Папярэдняя старонка: 2021

№ 43 (1558) 


Дадана: 27-10-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 43 (1558), 28 кастрычніка 2021 г.

2-га лістапада - Дзяды

Адбылося паседжанне сакратарыята ТБМ

18 кастрычніка прайшло чарговае паседжанне сакратарыята ТБМ. Прынялі новых сяброў у нашы шэрагі, абмеркавалі сітуацыю з выданнем "Нашага слова", з сядзібай у Баранавіцкім раёне. У сувязі з цяжкай эпідэміялагічнай сітуацыяй вырашылі перанесці паседжанне Рады ТБМ на снежань. Канкрэтную дату прызначыць сакратарыят на наступным паседжанні. На заканчэнне былі разгледжаны кадравыя пытанні. У нас з'явілася неабходнасць прызначыць сакратара, метадыста і кіраўніка справамі ТБМ.

Алена Анісім.

Пра вуліцу імя Ніла Гілевіча

У.Я. Кухараву,

старшыні Мінскага гарвыканкама

пр-кт Незалежнасці, д. 8,

220030, г. Мінск

Шаноўны Уладзімір Яўгенавіч!

30 верасня 2021 г. выдатнаму паэту, народнаму пісьменніку Беларусі, вядомаму грамадскаму дзеячу Нілу Гілевічу споўнілася б 90 гадоў. Уся яго дзейнасць, навуковы шлях звязаны з беларускай сталіцай.

У сувязі з гэтым просім Вас прыняць рашэнне аб наданні імя Ніла Гілевіча адной з вуліц г. Мінска.

З павагай, Старшыня ТБМ А.М. Анісім.


Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Анісім А.М.

Аб разглядзе звароту

Паважаная Алена Мікалаеўна!

Па даручэнні кіраўніцтва Мінскага гарвыканкама Ваш зварот па пытанні прысваення імя Ніла Гілевіча адной з новых вуліц г. Мінска разгледжаны ва ўпраўленні культуры Мінгарвыканкама, на якое ўскладзены функцыі, звязаныя з рэалізацыяй Закона Рэспублікі Беларусь "О наименованиях географических объектов", па пытаннях прысваення найменняў састаўным часткам г. Мінска (рашэнне Мінгарвыканкама ад 25.08.2011 № 2495).

Паведамляем, што імя Ніла Гілевіча значыцца ў спісе прапанаваных арганізацыямі назваў для новых вуліц г. Мінска, у ліку якіх імёны Васіля Быкава, Эдварда Вайніловіча, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Тадэвуша Рэйтана, Алеся Адамовіча і іншых.

Ваша прапанова накіравана ў камісію па найменаванні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых састаўных частак г. Мінска і будзе ўлічана пры прысваенні найменняў састаўным часткам сталіцы.

Начальнік упраўлення В.П. Брэль.

Паважаныя сябры ТБМ, кіраўнікі суполак, раённых, гарадскіх арганізацый!

Згодна з рашэннем Рады ад студзеня 2021 г. мы павінны закончыць унутраную перарэгістрацыю. Таму прашу тэрмінова даслаць на адрас ТБМ агульную колькасць сяброў у сваіх структурах. Таксама вельмі прашу актывізаваць збор складак і ахвяраванняў (хто яшчэ не заплаціў), бо да канца гэтага месяца нам трэба заплаціць за арэнду памяшкання паўтары тысячы беларускіх рублёў. Пакуль мы легальныя, мы мусім аплочваць сваю сядзібу, дзе праходзяць заняткі, курсы, а таксама справаздачныя сходы. Крыніца фінансавання ў нас адна - толькі нашы складкі і ахвяраванні. Наша сіла - у нашай згуртаванасці.

Дзякуй усім за падтрымку і за дапамогу!

Старшыня ТБМ Алена Анісім.

ШТО ТРЭБА ВЕДАЦЬ КОЖНАМУ НЯСВІЖЦУ

Да чарговых заняткаў клуба "Старонкі гісторыі", што меліся адбыцца ў кватэры-музеі Міхала Сеўрука, рыхтавалася асабліва адказна. Нагодаў на тое было некалькі. Па-першае, само месца правядзення накладвала адказнасць. Па-другое, да заняткаў, апроч пажылых людзей - наведвальнікаў раённага сацыяльнага цэнтра - збіралася далучыцца група нясвіжскіх школьнікаў. Рознаўзроставы склад слухачоў патрабаваў і адпаведных методык-падыходаў. Але галоўны клопат - гэта тэма "Міхал Сяўрук і яго "Жніво". Было імкненне як найлепш давесці мо і не асабліва дасведчаным у тонкасцях выяўленчага мастацтва людзям веліч асобы нашага земляка, значнасць створанага ім.

Падчас заняткаў слухачы змаглі запоўніць для сябе карткі "Геаграфія лёсу М. Сеўрука" і "Геаграфія вандровак "Жніва". Даведаліся пра абставіны напісання "самай беларускай карціны міжваеннага часу". Скарыстоўваючы рэпрадукцыі, параўноўвалі "Жніво" з "Партызанскай мадоннай" Міхася Савіцкага, ваказвалі свае меркаванні.

Не толькі для школьнікаў, але і для пажылых карэнных нясвіжцаў было адкрыццём тое, што візітоўка Сеўрука, самае знакавае і велічнае яго палатно з гадоў вайны аж да 1980 года захоўвалася ў … нашым Нясвіжы, у невялічкай кватэрцы мастака па вуліцы Садовай. За увесь гэты час яно нідзе ніводнага разу не экспанавалася. І толькі пасля смерці майстра шэдэўр трапіў ў сталую экспазіцыю Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Чаго было больш падчас заняткаў - захаплення ці абыякавасці, здзіўлення ці расчаравання, радасці ці дакору - не ўзважвалі на вагах.

А для сябе раблю высновы:

- добра, што людзі задумляюцца: чаму мы пра гэта не ведалі? Чаму ў Нясвіжы пры жыцці мастака не было зладжана ніводнай выставы? Чаму музей, які займеў як спадчыну ад Міхала Сеўрука больш за тысячу яго работ і іншых рэліквій, не пашырае экспазіцыйную плошчу і не мае ўмоў для зменных экспазіцый;

- добра, што (хай і адзінкі) узнімаюцца да прапановы-мары: трэба, каб ў кватэры-музеі хоць калі зноў пабывала "Жніво";

- мабыць, варта складаць спіс: што трэба ведаць кожнаму нясвіжцу - так бы мовіць, своеасаблівы культурны мінімум, якім трэба валодаць, які трэба спасцігаць і ў школе, і пазней; і ў падлеткавым узросце, і ў "залатым"; і з дапамогай настаўнікаў, экскурсаводаў, аматараў-валанцёраў… і самому па сабе - сённяшні час дае для гэтага вялікія магчымасці - было б усведамленне і жаданне;

- трэба ладзіць новыя сустрэчы з творчасцю аўтара "самай беларускай" карціны", найлепшага вучня Фердынанда Рушчыца.

Наталля Плакса, валанцёр клуба "Старонкі гісторыі". Нясвіж.

Мікола Шчакаціхін - заснавальнік беларускага мастацтвазнаўства

Гэтай восенню мы адзначаем дзве вельмі важныя даты ў гісторыі беларускай культуры і мастацтва. У кастрычніку споўнілася сто гадоў з часу стварэння Інстытута беларускай культуры і 125 гадоў з дня нараджэння ўнікальнага чалавека, гісторыка мастацтва і архітэктуры, выкладчыка і педагога Мікалая Шчакаціхіна.

Калі ён апынуўся на Беларусі, прыехаўшы сюды з Расіі, то так захапіўся нашай культурай, гісторыяй і мовай, што ўжо ў 1923-1924 вучэбным годзе, будучы выкладчыкам БДУ, прачытаў па-беларуску для студэнтаў універсітэта ўпершыню курс па гісторыі беларускага мастацтва, пачынаючы з эпохі неаліту. Абараніўшы па гэтай тэме кандыдацкую дысертацыю і стаўшы дацэнтам БДУ ў 1925 г. ён быў запрошаны на працу ў Інстытут беларускай культуры, дзе стварае Камісію гісторыі мастацтва і ставіць пытанне аб стварэнні ў Беларусі вышэйшай мастацкай школы альбо акадэміі.

Адначасова ён вывучае помнікі старажытнага дойлідства ў Полацку і Менску і збіраецца напісаць і выдаць пяць тамоў па гісторыі беларускага мастацтва. Першы том, які разглядае гісторыю нашага мастацтва ад старажытнасці да ХVI ст. выдае ў 1928 годзе друкарня Інбелкульту пад рэдакцыяй Вацлава Ластоўскага. У 1929 г. ён становіцца навуковым супрацоўнікам Беларускай Акадэміі навук, дзе працягвае плённа працаваць.

Аднак пачаліся сталінскія рэпрэсіі, і летам 1930 г. яго арыштавалі і выслалі на пяць гадоў у Башкірыю, дзе ён і памірае, маючы толькі 44 гады.

Я хачу спыніцца толькі на вывучэнні Шчакаціхіным беларускага мураванага дойлідства ХІ - ХVI стст. і адзначыць яго досвед у гэтым пытанні.

Даследчык адзначаў, што першым навукоўцам, які ў 1918-1919 гг. вылучыў беларускае мастацтва як самастойную еўрапейскую плынь, быў нямецкі даследчык Альбэрт Іпель. М. Шчакаціхін прадоўжыў яго думку і напісаў для сваёй кнігі вялікі раздзел "Царкоўная архітэктура ХІ-XII стст." Ён адзначаў вялікі ўплыў на беларускае мураванае дойлідства візантыйскіх архітэктурных формаў, у тым ліку і пераробленых правінцыйных візантыйскіх формаў 1.

Акрамя таго, ён падрабязна апісаў муроўкі Полацкага Сафійскага сабора XI ст. і ўказаў сярэднюю таўшчыню плінфы з гэтай муроўкі (2,5 см). У якасці аналагаў прывёў муроўку кіеўскіх і чарнігаўскіх храмаў. М. Шчакаціхін дэталёва вывучаў муры і Дабравешчанскай царквы ў Віцебску. Ён адзначыў, што муроўка храма вельмі падобная да візантыйскіх узораў. Яна складаецца з тонкай, даўгаватай, але часам і з квадратнай плінфы, якая пакладзена разам з тоўстымі вапняковымі плітамі. Прычым два пласты цэглы чаргуюцца з вапняковым пластом, але ёсць выпадкі, калі колькасць пластоў цэглы даходзіць да трох (нават чатырох). М. Шчакаціхін пісаў: "...у першапачатковым відзе фасады царквы не мелі аднастайнае афарбоўкі, але ажыўляліся праслойкай чырвонае цэглы на жоўта-шэрым фоне вапняку". Даследчык прасачыў цэглу XIV ст. у рэштках ранейшых скляпенняў храма, што сведчыла пра яго рамонт у часы Альгерда. Звярнуў увагу навуковец і на муроўку Спаса-Праабражэнскай царквы. Гэта чыста цагляная муроўка "...з асобным прыёмам маркіроўкі прамежкавых шэрагаў цэглы з дапамогай досыць шырокіх пластоў надворнага тынку". (Цяпер мы гэтую муроўку называем муроўкай са схаваным шэрагам.)

М. Шчакаціхін падрабязна разгледзеў будаўнічую тэхніку Каложскай царквы XII ст. Ён лічыў, што ўжыванне ў якасці асноўных дэкаратыўных элементаў сцен Каложскага храма разнастайных паліваных плітак і шліфаваных гранітных камянёў, размешчаных у пэўным парадку, мае аналогіі ў мармуровых і алябастравых аздобах, уласцівых для храмаў Візантыі і Усходу. Аналізуючы шматлікія галаснікі, умураваныя ў сцены царквы, ён палічыў, што частка з іх, якая знаходзіцца ў сярэдніх частках сцен храма, - гэта галаснікі-рэзанатары, а тыя, што залягаюць у верхніх частках муроў, мелі яшчэ і тэхнічныя мэты. На яго думку, "калажанская галасьніковая сыстэма, калі не цалком, дык часткова, магла мець заходняе пахаджэньне".

Мікола Шчакаціхін быў першым беларускім даследчыкам, які звярнуў увагу на будаўнічую тэхніку нашых замкаў. Ён пісаў, што асноўныя замкавыя муры будавалі з "груба апрацаваных вапняковых пліт, або нават з натуральнага неапрацаванага каменьня, да якога часам прымешваліся кавалкі бітае цэглы, і ўсё залівалася цэмантнай рашчынай. Чыстая цэгла ўжывалася параўнальна рэдка, і амаль што ніколі ня была выключным будаўнічым матар'ялам. Толькі ў некаторых выпадках мурам надаваўся выгляд цаглянае будовы, - але гэта дасягалася з дапамогаю абліцоўкі муроў, збудаваных тэй самай вышэйпамянёнай зьмешанай кладкай".

Грунтоўнае вывучэнне замкавага дойлідства Вялікага Княства Літоўскага (далей - ВКЛ) дазволіла яму ўпершыню вылучыць некаторыя рысы беларускай готыкі, напрыклад паступовае ўзнікненне і развіццё гатычнай спічастай аркі і замена яе на паўцыркульную ці пашырэнне зорчатых скляпенняў.

У сваёй кнізе М. Шчакаціхін не абмінуў будаўнічую тэхніку Мірскага замка. Ён пісаў, што замак зроблены з камянёў і добра абпаленай ды роўна пакладзенай цэглы. Муроўка ўсюды вельмі моцная, а форма цэглы - звычайная, падоўжаная. Яшчэ адна прыкмета беларускай готыкі, вылучаная М. Шчакаціхіным, гэта існаванне чатырохвежавага царкоўнага ці касцельнага будынка XVІ ст. Фактычна М. Шчакаціхін першым вызначыў розныя напрамкі будаўнічай тэхнікі беларускага мураванага дойлідства XI-XII і ХІV-ХVІ стст. 2

Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук.

1 Шчакаціхін, М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва / М. Шчакаціхін. - Менск, 1928. - Т. 1. Перавыдадзена ў 1993 г.: Шчакаціхін, М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва / М. Шчакаціхін. - Мінск: Навука і тэхніка, 1993.

2 Шчакаціхін, М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва / М. Шчакаціхін. - Мінск: Навука і тэхніка, 1993. - С. 79, 114, 134, 144.

Памёр стваральнік Саюза беларускіх патрыётаў Антон Фурс

Памёр Антон Фурс. Пра гэта паведаміў на фэйсбуку яго сын Юрый. Антон Фурс быў вязнем ГУЛАГу, у 1947 годзе атрымаў 15 гадоў лагераў за прыналежнасць да "Саюза беларускіх патрыётаў" - арганізацыі вучнёўскай моладзі, якая ставіла сабе за мэту барацьбу з русіфікацыяй і захаванне беларускай культуры і ідэалаў беларускай незалежнасці. Антон Фурс нарадзіўся ў 1927 годзе ў мястэчку Язна. У 1944 годзе паступіў у педагагічную вучэльню ў Глыбокім. Моладзь бачыла выцісканне беларускай мовы з навучальнага працэсу - і пастанавіла адказаць на гэта, стварылі арганізацыю, натхніўшыся прыкладам таемных гурткоў філаматаў і філарэтаў у Вільні пры Расійскай Імперыі. 25 сакавіка 1946 года, сабраўшыся на паддашшы дома ў Глыбокім, сябры СБП прынеслі прысягу на вернасць ідэалам незалежнай Беларусі. Падчас гэтай таемнай урачыстасці на сцяне была вывешана Пагоня - яе намалявала Алеся Умпіровіч з Пастаўскай вучэльні, якая пасля лагераў стала жонкай Антона. У 1947 годзе адбыліся масавыя арышты сябраў арганізацыі. Усе яны атрымалі вялікія тэрміны ў лагерах - да 25 гадоў, але большасць выйшла пасля перагляду справаў неўзабаве пасля смерці Сталіна, адседзеўшы прыкладна па дзесяць год. Вярнуўшыся з лагераў, Антон Фурс узяў шлюб з Алесяй Умпіровіч, якая ўдзельнічала ў дзейнасці СБП у Паставах і таксама вярнулася з ГУЛАГу. Яны пражылі разам да 2017 года, калі Алеся памерла. Большую частку жыцця яны пражылі ў Казахстане, паехалі туды самі, бо на радзіме Антона не бралі на працу. Перыядычна прыязджалі ў Беларусь, адведвалі Ларысу Геніюш, з якой Алеся адбывала пакаранне ў лагерах. Усё жыццё Антон Фурс быў верным ідэалам вольнай, незалежнай і беларускай Беларусі. У 1984 годзе, калі выйшлі на пенсію, вярнуліся на радзіму, купілі палову дома ў Паставах. Другую палову займаў былы лагерны ахоўнік, які часам казаў: "Я бы вас всех назад отправил!" І ў глыбокай старасці Антон цікавіўся беларускімі справамі, чытаў беларускія газеты, глядзеў беларускамоўнае тэлебачанне, наведваў сходы пастаўскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы. У 2013 годзе пра СБП быў зняты фільм "Глыбоцкая змова", паказаны на тэлебачанні. У 2019 годзе - фрагмент інтэрв'ю з ім быў паказаны ў перадачы Stop Josta на літоўскім канале "LRT Plus". У жніўні 2020 года, Антон Фурс разам з іншымі жыхарамі Паставаў быў на Плошчы. Прынамсі, ён мог пераканацца, што ідэя, якой ён ахвяраваў сваю маладосць, не знікла, што за яе змагаюцца маладыя. Пахаванне Антона Фурса адбылося 20 кастрычніка на могілках у Паставах.

Кастусь Шыталь, краязнавец.

Выйшаў з друку канверт, прысвечаны Тадэвушу Касцюшку

Калекцыянер, выдавец і шчыры аматар жыцця і дзейнасці Тадэвуша Касцюшкі (1746-1817) Ігар Федасенка шмат робіць дзеля ўшанавання памяці нашага нацыянальнага героя. Дзякуючы спадару Ігару пабачыщ свет шэраг прыгожых паштовак, прысвечаных Касцюшку. І вось нядаўна з'явіўся канверт з нагоды 275-годдзя з дня нараджэння Тадэвуша Касцюшкi.

Па словах Ігара Федасеенкі, "юбiлейны год можна сказаць ужо на завяршэннi, але такiм чынам мы яшчэ раз адзначылi гэтую гадавiну, выпускам паштовага канверта накладам усяго 100 штук. У блiжайшы час да канверта будуць выдадзены і паштоўкi. Акрамя канверта выраблены спецыяльны штэмпель да гэтай калекцыi. Але гэта яшчэ не апошнi сюрпрыз, якi мы рыхтуем сёлета".

Хто хоча набыць канверт з Тадэвушам Касцюшкам, можа звяртацца ў мемарыяльны музей-сядзібу Тадэвуша Касцюшкі ў Косаве.

Сяргей ЧЫГРЫН.

У Лідзе абвешчана "Палажэнне аб літаратурнай прэміі імя Валянціна Таўлая за лепшы патрыятычны твор"

20 кастрычніка ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы на чарговым паседжанні літаб'яднання "Суквецце" пры "Лідскай газеце" першы сакратар Лідскага райкама БРСМ Вольга Міхаловіч абвясціла "Палажэнне аб літаратурнай прэміі імя Валянціна Таўлая за лепшы патрыятычны твор". Рашэнне аб заснаванні прэміі было прынята вясной гэтага года. Інфармацыя да грамадскасці была даведзена 15 верасня падчас свята Лідскай кнігі і друку, і вось даведзена Палажэнне, узгодненае з усімі зацікаўленымі бакамі.

Да прэміі імя Валянціна Таўлая ў Лідзе прыступаліся даўно: і ТБМ, і літаратурны філіял Лідскага музея, а вось рэалізаваў БРСМ.

Прэмія будзе ўручацца ў трох намінацыях: "Паэзія", "Проза", "Літаратура на беларускай мове". Апошняя намінацыя мусіць падкрэсліць асаблівую ўвагу арганізатараў да развіцця патрыятычнай складовай менавіта ў беларускамоўнай літаратуры Лідчыны. Гэта не значыць, што ў намінацыях "Паэзія" і "Проза" не можа перамагчы беларускамоўны твор, зусім наадварот.

На паседжанні таксама быў абвешчаны на 2022 год 5-ты конкурс імя Веры Навіцкай "Дарослыя дзецям", даведзена папярэдняя тэма 9-х Лідскіх чытанняў "Лідчына ў мастацкай літаратуры", а таксама інфармацыя пра тое, што ў лідскую бібліятэку перададзена падшыўка літаратурнага часопіса "Верасень", на жаль, без 6-га і 17-га нумароў. Напасці напасцямі, а літаратурнае жыццё працягваецца.

Наш кар.

Палажэнне аб літаратурнай прэміі імя Валянціна Таўлая за лепшы патрыятычны твор

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастановай Бюро Лiдскага раённага камiтэта

ГА "БРСМ" ад 16.04.2021 № 1

1.1. Палажэнне рэгламентуе парадак правядзення конкурсу на атрыманне літаратурнай прэміі імя Валянціна Таўлая за лепшы патрыятычны твор (далей - прэмія) да Дня народнага адзінства Рэспублікі Беларусь.

1.2. Конкурс на атрыманне прэміі праводзіцца пры садзейнічанні: аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Лідскага райвыканкама, дзяржаўнай установы "Лідскі гісторыка-мастацкі музей" (аб'ект Дом В. Таўлая), Літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты", дзяржаўнай установы культуры "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы".

2. Мэты і задачы прэміі

2.1. Прэмія засноўваецца з мэтай кансалідацыі грамадскасці вакол ідэй патрыятызму і адзінства ўсяго народа Беларусі, падтрымкі літаратурнага працэсу на Лідчыне, захавання духоўна-маральных, творчых і прафесійных традыцый лідскай літаратуры, іх развіцця і перадачы новым пакаленням паэтаў і празаікаў.

2.2. Прэмія скіравана на ўшанаванне асобы паэта Валянціна Таўлая як нязломнага змагара за ўз'яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі, за нацыянальнае адзінства беларускага народа.

2.3. Задачай прэміі з'яўляецца пошук таленавітых аўтараў і папулярызацыя нацыянальна-патрыятычных тэндэнцый ў іх творчасці.

3. Парадак і тэрміны правядзення прэміі

3.1. Кіраўніцтва прэміяй ажыццяўляе аргкамітэт прэміі ў наступным складзе:

- старшыня аргкамітэта;

- сябры аргкамітэта;

- сакратар аргкамітэта.

3.2. Удзельнікамі прэміі могуць быць жыхары Лідскага і іншых раёнаў, якія ствараюць мастацкія творы на беларускай і рускай мовах.

Да ўдзельнікаў прэміі не прад'яўляецца патрабаванняў па рэлігійнай і нацыянальнай прыналежнасці, полу, узросту, роду заняткаў і захапленняў.

3.3. Прэмія праводзіцца ў трох намінацыях: "Паэзія", "Проза", "Літаратура на беларускай мове".

3.4. На атрыманне прэміі ад аднаго аўтара ў кожнай намінацыі можа быць прадстаўлена:

- не больш за дзесяць вершаў (балад, од і інш.) або не больш за адну паэму ў намінацыі "Паэзія";

- адзін ці некалькі твораў агульным аб'ёмам не больш за 25 тыс. знакаў у намінацыі "Проза";

- не больш за дзесяць вершаў (балад, од,) або не больш за адну паэму, адзін ці некалькі празаічных твораў агульным аб'ёмам не больш за 25 тыс. знакаў у намінацыі "Літаратура на беларускай мове".

3.5. На атрыманне прэміі прадстаўляюцца творы, апублікаваныя ў беларускім перыядычным друку і напісаныя спецыяльна для конкурсу. Не прымаюцца пераклады, наследаванні, пародыі.

3.6. У заяўцы на атрыманне прэміі ўказваюцца: прозвішча, імя (псеўданім - пры наяўнасці), год нараджэння, месца пражывання, кароткая творчая біяграфія, кантактныя звесткі (нумар тэлефона, адрас электроннай пошты).

Аргкамітэт прэміі мае права самастойнага адбору з перыядычнага друку твораў, вартых прадстаўлення на атрыманне прэміі.

3.7. Абавязковыя патрабаванні да афармлення рукапісаў: файл у фармаце "Microsoft Word" з пашырэннем doc, docx ці rtf. Шрыфт - TimesNewRoman. Памер шрыфту - 14. Параметры старонкі (палі): верхняе - 2 см, ніжняе - 2 см, левае - 3,5 см, правае - 1,5 см. Міжрадковы інтэрвал - адзінарны.

На першай старонцы рукапісу павінны быць паказаны:

- прозвішча, імя аўтара, год нараджэння;

- назва твора, год напісання.

3.8. Заяўкі і рукапісы накіроўваюцца на электронную пошту lidagk@tut.by.

3.9. Конкурс на атрыманне прэміі праводзіцца з 17 верасня 2021 года па 17 верасня 2022 года ўключна ў наступныя этапы:

з 17 верасня 2021 года па 8 ліпеня 2022 года ўключна - прыём матэрыялаў на атрыманне прэміі;

з 8 ліпеня 2022 года па 17 жніўня 2022 года ўключна - адборачны этап, фармаванне доўгага спісу твораў;

17 жніўня 2022 года - публікацыя доўгага спісу твораў;

з 17 жніўня 2022 года па 30 жніўня 2022 года - фінальны адбор, фармаванне кароткага спісу твораў;

1 верасня 2022 года - публікацыя кароткага спісу прэміі;

17 верасня 2022 года - падвядзенне вынікаў прэміі, узнагароджанне лаўрэатаў прэміі.

3.10. Матэрыялы, прадстаўленыя на атрыманне прэміі, не рэцэнзуюцца і не вяртаюцца. Аргкамітэт і журы прэміі ў перапіску і перамовы з аўтарамі не ўступаюць.

3.11. Матэрыялы, прадстаўленыя на атрыманне прэміі, могуць быць адхілены ад удзелу ў прэміі ў выпадках, калі заяўка і рукапісы не адпавядаюць патрабаванням, выкладзеным у пунктах 3.6. і 3.7. гэтага Палажэння, а таксама ў выпадках, калі яны ўтрымліваюць ненарматыўную лексіку, элементы эротыкі, гвалту, расавай ці рэлігійнай непрымірымасці, прапаганду наркотыкаў, алкаголю і курэння, з'яўляюцца вынікам працы іншых асоб.

Прэтэндэнт на прэмію нясе адказнасць у выпадку парушэння дзейнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб аўтарскім праве.

4. Падвядзенне вынікаў прэміі

4.1. Адбор твораў, дасланых на атрыманне прэміі, ажыццяўляе журы прэміі.

Журы прэміі прызначаецца і зацвярджаецца аргкамітэтам у складзе не меней за 5 і не больш за 9 чалавек падчас рэалізацыі першага этапу прэміі ў адпаведнасці з п. 3.9. гэтага Палажэння.

4.2. Для ацэнкі работ, дасланых на атрыманне прэміі, абраны наступныя крытэрыі:

- мастацкі ўзровень твораў;

- адлюстраванне ў творах нацыянальна-патрыятычных каштоўнасцей беларускага народа;

- адлюстраванне ў творах агульначалавечых маральных каштоўнасцей, гуманістычных ідэй.

4.3. Парадак галасавання вызначаецца журы самастойна.

4.4. Рашэнні, прынятыя журы, з'яўляюцца канчатковымі і не падлягаюць перагляду.

4.5. Колькасць лаўрэатаў прэміі вызначаецца журы падчас падвядзення вынікаў прэміі.

4.6. Публікацыя вынікаў прэміі ажыццяўляецца ў сацыяльных сетках у адпаведнасці з устаноўленымі пунктам 3.9. гэтага Палажэння тэрмінамі.

4.7. Узнагароджанне лаўрэатаў прэміі праводзіцца ў рамках правядзення ўрачыстасцей да Дня народнага адзінства ў адпаведнасці з пазначанымі пунктам 3.7. гэтага Палажэння тэрмінамі.

4.8. Лаўрэаты прэміі атрымліваюць:

- дыплом лаўрэата прэміі ад імя заснавальніка прэміі;

- знак прэміі;

- грашовы складнік прэміі;

- іншыя каштоўныя прызы.

Усе аўтары, якія даслалі свае творы на атрыманне прэміі, атрымліваюць дыпломы ўдзельнікаў конкурсу на прэмію ад імя заснавальніка прэміі: Лідскага раённага камітэта БРСМ.

УЗГОДНЕНА.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Лідскага райвыканкама І.Г. Рабец.

УЗГОДНЕНА.

Галоўны рэдактар дзяржаўнай установы "Рэдакцыя "Лідская газета" К.А. Серафіновіч.

УЗГОДНЕНА.

Дырэктар Дзяржаўнай установы "Лідскі гісторыка-мастацкі музей" В.В. Піліпчук.

УЗГОДНЕНА.

Кіраўнік літаратурнага аб'яднання "Суквецце" А.М. Мацулевіч.

УЗГОДНЕНА.

Дырэктар дзяржаўнай установы культуры "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" А.М. Мартынаў.

Эфектыўная дзейнасць бібліятэчнай супольнасці ва ўмовах СOVID-19

21-22 кастрычніка ў Менску праходзіў Міжнародны кангрэс " Бібліятэка, як феномен культуры" - найбуйнейшае штогадовае міжнароднае навуковае мерапрыемства ў сферы культуры, якое аб'ядноўвае кіраўнікоў і вядучых спецыялістаў бібліятэк, архіваў, музеяў, адукацыйных і навукова-даследчых установаў, грамадскіх арганізацый, вытворцаў праграмнага забеспячэння, тэхнічных сродкаў і інфармацыйнай прадукцыі.

Такія мерапрыемствы праходзяць у краіне рэгулярна з 2012 года. Найбольш яркай падзеяй у 2017 годзе быў Міжнародны Кангрэс, прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Праграма першага дня кангрэса была насычанай і цікавай: прайшлі секцыйныя паседжанні, круглы стол, майстар-класы і экскурсіі.

Значная частка дыскусіі на VIII кангрэсе была прысвечана дзейнасці бібліятэк у перыяд пандэміі COVID-19, абмяркоўваліся актуальныя пытанні бібліятэчнай сферы ў кантэксце новых выклікаў і праблем, якія ўнесла пандэмія, новыя формы працы з чытачамі.

Як адначыла ў сваім выступленні Анастасія Маслоўская, 2020 год сапраўды стаў беспрэцэдэнтным у нашай гісторыі і непрадказальным. Пандэмія COVID-19 умяшалася ў планы публічных бібліятэк, вымусіла перайсці да электроннага фармату кантактавання і абслугоўвання карыстальнікаў, а таксама - да часовага закрыцця чытальных залаў і ўдаленай працы бібліятэкараў і бібліёграфаў. Працаўнікі бібліятэк вымушаны былі шукаць новыя спосабы менеджменту, развіцця анлайн праектаў і віртуальных конкурсаў, каб прыцягнуць і падтрымаць сваіх чытачоў. Але многія бібліятэкі з гэтым паспяхова справіліся нават у такі складаны час.

Безумоўна, кантакт з кнігай, зварот да твораў нацыянальнай класікі - адна з важных формаў псіхалагічнай падтрымкі для людзей розных узростаў у перыяд выпрабаванняў. У творах беларускіх пісьменнікаў і замежных аўтараў можна знайсці жыццядайную энергію на пераадоленне крызісаў і адказы на эксстэнцыяльныя пытанні ў такі няпросты час…

На Кангрэсе "Бібліятэка, як феномен культуры" на адной з секцый абмяркоўвалася праца бібліятэк і архіваў па захаванні нацыянальнага дакументальнага фонда, алічбаванне ўсяго масіву перыёдыкі, якая захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы і ў рэгіянальных бібліятэках і архівах.

Пра гэта распавяла ў сваім выступленні Ю.Б. Цвёрдахлебава. Супрацоўнікі абласных бібліятэк і архіваў з Берасця і Віцебска засведчылі пра працу па вывучэнні і адлічбоўцы друкаваных СМІ даціроўкай ад 18-га стагоддзя да сёняшняга дня. Архіў Віцебскай вобласці захоўвае з даўняга часу газеты ў друкаваным і электронным выглядах. Рэсурсы нацыянальнай перыёдыкі цалкам дасяжныя для прагляду і вывучэння даследчыкамі.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі набліжаецца да святкавання свайго 100-годдзя. Пра навуковую працу па захаванні гісторыі бібліятэкі, стварэнне персаналій і развіццё праекта "Партрэт гісторыі бібліятэкі ў асобах" распавяла галоўны бібліятэкар НББ Ірына Кукета.

Пра ажыццяўленне віртуальнай праектнай дзейнасці ў час пандэміі і развіццё праекта "На хвалі часу, у плыні жыцця" распавяла загадчыца сектарам Нацыянальнай бібліятэкі Таццяна Анатольеўна Лаўрык.

Яе выступленне працягнула і дапоўніла галоўны бібліёграф НББ Юлія Амосава, распавядаючы пра конкурсы і іншыя творчыя ініцыятывы, які спрыялі пашырэнню стасункаў з рэгіянальнымі літаратурнымі музеямі, кантактам з роднымі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў - А. Александровіча, Я. Скрыгана, З. Бядулі і іншых.

У 2021 годзе праходзілі многія ан-лайн мерапрыемствы, у тым ліку, ан-лайн - семінар "Шляхамі маладнякоўцаў" і конкурс для чытачоў "О, Беларусь, мая шыпшына", прысвечаны У. Дубоўку. На конкурс былі прысланы 880 творчых прац з розных куткоў краіны. Да 135-годдзя Змітрака Бядулі працягваецца літаратурны конкурс "Беларускі Салавей", на які ўжо даслана 165 прац.

Шмат увагі ў абмяркаваннях удзялялася захаванню краіназнаўчай і краязнаўчай інфармацыі, стварэнню электронных краязнаўчых інфармацыйных рэсурсаў, паведамлялася пра выхад 12-тага выпуску метадычнага зборніка ў гэтай галіне.

Развіццё інфармацыйных тэхналогій, стварэнне віртуальных праектаў, рупная праца супольнасці высокаадукаваных спецыялістаў бібліятэчнай сферы, міжнародныя кантакты бібліятэк розных краін будуць спрыяць пераменам у грамадстве.

Цікава было пачуць на Кангрэсе выступленне дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Балгарыі імя Св. Кірыла і Мяфодзія - Красіміра Аляксандрава. Гэтая ўстанова не зачынялася ні ў Першую, ні ў Другую сусветную вайну, але вымушана была часова прыпыніць сваю дзейнасць падчас эпідэміі COVID-19.

У Кангрэсе віртуальна ўдзельнічала таксама прадстаўніца Усерасійскай бібліятэкі замежнай літаратуры імя М.І. Рудаміна Вольга Смірнова, якая дзялілася досведам сваёй установы, брала ўдзел у Zoom-фармаце генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Казахстана Умітхан Муналбаева і іншыя асобы.

У межах Кангрэса адбылася таксама цікавая культурная падзея - літаратурныя чытанні "Чытаем Купалу разам" з Юрыем Чорным, кіраўніком Цэнтра па вывучэнні праблем інфарматыкі Інстытута навуковай інфармацыі па грамадскіх навуках Расійскай акадэміі навук. З замілаваннем прачыталі ўдзельнікі лірычныя радкі паэмы "Яна і я".

Удзельнікі форуму падзякавалі арганізатарам і выказалі спадзяванне, што наступны Кангрэс, які павінен прайсці ў 2022 годзе, будзе яшчэ больш прадстаўнічым і плённым.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

ВЕЧНАЯ ПАМЯЦЬ

Пайшоў у свет іншы Вячаслаў Іванавіч Сухарэбскі, адзін са старэйшых сяброў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, цудоўны чалавек, адданы Айчыне грамадзянін і шчыры гаспадар і беларус. Сцяг з выявай сімвалаў Таварыства і цяпер на сцяне ў яго пакоі…

Вячаслаў Сухарэбскі нарадзіўся 29 чэрвеня 1934 года ў засценку Мехавічы Наваградскага павета (цяпер Баранавіцкі раён Берасцейскай вобласці). У сялянскай сям'і было чацвёра дзяцей.

Вячаслаў скончыў сямігодку у вёсцы Карчова Баранавіцкага раёна, Жыровіцкі тэхнікум механізацыі сельскай і лясной гаспадаркі,атрымаў спецыяльнасць інжынера-механіка ў інстытуце, вучыўся на курсах падвышэння кваліфікацыі кіраўнікоў у Гародні. Больш за сорак год адпрацаваў на розных адказных пасадах у сельскай гаспадарцы.

Сябры і аднадумцы добра ведалі Вячаслава Іванавіча і як грамадскага дзеяча. Ён усім цікавіўся, да ўсяго яму была справа. На паседжаннях і сходах ТБМ Вячаслаў Іванавіч амаль заўсёды браў слова, і яму было што сказаць! Да яго прыслухоўваліся. І нават калі ён у сувязі з хваробай "адышоў ад спраў", то час ад часу тэлефанаваў сябрам, выклікаў іх да сябе і ставіў задачы, якія тычыліся напісання гісторыі роднай зямлі. А яшчэ ён шмат год пісаў сам у розныя выданні! На пачатку дзевяностых - у газету "Культура" і "Наша слова", пасля - у "Народную Волю", "Газету Слонімскую", на сайт "Радыё Свабода"…

У 2017 годзе пабачыла свет кніга Вячаслава Сухарэбскага "На прасторы і волі". Назва яе раздзелаў гаворыць сама за сябе: "Абразкі з майго жыцця", "Што я бачыў пад час вайны", "Матчына мова і "великий и могучий","Бяда нас чакае"…Аграрый па жыцці, Вячаслаў Іванавіч добра ведаў праблемы сельскай гаспадаркі і звяртаў на гэта ўвагу грамадства. Вось што ён, у прыватнасці, гаворыць пра гэта ў артыкуле "Як пазбавіцца ад вынішчэння наваколля і чалавека?": "Ад'едзем з дзясятак кіламетраў ад Баранавічаў і зазірнём на свінакомплексы, птушкафабрыкі, жывёлагадоўчы комплекс Мір, мноства меншых усялякіх "фермаў". А куды ж падзенуцца многія дзясяткі тысяч тон гною, што выдаюць гэтыя аграпрадпрыемствы вакол Баранавічаў і навакольных паселішчаў?.. І няма нідзе ў Баранавіцкім раёне чыстай вады ў калодзежах…"

Эпіграфам да кнігі нашага земляка ўкладальнікі ўзялі словы з верша Анатоля Сыса:

"Як па зорах, па расе

твой апошні шлях праляжа.

Памірай, а жыта сей -

рунь пра сейбіта раскажа."

Так ён і жыў. Пахавалі Вячаслава Сухарэбскага на могілках у вёсцы Кутаўшчына, дзе спачываюць яго продкі. Вечная памяць!

Сябры Баранавіцкай філіі ТБМ імя Францішка Скарыны.

Чаргаві як новая цвёрдая форма верша

(да 75-гадовага юбілею Ганада Чарказяна)

Таццяна Барысюк

18 кастрычніка споўнілася 75 гадоў вядомаму беларускаму паэту і празаіку курдскага паходжання Ганаду Чарказяну, які піша на курдскай, армянскай і рускай мовах. З'яднаць лёс з нашай краінай яму дапамагло каханне: у 1973 годзе, ажаніўшыся з беларускай, паэт пераехаў у Менск.

Так атрымалася, што мы з Ганадам Бадрыевічам нарадзіліся ў адзін дзень, з інтэрвалам у 25 гадоў. Мне, як жанролагу, было цікава назіраць за публікацыямі ў "ЛіМе" і ў "Полымі" новай цвёрдай формы верша-чатырохрадковіка, створанай гэтым паэтам - чаргаві (што перакладаецца з курдскай мовы як "чатыры крокі", схема рыфмоўкі радкоў - абаб). Маё падабенства з Ганадам Бадрыевічам было і ў тым, што я таксама стварыла новую цвёрдую форму вершатрынаццацірадковіка - "залатое сячэнне" ( абааб вгвгдеде) і напісала больш за 10 вершаў такой формы.

Адразу заўважу, што ёсць такія вядомыя ўсходнія цвёрдыя формы чатырохрадковіка, як рубаі (з рыфмоўкай ааба, і яго разнавіднасць з аманімічнымі рыфмамі - туюг і айрэн ( аааа). Трэба заўважыць, што творы Ганада Чарказяна паводле іх ідэйна-вобразнага напаўнення не ўступаюць лепшым узорам вышэй названых чатырохрадковікаў.

У чаргаві Ганада Чарказяна хочацца асабліва адзначыць мудрасць яго лірычнага героя. Асацыятыўна згадваецца, як бахцінская "памяць жанра" (тут "памяць чатырохрадковіка"), мудрасць рубаі маіх любімых паэтаў Умара Хаяма і азербайджанскага паэта Насімі. Невыпадкова, відаць, залацінкі светапоглядных высноваў адліваліся і адліваюцца ў сціслую мінімалісцкую форму чатырохрадковіка. На сённяшні дзень многія паэтычныя формы маюць тэндэнцыю да мінімалізму. Бо ў ХХІ стагоддзі час імклівы, і вялікія па аб'ёме творы, як лічаць многія літаратуразнаўцы, не будуць карыстацца шырокім попытам у сучасным грамадстве. Таму, відаць, невыпадкова вялікая папулярнасць і хайку ў сучаснай беларускай і рускай паэзіі.

Мудрасць і светапоглядная глыбіня пранікнення ў рэчаіснасць - як квінтэсенцыя чаргаві Ганада Чарказяна. Упэўніцца ў гэтым можна праз наступныя ўзоры яго філасофскай лірыкі:

Час імкліва і мутна цячэ.

Як спасцігнуць яго глыбіню?

Дзень пражыты - не вечнасць яшчэ.

Дай адстаяцца дню.


Марыць чалавек скарыць Сусвет -

Гэтакую вотчыну займець!

Стане нават Богу ён сусед,

Але мары абрывае смерць.


Сябе надзеяю не лашчы,

Бо беспрасветна забыццё.

Ты - камень, выпушчаны з прашчы.

І той палёт - тваё жыццё.

(У перакладзе Алы Канапелькі.)

Паэт, народжаны пад знакам Шаляў, нездарма задумваецца аб справядлівасці:

Ці вынайдуць калі такія шалі,

Каб важыць справядлівасць, як муку,

Каб лайдаку яны не дадавалі,

А набаўлялі больш працаўніку?..

(У перакладзе Рыгора Барадуліна.)

У сваіх чаргаві Ганад Бадрыевіч асэнсоўвае і пытанні паэтычнага мастацтва:

Вось пяро, і папера, і час у запасе -

То стварай, колькі сілы стае.

Ды падумай, пакуль шчэ сядлаеш Пегаса:

Ці патрэбны тварэнні твае.

Хоць думка баразну глыбока верне,

Пачуццяў каласуе жніва, -

Мастацтва залатое зерне

Не кожная народзіць ніва.

Чаргаві мае высокі жанрава-тэматычны патэнцыял і дазваляе праз сябе выяўляцца не толькі філасофскай лірыцы, але і інтымнай:

Абняць цябе, стаіць дыханне

У валасах - яны цякуць ракою.

Мудрэц ты ці вар'ят - каханне

Не дасць выратавальнага спакою.

І пейзажная лірыка паспяхова выяўляе маляўнічасць сваіх вобразаў праз чаргаві:

Мне любы час таемны вечароў.

Душа і зоркі ў небе - у адным.

А поўня - выраб паднябесных ганчароў,

Святлом наліта незямным.

(У перакладзе Алы Канапелькі.)

Ёсць у паэта і сатырычныя чаргаві:

Чалавек схапіць як болей марыць,

Каб не гаспадарыць - валадарыць.

Ды, ад ненажэрнай прагі потны,

Забываецца, што ён смяротны.

(У перакладзе Рыгора Барадуліна.)


Ёсць сатыра і з маральна-этычным ухілам - аб празмернай рацыяналізацыі балансу "браць" і "даваць" у стасунках з іншымі:

Свет меркантыльны ўсё кладзе на вагі.

Выгода з мора змроку іскру выкрасае.

Шукаем і любові, і павагі…

Але каго ўзамен мы любім самі?

(У перакладзе Рыгора Барадуліна.)

Сэнс жыцця шукаюць паэты-філосафы. І Га-над Чарказян - не выключэнне з гэтага правіла:

У капканах старых нашы думкі й звады.

Закончыцца шлях наш, і зробімся тлом.

Хвала таму, хто паверыць рады,

Што цяжкое жыццё пражыў са святлом.

(У перакладзе Рыгора Барадуліна.)

Віншуючы Ганада Бадрыевіча з 75-годдзем, зычу яму новых чаргавін, напоўненых мудрасцю, любоўю і святлом.

11.10.2021 г.

На фота: Задыякальна-паэтычны праект "12 сузор'яў" паэтычнага тэатра Арт.С. у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Сустрэча адзінаццатая: Шалі (2008). На здымку - прадстаўнікі знака Шаляў, акрамя вядоўцаў (Аксаны Спрынчан, Зміцера Арцюха) і майго сына Петрыка (у мяне на руках). На фота злева направа стаяць: Максім Клімковіч, Аляксей Чубат, Ганад Чарказян, Зміцер Сідаровіч, Пётр Падгорны, Таццяна Барысюк, Зміцер Арцюх. Сядзяць: Аксана Спрынчан і Валярына Кустава.

Германія адмовілася падтрымліваць ЗША ў выпадку ваеннага канфлікту з Кітаем

Навіны Германіі

Новы ўрад Германіі будзе выступаць за мірнае рашэнне "тайваньскага пытання" ў выпадку канфлікту ЗША з Кітаем, але не падтрымае Штаты ваеннымі метадамі, заявіў спікер фракцыі СДПГ па вонкавай палітыцы Нільс Шмід.

Раней Джо Байдан заявіў, што ЗША маюць намер "абараняць Тайвань" у тым выпадку, калі Кітай увядзе войскі ў сваю ж правінцыю. Пры гэтым Вашынгтон сцвярджае, што прызнае палітыку "аднаго Кітая", аднак працягвае падаваць выспе "рэсурсы для таго, каб яна магла сябе абараніць".

Новыя ўлады Германіі амерыканскую рыторыку, мяркуючы па ўсім, не падзяляюць і выступаюць супраць патэнцыйнага ваеннага канфлікту з удзелам дзвюх дзяржаў.

"Калі пачнецца вайна, мы зможам зрабіць не так ужо шмат. Я мяркую, што новы ўрад ФРГ выступіць за мірнае рашэнне тайваньскага пытання. <…> У нас няма [на Тайвані, - заўв.рэд.] баз і якіх-небудзь ваенных сіл. А таму тое, што мы павінны спрабаваць зрабіць - гэта скарыстацца дыпламатычнай і палітычнай сілай, каб пазбегнуць ваеннай сітуацыі", - заявіў Шмід у падкасце Deutsche Welle.

Германскі палітык падкрэсліў, што жыхары Тайваня павінны вырашыць самастойна, "пры якіх умовах стане магчыма ўз'яднанне з мацерыковым Кітаем". З 1949 года выспа кіруецца ўласнай адміністрацыяй, аднак гістарычна і юрыдычна тэрыторыя з'яўляецца часткай Кітайскай Народнай Рэспублікі.

У Кітаі дзеянні ЗША вакол краіны назвалі небяспечнымі і запатрабавалі спыніць уцягваць Тайвань у канфлікт. Прадстаўнік КНР пры ААН Чжан Цзюнь 21 кастрычніка нагадаў, што выспа з'яўляецца неад'емнай часткай Кітая, а іншыя краіны, якія дамагаюцца "незалежнасці" Тайваня, ніколі не дасягнуць мэты.

10 кастрычніка старшыня КНР Сі Цзіньпін заявіў, што ўз'яднанне Тайваня з Кітаем з'яўляецца гістарычнай мэтай і сапраўды адбудзецца. Па словах Цзіньпіна, гэты працэс будзе мірным, а ў кітайскага народа ёсць "досвед барацьбы з сепаратызмам".

Цімафей Булачкін. Фота: Global Look Press / Walid Berrazeg/Keystone Press Agency

У Германіі лавінападобна ўзрасла колькасць нелегальных мігрантаў з Польшчы

Пачынаючы са жніўня, назіраецца лявінападобны рост колькасці нелегальных мігрантаў. У федэральным прафсаюзе паліцэйскіх выступаюць за ўвядзенне часовага памежнага кантролю на мяжы з Польшчай. Пра гэта інфармуе DW.

Колькасць нелегальных мігрантаў, якія пранікаюць у Германію праз мяжу з Польшчай, значна вырасла ў кастрычніку сёлета. Паводле дадзеных на 25 кастрычніка, яна склала каля 6162 чалавекі. Пра гэта агенцтву dpa заявілі ў панядзелак, 25 кастрычніка, у федэральнай паліцыі.

У жніўні на нямецка-польскай мяжы было выяўлена 713 чалавек, якія незаконна прыбылі ў Германію, з іх 474 - праз Беларусь. У верасні колькасць незаконных ўездаў праз Польшчу павялічылася да 2323 чалавек, з іх у 1903 - праз Беларусь.

Амаль 500 нелегалаў за дзень

Расце напружанне і на польска-беларускай мяжы. "За мінулы дзень, 19.10, на мяжы Польшчы і Беларусі было зроблена 424 спробы незаконнага пераходу. Затрымалі шэсць нелегальных мігрантаў: пяць грамадзян Іраку і грамадзяніна Сырыі", - гаворыцца ў паведамленні Памежнай службы Польшчы ў Twitter.

За дапамогу нелегалам затрымалі чатырох чалавек: грамадзян Польшчы, Сырыі, Ірана і Палестыны.

Паводле СМІ.

"…І са смаку кляновага хлеба пачынаўся і мой тут выток"

У рамках чарговага паседжання літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты" адбылася прэзентацыя кнігі паэзіі і прозы аднаго з найстарэйшых і самых актыўных сяброў літаб'яднання Ірэны Нікадзімаўны Сліўко - "Выток пачынаўся ад Гаўі". Празаічная частка кнігі - пра вытокі жыцця яе аўтара, пра яе малую радзіму, яе сям'ю, пра мужа Смарагда Фёдаравіча Сліўко, сяброў сям'і Сліўко. Тэматычна і жанрава разнастайная паэтычная частка кнігі. Але пра ўсё па парадку…

Ірэна Нікадзімаўна Сліўко нарадзілася ў вёсцы Залейкі Іўеўскага раёна. Скончыла Морынскую сярэднюю школу (з сярэбраным медалём), Менскі фінансавы тэхнікум (па спецыяльнасці "фінансіст"), Беларускі інстытут народнай гаспадаркі імя Куйбышава (па спецыяльнасці "эканаміст"). Працавала ў Астравецкім райфінаддзеле, затым у Лідскім гарфінаддзеле на пасадах эканаміста, старшага эканаміста, начальніка бюджэтнага аддзела.

Паэзію палюбіла са школьных гадоў, асабліва творчасць Пушкіна, Лермантава, Някрасава. Была першым слухачом і рэдактарам вершаў мужа Смарагда Фёдаравіча Сліўко, падрыхтавала да выпуску пяць яго кніг (тры - пасля смерці мужа, апошняя яшчэ не выйшла). Дарэчы, пра Смарагда Фёдаравіча, паэта, настаўніка, артыста, сцэнарыста, рэжысёра, музыканта, кампазітара, многа напісана ў кнізе Ірэны Нікадзімаўны "Выток пачынаўся ад Гаўі", прыведзены выказванні аб ім былых вучняў і знаёмых. Любоў да мужа, з якім аўтар кнігі пражыла разам сорак пяць гадоў, чырвонай ніткай праходзіць праз усю кнігу.

Рыхтуючы да выдання зборнікі вершаў мужа, Ірэна Сліўко і сама пачала пісаць, стала актыўным сябрам літаб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты". Друкавалася ў лідскай, іўеўскай і астравецкай раённых газетах, у калектыўных зборніках, у дакументальных кнігах навуковага супрацоўніка Лідскага гістарычна-мастацкага музея Анастасіі Каладзяжнай "Этапы жыццёвых дарог" (2014, да 100-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая) і "Памяць - галоўны сведка" (2018, успаміны дзяцей вайны).

У сваёй кнізе "Выток пачынаўся ад Гаўі" Ірэна Сліўко праявіла сябе не толькі як таленавітая паэтэса, але і як таленавіты празаік, паказала сваё валоданне як беларускай, так і рускай мовай. Кніга атрымалася аб'ёмная і рознажанравая, яна прасякнута любоўю аўтара да родных мясцін, да людзей, якія побач, да жыцця ва ўсіх яго праявах. Рукапісы кнігі чыталі вядомыя лідскія паэты Міхась Мельнік (рэдактар) і Уладзімір Васько (аўтар прадмовы). Уладзімір Гаўрылавіч таксама дапамог прыдумаць назву кнігі (першапачатковы варыянт назвы - "Шлях пачынаўся ад Гаўі").

Значная частка кнігі прысвечана малой радзіме Ірэны Сліўко - вёсцы Залейкі, якая знаходзіцца на мяжы Іўеўскага і Лідскага раёнаў, раздзеленых ракой Гаўяй. Напісаць гісторыю роднай вёскі Ірэну Нікадзімаўну пабудзілі краязнаўчыя кнігі Мікалая Дзікевіча і Аляксандра Каранюка. На працягу пяці гадоў збіраўся матэрыял, пісаліся ўспаміны. Было выкарыстана многа матэрыялу з кнігі "Памяць. Іўеўскі раён".

- Гісторыя вёскі Залейкі ідзе сваімі каранямі ў глыбокую старажытнасць, - расказвае Ірэна Нікадзімаўна. - З адзінаццаці старажытных паселішчаў, знойдзеных археолагамі на тэрыторыі Іўеўшчыны, тры знойдзена ў Залейках. Некалі гэта было мястэчка. Праз дзвесце метраў ад нашай хаты знаходзіўся маёнтак Гаўя-Пяскі, апошнімі ўладальнікамі якога былі паны Брахоцкія (мае бацькі іх памяталі).

Частку кнігі, прысвечаную малой радзіме аўтара, праведзеным у Залейках дзяцінству і юнацтву, можна назваць жыццяпісам. Тут праявіліся публіцыстычны талент Ірэны Сліўко, яе ўменне апісаць жыццё і быт сялян, прыгажосць прыроды тых мясцін, адкуль пачынаўся выток яе жыцця.

Разнастайная лірыка Ірэны Сліўко як паэтэсы - у паэтычным раздзеле кнігі ёсць пейзажныя, інтымныя, філасофскія, патрыятычныя, грамадзянскія вершы. У звыклым паэтэса, як адзначыў аўтар прадмовы Уладзімір Васько, здольная ўбачыць штосьці незвычайнае, яркае, вясёлае, што выклікае ў чытача святочныя эмоцыі:

Ужо зіма ў абдымках снегу,

На плошчы ёлка зіхаціць.

Прыціхлі дрэвы ў шапках белых,

А лісце івы - шалясціць.

Ёсць у паэтычным раздзеле таксама байкі, вершы для дзяцей, загадкі. У апошніх праявіліся багатыя веды аўтара, чый дэвіз - "Хачу ўсё ведаць", аб жывёлах, рыбах, раслінах, грыбах. Самы вялікі твор паэтэсы для дзяцей - паэма "Шчаслівая дзяўчынка" (па матывах аповесці дзіцячай пісьменніцы пачатку ХХ стагоддзя Веры Навіцкай "Добра жыць на свеце"). Дарэчы, за гэтую паэму Ірэна Нікадзімаўна ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені па выніках ІІІ літара-турнага конкурсу імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям" (2018).

У час паседжання ў раённай бібліятэцы Ірэну Нікадзімаўну павіншавалі з выхадам кнігі і пажадалі, каб гэтая кніга была ў яе не адзіная, моцнага здароўя, натхнення і творчага даўгалецця.

Аляксей КРУПОВІЧ.


Ірэна СЛІЎКО

Клён

Я расла пад раскідзістым клёнам,

Што так высіўся ў нашым двары.

Нібы ён прамяністым анёлам

Нам цяпло, прахалоду дарыў.


Засланяў у гады ліхалецця

Нас ад чорных фашысцкіх крыжоў.

І малых, і дарослых на свеце

Прыкрываў ад дажджу і вятроў.


Быццам сонейка з яснага неба,

На зямлю падаў жоўты лісток,

І са смаку кляновага хлеба

Пачынаўся і мой тут выток.


Боль назгасны па родных палетках

Адгукаецца ў вечнай журбе…

Любы клён у цудоўных Залейках,

Я заўжды пакланюся табе.

Каштоўнасць стагоддзяў

Мінулі стагоддзі з той даўняй пары,

Як сярод забалочаных рэчак, лясоў

Крэпасці Лідскай узніклі муры -

Надзейны фарпост на шляху крыжакоў.


Тапталі яе Тахтамыш і Гірэй,

Яе штурмавалі крымчане-татары,

Ды дух Гедыміна за іх быў мацней,

Даваў ён адпор і апошнім пачварам.


Прыйшла ты да нас з папялішчаў, руін,

Каменні ішлі на будоўлю падмуркаў,

Але патрыёты лідзянскіх мясцін

Жадалі ўзнаўлення для рыцарскіх гульняў.


Амаль трыццаць год спачывалі каменні,

І ў горад мой святам "Дажынкі" прыйшлі.

І вежы ўзнясліся, і ўзведзены сцены -

У гладзі азёрнай свой воблік знайшлі.


У адноўлены мур той глыбокай даўніны

Лідзяне спяшаюцца, быццам у храм.

І вечна жыць будзе наш замак-святыня,

Каштоўнасць стагоддзяў - гігант, велікан.

Начныя агні

Далёка за поўнач, а сон не прыходзіць.

І вецер-гуляка ўжо трохі прыціх.

Хутка і сонейка будзе ўзыходзіць,

А ў хатах суседніх - начныя агні.


Можа, раман у каго, захапленне

(А ўсё-такі ноччу было бы спаць лепш)

Ці нават прыйшло да паэта натхненне

І слова за словам зліваюцца ў верш?

А хтосьці адзін, з доляй цяжкай, пакутнаю,

Каму божы свет невыносны ўжо стаў,

Чакае ратунку - жаданую "хуткую", -

Таму што пакуль сэнс жыцця не прапаў.


А можа, хто позна вярнуўся з работы

Ці мама дзіцю калыханку пяе?

Ды каб ніхто не спазнаў адзіноты,

Што і мне па начах заснуць не дае.


І так часта ноччу не тухнуць агні.

Ноч дадзена Госпадам толькі для сну.

У горы, бязмерна абмытым слязьмі,

Дапамагла бы ўсім, наколькі змагу.

ВОБРАЗЫ ПІСЬМЕННІКА І МАСТАКА

Да 35-годдзя творчай дзейнасці сябра ТБМ Юрася Кур'яновіча

ЦІ ДУМАЎ у далёкім ужо 1986-м студэнт Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі імя В.У. Куйбышава Юры Кур'яновіч, што яго першая публікацыя ў друку - у інстытуцкай шматтыражцы "Экономист" 15 кастрычніка - стане адлікам яго пісьменніцкага шляху, а праз 35 гадоў ён будзе святкаваць свой творчы юбілей?..

Як прызнаецца сёння сам спадар Юрась - не, ён сабе гэтага нават і не ўяўляў. А зрабіў свой першы творчы крок таму, што яго вельмі захацелася зрабіць. Гэты крок стаў тым боскім пакліканнем, якое ад аўтара ніяк не залежала… Гаворка ў публікацыі ішла пра студэнцкую бульбу ў падшэфным Чэрвеньскім раёне.

Між тым, спроба пяра ў майго сябра адбылася яшчэ ў 7 класе. У сям'і па вечарах слухалі "Голас Амерыкі" - ледзь не адзіную ў савецкі час крыніцу альтэрнатыўнай інфармацыі. Па "голасе" часта чыталі творы вядомых пісьменнікаў-дысідэнтаў: Гросмана, Аксёнава, Салжаніцына ... Пад уплывам аповеду апошняга "Один день из жизни Ивана Денисовича" Юра напісаў… аповед пра адзін дзень з жыцця савецкага партыйнага чыноўніка, адлюстраваўшы яго гратэскава-сатырычна.

Аналогія была толькі ў назве, але гэты Салжаніцынскі твор падштурхнуў юнака да праўдзівага малюнка рэчаіснасці. Крытычна яе асэнсоўваць ён пачаў не толькі пад уплывам дысідэнцкай літаратуры, але і пад уплывам з'яў, уласцівых савецкаму грамадству: таварны дэфіцыт, ураўнілаўка, цэнзура, прывілеі наменклатуршчыкаў, беспярэчнасць ленінскага вучэння... Пра гэта тады казала ўся краіна, але ж - толькі на кухні.

Той першы аповед ён паказаў настаўніку рускай літаратуры. Той паставіўся да яго, вядома ж, холадна - не сказаў нічога дрэннага, але і нічога добрага таксама. Верагодна, убачыў там антысавецкі матыў, і абмежаваўся агульнымі развагамі пра пісьменніцкае рамяство. Гэта крыху стрымала імпэт пачаткоўца, але творчасць ён не закінуў.

УСЁ ГЭТА было на рускай мове, і мне карцела даведацца, ці спрабаваў Юрась пісаць у школе па-беларуску. На гэта ён адказаў, што ў 9 класе з'явіўся верш на роднай мове "Вярбіна маладая", які прачытаў сваёй настаўніцы беларускай мовы СШ № 19 імя Я. Купалы, светлай памяці Яўгеніі Віктараўне Агіевіч. Твор ёй спадабаўся, і яна нават прасіла знаёмага журналіста "Вячэрняга Мінска", каб верш надрукавалі. У рэдакцыі папрасілі даць для адбору яшчэ некалькі прыкладаў рытмізаванай мовы. Аднак будучы празаік адчуў, што паэзія - гэта не ягонае, і практыкавацца далей у вершаскладанні не стаў.

Ці захаваўся ж той верш? Як паэту, мне хацелася яго пачуць і адчуць. Юрась узгадаў яго, праўда, папрасіў, каб не вельмі крытыкаваў, бо, мякка кажучы, недасканалась тут відавочная - падкрэсліў ён. Прачытаўшы, я з ім пагадзіўся, таму ў гэтым артыкуле і не прыводжу.

СЁННЯ ў творчым набытку Кур'яновіча зборнікі прозы "Ён і Яна" (1996), "Гарадская элегія" (2007), навукова-папулярных кнігі "Аповеды старасвецкай Лошыцы" (2005), "Беларускі крымінальны вышук" (2018), "Старасвецкая Лошыца" (2018), "Тураў. Старажытны і сучасны" (2019).

Ён упершыню пераклаў на беларускую мову творы шэрагу ўкраінскіх аўтараў (зборнік прозы "Цвітуць сланечнікі", 2012), у тым ліку ўспаміны навукоўца-хіміка, педагога, пісьменніка Пятра Франко (1890-1941), якому прысвяціў асобную кнігу "Пятро Франко. Авіятар, хімік, літаратар" (2019). А ў канцы 90-х на старонках беларускага друку ("Цэнтральная газета", часопісы "Нёман", "Бярозка") упершыню распавёў пра таямнічы каменны крыж на Барысаглебскіх могілках у Тураве - адзін з вядомых сёння турыстычных і рэлігійных аб'ектаў Палесся.

У 2010-м Юрась быў ўганараваны дыпломам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за ўклад у мастацка-эстэтычнае выхаванне моладзі. Ён пераможца конкурсу на лепшае краязнаўчае выданне за 2017-2019 гг. у намінацыі "Гарады Беларусі" першага Рэспубліканскага краязнаўчага форуму Беларусі (12 - 13 сакавіка 2020 г.) за кнігу "Старасвецкая Лошыца".

Кур'яновіч - яшчэ і мастак. Правёў 14 персанальных выстаў жывапісных твораў (алей, палатно, дошка), аб'яднаных агульнай назвай "Варыяцыі на спрадвечнае", пяць фотавыстаў ("Краявіды беларускай Палесціны", "Успаміны дзяцінства", "Подых Карпат"). Яго першая выстава адкрылася 1 лiстапада 1997-га ў Лiтаратурным музеi Максiма Багдановiча ў Менску.

Карціны і фотаработы захоўваюцца ў мастацкай галерэі Пухавіцкага краязнаўчага музея, у музеях Украіны - у фондах Львоўскага нацыянальнага літаратурна-мемарыяльнага музея Івана Франко (г. Львоў), Дзяржаўнага гістарычна-культурнага запаведніка "Нагуевічы" (с. Нагуевічы, Драгобыцкі р-н, Львоўская вобл.), літаратурна-мемарыяльнага музея І. Франко ў вёсцы Крыварыўня (Івана-Франкоўская вобл., Верхавінскі р-н), у прыватных калекцыях.

Прывяду водгукі на жывапісныя творы пісьменніка.

* * *

Можа, у карцінах Вашых, Вы больш - Яна і Ён, чым у кнізе?! Бо тут - "Hergebracht"! І гэта ўражвае найбольш, - калі немагчыма сфармуляваць свае думкі адназначна. Дзякую за дадзеную магчымасць паразважаць і пасля таго, як пакіну выставу.

Поспехаў Вам!

2.11.97 г. Васіль Сёмуха.

* * *

Свет вачыма Юрыя Кур'яновіча - гэта не фатаграфаванне рэчаіснасці, не дакладны адбітак дня сённяшняга, а імкненне пазнаць саму яго сутнасць і перадаць праз вобразы… Праз іх і пазнаеш свет, чалавека, саміх сябе…

Жадаю плёну ў творчасці, усяго найлепшага ў жыцці.

03.11.97 г. Таццяна Сашко.

* * *

Мастак -

Разумнае дзіця,

Ён ходзіць і на галаве.

Сусьвет жыцьця і пачуцьця

У творах Юрася жыве.

5.XI.97 г. Рыгор Барадулін.

* * *

З вялікай цікавасцю паглядзела. Карціны абуджаюць тыя пытанні, ад якіх заўсёды хочацца бегчы, бо адказу на іх да цябе шукалі стагоддзямі. Але за такое абуджэнне душы, дзякуй. Дзякуй за абуджэнне ўнутранае, устрасенне. Далейшай плённай творчасці.

23.02.2001

Алеся Карнейчык, г. Менск.

(Алеся Карнейчык - Алеся Сяргееўна Карнейчык (1976 г.н.) - навуковы супрацоўнік Нацыянальнага інстытута адукацыі і навукова-даследчага інстытута праблем крыміналогіі, крыміналістыкі і судовай экспертызы.)

* * *

Калі падыходзіш да гэтых карцін, кожны раз узнікаюць новыя пачуцці, новыя асацыяцыі, нібыта бачыш іх упершыню. У кожнай з іх бачна і нешта простае, цёплае, здаецца знаёмае з дзяцінства і адначасна ўражвае іх філасофская глыбіня, узнікае неакрэсленае прадчуванне будучыні. Жадаю табе, Юры, новых работ, новых выстаў, новых вобразаў.

26.02.2001 г. Яўген Церахаў.

(Яўген Церахаў - Яўген Георгіевіч Церахаў (20 кастрычніка 1960 г.н., Вілейка, Менская вобл.) - інжынер-электронік, вынаходнік, эколаг. Лаўрэат прэміі Акадэміі навук Беларусі (1989). У 1989-1997 гг. - дырэктар, а са снежня 1997 г. па люты 2007 г. - намеснік дырэктара Лошыцкай садова-паркавай гаспадаркі.)

* * *

Даволі прыемная нечаканасць - своеасаблівы сінтэз самадастатковай маляўнічасці, эрудыцыі, сімволікі (іканічнай) і вербальнага мыслення - гэткі прывабны кангламерат, здавалася б па прыродзе сваёй насумяшчальнага.

Вельмі рады за гэтае адкрыццё для мяне ў прыемным, цікавым і глыбокім чалавеку цікавага мастака-мысляра.

9.ІІІ.2001 г. Віталь Савіч.

* * *

Ганаруся тым, што мела шчасце вучыць такога Чалавека. З удумлівага, дапытлівага юнака вырас даследчык, навукоўца, мастак, тонкі лірык.

Божай падтрымкі, удачы, натхнення!

З пашанай і любоўю

2008 г.

Кныш М.А.

(Кныш М.А. - Кныш Марыя Антонаўна (11 жніўня 1957 г. - 25 траўня 2019 г., Менск) - настаўніца па беларускай мове і літаратуры Ю. Кур'яновіча ў СШ № 17, дзе ён навучаўся з 1-га па 8-мы клас у 1975-1983 гг. Намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Роднае слова").

* * *

Я ўдзячны за тыя хвіліны асалоды, еднасці і любові да нашай Айчыны.

8.02.13 г. Навум Гальпяровіч.


У Юрыя Уладзіміравіча шмат творчых планаў, якімі ён вырашыў са мной пакуль што не дзяліцца, каб не насмяшыць Бога. Застаецца па-сяброўску шчыра пажадаць вядомаму творцу новых цікавых і заўважных крокаў на шляху стварэння непаўторных вобразаў не толькі землякоў-беларусаў.

Уладзімір Барысенка, пісьменнік, сябар ТБМ.

На здымках, якія друкуюцца ўпершыню:

1. Студэнт Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі імя В.У. Куйбышава.

2. Першая выстава ў Лiтаратурным музеi Максiма Багдановiча ў Менску, лiстапад 1997 г.

3. У кватэры вядомай рускай паэтэсы Рымы Казаковай. 13 красавіка 2008 г., Масква.

Пабачыла свет кніга Віктара Сазонава "Генетычны алфавіт"

Пад рэдакцыяй праграмнай рады тыднёвіка "Ніва" выйшла чаканая кніга гарадзенскага пісьменніка і сталага аўтара "Нівы" Віктара Сазонава "Генетычны алфавіт". У прадмове да твора, якая змешчана ў чарговым нумары "Нівы" (42 ад 17 кастрычніка 2021 г.) галоўны рэдактар Яўген Вапа піша наступнае: "А і Я. Мая сям'я. Мой радавод. То наш народ. Генетычны алфавіт Чалавек, прырода, свабода. Для беларускай пісьменнасці такі трохкутнік стаў адным з важнейшых, мэтанакіраваных напрамкаў літаратурнага працэсу - у такой самой ступені як для паэтычнага, так і празатарскага ўяўлення. Але без перажытага ў сабе адчування тых працэсаў не народзіцца і першая, самабытная, духоўная творчасць. На такім узаемапраніканні выбудоўваўся і свет першабытнай народнай міфалогіі, абраднасці, фальклорнай спадчыны, свет поўны змагання дабра са злом, гераічных змагароў, што выступаюць супраць зямных уладароў. Свет казак, у якім на роўных правах існуюць, размаўляюць, сябруюць і ваююць звяры і людзі. Хатняя і прыродная стыхійнасць разам, або супраць сябе. А ўсё ў свеце падлітым касмічным гукам замоваў, спеваў, танцаў, пераўтварэннем бачанага ў нябачнае. І наадварот, дзе без магічнага і містычнага не можа ісці жыццё сваім зямным ходам. Адвечна счэпленае з сабою без разрыву каханне і нянавісць, дабро і зло, сумнае і вясёлае. Кругагляд жыцця і смерці. Свет, які стагоддзямі ў натуральнай стыхійнасці з пакалення ў пакаленне перадаваўся ў сялянскую спадчыну, якая чалавечаму роду даставіла столькі кашмарных, зямных выпрабаванняў. Падданства, паншчына, калгасная сістэма, голад, заразы, знішчальныя войны і ўсё найгоршае, што нават от так сабе не прыдумаеш, змушаны былі перажыць нашы продкі, перанесці эканамічны, сацыяльны, грамадскі, нацыянальны прыгнёт. Менавіта тая частка мінуўшчыны, была прааналізавана і апісана ўжо гісторыкамі, сацыёлагамі, эканамістамі на аснове дакументаў, геапалітычных канфліктаў, мемуарных запісаў, вусных успамінаў. Ад такога багажу дасведчанасці проста траўмаванасць чалавека як адзінкі і як часткі грамадскай супольнасці гарантавана, так як закон і запавет для бяздзейнасці і зняверлівасці ў асабістую і нацыянальную перамогу. Але на шчасце ў чалавечым і грамадскім жыцці не ўсё да канца ёсць прысуджанае на канчатковае знішчэнне. Назапашаная тысячагоддзямі чалавечая і прыродная прага да асабістага шчасця і свабоды кладзецца назаўсёды ўжо не толькі ў прызабыты фальклорны пераказ, але на векі вечныя пакладзена ў яго генетычны код - універсальны імунітэт не толькі біялагічны нашага роду, але і нацыянальны любога народа, праяўлены ў неспадзяваны час кожнаму з нас, каталізатарам успышкі якога можа стаць нават адно не забытае ці згаданае слова на роднай мове. Такія вось думкі кладуцца мне на паперу ад прапанаванага Шаноўным Чытачам рамана Віктара Сазонава "Генетычны алфавіт"..."

"Генетычны алфавіт" Віктара Сазонава - проста ўніверсальная літаратура з нябеснай паліцы пра народ, з якога аўтар выйшаў і якому ахвяраваўся жыць усім сабою. Кніга, якая мае амаль 750 старонак, аздоблена мастацкімі фотаздымкамі Паўла Грэся.

Паводле СМІ.

"Любоўю мацярынскай мы сагрэтыя": святкаванне Дня маці разам з бібліятэкамі Лідскага краю

Пры ўсёй разнастайнасці святаў, ёсць асаблівыя, напоўненыя сваёй непаўторнай атмасферай - атмасферай цяпла і дабрыні. Дзень маці з'яўляецца менавіта такім асаблівым святам. Дзень маці - выдатная нагода выказаць сваю любоў і глыбокую падзяку галоўнаму ў нашым жыцці чалавеку - маме.

Філіялы ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" святкавалі гэты дзень разам са сваімі чытачамі, для якіх былі праведзены разнастайныя мерапрыемствы. Сярод іх: святочная праграма "Усё лепшае ў мяне ад Мамы" (філіял "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка"), творчая сустрэча "Букет для мамы" (філіял "Інтэграваная бібліятэка агр. Гуды"), святочнае мерапрыемства "Як сонейка ў жыцці маім матуля" (філіял "Лідская гарадская бібліятэка № 2"), літаратурна-музычная кампазіцыя "Когда есть мама - жизнь прекрасна" (філіял "Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая") і многія іншыя.

Гісторыя беларускага свята Дня маці сыходзіць каранямі ў рэлігійнае свята - Пакроў Прасвятой Багародзіцы. Ва ўсіх праваслаўных цэрквах у гэты дзень праводзіцца святочнае набажэнства. Менавіта па гэтай прычыне філіял "Інтэграваная бібліятэка агр. Дворышча" ладзіў мерапрыемства, прысвечанае Дню маці. Так, 14 кастрычніка ў бібліятэцы прайшла духоўная гутарка з епіскапам Лідскім і Смаргонскім Парфірыем і настаяцелем храма Святой Праведнай Сафіі Слуцкай Георгіем Мухам. Гутарка суправаджалася чаяваннем, у завяршэнні якой жанчын павіншавалі са святам Пакрова Прасвятой Багародзіцы і пажадалі Божай дапамогі ва ўсім.

Святочным днём філіял "Дзітвянская сельская бібліятэка" ладзіў для сваіх чытачоў паэтычныя віншаванні "Мы будем вечно прославлять ту женщину, чьё имя - мать". На працягу імпрэзы гучалі вершы і песні, прысвечаныя маці. А мамам, чые дзеці часцей за ўсіх наведвалі бібліятэку, былі ўручаны падзячныя лісты за прыцягненне сваіх дзяцей да чытання кніг. Завяршылася мерапрыемства аглядам літаратуры ля кніжнай выставы "Вобраз маці дарагі".

14 кастрычніка ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 4" бібліятэкары сумесна з работнікамі і навучэнцамі Лідскай музычнай школы арганізавалі канцэртную праграму для чытачоў бібліятэкі пад назвай "Любоўю маці душа мая сагрэта", прымеркаваную да Дня маці. Прысутныя з вялікай цікавасцю прымалі ўдзел у конкурсах, спявалі песні, успаміналі прыказкі пра маці, а таксама віншавалі адзін аднаго са святам.

"Сказ от сердца и от души о том, как мамы хороши" - пад такой назвай ладзіўся святочны калейдаскоп у філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 5", удзельнікамі якога сталі навучэнцы 3 класа ДУА "Сярэдняя школа № 12 г. Ліды". Падчас мерапрыемства дзеці чыталі вершы і выказванні пісьменнікаў аб маці, а таксама пачулі гісторыю ўзнікнення свята і як святкуюць Дзень маці ў розных дзяржавах свету.

Тым жа днём для дзяцей з 2 "А" класа ДУА "Сярэдняя школа № 4 г. Ліда" прайшла літаратурная кампазіцыя "Усё ў свеце пачынаецца з Мамы", арганізаваная супрацоўні-камі філіяла "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка". Цяпло дзіцячых сэрцаў і любоў да сваіх матуль дарылі ў гэты дзень у бібліятэцы, гучалі толькі самыя далікатныя, самыя ласкавыя дзіцячыя словы пра мам. Хлопчыкам і дзяўчынкам зачыталі кранальны і ласкавы ліст салдата, які пісаў сваёй маці ў час Вялікай Айчыннай вайны. Дзеці распавялі, якімі добрымі словамі называюць сваіх мам, як умеюць пра іх клапаціцца і дапамагаць. У гульні "Абед для мамы" паказалі свае кулінарныя здольнасці, а ў літаратурнай гульні "Казачная мама" ўспомнілі казкі, дзе ёсць літаратурныя мамы.

16 кастрычніка філіял "Далекская сельская бібліятэка-клуб" арганізаваў тэматычны вечар "Няма даражэй слова - МАМА!". У гэты вечар у бібліятэцы сабраліся мамы і бабулі таленавітых дзяцей аграгарадка Далекія, якія парадавалі гледачоў сваімі выступленнямі. На працягу ўсяго вечара са сцэны гучалі самыя шчырыя словы падзякі і віншаванні.

Юныя чытачы філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 3" былі запрошаны на гадзіну паэзіі "Пагаворым мы сёння пра маму". Дзеці даведаліся аб гісторыі свята, і пра тое, што слова "мама" - адно з самых старажытных на зямлі і гучыць амаль аднолькава на мовах усіх народаў. Падчас мерапрыемства знаёміліся з творамі пра маму рускіх і беларускіх пісьменнікаў, чыталі вершы, удзельнічалі ў віктарыне, разгадвалі загадкі. У заключным конкурсе дзеці праявілі фантазію і творчасць пры стварэнні букета для мамы і віншавальнай паштоўкі.

Мама - самы родны чалавек. З самага дзяцінства мы цягнем да яе рукі, абдымаем моцна, спяшаемся да яе падзяліцца радасцю або смуткам, і яна заўсёды пахваліць або суцешыць, скажа, што ўсё абавязкова будзе добра... і ёй верыш, бо з матчынай любоўю так лёгка дыхаецца і жывецца!

К.С. Сандакова, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX