Папярэдняя старонка: 2021

№ 36 (1551) 


Дадана: 08-09-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 36 (1551), 9 верасня 2021 г.

Капыльская зямля паклікала да жыцця шматлікія літаратурныя таленты

5 верасня ў Капылі ў 28 раз адбылося адбылося свята беларускага пісьменства і друку. Сюды прыехала шмат гасцей і наведвальнікаў. Сёлета Капыль адзначыў свае 1015-я ўгодкі (упершыню згадваецца ў грамаце Кіеўскага мітрапаліта пад 1006 годам).

Горад пры падрыхтоўцы да свята быў значна ўпрыгожаны, на сценах пошты і іншых будынкаў з'явіліся 3-D муралы з выявамі вядомых ураджэнцаў Капыльшчыны.

Аздоблена тэрыторыя вакол Капыльскага музея, і перад музеем ужо на самым пачатку свята адкрылі помнік капыльскаму рамесніку са славутым капылом у руках. Як сказалі на імпрэзе адкрыцця, правобразам рамесніка стаў Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны), які працаваў у маладосці ў быдынку, дзе зараз і месціцца музей.

На пастаменце радкі Цішкі Гартнага:

Я рабочы-гарбар,

Рыцар працы цяжкой,

Я з жалезнай душой,

З сэрцам палкім, як жар...

... Не хачу, не прывык,

Склаўшы рукі хадзіць:

Я гарбар - працаўнік,

Я жыву - каб рабіць!

Былі добраўпарадкаваны месцы, дзе ўсталяваны інтэрактыўныя лаўкі, пазначаныя літарамі ў адпаведнасці з імёнамі пісьменнікаў: А - Алесь Адамовіч і гэтак далей, усяго 53 прозвішчы. На ўсе літары нанесены QR-коды, і з дапамогай мабільнага тэлефона можна будзе даведацца, якому пісьменніку прысвечана лаўка, і якія літаратурныя творы ён напісаў. Каля адной з такіх лавак мы сустрэліся з дачкой Яна Скрыгана Галінай Іванаўнай.

Каля іншай чытачоў сустракала супрацоўніца Цімкавіцкай раённай бібліятэкі Вольга Уладзіміраўна Радкевіч і вучань гімназіі №1 Раман Марукін, які марыць стаць журналістам.

Падчас урачыстага адкрыцця Дня беларускага пісьменства, была ўручана Нацыянальная літаратурная прэмія. Яна ўручалася ў шасці намінацыях: «лепшы зборнік паэзіі», «лепшы твор прозы», «лепшы твор публіцыстыкі», «лепшы твор для дзяцей і юнацтва», «лепшы твор літаратурнай крытыкі» і «дэбют». На прэмію прэтэндавалі 59 пісьменнікаў.

Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў павіншаваў пераможцаў конкурсу, сярод якіх былі Віктар Шніп, Алесь Карлюкевіч, Віктар Праўдзін, Валянціна Паліканіна і іншыя аўтары.

Між іншым, на свяце з прыемнасцю даведалася, што ў капыльскай раённай газеце "Слава працы" надрукаваў свой першы верш Станіслаў Суднік.

Свае разнастайныя зборы, краязнаўчыя выданні і альбомы, кнігі па мастацтве дэманстравалі на свяце раённыя бібліятэкі Барысава, Нясвіжа, Слуцка, Капыля і іншых гарадоў.

Выдавецтва "Беларусь" прадставіла новае выданне, прысвечанае Капыльшчыне, яе гісторыі, асобам, працоўным і культурным дасягненням. Над зборам матэрыялу некалькі гадоў рупіліся прадстаўнікі мясцовай рэдакцыіі "Слава працы".

Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавала электронную прэзентацыю выданняўі выставу кніг, прысвечаную пісьменнікам з Капыльшчыны. Іх дэманстравалі Таццяна Анатольеўна Лаўрык і Таццяна Лагаш.

"Электронны рэсурс Нацыянальнай бібліятэкі "Беларусь у асобах і падзеях" утрымлівае каля 30 тысяч адзінак інфармацыі пра асобаў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё культуры, навукі, грамадска-палітычнае жыццё, спрыялі развіццю адукацыі, спорту, эканоміцы розных рэгіёнаў. А таксама ў энцыклапедыі ўтрымліваюццца звесткі пра арганізацыі, установы і прадпрыемствы, помнікі прыроды.

- Да Дня беларускага пісьменства мы падрыхтавалі прэзентацыю, у якой бачна, колькі знакамітых асобаў нарадзіліся на Капыльшчыне, - распавяла Таццяна Лагаш. - Капыльшчына з'яўляецца радзімай мастакоў Генадзя Галубовіча, Івана Пешкура, Пятра Родзіна.

- Капыльшчына дала Беларусі вялікую колькасць выдатных літаратараў. У нас ёсць інфармацыя пра Алеся Адамовіча, Цішку Гартнага, Кузьму Чорнага, Яна Скрыгана, Міколу Хведаровіча і іншых.

Супрацоўніца Цімкавіцкай раённай бібліятэкі Ірына Яўгенаўна Шкуцько была ўдзельніцай стварэння даследавання, прысвечанага фундатару Чырвонага касцёла Эдварду Вайніловічу, маёнткі якога знаходзіліся непадалёку ад Капыля. Пра яго памятаюць тут з удзячнасцю, бо ён адкрываў прыходскія школы, выдаткоўваў сродкі таленавітым вучням на далейшае навучанне, адорваў сялянаў у дні вяселляў. Такая памяць захавалася ў сям'і бібліятэкара Вольгі Радкевіч.

На свяце можна таксама было пазнаёміцца з цудоўнымі мастацкімі творамі навучэнцаў школы мастацтва г. Капыля. Майстры з Нясвіжскага, Барысаўскага, Менскага і іншых раёнаў дэманстравалі свае дэкаратыўныя вырабы, вышыўку, плеценыя паясы, мяккія цацкі, шматлікія сувеніры.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

Да Дня беларускага пісьменства

3-га верасня ў рамках Свята беларускага пісьменства ў Капыльскай раённай бібліятэцы імя Анатоля Астрэйкі прайшла прэзентацыя 1-га нумара літаратурны альманах "Родныя пагоркі", які выдала тутэйшае літаб'яднанне "Вясёлка" пры падтрымцы газеты "Наша слова". Укладальнік і аўтар прадмовы - Ірына Пятровіч, рэдактар - Станіслаў Суднік.

Прэзентацыя праходзіла ў цёплай хатняй атмасферы за святочным сталом пад кіраўніцтвам мілых вядоўцаў Людмілы Насевіч і Ірыны Пятровіч. На імпрэзу сабраліся аўтары альманаха, з Ліды прыехаў рэдактар Станіслаў Суднік, а з Нясвіжа - старшыня Нясвіжскай раённай арганізацыі ТБМ, краязнаўца Наталля Плакса, якая дапоўніла асноўную дзею прэзентацыяй мастацкага календара "Маляванкі-суседкі (Капыльшчына, Нясвіжчына, Клеччына)". Былі выстаўлены тры "жывыя" маляванкі з квалекцыі спадарыні Наталлі. Адна з іх пэндзля Юзафа Мысліцкага, намаляваная ў в. Сейлавічы Нясвіжскага раёна, а сам Юзаф Мысліцкі паходзіў з вёскі Чарнагубава Капыльскага раёна.

Прэзентацыю ж альманаха распачала ўкладальніца Ірына Пятровіч і распачала з верша С. Судніка, змешчанага на вокладцы:

Між Слуцкаю раўнінай

І Нёманскай далінай,

Пад радаснаю зоркай

Калісьці Бог раскінуў,

Калісьці Бог раскінуў

Капыльскія пагоркі...

А далей чыталіся вершы, змешчаныя ў зборніку, і выступалі аўтары з радкамі любові да сваёй радзімы, а радкоў тых дастаткова:

Куток дзівосны

гнёздаў салаўіных -

Капыльская радзімая зямля.

Нідзе няма

другой такой мясціны,

Дзе б адпачыў душой і сэрцам я.

(Мікалай Майсюк.)

Я родны свой Капыль не кіну,

Не з'еду ў лепшыя краі.

Тут, на пагорках я загіну

Ў апошнім для мяне баі...

(Аляксей Траццяк.)

Цімкаўская родная зямля!

Край наш непаўторны і любімы!

Гімн табе пяю сягоння я,

Для мяне на свеце ты адзіны!

(Алена Острыкава.)

Мелі слова Ядвіга Малевіч, Наталля Раеўская і ўсе, хто хацеў. Гучалі песні на словы Мікалая Майсюка ў выкананні аўтара і Яўгеніі Леўс.

Па ходзе прэзентацыі журналіст газеты "Слава працы" распавёў, як у 60-я гады пры газеце ўзнікла літаб'яднанне "Вясёлка", як праз пэўны час падзаняпала і як было адноўлена пры Капыльскай раённай бібліятэцы імя Анатоля Астрэйкі.

Трэба адзначыць і такі момант: адна з аўтарак падзякавала рэдактару за ўнесеныя праўкі, што бывае надзвычай рэдка. Намнога часцей аўтары маюць прэтэнзіі да рэдакцыі, гатовыя змагацца за кожную коску. А тут відно: людзі крытычна ставяцца да сваёй творчасці, а значыць будуць больш працаваць над кожным творам, будуць імкнуцца да таго, каб пакінуць рэдактара без працы. І гэта радуе, тым больш, што прынята рашэнне праз некаторы час рыхтаваць другі нумар, які па плане павінен выйсці ў 2024 годзе і мае быць, безумоўна, большым і лепшым, і так далей да дасканаласці, у якой, як вядома, мяжы няма.

Напрыканцы адбылася яшчэ адна прэзентацыя. Ганна Іосіфаўна Арлоўская прадставіла кніжачку сваіх успамінаў.

Кажуць, што "Мастацкая літаратура" выдала вялікую кнігу "Літаратурная Капыльшчына", дзе, пэўна, нікога з аўтараў нашага альманаха знайсці не ўдасца. Ну і няхай сабе, няма нашых аўтараў у тоўстай кнізе, але ў літаратуры яны ёсць, і гэта больш важнае.

Яраслаў Грынкевіч.

Памяці Арнольда Міхневіча

9 верасня 2021 года беларускі мовазнавец Арнольд Яфімавіч Міхневіч адзначыў бы 85-годдзе. Навуковец скончыў Гомельскі педагагічны інстытут у 1958 годзе. З 1961 года працаваў у Інстытуце мовазнаўства АН Беларусі. У 1977 годзе стаў доктарам філалагічных навук, а ў 1980-м прафесарам. З 1983 года працаваў у Інстытуце паліталогіі і сацыяльнага кіравання, з 1991 года - прарэктар і загадчык кафедры Менскага лінгвістычнага ўніверсітэта, З 1995 года працаваў у Беларускім Інстытуце праблем культуры (з 1998 года - рэктар), з 2000 г. адначасова загадваў кафедрай сучаснай беларускай мовы на філалагічным факультэце БДУ.

Даследаваў пытанні граматыкі, лексікалогіі, этымалогіі беларускай мовы, культуры беларускай і рускай моў, супастаўленай і сацыяльнай лінгвістыкі, рыторыкі і культуралогіі.

Навуковая грамадскасць ведае яго працы: "Сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні ў беларускай мове (1965), "З гісторыі прамоўніцкага мастацтва" (1972), "У глыб слова чалавечага" (1982) "Мова, якой няма" (1988) і інш.

Быў суаўтарам "Слоўніка славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі" (тамы 1-2, 1977-1979 гг.), "Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы" (1980), "Беларускарускага паралексічнага слоўніка-даведніка" (1985), "Англа - беларускага размоўніка" (1992), кніг "Грамадазнаўства - мова палітыка" (1988) "Беларуская мова для тых, хто гаворыць па руску" (1990), "Культура мовы ў пытаннях і адказах" (1996), "Беларуская мова: Энцыклапедыя" (1994). За апошнюю атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі ў 1998 годзе.

Спадар Міхневіч памёр у Германіі ў 2020 годзе. Асабіста я ганаруся сваім знаёмствам з Арнольдам Яфімавічам. Я працаваў у Беларускім Інстытуце праблем культуры ў 1998-1999 годзе, калі рэктарам установы быў спадар Арнольд Яфімавіч Міхневіч. Гэта быў вельмі тактоўны, добрасумленны і адукаваны кіраўнік.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст фрылансер, падпісчык выдання.

СУСТРЭНЕМСЯ КАЛЯ БУДНАГА

Гэта ўжо традыцыя: чацвёрты год запар 6 жніўня, напярэдадні Свята беларускага пісьменства і друку каля помніка Сымону Буднаму ў Нясвіжы збіраецца зацікаўленая грамада. Так па ініцыятыве сяброў ТБМ ушаноўваецца справа Францішка Скарыны, вялікі дзень ў культурным лёсе беларусаў, калі запрацаваў друкарскі станок нашага асветніка.

Сёлета на сустрэчу каля Буднага сабралася шмат наведвальнікаў сацыяльнага цэнтра, людзей сталага ўзросту. Некаторыя прыйшлі з ўнукамі. Але галоўнае, па просьбе арганізатараў, прыйшлі са сваёй любімай, самай цікавай і памятнай беларускай кнігай. У кожнага знайшліся добры словы пра родную мову, беларускіх пісьменнікаў, іх кнігі і творы.

Хто рэкламаваў, нібыта "Малую падарожную кніжыцу" Скарыны, невялічкія па фармаце кнігі з серыі "Сто асобаў Беларусі", хто прынёс свежае выданне Леаніда Дранько-Майсюка з нядаўняй сустрэчы ды прачытаў самае ўпадабанае, а хто, як далёкі ўспамін - "Людзі на балоце", што чыталіся яшчэ падчас вучобы ў школе. Гучалі прачулыя словы ў памяць пра Ніла Гілевіча і яго раман у вершах "Родныя дзеці". Расчуліла ўсіх удзельніца, што прачытала так званы "плач Кацярыны" з кнігі-сказа Станіслава Судніка "Пілігрымка дадому". Галоўнай кнігай сустрэчы ля Буднага, як тое і належыць, як і кожнага разу, была Біблія на роднай мове ў перакладзе Васіля Сёмухі.

На развітанне старшыня раённай арганізацыі ТБМ уручыла ўсім, хто прыйшоў, па-мастацку аздобленыя лісткі з беларускамоўнай малітвай "Ойча наш", а самым юным удзельнікам у падарунак - кніжкі Валера Дранчука "Жыло-было дрэва", у якіх аўтар распавядае, што хоць магутнае, мо пяцісотгадовае дрэва, упала, яго лёс, яго гісторыя не скончаны - будзе новы дзень, будзе новы час. Будзе праз год і новая сустрэча каля Буднага.

Вольга Карчэўская, Нясвіж.

Ён заўсёды ў дарозе

6 верасня кіраўніку Дзятлаўскай суполкі ТБМ, грамадска-культурнаму актывісту, былому педагогу, краязнаўцу, лаўрэату літаратурнай прэміі імя Анатоля Іверса Валерыю Міхайлавічу Петрыкевічу споўнілася 75 гадоў з дня нараджэння.

Нарадзіўся Валерый Міхайлавіч у вёсцы Любча Наваградскага раёна ў сям'і настаўніка. У 1963 годзе ён скончыў 10 класаў Валеўскай сярэдняй школы. Як член зборнай каманды вобласці па лёгкай атлетыцы, быў запрошаны на пасаду настаўніка фізкультуры ў Райцаўскую СШ Карэліцкага раёна, а праз пару гадоў - у Валеўскую СШ, а затым і ў СШ № 2 г. Наваградка. Праца настаўніка прыйшлася па душы. Таму завочна ў 1969 годзе скончыў Беларускі інстытут фізічнай культуры ў Менску.

Са жніўня 1967 года Валерый Петрыкевіч жыве і працуе ў Дзятлаве, спачатку дырэктарам мясцовай спортшколы, а затым настаўнікам фізічнай культуры ў сярэдніх школах № 1 і № 3 Дзятлава. З 2006 года ён знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

На працягу ўсяго жыцця Валерый Петрыкевіч любіў і любіць падарожнічаць. З вучнямі СШ № 1 Дзятлава не адзін раз здзяйсняў шматдзённыя водныя паходы па рэках Беларусі, Карэліі, Карпатаў, а ў складзе гарадзенскіх турыстаў-воднікаў зведаў усю прыгажосць, асалоду і экстрым падарожжаў па горных рэках Каўказа, Алтая, Цянь-Шаня, Саянаў, Далёкага Усходу, Кольскага паўвострава і Паміра.

Уражаннямі ад сваіх першых школьных паходаў дзяліўся з чытачамі газет "Піянер Беларусі" і "Зорька". Пазней дасылаў шмат артыкулаў у дзятлаўскую раённую газету "Перамога". Падчас вайсковай службы на Балтыйскім флоце цесна супрацоўнічаў з газетай "Страж Балтыкі". На старонках "Настаўніцкай газеты" распавядаў пра вопыт арганізацыі турысцка-краязнаўчай працы ў СШ № 1 г. Дзятлава.

У апошнія гады Валерый Петрыкевіч актыўна займаецца гістарычна-краязнаўчымі справамі, даследуе і ўшаноўвае сваіх знакамітых землякоў.

Дзякуючы клопатам Валерыя Міхайлавіча на Дзятлаўшчыне ўшанаваны пісьменнікі-землякі Гарасім Прамень, Васіль Струмень і Пятрусь Граніт. У вёсцы Зачэпічы грамадскі актывіст разам з сябрамі ўстанавіў мемарыяльны камень. Там штогод цяпер праводзіцца Гарадзенскае абласное свята беларускай паэзіі.

Дзякуючы Валерыю Міхайлавічу ў вёсцы Погіры ўстаноўлены і мемарыяльны камень, прысвечаны Ігнату Дварчаніну (1895-1937). А ў вёсцы Труханавічы, на доме, дзе жыў паэт Нікіфар Жальба (1898-1991), адкрыта шыльда.

Напачатку 2013 года намаганнямі мясцовых актывістаў і супрацоўнікаў Дзятлаўскага гістарычна-краязнаўчага музея адзначылі 100-гадовы юбілей бацькі Валерыя - заснавальніка музея Петрыкевіча Міхаіла Фёдаравіча. Паклапаціўся вядома ж нямала і сам сын. А праз некалькі дзён у раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя яго кнігі "Народжаны вечнасць тварыць", куды ўвайшлі артыкулы Міхася Петрыкевіча - бацькі Валерыя Міхайлавіча .

Актывіст з Бярозаўкі Сяргей Трафімчык у канцы 2014 года перадаў Валерыю Петрыкевічу копію лідскага барэльефа Канстанціна Астрожскага (1460-1530) - заснавальніка і першага ўладара Дзятлава. Цяпер ён прыкладае намаганні, каб барэльеф па-мастацку аздобіць і замацаваць побач з мемарыяльным валуном, усталяваным яшчэ ў 1998 годзе на скрыжаванні вуліц Чырвонаармейскай і Слонімскай у гонар 500-годдзя з дня заснавання Дзятлава. Ёсць у планах паставіць і помнік Канстанціну Астрожскаму ў Дзятлаве.

Шмат каму вядома, што побач з Дзятлавам у вёсцы Жыбуртоўшчына знаходзіцца сядзіба роднага дзядзькі, нашага славутага земляка, філамата, блізкага сябра Адама Міцкевіча, сусветна вядомага навукоўца, нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі. Тут ён, па волі лёсу, некалькі гадоў жыў і працаваў, хадзіў па вуліцах мястэчка, бываў на кірмашы, маліўся ў касцёле. Сядзібай і яе дапаможнымі пабудовамі доўгі час карысталася раённая бальніца…

Валерый Петрыкевіч вельмі хоча, каб гэты куточак Дзятлаўшчыны заўсёды прыцягваў турыстаў. Ён таксама даўно марыць з землякамі ўстанавіць мемарыяльныя шыльды ўраджэнцам Дзятлава і раёна Тамашу Жаброўскаму, Вікенцію Дмахоўскаму, Сяргею Хмары і іншым сынам дзятлаўскай зямлі. Таму працы ў няўрымслівага краязнаўца яшчэ наперадзе шмат, нягледзячы на яго сталы ўзрост.

Творчая інтэлігенцыя Гарадзеншчыны, а таксама ўсе сябры ТБМ шчыра віншуюць Валерыя Міхайлавіча Петрыкевіча з юбілеем. Жадаюць яму здароўя, сіл, цярпення, новых сустрэч з сябрамі і роднымі людзьмі, цікавых адкрыццяў і падарожжаў па роднай зямлі. Каб вы яшчэ доўга заставаліся ў дарозе, вас радавалі жыццёвыя справы і поспехі. А мы вам будзем дапамагаць.

І апошняе. Напісаў невялікі тэкст песні да юбілею Валерыя Міхайлавіча. Бард Сяржук Чарняк з Ліды абяцаў пакласці верш на музыку і выканаць песню пад гітару. Так што сустрэч творчых на Дзятлаўскай зямлі адбудзецца яшчэ шмат. У гэта, вядома ж, верыцца. І на гэта мы спадзяёмся.

Баец

Валерыю Петрыкевічу з нагоды 75-годдзя

Краязнаўцы ў жыцці не старэюць,

А як дрэвы стаяць да канца.

Лепш за іншых жыццё разумеюць,

Як баец разумее байца.

Прыпеў:

Клічуць радасць, надзея і веліч -

Ты да іх, мой сябрук, завітай:

Тут жыве наш Валер Петрыкевіч,

Які любіць бацькоўскі свой край.


Хай хвалюецца ў пошуках сэрца,

Нам ад спраў Вашых

радасна жыць.

Наш Міхалыч нідзе не здаецца,

Ён умее ствараць і тварыць.

Прыпеў:

Клічуць радасць, надзея і веліч -

Ты да іх, мой сябрук, завітай:

Тут жыве наш Валер Петрыкевіч,

Які любіць бацькоўскі свой край.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Сусветная гісторыя кнігі разгортваецца ў экспазіцыі музея

1 верасня Музей кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адзначыў 15-годдзе. У ім можна прасачыць сусветную гісторыю з'яўлення кнігі і іншых інфармацыйных носьбітаў. Тут ёсць клінапісныя таблічкі, папірусы, скрутак старажытнай Торы, кнігі ранняга перыяду еўрапейскага кнігадрукавання - інкунабулы.

У музеі захоўваюцца беларускія старадрукі ХVI-XVIII cтагоддзяў, выдадзеныя ў друкарнях Вільні, Берасця, Нясвіжа, Куцейны і іншых гарадоў, славянскія рукапісныя багаслужбовыя кнігі, Евангеллі з каляровымі ілюстрацыямі, рукапісныя кнігі на ўсходніх мовах, кітабы, Каран.

Асобае пачэснае месца ў музеі займаюць кнігі Францішка Скарыны і факсімільныя копіі яго выданняў у 21-томным зборы "Кніжная спадчына Францыска Скарыны", выпушчаным да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў 2017 годзе.

У Музеі знаходзяцца самыя аб'ёмныя і вялікія кнігі, і маленькія сувенірныя выданні твораў А. Пушкіна, А. Міцкевіча, Я. Купалы і Я. Коласа. Самая ёмістая кніга з прадстаўленых тут была выдадзена ў 1610 годзе ў Маскве. Самым вялікім экспанатам Музея з'яўляецца ілюстраваная праца амерыканскага арнітолага, якая пабачыла свет у 1972 годзе. Тут экспануюцца зараз французскія суперэкслібрысы, размешчаныя на каралеўскіх кнігах ХVIII cтагоддзя.

Асобная частка экспазіцыі прысвечана гісторыі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якая будзе хутка адзначаць 100-годдзе. У ёй прадстаўлены партрэт першага дырэктара бібліятэкі Іосіфа Бенцыянавіча Сіманоўскага і ветэранаў бібліятэкі, расказваецца пра гісторыю стварэння праекта архітэтарам Вінаградавым, і пра будаўніцтва сучаснага будынка, сімвалічны ключ ад якога быў уручаны ў 2006 годзе.

У Музеі кнігі пастаянна праводзяцца экскурсіі для навучэнцаў школ, каледжаў і ВНУ Менска і іншых гарадоў рэспублікі. Тут у 2019 годзе дзейнічала маштабная выстава "Беларусь і Біблія", у цэнтры ўвагі якой была гісторыя стварэння Кнігі Кніг. Яна прыцягнула каля 30 000 наведвальнікаў з розных куткоў Беларусі.

У Музеі кнігі рэгулярна праходзяць заняткі з маленькімі наведвальнікамі ў межах "Клуба кніжных прафесараў", які вядзе Таццяна Андрэеўна Сапега. Да юбілею Музея абвешчаны конкурс празаічных, паэтычных і мастацкіх твораў юных чытачоў, які будзе доўжыцца з 1 верасня па 17 кастрычніка.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

Сялянскі паэт з вёскі Полымя

Да 80-годдзя беларускага паэта Уладзіміра Гайдука (1941-2012) з Беласточчыны

7 верасня 1941 года на хутары Полымя Гайнаўскага павета ў Польшчы нарадзіўся Уладзімір Гайдук - селянін і паэт, які пісаў вершы па-беларуску.

У 1955 годзе Уладзімір Гайдук скончыў пачатковую школу і два гады вучыўся ў беларускім ліцэі ў Бельску Падляскім. У сярэдзіне 1960-х гадоў ён вырашыў працягваць вучобу, але цяжкія матэрыяльныя ўмовы вымусілі яго адмовіцца ад задумы. Таму паэт увесь час працаваў на сваёй гаспадарцы, там, у вёсцы, і памёр у 2012 годзе.

У Беластоку выйшлі з друку чатыры ягоныя зборнікі: "Ракіта" (1971), "Блакітны вырай" (1990), "Пах аернага хлеба" (1997) і "Полымя роднае" (2010).

Самотны беларускі талент-самародак, які нават сярэдняй школы не закончыў, шчыра любіў родную зямлю, сваю мову, людзей і Беларусь.

Уладзімір Гайдук на Беласточчыне жыў у роднай вёсцы Полымя, дзе, як кажуць беларусы, "гаспадарыў на хутары".

Валодзем называлі яго ўсе сябры і паэты, нягледзячы на сталы ўзрост. А тыя, хто пісаў пра Уладзіміра Гайдука, заўсёды падкрэслівалі, што ён - паэт-селянін (Уладзімір Конан), што яго матэрыяльныя ўмовы моцна трымаюць пры зямлі, прыніжаюць яго, ставяць у недарэчную залежнасць (Ян Чыквін). Тым не менш, Уладзімір Гайдук даўно быў вырваны з гэтай, мякка кажучы, матэрыяльна-фізічнай сялянскай прыгнечанасці. Зямля, вёска, праца, хутар - гэта ўсё не пры чым. Галоўнае, што ён быў паэт - шчыры, светлы, адкрыты, просты, лёгкі, паэт - якому можна толькі верыць:

На лясы, на луг шырокі

Сонца падаюць праменні,

А дзяўчынка сінявока

Ловіць "зайчыка" у жменю.

Замігцелі, як жывыя,

Пасярэбраныя росы,

А дзяўчынка боткі шые,

Каб не змерзла лялька босай.

У апошні прыжыццёвы зборнік "Полымя роднае" Уладзіміра Гайдука ўвайшлі вершы з ранейшых паэтычных зборнікаў "Ракіта" (Беласток, 1971), "Блакітны вырай" (Беласток, 1990), "Пах аернага хлеба" (Беласток, 1997), а таксама вершы, якія не ўвайшлі ў вышэй пералічаныя выданні. Вядома ж, тэмы вёскі, зямлі, сялянскай працы - заставаліся галоўнымі тэмамі і апошняга прыжыццёвага выдання. Яно прасякнута пачуццём нейкай ціхай радасці, лёгкай журбы. Паэт пра гэта ведаў лепш і пра гэта добра пісаў. Але ў яго душы, як казаў Ян Чыквін, "няма пакутных думак пра нацыянальную пакрыўджанасць, няма комплексу нацыянальнай непаўнацэннасці, якія пераходзілі б у плач і скаргі беларусаў". Паэт пісаў шчыра, па-народнаму цнатліва, дасягаў бездакорнай канцэнтрацыі паэтычнай думкі і пачуцця.

Аўтар "Полымя роднага" хораша апяваў вясну. Спадзяванне на вясну ў яго былі не толькі, як натхненне на творчасць, але і сялянская надзея. Паэт так і піша: "Зноў будзем поўнай жменяй сеяць і верыць сонцу і зямлі". Аўтар верыў найбольш зямлі. Не людзям, а менавіта зямлі. Калі прыгадаем Якуба Коласа, які пяяў гімны роднай беларускай зямельцы, то Уладзімір Гайдук на Беласточчыне пяяў свае гімны той зямлі, на якой жыў і працаваў. Ён, то далучаўся да жаваранка, які "спявае песню маці-зямлі", то апраўдваў вецер і называў яго "святой песняй вечна жывой зямлі", то лісцем жоўтае восені абсыпаў дарогу, каб ногі парадніліся з зямлёй. Дабрыня чалавечага замілавання да зямлі, да маці-прыроды, асабліва ў апісанні жаваранкаў, жураўлёў, салаўёў, кнігавак, душэўная тонкасць і шчодрасць выяўлены ў кнізе вельмі проста і разам з тым глыбока. Пошукі глыбіні ў выяўленні любой іншай тэмы, пошукі раскрыцця ў жанры лірычнага верша ўсёй складанасці духоўнага свету чалавека, яго псіхалогіі - без гэтага проста немагчыма ўявіць і сёння Гайдука-паэта.

Чытаючы зборнікі паэта з Беласточчыны, адчуваеш і замілаванне аўтара да слова народнага, да традыцыйна-народных вобразаў, матываў, да паэтыкі народнай песні. Народнасць заключаецца ў рэалізме, у праўдзівым паказе жыцця, асабліва ў ранніх вершах паэта. Паэтычныя радкі аўтара арганічна развіваюць песенна-фальклорныя традыцыі і надаюць народны каларыт:

Ой, вы, думкі-песенькі

З роднае старонкі.

Ой, вы, песні сумныя,

Ой, вы, песні звонкія…

Хоць на Беласточчыне Уладзімір Гайдук не так часта друкаваўся, але яго любілі землякі і чытачы, творчая інтэлігенцыя. Вершы паэта заўсёды ўключалі ў калектыўныя зборнікі, якія выдаваліся не толькі ў Польшчы, але і ў Беларусі. Тры вершы "Вясна", "Заход сонца" і "Дажынкі" былі апублікаваны ў зборніку "Літаратурная Беласточчына" (Мн., 1973). Цудоўны верш "Дажынкі" чытаю-перачытваю:

Жыта выжата,

І над пожняю

Разагнуліся

Жнеі гожыя.

Як паставілі

Мэдлік-долечку,

Заспявалі ўсе

"Перапёлачку":

- Ой, вылець, вылець,

Перапёлачка,

Жыта выжата

З твайго полечка.

Плён, высокі плён, -

Песня чуецца, -

У наш вольны дом,

Што будуецца.

Песня спетая,

Чарка выпіта,

Песня гэтая

Незабытая.

Добрая нізка вершаў Уладзіміра Гайдука была апублікавана ў кнізе "Беларускія пісьменнікі Польшчы" (Мн., 2000). Гэта вершы-развагі пра жыццё і прыроду, пра вёску і працу, у іх усё часцей пачала прабівацца жывая неспакойная думка, якая паціху знаходзіла дарогу да пачуццяў чытачоў. У адным з вершаў паэт сказаў, што "паэзія - душы гарэнне". Але паэтычная душа Уладзіміра Гайдука не доўга гарэла творчым полымем. Цяпер без яго сумуе вёска Полымя, дзе паэт жыў і пісаў, а таксама ўсе тыя, хто яго ведаў. На памяць ён нам пакінуў чатыры сціплыя зборнічкі вершаў, якія чытаю-перачытваю.

Сяргей ЧЫГРЫН.

"Нас кніга да вяршыняў пазнання вядзе"

ці як сустрэлі Дзень ведаў у бібліятэках Лідчыны

Дзень ведаў - гэта заўсёды добрае, шумнае і бесклапотнае свята, які адзначаецца з асаблівай урачыстасцю. І, вядома, бібліятэкі не застаюцца ўбаку. Цікавыя і пазнавальныя мерапрыемствы сустрэлі школьнікаў Лідчыны ў бібліятэках раёна і горада.

У Дзень ведаў, 1 верасня, Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы расчыніла свае дзверы для вучняў школ горада Ліды. Бібліятэкары правялі для школьнікаў адразу некалькі цікавых мерапрыемстваў. У чытальнай зале бібліёграф аддзела абслугоўвання Курбыка Г.Р. распавяла пра гісторыю беларускага народа і дзеці праслухалі даклад пра свята ў гонар Дня народнага адзінства. Пасля гэтага школьнікаў запрасілі ў канферэнц-залу на гадзіну цікавых паведамленняў "Добры дзень, да ведаў дарога!", дзе бібліятэкары правялі для іх экскурс у гісторыю Дня ведаў. Дзеці даведаліся, як з'явілася свята 1 верасня, калі яго ўпершыню адсвяткавалі і як Дзень ведаў адзначаюць у розных краінах. Акрамя гэтага школьнікам правялі экскурсію па бібліятэцы.

У філіяле "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" ў Дзень ведаў для вучняў 4-ых класаў ДУА "Сярэдняя школа № 1 г. Ліды" прайшоў урок інфармацыйнай і бібліяграфічнай культуры "Аз і Букі жывуць у бібліятэцы". Хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення бібліятэк, здзейснілі віртуальнае падарожжа па Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і бібліятэках іншых краін. Дзецям нагадалі аб Правілах карыстання бібліятэкай і распавялі, што дапамагае знайсці неабходную кнігу на паліцы. У канцы ўрока госці мерапрыемства адправіліся ў кніжнае царства "Аз і Букаў", якія дапамаглі дзецям вывучыць родную Беларусь ад А да Я. Дзецям у Дзень ведаў пажадалі поспеху ў новым навучальнага годзе, поспехаў у школе, каб яны набывалі каштоўныя веды і ўмелі іх прымяняць у сваім жыцці.

Гульня-падарожжа "Чарадзейная кніга ведаў" прайшла тым жа днём у філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 2", урок ведаў "Свята першага званка" сустрэў дзяцей у філіяле "Тарноўская сельская бібліятэка".

1 верасня навучэнцы 4 "В" класа ДУА "Сярэдняя школа №1 г. Ліда" свой першы ўрок правялі ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 4", прыняўшы ўдзел у квэст-гульні "Беларусь - краіна адзінства!". Супрацоўнікі бібліятэкі пагаварылі з дзецьмі аб дзяржаўных сімвалах, аб Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, разам тлумачылі, якімі якасцямі валодаюць жыхары Беларусі, распавядалі аб сваёй малой радзіме, удзельнічалі ў розных конкурсах. Хлопчыкі і дзяўчынкі весела, цікава, а галоўнае пазнавальна правялі Дзень ведаў.

Бібліятэкары ад усёй душы пажадалі ўсім дзецям штодня папаўняць скарбонку сваіх ведаў і не спыняцца ў пазнаннях ніколі.

Кацярына Сандакова, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы".

Меркель выступае за пачатак перамоў з талібамі

Навіны Германіі

Канцлер ФРГ Ангела Меркель (Angela Merkel) выступае за пачатак перамоў з радыкальным ісламісцкім рухам "Талібан" у Афганістане. Адпаведную заяву кіраўнік германскага кабміна зрабіла ў нядзелю, 5 верасня, на прэс-канферэнцыі ў Хагене (Паўночны Рэйн - Вестфалія).

- Што да (прадстаўнікоў - рэд.) "Талібана", то, вядома, мы павінны гаварыць з імі, таму што менавіта з імі цяпер даводзіцца мець справу, - падкрэсліла Меркель.

Па словах канцлера ФРГ, падобны дыялог неабходны, каб працягнуць эвакуацыю афганцаў, якім гэта патрэбна.

- Мы хочам вывезці з краіны людзей, якія працавалі, у прыватнасці, на нямецкія арганізацыі, звязаныя з развіццём, і зараз пачуваюцца пад пагрозай, - дадала кіраўнік германскага ўрада.

Яна падкрэсліла, што падобны дыялог дазволіць працягнуць пастаўку гуманітарнай дапамогі ў Афганістан. Пры гэтым германскі палітык назвала "добрым сігналам" той факт, што Міжнародны аэрапорт Кабула імя Хаміда Карзая нядаўна быў ізноў адкрыты для палётаў.

У сваю чаргу кандыдат на пост канцлера ФРГ ад блока ХДС/ХСС Армін Лашэт (Armin Laschet), які суправаджаў Меркель падчас паездкі ў Хаген, што гэтым летам пацярпеў ад паводкі, таксама выказаўся ў падтрымку перамоў з талібамі.

Каментар Меркель адбыўся ўслед за публікацыяй у газеце Welt am Sonntag, у якой прадстаўнік руху Забіхула Муджахід казаў, што групоўка хацела б усталяваць "трывалыя і афіцыйныя дыпламатычныя адносіны з Германіяй".

Ангела Меркель пры гэтым не сказала, што падтрымлівае аднаўленне паўнавартасных дыпламатычных адносін з Афганістанам, кантраляваным талібамі.

Міністр замежных спраў ФРГ Хайка Мас (Heiko Maas) раней заявіў, што выступае за перамовы з талібамі і дапускае фінансавую дапамогу для Афганістана пры іх уладзе пры адпаведных умовах. У прыватнасці, калі ў краіне будзе сфармавана ўрад, які складаецца не толькі з талібаў, будуць выконвацца правы чалавека і Афганістан не стане "апорай тэрарызму".

- У Афганістане новая рэальнасць, падабаецца нам гэта ці не. І ў нас больш няма часу залізваць раны, - заявіў Мас 2 верасня.

Баевікі "Талібана" 3 верасня абвясцілі, што ўсталявалі кантроль над усім Афганістанам.

Паводле СМІ.

"Зоркі лідскіх небасхілаў"

15 верасня ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы пройдзе фестываль кнігі і друку "Зоркі лідскіх небасхілаў".

Асноўнай мэтай фестывалю з'яўляецца захаванне, развіццё і папулярызацыя кніжнай культуры. У Дзень бібліятэк Беларусі на пляцоўцы каля Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы разгорнуцца кніжна-ілюстрацыйныя выставы, забаўляльная пляцоўка "Рэбусленд", дзіцячая гульнявая зона, свабодны кнігаабмен "Чыталі, чытаем і будзем чытаць!" і разнастайныя майстар-класы.

Гасцей фестывалю чакае насычаная і займальная праграма, у якой кожны зможа знайсці сабе занятак па гусце. Майстар-клас "Мастацтва пісьма" пазнаёміць удзельнікаў з гісторыяй узнікнення пісьма і кнігі, а таксама дасць магчымасць паспрабаваць напісаць пісьмо на бяросце, у тэхніцы вузельчыкавага пісьма і клінапісу. Ахвочыя змогуць паўдзельнічаць у займальным і жартаўлівым майстар-класе "Другое жыццё газеты", а аматары чытання ў ацэнцы і абмеркаванні бібліярэйтынгу "Любімыя кнігі".

Запрошанымі гасцямі фестывалю стануць лідскія літаратуразнаўцы, краязнаўцы, прадстаўнікі Лідскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, мясцовых выдавецтваў, друкарняў і прэсы ("Лідская газета", "Наша слова").

Дата правядзення: 15 верасня 2021 года, пачатак мерапрыемства 11: 00.

Месца правядзення: Гарадзенская вобласць, г. Ліда, вуліца Ленінская, д.10.

Кантактная інфармацыя: + 375 154 545261, ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы".

Сяклюцкія і маёнтак Стрэліца на Лідчыне

Леанід Лаўрэш

У дакументах аб зацвярджэнні шляхецтва Віленскай гярольдыі ад 1820 г. запісана сямейная легенда аб тым, што продкі Сяклюцкіх герба Кушаба прыбылі з Чэхіі каля 1228 г., гэты род "з многімі знанымі радамі параднёны і ўшанаваны высокімі пасадамі, пра што пісалі ... хранікёры. За заслугі сям'я была адорана зямлёй і ўзяла прозвішча ад назвы маёнтка Сяклюкі ў Драгічынскай зямлі. Пасля бітвы з туркамі пад Хацінам 11 лістапада 1673 г. адзін з прадстаўнікоў роду Сяклюцкіх пераехаў у Літву. Аляксандр Сяклюцкі служыў у войску пад камандаваннем гетмана Паца, Андрэй быў доктарам багаслоўя, а Войцех ў 1591 годзе - Драгічынскім падкаморыем. Родапачынальнікам роду, паводле Нясецкіх (т. IV, с. 78), з'яўляецца Леанард Сяклюцкі".

Нам вядомы наступныя ранейшыя Сяклюцкія:

- Тамаш Юрый Сяклюцкі, лідскі падчашы, у Лідскім павеце валодаў маёнткамі Красулі і Бярозавец (3 км ад былога маёнтка Стрэліца), які ў тастаманце ад 10 студзеня 1672 г. запісаў яго сваім пецярым сынам. Магчыма, ён і быў першым з Сяклюцкіх, якія перасяліліся на Лідчыну.

- У Жалудоцкай парафіі драгічынскі падстолі Уладзіслаў Сяклюцкі, у 1690 г. ён меў 26 дымоў у Бурчавічах.

- Рафал Сяклюцкі, лідскі мечнік, а потым, згодна з прывілеем Аўгуста III ад 23 жніўня 1746 г. - падстолі. У 1728 г. валодаў Бярозаўцам (11 дымоў) і Красулямі (3 дымы).

- Антон і Міхал Сяклюцкія з Углаўцаў (11 дымоў).

- Станіслаў Сяклюцкі арандаваў у Дэражнай 5 дымоў.

У Падымным рэестры Лідскага павета ад 1775 г. нейкі Сяклюцкі валодае маёнткам Стрэліца, мае 25 дымоў у Голдаве і 4 дымы ў Лебедзянцы.

Вядомы віленскі генеолаг Часлаў Малеўскі ў свой час пісаў пра:

- Барбару Кастравіцкую з Сяклюцкіх - жонку гродскага пісара і лоўчага Лідскага павета, фундатарку касцёла св. Духа ў Вільні, у 1786 г. яна была пахавана ў лёхах гэтага касцёла;

- Люцыяна Сяклюцкага, маёра ў 1874 г.;

- вайскоўца Уладзіслава Сяклюцкага;

- чыноўніка Канстанціна Сяклюцкага;

- Васілішскага пробашча ў першай палове XIX ст. Ісідора Сяклюцкага.

З канца XVIII ст. па 1939 г. Сяклюцкія валодалі маёнткамі Гарнастаішкі каля Эйшышак (у 1863 г. - 800 дзесяцін) і Стрэліцай. За падтрымку паўстання 1863 г. Вінцэнтам Сяклюцкім (1793-1864) на маёнтак Гарнастаішкі быў накладзены секвестр. Але даказаць віну Вінцэнта Сяклюцкага ўлады не змаглі, і таму яго сын Уладзіслаў вярнуў маёмасць праз суд.

Апошнім уладальнікам Гарнастаішак быў афіцэр рэзерву Юзаф Сяклюцкі - удзельнік Першай сусветнай вайны і афіцэр 1-га Польскага корпуса генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага. Суседзі памяталі яго як вялікага гурмана які надта любіў пад'есці. Таму мясцовыя сяляне пасля сытнай ежы часта казалі адзін аднаму: "Пад'еў, як пан Сяклюцкі". У 1939 г. ён быў арыштаваны і вывезены з глыб СССР, а яго двор стаў сядзібай калгаса "Запаветы Леніна".


Сын апошняга ўладальніка маёнтка Ішчална ў 1920-30-х гг. Караль Лясковіч падае цікавую інфармацыю пра род Сяклюцкіх у XIX і XX стст.

Вінцэнт Сяклюцкі, які ўжо ўзгадваўся вышэй, цешыўся павагай усяго павета з-за годнага сэрца і лагоднага характару, ён быў апошнім лідскім падкаморым. Меў 3 сыны і 3 дачкі. Старэйшы сын ажаніўся з Ганнай Ясінскай і асеў у Кракаве. Другі сын Люцыян узяў у жонкі Стравінскую і пасля смерці бацькі пераняў маёнтак Гарнастаішкі. Трэці сын, Канстанцін, быў жанаты з Ганнай Юндзіл з Сеняжыц, ён атрымаў ад бацькі маёнтак Стрэліцу разам з трыма фальваркамі. З трох дачок, старэйшая Юзэфа выйшла замуж за Люцыяна Кастравіцкага, уладальніка Касцянёва. Другая, Ганна, памерла паненкай, а Гелена выйшла замуж за павятовага лекара Альшанскага які працаваў у Жалудку ў князёў Чацвярцінскіх.

Канстанцін меў 2 сыноў: Станіслава і Вінцэнта. Яны абодва закончылі кадэцкі корпус у Полацку. Пасля чаго старэйшы сын Станіслаў вывучыўся на інжынера-будаўніка чыгункі і мастоў, а Вінцэнт пасля смерці бацькі асеў у Стрэліцы і ажаніўся з Фяліцыяй з Навакоўскіх, у іх нарадзіліся 4 дачкі: Ванда Сялужынская, Ядвіга Здановіч, Яніна Куркоўская і Марыя Батко.

Сваячка гаспадара маёнтка, Ганна Вольф з Сяклюцкіх (дачка Вінцэнта, пасля бацькі яна ўспадкавала Гарнастаішкі), жонка знанага выдаўца і гандляра кнігамі, знаўцы літаратуры, доктара Юзафа Вольфа, правяла сваё жыццё ў Варшаве. У сваіх мемуарах яна пакінула цікавыя ўспаміны пра Стрэліцу. Таксама цікавыя ўспаміны пра маёнтак Стрэліцу ў 1894 г. пакінуў стрыечны ўнук Канстанціна Сяклюцкага (сын яго сястры Юзэфы) Ян Люцыян Кастравіцкі, яшчэ хлопцам ён жыў тут у свайго стрыечнага дзеда. Яго ўспаміны польскі даследчык Анатоль Стэрн надрукаваў у сваёй кнізе "Дом Апалінарыя". Грунтуючыся на гэтых тэкстах, я раскажу пра Стрэліцу ў другой палове XIX ст.

Згодна з інфармацыяй "Геаграфічнага слоўніка" ў 1870-х гг., у маёнтку Стрэліца меўся жылы дом, і жылі 33 чалавекі. Вядома, што Стрэліца ляжала за 45 вёрст ад павятовага горада Ліды і за 20 вёрст ад мястэчка Жалудок і маёнтка Чацвярцінскіх у гэтым мястэчку (цікава, што, па цверджанні Яна Кастравіцкага, мястэчка Жалудок, пераважна, было пабудавана на зямлі, якая належала маёнтку і карыстальнікі гэтай зямлі плацілі чынш у касу маёнтка).

Дарога з Жалудка да Ліды была звычайнай, толькі трошкі шырэйшай, грунтовай дарогай з грэблямі, насыпанымі ў нізкіх і вільготных адцінках і паглыбленнямі на пагорках. У вёсцы Мыто дарога далучалася да шырокага гасцінца, які быў абсаджаны падвойнымі радамі старых бяроз. Гэты гасцінец бег з Гародні праз Шчучын да Ліды, а адтуль - у Вільню.

На дваццатай вярсце ад Жалудка ад гэтай дарогі адыходзіла грэбля, насыпаная на мокрым лузе. Па ўсёй даўжыні грэбля была абкапана равамі і абсаджана старымі вербамі. Грэбля даходзіла да нязначнага ўзвышша і тут пераходзіла ў алею, абсаджаную старымі разлогімі асінамі. На краі ўзвышша стаялі жылыя будынкі работнікаў маёнтка. Праз адну вярсту алея раптоўна ўпіралася ў драўляную, але моцную браму, якая заўсёды была замкнута на ланцуг. Ключ знаходзіўся ў жылым доме, які стаяў за брамай. Улева і ўправа ад брамы адыходзіў высокі плот-частакол з моцнага бярвення, плот меў навес, які звісаў унутр агароджы.

Ад брамы да дома вяла шырокая, высыпаная жвірам дарога, якая па крузе агінала вялікі траўнік, аточаны старымі каштанамі. Пры дарозе, насупраць брамы месціўся драўляны, прысадзісты жылы дом. Уваходам у дом служыў досыць вялікі, зашклёны рознакаляровым шклом ганак, у якім у кадушках раслі алеандры і кактусы. Пад столлю віселі мяшкі з высушанымі лекарскімі зёлкамі, а ў скрынках каля вокнаў, нават зімой, квітнелі пеларгоніі.

За ганкам меліся вялікія, змрочныя сені, вокны якіх выходзілі ў ганак. Столь у сенях, як і ва ўсім доме, трымалася на бэльках, на якіх ляжалі дошкі столі. Столь і сцены ў сенях былі пабелены вапнай а падлога складалася з пафарбаваных у арэхавы колер сасновых дошак. У сенях стаялі сасновыя лавы і вешалкі для вопраткі. З сяней у суседнія пакоі вялі трое дзвярэй. Над сярэднімі дзвярыма, насупраць увахода, вісела вялікая гравюра з выявай каня англійскай пароды, які ў свой час здабыў шмат узнагарод і быў продкам усіх добрых коней Стрэліцы. А на адваротным баку выявы каня заўсёды быў прымацаваны партрэт дзейснага рускага цара. Звычайна цар глядзеў у сцяну, але калі ў замкнутую браму грукаўся хто-небудзь з прадстаўнікоў улады, напрыклад паліцэйскі спраўнік з Ліды ці прыстаў з Жалудка, служка, які павінен быў адчыніць браму, меў абавязкам перавярнуць выяву так, каб чыноўніка, які ўвайшоў у хату, вітаў рускі цар. Пасля партрэта цара чыноўніка сытна кармілі і паілі, можа, таму справы маёнтка заўсёды вырашаліся для гаспадароў станоўча. А пасля ад'езду госця, выяву зноў пераварочвалі канём вонкі, і цар чакаў візіту каго-небудзь са сваіх чыноўнікаў.

Гэта было адной з прычын, чаму ўязную браму заўсёды трымалі зачыненай. Другой прычынай была наяўнасць у двары дрэсіраванага і ўжо досыць старога мядзведзя, які быў навучаны штодзень насіць дровы з адрыны на кухню і ў жылы дом. Таму сцежкі ад адрыны да дома і кухні мелі адмысловую агароджу. Гэты мядзведзь меў добры нораў і дазваляў нават бавіцца з сабой дзецям, пры гэты заўсёды нешта бурчаў, таму сяляне казалі, што мядзведзь увесь час чытае пацеры. Звер прызвычаіўся, што пасля таго, як ён ўсюды, куды патрэбна, наносіць дроў, старая кухарка Франуся яго добра пачастуе. Таму кухня з'яўлялася апошняй кропкай яго маршруту. Жыў ён у адмысловым логаве, якое было прыбудавана да сцяны кухні. Неяк дзяўчына, толькі што ўзятая з вёскі працаваць на кухню і таму не ведаўшая пра мядзведзя, убачыла, як звер прынёс на кухню вязанку дроў. Ад страху яна пляснула на яго вядро вады. Гэта вывела мядзведзя з раўнавагі - ён раскідаў дровы і павыбіваў вокны. Толькі старая Франуся змагла мятлой загнаць раззлаванага звера ў яго логава, але і там ён бушаваў яшчэ цэлы дзень. Назаўтра мядзведзь перастаў насіць дровы і пачаў кідацца на людзей. Тады некалькі мужчын з паходнямі загналі яго у логава і зачынілі ў ім. З кожным днём мядзведзь станавіўся ўсё больш агрэсіўным, і праз некалькі тыдняў гаспадар маёнтка Канстанцін Сяклюцкі загадаў лесніку застрэліць звера. Шкура мядзведзя потым ляжала ў сенях на падлозе.

Таксама ў сенях, акрамя вышэйапісанай двухбаковай выявы, на сценах віселі чучалы ваўкоў з ашчэранымі зубамі, а на падлозе ляжалі ваўчыныя скуры. Адны з дзвярэй у сенях вялі праз маленькі пакоік у спальню гувернанткі, панны Цацыліі Хаберман і стрыечнага ўнука гаспадара Яна Кастравіцкага. Другія дзверы, праз буфетны пакой вялі ў сталовую. А праз дзверы пад двухбаковай выявай, можна было прайсці ў більярдны пакой, вокны якога выходзілі ў сад. У гэтым пакоі мелася роўная столь, прыгожыя сцены і паркет на падлозе. З більярднага пакою, управа, былі дзверы ў салон, які злучаўся са сталовай, а дзверы па левай сцяне вялі ў кабінет Канстанціна Сяклюцкага. З кабінета можна было прайсці ў спальню Канстанціна, а потым у спальню яго сястры.

У більярдным пакоі акрамя більярда мелася яшчэ фартэпіяна і зашклёныя шафы з біялагічнымі і мінералагічнымі зборамі. У першай шафе стаялі слоікі з рознымі земнаводнымі ў спірце, вялікія зборы матылёў і іншае. У другой шафе ў адмысловых тэчках месціліся вялікія калекцыі мінералаў. З іншай мэблі ў гэтым пакоі былі вялікія, мяккія канапы і фатэлі, на сценах пакоя віселі карціны вядомых майстроў, сярод іх - карціны мастака віленскай школы Вінцэнта Сляндзінскага. Яну Кастравіцкаму запомнілася яго карціна, дзе была намаляваная бабуля, якая зацягвае нітку ў іголку. Цікава, што гэтая карціна зараз знаходзіцца ў Літоўскім мастацкім музеі (The Lithuanian National Museum of Art), але, магчыма, што яна мела некалькі копій.

У суседнім салоне віселі партрэты Сяклюцкіх: жанчын у карункавых строях і мужчын у кунтушах. Меўся тут і партрэт Рафала Сяклюцкага, пра якога я пісаў вышэй.

З більярднага пакою можна было выйсці на веранду, а з яе - далей на жвіраваную дарожку, якая вяла праз сад да сажалкі. За сажалкай быў зроблены насып, на якім стаяла брама ў кітайскім стылі. У самы доўгі летні дзень з веранды можна было назіраць, як сонца садзіцца менавіта ў гэтай браме.

(Працяг у наст. нумары.)

САПРАЎДНЫ СКАРБ ЧАЛАВЕКА

След на зямлі

МОЙ СТАРЭЙШЫ сябар, дырэктар унітарнага прадпрыемства "Канстанта-91" Генадзь Чачанец, усё ж не вытрымаў:

- Вось вы, журналісты і пісьменнікі, у асноўным пішаце пра тых, у каго высокія ордэн ці пасада, ці хто аднойчы неяк вельмі адзначыўся, а дзе ж вашыя сённяшнія расповеды пра людзей простых, без рэкордаў ды заўважных узнагарод, але зрабіўшых і працягваючых рабіць часам больш важкага і карыснага, чым іншыя знаныя. Узяць, напрыклад, майго бешанковіцкага земляка з Жарнасекава Уладзіміра Сцяпанавіча Краско. Сёлета яму споўніцца ўжо 91, а ён як працаваў, з вымушанымі часовымі перапынкамі, на родненькай зямельцы, так і працягвае гэта рабіць. Адным начальнік кіруе, другім - жонка ці сяброўка, трэцім - сябрук, а ім усё жыццё кіравала і кіруе праца. Ягоныя залатыя рукі ўмеюць усё, акрамя адзінага - знаходзіцца ў спакоі.

Памяць на прозвішчы, асабліва свае, віцебскія, у мяне, не хвалюся, добрая, і я праз хвіліну-другую адрэагаваў:

- Слухай, а ці не той гэта вядомы ў вашай акрузе пчаляр, прозвішча якога я пачуў падчас працы ў "Сельской газете" ад нашага тагачаснага ўласнага карэспандэнта па Віцебшчыне Віталя Фёдарава? Ці не мёдам твайго Краско частаваў нас у рэдакцыі нехта з яе супрацоўнікаў?!

- Вось давай і праверым. Я на Мядовы Спас еду са сваім добрым таварышам, вельмі прыемным і талковым чалавекам Уладзімірам Кароткім на сваю малую радзіму. Магу і цябе прыхапіць. Павер, не пашкадуеш, напішаш урэшце пра чалавека-працаўніка, які быў і застаўся сапраўдным патрыётам, як гэта напышліва для асобных ні гучыць, свайго радзімага куточка...

У ахутаным зелянінай і цішай Жарнасекаве, дзе засталіся (і гэта яшчэ добра!) 32 жыхары, прыгожанькую брамку на невялічкім узгорачку гасцінна адчыніла прыемная, ветлівая, усмешлівая, жвавая старэйшая дачка старажыла вёскі Людміла, выпускніца Віцебскага ветінстытута, якая апошнія 15 гадоў перад пенсіяй узначальвала Бачэйкаўскі сельсавет:

- Праходзьце, праходзьце, калі ласка, рады бачыць вас на нашай зямельцы!

- А дзе ж гэта Сцяпанавіч, казаў, сам сустрэне, - іранічна-весела адгукнуўся Генадзь Мікалаевіч.

- Яны з маім мужам Рыгорам ля трактарчыка даўнавата ўжо возяцца.

У гаражы, дзе хапіла б месца яшчэ на пяць такіх жа самаходных машын, як убачаны намі, пад колер навакольнай травы, "Catmann-242", цесць і зяць, родны брат якога, як пазней высветлілася, - вядомы беларускі паэт Змітрок Марозаў, які ў свой час шчыраваў памочнікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, мянялі аліву ў рухавіку. Змітрок прысвяціў слыннаму сваяку вось гэткі цудоўны верш:

Нагамонімся, агледзімся - заплачам,

Вытрам слёзы, закасаем рукавы…

Толькі працай гэты свет мы перайначым -

Да знямогі, да знямення, да крыві.

Мала пнуцца, слоўным боксам захапляцца,

Перасоўваць, разбураць, перастаўляць…

Распрыгоніць нашы душы толькі праца,

Толькі праўда можа нас уратаваць.

Толькі слова (не жалезнае - жывое!)

Можа веру ў кожным сэрцы абудзіць…

Я таксама стану некалі травою -

Не бяда, было б каму траву касіць!

- Час не чакае, трэба зернавое дасеяць, з паўсотні агульных сотак яно нямала займае, - махнуў, пасля ўпэўненага паціску рукі галавой у бок поля за домам невысокі, хударлявы, але моцненькі, з добрымі жывымі вачыма гаспадар, і дадаў:

- А праз дзвесце сорак мотагадзін трэба чыстую заліваць. Апошнім часам, перад выездам, майго коніка спрытненька асядлоўвае Грыша, балазе жывуць з Людай усяго за два кіламетры, у трохпакаёўцы. Шчэ раз выбачайце, што сам не сустрэў. Думаю, час ёсць, трэба ж нештачка зрабіць. Ведаеце, праца - гэта мая жыццёвая, як яе… во, функцыя. Калі нічога не раблю - не адчуваю ў сабе аніякага жыцця. Ніколі не перастану здзіўляцца той частцы сённяшніх маладых, не зразумею тых, якія лічаць, што шчасце ў тым, каб працавалі іншыя, а ім бы толькі гуляць, крытыкаваць, насміхацца, мітынгаваць, бузаваць ды піўко імпартовае за чужыя грошы папіваць. І самому, і дочкам, акрамя Люды ў мяне шчэ Вера і Света, даводзілася ў розных месцах самую розную работу выконваць. І я заўжды сабе ды ім казаў: "Саромецца можна і трэба не якой-небудзь працы, нават самай бруднай, а бяздзейнасці ды гультайства". Можа, пасля гэткага папярэджання Людка і атрымала Грамату райкама камсамолу, як лепшая маладая даярка ў раёне. Ну, загаварыў я вас, прабачце, давайце ў хату, трэба ж тое-сёе пасля доўгай дарогі з'есці, дзякуй, што наведалі старога, дай вам Божа здароўя!

ТОЕ-СЁЕ на моцным, яшчэ бацькоўскім стале ўразіла і колькасцю, і рознасцю, і якасцю, і смакам. І я вельмі і вельмі засмуціўся, што напярэдадні зноўку нагадала пра сябе мая сяброўка па жыцці - падагра, якая патрабуе строгай дыеты. Але ж адпампаваны медагонкай з сотаў залаціста-жоўты мёд, які пакручастай горкай сцякаў у спецыяльны посуд, ужываць, на шчасце, дазвалялася! Каля стала, на якім з дапамогай спецыяльнага бліскучага нажа рыхтаваліся да свабоды зробленыя бацькоўскімі рукамі паўнюткія рамкі, і каля салодкай машыны ў пярэдняй частцы прасторнай хаты, якую перавезлі ў 1937-м з вёскі Шыпулі, завіхаліся Людміла і прыехаўшая з віцебскага пасёлка Акцябрскі Святлана. Яны, вядома ж, дапамагаюць наводзіць парадак, але, усё ж, адчуваецца адсутнасць цёплых, клапатлівых, уважлівых і старанных рук жонкі Надзеі Яфімаўны, адной з лепшых паляводак калгаса "1 Мая", якая пакінула гэты свет яшчэ ў 2009-м, калі ёй споўнілася 76… Цяжкую страту дарагога чалавека Уладзімір Сцяпанавіч перанёс гэтак жа мужна, як і трагічную смерць малодшага брата Дзімкі, які падарваўся пасля вайны на гранаце і памёр у яго на руках...

- Ешце, ешце, гэтая смаката сапраўдная, - шчыра і сардэчна запрашаў нас гаспадар. - Адчуваеце, якая казачная духмянасць? А ўсё таму што я, у адрозненне ад многіх, ніколі не падсоўваю сваім неверагодным працаўніцам цукар, цукровы сіроп, ці іншыя "прысмакі", накшталт ненатуральнай глюкозы, жалаціну ці крухмалу... У мінулым годзе памерла жонка майго вернага сябра Алеся Баўдзілы, з якім разам вучыліся ў школе, былы аграном-насеннявод калгаса "Бачэйкава" Марыя Канстанцінаўна. Яе працу, між іншым, адзначылі двума ордэнамі - Працоўнага Чырвонага Сцяга і Знак Пашаны. Дык вось, яна казала, што пры згаданай падкормцы пчол у мёдзе нямашака арганічных лятучых рэчываў, таму адсутнічае і той дзіўны водар, якім напоўнілася ўся хата. Увогуле, адукаваная, разумная жанчына, пра якую кажу, дапамагла мне правільна, граматна вырошчваць усё, чаму я дапамагаў вырасці раней і дапамагаю цяпер. Вы звярнулі ўвагу на тое, што я назваў пчол неверагоднымі працаўніцамі? Гэта не выпадкова. Каб сабраць кіло мёду, пчала павінна злётаць па няктар да… 150 тысяч разоў. Ёй трэба праляцець каля 460 тысяч кіламетраў. Гэта ў 11 разоў больш, чым акружнасць зямнога шара па экватары!

Я гэтак заслухаўся, што забыўся адразу запытаць пра тое, пра што ўсю дарогу думаў - ці купляў у Сцяпанавіча мёд хтосьці з менскіх журналістаў? Урэшце запытаўся, і праз колькі хвілін ад Людмілы пачуў:

- Так, недзе ў сярэдзіне дзевяностых, разам з загадчыцай Бачэйкаўскага Дома культуры Таццянай Косінец па мёд прыязджала надта гаваркая, культурная, сімпатычная бялявая жанчынка з "Беларускай нівы", якую я выпісвала і з цікавасцю чытала. У мяне нават захаваліся асобныя старонкі трох нумароў за 96-97 гады. Памятаю, бацька ўсё пытаўся: "Каласок" прынесла? - Пад такой прыгожа намалёванай назвай друкаваліся вельмі пазнавальныя і карысныя парады спецыялістаў і чытачоў, якія дзяліліся асабістым гаспадарчым досведам. Госця цікавілася тады творчасцю нашага вядомага ў рэспубліцы народнага фальклорнага калектыву "Крыніца".

Ад нечаканасці я знямеў, бо адразу здагадаўся, каго мела на ўвазе Людміла. Гэта была заслужаны работнік культуры Беларусі Святлана Ульянаўна Кліменценка, якая верай і праўдай служыла роднаму беларускаму слову, па-мацярынску апекавала Жэню Янішчыц і Свету Алексіевіч, якія працавалі ў свой час пад яе кіраўніцтвам.

Вось сказаў пра гэта, і адразу ўспомнілася Жэніна:

Будзе слоту абвяшчаць прагноз,

Лістабой учыніць ператруску.

Песняй, што расчуліла да слёз,

Я прыму цябе па-беларуску.

Краю блаславёнага дачка,

Дзякуй лёсу,

Маю не ў нагрузку -

Зорны крыж Мацея Бурачка…

Ты ўва мне прызнаеш беларуску?

Сто разоў шукай другой красы,

А тым больш

Што свет даўно не вузкі!

… Ды калі ты не бязродны сын -

Гавары са мной па-беларуску.

Час - вар'ят, шалёнае таксі,

Толькі ўсё ж не мыслю я аб спуску.

Кажаш, што магілы зараслі?

Памаўчы са мной па-беларуску.

Святлана Ульянаўна доўгі час паспяхова ўзначальвала ў нашай сялянскай газеце аддзел культуры, а пасля шмат гадоў упрыгожвала сваімі развагамі над лёсам народа і ягонай мовы старонкі "Народнай Волі". Менавіта ёй належыць адзін з самых яркіх публіцыстычных артыкулаў пра добра знаёмае сёння не толькі беларусам лясное ўрочышча на паўночна-ўсходняй мяжы Менска: "Курапаты: на мяжы памяці і бяспамяцтва". Ён быў надрукаваны ў нумары "Народнай Волі" за 30 красавіка - 4 траўня 2009 года. На вялікі жаль, напрыканцы студзеня 2020-га сябра Грамадскага аб'яднання "Хрысціянская злучнасць "Курапаты" Святлана Ульянаўна Кліменценка назаўжды з намі развіталася… Вядомы беларускі паэт Васіль Жуковіч, які працаваў калісь літкансультантам "Сельской газеты", прысвяціў гэтай неверагоднай жанчыне такія надзённыя радкі:

Светлая, прасветлая Святлана,

Не сышоў падзеяў цёмны фон,

Цяжка так душу вярэдзіць ён,

Светлая, прасветлая Святлана!

У чародах непаўторных дзён

Хочацца палётаў не ў нірвану…

Светлая, прасветлая Святлана,

Не сышоў падзеяў цёмны фон.

А пачаткам радасных падзей

Стане разняволенае слова.

Слова - ўсіх падзеяў, дзей аснова,

Гэта - найвялікшы скарб людзей!

Хоць у рэчаіснасці суровай

Верыцца у лепшае радзей,

А пачаткам радасных падзей

Стане разняволенае слова.

НА ПЧАЛЬНІК (як жа не глянуць?!) з пятнаццаці, было зачна больш, хатак у садзе з яблыняў, грушаў, сліваў, вішань, маліны і ажыны мы кіраваліся праз шыкоўную майстэрню, дзе спаборнічалі між сабой пахі новага мёду і свежых стружак з пілавіннем. Тут жа красаваліся зусім нядаўна народжаныя майстэрствам і тонкім разуменнем таго, што робіш, рамкі з сасновых дошак. У чаканні свайго асабістага ўдзелу ў далейшай важнай справе нецярпліва пазіралі на дрэваапрацоўчы станок электрапіла, фуганак, гэбель ды іншыя неабходныя сталярныя прылады. Так і хацелася іх супакоіць: "Не хвалюйцеся, гаспадар хутка прыйдзе!".

Зайздросны для тых, хто не вельмі ці ўвогуле не любіць "гнуць спіну" пчальнік заснаваў яшчэ дзед па бацькоўскай лініі Хведар Хведаравіч, лепшы ў акрузе скрыпач. Казалі, пчолы Ляўшуна (такая ў яго была мянушка) дзейнічаюць лепей за іншых таму, што ён грае ім нейкую патаемную мелодыю. Справу працягваў да самага свайго сыходу бацька Сцяпан - першы брыгадзір першага калгаса "1 Мая". На фронт з-за атрыманай падчас службы ў коннай артылерыі кантузіі яго не ўзялі, і ён даволі хутка наладзіў сувязь з партызанамі.

Парадак з дапамогай маці Соф'і Яфімаўны навёу у хаце і пчальніку такі, што дванаццаць аўстрыйскіх шафераў адразу зрабілі зусім нечаканае жытло сваім, а сям'ю адправілі ў суседнюю прыбудову для захавання збажыны, бульбы, буракоў, гародніны ды садавіны. Балазе захоўваць асабліва не было чаго, таму ўшасцёх і ўмяшчаліся. Крыху прасцей і ў той жа час куды складаней стала пасля таго, як у атрадзе моцна захварэла кухарка. Лясныя мсціўцы, сярод якіх былі розныя "байцы", тэрмінова звязаліся з бацькам, які па іхнім настаянні стаў часовым старастам. Гэта першае. А другое - ён павінен быў тэрмінова адправіць у лес дачку Ліду, якая ўмела, да таго ж, яшчэ і добра шыць. "Паехала да хворай цёткі",- адказаў бацька галоўнаму аўстрыяку. Той больш і не пытаўся, бо, найперш, яго больш цікавіла сямнаццацігадовая прыгажуня Маня, што прыходзіла ў дом паліць раніцой печку, а днём павінна была засыпаць пяском канавы на дарозе ў Віцебск. Часцяком Валодзя хадзіў замест яе. Наведваў ён на балоце і партызанаў, якім насіў спечаны матуляй хлеб. Ніхто не мог і ўявіць, чым займаюцца на самой справе дачка і сын старасты! Добра, ні ў Бачэйкаве, дзе стаяў нямецкі гарнізон, ні ў Жарнасекаве не было паліцаяў. Праўда, усім хапіла аднаго вырадка - начальніка полацкай паліцыі Пракопа Ціслёнка з Клешчына, якога баяліся нават немцы! У сваіх крывавых "камандзіроўках" ён расстрэльваў усіх, хто трапляўся пад руку. Не менш жорстка дзейнічалі і бандэраўцы. У гэта нельга паверыць, але быў момант, калі аступаючыя, знясіленыя немцы на ламанай рускай мове папярэдзілі бацьку і дзядзьку, якія тушылі хату, што рускія (украінскія нацыкі) забіваюць на сваім крывавым шляху людзей без разбору. Ліда вярнулася дадому ледзьве жывая, пра гэта многія вяскоўцы ведалі, але ворагу так і не выдалі.

Пасля вайны Уладзімір працягнуў вучыцца ў школе. Потым служыў на Сахаліне, дзе стаў старшыной артылерыйскай батарэі. Настойліва прапаноўвалі застацца, абяцаючы залатыя горы, але без радзімы сябе не ўяўляў. Дарэчы, казачныя ўмовы абяцалі і кіраўнікі ўкраінскіх шахтаў, дзе давялося ў свой час папрацаваць.

Пасля вяртання з войска Уладзімір дбайна, старанна, рупна працаваў машыністам паравой стацыянарнай машыны на мясцовым цагляным заводзе, аб якім, як і пра шмат што іншае засталіся адны ўспаміны… Пасля таго як запалілася "лямпачка Ільіча" - вывучыўся на экскаватаршчыка і 20 гадоў аддаў Бачэйкаўскаму будаўніча-мантажнаму ўпраўленню. Амаль увесь гэты перыяд партрэт Уладзіміра Краско вісеў на Дошцы гонару арганізацыі, якая, крамя Бешанковіцкага, абслугоўвала Лепельскі, Чашніцкі і Шумілінскі раёны. Калі надышоў час развітвацца - лепшы экскаватаршчык БМУ да самай пенсіі звязаў свой лёс з родным калгасам. Вышэй вытворчых паказчыкаў ніхто ў тыя, ды і пазнейшыя гады, не дабіваўся. " Лепшага жывёлавода, - адзначаў на сходах і ў размовах са спецыялістамі старшыня гаспадаркі Яўген Шурмялёў, - за ўсю сваю шматгадовую дзейнасць я не бачыў раней, і, думаю, ніколі ўжо не сустрэну". Ды ўсе гэта добра ведалі і без ягоных слоў. Краско ніводнага разу не спазніўся накарміць сваіх 150 бычкоў, прывагі якіх даходзілі да паўтара кіло ў суткі, "зялёнкай", сенажом, сенам, камбікормам альбо мукой. Пры гэтым ён рабіў усё магчымае, каб жывёліны атрымлівалі абгрунтаваную спецыялістамі норму таго ці іншага корму.

Уладзімір Сцяпанавіч заўжды лічыў і працягвае лічыць сёння, што сапраўдны скарб для яго самога, ягоных сціплых землякоў, урэшце для ўсіх нас, беларусаў, - гэта жаданне і ўменне працаваць на сваёй роднай зямельцы, у сваёй роднай краіне.

Уладзімір Барысенка. На здымках: 1. Мясцовыя краявіды, рэчка Ула. 2. Старшына артылерыйскай батарэі, Сахалін, 1953 г. 3. Партрэт з Дошкі гонару. 4. Ул. Краско ў сваёй шыкоўнай майстэрні. 5. З зяцем Рыгорам на пчальніку. 6. Дружная сям'я ветэрана.

Прэзентацыя кнігі Алены Запаснік "Падарунак чараўніка"

27 жніўня ў філіяле "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" для дзяцей з аматарскага аб'яднання "Крынічка" (ДУА "Яслі-сад № 18 г.Ліды") і ДУА "Яслі-сад № 26 г. Ліды" прайшла незвычайная сустрэча. Дзяўчынак і хлопчыкаў запрасілі на прэзентацыю кнігі Алены Запаснік "Падарунак чараўніка".

Алена Запаснік нарадзілася ў 1999 годзе ў гарадскім пасёлку Радунь Воранаўскага раёна. Выпускніца педагагічнага факультэта Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. З'яўляецца ўдзельнікам Клуба маладога літаратара, які заснаваны на базе навуковай бібліятэкі ГрДУ. Піша экалагічныя казкі і казкі на развіццё артыкуляцыі.

Алена Запаснік стварыла сапраўдны падарунак маленькаму чытачу. На старонках кнігі дзеці сустрэнуць хлопчыкаў і дзяўчынак, якія трапляюць у незвычайную сітуацыю і знаходзяць спосабы выхаду з яе. Тут ажываюць жывёлы, птушкі, кветкі і нават садавіна, і нічога дзіўнага няма - бо ў казцы ўсё магчыма. Тым больш, што казкі гэтыя не простыя, а педагагічныя, вучаць дзяцей лепш даведацца пра навакольны свет, вырасці добрымі, смелымі і разумнымі.

Сваё выступленне аўтар кнігі, Алена Запаснік, пачала са знаёмства дзяцей з прафесіяй пісьменніка, трохі распавяла аб тым, як нараджаецца кніга і трапляе ў рукі чытача. А потым дзеці адправіліся ў падарожжа па чароўных казках. Даведаліся, хто ў лесе самы незвычайны, дзецям распавялі, што цацкі на самай справе чароўныя і іх трэба берагчы, любіць і не крыўдзіць. Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з казкай "Сумны анёл" і падарылі шмат усмешак, паслухаўшы вясёлую казку пра Банан і Яго Дзень нараджэння. А казка "Запалкі - дзецям не цацкі!" стала завяршальнай для дзяцей, аўтар кнігі распавяла ў ёй пра тое, што ні ў якім разе дзеці не павінны чапаць запалкі без дазволу бацькоў і быць акуратнымі з агнём.

У канцы прэзентацыі Алена Запаснік зрабіла прыемны падарунак бібліятэцы, падарыла некалькі сваіх кніг з яркімі, маляўнічымі ілюстрацыямі і выдатнымі казкамі. Гэтыя кнігі зоймуць сваё ганаровае месца на кніжнай паліцы і будуць чакаць чытачоў.

Кацярына Сандакова, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынга ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX