Папярэдняя старонка: 2021

№ 35 (1550) 


Дадана: 01-09-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 35 (1550), 2 верасня 2021 г.

Падзеі вакол ТБМ

27 жніўня Вярхоўны суд пачаў разгляд пазову Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".

Паседжанне пачалося ў 15.00. Ад ТБМ адказчыкамі выступалі: старшыня ТБМ Алена Анісім, намеснік старшыні ТБМ Станіслаў Суднік, старшыня Рэвізійнай камісіі ТБМ Мікола Бамбіза. Паседжанне ішло на беларускай мове, але да разгляду справы па сутнасці суд у гэты дзень не прыступіў.

На пачатку паседжання старшыня ТБМ Алена Анісім выступіла з хадайніцтвам адкласці разгляд справы. Пракурор хадайнітва старшыні ТБМ падтрымала, прадстаўнік Міністэрства юстыцыі не пярэчыў. Разгляд справы быў адкладзены

Справа ў тым, што Алена Анісім 26 жніўня падала дакументы на абскарджанне другога папярэджання, вынесенага ТБМ Міністэрствам юстыцыі, і хадайнічала аб яго адмене.

15 ліпеня ў сядзібе ТБМ адбыўся ператрус. Сілавікі забралі каляндарыкі, выдадзеныя ў 2018 годзе да 100-годдзя БНР, асобныя кнігі, аргтэхніку - маніторы, сістэмныя блокі. Ператрус адбываўся з санкцыі намесніка пракурора Менска.

Менавіта ў гэтыя дні Мінюст патрабаваў ад ТБМ прадставіць дакументацыю. Частку дакументаў ТБМ прадставіла адразу. Замінка ўзнікла з бухгалтарскімі дакументамі. Справа ў тым, што бухгалтар ТБМ летась памерла ад сардэчнай недастатковасці, таму бухгалтарскія дакументы былі ў затрыманай 8 ліпеня Вольгі Раковіч - галоўнага бухгалтара "Нашай Нівы", якая дапамагала ТБМ у гэты складаны час па дамове падраду. Па просьбе старшыні ТБМ Алены Анісім бухгалтарка была вызвалена са Следчага камітэта, і бухгалтарскія дакументы адразу былі прадстаўлены на праверку.

Тым не менш, ТБМ ужо ў дзень ператрусу 15 ліпеня атрымала першае пісьмовае папярэджанне ад Міністэрства юстыцыі. Другое папярэджанне было вынесена 19 ліпеня.

- У папярэджаннях былі фармальныя прычэпкі, нічога сур'ёзнага, таму будзем змагацца далей, - гаворыць Алена Анісім.

Дата разгляду скаргі ТБМ Вярхоўным судом пакуль не вызначана.

Што будзе далей?

Не будзем гадаць пра вынікі разгляду скаргі і вынікі завяршэння ўсёй справы. Сёння мы можам канстатаваць толькі наступнае:

- праблемы беларускай мовы ў Беларусі нікуды не дзеліся і не дзенуцца самі па сабе;

- большасць з 52, зарэгістраваных у мясцовых органах улады, раённых і гарадскіх арганізацый ТБМ знаходзяцца ў баегатовым стане і працягваюць дзейнасць;

- працягваюць дзейнасць сотні зарэгістраваных у органах улады і ў структурах ТБМ суполак аб'яднання.

Таму, у той ці іншай форме змаганне за беларускую мову будзе працягвацца. Безумоўна, незалежна ад вынікаў суда, мы павінны зрабіць з сітуацыі самыя сур'ёзныя высновы, каб 30-гадовую дзейнасць ТБМ нельга было перапыніць "за дзве коскі" ў дакументах.

Станіслаў Суднік.

Свята беларускай паэзіі ў Зачэпічах

У суботу, 28 жніўня, у вёсках Зачэпічы і Жукоўшчына на Дзятлаўшчыне адбылося Гарадзенскае абласное свята беларускай паэзіі. Пяты па ліку фэст паэзіі паклікаў да сябе творчых людзей з Гародні, Ліды, Беліцы, Слоніма, Наваградка і Дзятлава. Удзельнікі свята сабраліся каля мемарыяльнага знака тром зачэпіцкім паэтам, але ішоў моцны дождж. Таму ўсе ўдзельнікі мерапрыемства наведалі мясцовыя могілкі, дзе пахаваны Гарасім Прамень і Пятрусь Граніт, і ўсклалі кветкі на іх магілы, а таксама сфатаграфаваліся на памяць на вуліцы Петруся Граніта ў Зачэпічах. А потым свята працягвалася ў Жукоўшчынскім сельскім клубе. Са сцэны мясцовага клуба гучалі вершы і выступленні пісьменнікаў Валянціна Дубатоўкі, Алы Петрушкевіч, Святланы Абдулаевай, Святланы Адамовіч, Міколы Канановіча, Станіслава Судніка, Анатоля Брусевіча, Янкі Трацяка, Алены Абрамчык, Раісы Лакізы, Сяргея Чыгрына, Міхася Зізюка, Мечыслава Курыловіча, Галіны Самойлы і іншых удзельнікаў паэтычнага свята. Алесь Хітрун, навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея, распавёў пра цікавыя знаходкі пра паэтаў Дзятлаўшчыны Васіля Струменя і Петруся Граніта. А Сяргей Чыгрын прэзентаваў першы выпуск дзятлаўскага літаратурнага альманаха "Ятранка", які выйшаў пры дзейнай падтрымцы газеты "Наша слова". Падчас пятага свята беларускай паэзіі на Дзятлаўшчыне кіраўнікі Гарадзенскага абласнога аддзялення СБП Янка Трацяк і Валянцін Дубатоўка, а таксама пісьменнік Сяргей Чыгрын уручылі літаратурную прэмію імя Анатоля Іверса Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валерыю Петрыкевічу - дзятлаўскаму краязнаўцу і грамадскаму актывісту, старшыні Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны. Прэмія Валерыю Петрыкевічу была ўручана за актыўную прапаганду твораў беларускіх пісьменнікаў і за ўшанаванне пісьменнікаў-землякоў на Дзятлаўскай зямлі.

Свята аздаблялі песнямі фальклорная група з Дзятлава "Ятранка", барды Сяргей Чарняк з Ліды і Міхась Зізюк з Наваградка.

Барыс Баль , Дзятлаўскі раён.

"ЛІТФЭСТ ПА-ЛІДСКУ" НА ВУЛІЦАХ ГОРАДА!

З мэтай папулярызацыі кнігі, а таксама для вывучэння сучасных дзіцячых зацікаўленняў і запытаў бібліятэкары філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 3" у рамках "Літфэсту па-лідску" запраасілі чытачоў наведаць выязную чытальную залу "Чытач на траве", дзе чытанне стала прывабным, цікавым і карысным. Важна не выпусціць магчымасць даць дзецям прачытаць выдатныя кнігі, без якіх дзяцінства цяжка ўявіць.

Працягваюць прасоўваць кнігу сярод дзяцей і моладзі і супрацоўнікі філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 5", якія даюць дзецям магчымасць сумясціць летні адпачынак і гульні на дзіцячай пляцоўцы з чытаннем. Займальныя конкурсы, віктарыны, вясёлыя і інтэлектуальныя гульні сабралі ў двары аднаго з дамоў мікрараёна Індустрыяльны г. Ліды не толькі дзетак, але і іх бацькоў. Дзеці пазнаёміліся з маляўнічымі часопісамі, новымі цікавымі кнігамі. Яны з цікавасцю слухалі апавяданні пра прыгоды, падарожжы, а таксама даведаліся шмат новага і пазнавальнага для сябе.

Разнастаіць баўленне часу дашкалят з ДУА "Яслі-дзіцячы сад № 37 г. Ліды" вырашылі супрацоўнікі філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая". У летні перыяд дзеці ў дзіцячых садках праводзяць свой час на дварэ, на гульнявых пляцоўках. Многія сумуюць па кнігах, па добрых казках. Менавіта ў такія моманты на выручку дзетвары прыходзяць бібліятэкары з выдатнымі выданнямі, маляўнічымі, яркімі, а галоўнае - цікавымі, пазнавальнымі і павучальнымі.

Супрацоўнікі філіяла "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" юных жыхароў горада запрасілі разгадаць кніжную крыжаванку "Запытайкі???". Пытанні для дзяцей былі на розныя тэмы: аб прыродзе, жывёлах і птушках, аб раслінах, грыбах, аб правілах бяспекі на дарозе і дома, здаровым харчаванні, спорце, аб літаратурных героях і казках. А адказаць на зададзенае пытанне дапамагалі кнігі, у якіх і трэба было знайсці правільны адказ.

Як вядома, галоўнай славутасцю горада Ліда з'яўляецца сярэднявечны замак XIV ст., у сценах якога праводзяцца захапляльныя рыцарскія турніры. Лідскі замак штодня прымае ў сваіх сценах гасцей і жыхароў горада. Вось і супрацоўнікі філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 4" наведалі гэтае цудоўнае гістарычнае месца ў рамках "Літфэсту па-лідску". Для работнікаў замка і турыстаў бібліятэкары правялі агляд літаратуры, якая змяшчае мноства інфармацыі пра горад Ліду, пазнаёмілі з мясцовай прэсай, якая можа распавесці гасцям аб штодзённым жыцці горада.

Адпачывайце летам разам з нашымі бібліятэкамі!

Адпачывайце разам з "Літфэстам па-лідску"!

Кацярына Сандакова, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу.

Вярхоўны суд ліквідаваў Беларускую асацыяцыю журналістаў

Вярхоўны суд Беларусі 27 жніўня ліквідаваў ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", нібыта з-за "невыпраўлення парушэнняў, выяўленых Мінюстам падчас праверкі", паведаміў БАЖ. Пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі разглядала суддзя Інэса Лазавікова.

Паводле рашэння Вярхоўнага суда, усе довады прадстаўніка ГА "БАЖ" аб тым, што гэты пазоў не мусіць быць задаволены, прызналі не важнымі, а прадстаўнік арганізацыі "няправільна разумее закон".

- Рашэнне аб ліквідацыі арганізацыі была чаканым. З моманту падачы зыску ніхто не меў ілюзій. Нагадаю, што ў той жа дзень у офісе БАЖ адбыўся ператрус і памяшканне апячаталі, - распавёў старшыня БАЖ Андрэй Бастунец. - Ліквідацыя БАЖ як арганізацыі - гэта вынік у "адміністрацыйнай" рэальнасці. Але БАЖ - гэта не проста радок у рэестры. Гэта суполка журналістаў. Мы працягнем працу - аб тым, як і ў якой форме трэба думаць і вырашаць.

На стан 27 жніўня 2021 года сябрамі асацыяцыі з'яўляюцца больш за 1300 чалавек.

- Немагчыма прыпляснуць проста адміністрацыйным рашэннем. Бо БАЖ - гэта людзі, праекты, падзеі. Проста зараз мне пішуць людзі: "Ганаруся, што я сябра БАЖ", - такая ідзе плынь салідарнасці. Так што вышэй нос! Будзем працаваць далей. Здавацца ніхто не збіраецца, - распавёў намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Чаму ліквідавалі БАЖ?

16 лютага 2021 года ў офісе БАЖ адбыўся ператрус. У чэрвені 2021 года Міністэрства юстыцыі распачало праверку дзейнасці БАЖ. У дзейнасці арганізацыі, нібыта былі выяўлены парушэнні. 14 ліпеня без прысутнасці прадстаўнікоў арганізацыі адбыўся другі ператрус. Пасля яго офіс апячаталі.

Папярэдняе паседжанне аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў адбылося 11 жніўня. 23 жніўня суддзя Вярхоўнага суда Беларусі Валянціна Кулік разгледзела скаргу арганізацыі, але папярэджанне Мінюста пакінулі ў сіле.

Што такое Беларуская асацыяцыя журналістаў?

Беларуская асацыяцыя журналістаў - беларуская няўрадавая грамадская арганізацыя. Аб'ядноўвае грамадзян, якія займаюцца прафесійнай журналісцкай дзейнасцю або спрыяюць яе развіццю. Утворана ў 1995 годзе, у 2006 годзе прайшла дзяржаўную перарэгістрацыю. Выступае ў абарону правоў журналістаў і прынцыпаў свабоднай і прафесійнай журналістыкі.

У 2004 г. Еўрапейскі парламент узнагародзіў БАЖ прэміяй імя Сахарава "За сабоду думкі".

У 2011 г. Атлантычны Савет ЗША ўзнагародзіў БАЖ "Прэміяй Свабоды Атлантычнага Савета".

У 2020 г. БАЖ атрымала ўзнагароду ад уладаў Канады і Вялікабрытаніі за свабоду СМІ.

У 2020-2021 гадах БАЖ цалкам сканцэнтравалася на дапамозе членам арганізацыі, чые прафесійныя правы парушаліся ў сувязі з распачатымі адміністрацыйнымі і крымінальнымі справамі.

Паводле СМІ.

Паштоўка, прысвечаная Ларысе Геніюш

У Слоніме выйшла з друку арыгінальная паштоўка, прысвечаная выдатнай беларускай паэтцы і патрыётцы Бацькаўшчыны, дзеячцы нацыянальнага руху, вязню сталінскіх лагераў Ларысе Геніюш (1910-1983).

Паштоўку падрыхтаваў і выдаў пісьменнік, старшыня Слонімскай арганізацыі ТБМ Сяргей Чыгрын. На паштоўцы адлюстраваны чорна-белы партрэт паэткі і яе вершаваныя радкі. Дарэчы, гэта ўжо другая паштоўка Сяргея Чыгрына, прысвечаная нашай слыннай паэтцы. Першая паштоўка пабачыла свет у 1998 годзе.

Наш кар.

"Надзея святая таёмна крадзецца…"

Да 115-годдзя паэта, драматурга, празаіка, выдаўца і грамадскага дзеяча Сяргея Новіка-Пеюна (1906-1994)

Нядаўна яшчэ раз перачытаў, пераглядзеў, успомніў мужнага, цярплівага, таленавітага і сціплага чалавека пісьменніка Сяргея Міхайлавіча Новіка-Пеюна. Лісты Сяргей Міхайлавіч пісаў вялікія, шчырыя, сур'ёзныя. У пісьмах заўсёды мяне называў па-бацьку і на "вы", а пры сустрэчах - на "ты" і проста па імені. На лістах абавязкова ставіў тры пячаткі: адна была з адваротным адрасам, на другой было напісана "Сяргей Міхайлавіч Новік-Пяюн, г. Менск", а на трэцяй - былі словы "Сяргей Новік-Пяюн". Вось некалькі радкоў з яго пісем: "25-га лістапада 1943 года па даносе правакатара мяне арыштавалі гестапаўцы і асудзілі на смерць за антыфашысцкую дзейнасць. Са слонімскага музея, дзе я працаваў і жыў, рабаўнікі пазабіралі ўсе мае рэчы і ў тым ліку маю мандаліну. Чакаючы смерці ў адзіночцы слонімскага астрога, я стварыў песню "Мандаліначка" і "запісаў" яе ў памяці…" (з пісьма ад 18 жніўня 1988 года); "Я некалькі разоў званіў у рэдакцыю тыднёвіка "Беларускае тэлебачанне і радыё", каб звярталіся да чытачоў па-беларуску "добры дзень", а не па-польску "дзень добры"! Па-беларуску спярша стаіць прыметнік, а пасля імя, а па-польску наадварот: спярша - імя, а пасля - прыметнік. А рэдакцыя, хоць абяцала выправіць памылку, працягвае далей яе друкаваць. Яшчэ пішуць "раніцой", хаця па-беларуску трэба "раніцай". Ужываюць польскае слова "мажліва" замест беларускага "магчыма", "па крайняй меры" замест беларускага слова "прынамсі". Шмат памылак робяць і тыя, што выкладаюць на філфаку, псуюць беларускую мову…" (з пісьма ад 20 лістапада 1988 года).

Сябраваў я з Сяргеем Міхайлавічам шмат гадоў. Ён часта наведваў Слонім, дзе жыла яго сястра, заходзіў да мяне ў рэдакцыю раённай газеты, дзе я працаваў. А калі я бываў у Менску - забягаў да яго ў маленькую аднапакаёўку на вуліцы Купрыянава. Пра што толькі ён мне не расказаў!.. Але найбольш любіў распавядаць пра Слонім, пра мастака Антона Карніцкага, 180 карцін якога вывезлі немцы ў Германію падчас Другой сусветнай вайны, пра гісторыка і краязнаўца Язэпа Стаброўскага, пра генерала Яўгена Леашэню і пра іншых землякоў. Часта паэт згадваў пра сустрэчу з Янкам Купалам у Слоніме ў 1939 годзе, калі пясняр вяртаўся з Беластока з народнага сходу. Тады Сяргей Новік-Пяюн працаваў у Слоніме інспектарам павятовага аддзела народнай асветы. 12 лістапада 1939 года да яго ў аддзел народнай асветы зайшоў чалавек, павітаўся, а пасля спытаў, дзе жыве Гальяш Леўчык. Сяргей Новік-Пяюн адразу пазнаў у госцю Янку Купалу. Яны разам паехалі ў хатку да Гальяша Леўчыка, там пагутарылі, а пасля машына, на якой прыехаў Янка Купала, прывезла іх у цэнтр горада. На развітанне Янка Купала ў блакноце Сяргея Новіка-Пеюна напісаў пару слоў: "Міламу Сяргею Пеюну падчас сустрэчы ў Слоніме. Янка Купала. 14.11.1939 г.". Пра гэты выпадак Сяргей Міхайлавіч згадваў мне часта. Ён вельмі ганарыўся, што хоць раз у жыцці меў сустрэчу з песняром беларускага народа. Яшчэ ў 1938 годзе ў Слоніме Сяргей Новік-Пяюн разам са сваёй жонкаю Людмілай пачаў выдаваць на польскай мове (на беларускай мове польскія ўлады не дазволілі) "Газету Слонімскую". Гэта быў тыднёвік і выходзіў ён да верасня 1939 года… Аднойчы я прыехаў да Сяргея Новіка-Пеюна ў Менск, а ён адчыняе дзверы ў лагернай фуфайцы з нумарам на плячах.

- Гэта мой сталінскі касцюм, - сказаў Сяргей Міхайлавіч. А пасля сеў на табурэтку і ціха заспяваў свае славутыя "Зорачкі":

Дні праходзяць,

дні адходзяць, дні лятуць,

Быццам рэк бурлівых

хвалі ўдаль бягуць.

Трэці год як на выгнанні ў чужыне

Трэба мучыцца

душой і сэрцам мне…

З вачэй у паэта пакаціліся слёзы. Гэты выпадак памятаецца мне да сённяшніх дзён. Не верыцца, як змог выжыць Сяргей Новік-Пяюн у тых жыццёвых сітуацыях, у якіх ён бываў. Бо лёс яго не песціў. Пры Польшчы сядзеў у турме ў Баранавічах, у чэрвені 1941 года быў паранены, у 1943 годзе - арыштаваны слонімскім СД і асуджаны да пакарання смерцю. У турме захварэў на тыф. Хворага паэта немцы кінулі ў канцлагер Калдычэва… 4 ліпеня 1944 года немцы вялі вязняў на расстрэл. Сярод усіх быў і беларускі паэт. У час расстрэлу яго паранілі. Прыкінуўся мёртвым, а пасля схаваўся ў бліжэйшым лесе. Так застаўся жыць. А калі 10 ліпеня 1944 года савецкія войскі вызвалілі Слонім, Сяргей Новік-Пяюн пачаў працаваць тут дырэктарам мясцовага краязнаўчага музея. Але і гэтае шчасце было нядоўгім. Вясною 1945 года без прад'яўлення яму ніякіх афіцыйных абвінавачванняў, паэт быў зноў арыштаваны органамі НКВД на 10 гадоў пазбаўлення волі. Этапам яго адправілі ў пасёлак Нэлькан у Якуцію:

Плывуць дні за днямі,

як шэрыя хвалі.

Нам сніцца радзімага

неба блакіт.

Пад сопкай мы многа

сяброў пахавалі.

Тут снег нашай цёплай

крывёю заліт.

Праз краты нам

свецяць паўночныя зоры,

Бы шлюць прывітанне

ад роднай зямлі.

Сярэбраны месяц схаваўся

за горы,

І чорныя цені вакол заляглі…

У Беларусь Сяргей Новік-Пяюн вярнуўся ажно ў 1959 годзе. За плячыма ўжо былі 53 пражытыя гады, але трэба было пачынаць усё спачатку. Яго рэабілітавалі, а ў якасці "кампенсацыі" за гады, праведзеныя без віны ў турме, яму выдзелілі аднапакаёвую кватэру ў пяціпавярховым доме ў Менску на вуліцы Купрыянава, 9 і датэрмінова прызначылі пенсію, залічыўшы год Калымы за два…

Сяргей Новік-Пяюн нарадзіўся ў вёсцы Лявонавічы Нясвіжскага раёна 27 жніўня 1906 года. Скончыў мясцовую рускую гімназію і беларускія настаўніцкія курсы ў Вільні. У 1926 годзе ў роднай вёсцы стварыў беларускі народны хор, які існуе да сённяшніх дзён. Як сказаў Алег Лойка ва ўступным слове да зборніка вершаў паэта "Заўсёды з песняй" (Мн., 1984. С. 4): "Душа юнака рвалася да песень, а песню глушылі". Але заглушыць не змаглі. Бо паэт Сяргей Новік-Пяюн пісаў, спяваў і жыў. Жыў словам, песняй, любоўю да Бацькаўшчыны. Друкавацца ён пачаў ажно ў 1924 годзе ў заходнебеларускіх выданнях "Сын беларуса", "Студэнцкая думка", "Маланка", "Сялянская ніва", "Шлях моладзі", Беларуская крыніца", "Заранка" і іншых. З друку асобнымі кніжкамі пачалі выходіць яго драматычныя і вершаваныя творы "Ёлка Дзеда Мароза" (Вільня, 1927), "Пакой у наймы" (Вільня, 1927), "Цудоўная ноч" (Вільня, 1927), "Прадка пад крыжам" (Вільня, 1939), "Заўсёды з песняй" (Мн., 1984), "Зорачкі ясныя" (Мн., 1986), "Песні з-за кратаў" (Мн., 1993). У сваіх паэтычных кнігах Сяргей Новік-Пяюн пісаў пра тое, што сам перажыў у астрогах, лагерах і ссылках. Паэтычныя радкі яго прасякнуты пяшчотай да Бацькаўшчыны, верай у заўтрашні дзень:

Быць можа ў халоднай

памру Калыме,

Сям'ю не пабачыўшы

ў роднай больш хаце,

Я веру, мяне, песняра, ўспамяне

Не раз Беларусь - мая Маці.

Але ў маім сэрцы наяве і ў сне

Надзея святая

таёмна крадзецца:

Да роднае Бацькаўшчыны,

усё-ткі мне

Вярнуцца яшчэ давядзецца!

У 1966 годзе Сяргей Новік-Пяюн наладзіў цесныя літаратурныя сувязі з беларускім тыднёвікам "Ніва" ў Беластоку, якія працягваліся аж да самай смерці паэта (памёр у 1994 годзе). У студзені і ліпені гэтага года ён друкуе вершы для дзяцей "Дзед Мароз", "Вожык", "Верабейчыкі" і апавяданне "Цешка". Асабліва шмат паэтычных радкоў Сяргей Новік-Пяюн апублікаваў у "Ніве" у 1980-х гадах. Найперш гэта былі вершы пра родную прыроду, лясных і хатніх жывёл, а таксама ўспаміны пра гісторыка Язэпа Стаброўскага, паэта Гальяша Леўчыка і пра Ядвісю - гераіню Якуба Коласа, якая жыла ў Слоніме.

Сяргей Чыгрын. Фота з архіва аўтара.

Памёр паэт Алесь Разанаў

Алесь Разанаў памёр ва ўзросце 73 гадоў. Ён быў адным з сама значных беларускіх паэтаў усіх часоў. Выключаны з універсітэта ў 1967 годзе за патрабаванне навучання па-беларуску, ён не зламаўся. Ягоныя філасофскія вершы змянілі беларускую літаратуру.

Алесь Разанаў нарадзіўся 5 снежня 1947 года у вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна Берасцейскай вобласці. Працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры, рэдактарам у выдавецтве "Мастацкая літаратура" і ў часопісе "Крыніца". Лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Беларусi iмя Янкi Купалы. Творы Алеся Разанава перакладзены больш чым на 20 моў.

- Смерць Алеся Разанава - гэта вялікая страта для беларускай літаратуры, - кажа Валянцін Дубатоўка, гарадзенскі літаратар. - Алесь Разнаў - гэта паэт нават не еўрапейскага, а сусветнага маштабу. Безумоўна, творчасць яго - гэта ўзор ведання не толькі мовы, літаратуры, гэта адчуванне болю народа і нават разуменне таго, што будзе з гэтым народам праз некаторы час. Вельмі сумую, таму што беларуская літаратура страціла сапраўды вялікага паэта.

Якуб Сушынскі.

Маё знаёмства з Алесем Разанавым

У 70-я гады 20-га стагоддзя беларускага ў Менску было мала, беларускамоўных было яшчэ менш. Пэўна ж, недзе трохі былі, але мне, вясковаму хлопцу, які вучыўся ў вайсковай вучэльні, нікога ў Менску не ведаў, знайсці які асяродак беларушчыны было вельмі цяжка. Тым больш, што першыя тры гады вучэльні - гэта казарма, выхад толькі ў звальненні і то з вялікай цяжкасцю - душу з цябе дастануць, пакуль выпусцяць: не павінна быць двоек ды і троек, павінен здаць усе нормы на перакладзіне, ну і апошні іспыт - гэта форма вопраткі. Калі шынель падрэзаны чуць вышэй, калі шкарпэткі не таго колеру і г.д., нікуды ты не пойдзеш. Але ж вырываліся. На 4-м і 5-м курсах выхад быў вольны, было прасцей.

Першым беларускамоўным чалавекам, якога я сустрэў у Менску, была паэтэса Святлана Каробкіна. Яна працавала ў кнігарні "на рагу". Я туды ездзіў не так, каб што купіць, адкуль у курсанта грошы, ды і дзе тыя кніжкі трымаць, як для таго, каб перакінуцца адным-другім беларускім словам. Святлана пазнаёміла мяне з Алесем Міткаўцом з Гомеля, якога нядаўна былі выключылі з БДУ за нацыяналізм, а Алесь пазнаёміў мяня са сваімі сябрамі з БДУ Ігарам Чарняўскім і Міколам Нікалаевым, якія жылі ў адным пакоі інтэрната БДУ. У іхні інтэрнат неяк свабодна пускалі, бо ў іншыя то не вельмі, а можа мяне пускалі, што ў форме быў, не памятаю. Так я трапіў на край беларускага колка ў БДУ. Яно было больш шырокае, але іншых яго сяброў я тады не ведаў.

І вось аднойчы, калі я прыехаў у інтэрнат БДУ, гэта была зіма з 1976 на 1977, а можа з 1975 на 1976, нехта сказаў, што ў Менск пераехаў Алесь Разанаў, што атрымаў кватэру на Нямізе. І, не адкладваючы справы ў доўгую скрынку, вырашылі схадзіць у госці. Хто такі Разанаў, мы ведалі, пра 1967 год ведалі, вершы, прынамсі некаторыя, чыталі. Хлопцы аднекуль ведалі адрас. Ну і пайшлі на тую Нямігу. Без дамовы, без тэлефоннага званка. Які званок, можа, яшчэ і тэлефона не было ў новай кватэры.

Пазванілі, зайшлі. Хто, што? Ніхто, шішто. Проста зайшлі да паэта. У кватэры было добра відно, што гаспадар заехаў сюды нядаўна. Пасярод аднаго пакоя ляжаў ладны стажок кніг. Там іх тысяч некалькі было. Ці то расставіць не паспеў, а можа яшчэ і не было куды, бо купіць мэблю тады было не проста і не хутка.

Селі і гаварылі. Пра што, дык ужо і не згадаць. Але гаварылі шчыльна, густа. Мы, калі ішлі, у госці ж як-ніяк, беларусы ж як-ніяк, каб не з пустымі рукамі, купілі бутэльку "марачнага" віна. Але гаворка ішла так, што за некалькі гадзін мы не змаглі выбраць момант, каб тую бутэльку паставіць на стол, прапанаваць разам выпіць. Мабыць, не дазволіла рознасць вышыні постацяў у той гаворцы. Настолькі гаспадар Алесь (слова "спадар" тады мы яшчэ не ўжывалі), настолькі Алесь Сцяпанавіч быў ментальна вышэй за нас. Так і пайшлі з той бутэлькай назад. Пайшлі напоўненыя беларушчынай, можна сказаць, хмельныя ад беларушчыны.

Праз шмат гадоў, недзе ў нулявыя, на з'ездзе Саюза беларускіх пісьменнікаў я падышоў да Алеся Разанава і спытаў, ці памятае ён той візіт курсанта і двух студэнтаў, хацеў расказаць, хто кім стаў. Нажаль, не памятаў. Не прыкідваўся, што нешта прыпамінае, проста не памятаў.

Хто такі Ігар Чарняўскі, былы кіраўнік дэпартамента аховы помнікаў гісторыі і культуры, ведае ўся абазнаная Беларусь, хто такі Мікола Нікалаеў з Пецярбурга, Беларусь таксама ведае. Пасля 70-х я сустрэўся з Міколам адзін раз у Лідзе на вакзале. Ён ехаў з Гародні, патэлефанаваў, я падскочыў на вакзал.

З Ігарам апошні раз бачыліся на пахаванні Ніла Гілевіча. Але мы яшчэ ўсе жывыя, а вялікага паэта Беларусі Алеся Разанава ўжо няма.

Вечная яму памяць і ў дадатак вось гэты мой успамін. Ці не больш за дзве гадзіны доўжыўся той візіт, аж, пэўна, і ён спрычыніўся да таго, што ніхто з нас не скаціўся з беларускага поля.

Беларускае неба яго душы, а памяць пра паэта няхай будзе тут, між людзей.

Станіслаў Суднік.

Ён ніколі не здраджваў роднай мове

Да 85-годдзя беларускага пісьменніка Яўгена Міклашэўскага

Даўно збіраўся напісаць пра паэта, перакладчыка, празаіка і публіцыста Яўгена Міклашэўскага, ды ўсё нешта не атрымлівалася, не ставала часу, як сёння мы любім казаць. А час ляціць імкліва - глянуў у каляндар: Яўгену Міклашэўскаму было б 85. Але 10 гадоў, як яго ўжо няма сярод нас.

Нарадзіўся пісьменнік 9 жніўня 1936 года ў вёсцы Лыскі Беластоцкага павета Беластоцкага ваяводства. Праз дзесяць гадоў сям'я пакінула родныя мясціны і пераехала на Нясвіжчыну. У 1957 годзе Яўген скончыў Пінскае педвучылішча, а ў 1965 годзе - Менскі педагагічны інстытут замежных моў.

Першыя творы Яўгена Міклашэўскага былі апублікаваныя ў часопісе "Полымя" ў 1959 годзе, а першая кніга паэзіі пабачыла свет у 1968 годзе, яна называлася "Свежасць". Пра яе адразу станоўча адгукнуліся розныя выданні. Зборнік вершаў паэта называлі поклічам часу, вясной паэта, настройкай голасу, жыццём у паэзіі. І сапраўды, зборнічак атрымаўся ўдалым, вершы падкуплялі чытачоў сваёй шчырасцю:

Журботны лісця шолах…

Кляновы лістапад.

У полымі прысад -

Прасветы клёнаў голых.

Асенні санцапёк…

Сачу, зачараваны,

Як падае, сарваны

Дыханнем дня, лісток.

З якою навіною

Ляціць ён на зямлю?..

І я яго лаўлю,

Як матылька вясною.

Найбольш плённым час быў для паэта Міклашэўскага, калі ён працаваў літаратурным кансультантам Саюза пісьменнікаў Беларусі (1981-1991г.г.). Тады з друку выйшлі яго кнігі вершаў "Світальны водбліск", "У спрадвечным руху", "Зара-заранка, зара-вячэрніца". У іх паэт услаўляў сваю Радзіму, вяртаўся ў думках на Беласточчыну да бацькоўскай хаты, паэтызаваў чалавека працы, каханне, прыроду. Пісаў пісьменнік і сатырычныя творы. Усім вядома яго кніжка сатыры і гумару "Ганна з Пухавіч" (Мн., 1976).

З празаічных твораў варта адзначыць аповесць Яўгена Міклашэўскага "Чатыры дарогі", якая прысвечана духоўнаму свету, маральна-этычнаму абліччу людзей 70-х гадоў мінулага стагоддзя. А таксама цудоўную кнігу "Каханне і смерць, або Лёс Максіма Багдановіча" (Мн., 1995). Кніга пра Максіма Багдановіча - далёка не літаратуразнаўчая праца, а своеасаблівы раман-даследаванне, які чытаецца лёгка, проста, даступна. Такіх кніг, дарэчы, у нашай літаратуры бракуе. А яна найперш разлічана на моладзь, якую ў наш час здзівіць нечым вельмі няпроста.

Яўген Міклашэўскі быў яшчэ выдатным перакладчыкам. Перакладзена ім на родную мову шмат твораў Д. Уолеса, Э. Хемінгуэя, М. Пехаля, М. Лермантава, С. Ясеніна, А. Кальцова, Р. Кіплінга, Э. Колдуэла і многіх іншых замежных аўтараў. Неяк пры жыцці запытаў у Яўгена Васільевіча:

- Пра што найлепш пішацца і думаецца?

Дык ён адказаў, што закончыў аповесць "Пастухі і пастушкі", якую задумаў ажно чвэрць стагоддзя назад. Яна прысвечана жыццю беларускай пасляваеннай вёскі і, прынамсі, пра вучобу, абавязкі, і гульні дзяцей вайны. А яшчэ пісьменнік дадаў:

- Я заўсёды любіў у паэзіі ўсмешку, дасціпнасць, жарт і відавочна таму ў апошнія гады захапіўся паэтычнымі мініяцюрамі (напісаў цыклы "Свет каляровых сноў" і "Беларускія фрашкі". Шмат увагі аддаю перакладам з рускай (лірыка XIX-XX стагоддзяў), з англійскай (Кіплінг), са стараўзбекскай (Наваі, Машраб) і з іншых. Марыў да 200-годдзя А.С. Пушкіна апублікаваць свой пераклад "Евгения Онегина". Не атрымалася. У 1999 годзе пераклаў лібрэта оперы С. Манюшкі "Галька" (аўтар - Уладзімір Вольскі). Вершы і пераклады паціху друкую ў часопісе "Маладосць", "Настаўніцкай газеце", "ЛІМ"-е.

- А думаецца, - казаў Яўген Васільевіч, - пра трагічны лёс беларускай нацыі. Напісаў два артыкулы, прысвечаныя роднай мове: "Разбураны храм" і "З тарашкевіцай - у трэцяе тысячагоддзе!". На жаль, "Настаўніцкая газета" друкаваць іх адмовілася... .

Калі Яўген Міклашэўскі працаваў у часопісе "Тэатральная Беларусь" (часопіс закрылі, ужо даўно не выходзіць), ён часта там друкаваў свае публіцыстычныя артыкулы-разважанні пра мастацтва сцэны, пра нацыянальную драму, пра інтэлігенцыю за… кулісамі і г.д. У адным з артыкулаў пісьменнік піша: "Мова, калі яна жыве, як і ўсё, развіваецца - самаўдасканальваецца і ачышчаецца ад чужародных наслаенняў. І асноўнае - даць ёй магчымасць жыць і жыць там, дзе яна нарадзілася, гэта значыць, асноўная наша задача - адрадзіць мову".

У імклівым руху літаратуры нялёгка было ўтрымацца і выжыць. Яўген Міклашэўскі неяк трымаўся, паціху друкаваўся. Ён ніколі не здраджваў сваёй мове, творчасці і Бацькаўшчыне. А гэтыя сціплыя радкі няхай будуць светлай згадкай пра яго.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Да дня беларускага пісьменства

Да дня беларускага пісьменства літаб'яднанне "Вясёлка" пры Капыльскай раённай бібліятэцы імя Анатоля Астрэйкі выдала літаратурны альманах "Родныя пагоркі". Укладальнік і аўтар прадмовы - Ірына Пятровіч, рэдактар - Станіслаў Суднік. Альманах выйшаў пры падтрымцы газеты "Наша слова".

Капыльшчына шчодра даравала свету літаратурныя таленты. Пісьменнікі і паэты, літаратурныя крытыкі і навукоўцы, мастакі і спевакі. Калі называць імёны - іх больш за поўсотні. І кожны чалавек з цікавым лёсам. Іхнія жыццёвыя шляхі - гісторыя Капыльшчыны, гісторыя нашай краіны. Тут чэрпаў сюжэты і натхненне для стварэння сваіх раманаў і аповесцяў Кузьма Чорны, тут пачынаў пісаць Цішка Гартны. У гісторыю беларускай літаратуры ўвайшлі творы Алеся Адамовіча, Сцяпана Аляксандровіча, Анатоля Астрэйка, Алеся Гурло, Адама Русака і іншых пісьменнікаў, якія голасам сэрца выказалі любоў да роднага мястэчка. У Капылі нарадзіўся раданачальнік і класік новай яўрэйскай літаратуры Мендэле Мойхер-Сфорым. Зоф'я Тшчашчкоўская, якая пісала і па-польску, і па-беларуску, родам з Дарагавіцы і г.д.

У альманах "Родныя пагоркі" ўвайшлі творы 14 аўтараў. Літаратуразнавец са Слоніма Сяргей Чыгрын, які паспеў пазнаёміцца з альманахам, адзначыў высокі ўзровень перш за ўсё патрыятызму сучасных капыльскіх літаратараў. У альманаху ўсяго 120 старонак, і ахапіць усю капыльскую літаратуру ён не мог, таму ёсць над чым працаваць пры падрыхтоўцы наступнага нумара.

Прэзентацыя "Родных пагоркаў" спланавана на 3-е верасня ў памяшканні Капыльскай раённай бібліятэкі імя Анатоля Астрэйкі. Пачатак у 11.00.

Наш кар.

"Зоркі лідскіх небасхілаў"

15 верасня ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы пройдзе фестываль кнігі і друку "Зоркі лідскіх небасхілаў".

Асноўнай мэтай фестывалю з'яўляецца захаванне, развіццё і папулярызацыя кніжнай культуры. У Дзень бібліятэк Беларусі на пляцоўцы каля Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы разгорнуцца кніжна-ілюстрацыйныя выставы, забаўляльная пляцоўка "Рэбусленд", дзіцячая гульнявая зона, свабодны кнігаабмен "Чыталі, чытаем і будзем чытаць!" і разнастайныя майстар-класы.

Гасцей фестывалю чакае насычаная і займальная праграма, у якой кожны зможа знайсці сабе занятак па гусце. Майстар-клас "Мастацтва пісьма" пазнаёміць удзельнікаў з гісторыяй узнікнення пісьма і кнігі, а таксама дасць магчымасць паспрабаваць напісаць пісьмо на бяросце, у тэхніцы вузельчыкавага пісьма і клінапісу. Ахвочыя змогуць паўдзельнічаць у займальным і жартаўлівым майстар-класе "Другое жыццё газеты", а аматары чытання ў ацэнцы і абмеркаванні бібліярэйтынгу "Любімыя кнігі".

Запрошанымі гасцямі фестывалю стануць лідскія літаратуразнаўцы, краязнаўцы, прадстаўнікі Лідскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, мясцовых выдавецтваў, друкарняў і прэсы ("Лідская газета").

Дата правядзення: 15 верасня 2021 года, пачатак мерапрыемства 11: 00.

Месца правядзення: Гарадзенская вобласць, г. Ліда, вуліца Ленінская, д.10.

Кантактная інфармацыя:

+ 375 154 545261,

ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы".

Навіны Германіі

Мінабароны Германіі завяршыла эвакуацыю з Афганістана

Міністэрства абароны Германіі завяршыла ваенную аперацыю па эвакуацыі з Афганістана, - паведаміла прэс-служба ведамства.

Як адзначылі ў міністэрстве, апошні самалёт бундэсвера пакінуў паветраную прастору Афганістана.

"Ваенная аперацыя па эвакуацыі завершана", - гаворыцца ў паведамленні ў Twitter.

У МА ФРГ адзначылі, што абарона нямецкіх вайскоўцаў - у прыярытэце.

Раней прадстаўнік знешнепалітычнай службы ЕС Петар Стано заявіў пра завяршэнне эвакуацыі персаналу дыпмісіі Еўрасаюза ў Афганістане.

Reuters.

Вершы паэтаў з Ліды гучаць і на нямецкай мове

У горадзе Лідзе Гарадзенскай вобласці жывуць і займаюцца творчай і грамадскай дзейнасцю два паэты. Гэта чальцы адной сям'і - Святлана і Руслан Піваваравы. Іх творчы шлях налічвае не адзін год. А з іх узнагарод за ўдзел у літаратурных конкурсах і мерапрыемствах, а таксама з калектыўных зборнікаў можна зрабіць маленькі музей. Іх літаратурнае супрацоўніцтва выходзіць далёка за межы Беларусі. Творчае сяброўства злучае нашых паэтаў з пісьменнікамі з розных куткоў Зямлі. Гэта і краіны СНД: Расія, Узбекістан, Таджыкістан, Азербайджан, Казахстан, Туркменістан, - і краіны блізкага і далёкага замежжа Сірыя, Непал, Індыя, Сербія, Украіна, Ізраіль і ЗША.

Творы нашых землякоў перакладзены паэтамі і перакладнікамі з розных куткоў Зямлі на дванаццаць моў свету. Іх вершы і проза апублікаваны ў буйных дзяржаўных перыядычных выданнях некалькіх краін.

А нядаўна творчая садружнасць і партнёрства падмацаваліся нямецкай супольнасцю "Фарбы мастацтваў", якую ўзначальвае заслужаны і аўтарытэтны паэт, празаік, драматург, крытык і выдавец Генрых Дзік. Сіламі гэтай супольнасці арганізаваны конкурсы казак, а таксама паэтычныя конкурсы для маладых і спелых пісьменнікаў "Залаты Grand Германіі". Яна супрацоўнічае з шматлікімі многімі, перакладнікамі, мастакамі і выдаўцамі з Беларусі, Расіі, Украіны, Таджыкістана і іншых краін, выдае зборнікі вершаў і прозы, адным з якіх стаў міжнародны літаратурны альманах "Фарбы", у які ўваходзяць творы найболей таленавітых аўтараў, што гучна заявілі пра сябе ў літаратурным свеце і аказаліся годнымі апынуцца на старонках гэтага выдатнага выдання.

І вельмі цешыць тое, што нароўні з выдатнымі пісьменнікамі сучаснасці: Сяргеем Анціпавым і Лідзіяй Цярохінай (Расія), Абдукахорам Касімам і Хасанбоем Гаюбавым (Таджыкістан), Віктарам Гергенрэдарам (Германія), Надзеяй Пастэмскай (Ірландыя), Аленай Дабравольскай (Украіна), Абілем Гасанавым (Азербайджан) і іншымі вялікія падборкі вершаў нашых зямлякоў, паэтаў Лідчыны Святланы і Руслана Піваваравых, былі апублікаваны ў другім нумары міжнароднага літаратурнага альманаха "Фарбы" выдавецтва і супольнасці "Фарбы мастацтваў" (Германія).

Але, як аказалася, на гэтым супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне з нямецкім бокам не скончылася. Кіраўнік і ініцыятар шматлікіх міжнародных праектаў Генрых Дзік прапанаваў перакласці вершы паэтычнай пары Піваваравых на нямецкую мову і выдаць зборнік іх сумесных твораў у Германіі.

Для перакладу вершаў беларускіх паэтаў была запрошана перакладнік-германіст Валянціна Мінгаліева (Германія). Мастаком-ілюстратарам выступіў Анатоль Сініцын (Украіна). І ў выніку выдавецтвам Генрыха Дзіка спачатку на нямецкіх сайтах, а затым і ў папяровым варыянце была выпушчана ў свет кніга вершаў Святланы і Руслана Піваваравых "Die Kreuzung des Schicksals" ("Скрыжаванне лёсу").

Ахвотнікі прачытаць кнігу ў перакладзе могуць знайсці яе на сайце нямецкай кнігарні.

Гонар перапаўняе ўсіх, каму не абыякавы лёс культурнай спадчыны беларускай зямлі. Яшчэ адной прыступкай у пасоўванні Беларусі на міжнароднай літаратурнай ніве становіцца дзейнасць паэтычнай сям'і Піваваравых. І зноў звонка гучыць імя горада Ліды за межамі краіны не толькі як захавальніка, але і як прадаўжальніка творчых традыцый Беларусі.

Святазар Міралюбаў.

Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута*

Зоф'я Кавалеўская

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Магіла Людвіка Нарбута яшчэ доўгі час пасля паўстання пільна назіралася ўладамі, асабліва ў часы кіравання ў Лідскім павеце ваеннага начальніка Алхазава. Не дазвалялася нікому а ні стаць на калена перад ёй, а ні згаварыць пацеры за памерлых і палеглых. Адганяліся нават сяляне, якія напачатку часта прыходзілі на магілу свайго ўлюбёнага камандзіра і яго таварышаў. Немажліва было ані пакланіцца памяці, ані памаліцца за "бунтовщиков".

У 1864 годзе ў гадавіну бітвы пад Дубічамі да магілы прыйшло пэўнае таварыства з пані Геншаль, сястрой былога сябра арганізацыі. Іх адразу ж атачылі жаўнеры і пагналі ў Ліду. Не дапамаглі ніякія просьбы і тлумачэнні.

- Раз моліцеся на магіле Нарбута, то вы такія самыя бунтаўшчыкі, як і ён.

Яўрэі ў Лідзе, якія звычайна выбіраюць бок мацнейшага і ліслівяць уладзе, не пускалі на начлег "палітычных", якія прыбылі пад канвоем, ні ў якую карчму. Усе дзверы перад імі былі зачынены, так бы і стаялі пад дажджом цэлую ноч, калі б жаўнеры не прамоклі таксама, і не адчынілі дзверы карчмы штыкамі.

Ранкам вязняў прывялі да спраўніка Чартова.

- Что это за поляки? - запытаў, а даведаўшыся аб злачынстве, адаслаў да ваеннага начальніка. Алхазаў прыйшоў у гнеў, амаль ашалеў ... тупаў нагамі, біў кулакамі ў стол, лаяўся і крычаў.

Пасля гэтай разыгранай для страшання сцэны, выбег з пакоя, ... арыштанты стаялі доўгія гадзіны, не ведаючы што рабіць, чаго чакаць. Нарэшце зноў з'явіўся Алхазаў і ўжо спакайней сказаў, што калі не заплацяць па 25 рублёў штрафу, то пойдуць у турму.

- Иначе в острог! - дадаў гучней56.

Такіх грошай з сабой ніхто не меў, але паводле беларускай прымаўкі "калі бяда, дык грошы будуць", дасталі неабходную суму і аддалі Алзахаву, тады на сваіх нагах спакойна вярнуліся дамоў.

Падобныя выпадкі паўтараліся шмат разоў. Гэтак маскоўскія клеркі збіралі сабе капітал, але адначасова заціралі сляды паўстання.

Пасля згасання ваяўнічага народнага духу, аглушаны Лідскі павет, знямелы ад болю, глядзеў на сваіх сыноў, якіх гналі ў Сібір альбо на смерць, глядзеў на сваю парваную зямлю, на руіны адвечных гнёздаў, на насаджэнне новых, чужых гаспадароў.

Страх і роспач прыгіналі ўсіх да зямлі. Людзі жылі, як у гарачцы, чакалі найгоршага, бо што раз новыя загады былі больш цяжкімі, а пераслед больш жорсткім. Не здзіўляла ўжо нішто, хіба толькі тое, што яшчэ жывуць на радзіме і над галовамі ёсць дах. Вечарам жагналіся з надзеяй, каб хоць ноч праспаць і ў неспакойным сне з трывогай шапталі пацеры, каб надыходзячы дзень не прынёс новай бяды57.

Маліліся за пакараных, а за тых, якія яшчэ жывуць на свабодзе, проста забыліся. Жалобная цішыня запанавала ў дварах, падворках, загродах58 і засценках. Яны панеслі найбольшыя ахвяры і найцяжэйшыя ўдары прыйшліся таксама па іх. У кожным доме ціха аплаквалі забітых, высланых, або зачыненых у турмах. Доўгая і суровая зіма пакрыла снегам руіны спаленых вёсак і загродаў... зрэдку забягаў на іх які-небудзь гаспадарскі сабака і жаласна выў, а зграі крумкачоў дзяўблі штосьці ў снезе.

Невялікія збройныя аддзелы, разбітыя ворагам, ужо зніклі з лясоў ці былі пералоўлены. Дзе-нідзе туляўся занядбаны падранак, але і ён стараўся схавацца ў бяспечнай хаце, падлячыць раны або падсілкавацца і пайсці, калі будзе шчасце, за мяжу. У маўклівых барах і пушчах насіліся толькі крывавыя прывіды ўспамінаў.

Чужынскія ворагі ўсё болей уплывалі на мясцовы люд, адварочвалі яго ад нас.

Са зменамі эканамічнага жыцця змянілася структура насельніцтва павета. Яўрэйскай сякерай высякаліся лясы і пушчы, якія не раз ратавалі айчынную зямлю - уласнікі былі вымушаны іх прадаваць. У павучыных сетках маскалёў і ёселяў драбнеў стан землеўладальнікаў, а некаторыя з іх знікалі зусім. З'яўлялася напружанасць, павялічылася няволя, змяняліся людзі... Але дух мінулага выжыў, абуджаючы сонных і пранікаючы ў сэрцы маладога пакалення.

У юбілейную гадавіну паўстання, у 1913 годзе, якая святочна адзначалася ва Львове, з'явілася новая карціна Юзафа Беркмана59, якая прадстаўляла смерць Нарбута пад Дубічамі. Як вядома, падобную карціну пакінуў Андрыёлі. Праз паўвеку з'явілася новая карціна на гэтую ж тэму, яна таксама складае даніну памяці лідару паўстання.

На львоўскіх урачыстасцях ушанавалі і сястру героя пані Манчунскую.

У 1863 годзе Шаўры падлягалі канфіскацыі. Два тагачасныя маскоўскія дзеячы Станскі60 і Шпэйер вастрылі зубы на смачны кавалак і канкуравалі паміж сабой. Кожны з іх адцягваў прыняцце апошняга рашэння, пакуль яны не дачакаліся маніфеста, які выбіў з рук драпежнікаў чаканую здабычу. Такім чынам Шаўры ацалелі, і праз многа гадоў пазней, пасля смерці Баляслава Нарбута, удава Баляслава прадала маёнтак на карысць дзяцей.

Праз многія гады пасля смерці кіраўніка Лідскага паўстання Людвіка Нарбута яго постаць бачыцца нам праз імглу мінулага ў прамяністым арэоле, і наша сэрца б'ецца ад гэтага мацней.

Яго дзейнасць у пэўнай ступені перадае характар той эпохі і шмат скажа будучаму гісторыку, які напіша пра падзеі Лідскага паўстання маладому пакаленню, нагадаўшы такім чынам пра ўжо далёкую даўніну.

Народ, які не ведае і не шануе сваёй гісторыі, не можа называцца народам.


* Zofja Kowalewska. Dzieje powstania lidzkiego: wspomnienie o Ludwiku Narbucie. Wilno, 1934. Зоф'я Кавалеўская. Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута. Вільня. 1934 г. Перадрук з "Дзённіка Віленскага". Пераклад і каментары Галіны Лаўрэш. Рэдагаванне і каментары Леаніда Лаўрэша.

56 І насамрэч, Алказаў, які потым стаў генералам, на Лідчыне праславіўся сваім хабарніцтвам. - Л. Л.

57 Гэтая пачуцці цалкам адпавядаюць тым, якія адчувалі мае бацькі ў апошнія гады Сталіна, гэтакія расказы я чуў у дзяцінстве. - Л. Л.

58 Загрода - шляхецкі двор па-за межамі буйнога населенага пункта. Загродкавая - простая, нярэдка зусім бедная шляхта. Вядома прымаўка, якая цвердзіла пра роўнасць беднай шляхты і магнатаў: "Шляхціц на загродзе роўны ваяводзе". - Л. Л.

59 Юзаф Беркман (1838, Валожын - 1919, Варшава) - мастак, публіцыст. Падчас паўстання 1863-64 г.г. ваяваў на Ашмяншчыне і Лідчыне, у тым ліку ў аддзеле Зыгмунта Мінейкі. 12.10.1863 г. у баі каля в. Рудзішкі паранены і трапіў у палон. Асуджаны на 4 гады катаргі, якую адбываў у Нерчынску на сярэбраных капальнях. За спробу ўцячы тэрмін катаргі быў падоўжаны на 4 гады. - Л. Л.

60 Станскі атрымаў маёнтак Геншаляў у Волдацішках. - Л. Л.

ЖЫЦЦЁ, АДДАДЗЕНАЕ НЕБУ

Казахстан, Расія, Беларусь, Польшча і Германія - адразу пяць краін аб'ядноўвае праект, прысвечаны кастанайцу, двойчы Герою Савецкага Саюза Леаніду Бядзе.

Міжнародная эстафета Памяці і Падзякі "Радзіма подзвігу - Радзіме героя" - праект, асноўная місія якога - усталяваць супрацоўніцтва паміж населенымі пунктамі краін СНД і далёкага замежжа, пры вызваленні якіх былі здзейснены подзвігі з прысваеннем звання Героя Савецкага Саюза і ўзнагароджання поўным камплектам ордэнаў Славы і населенымі пунктамі, дзе нарадзіліся і выхоўваліся будучыя Героі Айчыны.

У рамках праекта адбылася міжнародная практычная анлайн-канферэнцыя "Леанід Бяда: жыццё, аддадзенае небу", арганізаваная Кастанайскай абласной універсальнай навуковай бібліятэкай імя Л.Н. Талстога (Казахстан).

У якасці спікера канферэнцыі "Леанід Бяда: жыццё, аддадзенае небу" выступіла Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы, а менавіта галоўны бібліёграф Галіна Курбыка. Яна прадставіла даклад "Ліда - горад ваенных авіятараў", які прысвяціла легендарнай асобе - Леаніду Бядзе, чыё імя залатымі радкамі ўпісана ў гісторыю авіяцыі г. Ліды.

Леанід Ігнатавіч - двойчы Герой Савецкага Саюза, заслужаны ваенны лётчык СССР, генерал-лейтэнант авіяцыі. За час Вялікай Айчыннай вайны здзейсніў больш за 200 баявых вылетаў. Сталінградская бітва, вызваленне Данбаса, Паўднёвай Украіны, Крыма, Беларусі і Літвы, штурм Кёнігсберга. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях, быў узнагароджаны шматлікімі ордэнамі і медалямі.

Цікавыя і эмацыйныя выступы ўдзельнікаў канферэнцыі зрабілі сустрэчу незабыўнай. Вынікам сумеснай працы стала пабратанне Кастаная з горадам Лідай. Канферэнцыя не толькі паклала пачатак дружбе, але і стала працягам навуковай, даследчай працы ў мэтах увекавечвання памяці Героя.

Дар'я Марцінкевіч, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы".

Асаблівасці дзятлаўскай тапанімікі

Тэрыторыя Дзятлаўскага раёна займае паўднёва-заходнія схілы Наваградскага ўзвышша і часткі раўніны ў міжрэччы ракі Нёман і яе буйнейшага левага прытока - ракі Шчары. Тут да сённяшніх дзён застаўся вялікі масіў лясоў, адмысловы кавалак якога з мэтай захавання біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці ў 2002 годзе ператварыўся ў Рэспубліканскі заказнік Ліпічанская пушча.

Са старажытных часоў пушчанскія рэкі і іх прытокі выкарыстоўваліся першажыхарамі не толькі для лоўлі рыбы, але і як транспартныя артэрыі, па якіх было зручна дабірацца ў самыя аддаленыя і глухія куткі дрымучых лясоў, дзе найлепш займацца паляваннем, бортніцтвам, зборам грыбоў, ягад, арэхаў і іншых дзікаросаў. З драўніны будавалася жытло і гаспадарчыя пабудовы вакол яго. Са ствалоў векавых дрэў майстраваліся чоўны, драўнінай абпальвалі ганчарныя вырабы, на ёй гатавалі ежу, ацяплялі памяшканне ці проста грэліся каля вогнішча. На ўзгорках сярод дрыгваністых балот абсталёўваліся запасныя хованкі ад ворагаў, а рэдкалессе распрацоўвалася пад палеткі.

Не дзіўна, што гэтыя землі вабілі да сябе старажытных людзей шматлікіх этнічных груповак. У далёкім мінулым тут знаходзілі прытулак для жыхарства плямёны угра-фінаў, балтаў, славян. Гістарычныя крыніцы сведчаць, што калісьці на землі сучаснага Дзятлаўскага раёна па рацэ Шчара з Палесся прыйшлі дрыгавічы, з берагоў Балтыйскага мора сюды перасяліліся прусы, барты (борці), яцвягі. Паступова праходзіла асіміляцыя мясцовых угра-фінаў і балтаў. Тэрыторыя некранутых лясоў скарачалася, ператваралася ў палі і пашы.

Дакументальна пацверджана, што ў 13 стагоддзі вялікі літоўскі князь Трайдзень (1270-82 гг.) даў прытулак плямёнам прусаў і бартаў з цэнтральнай часткі Прусіі, якіх бязбожна рабавалі і каланізавалі крыжакі. Некалькі тысяч прадстаўнікоў гэтых народаў перасяліліся ў лясы каля сучаснага горада Гародні і ў міжрэчча рэк Нёман і Моўчадзь, менавіта на тэрыторыю, якую сёння займае наш раён. З перасяленцаў утварылася некалькі вёсак, найбольш значныя з іх Погіры, Норцавічы, Краглі, Страла, Засецце. На працягу многіх стагоддзяў прыбалты захоўвалі сваю культуру і мову, нярэдка насуперак дзейным уладам. Так, да 1885 года ў Дзятлаўскай валасной управе вісела абвестка пра забарону размаўляць па-літоўску (говар жыхароў вышэйузгаданых вёсак утварыўся ў выніку зліцця дыялектаў яцвягаў, прусаў і літоўцаў - носьбітаў дзукскага дыялекту).

Пазней, у сярэднявеччы, вялікія літоўскія князі і мясцовыя магнаты наймалі на вайсковую службу здольных ваяроў з ліку крымскіх татар, надзяляючы іх землямі для пабудовы жылля і вядзення ўласнай гаспадаркі.

Невялікія кавалкі зямлі атрымлівалі і ўзятыя ў палон ворагі, найчасцей у 16-18 стагоддзі гэта былі ваяры Маскоўскай дзяржавы.

З тых часоў кожнае племя, кожная этнічная група пакінулі пра сябе памяць - след на Дзятлаўшчыне. Гэта селішчы, гарадзішчы, курганы, могільнікі, культавыя пабудовы, але найперш пра тыя далёкія часы, пра той ці іншы народ сёння сведчаць геаграфічныя назвы, іх форма, сэнсавае значэнне і графічнае афармленне, што называецца грэцкім словам "тапаніміка". У аснове яго ляжыць "топас" - месца і "анома" - імя.

Сёння немагчыма ўявіць сучаснае грамадства без геаграфічных назваў. Яны паўсюдна і заўсёды суправаджаюць нашы думкі. Без іх цяжка ўявіць цывілізацыю, узаемадзеянні паміж народамі і краінамі, бо ўсё на зямлі мае свой адрас. Спрадвеку чалавек цікавіўся геаграфічнымі назвамі. Ужо ў працах старажытных грэцкіх і рымскіх гісторыкаў і географаў можна знайсці спробы тлумачэння некаторых геаграфічных імён. З цягам часу цікавасць да гэтай тэмы расла і расла. Найбольш значны ўклад у развіццё тапанімікі ў нашай краіне ў 20 стагоддзі зрабілі Н.В. Бірыла, В.П. Лемцюгова, І.Я. Яшкін, В.А. Жучкевіч і іншыя навукоўцы.

Праўда, сёння ў многіх паўстае пытанне: навошта трэба вывучаць і ў глыбіні вякоў шукаць вытокі той ці іншай геаграфічнай назвы? Ці мае значэнне, як і калі яна ўзнікла? Трэба, бо праз тапаніміку можна даведацца пра некаторыя фізіка-геаграфічныя асаблівасці тэрыторыі, міграцыю і характар рассялення жыхароў, спецыфіку фарміравання населеных пунктаў, што ў рэшце рэшт спрыяе абагачэнню гісторыі, геаграфіі, мовазнаўства і ў пераважнай большасці выпадкаў дапамагае правільна асэнсаваць геаграфічныя ўяўленні, дакладна лакалізаваць іх. У 1974 годзе ў выдавецтве БДУ імя У.І. Леніна В.А. Жучкевіч выдаў "Краткий тапонимический словарь Беларуси", у якім зрабіў спробу сістэматызаваць багаты тапанімічны матэрыял нашай краіны. Але слоўнік не можа быць вечным, таму што з цягам часу змяняецца тапаніміка, знікаюць старыя назвы пры перайменаванні і пры ліквідацыі дробных паселішчаў. З'яўляюцца новыя. Так, напрыклад, згодна з вышэйузгаданым слоўнікам, у 1960 годзе ў Беларусі было 25 тысяч населеных пунктаў, а ў 1972 годзе - каля 16 тысяч. Сёння іх значна менш, а ў многіх жыве ўсяго па некалькі чалавек пенсіўнага ўзросту, што дае падставу думаць пра хуткі іх адыход у вечнасць.

Урбанізацыя бязбожна знішчае вёскі, а з імі праз некаторы час такі лёс чакае і ўсю акольную тапаніміку. У першую чаргу забудуцца назвы дробных аб'ектаў, мікратапонімы, якімі карысталіся жыхары аднаго ці некалькіх бліжэйшых пасяленняў, дзясяткі мікратапонімаў "знішчылі" меліяратары, асушаючы балоты, выпрамляючы руслы рэк і рачулак. У памяці народа паступова прападаюць "чортавы вокны", "чортавы багны", "ліхамоччы" і іншыя падобныя назвы. Таму вельмі важна краязнаўцам, зацікаўленым вучням школ, настаўнікам-географам больш пільна заняцца вывучэннем мясцовай тапанімікі, каб захаваць і паглыбіць веды пра родны край, пра любімую радзіму.

Сёння на карце Дзятлаўскага раёна абазначана звыш 230 населеных пунктаў, каля паўсотні рэк і рачулак, а побач - мноства завадзяў і старых рэчышчаў, з дзясятак невялікіх азёраў і столькі ж значных штучных вадасховішчаў, сотні ўрочышчаў, лугоў, дастаткова прыкметных камянёў-валуноў, старажытных гарадзішчаў і курганоў, узвышшаў і нагоркаў, лясных участкаў, якія выдзяляюцца на ландшафце, а ў Ліпічанскай пушчы - невялікіх дзюнаў. Усе гэтыя геаграфічныя аб'екты маюць імя "тапонім". У дзятлаўскай тапаніміцы побач са славянскай шмат балтыйскіх, фінскіх і цюркскіх элементаў.

Найбольшая колькасць назваў вёсак Дзятлаўшчыны патранамічныя - утвораныя ад асабістых імёнаў і прозвішчаў, якія абазначалі нашчадкаў па родзе. Пры гэтым пераважаюць тапонімы на аснове беларускай мовы: Аляксандравічы, Алёхнавічы, Данілавічы, Дзям'янаўцы, Дзянісава, Касцюкі, Кузьмічы, Лявонавічы, Маркавічы, Міклашы, Петрашы, Петрукі, Пецюкі, Раманавічы, Савічы, Сямёнавічы, Серафіны, Трахімавічы, Хамічы, Хрольчыцы.

Праўда, значная частка назваў спаланізавана: Апаліна-Басіна, Жукоўшчына, Рандзілаўшчына, Самойлаўшчына, Сіратаўшчына, Сцяткоўшчына, Яхноўшчына, Беркатаўшчына, Скрундзевічы, Харабровічы, Юзэфіны, Казлоўшчына.

У назвах вёсак Гезгалы, Гернікі, Нарбутавічы, Буцвілавічы, Даўялавічы, Дукрава, Жыбарты, Жадзейкі, Малдуці праглядваюцца прыкметы балцкага паходжання, хаця ў іх сёння і няма літоўскага насельніцтва, а вось у Погірах, Норцавічах, Вялікіх і Малых Краглях, Страле, Засецці прыгадваюцца не толькі яцвяжска-прускія карані паходжання назваў, але жывуць і сёння продкі тых перасяленцаў з Прусіі. Пра гэта яскрава сведчаць іх прозвішчы: Свіб, Шышня, Герус, Дайліда, Герва, Кібілда, Ванакель, Вірбіл, Візгір, Лайло, Лянко, Лях, Гідвіла, Нарэйка, Нарэйчык, Рымша, Сташайціс. Адпаведна каля гэтых вёсак дастаткова захавалася характэрных мікратапонімаў - урочышчаў, лугоў, выганаў, лясоў, вадатокаў. Прыкладам, каля Засецця рачулка называецца Патыльты, а невялікі лес паміж гэтай вёскай і Дзятлавам - Відугіры. Шмат у ваколіцах раённага цэнтра і навакольных вёсак тапонімаў на - ішкі: Падаўкуцішкі (вёска Нарбутавічы), Цецялішкі (Хадзяўляны), Войдзішкі (Краглі), Вайнуцішкі (Малдуці).

Дарэчы, вельмі грунтоўна моцныя асаблівасці тапанімікі, абрады, уклад жыцця насельнікаў вышэйадзначаных вёсак у пачатку 20 стагоддзя вывучалі Э.А. Вольтар, А. Валайціс, А. Відугірыс, К.К. Буг. У 1911 годзе Э.А. Вольтар вынікі сваіх даследаванняў выклаў у кнізе "Следы древних прусов и их языка в Гродненской губернии".

На Дзятлаўшчыне ёсць і невялікая вёсачка Бакшты. Назва балтыйскага паходжання і даволі часта сустракаецца ў гістарычных дакументах 15-16 стагоддзяў. Мае значэнне "высокая пабудова", "вежа". Хутчэй за ўсё першапачаткова паміж Дварцом і Раготнам у лесе выдзелілі пляц для лесніка ці егера, збудавалі жытло і вежу (бакшту) для назірання за абшарамі на выпадак пажару ці прыбліжэння нязваных гасцей. З цягам часу побач з бацькам пабудаваліся дзеці і ўнукі. Так утварыўся фальварак, а пазней і вёска.

Значная частка пасяленняў Дзятлаўшчыны атрымала назвы ад асноўнага роду заняткаў яго першажыхароў. Пра гэта яскрава сведчаць Бандары, Ганчары, Саннікі, Кажухоўцы, Муляры, Брычыцы, Смаляная Печ, Гута, Руда Яварская. У той час, калі зараджаліся гэтыя вёскі, ці мог хто сумнявацца, што ў Бандарах не купіш бочку ці кубелец, у Ганчарах - збанок ці гаршчок, а ў Санніках не замовіш выраб саняў, гэтак жа як у Кажухоўцах - кажух.

Дастаткова на землях раёна вёсак, у форме назвы якіх адлюстроўваецца знешняя прыродная прыкмета, асаблівасці геаграфічнага атачэння, наяўнасць паблізу якога-небудзь незвычайнага аб'екта. Як і паўсюдна ў Беларусі, у нас ёсць Бярозаўка і Белалозы, Боркі і Баравікі, Дубароўшчына і Вязавец (пазней перайменаваны ў Вензавец), Явар, Івязь і Івязянка, Еленка, Стараельня і Наваельня, Парэчча і Вусце, Нагорнікі і Глушыца, Каменка і Горка, Лудзічы (назва ўворана ад асновы "луд-", "луда-" - слізкая зямля) і Колкі (назва ўтворана ад тэрміна "колкі" - бярозавае рэдкалессе), Раготна (ад назвы арыенціра: пасяленне ад рогу лесу, вядомае з 15 стагоддзя), Раклевічы, калісьці русла ракі Моўчадзь праходзіла непадалёку ад вёскі і ў гэтым месцы ў яе ўпадала некалькі невялікіх рачулак з чыстай крынічнай вадой, з камяністым дном і густымі зараслямі алешніку на берагах, выдатнейшым асяродкам для жыцця ракаў, якіх сотнямі вылоўлівалі мясцовыя жыхары як для сваёй спажывы, так і для панскага стала.

Цікавыя гісторыі аб узнікненні назваў вёсак Рэпішча і Лядзіны. У першым выпадку так называлі новае поле, якое ўзнікала пасля раскарчоўкі лесу, на якім некалькі гадоў сеялі рэпу. Той жа сэнс і ў старажытнага тэрміна "ляда" - пляц з-пад распрацаванага лесу, ператвораны пад поле ці луг. Адсюль і Лядзіны.

Назвы некалькіх вёсак на Дзятлаўшчыне ўтвораны ад нацыянальнай прыналежнасці першых жыхароў. Як згадвалася вышэй, палоненых у бітвах заваёўнікаў сялілі вельмі шчыльна. У 16-18 стагоддзях ВКЛ найчасцей ваявала з маскоўскай дзяржавай, імкліва пашыралася тэрыторыя. Так у нас з'явіліся пасяленні з характэрнымі назвамі - Маскалі, Маскалёўцы, Русакі. Па той жа прычыне з'явілася вёска Палонка, але без абазначэння нацыянальнай прыналежнасці. Назву вёскі Уланаўшчына Жучкевіч трактуе як вытворную ад прозвішча Уланаў. На маю думку, некалі ў палон трапіў невялікі атрад уланаў - адсюль і назва. На левым высокім беразе Нёмана побач са старажытным гарадзішчам на Дзятлаўшчыне дажывае свой век вёска Латышы. Калі і па якой прычыне прадстаўнікі гэтай нацыянальнасці трапілі сюды? Невядома. Той жа Жучкевіч у сваім слоўніку даводзіць, што гэта назва - этнонім. Але гэта і так відавочна.

У Заходняй Беларусі, у міжрэччы Нёмана і Наравы, каля дзесяці пасяленняў маюць назву Яцвязь, што сведчыць пра тое, што ў 10-15 стагоддзях тут жыло старажытнае балцкае племя яцвягаў. Вёска з такой назвай ёсць і ў ваколіцах Дзятлава.

Калісьці магнаты прайгравалі ў карты свае землі, сваіх сялян ці, выдаючы дочак замуж, давалі ў пасаг вёскі. Бывала, што і па іншай прычыне будаваліся новыя вёскі з адпаведнымі характэрнымі назвамі: Навасады, Навікі, Наваельня, Навасёлкі. А апошніх у нас аж чатыры.

Вельмі цікавыя назвы вёсак у Ліпічанскай пушчы. Усе яны, за выключэннем некалькіх, раскінуліся па берагах рэк, што і заканамерна, бо рака і поіць, і корміць, і дае працу і дарогу да роднага парога. Большасць назваў гэтых пасяленняў паходзіць ад прозвішчаў іх заснавальнікаў. Гэта Капці, Гарадкі, Скрундзі, Трахімавічы, Шаршні, Гузні, Дзям'янаўцы. Прозвішчы, сугучныя назвам вёсак, сёння шырока распаўсюджаны па ўсім раёне. Навукоўцы сцвярджаюць, што вёскі, назвы якіх утвораны ад прозвішчаў, даволі маладыя, бо і прозвішчы з'явіліся адносна нядаўна.

Самая старажытная на берагах Шчары вёска - Чарлёнка. Дарэчы, тут іх дзве. Праўда, адна ў межах Мастоўскага раёна. У стражытнабеларускай мове слова "чарлёны" мела значэнне "чырвоны", "прыгожы", аднак няварта выключаць, што гэта звязана з колерам вады ў Шчары ці гліністай глебы, якая выступала ў размытых абрывістых берагах ракі. Паміх дзвюма Чарлёнкамі па берагах гэтай воднай артэрыі знайшлося месца і тром вёскам з назвай Воля - Малая Воля, Вялікая Воля і Воля Крупіца. У 1557 годзе ў ВКЛ быў прыняты заканадаўчы акт пад назвай "Устава на валокі", на аснове якога была праведзена зямельная рэформа. Згодна з ёй і з мэтай забеспячэння зямлёй насельніцтва, колькасць якога пастаянна расла, у дзяржаве ў абшарах пушчы пачалі выдзяляць кавалкі лесу (валокі) з мэтай раскарчоўкі іх і ператварэння ў палеткі і лугі. За гэта распрацоўшчыкаў вызвалялі ад уплаты падаткаў і іншых павіннасцей. На больш урадлівых і рэдкалесных плошчах давалі палёгку на 3-4 гады ці на 5-6, што адпаведна называлася "воляй-крупіцай" ці "малой воляй". На пясчаных валоках з густым лесастоем "воля" была да 10 гадоў, адпаведна і называлася "вялікай воляй". Лясное бездарожжа часта не дазваляла трапляць у гэтыя вёскі дзяржаўным чыноўнікам, што давала жыхарам дадатковую вольнасць.

На Шчары ёсць і вёска са зняважлівай па сэнсу назвай Пархуты. В.А. Жучкевіч мяркуе, што такое імя паселішча атрымала за бруд і нечыстоты як у людзей, так і ў іх гаспадарках.

У пачатку 18 стагоддзя ў сувязі з пачаткам зараджэння капіталістычных адносін павялічыўся попыт на жалеза, якое было вельмі дорага завозіць з-за мяжы, таму магнаты Радзівілы, якія валодалі маёнткам Явар і значным кавалкам Ліпічанскай пушчы, вырашылі наладзіць выплаўку жалеза з балотнай руды, якой было дастаткова на берагах лясных рэк Пад'яварка і Чарняўка. З гэтай мэтай яны перасялілі сялян са свайго маёнтка ў пушчу на берагі Пад'яваркі, пабудавалі прымітыўныя плавільныя печы, нанялі за мяжой майстроў і наладзілі выплаўку жалеза. Пасёлак назвалі Рудой Яварскай. Слова "яварская" падкрэслівала прыналежнасць да маёнтка.

Неўзабаве за некалькі вёрст на поўнач ад жалезаплавільных печаў Радзівілы пабудавалі і печ для выплаўкі шкла. Вакол разраслася вёска пад назвай Гута. Даўным-даўно зніклі гэтыя прадпрыемствы, а назвы жывуць. Невядома, праўда, як доўга, бо ў сучаснай Гуце засталося каля 10 жыхароў. Хутчэй за ўсё, яе чакае лёс Смаляной печы, жыхары якой займаліся здабычай смалы і дзёгцю з хваёвых пнёў і карчоў. Амаль 20 гадоў таму назад вёска абязлюдзела.

На Дзятлаўшчыне ёсць некалькі вёсак, назвы якіх, па маім меркаванні, утвораны за рысы характару ці звычкі жыхароў. Гэта Жадзейкі, Бубны, Круцілавічы, Доўбневічы і тыя ж згаданыя раней Пархуты.

След пра сваё жыццё пакінулі і татары ў назве былой вёскі Шайбакова (пазней Шабакова), а сёння так называецца толькі аўтобусны прыпынак на шашы з Наваельні ў Наваградак. Каля вёскі Савічы, за два кіламетры на поўдзень ад раённага цэнтра, ёсць два ўрочышчы - поле і рэдкалессе з хмызняком, імя якім адпаведна характэрнае "Татаршчына" і "Татарскі лес".

Таманімія савецкага перыяду адлюстравалася ў нас у назве вёсак Чырвоны Бор і Яблынька, у якія падчас калектывізацыі перасялялі жыхароў пушчанскіх хутароў і фальваркаў. Назвы былых фальваркаў сёння помняць толькі старажылы. Мяркуючы па назвах, Юзінполь, Тэафілін, Жазэфава, Янава, яны належалі польскім шляхціцам і былі ім узнагародай ад магнатаў за добрыя стравы.

У пушчы цікавая тапаніміка лясных урочышчаў. Тут і Воўчы лес, і Воўчыя ямы, Сакаліная гара, Казібор і Язвіна. Калісьці так называлі нару барсука. А сам барсук быў "язвец".

У лясах каля вёскі Накрышкі ёсць два ўрочышчы, якія сваімі назвамі паказваюць, каму яны належалі - Папова даліна і Папоў груд. Паблізу толькі Накрышская царква.

На прасторах Ліпічанскай пушчы дзясяткі балот, большасць з іх у наш час асушана. Але назвы пакуль жывуць. Каля Дзям'янаўцаў ёсць Глінішча, дзе яшчэ гадоў 30-40 таму гнездаваліся жураўлі. Паступова адыходзяць у нябыт урочышчы Апарына, Купіста, Галая даліна, Грэбля, Масцішча, Пасохлішча. Калісьці ў назву найбольшага пушчанскага балота Ліхамочча людзі ўклалі сэнс "ліхой моцы" - злой сілы. Сёння на вялікай прасторы ў сотні гектараў цяжка і ўявіць, што не больш за паўстагоддзя таму назад тут былі непралазныя дрыгвяністыя балоты, якія праглынулі не адну жывёліну, не адну чалавечую душу.

Гідратапаніміка раёна менш разнастайная. Галоўныя рэкі Нёман, Шчара і Моўчадзь атрымалі такія назвы ад балтаў, якія з берагоў Варажскага мора падымаліся па іх шукаць больш спакойных і спрыяльных умоў для жыцця. Нёман ад жмудскага "naminis" - хатні, Шчара - "saras" - вузкі, найхутчэй у параўнанні з Нёманам. Моўчадзь таксама многія лічаць па паходжанні балтыйскім тапонімам, але не даюць дакладнага тлумачэння.

Усе астатнія рэкі-прытокі першага і другога парадку вышэйузгаданых асноўных атрымалі свае назвы значна пазней ад славянскіх плямён. Напрыклад, Ятранка, правы прыток Моўчадзі. У аснове мае славянскае "ятроўка" (жонка швагра). Многі рэчкі носяць імя адпаведна з колерам вады - Мутніца, Чарняўка, Глінянка, Рудня, Хлеўная (з хлявоў у яе воды траплялі розныя нечыстоты), Дымарка (колер вады беламутны, падобны на дым). Шматлікія пушчанскія рачулкі ды і некаторыя ў іншых месцах атрымалі назвы ад прыбярэжнай расліннасці - Вязаўка, Трасцянка, Есянец, Івязянка, Осаўка, Еленка, Лапушанка, Караўка.

А вось рэчкі Пад'яварка, Карытніца, Разважанка, Лядзінка, Ахонаўка, Клішаўка ўзялі сваё імя ад населеных пунктаў, праз якія яны працякаюць. Праўда, звычайна бывае наадварот, бо назвы рэк лічацца больш старжытнымі.

Даволі простыя, якія не патрабуюць тлумачэння, назвы рачулак Пераходка, Плёхаўка, Азяранка, Прудзішча, Паніква, Заводная (упадае ў завадзь).

А вось адкуль узяліся назвы Сіпа, Скупа, Трыцаўка, Жадунька, Стэффень, Скарбяціна, Промша? Разгадка назвы - шырокае поле дзейнасці для краязнаўцаў.

Натуральных азёр на тэрыторыі раёна зусім мала (у лік не ідуць старыя рэчышчы і завадзі), ды і тыя невялікія. Непадалёку ад балота Ліхамочча два возеры - Вялікае і Малое Цехава. Побач з Краглямі - возера Дзікае, дзе сёння санаторый "Радон" здабывае сапрапелевыя гразі.

У лесе побач з Калпінскімі - возера Глухое, у якім па аповедах мясцовых старажылаў у 1812 годзе французы, які адступалі пад напорам рускай арміі, утапілі частку нарабаванага дабра. У полі каля вёскі Пецюкі - невялікае азярцо з назвай Юрышкі, а ў Азяранах возера так і называецца - Азяранскае. Таму вёска Азяраны і атрымала сваю назву.

У гэтым артыкуле я паспрабаваў толькі абагуліць вядомыя факты пра такі цікавы раздзел краязнаўства, як тапаніміка, якая стала для мяне адметнай асаблівасцю Дзятлаўшчыны. За сваё жыццё мне давялося пабываць у розных кліматычных зонах былога СССР: на поўначы і на поўдні, на Далёкім Усходзе, у тайзе і пустынях, у Карэліі і Карпатах, на Алтаі і Каўказе, на Саянах і на Паміры, пакаштаваць вады з Байкала, палюбавацца Ціхім акіянам, але, вяртаючыся ў Дзятлава, прыходзіў да высновы, што больш няма нідзе такога куточка, дзе б так хораша свяціла сонца, па-асобаму спявалі птушкі, што ў нашых лясах такое гаючае паветра, а воды крыніц здольныя наталіць любую смагу. Рэкі Моўчадзь і Шчара не толькі ратуюць у летнюю спёку, але і зачароўваюць сваёй прыгажосцю у любую пару года.

Шаноўныя краязнаўцы! Каб малая радзіма станавілася яшчэ больш любай і дарагой, паглыбляйце веды па гісторыі роднага краю. Колькі яшчэ не расшыфраваных тапонімаў, тым больш што цывілізацыя здольная сцерці многія з іх. Мы і так ўжо многае згубілі, давайце ж агульнымі намаганнямі зберажом для нашчадкаў тое, што сёння яшчэ можна.

З задавальненнем прыму ўсе заўвагі і папраўкі ад дасведчаных людзей. Бо не памыляецца той, хто нічога не робіць.

Валерый Петрыкевіч, краязнавец, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ.

Выйшлі з друку "Выбраныя творы" Пятра Васючэнкі

У знакамітай серыі "Беларускі кнігазбор" у Менску свет пабачылі "Выбраныя творы" таленавітага беларускага літаратуразнаўца, крытыка, празаіка, драматурга, эсэіста, казачніка, педагога, кандыдата філалагічных навук Пятра Васючэнкі (1959-2019). Вялікі том Пятра Васючэнкі склалі раздзелы "Проза", "Драматургія", "Літаратуразнаўства" і "Дадатак" (Успаміны). У раздзеле прозы і драматургіі чытачы з цікавасцю прачытаюць апавяданні Пятра Васючэнкі, казачную аповесць "Прыгоды паноў Кубліцкага ды Заблоцкага", раман-бурлеск "Дванаццаць подзвігаў Геракла", п'есы "Прысуд адкладваецца" і "Паэт і дзяўчынка". Літаратуразнаўчыя артыкулы Пятра Васючэнкі, якія ўвайшлі ў кнігу, прысвечаныя "Тарасу на Парнасе" Канстанціна Вераніцына, мастацкім таяніцам Якуба Коласа, сімвалізму Максіма Багдановіча, мастацкім адкрыццям Вацлава Ластоўскага, трагікамедыі "Тутэйшыя" і камедыі "Паўлінка" Янкі Купалы, містычнаму падарожжу Мацея Бурачка (Францішка Багушэвіча), а таксама даследаванні пра Яна Баршчэўскага, Уладзіміра Караткевіча, Алеся Гаруна і г.д. У кнізе надрукаваныя светлыя ўспаміны пра Пятра Васючэнку Лявона Баршчэўскага і Ніны Здановіч. Дарэчы, Ніна Здановіч з'яўляецца таксама ўкладальніцай "Выбраных твораў" разам з Кастусём Дуброўскім. Яна зрабіла і каментар да твораў. А прадмову да аднатомніка напісала Ірына Бурдзялёва. Нагадаем, што Пятро Васючэнка быў родам з Полацка. Яго раптоўна не стала ў жніўні 2019 года на 61 годзе жыцця.

Сяргей Чыгрын.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX