Папярэдняя старонка: 2021

№ 38 (1553) 


Дадана: 22-09-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 38 (1553), 23 верасня 2021 г.

Падзеі вакол ТБМ

Мінюст на саступкі не ідзе

15 верасня, адбылося дасудовае паседжанне па скарзе ТБМ на другое пісьмовае папярэджанне Міністэрства юстыцыі. Доўжылася яно цэлую гадзіну. Кожны з бакоў прадаставіў суду дадатковыя запатрабаваныя дакументы. Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі пераконвала суддзю ў тым, што ТБМ парушыла закон, прадставіўшы ім асобныя дакументы не ў такой форме, як ім бы хацелася. Спадзяванні на тое, што Міністэрства юстыцыі адмовіцца ад прэтэнзій з-за іх нязначнасці і фармальнага характару не апраўдаліся. Ніякае міравое пагадненне ў планы Міністэрства не ўваходзіла.

Пазіцыю ТБМ адстойвала старшыня ТБМ Алена Анісім. І пазіцыя ТБМ такая - законаў Беларусі Таварыства не парушала, свой Статут выконвае, а агучаныя Міністэрствам юстыцыі заўвагі носяць выключна фармальны характар. Тыя дакументы, якія нібыта былі прадстаўлены Таварыствам не па форме, тое ж Міністэрства без усялякіх праблем у свой час прыняло і ніякіх прэтэнзій не выказала. Адкуль яны ўзяліся праз паўгода?

Праз два тыдні, 27 верасня, будзе ўжо судовае паседжанне, на якім суддзя Вярхоўнага суда вынесе канчатковы вердыкт па скарзе ТБМ. Пра вынікі гадаць не будзем, але напружанасць вакол ТБМ не спадае.

Станіслаў Суднік.

Народнае адзінства - гэта не толькі 1939 год

17 верасня, калі ўся краіна адзначала Дзень народнага адзінства, у летапіс Лідскай зямлі была ўпісана яшчэ адна значная старонка. Па ініцыятыве старшыні раённага выканаўчага камітэта Сяргея Ложачніка з мэтай умацавання культурнага і турыстычнага патэнцыялу рэгіёна, захавання найболей значных момантаў нашай гісторыі і патрыятычнага духу маладога пакалення на трасе М-6 каля павароту на аграгарадок Ваверка ўрачыста адкрылі памятны знак. Фундатарам малой архітэктурнай формы выступіла мясцовае прадпрыемства ААТ "БМТ № 19". Памятная таблічка была зроблена на заводзе ЗАТ "Каскад".

Новы аб'ект - памяць пра мірнае пагадненне 1392 года, падпісанае паміж Ягайла і Вітаўтам у наваколлях Ліды.

Мірнае пагадненне 1392 года паміж каралём польскім і вялікім князем літоўскім Ягайлам ды яго жонкай каралевай Ядвігай з аднаго боку і князем Гарадзенскім Вітаўтам ды яго жонкай княгіняй Ганнай было падпісана недзе кіламетраў за 6-8 ад гэтага месца ў двары Востраў. Па рацэ Дзітве праходзіла мяжа паміж уладаннямі Ягайлы і Вітаўта. Двор Востраў стаяў на адлегласці з паўкіламетра ад Дзітвы ва ўладаннях Ягайлы, а знак пастаўлены недзе за тыя ж паўкіламетра ад Дзітвы ва ўладаннях Вітаўта.

Мірная дамова стала знакам братэрскага пагаднення і яднання народаў ВКЛ. Пасля яго заключэння браты разам нанеслі паразу крыжакам на палях Грунвальда ў 1410 годзе, а Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, цэнтральнай часткай якога былі беларускія землі, неўзабаве дасягнула свайго найвялікшага дабрабыту і магутнасці.

- Тое, што сёння, у Дзень народнага адзінства, на Лідчыне з'явілася яшчэ адна малая архітэктурная форма, вельмі сімвалічна. Гэтым мерапрыемствам яшчэ раз хочацца падкрэсліць, што яднанне народа ва ўсе часы было галоўным для нашай краіны. Усім нам важна захоўваць адзінства беларускага народа, не дапускаць разладаў, ні палітычных, ні рэлігійных, ні нацыянальных. Таму што, калі мы страцім гэтае адзінства, тады мы страцім свой народ, сваю дзяржаву, - выступаючы перад прысутнымі, адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Владыка.

Генадзь Анатольевіч прыклаў найбольшыя намаганні для ўстаноўкі знака. Ён жа разам са старшынёй Лідскага райсавета Інэсай Генадзеўнай Белуш і адкрываў знак.

Лідзяне паважаюць кожную важную старонку сваёй гісторыі. Стварэнне памятнага знака сімвалізуе пераемнасць пакаленняў, устойлівасць і самадастатковасць нацыі і дзяржаўнасці. Аб'яднаны адной гісторыяй, традыцыямі, культурай, духам згуртаванасці і салідарнасці, наш народ, заўсёды будзе рабіць Беларусь яшчэ мацнейшай, прыгажэйшай, багацейшай, - падкрэслівалася на цырымоніі адкрыцця памятнага знака.

На адкрыццё памятнага знака сабраліся прадстаўнікі ўладаў, грамадскасці, школьнікі бліжніх школ, прэса.

Паводле Вольгі Капцевіч, lidanews.

Таварыства беларускай школы зліквідавалі на ягонае 100-годдзе

Вярхоўны суд на пазоў Міністэрства юстыцыі зліквідаваў Таварыства беларускай школы (ТБШ). У незалежнай Беларусі арганізацыя мела легальны статус апошнія чвэрць стагоддзя і сёлета магла адзначыць 100-гадовы юбілей сваёй дзейнасці.

Сярод прэтэнзій Міністэрства юстыцыі - нібыта несапраўдны юрыдычны адрас, бо вярталася карэспандэнцыя, а таксама тое, што не апублікавалі справаздачу дзейнасці за неабходны прамежак часу.

Гэта ўжо другая афіцыйная забарона ў гісторыі аб'яднання. Роўна 85 гадоў таму адпаведнае распараджэнне выдала польская адміністрацыя, а якраз у "Дзень народнага адзінства" тое самае зрабіла ўласная дзяржава.

Намесніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч на "расправу" адрэагавала па-філасофску.

- Давайце лічыць гэта прызнаннем. Значыць, нашы настаўнікі рабілі ўсё правільна. Аб'ектыўна кажучы, і так шмат паспелі за гэтыя 25 гадоў. Таму будзем лічыць, што гэта чарговы перапынак на таталітарызм, з трэцяга разу дакладна ўсё атрымаецца, - перакананая яна.

Беларускім словам - па прымусовай паланізацыі

З гісторыі ТБШ

Датай заснавання Таварыства беларускай школы лічыцца 22 лютага 1921 года, калі Цэнтральная школьная рада ў Вільні прыняла адпаведную пастанову дзеля актывізацыі працы на месцах. Галоўны напрамак палягаў у "развіцці беларускай асветы".

Згодна са статутам, ТБШ мела права адкрываць і ўтрымліваць народныя школы, праводзіць курсы для непісьменных дарослых, утрымліваць настаўніцкія семінарыі, аказваць вучэбна-метадычную і грашовую дапамогу.

Новая ініцыятыва заявіла пра сябе надзвычай актыўна: адкрывала народныя дамы з бібліятэкамі, наладжвала працу гурткоў творчай самадзейнасці, удзельнічала ў падрыхтоўцы вучэбных дапаможнікаў, арганізавала кнігавыдавецкую дзейнасць - балазе ў Вільні запрацавала сваё выдавецтва.

Першую суполку ў цяперашніх межах Беларусі заснаваў 7 сьнежня 1921 года ў Радашковічах мовазнавец, будучы акадэмік Браніслаў Тарашкевіч.

Некалькімі гадамі раней ён выдаў "Беларускую граматыку для школ", якая адыграла выключную ролю ў станаўленні літаратурнай мовы і вытрымала некалькі перавыданняў. Яшчэ адной знакавай фігурай у супольнай справе стаў Аляксандар Уласаў, выдавецрэдактар "Нашай Нівы", гаспадар суседняга маёнтка Мігаўка. Лёс абодвух склаўся трагічна.

Следам за далучэннем Віленскага краю да Польшчы пачаўся наступ на беларускую асвету. Працяглы час моўным рупліўцам удавалася адбіваць атакі прымусовай паланізацыі, пашыраючы свой уплыў па ўсёй Заходняй Беларусі.

У немалой ступені гэтаму спрыяла тое, што пасля выбараў у Сойм у лістападзе 1922 года паўстала ўплывовая фракцыя "Беларускі пасольскі клуб", чальцамі якой сталі актыўныя сябры ТБШ Браніслаў Тарашкевіч, Аляксандр Уласаў, Пятро Мятла, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Адам Станкевіч, Антон Аўсянік, Фабіян Ярэміч, Павел Валошын ды іншыя. Такім чынам, беларускае навучанне займела парламенцкую падтрымку.

Спыніць беларусізацыю - вырашыць праблему

У красавіку 1923 года адбыўся з'езд педагогаў беларускіх гімназій, які прыняў рэзалюцыю: мэта нацыянальнай школы - выхаванне праўдзівага інтэлігента. На акупаваных землях пашыралася думка, што толькі школа на роднай мове забяспечыць неўміручасць народа. Як вынік, да вясны 1925-га Цэнтральная школьная рада зарэгістравала 6524 дэклярацыі аб навучанні па-беларуску 10 тысяч дзяцей.

Польскі ўрад паспрабаваў перахапіць ініцыятыву, прыняўшы "Закон аб мове і арганізацыі школьнай справы". Фармальна дакумент павінен быў палепшыць становішча нацыянальных меншасцяў, аднак Браніслаў Тарашкевіч ахарактарызаваў яго катэгарычна: "Фікцыя дзеля заспакаення еўрапейскай грамадскасці і пад ціскам Лігі Нацый".

У верасні 1926 года адбыліся выбары Галоўнай управы ТБШ. У яе склад увайшлі ўжо згаданыя Браніслаў Тарашкевіч, Пятро Мятла, часты госць Мігаўкі, вядомы фалькларыст і грамадскі дзеяч Рыгор Шырма, а за старшыню абралі Радаслава Астроўскага.

Таварыства аказвала дапамогу Віленскай, Клецкай, Наваградскай, Радашковіцкай ды іншым гімназіям і пачатковым школам, а таксама накіроўвала моладзь (часта нелегальна) на вучобу за мяжу, у тым ліку ў БССР. Да 1930 года ў структуры ТБШ працавалі ўжо 483 гурткі, якія аб'ядноўвалі больш за 15 тысяч чалавек.

Наіўна было разлічваць, што польская адміністрацыя заплюшчыць вочы на рост нацыянальнай свядомасьці і ўсё мацнейшую палітызацыю арганізацыі. Выхад з-пад кантролю чакана прывёў да маштабных рэпрэсій з арыштамі і працяглымі тэрмінамі зняволення.

Нейтралізацыя чальцоў Галоўнай управы стала пунктам невяртання. Спынілі існаванне шэраг пачатковых школак, а следам і беларускія гімназіі ў Радашковічах (1929), Клецку (1931), Наваградку (1934). Канчатковым ударам па пазіцыях арганізацыі стала яе афіцыйная забарона 2 снежня 1936 года. Апошнім кіраўніком ТБШ пад Польшчаю аказаўся Рыгор Шырма.

Расейскі дыктат - бонус да вызвольнай місіі

У выніку вызвольнай місіі Чырвонай арміі і далучэння Заходняй Беларусі да БССР здарылася іншая навала. Пакуль Масква была заклапочана вынішчэннем слядоў "панскай Польшчы", пачатковая і сярэдняя школа заставаліся беларускамоўнымі. Але затым гісторыя паўтарылася, толькі гэтым разам ужо з расейскім дыктатам.

Найбольш актыўных чальцоў нацыянальнага руху, як Браніслава Тарашкевіча і Аляксандра Уласава, ліквідавалі фізічна. Па вайне падхапіць эстафету Таварыства беларускай школы ўжо не было каму, хоць сітуацыя горшала на вачах.

Родную мову паступова выкаранялі з усіх сфераў ужытку, асвета пайшла пад нож ці не першай. Спачатку ў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а да канца 1970-х ад яе пазбавіліся ў гарадах, пакінуўшы моўныя выспы толькі ў вясковых школах.

Адрадзілася Таварыства беларускай школы праз доўгія 60 гадоў, ужо за часамі дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Праўда, лакальныя спробы былі і раней, разам з уздымам нацыянальнага руху ў 1980-я. Адной з першых грамадзкіх акцыяў "Беларускай Майстроўні" стала вяртанне да тактыкі ТБШ: у Менску з ініцыятывы Віктара Івашкевіча маладыя актывісты пайшлі ад дзвярэй да дзвярэй, каб сабраць подпісы за беларускамоўнае навучанне.

На хвалі нацыянальнага абуджэння на пачатку 1990-х за рэанімацыю ТБШ узяўся этнограф, кандыдат філалагічных навук Алесь Лозка. Статус адзінай дзяржаўнай мовы абяцаў шырокі фронт дзейнасці. Але рэферэндум 1995-га з узаконеным "двуязычием" перакрэсліў спадзевы на шырокую беларусізацыю.

Тым не меней, 22 сакавіка 1996 г. Устаноўчая асамблея арганізацыі прыняла Статут, а 30 жніўня таго ж года Міністэрства юстыцыі выдала дзяржаўнае пасведчанне аб рэгістрацыі № 0760 першаму прэзідэнту ТБШ Генадзю Пятроўскаму, тагачаснаму намесніку міністра адукацыі. Давялося тэрмінова скарэктаваць планы і ўжо не столькі спрыяць працы беларускіх школаў, садкоў, летнікаў, як дэкляравала першапачатковая місія, колькі бараніць іх.

Ад 1999 года пасаду старшыні ТБШ (прэзідэнт у краіне застаўся толькі адзін) заняў Алесь Лозка.

Затым з пэўнай перыядычнасцю адбываліся планавыя перарэгістрацыі, пакуль напярэдадні 100-гадовага юбілею арганізацыя разам з іншымі грамадскімі ініцыятывамі не патрапіла пад татальную зачыстку з боку ўладаў.

Паводле СМІ.

Сяргей Законнікаў адзначыў 75-годдзе. Акурат у гэты дзень выйшла яго новая кніга

16 верасня адзначыў дзень народзінаў Сяргей Іванавіч Законнікаў - паэт, перакладчык і яркі публіцыст. Сябры прывезлі яму падарунак - яго новую кнігу паэмаў "Вечны пароль".

"Юбілейныя 75 гадоў Сяргею Законнікаву. Паэту, якога яшчэ адзін паэт, старэйшы ягоны сябар Уладзімір Караткевіч, узнагародзіў сваім, атрыманым ад партыі і ўрада, ордэнам. А ўзнагарода ад Караткевіча куды вышэйшая, чым узнагарода ад партыі і ўрада - тым больш ад такога, як сёння, які пра паэта, што жыццё сваё прысвяціў Беларусі, ані словам не ўспомніў…" - напісаў Уладзімір Някляеў у Facebook.

Сяргей Законнікаў нарадзіўся 16 верасня 1946 г. у вёсцы Слабада Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і настаўнікаў. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1969). Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Клетнаўскай сярэдняй школе Барысаўскага раёна (1969-1970).

Пасля - літсупрацоўнік ушацкай раённай газеты "Патрыёт" (1970-1971), сакратар Ушацкага райкама камсамолу (1972-1975).

З сакавіка 1975 г. - карэспандэнт, загадчык аддзела газеты "Чырвоная змена", з кастрычніка 1975 г. - карэспандэнт газеты "Звязда". З 1978 г. - інструктар, з 1979 г. - загадчык сектара мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ, з 1986 г. - галоўны рэдактар часопіса "Полымя". Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Узнагароджаны ордэнам "Знак Пашаны" і медалём. Сябар Саюза пісьменнікаў з 1977 г.

Працуе аглядальнікам газеты "Свабодныя навіны".

Першы верш апублікаваў у 1963 г. (газета "Віцебскі рабочы"). У 1970 г. у калектыўным зборніку "Рунь" надрукавана падборка вершаў. Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы расійскіх, украінскіх, грузінскіх і летувіскіх паэтаў. Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП Беларусі імя. А. Куляшова (1982) за кнігу вершаў "Пакуль жыве мая бяроза".

Аўтар кніг: "Бяседа" (1973), "Устань да сонца" (1976), "Пакуль жыве мая бяроза" (1981), "Вера, Надзея, Любоў" (1983), "Сутнасць" (1987), "Вечная далеч" (1987), 6. "Прысак часу": вершы і паэмы (1986), "Заклінанне": кніга паэзіі (1991), "Святая воля": выбраная лірыка (1993), "Беларускае сэрца": публіцыстычны роздум, эсэ (1993), "Вячэра пад райскім дрэвам": падарожныя нарысы, дзённікі (1996), "Czarny koc Apokalipsy": poemat (1996, 2006 - перавыданне) (польск.), "Лістам дарога запала…": выбранае (2000), "Пътят на душата": стихотворения и поеми (2002) (балг.) , "Гэта мы": паэмы (2006), "Першы пацалунак": сто вершаў пра каханне (2007), "Дол": вершы і паэмы (2008), "Насустрач": публіцыстыка, эсэ (2008) і інш.

Паводле СМІ.

Дзятлаўчане ўшанавалі свайго земляка

У Дзятлаўскім гістарычна-краязнаўчым музеі адбылася вечарына, прысвечаная 75-годдзю кіраўніка Дзятлаўскай суполкі ТБМ, грамадска-культурнага актывіста, педагога, краязнаўца, лаўрэата літаратурнай прэміі імя Анатоля Іверса Валерыя Петрыкевіча. Павіншаваць земляка прыйшлі яго былыя вучні, школьнікі, сябры, бібліятэкары і супрацоўнікі музея. Адкрыла вечарыну супрацоўніца музея, паэтка і краязнавец Алена Абрамчык, якая прычытала верш юбіляру і выканала некалькі чуллівых песень пад гітару. Шчыра віншавалі Валерыя Петрыкевіча з юбілеем і распавядалі розныя выпадкі з жыцця, прыгадвалі мерапрыемствы, паходы па роднай зямлі з Валерыем Міхайлавічам дырэктар Дзятлаўскага музея Вольга Цюшляева, дырэктар Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Вольга Бойка, краязнавец Фёдар Красюк, дзятлаўскія паэты Раіса Лакіза і Міхаіл Лук'янчык, школьнікі, былыя вучні і калегі. Прыехаў са Слоніма павіншаваць старэйшага сябра і энтузіяста пісьменнік Сяргей Чыгрын. Да юбілею Валерыя Петрыкевіча ён напісаў верш, а паклаў яго на музыку і выканаў бард з Ліды Сяржук Чарняк. На жаль, у яго завітаць у Дзятлава не атрымалася, таму песню ён даслаў для Радыё Рацыі, каб паслухалі ўсе радыёслухачы.

У гэты вечар цудоўнаму і апантанаму чалавеку з Дзятлава Валерыю Петрыкевічу ўсе зычылі здароўя і натхнення. А сам юбіляр падзякаваў за віншаванні і пажартаваў, што тыдзень адпачне, а пасля зноў будзе займацца краязнаўчымі справамі па ўшанаванні знакамітых людзей Дзятлаўскай зямлі і працай над першай сваёй краязнаўчай кнігай.

Аксана Шпак. Фота аўтара.

Бібліяноч на Слонімшчыне з прэзентацыяй кнігі пра Міколу Арочку

У філіяле "Інтэграваная бібліятэка аграгарадка Сялявічы" Слонімскага раёна адбылася бібліяноч з прэзентацыяй кнігі Сяргея Чыгрына "Дзяліў трывогу і настрой: Мікола Арочка на фотаздымках". Перад пачаткам мерапрыемства прысутныя змаглі паглядзець выставу вырабаў з саломы таленавітага мясцовага майстра Валянціны Мароз, фотавыставу Сяргея Клёсава "Краявіды роднага краю", пазнаёміцца з выставамі літаратуры "Любая Радзіма", "Наш край на таленты багаты", "Кнігі ў дар ад пісьменнікаў Слонімшчыны" і летапісам літаратурна-музычнай гасцёўні "Сябрына". Вядоўца мерапрыемства Ірына Каранец шчыра вітала прысутных вясковай бібліяночы. Ганаровым госцем свята быў літаратуразнавец, гісторык, краязнавец, перакладчык і журналіст Сяргей Чыгрын, які прэзентаваў сваю новую кнігу "Дзяліў трывогу і настрой: Мікола Арочка на фотаздымках". Сяргей Чыгрын распавёў пра доктара філалагічных навук Міколу Арочку, пра яго выданні і пра тое, што ў фотаздымках пісьменніка адлюстраваны ўвесь яго жыццёвы шлях. Віншавальныя нумары для ўдзельнікаў мерапрыемства падрыхтавалі работнікі філіяла "Сялявіцкі цэнтр культуры", а юныя чытачы бібліятэкі Ангеліна Мялешка і Ангеліна Сяркевіч прачыталі вершы на роднай мове. Напрыканцы вечара самыя актыўныя чытачы бібліятэкі атрымалі падарункі і граматы лепшага чытача "За адданасць і любоў да кнігі, чытання ў бібліятэцы".

Аксана Шпак. Фота аўтара.

Хто з кнігаю дружыць, ніколі не тужыць

15 верасня на пляцоўцы каля Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы было шматлюдна, панавала святочная атмасфера - тут адбыўся фестываль кнігі і друку "Зоркі лідскіх небасхілаў", які з'яўляецца традыцыйным для нашага горада культурна-масавым мерапрыемствам у Дзень бібліятэк. З году ў год фестываль закліканы нагадаць аб вялікіх беларускіх асветніках і друкарах мінуўшчыны і ўшаноўваць работнікаў бібліятэк, а таксама ўсіх, хто мае дачыненне да стварэння друкаванай кнігі, іншай друкаванай прадукцыі.

У час фестывалю на пляцоўцы каля раённай бібліятэкі былі разгорнуты кніжныя выставы, забаўляльныя пляцоўкі, дзіцячая гульнявая зона, розныя майстар-класы - кожны наведвальнік змог знайсці сабе занятак па гусце. Месцам жа асноўных дзеянняў фестывалю стала імправізаваная сцэна ля ўвахода ў бібліятэку. Падцягвацца бліжэй да гэтай сцэны заклікалі людзей удзельніцы фальклорнага гурта "Талер" аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры.

Спачатку з Днём бібліятэк усіх прысутных павіншавалі галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама Наталля Вайцюкевіч і сакратар Лідскай епархіі протаіерэй Максім Цыгель.

- Без кніг жыццё чалавека абядняецца, - падкрэсліў у сваёй прамове айцец Максім. - Калі чалавек чытае добрыя кнігі, ён абнаўляе свой вобраз і вобраз Божы ў сабе.

Многае гаварылі вядоўцы імпрэзы аб бібліятэках як захавальніках духоўных, культурных і інтэлектуальных скарбаў, аб кнігах як падмурку духоўнага жыцця народа, крыніцах ведаў. "Хто з кнігаю дружыць - ніколі не тужыць", - сцвярджалі яны. Прысутным (а сярод іх было многа школьнікаў) нагадалі пра беларускіх асветнікаў Ефрасінню Полацкую, Кірылу Тураўскага, Кліменція Смаляціча і, канешне ж, пра Францішка Скарыну.

Падзякавала раённай бібліятэцы за супрацоўніцтва і перадала ёй у дар кнігу аб журналістах Гарадзеншчыны член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, галоўны рэдактар "Лідскай газеты" Кацярына Серафіновіч. З гісторыяй і днём сённяшнім Лідскай друкарні азнаёміла яе спецыяліст Валянціна Нічыпар. Стаць сябрамі магазіна "Кніжны свет" заклікала прысутных яго загадчыца Галіна Станевіч. Подзвігам назваў летнюю акцыю раённай бібліятэкі "Літфэст па-лідску" з выхадамі з кнігамі ў народ, да дзяцей паэт, рэдактар газеты "Наша слова", гістарычна-літаратурнага часопіса "Лідскі летапісец", а таксама літаратурна-мастацкага часопіса "Ад лідскіх муроў" Станіслаў Суднік і прачытаў свой верш, прысвечаны друкаванай кнізе, якая і ў век інтэрнэту застанецца з намі.

Вершы на розныя тэмы - аб бібліятэцы, "Лідскай газеце", Радзіме, роднай мове, помніку Вялікаму князю Гедыміну - чыталі з імправізаванай сцэны сябры літаб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты" Ірына Маркевіч, Станіслава Белагаловая, Людміла Русь, Тарэза Смольская, кіраўнік літаб'яднання Аляксандр Мацулевіч.

У завяршэнне імпрэзы аб двух новых маштабных праектах, у якіх змогуць прыняць удзел паэты Лідчыны, - моладзевым праекце "І з мышкай, і з кніжкай" і конкурсе на атрыманне літаратурнай прэміі імя Валянціна Таўлая за найлепшы патрыятычны твор - коратка расказала першы сакратар Лідскага раённага камітэта БРСМ Вольга Міхаловіч. Палажэнне аб літаратурнай прэміі імя В. Таўлая на лепшы твор патрыятычнай тэматыкі будзе апублікавана ў адным з наступных нумароў.

Аляксей КРУПОВІЧ, г. Ліда.

Буклет для музея ксяндза Уладзіслава Чарняўскага

Сябры Валожынскай суполкі ТБМ выпусцілі буклет для музея ксяндза Чарняўскага, што ў Вішневе.

Як вядома, узнік музей, дзякуючы альтруізму і намаганням яго гаспадыні - настаўніцы мясцовай школы Бітэль Тарэзы. Музей існуе ўжо 5 гадоў, створаны ён быў на 100-гадовы юбілей ксяндза Чарняўскага, гэтага высакароднага чалавека, вялікага беларуса, легенды роднага краю. Ён адзіны на Беларусі святар, які ў савецкія часы богаслужэнне вёў па-беларуску. Паслядоўнік Скарыны, ён з дабраслаўлення Папы Рым-скага пераклаў Біблію і літургічныя тэксты на родную мову. Працаваў у Вішневе з 1953 г. Ушанаваны ордэнам "Гонар Айчыны", узнагароджаны медалём імя Ф. Скарыны, занесены ў кнігу гонару "Рупліўцы твае, Беларусь". Сёлета ксяндзу Чарняўскаму споўнілася 105 гадоў з дня нараджэння і 5 гадоў музею. Нам хацелася, і мы лічым сваім абавязкам як-небудзь адзначыць гэтую падзею. У канцы 2020 года выпусцілі каляндар на 2021 г. з юбілейнай тэматыкай ("Наша слова" аб гэтым пісала), а ў гэтым годзе - буклет. Грошы на друк ахвяраваў неабыякавы чалавек да беларускай культуры Міхаіл Ёда, за што мы вельмі яму ўдзячныя. Больш за 300 асобнікаў падаравалі музею. Цяпер наведвальнікі будуць мець магчымасць, акрамя экскурсіі, яшчэ і атрымаць памятку аб сустрэчы з Вішневам, яго гісторыяй, духоўнасцю. Рады, што такім чынам мы маральна, ды і матэрыяльна, падтрымалі высакародную справу загадчыцы музея.

У буклеце ёсць старонка і старэйшага сябра ТБМ, юбіляркі (80-годдзе) Марыі Трапашкі, настаўніцы, арганісткі, творчага чалавека, у свой час памочніцы ксяндза Чарняўскага ў справе беларушчыны.

Па замове Бітэль Тарэзы змешчаны гістарычны матэрыял пра Вішнева (нагаданы асноўныя гістарычныя падзеі), інфармацыя пра ўплывовы ў часы ВКЛ магнацкі род Храбтовічаў, пры якіх Вішнева дасягнула найбольшага развіцця. Таксама нагаданы вядомыя асобы, якія цесна звязаны з гэтай зямлёй, - гэта С. Будны, Шымон Перас, Нахум Гольдман, К. Буйло, Х.Чэрня, У. Луцэвіч. Змешчана рэдкае фота ў адзенні праваслаўнага святара Пятра Біталя, пісьменніка, настаўніка, патрыёта, заложніка бальшавіцкай сістэмы.

На тыльным баку буклета размешчана фота галоўнага будынка паляўнічай рэзідэнцыі Храбтовічаў, які вабіць нейкай таямнічасцю і нагадвае пра далёкае, незваротнае мінулае (ды і не зусім кепскае) вішнеўскай зямлі. Не так даўно пабывалі мы тут. Убачанае ўзварушыла да глыбіні душы. Палац напаўразбураны, яшчэ ў горшым стане знаходзяцца іншыя два двухпавярховыя будынкі, размешчаныя побач. Усё занядбана, змрочна, нават вусцішна... На лясной дарозе бачны свежыя адбіткі конскіх капытоў - гэта цікаўныя турысты верхам на конях аб'язджалі сядзібу: канешне, 50 га пешшу цяжка асіліць. Падумалася: а каб усё ўзнавіць, адбудаваць - дык не толькі нашы турысты, а замежнікі зацікавіліся б... А колькі такіх куточкаў на нашай Беларусі... Пакуль яны ёсць. Пакуль...

Дарэчы, у Вішневе і яго ваколіцах знаходзіцца нямала аб'ектаў, якія маюць гістарычную і архітэктурную каштоўнасць. Так што, даражэнькія, запрашаем усіх на Вішнеўшчыну, каго цікавіць духоўная і матэрыяльная культура нашых землякоў.

Людвіка Таўгень, старшыня Валожынскай суполкі ТБМ.

Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўнае спадарства!

Вам і нам сёння не проста. Вірус, смута, суды, перспектывы на закрыццё і г.д. Але пакуль тое ўсё недзе там, то падпіска на 4-ты квартал 2021 года заканчваецца, і калі мы не парупімся, то закрыем газету самі ў выніку адсутнасці чытачоў.

Цана падпіскі ранейшая:

на 1 месяц - 2,88 руб.;

на 3 месяцы - 8,64 руб.

Паспяшайцеся на пошту. Гэта самы просты варыянт падтрымаць ТБМ хоць нечым.

Кандыдаты ў канцлеры ФРГ ад СДПГ і "зялёных" - за мінімальную зарплату ў 12 еўра

Навіны Германіі

Олаф Шольц і Анналена Бербок падчас перадвыбарных дэбат падтрымалі ўсталяванне мінімальнай заработнай платы на ўзроўні ў 12 еўра ў гадзіну. Кансерватар Лашэт - супраць падобных дзяржгарантый.

Кандыдаты ў канцлеры ФРГ ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ) Олаф Шольц (Olaf Scholz) і ад партыі "Саюз 90/"зялёныя" Анналена Бербок (Annalena Baerbock) выступілі за ўвядзенне мінімальнай заработнай платы ў памеры дванаццаці еўра ў гадзіну падчас перадвыбарных дэбатаў з Армінам Лашэтам (Armin Laschet), прадстаўніком кіраўнічага кансерватыўнага блока ХДС/ХСС. Выступы палітыкаў паказалі ў нядзелю, 19 верасня, германскія прыватныя тэлеканалы Sat1, ProSieben і Kabel 1.

Лашэт падобныя дзяржаўныя гарантыі адпрэчыў. Ён мяркуе, што адказнасць за ўсталяванне такога парога павінны несці бакі калектыўных тарыфных перамоў. Па меркаванні кансерватара, гаворка ідзе і пра дыферэнцыяваны падход у розных сектарах. Так, у некаторых з іх ужо ўжываюцца больш высокія стаўкі, дадаў ён.

Бербок і Шольц не выключылі кааліцыі з Левай партыяй, Лашэт - супраць

Бербок у сваю чаргу выказала меркаванне, што ў дадатак да ўсталяванай законам мінімальнай заработнай платы павінна быць прадугледжана базавая дапамога на дзіця. Шольц удакладніў, што ад давядзення мінімальнага паказчыку да 12 еўра выйграюць мільёны чалавек.

Акрамя таго, Бербок і Шольц выключылі па выніках выбараў 26 верасня кааліцыю з правапапулісцкай "Альтэрнатывай для Германіі", але не з Левай партыяй. Лашэт не ўбачыў магчымасці саюза з абедзвюма партыямі.

Дэбаты кандыдатаў у канцлеры ФРГ ад сацыял-дэмакратаў, хрысціянскіх дэмакратаў і "зялёных" завуць "трыэлью" - двубоем з трыма ўдзельнікамі.

Сацыял-дэмакраты ў ФРГ павялічылі адрыў ад кансерватараў

Як сведчылі апублікаваныя 29 жніўня вынікі апытання інстытута Insa, за чатыры тыдні да выбараў у бундэстаг Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі (СДПГ) умацавала лідарства ў рэйтынгах і павялічыла адрыў ад галоўнага суперніка - кансерватыўнага блока, які складаецца з Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС) і Хрысціянска-сацыяльнага саюза (ХСС). На той момант за сацыял-дэмакратаў былі гатовыя прагаласаваць 24% выбарнікаў, а кансерватары атрымалі 21% галасоў. Вынік ХДС/ХСС, да якога належыць і канцлер ФРГ Ангела Меркель (Angela Merkel), стаў найболей нізкім за ўсю гісторыю правядзення апытанняў Insa.

Акрамя таго, лідарства СДПГ упершыню за многія гады выявілі апытанні грамадска-прававога тэлеканала ARD у супрацоўніцтве з інстытутам даследаванняў грамадскай думкі Infratest dimap, а таксама інстытута Forsa. Перадвыбарныя апытанні ўяўляюць толькі карціну меркаванняў на момант правядзення даследавання і не з'яўляюцца прагнозамі вынікаў галасавання.

Паводле СМІ.

10 гадоў таму назад адышоў у лепшы свет лідскі краязнавец Уладзімір Хрышчановіч

15 верасня 2011 года ў Лідзе на 67-м годзе жыцця пайшоў у іншы свет беларускі нацыянальны дзеяч Уладзімір Канстанцінавіч Хрышчановіч.

Уладзімір Хрышчановіч прыйшоў у беларускі нацыянальны рух у пачатку 90-х гадоў. У 1994 годзе быў абраны намеснікам старшыні Лідскай гарадской арганізацыі БНФ "Адраджэньне", а пасля заснавання Партыі БНФ - намеснікам старшыні Лідскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ. Адначасова быў кіраўніком Лідскай Слабадской суполкі ТБМ. Вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Лідскага гарсавета ад БНФ "Адраджэньне".

У 1999 годзе падчас сумнавядомага расколу БНФ Уладзімір Хрышчановіч застаўся на пазіцыях Зянона Пазьняка і быў абраны старшынём Лідскай гарадской арганізацыі Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ (з 2004 года Лідскай раённай арганізацыі), а таксама сябрам Сойму КХП БНФ.

Уладзімір Хрышчановіч быў ініцыятарам і рухальнай сілай многіх адраджэнцкіх праектаў на тэрыторыі г. Ліды і Лідскага р-на.

У. Хрышчановіч прымаў непасрэдны ўдзел ва ўстаноўцы крыжоў на магілах паўстанцаў 1863 года паміж вёскамі М. Ольжава і Мохавічы, крыжоў на магіле ксендза Адама Фалькоўскага ў Лідзе і ў Беліцы.

За адраджэнцкую дзейнасць неаднаразова прыцягваўся да адказнасці. За ўдзел ва ўстаноўцы крыжа на магіле ксендза Адама Фалькоўскага ў 1997 годзе У. Хрышчановіч (права-слаўны) быў прысуджаны да штрафу.

Займаўся краязнаўствам, збіраў краязнаўчыя матэрыялы, удзельнічаў у краязнаўчых мерапрыемствах, выступаў з артыкуламі ў друку. Ужо пасля смерці быў надрукаваны яго матэрыял пра дзеячоў Беларускай незалежніцкай партыі Саковіча, Маракова, Ваўчка. Апекваўся магіламі беларускіх патрыётаў.

Працуючы на Лідскай дыстанцыі шляхоў зносін вёў пастаянную асветніцкую і прапагандысцкую дзейнасць сярод лідскіх чыгуначнікаў, распаўсюджваючы вялікі аб'ём адраджэнцкай літаратуры. Апошнія шэсць гадоў, пасля выхаду на пенсію, штотыднёва распаўсюджваў 35 нумароў газеты "Наша слова" і некалькі нумароў "Лідскага летапісца" (часопіс купляў за свой кошт).

Трымаўся на нагах да апошняга. Памёр, але з шыхту не выйшаў. Хай будзе суцяшэннем яму і нам, што памёр у незалежнай Беларусі, якую так моцна любіў.

Пахаваны ў Лідзе.

Гісторыя музея Валянціна Таўлая

Нельга лепш раскрыць тэму палітыкі польскіх уладаў на заходніх землях Беларусі ў 1921-1939 гадах, чым праз лёсы беларусаў, якія жылі ў тых мясцінах і змагаліся за права гаспадарыць на сваёй зямлі. Адзін з такіх людзей - Валянцін Таўлай, ураджэнец Баранавіч.

Будучы вязнем, падарваў здароўе і заўчасна адышоў праз хворае сэрца. Імя паэта носіць Народны літаратурна-краязнаўчы музей, што працуе ў баранавіцкай сярэдняй школе № 4.

Стварыла школьны музей настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Яхант, краязнаўца, руплівіца, улюбёная ў сваю радзіму, як адгукаюцца пра яе калегі. Прыйшла працаваць у школу ў 1968 годзе - у той час навучальная ўстанова была перапоўнена вучнямі: у класах - па сорак дзяцей. Добрая палова з іх не вывучала беларускую мову - яны былі дзецьмі вайскоўцаў. Настаўніца разумела: навучэнцаў трэба зацікавіць. Але як? Прыдумала - краязнаўчай працай, праз паходы, экскурсіі… Але ўмовай, каб ездзіць з настаўніцай у паездкі, было вывучэнне беларускай мовы. Дзеці пачалі гуртавацца вакол агульнай справы, паўсюль збіралі аўтэнтычныя матэрыялы. Калі іх назбіралася досыць шмат, настаўніцы параілі стварыць музей. Звярнулася ў гарадскі краязнаўчы - там прапанавалі заняцца вывучэннем жыцця і творчасці Валянціна Таўлая. Ёй гэта было блізка, бо сама Алена Яхант са Слонімшчыны, адтуль, дзе жылі бабуля і бацька пісьменніка. Пачаліся новыя экспедыцыі… Алена Яхант сустракалася з літаратарамі, якія ведалі Валянціна Таўлая: Максімам Танкам, Янкам Брылём. Завязалася перапіска. Так, у музеі захоўваюцца лісты Максіма Танка да Алены Яхант.

Тыя, хто ведаў Таўлая, пачалі дарыць музею кніжкі, іншыя матэрыялы. Адшукалі сваякоў паэта: дачку і сястру.

Тагачасны дырэктар навучальнай установы, Уладзімір Тамко, добра разумеў значэнне музея для школы. Таму было прынята рашэнне, што музей будзе мець не толькі літаратурную частку, але і краязнаўчую - адвялі пад яго 4 залы. Каб напоўніць экспазіцыю, і дзеці, і настаўнікі пачалі прыносіць самабытныя артэфакты, этнаграфічныя рэчы. Але галоўным заставалася даследаванне жыцця і творчасці Валянціна Таўлая. Ідэю, пакладзеную ў аснову экспазіцыі літаратурнай залы музея, дапамог распрацаваць майстар, рэзчык па дрэве Павел Сахарчук. Партрэты знакавых асоб айчыннага пісьменства ў яго выкананні з'яўляюцца аздобай літаратурнай залы музея. 8 лютага 1992 года адбылося ўрачыстае адкрыццё музея - ён пачаў прымаць наведвальнікаў. З 2003 года загадвае ўстановай пераемніца стваральніцы музея Ніна Шавель - калі яна прыйшла на працу ў школу настаўніцай гісторыі, неабыякавыя да культурнай спадчыны свайго краю жанчыны сталі сяброўкамі і паплечніцамі, разам арганізоўвалі мерапрыемствы для вучняў. Алены Яхант ужо няма. Але ў школе штогод адзначаюць яе дзень памяці - праводзяць вечарыны, запрашаюць літаратараў, чытаюць яе вершы. - Вершы яе простыя, немудрагелістыя, але якія яны добрыя, колькі ў іх святла! Я вельмі задаволена тым, што сустрэла на сваім шляху гэтую жанчыну, - згадвае Ніна Шавель.

- Мусіць, Алена Яхант любіла сваю радзіму так, як і Валянцін Таўлай. А ён быў перакананы: беларус на сваёй зямлі павінен быць гаспадаром, а не тутэйшым.

Лёс Валянціна Таўлая адлюстраваны ў цэнтральнай экспазіцыі музея пры дапамозе кніг, архіўных здымкаў паэта і яго родных, рукапісаў, успамінаў сяброў, сучаснікаў. На адной з фотакартак - прыгожы пяшчотны дзявочы твар.

Гэта - першае каханне паэта, адлюстраванае ў вершы. Ёсць дакументы, якія сведчаць пра час, праведзены за кратамі ў польскіх турмах: і ў Гародні, на Лукішках, і ў Лідзе, і ў Слоніме, і ў Вільні, і ў Маладзечне… Упершыню Таўлай быў зняволены ў 15 гадоў. Бацька пісьменніка, дарэчы, таксама зазнаў пераслед за сваю актыўную нацыянальную пазіцыю. Старэйшы Таўлай быў звольнены з дзяржаўнай службы і пазбаўлены казённай кватэры.

Валянціна ж у 1925 годзе выключылі са Слонімскай настаўніцкай семінарыі, у 1928-м - з Віленскай гімназіі. Васемнаццацігадовым юнаком уступіў у КПЗБ.

Захаваліся звесткі пра тое, што польскія служкі Феміды часам зачытваліся і вершамі асуджаных. Так, у 1936 годзе на чарговым працэсе пракурор назваў Валянціна Таўлая самым таленавітым і здольным паэтам, але патрабаваў пазбавіць яго волі аж на восем гадоў!..

І, толькі дыхнуўшы вольным паветрам у 1939-м, паэт стаў удзельнікам баявой дружыны! Яе ў хуткім часе абяззброілі палякі і… дружыннікі былі асуджаны да найвышэйшай меры пакарання. Але пакуль выконвалі ўсе неабходныя працэдуры, падаспела савецкая ўлада… Народжаны для змагання за свой край, нядоўга "адпачываў" Валянцін Таўлай пасля вызвалення з польскай дэфензівы і ўз'яднання Беларусі. У часы Другой сусветнай вайны змагаўся з гітлераўцамі ў партызанскім атрадзе. Пад шклом музейнай вітрыны - фотаздымак яго паплечніцы Кацярыны Главінскай падчас сустрэчы са стваральніцай музея Аленай Яхант. Так, па крупінках збіралася і захоўвалася памяць пра гэтага незвычайнага чалавека.

Да Дня народнага адзінства, 17 верасня, у музеі была запланавана літаратурная імпрэза, прысвечаная Валянціну Таўлаю. Гучалі яго вершы, зачытваліся ўспаміны - жыццё пісьменніка вартае быць прыкладам мужнасці і нязломнасці, самаахвярнага служэння Айчыне.

- Гэта той чалавек, які ўсё жыццё прысвяціў уз'яднанню беларускай зямлі. З трыццаці трох гадоў ён восем правёў у турме, амаль усе вершы яго напісаны за кратамі… - распавядае падчас экскурсіі Ніна Шавель.

Маякоўскі па-сяброўску радзіў

Не збываць адразу вершы з рук:

Напісаў - замкні яго ў шуфлядзе,

Як адлежыцца -

судзі, здавай у друк.

Не забыцца добрае парады,

Колькі мог, і пан мне "дапамог",

Замыкаючы замест шуфляды

З вершамі і аўтара ў астрог…

- распавядаў сам паэт у творы "Аб маіх вершах".

Упрыгожвае музейную экспазіцыю і барэльеф В. Таўлая, створаны скульптарам Аляксандрам Траяновічам, сябрам музея.

Не змог Валянцін Таўлай патрымаць у руках свой першы зборнік пад назвай "Выбранае", які пабачыў свет у 1947-м. Аркадзь Куляшоў назваў выхад кнігі самай значнай падзеяй таго года. А Анатоль Клышка, даследчык творчасці Валянціна Таўлая і сябар музея, быў перакананы, што, калі б паэт пражыў больш, мы мелі б талент, блізкі да Янкі Купалы і Якуба Коласа…

- На прыкладзе Валянціна Таўлая выхоўваеш дзяцей, вучыш, як трэба любіць сваю зямлю. А як лепей можна патлумачыць тэму "Палітыка польскіх улад на тэрыторыі Заходняй Беларусі" падчас урокаў, калі не прачытаць успаміны самога пісьменніка пра навучанне ў польскай гімназіі: заходзіць у клас настаўнік і давай пытацца, маўляў, што, гэта за мова такая, беларуская? Першы раз чую. Што гэта за нацыянальнасць - беларусы, дзе яны жывуць, ці не ў Амерыцы? Па вачах дзяцей бачу, што іх гэта ўражвае… Нельга дапусціць, каб мы на сваёй зямлі былі тутэйшымі. Валянцін Таўлай аддаў жыццё за права беларусаў быць на ёй гаспадарамі… Творчасць Валянціна Таўлая натхняе мясцовых літаратараў. Паэтэса Таццяна Яцук кіруе літаратурным аб'яднаннем "Купальскія зоры" пры цэнтральнай бібліятэцы імя паэта, ледзь не ў кожнага з удзельнікаў якога ёсць пранікнёныя радкі, прысвечаныя знакамітаму земляку.

Матэрыялы падрыхтавала Марыя ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара. Звязда.

Мсціслаўскі рыцарскі фэст

Гісторыя Магілёўшчыны

У нашай грамады ёсць жнівеньская добрая традыцыя, якую мы прапусцілі толькі летась з-за каронавіруса. Штогод мы едзем у Мсціслаў на рыцарскі фэст. 7 жніўня ТБМ імя Ф. Скарыны горада Магілёва накіравалася ў краязнаўчую вандроўку па маршруту: Магілёў - Мазалава - Пустынкі - Мсціслаў. Па трасе Чавусы - Мсціслаў мы спачатку спыніліся ў мястэчку Мазалава.

Праязджаючы пойму невялікай рачулкі з прыгожай назвай Белая Натопа, з левага боку па шляху узвышаецца царква Ушэсця Гасподняга, каля якой мы і спыніліся, каб аглядзець храм і краявіды. Пра Мазалава, на вялікі жаль, гістарычных звестак не багата. Але дзякуючы руплівай працы вядомага археолага і гісторыка Андрэя Мяцельскага нешта ўдаецца нам дазнацца. У Мазалаве ў 1665 годзе быў заснаваны Спаса-Праабражэнскі Успенскі праваслаўны жаночы манастыр. Згодна з гістарычнымі крыніцамі ў манастыры было дзве царквы - Святога Спаса і Прааабражэння Гасподняга. Дачка мсціслаўскага стольніка Мікалая Сухадольскага Марыяна дала фундуш на заснаванне святыні. Марыяна ахвяравала на манастыр наступную маёмасць: млын з фолюшам на рацэ Белая Натапа і тры вёскі - Мазалаўшчына з 11 гаспадарамі, Балакараўшчына з 17 гаспадарамі і Малахава з 1 гаспадаром. А ў 1678 годзе гэты фундуш сойм зацвердзіў. Праваслаўным манастыр заставаўся да 1727 года, а потым перайшоў да ўніятаў і з Пустынскага манастыра сюды засяліліся сёстры-базыльянкі. З 1788 года манастыр зноў перайшоў да праваслаўных. Зачынены манастыр быў ужо толькі ў савецкі час недзе ў 1924 годзе, калі Мазалава ўваходзіла ў склад Калінінскай акругі. Да нашага часу захавалася царква Ушэсця Гасподняга, якая пабудавана ў пачатку 19 стагоддзя ў стылі класіцызму. Доўгі час храм стаяў занядбаны, але ў апошнія гады царкву адрэстаўравалі.

Далей мы накіраваліся ў Пустынкі, якія знаходзяцца ўжо за Мсціславам на самай мяжы з Расіяй. Згодна з легендай манастыр быў заснаваны яшчэ ў 1380 годзе Мсціслаўскім князем Сямёнам Лугвенам, сынам Вялікага князя літоўскага Альгерда. У савецкую эпоху манастыр зачынілі, і тут існавала школа. А потым гэтыя мясціны прыйшлі ў поўны заняпад. За часы незалежнасці Беларусі манастыр быў адноўлены, і зараз сюды прызжае вялікае мноства паломнікаў і турыстаў. Самым старажытным будынкам святыні з'яўляецца Успенскі касцёл, які быў пабудаваны нарыканцы 18 стагоддзя з элементамі двух стыляў: барока і класіцызму. Са старажытных будынкаў засталося некалькі гаспадарчых карпусоў і стромкая званіца 19 стагоддзя, якая велічна дамінуе над наваколлем. Летась пасля рэстаўрацыі была адкрыта Пакроўская царква 19 стагоддзя…. Мы набралі вады ў крыніцы, а ахвочыя наведалі таксама і крыніцу Ефрасінні Полацкай. А затым накіраваліся ў Мсціслаў на рыцарскі фэст.

На ускрайку горада прыпыніліся на паўгадзіны на беразе рэчкі Віхра. Пасля невялікага перакусу на прыродзе пашпацыравалі на экскурсію па Мсціславе. Падышлі да былога каталіцкага кляштара 18-19 ствагоддзяў. Былы касцёл зараз знаходзіцца на рэстаўрацыі. Пасля таго, як кляштар ад езуітаў перадалі праваслаўным, менавіта ў гэтых будынках існавала праваслаўная семінарыя, дзе пэўны час дырэктарам быў выбітны этнограф і фалькларыст Іван Насовіч. Некалькі год таму, дзякуючы намаганням нашай арганізацыі пры падтрымцы мясцовых уладаў на адным з карпусоў семінарыі была ўсталявана памятная шыльда І. Насовічу. Тут жа каля касцёла знаходзіцца помнік нашаму асветніку Пятру Мсціслаўцу. Цікавая акалічнасць, што ў невялікім гарадку Мсціславе ёсць аж два помнікі друкару П. Мсціслаўцу!!! Насупраць касцёла знаходзіцца белы гмах будынка былой мужчынскай гімназіі, у якім вучыліся і працавалі многія беларускія творцы: А. Куляшоў, С. Шушкевіч, Я. Бялькевіч, З. Астапенка, З. Півавараў, Ю. Таўбін і многія іншыя. Ад гімназіі за паркам знаходзіцца адноўлены будынак Траецкай царквы 19 стагоддзя. Побач месціцца корпус былой рэальнай вучэльні, дзе навучаліся выбітныя гісторыкі Сямён Дубноў і Міхась Ткачоў. Далей рушылі да Замкавай гары праз кармеліцкі касцёл. Сам касцёл і кляштар кармелітаў быў пабудаваны ў 17-18 стагоддзях і славіцца перадусім сваімі ўнікальнымі фрэскамі. Але на гэты раз у касцёл нам патрапіць на вялікі жаль не ўдалося. Замкавая гара, як заўсёды, нас уразіла сваёй веліччу і прасторам. Менавіта тут адбываліся асноўныя мерапрыемствы рыцарскага фэсту. Наведалі музейную экспазіцыю на гары, якая прысвечана самой старажытнай гісторыі Мсціслава, затым ужо з задавальненнем назіралі за рыцарскім турнірам.

Прыемна ўразіла сёлета тое, што нягледзячы ні на што фэст жыве і людзей прыехала досыць шмат. А дужа сумна тое, што самыя старажытныя, самыя каштоўныя помнікі горада знаходзяцца ў аварыйным стане і невядома калі яны зноў прымуць гасцей і турыстаў.

Алег Дзьячкоў. Магілёў. На фота: 1. Мы ў Пустынках. 2. Помнік Пятру Мсціслаўцу. 3. Кармеліцкі касцёл.

Шклоўскаму парку патрэбны інфармацыйна-памятны знак

Цікавасць да гарадскога парку ў Шклове не знікала ніколі. І гэта не выпадкова, знаходзячыся ў цэнтры горада, ён заўсёды прываблівае жыхароў і гасцей горада. Неаднойчы даводзілася праводзіць як школьнікам, так і дарослым турыстам экскурсіі па гэтым цудоўным кутку Шклова. І заўсёды, асабліва ад жыхароў з іншых гарадоў, гучалі словы зайздрасці, з нагоды існавання ў нашым горадзе цудоўнага кутка.

Трэба адзначыць, што парк у Шклове, у асноўным, добра захаваўся. Мясцовы жылкамгас даглядае гэты гарадскі аб'ект: прыбіраецца смецце, фарбуюцца паркавыя збудаванні і агароджа, перыядычна робіцца пасадка новых дрэў, ёсць клумбы з кветкамі. Асабліва вялікая праца па добраўпарадкаванні парку была праведзена пры падрыхтоўцы горада да правядзення фестываля-кірмаша працаўнікоў сяла "Дажынкі" і свята "Дзень беларускага пісьменства". Менавіта тады і была зроблена каля ўвахода невялічкая таблічка з інфармацыйным паведамленнем з гісторыі парка.

Аднак з тых часоў прайшло ўжо больш за паўтара дзесятка гадоў. Інфармацыйная таблічка даўно ўжо ні аб чым не распавядае. Да таго ж яна невялікіх памераў. Надышоў час зрабіць у шклоўскім парку новы сучасны інфармацыйна-памятны знак, які павінен прывабліваць і грунтоўна распавядаць асноўную інфармацыю пра гэты каштоўны помнік садова-паркавага мастацтва.

Інфамацыйная даведка:

Закладка парку пачалася ў 1902-1903 гадах. Ён займае амаль роўную тэрыторыю, у плане мае форму прамавугольніка. Цэнтрам кампазіцыі раней быў сядзібны дом. Перад заходнім яго фасадам быў размешчаны вялікі парадны партэр. Ён быў акружаны нізкім бардзюрам і дэкарыраваны штамбавымі ружамі. Цэнтральную частку займала клумба, аформленая экзатычнымі раслінамі - драцэнай і эхеверыяй. Да параднай часткі парку з супрацьлеглых бакоў вялі дзве ўязныя алеі. Паўночная, кляновая, перасякала парк у папярочным напрамку і звязвала яго з прычалам на Дняпры. Тут жа былі два дрэвы таполі белай, якія фіксавалі прыпынак карэт. Зараз захавалася толькі адно дрэва. Паўднёвая ўязная (ліпавая) алея кароткая. Яна падводзіць да ўсходняга боку партэра, адкуль праменямі разыходзяцца паркавыя алеі, злучаныя бакавымі, што ўтварае структурную аснову гэтай часткі парку. Алея таполяў выводзіць на бакавыя алеі, прамалінейна размешчаныя ўздоўж паўночнай і паўднёвай мяжы. З паўднёвага боку парк быў абсаджаны фармаманнай загараддзю з караганы і абнесены агароджай. Уздоўж яе ідзе алея з таполяў. З супрацьлеглага боку парку алея не захавалася. Вялікая колькасць алей, якія вызначаюць кампазіцыйную пабудову парку, складае яго асаблівасць. Насаджэнні парку складаюць у асноўным мясцовыя віды. Парк стварыў мясцовы садоўнік С.У. Маліноўскі. Шклоўскі парк з'яўляецца каштоўным помнікам садова-паркавага мастацтва.

Алесь Грудзіна. Фота аўтара. На здымках: 1. Старая інфармацыйная таблічка; 2. Брама з вуліцы 70 год Вялікай Перамогі.

СВЕТ БЕЛАРУСКАЙ МІНУЎШЧЫНЫ - СВЕТ АДКРЫЦЦЯЎ І НАТХНЕННЯ

Вядомая нясвіжская мастачка Марына Канавалава нарадзілася ў горадзе Нарыльску, у сям'і горнага інжынера. Яе маці і бацька - не беларусы. І яна, зразумела ж, таксама. Па часе пераехалі на беларускую зямлю. Па-беларуску Марына Пятроўна гаворыць надзвычай хораша. Наша мова вельмі пасуе яе тэмбру, яе характару і тэмпераменту, льецца спакойна, ціхаваталагодна, да таго ж выключна выразна, з багаццем слоў, трапных досціпаў. Прыемна дзіўлюся з усяго, крытыкуючы тых карэнных жыхароў, што не ўмеюць ці не хочуць на сваёй мове і слоўца прамовіць. А яна: "Я па-беларуску і вершы складала. Тут жа мова з зямлі прарастае, словы самі сабой прыходзяць на вусны". Мо таму і творчы псеўданім яе - Марына Мара. І першыя выставы з назвамі "Кветка мара" (наша Папараць-кветка) і "Птушка мара".

Марына Пятроўна шмат падарожнічае. Сынкавічы, Багданава, Ружаны… Слова вандроўка ў яе ці не самае любімае. Гэтым жніўнем два тыдні жыла і малявала ў Друі, як зазначае, у вельмі спецыфічнай, аўтэнтычнай мясціне, дзе касцёл і манастыр аб'яднаны пад адным дахам. Каля дваццаці мастакоў з розных гарадоў Беларусі - сталых і маладых, некаторыя з дзецьмі - з'ехаліся туды. Такія сустрэчы сведчаць: свет мастацтва - гэта свет адкрыццяў, натхнення, шчырасці і сяброўства.

Апошнім часам дамінальнай тэмай творчасці Марыны Канавалавай з'яўляюцца вядомыя даўнія сядзібы, духоўныя і культавыя асяродкі, гістарычныя мясціны беларускай зямлі, часам і напаўразбураныя, і напаўзабытыя. Творчасці спадарожнічае вывучэнне нашай гісторыі, нават апярэджвае яе.

- Перш чым брацца за пэндзаль ці аловак, - кажа мастачка, - патрэбна шмат прачытаць, паслухаць, адным словам, даведацца як найбольш пра абраную мясцінку, яе гаспадароў, іх лёсы. Спярша імкнуся назапасіць багатую палітру ведаў, пачуццяў і ўяўленняў, у дадатак да таго, што пабачу ў рэальнасці. Пасля ўжо - за працу.

Шкадую, што не паспела спадарыня Марына занатаваць у сваім творчым альбоме сядзібу Тамаша і Тарэзы Булгакоў, якая трывала яшчэ да апошняга часу ў нясвіжскіх Міцькавічах. Ды ўжо, на жаль, няма, не вернеш. А вось сядзіба Абуховічаў у Вялікай Ліпе, як у папярэднія гады, так і сёлета дачакалася, каб у чарговы раз вераснёўскім надвячоркам годна папазіраваць ды застацца ў галерэі эмацыйных жывапісных палотнаў і пастэльных малюнкаў мастачкі Марыны Канавалавай.

Наталля Плакса, Нясвіж . Фота: 1 Марына Канавалава: надвячорак у Вялікай Ліпе. 2 "Стайня на сядзібе Абуховічаў" (алей, палатно, 50х80). 3 "Кветкі Друі" (пастэль, папера,42х60).

Мікалай Быхаўцаў: "Каб не забывалі свае карані"

Ваўкавыскі гісторык і краязнавец Мікалай Быхаўцаў значную частку свайго жыцця прысвяціў збору і сістэматызацыі звестак пра гісторыю Ваўкавышчыны. Спадар Мікола родам з Ваўкавыска. У 1970 годзе скончыў сярэднюю школу № 5 і паступіў у Менскі электратэхнікум сувязі, па заканчэнні якога пайшоў служыць у Савецкую Армію. У 1976 годзе ён вярнуўся ў свой родны горад, дзе пражывае і цяпер. Завочна атрымаў вышэйшую тэхнічную адукацыю. Каля 30 год працаваў інжынерам кабельнай міжгародняй сувязі. З 2014 года - на пенсіі. Сваю краязнаўчую творчую дзейнасць Мікалай Быхаўцаў пачаў у 2001 годзе, калі ў Ваўкавыску з'явілася незалежная "Местная газета", у якой краязнавец апублікаваў каля 80 артыкулаў па гісторыі Ваўкавышчыны. Потым пачаў выдаваць свой уласны краязнаўчы часопіс "Ваўкавышчына". З 2007 па 2011 гады выдаў 24 нумары часопіса. Паранейшаму спадар Мікола даследуе і піша пра Ваўкавышчыну. Пра гэта наша гутарка.

- Спадар Мікола, пра што ўжо напісана і што выдадзена пра Вашу родную Ваўкавышчыну?

- Па гісторыі Ваўкавышчыны я ўжо напісаў і выдаў 11 кніг. У пошуках звестак пра Ваўкавышчыну аб'ездзіў архівы і музеі Менска, Вільні, Санкт-Пецярбурга, Польшчы. Выдаў кнігі пра перыяд уваходжання Ваўкавышчыны ў склад Польшчы ў 1919-1939 гадах, пра ўсталяванне савецкай улады на Ваўкавышчыне ў 1939-1941 гадах, пра Ваўкавыск падчас Другой сусветнай вайны, пра паўстанне 1863-1864 гадоў у Ваўкавыскім павеце, пра касцёлы Ваўкавыскага раёна і іншыя выданні.

- Над чым цяпер працуеце?

- Ужо 20 гадоў збіраю матэрыялы для гістарычна-геаграфічнага слоўніка Ваўкавыскага павета. Чаму менавіта Ваўкавыскага павета, а не Ваўкавыскага раёна? Ваўкавыскі павет існаваў з 1507 года па 1940 год - 433 гады, што па гістарычных мерках куды больш працяглы час, чым Ваўкавыскі раён, якому ў 2021 годзе споўніўся толькі 81 год. Таму большасць гістарычных падзей і архіўных дакументаў звязана менавіта з паветам, а не з раёнам. Так на 1933 год лічба населеных пунктаў Ваўкавыскага павета склала 1185, а Ваўкавыскі раён на 2018 год налічваў 191 населенны пункт. А 15 студзеня 1940 года савецкая ўлада правяла на тэрыторыі Заходняй Беларусі адміністратыўную рэформу, калі паветы падзялілі на раёны. Так землі Ваўкавыскага павета далучыліся да ўтвораных Ваўкавыскага, Зэльвенскага, Свіслацкага, Поразаўскага, Бераставіцкага, Ружанскага і Мастоўскага раёнаў.

- Чым адметны будзе Ваш гістарычна-геаграфічны слоўнік Ваўкавыскага павета?

- Слоўнік будзе адметны тым, што ў ім падаюцца гісторыі маёнткаў і фальваркаў, касцёлаў і цэркваў. Кожная вёска будзе мець спіс прозвішчаў жыхароў за розныя перыяды яе гісторыі…

- Спадар Мікола, а чаму Вас зацікавіла, менавіта, гэтая тэма?

- Людзі забываюць свае карані. Сённа мала хто можа назваць хаця б пяць пакаленняў сваіх продкаў. Не кажучы пра тое, каб ведаць, дзе яны пахаваныя. Няма культуры пераказвання ведаў пра сваю сям'ю наступным пакаленням. Наогул, адсутнічае неабходная зацікаўленасць да ведаў аб малой радзіме, да краязнаўчага руху. Таму спадзяюся, што мая праца паспрыяе ў гэтым і будзе своеасаблівым дапаможнікам. А таксама натхніць краязнаўцаў з іншых рэгіёнаў да напісання падобных выданняў.

Сяргей Чыгрын, Ваўкавыск.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX