Папярэдняя старонка: 2021

№ 41 (1556) 


Дадана: 13-10-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 41 (1556), 14 кастрычніка 2021 г.

Дзень маці і Пакровы

Зварот каталіцкіх біскупаў Беларусі на нацыянальны Дзень маці 2021 года

Дарагія вернікі, паважаныя браты і сёстры ў Хрысце!

Увесь свет і нашае грамадства перажываюць не найлепшыя часы сваёй гісторыі. Лакальныя канфлікты, эпідэмія каранавірусу і грамадска-палітычная напружанасць з'яўляюцца выклікамі сучаснасці. Такая сітуацыя пабуджае да больш уважлівага стаўлення не толькі да свайго асабістага жыцця, але і да жыцця нашых блізкіх.

Для веруючага чалавека няма безвыходных сітуацый, і тым моцным сродкам, які вера дае ў нашыя рукі, з'яўляецца малітва. Яна таксама з'яўляецца адным са спосабаў праяўлення любові да нашых бліжніх.

Яшчэ адной добрай нагодай для таго, каб ахапіць малітоўнай памяццю найбольш дарагіх нам людзей, стане Дзень маці, які ў нашай краіне будзе адзначацца 14 кастрычніка.

Вядома, клопат пра нашых бацькоў, асабліва калі яны ўжо ў старэйшым узросце, павінен быць няспынным, аднак варта выкарыстоўваць кожную нагоду, каб прынамсі малітоўна падтрымаць тых, дзякуючы каму мы атрымалі жыццё, хто клапаціўся пра нас, калі мы толькі распачыналі свой жыццёвы шлях, хто перадаў нам веру і паказаў шлях да Бога. Гэта нашыя бацькі, і асабліва маці.

Таму прапануем у дзень 14 кастрычніка падчас кожнай святой Імшы дадаць інтэнцыю за нашых матуль: як жывых, так і тых, хто ўжо адышоў у вечнасць. Асаблівым чынам заахвочваем да малітвы за маці, якія яшчэ толькі носяць пад сэрцам новае жыццё, каб цанілі яго як найбольшы Божы дар.

Жадаем усім Божага дабраслаўлення і апекі Найсвяцейшай Панны Марыі, нашай нябеснай Маці.

Каталіцкія біскупы Беларусі.

ПАКРОВЫ

Мне - сем, я з алоўкам у хаце,

дзе печка палову займае,

у сенцах Ілля прыбірае,

чакаем з Фабрычнага маці.

Бабуля ціхенька шаптала:

- Пакрый нас Тваім пакрывалам,

прачыстая Дзева Марыя,

ці сёння зямлю снег пакрые,

ці будзе яго зноў навалам?

На кут пазірала бабуля,

патэльню калі шмаравала

маленькім кавалачкам сала,

зайздросна глядзела цыбуля.

- Бліноў сёння трэба нам многа,

каб кожны куток паспытаў,

каб холад зімой не спаткаў,

узяў каб кірмаш у дарогу.

Здароўя каб родным хапала,

каб Валя вяселе

спраўлялала.

Бабуля "вуглы запякала"

пад Дзевы Святой

пакрывалам...

Уладзімір Барысенка.

Падарожжа ў краіну млыноў

7 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя кнігі Францішка Баляслававіча Жылкі "Млынарства ў Беларусі. Гісторыя і сучаснасць", якая выйшла ў выдавецтве " Энцыклапедыкс".

На імпрэзе з прывітальнымі словамі выступілі дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Аксана Юр'еўна Кніжнікава, старшыня Беларускага геаграфічнага таварыства Аляксей Яўгенавіч Яротаў, Старшыня Беларускага Фонда Культуры Тадэвуш Іванавіч Стружэцкі і іншыя госці, якія падзякавалі аўтару, вялікаму энтузіясту, краязнаўцу, шчыраму католіку, сябру Згрутавання нашчадкаў шляхты і дваранства спадару Францішку Жылку за яго даследчую і папулярызатарскую працу.

Спадар Францішак вядомы сваімі высакароднымі справамі, якія ён прысвячае сваёй малой радзіме. У 1996 годзе Францішак Жылка адрэстаўраваў вадзяны млын у аграгарадку Жодзішкі, які належаў яго дзеду, і зрабіў там музей млынарства. У музеі сёння можна пазнаёміцца з сельскагаспадарчымі прыстасаваннямі, з ганчарным, кавальскім, дрэваапрацоўчым і іншымі рамёствамі, наведвальнікі могуць сваімі рукамі змалоць збожжа на муку.

- Мае дзяцінства прайшло за 500 метраў ад гэтага млына, - распавёў аўтар сямейную гісторыю на сустрэчы з чытачамі. - Я адчуваў, якой вялізнай энергіяй валодае гэта махіна! У 90-тыя гады да мяне звярнуліся дзядзькі з просьбай паспрыяць у аднаўленні млына, я даў ім такое абяцанне і выканаў яго. З таго часу ў мяне абудзілася цікавасць да гісторыі вадзяных млыноў, я наведаў дзясяткі старых млыноў, цікавіўся іх гісторыяй і сучасным станам. Уладальнікі млыноў звычайна былі асобамі заможнымі, адукаванымі і гаспадарлівымі, карысталіся заслужаным аўтарытэтам сярод жыхароў мястэчкаў, - адзначыў Францішак Жылка.

У новым выданні змешчана шмат каляровых фотаздымкаў, якія адлюстроўваюць гісторыю будаўніцтва і эксплуатацыі вадзяных млыноў у розных кутках Беларусі - у Варнянах, Гервятах, Жодзішках і іншых мясцінах.

Гэта ўжо чацвёртая кніга Францішка Баляслававіча Жылкі, напісаная на роднай мове. Папярэдняя кніга краязнаўчых нарысаў "Вандроўкі па рацэ Віліі" выходзіла ў 2012 годзе і знайшла шырокае кола сваіх прыхільнікаў.

- Кніга будзе цікавай для настаўнікаў гісторыі і геаграфіі, для студэнтаў і для прадстаўнікоў турыстычных фірмаў, - падкрэсліў старшыня Беларускага геаграфічнага таварыства Аляксей Яротаў.

- Захавана гісторыя важных аб'ектаў гістарычна-культурнай спадчыны. Такімі важнымі эканамічнымі і сацыяльна-культурнымі аб'ектамі былі вадзяныя млыны, дзе людзі не толькі рабілі важную справу, але і абмяркоўвалі падзеі бягучага жыцця, - адзначыў Старшыня Беларускага фонда культуры Тадэвуш Стружэцкі. - Прыклад Францішка Баляслававіча сёння вельмі важны, каб людзі маглі зрабіць нешта карыснае для адраджэння сваёй малой радзімы. Музей млынарства ў Жодзішках сёння цікава наведваць і дзецям, і дарослым, таму што там можна вярнуцца да сваіх каранёў, пабачыць, як вырабляюць хлеб. Кніга будзе цікавай для краязнаўцаў і вандроўнікаў, бо такія аб'екты можна ўключаць у турыстычныя маршруты.

У кастрычніку 2019 года Францішак Баляслававіч Жылка быў ініцыятарам усталявання мемарыяльнай дошкі вядомаму фотамайстру Яну Булгаку ў Пярэсецы пад Менскам, дзе калісьці знаходзілася яго фотастудыя. У гэтым годзе ён быў ініцыятарам пабудовы капліцы ў гонар Св. Яна каля Вішнева, на асвячэнне якой прыбыў Гарадзенскі біскуп.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

8 кастрычніка пайшоў з жыцця найстарэйшаы краязнавец Лідчыны Мікола Дзікевіч

3 гады не дажыў да 100

Мікалай Мікалаевіч ДЗІКЕВІЧ нарадзіўся 20 верасня 1924 г. у в. Дзітрыкі Беліцкай гміны Лідскага павета Наваградскага ваяводства. Да 1936 г. вучыўся ў Дзітрыкаўскай чатырохкласнай школе, у 1939 г. закончыў Ганчарскую паўшэхную школу, у 1945 г. - Лідскае педвучылішча, пачаў настаўніцкую працу. Служыў у арміі (1946-1947). Закончыў Менскі інстытут фізічнай культуры (1955). 46 гадоў працаваў настаўнікам у школах Лідчыны - Цыбарскай, Дзітрыкаўскай, Папернянскай, Ганчарскай, Нёманскай, да 1993 г. З іх - 44 у Нёманскай (Сялецкай). Узнагароджаны медалямі "За доблесную працу" (1970), "За працоўную доблесць" (1981).

Аўтар краязнаўчых кніг "Дзітрыкі. Згукі заснулай цывілізацыі" (200 стар.) "Сялец. Прынёманская рэчаіснасць" (294 стар.), а таксама шэрагу публікацый у перыядычным друку.

Мікола Дзікевіч: "Як я навучыўся чытаць і палюбіў беларускую мову"

Краязнаўцу, аўтару кніг-даследаванняў Міколу Дзікевічу зусім нядаўна споўнілася 97. Нягледзячы на ўзрост, ён плённа працаваў і рыхтаваў да выдання чарговую кнігу.

Чатыры гады назад Мікалай Мікалаевіч паспеў расказаць, як ён навучыўся чытаць і як палюбіў беларускую мову. Якая кніжка была самай першай і як нараджалася, гучала, жыло беларускае слова ў вясковым асяроддзі, з якога выйшаў і ён сам - чалавек, які шмат напісаў аб роднай старонцы на роднай мове?

З вясковых падмосткаў - беларускае слова

- Мама мая, Ганна Міхайлаўна Гец, родам з вёскі Сялец, замужам была за Дзікевічам у вёсцы Дзітрыкі Беліцкай гміны. Мы часта хадзілі за 6 км у Сялец да бабулі Агаты і дзядулі Міхася (па-вясковаму Міхалюка).

У гэты складаны час у вёсцы дзейнічаў гурток Таварыства беларускай школы, які быў створаны ў 1921 годзе з вяртаннем шматлікіх сялян-бежанцаў. ТБШ вяло барацьбу за беларускую школу, дэмакратызацыю адукацыі, распаўсюджванне беларускіх газет і кніг. Гэта, так бы мовіць, статутная дзейнасць, але сябры гуртка ў асноўным ладзілі мастацкую самадзейнасць. Маладая, бадзёрая, не атуманеная гарэлачным чмыром моладзь без указак і патуранняў цягнулася ў згуртаванні - былі арганізаваны драматычны і харавы гурткі. Удзельнікі самадзейнасці выступалі таксама перад жыхарамі навакольных вёсак Ганчары, Дзітрыкі і іншых. У рэпертуары былі п'есы "Паўлінка", "Збянтэжаны Саўка", "Конскі партрэт", "Модны шляхцюк", "Сурдут і сярмяга", "Колісь", "Змагары за ідэю", "Дзядзька ў Вільні", беларускія і рускія песні.

Спачатку, перад рэпетыцыяй, п'есу патрэбна было ўзгадніць у пастарунку паліцыі, які месціўся ў Сяльцы, а на самім канцэрце прысутнічаў камендант або яго намеснік.

Дзівуешся: некаторыя сяляне жылі бедна і хлеба са сваёй зямлі мелі столькі, што яго не хапала да вясны, і тым не менш збіраліся па хатах і рэпетыравалі. Выступленні ладзілі вечарамі па суботах. Жыццё было цяжкім, гаротным, але бурлівым.

Мне, тады яшчэ малому, дзякуючы ўдзельніку самадзейнасці - дзядзьку Міхаілу - давялося прысутнічаць на некалькіх канцэртах, што адбываліся ў школе. Памятаю, як дзядзька Міша махаў шабляй.

"Унуча, якая прыгожая і зразумелая мова! Чытай болей!"

- Маёй першай чытанкай на рускай мове была кніжачка казак у фармаце алфавіта. Я не ведаў літар рускага алфавіта і прачытаць не мог - толькі разглядаў прыгожыя малюнкі на глянцавай паперы.

У дзяцінстве ў нашай хаце гучала беларуская мова. Мама наведвала школу няпоўны год, а распісацца пры атрыманні пенсіі магла толькі крыжыкамі. Мы з братамі Ціханам і Санем навучылі яе распісвацца, але ўжо польскімі літарамі. Размаўляла яна вельмі добра. З маленства ад бацькоў мной быў набыты навык размовы на роднай мове.

Старэйшы брат Ціхан часта гасцяваў у бабулі Агаты і дзядулі Міхаіла, у цёткі Ядвісі і дзядзькі Валодзі. Паўсюдна чулася матчына мова.

Як трапляла беларуская літаратура ў Сялец? Невядома. Магчыма, яе прывозілі з Ліды. Аднак добра памятаю аповеды мамы і брата Ціхана, як дзядзька Мікалай апранаў якаснае паліто з унутранымі кішэнямі, капялюш, браў модную палку і ездзіў у Вільню. Рызыкаваў, але прывозіў агітацыйныя ўлёткі.

Напэўна, так да нас трапіла і паэма "Сымон-музыка" Якуба Коласа. Яна была прывезена з Ліды, а надрукавана ў 1928 годзе ў Вільні (перашапачаткова - у 1925 годзе ў Менску).

Варта расказаць пра братоў... Яны раслі сіротамі. Іх бацька ў 1914 годзе загінуў у баі пад Гародняй, там жа пахаваны. Брат Ціхан правучыўся ў Дзітрыкаўскай польскай пачатковай школе два гады, Саня - не больш. Мяне здзіўляла, што яны даволі добра чыталі і пісалі па-польску, а таксама чыталі па-беларуску і па-руску. А яшчэ, магчыма, дапамагалі заняткі, арганізаваныя гмінай для сялянскай моладзі. Браты наведвалі іх асеннімі і зімовымі вечарамі. Вёў іх настаўнік Васіль Пятровіч Лагонда. Дарэчы, цікавая гісторыя гэтага настаўніка. Васіль Пятровіч нарадзіўся на Берасцейшчыне ў сям'і святара (святаром быў і дзед). У сям'і бацькі расло сямёра дзяцей: два сыны і пяць дачок. Усе дочкі сталі настаўніцамі і выйшлі замуж за святароў. Пасля заканчэння польскай паўшэхнай школы Васіль Пятровіч вучыўся ў духоўнай семінарыі. Закончыў яе паспяхова, але святаром не стаў. Насуперак бацькоўскай волі паступіў у настаўніцкую семінарыю. Бацька ў пакаранне ўхіліўся ад вучобы сына. Невядома, з якімі вынікамі Васіль Пятровіч закончыў семінарыю, але нейкі час вечарамі працаваў настаўнікам вясковай моладзі ў вышэйзгаданай Дзітрыкаўскай і пазней у Бандарскай школах. Пасля вайны, да выхаду на пенсію - у Беліцкай сярэдняй школе.

Цяга да ведаў у маіх братоў была вялікай. Брат Ціхан пазней нават рашаў сыну квадратныя ўраўненні, папярэдне прачытаўшы тэорыю ў падручніку. Я пераняў у іх гэты навык чытання. Восенню 1937 года з бабуляй, на цёплай печы, пры пяцілінейнай лямпе, пачынаў "бэкаць" паэму "Сымон-музыка". Бабуля слухала ды казала: "Унуча, якая прыгожая і зразумелая мова! Чытай болей!" Напэўна, гэтыя словы былі для мяне не горш за цяперашнія настаўніцкія адзнакі.

Гучанне ў дзяцінстве роднай мовы ў хатнім асяроддзі, наведванне вясковай самадзейнасці, з'яўленне згаданай абшарпанай кніжкі, яе чытанне вызначылі накірунак майго жыцця.

Вясковы паэт Аркадзь Дэк. Можа, хто памятае, ведае?

Родная мова жыла, чулася паўсюдна ў суседніх вёсках. Успамінаю жыхара вёскі Супраўшчына Аркадзя Дэка. Неяк моладзь вёскі Дзітрыкі арганізавала вечарыну. Ігралі музыкі Урбановічы з вёскі Жомайдзі. У светлай палавіне хаты скакала моладзь. На кухні дзядзька Аркадзь у белай вышыванцы, падпяразанай саматканым поясам, у хадаках з белымі анучамі, акуратна заматанымі вяровачкамі, расказваў уласна напісаныя жартоўныя вершы і гумарэскі. Гэта было так прыгожа і смешна на беларускай мове! Цікавы ён быў чалавек. Нарадзіўся ў 1908 годзе ў вёсцы Панікарты Дзятлаўскага раёна. Родзічы расказваюць, што быў у бежанцах дзесьці пад Масквой. Там жылі адной грамадой. Вучыўся. Вечарамі збіраліся па хатах, цёплымі - на вуліцы. Размаўлялі па-беларуску, апраналіся - таксама. Успаміналі радзіму і спявалі беларускія песні. Дзядзька Аркадзь чытаў і пісаў па-беларуску.

Хата яго была за аселіцай, каля алешніку. Месца балоцістае. Ён любіў дзяцей. Ладзіў ім арэлі і гульні.

Я вучыўся ў Ганчарскай школе (1936-1939) з яго пляменнікам. Часта заходзіў да яго ў хату. Мэбля была змайстравана дзядзькам Аркадзем з мясцовага матэрыялу: вольхі, бярозы, лазы. Памятаю крэсла з падлакотнікамі, спінкай з дубчыкаў з карой і без яе, дзе сплеценых, дзе змацаваных самаробнымі цвікамі. На сядзенні ляжала падушка, напоўненая сенам.

Дзядзька Дэк - чалавек кампанейскі. Да яго цягнулася вясковая моладзь. Каля яго хаты збіраліся, бавілі час, спявалі беларускія песні.

Такая дзейнасць выклікала падазрэнне ў польскай паліцыі. Яго часта наведвалі, рабілі ператрусы па ўсіх кутах. Трапляў у пастарунак. Дапытвалі моладзь. Як ні дзіўна, ніхто з іх не выдаў дзядзьку Аркадзя, не прызнаваўся, што ў яго бачылі ці чыталі камуністычную літаратуру. А тое, што дзядзька Аркадзь і іншыя бежанцы "захварэлі" пад уздзеяннем бальшавіцкіх агітатараў камуністычнымі ідэямі, было добра вядома нават мне: чуў іншы раз размовы родзічаў-бежанцаў. Напэўна, дзядзька Аркадзь гаварыў з моладдзю аб жаданай шчаслівай долі.

Яго сястра ўспамінала, што брат бедаваў, калі паліцыя забрала тоўсты самаробны сшытак з вершамі, гумарэскамі. Цяпер не толькі суседзі - нават родзічы не памятаюць яго літаратурнай спадчыны. Апошні раз мне пашчасціла слухаць вершы вясковага самародка ў выкананні Якуба Буйніцкага, жыхара вёскі Дзітрыкі. Ён майстраваў нам грубку і чытаў іх на памяць.

Лёс Аркадзя Дэка склаўся трагічна. У 1940-1941 гг. ён працаваў старшынём калгаса. У 1941 годзе немцы ці паліцаі расстралялі яго.

Была польскай - стала беларускай

Набліжаўся першы дзень верасня 1939 года. Раніцай на прыпынку каля вёскі Баравічы я не дачакаўся аўтобуса. На ўсход ляцелі самалёты трыма звёнамі, утворанымі з трох двухматорных. Чорны шлейф дыму падымаўся над горадам Лідай. Пачалася вайна.18 верасня Чырвоная Армія была ў Лідзе. А ў канцы месяца я атрымаў павестку аб яўцы ў Лідскую гандлёвую гімназію. У пачатку кастрычніка пачаліся заняткі. Урокі вяліся на польскай мове па праграме 1 класа гімназіі, толькі замест польскай мовы выкладалі беларускую, і не было гісторыі Польшчы. Некалькі настаўнікаў загаварылі па-беларуску.

Не ўсе гімназісты з'явіліся на заняткі. Становішча ў класе склалася напружанае. Многае нам было незразумела. Збіраліся па інтуіцыі. Утварыліся гурткі старэйшых і малодшых, гараджан і вяскоўцаў, палякаў і беларусаў. У такіх абставінах правучыўся да Новага 1940 года. З 1 па 21 студзеня ў маім жыцці былі самыя доўгія зімовыя канікулы: настаўнікі на трохтыднёвых курсах вывучалі беларускую мову.

За гэты час прайшла рэарганізацыя школьнай сеткі. Лідская гандлёвая гімназія была пераўтворана ў сярэднюю школу № 2, а нас, гімназістаў 1-га класа, перавялі ў 5-ы. Нашы веды за сем класаў польскай школы прыраўнялі да чатырох класаў беларускай школы.

Канешне, я мог бы пайсці вучыцца ў 5 клас Ганчарскай школы, але там да навучання прыступілі ў пачатку кастрычніка. Дома пагадзіліся з тым, каб я прадоўжыў вучобу ў Лідзе. Тут за кошт іншых прадметаў павялічылася колькасць гадзін на беларускую мову. Вывучэнне беларускай мовы ў пятым класе ў Лідзе пакінула прыемныя ўспаміны. Вучыла нас маладая настаўніца з Усходняй Беларусі. Яе ўдалыя чытанне апавяданняў, дэкламаванне вершаў здзіўлялі і радавалі нас. Тады ў мяне быў закладзены падмурак вывучэння беларускай мовы на ўсё жыццё. Напэўна, ніякую навуку я не вывучаў так, як граматыку беларускай мовы.

З 1 верасня 1940 года рыхтаваўся вучыцца ў шостым класе Ганчарскай школы. Веды за пяты клас у Лідзе атрымаў дастатковыя. Погляды і інтарэсы вясковых навучэнцаў былі мне бліжэй, чым погляды і інтарэсы гарадскіх хлопцаў і дзяўчат. Сярод равеснікаў-вяскоўцаў адчуваў сябе роўным сярод роўных. Вучоба ў горадзе, наадварот, ставіла мяне ніжэй за гарадскіх, хоць вучыўся не горш за іншых.

Павінен сказаць, што беларускую мову ў Ганчарскай школе выкладала Зоя Іванаўна Шуціла. Яна з вясковымі настаўнікамі таксама вывучала беларускую мову на зімовых трохтыднёвых курсах. Даволі добра валодала мовай і пераказвала змест беларускіх твораў згодна са школьнай праграмай. У нашай школьнай бібліятэцы мелася па два-тры экземпляры кніг, атрыманых у падарунак ад вучняў Усходняй Беларусі.

Сям'я, якая ведае свае радавод і мову, не памрэ

Нядаўна знайшоў часткова згублены даваенны дзённік, у якім на беларускай мове запісваў хатнія падзеі, падзеі ў школе і падчас службы ў арміі. Почырк прыгожы, а пісьменнасць жудасная. На вокладцы двух вучнёўскіх сшыткаў напісана: "Днеўнік вучня шостага класа Ганчарскай няпоўнай сярэдняй школы №7 М. Дзікевіча". Пачынаюцца занатоўкі 14 красавіка 1941 года і заканчваюцца 1 траўня 1941 года. Далей працягу няма. І толькі ў нядзелю 29 красавіка 1945 года адноўлены запісы (па 30 красавіка 1946 г.).

Прачытаў - і нахлынулі ўспаміны. Вось я, 12-гадовы падлетак, любуюся з акна роднай хаты вясёлкай, якая раскінулася ад вёскі Жомайдзі да Сяльца і якую, бы сапраўдны паэт, назваў "вобразам вясны". А вось стаўлю сабе першую сур'ёзную мэту - "штотыдзень самастойна праходзіць па дзве чытанкі нямецкай мовы" - і перажываю першы смутак: "з надыходам сяўбы прыйдзецца развітацца з навукай і школай". А вось агляд самадзейнасці, на які мы, сялецкія школьнікі, развучыўшы "Песню трактористов", "Калинку", "Краснофлотскую" і танцы - лявоніху ды гапак - прыехалі ў Лідскі раённы Дом піянераў, а я пасля гэтага пішу: "Як добра, што мы можам развіваць свае здольнасці дзякуючы партыі і ўраду..." А вось я навучэнец Лідскага педвучылішча. Дзень Перамогі. А потым - павестка з райваенкамата і служба ў арміі. Станаўленне характару, думкі, ваганні... У адно імгненне быў гатовы развітацца са сваёй марай стаць настаўнікам, але любоў да роднай беларускай мовы і жаданне дасканала вывучаць яе, несці святло людзям перамаглі, сталі маім светачам праз усё жыццё. Родная мова навучыла, адкрыла прыгажосць свету, сэнс жыцця, важныя ісціны...

Сям'я, якая ведае свой шматгадовы радавод і сваю родную мову, не памрэ, як не памрэ і яе мова. У маёй сям'і заўсёды гучыць і жыве беларускае слова. Сын, які зараз жыве ў Маскве і валодае не адной замежнай мовай (англійскай, польскай, чэшскай і інш.), тэлефануе дамоў, і першае, што кажа, - па-беларуску: "Тата, добры дзень".

Тэкст Яўгена Арэхвы.

Лідская краязнаўчая супольнасць, а таксама вучні Мікалая Мікалаевіча выказваюць шчырыя спачуванні родным і блізкім сапраўднага патрыёта Беларусі.

Моцны быў чалавек. Годнае было жыццё. Неба яго душы і добрая памяць паміж людзей!

ПІЛІГРЫМКА ДА АНЁЛЬСКАЙ ГАРЫ

Сябры Нясвіжскай раённай арганізацыі ТБМ маюць практыку правядзення валанцёрскіх экскурсій самых розных накірункаў. Прыродалюб і эколаг, журналіст і паэт, краязнавец і фатограф, лаўрэат Міжнароднай прэміі Генры Форда за экалагічную журналістыку Валер Дранчук распавядзе пра "зялёныя цікавосткі" Нясвіжчыны, гісторык і географ Станіслава Вальчак - пра мінуўшчыну Нясвіжа і ваколіц, былы школьны філолаг Наталля Плакса - пра літаратурныя гнёзды сваёй мясцовасці, народнае мастацтва.

Нядаўнім часам праведзены дзве экскурсіі для цікаўных мінчан. Першая - па нясвіжскім парку, што за палацам Радзівілаў, запачаткаваным Марыяй дэ Кастэлян. "Зялёная свечка Нясвіжа" - так здаўна, вобразна і ўшанавальна, называе яго Валер Дранчук. На гэта раз ён і стаўся за экскурсавода. Яму - даўняму і вернаму сябру парку - было што сказаць і пра яго заснавальніцу, і пра будову-напаўненне гэтай густоўнай рэкрэацыі, і пра паркавыя легенды, пра рэканструкцыю, што праводзілася ў сярэдзіне другой паловы мінулага стагоддзя, і пра свой першы каляндар са шматгадовай серыі "Маляўнічая Бацькаўшчына", які меў назву "Нясвіж. Водна-паркавы комплекс".

Другім разам, таксама для тых зацікаўленых гасцей з Менска краязнаўчую вандроўку правяла Наталля Плакса. Маршрут меў два прыпынкі. Першы - знакаміты парк Альба з яго шматвяковай гісторыяй. Другі - Анёльская ці Святаміхальская гара, што таксама непадалёк ад Нясвіжа. Па бездарожжы, крыху ранячы ногі, вандроўнікі здзейснілі нешта накшталт кароткай пілігрымкі да святога месца, дзе калісьці высіўся Святаміхальскі касцёл, што славіўся далёка, збіраў вялікую грамаду вернікаў.

- А бывала ж праязджалі міма і думалі, гледзячы з дарогі, што гэта проста лясок на ўзгорку, а тут - такая гісторыя! - кажа сябар Валянцін.

- Чаму мы раней пра гэта не чулі? - здзіўляецца яго спадарожніца Марыся, якая мае калянясвіжскія карані. Радуецца жанчына, што адбылося іх адкрыццё незадоўга да дня святога арханёла Міхала.

- А якія прасторы адкрываюцца з гары - душа пяе, - захапляецца Людміла - прафесійны музыка-скрыпач.

Гаворка доўжыцца і пра Радзівіла-Сіротку, і пра гетмана Хадкевіча, пра Уладзіслава Сыракомлю, пра Божую веру, справы сённяшніх святароў, чыімі стараннямі ўстаноўлены на Анёльскай гары памятны камень ды мацуецца традыцыя святаміхальскіх пілігрымак. Кожны вандроўнік яшчэ і ціха памаліўся за сваё.

***

Нехта добры прачытае ды хораша падумае: вось якія - і прыроду шануюць, і гісторыю забытую вяртаюць, і славутых пісьменнікаў узгадваюць. Яно так. Але галоўны пры гэтым клопат - мова! І кожная экскурсія, як і кожная іншая дзея, ёсць святое чуванне дзеля яе, роднай! Гэта не адменіш, не скасуеш ніякімі рашэннямі, ніякімі прысудамі.

Вольга Карчэўская. Нясвіж. Фота 1. Сэлфі каля альбянскай сажалкі. Фота 2. У дарозе.

"І немагчымае зрабі!"

Выйшла кніга памяці Алеся Разанава

Кніга расказвае пра падзеі кастрычніка 1968-га года, калі студэнты на чале з Алесем Разанавым запатрабавалі, каб на беларускім аддзяленні філфака БДУ ўсе прадметы выкладаліся па-беларуску. Тады пад гэтай петыцыяй падпісаліся некалькі сотняў чалавек. Выданне распавядае пра тое, як гэта ўсё адбывалася і якія вынікі мела.

Каштоўнасць кнігі ў тым, што пра падзеі ўзгадваюць іх непасрэдныя ўдзельнікі - ад Ніла Гілевіча да Уладзіміра Арлова. Набыць кнігу можна на сайце выдавецтва "Тэхналогія".

Паводле СМІ.

Жыў у Слоніме кампазітар Міхаіл Гарабец

Моладзь Слоніма пра кампазітара, паэта і мастака Міхаіла Гарабца (1921-1991), які пасля Другой сусветнай вайны жыў у Слоніме, нічога не ведае. Яго памятаюць толькі людзі старэйшага пакалення, найперш тыя, хто працаваў на ніве слонімскай культуры. А ў пасляваенны час гэты чалавек у горадзе над Шчарай быў вельмі папулярным і вядомым. Калі я патэлефанаваў былому начальніку аддзела культуры Слонімскага райвыканкама, а цяпер пенсіянеру Анатолю Мікалаевічу Цярэніну і сказаў, што хачу напісаць пра Міхаіла Гарабца матэрыял у газету, Анатоль Мікалаевіч ад пачутага аж павесялеў:

- Гэта цудоўна! Міхаіл Іларыёнавіч быў унікальным чалавекам, вельмі шчырым, інтэлігентным, адукаваным. Ён добра разумеў народны гумар. Ён шмат карыснага зрабіў для нашай культуры. Без яго ў Слоніме не праходзіла не адно культмасавае мерапрыемства. Вельмі часта ўспамінаю Міхаіла Іларыёнавіча. Праўда, ён больш лічыў сябе паэтам, а не кампазітарам. Але найперш ён праявіў сябе ўсё ж, як кампазітар, музыкант, чалавек, які шчыра быў адданы песні і музыцы.

Сапраўды, Міхаіл Гарабец у пасляваенныя гады ў Слоніме з'яўляўся "славай і гонарам горада", як згадала пра яго былы бібліятэкар Алена Лепка ў кнізе "Есть у города слава гордая". Хаця Міхаіл Іларыёнавіч быў не беларусам, і Слонім не з'яўляўся яго маленькай радзімай. Ён нарадзіўся 10 кастрычніка 1921 года на Украіне ў Днепрапятроўскай вобласці. Музыку палюбіў з самага маленства. А ў 15 гадоў ён ужо кіраваў аркестрам народных інструментаў.

Калі пачалася вайна, юнак добраахвотнікам пайшоў на фронт. І ваяваў, вызваляючы разам з Савецкай Арміяй беларускія гарады - Оршу, Віцебск, Ліду, Гародню, так дайшоў да Кёнігсберга. А потым лёс прывёў яго ў Слонім, дзе да канца жыцця ён працаваў у Слонімскай дзіцячай музычнай школе (цяпер дзіцячая школа мастацтваў).

Міхаіл Гарабец не толькі вучыў дзетак іграць на музычных інструментах, ён прымаў непасрэдны ўдзел у самых розных мерапрыествах Слоніма і раёна. Творчая інтэлігенцыя горада ў другой палове ХХ стагоддзя, кажучы сучасным слэнгам, тусавалася каля Міхаіла Іларыёнавіча, а ён быў заўсёды з імі. Музыкант не толькі ўмеў іграць на многіх музычных інструментах, але і сам пісаў музыку і тэксты да песень. Яшчэ ў 1960 годзе ён напісаў песню "Слонімская лірычная". Да сённяшніх дзён да яе звяртаюцца мясцовыя музыкі і салісты. А ў 1960-х-1980-х гадах без гэтай песні ў Слоніме не праходзіў ні адзін канцэрт. Было нават за гонар уключаць "Слонімскую лірычную" ў свой рэпертуар. Песню перапісвалі ад рукі ў школах і клубах. Яе спявалі ўсе - і школьнікі, і дарослыя. Потым па просьбе чытачоў тэкст і ноты гэтай песні ў 1963 годзе апублікавалі на старонках Слонімскай раённай газеты. Былы кіраўнік Слонімскага аркестра народных інструментаў Марат Малікаў, назваў гэтую песню гімнам Слоніма.

Напачатку 1970-х гадоў Міхаіл Гарабец напісаў некалькі дзесяткаў песень. Гэта песні на беларускай, украінскай і рускай мовах. Сярод якіх - "Квітней, наша маці - Радзіма" на словы паэта з Ваўкавыска Сяргея Бандарэнкі, "А пушча гамоніць…" на словы паэта Эдуарда Валасевіча, "Чырвоны клён" на словы Л. Таццянічавай", "Пісня серця" на свае ўласныя словы, "Залаты лянок" і "Калыханка" на словы Авяр'яна Дзеружынскага, "Развітанне" на словы Л. Кулікова і многія іншыя.

У 1963 годзе рэспубліканскі Дом народнай творчасці Беларусі ў Менску выпусціў вялікі зборнік "У дапамогу калектывам мастацкай самадзейнасці". Сярод песень у зборнік уключылі і песню Міхаіла Гарабца "Квітней, наша маці-Радзіма".

Міхаіл Гарабец у той час вельмі любіў Слонімскі народны тэатр. Галоўным рэжысёрам тэатра быў Мікалай Варвашэвіч (1934-2001). Знайсці здольнага кампазітара, які б разумеў тэатральнае мастацтва і ўмеў музыкай узмацніць рэжысёрскую сцэнічную задумку, было сапраўдным шчасцем. Слоніму пашанцавала, бо жыў тады Міхаіл Іларыёнавіч. У той час ніякіх фанаграмаў не пісалі, а спектаклі музыкай суправаджалі аркестры. Аркестрам падчас спектакляў Слонімскага народнага тэатра дырыжыраваў Марат Малікаў, а музыку ствараў Міхаіл Гарабец.

Калі рэжысёр Мікалай Варвашэвіч працаваў над спектаклямі, прыходзіў той дзень, які асабіста для яго быў радасным, святочным і нават урачыстым. Гэта дні першых рэпетыцый з музыкай. У такія дні ўжо адрэпеціраваныя сцэны спектакляў нібы зноў нараджаліся, убіраючы ў сябе святло аднаго з самых выдатных мастацтваў - музыку. Для Варвашэвіча гэтыя дні былі звязаныя з імем Гарабца. Гэта ён тады напісаў музыку да ўсіх спектакляў, якія рэжысёру давялося паставіць у Слонімскім народным тэатры. Музыка Міхаіла Гарабца заўсёды была меладычнай. У ёй моцна спалучаліся народныя традыцыі і сучаснасць. Напрыклад, у спектаклі "Васа Жалязнова" кампазітар стварыў лейтматыў, які вельмі дакладна адпавядаў ідэі спектакля.

Для драматычнага тэатра пісаць музыку не проста. У кампазітара павінны быць асаблівае, вобразнае ўспрыманне п'есы, яе драматургіі, разуменне задумкі рэжысёра і акцёрскіх магчымасцей. Словам, трэба быць "тэатральным чалавекам", каб выпалі на долю такія ўдачы, як музыка Міхаіла Гарабца да спектакляў "Паўлінка" па п'есе Янкі Купалы, "Дзіўны доктар" па п'есе Анатоля Сафронава, "Ганка" па п'есе Уладзіслава Галубка, "Васа Жалязнова" па п'есе Максіма Горкага. Бывала так, што песні, напісаныя да спектакляў, пераходзілі свае межы і станавіліся ўпрыгожаннем нейкай канцэртнай праграмы. Так здарылася і з песнямі Міхаіла Гарабца да спектакля "Дзіўны доктар": песні "Ля сцяжынкі, ля дарожанькі" і "Лодачка" гучалі пазней на многіх канцэртах. Музыку слонімскаму кампазітару да спектакляў нельга было напісаць толькі дзякуючы яго таленту. Такую музыку ён пісаў жыццём і сэрцам. У яго было яркае меладычнае дараванне. Песні кампазітара запаміналіся і лёгка спяваліся. Іх інтанацыі быццам падслуханы ў жыцці. У песнях Гарабца працуюць, думаюць, любяць, кахаюць, разлучаюцца і знаходзяць адзін аднаго цікавыя нам людзі. Рэжысёр Мікалай Варвашэвіч пры жыцці неяк шчыра прызнаўся пра Міхаіла Гарабца, што "з павагай заўсёды я адчуваю яго ў нашай супольнай рабоце не толькі як чалавека, што напісаў музыку да спектакляў, але і як аднаго з аўтараў калектыўнай працы, які заўсёды стаіць разам з намі і ў задумках, і падчас рэпетыцый, і тады, калі спектаклі ўжо падрыхтаваныя да прэм'еры".

Рэжысёр і кампазітар у свой час вельмі адчувалі вялікую адказнасць перад мастацтвам і гледачамі, і гэтая адказнасць ім заўсёды дапамагала. І Мікалай Варвашэвіч жадаў, каб заўсёды на тэатральных афішах было напісана "Музыка Міхаіла Гарабца". Так яно і было, пакуль жыў у Слоніме Міхаіл Іларыёнавіч.

У 1976 годзе ў Таліне адбыўся трэці па ліку традыцыйны фестываль народных тэатраў Беларусі, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Талінскі глядач вельмі цёпла сустракаў выступленне Слонімскага народнага тэатра, які паставіў спектакль "Папараць-кветкі" па п'есе Івана Козела. Спектакль рэжысёра Мікалая Варвашэвіча адразу прывабіў гледачоў сваёй музычнасцю, этнаграфічнай дакладнасцю, пластычнасцю пабудовы мізансцэн масовак, ансамблевасцю пастаноўкі. А музыка, напісаная Міхаілам Гарабцом, у выкананні аркестра народных інструментаў пад кіраўніцтвам Марата Малікава, здзівіла ўсіх гледачоў арыгінальнасцю і народнасцю, прынесла на эстонскую зямлю подых беларускага краю. Пра гэта ў той час пісалі многія сродкі масавай інфармацыі.

Прозвішча кампазітара Міхаіла Гарабца некалькі дзесяцігоддзяў не сыходзіла з афіш, яго песні гучалі па рэспубліканскім і абласным радыё, ён часта выступаў на Беларускім тэлебачанні разам са слонімскім аркестрам і народным тэатрам. А яшчэ Міхаіл Іларыёнавіч пісаў вершы, найбольш іх было прысвечана вайне, якую франтавік прайшоў ад Ржэва да Кёнігсберга…

Вось такі чалавек жыў у ХХ стагоддзі ў Слоніме. А прыгадаў я Міхаіла Гарабца з нагоды яго 100-гадовага юбілею, які сёлета супаў з Днём работнікаў культуры.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Памёр Чэслаў Сенюх

8 кастрычніка пад Варшавай у веку 91 года памёр выдатны літаратар, перакладнік і публіцыст Чэслаў Сенюх, нараджэнец мястэчка Любча, што на Наваградчыне.

Нарадзіўся Чэслаў Сенюх 9 ліпеня 1930 года ў Любчы ў сям'і беларускіх сялян: ягоная маці Стэфанія была беларускай і паходзіла з вёскі Воўкаразі, што недалёка ад Любчы, а бацька Станіслаў быў родам з Украіны. Бацькі Чэслава пераехалі сюды з Кіева ў 1920-ыя гады, ратуючыся ад бальшавікоў. Паводле сямейнай легенды, род Чэслава Сенюха ўзыходзіць да літоўскага гетмана Міколы Сяняўскага. Бацькі Чэслава добра ведалі польскую, украінскую і беларускую мовы, таму ў сям'і дзеці свабодна валодалі і размаўлялі на беларускай і на польскай мовах. Вучыўся Чэслаў у беларускай сямігадовай школе ў Любчы. У 1941 годзе бацька памёр у турэмным лагеры пад Новасібірскам, куды быў вывезены перад вайной у 1940 годзе як "вораг народа", і сям'я засталася без бацькі і гаспадара. Падчас вайны Чэслаў Сенюх быў у Саюзе беларускай моладзі. У 1945 годзе сям'я Сенюхаў пераехала ў Польшчу - спачатку ў Беласток, дзе ў 1950 годзе Чэслаў скончыў Беластоцкі ліцэй імя Жыгімонта Аўгуста, а потым ён паехаў у Варшаву, дзе паступіў на рускае аддзяленне філалагічнага факультэту Варшаўскага ўніверсітэта, якое скончыў у 1954 годзе. Працаваць пачаў адразу дыктарам і рэдактарам на польскім радыё. У час работы ў польскай рэдакцыі радыё "Масква" займаўся перакладамі з усходнеславянскіх моў. Рэдагаваў рускамоўны дадатак да польскага штотыднёвіка "Przyjazn" з урокамі польскай мовы для расейскіх чытачоў, працаваў у рэдакцыі Варшаўскай кінастудыі дакументальных фільмаў. Пэўны час Чэслаў Сенюх быў галоўным рэдактарам часопіса "Tlumacz" пры таварыстве польскіх перакладчыкаў. З пачаткам перакладніцкай дзейнасці пачаў выступаць з вострымі публіцыстычнымі артыкуламі на беларускія тэмы на старонках перыядычных выданняў "Gazeta Polska", "Oboz", "Czasopis", "Magazyn Literacki", "Наша слова", "Ніва", "Літаратура і мастацтва" і іншых. У верасні 1998 года Чэслаў Сэнюх напісаў заяву з просьбай лічыць сябе грамадзянінам БНР. У 2009 годзе выйшаў дакументальны фільм "Беларусь пад нямецкай акупацыяй 1941-1944", дзе Чэслаў Сэнюх здымаўся як сведка тых падзей. Працаваў у беларускай службе Польскага Радыё. Чэслаў Сенюх вядомы як перакладнік "Новай зямлі" Якуба Коласа, "Споведзі" Ларысы Геніюш, шматлікіх твораў Уладзіміра Някляева, іншых беларускіх аўтараў на польскую мову.

Светлая памяць…

Анхела Эспіноса Руіс пачынае выкладаць беларускую мову ў Варшаўскім універсітэце

Беларуская паэтка іспанскага паходжання Анхела Эспіноса Руіс з гэтага навучальнага года пачынае выкладаць беларускую мову ў Варшаўскім універсітэце. У 2019 годзе на філалагічным факультэце Універсітэта Камплутэнсэ ў Мадрыдзе яна абараніла доктарскую дысертацыю "Сімвалізм народнага паходжання ў прозе Яна Баршчэўскага і Густава Адольфа Бэкера".

- Варшаўскі ўнівесітэт мне добра знаёмы, бо тут я скончыла беларускую філалогію, - адзначыла Анхела. - Сёлета я буду выкладаць беларускую мову ў Варшаўскім універсітэце на кафедры беларускай філалогіі. Кафедра, дарэчы, адзначае юбілей - сёлета ёй 65 гадоў. Я буду працаваць у кірунку літаратуразнаўства, але таксама будуць і заняткі беларускай мовай для пачаткоўцаў. Курс будзе па-ангельску, менавіта пра літаратуру як форму пратэсту. І можа быць факультатыўная іспанская мова ў другім семестры.

Анхела Эспіноса Руіс - аўтарка пяці зборнікаў вершаў. Зрабіла пераклад на іспанскую мову вершаў Максіма Багдановіча. Яна лаўрэатка прэміі імя Міхася Стральцова, адной з самых прэстыжных у Беларусі.

Паводле СМІ.

Сітуацыя крытычная: чаму Германія ўсклала адказнасць на Расію і Кітай за вяртанне Ірана ў СУПД

Навіны Германіі

Канцлер Германіі Ангела Меркель назвала наступныя тыдні вырашальнымі ў сітуацыі з ядзерным пагадненнем з Іранам. Пра гэта яна заявіла на прэс-канферэнцыі па выніках перамоў з прэм'ер-міністрам Ізраіля Нафталі Бенетам.

- Сёння мы ў вельмі складанай сітуацыі, таму што новая амерыканская адміністрацыя паабяцала вярнуцца ў пагадненне, але праходзіць дзень за днём, а Іран не падае знакаў пра аднаўленне перамоў. З кожным такім днём нарошчваецца ўзбагачэнне ўрану Іранам. Гэта крытычная сітуацыя... Перад намі вырашальныя тыдні ў гэтым пытанні, - падкрэсліла палітык.

Назваўшы сітуацыю з ядзернай праграмай Ірана крытычнай, Меркель дадала, што ніколі не лічыла Сумесны ўсёабдымны план дзеянняў (СУПД) па пагадненні ідэальным, аднак альтэрнатывы яму няма.

- І я бачу тут адказнасць і Расіі з Кітаем, таму што калі СУПД не з'яўляецца больш мэтай, то будзе складана, - заявіла Меркель, паказаўшы на тое, што Масква і Пекін павінны паўплываць на Тэгеран у рашэнні вярнуцца да перамоў, як мага хутчэй.

Па словах канцлера, яна працягвае весці перамовы з Расіяй і Кітаем, таму што "чым больш адзінства сярод краін фармату "тры плюс тры" (ФРГ, Францыя, Вялікабрытанія і РФ, ЗША, КНР. - RT), тым прасцей аказваць ціск на Іран".

У сваю чаргу, прэм'ер-міністр Ізраіля Нафталі Бенет заявіў, што менавіта яго краіна нясе адказнасць за тое, каб Тэгеран ніколі не змог распрацаваць ядзерную зброю. Пры гэтым ён адзначыў, што ядзерная праграма Тэгерана ў дадзены момант знаходзіцца на самай прасунутай стадыі за ўсю гісторыю, у сувязі з чым захоўваецца пагроза не толькі рэгіёну, але і ўсяму свету.

- Няма сэнсу спрабаваць згладзіць канфлікт з іранцамі: яны тлумачаць спробы пагаднення як слабасць... Згода на ператварэнне Ірана ў парогавую ядзерную дзяржаву будзе плямай на сумленні вольнага свету і пагрозай свету ва ўсім свеце, - цытуе ТАСС словы Бенета.

Гатоўнасць да дыялогу

Раней прэзідэнт ЗША Джо Байдан, выступаючы на 76-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, заявіў, што Вашынгтон застаецца прыхільны таму, каб не даць Ірану займець ядзерную зброю.

- Мы працуем з фарматам "пяць плюс адзін", каб узаемадзейнічаць з Іранам па дыпламатычных каналах, і імкнёмся да аднаўлення Сумеснага ўсёабдымнага плана дзеянняў. Мы гатовыя вярнуцца да поўнага выканання (дамовы. - RT), калі Іран зробіць тое ж, - сказаў Байдан.

6 кастрычніка ў МЗС Ірана пацвердзілі, што прадстаўнікі амерыканскай адміністрацыі даносілі да Тэгерана пасланні пра намеры кіраўніка Злучаных Штатаў.

- Сутнасць гэтых пасланняў складалася ў тым, што амерыканцы імкнуліся падкрэсліць, што ў паважанага спадара Байдана ёсць сур'ёзныя намеры для рэалізацыі СВПД, а таксама надаць адмысловую ўвагу рэалізацыі правоў і інтарэсаў народа Ірана ў рамках гэтых дасягнутых дамоўленасцяў, - сказаў кіраўнік іранскага замежна-палітычнага ведамства Хасейн Амір Абдалахіян на прэс-канферэнцыі па выніках перамоваў з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым.

Аднак, як падкрэсліў Хасейн Амір Абдалахіян, спачатку неабходна пераканацца ў сур'ёзнасці намераў Вашынгтона. Напрыклад, па меркаванні кіраўніка МЗС Ірана, ЗША маглі б "разблакаваць $10 млрд іранскіх актываў у замежных банках". Па словах міністра, Іран гатовы вярнуцца за стол перамоў, калі яго партнёры распачнуць "сустрэчныя крокі і прадэманструюць гатоўнасць да павагі правоў і інтарэсаў іранскага народа пры ажыццяўленні СУПД".

Разам з тым у канцы жніўня на прэс-канферэнцыі з Нафталі Бенетам Джо Байдан заявіў, што ў выпадку правалу дыпламатычных метадаў пераканання Тэгерана ў неабходнасці скласці новае пагадненне Злучаныя Штаты гатовыя задзейнічаць і "іншыя варыянты". Аднак, якія гэта могуць быць "варыянты", Байдан удакладняць не стаў.

Разам з тым дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен раней заяўляў пра тое, што, хутчэй за ўсё, Вашынгтон захавае антыіранскія санкцыі нават у тым выпадку, калі Тэгеран вернецца да выканання дамовы.

- Я б чакаў, што нават у выпадку вяртання да выканання СУПД сотні санкцый захаваюцца. Уключаючы санкцыі, уведзеныя адміністрацыяй Дональда Трампа. Калі яны не супярэчаць СУПД, то будуць заставацца ў сіле, пакуль паводзіны Ірана не зменяцца, - сказаў Блінкен на слуханнях у камітэце па асігнаваннях сената кангрэса ЗША.

Нагадаем, у чэрвені ўдзельнікі перамоў па новым ядзерным пагадненні ўзялі перапынак для правядзення кансультацый у сваіх сталіцах і падрыхтоўкі да фінальнага раўнда ў Вене. Акрамя таго, 18 чэрвеня адбыліся выбары прэзідэнта Ірана, на якіх перамог кіраўнік судовай улады краіны Ібрагім Раісі, у сувязі з чым прадстаўнікі Тэгерана вырашылі дачакацца завяршэння працэсу перадачы ўлады, перш чым вярнуцца за стол перамоваў.

Паліна Духанава.

Маёнткі Касцянёва і Паперня

Леанід Лаўрэш

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

Да Першай сусветнай вайны дом меў багаты інтэр'ер і каштоўную мэблю, якую часткова вывезлі ў Вену. Асаблівай каштоўнасцю ў доме лічыўся фатэль, выкананы з разьбянога дубу, ён быў такі шырокі, што маглі сесці адразу два чалавекі. Стаяў фатэль на дзвюх разьбяных калонах, а над яго спінкай мелася тарча ў гербам Кастравіцкіх, сядзенне і спінка былі абабіты аксамітам. Таксама цікавымі былі: камод на тры шуфлядкі з ладна выгнутай пярэдняй часткай, інкруставанай каштоўным дрэвам і бронзай, канапа з чырвонага дрэва, якая стаяла на бронзавых ільвіных нагах, столік чырвонага дрэва для жаночага рукадзелля з устаўкамі з эбенавага дрэва, вялікі круглы стол, крэсла з эбенавага дрэва і іншае. Мелася тут і некалькі цікавых гадзіннікаў, сярод іх насценны, васьмігранны, памерам 90 х 90 см. Гэты загарак біў гадзіны такім нізкім тонам, як быццам быў вежавым гадзіннікам. Іншы гадзіннік у доме меў алебастравы корпус, аздоблены пазалочанай бронзай, ён стаяў на падстаўцы ў форме століка. Апрача гэтых, у палацы былі яшчэ два гадзіннікі, а менавіта, гадзіннік з пазалочанай бронзы на чатырох ножках і шафны гадзіннік. Сярод іншых цікавых рэчаў меліся розныя вялікія каштоўныя падсвечнікі.

У адбудаваным доме было багата рознага посуду: парцалянавыя сервізы, адзін з іх з англійскага фаянсу пачатку XVIII ст., сталовы крышталь і срэбра. Меліся цікавыя дамскія шкатулкі, адна з іх чырвонага дрэва, з вечкам, інкруставаным злотам, перажыла ўсе ваенныя завірухі. На вечку была гербавая тарча з надпісам "Марыя Кастравіцкая, 1782, чэрвень, 15."

Кастравіцкія валодалі значнай калекцыяй жывапісу. Да самых каштоўных належалі сямейныя партрэты, сярод іх партрэты: мсціслаўскага стражніка Габрыэля Кастравіцкага, намаляванага ў вобразе рыцара ў латах, палкоўніка гусарскай харугвы часоў каралёў Міхала Карыбута Вішнявецкага і Яна ІІІ, шамбеляна Ануфрыя Кастравіцкага, генерала Ігната Кастравіцкага, Люцыяна Кастравіцкага, Марыі з Залескіх а таксама невядомых асоб венскага двара першай паловы XIX ст.

Да гэтай групы належалі і чатыры жаночыя партрэты: маладой, прыстойнай асобы ў вячэрнім строі з дэкальтэ і другі - больш старой жанчыны ў строі манашкі з крыжам на шыі. Гэта былі партрэты Мяланні Кастравіцкай у розным узросце. Трэці партрэт - выява ў профіль маладой дамы, апранутай у цёмна-ліловую сукню ў паскі. Гэта быў партрэт сястры Мяланні - Юліі Кастравіцкай. Чацвёртым партрэтам быў партрэт слыннай танцоркі Фанні Эльслер. Усе гэтыя карціны мелі вялікія памеры і з'яўляліся працамі добрых майстроў. Сярод сямейных партрэтаў меўся таксама выкананы вугалем партрэт Самуэля Кастравіцкага - бацькі Мяланні і Юліі.

Паколькі дом Кастравіцкіх у архітэктурным сэнсе не ўяўляў цікаўнасці, таму знаўцы з пабудоў двара вылучалі так званы "белы домік", пабудаваны ў класічным стылі тагачасных сядзібных дамоў. Калі быў пабудаваны гэты мураваны дом, невядома, магчыма ў другой палове XVIII ст. Ён меў атынкаваныя, белыя сцены і высокі гонтавы дах. Над галоўным уваходам быў порцік на двух калонах, якія трымалі паўбочкавы дашак.

У сенях "белага доміка", насупраць уваходных дзвярэй стаяў вялікі камін, які замыкаўся жалезнымі дзвярыма. Усе пакоі доміка - сталовая, кабінет і два салоны, былі абабіты ўзорыстай тканінай і ўпрыгожаны печкамі з каляровай кафлі, кафля гэтая, верагодна, паходзіла з руін палаца Александровічаў і датавалася XVII ст. У кабінеце кафлі печкі мелі раслінны чырвоны арнамент на бледна-блакітным фоне, у будуары былі кафлі крэмавага колеру з раслінным арнаментам белага і блакітных адценнеў. Таксама з руін палаца Александровічаў паходзілі і металічныя часткі печак. Падлогі ў пакоях былі зроблены з лакірованага дрэва, а ў салонах з паркету. У часы, калі Кастравіцкія жылі ў Паперні ці Вене, "белы домік" служыў кватэрай для эканомаў маёнтка. Да нашага часу "белы домік" не захаваўся.


Ад двара Александровічаў да нашага часу засталася ўязная брама. Яна стаяла ў канцы доўгай каштанавай алеі ці нават тракту, які зігзагам праходзіў праз сядзібу і далей бег па грэблі над ставам, абсаджаным старымі вербамі і вольхай. Гэты тракт злучаў мястэчкі Шчучын і Васілішкі. Брама складалася з двух моцных атынкаваных квадратных калон. Абедзве калоны мелі багата прафіляваныя гзымсы. На абодвух калонах былі выявы герба Байбіза.

Палац атачаў вялікі парк галоўнай аздобай якога была ліпавая алея даўжынёй да 1 км, ліпы мелі вышыню да 50 м. Па распілах ліп бачна, што дрэвы мелі ўзрост каля 340 гадоў. З аднаго боку ад алеі рос сад, а з другога парк. На самым ускрайку парку раслі некалькі дубоў, па ўзросце яшчэ старэйшых за алею. З паўднёва-ўсходняга боку парк абсаджаны бэзам, з боку вёскі Касцянёва - жоўтай акацыяй.

Уладальнік маёнтка Марцін Кастравіцкі памёр у 1905 г., і пасля яго засталіся венскія дакументы ў куфрах. Але яго сын Ян Люцыян Кастравіцкі працяглы час не меў доступу да дакументаў, бо ў маёнтку Касцянёва, дзе захоўваліся гэтыя паперы, гаспадарыла яго мачыха. Толькі пасля пачатку вайны 1914 г., мачыха выехала на сваю радзіму, на Любельшчыну, і Ян разам з братам атрымалі доступ да дакументаў. Але браты не мелі часу чытаць паперы і толькі з куфраў пераклалі дакументы, малюнкі і карціны ў скрыні і запакавалі іх.

У 1914 г. маёнтак Касцянёва складаўся з 4-х фальваркаў агульнай плошчай у 1600 га раллі і 1340 га лесу.

(Заканчэнне ў наст. нумары.)

Недалёка ад апачаў і ў вайне з семіноламі

Выхадзец з Наваградчыны францысканец Антоні Расадоўскі ў штатах Фларыда, Тэхас і Нью-Ёрк

У войнах з індзейцамі ўдзельнічала шмат рускіх - на Алясцы - і шмат палякаў - у розных адзінкавых выпадках па ўсёй краіне, а масава - у Фларыдзе. І, безумоўна, сярод іх была некаторая колькасць беларусаў. Прычым на асноўнай частцы ЗША нават расіяне не могуць "пахваліцца" такой колькасцю ўдзельнікаў "індзейскіх войнаў", як беларусы. Ідэалагічную трактоўку гэтай з'явы мы давалі яшчэ ў дакладзе на I Заслаўскіх чытаннях Беларускага навукова-гуманітарнага таварыства ў 1989 г. (тады апублікаваны толькі тэзісы).

"Абстрагуючыся з навукова-гуманітарнай мэтай ад дзяржаўна-адміністрацыйных рэальнасцей эміграцыйнай гісторыі і традыцыйнай гістарыяграфіі, перш за ўсё неабходна атрымаць адказ на пытанне: наколькі беларусы ў Амерыцы ўкладваюцца ў класічны ланцужок: падарожнік-адкрывальнік, салдат-заваёўнік, місіянер, гандляр, прамысловец-эксплуататар? Дакладных фактаў пакуль мала. Пра нямірныя (сутычкі на бытавой глебе, палон у індзейцаў), гандлёвыя кантакты, а таксама пра адносіны па схеме "работадаўца - наёмны рабочы" можна даведацца з навелістыкі Генрыка Сянкевіча, дзе героямі і прататыпамі з'яўляюцца беларусы і выхадцы з Беларусі. Адносіны да індзейцаў знаходзіліся ў відавочнай сувязі з сацыяльна-палітычнымі поглядамі і веравызнаннем эмігрантаў. Сярод "амерыканскай альбарутэніі" моцная дыферэнцыяцыя па розных прыметах. Ужо ў планах перасялення бачылася будучая "індзейская палітыка" нашых землякоў: два праекты стварэння пасяленняў на каланізаваных землях амерыкана-мексіканскага памежжа, распрацаваных палонацэнтрычнымі беларусамі, выяўляюць розныя пазіцыі па праблеме арганізацыі эмігрантаў: Ю. Патрыкоўскі хацеў рэалізаваць на былой індзейскай тэрыторыі дэмакратычную, па-сутнасці сацыялістычную Новую Польшчу, а П. Семяненка, генерал "згромадзеня змартвыхвстаньцув" (уваскрасенцаў), наадварот, імкнуўся ўладкаваць парафіі калоніі так, каб яны служылі перашкодай сацыялізму. Каталіцызм, шляхецтва, паразітызм прыгонніцтва прыводзілі да ідэйнага крызісу дэмакратычных эмігрантаў пры іх сутыкненні з жорсткасцямі белых (многія, калі не пераглядалі свае жыццёвыя арыентацыі, то станавіліся больш іранічнымі і выказвалі публічныя пратэсты), а іншых умацоўвалі ў расізме і ў перакананні справядлівасці вайны супраць "дзікіх" (падзел праходзіў па родах: Т. Касцюшка ахвяраваў грошы на вызваленне неграў, а яго праўнук па бакавой лініі Уладзіслаў Ваньковіч меў ферму на Поўдні ЗША і падтрымліваў сістэму нявольніцтва). Рэакцыю ўскладняла "дваістасць" этнічнай самасвядомасці беларусаў з гэтага класа. Невыразнае адчуванне прыналежнасці да "забранага" народа пры глыбокім аналізе асоб эмігрантаў тлумачыць, чаму там, дзе паляк або рускі не стане доўга думаць над сваімі матывамі, беларус будзе знаходзіцца ў разгубленасці. Лягчэй зразумець беларусаў-сялян, якія аказаліся ўцягнутымі ва ўзброеныя канфлікты з індзейцамі (асабліва ў раёнах актыўнай іміграцыі славян на поўдні Бразіліі, з-за іх абмежаванасці і прагі да зямлі, чым тых беларусаў-шляхціцаў, якія ўдзельнічалі ў антынегрыцянскіх і антыіндзейскіх акцыях польскіх і расійскіх ваенных і паўваенных фарміраванняў, а таксама звычайных частак армій амерыканскіх і еўрапейскіх краін (Сан-Дамінга, Фларыда ў перыяд "семінольскіх войнаў", Мексіка часоў Максіміліяна, Руская Амерыка); у апраўданне іх можна сказаць: некаторыя, як Касцюшка, змаглі пазбегнуць прамога братазабойства, некаторыя рэабілітавалі сябе дэзерцірствам і самазабойствамі. Нічога акрамя суму не выклікае бессэнсоўная гібель у Венесуэле (паводле З. Вуйціка (2000), гэта была гандлёвая місія на Амазонцы ў Бразіліі. - А. С.) ад рук індзейцаў дачкі і зяця Станіслава К. родам з Вільні, які застаўся з унучкай на руках... Ці можна сказаць у апраўданне індзейцаў: яны дзейнічалі ў сляпой помсце? Наўрад ці хто з эмігрантаў 19 ст, здолеў зразумець каштоўнасці сацыяльнай арганізацыі індзейцаў і іх духоўнай культуры. Ні Дамейка, які так шануецца сучаснымі беларусамі, ні іншыя выхадцы, выхаваныя на месіянскіх ідэях і нацыянальнай мегаламаніі, не бачылі альтэрнатывы інтэграцыі індзейцаў у грамадства белых з заменай усіх асноўных культурных элементаў, у першую чаргу рэлігіі: сярод груп т. зв. "беларускіх езуітаў" - выхаванцаў Полацкай правінцыі, пасланых у пачатку 19 ст. у ЗША, усе былі гатовы выканаць загад прыступіць да абарачэння індзейцаў, а двое былі накіраваны на гэтую цяжкую работу" (поўны тэкст даклада на I Заслаўскіх чытаннях, машынапіс на 8 стар., с. 4-6, з нязначнымі праўкамі).

У канцы 50-х-пачатку 60-х гг. у непасрэднай блізкасці ад варожых плямёнаў апачаў ліпан і каманчаў жыў выхадзец з Наваградчыны (па іншых звестках з Вільні, але ў любым выпадку "ліцвін") канвентуальны францысканец Антоні Расадоўскі (Rossadowski). Удзельнік паўстання 1830-1831 гг., ён эміграваў у ЗША. Аўтары В. Крушка, а потым Т. Ліндсей Бэйкер і іншыя паведамлялі, што пасля прыезду за акіян былы паўстанцкі капелан Расадоўскі стаў капеланам у войску, якое ваявала з семіноламі ў Фларыдзе. Гэта была другая семінольская вайна 1835-1842 гг., якую многія параўноўваюць з Другой сусветнай вайной, і семінолы, у адрозненне ад іншых фларыдскіх індзейцаў, практычна перамаглі, бо засталіся на сваёй зямлі. Іншымі вядомымі беларускімі ўдзельнікамі гэтай вайны былі былыя паўстанцы тапограф Аляксандр Бяляцкі (Беласкі), капітан у паўстанні, а пасля Фларыды і капітан арміі Поўначы, і "першы сяржант" Ігнацій Хуткоўскі (Count Ignatius Theophilus de Chutkowski), сваяк Касцюшкі (залічаны ў войска ў 1837 г., 2-гі полк "драгунаў ЗША", ганаровая адстаўка ў форце Хайльман), у год заканчэння вайны натуралізаваны як грамадзянін.

Мы не можам гарантаваць дакладнасць усіх звестак, але пасля Фларыды Расадоўскі вяртаўся ў Еўропу (як пазней у штаце Нью-Ёрк, быў настаўнікам навіцыяту ў асізскім кляштары), а ў сярэдзіне 50-х гадоў або спачатку працаваў у ваколіцах Сан-Антоніа (першым тут быў Андрэй Эразм Фларыян Ляскоўскі), або быў накіраваны ў польскую калонію Панна Марыя ў Тэхасе адразу - замест першага пробашча Леапольда Мачыгембы. "Час" пісаў 12.5.1858 г.: "Старэнькі ксёндз Расадоўскі (з Наваградскага) з'яўляецца вікарыем, палюбоўным суддзём і прадстаўніком пасялення перад уладамі рэспублікі"; "ксёндз Разсадоўскі ліцвін адпраўляе набажэнствы, мовіць казанні і вучыць у школцы".

У 1866 г. у Тэхас прыбыў з групай Адольф Сыкстус Баканоўскі (1840-1916). Продкі Баканоўскага, які нарадзіўся на Падоллі, згодна з польскімі генеалогіямі, на працягу некалькіх пакаленняў жылі ў Смаленскім ваяводстве і потым у "Літве" на захад, адзін з іх фундаваў кляштар і касцёл ў Нясвіжы, другі быў "гараднічым Навагродскім".

Баканоўскі пісаў, што з польскіх пасяленняў індзейцы найбольш пагражалі Бандэры; ён апісаў меры перасцярогі, якія рабілі яго спадарожнікі, якія ехалі туды; гаворка ішла нават пра ахвяр скальпавання. А між тым "Kronika religijna Przegladu Poznanskiego" ў 1858 г. паведамляла: "У Бандэры ксёндз Разсадоўскі будуе ў гэтай хвілі касцёл".

Як піша даследчык польскай эміграцыі ў Тэхас А. Брожак, ім даставалася ад індзейцаў, з якімі жорстка абыходзіліся амерыканцы, таму жыццё іх было асабліва цяжкім.

Адна з польскіх калоній, утвораных у 1856 г., Марцінес або Мартынец (цяпер Сент-Хедвіг, Св. Ядвіга), знаходзілася на адлегласці дзённага падарожжа ад Панны Марыі (30 міль). Айцец Расадоўскі мусіў дабірацца да яе па бездарожжы, конна праз зараслі, але небяспека ў гэтым раёне была ўжо меншай, бо індзейцы адсюль былі сагнаны, хаця групы апачаў ліпан і мескалера, уічыта, вака (уэйка), танкава і - з усходу - дэлавары, крыкі, чырокі знаходзіліся параўнальна блізка.

Лепш за ўсё пра гэта сказаў С. Несцяровіч: "Калі ў гэтыя краі прыбыла наша эміграцыя, стала аселых індзейцаў ужо не было, у пэўных аднак прамежках часу прабягала гэтым шляхам племя ліпанаў і, крадучы быдла, асабліва коней, забівалі і скальпавалі таго, хто трапляў на дарозе. Ад рук індзейцаў пакутніцкай смерцю меў загінуць польскі падлетак, які пасвіў авечак амерыканскага абшарніка, але і гэты адзінкавы выпадак здаецца быць легендай.

У сто крат горшым за ліпанаў былі амерыканскія банды, якія кралі і пазбаўлялі маёмасці ў белы дзень, на вачах каланістаў, упэўненыя ў сваёй беспакаранасці".

Айцец Расадоўскі выехаў з Тэхаса ў 1860 г. і памёр ў 1865 г. у Сірак'юзе (штат Нью-Ёрк).

Алесь Сімакоў, даследчык беларускай дыяспары і беларуска-індзейскіх сувязей.

На радзіму паэта Паўла Пруднікава

Частка 2

Гісторя Магілёўшчыны

(Пачатак у № 39 ад 30 верасня 2021 г.)

Пасля Старога Дзедзіна мы накіраваліся ў Мілаславічы. Гэта старажытнае мястэчка, якое знаходзіцца недалёка ад шашы Крычаў - Рослаў. Мілаславічы вядомыя з 1604 года. Знаходзяцца на рацэ Іпуць, што ўпадае ў Сож. Побач з Мілаславічамі у 1725 годзе ўзнікла мястэчка Ганна, якое было заснаванае Радзівіламі, а менавіта тагачаснай уладальніцай Крычаўскага староства - Ганнай Катажынай Сангушкавай Радзівіл. Згодна з інфармацыяй гісторыка Андрэя Мяцельскага, інвентар Крычаўскага староства 1747 года дазваляе зрабіць рэканструкцыю мястэчка Ганна, якое ў той час мела і іншую назву - Мілаславічы. Цэнтрам мястэчка быў рынак плошчай 1500 квадратных метраў. А з рынка выходзілі чатыры вуліцы з наступнымі назвамі: Шумяцкая, Старэцкая, Ганчарная і Ладзяшанская. У 1779 годзе у Мілаславічах налічваўся 51 двор, дзе пражывалі 382 жыхары. А пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка Ганна канчаткова змяніла сваю назву на Мілаславічы. Паводле дакументаў Крычаўскага графства 1779 года ў Мілаславічах было 51 двор хрысціянскі і 19 двароў жыдоўскіх. Акрамя гаспадарчага дома і гаспадарчых пабудоў пры ім меліся таксама праваслаўная царква Пакрова Прачыстай Багародзіцы і ўніяцкая царква Святога Іосіфа. У 1858 годзе ў Мілаславічах 422 жыхары, 88 двароў, вінакурны завод. У 1897 годзе - 1403 жыхары, 205 двароў, двукласная і царкоўна-прыходская школы, царква, малітоўны дом. З 1924 года Мілаславічы становяцца цэнтрам раёна ў складзе Калінінскай акругі.

Да нашага часу ў мястэчку захавалася царква Свята-Ушэсцеўская другой паловы 19 стагоддзя. Помнік пабудаваны з цэглы, архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Рака Іпуць працякае праз усё паселішча і мае вельмі прыгожыя берагі. На Іпуці, на ўскрайку Мілаславічаў засталіся парэшткі парку, які быў пры сядзібе князя Мікалая Мяшчэрскага.

Далей мы завіталі ў раённы гарадок Клімавічы. Тут засталося трохі мураваных прыгожых дамкоў 19-пачатку 20 стагоддзя. У цэнтры горада царква Свята-Міхайлаўская, пабудаваная ў 1867 годзе. Побач з царквой усталяваны каменны крыж. Пад'ехалі мы і да сядзібнага дома князёў Мяшчэрскіх, дзе зараз знаходзіцца раённы краязнаўчы музей. Але, на вялікі жаль, будынак музея зараз на рамонце, і экспазіцыя часова пераехала у вёску Ціманава, і ў старажытны маёнтак Мяшчэрскіх мы не патрапілі. Сёлета юбілей Клімавічаў, і пасля таго, як трохі сцішыцца эпідэмія, магілёўцы абавязкова наведаюць родныя мясціны паэта П. Пруднікава і прыгожы гарадок Клімавічы.

Побач з Клімавічамі па шляху на Родню з левага боку ад трасы мы накіраваліся пабачыць дзіва сучаснай прыроды, створанае рукамі чалавека... Літаральна за некалькі кіламетрах ад саміх Клімавіч знаходзіцца каля дзясятка кар'ераў, у якіх калісьці здабывалі крэйду. Зараз кар'еры запоўніліся вадой, а берагі зараслі хмызняком і лесам. Вада мае непаўторны бірузовы колер. І той, хто трапляе на гэтыя рукатворныя азёры, дужа здзіўляецца прыгажосці прыроды і незвычайнасці ландшафту. Так што "Лазурны бераг" - ён не такі ўжо і далёкі ад магілёўцаў!!!

Усход Магілёўшчыны яшчэ вельмі слаба даследаваны навукоўцамі і перадусім гісторыкамі. Шмат давядзецца прыкласці намаганняў, каб вывучыць наш непаўторны край. Так што вандруйце, беларусы, усё фатаграфуйце, збірайце артэфакты, запісвайце ўспаміны старажылаў. І ў старасці нам будзе не сорамна распавесці сваім нашчадкам пра нашыя стваральныя ўчынкі.

Алег Дзьячкоў. Магілёў. 1. Каменны крыж каля царквы ў Клімавічах. 2. Крэйдавы кар'ер каля Клімавіч. 3. Клімавічы. Сядзіба князёў Мяшчэрскіх. 4. Мілаславічы. Рака Іпуць. 5. Мілаславічы. Царква 19 ст.

Пра "Сцежкі…" Аляксея Шалахоўскага

Нядаўна Аляксей Шалахоўскі з Менска даслаў мне сваю кнігу публіцыстычных твораў "Сцежкамі гісторыка", якая сёлета пабачыла свет у менскім выдавецтве "Ковчег". Кніжка мне спадабалася. Гэта своеасаблівае выданне, якое складаецца з невялікіх нататкаў пра гістарычна-краязнаўчае, літаратурнае і культурнае жыццё Менска і ўсёй Беларусі.

Аляксей Шалахоўскі на працягу 15 гадоў наведваў розныя імпрэзы і пісаў пра іх інфармацыі ў рэспубліканскую прэсу, найперш у газету "Наша слова". Пачынаючы з 2005 года і да 2020-га аўтар кнігі ў сваіх допісах зафіксаваў усё тое, што адбывалася на ніве літаратуры і мастацтва. А потым апублікаваныя нататкі сабраў пад адну вокладку. І атрымаўся аўтарскі летапіс "Сцежкамі гісторыка". Назва кнігі не дужа ўдалая, магчыма, лепш было б назваць кнігу "Сцежкамі публіцыста" ці "Сцежкамі журналіста". Гісторыя тут ні пры чым. Але ж, як ёсць - так ёсць. Хаця тое, што зафіксаваў аўтар, сапраўды, застанецца ў нашай гісторыі.

Шмат напісана ў "Сцежках…" і пра новыя выданні беларускіх літаратараў, гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў. Нават адшукаў допіс і пра кнігу "Ачышчэнне душы" (Мн., 2014), якую я рыхтаваў да друку разам з Міхасём Карпечанкам. Яна прысвечана тэатральнаму рэжысёру, акцёру, педагогу, заслужанаму работніку культуры Беларусі Валянціну Ермаловічу (1925-2004). Добра было б, каб Аляксей Шалахоўскі ў канцы свайго выданне даў імянны паказнік, бо ў кнізе вельмі шмат прозвішчаў, таму кожны па імянным паказніку лёгка мог бы знайсці сваё.

Згадвае ў "Сцежках гісторыка" аўтар пра тых знакамітых асобаў, якія адыйшлі ў іншы свет на працягу 15 апошніх гадоў. Пра многіх ён пісаў, нават сустракаўся, ведаў, бачыў іх. Пра Анатоля Валахановіча Аляксей прыгадвае так: "Амаль кожны тыдзень мы са спадаром Валахановічам стэлефаноўваліся, абменьваліся думкамі, абмяркоўвалі гістарычныя пытанні. Гэта быў добры апавядальнік і аратар. Заўсёды тактоўны і ўважлівы, ён ні з кім не сварыўся. Любіў і паважаў людзей! Меў вялікі аўтарытэт у навуковых колах".

А вось як аўтар распавядае пра артыстку і заснавальніцу тэатра "Зніч" Галіну Дзягілеву: "Мой старэйшы сябра Уладзімір Аляксеевіч Шаліхін (1930-2002) казаў мне ў 2002 годзе, што міністрам культуры Беларусі павінна быць жанчына. Ён казаў, што добрым міністрам была б Галіна Аляксееўна Дзягілева!".

І такіх апісанняў жыццёвых момантаў, успамінаў, характарыстык у кнізе Аляксея Шалахоўскага шмат. Яны чытаюцца, запамінаюцца і надаюць нататкам жывасць, праўдзівасць і цікавасць.

Не пакрыўдзіў аўтар кнігі і мастакоў. Ён пісаў інфармацыі з розных выстаў, прэзентацый, сустрэч, па-журналісцку дакументальна ўсё апісваючы на старонках СМІ. Лепшыя з іх увайшлі ў кнігу аўтара.

Аляксей Шалахоўскі любіць тэатр. Ён паглядзеў дзесяткі спектакляў у розных тэатрах Беларусі. Бываў на прэм'ерах і прэзентацыях кніг пра тэатральнае мастацтва. Па матэрыялах бачна, што ён з вялікай асалодай паглядзеў спектакль "Ладдзя роспачы" паводле аповесці Уладзіміра Караткевіча, прымаў удзел у Няфёдаўскіх чытаннях "Беларускае мастацтва: гісторыя і сучаснасць" і г.д.

Хачу шчыра павіншаваць Аляксея з кнігай і буду чакаць наступную з яго новымі культуралагічнымі запісамі.

Сяргей ЧЫГРЫН.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX