Наша слова.pdf № 5, 2 лютага 2022 г.
100 гадоў таму быў заснаваны Інстытут беларускай культуры
Інбелкульт быў заснаваны па ініцыятыве вядомага беларускага навукоўца Сцяпана Некрашэвіча, які і стаў першым кіраўніком гэтай установы. Сама ж яна была адным з галоўных лакаматываў таго часу, які рухаў беларускую культуру і навуку наперад. У складзе Інбелкульту дзейнічалі разнастайныя камісіі. Яны займаліся вывучэннем і развіццём гісторыі, этнаграфіі, археалогіі, антрапалогіі, мовазнаўства, мастацтвазнаўства, краязнаўства, геалогіі, геаграфіі ды іншых навуковых дысцыплін. Правадзейнымі сябрамі гэтай установы ў розны час былі вядомыя беларускія культурніцкія дзеячы і навукоўцы: Яўхім Карскі, Язэп Лёсік, Вацлаў Ластоўскі, Усевалад Ігнатоўскі, Аркадзь Смоліч, Зміцер Жылуновіч, Язэп Дыла ды многія іншыя. Менавіта на базе Інбелкульту ўвосень 1926 года адбылася знакамітая канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу, якая сабрала не толькі знаных беларусаў замежжа, але і вядомых навукоўцаў. У 1929 годзе Інбелкульт быў рэарганізаваны ў Акадэмію навук Беларусі.
У зале беларускай літаратуры (пам. 205) Нацыянальнай бібліятэкі праходзіць выстава "Напрадвесні беларускай навукі", прымеркаваная да 100-годдзя з дня заснавання Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта), папярэдніка НАН Беларусі. На выставе экспануецца каля 150 выданняў, асноўная частку з іх - выданні Інбелкульта.
Дата: з 11 студзеня па 28 лютага.
Месца: пр-т Незалежнасці, 116, Менск.
СМІ.
Калі мы не будзем ведаць беларускай мовы, мы - не беларусы
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступае за развіццё ў грамадстве беларускай мовы, каб людзі яе добра ведалі, таму што менавіта гэтая мова адрознівае беларускую нацыю ад іншых. Аб гэтым ён заявіў 25 студзеня на пасяджэнні-нарадзе з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Вы ведаеце, дзякуючы гэтым нашым вар'ятам бчб-шным, мы, адмятаючы ўсё, як кажуць, выплюхнулі і дзіця. Беларуская мова, родная беларуская мова, - сказаў Прэзідэнт. - Вы павінны разумець, нешта, што нас адрознівае ад іншых - гэта ёсць беларуская мова. Нам не трэба ад гэтага адыходзіць. Нам трэба падумаць аб тым, каб кожны беларус ведаў. Няхай, так склалася, што гэта наша руская мова. Але руская мова нас не адрознівае ад іншых. Дапусцім, ад рускіх. А беларуская мова адрознівае ад іншых".
"Руская мова - мы і так ведаем яе лепш, чым беларускую. Так склалася. Але ўжо следам і падцягвацца трэба да рускай мовы, следам павінна ісці родная беларуская мова, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Нельга забываць сваю мову. Калі мы не будзем ведаць беларускай мовы, мы - не беларусы. І руская мова, і беларуская мова - гэта наша. Але беларускую мову, мы яе не насаджаем, але мы будзем імкнуцца да таго, каб кожны беларус мог размаўляць на беларускай мове. І няма тут нічога антырасійскага і гэтак далей".
"Але мы пад уражаннем жніўня 2020 года пачалі неяк выплюхваць з гэтай вадой каламутнай... І дзіця можам выплюхнуць. Гэта ні ў якім выпадку не павінна быць. І моладзь гэта нармальна разумее", - заўважыў Прэзідэнт.
Ён таксама акцэнтаваў увагу, што размова абсалютна не ідзе аб нейкай мяккай беларусізацыі. "Палітыкі ў мяне няма мяккай беларусізацыі. Гэта глупства поўнае, выдумка", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў моўным пытанні не павінна быць нейкіх шуму і гвалту, як у часы нацыяналістаў у 90-я гады XX стагоддзя. "Гвалту было шмат, а карысці мала", - заўважыў ён.
Сваё слова ў гэтых адносінах павінны сказаць і вучоныя, прадстаўнікі сферы адукацыі, дадаў кіраўнік дзяржавы.
Кар. БЕЛТА.
Тэксы для ХV Агульнанацыянальнай дыктоўкі
ПЕРШАЯ КАНСТЫТУЦЫЯ БЕЛАРУСІ
Найважнейшым юрыдычным дакументам нашай старажытнай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага - з'яўляўся Статут 1588 года.
Статут 1588 года быў прыняты пасля акта Люблінскай уніі 1569 года аб утварэнні Рэчы Паспалітай у выніку аб'яднання двух народаў. Для ліцвінскага грамадства вынікі Люблінскай уніі былі шокавымі. ВКЛ страціла трэць дзяржаўнай тэрыторыі, велікакняскі сойм павінен быў прыпыніць сваё існаванне. Грошы ў дзвюх дзяржавах прызнаваліся раўнацэннымі і аднолькавымі. Прадугледжвалася ўніфікацыя заканадаўства. Траціліся многія атрыбуты незалежнай дзяржавы.
Статут 1588 года вяртаў на месца большасць пазіцый. Ён адназначна сцвярджаў, што найважнейныя пытанні (вайна ці мір, падаткі, прыняцце законаў) меў права вырашаць толькі беларуска-літоўскі парламент (сойм). Новы кодэкс законаў разглядаўся як прававая гарантыя самастойнасці Вялікага Княства. Артыкул 1 раздзела IV Статута зацвердзіў дзяржаўнасць старабеларускай мовы.
У Статут увайшлі нормы канстытуцыйнага права, чаго на той час не было ў заканадаўчай практыцы іншых еўрапейскіх краін. Статут упершыню ў нашай гісторыі падзяліў уладу на заканадаўчую (сойм), выканаўчую (Вялікі князь, Рада паноў) і судовую (Галоўны трыбунал). Значна пазней, толькі ў XVII-XVIII стагоддзях, знакамітыя еўрапейскія асветнікі Джон Лок і Шарль Мантэск'е тэарытычна абгрунтуюць неабходнасць падзелу ўлады, а ў нас гэта ўжо было нормаю дзяржаўнага жыцця.
Згодна са Статутам кіраўніком беларуска-літоўскай дзяржавы прызнаваўся Вялікі князь (гаспадар). Да яго кампетэнцыі адносілася заключэнне міжнародных пагадненняў, прыём і накіраванне паслоў, абвяшчэнне вайны і заключэнне міру. Гаспадар лічыўся кіраўніком усіх вышэйшых органаў улады.
Асноўная роля ў абмежаванні ўлады гаспадара належала Радзе паноў, якая была пастаянна-дзейным, распарадча-выканаўчым, заканадаўчым, кантрольным і судовым органам улады. Свае паўнамоцтвы Рада выконвала сумесна з Вялікім князем, а пры яго адсутнасці - самастойна.
(250 слоў)
Па Статуту 1588 года заканадаўчая ўлада належала сойму, які працягваў традыцыі ладу Полацкага княства. Яго з'яўленне было абумоўлена неабходнасцю пашырэння сацыяльнай апоры вярхоўнай улады. На пасяджэннях сойма магла прысутнічаць уся шляхта.
Суды былі незалежнымі ад улады, абвяшчалася публічнасць суда і адзінства законаў для ўсіх. Кожны абвінавачваны меў права на адваката, якія ў нас з'явіліся ўжо ў XVI стагоддзі (дарэчы, у Расіі толькі ў 1864 годзе).
(66 слоў)
Статут 1588 года не толькі абараняў незалежнасць ВКЛ, але і ўводзіў норму, па якой ні адзін замежнік не мог займаць дзяржаўную пасаду ў ВКЛ. Гэтая норма дайшла і да сёння. Прэзідэнтам Беларусі можа быць толькі ўраджэнец Беларусі.
(37 слоў)
Іван Навуменка
СПАДЧЫНА СКАРЫНЫ
Францыск Скарына... Імя велічнае ў гісторыі культуры ўсходнеславянскіх народаў - беларусаў, украінцаў рускіх, а таксама нашых суседзяў палякаў і літоўцаў. I калі мы падкрэсліваем веліч яго імя, то гэта не азначае, што аддаём толькі даніну гістарычнай памяці. Не, здзейсненае Францыскам Скарынам для свайго народа, іншых славянскіх народаў на ніве культурна-духоўнай дзейнасці не страчвае самай надзённай актуальнасці.
Вялікі беларускі асветнік-гуманіст і першадрукар Францыск Скарына не саступаў у маштабах дзейнасці "тытанам духу" эпохі Адраджэння. Чалавек глыбокага розуму і выключных здольнасцей, усебакова падрыхтаваны вучоны-энцыклапедыст, доктар свабодных навук і медыцыны, філосаф і філолаг, знаўца розных моў, антычнай, сярэдневяковай і рэнесанснай культуры, пісьменнік і перакладчык, ён быў сапраўды незвычайнай асобай.
Фігура Францыска Скарыны ў гісторыі славянскіх культур - велічная і складаная, як сама эпоха, у якую ён жыў, у якую выношваў і ажыццяўляў свае высокія задумы. Адчуўшы ўсёй душою павевы Адраджэння і ўспрыняўшы іх як свой лёс і ўсенародную неабходнасць, выдатны сын Полацкай зямлі прыклаў неймавернага напружання намаганні, намаганні свядома грамадзянскія, каб святло адраджэнскіх ідэй свяцілася і ў вокнах яго землякоў, яго народа.
(169 слоў)
Якуб Колас
НА РОСТАНЯХ
Не даходзячы да лукі, выгнуўшыся яшчэ раз каля лесу прыгожаю дугою, Нёман забіраў управа, пралёгшы роўнаю, бліскучаю стужкаю паміж лугамі і полем. На адным канцы дугі стаялі кучаравыя пышныя хвоі, звесіўшы над вадою махрыстыя галіны і аплёўшы пясчаны бераг цэлаю сеткаю смаляных каранёў. За імі пачыналіся маладыя сакавітыя баравіны, перамешаныя са старым лесам. Там-сям з зялёнага мора маладога хвойніку высока ўзнімаліся парасоны-верхавіны хвой-старадрэвін, што як бы аглядалі зялёныя прасторы свае маладое змены, цешачыся яе размахам і сакавітаю жыццёвасцю. І гэты малады хвойнік, і гэты лес, і гэтыя хвоі зліваліся ў адну сцяну лесу, вырысоўваючы прыгожую лінію паваротаў, разгортваючы сваё цёмна-зялёнае крыло і ахватваючы пясчанае поле, дзе раскінуліся маўклівыя пагоркі. А над усім гэтым ляжала цішыня і спакой раніцы.
Над ускрайкам лесу, дзе пачыналіся жоўтыя пяскі, зазвінела песня ляснога жаваранка. Ён першы тут вітаў надыход дня, і песня расплывалася ў маўклівым паветры звонам тонкага дарагога металу, напаўняючы ясна-сінія разлогі надзем'я і глыбокую цішыню зямлі, агорнутай затоена-радаснаю задумлёнасцю. Здавалася, усё навокала занямела, зачараванае цудоўнымі тонамі песні гэтага вольнага песняра ўзлескаў і пясчаных пустак між лесу. Снуючыся высока ў небе, раняла птушка мяккія, ласкавыя мелодыі, сатканыя са звону срэбраных струн, з булькання лясных ручайкоў, шолаху красак. І ўсе гэтыя тоны спляталіся так гарманічна-своеасабліва ў песні ляснога жаваранка, што яна даходзіла да самых глыбінь сэрца і калыхала самыя тонкія струны душы.
(222 словы)
Анатоль Іверс
ЁН АДКРЫЎ МНЕ БЕЛАРУСЬ
Першы раз я бачыў Янку Купалу ў верасні 1939 года, калі ён прыязджаў у Слонім і наведваў Гальяша Леўчыка. Праўда, гутарыць з народным паэтам не прыйшлося. Я толькі з цікавасцю назіраў яго паходку, пільна ўслухоўваўся ў яго ціхі голас. Прызнаюся, здзіўляла яго прастата, сціпласць і нешта падобнае да нясмеласці.
Другі раз я ўбачыў гэтага вялікага песняра ў лістападзе таго ж года ў Мінску. Нас, заходне-беларускіх пісьменнікаў, паклікалі ў сталіцу рэспублікі на святкаванне гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Праходзілі вечары, сустрэчы. Дарэчы, тады ж першы раз я ўбачыўся з Максімам Танкам, Нінай Тарас, Ганнай Новік і другімі сябрамі па пяру і барацьбе.
Найцікавей прайшла трэцяя сустрэча з народным песняром. І адбылася яна ў Лідзе ў 1940 годзе, калі Янка Купала як кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР прыехаў туды. Валянцін Таўлай, які працаваў у лідскай раённай газеце "Уперад", запрасіў заходнебеларускіх пісьменнікаў на гэты літаратурны вечар, каб дарагому госцю стварыць прыемнае акружэнне. Вядома, я з вялікай ахвотай прыняў запрашэнне і з'явіўся без спазнення.
Купала быў задаволены сустрэчай з намі, радасцю свяціліся яго вочы. Але разам з тым на яго твары прабіваўся нейкі ледзь улоўны смутак, пэўна таму, што прыхварэў. І ўсё ж гутарка атрымалася шчырая, задушэўная. Яго цікавіла ўсё да драбніц, як мы жылі, дзе і як прыходзілася друкавацца і г.д. На развітанне кожнаму з нас падарыў кніжку твораў з аўтографам. Мне дастаўся, здаецца, томік выбранай паэзіі.
(223 словы)
Тэксы падабраны Лідскай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы. Кожны мае права самастойна выбраць мілы яго сэрцу беларускі тэкст.
Шаноўныя беларусы! Запрашаем вас на ХV Агульнанацыянальную дыктоўку, годны чын на карысць Бацькаўшчыны!
Летапісы - крыніцы вобразаў, натхнення і тэм для навукоўцаў
26 студзеня з адкрытай лекцыяй у Нацыянальнай бібліятэцы выступіў літаратуразнавец, крытык, культуролаг і перакладчык, кандыдат філалагічных навук Вячаслаў Антонавіч Чамярыцкі.
Выбітны вучоны, чыё імя ўвекавечана на сцяне Полацкага музея кнігадрукавання, як аднаго са збіральнікаў каштоўных дакументаў Скарыніяны, меў вялікі плён дзейнасці.
Ён прымаў удзел у падрыхтоўцы да выдання беларускіх тамоў "Поўнага збору рускіх летапісаў" (32-гі том у 1975 г. і 35-ты том у 1980 г.), надрукаваў анталогію "Беларускія летапісы і хронікі" (1997), выдаў мноства іншых каштоўных крыніц, стварыў манаграфіі і падручнікі па старабеларускай літаратуры. За свае заслугі ён быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі і медалём Францыска Скарыны.
Ён распавёў слухачам, што нарадзіўся ў Заходняй Беларусі на Наваградчыне ў вёсцы Рабкі ў саламянай хатцы з глінянай падлогай без святла ў 1936 годзе. Вучыўся ён у Наваградку ў мясцовай гімназіі, і яго настаўнікам быў Сцяпан Александровіч. Разам са сваім сябрам Анатолем Клышкам Вячаслаў Антонавіч паступаў ва ўніверсітэт, з разам з ім развіваў сваю зацікаўленасць беларускай літаратурай і беларускай спадчынай.
Іспыты ў юнакоў прымаў у той час Алесь Адамовіч.
На старэйшых курсах разам вучыліся Вячаслаў Адамчык і Іван Чыгрынаў, праз год далучыліся Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін, разам раслі і станавіліся спецыялістамі па беларусазнаўстве. Вячаслаў Антонавіч выкладаў у вясковай школе-сямігодцы.Такім быў пачатак шляху вядомага навукоўца. Пасля ён вучыўся ў аспірантуры і пачаў займацца старажытнай літаратурай. Пазнаёміўшыся з працамі Вацлава Ластоўскага, Вячаслаў Антонавіч зразумеў, якая багатая ў нас гістарычная і літаратурная спадчына. Больш за 10 гадоў ён даследаваў дзейнасць Ф. Скарыны.
У 1967 годзе Вячаслаў Чамярыцкі абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме "Беларускія летапісы як помнікі літаратуры". Тады пра айчынныя летапісы наогул амаль не гаварылі ў кантэксце гісторыі Беларусі. Праз два гады яго дысертацыя выйшла асобнай манаграфіяй і выклікала шырокі рэзананс у грамадстве, бо беларусы ўпершыню шырока адкрылі для сябе свае найдаўнейшыя летапісныя крыніцы.
Эксперт зацікавіў прысутных на лекцыі аповедам пра "Аповесць мінулых гадоў", "Галіцка-Валынскі летапіс", "Наваградскі летапіс", "Хроніку Быхаўца" і "Летапіс князёў літоўскіх".
Летапісы служылі і служаць невычэрпнай крыніцай тэм, вобразаў і сюжэтаў для вучоных, мастакоў і пісьменнікаў.
Э. Дзвінская, фота аўтара.
У Полацку рыхтуюцца да пачэсных юбілеяў
У Полацкім музеі кнігадрукавання рыхтуюцца адзначыць 500-годдзе кнігадрукавання на землях ВКЛ і 500-годдзя "Малой падарожнай кніжкі" шэрагам мерапрыемстваў і правядзеннем выставы "Кніжка маленькая, а справа вялікая".
Пра гэта распавяла загадчыца Полацкага музея кнігадрукавання Славіна Вячаславаўна Гаўрылава.
- Наш музей быў адчынены 8 верасня 1990 года да 500-годдзя з дня нараджэння асветніка і першадрукара Францішка Скарыны, яго адкрываў Анатоль Іванавіч Бутэвіч. На адкрыцці прысутнічаў нашчадак першадрукара Стэнлі Скарына і іншыя ганаровыя госці. Звычайна скарынаўскія дні праводзяцца ў нас у верасні, калі мы запрашаем навучэнцаў навучальных установаў наведаць наш музей. Сёлета мы плануем адкрыццё запланаванай выставы "Кніжка маленькая, а справа вялікая" ў жніўні.
Наша мэта - папулярызаваць больш за 1400 прадметаў з фондаў Нацыянальнага полацкага гістарычна-культурнага музея-запаведніка, звязаных з Ф. Скарынам, Скарыніянай і творчасцю беларускіх пісьменнікаў. Адна з залаў захоўвае копіі кніг Ф. Скарыны, выявы гарадоў, дзе ён жыў і працаваў - Полацка, Кракава, Прагі, Вільні. У іншай зале прадстаўлены даследванні і выданні розных часоў, прысвечаныя першадрукару: пачынаючы з кнігі 1888 года выдання расійскага славіста Пятра Уладзімірава, творы В. Ластоўскага і кнігі А. Клышкі.
Але ў нашым Музеі дэманструецца толькі копія "Малой падарожнай кніжкі". А сама кніга захоўваецца ў калекцыі "Белгазпрамбанка", у нас яна дэманстравалася ў 2017 годзе.
Самай старой кнігай, якая ў нас знаходзіцца, з'яўляецца выданне 1558 года Джаралама Фалеці "12 прамоваў", якое паходзіць з друкарні Альдаў у Італіі, дзе авалодваў майстэрствам кнігадрукавання Францішак Скарына.
Мы таксама расказваем нашым гасцям пра знакамітых асобаў, народжаных у нашым горадзе.
Ураджэнцамі Полацка з'яўляюцца Уладзімір Арлоў і Навум Гальпяровіч, ганаровымі грамадзянамі горада былі пісьменнік Алесь Савіцкі, мастачка Нэлі Шчасная і іншыя выбітныя асобы. На Полаччыне пачынаў журналісцкую дзейнасць паэт і грамадскі дзеяч Генадзь Мікалаевіч Бураўкін.
Сёлета будзе адзначацца шэраг важных юбілеяў: 210-годдзе Полацкай езуіцкай акадэміі, 140 гадоў з дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы, 1030 гадоў існавання праваслаўя на беларускіх землях. Да гэтых падзей мы плануем праводзіць мерапрыемствы і выставы. Для школьнікаў і студэнтаў у нас пастаянна праходзяць заняткі, лекцыі, экскурсіі па музеі, - распавяла спадарыня Славіна Гаўрылава.
- Наш музей беларускага кнігадрукавання з'яўляецца адным з 11 музеяў Нацыянальнага Полацкага гістарычна-культурнага музея-запаведніка, якія варта наведаць. Ён знаходзіцца ў былым жылым корпусе Богаяўленскага манастыра ХVI стагоддзя. У зборы экспанатаў прымалі ўдзел кнігазнаўцы, пісьменнікі, літаратуразнаўцы, мастацтвазнаўцы, супрацоўнікі буйнейшых бібліятэк і музеяў былога СССР, у тым ліку А. Мальдзіс, А. Петрашкевіч, В. Чамярыцкі, Л. Уладзіміраў, А. Цеханавецкі, М. Нікалаеў. Вялікую ролю ў фарміраванні музейных фондаў адыграў багаты кнігазбор журналіста А. Матусевіча.
Эла Дзвінская, фота аўтара.
Савецкія ўлёткі - беларускай лацінкай
26 студзеня 1919 года бальшавікі выпусцілі ўлёткі беларускай лацінкай, каб упэўніць сялян Лідчыны, што яны клапоцяцца за народ і змагаюцца "супраць нямецкіх палачоў і проціў нашых пастаянных мучыцеляў паноў і багачоў". На другім баку адозва па-руску.
Улёткі друкаваліся ў Лідзе ў 1-й арцелі друкарскай справы.
У Лідзе перад вайной былі недзе з чатыры невялікія друкарні. Каб не трапіць у разрад буржуяў, уладальнікі хуценька згарбузавалі друкарскую арцель, якая лічылася савецкай формай арганізацыі працы.
Традыцыі беларускай лацінкі на Лідчыне былі моцныя. І Вацлаў Іваноўскі, і Алаіза Пашкевіч, і многія іншыя, асабліва беларускацэнтрычныя, грамадзяне карысталіся лацінкай, спачатку польскай, потым беларускай. Як бачым, у друкарнях былі адпаведныя шрыфты. Трэба сказаць, што падчас нямецкай акупацыі лідскія друкарні актыўна працавалі, друкавалі прадукцыю на розных мовах. Чаго не было ў лідскіх друкарнях, дык гэта нямецкага гатычнага s, ставілі ss.
А што ж канкрэтна адбывалася ў гэты час у Лідзе? Хто канкрэтна мог выдаваць гэтыя ўлёткі?
Разбяромся ў гэтым з дапамогай кнігі Леаніда Лаўрэша "Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг." (Гродна: ТАА «ЮрСаПрынт», 2017).
11 лістапада 1918 г. закончылася Першая сусветная вайна, германскае камандаванне ў Камп'енскім лесе падпісала перамір'е з краінамі Антанты.
Пры канцы 1918 года палітычнае становішча ў горадзе і павеце рэзка абвастрылася. Мясцовыя палітычныя фракцыі - беларуская, польская, яўрэйская і ў меншай ступені літоўская - імкнуліся да таго, каб германскія акупанты пры сваім адыходзе перадалі ўладу менавіта ў іх рукі.
У перыяд завяршэння нямецкай акупацыі ў Лідзе пачала стварацца нелегальная камуністычная арганізацыя. З кастрычніка па снежань 1918 г. яе дзейнасць узначаліў дасланы з Вільні ўпаўнаважаны Губернскага камітэта РКП(б) Утроб (Чэхаў). Пры канцы снежня 1918 г. у Лідзе быў створаны рэвалюцыйны камітэт пад кіраўніцтвам упаўнаважанага ЦК РКП(б) Н. Лазарава. 29 снежня 1918 г. у Лідзе быў створаны павятовы рэўкамітэт. Яго членамі сталі 9 чалавек: 5 камуністаў - Утроб (Чэхаў), Лазараў, Вацлаў Калясінскі (селянін з Ёдкаў), Адольф Сцяпанавіч Сегень (селянін вёскі Вінькаўцы), Камінскі, Камянецкі, і 4 сацыял-дэмакраты інтэрнацыяналісты. Рэвалюцыйны камітэт заняў дом бежанца ў гады вайны мясцовага купца Ілютовіча, які размяшчаўся па вуліцы Садовай. Бальшавікі захапілі склад са зброяй, якая належала мясцоваму аддзяленню літоўскай партыі (100 вінтовак), і стварылі гарадскі атрад народнай міліцыі колькасцю каля 100 чалавек, абсалютную большасць членаў міліцыі складалі лідзяне яўрэйскай нацыянальнасці.
Сыходзячы з горада, згодна з Берасцейскай дамовай, нямецкія войскі перадалі зброю мясцоваму рэвалюцыйнаму камітэту. У ноч з 27 на 28 снежня 1918 г. часткі германскіх войскаў пакінулі Ліду, і 3 студзеня 1920 г. - Лідскі павет.
12 снежня 1918 г. штаб Заходняй арміі бальшавікоў аддае загад аб працягу наступу ў Беларусі: «Заходняй дывізіі (начдыў Яршоў) у складзе чатырох палкоў, лятучага атрада т. Вянглінскага... і 38-га авіяцыйнага атрада... заняць і абараняць раён Гародня - Ваўкавыск - Ліда - Баранавічы - Маладзечна, стварыўшы Лідскі баявы ўчастак».
Рэўкам узяў пад кантроль гарадскую электроўню, тэлефонную і чыгуначную станцыі, будынак вакзала і склады. 31 снежня адбыўся гарадскі мітынг - першая масавая палітычная акцыя рэўкама. Мітынг быў праведзены ў будынку кінатэатра «Нірвана», і ў ім прынялі ўдзел пераважна рабочыя. Сябры рэўкама абвясцілі, што ўлада ў горадзе належыць працоўным, а «горад стане савецкім, як і ўсе беларускія гарады. З панамі і буржуазіяй будзе пакончана».
Польская «Самаабарона» таксама разлічвала ўзяць пад кантроль горад і павет. Аднак 5 студзеня 1919 года ў Ліду ўвайшлі эскадроны перадавой выведкі Чырвонай Арміі, таму польскія жаўнеры былі змушаны часова пакінуць горад.
Юзаф Дзічканец пісаў: «Бальшавікі ўвайшлі ў Ліду з боку мястэчка Іўе. У горадзе іх з энтузіязмам сустракалі тутэйшыя камуністы. Гэта былі атрады стралкоў 3-га Сядлецкага палка, які ўваходзіў у склад Заходняй савецкай дывізіі. Частку тых атрадаў размясцілі ў казармах пяхоты, астатніх - у прыватных дамах у горадзе. Камандаванне, якое ўзначальваў камісар Шпак, а таксама штаб дывізіі, які ўзначальваў нейкі палкоўнік Длускі, размясцілі ў доме доктара Рэнарта, які знаходзіўся пры галоўнай вуліцы, якая тады называлася Віленскай».
10 студзеня 1919 г. аддзеламі 3-га Сядлецкага палка «заняты г. Ліда і выстаўлены заставы на гарадзенскім і беластоцкім кірунку». 3-ці Сядлецкі полк Чырвонай Арміі быў часткова раскватараваны ў казармах на тэрыторыі сучаснага Паўночнага гарадка, а некаторыя часткі - у хатах і кватэрах лідзян.
Прыход частак Чырвонай Арміі, як і паўсюдна, адмоўна адбіўся на харчовай сітуацыі ў горадзе. Вялікая колькасць крам зачынілася, іх уладальнікі ці пакінулі горад, ці прыпынілі гандаль на нявызначаны тэрмін. Рэўкам пачаў рэгістрацыю ўсіх прадпрыемстваў у горадзе і павеце, а таксама ўсіх крам і таварных складоў. Неўзабаве Лідскі часовы рэвалюцыйны камітэт абвясціў сябе паўнамоцным органам савецкай улады і прыняў рашэнне называцца Лідскім павятовым ваенна-рэвалюцыйным камітэтам. Ваенна-рэвалюцыйны камітэт кантраляваў ключавыя прамысловыя прадпрыемствы, чыгунку, адчыніў біржу працы для беспрацоўных, лякарню, пачалі працаваць камунальныя службы і г.д. На гарадскую «буржуазію» была накладзена «кантрыбуцыя» на суму 80 000 акупацыйных марак для «патрэб працоўных». Пасля накладання на «буржуазію» кантрыбуцыі гандаль у горадзе цалкам заглух. Не толькі багатыя, але і дробныя гандляры пахавалі тавары, баючыся рэквізіцыі. Лідзянам было абвешчана пра пачатак рэалізацыі дэкрэтаў савецкага ўрада. У павеце пачалася рэгістрацыя абшарніцкіх маёнткаў з мэтай іх ператварэння ў сельскагаспадарчыя камуны.
Улётка падпісана менавіта гэтым Ваенна-рэвалюцыйным камітэтам. Напісана ўлётка архаічным беларускім правапісам, з поўным выкананнем правіла: "Як каму чуецца, так таму і пішацца", але назва месяца ўжо беларуская. Месяц с тудзень праскланялі так жа, як і снежань: снежань - снежня; студзень - студня.
Канкрэтна аўтарам улёткі мог быць член Лідскага ВРК, беларускі эсэр Адольф Сегень. Адольф Сегень быў знаёмы з Янкам Купалам у Віленскі перыяд, ёсць яго надрукаваныя ўспаміны пра Івана Луцкевіча, з якіх можна зрабіць выснову, што менавіта Іван Луцкевіч прыцягнуў Сегеня да беларускага руху.
Пры гэтым нідзе не пазначана дзяржаўная прыналежнасць гэтага Лідскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта.
Яраслаў Грынкевіч.
Амаль 200 тысяч наведвальнікаў "Куфра" карыстаюцца беларускай мовай
Магчымасць выбраць мову, на якой адлюстроўваецца інфармацыя інтэрфейсу, з'явілася на "Куфры" - найбуйнейшай пляцоўцы абвестак Беларусі - даўно. За апошні год колькасць тых, хто перайшоў на беларускую, павялічылася амаль у два разы.
Між іншым, штогод на "Куфар" заходзіць 2.7 мільёна ўнікальных наведвальнікаў - кожны чацвёрты карыстальнік байнета. 7.9% з іх абралі родную мову. За год колькасць беларускамоўных прыхільнікаў "Куфра" вырасла ўдвая. Найлепшыя паказчыкі сярод тых, хто аддае перавагу дэсктопнай версіі. Статыстыка ў дадатках на Android і iOS крыху горшая.
- Галоўнай прычынай таго, што на "Куфры" дадазена функцыя выбару мовы, стала жаданне зрабіць наш сервіс зручнейшым для кожнага беларуса. Гэтая функцыя была дададзена пасля таго, як мы пачалі атрымліваць такія запыты ад наведвальнікаў "Куфра", - тлумачыць Таццяна Лемешава, Head of product "Куфра". - Мы з павагай ставімся да моўнага выбару - кожны заслугоўвае магчымасць ужываць тую з дзяржаўных моваў, на якой яму зручней стасавацца. Спецыяльнай мэты прасоўваць і папулярызаваць беларускую мову ў нас не было, хоць мы прыхільна ставімся да яе выкарыстання і развіцця.
Трэба адзначыць, што "Куфар" - адзіны пакуль у Беларусі найбуйнейшы анлайн-маркетплэйс, які дае сваім карыстальнікам магчымасць выбраць беларускую мову ў інтэрфейсе.
Паводле СМІ.
ІНБЕЛКУЛЬТ і ВАЦЛАЎ ЛАСТОЎСКІ
Да 100-годдзя з дня заснавання Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта)
Уладзімір Барысенка
Інстытут беларускай культуры пачаў сваё існаванне на пачатку 1922 года, замяніўшы сабой Навукова-тэрміналагічную камісію. Як адзначаў першы прэзідэнт Беларускай акадэміі навук Усевалад Ігнатоўскі, фактычнае існаванне ўстанова пачала напрыканцы 1921-га. Паводле звестак, ІБК мусіў мець у сваім складзе сем секцый. Аднак стварылі толькі дзве: этнолага-лінгвістычную (са слоўнікавай, тэрміналагічнай і літаратурна-даследчай камісіяй) і прыродазнаўчую (з геолага-глебазнаўчай камісіяй). У 1923-1924 гадах з'явіліся агранамічная, прыродазнаўчая, медыцынская, педагагічная, медыка-ветэрынарная і сацыяльна-эканамічная секцыі, а гэтаксама секцыі этнаграфіі і геаграфіі, мастацтва, права.
Да канца 1929 года ў Беларусі было восем акруговых, 100 раённых, 96 мясцовых, 97 школьных і краязнаўчых таварыстваў з 10 500 членаў. Краязнаўцы сабралі вялізарны матэрыял, выдалі каля 20 папулярных прац. З 1925-га выходзіў часопіс "Наш край", які адыграў важную ролю ў вывучэнні роднага краю. ІБК правёў Першую Усебеларускую краязнаўчую канферэнцыю, Першы з'езд даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі, Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926). Падтрымліваў сувязі з АН СССР, АН УССР, замежнымі даследчымі навуковымі ўстановамі.
13 кастрычніка 1928-га года пастановай ЦВК і СНК БССР ІБК рэарганізаваны ў АН БССР.
ЛАБІРЫНТЫ ВАЦЛАВА ЛАСТОЎСКАГА
ВІЗІТНАЯ КАРТКА, Вацлаў Юстынавіч Ластоўскі нарадзіўся 8 лістапада 1883 года ў засценку Калеснікі Дзісенскага павета Віленскай губерні (цяпер Глыбоцкі раён Віцебшчыны) у сям'і беззямельнага шляхціца. Цягам амаль чвэрці стагоддзя яго імя не сыходзіла са старонак перыядычнага друку. Паплечнік Янкі Купалы і Максіма Багдановіча, ён быў адным з ідэолагаў утварэння незалежнай Беларусі. З'яўляўся прэм'ер-міністрам абвешчанай у 1918 годзе Беларускай Народнай Рэспублікі. Быў адным з першых дырэктараў Беларускага дзяржаўнага музея, правадзейным членам Інстытута беларускай культуры, адным з першых акадэмікаў нашай Акадэміі навук. Актыўны грамадскі і дзяржаўны дзеяч, Ластоўскі паказаў сябе выдатным пісьменнікам, публіцыстам, крытыкам і гісторыкам. Працаваў сакратаром "Нашай нівы". Рэдагаваў "Саху", "Гоман", "Беларускі сцяг" і "Крывіч". Першы літаратурны твор (апавяданне-абразок "Нарадзіны") "Наша Ніва" надрукавала 19 лістапада 1909 года.
РЭФАРМАТАР ПРАВАПІСУ
СЛЫННЫ творца выявіў сябе і як мовазнаўца, філолаг, фалькларыст, этнограф і перакладчык. Даследчыкі ягонай творчасці Язэп Янушкевіч і Міхась Мушынскі, іншыя літаратары, якія не так аб'ёмна, але не менш цікава распавядаюць пра Власта (гэта першы вядомы псеўданім майстра), адзначаюць: як мовазнаўца, ён бярэ пачатак "ад 1902 году", калі стаў занатоўваць "цікавыя" словы. Дарэчы, у названым годзе актывіст уступіў у Польскую сацыялістычную партыю ў Літве. Спачатку ён запісваў цікавінкі для сябе, бо вельмі ж "асабіста цікава было слова само па сабе". Прыроджанае моўнае чуццё і яркія літаратурныя здольнасці Вацлава дапамаглі яму стварыць вядомы "Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік" памерам каля 17 тысяч артыкулаў. Ён быў шмат у чым аўтарскім, з выразнымі індывідуальна-творчымі рысамі. Гэтым выданнем і самай славутай сваёй "Гісторыяй беларускай (крыўскай) кнігі" аўтар спяшаўся задаволіць надзённы попыт. Больш нарматыўныя "Беларуска-расійскі слоўнік" і "Расійска-беларускі слоўнік", складзеныя слыннымі майстрамі Міколам Байковым і Сцяпанам Некрашэвічам, з'явіліся значна пазней. Як мовазнаўца, Ластоўскі выявіў сябе і ўвосень 1926-га, падчас правядзення Інбелкультам навуковай канферэнцыі па праблемах рэформы беларускага правапісу.
Працуючы над слоўнікамі, Вацлаў Юстынавіч і сам шмат перакладаў. Яшчэ ў 1910-я гады ў ягоным перакладзе з польскай выйшлі "У зімовы вечар: Сцэна з сялянскага жыцця" пісьменніцы беларускага паходжання Элізы Ажэшкі, апавяданне паэта, празаіка і драматурга Казімежа Тэтмаера "Спалгіны", "жарт" Людвіка Валодскага "Як яны жаніліся" і іншыя творы. Еўрапейскіх моў пісьменнік не ведаў. Але гэта не перашкаджала яму "ўводзіць у сілавое поле роднай літаратуры" здабыткі сусветнай культуры - казкі Ганса Хрысціяна Андэрсена "Свінапас", "Каралеўна на гарошыне", стараісландскую легенду "Страха-палох", апавяданне Рэдз'ярга Кіплінга "Мы ўсе трое - адно". Увогуле ж у актыве пісьменніка значацца празаічныя і паэтычныя пераклады з ведыйскай (сучаснай індыйскай), ангельскай, дацкай, ісландскай, польскай, рускай, фінскай і эстонскай моў.
Ластоўскі раскрыў сябе і як выдатны мемуарыст. Даследчыкі падкрэсліваюць, што ягоныя каларытны ўспаміны пра ўласнае маленства і вучобу "жыва і ярка дапаўняюць воблік беларускага мястэчка канца XIX стагоддзя". "Старабеларуская вясковая школа" і "Успаміны з нядаўняй мінуўшчыны" даносяць да нас шматлікія звычаі і абрады. Цяпер яны, на вялікі жаль, не захаваліся. А літаратурныя ўспаміны пра Янку Купалу і Максіма Багдановіча, якія прысвяцілі аўтару свае вершы, ўзнаўляюць легендарную творчую атмасферу часоў "Нашай Нівы", робяць жывой постаць вялікага песняра, набліжаюць да нас ва ўсёй велічы загадку Максіма. Адначасова нельга не адзначыць і такія факты. Віленская беларуская газета "Гоман", якую ў свой час Ластоўскі ўзначальваў, апублікавала невядомыя аўтографы Багдановіча. Выцягнула з небыцця імя Альгерда Абуховіча, упершыню надрукаваўшы ягоныя найкаларытнейшыя і беспрэцэндэнтныя беларускамоўныя мемуары. Зноў-такі, упершыню шырока пазнаёміла беларускага чытача з постаццю Кастуся Каліноўскага і ягонымі "Лістамі з-пад шыбеніцы". Пры гэтым рэдактар працягваў друкаваць свае гістарычныя матэрыялы "Лісоўшчыкі", "Сялянскія "рэспублікі" канца XVІІІ cт. у Беларусі і Літве", "Абычаёвае права беларускага сялянства", "Рэфармацкі рух на Беларусі" ды іншыя.
Аўтар апавяданняў і артыкулаў пра Сяргея Палуяна, Паўлюка Багрыма, Васіля Цяпінскага здолеў пазначыць і "вынесці на шырокі свет" шляхі беларускай рукапіснай і друкаванай кнігі. Вярнуць у гісторыю Бацькаўшчыны выданні, занесеныя ў чужыя аналы. Складзены ім пад адной вокладкай агляд звыш тысячы важнейшых грамат, рукапісных і старадрукаваных кніг, пабачыўшых свет з X па XIX стагоддзе пад назвай "Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі", стаў капітальным даследаваннем. Як і слоўніку, матэрыялы да якога збіраліся цягам 20 гадоў, так і гэтаму выданню літаратар аддаў не адно дзесяцігоддзе свайго неспакойнага, складанага жыцця. У 13 гадоў ён прайшоў пехатой амаль 75 кіламетраў да чыгункі і з'ехаў у Вільню, дзе працаваў хлопчыкам на паслугах у віннай лаўцы. Пасля ўладкаваўся канцылярыстам у Шауляі, а праз які час - бібліятэкарам студэнцкай бібліятэкі ў Пецярбурзе, наведваючы там універсітэцкія лекцыі. Рабіў канторшчыкам на таварнай станцыі ў Рызе, дзе працягваў займацца самаадукацыяй і далучыўся да беларускага нацыянальнага грамадскага і культурнага руху, уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду. Быў зняволены польскімі буржуазнымі ўладамі. Заўважу, што першай палітычнай арганізацыяй, якая выявіла талент Ластоўскага - ідэолага стала "Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі". Ад яе імя ў 1916 годзе на міжнароднай канферэнцыі ў Лазане прагучаў "Мемарандум прадстаўнікоў Беларусі". Той жа ідэяй - быць незалежнымі ў сваіх этнаграфічных межах - Ластоўскі кіраваўся напрыканцы студзеня 1917-га разам з іншымі патрыётамі і на канферэнцыі беларускіх арганізацый у Вільні, дзе ўтварылі віленскую Беларускую раду, ад якой пісьменнік быў кааптаваны ў склад Рады БНР. Са снежня 1919-га па красавік 1922-га ён з'яўляўся старшынём Рады міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі. Як вядома, у Вільні напачатку 1520-х гадоў Францішак Скарына заснаваў першую ва Усходняй Еўропе друкарню.
ДАСЛЕДЧЫК СКАРЫНЫ
ГЛЫБОКА сімвалічна, што менавіта Ластоўскаму належыць першае ў беларускай культуры мінулага стагоддзя выдатнае даследаванне пра нашага полацкага генія - "Доктар Франціш Скарына". Ён напісаў гэты грунтоўны агляд дзейнасці першадрукара ў 1925-м да 400-годдзя беларускага друку ў Вільні. Каб годна адсвяткаваць згаданы юбілей - сам узначаліў камітэт па яго падрыхтоўцы і правядзенні. Стварыў сцэнічны эпізод з жыцця Скарыны "Адзінокі", якім выявіў яшчэ адну грань свайго багатага таленту - драматургічную.
Амаль ва ўсёй шматграннай дзейнасці ён быў першаадкрывальнікам. Самым буйным сваім мастацкім творам, легендарнай аповесцю "Лабірынты", паклаў пачатак новаму жанру ў сусветнай літаратуры - сінтэтычнаму раману, кшталту тых, што стварыў пазней вядомы ва ўсім свеце італьянец Умберта Эка, аўтар "Імя ружы". Гэта падкрэсліў у сваёй анатацыі выбраных твораў Ластоўскага, што выйшлі тры гады таму ў новай серыі "Мая беларуская кніга", пісьменнік і даследчык Пятро Васючэнка, які ўваходзіць у рэдакцыйную раду.
Расповед у "Лабірынтах", якія можна назваць і дэтэктывам, і фантастыкай, і інтэлектуальнай прозай, і містыкай, вядзецца ад аўтарскага імя. "Ад некалькіх гадоў стала ў мяне звычаем выязджаць на тыдзень-два ў які-колечы закутак Беларусі для пазнання роднае старасвеччыны", - так на самым пачатку акрэсліваецца галоўнае захапленне няўрымслівага шукальніка сівой даўніны, якое прыводзіць яго ў старажытны Полацк. Там ён знаёміцца з сябрамі так званай Археалагічнай Вольнай Контэрфратэрніі.Яны заўзятыя аматары роднай старасветчыны. З іх вобразаў можна меркаваць, што падзеі адбываюцца ў канцы XIX - пачатку XX стагоддзяў, у дарэвалюцыйныя часы. "Адзін з іх быў мясцовы чыноўнік, абруселы немец, якога я знаў з брашуры, напісанай ім калісь, калі было яшчэ моднае і паплатнае для чыноўніцкае кар'еры русіфікатарства. У гэтай брашуры ён задаваўся мэтай давесці, што па-расейску трэба пісаць названне горада не "Полоцк", а Полотск" і што, быццам, у гэтым перайменаванні старой назовы крыўся сам цэнтр "абрусення краю". Душою гуртка гісторыкаў-краязнаўцаў з'яўляўся аматар-археолаг Іван Іванавіч, на запрашэнне якога і прыехаў у Полацк галоўны герой. Размовы ўдзельнікаў гуртка захапляюць сваімі глыбокімі пазнаннямі з гісторыі роднай зямлі. Яны закранаюць і перасяленне плямёнаў яцвягаў, і культуру Старажытнай Грэцыі, Індыі, Рыма, Егіпта, і скарбы знакамітай полацкай бібліятэкі, якую, "здабываючы Полацк у 1572 годзе, шукаў Іван Грозны і не знайшоў". Сярод манускрыптаў, апраўленых ў шырокія, драўляныя, абцягнутыя скурай пераплёты, нібыта захаваліся і летапіс Полацкага княства, пісаны рукой Св. Ефрасінні, і "праўдзівы экземпляр "Аповесці мінулых часоў", і "ўласнаручныя пісанні братоў Кірыла і Мяфодзія, Візантыйскія хранографы...".
Энцыклапедычнымі ведамі ў стане суразмоўцаў вылучаўся "мясцовы полацкі мешчанін Грыгор Н., маўклівы, сівавусы старац, які ўпарта гаварыў толькі па-беларуску, а часам прытвараўся, што не разумее некаторых слоў па-расійску і, па некалькі разоў перапытаўшы, паўтараў слова ў перакладзе на беларускую, з асаблівым на яго націскам" Калегі надзялілі яго мянушкай "Падземны Чалавек", бо "ніхто не мог так заварожліва апавядаць дзівосныя легенды аб падземных хадах і дзівах, скрытых у іх". Гамонка бяседнікаў зацягнулася да позняй ночы, але, развітаўшыся з усімі і вярнуўшыся ў свой нумар атэля, галоўнаму герою не суджана было спакойнага адпачынку. Першы ягоны сон стрывожыў ціхі стук у акно. Гэта быў "Падземны Чалавек", які таямніча прызнаўся, што даўно ведае ход у схаваную бібліятэку і прапанаваў пайсці агледзець падземныя скарбы. Калі нарэшце начныя вандроўнікі дабраліся да першага шырокага падзямелля, дзе стаяла дубовая труна-корст, яны прачыталі на ёй надпіс, зроблены "глаголіцкімі" літарамі. "Я, Ярамір, ходы гэтыя працай многай утварыў і дэманаў пяці, моцай слоў тайных, на пілнаванне давечнае ўвязаў тут. Хай унасячага сюды прапусцяць, а на вынасячым споўніцца слова". Праваднік запатрабаваў ад галоўнага героя ўрачыстай прысягі: "Акром мяне, з жывых, ніхто не ведае аб гэтым ходзе. Ты другі будзеш ведаць аб ім і перадасі патомным". Калі ў гулкім падзямеллі гучалі хвалюючыя словы, раптоўна патухае свечка. Пасля вялікіх намаганняў, адшукаўшы сернікі і запаліўшы агонь, перад вачыма аўтара-героя паўстала крывавая сцэна смерці "Падземнага Чалавека".
У пошуках выйсця з падзямелля галоўны герой сустракае... жывую постаць з абліччам... Івана Іванавіча. Высвятляецца, што і цяпер у глыбокіх пячорах пад паверхняй зямлі жывуць далёкія продкі. Наступныя дзівосныя прыгоды і аповеды пра іх знаходжанне паўстаюць нібы працяг дзённай размовы на кватэры ў Івана Іванавіча і выглядаюць досыць рэалістычнымі. Пераканаўчасць ім надаюць глыбокія веды аўтара, якімі валодаў слынны ідэолаг нашага нацыянальнага адраджэння. Насычаныя нястрымнай гістарычнай фантазіяй, "Лабірынты" сталі бясспрэчнай вяршыняй яго празаічнай творчасці Новае, што наогул ён прынёс у беларускую літаратуру - гэта глыбокае веданне айчыннай гісторыі, распрацоўка гістарычных сюжэтаў, у ліку якіх "Каменная труна", "Разбойнік", "Князёўна Рагнеда", "Часы былі трывожныя", "Векавечная мяжа" і "Бяздоннае багацце". Гістарычныя рэмінісцэнцыі моцна гучаць такіх творах, як "Беларускі радавод", "Паншчына", "Мікалай Галубовіч", "Троцкі замак", "Брацкія кнігі". Дарэчы, у "Выбраным", крамя "Лабірынтаў" надрукавана 12 апавяданняў, 28 легенд, казак і прыпавесцяў. Багацце задум і тэм, якія ўводзіў ва ўжытак Ластоўскі, узбагачвала іншыя жанры айчыннага мастацтва. Пачынаючы драматург Францішак Аляхновіч на падставе апавядання "Каменная труна" стварыў гістарычную драму "Бутрым Няміра". Яна не адно дзесяцігоддзе мела вялікі поспех на сцэне.
Ідэю змагання за незалежнасць Ластоўскі працягваў сцвярджаць і ў сваіх вершаваных радках. Як паэт, дэбютаваў на пачатку 1922-га ў першым нумары часопіса
"Беларускі сцяг":
Наперад, змагарна наперад!
Да волі цярэбячы троп,
Штодзённа ўскіпаем мы гневам
I помсту шлюбуем па гроб!
Нахрапнаю крыўдай не ўздзержыць
Вам вольны ў кайданах прастор:
З дум горкіх, з сэрц нашых гартоўны
Скуем мы з праклёнам тапор.
Паэзія, як ўся яго літаратурная творчасц майстра, скразным лейтматывам праводзіла ідэю служэння роднай Бацькаўшчыне. Вершаў на рахунку ўсяго каля чатырох дзесяткаў, але ўсе яны адметныя, своеасаблівыя і арыгінальныя.
РАССТРАЛЯНЫ ПАТРЫЁТ
ПРАЗ год пасля пераезду з Літвы ў Менск, у 1928-м, Вацлаў Ластоўскі стаў, не маючы афіцыйна нават сярэдняй адукацыі, акадэмікам БелАН. Быў неадменным сакратаром Інбелкульта. Рэдагаваў "Працы кафедры этнаграфіі". Працаваў у "Камісіі жывой беларускай мовы". Уваходзіў у "Камісію па ахове помнікаў старасветчыны ў БССР". Арганізоўваў этнаграфічныя экспедыцыі ў розныя рэгіёны рэспублікі, падчас адной з якіх быў знойдзены Крыж Еўфрасінні Полацкай. У лістападзе 29-га яго вызвалілі з акадэмічнай пасады, а ў ліпені 30-га арыштавалі па справе "Саюза вызвалення Беларусі". Утрымлівалі ў турмах Масквы і Менска. Пазбавілі звання акадэміка. Фармальнай прычынай стала публікацыя артыкула доктара славянскай гісторыі і філалогіі Яна Станкевіча "Дыспалаталізацыя і ў беларускай мове" ў "Запісках аддзела гуманітарных навук", якія выдаў Інбелкульт. У красавіку 31-га 48-гадовага выбітнага вучонага выслалі ў Саратаў, дзе ён загадваў аддзелам рэдкіх рукапісаў бібліятэкі мясцовага ўніверсітэта. У жніўні 37-га патрыёта Бацькаўшчыны арыштавалі паўторна, а ў студзені 38-га прыгаварылі да расстрэлу "як агента польскай разведкі і ўдзельніка нацыянал-фашысцкай арганізацыі". Па першым прысудзе рэабілітавалі ў 88-м, па другім - на 30 гадоў раней. У 1990-м Вацлава Ластоўскага аднавілі ў званні акадэміка. "Хто не шануе родную мову, - гаварыў Ластоўскі ў сваёй кнізе "Што трэба ведаць кожнаму беларусу", - той не шануе сябе самога, ні свой род, ні сваіх дзядоў, - бацькоў, якія гэтай мовай гаварылі. А хто саромеецца свае мовы, варты таго, каб і яго добрыя людзі саромеліся, бо саромеючыся роднае мовы, ён крыўдзіць не толькі дзядоў - бацькоў сваіх, але і ўвесь народ". Давайце прыслухаемся...
Бульбяная эпапея Сяргея Юзепчука
Адна з мянушак, якой "узнагароджваюць" беларусаў, - "бульбашы". Яна, мабыць, самая бяскрыўдная з усіх падобных жартаўлівых, а часам крыху пагардлівых імёнаў. І нам, сапраўды, няма чаго крыўдзіцца на яе, наадварот, трэба ганарыцца, што бульба, індзейская расліна, знайшла другую радзіму ў Беларусі.
Усім вядома, што бульба - родам з Амерыкі. Доўгі час ведалі пра два віды: усе распаўсюджаныя ў Еўропе гатункі вялі пачатак ад аднаго, "чылійскага", а другі шырока вырошчваўся ў Андах. Толькі ў 20-я гады было даказана, што ёсць два дзясяткі культурных відаў бульбы, былі адкрыты невядомыя раней навуцы дзікія віды, што разам склала матэрыял для далейшай селекцыі. Вялікі вучоны М.І. Вавілаў распрацаваў тэорыю цэнтраў паходжання культурных раслін, для абгрунтавання якой пасылаліся экспедыцыі ў розныя часткі свету. І трэба ж было здарыцца, што першаму шукаць "малую" радзіму бульбы давялося навукоўцу, прозвішча якога нагадвала пра "бульбашоў"! Праца яго была высока ацэнена Вавілавым і ўвайшла ў гісторыю сусветнай біялагічнай навукі.
Сяргей Васільевіч Юзепчук нарадзіўся 28 студзеня 1893 года ў Маскве, але яго прозвішча дазваляла меркаваць пра яго ўкраінскае або беларускае паходжанне. Сігналам для нас уключыць С. В. Юзепчука ў "Беларуска-індзейскі біяграфічны слоўнік" была інфармацыя з першага ліста яго ўдавы Т. Л. Юзепчук (1905-2001) - былога мастака Інстытута этнаграфіі (Музея антрапалогіі і этнаграфіі) АН СССР (з 1935 г.). Мы звярнуліся да яе з мэтай высвятлення каранёў Сяргея Юзепчука. (Усяго мы атрымалі ад Тамары Юзепчук 4 лісты - 23.10.1989, 28.11.1989, 8 і 10.06. 1990, з дадаткамі - у т.л. павялічанае М. Ш. Файнштэйнам фота, зробленае ў Аргентыне для пасведчання Юзепчука.). "Продкі (як я ведаю ад яго) паходзяць з Беларусі" (23.10.1989). Але мы разумелі, што гэтага недастаткова для карэктнага вызначэння паходжання і для адпаведнасці крытэрыю для ўключэння ў слоўнік, таму мы папрасілі пра аргументацыю. Адказ быў: "Наконт продкаў я Вам больш нічога сказаць не магу" (28.11.1989). Тым не менш спакуса падаць Юзепчука як "бульбаша", які так шмат зрабіў для селекцыі бульбы пры дапамозе дзікіх відаў, аднаго з самых яскравых "кантакцёраў" з індзейцамі міжваеннага перыяду - ад Мексікі да Чылі і Аргентыны, была для нас занадта вялікай, а падтрымкай было тое, што Юзепчукі сустракаюцца па абодва бакі мяжы Беларусі з Украінай і Польшчай (напрыклад, асабліва ў Цярэспалі). У серыю артыкулаў у часопісе "Бярозка", якая спачатку называлася "Беларускія Калумбы" (змяніла назву дзякуючы нашай заўвазе, што Калумб - не дужа станоўчы персанаж, і пасля гэтага апавядала проста пра "Нашых славутых землякоў") артыкул прынялі, але ён у выніку не з'явіўся, аднак на гэтым жыццё тэксту ў розным моўных версіях не спынілася…
Пазней мы выявілі, што бацька С. В. Юзепчука Васіль Феакціставіч (1857-1913) вучыўся ў прагімназіі ў г. Востраве Валынскай губерні. Далей у яго былі эпізоды, звязаныя з Беларуссю: пачынаў службу ў праўленні Магілёўскай акругі шляхоў зносін, з 1884 г. - выканальнік работ на Лібава-Роменскай чыгунцы. Зноў быў недалёка ад беларусаў у 1900 г. - старшы інспектар Бранскага рэйкапракатнага завода, а з 1904 г. і да смерці - на Руска-Балтыйскім вагонабудаўнічым заводзе ў Рызе. Магчыма, гэтыя эпізоды, звязаныя з Беларуссю, а таксама з Бранскам сталі падставай для звязвання яго з Беларуссю (гл. электронны рэсурс "Русские Латвии: история, культура, современность"); таксама мы не ведаем, ці не пабраўся В. Ф. Юзепчук шлюбам з беларускай.
Прафесія бацькі - інжынер шляхоў зносін - не спрыяла знаходжанню сям'і ў адным месцы. Сяргей пачынаў вучыцца ў 1903 годзе ў Арлоўскай гімназіі, заканчваў - з залатым медалём - у 1911-ым Рыжскую Аляксандраўскую. Ужо тады ён моцна зацікавіўся батанікай, а Натуральны разрад Фізіка-матэматычнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта даў яму неабходныя веды і спецыялізацыю. Пасля рэвалюцыі Юзепчука выбіраюць на пасаду кансерватара Батанічнага сада - пазней ператворнага ў Батанічны інстытут, давяраюць загадваць гербарыем флоры еўрапейскай часткі СССР. З таго часу і да канца жыцця кожная вясна клікала заўзятага зборшчыка раслін "у поле" - якое было ў яго ад Кольскага паўвострава да Узбекістана. Вучоны прыняў удзел у геабатанічным вывучэнні Беларускага Палесся, апублікаваў артыкулы ў менскіх выданнях. І адразу ж - новая экспедыцыя - у складзе "амерыканскай" групы Вавілава. Скарочана яе называюць і як "экспедыцыя Гуматрэста ў Лацінскую Амерыку (1925-1928)".
Яна адправілася ў 1925 годзе, спачатку на Кубу і ў Мексіку, а потым на поўдзень - у Гватэмалу і Калумбію, адкуль Юзепчук рушыў далей адзін. Гэта было захапляльнае падарожжа, поўнае нечаканых сустрэч: у Мексіцы сабраць разнавіднасці бульбы ім дапамагалі мясцовы жыхар з беларускім прозвішчам - Анціповіч і савецкія раварысты-кругасветнікі; даследчыкі знаёміліся з побытам самых розных індзейскіх народаў, фатаграфавалі, набывалі незвычайныя рэчы. Юзепчук не прапусціў магчымасці наведаць славутыя помнікі ў Куска і Ціаўанака. Адносіны з тубыльцамі наладжваліся няпроста: на рынках яны неахвотна прадавалі "белым" насенне, часта вучоныя адчувалі, што ідуць па не так даўно "ўтаймаванай" зямлі - недалёка ад мяжы са Злучанымі Штатамі ўспаміналі пра нядаўнія яшчэ набегі апачаў і каманчаў, а аднойчы, ужо ў Паўднёвай Амерыцы, з Юзепчуком здарылася зусім непрыемнае: прыняты індзейцамі за каморніка, ён быў ледзь не забіты камянямі. Тым не менш працягваў упарта і метадычна вывучаць расліннасць - маршруты яго пралягалі ў ваколіцах сталіц і ў правінцыях Перу, Балівіі, Чылі, Аргентыны і Бразіліі. З вялікай цяжкасцю атрымаўшы дазвол на ўваход у Чылі, Юзепчук дабраўся аж на востраў Чылаэ, дзе купіў у гандляроў жаданую "папа негра" - "чорную", дзікую бульбу, свяшчэнную для тутэйшага племені мапучэ. Хацеў трапіць у самы-самы "цэнтр", але не змог зрабіць гэтага з-за бездарожжа і непагоды...
Як толькі ў Ленінградзе была зроблена справаздача па выніках трохгадовай экспедыцыі, па слядах Юзепчука былі неадкладна накіраваны расліназнаўцы з ЗША, Германіі і іншых краін - рэдкі выпадак, калі савецкія людзі апярэдзілі паўночна-амерыканцаў і еўрапейцаў у лаціна-амерыканскім пачынанні. Гэта была сапраўдная сенсацыя. Яшчэ і праз гады вучоныя Амерыкі працягвалі здзіўляцца таму, што савецкія батанікі лепш за іх ведаюць расліны "іх" кантынента.
Прывезеныя ўзоры дзікай і культурнай бульбы вывучаліся і ва Усесаюзным інстытуце раслінаводства ў Ленінградзе, і ў Беларусі - высаджаныя на доследнай станцыі, яны скрыжоўваліся з мясцовымі формамі, утвараючы новыя, больш урадлівыя і ўстойлівыя.
С. В. Юзепчук вярнуўся да сваёй будзёнай працы - разбор калекцый, сістэматыка, выкладанне ва універсітэце, публікацыі - усё гэта з вялікай патрабавальнасцю да сябе. Цікавы суразмоўца, "хадзячая батанічная энцыклапедыя", паліглот, паэт-аматар, творчы, прынцыповы і - нягледзячы ні на якія акалічнасці - глыбока прыстойны чалавек - такім ведалі яго калегі і блізкія.
Працяглае падарожжа ў Лацінскую Амерыку магло б быць апісана нават у цэлых тамах, з усімі "экзатычнымі падрабязнасцямі". Напрыклад, у лістах жонкі ёсць пра этнаграфічную калекцыю Юзепчука: "Адносна маёй работы - у Ін-це Этнаграфіі А. Н. адносін да работы С. В. не мела. Я мастачка і працавала там 48 гадоў мастачкай. Вы пішаце, што з працы Кінжалава ведаеце, што Воранаў прывёз калекцыі ў Музей Этнаграфіі, а С. В. прывёз іх проста для сябе і не ў такой вялікай колькасці, бо ў яго ледзь хапіла грошай на зваротны білет, як мне сказаў Файнштэйн, ён вёз шмат гербарыяў і ўзоры дзікай бульбы" (28.11.1989).
Памёр ён у 1959 годзе, але пакінуў значную навуковую спадчыну, і імя яго засталося ў лацінскіх назвах адкрытых і апісаных ім і іншымі навукоўцамі відаў бульбы - Solanum juzepczukii і яшчэ амаль трыццаці. Назаўсёды.
Значэнне бульбы немагчыма пераацаніць: яна стагоддзямі выратоўвала ад голаду мільёны людзей, яе называлі самай рэвалюцыйнай раслінай: "Бульба, вось ежа чалавека, які хоча, які ведае, як быць вольным".
"Бульбашы", ці па-сапраўднаму цэнім мы працу селекцыянераў, старажытных - індзейцаў - і тых, хто нястомна крочыў у пошуках невядомых відаў, карпатліва выводзіў новыя гатункі? Задумайцеся, які доўгі і складаны шлях быў у бульбы на наш стол, і шануйце, беражыце яе, памятаючы, што гэты сціплы клубень у нашых руках - раслінны помнік, культура, якую падаравала нам Індзейская Амерыка.
Алесь Сімакоў.
У Ліду прыехала ўнікальная выстава: "Павукі" - загадкавыя канструкцыі з саломы
А вы ведалі, што саломапляценне ў нашых продкаў звязвалася з культам хлеба?
Людзі тонка адчувалі асаблівую сутнасць, хлебны і зямны дух, які жыве ў залатым сцябле нашых палёў. Так з'явілася патрэба зрабіць салому нечым вялікім. І зрабілі! Менавіта з гэтага прыроднага матэрыялу пачалі рабіць першыя абярэгі, адзін з якіх носіць цікавую назву - "павук". І гэтая традыцыя жыве сёння. Так, з дзясятак павукоў з саломкі знайшлі сваё месца ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры: у Ліду прыехала ўнікальная выстава аматарскага аб'яднання "Творчая скарбонка" сярэдняй школы № 200 горада Менска.
- У вёсках спрадвеку займаліся саломапляценнем, таму што нашы бабулі верылі ў боскую сілу прыроднага матэрыялу, - апавядае навуковы супрацоўнік аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Савіцкая (на здымку). - Рабілі лялькі-абярэгі, птушак, жывёл і… павучкоў. Менавіта саламяны "павук" павінен быў ахоўваць дом, прыносіць шчасце і забяспечваць дабрабыт сям'і. Звычайна яго вешалі каля ўваходу, каб прымаў на сябе ўсю негатыўную энергетыку, або ў чырвоным куце над сталом. Падвешвалі над калыскай дзіцяці і над галовамі маладых у час вяселля. Ахоўваць, прыносіць шчасце і ў той жа час упрыгожваць хату - такое прызначэнне было ў гэтых дзіўных канструкцый.
Дарэчы, першыя "павукі" рабіліся напалову з саломы, напалову са зваранай бульбы ў форме шара і сімвалізавалі сонца. Такі "павучок" павольна круціўся ў струменях цёплага паветра, якое ішло ад ежы. Па адной з версій, "павучкам" прыпісвалася здольнасць збіраць у сабе негатыўную энергію (таму ў канцы года іх спальвалі). Па другой, у саламянай канструкцыі жыў самы сапраўдны павук. Маленькі майстар плёў павуцінне, у якое траплялі назойлівыя цакатухі. Таму канструкцыя мела не толькі дэкаратыўнае, але і практычнае прызначэнне. Іншымі словамі, была мухалоўкай. Цікава ведаць, што нашыя суседзі расіяне такія вырабы з саломы называлі "мушынымі хаткамі".
Па словах спецыяліста, беларускія "павукі" збіраліся па двух тыпах. Яны маглі быць у выглядзе піраміды ці ромба. У аснове ромбападобнага "павука" ляжыць цэнтральны ромб, да якога прымацоўваюцца ўсе астатнія. Пірамідальны "павук" збіраецца загадзя з сабраных пірамідальных ромбаў, якія складаюцца з саломін аднолькавай даўжыні.
- Сухая салома далікатная і ломкая. Як з ёй знайсці агульную мову?
- Якраз мову знайсці і можна. Пры распарванні прыродны матэрыял становіцца мяккім, пластычным, набывае здольнасць да выгіну. А высахшы, добра захоўвае зададзеную форму, - гаворыць Марына Савіцкая. - Менавіта такія якасці ў спалучэнні з прыроднымі дэкаратыўнымі ўласцівасцямі (глянцавай паверхняй, залатым колерам) дазвалялі і сёння дазваляюць майстрам у рабоце з матэрыялам дасягаць высокага выніку. Праўда, шмат часу зойме падрыхтоўка саломы: яе трэба спачатку нарэзаць, правільна падсушыць, падстрыгчы і адсартаваць. Ад сябе заўважу, што гэта вельмі карпатлівая праца. Трэба мець вялікае цярпенне і стараннасць, каб ёй займацца.
І сапраўды, формы сучасных "павукоў" здзіўляюць незвычайнай прыгажосцю і нават памерамі. Сабраныя з лёгкіх саламяных трубачак, яны бязважкія, ажурныя і, дарэчы, выконваюць ужо зусім іншую функцыю - дэкору інтэр'еру.
- Я лічу, што не варта забываць менавіта аб каштоўнасці прыроднага матэрыялу, з якога робяць "павукоў", - зазначыла спецыяліст. - Сама па сабе салома нясе жывую энергію матухны-прыроды, валодае незвычайнай прыцягальнай сілай. І доказ таму - работы аматарскага аб'яднання "Творчая скарбонка". Такую вялікую калекцыю складана знайсці, таму што майстроў, якія працуюць з гэтым прыродным матэрыялам, мала. Раю лідчанам наведаць нашу выставу "Саламяны павук". Убачыць прыгажосць саламянага талісмана трэба абавязкова.
Вольга Капцевіч.
Шлях да ісціны
Штогод у студзені ў 11-й лідскай школе праводзіцца дэкада духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў "Шлях да ісціны", удзел у якой прымаюць усе вучні і настаўнікі школы.
У гэтым годзе дэкада пачалася 15 студзеня з наведвання вялікага каляднага канцэрту для ўсёй сям'і "Чароўны свет Раства", на які ўсіх жыхароў горада запрасілі Раённы палац культуры і Лідскае дабрачынне.
Віртуальнае падарожжа па Беларусі падчас дэкады здзейснілі вучні 5 А класа, якія наведваюць факультатыўныя заняткі "Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму". Вывучаючы тэму "Беларускія народныя традыцыі святкавання Раства Хрыстова. Каляда", дзяўчынкі і хлопчыкі пазнаёміліся не толькі з асаблівасцямі падрыхтоўкі нашых продкаў да свята і гісторыяй каляднай ёлкі, але і ўбачылі фрагменты відэафільмаў аб такіх беларускіх народных абрадах, як "Калядныя цары", які існуе толькі ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна і ўнесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, "Цягнуць Каляду на дуба" в. Новіны Бярэзінскага раёна, "Ката пячы" в. Скірмантава Дзяржынскага раёна, "Тры каралі" в. Ваверка Лідскага раёна. Гэта стала сапраўдным калядным падарожжам для дзяцей.
Адметным і неверагодна займальным мерапрыемствам для вучняў 5-7 класаў стаў удзел у квэсце "Каляднае падарожжа". На сямі станцыях школьнікі атрымлівалі заданні, якія патрабавалі ведаў біблейскай гісторыі, паняццяў, вызначэнне выяў калядных атрыбутаў, назваў посных страў на Куццю, традыцый. Вучні адказвалі на пытанні, аднаўлялі тэкс біблейскай гісторыі нараджэння Іісуса Хрыста, разгадвалі сканворды, складалі каляднае лато, шукалі код да зашыфрованага выразу, падарожнічалі па лабірынце паняццяў. Падводзячы вынікі квэста, усе пераканаліся ў адным, што гульня дазволіла кожнаму ўдзельніку папоўніць свае веды аб адным з галоўных свят усіх хрысціян.
Цікавым і адначасова адказным для вучняў 8-10 класаў стала падрыхтоўка і ўдзел у V школьных праваслаўных краязнаўчых чытаннях, якія ў гэтым годзе былі прысвечаны тэме "Цудатворныя іконы Прасвятой Багародзіцы". Падлеткі пазнаёміліся з гісторыяй цудатворных ікон Багародзіцы, якія сёння шануюцца ў храмах Гарадзенскай вобласці. Усяго было сабрана і прадстаўлена ўвазе слухачоў 15 выступленняў. Гэта гісторыі Багародзічных ікон з такіх месц, як Сынкавічы, Жыровічы, Мураванка, Ракавічы, Сукневічы, Голдава, Мір, Баруны, Ліда, Гародня, Сапоцкін, Наваградак і інш. Лёс кожнай святыні - гэта не проста гісторыя выявы, а нешта своеасаблівае, што дазволіла юным праваслаўным краязнаўцам глыбей зазірнуць у свет веры.
Падчас дэкады ва ўсіх класах прайшлі ўрокі духоўнасці на духоўна-маральныя тэмы "Праваслаўныя храмы Лідчыны", "25 жамчужын Лідскага краю", "Прыгажосць выратуе свет", "Хрысціянскае разуменне сям'і і шлюбу", "Віртуальная рэальнасць", "Святыні зямлі Беларускай" і інш.
На працягу дэкады "Шлях да ісціны" вучні школы наведвалі храм Усіх Святых, дзе ўрокі духоўнасці правёў настаяцель храма айцец Уладзімір Яроміч.
Хочацца адзначыць, усе мерапрыемствы былі накіраваны на адраджэнне духоўнай спадчыны праваслаўных беларусаў, далучэння маладога пакалення да правільнага фарміравання светапогляду і адносін да жыцця, а таксама на развіццё творчага мыслення і пазнавальнай дзейнасці школьнікаў.
Наталля Мікалаеўна Анашкевіч, кіраўнік факультатыўнага курса па духоўна-маральным выхаванні сярэдняй школы № 11 г. Ліды.
КАЛЯДНЫ КАНЦЭРТ НА ЗАЛАТОЙ ГОРЦЫ
15 студзеня 2022 года ў Менскім Касцёле найвышэйшай Тройцы (Св. Роха) адбыўся канцэрт ансамбля ўкраінскай песні і абраду "Ватра".
Ансамбль быў заснаваны ў кастрычніку 1996 года пры Менскім гарадскім культурна-асветніцкім грамадскім аб'яднанні ўкраінцаў "Заповіт" і фінансавай падтрымцы Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. З 2012 года мастацкім кіраўніком і хормайстрам ансамбля з'яўляецца Аляксандр Валадчанка. Удзельнікамі ансамбля з'яўляюцца спевакі-аматары, этнічныя ўкраінцы, якія пражываюць у горадзе Менску і беларусы, якія маюць ўкраінскія карані і любяць украінскую песню. У 2021 годзе ансамбль украінскай песні і абраду "Ватра" адзначыў сваё творчае 25-годдзе.
За гісторыю свайго існавання калектывам акрамя зборных песенных праграм былі ажыццёўлены таксама тэматычныя пастаноўкі: "Андрэеўскія вячорніцы", "Батлейка", "Калядныя вечары", "Вясновыя заручаны", "Купальская ноч", "Жаночая доля" (літаратурна-музычная кампазіцыя па творах Т. Шаўчэнкі), "3 Хрыстом дарогаю Хрыста" (музычнае Евангелле па духоўных украінскіх кантах).
Ансамбль украінскай песні і абраду "Ватра" неаднаразова паказваў сваё майстэрства ў розных кутках Беларусі і Украіны, станавіўся дыпламантам і лаўрэатам рэспубліканскіх, усеўкрпінскіх і міжнародных музычных фестываляў і конкурсаў. Калектыў неаднаразова паказваў сваё мастацтва ў самых розных кутках Беларусі і Украіны, сярод якіх найбольш паспяховымі выступленнямі былі паказы на фестывалі нацыянальных культур у Гародні, у Віцебску на фестывалі "Славянскі базар", у Роўна і Жытоміры на міжнародным фестывалі зімовых абрадавых святаў "Каляда", у Каламыі на фестывалі "Коломыйка". У 2010 годзе ансамбль "Ватра" прымаў удзел і быў узнагароджаны ганаровай граматай на III сусветным з'ездзе ўкраінцаў замежжа ў горадзе Львове. У 2016 - 2018 гадах у Львове калектыў таксама ўдзельнічаў у Калядным фестывалі "Вялікая Каляда". Сярод найвышэйшых выканальніцкіх поспехаў калектыву апошняга часу варта адзначыць удзел у 2019 годзе ў XII Усеўкраінскім фестывалі-конкурсе аматарскага мастацтва "Пісенні візерункі" ў горадзе Буча Кіеўская вобласці, дзе ансамбль стаў уладальнікам Гранпры, таксама адзначым удзел у 2020 годзе ў Міжнародным шматжанравым фестывалі-конкурсе "ARTIVITES: Winter season" (Беларусь-ЗША), дзе ў катэгорыі "Хоры" ансамбль "Ватра" атрымаў Гран-пры.
Ансамбль украінскай песні і абраду "Ватра" быў узнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнага Усеўкраінскага саюза музыкаў за выдатныя дасягненні ў адраджэнні лепшых традыцый нацыянальнай вакальна-харавой культуры і шматгадовую самаадданую музычна-творчую дзейнасць у падзвіжніцтве за духоўнае зацвярджэнне гуманістычных прынцыпаў сучаснага грамадства. Асабіста мне вельмі спадабаўся надзвычай цікавы канцэрт таленавітых людзей ансамбля "Ватра".
Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст-фрылансер.