Папярэдняя старонка: 2021

№ 51 (1566) 


Дадана: 22-12-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 51 (1566), 23 снежня 2021 г.

З Калядамі і Божым Нараджэннем

СВЯТЫ ВЕЧАР

Загарэлася зорачка ў небе,

ціхі вечар плыве над зямлёй.

Я жадаю спакою і хлеба

сінявокай радзіме сваёй.


Пахне ў хаце святочнай ялінкай,

пад абрус тата сенца натрос.

Памаўчыце, о, людзі, хвілінку -

нарадзіўся Збавіцель Хрыстос!


Радасць, шчасце пануюць наўкола…

Ты зырчэй, мая свечка, палай!

Падарункі разносіць вясёлы

Дзед Мароз, ці Святы Мікалай.


І збіраюцца зоркі на веча,

нібы ўдзень берасцянкі ў гаях.

Добры вечар табе, шчодры вечар,

дарагая радзіма мая!

НА КАЛЯДЫ

На Калядачкі-Калядкі

напяку бліноў-аладкаў,

начыню салодкім макам

і пастаўлю астываць.


Ледзьве зорачка заззяе,

як мой любы завітае,

будзе чым яго пацешыць,

будзе чым пачаставаць!


На Каляды-Калядушкі

нараблю з грыбамі вушкаў,

накладу талерку з чубам

і пастаўлю астываць.


Толькі месячык узыйдзе,

першы госць у хату прыйдзе,

будзе чым яго пацешыць,

будзе чым пачаставаць!

На Каляды - Святы вечар -

запалю на куце свечкі,

і зайграюць нашы вочы,

нібы зоркі за акном.


І памолімся мы Богу

за жыццёвую дарогу,

і вясёлую "калядку"

на тры галасы спяём!

Людміла Кебіч.

Перамога беларускай культурнай дыпламатыі

На 41-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў Парыжы было прынята рашэнне пра ўнясенне 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў спіс памятных дат ЮНЕСКА.

Галоўная бібліятэка краіны адзначыць 100 гадоў з дня заснавання 15 верасня 2022 года. Рашэнне аб унясенні юбілею Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў спіс памятных дат было прынята на 41-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА.

Уваходжанне ў каляндар ЮНЕСКА пацвярджае значны ўклад бібліятэкі ў развіццё сусветнай культуры, папулярызацыю дзейнасці арганізацыі. Такое супрацоўніцтва спрыяе інтэграцыі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў сусветную бібліятэчную супольнасць і дазволіць пашырыць дзейнасць па захаванні і выкарыстанні нацыянальнага культурнага здабытку.

Усяго ў каляндар мерапрыемстваў на наступныя два гады (2022-2023) увайшлі 67 найбольш важных падзей з усяго свету. Сярод іх 500-годдзе кругасветнага падарожжа Фернана Магелана, 550-годдзе Мікалая Каперніка, 700-годдзе Вільні, 150-годдзе Фёдара Шаляпіна і Сяргея Рахманінава, 100-годдзе Юрыя Лотмана і Марыі Калас. Тое, што ў гэты пералік трапіла прапанова ад Беларусі, з'яўляецца выключна важным дасягненнем.

Наш кар.

Выйшаў Гарадзенскі перакідны краязнаўчы каляндар на 2022 год

У Гародні выйшаў з друку Гарадзенскі настольны перакідны краязнаўчы каляндар на 2022 год. Каляндар з'явіўся, дзякуючы прафесару і пісьменніку з Гародні Аляксею Пяткевічу, а таксама пісьменніку і рэдактару газеты "Наша слова" з Ліды Станіславу Судніку. Гэта яны на працягу ўжо 13 гадоў выдаюць падобны настольны каляндар, якім не можа пахваліцца ніводная вобласць Беларусі. У календары, як і раней, пададзена каля паўтысячы важных і цікавых датаў з гісторыі Гарадзеншчыны, што яшчэ раз пацвярджае яе багацце і напоўненасць падзеямі і асобамі праз гады і стагоддзі. У наступным годзе юбілеі прыпадаюць у гісторыка Уладзіміра Адамушкі, паэта з Ліды Уладзіміра Васько, хормайстра Рыгора Шырмы, публіцыста Янкі Жамойціна, журналіста Мікалая Дзелянкоўскага, мастака Напалеона Орды, харэографа Янкі Хвораста, скульптара Івана Міско, лекара і бібліяфіла Янкі Геніюша, скульптара Геніка Лойкі, пісьменніка Алеся Гаруна, гісторыка Міхася Ткачова, этнографа Адама Багдановіча, палітыка Васіля Захаркі, канцлера Льва Сапегі, фалькларыста Антона Грыневіча, народных песняроў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, грамадска-культурнай дзеячкі Зоські Верас, пісьменніка Уладзіміра Калесніка, этнографа, мінеролага і геолага Ігната Дамейкі, паэта Петруся Макаля, паэтаў Васіля і Анатоля Дэбішаў, гісторыка Сяргея Піваварчыка, літаратуразнаўца Адама Мальдзіса, паэта Юркі Голуба і многіх іншых асобаў. Каляндар Аляксея Пяткевіча і Станіслава Судніка з'яўляецца пэўным крокам у развіцці гарадзенскага краязнаўства, паколькі нацэльвае краязнаўцаў Гарадзеншчыны на працу па пэўных датах і з пэўнымі людзьмі, якія адзначаны ў календары.

Наш кар.

Стогадовы юбілей Сцяпана Александровіча

15 снежня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка, літаратуразнаўца, доктара філалагічных навук, прафесара, заслужанага работніка культуры Сцяпана Александровіча (1921-1986).

З 1963 года Сцяпан Александровіч працаваў на філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта. Ён чытаў лекцыі па гісторыі беларускай літаратуры. Аднойчы на перапынку паміж лекцыямі, а гэта быў 1984 год, Сцяпан Хусейнавіч выйшаў на калідор і хлопцам-філолагам сказаў: "Эх, хлопцы, калі б наша Беларусь хоць суткі пабыла б незалежнай дзяржавай, мы ж столькі добрага паспелі б зрабіць і адкрыць у гісторыі нашай літаратуры". Што меў на ўвазе тады Сцяпан Хусейнавіч, можна толькі здагадвацца. Але ў мяне захаваліся запісы з апошніх яго лекцый для студэнтаў. Гэтыя лекцыі былі даволі смелыя на той час. Бо Сцяпан Хусейнавіч адкрыта казаў тое, што ён думаў. Вось некалькі яго думак з лекцый, запісаных вясной 1984 года: "Слабым месцам у нашай літаратуры з'яўляецца гістарычная тэматыка", "Я лічу Уладзіміра Караткевіча выдатным белетрыстам, апавядальнікам, але слабым гісторыкам. Караткевіч шмат зрабіў у нашай літаратуры, але каб ён умела пакапаўся ў архівах, то кніга "Каласы пад сярпом тваім" была б класічнай кнігай. Таму вобраз Каліноўскага атрымаўся трэцяга рангу", "Актыўна працаваў на ніве коласазнаўства Юльян Пшыркоў", "Шмат зрабіў для даследавання творчасці Максіма Багдановіча Алег Лойка", "Іван Мележ быў чалавекам асцярожным, але, як пісьменнік, вельмі таленавітым", "Сказ пра Лысую гару" напісаны моцна і на высокім мастацкім узроўні", "Абецэдарскі лічыў "Нашу ніву" нацыяналістычнай газетай. Нацыяналістам ён лічыў і Янку Купалу. Але, казаў, што савецкая ўлада яго ад гэтага вызваліла", "Кучар шмат "дроў наламаў" у нашай гісторыі і літаратуры", "Янка Брыль сваё слова, як чытач, сказаў наконт рамана "Блакада" Чакоўскага. Ён сказаў, што пісьменнік спекулюе на тэме", "Дзям'ян Бедны выступаў супраць нашага Янкі Купалы" і г. д.

Сцяпан Александровіч паходзіў з беларускіх татар. У аўтабіяграфіі "Радзіма мая - Капыль" ён сведчыў: "У Капылі здаўна жыла жменька нашчадкаў мангольскіх плямён. Сядзібы іх туліліся на дзвюх вулачках - Татарскай і Замкавай. Я чатыры гады трымаў у адной руцэ пугу, а ў другой - кнігу. Чытаў многа, чытаў запоем, аддаючы перавагу беларускай кніжцы. Увогуле трэба сказаць, што творы беларускіх пісьменнікаў у Капылі карысталіся вялікім поспехам…".

Любоў да літаратуры і прывяла Сцяпана Александровіча ў 1939 годзе на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ды павучыцца не давялося - прызвалі ў армію. А потым пачалася вайна. Вось як пра гэта сказана ў аўтабіяграфіі: "Увогуле, жыццёвы тэмп быў незвычайны: у 18 год я быў у арміі, у 20 - на фронце, у 21 - у палоне". Разам з сябрамі ўцёк з лагера ваеннапалонных у Крывым Рогу, амаль два месяцы дабіраўся на Капыльшчыну. Стаў партызанам. Дарэчы, пра гэта вельмі праўдзіва Сцяпан Александровіч расказаў у сваёй аўтабіяграфічнай аповесці "Далёкія зарніцы".

Пасля вайны, скончыўшы завочна філфак БДУ і аспірантуру Сцяпан Александровіч уліваецца ў шэрагі дзеячаў беларускай культуры. З-пад яго пяра выходзяць кнігі краязнаўча-біяграфічных нарысаў пра Ф. Багушэвіча, Я. Купалу, Я. Коласа, М. Багдановіча, Ц. Гартнага, М. Танка, К. Чорнага, П. Броўку, М. Лынькова, якія склалі кнігі "Незабыўныя сцежкі" (1959), "Па слядах паэтычнай легенды" (1965). Пазней гэтыя нарысы, эсэ ўвайшлі ў аб'ёмны зборнік "Тут зямля такая…"(1974).

Сцяпан Александровіч выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Наваельненскай сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна і ў Наваградку, працаваў у Менскім бібліятэчным тэхнікуме, быў навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі, а з 1963 года звязаў свой лёс з Беларускім дзяржаўным універсітэтам.

Сцяпан Александровіч на працягу ўсяго свайго жыцця ў літаратуры і навуцы працаваў на поўную моц падараванага яму лёсам таленту, з рэдкай цягавітасцю і ўпартасцю, якая пры яго вельмі слабым здароўі, катастрафічна падарваным у гітлераўскім палоне, проста здзіўляла.

Навуковыя працы Сцяпана Александровіча заўсёды прываблівалі сваёй багатай канкрэтыкай, шчодрым выкарыстаннем архіўных матэрыялаў і малавядомых фактаў, якія даследчык здабываў у выніку карпатлівых пошукаў. Каб напісаць чарговую кнігу ці толькі артыкул даследчага характару, ён нярэдка гадамі збіраў неабходныя звесткі, перачытваў горы старых выданняў у розных бібліятэках і музейных сховішчах былой савецкай краіны і за яе межамі, падымаў не толькі колішнюю беларускую, але і рускую, украінскую, польскую перыёдыку, працаваў у архівах Менска і Масквы, Ленінграда і Вільні, Кракава і Прагі.

I ён умеў займальна пісаць як пра свае пошукі, так і пра лёс пісьменнікаў, што станавіліся аб'ектам даследавання.

Кнігі "Старонкі братняй дружбы", "Гісторыя і сучаснасць", "Кнігі і людзі", "Крыжаваныя дарогі", "Пуцявіны роднага слова", "Слова - багацце" і іншыя - значныя тым, што аўтар іх выступае адначасова і вучоным-даследчыкам, і пісьменнікам-мастаком, захопленасць якога роднай літаратурай перадалася і нам, чытачам.

Сяргей ЧЫГРЫН.

РЫЦАР СВАБОДЫ І БРАТЭРСТВА

Да дня нараджэння Адама Міцкевіча

Уладзімір Барысенка

Адам Мікалаевіч Міцкевіч, бацькі якога паходзілі з драбнай шляхты і працавалі арандатарамі, нарадзіўся 24 снежня 1798 года ў фальваку Завоссе Наваградскага павета Літоўскай губерні Расійскай імперыі (цяпер Баранавіцкі раён Берасцейшчыны). Гаспадар шчыраваў спачатку каморнікам (землямерам), а пазней - адвакатам у Наваградку, дзе сям'я апынулася, калі малому было ўсяго тры гады. Бацька будучага вялікага паэта, грамадскага дзеяча і публіцыста ўдзельнічаў у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі. Для свайго часу ён быў чалавекам пісьменным, больш за тое - пісаў вершы. Аднак на выхаванне Адама куды большы ўплыў аказалі парабак Уліс і служанка Гансеўская. Першы ахвотна расказваў казкі, а другая добра спявала народныя песні. Яны і прывілі Адаму любоў да фальклору, які стаў адным з вытокаў яго сусветнавядомай неўміручай мастацкай індывідуальнасці.

БЕЛАРУСКІ ПАЛЯК ЦІ ПРЫПОЛЬШЧАНЫ БЕЛАРУС

САМ паэт лічыў сябе палякам і пісаў па-польску. Аднак даследчык ягонай творчасці вядомы беларускі паэт Алег Лойка, які пакінуў нас дзесяць гадоў таму, выказаў некалі думку, што, магчыма, продкі Міцкевіча былі беларусамі. Увогуле ж, як слушна заўважыў пазней на гэты конт наш слынны літаратуразнавец Адам Мальдзіс, кім быў вялікі творца паводле сваёй свядомасці і нацыянальнай належнасці - пытанне рытарычнае. Зразумела, што зоркай першай велічыні не толькі ў славянскай, але і ў сусветнай літаратуры ён стаў будучы геніем менавіта польскай славеснай мастацкай творчасці. Але ж перадусім ён прызнаваўся ў любові да зямлі, на якой нарадзіўся і ўзрос, на якой адчуў прыгажосць навакольнага свету. З духоўнай культурай Беларусі Міцкевіч быў звязаны праз усё сваё жыццё. Найперш, ён добра ведаў беларускае сялянскае атачэнне - з аднакласнікам і сябрам Янам Чачотам часта бываў на кірмашах, вяселлях і абрадавых святах, хадзіў з валачобнікамі, што было для яго сваім, блізкім, родным. Усведамляючы адметнасць гэтага атачэння ад шляхецкага асяроддзя, ён дакладна называў, па словах саміх польскіх даследчыкаў, імя народа, ад якога сябе не аддзяляў - народа "беларускага". Падкрэсліваў гэта і ў перапісцы з сябрамі, і ў лірыка-драматычнай паэме "Дзяды", якую я чытаў у перакладзе з польскай Кастуся Цвіркі, і ў газетных артыкулах.

У пралогу да галоўнага твора свайго жыцця, ліраэпічнай паэмы "Пан Тадэвуш" Міцкевіч жарсна ўскліквае:

Літва! Мая айчына! Ты - нібы здароўе:

Цябе той цэніць, хто ўжо страціў.

Зноў і зноў я Табою мрою,

Зноў ты ў снах перад вачыма.

Вярнуць цябе хачу я ў слове хоць, радзіма.

Прыметнікам "літоўскі", адзначае ў артыкуле "Зямля наваградская, краю мой родны..." згаданы вышэй Адам Мальдзіс, паэт вызначаў Наваградчыну і мову яе насельнікаў. Рабіў гэта з такой жа перакананасцю, як і прыметнікамі "беларускі", "літоўска-рускі" ці "рускі". Словы "Літва" і "літоўскі" геній слова разумеў не ў сучасным іх сэнсе, а ў гістарычным. Сапраўдны патрыёт, ён быў спадчыннікам Вялікага Княства Літоўскага, адной з першых сталіц якога з'яўляўся ягоны родны Наваградак, маляўнічы куточак нашага краю, які невыпадкова называюць "беларускай Швейцарыяй". Літва была для яго перадусім краінай, якой вельмі трэба было вярнуць былую свабоду, вызваліцца ад іншаземцаў. Такім чынам, пагадзіцеся, спадчына Адама Міцкевіча належыць не толькі польскаму, а перш за ўсё беларускаму народу, сярод якога ён нарадзіўся і ўзрос.

Як бы хто ні здзіўляўся і ні аспрэчваў, класіка польскай літаратуры можна ўпэўнена лічыць адным з пачынальнікаў і новай беларускай літаратуры. Той жа Адам Мальдзіс пацвярджае гэта наступным чынам. Міцкевіч быў па сутнасці першым літаратарам, які звярнуўся да беларускай народнай творчасці. Ён даў добры прыклад не толькі варшаўскім "класіцыстам", але і беларускім пісьменнікам. Таму нельга не пагадзіцца з польскім літаратуразнаўцам Юзафам Левандоўскім, што не трэба трактаваць, як гэта сёння некаторыя робяць, нацыянальную належнасць Міцкевіча, ды і іншых тагачасных дзеячаў нашага рэгіёна, "адназначна, выключна і нават супрацьпастаўна", бо "ўцісканне ў адну перагародку - гэта дзеянне, якое калечыць".

РОДНЫ КРАЙ

СКАЗАНАЕ нельга не падтрымаць. І мы не можам не ганарыцца тым, што Міцкевіч называў беларускую зямлю, Наваградчыну, "родным краем". У заключнай частцы згаданай вышэй паэмы "Пан Тадэвуш" ён сказаў пра родную зямельку так, як не зробіць гэта, напэўна, ніхто іншы:

Ва ўсім мінулым і ва ўсім, што будзе,

Нам, эмігрантам, непатрэбным людзям

У свеце, дзе нам доля быць судзіла,

Застаўся родны кут, свая радзіма -

Дзяцінства край!

Спазнаўшы смак выгнання,

Ён дораг нам, як першае каханне,

Бо не атручаны самадакорам

За ўсе памылкі, зробленыя ўчора.

У ім задумы спраўджваліся складна,

І не былі выпадкам падуладны;

Там рэдка плакаў я, не ведаў злосці.

Туды, у край дзяцінства, хоць бы ў госці

Мне думкай заляцець і сенакосам

Прабегчы па траве ў калена босым,

Нарваць званкоў з расой пучок ліловы,

Сцінаючы дубцом балігаловы!

Месца дзеяння гэтага апошняга паэтычнага твора, напісанага з 1832 па 1834 гады - наваградскія прасторы, а большасць дзейных асобаў у ім - тыповыя прадстаўнікі мясцовай шляхты, прасякнутай, у асноўным, ідэямі рэчпаспалітаўскага патрыятызму. Свой адбітак на змест наклала само знаходжанне паэта ў Парыжы. Дакладней, нежартоўныя баталіі, якія разгортваліся ў ім паміж прадстаўнікамі розных партый эмігрантаў. Па словах рэвалюцыянера-дэмакрата Станіслава Ворцаля, якія прыводзяць у сваім артыкуле "Зорка Адама Міцкевіча" Вячаслаў Вайткевіч і Алег Лойка, польскую кнігу пра Беларусь, пра наш народ аўтар прысвяціў адначасова "Літве". Бясконца ёй удзячны, у лірычных адступленнях-зваротах ён не стамляўся паўтараць і песціць яе імя. Увогуле паэму лічаць энцыклапедыяй шляхецкага нацыянальна-вызвольнага руху 19 стагоддзя. Між іншым, няшмат паэм ва ўсёй сусветнай літаратуры заслугоўвае гэтакай высокай адзнакі і назвы - энцыклапедыя. Яна нібы выходзіць за рамкі літаратуры і робіцца агромністай з'явай у нашай свядомасці і нашай духоўнасці.

У Парыжы Міцкевіч аказаўся пасля наведвання Берліна, Прагі, Веймара, Рыма, Жэневы, Неапаля і Дрэздана, дзе ў 1832 годзе напісаў трэцюю частку "Дзядоў" - аднаго з самых яркіх шэдэўраў сусветнай літаратуры, Гэтай часткай змагар выклікаў на ўсезямны, усечалавечы суд сацыяльны і палітычны прымус і прыгнёт.

Падарожнічаць і блукаць па Еўропе наш знакаміты зямляк пачаў яшчэ 15 траўня 1829-га, калі адплыў у Берлін з Пецярбурга. За два тыдні да эміграцыі на кватэры Аляксандра Пушкіна, з якім пазнаёміўся трыма гадамі раней і сябраваў, трыццацігадовы Адам назаўсёды развітаўся як з "рускім сонцам паэзіі", так і знаёмымі літаратарамі Муханавым, Вяземскім, Хамяковым, Крыловым, Жукоўскім і Дэльвігам.

Пачатак эміграцыі паклала ў кастрычніку 1823-га, праз год пасля выхаду ў свет першага зборніка вершаў "Паэзія" і першага тома "Балад і рамансаў", справа філарэтаў, па якой арыштвалі 108 чалавек. У той час на захопленых Расіяй беларускіх землях не спыняўся нацыянальна-вызвольны рух.

ФІЛАМАТЫ І ФІЛАРЭТЫ

Асноўнай крыніцай вальналюбных ідэй і памкненняў быў адзін з лепшых у Еўропе Віленскі ўніверсітэт. Менавіта ў ім з ініцыятывы студэнтаў Адама Міцкевіча, Тамаша Зана, Язэпа Яжоўскага, Анупрэя Петрашкевіча і Францішка Малеўскага ў 1817 годзе было заснавана таемнае патрыятычнае таварыства філаматаў (аматараў ведаў). Праз тры гады ўтварылася роднаснае таварыства філарэтаў - прыхільнікаў дабрачыннасці, кіраўнікамі якога былі філаматы. Згуртаванні заснавалі перадусім для аб'яднання найбольш блізкіх сяброў па вучобе, што захапляліся літаратурай, філасофіяй, іншымі навукамі і ўвогуле праяўлялі ў нечым свае здольнасці. Мэтай стала ўзаемадапамога ў паглыбленні адукацыі, у творчым удасканальванні, грамадская праца для дабра зняволенай Айчыны. Аб шырыні інтарэсаў сведчыў аб'ёмісты спіс прачытаных і абмеркаваных на пасяджэннях навуковых даследаванняў. Слухаліся гэтаксама вершы і балады Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Тамаша Зана ды іншых паэтаў. Вывучаліся гісторыя і культура беларускага народа (амаль усе былі родам з Беларусі, якую называлі Літвою паводле гістарычнай традыцыі). Аналізаваліся беларускі фальклор, звычаі і абрады. Планавалася падрыхтаваць сінтэзаваную харахтарыстыку народнага жыцця. Статыстычны камітэт збіраў спецыяльную інструкцыю з інфармацыяй аб тэрыторыі ўсяго былога Вялікага Княства Літоўскага. Падкрэслівалася, што ўсе звесткі патрэбны для таго, каб айчынная навука абапіралася на свае, а не замежныя факты. У вывучэнні роднага краю філаматы асаблівую ўвагу звярталі на асвету, яе стан, на школу.

Апярэджваючы час, яны рабілі адначасова першыя спробы стварэння ўласнай беларускай літаратуры. Добры прыклад паказваў Ян Чачот, які ўзначальваў літаратурны аддзел таварыства. Пераадольваючы інерцыю польска-шляхецкага выхавання, ён адважыўся пісаць на мове сваёй зямлі. Поспех быў незвычайны. Патрыятычная моладзь завучвала ягоныя вершы на памяць, спявала іх. На жаль, з беларускамоўнай творчасці паэта, фалькларыста, этнографа і драматурга захаваліся толькі некалькі твораў і фрагментаў. Сярод іх - верш "На прыезд Адама Міцкевіча" і два радкі верша, напісанага ўжо ў турэмным зняволенні ў чаканні прысуду па згаданай вышэй справе:

Да лятуць, лятуць, да дзікія гусі,

Да нас павязуць да далёкай Русі...

Па-беларуску маглі пісаць і іншыя філаматы, тэарытычна яны ўжо да гэтага падышлі. У сваім артыкуле "Вялікі пясняр Беларусі" той жа Кастусь Цвірка выказвае думку, што такія спробы з'яўляліся і ў найбольш блізкага да народа паэта Адама Міцкевіча. Але, будучы, у адрозненне ад твораў Чачота неапублікаванымі, хоць нешта наўрад ці магло дзе захавацца. Тым больш, знаходзіліся не зусім сумленныя палякі-міцкевічазнаўцы, якія лічылі непажаданым захоўваць матэрыялы, што паказвалі не ў "патрэбным" святле воблік вялікага паэта. Пра гэта яскрава сведчыць у саёй кнізе "Вялікія польскія рамантыкі" адна з вядомых даследчыкаў Аліна Віткоўская. Яна піша, што быў час, калі замоўчвалі, утойвалі ці перайначвалі факты і знішчалі адпаведныя дакументы. Хацелася, каб у вачах свету Міцкевіч заставаўся толькі польскім нацыянальным сімвалам. Толькі як вытравіць, шаноўныя спадары, з паэта ўсё беларускае? Гэта ж проста немагчыма! Перачытайце ці прачытайце ягоныя творы і вы ўбачыце, што ўсе яны - велічны гімн Беларусі, роднай "Літве". Характэрна, што майстар паэтычнага слова часцей за ўсё падаваў не выдуманыя, а рэальныя, падкрэсліваю - рэальныя беларускія назвы родных мясцін. Гэта Наваградак і Вільня, Мінск і Свіцязь, Нёман і Вілія, Вілейка і Літоўка, Сталовічы і Рута, Шчорсы і Мір, Туганавічы і Плужаны, Цырын і Асташын, Ашмяны і Ляхавічы, Ліда і Варонча, Мыш і Налібокі і многія іншыя. Па сведчанні даследчыкаў, у лістападзе 1824-га, праз паўгода пасля арышту, Міцкевіча з сябрамі выслалі ў Пецярбург, а крыху пазней перавялі ў Маскву, дзе ён пачаў працаваць у канцылярыі ваеннага генерал-губернатара. Увосень 1828-га ён узяў месячны адпачынак і наведаў Пецярбург. Мэтай было выданне раман-паэмы "Конрад Валенрод", аднаго з найбольш знакамітых, як пасля высветліцца, твораў польскага рамантызму. У празаічнай прадмове Міцкевіч адзначае, што апісвае часы, калі язычнікі-ліцвіны ваявалі з галоўным сваім ворагам - Тэўтонскім ордэнам, які заваяваў Прусію. Ніл Гілевіч назваў аўтара "Конрада Валенрода" рыцарам свабоды і братэрства. Нашмат раней пра гэта мовіў Аляксандр Пушкін.

ЛОЗУНГ СВАБОДЫ

ДАВОЛІ часта, у вельмі розных жыццёвых абставінах, можна пачуць лозунг "За нашу і вашу свабоду!". Толькі вось мала хто ведае, што ўпершыню ён узнік яшчэ ў 1830 годзе на вуліцах лістападаўскай Варшавы. Падхапіўшы яго, словы "за вашу" Міцкевіч паставіў першымі: "За вашу і нашу свабоду!.." Прафесар лацінскай літаратуры Лазанскага ўніверсітэта, выкладчык славянскіх літаратур у адным са старэйшых вучэбных і навукова-даследчых устаноў Францыі Калеж дэ Франс не толькі абвяшчаў лозунгі. Падчас рэвалюцыі 1848 года, адзначаюць Вайткевіч і Лойка, ён стварыў у Рыме, падтрымліваючы рух карбанарыяў, польскія легіёны. Павёў інтэрнацыянальны легіён у дапамогу рэвалюцыйнаму Парыжу. Фларэнційцы, генуэзцы, падуанцы праносілі легіянераў па гарадскіх вуліцах на руках. У Парыжы вядомы эмігрант заснаваў інтэрнацыянальную газету "Трыбуна народаў", у якой друкаваліся выступленні ў абарону прыгнечаных народаў.

У 1855 годзе, калі Турцыя ваявала з Расіяй, Міцкевіч накіраваўся ў Стамбул, дзе збіраўся арганізаваць польскія легіёны. Але зрабіць гэта не паспеў - у свае 57 памёр у Канстанцінопылі, дзе і быў пахаваны. Спачатку парэшткі паэта перавезлі ў Парыж, а ў 1890-м - у Кракаў, дзе іх прыняла асобная ніша Вавельскага замка.

Так сталася, што пасля Міцкевічаў на сядзібе ў Наваградку доўга жылі іншыя людзі, бо яна была канфіскавана. І толькі 11 верасня 1938-га створаны Міцкевічаўскі камітэт з шырокім удзелам грамадскасці ўрачыста адкрыў Дом-музей імя Адама Міцкевіча. Яго першым дырэктарам быў Уладзіслаў Ляруй, які працягваў дзейнасць і пасля таго, як у верасні 1939 года Наваградак увайшоў у склад БССР. У першы ж год вайны сядзіба была знішчана авіябомбай. Толькі ў 1955-м яе адбудавалі. А ў 1991-м пасля чарговай рэканструкцыі музей набыў сучасны выгляд. Узнавілі дзіцячы пакой, кабінет бацькі, гасцёўню, сталовую, спальню і кухню ў падвале. Пабудавалі падземны пераход, які злучыў дом з флігелем. Гэта дало дадатковую плошчу для размяшчэння этнаграфічнай выставы і правядзення часовых выстаў. У Наваградку, на тэрыторыі малога замка, у 1992 годзе выбітнаму земляку ўсталявалі помнік. А ў сталіцы ў гонар паэта ў скверы на Гарадскім вале пры перасячэнні Нямігі і Раманаўскай слабады ўсталяваны манумент Распавядаючы пра сваю "Літву" - Беларусь, раскрываючы самыя розныя бакі яе жыцця, Міцкевіч адрасоўваў свае творы ў першую чаргу яе чытачам, менавіта ад іх чакаў спагады і разумення. Пра гэта выразна сведчыць верш "Я помнік узнёс...". У ім ён выказаў спадзяванне, што яго "помнік" перажыве нават самыя даўгавечныя каменныя памяткі:

Бо ад Панарскіх гор і ковенскіх нябёс

Далей за Прыпяць люд імя маё панёс.

Чытае дружна Менск, Наваградак мяне,

Мой верш перапісаць юнак не праміне...

Бачыце, куды перш за ўсё скіроўвала свой зрок звонкая муза паэта, у творчасці якога бліскотна адбілася цэлая эпоха ў жыцці нашага народа. Таму гэтую неўміручую творчасць павінны ведаць кожны студэнт, кожны школьнік, увогуле ўсе беларусы, якія хочуць называць і лічыць сябе культурнымі людзьмі.

Трапяткое вогніва Уладзіміра Ліпскага

Сярод выданняў, якія пабачылі свет у 2021 годзе, у перадкалядны час асабліва прыемна адзначыць літаратурны дзённік рэдактара часопіса "Вясёлка", пісьменніка Уладзіміра Ліпскага, былога прэзідэнта Беларускага дзіцячага фонду, уганараванага тытулам Рыцара Дзяцінства, ініцыятара і старшыню Усебеларускага фестывалю гумару ў Аўцюках.

Кніга выйшла ў выдавецтве "Каўчэг" пад назвай "Усякі дзень апошні". Такім быў дзённік юбілейнага 80-га года, у які аўтар занатоўваў тое, што выстуквала сэрца, аб чым трывожылася і радавалася душа.

Народжаны ў Шоўкавічах Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў 1940 годзе, таленавіты журналіст, пісьменнік і грамадскі дзеяч, Лаўрэат прэміі імя Я. Маўра служыць літаратурным словам дзецям і дарослым амаль паўстагоддзя, услаўляючы сваю малую і вялікую Радзіму ў кнігах: "Прыдзвінскі цуд", "Я: праўдзівы аповед пра твой і мой радавод", "Сын дня: Азбука аднаго жыцця", "Мы: аповесць пра нашы прозвішчы", "Свіцязанская русалка", "Я тут жыву: дзецям пра Беларусь" і іншых.

"Новая кніга Уладзіміра Ліпскага - гімн жыццю, урокі сумлення, чысціні пачуццяў, акрыленасць думкі, бадзёрасць жыцця. Усё гэта - гаючыя лекі на кожны дзень зямнога раю. А яшчэ - абярэг, мальба да сучаснікаў: беражыце адзін аднаго, цаніце сякундную стрэлку", - адзначыў выдавец.

* * *

"Шостага мая - пачатак майго гасцявання ў зямным раі. У панядзелак як раз мяне Мама нарадзіла. Сёняшні дзень укідваю у памяць, як віншавальную паштоўку. Міла і душэўна хвалілі мяне ўсе Ліпскія за абедзенным сталом. А пасля сотавік ледзь не распалавіўся. Тэлефанавалі з Мінска, Масквы, Любані, Ельска, Барысава, Аўцюкоў, Паставаў, Дабужы, Навасёлак. Хвалілі. Жадалі. Прасілі жыць доўга. А я проста жыў, як усякі дзень апошні. У басейне праплыў тысячу сто метраў. Са смакам размаўляў па тэлефоне з сябрамі, родзічамі, дабрадзеямі."

* * *

"Хлопцы, да пачатку свайго юбілейнага года капітальна асвяжыце кватэру. Магу падзяліцца сакрэтам і вопытам. Дужа натхнёна памыйце вокны. Праз іх убачыце васільковае неба, узыход юрлівага сонейка, шалёную зеляніну. А калі пашанцуе, то і шызага голуба, сівую варону, самалёт з аўтографам на белым хвасце. Пасля вокнаў збярыце пыл, мурзілкі з усяго, што стаіць, ляжыць, вісіць. З асаблівай лагодай працірайце, браточкі, рамкі з партрэтамі, фоткамі Мамы і Таты, усяе радні. У гэты міг яны чыстымі спагадлівымі вачыма абагаўляюць вас. А я ўключаю для іх музычнага коніка. Мелодыя вяртае ў вечна жывую для мяне хату ў Шоўкавічах.

У Мамы маёй Марыі і бацькі Сцяпана - разам васямнаццаць братоў і сясцёр. Я ўжо і не злічу, колькі ад іх пайшло народу. Яны ж усе - мая радня.

А ў нашай галіне дрэва, ад Сцяпана і Марыі - шасцёра дзяцей, шасцёра зяцёў і нявестак ды шаснаццаць унукаў, дваццаць праўнукаў. Яны ўсе жывымі хвалямі кіруюць у бязмежны чалавечы акіян. Мы ўсе на зямлі знітаваны сваяцтвам. Апошняя кропля палаючага воску капае на свежую свечку - жыццё прадаўжаецца. І гэтак ажывае новы ланцуг пакаленняў. Імі падперазана планета людзей…"

* * *

"Май святочны! Вяртаюся ў рэдакцыю, як пасля адпачынку. Адчыняю дзверы, бацюхна! Уся столя ў вясёлкавых шарах. Плакаты віншавальныя. На стале - торт з надпісам "Любіменькаму шэфу", у рамцы - партрэт. Я - у блакітным спартыўным касцюме з літарай "s" на грудзях. А вакол мяне: шалёная прыгажосць: багоўкі, зеляніна, сінява…А ў кабінет збіраецца маладая каманда. Святочныя. Акрыленыя. Колькі ж у іх словах дабрыні, шчырасці, удзячнасці! Іх словы - як медалі.

Анастасія: "Вы для нас - незамянімы шэф. Дзякуй, што шырока адамкнулі вочы на святло жыцця!"

Віка: "Я вучуся ў Вас штодня, нават тады, калі нічому не вучыце".

Радміла: "Шэф, не пакідайце нас яшчэ доўга-доўга!"

Карына, Эля: "Над нашым домікам ззяе "Вясёлка", над ім жыве "Буся". Гэта шчаслівы сімвал!"

Маладыя, крэатыўныя вясёлкаўцы жадаюць, каб я быў з імі бясконца. Хаця б да ста гадоў. Заставайцеся ў маім сэрцы юнымі, крыху свавольнымі гарэзамі! А я паціху буду грэцца каля вас.

"Вясёлка", якой слугую 42-гі год, здала справаздачу рэдкалегіі і чытачам. Гадавы тыраж - 71.658 экземпляраў. У часопісе надрукавалі свае творы 55 дзіцячых пісьменнікаў.У дваннацаці нумарах - мой творчы праект пра Беларусь "Я тут жыву". Верна слугуем Дзецям. А гэта найперш, члены рэдкалегіі - Раіса Баравікова, Алена Масла, Анатоль Зэкаў, Анатоль Бутэвіч, Ірына Буторына, Леанід Улашчанка, Эліна Сапожнікава. Аднагалосна прысудзілі прэмію імя В. Віткі даўнішняму сябру "Вясёлкі" паэту Васілю Жуковічу і маладой здольнай мастачцы Наталлі Таўсталес. Сваёй прэміяй я адзначыў трох юных аўтараў з Мінска, Віцебска, Парэчча."

* * *

"Пра кніжны кірмаш у Мінску можна сказаць казачнай прыгаворкай: і я там быў, мёд, каву піў, па барадзе цякло і ў рот трапіла. Выступаў на прэзентацыі кніг. Меў прыемныя сустрэчы. Абдымулькі. Даваў аўтографы. Меў асалоду бачыцца з Алесем Бадаком, Вячаславам Рагойшам, Раманам Матульскім, Аксанай Спрынчан, Ірынай Буторынай. Бачыў акіян кніг. Ад самых розных азбук, расфарбовак, да "Мальчика с угрюмым лицом", да "Девочки с растрёпанными волосами".

Божа! Пра ўсё-ўсё ўжо напісана. Як жа нам, цяперкавым пісьменнікам, не згубіцца сярод чытачоў? Якія тэмы ўзняць? Як падступіцца да неабробленай нівы, няскошанай сенажаці, непераплытай ракі, да белых старонак нашай гісторыі і явы?"

* * *

"Мама пякла праснакі ў сто разоў смачнейшыя, чым пячэнікі заморскія. Усё сваё ідзе на добрае здароўе, лекуе, надае сілы, моцы, настрою. І свая хата, і свая мова, і свае звычкі, культура, і свая айчына, усё сваё, нават родныя сцены, падмагаюць жыць, адчуваць сябе вольным Чалавекам. Хай жа ў Беларусі ўва ўсе вякі будзе ўсё сваё! Не здадзім у архіў і музеі свой гонар, сваё сумленне, сваю любоў і вернасць роднай зямельцы."

* * *

"Жыць - гэта значыць любіць.

Калі любіш - жывеш.

Калі любіш - умееш ненавідзець усё, што шкодзіць любові.

Калі любіш - дыхаеш на поўныя грудзі.

Калі любіш, становішся прывабным, іскрыстым, лятаючым каньком-гарбунком. Калі любіш, спазнаеш буру эмоцый, высакавольтку душы. Ад усяго гэтага ўнутраны млын выдае атамную энергію.

Калі любіш - хочацца бачыць ранішні танец сонца, поўдзень і поўню, вечаровыя абнадзейныя промні захаду сонца…"

* * *

"Смерць і Бяссмерце.

Яны валадараць над намі. Аднолькава жывучыя. Таямнічыя. Загадкавыя.

Смерць прыходзіць, калі яе зусім не чакаюць. І выпраўляецца душа чалавечая альбо ў багну, дзе з яе вяроўкі звіваюць, альбо на Алімп Бяссмерця.

Бяссмерце. Яно - для выбраных, хто нечым уславіў зямную жытку. Хто нешта зрабіў, каб зразумець і ўдасканаліць свет жывых. Хто высвяціў дарогу ад цемры да ясноты. Хто штосьцейкі зрабіў, вынайшаў, адкрыў, што ўзрушыла людскі мурашнік.

Бяссмерце ў спадчынніках, калі дрэва радаводнае не вяне, а буяе вясновай, абнадзейнай зелянінай.

Бяссмерце наша ў веры і ў вернасці, бо чалавек, па перакананні Антона Чэхава, "ці павінен верыць", "ці шукае веру", інакш ён пусты чалавек.

Бяссмерце ў памяці людзей, бо чалавек жыве столькі, колькі яго памятаюць. Дык жа паверым, што неўміручымі нарадзіліся нашы Францыск Скарына, Еўфрасіння Полацкая, Кастусь Каліноўскі, Янка Купала."

* * *

"Адшумеў віншавальны дзень. Мы з Нінай за святочным сталом. Казюра-вірус забараніў збірацца вялікі гуртам. Але не забараніў трымаць свята ў душы і верыць, што цяпер сотні людзей сэрцамі з намі. Гэта надае маёй жыццёвай свечцы бадзёрага, трапяткова вогніва. За апошнім днём юбілейнага года пачынаюцца новыя абсягі зямнога раю. Згадваю Льва Талстога, які ў свае восемдзесят вывеў формулу даўгалецця: жыццё вымяраецца не гадамі, а чалавечнасцю."

Падрыхтавала Э. Дзвінская. Фота аўтара і з архіва У. Ліпскага.

Памёр Антон Клімовіч

На мінулым тыдні вярнуўся пакет "Нашага слова" з Барысава. На паштовым цэтліку пазначана: "Памёр".

Гэта значыць, што памёр сябар ТБМ, сапраўдны беларус Антон Іванавіч Клімовіч. На працягу многіх гадоў ён выкупляў пяць асобнікаў "Нашага слова" і распаўсюджваў у розных гарадах Беларусі, апошнія гады - у Барысаве.

Шчырая памяць пра шчырага беларуса!

Каталонцы выступаюць у абарону сваёй мовы

Асацыяцыі настаўнікаў і бацькоў у Каталоніі выступаюць у абарону роднай мовы. Пасля рашэння Вярхоўнага суда Іспаніі, які патрабуе, каб не менш за 25% выкладання ў дзяржаўных школах вялося на іспанскай (кастыльскай) мове, улады аўтаномнай супольнасці выказалі пратэст. У суботу людзі выйшлі на вуліцы Барселоны, патрабуючы, каб выкладанне ў школах вялося выключа на каталонскай мове. "Мова краіны, краіны Каталоніі - каталонская, а не іспанская, кастыльская. Гэта проста моўнае ўварванне!" Дэманстранты кажуць, што ўзмацненне статусу іспанскай мовы паставіць пад пагрозу сістэму адукацыі, якая дапамагла вярнуць каталонскую мову ў шырокае ўжыванне пасля таго, як яна была практычна забаронена падчас дыктатуры Франка. Але сем'і, якія хочуць, каб іх дзеці лепш ведалі іспанскую, кажуць, што цяперашняя сістэма парушае іх права вывучаць дзяржаўную мову краіны.

Паводле СМІ.

Памятныя манеты "Архітэктурная спадчына Беларусі"

З 17 снежня Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь выпусціў у абарачэнне памятныя манеты серыі "Архітэктурная спадчына Беларусі". Гэта памятныя манеты, прысвечаныя Ружанскаму палацу, Магілёўскаму касцёлу Святога Станіслава, Нясвіжскаму касцёлу Божага Цела, Сынковіцкай царкве Міхаіла Архангела, Віцебскай ратушы і Чачэрскай Спаса-Праабражэнскай царкве. Усе манеты наміналам 2 рублі, дыяметрам 23,50 мм выраблены са сталі і пакрыты меддзю і латунню, а таксама са сталі, пакрытыя меддзю і нікелем, масай 5,81 г. Кожная манета выпушчана накладам 25 тысяч штук.

Паводле СМІ.

Фотаальбом Міколы Арочкі

У выдавецтве "Кнігазбор" пабачыла свет кніга шаноўнага Сяргея Чыгрына "Дзяліў трывогу і настрой (Мікола Арочка на фотаздымках)". Фотаальбом прысвечаны жыццю і творчасці доктара філалагічных навук, паэта і літаратуразнаўца і перакладчыка Міколы Арочкі (1930-2013). Наклад кнігі 50 асобнікаў.

Фундатар выдання - жонка пісьменніка Марыя Іванаўна Арочка... Фотаздымкі альбома - з прыватных архіваў Марыі Арочкі, Сяргея Чыгрына, Адама Мальдзіса, Міхася Скоблы, Алеся Бельскага, Віктара Шніпа, Анатоля Вераб'я, Сцяпана Лаўшука, беларускага Дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

На вокладцы альбома надрукавана "Балада Міколы Арочкі", якую напісаў шаноўны Віктар Анатольевіч Шніп. Карэктар літаратурна мастацкага выдання - Алена Спрытніч. Вёрстка Ларысы Гарадзецкай. Адказны за выпуск Генадзь Вінярскі. Альбома ўжо няма ў продажы. Яго мажліва набыць у Марыі Іванаўны Арочкі... Спадзяюся, што альбом будзе перавыдадзены.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст-фрылансер.

Кааліцыйны ўрад Германіі спрабуе вызначыцца з пазіцыяй адносна газаправода "Паўночны струмень - 2"

Навіны Германіі

Канцлер ФРГ Олаф Шольц выказаўся супраць увязкі дазволу на эксплуатацыю газаправода "Паўночны струмень-2" з высілкамі па дээскалацыі ўкраінскага крызісу.

- "Паўночны струмень - 2" - гэта праект прыватнага сектара, які знаходзіцца ў стадыі поўнай гатоўнасці (да эксплуатацыі) газа-правода, - сказаў Шольц на прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам па выніках саміту ЕС.

На пытанне, наколькі "Паўночны струмень-2" адпавядае крытэрам еўрапейскага энергетычнага заканадаўства, Шольц адказаў:

- Улады Германіі прымуць рашэнне (па гэтым пытанні) зусім апалітычна, - дадаўшы, што магчымыя дзеянні па забеспячэнні бяспекі меж Украіны - "іншае пытанне".

Раней, у чацвер нямецкі рэгулятар зрабіў заяву па "Паўночным струмені - 2", паведаміўшы, што прыняцце рашэння па праекце адкладзена.

Па дадзеных агенцтва Bloomberg, рашэнне па газаправодзе "Паўночны струмень - 2" сапраўды не будзе прынята ў першай палове 2022 года. Кіраўнік нямецкага рэгулятара Ёхен Хоман растлумачыў, што працэдура працягнецца толькі пасля таго, калі ведамству прадставяць адпаведныя дакументы.

- У нас іх няма на руках, - падкрэсліў кіраўнік BNA, дадаўшы, што пасля нямецкага рэгулятара пытанне разгледзіць Еўракамісія.

Нагадаем, будаўніцтва "Паўночнага струменя - 2" завяршылася яшчэ ў верасні бягучага года. 16 лістапада стала вядома, што Федэральнае сеткавае агенцтва ФРГ прыпыніла сертыфікацыю праекта.

Па словах нямецкага рэгулятара, да разгляду пытання можна будзе вярнуцца толькі пасля таго, як прыналежная "Газпраму" швейцарская кампанія Nord Stream 2 AG будзе арганізавана ў юрыдычнай форме ў адпаведнасці з заканадаўствам Германіі ў якасці незалежнага газатранспартнага аператара.

Пасля падачы новага пакета дакументаў BNA паабяцала аднавіць працэс сертыфікацыі і прыняць рашэнне да 8 студзеня 2022 года, пасля чаго яго яшчэ два месяцы будзе разглядаць Еўракамісія, якая мае права падоўжыць тэрмін да 8 траўня 2022 года.

Віцэ-канцлер, міністр па справах эканомікі і абароны клімату ФРГ Роберт Хабек лічыць, што праект "Паўночны струмень - 2" быў геапалітычнай памылкай Германіі. З такім сцвярджэннем ён выступіў у апублікаваным у суботу інтэрв'ю газеце Frankfurter Allgemeine Zeitung.

- "Паўночны струмень - 2" быў памылкай з геапалітычнага пункта гледжання. Усе еўрапейскія краіны, акрамя Германіі і Аўстрыі, былі заўсёды супраць яго, - заявіў Хабек. - "Зараз жа трубаправод пабудаваны. Няяснае пытанне, ці зможа ён пачаць працу. Па гэтым пытанні трэба прымаць рашэнне ў адпаведнасці з еўрапейскім і нацыянальным заканадаўствам, - сказаў ён.

Хабек нагадаў, што трубаправод павінен адпавядць правілу так званага анбандлінгу (unbundling), ці падзелу кампаній. Яго сэнс заключаецца ў тым, што кампаніі, якія займаюцца здабычай рэсурсаў, не маюць права іх транспартаваць - для гэтых двух працэсаў патрэбны розныя фірмы.

- Гэтая ўмова не выканана, - сцвярджаў міністр. - Пры старым урадзе ФРГ аказваўся вялікі палітычны ціск у пытанні дазволу "Паўночнага струменя - 2", і, нягледзячы на гэта, ён не ўведзены ў эксплуатацыю, - заўважыў віцэ-канцлер.

Хабек таксама прыгразіў Маскве цвёрдымі наступствамі ў выпадку ваеннага канфлікту паміж Расіяй і Украінай і дапусціў магчымасць таго, што пры такім развіцці сітуацыі "Паўночны струмень - 2" не будзе запушчаны.

- Федэральнае сеткавае агенцтва прымае рашэнні на аснове заканадаўства. Іншае пытанне, што адбудзецца, калі Расія зноў парушыць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і сітуацыя абвострыцца. Любая новая ваенная агрэсія не можа застацца без цвёрдых наступстваў. Тут не можа быць забарон у плане абдумвання [тых ці іншых мер], - сказаў Хабек, адказваючы на пытанне, ці могуць праваліцца планы па запуску трубаправода "Паўночны струмень - 2".

Паводле СМІ,

Найноўшая гісторыя Гарадзеншчыны

Алесь Крой

Частка І

Беларускі гурток пры музеі Максіма Багдановіча, спроба стварэння першага беларускага класа - першы беларускі вучань у 80-я гады ХХ ст.

З пачаткам Перабудовы ў 80-я гады ХХ ст. адкрыліся новыя магчымасці і для Гародні. Як на дражджах пасля грамадскага брэжнеўскага застою ўзнікалі ў Гародні розныя грамадскія аб'яднанні, клубы, гурткі. Пра знакаміты Гарадзенскі клуб "Паходня" шмат напісана, захавалася ў інтэрнэце шмат фотаматэрыялаў, асабліва дзякуючы яго актыўнаму кіраўніку Міколу Тарандзе. У клубе "Паходня" некаторыя людзі, якія актыўна ўдзельнічалі ў мерапрыемствах клуба, паступова, ўсведамляючы, далейшыя крокі, пачалі праяўляць новыя ініцыятывы па вывучэнні мовы і гісторыі не толькі дарослымі, але і дзецьмі. Стваральніцай і дырэктарам музея, адным з галоўных менеджэраў гуртка і суполкі пры музеі стала вядомая гарадзенская пісьменніца і паэтка Данута Бічэль-Загнетава, якую праз пэўны час "папрасілі звольніцца". Больш падрабязна пра стварэнне музея Максіма Багдановіча напісана ў кнізе спадарыні Дануты "Хадзі на мой голас".

Інфармацыю пра новыя ініцыятывы сяброў клуба "Паходня" давялося збіраць па крупіцах у жывых сведкаў і непасрэдных удзельнікаў тых, ужо гістарычных, падзей нашага горада і краіны, але пандэмія ўнесла свае абмежаванні на сустрэчы. Магчыма, сабраны матэрыял спатрэбіцца прафесійным гісторыкам для больш паглыбленага вывучэння і напісання гісторыі беларускай адукацыі ў Гародні, на Гарадзеншчыне, у Беларусі.

Клуб "Паходня", дзе Мікола Таранда і Міхась Ткачоў вялі рэй пачаў працаваць у Гародні з 1986 года. Пры музеі Максіма Багдановіча (у часы Дануты Бічэль) ствараецца дзіцячы беларускі гурток "Вянок", які быў зарэгістраваны пры абласным палацы піянераў. Пра яго таксама піша Данута Бічэль у сваёй кнізе 2008 года выдання "Хадзі на мой голас"…пазней узнікла і суполка пры музеі… Потым у кіраўніцы музея, сяброў гуртка і суполкі на грунце беларушчыны ўзнікла ініцыятыва па стварэнні першага беларускага класа ў Гародні…

Звярнуцца да спадарыні Дануты пра гісторыю стварэння першага беларускага класа параіў Валер Жывалеўскі і Мікола Таранда. На вялікі жаль, спадарыня Данута не шмат пра гэта памятае, але вельмі цікава расказала пра стварэнне гуртка "Вянок" пры музеі М. Багдановіча, з якога і з'явілася ў бацькоў ініцыятыва пісаць заявы ў першы беларускі клас і параіла дадаткова звярнуцца ў музей М. Багдановіча да загадчыцы музея: "Можа, што з тых часоў захавалася у лістах, фотаздымках?" Пасля сустрэчы з загадчыцай музея М. Багдановіча і адказу, што нічога не знойдзена, давялося шукаць кантакты з бацькамі і ўдзельнікамі гуртка "Вянок", якіх лёс раскідаў па розных гарадах краіны і за межамі Беларусі. Дзякуючы інтэрнэту і добрым людзям, сёння магчыма знайсці і запісаць іх уласную гісторыю.

Аказваецца, па розных звестках некалькіх удзельнікаў тых падзей, дзяцей у гурток "Вянок" прывёў Анатоль Хілько, выкладчык беларускай мовы і літаратуры СШ № 25 (Данута Янаўна ў кнізе "Хадзі на мой голас…" памылілася, напісаўшы СШ № 28, якую тады яшчэ не пабудавалі), таму большасць дзяцей гуртка была з аднаго класа. Анатоль, народжаны на Гомельшчыне ў славутых мележаўскіх мясцінах, у 1987 годзе пасля філфака ГрДУ быў накіраваны ў СШ №25, яму далі класнае кіраўніцтва. Дырэктарам школы быў Стрэльнікаў Уладзімір Пятровіч, ён бадай адзіны дырэктар, хто змог тады сабраць каля 50% мужчын-настаўнікаў у гэтую школу. Ужо ў 1989 годзе некаторыя настаўнікі пачатковых класаў пераходзілі ў школе на выкладанне па-беларуску. Анатоль хадзіў на "Паходню", танцаваў у "Нёмане" і разам з Данутай Бічэль прыдумалі назву для дзіцячага гуртка - "Вянок". У гурток у розны час хадзілі акрамя Валянціны Крачкоўскай, унука Аляксея Пяткевіча таксама Наталля Ганчарук, Наталля Пышкайла, Таццяна Салей, Анатоль Брусевіч і іншыя, больш за 10 чалавек. У гуртку, як кажа Спадар Анатоль гэтыя дзеці вучыліся пісаць вершы, у музей Максіма Багдановіча дзеці хадзілі 1 раз на тыдзень (у чацвер?). Са з'яўленнем у гуртку Валеры Жывалеўскага ўсе пачалі вучыцца разам спяваць беларускія песні. Не ўсіх цягнула да літаратуры ці музыкі, але частка з дзяцей любоў да літаратуры, паэзіі, музыкі захавала на ўсё жыццё. Нехта працягвае сваю дзейнасць у філалогіі і музыцы прафесійна ці проста як аматары прыгожосці. Анатоль выкладаў мову пасля школы № 25 у каледжы № 141, беларускай каталіцкай семінарыі. Цёплыя ўспаміны захаваў Анатоль пра агульныя паездкі з дзецьмі ў розныя гарады, пра Купалле на беразе Нёмана, калі ў 1988 годзе разам з Львоўскім драматычным тэатрам гучна спявалі беларускія і ўкраінскія песні.

Душой і гаспадыняй "Вянка" была маці траіх дзетак (Валянціны, Петруся і Кастуся) Аліна Крачкоўская, муж якой выкладаў у ГрДУ, магчыма (як ўспамінаў сп. Анатоль) яна нават трошкі раней за астатні клас пачала вадзіць сваіх дзяцей у гурток спадарыні Дануты, якую ведала. Спадарыня Аліна Крачкоўская вадзіла ў гурток не толькі сваіх дзяцей, але часта брала і суседскіх - Курстакаў, у якіх было сямёра дзяцей. Аліна Крачкоўская сёння на пенсіі, з сынамі жыве пад Менскам, яе дачка Валянціна - у Магілёве. Спадарыня Аліна ўзгадвала ў тэлефоннай размове пра цікавыя спектаклі па-беларуску, якія ставілі разам з дзецьмі і дарослымі ў гуртку "Вянок", дэкарацыі дапамагаў рабіць вядомы гарадзенскі мастак, адзін з лепшых і адметных спецыялістаў у выцінанцы, Алесь Аўчыннікаў. Вельмі цёпла пра гэтага мастака, які з'яўляецца лаўрэатам розных конкурсаў, творчасць якога стала эталонам майстэрства сучаснай выцінанкі, узгадваюць спадарыня Аліна і спадарыня Данута. Валянціна Крачкоўская, якая актыўна хадзіла з матуляй на гурток "Вянок" напісала, што з яе класа хадзілі на гурток "Вянок" Гена Малышка, Юра Курстак і большасць дзяцей класа. Мастакі, музыкі, паэты і студэнты дапамагалі гурткоўцам ставіць п'есы, часам іх было больш, чым дзяцей, як успамінае спадарыня Данута Бічэль - Алена Шунейка, Эдзік Мазько, Зміцер Кісель, Ала Нікіпорчык, Алена Капытка, Юрась Мацко, спадар Зміцер Баярчук, Анатоль Хілько, Міхал Карневіч, вядомы гітарыст Валодзя Захараў прыводзіў у музей тады яшчэ невядомага ў Беларусі і за яе межамі Валерыя Дзідзюлю, Ігар Котаў вельмі любіў працаваць з дзецьмі. Калі ў гурток прыйшоў Федзя Жывалеўскі з татам Валерам, то гурток стаў і музычным, пачалі спяваць беларускія песні. На генеральную рэпетыцыю прыйшоў Віктар Шалкевіч. Ездзілі з гуртком у Гарадзенскі, у Ваўкавыскі і Свіслацкі дзіцячыя дамы, ездзілі ў канцы навучальнага 1988 года да Зоські Верас з дзецьмі і дарослымі, спадарыня Зоська Верас частавала ўсіх трускалкамі, спадар Лявон Луцкевіч правёў экскурсію, каля Вострай Брамы праспявалі "Пагоню". Аляксандр Госцеў да 100-годдзя Максіма Багдановіча зрабіў брашурку "Я хацеў бы спаткацца з Вамі" пра гарадзенскі перыяд жыцця сям'і паэта, якому 9 снежня 2021 года юбілей - 130 гадоў. Час праляцеў імгненна. Дзеці з гуртка выраслі і пайшлі ў дарослае жыццё, вырасцілі сваіх дзяцей, нехта выехаў з Гародні, некага ўжо з намі няма.

Спадарыня Валянціна Крачкоўская 17.07.2020 піша: "У "Вянку" былі дзеці збольшага з майго класа, бо наш настаўнік, Анатоль Хілько, таксама быў знаёмы з Данутай Янаўнай, як і мая мама. Па ўзросце гэта хлопчыкі і дзяўчынкі недзе 8-10 год. Мы збіраліся, пісалі вершы, замалёўкі, слухалі цікавыя размовы цікавых людзей. Добра памятаю сустрэчу з Таццянай Мархель. Яна нам спявала песні, навучыла калыханцы, просценькай, якую я спявала ўжо і сваім дзецям. Памятаю, як слухалі малады тады гурт "Мроя" і пісалі паштоўкі, каб дапамагчы ім перамагчы ў хіт-парадзе. Свае творы афармлялі ў рукапісны альманах, здаецца, быў у некалькіх асобніках. Афармлялі яго мой брат Пеця, ён добра маляваў, стаў мастаком-дызайнерам, і дапамагаў нехта з дарослых. Таксама быў удзел нашых дзяцей і на тэлевізіі, можа запісы і захаваліся, якраз разам з Віцебскім тэатрам лялек, недзе ў 1987-1988 гадах. Мы займаліся ў музеі Максіма Багдановіча, сярод рэчаў таго часу, сядзелі на старой, абабітай скурай канапе. У пакойчыку, як і даўней, сцены былі абабіты тканінай, а не папяровымі шпалерамі. Пілі гарбату, гутарылі паміж сабой і з дарослымі. Так і вучыліся. Пасля гэтыя гутаркі, інфармацыя вельмі прыдаліся ў жыцці, навучанні. Мая сям'я пераехала ў ліпені 1988 года пад Менск. Я пасля вучылася па нядзелях у беларускім ліцэі Уладзіміра Коласа, які зараз у "падполлі". Пасля пераезду маці стасуецца з Данутай Янаўнай, я таксама трошкі ліставалася з ёю… Гэта былі цудоўныя часы ўздыму! Я шчаслівая, што маё дзяцінства прайшло побач з такімі людзьмі"…

… Некалькі гадоў назад, дзякуючы сябру Гарадзенскай рады ТБМ і рэдактару часопіса "Горад Святога Губерта" спадарыні Іне Соркінай, узгадаў у артыкуле "Вехі беларускай адукацыі ў Гародні на мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў" прозвішча аднаго чалавека, як патэнцыйнага пачынальніка беларускамоўнай адукацыі Гародні 80-х гадоў ХХ стагоддзя. Болей інфармацыі потым знайшоў ва ўспамінах Міколы Таранды пра журналіста Зміцера Кісяля і яго суполку…. далей ужо былі інтэрв'ю з былымі і сённяшнімі гарадзенцамі, пацверджанне той інфармацыі, атрыманай больш за 20 гадоў назад.

…Нарэшце, 29 жніўня 2019 года пазнаёміўся з героем таго часу праз сацыяльныя сеткі і з яго сынам. За любоў да беларускай мовы і жадане на ёй вучыць сваіх дзяцей напрыканцы 80-х гадоў ХХ ст. у турму ўжо не садзілі, але ціск па інерцыі быў неверагодна моцны…

Дык хто ж быў гэты першы гарадзенец, які з годнасцю пайшоў да канца, нягледзячы на вонкавыя і ўнутраныя перашкоды, каб навучаць свайго сына на роднай мове, калі ўсіх астатніх "угаварылі" забраць заявы з фактычна створанага першага беларускага класа ў 1988 годзе ў Гародні?

Гэта быў Валеры Серафімавіч Жывалеўскі, народжаны ў Гародні ў 1961 годзе. У 2021 годзе адсвяткаваў 60-гадовы юбілей.

Што гэта была за сям'я?

Малая радзіма яго продкаў па-бацьку Гарадзенскі павет, в. Агароднікі паміж Квасоўкай, Лашай і Свіслаччу. Бацька спадара Валерыя працаваў галоўным механікам "ПМК-2", спяваў, матуля працавала старэйшай сястрой у паліклініцы № 2, вельмі любіла музыку. Спадар Валер вучыўся ў школе №15 паблізу дома, бо жыў на вул Гагарына 25. Здаецца, у гэты ж час у СШ № 15 вучыўся і будучы прафесар і доктар біялагічных навук Алесь Астроўскі, які таксама адстояў права для сваіх траіх дзяцей вучыцца па-беларуску ў Гародні з 2010 года (пасля амаль 10 гадовага перапынку ў навучанні па-беларуску ў Гародні). У Валерыя Жывалеўскага была звычайная, але творчая беларуская адукаваная сям'я, у якой Валер вырас і потым стаў прафесарам кафедры струнных музычных інструментаў, гітарыстам, кампазітарам, сёння працуе ў Менскай акадэміі музыкі. На ютубе можна азнаёміцца з відэазапісамі і вучнямі прафесара Валерыя Жывалеўскага. Спадар Валер сам творчы чалавек, піша і апрацоўвае розныя музычныя творы…

Адкуль у яго беларушчына?

…Пасля войска спадар Валер (служыў у Маскве) вырашыў размаўляць па-беларуску (па тэлефоне сп. Валер працытаваў знакамітыя радкі верша: "…Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць…"). Спадар Валер узгадаў у тэлефоннай размове таксама пра мясціны сваіх продкаў, дзе побач нарадзіліся такія асобы, як Ігнацы Масальскі, Пачобут-Адляніцкі, Яўхім Карскі, Антон Баліцкі, Апанас Цыхун. Апошняга ён ведаў асабіста. Там былі месцы беларускай духоўнай сілы. Упершыню ў ХХ стагоддзі ў гэтых мясцінах левай і правай часткі рачнога басейна Нёмана былі адкрыты ў часы БНР першыя беларускія школы. Верагодна, беларускія каштоўнасці не давалі спакою і штурхалі маладога творцу да стваральных дзеянняў. Ініцыятыва з яго слоў ад Дануты Бічэль была горача падтрымана (Данута Янаўна сваю ініцытыву не ўзгадала.) Бацькі дзяцей гэтага гуртка "Вянок" і іншых бацькоў сабралі дастаткова подпісаў для адкрыцця першага класа і напісалі заявы ў аддзел адукацыі. (Для адкрыцця ў Беларусі рускіх класаў ў гарадах подпісаў улады не патрабавалі.) Хутка адбыўся ціск на бацькоў з аддзела адукацыі, і, верагодна, савецкіх партыйна-ідэалагічных гарадскіх структур. Пужалі рознымі жыццёвымі праблемамі і кропачна знаходзілі ў падпісантаў "слабыя месцы", бацькі спалохаліся, і першы беларускі клас не быў сфармаваны.

Нягледзячы на гэты моцны ціск, самым цвёрдым застаўся Валер Жывалеўскі, які пайшоў да канца і стаў піянерам новай жыццёва важнай беларускай справы. У спадара Валерыя, відаць, "слабых месцаў" было найменш, таму 31 жніўня 1988 года ён нагадаў загадчыку адукацыі гарвыканкама пра свае канстытуцыйныя правы і падачай у суд аб немагчымасці навучання сына на роднай беларускай мове (тады падзелу на раённыя аддзелы адукацыі яшчэ не было, загадчыкам аддзела адукацыі горада на той час быў, здаецца, сп. Дудзін?, які мяне прымаў па размеркаванні пасля БДУ на працу). Аддзел адукацыі саступіў. Гэта была першая ў Гародні маленькая перамога пасля некалькіх дзясяткаў гадоў негалоснай забароны ў Гародні на навучанне па-беларуску! Звычайны лозунг для беларусаў у гарадах тады быў такі: "Хочаце па-беларуску вучыцца-едзьце ў вёску ". У вёсцы тады яшчэ дазвалялася і была магчымасць гэта зрабіць. У 2021годзе, фактычна выбару няма, бо з некалькіх дзясяткаў беларускіх школ, што існавалі да 1994 года, у 2015 годзе па афіцыйных звестках Гарадзенскага раённага аддзела адукацыі фармальна на паперы заставаліся дзве сярэднія беларускія школы на ўвесь Гарадзенскі раён…

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

Патрабаванне часу

Ад перакладчыка: артыкул надрукаваны 6 кастрычніка 1938 г. у апошнім нумары "Пшэглёнду Віленскага". У паветры ўжо лунала вайна, якую прадчуваў Антон Луцкевіч, гэты артыкул быў падсумаваннем вынікаў беларускай працы і, магчыма, апошняй перасцярогай беларускага палітыка перад падзеямі, якія адбудуцца ўжо праз 11 месяцаў.

Рознымі дарогамі ідуць урад і грамадства. Асабліва гэта датычыць беларускай справы, бо бачым мы тут уражальныя кантрасты.

У 1922 г. беларусы першы раз увайшлі ў польскія заканадаўчыя органы і зрабілі гэта ў досыць вялікай колькасці: 12 паслоў у Сойм і 3 сенатары. Здавалася, што такім чынам паўстала глеба, на якой беларускі народ здолее дайсці да якога-небудзь паразумення ў справе выпрацоўкі падмуркаў супольнага жыцця беларускага і польскага народа ў супольнай дзяржаве як з урадам, гэтак і з польскім грамадствам.

Да паразумення не дайшло. Прагаласаваўшы за кандыдата Нарутовіча, выбранцы беларускага народа прынялі чынны ўдзел у выбарах прэзідэнта рэспублікі чым адназначна занялі дзяржаўную пазіцыю і паказалі, што цалкам давяраюць польскай дэмакратыі. Але ўрад не пажадаў скарыстацца з гэтага і ўсталяваць з беларускімі парламенцкімі прадстаўнікамі нейкі мірны, разлічаны на працяглы тэрмін modus Vivendi. Адносіны з польскай дэмакратыяй таксама складваліся вельмі няроўна. Акрамя дэкларатыўнага прызнання правоў беларускага народа ў Польшчы, мы чулі дзіўныя выступы такіх асоб, як, напрыклад, пасла Нядзелкоўскага, які казаў, што ППС будзе непасрэдна размаўляць з беларускім народам праз голавы яго выбраннікаў.

Але ж трэба адзначыць, што іншыя дэмакратычныя фракцыі не былі салідарныя з лідарам ППС і шукалі шляхі да збліжэння польскага і беларускага грамадства. У Вільні група польскіх дэмакратаў-краёцаў ініцыявала стварэнне польска-беларускага таварыства. Адміністрацыйныя ўлады не дазволілі стварыць яго, адмовіўшыся зарэгістраваць статут. Гэта было перад тым, як паўстала Беларуская сялянска-работніцкая грамада.

Праз некалькі гадоў адбылася яшчэ адна спроба ўсталявання сталай лучнасці паміж беларускай і краёвай польскай дэмакратыяй. Быў напісаны праект статута таварыства з сімвалічнай назвай: "Пад знакам Пагоні". Нягледзячы на агульнае жаданне мець такую арганізацыю, зрабіць гэта не атрымалася і зноў, падобна, з-за негатыўных адносін адміністрацыйных уладаў.

Ішоў год за годам. У дзяржаўных сферах штораз выразней абазначалася негатыўнае стаўленне да права беларусаў на развіццё сваёй нацыянальнай і культуры, і грамадскіх аб'яднанняў. Беларускае школьніцтва, створанае ўласнымі высілкамі беларускага грамадства, мела раней некалькі беларускіх гімназій, але было сістэматычна ліквідаванае адміністрацыйнымі ўладамі і сёння мае некалькі дзясяткаў дзяржаўных агульнаадукацыйных школ, дзе яшчэ ў нейкай ступені вывучаецца беларуская мова і адну гімназію новага тыпу (4-х класную) - беларускі філіял дзяржаўнай гімназіі імя Адама Міцкевіча ў Вільні.

У 1936-37 гг. былі зачынены амаль што ўсе беларускія культурна-асветныя таварыствы: Таварыства беларускай школы (ТБШ) з шматлікімі лакальнымі гурткамі, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (БІГК), "Звяз", Таварыства беларускай асветы, Беларускі звяз настаўнікаў. Такі ж лёс спаткаў і нацыянальнае прадстаўніцтва беларусаў у Польшчы - Беларускі нацыянальны камітэт у Вільні.

Доступ у заканадаўчыя органы пасля рэформы выбарчай сістэмы для беларусаў быў цалкам зачынены, і ў польскім парламенце зараз няма беларускіх прадстаўнікоў. Самакіраванне для беларусаў не існуе. Перыядычная прэса амаль што цалкам ліквідавана, а існыя яшчэ месячнікі і квартальнікі часта канфіскуюцца. У адміністрацыйнай практыцы існаванне беларускай меншасці, у лепшым выпадку, ігнаруецца. Праявы нацыянальнай актыўнасці падлягаюць адміністрацыйнаму пераследу. Нават беларуская кааперацыя не можа развівацца ў гэтых варунках.

Вынікі гэтай дзяржаўнай палітыкі надзвычай выразныя. Яны фатальныя! Беларуская вёска, пазбаўленая ўласных асяродкаў культурна-асветнай працы і школы на роднай мове, год за годам дзічэе і адначасова фіксуецца сталае павелічэнне паўторнай непісьменнасці. Адначасова з-за значнага натуральнага прыросту вясковага насельніцтва, недахопу зямлі і немагчымасці набыць яе праз парцаляцыю пры адсутнасці шанцу пераехаць у горад ці эміграваць, вядзе да працэсу паўперызацыі беларускай вёскі. На гэтым тле ў беларускіх масах ўзмацняецца пачуццё нацыянальнай і сацыяльнай крыўды, пачуццё варожасці да ўсяго польскага і квітнее невядомы да гэтага часу, жывёльны беларускі нацыяналізм.

Вядучыя даследчыкі стасункаў, які існуюць на беларускіх тэрыторыях, з пэўнага часу сігналізуюць пра гэтую новую з'яву. Пра пануючыя тут ненармальныя стасункі выказаліся з парламенцкай трыбуны паслы і сенатары: Пэлчынская, ген. Жалігоўскі, Бэчкавіч. На Віленшчыне гарачыя дыскусіі на беларускія тэмы ў апошні час прайшлі ў польскіх палітычных клубах - у "Валацугах" і ў Дэмакратычным клубе. У гэтым апошнім, для ўрада быў напісаны вялікі мемарыял, у якім прапаноўвалася змяніць дзяржаўную палітыку ў адносінах да беларусаў. З прадстаўнікамі беларускага і летувіскага грамадства кантактавалі паслы і сенатары, якія ў траўні гэтага года наведалі Вільню.

Беларусы з усёй, можа, нават і небяспечнай для іх, шчырасцю інфармавалі мясцовае грамадства і парламентарыяў пра створаную на беларускай тэрыторыі - дзякуючы палітыцы польскіх уладаў - сітуацыю, якая з-за блізкасці савецкай, заўсёды практычна адчыненай мяжы, можа прывесці да небяспечнай сітуацыі. А ўслед за дакладамі і дыскусіямі, само жыццё пацвердзіла слушнасць гэтых перасцярог: успомнім толькі выпадкі ў Друі (маецца на ўвазе закрыццё кляштара марыянаў - Л. Л.) і ўзнаўленне даўно забытага партызанскага руху на Палессі.

Урад да гэтага часу, здаецца, быў глухім да перасцярог як беларускага, гэтак і польскага бакоў. З вясны, калі з'явіўся першы непакой сярод дэмакратычнай часткі польскага грамадства, мы не бачылі ніякіх прыкмет цікаўнасці да беларускай справы з боку ўрадавых сфер. Прэса прымушана і надалей маўчаць. І таму мімаволі прыходзяць смутныя і на першы погляд дзіўныя рэфлексіі: здаецца, што кіраўнікі польскай дзяржавы, з поўным разуменнем вынікаў, у адносінах да беларускага народа рэалізуюць нейкую невядомую шырокаму грамадству палітычную канцэпцыю і, відочна, вераць у яе слушнасць і патрэбнасць. Бо галасы тых, хто засцерагае, бо такія красамоўныя факты якія адбыліся ў Друі і на Палессі, не здолелі ні ў якой меры паўплываць на палітыку ўрада.

На польскім грамадстве ляжыць абавязак уздзейнічаць на ўрад. Трэба было б распачаць шырокую грамадзянскую кампанію, якая б пераканала польскае грамадства змяніць сітуацыю на гэтым магчымым у будучыні тэатры ваенных дзеянняў і паказаць беларусам, што стаўленне польскага грамадства да беларускай справы не роўнае з стаўленнем сучасных урадавых сфер.

H. B. [Луцкевіч Антон] Nakaz chwili // Pregląd Wileński. 1938. № 4-5. S. 3-5.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

Куця на хутары Банева каля Дакудава ў Лідскім павеце на мяжы 20-30 гг. ХХ ст.

Ежы Путрамант

Быў снег і мароз. Каштан дыміўся, як рота курцоў. У Мінойтах-вёсцы пяцьдзесят роўненькіх слупоў ружовага дыму. Усё, зрэшты, было ружовае: сонца толькі ўсходзіла і тое марознае. Нават снегіры, што скакалі па прыдарожных кустах не выдзяляліся. Іхняя чырвань была толькі лёгкім перабольшваннем.

Атулены ў кажух, ехаў. Бацька і словам не адазваўся на тэму маіх ганебных уцёкаў*. Размаўлялі, зрэшты, скупа: вецер з усходу, з-за Нёмана напаўняў марозам рот, як толькі яго адкрываў. З горкі Каштан патрусіў подбегам. Вецер зрабіўся нязносны, залазіў праз любые дзіркі пад кажух. Якой палёгкай быў дом!

Цёмныя сені, цёплая кухня. Маці цалуе мяне, як бы нармальна, на свята... Сёстры падскакваюць. У той "галоўнай" хаце зялёны стаяк раскалены так, што нельга дакрануцца.

Я прыехаў якраз перад куцёй. Вельмі добра, бо столькі перадсвяточных заняткаў, што можна прамаўчаць усялякія прыкрыя тэмы.

Ёлка ўжо стаяла ў той чвэртцы хаты, якая выконвала функцыі "салона". Відаць, высеклі яе недзе па-за ўчасткам: ні адной з "нашых" нельга было зачапіць. Я мусіў быў узяцца за клеенне ланцугоў (гірляндаў) з глянцавай паперы, саломы і да таго падобных традыцыйных інгрыдыентаў. Маці ў перадбанеўскі перыяд мела больш часу, колькі гадоў перад Божым Нараджэннем рабіла сама розныя, цалкам добрыя цацкі: арлекінаў, Святых Мікалаяў, страўсаў, неграў. Вечарам мы засядалі пры вялікай газавай лямпе, павешанай над сталом і браліся за работу. Некалі маці гэта рабіла для мяне і трохі без мяне - бо было пастаноўлена, што да апошняй хвілі я не павінен нічога пра тыя забаўкі ведаць Потым я быў дапушчаны да ўдзелу: рабілася без старэйшай сястры. Цяпер і яна даступілася да таго гонару. Засталася толькі малодшая. Тую ўкладвалі спаць, і толькі потым маглі мы, старэйшыя, прыступаць да паважнай работы.

Перад куцёй "дзяцей" выстаўлялі на двор, прыбіралі ёлку, і толькі потым дапускалі выгнанцаў на яе паглядзець. Гэтай шляхетнай традыцыі я не захаваў у сваёй уласнай сям'і, сын мой ад самых ранніх гадоў быў дапушчаны да ўдзелу ў ёлачнай містэрыі і таму адносіцца да яе надзвычай лёгка.

Запаленыя свечкі, халодныя агні (бянгальскія), што сыплюць іскрамі маюць сваю абыяльнасць, "іграюць" толькі на фоне газавай лямпы, у дадатак зусім патушанай. На фоне замкнёных акяніц, з-за якіх выглядаюць заснежаныя шапкі найбліжэйшых сасёнак і блакітныя зоркі марознай ночы. На фоне самога марозу, цемнаты і цішы, якія атачалі засыпаны снегам дом.

Але ёлка - на "пасля вячэры". Містэрыя пачыналася з куці.

Мы мелі ў сям'і ўсталяваны рытуал, у якім на фоне традыцыйна рэлігійным многія годы квітнелі ўстаўкі часцей чыста звычаёвыя, вузка сямейныя.

У прынцыпе стол на куцю складаўся са страў посных. Селядзец з цыбулькай, боршчык з вушкамі, шчупак фаршыраваны або смажаны, найчасцей і такі, і гэтыкі, нарэшце лазанкі (лапша ў выглядзе квадрацікаў) з цёртым макам і кампот з сушанай садавіны.

Падавалася гэта ўсё з першай зоркай. Спачатку пост быў абсалютны, ад самага ранку. З бегам часу з'явілася сціплае снеданне з гарбатай, хлебам, селядцом.

Элементам традыцыі былі не толькі стравы, але і дзейнасць, звязаная з іх прыгатаваннем. Было прынята, напрыклад, што гэта я мусіў смажыць вушкі для баршчу. Гэта быў надзвычайны прысмак: крохкае цеста і начынка з грыбоў, спачатку сушаных, потым вараных, потым прысмажаных з цыбулькай. Тады рабіліся вушкі, ставілася на вялікі агонь патэльня, давалася шмат шмальцу, калі ён даходзіў да кіпення, кідаўся тузін вушак. Іскраў было без меры, тлушч трашчаў і пырскаў агністымі кропкамі, у імгненне вока вушкі румяніліся, пераварочвалі іх на другі бок, і ўжо наступная партыя магла падаць на чорны круг патэльні.

Я прыехаў якраз на куцю. Гэта стала адной з першых прычын маёй занятасці, пэўна, каб цяжэй было дайсці да размовы пра мой правал.

Голад перамагаў. Перад змярканнем то той, то гэты выскокваў на марозны паполудзень, шукаючы зорку. Маці прынесла бярэмя сена. Паклала яго на стол, прыкрыла сурвэтай.

Вострую атаку перажывала першая страва. Селядзец з бульбай - варанай у мундзірах - і з кружкамі тонка нарэзаных бурачкоў знікаў у імгнене вока. Боршч з маімі вушкамі ішоў, як вада. Ужо смажаны шчупак дэманстраваў выразна зніжаныя тэмпы наступлення. Дэсерт у вялікай меры заставаўся некрануты. Елі яго ўсё свята, асабліва кампот.

Ёлка запалена. Соннасць. Выходзім на двор. Снег па калена, толькі сцежкі, як злучальныя равы - да брамы, да студні. Сабака Бурак, названы так насуперак салонным выдумкам, скакаў на ланцугу пры сваёй будзе. Атрымліваў большую порцыю яды і танцаваў, прадчуваючы яе загадзя. Ноч поўная, зорная, марозная, ціхая. Можа толькі цяпер прыгадваю сабе ўсю глыбіню той цішыні і яе значнасць. За шэсць кіламетраў брахалі сабакі ў Дакудаве. За дванаццаць кіламетраў ішоў цягнік у Мінойтах. Вялікія асіметрычныя шкілеты дубоў выглядалі з-за даху. Якім цёплым і блізкім станавілася святло газавай лямпы ў шчыліне акяніцы!

Пасля ішлі спаць, і сны прыходзілі дзівосныя, недалёкія ад кашмараў, якія перарываліся мармытаннем і крыкам.

Паводле Jerzy Putrament. Pol wieku. Mlodosc. Czytelnik, 1962.

Пераклад Станіслава Судніка.

* Ежы Путрамант кінуў вайсковую школу падхарунжых, куды яго адправіў вучыцца бацька, палкоўнік польскага войска, і ехаў дадому з пачуццём віны перад роднымі.

Чароўны млын" - месца перадсвяточнага настрою і беларускага духу

З 17-га па 19-га снежня ў Менску прайшла чарговая выстава-кірмаш "Чароўны млын", дзе сваю творчасць прэзентавалі майстры і дызайнеры з усяе Беларусі. Традыцыйна падчас кірмашу ладзяцца майстар-класы, сваю прадукцыю прадстаўлялі фермерскія гаспадаркі, а наведнікі і пакупнікі перадкаляднага "Чароўнага млына" шукалі тут падарункі да свята. Выбраць было з чаго: рамеснікі і майстры прапаноўвалі вырабы з дрэва і лазы, кераміку і тэкстыльныя вырабы, рэчы з выразным беларускім нацыянальным каларытам. Наталля Парахневіч, майстрыха з Браслава, прывезла на менскі кірмаш паясы, дарожкі, шарыкі з вязанымі ўзорамі на навагоднюю ялінку. На яе думку, "Чароўны млын" - гэта выдатная магчымасць набыць падарункі або сувеніры да свята, зробленыя ў рэчышчы народнай мастацкай традыцыі:

- Я лічу, што галоўныя на гэтым кірмашы не мастакі і не рамеснікі, а галоўныя менавіта наведнікі. Гэта людзі, якія здольныя ацаніць ручную працу і прыходзяць па гэтыя нашы беларускія вырабы, а не паехалі ў гандлёвы цэнтр, дзе таксама ўсё яскрава і каштуе, магчыма, крыху меней. Але гэтыя людзі прыязджаюць менавіта на "Чароўны млын".

Наталля Парахневіч адзначае, што беларускага каларыту на кірмашы-выставе магло б быць яшчэ болей, каб яе наведвалі замежныя турысты, якіх цяпер у Беларусі практычна няма. Бо майстры імкнуліся б больш шырока прадстаўляць унікальныя мясцовыя традыцыі, каб зацікавіць замежнікаў. Але і ў цяперашняй сітуацыі "Чароўны млын" паспяхова выконвае сваю функцыю: задавальняе попыт на вырабы мастакоў і расмеснікаў і стварае для наведнікаў па-сапраўднаму святочны настрой.

Паводле СМІ.

Навагодні квэст "Загадкі зімовага замка, ці Як знайсці Зюзю"

Дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту запрашаем прыняць удзел у навагоднім квэсце ў Лідскім замку. У праграме: загадкі, рухомыя гульні на дварэ, падарункі. Час праходжання квэсту - 80 хвілін.

Квэст праводзіцца з 5 снежня да 30 студзеня па суботах і нядзелях.

Кошт квітка - 10 руб.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX