НАША СЛОВА № 39 (1554), 30 верасня 2021 г.
Падзеі вакол ТБМ
27 верасня ў 10.30 у Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь пачалося судовае паседжанне па скварзе ТБМ на пісьмовае папярэджанне Міністэрства юстыцыі. Але паседжэнне як пачалося, так і закончылася. Справа ў тым, што Міністэрства юстыцыі, нягледзячы на тое, што мела месца дасудовае разбіральніцтва, выступіла з новым блокам пярэчанняў на скаргу ТБМ, а ў дадзеным выпадку гэтыя пярэчанні - не што іншае, як абвінавачванні ўжо ТБМ у парушэннях. Старшыня ТБМ Алена Анісім скарысталася сваім правам і заявіла вуснае хадайніцтва азнаёміць яе з гэтымі абвінавачваннямі і пярэчаннямі да пачатку разгляду справы па сутнасці, даць час унікнуць у новы шэдэўр юрыдычнай думкі Мінюста. Суддзя пагадзілася і прызначыла паседжанне на 11.00 28 верасня.
А ТБМ жыве сваім жыццём. У 17.00 таго ж 27 верасня адбылося чарговае паседжанне Сакратарыята ТБМ, на якім, акрамя іншых пытанняў, было вырашана даслаць звароты ў Менскі гарвыканкам і Лагойскі райвыканкам аб наданні новым вуліцам Менска і Лагойска імя Ніла Гілевіча.
А таксама ў шэрагі ТБМ былі прыняты новыя сябры: Шынкарэнка Ілья, Канановіч Алесь, Барысенка Уладзімір, Кур'яновіч Юрый.
Уладзімір Барысенка даслаў у рэдакцыю свой верш - прысягу на вернасць Бацькаўшчыне і роднаму слову:
Пад ручнікамі Беларусі
я на адданасць ёй клянуся,
і веру ў лепшыя часы,
і не кажу дзеля красы
пра сваю вернасць да астатку,
усё-ткі вырвемся з той пасткі,
ў якую трапілі мы з мовай -
нашай дзяржаўнасці асновай.
Завіся ж, кожны, беларусам,
нат калі пахне землятрусам,
нат калі Бог не падтрымае,
я Слова сэрцам узвышаю,
душы без мовы не ўяўляю.
Так што, жыве ТБМ.
Станіслаў Суднік.
"Бацькаўшчыну" ліквідавалі
Прысудам у грамадзянскай справе на позву Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, агалошаным суддзёй Рымай Філіпчык у Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь 24 верасня, Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" ліквідавана.
Згуртаванне было створана ў 1990 годзе, каб кансалідаваць беларусаў у краіне і па-за яе межамі дзеля развіцця Беларусі. Згуртаванне ладзіла мерапрыемствы і акцыі, скіраваныя на ўмацаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці праз выхаванне павагі і паглыбленне ведаў пра родную мову, культуру, гісторыю; паслядоўна выступала ў абарону правоў і інтарэсаў беларусаў замежжа. Менавіта дзякуючы Згуртаванню ў 2014 годзе быў прыняты закон "Аб беларусах замежжа", а з'езды беларусаў свету "Бацькаўшчыны" сталі сапраўднай агульнанацыянальнай платформай для абмеркавання актуальных для Беларусі і яе замежжа пытанняў і праблем.
Фармальнай прычынай для ліквідацыі стаў перанос VIII з'езда беларусаў свету на 2022 год праз абмежаванні, накладзеныя сусветнай каранавіруснай пандэміяй, за які прагаласавала Вялікая Рада ЗБС "Бацькаўшчына". Рашэнне аб пераносе з'езда прымалася пасля кансультацый з Мінюстам: якім чынам правесці гэтую працэдуру, каб не парушыць ні заканадаўства, ні Статут. Менавіта Мінюст пацвердзіў, што Вялікая Рада мае ўсе паўнамоцтвы прыняць такое рашэнне.
Яшчэ раней цягам пазапланавай праверкі Згуртавання "Бацькаўшчына", распачатай Мінюстам у першай дэкадзе ліпеня, арганізацыя атрымала два папярэджанні:
- першае - за не выкладзеную на сайт zbsb.org, але дасланую ў Мінюст справаздачу аб дзейнасці, якую, паводле заканадаўства, пры такіх умовах размяшчаць на сайце і неабавязкова;
- другое - за тое, што ў перыяд з 14 да 22 ліпеня "Бацькаўшчына" не ліквідавала пералік устаноўленых міністэрствам парушэнняў.
Ліквідаваць тыя парушэнні было немагчыма, бо ранкам 14 ліпеня на офісе Згуртавання адбыўся ператрус і памяшканне апячатаў Следчы камітэт. Пазней выявілася, што ў дачыненні да Згуртавання распачата справа "па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 361 КК".
Паводле СМІ.
"Я думаў, што ліцэй будзе часова ў маім жыцці"
Уладзіміру Коласу - 70 гадоў
Уладзімір Колас нарадзіўся 22 верасня 1951 года ў Менску. Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моў і Вышэйшыя рэжысёрскія курсы ў Маскве. Зняў мастацкія і дакументальныя фільмы "Малады дубок", "Дрэвы на асфальце", "Хочаце кахайце, хочаце - не", "Сны аб Беларусі", "Францыск Скарына", "Максім Гарэцкі", "Дамова з Гітлерам", "Галерэя Ады", "Белы ветразь над Прыпяццю" і іншыя. У 1990 годзе заснаваў Беларускі гуманітарны ліцэй, які ўжо 20 гадоў працуе па-за сістэмай дзяржаўнай адукацыі.
- Спадар Уладзімір, раскажыце пра свае карані - да якога калена ведаеце продкаў?
- Па бацьку мой род з Чэрвеньшчыны, з хутара Куцень. У продкаў было шмат зямлі. Адзін прадзед быў надзвычай працавіты. Падчас сталыпінскай рэформы ўзяў крэдыты, арандаваў зямлю і разгарнуўся вельмі моцна, стаў заможным. Мабыць, нясвоечасова ён пачаў, бо гэта яму каштавала жыцця. Сям'ю ягоную рэпрэсавалі і падчас калектывізацыі ў 1930 годзе саслалі на спецпасяленне ў Гаінскі раён Комі-Пярмяцкай нацыянальнай акругі.
А мой дзед сябраваў з бацькам кампазітара Ігара Лучанка. Дзед нам апавядаў пра Мішу Лучанка, які добра граў на скрыпцы. І яны да самай смерці сябравалі, перазвоньваліся з тым Мішам. Калі мы пазнаёміліся з Ігарам Лучанком, разам ездзілі на Чэрвеньшчыну, шукалі гэты хутар, шукалі свае карані. У Лучанка радня там жыве, а нашы ўсе згубіліся - хто ў Сібіры, хто на Урале.
А па маці ўся мая радня з Менска.
Бацька Георгій Колас школу скончыў у Комі-Пярмяцкай нацыянальнай акрузе, але потым вярнуўся ў Менск, паступіў у Тэатральна-мастацкі інстытут на акторскі факультэт. Працаваў у Рускім тэатры, потым стаў тэатральным крытыкам, пачаў пісаць сцэнары. Пісалі сцэнары і здымалі кіно яны разам з маёй маці. А пазнаёміліся на акторскім факультэце.
"Бог мяне пакараў: ніколі не думаў, што буду працаваць у школе"
- Пайшлі па слядах бацькі? Прынамсі, пачатак вашай кар'еры таксама быў кінематаграфічны. Мяркуючы па фільмаграфіі, нядрэнна атрымлівалася, у вашых стужках здымаліся выдатныя акторы - Галіна Макарава, Здзіслаў Стома ды іншыя.
- Не, пачатак у мяне якраз быў педагагічны. Я паступіў у Інстытут замежных моў, праўда, трапіў туды выпадкова. Там была прафесійная кінакамера "Конвас", і кіраўнік нашай аматарскай кінастудыі перайшоў туды з тэлебачання і здымаў там. І я прыйшоў туды здымаць. Прывабіла кіно. А па неабходнасці давялося вывучаць замежныя мовы.
Бог мяне пакараў: я ніколі не думаў, што буду працаваць у школе. Але па размеркаванні давялося адпрацоўваць у школе на Віцебшчыне. Дарэчы, першая замежная мова ў мяне французская, другая ангельская. З вясковай школы забралі ў войска. Пасля прыйшоў працаваць на "Беларусьфільм", спачатку асістэнтам. Потым пайшоў вучыцца далей - на Вышэйшыя рэжысёрскія курсы ў Маскве. Здымаў фільмы, якія, дарэчы, дагэтуль ідуць. Нядаўна дачка паглядзела ў інтэрнэце: мастацкі фільм "Дрэвы на асфальце", зняты ў 1984 годзе, - на 4-м месцы па колькасці праглядаў. У галоўнай ролі там здымалася народная артыстка СССР Галіна Макарава.
"У тым, што ліцэй насіў імя Якуба Коласа, заслуга Замяталіна"
- Чаму змянілі сферу дзейнасці, калі ўжо сталі паспяховым рэжысёрам? Вас жа ведаюць цяпер больш як заснавальніка, "бацьку" Беларускага гуманітарнага ліцэя, які ў народзе дагэтуль называецца "Коласаўскім". Раскрыйце таямніцу - ліцэй так названы ў гонар Якуба Коласа ці ў ваш?
- Як усё было... Ліцэй пачалі называць "Коласаўскім", таму што я яго заснаваў і быў дырэктарам. А потым, калі пачалі рэарганізоўваць з нядзельнай школы ў сур'ёзную навучальную ўстанову, чыноўнік з прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзімір Замяталін прыдумаў, каб ліцэй называўся "імя Якуба Коласа" - пэўна, каб я быў ні пры чым. Так што ў тым, што ліцэй насіў імя Якуба Коласа да ліквідацыі, заслуга Замяталіна.
Чаму ўзначаліў ліцэй? Мабыць, гэта збег абставінаў. Мяне раздражняла, што ў Беларусі па-беларуску мала хто размаўляе, а ў Менску не было ніводнай школы з беларускай мовай навучання.
Дарэчы, задумвацца пра гэта я пачаў у Маскве, калі вучыўся на Вышэйшых рэжысёрскіх курсах. Бо туды з усяго СССР прыехалі не дурныя і не бяздарныя людзі. Усе размаўлялі на сваіх нацыянальных мовах. Я тады заўважыў, што ў савецкіх рэспубліках прысутнічаў моцны нацыянальны фактар. А мы, беларусы, выглядалі неяк недарэчна. Беларусаў у нас на Вышэйшых рэжысёрскіх курсах было двое - я з Менска і Віталь Дудзін з Урала. Гэтыя думкі не пакідалі мяне ў Маскве, і па вяртанні ў Менск пачаў ствараць ліцэй.
Я думаў, што ліцэй будзе часова ў маім жыцці. Я меркаваў, што яго запушчу - і далей "паплыве" без мяне. Але дагэтуль ніяк не магу яго адпусціць. Альбо ён не можа мяне адпусціць.
"Хваля адраджэнцкага рамантызму закранула і наменклатуру"
- Аднак 31 год існавання - тэрмін сур'ёзны. Не кожная школа, гімназія і нават Ліцэй БДУ могуць пахваліцца, што ў іх выкладае такое сузор'е выдатных навукоўцаў, дактароў і кандыдатаў навук.
- Так, таму і трымаемся. І гэта ідэя ліцэю закранула і непакоіць не толькі мяне, яна непакоіць вельмі шмат разумных, годных і неабыякавых людзей. І гэта ідэя прыцягнула адразу такое сузор'е выбітных асобаў, што ліцэю быў наканаваны поспех. Ну і неяк так супала, што на пачатку 1990-х быў уздым, хваля адраджэнцкага рамантызму, і яна закранула не толькі дэсідэнцкую эліту, але і наменклатуру, і яшчэ многіх людзей.
Дарэчы, летась гэта таксама выйшла на паверхню. Таму ў ліцэй дагэтуль мы можам запрасіць самага годнага, кампетэнтнага, выбітнага чалавека, і ён з задавальненнем прачытае лекцыю, будзе выкладаць у нас. Менавіта таму ліцэй ператварыўся з нядзельнай школы ў сур'ёзную навучальную стацыянарную ўстанову. А так доўга ён трымаецца менавіта таму, што бацькі бачаць, як ліцэй уплывае на дзяцей. Ліцэісты бачаць, колькі ім ён дае, мы бачым, што з гэтымі ліцэістамі адбываецца потым, як гэтая адукацыя станоўча ўплывае на іх жыццёвы шлях. Менавіта таму ён і жыве.
Ну і самае галоўнае - як гэта так, каб у Беларусі не было беларускай мовы, каб не было беларускай школы, каб не было беларускага ліцэя на нармальным узроўні?
Нашым ліцэістам не сорамна, калі яны здаюць ЦТ і іспыты і тут, у Беларусі, і калі тэсты здаюць за мяжой. У Польшчы нашы выпускнікі выглядаюць не горш за польскіх ліцэістаў. Калі мы былі ў Літве, нашы ліцэісты аказаліся на некалькі галоў вышэй за іхніх дзяцей. Менавіта таму, што ў нас такія выдатныя выкладчыкі.
"Францішак Скарына ў свой час таксама вучыўся за мяжой"
- Вас часцяком папракаюць, што рыхтуеце кадры для замежных ВНУ. Выпускнікі выбіраюць прэстыжныя навучальныя ўстановы за мяжой, прычым не толькі ў Польшчы ці Літве. Мала хто застаецца працягваць вучобу ў Беларусі.
- Я не буду пярэчыць - мы ведаем прычыны, чаму Францішак Скарына таксама вучыўся за мяжой. І не толькі ён. У прынцыпе, гэты досвед Беларусі вельмі патрэбны. Знаёмства з іншай ментальнасцю, з дэмакратычнымі каштоўнасцямі, з іншым ладам кіравання і самакіравання - гэта для нас важна, проста неабходна.
Але не толькі выпускнікі ліцэя едуць вучыцца за мяжу - цяпер павальна моладзь пакідае Беларусь. Не ад добрага жыцця, і мы ведаем, што ў нашых ВНУ адбываецца, што ў цэлым у краіне. Тут сябе рэалізаваць цяжка. Таму не да нас прэтэнзіі, што нашы выпускнікі едуць вучыцца за мяжу.
Мы заўсёды гаворым, што разумеем гэтае жаданне, але больш шануем тых, хто застаецца. А з другога боку, палякі таксама ездзілі вучыцца за мяжу. І нічога. І Папам Рымскім стаў паляк Ян Павел ІІ, і дарадца ў нацыянальнай бяспецы прэзідэнта ЗША Картэра Збігнеў Бжазінскі - паляк, і вядомы эканаміст і рэфарматар Лешак Бальцаровіч вучыўся ў Злучаных Штатах.
Мы бачым, што ў Польшчы цяпер адбываецца, які шлях яна прайшла ў нас на вачах. А стартавыя ўмовы ў нас былі нават лепшыя, чым у палякаў. Дзе цяпер мы і дзе палякі? І многія палякі, якія вучыліся за мяжой, вярнуліся, а тыя, якія засталіся, дапамагаюць з-за мяжы сваім суайчыннікам, спрыяюць сённяшняму развіццю краіны. Будзем спадзявацца, што і нашы выпускнікі зробяць нешта для Беларусі, бо іхняя перавага ў тым, што яны разумеюць, адкуль яны і што трэба зрабіць для радзімы. Адрозна ад выпускнікоў іншых школаў, дзе ўвогуле ні слова па-беларуску не гучыць і мы ведаем, як іх вучаць трактаваць прастору, дзе яны жывуць.
Наконт таго, што з'язджаюць. Мы заснавалі першы беларускі нацыянальны ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча, каб заставаліся вучыцца тут. Мы сабралі больш за сотню найлепшых выкладчыкаў, дактароў, кандыдатаў навук, самых дасведчаных у сваіх дысцыплінах. Але ліцэнзіі нам так і не далі. З вобшукам прыйшлі, кнігі з бібліятэкі канфіскавалі. Мы ж разумеем, што адбываецца пагром, знішчэнне ўсяго беларускага, знішчэнне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, знішчэнне беларускай мовы.
І школа тут адыгрывае важную ролю. Вынік гэтай працы мы ведаем, ведаем, каму гэта выгадна. Беларуская мова зноў становіцца мішэнню.
"Цяпер мы ў працэсе адаптацыі да новых умоў існавання"
- Раскажыце пра новы набор, як будзеце працаваць у новым навучальным годзе.
- Мы набралі шмат новых вучняў, вельмі годных і разумных. Цяпер мы ў працэсе трансфармацыі, адаптацыі да новых умоў існавання. Бо працаваць у ранейшым рэжыме ўжо не можам. Таварыства беларускай школы ліквідавалі, Таварыства беларускай мовы ў працэсе знішчэння. Таму павінны адаптавацца і знайсці новую форму працы. Мы ў пошуку. Працы шмат. Але сёння гэта імправізацыя. Трымаемся.
- 30 гадоў, гэта больш за палову вашага свядомага жыцця, вы змагаецеся за выжыванне ліцэя. Не стаміліся ад пастаяннай барацьбы?
- Звычка, інерцыя. Напэўна, такі лёс. Без барацьбы і змагання было б сумна. З другога боку, вось вы ўспомнілі маіх рэпрэсаваных продкаў - у параўнанні з імі нам крыху лягчэй. Ім было значна цяжэй. Трымае тое, што ліцэй патрэбен вучням, іх бацькам.
Па-другое, вакол людзі, з якімі ўжо столькі пройдзена. І мікраклімат, аўра, неймаверная атмасфера, створаныя ў ліцэі дзякуючы гэтым людзям, аздараўляюць. Калі мы разам, вонкавыя справы і кашмары не так заўважныя і не так адчуваюцца. Пакуль у стане, будзем рухацца.
Паводле СМІ
Ніл Гілевіч: "Мы вымушаны адваёўваць для роднае мовы права на жыццё"
30 верасня - 90 гадоў з Дня народзінаў Народнага паэта Беларусі Ніла Сымонавіча Гілевіча, публіцыста, грамадскага дзеяча, доктара філалагічных навук, прафесара БДУ, першага старшыні ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны", дэпутата Вярхоўнага Савета БССР, аўтара 23-томнай спадчыны, чыё імя насіў зачынены Універсітэт пры ТБМ.
Ніл Гілевіч нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў вёсцы Слабада на Лагойшчыне. Там прайшлі яго дзіцячыя і падлеткавыя гады, тры з якіх выпалі на час нямецкай акупацыі. Пачатковую школу ён закончыў у Слабадзе, сямігодку - у Гайне. Ніл Гілевіч быў студэнтам Менскага педагагічнага вучылішча (1947-1951), філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта (1951-1956), аспірантам (1956-1959). У 1963 годзе ён абараніў дысертацыю па гісторыі беларускай паэзіі ХХ стагоддзя.
Ніл Сымонавіч працаваў выкладчыкам і прафесарам кафедры беларускай літаратуры Белдзяржуніверсітэта (1960-1986), быў першым сакратаром Саюза пісьменнікаў БССР (1980-1989), старшынёй Фонду славянскай пісьменнасці і славянскіх культур, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1985-90) і старшынёй пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны (1990-1995), узначальваў Таварыства беларускай мовы з 1989 года.
Клопат, думкі і словы яго сёння надзвычай актуальныя! Калі б быў сёння жывы Ніл Гілевіч, то, напэўна, узняў бы ён свой рашучы голас у абарону Таварыства беларускай мовы і ў абарону Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Перагортваю старонкі кнігі публіцыстыкі "Выбар" за 1993 год, у якую ўвайшлі гутаркі, інтэрв'ю з Нілам Сымонавічам, дзе захаваліся рэаліі і клопаты 90-тых гадоў, успаміны пра прыняццё Закона аб мовах, пра дзейнасць першага з'езда ТБМ.
"Найпершы мой клопат, якім я дзесяткі гадоў жыў і жыву сёння, - пісаў Ніл Гілевіч, - лёс нашай роднай мовы і культуры, а значыць і лёс беларускай нацыі. Усё, на што я выдаткоўваў час і сілы, так ці іначай было падпарадкавана гэтаму. Гэты клопат ахоплівае ўсю маю і літаратурную, і навуковую, і грамадскую чыннасць. Гэта найчасцей прымушала мяне браць у руку тое пяро, з-пад якога паявіліся на свет мае паэмы і вершы, проза і артыкулы, публіцыстычныя і літаратурна-крытычныя артыкулы. Дзеля гэтага дваццаць пяць гадоў я чытаў студэнтам Універсітэта лекцыі, выдаў пяць тамоў беларускага фальклору ў сучасных запісах і сем навуковых манаграфій, прысвечаных народна-паэтычнай творчасці і літаратуры".
"Ніл Гілевіч быў сярод тых лідараў адраджэнцкага руху, якія здзейснілі беларускі цуд дваццатага стагоддзя - угаварылі кансерватыўны, у бальшыні сваёй камуністычны і рускамоўны Вярхоўны Савет БССР прыняць Закон аб мовах, паводле якога родная мова карэннага насельніцтва краіны абвяшчалася дзяржаўнаю. Не была пакрыўджана і пануючая расійская мова, ёй быў нададзены статус "мовы міжнацыянальных зносін". З той пары пачалося пяцігоддзе найбольшай грамадскай актыўнасці Ніла Гілевіча," - успамінаў Уладзімір Конан.
За пяць гадоў Ніл Сымонавіч шмат зрабіў для вяртання народу нацыянальнай культурна-гістарычнай спадчыны сваёй узважлівай, але цвёрдай арыентацыяй дзяржавы і грамадства на пераход навучання ў школах і вышэйшых навучальных установах на беларускую мову, на ажыўленне культурна-асветніцкай дзейнасці. Ніл Гілевіч як палітык здолеў павярнуць частку абыякавых да лёсу незалежнай Беларусі на бок яе абаронцаў, актывізаваць адраджэнцкі рух пафасам сваёй публіцыстыкі, дэпутацкіх прамоў у Вярхоўным Савеце ды на іншых грамадскіх і палітычных форумах. Яго публіцыстыка была гранічна адкрытая, палемічная, асветніцкая, а яе сэнс - у рыцарскай абароне Беларусі, яе спрадвечных каштоўнасцей, - адзначаў У. Конан.
"Па-першае, скажам так: Таварыства ёсць, яно жыве і працуе, будзем даражыць тым, што напрацавана, што дасягнута і ісці наперад, паколькі і галоўныя цяжкасці і галоўныя перамогі - наперадзе, - пісаў Ніл Гілевіч у тыя часы. - Каму сёння балюча за стан нашае мовы, трэба ясна ўсвядоміць неабходнасць кансалідацыі і згуртавання нашых шэрагаў, зразумець, якую вялікую шкоду прычыняе справе адраджэння беларускай мовы і культуры неразумная канфрантацыя, разлад і нязгода…
Колькі стагоддзяў назад за жыццё нашай мовы змагаліся Скарына, Будны, Цяпінскі, Сапега і іншыя вялікія асобы, паўтараста ці трохі менш гадоў назад пра яе жыццё рупіліся Дунін-Марцінкевіч, Каліноўскі, Багушэвіч і іншыя вялікія, на пачатку ХХ стагоддзя за жыццё роднага слова змагаліся Купала, Колас, Цётка, Багдановіч, Гарэцкі і іншыя вялікія людзі, пазней - за яе жыццё пайшлі на Калыму, на Салаўкі або ў Курапаты тысячы і тысячы і вялікіх, і радавых патрыётаў Бацькаўшчыны.
І што ж? Барацьба працягваецца! І сёння наша мова застаецца на асобым становішчы. І сёння мы думаем і клапоцімся аб тым, як яе ўратаваць, што маем рабіць, каб беларускі народ не страціў нашу мову канчаткова. Што гэта за такая праклятая доля, калі на працягу цэлых стагоддзяў мы вымушаны адваёўваць для роднае мовы права на жыццё? Ці не задоўга гэтае змаганне цягнецца? Ці не пара рашуча пакончыць з гэтым бяспраўным становішчам народа і яго культуры?"
"Не трацьце веры і мужнасці, сябры, - прамаўляў Ніл Гілевіч у слове да выкладчыкаў беларускай мовы ў 2001 годзе. - Па-першае, не трацьце мужнасці ў супрацьстаянні тым чорным сілам, што задумалі ліквідаваць свабоду і незалежнасць Беларусі. Помніце: за ліквідацыяй нашага дзяржаўнага суверэнітэту наступіць канчатковае знішчэнне нашай мовы, нашай гісторыі, нашай нацыянальнай духоўнасці. Гэтага мы не можам дапусціць!
Па-другое, трэба з новым дыханнем весці самую актыўную і дзейсную прапаганду роднага слова ў народзе, а найперш - у школах, гімназіях, ліцэях. Статут ТБМ абавязвае да гэтага. Гаварыце і гаварыце моладзі аб тым, якая вечна маладая, жывучая і жыццяздольная наша мова, якая прыгожая, мілагучная, гнуткая і выразная, з якімі невычэрпнымі і сэнсатворнымі і вобразнымі магчымасцямі. Гаварыце і пераконвайце фактамі, аргументамі, канкрэтнымі прыкладамі. І перш за усё фактамі, што, нягледзячы на ўсе трагічныя ўмовы, беларуская мова выжыла і жыве. 300 гадоў назад яе забаранілі для афіцыйнага ўжытку палякі, яе выраклася свая ліцвінская арыстакратыя, 150 гадоў таму яе забараніў для грамадства расійскі цар, яна не загінула, не ўмёрла - яна жыла! Жыла, каб нарэшце, на пачатку ХХ стагоддзя, набрыняць сілай і паклікаць да жыцця магутную паэзію, прозу, драматургію, каб даць прастор для генія Купалы, Коласа, Багдановіча, Гарэцкага, для Цёткі, Гаруна, Бядулі, затым - для Куляшова, Танка, Панчанкі, Броўкі, Глебкі, Мележа, Геніюш, Быкава, Скрыгана, Стральцова, Янішчыц, Пташнікава і іншых. Дала жыццё літаратуры, з якой можна годна, з належнай самапавагай выходзіць у вялікі свет. Дык жа і выйшла! Свет ужо ведае Беларусь…".
У 1991 годзе Нілу Гілевічу была нададзена годнасць Народнага паэта Беларусі. Высока ацэнена і навуковая дзейнасць Н. Гілевіча: яму было прысвоена ганаровае званне Заслужанага дзеяча навукі.
Пры жыцці Ніл Гілевіч падрыхтаваў да выдання Збор твораў у 23-х тамах, які ахапіў многія вершы, якія друкаваліся ў газетах, часопісах і кнігах, публіцыстычныя артыкулы, інтэрв'ю і нататкі, апавяданні і нарысы, драматургію. Таксама ў Збор твораў увайшлі фальклорныя запісы і курс лекцый на гісторыі беларускай літаратуры.
Другая іпастаць творчай асобы Ніла Гілевіча была цесна звязаная з першай, пісьменніцкай, - гэта яго навуковая дзейнасць у галінах літаратуразнаўства і фалькларыстыкі. Прафесар Н. С. Гілевіч быў вядомым літаратуразнаўцам, аўтарам кніг па праблемах мастацкага перакладу, народнасці літаратуры, моўнага майстэрства пісьменніка і іншых.
Ён быў укладальнікам і навуковым рэдактарам пяці тамоў беларускага фальклору ў сучасных запісах. Паэзія Ніла Гілевіча прываблівала ўвагу кампазітараў А. Багатырова, Д. Смольскага, Э. Зарыцкага, Э. Ханка, Л. Захлеўнага, І. Лучанка. Творы Ніла Гілевіча, перш за ўсё вершы і паэмы, а таксама літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя творы перакладзены на многія мовы свету. За плённую літаратурную і грамадскую дзейнасць Ніл Гілевіч быў узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы Народаў, медалём Фр. Скарыны, балгарскім ордэнам Кірыла і Мефодзія 1 ступені, дзяржаўнымі ўзнагародамі Літвы і Украіны. Ніл Гілевіч стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі імя Я. Купалы (1980) і Міжнароднай прэміі імя Хрыста Боцева (1986).
Няхай жа аўтарытэт першага кіраўніка ТБМ імя Ф. Скарыны, народнага паэта Беларусі Ніла Сымонавіча Гілевіча дапаможа абараніць арганізацыю сёння, каб яна далей працягвала сваю плённую дзейнасць!
Падрыхтавала Э. Дзвінская.
ПРЫСЯГА НА ВЕРНАСЦЬ
Да 90-годдзя з дня нараджэння Ніла Гілевіча
Трыццатага верасня споўнілася б 90 гадоў з дня народзінаў апошняга з васьмі народных паэтаў Беларусі, выдатнага фалькларыста, публіцыста, навукоўца, педагога, заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь, грамадскага дзеяча Ніла Сымонавіча Гілевіча. Яго імя мы адразу ўзгадваем, пачуўшы стаўшыя народнымі радкі: "Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы...". Ніл Сымонавіч - аўтар адзінага, унікальнага для нашай літаратуры вершаванага рамана "Родныя дзеці" і культавага "Сказа пра Лысую гару". Класіка нашай літаратуры не стала 29 сакавіка 2016-га… У сваім спачуванні з нагоды смерці слыннага літаратара Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка адзначаў: "Творчасць Ніла Гілевіча блізкая чытачам розных пакаленняў і па праву займае асаблівае месца ў айчыннай літаратуры. У яго паэзіі знайшлі адлюстраванне высокія маральныя ідэалы, любоў да Радзімы, павага да людзей".
Прапануем нашым шаноўным чытачам незвычайны матэрыял - размову нашага пастаяннага аўтара Уладзіміра Барысенкі, журналіста і пісьменніка, з мэтрам беларускай літаратуры, якая адбылася ў ягонай кватэры… 25 гадоў таму, напярэдадні 65-годдзя Паэта. Гэтую размову Ніл Сымонавіч вельмі ўважліва вычытваў і перачытваў, удакладняючы кожнае слова, кожны знак прыпынку! Звярніце, даражэнькія, увагу, як надзённа, актуальна, моцна і прадказальна гучаць словы класіка сёння.
- Ніл Сымонавіч, хацеў адразу ж вас з некім параўнаць, але перадумаў. Відаць, гэта не сур'ёзна. А як вы асабіста адносіцеся да параўнанняў у літаратуры?
- Кожны сапраўдны талент у любым родзе мастацтва - самабытны, мае сваё ўласнае, непадобнае на іншых, аблічча, і ў гэтай адметнасці яго каштоўнасць, гэтым ён цікавы, гэтым і апраўдана яго "прэтэнзія" на ўвагу грамадскасці. Два паэты ці пісьменнікі зусім падобныя па творчай фізіяноміі - па светаўспрыманні, па стылі, па мове, па пісьму, - навошта яны? Аднаго хопіць! Прырода так і распарадзілася. І калі мы усё ж бачым двух літаратурных блізнят - значыць, адзін з іх талент арганічны, прыродны, самастойны, а другі - ягоны эпігон.
Не бачу сэнсу ў параўнанні самабытных талентаў як творчых велічынь. Пустая марная справа. Які б ні быў вялікі Пушкін - ён мне як чытачу не заменіць нікога са сваіх няхай сабе і менш геніяльных сучаснікаў - ні Кальцова, ні Баратынскага, ні Цютчава... Гэтак жа Янка Купала не заменіць мне, скажам, Уладзіміра Жылку, ці Язэпа Пушчу, ці Паўлюка Труса... Параўноўваць для таго, каб сказаць: ён не дацягвае да маштабаў Купалы - неразумна і, мякка кажучы, некарэктна, бо "ён" і не думаў з некім цягацца ў творчай моцы, мерацца славай, месцам і роляй у літаратуры: ён мае свой голас, вядзе свой матыў, сваю песню - і ўсё: большага з яго не пытайце.
Калі талент самабытны - ён непараўнаны, якое б сціплае месца ў літаратуры не займаў.
Задача літаратурнай крытыкі - паказаць прыродную адметнасць кожнага сапраўднага таленту, і ў гэтым плане, у фізіянамічным, пэўныя параўнанні могуць быць. І карысць ад іх будзе такая, што чытач лепш убачыць усю разнастайнасць, усё багацце талентаў. І яго духоўны свет пашырыцца і пабагацее на яшчэ адно паэтычнае бачанне жыцця. І ён, напэўна, у большай меры стане чалавекам. Бо паэзія ж прыйшла на зямлю дзеля гэтага.
- Чаму сёння паэзія не знаходзіць такога шырокага, як раней, выйсця на жыццёвы прастор, да чытачоў?
- Паэзія - спажытак духоўны, хлеб для душы. І попыт на яе залежыць ад таго, у якой меры грамадства жыве патрэбамі духоўнасці, маралі, сумлення, кіруецца ідэаламі дабрыні, чуласці, справядлівасці. На жаль, умовы жыцця для большасці жыхароў Беларусі склаліся так, што аб духоўным, высокім, светлым, думаць проста няма калі. Трэба думаць аб хлебе надзённым, аб тым, што пакласці ў рот, што апрануць і абуць, як дабрацца да месца працы ці, горш таго, да бальніцы. Натуральна ў грамадстве, у свядомасці і псіхалогіі шырокіх мас народа, усё мацней запаноўвае дух гандлярства, разліку, дыктат рынку, да таго ж - дзікага, у самых прымітыўных і вульгарных формах. Пра якое ж выйсце паэзіі на прастор чалавечай душы можа ісці гаворка? Як ні сумна, давядзецца змірыцца з тым, што аматараў паэзіі (як і прыгожай музыкі, і непачварнага жывапісу) будзе ў нас заўтра яшчэ менш, чым ёсць сёння. І калі дасягнем высокага матэрыяльнага дабрабыту - ужо нічога ў адносінах да паэзіі не зменіцца. На маё перакананне, чым больш мы будзем амерыканізаваць свой быт, сваё жыццё і забываць у сабе сваю ўласную, у значнай меры ідэалістычную (а не меркантыльную) душу, пераварочваць і ляпіць яе на заходні капыл, тым менш спатрэбіцца нам паэзія і наогул сапраўднае мастацтва: яго паспяхова будзе замяняць тая друкаваная брыдота, якою кішаць кніжныя прылаўкі, і тое мярзотнае паскудства, якое падаецца нашай моладзі з тэлеэкранаў і з падпольных відэакасет.
- А што можна сказаць увогуле пра сённяшні стан беларускай літаратуры? Можа, класікі ўжо ўсё зрабілі?
- Класікі, вядома, зрабілі вельмі шмат, пакінулі спадчыну, якая стала трывалым ідэйна-эстэтычным падмуркам для літаратурнай будучыні. Але ж іх спадчына - гэта іх запавет наступнікам, тым, што будуць пісаць кнігі пасля іх. Класікі не лічылі, што на іх літаратурны працэс абрываецца, - яны былі адукаванымі людзьмі і ведалі гісторыю культуры.
Сучасны стан беларускай літаратуры адназначна не ацэніш. Занадта вялікія падзеі і перамены адбыліся ў жыцці народа, у лёсе краіны, каб літаратура магла і далей самасцвярджацца ў спакойным паступальным руху. З ранейшага адрэгуляванага ідэйна-філасофскага рэчышча яна выйшла, вырвалася на волю, яна ўся - у пошуках новых маральных і сацыяльных ісцін, у здабыцці новых эстэтычных крытэрыяў. Асвойваць неўсталяваную, узбунтаваную, няспынна зменлівую рэчаіснасць няпроста, але спробы такога асваення ёсць і, на мой погляд, досыць паспяховыя. Вядома, шмат паяўляецца і выпадковага, павярхоўнага, нявынашанага, маральна неакрэсленага. Але гэта застаецца на абочыне шляху, якім рушыла наша найноўшая літаратура. А на магістралі - тое, што ідзе ад запаветаў Багушэвіча, Купалы, Коласа, Багдановіча, Гаруна, Гарэцкага, што кроўна звязана з гістарычным жыццём-быццём народа, з ідэаламі беларускага нацыянальнага адраджэння. Вельмі радасна, што на гэты адзіна плённы шлях выходзіць і сённяшняя літаратурная моладзь. Паколькі яна таленавітая - я моцна веру ў заўтрашні дзень беларускай літаратуры.
- Калі вы адчулі сябе больш-менш упэўнена ў паэзіі?
- Пачуццё пэўнасці, што жыць паэзіяй наканавана мне лёсам, прыйшло да мяне досыць рана: думаю, што гэта сталася адразу ж пасля першых выступленняў з вершамі ў друку (а было мне тады пятнаццаць). Помню, што з таго часу нішто іншае мяне ўжо так не вабіла і не займала, як жаданне выказаць свой настрой ці нейкую думку вершам. Думаю, што і марыў я тады толькі пра такую, "паэтычную" будучыню, хоць, можа, і не прызнаваўся сам сабе ў гэтым. Калі б было не так - адышоў бы ад гэтага паэтычнага палу, астыў бы і захапіўся чым-небудзь іншым. Але гэтага не здарылася - астуда так і не найшла на мяне.
- Можна сказаць, што паэт - гэта прафесія?
- Калі прафесія, дык не тая, якой можна авалодаць па жаданні, сілаю волі, а тая, што становіцца тваім пастаянным "рабочым" клопатам з ласкі Божай. З уласнай жа сілы, волі, не маючы прыроднага прызвання, можна стаць досыць прафесійным вершаробам, але не паэтам. Варта жалю доля - жыць пладамі гэтага "незаконнага" вершаробства, набіць на рыфмаванні руку і выдаваць плёны сваіх "творчых" высілкаў за паэзію.
- У вас было за жыццё столькі пасад і даручэнняў, што цяжка ўявіць, як вы пры ўсім тым столькі напісалі...
- Службовых, чыноўніцкіх пасад у мяне за ўсё жыццё было не "столькі", а толькі дзве: у Саюзе пісьменнікаў (першы сакратар праўлення) і ў Вярхоўным Савеце Рэспублікі (старшыня камісіі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны). Але яны забралі ў мяне пятнаццаць самых лепшых для творчай працы гадоў - у тым спелым узросце, калі яшчэ і жыццёвай сілы-энергіі багата і ўжо нямала набыта прафесійнага вопыту. Калі б гэтыя пятнаццаць гадоў (1980-1995) я ахвяраваў на свае творчыя клопаты - колькі яшчэ змог бы ажыццявіць з тых задум, што і да сёння ляжаць у маіх паперах няздзейсненымі. Па некаторых з іх проста "душа плача". Малю Усявышняга, каб яшчэ хоць сёе-тое з намечанага даў мне здзейсніць... (За ўласны кошт Ніл Сымонавіч паспеў выдаць, хай і невялікім накладам, 23-томны збор сваіх лепшых твораў, напісаных больш як за 60 гадоў. - Ул. Б.) Ну, а калі ўсё-такі чытачоў уражвае "столькі напісанага", дык гэта, апрача ўсяго іншага, тлумачыцца проста: ніякага хобі, якое б забірала час, ніколі не меў і не маю, практычна ніводнага выхаднога за ўсё жыццё сабе не дазволіў. Праца, праца і праца - штодзённая, неадкладная, несканчоная...
- З кім з вядомых літаратараў давялося ў жыцці сустракацца, у каго, скажам так, узялі штось карыснае, як проста чалавечае, так і прафесійнае? З кім сябруеце зараз?
- У гэтым сэнсе мне, здаецца, пашчасціла. Лёс падарыў мне блізкае знаёмства або нават сяброўства з многімі выдатнымі паэтамі і пісьменнікамі Беларусі і розных замежных, перш за ўсё славянскіх, краін. Усіх пералічыць не выпадае, але некалькі імён я ўсё ж назаву. І першым - імя таго, з кім звязаны бадай што самы дарагі ўспамін маёй літаратурнай маладосці. Я паспеў не толькі шмат разоў бачыць і слухаць Якуба Коласа, але і адчуць бацькоўскі поціск яго рукі, калі ён мне, студэнту-другакурсніку, дзякаваў на сваім юбілейным вечары за прысвечаныя яму вершы...
З пачуццём удзячнасці і любові ўспамнаю тых, з кім разам перагорнуты многія старонкі жыцця, - такіх дарагіх і блізкіх мне людзей, як Міхась Лынькоў, Іван Мележ, Пімен Панчанка, Максім Танк, Юрка Гаўрук, Васіль Вітка, Алесь Звонак, Мікола Лобан, Аляксей Пысін, Уладзімір Калеснік, Сцяпан Гаўрусёў, Уладзіслаў Нядзведскі, Яўгенія Янішчыц... Многа іх, як бачыце, мудрых і слынных, добрых і мілых, што з цягам доўгіх гадоў дарылі мне сваю душэўную цеплыню і ласку, падтрымлівалі сваім даверам і шчырым сяброўскім словам. Горка, што ўжо нікога з гэтых сяброў-настаўнікаў, сяброў-равеснікаў, сяброў-вучняў, былых маіх студэнтаў я не спаткаю і не пачую: адышлі ў пантэон беларускай славы.
Дзякую за сяброўства, за неаднойчы падзеленыя са мной нягоды і радасці, клопаты і трывогі тым, хто сёння побач, у адным страі і пад адным сцягам. Радуюся шчыраму плёну іх працы, радуюся кожнай магчымасці пабачыцца, пабыць разам, пагутарыць, пабедаваць над нашым праклятым лёсам беларускім дый абнадзеіцца, што выстаім, перажывём, прычакаем і больш светлых дзён для Бацькаўшчыны.
Шмат дарагіх мне імён і ў літаратуры Расіі, Украіны, Балгарыі, Славеніі, Літвы, Малдовы і іншых краін. Згадваю іх абліччы і постаці, усмешкі і абдымкі, разгортваю іх кнігі з аўтографамі, у тым ліку і перакладзеныя мной на беларускую мову, успамінаю эпізоды нашага творчага супрацоўніцтва - і светла на душы і цёпла ад успаміну, і зноў жа скрушна і горка: многіх з іх, на жаль, ужо няма, адышлі ў пантэон нацыянальнай славы свайго народа...
- Што вы можаце сказаць сёння пра нацыянальныя культуры на тэрыторыі былога Саюза, у тым ліку і пра беларускую?
- Не вельмі дасведчаны, як жыве-пажывае сёння культура ў былых рэспубліках Саюза, але думаю, што ўсюды - цяжка, каб не сказаць мацней. Думаю таксама, што пры ўсім тым у самым брыдотным становішчы знаходзіцца сёння наша беларуская культура. Чаму? Таму што агульны стан любой нацыянальнай культуры вызначаецца агульным станам нацыянальнай мовы, якая ёсць першааснова і для літаратуры, і для тэатра, і для кіно, і для песеннай творчасці, і для эстрады, і наогул адыгрывае першаступенную ролю ў фарміраванні духоўнага аблічча нацыі. Ну, а па становішчы нашай мовы на нашай роднай зямлі Беларусь параўнаць няма з кім - нідзе да такой ганьбы грамадзяне краіны не апусціліся. З'ездзіце ў Прыбалтыку, у Арменію, у Туркменію, на Украіну, нават у аўтаномную рэспубліку Татарстан і паглядзіце, як там абыходзяцца са сваёй роднай мовай. Пакуль карэнным чынам не зменяцца ў нас - і на дзяржаўным, і на бытавых узроўнях - адносіны да беларускай мовы, - пра паляпшэнне стану беларускай нацыянальнай культуры, тым больш пра яе ўздым, гаворкі не можа быць. Проста таму, што такіх цудаў - каб мова была ў ганебным заняпадзе, а культура на ўздыме - ніколі нідзе ў свеце не было, няма і быць не можа. Але зразумець гэтую элементарную ісціну мы ўсё яшчэ не жадаем. Усё яшчэ робім выгляд, прытвараемся, хітруем, выдзяляем сродкі, - а глядзець на ўсё гэта мутарна, бо ўсё - дарэмна, усё ўпустую! Забяспечце нармальнае дзяржаўнае становішча беларускай мове - і ўся культура тут жа ажыве, загамоніць, закаласуе і пойдзе ўгору з падгопцам! І нейкага асаблівага догляду ёй не спатрэбіцца, ды і з фінансаваннем будзе лягчэй, бо найлепшае фінансаванне - гэта творчы энтузіязм людзей, на ніве культуры невыпадковых, нераўнадушных.
- Што можна пажадаць сёння пачаткоўцам у літаратуры?
- Перш за ўсё - думаць і дбаць пра сваю грамадзянскую пазіцыю. Гэта і яшчэ раз гэта! Талент даецца ад Бога, але і талент можа зачахнуць і выпетраць, калі яго не жывіць сокамі грамадзянскасці, сокамі патрыятычнай любові і высакароднага гневу.
- Я вашу апошнюю кніжку знайшоў толькі ў адным з аршанскіх калгасаў, у мясцовым магазіне. Факт бясспрэчны: вас чытаюць! Гэта, напэўна, галоўнае, ці што можаце ўдакладніць?
- Увогуле, я не магу крыўдаваць, што чытачы абыходзяць мае кнігі ўвагай, дзякаваць Богу - цікавяцца, чытаюць. Пра гэта сведчаць і іх шматлікія лісты да мяне. Але калі ў кнігарнях няма - гэта яшчэ не значыць, што іх раскупілі; гэта можа значыць, што іх і не завозілі туды, што тыраж быў мізэрны і асеў у гарадах, а да глыбінкі не дайшоў. Гэта можа значыць і тое, што кнігі паэта ці пісьменніка даўно не выдаваліся. Мой апошні зборнік вершаў "На высокім алтары" выйшаў больш як два гады назад, вясной 1994-га. Што ж за дзіва, што за гэты час ён разышоўся? На рабочым стале ўжо даўно ляжыць рукапіс новай паэтычнай кнігі, як і рукапіс публіцыстыкі, але выдаваць няма каму. Так што - хай шаноўныя чытачы выбачаюць.
- Сёння мы шмат чаго гаворым пра наш Саюз пісьменнікаў. Якім вы яго бачыце зараз і ў будучым?
- Калі па шчырасці, то кепска я гляджу на яго сёння і нічога добрага не бачу ў будучым. Не выключаю, што ён увогуле разваліцца, распадзецца на літаратурныя суполкі, больш мэтазгодныя і прыдатныя для пісьменніка і для літаратуры. Ва ўсякім разе яго сённяшняя роля ў грамадзянскім жыцці краіны зведзена амаль на нішто. У паўсядзённай рабоце ён падменьвае сабой Літаратурны фонд і Дом літаратараў. А ролю асяродка, які б аб'яднаў, збіраў і выхоўваў літаратурныя сілы для вялікай справы нацыянальнага адраджэння, ён не выконвае. Ад гэтага і сумна, і прыкра. Пара ўсім пісьменнікам задумацца.
- Ніл Сымонавіч, два апошнія пытанні. Першае: якія жыццёвыя факты больш за ўсё запомніліся? Другое: што б хацелі пажадаць усім беларусам, калегам, сябрам, можа, каму асабіста?
- Мацней за ўсё запомніліся падзеі і эпізоды з гадоў нямецка-фашысцкай экупацыі. Найперш тыя, калі я, дванаццаці-трынаццацігадовы падлетак, цудам выходзіў з лап смерці. А найперш - дзень вызвалення, калі ўбачыў, як стомленыя, брудныя ад поту і пылу, але са "Священной войной" на вуснах, уваходзілі ў вёску савецкія салдаты, калі ўпершыню ў жыцці ад шчасця я не стрымаў слёз. Раней плакаў ад болю, ад крыўды, а тут...Такое не забываецца.
На развітанне ўсім беларусам зычу пачувацца гаспадарамі на роднай зямлі, жыць і працаваць, помнячы пра сваю чалавечую і нацыянальную годнасць. Усім калегам зычу гэтага самага. Усім сябрам - таксама.
Гутарыў Уладзімір Барысенка. Верасень 1996 года.
Дар адчуваць, любіць і ведаць слова
У Нацыянальнай бібліятэцы адкрылася кніжная выстава пад назвай "Прывесці ў рух энергію сумлення", прысвечаная 90-годдзю з Дня нараджэння народнага паэта Беларусі Ніла Сымонавіча Гілевіча (1931-2016). Тут прадстаўлены шматлікія творы знанага літаратурназнаўца, фалькларыста і перакладчыка. Раздзелы экспазіцыі: "Слова роднае, жывое і свабоднае", " Усё ж мы дойдзем, дойдзем, да Беларусі!", "Звонкае сэрца паэта", " Вы шуміце, шуміце нада мною бярозы!" раскрываюць жыццёвы і творчы шлях паэта.
Багатая літаратурная спадчына пісьменніка прадстаўлена зборам твораў у 23 тамах, зборам лірыкі, раманам у вершах "Родныя дзеці", паэмай " Сказ пра Лысую гару", зборнікам п'ес " Начлег на буслянцы", аўтабіяграфічнай аповесцю "Перажыўшы вайну", літаратурна-крытычнымі і публіцыстычнымі артыкуламі, кнігамі сатыры, вершамі для дзяцей і іншымі.
Паэзія Ніла Гілевіча прываблівала ўвагу кампазітараў А. Багатырова, Д. Смольскага, Э. Зарыцкага, Э. Ханка, Л. Захлеўнага, І. Лучанка.
Творы Ніла Гілевіча, перш за ўсё вершы і паэмы, а таксама літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя творы перакладзены на многія мовы свету.
За плённую літаратурную і грамадскую дзейнасць Ніл Гілевіч быў узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы Народаў, медалём Фр. Скарыны, балгарскім ордэнам Кірыла і Мефодзія 1 ступені, дзяржаўнымі ўзнагародамі Літвы і Украіны. Ніл Гілевіч стаў лаўрэатам дзяржаўнай прэміі імя Я. Купалы (1980) і міжнароднай прэміі імя Хрыста Боцева (1986).
У канцы свайго жыцця Ніл Сымонавіч Гілевіч быў уганараваны прэміяй "За свабоду думкі" імя В. Быкава.
Падрыхтавала Эла Дзвінская, фота аўтара.
Санет філолагам
Да 70-годдзя філфака БДУ
На Вашу долю выпаў Божы дар -
Любіць, і адчуваць, і ведаць Слова,
І разумець, што ўсё жыве часова
Пад ласкай сонца і няласкай хмар.
Адно Яно на ўвесь зямны абшар -
Людской душы апека і ахова -
Не памірае! - як бы лёс сурова
Ні пасылаў за ўдарам зноў удар.
Запомнім жа сябры: няма нічога
Свяцей за Слова вешчае ад Бога.
Сярод няпраўдаў крыўдаў і нягод
У ім - праўдзівым,
добрым, чыстым светлым,
У ім - нятленным,
вечным, запаветным -
Наш паратунак, наш Святы Зыход.
Ніл Гілевіч "Пацеркі Божай Маці", 2009 г.
Сацыял-дэмакраты з невялікай перавагай перамаглі на выбарах у нямецкі Бундэстаг
Навіны Германіі
Паводле афіцыйных папярэдніх вынікаў, перамога на парламенцкіх выбарах дасталася СДПГ. Аднак гэта яшчэ не азначае, што менавіта яе прадстаўнік стане канцлерам - перавага над права-цэнтрыстамі даволі нязначная.
Сацыял-дэмакраты набіраюць 25,7% галасоў. Блок правацэнтрыстаў ХДС/ХСС атрымлівае 24,1% галасоў. Гэтак вынікае з афіцыйных папярэдніх вынікаў, агучаных у ноч на 27 верасня на сайце старшыні федэральнай выбарчай камісіі.
Партыя "Саюз-90/Зялёныя" атрымала 14,8% галасоў, Свабодная дэмакратычная партыя (СвДП) - 11,5%, а правапапулісцкая "Альтэрнатыва для Германіі" - 10,3%.
Партыю "Левыя" падтрымалі 4,9% выбарнікаў. Такім чынам, яна не пераадолела бар'еру для праходжаньня ў Бундэстаг, аднак гэтая палітычная сіла зможа сфармаваць фракцыю ў парламенце, раз тры яе прадстаўнікі атрымалі прамыя мандаты ў Берліне і Ляйпцыгу.
Абодва галоўныя прэтэндэнты на пасаду канцлера - Олаф Шольц (СДПГ) і Армін Лашэт (ХДС/ХСС) ужо заявілі пра гатоўнасць сфармаваць новы ўрад.
Кандыдатка ў канцлеры ад партыі "Саюз-90/Зялёныя" Анналена Бэрбак прызнала памылкі, якія не дазволілі партыі стаць вядучай палітычнай сілай, аднак яна лічыць, што "Зялёныя" "атрымалі ад выбарнікаў мандат на абнаўленне краіны".
Выніковая яўка на выбарах у Германіі склала 76%, пра гэта сведчаць прагнозы апытання Infratest dimap, паведамляе Deutsche Welle.
Магчымыя кааліцыі.
Разглядаюць дзве магчымыя ўрадавыя кааліцыі: чорна-зялёна-жоўтую (ХДС/ХСС, Зялёныя, Свабодная дэмакратычная партыя) або чырвона-зялёна-жоўтую (СДПГ, Зялёныя, СвДП). Як ужо жартуюць у Германіі, караля робяць зялёныя і лібералы.
Тлумачэнне. Левая партыя па партыйным спісе не адолела 5-працэнтны парог, аднак яна ўзяла тры мандаты ў акругах, і гэта дазваляе ёй атрымаць 39 крэслаў у Бундэстагу.
SSW, якая атрымала 1 мандат, - гэта Sudschleswigsche Verein (па-дацку: Sydslesvigsk Forening), Паўднёвашлезвігскае аб'яднанне, арганізацыя дацкай меншасці
Нямецкі гісторык Аляксандр Фрыдман аналізуе "прарасейскую" пазіцыю Берліна ў беларускім і ўкраінскім пытаннях і тлумачыць, чаму яна можна істотна змяніцца пасля выбрання новага ўрада
- У часы Меркель Германія набывала вагу ў Еўрасаюзе. І калі Брытанія пакінула Еўрасаюз, Германія і Францыя адназначна сталі асноўнымі краінамі Еўрасаюза, якія і вырашаюць яго замежную палітыку.
Другі момант - гэта эканамічнае супрацоўніцтва, цесныя эканамічныя сувязі Германіі з краінамі Усходняй Еўропы і постсавецкай прасторы.
І яшчэ адзін важкі момант для нямецкай палітыкі - гістарычна-маральны. Усходняя Еўропа - менавіта тыя тэрыторыі, якія падчас Другой сусьветнай вайны знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй і дзе нацысты праводзілі сваю злачынную палітыку генацыду. Таму гістарычная адказнасць таксама ўплывае на нямецкую палітыку. Немцы, напрыклад, вельмі актыўна на ўзроўні дзяржавы і прыватных фондаў займаліся чарнобыльскай праблематыкай.
Меркель падчас свайго апошняга, развітальнага візіту ў Маскву падымала беларускае пытанне, але відавочна, што нічога не атрымалася. Меркель ці сённяшні лідэр хрысціянскіх дэмакратаў Армін Лашэт, ці лідар сацыял-дэмакратаў Улаф Шольц - гэта палітыкі сталага ўзросту, ім за 60, гэта людзі, якія "выраслі падчас "халоднай вайны"". Яны ўспрымаюць постсавецкую прастору як тэрыторыю, дзе ў Расіі асаблівыя інтарэсы, якія трэба ўлічваць.
Але ў наступным нямецкім урадзе, хутчэй за ўсё, міністэрства замежных справаў Германіі будзе ў руках партыі "Зялёныя". І гэта ўжо зусім іншае стаўленне да беларускага і ўкраінскага пытання. Гэтай партыяй кіруюць больш маладыя людзі. Анналене Бэрбак, якая хутчэй за ўсё, атрымае пасаду міністра замежных справаў, трошкі за 40. Яны не глядзяць на Беларусь і Украіну як на натуральную зону інтарэсаў Расеі.
Мне думаецца, што калі наступны нямецкі ўрад будзе сфармаваны той кааліцыяй, пра якую мы гаварылі (сацыял-дэмакраты, лібэралы і "зялёныя"), то замежная палітыка Германіі істотна зменіцца. Яна будзе менш прагматычнай, каштоўнасці будуць адыгрываць большую ролю. Яны будуць больш рашуча патрабаваць вызвалення палітвязняў, больш жорсткіх санкцыяў (ужо патрабуюць). У пазіцыі лібералаў і "зялёных" шмат адрозненняў - але не ў беларускім пытанні.
Амаль усе партыі абыходзяць тэму ўцекачоў і тэму беларуска-польскай мяжы. Але калі выказваюцца, то там найперш ідзе крытыка Лукашэнкі за тое, што ён стварыў гэты крызіс і выкарыстоўвае мігрантаў...
Паводле СМІ.
Маёнткі Касцянёва і Паперня
Леанід Лаўрэш
У ХІ ст. ва Усходняй Еўропе інтэнсіўна праходзіў працэс фармавання сярэднявечных адміністрацыйна-палітычных адзінак "земляў" ці "княстваў", паміж імі ішла барацьба за палітычныя прыярытэты і эканамічныя сферы ўплываў, за гандлёвыя шляхі і новыя тэрыторыі, што адлюстравана на старонках летапісаў. У памежных раёнах гарадзішчы з'яўляліся вартавымі памежнымі цвердзямі. Адным з такіх ўмацаваных паселішчаў на тэрыторыі гістарычнай Лідчыны было гарадзішча каля вёскі Касцянёва.
Археолагі Сяргей Піваварчык і Генадзь Семянчук пішуць пра гэтыя гарадзішча Касцянёва і недалёкае ад яго Кульбачына (на беразе ракі Астрынкі): "Іх умацаваная плошча складае каля 1 га. Абарончыя збудаванні маюць вялікую магутнасць - вышыня валоў 4-5 м. Побач з гарадзішчамі знойдзены сляды селішчаў. Раскопкамі выяўлены культурны пласт магутнасцю да 1,2 м. Аналіз рэчавага матэрыялу паказаў, што помнікі ўзніклі ў канцы Х - пачатку ХІ ст. Пляцоўкі гарадзішчаў былі забудаваны наземнымі зрубнымі дамамі (Кульбачына) і паўзямлянкамі (Касцянёва). Знаходкі на гарадзішчы Кульбачына наканечнікаў стрэл), дзідаў, бляхі ад тарчы дазваляюць сцвярджаць, што гэты помнік узнік як памежная вартавая цвердзь. Знаходкі жорнаў, прасліц, рыбалоўных кручкоў, касцяных праколак, касцей свойскай жывёлы сведчаць аб тым, што насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай і промысламі. У верхніх пластах гарадзішча знойдзены пацеркі (шкляныя і з бурштыну), шкляныя бранзалеты, шпора з рапейкай. Гэта дае падставы гаварыць аб тым, што паселішча з другой паловы ХІІ ст. пачынае змяняць сацыяльную функцыю і набываць рысы феадальнай сядзібы, што з'яўлялася вынікам феадалізацыі грамадства. На гарадзішчы Касцянёва таксама знойдзены наканечнікі стрэлаў, жалезныя вырабы (нажы, рэшткі замка, шыла), косці свойскай жывёлы. У ХІІІ ст. абодва гарадзішчы загінулі ў агні. Знішчэнне іх хутчэй за ўсё звязана з падзеямі 1252 г., калі валынскія князі "плениша всю землю Новогородьскую"".
Вядомы савецкі археолаг В. Сядоў атаясамліваў летапісны Вевярэск з гарадзішчам каля вёскі Касцянёва і лічыў, што назва старажытнага горада паходзіць ад гідроніма - ракі Вавёркі (левы прыток ракі Лебяды). Сядоў меркаваў, што горад загінуў у выніку нашэсця ў ХІІІ ст., а частка ўратаваўшыхся жыхароў заснавала сучаснаю Ваверку за 18 км ад гарадзішча ля Касцянёва. Аднак наступныя археалагічныя пошукі на месцы гэтага гарадзішча выявілі знаходкі больш позняга часу - ХV-XVII стст. Таму археолагі перасталі звязваць летапісны Вевярэск з гарадзішчам каля вёскі Касцянёва.
Дакладна вядома, што першым уладальнікам маёнтка Касцянёва быў Януш Касцевіч падляшскі ваявода, радуньскі намеснік, уладальнік Начы, дзяржаўца Ожскі і Пераломскі. Бясспрэчна, што менавіта ад першага ўладальніка Януша Касцевіча атрымала назву і яго маёмасць - Касцянёва, тэрыторыя якой на момант надання, верагодна была толькі лесам і неапрацаваным полем.
Пра род Касцевічаў вядома не шмат. Бацька Януша Касцевіча - Станька Касцевіч, у 1481/85-1498 гг. - ковенскі стараста, з 1492 г. - гаспадарскі маршалак. Станька Касцевіч упершыню згадваецца як каралеўскі дваранін у спісе палонных 1454 г. пасля бітвы пад Хацінам. Пасля гэтага ён выступае як сведка ў дакуменце 1464 г. Марціна Гаштаўта. Памёр каля 1498 г. Звесткі пра паходжанне адсутнічаюць. Браты Станькі - Алехна, згаданы ў некалькіх дакументах сярэдзіны XV ст. і, магчыма, Якуб. Паходжанне і імя жонкі таксама не высветлены. Станька Касцевіч меў сыноў Вацлава і Яна (Януша) і дачку Сусану, з ордэна францішканаў-тэрцыярыяў. Цікава, што акрамя Касцянёва, сям'я мела яшчэ і маёмасць з падобнай назвай Касцяневічы ў Ашмянскім павеце.
Трэба адзначыць, што Касцянёва ляжала на "Каралеўскім тракце" - артэрыі, якая злучала дзве сталіцы - Вільню і Кракаў (потым Варшаву), на галоўнай дарозе ў нашым краі таго часу. Ужо ў першай палове XV ст. дарога Кракаў - Вільня ў ваколіцах Нёмана мела два варыянты: адзін - з Ваўкавыска наўпрост на Эйшышкі, другі - з-пад Свіслачы праз Дубну і Новы Двор на Васілішкі і Эйшышкі. Па першым варыянце тракт ішоў праз Шчучын і далей праз Касцянёва на Васілішкі, па другім - недалёка Касцянёва. Канешне ж гэта падвышала каштоўнасць Касцянёва для ўладальнікаў гэтай маёмасці.
У 1690 г. Касцянёвам валодаў Стэфан Францкевіч, маёнтак налічваў 102 дымы. З падымнага рэестра 1729 г. даведваемся, што Касцянёва належала ўжо двум Францкевічам: "Яп Стэфан Радзімінскі Францкевіч, стараста Трабскі з маёнтка Касцянёва, яго частка … пяцьдзесят дзевяць дымоў. Яп Марцін Радзімінскі Францкевіч, падстолі мозырскі з Касцянёва, яго частка пасля падзелу Галавічполя з Баярамі, дваццаць два з паловай дымы. Гурнофель, дваццаць адзін дым".
Наступнымі вядомым нам уладальнікамі Касцянёва з'яўляліся Александровічы герба Косы. З гэтага роду былі лідскі кашталян Францішак Александровіч, які памёр пры канцы XVIII ст., а таксама гродскі пісар, а потым лідскі маршалак Міхал Александровіч, згодна з Урускім "муж шляхетны і праведны, не было ў павеце такіх праблем, якімі б ён не займаўся". Калі шведы наклалі на павет кантрыбуцыю і з-за ваеннага спусташэння землеўладальнікі не маглі яе выплаціць, ён заплаціў кантрыбуцыю гатоўкай, якую дастаў са сваёй скарбонкі, гэта пры тым, што і яго маёмасць была знішчана.
12 снежня 1756 г. у Лідзе, ён у прысутнасці земскага пісара Францішка Александровіча і лідскага гродскага пісара Самуэля з Кастравіц Кастравіцкага падпісаў акт пераносу піярскага калегіюма з Воранава ў Ліду.
У 1784 г. Касцянёва ўсё яшчэ належыць Александровічам.
Вядома, што ўжо з XVI ст. Кастравіцкія мелі ўладанні на Лідчыне, а ў XVII ст. займалі розныя пасады ў ВКЛ, галоўным чынам у Менскім і Мсціслаўскім ваяводствах. Вядомы віленскі генеолаг Часлаў Малеўскі паведамляў, што ў Расійскай імперыі Кастравіцкія пацвердзілі сваё шляхецтва 21.01. 1799 г. У канцы XVIII ст. яны валодалі на Лідчыне Перапечыцай, Мажэйкавым, Паперняй, Кавалямі і Касцянёвам.
Вышэй узгаданы Самуэль Кастравіцкі, лідскі лоўчы і гродскі пісар, купіў маёнтак Мажэйкава ў князя Агінскага, а Васілішскае староства - у Яна Сцыпіёна. Самуэль Кастравіцкі быў жанаты з Барбарай Сяклюцкай. Сужэнцы мелі трох сыноў - Казіміра, Ануфрыя і Ігната. Казімір - шамбелян каралеўскага двара, цыбарскі стараста, Ігнат - генерал-ад'ютант, кавалер ордэна св. Станіслава.
Скажу трошкі пра сыноў Казіміра Кастравіцкага. Сын Казіміра Рамульд Кастравіцкі, маршалак Лідскага павета ў 1828-1843 гг., кавалер ордэна св. Уладзіміра 4 ст., уладальнік Мажэйкава, яго брат Самуэль - віца-маршалак, капітан артылерыі польскіх войск у адстаўцы, кавалер ордэна св. Станіслава, а трэці брат Геранім - маршалак Слонімскага павета, уладальнік маёнтка Падолле.
Кавалер ордэна св. Станіслава Ігнат Кастравіцкі, які потым стаў генералам артылерыі, ажаніўся з Александравічоўнай і стаў першым з Кастравіцкіх уладальнікам Касцянёва.
У 1792 г. суд павятовай канфедэрацыі па скарзе пана Караля Лясковіча, уладальніка Ваверкі, за звычайны суседскі эксцэс асудзіў Ігнацыя Кастравіцкага, генерал-ад'ютанта Яго Каралеўскай Мосці і кавалера ордэна св. Станіслава, уладальніка Паперні, на некалькі тыдняў "вежы". Кастравіцкі для адбыцця кары прыбыў у Ліду і звярнуўся да гродскага намесніка, каб той вызначыў месца, дзе можна адбыць "вежу". Калі намеснік адказаў яму, што ў Лідзе няма такога адпаведнага месца, дык Кастравіцкі зрабіў так жа, як і іншыя прыгавораныя рабілі ў такіх выпадках - за ўласныя грошы наняў пакой у кляштары лідскіх піяраў і там адбыў "вежу". Традыцыя адбыцця пакарання "ў вежы" калегіюма піяраў (насамрэч у кляштарным пакоі), з'явілася з моманту адкрыцця калегіюма і пратрымалася да ўпадку Рэчы Паспалітай.
Цікава, што пасля 1815 г. на Лідчыне ў Касцянёве пасяліўся адстаўны капітан Тадэвуш Касцюшка - пляменнік знакамітага генерала Тадэвуша Касцюшкі. Тадэвуш-пляменнік - сын Юзафа Касцюшкі і Францішкі з Свідэрскіх, 15-ці гадовым хлопцам у лістападзе 1794 г. уступіў жаўнерам у войска паўстанцаў, але паўстанне, якім кіраваў ягоны дзядзька, ужо дагарала. Паўторна, старшым сяржантам, уступіў у польскі легіён у 1806 г. У 1807 г. атрымаў чын падпаручніка і быў паранены пры асадзе Гданьска. У 1808 г. стаў паручнікам 5-га палка пяхоты Варшаўскага княства. У 1809 г. ваяваў супраць Аўстрыі і ў 1811 г. стаў капітанам. У 1812 г. ваяваў пад Дынабургам у 2-й брыгадзе Міхала Радзівіла. У 1813 г. трымаўся ў пякельна доўгай абароне Гданьска. У 1815 г. перайшоў у 6-ты полк пяхоты Кангрэсовага Варшаўскага каралеўства і ў тым жа годзе ў Млаве напісаў вялікаму князю Канстанціну рапарт аб адстаўцы з-за слабага здароўя і хатніх праблем. Памёр капітан Касцюшка ў Пінску. Відавочна, што генерал Кастравіцкі быў баявым сябрам беднага капітана - пляменніка вялікага Касцюшкі.
Пасля напалеонаўскіх войнаў Ігнат Кастравіцкі перасяліўся ў Вену. У Касцянёва застаўся яго сын Самуэль (1788-1859), які быў жанаты з Ганнай Залескай. Пасля смерці бацькі Самуэль таксама эміграваў у Вену, дзе нарадзіліся яго дочкі Мялання і Юлія, а таксама сын Люцыян (1816-1867), які потым вучыўся ў знакамітай французскай вайсковай школе Сен-Сір.
Адзін з апошніх на Лідчыне Кастравіцкіх - Ян (ці Ян Люцыян) Кастравіцкі пісаў: "Наш прадзед Самуэль, бацька Мяланні, Юліі і Люцыяна, быў сынам генерала артылерыі Ігната Кастравіцкага, удзельніка маскоўскай кампаніі Напалеона. На Лідчыне ён валодаў маёнткамі Кавалі, Паперня і Касцянёва, таксама валодаў і нейкім маёнткам на Палессі. Жаніўся з паннай Залескай з Валыні. Праўдападобна, з-за падзей 1812 г. Ігнат Кастравіцкі выехаў у Вену і набыў там палац.
Усе дзеці Самуэля атрымалі стараннае выхаванне і адукацыю, сын Люцыян вучыўся ў Французскай вышэйшай вайсковай школе, а дочкі былі прынятыя ў двор жонкі Напалеона Марыі Людвікі, якая пасля 1814 г. разам з сынам Напалеона, герцагам Рэйхштацкім, вярнулася да сваіх бацькоў у Аўстрыю. Вядома, што Мялання і Юлія былі вельмі прыгожымі дзеўчынамі".
Абедзвум сваім дочкам Самуэль Кастравіцкі даў добрае выхаванне, веданне моў, гісторыі, літаратуры, музыкі і жывапісу. Сёстры былі прыняты ў аўстрыйскі двор, дзе аказаліся ў атачэнні жонкі Напалеона Марыі Людвікі, маці сына Напалеона, князя Рэйхштацкага (1811-1832) (так званага "Арляняці"). Ва ўзросце 18 гадоў, пры невядомых акалічнасцях, Мялання Кастравіцкая зацяжарыла і была адаслана ў Італію, дзе нарадзіла сына, імя якога не вядома. Дзіцё выхоўвалася за кошт Кастравіцкіх, але пад апекай Ватыкана. Мелання потым вярнулася ў Вену і жыла ва ўспадкаваным ад бацькі палацы, пад канец жыцця яна стала манашкай. Ёсць меркаванне, што слынны французскі паэт Гіём Апалінэр (Кастравіцкі), быў сынам гэтага таямнічага сына Мяланні і Анжалікі Кастравіцкай (дачкі Міхала), якая паходзіла з іншай лініі Кастравіцкіх. Такім чынам, Гіём Апалінэр, верагодна, з'яўляецца ўнукам "Арляняці" і Мяланні Кастравіцкай і таксама праўнукам Напалеона.
(Працяг у наступным нумары.)
На радзіму паэта Паўла Пруднікава
Гісторыя Магілёўшчыны
У пачатку верасня з сябрам Арцёмам Яроменка на легкавіку паехалі на ўсход Магілёўшчыны па нязведаных старонках з мэтай абавязкова завітаць у мястэчка Стары Дзедзін, што ў Клімавіцкім раёне. Справа ў тым, што менавіта тут нарадзіліся вядомыя беларускія пісьменнікі Алесь і Павел Пруднікавы. А сёлета яшчэ і юбілейны год у Паўла Пруднікава. У спадзеве адшукаць нешта цікавае, звязанае са знакамітымі творцамі, мы рушылі па маршруце: Магілёў - Стары Дзедзін - Мілаславічы - Клімавічы.
Па трасе Крычаў - Раслаўль, недзе кіламетраў 25, і паварот налева, на Стары Дзедзін. Мястэчка знаходзіцца на прыгожай рачулцы Асцёр, якую мы праехалі і адразу спыніліся за мастом, каб паглядзець краявіды. Пры ўездзе ў вёску, каля дарогі стаіць памятны знак, на якім паведамляецца наступнае: "Памятный знак д. Старый Дедин один из древнейших кладов монет Беларуси между 980 - 985 г.г." Справа ў тым, што менавіту тут у 1926 годзе знайшлі значны манетны скарб.
Далей мы паехалі па мястэчку ў пошуках артэфактаў. Зайшлі ў мясцовую краму і папыталі, ці жыве тут яшчэ хто з Пруднікавых. Нам параілі пайсці да бібліятэкі. Аказалася, што Стары Дзедзін - яшчэ досыць значнае паселішча, раз тут ёсць і крама, і нават бібліятэка. У бібліятэцы мы пабачылі цікавую выставу, прысвечаную юбілею Паўла Пруднікава ,і нам падказалі, дзе знаходзіцца хата пісьменніка, якая яшчэ захавалася да нашага часу. Дарэчы, на выставе мы пабачылі некалькі кніг з уласным подпісам П. Пруднікава.
На вуліцы недалёка за бібліятэкай мы адшукалі занядбаную хату пісьменніка. Усё вакол ужо зарасло: і каля хаты і ў двары. Калі зайшлі ў будынак, бо тут няма ні дзвярэй, ні акон, і можа заходзіць любы, пабачылі, што ўсё разрабавана марадзёрамі і многія рэчы раскіданы па падлозе. Але сярод смецця мы знайшлі лісты і фота роднай сястры Паўла Пруднікава Марыі Іванаўны. Сабралі канверты і фота, каб гэта ўсё перадаць у музей. Вельмі, канешне, шкада, што родны дом пісьменніка знаходзіцца ў такім стане… Як нам паведамілі, сваякі П. Пруднікава зараз жывуць у Менску, і хату ніхто не даглядае. Хаця гэты дом маглі б даглядаць і мясцовыя ўлады, каб ушанаваць вядомага земляка.
Павел Іванавіч Пруднікаў нарадзіўся 14 ліпеня 1911 года ў сялянскай сям'і. Стрыечны брат паэта Алеся Пруднікава. Вучыўся ў суседняй вёсцы Мілаславічы. Навучанне ў школе праходзіла на беларускай мове ў часы беларусізацыі, калі Клімавіцкі раён быў у складзе Калінінскай акругі. Яшчэ ў школе П. Пруднікаў пачаў пісаць вершы, якія дасылаў у газеты і часопісы. Калі летам 1926 года быў знойдзены скарб, 204 старажытныя манеты, у Старым Дзедзіне, то П. Пруднікаў разам з братам Алесем напісаў пра гэтую падзею артыкул у газету "Беларуская вёска". Пасля школы П. Пруднікаў працаваў і вучыўся ў многіх мясцінах: на Данбасе, у Магілёве на будаўніцтве шаўковай фабрыкі, у Менску і Ленінградзе. Зведаў у часы сталінізму арышт і быў сасланы. Пасля рэабілітацыі вярнуўся на Беларусь і аднавіў сваю творчую дзейнасць.
Пакінуў пасля сябе багатую творчую спадчыну. Напісаў таксама цікавыя ўспаміны. Павел Пруднікаў прысвяціў свайму роднаму Старому Дзедзіну наступныя радкі:
"Ты, як віцязь, стаіш на ўзбярэжжы Астра
З маладою, юнацкай усмешкай.
Пільна слухаеш гоман і хваляў, і траў,
І птушыны канцэрт на узлеску."
Стары Дзедзін - цікавае прыгожае мястэчка. І побач багата непаўторных мясцін, куды абавязкова яшчэ завітаем усёй грамадою з ТБМ-аўцамі горада Магілёва, каб ушанаваць нашых вядомых творцаў.
(Працяг будзе.)
Алег Дзьячкоў. Магілёў. Верасень 2011 г. Фота да артыкула: Рака Асцёр. 2. Памятны знак, прысвечаны скарбу. 3. Хата П. Пруднікава.
Шануйма і ведайма куточкі нашай Айчыны!
Радасна сэрцу, калі добрыя справы маюць працяг. Гэтае сцверджанне датычыцца розных галін жыцця чалавечага, у тым ліку - і справы кнігавыдавецкай. Калі плануецца і выходзіць друкам серыя кніг і гэтая серыя паступова разгортвае сюжэтную лінію краязнаўства, сувязі мінулых стагоддзяў і сучаснасці, то нельга пакінуць такое па-за ўвагай. Мы ж усе любім свой край? Вядома, што любім! Як любім, тады маем і ведаць аб ім, бо любоў значыць не толькі замілаванне прыгажосцю краявідаў, але і павагу, перш за ўсё - павагу да мінуўшчыны, да таго, чым жыў край у стагоддзях. У многіх мясцінах гісторыя пакінула свае сляды-адмеціны: у назвах, культавых камянях, помніках археалогіі і архітэктуры, у захаванай памяці аб лёсах выбітных дзеячоў навукі, мастацтва, ваеннай справы, гаспадаркі і палітыкі…
Але, пагорнемся да добрай справы. Гэтай справай, у межах рэалізацыі мясцовай ініцыятывы "Моладзевая інтэрактыўная культурна-гістарычная пляцоўка "Спадчына Міёрскага краю", стала выданне працягу серыі "Чароўных вандровак пярсцёнкі", а менавіта кнігі "Турыстычна-краязнаўчы маршрут "Дзісненскі пярсцёнак" (далей - "Дзісненскі пярсцёнак", кніга). Аўтарам кнігі з'яўляецца кіраўнік гістарычна-краязнаўчага гуртка "Арганаўты мінулага", дырэктар Музейнага аб'яднання, што дзейнічае на базе Міёрскай сярэдняй школы №3 імя Я.А. Томкі, кіраўнік рэалізацыі адзначанай вышэй ініцыятывы, педагог, краязнавец і публіцыст - Вітольд (Вітаўт) Антонавіч Ермалёнак.
Кніга надрукавана ў Менску зусім нядаўна, яшчэ пахне свежай друкарскай фарбай. Тыражавала яе выдавецтва "Каўчэг" накладам у 300 асобнікаў, кожны з якіх мае ў сабе па 192 старонкі. Вокладка мяккая, расквечаная ў колеры арыгінальнага лагатыпу праекту "Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянcкай супольнасці" пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза. У верхняй частцы вокладкі, на галоўным яе баку, адлюстраваны лагатыпы партнёраў у рэалізацыі праекту, у тым ліку - і герб горада Міёры.
"Дзісненскі пярсцёнак" - трэці арыгінальны турыстычны маршрут, які знайшоў сваё адлюстраванне ў шырокім друку, а папярэднічала яго выхаду публікацыя матэрыялаў па такіх маршрутах як "Малы залаты пярсцёнак Міёршчыны" ды "Бронзавы пярсцёнак" - усе аўтарства Вітольда Антонавіча Ермалёнка. Зазначу, што асабліва прыемна гартаць кнігу не толькі таму, што яна выдатная сваім зместам, але і таму, што часткай гэтага маршруту ў суполцы "арганаўтаў" на чале з аўтарам маршруту ўласна ездзіў. Прырода і старажытнасці, што трапляюцца на шляху "Дзісненскага пярсцёнка", сапраўды захапляюць.
Цяпер да выдатнасцяў, якія чакаюць на чытача на старонках кнігі. Па-першае, - гэта арыгінальныя матэрыялы па гісторыі асобна акрэсленага кола нашай мясцовасці ад старажытнасці і да сучаснасці, сабраныя на працягу многіх гадоў руплівай і нястомнай пошукавай працы ў "полі" (паходах, вандроўках, разведках) і ў даследаванні здабытых артэфактаў падчас "кабінетнай" (фондавай) працы. Гэтая інфармацыя сама па сабе мае велізарную каштоўнасць для нас. Па-другое, адзначым, канешне, выявы, змешчаныя па ўсім бегу старонак кнігі. Чым яны адметныя? Раскрыем гэтую акалічнасць: на іх мы бачым удзельнікаў паходаў - гурткоўцаў-"арганаўтаў", якія зрабілі дзейсным, праехалі і перажылі ва ўражаннях і працы першасна тэарэтычны маршрут; партрэты вядомых асоб даўняга часу і сучаснасці; выявы краявідаў, помнікаў архітэктуры і археалогіі, помнікаў на некропалях у тым стане, у якім іх заспелі вандроўнікі-даследчыкі таямніц краю. Цікава, што некаторыя з помнікаў, якія знайшлі свой адбітак у аб'ектыве фотаапарата краязнаўцаў, ужо не існуюць, таму сама па сабе іх фіксацыя выступае ў якасці каштоўнай крыніцы для будучых даследаванняў. Гэта, напрыклад, датычыцца гожай старасвецкай агароджы царквы Святога Мікалая ў вёсцы Чэрасы. Яна складалася з шэрагу "слупкоў" з чырвонай цэглы, кожны з якіх меў аркападобнае закругленне ўверсе, а ў цэнтры - разынкавую муроўку з дробных каменьчыкаў. Паміж слупкамі пралётамі была замацавана трывалая каваная агароджа ў выглядзе жалезных пруткоў са стрэльчатымі навершамі. Нажаль, агароджа гэтая была зруйнавана зусім нядаўнім часам. Але фотафіксацыя ўратавала яе для нашай памяці і памяці нашчадкаў. Па-трэцяе, такі паспяхова ўкладзены вопыт з'яўляецца прыкладам для іншых краязнаўцаў нашай краіны, як у даследчай працы, так і ў выдавецкай справе. Па-чацвёртае, кожны ахвотны можа вывучыць прапанаваны ў кнізе маршрут і праехаць "Дзісненскі пярсцёнак" на машыне або на ровары, ды, на аснове кнігі, знайсці галоўныя помнікі ў вызначанай ваколіцы, а таксама зразумець іх каштоўнасць для гісторыі кожнай мясціны і Беларусі агулам.
Восенню добра адкрыць за кубкам гарачай гарбаты ці кавы файную кнігу, пашамацець яе старонкамі і пакінуць у памяці асаблівы адбітак адчутага каларыту, які для кожнага будзе сваім і тым яшчэ больш дарагім сэрцу. "Дзісненскі пярсцёнак" выдатна пасуе такой мэце. Пазнаёміцеся з ім зараз, а ўвесну ці ўлетку - наперад, праедзеце яго і праверыце ўласным вопытам! Давайце шанаваць і ведаць свой край, хто б з якога куточку родам не быў, але Айчыну маем адну - Беларусь!
Бібліяграфічная спасылка: Ермалёнак, В.А. Чароўных вандровак пярсцёнкі. Кніга 2. Турыстычна-краязнаўчы маршрут "Дзісненскі пярсцёнак" / Вітаўт Ермалёнак. - Мінск : Каўчэг, 2021. - 192 с. : іл.
Ігар Кандратовіч, сябар гістарычна-краязнаўчага гуртка "Арганаўты мінулага".
Асвячэнне мемарыяла Ванды Ромар
19 верасня адбылося асвячэнне адноўленага мемарыяла ў памяць Ванды Ромар.
- Упершыню пра Ванду Ромар (1850-1944) я даведаўся ў 1998 годзе, як і пра Фларыяна Даноўскага (1827-1902) ад руплівага краязнаўца Яські Драўніцкага. Тады месца спачыну паўстанца і двойчы катаржаніна было ўжо добра вядомае і кімсьці мясцовым дбайна дагледжанае. Вялася распрацоўка праекта ягонага помніка.
Пра гаспадыню колішняга сядзібнага маёнтка тут ніхто і не цікавіўся. Тым больш, нідзе не існавала нават знаку яе пахавання! Мне думалася, што шукаць тое месца буду на іншых могілках. Аж, не, людзі паказалі сюды, а дзе менавіта, ніхто ўжо не ведаў.
Мінуў год, я паціху рабіў раскарчоўку вакол магілы тытана нашага высокага духу і збіраў пра яго розныя звесткі. Вось тады натрапіўшы на кволага жыхара з в. Каралінава, спадара Дашкевіча, урэшце і пра гэта даведаўся.
Аказалася, гэтае пахаванне ўсяго праз пяць метраў і яшчэ больш задзічала! Набліжаўся час і год вялікага сусветнага юбілею хрысціян. Таму тут усе справы былі спынены, і я мусіў распачаць выраб Крыжа адпаведнага вялікаму юбілею. Такі Знак усім святым Беларусі у 2000 годзе быў усталяваны.
Ягоная распрацоўка і выраб пацягнулі шмат высілкаў і часу, але і шмат чаму, патрэбнаму ў будучым, навучылі .
Адразу была адноўлена праца па ўстаноўцы помніка пані Вандзе. Урэшце ў 2001 г., на Дзень сечы пад Воршай, 8 верасня, той сціплы Знак і быў урачыста асвечаны. Ды, ці лёс ягоны такі, ці нейкія людзі паставіліся да яго бязлітасна.
Дзесьці праз сем год забураная кімсьці сасна ўшчэнт парушыла ўсю тую працу. Крыху пабедаваў, сярдуючы на зламысніка, вырашыў: гэта знак таго, што па такой асобе павінен быць больш годны напамінак, ёй адпаведны. Але ўжо новыя перашкоды запаволілі хуткае здзяйсненне жаданай мары. Набываліся неабходныя інструменты, збіралася розная веды, пра яе, і пра помнік, ну і, вядома, сродкі. Нехта адгукнуўся, некага ўгаварыў ці выпрасіў і так "з міру па нітцы", год праз дзесяць пачала вызначацца вяршыня айзберга. Спарней пачало рэалізавацца ўсё, што раней было непадступным.
На загалоўнай пліце, акрамя неабходнага тэксту, яшчэ змешчаны фрагмент з санета Адама Міцкевіча "Багчысарайскаму фантану" ў перакладзе Ірыны Багдановіч:
...Дык дзе ж вы Слава,
і Магутнасць, і Каханне?
... Знябыліся!
Вада ж крынічыць не прыстане!
На адваротным баку - герб Сулістроўскіх "Любіч". На прыступку ніжэй, фрагмент з верша Дануты Бічэль:
... Перамешваецца, супыняецца,
да Хрыста вяртаецца час...
На гары высокай збяры,
уздымі, непрытомных, нас...
У пілігрымку, у санктуарый
вечнага лета...
У Божае Валадарства
з паднявольнага свету!..
- распавёў гісторыю эпапеі з мемарыялам мастак Алесь Цыркуноў.
Вырабамі з каменю паспрыяў майстар з Вілейкі Віктар Гіль; кавальскай аздобай - чалец маст. суполкі "Пагоня" Юрась Мацко; значную дапамогу па аздобе надольнай пляцоўкі аказала мясцовая парафія з пасёлка Камаі. Значны ўнёсак аказалі і Гелена Ромар - Патыра з Познані; і Наста Цыркунавічанка з Італіі; і Алесь Юркойць з Варнянаў...
Увогуле гэтае адкрыццё і асвячэнне Памятнага знака сталася пралогам да правядзення ў 2022 годзе чарговага юбілею Альфрэда Ромара. Асвячэнне ўсёй гэтай кампазіцыі - 19 верасня, выдалася надта выпрабавальным, як для аблудных духам і смагай самасвядомасці, так і для хілых здароўем. Тыя ж, з прысутных месцічаў, ужо ладнага веку, якія яшчэ памятаюць цяпло рук пані "Ромарыхі", і юныя, жвавыя як з блізкіх мястэчак, так і з Менска, з неадольным памкненнем да святла Ісціны і красы Боскай, мелі выключную духоўную спатолю.
Напрыканцы нястомны пробашч яшчэ прадставіў усім прысутным спакусную мажлівасць акрапіць душы свае моцаю святога Касцёла. Што і было з глыбокай удзячнасцю ўсімі прынята.
Аўтар чарговай мемар-імпрэсіі - мастак, чалец мастацкай суполкі Пагоня - Алесь Цыркуноў.
Фактычна ўсё жыццё Ванды Ромар было прывязана да бацькоўскай спадчыны. Тут яна амаль бязвыязна жыла за гаспадарскімі і грамадскімі клопатамі. Яе муж, Альфрэд, вярнуўшыся з расейскага палону, рэдка навяртаўся ў Каралінава. Ён і пазней, цалкам быў аддадзены мастацтву. Фундатарскія абавязкі па касцёле ў Камаях і арганізацыя навучання для вясковых дзетак, вымагалі шмат сродкаў і энергіі. Значную дапамогу ў гэты час аказваў сталы сябар сям'і і паплечнік па змагарнай справе Фларыян Даноўскі, які цудам быў выбаўлены з кіпцюроў лютага дэспата.
Мясцовы люд шчыра шанаваў сваю пані, бо штодня бачыў яе ахвярнае жыццё. Таму і ў 1939 годзе, калі тут з'явіліся бальшавікі, сяляне здолелі адстаяць сваю дабрадзейку, хоць ведалі, чым гэта ім пагражае!
Наш кар.
Памяці Міхася Шавеля
13 верасня 2021 года пайшоў з жыцця Міхась Аляксандравіч Шавель, тэатральны дзеяч і рэжысёр,заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь (2000), сябра рады ГА "Беларускі фонд культуры..."
Творца нарадзіўся ў 1949 годзе ў вёсцы Вільянава Пружанскага раёна. У 1972 годзе ён скончыў рэжысёрскае аддзяленне беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Працаваў дырэктарам Пружанскага раённага дома культуры, з 1974 года - у Берасцейскім абласным Доме народнай творчасці, старшым інспектарам кіравання культуры аблвыканкама, з 1976 года - памочнік намесніка старшыні Берасцейскага аблвыканкама. З лістапада 1980 Міхась Аляксандравіч - дырэктар, а з 1995 года дырэктар і адначасова мастацкі кіраўнік Берасцейскага абласнога тэатра лялек.
Пад таленавітым кіраўніцтвам Міхася Аляксандравіча тэатр імкнуўся перш за ўсё ствараць спектаклі на аснове твораў нацыянальнай драматургіі. Дзякуючы М.А. Шавелю ў тэатры ўдала ўвасоблены на сцэне творы Н. Мацяш, У. Ягоўдзіка, Г. Васілеўскай, Н. Тулупавай, У. Граўцова, І. Сідарука. Штогод тэатр паказваў звыш 300 спектакляў для юных гледачоў Берасця і Берасцейскай вобласці.
У 1995 г. Берасцейскі тэатр лялек разам з тэатрам драмы і музыкі (дырэктар А. А. Козак) выступілі арганізатарамі міжнароднага фестывалю тэатральнага мастацтва "Белая Вежа", які праходзіць штогод і стаў адным з буйнейшых і аўтарытэтных фестываляў Беларусі, візітоўкай Берасця. У 1996 г. М. А. Шавель абраны прэзідэнтам Беларускага цэнтра Міжнароднага саюза дзеячаў тэатраў лялек (УНІМА), які аб'яднаў работнікаў усіх тэатраў лялек Беларусі, а на базе Берасцейскага тэатра ўстаноўлена штаб-кватэра цэнтра. З 1995 г. узначальваў абласное аддзяленне грамадскага аб'яднання "Беларускі фонд культуры", аўтар ідэі і адзін з арганізатараў правядзення штогадовага конкурсу "Берасцейскія зоркі".
У сакавіку 2014 года спадар Шавель за таленавітае і яскравае кіраўніцтва тэатрам атрымаў узнагароду "Натхненне" ад Беларускага саюза тэатральных дзеячаў.
Выказваем спачуванне родным і калегам спачыўшага.
Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст-фрылансер.
Займальная кніга
У сталічнай кнігарні набыў літаратурна-мастацкае выданне "Донжуанскі спіс Уладзіміра Караткевіча". Аўтарам гэтага цікавага літаратуразнаўчага даследавання з'яўляецца журналіст, літаратуразнавец, тэатральны крытык Дзяніс Аляксандравіч Марціновіч. Кніга пабачыла свет у выдавецкім доме "Звязда". Наклад выдання 1100 асобнікаў. Кніга расказвае пра тое, каму быў прысвечаны зборнік Уладзіміра Караткевіча "Матчына душа", а таксама адказвае на пытанне: "Ці існаваў працяг культавага рамана "Каласы пад сярпом тваім" ?".
Аўтар наўмысна адмовіўся ад акадэмізму, каб пашырыць кола патэнцыяльных чытачоў. Выданне адрасуецца ўсім,хто цікавіцца беларускай літаратурай, легендарнай пастаццю класіка беларускай літаратуры і ўплывам жанчын на творчасць пісьменнікаў. Кніга яшчэ ёсць у продажы. Усім чытачам нашага выдання раю яго набыць.
Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст-фрылансер.