыя і практыка), бардаўская песня, вандроўкі і фатаграфія.

Нядаўна ў Менску ў выдавецтве "Беларусь" з друку выйшла чарговая кніга Ігара Пракаповіча. Выданне мае назоў "100 адметных мясцін Пастаўшчыны". "Падарожная кніжыца" Пастаўшчыны змяшчае апісанне 100 найбольш цікавых мясцін раёна, якія могуць прывабліваць падарожнікаў і турыстаў. Значная частка аб'ектаў - гэта невядомыя або недастаткова вядомыя помнікі прыроды, гісторыі, культуры, якія аўтар збіраў і вывучаў каля 30 гадоў. Тым больш, што Пастаўшчына - адзін з найпрыгажэйшых рэгіёнаў Беларусі, у якім прыродныя дзівосы спалучаюцца з помнікамі і таямніцамі мінулых гадоў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя.

Кампазітар, які любіў Беларусь

Да 140-годдзя Станіслава Казуры

Кампазітар Станіслаў Казура нарадзіўся ў фальварку Тэклінаполь былога Свянцянскага павета Віленскай губерні (цяпер Пастаўскі раён Віцебскай вобласці) 2 жніўня 1881 года (па іншай інфармацыі ў 1882 годзе). Але і польская "Encyklopedia Muzyczna" паведамляе, што Станіслаў Казура нарадзіўся ў 1881 годзе. Пачатковую адукацыю ён атрымаў дома, потым працягваў адукацыю ў Вільні, у тым ліку і музычную. Бацькі хацелі, каб сын стаў медыкам, таму адразу накіравалі яго ў Дзвінск вучыцца на ўрача. Але яго цягнула да музыкі. Не закончыўшы вучобы, ён у 1906 годзе арганізаваў з рабочых фабрыкі лакаматываў горада Дзвінска духавы аркестр, а пры парафіі мясцовага касцёла стварыў таварыства спевакоў "Лютня". У 1907 годзе Станіслава Казуру запрасілі працаваць арганістам у Нясвіж, дзе ён арганізаваў змешаны хор, які вызначаўся высокім прафесіяналізмам, нават выконваў "Латэрыю", складаны музычны твор Станіслава Манюшкі. Па пратэкцыі музычнага дзеяча дэкана Дзвінскага касцёла Сяклюцкага і пры падтрымцы і апякунстве Радзівілаў у 1907 годзе Станіслаў Казура паступіў у Варшаўскую кансерваторыю. А потым працягваў сваю музычную адукацыю ў Рыме, дзе ў 1914 годзе скончвае Акадэмію Святой Цэцыліі (Accademia Nazionale di Santa Cecilia), а таксама ў Парыжы. Жывучы ў Варшаве, кампазітар арганізаваў у філармоніі хор, які налічваў дзвесце ўдзельнікаў. Ён выкладаў у Варшаўскай кансерваторыі сальфеджыа, садзейнічаў выданню дзяржаўнага дэкрэта аб абавязковым навучанні музыцы і спевам у агульнаадукацыйных школах. Пры Варшаўскай кансерваторыі Станіслаў Казура арганізаваў факультэт па вывучэнні музыкі і спеваў у агульнаадукацыйных школах. Для гэтага факультэта ён напісаў і выдаў дзясяткі дапаможнікаў па спевах. Кампазітар аднавіў гістарычную капэлу рарытарыстаў, арганізаваў хор "300 дзяцей з Павісля", вялікі хор "Польская народная капэла". Усе гэтыя музычныя калектывы выступілі з сотнямі розных канцэртаў.

Падчас Другой сусветнай вайны ў акупаванай немцамі Варшаве Станіслаў Казура пры Апякунскай Радзе адкрыў тайную кансерваторыю. У ёй працаваў сам, а таксама яго жонка і іншыя выкладчыкі-патрыёты. У час Вар-шаўскага паўстання, калі навокал рваліся снарады і бомбы, Казура арганізаваў у кансерваторыі "хвіліны класічнай музыкі", якія падтрымлівалі патрыятычны дух змагароў. Пасля вайны прафесар Станіслаў Казура першы пачаў адраджаць Варшаўскую кансерваторыю, пазней - Дзяржаўную вышэйшую музычную школу, у якой быў з 1945-га па 1951 год рэктарам. Ён - адзін з ініцыятараў стварэння ў 1956 годзе "Саюза польскіх кампазітараў". Станіслаў Казура вельмі любіў Беларусь, родныя мясціны, людзей, народныя беларускія песні. Ён ніколі не цураўся свайго беларускага паходжання. Яго жыццё пастаянна было звязана з беларускім рухам, хоць і пражыў большую палову свайго жыцця ў Польшчы. Да Першай сусветнай вайны ён прымаў удзел у Беларускім студэнцкім гуртку ў Пецярбургу. Шмат дапамагаў матэрыяльна студэнтам-беларусам, вучыў іх бясплатна ў Варшаўскай кансерваторыі і ўсюды за іх заступаўся. У 1936 годзе Станіслаў Казура беларусам у Варшаве дапамагаў ствараць Асветнае беларускае таварыства (іншыя яго згадваюць як Беларускае культурнае таварыства ў Варшаве). Гэтае таварыства было створана восенню 1936 года і праіснавала да пачатку Другой сусветнай вайны. Станіслаў Казура дапамагаў таварыству матэрыяльна на працягу ўсяго часу яго існавання. І сам вельмі актыўна прымаў удзел у многіх мерапрыемствах беларускай арганізацыі. А ў канцэртных мерапрыемствах Асветнага беларускага таварыства часта гучалі яго песні. Часопіс "Шлях моладзі" (1937, № 15. С.14) пісаў: "8.11.37 г. Станіслаў Казура атрымаў музычную ўзнагароду г. Варшавы за пашырэнне культу народнай песні. Прафесар С. Казура, між іншым, прыгожа згарманізаваў некалькі беларускіх народных песняў. Жыве прафесар Ст. Казура стала ў Варшаве, там таксама выйшла некалькі ягоных школьных падручнікаў па спевах. У мінулым годзе праф. Ст. Казура напісаў оперу "Powrоt" на аснове беларускіх народных мелодыяў". Дарэчы, да оперы "Powrоt" ("Вяртанне") кампазітар напісаў лібрэта, а ў фінал уключыў беларускую жніўную песню, апісаў некалькі беларускіх танцаў. А Рыгор Шырма ў часопісе "Беларускі летапіс" (1937, № 5. С. 108) паведамляў: "Нядаўна артыст Міхал Забэйда-Суміцкі напяяў на грамафонныя пліты дзесяць песень, сярод іх і песні Ст. Казуры "Зялёны дубочак" і "Чаму ж мне не пець". У 1930-х гадах славуты кампазітар часта наведваў родную Пастаўшчыну. Ён гасцяваў у сваіх сяброў і сваякоў, хадзіў па вёсках і запісваў народныя песні. Як паведамляе краязнавец Яська Драўніцкі (Westki.info. 27.01.2013), на Пастаўшчыне Станіслаў Казура запісаў шмат беларускіх народных песень, 12 з іх апрацаваў для аматарскага хору і голасу сола. Гэта былі песні "Чырвоная калінанька", "Зялёны дубочак", "Чаму ж мне не пець", "Як памерла матулька" і іншыя. Пры апрацоўцы песень кампазітар змог выявіць народную душу ў песнях, а таксама тонкія і далікатныя перажыванні. Дарэчы, "Беларускі каляндар" (Беласток) за 1980 год апублікаваў ноты Станіслава Казуры да беларускіх народных песень "Вярба", Зязюленька", "Зашумела дубровачка", "Калінанька", "Камар у лазні паліў" і "Чаму не жаніўся". Дарэчы, гэты "Беларускі каляндар" апублікаваў і невялікія ўспаміны пра Станіслава Казуру Віктара Шведа, дзе ён падкрэслівае, што "Станіслаў Казура - гэта быў кампазітар, якога творчасць абапіралася на фальклоры. Ён з'яўляўся прапагандыстам і збіральнікам народных песень з усёй Польшчы, у тым ліку і беларускіх".

У 1956 годзе Станіслаў Казура разам з беларусамі сталіцы Польшчы прымаў актыўны ўдзел у арганізацыйным з'ездзе аддзела Беларускага грамадска-культурнага таварыства (БГКТ) у Варшаве. А 18 студзеня 1957 года ён прысутнічаў на першым сходзе Выдавецкага камітэта пры БГКТ. Выступаючы ў дыскусіях, пан Казура тады сказаў, што побач з мастац-кай і навуковай літаратурай Камітэт павінен займацца і апрацоўкай, а таксама выданнем беларускага песеннага фальклору. І сам ён у той час паабяцаў падрыхтаваць зборнік беларускіх народных песень у сваёй апрацоўцы. Але, на жаль, не паспеў. У 2019 годзе ў Паставах была ўрачыста адкрыта мемарыяльная шыльда кампазітару-земляку.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя. Фота з архіва аўтара.

У Лідзе адкрылася выстава беларускіх мастакоў-авангардыстаў

Месца дыслакацыі - Лідскі гістарычна-мастацкі музей. Тут выстаўлены 47 творчых работ. Іх аўтары - 12 мастакоў з усіх куткоў Беларусі.

Дырэктар дзяржаўнай установы "Лідскі гістарычна-мастацкі музей" Вольга Піліпчук падзялілася з "СБ" некаторымі іншымі падрабязнасцямі:

- Выстава работ беларускіх мастакоў носіць назву "Першапраходцы-2". Справа ў тым, што ўвесну 2020 года ў нас ужо праводзілася падобная выстава, і многія лідзяне і госці нашага горада тады пакінулі мноства станоўчых водгукаў і рэцэнзій. Таму вырашана было зрабіць працяг. Сказана - зроблена! Падыходны момант надышоў, а работы ласкава падаў са сваёй калекцыі мінчук Яўген Ксяневіч. Ён, дарэчы, не толькі вядомы калекцыянер, але і кампазітар. На выставе - карціны таленавітых сучаснікаў, большасць з якіх гучна заявілі пра сябе яшчэ ў канцы васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя, у разгар гарбачоўскай перабудовы. Сёння гэта ўжо вядомыя і добра вядомыя аўтары, некаторыя - з сусветным імем. Да прыкладу, Алесь Родзін, пра якога напісана шмат манаграфій, а яго працы паглядзела больш за мільён чалавек.

Калекцыянер Яўген Ксяневіч, не хаваючы эмоцый, кажа пра сваіх землякоў, людзяй мастацтва:

- Лічу, што мне вельмі пашанцавала нарадзіцца і жыць у Беларусі. Таленавітая зямля, якая ўзгадавала процьму таленавітых людзей. У нас ва ўсе часы былі мастакі еўрапейскага, нават сусветнага ўзроўню. Так было, так ёсць, і я абсалютна ўпэўнены, што так будзе працягвацца і далей. Нягледзячы на ўсякія перашкоды, такія як Ковід-19 і незразумелыя заходнія санкцыі, наша культура, як і перш, будзе развівацца. І сумленна прызнаюся: я ніколі не разумеў тых людзей, хто калекцыянуе карціны проста для таго, каб дома была калекцыя - яна павінна ўвесь час выстаўляцца, яе абавязкова павінна ўбачыць як мага больш чалавек.

І яшчэ. Выстава беларускіх мастакоў-авангардыстаў у Лідскім гістарычна-мастацкім музеі падоўжыцца да 15 верасня. Сардэчна запрашаем!

СБ, фота: Лідскі гісторыка-мастацкі музей.

Ахвяраванні на ТБМ

1. Жукавец Павел Анатольевіч - 6,00 р.

2. Ралько Леанід Міхайлавіч - 40,00 р.

3. Патока Ілья Віктаравіч - 10,00 р.

4. Спосаб С. - 30,00 р.

5. Шкут Яўген Аляксандравіч - 5,00 р.

6. Чыгір Яўген - 10,00 р.

7. Якімовіч А.Н. - 30,00 р.

8. Ваньковіч Яўген Эдуардавіч - 25,00 р.

9. Кукавенка Іван Іванавіч - 20,00 р.

10. Жыдаль Дз. У. - 100,00 р.

11. Неабыякавы Беларус - 20,00 р.

12. Сасноўскі П.А. - 50,00 р.

13. Ляскоўскі Уладзіслаў Канст. - 100,00 р.

14. Баранаў I.A. - 3,00 р.

15. ШВІ - 15,00 р.

16. Руды - 20,00 р.

17. Птушка С.І. - 5,00 р.

18. Бубен Кастусь Канстанцінавіч - 15,00 р.

19. Якімовіч А.Н. - 32,00 р.

20. Фурс Антон Віктаравіч - 60,00 р.

21. Баранаў I.A. - 3,00 р.

22. Кароль Галіна - 10,00 р.

23. Волкава - 10,00 р.

24. Шынкевіч Сяргей - 20,00 р.

25. Антановіч Тамара Мікал. - 30,00 р.

26. Дробыш Алёна Сяргееўна - 10,00 р.

27. Дробыш Вадзім Міхайлавіч - 10,00 р.

28. Драздовіч Алена Станіслав. - 10,00 р.

29. Максімчук Раман Уладзімір. - 50,00 р.

30. Манкевіч Віктар - 20,00 р.

31. Цэдрык Ганна Васільеўна - 20,00 р.

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас: вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Ад-дзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.

У Германіі затрымалі групу нелегалаў з Ірака

Навіны Германіі

Група меркаваных нелегальных мігрантаў з Ірака затрымана на аўтабане побач з Берлінам, паведаміла ў пятніцу 6 жніўня прэс-служба федэральнай паліцыі ФРГ.

"Каля 8 раніцы супрацоўнікі паліцыі Брандэнбурга выявілі на федэральнай трасе 15 ... дзве групы, якія накіроўваліся пешшу ў бок Берліна. Толькі ў трох з шасці мужчын былі пры сабе дакументы, паводле якіх яны з'яўляюцца грамадзянамі Ірака. Астатнія таксама заявілі пра іракскае грамадзянства. Дакументаў пра ўезд і легальнае знаходжанне ў іх не было", - гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

У сувязі з падазрэннем на нелегальны ўезд у Германію справу прыняла федэральная паліцыя. Па дадзеных следства, мужчыны ва ўзросце ад 18 да 33 гадоў патрапілі ў Германію ў багажным аддзяленні аўтамабіля. Двое падазраваных падчас допыту пажаліліся на праблемы са здароўем, ім была выклікана карэта хуткай дапамогі для аказання дапамогі на месцы.

РІА Навіны.

Міністр фінансаў Германіі ацаніў шкоду ад паводак

Аднаўленне пацярпелых ад разбуральных паводак рэгіёнаў запатрабуе "значна больш" 6 мільярдаў еўра, заявіў віцэ-канцлер ФРГ, міністр фінансаў Олаф Шольц.

Раней Шольц дапускаў, што могуць запатрабавацца такія аб'ёмы сродкаў. У аўторак ён наведаў пацярпелыя ад паводак рэгіёны ў Паўночным Рэйне-Вестфаліі.

- У апошні раз пры буйнай паводцы (у 2013 годзе) мы разам з землямі выдзелілі 6 мільярдаў еўра на аднаўленне. З улікам разбурэнняў, якія я бачыў тут у Паўночным Рэйне-Вестфаліі, Рэйнланд-Пфальцы, Баварыі, нам спатрэбіцца значна больш, каб зрабіць аднаўленне магчымым, - заявіў Шольц, выступ якога транслявалі нямецкія тэлеканалы.

Па яго словах, на аднаўленне можа спатрэбіцца і больш часу, чым гэта было пры папярэдніх паводках. Ён нагадаў, што на наступным тыдні адбудзецца сустрэча канцлера ФРГ з часткамі рэгіёнаў, дзе будзе абмяркоўвацца тэма аднаўлення ад паводак. Міністр таксама абвясціў, што ў пацярпелых рэгіёнах увядуць мараторый на банкруцтвы фірмаў - адпаведны закон пачнуць рыхтаваць ужо ў сераду.

Ён таксама запэўніў, што федэральны ўрад вылучыць дадатковыя аб'ёмы тэрміновай дапамогі - раней кабмін ФРГ выдзеліў 200 мільёнаў еўра, падвоіўшы выдзеленыя рэгіёнамі аб'ёмы непасрэднай падтрымкі пацярпелым.

- Пры апошняй паводцы мы выдзелілі амаль 400 мільёнаў тэрміновай дапамогі. Мы ўжо ведаем, што ў гэты раз павінны выдзеліць на шмат больш, і гатовыя да гэтага, - заявіў Шольц.

У сярэдзіне ліпеня захад Германіі апынуўся пад уладай цыклона "Бернд", магутныя дажджы абрынуліся на шэраг раёнаў Паўночнага Рэйна-Вестфаліі і Рэйнланд-Пфальца. Багатыя залевы прывялі да рэзкага ўздыму ўзроўню вады ў невялікіх рэках, што прывяло да разбуральных паводак у шэрагу раёнаў. Ахвярамі ўдару стыхіі сталі не меней за 170 чалавек, інфраструктуры нанесены страты ў мільярды еўра.

- Гэта - выклік грамадству, мы павінны пераадолець гэта разам і салідарна. Грошы не павінны стаць праблемай. Усе ведаюць, што разбураная хата абазначае разбураны бізнэс, - дадаў Шольц.

РІА Навіны.

Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута*

Зоф'я Кавалеўская

( Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Шукалі... аднак дарма. Прапала без следу. Гэта затрымала пагоню і дало Манчунскай час для далейшых уцёкаў. Мела тысячы прыгод, спаткала мноства добрых людзей, пераапраналася па дарозе ці то селянінам, ці то сялянкай, ці то заможнай дамай, настаўніцай ці служанкай, гэтак дабралася да Гародні.

Аднаго разу, калі Тэадора была ў мужчынскім адзенні, а яе праваднік падняўся на ўзгорак, каб упэўніцца, што ваколіца вольная ад жаўнераў, падышоў да яе нейкі селянін і, уважліва прыглядаючыся, спытаў: "Часам ці не Нарбут Вы, паніч?" А калі Тэадора запэўніла яго, што Нарбут забіты, пакруціў галавой з недаверам і, уздыхнуўшы, прамовіў: "Гэтак гавораць, але мы ведаем, што ён жывы. Вы да яго моцна падобныя". Калі ў вачах Манчунскай заблішчэлі слёзы, селянін, перажагнаўшы яе, з пачуццём прамовіў: "Няхай Бог дабраславіць Вас, паніч! ... Мы ведаем, што Нарбут жывы". Вялікую дапамогу пры ўцёках Манчунскай зрабіла сям'я Боландзяў і шмат іншых асоб, якія перахоўвалі і перадавалі адны другім Тэадору. Усё гэта рабілася ў вялікай таямніцы пад пагрозай страшнай адказнасці. Грамадзянскія ўстановы не працавалі, вельмі цяжка было знайсці пашпарт, які б палегчыў уцёкі ... Многа разоў Манчунская знаходзілася ў стане роспачы... Здавалася, што ёй ніколі не ўдасца перайсці мяжу.

Пасля многіх неверагодна цяжкіх дзён, яна аказалася на тым баку Нёмана, а потым дасягнула Дрэздана, дзе знаходзілася мноства ліцвінаў, у бальшыні сваёй эмігранты, якія з вялікімі цяжкасцямі здолелі ўцячы за мяжу. Была вайна! З Дрэздана перабралася ў Парыж, дзе павінна была знайсці сабе які-небудзь прытулак.

Там жыла графіня Пуслоўская - сваячніца па бацьку з дома Нарбутаў. Гэтая пані мела на радзіме славу апякункі над тымі, хто пацярпеў. Сама дзяцей не мела, была досыць заможная, сваю апеку распаўсюдзіла на ўвесь род Нарбутаў і аплачвала са сваіх грошай адукацыю для бяднейшых з маладых Нарбутаў. Яшчэ перад паўстаннем заснавала ў сябе ў гістарычным Воўчыне школку для бедных сваякоў, потым другую ў Мітаве, фінансавала выдаткі на адпаведных настаўнікаў, падтрымоўвала моладзь і выводзіла яе ў свет.

Да каго ж, як не да гэтай сваячніцы, магла падацца Манчунская?... Аднак гэтая пані не прыняла Манчунскую. У расейскай амбасадзе, куды звярнулася пра звесткі аб Манчунскай, не сама, а праз францужанку, якая жыла з ёй як кампаньёнка, адказалі: "Гэта - не эмігрант, гэта - паўстанка". Гэтага было дастаткова!... Графіня Пуслоўская ў страсе перад амбасадарам замкнула дзверы свайго дома перад Манчунскай, матывуючы гэтак адказ: "Хіба ты хочаш, каб канфіскавалі мае маёнткі на Літве?"...

Такім чынам Манчунская засталася ў чужым горадзе без падтрымкі. Аднак хутка перад маладой жанчынай адчыніліся дзверы гатэлю Ламбэр - прытулку нашых эмігрантаў. Манчунская аказалася пад апекай графа Чартарыйскага. У Парыжы сустрэла шмат знаёмых па лідскім паўстанні: Геншаля, Парадоўскага ("Астрогу"), ксяндза Гарбачэўскага, які жыў з таго, што адпраўляў св. Імшу і намашчаў памерлых, а потым выехаў у Амерыку. Геншаль вывучаў медыцыну і практыкаваў як лекар. У 1870 годзе браў удзел у франка-прускай вайне.

Праз нейкі час, пасля таго як Манчунская апынулася ў гатэлі Ламбэр, яна пазнаёмілася з ксяндзом Ялавіцкім, які актыўна настойваў на тым, каб Манчунская стала манашкай-законніцай. І выстаяла яна толькі дзякуючы апецы княгіні Чартарыйскай з Сапегаў (жонка кн. Адама Чартарыйскага) і графіні Пшаздзецкай (жонка Караля Пшаздзецкага), з якой пазнаёмілася ў гатэлі.

Графіня прапанавала маладой вандроўніцы застацца пры яе маленькіх дочках выхавацелькай. Сродкі Манчунскай былі ўжо амаль вычарпаны і, не жадаючы надалей злоўжываць гасціннасцю князёў Чартарыйскіх, яна ахвотна прыняла прапанову графіні Пшаздзецкай, якая моцна і сардэчна абняла яе і сказала: "Прысягаю, што буду табе сястрой". Пад гэтай прысягай была 37 гадоў. Не разлучаліся аніколі, да дня смерці графіні, якая перад сконам пакінула сваёй названай сястры і шматгадовай кампаньёнцы фінансавае забеспячэнне далейшага існавання.

Граф Караль Пшаздзецкі быў нашчадкам вядомага ў свой час палкоўніка Пшаздзецкага, слаўнага ў 1831 годзе гаспадара Смаргоні (маёмасць канфіскаваная за ўдзел у паўстанні). Яго жонка была дачкой генерала Лахмана, які паводле, Пузырэўскага48, браў удзел у бітве за Варшаву 1831 г. Яе маці Пашкоўская з Валыні, выхоўвала дачок у польскім духу. Абедзве былі каталічкі. Ян Лахман, праз кароткі час развёўся і ажаніўся паўторна з спадарыняй Бадэн з дому Патоцкіх. Дачка ад гэтага сужэнства была непаўторнай прыгажосці, яна выйшла замуж за Роджэра Рачынскага. Графіня Пшаздзецкая, жонка Караля, таксама вылучалася прыгажосцю і добрым характарам. Была зоркай пры манаршым двары каралевы Яўгеніі. Жыла ў атачэнні найвыбітнейшых людзей свайго часу. Аднак высокае становішча не зруйнавала яе польскі дух. Памерла ў Чорным Востраве на Падоллі, там і была пахавана.

Маёмасць перайшла да Пшаздзецкіх па кудзелі, а праз нейкі час трапіла ў чужыя рукі.

Сярод сямейных партрэтаў у Чорным Востраве Манчунская бачыла партрэт жанчыны з наступным надпісам: "Народжаная Пшаздзецкая, дачка Радзівіла, унучка Агінскага, праўнучка Вішнявецкага, жонка Чартарыйскага".

Тэадора Манчунская пасля смерці графіні не захацела заставацца ў Краі. Заглянула толькі ў Шаўры, дзе была пахавана яе маці, і асела ў Кракаве. Там была аточана людской павагай і мела кола знакамітых сяброў і знаёмых.

Раздзел XV

Арышт і высылка Крысціны Нарбут.

Смерць Тэадора Нарбута, гісторыка Літвы. Вяртанне і смерць яго жонкі. Пахаванне ў Шаўрах. Смерць жонкі Людвіка Нарбута.


Уцёкі Манчунскай пасля паўстання не прайшлі беспакарана для яе маці. На немаладую жанчыну наваліліся новыя беды. Любую іншую такія няшчасці бясспрэчна зламалі б, але яе энергічная натура супрацьстаяла ўдарам лёсу.

Аднойчы ўначы яе раптоўна выцягнулі з ложка, не далі нават адзецца належным чынам, і босую без панчох пацягнулі ў лідскую вязніцу. Аказалася, што нехта даў знаць уладам, што ў Шаўрах захоўваецца закапаная ў зямлю невялікая гармата і значная колькасць пораху, пра што Нарбутова нават і не чула. Пасля смерці Людвіка, калі агульная непрыязь пачала ўплываць і на даўнейшыя добрыя, амаль сямейныя стасункі паміж дваром і вёскай у Шаўрах, стасункі гэтыя пачалі паступова псавацца. Дэзінфармацыя пра гармату паходзіла ад сялян.

У турме Крысціну Нарбут падверглі самым суровым допытам. Выклікалі ноччу на допыты перад следчай камісіяй, раптоўна ўрываліся ў камеру і задавалі розныя пытанні, лавілі на слове, прыгняталі страхам і рознымі спосабамі прымушалі пакутаваць. Яе дачка Яна (Кунцэвіч), якая прыехала з Вільні, знайшла сваю моцна хворую маці ў шпіталі.

Крысціна Нарбут вытрымала ўсё. Не вымавіла ніводнага неасцярожнага слова, не выдала нікога, не выдала ніводнага сакрэту. Разгневаны следчы закрычаў: "Павесіць яе, гэтую матку бунтаўшчыкоў! Відаць па яе вачах, што нічога не скажа... Ну, старая, рыхтуйся да смерці!"...

Жанчыну, якая слабела і траціла прытомнасць, адвялі ў камеру, дзе яе ледзь удалося вярнуць да жыцця і зусім слабую вывезці ў Вільню. Аднак ёй для адпачынку далі толькі некалькі дзён пабыць разам з мужам і нявесткай. Пасля цяжкіх выпрабаванняў падчас следства Крысціна Нарбут была асуджана на высылку ў Чанхар Пермскай губерні.

Страшнай была хвіліна расставання немаладых сужэнцаў!...

Мураўёў выбраў удар у самае сэрца, разрываючы гэтую адзіную да труны сівую, як галубы, пару, якая ўсё жыццё пражыла разам...

Развітваліся назаўжды, ведаючы, што ў гэтым жыцці болей ніколі не сустрэнуцца!...

Пасля дэпартацыі жонкі Тэадор Нарбут апынуўся ў стане меланхоліі і згасаў на вачах. Перад самай смерцю дрыжачай рукой яшчэ здолеў напісаць апошні верш:

Ах! Яе ўжо няма, а я знямог, хварэю,

Зраненае сэрца замірае...

Плачу дзень і ноч, ціха слёзы праліваю

Сэнс жыцця журбота адбірае!..

Няма прычыны далей жыць,

Быць адзінокім і самотным.

Найлепей успаміны адпусціць

І супакой знайсці ў магіле!... 49

Прыгнечаны смуткам, думаючы толькі пра жонку, Тэадор Нарбут ціха згас у Вільні 13 лістапада 1864 года на руках сваёй старэйшай дачкі Яны Кунцэвіч, на Скапоўцы ў доме № 5.

Пасля жалобнага набажэнства ў касцёле св. Яна труну з целам гісторыка Літвы перавезлі ў Шаўры і пахавалі на могілках пры касцёле ў Начы. Крысціна Нарбут перажыла мужа на 35 гадоў. Пасля ўсіх балючых і цяжкіх страт на радзіме, яна цягнула сваю самотную долю ў выгнанні. Смерць мужа, непакой аб дзецях... Не зламалі яе ні фізічныя нягоды выгнання, ні небяспечнае падарожжа і нястачы.

З вялікімі цяжкасцямі графіня Пшаздзецкая праз пасярэдніцтва Мезінцава, пазнейшага шэфа жандармерыі, дабілася для беднай ссыльнай скасавання тэрміну. Нарбутовай было дазволена выехаць у Варшаву, куды, каб даглядаць маці, вярнулася і яе дачка Тэадора Манчунская.

У Варшаве яны сустрэлі многа родных і знаёмых з Літвы...

З-над Віслы ўжо было лягчэй перабрацца ў родны кут. І праз некаторы час Крысціна апынулася нарэшце ва ўлюбёных Шаўрах, поўных для яе ўспамінамі пра мінулае. Там 16 ліпеня 1899 года ва ўзросце 100 гадоў спакойна адышла з гэтага свету Крысціна Нарбутова. Праз трыццаць з невялікім гадоў, перад самай смерцю маці, прыехала ў Шаўры і Тэадора Манчунская. Паміраючы, маці дабраславіла яе словамі: "Няхай Бог так цябе любіць, як я люблю цябе".

Пахаваць нябожчыцу каля мужа на могілках у Начы, як яна таго хацела, было забаронена. Улада баялася дэманстрацыі, ксяндзу нават было не дазволена суправаджаць труну з целам.

Сяляне зрабілі гэта, паводле традыцыі: з крыжам і свянцонай вадой, як для сваіх памёрлых... Ксёндз праводзіў труну да брамы, а адтуль сяляне на сваіх плячах панеслі яе на вясковыя могілкі, дзе ўжо спачываў сын памёрлай Баляслаў.

На сціплым надмагіллі маці Манчунская заказала выбіць такія ж простыя словы: "Маці сыноў. Мела 100 гадоў. Памерла дня 16 ліпеня 1899 года".

Нябожчыца Крысціна Нарбут мела звычку гаварыць: "Сыны - гэта мой гонар! Дочкі змяняюць прозвішча".

Жонка лідара паўстанцаў Людвіка Нарбута памерла ў Вільні хутка пасля смерці мужа. Маладзенькі ад'ютант загінуўшага камандзіра паўстання, яго брат Баляслаў, быў, як мы ведаем, пасланы да Віславуха і вярнуўся пасля разгрому пад Дубічамі. З таго крывавага поля, узрушаны да глыбіні душы, вычарпаны і зламаны, аказаўся ў хаце Баняшкі, дзе, як мы ведаем, знайшла яго сястра, якая вярталася з лагера вакольнай дарогай і з яго вуснаў пачула першыя весткі пра смерць Людвіка.

* Zofja Kowalewska. Dzieje powstania lidzkiego: wspomnienie o Ludwiku Narbucie. Wilno, 1934. Зоф'я Кавалеўская. Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута. Вільня. 1934 г. Перадрук з "Дзённіка Віленскага". Пераклад і каментары Галіны Лаўрэш. Рэдагаванне і каментары Леаніда Лаўрэша.

48 Гл: Пузыревский А.К. Польско-русская война 1831 г. С-Петербург. 1886. - Л. Л.

49 Ach! juz jej niema, a ja boleje

Serce zranione zamiera…

Dzien i noc placze, ciche lzy leje

Bolesc mi zmysly odbiera!...

Po co mi zyc dluzej z bоlu cierniami

Samotnym bedac w tej dobie!

Mnie znekanemu przypomnieniami

Spokoj jedyny juz w grobie!...

(Працяг у наступным нумары.)

Дом інжынера Мінейкі ў Дзікушках

Напісаць гэты невялікі артыкул мяне прымусіла памылка, якую ўвесь час паўтараюць розныя беларускія турысцкія сайты. Дом, пабудаваны перад самай Другой сусветнай вайной у Дзікушках, чамусьці ўпарта называецца домам (ці палацам) Грабоўскіх у Ходараўцах. Відочна, што некаму трэба ўжо расказаць гісторыю гэтага будынка.


Род Хадкевічаў згас у дваццатых гадах XIX ст., і маёнтак Вялікае Мажэйкава перайшоў да графаў Грабоўскіх. У 1833 г. Вялікае Мажэйкава было прададзена графу Рафалу Грабоўскаму, пружанскаму падкамораму, жанатаму з Цяльшэўскай. Ён быў сынам генерала літоўскіх войскаў Стэфана Грабоўскага. Менавіта Рафал Грабоўскі пабудаваў уніяцкую Праабражэнскую мураваную царкву ў вёсцы Дзікушкі. Асвечана царква была ў 1840 г. ужо як праваслаўная.

Яго сын Станіслаў Грабоўскі ніколі не быў жанаты і доўгія гады гаспадарыў у гэтым вялікім маёнтку. Прыкладна з 1880 г., ён апекаваўся сваімі сіратамі-пляменніцамі Скарбак-Важнынскімі і іх маёмасцю Ішчална. Такім чынам, практычна валодаў двума маёнткамі.

На пачатку XX ст. маёнтак Вялікае Мажэйкава меў каля 10000 гектараў і цягнуўся бесперапынным пасам шырынёй ад паловы да двух кіламетраў і даўжынёй каля трыццаці кіламетраў ад лесу і фальварка Жукі пад мястэчкам Васілішкі, праз Вялікае Мажэйкава, далей праз фальваркі Марцінішкі, Гай, Раманаўцы, Скабейкі, Дзікушкі, Лябёдку, Станіславова да Шаўдзюноў на беразе Нёмана. Далей гэты пас пераступаў цераз Нёман, і за ракой маёнтак меў яшчэ 200 га лесу - каля лясоў так званай Яворскай Руды, якія належалі маёнтку Жалудок. У Вялікім Мажэйкаве меўся вінакурны завод, два млыны і выдатны лес, які не ведаў сякеры. Зямля была добрая, і аграрная культура падтрымлівалася на высокім узроўні.

Станіслаў Грабоўскі стала гаспадарыў у Малым Майжэкаве шмат гадоў, але ў 1900 г., выгадаваўшы пляменніц з Ішчалны, выправіўся ў Парыж. Тут ён і дачакаўся Першай сусветнай вайны і ўдалечыні ад маёнтка, які занялі немцы, памёр у 1917 г.

Пасля смерці графа Станіслава Грабоўскага, спадкаемцам застаўся маёнтак Вялікае Мажэйкава ў Лідскім павеце, а таксама дамы і пляц у Вільні.

У падзеле маёмасці прынялі ўдзел Верашчакі (бо сястра Грабоўскага Францішка выйшла замуж за Стэфана Верашчаку) і Аскеркі (яго сястра Тэадозія з Грабоўскіх, была замужам за Аляксандрам Аскеркам). Было вырашана падзяліць маёнтак на 36 частак. 15/36 перайшло да нашчадкаў Верашчакаў, 21/36 - да нашчадкаў Тэадозіі Аскеркі. Гэта частка Аскеркаў адышла да трох замужніх дачок Тэадозіі, якія атрымалі свае часткі ў залежнасці ад колькасці дзяцей. Найбольшая частка, 9/36, дасталася Марыі Мінейка з Аскеркаў, якая мела чацвёра дзяцей. Зоф'я Раствароўская з Аскеркаў, якая мела дваіх дзяцей, атрымала 7/36, а Аляксандра Ваньковіч, як адзіная дачка Ядвігі Горват з Аскеркаў, успадкавала 5/36 маёмасці. Гэтыя прапорцыі падзелу адносіліся як да нерухомасці, так і да рухомасці, якой, дарэчы, было няшмат.

Мінейкам дасталася частка Вялікага Мажэйкава - Дзікушкі. І гэтай маёмасцю, пасля заканчэння вышэйшай школы сельскай гаспадаркі ў Варшаве, валодаў інжынер Аляксандр Мінейка, якога суседзі лічылі настаўнікам і дарадцамі ў сельскай справе. Аляксандр Мінейка жыў у малым дамку з некалькіх пакояў, а вялікі, мураваны і прыгожы дом пабудаваў перад самым 1939 г. Менавіта парэшткі гэтага дома і выклікаюць вялікую цікаўнасць нашых сучаснікаў.

Сядзібны дом Мінейкі быў пабудаваны ў стылі неакласіцызму і, нягледзячы на сучасны разбураны стан, усё яшчэ здзіўляе размахам і элементамі вонкавага дэкору - яго маляўнічыя парэшткі любяць здымаць турысты. Часцей за ўсё на фотаздымках у інтэрнэце можна ўбачыць балкон на пяці невялікіх калонах, а таксама парадны ўваход. Пасля Другой сусветнай вайны ў доме Мінейкі арганізавалі саўгасную кантору, потым вясковы клуб, а з нейкага моманту проста закінулі.

Пра апошняга гаспадара Дзікушак - інжынера-аграрніка Аляксандра Мінейку вядома наступнае. Ён кіраваў маёнткам сваёй маці Дзікушкі (каля 1000 га). За ўдзел у Польска-савецкай вайне быў узнагароджаны Крыжам Валечных і ў 1920 г. атрымаў чын падафіцэра польскай арміі. Перад Другой сусветнай вайной быў сябрам управы малочнага кааператыва ў Дзікушках і чынным сябрам Кола гадоўцаў коней. Суседзі пісалі пра яго як пра добрага аграрніка, які ў Дзікушках паставіў сельскую гаспадарку на самы высокі ўзровень. У 1939 г. афіцэр парашутнай брыгады Аляксандр Мінейка выехаў у Англію і, адваяваўшы ўсю вайну, застаўся там у эміграцыі.

Па нейкай неверагоднай памылцы на ўсіх турыстычных сайтах дом Мінейкі ў Дзікушках, які так любяць фатаграфаваць турысты, да нашага часу лічыцца "Сядзібным домам Грабоўскага ў Ходараўцах".

Лаўрэш Леанід, пісьменнік. Фота аўтара, чэрвень 2021 г.

Невядомы паэт з вёскі Двор-Чарэпіта

Расоншчына - адзін з прыгажэйшых куткоў Віцебшчыны. Каля 8 кіламетраў ад Расонаў знаходзіцца вёска Двор-Чарэпіта. Яна славіцца тым, што некалі ў вёсцы была сядзіба пана Гласку. А вакол яе напачатку ХХ стагоддзя гаспадар заклаў вялікі парк.

У гэтай вёсцы перад Другой сусветнай вайной жыў паэт Хведар Андрэеў. Праўда, невядома, ці гэта яго сапраўднае прозвішча, ці псеўданім. Вясковец тады пісаў па-беларуску вершы. Магчыма яны друкаваліся ў мясцовым друку ў 1930-х гадах, але адшукаць іх не ўдалося. Ці можа пісаў паэтычныя радкі для сябе і нідзе не друкаваўся, бо баяўся з-за гэтага трапіць у Сібір. Але, калі Беларусь аказалася пад нямецкай акупацыяй і на яе тэрыторыі пачало выдавацца шмат розных выданняў, Хведар Андрэеў вырашыў свае творы адсылаць у газету "Беларуская старонка" (Віцебск), якая выдавалася з 1942 года, як дадатак да рускамоўнай газеты "Новый путь" (Орша). Рэдактарам газеты быў нехта А. Бранд. А беларускамоўнае выданне рэдагаваў Міхась Рагуля. "Вы сваімі вершамі творыце скромную, але вельмі патрэбную справу. Пішыце і далей. Ваша каханне да роднага краю і роднай мовы, павінны натхняць шмат беларусаў. Моц народу ў яго пачуцці нацыянальнага адзінства, у яго каханні да роднага", - пісала "Беларуская старонка" ў красавіку 1942 года.

Вершы з Двор-Чарэпіты Хведар Андрэеў пастаянна дасылаў у газету. Не ўсе яны, відаць, траплялі на яе старонкі, але сёе-тое было апублікавана. Як склаўся лёс вясковага паэта - невядома. Магчыма расонскія краязнаўцы ведаюць пра яго штосьці ці дапамогуць адшукаць сляды паэта. Хутчэй за ўсё, на маю думку, Хведар Андрэеў пасля вайны быў расстраляны ці высланы ў сталінскія лагеры. Справа ў тым, што яго прозвішча фігурыруе ў спісе тых асобаў, якія супрацоўнічалі з газетай "Беларуская старонка". Спіс гэты складала супрацоўніца аддзела УМГБ па Віцебскай вобласці малодшы лейтэнант Усвятцава. І ён быў накіраваны начальніку 2-га аддзела па Віцебскай вобласці падпалкоўніку Шэбалаву пад грыфам "Совершенно секретно" ў жніўні 1947 года. Дакумент гэты захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці.

Некалькі вершаў Хведара Андрэева з Двор-Чарэпіты прапаную чытачам "Нашага слова". Няхай яны нагадаюць пра паэта, які 80 гадоў таму жыў на Расоншчыне.

Сяргей ЧЫГРЫН.

О, Беларусь мая!

О, Беларусь мая! О, сонца!

Ты, мо, шыпшынай расцвіцеш!

Пачуццем радасці бясконцай

Мяне, бы келіх той, нальеш!

І я паўсюду распляскаю

Ў сузор'ях радасці віно!

Цябе ўлавіць, о, мой краю!

Мо Богам мне ва ўдзел дано!

О, кветка, радасці-шыпшына!

Бо ты - не змрок, ты - шчасця свет!

Табе пяю, мая краіна,

Маёй істоты веснацвет!

***

Як старац з ліраю

Іду ў пустыню свету…

Паўлюк Трус.

Пайду я лірнікам убогім,

Пайду ў няведамую даль

Шукаці к радасці дарогі,

Пазбыці сэрца роспач, жаль.

У небе воблакі паволі,

У даль нязваную плывуць.

Пайду шукаці шчасця-волі,

Той кут, дзе радасці жывуць.

Пайду, не знаючы спачыну,

І дзень, і ноч я ў даль імкнусь.

Пайду у даль сваёй краіны

Любіць і славіць Беларусь.

Іду, мне ўстрэч імкнуцца далі,

Краіны роднае прастор.

Парывы радасці, бы хвалі,

У сэрцы творчы міг-задор.

Часіны светлыя натхнення,

Табе радзіма аддаю.

Душы парывы-летуценні,

Цябе шаную і пяю!

Жураўлі

Паплылі, паплылі, паплылі

У нязнаную даль жураўлі…

Ну куды ж ад радзімых балот

Вы імкнецеся ў даль столькі год?

Вецер песню расстання запеў,

Сумна, жаласна лес зашумеў…

Маю радасць з сабой паняслі

У нязнаную даль жураўлі…

***

Я гімны новыя спяваю,

Мой край! Даволі быць у сне.

Пазбаўся роспачы, адчаю,

Ідзі спаткаць жыцця вясну!

Сустрэнь жыццёвае правесне,

Мой абяздолены народ…

Прыйшла вясна, звіні ёй песня,

Слаў шчасця новага прыход.

Краю мой

Краю, мой краю,

любы мой краю -

О, Беларусь!

Думкай крылатай

к табе прылятаю,

Сэрцам к табе я імчусь.

Чую я, чую Нёман гамоне,

Хмурыцца, плача Дзвіна…

Хмара над полем слязіны роне,

Стогне пад ветрам сасна.

Краю мой,

краю, скаваны ў кайданы,

Волі чакаеш даўно.

Бедны народ мой, абрабаваны,

Шчасце табе не дано!..

Вечна жывеш паднявольны,

гаротны,

Бедны, лапцюжны, мой край!..

Ціха навокал, шапоцяць чароты,

Гусі імкнуцца ў вырай.

Шэпчуцца, стогнуць бярозы і елі,

Шэрыя далі маўчаць…

Вецер завые ў полі спусцелым,

Груганы дзесць закрумчаць.

Воўкі заводзяць жудкія спевы,

Стогне старая сасна…

Смелыя, гордыя - дзе ж вы?..

Край свой будзіце ад сна!

Хведар АНДРЭЕЎ.

Мастацтва без бар'ераў

"Я "ўбачыў" васілёк у жыце!"

або Карціны, якія можна (і трэба) чапаць

Падобнай выстаўкі ў Лідзе яшчэ не было! Днямі ў Доме Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея адкрылася выстаўка "Паэзія кропак… Разанаў, Таўлай" у рамках інклюзіўнага арт-праекта "Паэзія кропак…" менскага мастака-манументаліста, старшыні секцыі манументальнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў Васіля Зянько. У гэтым праекце ўзаемадзейнічаюць, спалучаюцца, утвараюць сімбіёз: жывапіс і літаратура. На выстаўцы прадстаўлены арыгінальныя тактыльныя карціны, выкананыя ва ўнікальнай тэхніцы і даступныя для ўспрымання людзям з парушэннямі зроку. У мастацкіх работах закладзеныя тэксты беларускіх паэтаў Алеся Разанава і Валянціна Таўлая, перакладзеныя на шрыфт Брайля (у выглядзе фактурна выстаўленых кропак). Людзі са слабым зрокам і невідушчыя змогуць стаць наведвальнікамі гэтай выстаўкі і "глядзець" карціны рукамі (у адрозненне ад іншых выставак, тут карціны можна чапаць).

Ідэя праекта "Паэзія кропак…" узнікла ў Васіля Зянько два гады назад, калі да супрацоўнікаў Нацыянальнага мастацкага музея прыехалі калегі са Швецыі і вучылі іх працаваць з інвалідамі па зроку, якія таксама прагнуць сустрэч з мастацтвам. Васіля тады запрасілі ў музей, у творчую лабараторыю, ведаючы, што ён як мастак працуе ў рэльефнай, кантактнай тэхніцы і яго работы могуць "чытацца" невідушчымі людзьмі.

- Але спачатку я вырашыў праверыць, ці так гэта, у Менскай школе для невідушчых, - расказвае мастак. - Настаўніца музыкі гэтай школы Марыя Рудко, сама інвалід па зроку, змагла "прачытаць" рукамі маю рэльефную карціну "Сланечнікі", і тады я згадзіўся выставіць гэтую карціну ў творчай лабараторыі Нацыянальнага мастацкага музея. Потым я стварыў серыю работ, разлічаных на людзей з праблемамі зроку. Гэтыя работы былі створаныя па вершах Алеся Разанава і паклалі пачатак праекту "Паэзія кропак…". Паўгода яны выстаўляліся ў тым жа Нацыянальным мастацкім музеі і аказаліся запатрабаваныя наведвальнікамі з парушэннямі зроку, вельмі добра імі ўспрымаліся. За два гады праект быў прадэманстраваны не толькі ў сталіцы, але і ў Бярозе (на малой радзіме Алеся Разанава), Ашмянах. Цяпер вось завітаў у Ліду. У планах - наведаць з карцінамі Гародню, Магілёў, а ў больш аддаленай перспектыве - і некаторыя гарады замежжа.

- А да нас у Ліду, - дадае куратар Дома Таўлая Алесь Хітрун, - Васіля запрасіла захавальнік фондаў нашага гістарычна-мастацкага музея Надзея Хартонік, якая пазнаёмілася з ім у снежні мінулага года, у час праходжання курсаў па павышэнні кваліфікацыі, у Музеі Максіма Багдановіча, дзе на той момант выстаўляліся яго карціны па вершах Багдановіча (дарэчы, таксама ў рамках праекта "Паэзія кропак…"). Спецыяльна для Ліды мастак стварыў рэльефную карціну "Верабейкі" - па аднайменным вершы Валянціна Таўлая, прычым гэта быў першы верш паэта і напісаны ён быў у Лідзе. Гэтая карціна будзе захоўвацца ў нашым Доме Таўлая. Знакавыя для Ліды "Верабейкі" тут упершыню перакладзены на шрыфт Брайля і на мову карцін.

Выстаўка "Паэзія кропак… Разанаў, Таўлай" праходзіць у рамках яшчэ аднаго праекта - "Перадай дабро па крузе", сумеснага праекта Дома Таўлая і аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў горада Ліды. На адкрыццё выстаўкі былі запрошаны наведвальнікі аддзялення, а таксама члены Лідскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. Увазе наведвальнікаў прадстаўлена восем карцін: сем - па вершах Алеся Разанава, адна - вышэйзгаданыя "Верабейкі" - па вершы Валянціна Таўлая.

- Свой праект "Паэзія кропак…" я думаў пачаць з японскіх хоку, - гаворыць Васіль Зянько, - але пачаў з так званых "пункціраў" Алеся Разанава - "беларускіх хоку". З творчасцю Разанава, паэта-філосафа, я знаёмы з юнацкага ўзросту. Гэты паэт блізкі мне па духу, яго "пункціры" вельмі ўдала кладуцца на мой праект для невідушчых людзей. Гэта маленькія творы, з двух-трох радкоў, яны лёгка чытаюцца такімі людзьмі і выклікаюць у іх уяўленні яркія вобразы (як, дарэчы, і японскія хоку). Я выбраў сем "пункціраў" Разанава - лірычных мініяцюр - і з дазвалення паэта стварыў сем карцін, на якіх, акрамя саміх вобразаў, знайшлося месца вершаваным радкам, нанесеным шрыфтам Брайля ў верхнім левым кутку кожнага палатна. Дапамогу ў гэтай нялёгкай справе мне аказвала тая самая Марыя Рудко з Менскай школы для невідушчых. Да "разанаўскіх" карцін зроблены аўдыягід, які аблягчае знаёмства з імі людзям з праблемамі зроку.

Чалавек са слабым зрокам або невідушчы, знаёмячыся з гэтымі арыгінальнымі тактыльнымі карцінамі, можа спачатку прачытаць верш, а потым кончыкамі пальцаў "счытаць" яго мастацкае ўвасабленне ў аб'ёмных контурах. Такім чынам, музейны стэрэатып "Не чапайце карціны!" на гэтай выстаўцы ламаецца. Чапаць карціны - "чытаць" іх рукамі - тут, наадварот, трэба, для таго яны і выстаўленыя. Наведвальнік выстаўкі ў літаральным сэнсе дакранаецца да жывапісу і літаратуры, разівае сваё вобразнае мысленне, "бачыць" квітнеючую вішню, асу на грушы, матылька на кусце бэзу, васілёк у жыце… "Бачыць" і таўлаеўскіх верабейкаў. "Мастацтва павінна быць даступным", - упэўнены аўтар карцін Васіль Зянько. Першыя наведвальнікі новай выстаўкі ў Доме Таўлая назвалі прадстаўленыя работы кранальнымі, лірычнымі, якраз адпаведнымі па вобразах жніўню - месяцу, у які дзейнічае выстаўка (а дзейнічаць яна будзе да 5 верасня).

У знак падзякі за папулярызацыю творчасці Валянціна Таўлая, за стварэнне арыгінальных жывапісных работ Васілю Зянько ў дзень адкрыцця выстаўкі ад Лідскага гісторыка-мастацкага музея былі ўручаны Падзячны ліст і кніга пра Валянціна Таўлая "Этапы жыццёвых дарог".

P. S. Трохкроп'е ў назве праекта "Паэзія кропак…" падразумявае, што ў праекта будзе працяг. Магчыма, аўтар праекта ўсё ж такі звернецца да японскай паэзіі, а таксама да рускай паэзіі сярэбранага веку. Ад навуковага супрацоўніка музея Мікалая Іоды прагучала прапанова стварыць для Лідскага замка тактыльныя партрэты Вялікіх князёў літоўскіх. Васіль Зянько прызнаўся, што партрэтаў пакуль не пісаў, але ўзяў цікавую прапанову на заметку. Дарэчы, у Лідскім замку мастак плануе выставіць у наступным годзе яшчэ адзін свой праект у рэльефнай тэхніцы - "Страчаныя помнікі архітэктуры". Так што з неардынарным мастаком з Менска лідзяне яшчэ сустрэнуцца.

Аляксей КРУПОВІЧ.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX