Папярэдняя старонка: 2021

№ 49 (1564) 


Дадана: 08-12-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 49 (1564), 9 снежня 2021 г.

30 гадоў Белавежскім пагадненням

8 снежня 1991 года прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын, кіраўнік Украіны Леанід Краўчук і спікер беларускага парламента Станіславаў Шушкевіч падпісалі Белавежскую дамову. Так яны спынілі існаванне Савецкага Саюза і стварылі Садружнасць Незалежных Дзяржаў. Гістарычную дамову падпісалі недалёка ад мяжы з Польшчай, у Берасцейскай вобласці, у рэзідэнцыі Віскулі.

Скарбы Лідчыны

Намаганнямі дзяржаўнай установы "Лідскі гісторыка-краязнаўчы музей" і рэдакцыі газеты "Наша слова" ў Лідзе заснавана каляндарная серыя "Скарбы Лідчыны". У гэтай серыі выйшаў з друку першы каляндар на 2022 год. Ён прысвечаны заслужанаму дзеячу мастацтваў Беларусі мастаку Уладзіміру Мурахверу (1931-2017).

Уладзімір Мурахвер нарадзіўся на Украіне. Скончыў Ташкенцкае мастацкае вучылішча, Ленінградскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя Мухінай па спецыянальнасці "Мастацкая кераміка, мастацкая апрацоўка шкла". У 1959 годзе Уладзімір Мурахвер пераехаў у горад Бярозаўку Лідскага раёна, дзе і пражыў усё астатняе жыццё.

Лідская каляндарная серыя "Скарбы Лідчыны" заснована з мэтай папулярызацыі дзеячоў мастацтва і мастацкіх твораў, якія суправаджаюць жыхароў Лідчыны і ўпрыгожваюць іхняе жыццё на працягу сямі стагоддзяў. Гэта архітэктура, скульптура, жывапіс, манументальнае, сакральнае, прыкладное, інсітнае і тапіярнае мастацтва. На працягу стагоддзяў з Лідчынай былі звязаны многія выдатныя творцы нашай зямлі, тут захоўваюцца ўнікальныя, але мала вядомыя творы мастацтва мінулых часоў. Тут жывуць і працуюць дзясяткі сучасных творцаў. Тут кожны год праходзяць дзясяткі мастацкіх выставаў. Лідскія мастакі далі свету мноства выдатных твораў, з якіх можна сабраць не адзін альбом. Каляндарная серыя мае выступаць пралогам да такіх альбомаў. Серыя будзе папулярызаваць і юныя таленты, выкарыстоўваць творы навучэнцаў мастацкіх школ і студыяў.

Выданне календара - адзін з апошніх праектаў, якія сёлета рэалізоўваліся з удзелам газеты "Наша слова". Яшчэ павінны выйсці літаратурныя альманахі "Стольны град" № 2 (Наваградак), "Ад лідскіх муроў" № 10. І ўсё.

Наш кар. (Працяг тэмы на ст.8.)

БУДЗЕ Ў НАШАЙ ХАЦЕ ЛАД

Як распавядаў сам Васіль Ліцьвінка, ён нарадзіўся ў лесе пад кажухом у саракаградусны мароз, калі немцы стаялі пад Масквой, - 7 снежня 1941 г. Сёлета вялікаму беларускаму фалькларысту споўнілася б 80.

Палессе... Тут, у самым цэнтры, туліцца вёска Верхні Церабяжоў, што ў Столінскім раёне, а цераз рэчачку - Ніжні Церабяжоў. На берагах гэтай рачулкі і збіраліся церабяжоўцы на Купалле, якое Васіль ведаў з дзяцінства. Усю ноч шугалі агні, хлопцы хадзілі з берасцянымі паходнямі... Васіль жывіўся культурай вёскі, яе святамі і нягодамі, песнямі і галашэннямі, радасцямі і турботамі. Праз некаторы час яго ўжо запрашалі з гармонікам на тутэйшыя вяселлі і вячоркі. Так і нараджаўся будучы фалькларыст. I было ж ад каго вучыцца! Першы ўніверсітэт фальклору Васіль праходзіў у народных прафесараў - бабкі Улляны ды дзядзькі Олека...

Васіль Дзмітрыевіч Ліцьвінка прайшоў добрую школу жыцця. У дзяцінстве захоплена чытаў, часцяком пры свечцы на гарышчы, хаваючыся ад сясцёр, старэйшай - Жэні і малодшай - Ніны, спасцігаў таямніцы розных навук у сельскай школе роднага Церабяжова, пасля заканчэння якой настаўнічаў два гады. У 1961 г. Васіль паступіў на філфак БДУ, але прыйшла позва - і пяць гадоў службы на крэйсеры "Дзяржынскі" Чырванасцяжнага Чарнаморскага флота, на якім абышоў многія моры і акіяны і дзе асвоіў рэдкую для таго часу прафесію - звышхуткую радыёсувязь. Кідалі якар каля блізкіх берагоў - Балгарыі, і далёкіх - Інданэзіі, хадзілі ў звальненні ў гарады Варну і Джакарту. Гатовыя былі выканаць свой абавязак каля берагоў Кубы падчас Карыбскага крызісу.

Калі пасля службы ён вярнуўся працягваць вучобу на філфак, такіх спецыялістаў па звышхуткай сувязі ва ўсёй Беларусі, як ён распавядаў, было яшчэ трое. Таму на зборы маракоў-сувязістаў прызывалі ў Калінінград. З ліста 14.01.1975 г.: "Вось я і зноў служу. Мы ўчатырох - хлопцы з Салігорска, Койданава і Барысава (бацька чацвярых!!! дзяцей) - выехалі ў нядзелю ўвечар і раніцай былі ў Калінінградзе, знайшлі частку, і нас павезлі за 20 км ад Калінінграда. З намі яшчэ на зборах літоўцы - я ў іх камандзірам роты сувязі. Наогул, па ідэі, гэтыя зборы цікавыя, але, нажаль, мы патрапілі не на караблі, а ў тыл флота - забяспечвалі з берага караблі сувяззю".

Потым была вучоба і праца ў Белдзяржуніверсітэце - 45 гадоў, аддадзеных навучанню і выхаванню нашага маладога пакалення. Стварыў сям'ю, нарадзіліся сыны.

Былі ўзнагароды, напрыклад, Ганаровая грамата Прэзідыума Вярхоўнага савета БССР, юбілейныя і памятныя медалі, ганаровыя граматы Белдзяржуніверсітэта (апошняя - за подпісам В. Стражава) і іншых устаноў, у тым ліку і міжнародных, напрыклад, з ГДР, Польшчы і г. д. Поспехі ў навуковай дзейнасці былі адзначаны прысуджэннем яму ў 1984 г. навуковай ступені кандыдата філалагічных навук. Сабралася велізарная колькасць матэрыялу на доктарскую дысертацыю, аформіць якую з-за шматграннай практычнай дзейнасці так і не дайшлі рукі.

Мала хто памятае, што Васіль пасля службы на флоце, перавёўшыся на завочнае навучанне, захоплена ўзяўся за развіццё калектываў самадзейнасці БДУ, якія ўключалі тады харавую капэлу, аркестр народных інструментаў, танцавальны калектыў "Крыжачок", эстрадны і духавы аркестры, драмгурток.

Ніхто не можа аспрэчыць, што ў яго быў вялікі талент - талент арганізатара, як цяпер кажуць, менеджара. Калектывы мастацкай самадзейнасці пад яго кіраўніцтвам за пяць гадоў аб'ехалі амаль усю еўрапейскую частку Савецкага Саюза: выступалі ў Маскве, Кіеве, Калінінградзе, Адэсе, Рызе, Вільні, Тарту, Гомелі і г. д. Удзельнічалі ў трох святах песні ў Прыбалтыцы. Бралі ўдзел ва ўсіх фэстах самадзейнасці ў Беларусі, выступалі ва ўсіх канцэртных залах г. Менска, атрымлівалі прызавыя месцы, граматы, узнагароды. У выніку, калектывы самадзейнасці БДУ "Крыжачок", харавая капэла і аркестр народных інструментаў атрымалі званне народных, а ён, у 30 гадоў (!), - Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР, пры ўручэнні якой апынуўся ў групе сівавалосых службоўцаў, умудроных шматгадовым досведам (у той час уладальнікі такой узнагароды маглі прэтэндаваць на вялікую палёгку - персанальную пенсію, якая ў некалькі разоў перавышала звычайную). Танцавальны ансамбль "Крыжачок" пачаў выступаць за мяжой. Усё гэта В. Ліцьвінка адлюстраваў у сваёй дыпломнай працы, прысвечанай станаўленню самадзейнасці БДУ.

Дзякуючы ўменню Васіля захапіць суразмоўцу, "ласкава яго запрасіць" ва ўніверсітэце ў тыя часы выступалі зоркі беларускай і расійскай, тады гэта называлася "савецкай", эстрады, напрыклад, адбыўся першы канцэрт ансамбля "Песняры", выступы Валерыя Абадзінскага, Эдуарда Хіля, сусветнай эстрады - Радмілы Караклаіч і Джорджу Мар'янавіча, балгарскай эстрады і іншых. Арганізоўваліся сустрэчы са знакамітымі артыстамі, напрыклад, Людмілай Хіцяевай.

Скончыўшы ўніверсітэт праз 10 гадоў пасля паступлення (5 гадоў марфлота і 5 гадоў вучобы), Васіль захапіўся тэхнічнымі сродкамі навучання і арганізаваў (філолаг!!!) першую ў БДУ лабараторыю тэхнічных сродкаў навучання.

У 1981 г. ён прыняўся за стварэнне навукова-даследчай лабараторыі фальклору і дыялекталогіі, якую ўзначальваў амаль 25 гадоў - да 2005 года.

На пачатку 60-х гадоў XX ст. на філалагічных факультэтах Белдзяржуніверсітэта і ў педінстытутах былі ўведзены двухтыднёвыя вучэбныя і дыялекталагічныя палявыя практыкі, у межах якіх рэгулярна і сістэматычна запісваліся матэрыялы фальклору і традыцыйнай культуры.

Для каардынацыі ўсёй гэтай працы агульнанацыянальнага значэння ў 1981 г. Міністэрствам адукацыі Беларусі на філалагічным факультэце БДУ і была створана Навукова-даследчая лабараторыя беларускага фальклору і дыялекталогіі, чатыры архівы якой цяпер, дзякуючы плённай шматгадовай дзейнасці В. Д. Ліцьвінкі, налічвалі:

рэгіянальны (усіх 118 раёнаў Беларусі) - больш за 4 млн тэкставых запісаў;

жанравы - усе сістэматызаваныя матэрыялы рэгіянальнага архіва;

аўдыёархіў - каля 500 тыс. запісаў мелодый і музыкі на розных, пераважна састарэлых, тыпах носьбітаў;

відэаархіў - 233 відэафільмы аб усіх самабытных з'явах абрадава-святочнай культуры ў вялікай колькасці рэгіянальных варыянтаў (на жаль, на тэхнічна састарэлых відэакасетах).

На працягу больш як 20-гадовага існавання ў НДЛ беларускага фальклору БДУ паспяхова выкананы навукова-даследчыя работы "Фальклор Беларускага Палесся", "Этналінгвістычнае даследаванне Беларускага Палесся", "Рэгіянальная спецыфіка беларускага фальклору і яго месца ў адукацыі і культуры", "Фальклор як сродак вучэбна-выхаваўчага працэсу", "Фальклор запаведных і памежных з Расіяй, Украінай, Польшчай і Літвой рэгіёнаў", "Інтэрпрэтацыя і выкарыстанне фальклору ў вучэбна-выхаваўчым працэсе ВНУ". У выніку пры НДЛ паўсталі дзве навуковыя школы - рэгіянальна-арэальных даследаванняў і інтэрпрэтацыі фальклору.

НДЛ беларускага фальклору БДУ з'яўлялася калектыўным членам Міжнароднай арганізацыі па фальклоры ЮНЕСКА (ІОР) і актыўным членам яе камісіі рэгіянальнага даследавання фальклору. Архівы НДЛ улічваюцца ў працы камісіі, уключаны ў даведнік, які выйшаў з друку ў ЗША.

НДЛ беларускага фальклору актыўна ўдзельнічала ў правядзенні Міжнароднага сімпозіума ЮНЕСКА на Беларусі ў 2002 г. "Разнастайнасць моў і культур ва ўмовах глабалізацыі", да якога НДЛ была перакладзена і выдадзена "Сусветная дэкларацыя культурнай разнастайнасці ЮНЕСКА" ад 2 лістапада 2002 года, якая адкрывала перспектывы працы НДЛ з дапамогай міжнароднай супольнасці. У лістападзе 2002 г. навукова-даследчая лабараторыя правяла Міжнародную навуковую канферэнцыю "Жыццесцвярджальнасць культуры славянскай цывілізацыі", а ў красавіку Першая этналінгвістычная міжнародная канферэнцыя, прысвечаная 80-годдзю расійскага акадэміка Мікіты Талстога, які шмат гадоў плённа супрацоўнічаў з НДЛ і стварыў Палескі архіў у Інстытуце славістыкі РАН. Цесная сувязь НДЛ з музыказназнаўцамі, інструменталістамі, харэографамі, кіраўнікамі большасці лепшых фальклорных калектываў Беларусі, метадыстамі па фальклоры аддзелаў адукацыі і культуры і шматлікімі іншымі практыкамі выкарыстання фальклору ператварылі яе ў навуковы цэнтр інтэрпрэтацыі фальклору, якой пасля Шырмы і Цітовіча ніхто на Беларусі не займаўся. З гэтай мэтай створаны штогадовыя Шырмаўскія навуковыя чытанні і навукова-мастацкая студыя "Узроўні інтэрпрэтацыі фальклору".

У розныя гады НДЛ былі арганізаваны тры вучэбна-метадычныя фалькларыстычныя школы для кіраўнікоў дзіцячых, маладзёжных і старэйшых вясковых фальклорных калектываў, якія стварылі лепшыя самабытныя калектывы ў розных рэгіёнах Беларусі і падтрымліваюць сталыя навукова-творчыя сувязі са школай. НДЛ каардынаввала ўсю шматаблічную па формах, метадах, рэгіянальнай і мастацкай спецыфіцы, у тым ліку і сучасную мадэрновую ў рок-фольк-калектывах інтэрпрэтацыю фальклору на Беларусі, кансультавала арганізатараў шматлікіх святаў, дажынак, фальклорных фестываляў, конкурсаў, радыё- і тэлеперадач і многія іншыя формы выкарыстання фальклору ў сучаснай культуры. Кафедральныя фальклорныя архівы перараслі ў багатыя рэгіянальны і жанравы (у кожным каля 4 млн тэкставых запісаў), аўдыё- (больш як паўмільёна) і відэа- (больш як 200 відэафільмаў аб усіх найбольш самабытных з'явах абрадава-святочнай культуры) архівы НДЛ.

У розныя гады фальклорныя запісы склалі выдадзеныя Нілам Гілевічам фундаментальныя зборнікі "Песні сямі вёсак", "Песні народных свят і абрадаў", "Казкі і апавяданні беларусаў", "Лірычныя песні", "Лірыка беларускага вяселля", "Замовы". Унікальныя запісы на Палессі як адным з асноўных рэгіёнаў праславянскай радзімы, па словах акадэміка Мікіты Талстога "гэтым своеасаблівым запаведніку стараславянскай культуры", склалі заснаваную Верай Захаравай серыю "Беларускі фальклор у сучасных запісах", у якой выйшла 5 зборнікаў традыцыйнага фальклору Берасцейскай, Гомельскай і Менскай абласцей і асобна "Палескае вяселле".

Кіраўнік НДЛ Васіль Ліцьвінка (1981-2005 гг.) у абароненай дысертацыі "Р. Р. Шырма - фалькларыст" і двойчы выдадзеным зборніку "Песня - душа народа" раскрыў асноўныя метадалагічныя прынцыпы выкарыстання фальклору ў сучаснай адукацыі і культуры, а фальклорны калектыў БДУ "Тутэйшая шляхта" пад яго кіраўніцтвам паспяхова выканаў на працягу 2000-2002 гг. навукова-даследчую працу "Інтэрпрэтацыя і выкарыстанне фальклору ў вучэбна-выхаваўчым працэсе ВНУ".

Рыгор Шырма стаў для Васіля Ліцьвінкі своеасаблівым узорам сапраўднага рупліўца-збіральніка і захавальніка скарбаў, створаных народам. У ягоным рабочым кабінеце вісеў партрэт Рыгора Шырмы, і гэта сімвал працягу традыцый, наследавання, пераемнасці.

Другое імя, якое высока ўзняў Васіль Ліцьвінка ў сваіх даследваннях - гэта Ян Чачот. Беларускі гістарычны эпас Яна Чачота не мог застацца па-за ўвагай навукоўца такога ўзроўню. У 2004 годзе выйшла кніга: Васіль Ліцьвінка "Спевы пра даўніх ліцьвінаў да 1434 года". Гістарычны эпас беларусаў. У кнізе не толькі пададзены ўсе 55 балад Яна Чачота ў перакладзе Кастуся Цвіркі і Станіслава Судніка, а пададзены з нотамі. Дзякуючы неўтаймоўнай энергіі Васіля Ліцьвінкі, былі задзейнічаны многія кампазітары, і ўсе балады былі пакладзены на музыку.

В. Д. Ліцьвінка ў межах сваёй лабораторыі заўсёды працаваў у найбольш перспектыўных кірунках сучаснай фалькларыстыкі, такіх як:

арэальнае даследаванне фальклору, які існуе ў аўтэнтычным выглядзе толькі ў рэгіянальнай мастацкай шматвобразнасці і бясконцай варыянтнасці: толькі ў гэтым сэнсе з'яўляецца самацэнным, а таму можа быць фінансаваны з мясцовых бюджэтаў;

адукацыйна-культуралагічная інтэрпрэтацыя фальклору як асновы этнічнай і традыцыйнай культуры народа, яго свят і абрадаў, эстэтыкі побыту, менталітэту, высокай маралі, прыроднай філасофіі, асновы літаратуры і прафесійнага мастацтва, вызначэння самабытнасці яго культуры сярод славянскіх і індаеўрапейскіх народаў;

даследаванне ўзроўняў інтэрпрэтацыі фальклору ў адукацыі і культуры; аналіз форм і метадаў выкарыстання фальклору ў разнастайных узроставых (дзіцячых, маладзёжных і студэнцкіх, старэйшых), вясковых і гарадскіх, рознанацыянальных і некаторых іншых фальклорных калектывах;

стварэнне методыкі перанясення на сцэну песеннага, інструментальнага і харэаграфічнага фальклору;

выкарыстанне фальклору пры правядзенні свят і абрадаў, рэгіянальных і агульнанацыянальных фестываляў і знамянальных падзей;

вывучэнне знешняга і ўнутранага фалькларызму ў творах літаратуры і прафесійным мастацтве;

інтэрпрэтацыя фальклору ў опернай, тэатральнай і харавой творчасці; даследаванне дзейнасці рок-фолькгуртоў;

аналіз форм і мастацкіх узроўняў інтэрпрэтацыі фальклору ў друку, перыядычных выданнях, на радыё і тэлебачанні.

Васіль Дзмітрыевіч аб'ездзіў у пошуках пярлін народнай творчасці шмат запаветных мясцін Беларусі, але асабліва цікавіла яго роднае Палессе. Менавіта там адшукаліся вельмі рэдкія матэрыялы. Так, сенсацыяй у вучоным свеце стала тое, што Васіль Ліцьвінка запісаў унікальны абрад радзімічаў "Ваджэнне і пахаванне стралы", а таксама не менш старажытны - "Ваджэнне куста". I падобных рарытэтаў у архіве фальклорных твораў, сабраных ім, студэнтамі і выкладчыкамі БДУ, надзвычай многа.

Значнымі этапамі ў вывучэнні Палесся былі Міжнародныя навуковыя канферэнцыі "Комплекскае даследаванне фальклору і этнакультуры Палесся". ІІ канферэнцыя прайшлда ў Менску 14-15 красавіка і была прысвечана 220-годдзю яшчэ аднаго вялікага беларуса Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага (Адама Чарноцкага).

Дзейнасць В. Ліцьвінкі як кіраўніка НДЛ беларускага фальклору прадоўжыла вяртанне запісаных матэрыялаў у навукова-мастацкую практыку выданнем 18 фальклорных зборнікаў і штогадовай публікацыяй каля 50 друкаваных аркушаў фальклорных матэрыялаў, з 1994 года - "Календара свят і абрадаў беларусаў", больш як сотні навуковых артыкулаў, матэрыялаў і тэзісаў, метадычных матэрыялаў да каляндарных і абрадавых свят. Ліцьвінка ўдзельнічаў у папулярызацыі фальклору ў перыядычным друку, радыёклубе "Фальклор", фальклорных праграмах тэлебачання. З 1987 па 2002 год ён - вядовец адной з самых папулярных і даўгавечных тэлепраграм "Запрашаем на вячоркі".

Ён быў душой гэтых праграм, настолькі гарманічна ўпісваўся ў іх стылістыку сваёй натуральнай манерай паводзінаў перад камерай, ладам гаворкі, абліччам, нават самым што ні на ёсць беларускім прозвішчам, што здавалася, нібыта ён сапраўды гасцюе і вядзе рэй на вяселлі, провадах у армію або ў калядаванні. Васіль Дзмітрыевіч сядзеў воддаль ад выканаўцаў і, здавалася, спакойна назіраў за танцамі і спевамі, не ўмешваўся ў работу кіраўніка ансамбля. Але потым тактоўна папраўляўпадказваў, як зрабіць лепей. I ў выніку кожная з перадач была іншай, не падобнай на папярэднія, кожная адкрывала нешта новае і адгукалася ў душы гледачоў, нягледзячы на тое, што не заўсёды яны бачылі абрады і святы, якія бытуюць менавіта ў іх мясцовасці.

Асабісты ўклад навукоўцы таксама значны - больш як 200 друкаваных прац. Адно пералічэнне асноўных выданняў гаворыць само за сябе: "Зімовыя святкі", "Веснавыя святы і абрады" (1995), "Калыханкі і забаўлянкі" (1992), "Дзіцячы спеўнік" (1994). У суаўтарстве - "Песня на ўсё жыццё" (1983), "Слова міма не ляціць" (1985), "Песні і строі Піншчыны" (1994). А кніга "Святы і абрады беларусаў" за кароткі час вытрымала ў выдавецтве "Беларусь" тры перавыданні. Такое не часта бывае. Акрамя таго, штогод з 1994 г. В. Ліцьвінка рыхтаваў і выпускаў папулярны насценны "Каляндар свят і абрадаў беларусаў".

Васіль Ліцьвінка хацеў, але не паспеў стварыць Рэспубліканскі фальклорна-камп'ютарны цэнтр і перавесці недаўгавечныя аўдыё- і відэазапісы на электронныя носьбіты, каб перадаць нашчадкам усё прыгожае, што стварылі нашы продкі: Вялікдзень і Дзяды, Зялёныя святкі і Купалле, Дажынкі, Каляды, Шчодрык, Радзіны, Вяселле.

І, калі ён сышоў 12 ліпеня 2007 г. за межы дасяжнага, прырода рыдала трапічным ліўнем, дарогі не было відаць, калі, выконваючы апошні наказ, везлі яго на радзіму ў вёску Верхні Церабяжоў. Лівень ішоў увесь дзень, усю ноч, калі сядзелі каля труны, і ўсю раніцу наступнага дня. А калі трэба было яго хаваць, дождж раптам скончыўся, як нажом адрэзала, выйшла сонца, і Зямля прыняла яго золатам чыстага пяску ля падножжа прыгажуні хвоі, побач з бацькамі, бабуляй, сябрамі дзяцінства.

У 2012 годзе з ініцыятывы жонкі, доктара навук Наталлі Ліцьвінкі НАН Беларусі выдала кнігу: Васіль Ліцьвінка "Крыніца народнай мудрасці". З Літаратурнай спадчыны.

Васіль Ліцьвінка быў шчырым сябрам ТБМ і "Нашага слова", амаль што няштатным супрацоўнікам. Ён любіў казаць: "Будзе ў нашай хаце лад". І ён будзе, мы яго зробім, бо ў нас былі такія папярэднікі.

Паводле Наталлі Ліцьвінкі, Алеся Лозкі, >Міхася Кенькі і кнігі "Крыніца народнай мудрасці".

НЯЗГАСНАЯ ЗОРКА

Да 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча

Уладзімір Барысенка

Імя класіка беларускай літаратуры Максіма Адамавіча Багдановіча, які нарадзіўся 9 снежня 1981 года ў Менску, стаіць побач з імёнамі волатаў айчыннага слова Янкі Купалы і Якуба Коласа. За сваё кароткае (памёр у Ялце 25 траўня 1917 года) жыццё ён дасягнуў вялікага, шырокага, безагаворачнага прызнання як сучаснікаў, так і нашчадкаў. Паэзія, крытыка і публіцыстыка творцы, мысліцеля і гісторыка сталі фенаменальнай з'явай, якая не ўкладваецца ні ў рамкі свайго часу, ні ў рамкі цэлых літаратурных эпох. Усім сваім жыццялюбным пафасам, усёй глыбінёй даследавання нашай сувязі з прыродай і грамадствам гарыць сёння ў нашых удзячных сэрцах нязгасная зорка Максіма. Яна асвятляе нам шляхі да ўзвелічэння, за што ён усё жыццё змагаўся, роднай краіны, мовы і літаратуры, а значыць, да духоўнага ўзвышэння саміх сябе.

Слуцкія ткачыхі

СЛЫННАЕ імя паэта, ягоныя незабыўныя да канца жыцця радкі мы ведаем са школы. Памятаеце :

Ад родных ніў, ад роднай хаты

У панскі двор дзеля красы

Яны, бяздольныя, узяты

Ткаць залатыя паясы.

І цягам доўгія часіны,

Дзявочыя забыўшы сны.

Свае шырокія тканіны

На лад персідскі ткуць яны.

--------------------------------------------

Цямнее край зубчаты бора...

І тчэ, забыўшыся, рука,

Замест персідскага узора,

Цвяток радзімы васілька.

Так, гэта слаўныя "Слуцкія ткачыхі", напісаныя ў 1911 годзе ў фальварку Ракуцёўшчына пад Маладзечна (цяпер тут філіял музея, пра галоўны - гаворка наперадзе). Тады ён належаў Вацлаву Лычкоўскаму, дзядзьку нашых вядомых палітычных і грамадскіх дзеячаў братоў Антона і Івана Луцкевічаў. Пасля таго, як хворы на сухоты Багдановіч скончыў Яраслаўскую гімназію, яны сустрэлі яго ў Вільні і прапанавалі адпачыць на хутары. Прапанова была дарэчы не толькі з-за дрэннага стану здароўя ( Максіму было 20 гадоў, а захварэў ён у 18 ). Дагэтуль будучы класік меў аб сваёй Бацькаўшчыне толькі кніжнае ўяўленне. Калі яму было пяць гадоў, ад сухотаў памерла маці Марыя Апанасаўна, і, пакінуўшы Гародню, сям'я на радзіму больш не вярталася, пачаўшы новае жыццё ў Ніжнім Ноўгарадзе, дзе (да працягу ў яраслаўскай) Максім шэсць гадоў правучыўся ў мясцовай губернскай мужчынскай гімназіі. У Ракуцёўшчыне да кніжнага дадалося такое неабходнае і чаканае, рэальнае знаёмства з роднай прыродай, з жыццём і побытам мясцовых жыхароў. А ў Вільні Луцэвічы запрасілі госця ў свой прыватны музей, дзе ён убачыў калекцыі старажытных рарытэтаў. Пад іх уражаннем ён і паэтызаваў сумную гісторыю прыгонных ткачых, творчае ўмельства майстрых, якія дадаюць у залатыя паясы "цвяток радзімы васілька". Не бяруся сказаць, раней ці пазней, ці адначасова (!) замест прапанаванага адпачынку паэт працаваў і над іншымі творамі, якія ўвайшлі ў раздзел "Старая Беларусь" першага і адзінага прыжыццёвага зборніка "Вянок". У 1913 годзе ён выйшаў у Вільні ў друкарні ўраджэнца Ковенскай губерніі (Коўня - цяпер Каўнас) Марціна Кухты накладам у 2000 асобнікаў. Цікава, што даволі хутка пасля заснавання друкарні, 10 лістапада 1906 года, у ёй нарадзіўся першы нумар "Нашай нівы", нашай слаўнай газеты, з якой Багдановіч падтрымліваў самыя цесныя стасункі. Акрамя "Слуцкіх ткачых", у згаданы вышэй ( трэці па ліку) раздзел кніжкі, якую складаў сам, аўтар уключыў такія вершы, як "Летапісец" і "Безнадзейнасць". Разам з творамі "Ян і маці" і "Не кувай ты, шэрая зязюля", надрукаванымі ў папярэднім раздзеле "Згукі бацькаўшчыны", гэтаксама "ракуцёўшчынскім", Багдановіч паказвае сябе ў сувязі з людзьмі свайго краю, з іх лёсам, гісторыяй і песнямі. Падкрэсліваю гэта не выпадкова, бо ў першым раздзеле "У зачараваным царстве", дзе ўвесь свет, усё жыццё ўспрымаецца і трактуецца як незвычайнае чароўнае царства, мы бачым творцу ў сувязі з прыродай увогуле, са знешнім светам. І таму поруч з вершамі пра лесуна і вадзяніка - "Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог", "Зімой", усім вядомы, урэшце, "Раманс" :

Зорка Венера ўзышла над зямлёю,

Светлыя згадкі

з сабой прывяла...

Помніш,

калі я спаткаўся з табою,

Зорка Венера ўзышла.

З гэтай пары я пачаў углядацца

Ў неба начное і зорку шукаў.

Ціхім каханнем

к табе разгарацца

З гэтай пары я пачаў.

Але расстацца нам час наступае;

Пэўна, ўжо доля такая у нас.

Моцна кахаў я цябе, дарагая,

Але расстацца нам час.

Лічыцца, што гэты верш, які стаў потым песняй, Максім прысвяціў свайму першаму каханню - роднай сястры сябра па гімназіі Ганне Какуевай. Але на ягоныя пачуцці тая не адказала і выйшла замуж за сябра-гімназіста Івана Лілеева. Іх сын доўгі час сябраваў з музеем Багдановіча, падараваў яму нямала рэчаў маці. Ранілі трывожнае сэрца захапленні стрыечнай сястрой Ганнай Гапановіч, "містычнай крымчанкай" Марыяй Кіціцынай, асабліва, армянкай Клавай Салтыковай і замужняй дачкой пісьменніка Ядвігіна Ш. Вандай Лявіцкай...Любоўныя расчараванні і непаразуменні, немагчымасць стварыць сваю сям'ю, у дадатак да невылечнай хваробы, яшчэ больш прыгняталі ранімую, рамантычную душу.

У Ракуцёўшчыне рыхтаваўся і цыкл, з якога атрымаўся наступны пасля "Старай Беларусі" раздзел - "Места", а таксама сёмы (усіх восем) - "Старая спадчына". З непералічаных засталіся "Думы" і "Вольныя думы", у якіх роздум, клопат, турбота, хваляванне за лёс кожнага чалавека на зямлі, за лёс роднага краю, прагрэсу і мастацтва, і "Мадонны", з вершаванымі апавяданнямі "У вёсцы" і "Вераніка". Яны, зноў-такі, з'явіліся на хутары...

ПЯЦЬ асобнікаў "Вянка", прысвечанага маладому таленавітаму публіцысту і крытыку Сяргею Палуяну (трагічна пайшоў з жыцця ў няпоўных 20 гадоў), які, як супрацоўнік, адшукаў у архіве "Нашай нівы" сшытак з "дэкадэнцкімі" вершамі і настаяў на іх публікацыі, захоўваюцца цяпер у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. У адным з самых прыгожых месцаў Менску, Траецкім прадмесці, ён быў адкрыты для наведвання да 100-годдзя з дня нараджэння самага маладога класіка нашай літаратуры, код якога і па сёння да канца не расшыфраваны. Маю на ўвазе сакрэт незвычайнай творчай энергіі смяротна хворага і адарванага ад родных каранёў генія.

Пачынаць тут трэба, як трапна заўважыў некалі вядомы паэт Васіль Зуёнак, ад бабкі Рузалі з Халопеніч, яе казак, ад якіх яе ўнук, бацька Максіма Адам Ягоравіч, вынес "мову зямлі". Мову, якая перадалася далёка ад родных аселіц уражлівай натуры юнака-патрыёта. Сярод амаль 11 тысяч адзінак захоўвання ёсць у музеі і ўспаміны Адама Ягоравіча (пражыў 78 гадоў), напісаныя пра сына ў 1923 годзе. Ён скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Самастойна вывучыў некалькі замежных моў. Добра ведаў беларускі фальклор. Апублікаваў навуковыя этнаграфічныя і гістарычныя працы. Пісаў пра жыццё сялян да і пасля адмены прыгоннага права. Пакінуў успаміны пра рэвалюцыйны рух канца 19 стагоддзя і Максіма Горкага, якога, як і Антона Чэхава, добра ведаў, бо расійскі ідэолаг сацрэалізму і беларускі настаўнік былі жанатыя з сёстрамі. Дарэчы, цяперашняя вуліца Максіма Багдановіча, якая літаральна з кожным днём становіцца ўсё больш і больш прыгажэйшай і з'яўляецца адной з самых вялікіх у сталіцы, насіла раней імя "вялікага пралетарскага пісьменніка". Вось такая незвычайная эстафета. Недалёка ад вуліцы, у скверы каля опернага тэатра, стаіць амаль пяцімятровы бронзавы помнік Максіму. Пасля рэстаўрацыі ў 2008 годзе яго перанеслі сюды, на 150 метраў бліжэй да былога дома 25 па тадышняй Александрыйскай, дзе арфей з народа з'явіўся на свет. Тут, на другім паверсе, і жыла сям'я дырэктара першай пачатковай гарадской школы Багдановіча-старэйшага. Са скрыжаванымі на грудзях рукамі, з букетам васількоў у правай, з сыноўняй любоўю да роднай зямлі глядзіць паэт-наватар і на свой музей, і на прадмесце ўвогуле, і на Свіслач, і на новыя шыкоўныя хмарачосы, і далей, далей, далей... Пры гэтым, здаецца, чытае з лірычнага, філасофскага верша "Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...", напісанага за два гады да сыходу з цяжкага, напружанага жыцця:

Хто мы такія?

Толькі падарожныя, -

папутнікі сярод нябёс.

Нашто ж на зямлі

Сваркі і звадкі, боль і горыч,

Калі ўсе мы разам ляцім да зор?

Гісторыя пакут

ДА ЗОР Багдановіч ляцеў з самага пачатку сваёй унікальнай шматграннай творчасці. Яна бярэ адлік ад апавядання "Музыка", якое было надрукавана ў "Нашай ніве" 6 чэрвеня 1907 года, і якое можна лічыць творчым крэда. Жыў на свеце музыка, граў на скрыпцы, якая плакала ў яго руках. Бывала, ён "быццам вырастаў у вачах людзей, і тады граў моцна, гучна... і людзі падымалі апушчаныя галовы". Праз час музыкі не стала, скрыпка разбілася, але памяць не згінула ў народзе. З яго "выйдуць дзясяткі новых музыкаў і граннем сваім будуць будзіць людзей к свету, праўдзе, брацтву і свабодзе". Так мог сказаць толькі сапраўдны літаратар-прарок, з першымі вершамі якога "Прыйдзе вясна" і "Над магілай" чытачоў пазнаёмілі гэтаксама нашаніўцы. Увогуле ж пісаць вершы па-беларуску Максім пачаў у...10-11 гадоў. Па словах паэта, выкладчыка і даследчыка творчасці вядомых рупліўцаў на ніве літаратуры Алега Лойкі (пайшоў з жыцця шэсць гадоў таму) , сваімі вершамі малады творца адразу ж "пачаў прывіваць беларускай паэзіі паэтычную культуру і класічныя традыцыі, якія ўжо былі ў іншых літаратурах свету". Адначасова заняўся пошукам свай-го, беларускага складу. Абапіраўся пры гэтым, дзякуючы акрамя ўсяго, і перададзеным генам, на матывы, сюжэты, вобразы, інтанацыю і рытміку народнай песні. Уся яго лірыка - гэта "сілавое поле вялікага напружання". З ім ён "парываўся і прарываўся ў будучае чалавека і свайго народа". Насуперак народнаму гору, вайне, асабістым пакутам, ён услаўляў само жыццё, росквіт, маладосць і красу. Ягоны незвычайны талент праявіўся не толькі ў паэзіі. Можаце сабе ўявіць, што ў свае 20 гадоў Максім рабіў агляд усёй беларускай літаратуры за 1910 год?! Артыкул "Глыбы і слаі" быў адным з першых, у якім, крамя іншага, шырока разглядалася, са слабымі і моцнымі бакамі, паэзія Янкі Купалы і Якуба Коласа. А ў артыкуле "За тры гады" аўтар высока ацаніў зборнік Купалы "Шляхам жыцця", яго камедыю "Паўлінка", першыя раздзелы будучай паэмы Коласа "Новая зямля"... Лічы, адначасова з крытыкай, Багдановіч паспяхова займаўся і гісторыяй роднай літаратуры. У адрозненне ад іншых, ён, зноў-такі, адным з першых, зірнуў на яе не як на абласную рускую ці польскую, а як на асобную беларускую нацыянальную. Нямала зрабіў і ў публіцыстыцы. Пісаў нарысы і казкі. Пераклаў на беларукую мову Гейне і Шылера, Гарацыя і Авідыя, Верлена, якім вельмі захапляўся... Ды, ўсё ж, найперш, ён быў паэтам. Адным з першых заснавальнікаў філасофскай лірыкі. Стварыў сваімі пранікнёнымі радкамі свет, поўны дабра і прыгажосці, рамантычнай узнёсласці і зачараванасці паданнямі і легендамі Бацькаўшчыны. На думку Адама Ягоравіча, у творчасці сына адлюстраваліся лепшыя праявы яго душы, "а, можа быць, і ўся яна цалкам. Яго лірыка ёсць гісторыя яго душэўных пакут, жывапісна расказаная ім самім, а яго іншыя пісанні сведчаць аб яго поглядах і перакананнях, аб яго грамадскіх інтарэсах".

НЕ СТАЛА нашага паэтычнага музыкі, заціхла ягоная душэўная скрыпка 25 траўня 1917 года. Здарылася гэта ў Ялце, далёка ад радзімы, якую ён усім сваім чулым сэрцам любіў, і куды марыў вярнуцца ўсё сваё няпростае жыццё. Усяго дзесяць год гучала шчымлівая песня Арфея з народа. Лёс жа яе аказаўся зайздросным. Яна стала адной з самых дарагіх і зразумелых для ўдзячных нашчадкаў.

Пераплецены «Вянок»

З ВЯЛКІМ душэўным хваляваннем аднаўляю сёння ў сваёй памяці мерапрыемствы ў гонар 125-годдзя з дня з'яўлення на свет Максіма. Найперш, вельмі прыемнай і незабыўнай стала падзея, звязаная з прывозам у Менск зямлі з магілы паэта ў Ялце. Там, на гарадскіх могілках, стаяў спачатку звычайны абеліск, а ўлетку 2003 - га на яго месцы ўсталявалі дабротны гранітны помнік, створаны скульптарамі Сяргеем і Львом Гумілеўскімі. Над шырокай плітой узвышаецца бюст задуменнага, з кніжкай, Максіма. А побач, на падпёртай сценцы, шчымлівыя радкі з верша "Зорка Венера" : "Кожную ночку на зорку дзівіцца буду ў далёкім краю".

Ва ўрачыстай цырымоніі закладкі капсулы з ялцінскай зямлёй у крыпце храма-помніка ў гонар Усіх Святых прынялі ўдзел прадстаўнікі ўлады, навукоўцы, культурныя дзеячы краіны. Намеснік прэм'ер-міністра Наталля Качанава зачытала прывітанне Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з нагоды 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліваў, што "яго вытанчаныя, дасканалыя вершы, якія вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў, пранікненнем у духоўны свет чалавека і высокай культурай слова, па праве прызнаны адной з вяршынь еўрапейскай паэзіі 20 стагоддзя. Сваёй дзейнасцю пясняр заклаў падмурак беларускай нацыянальнай эстэтыкі, унёс вялікі ўклад у фарміраванне літаратурнай мовы і станаўленне патрыятычнай свядомасці народа". Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў назваў жыццё Багдановіча прыкладам стаўлення да Айчыны і роднай мовы, а цырымонію "Вяртанне" - сімвалічным дзействам, бо паэт запавядаў быць пахаваным на роднай зямлі. Гэта ж адзначыў пяць гадоў таму ў сваім звароце да ўдзельнікаў настаяцель Усіхсвяцкага прыхода Менска протаіерэй Фёдар Поўны.

Пасля цырымоніі мы слухалі цудоўныя вершы і песні, напісаныя на словы класіка. Праз пэўны час, выконваючы ягоную ролю, акцёр Купалаўскага тэатра Андрэй Дробыш прыйшоў у легендарную некалі букіністычную краму "Вянок", каб прачытаць яе гаспадыні Ганне Кукуевай (актрысе таго ж тэатра Хрысціне Дробыш) сваю "Зорку Венеру", ды пабачыць разам з намі, што і як тут змянілася. Змянілася ж шмат што! Улюбёная многімі крама, якая пачала працаваць на Траецкай набярэжнай яшчэ ў 80-я, у 2015-м пачала сур'ёзна хварэць, а ў ліпені 2016-га ўвогуле злегла ў знямозе. На шчасце, "Мінская спадчына" і "Белкніга" памерці ёй не далі. Яны падлячылі кнігарню, што непадалёк ад Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, якая зноў запрацавала ў дзень яго нараджэння! "Вянок", дзе сустракаюцца сёння чытачы і праходзяць прэзентацыі кніг, рады бачыць у сябе і мінчукоў, і гасцей сталіцы. Падчас адкрыцця крамы ўдзельнікі імпрэзы не маглі не звярнуць увагу на рарытэтныя выданні твораў Максіма-кніжніка. Падчас нашай размовы з намеснікам дырэктара кніжнай палаты краіны Аленай Ярмоліч, яна адзначыла, што пабачылі свет больш за паўсотні выданняў агульным тыражом болей, чым 641 тысяча асобнікаў. У іх ліку і акадэмічныя зборы, і маленькія кніжачкі. Дарэчы, у вайну архіў амаль страцілі, і давялося, наколькі мелі магчымасць, яго ўзнаўляць. Напрыклад, першы акадэмічны Збор твораў 1927 - 1928 гадоў прыехаў з Літаратурнага інстытута імя А. М. Горкага. А дзіцячае даваеннае выданне "Мушка-зелянушка і Камарык - насаты тварык" атрымалі ў год палёту Юрыя Гагарына з дзяржбібліятэкі Туркменіі.

РАЗАМ З "ВЯНКОМ" была абноўлена і экспазіцыя Літаратурнага музея паэта. Раней ён меў два свае філіялы - "Фальварак "Ракуцёўшчына" пад Маладзечна і "Беларуская хатка" ў Менску. Пасля рэарганізацыі, у красавіку 2015-га , усе тры ўстановы набылі статус паўнацэнных і раўнапраўных філіяў адзінага ў нас Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Яго ўзначальваў гісторык Зміцер Яцкевіч, які адным з першых пачаў вывучаць карані айчынных літаратараў. Ён - аўтар кнігі "Радавод Максіма Багдановіча", якая выйшла ў "Беларускім кнігазборы". Адно з прыведзеных у ёй адкрыццяў - тое, што класік мог мець прозвішча... Коклеч! Багдановіч, якое ён атрымаў -прозвішча прадзеда айчыма яго бацькі Адама Ягоравіча. Зміцер Лявонцьевіч цікава распавядаў мне не толькі пра радавод паэта, але і пра рэчы, што трапілі ў музей у 2016-м перад самым днём народзінаў Максіма.

Сярод новых экспанатаў музея, з яго непаўторнымі вітражамі, захаванай пры новым мастацкім рашэнні экспазіцыі лепкай і стылістыкай эпохі мадэрн, з яго славутымі люстрамі, - невядомыя аўтографы паэта, дароўны надпіс на адбітку артыкула "Белорусское возрождение" ды іншыя. Працягваюць прыемна здзіўляць і новыя дакументы ў "Беларускай хатцы", што на Рабкораўскай...

Цікавы фотаальбом

У выдавецтве "Кнігазбор" у 2020 годзе пабачыў свет фотаальбом Сяргея Чыгрына "Слонімскі драматычны тэатр". Выданне прысвечана гісторыі дзяржаўнай установы культуры "Слонімскі драматычны тэатр" з нагоды яе 30-годдзя.

Першыя звесткі пра тэатральнае жыццё ў Слоніме адносяцца да ХVIII стагоддзя, калі існаваў школьны тэатр пры езуіцкім калегіюме... У рэпертуары тэатра пераважалі тады драмы на рэлігійныя, міфалагічныя і гістарычныя сюжэты. Аўтарамі пастановак былі выкладчыкі калегіюма, а ў спектаклях удзельнічалі і выкладчыкі, і навучэнцы.

У 1771-1780-я гады пры тэатры існавала і музычная школа. Рэпертуар тэатра складаўся з балетаў, у тым ліку "Каралеўскі балет", "Балет млынароў" і "Дэзерцір" (апошнія два былі паказаны на гастролях у г. Дубна (Украіна)), а таксама з опер італьянскіх кампазітараў.

Паводле "Інвентара інструментаў і музычных папер", складзенага ў 1801 годзе, збор твораў з нотамі, што выконвалі на розных сцэнах тэатра Агінскага, уключаў 60 опер, 18 балетаў, 3 музычныя камедыі, 253 сімфоніі і больш за 460 іншых музычных твораў (араторыі, арыі, музыка для дывертысментаў, асобных танцаў і інш.) Пры тэатры Агінскага дзейнічала балетная школа.

Падчас нямецкай акупацыі ў 1941-1944 г.г. у Слоніме пры беларускім народным доме быў створаны і актыўна працаваў беларускі драматычны гурток, якім кіраваў І. Чуркін.

Паэт Сяргей Новік-Пяюн пры слонімскім краязнаўчым музеі вясной 1942 года таксама стварыў маладзёжны драматычны гурток. Артысты паставілі "Мікітаў лапаць" па п'есе "Міхася Чарота", "На вёсцы", "Чорт і баба", Францішка Аляхновіча і іншыя.

У 1948 годзе ў Слонім прыехаў таленавіты дасведчаны рэжысёр Міхаіл Фрыдман (1894-1975 гг.), які скончыў маскоўскую тэатральную студыю. У Слоніме спадар Фрыдман ажыццявіў пастаноўкі дзясяткаў спектакляў. У пачатку 1964 года спектакль "Апошнія" па п'есе Максіма Горкага слонімскія артысты прывезлі ў Менск. За спектакль "Апошнія" калектыў Слонімскага народнага тэатра і яго рэжысёр Міхаіл Фрыдман, а таксама артыстка Вольга Галіна атрымалі падзяку ад Міністэрства культуры БССР.

У1968 годзе Слонімскі народны тэатр узначаліў рэжысёр Мікалай Варвашэвіч (1934-2001). Пры ім народны тэатр у горадзе над Шчарай стаў неад'емнай часткай культурнага жыцця Слонімшчыны.

У рэпертуары тэатра сталі з'яўляцца п'есы класікаў беларускай і рускай драматургіі: А. Астроўскага, М. Горкага, Янкі Купалы, У. Галубка, К. Крапівы, А. Макаёнка.

У 2001 і 2017 гадах тэатр прымаў удзел у рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна Марцінкевіча ў Бабруйску.

У 2017 годзе калектыў тэатра паказаў спектакль "Тарас на Парнасе" па п'есе Сяргея Кавалёва ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Васіля Сяўца...

За 30 гадоў калектыў тэатра шмат разоў ажыццяўляў узаемныя гастролі з Менскім абласным тэатрам (Маладзечна), Гарадзенскімі абласным і лялечным тэатрамі, з Менскім новым драмтэатрам.

Фотаальбом налічвае каля 170 фотаздымкаў пра Слонімскі драматычны тэатр.

Аўтарам літаратурна-мастацкага выдання з'яўляецца вядомы слонімскі паэт, гісторык і краязнавец Сяргей Мікалаевіч Чыгрын. Фундатарам альбома стаў артыст Слонімскага народнага тэатра Мікола Аляксеевіч Хальпін.

Адказны за выпуск выдання Генадзь Вінярскі, рэдактар і карэктар Алена Спрытніч, набор зрабіў сам аўтар Сяргей Чыгрын, вёрстку ажыццявіла Ларыса Гарадзецкая. Наклад выдання 99 асобнікаў.

Усім раю набыць гэтае найцікавейшае выданне.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст фрылансер.

У цэнтры ўвагі - першы пераклад Бібліі на беларускую мову

1 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы адбыўся круглы стол "Беларускія пераклады Бібліі". У мерапрыемстве ўзялі ўдзел лінгвісты, выкладчыкі, выдаўцы, тэолагі, багасловы, прадстаўнікі царквы і духавенства розных канфесій, а таксама спецыялісты, зацікаўленыя ў пытаннях перакладу Бібліі на беларускую мову. Гэтае мерапрыемства з'явілася сваеасаблівым адвэнтавым аглядам беларускай біблеістыкі.

У межах круглага стала адбыліся: прэзентацыя факсімільнага выдання першага перакладу біблейскай кнігі на сучасную беларускую мову ("Паводле Лукі Святое Евангелле"), якое выйшла ў 2021 годзе ў выдавецтве Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, прэзентацыя перакладу Евангелля, які выканаў брат Якуба Коласа Міхась Міцкевіч ( першае выданне - 2021 г.), цырымонія перадачы рукапісаў перакладу Бібліі Уладзіслава Чарняўскага ў фонды Нацыянальнай бібліятэкі. У пачатку мерапрыемства гучала скрыпка, якая раней належала Лукашу Дзекуць-Малею. Удзельнікам круглага стала была прадстаўлена выстава каштоўных дакументаў па гісторыі перакладаў Бібліі на беларускую мову.

На імпрэзе прысутнічалі намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша, ксёндз-канонік доктар Ян Крэмез, намеснік старшыні праўлення Біблейскага Таварыства ксёндз Францішак Рудзь, пастар Алег Габрусевіч, пастар Антоні Бокун, Марыя Міхайлаўна Міцкевіч, прафесар М. Прыгодзіч, доктар тэалогіі Ірына Дубянецкая і іншыя. Мерапрыемства прайшло ў фармаце дыскусіі экспертаў. Кандыдат гістарычных навук Андрусь Унучак распавёў пра евангелізацыйную дзейнасць Лукаша Дзекуць-Малея ў 1926-27 гадах на Палессі. Пастар Антоні Бокун падзяліўся ўспамінамі пра кс. Уладзіслава Чарняўскага.

У форме віртуальнага падключэння ў круглым стале ўзяў удзел уплывовы тэолаг Ёханес Райнер, які засведчыў, як пераклады Бібліі на нацыянальныя мовы ў Еўропе спрыялі сацыяльнаму развіццю і дэмакратызацыі ў грамадствах. Удзельнікі круглага стала адзначылі, што кс. Уладзіслаў Чарняўскі і пастар Лукаш Дзекуць-Малей як перакладчыкі Бібліі на беларускую мову стаяць у адным шэрагу з Францішкам Скарынам.

Прафесар З. К. Прыгодзіч падкрэсліў, што міжканфесійная дыскусія спрыяе фарміраванню сучаснага моўнага "канфесійнага стылю", а кс. Францішак Рудзь прызнаў, што ўзаемадзеянне духоўных асобаў і прадстаўнікоў гуманітарных навук спрыяе развіццю багаслоўскай думкі ў Беларусі.

Прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла падаравалі Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі кнігу "Мяне заўсёды ратавала вера…", у якой прадстаўлены ўспаміны святароў, свецкіх асоб і дзеячаў культуры аб жыцці кардынала Казіміра Свёнтка. Кардынал зрабіў значны ўнёсак у развіццё літургіі на нацыянальнай мове, пакінуўшы заўважны след у гісторыі Касцёла ў Беларусі і ўсёй нашай краіны.

Падрыхтавала Э. Дзвінская.

Прэзентацыя сайта "Бібліятэка філолага"

Адбылася міні-прэзентацыя сайта "Бібліятэка філолага" на філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта. Гэты сайт - электронны дадатак да галоўнага сайта "Народныя паэты і пісьменнікі Беларусі", які, у сваю чаргу, карэлюе з мемарыяльнай і навучальнай аўдыторыяй на філфаку БДУ "Народныя паэты і пісьменнікі Беларусі". На кожным стэндзе ў аўдыторыі пазначаны QR-код, праз які акурат і можна выйсці на сайт-спадарожнік. Прэзентаваны сайт змяшчае арыгінальныя кнігі і працы выкладчыкаў кафедры гісторыі беларускай літаратуры, рэдкія адлічбаваныя выданні, мультымедыйныя матэрыялы, якія размеркаваны па раздзелах (рубрыках) "Кнігі", "Зборнікі", "Часопісы", "Артыкулы", "Навукоўцы", "Медыятэка", "Хранограф".

- На філалагічным факультэце і ў БДУ пашыраецца выкарыстанне інфармацыйна-адукацыйных рэсурсаў. "Бібліятэка філолага" - адзін з такіх электронных рэсурсаў па забеспячэнні вучэбнага працэсу і ў дапамогу самастойнай працы студэнтаў. Спадзяёмся, што матэрыялы сайта будуць шырока запатрабаваны ў іншых установах адукацыі краіны, - адзначыў загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры прафесар Алесь Бельскі, прэзентуючы сайт студэнтам ІV курса спецыяльнасці "Беларуская філалогія". Яны сталі першымі наведвальнікамі сайта, азнаёміліся з новым электронным рэсурсам, даведаліся пра яго канцэпцыю і перспектывы развіцця. Праект па стварэнні сайта-спадарожніка быў рэалізаваны цягам апошняга года. Гэта стала магчымым дзякуючы асабістай падтрымцы дэкана філалагічнага факультэта Сяргея Важніка. Дзейнасць сайтаў "Народныя паэты і пісьменнікі Беларусі" і "Бібліятэка філолага" забяспечвае кафедра гісторыі беларускай літаратуры.

Паводле СМІ.

Пра што папрасіла Меркель у апошнім відэазвароце на пасадзе канцлера

Навіны Германіі

В.а. канцлера ФРГ Ангела Меркель у апошні раз на пасадзе кіраўніка ўрада звярнулася да грамадзян краіны з відэазваротам і заклікала іх прышчапляцца ад COVID-19

- Сёння я ў апошні раз звяртаюся да вас такім чынам. Першы адбыўся больш за 15 гадоў таму, - адзначыла Меркель, нагадаўшы, што ўсяго было запісана больш за 600 яе відэазваротаў. Першы быў размешчаны ў чэрвені 2006 года перад чэмпіянатам свету па футболе ў Германіі. Тады Меркель пажадала вялікага спартыўнага свята краіне і яе грамадзянам.

- Асабліва каштоўнае значэнне для мяне падкаст меў у часе пандэміі, якая доўжыцца ўжо амаль два гады. Мы на піку гэтай чацвёртай хвалі знаходзімся ў вельмі сур'ёзнай сітуацыі, у некаторых раёнах нашай краіны яе можна назваць нават драматычнай, - канстатавала в.а. канцлера. Яна нагадала пра перапоўненыя аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі, пра тых, хто памёр з-за наступстваў захворвання.

- У нас у выглядзе эфектыўнай і надзейнай вакцыны ёсць у руках ключ. Я настойліва прашу вас паставіцца сур'ёзна да падступнага віруса. Новы варыянт "амікрон", відавочна, яшчэ больш заразны, чым папярэднія штамы, - заявіла Меркель. - Вакцынуйцеся! Без розніцы, ці будзе гэта першая прышчэпка, ці паўторная, - заклікала яна, адзначыўшы, што "любая прышчэпка дапамагае", як мінімум абараняе ад цяжкіх наступстваў. В.а. канцлера падзякавала тым грамадзянам, якія выконвалі правілы і абмежаванні, каб перамагчы каранавірус.

Меркель будзе выконваць абавязкі канцлера да 8 снежня. У гэты дзень Бундэстаг прагаласуе па кандыдатуры Олафа Шольца як яе пераемніка на пасадзе кіраўніка ўрада і тады ж прэзідэнт Франк-Вальтэр Штайнмаер прызначыць членаў новага кабміна.

Паводле СМІ.

Меркель пакідае пасаду канцлера. У Берліне прайшла цырымонія развітання

2 снежня ў сталіцы ФРГ адбылася цырымонія развітання з канцлерам Ангелай Меркель, якая 16 гадоў узначальвала ўрад Германіі, а цяпер пакідае пасаду.

Урачыстая цырымонія Grosser Zapfenstreich прайшла ва ўнутраным дворыку Міністэрства абароны Германіі ў Берліне. Гэта традыцыйная вайсковая ўрачыстасць, якой у Германіі ўшаноўваюць вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў, што пакідаюць пасады. Цырымонія лічыцца найвялікшым выказваннем павагі да цывільнай асобы з боку вайскоўцаў.

Традыцыя бярэ пачатак у XVI ст. Канцлеры Германіі ўдастойваюцца ёю з 1998 года, калі Гельмут Коль падаў у адстаўку з пасады кіраўніка ўрада. Цырымонія заўсёды адбываецца ўвечары і складаецца з некалькіх музычных кампазіцый, у тым ліку гімна і марша. Акрамя таго, традыцыйна запальваюць факелы.

На цырымоніі, якая праходзіла ў абмежаваным фармаце праз COVID-19, аркестр Бундэсвера выканаў некалькі кампазіцый, выбраных самой Меркель.

Меркель застаецца выканаўцай абавязкаў канцлера, пакуль яе пераемнік, сацыял-дэмакрат Олаф Шольц, не прыме прысягу на наступным тыдні. Яна пажадала яму і яго новаму ўраду "ўсяго найлепшага, удачы і вялікіх поспехаў".

Цырымонія праходзіла пры святле паходняў і суправаджалася, у прыватнасці, маршам вайскоўцаў у параднай форме.

Паводле СМІ.

Жыў у Вільні дзядзька Янка

Згадка

17 лістапада споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння празаіка, паэта, публіцыста, выдаўца, журналіста і педагога Янкі Багдановіча (1906-1990). Для адных беларусаў ён быў Ян Антонавіч, для ўсіх астатніх, асабліва моладзі, проста - дзядзька Янка.

Моладзь дзядзька Янка любіў, а яна любіла і паважала яго. Невыпадкова ў 1929-1940 гадах ён разам з Янкам Шутовічам, Мар'янам Пецюкевічам і Язэпам Найдзюком выдаваў найцудоўнейшы незалежны часопіс "Шлях Моладзі". Часопіс, у якім друкавалася ўся творчая моладзь былой Заходняй Беларусі. А ў 1930 годзе ў № 2 Янка Багдановіч надрукаваў ці не першы свой верш "Моладзь":

Моладзь магутна

Ў цемру закута,

Хоча прарвацца

Й народу аддацца.

Цяжка змагацца

З сілаю злою,

Прыдзе часіна -

Узойдзе зарою!

І настане пара,

Калі моладзь гожа

Нягоды зможа

Для народу дабра!

Для сваіх людзей і жыў, працаваў, пісаў дзядзька Янка з Вільні.

Родам Янка Багдановіч быў з вёскі Гібіняты былога Ашмянскага павета, цяпер гэта Валожынскі раён. У 1918 годзе ў яго амаль адначасова памерлі маці і бацька. 12-гадоваму Янку і яго малодшаму брату Віктару давялося жыць спачатку ў Барунскім, затым у Віленскім дзіцячых прытулках, арганізаваных беларускай інтэлігенцыяй на зыходзе Першай сусветнай вайны.

Скончыўшы Віленскую беларускую гімназію ў 1927 годзе, Янка Багдановіч працаваў у друкарні імя Францішка Скарыны, якая месцілася ў Вільні на Людвісарскай вуліцы, 1. Працы ў друкарні хапала. Бо яна друкавала не толькі газеты і часопісы "Беларуская крыніца", "Сялянская ніва", "Хрысціянская думка", "Калоссе", "Шлях Моладзі", "Самапомач" і многія іншыя, а таксама кнігі, календары, агітацыйныя плакаты, улёткі, бюлетэні і г.д.

У 1930-х гадах Янка Багдановіч пачаў друкаваць у віленскіх газетах і часопісах свае вершы, артыкулы, допісы, апавяданні, уключыўся ў заходнебеларускі грамадска-культурны рух. Разам з Янкам Шутовічам, Мар'янам Пецюкевічам і Язэпам Найдзюком пачаў выдаваць часопіс "Шлях Моладзі". У ім таксама друкаваў свае замалёўкі, апавяданні, вершы, байкі.

Праўда, рэдактарамі "Шляху Моладзі" фактычна з'яўляліся Мар'ян Пецюкевіч і Язэп Найдзюк, а Янка Багдановіч хутчэй за ўсё быў тэхнічным рэдактарам. Але сёе-тое з-пад яго пяра таксама трапляла і ў часопіс. Вось як аўтар апісвае прыроду ў замалёўцы "Восень" (часопіс "Шлях Моладзі", 1930, №12): "Сумнае жыццё ў восені!.. І гдзе тое сонейка падзелася, і гдзе тыя прыгожанькія пралесачкі, што заманівалі людцоў да сябе, і тыя камаркі, казёлчыкі і другія істоткі? Усё прапала, як быццам у пропасць пайшло. Ды не! Прыдзе час - ізноў усё аджыве, закрасуе…". Бачыце, як ласкава, з любоўю і пяшчотай аўтар называў насякомых: камаркі, казёлчыкі…істоткі, людзей - людцы, кветкі - пралесачкі… Такая і душа, сэрца былі ў гэтага чалавека.

18 верасня ў Вільню прыйшла савецкая ўлада. У друкарню імя Францішка Скарыны завіталі новыя рэдактары з Менска: нехта Васілеўскі і Бураў. Яны прынеслі да друку на беларускай мове пракламацыю да насельніцтва Вільні. Янка Багдановіч яе набіраў і надрукаваў. Ад імя гэтых мінчан Яна Антонавіча прызначылі загадчыкам друкарні. Але быў ён нядоўга. Бо падзеі мяняліся штодня. Савецкая ўлада ўжо не дазволіла друкаваць многія беларускія выданні, а ў друкарні імя Скарыны друкавалася актыўна "Камсамольская праўда" на польскай мове. Галоўнымі цэнзарамі былі яўрэйка Качаргінская і нехта рускі Вінаградаў. Плаціць пачалі абыяк, таму хлопцы пакінулі друкарню, у тым ліку і Янка Багдановіч. Яго да сябе забраў Язэп Найдзюк, які працаваў у друкарні "Райда" і хутка стаў яе кіраўніком.

У гады Другой сусветнай вайны Янка Багдановіч вучыўся ў Віленскай настаўніцкай семінарыі і адначасова працаваў настаўнікам і дырэктарам школ. А ў 1952 годзе паступіў у Новавільняйскі педагагічны інстытут. Але вучыцца не давялося, бо 13 кастрычніка 1952 года рэспубліканскі суд Літоўскай ССР засудзіў Янку Багдановіча і Мар'яна Пецюкевіча на 25 гадоў кожнага. Пасля суда іх шлях ляжаў у Лукішкі і Ленінград. А 5 красавіка 1953 года іх завезлі ў Волагду, а потым у Варкуту.

У хуткім часе выдаўцоў "Шляху Моладзі" вывезлі на этап: Мар'ян Пецюкевіч трапіў на 29-ю шахту, а Янка Багдановіч - на 8-ю Аднак Пецюкевіч застаўся ў самой Варкуце на шахце № 1.

Як толькі з'явіўся на шахце № 8 Янка Багдановіч, да яго завіталі землякі-беларусы. Відаць, памяталі па часопісе "Шлях Моладзі". Прыйшлі Юшко, Семянюк, Засім, Загуста, Шышэя, Федаровіч і іншыя хлопцы. Усе яны былі з Заходняй Беларусі. І заставаліся беларусы сябрамі да канца знаходжання ў шахце і нават да канца жыцця, хто вярнуўся на Бацькаўшчыну.

У 1954 годзе да Янкі Багдановіча прыехала адведаць яго родная сямейка. Разам яны пражылі ў адным пакойчыку сем дзён. Гэтая сустрэча была вялікай надзеяй на вяртанне да сваёй сям'і ў Вільню.

Аднаго разу, пасля вяртання з працы, беларус убачыў вывешаны ў бараку ўказ аб пераводзе некаторых з палітвязняў на аблегчаны рэжым. Трапіў пад гэты ўказ і Янка Багдановіч.

Жыць стала лягчэй. Адкрыўся доступ да прадуктовых крамаў, з'явілася магчымасць часцей бачыцца з землякамі, у тым ліку з Мар'янам Пецюкевічам і Янкам Геніюшам - мужам Ларысы Геніюш, бываць па нядзелях у Варкуце.

Праходзіць час і хутка прыходзіць яшчэ адна добрая навіна - на шахту № 1 прыехала камісія з Масквы, якая пачала пераглядаць справы зняволеных. Янка Багдановіч у той час працаваў на цеплаэлектрацэнтралі. Таму да яго чарга дайшла толькі пра некалькі месяцаў - у канцы жніўня. А ў сярэдзіне верасня 1956 года ён ужо быў у Вільні.

Пасля сталінскіх лагераў, Янка Багдановіч працаваў настаўнікам у сярэдніх школах Вільні. Але найбольш з іх - у СШ №11, скуль і пайшоў на пенсію. Але на пенсіі не сядзеў без справы, а прымаў самы актыўны ўдзел ва ўсіх беларускіх справах у Літве, быў актыўным сябрам беларускага клуба "Сябрына" ў Вільні.

З Янкам Багдановічам сябравалі многія знакамітыя творчыя людзі Беларусі. Запытаўся ў доктара філалагічных навук, прафесара Вячаслава Рагойшы пра Янку Багдановіча. Вячаслаў Пятровіч адразу шчыра прыгадаў:

"Янку Багдановіча я ведаў, сустракаўся з ім у Вільні, распытваў у яго пра свайго дзядзьку Кастуся (яны разам вучыліся ў час вайны ў Віленскай настаўніцкай семінарыі). Пасля я апублікаваў у "ЛіМ"е невялікі допіс "Віленскі беларус Янка Багдановіч" (1986, 5 снежня). Яго ж аповед пра дзядзьку Кастуся (вельмі цікавы) увайшоў у кніжку Кастусь Рагойша, Антось Рагойша. Нам сняцца сны пра Беларусь" (Янка Багдановіч. Жменька згадак // Мінск: Кнігазбор, 2008, с. 64-69).

Паэт Сяргей Панізьнік жыве ў Канадзе. Спытаў пра Янку Багдановіча і ў яго. "Спадар Сяргей, вітаю Вас, - адгукнуўся Сяргей Сцяпанавіч. - І ўзлятаю над Вільняю, вышукваю прысутнасць Янкі Багдановіча. Во ён! Адам Мальдзіс запісвае тэлеперадачу пра Купалу ў Вільні і прамаўляе перад камерай з Янкам Багдановічам. 7 снежня 1981 года. А 8 снежня Янка Багдановіч працягвае распавядаць Адаму Іосіфавічу пра свой творчы побыт у стольнай Вільні. Былі і ў мяне стасункі з прытульнай асобай. Янка Багдановіч і мяне напаўняў светлымі ведамі, раскошай успамінаў пра горад-места чараў, да якіх набліжаліся і мае даўнія суседзі на мацерыку Дзісна-Дрыса-Друя. Мама распавядала пра падарожнікаў, якія адважыліся наведаць Вільню; трое содняў дабіраліся, а каб не зблудзіць - правільна клаліся на засып: галавой да Вільні: ранічкаю ведалі, куды ісці...".

У 1992 годзе доктар філалагічных навук Арсень Ліс падрыхтаваў да друку і выдаў асобнай кніжкай успаміны Янкі Багдановіча "На жыццёвым шляху". На вялікі жаль, Ян Антонавіч Багдановіч не дачакаўся гэтага выдання. Яго не стала 15 ліпеня 1990 года. Пражыў дзядзька Янка 84 гады. Яго пахавалі на могілках "Саўлес", што на Антокалі ў Вільні. Таму меў рацыю Арсень Ліс, калі казаў, што "наша разуменне, спагада, удзячнасць зачаста позняцца". Тым не менш, дзядзьку Янку з Вільні, які моцна любіў Беларусь і свой народ, мы памятаем. І заўсёды будзем прыгадваць не толькі як шчырага і мужнага чалавека, але і як беларускага выдавецкага работніка, пісьменніка і журналіста.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Літаратурна-музычная імпрэза "ЛІСТАПАДАЎСКІ ДЗЁННІК"

Мерапрыемства з такой назвай прайшло 21 лістапада 2021 года ў сталічнай бібліятэцы нумар адзін імя Льва Мікалаевіча Талстога. Ва ўтульнай зале гэтай установы ў прызначаны час сабраліся паэты, пісьменнікі, музыканты, спевакі, а таксама прыхільнікі добрага мастацкага слова і прыгожай музыкі.

Праводзіў імпрэзу кіраўнік літаратурнага клуба "Экватар", паэт, пісьменнік і журналіст Вячаслаў Корбут. Ён выйшаў да прысутных не з пустымі рукамі - з кнігай класіка беларускай літаратуры Ніла Сымонавіча Гілевіча "Запісы з дзённікаў розных гадоў. Сшытак першы. 1954-1983", якая выйшла ў свет у выдавецтве "Про Хрысто" ў 2006 годзе.

Адкрыўшы кнігу, Вячаслаў Корбут прадэманстараваў сабраўшайся аўдыторыі аўтограф Мэтра беларускай літаратуры, які быў напісаны спадару Корбуту менавіта ў лістападзе - ізноў жа, далёкага ўжо зараз, 2006 года. Вячаслаў распавёў прысутным пра тое, што добра ведаў Ніла Гілевіча, пра гэтую кнігу, пра тое, як атрымаў сапраўдную асалоду, чытаючы яе. "Ўсім нам трэба вучыцца ў Ніла Сымонавіча, як трэба пісаць дзённікі," - зазначыў Вячаслаў.

А яшчэ ўзгадаць шаноўнага Ніла Гілевіча ў гэтую восень было вельмі дарэчы, таму што ў верасні 2021 года ўсё беларускае культурнае грамадства адзначала 90-годдзе з Дня нараджэння класіка беларускай літаратуры.

Потым спадар Корбут, канешне, чытаў прысутным свае вершы і ўрыўкі з паэм. Сярод прачытаных твораў быў і верш, прысвечаны непасрэдна дзённікам і іх напісанню:

У думках запісы хаваю,

Чые? Свае альбо чужыя?

Сябрам сваім пісаць іх раю:

Ў радкоў тых смак, як у ажыны, -

Чакайма, восень, успамінаў

Пра лёс, пра летнія сустрэчы,

Дзе кожны не зблукаў старэчай, -

Стаў маладым праз дух супольны,

У нечым нават і свавольны.

Але час лечыць раны сэрцаў,

Нам нечы подых рух адродзіць,

І скажам ісцінам: адмерце,

Прычын няма ўзгадаць хваробы, -

Лепш выступленні ў час імпрэзы,

Прыліў натхнення з "Паланэзам",

І самае, відаць, святое:

Кахання подых за сабою...

Пішу раз-пораз успаміны,

Пішу, маўчу - ёсць воск і гліна...

Далей выступала шэф-рэдактар "Літаратурнага экватара", паэтка і пісьменніца Інга Вінарская. Яна зазначыла, што таксама была знаёмая з Нілам Сымонавічам Гілевічам, і падзялілася з прысутнымі некаторымі сваімі ўспамінамі пра яго:

- Ведаеце, я аднойчы нават была рэдактарам кнігі Ніла Гілевіча... Працавала тады галоўным рэдактарам выдавецтва "Беллітфонд". Раптам заходзіць у кабінет сам Мэтр, і я даведваюся ад яго, што буду ягоным рэдактарам у новай кнізе. Кажу: "Я не магу Вас рэдагаваць, Ніл Сымонавіч, Вы ж класік!" А ён мне: "Можаце, даражэнькая, можаце!" Неяк і сілы пасля гэтага з'явіліся. Дарэчы, Ніл Гілевіч, як высветлілася, любіў рэдактараў. Ён шчыра радаваўся, калі яму прапаноўвалі нешта трошкі палепшыць у тэксце. Так можа сябе паводзіць толькі чалавек вялікага таленту!

І яшчэ адзін успамін... Вяртаюся думкамі ў 2006 год. 30-е верасня. Прыгожая цёплая восень, наўкол рознакаляровая лістота. Нілу Гілевічу - 75 год. Мы з Вячаславам Корбутам з чырвонымі гваздзікамі ў руках стаім перад пад'ездам Ніла Сымонавіча ў двары ягонага дома ў Менску, што на Карла Маркса, - стаім у чарзе жадаючых павіншаваць Мэтра з юбілеем. Побач - пісьменнікі, настаўнікі, журналісты, прычым, прыехаўшыя нават з рэгіёнаў Беларусі. Мы - дэлегацыя ад Беларускага рэспубліканскага літаратурнага фонда, дырэктарам якога ў той час і быў, дарэчы, Вячаслаў Корбут. Вось дачакаліся сваёй чаргі: пускаюць у хату, паведамляюць, што ў нас не болей за 15-20 хвілін на віншаванні. Заходзім. Доўгі калідор, скляпеністыя столі. Ідзём да Мэтра. "А-а-а, сябры мае!" - сустракае ён нас. Гаворка атрымоўваецца вельмі душэўная. Частавалі, дарэчы, каньяком і бутэрбродамі з чырвонай ікрой - прычым, усіх, хто прыехаў у той дзень павіншаваць шаноўнага класіка... Вось так.

Далей спадарыня Вінарская зазначыла, што ўжо даўно не вядзе дзённікаў. Некалі ў юнацтве спаліла аграменны стос агульных сшыткаў - сваіх дзённікаў, палічыўшы, што гэта ўсё ж такі пэўны кампрамат... А што, калі не ў тыя рукі патрапіць? На думку Інгі Вінарскай, для паэта дзённікі - гэта ягоныя вершы. І далей спадарыня прачытала свой твор, які найбольш адпавядае, на яе думку, лістападаўскаму настрою, і які быў некалі напісаны менавіта позняй восенню:

Страшэнна вые вецер за акном -

Нібыта восень зноў у апраметнай,

Ды збегчы хоча

ў споднім, непрыкметна,

І так калоціцца ў рыданнях дом.


Ад д'ябла ж не збяжыш, нават у сне:

Прададзена душа - плаці да смерці.

Павінны выканаць работу чэрці -

Прасі тут, ці малі… Пачуюць? Не.


А пачыналася прыгожа так:

Вось золата, рубіны, ізумруды -

Раскоша, веліч!

Восень - проста цуда!..

Цяпер галінам голым кошт -

пятак…


Эх, восені душа, - бывай, бывай…

Халодныя нябёсы ўсё ж такія…

Не, не скажы, зусім яны не злыя -

Бядотны і цяжкі ён, шлях у рай...

Адметнай рысай мерапрыемства 21 лістапада 2021 года стала прысутнасць на ім прадстаўнікоў, бадай, усіх узроставых катэгорый: былі тут і дзеці, і моладзь, і людзі сярэдняга ўзросту, і вельмі сталыя ўжо творцы. Удзельнічалі ў нашай лістападаўскай імпрэзе адразу два аксакалы-ветэраны літаратурнага клуба "Экватар": Якаў Анапрэенка і Дзмітрый Марозаў. Даўно іх не было бачна: па розных прычынах яны не прыходзілі на мерапрыемствы суполкі. І вось - нарэшце!.. Якаў Рыгоравіч прачытаў сабраўшымся некалькі сваіх кароткіх апавяданняў, а Дзмітрый Максімавіч, як і належыць опернаму спеваку, выканаў шэраг рамансаў, сярод якіх быў і твор на словы Ніла Гілевіча. І дарэчы, было вельмі цікава назіраць, як шаноўныя Якаў Рыгоравіч і Дзмітрый Максімавіч пікіруюцца паміж сабой рознымі такімі фразамі пакручастымі. Такія мілыя... Дай ім Бог яшчэ доўгіх год жыцця і творчасці!..

Паэт і драматург Глеб Ганчароў таксама зазначыў, што творы - гэта і ёсць дзённікі. Ён прачытаў прысутным нізку сваіх лістападаўскіх вершаў. "А паколькі зіма ўжо вельмі хутка, то наце вам верш "Лістапад-снежань!" - выпаліў Глеб напрыканцы свайго выступлення. Твор гэты дастаткова вялікі, таму прыводзім яго ў скарочаным варыянце:

У лістападзе, як на дзіва,

Заўжды змывае ўсю імжу

Пахмельнай пропіссю курсіву

Дыяганальнага дажджу.


Прастора горада пусцела

Да зазімку напагатоў,

І той хаваў худое цела

У валасяніцы халадоў,


Варочаўся ў працяглым свісце

Праз ноч і вецер напралом,

Падзёртае няслося лісце

Калматым рыжым табуном...


Скавала ланцужкамі сцюжы

Шчымлівы восеньскі разброд,

І лёд суцішыў подых лужы,

Заціснуўшы вільготны рот...


Парэшткі бабінага лета

Рассыпаліся ў пыл і прах,

Дзе дрэў кашчавыя шкілеты

Ўразлад вандруюць па снягах...

Піяністка, саксафаністка, спявачка, педагог і проста прыгожая мініяцюрная жанчына Вольга Воінская даўно не наведвала імпрэзы "Экватара", а вось на "Лістападаўскі дзённік" прыехала з кампаніяй сваіх, розных узростаў, вучняў, а таксама некаторых з іх бацькоў. Дарэчы, усе юныя артысты - навучэнцы ДУА "Дзіцячая музычная школа мастацтваў № 6" г. Менска, дзе і выкладае сама спадарыня Воінская. Атрымаўся невялічкі такі канцэрт. Лаўрэат міжнародных конкурсаў Караліна Дабравольская, дыпламант міжнародных конкурсаў Іван Мацкевіч, а таксама Ева Басалай выканалі на блок-флейтах папулярныя класічныя мелодыі пад акампанемент сваёй настаўніцы на фартэпіяна. Маленькая прынцэса ў святочнай сукенцы Аліса Далжанкова (дачка Вольгі Воінскай) праспявала некалькі песень пад акампанемент сваёй маці. А завяршыўся гэты канцэрт вельмі сімпатычным нумарам пад назвай "Паравозік", калі дзеці хадзілі змейкай адзін за адным і спявалі пад музыку.

І вось мажорная нота змянілася мінорнай, бо менавіта ў такой манеры звычайна піша паэт Вячаслаў Данілаў. Нізку сваіх сумных лістападаўскіх вершаў ён прачытаў перад сабраўшайся аўдыторыяй.

У нечым сугучнай з Вячаславам Данілавым аказалася выступаўшая наступнай паэтка Клаўдзія Максімава. Спадарыня аддае перавагу ў сваёй творчасці глыбокім філасофскім тэмам, а таксама ў яе вершах прысутнічае ўсяленская, нават касмічная тэматыка - і ўсё гэта на фоне роздумаў пра сусветную і агульначалавечую гісторыю, а таксама гісторыю нашай краіны.

Паэт Валянцін Шведаў вельмі любіць восень, прычым усю, ва ўсіх яе праявах і з'явах - з усімі рознакаляровымі высямі, вятрамі і дажджамі. Прысутныя пачулі ў выкананні спадара Валянціна сапраўды восеньскую падборку вершаў, завяршыў якую твор, прысвечаны менавіта лістападу:

Эх, восень глыбокая...

Туман над затокаю.

Вада ледзяная

чарот абдымае.

Крумкач нерухомы,

ён сочыць без стомы

З вярха сухастою

за сумнай зямлёю.


Прырода застыла,

нібыта спачыла,

У раннім змярканні -

марозаў чаканне.

Пра снежныя белі

забыцца паспелі.

Адзенне рыхтуем -

вось-вось залютуе.


А хмары ўсё плачуць -

шкадуюць, не йначай,

Што хутка сняжынкі

заменяць слязінкі,

І сена - стагамі,

і лета - са снамі.

Зіма ў падыходзе:

то - дзякуй прыродзе!

Амаль заўсёды пазітыўны і энергічны паэт, журналіст, кнігавыдавец Міхась Башура, які выступаў наступным, паведаміў пра тое, што для яго слова "Дзённік" асацыіруецца непасрэдна са школай, з пачаткам навучальнага года. Заканчваецца лета, пачынаецца восень, і вось яны - вучнёўскія дзённікі, а ў іх самыя розныя адзнакі ды заўвагі... Спадар Міхась чытаў вершы рознай тэматыкі: і жорсткія, і мяккія, і любоўныя, і філасофскія. Асабліва спадабаўся сабраўшымся верш пра цяжкую дарогу да сябе:

Дарогу да сябе

шукаць - цяжкая справа.

Не кожны здолее

прайсці праз невуцтва й ляноту,

ў рацэ жыцця не трэскай быць -

стырном.

І толькі моцныя,

паверыўшы ва ўдачу,

настойліва свой лёс будуюць самі.

Слабейшым застаецца ж

шлях адзіны -

даверліва аддацца волі лёсу,

збівацца і блудзіць,

блудзіць і зноў знаходзіць

сцяжыну вузкую,

прызначаную Богам...

І я імкну,

хоць часам сіл бракуе,

сваё жыццё пабудаваць сваёю працай.

І я не п'ю з чужых крыніц вады,

і ў печы не палю чужую працу...

Педагог, экскурсавод, перакладчыца на многія мову сусвету, а цяпер яшчэ і пачынаючая навукоўца Кацярына Матусевіч шчыра прывітала прысутных і прачытала невялічкае эсэ на тэму любові да роднай Беларусі. Потым Кацярына распавяла пра тыя экскусіі ў Менску, якія яна дагэтуль праводзіць, нягледзячы на вучобу ў аспірантуры. Спадарыня шчыра запрасіла ўсіх жадаючых паўдзельнічаць у гэтых яе экскурсіях.

Паэтка, музыкантка, бібліятэкарка Святлана Яфіменка спецыяльна прыехала з іншага горада на імпрэзу "Лістападаўскі дзённік", прычым гэта было яе першае наведванне мерапрыемстваў літаратурнага клуба "Экватар". Святлана зазначыла, што ёй усё вельмі падабаецца, а потым прачытала нізку сваіх восеньскіх вершаў і праспявала некалькі ўласных песень, цёплых і пяшчотных, акампаніруючы сабе на фартэпіяна...

Сапраўды разнастайная імпрэза атрымалася: нават музычныя жанры былі прадстаўлены на ёй самыя розныя. Як доказ таму - змяніўшы лірычную Святлану Яфіменку Кірыл Бандзерс са сваімі гатычнымі баладамі. Выконваў Кірыл, як звычайна, песні на ўласныя вершы, акампаніруючы сабе на гітары.

Завяршаў канцэртную праграму мерапрыемства паэт, празаік, аўтар шматлікіх кніг Юрась Нераток. Ён засведчыў, што лістапад вельмі спыяе ўспамінам, а потым сказаў, што прыдумаў вельмі цікавую штуку: сабраў свае фотаздымкі па гадах, зманціраваў на некалькіх старонках і раздрукаваў гэта ўсё. Прысутныя змаглі азнаёміцца з раздрукоўкамі. Цікава атрымаася. І канешне, спадар Юрась чытаў свае вершы - як эпатажныя, так і не вельмі. Быў сярод іх і твор пад назвай "Беларусам", вельмі глыбокі, пранікнёны і адпавядны цяперашняму няпростаму для нашай краіны часу:

Пакуль здрабняем на зямным абрусе

мы маналіт мінулага на друз,

не згасне сонейка над Беларуссю!

…Але ці ведае яно пра Беларусь?


Пакуль рунее жытняя палоска

і пожню сцеражэ саломы стог,

нас не пакіне міласэрнасць Боска!

…Але ці помніць беларусаў Бог?


Пакуль мы даглядаем захад продкаў,

пакуль нашчадкаў досвітак глядзім,

нас не звязе ў нябыт Харона лодка!

…Але ці трэба гэта нам самім?

Вось такі цікавы "Лістападаўскі дзённік" атрымаўся. Завяршыўся ён, канешне, агульнай фотасесіяй, хаця і да гэтага здымкаў было зробленна шмат. Было вельмі файна, бо столькі таленавітых людзей сабралася разам. Такая станоўчая энергетыка панавала ў зале! Мы ўсё ж расквецілі гэты змрочны сталічны лістапад сваімі вершамі, спевамі, апладысментамі, усмешкамі, добрым і паважлівым стаўленнем адзін да аднаго. Так і павінна быць!

Паэты, пісьменнікі, журналісты

Інга Вінарская і Вячаслаў Корбут.

Мастак і яго майстэрня

(Да 90-годдзя з дня нараджэння У. С. Мурахвера)

"…на даху добра мне,

Там лепш, чым пры акне

І ёсць куды глядзець,

Ад стромы дыхаецца ледзь.

Як шкода, што ніводны

Мастак падаць не згодны

Адценні ўздыху,

што перакрочыў Рубікон."

Д. Лецка, сцэнарыст.

Уладзімір Сямёнавіч Мурахвер быў унікальным, адважным і вольным мастаком. Яго адрознівалі імкненне да мастацкага эксперыменту ў шкле, графіцы, жывапісе, кераміцы і глыбокая ўнутраная культура.

Велізарны прафесійны досвед, неверагодны творчы патэнцыял, найшырокая эрудыцыя, адвостранае майстэрства - маштаб таленту Уладзіміра Сямёнавіча вялікі. Без сумневу, мастак увайшоў у гісторыю мастацкага шкла Беларусі, як ключавая постаць. Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, член Саюза мастакоў Беларусі, Ганаровы замежны член Расійскай акадэміі мастацтваў. Ён ніколі не пышыўся званнямі, быў іранічны, адкрыты, уважлівы да навакольнага свету, да сваіх калегаў, да майстроў і мастакоў-пачаткоўцаў, якіх заўсёды імкнуўся зразумець і падтрымаць.

Уладзімір Сямёнавіч быў вялікім сябрам Лідскага гістарычна - мастацкага музея на працягу многіх гадоў. Выхад на заслужаны адпачынак дазволіў яму часцей бываць у нас у музеі, удзельнічаць у асветніцкіх праграмах, тэматычных мерапрыемствах, прэзентацыях выстаў.

Мы невымоўна ўдзячныя Уладзіміру Сямёнавічу Мурахверу і яго сям'і за рашэнне перадаць нашаму музею сціплую і ў той жа час НЕАЦЭННУЮ маёмасць яго кватэры - майстэрні ў г. Бярозаўцы Лідскага раёна ў перыяд, калі ён перастаў у майстэрні мець патрэбу.

Куратар выставы паспрабавала стварыць сучасную выставу - канцэпт, народжаную з атмасферы майстэрні і працоўных матэрыялаў, якія рэальна знаходзіліся ў ёй. Мэбля, прадметы побыту, мастацкія матэрыялы, фотаархіў, эцюды, эскізы, замалёўкі дапамогуць уявіць атмасферу месца. Гэта магчымасць быць госцем мастацкага сусвету, імя якому - Уладзімір Сямёнавіч Мурахвер, і зразумець спакойную, мерную і паспяховую творчасць нашага земляка.

5 снежня яму споўнілася б 90 гадоў. Маёмасць яго мастацкай майстэрні захоўваецца ў нас ужо 5 гадоў. Усё ад пышнай мантыі акадэміка да дробязяў. Кожны скарыстаны цюбік фарбы, выпадковая цыдулка, кантрамарка на канцэрт і ўсё, што ў майстэрні было пакінута мастаком, гэтыя гады знаходзілася ў асобным памяшканні, працоўная назва якога было - стылізаваная майстэрня.

І гэты перыяд заставалася няздзейсненай просьба самога мастака. Ён, даючы згоду на перавоз маёмасці майстэрні ў музей, асабіста пакінуў рэкамендацыі ў выглядзе накідаў, якім ён бачыць памяшканне майстэрні. Яго пажаданне ўдалося ажыццявіць толькі цяпер. Была распрацавана канцэпцыя месца з улікам усіх пажаданняў дарыльніка. Насуперак узросту, Уладзімір Сямёнавіч быў вельмі сучасным чалавекам. У пацверджанне нагадаю пра аўтарскія задумы і яго апошніх творчых працах у шкле "Незнаёмкі", "Дон Кіхот". Яны авангардныя.

Мастак разумеў, што ён перадае свае рэчы ў музей, і бачыў іх захоўванне ў прасторы шкляной вітрыны. Так у музеі будзе захоўвацца яго творчая спадчына і светлая памяць.

Думаю, прастора атрымалася сучаснай і спадабаецца наведвальнікам музея. Амаль нябачная грань аддзяляе наведвальніка ад побытавых прадметаў майстэрні. Тым не менш яе "дзверы" можна расчыніць, разглядаючы прадметы. Але пры гэтым, куратар не ставіла сваёй мэтай адкрыць заслону таямніцы творчага працэсу, які звычайна адбываецца ў майстэрні. Гэта магчымасць толькі спыніцца на парозе, успомніць нашага таленавітага земляка.

Мноства эскізаў і эцюдаў адлічбаваны, згрупаваны па тэмах і іх можна разглядаць на экране. На пярэдняй частцы вітрыны мы бачым цытаты, якія абраны з запісных кішэнных кніжак мастака і адтуль жа многія графічныя тэматычныя накіды, партрэтныя замалёўкі.

"Мір увайшоўшаму" - так назваў Уладзімір Сямёнавіч Мурахвер сваю працу са шкла, якая прынесла яму залаты медаль адной з міжнародных выстаў і стала знакавай у яго творчасці. Пажадаем і мы ад імя аўтара міру і дабра ўсім, хто наведае выставу - канцэпт "Мастак і яго майстэрня". Яна будзе працаваць у музеі на сталай аснове.

Куратар экспазіцыі - канцэпта ст. навуковы супрацоўнік музея Т. Нікіфарава.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX