НАША СЛОВА № 44 (1559), 4 лістапада 2021 г.
Да 2-га лістапада Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі выступіў са Зваротам
У Звароце ў прыватнасці гаворыцца: "Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
Дзень 2 лістапада ў Каталіцкім Касцёле прысвечаны ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў. Згодна з традыцыяй, якая бярэ свой пачатак ад св. Адылона, абата бенедыктынаў (з 998 г.), у гэты дзень прынята наведваць могілкі і асаблівым чынам маліцца за памерлых.
Касцёл як Містычнае цела Езуса Хрыста, нібы з жывых камянёў, складаецца з людзей: і тых, якія цяпер жывуць, і тых, якія ўжо адышлі ў вечнасць, таму што "Бог не ёсць Богам мёртвых, але жывых" (Мк 12, 27). Адсюль, мы гаворым пра тры вымярэнні Касцёла: пілігрымуючы, пакутуючы і трыумфуючы. (Пар. Кампендый ККК, 195.)
Касцёл пілігрымуючы, або вандроўны - гэта вернікі, якія, жывучы на гэтым свеце, нібы пілігрымы, ідуць шляхам свайго зямнога вандравання да вечнай нябеснай Айчыны, змагаючыся пры гэтым са спакусамі і са злом.
Пакутуючы Касцёл - гэта душы памерлых, якія знаходзяцца ў чыстцы. Чысцец - гэта не месца, а стан душаў, якія церпяць ачышчальныя пакуты, каб, падтрыманыя малітвамі жывых вернікаў і святых, яны маглі ачысціцца ад усяго ўчыненага на зямлі зла і ўвайсці ў Нябеснае Валадарства.
І ўрэшце - Трыумфуючы Касцёл - гэта супольнасць збаўленых святых, якія ўжо сузіраюць Бога тварам у твар і малітвамі падтрымліваюць, як тых сваіх братоў, хто змагаецца са злом на зямлі, так і тых, хто пакутуе ў чыстцы.
Што мы робім у дзень успаміну памерлых? У гэты дзень, а калі мы не маем такой магчымасці, то ў бліжэйшыя дні (на працягу ўсяго месяца лістапада), прынята наведваць могілкі і там маліцца за памерлых. Мы наведваем іх магілы і наводзім там парадак. Можа так здарыцца, што месцы пахавання блізкіх нам людзей знаходзяцца не там, дзе мы жывём, і мы не можам туды паехаць. Магчыма, мы ўвогуле не ведаем, дзе яны пахаваны. Можна тады наведаць бліжэйшыя могілкі, каб там памаліцца і паклапаціцца пра закінутыя пахаванні.
Годным успамінам пра памерлых з'яўляюцца запаленая на магіле свечка і прынесеныя кветкі, але перш за ўсё - малітва за супакой душаў памерлых. Малітвы за памерлых могуць быць рознымі. Аднак найбольш дасканалай малітвай з'яўляецца Святая Імша. Таму вельмі пажадана прасіць святароў аб складанні ахвяры Святой Імшы за канкрэтных памерлых вернікаў...
...Заахвочваю вас браты і сёстры да малітвы за памерлых, гэтых нам вядомых і незнаёмых, а асабліва да практыкі адпусту за памерлых...
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Менск, 28.10.2021 г.
У ДЗЕНЬ ПАМЯЦІ САБОРА НОВАПАКУТНІКАЎ І СПАВЯДАННІКАЎ ЗЯМЛІ БЕЛАРУСКАЙ МІТРАПАЛІТ ВЕНІЯМІН ЗДЗЕЙСНІЎ ЛІТУРГІЮ Ў КАФЕДРАЛЬНЫМ САБОРЫ ЎВАСКРЭСЕННЯ ХРЫСТОВА ГОРАДА БАРЫСАВА
31 кастрычніка 2021 года, у Нядзелю 19-ю па Сёмусе, дзень памяці Сабора новапакутнікаў і спавяданнікаў Зямлі Беларускай, мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, кіраўнік Барысаўскай епархіі, узначаліў Боскую літургію ў кафедральным саборы Уваскрэсення Хрыстова гарада Барысава ў суслужэнні клірыкаў сабора.
Дыяканскі чын здзейсніў клірык Свята-Духава кафедральнага сабора горада Менска протадыякан Уладзімір Назараў.
Набажэнсцкія спевы выканалі хор кафедральнага сабора пад кіраўніцтвам рэгента Алы Кярко і дзіцячы хор пад кіраўніцтвам рэгента Ксеніі Качаноўскай.
За набажэнствам былі ўзнесены асаблівыя малітоўныя прашэнні пра дараванне міру беларускаму народу і пра спыненне распаўсюду шкоднаснай пошасці.
На памінальнай якценіі Патрыяршы Экзарх узнёс малітвы за ўсіх праваслаўных хрысціян, бязвінна багаборцамі забітых ці бязвінна прабывалых у зняволенні.
Па заканчэнні Літургіі была прачытана малітва і здзейснена слаўленне Сабора новапакутнікаў і спавяданнікаў зямлі Беларускай.
У завяршэнне Патрыяршы Экзарх звярнуўся да духавенства і вернікаў са словам навучання, павіншаваў прычаснікаў з прыняццем Святых Хрыстовых Тайн і падаў усім архіпастарскае дабраславенне.
Сайт БПЦ.
Паседжанне Вярхоўнага суда па ліквідацыі ТБМ прызначана на 8 лістапада
Вярхоўны суд Беларусі разгледзіць пытанне ліквідацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны 8 лістапада ў 10.00.
Старшыня ТБМ Алена Анісім з гэтай нагоды паведаміла наступнае:
- Нягледзячы на тое, якім будзе рашэнне Вярхоўнага суда, ТБМ не збіраецца здаваць сваіх пазіцый і адмаўляцца ад сваёй дзейнасці. Таму мы збіраем Сакратарыят, на якім абмяркуем усе неабходныя дзеянні, якія яшчэ магчыма зрабіць да 8-га, усе пільныя справы. А калі пройдзе паседжанне, магчыма, мы праедземся па ўсіх нашых арганізацыях, пагаворым пра тое, хто і ў якой форме будзе дзейнічаць. Ніхто не адмяняў дзейнасці ініцыятыў і ініцыятыўных груп, а ў Канстытуцыі як была дзяржаўнасць беларускай мовы, так яна і застаецца. І нават калі пройдуць нейкія рэферэндумы, дзяржаўнасць беларускай мовы будзе. А значыць, у нас будзе і магчымасць, і абавязак дзейнічаць па яе абароне.
Па словах А. Анісім, Таварыства задзейнічае ўсе юрыдычныя механізмы для таго, каб пазбегнуць ліквідацыі. Калі ж Вярхоўны суд прыме такое рашэнне, чальцы ТБМ будуць думаць аб тым, як працаваць далей.
- Магчыма, хтосьці выбера фармат незарэгістраванвй арганізацыі - як я ўжо казала, ініцыятывы, а магчыма, што мы распачнем працэс арганізацыі новай структуры пад новай назвай.
Цяпер Таварыства беларускай мовы, апроч пагрозы ліквідацыі, мае доўг звыш 2000 рублёў за арэнду сядзібы.
"Наша сумленне чыстае, мы зрабілі ўсё, што было ў нашых сілах. І ад роднай мовы адмаўляцца мы не збіраемся", - напісала Алена Анісім на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Шаноўныя чытачы "Нашага слова". Калі ТБМ будзе закрыта, мы будзем звяртацца ў Міністэрства інфармацыі, каб нам дазволілі закончыць год (застаецца 9 нумароў). Калі нам насустрач не пойдуць і гэты нумар акажацца апошнім або перадапошнім, то "Белпошта" верне падпісчыка грошы за неатрыманыя нумары. "Белпошта" не пералічыла рэдакцыі грошы за падпіску на 4-ты квартал, таму ў іх дастаткова сродкаў, каб расплаціцца з кожным.
Што будзем рабіць далей? Сачыце за сайтам nslowa.by і сацсеткамі.
Станіслаў Суднік.
Краязнаўчы рух і лексікаграфічная дзейнасць у перыяд Інбелкульта і ў сучаснасці
Да 100-годдзя Інбелкульта
Беларускае краязнаўства мае даўнія традыцыі і налічвае па меншай меры некалькі соцень гадоў. Згодна з Энцыклапедыяй гісторыі Беларусі існуюць звесткі па дзейнасці краязнаўчых суполак у сярэднія вякі, пэўная актыўнасць у гэтым кірунку, звязаная з дзейнасцю студэнцкіх таварыстваў, адзначаецца ў ХVІІІ-ХІХ стст.
Пра разуменне важнасці такой дзейнасці для развіцця беларускай нацыі сведчаць публікацыі ў газеце "Наша Ніва" (1908-1914 гг.), дзе мы можам знайсці матэрыялы этнаграфічнага характару і інш.
Аднак грунтоўнае развіццё і практычную значнасць краязнаўчы рух набывае ў 20-я гады ХХ ст. Так, створаны 30.01.1922 г. на базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт) меў у сваім складзе 2 секцыі (гуманітарную і прыроды). У канцы 1923 г. на правах пастаяннай камісіі было створана Цэнтральнае бюро краязнаўства. У сувязі з планамі слоўнікавай камісіі Інбелкульта па стварэнні народнага слоўніка была распрацавана інструкцыя для збірання народнага слоўнікава-тэрміналагічнага матэрыялу ў беларускай мове. Дакумент быў выдадзены ў 1925 г. Значную ролю ў збіранні лексічнага матэрыялу адводзілі краязнаўцам. Дзеля эфектыўнай камунікацыі быў заснаваны штомесячнік "Наш край". Так, у № 1 за 1925 г. былі надрукаваны такія матэрыялы, як Статут краязнаўчага таварыства, а таксама Інструкцыя для збірання народнага слоўніка тэрміналагічнага матэрыялу ў беларускай мове. У Інструкцыі падкрэслівалася: "Запісаць пажадана ўсе словы, якія ўжываюцца ў вашай мясцовасці. ... Пажадана, каб былі запісаны найбольш характэрныя беларускія словы, што ўжываюцца... асабліва-ж тыя, якія адрозніваюцца ад слоў расійскай ці польскай мовы па вымове або па значэнні". Падрабязна пазначалася, на якія часціны мовы звяртаць увагу: на назоўнікі, прыметнікі, дзеясловы, прыслоўі, выклічнікі, выразы і звароты, (запазычаныя) чужаземныя словы, уласныя імёны людзей, мянушкі жывёл і людзей.
Зразумела, што краязнаўцы займаліся не толькі збіраннем лексікі, але і іншымі рэчамі. Так, на старонках штомесячніка "Наш край" друкавалася праграма першапачатковага азнаямлення з краязнаўствам, задачы школьнага краязнаўства, асаблівасці правядзення і ўдзелу ў перапісе, значны акцэнт рабіўся на правядзенне прыродазнаўчай работы. Акрамя таго, перыядычна падводзіліся вынікі краязнаўчай дзейнасці і друкаваўся аналіз па акругах.
Слоўнікавая камісія таксама рэгулярна падавала звесткі пра сабраны матэрыял, аналізавала якасць і рабіла заўвагі па афармленні дасланых картак. Такія публікацыі заўсёды падаваліся за подпісам сакратара камісіі М. Байкова. Акрамя таго, камісія заахвочвала збіральнікаў і матэрыяльна, дакляруючы прэміраваць найлепшых з іх. Усе гэтыя захады далі надзвычайны плён. Так, на пачатак 1927 года паступіла звыш 130 тысяч слоў ад мясцовых карэспандэнтаў, а на канец таго ж года картатэка налічвала больш за 400000 адзінак (паводле І.К. Германовіча). У выніку супольнай працы былі выдадзены наступныя слоўнікі: "Беларуска-расійскі слоўнік" М. Байкова і С. Некрашэвіча, "Віцебскі краёвы слоўнік" М. Каспяровіча, "Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны" М. Шатэрніка, часткова былі падрыхтаваны матэрыялы слоўніка Мазыршчыны і інш.
У далейшым адпала вострая неабходнасць у працы па збіранні лексікі менавіта краязнаўцамі, што абумоўлена не толькі выданнем вышэйназваных краёвых слоўнікаў, але і рэпрэсіямі супраць актыўных грамадскіх і навуковых дзеячаў, а таксама неспрыяльнымі палітычнымі працэсамі, якія прывялі ў тым ліку да тэрытарыяльнага падзелу этнічнай беларускай тэрыторыі.
У ХХІ ст. істотна змяніліся ўмовы ажыццяўлення краязнаўчай дзейнасці. Наша краіна з вясковай стала адной з самых урбанізаваных у Еўропе. Акрамя таго, за апошнія гады значна зменшылася колькасць навучальных устаноў на нацыянальнай беларускай мове. Дзяржаўная па юрыдычным статусе, беларуская мова мала выкарыстоўваецца ў навуковай сферы, у афіцыйным ужыванні, у справаводтве і г.д. Гэты факт значна звужае магчымасці для развіцця краязнаўчай лінгвістычнай дзейнасці, бо носьбіты мовы масава перасяліліся ў горад, а моладзь не мае практыкі штодзённага карыстання роднай мовай ні ў горадзе, ні ў вёсцы. Штодня мы з'яўляемся сведкамі таго, як традыцыйна беларускамоўная дзейнасць па асвятленні традыцый нашага народа (святы, апісанне страваў, абрадаў і г.д.) ажыццяўляецца на рускай мове.
Тым не менш, мы павінны зазначыць, што запачаткаваная ў часы Інбелкульта дзейнасць краязнаўцаў па стварэнні агульнага слоўніка жывой беларускай мовы дала плён не толькі ў выглядзе вялікай картатэкі і выдання краёвых слоўнікаў. Была закладзена шырокая традыцыя па ўкараненні краязнаўчай дзейнасці ў школьную практыку, у ВНУ, у бібліятэчную сферу. Да нядаўняга часу існаваў курс у ВНУ "Беларусазнаўства", падчас якога ў студэнтаў фармавалася натуральнае пачуццё павагі да нашай нацыянальнай культуры. А ў асобных універсітэтах выкладчыкі запачаткоўвалі свае спецкурсы. Так, у Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце М.А. Даніловічам распрацаваны спецкурс "Лінгвістычнае краязнаўства Гродзеншчыны", у якім вельмі грунтоўна разглядаюцца ўсе аспекты лінгвістычнай краязнаўчай дзейнасці.
Акрамя таго, не спынялася ў розных кутках нашай краіны дзейнасць па фіксацыі асаблівасцяў роднай гаворкі. Гэта і выданні настаўнікаў, сапраўдных аматараў-краязнаўцаў, а таксама і разнастайныя матэрыялы, найперш дыялектныя, падрыхтаваныя і апрацаваныя навукоўцамі. Знакавымі як для краязнаўчай супольнасці, так і для навуковай грамадскасці сталі наступныя нядаўна выдадзеныя слоўнікі: "Альпенскі дыялектны слоўнік" - аўтар І. Ляшкевіч (Альпень-Берасце, 2004 г.), "Дыялектны слоўнік Косаўшчыны" - Алесь Зайка (Слонім, 2011 г.), яго ж Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны (2014), а таксама Прыказкі і прымаўкі з Косаўшчыны (2015). Адметнае месца ў шэрагу такіх слоўніку займае "Дыялектны слоўнік Гілевіч Н.І.", падрыхтаваны з дапамогай студэнтаў дзеля ўвядзення ў навуковы ўжытак адметнай лексікі. У нашай краіне сіламі краязнаўцаў, часта сяброў ТБМ, выдаюцца часопісы, зборнікі краязнаўчай тэматыкі ў Лідзе, Нясвіжы, Мёрах, Гомелі і інш.
Набыткі і праблемы краязнаўчай дзейнасці часта служылі падставай для арганізацыі і правядзення адпаведных канферэнцый. ТБМ таксама зрабіла свой унёсак у краязнаўчы рух. Так, у 2012 г. сіламі ТБМ была праведзена канферэнцыя "Сучасны стан беларускага краязнаўства" і краязнаўчы фестываль, у 2019 - канферэнцыя "Нашы вякі - наша багацце. Лепшыя практыкі менеджменту спадчыны". Паводле выступаў удзельнікаў, сярод якіх былі і лінгвісты, і краязнаўцы выдадзены зборнікі матэрыялаў.
У аснове беларускага краязнаўчага руху заўсёды былі прага да ведаў і любоў да роднага краю. Гэтым жа вызначалася дзейнасць супрацоўнікаў Інбелкульта, якія ахвяравалі свой талент, веды і сілы на развіццё беларускай мовы, беларускага мовазнаўства.
Навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі
Алена Анісім.
Асаблівасці аздаблення сакральных аб'ектаў грэка-каталіцкіх храмаў
Новая кніга беларускага гісторыка мастацтва Галіны Аляксандраўны Флікоп-Світы "Іканастасы і алтары грэка-каталіцкіх храмаў Беларусі ХVII - першай трэці ХIХ стагоддзя", якая выйшла ў выдавецтве "Беларуская навука", была прадстаўлена чытачам 28 кастрычніка ў менскай "Акадэмкнізе". На сустрэчу з даследчыцай прыйшлі прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, вернікі розных канфесій, якія атрымалі каштоўнае выданне з дарчымі надпісамі.
Ураджэнка горада Ліды і выпускніца БДУКіМ па спецыяльнасці "Мастак народных рамёстваў" Галіна Флікоп-Світа шмат гадоў даследуе рэлігійнае мастацтва, іканаграфію ўніяцкіх храмаў Беларусі. Яна скончыла ЕГУ і магістратуру Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі і з'яўляецца аўтарам больш за 50 навуковых прац.
У 2014 годзе спадарыня Галіна абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму: "Мастацкія і іканаграфічныя асаблівасці іканапісу грэка-каталіцкіх храмаў Беларусі ХVIII - першай паловы ХIХ стагоддзя". Новая кніга з'яўляецца падсумаваннем дзесяцігадовай навуковай працы, у ёй глыбей распрацаваны некаторыя аспекты папярэдняга даследавання. У кнізе ідзе гаворка пра помнікі іканапісу, а таксама пра інтэр'еры грэка-каталіцкіх храмаў.
- Як спадкаемца праваслаўнай традыцыі Грэка-каталіцкая царква першапачаткова захоўвала адпаведны выгляд інтэр'ераў. Пасля інтэр'еры пачалі мяняцца, шмат дзе іканастасы зніклі, алтар стаў адкрытым, з'явіліся прысценныя алтары, назіраўся сінтэз традыцый, - пракаментавала змест новай кнігі Галіна Флікоп-Світа.- Шмат дзе суіснавалі і іканастасы, і прысценныя алтары. У кнізе разглядаецца, у якіх рэгіёнах якія тыпы алтароў прэваліравалі і ў чым былі іх былі асаблівасці.
Другая частка кнігі прысвечана іканастасам, апісанню таго, якімі яны былі, якія абразы ў іх уваходзілі. Трэцяя частка выдання прысвечана непасрэдна прысценным алтарам, а таксама скульптурам, якія аздаблялі алтары, і алтарнаму жывапісу.
У кнігу ўвайшлі матэрыялы экспедыцый аўтара па тэрыторыі Беларусі, фотаздымкі помнікаў мастацтва, якія знаходзяцца ў музейных зборах і маюць дачыненне да спадчыны грэка-каталіцкай царквы, і вялікі пласт здымкаў, зробленых супрацоўнікамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Супрацоўнікі музея Мікалай Мельнікаў і Уладзімір Карэлін выязджалі ў экспедыцыі пачынаючы з 1970-тых гадоў і сабралі вялізны экспедыцыйны архіў, больш за 50 гадоў яны збіралі матэрыялы і працягваюць працаваць.Тое, што можна было ўбачыць у храмах ў 1970-80 гадах, на сёняшні час ужо страчана.
Да кнігі ёсць электронны дадатак на дыску, дзе прадастаўлена інфармацыя пра 2600 грэка-каталіцкіх храмаў, якія некалі існавалі на тэрыторыі Беларусі. Былі выкарыстаны пратаколы візітацый цэркваў, прыводзіцца апісанне інтэр'ераў. Ёсць асобны раздзел, прысвечаны Царскім брамам, гаворка ідзе пра саламяныя Царскія брамы, і пра найлепшыя ўзоры разьбарства.
Работа напісана пры выкарыстанні дакументаў з архіваў і музеяў Расіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Аўстрыі, у якіх адлюстраваны стан каля 2600 прыходскіх, манастырскіх і кафедральных храмаў Вялікага Княства Літоўскага.
Кніга прызначана для мастацтвазнаўцаў, культуролагаў, рэлігіязнаўцаў, музейных супрацоўнікаў, краязнаўцаў, для усіх, хто цікавіцца айчыннай культурнай спадчынай.
Эла Дзвінская, фота аўтара.
ТРАГЕДЫЯ ПЯСНЯРА РЭВАЛЮЦЫІ
Да 125-годдзя з дня нараджэння Міхася Чарота
Уладзімір Барысенка
ВЯДОМЫ беларускі паэт, драматург, празаік і грамадскі дзеяч Міхась Чарот (Міхаіл Сымонавіч Кудзелька) нарадзіўся 7 лістапада 1896 года ў гарпасёлку Рудзенск Ігуменскага павета (цяпер Пухавіцкі раён). Пачаўшы пісаць у 13 гадоў, ён стаў адным з лідараў тагачаснай беларускай савецкай літаратуры. У яго вучыліся нашы вядомыя, пачынаючы з Кандрата Крапівы і Петруся Броўкі, літаратары. Чарот набываў веды шмат дзе: у наёмнага настаўніка, самастойна, у Цітвянскай двухгадовай вучэльні, Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, Менскім вышэйшым педагагічным інстытуце, у Маскве ў Дзяржаўным інстытуце журналістыкі... У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў ліку 22 беларускіх пісьменнікаў быў расстраляны. Восьмага снежня 1956 года рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Асабістая справа нумар 8153-с фатаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
ПАВЕРЫЦЬ на слова - і то цяжка. А як паверыць у свой лёс, лёс тых, хто разам з табой, здаецца, здольны здзейсніць агульныя спадзяванні і намаганні, стварыць на разбурэнні і крыві новую, светлую будучыню...Тым больш, калі жывеш і творыш на вастрыні сацыяльных канфліктаў, у небывалых дасюль супярэчлівых сітуацыях, калі цяжка вызначыцца, хто чужы, а хто свой, як увогуле да незвычайных сітуацый адносіцца. Міхась Чарот вызначыўся. У яго хапіла і жадання, і рашучасці, і смеласці, каб цвёрда пераканацца ў шчаслівасці і літасці і свайго, і чужога лёсу, паверыць "у заўтра" гэтак, як мая родная рэчка Лешча верыць у надыход вясны. "Я іду ў заўтра, а заўтра - гэта Вялікая Будучыня", - заявіў і сцвердзіў ён у вершы "Песня беларуса", надрукаваным у першым жа сваім зборніку "Завіруха", што пабачыў свет у 1922 годзе. Толькі вось сцэнар казкі пра будучы рай быў напісаны зусім іншы...
АДКАЗАЦЬ адназначна, калі я ўпершыню пачуй яго імя, як паэта, - не бяруся. А вось, калі пазнаёміўся з ягонай творчасцю па-сапраўднаму, скажу дакладна: на другім курсе любімага журфака ў светлай памяці Рыгора Васільевіча Булацкага, якому буду ўдзячны да канца свайго жыцця. Беларускую літаратуру ў нас выкладаў сутулы, хударлявы, занадта сціплы і сарамлівы, малады дацэнт Рыгор Семашкевіч. Больш за іншыя лекцыі нас тады цікавіла тое, што ён - зяць самога Янкі Брыля! Звычайна без асаблівага ўздыму і захаплення ўжо даволі вядомы пісьменнік і літаратуразнаўца манатонна і неразборліва распавядаў пра чарговага літаратара ці ягоны твор. Калі ж чарга дайшла да Чарота - ён імгненна ператварыўся: ягоная спіна заўважна выпрамілася, плечы нібы сталі на сваё месца, словы сталі куды больш чутнымі, выразнымі і пераканаўчымі. Гэтак уважліва мы раней не слухалі. Рыгор Міхайлавіч часцей папраўляў свае ўжо не першыя акуляры, ускідваў у іх вочы пад столь, і скідваў адтуль на нашыя галовы тое, што цяжка забыць. І " шчырасць пачуццяў", і "высокі грамадзянскі дух", і "ўсёпераможны аптымізм", і "усход надзеі", і "зорны небасхіл"... Карацей, словы і сімвалы, якія "ўвасаблялі запаведную мару рэвалюцыйнага народа". Гаворка, калі хто здагадаўся, ішла пра адну з самых вядомых паэм непаўторнага паэта і чалавека "Босыя на вогнішчы".
ТАДЫ я не мог ні прадбачыць, ні падумаць, што менавіта гэты твор і пападзецца мне на экзамене. Падрыхтаваўся нядрэнна: уважліва прачытаў у паэме і пра пажар на Усходзе, і пра агонь, у якім марнее ўсё, што збіралі вякамі. Асабліва ўрэзалася пра знішчэнне таварышамі з дымам памяці мінулага - цэркваў, палацаў і харомаў, пра што некаторыя мараць і сёння. Дарэчы, прыхапіў з сабой сшытак з лекцыямі, сярод якіх была і Семашкевічава, ведаў, што ўжо даволі вядомы паэт і літаратуразнаўца вельмі любіць, што за ім запісваюць і на яго спасылаюцца. Калі ў сваім адказе дайшоў да тых пабудоў, што разбураюцца і гараць у агні - нібы мову адняло. Мне стала натуральна дрэнна (і сёння дрыжыкі па целе) не толькі маральна, але і фізічна. Валодзя Саламаха, шырока вядомы сёння пісьменнік і крытык, з якім мы падчас вучобы моцна сябравалі ( павінен быў адказваць за мной) так перапужаўся, што кінуў рыхтавацца, падбег да графіна і наліў мне вады. Разгубіўся і выкладчык... Я, усё ж, узяў сябе ў рукі і працягнуў адказваць. Мае дзяды і бабулі былі веруючымі. У якаўлевіцкай і анікавіцкай хатах на мяне глядзелі з дзяцінства божыя абразы, прад якімі, асабліва, бабулі Акуліна і Марыя, заўсёды ўтрапёна маліліся. Ды і расказы дзядоў Ільі і Лукі добра памятаў. Да таго ж, для добрай адзнакі вырашыў "здзівіць" Семашкевіча тым, што сам пішу вершы, што яны друкаваліся ў вайсковай і раённай газетах. Але так, як Чарот, не напісаў бы...
- У якім сэнсе? - ускінуў ён вочы пад столь аўдыторыі.
- Шкада ж усяго, што гіне, людзі будавалі, вы ж самі казалі, вось я занатаваў у сшытку (паказаў, дазвалялася прыносіць, але не карыстацца падчас адказу), што "ў творчасці павінны быць стваральныя матывы".
Цяпер ужо ваду піў Рыгор Міхайлавіч. Хлапец, не буду называць яго прозвішча, які сядзеў за Саламахам, схапіўся за галаву, ён пазней працаваў зусім не ў журналістыцы, тым больш не ў літаратуры. Семашкевіч задаў дадатковае пытанне, на якое я не адказаў, і ўбачыў у залікоўцы першую і апошнюю "тройку", з-за якой (можна было пераздаць) не атрымаў чырвоны дыплом.
РЭДКА, аднак, думаю пра тую адзнаку. Яна нагадвае мне сустрэчу з творчасцю разумнага гарэзы і фантазёра. Пазней даведаўся: у сваёй лекцыі Рыгор Семашкевіч (ён трагічна пайшоў з жыцця ў свае 37!) выкарыстоўваў матэрыялы даследчыкаў Міхася Яроша і Навума Перкіна. Апошні - адзін з аўтараў "Гісторыі беларускай савецкаў літаратуры". Абодвух узгадвае ў сваёй кнізе "Айчыны верныя сыны" мой талачынскі зямляк і сябар, журналіст, пісьменнік, гісторык і педагог, лаўрэат Дзяржпрэміі Рэспублікі Беларусь Анатоль Мяснікоў. Вось ужо дзесяць гадоў няма маладзейшага за мяне, майго надзейнага дапаможцы і дарадчыка, які скончыў журфак крыху раней. Пра будучую кнігу Анатоль расказаў па-сяброўску, як мне тады падалося, не збіраючыся гэтага рабіць. Не паспеў я ў чарговы раз зайсці да яго ў "Звязду" (у той дзень ён дзяжурыў па нумары) як пачуў звычайнае ў падобных выпадках ягонае:
- Чытай заўтра нашу газету, там - "бомба!", падрабязнасці будуць у маёй кнізе, гранкі ўжо вычытаў!
Калі не памыляюся, гэта было блізка да сёняшняй пары 1995 года. Аказваецца, у нумар ішоў верш Чарота "Суровы прыгавор падпісваю першым". Твор, які не друкаваўся нідзе з 1930 года, калі ад яго трапяталі старонкі "Полымя" і "Маладосці":
Чаго хацелі вы? Якое мелі права
Крывёю гандляваць
працоўных Беларусі?
Прыйшла на вас
суровая расправа
Перад судом віну
прызнаць прымусім.
...
Вы прытаіліся
пад венікам, як мышы,
Каб зноў паўзці
на вольныя загоны,
Вы марылі
ўзабрацца на ўзвышша
І дыктаваць драпежныя законы.
Наш смелы крок -
узвышша затраслося,
Законы піша дыктатура працы.
Выкрывальны верш прысвячаўся выдатнаму пісьменніку, крытыку, публіцысту і вучонаму Вацлаву Ластоўскаму, "Лабірынты" якога выйшлі зусім нядаўна ў новай серыі "Мая беларуская кніга". Аднаму з выдатнейшых дзеячаў у гісторыі нашай культуры Максіму Гарэцкаму, "Дзве душы" якога і "У чым яго крыўда" таксама з'явіліся ў азначанай серыі. Аднаму з заснавальнікаў літаб'яднанняў "Маладняк" і "Узвышша" Язэпу Пушчу. Таксама аднаму з заснавальнікаў "Маладняка" Алесю Дудару, якога за ненадрукаваны верш "Пасеклі край наш папалам..." выслалі ў 1928-м на тры гады ў Смаленск, а праз дзесяць гадоў расстралялі, і іншым. Аўтар асуджаў іх за нацдэмаўшчыну. Яны былі арыштаваны вясной і летам 1930 года ў ліку 108 дзеячаў беларускай навукі і культуры па справе "Саюза вызвалення Беларусі". З іх 86 былі асуджаны. Многіх рсстралялі, іншыя згінулі ў розных лагерах. Версій сапраўднага існавання СВБ жыло нямала, пакуль Інстытут гісторыі партыі пры ЦК КПБ не накіраваў у 1988 годзе зварот у КДБ СССР. Адтуль адказалі: "... пасля руплівага вывучэння архіўных матэрыялаў, якія б пацвярджалі існаванне "Саюзу вызвалення Беларусі", не знойдзена".
І АТРЫМЛІВАЕЦЦА, жорсткая справа - палітычна-крымінальны дакумент, па якім без суда і следства былі знішчаны ці пацярпелі вядомыя людзі краіны. Атрымліваецца гэтаксама, што, хай сабе ўскосна, дапамог ліхадзейству і Міхась Чарот. "Бомба", пра якую казаў Мяснікоў, стала, па ягоных жа словах, "вяршыняй імкнення Чарота да гімназацыі крывавых падзей дваццатых-трыццатых гадоў".
Гэтае сцвярджэнне і абяцаныя падрабязнасці вакол верша ў "Звяздзе" знайшлі сваё месца ў матэрыяле "Паэт-трыбун. Чалавек часу. Ахвяра рэжыму". Разам з іншымі ён склаў зборнік гістарычных нарысаў "Айчыны верныя сыны". Менавіта яго меў Анатоль на ўвазе і праз нейкі час мне яго падпісаў. З нарыса я зразумеў: друкуючы верш, газета разлічвала атрымаць і на верш, і на сам факт яго з'яўлення на старонцы хоць колькі водгукаў. Даляцеў жа адзін... Пра колькасць падумайце самі. Быў ён ад прафесара з Берасця. У тым, што новыя чытачы атрымалі магчымасць пазнаёміцца з "Суровым прыгаворам" аўтар нічога дрэннага не бачыў. Месца ў нарысе думкам-разважанням прафесара, які сказаў, што гэтае "сачыненне, якое дыхае магільнай сцюжай", адведзена шмат. Але я караценька, пра, на маю думку, галоўнае. Такі ўрок, адгукаўся прафесар, "трэба выкарыстоўваць дзеля таго, каб не паўтарыліся абставіны, якія прымушаюць чалавека забывацца аб сваім прызначэнні, аб тым лепшым, чым адаравала яго прырода. Кожнаму чалавеку ў любы момант наканавана праходзіць выпрабаванне на чэснасць і подласць. Вера ў перамогу гістарычнай праўды дапамагае зрабіць маральны выбар на карысць дабра. Толькі трэба глыбока ўнікаць у трагедыю эпохі, у трагедыі асабістых лёсаў". Ну што тут дадаць? Малайчына, дзякуй табе, прафесар!
ЁСЦЬ моманты, калі сапраўды даводзіцца рабіць той ці іншы выбар. Які правільны, за які потым не будзе сорамна, і за які не трэба будзе ў будучым выбачацца - вырашаць, канешне ж, самому. Чарота ніхто ні за што не агітаваў. Ён адназначна выбраў рэвалюцыю і нарадзіў той высокі пафас яе апявання, да якога ні да яго, ні пасля яго ніхто так і не ўзняўся. Калі чытаеш, здаецца, нехта планаваў нарадзіць яго менавіта ў дзень будучай рэвалюцыі, і чырвоным па ўспрыманні падзей. А падзеі, у адказ, выказваюць вялікую за гэта падзяку, і шчэ з большым жаданнем, натхненнем і напорам робяць сваю справу. Думаю, ён ганарыўся, што нарадзіўся 7 лістапада і атрымліваў штогод новыя падарункі ў выглядзе "новых здзяйсненняў". "Рэвалюыцыя сваім агнём, - казаў у той час пісьменнік і грамадскі дзеяч Цішка Гартны, - апякла пачуцці М. Чарота і ўклала ў яго песні напал і бадзёрую надзею, парыў паўстання". Ён марыў і ўжо ўяўляў час, калі па ўсім свеце пранясецца рэвалюцыйная бура. У зборніках "Завіруха", пра які я гаварыў у самым пачатку, і "Веснаход", што выйшаў услед за ім, - браты і сёстры буры: вецер, навальніца, завіруха, чырвонае вогнішча, буралом, агонь, пажар... Толькі вось, пагаджуся з Анатолем Мясніковым, жыве ў вершах "распранутая рыторыка, ура-патрыятызм, погляд на рэчаіснасць праз ружовыя акуляры". Ды і пры жыцці Чарота ягоная творчасць ніколі не ацэньвалася адназначна. Звернемся зноў да тых жа Язэпа Пушчы і Максіма Гарэцкага. Першы, напрыклад, крытыкаваў паэму "Ленін". І, ведаеце, за што - за "валавяна-лёгкія і гранітна-васковыя" прыёмы. А яшчэ... "за адсутнасць зместу". Другі ж, згадваючы ўсе шэсць паэм, акрамя "Босых..." і толькі што згаданай, гэта "Карчма", "Марына", "Беларусь лапцюжная" і "Чырванакрылы вяшчун" (фактычна працягвае "Босых...) канстатаваў вось што. Усе яны - "найлепшае ў беларускай пралетарскай паэзіі". Сам жа Чарот быў для Гарэцкага таленавітым, але (і гэта пацвярджае тут ужо сказанае) супярэчлівым паэтам. Іншыя адначасова адзначаюць і гіпербалічнасць прыёмаў, і што ён "першы на беларускіх загонах ажыццявіў на практыцы погляд на літаратуру, як на зброю класавага змагання". Тым самым удакладніў, развіў і ўзмацніў свой выбар. Што тычыцца таленту, то ён праявіўся не толькі ў паэзіі (паэтам ён быў, як кажуць, ад Бога), але і ў прозе, і ў драматургіі. Звяртае на сябе ўвагу зборнік апавяданняў "Веснаход". Сярод лепшых п'ес - "Мікітаў лапаць" і муздрама "На Купалле", па ёй створана вядомая опера "Кветка шчасця". Сам, між іншым, спяваў (меў прыгожы барытон) у хоры дырыжора, кампазітара, фалькларыста і царкоўнаслужыцеля Уладзіміра Тэраўскага, расстралянага 10 лістапада 1938 года. Узначальваў тэатральную суполку "Маладзік". Іграў у трупе драматурга, рэжысёра, акцёра і мастака, народнага артыста Беларусі Уладзіслава Галубка.
Але ні талент, ні патрыятызм, ні адданасць справе рэвалюцыі, ні звышчалавечая вера ў светлую будучыню, ні, урэшце, ТОЙ верш бацьку чацвярых дзяцей не ўратавалі. Як не ўратавалі і членства ў партыі, і пасада рэдактара "Савецкай Беларусі", і стварэнне "Маладняка", і членства ў ЦВК БССР, і многае іншае... 24 студзеня 1937 года кансультанта маладых аўтараў Саюзу пісьменнікаў БССР, як удзельніка "нацдэмаўскай, контррэвалюцыйнай і антысавецкай ("чаму гэта ён там моладзь вучыць?!") арганізацыі" арыштавалі ў Менску ў ягонай кватэры нумар 1 дома нумар 35 па вуліцы Ленінскай. 28 кастрычніка таго ж года паэта-патрыёта, паэта-трыбуна, паэта-змагара прыгаварылі да расстрэлу. Да канца жыцця заставаліся адны суткі. Ён сядзеў спачатку ў адной камеры з паэтам Юркам Лявонным, якога забралі раней і які не пацвердзіў, што Цішка Гартны "контррэвалюцыянер" і "нацдэм". У засценку турмы, дзе быў маральна і псіхілагічна зламаны, Чарот напісаў свой апошні верш, які стаў споведдзю не толькі перад сабой, але і перад усім сваім народам, якому зычыў працвітання і шчасця:
Я вам не здрадзіў,
Не зманіў,
Бо славіў наш савецкі будзень,
Свой верш сардэчнай чысціні
Ахвяраваў я родным людзям.
Я не чакаў
І не гадаў.
Бо жыў з адкрытаю душою,
Што стрэне лютая бяда,
Падружыць з допытам,
З турмою.
Прадажных здрайцаў ліхвяры
Мяне заціснулі за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палі,
Мае бары, -
Кажу вам: я не вінаваты!
Паверце - я не вінаваты!
ТАКІ вось зварот, такі крык душы і сэрца. Па ўспамінах паэта, пісьменніка і перакладчыка Міколы Хведаровіча, якога арыштавалі 3 жніўня 1938 года, а ў 1940-м асудзілі на 8 гадоў пазбаўлення волі, у 1939-м яго перавялі ў камеру-адзіночку. Адразу ж пачаў уважліва аглядаць сцены. І ў адным з куткоў прачытаў і запомніў выкалупаны нечым вострым тэкст споведзі, якую апублікаваў у паэтычным зборніку толькі ў 1965 годзе...
Такі быў час. Такая эпоха. Такі лёс рамантыка Міхася Чарота.Такі лёс Рыгора Семашкевіча, на якога я за ягоную "тройку" ні кроплі не крыўдую. Такі лёс цудоўнейшага сябра-журналіста Анатоля Мяснікова. Такі мой асабісты лёс...
Міхась Чарот - на канверце
Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства паштовай сувязі "Белпошта" выпусціла ў абарачэнне маркірованы канверт, прысвечаны Міхасю Чароту (Кудзельку, 1896-1938) - беларускаму паэту, празаіку, драматургу, публіцысту, грамадскаму і культурнаму дзеячу. Выданне канверта прымеркавана да 125 годдзя пісьменніка, юбілей якога будзе адзначацца 7 лістапада.Канверт выйшаў 10-тысячным накладам. Яго падрыхтавала мастачка Святлана Цырулік. На канверце, акрамя вокладак кніг паэта і яго партрэта, мастачка змясціла паэтычныя словы:
Кінь саромецца мовы сваёй,
Зваць сябе беларусам пачні,
Папрацуй над сялібай сваёй,
А пасля з ціхатой адпачні!..
Гэта ўжо другі канверт, прысвечаны Міхасю Чароту. Першы быў выдадзены "Белпоштай" у 1996 годзе. Яго аўтарам з'яўляўся мастак Віктар Сташчанюк.
Сяргей ЧЫГРЫН.
Забыты Алесь Салагуб
Мы веснаход - нясём свабоду,
Мы крыгалом - нясём цяпло.
Мы змагары, нясём народу
Прасвету, Волю і Добро.
Здаецца, што гэтыя радкі паэта Алеся Салагуба (1906-1934) былі напісаны сёння. А напісаў іх ён ажно ў 1927 годзе. 18 кастрычніка Алесю Салагубу споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння.
Родам паэт і публіцыст быў са Смаргоншчыны. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Там ён зблізіўся з дзеячамі беларускага руху, у прыватнасці, з Арсенем Канчэўскім і іншымі хлопцамі.
З узнікненнем Беларускай сялянска-работніцкай Грамады, Алесь Салагуб актыўна далучыўся да яе дзейнасці: арганізоўваў у сваім павеце гурткі Грамады, распаўсюджваў літаратуру. А потым за гэта трапіў у Лукішкі.
У 14-гадовым узросце Алесь Салагуб надрукаваў артыкул "Культурныя паны" ў газеце "Незалежная думка" (1920, 4 ліпеня). У ім аўтар крытычна выказаўся ў адрас нейкага пана Эўзэбіюша Лапацінскага, які "замахнуўся выгнаць беларусаў з спрадвечных беларускіх базыльянскіх муроў".
У 1925 годзе "Студэнцкая думка" публікуе чатыры вершы Алеся Салагуба. Паэтычныя радкі былі апублікаваны пад загалоўкам "З вершаў А. Салагуба, вучня Віленскай беларускай гімназіі, з Лукішскага астрогу". У першым вершы "Не для славы" з гэтай падборкі паэт заклікаў:
Не для крыку, не для славы,
Мы павінны працаваць,
А за светлую ідэю
Разам ўсе мы мусім стаць.
Не ісці, не адлучацца
Ад сярмягі, ад братоў.
Ўсё жыццё трэба змагацца -
Жыць усім без ланцугоў.
Потым вершы Алеся Салагуба актыўна друкаваліся ў "Нашай волі", "Вольнай працы", "Нашай праўдзе", "Маланцы", "Беларускай ніве" і іншых выданнях пад сваім уласным прозвішчам і пад крыптанімамі і псеўданімамі: Лявон Адраджэнец, Лявон Чачотка, А.С. і г.д.
Пачатак сваёй свядомай мэтанакіраванай літаратурнай творчасці паэт адносіў да 1924 года - да часу яго першага турэмнага зняволення ў Лукішках, калі ён за кратамі напісаў цыкл вершаў і п'есу "Касулі ў цемры". У гэты час яго захапляў ідэал усеагульнай любові да чалавека. Як пісаў даследчык заходнебеларускай літаратуры Мікола Мікуліч у кнізе "Паэзія Заходняй Беларусі (1921-1939)" (Мінск, 2010. С. 268-269), "своеадметнасць паэзіі А. Салагуба заключаецца ў тым, што яна народжана галоўным чынам у турэмнай няволі, падчас знаходжання аўтара ў Лукішках (у 1924 і 1927 гг.), яе змест складаюць думкі і перажыванні юнака-палітвязня".
Гэтай думкі прытрымліваўся і даследчык творчасці Алеся Салагуба доктар філалагічных навук Арсень Ліс: "Бунтарства супраць старога ладу, капіталу, рэвалюцыйная зарыентаванасць паэта асяроддзем, адпаведнай літаратурай моцна чуюцца ў яго вершах, напісаных… у Лукішкай турме" (Арсень Ліс. Цяжкая дарога свабоды. Мінск, 1994. С.45):
Душою, сэрцам я -
і моцны, і цвярозы,
Мне аднастайнасцяў
не страх жыцця:
Я пралетар,
я - новых дней дзіця,
Я не баюся буднічнае прозы.
Ў грудзёх маіх паэзія бурліць, --
Я - валадар над дзіўнаю красою,
Я песні барацьбы нясу з сабою.
Я жыць хачу, цярпець,
кахаць, тварыць!..
Сапраўды, у поглядах паэта хутка адбываецца пералом, ён адыходзіць ад рамантычнага ўспрыняцця свету і прасякаецца ідэямі класавага змагання, арганізаванай сацыяльна-палітычнай барацьбы.
Калі выйшаў паэт з Лукішкаў на волю, нелегальна перайшоў польска-савецкую мяжу. Паступіў у Белдзяржуніверсітэт, быў аспірантам Інстытута літаратуры Акадэміі навук. А ў 1929 годзе з друку выходзіць першы і адзіны зборнік паэзіі Алеся Салагуба "Лукішкі". Зразумеўшы жыццё ў Савецкай Беларусі, ён пісаў сябрам у Заходнюю Беларусь, каб не ўцякалі ў СССР, "бо тут нас саджаюць у свае, пралетарскія турмы". І гэтага яму не даравалі, а ў 1933 годзе Алеся арыштавалі і ў 1934-м расстралялі.
Адной з прычын хуткага расстрэлу паэта, як пісаў у сваёй кнізе "Цяжкая дарога свабоды" літаратуразнавец Арсень Ліс, з'яўляўся і выпадак, калі Алесь Салагуб схапіў чарнільны прыбор са стала і кінуў ім у твар ката. А каты такое не даруюць. Гэты выпадак, найхутчэй, і мог паўплываць на рашэнне таго псеўдасуда.
Дзесьці ў 1956-1957 гадах адзін лейтэнант прывёз у родную вёску Зарудзічы, што на Смаргоншчыне, маці Алеся Салагуба даведку аб рэабілітацыі сына і сказаў, што быццам ён памёр у лістападзе 1941 года. І нават называлася прычына смерці - запаленне лёгкіх. Калі ж пасланец зачытаў, што Алесь Салагуб памёр, жанчына запратэставала: "Не памёр, а забілі". Алесю Салагубу было толькі 28 гадоў.
Уся творчасць Алеся Салагуба раскідана па заходнебеларускіх выданнях і выданнях БССР да 1934 года. Гэта вершы, артыкулы, турэмныя запісы. Пасля першага зборніка "Лукішкі" (1929) прайшлі ўжо 92 гады. Так ніхто з нашых даследчыкаў не парупіўся сабраць лепшыя творы Алеся Салагуба пад адну вокладку і выдаць асобнай кнігай. Алесь Салагуб застаецца сёння амаль забыты. Вельмі шкада. А ён даўно заслугоўвае, каб літаратурная спадчына нашага літаратара вярнулася да беларусаў.
Прапаную чытачам "Нашага слова" некалькі малавядомых вершаў Алеся Салагуба, якія былі напісаны ў 1920-х гадах і апублікаваныя ў "Нашай праўдзе" і ў "Народнай справе".
Сяргей ЧЫГРЫН.
З-за крат
О, воля, воля залатая,
Усёй істотай рвуся я
К табе, дзе сонца і вясна,
Дзе з жвірам шэпчацца жывая
Крыніцы чыстая струга,
Дзе салаўі пяюць у гаю,
Дзе рух, змаганне і краса.
Стаіш ты крозаю прад вокам,
Як траўня раніца, як сон,
Ты пахнеш мне вясновым сокам,
Які цячэ слязой з бяроз.
Гучыш, як ціхі камертон
Аб перажытым і далёкім,
Як ціхі стук кляпання кос.
Гучыш акордам удалым
Гулліва-струннае гітары, -
Як шопат белых ясакараў
Над праслам крыжыкам гнілым
Дзядоўскіх-бацькаўскіх магілак
На шляху бітым і старым.
Я прагну вырвацца за браму
Да родных, знішчаных нізін.
На яве сню лясы, паляны -
І птушак спеў і неба сінь…
Прыйдзі, прыйдзі, о, міг жаданы,
О, воля, воля, я твой - сын!
Лукішкі, 1928 г.
Летняя ноч у вёсцы
Сабака гаўкнуў раз, другі…
Ўдалі замёрла з плачам рэха.
Пялёнка жальбы і тугі
Спавіла сэрца, - не да смеху!
Ахутаў вёску цяглы сон,
Снуе, прадзе ніткі драмота.
І толькі ў свята песні тон
Парушыць ціш, спакой, самоту.
Смяюцца зоркі, зіхацяць
З высі, з лазурнай неба далі,
А ў вёсцы сон, у вёсцы спяць,
І біцца сэрцы перасталі.
Тыкеля месяц-вартаўнік
Зіяе вечна без клапотаў, --
Жартуе з хмаркай, чараўнік,
І спаць яму няма ахвоты!
З Заходу вецер спудзіць хмар,
Ён плюне небу хмарай ў вочы,
І страшна ў вёсцы тады ўночы
І злосны неба ўночы твар.
Зарудзічы, 1926 г.
І ЗНАЧОН "ДЗЯДОЎСКІ СЛЕД"
Прыемна нам дзядоў надзеі,
Іх тайны думы адзначаць,
Вялікія ў мінулым дзеі,
Дзе й як змагалась наша раць."
У. Жылка.
"Мы любім даўнія паданні"
Акурат пад Дзяды арганізаваліся сябры ТБМ з Гарадзеі і іх паплечнікі дзеля самага найлепшага і высакароднага, што можа быць - дабрачыннай валанцёрскай справы і шанавання імя славутага продка. Паэт-зямляк Уладзімір Жылка, як і многія яго таленавітыя сучаснікі, зусім маладым, у самым творчым росквіце далучыўся да нябеснага выраю нашых дзядоў, пакінуўшы на зямлі вытанчаную, эстэтную, высокага еўрапейскага кшталту паэзію, але зместам сваім скіраваную на лёс Бацькаўшчыны.
Тут, на яго радзіме, два гады таму ў гонар 120-годдзя "песняра змагання і красы" была запачаткавана на беразе Ушы дуброва ды пастаўлены памятны камень. Зразумела, што ўсё патрабуе догляду.
- Не ўсе дубкі прыжыліся, - кажа старшыня Гарадзейскай суполкі Алег Гунько. - Патрэбна падсадзіць новыя. Праверыць, ці ўсе дрэўцы добра падвязаны, ці не пахіліліся пад вятрамі. Ды і траву падкасіць таксама трэба.
На сядзібе Адама Скачко нарыхтавалі ладных саджанцаў. Дапамагалі сябар і сваяк з Менска - Іван Вусікаў і Уладзімір Пасанэн.
-Дзеля грамадскай справы гатовы ўсе свае клопаты адкласці! - не жартам, а на поўным сур'ёзе сведчаць мужчыны. Не прапусціў зялёную акцыю і Барыс Шпак - заўсёдны актыўны ўдзельнік дабрачынных спраў гарадзейцаў.
Трэба звяртацца да кіраўніцтва школы, каб і іх выхаванцы час ад часу наведваліся сюды дзеля пасільнай працы, - прапануе ён. - Разам жа запачаткоўвалі гэтую памятную мясціну. Чаму б не праводзіць тут выхаваўчыя ўрокі, сумяшчаючы працу і паэзію?
А самі завіхаліся амаль цэлы дзень.
Назаўтра ўжо Леанід Качановіч падвёз урадлівай зямлі, новых саджанцаў ды зноў арганізаваў калектыўную працу.
- Будзем і надалей рупіцца пра догляд гэтага зялёнага асяродка з Каменем Жылкі , - запэўнівае аўтарытэтны гарадзеец, - каб жыла памяць пра нашага выдатнага земляка, каб быў "значон дзядоўскі след", які накіроўвае нашчадкаў у беларускую будучыню.
Наталля Плакса. Нясвіж.
Ахвяраванні на ТБМ
1. Коўган - 40,00 р.
2. Юрэвіч - 50,00 р.
3. Жадзінец Святлана Вячаславаўна - 10,00 р.
4. Жыдаль Дз. У. - 100,00 р.
5. Крачкоўская В.А. - 10,00 р.
6. Кукавенка Іван Іванавіч - 15,00 р.
7. Група навучэнцаў - 246,00 р.
8. Сасноўскі П.А. - 50,00 р.
9. Слухачы курсаў - 300,00 р.
10. Баранаў I.A. - 5,00 р.
11. Мотуз С.А. - 70,00 р.
12. Дзешчанка Аляксандр - 50 р.
13. Прымшыц Дзмітрый - 20,00 р.
14. Птушка С. І. - 5,00 р.
15. Джэйгала Уладзімір - 30,00 р.
16. Чайкоўскі Павел Іванавіч - 25,00 р.
17. Супіталёў А.Б. - 5,00 р.
18. Новікава Т.В. - 20,00 р.
19. Варыга Максім - 20,00 р.
20. Антановіч Тамара Мікалаеўна - 40,00 р.
21. Крупіца Данута, г. Ліда - 5,00 р.
Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.
Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас: вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.
Як аплаціць цераз МТБ - банк?
МТБ-банк => Аплата паслуг => Іншыя аплаты => Вольны плацёж => Працягнуць => Выбраць картку МТБ для аплаты => Увесці прозвішча => Працягнуць => БІК банка атрымальніка: BLBBBY2X => Працягнуць => Рахунак: BY84BLBB30150100129705001001 => ПІ Іпб/Найменне атрымальніка: ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" => УНП атрымальніка: 100129705 => Прызначэнне плацяжу: Складкі ці Ахвяраванні => Працягнуць => Працягнуць => З карты - выбіраем сваю карту => Набіраем суму => Аплата.
Нямецкая Вікіпедыя перайменавала Беларусь
Навіны Германіі
Вікіпедыя на нямецкай мове пераназвала старонку "Беларусь". На працягу 20 гадоў "вісела" зусім іншая назва, якая не падабалася многім беларусам.
Старонка перастала называцца "Weissrussland" ("Вайсруслянд"), што ў даслоўным перакладзе з нямецкай азначала "Белая Расія"
Цяпер Вікіпедыя пачала называць краіну "Belarus".
На гэта звярнуў увагу супрацоўнік нямецкага Гістарычнага інстытута Варшавы Фелікс Акерман. Ён уваходзіць у беларуска-германскую гістарычную камісію, якая яшчэ ў ліпені 2020 года афіцыйна рэкамендавала называць краіну "Belarus".
Пасля гэтага краіну па-новаму стаў называць штотыднёвік Der Spiegel, а затым і многія іншыя нямецкія СМІ.
Наогул, назва "Вайсруслянд" для немцаў звыклая, як, напрыклад, "Amerika". Аналогію можна правесці з выкарыстаннем паняццяў "Белоруссия" і "Беларусь" у рускай мове. Масава пераходзіць на назву "Belarus" нямецкае грамадства, асабліва СМІ, пачало пасля выбараў у Беларусі ў 2020 годзе.
Так, для гісторыка Фелікса Акермана выбар на карысць назвы "Belarus" - пытанне не толькі лінгвістыкі, але і палітыкі
"Тое, як мы называем гэтую дзяржаву па-нямецку ў 2020 годзе, адлюстроўвае наша разуменне статусу-кво дзяржаўнага суверэнітэту ва Усходняй Еўропе - пісаў ён у швейцарскай газеце. - У няправільна выкарыстоўваны тапонім "Weissrussland" упісана семіятычная прыналежнасць да Расіі".
Аднак яшчэ застаюцца выданні, якія выкарыстоўваюць назву "Weissrussland" - напрыклад, выдавецтва Springer, а таксама СМІ ў Швейцарыі і Аўстрыі.
Паводле СМІ.
У Германіі непрышчэпленым працаўнікам не аплацяць бальнічных пры COVID-19
З 1 лістапада ў Германіі ўступае ў сілу новае правіла працоўнага заканадаўства: непрышчэпленым немцам, якія захварэлі ковідам, дзяржава больш не будзе аплачваць бальнічных на час каранціну. Раней пра гэта дамовіліся міністэрствы аховы здароўя рэгіёнаў, а кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Енс Шпан ухваліў рашэнне на федэральным узроўні.
Як піша Die Welt, гаворка ідзе менавіта пра тых грамадзян, у якіх няма медыцынскіх супрацьпаказанняў для вакцынацыі ад каронавіруса. Яны не змогуць разлічваць на кампенсацыю як у выпадку хваробы, так і пры сыходзе на ізаляцыю пасля вяртання з краін з неспрыяльным эпідэміялагічным становішчам. Дарэчы, ад жыхароў ФРГ, якія зрабілі два ўколы, апошняе ў прынцыпе не патрабуецца.
У звычайнай сітуацыі працадаўца звяртаецца па кампенсацыю для сваіх супрацоўнікаў, якім неабходна заставацца дома з-за загаду пра каранцін. Яны маюць права на поўнае замяшчэнне заработнай платы дзяржавай на працягу першых шасці тыдняў і на 67 адсоткаў ад звычайных выплат за сёмы тыдзень. "Працаўнікі не павінны ні пра што турбавацца: яны спакойна атрымліваюць сваю зарплату", - адзначае выданне. Толькі ў тым выпадку, калі за гэты час супрацоўнік не акрыяў, яму даводзіцца ўжо напроста пісаць заяўку ў дзяржорганы на падаўжэнне аплаты бальнічнага.
Зараз гэтая схема не будзе распаўсюджвацца на грамадзян, якім была рэкамендавана прышчэпка, але яны па якой-небудзь прычыне дагэтуль яе не зрабілі. "Гаворка ідзе не пра ціск, а пра справядлівасць, - тлумачыў кіраўнік Міністэрства Енс Шпан (цяпер ён, як і ўсе чальцы ўрада ФРГ, лічыцца выканаўцам абавязкаў міністра). - Чаму за нечае нежаданне вакцынавацца павінны плаціць іншыя? Калі людзі кажуць пра асабісты выбар, яны павінны разумець, што за сваё рашэнне ім давядзецца несці фінансавую адказнасць з адпаведнымі наступствамі".
Нямецкі фонд абароны пацыентаў раскрытыкаваў такія цвёрдыя меры. Аднак улады настойваюць, што маюць поўнае права ўводзіць іх на падставе закона пра абарону ад інфекцый.
Кацярына Забродзіна.
Дзве сталіцы: Вільня і Масква - гарады-супернікі
Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук, дацэнт
У ХІІІ ст. на вялізных тэрыторыях Еўразіі адбыліся вялікія змены, якія паўплывалі на гісторыю ўсяго чалавецтва. Так сталася, што нашыя продкі прынялі непасрэдны ўдзел у гэтых падзеях.
У ХІІІ ст. на тэрыторыі Цэнтральнай, Паўднёвай і Усходняй Еўропы адбыліся вялікія змены ў палітычным, эканамічным і культурным жыцці народаў, якія тут жылі. Не сталі выключэннем і беларускія землі, якія былі ў стане феадальнай раздробленасці. Яшчэ ў канцы XII ст. Вялікае Княства Полацкае моцна аслабела і страціла свой былы ўплыў, бо ў гэты час узмацнілася суседняе Смаленскае княства, якое захапіла частку земляў Полацкага і Чарнігаўскага княстваў. Таму значная частка полацкіх будаўнікоў пераехала ў Смаленск, дзе ішло інтэнсіўнае каменнае будаўніцтва.
У 1198-1300-х гг. у Прыбалтыцы з'яўляюцца нямецкія рыцары і місіянеры, якія хутка яе захапілі і распаўсюдзілі каталіцтва сярод мясцовага насельніцтва. У гэты час узнікае горад Рыга, які будуецца з цэглы і каменю ў гатычным стылі і становіцца цэнтрам беларуска-нямецкіх ваенных, эканамічных і культурных кантактаў.
На поўдні Еўропы ў 1204 г. крыжакі раптоўна захапілі Канстанцінопаль і на рэштках Візантыі стварылі Лацінскую імперыю. У 1237-1240-х гг. войскі мангольскай дзяржавы захапілі землі Разанскага, Уладзіміра-Суздальскага, Чарнігаўскага, Перыяслаўскага і Кіеўскага княстваў, і там неўзабаве ўтварылася моцная нехрысціянская дзяржава - Залатая Арда.
У гэты час немцаў удалося спыніць пад сценамі Полацка, а мангольскія атрады зачапілі сваімі наездамі толькі некаторыя паселішчы на поўдні і ўсходзе Беларусі і пайшлі ў бок Польшчы і Венгрыі.
Цікавая сітуацыя склалася на заходніх землях Беларусі. На паўднёвым захадзе ўзмацнілася Галіцка-Валынская зямля, якая валодала Берасцем і яго ваколіцамі і не была канчаткова заваяваная манголамі.
Беларускае Панямонне расквітнела яшчэ ў XII ст., калі там утварылася Гарадзенскае княства, з якога ў пачатку XIII ст. вылучылася самастойная Навагародская зямля, а горад Наваградак стаў адным з самых вялікіх і багатых гарадоў на тэрыторыі Беларусі. Менавіта тут у сярэдзіне XIII ст. узнікае новая дзяржава - Вялікае Княства Літоўскае са сталіцай у Наваградку.
Аднак Наваградак, нягледзячы на сваё багацце і ўплыў на суседзяў, меў вялікі недахоп, бо быў заснаваны далёка ад вялікіх водных шляхоў, а адлегласць ад вялікай ракі Нёмана была каля 20 км, а гэта было вельмі нязручна. Таму і з'явіўся ў яго ўдалы канкурэнт Вільня, геаграфічнае становішча якой было больш выгодным.
Гарадское паселішча тут у асяродку балцкіх плямёнаў у ХІІ ст. заснавалі крывічы. Яны з'явіліся яшчэ ў VI-VII стст. і пасяліліся ўнізе каля Замкавай гары. Паступова ўзнік невялікі горад і ўдзельнае Віленскае княства, якое належала да Полацкай зямлі. Спачатку горад меў назву "Крывы горад" або "Крывіч-горад", як паселішча крывічоў. У якасці прыкладу можна прывесці беларускае мястэчка Крэва, таксама заснаванае крывічамі непадалёку ад Вільні. У 1070 г. тут кіруе князь Расціслаў Рагвалодавіч, а потым і яго сыны. У часы князя Войшалка Віленскае княства далучаецца да ВКЛ. Назва Крывы горад згадваецца ў гістарычных крыніцах яшчэ ў ХIV ст., бо нямецкія хронікі пішуць, што гэта - "русінскае места" [1, с. 129].
Некаторыя літоўскія гісторыкі трымаюцца думкі, што нібыта Вільню заснаваў вялікі князь Гедымін, паводле вядомага падання пра жалезнага ваўка [2, с. 38]. Аднак археолагі ў 1940 г. даказалі, што на Замкавай гары ў Х-ХІІІ стст. ужо быў драўляны замак, які меў з трох бакоў драўляныя ўмацаванні, а з усходняга боку - насыпны вал. У сярэдзіне ХІІІ ст. каля заходняга і паўночнага схілаў Замкавай гары існавала драўляная забудова з дамамі і маставымі. Таксама археолагі знаходзілі тут кавалкі цэглы і вапнавай рошчыны, што сведчыць пра існаванне мураваных будынкаў.
Археолагі знайшлі тут арабскія манеты першай паловы Х ст., а таксама ўпрыгожванні ўсходніх славян ІХ-ХІІІ стст. [3].
У пачатку ХIV ст. князь Гедымін пераносіць сюды сталіцу ВКЛ. Упершыню ў пісьмовых крыніцах новая назва горада Вільня згадваецца ў грамаце ганзейскіх гарадоў пад 1323 г. як сталіца краіны. Разам з ганзейскімі купцамі і майстрамі ў Вільню прыйшлі і каталіцкія ордэны. У 1321 г. тут ужо былі храмы дамініканцаў і францысканцаў, а таксама праваслаўныя храмы, самы старажытны з іх - гэта Мікалаеўская царква.
У цэнтры горада Гедымін пабудаваў два мураваныя замкі: Верхні - на вяршыні Замкавай гары і Ніжні - каля яе падэшвы.
Верхні замак, акрамя каменных муроў, меў тры абарончыя вежы. Сцены Ніжняга замка таксама мелі абарончыя вежы і працягласць больш за кіламетр. Адна з замкавых вежаў, а менавіта яе падмуркі, захаваліся пад мурамі званіцы кафедральнага сабора. Званіцу пабудавалі ў ХV - пачатку ХVІ ст. У плане вежа была квадратнай памерам 13,5х13,5 м.
Вышыня замкавых муроў дасягала 9-10 м, а шырыня вагалася ад 1,7 да 3,1 м. На супрацьлеглым баку р. Віліі стаяў трэці Крывы замак.
Адначасова з Вільняй узнікае і яе будучы канкурэнт Масква.
Першае гарадское паселішча на месцы Масквы ўзнікла ў ХІ-ХІІ стст. у сутоках ракі Масква і ракі Няглінная. У гэтым месцы склалася гістарычнае ядро горада, якое атрымала назву Крэмль.
Першы ўспамін пра Маскву як горад адносіцца да 4 красавіка 1147 г., калі суздальскі князь Юры Даўгарукі запрасіў у госці ў Маскву северскага князя Святаслава Ольгавіча [4, с. 11].
На тэрыторыі сучаснай Масквы археолагі адзначылі каля 70 курганных могільнікаў вяцічаў, пераважна на правым беразе р. Масква. Самае ранняе і багатае жаночае пахаванне вяцічаў знойдзена археолагамі ў кургане на тэрыторыі маскоўскага раёна Чаромушкі.
Гісторыкі адзначаюць, што спачатку ўся Масква была драўляная - "лубяная". Дамы былі з бярвёнаў, накрыты саломай, цёсам альбо гонтай. Частка будынкаў - гэта "курная ізба", якая абагравалася "па-чорнаму" [5, с. 90].
Першае паселішча - драўляная крэпасць у ХІ-ХІІ стст. знаходзілася на ўскрайку Крамлёўскага пагорка і мела даўжыню каля 130 м, а шырыню 90 м. Археолагі прасачылі рэшткі першапачатковага рва вакол крэпасці. Ён меў форму закругленага трохкутніка з шырынёй уверсе 15 м і глыбінёй да 5 м [4, с. 42].
Удзельным княствам Масква стала ў 1276 г., калі яе князем быў сын Аляксандра Неўскага Данііл.
Значна ўмацавалася Маскоўскае княства пры Іване І Каліце (вялікі князь з 1328 па 1340 г.). Ён актыўна супрацоўнічаў з Залатой Ардой, збіраў даніну для золатаардынскіх ханаў і пры гэтым не забываў пра сябе. Ён пачаў у Маскве каменнае будаўніцтва, пабудаваў у Крамлі каменны сабор Успення Божай маці, дзе потым быў пахаваны мітрапаліт Пётр, які пераехаў у Маскву на сталае пражыванне з Уладзіміра. Масква стала галоўным рэлігійным цэнтрам праваслаўнай царквы на тэрыторыі Залатой Арды.
Таксама ён пабудаваў у Крамлі сабор Арханёла Міхаіла, які стаў спачывальніцай маскоўскіх князёў. Усяго белакаменных храмаў, пабудаваных Іванам Калітой, было пяць, але яны да нашых дзён не захаваліся. У 1339 г. маскоўскі князь будуе першы драўляны (дубовы) Крэмль.
У гэты час Вільня ў адрозненне ад Масквы ўжо мела два мураваныя замкі.
У другой палове ХІV ст. на Вільню не раз нападалі крыжакі. Летам 1365 г. яны падыходзілі да горада, але захапіць Верхні замак не здолелі. У 1390 г. яны пяць тыдняў вялі асаду горада і пры гэтым ушчэнт знішчылі Крывы замак, які ўжо больш не аднаўляўся. У 1394 г. яны нават разбурылі адну з вежаў Верхняга замка, але захапіць замак цалкам не змаглі.
Новы этап адбудовы Віленскіх замкаў звязаны з князем Вітаўтам, які скончыў будаўнічыя работы ў 1419 г.
У XIV-XV стст. вакол паселішча пад Замкавай гарой насыпалі земляны вал, пабудавалі абарончыя муры, перакінулі праз роў і рэчку Вілію пад'ёмныя масты. Гэтыя ўмацаванні атрымалі назву Ніжні замак. На яго тэрыторыі акрамя драўляных з'явіліся мураваныя двух- і трохпавярховыя будынкі. Гэта былі палацы вялікіх князёў і магнатаў, капітула і кафедральны сабор.
У часы кіравання Альгерда (1345-1377 гг.) у Вільні будуюцца праваслаўныя храмы. Гэта Прачысценская, Пятніцкая, Траецкая і Святадухаўская цэрквы. У 1387 г. горад атрымаў Магдэбургскае права і ў цэнтры з'явілася гарадская ратуша.
З канца XIV ст. пры манастырах існуюць школы і бібліятэкі. У XIV ст. пры вялікакняскай канцэлярыі пачынае дзейнічаць архіў (Метрыка ВКЛ). З 1413 г. Вільня - цэнтр Віленскага ваяводства, а з 1416 г. - рэзідэнцыя праваслаўнага мітрапаліта ВКЛ. У XIV ст. у Вільні сфарміравалася "русінская старана" - частка горада, заселеная праваслаўнымі. На віленскай "русінскай старане" ўжо ў часы Гедыміна стаялі цэрквы [6, с. 39].
Адначасова з Вільняй расла і ўмацоўвалася Масква. У 1366-1367 гг. князь Дзмітры Данскі пачаў будаваць белакаменны Маскоўскі Крэмль замест драўлянага. Каменнымі былі вежы і найбольш значныя часткі абарончых сцен.
Вакол Крамля выкапалі роў ад рэчкі Нягліннай да ракі Масква. У 1368 і 1370 гг. Крэмль не здолелі захапіць войскі князя Альгерда. Аднак у 1382 г. Крэмль захапіў і разбурыў хан Тахтамыш. Таксама пры Дзмітрыі Данскім пабудавалі каменныя саборы ў Чудавым і Вазнясенскім манастырах.
У буйных манастырах Масквы ў XIV - пачатку XV ст. у Спаскім, Чудаве, Багаяўленскім і Андронікавым ужо былі каменныя саборы. У XV ст. з каменю ўжо маглі будаваць трапезная палаты на гаспадарчых падклетах. Маскоўскія манастыры мелі агароджы, што дазваляла даследчыкам лічыць іх кропкамі абароны. Аднак паколькі яны не мелі такіх элементаў фартыфікацыі як валы і равы, то быць сапраўднымі ваеннымі аб'ектамі ў ХІІІ-XV стст. не маглі. Навукоўцы лічаць, што да канца першай трэці XIV ст. у Маскве былі два вялікакняскія манастыры - гарадскі і загарадны, і адзін баярскі - на гарадскім пасадзе [7, с. 212].
У XIV ст. назіраецца буйны рост ВКЛ, якое да пачатку XV ст. становіцца адной з самых уплывовых і магутных дзяржаў. Мураванае будаўніцтва набірае сілу і падзяляецца на замкавае і культавае, дзе пасля Крэўскай уніі пашыраецца ўплыў каталіцкай царквы. Ва ўжытак прыходзяць пячная кафля, вялікапамерная цэгла і керамічная дахоўка. Пасля перамогі на Грунвальдскім полі ВКЛ уступае ў стадыю росквіту і стварае самабытную архітэктуру ў стылі готыкі з нацыянальнымі асаблівасцямі.
У гэты час расквітнела і Вільня як сталіца вялікай і моцнай дзяржавы. У XIV ст. на месцы Ратушнай плошчы склаўся новы гарадскі цэнтр, рынкавая плошча, якая мела форму трохкутніка.
Для віленскіх будынкаў канца XIV - пачатку XV ст., пабудаваных паводле гатычных канонаў, уласцівы масіўныя муры, цяжкія прапорцыі фасадаў і простыя знешнія формы. У другой палове XV ст. з'яўляюцца аздабленні фасадаў, выкладзеныя з профільнай цэглы. Жылыя дамы займаюць толькі частку ўчастка і да вуліцы стаяць бокам. Яны маюць ад двух да трох паверхаў, на кожным з іх ёсць два-тры памяшканні [8, с. 374]. У іх інтэр'еры з'яўляюцца кафляныя печы з паліванай кафлі.
Падчас раскопак былога вялікага княскага палаца ў Вільні, што некалі стаяў на тэрыторыі Ніжняга замка, у слаях XV ст., акрамя міскавай непаліванай гаршчковай кафлі, знойдзена і каробкавая. Вонкавая пласціна гэтых кафлін аздоблена выявай шчыта з гербам або раслінным арнаментам. Некаторыя кафлі (іх няшмат) пакрыты палівай зялёнага, жоўтага або бурага колеру. Таксама знойдзены 4 кавалкі керамічных плітак з рэльефным малюнкам, якія выкарыстоўваліся для аздаблення сцен палаца.
Сітуацыя на палітычнай арэне Еўропы кардынальна змянілася ў сярэдзіне - другой палове XV ст. У 1453 г. пад ударамі турак-асманаў знікла Візантыя. На Усходзе распадаецца на асобныя дзяржавы (ханствы) і знікае Залатая Арда. У Крыме паўстае адзін з галоўных ворагаў ВКЛ на поўдні - Крымскае ханства.
У XV ст. назіраецца буйны рост Масквы, якая пасля белакаменнага будаўніцтва пераходзіць да цаглянага. У Маскве навучыліся вырабляць цэглу. Так, у 1467 г. дойлід Васіль Ярмолін адрамантаваў у Крамлі адзін са старых белакаменных храмаў з дапамогай абпаленай цэглы.
У 1471 г. багаты купец па мянушцы Таракан будуе з цэглы ў Крамлі першы мураваны палац.
У 1480 г. Маскоўская дзяржава становіцца незалежнай і неўзабаве ў 1485 г. Іван ІІІ пачынае будаваць новы цагляны Крэмль [4, с. 136]. Ён запрасіў з Італіі архітэктараў і будаўнікоў, якіх у Маскве называлі "фразінамі". Самым вядомым з іх быў Арыстоцель Ф'яраванці, які і пабудаваў новы цагляны Крэмль з элементамі позняй італьянскай готыкі. Адначасова дойлід пабудаваў у Крамлі новы Успенскі сабор на месцы старога будынка. Пасля яго смерці будоўлю Крамля працягвалі Антон Фразін і Марк Фразін, а з 1490 г. П'етра Антоніа Салоры. Менавіта ён пабудаваў знакамітую Спаскую вежу. Будоўлю Крамля скончылі ў 1499 г. Перыметр яго муроў склаў больш за 2 км.
У 1480 г. з'явіўся рэальны вораг ВКЛ на ўсходзе - Вялікае Княства Маскоўскае. Усё гэта актывізуе мураванае абарончае дойлідства, якое прыстасоўваецца да новай агняпальнай зброі. Будуюцца інкастэляваныя абарончыя храмы розных канфесій.
Мураваныя сцены з вежамі атрымала сталіца ВКЛ Вільня. Для будаўніцтва гарадскіх умацаванняў было запрошана шмат работнікаў. Напрыклад, у 1497 г. на будаўніцтве Вострай Брамы ў сярэднявечнай Вільні пад кіраўніцтвам майстра-архітэктара працавалі 16 муляраў, 96 рамеснікаў-памочнікаў, 48 цесляроў, 300-400 дапаможных работнікаў і 36 фурманаў (кожны з парай коней).
Гэта адзіная гарадская брама, якая дайшла да нашых дзён. Некалі яна называлася Меднінскай, бо праз мястэчка Меднікі вяла дарога на Менск. Пазней яе назвалі Вострай брамай. На стыку брамы захавалася старадаўняя выява герба ВКЛ "Пагоня", якую ў сваім вершы апісаў Максім Багдановіч.
Спачатку было 5 мураваных абарончых брам-вежаў (Віленская, Траецкая, Медніцкая і Спаская). Потым дадаліся Татарская, Рудніцкая, Субач, Бернардынская і Мокрая. У 1522 г. будоўлю скончылі і даўжыня каменных муроў склала 2,4 км. У 1517 г. Вільня вырасла да памераў Кракава і ў сярэдзіне XVІ ст. тут жыло каля 20 тысяч чалавек. У 1511 г. тут было 7 касцёлаў, 14 праваслаўных цэркваў і манастыр Св. Тройцы. У 1536 г. з'явіўся першы мураваны мост цераз Вілію, які атрымаў назву Зялёны.
Яшчэ ў часы Альгерда ў Вільні з'явіліся немцы і габрэі, а ў часы Вітаўта - крымскія татары. Таму ў горадзе пачалі будаваць сінагогі і мячэці. У часы Жыгімонта Кейстутавіча (1432-1440 гг.) у горад былі запрошаны рамеснікі з Польшчы і Італіі.
Гістарычны цэнтр Вільні добра захаваўся, нягледзячы на Першую і Другую Сусветныя войны.
Стары горад у цэнтры Вільні мае плошчу 256,14 га і з'яўляецца адным з самых вялікіх ва Усходняй Еўропе помнікам горада-будаўніцтва і археалогіі, дзе знаходзіцца большая частка помнікаў архітэктуры. Стары горад уключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.
У пачатку ХVІ ст. гарадскія ўмацаванні будуюцца і ў Маскве. Яны ўзніклі з усходняга боку Крамля і атрымалі назву Кітай-горад. Спачатку гэта была сцяна, зробленая са шчыльна ўтрамбаванай зямлі, насыпанай паміж драўлянымі платамі, зробленымі з галля розных дрэў, што было звязана вяроўкамі. У 1535 г. Пётр Фразін пабудаваў побач цагляны мур з брамамі-праездамі.
Такім чынам, сталіцы-суперніцы Вільня і Масква напярэдадні Аршанскай бітвы былі добра ўмацаваныя і гатовыя да вайны. Аднак іх муры пабачылі ворагаў толькі ў ХVІІ ст. Але гэта ўжо іншая гісторыя…
Літаратура:
1. Арлоў Уладзімір, Герасімовіч Зьміцер. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя. - ЗП "Альпійскія інвестыцыі", друкарня "NEOGRAFIA", Martin, Slovakia. - 2002. - 400 c., іл.
2. Луцкевіч Лявон. Вандроўкі па Вільні. - Вільня: Рунь, 1998. - 159 с., іл.
3. Будрейка Э. Вильнюсский замок. Пер. с лит. С. Быстрыцкой. - Вильнюс: Минтис, 1980. - 48 с., ил.
4. Векслер А. Г. Москва в Москве. - 2-е, доп. и переизд. изд. - Москва: Моск. рабочий, 1982. - 239 с., ил.
5. Москва в творчестве А. М. Васнецова: сборник. - Москва: Моск. рабочий, 1986. - 272 с.
6. Альфансас Эйдзінас, Альфрэдас Бумблаўскас, Антанас Кулакаўскас, Міндаўгас Тамашайціс. Гісторыя Літвы. - Вільня: Santara, 2014. - 280 с.
7. Беляев Л. А. Древние монастыри Москвы (кон. ХІІІ - нач. ХV вв.) по данным археологии. - Москва, 1995. - 310 с., ил.
8. VILNIAUS ARCHITEKTURA. - Vilnius: Mokslas, 1985. - 384 p., 537 il.
9. Княжеский дворец вильнюсского Нижнего замка: исследования 1988 года. - Вильнюс, 1989.
Брат і пляменнік Касцюшкі
Уладзімір Дзванкоўскі
Бацькі Касцюшкі - берасцейскі мечнік Людвік і Тэкля з Ратомскіх - мелі чацвёра дзяцей: Ганна 1741 г. н., Юзаф 1743 г. н., Кацярына, 1744 г. н. і самы малодшы Андрэй Тадэвуш, 1746 г. н. Сястра Ганна ў 1762 г. выйшла замуж за стольніка Смаленскага ваяводства Пятра Эстку, а Кацярына за макнюнскага старасту Караля Жалкоўскага.
Касцюшкі валодалі дзедзічным фальваркам Сехнавічы-Фёдараўшчына, а потым, перад сваёй смерцю, маці купіла ў сваяка Давіда Касцюшкі фальварак Сехнавічы-Давідаўшчына.
Юзаф Касцюшка, як і яго брат, вучыўся ў піярскай школе у Любяшове, ведаў лаціну і французскую мову. Любімец маці, ён гаспадарыў у Сехнавічах. Як берасцейскі абозны, у 1769 г. далучыўся ў Берасці да Барскай канфедэрацыі, але, здаецца, не браў у ёй чыннага ўдзелу і ў 1773 г. аб'явіў аб выхадзе з канфедэрацыі.
Сёстрам было прызначана 12 000 зл і 14 000 пасагу. Сехнавічы засталіся ў непадзельным валоданні братоў. Пакуль Тадэвуш да 1769 г. быў капітанам-інструктарам у Варшаўскай кадэцкай школе, а потым у 1769-1774 гг. атрымліваў адукацыю ў Парыжы, у Сехнавічах гаспадарыў яго брат Юзаф.
Вёсачкі былі малыя - разам каля 40 дымоў і таму пасля вяртання з Амерыкі ў 1785 г. Тадэвуш меў праблемы з грашыма і не дзіва, што яго брат не мог выкараскацца з даўгоў і меў вялікія фінансавыя абавязацельствы. У 1768 г. ён даў Тадэвушу на экіпіроўку 6 000 зл, а праз год, на паездку ў Парыж, яшчэ 7 000 зл. У 1769 г. сплаціў грошы сястры Жалкоўскай. А яшчэ былі ранейшыя даўгі, грашовыя запісы бацькі кляштарам, шкода, якую зрабілі маскоўскія войскі ягонай маёмасці, і таму, калі Тадэвуш вярнуўся ў Парыжа, Юзаф у 1775 г. прадставіў яму рахунак на 39 132 зл.
Уражаны Тадэвуш склаў пратэстацыю ў Берасцейскі гродскі суд і заклікаў брата зрабіць новы абрахунак і падзяліць Сехнавічы.
Але будучы кіраўнік паўстання ў той час знаходзіўся ў маральнай дэпрэсіі з-за таго, што яго каханая Людвіка Сасноўская выходзіла замуж за князя Юзафа Любамірскага. Сваякі і сябры ўратавалі яго, накіраваўшы ў Дуклі Мнішкаў, каб шукаць службы ў Сасаў, а потым у Францыю, дзе ён паступіў на амерыканскую службу. Швагер Эстка з уласнай кішэні заплаціў усе даўгі Тадэвуша і ўратаваў Сехнавічы-Давідаўшчыну.
Затое Юзаф Касцюшка ўсё больш заблытваўся ў безнадзейнай фінансавай сітуацыі. Ратуючыся ад банкруцтва, ён узяў ва ўніяцкага ўладзімірска-берасцейскага епіскапа ў арэнду вялікія маёнткі Трышын з Шпановічамі і Гурну. Патрапіў з агню ды ў полымя - у спрэчкі паміж высокім і ўплывовым клірам. Праціўнікам епіскапа, а значыць і яго самога, выступіў кіеўскі мітрапаліт разам з пачаўскім архімандрытам Валадковічам, які некалькі разоў рабіў на яго збройныя наезды і забіраў усе рэчы, а таксама судзіўся з Юзафам у судах. У жніўні 1779 г. выракам трыбунала Юзаф Касцюшка быў прыгавораны да канфіскацыі Сехнавічаў-Фёдараўшчыны і да выплаты 41 700 зл сваім крэдыторам. Памер яго даўгоў склаў 83 520 зл, і ў кастрычніку 1779 г. Сехнавічы адышлі крэдыторам.
Гэтая драма ў аповесці галоўнага біёграфа Касцюшкі Тадэвуша Корзана закончылася трагічна: "Юзаф Касцюшка памёр 15 траўня 1789 г. і быў пахаваны ў Вішніцы (парафія Даўгалішкі), якую трымаў Эстка. Меў тады 46 гадоў. Але дзіўна, - піша Корзан - што ксёндз Зарэмба, які напісаў акт смерці, пазначыў узрост нябожчыка - каля 50 гадоў. Чаму не спытаў у сястры пра дакладны ўзрост? Ці Юзаф памёр не ў швагра? Але не лічым неабходным шукаць нешта ў абставінах смерці і марным канцы жыцця Юзафа на Валыні! Дапускаем нядбайства ксяндза-пробашча". (Касцюшка, 1894. S. 180.)
Крэдыторы былога берасцейскага абознага не маглі супакоіцца і раз за разам атакавалі Тадэвуша. Калі памерлі Жалкоўскія, іх сыны, піша Корзан, 16 снежня 1791 г. праз позву ў суд патрабавалі ад свайго дзядзькі 26 474 зл, на што Тадэвуш адказаў позвай ад 23 красавіка 1792 г., у якой засведчыў адрачэнне ад спадкаў памёршага брата Юзафа (Корзан. S. 184-185.). Гэта значыць, што ў 1792 г. Тадэвуш Касцюшка быў перакананы ў смерці брата.
Здзівіла мяне, адкуль Корзан ведае пра падзеі вакол Юзафа каля 1789 г. і пра значна пазнейшую яго смерць на Валыні. Бо словы пра "марны канец" на Валыні безумоўна з'яўляюцца дадаткам Корзана, які на іншых старонках называе Юзафа "шараговым шляхціцам" і "ліхім чалавекам".
Пачаў шукаць і знайшоў у жыццяпісе Касцюшкі пяра генерала Пашкоўскага (Дзеі Тадэвуша Касцюшкі, 1872, прыгатаваная да друку ў 1850 г., S. 12.) такі пасаж "Частка (Сехнавічаў) Тадэвуша заставала ягонай да канца яго жыцця. Пазней, брат за узнагароду уступіў яму сваю частку і знікнуў для суседзяў і сваякоў, і толькі ў пазнейшыя часы, … стала вядома, што ён адкрыта жыў на Валыні".
Відочна, што гэта пэўная версія бо генерал Пашкоўскі1, калі не лічыць замежнікаў Зэльтнераў2, быў самым блізкім сябрам Касцюшкі. Прысутнічаў пры яго смерці. Не мог памыляцца ў дадзенай справе, бо ведаў, што адбылося з адзіным братам свайго сябра. І гэта пацвярджаецца іншымі звесткамі.
Такім чынам, Юзаф Касцюшка, пераследаваны крэдыторамі, схаваўся недзе ў глушы на Валыні, ажаніўся там, меў дзяцей і пражыў яшчэ доўгае жыццё. Пры гэтым сваякі і сябры лічылі яго памерлым. Каб пазбавіцца патрабаванняў няўмольных і ўвішных крэдытораў, якія не давалі яму вольна ўздыхнуць, зрабіў інсцэніроўку свайго пахавання ў Вішніцы і схіліў мясцовага пробашча да сфальшавання акта смерці.
Непасрэдна перад Сусветнай вайной прафесар Шыман Аскеназі атрымаў з Луцка, што на Валыні, ліст ад Аляксандра Пятроўскага датаваны 10 (23) чэрвенем 1914 г. У лісце Пятроўскі паведамляў, што яго маці Ганна была дачкой Паўла Вайцяхоўскага, які быў сынам Юзафа Вайцяхоўскага і Тэклі з Касцюшкаў - дачкі Юзафа, брата кіраўніка паўстання.
Далей сп. Пятроўскі паведаміў, што "мужчынская лінія Касцюшкаў закончваецца на Тадэвушу, пляменніку кіраўніка паўстання".
Сп. Пятроўскі даслаў некалькі дакументаў датычных гэтага Тадэвуша Касцюшкі, гэта "Стан службы" капітана Тадэвуша Касцюшкі, выдадзены гаспадарчай радай 5-га палка пяхоты ў Гданьску 31 снежня 1813 г., ці "Ліст службы" гэтага ж Тадэвуша ад 1 жніўня 1808 г. падпісаны князем Юзафам Панятоўскім, некалькі патэнтаў на афіцэрскі чын і, нарэшце, паданне аб адстаўцы да вялікага князя Канстанціна ад 15 траўня 1815 г. "Не знайшоў лістоў, з якіх сталі б зразумелы адносіны кіраўніка паўстання і яго пляменніка. Але мой дзед Павел Вайцяхоўскі шмат каштоўных дакументаў, датычных сям'і Касцюшак, прадставіў гарадзенскаму губернатару ў справе спадкаў кіраўніка паўстання", - пісаў сп. Пятроўскі.
Пасля спраўджання інфармацыі ў кнігах па ваеннай гісторыі і паперах палкоў, можна зрабіць рэканструкцыю жыцця пляменніка Тадэвуша Касцюшкі, які быў апошнім мужчынам у родзе.
Тадэвуш Касцюшка-пляменнік, нарадзіўся ў 1779 г. у вёсцы Сехнавічы Берасцейскага ваяводства, быў сынам Юзафа Касцюшкі і Францішкі з Свідэрскіх, з чаго бачна, што Юзаф жаніўся ў Сехнавічах, а не на Валыні - за 10 гадоў да свайго таямнічага знікнення. Гэта мусіў быць нейкі мезальянс, калі сям'я не жадала пра яго ведаць, а генерал Пашкоўскі ахарактарызаваў шлюб, які "сам сабе, сям'і і суседзям (быў) гідкі". Таму, акрамя грашовых праблем, гэта была яшчэ адна прычына таямнічага знікнення Юзафа.
Тадэвуш Касцюшка-малодшы 15-ці гадовым хлопцам у лістападзе 1794 г. уступіў жаўнерам у войска паўстанцаў, але паўстанне, якім кіраваў ягоны дзядзька, ужо дагарала. Паўторна, старшым сяржантам, уступіў у польскі легіён у 1806 г. У 1807 г. атрымаў чын падпаручніка і быў паранены пры асадзе Гданьска. У 1808 г. стаў паручнікам 5-га палка пяхоты Варшаўскага княства. У 1809 г. ваяваў супраць Аўстрыі і ў 1811 г. стаў капітанам. У 1812 г. ваяваў пад Дынабургам у 2-й брыгадзе Міхала Радзівіла. У 1813 г. трымаўся ў пякельна доўгай абароне Гданьска. У 1815 г. перайшоў у 6-ты полк пяхоты Канграсовага Варшаўскага каралеўства і ў тым жа годзе ў Млаве напісаў вялікаму князю Канстанціну рапарт аб адстаўцы з-за слабага здароўя і хатніх праблем, якія вымагалі яго прысутнасці дома. Месцам сталага жыцця назваў вёску Касцянёва ў Лідскім павеце, дзе яшчэ, можа быць, жыў яго бацька, бо ў дакументах Тадэвуш фігуруе яе "сын абывацеля". Сп. Пятроўскі паведаміў, што памёр і быў пахаваны капітан Касцюшка ў Пінску.
Dzwonkowski Włodzimierz. Brat i bratanek Kościuszki // Wiadomości Literackie. Nr. 41 (780), 2 pażdziernika 1938. S. 3.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.
1 Пашкоўскі Францішак Максіміліян (12 кастрычніка 1778 - 10 сакавіка 1856) нарадзіўся ў Бродах на Падоле. Атрымаў выдатную адукацыю ў галіне гісторыі, філасофіі і літаратуры на філасофскім факультэце Львоўскага ўніверсітэта. Быў выкладчыкам гісторыі ў Вайсковым вучылішчы легіянераў у Мантуі (Італія), дзе выкладаў яшчэ матэматыку і мовы. У 1801 г. ён пазнаёміўся з Тадэвушам Касцюшкам, і наступныя тры гады Пашкоўскі быў побач з ім, заваяваўшы добразычлівасць генерала. У той час ён збіраў матэрыялы для манаграфіі пра Касцюшку. У кампаніі 1812 г. ён камандаваў 2-й брыгадай XVI пяхотнай дывізіі генерала Юзафа Заёнчака. За ўдзел у штурме Смаленска ўзнагароджаны афіцэрскім крыжам Ганаровага легіёна. Біўся пад Барадзіно. Пасля Парыжскага мірнага дагавора ён вярнуўся на радзіму. Пашкоўскі ўваходзіў у склад дэлегацыі, накіраванай у Расію да імператара Аляксандра. У дакладзе Аляксандру вялікі князь Канстанцін назваў Пашкоўскага "надзвычай небяспечным" і неўзабаве адхіліў яго ад службы ў войску Каралеўства Польскага. Пасля смерці Касцюшкі ён атрымаў значную спадчыну і мноства памятных рэчаў і архіваў генерала. Грошы Касцюшкі дазволілі яму пераехаць у Кракаў, дзе ён прысвячаў свой час гістарычным даследаванням і літаратуры. Пасля таго, як цела Касцюшкі было дастаўлена ў Кракаў, Пашкоўскі ўзначаліў камітэт, які арганізаваў пахаванне. Ён памёр у Кракаве, і яго пахаванне на Ракавіцкіх могілках сталася вялікай дэманстрацыяй. Ужо пасля смерці Пашкоўскага была апублікаваная яго "Гісторыя Тадэвуша Касцюшкі". Рэліквіі генерала Пашкоўскага (у тым ліку парадная форма) зараз знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага музея ў Кракаве.
2 У канцы свайго жыцця Касцюшка знаёміцца і пачынае сябраваць са швейцарскай сям'ёй Зэльтнераў. Пасол Гяльвецкай Рэспублікі ў Парыжы Пётр Юзаф Зэльтнер і Касцюшка мелі рэспубліканскія перакананні, што разам з таксама маладосцю, абаяльнасцю i адукаванасцю жонкі Зэльтнера стварылі падставы для сяброўства, якое доўжылася да канца жыцця. Касцюшка жыў разам з Зэльтнерамі спачатку ў Парыжы, а затым у Бервілі, недалёка ад Фантэнбло. Расчараваны ў палітыцы Напалеона ў адносінах да палякаў, Касцюшка адыходзіць ад актыўнага палітычнага жыцця i займаецца садоўніцтвам i ўладкаваннем загараднай рэзідэнцыі Зэльтнераў.
Рэха Дня пісьменства ў Капылі
Сёлета ТБМ імя Ф. Скарыны горада Магілёва як заўсёды рушыла на Дзень пісьменства. Свята адбывалася ў Капылі, і па дарозе мы наведалі яшчэ некалькі мястэчак. Маршрут наш быў наступны: Магілёў - Замосце - Пукава - Грозава - Капыль - Валок - Магілёў.
Варта адразу сказаць, што па такіх мясцінах магілёўцы паехалі ўпершыню, а таму нам было ўсё дужа цікава. Першае мястэчка, якое наведалі, было Замосце. Тут знаходзіцца ўнікальны помнік архітэктуры былы кальвініскі збор, пабудаваны ў пачатку 17 стагоддзя. А зараз гэта касцёл святой Барбары. Храм знаходзіцца ў цэнтры мястэчка каля трасы, і таму досыць проста было пад'ехаць і аглядзець святыню. У 2012 годзе ў Замосці каля школы адкрылі памятны знак земляку Міхаілу Мукасею (1907 - 2008) - савецкаму разведчыку, палкоўніку КДБ, які працаваў у ЗША і краінах Заходняй еўропы пад кодавай назвай "Зефір".
Праз 20 кіламетраў па трасе Р91 у накірунку да Капыля наведалі цікавую мясціну Пукава. Прычым, з правага боку дарогі знаходзяцца Сунаі - таксама гістарычная цікавая мясціна. А з левага боку - Пукава. Першымі ўладарамі маёнтка лічыцца князь Францішак-Ксаверы Друцкі-Любецкі, а наступнымі былі паны Ёдкі. Сядзібны дом першапачаткова быў драўляны, а ў 1846 годзе Тамаш Наркевіч-Ёдка прыбудаваў мураваную частку палаца, якая захавалася да нашага часу. У парку ёсць некалькі гаспадарчых будынкаў. Адзін з іх з стромкімі калонамі выглядае дужа таямніча і аб прызначэнні збудавання таксама не ўсё зразумела: адны мяркуюць, што тут была лазня, а іншыя кажуць, што вяндлярня. Але як бы там ні было, помнік выглядае вельмі прыгожа, і магілёўскія валацугі будынак гэты ўвесь аблазілі і ўдосталь нафатаграфаваліся. Яшчэ некалькі гаспадарчых будынкаў у парку знаходзіцца ў занядбаным стане, а некаторыя і дагэтуль выкарыстоўваююца мясцовым прадпрыемствам. У Пукаве ў парку дарога грунтовая, і толькі наш мікрааўтобус і мог сюды праехаць, і далей па грунтоўцы мы накіраваліся на Грозава.
Мястэчка Грозава - вялікае паселішча. На цэнтральным пляцы захавалася некалькі дарэвалюцыйных будынкаў, якія былі калісьці гандлёвымі крамамі. Тут жа ў цэнтры мы агледзелі і разам сфатаграфаваліся каля памятнага крыжа, які ўсталяваны ў гонар Слуцкага збройнага чыну. На помніку шыльда з наступным надпісам: "У Грозаве ў лістападзе 1920 года падчас Слуцкага збройнага чыну быў утвораны 2-гі Грозаўскі полк абаронцаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Памяці палеглых герояў антыбальшавіцкага паўстання". На ўскраіне вёскі знаходзіцца палац і парк Мержыеўскіх. Палац пабудаваны ў стылі класіцызму і зараз знаходзіцца на рэстаўрацыі.
У Капылі першай справай мы…. узялі штурмам Замкавую гару. Давялося сапраўды няпроста на стромкую вышыню ўзбірацца, адкуль адкрываюцца прыгожыя краявіды гарадка. Затым пашпацыравалі ў цэнтр горада, дзе адбывалася святкаванне Дня пісьменства. На свята гэтае магілёўцы наведваюцца штогод, і кожны з нас знаходзіць для сябе нешта цікавае: нехта набывае новыя кнігі, іншы наведвае музейныя экспазіцыі, заўсёды можна сустрэць добрых знаёмцаў і вядомых пісьменнікаў і гісторыкаў. І, самае галоўнае, пабрындаць па горадзе і паглядзець яго помнікі і цікавосткі. Некаторым у гэты раз удалося нават пакатацца на верталёце!!!! Асабіста я наведаў мясцовы краязнаўчы музей, дзе на самым уваходзе помнік земляку Цішку Гартнаму. Аглядзеў перасоўныя выставы іншых музеяў, што месціліся на цэнтральных вуліцах. Сустрэў нашага вядомага літаратара Язэпа Янушкевіча, які мне падпісаў свае новыя кнігі. У цэнтры Капыля знаходзіцца праваслаўная царква Ушэсця Гасподняга 1866 года. А побач захаваліся прыгожыя дамкі былой гандлёвай плошчы. Адзін з будынкаў наведаў у свой час Народны паэт Янка Купала, аб чым говорыць мемарыяльная шыльда. На адной з галоўных вуліц памятны крыж, прысвечаны ахвярам рэпрэсій 20-80 х гадоў 20 стагоддзя. Недалёка ад Замкавай гары захаваліся старажытныя хрысціянскія могілкі з цікавымі помнікамі. А вось габрэйскія могілкі давялося крыху пашукаць, пытаючыся месцічаў. І праз 10 хвілін хады я апынуўся ў гэтым цікавым закутку Капыля. Зараз могілкі ўжо не на ўскраіне горада, а можна сказаць, амаль у цэнтры раённага цэнтра на ўзвышшы. Відавочна, што пахаваннні прыбіраюць, і нядаўна тут прайшлі рэстаўрацыйныя работы, бо мацэвы, каменныя надмагіллі, добра ўсталяваны, дагледжаны. Пасярэдзіне могілак усталяваны памятны знак на якім напісана: "Габрэйскія могілкі ў Капылі 18 - 20 стагоддзі". Прычым надпіс зроблены на трох мовах. У цэнтры горада на канцэртных пляцоўках выступалі цікавыя музычныя калектывы з усёй Беларусі, якія выконвалі народныя песні. Набыўшы на кірмашы сувеніраў і прысмакаў родным і сябрам, сабраліся ў вызначыны час у аўтобусе і рушылі ў апошняе мястэчка нашага маршруту.
Калі павярнуць з трасы Слуцк - Менск на трасу Р68 у накірунку на Мар'іну Горку, то кіламетраў праз 15 праязджалі мястэчка Валок. Адразу мы з паплечнікамі не планавалі тут спыняцца. Але, калі ехалі на Капыль, то з машыны каля трасы пабачылі цікавае збудаванне, якое нас дужа зацікавіла. Спыніўшыся на адваротным шляху, абыйшлі вакол будынак. Гэта аказаўся пратэстанцкі храм, які нядаўна быў пабудаваны. Архітэктура досыць незвычайная і не характэрная для нашай краіны.
Вандроўка атрымалася вельмі цікавая і насычаная. Надвор'е таксама паспрыяла. Да ўсяго, у сувязі з кавідам, нам, на жаль, рэдка ўдаецца куды выехаць у апошні час. Таму ўсе дужа рады былі зноў сустрэцца і рушыць разам па абшарах нашай Беларусі.
Алег Дзьячкоў., Магілёў.