Папярэдняя старонка: 2021

№ 45 (1560) 


Дадана: 10-11-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 45 (1560), 11 лістапада 2021 г.

Цуду на Свіслачы не адбылося ТБМ ліквідавалі

Паводле СМІ Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь 8 лістапада 2021 года на паседжанні, якое ішло ажно пару гадзін ліквідаваў Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".

Таварыства беларускай мовы існавала з 1989 года. Сярод яго заснавальнікаў у той час былі Саюз беларускіх пісьменьнікаў, міністэрствы адукацыі і культуры, Акадэмія навук, Белтэлерадыёкампанія. На рахунку ТБМ - грандыёзны нацыянальны чын у абарону беларускай мовы, беларускай нацыі, беларускай дзяржавы, які доўжыўся больш за 30 гадоў. На рахунку сяброў ТБМ - мільёны тэкстаў, якія ляжаць у фундаменце нашай нацыянальнай ментальнасці, на рахунку ТБМ - тысячы ініцыятыў, якія змянілі твар нашай краіны і шмат-шмат чаго іншага.

- Наша сумленне чыстае, мы зрабілі ўсё, што было ў нашых сілах. І ад роднай мовы адмаўляцца мы не збіраемся, - напісала ў фэйсбуку старшыня ТБМ Алена Анісім тады, калі пра паседжанне толькі стала вядома.

Прыгавор Вярхоўнага суда ТБМ на рукі пакуль не атрымала. Але ўжо з 5 лістапада Сакратарыят ТБМ закрыў Установу інфармацыі "Выдавецкі дом ТБМ". Следам будуць закрывацца газеты "Наша слова" і "Новы час". Закрываецца часопіс "Лідскі летапісец". Ужо няма каму выдаваць "Нясвіжскія каеты" і шэсць літаратурных альманахаў. Не вядома да канца, ці гэты нумар "Нашага слова" дойдзе да чытачоў.

Што будзем рабіць? Будзем памятаць, што беларускую мову без нас ніхто не абароніць, без кожнага з нас.

Нас чакае вялікі пералом у нашай дзейнасці.

Перш-наперш Таварыства мае запазычанасць у больш як 2 тысячы рублёў за арэнду сядзібы. Гэтую запазычанасць трэба выплаціць. Трэба эвакуяваць сядзібу, прынамсі, вывезці дакументацыю, архівы. Трэба прыдумаць, што рабіць з мэбляю.

Трэба не дапусціць паняверкі і "песняў жальбы". ТБМ закрылі, аўтаматычна закрыліся абласныя, раённыя і гарадскія арганізацыі і суполкі. Але пакуль не закрылі ўсіх, хто размаўляе па-беларуску, не закрылі тых, хто любіць беларускую мову, не закрылі і саму мову.

Будзе цяжэй, будзе вельмі цяжка, але ход цывілізацыі не адмяніць. Унітарная беларуская дзяржава не абыдзецца без беларускай мовы. Таму, шаноўныя сябры, сачыце за інфармацыяй. Будзе ісці перагрупоўка сілаў, і Беларусь чакае кожнага з нас у шэрагі сваіх абаронцаў.

Станіслаў Суднік.

Філасофскія сэнсы "Казак жыцця" па-ранейшаму актуальныя

3 лістапада адбыўся шэраг святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню нараджэння Якуба Коласа, 115-годдзю пачатку яго творчай дзейнасці і 100-годдзю першага выдання зборніка алегарычных апавяданняў "Казкі жыцця".

Даследчыкі творчасці Якуба Коласа сабраліся на ХХХV міжнародную навукова-практычную канферэнцыю "Каласавіны". З 1985 года кожную восень у дзень нараджэння Якуба Коласа Дом-музей народнага паэта збірае лепшыя сілы навуковага коласазнаўства з усёй рэспублікі з мэтай даследавання і папулярызацыі творчасці Песняра. У канферэнцыі прынялі ўдзел навукоўцы з розных рэгіёнаў Беларусі, супрацоўнікі НДУ "Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры", сталічных і абласных ВНУ і музеяў. У дзвюх секцыях абмяркоўвалася тэма вывучэння, папулярызацыі і інтэрпрэтацыі творчай спадчыны Якуба Коласа, у трэцяй гаворка ішла пра актуальныя пытанні музеязнаўства, вывучэння, захавання і папулярызацыі гістарычна-культурнай спадчыны. З дакладамі выступілі Васіліна Валер'еўна Міцкевіч, Вера Данілаўна Міцкевіч, Анатоль Віктаравіч Трафімчык, Марыя Міхайлаўна Міцкевіч, Валянціна Паўлаўна Русак і іншыя.

Пасля заканчэння канферэнцыі навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Наталля Аляксандраўна Адамовіч запрасіла гасцей на адкрыццё выставы "У той песні, шырокай, як свет…".

Акрамя паэм, вершаў, аповесцяў і трылогіі, Якуб Колас пісаў на працягу паўстагоддзя алегарычныя апавяданні, якія выходзілі пад адной вокладкай у 1921, 1926, 1928 гадах. Упершыню яны выйшлі з друку асобнай кнігай у горадзе Коўні накладам 7500 паасобнікаў.

Пра сваю працу над ілюстрацыямі для кнігі "Казкі жыцця", выкананымі ў тэхніцы манатыпіі, распавяла мастачка Людміла Іванаўца Пятруль.

На імпрэзе прысутнічала ўнучка народнага паэта Вера Данілаўна Міцкевіч, прадстаўнікі творчай інтэлегенцыі, даследчыкі творчасці народнага песняра. Госці змаглі праглядзець дакументальны фільм, створаны з удзелам А. Астаповіча і ўнучак Якуба Коласа, у якім была зроблена віртуальная рэканструкцыя дамоў, дзе паэт жыў у Менску да вайны і пасля яе. Акрамя пастаяннай экспазіцыі ў музеі таксама дэманструецца выстава "Палессе Я. Коласа праз аб'ектыў амерыканскага фатографа Дж. Кундштадтара."

3 лістапада адбылося ўрачыстае ўскладанне кветак да помніка Якубу Коласу. 4 лістапада Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Я. Коласа запрасіў на радзіму песняра ў вёску Мікалаеўшчына Стаўпецкага раёна.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Беларускае грамадства кансалідуецца вакол сапраўдных духоўных і маральных каштоўнасцей, якія дапамагаюць нам "людзьмі звацца"

Духоўна-маральныя каштоўнасці з'яўляюцца падмуркам развіцця беларускай дзяржавы.

Пры гэтым для фармавання адзінай магутнай нацыянальнай ідэі, якая б кансалідавала грамадства, дапамагла ўсе яго сілы згуртаваць для выпрацоўкі і рэалізацыі задач стратэгічнага лёсавызначальнага значэння, грамадству неабходны духоўныя слупы, знакавыя вехі, на аснове якіх фармуецца цывілізацыйны код беларускага грамадства - адзін з найважнейшых інструментаў фармавання нацыянальнай ідэі.

Цывілізацыйны код - гэта строга фіксаваны набор дамінантных у грамадстве генетычных і сацыяльных знакаў і каштоўнасцей, знакаў і духоўнага досведу, устойлівы комплекс фармальных і нефармальных прынцыпаў і правілаваў, нормаў і ўстановак захавання гістарычнай памяці, фарматаў паводзінаў і ведаў, дзякуючы якім сацыяльны досвед і сэнс жыцця, погляды і традыцыі, уменні і навыкі, формы зносін і сацыяльныя ўклады, інтэлектуальны і тэхналагічны патэнцыял перадаюцца ад пакалення да пакалення, з'яўляюцца крыніцай жыццёвых планаў, стратэгій і перспектыў развіцця, рэгулююць узаемадзеянне людзей у адпаведнай сферы камунікацый, фармуюць комплекс роляў і статусаў, здольных стаць асновай для захавання і развіцця адносін. Унікальнасць цывілізацыйнага кода складаецца ў тым, што ён фармуе гістарычнае разуменне мінулага, спараджае адпаведнае стаўленне да сучаснай сацыяльнай і палітычнай рэальнасці і дэтэрмінуе стварэнне мадэляў будучага грамадства.

Адным з найважных фактараў цывілізацыйнага кода з'яўляюцца традыцыйныя каштоўнасці - адпаведная сістэма перакананняў, якая дазваляе меркаваць пра тое, што ў жыцці мы робім правільна, а што не. Гэта тое, дзеля чаго варта жыць, гэта тыя каштоўнасці, якія зрабілі беларусаў беларусамі, якія дапамаглі нам "людзьмi звацца".

Важную ролю ў станаўленні нацыянальнай самасвядомасці народа займае нацыянальная ідэя. Нацыянальная ідэя, з'яўляючыся плёнам гісторыі і своеасаблівасці народа, кансалідуе беларускае грамадства ў адзіную сацыяльную агульнасць, тым самым фармуючы падмурак дзяржаўнасці на прынцыпах суверэнітэту, волі і незалежнасці, міру і згоды, адзінства ўсіх народаў, якія пражываюць тут, па-за залежнасцю ад веравызнання, павагі да інстытута сям'і, любові і патрыятызму да сваёй радзімы.

Беларускай нацыянальнай свядомасці першым чынам уласцівыя ідэя справядлівасці як ідэалу, які павінен быць увасоблены чалавекам у жыццё, паважлівае стаўленне да роднага краю, клопат пра захаванне і прымнажэнне яго багаццяў. Гэтыя якасці фіксуюцца ў асноўных фактарах цывілізацыйнага кода - эстэтычных уяўленнях і патрыятычных вобразах, маральных нормах і крэатыўных праграмах пазнавальнай і переаўтваральнай дзейнасці. Гэта велізарны патэнцыял, які важна ўмацоўваць і які павінен працаваць на развіццё беларускага грамадства, фармаванне мадэлі будучыні Беларусі як моцнай дзяржавы.

Беларуская ментальнасць увабрала ў сябе такія якасці, як міралюбнасць, законапаслушнасць, разважлівасць, пошук справядлівасці, імкненне да разумнага кампрамісу, памяркоўнасць, павага да людзей з іншым светаўспрыманнем і веравызнаннем, працавітасць, асцярожнае стаўленне да зямлі і дому, гаспадарлівасць.

Сацыялагічныя даследаванні паказалі, што, нягледзячы на ўсе фундаментальныя змены, якія адбыліся ў свеце ў канцы мінулага і пачатку гэтага стагоддзя, Беларусь захавала многія традыцыі, умацавала сацыяльна-культурную ідэнтычнасць, стала больш вядомай, мае ўнікальныя маральныя каштоўнасці, за якія яе паважаюць у многіх краінах свету.

Сёння прыярытэтнымі для беларусаў з'яўляюцца такія каштоўнасці, як беларуская дзяржаўнасць, культура, мова, нацыянальная гісторыя, традыцыі і звычаі, ідэалы дабра, праўды, справядлівасці, сапраўднае выкананне правоў чалавека. Гэтыя каштоўнасці можна назваць асновай ідэнтычнасці беларускага народа. Гэта наш сацыяльны досвед, які перадаецца нашчадкам.

Любая нацыянальная ідэя накіравана на тое, каб не проста згуртаваць грамадзянскую супольнасць, нацыю ці народ, але і ўвязаць інтарэсы чалавека, соцыюма і дзяржавы ў доўгатэрміновую стратэгію развіцця, у адзіны нацыянальны праект, а таксама даць імпульс далейшаму дзяржаўнаму будаўніцтву. Нацыянальная ідэя ніколі не можа быць навязана народа звонку, быць штучна сканструяванай ці прыдуманай. Гэта тое, што нараджаецца ўсярэдзіне соцыюма, зыходзячы з надзённых запатрабаванняў і чаканняў, як нешта калектыўнае і глыбокае, што спарадзіла зерні ў свядомасці народа.

Цывілізацыйны код беларускага грамадства з'яўляецца асноўным ядром кансалідацыі нашага народа, у якім адлюстраваны гістарычная памяць і сэнс жыцця, ідэалогія і светапогляд людзей, каштоўнасці і традыцыі беларусаў. З'яўляючыся своеасаблівай сістэмай маральных ідэалаў, ідэй і мэт, прынцыпаў і поглядаў, перакананняў і нормаў, якія адлюстроўваюць мінулае і будучае народа, цывілізацыйны код можа стаць у Беларусі механізмам, што аб'ядноўвае краіну і грамадства ў адзінае цэлае, быць перашкодай на шляху чужых ідэй і ідэалогій.

Вікторыя Надольская, малодшы навуковы супрацоўнік, аспірант Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

ДА 100-ГОДДЗЯ СТВАРЭННЯ БЕЛАРУСКАГА ДЗЯРЖАЎНАГА УНІВЕРСІТЭТА

25 лютага 1919 года Цэнтральны Выканаўчы Камітэт Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі прыняў рашэнне аб стварэнні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Аднак арганізацыйныя работы па яго адкрыцці зацягнуліся ў сувязі з часовай акупацыяй Менска палякамі.

У траўні 1921-га быў аб'яўлены прыём на рабочы факультэт, а 11 ліпеня на ўрачыстым паседжанні ў гарадскім тэатры абнародавалі тэкст Дэкрэта аб адкрыцці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 30 кастрычніка адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны пачатку заняткаў. Першым рэктарам універсітэта Народны камісарыят асветы БССР прызначыў выдатнага гісторыка-славіста, выпускніка гісторыка-філалагічнага факультэта МДУ, прафесара Уладзіміра Іванавіча Пічэту. Ён узначальваў БДУ цягам васьмі гадоў і ўнёс значны ўклад не толькі ў развіццё новай навучальнай установы, але і вышэйшай школы і навукі ў цэлым.

З пачатку 1930-х для ўніверсітэта, як і для ўсёй краіны, пачаўся складаны і супярэчлівы перыяд. Установу былі вымушаны пакінуць многія вядомыя прафесары, дацэнты і выкладчыкі. Некаторых з іх арыштавалі, у тым ліку Уладзіміра Пічэту. Такі ж лёс напаткаў і двух наступных кіраўнікоў БДУ - Язэпа Каранеўскага і Івана Ермакова.

У 1944-м на філфаку было адкрыта журналісцкае аддзяленне, дзе вучыўся былы франтавік, лётчык-герой Рыгор Васільевіч Булацкі - будучы першы дэкан факультэта журналістыкі, які пачаў дзейнічаць у 1967 годзе. У ліку самых вядомых выкладчыкаў не толькі факультэта, але і ўсяго ўніверсітэта быў і Аркадзь Іосіфавіч Наркевіч, якому прысвячаецца сёння прапанаваны нашым шаноўным чытачам нарыс.

ВІЗІТНАЯ КАРТКА. Аркадзь Іосіфавіч Наркевіч нарадзіўся 10 сакавіка 1929 года ў вёсцы Вараноўшчына Капыльскага раёна. Скончыў Менскі дзяржаўны педінстытут. Працаваў у школе, Інстытуце мовазнаўства АН БССР, Белдзяржуніверсітэце, дзе спачатку займаў пасаду дацэнта кафедры беларускай мовы філалагічнага факультэта, затым - кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання журфака, якую з часам узначаліў. Доктар філалагічных навук, прафесар. Аўтар вучэбнага дапаможніка для студэнтаў ВНУ і каля 400 публікацый па розных пытаннях мовазнаўства, культуры мовы, стылістыкі і літаратурнага рэдагавання. Асноўныя працы - "Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы: Сінтаксіс", "Граматыка беларускай мовы" ў двух тамах, "Сістэма словазлучэнняў у сучаснай беларускай мове", "Назоўнік: Граматычныя катэгорыі і формы", "Практычны курс сучаснай беларускай мовы". Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь.

ШЧОМЫСЛІЦКІЯ ЛІПКІ. СВАЮ, ці не першую лекцыю Аркадзь Іосіфавіч пачаў на нашым першым курсе ў 70-м з простай дыктоўкі. Усяго некалькі ўчорашніх абітурыентаў радаваліся сваім "чацвёркам". У асноўным жа былі "тройкі" ды "двойкі". Колькі атрымаў наш стараста нябожчык Мікола Аксяневіч, які пазнаёміўся з будучым (стаў яшчэ пры нашай вучобе) прафесарам, і які, як пасля высветлілася, раней мову ўвогуле не вывучаў, выкладчык перад усімі не агучыў. На гэта ніхто з нас не звярнуў аніякай увагі - кожны трывожна чакаў свайго "прысуду". Але былы салігорскі шахцёр, які быў самым старэйшым з паступіўшых, хоць і прадчуваў непрыемнае, усё ж, не ўстрымаўся:

- Аркадий Иосифович, а сколько мне?.. - запытаў ён гулліва.

На колькі імгненняў у аўдыторыі павісла пагрозлівая цішыня. Аркадзь Іосіфавіч глыбока ўздыхнуў і вінавата-выбачальна, з вялікім шкадаваннем, вымавіў:

- А вам, Аксяневіч, - адзінка...

Доўга мы прыпаміналі, жартуючы, пра тую адзінаку, а больш пра тое, як яна была прамоўлена і вымаўлена. Паўтарыць такое не змог бы ні адзін з найлепшых на той час парадыстаў. Скончылася дыктоўка тым, што кожны, хто не атрымаў станоўчай адзнакі, павінен быў напісаць за пэўны тэрмін дзесяць сшыткаў на беларускай мове! Пра гэтае патрабаванне, такі нердынарны падыход да навучання хадзілі легенды.

Метады прымусіць (у лепшым сэнсе слова) вывучаць родную мову былі часам настолькі арыгінальнымі, што сённяшнім студэнтам іх немагчыма і ўявіць. Аркадзь Іосіфавіч пільна сачыў за кожным сваім выхаванцам, бачыў ці даведваўся, хто з кім сябруе. І той з сябрукоў, які ведаў мову значна лепей, правяраў "тыя самыя" сшыткі іншага, адначасова падказваючы яму ў чарговы раз, чаму трэба пісаць так, а не інакш. Было сорамна хоць як-небудзь не цягнуцца ў ведах да ўзроўню таварыша. Больш за тое, асабіста ў мяне экзамен (вядома, пад наглядам) прымаў... аднагрупнік Віктар Кубека, які плённа працаваў у свой час у "Народнай газеце", а сёння працягвае здзіўляць сваім талентам чытачоў "Магілёўскай праўды". На той іспыт, між іншым, як і на першую дыктоўку, я мог і не патрапіць...

Пра тое, што лекцыйная пара, падчас якой і планавалася першапачатковая праверка існых ведаў, пераносіцца на наступны кастрычніцкі дзень, мы даведаліся разам з выкладчыкам, калі яна ўжо пачалася. Дзверы аўдыторыі адчыніў куратар маёй першай групы (яшчэ адна легенда журфака) Іван Іванавіч Сачанка:

- Прабачце, Аркадзь Іосіфавіч, але нам трэба хуценька збірацца і везці ў Шчомысліцу дрэўцы, загад рэктара!.

- А як жа... - разгубіўся, але хутка сабраўся Наркевіч, - ну, загад ёсць загад. Дык і я ж з вамі, а то падумаюць, што адлыньваю ад працы.

Што і казаць, першы курс - ён і ёсць першы. Кожны тут над табоў начальнік. А тут узяўся начальнікам сам рэктар Антон Нічыпаравіч Сеўчанка. Гэта пазней я даведаўся, што ён узначальваў універсітэт аж з 1957 года. Быў вядомым вучоным-фізікам, з імем якога звязана цэлая эпоха грандыёзных навацый.

УЛАДКАВАЛЬНІК РОДНАЙ МОВЫ. Пры ім універсітэт ператварыўся ў найбуйнейшы навукова-адукацыйны цэнтр Саюза. Дарэчы, у 1967-м быў уганараваны высокай урадавай узнагародай - ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Акадэмік, Герой Сацыялістычнай працы Сеўчанка стварыў адну з найбуйнейшых школ у галіне спектраскапіі, люмінесцэнцыі і лазернай фізікі. Для ўвекавечвання памяці яго і Пічэты напярэдадні 90-годдзя БДУ на галоўным корпусе і корпусе гістарычнага факультэта былі адкрыты мемарыяльныя дошкі. Штогод за навуковыя дасягненні супрацоўнікам універсітэта прысуджаюцца прэміі, якія носяць іх імёны.

- Пасылайце ў Шчомысліцу журфак, - кінуў тады Сеўчанка сур'ёзна прарэктару. - Які тут з іх толк? Адно - віно п'юць ды дзевак мацаюць!

Разам з Аркадзем Іосіфавічам мы даволі хутка напоўнілі кузавы машын маладзенькімі ліпкамі і павезлі іх у голае поле, якое ахутвалі хмызняк ды бур'ян. Сёння тут аднайменнае навучальна-доследчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства БДУ. Дрэўцы мы паспяхова давезлі, частку машын разгрузілі. Наш працоўны дзень скончыўся, і мы з відавочным нецярпеннем пачалі чакаць змену. А змена - улюбёныя рэктара фізфакаўцы, якіх няма і няма! Халадэча ж, памятаю - страшэнная. "Агдаму", як заўжды, не хапіла, і актыўна пачалі грэцца танцамі. Знайшлася нейкая, акрамя "пад язык", музыка, і я затанчыў адным з першых. Зашпіліў на гузікі, каб не замінала шэйку, паліто за спіной і панёсся!

Дзяўчаты, перад якімі ў асноўным і выпендрываўся, не паспелі напоўніцу ацаніць "майстэрства", як побач гучна завішчэла бялюткая "Волга". З яе павольна вылез невялічкі, хударлявы, сівенькі чалавечак у вялікіх акулярах і паліто "бывай. маладосць". Гэта быў… Сеўчанка.

- Хто ета тут завадатар?! - закрычаў ён на трасянцы так моцна, што аж сам здзівіўся свайму голасу. - А божачка ж мой, а не ўсё ж разгужана, а там жа валяюцца ў гразі, а іх жа срочна садзіць нада, яны ж павысыхаюць! Усіх звольню, усіх! А першым - таго, хто ў паліто танчыў, дзе ета ён?! А калі добра папрацуеце - усім прэмію выпішу!.

Пасля гэтых слоў ён пайшоў да чарговай машыны, і я пачуў, як Аркадзь Іосіфавіч звярнуўся да Міколы Аксяневіча:

- Даражэнькі, трэба ж неяк ратаваць хлапца, прыдумайце што-небудзь, не чакайце, а то мо сапраўдны талент згубім, хто ж яго ведае, як лёс складзецца...

Пакуль рэктар вяртаўся, Мікола схаваў мяне ў вялікую кучу ліпак, дзе я, задыхаючыся, ліхаманкава думаў: "Ну, халера, такі конкурс вытрымаў, так добра здаў усе іспыты, паступіў, і вось на табе - звольніць!.."

Сеўчанка ўрэшце з'ехаў, і я застаўся на факультэце. Сярод іншых расце і мая ліпа, з якой я абдымаўся пасля звароту Аркадзя Іосіфавіча да свайго аптымістычнага, кемлівага, неверагодна шчырага старасты, з якім мы моцна сябравалі з першай і да апошняй сустрэчы. Яго сэрца раптоўна перастала біцца 12 ліпеня 2017 года.

РАЗУМНАЯ НЕАБХОДНАСЦЬ. АРКАДЗЬ Наркевіч, якога не стала 13 кастрычніка 2002-га, быў "дбайным знаўцам і руплівым абаронцам мовы". Так характарызуе яго ў сваіх цікавых і пазнавальных артыкулах адзін з ягоных таленавітых вучняў, доктар філалагічных навук, прафесар Віктар Іўчанкаў, які годна працягвае сёння справу адметнага настаўніка. Ён слушна заўважае, што служэнню слову слынны мовазнавец прысвяціў усё сваё жыццё. Ягоныя навуковыя цікавасці былі звязаныя найперш з марфалогіяй і сінтаксісам , якія складаюць падмурак нашага мовазнаўства. Не меншую ўвагу ён надаваў культуры маўлення журналіста, звяртаючы пры гэтым увагу на асаблівасць ягонай працы - "аператыўнасць, пры якой павінна захавацца тонкае адчуванне слова, яго ўплывовая сіла, загартаваная моц". Уладкавальнік мовы "аберагаў журналісцкае слова, пеставаў у ім асобу таго, хто тварыў і жыў сваёй прафесіяй. Бо лічыў журналіста чалавекам адораным ад прыроды і давяраў яму. Таму не асабліва любіў крытыканства ў бок пішучых. А калі ўшчуваў каго сам, то рабіў гэта з добрай усмешкай і вясёлай задорынкай у вачах - маўляў, паглядзі, да чаго дапісаўся. І рабілася ніякавата, сорамна нават самаму задзірліваму".

Фундаментальная манаграфія "Назоўнік. Граматычныя катэгорыі і формы" з'явілася, па словах Віктара Іўчанкава, працягам навуковых разважанняў вучонага пра сістэмнае ўладкаванне роднай мовы. У цэнтры ўвагі "апынулася шматстайнасць праяў назоўніка, ярка выражаная адметнасць уласцівых яму агульных катэгарыяльных і семантычных адзнак, граматычных значэнняў і сінтаксічных функцый у сказе". "У назоўніку, - адзначаў сам Аркадзь Іосіфавіч, - як у фокусе, сыходзяцца, аб'ядноўваюцца, цесна пераплятаюцца і ўзаемадзейнічаюць шматлікія катэгорыі ўласна-марфалагічнага, лексіка-семантычнага і функцыянальнага плану" . Менавіта з гэтым і звязвалася, падкрэслівае Іўчанкаў, ідэя вучонага пра цэнтрычнасць назоўніка ў беларускім публіцыстычным маўленні. На пасадзе загадчыка кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання, Аркадзь Наркевіч "адчуваў і актыўна падтрымліваў новыя павевы ў лінгвістыцы, філалогіі. У вучэбны план факультэта журналістыкі былі ўключаны курсы "Слова ў кантэксце часу", "Лінгвістыка публіцыстычнага тэксту", "Рыторыка", "Моўная норма: сістэмнасць і асістэмнасць" і іншыя. Гэта адкрывала прастору для навуковай дзейнасці маладым вучоным, было трывалым падмуркам пашырэння кола лінгвістычных інтарэсаў выкладчыкаў кафедры, высокапрафесійнай падрыхтоўкі журналісцкіх кадраў"

Дарэчы, студэнты дзённага і завочнага аддзяленняў атрымалі ад выкладчыка ў свой час для самастойнай работы "Практычны курс сучаснай беларускай мовы", пабудаваны ў форме разгорнутых тэматычных пытанняў з заданнямі па ўсіх праграмных раздзелах. А ў адной са сваіх апошніх прац Аркадзь Іосіфавіч напісаў: "Здымаюцца "белыя плямы" з нашай гісторыі, звужаецца кола "закрытых тэм", "ведамасных сакрэтаў" і "тайнаў". Дэмакратызм, адкрытасць трывала ўваходзяць у наш побыт, становяцца рэаліямі нашых дзён, эпохі". Прадчуваючы неабходнасць змен у мове СМІ, вучоны выступіў з крытыкай неабдуманага і нічым неапраўданага выкарыстання запазычанняў. Ён з вялікім жалем канстатаваў, што бярэ моду "свайго роду бум, які ахапіў нашу прэсу, лексічны выбух, што праяўляецца звычайна, калі прасачыць перадгісторыю развіцця моў, у пераломныя, пераходныя перыяды гісторыі народа, грамадства". Навучаў, папярэджваў і рабіў парады аб "разумнай неабходнасці ў запазычанні слоў, іх мэтазгоднасці, абумоўленай пераважна прычынамі адсутнасці ў лексічным запасе роднай мовы пэўнага слова для абазначэння таго або іншага паняцця, прадмета".

Як тут не пагадзіцца з загадчыкам кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання журфака Віктарам Іўчанкавым у тым, што сёння на гэта трэба звярнуць яшчэ большую, чым раней, увагу. Давайце ж змагацца за чысціню нашай роднай мовы разам.

Уладзімір Барысенка. На здымках: 1. Першы курс журфака БДУ. На пярэднім плане: стараста Мікола Аксяневіч (злева) і старшыня ДТСААФ факультэта Уладзімір Барысенка (справа) абмяркоўваюць размеркаванне па групах латарэйных білетаў. На здымку гэтаксама Віктар Кубека, Уладзімір Далькоў (нябожчык) і Сцяпан Калінковіч, 1971 год.

2. Мікола Аксяневіч, Мікола Маркевіч і Уладзімір Барысенка адразу пасля размеркавання, 1975 год.

Светлай памяці Мечыслава Часноўскага

17 кастрычніка 2021 года не стала Мечыслава Эдвардавіча Часноўскага, гісторыка-міжнародніка, дыпламата, які нарадзіўся 18 траўня 1948 года ў в. Коцеўшчына Валожынскага раёна. У 1972 годзе скончыў БДУ. У 1975-1993 і з 1996 года выкладаў у БДУ. У 2001 годзе ён стаў доктарам гістарычных навук.

У 1993-1996 быў на дыпламатычнай працы ў Польшчы. У 2002-2014 гг. на пасадзе рэктара Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна.

У 2003 г. прысвоена вучонае званне прафесара. Сябра Дзяржаўнай камісіі Рэспублікі Беларусь па падрыхтоўцы падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па гісторыі, з'яўляўся членам секцыі сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Дзяржаўнай камісіі Рэспублікі Беларусь па падручніках, членам Агульнага сходу Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Пад кіраўніцтвам М. Э. Часноўскага абаронены тры кандыдацкія дысертацыі. Мае ганаровае званне "Выдатнік адукацыі", якое прысвоена Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь у 1998 г. Узнагароджаны медалём Францішка Скарыны (2011 г.). Аўтар больш за 150 навуковых прац. Даследаваў працэсы сацыялістычных пераўтварэнняў у заходніх абласцях Беларусі у 1944-1950 гг. , знешнюю палітыку Рэспублікі Беларусь, польска-беларускія палітычныя адносіны, праблемы стабільнасці у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Спадар Часноўскі актыўна праводзіў палітыку беларусізацыі на гістфаку БДУ.

21 кастрычніка пасля пахавальнай святой імшы і абраду развітання са спачылым у Чырвоным Касцёле Менска ён быў пахаваны на могілках каля в. Качына.

Выказваю спачуванні родным і блізкім нябожчыка.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст фрылансер.

Паэты Лідчыны ў аб'ектыве відэакамеры

Удзельнікамі новага раённага моладзевага праекта, героямі відэаролікаў, "Моладзевага бульвара" і "Адкрытага дыялогу" запрашаюць стаць лідскіх паэтаў, чальцоў літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лiдскай газеты".

Завецца праект "І з "мышкай", і з кніжкай" і рэалізуецца Лідскім раённым камітэтам ГА "БРСМ" сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, кіраваннем адукацыі райвыканкама, Лідскай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы і, вядома ж, літаратурным аб'яднаннем "Суквецце".

- "І з "мышкай", і з кніжкай" - гэта праект пра кнігі і пісьменнікаў, якія не ўваходзяць у школьную праграму, пра літаратуру, якая пішацца ў нас на вачах, - распавядае пра новы моладзевы праект першы сакратар Лідскага РК ГА "БРСМ" Вольга Міхаловіч. - Яе аўтары жывуць у нашым горадзе і цяпер, ходзяць з намі па адных вуліцах, чытаюць адны навіны, глядзяць адны фільмы. З імі можна сустрэцца і задаць любое пытанне. Праект закліканы спрыяць фармаванню чытацкай кампетэнцыі, развіццю чытацкай культуры, папулярызацыі кнігі і чытання сярод моладзі, узнікненню запатрабавання ў самаразвіцці і самаадукацыі пасродкам знаёмства з творчасцю сучасных лідскіх аўтараў. Праект рэалізуецца з кастрычніка 2021 гады па травень 2022 года, гэта значыць на працягу навучальнага года. Удзельнікі праекта - чальцы БРСМ, спецыялісты бібліятэчнай справы, жыхары горада, чальцы літаратурнага аб'яднання "Суквецце".

Як адзначыла далей Вольга Уладзіміраўна, у рамках моладзевага праекта "І з "мышкай", і з кніжкай" прадугледжаны такія формы працы, як конкурсы, акцыі, сустрэчы моладзі з лідскімі паэтамі, апытанне моладзі і інтэрпрэтацыя вынікаў, стварэнне відэаролікаў пра жыццё і творчасць паэтаў Лідчыны. Праект таксама складаецца з чытання вершаў паэтаў-землякоў, правядзення фотаконкурсу "Чытай усюды". У рамках праекта кожная з першасных арганізацый БРСМ арганізуе для моладзі мерапрыемства ў адным з вышэйпералічаных фарматаў (на выбар). Мерапрыемства, па-за залежнасцю ад фармату, павінна праходзіць з удзелам паэтаў Лідчыны і журналістаў.

- У завяршэнне праекта, - кажа Вольга Міхаловіч, - будзе арганізаваны "Моладзевы літаратурны бульвар", у праграме якога - інсталяцыі, гульні, квэсты, прэзентацыі. Вынікі праекта будуць падведзены ў траўні 2022 года ў рамках "Адкрытага дыялогу" з запрошанымі актывістамі праекта, паэтамі і журналістамі. У рамках завяршэння акцыі могуць быць прадугледжаны і іншыя тэматычныя мерапрыемствы. Па выніках праекта будзе выдадзены інфармацыйны буклет "#чытайліда", у якім будзе адлюстравана праца кожнай першаснай арганізацыі ў рамках рэалізацыі праекта на працягу года. Кульмінацыяй праекта мае быць стварэнне моладзевага літаратурнага аб'яднання ў Лідскім каледжы.

Найболей актыўныя першасныя арганізацыі БРСМ будуць узнагароджаны граматамі і каштоўнымі падарункамі.

Сачыць за ходам праекта "І з "мышкай", і з кніжкай" у сацыяльных сетках можна па хэштэгу #чытайліда.

Паводле lida news.

Канцэпцыя раённага моладзевага праекта "І з "мышкай", і з кніжкай"

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова Бюро

Лідскага раённага камітэта

ГА "БРСМ" ад 16.04.2021 №1

Лідскі раённы камітэт Грамадскага аб'яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы і па справах моладзі, кіраваннем адукацыі, Дзяржаўнай установай культуры "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы", літаратурным аб'яднаннем "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты" праводзіць актыўную і рознапланавую працу па раскрыцці творчага патэнцыялу моладзі, садзейнічанні развіццю ў Рэспубліцы Беларусь грамадзянскай супольнасці, заснаванай на патрыятычных і духоўна-маральных каштоўнасцях беларускага народа.

"І з "мышкай", і з кніжкай" - гэта праект пра кнігі і пісьменнікаў, якія на сённяшні дзень не ўваходзяць у школьную праграму. Пра літаратуру, якая пішацца ў нас на вачах. Яе аўтары жывуць у нашым горадзе і цяпер, ходзяць з намі па адных вуліцах, чытаюць адны навіны, глядзяць адны фільмы. З імі можна сустрэцца і задаць любыя пытанні.

Мэты і задачы праекта: спрыяць фармаванню чытацкай кампетэнцыі, папулярызацыі кнігі і чытання сярод моладзі, запатрабавання ў самаразвіцці і самаадукацыі пасродкам знаёмства з творчасцю сучасных беларускіх аўтараў.

Перыяд рэалізацыі праекта: кастрычнік 2021 г. - травень 2022 г.

Удзельнікі праекта: чальцы ГА "БРСМ", спецыялісты бібліятэчнай справы, жыхары горада, чальцы літаратурнага аб'яднання "Суквецце".

Кірунак дзейнасці ў рамках моладзевага праекта:

- дзейнасць накіравана на развіццё чытацкай культуры.

Формы працы ў рамках сацыяльнага праекта:

- конкурсы,

- акцыі,

- сустрэчы з цікавымі людзьмі,

- апытанні моладзі і інтэрпрэтацыя вынікаў,

- стварэнне відэаролікаў пра жыццё і творчасці літаратараў Лідчыны.

Асноўная дзейнасць па праекце, праект складаецца з:

- сустрэчы моладзі з пісьменнікамі, чытання любімых вершаў паэтаў-землякоў пра прыгажосць малой радзімы;

- правядзення фотаконкурсу "Чытай усюды";

- апытанняў моладзі і іх наступнай інтэрпрэтацыі і іншае.

Запланавана, што ў рамках праекта ўсе першасныя арганізацыі ГА "БРСМ" арганізуюць для моладзі мерапрыемствы ў адным з пералічаных фарматаў (на выбар). Мерапрыемствы (па-за залежнасцю ад фармату) павінна праходзіць з удзелам пісьменнікаў Лідскага раёна і журналістаў і быць прысвечана абмеркаванню навукова-асветніцкай дзейнасці.

У завяршэнне праекта будзе арганізаваны "Моладзевы літаратурны бульвар", які аб'яднае ўсіх жыхароў горада. У праграме - інсталяцыі, незвычайныя літаратурныя гульні, квэсты, прэзентацыі.

Сачыць за ходам праекта ў сацыяльных сетках можна па хэштэгу: #чытайліда.

Падвядзенне вынікаў.

Вынікі праекта падводзяцца ў траўні 2022 года ў рамках "Адкрытага дыялогу" з запрошанымі актывістамі праекта, пісьменнікамі і навуковымі журналістамі. Таксама ў рамках завяршэння акцыі могуць быць прадугледжаны іншыя тэматычныя мерапрыемствы.

Па выніках праекта будзе выдадзены інфармацыйны буклет "#чытайліда", у якім будзе адлюстравана праца кожнай першаснай арганізацыі ў рамках рэалізацыі праекта на працягу года.

Узнагароджанне.

Па выніках праекта найболей актыўныя першасныя арганізацыі ГА "БРСМ" будуць узнагароджаны каштоўнымі падарункамі і граматамі. Узнагароджанне ажыццяўляецца за кошт пазабюджэтных сродкаў Лідскай раённай арганізацыі ГА "БРСМ", іншых паступленняў, не забароненых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.


УЗГОДНЕНА

Начальнік кіравання адукацыі

Лідскага раённага выканаўчага

камітэта В.З. Тарасюк.

УЗГОДНЕНА

Галоўны рэдактар дзяржаўнай

установы "Рэдакцыя "Лідская

газета" К.А. Серафіновіч.


УЗГОДНЕНА

Начальнік аддзела ідэалагічнай

работы і па справах моладзі

Лідскага раённага выканаўчага

камітэта І.Г. Рабец.


УЗГОДНЕНА

Дырэктар дзяржаўнай установы

культуры "Лідская раённая

бібліятэка імя Янкі Купалы"

А.М. Мартынаў.


УЗГОДНЕНА

Кіраўнік літаратурнага аб'яднання

"Суквецце" А.І. Мацулевіч.

Каляндарык-слоўнічак "Лёгкая мова"

Да гэтага ў Беларусі выдаваўся толькі адзін беларускамоўны адрыўны каляндар "Родны край". І ў кнігарнях Беларусі яго амаль не відаць сярод дзесяткаў расейскамоўных адрыўных календароў, якія надрукаваныя ў Маскве і ў Санкт-Пецярбургу. І гэта календары на самыя розныя тэмы: ад жаночых да аматараў рыбнай лоўлі. А ў Беларусі толькі адзін "Родны край". І вось на днях у кнігарні рэспублікі быў завезены арыгінальны адрыўны каляровы каляндар "Лёгкая мова". Гэта не проста каляндар, а каляндарык-слоўнічак. Падрыхтавала яго Яўгенія Дудзянкова. Каляндарык выйшаў з друку ў менскім выдавецтве "Данарыт".

На 365 адрыўных лістках каляндарыка надрукавана новае беларускае слова, яго пераклад і малюнак. Каляндар выдадзены на якаснай паперы, са спецыяльнай падставачкай і ўпакоўкай. У камплекце таксама знаходзяцца два магніцікі для прымацавання на халадзільніку тых старонак, якія каму спадабаюцца. Каляндарык-слоўнічак "Лёгкая мова" зроблены з густам, прыгожа і ад душы. Бяда толькі ў тым, што каштуе ён у крамах амаль 45 беларускіх рублёў. Тады, як усе расейскія і адрыўны каляндар "Родны край" каштуюць толькі 3-4 рублі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя.

Слядамі славутасцяў Пагосцкага краю або краязнаўчыя багацці Міёршчыны

Год 2021-ы для кіраўніка, каманды і сяброў Музейнага аб'яднання на базе ДУА "Міёрская сярэдняя школа № 3 імя Я.А. Томкі" быў насычаны стараннай працай, цікавымі здабыткамі, новым станоўчым досведам і падзеямі. Паспяхова была рэалізавана ініцыятыва "Моладзевая інтэрактыўная культурна-гістарычная пляцоўка "Спадчына Міёрскага краю" ў межах праекта "Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці" пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза.

Вядома, што традыцыйна сабраны ўраджай-плён аглядаюць восеньскім часам, зазіраюць у засекі і цешацца добрым вокам з жывога золата - рассыпістай плыні жыта, якое зноў трапіць у раллю і ўзрасце, даўшы людзям большы набытак, чым яны мелі перад тым. Датычыцца гэта не толькі гаспадаркі, але і многіх іншых бакоў жыцця, у тым ліку - і вынікаў працы, пакладзенай у межах года на раллі гісторыі, краязнаўства і асветы. "Ураджай" падзей і сустрэч, памножаны на штодзённыя намаганні і адданасць справе гісторыі і любові да роднага краю, сабраны ў выніку рэалізацыі ініцыятывы "Моладзевая інтэрактыўная культурна-гістарычная пляцоўка "Спадчына Міёрскага краю" вельмі разнастайны. "Сеяць" і "жаць" камандзе ініцыятывы дапамагалі спецыялісты-эксперты, неабыякавыя сябры, вучні школ Міёрскага раёна.

У гэтым сэнсе, можна прывесці багата цікавых прыкладаў, удалых і прафесійных спосабаў рашэння пастаўленых задач у рэалізацыі супольнай мэты, вартых пераймання, зазірнуць у падрыхтоўчыя і выніковыя этапы, даць пэўныя парады з атрыманага досведу. Аднак, гэта вельмі аб'ёмны матэрыял, які патрабуе асобнага аналізу і рознабаковага асвятлення яго граняў. Тут жа хочацца звярнуцца да аднаго з аспектаў, а менавіта - да матэрыяльных вынікаў адлюстравання нематэрыяльнага (духоўных здабыткаў, пошукаў, слова), адбіткаў досведу вызначэння, праходжання і насычэння прыродным і гістарычным зместам турыстычна-краязнаўчых шляхоў у друку, кніжнай спадчыне.

З мэтай раскрыцця гэтага аспекту, трэба звярнуцца да турыстычна-краязнаўчай серыі кніг "Чароўных вандровак пярсцёнкі", запачаткаванай кіраўніком Музейнага аб'яднання на базе ДУА "Міёрская сярэдняя школа №3 імя Я.А. Томкі", стырнавым гістарычна-краязнаўчага гуртка "Арганаўты мінулага", вядомым краязнаўцам і кіраўніком ініцыятывы "Моладзевая інтэрактыўная культурна-гістарычная пляцоўка "Спадчына Міёрскага краю" - Ермалёнкам Вітольдам (Вітаўтам) Антонавічам. У першай кнізе гэтай серыі былі падрабязна апісаны два маршруты: "Малы залаты пярсцёнак Міёршчыны" і "Бронзавы пярсцёнак Міёршчыны". У другой - "Дзісненскі пярсцёнак". А тут ужо прыйшла чарга і трэцяй кнігі ў залатой зборцы турыстычных колаў - "пярсцёнкаў" - "Славутасці Пагосцкага краю"*. Першыя два выданні - ужо вядомыя, а вось трэцяе - яшчэ зусім "свежачок", бо толькі што выйшла з друку, стаўшы апошнім залатым каласком у завяршэнні працы ў межах праекта "Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці" пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза. Парадуем жа вока гэтым каласком, што ўпрыгожвае ўвесь сноп вартых здабыткаў, як каштоўны камень упрыгожвае карону.

Кніга мае мяккую вокладку, аформленую ў колерах лагатыпа, акрэсленага вышэй праекта, з выкарыстаннем на галоўным баку арыгінальных паходных фотаздымкаў. Выйшла яна ў выдавецтве "Каўчэг" (Менск) накладам у 300 асобнікаў, кожны з якіх мае ў сабе 138 старонак. Выданне багата аздоблена фотаздымкамі і ілюстрацыямі розных гадоў і стыляў, многія з якіх друкуюцца ўпершыню, змяшчае ў сабе дакладна акрэслены маршрут з якасным суправаджэннем па мясцовых памятках гісторыі і ландшафтах, са спісам крыніц і літаратуры, які ў сваіх асабістых краязнаўчых пошуках можа скарыстаць кожны.

Прывядзём тут, для лепшага ўяўлення "геаграфіі" маршрута "Славутасці Пагосцкага краю", яго асноўныя кропкі: Міёры-Дубашынскі Двор - Клётаў Двор-Гарані - Чапукі - Махіроўка - Кублішчына - Наўгароды - Вусаўцы -Беляўцы - Вострава - Стары Пагост - Юндзілова - Новы Пагост - Фролаўшчына - Ваўчкі - Мількі -Барадзінічы - Ісакаўцы - Вісяты - Воўкаўшчына - Лясная - Сабалеўшчына - Снегі - Навалака - Святая Вада - Лінкаўшчына - Янова - Камянполле - Міёры, агульнай працягласцю 95 км. Былым і цяперашнім "арганаўтам", аматарам разнастайнасці адметных куточкаў нашай Айчыны лёгка ўявіць сабе па назвах, наколькі гэтыя месцы важныя і памятныя для нас, ажывіць ва ўспамінах прыгажосць прыроды гэтых мясцін, адчуць подых вякоў, што прамінулі, але для нас бясследна не зніклі.

Паходныя фотаздымкі, партрэты вядомых землякоў, выявы помнікаў археалогіі і архітэктуры ў суправаджэнні арыгінальнага тэкста ствараюць выразны ды цудоўны вобраз, ахопленай маршрутам ваколіцы. Цікава, што ў афармленні кнігі выкарыстаны шэраг фотаздымкаў з паходу, які быў здзейснены гэтымі мясцінамі ўлетку 2020 г. пад кіраўніцтвам Ермалёнка Вітольда Антонавіча. Выдатна, што і я меў шчасце быць у складзе гэтай групы, з прыемнасцю пазнаю фотаздымкі, зробленыя падчас паходу. На наша шчасце мы паспелі застаць у Барадзінічах таленавітага мастака Яна Рыдзіку, які цяпер, на жаль, ужо не жыве. Арыгінальнасць гэтага выдання можна вызначаць разнастайнымі крытэрыямі, сярод якіх варта адзначыць і адлюстраванне на фота і ілюстрацыях тых помнікаў гісторыі, якіх ужо няма, або якія былі пазней пашкоджаныя. Гэта, напрыклад, драўляная капліца ў в. Камянполле (пач. ХХ ст.), цагляны будынак стайні (пач. ХХ ст., там жа), арыгінальная печ з кафлі ў інтэр'еры сядзібы Мірскіх (к. ХІХ-пач. ХХ ст., там жа) і іншыя памяткі лакальнай гісторыі.

"Славутасці Пагосцкага краю" ў першую чаргу могуць паслужыць землякам, якія захочуць спасцігнуць таямніцы свайго краю, кіраўнікам турыстычных груп і настаўнікам, якія скарыстаюць арыгінальныя матэрыялы ў адукацыйна-рэкрэацыйнай практыцы для дарослых і дзяцей, краязнаўцам, для якіх, сярод іншага, гэта кніга можа стаць прыкладам-маяком у стварэнні працы падобнага кшталту, студэнтам ВНУ, ПТВ, ПТК і вучням школ, якія цікавяцца акалічнасцямі лакальнай гісторыі і турыстычнай справай - дыяпазон прадстаўленых здабыткаў вельмі шырокі, таму кожны можа знайсці ў ім нешта сваё.

Ігар Кандратовіч, сябар гістарычна-краязнаўчага гуртка

* Бібліяграфічная спасылка: Ермалёнак, В.А. Чароўных вандровак пярсцёнкі. Кніга 3. Турыстычна-краязнаўчы маршрут "Славутасці Пагосцкага краю" / В.А. Ермалёнак. - Мінск : Каўчэг, 2021. - 138 с. : іл.

У Германіі - "пандэмія непрышчэпленых"

Навіны Германіі

У Германіі пагаршаецца сітуацыя з каронавірусам. Вакцынацыю прайшлі толькі 66% немцаў, і цяпер краіна перажывае чацвёртую хвалю каронавіруса.

Улады Германіі заявілі, што набірае жахлівыя абароты "пандэміі непрышчэпленых", паведамляе korrespondent.net.

Шпіталізацый і смяротных выпадкаў ад COVID-19 у краіне стала больш, таму што немцы не спяшаюцца вакцынавацца ад каронавіруса.

Міністр аховы здароўя Германіі Енс Спан папярэдзіў, што пандэмія яшчэ далёкая ад завяршэння.

- Цяпер мы перажываем масавую пандэмію непрышчэпленых. Калі б больш людзей зрабілі вакцынацыю, у аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі было б менш пацыентаў з каронавірусам, - сказаў ён.

Некалькі нямецкіх клінік занепакоены з нагоды павелічэння колькасці пацыентаў з каронавірусам. У сераду ўлады паведамілі пра 2220 пацыентаў, якія знаходзяцца на ложках інтэнсіўнай тэрапіі. Акрамя таго, за апошні тыдзень у Германіі ад каронавіруса памерлі 666 чалавек.

Кіраўнік нямецкага агенцтва па барацьбе з хваробамі і прэзідэнт Інстытута Роберта Коха Лотар Вілер назваў нядаўні рост паказчыкаў інфікавання жахлівым:

- Чацвёртая хваля развіваецца менавіта так, як мы асцерагаліся, таму што вакцыну атрымала мала людзей, - сказаў Вілер.

Працэнт вакцынаванага насельніцтва ў Германіі фактычна не змяніўся за апошні месяц і складае 66%. У іншых еўрапейскіх краінах паказчыкі вакцынацыі значна вышэйшыя.

korrespondent.net.

У Германіі выступаюць за найхутчэйшы запуск "Паўночнага струменя - 2"

У ФРГ заклікалі як мага хутчэй запусціць газаправод "Паўночны струмень - 2", каб стабілізаваць цэны на газ. З такой прапановай уступіў кіраўнік Хрысціянска-сацыяльнага саюза (ХСС) ФРГ Маркус Зедар. Па яго словах, трубаправод стаў бы "надзейным закладам таго, што ў Германіі будзе стабільная прапанова газу". Пры гэтым Зедар падкрэсліў, што людзі чакаюць хуткага рашэння пытання. Па меркаванні экспертаў, запуск трубаправода сапраўды разрадзіў бы сітуацыю на газавым рынку Еўропы і цана больш не даходзіла б да такіх "спекулятыўных значэнняў.

- Патрабуецца разумная стратэгія па арганізацыі энергазабеспячэння. Для гэтага мае сэнс хутчэй запусціць "Паўночны струмень - 2", паколькі гэта паспрыяе стабілізацыі цэнаў на газ. Мы не можам бяздзейнічаць і проста глядзець, як цэны на газ растуць перад пачаткам халоднай зімы. Гэта ў тым ліку будзе халоднай зімой для кааліцыі СДПГ (Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі), зялёных і СвДП (Свабоднай дэмакратычнай партыі) - людзі чакаюць хуткага рашэння пытання, - сказаў Зедар.

Па яго словах, расійска-еўрапейскі праект стаў бы надзейнай асновай для стабільнага атрымання блакітнага паліва Германіяй.

У сваю чаргу, старшыня Усходняга камітэта эканомікі ФРГ Олівер Хермес падчас кліматычнай канферэнцыі ў Глазга назваў трубаправод адным з самых сучасных інфраструктурных праектаў і заявіў, што тармазіць запуск "Паўночнага струменя - 2" па палітычных матывах было б зусім контрпрадуктыўна.

Цяпер ідзе працэс сертыфікацыі трубаправода. 26 кастрычніка нямецкае Міністэрства эканомікі паведаміла, што па выніках праведзенага ведамствам аналізу выдача сертыфіката "не ставіць пад пагрозу бяспеку паставак газу ў Германію і Еўрапейскі саюз", таму сертыфікацыя праекта будзе працягнута. Па дадзеных ведамствы, гэты працэс, пачаты ў верасні, можа доўжыцца да чатырох месяцаў. У прэс-рэлізе міністэрства адзначалася таксама, што перад аналізам былі праведзены кансультацыі з іншымі краінамі ЕС.

Паводле СМІ.

Браты-асветнікі - наш нацыянальны гонар

Cымон Барыс

(Матэрыял для школьнага кабінета гісторыі культуры)

За апошнія два стагоддзі некалькі братоў з розных родаў, што жылі ў нашай краіне, пакінулі значны след у гісторыі Беларусі. Лічу, што кожны настаўнік гісторыі і беларускай мовы і літаратуры павінен ведаць іх прозвішчы і тое, што яны зрабілі для Радзімы. Яны вядомы не толькі як навукоўцы, дзеячы культуры, але і як грамадскія дзеячы. На жаль, лёсы братоў Цвікевічаў, Лёсікаў і Луцкевічаў незайдросныя, бо яны пацярпелі за грамадскую дзейнасць і беларусазнаўства, сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій. Запомніце іх прозвішчы і імёны, якія з'яўляюцца нашым нацыянальным гонарам.

Альхімовічы, мастакі: Казімір (1840, в. Дубрава Лідскага пав., цяпер Шчучынскі р-н - 1916, Варшава) і Гіяцынт (1841, в. Дубрава - пасля 1897, Францыя) Дамінікавічы.

Бялыніцкія-Бірулі: А ляксей (1864, в. Каралёва Аршанскага пав. - 1937, Ленінград) - вучоны-натураліст, падарожнік і Барыс (1875, в. Каралёва - 1918, г. Віцебск) - рэлігійны дзеяч, Андрэевічы. Абодва былі рэпрэсаваны, Барыс расстраляны.

Басалыгі рэвалюцыянеры: Дзмітрый (1884, в. Варкавічы Слуцкага р-на - 1969, г. Масква) - сцэнарыст, рэжысёр і журналіст Канстанцін (1887, в. Варкавічы Слуцкага р-на - 1963), Мікалаевічы.

Басалыгі мастакі: Уладзімір (1940, г. Слуцк - 2020) і Міхаіл (н. 1942, г. Слуцк), Самойлавічы.

Гараўскія герба "Кораб" мастакі: Апалінар (1833, маёнтак Уборкі Ігуменскага пав., цяпер вёска ў Дукорскім с/с Пухавіцкага р-на - 1900), Іпаліт (1828, Уборкі - пасля 1864), Гілярый (1847, маёнтак Уборкі пасля 1875), Гілярыевічы.

Гарэцкія: Гаўрыла (1900, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на - 1988) - акадэмік, вучоны-геолаг, Максім (1893, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на - 1938) - пісьменнік, Іванавічы.

Гілевічы: паэт, філолаг Ніл (1931, в. Слабада Лагойскага р-на - 2016, г. Менск) і празаік Мікола Гіль (н. 1936), Сымонавічы.

Грыцкевічы гісторыкі, краязнаўцы: Анатоль (1929, Менск - 2015, Менск) і Валянцін (1933, Менск - 2013, Санкт-Пецярбург), Пятровічы.

Даніловіч Антон Міхайлавіч (паэт Янка Золак, 14.11.1912, в. Лучнікі Слуцкага пав. - 20.12. 2000, Нью-Джэрсі, ЗША) і Яцэвіч Аляксандр Хведаравіч (пісьменнік Алесь Змагар, 01.10.1903, в. Цароўка Слуцкага пав. - 1995, Фларыда, ЗША). Браты толькі па маці.

Дыбоўскія герба "Наленч" - вучоныя-прыродазнаўцы: Бенядзікт (1833, маёнтак Адамарын Вілейскага пав., цяпер Маладзечанскага р-на - 1930), Уладзіслаў (1838, маёнтак Адамарын - 1910), Іванавічы.

Ельскія герба "Пелеш": Міхаіл (1831, в. Дудзічы Пухавіцкага р-на - 1904)-кампазітар, пісьменнік і Аляксандр 1834, в. Дудзічы Пухавіцкага р-на - 1916) - гісторык, літаратуразнавец, краязнавец, публіцыст, паэт, перакладчык, паэт, празаік, Карлавічы.

Ермаловічы: Валянцін Іванавіч (1925, в. Малыя Навасёлкі, Койданаўскі р-н, Менская акруга, БССР - 2004, Магілёў) - акцёр і Мікола Іванавіч (1921, в. Малыя Навасёлкі, Койданаўскі р-н Менскай вобл., цяпер Дзяржынскір-н - 2000, Менск) - гісторык, публіцыст, пісьменьнік і паэт. Мікола выкарыстоўваў псеўданімы: Сымон Беларус, М. Ермолов, Я. Мікалаеў, Мікола Наваселец, М. Ярмолаў.

Іваноўскія: Вацлаў (1880, фальв. Лябёдка, цяпер у межах в. Галавічполе Шчучынскага р-на - 1943, Менск) - выдавец, доктар тэхнічных навук, Тадэвуш (1882, там жа -1970, г. Коўня) - літоўскі біёлаг і сястра Алена (1885, там жа - 1973) - беларусазнаўца, Леанардавічы.

Кавалеўскія: Аляксандр (1840, в. Шусцянка Дынабурскага пав. Віцебскай губ.-1901) - рускі біёлаг і эмбрыёлаг, брат палеантолага-эвалюцыяніста Уладзіміра (1842, в. Шусцянка - 1883, г. Масква), Ануфрыевічы. Уладзімір Кавалеўскі - муж Соф'і Кавалеўскай (вядомага матэматыка).

Каліноўскія герба "Калінова": Віктар Отан (1833, в. Мастаўляны Гарадзенскага пав., цяпер Беласточчына, Польшча - 1862, ф. Якушоўка, каля Свіслачы) - гісторык, археограф, бібліяфіл, і Кастусь Вінцук (1838, Мастаўляны -1864, г. Вільня) - публіцыст, паэт, Сымонавічы. Ідэолагі паўстання 1863 г.

Касовічы: Ігнацій (1808, г. Полацк - 1878, Санкт-Пецярбург) - філолаг, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта, яго брат санскрытолаг Каэтан (1814, Віцебская губ. - 1883, Варшава), Андрэевічы.

Кастравіцкія герба "Байбуза": мастак Казімір Рафал (паэт Карусь Каганец, 29.01(10.02) 1868, Табольск, Расійская імперыя - 20.05.1918, в. Прымагілле, Менскі пав. (цяпер в. Юцкі, Дзяржынскі р-н, Менская вобл.) і лекар, грамадскі дзеяч Амброзій Самуэль (1871, Табольск -1937), Каралевічы.

Космачы, гісторыкі: Генадзь (1953, в. Талуі Маладзечанскага р-на - 2016) і Веніямін (нар. 1959, в. Талуі), Аркадзевічы.

Крашэўскія герба "Ястрабец": мастак, фатограф Люцыян (1820, м. Пружаны Гарадзенскай губ. - 1892, Ганятычы або Яалін), пісьменнік Юзаф Ігнацы (1812, г. Варшава - 1887, г. Жэнева, Швейцарыя) і пісьменнік, бібліяфіл Каятан (1827, маёнтак Доўгае Пружанскага пав. Гарадзенскай губ. - 1896, Стары Купін Гарадзенскай губ.) - сыны Яна Крашэўскага і Зоф'і Мальскай.

Ластоўскія: пісьменнік, гісторык Вацлаў (1883, засц. Калеснікаў, цяпер Глыбоцкі р-н - 1938) і публіцыст Гладкі-Ластоўскі Юстын ( Юрый, каля 1870 - пасля 1931), Юстынавічы.

Лёсікі, мовазнаўцы: Язэп ( Іосіф, 1883, в. Мікалаеўшчына Стаўпецкага р-на - 1940, Саратаў) і Антон (1872, в. Мікалаеўшчына - 1949, в. Мікалаеўшчына), Юр'евічы.

Лісы: фалькларыст Арсень (4.02.1934, в. Вётхава Залескага с/с Смаргонскага р-на - 28.05.2018, Менск) і інжынер, вучоны экалогіі Леанід (нар. 24.03.1940, в. Вётхава Смаргонскага р-на), Сяргеевічы.

Літвіновічы: філосаф Аляксандр (1947, в. Любань Вілейскага р-на - 1990) і фалькларыст Анатоль (нар. 1951, в. Любань Вілейскага р-на), Фёдаравічы.

Луцкевічы, герба "Навіна": выдаўцы, грамадскія дзеячы, гісторыкі: Іван ( Янка, 1881, г. Шаўляй, Літва -1919) і Антон, 1884, г. Шаўляй - 1946?), Іванавічы.

Лычы: Лявон ( Леанід, 1929, мяст. Магільнае Уздзенскага р-на - 2021, Менск) - гісторык і Генадзь (н. 1935, мяст. Магільнае Уздзенсга р-на) - акадэмік, вучоны-эканаміст, Міхайлавічы.

Мамонічы герба "Ліс": Кузьма (?-1607) і Лукаш (?-1606), Іванавічы - купцы, друкары і грамадскія дзеячы Вялікага Княства Літоўскага. Пры іх доме ў Вільні ў 1574 -1623 гадах існавала заснаваная на іхнія сродкі друкарня "Дом Мамонічаў", у якой за час існавання выйшла ад 80 да 100 кніг. У сям'і Івана Мамоніча былі тры сыны - Багдан, Кузьма і Лука. Багдан займаўся купецкай справай, Кузьма і Лука (Лукаш) доўгі час займаліся выдавецкай дзейнасцю.

Міцкевічы: Адам Бярнард (1798, хут. Завоссе Наваградскага пав., цяпер Баранавіцкі р-н - 1855, г. Стамбул) - паэт і Юльян Аляксандр (1801, г. Наваградак - 1871, маёнтак Губерня Драгічынскага р-на) - прафесар права. Іх бацька - Мікалай Міцкевіч.

Міцкевічы: Кастусь (1882, в. Мікалаеўшчына Стаўпецкага р-на - 1956, Менск) і Міхась (1897, в. Мікалаеўшчына Стаўпецкага р-на - 1991, Нью-Ёрк), Міхайлавічы - гэта паэт Якуб Колас і дзеяч культуры Антось Галіна.

Пуслоўскія герба "Шаліга" калекцыянеры, аматары мастацтваў, філантропы: Францішак Ксаверы (1806, в. Пескі Слонімскага пав. Гарадзенскай губ., цяпер аграгарадок Бярозаўскага р-на Берасцейскай вобл. - 1874, г. Варшава) і Вандалін (1814 - 1884) - нумізмат, Войцехавічы. Яны мелі свой палац у Косаве.

Сачанкі: Барыс (1936, в. Вялікі Бор Хойніцкага р-на - 1995, г. Менск) - пісьменнік, Іван (нар. 1938, в. Вялікі Бор Хойніцкага раёна) - гісторык і Алесь (нар.1940, в. Вялікі Бор) - журналіст, Іванавічы.

Станкевічы: Адам (06.01. 1892, в. Арляняты Смаргонскага р-на - 29.11.1949, г. Тайшет, Іркуцкая вобл.) - выдавец, гісторык, публіцыст і мовазнаўца, гісторык Ян ( Янка, 26.11.1891, в. Арляняты Смаргонскага р-на - 16.08.1976, Хотарн, ЗША) - стрыечныя браты. Псеўданімы Адама: А. Сакалінскі; Соколинский; крыптанімы: А.С.; А.Ст.; Ад.С.; Ад.Ст-іч.

Стаповічы: Альбін ( Уладзімір Загорскі,1894, в. Барані Астравецкага р-на - 1934, Вільня) - музычны дзеяч, публіцыст і Кастусь (в. Барані Астравецкага р-на, 1890-1926, Вільня) - паэт Казімір Сваяк, Мацвеевічы.

Тышкевічы герба "Ляліва", гісторыкі, калекцыянеры: Канстанцін (1806, мяст. Лагойск - 1868) і Яўстах ( Ястафій, 1814, мяст. Лагойск - 1873), Піевічы.

Хлябцэвічы: Яўген (1884, мяст. Жыровічы Слонімскага пав. - 1955, г. Масква) - кнігавыдавец, і Уладзімір (1894, мяст. Жыровічы Слонімскага пав. - 1917, г. Петраград) - публіцыст, удзельнік нацыянальнага руху, Іванавічы.

Урублеўскія герба "Слепаўрон": Жыгімонт ( Зыгмунт, 1845, г. Гародня - 1888, г. Кракаў) - фізік, Эдуард (Эдвард Вінцэнт, 1848, г. Гародня - 1892, СПб. ) - хімік і Валерый (1836, м. Жалудок Лідскага пав. -1908, Францыя) - дзеяч міжнароднага рэвалюцыйнага руху, Антонавічы.

Ходзькі герба "Касцеша": Аляксандр (1804, мяст. Крывічы Вілейскага пав. - 1891) - паэт, фалькларыст, славіст, усходазнаўца, Міхал (1808, мяст. Крывічы Вілейскага пав. - 1879) - паэт, перакладчык, Іосіф ( Язэп; 1800, мяст. Крывічы - 1881, Тыфліс) - расійскі геадэзіст, географ і картограф, Янавічы.

Хруцкія, мастакі: Іван (1810, м. Ула Бешанковіцкага р-на - 1885), Андрэй (1829 - ?), Фамічы.

Цвікевічы: гісторык, юрыст Аляксандр (1888, г. Берасце - 1937) і публіцыст Іван Трызна (1891, Берасце - 1938), Іванавічы.

Ціхановічы: Валянцін (28.08.1909, г. Вільня - 25.08.1978) - скульптар і Яўген (1911, ст. Джусалы, Казахстан - 2005, г. Менск) - мастак, Мікалаевічы. Яго сын - Генрых Яўгенавіч Ціхановіч (нар. 1937, г. Менск) - мастак.

Янушкевічы: Адольф Міхал Валяр'ян Юліян (1803, г. Нясвіж - 1857, в. Дзягільна Дзяржынскага р-на) - падарожнік, пісьменнік і Яўстаф (1805, в. Прусы Салігорскага р-на - 1874) - кнігавыдавец, Міхайлавічы.

Янушкевічы: Фелікс (нар. 1954 , мяст. Ракаў Валожынскага р-на) - мастак, Язэп (нар. 1959, мяст. Ракаў) - літаратуразнавец, пісьменнік і Валяр'ян (нар. 1962, мяст. Ракаў) - скульптар, Язэпавічы.


Вёска Арляняты Смаргонскага раёна - радзіма асветнікаў і грамадскіх дзеячаў Станкевічаў. Тут нарадзіліся 4 славутыя асобы: Адам Вікенцьевіч (1892 - 1949), выдавец, публіцыст, святар; Станіслаў Язэпавіч (1907-1980), філосаф, журналіст; Станіслаў Лявонавіч (1886 - 1964), выдавец, паэт; Ян (1891-1976), мовазнавец, гісторык, грамадскі дзеяч у эміграцыі.

"Апачы!" праз 30 гадоў

Алесь СІМАКОЎ

Суровая, але прыгожая паэзія жыцця легендарнага народа

"Апачы!" - гэты вокліч безліч разоў прымушаў падарожнікаў па Дзікім Захадзе хапацца за зброю, а іх сэрцы - ліхаманкава біцца, розум - рыхтавацца да горшага. Маленькія групы апачскіх партызан трымалі ў пастаянным напружанні жыхароў ранчэрый і мястэчкаў, гарняцкіх пасёлкаў, салдатаў у прэсідыёс і фартах. Яны былі супраць усіх, і ўсе былі супраць іх: іспанцы, потым мексіканцы, а пазней амерыканцы; іх ворагамі былі і індзейцы: пуэбла, каманчы, юта... Яны варагавалі нават паміж сабой. Не выпадкова само слова "апачы" паходзіла з мовы іх суседзяў зун'і і азначала "ворагі"...

Іх называлі "лютым", "дзікім", "ваяўнічым" племем, "самым кепскім у Паўночнай Амерыцы". Іх імя зрабілася сінонімам упартасці, хітрасці і жорсткасці, злачыннасці. Гэты стэрэатып распаўсюдзіўся па свеце. У Парыжы "апачамі" пачалі называць крымінальнікаў... Але для кагосьці гэтыя людзі былі і "арламі Паўднёвага Захаду"! Яны сталі найбольш частымі персанажамі ў вестэрнах - літаратурных і кінематаграфічных. Адзін з бацькоў жанру - нямецкі пісьменнік Карл Май стварыў серыю раманаў пра высакароднага апача Вінету. Як і гэты паўвыдуманы герой, апачы ператварыліся ў легенду, міф, казку, у нейкіх фантастычных, амаль няісных істот.

Апачы і цяпер застаюцца адным з самых вядомых індзейскіх народаў Амерыкі. Але ці дастаткова белетрыстыкі, каб спасцігнуць лёс і душу народа? Гісторыя апачаў, драматычная, багатая падзеямі і нечаканымі паваротамі, узнаўляецца ў многіх цікавых кнігах, іх культура дэтальна вывучана этнографамі, сярод якіх вылучаецца Морыс Оплер, іх мовы - атапаскай лінгвістычнай сям'і - апісаны і захаваны ў слоўніках.

Якія ж яны былі і якія ёсць, "ісмаэліты Новага Свету"?

Тhе Southwest! Так называлі гэты край грамадзяне Злучаных Штатаў, бо знаходзіцца ён якраз на паўднёвым захадзе іх краіны, у штатах Арызона і Нью-Мексіка. Тут вялікая разнастайнасць ландшафту: высакатраўная прэрыя, блакітныя горы і астанцы дзівосных форм, азёры і рэкі, якія перасыхаюць у сухі сезон, хвойны лес і амаль поўная пустыня. Тут растуць ядловец і разнастайныя кактусы, вярба і юка, дуб, піньён і мескіта. Тут сыходзяцца паўночныя і паўднёвыя жывёлы: мядзведзі і пекары, алені мазамы і ацэлоты, лугавыя сабачкі і ядазубы, грыфы-індычкі і дарожныя бегуны. Назвы гэтага краю - Рыа-Грандэ, Санта-Фэ, Льяна-Эстакада, Сілвер-Сіці, Фінікс, Араібі, Таос - адлюстроўваюць сінтэз культур.

На Паўднёвы Захад апачы прыйшлі з поўначы. Яны аддзяліліся ад сваіх братоў атапаскаў у канцы першага тысячагоддзя нашай эры і здзейснілі доўгі пераход праз лясы і раўніны, пакінуўшы на гэтым шляху граду, якая пазней стала вядома як каёва-апачы. Пуэбла, плямёны мясцовых індзейцаў, культура якіх развівалася тут многія стагоддзі, сталі для іх і аб'ектамі нападаў, і адначасова - настаўнікамі. Хаваючыся ў сваіх шматпавярховых дамах-цвердзях, яны пакідалі на палях маіс і іншыя расліны, якія запазычвалі апачы, што спрыяла іх працвітанню і росту.

Калі ў 1540 годзе сюды з поўдня прыйшоў іспанскі атрад Франсіска дэ Каранада, апачы расшырылі сваю тэрыторыю ад сучасных заходніх Канзаса, Аклахомы і Тэхаса да ўсходняй Арызоны і паўночнай Мексікі. Іх было няшмат, некалькі тысяч, але яны былі ўжо раздзелены на асобныя плямёны: ліпан, хікарылля, мескалера і чырыкахуа, а таксама заходнюю групу, якая не мела выразнай племянной арганізацыі, і адрозніваліся па культуры, што тлумачылася рознымі прыроднымі ўмовамі і знешнімі ўплывамі. На ўсходзе жылі ў палатках - ціпі, палявалі на бізонаў і неслі ў сабе іншыя рысы індзейцаў прэрый. На захадзе рабілі жыллё з галля і шкур - вікіуп. Хікарылля і заходнія апачы больш за іншых узялі ад пуэбла, былі лепшымі земляробамі. Хікарылля мелі найбольш развітае ганчарства. Усе апачы цудоўна выраблялі аленевыя шкуры і рабілі плецены посуд.

Гаспадарку вялі разам: вялікая сям'я - маці і бацька з дзецьмі, а таксама сем'і дачок, якія мелі асобнае жыллё, - мужчыны здабывалі дзічыну, жанчыны - карысныя расліны. Вырошчвалі маіс, гарбузы, бабовыя. Аб'яднаныя ў роды пад кіраўніцтвам правадыроў, апачы былі калектывістамі, бо інакш не выжывалі б. Дзяцей таксама выхоўвалі ўсе разам, іх любілі і…менавіта таму абыходзіліся з імі сурова: бывала, іх кідалі ў халодную ваду - каб самі выплывалі і такім чынам рабіліся вытрывалымі. Хлопцы прызвычайваліся купацца і бегаць перад світанкам у любую пару года; пры ўзыходзе сонца - беглі без перапынку на вяршыню гары і назад. Дзяўчынкі мала ўступалі хлапчукам, бо іх чакалі частыя пераходы і… удзел у вайне. Найважнейшай цырымоніяй, якая збірала роды, быў абрад прысвячэння дзяўчат у жанчыны, або абрад Усходу Сонца. Сэнс цырыманіяльнага жыцця заключаўся ў тым, каб прадухіляць нягоды ў будучым і змагацца з хваробамі. Вельмі баючыся захварэць, яны прыпісалі іх узнікненне кантактам з пэўнымі жывёламі, напрыклад, совамі або каётамі, і разлічвалі на шаманаў, якія атрымлівалі свае звышнатуральныя сілы ў гэтых жывёл.

У час вайны і ў розных экстрэмальных сітуацыях апач спадзяваўся на духаў-ахоўнікаў і Забойцу Усіх Ворагаў, але поспех больш залежаў ад спрыту і ваеннага майстэрства. Воін апачаў зліваўся з прыродай - мог знаходзіць ежу там, дзе не змог бы знайсці нават воўк, а мог не есці шмат дзён. Невысокія, каржакаватыя, круглагаловыя і шыракатварыя, апачы ўяўляліся сапраўднымі дэманамі іх ворагам. Стрэлы з апачаўскіх лукаў на адлегласці ста крокаў прабівалі наскрозь чалавека; зробленыя з трыснягу, яны раздрабляліся і наносілі страшэнныя раны. Іх набегі сталі больш далёкімі і хуткімі, калі яны пачалі забіраць у іспанцаў коней і прыручаць мустангаў. З таго часу апачы - "конны народ": індзеец і яго конь ператвараліся ў адно і добра разумелі адзін аднаго, чалавек спяваў свайму скакуну…

Адносіны апачаў з іспанскімі каланізатарамі складваліся неадназначна: былі перыяды адноснага міру, але пераважала "герыялья". Яны не дапускалі да сябе місіянераў і таму не "дэмаралізаваліся". Яны вельмі шанавалі свабоду. У чужынцаў, якія з'яўляліся ў Апачэрыі і выцяснялі іх з паляўнічых земляў, запазычвалі тое, што хацелі: іх звычкай стаў захоп трафеяў. Ад непатрэбнага адмаўляліся.

На працягу XVIII стагоддзя напады апачаў на іспанскія пасяленні рабіліся ўсё больш спусташальнымі. Імі былі забіты і ўзяты ў палон тысячы людзей, захоплены сотні асьенд і ранча, яны забралі сабе дзясяткі тысяч галоў хатняй жывёлы. "Іспанія, - пісаў амерыканскі гісторык, - апынулася перад альтэрнатывай - альбо поўная ліквідацыя яе паўночнай мяжы, альбо выпрацоўка шырокай праграмы абароны". Каб не стаць ахвярамі бясконцых налётаў, іспанцы пакідалі паўночныя правінцыі віцэ-каралеўства Новая Іспанія. Магчыма, апачы звялі б насельніцтва Саноры і Чыуауа дарэшты, але, як самі не без гумару казалі, людзі там патрэбны былі ім, каб гадавалі для іх коней, авечак і буйную рагатую жывёлу. Часткова апачаў можна было зразумець: іх зганялі са сваіх земляў каманчы.

Міжплемянная варожасць зноў была выкарыстана іспанцамі; тактыка "раздзяляй і заваёўвай" была адзінай эфектыўнай супраць апачаў. Мексіканскія віцэ-каралі Антоніа Букарэлі і Тэадора дэ Круа і іх падначаленыя Аканор, Анса і дэ Мез'ер ажыццявілі абарончыя захады і заключылі часовы саюз з каманчамі. Тым не менш "шэраг выпадковых акалічнасцей" прывёў да катастрофы: у канцы 80-х гадоў апачы ўзнавілі набегі, і гэтая частка неабсяжнай іспанскай імперыі хутка прыйшла да заняпаду.

Нянавісць да іспанцаў апачы перанеслі на мексіканцаў, якія ў 1821 годзе ўтварылі незалежную дзяржаву. Разам з амерыканскімі авантурыстамі, якія прыходзілі па "сцежцы Санта-Фэ", яны ўчынілі масавыя забойствы апачаў, усяляк заахвочвалі паляванне за скальпамі. Іспана-амерыканцы "ўдасканалілі" апачаўскія катаванні.

Вайна паміж Мексікай і Злучанымі Штатамі скончылася перамогай захопнікаў, і зямля апачаў была падзелена лініяй, сэнс якой індзейцы адразу не зразумелі. У далейшым амерыканскія войскі вымушаны былі неаднаразова пераходзіць мяжу наўздагон апачаўскім "рэйдарам". Серыя здрадніцтваў "англас" - амэрыканцаў, а найперш паланенне і забойства ў 1863 годзе правадыра мімбрэньё Мангаса Каларада і разня каля Кэмп-Гранта ў 1871 годзе, зноў вывела апачаў на сцяжыну вайны. Яна адрознівалася надзвычайнай жорсткасцю: поўніліся "мемарыялы" - сведчанні аб амерыканскіх ахвярах апачаў. Зрэшты, і індзейцы гублялі шмат воінаў, жанчын і дзяцей.

Паступова, аднак, былі створаны рэзервацыі і ўрадавыя чыноўнікі - "індзейскія агенты" - спрабавалі прывучаць індзейцаў да "цывілізаванага" жыцця. Нямногія, як Том Джэфардс, сябар правадыра чырыкахуа Качыза, здолелі заслужыць давер "дзікуноў". Свабодалюбівы нораў апачаў і злоўжыванні белых улад выклікалі паўстанні, апачы пакідалі рээервацыі і ўраганам праносіліся па Паўднёвым Захадзе, знішчаючы ўсё на сваім шляху і знікаючы ў мексіканскіх гарах Сьера-Мадрэ. Апошнімі з амерыканскім генералаў, якія кіравалі аперацыямі супраць апачаў, былі Джордж Крук і Нэльсан Майлс. Крук імкнуўся дамовіцца э правадырамі і "рэнегатамі", Майлс, выпраўляючы "памылкі" папярэдніка, дзейнічаў больш рашуча.

У 1886 годзе здаўся лідар апошняга супраціўлення Хероніма. Нягледзячы на гэта, усё яго племя чырыкахуа, уключаючы салдатаў і скаўтаў арміі ЗІІІА, было дэпартавана ў другі канец краіны - у Фларыду, вільготны і балоцісты край, згубны для жыхароў арыднага Паўднёвага Захаду. Адпраўленыя пазней у Аклахому і вызваленыя толькі ў 1913 годзе, 183 з іх вярнуліся ў Нью-Мексіка, а 82 засталіся жыць на ферме непадалёку ад форта Сіл.

Такім чынам, у пачатку XX стагоддзя групы апачаў былі расселены ў некалькіх населеных пунктах Аклахомы, у Нью-Мексіка - рэзервацыі Хікарылля і Мескалера - і ў Арызоне - Форт-Апачы і Сан-Карлас. Разам з іншымі карэннымі амерыканцамі, асуджанымі на ціхае выміранне ад беднасці, хваробаў, алкагалізму, апачы супрацьстаялі спробам разбурыць іх племянны лад жыцця. Яны змаглі захаваць племянную ўласнасць на зямлю і правы самакіравання. Яны прывыклі жыць у міры з амерыканцамі. Калі пачалася Другая сусветная вайна, многія апачы вызначыліся ўжо ў складзе амерыканскай арміі. Асабліва праславіліся апачаўскія паветраныя дэсантнікі, а адзін з самых вядомых ветэранаў - Джымі Дэклай яшчэ жыве ў арызонскім мястэчку Уайт-рывер.

У пасляваенны час адбыліся значныя змены ў жыцці апачаў. Хероніма імі ўжо хутчэй успамінаецца, калі апачаў запрашаюць на спартыўныя спаборніцтвы жыхары суседняга з рэзервацыяй гарадка. Славутыя пажарныя брыгады тых, хто калісьці пакідаў за сабой папялішчы, выратоўваюць ад агню лясныя масівы ў многіх раёнах Злучаных Штатаў. Колькасць апачаў узрасла, дасягнуўшы ў 80-я гады 20-23 тысяч. Хоць моладзь пэўны час адыходзіла ад традыцыйнай культуры, адбываецца вяртанне да вытокаў. Паўднёвыя атапаскі захавалі мову "на 67 %", але мовы каёва-апачы, чырыкахуа і ліпан "знаходзяцца на завяршальнай стадыі знікнення". Апачаўскія мовы пісьмовыя: для вернікаў - а сярод апачаў ёсць лютаране, баптысты, католікі - выдаецца Біблія па-апачаўску. Старая паганская вера цяпер часта змешваецца з хрысціянскімі ўяўленнямі, нараджаючы такія цікавыя духоўныя з'явы, як "рэлігія Сайласа Джона". Маральныя, выхаваўчыя і многія іншыя праблемы ўзнімаюцца на старонках племянных газет - "Форт-Апачы скаўт", "Правадыр хікарылля", "Барабанны бой апачаў", якія выдаюцца на англійскай мове. Усё больш людзей атрымлівае вышэйшую адукацыю. Сусветную вядомасць набыла творчасць мастака Алена Хаўзера, з апачаў выйшлі пісьменнікі (сярод іх - паэт Раман Адрыян) і лідары паніндзейскага руху (Уэндэл Чына, прэзідэнт племя мескалера на працягу сарака гадоў, быў кіраўніком Нацыянальнай асацыяцыі старшынь плямёнаў і Нацыянальнага кангрэса амерыканскіх індзейцаў, прадстаўляў "карэнных" Амерыкі на міжнародных форумах; Мэры Кім Цітла, маладая апачка сан-карлас, з'яўляецца віцэ-прэзідэнтам арганізацыі "Аб'яднаная нацыянальная індзейская моладзь" ("АДЗІНСТВА")).

Спакой апачаў забяспечвае ўласная паліцыя, здароўе - медыцынскія цэнтры. У рззервацыях развіваецца бізнес, бо нашчадкі Качыза ўжо не жадаюць быць танным сыравінным прыдаткам, жыць за кошт дзяржаўных датацый і даходаў ад турызму: хікарылля бяруцца за арганізацыю нафтаперапрацоўчага прадпрыемства, уайт-маунцін - "Апачы ман'ю-факчурынг компані" - робяць дэталі для верталётаў; працуюць лесапільныя заводы, павышаюць прадукцыйнасць асацыяцыі жывёлаводаў. Дзелавыя камітэты плямён распрацоўваюць новыя праекты.

Апачы - прагрэсіўная група і па амерыканскіх і, напэўна, па савецкіх мерках. Яны былі першымі, хто апублікаваў у сваім друку паўжартаўлівую, паўсур'ёзную прапанову аб індзейска-беларускім сумесным прадпрыемстве*.

Апачы добра ўсведамляюць сваю сусветную славутасць; яны ганарацца тым, што яны апачы. Будучае іх - пасля многіх стагоддзяў барацьбы і выпрабаванняў, пасля стабілізацыі іх жыцця ў апошнія дзесяцігоддзі - дастаткова аптымістычнае, каб спадзявацца, што не толькі ў музеях і на кінаэкранах, але і ў эканоміцы, у сучаснай культуры і міжнародных адносінах застанецца іх непаўторны след.

Сімакоў А. "Апачы!" // Бярозка. 1992. № 5-6. С. 28-29: тэкст аўтарскай версіі студзеня 1991 г. быў пераведзены ў тарашкевіцу і моцна скарочаны. Працэс падрыхтоўкі артыкула вельмі зацягнуўся - будучыня часопіса выглядала песімістычна (нумар выйшаў на тонкай паперы, у зменшаным фармаце - сурова). Цяпер мы ўзнаўляем першапачатковую версію, камбінуючы тэкст з публікацыі і машынапісу.

Для дадатковага чытання:

Сімакоў А. Дэпартацыя апачаў у 1886 г. // Весці АНМ. Нацыянальныя меншасці на Беларусі і ў свеце. 1997. № 3. С. 32-34.

Сімакоў А. Ад карэйцаў да апачаў // Наша ніва. 1997. 3 лістап. С. 2 (пра навуковую канферэнцыю Міжнароднай акадэміі вывучэння нацыянальных меншасцей);

В гости к апачи? // Народная газета. 1991. 12 мая (пра запрашэнне на Сход духоўнай еднасці плямён у Нью-Мексіка);

Симаков А. Белорусские апачи / интервью взял капитан А. Карлюкевич // Ленинец (газета Минского высшего военнополитического общевойскового училища). 1991. 12 дек.;

*Simakou A. Russian Native writes Scout // Fort Apache Scout (Whiteriver, AZ). 1989. Jun. 30. P. 2.

Адзінокаму патрабуецца пакой

Гісторыя Магілёўшчыны

Працуючы з гістарычнымі крыніцамі, вельмі цікава натрапіць у бібліятэках і архівах на старадаўнія газеты. У Магілёўскім "Дзяржаўным архіве грамадскіх аб'яднанняў Магілёўскай вобласці", які вядомы яшчэ, як "Партархіў", маецца шэраг газет з Магілёва і Магілёўскай вобласці 1920-50-х гадоў. Газета "Чырвоны калектывіст" з Бялынічаў, "Маяк камуны" (Быхаў), "Ленінскі шлях" (Горкі), "Савецкая вёска" (Дрыбін), "Камуна" (Клімавічы), "Сталінскі прызыў" (Касцюковічы), "Бальшавік Кругляншчыны" (Круглае), "Сацыялістычная перамога" (Чэрыкаў), "Прамень камунізму" (Шклоў), "Сцяг Леніна" (Беразіно) і некаторыя іншыя выданні. Дарэчы, у той час Беразіно ўваходзіла ў склад Магілёўскай вобласці, і таму некаторыя газеты з гэтага невялікага гарадка таксама патрапілі ў Магілёўскі архіў.

Калі ўзяць, напрыклад, і пагартаць падшыўку газеты "Комунар Магілеўшчыны" за 1939 год, то можна шмат чаго цікавага даведацца з гісторыі горада Магілёва таго часу. Гэтае выданне з'яўлялася афіцыйнай газетай Магілёўскага абласнога камітэта і гарадскога камітэта камуністычнай партыі Беларусі, акрамя таго, аблвыканкама і гарсавета. Зразумела, што большасць артыкулаў у тыя часы паведамлялі чытачам пра ўдарнае партыйнае і савецкае жыццё пад такімі назвамі: "За новы ўздым соцыялістычнага спаборніцтва ў калгаснай вёсцы". Але прагледзеўшы першыя старонкі пафасных дакладаў, часам можна сустрэць цікавыя фота вядомых дзеячоў нашага горада, паведамленні пра значныя падзеі ў калектывах і прадпрыемствах Магілёва, пра новае будаўніцтва і….руйнаванне старога "ідэйна варожага".

Дужа карысным у краязнаўчым плане з'яўляецца апошняя старонка гэтай газеты, дзе размяшчаецца рэкламная інфармацыя, афішы і анонсы. З гэтых па сучасных мерках, досыць простых абвестак, мы можам даведацца пра існыя ў тыя гады арганізацыі і іх адрасы, пра навучальныя ўстановы, ды і ўвогуле аб простых побатавых праблемах тагачасных гараджан.

У раздзеле "Патрабуюцца" чытаем: "Магілеўскаму абласному торфбудкерампромсаюзу - загадчык сектара ўчота і справаздачнасці, бухгалтары-рэвізоры, машыністка і інспектар пажарнай аховы. Звяртацца па адрасу: вул. Гогаля, 13, тэл. 85 - 07 (был. Касцярня)"; "Магілеўскаму косцеапрацоўчаму заводу - шкляры, маляры, каменшчыкі, штукатуры, сталяры, кровельшчыкі і чорнарабочыя. Звяртацца ў аддзел кадраў завода"; "Скурзаводу імені Сталіна тэрмінова - вопытны касір, бухгалтар цэха і рахункавод. Звяртацца да галоўбуха завода", "Арцелі "Чырвоны мэбельшчык" - чорнарабочыя, столяры розных разрадаў і кваліфікацый, а таксама вучні для падрыхтоўкі з іх столяраў. Звяртацца па адрасу: Магілеў, Карабанаўская вул. № 4, арцель "Чырвоны мэбельшчык", тэл. №№ 84 - 73 і 90 - 34", "Піўзаводу "Пролетарый" (г. Магілеў, Пушкінская вул. д. 35) - Старшыя бухгалтары па цэхаваму ўчоту, старшы бухгалтар па разліках, старшы бухгалтар па будаўніцтву на самастойны баланс. Аплата па згодзе. Звяртацца ў аддзел кадраў завода", "Патрабуюцца Магілеўскаму абласному дому народнай творчасці на сталую работу - машыністка і сакратар. Звяртацца па адрасу: Совецкая плошча д.6, пакой 10, тэл. 92 - 92.", "Патрабуюцца Магілеўскаму вадаканалбуду (В. Грамадзянская , 13) землекопы і каменшчыкі для работы па каналізацыі", "УЧДОРУ 704 патрабуюцца 15 шофераў на аўтамашыны ЗИС - 5, 4 аўтаслесары, 3 машыністы паравых каткоў па ўкатцы шасе, 5 трактарыстаў на трактар ХТЗ і НАЦІ. Умовы па згодзе. Адрас: Першамайская, дом № 19, Учдору 704.", "Магілеўскай абласной канторы Аўтатрактарзбыт - тэхнік па трактарнай справе, канторшчык і рабочыя-грузчыкі. Звяртацца па адрасу: Магілеў, Камсамольскі сквер, 4.", "Магілеўскаму хлебакамбінату - старшыя бухгалтары, бухгалтары, промбухгалтары і рахункаводы. Адрас: Першамайская, 35, 3 паверх, кантора хлебкамбіната.", "Магіл. Абласному аптэкакіраўніцтву машыністка і статыстык. Звяртацца па адрасу: Першамайск., 71".

(Працяг будзе.)

Алег Дзьячкоў. Магілёў.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX