Папярэдняя старонка: 2022

№ 3 (3) 


Дадана: 19-01-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 3, 19 студзеня 2022 г.

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

Выйшаў з друку першы сёлетні нумар "Краязнаўчай газеты". І выхад яе, вядома ж, парадаваў усіх краязнаўцаў Беларусі, настаўнікаў, музейных работнікаў і бібліятэкараў. Таму што лёс газеты напрыканцы 2021 года "трымаўся на валаску". Ды яшчэ ад каронавіруса раптоўна памёр яе цудоўны былы рэдактар Уладзімір Пучынскі. І вось з Менска прыйшла прыемная вестка - галоўным рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны гісторык Максім Гальпяровіч, які добра ведае нашу гісторыю, краязнаўства і тых асобаў, якія пішуць і даследуць Беларусь. Ды і вопыт у яго вялікі, тым больш, што Максім Гальпяровіч пэўны час рэдагаваў "Беларускі гістарычны часопіс".

У першым нумары "Краязнаўчай газеты" Максім Гальпяровіч выступіў з артыкулам, у якім паабяцаў "Краязнаўчую газету" зрабіць больш разнастайнай. А што датычыць тэм, то адной з магістральных тэм газеты сёлета стануць "Навука і краязнаўства", "Месцы памяці", "Краязнаўцы і Вікіпедыя" і іншыя.

Наш кар.

Да ўвагі краязнаўцаў, выкладчыкаў і студэнтаў

19 студзеня 2022 г. Нацыянальная бібліятэка Беларусі распачынае цыкл сустрэч з вядомымі навукоўцамі "Крыніцы гістарычнай памяці". Такія сустрэчы будуць адбывацца кожны тыдзень у адкрытым для публікі фармаце і на бясплатнай аснове. У межах праекта перад вучонымі, настаўнікамі, студэнтамі, вучнямі, краязнаўцамі і іншымі зацікаўленымі выступяць вядомыя ў нашай краіне вучоныя і практыкі, якія на працягу многіх гадоў займаліся пошукам і вывучэннем крыніц па айчыннай гісторыі.

Кожная сустрэча будзе прысвечана важнай старонцы нашай мінуўшчыны і раскрыта на прыкладзе гістарычных крыніц - летапісаў, рукапісных кніг, старадрукаў, даўніх карт, гравюр, падпольных і партызанскіх выданняў часоў вайны, твораў беларускай літаратуры і іншых крыніц, якія захоўваюць гістарычную памяць беларускага народа. Пасля лекцыі эксперта будзе магчымасць задаць яму пытанні, прыняць удзел у дыскусіі, атрымаць аўтограф на выданнях вядомых навукоўцаў.

У якасці першага эксперта 19 студзеня 2022 г. удзел у адкрыцці праграмы сустрэч з навукоўцамі прыме вядомы беларускі вучоны, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, член праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Васільевіч Саверчанка. Перад публікай ён выступіць з лекцыяй "Беларуская літаратура эпохі Готыкі, Рэнесансу і Барока". Пачатак мерапрыемства - а 15:00 у зале адукацыйных тэхналогій Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Калі слухачоў будзе цікавіць тэма сустрэчы, але не будзе магчымасці фізічна прысутнічаць на ёй, то можна будзе далучыцца да жывой трансляцыі. Яна будзе весціся ў рэальным часе і дазволіць не толькі назіраць за правядзеннем мерапрыемства, але і нароўні з прысутнымі задаваць пытанні да эксперта і выказацца. Трансляцыя будзе даступная без папярэдняй рэгістрацыі на платформе YouTube па адрасе https://youtu.be/1i4zRRbbwX8.

Наступная сустрэча адбудзецца ў сераду 26 студзеня ў 15:00. Госцем і экспертам будзе знакаміты гісторык беларускіх летапісных крыніц, кандыдат філалагічных навук Вячаслаў Чамярыцкі, які выступіць з лекцыяй "Беларускія летапісы і хронікі".

Падрыхтавала Э. Дзвінская.

Браты і сёстры шчодра дзеляцца літаратурнымі і спеўнымі талентамі

На цудоўнае Каляднае падарожжа з калядкамі з Украіны, Грэцыі, Іспаніі, Аргентыны, Грузіі, Беларусі і іншых краін запрасіў гасцей хор "Пілігрымы" менскага прыходу св. Вольгі. Выдатна кіруе хорам кандыдат мастацтвазнаўства Любоў Шпакоўская. Вечарына прайшла 11 студзеня ў памяшканні дабрачыннага фонду св. Еўфрасінні Полацкай у Менску, дзе ўжо традыцыйнымі сталі лекцыі па беларускай культуры і гісторыі, і іншыя імпрэзы.

Хор "Пілігрымы" вядзе актыўную духоўна-асветніцкую дзейнасць: спявае ў час набажэнстваў, удзельнічае ў дабрачынных канцэртах. Мэта хору - захаванне і развіццё традыцый духоўнага спеўнага мастацтва беларусаў.

"Добры вечар табе, пане гаспадару.

Радуйся, ой радуйся, зямля,

Сын Божы нарадзіўся!"

Літаратурныя пераклады песень з іншых моваў на беларускую стварылі Алена Міхаленка, Наталля Васілевіч, Алег Хаменка і іншыя. Госці вечарыны атрымалі ў падарунак нотны зборнік калядак розных народаў, прысвечаны хрысціянскім спеўным традыцыям розных народаў свету. У выкананні вядомага актора Аляксандра Ждановіча (Маляваныча) прагучалі знакамітыя вершы Барыса Пастарнака і Ларысы Геніюш, прысвечаныя нараджэнню Хрыстову. Захапленне ў слухачоў выклікалі таксама французскія, польскія і сербскія калядныя песні.

На святочнай вечарыне, арганізаванай сумесна з хорам " Пілігрымы", выступіла з чытаннем сваіх вершаў, прысвечаных Калядам, паэтэса і пісьменніца Алена Міхаленка. На заканчэнні праграмы прагучала песня "Беларусы" на вершы А. Міхаленкі (муз. Л. Шпакоўскай).

"Па дарогах зямлі любім мы вандраваць.

Бачыць мора і горы цікава.

Ды вяртаемся ў край, дзе любілі чытаць,

Дзе дом родны і добрыя справы.

Беларус беларуса падтрымае ў скрусе,

Хлеба-солі дасць брату, пачастуе гарбатай.

У свята знойдзе хвілінку праспяваць "Купалінку",

Ды памоліцца Богу, каб падаў дапамогу."

Нягледзячы на розныя жыццёвыя праблемы, браты і сёстры адорваюць адзін аднаго цяплом, дораць радасць сваімі літаратурнымі і спеўнымі талентамі.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

ЛЕГЕНДА БЕЛАРУСКАЙ ЗЯМЛІ

З архіва пісьменніка

УЛАДЗІМІР БАРЫСЕНКА

Тры гады таму, 30 снежня 2018-га, у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі скончыла сваю работу найунікальнейшая выстава апошніх часоў аднаго з самых выбітных і неардынарных мастакоў нашай краіны "Сусвет Язэпа Драздовіча". У акрэсе Новага года мы прапануем увазе нашых шаноўных чытачоў не толькі ўспамін пісьменніка пра гэтую гістарычную падзею. Аўтар нарыса распавядае ў ім увогуле пра шматгранную, "касмічную" творчасць непаўторнага майстра і яго складаны, цяжкі лёс, уражанні ад якіх застаюцца ў сэрцы на ўсё жыццё.

ВІЗІТНАЯ КАРТКА, Язэп Нарцызавіч Драздовіч нарадзіўся 13 кастрычніка 1888 года ў засценку Пунькі Дзісенскага павета Віленскай губерні (цяпер Глыбоцкі раён) у сям'і збяднелага шляхціца-арандатара. У два гады малы застаўся без бацькі. Яго і яшчэ пяцёх старэйшых сыноў выхоўвала маці Юзэфа. Неўзабаве сям'я засталася без роднага дома і мусіла часта мяняць месцы жыхарства, арандуючы чужую зямлю. Вучыўся Язэп у прыватнай настаўніцы, у Дзісенскай гімназіі і ў Віленскай мастацкай школе ў вядомага расійскага жывапісца Івана Трутнева. Творчае станаўленне мастака, скульптара, этнографа, археолага, педагога і пісьменніка, аднаго з заснавальнікаў нашага гістарычнага жывапісу адбывалася пад вялікім уплывам набіраўшага хаду нацыянальнага адраджэння. У гонар "павятовага Мікеланджэла", як назваў Драздовіча ў сваім прачулым вершы Рыгор Барадулін, яго імя носяць вуліцы ў Менску, Воршы, Маладзечне, Глыбокім, Шаркаўшчыне, Радашковічах і Наваградку. У Траецкім прадмесці сталіцы яму ўсталяваны помнік.

ПЕРШЫ КАЛЯНДАР

ПАЧАТКОВЫМІ крокамі ў мастацтве сталі для Язэпа Нарцызавіча серыя графічных работ з краявідамі Дзісеншчыны, народную лексіку якой ён апрацоўваў для слоўнікаў, і аздабленне вокладкі "Першага беларускага календара на 1910 год". У названым годзе мастак удзельнічаў гэтаксама ў афармленні часопіса "Дыямант". Пасля, укладваючы, як і раней, у свой твор сімвалічны сэнс, упрыгожваў "Саху" і "Рунь", "Курганную кветку" Канстанцыі Буйло, "Лемантар" і "Школьны спеўнік" збіральніка нашага музычнага меласу Антона Грыневіча. Часта бываў, як сведчаць даследчыкі, на маладзёжных сходках і вечарынках, у тэатры Ігната Буйніцкага, сярод удзельнікаў хору Рыгора Шырмы, на мастацкіх выставах, у рэдакцыях газет. Увосень 1910-га яго прызвалі на службу ў расійскае войска. За год да пачатку Першай сусветнай, якую сустрэў у дзейнай арміі ў якасці ваеннага фельчара, марыў і разважаў над тым, калі "ў Беларусі хараства прыйдзе час". У фальварак Лявонаўка, дзе сям'я арандавала тады зямлю, вярнуўся ў 17-м. Адразу ж арганізаваў там кааператыў "Беларус" і культурна-асветніцкае таварыства "Заранка".

Выдадзены "Нашай Нівай" першы каляндар хутка разышоўся па ўсіх кутках Беларусі. Адным з такіх куткоў стаў і мой родны Фабрычны пасёлак на Аршаншчыне, у якім жыў і па-майстэрску рабіў сваю вельмі паважаную і карысную справу маленькі, сціпленькі, ціхенькі стары шавец Міхей. Ні дзеці, ні дарослыя гэтага занадта адукаванага, як лічылі аднавяскоцы, мужа маладой своеасаб лівай Тасі інакш ніколі не называлі. У старэйшых класах мы з сябрам па жыцці, будучым вядомым не толькі ў нашай акрузе доктарам Лёнькам Ларыёнавым, рэгулярна да яго заходзілі. Адрамантаваць чаравікі ці боты, ахайна пажартаваць з "кукуватай" жонкай, з якой ведалі ўжо, што можна рабіць, але ўсё яшчэ баяліся, і якую больш дарослыя зацягвалі то ў лес, то ў баронаўскі парк, то на рэчку, то на чый-небудзь хатні дах. Але найперш наведвалі цікавага ва ўсіх сэнсах гаспадара дзеля таго, каб у чарговы раз пагартаць ці паспець пачытаць ягоныя шматлікія, у асноўным царкоўныя кніжкі. Яны займалі асноўную частку наскрозь пракуранай хаты, у якой пах тытуню перамешваўся з "водарам" гумы і клею. Асабліва ўрэзаліся ў памяць выданні Бібліі і ... той самы (!), бо адрозніваўся ад усяго астатняга, каляндар з невядомымі на вокладцы, але з якіх можна было зразумець словы, літарамі.

Пра Міхея і Тасю мы ўспаміналі з Лёнем рэгулярна. А вось тая кніжка з пералікам усіх дзён 1910 года ўзгадалася мне толькі ў... 2008-м, у Лепельскім раённым краязнаўчым музеі. Я наведаў яго (па звычцы, заходзіў у спецыфічную культурную ўстанову ўсюды, дзе быў) падчас чарговай камандзіроўкі ад газеты "На страже". Музей прапаноўваў як раз сваім наведвальнікам выставу арыгінальных твораў легенды беларускай зямлі Язэпа Драздовіча. Вельмі ўразілі, як сёння помню, розныя гістарычныя сюжэты і малюнкі архітэктурных помнікаў. Дакладныя назвы створаных з нацыянальным каларытам работ тады ў блакнот не запісаў - згубіў недзе ручку! І зрабіў запіс толькі ў кастрычніку 2018-га ў Нацыянальным мастацкім музеі, дзе працягвала працу добра арганізаваная і вельмі пазнавальная выстава "Сусвет Язэпа Драздовіча", прымеркаваная да 130-годдзя з дня ягонага нараджэння.

Для агляду на ёй было прадстаўлена, здаецца, работ семдзясят. У іх ліку (ручку на гэты раз не згубіў!) "Усяслаў Полацкі ў порубе над палатамі кіеўскага князя", "Друкарня Францішка Скарыны ў Вільні", "Усяслаў Чарадзей пад Гародняй", "Менск. Выгляд са Шпітальна-Траецкага завулка", "Менск. Абрыў Замкавай гары і прыбярэжная грэбля на правым беразе ракі Свіслач", "Глыбокае. Кармеліцкі касцёл і кляштар" і "Германавічы. Касцёл". Яны былі намаляваныя ў перыяд з 1917 па 1925-ты. Дарэчы, крамя "Друкарні..." нашаму першадрукару прысвечаны работы Драздовіча "Са свету з навукай" і "Францыск Скарына. Развітанне з родным Полацкам, або ў свет па навуку". З імі я ўважліва пазнаёміўся крыху раней, падчас працы над "Дзённікам часу", прысвечанаму 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.

Глыбока сімвалічна, у сувязі з вышэй згаданымі работамі, што ў Глыбокім, дзе Язэп Нарцызавіч працаваў настаўнікам павятовай школы, яму ўстаноўлены бюст, а ў Германавічах Шаркаўшчынскага раёна, побач з якімі выбітны зямляк арганізаваў школу з навучаннем на роднай мове, створаны музей мастацтва і этнаграфіі. Там дзейнічаў, на колькі ведаў ад свайго вайсковага саслужыўца, выпускніка філфака Анатоля Крачкоўскага, культурна-асветніцкі цэнтр імя Драздовіча.

ДАЛЁКІЯ ПЛАНЕТЫ

ПАДЧАС згаданай выставы спецыялісты распачалі і ладзілі кожную нядзелю (да чацвёртага лістапада) розныя лекцыі пра шматбаковы талент глыбоцкага генія. Першую з гэтых лекцый прачытала падчас майго наведвання вядучы навуковы супрацоўнік паважанай установы Надзея Усава. Па яе словах, значнасць Драздовіча як першага нацыянальнага мастака, народнага філосафа-ўтапіста, самабытнага і арыгінальнага мастака-візіянера выключная для ўсёй нашай культуры. Спецыяліст даходліва і пазнавальна распавядала тады пра ягоны футурызм, зямныя і нябесныя шляхі. Падкрэслівала, што творчасць вялікага майстра - гэта свайго роду балансаванне паміж прафесійным і наіўным мастацтвам. Такія "сумежныя" феномены часам бянтэжаць нас, ставяць, як кажуць, у тупік, бо яны ніяк не ўпісваюцца ні ў якія сістэмы каардынатаў. Але менавіта гэтая адмысловая харызматычнасць і прыцягвае гледача, і зачароўвае. Аўтарам другой лекцыі ("Язэп Драздовіч: ствараючы сусветы...") была куратар выставы Вольга Архіпава. Пасля яе я сустрэўся з кандыдатам мастацтвазнаўства, мастаком-жывапісцам, сябрам Беларускага саюза мастакоў Галінай Горавай. Яна расказала мне пра касмалагічныя ўяўленні самабытнага мастака, якія зусім незвычайныя. Пішу гэтыя радкі, а перад вачыма - касмавізіі рамантыка-генія "Над безданню", "Абсерваторыя на кальцы Сатурна", "Сустрэча вясны на Сатурне", "Сатурнянка", вяршыня філасофскіх і мастацкіх вобразаў "Космас", урбаністычныя пейзажы з Марса...

Адпраўной кропкай іх з'яўлення сталі скляпенні Віленскай бібліятэкі. Яшчэ ў юнацтве яны ўразілі Язэпа недасягальнай, як тады не магло не здавацца, нябеснай сферай, знакамі планет і партрэтамі старажытных вучоных. Чым больш ён вывучаў астранамічную літаратуру, тым мацней пачынаў верыць у магчымасць пранікнення чалавека ў Сусвет. У кожным чарговым сне пераносіўся на далёкія планеты. Раніцай запісваў у дзённік уражанні аб загадкавых збудаваннях, нябачаных раней раслінах і жывёлах. Вынікам тых запісаў стала фантастычная аповесць "Жыццё на Месяцы". Пунькаўскі малец верыў у той дзень, калі астраномія перастане займацца вызначэннямі адлегласцяў і мас суседніх планет, а "зоймецца іх фізічным складам, геаграфічнымі ўласцівасцямі іх паверхняў, іхняй кліматалогіяй і метэаралогіяй, памкнецца ў таямнцы іх жыццёвай арганізацыі і на астатку пяройдзе да пытання аб іх насельніках". На рахунку даследчыка-тэарэтыка - першая на беларускай мове кніга па астраноміі "Нябесныя бегі". На падставе скрупулёзных падлікаў ён імкнуўся высветліць у ёй пытанні, звязаныя з вярчэннем Зямлі. Пра Сатурн шмат малюнкаў у майстра не выпадкова. У кнізе ён асобна спыніўся на яго абручах, лічыў планету самай цікавай у Сусвеце. Марыў аб выданні манаграфіі "Тэорыі рухаў у касмалагічным значэнні", у якой падвёў вынікі саракагадовай працы па вывучэнні "нябесных бегаў". Між іншым, зазірнуў і ў "чорныя дзіркі", называючы іх "ператваральнымі зонамі". Ствараў наш небавед і чарцяжы "касмічнай тарпеды", на якой "зямныя турысты" павінны адправіцца ў падарожжа на планеты Сонечнай сістэмы. Па асабістым прызнанні, найбольшым здабыткам усяго свайго жыцця заснавальнік касмічнай тэматыкі лічыў "Гармонію планет сонечнай сістэмы". Адсылаючы гэтую працу ў Акадэмію навук БССР, суправадзіў яе такім пісьмом: "Магчыма, што для Акадэміі Навук такое пытанне, скуль свет паўстаў, паўстала гэта зямелька, на якой мы жывём, і гэта ўсеянае зоркамі неба, зусім неактуальнае, але для мяне, як аўтара, які знайшоў сваё тлумачэнне паходжання планет сонечнай сістэмы і іх самакручэння, а таксама гармоніі руху планет, для мяне гэта вельмі паважная рэч..." Водарам касмічнага, сусветнага размаху было прасякнута ўсё, што рабіў выбітны майстар. Адсюль і вынікае фенаменальнасць ягонай неабдымнай творчасці.

У апошнюю нядзелю таго памятнага кастрычніка кандыдат мастацтвазнаўства, выкладчык БДПУ імя Максіма Танка Аксана Коўрык "падарыла" мне яшчэ адзін здабытак жывапісца. Як мастак-мадэрніст, ён унёс свой важкі ўклад у развіццё народнай творчасці. Прафесіяналізаваў многія яе віды, якія ўзбагаціў сваім самабытным і высокім прыкладам. Маю на ўвазе разьбу па дрэве і асабліва - маляваныя дываны, якіх паслядоўнікі налічылі не менш за сорак. Сярод іх - мае ўлюбёныя "Дзве дзяўчыны на мастку", "Месяцовая ноч", "Красналюдка - казачнік-бай", "Як мужык з панам цягаецца". Яны, па словах Аксаны Іванаўны - узорны прыклад мастацкага сінтэзу народнага і прафесійнага, вобразнай явы і мроі, выяўленчай прастаты, эстэтычнай выразнасці і гармоніі. Як зазначыў на гэты конт наш вядомы мастацтвазнавец Яўген Шумейка, нездарма гэтыя дзіўныя, прыемныя душы і воку рэчы так доўга захоўвалі сяляне, пакуль імі не зацікавіліся дзяржаўныя мастацкія музеі. Драздовіч вельмі тактоўна пашырыў выяўленчыя магчымасці дывановай кампазіцыі. Увёў у яе пейзаж, жанравыя і анімалістычныя (маюцца на ўвазе жывёлы) вобразы. Сакрэт адпаведнасці розных творчых элементаў у тым, што мастак не парушыў ідылічную карцінку, якая мае глыбокія карані менавіта ў народнай культуры. Гэта відавочна і зразумела без усялякіх дадатковых ведаў і назіранняў. Рамантычны загадкавы пейзаж, напрыклад, не пярэчыць традыцыйнаму кветкаваму арнаменту, а яго мадэрнізацыя і вытанчанасць супадаюць з народнай прагай чыстай красы.

Творча і захапляльна займаўся Язэп Нарцызавіч і разьбой па дрэве. Ствараў спецыяльныя кіі з выявамі людзей і жывёл, куфэркі і табакеркі. Выразаў фігуркі Маці Божай, святых і анёлаў. Спецыфічныя вырабы першым ацэньваў у Антаполлі яго старэйшы брат Канстанцін, у якога ён нейкі час жыў. Плённа працаваў Драздовіч-малодшы і ў галіне скульптуры. Пра гэта яскрава сведчаць, да прыкладу, такія яго работы, як бюст таго ж Францішка Скарыны, "Плач Гарыславы", партрэты-барыльефы Антона Грыневіча, свайго сябра, агранома, паэта, празаіка і фалькларыста Яна Пачолкі, вельмі папулярнага ў канцы 30-х у Заходняй Беларусі паэта і грамадскага дзеяча Міхася Машары. Высечаныя аб'ёмныя рэчы нараджаліся падчас працы ў беларускай гімназіі і жаночай прагімназіі, літаратурных выдавецтвах, Таварыстве беларускага мастацтва, даследавання рэчышча Нямігі, археалагічных раскопак у Заслаўі і яго ваколіцах.

Хапала часу (як тут не дацца дзіву!) і на літаратуру. У 1923 годзе ў Вільні была надрукавана першая частка ягонай аповесці "Вар'ят без вар'яцтва". Крамя яе (на вядомым біёграфам рахунку мастака) найбольш значная, прысвечаная старажытнай Полаччыне паэма "Трызна мінуўшчыны", гістарычная аповесць "Гарадольская пушча" (пра падзеі на роднай Дзісеншчыне ў XІІІ стагоддзі) і апавяданне "Сон гараноса". З ілюстрацыямі самога аўтара яны захоўваюцца ў рукапісах. Адзінай выдадзенай стала кніжка пад назвай "Пабрацімы і вялікая шышка". Першым на гэтыя ды іншыя творчыя здабыткі глыбоцкага летуценніка звярнуў увагу ў прысвечаным яму грунтоўным нарысе "Вечны вандроўнік", які пабачыў свет асобнай кнігай у 84-м, вядомы фалькларыст, літаратар, доктар філалогіі Арсень Ліс, які пайшоў з жыцця ў свае 84 гады ў траўні 2018-га.

БЯСКОНЦЫЯ ВАНДРАВАННІ

ДОЎГА на адным месцы актыўны, цікаўны і дапытлівы Драздовіч не затрымліваўся. "У белых льняных пінжаку і портках, у самаробнай бяроставай шапцы з казырком, у дзеравяшках з раменьчыкам цераз нагу - успамінае яго ўнучатая пляменніца і хросніца Марыя Баравік з шаркаўшчынскай вёскі Дворнава, - спяшаўся ўлетку ў чарговае падарожжа". Вядома, што ў экспедыцыі на Піншчыне, дзе з'явілася серыя малюнкаў сялян, ён запісаў народную лексіку і песні. Іх рукапісны зборнік, як і зборнік здабытага на Дзісеншчыне, захоўваецца ў бібліятэцы Нацыянальнай акдэміі навук. У Вільні і Радашковічах стварыў пры беларускіх гімназіях мастацкія майстэрні, арганізаваў там выставы. Абышоў пешшу ваколіцы Любчы, Шчорсаў і Міра, замаляваўшы з натуры помнікі архітэктуры. Правёў археалагічныя раскопкі ў Наваградку. У сваім краі вывучыў гарадзішчы і замкі каля Паловіцы, Гарадца, Язны і Псуі. Працуючы настаўнікам малявання, выязджаў улетку ў Трокі, Меднікі, Крэва, Гальшаны і Ліду, дзе зрабіў з натуры малюнкі замчышчаў. Вельмі часта, не маючы сям'і, губляў пастаянную працу, але трымаўся. Каб зарабіць нейкую капейчыну, браўся за любую, нават самую дробную, работу. Маляваў дэкарацыі для аматарскіх спектакляў і шыльды, прыносіў кніжкі для музея... Пра гэта і не толькі распавёў у сваім дзённіку, які вёў ў 30-50-я гады, надрукаваным упершыню ў 91-92-х гадах у "Маладосці".

У водгуку на доўгачаканую публікацыю паэт, публіцыст і драматург Галіна Каржанеўская зазначыла, што старонкі дыярыюша раскрылі перад намі багаты духоўны свет мастака і дапамаглі ўсвядоміць, што мы мелі і што страцілі ў асобе Язэпа Драздовіча. Акрамя ўсяго, ён адмыслова валодаў родным словам, што дазволіла яму з выключнай выразнасцю занатаваць перыпетыі свайго нялёгкага жыцця, думкі і пачуцці, яву і сны. А ява была бязрадаснай. Праз тры гады вандроўнай працы з'явіўся, напрыклад, такі запіс: "Шчасліў той, хто маець час на вольную творчую працу. Хто пры добрым здароўі і без клопату аб заўтрашнім дні. Хто не маець патрэбы прадаваць свой час на грош дзеля хлеба". Зарабляючы на жыццё "так званымі", як піша аўтар дзённіка, "каўрамі", ён, тым не менш, ніколі не апускаўся да халтуры і ясна ўсведамляў сваю мастакоўскую звышзадачу: "Людзям даю. Хай узгадоўваюць у сабе пачуццё эстэтыкі".

Сам ён схільнасць да ўсяго прыгожага захаваў да самай смерці, якая напаткала яго ў верасні 1954 года. Па словах пляменніцы, якой было тады 17, "памёр дзядзька у страшнай галечы, заваліўся на дарозе наўпроць бальніцы ў Падсвіллі, дабіўся ўжо да апошняга. А праз многа гадоў пасля смерці Язэпа прыязджалі да радні, пазабіралі ўсё, што пасля яго засталося. У маёй цёткі Ядзі як не цэлы воз усяго назбіралі. У мяне фотаздымкі былі, дык таксама пааддавала".

Магіла Язэпа Драздовіча ў глыбоцкіх Ліплянях унесена ў спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Яго справу працягваюць сёння многія жывапісцы, гісторыкі і даследчыкі. Творча пераасэнсоўвае багатую непараўнальную спадчыну ягоны таленавіты зямляк, ураджэнец вёскі Мнюта-2 Эдуард Мацюшонак. Выпускнік Віцебскага педінстытута жыве і працуе ў Вілейцы, выкладае ў мясцовай гімназіі "Логас" сусветную мастацкую культуру і маляванне. Адначасова кіруе мясцовай выяўленчай студыяй "Вясёлка". У яго каля дваццаці асабістых выстаў на радзіме і за мяжой. Работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, ЗША, Германіі ды іншых краін. Разам з іншымі беларусамі ён па-праву ганарыцца сваім старэйшым земляком, які так таленавіта і ўражліва ўвасобіў у выяўленчым мастацтве нашу родную, непаўторную Бацькаўшчыну, яе адметную культуру і багатую гісторыю.

На здымках: Ул. Барысенка ў Нацыянальным мастацкім музеі падчас выставы "Сусвет Язэпа Драздовіча", 2018 г.; Ул. Барысенка каля помніка Францыску Скарыну, што пабач з Нацыянальнай бібліятэкай, 2017 г.; Творы Язэпа Драздовіча.

Абнаўленне надзеi i абнуленне тугi"

Выйшаў у свет першы зборнік вершаў лідзянкі Кацярыны Янчэўскай

Назва зборніка - "Белае шматкроп'е" - адразу настрайвае на філасофскі лад.

Усе вершы, якія ўвайшлі ў кнігу, "пражыты" аўтарам, і гэта прыкметна з першага позірку. Нават малюнак-ілюстрацыя на вокладцы належыць Кацярыне Янчэўскай. Пра ўсё гэта ў творчай гасцёўні "Лідскай газеты" і гутарыла з аўтарам Анастасія Марчук - пра жывое і надзённае, пра пошук сэнсу і сапраўднай радасці.

- Кацярына, першае пытанне хочацца задаць пра саму назву кнігі - "Белае шматкроп'е"…

- Для мяне гэта азначае, што заўсёды ёсць працяг - у лепшым сэнсе гэтага слова. Заўсёды ёсць прастора для руху наперад. Шматкроп'е, якое абуджае рэсурсы душы.

- А ваша прафесійная дзейнасць неяк звязана з літаратурай ці мастацтвам?

- Досвед мастацтвазнаўчага ўспрымання, аналізу, развагі адкрыў для мяне і прастору паэзіі. Слова і візуальная выява ўзаемазвязаны. Спачатку я была больш засяроджана на навуковых даследаваннях. Былі ў мяне і працы ў прозе. А першы мой верш выйшаў у газеце "Лiтаратура і мастацтва" - у адным з найстарэйшых рэспубліканскіх выданняў. Я не ставіла пэўнай мэты, не загадвала - у творчасці гэта ў прынцыпе складана, але я зразумела адно, што трэба працаваць. І ў кнізе чытач можа ўбачыць нямала дасылак да гісторыі мастацтваў - і айчынных, і замежных.

- Напэўна, натхняла вас не толькі мастацтва, але і блізкія людзі?

- Шчырыя натхніцелі - гэта мае бацькі і маё дзіця. І гэта кніга - прысвячэнне блізкім людзям, кніга-падзяка. Сыну Цімафею цяпер 12 гадоў. У нас з ім творчы тандэм - я заўсёды чытаю яму свае вершы. У падлеткаў яшчэ захаваны тонкасць і "спрадвечнасць" успрымання, і часам яны могуць даваць дзіўна карысныя парады ў тым, што датычыцца творчасці. І калі сын мне кажа, што штосьці трэба памяняць, я да гэтага прыслухоўваюся. І асноўную думку ён схоплівае вельмі лёгка.

- А якія думкі ляглі ў аснову кнігі?

- Лейтматыў - "зазiрнуць у глыбiню iмгнення". У глыбіню імгнення, якое абавязкова звязана з радасцю - той ці іншай, у якой вельмі шмат граняў, адценняў. І важная грань - радасць менавіта хрысціянская. І тая сцяжыначка, па якой мы ідзём у пошуках гэтай хрысціянскай радасці… Калі мы зазіраем у глыбіню імгнення, мы разумеем, што там шмат мітусні. Але важна знаходзіць "літасць сэнсу" - ёсць такое словазлучэнне ў адным з вершаў. І гэта літасць можа быць у простай добрай усмешцы, добрым слове, сказаным да месца - не калі-небудзь потым... Тут гаворка і пра каханне - менавіта ў хрысціянскім яго разуменні.

- Так, гэта ўлоўліваецца ў вершах…

- Напрыклад, у гэтым:

Сваёй чароўнасцю

Скрадае роспач холаду

Студзеньскi снег.

Сёння ён - як пялёсткi язмiну -

Мае водар збаўлення i дабрынi.

Замест чорнага шматкроп'я -

Белы снег.

Абнаўленне надзеi i абнуленне тугi.

Cнег тут - метафара адраджэння, абнаўлення. І ў цэлым у кнізе шмат адсылак, алюзій - можа быць, яны няяўныя на першы погляд, але яны кажуць пра пошук сэнсу радасці.

Лідзяне ўжо адзначылі Нараджэнне Хрыстова. Мы сустрэліся ў такі цудоўны перыяд! Я адзначаю яго 7 студзеня, таму для мяне менавіта студзеньскі снег - гэта ўвасабленне здольнасці да абнаўлення, здольнасці знаходзіць радасць у малаважных на першы погляд рэчах. Таму дыялог імгнення і вечнасці для мяне ў гэтай кнізе пастаянны.

- А якія з вершаў сталі для вас асаблівымі, знакавымі?

- Ёсць вельмі знакавы для мяне верш, які завецца "Вёска". Гэты верш пра мой шлях... І з ім звязана важная для мяне гісторыя. У 2019 годзе я пачула пра тое, што праводзіцца конкурс "Бацькаўшчына светлая мая" (Кацярына Янчэўская атрымала на гэтым конкурсе дыплом II ступені. - заўв. рэд.) Арганізатарамі выступалі літаратурна-мастацкі часопіс "Маладосць" і Першы канал Беларускага радыё. І мама параіла мне паўдзельнічаць. Спачатку я не ўспрыняла ўсё гэта сур'ёзна, але неўзабаве гэты верш напісаўся сам. Яго я і адправіла на конкурс. Як потым аказалася, там было прадстаўлена 346 аўтараў і больш за 800 твораў.

- Сур'ёзная канкурэнцыя.

- Там не было розніцы паміж дасведчанымі пісьменнікамі і пачаткоўцамі. Мяне вельмі натхніў гэты падыход. І там я пачула вельмі важныя для мяне словы… Мікола Мятліцкі (беларускі паэт і публіцыст, 1954-2021. - аўт.), якога нядаўна, на жаль, не стала, быў тады ў журы, і ён сказаў мне некалькі вельмі важных фраз - пра тое, што варта працягваць і не спыняцца. Я не ведала, як складзецца мой, так бы мовіць, паэтычны лёс, і натхняльныя словы ад людзей, якія вельмі даўно судакранаюцца з паэтычным мастацтвам, вельмі каштоўныя для мяне.

- Гэты верш пра вашу малую радзіму?

- Так, ён прысвечаны маёй роднай вёсцы Далекія. Яна знаходзіцца недалёка ад Ліды, побач з Ольжавам - таксама вельмі важным для мяне месцам. Адтуль родам і многія мае продкі - яны жылі і ў Далекіх і ў Ольжаве. Сапраўды, "Далекiя - лекi для стомленага сэрца"…

- Разумею…

- У кожнага з нас бываюць такія перыяды, калі мы адчуваем стомленасць, з якой няма выйсця да радасці. Гэта могуць быць боль, страта, адзінота па нейкай прычыне. І вось тады мы маем патрэбу ў такім суцяшэнні, у гэтай "браме ў дабрыню" - у варотах у дабро і радасць. Бо ў большасці з нас дзяцінства і юнацкасць асацыююцца з вельмі добрымі і шчырымі адносінамі, з кімсьці самым родным і шчырым, хто прыме ў любой сітуацыі.

"Лекi для стомленага сэрца", "калодзежная вада - суцяшэнне для ран", "блiзкiя людзi ў кожным iмгненнi, малiтва і роздум за нас", "пацеркамі чыгуначныя прыпынкi, зварот ды Божай Мацi Вастрабрамскай" - усё гэта мне сапраўды блізка. Мая бабуля Ядвіга часта ўспамінала, як яны ездзілі да гэтага дзіўнага абраза. Гэты абраз як бы злучае хрысціян розных канфесій, ён - суцяшэнне для многіх…

- А мне вельмі лёг на душу верш "Ольжaвa"!

- Так, і для мяне ён важны. Нарадзіўся ён у выніку шматлікіх радасных сустрэч - там, дзе будуецца цяпер манастыр у гонар вялебнага Паісія Святагорца, грэцкага святога, нашага сучасніка. І гэта вельмі важная для нас магчымасць - убачыць вытокі… Убачыць, як па цаглінках усё складаецца, і кожная цаглінка - гэта нечая дапамога, малітва, каханне. Людзі прыязджаюць у мясціну, знаёмяцца з ёй, удзельнічаюць у набажэнствах - і парой для іх гэта становіцца пачаткам зусім новага ўспрымання жыцця…

Ольжава

Вечнасць - маленькая вёсачка,

дзе неба гаворыць проста,

дзе неба трымае моцна

птушку i чалавека.

Звычайная цiшыня цярплiва слухае:

хвiлiны, як кветкi растуць.

Спрадвеку жывая размова.

Лясная абiцель

поўнiцца моваю дабрынi,

Радаснай мудрасцю

Паiсiя Святагорца.

Сэрца, глядзi:

вось твой дзень нараджэння!

Пераадоленне суму.

Узвышша надзей.

Ольжава,

Дзеянне-думка.

Жывое святло.

- У нейкай ступені так атрымалася і ў мяне…

- І гэта зусім не пафасныя словы - наадварот, для шматлікіх гэта вельмі жывое і патаемнае. Пра гэта не скажаш пафасна - тут не хочацца перабіраць з яркімі фарбамі. І для мяне гэта менавіта месца, "дзе неба гаворыць проста, дзе неба трымае моцна" і "дзе звычайная цiшыня цярплiва слухае".

Вядома і тое, што вялебны Паісій заўсёды шмат меў зносіны з людзьмі і дапамагаў шматлікім. Сэрца яго было вельмі адкрытым. І цяпер мы маем магчымасць, чытаючы кнігі пра яго, убачыць, як ён меў зносіны з людзьмі. І гэта была сапраўды "мова дабрынi", мова радаснай мудрасці. Гэта мудрасць вучыць як раз таму, каб чалавек захоўваў у сабе тую самую радасць і ні ў якім разе не ўпадаў у засмучэнне - нават у цяжкія перыяды.

Анастасія Марчук.

Краязнаўчыя чытанні адбыліся ў Карэлічах

У Карэлічах адбыліся XIV Карэліцкія краязнаўчыя чытанні, арганізаваныя Інстытутам гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі і Карэліцкім райвыканкамам. Перад пачаткам чытанняў адбылася прэзентацыя зборніка навуковых артыкулаў "Карэлічы і Карэліцкі раён: рэгіянальныя асаблівасці развіцця X-XX стагоддзяў. Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі", у якой надрукавана шмат матэрыялаў па археалогіі, гісторыі і культуры Карэліцкага раёна.

Падчас Карэліцкіх краязнаўчых чытанняў, слухачы даведаліся шмат цікавага па гісторыі Карэліцкага раёна. Выступоўцы распавядалі пра Карэліцкую мануфактуру, мясцовыя габелены, прыходы ў Вялікіх і Малых Жухавічах, пра князя Дамініка Гераніма Радзівіла і графа Ваўжынца Путкамера, пра гісторыю школы ў Карэлічах і іншыя. Гучалі і даклады падчас мерапрыемства, прысвечаныя жыццю і творчасці пісьменнікаў - землякоў Янкі Брыля, Міколы Бусько, Іцхака Кацэнельсана. Да Карэліцкіх краязнаўчых чытанняў была арганізавана кніжная выстава "Карэліччына: любы мой край" і выстава вырабаў з мясцовага дома рамёстваў.

Аксана Шпак. Фота: polymia.by.

Мадэрнізавалі школу імя Валерыя Урублеўскага

Пасля мадэрнізацыі ўрачыста адкрылі ў пасёлку Жалудок Шчучынскага раёна сярэднюю школу імя Валерыя Урублеўскага. На мадэрнізацыю школы было затрачана 1 мільён 156 тысяч беларускіх рублёў. На мерапрыемства ў Жалудоцкую СШ прыехалі намеснік старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк, старшыня Шчучынскага райвыканкама Аляксей Садоўскі і іншыя асобы.

У гэты дзень дырэктар школы Уладзімір Васількевіч прымаў шчырыя віншаванні і падарункі для школы, а таксама гучалі песні і радасныя апладысменты з нагоды такога добрага і светлага свята. Была ў гэты дзень і экскурсія па школе, азнаямленне з класнымі пакоямі, розныя сустрэчы і ўспаміны. На адной са сцен школы з'явіліся партрэты знакамітых землякоў, сярод якіх і партрэт Валерыя Урублеўскага, які з Жалудка быў родам і якому сёлета спаўняецца 185 гадоў з дня нараджэння. З 1971 года школа носіць імя Валерыя Урублеўскага - аднаго з бліжэйшых паплечнікаў Кастуся Каліноўскага ў перыяд паўстання 1863 года, затым генерала Парыжскай камуны, чалавека, які актыўна ўдзельнічаў у рабоце Першага Інтэрнацыянала.

Аксана Шпа. Фота "Дзянніца".

У Германіі прапанавалі заснаваць пасаду паэта пры бундэстагу

Навіны Германіі

У нямецкім бундэстагу можа з'явіцца новая пасада - парламенцкага паэта. Ідэю, якая нарадзілася ў нетрах мюнхенскага Кабінета лірыкі (найбуйнейшага нямецкага таварыства чытання), падтрымала віца-прэзідэнт бундэстага, дэпутат ад "Зялёных" Катрын Герынг-Экардт. Яна збіраецца вынесці ініцыятыву на абмеркаванне ў прэзідыюме, піша Die Welt. Навіна - у якія вякі не пра "карону" - выклікала бурнае абмеркаванне ў СМІ і сацсетках.

Як вядома, "наша ўсё" немцаў Ёган Вольфганг Гётэ быў таемным дарадцам па адмысловых даручэннях, ваенным камісарам, міністрам фінансаў. Дык чаму б у XXI стагоддзі не заснаваць афіцыйную пасаду парламенцкага паэта? Урэшце, гэта дапамагло б ажывіць рэнамэ Германіі як "краіны паэтаў і філосафаў".

- З дапамогай паэзіі можна ўпусціць у парламент струмень жывой мовы, - заявіла спадарыня Герынг-Экардт. Праўда, пакуль зусім незразумела, чым менавіта будзе займацца "прыдворны паэт" у будынку рэйхстага. "Зараз нашы дэпутаты пачнуць складаць вершы?" - іранізуюць нямецкія СМІ.

Ды і каго дэлегаваць на палітычны Парнас? Калі ўжо хтосьці і мог бы стаць рэальным прэтэндэнтам, то, мабыць, сустаршыня "Зялёных", новы віца-канцлер і міністр па пытаннях эканомікі і клімату Роберт Хабек. Прафесійны філолаг, ён яшчэ ў 1990 годзе студэнтам выпусціў невялікую кнігу вершаў "Краіна ў мне". У яго ёсць ступень доктара філасофіі па тэме "Прырода літаратуры". А яшчэ разам з жонкай Хабек займаўся паэтычнымі перакладамі на нямецкую, напрыклад, Уільяма Батлера Ейтса. Толькі вось няўдача: пра сваё літаратурнае мінулае палітык успамінае неахвотна.

У гэтай бяскрыўднай ініцыятывы ўжо з'явіліся ідэйныя праціўнікі.

- Людзі мастацтва павінны быць аваднямі, якія джаляць цела ўладных людзей, а не іх паслугачамі. Навошта ствараць элітарны праект? - абураўся ў інтэрв'ю Tagesspiegel іншы віца-прэзідэнт бундэстага, намеснік старшыні Свабодай дэмакратычнай партыі Вольфганг Кубікі. У адказ на гэтую эскападу экс-міністр па пытаннях навакольнага асяроддзя Юрген Трыцін запусціў у Twitter кплівы флешмоб #Твой верш для Кубікі. Карыстальнікі імгненна разрадзіліся сапраўднымі шэдэўрамі ў самых розных жанрах. Сярод іх ёсць, да прыкладу, лімерыкі:

Неяк раз у асвечанай Германіі

Выявіўся вораг вершазнання.

Ён паэтаў лупіў

З усіх сваіх сіл,

Захапляючы працоўных Германіі.

Іншыя прысвяцілі дэпутату-бурчалу японскія трохрадкоўі:

У душных абдымках ліберала

Ў чэпкіх лапах зімы

З падпаленым сэрцам

Былі і лічылачкі:

Раз, два, тры, чатыры, пяць,

Лепш ішоў бы ты гуляць,

Нам на нервах не іграць!

Яшчэ іншыя ў прозе абураліся, што нямецкім палітыкам, падобна, проста няма чым заняцца.

Тым часам.

У 2001 годзе Канада заснавала пасаду паэта ў парламенце. У яго абавязкі ўваходзіць складанне вершаў для зачытвання пры важных нагодах, арганізацыя публічных чытанняў і кансультацыі парламенцкай бібліятэкі наконт набыцця кніг. Служкам муз выдзяляецца стыпендыя - 20 тысяч даляраў у год, і яшчэ 13 тысяч на камандзіровачныя выдаткі. Пасада разлічана максімум на два гады - як і ў ЗША, дзе ў 1985 году было заснавана званне паэта-лаўрэата пры бібліятэцы Кангрэса. Ён выступае з лекцыямі і публічнымі чытаннямі, кансультуе бібліятэку па літаратурных праграмах і рэкамендуе новых паэтаў, чые імёны годныя занясенні ў фонды. Ну, а галоўнае пакліканне - развіваць літаратурны густ нацыі. Дарэчы, пятым паэтам-лаўрэатам у Вашынгтоне быў Іосіф Бродскі. Менавіта ён высунуў ідэю выдаваць томікі вершаў у аэрапортах, супермаркетах і гасцінічных нумарах.

Па гэты бок Атлантыкі, на імглістым Альбіёне, званне паэта-лаўрэата даецца на дзесяць гадоў (да 1999 года яно і зусім было пажыццёвым). З пачатку XVII стагоддзя яно зацвярджалася манархам, а ў наш час кандыдатуру рэкамендуе прэм'ер-міністр Брытаніі. Па традыцыі паэт-лаўрэат абавязаны адгукацца памятнымі вершамі на выбітныя падзеі ў жыцці манаршай сям'і і ўсяго каралеўства.

Тэкст: Кацярына Забродзіна. Фота: Мікалай Філякоў/ РІА Навіны.

Сустрэча школьнікаў 11-й лідскай школы з таленавітым майстрам слова Уладзімірам Васько

Літаратурная гасцёўня "Зігзагі лёсу Уладзіміра Васько" сабрала аматараў слова ў бібліятэцы 11-й лідскай школы. У госці да навучэнцаў 9-10 класаў завітаў вядомы на Лідчыне пісьменнік, таленавіты майстар слова Уладзімір Гаўрылавіч Васько.

Літаральна на днях, а калі быць дакладным, то 2 студзеня майстар слова адзначыў сваё 85-годдзе. Таму сустрэча з школьнікамі была не выпадковай.

Перш-наперш навучэнцы і настаўнікі павіншавалі пісьменніка з юбілеем, пажадалі моцнага здароўя, творчага натхнення і папрасілі Уладзіміра Гаўрылавіча працягваць здзіўляць усіх новымі мастацкімі творамі: і вершамі, і апавяданнямі. Што вельмі прыемна ўразіла госця, дык гэта тое, што ў бібліятэцы 11-й лідскай школы была арганізавана выстава кніг і артыкулаў "Паэзія пачуццяў і думак", прысвечаная яго юбілею.

Падчас сустрэчы Уладзімір Гаўрылавіч расказаў школьнікам пра сябе, пра сваю літаратурную дзейнасць, падзяліўся ўспамінамі аб тым часе, калі ён працаваў ў раённым выданні "Лідская газета", якой прысвяціў амаль 30 гадоў.

Сёлетні юбіляр нарадзіўся ў вёсцы Ліпічанка Шчучынскага раёна. За яго плячыма Гарадзенскі педінстытут імя Янкі Купалы, праца ў рэдакцыях шчучынскай (1959-1960), дзятлаўскай (1967-1972) і лідскай (1972-2000) раённых газет. З 1972 года жыве ў Лідзе. Друкуецца ў рэспубліканскім, абласным і раённым друку. Выдаў кнігі паэзіі і прозы "Прасветленасць" (1981), "На схілах берагоў" (1997), "Кругаварот жыцця" (2011), "Лясная рапсодыя" (2013), "Зігзагі лёсу" (2017), "Энергія душы" (2018), "На перавалах часу" (2021).

Больш 30 гадоў Уладзімір Васько ўзначальваў літаратурнае аб'яднанне "Суквецце" пры раённым выданні "Лідская газета", і менавіта ён даў назву, якая і да гэтага часу ўвасабляе і аб'ядноўвае ўвесь літаратурны свет Лідчыны.

У цёплай атмасферы гасцёўні асабліва гучалі вершы паэта. Найбольшую цікавасць у падлеткаў выклікалі байкі, якія Уладзімір Гаўрылавіч піша апошнія гады. Яны атрымліваюцца ў яго вельмі змястоўнымі, актуальнымі. Загадчыца бібліятэкі Тамара Зенюкевіч прадэкламавала некалькі баек і звярнула ўвагу на мову і дакладныя вобразы, якія выкарыстаны ў творах. Тамара Іосіфаўна - чалавек, які ведае Уладзіміра Гаўрылавіча не адзін дзесятак гадоў, таму яна падзялілася з вучнямі сваімі ўспамінамі і ўражаннямі аб сяброўстве з пісьменнікам.

Калі вучні спыталі, да якіх тэм у паэзіі звяртаецца майстар слова, то разнастайнасці іх мог пазайздросціць кожны. Як пераканаліся юныя суразмоўцы, у цэнтры ўвагі Уладзіміра Васько сустракаюцца тэмы малой радзімы, паэта і паэзіі, кахання, дзіцячая тэма, шэраг твораў уяўляюць сабой філасофскія разважанні на надзённыя пытанні.

Пацікавіліся школьнікі ў госця, ці сустракаўся ён з вядомымі беларускімі пісьменнікамі. І ў адказ пачулі, што за сваё жыццё Уладзімір Гаўрылавіч вёў сяброўства з Максімам Танкам, Янкам Брылём, Васілём Быкавым, Уладзімірам Караткевічам, Аляксеем Карпюком, Алегам Лойкам і інш.

Пісьменнік падзяліўся з вучнямі сваімі думкамі пра сутнасць паняцця "паэзія", пра пачуцці, якія павінны быць закладзены ў душы чалавека, даў некалькі парад у майстэрстве напісання вершаў.

Унікальнай магчымасцю для юных аматараў слова стала набыццё ў сваю хатнюю бібліятэку зборнікаў паэзіі і прозы пісьменніка, а таксама атрыманне ўласнага аўтографа ад аўтара.

Нягледзячы на сталы ўзрост, Уладзімір Васько - паэт з маладой душой. Яго творы добра ўспрымаюцца юнымі слухачамі. І гэта было заўважана падчас мерапрыемства.

Наталля АНАШКЕВІЧ, класны кіраўнік 9 "Б" класа сярэдняй школы № 11 Ліды.

Пад знакам квітнеючай магноліі

Альманах "Літаратурны экватар" звычайна выходзіць напрыканцы года, у снежні. І нумар 10 (12) - не выключэнне. А вось вокладка новага альманаха патанае ў бела-ружовых кветках, ды яшчэ на фоне ярка-блакітнага неба... І тут многім, я думаю, вельмі захочацца спытаць: і якая ж можа быць зімой магнолія, ды яшчэ квітнеючая?.. Бадай, толькі ў нашых марах і надзеях... Дык гэта таксама някепска.

Увогуле, магнолія - расліна сур'ёзная. Ёй, па розных падліках, ужо звыш дзевяноста мільёнаў гадоў - прыкладна столькі яна ўпрыгожвае нашу планету. Калі ж казаць пра мову кветак, то асноўны сэнс, які нясе ў сабе магнолія, можа быць сфармуляваны так: "Настойлівасць і ўпартасць". А гэта ўжо дакладна пра нас, бо літаратурны клуб "Экватар" працуе ўжо дванаццаць год насуперак усяму...

Так, дызайн усяго альманаха "Літаратурны экватар" № 10 (12) практычна цалкам кветкавы. Тэму магноліі, зададзеную вокладкай выдання, падтрымлівае ягоны блок, дзе бакавыя калантытулы таксама ўпрыгожаны гэтымі кветкамі - прычым, у пяці розных інтэрпрэтацыях. Прыродна-раслінная тэматыка падтрымліваецца ў інфармацыйных блоках альманаха, дарэчы, іх таксама пяць. А паколькі імпрэзы ды канцэрты літаратурнага клуба "Экватар" праводзіліся ў розныя поры года, то да асноўных фота адбыўшыхся падзей дададзена трохі пейзажных замалёвак - фотаздымкаў прыроды, адпавядаючых часу правядзення мерапрыемстваў суполкі.

Дарэчы, у 2021 годзе літклуб "Экватар" адзначыўся і шматлюднымі літаратурна-музычнымі імпрэзамі ды вечарынамі, і павольнымі літаратурнымі сустрэчамі, і выязднымі канцэртамі, збіраўшымі нармалёвыя такія па колькасці аўдыторыі. У пяці інфармацыйных блоках альманаха № 10 (12) размешчана шмат фота. Па іх можна адсачыць гісторыю падзей у літаратурным клубе "Экватар" у 2021 годзе. І канешне, асобным раздзелам у гэтай гісторыі пазначана нашае супрацоўніцтва з шаноўнай газетай "Наша слова", у якой у 2021 годзе былі надрукаваны дзевяць вялікіх артыкулаў, прысвечаных мерапрыемствам нашай творчай суполкі. Дарэчы, усе гэтыя артыкулы - у трохі зменшаным выглядзе - прысутнічаюць у інфармацыйных блоках новага нумара альманаха, і іх можна прачытаць.

Выконваючы патрабаванне Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, мы зноў пішам падвоены нумар на вокладцы, тытуле і ў калонтытулах нашага выдання. Першая лічба азначае колькасць выйшаўшых нумароў альманаха з міжнародным кодам ISSN, а лічба ў дужках - агульную колькасць усіх нумароў выдання (да атрымання альманахам кода ISSN паспела выйсці два нумары без гэтага кода).

У новым альманаху "Літаратурны экватар" № 10 (12) за 2021 год размешчаны творы як на беларускай, так і на рускай мове, як і ў мінулым годзе. Дарэчы, па мовах у нас увогуле ніколі не было абмежаванняў: друкаваліся ў нашым выданні тэксты і на англійскай, і на польскай, і нават на турэцкай мове. Галоўнае - каб было таленавіта напісана. А на якой мове - гэта ўжо няважна.

Па жанрах надрукаваных твораў новы альманах ніякіх вычварэнстваў не мае: прысутнічаюць проза, паэзія, публіцыстыка. Слабых аўтараў няма, і гэта не можа не радаваць. Узровень твораў, у асноўным, сярэдні. Але ёсць і публікацыі, якія дасталі, можна сказаць, да вельмі высокай планкі.

Усяго аўтараў - дваццаць чатыры, як і ў мінулым годзе. З іх дзевяць - прафесійныя пісьменнікі. Мне ўсё яшчэ падабаецца лічба дваццаць чатыры, і я не хачу ад яе адыходзіць. Столькі гадзін у сутках; стрэлкі двойчы праходзяць поўнае кола - па дванаццаць гадзін кожнае. Дарэчы, "Экватар" - таксама кола: калі з геаграфічнага пункту гледжання, то гэта і ёсць тая цэнтральная паралель, якая, нібыта кола, апяразвае зямны шар.

У мінулым, 2020 годзе ў нас склаўся пэўны парытэт паміж аўтарамі-мужчынамі і аўтарамі-жанчынамі: і тых, і гэтых было па дванаццаць. У 2021 годзе жанчыны, можна сказаць, "здалі" свае пазіцыі і засталіся ў меншасці: аўтарак у нас усяго дзевяць. А вось аўтараў-мужчын ажно пятнаццаць. Нават не ведаю, як да гэтага ставіцца... А ўвогуле, калі зыходзіць з таго, што альманах "Літаратурны экватар" № 10 (12) па складзе аўтараў атрымаўся пераважна мужчынскім, то можа і добра, што дызайн у гэтага нумара цалкам жаночы - кветкавы?..

І вось я ізноў вярнулася да магноліі. Шыкоўная, вельмі прыгожая кветка - стойкая, упартая, нават холаду не баіцца. Нездарма ж яе ў Кітаі называюць "нефрытавай архідэяй". Магнолія - гэта вясновы пах, абуджаючы да жыцця, сімвал любові, высакароднасці і росквіту... І ў працяг гэтай прыгожай ноты я вельмі хачу пажадаць аўтарам альманаха "Літаратурны экватар" № 10 (12), сябрам літаратурнага клуба "Экватар" і нашым шаноўным калегам - паважаючым нас журналістам і пісьменнікам - вясны ў сэрцах, пяшчоты, кахання, здзяйснення мараў, плёну ў жыцці і творчасці!..

Інга Вінарская, шэф-рэдактар альманаха "Літаратурны экватар", паэтка, пісьменніца, журналістка.

Мастацкае слова натхнёна хвалюе

Не сакрэт, што моц мастацкага слова ў літаратуры мае асаблівы кошт, сваю сілу і свой шлях. Гартаючы новы нумар альманаха "Літаратурны экватар", хочацца падвесці нейкі вынік працы нашага клуба, бо ён дванаццаты па ліку, і як след, значна раскрывае наш набытак. Усе гэтыя гады мы імкнуліся ствараць такую кульурную прастору для нашых аўтараў, а значць і для чытачоў, якая б змагла падтрымаць намаганні творцаў у пошуках сваіх дарог да мастацкасці ў літаратуры і яе разнастайнасці. Але мастацкасць, як і майстэрства, прыходзяць праз пэўны пошук раўнавагі паміж сутнасцю слова і яго глыбокім асэнсаваннем праз вобразы, сімвалы, эпічныя і лаканічныя моўныя напрацоўкі. Новы альманах мае на сваіх старонках творы дваццаці чатырох аўтараў, кожны з якіх, працуючы ў розных напрамках і стылях, імкнецца дадаць у свае творы шмат цікавых мастацкіх прыёмаў і ўласных напрацовак.

Прыемна, што наш літаратурны клуб "Эквтар" на працягу ўсяго каляндарнага года прадэманстраваў моцную прагу да творчага развіцця, пошуку цікавых метадаў працы і насыціўся немалой колькасцю змястоўных мерапрыемстваў, цікавых сустрэч, новымі творамі, эмоцыямі, здабыткамі. Не сумняваюся, што "Экватар" змог знайсці ва ўмовах сацыяльна-эпідэміялагічнага напружання патрэбныя формы працы, праз якія нашыя аўтары і чытачы адчулі дух творчай еднасці, калі разам удаецца нашмат болей, калі кожны сябра сваім імпэтам і настроем дапамагае каваць, нібыта дужы каваль, добрую збрую для свайго Пегаса, каб надалей несціся па прасторах бяскрайняй літаратурнай краіны, дзе няма месца скрусе, трывозе, абыякавасці. Таму мастацкасць была мною адразу акрэслена як важкі аргумент якаснасці твораў нашых аўтараў, чыя прага да новых вышынь становіцца ўжо прафесійным абавязкам.

А цяпер пагаворым аб персаналіях. Шмат у чым цікавіць сваёй актуальнасцю і рознабаковасцю паэзія Кірыла Бандзерса, Міхася Башуры, Глеба Ганчарова, Вячаслава Данілава, Мікалая Іваноўскага, Юрася Нератка. Глыбіня і мілагучнасць прысутнічае ў паэтычных творах Евы Сайнцэр, Валянціна Шведава і Ігара Шыршова, навацыйнасць і нязгубны трагізм адчуваецца ў радках Людмілы Шчэрбы, адкрытасць і чалавечнасць - у вершах Таццяны Юрэвіч. Цікава аздобіў альманах паэтычнымі загадкамі-блытанкамі Серж Мінскевіч. Гэта толькі рысы мастацкасці, але за імі стаіць духоўная праца паэта, яго нескароная адданасць слову.

Зусім па-новаму загучалі вершы ў перакладах з рускай мовы на беларускую шэф-рэдактара альманаха, паэткі, пісьменніцы, журналісткі Інгі Вінарскай. На старонках новага нумара альманаха можна прачытаць частку гэтых перакладаў, якія цалкам увайшлі ў вершаваны зборнік аўтаркі "Гучы, маё сэрца, гучы!.." Тут можна смела казаць пра перакладчыцкі талент спадарыні Вінарскай, бо не кожны аўтар здольны так якасна і непрадузята перакладаць уласныя творы, мноігя з якіх даволі складаныя. А што тычыцца непасрэдна новага нумара альманаха, то тут неабходна заўважыць, што Інга Вінарская правяла вялікую працу з ягонымі аўтарамі. Яе арганізатарскія, рэдакцыйныя і дызайнерскія здольнасці папросту захапляюць!..

Працягваючы тэму аўтарскіх падборак, адзначу, што аздобілі шчырай навізной і ўласнай прагай да ўразлівасці насычанага празаічнага слова Якаў Анапрэенка, Таццяна Барысюк, Валянцін Урублеўскі, Тарэза Кавальчук, Валянціна Каваленка, Іван Лосікаў. Яны здольныя ўцягнуць чытачоў у прастору жыцця сваіх герояў, перадаць тыя эмоцыі і перажыванні, якія блізкія самім аўтарам. Глыбінёй адчування жыцця і прываблівасцю сюжэта змаглі ўразіць Вольга Любашына, Дзмітрый Марозаў, Людміла Сівалобава. Дарэчы, апавяданні спадарыні Сівалобавай для новага нумара альманаха пераклала на беларускую мову таксама Інга Вінарская.

Асобна неабходна адзначыць той факт, што ўвесну 2021 года споўнілася б шэсцьдзесят год нашаму сябру, паэту і барду Валерыю Скакуну, які пайшоў ад нас у 2016 годзе. Мы прысвяцілі ягонай памяці травеньскую імпрэзу. Па склаўшайся ўжо традыцыі, мы кожны год друкаем творы Валерыя Скакуна. На гэты раз - урывак з аповесці "Першы снег", якая з'яўляецца аўтабіяграфічнай і вельмі акутальнай, бо праблема выбару моладдзю свайго шляху ў жыцці вельмі важкая.

Урэшце можна дакладна адзначыць, што новы нумар альманаха "Літаратурны экватар" атрымаўся якасны і, на мой погляд, даволі ёмісты і інфармацыйны. Ён аздоблены пяццю інфармацыйнымі блокамі, каб чытачы ў храналагічным парадку змаглі пазнаёміцца з жыццём клуба, ягонымі буднямі і святамі, сустрэчамі і гасцёўнямі. Бо, нягледзячы на пандэмію і розныя забароны, звязаныя з ёю, літаратурнае і культурнае жыццё на "Экватары" не спынялася, а бруіла, па магчымасці, на карысць нашай роднай культуры і мастацкаму слову. Бо менавіта развіваючы мастацкае слова, у першую чаргу на роднай мове, мы працягваем традыцыі нацыянальнай літаратуры, якая цесна звязана з блізкімі па духу славянскімі літаратурамі, традыцыйна любімымі нашым народам.

Нарыканцы хачу пажадаць усім нашым аўтарам адчуваць сябе сапраўднымі прыхільнікамі праўдзівага і няўрымслівага мастацкага слова, за якім заўсёды будучыня і вялікая пашана. Таму будзем працаваць і радаваць сваім натхненнем добрых і ўражлівых чатычоў. Усім нашым аўтарам і сябрам - моцнага здроўя, шчырага кахання і новых цікавых твораў!

Вячаслаў Корбут, кіраўнік літаратурнага клуба"Экватар", паэт, пісьменнік, журналіст.

Творчая сустрэча "І кніга дорыць натхненне"

Сустрэча з паэзіяй - гэта заўсёды свята. А калі паэт, аўтар выдатных радкоў пра твой родны горад, пра малую радзіму знаходзіцца побач, сам чытае свае творы - гэта сапраўдная падзея. Такая творчая сустрэча "І кніга дорыць натхненне" з земляком Русецкім Іванам Станіслававічам адбылася ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 4" 12 студзеня.

Іван Станіслававіч - займальны апавядальнік і выдатны суразмоўца, таму мерапрыемства прайшло ў дзіўнай цёплай абстаноўцы.

Навучэнцы 11 класа ДУА "СШ № 11 г. Ліды" пазнаёміліся з вершамі паэта: добрымі, прасякнутымі надзеяй і любоўю да малой Радзімы, маці, жанчыны, прыроды.

Перапоўнены эмоцыямі аўтар чытаў свае творы аб роднай зямлі, аб подзвігу людзей у гады вайны, пра каханне і прыроду. Прагучалі вершы: "Слова ўпала", "Скрыпка", "Восеньскі сад", "Ілюзія кахання", акравершы, санеты.

У вершах Івана Станіслававіча гучала сапраўдная любоў да роднай зямлі, і сваімі пачуццямі аўтар падзяліўся з юнакамі. З вялікай цікавасцю яны слухалі вершы на розных мовах: французскай, нямецкай, польскай, англійскай і, вядома, на роднай, беларускай.

Удзельнікі мерапрыемства задавалі мноства пытанняў. Іх цікавіла, як часта нараджаюцца вершы, як гэта адбываецца, хто любімы паэт.

Слухачы падзякавалі паэту за цікавую сустрэчу, пажадалі вялікіх творчых поспехаў і новых цікавых вершаў.

Л.М. Цэслік, загадчык філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 4".

Гульня-забава "У свеце ветлівасці і дабрыні"

Беларуская мова цікавая і незвычайная. Яна ўваходзіць у наша жыццё з вуснаў маці. Да Міжнароднага дня "Дзякуй!" для ўдзельнікаў клуба "Буслік", супрацоўнікамі філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 2" была арганізавана гульня-забава "У свеце ветлівасці і дабрыні".

Падчас забавы дашкольнікі ўспомнілі звычаі і традыцыі, адгадвалі загадкі, гулялі ў беларускія народныя гульні. Спецыяльна да мерапрыемства падабрана беларуская народная музыка. Рыхтуючыся да мерапрыемства, бібліятэкары імкнуліся далучыцца да багатай скарбонкі свайго народа, яго народнай культуры. Маленькія ўдзельнікі часта цяжка вымаўлялі словы, але галоўнае, што яны змаглі адчуць прыгажосць і непаўторнасць беларускай мовы. Усе прысутныя ўпэўніліся, што наша мова прыгожая, трапная, сакавітая, пявучая.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX