Папярэдняя старонка: 2021

№ 46 (1561) 


Дадана: 17-11-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 46 (1561), 18 лістапада 2021 г.

ТБМ змагалася да канца

Непасрэдна перад судом па ліквідацыі ТБМ, 4 лістапада, Таварыства зрабіла апошнюю спробу дамовіцца і даслала ў Мінюст прапанову аб заключэнні міравога пагаднення.

С.М. Хаменку,

Міністру юстыцыі

Рэспублікі Беларусь,

вул. Калектарная, 10,

220004, г. Мінск

Прапанова аб заключэнні міравога пагаднення па судовай справе аб ліквідацыі Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

Паважаны Сяргей Мікалаевіч!

У Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь на 8 лістапада 2021 г. прызначана судовае паседжанне па ліквідацыі нашай арганізацыі на падставе іскавой заявы Міністэрства юстыцыі.

У іскавой заяве аб ліквідацыі Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Міністэрства юстыцыі спасылаецца ў якасці фактычнай падставы для іска на тое, што ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" не выканала патрабаванні, якія былі ў другім пісьмовым папярэджанні, што было вынесена на адрас аб'яднання рашэннем Міністэрства юстыцыі ад 19 ліпеня 2021 года № 169.

Па сутнасці справы, звяртаем Вашу ўвагу на тое, што ТБМ было заснавана звыш 30-ці гадоў таму назад. За гэты час было праведзена шмат разнастайных мерапрыемстваў, у тым ліку міжнародныя канферэнцыі, круглыя сталы, прэзентацыі выданняў. Наша арганізацыя мае дастаткова працяглы перыяд супрацоўніцтва з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі ў справе падпіскі на беларускія перыядычныя выданні раённых бібліятэк і музеяў, а таксама школ і гімназій з беларускай мовай навучання па ўсёй краіне.

Сябры ТБМ працуюць у многіх дзяржаўных установах: музеях, школах, каледжах, ВНУ. Наша дзейнасць заснавана на Статуце арганізацыі і адпавядае Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і актам заканадаўства.

Усе найважнейшыя падзеі, датычныя дзейнасці суполак, раённых і абласных структур рэгулярна асвятляюцца ў газеце "Наша слова", якая з'яўляецца органам ТБМ.

Трэба адзначыць, што да сённяшняга дня нам не вярнулі тэхніку, якая была канфіскавана 15 ліпеня 2021 г. у офісе ТБМ, што, вядома ж, паўплывала на выкананне намі патрабаванняў Міністэрства юстыцыі.

Улічваючы, што на дадзены момант ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" зрабіла ўсё магчымае для таго, каб выправіць выяўленыя ў пісьмовым папярэджанні парушэнні ў належны тэрмін, прапануем заключыць міравое пагадненне на наступных умовах:

Адказчык, Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны",

1. Выпраўляе ўсе парушэнні заканадаўства, выяўленыя ў пісьмовым папярэджанні, што было вынесена на адрас аб'яднання рашэннем Міністэрства юстыцыі ад 19 ліпеня 2021 года №169, праінфармаваўшы пра гэта Міністэрства юстыцыі ва ўстаноўлены законам тэрмін.

Ісцец, Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь,

2. Адмаўляецца ад іска аб ліквідацыі Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".

Старшыня ТБМ А. Анісім.

Міністэрства юстыцыі адхіліла прапанову ТБМ, і Вярхоўны Суд прыняў пастанову аб ліквідацыі ТБМ.

Калі і можна нешта некаму прад'явіць у гэтым пытанні, то не кіраўніцтву ТБМ. Змагаліся да апошняга моманту.

Да чытачоў і карэспандэнтаў "Нашага слова"

Шаноўныя сябры.

Змены, якія адбываюцца, не радуюць і не дадаюць аптымізму. На жаль, мы не можам паўплываць на тыя працэсы, якія ідуць у беларускім грамадстве. Але мы яшчэ жывыя і мусім жыць, і мусім працаваць дзеля нашай з вамі Беларусі.

Газета "Наша слова" падлягае ліквідацыі следам за яе заснавальнікам - Таварыствам беларускай мовы. Але газету ніхто не судзіў, рашэння па газеце Вярхоўны суд не выносіў, таму "Наша слова" будзе ліквідавана Міністэрствам інфармацыі. Міністэрства інфармацыі пасля атрымання паперы з Вярхоўнага суда анулюе пасведчанне аб рэгістрацыі "Нашага слова" і паведаміць пра гэта ва ўсе інстанцыі. "Белпошта" адмовіцца браць газету для рассылкі падпісчыкам, і выхад папяровай версіі спыніцца.

Увага!

Адразу пачне выходзіць электронная версія новай газеты "Наша слова.pdf". Газета будзе размяшчацца на сайтах nslowa.by, kamunikat.org, pawet.net, магчыма, і на belkiosk.by. Таму, шаноўныя карэспандэнты "Нашага слова", настойліва прашу вас прадаўжаць пісаць у газету, як і пісалі. Матэрыялы з новай газеты будуць так жа размяшчацца ў фэйсбуку. Мы запускаем тэлеграм-канал "Наша слова". Пакуль вырашаецца пытанне, хто і як будзе яго весці.

Далей. Прымаюцца меры па рэгістрацыі новага выдавецтва, а затым пачнём захады па перарэгістрацыі "Нашага слова" пад старой назвай. Такое магчыма.

Падпісвацца на "Наша слова" на 2022 год цяпер не трэба. Газету хутка выкрасляць з каталога. Нам давядзецца яшчэ і штраф заплаціць.

Што тычыцца ўласна ТБМ, то недзе ў пачатку снежня (папярэдне, 8 снежня) у Менску будзе скліканы сход Нацыянальнага грамадскага актыву, на якім будуць прыняты ўсе адпаведныя рашэнні пра нашую далейшую дзейнасць.

І не падаем духам, бо падаць ужо няма куды. Мы і так - на самым дне.

Станіслаў Суднік.

Высокае неба ідэала Анатоля Вярцінскага

18 лістапада спаўняецца 90 гадоў вядомаму беларускаму паэту, публіцысту, крытыку, перакладчыку Анатолю Іллічу Вярцінскаму, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі БССР (1988), былому дэпутату Вярхоўнага Савета Беларусі, члену Канстытуцыйнай камісіі.

Анатоль Ілліч нарадзіўся ў сялянскай сям'і ў 1931 годзе. Па заканчэнні аддзялення журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ (1956) ён працаваў у рэдакцыях раённых газет (Давыд-Гарадок, Камянец, Клімавічы, Рагачоў). Па пераездзе ў Менск працаваў у рэдакцыі газеты "Літаратура і мастацтва", быў рэдактарам выдавецтва "Беларусь".

Яго першыя вершы друкаваліся ў 1950-гадах у газетах "Беларускі ўніверсітэт" і "Чырвоная змена", у часопісе "Маладосць".

Цёпла прыняты чытачом былі яго кнігі вершаў і паэм "Тры цішыні" (1966), "Чалавечы знак" (1968), "Выбранае" (1973)," Час першых зорак" (1976), "Святло зямное" (1981), "Любоў адкрывае скарбы" (1987) "Жанчына. Мужчына. Каханне" (2003). Яго кнігі літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі "Трывожны досвітак" (1994), "Высокае неба ідэала" (1980) і сёння вельмі цікавыя і актуальныя.

Творам А. Вярцінскага ўласцівы высокі грамадзянскі пафас, філасафічнасць, аналітычнасць. Паэт асэнсоўвае "вечныя тэмы" чалавечага існавання, маральныя каштоўнасці, выкрывае абыякавасць і самазадаволенасць. Значнае месца ў творчасці паэта займае тэма кахання, якое ўзвышае чалавечую душу.

Творчы стыль Анатоля Вярцінскага адзначаецца асобай творчай манерай, спосабам паэтычнага выражэння думак і пачуццяў. Па заўвагах літаратурных крытыкаў, рацыянальны бок яго паэзіі ўраўнаважваецца пачуццёвасцю, лірычнай шчырасцю і пранікнёнасцю.

З 1967 па 1982 года Анатоль Ілліч быў літаратурным кансультантам, адказным сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.

У 1990-95 гадах А. Вярцінскі быў дэпутатам Вярхоўнага Савета, намеснікам старшыні пастаяннай Камісіі па пытаннях галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека, членам Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета БССР.

У складзе дэлегацыі БССР Анатоль Вярцінскі браў удзел у рабоце ХХХII cесіі Генеральнай асамблеі ААН у 1977 годзе. Рыхтуючыся да замежнай камандзіроўкі, Анатоль Ілліч знаёміўся з творчасцю амерыканскіх пісьменнікаў Фолкнера, Хемінгуэя, Стэйнбека, Драйзера, з паэзіяй Уолта Уітмена і іншых. У ЗША ён меў магчымасць знаёміцца з працай амерыканскіх СМІ, чытаць " Нью-Ёрк таймс", "Часопіс ААН" і іншыя выданні, наведваў музей "Метрапалітэн", музей Радэна ў Філадэльфіі, удзельнічаў у культурных мерапрыемствах і імпрэзах. Яго зацікавілі амерыканскія святы - Дзень Калумба і Дзень Падзякі ды іншыя.

Вынікам яго камандзіроўкі ў ЗША і сумеснай працы з дыпламатамі стала кніга яго асабістых назіранняў і ўражанняў над жыццём у ЗША "Нью-Ёркская сірэна" (1987). Галоўным пачуццём, перажытым у час працы ў штаб-кватэры ААН, было адчуванне адказнасці за лёс народаў усяго свету, за мір на планеце. Дэвіз арганізацыі, напісаны на сцяне яе офіса, застаўся ў сэрцы Анатоля Ілліча: "Мы, народы аб'яднаных нацый, поўныя рашучасці пазбавіць будучыя пакаленні ад бедстваў вайны, якая двойчы ў нашым жыцці прынесла чалавечаству невыказнае гора, зноў усталяваць веру ў асноўныя правы чалавека, у годнасць і каштоўнасць чалавечай асобы…"

Сёння пытанне Беларусі - на павестцы дня Савета бяспекі ААН.

Не аднойчы сябры ТБМ удзельнічалі ў творчых вечарынах Анатоля Ілліча. Адна з такіх вечарын адбывалася ў бібліятэцы імя А. Міцкевіча Чырвонага касцёла пяць гадоў таму. Удзячныя чытачы захавалі кнігі паэзіі з дарчымі надпісамі аўтара.

Выстава твораў А.І. Вярцінскага і біяграфічных артыкулаў будзе разгорнута да яго юбілею ў беларускай зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Э. Дзвінская.

Міхась Казлоўскі: "Трэба душы не даваць заснуць…"

Хто такія Раман Семашкевіч, Віктар Казлоўскі, Мікалай Грышкевіч, Пётр Зяновіч, Адам Більдзюкевіч, Мікола Ільяшэвіч, Уладзіслаў Чарняўскі, Віктар Шутовіч, Тодар Куніцкі, Вольга Таполя, Сяргей Сахараў і дзесяткі іншых малавядомых, але вартых памяці асобаў Беларусі? На гэтае пытанне вы зможаце адказаць толькі тады, калі прачытаце ўнікальны двухтомнік артыкулаў, эсэ, літаратурных партрэтаў, бібліяфільскіх нататкаў і ўспамінаў даследчыка нашай літаратуры і культуры Міхася Казлоўскага з Маладзечна. Двухтомнік мае адну назву "Пад сузор'ем веры і надзеі". Ён пабачыў свет у менскім выдавецтве "Кнігазбор".

Падобнага двухтомнага выдання ў Беларусі даўно не выдавалася. Але гэта не проза ці паэзіія, а змястоўныя артыкулы-даследаванні, літаратурныя партрэты знакавых, ды забытых дзеячаў беларускай культуры, якія пражылі годнае, але трагічнае жыццё ў неспакойным ХХ стагоддзі, гісторыя родных аўтару мясцін і нараджэнне беларускага бібліяфільства, ліставанне вядомых беларускіх літаратараў і краязнаўцаў.

Упершыню чытачы даведаюцца з двухтомніка Міхася Казлоўскага пра лёс бібліятэкі і архіва генерала Кастуся Езавітава, пра мастакоў і бібліятэчку часопіса "Узвышша", пра беларускія выданні ў ковенскай Летуве, пра Дзвінскія беларускія выданні, пра беларускае таварыства бібліяфілаў у БССР і шмат-шмат пра што іншае. "Пад сузор'ем веры і надзеі" Міхася Казлоўскага - своеасаблівы даведнік пошукаў і знаходак, адкрыццяў і памяці пра забытых беларусаў, пра кнігі і падзеі.

Пра ўсё вышэй пералічанае, а таксама пра літаратуру і спадчыну наогул, вырашыў пагутарывць з Міхасём Казлоўскім. Спадзяюся, што гутарка атрымалася даволі цікавай, але, найперш, карыснай для ўсіх нас, хто жыве ў Беларусі і цікавіцца яе гісторыяй, літаратурай і культурай.

- Спадар Міхась, можа неяк не сціпла казаць, але мы з табой сёе-тое ўжо зрабілі для гісторыі нашай літаратуры і культуры. І, дзякаваць Богу, працягваем гэта рабіць. Але хвалюе тое, хто пасля нас будзе працягваць гэтую справу?

- Пра нашы поспехі гаварыць не буду, хай аб гэтым скажа яго вялікасць час, а ён самы справядлівы суддзя і вызначальнік усяго сапраўднага і вартаснага на гэтай зямлі, хоць часта і недаравальна спазняецца. Што датычыцца нашых прадаўжальнікаў, то тут больш пытанняў, чым гатовых адказаў. Здаецца, і ёсць яны, тыя прадаўжальнікі, але нейкія не вельмі даўгавечныя: з'явяцца на даляглядзе, мільгануць і знікнуць. Праўда, ёсць колькі прозвішчаў, за дзейнасцю якіх я ўважліва назіраю і поспехі якіх мяне вельмі цешаць, але гэта ўжо не паслядоўнікі, а самастойныя творчыя адзінкі, якія даўно і паспяхова зарэкамендавалі сябе на ўдзірванелай краязнаўчай дзялянцы. Сярод іх: Станіслаў Суднік з Ліды, Ігар Пракаповіч з Паставаў, Алесь Аркуш з Наваполацка, Аляксандр Камінскі з Крэва, смаргонскі настаўнік Уладзімір Прыхач, няўрымслівы Кастусь Шыталь з Глыбокага, апантаная Тэрэса Бітэль з Вішнева і многія, многія іншыя. Бо недарэмна ж у Бібліі сказана, што па працы вашай пазнаюць вас. Хоць гэта, мусіць, і не вельмі прыгожа, але заўсёды захапляюся і тваёй працай, дарагі мой дружа.

- Хто будзе працягваць даследаваць былую Заходнюю Беларусь і яе літаратуру? Там жа працы - нямерана…

- Цяпер наконт заходнебеларускай тэматыкі. Так, тэма гэтая неабсяжная, і працы на ёй хопіць не аднаму пакаленню. Адзінае толькі, браток, што працаваць нам з табой на гэтым полі прасцей, бо мы засталі яшчэ той добраславёны час, калі жылі яшчэ людзі, якія з'яўляліся ўвасабленнем сумленнасці і прынцыповасці. Яны не раскідваліся налева і направа такімі словамі, як любоў да Радзімы, да мовы, абавязак перад памяццю продкаў. Як успомню тыя бясконцыя паездкі ў Вільню, сустрэчы з прадстаўнікамі нізавога заходнебеларускага актыву ў нашых вёсках і мястэчках, то так зашчыміць сэрца, так стане сумна і балюча ад немагчымасці ўсё ранейшае паўтарыць у цяперашнім жыцці. Ды і не трэба забывацца, што і мы з табой родам з гэтых святых заходнебеларускіх ваколіцаў. Таму, напэўна, і любоў у нас да таго перыяду сапраўдная, шчырая, не пазбаўленая прызнакаў сентыментальнасці і настальгіі.

А цяперашнія маладыя - гэта ўжо нешта іншае, пакаленне, якое голым энтузіаязмам не купіш: ім падавай і ганарары, і гранты, і шмат чаго іншага. Таму цалкам згаджаючыся з тваёй думкай, што працы на заходнебеларускім полі безліч, павінен з сумам канстатаваць, што поле вялікае, а сейбітаў на ім сапраўдных (асабліва маладых ) - мала.

- А хто будзе шырока і грунтоўна даследаваць літаратуру Усходняй Беларусі ХХ стагоддзя? Там таксама працы шмат.

- Тое самае можна сказаць і пра ўсходнебеларускую, альбо, інакш кажучы, БССР-аўскую дзялянку. Праўда, адразу трэба згадаць і пра зусім не лепшую сітуацыю з вывучэннем нашай векавой прысутнасці і ў міжваеннай Латвіі, Летуве, Чэхаславакіі, ЗША. А там жа таксама колькі тэмаў - не раскрытых, не распрацаваных, занядбаных.

Літаральна на днях прачытаў надзвычай цікавы артыкул Міколы Труса, яшчэ аднаго рупліўца на не вельмі ўраджайным беларускім культурным палетку, які быў надрукаваны ў газеце "Літаратура і мастацтва" за 13 жніўня 2021 года, у якім даследчык распавядае пра паэта нашаніўскай пары Альфонса Петрашкевіча, вядомага па псеўданіму Філафей Калінка. Трэба сказаць, што прачытаў я той матэрыял з цікавасцю, паўглядаўся ў аблічча паэта, якога ўпершыню ўбачыў на старонках перыядычнага друку. Парадаваўся за аўтара, за ягоныя відавочныя поспехі ў згаданых тэмах, а потым набраў нумар мабільнага тэлефона і пазваніў. Выказаў яму словы падзякі і сваё захапленне яго публікацыяй. Колькі хвілін паразмаўлялі, і тут ён кажа: "І ўвогуле, такое запушчанае сённяшняе наша літаратуразнаўства і на такім нізкім прафесійным узроўні, што можна проста дзіву давацца!"

Ну і як тут не згадзіцца! Займаюцца тыя нашы навукоўцы нейкімі дробнымі прамежкавымі тэмамі, а хто будзе збіраць пад адну вокладку, а потым выдаваць кнігі таго ж Альфонса Петрашкевіча, Андрэя Зязюлі (Аляксандра Астрамовіча ). А колькі, Сяргей, намі перагаворана, што да гэтага часу так і не выдадзены асобным выданнем творы Лявона Случчаніна-Шпакоўскага, пісьменніка высокай паэтычнай культуры, жанравай і тэматычнай разнастайнасці. А калі ўрэшце дойдзе чарга да паэта, празаіка, публіцыста, навукоўца Хведара Ільяшэвіча, пісьменніка, творы якога можна смела ставіць поруч з творамі Максіма Танка. Гаворым, збіраемся, а "воз и нынче там", як гавораць нашы ўсходнія суседзі. Вось тут і гавары пра будучыню, пра наступнікаў. Ды калі нешта і падрыхтуем, а потым, падціснуўшы жывот, выдадзім, то ці шмат водгукаў прачытаем у рэспубліканскай прэсе. Памятаю, аднаго разу адшукаў дзённік кс. Адама Станкевіча "Каляндарныя нататкі", а потым надрукаваў яго ў "Куфэрку Віленшчыны", і што ты думаеш, шмат гісторыкаў і літаратуразнаўцаў адгукнулася на тую публікацыю? Пастараюся аблегчыць твае старанні - толькі адзін. Толькі гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч сказаў колькі добрых і, самае галоўнае, справядлівых слоў. І ўсё. Тое самае адбылося і з публікацыяй дзённіка Сяргея Сахарава. Але і тут яшчэ лепш - ніводзін навуковец-прафесіянал не адгукнуўся. Такое іншы раз складваецца ўражанне, што яны нікога і нічога, акрамя сябе любімых, не чытаюць. А што ты, можаш пахваліцца колькасцю і якасцю напісанага пра тваю тытанічную працу? І я разумею ў прынцыпе чаму: бо ні я, ні ты не ўпісваемся ў так званую абойму, у своеасаблівую тусоўку выбраных, а гэта значыць, што мы на гэтым полі не зусім свае. І таму, калі такая сітуацыя захаваецца, то гаварыць аб радаснай і шчаслівай будучыні не прыходзіцца.

- Жылі на Беларусі вялікія нашы даследчыкі літаратуры, такія як Сцяпан Аляксандровіч, Арсень Ліс, Янка Саламевіч, Уладзімір Калеснік, Генадзь Каханоўскі і іншыя. Гэта нашы настаўнікі. Мы ў іх вучыліся шукаць і даслеваць, збіраць і публікаваць. Але не толькі нам, а ўсім творчым людзям іх дзейнасць і творчасць трэба ўшаноўваць, выдаваць у некалькіх тамах. Ставіць ім помнікі, адкрываць мемарыяльныя шыльды. Хто гэта будзе рабіць? І ці зробіцца яно калі-небудзь? Як ты думаеш?

- Гэтых людзей, даследчыкаў і асоб ад Бога, я згадваю вельмі часта. Што магу, то стараюся рабіць для ўшанавання іхняй памяці, але не ўсё, на вялікі жаль, залежыць ад мяне. Насустрач нашым жаданням павінны ісці іх родныя, блізкія. А тут не заўсёды наша жаданае супадзе з іхнім хаценнем. А выдаваць у іх шмат што б назбіралася. Узяць усё таго ж Арсеня Ліса. Колькі ў яго найцікавейшага ліставання захоўваецца, ды і не выйшлі асобнымі кнігамі некаторыя яго працы, у прыватнасці, так і не пабачылі свету асобным выданнем яго надзвычай каларытныя, вобразныя мемуары, якія ён надрукаваў у газеце "Новы час". Альбо калі ўжо ўрэшце рэшт з'явіцца на паліцах кнігарняў усімі вельмі чаканы "Слоўнік псеўданімаў і крыптанімаў" Янкі Саламевіча, над якім ён так рупліва працаваў у апошнія гады жыцця? А што можна сказаць пра ўспаміны і пра неапублікаваныя працы незабыўнага Генадзя Каханоўскага, яшчэ аднаго няўрымслівага сейбіта з тых легендарных 60-80-х гадоў мінулага стагоддзя. А колькі чаго, напэўна, цікавага ляжыць у архіве Уладзіміра Калесніка?

- А колькі ў нас забытых літаратараў, мастакоў, кампазітараў, фалькларыстаў. І іх мы не павінны забываць? Асабліва тых, хто некалі прыгожа афармляў беларускія кнігі.

- Што датычыцца неапраўдана і незаслужана забытых, то тут увогуле тэма для асобнай гаворкі. І што самае важнае ў гэтай сітуацыі, дык гэта тое, што мы не павінны забывацца не толькі пра знакавых, адметных творцаў, але і тых, хто выдаў адну альбо некалькі кніг. Бо калі гэта ад мяне б залежала, то я б вярнуў у кантэкст роднай культуры ўсіх, хто шчыра і аддана працаваў на беларускай культурнай ніве. Усіх, хто пісаў па-беларуску і жыў для Беларусі, і ў каго ёсць відавочныя прызнакі таленту. Бо як падумаю іншы раз, то толькі роспач бярэ ад таго, што нічога па сутнасці новага не сказана пра адметных беларускіх кніжных графікаў мінулага, такіх як Валяр'ян Дваракоўскі, Генадзь Змудзінскі, Павел Гуткоўскі, Янка Кашкель, заходнебеларускі мастак Мікола Васілеўскі. А колькі ўвогуле існуе дагэтуль не расшыфраваных вокладкаў кніг, часопісаў, як заходнебеларускага, так і БССР-аўскага перыяду. А хто калі згадае і выдасць брашуры, а то і кнігі пра кампазітараў Алеся Спаскага, Рыгора Самохіна, якія так таленавіта пачыналі і так трагічна закончылі свой жыццёвы шлях? Бо, наколькі мне вядома, акрамя тваіх ранейшых публікацыяў у перыёдыцы, я нічога новага яшчэ не чытаў пра іх жыццё і творчасць.

- Сёння ў рэгіёнах Беларусі пражывае шмат здольных і цікавых людзей, якія займаюцца краязнаўствам. Мы нават пра ўсіх і не ведаем. Яны шмат робяць, але іх даследванні ляжаць гадамі ў шуфлядках. Краязнаўцы не могуць выдаць свае кнігі, даследванні, бо на выданні няма фінансаў. І калі іх не выдаваць - усё можа загінуць. Ці ёсць, на тваю думку, якое-небудзь выйсце з гэтага становішча?

- На гэта тваё пытанне знайсці дакладнага і ўцямнага адказу я даць не магу. Хіба толькі параіць рабіць так, як робім мы з табой якое ўжо дзесяцігоддзе. А менавіта: збіраць грошы на выданне самому, шукаць і далучаць да справы заможных мецэнатаў і фундатараў. Бо чакаць, калі раптам з'явіцца цікавасць да тваіх праектаў у нейкім выдавецтве, я думаю, дарэмная справа. Можна ўсё жыццё прачакаць, а потым здарыцца непапраўнае: у адзін цудоўны момант нейкія чужыя людзі, а магчыма, адпаведна выхаваныя, і свае родныя палічаць, што ўсе гэтыя паперы, якія валяюцца без усякай мэты, перашкаджаюць іх шчасліваму жыццю і спаляць іх як непатрэбшчыну. А колькі падобнага давялося сустрэць і мне на маім жыццёвым вяку. Памятаю, аднойчы, прыехаў да роднай пляменніцы Тамаша Грыба: жанчына мілая, сардэчная, тыповая заходнебеларуская працаўніца. Распытваю пра дзядзьку, дайшла чарга да ягоных папер, а яна і кажа: "А маё ж ты дзіцятка, чаму ж ты раней не прыехаў, бо колькі тыдняў назад дзеці мае надумалі рабіць рамонт, дык знялі з гарышча куфар з дзядзькавымі паперамі і ўсё спалілі на панадворку".

- Гэта сумна. І ў мяне падобныя выпадкі былі неаднойчы. Таму што трэба зрабіць, каб шырэй наладзіць гістарычна-краязнаўчыя выданні па ўсёй Беларусі, не толькі на роднай мове, але і на польскай, англійскай, нямецкай мовах?

- Цяжка адказаць і на гэтае пытанне адназначна. Але думаю, што тут сваю лепту павінна ўнесці дзяржава, бо ў гэтай справе толькі на голым энтузіязме далёка не паедзеш. А для ажыццяўлення задуманага павінны быць сродкі, і сродкі, як ты разумееш, не малыя. Бо трэба заплаціць і аўтару, і перакладчыку (а найперш трэба знайці такога перакладчыка, які аднолькава бездакорна валодаў бы і мовай арыгіналу, і роднай мовай). Хоць сама па сабе ідэя твая вельмі добрая, але…Што стаіць за гэтым "але", ты і сам добра разумееш.

- Чым жыве і што робіць сёння Маладзечаншчына літаратурная, гістарычна-краязнаўчая і культуралагічная ў цэлым?

- Баюся, што і на гэтае пытанне не знайду аптымістычнага адказу. Каб яно, тое культурнае жыццё існавала, трэба і кнігі разумныя чытаць, і душы заснуць не даваць. А тут ізноў больш пытанняў, чым гатовых адказаў. Я як успомню цяпер культурнае мінулае роднага горада, то яно не ідзе ні ў якое параўнанне з цяперашнім. Мала хто піша, ды і чытае не больш, мала ў каго з'яўляецца жаданне напісаць ці намаляваць штосьці сваё, цікавае і арыгінальнае, прысвечанае Маладзечну і раёну. Па сутнасці ледзьве дыхае на ладан літаратурнае аб'яднанне "Купалінка", што працуе якое ўжо дзесяцігоддзе пры "Маладзечанскай газеце". Мала з'яўляецца новых аўтараў, творчасць якіх усяляе пэўную надзею. Тут я магу згадаць, хіба што са старэйшых Аляксандра Хазяніна, які выдаў нядаўна зборнік новай гістарычна-краязнаўчай і літаратурнай публіцыстыкі, ды таленавітую Тамару Бярэзіну. Час ад часу нагадваюць пра сябе Тамара Бунта ды Людка Сільнова, былыя маладачанкі. Зусім, чамусьці, змоўкла Лідзія Гардынец, самабытная паэтка і цікавы краязнаўчы пісьменнік. З маладзейшых, за творчасцю якіх я ўважліва сачу, я б згадаў Уладзіміра Садоўскага, Насцю Нарэйку, Марыю Бельскую…

- Нядаўна ты парадаваў чытачоў і ўсіх беларусаў, хто цікавіцца нашай культурай, двухтомнікам "Пад сузор'ем веры і надзеі". Гэта кнігі твайго жыцця ці гэта была даўняя задумка - выдаць свае працы ў дзвюх кнігах?

- Дзякуй за добрыя словы, але згадзіцца з тваёй думкай, што я парадаваў чытачоў з'яўленнем двухтомніка "Пад сузор'ем веры і надзеі", было б відавочнай няпраўдай. Бо як можна парадаваць чытачоў кнігай, якая выйшла накладам у 60 асобнікаў, я, шчыра кажучы, добра не ведаю. Ну, хіба некалькі дзесяткаў чалавек з майго бліжэйшага акружэння і ведае пра яе існаванне і па-рознаму адносіцца да яе з'яўлення. Хоць асабіста я ёю ганаруся, бо я ў ёй сказаў усё тое, аб чым даўно марыў сказаць. На тваё пытанне, што гэта - "кнігі твайго жыцця ці гэта была даўняя задумка" - адказаць адназначна таксама не атрымаецца. Напэўна, гэта своеасаблівы сімбіёз, які з'явіўся ў патрэбны час і ў патрэбны момант жыцця.

- Якіх, на тваю думку, папяровых выданняў сёння не хапае ў Беларусі? Ці час іх ужо скончыўся?

- Як ты цудоўна ведаеш, бо хто, калі не ты, я кніжнік і бібліяфіл да мозгу касцей, і мне папяровыя выданні нічым не заменіш. Бо для мяне кнігі, часопісы былі, ёсць і будуць не толькі крыніцай інфармацыі, але і творам мастацтва. Я ў кнізе люблю ўсё: і змест, і шрыфт, і форму, і франтыспіс, і тытул, і віньеткі з застаўкамі. Таму я заўсёды быў, ёсць і буду за папяровыя выданні. А на тваё пытанне, якіх нам не хапае выданняў, магу адказаць вельмі коратка - добрых! Таму на сённяшні дзень, як гэта ні гучыць парадаксальна, у мяне няма ў Беларусі любімага выдання. З ранейшых - настальгічна ўспамінаю дубаўцову "Нашу Ніву", часопіс "Спадчына", "Беларускую мінуўшчыну", старыя "Мастацтва Беларусі" і "Літаратуру і мастацтва", нашу з табой любімую газету "Голас Радзімы", беластоцкую беларускую "Ніву". А яшчэ для мяне не хапае часопіса "Тэатральная Беларусь" ці чагосьці падобнага ў такім плане. Вельмі шкадую, што не маю магчымасці выдаваць "Куфэрак Віленшчыны", маё самае любімае і дарагое дзіця. Таму ні ў якім разе не схіляюся да думкі, што век папяровых выданняў скончыўся, а, наадварот, часта думаю, якое б чытэльнае выданне маглі б выдаваць мы з табой, калі б былі сродкі і магчымасці. Што датычыцца цяперашніх выданняў, то ніводнае з іх па-сапраўднаму не люблю і не шаную. А за што іх шанаваць: за тую слоўную буфанаду, што пануе на іх старонках, за бульварны змест, хоць і падмацаваны сумнеўнымі гістарычнымі фактамі, за гульню ў літаратуру, за шэрасць і нудоту?

- Я б, Міхась, дадаў бы, што сёння ў Беларусі патрэбны часопіс для калекцыянераў. Ва ўсіх краінах ёсць, а ў нас няма. А калекцыянераў у Беларусі шмат. На тваю ўласную думку, што чакае нашу Беларусь праз 20-30 гадоў? Найперш нашу літаратуру, культуру, навуку?

- Ніколі не быў астролагам, таму і не люблю гуляць у прадказанні, але думаю, што ў бліжэйшай перспектыве нас чакаюць не лепшыя часы (хоць, бачыць Бог, як бы я хацеў памыляцца). Толькі вельмі хачу, і нават лічу гэта сэнсам свайго жыцця, каб Беларусь была і тады, калі мяне ўжо не будзе на гэтым свеце. Але для гэтага трэба працаваць і працаваць, хоць бы так, дарагі мой дружа, як мы з табой працуем на працягу ўсяго нашага свядомага жыцця: сумленна і мэтанакіравана. І тады, я думаю, што нашы мары і спадзяванні калісьці стануць рэальнасцю!

Гутарыў Сяргей ЧЫГРЫН.

Аўтар гістарычных аповесцяў і вострасюжэтных раманаў працягвае літаратурную дзейнасць

19 лістапада спаўняецца 85 гадоў публіцысту, гістарычнаму пісьменніку, эсэісту Эрнесту Васільевічу Ялугіну, рэдактару газеты "Наша слова" ў 1991-97 гадах. Чытацкую ўвагу пісьменнік прыцягнуў ад пачатку сваёй першай кнігай - аповесцю для школьнікаў "Камяні Млечнага шляху", агульны тыраж якой складаў больш за 300 тысяча асобнікаў.

Другая па ліку яго кніга "Мсціслаўцаў посах" стала сапраўдным бестсэлерам. Мела водгук у чытачоў у перыяд "перабудовы" аповесць пра лёс Змітра Жылуновіча - "Без эпітафіі". Кнігі Эрнеста Ялугіна выходзілі накладам у 100.000 асобнікаў і больш. Яго пяру належыць шэраг твораў розных жанраў: эсэ "Салёная планета", " Убачыць Мсціслаўца", "Нарманскі след", "Рой чалавечы", зборнік драматургіі - "А потым рай".

Раннія падарожныя нататкі Эрнеста Ялугіна былі блізкія па стылі апавяданням М. Прышвіна, К. Паўстоўскага, У. Караткевіча. Ён вывучаў грані буквіц, надрукаваных Пятром Мсціслаўцам, які разам з Іванам Фёдаравым друкаваў "Апостал" у 1595 годзе.

Пісьменнік крочыў шляхамі У. Караткевіча, апісваючы ў эсэ "Ля жывой вады" гісторыю Мсціслава, які быў калісьці магутным удзельным княствам, і людзей Мсціслаўшчыны, пісаў пра Пустынкі з іх крынічнай святой вадой. У 1958 годзе Э. Ялугін далучыўся да дзейнасці Саюза журналістаў, а ў 1972 годзе стаў сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Эрнест Ялугін - аўтар нарысаў пра дзеячаў беларускай літаратуры і навукоўцаў: В. Быкава, А. Міронава, А. Мальдзіса, М. Улашчыка і іншых.

Яго гістарычны раман "Перад патопам" перагукаўся з творамі польскіх класікаў, Нобелеўскіх лаўрэатаў у галіне літаратуры - Генрыка Сянкевіча і Уладыслава Рэйманта. А раман "Алжырская пастка" быў прысвечаны сучасным рэаліям і меў вострасю-жэтны, дэтэктыўны характар. Ніл Гілевіч высока ацаніў яго.

Па словах акадэміка Радзіма Гарэцкага, Эрнест Ялугін "далучыўся да кагорты нацыянальных літаратараў, якая стала прыцягальнай для беларускага чытача, ён прапаноўваў не проста "цікавае чытво", а прымушаў задумвацца пра гісторыю Беларусі, мінулае, сучаны стан і будучыню нацыі".

І зараз Эрнест Васільевіч Ялугін, знаходзячыся дома, працягвае літаратурную працу. Мы скантактаваліся па тэлефоне з юбілярам і павіншавалі яго.

- Сам дзіўлюся, як я пражыў такое доўгае і бурлівае жыццё! А пачыналася яно з ваеннага дзяцінства. Я нарадзіўся пад Дуброўнай на станцыі Асінаўка ў 1936 годзе. У час вайны маці ўдалося перавезці нас, траіх дзяцей, у Крычаў, бацька ў той час знаходзіўся на фронце, ваяваў у артылерыі. Немцы на маіх вачах пакалечылі матулю, калі яна не хацела ачышчаць чыгуначныя рэйкі ад снегу. І сам я атрымаў удар па вуху ад паліцая...

Працаваць у Крычаўскай раённай газеце я пачаў адразу пасля дзясятага класа, у 1954 годзе, і ў мяне хутка з'явілася журналісцкая цяга і хватка. Адначасова я быў рэдактарам радыёвяшчання і ўдзельнічаў у працы мясцовага літаратурнага аб'яднання. З 1957 па 1960 год я працаваў адказным сакратаром Мсціслаўскай раённай газеты. Як раз у гэты перыяд я зацікавіўся дзейнасцю Пятра Мсціслаўца і збіраў матэрыял для кнігі пра яго.

Дзякуючы выхаду аповесці "Мсціслаўцаў посах" вялікім накладам у мясцовай грамадскасці абудзілася вялікая цікавасць да постаці друкара і асветніка, і ў горадзе быў пастаўлены першы помнік яму. Шмат часу я прысвяціў раманам "Ідзі і кажы", "Перад патопам".

Апошні год я працаваў над аповесцю "Перайсці Іардан", у ягой разважаў на тэкстамі Старога Запавету. Калі я жыў у Мсціславе і вывучаў дзейнасць Пятра Мсціслаўца, то звяртаўся да Бібліі, і зараз паглыбляюся зноў у гэтую тэму.

Гутарыла Э. Дзвінская.

Валянціна Аксак: "Тварыць гармонію з хаосу"

Беларускае літаратурнае жыццё не перапыняецца. Новыя абставіны забаронаў, карантынаў, абмежаванняў, ізаляванасці мо яшчэ і спрыяюць таму. Раз-пораз чуеш абвесткі пра з'яўленне ці прэзентацыю новай беларускай кнігі. Месяц-паўтара таму прыхільнікі творчасці Валянціны Аксак даведаліся пра выданне яе дзявятага зборніка "Трэці Эдэм." Мо і не варта распытваць паэтаў: яны ж у вершах усё выказалі, ды ўсё ж наважыліся задаць зямлячцы, ураджэнцы нясвіжскіх Смалічоў колькі пытанняў.

- Кажу і не сумняваюся, што паэзія - гэта стыль Вашай паўсядзённасці, вобраз Вашага жыцця. Гэта лёгка ці цяжка, камфортна ці не? Як жывецца з паэтычнай творчасцю?

- Жыву, як жывецца. А каб зразумець, ці лёгка гэта, ці цяжка, трэба пажыць і неяк не так, бо, як вядома, усё пазнаецца ў параўнанні. Ну, а паколькі іншага зямнога жыцця нам не дадзена, то застаецца прыняць тое, якое наканавана. І лішне не пераймацца цьвяльбою пра лёгкае-цяжкае, камфортнае-прыкрае. Тое, з чым Бог паслаў нас у гэты свет, немагчыма перайначыць, і кожны мусіць прайсці свае святліні і цянёты.

- Калі ў Вас быў усяго першы зборнік "Цвінтар", мы сустрэліся ў Вашых Смалічах. Жылі яшчэ бацькі. Вы прыехалі вясной ім сёе-тое дапамагчы, пацешыць унукамі. На пытанне школьнікаў - адкуль бяруцца вершы - адказалі: "З грады". Які сёння адказ на тое ж пытанне?

- Ну, Вы ж заспелі мяне тады ў градах, то я і сказала так жартам. Але калі сур'ёзна, то я і сёння не ведаю адказу на гэтае пытанне. Кожнае новае трымценне гукаў недзе ў глыбінях непадуладнае вонкавым абставінам. Яно здараецца незалежна ад месца і часу, фізічных высілкаў ці разумовай напругі. І я сама не ў змозе пакіраваць гэтаю стыхіяй.

- Гэта самая распусная кніга, - скажа каторы чытач. І слушна. А іншы запярэчыць, што самая цнатлівая. Межы раю і пекла рухомыя, і яны пралягаюць праз усе дзевяноста вершаў дзявятай кнігі Валянціны Аксак. "У яе "Трэцім Эдэме" гібее разбэшчанасць першага, сохне пыхлівасць другога, набухаюць бутоны ўсёдаравальнага новага", - пададзена ў анатацыі да Вашага апошняга зборніка. Ці можаце што дадаць да гэтага наведвальніку кнігарні, які запыніўся ля паліцы і раздумвае: купіць - не купіць? Выпадковаму чытачу што скажаце пра дзявяты зборнік?

- Думаю, што ў аддзелах кнігарняў, дзе прадаюцца паэтычныя кнігі, не бывае ці амаль не бывае выпадковых пакупнікоў маіх кніг. Пасля выхаду маіх першых - "Цвінтара" і "Капліцы" - я атрымлівала лісты ад невядомых чытачоў не толькі з розных месцаў Беларусі, а нават з далёкае Сібіры і яшчэ далейшае Амерыкі. Цяпер чуецца чытацкае рэха пераважна ад тых, каму маё імя ўжо знаёмае. Маю сціплы спадзеў, што яны заўважылі адметнасць "Трэцяга Эдэму" ад усіх маіх папярэдніх кніг.

- Скажу ад сябе: мне вельмі імпануе гераіня менавіта гэтага зборніка. Амаль з кожнага верша бяру-прымяраю яе параду, як жыць, якой быць…

- Не маю права нікому нічога раіць. Кожны чалавек - непаўторны, і ў кожнага свой кон, свой шлях. Сама сабе даю штодзённы наказ слухаць заданне Неба.

- Мо падтрымаеце мяне ў думцы: "Валянціна Аксак - паэтка … і грамадзянскага гучання. Яе лісцік кляновы "трымціць на паўночным паўшар'і" як закладачка між старонак ад першага да апошняга зборніка. Для такой высновы мне дастаткова сярод 89 аднаго невялічкага верша.

- "Тут, у абрысах кляновага лісціка, магілы бацькоў нас трымаюць мацней за жалезныя засаўкі чужынскай улады". Сапраўды, гэты вобраз радзімы не адпускае мяне і паўтараецца ў розных інтэрпрэтацыях у некалькіх маіх кнігах. Але я не прымаю падзелу паэзіі на так бы мовіць грамадзянскую і нейкую яшчэ. Рыфмаваныя плакатныя лозунгі і барыкадныя клічы ў маім успрыняцці - гэта ўсё ж публіцыстыка. Не мой жанр.

- Так, не Ваш. Але "тварыць гармонію з хаосу, " як выказаліся Вы ў адной з гутарак, - гэта справа сусветнага маштабу. Ваша грамадзянскасць - без патэтыкі і пафасу, без лозунгаў і клічнікаў. Беларусам і беларускам паболей бы якасцяў мудрай, годнай, разважлівай і рашучай Ліліт, якая змагла супрацьстаяць ганьбе, адважылася перайначыць лёс, каб ствараць райскі сад для самой сябе. Мо гэта толькі жаночае, прыватна асабістае, але чаму б не прыняць гэта кожнаму. Усё ж "…сотню гадоў да сябе мы не рушым".

Тут жа адзначу і Ваш грамадскі чын дзеля роднай мовы, у якую Вы вяртаеце напаўзабытыя ці зусім забытыя даўнія словы, а таксама ўзбагачаеце густоўнымі новатворамі, вельмі натуральнымі для яе па гучанні і будове. Праўда, як падаецца мне з папярэдніх Вашых адказаў, гэта падсвядомае дзеянне, якое адбываецца само сабой. Ці так?

- Усё, што звязана з маёй гукаслоўнай творчасцю, не падуладнае маім нейкім планам ці мэтам. Яно ідзе з душэўных запатрабаванняў, а як яны ўзнікаюць, я не ведаю.

- Ці ёсць у Вас асабліва дарагі, любімы ці памятны зборнік? Ці ўсе любімыя і дарагія, як дзеці для бацькоў? Ці, як тое бывае ў творчых людзей, такім ёсць апошні плён, дзе самыя свежыя пачуцці і думкі?

- Кожны новы дарагі і любімы і здаецца самым лепшым, пакуль з ім жыву сам-насам. А як толькі бяру ў рукі ўжо надрукаваны, і гэткім чынам адлучаны ад аўтарскай інтымнасці, адразу бачу ўсе ягоныя хібы. І накрывае расчараванне. Яно гусцее, калі праходзіць месяц, другі, год, а чытачы і крытыкі маўчаць. Гэта, як навальнічная хмара, якая знянацку насцігае ў полі, і ты бездапаможны. Ці калі адзін стаіш у лесе і гукаеш, а рэха няма. Цяпер магу з удзячнасцю ўзгадаць вельмі цёплы чытацкі прыём маёй першае кнігі "Цвінтар", што дало неверагодную ўнутраную веру ў сябе і нарадзіла праз два гады "Капліцу". Крытыкі ў рэцэнзіях асцярожна намякнулі, што другая кніга паўтарае першую. Гэта было балюча, але карысна. Праз пяць гадоў выйшаў "Антычны дождж", які меў вельмі шырокі ўхвальны рэзананс. Чаго не магу сказаць пра "Віно з Каліфорніі" і "Ружоўніцу". Нейкія водгукі былі, але я адчувала, што і ў ва мне перастае гучаць ранейшая музыка словаў. Дзевяць гадоў было так, як быццам мову заняло. А потым неяк нешта ціха затрымцела, і адзін за адным нарадзіліся гэтыя позьнія дзеці - "Дзікая сліва", "Завінены рай", "Кава ў арліным гняздзе" і цяпер вось "Трэці Эдэм".

- Ці вымалёўваецца-фармулюецца ідэя дзясятага зборніка? Асабіста мне "Трэцяга Эдэма" хопіць яшчэ на месяцы тры-чатыры, а пасля як апантаны аматар-калекцыянер пачну жыць чаканнем новага.

- Ну Вы ж ведаеце прымаўку пра тое, што калі хочаш насмяшыць Бога, то раскажы яму пра свае планы.

- Будзем верыць, што Божыя планы і надалей павядуць Вас па ледзь бачнай сцяжынцы, што завецца паэзіяй. Ад чытачоў "Нашага слова", ад землякоў шчырыя зычэнні поспеху.

Наталля Плакса, Станіслава Вальчык. Нясвіж.

Урок у медкаледжы, прысвечаны беларускім скарбам

Слонімскі літаратар, гісторык і краязнавец Сяргей Чыгрын правёў незвычайны ўрок у Слонімскім медыцынскім каледжы. Ён быў прысвечаны лёсу старадаўніх музейных і бібліятэчных збораў, а таксама ўкрадзеных скарбаў з Беларусі. Навучэнцы і выкладчыкі з вялікай цікавасцю слухалі выступоўцу, які цікава распавядаў пра зніклых у мінулых стагоддзях 12 залатых апосталаў Радзівілаў з Нясвіжскага замка, пра Крыж Еўфрасінні Полацкай, які бясследна прапаў падчас Другой сусветнай вайны з Магілёўскага абласнога музея. Зніклі таксама нясвіжская калекцыя слуцкіх паясоў, выданні Францішка Скарыны, багатая калекцыя зброі і рыцарскіх панцыраў. Спыніўся выступоўца і на слонімскіх скарбах, сярод якіх прапалі шахматная дошка Льва Сапегі, срэбны медаль-манета 138 года да нашай эры з надпісам на старажытна-яўрэйскай мове часоў Сімона Макавея, англійскія гадзіннікі, музычныя інструменты, кнігі, карціны, посуд. Зніклі ў свой час і габелены са слонімскага палаца Агінскага.

- Беларусь, відаць, з'яўляецца адзінай краінай у свеце, дзе нацыянальных культурных скарбаў, матэрыяльных і духоўных, на Радзіме меней, чым за яе межамі, - сказаў Сяргей Чыгрын.

Падчас сустрэчы будучыя медыкі і выкладчыкі задавалі госцю шмат пытанняў, а таксама фатаграфаваліся на памяць.

Святлана Бельская, Слонім. Фота аўтара.

У Пінкавічах адзначылі 31-я ўгодкі музея Якуба Коласа

На Пішчыне шануюць памяць пра Якуба Коласа. У Пінкавічах, што пад Пінскам, адзначылі 31-я ўгодкі стварэння Народнага літаратурна-краязнаўчага музея імя Якуба Коласа. Ва ўстанове налічваецца каля паўтысячы экспанатаў, сярод якіх асабістыя рэчы класіка айчыннай літаратуры, яго вучняў, а таксама прылады з колішняга жыцця палешукоў.

Краязнавец Эдвард Злобін адзначае, што коласаўскі музей для Пінскага рэгіёна стаў знакавым месцам:

- Недзяржаўны музей, але на сваім узроўні для культуры рэгіёна гэта значная ўстанова. У Пінкавічах выдатны музей Якуба Коласа. Тут не шмат экспанатаў, але ўсё зроблена з густам. У Пінкавічах Якуб Колас настаўнічаў з 1904 па 1906 год. Пасля лёс пісьменніка ізноў быў звязаны з Піншчынай - у 1912-1915 гадах ён выкладаў у пінскай вучэльні. Тут ажаніўся, і ў яго нарадзіўся першы сын Даніла. Сям'я Міцкевічаў пакінула Пінск з-за акупацыі горада кайзераўскімі войскамі ў ходзе Першай Сусветнай вайны.

Паводле СМІ.

Вярхоўны суд пастанавіў ліквідаваць ГА БНФ "Адраджэньне"

Суд па справе аб ліквідацыі адбыўся 10 лістапада на падставе пазову Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадскага аб'яднання "БНФ "Адраджэньне"". Партыя БНФ, якая існуе паралельна з грамадскім аб'яднаннем "БНФ "Адраджэньне", па-ранейшаму захоўвае афіцыйную рэгістрацыю.

Пра рашэнне суда стала вядома 12 лістапада, пра гэта паведаміў намеснік старшыні грамадскага аб'яднання БНФ "Адраджэньне" Юрась Меляшкевіч.

Падставай для ліквідацыі аднаго са старэйшых грамадскіх аб'яднанняў краіны чыноўнікі палічылі непадачу дакументаў, якіх чыноўнікі міністэрства юстыцыі запатрабавалі ад арганізацыі. Пры гэтым офіс у Менску апячатаны ад 14 ліпеня, калі па краіне пракацілася хваля ператрусаў у грамадскіх арганізацыях.

Падчас ператрусу ў сядзібе БНФ на вуліцы Чарнышэўскага ў адсутнасць прадстаўнікоў арганізацыі Следчы камітэт забраў бухгалтарскія і іншыя дакументы, а сам офіс апячатаў.

На звароты аб'яднання аб неабходнасці разблакаваць доступ у памяшканне дзеля таго, каб выканаць патрабаванні Міністэрства юстыцыі, следчыя структуры адказалі адмоўна.

Раней разгляд справы аб ліквідацыі БНФ прыпынілі на падставе таго, што арганізацыя абскардзіла ў Вярхоўным судзе пісьмовыя папярэджанні. Аднак па выніках кастрычніцкага разгляду гэтых скаргаў суд пастанавіў пакінуць пісьмовыя папярэджанні ў сіле.

Некалькі фактаў пра БНФ "Адраджэньне"

1. Беларускі Народны Фронт "Адраджэньне" быў першай альтэрнатывай камуністычнай партыі ў Беларусі

Напачатку БНФ быў аб'яднаннем нефармальных культурніцкіх суполак, арганізацый і грамадзян, якія выступалі найперш за адраджэнне беларускай мовы і культуры.

Аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту быў утвораны 19 кастрычніка 1988 года на сходзе беларускага гістарычна-асветнага таварыства памяці ахвяраў сталінізму "Мартыралог Беларусі". Сход праходзіў у Чырвоным касцёле (тады - Дом кіно). У стварэнні БНФ удзельнічалі Віктар Івашкевіч, Вінцук Вячорка, Лявон Баршчэўскі, Алесь Бяляцкі, Васіль Быкаў, Міхась Ткачоў, Міхась Чарняўскі, Сяргей Дубавец, Алесь Адамовіч, Алег Трусаў і іншыя. Першапачаткова арганізацыя называлася "Беларускі народны фронт за перабудову "Адраджэньне"".

2. Першай масавай акцыяй, арганізаванай БНФ, стаў жорстка разагнаны міліцыяй мітынг "Дзяды" ва ўрочышчы Курапаты. Гэта адбылося 30 кастрычніка 1988 года. Агаламошаная масавасцю акцыі, улада вывела на вуліцы вадамёты, супраць удзельнікаў прымянілі слезацечны газ, людзей выхоплівалі з натоўпу і кідалі ў міліцэйскія ўазікі.

3. 19 лютага 1989 года на стадыёне "Дынама" адбыўся першы ў Беларусі апазіцыйны "мітынг у падтрымку перабудовы", дазволены ўладамі. Мітынг быў арганізаваны аргкамітэтам БНФ і Канфедэрацыяй беларускіх суполак (каля 100 моладзевых нацыянальна-дэмакратычных арганізацый, у тым ліку "Талака", "Тутэйшыя"), і сабраў каля 40 000 чалавек пад бел-чырвона-белымі сцягамі. На ім выступілі Сяржук Сокалаў-Воюш, Зянон Пазьняк, Віктар Івашкевіч, Сяржук Вітушка, Вячаслаў Жыбуль. На мітынгу прынялі рэзалюцыю, якая патрабавала скасаваць замацаваную ў Канстытуцыі кіроўную ролю кампартыі.

4. Устаноўчы з'езд БНФ, на якім прысутнічала каля 400 дэлегатаў, адбыўся 24-25 чэрвеня 1989 года ў Вільні, бо правесці яго ў Менску не дазволіў Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета БССР.

З'езд абраў Сойм, ухваліў Статут, праграму і пастановы аб кірунках і спосабах дзейнасці: "Аб палітычным плюралізме", "Аб беларускай нацыянальнай сімволіцы", "Аб дзяржаўнасці беларускай мовы", "Аб пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы" і "Аб праекце Канстытуцыі БССР".

На пасаду старшыні Сойму БНФ абсалютнай бальшынёй галасоў быў абраны Зянон Пазьняк. Яго намеснікамі сталі Юрась Хадыка і Міхась Ткачоў.

5. БНФ актыўна ўдзельнічаў у выбарах народных дэпутатаў БССР у сакавіку - красавіку 1990 года.

Дэпутатамі Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання былі абраны сябры БНФ Зянон Пазьняк, Лявон Баршчэўскі, Ігар Гермянчук, Сяргей Навумчык, Валянцін Голубеў, Алег Трусаў і іншыя (усяго 26 дэпутатаў з 360). У Вярхоўным Савеце БССР утварылася фракцыя БНФ.

У чэрвені 1990 г. дэпутаты БНФ прапанавалі праект Дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі. 27 ліпеня Вярхоўны Савет прыняў Дэкларацыю аб суверэнітэце, а 25 жніўня 1991 года надаў ёй статус канстытуцыйнага закона.

У 1992 годзе БНФ спрабаваў арганізаваць рэферэндум аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет. Тады было сабрана больш за патрэбныя 350 тысяч подпісаў, аднак Вярхоўны Савет адмовіўся ад правядзення рэферэндуму.

6. У 1993 годзе Беларускі Народны Фронт пераўтварыўся ў партыю "Беларускі Народны Фронт".

7. У першых прэзідэнціх выбарах 1994 года браў удзел лідар БНФ Зянон Пазьняк. За Зянона Пазьняка ў 1994 годзе было сабрана 230 тысяч галасоў, ён быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты.

На прэзідэнцкіх выбарах Зянон Пазьняк набраў 12% галасоў, заняўшы трэцяе месца, прапусціўшы наперад Аляксандра Лукашэнку і тагачаснага прэм'ера Вячаслава Кебіча.

8. Пасля прэзідэнцкіх выбараў улады абвясцілі БНФ ледзь не галоўным ворагам беларускага народа.

На пачатку 1996 года Народны фронт правёў у Менску некалькі масавых акцый пратэсту, у тым ліку і шматтысячны Чарнобыльскі шлях, якія былі задушаны ўладамі. Лідар БНФ Зянон Пазьняк, апасаючыся арышту, быў вымушаны пакінуць Беларусь і неўзабаве атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

9. У снежні 1999 года на VI з'ездзе адбыўся раскол. Бальшыня дэлегатаў з'езда БНФ аддала галасы за 38-гадовага філолага, аднаго з заснавальнікаў БНФ Вінцука Вячорку. Прыхільнікі Зянона Пазьняка аб'ядналіся ў Кансерватыўна-хрысціянскую партыю і сталі называцца КХП-БНФ.

10. У выніку праведзенага дзяржавай упарадкавання структурнага поля палітычных партый і грамадскіх арганізацый былі аформлены Партыя БНФ і Грамадскае аб'яднанне БНФ "Адраджэньне", як розныя юрыдычныя асобы, але яшчэ аднаго падзелу не адбылося: і партыяй, і грамадскім аб'яднаннем кіравалі адны і тыя ж людзі. Асноўная нагрузка ў палітычнай дзейнасці клалася на партыю. ГА БНФ "Адраджэньне" выконвала дапаможныя функцыі. Улады ў сваёй барацьбе супраць БНФ жорстка блакавалі стварэнне і рэгістрацыю арганізацый Партыі БНФ на месцах. У той жа час у многіх абласцях і раёнах заставаліся зарэгістраваныя арганізацыі Беларускага Народнага Фронту, якія аўтаматычна пачалі лічыцца арганізацыямі ГА БНФ "Адраджэньне". Наяўнасць гэтых зарэгістраваных арганізацый давала магчымасць без збору подпісаў вылучаць прадстаўнікоў БНФ ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі і наглядальнікаў у гэтыя камісіі. Зарэгістраваныя арганізацыі ГА БНФ "Адраджэньне" таксама карысталіся правам падачы заявак на правядзенне розных грамадскіх і культурніцкіх мерапрыемстваў.

11. Па стане на лета 2021 года на ўліку ў БНФ "Адраджэньне" былі 2059 сяброў, аб'яднанне мела 20 зарэгістраваных арганізацыйных структур, у тым ліку Менскую гарадскую арганізацыю і 4 абласныя арганізацыі, 10 раённых і 5 гарадскіх арганізацый і суполак.

Паводле СМІ.

Будучая кіроўная кааліцыя Германіі выказалася пра сітуацыю з мігрантамі

Навіны Германіі

Кааліцыя СДПГ, "зялёных" і СВДП, якая фармуецца ў Германіі пад назвай "святлафор" па партыйных колерах раскрытыкавала палітыку Польшчы, якая разварочвае мігрантаў на мяжы з Беларуссю, піша газета Die Presse.

Неабходна накіраваць два пасланні ў Варшаву, сказала кіраўнік фракцыі "зялёных" у бундэстагу Катрын Герынг-Экардт у інтэрв'ю Die Welt:

- Першае: "Не" нялюдскаму выпіхванню. І другое: "Так" салідарнасці".

У той жа час яна выказалася за ўзмацненне жорсткасці санкцый супраць Беларусі з боку ЕС.

Са свайго боку, прадстаўнік па міграцыйнай палітыцы парламенцкай групы СДПГ у бундэстагу Ларс Касталучы лічыць, што асноўныя правы, уключаючы доступ да прытулку, павінны заўсёды выконвацца на вонкавых межах Еўропы. Пры гэтым Еўрапейскае агенцтва па ахове меж Frontex павінна атрымаць неадкладны доступ да польскай памежнай зоны і забяспечыць абарону фундаментальных правоў для ўсіх, хто там знаходзіцца. СМІ і гуманітарным арганізацыям таксама павінен быць прадстаўлены доступ, мяркуе парламентарый.

Апазіцыйная Левая партыя настойвае на тым, каб людзям, якія цяпер шукаюць прытулку, была гарантавана небюракратычная праграма яго прадстаўлення як у Германіі, так і ва ўсёй Еўропе.

Па словах старшыні партыі Сюзаны Хеніг-Велсаў, будучая кіроўная кааліцыя Германіі павінна выявіць больш палітычнай адвагі для хуткага гуманітарнага прыёму ўцекачоў з найболей праблемных краін.

Тым часам аўтобусу нямецкіх праваабарончых арганізацый Seebrucke Deutschland і LeaveNoOneBehind з гуманітарнай дапамогай для мігрантаў сілавікі не дазволілі працягнуць рух за некалькі кіламетраў да памежнага пераходу Гамарня ў аўторак увечар. Сярод іншага, аўтамабіль вёз абутак і коўдры.

Першапачаткова актывісты планавалі забраць мігрантаў на зваротным шляху. Аднак МЗС Германіі папярэдзіў, што "несанкцыянаваная перавозка людзей і магчымы несанкцыянаваны ўезд" могуць мець крымінальныя наступствы.

- Мы хочам падаць знак салідарнасці. Гэта дзень падзення Берлінскай сцяны, і важна, каб мы абралі правы чалавека, а не сцены, - падкрэслілі праваабаронцы.

Аляксандр Саможняў.

Нямецкі парламентарый прапанаваў накіраваць бежанцаў з Беларусі ва Украіну. Там такой прапанове не абрадаваліся

Дэпутат нямецкага Бундэстагу, спікер па знешнепалітычных пытаннях фракцыі Сацыял-дэмакратычнай партыі (СДПГ) Нільс Шмід (Nils Schmid) прапануе прыцягнуць Украіну да вырашэння праблемы бежанцаў на мяжы Польшчы і Беларусі.

Як сказаў палітык у інтэрв'ю нямецкай медыякампаніі Deutschlandfunk у сераду, 10 лістапада, з Украінай можна было б дамовіцца аб прыёме бежанцаў на той час, пакуль доўжыцца разгляд іх заяўкі аб прадастаўленні прытулку ў ЕС.

- Так мы можам даць выразна зразумець, што не кожны бежанец аўтаматычна патрапіць у Еўрасаюз, - сказаў Шмід.

У Радзе бяспекі і абароны (РНБА) Украіны адказалі на прапанову нямецкага парламентарыя. Сакратар РНБА Аляксей Данілаў прапанаваў нямецкаму боку забраць уцекачоў сабе.

- Мы на РНБА разглядалі гэтую заяву спадара Шміда. У нас ёсць прапанова да сацыял-дэмакратаў Германіі ўзяць сабе дадому па два, па тры, па пяць (мігрантаў - рэд.), калі мала месца ў іх у Бундэстагу, то хай бяруць сабе дадому, - сказаў сакратар РНБА.

Паводле яго слоў, "з якога перапуду" Украіна павінна браць да сябе мігрантаў, калі імі павінен займацца нямецкі бок.

- Вельмі дзіўна, калі немцы нам расказваюць, што нам з гэтай нагоды рабіць, - дадаў Данілаў.

Паводле СМІ.

Літаратурна-музычны квэст "Восеньскі кошык"

Менавіта такую назву насіла мерапрыемства, якое адбылося 24 кастрычніка 2021 года ў Менску, у бібліятэцы нумар адзін імя Талстога. У гэты сонечны, прыгожы восеньскі дзень там сабраліся сталічныя творцы, каб пачытаць вершы, паспяваць песні і ўславіць пакутную прыгажуню восень, якая адвечна дорыць людзям самыя розныя пачуцці. Гэта і захапленне дзіўнай прыгажосцю рознакаляровай лістоты, і магчымасць пагуляць пад яркім, але ўжо зусім не цёплым сонцам, і непрыемнасці ад халодных вятроў і дажджоў, і шчымлівае адчуванне блізкасці смерці зусім ужо позняй восенню...

Праходзіла імпрэза пад эгідай Менскага літаратурнага клуба "Экватар". Дарэчы, практычна ўсе выступоўцы якраз і з'яўляліся сябрамі суполкі. Вядоўцам "Восеньскага кошыка" стаў кіраўнік літклуба "Экватар", паэт, пісьменнік, журналіст Вячаслаў Корбут. Ён шчыра прывітаў сяброў суполкі, прыйшоўшых на імпрэзу, а таксама гасцей мерапрыемства. Потым Вячаслаў усталяваў на бачным месцы сапраўдны кошык, упрыгожаны рознакаляровай восеньскай лістотай і зазначыў, што кошык гэты не пусты, але пра падрабязнасці прысутныя даведаюцца крыху пазней.

Асобна вядовец зазначыў, што яму вельмі прыемна, што на мерапрыемстве будуць выступаць ажно дзве кастрычніцкія імянінніцы, чароўныя пані, паэткі і пісьменніцы, якія, дарэчы, нарадзіліся ў адзін і той жа год, - Таццяна Барысюк і Інга Вінарская.

Далей Вячаслаў Корбут распачаў канцэртную праграму "Восеньскага кошыка" і прачытаў сабраўшымся ў бібліятэцы прафесіяналам і аматарам літаратуры нізку сваіх вершаў, а таксама ўрывак з новай паэмы. І канешне, прысутныя пачулі ў выкананні Вячаслава некалькі восеньскіх паэтычных твораў, сярод якіх быў і гэты верш:

***

Ты не шкадуй, што восень надышла, -

Яна, бы пані, мільгане спадніцай...

У прыцемках садоў касцёр палаў

Лістоты дзён былых - праз звон крыніцы.


Мае раптоўна думкі абудзіў:

Ці жыў я чалавекам, ці звяругай,

Гадзіны лёсу з праўдаю спасціг?

Ці груганом кружыў сабе паўкругам?


Астатні той паўкруг спасціг пасля,

Лістота дрогкая лягла на дахі...

І мы пайшлі матляцца, быццам сцяг,

А потым кожны ўжо - да ўласнай плахі.


Ах, восень! Ты - свавольная мадам,

І недаступнай мроішся паэту.

Не трэба слёз, не плач дажджом, бо нам,

Не адчапіцца ад тваіх сакрэтаў.


Вязі нас час, задай кудлаты гром

Нябёсных пырскаў восеньскаму ранку.

Я стаў не там, дзе нечакана гром

Ноч разбурыў праз познюю маланку.


Ты не шкадуй… Пакорлівым дасць лёс

Магутны дух да часавага руху.

У новы дзень той восені, бы ў крос,

Бяжы, жыццё! Ляці і нас не слухай!..

Выйшаўшая да прысутных следам за Вячаславам Корбутам шэф-рэдактар "Літаратурнага экватара", паэтка, пісьменніца і журналістка Інга Вінарская адразу наблізілася да ўпрыгожанага лісцем кошыка, дастала адтуль яблык і працягнула яго Вячаславу Корбуту са словамі: "Дык спакусіла ж Ева Адама яблыкам! Вось табе яблык - трымай!.." У аўдыторыі пачуўся смех і воплескі. Жарт удаўся. Хаця, насамрэч, у кожным жарце ёсць доля ісціны... Потым, гледзячы на кошык, Інга зазначыла, што купіла яго вельмі даўно і, дарэчы, у дзень, які быў вельмі звязаны з паэзіяй, - тады адзначалася ва ўсім свеце 200-годдзе Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. Вось такая гістарычная рэч атрымалася.

Інга Вінарская распавяла прысутным, што нядаўна здала ў друк кнігу перакладаў сваіх вершаў на беларускую мову пад назвай "Гучы, маё сэрца, гучы!.." У выданні змешчаны сто пяцьдзесят пяць вершаў, большасць з якіх спадарыня Вінарская пераклала асабіста. Менавіта з гэтай новай кнігі Інга і чытала паэтычныя творы прысутным, у якіх асноўных тэм былі дзве: восень і любоў.

***

Патанаюць у восеньскім змроку гардзіны,

І, нажаль, не хапае агню ў каміне…

Вось падкаласці б паленцаў,

траскучых і дзіўных!..

Ведаць толькі хачу, што ты любіш мяне…


Дастаткова мне верыць

гульні рыжых высяў,

Што прыйшоўшая восень

падорыць, бы ў сне.

Нат і голасу ты на мяне не павысіў,

Дык і мне не сказаў, што ты любіш мяне.


Лістапады мінуць, хутка будуць завеі,

Лютаваць будзе холад, нібы на вайне.

Саграваючы сэрца мне новай надзеяй,

Раскажы, насамрэч, як ты любіш мяне.

Зноўку лямпачкі, зорачкі, святы і святкі -

Ледзяшы ад салютаў звіняць удвайне!..

Твае рукі і вусны - ужо без аглядкі…

Адчуваю я, знаю: ты любіш мяне!..

Напрыканцы свайго выступлення спадарыня Інга таксама атрымала яблык - цяпер ужо з рук Вячаслава Корбута. Дарэчы, на працягу імпрэзы яблыкі з "Восеньскага кошыка" былі падараваны ўсім выступоўцам.

Літаратурны наватар, эксперыментатар, эпатажны паэт і чалавек Юрась Нераток таксама нарадзіўся ўвосень, і пара гэтая яму не чужая. У верасні 2021 года спадар Юрась адзначыў свой юбілей (лічбу ўдакладняць не будзем). На "Восеньскі кошык" творца прыйшоў не з пустымі рукамі: ён прадэманстраваў прысутным дзве новыя кнігі: "Лірычныя аўтары: Нік Аблом ды іншыя. Кніга 1. Нік Аблом", "Лірычныя аўтары: Нік Аблом ды іншыя. Кніга 2. Эдуард Гонкі, Клеафас Антуан, Кін Молба. Нэнсі О'Фазар". Справа ў тым, што шаноўны спадар вельмі любіць працаваць пад псеўданімамі, і ўсе гэтыя прыдуманыя творцы змяшчаюцца ў шматграннай асобе Юрася Нератка. Прысутныя пачулі ў выкананні паэта шэраг наватарска-эксперыментальных вершаў з новых кніг аўтара - прычым, ад розных імёнаў.

За музычную частку "Восеньскага кошыка" адказваў 24 кастрычніка 2021 года паэт, бард, выканаўца ўласных песень пад гітару Кірыл Бандзерс. Кірыл - вельмі цікавы малады чалавек: высокага росту, са светлымі доўгімі валасамі, з блакітнымі вачыма. Знешнасць амаль анёльская. А вось вершы і песні ў спадара Бандзерса зусім не анёльскія: тэксты жорсткія, часам на грані фолу. І голас барда адпавядае ягоным вершам і тэкстам - нізкі, нават трохі хрыплы. Да прысутных Кірыл Бандзерс выходзіў двойчы: у сярэдзіне і напрыканцы імпрэзы. Сярод выкананых спеваком і музыкай песень быў і твор пад назвай "Насланнё":

як нап'ешся вады азёрнай

што нядобрым туманам курыцца

не шукай у вачах маіх зёрнаў

дзюбай месяца чорная курыца


там бядою гнядою худою

зрэнкі чорныя разараны

на іх кат цісьне цяжкай хадою

сее кроў ні за што пакараных


ты дзяўбеш маіх воч разоры

дзе прайшоў ужо сейбіт кляты

ці знаходзіш чаго апроч гора?

апроч страты?


дык пачуй мяне стань пакорнаю

праз яго белы сьвет паршывіцца

дзюбай месяца курыца чорная

дзеўбані яго гада ў патыліцу


то ня сейбіт то кат павер мне

пажывіцца пакінь спадзеў

не шукай у вачах маіх зерня

кроў людзей гэта кроў людзей.

Паэты Вячаслаў Данілаў і Тамара Смірнова - даўнія і адданыя сябры літаратурнага клуба "Экватар", якія кожны год прымаюць удзел у альманаху "Літаратурны экватар" і намагаюцца не прапускаць ніводнага мерапрыемства - з тых, якія ладзіць суполка. І канешне, Вячалаў і Тамара не маглі не завітаць на "Восеньскі кошык". Вячаслаў чытаў сумныя філасофскія вершы, а Тамара аддала перавагу ў сваім выступленні вершам пра каханне.

Глеб Ганчароў з'явіўся ў літаратурным клубе "Экватар" не так даўно - напачатку 2021 года. Прывяла яго ў суполку вядомая літаратуразнаўца Таццяна Барысюк, якая вельмі ўважліва назірае за літаратурным працэсам у нашай краіне і часцяком адкрывае новыя таленавітыя імёны. Так было і са спадаром Ганчаровым, чые вершы спадарыня Таццяна пабачыла ў Інтэр нэце і пачала запрашаць аўтара на імпрэзы ды выступленні. На "Восеньскім кошыку" Глеб Ганчароў чытаў розныя вершы. Асабліва цікава прагучаў твор пад назвай "Успамін пра Язона":

Закаўказскай залевы сырая струна,

Прыбярэжнага ветру імпэты -

Вось ён, пахмурны край Залатога руна,

Малярыйнае царства Ээта.


Як пустэльна на схілах скалістай грады,

Толькі хвалі буяняць шалёна.

Папацёмку растуць чараты ля вады

I скрыгочуць, як зубы дракона.


Абязлюдзеў абшар, арганаўты сышлі,

Прамінулі стагоддзі маўкліва -

Толькі холадам дзьме ад астылай зямлі,

Толькі вільгаццю цягне з заліва.


Толькі бежанкі-сосны ўздымаюць галлё,

Толькі трэскі ўтыкаюцца ў бераг,

Каб няспынна трывожыць бяссонне тваё,

Каб прымусам забыць аб намерах.


Мы паданне здзяйснялі, напэўна, дарма.

Нам і так не пад сілу надзеі:

Не пільнуй, за плячыма калі ўжо няма

Ні "Арго", ні руна, нi Медэi.

Дарэчы, менавіта паэтка, пісьменніца і навукоўца Таццяна Барысюк зачыняла канцэртную праграму "Восеньскага кошыка". Спадарыня зазначыла, што тэма восені ёй вельмі блізкая, бо яна нарадзілася ў кастрычніку, калі рознымі колерамі палае лісце, калі паветра ўжо халоднае, але такое свежае і чыстае. Таццяна распавяла прысутным, што як навукоўца яна часцяком эксперыментуе з формай вершаў і ёсць нават формы, якія ёй асабіста прыдуманы. Напрыклад, перавернутае залатое сячэнне. Таццяна Барысюк прачытала прысутным шэраг сваіх паэтычны твораў. Сярод іх быў верш пад назвай "Верасень, у дзень асенняга сонцастаяння", які якраз напісаны ў форме пе-равернутага залатога сячэння:

Гэты верасень - кава з карыцай.

Плямы святла на лісці шматкалёрным.

Хочацца любаму ў жарсці скарыцца,

ды ён далёкі, як Шлях небазорны.


Верасень - яблыкі, астры, касмеі,

гонар пабітых дажджамі гартэнзій.

Я аб каханні прасіць Вас не смею.

Ціха канаю, без слёз і прэтэнзій.


Верасень - полымя клёнаў, каштаны.

Дзён сонцаззянне - спадзеў на цяпло.

Помніш мяне ты, мой родны, каханы?

Бо забыццё - найвялікшае зло,

марам маім неадольны заслон.

Кожнага з выступаўшых творцаў зала вітала шчырымі апладысментамі. А яшчэ на "Восеньскі кошык" завітаў вядомы беларускі фотамастак Міхаіл Крыжаноўскі, які зрабіў серыю фотасесій для сваіх інтэрнэт-рэсурсаў. Фотаздымкі гэтыя вельмі хутка з'явіліся на прасторах інтэрнэт-сеціва.

Вось, здавалася б, і ўсё. Але ў "Восеньскага кошыка" быў яшчэ нечаканы працяг - ужо па-за межамі бібліятэкі імя Талстога. Невялічкая кампанія ў складзе Вячаслава Корбута, Інгі Вінарскай і Міхаіла Крыжаноўскага завітала пасля імпрэзы на кніжную выставу "Восень у сталіцы", дзе міла паразмаўляла і паздымалася з яшчэ адным Крыжаноўскім - Яўгенам, вядомым беларускім сатырыкам і гумарыстам. Было многа жартаў, усмешак і фотаздымкаў!

Паэткі, пісьменніцы Інга Вінарская і Таццяна Барысюк.

Знаёмства з сапраўднай беларускай вёскай - гэта рэальна!

Падчас восеньскіх канікулаў вучні 11-ай лідскай школы здзейснілі падарожжа і наведалі Беларускі дзяржаўны музей архітэктуры і побыту Строчыцы, які размясціўся недалёка ад Менска. Да наведвання музея школьнікі, безумоўна, мелі ўяўленне аб жыцці і побыце беларускіх сялян. Яны прымалі ўдзел у абрадах, гульнях, майстар-класах, якія ладзяцца ва ўстановах культуры Лідскага краю, а вось апынуцца ў сапраўднай вёсцы пачатку мінулага стагоддзя яны не мелі магчымасці.

Дарога да Менска праляцела хутка. І вось перад намі адкрылася пляцоўка з драўлянымі пабудовамі экскурсійнага сектара "Цэнтральная Беларусь". Здавалася, што вось-вось нам сустрэнуцца яе жыхары. Таму, затаіўшы дыханне, усе з цікавасцю слухалі экскурсавода і разглядалі аб'екты музея, які месціцца пад адкрытым небам ужо сорак пяць гадоў .

Сюды, як даведаліся вучні, былі звезены аўтэнтычныя будынкі з розных куткоў Беларусі. І сёння гэта адзінае месца ў краіне, дзе кожны наведвальнік можа апынуцца ў мінулым не віртуальна, а рэальна.

Што найбольш уразіла падлеткаў: сапраўдная вясковая вуліца, драўляныя будынкі: свіран, амбар, гумно, уніяцкая царква, клець, хлеў, пагонны двор.

Не менш цікавым было знаёмства з інтэр'ерам унутры пабудоў. У хатах усё дакладна так, як і было шмат гадоў таму: печ, чырвоны кут, палаці, калыска, прычэпленая да столі, жаночы кут з кухонным посудам. На стале - небагатая сялянская ежа, побач - калаўротак. З аповеду экскурсавода пачулі і аб тым, як будаваліся будынкі ў 19-м - пачатку 20-га стагоддзя, як жылі сем'і, чым займаліся і пра што марылі.

Лепшаму ўспрыняццю экскурсіі і знаёмству з побытам сялян садзейнічала тое, што экскурсія праходзіла на беларускай мове. Пачулі вучні на роднай мове і шэраг беларускіх прымавак, і народных павер'яў.

Аднак найбольшыя эмоцыі школьнікі атрымалі, калі трапілі ў народную вучэльню - па-цяперашняму па-чатковую школу. Парты, стол настаўніка, дошка… - здаецца, нічога не змянілася. У адным класе адначасова вучыліся вучні розных класаў, прадметы выкладаў адзін настаўнік. Урокі доўжыліся 50 хвілін, перапынкі былі 5-хвілінныя, шасцідзённы вучэбны тыдзень, а таксама абед, падчас якога вучні елі кашу з аднаго гаршчка - адсюль і пайшло слова "аднакашнікі". Канешне, знешні выгляд класа адрозніваецца ад сучасных светлых і ўтульных, адрозніваецца і мэбля, і наяўнасць тэхнікі, але галоўнае ўвесь час было і застаецца адно - жаданне дзяцей вучыцца!

У тыя часы не ўсе дзеці маглі атрымаць адукацыю. А ў дзяўчат увогуле не было такой магчымасці. Як аказалася, у той час існавалі "калькулятары" - лічыльнікі і "планшэты" - называліся яны грыфельныя дошкі. Што не спадабаліся лідскім школьнікам, дык гэта метады цялеснага пакарання і розгі, якія называліся "дысцыпліна". А вось, што хатняе заданне не задавалі - вельмі добра!

Паўтары гадзіны падарожжа па "Цэнтральнай Беларусі" прайшлі вельмі хутка. Экскурсія скончылася, а вось жаданне працягнуць знаёмства з побытам і культурай беларусаў таго часу ў вучняў з'явілася яшчэ больш. Калі вы не былі ў Беларускім дзяржаўным музеі архітэктуры і побыту Строчыцы, то не сумнявайцеся, вы атрымаеце цудоўныя ўражанні ад наведвання. Тым больш, што кожную пару года там ладзяцца святы, праходзяць фестывалі, нават здымаюцца мастацкія кінастужкі.

Наталля Анашкевіч, класны кіраўнік 9 "Б" класа сярэдняй школы № 11 г. Ліды.

ГАДЗІНА ТАЛЕРАНТНАСЦІ "АДЗІНСТВА РОЗНЫХ"

Кожны чалавек мае права на асаблiвы клопат і дапамогу з боку дзяржавы і грамадства. Але людзі з асаблівым фізічным і разумовым станам патрабуюць да сябе павышанай увагі. Менавіта ўвагі, павагі і прыняцця з боку фізічна здаровых асоб як людзей, роўных сабе.

Таму адна з найважнейшых задач грамадства заключаецца ў забеспячэнні сацыяльнай і псіхалагічнай адаптацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі праз праявы дабрыні, разумення, цярпімасці да чужых недахопаў.

10 лістапада 2021 года ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 4" (ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы") ладзілася гадзіна талерантнасці "Адзінства розных", удзельнікамі якой сталі старшакласнікі ДУА "Сярэдняя школа № 11 г. Ліды".

Ірына Лыскоўская, спецыяліст па сацыяльнай рабоце аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў горада Ліды ДУ "Лідскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва" (прадстаўнік ГА "БелТІЗ" па Лідскім раёне) звярнула ўвагу моладзі на тое, што людзі з інваліднасцю вельмі таленавітыя, маюць велізарнае імкненне да жыцця, займаюцца творчасцю, спортам. І ў гэтым ім дапамог пераканацца яркі танец гурта "Рамантыкі" аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў.

Падчас мерапрыемства ўдзельнікам было прапанавана ў гульнявой форме выпрабаваць на сабе цяжар і жыццёвыя нязручнасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Прысутных пазнаёмілі з тым, якія ўмовы створаны для людзей з інваліднасцю на сённяшні дзень у іх родным горадзе. Асаблівую цікавасць выклікаў аповед і прэзентацыя "Жыць, нягледзячы ні на што", якую падрыхтаваў загадчык філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 4" Любоў Цэслік. Яна паведаміла аб таленавітых людзях, якія маюць праблемы са здароўем, іх дасягненнях у розных сферах дзейнасці.

У завяршэнне мерапрыемства для прысутных быў прадэманстраваны відэаролік "Мы проста іншыя".

Гадзіна талерантнасці атрымася інфарматыўнай і практычнай, а дыялог - вельмі цікавым і жывым. Навучэнцы і педагогі задавалі шмат пытанняў і праявілі сапраўдную цікавасць да праблем людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Дар'я Марцінкевіч, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК "Лідская раённая бліятэка імя Янкі Купалы"

Вольны час па хэштэгу #КАНІКУЛЫЎБІБЛІЯТЭЦЫ

Актыўны адпачынак, гульні і спаборніцтвы, экскурсіі і падарожжы - усё гэта дапамагло чытачам бібліятэчных філіялаў ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" ярка і незабыўна правесці канікулы.

Восеньскія канікулы - гэта злёгку запознены працяг лета. За вокнамі свеціць яркае сонейка, цёплае надвор'е так і вабіць выбегчы на двор, і дзецям так хочацца пакінуць школьную парту і правесці час у тых месцах, дзе можна адпачыць, набрацца сіл пасля ву-чобы ды і папоўніць свой багаж ведаў.

У дні восеньскіх школьных канікул у бібліятэках Лідчыны прайшлі самыя разнастайныя і пазнавальныя мерапрыемствы, майстар-класы, віктарыны і конкурсы. Кожнае мерапрыемства было скіравана не толькі на тое, каб пацешыць, але і на тое, каб даць магчымасць даведацца што-небудзь новае, нечаму навучыцца, здабыць новых знаёмых і сяброў.

Філіял "Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая" сабраў хлопчыкаў і дзяўчынак падчас восеньскіх канікул, каб пацешыць, павесяліць і дадаць ведаў. Для малодшых школьнікаў праводзілася экскурсія пад назвай "З кнігай прызначана сустрэча". Бібліятэкары пазнаёмілі з дзіцячым фондам і асноўнымі правіламі, якія павінен выконваць кожны наведвальнік бібліятэкі.

Філіял "Інтэграваная бібліятэка аграгарадка Тарнова" сустрэў юных чытачоў у сваіх сценах на гутарцы ля кніжнай выставы "Аб роднай зямлі з любоўю". Ёсць на зямлі шмат цудоўных і дзіўных месцаў, якія нібы зачароўваюць сваёй прыгажосцю, прыцягваючы да сябе невядомай сілай. На мерапрыемстве дзеці атрымалі магчымасць праявіць сваю любоў да таго адзінага месца Зямлі, якое лічаць родным. На выставе былі прадстаўлены маляўнічыя выданні, з якіх маленькія чытачы даведаліся шмат цікавых фактаў пра беларускую зямлю. Веды аб краі, развіццё цікавасці да мінулага - гэта прыступка да далейшага ўсведамлення сваёй Радзімы, яе гісторыі і культуры.

4 лістапада дзверы філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 3" ветліва расчыніліся для дзяцей 3-га класа ДУА "Сярэдняя школа № 13 г. Ліда". Навучэнцы паспрабавалі сябе ў інтэлектуальна-забаўляльнай гульні "З кнігай весела крочыць", у якой быў прапанаваны турнір "Марскі бой". Дзеці з задавальненнем разгадвалі крыжаванкі, рэбусы, вызначалі, каму з казачных герояў належаць рэчы, адказвалі на розныя пытанні і знаходзілі памылкі ва ўрыўках твораў. Удзельнікі мерапрыемства "знішчылі" ўсе караблі свайго суперніка і выйгралі турнір, тым самым паказаўшы свае бліскучыя веды ў галіне літаратуры.

У той жа дзень філіял "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" наведалі хлопчыкі і дзяўчынкі з прышкольнага лагера ДУА "Ёдкаўская сярэдняя школа", загадзя прачытаўшы кнігу А.А. Мілна "Віні Пух і ўсе, усе, усе", і з велізарным энтузіязмам прынялі ўдзел у займальным літаратурным спаборніцтве "Віні Пух у госці да нас спяшаецца!".

Стала добрай традыцыяй для Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы работа з дзецьмі, якія наведваюць школьны лагер падчас восеньскіх канікул. Так, 4 лістапада праводзілася экскурсія па бібліятэцы для дзяцей з прышкольнага лагера ДУА "Сярэдняя школа № 6 г. Ліды". На абанеменце дзецям распавялі, як стаць чытачом бібліятэкі, пазнаёмілі з размяшчэннем кніжнага фонду, у вершаванай форме распавялі аб неахайных чытачах і правілах карыстання кнігамі. У чытальнай зале госці здзейснілі экскурс у далёкае мінулае. Ім распавялі пра гісторыю з'яўлення пісьменства, паказалі розныя пісьмовыя прыналежнасці, а пасля прапанавалі самім стаць пісцамі тых часоў. Скончылася экскурсія ў канферэнц-зале мультымедыйным падарожжам па казачнай краіне, падчас якога дзеці сустрэліся са сваімі любімымі кніжнымі героямі. Бібліятэкары імкнуліся ў займальнай форме пазнаёміць дзяцей з бібліятэкай, стварыць добрую і вясёлую атмасферу на мерапрыемстве і, вядома, выклікаць цікавасць да чытання.

5 кастрычніка філіял "Лідская гарадская бібліятэка № 1" наведалі навучэнцы ДУА "Сярэдняя школа № 6 г. Ліды" на бібліяагляд "Рэвалюцыя 1917 года на старонках кніг". З вялікай цікавасцю дзеці слухалі экскурс у гісторыю гэтага свята. Прысутныя прынялі ўдзел у бліц-апытанні, праслухалі агляд літаратуры па гэтай тэме, а таксама іх увазе быў прапанаваны мультфільм "Мальчыш-Кібальчыш".

5 кастрычніка ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 1" адбылася экскурсія па бібліятэцы "Рады мы заўсёды гасцям, запрашаем у госці да нас" для вучняў ДУА "Сярэдняя школа № 6 г. Ліда". Супрацоўнікі бібліятэкі гасцінна сустрэлі дзяцей і прапанавалі здзейсніць займальнае падарожжа ў свет кнігі. Хлопцы і дзяўчаты з вялікай цікавасцю слухалі расказ бібліятэкара. Яна пазнаёміла дзяцей з калекцыяй кніг, часопісаў, распавяла аб правільным карыстанні кнігамі, як выбіраць кнігі і як паводзіць сябе на абанеменце і ў чытальнай зале, а таксама аб прынцыпах размяшчэння кніжнага фонду на кніжных паліцах. У заканчэнне юныя чытачы з задавальненнем прымалі актыўны ўдзел у казачных віктарынах.

Тыдзень прайшоў весела, займальна і, што вельмі важна, з карысцю для кожнага з прысутных. Словам, кожны дзень канікул дзяцей чакалі сюрпрызы і мора станоўчых эмоцый. Кожны чытач змог знайсці сабе занятак па душы: пагуляць у настольныя гульні, пагартаць дзіцячыя часопісы, узяць кніжкі, якія спадабаліся, дадому. Акрамя таго - і знайсці новых сяброў.

Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу К.С. Сандакова.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX