НАША СЛОВА № 47 (1562), 25 лістапада 2021 г.
"Вожык" ужо смяяцца не будзе?
Паводле СМІ, наш славуты беларускамоўны часопіс сатыры і гумару "Вожык" спыняе сваё існаванне і з наступнага 2022 года выдавацца не будзе. Выйдзе апошні нумар "Вожыка" сёлета ў снежні, і ўсё. Ён нават не ўнесены ў падпісны каталог выданняў на наступны год.
Сёлета часопіс "Вожык" адзначыў 80-годдзе. Аказалася, што гэта быў яго апошні юбілей. Ён з'яўляўся пераемнікам знакамітага баявога выдання "Раздавім фашысцкую гадзіну". За кароткі час выйшла з друку 18 нумароў. З гэтага агітплаката і пачалася радаслоўная беларускага сатырычна-гумарыстычнага часопіса "Вожык".
Са жніўня 1945 года часопіс "Вожык" выдаваўся па-беларуску ў Менску. Ён перажыў вайну, рэпрэсіі, камуністычнае і савецкае панаванне. А вось цяпер, пасля 80 год існавання, утрымацца ў сённяшні час часопіс не змог. Шкада.
Часопіс "Вожык" - гэта наша гісторыя літаратуры і мастацтва. Яму пашчасціла, што на чале часопіса ў ваенныя і пасляваенныя гады быў такі майстар смеху, як Кандрат Крапіва. Гэта дзякуючы яму і яго таленавітым паплечнікам ужо тады былі закладзены традыцыі, якія ўсе дзесяцігоддзі дазволілі "Вожыку" быць сапраўды народным выданнем. У 1960-1990-я гады ён з'яўляўся адным з вялікатыражных часопісаў Беларусі, які любіў народ. Вядома ж, на працягу свайго 80-годдзя "Вожык" зведаў усё: і высокія творчыя ўзлёты, і глыбокія спады. Палітычная атмасфера, сацыяльныя рэаліі на розных этапах нашай гісторыі не маглі не адбіцца на ідэйна-палітычным і творчым узроўні часопіса. Хоць бы таму, што ён павінен быў калі не высмейваць, то хоць некага крытыкаваць. Але цяпер паспрабуй каго крытыкнуць: ці міністра, ці чыноўніка большага рангу, то будзе непрыемнасцей шмат. А "Вожык" любіў крытыкаваць, таму ён быў калючым і праўдзівым.
Усё лепшае, што напісалі беларускія пісьменнікі на ніве сатыры і гумару, прайшло праз "Вожык". Нават першая кніжка ў жанры сатыры і гумару Васіля Быкава "Ход канём" была надрукавана ў бібліятэчцы "Вожыка". Дарэчы, бібліятэчка "Вожыка" выдавалася з 1957 года. У бібліятэчцы друкаваліся кнігі Пімена Панчанкі, Максіма Танка, Янкі Брыля, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Янкі Сіпакова, Паўла Місько і многіх-многіх іншых.
Давайце прыгадаем, напрыклад, напрыканцы 1980-х гадоў выданне ў бібліятэчцы "Вожыка" "Сказа пра Лысую гару" Францішка Вядзьмака-Лысагорскага. Гэта мы цяпер ведаем, што аўтарам "Сказа…" з'яўляецца Ніл Гілевіч. А тады аўтарам быў невядомы Вядзьмак-Лысагорскі. Рэдагаваў "Вожык" у той час найвыдатнейшы беларускі пісьменнік і чалавек Валянцін Блакіт (1938-2007). Дзякуючы Валянціну Уладзіміравічу, надрукавалі "Сказ пра Лысую гару" 30-тысячным накладам. І поспех выдання быў фенаменальны: за адзін дзень разышоўся ўвесь тыраж. А чытачы пачалі пісаць у "Вожык", тэлефанаваць, нават пагражаць, чаму "Сказ…" надрукаваўся малым накладам. І тады рэдактар Валянцін Блакіт вырашае надрукаваць дадатковы наклад у 100.057 асобнікаў, каб хапіла ўсім, каго гэта паэма зацікавіла.
У "Вожыку" друкаваліся амаль усе пісьменнікі, пачынаючы ад Янкі Купалы і Якуба Коласа. Пры "Вожыку" выдаваліся не толькі бібліятэчка, але і калектыўныя зборнікі сатыры і гумару, пераклады. З часопісам супрацоўнічалі мастакі Анатоль Волкаў, Сяргей Раманаў, Мікалай Гурло, Валянцін Ціхановіч, Рыгор Грамыка і дзесяткі іншых славутых беларускіх мастакоў.
У 1992 годзе ў Менску выходзіць літаратурны зборнік "Вожык смяецца", куды ўвайшлі лепшыя творы "вожыкаўцаў" за 50 гадоў. На 500 старонках выдання, былі надрукаваны вершы, п'ескі і апавяданні, пачынаючы ад Петруся Броўкі, Анатоля Астрэйкі, Кандрата Крапівы, Якуба Коласа, Максіма Танка і тых аўтараў, хто друкаваўся на старонках "Вожыка" ў 1980-1990-х гадах. А гэта Сяргей Грахоўскі, Ніл Гілевіч, Уладысь Цвяткоў, Васіль Гігевіч, Георгій Марчук, Георгій Юрчанка, Алесь Петрашкевіч і дзесяткі іншых пісьменнікаў.
І хоць у апошнія гады наклад выдання значна зменшыўся, тым не менш пра "Вожык" беларусы ведалі, чыталі яго, любілі і ўсміхаліся. "Вожык" заўсёды натхняў людзей на жыццё, ён ніколі не губляў сваёй надзённасці, хаця і шмат каго крытыкаваў, высмейваў, турбаваў. Але цяпер, відаць, у нашай краіне не да смеху і жартаў. Наш любімы "Вожык" смяяцца ўжо не будзе. Хаця я, шчыра кажучы, веру, што ён вернецца на Беларусь. Як пісаў аўтар "Сказа пра Лысую гару":
Аднак жа хопіць! Больш ні слова!
Мне адпачыць даўно пара.
Бывай жа, брація, здарова!
Да стрэчы, Лысая гара!
Бывай, "Вожык"! І да сустрэчы! Галоўнае, не падаць духам, і не губляць гумар, настрой і надзею на ўсё светлае і шчаслівае, а яно нас чакае наперадзе. А, можа, яшчэ і абыдзецца...
Сяргей ЧЫГРЫН.
Спыніў выхад літаратурна-мастацкі часопіс "Верасень"
Спыніў выхад літаратурна-мастацкі часопіс "Верасень", пра гэта паведаміў галоўны рэдактар выдання - паэт і перакладчык Эдуард Акулін. "Дарагія сябры, з вялікім шкадаваннем мушу паведаміць, што ў сувязі з ліквідацыяй Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны спыніў выхад і літаратурна-мастацкі часопіс "Верасень", да заснавання якога ТБМ мела непасрэднае дачыненне", - напісаў ён у facebook.
- Няма сумневу, што за 12 гадоў свайго існавання часопіс стаў заўважнай з'явай у культурным жыцці краіны. А па-іншаму і быць не магло, бо ў шчаслівую літаратурную дарогу выданне дабраславілі адразу два народныя паэты Беларусі - Ніл Гілевіч і Рыгор Барадулін. І гэта дарога напраўду была шчаслівай… А як жа іначай, калі за час існавання на старонках "Верасня" надрукавалі свае творы каля 700 аўтараў - паэтаў, празаікаў, драматургаў, публіцыстаў і крытыкаў, з іх - больш за 100 дэбютантаў. Пачынаючы ад 14 нумара, акрамя літаратараў, "Верасень" стаў творчай пляцоўкай яшчэ і для маладых мастакоў, - напісаў Акулін.
Эдуард Акулін падзякаваў аўтарам і мастакам, якія друкаваліся ў выданні, а таксама тым, хто дапамагаў выпускаць часопіс.
Са свайго боку хочацца выказаць самыя шчырыя словы падзякі Эдуарду Акуліну за выключны грамадзянскі і нацыянальны чын. Выданне "Верасня" - доказ таго, як пры мінімальных сродках можна рабіць выданне найвышэйшага ўзроўню. У "Верасні" акрамя бліскучага Акуліна-паэта мы ўбачылі таленавітага і адказнага Акуліна-рэдактара. Дзякуй табе, Эдуард! Ты не проста зрабіў, што мог, ты зрабіў у шмат разоў больш, чым мог! Магчыма, некалі напішуць: "Эпоха "Верасня" Эдуарда Акуліна". Напішуць і будуць мець рацыю.
Станіслаў Суднік. Фота: facebook.
70 ГАДОЎ БЕЛАРУСКАМУ ФАЛЬКЛАРЫСТУ АНАТОЛЮ ЛІТВІНОВІЧУ
25 лістапада гэтага года спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэнння фалькларыста, этнографа, публіцыста Анатоля Фёдаравіча Літвіновіча. Нарадзіўся ён ў в. Любань (цяпер аграмястэчка Любань) Вілейскага раёна Менскай вобласці. Завяршыўшы навучанне ў Любанскай сярэдняй школе, Анатоль паступіў у 1970 г. у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, які закончыў у 1975 г. Пасля заканчэння Белдзяржуніверсітэта працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці, пазней старшым навуковым супрацоўнікам у музеі рамёстваў і народных промыслаў г.п. Заслаўе (цяпер горад) Менскага раёна. Пасля завяршэння рэстаўрацыйных работ згаданы вышэй музей размяшчаўся ў б. Спаса-Праабражэнскай царкве, колішнім кальвінісцкім зборы. Храм гэты належаў Яну Глябовічу. Пратэстанцкі збор у Заслаўі быў прыстасаваны да абароны, пра што сведчаць яго тоўстыя сцены і высокая вежа з машыкулямі, адкуль можна было весці агонь па непрыяцелі. У музеі рамёстваў і народных промыслаў у г.п. Заслаўе А. Літвіновіч працаваў з людзьмі, якія валодалі значнымі ведамі па народнай культуры і мастацтве Беларусі: Сяргеем Мілючэнкавым, з якім потым ўжо давялося вывучаць традыцыйную народную культуру беларусаў (праўда, ён працаваў у іншым аддзеле ІМЭФ АН Беларусі) і ездзіць у экспедыцыі па нашай этнічнай тэрыторыі, супрацоўніцай Таццянай Гаранскай, якая нярэдка выступала і выступае з мастацтвазнаўчымі артыкуламі ў беларускім друку. Там, у музеі, А. Літвіновіч пазнаёміўся з выдатным беларускім мастаком і цудоўным чалавекам Эдурдам Агуновічам, які зрабіў арыгінальны макет экспазіцыі (у сярэдзіне экспазіцыйнай плошчы размяшчаліся даволі высокія і параўнальна вузкія вітрыны з паўкруглым завяршэннем і паліцамі ў іх cярэдзіне, на якіх можна было ўбачыць мастацкія, у тым ліку археалагічныя, вырабы невялікіх памераў ХІ - пач. ХХ ст.). З музеем звязана і знаёмства Анатоля Фёдаравіча з гонарам беларускай літаратуры Уладзімірам Караткевічам. Па рабоце А. Літвіновіч нярэдка сутыкаўся з дырэктарам Гістарычнага музея Іванам Загрышавым, Юрыем Зайцам і інш. супрацоўнікамі, за што ім ўдзячны за глыбокія гістарычныя пазнанні і добрае веданне сваёй справы. Музей рамёстваў і народных промыслаў, размешчаны ў б. царкве, параўнальна доўгі час служыў як навуцы, так і шараговым экскурсантам. І ўсё ж будынак, у якім знаходзіўся музей, праз некаторы час быў перададзены ў распараджэнне царкоўных уладаў. Аднак навуковае жыццё, звязанае з гісторыяй і культурай Заслаўя і яго наваколля, працягваецца цяпер паспяхова ўжо ў іншым месцы горада.
У 1979 г. Анатоль Літвіновіч быў запрошаны працаваць у аддзел (музей) старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, якую ўзначальвала добрая, энергічная, неабыякавая да сваёй справы даследчыца традыцыйнай народнай і прафесійнай культуры беларусаў Вольга Васільеўна Церашчатава. Тут Анатоль Фёдаравіч сустрэў працавітых і ўлюбёных у сваю справу людзей: А. Лявонаву, А. Ярашэвіча, Г. Фурс, М. Мельнікава, М. Віннікаву, М. Яніцкую, Э. Вецер, Ю. Піскуна і інш., якія ўнеслі вялікі ўклад у збіранне і даследаванне помнікаў мастацкай і этнаграфічнай спадчыны нашага народа. З музеем супрацоўнічаў шэраг вядомых вучоных, мастакоў, відных людзей Беларусі. У мастацтвазнаўчым плане асабліва выдзяляўся доктар фізіка-матэматычных навук Акадэміі Навук Беларусі Юры Віктаравіч Хадыка, які маючы, па ўсёй верагоднасці, фенаменальную памяць, вельмі шмат ведаў не толькі пра мастацкую культуру даўняй Беларусі, але пра мастацтва Еўропы і свету наогул. Ад лекцый Ю. Хадыкі ці па гісторыі беларускага, ці па гісторыі сусветнага мастацтва ўсе былі ў захапленні. Менавіта ён напісаў у аснове сваёй першы і найбольш складаны фрагмент экскурсіі (старажытны жывапіс Беларусі) па музеі старажытна-беларускай культуры.
А цяпер далей хочацца расказаць пра Анатоля Літвіновіча. Ён працаваў па двух накірунках: па-першае, вёў інвентарную кнігу, даючы навуковае апісанне рэчаў народнага побыту, збіраючы іх самастойна або удзельнічаючы ў этнаграфічных экспедыцыях. Такім чынам, Анатоль Фёдаравіч, па-першае, прыводзіў у парадак гэтыя прадметы (мыў, апрацоўваў іх пры неаходнасці спецыяльным растворам, каб потым можна было выкарыстаць для экспанавання ў залах музея або захавання ў яго фондах). Па-другое, праводзіў экскурсіі па экспазіцыі музея старажытнабеларускай культуры, што прыносіла яму вялікае задавальненне. І не раз экскурсанты яму дзякавалі за гэта то памятнымі значкамі, то сцяжкамі і буклетамі сваіх гарадоў і краін.
Аднак Анатоля Літвіновіча цягнула збіраць і вывучаць не толькі матэрыяльную, але і духоўную спадчыну свайго народа. Тым больш яшчэ будучы студэнтам Анатоль запісаў ад сваёй бабулі па лініі маці Лях Алены Пятроўны ў в. Астравы Вілейскага раёна некалькі мастацкіх народных песень, дзесяткі слоў мясцовай гаворкі (дыялектызмаў), якія не сустракаліся і былі незразумелымі ў іншых вёсках (нават не вельмі аддаленых) той ж Вілейшчыны. Таму яму нічога не заставалася як паступіць у 1979 г. у завочную аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, пазней жа ён перавёўся ў вочную аспірантуру. Дысертацыя Анатоля Літвіновіча "Пытанні беларускай фалькларыстыкі ў польскім перыядычным друку другой паловы XIX - пачатку ХХ ст." - даволі складаная, але ўдзячная і патрэбная нашай навуцы праца пра фальклор, бо толькі ў рускім і польскім друку было найбольш апублікавана работ па вусна-паэтычнай спадчыне нашага народа. Важна тое, што многія са збіральнікаў і даследчыкаў нашай традыцыйнай народнай культуры другой паловы ХІХ - пачатку ХХ ст., кажа Анатоль Фёдаравіч, былі па сутнасці беларусамі па сваім паходжанні. Яму давялося, як нікому іншаму, перагледзець шмат польскіх перыядычных выданняў ХІХ - пачатку ХХ ст., якія знаходзіліся ў бібліятэках Менска, Вільні, Львова або атрымліваць іх па міжбібліятэчным абанеменце з Масквы, Ленінграда, некаторых польскіх гарадоў. Шчырая праца па даследаванні польскай перыёдыкі згаданага вышэй адрэзку часу прынесла свой вынік: дзесяткі невядомых і малавядомых публікацый былі ўведзены ў навуковы ўжытак беларускай фалькларыстыкі і этнаграфіі. Нарэшце, гэтае дысертацыйнае даследаванне было завершана і пры падтрымцы і дапамозе фалькларыстаў, кандыдатаў філалагічных навук Генадзя Аляксандравіча Каханоўскага, Ліі Мацвееўны Салавей, Івана Уладзіміравіча Саламевіча, доктара філалагічных навук Арсеня Сяргеевіча Ліса, доктараў, прафесараў Анатоля Сямёнавіча Фядосіка, Канстанціна Паўлавіча Кабашнікава паспяхова абаронена ў лютым 1992 г.
З 1988 г. ён працаваў у лабараторыі беларускага фальклору БДУ спачатку навуковым, пазней старшым навуковым супрацоўнікам. Анатоль Літвіновіч даследаваў рэгіянальныя асаблівасці беларускай традыцыйнай культуры (асабліва ўвагу звяртаў на Палессе), фальклору Чарнобыльскага рэгіёна, пытанняў гісторыі беларускай фалькларыстыкі, беларуска-польскіх, беларуска-літоўскіх, беларуска-рускіх, беларуска-нямецкіх узаемасувязей у галіне традыцыйнай народнай культуры. Падобна Г.А. Каханоўскаму, Анатоль Фёдаравіч імкнуўся вывучаць гістарычна-этнаграфічную і культурную мінуўшчыну беларусаў у розных аспектах: фалькларыстычным, этнаграфічным, гістарычным, мовазнаўчым, што прыносіла часам добры плён. Так, напрыклад, даследуючы традыцыйную культуру беларускага і літоўскага народаў, ён прыйшоў да нечаканага і важнага для нас вываду: ніякая іншая з суседніх моў (і культур) не адчула такога моцнага беларускага ўлыву, як літоўская. Болей за тое, беларусы аказалі ўздзеянне і на гістарычнае, эканамічнае, ваенна-палітычнае, ідэалагічнае і іншае жыццё літоўцаў.
У час сваёй працы ў НДЛ беларускага фальклору Анатоль Літвіновіч удзельнічаў у шматлікіх навуковых канферэнцыях, сімпозіумах, якія праводзіліся НДЛ беларускага фальклору, філалагічным факультэтам БДУ, іншымі навуковымі і педагагічнымі установамі Беларусі.
Ён прымаў удзел у шэрагу фальклорных экспедыцый, якія праводзіў у летнія месяцы філалагічны факультэт БДУ (Вілейскі, Докшыцкі, Лепельскі, Мсціслаўскі, Полацкі і інш. раёны). Фальклорныя запісы Літвіновіча ўвайшлі ў кнігу "Песні сямі вёсак" (Мн., 1973) (праўда, гэта былі народная песні, занатаваныя яшчэ ў студэнцкія часы), у тамы серыі БНТ "Вяселле. Песні" (кн. 5, 1986), "Жаніцьба Цярэшкі" (1993), зб. "Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Мінская вобласць" (Мн., 1995) і некаторых інш. У НДЛ беларускага фальклору працавалі вядомыя фалькларысты: У. Раговіч, М. Сірата, А. Аляхновіч, Р. Кавалёва, М. Котаў, В. Каратай і інш., з якімі было цікава сумоўвацца на розныя навуковыя і жыццёвыя тэмы.
У пачатку 2000-х гадоў лабараторыя беларускага фальклору БДУ перажывала шэраг складанасцяў. Анатоль Літвіновіч вымушаны быў шукаць працу ў іншым месцы. На гэты раз у Беларускім педагагічным універсітэце імя М. Танка. Акурат на кафедры тэорыі і гісторыі культуры гэтай установы праводзіўся конкурс на замяшчэнне вакантнай пасады дацэнта. Анатоль Фёдаравіч выйшаў пераможцам конкурсу. А. Літвіновіч з вялікім энтузіязмам ўзяўся за падрыхтоўку лекцый і практычных заняткаў. Усёй душой палюбіў сваю новую работу, бо меў схільнасць да выкладання гісторыі сусветнай і айчыннай культуры. Анатоль Літвіновіч да пачатку сваёй працы на кафедры тэорыі і гісторыі культуры Белпедуніверсітэта імя М. Танка ўжо меў значныя веды па гістарычным і культурным мінулым беларусаў і суседніх з імі народаў. На данай кафедры сустрэў працавітых, прыстойных і з вялікімі ведамі калег. Праўда, папрацаваўшы тут даволі значны прамежак часу, ён перайшоў на працу на кафедру беларускай літаратуры той дзяржаўнай установы. Кафедра ж, на якой Літвіновіч раней займаў пасаду дацэнта, спыніла сваё існаванне. Але на кафедры беларускай літаратуры давялося папрацаваць нядоўга.
Праз пэўны час Літвіновіч уладкаваўся на працу дацэнтам на кафедру рэжысуры абрадаў і свят Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Гэтую кафедру ўзначальваў вядомы фалькларыст, прафесар Гуд Пётр Адамавіч. Праца на кафедры прыносіла задавальненне, тым больш яму аказвалі дапамогу некаторыя супрацоўнікі кафедры. Нягледзячы на пэўныя цяжкасці (усё ж работа была ў пэўным сэнсе новай, некалькі іншай, чым раней), Анатоль Фёдаравіч даў раду лекцыям і практычным заняткам. На гэтай кафедры Анатоль Фёдаравіч завяршыў сваю навуковую і педагагічную дзейнасць.
У дадатак трэба сказаць, яму пашчасціла на сустрэчы з вядомымі і менш вядомымі людзьмі, у якіх біліся і б'юцца гарачыя сэрцы беларускіх патрыётаў: гісторыкамі і археолагамі М. Ермаловічам, Г. Штыхавым, А. Трусавым, М. Чарняўскім, Л. Дучыц, Л. Мірачыцкім, мастакамі і скульптарамі: М. Купавам, А. Марачкіным, А. Чаховіцкім, У. Кіслым, І. Міско, літаратамі і паэтамі: А. Мальдзісам, С. Законнікавым, У. Содалем, А. Клышкам і інш.
Анатоль Фёдаравіч вельмі ўдзячны сваёй жонцы Вользе Міхайлаўне Літвіновіч за тое, што яна падаравала яму шасцёра цудоўных дзяцей: аднаго сына і пяць дачок.
Хочацца пажадаць Анатолю Літвіновічу добрага здароўя і ўсялякіх поспехаў на яго жыццёвай дарозе.
Кандыдат філалігічных навук Лія Мацвееўна Салавей.
ДАРОГІ СЯБРОЎСТВА І ТВОРЧАСЦІ
РАСПОВЕД ПРА ВЯДОМЫХ БЕЛАРУСКІХ ЛІТАРАТАРАЎ-ЗЕМЛЯКОЎ ІВАНА МЕЛЕЖА і ПАЎЛЮКА ПРАНУЗУ
З архіва пісьменніка Уладзімір Барысенка
МЕДАЛЬ ЖУКАВА
Усё часцей і часцей настойліва і небезвынікова турбую я свой багаты хатні літаратурны архіў. Апошнім разам адкапаў у ім запісы размоў з вядомым дзіцячым пісьменнікам і паэтам Паўлам Кузьмічом Пранузам. Адна з тых незабыўных гутарак адбылася на пачатку 1996 года на першым паверсе Дома друку. Тагачасны гора-рэдактар Яўген Сямашка, па ініцыятыве сваіх намеснікаў, прыблуды Альберта Страпчага і былога сябрука-беларуса Віктара Леганькова, за чатыры гады да гэтага зняў мяне з пасады адказнага сакратара і прызначыў загадчыкам аддзела навукі, культуры і экалогіі "Белоруской нивы", у якую, і сёння не разумею, з якога перапуду, перайменавалі шырока вядомую ў свой час "Сельскую газету", дзе я пяць гадоў адпрацаваў "начальнікам штаба". Дзякуй Богу, у 2014-м назву аднавілі. У аддзел, дзе я быў сам сабе начальнікам, і прыходзіў Паўлюк Кузьміч, якому было тады ўжо… 78! Ён нарадзіўся 18 сакавіка 1918 года ў вёсцы Вылева цяпер Добрушскага раёна. Стаў, дарэчы, адным з трох паэтаў (яшчэ Мікола Федзюковіч і Браніслаў Спрынчан), якія рэкамендавалі мяне калісь у Саюз пісьменнікаў.
У той светлы студзеньскі дзень згаданага вышэй 96-га Кузьміч прывычна дастаў з папкі не толькі нізку вершаў, але і... медаль Жукава. Гэта была дзяржаўная ўзнагарода Расіі, прымеркаваная да 100-годдзя з дня народзінаў маршала. Прымаючы маё шчырае віншаванне, яе ўладальнік ўспомніў восень 44-га, калі яго адпусцілі з вайсковай часткі на некалькі дзён у Добруш да бацькоў. Па дарозе дадому франтавік спыніўся ў Менску, які ўпершыню ў сваім жыцці ўбачыў за год да пачатку фашысцкай навалы. Тады Міхась Лынькоў запрасіў яго на курсы маладых пісьменнікаў, ён пачаў друкавацца ў добрушскай райгазеце ў 36-м. А ўжо летам 41-га выпускнік філфака Гомельскага педінстытута апынуўся ў зенітна-артылерыйскай дывізіі на Бранскім фронце і праслужыў там усю вайну, да пераможнага салюта. "Як сведчаць дакументы, - успамінаў ён, - усяго наша дывізія прайшла за 911 дзён і начэй вайны 5170 кіламетраў, збіла 504 самалёты".
СПЫНІЎСЯ Паўлюк у 44-м у Менску - і не пазнаў сталіцу. Балюча, невыносна было глядзець на зруйнаваны горад, у якім захопнікі стварылі дзевяць лагераў і яўрэйскае гета, дзе знішчылі больш за 400 тысяч чалавек. Ад вакзала рушыў пешаком да Дома друку, у якім у 42-м набралі першы нумар падпольнай "Звязды". Падняўся на трэці паверх, зайшоў у адзін з пакояў і, нібы на фронце, акунуўся ў сіне-чорны дым. У куце палілася "буржуйка", а за сталом сядзеў чалавек у цёмным паліто і шэрай шапцы. Ён хуценька ўзняўся і падышоў да салдата, працягнуў яму сваю цвёрдую руку і пачціва прамовіў:
- Міхась Клімковіч, галоўны рэдактар выдавецтва. Можа, што прывезлі нам з фронту?
На вялікі жаль, былы настаўнік, першы старшыня створанага ў 1934-м Саюза пісьменнікаў Беларусі, пражыў усяго 54 гады. У канцы 1936-га яго абвінавацілі ў сувязях з "трацкістамі і нацдэмамі", і ён спрабаваў скончыць жыццё самагубствам - перарэзаў сабе горла...
З дазволу гаспадара, які зусім нядаўна напісаў словы да песні Нестара Сакалоўскага "Мы, беларусы", якую ў 55-м зацвердзілі Дзяржаўным гімнам БССР, Паўлюк асцярожна прысеў і выцягнуў з кішэні шыняля пацёрты сшытак з вершамі. Поту за тыя паўгадзіны, цягам якіх Міхась Мікалаевіч чытаў напісанае, сышло не менш, чым за іншы напружаны бой. Ад канчатковага прысуду мэтра быў шчаслівы: "Пакіньце, калі ласка, усё гэта нам. Скажу вам шчыра, што можа нарадзіцца добры зборнік!".
Так яно пасля і атрымалася. У 46-м паэт трымаў у руках сваю першую кніжку "Разгневаная зямля", рэдактарам якой стаў сам Клімковіч, які разам з Петрусём Броўкам рэкамендаваў яго ў Саюз пісьменнікаў. Праз пяць гадоў убачыў свет другі зборнік вершаў - "Добрай раніцы". У сваім артыкуле "Паэзія, якая ратуе ад кулі і лагераў", надрукаваным у сакавіку 2018-га да 100-годдзя з дня нараджэння Пранузы, Васіль Дранько-Майсюк адзначаў: "Калі чытаеш яго першыя кнігі, то ўзнікае ўражанне, што жыве ён не ў сталінскую эпоху, а з паэтамі "ўзвышаўцамі" дзіньдзівірыць, натхнення набіраецца. А затым - бах! Складае незвычайны, фантазійны верш пра тое, як нямецкі "Тыгр" душыць Белавежскую пушчу (які кінематаграфічна-востры вобраз!), каб затым быць знішчаным нашай артылерыяй. Пасля гэтай па-казачнаму слаўнай перамогі:
Зялёнымі далонямі дубняк
Заапладыраваў,
а рэха не змаўкала.
Лось выскачыў
з абпаленых кустоў,
Спіну падставіў
сонечным праменням.
Не бачыў лес яшчэ такіх звяроў,
І лось глядзеў
на "Тыгра" са здзіўленнем".
("У Белавежскай пушчы").
Затым выйшлі кніжкі "У далёкім раёне", "Калі верыш", "Родныя мясціны", "Дзе вясны пачатак", "Ручаёк", "Вясновыя тэлеграмы" ды іншыя. Яны адрасаваліся як дарослым, так і дзецям.
Цягам нашага сяброўства Кузьміч часта звяртаўся ў сваіх творах менавіта да ваеннай тэмы. Яна ўвайшла ў ягоныя душу і сэрца разам з самім франтавым маршрутам - Курская дуга, вызваленне Беларусі і Польшчы, узяцце Берліна:
Не экскурсантам, а салдатам,
Абпаленым агнём баёў,
З гранатамі ды аўтаматам
На дах рэйхстага я ўзышоў.
Глядзеў на ўсход я ў задуменні,
Здалёку бачыў родны край:
Палеткі ў зелені вясенняй,
Свой Гомель, па-над Сожам гай.
Як самыя дарагія рэліквіі, ён зберагаў і захоўваў ордэны Славы III ступені і Айчыннай вайны II ступені, шматлікія медалі. А яшчэ - пажоўклыя ад часу выданні са сваімі надрукаванымі ў іх вершамі. Адна з армейскіх газет была прастрэлена варожай куляй… Аднойчы атрымаў ад Кузьмы Чорнага, які пражыў толькі 44 гады, газету "Савецкая Беларусь", дзе быў надрукаваны ягоны верш "Помста заве":
Нас цалавалі ад душы,
Аж шчокі пурпурам гарэлі,
Ішлі на рукі малышы,
Іх сагравалі мы ў шынелях.
Я рад - бязвусага мяне
Дзяўчынка ахрысціла - тата,
У сэрцы узмацніўся гнеў,
Расла свяшчэнная расплата.
Кузьма Чорны, які ўдзельнічаў у выданні газеты-плаката "Раздавім фашысцкую гадзіну" і працаваў над раманамі "Вялікі дзень", "Пошукі будучыні" і "Млечны Шлях", пісаў аўтару: "Дбайце аб чысціні роднай мовы. Жадаю вам хутчэй быць на роднай вызваленай зямлі". Прануза і сам меў дачыненне да сатырычнага выдання для партызанаў і насельніцтва, у якім друкаваўся.
Своеасаблівым водгукам на параду і пажаданне аднаго з найлепшых майстроў роднага слоаа стаў верш "Мова", радкі з якога я ў хуткім часе з дапамогай аўтара занатаваў:
Яе тапталі, засыпалі друзам,
Заложніцай трымалі пад замком,
Скарына заставаўся беларусам,
Быў Каліноўскі нашым маяком.
Яна жыла і сілы набірала,
Звінела непадкупнаю струной,
Яе люлялі Колас і Купала,
І Багдановіч заспяваў на ёй…
ГАНАРАР ГІЛЕВІЧА
Любоў да роднай мовы Ганаровы грамадзянін Нясвіжа Павел Кузьміч Прануза прывіваў усё сваё доўгае, на шчасце, жыццё, ён пражыў 88 гадоў, сваім удзячным вучням. Пасля вайны выкладаў спачатку ў Нясвіжскім педвучылішчы, а пасля - у Нясвіжскай сярэдняй школе № 3. За дасягненні ў плённай выхаваўчай працы атрымаў Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР.
АДНЫМ з першых, хто павіншаваў яго з гэтай узнагародай быў Ніл Гілевіч, з імем якога звязаны дзіўнацікавы выпадак у маёй журналісцкай практыцы. Калі б не Павел Кузьміч - не ведаю, чым бы ўсё для мяне ў выніку скончылася. А здарылася вось што. Да 60-годдзя першага на той момант, як ён сам лічыў, паэта Беларусі мне трэба было падрыхтаваць для газеты адпаведнае інтэрв'ю. На немалое здзіўленне, Ніл Сымонавіч адразу ж пагадзіўся: "Я ў гэтым плане нікому не адмаўляю, у тым ліку і паважанай мною газеце для вяскоўцаў. тым болей, як ведаеце, сам з вёскі. Прыходзьце з падрыхтаванымі пытаннямі праз два дні апоўдні да мяне дамоў". Гаварылі мы ў шыкоўнай кватэры майстра шмат пра што. У выніку нарадзілася размова пад назвай "Я прысягнуў на вернасць Беларусі", якую суразмоўца ўважліва, да апошняй кропкі, вычытаў і сказаў:
- Знакі прыпынку паўсюдна абавязкова пакіньце мае. І, пажадана, надрукаваць не ў сам дзень нараджэння, а дні за два-тры да яго. Прачытаюць, успомняць ды павіншуюць.
Я так і не зразумеў, ці то жартам гэта гаварылася, ці то ўсур'ёз... У рэшце матэрыял быў надрукаваны пад рубрыкай "Імёны" ў нумары "Белорусской нивы" за 28 верасня 1996-га - за два дні да юбілею, як і жадалася.
Я атрымаў адпаведны ганарар, і мы з Кузьмічом пачалі замочваць публікацыю, якая аказалася па выніках месяца ў ліку лепшых, проста ў маім працоўным кабінеце, што было тады звычайнай справай. Не паспелі з'есці і паловы першых бутэрбродаў, як у дзверы пастукалі. Спачатку звычайна, прывычна, затым настойлівей, а пасля зусім ужо настойліва! Нічога не заставалася, як хуценька ўсё схаваць ды адчыніць.
На парозе стаяў… узрушаны Ніл Сымонавіч:
- Я толькі што з вашай бухгалтэрыі, дзе вы падзелі мой ганарар?!
Ад нечаканасці Прануза ледзьве не падавіўся кавалачкам бутэрброда, а я аслупянеў - упершыню за ўвесь час працы па ганарар прыйшоў суразмоўца! Справа ў тым, што плаціць яму грошы - такой практыкі проста ніколі не было. Але я пачаў тлумачыць Гілевічу, што атрымаў усю суму адзін, каб з яе менш вылічылі, і гатовы аддаць яму палову вось прама цяпер. Але ён і слухаць ні пра што не хацеў:
- Які кабінет у рэдактара, пайду да яго разбірацца, я хачу распісацца ў ведамасці!
І тут свой выратавальны голас падаў Кузьміч, які літаральна ўпрасіў народнага паэта супакоіцца і мірна, па-сяброўску, вырашыць пытанне. Прапанаваў Гілевічу чарку, ад якой ён гэтак жа хутка, як і пагадзіўся на інтэрв'ю, адмовіўся - ціск, сэрца… Але ж, нікуды больш не пайшоў, вымавіў:
- Ну, дзякуйце Пранузу, я яго вельмі паважаю, - і развітаўся.
СУМЛЕННЕ МЕЛЕЖА
Мы працягвалі абедаць, потым вячэраць. Павел Кузьміч расказаў мне шмат невядомага пра свайго гомельскага сябра-земляка Івана Мележа. З першых дзён вайны будучы аўтар вядомай трылогіі апынуўся на фронце. Ваяваў пад Уманню, Нікалаевам, Сінельнікавам, Растовам, Лазавой. У адным з жорсткіх баёў 42-га быў моцна паранены, і на фронт болей не вярнуўся. На бальнічным ложку ў шпіталі Тбілісі напісаў верш "Мы ноччу пакідалі вёску":
Той ноччу, азірнуўшыся з пагорка
На вёску, што за намі, ў тую ціш,
Зазналі мы, як адступленне горка,
Як цяжка пераможаным ісці.
Мы йшлі, забыўшы голад,
ледзь ступалі,
Ад зморы, ад бяссілля, ад бяды.
І раненыя раны забывалі,
І не прасілі ласкі і вады.
- Звярні ўвагу, - казаў мне Кузьміч, прачытаўшы верш, - якая суровая ў гэтых радках праўда вайны, колькі ў іх болю, адчаю і жалю... .
Я тады прапанаваў былому франтавіку напісаць успаміны пра свайго слыннага земляка, на што ён пагадзіўся і зрабіў гэта ў выглядзе артыкула "Незвычайныя сустрэчы", прысвечанага 75-годдзю Івана Паўлавіча, які быў надрукаваны ў "Белорусской ниве" 7 лютага 1996-га, праз 20 гадоў пасля ягонай смерці, якая напаткала пісьменніка ў 55...
У пачатку лютага 1971-га Пранузу выклікалі тэлеграмай у Саюз пісьменнікаў.
- Калі я зайшоў у памяшканне, - распавядаў ён, - сакратарка паведаміла, што мяне жадае бачыць Іван Паўлавіч. Я зайшоў і пачуў:
- Вось і добра, што ты прыехаў з Нясвіжа. Мне хутка споўніцца палціннік. Вечарына адбудзецца ў рэстарацыі "Беларусь", і я цябе шчыра на яе запрашаю. Склікаю сваіх дарагіх землякоў, буду чакаць!
- На ўрачыстаць, - працягваў Кузьміч, - сышлося шмат пісьменнікаў, супрацоўнікаў газет і часопісаў. Кожны па-свойму віншаваў юбіляра, уручаў адмысловы падарунак. Крыху спазніўся Рыгор Барадулін. Ён хуценька ўбег у залу і накіраваўся да гаспадара "балю". На далоні паэта ганарова сядзеў новенькі лапаць, у якім красаваўся прыгожы чырвоны яблык. Імяніннік і прысутныя былі ўражаны і сустрэлі незвычайную імпрэзу працяглымі воплескамі.
Перад тым, як разыходзіцца, юбіляр паклікаў Хведара Жычку, Міколу Гамолку, мяне, Яна Скрыгана, Алега Лойку і прапанаваў паехаць на чыгуначны вакзал. Марозным світанкам мы былі ў Гомелі. Праз вокны вагона ўбачылі на пероне дзяўчат у беларускіх нацыянальных строях з букетамі кветак у руках. Цягнік прыпыніўся. Нягледзячы на ўсе ўгаворы, Мележ пакінуў вагон апошнім, чакаў, покуль атрымалі кветкі мы. Гасцінна сустрэлі імянінніка і землякі роднай вёскі Глінішча, і студэнты педінстытута, і супрацоўнікі абласнога тэлебачання.
Хутка сябры сустрэліся зноў, у Кактыбелі на пляжы. Мележ быў у захапленні ад надвор'я, клімату і цёплага мора. Але дзён праз пяць падышоў да Пранузы з сумна-ватым тварам і паказаў яму паперку:
- Вось глядзі, Паўлюк, Саюз пісьменнікаў просіць далучыцца да брыгады ў Сібір. Як ты думаеш, ці варта з маім здароўем ехаць?.. Да таго ж, тут са мной і жонка, і дачка.
Прануза не ведаў, што і адказаць. Але добра ведаў іншае: Мележ - чалавек абавязку, сумлення і вернасці сваім таварышам. Таму знаў, які выбар, незалежна ад яго адказу, зробіць Іван Паўлавіч.
- Разумееш, - сказаў ён ціха, - не магу, не маю я маральнага права ім адмовіць, - і яны развіталіся. А літаральна праз тыдзень Паўлюк убачыў у "Літаратурцы" здымак пісьменнікаў, сярод якіх быў і Мележ.
Па словах Пранузы, Іван Паўлавіч вельмі любіў моладзь, якая прыходзіла ў родную літаратуру. Калі ў Саюзе пісьменнікаў праходзіў сход, ён запрашаў да сябе ў кабінет паэтаў ці празаікаў з абласцей, у ліку якіх былі, да прыкладу, Аляксей Пысін, Васіль Матэвушаў, Міхась Данілёнак… Цікавіўся іх творчасцю і клопатамі, даваў пры неабходнасці парады, дапамагаў выйсці на выдавецтва ці часопіс.
Светлай памяці Івана Паўлавіча Паўлюк Прануза прысвяціў такія свае радкі:
Сцяжынкі. Дарогі. Дарогі.
Бацькоўскае поле. Лугі.
Цябе яны помняць малога.
Ты стаў ім навек дарагі.
Смуткуюць яліны, бярозы,
Што вабілі сілай, красой,
Сам бачыў: з іх капалі слёзы
Празрыстаю цяжкай расой.
Калыска Палесся люляла
Твае маладыя гады.
І чуў я, як Прыпяць рыдала,
Што болей не прыйдзеш сюды.
Не бачна балотных туманаў,
Над краем - празрыстая сінь.
Пачуеш прыгожае - Ганна
І звонка-густое - Васіль.
Ты ўзняўся высока ў аблокі,
Мы рады тваёй вышыні,
У нашыя сэрцы глыбока
Пусціў сваіх дум карані.
Многія маладыя празаікі і паэты выхоўваліся на творах Івана Мележа і Паўлюка Пранузы, якія засявалі душы беларусаў дабрынёй, спагадай і годнасцю, за што я выказваю ім ад нас усіх вялікую падзяку.
Ліфты новага пакалення "размаўляюць па-беларуску". Такія ўжо ўсталёўваюць у Лідзе
Вестка пра тое, што ў першым і другім пад'ездах дома № 79 па вуліцы Тухачэўскага ў Лідзе будуць мяняць ліфты, не вельмі ўзрадавала іх жыхароў: вертыкальны сродак перамяшчэння працаваць не будзе і пра адсутнасць камфортнай дастаўкі да кватэры давядзецца толькі марыць. Хоць гэта дзевяціпавярховік!
З нязручнасцямі давялося змірыцца. Работы доўжыліся больш за месяц, але зараз ужо ўсё ззаду. Надоечы ліфт запрацаваў, і новыя кабіны паслухмяна дастаўляюць пасажыраў на зададзеную вышыню. Кабіны сучасныя, вытворчасці "Магілёўліфтмаша", абсталяваны відэакамерамі, а таксама сістэмай "фоташторы" - сістэмай абароны ад зашчамлення, дзякуючы якой пры наяўнасці ў праёме пабочнага прадмета дзверы застаюцца адкрытымі. У машынах новага пакалення ўсталяваны датчыкі нагрузкі, якія аўтаматычна ўзважваюць пасажыраў, і ў выпадку перавышэння грузападымальнасці ліфт не кранецца з месца. А яшчэ сучасныя кабіны "гавораць" па-беларуску, аб'яўляючы жыхарам і іх гасцям паверх дастаўкі.
- Тэрмін эксплуатацыі новага ліфтавага абсталявання павялічаны і складае цяпер не 25 гадоў, як было раней, а 30 гадоў, - адзначае начальнік Лідскага ўчастка ААТ "Гродналіфт" Андрэй Велькашынскі. - Гэта дасягнута дзякуючы таму, што пачатак руху і прыпынак робяцца ў рэжыме тармажэння, адчыняюцца і зачыняюцца дзверы кабін таксама плаўна. Дадзеныя нюансы не толькі спрыяюць асцярожнай эксплуатацыі абсталявання, але і робяць рух пасажыраў больш бяспечным. Хуткасць жа руху ліфтавага абсталявання засталася ранейшай - 1 метр у секунду, так што прэтэнзіі жыхароў, што кабіны новага пакалення значна марудлівейшыя, не зусім абгрунтаваныя.
Трэба сказаць, што замена ліфтавага абсталявання - мерапрыемства не з танных. Адна кабіна каштуе парадку 40 тысяч беларускіх рублёў. Дэмантаж, мантаж і наладка абсталявання - яшчэ 15-20 тысяч. І тым не менш за 2016-2020 гады толькі ў Лідзе ў рамках падпраграмы "Бяспечны ліфт", якая ўваходзіць у Дзяржаўную праграму "Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе", было заменена 70 ліфтаў жылога фонду.
Заўважым, што Лідскі ўчастак ААТ "Гродналіфт" абслугоўвае шэсць раёнаў Гарадзенскай вобласці. Толькі ў нашым горадзе гэта амаль 350 ліфтаў. Геаграфічна тэрыторыя пралягае ад Мірскага замка (які, дарэчы, таксама абсталяваны вертыкальным пад'ёмна-транспартным прыстасаваннем) да мяжы з Літвой. І гэта не толькі жылы фонд, але і розныя адміністрацыйныя будынкі, лякарні, санаторыі. Пры гэтым варта ўлічыць, што колькасць абслугоўваных Лідскім участкам ААТ "Гродналіфт" грузапад'ёмных машын з кожным годам расце. Так, шэсць новых машын былі ўсталяваны, а зараз знаходзяцца на абслугоўванні дадзенай арганізацыі ў мікрараёне Поўнач г. Ліды, які яшчэ будуецца.
На наступны год у Лідзе запланавана замена яшчэ сямі ліфтаў, якія адслужылі 25-гадовф тэрмін службы.
Лілея Лапшына, lidanews.
Беларускі этнаграфічны слоўнік
У нашым штотыднёвіку ў 2017 годзе быў надрукаваны энгаграфічны тлумачальны слоўнік, складальнікам якога быў вядомы наш аўтар, этнограф Сымон Барыс. У гэтым месяцы ён надрукаваў яго асобнай кнігай, накладам усяго 30 кніг у прыватнай друкарні за ўласныя грошы. Як піша складальнік С. Барыс, той газетны слоўнік значна дапоўнены. На кнізе напісана, што рэцэнзентам слоўніка стаў А. І. Лакотка, доктар гістарычных навук, акадэмік.
Беларускі кароткі тлумачальны этнаграфічны слоўнік складзены аўтарам на аснове сабраных ім дыялектных запісаў падчас работы ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і быту, вывучэння ім побыту сялян ХІХ і ХХ стагоддзяў, этнаграфічных кніг і тлумачальных слоўнікаў. Для сучаснікаў, асабліва ў гарадах, шмат слоў з гэтага слоўніка зусім незразумелыя. Пасля дыялектнага слова ў дужках курсівам напісаны рускі адпаведнік гэтага паняцця. Некаторыя тэрміны матэрыяльнай і духоўнай культуры праілюстраваны фотаздымкамі або малюнкамі. Слоўнік (у ім каля 3600 паняццяў) спатрэбіцца супрацоўнікам музеяў, навукоўцам і настаўнікам у школе.
Барыс, С. В. Беларускі этнаграфічны тлумачальны слоўнік / Сымон Барыс. - Мінск : Зміцер Колас, 2021. - 218 с.
Наш кар.
Роздум над раманамі і аповесцямі Міхася Зарэцкага
Паглыбіцца ва ўнутраны свет Міхася Зарэцкага з нагоды 120-годдзя з дня яго народзінаў, перагартаць старонкі яго кніг, пазнаёміцца з даследчыкамі яго творчасці стала магчымым падчас круглага стала ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
У падзеі ўзялі ўдзел выкладчыкі ВНУ, пісьменнікі, працаўнікі архіваў і бібліятэк: доктар філалагічных навук, прафесар Алена Белая з Баранавіцкага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук Ігар Шаладонаў, літаратуразнавец і паэт Віктар Жыбуль, мастак і выдавец, дырэктар выдавецтва "Галіафы" Зміцер Вішнёў.
У цэнтры ўвагі быў лёс творцы і яго сям'і, яго погляды і мастацка-эстэтычная канцэпцыя. Як пісьменнік, які атрымаў духоўную адукацыю, зашыфраваў на старонках кніг сімвалы і спасылкі да духоўных прац, разважала ў сваім паведамленні "Адметнасць паэтыкі тайнапісу ў творах Міхася Зарэцкага" прафесар Алена Белая.
Дыскусія была цікавай дзякуючы выступленням арганізатараў і ўдзельнікаў праекта "На хвалі часу, у плыні жыцця", прысвечанага100-годдзю "Маладняка" Таццяны Анатольеўны Лаўрык і Юліі Амосавай. Усіх заахвочваў звярнуцца да спадчыны яркай асобы ў гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, якім быў Міхась Зарэцкі, спадар Алесь Суша.
На выставе былі прадстаўлены выданні Міхася Зарэцкага - раман "Вязьмо", апавяданні "Пела вясна", "Сцежкі-дарожкі", "У віры жыцця". Можна было пазнаёміцца з працамі літаратурных даследчыкаў Міхася Мушынскага і Анатоля Майсеенкі, прысвечанымі Міхасю Зарэцкаму.
Пра папулярызацыю творчасці М. Зарэцкага распавяла прадстаўніца Шклоўскай раённай бібліятэкі Марына Цімашэнка. Пасля пэўнага гістарычнага перапынку школьнікі цяпер вывучаюць яго творчасць ў 10-тым класе і адкрываюць яго для сябе.
У працы круглага стала, прысвечанага 120-годдзю Міхася Зарэцкага, прыняла ўдзел дачка літаратурнага даследчыка Анатоля Фядосавіча Майсеенкі Алена Майсеенка.
- Мой бацька, выкладчык Мінскага інстытута культуры ( БДУКiМ) быў адным з першых у савецкія часы, хто пачаў вывучаць творчасць Міхася Зарэцкага.
У тыя часы панаваў сацыялістычны рэалізм і светапогляд, і мала хто адважваўся займацца рэпрэсаванымі пісьменнікамі. Бацька сустракаўся з жонкай пісьменніка Марыяй Касянковай.
У 1971 годзе Анатоль Фядосавіч абараніў кандыдацкую дысертацыю і пазней выдаў кнігу пра літаратара "Міхась Зарэцкі. Станаўленне таленту" (1978). У сваёй манаграфіі ён заўважаў метафарычнасць і рытміку аўтарскай мовы Міхася Зарэцкага, якая была вельмі эмацыянальнай, поўнай рамантычна-ўзнёслага лірызму, багатай інверсіямі, увасабленнямі і сімволікай. Адзначаў блізкасць яго прозы да твораў К. Чорнага, Ц. Гартнага, Я. Коласа і М. Чарота.
У нашай сям'і мы сабралі вершы нашага бацькі і выдалі іх асобным зборнікам пад назвай "Роздум".
Э. Дзвінская, фота аўтара.
Як бачаць і разумеюць сітуацыю з мігрантамі немцы
Навіны Германіі
Уцекачы, якія сабраліся на беларуска-польскай мяжы, называюць канчатковай мэтай свайго падарожжа ФРГ. У самой Германіі таксама шмат гавораць пра падзеі, якія разгортваюцца на ўсходніх межах ЕС - абмяркоўваюць гэта і палітыкі, і абывацелі.
Стаўленне немцаў да драмы, сведкамі якой стаў у апошнія тыдні ўвесь свет, вызначаецца траўмай, якую іх краіна перажыла 6 гадоў назад. Тады гэта адчувалася катастрофай, але, да шчасця, ёй не стала. Што ж бачаць і як разумеюць падзеі на цывілізацыйных межах немцы?
На дварэ толькі лістапад, а Германія ўжо патроху апускаецца ў шчаслівую перадкалядную мітусню: на вуліцах і плошчах гарадоў разгортваюцца святочныя кірмашы, ставяцца ўпрыгожаныя гірляндамі батлейкі, паўсюдна фланіруюць павольныя натоўпы - людзі чакаюць святочных цудаў і чароўнага збавення ад абрыдлай жыццёвай руціны. Пра міграцыйны крызіс на Усходзе тут ведаюць і памятаюць, але ён сапраўды не праходзіць па разрадзе самых галоўных навін.
З палітыкамі ўсё ясна: яны канчаткова вызначылі міграцыйны крызіс як гібрыдную вайну, якую абвясціў Еўрасаюзу ці то Менск, ці то Масква - і ніякіх змен у рыторыцы, падыходах, палітычнай стратэгіі тут пакуль не відаць.
З грамадзянамі справы ідуць інакш. Немцы даволі спакойна ставяцца да таго, што ў іх краіну масава прыбываюць уцекачы з Азіі і Афрыкі. Пра гэта сведчаць вынікі апошніх парламенцкіх выбараў: адзіная мясцовая цвёрда антыімігранцкая партыя "Альтэрнатыва для Германіі" набрала ў верасні 10 %, страціўшы праз чатыры гады каля мільёна галасоў і 11 дэпутацкіх мандатаў. Астатнія палітсілы, хоць і супраць некантраляванай міграцыі, але, калі перасяленню народаў вызначыць берагі і рамкі, цалкам гатовыя такое перасяленне падтрымаць. Сярод абывацеляў даволі масавай з'яўляецца сімпатыя да бяздольных, да людзей, якія шукаюць выратавання ад ваенных бедстваў і гуманітарных катастроф. Муніцыпалітэты многіх буйных і малых гарадоў дэкларуюць гатоўнасць прыняць уцекачоў - хутка, без бюракратычных зацяжак, у адпаведнасці з квотамі ці нават звыш такіх: пра гэта ўжо заявілі ўлады Мюнхена, Кёльна, Фрайбурга, Гетынгена, Гісена. У падтрымку адкрыцця меж для курдаў, якія захраслі на польскіх межах, праводзяцца адзінкавыя пікеты, студэнцкія мітынгі, шматлюдныя маніфестацыі.
Гуманітарныя арганізацыі на ўсю моц збіраюць для ўцекачоў адзежу і ежу, дзецям рыхтуюць цацкі, для ўсіх без разбору ўзросту і полу - медыцынскі догляд і цёплае жыллё. Нават перавозку да новага месца жыхарства актывісты гатовыя ўзяць на сябе, не абцяжарваючы гэтым федэральны бюджэт.
Тарык Алаўс, актывіст арганізацыі Seebrucke Deutschland (Германія):
- Я не здзіўлюся, калі ўрад не дазволіць нам даставіць мігрантаў у Германію на аўтобусе. Гэта будзе адпавядаць прынцыпам цвёрдай палітыкі абмежавання міграцыі, якой Еўропа прытрымлівалася шмат гадоў. Але, мне здаецца, у Ангелы Меркель пад канец палітычнай кар'еры з'явілася магчымасць зрабіць выключны гуманістычны палітычны жэст.
Уласна, досвед уцякацкага патопу, які здарыўся ў 2015-м, моцна паўплываў на стаўленне немцаў да цяперашніх калізій. Тады, як вядома, Ангела Меркель прамовіла: "Мы справімся!" - і гэта дало старт нападу на Еўропу адразу з многіх кірункаў мільёнаў азіятаў і афрыканцаў. Нават высокапастаўленыя службоўцы ўспамінаюць, што іх не пакідала тады адчуванне непазбежнай катастрофы: тагачасны кіраўнік МУС дэ Мез'ер кажа, што сітуацыя нярэдка выходзіла з-пад кантролю, а вышэйшыя службоўцы ў Германіі вельмі асцярожныя ў словах. У першы год быў пададзены мільён заяў пра прытулак, у наступным годзе - 750 тысяч. Паміж немцамі і новапрыбылымі была культурная прорва, што не магло не прывесці да канфліктаў: паліцыя зафіксавала 76 падпалаў у гарадках для перамешчаных асобаў. Але больш за ўсё палохаў дзень не сённяшні, а заўтрашні - якое прымяненне знайсці мільёнам уцекачоў:
Рэпартаж Deutsche Welle. 2015 г.: "Па падліках Інстытута германскай эканомікі, Германія выдаткуе на ўтрыманне ўцекачоў да 50 млрд еўра. А ў 2017-м урад нават вымушаны быў залезці ў пазыкі, па меркаванні міністра эканомікі Шойбле. А вось потым эканоміка краіны можа нават выйграць ад прытоку ўцекачоў: яны маглі б працаваць у сферы догляду за састарэлымі".
Наўрад ці гэта гаварылася сур'ёзна - пра некалькі мільёнаў санітараў і санітарак. Але на кожнага ўцекача штомесяц даводзілася выдзяляць па 360 еўра, неабходна было адшукаць па 6 квадратных метраў на кожную новапрыбылую душу… А перспектывы інтэграцыі былі прывідныя - сярод уцекачоў досыць было тых, якія ваявалі, галадалі, гадамі не працавалі, паколькі якая можа быць праца ў пекле: вось толькі кваліфікаваных спецыялістаў практычна не было. І, дарэчы, дагэтуль праблема прафадукацыі мігрантаў не вырашана. Але, у любым выпадку, катастрофы не адбылося: у 15-16 гадах злачыннасць вырасла адсоткаў на 5-7, але затым звалілася ніжэй дакрызісных паказчыкаў. Выдаткі бюджэту на перасяленцаў змяншаюцца: з 9 мільярдаў пяць гадоў назад, да 4 з паловай летась. Германія, хоць і не канчаткова, пераварыла новапрыбылых.
Тым не менш, Берлін адхіліў прапанову Менска забраць 2000 мігрантаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта заявіў прадстаўнік урада Германіі, піша Deutsche Welle.
Паводле Алега Раманава.
Адзінокаму патрабуецца пакой. 2 частка
Гісторыя Магілёўшчыны
Як і ў любыя часы вельмі актуальнае было жыллёвае пытанне. І таму звычайнай з'явай былі абвесткі аб абмене і продажы кватэр, дамоў, або асобных пакояў: "Прадаецца дом, размерам 18 на 18 і с-рай. Звяртацца па адрасу: Магілёўскі раён, Амхаўскі сел. совет, вёска Быстрык, да Пухоўскага Ф", "Мяняю сонечны пакой 16 кв. метр. у раёне шоўкавай фабрыкі на пакой ці кватэру ў горадзе. Аплачу рамонт, перавозку. За даведкамі звяртацца з 7 гадзін вечара па тэлефону 89 - 51", "ПРАДАЕЦЦА ДОМ з надворнымі пабудовамі. Звяртацца: чыгуначны пасёлак № 6 (станцыя Магілеў І) да Вайтаніса з 4 да 8 гадзін вечара". І самая лаканічная інфармацыя: "Адзінокаму патрэбен пакой. Званіць па тэл. 86 - 83".
Адным з самых улюбёных месцаў для адпачынку гараджан быў кінатэатар "Чырвоная зорка", дзе паказвалі фільмы адпаведныя духу той няпростай эпохі: "Шел солдат с фронта", новы гукавы гісторыка - рэвалюцыйны фільм "ЛЕНИН в 1918 году" у якім па прычыне вялікага метража пачатак сеансаў адбываўся - першага роўна ў 4 гадзіны дня, другога ў 6 гадзін, трэцяга ў 8 гадзін 40 хвілін і чацвёртага ў адзіннацаць гадзін, гукавы мастацкі фільм "МЯДЗВЕДЗЬ" па Чэхаву, а звыш праграмы новы гукавы фільм "ПА АБХАЗІІ".
Магілёўскі драматычны тэатр прымаў у свае сцены ударнікаў сацыялістычнага будаўніцтва і тэатральныя калектывы, якія завіталі да нас на гатролі: "Гастролі Дзяржаўнага Яўрэйскага тэатра БССР (памяшканне гортэатра) 21, 22 і 24 красавіка СУЛАМІФЬ (музычная легенда ў 3 актах, 6 карцінах). 23, 26 красавіка ТЭЎЕ дер МІЛХІКЕР п'еса ў 4 актах, 8 карцінах. Папярэдні продаж білетаў у касе тэатра з 12 да 14 гадзін і з 17 да 21 г. Арганізацыі, закупіўшыя пастаянныя месцы, атрымліваюць білеты штодзённа з 12 да 14 гадзін і з 17 да 21 гадзіны". А ў раздзеле "Паведамленні" чытаем наступнае: "Магілеўскі гарком КП(б)Б і горсовет склікаюць злёт стаханаўцаў-будаўнікоў, які адбудзецца 11 красавіка г.г. роўна ў 6 гадзін вечара ў гарадскім тэатры. Сакратарам пярвічных партарганізацый білеты атрымаць у ГК КП(б)Б, пакой № 5. ГАРКОМ КП(б)Б, ГОРСОВЕТ."
Грунтоўна адбывалася ў нашым горадзе падрыхтоўка да дзяржаўных святаў. Да першага мая краязнаўчы музей штодзённа праводзіў кансультацыі па пытаннях афармлення калон і памяшканняў. Калі будынкі ўпрыгожвалі ілюмінацыяй, то ў такім разе неабходна было падаваць адпаведныя заяўкі ў Энергазбыт: "Магілёўскае аддзяленне Энергазбта БЭК даводзіць да ведама прадпрыемстваў і ўстаноў, што заяўкі на ІЛЮМІНАЦЫЙНЫЯ ўстаноўкі да першамайскіх свят павінны быць пададзены не пазней 28 красавіка. Пасля ўказанага тэрміну ніякія заяўкі прымацца не будуць. Усе далучаныя без дазволу электраўстаноўкі будуць разглядацца як самавольна ўключаныя і будуць адключаны, а віноўныя ў самавольным уключэнні - аштрафаваны. У заяўках павінна быць указана: 1. Патрабуемая магутнасць; 2. Учот выдаткавання электраэнергіі на ілюмінацыі; 3. Час уключэння ілюмінацыі; 4. Напружанасць…".
Досыць незвычайным па сённяшнім часе сродкам прапаноўвалі рабіць прышчэпкі ад некаторых хвароб: "Магілеўскім горздравам і санітарнай станцыяй з 20 красавіка будуць праводзіцца па гор. Магілеву ПРЫШЧЭПКІ супроць ДЫЗЕНТЭРЫІ шляхам раздачы таблетак усім грамадзянам, якія жывуць па Першамайскай, Ленінскай, вул. Шмідта, В. Грамадзянскай і некаторых іншых вуліцах. Раздача таблетак будзе праводзіцца з 5 гадзін раніцы, таблеткі прымаюцца нашча. Просьба да ўсіх грамадзян аказваць садзеянне работнікам праводзячым прышчэпкі. Магілеўская санітарная станцыя."
Аматарам прыгожых раслін газета "Комунар Магілеўшчыны" падкажа, куды трэба звяртацца: "Да ведама калгасаў, калгаснікаў і ўстаноў. У Баркалабаўскім лясніцтве ёсць у продажы ДЭКАРАТЫЎНЫЯ ДРЭВЫ, як-та: клён, белая акацыя, сірэнь. Звяртацца па адрасу: Баркалабаўскае лясніцтва, кардон Ходучыцы. Быхаўскі лесгас."
Для тых, хто збіраўся атрымаць сярэднюю і вышэйшую адукацыю, набыць прафесію, або павысіць сваю кваліфікацыю газета ў гэтай справе была вельмі карысным дарадцай па адпаведнай інфармацыі. Свае прапановы тут друкавалі навучальныя ўстановы Магілёва, Магілёўскай вобласці і нават Масквы і Ленінграда. Будучыя музыкі чыталі наступнае: "Магілеўская дзіцячая музычная школа імені Н.А. РЫМСКАГА-КОРСАКАВА (Ленінская 78/11), тэл. 83-09) абвяшчае ПРЫЁМ ВУЧНЯЎ на 1939 - 1940 навучальны год. Прыём заяў вытвараецца з 10 мая да 25 жніўня 1939 г. Аддзелы: аркестровы (скрыпка, альт, віяланчэль, флейта, кларнет, габой, валторна, труба, трамбон); фортэп'янны; народных інструментаў (домра, мандаліна, балалайка); дашкольны: для 7-гадовых дзяцей. На працягу мая і чэрвеня ў школе даюцца кансультацыі па пытаннях выбару інструментаў. Прыёмныя іспыты адбудуцца з 25 па 28жніўня. Пачатак заняткаў - 1 верасня. Увага: Дзеці, маючыя музычную падрыхтоўку, могуць быць дапушчаны да прыёмных іспытаў з 15 мая па 10 чэрвеня". Маладых пісьменнікаў таксама ў нас навучалі: "12 красавіка, у 12 гадзін дня, у рэдакцыі газеты "Комунар Магілеўшчыны" (пакой № 9) адбудзецца літаратурная кансультацыя для пачынаючых пісьменнікаў. На кансультацыі будзе прачытан даклад аб творчасці Маякоўскага. Чытае даклад дацэнт магілеўскага педінстытута тав. Ульрых. РЭДАКЦЫЯ "К.М.". А рэдакцыя газеты ў той час, дарэчы, была па адрасе вуліца Міронава 27. г.зн. у будынку сучаснага музея П. Масленікава.
Для тых, хто хоча стаць медыцынскім супрацоўнікам, таксама ёсць прапановы. Народны Камісарыят Аховы Здароўя БССР запрашае набыць спецыяльнасць медсупрацоўніка: "Магілеўская двухгадовая школа МЕДСЯСЦЁР аб'яўляе НАБОР на наступныя курсы: 1. Медычных сясцёр - тэрмін навучання 10 месяцаў. 2. Ясельных сясцёр - тэрмін навучання 10 месяцаў. 3. Патранажных сясцёр - тэрмін навучання 7 месяцаў…".
Таксама друкаваліся абвесткі Магілёўскага і Гомельскага педінстытутаў. Пры паступленні на першы курс завочнага навучання Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута на гістарычны, геаграфічны і літаратурныя факультэты былі адпаведныя патрабаванні: "Паступаючыя прадстаўляюць наступныя дакументы: заяву на імя дырэктара з указаннем факультэта, падрабязную аўтабіяграфію, атэстат аб сканчэнні сярэдняй навучальнай установы (у подлінніку), чатыры завераныя фотакарткі, выпіску з пастановы атэстацыйнай камісіі, завераную РАНА (для настаўнікаў, якія прайшлі атэстацыю). Прыём заяў вытвараецца з 1 красавіка па 25 чэрвеня ўключна. Прыём іспытаў з 25 чэрвеня па 10 ліпеня. Пасля указаных тэрмінаў прыём заяў і іспытаў не вытвараецца. Падрабязныя правілы прыёму высылаюцца па патрабаванню. Заявы падаваць па адрасу: Магілеў, Ленінская 35, завочны сектар педінстытута. ДЫРЭКЦЫЯ". Той, хто хацеў набыць будаўнічую прафесію, мог запісацца на трохмесячныя курсы "каменшчыкаў, штукатураў, кровельшчыкаў, сталяроў, плотнікаў", а таксама і на шасцімесячныя курсы слесараў па сантэхніцы.
Для будучых ваенных таксама былі прапановы… "Ленінградскае Ваенна-Медыцынскае вучылішча РСЧА адкрыла прыём заяў на І курс. Іспыты будуць вытварацца з 15 ліпеня. Вучылішча рыхтуе ваенфельчараў. Тэрмін абучэння 2 гады. Маскоўскае Ваенна-Інжынернае вучылішча аб'яўляе прыём на 1939-40 вучэбны год. Скончыўшым вучылішча прысвойваецца званне лейтэнанта інжынерных войск РСЧА. У вучылішча прымаюцца "асобы мужчынскага пола" ва ўзросце ад 17 да 23 год". Для тых, каму неабходны фатаздымак або партрэт, то гэта можна было зрабіць без праблем у фотамайстэрнях Магілёва і ў іншых гарадах вобласці: "Магілеўская фотаарцель "Чырвоны светапіс" заключае дагаворы з навучальнымі ўстановамі горада і вобласці НА ВЫТВАРЭННЕ ГРУПАВЫХ ЗДЫМКАЎ. Якасць і своечасовае выкананне заказаў гарантуюцца. Нашы аддзяленні: Магілеў, Ленінская, 34, тэл. 93 - 45; Першамайская, 26, тэл. 93 - 46; в. Ульянава - Крупскай, 17-а, а таксама ў гарадах Шклове і Чэрыкаве. Па выкліку ў іншыя гарады вобласці высылаем кваліфікаваных спецыялістаў. Жывапісная майстэрня арцелі прымае заказы на ізгатаўленне розных мастацкіх масляных партрэтаў на палатне, вывесак, сцягоў і інш. Арцелі патрабуюцца на работу спецыялісты-фатографы і жывапісцы для работы ў Магілёве і раёнах". Можна было зарабіць на зборы і вырошчванні садавіны, гародніны і зёлак. Рогі і капыты таксама каштавалі пэўных грошай: "Усе райзагі і сельпо Магілеўскай вобласці ЗАГАТАЎЛЯЮЦЬ: брусніку, розныя грыбы (сушаныя і свежыя), лікаподзій (дзераза), гуркі, раннюю бульбу, вішні, слівы, скуры розных выглядаў, уцільсыравіну: капыты, рогі, косці, жалезалом, каляровы металлом. Пух, пяро, пушніну, мехсыравіну, шэрсць-лінку, мёд, воск. І інш. Магілеўскі абласны спажывецкі саюз."
Акрамя таго вам у газеце абавязкова нагадаюць, што трэба тэрмінова здаць кнігі ў "Магілеўскую гарадскую бібліятэку імені Карла Маркса" і ў "Магілеўскую яўрэйскую бібліятэку імя Пераца", падкажуць, як выправіць самы дрэнны почырк, паведамяць, што "У памяшканні канферэнц-залы Магілеўскай соўбальніцы адбудзецца НАВУКОВАЯ КАНФЕРЭНЦЫЯ ЎРАЧОЎ", на якой доктары Гольдберг і Легянчэнка зробяць даклад. Прычым вы будзеце прыемна здзіўлены тым, што на гэтую канферэнцыю яўка ўсіх ўрачоў абавязковая і пачынаецца яна … у 9 гадзін вечара. Адкрыццём для вас стане наступная інфармацыя: "На падставе прыгавору народнага суда 1 участка гор. Магілева грам. Ерузалімчык Е.С. абвяшчаецца грамадскае ганьбаванне за нанясенне знявагі гр-ну Каганеру". Адпаведнага зместу абвесткі былі даволі частыя.
З радасцю для сябе адкрыеце, што набыць "торты, бісквіты, пірожныя ўсіх гатункаў, пячэнне, пончыкі, тэйгель, мядовыя пранікі, розную здобу, какао, каву, чай, малако, смятану, "зліўкі", марожанае, шакалад" і шмат яшчэ чаго іншага смачнага можна ў новым кафэ "Магілеўскага аддзела грамадскага харчавання" па вуліцы Першамайскай, дом 8. Прычым, кафэ працавала з 8 гадзін раніцы да 12 гадзін ночы. Для ўладальнікаў ровара будзе карысным даведацца пра ўмовы атрымання….нумарных знакаў: "Да ведама ўсіх велатрымацеляў г. Магілева і раёна. МАГІЛЕЎСКІ РАЙДОРАДДЗЕЛ (Першамайская, 71, трэці паверх, тэлефон № 83 - 28) з 15 красавіка пачынае выдачу нумарных знакаў к веласіпедам на 1939 год. Для атрымання нумарнога знака неабходна прад'явіць квітанцыю па аплаце падатку…".
Газета "Комунар Магілеўшчыны" за 1939 год з'яўляецца каштоўнай крыніцай інфармацыі па гісторыі Магілёўшчыныі. На жаль, у нашым Партархіве маюцца далёка не ўсе тагачасныя нумары. Нашым гісторыкам і даследчыкам у будучым давядзецца прыкласці многа намаганняў па пошуку, вывучэнні і перавыданні гэтай цікавай газеты.
Алег Дзьячкоў. Магілёў.
Разьбяр Святла
…Мінулай восенню яму споўнілася б 95 гадоў … лёс наканаваў яму нарадзіцца ў трагічны дзень/ноч гісторыі Беларусі…. У в. Боркі ў 1937 трагічная ноч была і свая…
Алесь Ліпень (30.10.1925-30.05.2006) нарадзіўся 30 кастрычніка 1925 года ў в. Боркі Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці, каляч станцыі Ясень і вёскі Глуша - радзімы Алеся Адамовіча. Бацька Ясь (Ян) 1890 года нараджэння, працаваў у гаспадара Малішэўскага, пасля І Сусветнай вайны з войска прывёз зінгераўскую швейную машынку, гармонік і фотаздымак вайсковых музыкаў, дзе служыў. Пазней, у 1937 годзе гэты здымак паслужыць адным з доказаў яго віны. Усяго ў дзеда было 7 дзяцей - 4 браты і 3 сястры, ужо іх дзеці лічылі сябе беларусамі-католікамі. Былі "рукастымі", будаўнікі, цесляры, кавалі. Браты пабудавалі абшарніку дом, і ён ім выдзеліў кожнаму зямлю і лес для будаўніцтва хатаў. Па ўспамінах Алеся Ліпеня ў 30-я гады да іх у вёску прыехалі "самыя бедныя" і забралі ў суседзяў Малішэўскіх і сваякоў Ждановічаў усё, што ім спадабалася, хто супраціўляўся, білі, арыштоўвалі. Гэта былі пяцідзесятнікі (50 тысяч салдат і матросаў, якіх Савецкая ўлада паслала ваяваць з людзьмі сваёй зямлі, як піша Алесь Ліпень), арыштаваным дазвалялі ўзяць у Сібір 50 кілаграмаў самага неабходнага. Сям'ю Ліпеняў не раскулачвалі ў 1930, бо і зямлі яны фактына не мелі. У 1937 годзе было па-іншаму. За адну ноч, як піша Данута Бічэль у кнізе "Хадзі на мой голас" пра Алеся Ліпеня, забралі 12 мужчынаў. Гэта з адной вёскі, і гэта была не інтэлігенцыя, з якой змагаліся "швондзеры і шарыкавы". Жонка Аляксандра Ліпеня кажа, што брата Браніслава і яго суседа арыштавалі проста ў час працы ў полі. Па бацьку прыйшлі ў будзёнаўках са штыкамі каля 23.00 у хату проста для вобшуку, каб нешта знайсці крамольнае на іх недасведчаны розум. Ян Ліпень думаў, што ў турме з яго рукамі таксама не прападзе, але, відаць, падпісаў пасля здзекаў нейкія паперы, і яго расстралялі. Падставы былі дзікунскія, у хаце знайшлі падручнік на польскай мове з менскай школы, дзе вучылася пляменніца, а напісалі ў пратаколе: "На замежнай мове літаратура" (значыць шпіён). Шукалі любую нагоду для арышту і запалохвання чалавека. Каб не падпісаў дакументы, маглі проста закатаваць ці зрабіць інвалідам. Быў такі выбар. Вярнуліся двое ці трое з вёскі, каб дома памерці ад пабояў у турме. Не вярнуўся бацька Аляксандра Ян Ліпень, яго брат і дзядзька, а таксама браты Пракаповічы па матулі. Стрыечнаму дзядзьку Аляксандра Ліпеня, лётчыку Іосіфу Пракаповічу заціскалі пальцы ў дзвярах, каб прызнаўся, што хацеў падарваць Крэмль, а ён у Маскве ніколі не быў. З 40 двароў у Сібір вывезлі 14, дадому вярнулася толькі адна сям'я. Калі ў Гародні Алеся Ліпеня прасілі сябры расказаць пра дзяцінства, то ён не вельмі любіў узгадваць тыя кашмары, гэта было неяк балюча, бо замест застрэленага камуністамі бацькі у 11-12 гадовым узросце давялося ўсю гаспадарку і вялікую сям'ю самому трымаць, было не соладка жыць, араў і баранаваў, усім дапамагаў, бо быў адзіны мужчына на плячах якога была матуля, сястра, бабуля з прыёмнымі сіротамі і трое прыёмных сірот. Вёска Боркі - гэта выдатны прыклад міласэрнасці таго часу да сірот пасля забойстваў нелюдзямі іх бацькоў, тут захавалася радзінна-вясковая салідарнасць. Гісторыя вёскі Боркі, як казала потым жонка Алеся Ліпеня, гэта як гісторыя усёй нашай шматпакутнай краіны. У 1938/1939 гг., калі ў школе прынялі ўсіх дзяцей у піянеры, то завуч Суліма падышоў да Алеся і іншых сіротаў і сказаў здымаць піянерскія гальштукі, бо тут не месца для "ворагаў народа". Пасля такой правакацыі завуча ў хлопцаў некаторыя дзеці пачалі кідаць камяні і палкі, і яны вымушана схаваліся ў лесе. Разрульваў сітуацыю дырэктар, калі дзеці не вярнуліся ў школу. Таму Алесь вырашыў перайсці ў школу в. Глуша, і там было больш бяспечна, там быў сваяк у пажарнай камандзе, які дамагаў хлебам. У вёсках былі праблемы з хлебам, часам з вечара каля хлебапякарняў займалі чэргі. Да саветаў гэтага не было. Хутка прыйшла новая навала, ужо з Захаду - нямецкія фашысты. Але, праз тыдзень пасля пачатку вайны немцы калонай байкераў прыехалі, папілі вады са студні і паехалі далей. Ужо потым, каля хаты была нямецкая камендатура, у вёсцы размяшчалася нейкая нямецкая гаспадарчая частка, там былі і салдаты - інваліды, якія нашкодзілі сабе фізічна, каб не ісці на вайну. Немцы раздалі ўсё калгаснае дабро людзям. І людзі, як маглі, працавалі збольшага на сябе. Жонка Аляксандра кажа, што ў войска Алесь трапіў, калі прыйшлі саветы, роўна праз 3 гады пасля пачатку вайны. Шэсць гадоў ён быў у савецкім войску (1944-1950), у Германіі з двума салдатамі трое сутак ахоўваў мост, афіцэры пра іх забыліся… калі ўспомнілі, то далі 10 сутак адпачынку. Калі на кухні пачаліся недахопы харчавання і салдаты абурыліся, то камандзір зшыхтаваўшы ўсіх на пляцы запытаў: " Хто са служывых беларусы?" Алесь і яшчэ некалькі чалавек прызналіся, хто яны (беларусаў лічылі, як казала жонка Алеся, найбольш чэснымі і прыстойнымі), і беларусы пайшлі ўсе працаваць на кухню, напруга з харчаваннем у вайсковай частцы была знята. Праўда, звання ветэрана вайны і нейкіх ільготаў так і не атрымаў. З радасцю ехаў на дахах вагонаў з Германіі ў час 10 суткавага адпачынку дахаты, але ў хаце Алеся папярэдзіў сумленны беларускі настаўнік аб тым, што Віця Бунь панёс у сельсавет данос пра вяртанне дадому сына "ворага народа". Алесь Ліпень паехаў назад у вайсковую частку, каб не забралі ў турму. Дамоў з войска вярнуўся толькі напрыканцы 1950 года. Паступіць у рамесную вучэльню ці мастацкую ён не мог, зноў жа як сын "ворага народа". У "ФЗО" Бабруйска спрабаваў, але ў час медагляду прыляцеў нейкі звар'яцелы ідэолаг і за руку выкінуў голага Алеся на мароз, добра, што ў другой руцэ было адзенне. Ці дараваў ён гэтыя маральна-псіхалагічныя здзекі ўладу трымаўшым невукам? Знешне гэта не было, канешне, відаць, але ў душы накіп акумуляваўся. Пазней, калі вядомыя мастакі ўбачылі яго мастацкія творы, у прыватнасці Алег Бембель, прапаноўвалі вучыцца ў інстытуце, Заір Азгур казаў, каб толькі сачыненне напісаў на "3" і мы прымем, але было запозна, трэба было карміць ужо сваіх дзяцей, і жонка не вельмі гэтаму спрыяла. Колькі прыніжэнняў, страху ў жыцці давялося перажыць, каб стаць асобай, якую нарэшце пачалі паважаць…
… Дома даведаўся, што ў Гародні працуе сваяк, напісаў ліст яму і прыехаў у Гародню, бо адчуваў, што спакою на малой радзіме не будзе. Уладкаваўся на працу на электрастанцыю машыністам турбіны, працаваў майстрам, старэйшым майстрам. Завочна вучыўся ў школе працоўнай моладзі, потым у Маладзечанскім тэхнікуме. Купіў фарбы і хадзіў на бераг Нёмана маляваць пейзажы. Бацька-Нёман стаў яму родным. Прыродная здольнасць добра маляваць праявілася яшчэ ў пачатковай школе, калі за малюнак Леніна на дошцы ў час праверкі РАНА калгас яму купіў новую шапку. Таму адзін з журналістаў свой артыкул пра Алеся Ліпеня так і назваў "Усё пачалося з шапкі". У войску маляваў салдатам па фотаздымках дзяўчат, рабіў насценную газету, а ў Гародні за афармленнне стэндаў пасля работы выдзелілі пакой. Але, каб хутка не ажаніўся, то маглі б пакой забраць. Жонку ўзяў са сваёй вёскі, шлюб удзяліў ім біскуп Аляксандр Кашкевіч. Алесь і Альгерда выпадкова сустрэліся на Гарадзеншчыне, яна толькі скончыла кааператыўны тэхнікум, пасябравалі, потым хутка і распісаліся, шлюбная ўстанова была там, дзе зараз кінатэатр "Чырвоная зорка". У 1953 годзе нарадзілася старэйшая дачка. "Гарадзенскі перыяд" быў самы доўгі і цікавы. Менавіта ў Гародні Алесь Ліпень здабыў аўтарытэт, любоў і пашану ад сяброў і ўлады. Ён да канца жыцця сябраваў з усімі, хто з ім працаваў у тым цэху на электрастанцыі і ўсіх іх пахаваў, апошняга за 2 тыдні да сваёй смерці, як піша Данута Янаўна. У 60-я гады муж Дануты Бічэль Эрык выпадкова меў кантору праз сценку з Ліпенем. З таго часу Алесь Ліпень быў знаёмы і сябраваў з сям'ёй Дануты Бічэль. Пасля смерці мужа апекаваліся Данутай Бічэль Аляксандр Ліпень і Апанас Цыхун. Творчы працаголік Аляксандр ніколі не асуджаў людзей, не абураўся, не павышаў голас. Ён ніколі не спазняўся і нікуды не спяшаўся. Ніколі не ірваўся наперад, і такі ён быў, бадай, адзіны, як пісала пра яго Данута Бічэль. Ён не меў сваёй майстэрні аж да пенсіі, пісаў карціны ў сваёй двухпакаёвай кватэры, дзе гадаваліся дзве яго дачкі. А калі атрымаў майстэрню ў цэнтры горада, то хто толькі там не пабываў з гарадзенкай інтэлігенцыі, прыходзячы на кубак гарбаты. Напрыклад, Данута Янаўна любіла ў майстэрні месца, адкуль было найлепш відаць улюбёную Каложу. Свае творы не прадаваў на выставах ці на вуліцах, ён проста іх маляваў, і па іх прыходзілі знаёмыя знаёмых. Габрэям ён маляваў зімовыя пейзажы, і яны задаволеныя ад'язжалі на сваю новую радзіму са "снегам" з малой радзімы - Гародні. Мастакі здзіўляліся, калі даведваліся, што Аляксандр нідзе не вучыўся, а меў сваю школу, свой стыль і густ. Гарадзенскі мастак і старэйшы сябар, які быў на вяселлі Аляксандра і Вольгі (Альгерды) Валянцін Савіцкі параіў яму заняцца разьбой па дрэве, скульптурай і Аляксандр Ліпень вельмі захапіўся гэтым аб'ёмным відам мастацтва. Скульптура "Гусляр" пасля шматлікіх міжнародных выстаў трапіла ў музей Янкі Купалы, жонка Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна, якая напачатку ХХ стагоддзя з Алаізай Пашкевіч адкрывала на Гарадзеншчыне падпольныя беларускія школы, набыла "Гусляра" ў Ліпеня. Ён захоўваў яе лісты пасля перапіскі з ёю. Яго скульптурныя і мастацкія працы падараваны былі таксама Алесю Белакозу для яго славутага музея ў Гудзевічах. Ён - аўтар мемарыяльнай дошкі для Дома-музея Міхася Васілька ў Скідзелі, дэкаратыўных кампазіцый у парках Гародні і Гарадзеншчыны (Гудзевічы, Эйсманты, Беняконі, Наваградак, Астравец), Берасця. Скульптурныя партрэты сям'і Максіма Багдановіча зрабіў да 90-годдзя з дня яго народзінаў. Адлітыя ім медалі купіў музей паэта ў Менску. Ён аўтар партрэтнай галерэі выбітных людзей Гарадзеншчыны і Беларусі. Гэта бюсты Вольгі Соламавай, Францішка Скарыны, Кастуся Каліноўскага, Валерыя Урублеўскага, Францішка Багушэвіча, Яна Чачота, Алаізы Пашкевіч, Максіма Багдановіча, Мікалая Гусоўскага, Аляксея Антонава, Яўхіма Карскага, Артура Цяжкага, Аляксандра Шыдлоўскага, Рыгора Шырмы…
Лёс Аляксандра Ліпеня выпадкова ці свядома зводзіў з вядомымі ў Беларусі асобамі. З Васілём Быкавым Аляксандр Ліпень пазнаёміўся каля сваёй паветкі, дзе захоўваў бярвенні для сваіх скульптурных твораў, Васіль Быкаў жыў тады праз агароды на вуліцы Чапаева. Калі ў 1965 годзе Уладзімір Караткевіч прыехаў у Гародню, каб напісаць свой раман "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", то вазіў яго па наваколіі Аляксандр Ліпень на сваім знакамітым "масквічы".
Разам з Марыяй і Аляксеем Пяткевічамі, Генадзем Каханоўскім, Лявонам Луцкевічам і Нінай Ляшковіч быў у гасцях у славутай Зоські Верас. Калі празаіку Артуру Цяжкаму было вельмі блага перад смерцю, ён зайшоў да Аляксандра Ліпеня… Калі сам ляжаў у абласной бальніцы і лячыў сэрца, то трапіўся добры і ўважлівы доктар, якому Аляксандр Ліпень падараваў бюсты Каліноўскага і Урублеўскага для аддзялення кардыялогіі абласной бальніцы. На жаль, гэтыя выявы беларускіх кіраўнікоў паўстання 1863-1864гг. страчаны ( аб чым не раз наракала Альгерда Ліпень). Страчаны таксама і выявы беларускіх песняроў - Купалы і Коласа, якія ўпрыгожвалі пляцоўку каля былога палаца культуры "Юнацтва". Ці захаваліся да сёння творы ў іншых гарадах і мястэчках Гарадзеншчыны?
Па ўсёй Беларусі не пералічыць барэльефаў, бюстаў і помнікаў, зробленых рукамі самадзейнага народнага майстра. Як піша спадарыня Данута, шмат яе знаёмых пры жыцці замаўлялі сабе пасмяротныя помнікі, а з Ліпенем было лёгка дамаўляцца, бо ён рабіў так, як яны хацелі. Добра памятаю, як Апанас Цыхун расказваў пра краязнаўчыя паездкі па навакольных вёсках разам з Аляксандрам Ліпенем, як яны ездзілі разам да дуба "Яна Чачота", у Лашу, у іншыя мясціны, таксама перад смерцю Апанас Цыхун паказваў схаваны на ганку пасмяротны помнік. Пытаў, ці добра зроблены. Ці не праца гэта была Аляксандра Ліпеня? У Апанаса Цыхуна давялося і пазнаёміцца з Аляксандрам Ліпенем, які мне падаўся на першы погляд занадта спакойным і задуменным. Я не ведаў тады яшчэ пра яго сямейную трагічную гісторыю….магчыма з гэтай сямейнай гісторыяй і звязаны дамінантныя светлыя колеры, якіх ён хацеў больш бачыць у жыцці і найбольш імі карыстаўся. Да яго гарнуліся шматлікія гарадзенцы, бо нейкая прыцягальная энергетыка зыходзіла ад яго разважлівага і надзейнага, творчага і неабыякавага чалавека да лёсаў іншых людзей, найперш родных і сяброў. Народныя майстры і вучні пра яго казалі, што ён "Стваральнік асяроддзя", "Разьбяр Святла". Сотні яго прац, найперш пейзажы, знаходзяцца ў многіх краінах свету - ЗША, Канадзе, Германіі, Ізраілі, Аргентыне… Народны мастак, скульптар, разьбяр па дрэве, удзельнік рэспубліканскіх і міжнародных выстаў самаробнага мастацтва, розных конкурсаў і фестываляў, узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені (1976), бронзавым медалём "ВДНГ СССР" (1960) за скульптуру да паэмы Янкі Купалы "Гусляр" і імянным гадзіннікам, медалём за выдатную працу. З 1957 года сем разоў абіраўся дэпутатам гарадскога Савета дэпутатаў. Членам КПСС ніколі не быў. Рашэннем Гарадзенскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 8 ліпеня 2014 года № 16 за ўклад у развіццё беларускай народнай творчасці Аляксандр Ліпень занесены ў Кнігу славы Гародні.
Ён марыў, каб яго пахавалі на малой радзіме, але… памёр народны майстар Святла не дамаляваўшы да канца ўласную вёсачку з трагічным лёсам - Боркі, якая знаходзіцца ў самым сэрцы Беларусі 30 траўня 2006 года, праз год пасля смерці свайго сябра Апанаса Цыхуна. Непадалёку знаходзяцца іх магілы каля прадпрыемства "Азот".
Яго жонка Альгерда Канстанцінаўна, ці Вольга, як яе называлі таксама, пасля наведвання могілак і сяброўскіх сустрэч у гасцёўні спадарыні Сафіі Вераб'ёвай, была нешматслоўнай, бо трохі не дачувала, склала свой вялікі сямейны радавод, памагала зрабіць арганізатарам выставу твораў Алеся Ліпеня ў гімназіі № 1 імя Я. Карскага, дапамагала мужу пісаць трагічную гісторыю вёскі Боркі, вырабляць твар камсамолкі Вольгі Соламавай (Саломы). Спачатку не атрымалася, як і ў Аляксандра, але гэта падштурхнула Аляксандра да новых спробаў. Нарэшце скульптуру Вольгі Соламавай убачылі яе маці і брат, якія некалі жылі па суседстве з Ліпенямі на вуліцы Леніна і расплакаліся, пазнаўшы родныя рысы твару падпольшчыцы, забітай фашыстамі ў часы ІІ Сусветнай вайны…
Сябры Гарадзенскага ТБМ, УЗВ, іншых грамадскіх арганізацый, проста знаёмыя, не забываюць аддаць даніну памяці светламу чалавеку з пакутным беларускім лёсам на Радаўніцу ці восенскія Дзяды.
Алесь Крой.
Вяртанне дуды Ігната Буйніцкага
Бачыце цымбалы, а пад імі дуду на сцяне Музея Івана Луцкевіча ў Вільні? Нехта скажа - "Гэта можа быць што заўгодна". Можа і так. Але давайце зірнем на верш паэта Міхася Машары з цыклу "Падарожжа" ("Родны край", 25.03.1933), напісаны з нагоды наведвання музея.
XVII
Пакой другі... На першым пляне,
На столе лапці і гаршкі
(Хаця і сёньнека сяляне
Яшчэ ад лапцяў не ўцяклі).
Там на сьцяне дуда, цымбалы
Спакойна ціхімі вісяць;
Іх час прайшоў,
І сэрцаў сьмелых і удалых
Яны ўжо больш не весяляць.
Вершаваную справаздачу з наведвання музея Міхася Машары пацвярджае таксама польскі часопіс Сігналы (Sygnaly nr. 75 за 1939), які змясціў дакладнае апісанне калекцыі беларускага музея Івана Луцкевіча. З публікацыі даведваемся, што апрача дуды, колавай ліры і цымбалаў, у калецыі музея былі таксама жалейкі, рагі і пастушыныя трубы. Іх дарэчы таксама бачна на старым фотаздымку аднаго з пакояў музея.
Дуда з Беларускага музея ў Вільні - гэта тая самая дуда, якую Ігнат Буйніцкі падарыў дырыжору Міхалу Рагоўскаму пасля заканчэння сімфанічнага канцэрту кампазітара і дырыжора ў Вільні (12 лістапада, 1910 г.). Калі ў 1911 годзе Міхал Рагоўскі пераязджаў з Вільні ў Парыж, то ахвяраваў падораныя інструменты (апрача дуды рэдакцыяй "Нашай Нівы" кампазітару была падораная таксама колавая ліра) у фонд калецыі Івана Луцкевіча. У 1921 годзе тыя зборы сталіся часткай Беларускага музея ў Вільні. Дуда была страчана ў канцы 1944 года падчас ліквідацыі Беларускага музея ў Вільні. Многія экспанаты чакаў незайздросны лёс. Праз некалькі дзён пасля арышту апошняга дырэктара Янкі Шутовіча, быў прызначаны новы дырэктар - Юозас Пятруліс, а таксама ліквідацыйная камісія, у склад якой увайшлі намеснік народнага камісара асветы М. Мешкаўскене (старшыня), прадстаўнік ЦК дацэнт гісторык Альбінас Даўкша-Пашкявічус і дырэктар музея Акадэміі навук Літоўскай ССР кандыдат навук К. Мякас. У склад камісіі ад БССР уваходзілі людзі адарваныя ад беларускай культуры. Камісіі падзялілі ўвесь збор на чатыры часткі. Гэтая працоўная група па ліквідацыі музея вызначыла, што прадметы, якія адносяцца да літоўскага (летувіскага) і адначасова беларускага народаў, пакідаюць у Літве... Беларусі перадалі, адпаведна, тое, што тычылася выключна беларусаў, і частку таго, што наогул не адносілася да двух народаў. Большасць экспанатаў засталася ў Літве, або трапіла ў Маскву. Некаторыя экспанаты ўсё ж трапілі ў Беларусь. Напрыклад колавая ліра (падораная Рагоўскаму) 1809 года, якая трапіла ў збор Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, адкуль была перададзена Нацыянальнаму музею гісторыі і культуры Беларусі (зараз Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь) у 1957 годзе.
Савецкая прэса ўмудрылася прадстаўляць вяртанне часткі калекцыі як "Дар беларускаму народу" ад "Кіраўніцтва Літоўскай ССР"…
Некаторыя ж экспанаты былі незваротна знішчаны, як драўляныя гербы гарадоў, зробленыя Язэпам Драздовічам. Па словах тагачасных работнікаў музея, іх проста загадалі спаліць.
Насуперак маім ранейшым меркаванням дуда Ігната Буйніцкага, дзякуй Богу, знішчана не была. Нядаўна наткнуўся на яе ў адной з новых літоўскіх публікацый. Дуда захоўваецца, як і многія іншыя дуды з нашага рэгіёна, у фондах літоўскага музея пад нумарам LNM EM95. Як і многія іншыя дуды, яна прадстаўленая ананімна, без інфармацыі пра беларускі музей Івана Луцкевіча. Аднак сувязь з музеем пацвярджае несціральны надпіс на мяху дуды " Беларускі музэй. Le Musee Blancruthenien а Vilna" ("Беларускі музей ў Вільні" - па французску).
Такім чынам Ігнат Буйніцкі сімвалічна вяртаецца да нас у 160-годдзе з дня свайго нараджэння. Цяпер агульнымі намаганнямі трэба падбаць яшчэ пра тое, каб на свет з'явілася і нашая ўласная копія гэтай дуды. Папярэдне яе пагадзіўся зрабіць майстар Сяргей Чубрык, якія ўжо выканаў таксама іншыя копіі дуд з Глыбоцкага краю - "Глыбоцкай дуды" (экспануецца ў Глыбоцкім гістарычна-этнаграфічным музеі) з вёскі Верацеі і рэплікі дуды з паштоўкі з дударом з Дзісенскага павета.
Віталь Воранаў. Фота з архіва Сяргея Чубрыка.