НАША СЛОВА № 50 (1565), 16 снежня 2021 г.
Беларусь любіць і шануе Максіма-кніжніка
Рэканструявана бібліятэка Максіма Багдановіча
Вядома, што ў бацькі нацыянальнага класіка, Адама Ягоравіча Багдановіча, была адна з лепшых яраслаўскіх прыватных бібліятэк. А якія кнігі збіраў сам паэт, якія газеты і часопісы ён выпісваў? На гэтае пытанне паспрабавалі адказаць літаратурныя даследчыкі і музейныя рупліўцы. Яны рэканструявалі кнігазбор Максіма Багдановіча на аснове кніжнай спадчыны, якая захавалася ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі.
Да 130-годдзя з дня нараджэння нязгаснай зоркі беларускай паэзіі падрыхтавана сумесная выстава, арганізаваная Нацыянальнай бібліятэкай і Музеем гісторыі беларускай літаратуры, яго філіялам - Літаратурным музеем М. Багдановіча.
7 снежня на адкрыцці выставы выступілі намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша, загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі і літаратуразнавец Мікола Трус. Імпрэзу ўпрыгожылі спевы ўдзельніцы тэатра "Жывое слова" Алесі Сівохінай.
Выступоўцы падкрэслілі, што "Максім Багдановіч, нацыянальны геній высокага еўрапейскага ўзроўню, здолеў развіць патэнцыял беларускага мастацкага слова, на якім можна ствараць узоры найвышэйшай прыгажосці".
У экспазіцыі прадстаўлены творы Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Ядвігіна Ш, Змітрака Бядулі, выданні, якія выходзілі ў выдавецтвах С. Пецярбурга, Вільні і Менска на пачатку ХХ стагоддзя, асобнікі газет "Наша доля", " Наша Ніва", часопіса "Гоман".
Адной з першых даследавала творчасць Максіма Багдановіча бібліёграф Ніна Ватацы, збіралі звесткі пра яго творчасць Алесь Бачыла, Міхась Стральцоў і іншыя пісьменнікі і даследчыкі.
Максім Багдановіч засяваў іскаркі зорак у сэрцах, фарміраваў нацыянальную свядомасць, запачаткоўваў беларускую культуралогію, набліжаў сваіх сучаснікаў да сусветных літаратурных скарбаў.
"Аднаго жыцця мала, каб дарасці да разумення Максіма Багдановіча, - пісаў народны паэт Рыгор Барадулін. - Да разумення ягонай унікальнасці, ягонай прастаты і крынічнай пранікнёнасці. Гэта ён першы ў нашай паэзіі прысягнуў чыстай красе велічнага і вечнага пачуцця. Зорамі словаў на старонках нябёсаў занатавана запаветнае, незямное сваёй зямной панавітасцю".
Э. Дзвінская, фота аўтара.
У Гародні адзначылі 130-годдзе Максіма Багдановіча
130-годдзе класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча адзначылі ў Гародні. На старых могілках места над Нёманам, ля магілы Марыі Багдановіч - маці паэта, сабраліся шанавальнікі яго творчасці. Пасля адслужанай паніхіды за супакой Максіма і ягоных бацькоў - Адама і Марыі, удзельнікі ўзгадалі творы паэта, ягоны лёс, ягоную страту і пакуту. Таксама былі ўзгаданы па памяці вершы, якія так мілыя кожнаму свядомаму беларусу. З пачатку снежня мясцовы музей Максіма Багдановіча арганізуе акцыю "Чытаем Багдановіча", у якой заклікае ўсіх Беларусаў чытаць вершы паэта "сумнай красы".
Паводле СМІ.
Літаратурна-музычная кампазіцыя "Нязгасная зорка зямлі беларускай"
У снежні літаратурная грамадскасць святкуе 130-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Успамінаючы яго, у першую чаргу, мы кажам пра самыя выдатныя ў беларускай паэзіі лірычныя радкі, пра любоўную лірыку, прасякнутую пяшчотай, захапленнем і натхненнем.
9 снежня Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы арганізавала сустрэчу з самымі вядомымі творамі Максіма Багдановіча. "Нязгасная зорка зямлі беларускай" - пад такой назвай прайшла літаратурна-музычная кампазіцыя, падчас якой радкі несмяротных і так намі любімых твораў беларускага класіка светла і меладычна прагучалі ў сценах бібліятэкі.
Наш кар.
ЗІМОВЫЯ ЗАБАВЫ
Зміцер Захарэвіч
НА ПАРОЗЕ СНЕЖАНЬ
Вітаю снежань на парозе -
Бывай, згалелы лістапад!
І ўжо карціць мне на марозе
Румяных цалаваць дзяўчат.
Крыху вышэйшых на абцасах,
Але - дальбог! - такой бяды,
Што цягнешся да найпрыўкраснай,
Як квет да кропляў дажджавых.
Як звер да згубнае прынады,
Які на волю не ўцячэ,
Бо зорка блісне на Каляды
Іскрынкамі яе вачэй
Над пусткамі пушчанскіх сцежак
І не захочацца назад -
У міжчасоўе, у міжмежжа,
У выпраўляны лістапад.
СНЕГАПАД
Ноч прайшла ў дрымоце мітрэнжнай:
Сны не сны - неўратычны калаж.
А на змену ёй непазбежна
Разліў волава ранак наўсцяж.
Сонца млява зіркала промнем,
Не адолеўшы шэры бязлад,
Толькі раптам неба апоўдні
Снегам выбухнула ў далягляд.
Наваколле страціла голас -
Пляцы й вуліцы ў згодзе маўчаць,
І чуваць здалёк, як на горад
Парушынкі з аблокаў ляцяць.
Засыпаюць скверы паволі -
Белы вальс, белы верш, белы свет, -
Захінаючы ў вэлюм таполі,
Рыхтык перад вянчаннем нявест.
Безнадзейна ўхутаўшы плечы
Мне ў абдымкі залеташніх рук,
Астуджаючы, мякка шэпчуць
І плывуць безыменныя ўкруг.
Незлічоныя нетаропка
Ткуць хрысцільны ўбор для зімы
Дый у памяці ставяць кропкі,
Шлях свой сканчваючы на зямлі.
ПРАЎДА СУЛАДДЗЯ
Кнот грамнічнага сонца
зацепліўся на даляглядзе,
Позні золак зімовы
за стрэхамі ледзьве відаць,
Але снежнае цноты
і першага промня суладдзе
Ёсць той праўдай жыцця,
на якую адвыклі зважаць.
Восень лісцем шпурлялася,
румзала неба над садам,
Разрасталася цемра,
гару над святлом беручы,
Покуль зоркі агеньчык
не замігацеў на Каляды,
Адрадзіўшы надзею
сярод непрагляднай начы.
Скрозь стаяць халады.
Спруцянела на хвоях ігліца.
Няхай бог сцеражэ
волю плачу і роспачы даць,
Бо на ўзлеску сівым
не замерзла дарэшты крыніца
І струменіць з яе
да збалелых жывая вада.
Хіба можна не верыць
стагоддзямі вызнанай праўдзе? -
Смеху вартыя казанні
псеўдамесіяў штораз,
Але снежнае цноты
і першага промня суладдзе,
Новы дзень абвясціўшы,
вясну набліжаюць да нас.
СТУДЗЕНЬСКІМ ВЕЧАРАМ
Вечар ва ўспаміны па-над стрэхамі
Аплывае ў цішыні, як воск, густой,
Месяц завітаў у сад заснежаны -
Ці не ты паклікала яго?
Ён з-за хмар спусціўся непрыкмечаным,
Ад чужых вачэй хаваецца ў галлі,
Каб з сяброўкай даўняй пасакрэтнічаць, -
Канфідэнт сноў зорыстых тваіх.
Пойдзеш на спатканне з ім, свавольніца,
Не сказаўшы, калі вернешся дамоў,
Пахнучы панадна срэбрам поўначы
З заінелай пасмай валасоў.
Рэўнасць - глупства. Думаю пра лепшае,
Бо няма прычын табе не давяраць,
Ды самотны прагну да шаленства я
Месца месяца хоць раз заняць.
WINTER LOVE
А ты, ўсміхнуўшыся нязмушана
З напрасаванай прасціны,
Трымціш неадляцелай птушкаю
На белай далані зімы.
Свавольна звабіўшы прынадамі,
Сама ты ведаеш працяг,
Дзе смочкі - дзве рудыя ягады
Рабіны на тваіх грудзях.
І кветкі слодычы распусцяцца
На кожным з існых палюсоў,
Калі апоўначы згублюся я
У сцюжы русых валасоў.
ЗІМОВЫЯ ЗАБАВЫ
За вакном пагода і сняжок.
Чэзнуць дома годзе!
Апранай, сяброўка, кажушок -
Забаўляцца пойдзем.
Паглядзі, я маю, як Сатыр,
Бараду і вусы -
За табою ўслед, нібыта ў вір,
У сумёт звалюся.
Будзем бабу снежную рабіць
На сваім падворку:
Вочы - пара зыркіх арабін,
Нос - рудая морква.
Як фарсусе модны капялюх,
Чыгунок на голаў,
Дзве галінкі ўставім замест рук
І - краса гатова!
Хоць вадзі з вясёлай грамадой
Карагоды звонка
Вакол пані нашае альбо
Забірай у жонкі.
Будзем доўга коўзацца з гары
І гуляць у снежкі
Покуль захад барвай не ўзгарыць
Ад тваёй усмешкі.
Гэта значыць - досыць чырванець
На марозе шчочкам,
Бо ідзе да нас начы цямрэч
Хочам ці не хочам.
Каб, крый Бог, на што не захварэць,
Час вяртацца ў хату,
Дзе заўжды гатовыя сусгрэць
Грубка і гарбата.
Заўтра зранку малады сняжок,
Ляжа зноў на пляцык…
Апранеш, сяброўка, кажушок -
Пойдзем забаўляцца!
ЗІМОВА-ЛІРЫЧНАЯ...
(...амаль казка)
Ясназорным, марозным вечарам
Палім вогнішча, п'ём каньяк
І ў сумёце, збоку падпечаным,
Пацалункамі дзелімся ўсмак.
Далібог, пад купалам снежаньскім
Мы з табою - з Гердаю Кай -
З рэчаіснасці бляклай бежанцы
Нелегальныя ў хвойны рай.
Межы часу злосна парушылі,
І, нібыта ў казачным сне,
Мне на твар сядаюць мятлушкамі
Апантана вусны твае.
І ў вачох цяпельца люструецца,
І кіпіць гарачая кроў,
І на вежах соснаў вартуюць нас
Цені драбаў з лепшых часоў.
А калі чараўніцтва скончыцца,
Як належыць кожнаму шоў,
Не сумуй дарэмна, харошая, -
Я напэўна ведаю, што,
Як хмяльныя, дымам прапахлыя
Поруч вернемся з лесу ў дом,
Рыхтык зоры, позіркі шчасныя
Доўга будуць гарэць агнём.
СНЕГ І ЦВЕТ
І думкі дробныя, як снег
Даўно чаканы,
Што ў вочы крупкаю мяце
Беспакарана,
І дзёрзкі надпіс на сцяне
Зафарбаваны,
А сэрца між рабрын цвіце
Адкрытай ранай.
І часу не спатоліць боль -
Дарма літанні
Ці ты жабрак, ці ты кароль,
Бо чарапамі
Гуляе лёс у карамболь
Без шкадавання,
І саванам засланы стол,
Кіі крыжамі.
Халодны, вастраскулы твар,
І не здрыгнецца
Рука гульца. Напэўна ўдар -
Не размінецца
З магілай прагнай лузы шар.
І пасміхнецца
У вус більярднай гаспадар,
Ды застанецца
Пунсовы на тканіне след
Неспадзявана,
А нехта за спачын глыне
Усхваляваны,
За адбуялы агняцвет
Адкрытай раны,
І вочы замяце снег мне
Беспакарана.
КАЛЯДНЫ СНЕГ
Калядны снег… І ён растане,
Паўдзень за небасхіл сплыве,
Як першае маё каханне,
Што ўжо на свеце не жыве.
Зіхцела батліемскай зоркай
Грамніца ў тонкай далані,
А доля ад дымка прагоркла
І дагарала на агні.
Пад шэпт размераных малітваў
Кадзіў рэдкабароды дзяк,
І не "Чаму?..", а "Менавіта
Ты адышла…" гняло ў грудзях.
Тады - па-свежаму балела,
Глядзела роспач з-пад павек,
Як саванам бяскроўна-белым
Наўсцяж ляжаў калядны снег.
ВАЛАДАРСТВА БЕЛІ
Неўтаймаваныя радкі
Народзіць валадарства белі,
Сталеюць хутка праз завеі
Неўтаймаваныя радкі.
Самотнасць полюса адкінь -
Няхай, калі душу сум цвеліць,
Неўтаймаваныя радкі
Народзіць валадарства белі.
ДАЙСЦІ Ў СНЯГІ
Патоне ў бездані смугі
Усё, што праспяваць наўмею,
З суладдзем джалячых струн-змеяў
Патоне ў бездані смугі,
Як скрозь яе дайсці ў снягі
І ў дзень палярны не пасмею,
Патоне ў бездані смугі
Усё, што праспяваць наўмею.
ПЕРАДКАЛЯДНЫ
Ужо прыбралі павуцінне рыштаванняў
Будаўнікі з чала касцёльнага фасада,
І крыж на вільчыку, вітаючы світанні,
Рахуе дні, што засталіся да Калядаў.
Напяўся храм, як малады, у хваляванні,
Барочны строй, бадай, даведзены да ладу,
На сонцы шкельцы вітражоў
гараць пытаннем -
Ці асвяціць яго паспеюць да Калядаў?
Аднак не раптам тое спраўдзіцца жаданне -
Нячысцік сёння ў балаклаве замест "Prado",
Чуваць з капліцы аб зняволеных літанні,
Каб Бог памог сустрэць у сем'ях ім Каляды.
Па сілах кожнаму сваё выпрабаванне -
Свабоды нашай Храм
за смужным даляглядам,
Няхай з надзеі вера зоркаю паўстане
І шлях асвеціць да Святыні на Каляды
ШАЛІК
Мінулага стаптаны снег
І прышласці цалік цнатлівы
Расцялі ценем сіратлівым
Мінулага стаптаны снег.
Цябе ж змушаюць да павек
Хавацца ў шалік пахапліва
Мінулага стаптаны снег
І прышласці цалік цнатлівы.
У МЕСЦЕ БАТЛІЕМ
(адвольны пераказ біблейскае легенды)
Таямнічыя знакі ў нябёсах сівых
Набывалі ўрачыстасць і сэнс,
Як Калядная Зорка ўзышла для дваіх,
Загаіўшы заходу парэз.
Там, дзе сцюжы суздром краявід замялі
Пад вятругаў ліхіх галашэнне,
Смугу хмараў працялі наскрозь прамяні,
Асвяціўшы абрад нараджэння.
У слаўным месце Батліем.
У месце Батліем!
Каб убачылі першымі яны Яго,
У даліны заснежанай золь
Прыляцеў на нішчымны агонь пастухоў
Запрасіць лёгкакрылы анёл.
Пакідаючы сховы пячораў валшцы,
Прыхавалі ў плашчы падарункі,
А знясіленых векам, няздольных дайсці
Маладзейшыя бралі пад рукі.
І ў слаўнае места Батліем.
І ў места Батліем!
Заквітнелі на рэчках азызлых сады,
Распусціліся краскі ўначы
І сяляне ярданскія неслі плады
І ад сэрцаў вялікіх ключы.
А калі па зычэннях здаровым расці
Натамлёна заснула дзіцятка,
Побач з ім на нявіннай белі прасцін
Усміхнулася шчасная матка.
У слаўным месце Батліем.
У месце Батліем!
У ПАРКУ
Я пэўны - хараство не згіне,
І сэрца болей не шчыміць,
Што, як спавіты павуціннем,
За ноч ссівелы парк стаіць.
А ў ім блукаюць слепа здані
Маіх няспраўджаных надзей:
Ад першай горычы кахання
Да марных спробаў быць прасцей.
Галлё сплятаецца ў імёны
Тых, што заўчасна адышлі.
Ледзь бачныя ў святле прымглёным
На сцежках іхныя сляды.
Не ўзрушаць сон пустых арэляў
Ні цень бязважкі, ні ўспамін…
Калі лісцё зляцела з дрэваў,
Навошта шкадаваць аб ім?
Бо гэтаксама неадменна,
Наконадні сваёй зімы
Памкнуўшыся ў прадонне неба,
На дол аднойчы ляжам мы,
Каб месца вольнае пакінуць
Вяснянай квецені жывой…
Я пэўны - хараству не згінуць,
Яно ж - суладдзе і спакой.
Эстафета нашых каштоўнасцяў
Іван Буднік
Прайшлі два гады з перазахавання ў Вільні гераічных паўстанцаў 1863 г. Ідэі свабоды і незалежнасці краіны, за якія змагаліся яны, знайшлі прадаўжэнне ў дзейнасці айцоў-стваральнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі, змагароў за беларускую мову з Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, хаця іх раздзяляюць эпохі і дзесяцігоддзі. Яднае ж іх адданасць беларушчыне - свабодзе і незалежнасці краіны, самабытнасці народа, яго мове, культуры, гісторыі. Гэтую своеасаблівую эстафету служэння беларускай справе мне хочацца выказаць наступнымі вершамі.
І
Апошні шлях
Замардаваных герояў
Царскай нялюдскай ардою
Вольная Вільня шукала,
З гонарам сёння вітала.
Душы іх, нібы анёлы,
Ў неба ўзляцелі з касцёла.
Выйшлі вы з храма, з амбона
Пад развітальныя звоны
З гонарам, воінскім крокам,
Людным бясконцым патокам
Непераможнай калонай
Да Вострабрамскай іконы.
Боская маці вітала
І дабраўслаўляла,
У неба ўказала дарогу -
У вечнасць, на Росы, да Бога.
Беларусь, Польшча і Літва
Вас праводзілі малітвай.
Костусь з далёкае далі,
З вісельні слаў запавет:
- Каб незалежнасць не здалі,
Бо ў свеце знікне наш след!
Вяртанне
Вас таемна схавалі ў зямлі
Як найдалей ад вока людскога,
Каб не зналі пра вас, не знайшлі,
Не раскрылі зладзейства такога.
Ні крыжа, ні грудочка зямлі,
Да якіх мы маглі б прытуліцца.
Тут быльнёг, пустазелле цвілі,
І няведама, дзе памаліцца.
Як магілы тыран ні таптаў,
Але памяць паўстанцаў жывая.
Іх вятранне Ўсявышні вітаў,
Бо іх справа і сёння святая.
Сёння дух ваш нязломны ідзе
З намі за незалежнасць змагацца,
Каб не гніць у Масковіі дзе,
Старажытнай дзяржавай застацца.
І І
25 сакавіка
Васямнаццаты год.
Сакавіцкаю раніцай
Незалежнасці сонца ўзышло,
Вы змагаліся, верылі, што гэта станецца,
Што да нас яго прыйдзе святло.
І рассеяўся змрок векавой акупацыі.
Кайданы свае скінуўшы ў друз,
Устаючы з калень, старажытная нацыя
Абвясціла: "Жыве Беларусь!"
Славім подзвіг айцоў "БНР", як салдатаў,
Хто тады ў сакавіцкія дні
Разламаў над краінай імперскія краты,
Незалежнасць пранёс праз агні,
Хто жыццём прамяністым, крылатым
Беларусь на змаганне натхніў.
Заснавальнікі
Вы шчыльнымі выйшлі радамі
У ваш растрывожаны век
У край, што ляжаў перад вамі
У соннай дрымоце спрадвек.
Язэпы, Алесі і Янкі,
Антон, і Вацлаў, і Макар,
У край вы прыйшлі спазаранку,
Яго паднялі з мулкіх нар.
Абуджаны светлаю марай
Аб вольнасці роднай зямлі,
Вы смела і самаахвярна
Да волі яе павялі.
Паходняй гараць ідэалы,
Што вас на змаганне ўзнялі.
Яны, як гранітныя скалы,
Дзяржаве ў падмурак ляглі.
Задумы, і планы, і справы
Вам здзейсніць усё ж не далі.
Іх для паўстаючай дзяржавы
Ў спадчыну нам аддалі.
І І І
Рыцар радзімага слова
Паўлу Сцяцко
Ён з вёскі нязнанай старонкі Зяльвянскай
Пайшоў у няведамы свет
І нёс толькі мову з хаціны сялянскай,
Што ў сэрцы пакінула след.
Яго параднёнасць з вясковай гаворкай
Ад матчыных песень ішла,
Яго па жыцці, як надзейная зорка,
У свет, у навуку вяла.
Як рупны садоўнік у садзе забытым
Аблашчыць галінкі ўсе,
Якія дзічкамі ці мохам абжыты,
Каб сад расквітнеў у красе, -
Так ён, нібы рыцар радзімага слова,
Змагаўся за існасць яго,
Каб мова паўстала надзейнай асновай
Народнага дома свайго.
Спадвечныя словы бацькоўскае мовы,
Чужы дзе прыстаў элемент,
Ён чысціў настойліва і адмыслова,
Каб ззялі, нібы дыямент.
Красу, чысціню мілагучнаму слову
Ягоная праца нясла,
І родная мова ў Сусвеце суровым
Пачэсны пасад заняла...
І свеціцца годнасцю твар і спакоем,
Што зроблена многа ў жыцці.
Сышоў, нам пакінуў наказ свой і мроі:
На плаху за мову ісці.
ЗАПАВЕТЫ ДЗЕДА ІЛЛІ
Уладзімір Барысенка
- 1 -
Калі табе аднойчы будзе цяжка -
жаданае палёгкі не чакай,
на дапамогу, найперш, Бога пазаві,
цярпець вучыся, гэта момант важкі,
шмат каму горай - вось што ты ўяві.
- 2 -
Калі і ў цяжкасці адчуеш сябе лёгка -
не радуйся занадта, не святкуй,
ды з асцярогай сваю лёгкасць успрымай,
нікому не рабі, ўнучок мой, горка,
пра дабрыню і боль чужы не забывай.
- 3 -
Калі пашле Ўсявышні мора шчасця -
запомні, што ад лішку можна лопнуць,
з тым падзяліся, у каго і кропелькі няма,
тады тваё найсаладзейшае прычасце
па целе шчодра разальецца нездарма.
- 4 -
Калі з жанчын хто ці з сяброў тваіх
табе аднойчы здрадзіць "выпадкова" -
не высвятляй прычыны ты і ўмовы,
ніколі не вяртайся больш да іх
і ні адзінаму не вер іх болей слову.
- 5 -
Калі зайздроснікі пачнуць тапіць цябе,
каб утрымацца
на сумніўных хвалях славы -
дапамажы, каб лепей месца падабралі,
бо яны ў ім тапіць будуць сябе -
ушчэнт аб скалы разаб'юць іх тыя хвалі.
- 6 -
Калі ў мінулым - кількі, лівер ды халва,
а на стале тваім - што толькі пажадаеш,
дзяліся, помнячы вясковыя прысмакі,
адзін з'еш хоць вала - адна хвала,
схадзі ў гарод, зірні, як расцвілі там макі…
Памёр вядомы дырыжор Міхаіл Фінберг. Яму ішоў 75 год
Кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага аркестра Беларусі, народнага артыста Міхаіла Фінберга не стала 11 снежня. Пра гэта калектыву паведамілі ў 6 гадзін раніцы. Тэлеканал АНТ паведамляе, што апошнія дні Міхаіл Фінберг быў у шпіталі.
Нарадзіўся 21 лютага 1947 года ў Мазыры. У музычнай школе займаўся скрыпкай. Скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па спецыяльнасці "Трамбон" (1970) і аспірантуру пры ёй па спецыяасці "Аркестравае дырыжыраванне". Прафесар Беларускай акадэміі музыкі.
Выхаванец вайсковага аркестра штаба Беларускай вайсковай акругі (1962-1966); артыст аркестра Беларускага радыё і тэлебачання (1967-1970); дырыжор, галоўны дырыжор аркестра Менскага дзяржаўнага цырка (1970-1987). З 1987 года - мастацкі кіраўнік - дырэктар Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь. У 1995 годзе быў дырыжорам аркестра на конкурсе песні "Еўрабачанне" падчас выступу Філіпа Кіркорава з песняй "Калыханка для вулкана". Пазней увайшоў у журы НДТРК нацыянальнага адбору Беларусі на конкурс "Еўрабачанне". Дырыжор музычнага фестывалю "Славянскі базар". У 1995-1997 гадах, а таксама ў 1999 годзе Міхаіл Фінберг і яго аркестр былі сталымі ўдзельнікамі телгульні "Адгадай мелодыю" на ГРТ, выконваючы загалоўную музычную тэму і джынглы правільнага і няправільнага адказаў.
Чалец Камітэта па дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь. Чалец кіравання Беларускага саюза музычных дзеячаў. Намеснік старшыні грамадскай рады па справах мастацтваў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.
У снежні 2000 года прызначаны чальцом Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь як мастацкага кіраўніка Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь. Чалец Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па сацыяльных пытаннях. Узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны (2006). Ганаровы грамадзянін г. Мазыра. Пахавалі М. Фінберга на Усходніх могілках г. Менскса.
ЗБІРАЕМ І ШАНУЕМ СВАЁ, РОДНАЕ!
Гэты заклік ёсць на кожнай старонцы нясвіжскага календара "Маляванкі-суседкі", што прэзентавалі пад Дзень пісьменства і друку ў Капылі, а 4 снежня ў старажытным Клецку. Чаму менавіта тут? На гэта пытанне лёгка адказаць, перагарнуўшы яго 12 старонак, якія прадстаўляюць творы народнага наіўнага мастацтва, знойдзеныя не толькі на Нясвіжчыне, але і суседніх Клеччыне, Капыльшчыне.
Пра тое, з якой нагоды і дзеля чаго ладзілася выданне, якія яго мэты і задачы, распавяла ўдзельнікам сустрэчы ў Клецкім раённым цэнтры культуры краязнаўца Наталля Плакса.
- Прычын для выдання шмат, адзначу з іх некалькі. Па-першае, каляндар "Маляванкі-суседкі" - гэта прысвячэнне заснавальніку, аўтару і выдаўцу беларускамоўнай асветніцкай каляндарнай серыі "Маляўнічая Бацькаўшчына" Валеру Дранчуку з нагоды жыццёвага юбілею і 20-годдзя яго выдання.
Па-другое, каляндар з гэтай серыі "Маляванкі ў Ваш дом" (2020 г.) не змог змясціць усё, што ацалела, знайшлося і варта паказу. Пасля гэтага выдання было выяўлена яшчэ некалькі маляванак. Адзначу найперш тыя, што маюць рэлігійны змест. А гэта важна і каштоўна, бо не асабліва пашырана ў беларускім наіўным мастацтве.
Па-трэцяе, хацелася даведацца: а што захавалася ў суседзяў - на Капыльшчыне, блізкай Клеччыне.
Чацвёртае. Здараюцца прыкрыя выпадкі, калі пасля сыходу старэйшых людзей, захавальнікаў гэтай народнай спадчыны, маляванкі, што былі як сямейная каштоўнасць і рэліквія, знікаюць, вынішчаюцца. Таму чарговы каляндар маляванак - гэта просьба і заклік шанаваць роднае.
Пятае вынікае з папярэдняга. Не ўсе разумеюць каштоўнасць гэтага віду народнага мастацтва. Амаль не даносіцца яго вартасць праз школу. На Нясвіжчыне і ў суседніх раёнах няма нават сціплага музейчыка маляванак. У краязнаўчых музеях няма сталых экспазіцый маляваных дываноў і роспісу па шкле, фанеры, кардоне. Народныя шэдэўры калі і ёсць у фондах, то ціха чакаюць ў музейных сутарэннях, каб раз за дзесяць гадоў на кароткі час пабачыць белы свет ды прадстаць перад гледачом. Тут жа адзначу, што не прыгадваю нават сціплых музейных выданняў, якія б даносілі спадчыну маляванак да шырокай грамадскасці.
А яшчэ хацелася сцвердзіць, што нясвіжская талака (некамерцыйнае грамадскае краязнаўча-асветніцкае аб'яднанне) жыве. І каляндар "Маляванкі-суседкі" гэта засведчыў.
Па словах Наталлі Плаксы, хай не надта прырасло кола талакоўцаў, затое яно пашырылася за межы Нясвіжчыны, набыло новых сяброў. Знайшліся цудоўныя людзі, аднадумцы, шукальнікі народных скарбаў. Гэта загадчыца аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў Клецкага РЦК, сябра Саюза народных майстроў Беларусі Вольга Пілецкая. Дзякуючы яе штодзённай працы і пошуку, народны пласт культуры на Клеччыне пад пільным кантролем. Больш таго, Вольга Аляксандраўна займаецца так званай жывой маляванкай, стварае сваю серыю сучасных дыванкоў па ўзоры папярэднікаў, найперш Алены Кіш. На занятках ў яе дзіцячай студыі маляванка таксама часты госць. Юныя студыйцы з ахвотай ствараюць "свае маляванкі". Некалькі з іх, як і некалькі работ самой Вольгі Пілецкай, прадстаўлены на старонках календара.
З Маладзечна прыехала на імпрэзу вядучы метадыст ДУК "Цэнтралізаваная клубная сістэма Маладзечанскага раёна," магістрантка Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Рэспублікі Беларусь Вольга Трубач, якая даследуе беларускі роспіс на шкле. Яна распавяла пра свае зкспедыцыі, падзялілася іх вынікамі. Зацікавілі яе работы вандроўнага мастака з нясвіжскіх Сейлавіч Юзіка Мысліцкага, які маляваў на палатне, кардоне, фанеры, а таксама і шкле. Але па тэхніцы выканання маляванкі Мысліцкага значна адрозніваюцца ад традыцыйнага беларускага роспісу на шкле.
У час падрыхтоўкі календара "Маляванкі-суседкі" распачалося добрае і плённае знаёмства з журналісткай Галінай Антонавай са Смаргоні, якая таксама шукае і знаходзіць духоўныя скарбы ў сваёй мясцовасці. Гэта яна адкрыла імя Ніны Бохан, аўтаркі шматлікіх маляваных дываноў на Смаргоншчыне і Астравеччыне. З цікавасцю паглядзелі ўдзельнікі сустрэчы тэлевізійны фільм пра гісторыю гэтага адкрыцця і пакручасты лёс народнай малявальшчыцы. Дзякуючы прыязным кантактам з Галінай Антонавай. Знайшліся падобныя кампазіцыі і сюжэты маляваных дываноў з Нясвіжчыны-Клеччыны і Смаргоншчыны-Астравеччыны.
Трафарэтчыкі, рамеснікі ад мастацтва, творцы, пераемнасць ў маляванках… Адметнасць і падабенства нясвіжскіх, клецкіх, капыльскіх маляванак… Месца маляванкі ў сённяшнім жыцці… Шмат пра што яшчэ вялася гаворка. Ды было шкадаванне, што да гэтага часу мара пра зямную ідылію застаецца марай.
Юрый Карчэўскі. Фота Юрыя Мысліцкага і Таццяны Каралько. Нясвіж.
Неўміручае слова, пакладзеная на музыку, натхняе артыстаў і публіку
11 снежня ў Менску адбыўся святочны канцэрт у Белдзяржфілармоніі, прысвечаны 130-ай гадавіне з дня нараджэння Максіма Багдановіча.
У праграме прынялі ўдзел салісты Філармоніі Ян Жанчак, Вячаслаў Ісачанка і Анастасія Рачыцкая.
Пры ўдзеле Нацыянальнага Акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча прагучалі лепшыя песні на вершы паэта - "Краю мой родны", " Вянок", " Лявоніха", "Зорка Венера", "Вераніка", створаныя Рак-Міхайлоўскім, Ігарам Лучанком, Уладзімірам Мулявіным і Ігарам Паліводай.
Многія з іх набылі шырокую вядомасць у Беларусі і ўвайшлі ў залаты фонд беларускай эстраднай песеннай калекцыі. Для айчынных кампазітараў творы Максіма Багдановіча - сапраўдная крыніца натхнення. Паэтычным словам і ўсёй сваёй творчай дзейнасцю Максім Багдановіч абудзіў нацыянальнае і духоўнае адраджэнне беларусаў, таму яго так любіць і шануе народ праз стагоддзе з большым.
Э. Дзвінская, фота аўтара.
Урок духоўнасці сабраў старшакласнікаў 11-й лідскай школы
Дыялог аб духоўных і маральных каштоўнасцях адбыўся ў 11 лідскай школе. Яго ўдзельнікамі сталі навучэнцы старэйшых класаў, педагогі і прадстаўнікі Праваслаўнай царквы, епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый, настаяцель храма Усіх Святых протаіерэй Уладзімір Яроміч.
У ходзе сустрэчы Архіпастыр распавёў школьнікам пра свой шлях да Бога, падзяліўся цікавымі фактамі з біяграфіі, акцэнтуючы ўвагу падлеткаў на пытаннях сэнсу жыцця чалавека.
Дыялог з навучэнцамі закрануў такія важныя і значныя для жыцця кожнага чалавека пытанні, як выбар жыццёвага шляху, сямейных каштоўнасцей, шчырасці ва ўчынках, добрага стаўлення да тых, хто з намі побач, разумення, любові, міласэрнасці да навакольных, інфармацыйнай дакладнасці ў інтэрнэт-прасторы.
Падлеткі актыўна ўключаліся ў дыялог. У сваю чаргу іх цікавілі пытанні: для чаго створаны чалавек; як ім неабходна разумець Божыя запаведзі; у чым заключаюцца асаблівасці душы чалавека і чаму душа несмяротная; значэнне споведзі для кожнага з нас; што такое свабода выбару і як адрозніваць сапраўдныя і ўяўныя каштоўнасці.
Сустрэча атрымалася вельмі душэўнай і адкрытай. Размова закранула сэрцы і душы падлеткаў.
Па заканчэнні сустрэчы епіскап Парфірый пажадаў дзецям Божай дапамогі ў вучобе і паднёс у дар ікону і кнігі духоўнага зместу.
На памяць аб сустрэчы гасцям таксама была падорана кніга, але кніга асаблівая і значная для Лідскай епархіі: "Праваслаўныя храмы Лідчыны: гісторыя і сучаснасць". Выданне, на старонках якога прадстаўлены шырокі матэрыял аб праваслаўных храмах Лідскага дабрачыння, выйшла ў свет у чэрвені 2021 года, як вынік працы ўстановы адукацыі ў рамках інавацыйнага праекта "Укараненне мадэлі маральнага развіцця навучэнцаў у сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа з улікам рэалізацыі сацыякультурнага кластара".
Наталля АНАШКЕВІЧ, класны кіраўнік 9" Б " класса сярэдняй школы № 11 г. Ліды.
У Германіі новы ўрад
Навіны Германіі
Згодна з артыкулам 63 Канстытуцыі ФРГ, канцлера па выніках парламенцкіх выбараў абірае парламент - Бундэстаг - і прапануе на зацвярджэнне Федэральнаму прэзідэнту. Абіраецца той, хто набярэ большасць галасоў дэпутатаў - не менш за 369. Шольц атрымаў перамогу дзякуючы падтрымцы не толькі з боку ўласнай сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ), але і з боку Зялёных і Свабоднай дэмакратычнай партыі (СвДП). Менавіта гэтыя тры палітычныя сілы ўтвараюць новую кіроўную кааліцыю ў ФРГ.
Олаф Шольц стаў дзявятым па ліку канцлерам Германіі. Палітык нарадзіўся ў 1958 годзе ў Оснабруку, вывучаў юрыспрудэнцыю, праходзіў альтэрнатыўную вайсковую службу і працаваў адвакатам. Шольц двойчы быў дэпутатам Бундэстагу - з 1998 па 2001 год і з 2002 па 2011 год. З 2007 па 2009 год ён займаў пасаду міністра працы ва ўрадзе ФРГ, з 2011 па 2018 год быў першым бургамістрам Гамбурга, а з сакавіка 2018 года кіраваў міністэрствам фінансаў ФРГ і адначасова займаў пасаду віца-канцлера.
Упершыню за 16 гадоў Германіяй будзе кіраваць мужчына. Аднак у новым нямецкім урадзе будзе рэкордная колькасць жанчын-міністраў - 8 (палова ад агульнай колькасці), піша NYT.
Пасады міністра абароны і замежных спраў занялі Крысцін Ламбрэхт і Аналена Бербок. Акрамя таго, на пасаду міністра ўнутраных спраў прызначылі Нэнсі Фэзер. Таксама жанчыны занялі пасады міністра адукацыі (Бяцціна Старк-Ватцынгер), міністра навакольнага асяроддзя (Штэфі Лемке) і міністра па справах сям'і (Эн Шпігель). Міністрам эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця стала Свення Шульцэ, а міністрам будаўніцтва - Клара Гейвіц.
Аналена Бербок, новы міністр замежных спраў, гучна заявіла пра свой намер заняць больш жорсткую пазіцыю ў адносінах да аўтарытарных Расіі і Кітая. Новы міністр унутраных спраў Нэнсі Фэзер паабяцала "змагацца з самай вялікай пагрозай, з якой у цяперашні час сутыкаецца ліберальная дэмакратыя: ультраправы экстрэмізм". Крысцін Ламбрэхт паабяцала палепшыць аснашчэнне нямецкіх войскаў.
Паводле СМІ.
Навагодні квэст "Загадкі зімовага замка, ці Як знайсці Зюзю"
Дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту запрашаем прыняць удзел у навагоднім квэсце ў Лідскім замку. У праграме: загадкі, рухомыя гульні на дварэ, падарункі. Час праходжання квэсту - 80 хвілін.
Квэст праводзіцца з 5 снежня да 30 студзеня па суботах і нядзелях.
Кошт квітка - 10 руб.
Магілёўскія падпольшчыкі
Гісторыя Магілёўшчыны
Апошняя вайна пакінула ў гісторыі гімназіі № 3 горада Магілёва трагічны след. Многія супрацоўнікі і выпускнікі навучальнай установы абаранялі Радзіму са зброяй у руках на фронце або кавалі нашу перамогу ў тыле вялікай савецкай краіны. Яскравай старонкай у гэтай гераічнай барацьбе з гітлераўскімі захопнікамі з'яўляецца дзейнасць магілёўскага падполля. Многія вядомыя падпольшчыкі навучаліся або працавалі ў сценах нашай старажытнай гімназіі.
Сям'я Чуліцкіх яшчэ да вайны была дастаткова вядомая ў Магілёве. Браты Міхаіл і Віктар Чуліцкія былі праслаўленымі спартсменамі. Міхаіл нарадзіўся ў 1911 годзе. Навучаўся ў СШ № 3, але скончыў толькі 4 класы. У сям'і было цяжкае матэрыяльнае становішча, бацькі былі ўжо сталага веку, і дзеля братоў і сясцёр давялося пайсці на працу. Скончыў школу чыгуначнікаў і ў той жа час актыўна займаўся спортам: быў трэнерам па футболе, вольнай барацьбе, лёгкай і цяжкай атлетыцы. Некалькі год працаваў на чыгунцы, а з 1936 па 1940 гады быў трэнерам па барацьбе па сумяшчальніцтве. Ён займаўся класічнай барацьбой і на першынстве Беларусі займаў першыя месцы ў сярэдняй вазе. Займаўся барацьбой і малодшы брат Віктар, які нарадзіўся ў 1913 годзе і скончыў сем класаў СШ №3 у 1929 годзе. У 1937 годзе ён становіцца студэнтам Беларускага дзяржаўнага інстытута фізкультуры. Паступіць яму было не дужа складана, бо ён меў пэўныя ільготы як значкіст ГТО ІІ ступені, а ў дадатак з'яўляўся неаднаразовым чэмпіёнам і прызёрам БССР і СССР па барацьбе. А трэніраваў братоў родны дзядзька Эдвард Чуліцкі, які яшчэ да кастрычніцкага перавароту займаўся французскай барацьбой у таварыстве "Сокал". У 1917 скончыў настаўніцкі інстытут, а затым быў трэнерам па французскай барацьбе ў Магілёве.
Іван Чуліцкі нарадзіўся ў 1910 годзе, а ў 1929 скончыў 9 класаў СШ № 3 (клас з педагагічным ухілам). Пасля завяршэння педкурсаў яго накіравалі настаўнікам у Хрыпелеўскую сямігадовую школу ў Магілёўскі раён.
На фронт Віктар пайшоў з чацвёртага курса Менскага інстытута фізкультуры. Ваяваў на Ленінградскім фронце і прапаў без вестак у 1944 годзе. Міхаіл таксама ваяваў. Быў паранены і патрапіў у палон пад Калугай. Апынуўся ў канцлагеры ў Гомелі, адкуль яму ў студзені 1941 года ўдалося перадаць запіску да сваякоў у Магілёў. Яго родная сястра Ядвіга, якая добра валодала нямецкай мовай паехала ў Гомель і здолела вызваліць брата з палону. Цяжка было пазнаць змучанага брата па знешнасці. Пазнала толькі па голасе. 25 студзеня прывезла ў родны Магілёў, але праз пяць дзён Міхаіл памёр ад знясілення. Пахаваны на Польскіх могілках. Бацька перажыў сына менш, чым на месяц, яго не стала 20 лютага, пахаваны ён побач з сынам.
Ядвіга Чуліцкая нарадзілася ў 1914 годзе. З 1921 па 24 год вучылася ў СШ № 3, але ў 1924 годзе ў сям'і здарылася вялікая бяда - згарэў дом, і ад перажытага шоку маленькая дзяўчынка моцна захварэла. Давялося пакінуць школу. Зноў аднавіць заняткі ўдалося толькі ў 12 год. Затым у 1936 годзе Ядвіга скончыла Палітпрасвет-інстытут і была накіравана на працу ў Менск у Дзяржаўнае выдавецтва БССР. Пачынаючы з 1938 года, яна працуе памочнікам старшага рэдактара вучэбнай педагагічнай літаратуры. З верасня 1940 года пераведзена ў апарат Галоўліта БССР палітрэдактарам (цэнзарам). Яна рэдагавала і пісала рэцэнзіі на літаратуру на некалькіх мовах: беларускай, нямецкай, польскай і ідыш. Добра была знаёмая з вядомымі беларускімі пісьменнікамі і паэтамі той пары, у тым ліку з Народнымі паэтамі - Янкам Купалам і Якубам Коласам.
Караліна Чуліцкая, родная сястра Віктара, Міхаіла і Ядвігі, нарадзілася ў 1916 годзе. Скончыла СШ № 3 з педагагічным ухілам у 1930 годзе. І гэта быў перадапошні выпуск беларускай школы № 3, бо з 1929 года школа пачала называцца "Яўрэйскай школай № 3 імя У.І. Леніна". Паступіла на курсы свінаводаў, а пасля працавала загадчыцай свінафермы ў Асіповічах. У 1933 годзе скончыла двухгадовае дашкольнае вучылішча і была накіравана на працу ў Менск загадчыцай дзіцячага садка ў Сляпянцы. Караліна ў 1935 годзе паступае ў Менскі педагагічны інстытут імя Лысенкі на вячэрняе аддзяленне. У 1939 годзе пераводзіцца ў Магілёўскі педінстытут на вочнае аддзяленне геаграфічнага факультэта. Напярэдадні вайны ў 1941 годзе скончыла Магілёўскі педінстытут і атрымала накіраванне на працу ў Менскую вобласць. У чэрвені яна прыехала ў Менск у госці да сваёй сястры Ядвігі, якая ў той час працавала ў Галоўліце БССР палітрэдактарам - цэнзарам у Доме друку. 22 чэрвеня пасля аб'яўлення вайны Караліна паехала ў Магілёў, узяўшы з сабой чатырохгадовую дачку Ядвігі, якая павінна была застацца ў Менску і эвакуяваць у Маскву архіў цэнзуры. Браты перад тым, як пайсці на фронт, выкапалі два вялікія акопы ў агародзе каля роднай хаты, дзе ў час бамбёжак і абстрэлаў хавалася не толькі сям'я Чуліцкіх, але і суседзі. Сёстры ў той час працавалі на абарончых аб'ектах: капалі акопы і супрацьтанкавы роў вакол горада. У час абароны Магілёва Караліна і Ядвіга дапамагалі, чым маглі. Караліна збірала перавязачныя матэрыялы, медыкаменты, прадукты харчавання і адносіла іх у шпіталь для нашых параненых салдат. Адтуль прыводзіла выпісаных, якія хаваліся некаторы час у зямлянках, потым пераапраналіся і ішлі ў першыя тыдні вайны на фронт, а пазней - у партызаны, далучаліся да падпольшчыкаў.
Ужо ў час акупацыі разам з іншымі жанчынамі Караліна хадзіла часта на Лупалава да канцлагера і забірала да сябе савецкіх ваеннапалонных. Справа ў тым, што ў самым пачатку акупацыі немцы часам адпускалі мясцовых палонных дадому. Пад выглядам братоў, мужоў многія магіляўчанкі забіралі людзей з лагера да сябе. Толькі адна Караліна вывела ў той час з канцлагера 20 чалавек. Для таго, каб выжыць, трэба было шмат працаваць. І Караліна паступіла на работу ў бібліятэку трэцяй школы, дзе была настаўніцай яе траюрадная сястра Нэля Феліксаўна Магілёвец-Чуліцкая. У школе існавала падпольная арганізацыя настаўнікаў. І Нэля Феліксаўна была адным з кіраўнікоў настаўніцкай арганізацыі ў горадзе. Да падпольнай дзейнасці далучылася і Караліна, але сястры Ядвізе пра свае справы не распавядала. І Ядвіга Чуліцкая, якая таксама мела сувязь з падпольшчыкамі, хавала ад сям'і сваю дзейнасць. Усе падпольшчыкі ўстановы былі ў розных групах. Караліна падтрымлівала сувязь са шпіталём ваеннапалонных і не аднойчы бывала ў тыфозным аддзяленні. У сакавіку 1942 года захварэла на тыф, а затым і на "зваротны" тыф. Начальнік шпіталя, грузін па нацыянальнасці (ён быў пасля вайны на судзе над здраднікам Патапенкам), паставіў умову: вылекуе Караліну, калі Ядвіга дапаможа выратаваць ваенна-палоннага, яго земляка, які быў у шпіталі. З мяртвецкай (морга) Ядвіга прывезла таго на возе да сябе дахаты, даглядала яго і, калі ён акрыяў, адправіла ў 121-шы партызанскі атрад, якім камандаваў Асман Касаеў. Пазней Караліна працавала грузчыкам на прадуктовых складах па Бярозаўскай вуліцы, там, дзе зараз тэрыторыя завода "Строммашына." Там жа працавала яе суседка Антаніна Крылова (дзявочае прозвішча Шчэрба) і нашы ваеннапалонныя. Многія з іх збягалі да партызанаў. Антаніна аднойчы прывяла са складоў ваеннапалоннага ўкраінца Чарнышова Якава Пятровіча. Ён цэлы тыдзень хаваўся, а затым з сувязным сышоў у партызанскі атрад. Адразу пасля вызвалення Магілёва ў ліпені 1944 года Чарнышоў прынёс Ядвізе даведку аб яе дапамозе партызанам 3-га батальёна 121-га партызанскага палка за подпісам начальніка штаба і з пячаткай атрада.
Караліна выконвала даручэнні падпольнай арганізацыі, падтрымлівала сувязь са шпіталём і партызанскім атрадам. Аднойчы ўначы ў верасні 1943 года яна сама павяла ў 121-ы атрад ваеннапалоннага савецкага лётчыка. На досвітку Караліна вярнулася дамоў і распавяла, што сустрэла ў партызанскай зоне Леакадзію Міхайлоўскую (дзявочае прозвішча Панькоўская), якая працавала ў гестапа і жыла на кватэры сакратара школы Дубовік. Як аказалася ў будучым, абедзве яны былі здраднікамі і шчыра працавалі на нацыстаў. У той жа дзень Караліна была арыштавана. А праз тры дні ў гестапа патрапілі астатнія Чуліцкія: старэнькая маці, Ядвіга і яе шасцігадовая дачка Жанна. Там сустрэлася Ядвіга ў апошні раз з Міхайлоўскай, якая, пабачыўшы яе, запытала, ці яна таксама дапамагае партызанам? Але тут увайшоў гітлеравец, запрасіў Міхайлоўскую разам перакусіць, і яны паехалі па сваіх справах. Два тыдні правялі Чуліцкія ў гестапа. І толькі пераканаўчыя аргументы Ядвігі аб тым, што яна не ведала аб падпольнай рабоце сястры, а ў дадатак узорная праца на складах, за якую Ядвіга мела падзякі ад начальніка склада обер-майстра Бергера, пераканалі акупантаў у невіноўнасці Чуліцкіх. Немцы паверылі, што старая жанчына ў 68 год і шасцігадовая дзяўчынка не здольныя дапамагаць партызанам і іх адпусцілі. Ядвізе нават дазволілі дапамагчы ім дайсці дадому, але загадалі з'явіцца на наступны дзень да 9 гадзін раніцы. Больш за месяц Караліна была ў гестапа, а затым у турме, і кожны дзень Ядвіга хадзіла да яе і прыносіла перадачы. Арыштантам дазвалялася мяняць вопратку, якая пасля допытаў была ўся ў крыві. Лісты з паведамленнямі для Караліны зашываліся ў трохвугольнік панталонаў, бо вопратку пры аглядзе дасканала не правяралі. Толькі аднойчы Ядвізе ўдалося пабачыцца з Каралінай. Ішла, ледзь перасоўваючы ногі, сівая дзяўчына, погляд якой быў няўцямны. Вось, што паказаў у 1968 годзе былы следчы Семянюк С.Д, які вёў следчую справу Караліны Чуліцкай і які на допытах нярэдка карыстаўся дапамогай садыста Мусаеўскага, што меў мянушку "многоистязатель." Пры катаваннях прысутнічаў і сам шэф Лазарэнка. Вось што сведчыў Семянюк: "Пачалося са звычайнай чатырохграннай гумы. Гэта не дапамагло. У адказ на пытанне: "Думала перайсці да партызанаў? " гучаў глухі адказ: "Не". Так працягвалася да страты прытомнасці Чуліцкай. А калі яе прывялі ў прытомнасць, шэф прапанаваў Мусаеўскаму: "А ты паспрабуй парашут". "Парашут" у карнікаў - гэта калі чалавека прывязваюць за рукі, якія скручаныя за спіной, і падвешваюць. У такім выпадку, калі арыштант не скажа таго, чаго ад яго патрабуе следчы, ён будзе вісець да той пары, пакуль не згубіць прытомнасць. Неспадзявана для карнікаў Чуліцкая не давала патрэбных паказанняў і не губляла прытомнасці. Тады Лазарэнка прапанаваў Мусаеўскаму:
- А ну давай зацяжны.
Мусаеўскі ў такім выпадку абдымаў сваю ахвяру і вісеў разам з ёй. Чуліцкую знялі з вяроўкі ледзь жывую, але і на гэты раз яна нікога не выдала. Семянюк распавядаў, што пасля гэтага справа Чуліцкай з месяц была без руху. Затым Лазарэнка загадаў працягнуць допыты. Двое паліцэйскіх, як сведчаць паказанні Семенюка, пасадзілі Чуліцкую вярхом на спінку крэсла і пачалі цягнуць яе за рукі ўніз… Нікога не выдаўшы, Караліна Чуліцкая загінула ад рук акупантаў.
Ужо праз шмат гадоў пасля вайны, 13 чэрвеня 1963 года, Ядвіга давала сведчанні ваеннаму трыбуналу аб злачынствах Лазарэнкі супраць мірнага насельніцтва. Яна ў большай ступені, чым сястра Караліна, мела сувязі з партызанамі. А веданне нямецкай мовы дапамагала ёй у зборы каштоўнай інфармацыі.
Вялікі ўнёсак у падпольную барацьбу зрабіла Анэля Феліксаўна Магілёвец-Чуліцкая, якая скончыла СШ № 3 з педагагічным ухілам у 1925 годзе. Пасля заканчэння школы яна займалася на двухгадовых настаўніцкіх курсах у Менску. Анэля Феліксаўна працавала ў адной са школ Магілёва, выйшла замуж за камандзіра Чырвонай Арміі Аляксандра Магілёўца. У час акупацыі жыла ў свайго бацькі - машыніста-чыгуначніка Фелікса Чуліцкага ў невялікай хаце па вуліцы 4-й Цаглянай (зараз вуліца Кедравая, 25), што на Мышакоўцы.
Калі Анэля Феліксаўна Чуліцкая патрапіла ў засценкі да нацыстаў, то да яе прымяняліся нечалавечыя катаванні. З самай раніцы ў камеры допытаў пачыналіся здзекі з жанчыны і пабоі. Адтуль чуліся стогны, енкі і грукат. Калі Чуліцкую, змучаную да страты прытомнасці, закідвалі ў агульную камеру, то ўсе жанчыны змочвалі хусткі і рабілі ёй кампрэсы, каб хоць крышачку змякчыць яе пакуты. З кожным днём катаванні гітлераўцаў станавіліся ўсё больш ізуверскімі: яе падвешвалі за рукі да столі, збівалі, выкручвалі ногі, вырывалі кавалкі мяса на тулаве, заганялі ваду пад скуру… Гэты сродак у садыстаў называўся "лягушкай". Анэля Феліксаўна аднойчы на допыце плюнула ў твар следчаму і кінула ў яго чарнільніцай. Апошні раз труп Анэлі Чуліцкай, знявечанай да непазнавальнасці, без рук, бачылі на падлозе турэмнага калідора.
(Канец першай часткі.)
Наталля Куляшкова, Алег Дзьячкоў, г. Магілёў.
Вяртанне Мікалая Марцінчыка
Да 120-годдзя з дня нараджэння
Яшчэ пры жыцці аднойчы патэлефанаваў даследчык Заходняй Беларусі, доктар філалагічных навук Арсень Ліс (1934-2018) і прапанаваў напісаць артыкул пра Мікалая Марцінчыка.
- Гэты чалавек сёння амаль забыты, а ён быў вельмі актыўным грамадска-палітычным дзеячам у Заходняй Беларусі. Стаяў ля вытокаў БСРГ, быў адным з кіраўнікоў Беларускага студэнцкага саюза, намеснікам старшыні Галоўнай управы ТБШ, - сказаў Арсень Сяргеевіч.
І ён меў рацыю. Бо Мікалай Марцінчык (1901-1980) - найцікавейшая асоба ХХ стагоддзя. Марцінчык сябраваў і перапісваўся з многімі дзеячамі Беларусі. Пра яго вельмі шчыра заўсёды адгукалася грамадская дзеячка і пісьменніца Зоська Верас (1892-1990). У сваіх пісьмах да сяброў ( Зоська Верас. Я помню ўсё. Гародня-Wroclaw. 2013. Складальнік Міхась Скобла) яна прыгадвала: "Мне Мікалай Міхайлавіч Марцінчык прысылае парады і лекі. А цяпер, магчыма, той беларус з Варшавы прывязе мне лекі польскія, якія парадзіў і прысылаў на пробу Мікалай Міхайлавіч" (з ліста Фёдара Ігнатовіча). "Не ведаю, ці Вы знаёмыя з др. М.М.Марцінчыкам? Гэта мой знаёмы яшчэ з 1924 г. Мы ўвесь час ліставаліся…" (з ліста да Дануты Бічэль). А вось як казала пра яго беларуская паэтка-змагарка Ларыса Геніюш (Ларыса Геніюш. Лісты з Зэльвы. Гародня-Wroclaw. 2012. Складальнік Міхась Скобла): "Шкада доктара Марцінчыка. Пісала мне пра гэта Людвіка Антонаўна (маецца на ўвазе Зоська Верас. - С.Ч.). Вельмі шкадую памершага. Ён не раз быў у нас і памагаў нам даставаць лекі. Няхай лёгкаю будзе яму наша зямля" (з ліста да Аляксея Пяткевіча).
Мікалай Марцінчык быў асабістым доктарам славутага нашага спевака Міхася Забэйды-Суміцкага (1900-1981). Яны пазнаёміліся яшчэ ў 1920-х гадах у Вільні. З таго часу шчыра сябравалі. Калі спявак жыў у Празе, то кансультаваўся ў Марцінчыка наконт лекаў, прасіў парады, як і чым лепш лячыцца. У 1976 годзе Мікалай Марцінчык атрымаў ад Міхася Забэйды-Суміцкага пласцінку сваіх песень, што выйшла ў Празе ў 1968 годзе з аўтографам: "Дарагому доктару М.М. Марцінчыку - удзячны пацыент М. Забэйда".
Сапраўды, Мікалай Марцінчык лічыўся даволі добрым доктарам. І так яно было. Ён скончыў медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя. Часопіс "Студэнцкая думка" за 1928 год № 1 (8) паведамляў: "30.XI м.г. скончыў Віленскі ўніверсітэт з тытулам доктара мед. унів. гр. М. Марцінчык - сябра Б.С.С." Але не толькі медыцынай займаўся юнак з вёскі Кубельнікі Гарадзенскага павета (цяпер Бераставіцкі раён), а таксама палітыкай, грамадска-культурнай працай і журналістыкай.
Пачатковую адукацыю ён атрымаў у Масалянскай царкоўна-прыходскай школе, бо бацькі Міхась Рыгоравіч і Фёкла Васільеўна хацелі, каб сын вучыўся. А пасля школы хлопец паступае ў Гарадзенскую беларускую гімназію, а потым яго шлях ляжыць у Вільню.
У Вільні Мікалай Марцінчык хутка ўліўся ў працэс беларускага нацыянальна-вызвольнага адраджэння. Ва ўніверсітэце ён становіцца адным з кіраўнікоў Беларускага студэнцкага саюза (БСС). Часопіс "Студэнцкая думка" (1924, № 1) у сваёй хроніцы паведамляў: "30 лістапада адбыўся гадавы сход Беларускага студэнцкага саюзу. Выбраны новы ўрад Саюзу ў асобах сяброў - Марцінчыка Міколы - старшыня…" і г.д. Ён не толькі кіруе БСС, але сам актыўна выступае з лекцыямі, публікуе артыкулы ў "Студэнцкай думцы" пад сваім прозвішчам і пад рознымі псеўданімамі і крыптанімамі, у іншых заходнебеларускіх выданнях.
У 1925 годзе Мікалай Марцінчык быў абраны сакратаром, а ў 1926 годзе - сябрам Галоўнай управы Таварыства беларускай школы (ТБШ). Ён актыўна пачаў займацца стварэннем акруговых суполак ТБШ, публікуе ў друку артыкулы, у якіх патрабуе адкрыцця беларускіх школ, сам дапамагае лакальным арганізацыям ТБШ, у межах дзейнасці ТБШ супрацоўнічае з актывістамі КПЗБ, але не падзяляе крайне левых поглядаў камуністаў. А ў 1925 годзе ўдзельнічае ва ўстаноўчай канферэнцыі па стварэнні Беларускай сялянска-работніцкай Грамады пад кіраўніцтвам Браніслава Тарашкевіча, уваходзіць у рэдакцыйную калегію газеты "Беларуская ніва". На яе старонках 18 лістапада 1925 года паведамлялася: "У нядзелю 16 лістапада адбыўся агульны сход сяброў Таварыства беларускай школы. Пасля справаздачы Цэнтральнай Рады аб дзеяцельнасці за мінулы год і нагляднай аб рэвізіі адбыліся выбары сяброў Новай Цэнтральнай школьнай рады і Нагляднай на наступны год. У Цэнтральную школьную раду выбраны: старшыня - Б. Тарашкевіч, віцэ-старшыні: С. Рак-Міхайлоўскі, М. Заморын, сакратары: Я. Шнаркевіч і М. Марцінчык…".
У 1927 годзе, пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэта, Мікалай Марцінчык пачаў працаваць у Віленскай педыятрычнай бальніцы. А потым - выкладчыкам анатоміі і хіміі ў Віленскай беларускай гімназіі. Адначасова ён каардынуе выбарчую кампанію ў польскі Сейм, але трапляе ў турму. Праўда, польскія ўлады, каб не надакучаў у Вільні, хутка выслалі Марцінчыка ў вёску Янаўка на Беласточчыну пад нагляд паліцыі. Там ён уладкаваўся на працу доктарам, лячыў вяскоўцаў, але не пакідаў займацца грамадскай дзейнасцю.
З Янаўкі доктар Марцінчык пераязджае ў Нараўку Гайнаўскага павета і актыўна працуе ў ТБШ. У Нараўцы ўжо ведалі, хто такі доктар Марцінчык. Таму яго прыезд вяскоўцы сустрэлі з радасцю. За свае ўласныя сродкі і за ахвяраванні вяскоўцаў ён хутка купіў рэнтгенапарат, які быў вельмі неабходны.
А калі прыйшла на Беласточчыну савецкая ўлада, доктару даводзілася займацца адкрыццём беларускіх школ, выступаць з лекцыямі і гутаркамі на медыцынскую тэматыку перад насельніцтвам, прымаць удзел у якасці кіраўніка бальніцы і дэпутата сельскага Савета ў правядзенні сесій, выступаць на мітынгах, бо так патрабавала савецкая ўлада.
А калі пачалася вайна, з маладой жонкай (родам з Нараўкі) едзе ў Белавежу і займаецца прыватнай медыцынскай практыкай. Але жыць і працаваць падчас акупацыі было няпроста. Немцы сачылі за доктарам Марцінчыкам, мяркуючы, што ён супрацоўнічае з партызанамі. У першыя дні вайны ў Нараўскай бальніцы было шмат параненых чырвонаармейцаў. Іх дапамагаў даглядаць беларускі доктар. Працы хапала, спаў па пару гадзін у суткі. Але хутка ў Нараўку прыйшлі немцы. Яны абшукалі ўсіх параненых і вельмі цікавіліся, ці ёсць сярод параненых афіцэры і камісары. Доктар Марцінчык казаў, што няма, бо тыя, хто адступаў, забралі іх з сабой. Немцы пакінулі Нараўку, але не надоўга. Яны часта прыходзілі да доктара, шмат распытвалі ў яго, арыштоўвалі. Дапытвалі спадара Марцінчыка і ў гестапа. Потым забаранілі жыць і працаваць у Нараўцы, загадалі пераехаць у Белавежу, дзе быў вялікі нямецкі гарнізон і гестапа. Але доктар Марцінчык і там дапамагаў сваім людзям, перадаваў для партызан медыкаменты, многіх падпольна лячыў. Асабліва добрыя стасункі былі з камандзірам партызанскага атрада імя Кастуся Каліноўскага Аляксеем Карпюком, які родам быў з Беласточчыны. У 1944 годзе, пасля блакады і баёй, партызанскаму атраду імя Каліноўскага патрэбны былі лекі і бінты. І доктар дапамагаў, рызыкуючы жыццём.
Пасля вайны сям'я Марцінчыкаў пераехала ў Гародню. Доктара хацелі ўзнагародзіць медалём "Партызану Айчыннай вайны". Але не ўзнагародзілі, бо нехта з чыноўнікаў выкрасліў яго імя са спіску, маўляў, у яго біяграфіі многа "белых плямаў". Не дапамаглі сведкі і тых, каго ён лячыў ад ран. А ў 1948 годзе Мікалая Марцінчыка арыштавалі органы МДБ. Яго дапытваў сам Цанава. Пасля допытаў асудзілі на 10 гадоў і адправілі ў Варкуту. Дамоў у Гародню вярнуўся толькі пасля смерці Сталіна, а ў 1956 годзе яго рэабілітавалі.
У Гародні доктар Марцінчык працаваў у абласной бальніцы, да самай смерці шчыра сябраваў з тым жа Аляксеем Карпюком і Васілём Быкавым. Яго не стала ў траўні 1980 года. На надмагільным помніку, які знаходзіцца ў вёсцы Алекшыцы на Бераставіччыне, напісаны радкі з паэмы Якуба Коласа "Новая зямля": "Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе не маю сілы…".
Шчыры беларус і патрыёт Мікалай Марцінчык вельмі любіў свой родны край, людзей, Бацькаўшчыну. Няхай гэта згадка верне яго да нас. Тым больш, што 16 снежня Мікалаю Марцінчыку спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння.
Сяргей ЧЫГРЫН.
Выстава творчых работ людзей з інваліднасцю "Прыгажосць сваімі рукамі"
Людзі з інваліднасцю, людзі з абмежаванымі магчымасцямі, людзі з асаблівымі патрэбамі... - у нашым грамадстве інвалідаў называюць па-рознаму. І справа нават не ў псіхафізічным стане чалавека і не ў фармулёўках, а ў стэрэатыпным стаўленні да такіх людзей.
Выстава творчых работ людзей з інваліднасцю "Прыгажосць маімі рукамі", якая праходзіла з 26 лістапада па 3 снежня ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка №4" - яшчэ адзін доказ таго, што стэрэатыпы існуюць для таго, каб іх разбураць.
Мэта дадзенага мерапрыемства - не толькі прыцягненне ўвагі да праблем людзей з абмежаванымі магчымасцямі, але і магчымасць сказаць пра іх сілу духу, мэтанакіраванасць, уменне дамагацца поспеху. Мабыць, ніхто іншы не валодае такім аптымізмам, як інваліды. Яны штодня знаходзяць у сабе сілы радавацца маленькім прыемным дробязям, верыць у лепшае і любіць гэтае жыццё такім, якое яно ёсць.
Для кожнага чалавека, які займаецца творчасцю, важна, каб хтосьці змог ацаніць плён яго працы, таму дадзеная выстава - важная падзея як для яе арганізатараў, так і для ўдзельнікаў.
У ліку ўдзельнікаў выставы былі прадстаўнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў (г. Ліды) ДУ "Лідскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва" і членаў грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства інвалідаў па зроку" па Лідскім раёне.
Народныя ўмельцы прапанавалі на выставу больш за 20 работ у намінацыі "Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва". Выстава ўразіла вялікай разнастайнасцю. Былі прадстаўлены вырабы з дрэва (шкатулкі, падсвечнікі, сурвэтніцы), з гліны (гаршкі, вазы), драўляныя лаўкі, цацкі. Усе рэчы выраблены з любоўю і вялікім майстэрствам.
Марына Іванаўна Астаніна правяла майстар клас па вырабе з паперы "каляднай зоркі" ў тэхніцы кусудама.
Выстава дала магчымасць жыхарам і гасцям г. Ліды прыйсці і ўбачыць, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі таксама могуць праявіць сваё майстэрства ў дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
Кацярына Сандакова, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынга ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы".