НАША СЛОВА № 48 (1563), 2 снежня 2021 г.
Высяленне - не развітанне з ТБМ
Шмат сяброў і актывістаў сабраліся 27 лістапада на талаку на менскай сядзібе ТБМ, каб упарадкаваць і адвезці на перазахаванне рэчы Таварыства беларускай мовы, мэблю, кнігі да тых часоў, пакуль можна будзе працягнуць дзейнасць у новых умовах.
Развітанне з сядзібай ТБМ на вул. Румянцава, 13 нагадала пра лепшыя часы дзейнасці арганізацыі - сходы, сустрэчы з пісьменнікамі, шматлікія імпрэзы: канцэрты, гістарычныя лекцыі і прагляд фільмаў, тапанімічныя семінары, моўныя канферэнцыі, прэзентацыі кніг. І яшчэ пра тое, што мы - адзіная сям'я.
Пры пераездзе на новае месца жыхарства сям'я не губляецца, а застаецца сям'ёй. Той, хто прыйшоў сённня на талаку ў сядзібу ТБМ, адчуў, што калісьці пераймаў досвед, веды і традыцыі , любоў да Беларусі, ад тытанаў духу і геніяў нацыі - Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна, Радзіма Гарэцкага, Анатоля Грыцкевіча, Леаніда Лыча, Вольгі Іпатавай і іншых, якія прамаўлялі ў гэтай сядзібе. Праводзіў заняткі гістарычнай школы ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў, выступаў прафесар Алесь Краўцэвіч.
Тут гучалі спевы Алега Хаменкі, Змітра Вайцюшкевіча, Сяржука Доўгушава, Таццяны Грыневіч, Эдуарда Акуліна і іншых таленавітых артыстаў і музыкаў.
- Мілая сэрцу сядзіба на Румянцава! - адазвалася Людміла Дзіцэвіч. - Больш за 25 гадоў маёй сумленнай працы тут прайшло. Адказны сакратар, намеснік, першы намеснік старшыні, кіраўнік Школы асобаснага росту "ШАР" ... А ў сэрцы жыве ўпэўненасць, што гэтае высяленне для таго, каб усяліцца ў больш прасторнае памяшканне, бо тут ужо было цесна беларускамоўным людзям. Рада за талаку!
Тэбээмаўцы будуць разам і надалей па жыцці, бо з'яднаныя адзіным духам. Адчуваецца падтрымка хрысціянскіх супольнасцяў, сяброў і братоў, якія прыйшлі на дапамогу ТБМ, і многіх неабыякавых людзей. 8 снежня адбудзецца сход актыву арганізацыі, каб абмеркаваць далейшую дзейнасць.
Э. Дзвінская, фота аўтара.
НА ЛІКВІДАЦЫЮ ТБМ
Уладзімір Барысенка
- 1 -
Здымаць хітон з мяне не давядзецца -
да самых костачак я лёну не насіў,
я тое апранаў, што давядзецца,
кап'ём ні траў, ні сэрцаў іншых не касіў.
Па ўзросту коску лёгкую, "пяцёрку",
за бульбу дзед калісь суседскую прыдбаў.
"Здаецца, цягнеш ты ўжо на "сямёрку",
а мо ў "дзявятку" цэліш", - шуткаваў.
- 2 -
Мне выбіраць вароты не прыйшлося -
не капітан, і не суддзя, не меў я праў,
ды Шкрэда замяніць раз давялося,
ну а ў атацы, знама справа, забіваў.
Не трэба, мама, не глядзі, не трэба -
касцюм і гальштук так і не прыдбаў
хапала толечкі ў "Кубінцы" на абеды,
парой на піва, аб сябрах я болей дбаў…
- 3 -
Я ж уставаў са Словам, Словам кляўся -
хіба пачатак іншы ў жыцці ёсць?
За Слова да апошняга змагаўся
і разумеў: на дзіўным свеце толькі госць.
Хіба ж гасцей у нас так лоўка сустракаюць:
кап'ём адточаным - пад левую рабрыну,
вада з крывёй пад рогат выцякаюць
у затравелую, з кустоўнікам, лагчыну.
- 4 -
Як трэба жыць - ніхто ў мяне адказу не даб'ецца,
паказваў моўчкі, як не трэба, гаварыў,
ды мне хітон, што чорнай байкаю завецца,
краяць не там, не так, як я таго прасіў.
Якія ж з вас лякальшчыкі, пілаты?!
Смяшней прыдумаць нават цяжка і дурней,
дабро, кароткая хоць байка, і салдатам
булён варыць куды прасцей з маіх касцей.
- 5 -
Падсілкаваліся, у рэшце рэшт, булёнам?!
Я спадзяюся, што на ўсіх яго хапіла,
міраструменіць над лагчынаю ікона,
яна і мёртваму дае змагацца сілу.
Што, не засквараны адвар не ўсім па густу,
яго не вельмі то ўспрымае кроў свая?
Маёй застаўся толькі вельмі сціплы згустак,
як вам, пілаты і салдаты, кроў мая?..
- 6 -
Яна вам замяніла моцны воцат -
айца напою са свінцовых чыгуноў,
які на скрыпцы правяраў на моцнасць Моцарт,
ды гэты твор ніхто з вас так і не знайшоў.
Нямужнасць вашую і вашую нямудрасць
ні байкай новай, ні хітонам не прыкрыць,
і не ўявіць цярпенне, годнасць, мужнасць,
якое Слова, як, дзе, колькі будзе жыць.
Пацеркі зор Максіма Багдановіча
Беларуская грамадскасць рыхтуецца адзначыць 130-годдзе класіка беларускай літаратуры - таленавітага паэта, празаіка, крытыка і публіцыста Максіма Багдановіча (1891-1917).
Новыя старонкі даследаванняў, прысвечаных творчасці зоркі беларускай паэзіі, адкрыліся на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Максім Багдановіч - новыя гарызонты навуковых даследаванняў".
Яна была арганізавана Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і Літаратурным музеем Максіма Багдановіча.
У канферэнцыі ўзялі ўдзел даследчыкі з Беларусі, Украіны, Расіі, прадстаўнікі музеяў, архіваў, бібліятэк і ВНУ. Навукова-практычная канферэнцыя засведчыла цікаўнасць беларускіх і замежных даследчыкаў да асобы і творчасці паэта, дазволіла выявіць перспектыўныя кірункі пошукаў.
З важнымі паведамленнямі выступілі загадчык Літаратурнага музея М. Багдановіча Міхаіл Бараноўскі, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша, Ірына Мышкавец, Ксенія Суша, Таццяна Вабішчэвіч, Марыя Міхайлаўна Міцкевіч, Віктар Жыбуль і іншыя.
Некалькі яркіх дакладаў (Таццяны Пятроўны Новікавай, Ніколь Адамейкі) былі прысвечаны адлюстраванню паэзіі М. Багдановіча ў музыцы ХХ-га і ХХI-га стагоддзяў. Cярод кампазітараў, якіх натхніў Максім Багдановіч сваёй лірыкай - У. Пяцько, А. Безенсон і іншыя. Віктар Жыбуль паведаміў пра пошукі крымскага адраса М. Багдановіча і тых, хто быў з ім знаёмы ў гэты перыяд.
Наталля Шапран пазнаёміла са спецыяльным лістападаўскім выпускам часопіса "Роднае слова", дзе змешчаны матэрыялы навукова-папулярнага і дыдактычнага характару, прысвечаныя класіку. Часопіс на працягу многіх гадоў аб'ядноўвае прыхільнікаў паэзіі М. Багдановіча.
Даследчыкі спадчыны паэта ў думках праходзілі пуцявінамі яго жыцця і творчасці. Ірына Мышкавец даследавала студэнцкае жыццё паэта, той час, калі ён вучыўся ў Дзямідаўскім юрыдычным ліцэі (Яраслаўль, 1911-1916), знайшла былых аднакласнікаў адоранага юнака. Максім Багдановіч хацеў вучыцца на філалагічным факультэце Санкт-Пецярбургскага Імператарскага ўніверсітэта, але ў бацькі былі сур'ёзныя довады супраць гэтай паездкі - стан здароўя Максіма, намеры малодшага сына, Льва Багдановіча, паступаць у Маскоўскі імператарскі ўніверсітэт. Максім, хаця і аднёс дакументы ў Дзямідаўскі ліцэй, горача пярэчыў бацьку: "Пракурорам быць не хачу, адвакатам не хачу, суддзёй не хачу, хачу быць літаратарам ці навукоўцам".
Пра еўрапейскасць беларускага класіка разважала кандыдат філалагічных навук Аліна Сабуць. "Багдановіч, "пясняр чыстай красы" (А. Луцкевіч), "госць з высокага неба" (У. Ігнатоўскі) высакародна спасцігаў "красу і светласць" у кожнай беларускай з'яве. Падчас прыезду ў Беларусь у 1912 годзе ў віленскай рэдакцыі "Нашай Нівы" дваццацігадовы беларускі творца настойваў, каб суайчыннікі шукалі і выяўлялі беларускі дух, беларускую душу ў кожным творы, у кожным радку. Каб літаратура, нарэшце, набыла нацыянальную самасць і каб пасля надаць ёй "больш еўрапейскага выгляду". Багдановіч адчуваў "жывасць" і "вялікую ўнутраную рухавасць" беларускай паэзіі, здольнай плённа пераствараць здабыткі сусветнага мас-тацтва, захоўваючы ўласную асабовасць".
Аспірант Інстытута літаратуразнаўства імя Я. Купалы Вікторыя Смолка акцэнтавала ўвагу на феномене музычнасці, як пастаяннай рысе, прыроднай уласцівасці паэтычнага індывідуальнага стылю М. Багдановіча на прыкладзе яго кнігі "Вянок". Тэндэнцыя да музычнай тэмы яскрава і непасрэдна акрэсліваецца ў няголаснай і чароўнай паэзіі Максіма Багдановіча. У ёй вылучаецца ўнутраны рытм верша, што валодае гукавой пластычнасцю.
Кандыдат філалагічных навук Таццяна Ганчарова-Цынкевіч вывучала найбагацейшы фальклорны выток паэзіі Максіма Багдановіча: казкі, легенды, паданні, якія ляглі ў аснову цыкла "У зачараваным царстве".
Максім Багдановіч захапляўся гармоніяй жыцця і прыроды. Аўтар расказваў пра з'явы прыроды, маляваў карціны дрымучага лесу і цёмнай ночы, глыбокага возера і грознай буры, змрочнага вечара і зімовай дарогі, пякучага лета і звонкай вясны, а таксама юнацкага кахання, каб паказаць шматграннасць і вялікую значнасць чалавечага жыцця.
Доктар філалагічных навук Васіль Старычонак адзначаў метафарычныя намінацыі ў паэзіі М. Багдановіча.Творчасць Максіма Багдановіча, зоркі беларускай паэзіі, паэта, удумлівага перакладчыка, майстра еўрапейскага ўзроўню - гэта тонкае адчуванне прыгажосці, маляўнічы свет прыроды, трапяткія пачуцці і глыбокія перажыванні, філасофскі роздум аб быцці чалавека, яго лучнасці з непарыўным у часе і прасторы Сусветам. Ён чуе, як дрыжаць ад ветру зоркі, як расце ў цішы трава, як срэбрам грукае крыніца, пра што шэпча голас вецярка. Казачнаму беларускаму краю, населенаму лесунамі, вадзянікамі, русалкамі і іншымі міфічнымі істотамі, паэт прысвяціў цыкл вершаў "У зачараваным царстве".Чалавеку, які сцвярджаецца ў філасофскіх трактатах, трэба часцей глядзець на зоры, каб адчуць сябе часцінкай адзінага і вечна зменлівага Сусвету. Багдановічавы позірк на зоры метафарычны, бо суправаджаецца не традыцыйнымі асацыяцыямі тыпу: зор грамада, вянкі зорак, пыл зор, карагоды зор, пацеркі зор, узоры зор.
Кандыдат філалагічных навук Ірына Багдановіч спрабавала разгадаць таямніцу лірычнага адрасата вершаў М. Багдановіча. Прысвячэнні былі зроблены Людвіцы Сівіцкай (Зосьцы Верас), Клаве з Крыму і іншым жанчынам. Чые постаці натхнялі паэта? Хто ўладарыў яго думкамі і пачуццямі? Бацька Адам Ягоравіч лічыў патрэбным апраўдваць сына, падкрэсліваючы, што Максім меў выключна ўзвышаныя погляды на жанчыну, і яго лірыцы не былі ўласцівыя " эратычныя матывы", якія квітнелі ў паэзіі ХХ-га стагоддзя, аднак усе гэтыя настроі прайшлі міма яго. У якасці ідэалу нявіннасці, чысціні, якім маляваў паэт вобраз жанчын, бацька прыводзіў вобраз Мадонны (нізка вершаў "Мадонны" ў зборніку "Вянок").
"На фарміраванне беларускай ідэалогіі Багдановіча моцна ўздзейнічала адраджэнцкая прэса, - прызнае кандыдат філалагічных навук Пётр Дарашчонак. - Побач з жаданнем авалодаць гуманітарнымі і прыродазнаўчымі ведамі, захапленне юнака беларускай народнай творчасцю не слабела, а яшчэ больш набірала моц. М. Багдановічу было наканавана бачыць і фарміраваць нацыянальнае пытанне ў рэчышчы праблем агульнаславянскага і агульначалавечага значэння. Ад краёвага патрыятызму да беларускай аўтаноміі ў складзе дэмакратычнай Расіі сягала думка М. Багдановіча ў публіцыстычных артыкулах таго перыяду, калі Я. Карскі яшчэ дапрацоўваў свой трохтомны твор "Беларусы". Беларускія дзеячы на старонках газеты "Вольная Беларусь" (1917), газеты "Гоман" (1916-1918) дапрацавалі ідэю пра самастойны шлях беларускага народа, канчатковай мэтай якога з'яўляецца стварэнне нацыянальнай дзяржавы".
"Агульнапрызнана, што Максім Багдановіч - паэт надзвычай высокай культуры. У Багдановіча яна - вынік упартай і няспыннай працы над пашырэннем свайго кругагляду, над узбагачэннем памяці выдатнымі здабыткамі паэтычнай культуры мінулага, - пісаў Алесь Бяляцкі ў прадмове да збора твораў Максіма Багдановіча, які выходзіў у "Беларускім кнігазборы" ў 1996 годзе. - Ён чытаў у арыгінале і перакладаў на родную мову творы Гарацыя і Авідзія, Гейне і Шылера, Верхарна і Верлена, выдатна ведаў паэзію рускую і ўкраінскую, быў знаёмы з літаратурай многіх іншых народаў свету. З дзіцячых гадоў ён выхоўваўся на лепшых узорах сусветнай класічнай паэзіі".
Мерапрыемствы, прысвечаныя 130-ай гадавіне з дня нараджэння класіка, працягнуцца ў снежні.
Падрыхтавала Э. Дзвінская, фота аўтара.
Кнігарня
Лёс беларуса Івана Краскоўскага
Напрыканцы 2019 года Беларускае гістарычнае таварыства ў Беластоку выпусціла ў свет цікавую кнігу "Iwan Kraskowski (1880-1955) w sluzbie Bialorusi i Ukrainy" ("Іван Краскоўскі (1880-1955) на службе Беларусі і Украіны").
Пра гэтую кнігу ў Беларусі ніхто так і не згадаў. А шкада. Аўтарамі кнігі з'яўляюцца гісторыкі Тамаш Блашчак, Ірына Мацяш і Дарота Міхалюк. Выданне прысвечана беларускаму палітычнаму дзеячу, публіцысту і педагогу Івану Краскоўскаму. Хто ж такі гэты беларус, якому аўтары прысвяцілі цэлую манаграфію?
Іван Краскоўскі з'явіўся на свет 24 чэрвеня 1880 года ў вёсцы Дубічы-Царкоўныя каля мястэчка Орля Бельскага павета Гарадзенскай губерні (цяпер Дубіцкая гміна Гайнаўскага павета Рэспублікі Польшча) у сям'і праваслаўнага святара Ігната і Алены Краскоўскіх. У адпаведнасці з сямейнай традыцыяй, здаў экзамены ў Літоўскую духоўную праваслаўную семінарыю ў Вільні, якую закончыў у 1901 годзе. У 1903 годзе ён паступіў на гістарычна-філалагічны факультэт Імператарскага Варшаўскага ўніверсітэта. У гэтым жа годзе ажаніўся з Валянцінай Сакальскай, з якой пазнаёміўся падчас навукі ў Вільні. Ад гэтага шлюбу нарадзілася трое дзяцей - Людміла (1906 года нараджэння), Сяргей (1907) і Мсціслаў (1910). За дзейнасць у нелегальных палітычных арганізацыях Іван Краскоўскі быў выключаны з універсітэта. Навуку працягнуў у Пецярбургскім універсітэце, таксама на гістарычна-філалагічным факультэце, які закончыў у 1907 годзе са спецыяльнасцю гісторыка-эканаміста.
Пасля завяршэння навукі ў Пецярбургу Краскоўскі пасяліўся ў Вільні, дзе ўладкаваўся на працу настаўнікам гісторыі ў прыватных мужчынскіх гімназіях Паўлоўскага і Вінаградава. Будучы намеснікам дырэктара і, заадно школьным інспектарам, рэфармаваў школу. Як адзін з першых віленскіх педагогаў у выхаванне вучняў уключыў спорт, заснаваў першую футбольную каманду не толькі ў Вільні, але і ва ўсім Паўночна-Заходнім краі (цяпер Літва, Беларусь, Беласточчына). Палітычны светапогляд Краскоўскага быў набліжаны да пазіцыі сацыялістаў і дэмакратаў, схіляючы яго да дзеячаў, якія выказваліся за краёвую ідэю.
У Вільні Іван Краскоўскі звязваўся з беларускім нацыянальным рухам, а таксама працаваў на карысць горада. У 1913 годзе, пры падтрымцы Саюза краёвай дэмакратыі, ён быў абраны дэпутатам Рады горада Вільні. Восенню 1914 года Краскоўскія, апасаючыся захопу Вільні немцамі, вырашылі з'ехаць на Украіну.
У Кіеве Краскоўскі ўладкаваўся на працу ў Кіеўскім аддзяленні Земскага саюза Паўднёва-Заходняга фронту. Падчас рэвалюцыі, як дэлегат Кіеўскага аддзялення, увайшоў у прэзідыум і стаў актыўным дзеячам Беларускага нацыянальнага камітэта. Адначасна служыў ва ўкраінскіх структурах камісарам Цярнопальскай губерні, а пасля вяртання з Галіччыны прыняў прапанову заняць пасаду намесніка генеральнага сакратара ў Міністэрстве ўнутраных спраў і стаць старшынём выканаўчага камітэта Краёвай нарады па справах бежанцаў. Пазней ён перайшоў на службу ў ведамстве замежных спраў, дзе працаваў старшым дарадцам міністра і старшынём Консульскай камісіі, у рамках якой закладваў падмуркі пад развіццё ўкраінскай консульскай службы. Ва ўкраінскім МЗС быў таксама адказным за кантакты з іншымі краінамі, якія паўсталі ў выніку распаду Расійскай імперыі, вёў актыўную палітыку на літоўскім і, перш за ўсё, на беларускім напрамку. Краскоўскаму ўдалося захаваць усе пасады, нягледзячы на дынамічныя палітычныя змены ва ўладных структурах Украіны.
У гісторыю Украіны Іван Краскоўскі ўвайшоў як адзін з падпісантаў "Акту Злукі" - пагаднення аб аб'яднанні Украінскай Народнай Рэспублікі і Заходнеўкраінскай Народнай Рэспублікі заключанага 22 студзеня 1919 года. Таксама ў студзені ўзначаліў ён Украінскую Надзвычайную Дып-ламатычную Місію на Каўказе, мэтай якой была каардынацыя цэласнасці палітычных, эканамічных і консульскіх адносін Украіны ў гэтым рэгіёне. На гэтай пасадзе ён знаходзіўся няпоўныя два гады. А пасля заканчэння службы для ўкраінскай дзяржавы, Іван Краскоўскі вырашыў вярнуцца з сям'ёй у Вільню і прысвяціць сябе працы на карысць беларусаў. Вяртанне атрымалася толькі восенню 1921 года.
У Вільні пачаў працаваць настаўнікам гісторыі ў Віленскай беларускай гімназіі. У лютым 1922 года апынуўся ў групе 33-х літоўскіх і беларускіх дзеячаў, высланых адміністрацыяй Сярэдняй Літвы з Вільні ў Коўню. Але не знайшоў сабе месца і два месяцы пазней быў ужо ў Дзвінску (цяпер Даўгаўпілс), дзе заснаваў першую ў Латвіі беларускую гімназію. І хаця ягоная асветная місія была надта паспяховай, але школай, якую заснаваў Іван Краскоўскі, кіраваў усяго два гады. Ён і яго супрацоўнікі былі беспадстаўна абвінавачаны ў антыдзяржаўнай дзейнасці. І, хаця ў судзе іх апраўдалі, то ў выніку гэтак званага беларускага працэсу, Іван Краскоўскі спачатку быў адхілены ад кіравання асветнай установай, а пазней - і ад дыдактычнай працы. Паколькі ў Краскоўскага не было латышскага грамадзянства, ён вымушаны быў пакінуць тэрыторыю Латвіі, і летам 1925 года - не маючы ў прынцыпе выбару - разам з сям'ёй выехаў у Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку з картай дзеяча, пераследаванага польскімі і латышскімі "імперыялістамі".
Пасля прыезду ў Менск Іван Краскоўскі атрымаў працу на педагагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і пасаду навуковага спецыяліста на кафедры гісторыі асветы Беларусі. Восенню 1925 года ён прыняў прапанову працаваць у Дзяржаўным камітэце планавання БССР на пасадзе кіраўніка грамадска-культурнай секцыі, а, заадно, стаў і членам прэзідыума Дзяржплана БССР. Іван Краскоўскі працаваў таксама ў секцыі планавання экспедыцый Акадэміі навук СССР. А зімой 1930 года пераехаў у цэнтральную сядзібу Дзяржплана СССР у Маскву.
У Маскве працаваць спакойна яму не далі. Неўзабаве беларуса абвінавацілі ў прыналежнасці да прыдуманага "Саюза вызвалення Беларусі", мэтай якога мела быць нібыта падрыхтоўка паўстання і стварэнне "Беларускай буржуазнай рэспублікі". Працэс па справе "Саюза вызвалення Беларусі" для Краскоўскага завяршыўся ў чэрвені 1931 года. Прысудзілі яго да 5 гадоў ссылкі ў Самару (Куйбышаў), у наваколлі якой разам з жонкай Валянцінай правёў наш зямляк рэшту свайго жыцця ў СССР.
У Самары Іван Краскоўскі першапачаткова пачаў працу ў мясцовым аддзяленні Дзяржплана СССР, а ў 1932 годзе ўладкаваўся на пасаду навуковага сакратара Навукова-даследчага геолагаразведвальнага інстытута. Краскоўскі займеў таксама кіраўнічую пасаду ў Сярэдняволжскім навукова-даследчым геолагаразведальным інстытуце. Летам і восенню 1935 года ён кіраваў Комплекснай Ульянаўска-Чарамшанскай даследчай экспедыцыяй. Пазней узяўся за распрацоўку некаторых пытанняў у рамках пабудовы гідраэлектрастанцыі і плаціны на Волзе.
Але Івана Краскоўскага ў той час не абмінула хваля "вялікага тэрору", якая па ўказанні Сталіна ў 1937-1938 гадах спасцігла насельніцтва СССР, у выніку чаго многія савецкія грамадзяне былі прыгавораны да вышэйшай меры пакарання або шматгадовай ссылкі ў лагеры.
У студзені 1937 года Івана Ігнатавіча адхілілі ад усіх займаных пасад, а ў лістападзе НКВД арыштавала яго, абвінаваціўшы ў шпіянажы.
Больш за два гады ён сядзеў у турме ў чаканні судовага працэсу. Спецыяльны савет НКВД СССР у Куйбышаве асудзіў яго толькі ў сакавіку 1940 года, а потым вызваліў, улічыўшы тэрмін часовага арышту. Пасля выхаду на волю, Краскоўскі многа часу аддаў, каб паправіць сваё здароўе і перакладам іншамоўнай літаратуры.
У гады вайны ў Куйбышаў эвакуяваліся цэнтральны ўстановы СССР. У сувязі з гэтым многіх жыхароў, у тым ліку Івана Краскоўскага, выселілі. Атрымаў ён накіраванне на працу ў школу ў саўгасе імя Крупскай у Мелякескім раёне Куйбышаўскай вобласці. Там Краскоўскія жылі ўсю вайну. У 1946 годзе атрымалі яны дазвол пераехаць у раённы горад - Мелекес, дзе Іван Краскоўскі працаваў настаўнікам у сярэдніх школах і ў інстытуце ўдасканальвання настаўнікаў.
У 1948 годзе Краскоўскія перабраліся ў Шыраева Куйбышаўскай вобласці. Там Краскоўскі два гады выкладаў геаграфію і гісторыю ў сярэдняй школе. У траўні 1949 года ў Доме інвалідаў у Бальшой Ракаўцы Елхаўскага раёна памерла яго жонка Валянціна. Пад канец чэрвеня гэтага ж года ў Дом інваліда перасяліўся і ён сам.
Вясной 1953 года Івану Краскоўскаму ўдалося атрымаць дазвол на выезд у Чэхаславакію і, пры фінансавай падтрымцы дачкі Людмілы Краскоўскай, пакінуць СССР. Іван Краскоўскі два апошнія гады свайго жыцця правёў у Браціславе. Там і памёр 23 жніўня 1955 года.
Абодва сыны Івана і Валянціны Краскоўскіх Мсціслаў і Сяргей, якія іх падтрымлівалі ў СССР, загінулі. У 1937 годзе, пасля ілжывага працэсу, расстралялі Сяргея. А малодшы Мсціслаў хутчэй за ўсё памёр у лагеры каля 1942 года. Дачка Людміла, якая засталася на эміграцыі ў Чэхаславакіі, стала выдатным археолагам, нумізматам і гісторыкам мастацтва.
Некалькі слоў хочацца згадаць і пра Людмілу Краскоўскую (1904-1999), якая жыла ў Браціславе. Вучылася ў Віленскай беларускай гімназіі і ў Дзвінскай беларускай дзяржаўнай гімназіі. У 1924 годзе, як стыпендыят чэшскага ўрада, Людміла паступіла на філасофскі факультэт Карлавага ўніверсітэта ў Празе. Пасля заканчэння ўніверсітэта працавала навуковым кіраўніком у Нацыянальным музеі ў Празе, абараніла дактарат па філасофіі. А з 1931 года на працягу 57 гадоў загадвала археалагічным аддзелам Славацкага нацыянальнага музея ў Браціславе.
Людміла Краскоўская ўсё жыццё шчыра сябравала з многімі беларусамі, сустракалася з імі, перапісвалася, дапамагала парадамі і ўспамінамі. Яна перапісвалася з Уладзімірам Пігулеўскім, Язэпам Варонкам, Уладзімірам Калеснікам і многімі іншымі асобамі. Напісала цікавыя ўспаміны пра Уладзіміра Жылку, Віленскую і Дзвінскую гімназіі, а таксама пра свайго знакамітага бацьку.
Кніга "Iwan Kraskowski (1880-1955) w sluzbie Bialorusi i Ukrainy" - пра няпросты лёс беларуса Івана Краскоўскага. Ён належаў да таго пакалення актыўнай інтэлігенцыі, сталасць якога прыйшлася на перыяд сацыяльных, палітычных і культурных пераўтварэнняў ва Усходняй Еўропе, звязаных з распадам Расійскай імперыі і звяржэннем манархіі. Пакаленне Краскоўскага перажыло некалькі рэвалюцый, дзве сусветныя вайны, шэраг разоў трансфармаваную палітычную карту Еўропы, утварэнне двух злачынных таталітарызмаў і барацьбу з імі. Многія прадстаўнікі гэтага пакалення не былі пасіўнымі сведкамі падзей, а актыўна ўдзельнічалі ў працэсах пераўтварэнняў, ствараючы свае новыя ідэі, і бачылі, як яны рассыпаюцца ў пыл.
Іван Краскоўскі ніколі не належаў да пасіўных асоб. Ён выконваў мноства роляў, некаторыя з якіх прадставіла яго на крылах гісторыі - гэта праца, асветніцкая і культурная сярод беларусаў і праца на карысць дзвюх зноў створаных дзяржаў - Беларускай Народнай Рэспублікі і Украінскай Народнай Рэспублікі.
Над манаграфіяй працавалі тры аўтары. Дарота Міхалюк даследавала і апісала дзяцінства і юнацтва Івана Краскоўскага, яго жыццё і дзейнасць у 1880-1915 гадах, спынілася яна і на бежанстве Краскоўскіх, а таксама прысвяціла радкі даследавання жыццю Краскоўскіх у Расіі і Чэхаславакіі.
Ірына Мацяш распавядала пра знаходжанне Івана Краскоўскага на Украіне, у Грузіі і ў Вільні ў 1915-1921 гадах.
Тамаш Блашчак прайшоўся шляхамі Івана Краскоўскага ў Літве і ў Латвіі, апісаў працоўную дзейнасць беларуса ў Дзвінску.
У кнізе "Iwan Kraskowski (1880-1955) w sluzbie Bialorusi i Ukrainy" апублікаввана шмат рэдкіх здымкаў Івана Краскоўскага і яго сям'і. Многія здымкі і дакументы ў манаграфіі апублікаваны ўпершыню.
Сяргей ЧЫГРЫН.
Памёр пісьменнік Мікола Мятліцкі
27 лістапада 2021 года памёр пісьменнік Мікола Мятліцкі. Яму было 67 год.
Мікола Міхайлавіч Мятліцкі нарадзіўся 20 сакавіка 1954 года ў вёсцы Бабчын Хойніцкага раёна, Гомельскай вобласці.
Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1977). Працаваў карэспандэнтам штотыднёвіка "Літаратура і мастацтва" (1977-1983), старэйшым рэдактарам рэдакцыі крытыкі, літаратуразнаўства і драматургіі выдавецтва "Мастацкая літаратура" (1983-2002). У 2002-2014 гадах - галоўны рэдактар часопіса "Полымя".
Першы зборнік вершаў "Абеліск у жыце" выйшаў у свет у 1980 годзе. Выдаў кнігі паэзіі "Мой дзень зямны" (1985), "Ружа вятроў" (1987), "Горкі вырай" (1988), "Шлях чалавечы" (1989), "Палескі смутак" (1991), "Блаславенне" (1991), "Чаканне сонца" (1994), "Бабчын. Кніга жыцця." (1996), "Бабчин. Книга жизни" (1997) і іншыя. Для дзяцей - вершы "Няправільныя санкі" (1991).
Шмат часу аддаваў перакладам паэзіі народаў свету. Сярод іх кніга паэзіі казахскага асветніка, першапраходца на ніве прыгожага пісьменства Абая "Стэпавы прастор". У 2012-м паэт выдаў анталогію "Пад крыламі Дракона: Сто паэтаў Кітая", затым пабачыла свет анталогія "Пялёсткі лотаса і хрызантэмы: 100 паэтаў Кітая ХХ стагоддзя". Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1981 года.
Узнагароды: прэмія Ленінскага камсамола Беларусі (1986); Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1998); спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры,
Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь (2019).
У пагоні за ведамі
Як стаў географам, дзякуючы адной кнізе, гамяльчанін Анатоль Ісачанка
Сусветна вядомы географ Анатоль Ісачанка пражыў вялікае і вельмі выніковае жыццё (28 траўня 1922, Гомель - 2 сакавіка 2018, Санкт-Пецярбург). Пра вытокі свайго поспеху ён расказаў у лісце нам, які, несумненна, зацікавіць не толькі гомельскіх друкароў, супрацоўнікаў "Гомельскай праўды" і мясцовых географаў, але і звычайных чытачоў не толькі ў Гомелі.
27.12.1992 г.: "З вялікім спазненнем хачу падзякаваць Вам за віншаванне з 70-годдзем і за добры артыкул у "Гомельскай праўдзе". Гэты артыкул - самы вялікі падарунак для мяне, бо ён нагадаў пра радзіму і бацьку. Бацька - друкар "Палесдруку" друкаваў гэтую газету яшчэ ў 20-я гады, і я яшчэ ў дзяцінстве рэгулярна чытаў яе. Бацька прайшоў усю Вялікую [А]йч[ынную] вайну, вярнуўся інвалідам і ў 1948 г. памёр, пахаваны на Навабеліцкіх могілках (апошні раз я быў на яго магіле 3 гады таму).
Артыкул і газета напоўнілі аб многім. Дарэчы, Вам, магчыма, будзе цікава даведацца (у сувязі з упамінаннем у Вашым лісце пра выданне геаграфічнай літаратуры ў Беларусі), што яшчэ ў 20-я гады ў друкарні "Палесдрук" друкавалася нямала навукова-папулярнай літаратуры, а сярод яе была кніга вядомага тады папулярызатара М. Рубакіна "У пагоні за славай, за нажывай, за ведамі". Не памятаю дакладна гады яе выдання, з таго часу яе не сустракаў, зараз гэта, вядома, бібліяграфічная рэдкасць. Але гэтая кніга пра вялікіх падарожнікаў зрабіла мяне географам. Я прачытаў яе, калі мне было гадоў 7 (па-мойму, я яшчэ і ў школу не хадзіў, але дакладна не памятаю), і з тых часоў вырашыў стаць географам. Наогул жа я тады захапляўся кнігамі аб падарожжах і беларускай літаратурай. Сабраў прыстойную бібліятэчку беларускіх пісьменнікаў, якая загінула падчас вайны разам з усёй нашай маёмасцю. Між іншым, я і мае аднагодкі вельмі любілі прыгодніцкія кнігі Янкі Маўра ("Беларускія рабінзоны" (правільная назва - "Палескія рабінзоны". - А. С.) і інш.)".
Анатоль Рыгоравіч меў на ўвазе артыкул пра яго: Сімакоў А. Арктыка, Урал, а таксама Кітай... (Гомельская праўда. 1992. 23 ліп.), напісаны з выкарыстаннем матэрыялаў ад яго. Гэты артыкул быў таксама выкарыстаны ў томе "Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Гомеля (Кн. 2. Мінск, 1999, артыкул "Ісачанка Анатоль Рыгоравіч", с. 356).
Апісанне кнігі з каталога Навуковай бібліятэкі імя В. Р. Распуціна Іркуцкага дзяржаўнага ўніверсітэта: Рубакин, Н. А. В погоне за наживой, за славой, за знаниями: рассказы о великих путешественниках и знаменитых путешествиях / Н. А. Рубакин. - Гомель : Гомел. рабочий, 1925. - 128 с.: ил.; 22 см. - 0.65 р. (у загалоўку, у параўнанні з лістом А. Р. Ісачанкі, перастаўлены словы). Гэтае гомельскае выданне - вельмі вялікая рэдкасць у свеце. Добра было б гэтую кнігу факсімільна перавыдаць, лепш сімвалічна ў Гомелі ж. Яна нараджае вялікіх географаў.
Алесь Сімакоў, даследчык беларускай дыяспары на амерыканскім Паўднёвым Захадзе, у Каліфорніі і на Алясцы (стаў амерыканістам у немалой ступені дзякуючы кнізе Альбертаса Лаўрынчукаса "Трэці бок долара").
Пераемнасць традыцый і маральных запаветаў
Пасля сустрэчы з сябрамі на сядзібе ТБМ мы наведалі аднаго са старэйшых беларускіх пісьменнікаў, аўтара гістарычных раманаў, былога рэдактара газеты "Наша слова" Эрнеста Васільевіча Ялугіна з нагоды яго 85-годдзя.
Спадар Эрнест трымаецца бадзёра, працягвае займацца літаратурнай дзейнасцю. Мы перагарталі старонкі яго твораў "Мсціслаўцаў посах", "Без эпітафіі", "Перад патопам", "Алжырская пастка" і іншых. Двойчы Э. Ялугін пабываў у Алжыры. Так з'явіўся раман "Астравы", аповесць "Год-другі ў Алжыры". Старшыня студэнцкага зямляцтва з гэтай краіны прызнаў вялікае падабенства апісанага да мясцовых рэаліяў.
Эрнест Васільевіч пазнаёміў з матэрыяламі са свайго архіва, сямейнымі фотаздымкамі.
Яго жонка Джэма Ялугіна калісьці працавала на радыё, з гэтай прычыны некалькі тыдняў таму была падрыхтавана перадача на радыёхвалях, прысвечаная яго юбілею.
У вёсцы Асінаўка, дзе нарадзіўся пісьменнік і драматург, у яго гонар названа вуліца.
За прайшоўшы год Э. Ялугін напісаў гістарычную аповесць, у якой ён разважаў пра лёс Майсея, Ісуса Навіна і габрэйскага народа паводле кнігі Другазаконня са Старога Запавету.
- Будучыня беларусаў залежыць ад таго, наколькі яны назапасяць маральных сіл, каб зрабіць перамены ў бок лепшага, і калі яны правільна выкарыстаюць прыродныя сілы і час, дадзены ім, - лічыць пісьменнік.
Сябры ТБМ праз тэлефон і ў сацыяльных сетках выказалі спадару Эрнесту словы ўдзячнасці за яго кнігі і пажаданні моцнага здароўя.
Эла Дзвінская, фота аўтара.
"Вожык" будзе выходзіць на старонках "ЛІМа"
Выйшаў з друку перадапошні лістападаўскі нумар беларускага часопіса сатыры і гумару "Вожык". Яшчэ выйдзе з друку снежаньскі нумар і больш "Вожык" выдавацца не будзе. Як паведамляецца ў звароце да чытачоў у лістападаўскім нумары, "Вожык" будзе выдавацца на старонках штотыднёвіка "Літаратура і мастацтва". Так, як напрыклад, была знішчана газета "Чырвоная змена" і цяпер - гэта пару старонак у газеце "Звязда". Няма даўно "Чырвонай змены", не будзе і "Вожыка". Часопіс "Вожык" - гэта наша гісторыя літаратуры і мастацтва. Яму пашчасціла, што на чале часопіса ў ваенныя і пасляваенныя гады быў такі майстар смеху, як Кандрат Крапіва. Усё лепшае, што напісалі беларускія пісьменнікі на ніве сатыры і гумару, прайшло праз "Вожык". Нават першая кніжка ў жанры сатыры і гумару Васіля Быкава "Ход канём" была надрукавана ў бібліятэчцы "Вожыка". Дарэчы, бібліятэчка "Вожыка" выдавалася з 1957 года. У бібліятэчцы друкаваліся кнігі Пімена Панчанкі, Максіма Танка, Янкі Брыля, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Янкі Сіпакова, Паўла Місько і многіх-многіх іншых.
"Вожык" заўсёды натхняў людзей на жыццё, ён ніколі не губляў сваёй надзённасці, хаця і шмат каго крытыкаваў, высмейваў, турбаваў. Але цяпер, відаць, у нашай краіне не да смеху і жартаў. Наш любімы "Вожык" смяяцца ўжо не будзе.
Альжбета Руніцкая.
Прэм'ер Баварыі прадрок Германіі "зімовую каронавірусную дэпрэсію"
Навіны Германіі
Прэм'ер-міністр Баварыі Маркус Зедар папярэдзіў, што Германія хуткім часам можа, як і летась, прайсці праз "зімовую каронавірусную дэпрэсію" з-за высокага ўзроўню захворвання.
- Мы стаім на парозе вялікай каронавіруснай драмы, а таксама зімовай каронавіруснай дэпрэсіі. Кожны, хто думае, што гэта толькі невялікі рост (захворванняў), павінен разумець, што нас чакае працяглы рост па ўсёй Германіі, - заявіў Зедар на прэс-канферэнцыі ў пятніцу, маючы на ўвазе паўтор сцэнара 2020 года, калі зімовыя месяцы ў Германіі праходзілі ва ўмовах, блізкіх да лакдаўну. Зедар ізноў заявіў пра неабходнасць увесці на агульнанацыянальным узроўні цвёрды рэжым абмежавальных мер.
- Нам трэба актываваць механізм каронавіруснага аварыйнага тармажэння (механізм запуску цвёрдых абмежавальных мер - рэд.), адзінага па ўсёй федэрацыі, а таксама адзіны для ўсёй краіны план па каронавірусу, - заявіў палітык.
Кажучы пра ідэю ўвядзення абавязковай вакцынацыі, на карысць якой Зедар неаднаразова выказваўся ў апошні час, ён адзначыў, што разлічвае на яе ўвядзенне таксама на нацыянальным узроўні, магчымасці ўвесці такую меру на ўзроўні рэгіёна, па яго словах, у рэгіянальных улад няма. Ён пры гэтым выказаў упэўненасць, што краіна зможа пераадолець чацвёртую хвалю пандэміі, "але мы павінны сфакусавацца на 100%".
Захворванне COVID-19 у Германіі ў апошнія тыдні знаходзіцца на самым высокім за ўсю пандэмію ўзроўні. Так, за апошнія суткі было зарэгістравана больш за 76 тысяч новых выпадкаў захворвання. Пры гэтым смяротнасць на фоне высокага ўзроўню вакцынацыі знаходзіцца на ўзроўні ў некалькі разоў ніжэй, чым у папярэднія пікі пандэміі - некалькі сот супраць больш тысячы ў снежні мінулага года.
Паводле СМІ.
Амбасадар Украіны запатрабаваў ад Германіі рэпарацыі
Амбасадар Украіны ў Германіі Андрэй Мельнік заявіў пра права Украіны на кампенсацыю з боку ФРГ за згубленыя падчас Другой сусветнай вайны каштоўнасці, а таксама за архіў Баха, бясплатна падораны Берліну два дзесяцігоддзі назад.
Архіў нот Іягана Себасцяна Баха, культурны кошт якога неацэнны, а матэрыяльны перавышае дзясяткі мільярдаў еўра, быў перададзены кабінету міністраў Герхарда Шрэдара ў 2001 годзе. На Украіне дагэтуль не ўпэўнены ў законнасці такога кроку.
Мельнік у лісце, тэкст якога публікуе агенцтва "Укрінформ", адмовіўся ад удзелу ў святочным канцэрце па выпадку 20-годдзя перадачы архіва Баха. Сваё рашэнне ён растлумачыў тым, што Кіеў так і не атрымаў кампенсацыю ад Берліна "за велізарныя страты культурнай спадчыны Украіны падчас нацысцкай акупацыі, так і з пункту гледжання палітычнай падтрымкі" Украіны "на шляху да членства ў ЕС".
Дыпламат пажаліўся, што ФРГ праігнаравала прапанову Украіны стварыць "Кампенсацыйны фонд ваенных страт" для закупкі каштоўных арт-аб'ектаў сусветнага ўзроўню для ўкраінскіх музеяў.
Мельнік таксама панаракаў, што некалькі гадоў прапанаваў Берліну запусціць сумесныя ініцыятывы ў кантэксце перадачы архіва Баха, але "наткнуўся на глухую сцяну неразумення". Дыпламат таксама нагадаў, што Украіна за час акупацыі была цалкам спустошана і пазбавілася вялікай культурнай спадчыны.
Паводле СМІ.
Праўда пра келлю Конрада
Спрэчка пра келлю Конрада ў па-базыльянскіх мурах Вільні працягваецца ўжо дваццаць гадоў. Таму наспеў час напісаць гісторыю келлі Конрада (на жаль, пра яе яшчэ няшмат вядома) ці гісторыю яе вельмі нефартунных пошукаў з вялікай колькасцю трагікамічных момантаў. Пад нядобрым знакам пачаліся гэтыя пошукі і яшчэ на самым пачатку ўзаемныя антыпатыі даследчыкаў далі нагоду сучаснаму віленскаму навукоўцу Феліксу Чэрскаму для зласлівых публічных досціпаў.
Выдаючы восенню 1923 г. нарысы "Галасы з-прад веку", прафесар Ст. Пігонь прысвяціў адзін нарыс келлі Конрада. Гэты аўтар лічыў, што, маючы ў руках планы кляштара базыльянаў ад 1814 і 1845 гг., можна дакладна высветліць месцазнаходжанне гэтай гістарычнай келлі. Метад прафесара ў газеце "Слова" аспрэчыў яго востры крытык Чэслаў Янкоўскі. Як жа адчувае сябе такі працавіты і ўважлівы да дробязей даследчык Міцкевіча як пр. Пігонь пасля выдання сваіх нарысаў і пасля таго, як з друку выйшла невялікая брашура старшыні Беларускага навуковага таварыства Антона Луцкевіча пад назвай "Праўда аб "келлі Конрада"? (Гл: Ant. Łuckiewicz. Prawda o "celi Konrada". W setną rocznicę procesu Filomatów. Wilno, 1923.) Тэкст Луцкевіча быў напісаны для "Тыгодніка Ілюстраванага" з мэтай выпраўлення памылковых, галаслоўных і вельмі крыўдных для беларусаў звестак пра келлю Конрада, як быццам беларусы прафанавалі святое для культуры месца тым, што зрабілі і працягваюць утрымоўваць у келлі туалет.
Відочна, што тэкст Луцкевіча падзяліў бы лёс з іншымі падобнымі рэчамі, напісанымі ў наіўнай надзеі на тое, што які-небудзь орган эндэцкай прэсы дзеля праўды надрукуе іх. Таму аўтару не заставалася іншага выйсця, як выдаць сваю працу друкам па-польску, каб давесці палякам добрай волі праўду пра прафанаванне келлі Конрада. Гэтую прыкрую і нават балючую ў сваёй існасці тэму Луцкевіч раскрыў на грунце вялікай колькасці крыніц і цалкам прадметна растлумачыў спрэчныя да гэтага часу рэчы.
На пачатку аўтар дае кароткі агляд пошукаў месцазнаходжання келлі Конрада ад пачаткаў да сучаснага часу. Калі пр. Пігонь адыходзіць ад тэксту "Дзядоў" Міцкевіча і піша, што келля не прылягала да муроў царквы св. Тройцы, дык Луцкевіч моцна трымаецца за месцазнаходжанне келлі, вызначанае самім Міцкевічам у словах "przylega do murow kosciola (частка 2, сцэна 1). Пігонь, Клос і Вацлаў Студніцкі цверазілі, што памыліўся Міцкевіч. Дапускаючы, што вялікі паэт мог памыліцца, тым не менш, не будзем спяшацца, бо ведаем, якім дакладным быў Міцкевіч з вызначэнні месцаў падзей. Планы па-базыльянскіх муроў, вывучаныя мешанай польска-беларускай камісіяй, не дазвалялі сказаць што-небудзь пэўнае пра тапаграфію келлі Конрада, аднак уяўленне пр. Пігоня штурхнула яго заявіць, што вязніца Міцкевіча знаходзілася перад сучасным туалетам!
Аднак, на шчасце, Беларускае навуковае таварыства ў Вільні знайшло інвентар кляштара ад 23 красавіка 1841 г. з якога бачна, што келля, якую ў апошняй публікацыі пр. Пігонь назваў келлю Конрада, ніколі не была жылой і ад веку служыла для кляштара толькі "паспалітым месцам" (туалетам - Л. Л.) Таксама таварыства ў альбоме Бацюшкава "Памятники старины в Западных губерниях Империи Северо-западного края" адшукала літаграфію з відам кляштара. Яе рэпрадукцыя апублікавана яшчэ і ў кнізе таго самага Бацюшкава "Белоруссия и Литва" (Пецярбург, 1890. С. 89.) На малюнку бачна двухпавярховая прыбудова, якая прылягае да царквы св. Тройцы і мае асобны выхад. Менавіта таму будынак прылягаў да вязніцы і цалкам адпавядаў апісанню Міцкевіча. Каб была магчымасць вакол царквы праводзіць працэсіі, гэты будынак быў цалкам знесены ў сярэдзіне XIX ст.
Так мы страцілі муры, у якіх чакаў дэпартацыі з Вільні самы вялікі паэт нашай зямлі.
Нягледзячы на чыста правакацыйнае трактаванне гісторыі, сп. Антон Луцкевіч даў грунтоўны адказ усім, хто жадаў бы сваімі крыкамі служыць не навуцы, а эндэцыі.
Erka [Ул. Талочка] Prawda o celi Konrada // Pregląd Wileńsk. 1924, № 2. S. 4-5.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.
З нагоды спрэчкі пра "Келлю Конрада"
Ліст у рэдакцыю
Ліст напісаны з-за нападаў на мяне прафесара Пігоня на старонках "Дзённіка Вленскага" ў артыкуле "Няпраўда і праўда пра келлю Конрада. Баламуцтва А. Луцкевіча" на тле спрэчак пра месца знаходжання келлі ў па-базыльяскіх мурах, у якой быў увязнены Адам Міцкевіч. Напады гэтыя, абсалютна недапушчальныя па форме і няслушныя па змесце, крыўдзяць мяне, і я прашу шаноўную рэдакцыю размясціць у сваім выданні мой тэкст, у якім тлумачацца цверджанні пр. Пігоня.
Ужо сам тон пр. Пігоня пераводзіць навуковую спрэчку на глебу асабістых і нацыянальных адносін. Прафесар з абурэннем піша пра выступ "зусім неспадзяванага" апанента - беларусаў, і гэта пры тым, што яшчэ за 15 гадоў да з'яўлення Пігоня ў Вільні, разам з мясцовымі польскімі даследчыкамі, над пытаннем "келлі Конрада" працавалі с.п. Ян Луцкевіч і др. Ул. Загорскі. Таксама, толькі дзякуючы ініцыятыве беларускага грамадства пры Дэпартаменце асветы Сярэдняй Літвы, паўстала змешаная польска-беларуская камісія, якая выкрыла пр. Пігоня як апалагета выдумленай сп. Студзінскім версіі аб "прафанаванні" келлі Конрада рускімі і беларусамі. А калі аўтар гэтага ліста надрукаваў вынікі працы камісіі і Беларускага навуковага таварыства, тады пр. Пігонь пачаў імкнуцца дыскрэдытаваць мяне асабіста як "фальшаваўніка".
Гэтага закіду было б дастаткова, каб узбудзіць недавер да маіх слоў, але ён мае тую ж вартасць, як і напады прафесара на беларускае грамадства ў яго брашуры ад 1921 г., брашуры, якую ён зараз быў прымушаны адклікаць. Мяне пр. Пігонь абвінавачвае ў тым, што я ў сваёй брашуры (Ant. Luckiewicz. Prawda o "celi Konrada") на старонцы № 5 надрукаваў план па-базыльянскага кляштара, які быў "створаны гэтай камісіяй" (Т-вам Мілоснікаў Вільні) і на гэтым плане як быццам дамаляваны "няісныя ў рэальнасці сцены шырокага пабуранага крыла, хоць у рэальнасці сляды такіх сцен у зямлі абсалютна не захаваліся", я быццам адмыслова і мэтанакіравана падрабіў "доказы сваёй тэорыі", а таксама "план на стр. 5 брашуры фальшывы, абазначаных лічбай ІІІ слядоў пабуранага крыла камісія не знайшла пры раскопках". Таксама пр. Пігонь цалкам упэўнена цвердзіць, што сляды даху пабуранага будынка кажуць пра тое, што ён быў аднапавярховым і служыў толькі калідорам для пераходу з кляштара ў царкву і "не мог мець жылых келляў".
Усе гэтыя абвінавачванні магу цалкам вярнуць пр. Пігоню. Бо няпраўда тое, што план на стр. 5 маёй брашуры створаны камісіяй Т-ва Мілоснікаў Вільні. Каб пераканацца ў тым, што Пігонь памыляецца, дастаткова зазірнуць у брашуру. Крэскамі ў плане я падаў "Контур пабуранага крыла які дакладна адпавядае слядам даху і сценам" паўднёвага па-кляштарнага гмаха. "Шырыня пабуранага крыла" згодна з рэшткамі складае 11,70 метраў і мае вышыню, калі лічыць ад скляпенняў падземнага калідора да столі - 4,90 м. Падземны калідор, як цвердзіць сп. Пігонь, ледзь мае 1,8 м шырыні. Калі пераход у будынку меў такую, ці нават падвойную шырыню, дык застаецца яшчэ 8 - 9 метраў шырыні. І пра гэтую прастору пр. Пігонь мае адвагу цвердзіць, што тут не было месца для келляў […] .
Хопіць, сп. Пігонь! Гэта ўжо занадта. "Нацягваць" праўду можна толькі маючы ўпэўненасць у тым, што ніхто на месцы не спраўдзіць памеры калідора і пабуранага крыла. Але і самы некрытычны чытач з супастаўлення гэтых памераў зробіць выснову, што архітэктурным цудам было бы пабудаваць дах і столь над калідорам такім чынам, каб па-за калідорам засталася пустка, як найменей, падвойнай шырыні, пабудаваць падсеннне шырынёй у 8 - 9 метраў якое можа існаваць толькі ва ўяўленні самога сп. Пігоня […] .
Пр. Пігонь хутка распраўляецца з літаграфіяй Трутнева, якую "абвінавачвае" ў даробцы сходаў на першы паверх пабуранага крыла кляштара і коміна на даху. Ён так жартуе? Не лепш ён ставіцца і да сведчання самога Міцкевіча пра тое, што яго келля прылягала да муроў царквы. […] Для яго указанне Міцкевіча, што яго турэмная келля прылягала да царквы св. Тройцы не мае ніякага сэнсу. Бо толькі пры непасрэдным суседстве келлі з мурамі царквы, а не калідора, спевы вязняў у горадзе маглі прыняць за царкоўныя спевы. З вокнаў "новай" келлі сп. Пігоня спевы вязняў маглі чуць (і вельмі слаба) толькі жыхары вуліцы Коннай, куды "царкоўныя спевы ўвогуле не даляталі. Гэтак, далікатна кажучы, "мадыфікаваў" сп. Пігонь указанне самага верагоднага сведкі адначасова абвяргаючы цверджанне Міцкевіча аб бачнасці брамы …
Сп. пр. Пігонь і Клос трэці туалет падаюць за "келлю Конрада": два першыя адпалі, калі стала зразумела (і ў гэтым, уласна, заслуга "неспадзяванага" апанента - беларусаў), што адзін з іх з'яўляецца цалкам новай дабудовай, а другі ад веку быў "паспалітым месцам" (туалетам - Л. Л.) для манахаў. Гэта новая ідэя сп. Пігоня нічым не лепшая. Для абвяржэння яе дастаткова вышэй апісанай тапаграфіі ў "Дзядах". У дадатку паўстае клопат з вызначэннем колькасці паверхаў. Гмах кляштара з-за ўхілу грунту з боку саду (на поўдні), па тэрміналогіі інвентара 1841 г. чатырохпавярховы і "келля" пр. Пігоня па той жа тэрміналогіі месціцца на трэцім паверсе, а не на другім. Міцкевіч, калі верыць сп. Пігоню, што вокны турмы выходзілі ў сад, меў бы пад сабой два шэрагі вокнаў, што не магло быць, калі ён знаходзіўся на другім паверсе.
Не на карысць маёй тэзы пра месца "келлі Конрада" (у пабураным крыле) сп. Пігонь высоўвае інвентар, у якім няма размовы пры іншыя туалеты, акрамя туалета ў калідоры. Але пры напісанні інвентара аўтары па чарзе апісалі туалеты, праз якія яны праходзілі, пачынаючы ад увахода і келлі брамніка і закочваючы царквой. Таму, згодна з малюнкам Трутнева, туалеты ў пабураным крыле мелі асобны ўваход па сходах з боку могілак і не ляжалі на шляху візітатараў. Таксама, магчыма, што ў 1841, а можа і ў 1823 г., тыя туалеты ўжо не працавалі, а стаялі пустымі (што магло падаць думку выкарыстаць іх як турму) і таму не патрапілі ў візітацыю.
Яшчэ сп. Пігонь цвердзіць, што паколькі сп.сп. Сакалоўскі і Краснапольскі не знайшлі падмуркаў пабуранага крыла, дык яго і не існавала. Але супраць гэтай думкі "паўстаюць нават каменні", бо сляды сцен гэтага крыла на галоўным гмаху сведчаць, што пабуранае крыло не было фундаментальным, а з'яўлялася лёгкай пабудовай, якая не патрабавала падмуркаў глыбей за 1,8 м, што зразумела для архітэктараў. Трэба дадаць, што з-за ўзвышэння грунту з усходняга боку (з вуліцы Вострабрамскай), пабуранае крыло ў сваёй усходняй частцы мусіла быць аднапавярховым і толькі ў заходняй частцы (з гэтага боку яго намаляваў Трутнеў) - двухпавярховым.
Падчас свайго знаходжання ў Вільні пр. Каленбах асабліва звяртаў увагу на бачнасць вязнямі брамы. Ён дапускаў, што брама магла быць з боку вуліцы Вострабрамскай. Можа, у гарадскіх архівах можна было б знайсці такую інфармацыю, якая чамусьці пільна хаваецца зацікаўленымі асобамі, якія ўжо скампраметавалі сябе надуманым "адкрыццём", але пры гэтым маюць у руках доказы сваіх тэорый. Калі б такая брама існавала, дык з усходніх вокнаў пабуранага крыла, яе можна было б бачыць.
Пра "віленскія традыцыі", на якія спасылаецца сп. Пігонь, не буду нічога казаць. Словы Адзінца пра тое, што "ў пэўныя гадзіны" ён бачыў Міцкевіча ў вокнах з боку "бульварыка за Вострай Брамай", не кажа на карысць сп. Пігоня, бо хутчэй можна дапусціць, што "ў пэўных гадзінах" вязні маглі прыходзіць у гэты кляштарны "музей", бо не маглі ўвесь дзень карыстацца найвялікшым для кожнага вязня адпачынкам - назіраннем за, хоць і чужымі, але вольным людзьмі.
Нарэшце, некалькі слоў пра "дакумент", які ўзгадвае сп. Пігонь і цытуе яго ўслед за сп. Масціцкім. Размова ў ім вядзецца пра тое, што губернатар Рымскі-Корсакаў загадаў паліцмайстру Шлыкаву заняць пад вязніцу "па аднаму паверху" ў шасці кляштарах, у тым ліку і ў базыльянскім. Слова "паверх" сп. Пігонь трактуе як нешта вельмі вялікае, якое не можа складацца з некалькіх пакойчыкаў. Але было б рызыкоўна на гэтым будаваць сваю тэорыю. У дадатак, сп. Пігонь, верагодна, не валодае рускай мовай, на якой быў напісаны загад губернатара, і не можа сабе ўявіць, што рускае слова "этаж" уключае ў сабе і паняцце першага паверха (у польскай мове "parter" - першы паверх, а "piаtro" - усе іншыя паверхі - Л. Л.).
Закончу яшчэ адным пратэстам супраць метадаў палемікі сп. Пігоня, якімі сам не жадаю карыстацца. Скажу толькі, што грунтуючыся на "адкрыцці" сп. Пігоня […], пачалося адбіранне па-базыльянскіх муроў у беларусаў. Зараз сп. Пігонь адклікае свае цверджанні, але крыўда беларусам застаецца. […]
08.03.1924 г.
Antoni Łuckiewocz. Z powodu sporu o "Celę Konrada" // Pregląd Wileński. 1924, № 6. S. 5-7.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.
Беларусы на Алясцы - працяг размовы
Беларусы ў Рускай Амерыцы, на Алясцы... Працяг гэтай тэмы (гл., напрыклад, "Краязнаўчую газету", 2005, № 2) у свой час стаў магчымым таму, што выдатны даследчык, практычна - сусветны лідар у вывучэнні гісторыі Рускай Амерыкі Андрэй Грынёў, заканчваючы працу над слоўнікам персаналій Рускай Амерыкі, даслаў нам артыкулы пра нашых землякоў (сам ён у сімпатычнай манеры адносіць да паняцця "вашых землякоў" асоб не толькі з "віцебскіх" Пскоўшчыны і Смаленшчыны, але і "чарнігаўскай" Браншчыны, хоць схільны лічыць амаль усіх асоб з тымі ці іншымі раннімі прывязкамі да беларускіх губерняў, што маюць падобныя да польскіх прозвішчы і імёны, палякамі, "польскімі шляхціцамі", а не беларускімі: "відавочна / верагодна, паляк", нават "відавочна, украінскага паходжання", але ніводнага разу "відавочна, беларус", "магчыма, беларускага паходжання"). "Энцыклапедычны слоўнік-даведнік", якому аўтар даў назву "Хто ёсць хто ў гісторыі Рускай Амерыкі", выйшаў у маскоўскім выдавецтве "Academia" ў самым канцы 2009 г.
Андрэй Вальтэравіч Грынёў - доктар гістарычных навук, прафесар кафедры гісторыі Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага політэхнічнага ўніверсітэта, аўтар соцень публікацый, пераважна па праблематыцы Рускай Амерыкі, алясказнаўства. Аўтар слоўніка спадзяваўся, што пасля публікацыі звестак пра выхадцаў з Беларусі тут могуць знайсціся іх сваякі. Як агульнагістарычнае (не толькі "перыферыйнае"), так і генеалагічнае значэнне гэтай выдатнай, надзвычайнай працы сапраўды вялікае. Слоўнік Рычарда Пірса (1990) утрымліваў толькі найбольш значных асоб, звязаных з Рускай Амерыкай, а прафесар Грынёў пастараўся ўлічыць усіх адметных, прычым шмат імёнаў знойдзена ў архівах і з'явілася ў друку ўпершыню менавіта дзякуючы яму. Варта асабліва акцэнтаваць увагу на момант у нашай велізарнай перапісцы з гэтым гісторыкам-архівістам (больш за 700 электронных паведамленняў), які змяніў асноўную навуковую задачу нашага калегі на пяць гадоў. Абмен паведамленнямі адбыўся 10.02.2005 г., стартаваўшы гэты выключна важны для Расійскай Федэрацыі і суседніх краін, для гісторыі Аляскі праект (ужо ў працэсе стварэння слоўнікавая артыкулы пачаў перакладаць на англійскую мову Рычард Бланд): ""СКРОЗЬ": ІДЭЯ "ВЯЛІКАГА БІЯГРАФІЧНАГА СЛОЎНІКА РУСКАЙ АМЕРЫКІ"
Літаральна ўсе, хто жыў у Рускай Амерыцы (калі мець на ўвазе толькі выхадцаў з Еўразіі, а так ставіць пытанне нельга, то гэта не занадта вялікі масіў), хто наведваў яе і хто пісаў пра яе да і пасля 1867 г. На манер проста дзіўнага "Польскага біяграфічнага слоўніка" - у частцы найбольш "выдатных" дзеячаў, і як наша серыя "Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка (нейкага раёна або вялікага горада)" - для ўсіх астатніх (як удзельнікаў вайны, ці што...)".
Нашу ідэю Грынёў спачатку ўспрыняў скептычна: "Ідэя Вялікага біяграфічнага слоўніка Рускай Амерыкі ўжо рэалізавана амерыканскім прафесарам Р. Пірсам, які выдаў яго ў 1990 г. (натуральна, на англійскай мове). Пералічыць усіх, хто бываў у Рускай Амерыцы, наўрад ці ўдасца - іх больш за 10 тысяч, і многія проста невядомыя, а дакументы згублены. Больш перспектыўным могуць быць тэматычныя біяграфічныя слоўнікі, напрыклад, аб мараках, якія бывалі і служылі ў Рускай Амерыцы. Зрэшты, такі слоўнік ужо выпусціў у 1998 г. ва Уладзівастоку Б. М. Балгурцаў". Потым ён усё ж згадзіўся, што ідэя камбінаваць у слоўніку звесткі пра вядомых і невядомых асоб з максімальна магчымых ахопам - наватарская і вельмі карысная для дзяржавы, якая калісьці валодала тэрыторыяй, і грамадзян, якія маглі б знайсці ў даведніку сваіх сваякоў; падтрыманы навуковымі куратарамі ў Маскве, ён энергічна працаваў, рэгулярна паведамляючы пра прагрэс, даючы і атрымліваючы каментарыі па персаналіях і тэхніцы стварэння артыкулаў, і 10.12.2009 г. даведнік "Хто ёсць хто ў гісторыі Рускай Амерыкі" з каля 5850 кароткімі біяграфічнымі артыкуламі быў падпісаны ў друк.
Прапануем увазе чытачоў тры ўзоры артыкулаў са слоўніка Грынёва, што прысвечаны яўным выхадцам з Беларусі ў сучасных межах і былі апублікаваныя разам з некалькімі іншымі ў перакладзе на беларускую мову ў выпусках гомельскага бюлетэня "Веснік БІТ" з 13 красавіка (№ 15) па 29 чэрвеня (№ 26) 2009 г.
" ІВАНОЎ Мікалай Маркавіч - удзельны селянін Віцебскай губерні Гарадзецкага павета вёскі Багозінай; служыў у Рускай Амерыцы ў 1830-х гг. пры Дзіянісіеўскім рэдуце. Летам 1837 І. разам з былым матросам Н. Караулавым спрабаваў збегчы з рэдута да англічан у Брытанскую Калумбію, аднак быў злоўлены мясцовымі тлінкітамі стыкінцамі, нанятымі начальнікам рэдута, і вернуты ў рэдут, а адтуль высланы ў Нова-Архангельск для пакарання. У маі наступнага года І. разам з Караулавым і крэолам І. А. Салтанавым збег з Нова-Архангельска. У пралівах арх. Аляксандра дэзерціры займаліся рабаваннем і разбоем, нападаючы на прамысловыя лагеры індзейцаў тлінкітаў. Пасля некалькіх сутычак з індзейцамі ў пралівах, І. і Салтанаў былі паранены, а Караулаў забіты (яны, у сваю чаргу, забілі 12 чалавек і захапілі ў палон 2 індыянак). Ратуючыся ад індзейцаў, параненыя ўцекачы змаглі дабрацца да Дзіянісіеўскага рэдута, дзе атрымалі дапамогу. Пасля вылячэння ад ран, І. быў высланы ў красавіку 1839 у Ахоцк для суда за свае злачынствы. Сваякам забітых дэзерцірамі тлінкітаў галоўны кіраўнік І. А. Купрэянаў вымушаны быў выплаціць кампенсацыю таварамі на суму больш за 1000 руб. ас.".
" КУМАЧОЎ Сысой (у дакументах указваецца таксама іншае яго імя - Міхаіл) (пам. 1850) - віцебскі мешчанін, на службе РАК* з 1843, працаваў у Нова-Архангельску прыказчыкам крамы для гандлю з тлінкітамі аж да сваёй смерці ў 1850; на яго месца быў прызначаны К. Нордстрэм".
" ЦІМАФЕЕЎ (ЦІМАРЭЕЎ) Мірон (пам. 1866) - селянін Віцебскай губерні, Себежскага павета, Непаротаўскага войтаўства, вёскі Улазавічы; доўгі час служыў у Рускай Амерыцы, прычым у кастрычніку 1830 быў пасланы з Нова-Архангельска для работ у крэпасць Рос у Каліфорнію разам з жонкай Кацярынай (верагодна, крэолкай або эскімоскай). Затым Ц. вярнуўся ў Нова-Архангельск, дзе ў 1840-х гг. меў уласны дом і ў 1842 ажаніўся з Надзеяй Нікіфаравай (відавочна, крэолкай). Ц. атрымаў дазвол на прылічэнне да каланіяльнага грамадзянства ў 1847 і згадваўся ў спісе каланіяльных грамадзян у 1850".
Змяшчаем таксама тры біяграфічныя даведкі, якія мы атрымалі ад Андрэя Грынёва, што працягваў працаваць у архіве, ужо пасля таго, як слоўнік быў перададзены ў выдавецтва. Яны публікаваліся толькі ў "Весніку БІТ" адпаведна - 2009, № 27, 2010, № 40 і № 41).
" АФАНАССЕЎ Лазар - віцебскі селянін, быў наняты РАК для службы ў Рускай Амерыцы ў 1862 і накіраваны туды на караблі РАК "Цэсарэвіч" (шкіпер А. Аляксандраў)".
" БАКУН Іван - менскі аднадворац, знаходзіўся на службе РАК у Рускай Амерыцы з 1843 памочнікам прыказчыка і выехаў з калоній на радзіму ў лістападзе 1850 на караблі "Атха" (шкіпер А. В. Рыдэль)".
" НЮКША Пётр - віцебскі мешчанін, знаходзіўся на службе РАК у Рускай Амерыцы з 1843 валавым рабочым і выехаў з калоній на радзіму ў лістападзе 1850 на караблі "Атха" (шкіпер А. В. Рыдэль)".
Асоб беларускага паходжання паводле месца нараджэння або "крыві" ў Рускай Амерыцы было значна больш, чым ёсць прамых указанняў на гэта: у слоўніку-даведніку, напрыклад, сустракаюцца адзін Літвінаў і тры Літвінцавых (Литвинцев, Литвинцов), а таксама "Летвинцов", у тым ліку адзін святар (людзі з гэтым "беларускім" прозвішчам аселі ў Сібіры ў "часы Ермака" (што зацікавіла ў свой час і якуцкага даследчыка Алеся Баркоўскага) і, як бачым, пазней перабраліся за акіян).
Акрамя прозвішчаў, названых у "Голасе Радзімы" (2010, 4 лютага: "Ад Рэпак - у далёкі свет. Амаль кругасветнае падарожжа здзейсніў ураджэнец Рагачоўшчыны Мікалай Грынкевіч"), варта звярнуць увагу на наступныя: Зівальд (ураджэнец Віцебскай губерні); звязаныя з Віленшчынай: Бянёўскі, Вішнеўскі (Віснеўскі), Урбановіч; Пскоўшчынай: Філіпаў, Шасовіч; Чарнігаўшчынай: іераманах Іларыён, Валынскі; Жытоміршчынай: Гадлеўскі; "палякі" або верагодныя, паводле Грынёва, палякі: Абжалтоўскі, Заічкоўскі (Занюкоўскі, Занікоўскі), Закржэўскі, Каменскі, Кульчыцкі, Лемашэўскі (Лімашэўскі), Малышэўскі, Маркоўскі, Патэнга, Петрашкевіч, Раеўскі, Руткоўскі, Фіялкоўскі; маюць "польскія" або "ўкраінскія" па гучанні імёны і/або прозвішчы, насіць якія маглі і беларусы: Мілашэвіч (іераманах Гаўрыіл, гл. у слоўніку на гэтае імя), Барташэвіч, Дамашэнка, Дзюбін, Зарэмба, Зубрыцкі, Ілляшэвіч, Кулігоўскі (Кулісоўскі), Леантовіч, Лошчанка, Марцынкевіч (Марцінкевіч), Мацкевіч, Насачэнка, Павала-Швыйкоўскі, Станюковіч, Старадубцаў, Стацэнка (Стацэнкаў), Сусарэнка, Табулевіч, Хромчанка, Шышкевіч, Яворскі, Янкоўскі; з асоб яўрэйскага паходжання: Вальховіч, які ў складзе сібірскага лінейнага батальёна № 14 абараняў ад тлінкітаў сталіцу Рускай Амерыкі і, значыць, інтарэсы РАК.
Беларускасць Восіпа Саўчанкава, дзякуючы прыведзенаму Грынёвым і пацверджанаму многімі дакументамі варыянту яго прозвішча - Саўчанка - і паходжанню з Краснага Смаленскай губерні, не можа выклікаць сумненняў.
Слоўнік дапамагае высветліць і карані некаторых з жыхароў Сан-Францыска, якія стала або часова перасяліліся з амерыканскай ужо Аляскі. Раннія кантакты беларусаў з індзейцамі Аляскі не абмяжоўваліся самой Аляскай: Цімафееў-Цімарэеў, апынуўся побач з імі ў каліфарнійскай крэпасці Рос (а другой яго жонкай у Сітцы была каліфарнійскія індыянка!); у канцы 1880-х - першай палове 1890-х з праваслаўнымі тлінкітамі ў Сан-Францыска сутыкаліся ўраджэнцы Беларусі Мікалай Русель і яго брат Эміль Судзілоўскі, а таксама псаломшчык, а потым дыякан і святар родам з Гомельшчыны Мікалай Грынкевіч, які апісаў стан царкоўнай школы з правамі духоўнай семінарыі, у якой выкладаў і ў якой вучыліся, разам з дзецьмі, што прыехалі з Расіі або былі "амерыканцамі-янкі", тлінкіты (у прыватнасці, Андрэй Кавутка і Мікалай Саўчанка з беларуска-тлінкіцкай сям'і ў Кадзьяку), атапаскі, эскімосы, аляуты і прадстаўнікі своеасаблівага змешанага "крэольскага" народа Аляскі.
Выпадак, што "праславіў" Мікалая Іванова, безумоўна, шакіраваў усіх прыхільнікаў ідэі, што з еўрапейцаў беларусы нанеслі найменш шкоды індзейцам. Гісторыя гэтага "ўцекача", на сумленні якога, разам з іншымі аляскінскімі "дэсперада", і забойства правадыра тлінкітаў, без указання на яго беларускае паходжанне падавалася Грынёвым у руска- і англамоўнай версіях яго кнігі "Індзейцы тлінкіты ў перыяд Рускай Амерыкі (1741-1867 гг.)" (Навасібірск, 1991; Лінкальн (Небраска), 2005); ужо ў зводцы па беларусах Грынёў пісаў пра яго ў часопісе "Этнографическое обозрение" (2007, № 3: "Этнічны склад прышлага насельніцтва Рускай Амерыкі").
І гэта не ўсё самае кепскае, пра што мы ўжо ведаем.
Да беларускіх "знаходак" на этнічнай тэрыторыі дэнаіна ў перыяд Рускай Амерыкі можна з вялікай ступенню ўпэўненасці аднесці чыноўніка Пятра Зазубовіча, якога згадваў у сваёй кнізе пра праваслаўных місіянераў сярод іх даследчык з Алабамы А ндрэй Знаменскі. Ён характарызаваўся як злосны і нядобрасумленны чалавек, за што індзейцы нават збіраліся расправіцца з ім (як начальнік Мікалаеўскага рэдута "займаўся махінацыямі з бухгалтэрыяй і аблікам мясцовых індзейцаў-танаіна, якія яго ненавідзелі і ледзь не забілі", выратаваўся выпадкова - дзякуючы жанчыне-дэнаіна). (Прыгадаем настаўніка будучага этнографа Мікалая Нікіфароўскага з гэтым, даволі рэдкім прозвішчам, найбольш раннія вядомыя нам носьбіты якога знаходзяцца на Віцебшчыне і Пскоўшчыне.)
Але, несумненна, ёсць прыклады надзвычай паважаных, узорна сумленных людзей з ліку беларускіх выхадцаў. Нашчадкі беларусаў ад шлюбаў з мясцовымі жыхарамі з'явіліся на Алясцы ў рускі перыяд, але гэты рамантычны край прыцягваў сыноў нашай зямлі і ў пазнейшыя часы. Ледзь не паўстагоддзя да і пасля рэвалюцыі 1917 г. у Кенаі жыў ураджэнец Менскай губерні Павел Шадура (вёска Пагарэлае), а яго нашчадкі носяць у сябе алеуцкую і тлінкіцкую кроў (ад жонкі а. Паўла) з непазбежнай тэндэнцыяй змяшаць яе з кроўю іншых індзейскіх народаў (яшчэ да сваіх шлюбаў з атапаскамі Шадуры афіцыйна сталі членамі індзейскага племені кенайцаў). На востраве Кадзьяк ён працаваў разам са святаром Васілём Мартышам, далучаным у 2003 г. да ліку святых (новых свяшчэннамучанікаў) Польскай праваслаўнай царквой, жонкай якога была Вольга з наваградскай сям'і Новікаў; тут нарадзіліся дачка Мартышаў Ксенія - вядомая польская актрыса аперэты, а перад тым і яе дзядзька Сяргей Мартыш.
Алесь Сімакоў, збіральнік беларускай алясканы.
* РАК - Расійска-амерыканская кампанія; Нова-Архангельск - адміністрацыйны цэнтр Рускай Амерыкі на этнічнай тэрыторыі тлінкітаў.
Літаратурная квэст-гульня "Ведаем! Чыталі!"
Пазнаёміцца з бібліятэкай і яе таямніцамі можна не толькі прыйшоўшы на экскурсію, але і наведаўшы мерапрыемствы ў яе сценах. Супрацоўнікі філіялаў ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" крэатыўна, творча і інтэлектуальна падыходзяць да падрыхтоўкі сустрэчы са сваімі чытачамі ў бібліятэцы.
У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 4" (бульвар кн. Гедыміна, 5) прайшла літаратурная квэст-гульня "Ведаем! Чыталі!" у рамках прафесійнага конкурсу на лепшы сцэнарый мерапрыемства для дзяцей і юнацтва "Бібліякрэатыў". Яе ўдзельнікамі сталі вучні 1 класа ДУА "Сярэдняя школа № 11 г. Ліды".
Галоўная мэта квэсту - пошук вінаватага, які ўчыніў кніжную бязладзіцу ў бібліятэцы, і расшыфроўка таямнічага паслання. Падзяліўшыся на дзве каманды і атрымаўшы пажаданні, удзельнікам трэба было вытрымаць выпрабаванні, паказаўшы свае веды дзіцячай літаратуры.
Аформлены па тэме квэсту, вестыбюль бібліятэкі ў гэты дзень ажыў. На працягу мерапрыемства гучалі знаёмыя і ўсімі любімыя песні з казак, якія выдатна запаўнялі паўзы, пакуль дзеці разважалі над пошукам адказаў да заданняў.
На кніжнай выставе "Дзіцячая кніга - гэта асаблівы свет" была прадстаўлена мастацкая дзіцячая літаратура: маляўнічыя казкі, дыскі, творы беларускіх і замежных класікаў.
Каманды з натхненнем выконвалі заданні, паказвалі свае веды, уменне выходзіць са складаных сітуацый, актыўна адказвалі на пытанні шматлікіх віктарын, конкурсаў, размалёўвалі, спявалі і танцавалі, глядзелі мультфільмы.
Выкарыстоўваючы зашыфраваныя ключы-падказкі, якія былі схаваны ў знойдзеных кнігах, дзеці набліжаліся да канчатковай мэты. Цікавым этапам праходжання квэсту стала зборка пазла, часткі якога каманды атрымлівалі пасля выканання заданняў. У выніку атрымаўся выдатны малюнак бібліятэкі.
Паспяхова прайшоўшы шматлікія выпрабаванні і склаўшы пазл, каманды атрымалі ключ ад загадкавага куфра, які падвёў іх да заключнай часткі квэст-гульні - відэазагадкі, якая ўключала ў сябе маляўнічую прэзентацыю.
Хлопцы і дзяўчынкі з поспехам справіліся з апошняй задачай, атрымаўшы пасланне "Чытай кнігі". Пад гэтым заклікам квэст-гульня была пройдзена. Яна не толькі пазнаёміла ўдзельнікаў з новымі цікавымі кнігамі, але і дапамагла ім лепш даведацца пра творчасць дзіцячых пісьменнікаў.
Усе выпрабаванні дзеці адолелі, дзякуючы суладнай працы ў камандзе. Мерапрыемства прайшло весела і пазнавальна.
Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу К.С. Сандакова.
Этнаграфічная гадзіна "З народных крыніц: святы восені"
Восень, бадай, самая таямнічая і рамантычная пара года, нездарма паэты і мастакі розных эпох прысвячалі ёй свае шматлікія творы. Толькі восень спачатку адорвае чалавека ўраджаем, а потым апускае ўсю прыроду ў сон. Народны каляндар поўны вялікай колькасцю восеньскіх прымет, якія грунтаваліся на назіраннях за прыроднымі заканамернасцямі і на іх сувязі з пэўнымі падзеямі.
Філіял "Інтэграваная бібліятэка аграгарадка Дворышча" ладзіў этнаграфічную гадзіну "З народных крыніц: святы восені". Гаспадынька-восень прапанавала ўдзельнікам паслухаць прыгожыя вершы беларускіх пісьменнікаў пра восень, а хто адгадваў яе загадкі, атрымліваў падарунак - чароўны восеньскі лісток. Каб сустрэць свята "Багач", дзецям прапанавалі на хуткасць сабраць кошык з садавіны і агародніны. Успаміналі юныя чытачы і надвор'е на Пакровы. Яшчэ дзецям нагадалі, што на "Дзяды" трэба памінаць сваіх продкаў, успамінаючы лепшыя рысы, а таксама аддаць ім належную павагу.
Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Д.А. Марцінкевіч.