НАША СЛОВА № 34 (1549), 26 жніўня 2021 г.
Што адбываецца вакол ТБМ?
Сродкі масавай інфармацыі паведамілі, што пазоў Міністэрства юстыцыі супраць Таварыства беларускай мовы разгледзіць Вярхоўны суд а 15-й гадзіне 27 жніўня.
Разам з тым кіраўніцтва ТБМ на момант здачы газеты ў друк не атрымала ніякіх папер пра тое, што гэты суд будзе.
А ён хутчэй за ўсё будзе, бо 23 жніўня ТБМ атрымала ліст, што 20 жніўня мусіла адбыцца дасудовае апытанне. Адпаведна старшыня ТБМ Алена Анісім на гэтае апытанне не трапіла.
Разам з лістом з Вярхоўнага суда прыйшла "Зыскавая заява аб ліквідацыі грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" ад Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
У заяве ў прыватнасці адзначаецца:
"Міністэрствам юстыцыі ў рамках прадстаўленых Законам "Аб грамадскіх аб'яднаннях" паўнамоцтваў у ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" 6 ліпеня 2021 г. былі запытаны інфармацыя і дакументы для правядзення кантрольных мерапрыемстваў адносна дзейнасці дадзенага грамадскага аб'яднання....".
Выстаўлены ў прыватнасці наступныя прэтэнзіі:
"... у Міністэрства юстыцыі не прадстаўлены дакументы, якія пацвярджаюць наяўнасць юрыдычных адрасоў у арганізацыйных структур ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"...
"... грамадскае аб'яднанне не выканала патрабаванне заканадаўства ў часткі давядзення да ўсеагульнага ведама шляхам размяшчэння ў сродках масавай інфармацыі ці на сваім афіцыйным сайце ў глабальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт адпаведнай інфармацыі (справаздачнасці) пра сваю дзейнасць, паступленні і выдаткоўванні грашовых сродкаў і іншай маёмасці...".
ТБМ дадзеную справаздачу размясціць на сваім сайце не магло, бо сайт быў заблакаваны, таму ў пісьмовым выглядзе своечасова накіравала ў Міністэрства юстыцыі, але:
"... З просьбай пра размяшчэнне такой інфармацыі (справаздачнасці) на афіцыйным Інтэрнэт-партале Міністэрства юстыцыі дадзенае грамадскае аб'яднанне не звярталася".
Загадам Міністэрства юстыцыі ад 19 ліпеня 2021 г. № 169 ГА "Грамадства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" было вынесена пісьмовае папярэджанне. Грамадскае аб'яднанне абавязана было прыняць меры па ўхіленні парушэнняў.
ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" размясціла справаздачу на сайце газеты "Наша слова" nslowa.by, але давесці інфармацыю пра гэта ў вызначаны тэрмін да 5 жніўня 2021 года не паспела, і атрымала пазоў аб ліквідацыі.
Трэба ўлічваць, што на перыяд гэтай дзейнасці ў ТБМ памерла ад каронавіруса бухгалтарка, канфіскаваны кампутары, дзейнасць сядзібы паралізавана з-за немагчымасці правядзення масавых мерапрыемстваў па прычыне ковідных абмежаванняў, лісты проста залежваліся на пошце.
Фактычна на момант суда Таварыству можна прад'явіць толькі дробныя бюракратычныя недахопы "не папрасілі размясціць справаздачу на сайце Міністэрства юстыцыі". Справаздачу прадставілі, а вось паклон не адбілі, размясціць на сайце не папрасілі. Ды, хто б там ведаў, што тая просьба патрэбная.
І за гэта зачыняць ТБМ?
Станіслаў Суднік.
Гарадзенскае абласное свята паэзіі
28 жніўня (субота) у 11.00 у в. Зачэпічы Дзятлаўскага раёна пройдзе Гарадзенскае абласное свята паэзіі.
Свята арганізуюць Гарадзенскае абласное аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў, Дзятлаўская раённая арганізацыя ТБМ імя Ф. Скарыны пры падтрымцы Дзятлаўскага райвыканкама і газеты "Наша слова".
У свяце возьмуць удзел літаратары з Гародні, Слоніма, Ліды, Наваградка ну і, вядома, з Дзятлава.
Чакаюцца госці з іншых рэгіёнаў Беларусі.
Спадзяёмся, што будзе цікава.
Прадаецца палац Радзівілаў у Дзятлаве
У цэнтры Дзятлава прадаецца палац Радзівілаў за 145 рублёў. Гадоў сем назад пачатковы кошт палаца быў каля двух мільярдаў беларускіх рублёў, але ніхто яго так і не купіў. На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна знаходзяцца 40 помнікаў архітэктуры, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Сярод іх - будынак былога палаца Радзівілаў. Мураваны палац былога маёнтка Радзівілаў стаіць на беразе гарадскога возера.
Першапачаткова ў 1508 годзе Канстанцінам Астрожскім на гэтым месцы была пабудавана драўляная цвердзь. Аднак у час Паўночнай вайны яна была разбурана. Тады ў замку знаходзілася штаб-кватэра Пятра І. Пасля Паўночнай вайны і да 90-х гадоў XVIII стагоддзя Рэч Паспалітая не ўдзельнічала ў войнах, што садзейнічала аднаўленню і развіццю гаспадаркі. У XVIII стагоддзі цвердзі ўжо страцілі сваё абарончае значэнне, таму на месцы драўлянай цытадэлі па фундацыі Дамініка і Мікалая Фаўстына Радзівілаў у 1751 годзе архітэктарам Д. Фантана была пабудавана новая мураваная рэзідэнцыя. Сядзібны комплекс уключаў палац, гаспадарчыя пабудовы, парк. Палац уяўляў сабою двухпавярховы прамавугольны будынак на высокім цокалі. Спачатку ён меў высокі дах і па баках - трох'ярусныя вежы. На франтоне галоўнага фасада палаца Радзівілаў захавалася арнаментальна-геральдычная пластыка: ляпны гербавы картуш князёў Радзівілаў, партрэтныя барэльефныя медальёны, звівы лісця, гірлянд, драпіровак. Па перыметры будынак упрыгожаны міжпавярховым і завершаным карнізамі. Яшчэ ў пасляваенны час у нішах палаца знаходзіліся скульптуры. Знешні выгляд палаца быў значна зменены сучаснымі прамавугольнымі вокнамі, якія раней мелі ўрачыстую арачную форму.
У канцы ХVIII стагоддзя вакол палаца быў створаны парк у англійскім стылі. Парк упрыгожвала архітэктура малых формаў: масты, павільёны, альтанкі. Пасля ўдзелу апошняга ўладальніка Дзятлава Адама Солтана ў паўстанні 1831 года, палац Радзівілаў перайшоў у дзяржаўную ўласнасць. Спачатку будынак быў прыстасаваны пад шпіталь, потым - пад кавалерыйскую казарму. На пачатку ХХ стагоддзя ў палацы знаходзілася двухкласная школа, а ў 1930-я гады быў сіроцкі дом для дзяўчынак. У пасляваенны перыяд палац Радзівілаў быў прыстасаваны пад медыцынскую ўстанову. Цяпер ён пустуе.
Аксана Шпак, Дзятлава. Фота аўтара.
Юбілей аднаго з найлепшых кіраўнікоў бібліятэчнай сферы краіны
Супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі павіншавалі з 60-годдзем былога дырэктара ўстановы доктара педагагічных навук, прафесара Рамана Сцяпанавіча Матульскага, які прысвяціў 18 гадоў плённай дзейнасці галоўнаму кнігасховішчу краіны.
Пад яго кіраўніцтвам Нацыянальная бібліятэка Беларусі была моцна мадэрнізавана і ператварылася ў сучасны навукова-даследчы і сацыя-культурны цэнтр і стала лідарам у краіне і арганізацыйна-метадычным цэнтрам у галіне бібліятэказнаўства, месцам правядзення міжнародных кангрэсаў і канферэнцый, прысвечаных важнам датам у гісторыі айчыннага кнігадрукавання, стала захавальнікам больш за 450 тысяч электронных нацыянальных дакументаў.
Раман Матульскі нарадзіўся 16 жніўня 1961 года ў в. Навасельцы Львоўскай вобласці на Украіне. Яго бацька Сцяпан Фёдаравіч працаваў бібліятэкарам і паўплываў на прафесійны выбар сына. У 1976 годзе пятнаццацігадовы Раман паступіў на бібліятэчнае аддзяленне Самборскага культурна-асветніцкага вучылішча, а па заканчэнні яго ў 1979 годзе ён працягнуў прафесійную адукацыю ў Менскім інстытуце культуры на факультэце бібліятэказнаўства і бібліяграфіі.
У жніўні 1983-га пасля заканчэння Інстытута ён паступіў на працу ў Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У.І. Леніна (цяпер - Нацыянальная бібліятэка Беларусі), але ўжо ў лістападзе быў прызваны ў шэрагі Савецкай Арміі.
У 1988 годзе, адпрацаваўшы больш за два гады загадчыкам аддзела Менскага інстытута культуры, Р.С. Матульскі быў залічаны ў аспірантуру Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры, і ўжо ў 1991-м датэрмінова і з поспехам абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму "Бібліятэчная статыстыка: сучасны стан і перспектывы ўдасканалення". У выніку яму былі прысвоены кваліфікацыя педагога-даследчыка і вучоная ступень кандыдата педагагічных навук, у 1997 годзе - вучонае званне дацэнта.
Больш за шэсць наступных гадоў прысвяціў выкладчыцкай дзейнасці на кафедры бібліятэказнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры. 2003 год для Р.С. Матульскага стаў лёсавызначальным: ён абараніў доктарскую дысертацыю па тэме "Бібліятэка як сацыяльны інстытут: тэарэтыка-метадалагічны аспект" і ўзначаліў Нацыянальную бібліятэку Беларусі.
Раман Сцяпанавіч валодае талентам і ўменнем спалучаць функцыі адміністратара, вучонага, педагога, грамадскага дзеяча. У 2006 годзе яму было прысвоена вучонае званне прафесара. Ён удзельнік шматлікіх калегіяльных органаў кіравання, навуковых і грамадскіх арганізацый не толькі Рэспублікі Беларусь, але і замежжа. Раман Сцяпанавіч стаў адным з першых у Беларусі, хто неаднаразова атрымліваў розныя гранты міжнародных фондаў і тым самым меў магчымасць павышаць кваліфікацыю і вывучаць вопыт бібліятэк Еўропы і Амерыкі. Так, у перыяд з 1993 па 1998 гады ён прайшоў стажыроўкі ў бібліятэчна-інфармацыйных установах Галандыі, Германіі, Польшчы, ЗША.
Дні бібліятэк Беларусі ў рамках Міжнароднай штогадовай канферэнцыі "Бібліятэкі і інфармацыйныя рэсурсы ў сучасным свеце навукі, культуры, адукацыі і бізнесу", праекты "Беларусь сёння", "Кніжная спадчына Францыска Скарыны", "Беларусь і Біблія" - далёка не поўны пералік грандыёзных ініцыятыў, ідэйным натхняльнікам якіх стаў Р.С. Матульскі. Яго актыўная жыццёвая пазіцыя і незвычайныя арганізатарскія здольнасці садзейнічалі таму, што Беларусь заняла ўстойлівую лідарскую пазіцыю ў міжнароднай бібліятэчнай супольнасці. Раман Сцяпанавіч заўсёды па-майстэрску сумяшчае працу з навуковай дзейнасцю, без якой сябе проста не ўяўляе.
Р. Матульскі даследаваў гісторыю бібліятэк Полацкага Сафійскага сабора, Віленскага і Полацкага езуіцкага калегіюмаў, Нясвіжскай бібліятэкі Радзівілаў і іншых старажытных кнігазбораў.
У 2017 годзе за працу па факсімільным узнаўленні і папулярызацыі кніжнай спадчыны Францішка Скарыны калектыву ўстановы была прысуджана прэмія "За духоўнае адраджэнне".
Р.С. Матульскі - аўтар больш за 400 навуковых, навучальных, даведачных і метадычных прац у галіне бібліятэчна-інфармацыйнай дзейнасці, у тым ліку 8 манаграфій. Свае паўнамоцтвы Р.С. Матульскі перадаў новаму дырэктару Аксане Кніжнікавай.
Э. Дзвінская, фота аўтара.
Тастамент Генадзя Бураўкіна
"Мы розныя,
Ды нас усіх яднае,
Спазнаная душою спаквалля,
Сунічная, крынічная, лясная
Пясчаная бацькоўская зямля.
Радзінны край,
цярплівы і збалелы,
Гасцінны, як рассцелены абрус,
У тысячах навалаў ацалелы,
З благаславеным імем Беларусь."
Г. Бураўкін.
28 жніўня спаўняецца 85 гадоў з Дня нараджэння самабытнага і яркага беларускага паэта і актыўнага грамадскага дзеяча Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна, былога старшыні ГА ТБМ імя Ф. Скарыны, аўтара шматлікіх кніг паэзіі, дакументальных аповесцей, нарысаў, публіцыстычных і крытычных артыкулаў і сцэнарыяў, стваральніка цудоўнай лірыкі і папулярных песень.
Генадзь Мікалаевіч Бураўкін нарадзіўся 28 жніўня 1936 года на поўначы Беларусі ў в. Шуляціна. Суровае, поўнае небяспекі пасляваеннае дзяцінства яго праходзіла ў Тродавічах, а потым - у Полацку. У 1954 годзе Генадзь скончыў Полацкую сярэднюю школу №1 і паступіў на аддзяленне журналістыкі філфака БДУ. У 1952 годзе шаснаццацігадовы юнак надрукаваў свой першы верш, а ў 1960-тым выдаў першы зборнік "Майская просінь". А потым паляцелі да чытачоў яго кнігі "З любоўю і нянавісцю зямной", " Жніво", "Варта вернасці" і іншыя.
"Пяць гадоў бурлівага студэнцкага жыцця праляцелі хутка, і малады журналіст паступіў на працу, якую ён атрымаў у часопісе "Камуніст Беларусі", а потым перайшоў працаваць на Беларускае радыё, быў загадчыкам аддзела і намеснікам галоўнага рэдактара ў газеце "Літаратура і мастацтва", - успамінаў У. Някляеў.
У 1968-72 гадах Генадзь Бураўкін працаваў карэспандэнтам па Беларусі газеты "Праўда", з 1972 па 1978 год узначальваў рэдакцыю часопіса " Маладосць", які быў тады друкаваным органам ЦК камсомола і Саюза беларускіх пісьменнікаў. З "Маладосці" Генадзь Бураўкін, у якога энергія біла ключом, трапіў на міністэрскую пасаду старшыні Дзяржкамітэта БССР па тэлебачанні і радыё (1978-1990). Гэтая пасада забрала шмат сіл і здароўя, але прынесла паэту высокі грамадскі і партыйны статус. Генадзь Мікалаевіч атрымаў дэпутацкае крэсла ў Вярхоўным Савеце БССР (1980-1990) і членства ў ЦК КПБ ( 1981-1990). З 1990 па 1994 год ён быў пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь у ААН і жыў у ЗША.
"Вярнуўшыся на радзіму ён зноў заняўся журналістыкай," - пазначаў прафесар Дзмітрый Бугаёў у артыкуле "Матчына слова дапамагала мне". ("Служэнне Беларусі", 2003).
За беларускае слова, беларускую пазіцыю заўсёды вялася барацьба. Уладзімір Някляеў у сваёй прадмове да зборніка твораў паэта цытуе ўспаміны Генадзя Бураўкіна за 1970-ты год: "А тым часам трэба было ажыццявіць яшчэ адну насамрэч грандыёзную задуму - стварыць незалежную ад Цэнтральнага тэлебачання самастойную беларускую праграму і выдаваць яе на тэрыторыі рэспублікі замест маскоўскай. Нашых запалоханых, зацюканых, правераных інтэрнацыяналістаў панічна палохалі самі тэрміны - "незалежная", "самастойная" ды яшчэ ў спалучэнні з "беларускай", а замахвацца на адну з праграмаў ЦТ падавалася нечуваным святатацтвам…"
У той час змагацца за беларускае было вельмі складана. Не проста здымалі з пасады і выключалі з партыі - выкідвалі з жыцця, - канстатаваў У. Някляеў. - Нават, каб замяніць праграму "Спокойной ночи малыши" на родную " Калыханку", трэба было пераадольваць бюракратычныя бар'еры.
"…Будучы ўсёю сваёю сутнасцю грамадска-актыўнай і шчыра-даверлівай асобай, ён адгукаўся і на сацыяльныя заказы часу, і на настойлівыя заклікі ідэалагічных камісараў. З імпэтам, а то і з замілаванасцю пісаў ён пра грандыёзныя пасляваенныя будоўлі, і пра антываенныя гучныя акцыі, і пра адважны прарыў у космас. І паколькі ўсё гэта было сагрэта арганічным унутраным хваляваннем, адухоўлена выдатным талентам, дык і вершы на "надзённую тэму" нярэдка атрымліваліся па-сапраўднаму прачулымі і засталіся жыць, натуральна і лёгка пазбавіўшыся прывязання да канкрэтнай падзеі ці даты. Але самыя высокія ўзлёты натхнення прыпадалі на перыяды гістарычных духоўных узрушэнняў роднага краю, калі да мастака прыходзіла надзвычайная свабода выказвання", - адначаў Масей Сяднёў.
Няма двух Бураўкіных, ёсць суцэльны архіпелаг паэзіі Бураўкіна - чалавечай паэзіі, арганічна патрыятычнай. Не дэкларацыйна, а ўсёй моцай душы паэт Бураўкін любіць сваю зямлю Беларусь, якую ён "абцалаваў песнямі і вершамі".
"Калі з расонскімі хлапчукамі хадзіў я, трохі спалоханы і шчасліва ашаломлены, па цэнтры Полацка, я думаў, што трапіў у адзін з найвялікшых гарадоў на зямлі. Пабываўшы ў Маскве і Нью-Ёрку, Кіеве і Сан-Францыска, Лондане і Варшаве, я цяпер ведаю, што гэта не так - ён зусім не вялікі, мой родны Полацк. Але калі я пад'язджаю да яго здалёк, бачу купал Сафіі і блакітны выгін Дзвіны - сэрца ў мяне б'ецца так соладка і радасна, як нідзе болей", - успамінаў паэт.
Генадзь Мікалаевіч Бураўкін узначальваў Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны з 1997 года і ўсёй сваёй дзейнасцю спрыяў адраджэнню і пашырэнню ўжытку беларускай мовы ў дзяржаўным, грамадскім і духоўным жыцці народа. Не аднойчы ён праводзіў літаратурныя сустрэчы ў Менскай сядзібе ТБМ, у Чырвоным касцёле, выступаў перад навучэнцамі школ, каледжаў і ВНУ.
"Ён быў чалавекам каласальнай энергіі, перакананасці ва ўсіх глабальна-дзёрзкіх задумах і пачынаннях, непахіснай прынцыповасці, смеласці і дальнабачнасці", - успамінае народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.
Генадзь Бураўкін быў членам Беларускага Пэн-Цэнтра, сябрам Рады беларускай інтэлігенцыі. З 2008 года ён з'яўляўся кіраўніком назіральнай рады беларускамоўнага тэлеканала.
"Перачытваючы тваю кнігу "Паміж зоркай і свечкай", - пісаў Сяргей Законнікаў свайму сябру, - я пастаянна адчуваў супрацьстаянне Асобы, якая прагне свабоды, праўды і справядлівасці, з задушлівым, прымітыўным, дурным таталітарызмам".
Апошнія гутаркі з Генадзем Бураўкіным падчас яго хваробы запісваў у траўні 2014 года журналіст Сяргей Шапран. Успаміны пра Генадзя Мікалаевіча яго сяброў і паплечнікаў - Васіля Быкава, Сяргея Законнікава, Уладзіміра Содаля, Уладзіміра Арлова, Уладзіміра Някляева, Святланы Алексіевіч, Аляксандра Фядуты, Змітра Падбярэзскага, Алены Макоўскай і іншых, эсэ і апошнія сумоўі Сяргея Шапрана склалі аснову кнігі "Перадусім Беларусь", якая выходзіла ў 2016 годзе ў Смаленску. Апошні зборнік вершаў Г.М. Бураўкіна "Мой боль і запавет" быў выдадзены ў 2021 годзе ў выдавецкім Доме "Звязда".
" Для тых, хто застанецца ў мяне адна вялікая просьба: берагчы Беларусь, прадаўжаць тое, што зрабілі і не дарабілі яе сыны лепшыя. І спадзявацца, што ўсе мы - і тыя, што былі, і тыя, што будуць, і тыя, што ёсць, усе мы - вечныя. Вечныя ў нашай мове, вечныя ў нашай гісторыі, вечныя ў беларускай зямлі, у беларускім слове", - пакінуў запавет Генадзь Бураўкін.
Э. Дзвінская.
"Бацькаўшчыну" хочуць ліквідаваць
Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь на позве Міністэрства юстыцыі ўзбудзіў справу аб ліквідацыі МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" за перанос даты З'езду беларусаў свету. Легітымнасць гэтага пераносу раней была пацверджана тым самым Мінюстам.
20 жніўня Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" атрымала ліст з Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь з прапановай да ўпаўнаважанага прадстаўніка Згуртавання 25 жніўня з'явіцца на гутарку ў парадку падрыхтоўкі да судовага разбіральніцтва. Такім чынам, стала вядома, што Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь на позве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь узбудзіў справу аб ліквідацыі Міжнароднага грамадскага аб'яднання "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына".
Аказваецца, Міністэрства юстыцыі пастанавіла, што ад 15 ліпеня 2021 г. кіруючы і кантрольна-рэвізійны органы МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" з'яўляюцца нелегітымнымі, а 27 ліпеня 2021 г. Міністэрства нават выключыла інфармацыю адносна кіраўніка "Бацькаўшчыны" з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Прычына - перанос VIII з'езда беларусаў свету на наступны год праз абмежаванні, накладзеныя сусветнай каронавіруснай пандэміяй, за які прагаласавала Вялікая Рада ЗБС "Бацькаўшчына".
Пры гэтым рашэнне аб пераносе з'езда прымалася пасля кансультацый з Мінюстам: якім чынам правесці гэтую працэдуру, каб не парушыць ні заканадаўства, ні Статут. Менавіта Мінюст пацвердзіў, што Вялікая Рада мае ўсе паўнамоцтвы прыняць такое рашэнне, пасля чаго пытанне пераносу было вынесена на пісьмовае галасаванне сябрам Вялікай Рады.
Нагадаем, што яшчэ раней цягам пазапланавай праверкі Згуртавання "Бацькаўшчына", распачатай Мінюстам у першай дэкадзе ліпеня, арганізацыя атрымала два папярэджанні:
- першае - за нявыкладзеную на сайт zbsb.org, але дасланую ў Мінюст справаздачу аб дзейнасці, якую, паводле заканадаўства, пры такіх умовах размяшчаць на сайце і неабавязкова;
- другое - за тое, што ў перыяд з 14 да 22 ліпеня "Бацькаўшчына" не ліквідавала пералік устаноўленых міністэрствам парушэнняў.
Ліквідацыя парушэнняў не ўяўлялася магчымай праз тое, што ранкам 14 ліпеня на офісе Згуртавання адбыўся ператрус, пасля чаго памяшканне было апячатана Следчым камітэтам. Да гэтага часу невядома, што менавіта было сканфіскавана на офісе Згуртавання. Сёння, 20 жніўня арганізацыя атрымала адказ ад Следчага камітэта, з якога вынікае, што ў дачыненні да Згуртавання распачата справа "па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 361 КК".
Нагадваем, што МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" было створана ў 1990 годзе на хвалі нацыянальнага адраджэння і працавала ўсе гэтыя гады, каб кансалідаваць беларусаў у краіне і па-за яе межамі дзеля развіцця Беларусі. Згуртаванне ладзіла мерапрыемствы і акцыі, скіраваныя на ўмацаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці праз выхаванне павагі і паглыбленне ведаў пра родную мову, культуру, гісторыю; паслядоўна выступала ў абарону правоў і інтарэсаў беларусаў замежжа. Менавіта дзякуючы Згуртаванню ў 2014 годзе быў прыняты закон "Аб беларусах замежжа", а з'езды беларусаў свету "Бацькаўшчыны" сталі сапраўднай агульнанацыянальнай платформай для абмеркавання актуальных для Беларусі і яе замежжа пытанняў і праблем.
Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына".
Суд па справе аб ліквідацыі ГА БНФ "Адраджэньне" прызначаны на 15 верасня
20 жніўня ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь адбылася падрыхтоўчая сустрэча бакоў па справе аб ліквідацыі Грамадскага аб'яднання БНФ "Адраджэньне".
Прадстаўнікі ГА БНФ "Адраджэньне" прадставілі суду пярэчанні супраць зыску. Па выніках распарадчага пасяджэння суд пастанавіў прызначыць разгляд справы на 15 верасня.
Нагадаем, што падставай для узбуджэння судовай вытворчасці аб ліквідацыі адной з найстарэйшых грамадска-палітычных арганізацыяў краіны стаў зыск Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Міністэрства ініцыявала ліквідацыю ГА БНФ "Адраджэньне" у сувязі з тым, што арганізацыя не выканала патрабаванняў пісьмовага папярэджання, якое было вынесена 14 ліпеня. Акурат у гэты дзень у офісе БНФ адбыўся ператрус, і з таго часу памяшканне арганізацыі застаецца апячатанае, уваход у яго недаступны.
Як паведаміў намеснік старшыні БНФ Юрась Меляшкевіч, падчас папярэдняй сустрэчы бакоў у Вярхоўным судзе прадстаўнікі аб'яднання мелі магчымасць удакладніць падставы, якія Міністэрства юстыцыі палічыла дастатковымі для ініцыявання ліквідацыі арганізацыі, а таксама выкласці свае пярэчанні супраць іх:
- Тут назіраецца яўная ўзгодненасць працы розных дзяржаўных органаў: пакуль міністэрства патрабуе ад арганізацыі нейкіх дакументаў, у офіс прыходзяць прадстаўнікі іншых службаў і тыя самыя дакументы забіраюць у межах свайго расследвання, да таго ж яшчэ і апячатваюць памяшканне. У выніку арганізацыі не толькі складана выканаць патрабаванні міністэрства юстыцыі, а нават па-просту няма звестак, якія дакументы следчы камітэт забраў у межах крымінальнага расследвання, а што з патрэбных Мінюсту дакументаў застаецца ў апячатаным офісе.
Намеснік старшыні ГА БНФ "Адраджэньне" Вадзім Саранчукоў, які выконвае абавязкі кіраўніка арганізацыі пакуль дзейны старшыня БНФ Рыгор Кастусёў застаецца пад вартай у СІЗА КДБ, бачыць выключна палітычны аспект справы аб ліквідацыі:
- Гэта частка планавай кампаніі па зачышчэнні любой актыўнасці, якая ёсць. Прад'яўляюць пэўныя прэтэнзіі, але насамрэч усе гэтыя прэтэнзіі базуюцца не на законе. "Часам не да законаў" - і ўсе дзеянні дзяржапарата з гэтым супадаюць, - сказаў палітык
Паводле СМІ.
"ЛІТФЭСТ ПА-ЛІДСКУ" ПРАЦЯГВАЕЦЦА!
Працягвае сваю працу "Літфэст па-лідску", які ставіць сваёй мэтай як мага шырэй папулярызаваць кнігу, які штодня падштурхоўвае ўсіх жыхароў г. Ліды (незалежна ад полу, узросту і прафесіі) узяць і пачытаць кнігу, часопіс, газету.
Бібліятэкары філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 3" запрасілі юных чытачоў на адкрытую пляцоўку "Выходзь чытаць у двор", арганізаваную ў рамках "Літфэсту па-лідску", дзе кожны ўдзельнік змог знайсці сабе занятак па душы: пагартаць часопісы, пачытаць кнігі і пагуляць.
Супрацоўнікі філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 5" прыйшлі з кнігай у госці да дзяцей з ДУА "Яслі-дзіцячы сад № 37 г. Ліды". Дашкольнікі з вялікай цікавасцю і ўвагай слухалі бібліятэкара, як выбіраць кнігі, як правільна карыстацца імі. Хлопчыкі і дзяўчынкі з вялікім захапленнем глядзелі на прыгожыя дзіцячыя кніжныя выданні і маляўнічыя часопісы.
Як вядома, журналісты падаюць аўдыторыі якасную інфармацыю, а работнікі бібліятэк дапамагаюць людзям знаходзіць яе. Таму цалкам зразумела, што бібліятэкі Лідчыны пастаянна ўзаемадзейнічаюць з вядучай рэдакцыяй горада - "Лідскай газетай". Там публікуюць важныя для бібліятэк навіны, інфармуюць аб значных падзеях і мерапрыемствах. З "Літ-фэстам па-лідску" супрацоўнікі філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 2" прыйшлі ў рэдакцыю, дзе бібліятэкары пазнаёмілі яе калектыў з цікавай літаратурай, распавялі пра самыя папулярныя сярод чытачоў выданні, пра вялікі попыт на газету, якая выдаецца імі. Як аказалася, журналісты і рэдактары вельмі дапытлівыя і дасведчаныя людзі, якія не толькі пішуць цікавыя артыкулы для свайго выдання, але і выдатна ведаюць як класічную, так і сучасную літаратуру розных жанраў.
Кніжная дарожка "Жыццё без небяспекі" была арганізавана супрацоўнікамі філіяла "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" ў рамках "Літфэсту па-лідску". Нагадаць нумары службаў дапамогі і выратавання, правілы беражлівых адносін да свайго жыцця і жыцця іншых людзей, паўтарыць правілы абыходжання з агнём, правілы бяспечных паводзін на вуліцах горада і дома - гэта і былі галоўныя мэты мерапрыемства. Кнігі па бяспецы жыццядзейнасці і часопіс "Юный спасатель" сталі галоўнымі памочнікамі ў гэтым. А адказваючы на пытанні віктарыны "Бяспечны адказ", дзеці ў гульнявой форме змаглі прайсці "кніжную дарожку".
"Літфэст па-лідску" разам з супрацоўнікамі філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 4" прыйшоў да лекараў скурна-венералагічнага дыспансера УАЗ "Лідская цэнтральная раённая бальніца". Лекары аддзялення зацікавіліся перыядычнымі выданнямі, якія прапагандуюць здаровы лад жыцця, і падкрэслілі карысныя для сябе і актуальныя дадзеныя з артыкулаў медыцынскай накіраванасці.
Неўзабаве скончыцца самая гарачая пара года, але і з прыходам восені Літфэст працягне сваю працу, бо ён закліканы далучыць як мага больш людзей да чытання.
Будзьце разам з нашымі бібліятэкамі! Будзьце разам з "Літ-фэстам па-лідску"!
Кацярына Сандакова, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы".
ГРОНКА РАДЗІМЫ
Зміцер Захарэвіч
СТВАРЭННЕ СВЕТУ
Мастаку Аляксею Марачкіну (Алесю Мары)
Навобмацак, як невідушчы, час брыдзе -
На зрэнках бельмы ці сусвет заблёны?
Туман пальчаткаю надзелі клёны
І паркі гуртам распусціліся ў смузе.
Што ёсць, надалей будзе што -
не разабраць:
Свядомасць спараджае цмяных віззяў,
Гаспод, напэўна, гэтаксама трызніў,
Перш чымся пэндзаль ці разак
у рукі ўзяць.
Так, сонмы вобразаў лунаюць прад вачмі
У кожнага жывога працай творцы,
Пакуль на палатно не лягуць фарбы.
Але суладдзе адшуканае калі,
Ён робіцца азораным празорцам,
Які свет новы ўвасабляе ўпарта.
ПЕРАПРАВА ЦЕРАЗ НЁМАН. СНЕЖАНЬ 1812 г.1
Над пераправай нудны плач завеі.
Снег засціць вочы - не зірнуць назад
Туды, дзе золак цмяна бранзавее
Па-над пажарышчамі курных хат.
Парад расстайны хвацкага швадрона:
На эпалетах стыне серабро,
Бег прыпыніў пад люстрам лёду Нёман,
Бы пад мундзірамі выгнанцаў кроў.
Ушчэнт пасечаным і зваяваным
Цяпер што засталося? - Толькі сніць,
Як галасы званоў святое Ганны
Віталі нас у лепшай са сталіц.
Як "касцюшкоўкі" зіхацелі ў промнях
І прапарцы луналі на вятры,
Як перад рагатыўкамі з Пагоняй
Масква свае схіліла купалы…
П'яніў галовы марнаю надзеяй
Кароткачаснай перамогі хмель,
Але штодня з адчаем цверазелі
Пад небам заінелым, як шынель.
Завеі плач хвастае нашы спіны
Скрозь боль пякучы кінуты пагляд -
Да папялішчаў спляжанай Айчыны
З чужых краёў ці вернемся назад?
1 Падчас вайны 1812 г. грамадзяне колішняга Вялікага Княства Літоўскага, спадзяючыся, што Напалеон паспрыяе адраджэнню іхняй дзяржавы, сфармавалі чатыры ўланскія палкі. Яшчэ адным, 8-м уланскім палком Герцагства Варшаўскага, камандаваў князь Дамінік Геранім Радзівіл. Тыя, хто не загінуў падчас кампаніі ў Расеі, з рэштай войска імператара пайшлі за Нёман на захад і працягвалі ваяваць на баку Банапарта ў 1813-14 гг.
МАНАЛОГ АФІЦЭРА ДЫВІЗІІ СМЕРЦІ З ВОЙСКА БУЛАКА-БАЛАХОВІЧА
Сыпле снег на пагоны,
заняўся халодны світанак,
Хоць даўно адыграў
для швадрона пабудку гарніст,
А ў кішэні мундзіра
грэе сэрца доўгачаканы
Акурат перад рэйдам
пасыльным прынесены ліст.
У ім сум, і надзея,
й атрамант, размыты слязамі,
І чуваць скрозь радкі
голас незледзянелай душы.
Няма як адказаць,
што ў свінцовую, згубную замяць
Да крыжоў на грудзях
йшчэ драўляны не выслужыў крыж.
Зрэшты, годзе пра гора,
бо ў памяці - водбліскі лета,
Калі з ёй перайшлі
на наднёманскай строме на "ты",
Званы Фары спявалі
па-над закаханымі ветла
І без справы стаялі
ўкол места пустыя фарты.
Што з таго засталося?
Бадай, крушні Замка старога,
Пад фарсістай кубанкай
непазбыўная шэрань лягла,
Завірухі вайны
замялі да каханай дарогу,
Але свечка чакання
гарыць у вакне давідна…
Час прыспеў выпраўляцца,
каб стоячы не перамерзці, -
На загад волю даць
шаблям у бальшавіцкіх тылах
У засмужаны ўсход
валанцёры Дывізіі смерці,
Сцяўшы вусны й пачуцці,
панура ідзём на рысях.
Неба колеру нашых
шынялёў у бітвах злінялых,
Толькі сівер не вечны -
паўстане ўсцяж новая рунь.
Над швадронам уланаў,
над роднай зямлёю лунае
Штандар бел-чырвон-белы,
падняты на сцюжы ўгару.
У ВЯНОК ВІНЦЭНТУ ГАДЛЕЎСКАМУ
"Рэлігія, наказуючы паважаць бацькоў, не менш, канешне, наказвае паважаць Бацькаўшчыну".
Айцец Вінцэнт Гадлеўскі.
1.
Адвэнт скончыўся. Калядны вечар.
Зорка сведчыць грэшным узышла -
Нарадзіўся той, каго прыняць смерць
Пан Айцец, каб збавіць нас, паслаў.
Той, які на здзек укрыжаваны,
Бацьку ўпрошваў дараваць сляпым
І паўстаў над смерцю зваяванай…
Уваскрошанне.
Ерусалім.
2.
Плён малы з душпастырскага чыну -
Нават Збаўцу аб свабодзе не ўмаліць,
Як Найлітасцівым даная Айчына
У крыві распнутая хрыпіць.
Перад ворагам не ўкленчы і ў пакутах -
Хай прыцвічыць да зямлі свінец…
Крыж, як сведчанне Ідэі Неўміручай.
Наваколле Менска.
Трасцянец.
ЧАКАННЕ
Пладамі ўбраліся сады -
Чакаюць Яблычнага Спаса,
Са жніўнем хмарыстым сам-насам
Пладамі ўбраліся сады.
Каб і спачылыя дзяды
Адчулі, што жыццё не згасла,
Пладамі ўбраліся сады -
Чакаюць Яблычнага Спаса.
ГРОНКА РАДЗІМЫ
Аблятае кастрычнік,
пакорліва ў часе няспынным
Адыходзячы ў невараць
занач ссівелай раллёй,
І свіціцца ярчэй
скрозь смугу жырандоля рабіны,
Бы гартоўнае сэрца
Радзімы, давечна маёй.
Робіць зацемкі вецер
на перыстых бачынах вышы,
Як маўчаць разам з болем
буслянак, няўтульна-пустых,
На франтоне касцельным
дажджамі прамытыя нішы,
Дзе спрабую дарма
ўгледзець рэпрэсаваных святых2.
Сад разложысты, скуль
да дзяцінства бадай што тры крокі,
Перагортвае метрыку
продкамі ўбранай зямлі,
Чые душы з двароў
за Бярэзіну і Налібокі,
Запаліўшы грамнічкі,
у скрушных чаўнах адплылі.
Захад бровы насупіў -
нядоўгае сонца на спадзе,
Ды гарыць жырандоля,
а памяць нясцішна крывёй
Гулка тахкае ў скронях:
"Не смей ні пакінуць, ні здрадзіць!" -
Гэта б'ецца ўва мне
гронка сэрца Радзімы маёй.
2 Скульптуры апосталаў з нішаў франтона Валожынскага касцёла св. Язэпа былі зняты і вывезены бальшавікамі (імаверна, як і арган, у Летуву) за часам Хрушчова.
ПАДАРОЖНАЯ КАЛЫХАНКА
Ноч, як мора, ложак - човен,
Снамі казачнымі повен.
Хвалі плёскаюць аб борт -
Пакідай да ранку порт.
Станеш юнгам паслухмяным,
А каток твой - капітанам.
Што малы ён, не глядзі -
Ёсць цяльняшка і вусы.
І вусаты-паласаты
Прэч ад штормаў, ад піратаў
Спраўна човен павядзе
Сам па зорыстай вадзе.
Без кампаса і без картаў
Там, дзе поўня - выспа скарбаў,
Дзе фарватэр да яе -
Срэбны промень у імгле.
Засталіся ва ўспамінах
Капры, Рым і Сан-Марына -
Было колісь і сплыло
Разам з сонечным святлом.
Выпраўляйся ў падарожжа -
Дома ці сядзець прыгожай? -
Адплывай у дзіўны край
Сноў салодкіх - засынай…
АДЗІНАЕ СЛОВА
Растануць дымам у паветры словы,
Але праз сорам не падняць вачэй,
А на сумёце попел тытунёвы
Паніклыя пагляды апячэ.
Нагаварылі кепікаў бяздумна,
Насачыняўшы безлічна грахоў,
І крыгу крыўдаў не растопім сумнай
Усмешкаю раскаяння свайго.
Каб пачуццё не выдзьмула завея,
Даткнуся да дрыготкага пляча,
Па словах ледзяных хай нас сугрэе
Адзінае з магчымых - "Выбачай…"
НА КУПАЛЛЕ
Будзе ноч і насеннем
рассыплюцца зоры над намі,
І пачуцці запаляцца
жарсцю ў крыштальнай расе,
Тады часу рака
дзве душы, пераплёўшы, вянкамі
У нязнаную прышласць
на хвалях сваіх панясе.
На зямлі целам кінутым
болей не знойдзецца месца,
Мы - ў далоні далонь -
перакрочым засветны парог;
І спагадлівы княжыч
ва ўсмешцы маёй адаб'ецца,
Млечны Шлях - на тваіх
белых, рыхтык лілеі, грудзёх.
Між быццём ды лятункам,
патонем, як між берагамі,
Адкуль гульняў гармідар
і спевы далёка чуваць,
Там прыполле цямрэчы
ліжуць вогнішчы языкамі,
А вясёлай сябрыне
ніколі нас не адшукаць.
Ззянне папараць-кветкі
на досвітку згасне ў тумане,
Дзве душы рэчка часу
ўтрымае на бурнай вадзе,
Каб у прышласць плылі,
пераплёўшыся шчыльна, вянкамі,
Калі з зораў насення
ўзбуяе народжаны дзень.
ЛЁДЗІСТЫЯ БЕРАГІ
На лёдзістыя берагі
Нясу зіхоткія надзеі
Туды, дзе розум цверазее -
На лёдзістыя берагі.
Каб сіверы засцераглі
Іх ад начніцаў і людзей, я
На лёдзістыя берагі
Нясу зіхоткія надзеі.
Храм, напоўнены прыгажосцю
Быццам плыве нетаропкая рэчка
З пенай густою вадою жывою...
Пахне мядовая белая грэчка.
Вечнасцю пахне, пахне царквою.
Генадзь Бураўкін.
На працягу апошніх дзесяці дзён адзначаліся самыя любімыя з летніх праваслаўных святаў Мядовы (14 жніўня) і Яблычны Спас, Перамяненне Гасподняе (19 жніўня).
Вельмі прыемна было ў дзень свята наведаць храм св. Пятра і Паўла ў Ратамцы пад Менскам, які ўяўляе сапраўдную скарбніцу з цудоўнымі роспісамі, драўляным разьбярствам, упрыгожваннямі з бісеру, інкрустацыямі з каменьчыкаў, якімі аздоблены абразы.
А самае галоўнае, што ў храме жыве беларуская мова! Па-беларуску прамаўляе святар, на роднай мове гучаць чытанні Евангелля і пасланняў св. апосталаў, нанесены надпісы на абразах па-беларуску. У сваіх казанях святар звяртаецца да вернікаў на роднай мове.
Такая традыцыя была сфарміравана з самага пачатку стварэння святыні. Храм быў пабудаваны па праекце пратаіерэя Аляксандра Міхейчыка, закладка падмурка адбывалася 12 ліпеня 1997 года. У 1990-ыя гады мясцовыя жыхары вельмі рупіліся, каб у іх вёсцы была пабудавана царква. З такімі просьбамі яны звярталіся да мітрапаліта Філарэта, актыўна збіралі сродкі на будаўніцтва.
Храм стаў асяродкам прыгажосці, месцам сустрэчы з Богам, дзе ў святыні годна адчувае сябе беларуская мова і ўшаноўваюцца каштоўнасці беларускага народа. На сценах храма нанесены выявы святога крыжа Еўфрасінні Полацкай, Вастрабрамскага абраза Божай Маці ў Вільні і іншыя знакавыя вобразы.
На пляцоўцы побач з храмам напісаны партрэт мітрапаліта Філарэта і выява Свята-Духава кафедральнага сабора, у якім служыў Уладыка Філарэт.
Перамяненне сэрцаў і думак патрэбнае, каб Ласка Божая зачарсцвелыя і азлобленыя душы прывяла да ачышчэння і пакаяння.
Э. Дзвінская, фота аўтара.
Канцлер ФРГ Ангела Меркель наведала Маскву і Кіеў
Навіны Германіі
20 жніўня Ангела Меркель і Уладзімір Пуцін, падчас візіту канцлера Германіі ў Маскву, як і анансавалася, сярод іншых пытанняў абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі і вакол Беларусі, дзеянні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Беларускую тэму падчас трохгадзінных перамоў у Маскве падняла канцлер Германіі. У. Пуцін заявіў на прэс-канферэнцыі, што сітуацыя ў Беларусі павінна вырашацца самімі беларусамі:
- Лічым, што супярэчнасці ўнутры беларускага грамадства могуць быць развязаны толькі ў рамках канстытуцыйна-прававога поля і выключна самімі беларусамі без вонкавага ўмяшання.
Пуцін заўсёды гаворыць падобнае падчас гутарак з заходнімі лідарамі на беларускую тэматыку. У Маскве абмеркавалі не толькі сітуацыю ўнутры Беларусі, але і міграцыйны крызіс на яе межах з краінамі ЕС.
З гэтай нагоды А. Меркель адзначыла:
- У кантэксце Беларусі я рэзкім чынам асудзіла выкарыстанне ў якасці гібрыднай зброі людзей, якія цярпяць бедства. Гаворка ідзе пра сітуацыю на беларуска-літоўскай мяжы.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на сустрэчы з канцлерам Германіі Ангелай Меркель заявіў, што разглядае праект "Паўночны струмень - 2" як вельмі небяспечную зброю Расіі супраць усёй Еўропы.
- Я мяркую, што гэта - зброя, і не заўважаць, што гэта небяспечная зброя не толькі супраць Украіны, а і для ўсёй Еўропы, - гэта няправільна. Гаварыць пра "Паўночны струмень - 2" як пра эканоміку Украіна дакладна не будзе, - заявіў Зяленскі на супольным з Меркель брыфінгу ў Кіеве.
Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што нават на цяперашняй стадыі, калі газаправод яшчэ не запрацаваў, ужо відаць, хто кантралюе цэны на газ у Еўропе.
- Мы бачым, як змяняюцца цэны, як яны скачуць уверх. Таму яшчэ раз - гэта пытанне палітычнае і пытанне бяспекі.
У сваю чаргу Ангела Меркель падкрэсліла, што Германія і ЗША актывізуюць энэргетычную супрацу з Украінай.
- Мы разумеем заклапочанасць Украіны, і таму я ў Маскве размаўляла пра гэтую праблему, і мы вельмі дакладна гаварылі пра тое, што мы ў еўрапейскіх рамках выступім за новыя санкцыі, калі Расія будзе намагацца выкарыстаць гэты газаправод у якасці зброі, - заявіла канцлер Германіі.
Пра Данбас
Меркель заявіла, што выступае за захаванне фармату менскіх перамоваў для ўрэгуляваньня сітуацыі на Данбасе, але лічыць, што невыкананне дамоўленасцяў - сістэмная праблема.
- Расея з'яўляецца ўдзельнікам гэтага канфлікту, і таму правільна, што Украіна адмаўляецца весці перамовы з прадстаўнікамі сепаратыстаў. І мы ўвесь час круцімся вакол гэтай праблемы, але гэта - не навіна.
Ангела Меркель мяркуе, што далейшыя перамовы будуць няпростымі, але іх варта працягваць.
- Я падтрымліваю гэты фармат, бо ім можна скарыстацца як пляцоўкай для перамоваў, хаця баланс нездавальняльны, і я пра гэта шчыра кажу.
Пра Крым
Канцлер Германіі таксама падкрэсліла, што лічыць анексію Крыма Расіяй парушэннем міжнароднага права. Але яна не зможа ўдзельнічаць у Крымскай платформе.
Што яшчэ абмяркоўвалі
Сярод іншых тэм перамоваў - правядзенне рэформаў ва Украіне, у тым ліку і судовай, пытанні двухбаковай супрацы, а таксама сітуацыя ў Афганістане.
Зяленскі і Меркель не паведамілі, ці абмяркоўвалі беларускае пытанне на сваёй сустрэчы. На брыфінгу дазволілі паставіць толькі чатыры пытанні - па два ад нямецкага і ўкраінскага бакоў. Але ўсе яны тычыліся "Паўночаннага струменю - 2", Крыма і Данбаса.
Паводле СМІ.
Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута*
Зоф'я Кавалеўская
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Цудадзейны абраз Маці Божай, які зазвінеў у хвіліну першага арышту Бальтазара, жонка аддала ў лідскі касцёл. Паводле тагачаснага падання, гэты абраз забраў у сваё жытло ксёндз Карповіч. Аднак абраз не ўпадабаў новае месца і без перапынку звінеў над галавой ксяндза. Карповіч вымушаны быў яго зняць. Легенда гаварыла, што абраз быў знішчаны. Людзі перасталі хадзіць у касцёл, верачы, што сваім звонам абраз папярэджваў пра небяспеку.
І насамрэч, хаця касцёл і захаваўся, але Карповіч, які выконваў у той час абавязкі лідскага дэкана, першы пачаў служыць па-расійску, заспяваўшы каля алтара: "Господи помилуй". Людзі з гневам і абурэннем тлумамі пакінулі святыню і занялі настолькі ўпартую пазіцыю, што падобная спроба болей ніколі не паўтарылася.
Мураўёў моцна тачыў зубы на Геншаля, цывільнага начальніка Лідскага павета. Аднак яму пашанцавала выслізнуць за мяжу. Хутка арыштавалі Стэфана Вільбіка, вярбоўшчыка добраахвотнікаў у лагер паўстанцаў, і шмат іншых падазраваных у зносінах з Нарбутам або ва ўдзеле ў паўстанні асоб з Лідскага павета, між іншымі і Ансельма Пятрыкоўскага.
Трагічныя драмы разыграліся ў некаторых вёсках і шляхецкіх ваколіцах, спаленых і вынішчаных датла. Так згінулі вёскі Зубрава, Кракшлі і многа іншых. Цэлыя сем'і вывезены ў Сібір.
Хто ў той час чуў тыя енкі жанчын, плач дзяцей, той да смерці гэта не забудзе.
Мясцовых людзей звольнілі з усіх дзяржаўных пасад, а на іх месца, як лавіна, зваліліся чыноўнікі з Расіі, якія не ведалі стану і ўмоваў тутэйшага жыцця. Сюды пераважна заваблівалі сацыяльную свалату, якая кіравалася не палітычнымі поглядамі, а жаданнем кар'ернага росту і асабістага абагачэння.
Каб дагадзіць Мураўёву, яны пераследавалі мясцовых людзей з усіх сацыяльных слаёў грамадства, пад страхам даносу вымушалі даваць ім хабар і г. д. Пасярод гэтых маскоўскіх адкідаў былі і людзі больш-менш культурныя і шляхетныя, аднак яны танулі ў агульнай плыні.
Усё гэта аслабляла народны арганізм, а повязь рускіх чыноўнікаў з яўрэямі высмоктвала апошнія сілы. Яўрэі заўсёды ўмелі выкарыстаць часы блытаніны, болю і эканамічнага руйнавання для ўласнага інтарэсу.
Раздзел XVII
Францішак Нарбут. Яго жыццё. Смерць у Венгрыі. Пераслед на радзіме. Пакаранне за наведванне магілы Нарбута. Продаж Шаўроў
Наймалодшы брат Людвіка Францішак быў самым вялікім патрыётам у сям'і. Спакойны, маўклівы, ён хаваў у сэрцы агонь патрыятычных пачуццяў. Ужо ў дзяцінстве не выносіў ваеннай музыкі, якая часамі чулася ў Шаўрах, уцякаў калі гралі, затыкаў вушы або крычаў. Уздрыгваў ад віду гімназічнага мундзіра, а калі падрос і неабходна было яго адзець, жадаў уцячы са школы. Аднак розум перамагаў пачуцці.
Калі прыязджаў дадому на святы або вакацыі, прывозіў розныя забароненыя вершы і песні, хаваўся ад маці і дэкламаваў або з запалам спяваў у садзе перад братамі і сёстрамі. Гульні ў вайну былі наймілейшай забавай. Стараўся загартоўвацца і прызвычайвацца да дыскамфорту, быць цягавітым.
Калі Людвіка арыштавалі ў Вільні, Францішак вучыўся ў школе. Частка кампраметуючых дакументаў захоўвалася ў ложку Францішка пад сеннікам. Уначы, пад час ператрусу, хлопца раптоўна разбудзілі, бо лічылі, што ён, яшчэ не цалкам абудзіўшыся ад сну, зможа нешта выдаць. Аднак ён застаўся абсалютна спакойны і так удала выглядаў сонным, які ні пра што не ведае, што жандары пакінулі яго і пайшлі.
Калі Людвік вярнуўся з Каўказа, Францішак скончыў універсітэт у Пецярбургу, дзе вывучаў права. Рэвалюцыйная моладзь, рыхтуючыся да будучай барацьбы, арганізавала таварыства і таемна выдавала невялікі часопіс "Жаўрук" ("Skowronek").
Манчунская мела кантакт з моладдзю і таксама друкавала ў часопісе некаторыя свае творы. Гэта непакоіла і раздражняла яе мужа Альберта Манчунскага, які служыў на ўрадавай пасадзе і быў настроены больш спакойна і лаяльна. Для студэнтаў яго дом быў зачынены.
Аднойчы, калі муж быў на працы ў бюро, на парозе дома перад сястрой раптоўна з'явіўся Францішак. У Пецярбургу паліцыя выйшла на след арганізацыі. Многіх яе сяброў арыштавалі, некаторыя былі ўжо высланы ў Расію.
Францішак прасіў сястру, каб праз мужа дапамагла яму атрымаць пашпарт і так званую "падарожную", якая дазваляла ехаць поштай, а таксама дапамагчы грашыма. Прасіў, каб дазволілі на некалькі дзён схавацца, бо з гэтым было найцяжэй. Дворнік ставіўся да студэнтаў непрыхільна, але пакаёўка была верная сваёй маладой пані і ўдала адаслала дворніка, чым дала Манчунскай магчымасць схаваць брата.
Тэадора прызначыла Францішку сустрэчу ў касцёле св. Яна, а сама пайшла да мужа. Ніколі раней яна не была ў мужа на працы. Таму пабачыўшы яе, Альберт адразу зразумеў, што здарылася нешта надзвычайнае. Калі даведаўся, пра што ідзе гаворка, адказаў: "Дзеля цябе зраблю, што заўгодна. Але гэта згуба, гэта мая смерць!"
Зрабіў усё, пра што яна прасіла, дазволіў сустрэцца з баратам у касцёле св. Яна.
Знайшла Францішка ў лаўцы, дзе калісьці сядзела разам з маці. Незаўважна перадала яму дакументы і грошы, і, нібыта молячыся, паразмаўлялі паміж сабой і развіталіся.
Францішак Нарбут найперш паехаў у Брусель, адтуль пераехаў у Жэневу, а потым запісаўся ў вайсковую польскую школу ў Генуі. Выбух паўстання ў Польшчы прывёў Францішка ў шэрагі Лангевіча52, дзе ён адразу служыў у пяхоце ў рангу капітана, вызначаючыся мужнасцю і доблесцю, потым браў удзел у фарміраванні коннага аддзела. Калі паўстанне згасла і трэба было думаць пра паратунак ад няволі і смерці, Францішак Нарбут перад уцёкам за мяжу, давёў справаздачу аб усіх сваіх грашовых высілках начальніку павета Замойскаму.
Падаю ніжэй копіі з арыгінальных дакументаў, якія меў Францішак.
П а с в е д ч а н н е
Начальніка павета Замойскага
"Матэрыяльныя каштоўнасці, якія належаць коннаму аддзелу Грубешава 53 , пячатку таго ж аддзела і карту ад капітана Францішка Нарбута - прыняў. Рахункі з узятых на патрэбы фарміравання аддзела злотых польскіх 304 і грошаў 20 - прыняў.
Начальнік павета Замойскі".
(Унізе - пячатка Люблінскага ваяводства)
Акрамя вышэй пададзенага сведчання Францішак Нарбут атрымаў наступнае пасведчанне. Копія з арыгінала.
№ 22
П а с в е д ч а н н е
Грамадзянін Нарбут Францішак, капітан пяхоты, у наступным добраахвотнік у конным паўстанчым войску, студэнт аддзялення права ва ўніверсітэце Пецярбурга, а потым вучань вайсковай польскай школы ў Генуі.
Р а д а в о д
Нарадзіўся 2 красавіка 1842 года ў Шаўрах Лідскага павета Гарадзенскага ваяводства ў сям'і Крысціны з Садоўскіх і Тэадора Нарбута.
Яшчэ раз Францішку пашанцавала перайсці мяжу. Цяпер ён аказаўся на парыжскім бруку без сродкаў да жыцця. Яшчэ не ведаў, што сястра Тэадора Манчунская таксама знаходзіцца ў Парыжы ў гатэлі Ламбэр. Яму казалі пра нейкую Нарбутоўну, але ён не спадзяваўся адшукаць сястру пад такім прозвішчам.
Аднойчы, ідучы па вуліцы, галодны і прыгнечаны, уголас прагаварыў праклён па-польску. Парыж у той час быў поўны эмігрантаў, розных нешчаслівых уцекачоў разбітага паўстання. На гукі гэтай мовы да Францішка наблізіліся двое незнаёмых і запыталі, чаму ён так заўзята кляне. З размовы з імі даведаўся, што ў гатэлі Ламбэр знаходзіцца нейкая пані, уцякачка з Краю пад прозвішчам Нарбутоўна. Павярнуў да гатэля і з радасцю ўбачыў родную сястру, а калі запытаў яе, чаму яна карыстаецца дзявочым прозвішчам, тая растлумачыла, што яно болей вядомае ў колах эміграцыі. Дзякуючы дапамозе сястры, Францішак Нарбут хутка знайшоў магутных фаварытаў у асобе князя Чартарыйскага і графа Дзялынскага. Дарэчы, апошні вельмі сардэчна адносіўся да маладзёна.
Праз адпаведны час навучання ў Бельгіі Францішак стаў дыпламаваным інжынерам і ў гэтай жа дзяржаве атрымаў працу. Аднак Дзялынскі пераправіў яго ў Галіцыю і горача рэкамендаваў князю Адаму Сапегу і Уладзіславу Чартарыйскаму.
Пісьмо адрасаванае князю Адаму Сапегу (спісана з арыгінала)
Дарагі Адась!
У Вашу старану, у Перамышль выязджае дыпламаваны інжынер пан Нарбут у якасці чыноўніка чыгункі данцынгска-венгерскага напрамку, покуль на трохмесячнае выпрабаванне, але мы ўсе, хто яго ведае, перакананы, што назаўжды, бо не дапускаю, што захочуць адпусціць у іншую частку Польшчы такога шляхетнага і разумнага маладога чалавека. Рэкамендую Табе асабіста пераканацца ў яго высакароднасці і руплівасці. Спадзяюся, што Ты зможаш выкарыстаць былога вучня, а цяпер добрага інжынера ў розных годных мэтах.
Карыстаюся з нагоды, каб яшчэ раз перадаць Табе самыя сардэчныя вітанні і пажадаць найлепшых поспехаў у працы.
Твой брат і слуга Дзялынскі.
Парыж. Гатэль Ламбэр.
22 сакавіка 1880 г.
Францішак Нарбут з гэтага часу ніколі не пакідаў Аўстра-Венгрыі. Служыў на Малдаўскай чыгунцы, на пасадзе старшага інжынера на будоўлі чыгункі ў Венгрыі, дзе бальшыня мастоў, якія заслугоўваюць увагі, была вынікам яго праектаў. Вывучыў малдаўскую і венгерскую мовы, пазнаёміўся з прыгажуняй венгеркай Ізай Сэйляр і ажаніўся з ёй. Аднак, яго з'ядала хвароба, выбух якой прыспешыў такі выпадак.
Дзеля маёмасных інтарэсаў жонкі Нарбут павінен быў прыняць венгерскае грамадзянства. Найперш з гэтым пагадзіўся, аднак, калі патрэбныя дакументы былі ўпарадкаваны, сям'я жонкі на ўрачыстасці неспадзявана выбухнула тостам: "За новага венгра!", Францішак несвядома атрымаў нервовы зрыў, сарваўся з крыкам: "Не! Я - не венгр! Я - паляк ад дзеда і прадзеда!"...
Біў сябе ў грудзі, паўтараючы: "Я - паляк! Я - паляк!"...54
Гэта думка не адпускала яго да смерці. Заспакойваўся толькі тады, калі жонка чытала яму па-польску, хоць і не разумела прамаўляных слоў. Памёр у 1892 годзе ў Венгрыі. Пахаваны ў Торначы55 (прэфектура Нітра).
На помніку Нарбута венгры выбілі надпіс, які ў перакладзе гучыць гэтак:
"Остык - Нарбут Францішак.
Польскі паўстанец 1863 года.
Старшы інжынер Імператарскай аўстра-венгерскай чыгункі.
Хвала памяці Яго!
Нарадзіўся на Літве ў Шаўрах, 1841 г.
Адышоў да Бога ў Торначы, 1892 г., кастрычніка, 7 дня.
У шчаслівым сужэнстве - 14 гадоў.
Жыццё яго было працавітым.
Гонар маці.
Сум па Айчыне разарваў яго найшляхетнейшае сэрца.
І таму ўжо не мог тут жыць бедны выгнанец.
Прыйшоў паміраць сярод братэрскага народа, на яго вольную зямлю".
Сястра памерлага Тэадора Манчунская дадала да венгерскага надпісу такія словы па-польску:
"Тут ляжыць Францішак Остык-Нарбут
Сын Тэадора і брат Людвіка Нарбутаў.
Хто ведае, кім яны былі,
Схілі галаву перад гэтым каменем!
Падумай, уздыхні і памаліся
За ўсіх трох разам!"
За выключэннем Францішка Нарбута, усе чальцы сям'і Нарбутаў знайшлі спачынак у айчыннай зямлі, якую гэтак горача любілі.
* Zofja Kowalewska. Dzieje powstania lidzkiego: wspomnienie o Ludwiku Narbucie. Wilno, 1934. Зоф'я Кавалеўская. Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута. Вільня. 1934 г. Перадрук з "Дзённіка Віленскага". Пераклад і каментары Галіны Лаўрэш. Рэдагаванне і каментары Леаніда Лаўрэша.
52 Мар'ян Лянгевіч (1827-1887), адзін з кіраўнікоў паўстання ў Польшчы.
53 Грубешаў (Hrubieszоw) - горад у Люблінскім ваяводстве, цэнтр павета.
54 Кавалеўская паказвае Франацішка занадта нервовым для інжынера, тым больш будаўніка мастоў, чалавекам. - Л. Л.
55 Зараз горад у Славакіі. Па-славацку - Trnovec nad Vаhom, па-венгерску - Tornоc. - Л. Л.
(Заканчэнне ў наступным нумары.)
ТРЫ ЛІНІІ ЛЁСУ
Нататкі з нагоды
У менскім выдавецтве "Адукацыя і выхаванне" пабачыла свет кніга "Віктар Лазебнік", якая стала працягам, заснаванай у 2014 годзе Уладзімірам Ліпскім і Аляксандрам Супрановічам, серыі "Асобы". Час паказаў, што кнігі-біяграфіі вядомых людзей карыстаюцца ў чытачоў вялікай папулярнасцю. І гэта зразумела: заўсёды цікава ведаць жыццёвы шлях той ці іншай асобы, даведацца, што паспрыяла яе паспяховасці, як гартаваўся характар і сталеў чалавек. У серыі пабачылі ўжо свет кнігі "Віктар Парфёнаў" (доктар біялагічных навук), "Уладзімір Ліпскі" (пісьменнік), "Віктар Пякарскі" (палкоўнік крымінальнага вышуку), "Пётр Клімук" (касманаўт), "Уладзімір Гаркавы" (герой афганскай вайны, разведчык), "Аляксей Скакун" (вучоны-эканаміст), "Рыгор Бабчанок" (пісьменнік), "Валерый Анісенка" (тэатральны рэжысер і акцёр).
У гэты раз героем расповеду стаў ветэран крымінальнага вышуку, апошні начальнік легендарнай Менскай сярэдняй спецыяльнай школы міліцыі імя М. В. Фрунзэ МУС СССР, народны дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання адстаўны генерал-маёр міліцыі Віктар Міхайлавіч Лазебнік. Кніга-біяграфія прысвечана апошняму міністру ўнутраных спраў БССР В. А. Піскарову і першаму міністру ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь У. Д. Ягораву.
АНКЕТНЫЯ ДАДЗЕНЫЯ. Віктар Міхайлавіч Лазебнік нарадзіўся 1 студзеня 1937 года ў горадзе Васількаў Кіеўскай вобласці. Скончыў Менскую сярэднюю спецыяльную школу міліцыі і Вышэйшую школу Міністэрства аховы грамадскага правапарадку СССР. Цягам дзесяці гадоў з'яўляўся намеснікам старшыні савета ветэранаў Меншчыны. Сябра рэспубліканскай міліцэскай арганізацыі ветэранаў. Заслужаны работнік МУС СССР. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і "Слава" ДРА, медалём "За выдатную службу па ахове правапарадку", Ганаровымі граматамі Вярхоўных Саветаў БССР і СССР.
Аўтограф Вячаслава Кебіча
ПЕРАД ТЫМ, як пазнаёміць чытачоў з жыццёвым шляхам адметнай асобы, укладальнік выдання і аўтар дакументальнай аповесці "Тры вайны генерала міліцыі" журналіст Аляксандр Каменчукоў прапанаваў слова сябрам, калегам і вучням Віктара Лазебніка, што надало ягонаму вобразу асаблівую глыбіню і праўдзівасць. Сярод 14 аўтараў невялікіх эсэ - і былы старшыня Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Кебіч, які сустрэўся з героем кнігі яшчэ напрыканцы 80-х, калі займаў пасаду другога сакратара Менскага абкама партыі, а Віктар Лазебнік быў намеснікам начальніка абласной міліцыі. У 1990-м, калі апошняга абралі дэпутатам ВС БССР, Вячаслаў Францавіч узначаліў рэспубліканскі Саўмін, і яны супрацоўнічалі ўжо ў сценах парламента.
У сваім кніжным водгуку "Час пераасэнсаванняў" былы старшыня галоўгага выканаўчага органа краіны адзначае, што сітуацыя пасля "паўлаўскай" грашовай рэформы была крытычнай - падскочылі цэны, з прылаўкаў крамаў зніклі тавары, пачалі прабуксоўваць заводы, у рабочых знізіліся заробкі… Народ масава вываліў на вуліцы, у цэнтр Менска, да Дома ўрада на мітынг. Тое, што тварылася на плошчы, як у люстэрку, адбівала стан спраў у нашым рознамасным парламенце, пра які шмат напісана...
Да ліку дэпутатаў, на якіх "можна было ў пераломны для краіны час разлічваць", Кебіч аднёс і Віктара Лазебніка. Шостага снежня 1993-га прэм'ер падпісаў пастанову аб прысваенні былому старшаму аператыўнаму супрацоўніку МУС СССР у Афганістане Віктару Лазебніку звання "генерал-маёр міліцыі". Дарэчы, высокіх званняў Кебіч, які сваімі дзеяннямі здзівіў не толькі Белавежскую пушчу і народ на першых прэзідэнцкіх выбарах, надаваў у свае часы шмат каму. Казалі, пасля ён пра гэта шкадаваў… У згаданым вышэй артыкуле Вячаслаў Францавіч шчыра прызнаўся, што гэта быў той выпадак, калі ён асабіста добра ведаў чалавека, якому ўручаў генеральскія пагоны. Пры гэтым ніколі не сумняваўся ў тым, што гэты чалавек годны такога высокага звання.
Пасля сыходу Кебіча з пасады прэм'ер-міністра аднадумцы зблізіліся яшчэ больш. Пра характар іх асобых узаемаадносін сведчаць не толькі частыя сустрэчы і размовы ды шмат адпускоў, якія яны разам правялі ў санаторыі "Радон", але і памятны аўтограф Вячаслава Францавіча на тытульным лісце ягонай кнігі "Белавежскі гамбіт": "Лазебніку Віктару Міхайлавічу, блізкаму, не, самаму блізкаму сябру і аднадумцу з пажаданнем здароўя ад аўтара (14. 01. 2014)".
Асколак міны маджахедаў
ДАРЭЧЫ, У ЗОНУ адказнасці "Поўдзень", дзе палкоўнік Лазебнік мужна ваяваў з 1986 па 1988 год, уваходзілі Кандагар, Заболь, Гільменд і Урузган. Аднойчы ноччу, пры выстаўленні пастоў бяспекі (прыводзіць, крамя іншага, факт у сваім артыкуле "Добры прыклад для маладых калег" адстаўны палкоўнік міліцыі Валеры Страмбурскі, які ведае генерала не адзін дзясятак гадоў) група савецкіх дарадцаў трапіла ў засаду душманаў. Адзін з бэтээраў яны падарвалі. Да падыходу падмацавання, нягледзячы на атрыманую кантузію, Лазебнік умела арганізаваў абарону, што не дазволіла баевікам захапіць бронемашыну, і забяспечыў медыцынскую дапамогу параненым, якіх эвакуявалі. Быў момант, калі палкоўнік змог правесці перамовы з правадырамі мясцовых плямён, старэйшынамі кішлакоў і верхаводамі бандфарміраванняў, у склад якіх уваходзілі больш за дзве тысяы чалавек, і дамовіцца аб спыненні баявых дзеянняў. Працяглы час гэтая дамова выконвалася, што садзейнічала захаванню многіх жыццяў з абодвух бакоў. Дарэчы, падчас знаходжання ў Афгане ўзаемадзейнічаць давялося напрамую з вядомым генералам Мухамедам Хакімам, які стаў у 1986-м намеснікам прэм'ер-міністра ДРА. З часам беларускі сармушавер (у перакладзе з фарсі - старшы дарадца) усё часцей і часцей узгадваў афганскую прыказку: "Вера часта пераходзіць у сумнеў"… Пра ваенную замежную эпапею падрабязна распавядае ў артыкуле "Тайна кандагарскага неба" журналіст і пісьменніца Ларыса Кучарава. Гэтай жа, у асноўным, тэме прысвяціў свой матэрыяле "Мой стары баявы таварыш" і адстаўны вайсковы палкоўнік Уладзімір Шокаў, які сябруе з героем кнігі з часоў афганскіх падзей. Па словах Уладзіміра Ільіча (ён з'яўляецца сёння намеснікам старшыні Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане), Віктар Міхайлавіч удзельнічае практычна ва ўсіх праектах арганізацыі.У кожным раёне Менска існуюць выдатныя музеі, у якіх шырока адлюстравана афганская тэматыка. А ў сталічнай школе № 223 створаны музей 70-й гвардзейскай асобнай мотастралковай брыгады. У ім ёсць падраздзел, прысвечаны Віктару Міхайлавічу Лазебніку. У экспазіцыі - ягоны кіцель, фуражка, кавалачак сіняга афганскага лазурыту, выняты з сядзення крэсла ў памяшканні, дзе пражываў, асколак міны...
Рапарт міністру Клімаўскому
ЗА ШЭСЦЬ ГАДОЎ да сустрэчы з горнай і пясчанай краінай Віктар Лазебнік працаваў намеснікам начальніка Упраўлення крымінальнага вышуку МУС БССР. Пра дзейнасць яго на гэтай пасадзе вядзе гаворку ў сваім эсэ "Гісторыя аднаго рапарта" былы першы намеснік міністра ўнутраных спраў генерал-лейтэнант у адстаўцы Канстанцін Платонаў. Ён паведамляе, што афіцэр валодаў не толькі вялікім вопытам аналітычнай работы, але паказваў высокія асабістыя вынікі ў раскрыцці злачынстваў і прынцыповыя, канкрэтныя, неабходныя ў той ці іншы момант падыходы да выканання складаных праблем. Ён сканцэнтраваў свае намаганні і намаганні падначаленых служб па аналізе аператыўнай абстаноўкі з 1971 па 1981 год. Галоўную ўвагу скіравалі на забойствы, рабаванні, разбоі, згвалтаванні і крадзяжы.
Аднойчы па ўказанні тагачаснага першага намесніка міністра Паўла Жука кіраўнік спецыфічнага падраздзялення выехаў на дзесяць дзён у Полацк, каб асабіста праверыць, як на месцы шукаюць без вестак зніклых жанчын. Аказалася, туташніх сіл на гэта не хапае, на што ў абласной міліцыі, лічы, ніяк не рэагавалі. Пра гэта камандзіраваны і далажыў Жуку. Пры гэтым усе пошукавыя справы па зніклых на Віцебшчыне жанчынах прапанаваў аб'яднаць у адну вытворчасць і ўзмацніць склад мясцовай аператыўнай групы лепшымі спецыялістамі, у тым ліку з Менска. Гэтаксама забяспечыць групу аўтатранспартам, бо колькасць заяў павялічвалася як снежны ком. Ды першы намеснік не прыняў аніводненькай прапановы. Загадаў правесці спецпаседжанне пазаштатнай ведамаснай камісіі, кіраўніку якой настойліва рэкамендаваў прызнаць работу Лазебніка ў Полацку нездавальняючай! Вось гэтак, ні больш - ні менш! Сам жа, тым часам, адправіў яго туды ж у камандзіроўку яшчэ на дзесяць дзён. Пасля вяртання заставалася напісаць рапарт на імя міністра Аляксея Клімаўскога з пералікам усіх прапаноў. На вялікі жаль, заўважае Канстанцін Платонаў, нагодай для хуткага рэагавання не стаў, бо… вярнуўся да таго ж Паўла Жука, які паклаў яго пад сукно… Неўзабаве Клімаўской памёр, а Генадзя Жабіцкага, які прыйшоў яму на змену, так і не праінфармавалі. Пасля і Жуку, і Жабіцкаму давялося пакінуць свае пасады.
Віктар Лазебнік да расследавання крымінальных спраў па знікненні ў вобласці жанчын з той пары не прыцягваўся. Больш за тое, хутка ён стаў намеснікам начальніка менскай абласной міліцыі. Акрамя іншага, з яго непасрэдным удзелам, адзначае ў сваім артыкуле "Прафесіянал з шостым пачуццём" адстаўны міліцэйскі генерал-маёр Віктар Басалыга, на базе Менскага райаддзела была створана эксперыментальная пляцоўка па выяўленні злачынцаў пры дапамозе дасягненняў крыміналістычнай адаралогіі - навукі, якая вывучае пахі рэчываў.
Толькі ў 1985 годзе арыштавалі сексуальнага маньяка і забойцу Міхасевіча, які здзейсніў 36 даказаных злачынстваў. Пазней, у ходзе следства, вывады рапарта Лабезніка поўнасцю пацвердзіліся… У кнізе ён сцвярджае: калі б працягнуў далейшае расследаванне - ужо б тады стоадсоткава выйшаў бы на след рэдкага, тым больш для Беларусі, маньяка. Прыкрае непаразуменне, узнікшае між ім і Жуком, адсунула, па ягоных словах, раскрыццё страшэнных злачынстваў мінімум на год! Адначасова ў яго няма сёння адказу на некаторыя дэталі і асаблівасці нашумелай на ўвесь былы Саюз "Віцебскай справы". І праз дзесяцігоддзі ён успрымае гэтую спараву, як трагедыю вышукнога прафесіяналізму. Нямала старонак ёй прысвяціў у кнізе аўтар дакументальнай аповесці "Тры вайны генерала міліцыі" Аляксандр Каменчукоў.
Сама ж аповесць атрымала такую назву таму, што ў ёй распавядаецца пра страшныя гады Вялікай Айчыннай, якія захаваліся ў дзіцячай памяці генерала, пра вайну ў Афганістане і вайну са злачыннасцю ў Беларусі. Дэталёва пра ўсё гэта лепей прачытаць у самой кнізе, якая выйшла накладам у 500 асобнікаў са шматлікімі здымкамі, зробленымі ў самыя розныя перыяды жыцця. А прачытаць твор пажадана таму, што гэта своеасаблівы дапаможнік па гісторыі не толькі нашай краіны.
Аўтар распавядае пра свае знаёмствы і сустрэчы з будучым неаднаразовым чэмпіёнам свету і алімпійскіх гульняў Аляксандрам Мядзведзем, маршалам Сямёнам Цімашэнкам, зоркай савецкага кіно і эстрады Леанідам Уцёсавым, міністрам аховы грамадскага парадку БССР Аляксандрам Аксёнавым, камандуючым афганскім Цырандоем Хайдарам, міністрам унутраных спраў Афганістана Саідам Махамадам Гулябзоем, камандуючым 40-й арміяй Барысам Громавым, генералам Валянцінам Варэннікавым, міністрам унутраных спраў СССР Мікалаем Шчолакавым, міністам унутраных спраў БССР Віктарам Піскаровым, журналістам Мікалаем Матукоўскім, міністрам унутраных спраў СССР, грамадскім дзеячам Вадзімам Бакаціным…
Не забыў Віктар Міхайлавіч і пра сваіх таварышаў з вайсковай палкавой школы, якая рыхтавала для 120-й гвардзейскай стралковай дывізіі камандзіраў аддзяленняў і памочнікаў камандзіраў звязаў. Пасля яны вучыліся ў шыфравальнай школе штаба БВА і атрымалі званне малодшых лейтэнантаў. У іх ліку былі такія выдатныя спецыялісты, як Анатоль Рудакоў, Эдуард Буслаеў, Валянцін Ішчанка і мой верны старэйшы сябра, які ўзначальвае сёння ўнітарнае прадпрыемства "Канстанта-91", Генадзь Мікалаевіч Чачанец. Я прысвяціў гэтаму разумнаму, светламу, спагадліваму, небезуважнаму, чалавеку-працаўніку нарыс "Афіцэрскі рамень" і верш "Дзіця вайны":
Глядзіць праз час падвал суседкі Веры,
у якім ты з братам-немаўлём і матуляй
дарэмна ў цемры апраметнай свята верыў,
што бацька вернецца і выжыве Красуля…
Ад свісту, звону, крыку, грукату, пажару
трымцела цела, разрывала грудзі сэрца
ад невыноснага, нясцерпнага кашмару
і страху - не дай бог, брацік зайдзецца...
Душа гарэла, крывёй мокла ад пакутаў,
і плюшкі мёрзлыя за шчасцейка былі
са шчаўем конскім, крапівою і трыпутам,
карэннем скрыпеню з параненай зямлі...
Яна ў кветках той сустрэчы патанала,
калі між танкаў і гарматаў, між машын
ты бег па цукар да салдат, пашанцавала
на сыр, кансервы, сухары ды маргарын.
Дзіця вайны, не перастану віншаваць
цябе заўжды са святам нашай Перамогі,
хачу ізноўку табе, дружа, пажадаць
цярпення, веры, міру, цвёрдае дарогі.
Да ўсяго застаецца дадаць, што Віктар Міхайлавіч Лабезнік рэгулярна ўдзельнічае ў мерапрыемствах Менскай гарадской арганізацыі ветэранаў-афганцаў "Памяць", старшынём савета старэйшын якой ён з'яўляецца.
Уладзімір Барысенка.
Выбіраю тое, што магу зрабіць
У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры 13 жніўня адбылося чарговае паседжанне клуба "Вытокі". Зацікаўленыя ўдзельніцы, жадаючы пазнаёміцца з чымсьці новым, спяшаліся на сустрэчу з самабытнай мастачкай Гарадзеншчыны Ганнай Пуйдак.
- На ўвесь летні перыяд ва ўстанове працуе аўтарская выстаўка Ганны Іванаўны пад назвай "Магічныя травы". Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва прадстаўлена ў двух накірунках: вышыўцы ў тэхніцы крыжа і фларыстыка ў плоскасці, - распавядае малодшы навуковы супрацоўнік Марына Вячаславаўна Савіцкая, - галоўная задумка экспазіцыі - гэта паказ прыгажосці і росквіту лета, хараства прыроды, таму шматлікія работы аўтара на іншую тэму мы аставілі да наступнай нагоды сустрэцца яшчэ.
Ганна Іванаўна свой творчы шлях пачала з ранняга дзяцінства. Галоўным наватарам ідэй і надхняльнікам для яе была мама, а першым інструментам у працы стала іголка. "Мама сядзела за кроснамі, а я вышывала" - згадвала Ганна Іванаўна. Цяжка пералічыць, колькі сарочак, сурвэтак ды ручнікоў упрыгожаны рукамі майстрыхі. І па цяперашні час, як іголка з ніткай, неразрыўна з паўсядзённым жыццём спадарожнічае з жанчынай творчасць, ствараючы непаўторныя вобразы ў розных напрамках дэкаратыўна-мастацкай дзейнасці.
Вельмі плённым для Ганны Іванаўны быў час захаплення роспісам па шкле. Пад уплывам еўрапейскай моды на тэрыторыі Беларусі ў 50-я гг. мінулага стагоддзя паўсямесна быў распаўсюджаны народны роспіс па шкле. Найбольш папулярнымі матывамі служылі букеты кветак, ідыялістычныя сцэнкі з выявамі людзей і жывёл, улюблёных пар, радзей - біблейскіх сюжэтаў. На гатовы роспіс накладалася каляровая фальга, дзякуючы чаму, паверхня зіхацела і перадавала празрыстасць шкла.
- Час роспісу для мяне прыйшоўся на 60-я гг. Таму спрыяла хваля запатрабаванасці ў нашай мясцовасці. Аднавяскоўцы набывалі і ўпрыгожвалі хатні інтэр'ер такімі карцінамі. Асабліва ўрачыста выглядаў роспіс акладаў у праваслаўных абразах, калі яны віселі групай, пакрытыя набожнікамі, - працягвае свой аповед Ганна Іванаўна, - і мне хацелася маляваць такія аклады на сваіх каталіцкіх. Пачытаць, як гэта зрабіць і павучыцца не было ў каго. Купіла пяро, асадку, туш, "Ленинградские" фарбы і праз памылкі дабівалася задавальняльнага выніку сама. І ў гэтай справе садзейнічала і дапамагала мне мама.
Ганна Іванаўна на практычным занятку з удзельнікамі клуба "Вытокі" дала майстар-клас роспісу па шкле, падзяліўшыся асноўнымі сакрэтамі майстэрства. З хатняй калекцыі мастачка прадставіла гледачам некалькі работ з выявамі кветак, варыянты акладаў на абразах.
Шмат пытанняў атрымала Ганна Іванаўна пра фларыстыку - разнастайнасць дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з прыродных матэрыялаў. Гэта вельмі старажытны род заняткаў. Ён патрабуе навыкаў назірання за навакольным светам, ведаў па зборы і захаванні зёлак, асноў колеразнаўства і кампазіцыі.
- У мяне шматгадовы вопыт, дзе і калі знайсці той ці іншы патрэбны колер на лісці або кветках. Падкажу, што зёлкі можна нарыхтоўваць у любую пару года, а вялікая колькасць казурак ляжыць на ўзбочынах дарог, якія гінуць, трапляючы на шкло сустрэчных машын. Правільна засушаныя матылькі і казуркі гарманічна дапаўняюць і ажыўляюць кветкавыя нацюрморты. Граматна зложаныя кампазіцыі захоўваюць сваю калер да 6 гадоў! Насычанасць будзе павольна затухаць, калі работы аддаліць ад прамых сонечных прамянёў, - працягвае гаворку аўтар.
Дарэчы, фларыстычныя работы Ганны Іванаўны знаходзяццаў ва ўласных калекцыях знатакоў мастацтва Беларусі, Расіі, США, В'етнама і інш. дзяржаў.
У жыцці здараецца так, што людзі, атрымаўшы мастацкую адукацыю, не маюць прафессійнага росту. У выпадку з нашай гераіняй усё наадварот. Не маючы мастацкай адукацыі, але пастаянна займаючыся самаадукацыяй, жанчына сама сябе падняла на высокі прафессійны ўзровень. На пытанне, чым з'яўляецца для яе мастацтва: хоббі ці работай, адказ быў упэўнены і кароткі: "Хоббі для мяне рыбалка, а заняткі творчасцю - неабходнасць майго існавання!"
- Я паважаю розныя накірункі дзейнасці, але ў мастацтве выбіраю тое, што магу сама засвоць і зрабіць! - на развітанне сваім удзячным гасцям адказала Ганна Іванаўна.
Ірына Дыдышка, метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці". Фота аўтара.