НАША СЛОВА № 40 (1555), 7 кастрычніка 2021 г.
Падзеі вакол ТБМ
ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" атрымала Рашэнне Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, дзе пасля доўгай юрыдычнай прэамбулы сказана ў прыватнасці наступнае:
"... Устаноўлена, што грамадскае аб'яднанне лістом ад 25 лютага 2021 года накіравала Міністэрству юстыцыі фінансавую справаздачу. Але да агульнага ведама, як патрабуе закон, гэта інфармацыя не была даведзена, бо просьбы размясціць яе на афіцыйным сайце рэгіструючага органа яна не ўтрымлівала.
Апублікаванне такой справаздачы ў электроннай версіі газеты грамадскага аб'яднання "Наша слова" ад 18 мая 2021 года, а потым паўторна ў жніўні 2021 года, на што ўказана ў скарзе, не сведчыць аб неабгрунтаванасці папярэджання, бо публікацыі адбыліся несвоечасова. Акрамя гэтага, справаздачы наогул аб дзейнасці аб'яднання, як патрабуе заканадаўства, яны не ўтрымлівалі.
Не заснаваны на палажэннях заканадаўства спасылкі скаргі, падтрыманыя прадстаўніком заяўніка ў судзе, аб адсутнасці ў законе абавязку накіроўваць рэгіструючаму органу просьбу размясціць справаздачу на афіцыйным сайце гэтага органа. Такое меркаванне суд лічыць памылковым і не адпавядаючым вышэйназванаму заканадаўству, якое не проста ўтрымлівае абавязак грамадскага аб'яднання змяшчаць інфармацыю аб сваёй, у тым ліку фінансавай, дзейнасці, а менавіта давесці яе да ўсеагульнага ведама пэўнымі і акрэсленымі для гэтага спосабамі, менавіта праз СМІ і Інтэрнэт, у тым ліку праз інтэрнэт-рэсурс рэгіструючага органа.
Такім чынам, вьнесенае Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь 19 ліпеня 2021 года пісьмовае папярэджанне з'яўляецца законным, абгрунтаваным, і скарга Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" задавальненню не падлягае.
Кіруючыся арт. 302-306, 310 і ч.2 арт. 317 ГПК Рэспублікі Беларусь, суд вырашыў:
адмовіць Грамадскаму аб'яднанню "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" ў задавальненні скаргі на вынесенае Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь 19 ліпеня 2021 года пісьмовае папярэджанне за № 169".
Такім чынам ТБМ застаецца чакаць, на калі будзе прызначана паседжанне па ліквідацыі Таварыства, якое такі замінае антыбеларускім сілам канчаткова дабіць беларускую мову ды і саму Беларусь.
Станіслаў Суднік.
З Днём настаўніка, шаноўныя педагогі!
Традыцыйна ў кастрычніку ва ўсім свеце настаўнікі адзначаюць сваё прафесійнае свята. У Дзень настаўніка аддаюць даніну павагі педагогам сваёй краіны, якія прыкладаюць шмат намаганняў дзеля адукацыі падрастаючага пакалення, а значыць, і дзеля будучыні.
5 кастрычніка 1966 года ў Парыжы была праведзена Спецыяльная міжурадавая канферэнцыя аб статусе настаўнікаў (Special Intergovernmental Conference on the Status of Teachers). Канферэнцыя была скіравана на абмеркаванне праблем супрацоўнікаў сферы адукацыі на нацыянальным і сусветным узроўнях. У выніку прадстаўнікі ЮНЕСКА і Міжнароднай арганізацыі працы падпісалі першы міжнародны дакумент, які акрэсліваў умовы працы настаўнікаў: "Рэкамендацыі наконт статусу настаўнікаў" (Recommendation concerning the Status of Teachers). У ім замацоўваліся правы і абавязкі педагогаў і міжнародныя нормы, якія тычацца падрыхтоўкі настаўнікаў, павышэння іх кваліфікацыі, прыёму на працу і ўмоў працы. Афіцыйна святкаваць Сусветны дзень настаўніка 5 кастрычніка было прапанавана ЮНЕСКА ў 1994 годзе. Зараз гэтае свята ўваходзіць у кола сусветных і міжнародных дзён ААН.
Дзень настаўніка ў розных дзяржавах святкуюць у розныя дні. У больш чым 100 краінах свету гэты дзень прыпадае на 5 кастрычніка. У Беларусі (а таксама ў Латвіі, Украіне, Кыргызстане, Казахстане і Малдове) Дзень настаўніка адзначаюць у першую нядзелю кастрычніка.
У гэты восеньскі дзень прыміце сардэчныя пажаданні прафесійных поспехаў, натхнення, ажыццяўлення цікавых задум і новых ідэй, а таксама бадзёрасці і сіл дзеля іх увасаблення!
Няхай гэты дзень падаруе вам мноства ўсмешак, цеплыні і радасці!
Віншуем усіх настаўнікаў - сяброў ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". Вы несяце двайную нагрузку. Акрамя ведаў па прадметах вы ўкладваеце ў душы дзяцей беларушчыну, што сёння не менш важна за любую дакладную формулу. Дзякуй вам ад будучай Беларусі!
ПЕРШАЯ НАСТАЎНІЦА
Я не забуду ніколі
Сшыткі, пеналы, буквар,
Першыя радасці ў школе,
Першай настаўніцы твар.
Я не забуду ніколі
Рукі яе, што вялі
Нас, як па роднаму полю,
Па неабсяжнай зямлі.
Я не забуду ніколі
Ясных і добрых вачэй,
Можа, ад іх наваколле
Стала шырэй і ярчэй.
Першай настаўніцы словы,
Дзе мне ні здарыцца быць.
Так, як і матчыну мову,
Нельга ніколі забыць.
Сяргей Грахоўскі.
Дарагія сябры "Нашага слова"!
У 4-м квартале ў сувязі з няўстойлівым станам ТБМ чаклася падзенне падпіскі. Калі глянуць на табліцы, то, як быццам, так і адбылося. Але гэтае падзенне адбылося не цяпер, а чамусьці яшчэ ў жніўні месяцы, а ў кастрычніку адносна верасня адбылося нават павелічэнне колькасці падпісчыкаў на 10 чалавек. Дзякуй усім, хто не адступіўся.
Ліпень Кастрычнік
Берасцейская вобласць:
Баранавічы р.в. 32 15
Бяроза р.в. 8 8
Белаазёрск р.в. - -
Бярэсце гор. 6 4
Ганцавічы р.в. 1 1
Драгічын р.в. - -
Жабінка р.в. - -
Іванава р.в - -
Івацэвічы р. в. 9 1
Камянец р.в. 1 1
Кобрын гор. 1 2
Лунінец гор. 1 1
Ляхавічы р.в. - 1
Маларыта р.в. 1 -
Пінск гор. 3 4
Пружаны р.в. 3 3
Столін р.в. - 1
Усяго: 66 42
Віцебская вобласць:
Бешанковічы р.в. - 1
Браслаў р.в. 1 1
Віцебск гор. 17 17
Верхнедзвінск р.в. 5 7
Глыбокае р.в. 4 6
Гарадок р.в. 2 3
Докшыцы р.в. 3 3
Дуброўна р.в. 1 -
Лёзна р.в. 1 1
Лепель р. в. 1 2
Міёры р.в. 1 1
Наваполацк гор. 23 5
Орша гор. 3 3
Полацк гор. 3 2
Паставы р.в. 3 2
Расоны р.в. 1 1
Сянно р.в. 1 -
Талочын р.в. 1 1
Ушачы р.в. 2 2
Чашнікі р.в. 3 2
Шаркоўшчына р.в. 6 6
Шуміліна р.в. - 1
Усяго: 81 62
Менская вобласць:
Беразіно р.в. 2 2
Барысаў гор. 11 4
Вілейка гор. - -
Валожын гор. 10 11
Дзяржынск р.в. 6 6
Клецк р.в. - -
Крупкі р.в. - -
Капыль р.в. 2 4
Лагойск 4 7
Любань р.в. 1 1
Менск гор. 159 148
Менск РВПС 9 12
Маладзечна гор. 9 7
Мядзел р.в. 3 3
Пухавічы РВПС 2 3
Нясвіж р.в. 6 9
Смалявічы р.в. 5 4
Слуцк гор. 5 3
Салігорск гор. 2 2
Ст. Дарогі р.в. - -
Стоўбцы р.в. 3 4
Узда р.в. 1 1
Чэрвень р.в. - -
Усяго: 240 231
Гомельская вобласць:
Буда-Кашалёва 1 3
Брагін р.в. - -
Ветка р.в. - -
Гомель гор. 20 17
Добруш р.в. 1 1
Ельск р.в. 1 1
Жыткавічы р.в. 14 17
Жлобін гор. - -
Калінкавічы гор. 1 1
Карма р.в. 1 1
Лельчыцы р.в. - -
Лоеў р.в. - -
Мазыр гор. 1 1
Акцябрскі р.в. 1 1
Нароўля р.в. 1 1
Петрыкаў р.в. 1 1
Рэчыца гор. 3 2
Рагачоў гор. 1 1
Светлагорск гор. - -
Хойнікі р.в. - -
Чачэрск р.в. 1 1
Усяго: 48 49
Гарадзенская вобласць:
Бераставіца 1 1
Ваўкавыск гор. 2 2
Воранава р.в. 2 3
Гародня гор. 26 23
Гародня РВПС 14 15
Дзятлава р.в. 13 9
Зэльва р.в. 1 1
Іўе р.в. 2 2
Карэлічы р.в. 1 1
Масты р.в. 1 1
Наваградак гор. 2 2
Астравец р.в. 1 1
Ашмяны р.в. 2 2
Смаргонь гор. 6 5
Слонім гор. 13 12
Свіслач р.в. 2 3
Шчучын р.в. 2 3
Ліда 8 9
Усяго: 99 95
Магілёўская вобласць:
Бабруйск гор. 11 1
Бялынічы р.в. 1 -
Быхаў р.в. 1 1
Глуск р.в. 2 2
Горкі гор. 1 1
Дрыбін р.в. - -
Кіраўск р.в. - -
Клічаў р.в. 3 3
Клімавічы р.в. - -
Касцюковічы р.в. - -
Краснаполле р.в. - -
Крычаў р.в. - -
Круглае р.в. 1 1
Мсціслаў р.в. 2 2
Магілёў гор. 56 44
Асіповічы гор. 7 9
Слаўгарад р.в. - -
Хоцімск р.в. - -
Чэрыкаў р.в. 1 1
Чавусы р.в. - -
Шклоў р.в. 2 2
Усяго 88 67
Усяго на краіне: 622 546
Гарадзенскія юбіляры 2021года - Яўхім Карскі і Антон Будзіловіч
Шырокавядомыя ў Расіі і Еўропе славісты-вучоныя, рэктары Варшаўскага ўніверсітэта, акадэмік Яўхім Карскі і член-карэспандэнт ПАН Антон Будзіловіч нарадзіліся ў сем'ях святароў, побач адзін ад аднаго ў межах 11-12 км. Яўхім Карскі - у праваслаўнай сям'і ў в. Лаша 1студзеня 1861года, дзяды якога былі грэка-католікамі, Антон Будзіловіч нарадзіўся 5 чэрвеня 1846 года ў Коматава ў грэка-каталіцкай (уніяцкай) сям'і протаіерэя, якая перайшла ў праваслаўе. Амаль усё далейшае жыцце лёс гарадзенцаў-філолагаў, скончыўшых гістарычна-філалагіныя факультэты (розных навучальных устаноў), пастаянна геаграфічна збліжаў, Яўхім Карскі ішоў геаграфічным следам за старэйшым на 15 гадоў земляком Антонам Будзіловічам ад самага нараджэння ў Гарадзенскім павеце, да апошняга месца жыцця і пахавання ў Санкт-Пецярбургу (Ленінградзе). Часамі іх геаграфічныя пункты знаходжання разыходзіліся, асабліва ў паездаках па Заходняй Еўропе і працы ў Эстоніі, ці наадварот супадалі - Польшча, Украіна, Югаславія, праўда, на той час гэтыя незалежныя сёння дзяржавы былі калоніямі Расійскай імперыі, а вялікая частка сённяшняй Югаславіі была калоніяй Аўстра-Венгерскай імперыі. Для абодвух вучоных знакавымі месцамі былі: Гарадзенскі павет (Коматава-Лаша) - Жыровічы - Нежын - Вільня - Варшава - Санкт - Пецярбург - Ленінград.
Пра Яўхіма Карскага да 160 гадовага юбілею напісана шмат, напрыклад у "Нашым слове", пра яго земляка - Антона Будзіловіча - амаль нічога, у большасці пісалі пра яго дасягнені ў Расіі, для якой ён усё жыццё і працаваў, пісалі ва Украіне пра яго сям'ю і брата, і на рускіх нацыяналістычных сайтах. У 2021годзе - 175-годдзе з дня народзінаў Антона Будзіловіча, яго імя напісана ў календары памятных датаў газеты "Наша слова". Паспрабуем разгледзець праз уласныя "беларускія акуляры" важныя вехі біяграфіі і геаграфіі Антона Будзіловіча, якія супадаюць з геаграфіяй знакавых месцаў памяці пра Яўхіма Карскага, і адначасова шмат у чым розняцца…
…Антон Будзіловіч пасля хатняй вучобы ў Коматава вучыўся ў Віленскай гімназіі (Я. Карскі пазней працаваў у ІІ Віленскай гімназіі больш за 7 гадоў), Жыровіцкім духоўным вучылішчы (Я. Карскі ў Жыровічах цікавіўся рукапісамі мясцовай бібліятэкі ў 1901 г.), Літоўскай духоўнай семінарыі (заснавана ў Жыровічах у 1828 годзе як уніяцкая, пазней пераведзена ў Вільню). З 1863 года па 1867 год А. Будзіловіч вучыўся на гістарычна-філалагічным факультэце Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, атрымаў ступень кандыдата навук. Галоўным настаўнікам у славістыцы да канца жыцця быў для яго панславіст Уладзімір Ламанскі (1833-1914), найперш ад яго ён атрымаў і асаблівы, падманны "вірус панславізму" па канцэпцыі настаўніка. Пасля працы ў Санкт-Пецербургскім універсітэце і замежнай навуковай двухгадовай камандзіроўкі з 1.08.1875 года працаваў у Нежынскім інстытуце ардынарным прафесарам руска-славянскай філалогіі, куды Яўхім Карскі паступіў у час вучобы з 4 курса Менскай духоўнай семінарыі. Калі Яўхім Карскі пачаў вучыцца на гістарычна-філалагічным факультэце ў Нежынскім універсітэце (1881-1885), то Антон Будзіловіч у гэты ж год пераехаў з Нежына на працу ў Варшаву і быў прызначаны ардынарным прафесарам (1881) і дэканам гістарычна-філалагічнага факультэта (1887-1892), а ў 1890 годзе, ненадоўга, стаў і рэктарам Варшаўскага ўніверсітэта. У 35 гадоў, з 29.12.1882 Антон Будзіловіч стаў таксама членам-карэспандэнтам ПАН. Параўноўваючы біяграфіі вучоных, бачым, што значна маладзейшы Яўхім Карскі ішоў услед за старэйшым земляком у Нежыне ці Варшаве.
У абодвух славістаў быў свой "Нежынскі перыяд", дзе ў наш час была ўсталявана шыльда ў памяць аб акадэміку Я. Карскім, якога завочна 26 снежня 1918 года (ён тады у Менску займаўся арганізацыяй адкрыцця БДУ) абралі дырэктарам Нежынскага інстытута. Пазней у Антона Будзіловіча і Яўхіма Карскага быў свой "Варшаўскі перыяд". Выкладчык з 1885 года ў Другой Віленскай гімназіі Яўхім Карскі 17.09.1891 года паспяхова здаў магістарскі экзамен у Варшаўскім гістарычна-філалагічным факультэце, у камісіі быў яго зямляк Антон Будзіловіч (у яго Я. Карскі здаваў экзамены па сваёй спецыяльнасці). Калі Яўхім Карскі з 1 лютага 1893 года пачаў выкладаць у Варшаўскім універсітэце, Будзіловіч ужо адтуль зышоў, бо з 27.09.1892 года стаў першым "рускім" рэктарам Дэрпцкага (Юр'еў, Нарва) універсітэта. Маючы больш высокую пасаду, выжыў адтуль знакамітага і больш папулярнага выкладчыка філолага-канкурэнта Івана Бадуэна дэ Куртэнэ. Падтрымліваў дысцыпліну і парадак, часам даволі жорстка. Генадзь Каханоўскі ў часопісе "Маладосць" № 5 за 1992 год піша пра цікавы выпадак, калі рэктару Юр'еўскага ўніверсітэта Антону Будзіловічу давялося выбачацца перад простым універсітэцкім дворнікам за сваю жорсткасць і неэтычнасць на паседжанні ўніверсітэцкага савета. У 19 стагоддзі на медычным факультэце Дэрпцкага ўніверсітэта вучыўся сябар Аляксандра Пушкіна, медык і знакаміты складальнік вялікарускага слоўніка, таксама юбіляр 2021 года Уладзімір Іванавіч (Вальдэмар) фон Даль. Дарэчы, былое анямечванне ў Юр'еве (Дэрпце) замянілася пры Антоне Будзіловічы русіфікацыяй. Навукова-даведачная літаратура з нямецкай перайшла на рускую мову. Менавіта ў распаўсюджванні рускай мовы і культуры Антон Будзіловіч і бачыў сваю асноўную задачу на пасту рэктара. Ён стаў прадаўжальнікам канцэпцыі панславізму свайго настаўніка Уладзіміра Ламанскага, якую відаць ў 90-я гады ХХ стагоддзя знайшлі ў далёкай шуфлядзе і дапрацавалі для Беларусі, але нешта пайшло не так. А. Будзіловіч пісаў: "…Толькі культурнае аб'яднанне пад кіраўніцтвам Расіі здольна захаваць нацыянальную самабытнасць "инородцев" у агульным грэка-славянскім свеце….ключавую ролю тут павінна адыграць руская мова і адукацыя, а не гвалтоўнае адміністрацыйнае падначаленне…" Ці захавалася па "Ламанскаму-Будзіловічу" нацыянальная самабытнасць народаў Расеі і СССР? На гэта маем адказ у знакамітага савецкага этнадэмографа Саламона Брука ў кнізе "Население мира": "…пры правядзенні перапісу 1926 г. былі выяўлены 194 этнічныя адзінкі, 1959 г.-109, 1970 г. - 104 народы… Куды ж за 1926-1959 гг. "зніклі" амаль 90 этнічных грамадаў (некаторыя з іх налічвалі больш, чым па 200 тыс. чал…) …выдзеленых перапісам 1926 г. у якасці самастойных народаў?" У ХХІ ст. РФ адна з першых у свеце па асіміляцыі меншых народаў, толькі ў Дагестане на грані вымірання арчынцы, багулары, годаберынцы, кубачынцы, хваршыны і іншыя…
….У 2021годзе знакаміты ўніверсітэт у Тарту (Дэрпт, Юр'еў) кадры для незалежнай Эстоніі рыхтуе на роднай эстонскай і аглійскай мовах, ён значна старэйшы за Санкт-Пецербургскі і Маскоўскі ўніверсітэты. Але вернемся зноў у Варшаву 19 стагоддзя…
…У Карскага ў Варшаве, быў таксама канкурэнт на займаную пасаду. Калі вызвалілася месца выкладчыка, будучы акадэмік другі раз з Вільні пісаў ліст на перавод ў Варшаўскі імператарскі ўніверсітэт, на гэтую ж пасаду прэтэндаваў таксама Я. Ф. Будэ - пазнейшы прафесар Казанскага ўніверсітэта, рэкамендацыю Я. Карскаму даваў не старэйшы яго зямляк з Коматава А. Будзіловіч, якому ён здаваў у Варшаве экзамен, а прафесар Варшаўскага ўніверсітэта А.І. Смірноў. Вельмі цікава, што Будзіловіч і Карскі выкладалі ў Варшаўскім універсітэце і ў аднолькавым узросце ў 44 гады яны сталі рэктарамі гэтага ўніверсітэта, толькі з розніцай у 15 гадоў. Антон Будзіловіч - у 1890 годзе і доўга не затрымаўся, бо быў пераведзены ў 1892 годзе ў Дэрпт (з 1893 года - Юр'еў), Яўхім Карскі - у 1905 і 1908 годзе, рэктарам Варшаўскага ўніверсітэта абіраўся двойчы дэмакратычным шляхам.
У 1901, 1903, 1905, 1907, 1909, 1911 гадах Яўхім Карскі адпачываў у родных мясцінах Антона Будзіловіча, каля Коматава - Панямонь, Мігова, дзе бацьку Антона, святара Сямёна Іванавіча Будзіловіча ў часы Кастуся Каліноўскага прыстрашылі смерцю за залішнюю "рускасць", верагодна, гэты выпадак, як лічаць рускія даследчыкі, мог стаць прычынай негатыўных адносін да палякаў. Напрыклад, вядомы савецкі і расейскі гісторык-багеміст Людміла Лапцева (1926-2016), піша пра беларуса Антона Будзіловіча, вядомага Міхаіла Каяловіча (аспірант МДУ Уладзімір Болдзін, ініцыялы Каяловіча ў сваім даследаванні пра А. Будзіловіча падае іншыя), Платона Кулакоўскага з Панявежыса (Л. Лапцева іх канешне называе рускімі выхадцамі з заходніх частак Расійскай імперыі), якія захавалі ў памяці з дзяцінства і юнацтва негатыўныя ўспаміны пра "польскае" паўстанне. Бацька Антона Сямён Будзіловіч пасля тых падзей выдаліў з прозвішча ненавісны "польскі" гук "дз", а пасля пераезду сям'і на радзіму жонкі (Тульшчына) змяніў і прозвішча на Георгіеўскі, ён не хацеў мець агульнае прозвішча з расстраляным у Воршы камандзірам Аршанскіх касінераў 1863 года Ігнатам Будзіловічам. Негатыву сям'я не пазбегла нават пасля таго, як яны пераехалі на радзіму жонкі. Там, па наводцы мясцовай памешчыцы ў сяле Сомава Адоеўскага павета, нейкі былы "зэк" ім падпаліў вароты, але згарэлі не толькі вароты. Яго жонка Серафіма Аляксандраўна Глаголева, з дзяцінства сірата, мела праблемы з нервамі, падазрона ставілася да людзей, шмат дзяцей нарадзіла, шмат з іх памерла. Верагодна, увесь гэты назапашаны негатыўны шлейф, што цягнуўся за сям'ёй, пачынаючы з Гарадзенскага Коматава і заканчваючы Тульшчынай, нейкім чынам паўплываў і на Антона з яго братамі, якія шукалі моцную апору і лепшае стабільнае жыццё, напрыклад, у зацятым служэнні дзяржаве, царкве, што давала за гэта не малыя дэвідэнты. Не дзіўна, што адначасова з навуковымі дасягненнямі браты Будзіловічы-Георгіеўскія сталі вядомымі рускаім-перскімі нацыяналістамі і палітыкамі, прытрымліваючыся генеральнай лініі імперыі, часам стараліся яе апярэджваць, як шмат хто з нацыянальных меншасцяў. Старэйшы брат Антона Будзіловіча - Аляксандр, 1845 года нараджэння, народжаны яшчэ ў Гарадзенскім павеце (Коматава) быў магістрам багасловія, членам Дзярждумы Расійскай Імперыі ад Люблінскай і Сядлецкай губерній, у фракцыі "Союз 17 октября". Маладзейшы брат Антона Будзіловіча Васіль, народжаны ў 1868 годзе на Тульшчыне, ужо як Георгіеўскі, стане мітрапалітам Еўлогіем, кіраваў праваслаўнымі прыходамі Заходняй Еўропы, адзін з кіраўнікоў Саюза рускага народа, чорнасоценец, па некаторых звестках даваў адукацыю жонцы Мікіты Хрушчова, быў дэпутатам дзяржаўнай Думы, як і старэйшы брат, ад Люблінскай і Сядлецкай губерняў, членам фракцыі правых і нацыяналістаў… быў адукаваны, даволі сціплы да бытавых умоў, прымаў удзел ў пераносе мошчаў з Кіева ў Полацк Ефрасінні Полацкай, паехаў туды з намерам супрацьпаставіць пачытанне святой княгіні культу грэка-ўніяцкага епіскапа Іосіфа Кунцэвіча... пасля ІІ Сусветнай вайны нечакана для прыхаджан замежных прыходаў злучыў Заходнія праваслаўныя прыходы, пасля ранейшага расколу, з рускай праваслаўнай царквой СССР, амаль першы за мяжой атрымаў савецкі пашпарт, памёр у 1946 годзе, пахаваны ў Парыжы як экзарх Маскоўскага патрыярха, так і экзарх Усяленскага патрыярха, бо не атрымаў афіцыйнага дазволу на вяртанне пад юрысдыкцыю Масквы. Савецкае акадэмічнае выданне па гісторыі СССР называла Васіля Георгіеўскага (Будзіловіча): "…одна из самых зловещих фигур воинствующего национализма"…
… У апошні перыяд жыцця для Антона Будзіловіча і Яўхіма Карскага агульным стане і Санкт-Пецярбург, дзе яны шмат працавалі і абодва пахаваны: Я. Карскіна праваслаўных Смаленскіх могілках (1931), А. Будзіловіч у някропалі Аляксандра-Неўскай лаўры (1908).
У польскіх крыніцах тыя гады лічацца гадамі русіфікацыйнай палітыкі царскай Расіі і патрыёты Польшчы не любяць пра той час узгадваць, нават прозвішчы рэктараў Варшаўскага ўніверсітэта таго часу было не хутка знайсці. Дзяржаўную палітыку царскай Расіі ў Варшаве выконвалі знакавыя постаці еўрапейскай славістыкі і беларускай гісторыі - тутэйшыя землякі гарадзенцы, рэктары Варшаўскага ўніверсітэта, будучыя акадэмік і член-карэспандэнт, дзяды-прадзеды якіх яшчэ жылі ў ВКЛ былой Рэчы Паспалітай з грэка-каталіцкімі культурнымі традыцыямі.
Калі Антон Будзіловіч гэта рабіў зацята, як сябра савета Міністэрства народнай асветы і старшыня Асобай нарады і рускі нацыяналіст, то Я. Карскі, як чалавек больш талерантны і беспартыйны называючы сябе "прыродным беларусам", гэта рабіў больш асцярожна і ўзважана, дапускаў нейкія слабіны, а калі нешта ўсё ж "накіпела", падаў у адстаўку з пасады рэктара ў знак пратэсту супраць самавольства рэакцыйнага міністра-нацыяналіста з Бесарабіі пастаўленага на пасаду Пятром Сталыпіным - Льва Касо і потым працаваў звычайным выкладчыкам да эвакуацыі ўніверсітэта з Варшавы ў Растоў.
Калі Яўхім Карскі шмат падарожнічаў па родных мясцінах, аб'ехаў амаль усю Беларусь і грунтоўна вывучаў яе мову, культуру, пакінуў нам агромністую навуковую спадчыну пра краіну, стварыў этнаграфічную карту беларусаў, працаваў, фактычна, на будучую незалежную Беларусь, то Антон Будзіловіч, меўшы добрыя здольнасці да навукі, папулярызатар славянафільскіх ідэй, падарожнічаў па Заходняй Еўропе, Скандынавіі і іншых месцах, негатыўна ўспрымаў дзейнасць беларускіх актывістаў па стварэнні новай беларускай літаратурнай мовы, член партыі манархістаў, вядомы чорнасоценец, пасля славянскага з'езда 1867 года, марыў аб пабудове агульнай славянскай дзяржавы, дзе панавала б адзіная праваслаўная вера і руская мова, папулярызаваў русіфіцыю народаў Расейскай імперыі, быў адным са стваральнікаў і аўтараў правай газеты "Окраины России", дзе пераконваў нярускія народы ў шкодзе барацьбы супраць каланіяльнага прыгнёту Расіі, газета "змагалася" за рускія нацыянальныя інтарэсы на захопленых імперыяй землях, асабліва шмат было матэрыялаў па Фінляндыі і Польшчы, якія ўжо набрынялі нацыянальнай культураю, каб мець незалежнасць. Перад смерцю ў 1908 годзе стаў выдаўцом і рэдактарам газеты "Московские ведомости", дзе працягваў адстойваць рускія і славянскія інтарэсы. Глыбокім і сістэматычным вывучэннем гісторыі старабеларускай мовы і культуры, як Яўхім Карскі, не займаўся, вывучаў мовы іншых краін і рэгіёнаў (славацкую, лужыцкую, польскую, дубровіцкую), значнай працы, як Яўхім Карскі, для беларусаў не пакінуў, хоць у маладосці напісаў краязнаўчы артыкул пра знакамітую Камянецкую вежу, праўда, пазней, пісаў і пра беларускую лінгвістыку, але не параўнальна больш пра Заходнія краіны і неабходную дзяржаўную палітыку Расіі да кожнай з іх. Безумоўна, для нацыяналістаў з Расіі з імперскімі поглядамі член-карэспандэнт ПАН Антон Будзіловіч застанецца рускім нацыянал-патрыётам, партыйным дзеячам, даволі жорсткім адміністратарам, магчыма, тульскія творчыя патрыёты некалі паставяць помнікі Антону Будзіловічу і яго брату Еўлогію (Васілю Георгіеўскаму) на Тульшчыне, дзе выхоўваліся іншыя дзеці Георгіеўскіх (Будзіловічаў), менавіта на рускай Тульшчыне бацькі Антона Будзіловіча, відаць на эмоцыях, выкраслілі з памяці не толькі папулярнае і шырокараспаўсюджанае старажытнае беларускае прозвішча Будзіловіч, але, магчыма, і памятныя краявіды на Нёмане, дзе атрымалі псіхалагічную траўму на пачатку 60-х гадоў 19 стагоддзя. Для прафесійных філолагаў і славістаў, гісторыкаў і палітолагаў Антон Будзіловіч застанецца здольным вучоным і цікавым палітычным публіцыстам з працамі якога варта азнаёміцца, бо там шмат знойдзецца паралеляў з сучаснай палітыкай Расіі да Беларусі, Украіны, Польшчы і іншых краін. А для патрыётаў-беларусаў, на жаль, ён стаў яшчэ адным страчаным для будучай краіны вучоным, які пад уплывам бацькоў, неспрыяльных вонкавых абставін, у той жа час высокай адукацыі, так і не дайшоў да разумення адметнасці і папулярызацыі сваёй роднай зямлі і мовы, якая доўга была пад канкурыруючым рэлігійна-палітычным уплывам былой Рэчы Паспалітай і Расейскай імперыі, калі беларушчына яшчэ толькі шукала страчаныя сярэднявечныя моўныя скарбы і згубленых сваіх сыноў, якія працавалі на "дзялках" суседзяў-канкурэнтаў. Яго зямляк, акадэмік Яўхім Карскі, праяўляючы беларусацэнтрызм быў вельмі ўзважаны ў ім, таму як для рускіх, так і беларускіх навуковых і розных палітычных колаў застанецца аўтарытэтным і быйным вучоным, на якога яшчэ шмат гадоў будуць спасылацца сотні іншых навукоўцаў у сваіх працах, а заходне- і ўсходнеарыентаваныя палітычныя суполкі краіны будуць канкураваць між сабой, шукаючы кожны свае правільнае "палітычнае зерне" ў яго фундаментальным творы "Беларусы". Імем Яўхіма Карскага называюцца вуліцы, бібліятэкі, навучальныя ўстановы, створаны музей, пастаўлены памятныя знакі, павешаны памятныя шыльды, пакуль няма сапраўднага помніка, але некалі ён будзе таксама, бо праца па мемарыялізацыі працягваецца…
Алесь Крой.
Сябры павіншавалі Сяргея Трафімчыка з юбілеем
У суботу, 2 кастрычніка, намесніку старшыні Лідскай арганізацыі ТБМ, сябру Гарадзенскай абласной рады ТБМ, грамадскаму актывісту і проста выдатнаму чалавеку з Лідчыны Сяргею Трафімчыку споўнілася 50 гадоў з дня нараджэння. Павіншаваць Сяргея з юбілеем прыехалі яго сябры з Ліды, Дзятлава, Гародні, Слоніма і іншых гарадоў Беларусі. А тыя, хто не змог завітаць на юбілейнае застолле, даслалі юбіляру свае відэавіншаванні. Сяргей Трафімчык родам з Гарадзішча Баранавіцкага раёна. Але большую частку свайго жыцця пражыў на Лідчыне. Спачатку - у Бярозаўцы, а цяпер - у Беліцы.
На юбілейную вечарыну да Сяргея Трафімчыка і яго сям'і завіталі барды Сяргей Чарняк з Ліды і Віктар Шалкевіч з Гародні, паэты Сяргей Чыгрын і Мікола Канановіч са Слоніма, краязнавец з Дзятлава Валерый Петрыкевіч і шмат-шмат яшчэ яго сяброў і аднадумцаў. У гэты вечар гучалі вершы, песні, пажаданні і, вядома ж, гумар.
Лідскія сябры ТБМ далучаюцца да ўсіх віншаванняў і жадаюць Сяргею Трафімчыку добрага настрою, здароўя, сямейнага дабрабыту і шчасця.
Аксана Шпак, Лідскі раён. Фота аўтара.
Вярхоўны суд ліквідаваў ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"
1 кастрычніка 2021 года Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь аб ліквідацыі грамадскага аб'яднання "Саюз беларускіх пісьменнікаў". Рашэнне вынес суддзя І. Г. Мільто.
Нагадаем, што 23 верасня ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь адбыліся слуханні па пазове ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" да Міністэрства юстыцыі па абскарджванні пісьмовага папярэджання, вынесенага 14 ліпеня 2021 года за непрадастаўленне дакументаў для маніторынга дзейнасці НДА. 24 верасня Вярхоўны суд Рэспублікі Белпрусь вынес рашэнне і пакінуў у сіле пісьмовае папярэджанне, вынесенае Мінюстам на адрас ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".
14 ліпеня Следчы камітэт правёў ператрус у офісе арганізацыі, пасля чаго памяшканне было запячатана, дакументы і тэхніка канфіскаваны. Пазней былі заблакаваны банкаўскія рахункі арганізацыі, што паралізавала працу аб'яднання.
Паводле СМІ.
Хведар Ільяшэвіч, які быў непаўторны
Менскае выдавецтва "Кнігазбор" выпусціла кнігу выбраных твораў беларускага дзеяча, выдаўца, паэта і гісторыка Хведара Ільяшэвіча (1910-1948). Кніга так і называецца "Выбранае". Я даўно чакаў, што нехта парупіцца і збярэ яго творы пад адну вокладку. Першым зрабіў гэта Міхась Казлоўскі з Маладзечна, які ў 2000 годзе падрыхтаваў і выдаў "Творы" Хведара Ільяшэвіча. Міхась Казлоўскі ўключыў лепшыя вершы паэта з трох паэтычных зборнікаў, а таксама некалькі твораў другой паловы 1930-х гадоў і трохі эміграцыйных вершаў. Эміграцыйны цыкл - вельмі сумны, у ім адчуваецца туга, якую перадаў паэт вершамі аб прыродзе, аб раскіданай маладосці, аб сябрах і сваяках. Адначасова ў эміграцыйных вершах ёсць іскрынкі надзеі на светлую будучыню, надзея, што ў Беларусі "зацвіце заўтра новая маладосць". Дарэчы, роднай Беларусі Хведар Ільяшэвіч прысвяціў шмат сваіх паэтычных радкоў. У адным паэт не баіцца за сваю Радзіму, бо "яна, працоўная, прачнулась", у другім - "зноў, Беларусь, у тваіх безьбярэжжах восень элегію ціха складае", у трэцім - "з-над палёў, дзе дым сьцелюць Беласток і Супрасьль, аж да слуцкіх пшаніцаў калосьсе шуміць", у чацвёртым - "жніўнёвая ўжо Беларусь адцьвіла у кустох счырванелых", а ў пятым ужо - "доля твая - недацьветы, Беларусь дарагая мая!" і г.д.
Пра гэта ўсё чытачы прачыталі ў "Творах" Хведара Ільяшэвіча, якія пабачылі свет 21 год таму. І вось новая кніга "Выбранае", якую ўклалі Наталля Гардзіенка, Ціхан Чарнякевіч і Лявон Юрэвіч. Гэта вельмі добры падарунак чытачам, якія цікавяцца гісторыяй беларускай літаратуры, а таксама - даніна самай светлай памяці цудоўнага чалавека, таленавітага паэта, выдаўца, шчырага беларуса Хведара Ільяшэвіча, якога ўсе моцна любілі ("Ён непаўторны" (Юры Жывіца), ("Хведар, родны, слаўны, цудоўны!" (Вольга Таполя), "Паэт і змагар" (Юрка Віцьбіч) і г.д.
Хведар Ільяшэвіч даўно заслугоўвае, каб выдаць усе яго творы, напісаныя ім за кароткае жыццё. А іх з'явілася пры жыцці літаратара вельмі многа. Былі ім напісаны і раман "Туман", новая кніга "Нязжатая радасць", якія застаюцца яшчэ нявыдадзенымі. Яго творы друкаваліся не толькі пад уласным прозвішчам Хведар Ільяшэвіч, але і пад псеўданімамі М. Дальны, Святаслаў Залужны, Л. Іскра, Малады, Стары, Стары Скаўт, крыптанімамі І-ч, Х.І, М.Д, С.З, Ю.М і іншымі. Друкаваўся Хведар Ільяшэвіч у "Студэнцкай думцы", "Крыніцы", "Беларускай ніве", "Нашай праўдзе", "Нашай працы", "Сцягу працы", "Сіла працы", "Новай варце", "Шляху моладзі", "Калоссях", "Родным краі", віленскіх "Беларускіх календарах", "Новай дарозе", "Раніцы", "Шыпшыне" і шмат-шмат яшчэ дзе. Хведар быў вельмі таленавітым чалавекам, працаваў плённа і шмат. Рукапісы яго захоўваюцца ў прыватных архівах, у архівах Беларусі, у Літве, у Польшчы, у Германіі. Гэта ўсё па крупінцы трэба збіраць і выдаваць.
Але Хведару Ільяшэвічу, як і таму Тодару Лебядзе (1914-1970), не шанцавала ні пры жыцці, ні пасля смерці. Нарэшце я сабраў і выдаў кніжку твораў Тодара Лебяды. І шчыра радуюся, што выйшла з друку "Выбранае" Ільяшэвіча. Гэта з аднаго боку. З другога, я дужа засмуціўся, што "Выбранае" пісьменніка, над якім працавалі тры вопытныя літаратары, падрыхтавана даволі паспешліва і неяк абыякава ў адносінах да яго літаратурнай спадчыны і лёсу. Як жа так можна выдаць кнігу, на вокладцы якой напісана адно прозвішча, а на тытульным лісце і на старонках кнігі - яно напісана па-іншаму? Ніколі Хведар Ільяшэвіч не падпісваў свае творы Ілляшэвіч, а Ільяшэвіч. А складальнікі кнігі на вокладку паставілі прозвішча ІЛЛяшэвіч, а ў кнізе ўсюды ён Ільяшэвіч.Так рабіць нельга.
Не самыя лепшыя і здымкі трапілі ў выданне. Асабліва, што датычыць іх якасці. Можна было б папрасіць здымкаў Хведара Ільяшэвіча ў таго ж Міхася Казлоўскага з Маладзечна, ці ў Лідзіі Савік, ці ў той жа Алены Глагоўскай з Гданьска, ці ў сваякоў у Шчэціне, звярнуцца ў архівы… Ды і я нечым дапамог бы. Праўда, і здымкі ў кнізе ўсім вядомыя, а хацелася б новых, раней неапублікаваных. А на верхнім здымку на ўклейцы IV няправільна ўказаны год. Віленская беларуская гімназія была адкрыта ў 1919 годзе, значыць Хведар Ільяшэвіч з калегамі і студэнтамі 25-годдзе гімназіі адзначаў не ў 1943 годзе, а ў 1944-м. Ёсць і шэраг іншых заўваг.
Тым не менш, дзякуючы складальнікам, невялікая літаратурная спадчына Хведара Ільяшэвіча ўсё ж вярнулася зноў на Беларусь. А гэта выбраныя вершы са зборнікаў "Веснапесьні" (1929), "Зорным шляхам" (1932), "Захварбаваныя вершы" (1936), вершы апошніх гадоў. Трохі прозы, публіцыстыкі, фельетонаў, вершы, прысвечаныя Ільяшэвічу, эміграцыйны эпісталярны раман з фельетонным эпілогам: Хведар Ільяшэвіч, Вольга Таполя і Юрка Віцьбіч.
З вялікай цікавасцю зноў перачытаў, вядомыя мне раней успаміны пра Хведара, Юры Жывіцы (Попкі) і Юркі Віцьбіча. Вельмі цёпла, шчыра і шчымліва пра яго напісаў Юры Жывіца. Пазнаёміліся яны ў Пружанах. А потым бліжэй пачалі сябраваць падчас вайны, калі Хведар працаваў у Беларускім камітэце ў Беластоку. "Да Ільяшэвіча я прыйшоў ад плуга й касы, а ён зрабіў з мяне журналіста, публіцыста, а крыху пазней пісьменніка і… рэдактара..", - прызнаўся Юры Жывіца. А калі Хведара не стала, і яму пра гэта паведаміў Юрка Віцьбіч, то "слёзы цяклі струйком. Гэта была для мяне вялікая страта. А ці толькі для мяне? Беларускі народ страціў вялікага патрыёта, паэта, пісьменніка, навукоўца, маладога філосафа, нацыянальнага дзеяча…".
Сапраўды так. Хведар Ільяшэвіч нарадзіўся ў Вільні. Скончыў Віленскую беларускую гімназію і Віленскі ўніверсітэт. Працаваў выкладчыкам у Віленскай беларускай гімназіі. Напісаў працу пра друкарню Дома Мамонічаў у Вільні (1575-1622). Выдаў пры жыцці тры зборнікі паэзіі, напісаў і апублікаваў сотні артыкулаў.
У перыяд акупацыі Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі з дазволу германскіх улад у Беластоку 29 сакавіка 1942 года на беларускай мове пачала выдавацца газета "Новая дарога", якая па сутнасці з'яўлялася органам Беларускага аб'яднання ў Беластоку і якую рэдагаваў Хведар Ільяшэвіч. Праўда, гэта была не першая пасля прыходу нямецкіх войск газета ў Беластоку. Да "Новай дарогі" выйшлі з друку два нумары газеты "Беластоцкі голас", якія рэдагавалі Ільяшэвіч і Кандыба.
Сёння знайсці гэтыя два нумары "Беластоцкага голасу" цяжка. А вось "Новая дарога", хаця і не ўсе нумары, захоўваецца ў абласных архівах Беларусі і ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. А там - дзесяткі артыкулаў яе рэдактара…
У 1942-1944 гадах, як пісаў гісторык Юры Туронак, "рухавіком інтэлектуальнага жыцця ў Беластоку быў у той час вядомы паэт і гісторык, вілянчук Хведар Ільяшэвіч - старшыня Беларускага аб'яднання і рэдактар "Новай дарогі" (Юры Туронак. Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня, 2006. С.344). Сапраўды, Хведар Ільяшэвіч, жывучы ў Беластоку, працаваў і пісаў шмат. І дзе ён толькі знаходзіў час і сілы - рэдагаваць газету, пісаць вершы і вялікія артыкулы, інфармацыі пад рознымі псеўданімамі, наладжваць беларускія справы, арганізоўваць сустрэчы з беларусамі, мерапрыемствы, вырашаць школьныя праблемы. Ды яшчэ рабіць усё пад наглядам германскай улады, быць асцярожным і разважлівым, бо за ім пільна сачылі не толькі немцы, але і энкавэдысты.
Пасля Беластока Хведар Ільяшэвіч жыве і працуе на эміграцыі. Мае рацыю Лідзія Савік, калі адзначыла, што ён быў "адным з самых адукаваных у асяроддзі беларускай эміграцыі людзей: пісьменнік, навуковец, выдатны музыкант, педагог, валодаў нямецкай і англійскай мовамі" (Лідзія Савік. Пакліканыя. Мінск, 2001. С. 205).
Добра разумеючы ролю рэлігійнага выхавання, Хведар Ільяшэвіч змагаўся за Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву, удзельнічаў у беларускіх грамадска-арганізацыйных з'ездах і нарадах, уваходзіў у склад Беларускага камітэта дапамогі англійскай зоны, у розных выданнях друкаваў свае артыкулы, прысвечаныя творчасці Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Цёткі, Масея Сяднёва, Наталлі Арсенневай і іншых.
Хведар Ільяшэвіч быў арыгінальным паэтам. Яшчэ Язэп Найдзюк у часопісе "Шлях моладзі" (1936, №3) пісаў: "Галоўнай асаблівасцю твораў Ільяшэвіча ёсць вобразнасць. Гэта рыса ў яго вельмі характэрна ў сувязі з тым, што ён, падобны на Танка, парваў са старой формай верша і перадае свае вобразы не спосабам падробнага эпіцкага апісання, але пры дапамозе метафараў".
У "Выбранае" складальнікі ўключылі 45 вершаў паэта. У іх паэт паказаў супярэчнасці тагачаснага горада, пісаў інтымную і пейзажную лірыку:
З змроку месячыкаў рожкі
Выплываюць ліхтарамі.
Ў небе зоркі-папяроскі
Сыплюць попел над дамамі.
Замест уласнай прадмовы, складальнікі кнігі паставілі артыкул Арсеня Ліса "Веснапесьні" Хведара Ільяшэвіча", які першапачаткова быў апублікаваны ў "Творах" Ільяшэвіча (Маладзечна, 2000. Складальнік Міхась Казлоўскі), а потым у кнізе Арсеня Ліса "Gloria victis!" (Мінск, 2008). У ёй Арсень Ліс сказаў, што "пуцяводнай зоркай паэта была свабода Беларусі". І гэта, сапраўды, так:
Залажыўшы рукі ў кішэні,
Я пайду кантыненты сустрэць -
Пранясу праз руіны і сьцені
Беларусі кляновую медзь.
Выхад "Выбранага" Хведара Ільяшэвіча - добрая справа, якую ажыццявілі яе складальнікі пад кіраўніцтвам Наталлі Гардзіенкі. Спадзяюся, што гэта толькі пачатак выданняў спадчыны нашага вялікага пісьменніка, тым больш, што праз чатыры гады споўніцца 100 гадоў з таго часу, калі Хведар Ільяшэвіч дэбютаваў у друку сваімі абразкамі і вершамі.
Сяргей ЧЫГРЫН.
"І Косцевы вершы, і сям'я Севярынцаў - гэта тое, што будзе гонарам Беларусі".
Важныя і шчырыя словы ў памяць Кастуся Севярынца
1 кастрычніка 2021 года ў рэанімацыі ад каронавіруса памёр журналіст, паэт, публіцыст, перакладчык Кастусь Севярынец. Ён меў хворае сэрца.
Кастусь Севярынец нарадзіўся 4 верасня 1952 года ў вёсцы Унорыца Рэчыцкага раёна. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адслужыў у войску, там быў узнагароджаны мэдалём "За адвагу на пажары". Працаваў дырэктарам Пагасцянскай васьмігодкі пад Оршай. З 1979 года - у журналістыцы: быў карэспандэнтам БелТА - ТАСС па Віцебскай вобласці, працаваў у рэспубліканскіх газетах, на Беларускім радыё.
Перакладаў з сербскай і харвацкай моваў. Аўтар зборнікаў лірыкі на расійскай мове "Пока дышу", "Пока цветёт сирень", некалькіх кніг дзіцячых вершаў, пяці зборнікаў крымінальных нарысаў.
Удава Кастуся Таццяна Севярынец расказала, што пазнаёмілася з Кастусём у 1974 годзе ў будаўнічым атрадзе.
- У 1975-м пажаніліся, Ганначка нарадзілася. Усялякае было за нашы 46 гадоў сумеснага жыцця, цяжкасцяў хапіла: і ў інтэрнаце жылі, і кватэры здымалі, але ўсё гэта перажывалася разам, дзяцей гадавалі, унукам радаваліся...
Я ўвогуле не ўяўляю свайго жыцця без яго. Гэта чалавек, які заўсёды для мяне быў апорай. Я ведала, што дзе б ні была - бацька дома, дом дагледзіць, абед прыгатуе, сустрэне. У грыбы з'ездзім - я буду адпачываць, а бацька іх чысціць і катаць. Гэта вельмі добры, вельмі шчыры чалавек.
Каб не гэтая хвароба, каб не сэрца, ён бы яшчэ пажыў. І Паша, і шмат людзей маліліся за яго здароўе. Ён вельмі моцны чалавек, вельмі цярплівы, але апошнія тыдні даліся яму вельмі цяжка. Мы не ведалі, як дапамагчы, што рабіць. Ён казаў: "Нічога не насіце ў шпіталь", але насілі ўсё дамашняе, каб хоць крышачку чаго з'еў.
У яго такія вершы цудоўныя, паэзія яскравая, добрая. Нікому не жадаў зла. Для дзяцей быў любімы татка, і ўнукі ў ім душы не чулі, - Таццяна Севярынец не можа стрымаць слёз.
Вадзім Баршчэўскі сябраваў з Кастусём Севярынцам са студэнцкіх гадоў, яны разам вучыліся ў Белдзяржуніверсітэце.
- Уяўляеце, мы сябруем больш за 50 гадоў! На першым курсе прыглядаліся адзін да аднаго, а з другога блізка пасябравалі. Ён вельмі таленавіты ва ўсім: і як радыёжурналіст, і як паэт, і як перакладчык. Пісаў дэтэктыўныя апавяданні, шмат зборнікаў апублікаваў.
Але лепш за ўсё ў яго атрымліваліся дзіцячыя вершы і лірыка, такая шчымлівая і пранікнёная. Было ў яго і шмат так званых "альбомных" вершаў, якія ён не друкаваў, а пісаў для сяброў і сябе. Я думаў, што Косця мяне перажыве, бо ён такі аптыміст, гумарыст, жыццярадасны чалавек. Не магу стрымаць слёз, - кажа студэнцкі сябар Севярынца Вадзім Баршчэўскі.
Кастусь Севярынец напісаў шмат дзіцячых вершаў. Ён пераможца міжнароднага конкурсу Радыё Свабода на найлепшы пераклад тэксту песні "Fairytale" ("Казка"), з якой Аляксандр Рыбак перамог на "Еўрабачанні-2009".
Разам з віцебскай мастачкай Святланай Баранкоўскай Кастусь Севярынец зрабіў першую беларускую азбуку для iPad "Буквар: Родная азбука".
- Я амаль год малявала "Азбуку", у мяне нічога не атрымлівалася, і тады я сказала: "Буду рабіць, што ўмею - буду рабіць габелены". І на кожны яго верш (а яшчэ былі двухрадкоўі) я рабіла габелены. Насіла яму здымкі, глядзелі на гэтыя габеленчыкі і радаваліся, як дзеці.
Пра лісу было двухрадкоўе: "Футра цёплае ў лісіцы, будзе шапка й рукавіцы". Я зрабіла лісічку, у якой толькі носік тырчыць. Усе падыходзяць да габелена і пытаюцца: "А дзе сама лісічка?" Прыходжу да Косці, а ён ужо напісаў працяг: "Вось яна, прыйшла зіма. Футра ёсць, а дзе сама?"
Так весяліліся, так радаваліся, што мы на адной хвалі, што аднолькава думаем, аднолькава баліць, аднолькава радуе. Таму адыход такога чалавека - гэта не проста балюча, гэта як кавалак ад сэрца адарвалі, гэта вялікая частка душы, якую ён нам падарыў.
Гэта чалавек настолькі светлы быў, настолькі заўсёды пазітыўны! Таму я разумею, чаму ў яго такая сям'я, такія дзеці - у такога бацькі не магло атрымацца інакш. Я думаю, што і Косцевы вершы, і сям'я Севярынцаў - гэта тое, што будзе гонарам Беларусі, - кажа мастачка, сяброўка сям'і Севярынцаў Святлана Баранкоўская.
Пахаваюць Кастуся Севярынца на радзіме, у вёсцы Унорыцы Рэчыцкага раёна. Яго дачка Ганна Севярынец на сваёй старонцы ў фэйсбуку напісала:
- Улічваючы, што мы забіраем яго з ковіднай рэанімацыі, а таксама тое, што ў самой вёсцы таксама ковід і, акрамя нашага, там адбудуцца яшчэ ковідныя пахаванні, развітанне і пахаванне будзе ў вузкім коле сваякоў. Выбачаемся перад тымі, хто хацеў бы асабіста развітацца з нашым татам, просім згадаць яго добрым словам і памятаць.
Паводле СМІ.
Больш за чвэрць жыхароў ФРГ маюць міграцыйнае мінулае
Навіны Германіі
У 2020 годзе ў Германіі жылі 21,9 мільёна чалавек з міграцыйным мінулым. Больш за траціну з іх прагаласавалі на выбарах у бундэстаг, высветліла статыстычнае ведамства.
У 2020 годзе ў Германіі пражывалі 21,9 мільёна чалавек (26,7 адсоткаў насельніцтва) з міграцыйнымі каранямі. Такія дадзеныя Федэральнае статыстычнае ведамства ў Вісбадэне прывяло ў пятніцу, 1 кастрычніка.
Звыш за траціну з іх (7,9 млн чалавек), з'яўляючыся грамадзянамі ФРГ, прагаласавалі на выбарах у бундэстаг, якія адбыліся тыднем раней. Гэта 13 адсоткаў ад агульнага ліку асобаў з правам голасу. Сярод выбарнікаў з міграцыйным мінулым больш за палову (4,7 млн чалавек ці 59 адсоткаў) нарадзіліся за межамі ФРГ і ў сярэднім жывуць у Германіі 31 год. Часцей за ўсё краінамі паходжання гэтых грамадзян з'яўляюцца Польшча (817 000), Казахстан (759 000) і Расія (700 000).
Як жыхары ФРГ з міграцыйным мінулым атрымалі грамадзянства Германіі
Грамадзянства Федэратыўнай Рэспублікі з нараджэння маецца больш чым у кожнага трэцяга (36 адсоткаў) жыхара краіны з міграцыйным мінулым, надзеленага правам голасу ў ФРГ. Яшчэ 32 адсоткі такіх асобаў сталі грамадзянамі Германіі ў выніку натуралізацыі, 31 адсотак - у сілу свайго статуту рэпатрыянта і каля 1 адсотка - у выніку ўсынаўлення.
У той жа час 3 адсоткі ўсіх асобаў з правам голасу ў ФРГ валодаюць грамадзянствам дзвюх краін. Часцей за ўсё другой дзяржавай выступае Польшча (17 адсоткаў), Расія (15 адсоткаў) і Італія (6 адсоткаў).
Колькі непаўнагадовых жыхароў ФРГ - з міграцыйнымі каранямі
Апроч 8,7 мільёна сталых замежнікаў, якія пражываюць у Германіі, права голасу на момант збору статыстыкі не было і ў 13,7 млн непаўнагадовых. 3,7 мільёна з іх маюць міграцыйнае мінулае і з'яўляюцца грамадзянамі Германіі, а 1,7 мільёна - выключна замежнымі грамадзянамі.
Па вызначэнні статыстычнага ведамства, жыхары ФРГ маюць міграцыйныя карані, калі яны ці хоць бы адзін з іх бацькоў не валодалі нямецкім грамадзянствам пры нараджэнні.
Паводле СМІ.
Каронавірус: Румынія і Літва абвешчаны ў ФРГ зонамі павышанай рызыкі
Дагэтуль небяспечнай зонай з-за каронавіруса сярод краін ЕС лічылася толькі Славенія. Інстытут імя Роберта Коха прылічыў да зон высокай рызыкі і Беларусь.
Краіны Еўрасаюза Румынія і Літва з нядзелі, 3 кастрычніка, абвешчаны ў Германіі зонамі павышанай рызыкі з-за каронавіруса. Людзі, якія заязджаюць у гэтыя краіны, у тым выпадку, калі яны цалкам не прышчэплены ці не акрыялі ад ковіда, будуць адпраўляцца на 10-дзённы каранцін, выйсці з якога можна будзе толькі на пяты дзень па выніках адмоўнага тэста.
Ва ўсім свеце ў спісе высокай рызыкі лічацца каля 70 краін. Апроч Румыніі і Літвы, з 3 кастрычніка да іх дададуцца Беларусь і Сальвадор, паведаміў Інстытут імя Роберта Коха (RKI) 30 верасня. У той жа час са спісу выдалены Мазамбік і ПАР.
Зонамі павышанай эпідэмалагічнай рызыкі ў Германіі аб'яўляюцца краіны і рэгіёны, дзе пагроза заражэння каронавірусам асабліва высокая. Пры гэтым значэнне мае не толькі лік інфікаваных. Улічваюцца і іншыя крытэры, такія як тэмпы распаўсюду кавіда, загружанасць лякарань і адсутнасць поўных дадзеных пра сітуацыю з каронавірусам.
У Германіі каэфіцыент заражальнасці злёгку зменшыўся
Тым часам у Германіі сямідзённы каэфіцыент заражальнасці каронавірусам злёгку зменшыўся да 64,2. Па дадзеных RKI на раніцу 3 кастрычніка, за мінулыя суткі ў краіне зафіксавана яшчэ 6164 новых выпадкаў каронавіруснай інфекцыі. Ад наступстваў заражэння сканалі яшчэ 9 чалавек.
За ўвесь час пандэміі ў краіне заразіліся каронавірусам 4 252 300 чалавек, з іх 93 786 чалавек памерлі.
Па стане на 2 кастрычніка ў Германіі цалкам вакцынаваны 64,6 адсотка насельніцтва, мінімум адну прышчэпку атрымалі больш за 68 адсоткаў.
Паводле СМІ.
Маёнткі Касцянёва і Паперня
Леанід Лаўрэш
(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)
Адзін з апошніх уладальнікаў Касцянёва, сын Люцыяна - Марцін Кастравіцкі, у 1903 ці 1904 г. расказаў свайму сыну Яну Люцыяну пра радавод сям'і: "Цётка бацькі і мая бабуля Мялання Кастравіцкая, тады ўжо старая, жыла ў Вене ва ўласным доме па адной з галоўных вуліц горада, назву якой я не памятаю. Але гэта быў палац сям'і Кастравіцкіх, і жыла там графіня Кастравіцкая. Бацька быў трошкі здзіўлены, бо наша сям'я не мела ніякага тытула. … пасля смерці майго бацькі, атрымаў ад яго сястры (сваёй цёткі) шэраг сямейных дакументаў і сярод іх т. з. генеалагічнае дрэва. Яно было намаляванае на пергаменце сотню гадоў таму, дакумент меў дату але я яе ўжо не памятаю. Дакумент быў падпісаны царыцай Кацярынай і Рапніным і пацвярджаў права на шляхецтва і герб Байбіза.
Калі мой бацька наведаў сваю цётку ў Вене, тая была ўжо ў манаскім строі - у чорным габіце з вялікім крыжам з масіўным ланцугом на грудзях. Бацька некалькі дзён пагасцяваў у цёткі, наведаў могілкі з сямейным склепам Кастравіцкіх. Там былі пахаваны бацькі Мяланні і яе сястра. Там жа была пахавана Фанні Эльслер (Fanny Elssler) - вядомая венская балерына.
Дом-палац у Вене, дзе жыла цётка майго бацькі быў багата мэбліраваны, цётка мела шмат служкаў: парц'е, камердынер, некалькі асоб жаночай службы, яна была заможная асоба. Магчыма, бацька атрымаў ад цёткі нейкую карысць для свайго маёнтка.
Цётка падаравала свайму пляменніку некалькі партрэтаў сябе, свайго бацькі і сваёй сястры, а таксама яе дзеда і яшчэ кагосьці з нашых продкаў у латах і з паголенай галавой. Партрэты былі добрага пэндзля, я магу пра гэта меркаваць, бо потым некалькі гадоў вывучаў мастацтва. Сярод карцін быў абраз св. Францішкі добрай работы …
Акрамя карцін, бацька атрымаў некалькі старасвецкіх куфраў дзіўнага выгляду: абабітых скурай і акутых жалезам і меддзю. У куфрах захоўвалася шмат карэспандэнцыі і старых дакументаў, некалькі тэчак з гравюрамі, малюнкамі, акварэлямі і вялікая колькасць партрэтаў, якія былі, хоць і не ў рамках, але нацягнутыя на дошкі. На некаторых з іх на адвароце меліся надпісы: "Рымскі кароль" ці "Герцаг Рэйхштацкі". Таксама ў куфрах ляжалі копіі абразоў з Сікстынскай капліцы, з якіх найлепшым з'яўляўся малюнак галавы св. Пятра. Захоўвалася ў куфрах і карункавая вопратка, шалі і нават жаночыя танцавальныя пантофелькі … Мялання сказала, што хоча прыбраць з сваіх вачэй усё, што злучае яе са светам, што нагадвае ёй не толькі пра добрае, але і пра злое. … Пасля яе смерці мы даведаліся, што свой венскі палац цётка запісала касцёлу.
Гэтыя дары бацька прывёз дахаты, партрэты былі развешаны па пакоях маёнткавага дома ў Касцянёве, а куфры пастаўлены ў адмысловы замкнуты склад на паддашку.
Маёнтак Касцянёва быў маёмасцю майго дзядзькі Самуэля, брата бацькі, які стала жыў у Рызе і працаваў там галоўным архітэктарам, а мае бацькі з дзецьмі ў Касцянёве бавілі вакацыі".
Падчас візіту ў Францыю, рускага цара (Аляксандра І ці Мікалая І) ён прыехаў у Французскую вайсковую акадэмію Сен-Сір, дзе даведаўся пра брата Мяланні і Юліі Люцыяна Кастравіцкага. Цар загадаў этапаваць яго у Беларусь. Люцыян пехатой, пад канвоем прыйшоў на радзіму, але замест турмы, патрапіў пад амністыю. Тым не менш, выезд у Еўропу яму быў назаўсёды забаронены.
Праблемы дзяцей - Меланні і Люцыяна, прывялі да таго, што Ганна Залеская кінула сям'ю і з'ехала на Валынь. Толькі праз шмат гадоў яна прыехала ў Вену, каб там памерці.
Яе муж Самуэль Кастравіцкі ў Вене пазнаёміўся з слыннай балерынай Фанні Эльслер, якая выступала на лепшых еўрапейскіх сцэнах таго часу. Каханне паміж імі захоўвалася ўсё жыццё, і калі балерына памерла, дык яе пахавалі ў сямейным венскім склепе Кастравіцкіх.
Былы навучэнец акадэміі Сен-Сір Люцыян Кастравіцкі пасля вяртання на радзіму, ажаніўся з лідскай падкамаранкай Юзэфай Сяклюцкай. Яны мелі чацвёра дзяцей: Вінцэнта, Самуэля, Марціна і Ганну. Сям'я жыла не ў Касцянёве, а ў Паперні. Кастравіцкім у той час належала: Паперня з 3000 га зямлі, якая была галоўнай сядзібай, Ваверка з 6000 га, Кавалі з 3000 га, Касцянёва з 3750 га. Трошкі раней, як пасаг за Казіміру Кастравіцкую, якая выйшла замуж за Аляксандра Брахоцкага, ад Кастравіцкіх адышло Малое Мажэйкава. Такім чынам, у першай палове XIX ст. зямельныя ўладанні Кастравіцкіх складаліся з 17 000 га зямлі. Трэба сказаць, што ў другой палове XVIII ст. Кастравіцкія былі калятарамі Маламажэйкаўскай царквы і пра калятара гэтай царквы, шамбеляна каралеўскага двара і цыбарскага старасту Казіміра Кастравіцкага нават складзена "чорная легенда", якую я падрабязна прааналізаваў у сваёй кнізе пра гэтую царкву1.
З 1832 па 1850 г., Люцыян Кастравіцкі прадаў Кавалі, Ваверку і Паперню - 2/3 сваёй маёмасці і ўсе грошы перавёў сёстрам Мяланні і Юліі. Чаму Люцыян, маючы сваіх дзяцей, перавёў грошы сёстрам (хоць па тагачасных законах, наадварот, ён як мужчына, ён павінен быў успадкаваць 3/4 маёмасці сям'і), з'яўляецца тайнай. Потым самі Кастравіцкія лічылі, што грошы былі патрэбны на выхаванне ўнука Напалеона. Паступова ў Люцыяна Кастравіцкага засталося толькі Касцянёва.
З-за няпростага лёсу Люцыян Кастравіцкі меў шмат дзіўных звычак. Напрыклад, ён заўсёды насіў 1000 рублёў - вялікія па тым часе грошы. Гэтыя 1000 рублёў Кастравіцкі разам з нейкімі дакументамі трымаў у адмысловым скураным ворку на плячах пад бялізнай і таму заўсёды меў выгляд гарбуна. Калі яму даводзілася выкарыстаць частку грошай і "капітал на спіне" памяншаўся, Люцыян Кастравіцкі моцна нерваваўся, покуль зноў не папаўняў гэты запас да звыклай сумы ў 1000 рублёў. Родныя разумелі, што гэты надзвычай інтэлігентны чалавек усе сваё жыццё быў гатовы пакінуць родны кут, гатовы да дэпартацыі ў Сібір. Засталося таямніцай якія дакументы Люцыян насіў з сабой за плячыма, падчас самазабойства нікога з родных каля яго не было, а паліцыянты, якія забралі цела нябожчыка, знялі з яго скураны ворак і ніколі не вярнулі не толькі грошы, але і паперы.
Дзеці Люцыяна мелі наступны лёс: сын Вінцэнт абраў вайсковую кар'еру ў расійскай арміі, Самуэль вывучаў архітэктуру ў Дэрпце, дзе пазней стаў галоўным архітэктарам, Марцін стаў электратэхнікам.
Пасля смерці Люцыяна ў Касцянёве нядоўга жыў Марцін Кастравіцкі (1855-1905), але неўзабаве ён разам з жонкай пераехаў у Варшаву. Наступным гаспадаром Касцянёва стаў яго старэйшы сын Станіслаў (1881-1918), а пасля яго малодшы сын Ян Люцыян (1889-1967), які быў апошнім уладальнікам маёнтка. Дарэчы дзедам Яна Люцыяна з боку маці быў уладальнік Бердаўкі Захватовіч, якому пасля паўстання 1863 г. загадалі прадаць свой маёнтак на працягу 48 гадзін.
Згодна з сямейным паданнем Кастравіцкіх, Александровічы мелі ў Касцянёве вялікі двухпавярховы палац з лістоўніцы, які быў знішчаны ў часы Паўночнай вайны. З уцалелага бярвення была пабудавана афіцына, якая стаяла да Другой сусветнай вайны. Таксама з часоў Александровічаў захаваўся мураваны будынак, які датаваўся XVII ст. Гэты будынак згарэў, але быў адноўлены ў канцы XIX ст. Згодна з паданнем, яго будавалі масоны і ён павінен быў стаць месцам збору ложы. Па іншым паданні, Александровічы пабудавалі яго як жылы дом, пасля чаго стары палац стаў афіцынай.
Мураваны будынак стаяў паблізу былога палаца і перпендыкулярна яму. Ён ўяўляў сабой прастакутнік даўжынёй 24 м. З тыльнага боку месціўся ўезд у шырокі калідор піўніцы, а з другога, супрацьлеглага, знаходзіўся ўваход у калідор жылога паверху. Пляцоўка за домам з боку парку ляжала на 1 метр ніжэй, чым пляцоўка перад домам. Сцены дома былі выкананы з вялікіх, абчэсаных з аднаго бока камянёў, абліцаваных знутры цэглай. Таўшчыня сцен перавышала 1 метр. У сценах знаходзілі шмат дымаходаў, у якіх не было слядоў сажы, гэта маглі быць часткі старой сістэмы абагрэву гарачым паветрам. На такую думку наводзілі рэшкі вялікай печы ў піўніцы. Адбудаваны дом накрылі ламаным гонтавым дахам. З фронту палаца быў дабудаваны ганак з чатырма калонамі.
Ян Люцыян Кастравіцкі пісаў: "Люцыян Кастравіцкі жыў у часовым доме, а руіны старога дома чакалі, покуль яго сын Самуэль закончыць курс архітэктуры ў Дэрпцкім універсітэце і пачне працаваць па прафесіі. Самуэль адбудаваў стары дом і пакрыў яго мансардавым, ламаным дахам. Пра тое, як доўга гэты дом быў закінуты, казалі дрэвы, якія раслі сярод руінаў, яны дасягалі ўжо 40 - 50 см дыяметрам. Дом стаяў так, што з галоўнага фасада ўваход вёў у жылыя пакоі, а з задняга фасада - у піўніцы, якія былі пад усім домам. Старыя піўніцы дома захаваліся без пашкоджанняў і паслужылі фундаментам пры адбудове. Скляпенні паднябенняў піўніц, выкананыя з цэглы, мелі вышыню ў 3 м. Вокны піўніц месціліся высока і былі закратаваныя жалезам. У цэнтры піўніц мелася аблямаваная каменем старая студня.
Сцены адбудаванага дома былі выкананы з вялікіх камянёў і мелі таўшчыню ў 1,5 метра. Па сярэдзіне дом ішоў калідор і па абодва бакі ад яго былі 22 пакоі, вышыня столяў у пакоях - 3 - 3.5 м.
Мясцовая легенда казала, што ранейшы дом будаваўся для масонскай ложы (людзі казалі для "збору"), і таму можна зразумець сэнс расказу пра тое, што з гэтага дома "перакідвалі кельні" (масонскія знакі) ў Шайбакпольскі дом, які знаходзіўся на адлегласці за некалькі кіламетраў і тады яшчэ будаваўся. Верагодна, у Шайбакполі павінна была паўстаць новая ложа …".
Ян Люцыян Кастравіцкі пераказваў сямейную легенду аб тым, што ў свой час масоны выклялі ўвесь род Кастравіцкіх - усе дзяўчаты гэтага роду павінны былі мець пазашлюбных дзяцей. Вядома, што ў 1817 г. ложа "Паходня Поўначы" звярнулася да літоўскай правінцыяльнай ложы "Дасканалая Еднасць" з лістом, у якім даводзіла апошняй, што чаляднік ложы Самуэль Кастравіцкі перастаў удзельнічаць у пасяджэннях і браты даведаліся, што ён нават пачаў насміхацца з масонаў. Было вырашана схіліць яго да супакаення. Выкліканы на сход, Кастравіцкі сказаў, што не можа належаць да масонаў, бо рымскі папа забараніў гэта, а калі ён уступаў у ложу, дык не ведаў пра забарону. Потым, у сваім пісьмовым адказе масонам, Кастравіцкі паведаміў, што, як рыма-католік, не можа быць масонам. Самуэль Кастравіцкі ў 1820 г. быў выкраслены са спісу менскай ложы вольных муляраў з забаронай прымаць удзел у сходах.
Ян Люцыян Кастравіцкі пісаў, што яго аднакласнік Станіслаў Садкоўскі быў гадаванцам вядомага віленскага мецэната і адваката Урублеўскага, які быў, бадай што апошнім віленскім "шубраўцам"2: "Ён прывёў мяне у дом мецэната. У размове з намі, Урублеўскі сказаў мне: "Ведаеш, што твае продкі былі вядомымі масонамі?" Праз пэўны час упісаў мяне ў спіс "шубраўцаў" і расказаў пра мэты і абавязкі сяброў гэтага таварыства".
Але вяртаемся да апісання дома ў Касцянёве.
Ян Люцыян Кастравіцкі пісаў: "Калі дзед Люцыян прадаў маёнткі Кавалі і Паперню, ён пакінуў дом у Паперні, які насамрэч быў не домам, а сапраўдным палацам, і пасяліўся ў Касцянёве. Руіны старога жылога дома маёнтка Касцянёва, знаходзіліся па другі бок дарогі Васілішкі - Шчучын ад часовага дома. Руіны атачаў лес, і да старога дома вяла шырокая, ліпавая алея. Ліпы былі пасаджаны так густа, што ўтваралі сапраўдную сцяну, праз якую можна было толькі з цяжкасцю праціснуцца. Ліпы стваралі сапраўдны тунэль і калі цвілі, стваралі вельмі моцны пах".
Сядзібны дом меў вялікія сені. Управа ад прасторных сеняў быў уваход у сталовую, за сталовай месціліся яшчэ два малыя пакоі. Улева з сеняў меўся ўваход у чатыры жылыя пакоі. Усе пакоі франтальнай часткі палаца разам з сенямі ўяўлялі сабой адну суцэльную анфіладу. Большасць гэтых пакояў яшчэ мела дзверы ў цэнтральны калідор, у які трэба было сысці з пакоя ўніз па прыступках. З сеняў, напрост, таксама па прыступках, можна было ўвайсці ў вялікі салон, які меў форму квадрата. Управа ад салона месціліся дзве гасцінныя, а за імі буфетны пакой, кухня і г. д. Улева з салона меўся ўваход у бібліятэку, за якой ішлі жылыя пакоі.
1 Гл: Лаўрэш Л. Л. Маламажэйкаўская царква: гістарычны нарыс. Гродна, 2017. С. 47-57.
2 Шубраўцы - сябры літаратурна-грамадскага таварыства ліберальна-асветніцкага кірунку, якое існавала ў Вільні ў 1817-1822 гг. Падобна, Урублеўскі жадаў аднавіць дзейнасць таварыства.
(Працяг у наст. нумары.)
330 год таямніц, альбо новая кніжка пра Казіміра Лышчынскага
У сумнай гісторыі жыцця і смерці Казіміра Лышчынскага ўсё проста і зразумела толькі на першы погляд: жыў-быў шляхціц сярэдняй рукі, пазычыў грошы суседу, а той замест, каб аддаць з падзякай, напісаў данос, абвінаваціўшы крэдытора ў атэізме. На двары канец XVII стагоддзя, абвінавачаны трапляе ў вязніцу, а пасля - на вогнішча разам са сваім атэістычным трактатам, ад якога толькі і засталося, што быў ён вельмі атэістычны.
Чытаючы шматлікія, чаго тут хаваць, артыкулы, кнігі і дакументы, датычныя Казіміра Лышчынскага, немагчыма адпрэчыць адчуванне, што гэта сцэнар вострасюжэтнага серыялу "Юрыст, спалены на вогнішчы" ў стылі unreliable narrator, бліскуча рэалізаваны Уілкі Колінзам у класічным "Месячным камені". Упэўненыя галасы ненадзейных або недасведчаных сведкаў ткуць супярэчлівую і шмат у чым непераканаўчую гісторыю. Што там казаць, гісторыю, у якую амаль немагчыма паверыць, калі б не надавала ёй незваротную сапраўднасць жудасная сцэна смяротнага пакарання: чалавеку адсякаюць галаву, цела спальваюць, а попелам страляюць з гарматы.
Глыбейшае знаёмства з гісторыяй Казіміра Лышчынскага здзіўляе, з аднаго боку, колькасцю пытанняў, якія дагэтуль застаюцца без адказу, а з другога - колькасцю дакументаў, якія патэнцыйна могуць гэтыя адказы прапанаваць, але дзесяцігоддзі ляжаць у архівах некранутымі. Тым больш, што дзякуючы сучасным тэхналогіям шмат якія рэдкія выданні і нават архіўныя матэрыялы можна атрымаць праз інтэрнэт малым коштам і не злазячы з канапы.
Уражваюць, не заўсёды прыемна, яскравыя характары. Вось інтэлектуал Лышчынскі, седзячы ў сваіх Лышчыцах, выпісвае ў таемны сшытак "чалавек ёсць творцам Бога". Вось Пётр Станіслаў Грэк адчайна шукае шляхоў заняць добрую пасаду ў Берасцейскім ваяводстве. Вось Людвік Пацей бароніць на варшаўскім сойме свайго калегу і земляка Лышчынскага, але ў нейкі момант адыходзіць у цень - каб праз некалькі год зрабіць фантастычную кар'еру аж да найвышэйшай у Вялікім Княстве пасады ваяводы віленскага. А вось Анджэй Хрызастом Залускі, біскуп, лацініст, палітык і садыст у адной асобе, нават пасля смерці Лышчынскага не можа супакоіцца і распісвае на паперы тыя пакуты і здзекі, якія, на шчасце, у самых варварскіх сваіх падрабязнасцях не адпавядаюць рэчаіснасці. Вось і папскі нунцый Якуб Кантэльмі, які шкадуе, што не атрымалася ўжыць да абвінавачанага "належныя" па стандартах інквізіцыі катаванні.
З расправы над берасцейскім падсудкам паўстала і паўстае дагэтуль шмат пытанняў. Часткаю - да ягоных сучаснікаў, але немалая доля - да даследчыкаў двух апошніх стагоддзяў. Можна зразумець, чаму савецкіх філосафаў (у большай ступені) і гісторыкаў (у значна меншай) надта ж цікавіў атэістычны трактат Лышчынскага, але падрабязнасці жыцця прадстаўніка паноўнага класу шляхты Рэчы Паспалітай былі забароненай тэмай. Нашмат цяжэй уцяміць, чаму асоба Лышчынскага, гісторыя яго роду, абставіны яго жыцця і дзейнасці на ніве асветы, палітыкі, правасуддзя, нарэшце, гісторыя яго міфа застаюцца ў значнай ступені па-за ўвагаю сучасных беларускіх гісторыкаў, нягледзячы на відавочную патрэбу ў пераасэнсаванні ранейшых ацэнак.
Прыкладам, даследчыкі дзесяцігоддзямі прастадушна пішуць пра пазыку ў сто тысяч талераў - грошы, ад якіх не тое што ў князя, але ў караля вочы загарэліся б. І гэта сярэдняе рукі шляхціц пазычае суседу? Адкуль такія капіталы і навошта яны Яну Казіміру Бжоску, які, мяркуючы па сціплых пра яго звестках, не будаваў над Мухаўцом другі Вярсаль і не ладзіў экспедыцыю для захопу Стамбула?
А ягоны крэдытор Лышчынскі, гэты прыхаваны граф Монтэ Крыста зямлі Берасцейскай? Спачатку езуіт-навіцый, пасля соймавы палітык, паспяховы судовы чыноўнік і, урэшце рэшт, выкрыты блюзнер і "забойца Бога", ён сапраўды пісаў у вольны ад шматлікіх заняткаў час лацінскі трактат, які па смеласці пераўзыходзіў усё створанае на той час у хрысціянскім свеце? Хто ён - чалавек, які паводле абвінавачвання ні больш ні менш кінуў выклік Богу, або правінцыйны дзівак і ахвяра суседскае хцівасці?
Кніга, якая прапануецца вашай увазе, не адказвае на ўсе гэтыя пытанні і не прэтэндуе на статус навуковае працы. Яе задача - сабраць і выкласці перад чытачом як мага болей пра лёс чалавека з роду Лышчынскіх, ягоную асобу і атачэнне, у якім ён жыў, працаваў і загінуў, ды пра памяць, якую аб сабе пакінуў. На першым плане не філасофія, а факты біяграфіі праз погляд юрыста - бо ў працэсе Лышчынскага з выключнай яскравасцю адлюстраваліся асаблівасці дзяржавы Рэчы Паспалітай і яе грамадства ў эпоху Контррэфармацыі, сутыкненне ідэалаў хай сабе феадальнай, але прававой дзяржавы, шляхецкай вольнасці і рэлігійнага фанатызму, адвечныя канфлікты паміж асобай, прагнай ісціны, грамадствам, прагным стабільнасці, і ўладай, прагнай… абсалютнай улады.
Калі гісторыя, выкладзеная на гэтых старонках, падштурхне кагосьці працягнуць даследванні ў гэтым напрамку - цудоўна. Калі нехта з чытачоў вырашыць зрабіць тое ж сродкамі мастацтва - выдатна. Калі, нарэшце, нехта проста задумаецца над паралелямі паміж мінулым трохсотгадовай даўніны і нашай, не заўсёды прыўкраснай, рэчаіснасцю - таксама адна з мэтаў будзе дасягнутая.
Аркадзь Ліцьвін.
Беларускія мова і культура на "Дажынках-2021"
Народныя рамёствы, навінкі прадпрыемстваў, духмяныя караваі, дажыначныя снапы. Чым яшчэ здзіўлялі "Дажынкі-2021" у Скідалі? Шырокай прысутнасцю беларускай мовы і святам беларускай культуры.
Выстава-продаж вырабаў народных майстроў Гарадзеншчыны сабрала вялікую колькасць ахвотнікаў набыць непаўторныя вырабы на памяць пра свята. Горад майстроў заявіў пра сябе не на жарт!
Аддзелы рамёстваў і традыцыйнай культуры, цэнтры, калектывы народнага аматарскага аб'яднання майстроў і народнай творчасці і мастакоў, народныя ўмельцы, якія працуюць у розных тэхніках, апанавалі цэнтральную вуліцу Скідаля.
Лыжкі, падстаўкі, завушніцы, каралі, матрошкі, размалёўка па дрэве, вырабы з натуральнага каменю, кветкі з капрону… Вочы разбягаліся, гледзячы на гэтую прыгажосць, створаную рукамі чалавека. Майстры прапанавалі прыняць удзел у невялікіх майстар-класах па ганчарстве, пояса-пляценні, лозапляценні, ткацтве. Заняць сябе займальным працэсам вытворчасці можна было надоўга: тэхніка асвойвалася на месцы пад пільным кіраўніцтвам дасведчанага настаўніка. Паспрабаваць свае сілы хацелася ва ўсім. З горада майстроў ніхто не сыходзіў без сувеніраў, а таксама добрага настрою.
Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці прэзентаваў унікальныя вырабы ткацтва.
- І гэта не толькі вядомае белаўзорнае ткацтва, але і двухнітавое, кашулі з арнаментам, - распавядае навуковы супрацоўнік Марына Савіцкая. - Акрамя таго, мы прывезлі багатую калекцыю керамікі, шматлікія вязаныя вырабы. Усё, чым багатыя, чым ганарыцца наш рэгіён.
А ў цэнтральным парку горада Скідаля на пляцоўцы "Клёкат буслоў" гасцей і ўдзельнікаў свята чакала не меней займальнае гледзішча. Тут былі выстаўлены галоўныя атрыбуты свята - прыбраныя, духмяныя дажыначныя караваі. Што сказаць?! Хлебапёкі-прафесіяналы кожнага з раёнаў Гарадзеншчыны папрацавалі ад душы: караваі, у тым ліку лідскі, дзівілі і формай, і памерамі, і ўпрыгожаннем.
- Наш каравай выпечаны са здобнага дражджавога цеста, - распавядае начальнік вытворча-тэхналагічнай лабараторыі Лідскага хлебазавода Ірына Драбняк. - Ён пяціярусны і багата ўпрыгожаны завіткамі, узорамі з цеста, а таксама каласамі, кветкамі рамонкаў і васількоў з масцікі. Верхні ярус вянчае надпіс "Ліда. Дажынкі-2021".
Над кулінарным шэдэўрам дзве змены працавалі майстры булачнага і кандытарскага цэхаў хлебазавода. Дыяметр асновы лідскага каравая 60 сантыметраў, а вага ні многа, ні мала - 15 кілаграмаў!
Недалёка ад караваяў размясціліся дажыначныя снапы з каласоў новага ўраджаю. Вышыня многіх з іх дасягае практычна двух метраў.
Лідскі раён прадстаўляла сельгаспрадпрыемства "Пескаўцы". Да свята працаўнікоў сяла яно падрыхтавалася сур'ёзна. Паспрабавалі палічыць колькасць страў - і ўвесь час збіваліся з ліку. Як у той казцы, наладзілі банкет на ўвесь свет, з пескаўскім размахам.
Вядомым і запатрабаваным быў і брэнд "Лідская мука". На "Дажынкі-2021" лідзяне прывезлі макароны прэміюм-класа з цвёрдых гатункаў пшаніцы "Pasta Vera" - без перабольшання, лепшыя макароны ў Беларусі, а таксама навінку - паўфабрыкаты серыі "Спадарыня". Дарэчы, калі вы яшчэ не куплялі "Спадарыню", абавязкова зрабіце гэта. Тым самым зэканоміце масу часу. Вам не трэба будзе шукаць яйкі, малако, соль і цукар - усё гэта ўжо ўваходзіць у склад сумесі, прыгатаванай прафесіяналамі. Асартымент серыі ўключае: наборы для выпечкі "Піца Італьянская", "Печыва хатняе з разынкамі" і інш. І хоць усе надпісы на ўпакоўцы зроблены па-руску, само слова "Спадарыня" ўжо грэе беларускую душу.
Вольга Капцевіч, Вольга Яхантава, lidanews.
МІЦКЕВІЧАЎ КАМЕНЬ: ГОД АД ЗНАХОДКІ
(гутарка з краязнаўцам)
Так, мінуў год, нават болей, як Беларусь, дый шырэй, абляцела вестка пра знаходку ў нясвіжскіх Студзёнках. Краязнавец Аляксандр Абрамовіч натрапіў у склепе мясцовай жыхаркі на камень з высечанымі на ім словамі Адама Міцкевіча. Зразумела, абысці, пакінуць, нібыта і не бачыў, спадар Аляксандр не мог. Маючы вялікі досвед па гісторыі сваёй вёскі і вакольнай мясцовасці, ён пачаў аналізаваць, зводзіць канцы з канцамі, выбудоўваць магчымы ланцужок падзей, фармуляваць і агучваць пэўныя меркаванні па тэме "Міцкевіч і яго сучаснікі - гаспадары Студзёнак; гіпотэзы з'яўлення каменя".
- Нагадайце, спадар Аляксандр, Вашы тагачасныя адчуванні і здагадкі пра гісторыю з'яўлення ў Студзёнках загадкавага каменя з надпісам.
- На ўсё жыццё захаваецца ўражанне: травеньская раніца, сыходжу па прыступках у склеп. Ён чысцюткі - ім здаўна не карысталіся. Камяні ў сценах, як цяпер ўжо разумею, з былой капліцы. Сонца высвечвае надпіс на камені ўнізе склепа. І такая замілаванасць! Хоць я яшчэ адразу і не разумеў, што і да чаго (фота 1).
А зацікаўленым, каб не паўтарацца, дзеля поўнага разумення пра мае здагадкі і сведчанні трэба ў сеціве прагледзець электронны часопіс '' Нясвіжскія каеты'' - № 2 і № 5.
Які водгукі былі на Вашу знаходку? Вы задаволеныя імі ці расчараваныя?
- Калі ўвесці ў пошукавік '' Камень Міцкевіча'' - процьма публікацый, ды і перадрукоўкі. А дакладна запачаткавалі : радыё "Рацыя'' - Воля Сямашка і ''Белсат'' - Алесь Кіркевіч. З'явілася яшчэ Інэса Кур'ян з артыкулам ''Легендарны камень Міцкевіча - фейк". Нейкае абвінавачанне ў падмане, падробцы ды асабістае зневажанне. Ну ёсць жа камень - мацайце, вывучайце! Ёсць успаміны ксяндза Ежы Каліноўскага, наўрад ці хто закіне яму падман. "Хіба … Адам Міцкевіч мог быць у Студзёнках?" Ежы Каліноўскі, сын дачкі Марыі Путкамер (Верашчакі) Сафіі нарадзіўся ў 1859-м. У Студзёнках пахаваны пасынак Сафіі Віктар Каліноўскі (яна была мачыхай братоў Віктара і Юзафа - знакамітага айца кармеліта Рафала). Я гатовы да слушных і доказных пярэчанняў, але на гэта патрэбна навуковае даследаванне. Мне ж упэўнена запярэчылі ўжо праз дзень-другі. Уразіла, што той артыкул Інэсы Кур'ян быў апублікаваны ў гістарычным ARCHE-электронны варыянт.
Але дадавала душэўнай раўнавагі, падштурхоўвала да далейшых дзеянняў падтрымка годных беларускіх людзей.Мне шмат тэлефанавалі, цікавіліся, штосьці ўдакладнялі.
- Пра Вашы далейшыя дзеянні. Як удалося выбавіць камень, так бы мовіць, з палону? Дзе ён цяпер?
- Гэтай зімой не стала гаспадыні склепа, дзе знаходзіўся камень. Яе дачка дала пісьмовы дазвол на дэмантаж каменя са сцяны, пры ўмове, што склеп пасля гэтага будзе прыведзены ў належны выгляд. Камень быў у ніжнім розе скляпення. Разбіўшы падлогу і глыбока падкапаўшы, апусціў камень, падцягнуў на тросе трактарам да сходаў склепа. Далей дапамагалі Зміцер Юркевіч і Аляксандр Мачульскі. Трактарчыкам Т-25 падцягваў па рыштаванні камень. А ён, не кантовы, куляўся на бакі, яго стапарылі, раўнялі, перачаплялі трос, пацягвалі - і так безліч разоў. Калі б не хлопцы, то ўжо б кінуў. Ды і рызыка: памеры 125*95*55, граніту недзе 1,6 тоны. Аднаму аніяк не пад сілу. Дзякую маім памочнікам! (фота 2).
Пасля перапіскі з Нясвіжскім райвыканкамам падаў заяву ў Менаблвыканкам аб наданні статусу гістарычна-культурнай каштоўнасці выяўленаму ў вёсцы Студзёнкі каменю з выбітым на ім выслоўем Адама Міцкевіча і вясковай сажалцы з дрэвамі. Мо хто можа паспрыяць станоўчаму рашэнню? Цяпер справа на разглядзе ў Менаблвыканкаме. А камень да часу займеў прытулак ў мяне на сядзібе, таксама чакае рашэння. Цікаўныя людзі заязджаюць, распытваюць, фатаграфуюцца ля каменя (фота 3).
Nie ginie, co ne starte w proch!
Nawet jesli to tylko apokryf dotyczacy biografii Adama Mickiewicza, to na samym koncu znajduje sie twardy jak kamen (wiec podatny na skruszenie buldozerem) dowod na prawdzie przekazu z odleglej o kilka pokolen i rezimow epoki (arturczesak).
Сапраўды не гіне! Не памятаю дзе падгледзеў гэтую альтанку-ратонду. Толькі камень я б паставіў у падобнай альтанцы, дзеля захавання, бо на ім ёсць трэшчына. І тут жа - сімвалічную выяву арфы: на захад ад сядзібы ў Студзёнках знаходзяцца злучаныя паміж сабою рэчкай два велікія ставы (сажалкі), якія Міцкевіч апісаў у паэме "Пан Тадэвуш" у восьмай кнізе "Наезд":
"Ў фінал мушыных шумаў,
гоман птушак, здалі
Ставы два хорам здвоеным вось заспявалі,
Нібы каўказскія чароўныя азёры,
Што ўдзень маўчаць,
а ўноч вядуць перагаворы.
Адзін стаў, што быў ясны,
з берагам пясчаным,
Блакітнымі грудзьмі даў тон усхваляваны,
Другі, што з дном быў
цёмным і абліччам мутным,
Яму адказваў крыкам
жаласным, магутным.
У абодвух тых ставах
спявалі жабы зважна,
То сола перарывіста, то ў хор працяжна.
Адзін фарцісіма пяе, другі сціхае,
Той быццам чымсь абураны,
другі ўздыхае.
Так размаўлялі два ставы
з сабой праз поле,
Як быццам арфы дзве чароўныя Эола".
Наш кар. Нясвіж. Фота 1. Камень Міцкевіча. Фота 2. Зміцер Юркевіч і Аляксандр Мачульскі з Аляксандрам Абрамовічам каля склепа. Фота 3. Аляксандр Абрамовіч каля каменя на сваёй сядзібе. Фота 4. Меркаваная альтанка для захавання і прэзентацыі каменя.