Папярэдняя старонка: 2021

№ 42 (1557) 


Дадана: 20-10-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 42 (1557), 21 кастрычніка 2021 г.

Да вас, сябры ТБМ!

Хвалім настойлівасць у дзеяннях спадарыні Алены Анісім у абарону ТБМ і былую працу спадара Алега Трусава, энергічнага па выпуску газеты, спадара Станіслава Судніка і ўсіх, хто разам быў і ёсць у плыні супраць штурмавога завіхрэння сілы змывання беларускай мовы і ўсяго нацыянальнага! Вы, сябры-кіраўнікі, і ўсе мы разам стараліся даказаць, што Радзіме-Айчыне і дзяржаве, якая пастаўлена на давер яе людзей, недапушчальна мець раскол у пытанні: які павінен быць твар незалежнай Беларусі? Карэнная мова - аснова культуры, найпершая прыкмета незалежнасці. Доўга чужыя мовы грубай сілай прыгнятальнай гучнасці гаспадарылі на нашай зямлі (гісторыя пацвердзіла). Дык мы ўзрушыліся радасцю адраджэння патрыятычнай гісторыі, культуры, нацыянальнай годнасці, атрымаўшы незалежнасць краіны. І чым заканчваецца доўгі клопат?!

Сп. Алена, вы некалі выказаліся прыкладна так (у прыватнай размове са мной, памятаю): "Мы спакойна, культурна-тлумачальна, без прымянення кроплі знявагі, напору, паступова ўнясем яснасць у свядомасць кіраўніцтва, што значыць мова як сіла патрыятычная, для абароны аўтарытэту дзяржавы". Вы мелі надзею на ўзаемаразуменне. Я такога спадзеву не мела, але ўсё ж… Мы працавалі духоўна разам. А колькі лістоў рассылаў сп. Алег Трусаў дзяржаўным структурам! Культурна, напорыста перамаўляўся з прычыны моўнай адсутнасці там, дзе, здавалася б, яснай, як дзень, патрэба мовы. Вы трывожыліся пры такім небяспечным двухмоўі, вы верылі ў паразуменне з дзяржавай, яе згоду на існаванне беларускасці і дзейсную падтрымку мовы. Вы імкнуліся супрацоўнічаць.

Дык вось што вышла? Ваша слова (далікатнае, ласкавае і лагічнае) выклікала такі супраціў? Як думаць? Лагічнасць існавання, жывая прысутнасць мовы прызнаецца збройнай сілай? Моцнай? Дык жа мова як зброя не пагражае плоці. Чую ад людзей: "Там ўсеагульная неахвота вучыць мову". Але ж таму, хто кіруе, патрабуецца інтэлектуальны рост.

Мовы ж няма на афіцыйным узроўні. Не відаць, не чуваць ні ў выканкамах, ні ў школах, ні ў садках дзіцячых, нават, у культустановах, акрамя афармлення ў бібліятэках; сям-там пракрадваецца на чыгуначным шляху, з шыфроўкай хітрасці: звонку - назва станцыі беларуская, а ўнутры вакзала ва ўсіх абвестках змест рускамоўны, толькі загалоўкі для адводу вачэй. Для смеху. Гэта там, дзе я жыву. Ідзе шматгадовая ліквідацыя мовы. Вырасла пакаленне, якое не можа расчытаць мой выразны, беларускі верш. Не разумее мову, на якой я ўмею захапляльна пісаць, выказвацца душой, што люблю тое месца, дзе я нарадзілася і ўсё жывое, светлатворнае, і Беларусь, і хачу ёй шчасця і прыгажосці духоўнай.

Дык яшчэ больш забойна: на афіцыйным узроўні не дазволена беларускім пісьменнікам быць разам? На чарзе недазвол ТБМ? Забаронена публічна гаварыць з людзьмі і ўладамі, што няма мовы? Выходзіць так? Дык думку ж і малітву, раду духоўную як забароніш?

Вось я і кажу не на развітанне, а з большай устойлівасцю веры: усе, хто ў ТБМ-е, у СБП, хто гаворыць, моліцца, піша і спявае па-беларуску, шчасліва ўсім! Дапамажы нам, Святло Божае! Я ж не перастаю быць сябрам гэтых згуртаванняў духам, розумам, талентам і любоўю. І святлазычліва стаўлюся да ўсіх іншых, хто умее глядзець і думаць, спрыяць хоць нейкім рухам светлай свядомасці.

Год 1999. Створана наша суполка. Гледзячы на лічбы, не забудзешся. Яна папаўнялася людзьмі, якім цікава было разам, бо дзе яшчэ заўважыць колер, голас, мелодыю Беларусі? І ад пачатку ззяла мастацкая праца. Не ззяў толькі давер раённага кіраўніцтва да нашых прыгожых мерапрыемстваў. І яно аднойчы, ці не ў 16-м годзе 21 стагоддзя, спанталычалася да абсурду - маланкава забараніла гасцёўна-фальклорнае выступленне. Дык і ў 20-м не ахвяравалася пусціць нас з мастацкім словам і музыкай ні ў бібліятэку, ні ў музычную школу - ажыццявіць свята мастацкага сяброўства. Так мы і не адзначылі эстэтычна 20-ці годдзе нашага згуртавання. А ў суполку паступалі просьбы аб прыёме ў сябры. Напрыклад, Валянціна, якая старанна выпісвала "Наша слова" аж дзве заявы падала. Дык лёс (афіцыйна быць сябрам таварыства) не збыўся. І ўсё ж застаемся разам.

Марыя Баравік, сябра ТБМ і СБП, Падсвілле.

30-цігадовы юбілей БЗВ

Трыццаць год мінула, як 12-13 кастрычніка 1991 года ў менскім Доме літаратара праходзіў устаноўчы з'езд Беларускага Згуртавання Вайскоўцаў, на якім сабраліся 119 дэлегатаў з абшараў СССР, 26 гасцей,14 сродкаў масавай інфармацыі.

З'езд прыняў Статут БЗВ, зацвердзіў назоў арганізацыі, ён абвесціў сябе "непалітычным грамадска-патрыятычным дабраахвотным рухам", мэтай якога з'яўляецца "садзейнічанне стварэнню Беларускага войска, абарона дэмакратыі і дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі, абарона правоў беларускіх вайскоўцаў". Першым старшынём абраны падпалкоўнік, кандыдат тэхнічных навук з МВІЗРВ - Статкевіч Мікалай Віктаравіч.

Цягам дзесяці год арганізацыя была навідавоку ў грамадства, сваёй актыўнай дзейнасцю, масавымі мерапрыемствамі яна набывала папулярнасць, ствараліся рэгіянальныя структуры па ўсіх рэгіёнах, райцэнтрах і асобных мясцінах - Наваполацк стварыў сваю Дружыну аховы грамадскага парадку, Магілёў праводзіў турнір па адзінаборствах, дэлегацыі БЗВ актыўна ўдзельнічалі ў акцыях, прысвечаных падзеям з гісторыі нашай краіны.

БЗВ ініцыявала стварэнне Антыкрызіснага камітэта ў абарону суверэнітэту Беларусі з шырокім удзелам кіраўніцтва Ураду, большасці палітычных партыяў і грамадскіх рухаў. Актыўна дзейнічаў узначалены дэпутатам Г. Сямдзянавай камітэт "Вяртанне", які дапамагаў вайскоўцам вяртацца на радзіму.

Узрастаўшая актыўнасць БЗВ не толькі раздражняла ці выклікала пачуцці рэўнасці, а часам і палохала пэўныя ўрадавыя колы, пачаліся перашкоды, супрацьстаянне, потым і адкрыты ўціск. Наспеў час "Ч", калі Кардынацыйная Рада прыняла рашэнне адмовіцца ад новай дыскрымінацыйнай перарэгістрацыі і, прызнаўшы выкананай бальшыню статутных мэтаў, часова прыпыніць сваю дзейнасць.

ІОбілей - нагода згадаць сяброў-паплечнікаў, асэнсаваць зробленае з сённяшніх пазіцый, паслухаць крытыку.

Час прарэдзіў нашыя шыхты, але бальшыня застаўшыхся захавала і ДУХ, і ГОДНАСЦЬ!

Віншую ўсіх, хто з намі разам!

Алесь Станкевіч.

Краязнаўцу Віктару Кудлу - 80

Кудла Віктар Іванавіч нарадзіўся 17 кастрычніка 1941 года ў сялянскай сям'і ў в. Дроздава Лідскага раёна. У бацькоў былі чатыры сыны, на іх долю выпалі палахлівыя гады ваеннага ліхалецця, пасляваеннай галадухі і цяжкай працы. Пасля Жучкоўскай пачатковай школы прадоўжыў навучанне ў Ганчарах . Тут у 1957 годзе ўступіў у камсамол, быў старшынём вучнёўскай вытворчай брыгады. Неадразова быў пераможцам у раёне па кулявой стральбе з мк вінтоўкі. За выдатную вучобу і прыкладныя паводзіны атрымаў "Пахвальны ліст" Лідскага гаркама камсамолу. Скончыў Ганчарскую сярэднюю школу ў1959 годзе на 4-5 і без экзаменаў паступіў у Гарадзенскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Акрамя паспяховай вучобы прымаў актыўны ўдзел у камсамольскім жыцці: афармляў наглядную агітацыю, унікальную светагукавую газету, адзначаны "Пахвальным лістом" Гарадзенскага райкама камсамолу (1962) і Граматай абкама камсамолу (1962). Да прызыву на вайсковую службу некалькі месяцаў працаваў заатэхнікам калгаса "Нёман" (в. Дзітрыкі) Лідскага раёна.

У лістападзе 1962 г. быў прызваны ва Узброеныя Сілы. Чатыры гады тэрміновай службы з 1962 па 1966 год праходзіў на крэйсеры "Камсамолец" Талінскай ваенна-марской базы Двойчы Чырванасцяжнага Балтыйскага флоту. Асвоіў ваенна-марскія спецыяльнасці вежавага артэлектрыка і старшыны рэйдавага камандзірскага кацера. З'яўляўся выдатнікам баявой і палітычнай падрыхтоўкі, спецыялістам першага класу. Быў намеснікам, а апошні год тэрміновай службы абраны сакратаром камітэта камсамолу карабля на правах райкама. Арганізаваў выпуск і быў рэдактарам арыгінальнай светагукавой газеты "Камсамольскі фіціль". Удзельнічаў у візіце савецкіх караблёў у Данію (травень 1964 г.), у Швецыю (травень 1965 г.), у далёкім паходзе ў Паўночнае мора, у вучэннях краін Варшаўскай дамовы. З'яўляўся арганізатарам і актыўным удзельнікам Усесаюзнага турыстычнага паходу па месцах баёў абаронцаў Маандзунскага архіпелага. У скадзе каманды былі: Герой Савецкага Саюза Анатоль Каняеў, камандзір падводнай лодкі, якая ўпершыню прайшла пад ільдамі Фінскага заліва, зампаліт палка, узняўшага Сцяг Перамогі над рэйхстагам - палкоўнік Арцюхоў.

Вахтавы журнал паходу, фотаматэрыялы і светагукавыя газеты перададзены ў музей Балтыйскага флота. Закончыў службу старшыной першай стацці, а пасля перападрыхтоўкі прысвоена званне "старшы лейтэнант ВМФ".

Зрэшты, за гады ваенна-марской службы Віктару Іванавічу давялося сустрэцца з легендарнымі асобамі. Падчас інспектарскай праверкі ён на камандзірскім кацеры правёз па гаванях Талінскай ВМБ двойчы Героя Савецкага Саюза Міністра абароны маршала Андрэя Грэчку.

Падчас пераходу эскадры караблёў з Таліна да Балтыйска з экіпажам крэйсера сустракаліся: Маршал Савецкага Саюза Кірыл Маскаленка, генерал арміі Хетагураў, Міністры абароны краін Варшаўскай дамовы, аб чым Віктар Кудла аформіў для іх фотаальбомы. Але больш за ўсё маладому мараку запомнілася сустрэча з лётчыкам-касманаўтам № 2, Героем Савецкага Саюза Германам Цітовым, які падчас рейду з крэйсера на востраў Саарэма сфатаграфаваўся ў рубцы кацера і падарыў яму кнігу "На касмадроме" з асабістым аўтографам.

За поспехі ў баявой і палітычнай падрыхтоўцы і актыўную камсамольскую працу быў узнагароджаны Ганаровай граматай ЦК ВЛКСМ, Граматай ЦК ЛКСМ Эстоніі, Граматамі камандзіра карабля, сфатаграфаваны каля разгорнутага сцяга крэйсера і тройчы адзначаўся адпачынкам з выездам на радзіму.

Падчас вучэнняў Узброеных сіл краін Варшаўскай дамовы за доблеснае выкананне адказнага і даволі рызыкоўнага задання ў час штармавой непагадзі па дастаўцы кацерам камандавання эскадры з порта Свінаусце (Польшча) да караблёў на рэйдзе ўзнагароджаны юбілейным медалём "20 гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-45 гг.". Медаль уручыў Старшыня Савета Міністраў СССР А.Н. Касыгін.

Напрыканцы службы стаў членам кампартыі, і была прапанова застацца сакратаром камсамольскай арганізацыі Талінскага мараходнага вучылішча, але трэба было вяртацца на радзіму да састарэлых бацькоў…

Пасля дэмабілізацыі Віктара Іванавіча запрасілі заатэхнікам у родны калгас імя Чкалава ў в. Жучкі (1966 г.), а праз год перавялі намеснікам старшыні калгаса імя ВС СССР у в. Мыто (1967-70 гг.). Пасля заканчэння Гарадзенскага сельгасінстытута і курсаў па падрыхтоўцы кіраўнічых кадраў у 1970 годзе, кіраўнікі раёна настойліва прапаноўвалі стаць старшынём калгаса "Ударнік" (в. Хадзюкі). Але, не даўшага згоду, са спагадай накіравалі галоўным заатэхнікам самага адсталага ў раёне саўгаса "Дворышча", а ў 1973 годзе прызначылі дырэктарам саўгаса "Савецкі" (в. Крыніцы). За 5 гадоў узначалены ім працоўны калектыў дамогся значнага павелічэння вытворчасці і продажу сельгаспрадукцыі. Былі пабудаваны: дзіцячы сад на 90 месцаў, пасялковая кацельня, жывёлагадоўчы комплекс на 400 галоў, зернясховішча, бульбасховішча на 2 тысячы тон з нямецкім сартавальным пунктам, два 4-х кватэрныя жылыя дамы, вясковы вадаправод. За высокія вытворчыя вынікі гаспадаркі Кудла В.І. быў узнагароджаны ордэнам "Знак Пашаны", значком "Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва 1975 года" і жэтонам "Ударнік 11-ай пяцігодкі".

У сакавіку1979 года па прапанове Лідскага РК КПБ, Савет Міністраў БССР прыняў Пастанову аб узбуйненні экс. базы "Савецкая" за кошт далучэння саўгаса "Дворышча". Аб'яднаная гаспадарка атрымала назву эксперыментальная база "Ніва", а дырэктарам быў зацверджаны Кудла В.І.

Шмат сіл і старанняў давялося прыкласці маладому кіраўніку, дарэчы, самай буйной на той час гаспадаркі ў раёне, каб з'яднаць аб'яднаны працоўны калектыў, умацаваць працоўную дысцыпліну, нацэліць спецыялістаў і працаўнікоў на рашэнне перспектыўных задач.

За гэтыя гады шмат было зроблена па стварэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы, навядзенні парадку на зямлі, уладкаванні палявых дарог, будаўніцтве і рэканструкцыі з поўнай механізацыяй працаёмкіх працэсаў на жывёлагадоўчых фермах Мігуны, Гурыны, Гімбуты, Сліжы. (Дарэчы тры апошнія цяпер знішчаны.) Пасля мадэрнізацыі па навейшай тэхналогіі, свінагадоўчая ферма "Мяргінцы" была прызнана лепшым у вобласці мінікомплексам замкнёнага цыклу: вырошчвалі 2 тыс. парасят і прадавалі 200 тон свініны. (Сёння там разваліны).

Дзякуючы кіраўнікам будаўнічай справы Лабецкаму У.Ю., Юхно В.Г. і зладжанай працы будаўнічай брыгады ў складзе поўсотні чалавек, а ў летні перыяд студэнцкім будатрадам "Маладосць" і "Граніт", былі пабудаваны: аграхімцэнтр, збожасховішча вежавага тыпу з зернесушылкамі, сенасховішча і буракасховішча з кармацэхам, склады для будматэрыялаў, новыя гаражы і навесы для сельгастэхнікі.

Было шмат зроблена па сацыяльна-культурным развіцці гаспадаркі: пабудаваны адміністрацыйны будынак, сярэдняя школа, ФАП, быткамбінат, катэджы па вуліцах Цэнтральнай і Зорнай. Функцыянавалі дзве лазні ў вёсках Дворышча і Крыніцы, а для жыхароў астатніх вёсак душавыя на ўсіх фермах Гурыны, Сліжы, Мігуны, Мяргінцы, Гімбуты, а ў раммайстэрні "Дворышча" - саўна з мінібасейнам. (На сёння нават у Дворышчы лазня не працуе.)

У красавіку 1982 года гаспадарку наведалі кіраўнікі Рэспублікі і вобласці: першы сакратар ЦК КПБ Кісялёў Т.Я., старшыня Прэзідыума ВС БССР Палякоў І.Я., першы сакратар абкама КПБ Кляцкоў Л.Г., старшыня аблвыканкама Арцыменя Д.К. Далі высокую аднаку стану спраў у гаспадарцы, і была прапанова Віктару Іванавічу на павышэнне, але адмовіўся, каб не абрываць пачатае і запланаванае.

Па ініцыятыве і пры актыўным удзеле Кудлы В.І. у пачатку 80-х гадоў для аднаўлення былых будынкаў Дварышчанскага панскага фальварка быў распрацаваны праект сядзібна-этнаграфічнага комплекса. У рэстаўраванай чатырохпавярховай вежы быў створаны гістарычна-этнаграфічны музей "Зямля і людзі". Экспазіцыі музея асвятлялі гістарычнае мінулае і сучаснасць Дварышчанскага краю. Вадзяны млын быў рэканструяваны пад гасцініцу і рэстаран, у якім працавалі б свае работнікі, выкарыстоўваючы саўгасныя прадуты. У млыне былі замацаваны падмуркі, сцены, зноўку ўсталяваны дах, пакрыты чырвонай дахоўкаю. Выкладзены падлогі, столі абабіты арыгінальнай вагонкай, устаўлены вокны з вітражамі і дубовыя дзверы. На трох паверхах ўладкаваны тры каміны, грузавы ліфт, пракладзены электраправодка, трубы і вадзяныя радыятары, устаноўлены перагародкі пакояў, санвузел. У мансарднай частцы млына была абсталявана малая банкетная зала, а пад ім лазня з мінібасейнам.

На сёняшні дзень усе гэтая аб'екты аграэкатурызму давалі б працу дзесятку дварышчан і прыносілі б значны прыбытак гаспадарцы.

На жаль, большасць з гэтага ўжо ў мінулым, разбурана і знішчана…

Пасля сустрэчы з алімпійскім чэмпіёнам па конным спорце Віктарам Угрумавым і зацікаўленай размовы, у 1985 годзе былі закуплены першыя спартыўныя коні, і арганізавана коннаспартыўная школа, якая і сёння працуе. Для аматараў парыбачыць на забалочаных і хмызняковых нізінах сваім эскаватарам і за сродкі гаспадаркі былі выкапаны сажалкі ў вёсках Мігуны, Мяргінцы, Крыніцы, Дворышча, Гурыны.

У старадаўнім парку на летняй эстакадзе праходзілі святочныя мерапрыемствы і масавае гулянне вяскоўцаў (цяпер тут выгул для коней). Уздоўж рэчкі Жыжма каля клуба быў пасаджаны новы парк імя 40-годдзя вызвалення Беларусі, аднак усе годы там пасвіліся каровы знішчыўшы пасадкі.

Па цэнтральнай вуліцы пакладзены ходнікі, пароблены газоны і кветнікі. Пракладзены ліўнёвая каналізацыя, падземны кабель вулічнага асвятлення з таршэрамі (за апошнія гады гэта разбурана). У падвальным памяшканні пад канторай быў цір для стральбы з малакалібернай вінтоўкі і трэнажоры. Часта на эксбазе праходзілі раённыя спаборніцтвы.

Значную дапамогу гаспадарка аказала Дварышчанскай школе па ўнутраным аздабленні класаў, вестыбюля. Каля школы былі пабудаваны стадыён і арыгінальная дзіцячая пляцоўка з малымі архітэктурнымі формамі (ад іх нічога не захавалася), перададзены ў выкарыстанне фруктовы сад.

Былі закуплены картынгі, лыжы, спартыўная форма. Многія выпускнікі заставаліся працаваць у гаспадарцы (яны і сёння касцяк механізатараў) і часта за кошт гаспадаркі паступалі ў сельскагаспадарчыя інстытуты і тэхнікумы.

У гаспадарцы працавала больш за сто камсамольцаў і 70 партыйцаў. Санітарная дружына займала першыя месцы ў раёне і вобласці.

Па творчай прапанове і эскізе Віктара Іванавіча менскімі скульптарамі Батвінёнкам А.У., Патапавым Н.Ф. быў выраблены і ўстаноўлены на школьнай пляцоўцы помнік-манумент у памяць аб зямляках-змагарах за народное шчасце і дабрабыт. Нездарма ў лідскай газете, на той час "Уперад" (1985 г.), была падборка матэрыялаў пра "дырэктара-архітэктара", а вёска Дворышча ўпершыню названа "аграгарадком". За планамерную і ўмелую забудову цэнтральнай сядзібы Дворышча, гаспадарка была ўзнагароджана дыпломам ВДНГ, а дырэктар Кудла В.І. - бронзавым медалём.

У эксперыментальнай базе "Ніва" кожны год праходзілі раённыя і часта абласныя семінары з удзелам кіраўніцтва вобласці і раёнаў. "Ніве" было прысвоена званне "Гаспадарка высокай культуры земляробства і жывёлагадоўлі" . Гаспадарка выйшла на перадавыя пазіцыі ў раёне па продажы бульбы (4-5 тыс. тон штогод), па вытворчасці кармоў і малака. Прыбытак гаспадаркі складаў больш за два мільёны рублёў, а сярэдняя зарплата працаўнікоў была самая высокая ў раёне і большая за сярэднерэспубліканскую. Пенсіянеры тых часоў сёння атрымліваюць пенсію ў два разы большую за цяперашніх.

Віктару Іванавічу неаднаразова прапаноўвалі ісці на павышэнне, а ён цвёрда вырашыў усе сілы і намаганні аддаць Дварышчанскаму краю. Але гэта не прайшло бясследна для здароўя. І калі дактары цвёрда сказалі, што яго сэрца больш можа не вытрымаць дырэктарскай нагрузкі, яму прапанавалі працу, як думалася, больш спакойную - старшынём райкама прафсаюза работнікаў АПК.

Нягедзячы на значныя дасягненні па сацыяльна-эканамічным развіцці гаспадаркі, кіраўніцтву раёна не падабалася самастойна-прынцыповая пазіцыя дырэктара, а падчас і крытыка ў іх адрас. І, мажліва, таму ў раённых кіраўнікоў не знайшлося сумлення, каб па справядлівасці адзначыць сямігадовую працу ў эксбазе "Ніва" Кудлы Віктара Іванавіча ўрадавай узнагародай. І толькі пасля пераводу ў прафсаюз "удагонку кінулі" Ганаровую грамату ВС БССР.

У перыяд эканамічнай разрухі і палітычнай нестабільнасці Віктар Іванавіч, маючы актыўную грамадзянскую пазіцыю, прынцыпова стаў на абарону сацыяльна-працоўных правоў работнікаў праз заключэнне калектыўных дамоў. Прафсаюзны актыў удзельнічаў у справядлівым размеркаванні тавараў павышанага попыту, пуцёвак санаторна-курортнага лячэння. У падпарадкаваным прафсаюзу аздараўленчым лагеры "Бярозка" была праведзена значная рэканструкцыя памяшканняў, закуплена абсталяванне, мэбля і інвентар, што дазволіла значна павялічыць колькасць адпачываючых дзяцей і якасць аздараўлення. Каб прафсаюзным работнікам не жыць за кошт узносаў, было створана і працавала гаспадарча-разліковае малое прадпрыемства "Белагруда".

Віктар Іванавіч, верны сялянскаму пакліканню, пасля выхаду на пенсію сумесна з сынамі Вадзімам і Артурам арганізаваў фермерскую гаспадарку "Расінка-2002", дзе па сучасных тэхналогіях вырошчваецца прадукцыя. Узначальваючы асацыяцыю фермерскіх гаспадарак Лідчыны, стараецца адстойваць роўныя ўмовы гаспадарання для сельгасвытворцаў.

Напрыканцы лета 2015 года прайшло масавае запамінальнае свята фермераў Лідчыны з дэманстрацыяй дасягненняў фермерства, выставай старыннай рэрытэтнай сельскагаспадарчай тэхнікі і прыладаў працы.

Па ініцыятыве і пры актыўным удзеле Віктара Іванавіча было арганізавана свята роднай вёскі Дроздава. Аднавяскоўцы і госці з цікавасцю выслухалі яго экскурс у мінулае вёскі, змаглі ўбачыць цікавыя архіўныя матэрыялы пра даўнейшых насельнікаў вёскі, выставу яго карцін і разьбу па дрэве…

На аснове захаваўшыхся дакументаў і ўспамінаў бацькі ў "Лідскім летапісцы" надрукаваны "Экскурс у гісторыю беларускага бежанства ў Першую сусветную вайну". А цяпер Віктар Іванавіч працуе над "Звесткамі аб сялянскім жыцці, навучэнцах і навучанні ў Ганчарскай акрузе", якія ўжо не адзін год друкуюцца ў "Лідскім летапісцы".

Абраны старшынём ветэранскай арганізацыі Дварышчанскага сельсавета. Свой аўтарытэт і здольнасці выкарыстоўвае на вырашэнне надзённых праблем ветэранаў. Былі праведзены сходы ветэранаў у вёсках і "агеньчык" "Вечар успамінаў". Заўвагі і прапановы перададзены ў сельвыканкам і дырэкцыі. На жаль, усё засталося па-за ўвагай і без выканання.

Па праекце Кудлы В.І. пад старыну быў пабудаваны з бутавага каменю васьмівугольны будынак, у якім цяпер размясцілася царква імя святой Сафіі Слуцкай. У 2014 годзе здолеў сустрэцца з архіепіскапам Гурыем і адстаяць святара ад пераводу ў іншую грамаду і абрысаваць планы па абсталяванні царквы… Актыўна займаецца краязнаўствам малой радзімы, рупліва абараняе гістарычна-архітэктурную спадчыну. На аснове сабраных ім архіўных матэрыялаў у "Лідскім летапісцы" быў апублікаваны артыкул "Дворышча". Па яго ініцыятыве летам 2021 года адзначылі 500-годдзе Дворышча. Тут былі выстаўлены яго карціны і выстава старадаўняй сельскагаспадарчай тэхнікі і сялянскіх прыладаў працы. Шукае разрабаваныя экспанаты, каб зноў абсталяваць знішчаны музей, а, мажліва, і аграсядзібу…

- Мой святы абавязак - пастарацца зрабіць як мага больш, каб гісторыя засталася ў памяці нашчадкаў.

Партрэт Віктара Іванавіча, напэўна, быў бы няпоўным без некалькіх штрыхоў аб яго здольнасцях і захапленнях. Адно з іх - гэта фатаграфіі, з якіх па жыццёвай храналогіі і пра наведванне 18-ці замежных краін, аформіў больш за 20 фотаальбомаў. Другое: здатна малюе алейнымі фарбамі на палатне карціны з роднымі краявідамі, асвоіў разьбу па дрэве і інкрустацыю, але на гэта мае мала часу…

Прысядзібны ўчастак сям'і запоўнены фруктовымі дрэвамі, вінаградам і дэкаратыўнымі туямі, якія разводзіць сам. Добры мёд дае і невялікая пасека. Альпійскую горку і газоны ўпрыгожваюць кветкі жонкі Яніны Станіславаўны, а у адмысловых цяпліцах вырошчваецца агародніна.

І сёння Віктар Іванавіч поўны ідэй і задум. Ён ніколі не спыняецца на дасягнутым - "Увесь час у актыўным жыццёвым паходзе."

Дзікевіч М.М., Суднік С.В., Сліўкін В.В., Яхантава В.М.

Лідскія краязнаўцы шчыра віншуюць Віктара Іванавіча з шаноўным узростам.

На такіх беларусах - гаспадарлівых, моцных целам і духам, шчыра адданых беларушчыне - адвеку трымалася і трымаецца наша Маці - Краіна, наша Беларусь.

Сто гадоў Вам, Віктар Іванавіч!

Духоўныя сёстры - Леся Украінка і Цётка

У выдавецкім Доме "Звязда" пабачыла свет новая кніга "Акрыленыя родным словам", якая выйшла накладам у 1000 асобнікаў, прысвечаная 150-годдзю з дня нараджэння Лесі Украінкі і 145-годдзю з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч.

- Яркі талент, асабістае жыццё і грамадскае становішча Лесі Украінкі пастаянна вяртаюць нас да разважання пра яе невычэрпную сілу духу і вялікую веру ва Украіну, - адзначыў надзвычайны і паўнамоцны пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім. - У юбілейны год амбасада сумесна з украінскай дыяспарай у Беларусі і мясцовымі ўладамі правяла шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Лесі Украінцы ў Менску, Мар'інай Горцы, бо з гэтымі гарадамі яе яднала і дружба, і любоў. Тут пасля напісання знакамітай паэмы "Апантаная" раскрыўся яе лірычны талент. Урачыстыя мерапрыемствы прайшлі сёлета ў горадзе Шчучын і пасёлку Астрына Гарадзенскай вобласці, на малой радзіме пісьменніцы Цёткі, якая была духоўнай сястрой Лесі Украінкі.

Лёс А. Пашкевіч быў звязаны з Украінай. Яна вучылася ў Львоўскім універсітэце ў 1907-1910 гадах і навакольнае культурнае жыццё натхняла яе на вершы. У гэты перыяд у Жоўкве пры падтрымцы мітрапаліта А. Шаптыцкага яна выдала паэтычны зборнік, які змяшчаў знакамітую паэму "Суседзям у няволі". Леся Украінка і Цётка - не толькі паэткі, але і змагары за свабоду, за адраджэнне нацыянальнай свядомасці сваіх народаў. З дня нараджэння дзвюх вядомых жанчын прайшло паўтара стагоддзя. Украіна і Беларусь сцвердзіліся як незалежныя дзяржавы, але творчасць гэтых паэтак застаецца актуальнай, - адзначыў Ігар Кізім.

Пасольства Украіны і Шчучынскі райвыканкам пры падтрымцы Валынскага ўніверсітэта імя Л. Украінкі падрыхтавалі праект, прысвечаны 150-годдзю Л. Украінкі і 145-годдзю Цёткі - выданне біяграфічнага і паэтычнага зборніка выбраных твораў вядомых паэтак на ўкраінскай і беларускай мовах.

Ларыса Пятроўна Косач-Квітка (1871-1913) - самая вядомая ўкраінская пісьменніца, перакладчыца, публіцыст, фалькларыст, культурны і грамадскі дзеяч стала класікам украінскай літаратуры.

Алаіза Сцяпанаўна Пашкевіч ( 1876-1916), (вядомая пад псеўданімамі - Цётка, Мацей Крапіўка, Гаўрыла з Полацка, Банадысь Асака і іншымі) вядомая як паэт, празаік, публіцыст, перакладчык, настаўніца, артыстка, сястра міласэрнасці, літаратурны рэдактар часопіса, аўтар першага падручніка для дзяцей.

У новую кнігу ўвайшлі агляд творчасці Л. Украінкі і Цёткі, які зрабіў прафесар, доктар філалагічных навук Вячаслаў Пятровіч Рагойша, успаміны пра Лесю Украінку яе мужа Клімента Квіткі, пісьменніка і грамадскага дзеяча Івана Франка, паэта і перакладчыка Івана Драча, літаратуразнаўцы Марыі Мокліцы і іншых, прывітальнае слова старшыні ТБМ Алены Анісім, успаміны Анатоля Клышкі і іншых.

Зборнік упрыгожылі лепшыя паэтычныя творы Лесі Украінкі і Цёткі на ўкраінскай і беларускай мовах.

Падрыхтавала Э. Дзвінская.

Вяртанне з забыцця

У гарадзенскім выдавецтве "ЮрСаПрынт" пабачыла свет займальная кніга Івана Будніка "Вяртанне з забыцця". Яе наклад 90 асобнікаў. "Вяртанне з забыцця" - гэта не толькі вяртанне незаслужана забытых імёнаў мужных воінаў, нашых землякоў, якія аддалі сваё жыццё ў вайне з фашызмам у час Другой сусветнай вайны далёка ад сваёй радзімы ў складзе польскай арміі, але і аповед аб іх крыжовым шляху на тую вайну, аб тых бітвах, дзе яны змагаліся. Адны з іх загінулі, іншым пашанцавала выжыць, але і адны, і другія на многія гады былі аддадзены забыццю ў сябе на радзіме.

Імёны загінуўшых воінаў адшуканы ў лонданскіх і варшаўскіх архівах і апублікаваны.

Кніга "Вяртанне з забыцця" напісана вельмі захапляльна . Яе аўтар Іван Фёдаравіч Буднік, педагог, краязнавец. Працаваў у школах і аддзеле і адукацыі Гарадзенскага раёна. Вывучае гісторыю палітычнага, сацыяльнага і культурнага развіцця Гарадзеншчыны ў ХІХ-ХХ стагоддзях. Выдаў кнігі: "Да падзеяў 1863-1864 гадоў на Гарадзеншчыне", "Знойдзенае ў дарозе, Ад берагоў Свісліачы да Кузніцы". Артыкулы і вершы друкаваліся ў зборніках, часопісах, газетах. Сабраў, уклаў і рэдагаваў кнігі Апанаса Цыхуна "Улюбёны я ў сваю зямлю" і слоўнік "Скарбы народнай мовы".

Вёрстку кнігі зрабіў Алесь Рыжы. Кніга аздоблена цікавымі архіўнымі фотаздымкамі. Шчыра раю набыць кнігу чытачам нашага штотыднёвіка.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст-фрылансер.

125 гадоў з дня нараджэння Мікалая Шчакаціхіна

Беларускі мастацтвазнавец, педагог, гісторык і тэарэтык мастацтва Мікалай Шчакаціхін нарадзіўся 13 кастрычніка 1896 года ў Маскве. З дзяцінства размаўляў на 4 мовах, пазней вывучыў яшчэ некалькі (ведаў каля 12 моваў). У 1914 годзе скончыў гімназію А. Флёрава ў Маскве. З 1914 па 1918 гг. вучыўся ў Маскоўскім універсітэце. Працаваў у Расіі: Маскве, Арле, а ў 1920 годзе перавёўся ў Харкаў, дзе працаваў адначасна навуковым супрацоўнікам музея, загадчыкам перакладчыцкай калегіі і сябрам рэпертуарнай камісіі пры навукова-тэарэтычным аддзяленні Наркамасветы Украіны. Быў сябрам праўлення Усеўкраінскага Саюза пісьменнікаў.

У 1921 годзе пераехаў у Менск. З 1922 года працаваў асістэнтам кафедры гісторыі мастацтва БДУ, распрацаваў і выкладаў курс па гісторыі беларускага мастацтва. У 1924 годзе атрымаў званне дацэнта. Адначасна з 1925 года працаваў у Інбелкульце як навуковы сакратар Секцыі беларускага мастацтва і стыль-рэдактар выдавецкага аддзела. Пры Інбелкульце вучоны стварыў Камісію гісторыі мастацтва, у якой сабраў менскіх і рэгіянальных, пераважна віцебскіх, мастацтвазнаўцаў, мастакоў, жывапісцаў і графікаў. Сфера яго навуковых інтарэсаў была надзвычай шырокай. Найперш ён займаўся вывучэннем беларускай архітэктуры ХІ-ХІХ стагоддзяў: сакральнай і абарончай. Пачаў распрацоўку пытання абарончай храмавай архітэктуры ў ВКЛ. Даследаваў выяўленчае мастацтва, у тым ліку жывапіс полацкіх храмаў XVII-XVIII стст., старажытныя беларускія гравюры, мастацтва кніг Скарыны. Арыентаваў моладзь на стварэнне нацыянальнай мастацкай школы. Таксама займаўся распрацоўкай канцэпцыі беларускага мастацтва, асноўных яго кірункаў і перыядызацыяй. Увёў ва ўжытак азначэнні "беларускае адраджэнне", "беларуская готыка", "беларускае барока". Хацеў стварыць у Беларусі вышэйшую мастацкую акадэмію. Дзейсна ўдзельнічаў у арганізацыі і афармленні музейных збораў. У 1926 годзе выступіў як адзін з арганізатараў 1-й Усебеларускай мастацкай выставы. У 1928 годзе выйшаў 1-ы том кнігі "Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва". За першым томам мусілі выйсці наступныя чатыры. Але перашкодзілі сталінскія рэпрэсіі. У 1930-я гады былі падрыхтаваны рукапісы "Тапаграфія кладаў з літоўскімі манетамі на тэрыторыі старажытнай Літоўскай дзяржавы", "Некаторыя варыянты літоўскіх манет", "Нарыс гісторыі літоўскай манеты XVI-XVII ст.", якія захоўваюцца цяпер у Эрмітажы.

18 ліпеня 1930 года Шчакаціхіна арыштавалі па сфабрыкаванай справе "Саюза вызвалення Беларусі". У 1931 годзе выслалі на 5 гадоў у Башкірыю. У горадзе Белябей яму давялося працаваць статыстам, планавіком у райспажыўсаюзе, затым у яго атрымалася ўладкавацца на выкладчыцкую працу. Пазбаўлены матэрыялу для навуковай працы, ён працягваў навуковыя доследы, не пакідаў надзеі вярнуцца да навуковай працы ў Беларусі. У 1937 годзе яму прысудзілі яшчэ адзін тэрмін. 1 красавіка 1940 года Мікола Шчакаціхін памёр у Белябеі ад сухотаў, на якія ён захварэў пасля чарговага "прафілактычнага" арышту да камуністычнага свята. Рэабілітаваны ў 1956 годзе.

У 1993 годзе па ініцыятыве ТБМ 1-шы том "Нарысаў з гісторыі беларускага мастацтва" перавыдадзены. Да 100-годдзя навукоўца Белпошта выпусціла ў яго гонар марку. У 2008 годзе ў Менску на доме (вуліца Валадарскага, 24), дзе жыў Шчакаціхін, усталявана мемарыяльная дошка.

Паводле СМІ.

ПЕРАКЛАДЧЫК "НОВАЙ ЗЯМЛІ"

або інтэрв'ю з сумнай нагоды

Пайшоў з жыцця Чэслаў Сенюх. Пражыў нямала, ступіў у дзясяты дзясятак сваіх гадоў, зрабіў таксама шмат. Аднак многія толькі некралогам адкрываюць для сябе гэтае імя, а дасведчаныя прыгадваюць перакладчыка "Новай зямлі" на польскую мову са шкадаваннем, што ўсё ж мала ведаюць пра яго. Апошнія дзесяцігоддзі гэты, варты ўвагі чалавек, амаль не з'яўляўся ў нашай медыйнай прасторы.

- Чаму так? - пытаюся я ў Валера Дранчука, які пэўны час меў прыязныя стасункі з Чэславам Сенюхам.

- Прычын шмат, якія датычаць нас саміх, нашага грамадства, нашай абмежаванасці і закрытасці. Але ёсць у гэтым і асаблівасць самога Чэслава Сенюха. Ён - чалавек справы; у гэтым пераконваешся, прабягаючы па радках яго багатай біяграфіі. А па славу, публічную вядомасць, як кажуць, у чарзе ніколі не стаяў.

- Дзе і калі адбылася Ваша першая сустрэча з гэтым чалавекам?

- Першае, што хачу адзначыць: перакладніцкі чын спадара Сенюха стасоўна "Новай зямлі" нельга пераацаніць - ён тытанічны!

А наконт сустрэчы, мабыць, гэта вельмі лагічна, што спаткаліся мы ўпершыню на радзіме Коласа. Якая нагода тады нас сабрала, не памятаю, але запомнілася, як спадар Чэслаў чытаў са свайго перакладу, хораша чытаў, а мы смакавалі на слых гучанне такіх знаёмых нам радкоў, але па-польску.

На той час я рыхтаваў трэці нумар квартальніка "Белавежская пушча" і прапанаваў месца на яго старонках. Пераклад быў яшчэ не закончаны, але ўрывак мне Чэслаў даслаў. Мы нават пасябравалі, лепш сказаць, прыхільна зблізіліся на грунце "зямляцтва" - ад самага знаёмства было відаць, як Чэслава ўзрадавала, што я нарадзіўся непадалёк Коласавых мясцін. Гэта было ўзаемна, нас яднала любоў да зямлі вялікага песняра (фота 1, "Новая зямля" па-польску на старонках газеты Валера Дранчука "Белавежская пушча").

- У літаратурных колах ёсць меркаванне, што гэта Янка Брыль надарэчыў Чэслава Сенюха на пераклад вяршыні нашага нацыянальнага эпасу. Што можаце сказаць на гэты конт?

- Ахвотна прымаю, што так магло быць. Гэта ад умення адпаведна цаніць і бачыць чалавека. Верагодна, што Брыль лепш за самога Сенюха адчуў яго магчымасці і патэнцыял як перакладчыка "Новай зямлі". Іван Антонавіч неаднойчы падказваў слушныя ідэі людзям, якія могуць паслужыць Бацькаўшчыне.

- Ці прыгадаеце яшчэ сустрэчы і творчыя ўзаемадачыненні з Чэславам Сенюхам?

- Адзначу яшчэ адну сустрэчу, быццам нечаканую. 2001 год. Музей Янкі Купалы. Ушанаванне літаратурнай прэміяй імя Алеся Адамовіча. Я і не ведаў, хто яшчэ намінаваны на высокую ўзнагароду. Як аказалася, сярод нас быў і Чэслаў Сенюх. Захаваўся фотаздымак Уладзіміра Кармілкіна, які нагадвае амаль што пра той момант (Фота 2). На ім Валянцін Акудовіч, Чэслаў Сенюх і я. З намі Адам Мальдзіс, які толькі-толькі прышпіліў нам памятныя медалі. Не ведаю, хто вылучаў перакладчыка "Новай зямлі " на прэмію, але несумненна, што ён - не самавылучэнец. На ўручэнні спадар Чэслаў быў урачысты, радасны. Стрымана, з гонарам прымаў заслужаную ўзнагароду.

- Ведаю, што Вы мелі добрае знаёмства яшчэ з адным перакладчыкам нашай літаратурнай энцыклапедыі.

- Так. Гэта Валер Стралко. Таксама ўжо пайшоў з жыцця. Ён зрабіў выдатны пераклад "Новай зямлі" на ўкраінскую мову пазней за Сенюха. У 2007 годзе мне, аднаму з першых, бо і жылі па-суседску, ён прынёс па-гартаць-паглядзець выданне, якое неўзабаве прэзентавалася ў рамках кніжнага кірмашу. А зноў жа, ці многія з нас пра гэта ведаюць?

Што на гэта скажаш. Пагаджаюся з маім суразмоўцам: так, мы заабавязаны многім, хто абраў нашу культуру, літаратурную спадчыну, нацыянальныя шэдэўры справай свайго клопату, таленту, часткі жыцця. Доўг удзячнасці і памяці трэба плаціць. Для патрыятычнага выхавання, беларусазнаўства, дзеля справядлівасці, свайго нацыянальнага падвышэння гэта вельмі важна.

Запісала Наталля Плакса. Нясвіж.

Памёр галоўны рэдактар "Краязнаўчай газеты" Уладзімір Пучынскі

12 кастрычніка на 51-м годзе жыцця ад каронавіруса памёр Уладзімір Пучынскі - галоўны рэдактар "Краязнаўчай газеты". Сумную вестку паведаміў у сваім фэйсбуку экскурсавод і музейнік Павел Каралёў. Яго маглі б выратаваць, але ў Менску не аказалася для Уладзіміра месцаў на кісларод і яго павезлі на Мядзельшчыну, дзе ён і памёр. Які выдатны гэта быў чалавек, энтузіяст, краязнавец. Ён ведаў усіх краязнаўцаў Беларусі, сябраваў з імі, перапісваўся, публікаваў іх артыкулы на старонках адзінай у краіне газеты для краязнаўцаў. Уладзімір быў шчырым чалавекам, пунктуальным, адукаваным. Ён ведаў сваю справу, ажыццяўляў яе прафесійна і натхнёна. Як жа мы, краязнаўцы, будзем без яго цяпер?.. Пахаваюць Уладзіміра Пучынскага на яго радзіме на Міёршчыне Віцебскай вобласці. Няхай яму зямля будзе пухам.

СТЫРНАВОМУ КРАЯЗНАЎСТВА

Памяці Пучынскага Уладзіміра Станіслававіча -- галоўнага рэдактара "Краязнаўчай газеты"

(Пакінуў нас на 51-м годзе жыцця 12.Х. 2021 г.)


Уладзімір! Зямля пухам!

Над малітвай свечнай

абнадзеіцца і скруха

памяцю вылечнай.

Будзе Твой праменьчык босы

да нас прытуляцца,

над Лявонпалем Нябёсы

да Цябе схіляцца.


Усе крэўныя імёны

прымуць нашыя паклоны;

і зязюля над Дзвіною

будзе вечна маладою,

апавесціць на прыплодзе:

- Ля мяне заўжды Валодзя!

Сяргей Панізьнік. 12.Х.2021 г.

Плыткаму стырнавому Уладзіміру Пучынскаму

Зноў Валодзя ўвесь у мёдзе!

Графскі леванпольскі Чмель

Лапацінскага-Пучынскага

Не паслаў на карабель.

Каб раскрыліць каласок,

Ён і з вузы цісьне сок!

Кожны рух яго - ганок!

І бабышкаўскі куток

Абнародуе знаток:

Не персідскі тчэ заскок,--

К р а я з н а ў ч ы П а я с о к !

Сяргей Панізьнік з Прыдзвінскага папару. 20.05.2021 г.

Краязнаўцу Уладзіміру Пучынскаму на частыя Дні народзінаў

З Лілек у Чурылавічы быў бальшак не гразкі.

Вунь Лявонпаль графскі!

Там Пучынскі ваяўнічы

знойдзе куфар таямнічы,

ускладзе яго на крыгу,

павяслуе аж на Рыгу, -

каб варагам - ну хоць вобмаль паказаць:

-А ёсць Лявонпаль сённяшні і - уніяцкі!

Так, Валодзя - малец хвацкі.

З Лапацінскага рукі нам пакажа чарапкі,

маціцы і вушакі; ад яўрэйскіх крамак

адзінаццаць клямак… План яго такі!

А музей наш - "Дом паменьці!"

Каб не сплыў той граф да смерці, -

тут паўстаў бы замак.

А пакуль - гняздо русалак

у сямейнай клеці,

бо Валодзева гаспода ім прытульна свеціць.

* * *

Усе струны ад Валодзі

ў краязнаўчым калаўроце?

Не! Ён сёння ў агародзе

пчолаў корміць у калодзе.

Там і гутарку вядзе

з богаўкай на барадзе…

Ён - Пучынскі-Лапацінскі.

Я рыфмую не для страху:

сын Лявонпаля - сын графа,-

бо хачу амаладжэнння -

у паўторы нараджэння!

Як прамовіла б Сушко:

- Будзь, Валодзенька, з пушком!

(Далучыў бы я маўчком:

З Мелехаўскім крыжыкам,

з Кліманскага рыжыкам,

з Аржаноўскага дручком…)

Дачакаецца і Бася

слова бацькі ў новым гудзе:

- Ты, дачушка, удалася!

Бо хрысцілі цябе людзі

ў Святатроіцкай спарудзе.

Як гавораць людзі: Будзем!

Нос - уверх! На росхрыст грудзі!

Сяргей Панізьнік. 17-18.08.2010, 2016.


"Успомні, Госпадзе, смяротна заснуўшых у надзеі ўваскрасенне да жыцця вечнага".

Вечнага супакою шчодраму майму сутворцы - Уладзіміру Пучынскаму.

У нізкім паклоне зямляк-суайчыннік, шматгадовы аўтар "Крагі" ("Краязнаўчай газеты").

Сяргей Папар-Панізьнік.

СМІ ФРГ пра газавы крызіс, залежнасць ад Расіі, ролі Шродара і Меркель

Навіны Германіі

Нямецкія журналісты актыўна абмяркоўваюць мэты Уладзіміра Пуціна, выйгрыш "Газпрама", роля "Паўночнага струменя - 2", памылкі ўрада Германіі і задачы ЕС.

"Пуцін шантажуе дзеля "Паўночнага струменя - 2": як мы з-за Меркель атрымаем дарагую зіму". "Чаму Пуцін выракае нас гэтай зімой на пякельныя кошты на энергію". "Больш усіх ад крызісу газавых цэнаў выйграла Расія". "Трэба вырвацца з газавай пасткі!". Такія загалоўкі можна ўбачыць цяпер на старонках і сайтах вядучых нямецкіх СМІ: газавы крызіс у Еўропе і тая роля, якую іграе ў ім Расія, сталі ў Германіі адной з галоўных тэм аналітычных артыкулаў, каментароў, рэплік.

Bild: Меркель гадамі адмахвалася ад папярэджанняў экспертаў

Так, у апошнія дні да гэтай тэмы літаральна з нумара ў нумар звяртаецца самая масавая ў Германіі бульварная газета Bild. У адным з артыкулаў гаворыцца: "Эксперты і палітыкі, дасведчаныя, як Расія зноў і зноў выкарыстоўвае энергію ў якасці зброі, гадамі папярэджвалі, што за новы газаправод на Балтыцы "Паўночны струмень - 2" давядзецца заплаціць палітычную цану. Прычым не толькі Украіне, але галоўным чынам Германіі".

Па меркаванні экспертаў, працягвае выданне, газаправод "стварае аднабаковую залежнасць, дазваляе Пуціну ўплываць на германскую палітыку і, галоўнае, дае яму ўладу прымусіць нас і іншых мерзнуць, калі мы не будзем гуляць па яго правілах". Аднак Ангела Меркель (Angela Merkel) "адмахвалася ад усіх папярэджанняў", паказвае Bild. Зараз Германіі пагражае "надзвычай дарагая зіма".

У іншай публікацыі Bild задаецца пытаннем: "У якой меры Герхард Шродар (Gerhard Schrоder) абвёў Меркель вакол пальца?". Выданне нагадвае, што былы канцлер ФРГ у якасці топ-менеджара "Газпрама" ўдзельнічаў у збудаванні "Паўночнага струменя - 2", а "Меркель, нягледзячы на шырокамаштабныя пратэсты, увесь час падтрымлівала гэты праект". Зараз газаправод дабудавалі, і "гаспадар Крамля Уладзімір Пуцін выкарыстоўвае яго менавіта так, як і папярэджвалі эксперты: ён шантажуе Германію і Еўропу!".

Бо цяпер "сябар Шродара Пуцін наўмысна пастаўляе па іншых трубаправодах занадта мала газу", таму цэны і ўзарваліся, лічыць газета. Фразу расійскага прэзідэнта пра тое, што Германіі варта "нізка пакланіцца Герхарду Шродару ў ножкі" за нізкія цэны на газ Bild расцаніла як "кепікі над мільёнамі спажыўцоў".

Die Zeit: Германія занадта зацыклілася на газе

На ролі былога і дзейснага (а таксама верагоднага будучага) канцлера ФРГ у цяперашнім газавым крызісе спыняецца і леваліберальны штотыднёвік Die Zeit. Яго каментатар лічыць, што Германія занадта зацыклілася толькі на адным энерганосьбіце - газе, а таму патрапіла ў празмерную залежнасць ад яго.

"Нямецкая газавая манія з'яўляецца вынікам шматлікіх памылак некалькіх федэральных урадаў. Усё пачалося з Герхарда Шродара ў 1998 годзе. Яго чырвона-зялёная кааліцыя хацела абавязкова адмовіцца ад атамнай энергіі. Аднак яе энергетычная рэвалюцыя аказалася не гэтулькі прарывам у бок узнаўляльнай энергетыкі, колькі вялікім паваротам у бок прыроднага газу", - гаворыцца ў каментары.

Яго аўтар нагадвае, што многія сацыял-дэмакраты выступалі тады за газавыя электрастанцыі, Шродар разам з Пуціным даў старт "Паўночнаму струменю - 1", у 2015 годзе пры сацыял-дэмакратычным міністры эканомікі і энергетыкі Зігмары Габрыэлі (Sigmar Gabriel) дамовіліся пра "Паўночны струмень - 2", а кансерватар Ангела Меркель разам са сваім віцэ-канцлерам і міністрам фінансаў сацыял-дэмакратам Олафам Шольцам (Olaf Scholz), верагодным наступным канцлерам ФРГ, "завяршылі пуцінскі праект".

"Тым часам Шродар і іншыя сацыял-дэмакратычныя палітыкі даўно ўжо зарабляюць грошы ў энергетычнай галіне. Да ўсяго іншага пры міністры эканомікі Габрыэлі менавіта "Газпраму" прадалі найбуйнейшае газасховішча Германіі", - гаворыцца далей у каментары Die Zeit.

Паводле СМІ.

Маёнткі Касцянёва і Паперня

Леанід Лаўрэш

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумарах.)

Пачалася Першая Сусветная вайна.

У 1915 г. у маёнткавым доме Касцянёва стаяў штаб рускага корпуса, і таму Яна Люцыяна Кастравіцкага з жонкай выселілі ў адзін з малых пакояў. Яго брат прыняў на сябе адміністраванне маёнтка Стрэліца, які належаў іх сваяку Сяклюцкаму, бо Сяклюцкія пакінулі дом і перасяліліся на Любельшчыну, дзе жыла мачаха Яна Кастравіцкага (гаспадар Стрэліцы быў жанаты з сястрой мачахі Яна). Менавіта ў той час, калі ў Касцянёва стаяў рускі штаб, увесь архіў разам з багатай бібліятэкай Кастравіцкіх быў вывезены ў маёнтак Стрэліца, які ляжаў ўдалечыні ад вялікіх дарог, сярод багністых лугоў і лясоў. Тут, у Стрэліцы Сяклюцкіх і былі закопаны куфры з паперамі Мяланні Кастравіцкай: яе лісты, дакументы, некалькі тэчак з гравюрамі, малюнкі, акварэлі і вялікая колькасць партрэтаў намаляваных алейнымі фарбамі, на адваротным баку гэтых партрэтаў меліся надпісы "Кароль рымскі" ці "Герцаг Рэйхштацкі" і іншыя сямейныя дакументы. Але адступаючыя рускія войскі палілі маёнткі, і хутка стала зразумела, што ў Стрэліцы таксама небяспечна. Высокапастаўленыя рускія афіцэры казалі, што яны спыняць нямецкі наступ на Нёмане, і таму мастацкія зборы і архівы, якія належалі абодвум маёнткам - Касцянёву і Стрэліцы, былі перавезены ў маёнтак Сеняжыцы на Наваградчыне, а тое, што вывезці не ўдалося, брат Яна Кастравіцкага аднаасобна вывез у лес і закапаў.

У канцы лета 1915 г. рускія войскі сілком пагналі Яна Люцыяна Кастравіцкага ў бежанства, а потым, нягледзячы на звальненне ад службы па стане здароўя, яго мабілізавалі ў армію. Ягоны брат застаўся ў Стрэліцы, дзе і памёр падчас нямецкай акупацыі. Таму ніхто не ведае, куды зніклі ўсе каштоўныя мастацкія зборы і архівы двух маёнткаў. Магчыма, са сховішча ў Сеняжыцах усе рэчы вывезлі немцы, але архіў, закапаны недзе пад Стрэліцай, гэтак і не быў знойдзены.


Калі Ян Кастравіцкі ў 1918 г. вярнуўся з Расіі, жылы дом у Касцянёве стаяў цалкам разгромлены - без вокнаў і дзвярэй, і толькі адзін пакой знаходзіўся ў адносна добрым стане - падчас вайны ў ім жыў нямецкі капрал, які кіраваў гаспадаркай (насамрэч ён быў не немец, а паляк з-пад Познані).

Апошні ўладальнік суседняга маёнтка Малое Мажэйкава Андрэй Брахоцкі пісаў: "… у Кастравіцкіх застаўся толькі маёнтак Касцянёва, які ў мае дзіцячыя гады меў каля 2 000 га. Гаспадарыў там Ян Люцыян Кастравіцкі - меў ён вялікія, але нерэальныя планы. Гэта давяло да таго, што калі я вярнуўся ў Малое Мажэйкава (у 1932 г. - Л. Л.), Касцянёва мела ўжо меней за 100 га, а ўладальнік кудысьці эміграваў, пакінуўшы тое, што засталося ад маёнтка, жонцы з двума малымі сынамі".


Трэба сказаць некалькі слоў пра сямейны склеп Кастравіцкіх на могілках Ішчалны. Ян Люцыян Кастравіцкі ў 1920-я гг. хаваў тут свайго маленькага сынка і пакінуў наступнае апісанне: "Пасля таго, як была адсунута пліта, якая замыкала ўваход, я убачыў досыць вялікія лёхі. Наўпрост ад увахода, на цаглянай падлозе былі бачны падэшвы скураных ботаў з халявамі, з якіх выглядалі косткі ног а далей ляжаў цэлы шкілет з чэрапам. Шкілет дзе-нідзе быў пакрыты кавалкамі сукна і нейкай срэбнай стужкай. Труны не было, яна збуцвела і рассыпалася ў прах, які быў бачны паміж костак шкілета. Па левым баку ад шкілета дзеда стаяла замкнутая труна яго жонкі і маёй бабулі, якая добра захавалася. Імя бабулі было бачна на таблічцы, якая абапіралася аб ніз гэтай дубовай труны. З правага боку было вольнае месца, але я не жадаў далёка заходзіць і таму маленькую труну майго сынка я паставіў каля ног яго прадзеда".


У 1930 - 2002 г.г. у доме Кастравіцкіх знаходзілася Касцянёўская школа.

З успамінаў былога дырэктара школы Родзевіч Соф'і Андрэеўны: "Да верасня 1939 г. тут была польская школа, пазней - руская. Дырэктарам школы ў 1939 г. быў Магер Люцыян Аляксандравіч. У гады вайны школа была зачынена, аднавіла сваю працу толькі ў 1945 г. Дырэктарам школы ў пасляваенныя гады была Каскевіч, пазней - Эсфіра Аляксандраўна Болтач".

- У час існавання школы, - успамінае настаўніца біялогіі Шостак Ганна Міхайлаўна, - у парку можна было праводзіць экскурсіі і ўрокі біялогіі. Тут багаты і разнастайны раслінны свет, шмат першацветаў. А нарцысы растуць па ўсім парку. Многа птушак. А ў той год, калі закрывалі нашу школу, гракі чамусьці не прыляцелі. Мо, адчувалі, што дрэвы старыя і віць гнёзды на іх небяспечна. З тых пор і не гняздуюцца тут.

Да гэтага часу засталіся 5 злучаных паміж сабой каналамі сажалак, у якіх гаспадары маёнтка займаліся вырошчваннем экзатычных відаў рыб, у тым ліку і стронгі. Сажалкі напаўняюцца вадой з крыніц, побач працякае рэчка Касцянёўка.


У 2011 годзе я разам сынам, тады яшчэ студэнтам, уважліва вывучаў дом у Касцянёве і, канешне ж, не мог не звярнуць увагі на вялікія падзямеллі пад домам. Чамусьці, закінутая сядзіба пашырала вакол сябе невытлумачальную трывогу і неспакой, як быццам не хацела пускаць мяне ў свае муры і заклікала з'ехаць. Потым больш нідзе і ніколі не меў я такога адчування ...


Коратка спынюся на маёнтку Паперня.

Вядома, што рэчка Ваверка цякла з малога возера, якое знаходзілася каля вёскі Навасады і ўпадала ў Лебяду насупраць Бешанкаў. Перад Лебядой мелася вялікая грэбля, якая стварала вялікі стаў. У гэтым месцы здаўна знаходзіўся маёнтак Малая Ваверка, якім у XVIII ст. валодалі князі Вішнявецкія. Інвентар Дзітвянскага ключа, да якога належала Малая Ваверка, напісаны ў 1653 г., паведамляе: "Пад тым фальваркам вялікі стаў, на якім паперня і млын, выплачана за іх паўтараста злотых". Праз нейкі час ад гэтай паперні атрымаў назву двор і вёска Паперня.

Каля сярэдзіны XVIII ст. Паперня ад князёў Вішнявецкіх перайшла да Кастравіцкіх герба Байбуза. Першым з Кастравіцкіх, які валодаў Паперняй, быў гродскі пісар, а потым лідскі лоўчы Самуэль Кастравіцкі, жанаты з Барбарай Сяклюцкай. Пасля Самуэля Кастравіцкага Паперня належала яго сыну Ігнату, каралеўскаму генерал-ад'ютанту, удзельніку кампаніі Напалеона.

Да Першай сусветнай вайны ў Паперні стаяў палац у стылі класіцызму. Сын апошняга ўладальніка маёнтка Ішчална Караль Лясковіч пісаў, што жылы дом у Ішчалне праектаваў той самы архітэктар, які праектаваў і будаваў палац у Паперні, "падобна, гэта быў італьянец, прозвішча яго страчана". Верагодным фундатарам палаца быў Ігнат Кастравіцкі.

Наступным уладальнікам Паперні быў сын Ігната Самуэль Кастравіцкі. Ён атрымаў у пасаг за жонку Залескую з Валыні статак чыстакроўных арабскіх коней, для якіх пабудаваў у Паперні цікавы будынак стайні, аздоблены порцікам на калонах, архітэктурна стайня гарманіравала з жылым домам.

Праз нейкі час у Паперні жыў сын Самуэля Люцыян Кастравіцкі. Каля 1860 г. ён прадаў Паперню Слізням. У акце продажу маёнтка было запісана, што ў выпадку, калі Слізні ў сваю чаргу вырашаць прадаць гэтую маёмасць, дык Кастравіцкія будуць мець прыярытэтнае права выкупіць Паперню (1000 га раллі і лясоў) за тыя ж грошы, за якія яны яе прадалі - за 200 000 рублёў золатам. Гэта ўмова павінна была быць дзейнай на працягу 100 гадоў пасля продажу маёнтка.

Новы ўладальнік маёнтка цешыўся ім не доўга. За падтрымку паўстання 1863 г. Слізня прымусілі прадаць Паперню расійцам Петуховым. У 1910-х гг. уладальнік Паперні калежскі дарадца Аляксандр Віктаравіч Петухоў працаваў членам Віленскага акруговага суда (на выязных сесіях бываў і старшынём суда) і жыў у Вільні па адрасе: вуліца Манастырская, свой дом № 15. Але яго жонка, хоць і была запісана па віленскім адрасе, насамрэч жыла ў сваім маёнтку, бо ў той час Кацярына Пятроўна Петухова ўваходзіла ў папячыцельскі савет Лідскай прыватнай жаночай гімназіі. Верагодна, у гэтай гімназіі вучылася дачка Петуховых.

Той жа сусед Паперні Андрэй Брахоцкі пісаў: "Паперня перайшла ў рускія рукі і ... там гаспадарыла пані Петухова, яе дзейнасць у асноўным, палягала ў спусташэнні і продажы маёнтка па кавалках".

На пачатку Першай сусветнай вайны Петуховы прадалі маёмасць нейкаму Клімовічу. Для абедзвюх гэтых сям'яў маёнтак быў толькі крыніцай хуткіх даходаў і таму пры іх гаспадаранні палац ператварыўся ў руіны, а каштоўны парк быў выцераблены і прададзены на драўніну. У 1913 г. ад парку засталіся рэшткі маладых дрэў, а жылой заставалася толькі малая частка палаца. Ян Люцыян Кастравіцкі наведаў Паперню ў 1913 г., але тагачасная ўладальніца маёнтка Петухова пусціла яго толькі ў салон і не дазволіла агледзець цалкам спустошаны палац.

Вядома, што да зруйнавання палац меў форму прастакутніка, у цэнтральнай частцы ён быў двухпавярховы, а па краях аднапавярховы. Да цэнтральнай, двухпавярховай часткі, прылягаў порцік на чатырох іанічных калонах. На трыкутным шчыце порціка, сярод упрыгожання з тынкоўкі ў выглядзе расліннага арнаменту, вылучаўся герб Байбуза. Акрамя гэтага, шчыт порціка ўпрыгожвалі дзве каменныя вазы, устаноўленыя сувосева з крайнімі калонамі. Над галоўнымі ўваходнымі дзвярыма быў невялікі балкон. Палац меў вялікія прастакутныя вокны, упрыгожаныя аблямаваннем і трыкутнымі вальмамі. З боку парку, сіметрычна ўваходнаму порціку, меўся рызаліт з тэрасай.

За ўваходнымі дзвярыма ў палац знаходзіўся хол-салон з падлогай з керамічнай кафлі. З салона ўлева і ўправа багата дэкараваныя дзверы вялі ў жылыя пакоі з ляпнінай на столі і падлогамі з каштоўнага дрэва. Чвэрць салона месцілася ў рызаліце і была аддзелена ад астатняга хола двума іанічнымі калонамі. Сцены салона ўнізе былі пакрыты драўлянымі панелямі, вышэй панелей мелася ўпрыгожванне з стукі (штучнага мармуру). Шырокі фрыз абягаў салон каля столі, падзеленай на кесоны. Вельмі цікава выглядалі дзве круглыя печкі з ліловай кафлі, увенчаныя шырокімі белымі вазамі, падобнымі на тыя, якія стаялі на порціку. З салона праз зашклёныя дзверы можна было выйсці на тэрасу, за якой рос прыгожы парк.

Парк у лепшыя гады займаў некалькі дзесяткаў гектараў і, падобна, быў цалкам агароджаны плотам з ажурнай цэглы з высокімі, мураванымі і атынкаванымі слупамі. Да ўязной брамы вяла алея са старых клёнаў. Перад палацам - паміж брамай і стайняй - меўся вялікі, на некалькі гектараў, траўнік, які паступова паніжаўся да вялікага става (30-40 га). Паміж палацам і ставам раслі бярозы, яны не перашкаджалі бачыць з палаца супрацьлеглы бераг става і лес за ім. Над ставам стаяў дастаткова вялікі мураваны млын. На гэтым месцы калісьці была фабрыка паперы, ад якой і атрымала назву мясцовасць.


У 1920-я гг. архіўныя дакументы з маёнтка Паперня тагачасныя гаспадары прадалі лепшаму гісторыку Лідчыны ХХ ст. Міхалу Шымялевічу і, у тым ліку і дзякуючы гэтаму чалавеку, мы ведаем гісторыю Касцянёва і Паперні.

Гетман, які заўсёды перамагаў

Гісторыя Магілёўшчыны

Прысвячаецца памяці Віктара Сяргеевіча Жарыкава

Сёлета адзначаецца 400 год бітвы пад Хацінам, якая адбылася ў 1621 годзе і доўжылася некалькі месяцаў. Магілёўскі літаратар Віталь Еўмянькоў некалькі год таму ў сваёй гістарычнай аповесці "Хацінская вайна" задаў наступнае пытанне: "Чым цікавая для нас - беларусаў XXI ст. - гэтая вайна? Канешне, перадусім тым, што геній нашага земляка, вялікага гетмана літоўскага Яна Караля Хадкевіча, здолеў разбіць магутнае 300-тысячнае войска турэцкага султана Асмана II".

Адным з самых выбітных беларускіх вайсковых дзеячоў старажытнасці з'яўляецца Ян Караль Хадкевіч. Нарадзіўся Ян Караль у 1560 годзе ў бацькоўскім мястэчку Заблудаве, што пад Беластокам, або ў Мышы на беразе рачулкі Мышанкі, дзе стаяў замак-палац (зараз Баранавіцкі раён). Хадкевічы паходзілі са старажытнага беларускага баярскага роду.

Пачатковай адукацыяй займаліся хатнія настаўнікі і маці. Як і яго старэйшыя браты - Геранім і Аляксандр - Ян Караль змалку ведаў беларускую, на той час дзяржаўную мову. Затым адпраўляецца вучыцца ў езуіцкі калегіюм у Вільні, дзе ў 1579 годзе ўрачыста вітае на лацінскай мове караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя. Кароль прарочыў Яну Каралю Хадкевічу: "Ён будзе вялікім воінам". Далейшую адукацыю працягваў у Заходняй Еўропе. Навучаўся ў Баварыі ва ўніверсітэце Інгальштадта. Аб'ездзіў Германію, Іспанію, Нідэрланды, Англію, Францыю, Італію. Па вяртанні на радзіму адбыўся падзел бацькавай спадчыны з братам. Яну дасталіся землі з Быхавам, Ляхавічамі, Свіслаччу і Гнезнам на Ваўкавышчыне, значныя ўладанні на Жамойці. А брат Аляксандр Хадкевіч пачаў валадарыць у Мышы і Шклове. У 1594 годзе казацтва на Украіне падняло паўстанне пад кіраўніцтвам Севярына Налівайкі. Пры задушэнні бунту Хадкевіч кіраваў ротай вершнікаў у складзе шляхецкага войска. Свае здольнасці паказаў пры аблозе табару Налівайкі пад Лубнамі. Затым былі паходы ў Трансільванію і Малдавію з Валахіяй, дзе Хадкевіч вызначыўся вялікай мужнасцю і адвагай. За кампанію ў Валахіі ён стаў польным гетманам - кіраўнком памежных войскаў і атрымаў адпаведную булаву. Менавіта з гэтага часу ён становіцца прафесійным вайскоўцам. Час пасля малдаўскага паходу Хадкевіч правёў у Ляхавічах, дзе займаўся будаўніцтвам мураванага палаца і царквы, ды ў мястэчку Быхаў на Магілёўшчыне. Менавіта дзякуючы намаганням Я. К. Хадкевіча першая палова 17 стагоддзя стала часам росквіту Быхава. Па звестках гісторыка Міколы Волкава горад у гэты час быў пераўтвораны ў наймагутнейшую фартэцыю на землях Вялікага Княства Літоўскага. Паўстала адна з найбольш вялікіх мураваных рэзідэнцый на ўсходзе Беларусі. Будаваўся мураваны замак, і вакол горада па перыметры насыпаліся земляныя валы. У пачатку адсыпкі земляных умацаванняў мясцовы ўраднік у чэрвені 1611 года запрашаў прыехаць гетмана асабіста і пракантраляваць работу па ўмацаванні Быхава і пісаў у лісце наступнае: "… работу, дрэнная, ці добрая, каб Ваша Міласць агледзеў, каб пазней не шкадаваць, лягчэй было б паправіць пакуль не высока". З архіўных крыніц таксама вядома, што бруствер на версе валоў Быхава быў зроблены з драўляных зрубаў, якія былі напоўнены пяском і закладзены зверху каменнем. Іх вышыня на паўлокця перавышала рост чалавека. Была заснаваная людвісарня, у якой адліваліся гарматы і званы для мясцовага арсенала і замка ў Ляхавічах. З Кракава былі запрошаны чацвёра латаранскіх канонікаў для заснавання каталіцкага кляштара. Быхаў пачаў пераўтварацца ў сучасны горад-фартэцыю, які ў будучым паспяхова вытрымаў не адну аблогу варожага войска.

У 1601 годзе пачалася доўгая вайна са Швецыяй, і кароль накіраваў Яна Хадкевіча ў Інфлянты як намесніка вялікага гетмана Крыштафа Радзівіла. А пасля смерці састарэлага Радзівіла Сойм перадаў Хадкевічу булаву вялікага гетмана (пасада ваеннага міністра). Грошай на аплату войска не хапала, пашыралася дэзертырства і марадзёрства. Прыходзілася наводзіць суровую дысцыпліну, не спыняючыся нават перад смяротнаю карай. Ян Хадкевіч мусіў быць не толькі палкаводцам, арганізатарам, але яшчэ палітыкам і руплівым гаспадаром. Неабходна было знаходзіць правіянт і зброю для войска, на зіму, калі не вяліся вайсковыя дзеянні, размяшчаць жаўнераў. Часам Магілёўская эканомія прымала да сябе на пастой па 230 крылатых гусараў. Улетку 1605 года шведскі кароль Карл IX накіраваў у Інфлянты 13 тысяч вайскоўцаў, запланаваўшы захапіць Падзвінне з Рыгай. Войска Хадкевіча налічвала ўсяго 4 тысячы чалавек. Калі шведскі кароль даведаўся пра невялікую колькасць беларускага войска, то ён хацеў накіраваць супраць яго толькі частку сваіх сілаў. Але ягоныя ваеначальнікі, якія ўжо былі знаёмыя з сілай гусарскіх харугваў Хадкевіча патлумачылі свайму каралю: "Хутчэй Дзвіна паверне назад, чым каралеўская міласць убачыць уцёкі ліцвінаў". Вырашальная бітва адбылася напрыканцы верасня ля мястэчка Кірхгольм. І, дзякуючы вайсковаму генію Хадкевіча, утрая большае войска шведаў было разбіта. Ледзь уратаваўся і сам паранены Карл IX, пад якім быў забіты конь. З трыумфам уступіў Ян Караль Хадкевіч у Рыгу, маючы з сабой 60 трафейных сцягоў і 11 гарматаў. Розгалас пра гэтую вікторыю шырока разляцеўся па свеце. Еўрапейскія манархі і папа рымскі слалі віншаванні Хадкевічу. Асаблівы ўздым быў на Бацькаўшчыне, бо большая частка войска была менавіта з Беларусі.

У 1608 годзе шведы ізноў высадзіліся на безабаронным узбярэжжы Латвіі. Хадкевіч, не дачакаўшыся дапамогі караля, узяўся адваёўваць страчанае. Пры падтрымцы некаторых магнатаў, уклаўшы не толькі ўласныя, але і жончыны грошы, здолеў у гэтую кампанію 12-ці тысячнаму шведскаму войску супрацьпаставіць толькі дзве тысячы жаўнераў. Шведскі кароль Карл захапіў некалькі гарадоў і цвердзяў і прыступіў да аблогі Рыгі. Хадкевічу ўдалося ў сакавіку 1609 захапіць цвердзь Парнаву. Але самымі галоўнымі трафеямі былі два шведскія караблі з гарматамі. І гетман выйграў яшчэ і марскую бітву пры вусці ракі Салакі. У выніку марской бітвы некалькі шведскіх караблёў згарэла. Не вытрымаўшы імклівага і дзёрзкага націску нашых ваяроў, астатнія шведскія караблі вымушаны былі шукаць ратунак у адкрытым моры. Гэта была, напэўна, першая ў беларускай ваеннай гісторыі марская бітва.

Пад Рыгай Хадкевіч сустрэў гэткае вялікае шведскае войска, што распачынаць бітву было самагубствам. Тады Хадкевіч павярнуў да Дзвіны і пачаў дэманстраваць баязлівае адступленне. Шведскі ваеначальнік Мансфельд быў упэўнены ў перамозе, бо ён меў 14 тысяч войска супраць 2 тысяч Хадкевіча. Шведы кінуліся пераследаваць нашыя войскі, але раптам ліцвіны з засады кінуліся ў бой і зламалі супраціў ворага. Пабіты Мансфельд пайшоў з-пад Рыгі. Яну Каралю Хадкевічу давялося прыняць ўдзел у паходзе на Маскву ў вайне Рэчы Паспалітай з Расіяй ў 1609 - 18 гадах. Камандаваў войскам у паходах 1611 года на Маскву, правозіў у 1611-12 гадах харчаванне і баепрыпасы для польска - беларускага гарнізона ў Крамлі. У жніўні-верасні 1612 года штурмаваў Маскву, але прабіцца ў Крэмль на дапамогу гарнізону не здолеў. У 1613-15 гадах абараняў Смаленскае ваяводства ад расійскіх ваявод. У 1617-18 гадах узначаліў войска, якое пайшло з каралевічам Уладзіславам (фармальна царом Расіі з 1610 года) здабываць маскоўскі трон. Разам з украінскім казацкім войскам гетмана Канашэвіча-Сагайдачнага заняў сяло Тушына, аднак агульны штурм Масквы не ўдаўся, пасля чаго было падпісана перамір'е.

Ян Караль Хадкевіч усё жыццё правёў у паходах і войнах. Усё часцейнагадвалі пра сябе старыя раны і абвостраная хвароба нырак. Але зноў не давялося спачываць у сям'і побач з роднымі ў сваім маёнтку. Пачыналася вайна з Асманскай імперыяй. І з усёй Рэчы Паспалітай сойм і кароль лепшым кіраўніком нашага войска абралі Яна Караля Хадкевіча, бо кароннае войска ў 1620 годзе было разбіта і страціла абодвух гетманаў у бітве з туркамі і крымскімі татарамі. Заахвочаны перамогамі султан Асман II пачаў рыхтаваць паход на поўнач з жаданнем дайсці да Балтыйскага мора. У чэрвені 1621 года вялізная турэцкая армія, якая налічвала больш за 200 тысяч ваяроў, рушыла ў бок Малдавіі і Украіны. Войска Рэчы Паспалітай налічвала каля 60 тысяч, палову з якіх складалі ўкраінскія казакі пад камандаваннем гетмана Канашэвіча - Сагайдачнага, даўняга сябра Хадкевіча. Бітва адбылася каля Хацінскага замка на Днястры, што месціўся на тэрыторыі Малдовы. Частка ўмацаванняў абапіралася на Хацінскі мураваны замак, які будавалі беларускія майстры яшчэ пры Вітаўце Вялікім. Даведаўшыся пра самаўпэўненасць і вялікія планы турэцкага султана гетман трапна выказаўся па-беларуску: "Сярдзіты сабака - ваўкам страва". 2 верасня перадавыя турэцкія часткі са стакіламетровай калоны падышлі пад Хацін і адразу атакавалі запарожскіх казакаў. Хадкевіч вывеў сваіх ваяроў і прамовіў моцныя словы для ўзняцця баявога духу жаўнераў: "Зваліцеся на гэтых агіднікаў, змятайце іх ацяжэлыя цюрбанамі галовы зручным пакосам шабляў. Вось Днестр ззаду непраходны, а вось наўкол залева турэцкіх і татарскіх сціжмаў. Няма ніякай спадзеўкі на ўцёкі - тут нам біцца і перамагчы альбо загінуць…"

Штурмы туркамі вяліся на працягу месяца. Войскі Рэчы Паспалітай рабілі ўдалыя контратакі і вылазкі. Шматкроць свае харугвы беларускіх гусараў выводзіў у бой сам гетман. Пры тым у гэты час Ян Караль моцна пакутваў ад цяжкай хваробы, знясілены няспыннымі вайсковымі паходамі.

Ян Караль Хадкевіч 18 верасня склікаў вайсковую нараду. Сам смяротна хворы, гетман не меў сілы ўзняцца з ложка. Паставіў пытанне на нарадзе: змагацца далей з туркамі ці лепей адыйсці ад Хаціна? Першым адазваўся казацкі гетман: "Лепей з годнасцю за Айчыну паміраць, чым кідацца наўцёкі, нягодныя людзей рыцарскіх". Мужнага казака падтрымалі і астатнія ваяры. Баявы дух абаронцаў узняўся. Але стан здароўя гетмана пагаршаўся. Пасівелы ваяр дажываў апошнія дні, змучаны хваробай нырак і падаграй. 23 верасня Ян Караль Хадкевіч, ужо зусім бязмоўны, перадаў гетманскую булаву свайму намесніку Любамірскаму, а назаўтра адышоў у лепшы свет. Як занатаваў адзін з сучаснікаў: "Пан гетман памёр, а з ім вялікае шчасце Айчыны мілай". Туркі адразу акрыялі, дазнаўшыся аб смерці вялікага ваяра, але іх сілы ўжо былі надламаныя ўпартай абаронай нашых войскаў. Няўдачы наступных штурмаў зламаць супраціў войска Рэчы Паспалітай прымусіла султана Асмана пайсці на замірэнне. 9 кастрычніка быў падпісаны мір. Мяжа паміж Асманскай імперыяй і Рэчай Паспалітай пакідалася ранейшай. 14 кастрычніка 1621 года ў Камянец - Падольску было ўрачыста пахавана цела Яна Караля Хадкевіча. Але праз некалькі тыдняў маладая ўдава перавезла труну з нябожчыкам у Астрог на Валыні. У 19 стагоддзі касцёл, дзе знайшоў свой спачын вялікі гетман, згарэў і быў затым зруйнаваны. Але сэрца Хадкевіча знайшло спачын на беларускай зямлі - у касцёле Бераставіцы, што на Гарадзеншчыне. На Яне Каралі Хадкевічы спынілася быхаўская лінія Хадкевічаў, і Быхаўскае ўладанне перайшлро да Сапегаў.

Імя гетмана Хадкевіча яшчэ пры жыцці стала легендарным. Яму прысвячалі і прысвячаюць свае творы мастакі і паэты. Сусветнавядомы фламандскі мастак Антоніс ван Дэйк напісаў партрэт Я.К. Хадкевіча. Вядомы беларускі пісьменнік і гісторык Міхась Чарняўскі выдаў кнігу "Правадыр крылатых вершнікаў", якая распавядае пра нашага слыннага земляка. Ян Караль Хадкевіч і яго бліскучыя перамогі вартыя нашай памяці і пашаны.

Алег Дзьячкоў. Магілёў. Кастрычнік 2021 г.

Гуды гудзелі!

У Лідскім раёне адзначылі свята бульбы

Аграгарадок Гуды гудзеў у прамым сэнсе - тут адзначалі свята бульбы.

- Ці каштавалі вы калі-небудзь бульбу "ў дэпрэсіі"? - пытаецца вядоўца.

- Не-е-е, - адмоўна круцяць галовамі прысутныя.

- Як гэта, даражэнькія, не каштавалі? А бульбяное пюрэ? Гэта тая ж бульба, але ве-е-льмі "прыгнечаная".

Вяскоўцы заходзяцца ад смеху. Жарты, песні, спаборніцтвы - і ўсё на "бульбяную" тэму. У мінулую нядзелю аграгарадок Гуды гудзеў у прамым сэнсе - тут адзначалі свята бульбы.

- Люблю бываць на такіх мерапрыемствах: яны заўжды вясёлыя, душэўныя, шчодрыя на эмоцыі, - дзеліцца са мной Вольга Станкуць. - Я жыву ў вёсцы Дуброўня, але Гуды - мая радзіма, тут я нарадзілася, тут засталася мая матуля. Сёння мы з дачкой завіталі да яе ў госці, а заадно - і на свята бульбы. Цудоўна бавілі час!

"Каларадскія жукі" супраць "Бульбачкі"

Як толькі жываты гледачоў трохі адпусціла ад смеху, вядоўцы зноў распачалі іх весяліць. На гэты раз жартоўнымі спаборніцтвамі. Добраахвотнікаў сабралі ў дзве каманды: мужчынскую (пад недвухсэнсоўнай назвай "Каларадскія жукі") і жаночую (пад ласкавай назвай "Бульбачкі"). Гульцам прапанавалася прайсці ўсе этапы на шляху да атрымання ўраджаю: ад пасадкі, праполкі і баранавання бульбы да яе капання і ўзважвання. З якой самаадданасцю змагаліся паміж сабой каманды! Не шкадавалі ні абутку, ні сіл, ні голасу. Перамагло, зразумела, сяброўства.

Тут і "Лель", і "Скарб", і "Авацыя"

Нездарма кажуць, што бульба - гэта другі хлеб для беларусаў. Колькі розных страў можна з яе прыгатаваць, іншаземец і ўявіць сабе не зможа. А мы, беларусы, ведаем, можам і практыкуем! Стол, які Таццяна Рубава падрыхтавала спецыяльна для гэтага свята, ламаўся ад прысмакаў. На маё пытанне, колькі часу ёй спатрэбілася на такі кулінарны подзвіг (іншымі словамі і назваць нельга), сціпла адказала: "Усяго вечар".

- Бульба ў гаршчках, бульбяны пірог з грыбамі, бульба вараная, печаная з цыбуляй, модная сёння фры, - паказваючы на стравы, пералічвае гаспадыня. - Адных дранікаў аж тры віды: вялікія са шкваркамі, малыя з мясам і нават з тварагом.

А чаму б не ласавацца любімымі стравамі хоць кожны дзень, калі бульбы ў жыхароў нашага краю заўжды ў дастатку? Аграгарадок Гуды ўваходзіць у склад РСУП "Саўгас "Лідскі"", якое славіцца ў раёне бульбянымі палямі. Кожны год тут збіраюць багаты ўраджай другога хлеба. Вырошчваюць пяць гатункаў бульбы: "Лель", "Нара", "Маніфест", "Скарб" і "Авацыя". Усе яны былі прадстаўленыя на імправізаванай выставе.

Уся справа ў кісялі

І хаця вясковае свята не мела такога грандыёзнага размаху, як, напрыклад, гарадскія мерапрыемствы, падзівіцца тут усё роўна было чаму. Напрыклад, дзяўчына, апранутая ў арыгінальны касцюм, частавала нейкім ружовым напоем. Што гэта за персанаж, я здагадалася не адразу.

- Міс Восень? - цікаўлюся я.

- Не!

- Віноўніца свята - бульбачка?

- Не!

- Ды гэта ж кісель! - падказваюць мне побач дзеці.

Сапраўды, пра кісель, любімы напой беларусаў (які гатуюць, дарэчы, з бульбянога крухмалу), я і забылася. Гарачы, салодкі, з водарам журавін - ідэальны напой для таго, каб сагрэцца восеньскім вечарам! Гэта вам не заморскі глінтвейн…

"Бульба сёння, бульба ўчора, а без бульбы проста гора"

Гэтыя радкі з песні падпявалі ўсёй вёскай. Трэба адзначыць, што без творчых калектываў, якія выступалі ў той дзень, свята не атрымалася б. Музычныя падарункі падрыхтавалі народны хор "Скарбніца" ААТ "Завод "Оптык"", сямейны ансамбль Парфенчыкаў Бердаўскага цэнтра культуры і вольнага часу, а таксама спевакі Дзітвянскага, Дварышчанскага, Ганчарскага, Першамайскага дамоў культуры.

Страва ад шэф-кухара

Такое лагоднае выдалася ў той дзень надвор'е, што адзначаць свята бульбы можна было аж да ночы. Але чамусьці думкі былі ўжо аб іншым. Справа ў тым, что ў казане заканчвала тушыцца бульба ад паляўнічага - фірменная страва арганізатараў мерапрыемства. Нарэшце, шэф-кухар запрасіў да стала. Пачаставацца стравай, водар якой разышоўся па ўсёй ваколіцы, пашчасціла і мне. Здаецца, інгрэдыенты вельмі простыя, але атрымаўся сапраўдны кулінарны шэдэўр (для паважаных чытачоў нават даведалася пра рэцэпт). Вярталася дадому пад'еўшая і задаволеная. Свята бульбы - якраз той выпадак, калі можна папрацаваць і за ежу!

Рэцэпт бульбы ад паляўнічага ў казане

Бульбу пачысціць, памыць і парэзаць брусочкамі. Падсмажыць яе ў казане на алеі з дабаўленнем солі і размарыну. Бульбу часова перакласці ў іншы посуд, а ў казане на тым жа алеі абсмажыць яшчэ моркву і цыбулю, нашынкаваную кольцамі. Калі агародніна гатовая, дабавіць туды два зубчыкі часныку і некалькі лыжак аджыкі, а затым каўбаскі ад паляўнічага. Даць пратушыцца. Затым да гэтых інгрэдыентаў адправіць і падсмажаную бульбачку. Зверху пасыпаць зелянінай і накрыць накрыўкай, каб страва трохі патамілася. Смачна есці!

Для прыгатавання спатрэбяцца:

1. Бульба.

2. Каўбаскі ад паляўнічага.

3. Дзве лыжкі аджыкі.

4. Морква.

5. Цыбуля.

6. Два зубчыкі часныку.

7. Соль.

8. Спецыі.

9. Размарын.

Наталля Ваўконаўская.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX