Папярэдняя старонка: 2021

№ 52 (1567) 


Дадана: 29-12-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 52 (1567), 30 снежня 2021 г.

З Новым 2022 годам!

Бывай, няпросты дваццаць першы год,

Надходзь наступны, мы цябе чакаем,

Як нашы хаты, мірны наш народ,

Як замак наш, такую моцу маем.

Нас не спужаць нічым і не зламаць,

Ні страх не возьме, ні абман,

За мову будзем і тады стаяць,

Калі паляжам нават пад дзірван.

Станіслаў Суднік.

1237-мы нумар "Нашага слова", выдадзены ў Лідзе

Папа Рымскі заклікаў да дыялогу і міру

У сваім калядным пасланні Папа Францішак заклікаў да вырашэння ўсіх канфліктаў праз дыялог і да трывалага міру.

Папа Францішак сказаў, што Бог паказаў нам шлях сустрэч і дыялогу, які з'яўляецца адзіным спосабам вырашэння канфліктаў на карысць усіх.

- Здаецца, што гэта ніколі не скончыцца. Мы іх амаль не заўважаем. Мы прызвычаіліся. Нам пагражае тое, што мы перастанем чуць крыкі болю ды адчаю нашых братоў і сясцёр.

Папа Францішак згадаў Блізкі Усход, Паўночную Афрыку, Судан, Украіну і М'янму, дзе, як ён нагадаў, хрысціяне падвяргаюцца пераследу. Ён папрасіў дапамогі ў пераадоленні пандэміі, для суцяшэння хворых, жанчын, а таксама надзеі для дзяцей і моладзі, якія пацярпелі ад гвалту.

Ён заклікаў вызваліць усіх зняволеных і палітвязняў, а таксама праявіць міласэрнасць да мігрантаў і бежанцаў.

- Дзіця з Бэтлеема, зрабі так, каб найхутчэй вярнуліся дадому шматлікія ваеннапалонныя нядаўніх канфліктаў, цывільныя і вайскоўцы, а таксама зняволеныя па палітычных матывах. Не пакідай нас абыякавымі перад абліччам цяжкай сітуацыі, у якой апынуліся мігранты, бежанцы і перасяленцы. Іх вочы просяць нас не адварочвацца, не адмаўляць у чалавечнасці, якая нас аб'ядноўвае, зрабіць іх гісторыі нашымі ўласнымі і не забываць пра іх трагедыі, - сказаў Папа Францішак.

Паводле СМІ.

Таварыства беларускай мовы пакінула свой менскі офіс

Таварыства беларускай мовы развіталася са сваім офісам у Менску. Старшыня ТБМ Алена Анісім вярнула ўласніку ключы ад пустога памяшкання.

- У душы смутак ад усяго, што адбылося. Тым не менш мы верым, што ў нашых руках наша будучыня. Мы ўпэўненыя ў тым, што наш народ і родная беларуская мова вартыя лепшай долі. На гэта і накіруем свае намаганні, - піша яна ў Facebook.

8 лістапада 2021 года Таварыства беларускай мовы было ліквідавана Вярхоўным судом Беларусі.

Паводле СМІ.

Да 90-годдзя ветэрана "Адраджэння" (26.12.1931 - 5.05.2016)

Аляксандр Талерчык, краязнавец, індывідуальны прадпрымальнік, з жонкай Тамарай стваральнік Гарадзенскага ТБШ, сябар БНФ, ТБМ, сціплы і шляхетны беларус нарадзіўся 26 снежня 1931 года ў в. Парэчча Слонімскага раёна, у сялянскай сям'і. Па дакументах нарадзіўся на год пазней…

…Бацькі Аляксандра Сямёнавіча вярнуліся з высялення-бежанства (Расіі) пасля І Сусветнай вайны ў 1922 годзе. Пасля падзелу Беларусі паміж суседзямі малая бацькаўшчына стала часткай Польшчы. Сям'я цяжка працавала, плаціла падаткі, хоць і не малыя, але цярпімыя. Фактычна падатак быў адзін - грашыма. Праўда, павінны былі таксама адпрацаваць на работах па будаўніцтве дарог паміж вёскамі - шараварак. Выпівалі, па звестках Аляксандра Талерчыка ў год тры разы - на Каляды, Вялікдзень і Троіцу. Рабілі з раніцы да позняга вечара. Што датычыць беларускага нацыянальнага руху на Слонімшчыне, то ён ва ўсе часы быў даволі моцны, пры польскай адміністрацыі таксама. Беларусы дамагліся праз лісты, актывістаў і бацькоў адкрыцця беларускіх школ, але паціху польскія ўлады іх пазакрывалі. Цікава, што амаль праз 100 гадоў усё паўтарылася ізноў - закрыццё беларускіх школ, ТБШ, калі незалежную Беларусь вырашылі інтэграваць іншыя суседзі і іх мясцовыя паплечнікі, яна стала часткай т.зв. "саюзнай дзяржавы" з адной дамінантнай вялікадзяржаўнай мовай і культурай. Акрамя Беларусі, кіраўніцтва іншых рэспублік былога СССР-СНГ не хітравала, для замены роднай мовы на дзяржаўнасць рускай мовы не падманулася…

…1 верасня 1939 года, у першы дзень ІІ Святовай вайны, маленькі Аляксандр пайшоў у Парэцкую школу ў першы клас (4-х класная польская школа). З прыходам Саветаў хадзіў у Слонім, сустракаў з бацькам савецкую армію. У кастрычніку-лістападзе 1939 года прадоўжыў вучобу ў 1 класе, дзе вучылі ўжо на роднай мове, па-беларуску. Буквароў па-беларуску не хапала, было 2 ці 3 на клас (каля 20 дзяцей). Першую настаўніцу Саветы пазней арыштавалі. У былой польскай школе большасць настаўнікаў была беларусамі, таму пасля ўз'яднання Беларусі засталася тут працаваць. Пры паляках, як успамінаў Аляксандр Сямёнавіч, польскай мовы малыя дзеці не ведалі зусім, то вучыцца па-польску было вельмі цяжка, хоць настаўніца і перакладала дзецям на беларускую. За правіннасць білі лінейкай па руках, пры Саветах ужо не чапалі. Падаткі пры Саветах сталі большымі, 5-6 відаў падаткаў (натуральныя, грашовыя і адпрацовачныя). Старэйшыя людзі, якія былі ў час першай Сусветнай вайны ў высяленні-бежанстве ў Расіі, бачылі, колькі мінусаў было ў гаспадарцы Расіі ў параўнанні з Польшчай. З прыходам Саветаў, усіх вяскоўцаў трохі ўразіў выгляд і адзенне новых гаспадароў Беларусі. Жыццё было няпростае, што пры паляках, што пры рускіх саветах, пры апошніх нават цяжэй… З'явілася і першае прапагандысцкае савецкае кіно (людзі па сцяне бегалі, тлумачылі малым дзецям бацькі, што такое кіно). Недахопы эканамічнага развіцця кіраўніцтва СССР тлумачыла сялянам шкодніцтвам унутраных і замежных ворагаў і прапагандай. Малым школьнікам кіно давалі глядзець бясплатна, дзецям любое кіно падабалася.

З прыходам немцаў у 1941 годзе, у той жа школе, тыя ж настаўнікі працягвалі вучыць па-беларуску, партрэтаў Гітлера ў класе не было. Трэці клас Аляксандр закончыў у Парэччы, чацвёрты - у Слоніме, бо партызаны ў Парэччы спалілі школу і народны дом, баяліся, што немцы паліцэйскі гарнізон тут зробяць. З Парэчча ў Слонім было 7 км. Пяты клас закончыў пры Саветах (першая беларуская школа №1) у Слоніме. Спачатку ўсё было па-беларуску, а ў сярэдняй і старэйшай школе было ўжо шмат настаўнікаў з Расіі, яны мовы не ведалі і выкладалі па-руску. Паступова школа русіфікавалася. У 1950 скончыў школу, у сваім класе быў адзін з лепшых вучняў па матэматыцы. Хацеў паступаць на матэматычны факультэт БДУ, але родзіч стрыечнай сястры матываваў паступаць у Політэхнічны інстытут на самыя папулярныя тады факультэты "тэхналогія машынабудавання", ці "энергафак". Паступіў, бо добра ведаў матэматыку і іншыя прадметы, акрамя нямецкай. Студэнтамі сталі на курсе толькі 4 хлопцы з вёсак, астатнія - гарадскія. Пры Хрушчове ўсіх вясковых хлопцаў "дабраахвотна" перавялі на сельскагаспадарчы факультэт, з якога потым утварыўся Менскі сельскагаспадарчы інстытут, пазней - універсітэт. У 24 гады, пасля заканчэння ВНУ, накіравалі галоўным інжынерам у МТС (Рышчыцы) каля Слоніма. Электрычнасці там не было. Паліва было дэфіцытам, яго часта выменьвалі на гарэлку ў вайсковых савецкіх частках. Такарны станок працаваў ад фізічнай сілы двух маладых хлопцаў. Трактары былі дрэнныя, а калі пачалі паступаць нашы "Беларусы", то з імі стала нашмат менш праблемаў. Праз тры гады ажаніўся з Тамарай Васільеўнай Падковіч, якая ў 1953 г. скончыла СШ № 1 у Слоніме, потым атрымала вышэйшую адукацыю ў Менскім інстытуце замежных моў (англафак) і выкладала ў Шылавічах, каля Слоніма. У гэты ж час маладога Аляксандра Сямёнавіча запрасілі на пасаду галоўнага інжынера сельскай гаспадаркі ў Гародню. Праз нейкі час яго накіравалі на тры гады ў Карэліцкі раён, пазней вярнуўся ў Гародню працаваць у "Сельгастэхніку" на вул. Суворава, потым працаваў намеснікам кіраўніка трэста меліярацыі. З 1994 года і да 2013 Аляксандр Сямёнавіч працаваў індывідуальным прадпрымальнікам у галіне экалогіі.

Калі пачалася перабудова, за ёй прыйшла і мяккая беларусізацыя. Жонка, Тамара Васільеўна, выкладчыца нямецкай і ангельскай мовы, на пятым дзясятку гадоў скончыла яшчэ і беларускае аддзяленне філфака ГрДУ імя Я. Купалы. Любоў да роднай мовы яна захавала з дзяцінства. Гэтую любоў да мовы яна прышчапляла і іншым. Калі ў Гародні ўтварыўся клуб "Паходня" яна актыўна ўдзельнічала ў розных мерапрыемствах разам з Аляксандрам Сямёнавічам. Па традыцыі, кожны новы чалавек клуба "Паходня" павінен быў расказаць пра сябе нешта цікавае. Аляксандр Сямёнавіч расказаў пра сваё роднае Парэчча і легендарнага Міхала Валовіча, пра пана, што быў за простых мужыкоў. Тут М. Ткачоў і матываваў Аляксандра Сямёнавіча, каб ён нешта напісаў пра М. Валовіча і сваю вёску Парэчча…

Пачалася праца над кнігай, разам з ёю прыйшла любоў да беларушчыны і сапраўдная свядомасць. Быў 10-гадовы перыяд пошуку неабходных матэрыялаў у архівах. Колькі там было новага і цікавага, некранутага даследчыкамі! Сустракаўся з У. Арловым для кансультацый па напісанні кнігі, з іншымі вядомымі людзьмі. З С. Шарэцкім, з якім пасябраваў яшчэ падчас працы ў Карэліцкім раёне, калі той узначальваючы калгас і моцна крытыкаваў партыйнае раённае кіраўніцтва. У час выпадковых сустрэчаў у цэнтры горада ў яго гарэлі вочы, калі расказваў аб новых знойдзеных матэрыялах для будучай кнігі. Як гэта важна, што ён пакінуў нашчадкам кнігу пра сваю малую Радзіму - Парэчча і выбраных асобаў: пана Валовіча, настаўніка са сваёй школы, які пакінуў вялікі след, і святара са Слонімшчыны. Разам з сябрамі клуба "Паходня" Талерчыкі актыўна ўдзельнічалі ў экскурсіях, аднаўлялі беларускія святы, нацыянальныя танцы і песні, прыбіралі могілкі беларускіх грамадска-культурных дзеячоў. Аляксандр Сямёнавіч прымаў актыўны ўдзел і ў палітычным жыцці горада і краіны - перадвыбарных сустрэчах і агітацыі за дэмакратычных кандыдатаў, паседжаннях Рады БНФ "Адраджэнне". Разам з А. Пяткевічам ён уваходзіў у склад абласной выбарчай камісіі ад дэмакратычных сіл па выбарах першага Прэзідэнта Беларусі ў 1994 г. За выкрыццё фальшу ў час выбараў яго выключылі са складу выбарчай камісіі. Аляксандр Талерчык стаў фундатарам па ўсталяванні помніка на беразе Шчары свайму славутаму земляку М. Валовічу, які хацеў вызваліць сялян ад прыгнёту і які загінуў у Гародні (р-н пр. Касманаўтаў і вул. Парахавой) на шыбеніцы 2 жніўня 1833 г. Аляксандр Талерчык спрабаваў актывізаваць праваслаўных сяброў часцей наведваць службу па-беларуску ў гарадзенскім саборы Усіх Беларускіх Святых на праспекце Янкі Купалы. Удзельнік шматлікіх культурна-асветных мерапрыемстваў. Раней, у 1996г Аляксандр Сямёнавіч разам з іншымі гарадзенцамі прымаў удзел у дэманстрацыі ў Менску, калі дэмакратыя канчаткова саступіла месца дыктатуры, быў моцна збіты міліцыяй, тады было збіта шмат гарадзенцаў. Моцна збілі і Рыгора Фарманяна, якога з разбітай перабінтаванай галавой і акрываўленай кашуляй перад натоўпам міліцыі паказалі ўсе буйнейшыя тэлеканалы свету. Армянін, сябра ТБМ і БНФ Рыгор Фарманян памёр некалькі гадоў назад, пахаваны ў Скідзелі. У цяжкі перыяд культурнага адраджэння краіны і наступу савецкай імперыі супраць роднай мовы сям'я Талерчыкаў мужна ўзяла на сябе адказнасць у папулярызацыі беларускай адукацыі ў Гародні, Тамара Талерчык разам з Аляксандрам Сямёнавічам праявілі незвычайны патрыятызм і любоў да роднай мовы, калі вырашылі аб'яднаць неабыякавых гарадзенскіх настаўнікаў і выкладчыкаў ВНУ, каб стрымаць працэс русіфікацыі беларускіх гарадзенскіх школ. Было створана ТБШ, абрана кіраўніцтва. Кіраўніком стаў А. Мілінкевіч. Намеснікам па Ленінскім раёне стала Т. Талерчык. Кастрычніцкі раён даверылі аўтару гэтых радкоў. Ішла шматгадовая праца з бацькамі, школьнікамі, чыноўнікамі, дэмакратамі, яна працягвалася да самага скасавання ТБШ і ТБМ… У 2012 годзе адышла ў лепшы свет Тамара Васільеўна, але распачатая Талерчыкамі справа ТБШ жыве ў сэрцах сяброў ТБМ.

5 траўня 2016 г. перастала біцца сэрца Аляксандра Сямёнавіча, ён моцна быў звязаны са сваёй другой паловай - Тамарай Васільеўнай, якой яму не ставала апошнія гады. Сімвалічна, сужэнцы Талерчыкі жылі і пакінулі свой апошні зямны шлях з вуліцы Кастуся Каліноўскага, дом знаходзіўся побач з гасцініцай "Беларусь". Яны разам пражылі доўгае жыццё, цяжка перажывалі трагічную страту сына, дапамагалі дзецям і ўнукам. Працавітасць і дабрыня, шчырасць і тактоўнасць, павага да бліжняга і надзейнасць - тыя рысы, якія яны мелі для доўгатэрміновых сямейных адносін.

Але, бадай, самае важнае ў сям'і Талерчыкаў гэта тое, што яны былі аднадумцамі ў любові да мовы і краіны, да культуры і гісторыі, да тых трагічных падзей, што адбыліся на гістарычным пераломе Беларусі ў сярэдзіне 90-х. Адышоўшы ў вечнасць, яны пакінулі аб сабе толькі самыя светлыя пачуцці і ўспаміны. Унучка Наста працягвае распачатую справу Аляксандрам Сямёнавічам Талерчыкам у галіне экалогіі, добра валодае беларускай мовай. Ветэраны "Адраджэння" Аляксандр Сямёнавіч разам з Тамарай Васільеўнай Талерчык вартыя таго, каб памяць пра іх была ўшанавана на ганаровых шыльдах і ў тапаніміцы Гародні і Слоніма.

Алесь Крой.

З любоўю да Купалаўскай бібліятэкі

25 снежня споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння Уладзіславы Францаўны Луцэвіч, жонкі Янкі Купалы і першага дырэктара прысвечанага яму музея ў Менску, ініцыятара музеефікацыі Вязынкі, Ляўкоў, ушанавання памяці паэта на Беларусі і ў замежжы.

Уладка, цёця Уладзя, Уладзіслава Францаўна, Купаліха - так яе называлі пры жыцці. А яшчэ Уладзіслава Францаўна вельмі любіла вёску Вялікая Кракотка на Слонімшчыне. Справа ў тым, што ў вёсцы Вялікая Кракотка ў 1927 годзе пры гуртку Таварыства беларускай школы (ТБШ) вясковая моладзь заснавала бібліятэку-чытальню, якую назвалі імем народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Гэта была першая ўстанова культуры рэспублікі, якой было нададзена імя песняра беларускага народа.

Вялікую дапамогу ў рабоце бібліятэкі аказала менавіта жонка Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. Жывучы ў Менску, цёця Уладзя амаль кожны месяц прысылала ў бібліятэку пісьмы, бандэролі і пасылкі з кнігамі і альбомамі. У 1951 годзе Уладзіслава Францаўна ўпершыню наведала Вялікую Кракотку, а ў 1957 годзе прымала ўдзел у святкаванні 30-годдзя бібліятэкі. Сустрэчы з гэтай жанчынай былы дырэктар Вялікакракоцкай сельскай бібліятэкі імя Янкі Купалы Аляксандр Жыткевіч (у 1999 годзе яго не стала) заўсёды ўспамінаў з вялікім хваляваннем, радасцю і цеплынёй. Яна была вельмі задаволена, што бібліятэка на Слонімшчыне носіць імя Янкі Купалы. Дзякуючы цёці Уладзі, для бібліятэкі прыслалі свае кнігі з аўтографамі Міхась Лынькоў, Аркадзь Куляшоў, Андрэй Макаёнак і многія іншыя дзеячы нацыянальнай літаратуры.

Купалаўская бібліятэка ў вёсцы Вялікая Кракотка праіснавала 80 гадоў. Яна перажыла ўсе войны і рэпрэсіі, а вось сённяшні час, на вялікі жаль, перажыць не змагла. Яе закрылі ў 2007 годзе, а сёлета ліквідавалі і сам будынак бібліятэкі. Калі б сёння жыла Уладзіслава Францаўна, то, мажліва, гэтага не здарылася б.

Сяргей ЧЫГРЫН. На здымку: Уладзіслава Францаўна выступае на 30-годдзі Вялікакракоцкай бібліятэкі, 1957 г.

Аддалі пашану Адаму Міцкевічу ад імя ўсяго народа

24 снежня ў дзень Вігіліі Божага Нараджэння ў бібліятэцы імя А. Міцкевіча адбылася канферэнцыя на чале з ксяндзом-пробашчам Уладзіславам Завальнюком, у якой узялі ўдзел прадстаўнікі Беларускага фонда культуры, выкладчыкі БДУ, вядомыя літуратуразнаўцы, філолагі і перакладчыкі, знаўцы творчасці слыннага беларуска-польскага паэта, які пакінуў яркі след у еўрапейскай літаратуры.

- 14 гадоў запар прадстаўнікі каталіцкага духавенства, творчай інтэлегенцыі і моладзі збіраліся ў скверы каля помніка Адаму Міцкевічу ў гэты зімовы дзень, каб узгадаць пра духоўную місію паэта, успомніць шляхі яго падарожжаў, прадэкламаваць яго вершы, - прамовіў ксёндз-пробашч Уладзіслаў Завальнюк. - Сёння ў гэты дзень мы са святарамі пайшлі да помніка са знічкамі, памаліліся за Адама Міцкевіча і ўсіх яго памерлых родзічаў, аддалі яму пашану ад імя ўсяго народа. Мы працягваем нашае духоўнае разважанне пра гэтую адораную асобу ў нашай бібліятэцы, якая носіць яго імя. Бібліятэка пры Чырвоным Касцёле існуе з 1908 года, ёй апекавалася сястра Эдварда Вайніловіча. Пры бібліятэцы і сёння ідзе бурлівае гістарычнае і культурнае жыццё. У 24 гады Адам Міцкевіч быў вымушаны пакінуць Бацькаўшчыну і больш не вярнуўся на Радзіму, але ўславіў родныя мясціны ў сваіх паэмах. Няхай зорка Адама Міцкевіча ззяе на Вігілію і Божае Нараджэнне, няхай яна зіхаціць не толькі для Беларусі, а для ўсіх народаў! - прамовіў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк.

- Выдатна, што традыцыі, якія захоўваюцца ў касцёле, актывізуюць людзей да дзейнасці, - адзначыў старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі.

Выступленні прадоўжыў Анатоль Іванавіч Бутэвіч, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры.

- Талент належыць не толькі той зямлі, дзе ён нарадзіўся, але і сусветнай супольнасці. Мне давялося быць у Парыжы і бачыць помнік Адаму Міцкевічу, дзе яго таксама шануюць. Загадваючы кафедрай славянскай літаратуры ў Парыжы, ён імкнуўся данесці думку пра тое, што было зроблена ў галіне літаратуры і культуры беларусамі. Прыклад Адама Міцкевіча паказвае, што мы з'яўляемся сапраўднай еўрапейскай нацыяй па сваёй сутнасці.

- Адам Міцкевіч уславіў і сакралізаваў нашу зямлю, - адзначыла літаратуразнаўца, перакладчыца і паэтэса, кандыдат філалагічных навук Ірына Багдановіч.- Ён быў вельмі адоранай ад Бога асобай і адгукнуўся на покліч з вышыняў усёй сваёй творчасцю.

З прамовамі таксама выступілі дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа кандыдат філалагічных навук Ігар Лявонавіч Капылоў і дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, доктар філалагічных навук Іван Саверчанка.

Спадар Ігар Капылоў пажадаў усім, каб людзі на Беларусі жылі ў згодзе і шанаванні Божых і чалавечых запаветаў, каб захоўвалі родную мову, як базавую каштоўнасць беларусаў.

Кіраўніца цэтра "Пілігрым", які дзейнічае ўжо 30 гадоў пры Чырвоным касцёле, Ала Гля-цэвіч распавяла пра пілігрымкі па мясцінах, звязаных з жыццём Адама Міцкевіча ў Наваградку і Завоссі, акрэсліла яго вандроўныя шляхі ў Вільні, Коўні, Пецярбургу, Варшаве, Лазане, Бруселі, Парыжы, Канстанцінопалі.

Напрыканцы імпрэзы ксёндз-пробашч Уладзіслаў Завальнюк пажадаў, каб у вернікаў у душах палымнеў і зіхацеў агенчык веры, каб бацькі і дзяды перадавалі дзецям і ўнукам дух веры, каб сем'і аб'ядноўваліся ў духу любові і прабачэння.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

АСВЕТЛЕНЫЯ ЗОРКАЙ МАКСІМА

Гарыць сёння ў нашых удзячных сэрцах нязгасная зорка Максіма. Яна асвятляе нам шляхі да ўзвелічэння (за што ён усё жыццё змагаўся) роднай краіны, мовы і літаратуры... да духоўнага ўзвышэння саміх сябе.

Уладзімір Барысенка.

Сёння кожны неабыякавы да беларускай культуры чалавек па-свойму ўшаноўвае імя нашага класіка, яго паэзію, кожны можа знайсці ў ёй тое, што так неабходна, каб узбагаціцца душой, узвысіцца...

Максім Багдановіч займае асаблівае месца ў творчым жыцці Хрысціны Лямбовіч, народнага майстра па ткацтве Валожынскіх паясоў, кіраўніка дзіцячага калектыва "Жаронцы" пры Ракаўскім цэнтры народнай творчасці. А пачалося, як сказала спадарыня Хрысціна, яшчэ ў дзяцінстве, калі старэйшая сястра падаравала кніжачку, паэму М. Багдановіча "Мушка-зелянушка і камарык-насаты тварык". Выданне было аздоблена прыгожымі, яркімі ілюстрацыямі, якія трымаюцца ў памяці і па сёння. Гісторыя, апісаная ў паэме, глыбока запала ў дзіцячую ўражлівую душу. Усё там нагадвала сапраўдны луг з рачулкай Сівічанкай, які рассцілаўся адразу за бацькоўскай хатай, у вёсачцы Пілюжына, што на Валожыншчыне, са стракатым дываном пахучых кветак, з зумканнем пчолак, чмялёў, мушак... І настолькі ўсё выразна ўяўлялася, што захацелася некаторыя дзеі, апісаныя ў паэме, адлюстраваць у рэальнасці, захацелася пагуляць, і гуляла - спраўляла пахаванне камара, чым і заканчваецца паэма. (Дарэчы заўважыць, гэтая традыцыйная абрадавая дзіцячая гульня, якая апісана М. Багдановічам у паэме, называецца "Пахаванне камара", была распаўсюджана ў некаторых рэгіёнах Беларусі. І сапраўды, лішні раз пераконваешся ў справядлівасці слоў: "Чытайце класіку!")

Потым ішло дарослае жыццё... І калі Хрысціна Станіславаўна арганізавала тэатральны гурток, і калі надыходзіла дата святкавання 125-годдзя (2016 г.) з дня нараджэння класіка, і думалася-гадалася, як жа найлепшым чынам ушанаваць памяць вялікага паэта, тады і ўсплылі дарагія сэрцу ўспаміны аб дзіцячых уражаннях ад сустрэчы з багдановічаўскай "мушкай-зелянушкай..." Тады і было вырашана паставіць з гурткоўцамі лялечны спектакль па паэме М. Багдановіча "Мушка-зелянушка і камарык-насаты тварык". Ну, і справа закруцілася-завярцелася, пачалася актыўная падрыхтоўка: праца над вобразамі паэмы, яе тэкстам, стварэннем лялек. Строі для іх шыла сама Хрысціна Станіславаўна (вось жа як спатрэбіліся навыкі шыцця, атрыманыя ад маці і ў швейнай вучэльні!). Рабіліся дэкарацыі, затым падбіраліся акторы, размяркоўваліся ролі, пачаліся рэпетыцыі. Адным словам, так узнік шырмавы тэатр лялек на трасцінах. А потым пачаліся так жаданыя паказы спектакля: спачатку паказвалі ў сябе, у ЦНТ, на фэсце керамікі "Таракот", на свяце сям'і, у Валожынскім краязнаўчым музеі, "Мушка..." заляцела і ва ўніверсітэт імя М. Танка, і ў Палац мастацтваў на фестываль "Радасць", які ладзіў Свята-Елізавецінскі манастыр, і інш.

У гэтым жа годзе, рыхтуючыся ўжо да 130-ай гадавіны з дня нараджэння М. Багдановіча, тэатр расшырыў і ўзбагаціў сваю дзейнасць: адбылася рэканструкцыя лялек, абнавіліся дэкарацыі, паказы спектакля пачалі адбывацца ў суправаджэнні жывой музыкі, спеваў, сталі актыўнымі ўдзельнікамі розных выстаў, экскурсій, майстар-класаў, конкурсаў. Для прыкладу назаву самыя значныя: удзел у выставе батлеечных тэатраў "Традыцыі і сучаснасць", якую ладзіў музей-гасцёўня У. Галубка г. Менска;

18 лістапада паказ спектакля адбыўся перад дэлегатамі акцыі "Беларусы свету";

4 снежня гурткоўцы былі запрошаны ў госці са сваёй "Мушкай..." у музей "Беларуская хатка", дзе аўтар дзіцячай паэмы нейкі час пражываў падчас наведвання ім Беларусі; выступалі і перад турыстамі з Асіповічаў...;

11снежня гурток "Жаронцы" прымаў актыўны ўдзел у мерапрыемстве "Зорка Венера ўзышла над зямлёю", што ладзіў Ракаўскі цэнтр народнай творчасці. Дарэчы заўважыць, што на свята, прысвечанае М. Багдановічу, прыехалі вельмі паважаныя госці: стваральнік, кіраўнік народнага батлеечнага тэтра "Капялюш" з Наваполацка Андрэй Рэцікаў, які прэзентаваў традыцыйныя батлеечныя інтэрмедыі; з цёплым прывітальным словам выступіла Таццяна Лабада, загадчыца музея "Беларуская хатка"; залу ажывіла, асабліва самых маленькіх ракаўцаў, з'яўленне Маляваныча - акцёра тэатра і кіно Аляксандра Ждановіча, які падрыхтаваў цікавую прэзентацыю на тэму М. Багдановіча, зачароўваўючы ўсіх вытанчанай прафесійнай ігрой, узнёслым мастацкім словам, таямнічымі казкамі-аповедамі.

Важнай падзеяй для гуртка "Жаронцы" стаў удзел у рэспубліканскіх конкурсах (Магілёў, Гомель), у IV Міжнародным шматжанравым фестывалі "Белавежская зорка" (Берасце), на якім прэзентавалі свой любімы спектакль "Мушка-зелянушка і камарык-насаты тварык". У фестывалі бралі ўдзел многія салісты, творчыя калектывы, музыканты, мастакі і тэатралы з усіх абласцей рэспублікі, краін блізкага і далёкага замежжа. Па вядомых прычынах конкурсы адбываліся ў фармаце анлайн. Парадуемся за канкурсантаў - ва ўсіх трох конкурсах выйшлі пераможцамі: тры першыя месцы (!), а кіраўнік быў адзначаны Падзякай за асабісты ўклад у культурнае, маральнае і эстэтычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Асаблівыя эмоцыі і ўцеху пераможцы атрымалі, калі кожнаму ўдзельніку былі ўручаны па тры Дыпломы I ступені самім Маляванычам падчас свята ў Ракаўскім ЦНТ.

Хочацца заўважыць, што такія поспехі былі дасягнуты, толькі дзякуючы працаздольнасці і старанню саміх актораў, мэтанакіраванай працы кіраўніка Лямбовіч Хрысціны, яе любові да дзяцей і той справы, якой займаецца, а таксама падтрымцы бацькоў і дапамозе настаўніцы Ракаўскай СШ Настассі Іванаўны Васілеўскай.

Цяпло Максімай зоркі сагравае, атуляе, асвячае ўсім шлях і кожнага вядзе да духоўнага ўзвышэння...

Людвіка Таўгень.

Сын двух народаў, адораны незвычайным талентам

22 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы адбыўся круглы стол "Кнігі і людзі", прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння вядомага літаратуразнаўца, выхадца з Капыльшчыны Сцяпана Хусейнавіча Александровіча (1921-1986).

У працы круглага стала ўзялі ўдзел выкладчыкі і студэнты філфака БДУ, спецыялісты Інстытыта літаратуразнаўства НАН Беларусі, бібліёграфы, прадстаўнікі татарскага этнасу і мусульманскія духоўныя асобы.

Загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры філфака БДУ, доктар філалагічных навук, пісьменнік Алесь Бельскі выступіў з успамінамі пра Сцяпана Александровіча, узгадаў яго няпросты жыццёвы шлях, яго нараджэнне ў татарскай сям'і гарбара, факты яго знаходжання ў палоне ў час Вялікай Айчыннай вайны, дзейнасць у партызанскім атрадзе ў Капыльскім раёне. С. Александровіч паступіў на філфак БДУ у 1939 годзе і скончыў яго завочна пасля вайны ў 1950-тым.

- Сцяпан Александровіч быў славутым прафесарам і гонарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, - падкрэсліў А. Бельскі. - Ён быў адораным лектарам, папулярызатарам спадчыны Ф. Скарыны, Ф. Багушэвіча, Я. Коласа, Я. Купалы, Ц. Гартнага і іншых.

Пра сваяцкія сувязі з даследчыкам распавёў муфцій рэспубліканскага аб'яднання мусульман Алі Ізмаілавіч Варановіч.

Дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры філфака БДУ Ігар Запрудскі назваў С. Александровіча Шліманам (першаадкрывальнікам) беларускай літаратуры ХIХ стагоддзя, і акрэсліў праблемы, звязаныя з неабходнасцю даасэнсавання яго навуковай спадчыны.

Кастусь Аляксеевіч Цвірка распавёў пра выданне твораў С. Александровіча ў серыі "Беларускі кнігазбор", а выдавец Язэп Янушкевіч узгадаў свой артыкул "Ружы настаўніку", які ён прысвяціў свайму былому выкладчыку.

Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша ўзгадаў, што знаёмства з дзейнасцю Сцяпана Александровіча пачалося ў яго з бібліятэкі яго маці, якая навучалася на філфаку БДУ і была асабіста знаёмая са Сцяпанам Хусейнавічам.

Загадчык навукова-даследчага аддзела бібліяграфіі Ірына Градоўкіна паведаміла пра знаходжанне звестак пра С. Х. Александровіча ў зводных электронных каталогах Нацыянальнай бібліятэкі і ў рэсурсе "Беларусь у асобах і падзеях". Бібліятэкар з Капыля распавяла пра ўшанаванне памяці славутага літаратурнага даследчыка на яго малой Радзіме.

Кіраўнік апарата муфціята Мусульманскага рэлігійнага аб'яднання ў Беларусі Максат Авезаў распавёў пра працу менскай мячэці ў накірунку захавання кніжнай спадчыны літаратара. У працы круглага стала таксама ўдзельнічаў даследчык кітабаў Міхаіл Тарэлка.

Таццяна Анатольеўна Лаўрык і Вольга Аляксандраўна Шугаева пазнаёмілі з выставаў кніг і артыкулаў ды публікацый пра С. Александровіча ў зале беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі. На выставе прадстаўлены выданні "Далёкія зарніцы" (1967), " Кнігі і людзі" (1976), "Тут зямля такая" (1985), "Пуцявіны роднага слова" (1971), "Словабагацце" (1981) і інш.

Літаратуразнаўчыя, краязнаўчыя і крытычныя публікацыі С. Александровіча прыцягвалі да сябе ўвагу простым, дакладным стылем, акадэмічна спакойным выказваннем думкі, паслядоўнасцю поглядаў і падыходаў. Як падкрэсліў Ігар Запрудскі, С. Александровіч быў паспяховым, плённым і шчаслівым даследчыкам, шмат ездзіў па Беларусі, Польшчы,Чэхіі, працаваў у архівах.

Глыбокае адчуванне прыгажосці і паўнаты жыцця, далучанасць да лепшых здзяйсненняў чалавечага генія дапамагала даследчыку тварыць з мастацкай дасканаласцю і завершанасцю.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

СУСТРЭЧА НА БУДУЧЫНЮ

Менавіта так можна вызначыць форму мерапрыемства, праведзенага на мінулым тыдні ў Нясвіжскім раённым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Прысвячалася яна паэту Івану Гурбану. Краязнавец Наталля Плакса, якая рыхтавала і праводзіла сустрэчу, так тлумачыць абраную тэму і форму:

- У наступным годзе спаўняецца 100 гадоў ад нараджэння паэта з нясвіжскіх Юшавіч. Ён нарадзіўся ў траўні. У гэтым жа месяцы на 77-м годзе пайшоў з жыцця. 100 гадоў - падзея, дата! І сустрэць яе трэба годна. Лічу, што ў траўні 2022 позна ўжо будзе вывучаць паэтаву біяграфію, творчасць, калі паважаем і сябе, і юбіляра. Патрэбна ўсвядомлена, з веданнем падысці да гэтай падзеі.

Падчас сустрэчы прысутныя пачулі нямала цікавага з жыцця Івана Гурбана:

- Да вайны закончыў 7 класаў польскай школы. Настаўнікам яго пэўны час быў паэт і перакладчык Пятро Бітэль.

- У жніўні 1944 грузіў авіябомбы ў Баранавічах. Пасля накіраваны ў Растоўскую вобласць на аднаўленне вугальных шахтаў. Перахварэў там на тыф, 21 дзень праляжаўшы ў непрытомнасці, цудам выжыў.

- Быў вельмі набожным.

- Пасля вайны працаваў краўцом, паляводам, загадчыкам магазіна, будаўніком, рабочым-меліяратарам. У 1964-66 гадах узначальваў Юшавіцкі сельсавет. Але загадалі спілаваць крыж на вясковай царкве. Адмовіўся - і са старшынёўствам развітаўся.

- Закончыў Маскоўскія завочныя ўліковыя курсы і ў 50-гадовым узросце завочную школу ў Нясвіжы.

- Першы верш апублікаваў у часопісе "Работніца і сялянка" (1949 г.) Друкаваўся ў раёнцы, газетах "Звязда", "Мінская праўда", "Сельская газета", "Піянер Беларусі", часопісах "Маладосць", "Полымя", "Вожык", "Вясёлка", "Бярозка". Выдаў зборнікі вершаў для дарослых і дзяцей.

- У 1994 годзе прыняты ў СП. Памёр 1 траўня 1999 г.

Даведаліся ўдзельнікі сустрэчы пра адметнасць і асаблівасці паэзіі Івана Гурбана, паслухалі лепшыя вершы ды атрымалі ў падарунак пад Новы год яго зборнік "Паэт". Наталля Плакса падаравала яшчэ адну кніжку, якую ўпадабалі наведвальнікі ўстановы. Гэта сказ Станіслава Судніка "Пілігрымка дадому". Прагучала прапанова заснаваць ва ўстанове невялікую бібліятэчку-палічку твораў нясвіжскіх літаратараў, раз столькі тут ахвочых і цікаўных да краязнаўства. А ў юбілейны паэтаў дзень правесці конкурс на лепшага чытальніка яго вершаў: раяць жа дактары і ў "залатым" узросце трэніраваць памяць. Вось і будзе два ў адным. Ды ці толькі два!

Ларыса Ратомская, Нясвіж.

Асабліва ўпадабаныя падчас сустрэчы вершы Івана Гурбана прапануюцца для знаёмства чытачам "Нашага слова".

Гляджу я,

У хаце світае -

Малітваю дзень пачынаю.

На голаў тры пальцы кладу і малюся,

Каб злы чалавек не стаяў над душой,

Каб розум адпрэчваў зямныя спакусы,

І я не зайздросціў удачы чужой.

На сэрца тры пальцы кладу і малюся,

Каб здзейсніць усё, што задумана змог,

Каб дома, на полі жытнёвым і ў лузе

Спрыялі мне добрыя людзі і Бог.

Малітваю дзень пачынаю -

І буду шчаслівы,

Я знаю.

МЯНУШКІ

Быў час галечы…

Між нас, вясковых,

Сёй-той калечыў

Матчыну мову:

Чужых без густу

Браў слоў патроху,

Нібы з капустай

Зварыў гароху.

Дзяцюк палячыў

Ў гамонцы: "Жэбы" -

Яму ў аддачу

Ўсклікалі: "Жэбік!"

Другі меў звычку

Браць слова "клутнік",

Такому клічку

Давалі Блуднік.

Дзядок-старэча

"Цурук" нямчурыў -

Яго дарэчы

Празвалі Дурань.

Быў царскі служка,

Русачыў: "Тоже".

Яго мянушкай

Празвалі Тожык.

Старэлі хаткі

Пад небам сінім,

Мянушку таткі

Давалі сыну.

Мянушку дзеда

Давалі ўнуку,

Каб кожны ведаў

Дакор-навуку:

Хто пустадумна

Скажае мову,

Таго мянушкай

Б'юць, як вымовай!

Фотавыстава на самым высокім паверсе

На дваццаць другім паверсе Нацыянальнай бібліятэкі, у адной з самых узвышаных кропак нашай краіны, адбылося адкрыццё фотавыставы "Зялёны позірк" вядомага фотамайстра, кіраўніка выдавецтва "Рыфтур" Сяргея Плыткевіча і яго сяброў Наталлі і Сяргея Марозавых, а таксама Дзмітрыя Гурыновіча.

У цэнтры ўвагі арганізатараў выставы - маляўнічы кавалак нашай зямлі, Гарадзенская пушча. Унікальная прырода гэтых месцаў захавалася, дзякуючы яе памежнаму месцазнаходжанню. У часы Савецкага Саюза гэта быў закрыты куток для наведвальнікаў. Калі адрэстаўравалі Аўгустоўскі канал, з'явілася развітая інфраструктура і месца стала прыцягальным для турыстаў.

На адкрыцці выставы выступіў намеснік старшыні Гарадзенскага абласнога аддзялення Рэспубліканскага турыстычна-спартыўнага саюза Сяргей Іванавіч Каляда. Ініцыятыва Сяргея Іванавіча, звязаная з праектам, атрымала развіццё.

Госці адзначылі навізну і свежасць погляду на прыроду, высокую мастацкую якасць фотаздымкаў, замілаванне прасторамі пушчы. Тут сярод прыгожых краявідаў можна яшчэ ярчэй адчуць зімовы подых, пабачыць унікальныя выявы птушак і звяроў.

Гэта ўжо не першая выстава Сяргей Плыткевіча ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, некалькі гадоў таму яго працы дэманстраваліся ў галерэі "Панарама".

Cяргей Міхайлавіч Плыткевіч - дырэктар Рэспубліканскага фонду развіцця турызму і падтрымкі дзікай прыроды "Планета без межаў", заснавальнік і дырэктар выдавецтва "Рыфтур", стваральнік сайта "Планета Беларусь". Яго называюць "адным з самых аўтарытэтных спецыялістаў у галіне турызму", "мэтрам беларускай фатаграфіі" і "жывым класікам фотаанімалістыкі".

Выпускнікі журфака БДУ ганарацца сваім таленавітым аднакурснікам, які шчыра любіць нашу краіну, здымае цудоўную некранутую прыроду, заахвочвае да турыстычных вандровак, да заплываў на байдарках і пешых паходаў. Не ведаючы стомы, ён кожны тыдзень адпраўляецца ў дарогу, падымаецца на квадракоптары, каб узяць у аб'ектыў рачулкі, выспы, птушак і звяроў.

Ён бачыць Беларусь з Вышыні такой, якой яе стварыў і бачыць Бог.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Куцця ў Германіі

Навіны Германіі

Куцця (Heilige Abend - "Хайліге Абэнд") - пярэдадзень Каляд. Хоць гэты дзень не з'яўляецца святам, многія крамы адчынены ўсяго да 14 гадзін, а людзі ўспрымаюць гэты дзень як выходны. У Германіі ён іграе важную ролю ў калядных імпрэзах. 24 снежня - дзень падрыхтоўкі да Каляд.

ТРАДЫЦЫЯ КАЛЯДНАЙ ЁЛКІ

У той час як гаспадыня турбуецца пра хуткі калядны абед, задача бацькі, як правіла, разам з дзецьмі паставіць і ўпрыгожыць ёлку - Weihnachtsbaumes ("Вайнахтсбаўмес" - "Каляднае дрэва"). Гэта традыцыя ўзыходзіць да 17-га стагоддзя. Вечназялёныя елкі - знак доўгага жыцця і надзеі. У 18 стагоддзі звычай ставіць на Каляды гэтае дрэва распаўсюдзіўся ў дамы сярэдняга класа.

КАЛЯДНЫЯ УПРЫГОЖВАННІ

Упрыгожваць ёлку - гэта першапачаткова чыста нямецкі звычай. Раней яна традыцыйна ўпрыгожвалася зімовымі яблыкамі і цукеркамі. Пазней ёлку ўпрыгожвалі пазалочанай садавіной і пасярэбранымі шклянымі шарыкамі. Традыцыйныя колеры шароў - чырвоны, залаты і срэбны. Сёння ёлку ўпрыгожваюць на свой густ свечкамі (звычайна электрычнымі ў мэтах пажарнай бяспекі), мішурой, "дожджыкам" (срэбныя ці залатыя тонкія бліскучыя палоскі), зоркамі, драўлянымі цацкамі, шакаладкамі. Творчасць у вобласці калядных упрыгожванняў (Weihnachtsschmuck - "Вайнахтс-шмюк") не ведае межаў.

БАТЛЕЙКА

Пасля таго, як навагодняя ёлка ўпрыгожана, пад ёй змяшчаецца батлейка - Krippe ("Крыпе"). Як правіла, яна робіцца з дрэва і ўяўляе сабою змадэляваную сцэну з нованароджаным немаўлём Ісусам, яго бацькамі, пастырамі і жывёламі. У Германіі батлейка змяняецца даволі часта, практычна кожны год на калядным кірмашы купляецца новы.

ДЗІЦЯЧАЯ ІМША

У другой палове дня ў цэрквах праходзіць дзіцячая Калядная служба - Kinderweihnachtsgottes-dienst ("Кіндарвайнахтсготэс-дынст"). У святочна ўпрыгожанай царкве з каляднай ёлкай і вялікай батлейкай чытаецца гісторыя Божага Нараджэння. Акрамя таго, пры свечках спяваюцца калядкі, што наладжвае на каляднае свята. Гэтую прыгожую імшу часта наведваюць дарослыя, якія не могуць ці не жадаюць ісці на начную Калядную службу (Christmette - "Крыстметэ").

НАВЕДВАННЕ МОГІЛАК

Пасля правядзення дзіцячай імшы, сем'і, як правіла, ідуць на могілкі і наведваюць магілы памерлых сваякоў. Часта запальваюцца свечкі ў выглядзе маленькіх ёлак. Усе знаёмыя, якія сустракаюцца на дарозе, жадаюць шчаслівых Каляд: schеnes Weihnachtsfest ("шэнес Вайнахтсфэст"). Некаторыя спяваюць песні і граюць на флейце.

ЕЖА

Пасля наведвання могілак, немцы ідуць дахаты вячэраць. 50 гадоў назад ежа ў пярэдадзень Каляд рыхтавалася з улікам паста. Было або пару рыбных страў ці салата з салёнага селядца з бульбай, або суп. Толькі пасля Каляднай імшы можна было дазволіць сасіскі з квашанай капустай (Bratwurste mit Sauerkraut - "Братвюрстэ міт саўеркраўт"). Сёння няма ніводнага фіксаванага правіла для вячэры на Куццю. Для сем'яў з дзецьмі ў якасці хуткага перакусу служаць сасіскі з бульбяной салатай ці квашаная капуста і бульбяное пюрэ. У бяздзетных сем'ях часта падчас ежы падаюць глінтвейн (Gluhwein - "Глювайн").

КАЛЯДНАЯ ГІСТОРЫЯ

Пасля вячэры ў шматлікіх сем'ях чытаюць гісторыю Божага Нараджэння - Weihnachtsgeschichte. Яна распавядае пра тое, як Юзаф і яго жонка Марыя знайшлі сховішча ўначы ў Віфлееме. Марыя нарадзіла сына Ісуса і паклала яго, загорнутага ў пялёнкі, у батлейку. Анёл абвясціў пастухам, што тут нарадзіўся Сын Божы. І яны спяшаліся зірнуць на нованароджанага.

КАЛЯДКІ

Пасля каляднай гісторыі ў сем'ях спяваюць калядкі (Weihnachtslieder - "Вайнахтслідар"), і, хто можа граць на музычных інструментах, прайграваюе музыку на іх. Акрамя таго, часта грае кампакт-дыск з калядкамі. Найстаражытныя германскія калядныя песні адносяцца да 11-14 стагоддзяў. Папулярныя песні "Stille Nacht, Heilige Nacht" ("Штыле Нахт, Хайліге Нахт") і "O du frеhliche" ("О ду фрэхліхе") з'явіліся ў 18-м і 19-м стагоддзях.

ПАДАРУНКІ

Цяпер надышоў час для падарункаў. Дзецям аб'яўляюць, што Немаўля Ісус (Christkind - "Хрысткінд") прынёс падарункі, і ўсе ідуць у гасціную, дзе гараць свечкі на ёлцы і ляжаць загорнутыя падарункі. Гэта асабліва прыгожае відовішча, бачыць зіхатлівыя вочы дзіцяці! Выява Немаўляці, які нясе падарункі для дзяцей, была скарыстана ў 16 стагоддзі Марцінам Лютарам у якасці замены для Святога Мікалая (heiligen Nikolaus - "хайліген Нікалаўс"), які адорвае дзяцей у ноч на 6 снежня. Нараджэнне немаўляці Ісуса - дзень для абмену падарункамі, у пратэстанцкай царкве - свята. У многіх еўрапейскіх краінах, такіх як Англія, падарункі разгортваюць раніцай 25 снежня.

Куцця ў Германіі заканчваецца апоўначы, і пачынаецца Калядная служба, якая азначае сабой пачатак важнага свята для хрысціян - Нараджэння Хрыстова (Weihnachtsfest - "Вайнахтсфэст").

Ірына Стаўбоўская.

Найноўшая гісторыя Гарадзеншчыны

Алесь Крой

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

…У верасні 1988 года Фёдар Жывалеўскі пайшоў у першы клас арганізаваны аддзелам адукацыі пры садку № 22 (вул. Гагарына, 31), побач з домам № 25, дзе жыла сям'я.

Эмацыйна-псіхалагічныя цяжкасці ў "аднамоўным савецкім адукацыйным працэсе" пераносіў не толькі сын, але і бацька, які вадзіў сына ў садок і не хацеў нічога большага, акрамя выканання на месцах Канстытуцыі СССР. Валер Жывалеўскі нават вымушана пайшоў на пэўны кампраміс з аддзелам адукацыі - спевы, маляванне, фізкультура - выкладалі па-руску, бо настаўнікаў на беларускай мове па гэтых прадметах ні тады, ні сёння адмыслова ў Гародні не рыхтуюць. Праз год у 1989 годзе Валеры Жывалеўскі скончыў вучыцца ў музычнай акадэміі Гнесіных у Маскве і быў накіраваны на працу ў сталіцу Беларусі, сям'я з Гародні пераехала ў Менск, на здымную кватэру ва Уручча, там ужо быў беларускі клас у сталічнай школе, і Фёдар працягваў навучанне па-беларуску ў Менску ў розных школах, паблізу ад здымных кватэр, пакуль не атрымалі ўласнае жытло ў мікрараёне "Малінаўка". Там Фёдар і скончыў беларускую школу…

….У Менску, як вядома, беларускія бацькі былі больш актыўнымі і раней за гарадзенцаў убачылі галоўныя прыярытэты, раней дамагліся беларускіх класаў і школ для сваіх дзяцей. Па звестках сябра нацыянальнай Рады ТБМ Валерыя Палсцюка, у 1989 годзе статус беларускіх школ у сталіцы быў нададзены ўжо 8 школам. Сёння Фёдар Жывалеўскі з'яўляецца акторам кіно і спявае ў вядомым беларускім панк-гурце "Голая манашка". Гарадзенская паэтка Данута Бічэль знайшла здымкі 1998 года, дзе маладзенькі Фёдар выступае ў складзе гурта "Пляц Незалежнасці" ў музеі Янкі Купалы ў Менску.

У зале (відаць на іншых здымках) тады прысутнічалі бацька Фёдара Валер Жывалеўскі, Янка Брыль, Анатоль Сыс, Данута Бічэль, Уладзімір Арлоў, Міхась Скобла, Язэп Янушкевіч і шмат іншых…

….Сімвалічна, што па знойдзеных звестках вуліца, на якой была апошняя беларуская школа № 9 напрыканцы 50-х пачатку 60-х гадоў ХХ ст. і месца новага пачатку дзяржаўнай беларускамоўнай адукацыі ў Гародні ў 80-я гады ХХ стагоддзя (д/с № 22) былі на адной вуліцы - вул. Гагарына, нашага славутага земляка-касманаўта з некалі беларускай Смаленшчыны…

У 2010 годзе, пасля цяжкой маральна-псіхалагічнай траўмы, атрыманай многімі беларусамі ў 1995 годзе у час рэферэндуму, пачаўся новы этап беларускамоўнай адукацыі ў Гародні пасля Пастановы Савета Міністраў і Адміністрацыі Прэзідэнта аб папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы на 2010-я і наступныя гады…

Нявырашаная ў 90-я гады пасля атрымання незалежнасці галоўная беларуская праблема ў Гародні і краіне, пра якую ў 16-м стагоддзі пісаў яшчэ асветнік Васіль Цяпінскі (Амельяновіч), пайшла з 2010 года па новым гістарычным коле ўжо пад пільным наглядам апошняй метраполіі.

Частка ІІ

Першы дырэктар першай беларускай школы ў Гародні (у 80-я гады ХХ стагоддзя)

Першай беларускай школай (спачатку мова ўводзілася толькі з пачатковых класаў, хто раней вучыўся па-руску у старэйшых класах, яны і працягвалі вучыцца па-руску) напрыканцы ХХ ст. (пачатак 90-х) у Гародні стала СШ № 26, дзякуючы светлай памяці першага дырэктара школы Валянціна Іванавіча Шаўцова, які праз некалькі гадоў пасля сумнавядомага рэферэндуму памёр ад анкалогіі.

Біяграфічная даведка:

Валянцін Іванавіч Шаўцоў нарадзіўся 27.07.1944 г. у в. Папаратнае (аграгарадок, цэнтр сельсавета) Жлобінскага раёна (Стрэшынскага) Гомельскай вобласці. Скончыў Гелінскую сярэднюю школу. З 13 гадоў дапамагаў бацькам і працаваў на сезонных працах. Пасля школы паступаў у чыгуначнадарожны інстытут транспарту у г. Гомель, але, вярнулі дакументы з-за ўзросту. Яму было толькі 16 гадоў. Прыйшлося працаваць грузчыкам і цёршчыкам на Стрэшынскім (Гомельшчына) крухмальным заводзе, у 1963 г. - на Мукачоўскім (Закарпацкая вобласць Украіны) прыборабудаўнічым заводзе. Вучыўся ў Адэскім тэхнікуме вымярэнняў, скончыў яго з адзнакаю ў 1964 годзе. З 1964 года па 1972 год працаваў на машынабудаўнічым заводзе імя Арцёма ў Кіеве. Пасля вучобы ў Адэсе накіравалі працаваць у Кіеў і прызвалі ў войска, спачатку была "вучэбка" ў Кіеве, потым накіравалі на флот у Мурманскую вобласць радыёсувязістам. У ВМФ адслужыў 3 гады і 8 месяцаў (1964-1968). Пасля дэмабілізацыі паступіў на гістарычны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. У 1972 годзе пераязджае ў Гародню і пераводзіцца на завочнае аддзяленне ўніверсітэта, які заканчвае з адзнакаю. У Гародні з 1972 года працуе ў СШ № 5 настаўнікам працоўнага навучання, потым настаўнікам гісторыі ў СШ № 1 імя С. Кірава. З 1983 па 1986 год працаваў арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай адукацыі ў СШ № 1. У 1986 годзе прызначаны дырэктарам у новую Гарадзенскую школу № 26, дзе працаваў да 1998 года. Валяніцін Шаўцоў як першы дырэктар СШ № 26 увайшоў у гісторыю Гародні і краіны тым, што зрабіў першым сваю школу беларускамоўнай і запатрабаванай, быў сябрам Рады Таварыства беларускай школы Гародні з 1995года пад кіраўніцтвам Аляксандра Мілінкевіча і Тамары Талерчык. Выпусціў у 1995 годзе пад рэдакцыяй Людмілы Цыхун двухмоўны (руска-беларускі) зборнік сваіх вершаў "Сомнения". Першыя беларускамоўныя вершы ў гэтым зборніку (складаецца з дзвюх моўных частак) пазначаны 1968 годам і напісаны ў Кіеве і в.Эртэрмай, апошнія - верасень 1994 года, пасля выбараў Прэзідэнта:

І што мы за зацюканы народ?

У нас укралі мову.

Скрадзены пачуцці.

Цяпер крадзем ад сябе -

Звычайнае манкурцтва -

Мы ж ведаем,

што ў нас вялікі недарод.

Пасля рэферэндуму 1995 года загадам кіраўніка аддзела адукацыі Кастрычніцкага раёна Святланы Цыганковай у беларускамоўнай школе (з 27 школ горада беларускіх было толькі 6, але і яны беларусафобам мулілі вочы) запатрабавалі адкрыць першы рускі клас, фактычна, вышэйстаячыя асобы, кіруючыся антыбеларускай палітыкай пасля рэферэндуму, навязанаага метраполіяй праз мясцовых паплечнікаў, праз раённага кіраўніка аддзела адукацыі такім загадам "выкручвалі" рукі адміністрацыі школы і дырэктару, бо метадычная і адукацыйна-выхаваўчая база былі зроблены для беларускамоўнай школы. Моцна перажываў Валянцін Іванавіч пра новы міністэрскі эксперымент па тэхналагічным выцяснені беларускай мовы з яго ўжо славутай на той час беларускай школы, верагодна гэта таксама паскорыла яго канчыну. Вясной-летам 1998 года пару разоў давялося з ім сустрэцца каля гімназіі № 1 імя Я. Карскага (школа-гімназія № 30), ледзь пазнаў, выглядаў ён, як цень, вельмі худы, ужо невылечна хворы, але ён любіў павольна шпацыраваць па цудоўным і старажытным Румлёўскім парку, якому іншы паэт і эмігрант, былы выкладчык беларускай мовы і літаратуры гімназіі №1 (школа-гімназія № 30) Хведар Чычкан прысвяціў свае радкі:

…Калі самотны я,

і боль шчымлівы

У сэрца ўносіць тлумы галавы,

Іду сюды, дзе розум мітуслівы

Губляе ў сценах дрэў свае правы…

Хутка прыйшла і сумная вестка ад калегаў СШ № 26. Памёр Валянцін Іванавіч 19.08.1998 года ад анкалагічнай хваробы, праз 3 гады пасля сумнавядомага рэферэндуму. Шаноўны Валянцін Іванавіч выхаваў дачку Марыну і сына Юрыя. Дачка Марына і дачка зводнай сястры Валянціна Іванавіча Шаўцова таксама пайшлі ў педагогіку. Унучка Вікторыя (дачка сына) вучыцца на 2 курсе рускай філалогіі ГрДУ, як і дзядуля спрабуе пісаць вершы, пакуль толькі па-руску, але, магчыма, у памяць пра дзядулю, які любіў беларускую мову і вызнаваў сябе беларусам, нешта напіша і на роднай мове. …

У 1996 годзе давялося прысутнічаць разам з Апанасам Цыхуном на 10-гадовым юбілеі СШ № 26. Прысутнічаў і віншаваў з юбілеем тады старшыня гарвыканкама Сямён Домаш. Боль і смутак праглядаліся у вачах некаторых прысутных, нягледзячы на юбілей і вымушаныя ўсмешкі. Кіраўнік ніводнай іншай саюзнай рэспублікі СССР не пайшоў на фактычнае знічшэнне сваёй роднай мовы пад маркай роўнага статусу рускай з беларускай. І гэта мы асабліва бачым пасля 2020 года, калі зачыняюць усё магчымае, не думаючы. Але, мова як сонейка, заўсёды знойдзе шлях да чалавека сярод надышоўшых чорных хмараў. На 2021 год у Гародні ўсе школы рускія, 1 - польская. З вялікімі цяжкасцямі (з арыштам) бацькі разам з ТБМ дамагліся адкрыцця ў 2010 годзе першага беларускага класа ў СШ № 32, пазней у СШ № 34. Потым аддзел адукацыі (зноў Кастрычніцкага раёна) аб'яднаў маленькія беларускія класы з рускімі ў СШ № 34 (засталіся тыя класы, дзе бацькі адстаялі свае правы на беларускую мову пры назіранні ТБМ). Штогод бацькі з настаўнікамі стваралі ў СШ № 32 невялікія беларускія класы (самы вялікі быў у 2019 годзе - 13 чалавек, пасля падзей 2020 года - 7 чалавек, у 2021 годзе - 11чалавек у беларускім класе. Акрамя татальнай палітыкі русіфікацыі, многія бацькі таксама не гатовы пры сённяшніх фактычна каланіяльных умовах аддаваць сваіх дзяцей у беларускія класы і ствараць сабе розныя незручнасці па вывучэнні мовы. Няшмат бацькоў як грамадскіх актывістаў і палітыкаў шукаюць надуманыя прычыны каб не аддаваць дзяцей у беларускія класы. Узнікла замкнёнае кола. Адны не могуць, іншыя не хочуць. А каб большасць бацькоў павяла сваіх дзяцей у беларускія класы, то праз колькі гадоў аддзелы адукацыі вымушана адкрылі б не адну беларускую школу ў Гародні і ГрДУ пачаў бы рыхтаваць новыя беларускія кадры для новых беларускіх садкоў і школ. Фантастыш? Не! Так было ўжо да 1994 года!

Захавайма ў памяці імёны: Валер Жывалеўскі і Валянцін Шаўцоў. Яны сталі піянерамі беларускага школьніцтва ў Гародні ў канцы СССР і пачатку Незалежнай Беларусі. Сваёй моцнай любоўю да беларускай мовы і культуры яны заслужылі ў беларусаў лепшай памяці.

Вялікая страта

Беларускае свядомае патрыятычнае грамадства панесла вялікую страту. 16 студзеня 2021 года на 61-м годзе жыцця пайшла ў іншы свет Ірына Аркадзеўна Цуканава-Бірукова. Яна сябе засведчыла на ніве беларускага культурнага жыцця як актыўны працаўнік музычна-літаратурнай творчасці. Ірына была нязменным членам Менскага аматарскага літаратурна-музычнага аб'яднання "Галактыка", уваходзіла ў яго кіраўніцтва. Як творчая асоба, яна брала ўздзел ва ўсіх выпусках літаратурных альманахаў гэтага аб'яднання.

Ірына была чалавек шчодрай душы, вельмі выхаваны, карэктны і адначасова вельмі актыўны.

Нарадзілася 18 сакавіка 1961 года ў Астрашыцкім гарадку Менскага раёна. Скончыла архітэктурна-будаўнічы тэхнікум у 1982 годзе. Працавала ў адным з НДІ г. Менска.

Маючы адукацыю архітэктара, яна вельмі прыгожа, па-архітэктурнаму ладзіла адносіны з членамі нашага аб'яднання. Архітэктурнасць адносін паміж ёю і тым, з кім яна кантактавала, была на вышэйшым узроўні.

Ірына па прыродзе была актрысай і спявачкай. З дзяцінства любіла спяваць, іграла ў школьным тэатры. У дарослым узросце стала актрысай народнага тэатра малых формаў "Альянс", дзе яскрава раскрыўся яё цудоўны талент пераўвасаблення. У літаратуру прыйшла параўнальна нядаўна і засведчыла сябе выдатнымі творамі ў жанры малой прозы, а таксама творамі для дзяцей. Адзначылася яна і ў складанні вершаў. Як кажуць, для ўлюбёнага ў сваю справу чалавека - праца смачней за хлеб, саладзей за ваду, прыемней за сон. Кожную вольную хвіліну Ірына аддавала літаратурнай творчасці.

Друкавалася ў дзіцячых выданнях "Качели", "Рюкзачок", часопісах "Пралеска", "Сваты", "Однако, жизнь", у газетах "Друг пенсионера", "Здоровье пенсионера", "Шапокляк", у альманахах "Літаратурны экватар" і "Голас "Галактыкі"", у зборніку духоўнай паэзіі, мастацкай прозы і публіцыстыкі "За всё Создателю спасибо!".

З'яўлялася дыпламантам міжнародных літаратурных конкурсаў у намінацыі "Паэзія" і "Проза": дыпламант Міжнароднага літаратурнага конкурсу "Сузор'е духоўнасці - 2019" у намінацыі "Паэзія".

Таксама Ірына была профі ў паэтычнай дэкламацыі, пра што сведчыць дыплом XXXIII адкрытага конкурсу аўтарскай песні, паэзіі і візуальных мастацтваў "Віцебскі лістапад - 2019". Колькі паэтаў у яе навучыліся гэтаму майстэрству! А з якой асалодай яна сама дэкламавала творы беларускіх аўтараў!

Да стварэння "Галактыкі" Ірына Цуканава-Бірукова была актыўным удзельнікам літаратурных клубаў "Экватар", "ЛітЭра" і інш.

У 2020 годзе ў выдавецтве "Каўчэг" Ірына выпусціла асобную кніжку апавяданняў і казак "Залатое сэрца", рэдактарам якой быў прафесійны журналіст і літаратар Алесь Гібок-Гібкоўскі. На сямідзесяці старонках гэтай прыгожа і пяшчотна ілюстраванай кніжкі ў блакітнай вокладцы лаўрэат прэміі "Залатое пяро" БАЖ знайшоў "цікавы займальны сюжэт, добрую жывую мову і глыбокі духоўны сэнс". Ён адзначыў, што творы Ірыны пранізаны стваральным светапоглядам, напоўненым святлом і любоўю. І што аўтарка працягвае традыцыі высокай духоўнасці і сувязь з уласнымі гістарычнымі каранямі. Як вынік рэдактара - вельмі жывая вобразнасць яе твораў робіць іх у немалой ступені кінематаграфічнымі.

А як Ірына выдатна спявала! Як яна выконвала акапэла песні "Чабарок", "Шось у лесе гукае", "Ой, рэчанька-рэчанька", "Ой, рано-рано".

Як мастацкі кіраўнік літаратурна-музычнага аб'яднання, Ірына адказна падыходзіла да падбору рэпертуару. Маючы добры густ і арганізатарскі талент, яна магла лёгка зрэжысаваць любую канцэртную праграму, дзе гледачам раскрывалася ўнутраная прыгажосць выканаўцы, бясконцасць і шматграннасць яго творчага патэнцыялу.

Шмат тэматычных канцэртаў, літаратурных сустрэч і прэзентацый новых кніг аўтараў прайшло ў "Экватары" і "Галактыцы" з удзелам Ірыны, а колькі было яе індывідуальных выступленняў ад імя "Экватара" і "Галактыкі" ў Менску, Менскай, Гомельскай і Гарадзенскай абласцях.

Ірыну горача віталі вайскоўцы, мытнікі, чытачы бібліятэк, навучэнцы каледжаў, вучні школ, малыя з дзіцячага садку, пацыенты шпіталю, музеі, Лошыцкі парк, Дом афіцэраў, Дом ветэранаў і нават Чырвоны касцёл на 108-й гадавіне свайго асвячэння і аднаўлення. Яна спявала з такой душой "Мой родны кут", "Па-над белым пухам вішняў", "Простыя словы, простыя рэчы", "Купалінка", "Бярозка", што людзі плакалі ад гэтай неверагоднай душэўнай чысціні.

Песня "Малітва" ў выкананні І. Цуканавай-Біруковай была кульмінацыйным нумарам кожнага ўрачыстага мерапрыемства Беларускага грамадскага аб'яднання "Ветэраны Чарнобыля".

А некалькі радыёэфіраў Ірыны ў літаратурна-музычнай гасцёўні "Вас вітае Беларусь" на міжнародным радыё "Акіян+" былі па-аўтарску непаўторныя і выклікалі цікавасць да аўтараў і музыкаў літаратурна-творчага аб'яднання "Галактыка".

Яна была заснавальнікам і адміністратарам старонак "Радасцея" і "Голас "Галактыкі"" на Фэйсбуку, на якіх дзялілася навінамі літаратурна-музычнага жыцця краіны, адлюстроўвала лепшае з інфармацыйных крыніц.

Ірына была поўная сіл, натхнення і творчай энергіі для ажыццяўлення ўсяго задуманага. Яе галоўным "зорным прызначэннем" было свяціць людзям, прыкладаючы да гэтага свой розум, талент і шчодрасць душы.

Ірына вельмі ганарылася сяброўствам з вядомымі беларускімі майстрамі пэндзля і пяра Уладзімірам Ісачанкам, Надзеяй Салейка, Алесем Гібок-Гібкоўскім, Міколам Шабовічам, Дзмітрыем Пятровічам, Верай Буландай, Лізаветай Паліэс, Аляксеем Шалахоўскім і інш.

"Галактыянка" Цуканава-Бірукова была лёгкай на ўздым, любіла наведваць тыя мясціны Бацькаўшчыны, дзе жывуць і яе даўнія і надзейныя сябры як Надзея Салейка, і новыя прыемныя знаёмцы, як вядомы фотамастак Уладзімір Цвірка. За межамі Беларусі надарылася ўбачыць каралеўскі Кракаў, горы Закапанэ і… знакамітую Венскую оперу.

Вялікай павагай у Іры карысталіся выпускі "Нашага слова".

Акрамя кіраўніцтва "Галактыкай", Ірына з'яўлялася суўтарам ідэі, праграм, вядоўцай гасцёўні "Радасцея" - яшчэ адным літаратурна-музычным праектам, які ўнёс свой нацыянальны каларыт у культурнае жыццё менчукоў. Праект знаёміў гасцей з народнымі святамі і традыцыямі беларусаў (Дабравешчанне, Саракі, Лельнік, Вялікдзень, Радаўніца, Сёмуха, Купалле, Пакровы), танцамі, спевамі і народнымі строямі беларусаў, украінцау, расіян, цыганоў, з жыццяпісамі сусветна вядомых спевакоў. Іра прапаноўнала гульні, выцягвала гасцей спяваць вясёлыя прыпеўкі, запальвала ўсіх сваім энтузіязмам, вельмі лёгка і пластычна танчыла. Захапленню прысутных не было мяжы. Прыгожым завяршэннем такіх тэматычных вечарын было абавязковае чаяванне "ад траўніцы Арыны" (так яна любіла называць сябе). Сапраўдная Радасцея, Берагіня, што радасна прыцягвае да ўсіх станоўчую энергію добрым словам і добрымі справамі!

Падчас пандэміі, калі творчыя сустрэчы былі толькі ў рэжыме анлайн, Ірына адкрыла ў сабе талент фотамастака, пра што сведчаць выдатныя фотапейзажы Лошыцкага парку.

Як казаў яе ўлюбёны сын Яўген, якога Ірына выхавала з любоўю і матчынай ласкай сапраўдным беларусам, што для яго маці кожны добры чалавек на яе шляху быў вялікай каштоўнасцю, і калі яна сустракала нейкага чалавека з нейкім талентам, яна дбала пра яго, спрабавала ўсё зрабіць, каб яго талент расквітнеў. Яна сэрцам сагравала кожнага, не шкадуючы свайго часу і сваіх намаганняў. Бясконцасць яе любові застанецца ў нас. І найлепшае, што мы можам зрабіць для Ірыны, гэта несці святло і дабро яе душы, несці праз сябе.

У бліжэйшы час рыхтуецца да друку яшчэ адна беларускамоўная кніга твораў Ірыны, аб якой яна так марыла. Магчыма, з'явіцца дыск з яе спевамі.

У сэрцах гарачых прыхільнікаў беларушчыны і аб'яднання "Галактыка" Ірына Цуканава-Бірукова назаўсёды застанецца светлай з'явай нашага жыцця. Бывай, наша дарагая "галактыянка", паплечніца і сяброўка!

Кацярына Мяшкова, паэтка і публіцыстка, кіраўнік Менскага літаратурна-музычнага аб'яднання "Галактыка".

ПАРЦЭЛЫ

Алесь Макрацоў

Чароды

гусей…

Парцэлы

ў небе…

***

Паездка…

спінай назад.

Вяртанне

ў мінулае?

***

Смачная

вада

ў роднай

студні…

***

Вёска…

работамі

не адпускае

ў вырай…

***

Поле…

жытнёвых

тваіх

валасоў…

***

Бульбы

барозны:

за калівам

каліва…

***

Свая…

бульба.

Параная.

З печы…

***

Зялёная

ружа…

на градцы

капусты.

***

Слоікі…

ў чаканні

позніх

апенек…

***

Страха

пад якой

множацца

вераб'і…

***

Дзейнасць

крата…

На двары

камчатка…

***

Баршчэўнік

на лузе…

Каўказец

на Беларусі…

***

Сустрэў

лісу…

дзе збіраў

лісічкі…

***

Як вымытае

акно…

бярэзнік

празрысты…

***

Шоргат

апалага

лісця…

як крык…

***

Роспач…

някупленных

навагодніх

ёлак…

***

Аповед

зімы…

на снезе

напісаны.

***

Вёска…

зарастае.

Навокал

дровы?

***

Бярвёны

вякоў…

на гады

распілованы.

***

Жыццё…

як заварка

гарбаты.

Пакеціка.

***

Старыя,

як гаспадар,

граблі…

Бяззубыя…

***

Калода

ў воку…

адслойка

сятчаткі?..

***

Чарга…

За спіной

жонка

былая…

***

Люстра

душы…

зарастае

раскай?..

***

Не стаць…

забойцам

Бога

ў сабе…

***

Акраек

хлеба…

адрывак

Пісання…

***

Псалом…

прачытаны

сястрой…

прароцтва?

***

Жыццё…

Святой

любові

пачуццё…

***

Каплічка…

замест

узарванай

царквы…

***

Ружы

вятроў…

сцюдзёны

пялёстак…

***

Убачыў

Бога…

ў нябёсах

сэрцам…

***

Дух

Святы…

Энергія

Бога…

***

Нарэшце…

выхадзіў

новы верш?

***

Аплата

правін…

Хрыстовай

крывёю…

***

Бервяно

нясу…

як крыж

нястачы…

***

Ведайце…

калі мяне не стане,

я да свайго Госпада

пайшоў…

Да пабачэння, сябры "Нашага слова"

Дарагія сябры "Нашага слова", дарагія сябры нашай мовы, дарагія сябры Беларусі і беларускасці. Газета "Наша слова" прыпыняе выхад. У тым няма нашай віны. Вярхоўны суд ліквідаваў заснавальніка газеты - Таварыства беларускай мовы, і нічога зрабіць нельга, па законе мы мусім спыніць выхад.

Сёння пасля 24 гадоў рэдагавання газеты "Наша слова" я хачу выказаць шчырыю падзяку ўсім, хто быў з газетай усе гэтыя гады, усім, хто чытаў, усім, хто пісаў.

Я дзякую сябрам рэдкалегіі ўсіх складаў, дзякую ўсім карэспандэнтам, наборшчыкам, карэктарам, бухгалтарам, экспедыта-рам, валанцёрам-распаўсюджвальнікам.

Дзякую кіраўніцтву ТБМ усіх складаў, сябрам Рады, Сакратарыяту, кіраўнікам і сябрам рэгіянальных структур за арганізацыю падпіскі.

Дзякую беларускім прафсаюзам за шматгадовую падтрымку.

Дзякую ўсім дабрадзеям, якія падтрымлівалі газету фінансава.

Дзякую работнікам Лідскай друкарні, Белпошты і Белсаюздруку, дзе ў нас заўсёды былі сябры і амаль не было праблем.

Дзякую Міністэрству інфармацыі, уладным і грамадскім структурам Лідскага раёна, дзе мы мелі надзейную апору.

Дзякуй усім, жывым і мёртвым, каго не згадаў, пра каго забыўся за даўнасцю часу. Няхай Бог Усемагутны аддзячыць усім у Нябеснай Беларусі, калі для таго наступіць час.


У другі раз прыпыняецца выхад папяровай версіі "Нашага слова". Першы раз гэта адбылося ў 1997 годзе. Тады слаўны горад Ліда ўстаў на падмогу. Спадзяёмся, што і цяпер гэта яшчэ - не канец, што выданне будзе адноўлена, але для гэтага патрэбны і пэўныя рэсурсы, і пэўны час, і падтрымка ў самых розных інстанцыях. А час такі, што спыняцца нельга, гэта нават - не 90-я гады, гэта - 21-е стагоддзе.

Таму адразу, з 5 студзеня 2022 года, пачне выходзіць электронная газета "Наша слова. pdf". Гэта - не электронная версія "Нашага слова", гэта - новая газета. Па рэкамендацыі спецыялістаў у электронным друку, газета мяняе фармат і будзе выходзіць у памеры А-4. Аб'ём пастараемся захаваць той жа, таму плануецца 16 старонак. Газета будзе размяшчацца на тых жа сайтах nslowa.by, pawet.net, kamunikat.org, belkiosk.by, асноўныя тэрыялы будуць у фэйсбуку https://www. facebook. com/nslowa.by.

Моцна прашу ўсіх карэспандэнтаў як пісалі, так і пісаць па тых жа адрасах, на тую ж тэматыку. Мы не можам дапусціць, каб пытанні беларускай мовы, беларускай культуры, нацыянальнай свядомасці ўзялі і вось так проста адышлі на задні план ці зусім у небыццё. Няхай маленькі агменьчык, але павінен цепліцца.

Мы актывізавалі тэлеграм-канал "Наша слова". Чытайце, падпісвайцеся, дасылайце на адрас "Нашага слова" кароткія, аператыўныя паведамленні для размяшчэння ў тэлеграм-канале.

У 2022 годзе беларускую грамадскасць чакае вялікая праца і першая вялікая кампанія - гэта чарговая Агульнанацыянальная дыктоўка.

Не падаем духам, беларусы. Не спыняемся ні на хвіліну. Гэта нашая зямля, гэта нашая краіна, гэта нашая мова. Мы і толькі мы ў адказе за іхнюю будучыню.

Станіслаў Суднік, г. Ліда.

Мы былі за Беларусь

З нагоды ліквідацыі ТБМ і прыпынення выхаду "Нашага слова"


Не раз такое ўжо бывала -

Бяда прыходзіла да нас,

Не раз адзін мы адступалі,

Нас білі, нішчылі не раз.


Ды неяк вось перажывалі

Ліхі чарговы землятрус,

З нябыцця зноўку паўставалі,

Бо мы былі за Беларусь.


Нам адбіралі веру, мову,

Нам кожны дзень

быў злей і злей,

Мы ж па зярнятку нашы словы

Хавалі ў памяці глыбей.


Нас білі злева, білі справа,

Сваіх-чужых ліхі хаўрус,

А мы стаялі за дзяржаву,

А мы былі за Беларусь.


Ішлі гады, дзесяцігоддзі,

І "Наша слова" ў свет ішло,

І вось нібы канец надходзіць,

І нас, як быццам, не было.


Крычаць крукі на нашых гонях,

У кіпці душы нам бяруць,

Нам каяцца няма ў чым сёння,

Бо мы былі за Беларусь.


Нас бэсцяць люта, без супыну,

Няма як галавы падняць,

Рыхтуюць дол пад дамавіну,

Каб нас паглыбей закапаць.


І ўжо наступным пакаленням

Пра нас зласловіць розны гнюс,

Мы ж маем чыстае сумленне,

Бо мы былі за Беларусь.


Крычаць крукі, а мы жывыя,

І многа юных падрасло,

І мы для іх, хоць не святыя,

Ды "Слова" міма не прайшло.


Згадаюць нас і праз стагоддзі

І знак пашаны аддадуць,

Мы будзем памятны ў народзе,

Бо мы былі за Беларусь.


Вы ж нас пакуль што не хавайце,

Хай памарнее цяжкі дол,

Вы нас шукайце і чакайце,

Перацярпіце страты боль.


Мы расстаёмся не надоўга,

Зярняты праўды прарастуць,

Мы ўстанем велічна і строга

І будзем зноў за Беларусь.

Станіслаў Суднік., рэдактар "Нашага слова" з 1997 года.

НА РАЗВІТАННЕ З "НАШЫМ СЛОВАМ"

Чытаю перадапошні нумар "Нашага слова" з удзячнай думкай: колькі ж сабрала газета на сваіх старонках за гады існавання нашага беларускага дабра! Колькі светлых думак данесла! Пра колькі слаўных лёсаў распавяла! У якія куточкі роднай зямлі завяла і колькі новых сяброў-аднадумцаў падаравала. Не пералічыць!

Валянціна Холадава, мая старэйшая сяброўка са Свержаня, падпісчыца газеты ад яе заснавання і захавальніца ўсіх нумароў, супакойвае-разважае сябе, дый мяне таксама:

- А мы будзем чытаць і перачытваць "Наша слова". Гэта ж не проста пажаўцелая падшыўка - гэта ж …энцыклапедыя! Гэта ж больш як трыццацігадовы летапіс нашай рупнасці дзеля галоўнай духоўнай каштоўнасці народа!

- Так, - пагаджаюся я і дадаю, ад сябе і ад ўсіх верных падпісчыкаў, - "Наша слова" застаецца з намі.

Цесныя стасункі з рэдакцыяй газеты мела апошнія тры гады. Хоць усім вядома, што рэдакцыя "Нашага слова", яе выканаўчы штат - гэта адзін чалавек, рэдактар Станіслаў Суднік, на грамадскім энтузіязме якога трымалася і выконвалася ўсё, што ў звычайнай газеце робіць цэлы гурт спецыялістаў. Тым не менш, газета спраўна, без аніякіх затрымак выходзіла штотыдзень, несла весткі-навіны, дзе і як жывецца роднаму слову. Павага і ўдзячнасць Вам, шаноўны рэдактар!

Наталля Плакса, Нясвіж.

Ты вернешся

Ты вернешся, я веру, "Наша слова",

Як з выраю вяртаюцца буслы.

Хоць час цяпер далёка не мядовы,

Ён рэжа душу, думкі нам і слых.


Ты вернешся, бо нельга не вяртацца

Да сваіх гоняў, вёсак, гарадоў.

Ты вернешся, каб назаўжды застацца,

Як першае каханне, як любоў.


Ты вернешся і загучыш над краем,

Як пошчак жаўрукоў у паднябессі.

Бо без цябе мы Беларусь губляем,

Бо без цябе, як Беларусь без песні.


Ты вернешся, бо мы чакаем "… слова" -

Яно заўжды павінна з намі быць,

Як Бацькаўшчына, воля, сцяг і мова,

Нам на чужыя іх не замяніць.


Ты вернешся, мы верым, "Наша слова",

Каб больш ад нас ніколі не знікаць.

Мы будзем лёгка, шчыра, адмыслова

Чытаць цябе, чытаць цябе, чытаць!

Сяргей Чыгрын, Слонім.

Чытайце "Наша слова. pdf " на сайтах nslowa . by , pawet . net , kamunikat . org , belkiosk . by ,

мы ёсць у фэйсбуку https://www.facebook.com/nslowa.by, кароткую аператыўную інфармацыю чытайце ў тэлеграм-канале "Наша слова", падпісвайцеся

на тэлеграм-канал "Наша слова".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX