Папярэдняя старонка: 2022

№ 1 (1) 


Дадана: 05-01-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 1, 5 студзеня 2022 г.

З Новым 2022 годам!

З добрым годам, сябры Беларушчыны

Шаноўныя патрыёты Беларусі!

Шаноўныя прыхільнікі і аматары беларускай мовы і Беларускасці ва ўсіх яе праявах!

На вашых экранах новая газета "Наша слова.pdf". Пакуль не адновіцца папяровае выданне "Нашага слова" электронная газета "Наша слова.pdf" будзе выконваць тыя ж функцыі, друкаваць матэрыялы той жа тэматыкі.

Новая газета будзе адназначна размяшчацца на сайтах http://nslowa.by/, http://pawet.net/. З сайтамі http://kamunikat.org/, http://belkiosk.by/ ідуць перамовы.

Матэрыялы з газеты будуць размяшчацца на сайце http://nslowa.by/, у фэйсбуку https://www. facebook.com/nslowa.by.

Новая газета захоўвае аб'ём, але мяняе фармат. Газета будзе выходзіць у фармаце А-4. Па меркаванні спецыялістаў у электронным друку, у такім фармаце лягчэй чытаць на экране, але ёсць і другая прычына. Мяркуецца раздрукоўка газету на паперу самімі карыстальнікамі. Рашэнне весці папяровую падшыўку газеты ўжо прыняў літаратурны філіял Лідскага гісторыка-мастацкага музея, магчыма, такое ж рашэнне прыме і Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы. Прынтары фармату А-3 ёсць мала дзе, а фармату А-4 стаяць ледзь не ў кожнага.

Шаноўныя сябры! Я прашу вас не ўпадаць у адчай, не апускаць рукі. Прадаўжайце пісаць і чытаць.

У сённяшнім нумары значная частка матэрыялаў з Ліды. А хацелася б мець і з астатняй Беларусі.

Наступіла новая рэальнасць. Дык што, беларусам у ёй няма месца? Калі каму гэтага і хочацца, то мусім расчараваць і братоў, і суседзяў, беларусы і беларуская мова перажывуць і чарговую хвалю антыбеларускасці, беларусы не пакінуць змаганне за адзіную, святую і дзяржаўную беларускую мову.

Станіслаў Суднік.

З Калядамі

Ціхая ноч

Ціхая ноч, святая ноч,

Спіць усё, спіць даўно,

Толькі Маці святая ўсцяж

Ціха ў яслях люляе Дзіця:

Спі, Сыночак малы,

Люлі, люлі, спі.


А ў гары ўсё гарыць

Серабром зорных крыг.

Хор Анёлаў пяе пастухом

Аб Дзіцяці,

што будзе Хрыстом,

Светлай песняй хвалы

Славяць Збаўцу зямлі.


Ціхая ноч, святая ноч,

Ў родны край завітай,

Людзям сум і тугу разгані,

Хай жа цешацца

ў гэтыя дні,

Ў святую ноч,

Ў святую ноч.

Юбілейныя і памятныя даты 2022 года

СТУДЗЕНЬ

1 студзеня - 55 гадоў з часу заснавання выдаветства "Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі" (Менск, 1967 г.).

2 студзеня - 85 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Васько, беларускага паэта, журналіста.

2 студзеня - 75 гадоў з дня нараджэння Кастуся Ільюшчыца, беларускага паэта.

3 студзеня - 75 гадоў з дня нараджэння Васіля Гігевіча, пісьменніка.

6 студзеня - 130 гадоў з дня нараджэння Адама Станкевіча, беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, выдаўца, гісторыка, публіцыста, літаратуразнаўца, каталіцкага святара.

8 студзеня - 460 гадоў таму назад нарадзіўся Тамаш Макоўскі (1562 або 1575 - 1630), беларускі картограф, гравёр, друкар.

8 студзеня - 120 гадоў з дня нараджэння Сцяпана Ігнатавіча Карабана, беларускага літаратуразнаўца, доктара філалагічных навук.

9 студзеня - 125 гадоў з дня нараджэння В.А. Шашалевіча, беларускага драматурга, тэатральнага дзеяча.

9 студзеня - 70 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Васілевіча, беларускага фалькларыста.

11 студзеня - 85 гадоў з дня нараджэння Міхася Верацілы, калекцыянера, краязнаўца, мастака, паэта.

14 студзеня - 80 гадоў з дня нараджэння (1942) Веры Вярбы, беларускай паэтэсы, перакладчыцы.

17 студзеня - 290 гадоў з дня нараджэння Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1732-1798), апошняга Вялікага князя літоўскага і караля польскага, мецэната, які нарадзіўся ў Воўчыне Камянецкага раёна, дзе і быў пахаваны.

18 студзеня - 140 гадоў з дня нараджэння Іосіфа Рыгоравіча Лангбарда (1882 - 1951), архітэктара, аднаго з заснавальнікаў савецкай архітэктуры Беларусі, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі.

20 студзеня - 130 гадоў з дня нараджэння Браніслава Тарашкевіча (1892-1938), грамадскага палітычнага дзеяча, літаратара, акадэміка.

20 студзеня - 130 гадоў з дня нараджэння Рыгора Шырмы (1892 - 1978), беларускага грамадскага і культурнага дзеяча, хормайстра, народнага артыста БССР і СССР, Героя Сацыялістычнай працы.

24 студзеня - 225 гадоў з дня нараджэння Цімафея Ліпінскага, беларускага і польскага гісторыка, філолага, краязнаўца, калекцыянера.

31 студзеня - 130 гадоў з дня нараджэння Алеся Гурло (1892-1938), паэта.

31 студзеня - 65 гадоў з часу заснавання Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі (адкрыты ў 1967 г., Менск).

ЛЮТЫ

2 лютага - 120 гадоў з дня нараджэння Станіслава Грынкевіча (1902-1945), беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, літаратара.

5 лютага - 80 гадоў з дня нараджэння Міколы Жылінскага, беларускага журналіста, пісьменніка, гісторыка, кандыдата гістарычных навук.

9 лютага - 475 гадоў з дня нараджэння Крыштафа Радзівіла, дзяржаўнага і ваеннага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага.

11 лютага - 215 гадоў з дня нараджэння Напалеона Орды, беларускага мастака, кампазітара.

12 лютага - 80 гадоў з дня нараджэння Генадзя Буралкіна, беларускага скульптара.

13 лютага - 120 гадоў з дня нараджэння Сымона Хурсіка (1902-1972), беларускага пісьменніка.

13 лютага - 110 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Барысавіча Карпава (1912-1977), беларускага пісьменніка.

14 лютага - 115 гадоў з дня нараджэння Алеся Звонака (1907-1996), беларускага паэта.

14 лютага - 85 гадоў з дня нараджэння Міхася Стральцова (1937-1987), пісьменніка, крытыка, перакладчыка.

18 лютага - 640 гадоў таму назад гвалтоўна загінуў у Крэўскім замку князь Кейстут, і пачалася 10-гадовая міжусобная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам.

20 лютага - 75 гадоў з дня нараджэння (1947) В.Я. Мазынскага, беларускага рэжысёра.

21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы.

21 лютага - 75 гадоў з дня нараджэння М.Я. Фінберга (1947 - 2021), беларускага дырыжора, Народнага артыста Беларусі.

23 лютага - 115 гадоў з дня нараджэння Станіслава Станкевіча, беларускага культурнага дзеяча, літаратуразнаўца, доктара філалогіі.

25 лютага - 120 гадоў з дня нараджэння Янкі Геніюша (1902-1979), беларускага лекара, бібліяфіла, мужа Ларысы Геніюш.

26 лютага - 85 гадоў з пачатку выдання газеты "ЛіМ" - органа Саюза беларускіх пісьменнікаў у 1932 - 2002 гадах.

Люты - 600 гадоў таму назад у Лідскім замку святкавалі вяселле караля Ягайлы і Соф'і Гальшанскай.

САКАВІК

3 сакавіка - 955 гадоў ад першага ўпамінання пра Менск у "Аповесці мінулых гадоў".

3 сакавіка - 80 гадоў з дня нараджэння Дар'і Карацінскай, беларускага мовазнаўца, кандыдата філалагічных навук, дацэнта.

4 сакавіка - 240 гадоў з дня нараджэння Казіміра Ельскага (1782, Пухавіцкі р-н - 1867), скульптара, першага прафесара ў Беларусі.

5 сакавіка - 110 гадоў з дня нараджэння Аўгена Тодаравіча Калубовіча (Каханоўскага, 1912-1987), беларускага гісторыка, літаратуразнаўца, палітычнага дзеяча.

6 сакавіка - 85 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Крукоўскага, мастака - плакатыста.

7 сакавіка - 110 гадоў з дня нараджэння Тараса Канстанцінавіча Хадкевіча (1912-1975), беларускага празаіка, паэта, перакладчыка.

9 сакавіка - 80 гадоў з дня нараджэння Паўла Казлоўскага, беларускага вайскоўца, генерал-лейтэнанта.

10 сакавіка - 80 гадоў з дня нараджэння Міхася Ткачова (1942-1992), беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, гісторыка, археолага, доктара гістарычных навук, прафесара.

11 сакавіка - 135 гадоў з дня нараджэння Алеся Гаруна (сапр. Аляксандр Уладзіміравіч Прушынскі, 1887-1920), пісьменніка і дзеяча нацыянальна-вызвольнага руху.

11 сакавіка - 100 гадоў з дня нараджэння Міколы Іванавіча Гамолкі (1922-1992), беларускага празаіка, паэта, драматурга, перакладчыка.

12 сакавіка - 125 гадоў з дня нараджэння Аляксандры Смоліч, беларускага педагога, аўтаркі граматыкі "Зорка" (1918, 7 выданняў).

19 сакавіка - 65 гадоў з дня нараджэння Алеся Астроўскага, беларускага вучонага ў галіне біяхіміі, доктара медыцынскіх навук, прафесара.

20 сакавіка - 70 гадоў з дня нараджэння Алеся Емяльянава (1952-1995), беларускага паэта.

25 сакавіка - Дзень Волі.

26 сакавіка - 80 гадоў з дня нараджэння Івана Арабейкі, беларускага паэта.

31 сакавіка - 50 гадоў выдавецтву "Мастацкая літаратура".

КРАСАВІК

1 красавіка - 160 гадоў з дня нараджэння Адама Багдановіча (1862-1940), беларускага этнографа, бацькі Максіма Багдановіча.

1 красавіка - 150 гадоў з дня нараджэння Уладзіслава Котвіча (1872-1944), філолага-ўсходазнаўца, акадэміка Польскай Акадэміі навук.

1 красавіка - 145 гадоў з дня нараджэння Васіля Захаркі (1877-1943), беларускага дзяржаўна-палітычнага дзеяча.

2 красавіка - 180 гадоў з дня нараджэння Францішка Нарбута (1842-1892), удзельніка паўстання супраць Расіі ў 1863-64 гг.

4 красавіка - 100 гадоў з дня нараджэння Адама Іосіфвавіча Залескага (1912-2002), беларускага гісторыка, этнографа.

6 красавіка - 135 гадоў з дня нараджэння Анатоля Дзеркача, беларускага пісьменніка.

6 красавіка - 55 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Хільмановіча, беларускага пісьменніка, журналіста.

10 красавіка - 95 гадоў з дня правядзення ў Гародні з'езду актывістаў Таварыства беларускай школы.

11 красавіка - 95 гадоў з часу прыняцця Канстытуцыі Беларускай ССР (1927 г.).

14 красавіка - 45 гадоў з часу заснавання Музея беларускага народнага мастацтва, філіяла Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусі (в. Раўбічы, Менскі р-н, 1977, адкрыты 12 снежня 1979 г.).

16 красавіка - 190 гадоў з дня нараджэння Альфрэда Ромера (1832-1897), жывапісца, мастацтвазнаўца, этнографа.

19 красавіка - 110 гадоў з дня нараджэння Леаніда Януаравіча Прокшы (1912-1994), беларускага празаіка.

26 красавіка - 160 гадоў з дня нараджэння Яўстафія Арлоўскага (1862-1913, беларускага гісторыка, педагога, краязнаўца.

27 красавіка - 65 гадоў таму назад адкрыты ў мяст. Астрына (Шчучынскі р-н) помнік Цётцы.

Красавік. 35 гадоў з часу стварэння Беларускага фонду культуры (БФК) (Менск, 1987 г.).

ТРАВЕНЬ

2 траўня - 85 гадоў з дня нараджэння Івана Будніка, беларускага педагога, краязнаўца.

3 траўня - 300 гадоў з дня нараджэння Станіслава Радзівіла (1722-1787), дзяржаўнага і ваеннага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага.

3 траўня - 140 гадоў з дня нараджэння А.А. Грыневіча (1877-1937), фалькларыста, педагога, выдаўца, кампазітара.

6 траўня - 220 гадоў з дня нараджэння Станіслава Горскага, беларускага батаніка, прафесара.

15 траўня - 140 гадоў з дня нараджэння Уладзіслава Галубка (сапр. Голуб), акцёра, мастака, першага народнага артыста Беларусі.

15 траўня - 110 гадоў з дня нараджэння Анатоля Іверса (1912-1999), беларускага паэта.

20 траўня - 120 гадоў з дня нараджэння Язэпа Пушчы (сапр. Плашчынскі І.П., 1902-1964), беларускага паэта, крытыка, перакладчыка.

21 траўня - 110 гадоў з дня нараджэння Мікалая Вінара (1912-1977), беларускага педагога, краязнаўца, стваральніка музея ў Любчанскай СШ (Наваградскі р-н).

22 траўня - 60 гадоў таму пушчаны першы на Беларусі атамны рэактар у пасёлку Сосны пад Менскам.

27 траўня - 90 гадоў з часу ўтварэння Саюза беларускіх пісьменнікаў (1932 г.)

27 траўня - 85 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Біча (1937-1999), доктара гістарычных навук.

30 траўня - 95 гадоў з дня нараджэння Вітаўта Кіпеля, гісторыка, грамадскага дзеяча, старшыні Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ерку.

30 траўня - 80 гадоў таму (1942 г.) пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандуючага створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху на чале з П.К. Панамарэнкам.

ЧЭРВЕНЬ

1 чэрвеня - 150 гадоў з дня нараджэння Пятра Когана (1872-1932), літаратуразнаўца, педагога, прафесара.

6 чэрвеня - 320 гадоў з дня нараджэння Міхала Казіміра Радзівіла "Рыбанькі" (1702-1762), дзяржаўнага і ваеннага дзеяча ВКЛ, мецэната.

7 чэрвеня - 90 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Навумавіча Герчыка (1832-2008), беларускага пісьменніка, публіцыста, перакладчыка.

8 чэрвеня - 55 гадоў з часу заснавання Клічаўскага краязнаўчага музея (1967, адкрыты 10 чэрвеня 1969 г.).

18 чэрвеня - 90 гадоў з дня нараджэння Галіны Аляксандараўны Барташэвіч, фалькларысткі.

19 чэрвеня - 110 гадоў з дня нараджэння Пятра Бітэля (1912-1991), беларускага пісьменніка, педагога, праваслаўнага святара.

30 чэрвеня - 95 гадоў з дня нараджэння Галіны Войцік, беларускага і літоўскага мовазнаўца, кандыдата філалагічных навук, дацэнта.

ЛІПЕНЬ

2 ліпеня - 55 гадоў з дня нараджэння Юрыя Гардзеева, беларускага гісторыка ў Польшчы, доктара гісторыі, прафесара.

4 ліпеня - 75 гадоў з дня нараджэння Ганны Сурмач, беларускага гісторыка, грамадска-культурнага дзеяча на эміграцыі.

7 ліпеня - 140 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы (сапр. Іван Дамінікавіч Луцэвіч, 1882-1942), Народнага паэта Беларусі.

7 ліпеня - 135 гадоў з дня нараджэння Марка Шагала (1887-1985), мастака.

7 ліпеня - 45 гадоў з часу заснавання Музея старажытнабеларускай культуры ІМЭФ НАНБ (Менск, 1977 г., адкрыты 15 траўня 1979 г.).

9 ліпеня - 110 гадоў з дня нараджэння Сяргея Адамавіча Астрэйкі (1912-1937), беларускага паэта.

10 ліпеня - 85 гадоў з дня нараджэння Міколы Капыловіча (1937-2002), беларускага пісьменніка.

10 ліпеня - 50 гадоў з часу адкрыцця Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка ў в. Вязынка Маладзечанскага раёна.

11 ліпеня - 65 гадоў з часу заснавання Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН.

12 ліпеня - 110 гадоў з дня нараджэння Дзмітрыя Маркоўскага (1912-1990), беларускага гісторыка, кандыдата гістарычных навук, дацэнта, рэктара Гарадзенскага педінстытута ў 1955-73 гг.

22 ліпеня - 160 гадоў з дня нараджэння Марыі Магдалены Элізы Бутаўт-Андрайковіч (1852-1933), беларускага жывапісца.

25 ліпеня - 90 гадоў з дня наражэння Змітра Смольскага, кампазітара, народнага артыста Беларусі.

25 ліпеня - 75 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Мілінкевіча, беларускага фізіка, палітыка, кандыдата фізічна-матэматычных навук, дацэнта, грамадскага дзеяча.

28 ліпеня - 210 гадоў з дня нараджэння Юзафа Крашэўскага (1812-1887), пісьменніка, гісторыка, грамадскага дзеяча.

28 ліпеня - 110 гадоў з дня нараджэння Віктара Бенядзіктавіча Вальтара (1902-1931), беларускага пісьменніка.

29 ліпеня - 35 гадоў з часу заснавання Наваградскага гістарычна-краязнаўчага музея (1987, адкрыты 11 верасня 1992 г.).

30 ліпеня - 40 гадоў з часу заснавання Вілейскага гістарычна-краязнаўчага музея (1982, адкрыты 7 траўня 1985 г.).

31 ліпеня - 220 гадоў з дня нараджэння Ігната Дамейкі (1802-1889), геолага, мінеролага, даследчыка Чылі, аўтара мемуараў.

ЖНІВЕНЬ

2 жніўня - 90 гадоў таму назад у СССР уведзена ўсеагульная сямігадовая адукацыя, а ў снежні створаны першыя школы-дзесяцігодкі ў БССР.

5 жніўня - 75 гадоў з дня нараджэння Віталя Скалабана, беларускага гісторыка, культуролага, архівіста, кандыдата гістарычных навук.

7 жніўня - 90 гадоў з дня нараджэння Адама Мальдзіса (1932, Астравецкі р-н), літаратуразнаўца, празаіка, грамадскага дзеяча, доктара філалагічных навук.

8 жніўня - 110 гадоў з дня нараджэння Аркадзя Дзмітрыевіча Чарнышэвіча (1912-1967), беларускага пісьменніка.

9 жніўня - 55 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Клімовіча, беларускага пісьменніка.

17 жніўня - 80 гадоў з дня нараджэння Мікалая Вярэніча, беларускага мовазнаўца, кандыдата філалагічных навук.

19 жніўня - 110 гадоў з дня нараджэння Аляксея Анішчыка (1912-2007), беларускага пісьменніка, краязнаўца.

19 жніўня - 110 гадоў з дня нараджэння Барыса Міхайлавіча Мікуліча (1912-1954), беларускага празаіка, крытыка.

25 жніўня - 90 гадоў з дня нараджэння Пятруся Міхайлавіча Макаля (1932-1996), паэта, драматурга.

26 жніўня - 130 гадоў з дня нараджэння Сымона Якубчыка (1892-1938), беларускага гісторыка, кандыдата гістарычных навук.

27 жніўня - 100 гадоў з дня нараджэння Алеся Іванавіча Махнача (1922-2001), беларускага драматурга, празаіка, публіцыста.

31 жніўня - 100 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Міхайлавіча Шыціка (1922-2000), беларускага празаіка.

ВЕРАСЕНЬ

1 верасня - 80 гадоў з дня нараджэння Івана Басюка, беларускага гісторыка, правазнаўца, доктара гістарычных навук, прафесара.

2 верасня - 55 гадоў з дня нараджэння Марыны Калацэй, беларускага гісторыка, кандыдата гістарычных навук.

6 верасня - 230 гадоў з дня народзінаў Івана Грыгаровіча (1792-1862), археографа, гісторыка, краязнаўца, пісьменніка.

7 верасня - 190 гадоў з дня нараджэння Людвіка Нарбута (1832 - 1863), аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гг.

16 верасня - 65 гадоў з дня нараджэння Марыі Масла, паэтэсы.

17 верасня - 110 гадоў з дня народзінаў Максіма Танка (сапр. Скурко Яўген Іванавіч, 1912-1995), Народнага паэта Беларусі.

17 верасня - 90 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Калесніка (1922-1994), беларускага пісьменніка, літаратуразнаўца, кандыдата філалагічных навук, прафесара, заслужанага работніка вышэйшай школы Беларусі.

19 верасня - 55 гадоў з часу заснавання Нацыянальнага Полацкага гістарычна-культурнага музея-запаведніка.

20 верасня - 85 гадоў з дня нараджэння Карла Гутшміта, нямецкага беларусіста.

20 верасня - 85 гадоў з дня нараджэння Аляксея Каўкі (1937), маскоўскага гісторыка, літаратуразнаўца.

22 верасня - 50 гадоў з часу заснавання Коласаўскага заказніка ў Стаўбцоўскім р-не.

23 верасня - 110 гадоў з дня нараджэння Сяргея Іванавіча Васілёнка (1902-1982), беларускага літаратуразнаўца, фалькларыста.

26 верасня - Еўрапейскі дзень моў.

27 верасня - 130 гадоў з дня нараджэння Сяргея Барана (1892-1937), беларускага грамадскага і культурнага дзеяча, педагога.

27 верасня - 75 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Міхнюка, беларускага гісторыка, доктара гістарычных навук.

28 верасня - 70 гадоў з дня заснавання Ашмянскага раённага краязнаўчага музея імя Ф. Багушэвіча.

30 верасня - 130 гадоў з дня нараджэння Зоські Верас (сапр. Сівіцкая Л.А., 1892-1991), беларускай грамадска-культурнай дзяячкі, пісьменніцы.

КАСТРЫЧНІК

1 кастрычніка - 410 гадоў з дня нараджэння Яна Антонія Храпавіцкага (1612-1685), дзяржаўнага дзеяча Рэчы Паспалітай.

1 кастрычніка - 75 гадоў з дня нараджэння Васіля Кушнера, беларускага гісторыка, кандыдата гістарычных навук.

3 кастрычніка - 125 гадоў з дня нараджэння Міхася Дуброўскага, беларускага паэта.

3 кастрычніка - 90 гадоў з дня нараджэння Міхася Навумовіча (1922-2004), беларускага грамадска-культурнага дзеяча на эміграцыі, мастака.

7 кастрычніка - 110 гадоў з дня нараджэння Юрыя Жывіцы (сапр. Попка, 1912-1990), беларускага журналіста, пісьменніка, грамадскага дзеяча на эміграцыі.

7 кастрычніка - 90 гадоў з дня нараджэння Івана Мікалаевіча Пташнікава, пісьменніка.

8 кастрычніка - 120 гадоў з дня нараджэння Канстанціна Іванавіча Кернажыцкага (1902-1942), беларускага гісторыка.

9 кастрычніка - 80 гадоў з дня нараджэння Івана Іванавіча Калесніка (1932-1979), беларускага паэта, публіцыста, перакладчыка.

10 кастрычніка - 65 гадоў з дня нараджэння Тамары Вяршыцкай, беларускага музеязнаўца.

11 кастрычніка - 140 гадоў з дня нараджэння Яна Тарчэўскага (1882-1929), дзеяча вызвольнага і культурнага руху Беларусі.

13 кастрычніка - 175 гадоў з дня нараджэння Эдварда Вайніловіча (1847-1928), гаспадарчага і палітычнага дзеяча Беларусі.

15 кастрычніка - 75 гадоў з дня нараджэння Валянціны Царук, беларускага музеязнаўца.

20 кастрычніка - 130 гадоў з дня нараджэння Янкі Тарасевіча (1892-1978), беларускага культурнага дзеяча на эміграцыі, каталіцкага духоўніка, доктара тэалогіі.

20 кастрычніка - 75 гадоў з дня нараджэння Юркі Голуба (1947-2020), беларускага паэта.

25 кастрычніка - 140 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Аляксандравіча Разенфельда (1872-?), беларускага фалькларыста і этнографа.

29-30 кастрычніка - 85 гадоў з часу масавых расстрэлаў прадстаўнікоў беларускай інтэлегенцыі ў Менску.

31 кастрычніка - 80 гадоў з дня нараджэння Івана Коўкеля (1942-2009), беларускага гісторыка, кандыдата гістарычных навук, прафесара.

Кастрычнік - 45 гадоў з часу адкрыцця філіяла Літаратурнага музея Янкі Купалы (з 11 кастрычніка 1978 г. - Купалаўскі мемарыяльны запаведнік "Ляўкі" ).

ЛІСТАПАД

1 лістапада - 390 гадоў з часу ўтварэння Магілёўскай праваслаўнай епархіі.

1 лістапада - 130 гадоў з дня нараджэння Язэпа Троські, дзеяча нацыянальна-культурнага руху ў БССР.

1 лістапада - 25 гадоў таму назад у Лідзе выйшаў 1-шы нумар адноўленай газеты "Наша слова".

3 лістапада - 140 гадоў з дня нараджэння Якуба Коласа (1882-1956), Народнага пісьменніка Беларусі, вучонага, акадэміка НАН Беларусі.

4 лістапада - 135 гадоў з дня нараджэння Цішкі Гартнага (сапр. Зміцера Хведаравіча Жылуновіча, 1887-1937), пісьменніка, акадэміка НАН Беларусі, палітычнага і дзяржаўнага дзеяча БССР.

6 лістапада - 280 гадоў з дня нараджэння Фабіяна Саковіча (1742-1787?), паэта, перакладчыка, педагога.

6 лістапада - 35 гадоў з часу заснавання Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры (Менск, 1987, адкрыты ў лістападзе 1991 г.)

11 лістапада - 65 гадоў з дня нараджэння Людмілы Смольскай, беларускага мовазнаўца, кандыдата філалагічных навук.

11 лістапада - 30 гадоў назад устаноўлены дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Ватыканам, заснавана Апостальская нунцыятура ў Беларусі.

13 лістапада - Дзень беларускай школы.

14 лістапада - 200 гадоў з дня нараджэння Паўлюка Багрыма (1812-1891?), беларускага паэта.

15 лістапада - 90 гадоў з часу стварэння Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (Менск, 1932).

15 лістапада - 75 гадоў з дня нараджэння (1947) А.І. Ярмоленкі, Народнага артыста Беларусі.

15 лістапада - 55 гадоў з часу заснавання Саюза кінематаграфістаў Беларусі.

16 лістапада - 85 гадоў з дня нараджэння Валянціна Лукшы, пісьменніка, перакладчыка.

21 лістапада - 115 гадоў з дня нараджэння К.І. Гурскага (1907-1943), беларускага мовазнаўца.

25 лістапада - 100 гадоў з дня нараджэння Яўгена Мацвеевіча Замерфельда (1912-1980), беларускага паэта, крытыка, педагога.

26 лістапада - 185 гадоў з дня нараджэння Міхала Эльвіра Андрыёлі (1837-1893), мастака, удзельніка паўстання 1863 года.

26 лістапада - 115 гадоў з дня нараджэння М.А. Скрыпкі (1907-1991), беларускага паэта-сатырыка, празаіка, драматурга.

Лістапад - 60 гадоў з часу заснавання Дзяржаўнага хору Беларусі пад кіраўніцтвам Г.І. Цітовіча (з 1986 носіць імя Г.І. Цітовіча).

СНЕЖАНЬ

2 снежня - 400 гадоў з дня нараджэння Януша Радзівіла (1612-1655), дзяржаўнага і ваеннага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага.

3 снежня - 85 гадоў з дня нараджэння Дануты Бічэль, паэтэсы.

4 снежня - 110 гадоў з дня нараджэння Аляксея Сцяпанавіча Русецкага (сапр. Бурдзялёў, 1912-2000), беларускага паэта, перакладчыка.

10 снежня - 170 гадоў з дня нараджэння Вандаліна Шукевіча (1852-1919), беларускага археолага, этнографа.

18 снежня - 105 гадоў таму назад пачаўся Першы ўсебеларускі кангрэс.

20 снежня - 90 гадоў таму прынята пастанова ЦВК і СНК БССР "Аб аб'яўленні Беларускай ССР краінай суцэльнай пісьменнасці" (1932 г.).

26 снежня - 85 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Гніламёдава, крытыка, літаратуразнаўца, акад. НАН Беларусі.

26 снежня - 85 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Талерчыка, беларускага краязнаўца.

27 снежня - 100 гадоў з дня нараджэння Івана Кузьміча Сіўцова (1922-1959), беларускага празаіка, крытыка.

31 снежня - 220 гадоў з дня нараджэння Максімільяна Станіслава Рылы (1802-1848), беларускага філосафа, археолага, усходазнаўца, каталіцкага рэлігійнага дзеяча.

Снежань - 50 гадоў з часу заснавання гістарычна-археалагічнага запаведніка ў Заслаўі (з 1986 г. - Дзярж. гіст.-культурны запаведнік "Заслаўе").

У 2022 годзе:

1160 гадоў з часу заснавання Полацка (862 г.).

990 гадоў таму назад адбыўся паход гарадзенскага князя Усяслава Давыдавіча на паселішчы занёманскай Літвы.

955 гадоў таму назад (1067) адбылася бітва на рацэ Нямізе паміж войскамі яраславічаў і полацкага князя Усяслава Брачыслававіча.

920 гадоў з дня нараджэння Ефрасінні Полацкай.

650 гадоў таму назад Гарадзенскі полк перамог у баі войска крыжацкага ордэна пад камандай Шындэкопфа.

590 гадоў таму назад в. Цырын (Карэліцкі р-н) упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах.

550 гадоў таму назад у Варнянах (Астравецкі р-н) пабудаваны касцёл, фундаваны Марыяй Сангайлай.

530 гадоў таму назад мяст. Воўпа (Ваўкавыскі р-н) упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах.

500 гадоў з часу стварэння (1522) Францішкам Скарынам друкарні ў Вільні, першай на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Выданне "Малой падарожнай кніжыцы".

490 гадоў таму назад пабудавана з дрэва Свята-Мікалаеўская царква ў мяст. Юрацішкі (Іўеўскі р-н), адноўлена ў 1840 г.

480 гадоў таму назад пабудаваны драўляны касцёл у мяст. Індура (Гарадзенскі р-н), фундаваны Іванам Давойнам.

475 гадоў з дня нараджэння Мацея Стрыйкоўскага.

460 гадоў таму назад в. Ятра (Наваградскі р-н) атрымала прывілей караля і вялікага князя Жыгімонта ІІ Аўгуста на права адкрываць корчмы, ладзіць кірмашы і гандлі.

420 гадоў таму назад в. Валеўка (Наваградскі р-н) упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах.

410 гадоў таму назад пабудаваны кальвінскі збор у мяст. Жодзішкі (Смаргонскі р-н).

400 гадоў таму назад заснаваны кляштар аўгусцінцаў у мяст. Міхалішкі (Астравецкі р-н).

400 гадоў таму назад у Гародні была заснавана калегія езуітаў.

400 гадоў таму назад пабудаваны драўляны касцёл у в. Забалаць (Воранаўскі р-н).

380 гадоў таму назад Жыровічы (Слонімскі р-н) атрымалі статус мястэчка.

360 гадоў таму назад заснаваны касцёл св. Міхаіла Арханёла ў мяст. Міхалішкі (Астравецкі р-н), фундаваны Я. Брастоўскім.

330 гадоў таму назад пабудавана ўніяцкая царква Барунскага кляштара (Ашмянскі р-н), якая пазней неаднаразова перараблялася.

240 гадоў таму назад пабудаваны ў мяст. Лунна (Мастоўскі р-н) касцёл, рэканструяваны ў 1895 г.

220 гадоў таму назад пачата будаўніцтва сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага ў в. Залессе (Смаргонскі р-н).

210 гадоў таму назад пабудаваны мураваны касцёл у мяст. Забалаць (Воранаўскі р-н), фундаваны Л. Тышкевічам.

125 гадоў таму назад пабудавана ў в. Войневічы (Дзятлаўскі р-н) Свята-Крыжаўзвіжанская царква ў стылі беларускага народнага дойлідства.

115 гадоў таму назад (1907) створана першая беларуская тэатральная трупа Ігната Буйніцкага (існавала па 1913 г.).

90 гадоў з часу заснавання Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі (Менск, 1932 г.)

85 гадоў з часу стварэння Беларускай дзяржаўнай філармоніі (Менск, 1937).

Адраджэнню мовы і народнай спадчыны надаецца пільная ўвага ў Ванелевіцкім дзіцячым садку

У аграгарадку Ванелевічы жывуць каля 500 чалавек. Вёска размешчана за 7 кіламетраў ад Капыля.

У Ванелевіцкім дзіцячым садку Капыльскага раёна добра разумеюць значэнне роднай мовы для развіцця інтэлектуальных здольнасцяў малых. Тут выхаванне і навучанне дзяцей дашкольнага ўзросту хоць і адбываюцца на дзвюх дзяржаўных мовах, але асноўнай мовай выхавання і навучання застаецца родная - у тым ліку, улічваючы пажаданні бацькоў.

Перыяд развіцця ад нараджэння да 6 гадоў з'яўляецца найбольш адказным за фарміраванне інтэлектуальных і фізічных здольнасцяў дзіцяці. Для беларускіх сем'яў, ссунутых у рускамоўнае асяроддзе, тут ёсць праблемы. Дзіцяці бацькі-беларусы перадаюць генетычную сінаптычную матрыцу, якая арыентавана на мову іх продкаў (беларускую мову), а выхоўваюць на іншай мове. (Навукоўцы таксама лічаць, што рэсурсаў генетычнай сінаптычнай матрыцы дастаткова, каб дзіця авалодала і іншымі мовамі).

Яўгення Цітова, загадчыца дзяржаўнай установы адукацыі "Ванелевіцкі дзіцячы сад" распавяла пра некаторыя аспекты вучэбнага і выхаваўчага працэсу.

І Яўгенні Цітовай ёсць што расказаць, паколькі дзіцячы сад пад яе кіраўніцтвам неаднаразова ўдзельнічаў у разнастайных раённых і абласных конкурсах-аглядах ды і займаў прызавыя месцы. За дасягненні высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі дзіцячы сад называўся "лепшай установай дашкольнай адукацыі ў сельскай мясцовасці". У 2018 годзе садок заняў 2-е месца ў раённым конкурсе-аглядзе вучэбных дапаможнікаў і дыдактычных гульняў, накіраваных на папулярызацыю беларускай мовы, развіццё беларускай мовы ў выхаванцаў.

- У нас створаны разнастайныя тэматычныя зоны для сюжэтна-ролевых гульняў, у працэсе якіх дзеці вучацца арыентавацца ў розных кірунках практычнага жыцця: "Бальніца", "Крама", "Дом", "Стаматалогія", "Фермер", "Аўтазапраўка", "Куток прыроды", "Куток пажарнай бяспекі" і іншыя, - распавяла Яўгення.

У 2021-м годзе быў абсталяваны "Цэнтр тэатральнай дзейнасці", дзе прадстаўлены розныя віды тэатраў па матывах казак. Ён найбольш запатрабаваны дзецьмі. Вершы, загадкі, прымаўкі, прыказкі, казкі, творчае складанне невялікіх апавяданняў садзейнічаюць развіццю памяці дзяцей, моўных і творчых здольнасцяў і шырока скарыстоўваюцца ў працы траіх выхавальнікаў.

З 2021-га па 2024 год ва ўстанове рэалізуецца праект "Развіццё нацыянальнай самасвядомасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту сродкамі беларускіх народных гульняў".

- Вельмі важна далучыць дзяцей дашкольнага ўзросту да гістарычна-культурных традыцый роднага краю, важна, каб у дзяцей фарміраваліся пазітыўнае стаўленне да нацыі беларусаў, - гаворыць загадчыца дзіцячага сада. - Ранняе знаёмства з беларускімі народнымі гульнямі - неад'емная частка развіцця нацыянальнай свядомасці асобы, якая пачынае адчуваць сябе часткай нацыі, сваёй малой радзімы, любімай краіны. Бо ў беларускіх народных гульнях умоўна адлюстроўваюцца і рэчаіснасць, і святая гісторыя нацыі, і лепшыя традыцыі культуры, педагогікі, звычаі, непаўторны нацыянальны каларыт. Яны павінны захоўвацца і перадавацца наступным пакаленням.

Ва ўстанове "Ванелевіцкі сад" удзяляюць увагу не толькі мове, але і адраджэнню нацыянальных традыцый, народнай спадчыны, усебаковаму развіццю дзяцей. Усе праекты, выхаваўча-культурніцкія сцэнарыі розных мерапрыемстваў і святаў цяжка пералічыць.

Да прыкладу, творчыя выхавальнікі з 2008 года і да гэтага часу ажыццяўляюць праект "Сацыяльна-маральнае развіццё дашкольнікаў пры дапамозе пазнання соцыюму ва ўмовах сельскай мясцовасці". Калі перакласці цяжкую назву праекта простымі словамі - знаёмяць выхаванцаў з традыцыйным побытам беларусаў, далучаюць да гісторыі культуры народа. Ды не толькі ў тэорыі, але і на практыцы!

У выніку сумесных намаганняў выхавальнікаў, тэхнічнага персаналу і бацькоў створаны вельмі цікавы міні-музей "Беларуская хатка". Частка экспанатаў знаходзіцца на двары ў выглядзе сялянскага падвор'я. На гэтай тэматычнай пляцоўцы выхавальнікі пры любым надвор'і маюць магчымасць праз гульні далучаць дзяцей да нашай гістарычнай спадчыны.

- Народная культура - найважнейшая частка гістарычнай спадчыны, якая спрыяе фарміраванню нацыянальнай свядомасці будучых пакаленняў, - падсумоўвае важнасць такой працы Яўгенія Цітова напрыканцы гутаркі. І з гэтым немагчыма спрачацца. Застаецца толькі пашкадаваць, што не ўсе маленькія беларусы маюць магчымасць наведваць падобныя дзіцячыя садкі, у якіх творчыя педагогі могуць навучыць любові да Радзімы.

Каця Кастрыцкая.

Ірландская мова стала працоўнай ва ўстановах Еўрасаюза

З 1 студзеня 2022 года дакументы ЕС павінны будуць перакладацца і на ірландскую (гэльскую) мову.

Ірландцы далучылася да структур цяперашняга Еўрасаюза яшчэ ў 1973 годзе, але толькі з 1 студзеня 2022 года іх нацыянальная мова атрымлівае паўнавартасны статус працоўнай мовы, паведамляе агенцтва DPA.

Усе дакументы Еўрасаюза цяпер павінны будуць перакладацца таксама і на ірландскую. У Ірландыі ў гэтым бачаць магутны стымул для адраджэння і развіцця ірландскай мовы.

Наданне ірландскай такога статусу запатрабавала шматгадовай арганізацыйнай падрыхтоўкі.

За пяць гадоў колькасць супрацоўнікаў ва ўстановах ЕС, якія валодаюць ірландскай, вырасла з 58 да 170, а ў 2022 годзе павінна дасягнуць 200.

Выдаткі на пісьмовы і вусны пераклад аплачваюцца з бюджэту ЕС, на што Ірландыя таксама робіць унёскі.

Забеспячэнне магчымасці для прадстаўнікоў краін-членаў Еўрасаюза выкарыстоўваць родную мову як працоўную каштуе ў год амаль 350 млн еўра, што складае каля 0,2% ад агульнага бюджэту. Пераклад на 24 афіцыйныя мовы ЕС забяспечваюць каля 2000 перакладчыкаў.

Ірландская - адна з кельцкіх моў, яна лічыцца першай афіцыйнай мовай Ірландыі. Паводле ацэнак, агульная колькасць яе носьбітаў - каля 1,6 млн чалавек, аднак толькі 70 тысяч выкарыстоўваюць ірландскую ў штодзённым жыцці.

Раёны Ірландыі з кампактным пражываннем носьбітаў ірландскай, якія знаходзяцца пераважна ў заходняй частцы краіны, атрымалі назву Гелтахт.

Паводле СМІ.

Ашчаджэнні немцаў у 2021 годзе дасягнулі новага рэкорду

Навіны Германіі

Фінансавыя актывы прыватных хатніх гаспадарак у Германіі выраслі за мінулы год да рэкордных 7,7 трыльёна еўра. Жыхары краіны адкладалі ў сярэднім 15 еўра з кожнай заробленай сотні.

Многія жыхары Германіі ў 2021 годзе працягнулі эканоміць, у выніку чаго ў краіне ўсталяваны новы рэкорд па аб'ёме прыватных зберажэнняў, паведаміла ў нядзелю, 2 студзеня, агенцтва dpa са спасылкай на дадзеныя адной з найбуйнейшых банкаўскіх груп ФРГ DZ Bank.

Паводле яе разлікаў, за 2021 год фінансавыя актывы прыватных хатніх гаспадарак павялічыліся на больш, чым 7 адсоткаў і дасягнулі рэкордных 7,7 трыльёна еўра. Афіцыйныя дадзеныя Нямецкага федэральнага банка (бундасбанк), як чакаецца, будуць апублікаваны ўвесну.

У разліках DZ Bank да ўвагі прымаюцца грашовыя сродкі і банкаўскія ўнёскі, каштоўныя паперы, уключаючы акцыі і фонды, а таксама выплаты, чаканыя ад страхавых кампаній.

- Галоўнай рухальнай сілай назапашвання багаццяў сталі зэканомленыя сродкі, аб'ём якіх, хоць і трохі паменшыўся, быў ізноў надзвычай высокім па гістарычных мерках, - кажа эканаміст DZ Міхаэль Штапель (Michael Stappel). Па яго словах, у 2021 годзе з кожных 100 еўра прыбыткаў прыватныя хатнія гаспадаркі ФРГ меркавана адкладвалі ў сярэднім 15 еўра.

У 2020 годзе жыхары ФРГ адкладалі рэкордныя 16,1 еўра з кожнай сотні

Самы высокі сярэдні паказчык долі зберажэнняў у Германіі - 16,1 адсотка - быў зафіксаваны ў 2020 годзе на фоне крызісу, выкліканага пандэміяй коронавируса.

Гэта тлумачылася тым, што многія немцы зменшылі свае выдаткі, асцерагаючыся страты працы ці зніжэння прыбыткаў. Акрамя таго, змушаная адмова ад вандраванняў і часовае закрыццё крам сур'ёзна скараціла магчымасці марнаваць грошы.

Паводле СМІ.

У ФРГ спыняе працу палова з дзейсных АЭС

У Германіі спыняюць працу тры атамныя электрастанцыі (АЭС): у Брокдорфе (зямля Шлезвіг-Гальштэйн), у Грондзе (Ніжняя Саксонія) і Гундрэмінгене (блок 3, зямля Баварыя). Як перадало ў пятніцу, 31 снежня, агенцтва dpa, АЭС будуць адключаны ад сеткі і выведзены з эксплуатацыі. Пры гэтым неабходны па законе дэмантаж, як чакаецца, зойме яшчэ шмат гадоў.

У Германіі застануцца толькі тры АЭС

Такім чынам на тэрыторыі Германіі працягнуць пастаўляць электраэнергію толькі тры іншыя пакінутыя АЭС - у Баварыі, Бадэн-Вюртэмберзе і Ніжняй Саксоніі. Яны ў рамках поўнай адмовы ад атамнай энергіі (АЭ) павінны завяршыць вытворчасць роўна праз год.

Пры гэтым два заводы, якія вырабляюць, у прыватнасці, цеплавылучальныя элементы (твэлы) на экспарт, працу працягнуць.

У Грондзе праціўнікі АЭ раней абвясцілі, што адзначаць вывад электрастанцыі з эксплуатацыі пікетам і дэманстрацыяй.

Адмова ад атамнай энергетыкі была зацверджана ў 2011 годзе

Федэральны ўрад Германіі зацвердзіў адмову ад АЭ ў 2011 годзе пасля аварыі на АЭС "Фукусіма".

Рух праціўнікаў атамнай энергетыкі яшчэ ў 1980-х гадах аб'яднаў сотні тысяч пратэстоўцаў супраць будаўніцтва АЭС у Брокдорфе. Лютыя сутыкненні з паліцыяй адбываліся ў тыя гады шматкроць.

Гэта звязана з тым, што пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе ў Германіі таксама быў выяўлены падвышаны ўзровень радыяцыі ў глебе і харчовых прадуктах.

У свеце дзейнічае больш за400 АЭС

Тым часам цэлы шэраг краін, у прыватнасці Францыя, Вялікабрытанія, ЗША, Індыя, Расія і Кітай, працягваюць належыць на АЭ. У свеце па-ранейшаму дзейнічае больш за 400 АЭС. У наш час будуецца каля 50 рэактараў, 18 з іх - у Кітаі. Яшчэ 300 знаходзяцца на стадыі планавання.

Свой унёсак у захаванне атамнай энергетыкі робяць і лабісты, якія прасоўваюць ідэю вытворчасці, па іх словах, "чыстай энергіі, што спрыяе дасягненню кліматычных мэт". Прэзідэнт Эманюэль Макрон, да прыкладу, абвясціў, што для дасягнення кліматычнай нейтральнасці да 2050 года пасля перапынку ў некалькі дзесяцігоддзяў Францыя пачне будаваць новыя атамныя электрастанцыі.

Паводле СМІ.

Краязнаўчая ініцыятыва "Крывічаў" з Крычава працуе над выданнем кнігі-альбома па старых фотаздымках горада

У розных кутках нашай Бацькаўшчыны нямала людзей, якім неабыякава мінулае сваёй малой радзімы. Часам энтузіясты аб'ядноўваюцца і рэалізуюць годныя і цікавыя праекты. Вось і ва ўсходнебеларускім Крычаве восенню 2020 года ўзнікла краязнаўчая ініцыятыва "Крывічаў", якая ставіць сваёй мэтай захаванне і папулярызацыю гісторыі Крычаўшчыны як багатага края на падзеі мінулага. Адной з галоўных задач ініцыятывы з'яўляецца праўдзіва асвячаць малавядомыя факты і мінулае краю. Мэтавая аўдыторыя адпаведна - жыхары Крычава і Крычаўскага раёна розных узростаў.

Колькасць сяброў ініцыятывы на цяперашні момант пакуль невялікая - усяго 5 чалавек, аднак матываваная купка людзей мае ўжо пэўныя поспехі. У пазітыўны досвед ініцыятывы можна аднесці даследванне гісторыі вёскі Чырвоная Буда з мэтай выдання кнігі ў будучыні. Былі таксама даследаваны сведчанні людзей, дакументы і музейныя калекцыі школьнага музея і сельскага дома культуры Чырвонай Буды, назапашаны пэўныя матэрыялы і напісаны шэраг даследчых тэкстаў.

За час існавання ініцыятывы быў зроблены збор дакументальных сведчанняў і сабраны вусныя ўспаміны некаторых жыхароў Крычава пра падзеі Другой сусветнай вайны і акупацыі горада нямецкімі войскамі, знойдзены ўнікальныя фатаграфіі горада, зробленыя нямецкімі жаўнерамі.

На дадзены момант краязнаўцы з "Крывічава" працуюць над праектам па выданні кнігі старых фотаздымкаў "Крычаў - скрозь прызму часу", у якой будуць сабраны фотаздымкі дарэвалюцыйнага і даваеннага Крычава, а таксама сучасны від тых месцаў і аб'ектаў, якія былі выяўлены на старых фатаграфіях. Праект будзе паказваць архітэктурныя збудаванні, якія не захаваліся да сённяшняга часу, а таксама адлюстроўваць змены ў гарадскім асяродку і вобліку Крычава. Акрамя таго плануецца выданне паштовак з выявамі старога горада, што дазволіць папулярызаваць гісторыю Крычава сярод мясцовага насельніцтва.

Мэтамі гэтага праекта крычаўскія краязнаўцы бачаць актуалізацыю гісторыі Крычава, папулярызацыі старой фатаграфіі і захаванне памяці пра будынкі гарадской забудовы, якія зніклі ў віхуры часу. Вынікам рэалізацыі праекта стане не проста выданне кнігі-альбома старых фотаздымкаў Крычава, аднак і асобны сайт, дзе ўсе аматары гісторыі змогуць азнаёміцца з кнігай у электронным варыянце. На электронным рэсурсе гэтак-сама будзе размешчана інфармацыя, якая раскажа пра з'яўленне і рэалізацыю задумкі, для таго каб падштурхнуць краязнаўцаў іншых гарадоў да ініцыявання краязнаўчых праектаў падобнага кшталту.

Напрыканцы трэба заўважыць, што кніга-альбом і паштоўкі Крычава рознага часу ўжо гатовы і знаходзяцца ў друку, а сайт краязнаўчага праекта на цяперашні момант у сваёй фінальнай стадыі распрацоўкі. Такім чынам, хутка ўсе аматары краязнаўства змогуць наведаць электронны рэсурс ініцыятывы, а жыхары Крычаўшчыны патрымаць у руках новае краязнаўчае выданне.

Хведар Прылёпаўскі, г. Крычаў.

Дом Таўлая запрашае

Вядзе рэй верабей

Пра птушыную сталоўку, "вераб'іны" танец, батлейку і многае іншае

На працягу амаль года супрацоўнікі Дома Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея праяўляюць цікавасць да ўсяго, што мае дачыненне да… вераб'ёў. На клёне каля літаратурнага музея з'явілася кармушка, а ў самім Доме Таўлая паступова расце колькасць экспанатаў на "вераб'іную" тэму - тут можна ўбачыць адпаведныя карціны і малюнкі, чучала вераб'я, дзіцячыя кніжкі, у якіх згадваецца гэты непрыкметны на першы погляд персанаж, і іншае. Хутка тут будзе праводзіцца музейна-педагагічны занятак для дзяцей "Вядзе рэй верабей", на якім дзеці, магчыма, будуць апранутыя ў касцюмы гэтых птушачак. А ў больш аддаленай перспектыве ў двары Дома Таўлая дзеці будуць выконваць танец "Вераб'і і лежань"… Адкуль жа такая ўвага да вераб'ёў? Чаму верабей з некаторай пары вядзе ў гэтых сценах рэй? Усё звязана з біяграфіяй самога Валянціна Таўлая…

Сімвал Дома Таўлая

Пачалося ўсё каля года назад. У лютым 2021 года, да чарговай гадавіны з дня нараджэння Валянціна Таўлая, куратар Дома Таўлая Алесь Хітрун пераглядзеў біяграфію паэта, шукаючы ў гэтай біяграфіі даты, якія ў бліжэйшы час стануць юбілейнымі. Увагу прыцягнула дата напісання Таўлаем свайго першага верша - люты 1922 года. У дзяцінстве, прычым у нашым горадзе Лідзе, пачалося станаўленне Валянціна Таўлая як паэта. Зусім хутка, у лютым 2022 года, споўніцца 100 год з дня напісання гэтага першага верша, які называецца "Wrobelki" ("Верабейкі"). Напісаны ён быў на польскай мове, пазней паэт пераклаў яго на беларускую мову.

У творчай біяграфіі паэта гэтая падзея адна з найважнейшых: менавіта дадзеным вершам Валянцін Таўлай праклаў сабе сцяжынку ў беларускую літаратуру. Яму на той час было восем гадоў. Для горада Ліды гэта таксама важная падзея, бо дадзены твор быў напісаны паэтам у нашым горадзе ў час навучання ў школе, якая размяшчалася за паўночным бокам Лідскага замка.

Аб тым, што ў хуткім часе, у 1926 годзе, непадалёку ад таго ж замка будзе пабудаваны драўляны дом, васьмігадовы Валя Таўлай і не задумваўся. Гэты дом захаваўся па сённяшні дзень. Размяшчаецца ён непадалёку ад паўднёва-заходняй вежы Лідскага замка. Менавіта ў гэтым будынку паэт жыў з 1939 па 1941 год. Цяпер тут размяшчаецца Дом Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея.

У кожнага музея ёсць свая пэўная сімволіка, якая непасрэдна звязана з творчай дзейнасцю той ці іншай асобы. Умоўным сімвалам Дома-музея Валянціна Таўлая з'яўляецца менавіта верабей - птушка, усім нам вядомая. Яе вобраз выкарыстоўвалі многія творцы.

Супрацоўнікі Дома Валянціна Таўлая вырашылі сабраць калекцыю прадметаў і матэрыялаў на "вераб'іную" тэму. Гэта могуць быць вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, творы выяўленчага мастацтва, вершы, апавяданні і інш. Асабліва каштоўнымі тут стануць прадметы або матэрыялы, якія захоўваюць аўтарства. Яшчэ ў лютым 2021 года супрацоўнікі Дома Таўлая кінулі кліч у сацыяльных сетках: дапамажыце ў зборы калекцыі на "вераб'іную" тэму!

Птушыная сталоўка

- Першай на наш заклік адгукнулася СШ № 6 горада Ліды, - расказвае Алесь Хітрун, - адтуль нам перадалі кармушку для кармлення птушак зімой. Вырабілі яе вучні 5 "А" класа пад кіраўніцтвам настаўніка працоўнага навучання Мікалая Усеваладавіча Філіповіча. І цяпер на клёне каля Дома Таўлая ёсць сталоўка для вераб'ёў і сінічак - у зімовы час яны не застануцца галоднымі. Кармушку мы павесілі якраз у дзень нараджэння Валянціна Таўлая, сыпалі туды семкі. Дарэчы, і той першы верш - "Wrobelki" ("Верабейкі") - васьмігадовы Валя Таўлай напісаў як водгук на школьную кампанію па зімовай дапамозе птушкам.

Між іншым, супрацоўнікі Дома Таўлая даведаліся, які корм трэба даваць птушкам. Ні ў якім разе не чорны хлеб: ён шкодзіць іх кішэчніку. Нельга таксама карміць салёным салам (яно шкодзіць ныркам), смажаным тлушчам (шкодны для печані), просам (на яго шліфаванай паверхні збіраецца шмат таксічных рэчываў), абсмажанымі семкамі, сапсаванымі прадуктамі і прадуктамі са стала. А вось сырымі семкамі (насеннем сланечніка, кавуна, гарбуза) з задавальненнем сілкуюцца вераб'і, сініцы і іншыя. Можна сыпаць любое зерне, акрамя проса. Сініцы любяць наведваць птушыную сталоўку, калі там ёсць тварог, зваранае ўкрутую яйка, сырое несалёнае сала. Сойкі любяць арэхі - для іх падыдзе нясмажаны арахіс. Недарагім і ўніверасальным кормам з'яўляюцца нарэ-заныя свежыя яблыкі.

"Вераб'іная" калекцыя

Аднак вернемся да збору прадметаў і матэрыялаў на "вераб'іную" тэму. Калекцыяй на сённяшні дзень супрацоўнікі Дома Таўлая ўжо могуць пахваліцца.

Так, мастак-манументаліст з Менска Васіль Зянько прысвяціў вершу "Верабейкі" рэльефную карціну (для людзей з праблемамі зроку) з фрагментам верша, перакладзеным на шрыфт Брайля, і перадаў гэтую карціну Дому Таўлая. Супрацоўніца аддзела рамёстваў Ірына Вашкевіч стварыла карціну з выявай вераб'ёў, якая пакуль экспануецца ў гісторыка-мастацкім музеі, але потым таксама зойме сваё месца ў Доме Таўлая. Малюнкі на "вераб'іную" тэму перадалі супрацоўніца музея Дзіяна Бянкевіч, лідчанкі Анастасія Ляўкевіч, Марына Мазоль.

Ёсць у літаратурным музеі і чучала вераб'я, перададзенае гарадзенцам Віктарам Бахматам, які зрабіў шмат чучал для Лідскага гісторыка-мастацкага музея. Ёсць свістулькі ў выглядзе вераб'ёў. Лідчанка Людміла Русь перадала сувенір у выглядзе вераб'я, які некалі прывезла з Забайкалля, і свой верш да гэтага сувеніра.

Што датычыцца матэрыялаў на "вераб'іную" тэму, з дапамогай інтэрнэту Алесь Хітрун сабраў шмат адпаведных казак, вершаў, загадак, прыказак, прымавак. Ёсць у калекцыі прыжыццёвы зборнік дзіцячых вершаў Петруся Граніта (дарэчы, сябра Валянціна Таўлая), у якім, акрамя іншых, ёсць верш "Верабейчык". Гэты зборнік яшчэ да аб'яўлення акцыі па зборы "вераб'інай" калекцыі перадаў Дому Таўлая краязнавец са Слоніма Сяргей Чыгрын. Алесь Хітрун купіў дзіцячую кніжку Максіма Горкага "Воробьишко". Нарэшце, маецца ў калекцыі і зборнік танцаў "Вераб'і і лежань" з рэпертуару ўзорнага ансамбля танца "Весялушка" Мінскай дзіцячай школы мастацтваў (1990 года выдання). Куратару літаратурнага музея хацелася б, каб аднайменны танец з гэтага зборніка выконваўся ў Доме Таўлая, а дакладней - у двары Дома Таўлая, летам, на тым жа "Замкавым гасцінцы" (тут можа дапамагчы Лідская ДШМ).

Будзе ў Доме Таўлая свая батлейка

Аднак збор калекцыі (на аснове якой будзе арганізавана выстаўка) - гэта толькі адно з комплексу мерапрыемстваў Дома Таўлая да 100-годдзя напісання верша "Верабейкі".

- Больш за год я выношваю ідэю стварэння пры Доме Таўлая лялечнага тэатра-батлейкі, - дзеліцца планамі Алесь Хітрун. - Планую паставіць лялечны спектакль для дзяцей па вершы "Верабейкі", у якім бы адлюстроўваўся перыяд вучобы маленькага Валі Таўлая ў Лідзе (канешне, з элементамі выдумкі, у літаратурнай апрацоўцы), была паказана гісторыя напісання ім першага верша. Свая батлейка (але яна больш адпавядае тэатру ценяў) у гістарычна-мастацкім музеі ўжо ёсць. Я напішу сцэнарый. Трэба падрыхтаваць адпаведных лялек. Спектакль стане адной з візітак нашага Дома Таўлая, сродкам прыцягнення да нас дзіцячай аўдыторыі.

А літаральна на днях у Алеся з'явілася ідэя пашыць дзіцячыя касцюмы вераб'ёў альбо зрабіць роставых лялек у выглядзе вераб'ёў. Не супраць гэтай ідэі і калегі. Касцюмы (або роставыя лялькі) будуць дарэчы ў час музейна-педагагічнага занятка "Вядзе рэй верабей", аб якім будзе сказана ніжэй. Трэба хутчэй вызначыцца, хто зоймецца пашывам: часу да лютага 2022 года застаецца не так і шмат.

А вось доўгая кашуля, накшталт той, якую, паводле ўспамінаў, насіў у школе навыпуск маленькі Валя Таўлай, у літаратурным музеі ўжо ёсць. Яна таксама спатрэбіцца для занятка з дзецьмі.

"Будзем пець, маляваць, кармушку майстраваць…"

- Цяпер пра сам занятак, - гаворыць у заканчэнне нашай гутаркі Алесь Хітрун. - Ён мной ужо распрацаваны, але пакуль я яго не праводзіў - буду праводзіць у лютым, а магчыма, і надалей. У праграму занятка ўключаны майстар-клас па вырабе вераб'я з паперы ў тэхніцы арыгамі (я такога вераб'я ўжо зрабіў), развучванне песні "Верабейка атрымаў капейку", складанне з "раскіданых ветрам" слоў прымавак, у якіх згадваецца верабей, маляванне вераб'я шляхам злучэння кропак лініямі, азнаямленне з асаблівасцямі кармлення вераб'ёў зімой і многае іншае. Магчыма, запрашу таго ж Мікалая Усеваладавіча Філіповіча, каб правёў для дзяцей майстар-клас па вырабе кармушкі. Кожны ўдзельнік занятка атрымае медаль і дыплом з выявай вераб'я, "пячаткай Валянціна Таўлая" і "аўтографам паэта". Праз такія заняткі асоба Валянціна Таўлая стане для дзяцей больш блізкай, як і Дом Таўлая па вуліцы Замкавай.

Вось так яскрава супрацоўнікі літаратурнага музея плануюць адзначыць 100-годдзе з пачатку станаўлення Валянціна Таўлая як паэта, якое пачалося ў Лідзе з маленькага вершыка "Верабейкі".

Аляксей КРУПОВІЧ.

Верабейкі

Валянцін ТАЎЛАЙ

Ну й зіма! Трашчаць марозы,

І няма ніякіх птушак -

Толькі вераб'і, вароны.

Горка гэтым верабейкам

З думкай аб ядзе

Так падскаківаць галодным.

Але што ж мы зробім?

Вось міне зіма цяжкая

І вясна прыйдзе - накорміць.

1922 г.

Дабрачынны кірмаш

Кожны год у снежні ў СШ № 11 г. Ліды "прыходзіць" зімовы цуд: у фае раптам вырастаюць снежныя гурбы, на заснежаныя дрэвы рассаджваюцца снегіры і сінічкі, адчыняе свае дзверы майстэрня Дзеда Мароза, дзе бесперапынна вырабляюцца навагоднія сувеніры, падарункі, ёлачныя цацкі, навагоднія ўпрыгожванні. А перад самымі канікуламі ўсіх з добрай усмешкай сустракаюць Дзед Мароз і Снягурка.

Вось і ў гэты раз , 23 снежня, у нашай школе шумна і весела адкрыўся дабрачынны кірмаш - сапраўднае свята пазітыву і незабыўных эмоцый. Дзеці і дарослыя з задавальненнем прадавалі, куплялі, жартавалі і радаваліся. Ніхто не сышоў без выдатных і патрэбных пакупак.

А ўсе сабраныя сродкі будуць адпраўлены на падарункі дзецям-інвалідам.

Дзякуй дзецям, бацькам, педагогам школы за прыгожае, яркае, вясёлае і добрае свята.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Н.А. Бібліс.

Свята падзякі чытачам

"Дзякуй вам за тое, што вы ў нас ёсць!"

"Чалавек, які любіць і ўмее чытаць, шчаслівы чалавек. Ён акружаны мноствам разумных, добрых і верных сяброў. Сябры - гэта кнігі. Кнігі сустракаюць нас у раннім дзяцінстве і суправаджаюць нас усё жыццё". Гэтыя словы К.Г. Паўстоўскага паслужылі эпіграфам свята падзякі чытачам "Дзякуй вам за тое, што вы ў нас ёсць!", якое адбылося 29 снежня ў філіяле "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка".

Гэта свята самых, самых: тых, хто часта наведвае бібліятэку, шмат чытае, прымае актыўны ўдзел у яе жыцці. Таму напярэдадні навагодніх святаў, супрацоўнікі бібліятэкі запрасілі актыўных чытачоў, каб павіншаваць з надыходзячым Новым годам, сказаць словы падзякі, уручыць граматы, сувеніры і салодкія падарункі.

Гоман Кацярына, Банцэвіч Аляксандра, Пыж'янаў Марк - верныя і адданыя чытачы філіяла "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка", Кавальскія Мілена, Міраслаў і Мацвей - дружная сям'я, якая таксама актыўна чытае і часта прыходзіць у бібліятэку - атрымалі граматы ў намінацыі "Чытач года-2021". Касцючэнка Канстанцін, Тамашэвіч Яўген і Тамашэвіч Аляксей сталі лепшымі ў конкурсе малюнкаў "Горад дзяцінства".

Павіншаваць лепшых чытачоў, падарыць ім навагодні настрой і свае святочныя песні прыйшлі вучаніцы музычнай школы - Александрына Раманоўская з песняй "Не спыняйся марыць" і Варвара Заварына з песняй "Ялінцы не холадна зімой". А каб сустрэча была незабыўнай, хлопцы і дзяўчынкі адправіліся ў навагодняе казачнае падарожжа разам са Снегавіком, які падрыхтаваў для іх цікавыя і вясёлыя зімовыя заданні і конкурсы.

Дзіцячыя ўсмешкі і радасць, дружалюбная атмасфера, цяпло дзіцячых сэрцаў сталі лепшымі сябрамі чароўнага пераднавагодняга свята!

К.С. Сандакова, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу.

МУЗЕЙНА-ПЕДАГАГІЧНЫ ЗАНЯТАК "НА СВЯТА КАЛЯДЫ"

У гадавым коле беларускага народнага календара адметнае месца займалі Каляды. Пачатак гэтага старажытнага свята супадаў з важнай прыроднай падзеяй: зімовым сонцастаяннем. Нябеснае свяціла паступова паварочвала на новае гадавое кола, і гэта быў (па ўяўленнях нашых продкаў) час нараджэння новага Сонца. У больш познія часы ў хрысціянскай традыцыі ў гэты перыяд пачало адзначацца адно з найважнейшых свят - Нараджэнне Хрыстова. Па грыгарыянскім календары дата ў ноч з 24 на 25 снежня захавалася ў каталікоў, а ў праваслаўных беларусаў (па юліянскім календары) адзначаецца свята - з 6 на 7 студзеня.

Снежнае покрыва зямлі, лёгкі марозік (як і павінна быць на Каляды!!!) дадалі атмасфернасці нашым наведвальнікам падчас музейна-педагагічнага занятка "На свята Каляды". Гэта добрая магчымасць акунуцца ў гісторыю народных зімовых свят, святочнага стала, таемнасці варажбы, знаёмства з героямі гурта "Калядоўшчыкі" праз міні-тэатр ценяў.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX