Папярэдняя старонка: 2022

№ 7 (7) 


Дадана: 16-02-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 7, 16 лютага 2022 г.

21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы

Застаюцца лічаныя дні да Міжнароднага свята роднай мовы. На Гарадзеншчыне нічога не мяняецца. Правядзенне Дня роднай мовы ўжо падтрымана Гарадзенскім аблвыканкамам, цяпер кожны райвыканкам і кожнае ўпраўленне аблвыканкама будуць вызначаць фармат удзелу. Важным элементам мусіць стаць напісанне 15-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі.

У Лідскім раёне тон святкаванню Дня роднай мовы задаў Палац культуры горада Ліды, які ўжо спланаваў шэраг самых розных мерапрыемстваў.

Ініцыятарам масавага правядзення 15-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ў Лідскім раёне выступіў Лідскі раённы камітэт БРСМ.

Па за межамі Гарадзенскай вобласці дыктоўкі пройдуць у Акадэміі навук (Менск), Стаўпецкім, Нясвіжскім, Капыльскім і многіх іншых раёнах.

Аператыўная інфармацыя ў тэлеграм-канале "Наша слова".

Станіслаў Суднік.

Напішам "Купалаўскі дыктант" разам

Набліжаецца свята - Міжнародны дзень роднай мовы! З гэтай нагоды Музей Янкі Купалы і Нацыянальная бібліятэка Беларусі ладзяць "Купалаўскі дыктант".

Кожны ахвочы зможа далучыцца да дыктанта, адчуць смак роднай мовы і магутнасць Купалавага слова, паспрабаваць свае сілы ў валоданні нормамі беларускага правапісу, напісаўшы тэкст аднаго з артыкулаў Янкі Купалы.

На ролю выкладчыка запрошаны акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валянцін Салаўёў

Арганізатары падрыхтавалі два варыянты ўдзелу ў дыктанце:

Напісаць дыктант ва ўтульнай зале Нацыянальнай бібліятэкі. Для гэтага неабходна зарэгістравацца праз спасылку https://forms.gle/6jLL6U9bhpYNEnTr6. Рэгістрацыя будзе адкрыта да 17.02. Колькасць удзельнікаў абмежавана! Усяго 140 чалавек (Здагадаліся, чаму менавіта такая колькасць?).

Напісаць дыктант дома. Для гэтага будзе арганізавана прамая трансляцыя на YouTube. Па завяршэнні дыктанта анлайн-удзельнікі павінны цягам 30 хвілін адправіць фотаздымак напісанага тэксту на электронную пошту kupalauski.dyktant@gmail.com. У суправаджальны лісце трэба пазначыць: імя, прозвішча, і, пажадана, краіну (бо мы беларусы жывуць па ўсім свеце свеце).

Усе ўдзельнікі цягам 10 дзён атрымаюць па электроннай пошце свае вынікі, а таксама электронны сертыфікат удзельніка "Купалаўскага дыктанта". А тыя, хто напіша дыктант на выдатна (10 балаў) стануць уладальнікамі памятных падарункаў ад арганізатараў.

Паводле СМІ.

Гісторыя Беларускага Буквара паўплывае на свядомасць беларусаў

8 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя дзвюх новых знакавых кніг кандыдата культуралогіі А.А. Сушы "Беларускі Буквар" і "Вынаходства Буквара ў Беларусі" з удзелам прадстаўнікоў вядучых выдавецтваў краіны, супрацоўнікаў установаў адукацыі, навукоўцаў і прадстаўнікоў шырокай грамадскасці.

Скарбніцай беларускай нацыі і падзеяй у гісторыі беларускай дзяржаўнасці назваў новыя выданні дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза.

- Без Буквароў з ХVII па XXI стагоддзе мы б не маглі звацца беларусамі, грамадзянамі незалежнай краіны.

Як фундаментальную працу ў гісторыі букварыстыкі, якой няма аналагаў, ахарактарызавала даследаванне вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага інстытута адукацыі, аўтар сучасных буквароў Вольга Цірынава.

- У жыцці кожанага чалавека Буквар - гэта першы дотык да такіх святых паняццяў, як Радзіма, культура народа, і ён ўплывае на ўсё далейшае жыццё, - адзначыла дацэнт факультэта пачатковай адукацыі БДПУ імя Танка Наталля Ждановіч.- Гэтая кніга - сапраўдный музей Буквара, у якім сабрана 700 экспанатаў з усяго свету! Вялікая навуковая праца і поспех творчага калектыва выдаўцоў, з якім віншуем! Кнігі будуць вельмі патрэбнымі настаўнікам і вучням! Дзякуй вялікі аўтару! Шчыра віншуем!

- Гэта ўзор навуковай палемікі. З вялікай павагай ўкладальнік новай кнігі паставіўся да аўтараў буквароў. Гэта выданне стане яшчэ адной скарбніцай беларускай культуры!" - адзначыла намеснік дырэктара выдавецтва "Беларусь" Вольга Ваніна.

Пра сваю дзесяцігадовую працу над вывучэннем гісторыі Буквароў распавёў аўтар новай манаграфіі, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша.

Гісторыя замежных і айчынных кніг для першапачатковага навучання разглядаецца ў даследванні ад старажытных абэцэдарыяў, першых друкаваных падручнікаў для пачаткоўцаў, граматык, лексіконаў, да рарытэта з кнігазбору Лонданскага "Мідл Тэмпла"- Беларускага Буквара 1618 года, надрукаванага ў Еўі, Куцеінскага Буквара Спірыдона Собаля 1631 г., самых прыгожых Віленскіх Буквароў 17-га cтагоддзя, да беларускіх адраджэнцкіх буквароў, лемантароў, чытанняў для дзетак-беларусаў, а таксама польскіх, яўрэйскіх і літоўскіх буквароў, якія выходзілі на тэрыторыі Беларусі на пачатку ХХ стагоддзя.

Значную цікавасць да стварэння Буквароў і падобных вучэбных кніг мелі вядомыя культурныя дзеячы - ад Францішка Скарыны, Лаўрэнція Зізанія, Мялеція Сматрыцкага і Сімяёна Полацкага да Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цёткі, Максіма Танка.

"Буквар - гэта аснова нашай культуры, - пісала Цётка.- Ён забяспечвае пераемнасць традыцый, перадачу вопыту продкаў іх нашчадкам. Без адукацыі і асветы народная мудрасць можа згубіцца ў віхуры гісторыі ці быць заменена замежнымі практыкамі, якія не адлюстроўваюць характар народа і ўрэшце вядуць да яго знікнення".

Выключную нацыятворчую значнасць пачатковай асветы разумелі класікі і пачынальнікі сучаснай беларускай літаратуры, якія выйшлі са сваім мастацкім словам да чытача ў эпоху "новага беларускага адраджэння".

З кнігі цікава даведацца, што першым афіцыйным савецкім букваром стаў "Беларускі Лемантар" Сцяпана Некрашэвіча, (ініцыятара і арганізатара Інстытута беларускай культуры), выдадзены ў 1922 годзе ў Берліне.

У пасляваенны час у Беларусі на працягу чатырох дзесяцігоддзяў да 1968 года перавыдаваўся Буквар "Чырвоныя зоркі" Надзеі Сіўко. Гэта быў адзін з самых дасканалых падручнікаў, які аказваў уплыў на развіццё пачатковай адукацыі ў Беларусі.

Некалькі пакаленняў беларусаў выхоўваліся па Буквары Анатоля Канстанцінавіча Клышкі, які перавыдаваўся з 1969 па 2017 год, перамагаў на Нацыянальным конкурсе падручнікаў у 1993 годзе і быў узнагароджаны на Міжнародным конкурсе ў Ляйпцыгу.

Беларускія буквары розных часоў выдання зберагаюцца ў многіх краінах свету - у кніжных зборах Расіі, Украіны, Аўстрыі, Германіі, Даніі, Швецыі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Чэхіі, ЗША і іншых.

Каб сабраць звесткі пра беларускія буквары, аўтару даследвання давялося аб'ехаць шмат краін, працаваць у дзясятках бібліятэк, музеяў, архіваў, шукаць у прыватных зборах і калекцыях. Таму ў каштоўнай манаграфіі 336 старонак 730 ілюстрацый, 1025 спасылак на апублікаваныя і архіўныя крыніцы.

Беларускі Буквар стане сапраўдным брэндам Беларусі як і Берасцейская Біблія!

Можна з упэўненасцю казаць, што даследаванні пра найдаражэйшыя кніжныя помнікі паўплываюць на свядомасць беларусаў, фарміраванне іх цікавасці да гісторыі роднага краю, імкнення да асветы і адукацыі.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

Дзень дарэння кніг

Да Дня роднай мовы

З 10 па 25 лютага Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы ладзіць акцыю "Дзень дарэння кніг".

Абвешчаная акцыя дасць магчымасць падоўжыць жыццё вашым кнігам. Кожны з Вас можа ўнесці свой пасільны ўклад у кніжны фонд бібліятэкі, пашырыўшы яго выданнямі волатаў беларускага слова - Якуба Коласа і Янкі Купалы.

Не саромейцеся быць шчодрымі і спагаднымі!

Акрамя гэтага ў бібліятэках раёна спланаваны шэраг мерапрыемстваў:

18.02 - гульня "Родных слоў таямніцы". Філіял "Лідская гарадская бібліятэка № 2";

18.02 - гадзіна роднай мовы "Жыві ў сэрцы маім матуліна слова". " Філіял "Лідская гарадская бібліятэка № 3";

18.02 - гадзіна роднай мовы "Да роднай мовы крок зраблю". Адкрыты прагляд літаратуры "Слава кніжцы беларускай!" Філіял "Інтэграваная бібліятэка агр. Тарнова";

19.02 - урок роднай мовы "Любі, шануй, ведай роднае слова!" Філіял "Дзітвянская сельская бібліятэка";

19.02 - гадзіна роднай мовы "Родная мова, цудоўная мова". Філіял "Лідская гарадская бібліятэка № 5";

19.02 - гадзіна роднай мовы "Рускай мове дай разгрузку - размаўляй па-беларуску". Бібліятэка агр. Бердаўка;

19.02 - конкурсная праграма "Я люблю сваю мову родную…". Бібліятэка агр. Мажэйкава;

19.02 - бліц-турнір "Слова роднае - вечнасці след". Філіял "Інтэграваная бібліятэка вёскі Мінойты";

20.02 - гульня "Размаўляй са мной па-беларуску" Філіял "Лідская гарадская бібліятэка № 4";

21.02 - гадзіна краязнаўства "Крыніцай звіняць твае словы, мая беларуская мова". Лідская гар. бібліятэка № 1;

21.02 - літаратурная гасцёўня "Шануйце роднае слова!" Філіял "Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая";

21.02 - гульня-тэст "Ці добра вы ведаеце беларускія фразеалагізмы?" Бібліятэка агр. Гуды;

22.02 - дзень роднай моы "Галоўны нацыянальны скарб". Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы;

22.02 - паэтычная хваля "Таямніцы родных слоў". Філіял "Інтэграваная бібліятэка агр. Дворышча".

Наш кар.

Сустрэча з беларускім Меркатарам

9 лютага ў межах цыклу лекцый "Крыніцы гістарычнай памяці" ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася адна з найцікавейшых лекцый сезона - выступленне эксперта, кандыдата гістарычных навук Льва Казлова.

Знакаміты даследчык старажытных беларускіх карт, гісторык, перакладчык аўтар фундаментальных прац па гісторыі беларускай картаграфіі, складальнік гістарычных атласаў і збораў старажытных карт імкнуўся адказаць на пытанні: Калі наша зямля з'явілася на геаграфічных мапах? Як яна называлася? Наведвальнікі лекцыі змаглі перагартаць сторонкі выданняў Льва Казлова "Беларускае Палессе на старажытных картах", "Беларусь у працах польскіх картографаў", " З дазволу караля і вялікага князя", " Стагоддзі на мапах" і іншых.

А з самага пачатку слухачы пазнаёміліся з выдатным лектарам як з цікавай асобай. Леў Раманавіч нарадзіўся ў 1937 годзе. Ён памятае першыя дні вайны ў Пінску, калі маці выцягвала з поля параненага бацьку, а дапытлівы хлопчык імкнуўся выратаваць невялічкі геаграфічны атлас, які потым вельмі спатрэбіўся яму.

У мірны час Леў Раманавіч служыў у войску, займаўся картаграфіяй, паступіў у Менскі педагагічны інстытут на гісторыка-геаграфічны факультэт. На ўсё жыццё Леў Раманавіч аказаўся звязаны з картамі. Ён з'яўляецца адным з першых папулярызатараў картаграфічных даследаванняў на Беларусі.

Ён - аўтар рэканструкцыі шэрагу старажытных карт, атласаў і глобусаў (у Менскай ратушы, у Нясвіжскім палацы і інш.). Калегі завуць яго "беларускім Меркатарам", параўноўваючы са знакамітым фламандскім картографам і географам XVI стагоддзя.

Слухачы атрымалі інфармацыю пра карты Клаўдзія Пталемея пачатку нашай эры. На карце Пталемея можна знайсці Барысфен (Дняпро), ён апісваў балацістую мясцоваць, прыроду краю. Барысфен з прылягаючым наваколлем ўпамінаецца ў творах Герадота, Страбона і Тацыта. Пталемей, які лічыцца родапачынальнікам картаграфіі, жыў у першым стагоддзі нашай эры. Яго картаграфічная спадчына была ўспрынята спачатку арабамі, і толькі ў ХV cтагоддзі трапіла ў сярэдневечную Еўропу.

Венецыянскі манах-камедула брат Маўра выканаў па загадзе партугальскага каралеўскага двара карту свету. Гэта - выдатны твор сярэднявечча, надзвычай багаты рознымі гістарычнымі дадзенымі. Але Белая Русь (Rossia Biancha) у прадстаўленні фра Маўра знаходзіцца недзе ля Белага мора.Зацікавіла слухачоў інфармацыя пра карты Шарыфа Ал-Ідрысі 1154 г.

Стваральнікам вядомай карты " Вялікае Княства Літоўскае" стаў Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка (1549-1616), па яго імені карта часцей называецца "радзівілаўскай". Праца над ёй пачалася ў Нясвіжскім замку напрыканцы 90-х гадоў ХVI стагоддзя з выкарыстаннем дадзеных, атрыманых з езуіцкіх і іншых кляштароў.

Аўтарам іншай карты быў гугенот, пратэстант, французскі фартыфікатар Гіём дэ Баплан (1600-1675) , які быў запрошаны ў Рэч Паспалітую. Ён пазначыў на мапе: MAGNUS DUCATUS ET RUSIA ALBA. Яго невялічкая карта называлася "Вялікае Княста Літоўскае і Белая Русь".

Карты Мікалая Крыштафа Радзівіла "Сіроткі" і Гіёма Баплана на працягу ХVII і пачатку ХVIII cтагоддзяў нязменна выкарыстоўваліся самымі вядомымі картавыдаўцамі Еўропы.

Заслугоўваюць асобных лекцый карты А. Артэрыюса і Г. Меркатара сярэдзіны і другой паловы ХVI cтагоддзя, якім шаноўны эксперт гатовы прысвяціць час.

Леў Раманавіч Казлоў пазнаёміў прысутных са сваёй кнігай "Стагоддзі на мапах", якая выходзіла ў 2021 годзе ў выдавецтве "Беларуская навука" і прадстаўляе гісторыю еўрапейскай картаграфіі са старажытных часоў да ХIX стагоддзя, адлюстроўвае ў ёй Беларусь у розныя гісторычныя эпохі.

Наступнай у цыкле лекцый "Крыніцы гістарычнай памяці будзе выступленне гісторыка і краязнаўца Івана Сацукевіча 16 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы ў памяшканні 346.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

"Код Францыска Скарыны - 2022"

10 лютага адкрылася вельмі сімвалічная выстава "Скрозь стагоддзі", прысвечаная 500-годдзю "Малой падарожнай кніжкі" - першай кнігі, выдадзенай ва Усходняй Еўропе, у першай айчыннай друкарні.

- Выстава ў пэўным сэнсе знакавая, бо мастацкімі сродкамі мы нагадваем пра пачатак выдавецкай справы на землях Вялікага Княства Літоўскага, у Віленскай друкарні, - прамовіў на адкрыцці выставы намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі спадар Алесь Суша. - Гэта выключная важная падзея для беларускай гісторыі і культуры.

Сучасныя беларускія мастакі і студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў натхніліся шрыфтамі Францыска Скарыны і стварылі свае мастацкія працы, развіваючы традыцыі паліграфічнага мастацтва і кніжнай культуры.

Аўтар большасці прац, дэкан факультэта графічнага дызайну Усевалад Пятровіч Свентахоўскі распавёў:

- Яшчэ ў 2017 годзе я задумваў зрабіць выставу, прысвечаную пачатку кнігадрукавання на нашых землях. На ўзорах кніг Францыска Скарыны, якія былі даступныя і факсімільных выданняў, якія рабіла бібліятэка, я вырашыў перавесці шрыфты Скарыны ў лічбавую форму. З дапамогай сучасных камп'ютарных тэхналогій я зрабіў плакаты. Ёсць плакаты, на якіх напісаны цытаты з выданняў Францыска Скарыны. У "Малой падарожнай кніжкі" не захавалася тытульнага аркуша, таму я вырашыў зрабіць такі плакат. Таксама я разважаў на тэму, якой была Вільня часоў Францыска Скарыны. На выставу я прапанаваў 19 прац.

Выстава арганізавана Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў і прадстаўляе работы студэнтаў, магістрантаў і выкладчыкаў, выкананыя ў тэхніцы высокага друку і камп'ютарнай графікі, напоўненыя эксперыментамі ў межах традыцыйных форм шрыфтавай графікі і эстэтыкай старажытнай першакрыніцы.

Сучасныя тэхналогіі, магчымасці камп'ютарнай графікі і лічбавага друку далі мастакам шырокі прастор для самавыяўлення. Дэкан факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Усевалад Свентахоўскі аднавіў шрыфты па матывах скарынінскіх, стварыў наборы літар для высокага друку друкарскімі фарбамі. Прарэктар Акадэміі мастацтваў Андрэй Васiлеўскi на самаробнай паперы ўласнага гатунку распрацаваў факсiмiльныя адбiткі тытульных аркушаў выдання. Ва ўнісон тэме гучаць графічныя вобразы старажытных рэалій старшага выкладчыка факультэта сацыякультурных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, мастака-графіка Усевалада Швайбы - пяро, шрыфтавыя кампазіцыі, лацінскія іншасказанні, сярэдневяковы каларыт, турбаны і армілярныя сферы.

Творцы пераасэнсоўваюць кніжную спадчыну не толькі ў графіцы, але і ў жывапісе. Мастак і выкладчык Акадэміі мастацтваў Станіслаў Сугінтас прадстаўляе жывапісны трыпціх "Шлях Першадрукара", створаны менавіта да юбілею беларускага кнігадрукавання.

Дапаўняюць экспазіцыю выданні, прысвечаныя дзейнасці беларускага першадрукара, даследаванні "Малой падарожнай кніжкі" і факсіміле гэтага ўнікальнага зборніка для падарожнікаў, а таксама паштоўкі з серыі "Мастацкая Скарыніяна" з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

НІ З КІМ, НІКОЛІ НЕ РАЗВІТВАЙСЯ НАВЕЧНА

Зміцер Захарэвіч

АКРАЕЦ НЕБА

Калі непагадзь восеньскіх раніц

Ператворыць залевы ў нуду,

Я бясхмарнага неба акраец

Да здранцвелай душы прыкладу.


Бо староннім вачам непрыкметна

У дыярыюшы захаваў

Прамінулага жніўня праменнасць,

Што валошкай апоўдні сарваў.


Хай пранізлівы сівер шалее,

Хвошча ў твар парудзелым лісцём -

Ахіне мяне і адагрэе

Успамін бірузовым агнём.


Ён спатоліць і боль несціханы,

Як знямоглы ад стратаў і крыўд,

Перавязваючы стыгмаў раны,

Памяняю бінты на блакіт.


Навакол паняверка збірае

Душы сцьмелыя ў гразкай нудзе,

Я ж бясхмарнага неба акраец

Маю, нібы ахоўны спадзеў.

СУСВЕТ

Калі навокал бурыцца сусвет,

Які ствараў уласнаруч упарта,

Дальбог, аб гэтым сумаваць няварта -

Адкінь жалобу, напішы санет.


Хай іншыя, нібыта мурашы,

Зацята рупяцца аб новабудзе,

Але ці незадушліва ў ім будзе

Тваёй вятрамі лашчанай душы?


Бо між да неба выраслых муроў,

У цвілым валадарстве змрочных зданяў

Не ўчуеш ані спеваў, ані грання,

Ні шэпту хваляў з цёплых берагоў.


Нашто хавацца ў цені сценаў

Сусветаў ад святла праменняў?

НАВАЛЬНІЦА

Чаму маўчыш? Не пазнаю цябе:

Нямыя вусны і пагляд пагаслы,

І з-пад таненькіх броваў перавясла

Мне ў твар блішчаць не слёзы - льдзінкі дзве.


Чакала доўга? Вось я і прыйшоў.

А ты? З трымценнем у нервовых пальцах

Час бавіла самотная пасьянсам,

Варожачы на хатніх каралёў?


Хваліся, што ж, з нянавісцю сляпой,

З кім карты напрарочылі любіцца?

Якія вынікі гульні тваёй?


Але ўстаеш, каб з жарсцю прытуліцца -

Так кветкі вабяць большаю красой,

Абмытыя раптоўнай навальніцай.

ПАЛЯЦЬ ЛІСЦЕ

Як аркушы маіх гавэндаў1

Ці зацемкі календара,

Парэшткі лета неадменна

Кастрычнік нішчыць у дварах.


Злятаюць, каб узняцца дымам,

Лісткі да жарых языкоў,

Нібы на свечку херувімы

Альбо чароды матылёў.


Аднак і пад нябесным пломнем

Жаль мне душу не апячэ -

Пакуль пісаць натхняюць промні,

То будзе што паліць яшчэ.

1 Гавэнда - вершаваны твор на бытавыя альбо гістарычныя тэмы, у якім аповед ідзе ад першай асобы.

НІ З КІМ, НІКОЛІ НЕ РАЗВІТВАЙСЯ НАВЕЧНА

На ветры ў неба з далані імкнецца свечка,

Слязьмі гарачымі воск пальцы абпаліў.

Ні з кім, ніколі не развітвайся навечна,

Бо сам - часовы падарожны на зямлі.

Ні з кім, ніколі не развітвайся навечна,

Бо ты - часовы падарожны на зямлі.


Гады мінаючы, брыдзеш заўжды наперад,

Штокроку множыцца няўхільных страт цяжар,

Пакуль не ўзнікне прад вачмі расстайны бераг -

Тваіх і сподзеваў, і клопатаў мяжа.

Аднойчы ўзнікне прад вачмі расстайны бераг -

Тваіх і сподзеваў, і клопатаў мяжа.


Апошні ўздых умомант вусны абяссловіць,

Не адлюструецца аблічча на вадзе,

Вясляр панура прапануе сесці ў човен

І ў незваротнасць нетаропка павязе.

Вясляр пануры загадае сесці ў човен

І ў незваротнасць нетаропка павязе.


Туды, дзе ўжо падрыхтаваная сустрэча

З усімі, што раней раку пераплылі…

Ні з кім, ніколі не развітвайся навечна,

Бо сам - часовы падарожны на зямлі.

Ні з кім, ніколі не развітвайся навечна,

Бо мы - часовыя вандроўцы на зямлі.

ДЖАЗ ДАЖДЖУ

Па шыбах грае джаз дажджу,

Наўсцяж чуваць сінкопы кропляў,

Пляцы праз музыку прамоклі -

Па шыбах грае джаз дажджу.

Бадай, каб кожны з нас адчуў

Вастрэй, што птушак спевы змоўклі,

Па шыбах грае джаз дажджу,

Наўсцяж чуваць сінкопы кропляў.

NA KON!

(марш канфедэратаў)

Станіславу Судніку

Крыжы заззялі ўздоўж Вяллі,

Натхняючы да збройнай працы,

Бо сёння соймік ухваліў

Акт Барскае канфедэрацыі.


Дзядоўскіх звычаяў закон

Мы вернем Рэчы Паспалітай -

На бой, вяльможныя, na kon

Ад Чанстаховы да Упіты!


Імкнуцца чорныя арлы

Расцяць Айчызны нашай цела,

Аднак адвагу маем мы

І ў длонях - тронкі карабелаў1.


Калі паставілі на кон

Лёс Краю прыхадняў найміты,

На бой, вяльможныя, na kon

Ад Чанстаховы да Упіты!!


Даволі стрымлівалі гнеў -

Прыспеў час выбрацца да войска,

Няхай у бітве ахіне

Нас сцяг з выявай Маткі Боскай.


Прыспешвайма заборцаў скон

Сярод палёў, крывёй палітых, -

На бой, вяльможныя, na kon

Ад Чанстаховы да Упіты!!!

1 Карабела - шабля, якая была папулярная ў XVII-XVIII ст.ст. сярод шляхты.

НА ПЕРОНЕ

Танклявы цень твой на плячы

Маім трымціць пад ліхтарамі,

Істужка чорная шашы

Прабегла коткаю між намі.


Пралегла бурнаю ракой

Без броду і без пераправы,

У засень восені рудой

Мяне завабіўшы ў выправу.


Апоўначы пусты перон

Санліва лыпае вачыма,

Дзе несціхана, нібы звон,

Гудзе ўвушшу: "Чаму маўчым мы?" -


Да кроплі адзвінеў крышталь

Падчас вячэры развітальнай,

Не засталося слоў, на жаль,

Ні роспачных, ні суцяшальных.


Агні вакзальныя аднак

Каторы раз для нас паўтораць,

Што свет - тэатр, жыццё - бальшак,

А мы - вандроўныя акторы.

НАСЛАННЁ

Гняце хваробы насланнё,

І мне ўваччу шугаюць цені,

Учорашнія азарэнні

Гняце хваробы насланнё.

Усцяж паношыцца зданнё,

Свет, сцяты ў кропку ў ачмурэнні,

Гняце хваробы насланнё,

І мне ўваччу шугаюць цені.

ЗАЛАТЫЯ СТОДЫ

Самаабвешчаным святым,

Крый божа, некалі даць веры,

Нібыта стодам залатым,

Самаабвешчаным святым.

Тым, што змянілі храм на дым,

Вянец цярновы на галерус1,

Самаабвешчаным святым,

Крый божа, некалі даць веры.

1 Галерус (лат - galerus) - чырвоны кардынальскі капялюш, абшыты кутасамі.

З ПРАВІНЦЫІ…

1.

Воля. Вабяць вецер, далягляд шырокі.

Васількі ківаюцца з жытам ля мяжы,

А парэчкі шчодра насычае сокам,

Сонца раздабрэлае. Дык чаму не жыць

У раскошы гэтай? Ёсць хіба прычыны?

Хто, знячэўку ўбачыўшы, наглядзецца б змог,

Як збірае ў кветцы пышнае шыпшыны

Пчолка гаспадыняю слодычны пылок?

2.

Ластаўка-гарэза песціцца ў блакіце,

Працінае ціўканнем поўдня цішыню.

Толькі мне ніяк не выйдзе далучыцца -

Не ўзнясуць лятункі. На шчасце ёй махну.

Іншая бо доля. Са двара ад ганка

Сцежкай развінулася ўдалеч - не відаць,

У сівы спакой астатняга прыстанку

На зямлі, дзе выпала дыхаць і кахаць.

Патрыятычны інтэрнэт-праект "Чэлендж #Беларускіярыфмы"

Да Дня роднай мовы

Непарушна адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй беларускага народа... Менавіта ў кнігах, у словах паэтаў і мысляроў адлюстроўваецца гісторыя народа, яго слаўныя справы. Беларусам ёсць чым ганарыцца - беларускае пісьменства мае шматвяковыя традыцыі!

Палац культуры горада Ліды запрашае прыняць удзел у патрыятычным інтэрнэт-праекце "Чэлендж #Беларускіярыфмы"!

Размясціце ў сацыяльных сетках "Intstagram", "Вконтакте", "Одноклассники", і інш. відэа, дзе дэкламуюцца літаратурныя творы (проза, паэзія) айчынных класікаў і сучасных аўтараў. Апублікуйце дадзенае відэа з хэштэгам #Беларускія рыфмы #ПалацКультуры ГорадаЛіды

Перадайце эстафету сваім блізкім і знаёмым!

http://lida-palace.do.am.

Ствараў велічны і непаўторны вобраз Айчыны

Да 215-годдзя Напалеона Орды

11 лютага споўнілася 215 гадоў з дня нараджэння славутага беларускага мастака і музыкі Напалеона Орды. Прапануем вам цікавыя факты з жыцця нашага земляка ад Уладзіміра Арлова.

Будучага мастака назвалі ў гонар Напалеона Банапарта, з якім патрыёты Вялікага Княства звязвалі надзеі на аднаўленне незалежнасці. Першай настаўніцай хлопчыка стала маці Юзафіна. Яна была здольнай піяністкай і марыла, што сына чакае лёс кампазітара.

Напалеон навучаўся ў Свіслацкай гімназіі ды на фізічным факультэце Віленскага ўніверсітэта. Каланіяльныя ўлады не далі атрымаць дыплом. У 1827 годзе выдатніка Орду адлічылі за сяброўства ў таемным таварыстве "Заране", у якім ён браў удзел яшчэ гімназістам. 15-месяцавае турэмнае зняволенне юнака мела працяг - адпраўку пад нагляд паліцыі ў бацькаў маёнтак Варацэвічы на Піншчыне.

А ў 1831-м Напалеон далучыўся да тых, хто кінуў выклік каланізатарам. Вызначыўшыся ў баях, стралок коннай гвардыі Напалеон Орда быў адзначаны чынам капітана і найвышэйшай вайсковай узнагародай - ордэнам "Virtuti Militari". Пасля разгрому паўстання ён амаль чвэрць стагоддзя мусіў жыць за мяжой.

У Парыжы наш зямляк працягваў заняткі музыкай пад кіраўніцтвам польскага кампазітара Фрыдэрыка Шапэна. Орда і сам пісаў творы для фартэпіяна: рамансы, паланэзы, серэнады, мазуркі, стаў дырэктарам парыжскай Італьянскай оперы. Паспяхова займаўся ён у той час і літаратурнай творчасцю. У парыжскім асяроддзі Орды былі пісьменнікі Анарэ дэ Бальзак, Стэндаль, Іван Тургенеў, кампазітары Джузэпе Вэрдзі і Джаакіна Расіні.

Але славу Орда заслужыў перадусім як мастак. Ён быў улюбёным вучнем французскага майстра архітэктурнага краявіду П'ера Жэрара. У сваіх летуценнях Напалеон часта вяртаўся ў Літву-Беларусь і бачыў сябе мастаком-вандроўнікам. Летуценні сталіся яваю, калі на пяцідзясятым годзе жыцця ён нарэшце зноў ступіў на зямлю продкаў. У недалёкім часе Орда і распачаў свае знакамітыя падарожжы з алоўкамі, фарбамі і пэндзлем. Ён нястомна маляваў мясціны, звязаныя з жыццём выдатных асоб, і краявіды з помнікамі беларускай старасвеччыны.

Некалькі соцень гэтых малюнкаў і акварэлей стварылі велічны і непаўторны вобраз Айчыны ў тую эпоху. На творах Напалеона Орды адлюстраваныя Полацк і Вільня, Віцебск і Гародня, Магілёў і Менск, Пінск, Лагойск, Слуцк... Надзвычай цікавая і загадкавая старонка жыцця Напалеона Орды - паездкі па ахопленым паўстаннем краі ў 1863-м.

Творы Напалеона Орды сёння выдадзеныя ў шматлікіх альбомах. Яго імем назвалі вуліцы ў Менску, Берасці і Гародні, Пінская дзіцячая мастацкая школа. Малюнкі Орды і яго партрэт змяшчаліся на манетах і папяровых грошах незалежнай Беларусі. У вёсцы Варацэвічы, дзе нарадзіўся мастак, створаны яго музей-галерэя. Калі апынецеся ў тых мясцінах, не прамiніце і цудоўны помнік, усталяваны творцу ў недалёкім Янаве-Палескім (Іванаве).

Уладзімір Арлоў.

Да Дня роднай мовы "Луч" выпусціў гадзіннік у гонар Пімена Панчанкі

Менскі гадзіннікавы завод "Луч" у межах сваёй калекцыі "Мова" выпусціў серыю гадзіннікаў, прысвечаных беларускаму паэту Пімену Панчанку. За аснову дызайну дзвюх мадэляў гадзінніка ўзяты першы зборнік вершаў паэта пад назвай "Упэўненасць", у якім ён піша пра родную зямлю і ўсхваляе яе багацці. Воданепранікальны корпус выкананы ў стылі мінімалістычных гарнітурных гадзіннікаў, папулярных у часы маладосці паэта.

На вечку гадзінніка - урывак верша "Родная мова", цыферблат упрыгожвае слова "Упэўненасць". У продаж у фірменныя крамы завода (у тым ліку і ў інтэрнэт-краму) гадзіннік паступіць 21 лютага, у Дзень роднай мовы. Усяго выпушчана дзве мадэлі гадзінніка, у бежавым і серабрыстым колерах, па 150 экземпляраў кожнага.

Паводле СМІ.

Мастак, зямля зачаравання…

Жывапісцы з Беларусі ў Нью-Мексіка і Арызоне

"Welcome to the Land of Enchantment" і яго іспанскі аналаг з "Bienvenido" - такое вядомае запрашэнне для наведвальнікаў гэтага сурова маляўнічага амерыканскага штата. І гэтым запрашэннем у Нью-Мексіка скарыстаўся не адзін беларус і яўрэй, паляк з Беларусі.

Леан Гаспар (1882-1964), чыё французскае прозвішча нібыта паходзіла ад прадзеда, гугенота, які эмігрыраваў у Расію, нарадзіўся нібыта ў Віцебску. Гэта аказалася прозвішчам жонкі, а яго ўласнае было Шульман, яўрэйскае, і мастак да канца жыцця падтрымліваў выдуманыя факты пра сваё паходжанне (варыянтаў з месцам нараджэння некалькі, уключаючы Смаленшчыну) і іншае ў яго біяграфіі. Па легендзе і па фактах, перад тым, як пачаць вучыцца на мастака ў Юдаля Пэна, жыў у Смаленску і ў час трохгадовага падарожжа пазнаёміўся з культурамі карэнных жыхароў Сібіры, Кіргізіі, дзе яго бацька займаўся гандлем футрам.

У каталозе рэтраспектыўнай выставы Гаспара, якая праходзіла ў Сан-Францыска ў ліпені-жніўні 1967 г., на адным развароце прадстаўлены гарадскія і вясковыя краявіды з Дзвіны і карціна "Апачы" (на адной старонцы сустрэліся тры конныя апачы і віцебскі вазніца). Апачам прысвечаны і іншыя яго карціны: "Апач", зноў "Апачы", "На танец (Апачы)" і іншыя. Наваха і апачы нагадвалі яму манголаў.

Яго жыццё на Паўднёвым Захадзе даволі добра апісана, напрыклад, у кнігах пра яго Фрэнка Уотэрса. Гаспар аб'ездзіў рэгіён, наведваў пуэбла ў Нью-Мексіка, на Рыа-Грандэ, і ў Арызоне, выконваючы там свае работы. Сярод яго сяброў былі Мэйбл Додж Лухан, Д. Г. Лоранс (Лоўранс), скульптар Морыс Стэрн, жывапісцы Джон Марын і Мікалай Фечын, а таксама многія з тых, пра каго Луіс Рыбак сказаў (у інтэрв'ю з Мэры Фулер у 1975 г.): "Быў раптоўны наплыў людзей з усяго Паўднёвага Захаду, якія тут для таго, каб эксплуатаваць індзейскую містыку або матыў, або як бы вы ні хацелі гэта называць. Яны выпускаюць амаль як машыны прадукцыю з гэтага матэрыялу".

Луіс Рыбак (1902-1979) нарадзіўся ў заходняй Беларусі (у розных крыніцах называюцца Канстанцінава - яўрэйская вёска ў Пружанскім раёне, знішчаная фашыстамі, "Ружаны, СССР", Літва, "Літвак, Расія", губерня "Градзіна" ў Літве і іншае падобнае). Набыў вядомасць у Нью-Ёрку ўдзелам у выставах, у т. л. Клуба Джона Рыда, накіраваных "супраць імперыялізму, класавай няроўнасці і класавага прыгнёту", але потым адышоў са "сцэны канфлікту", пераехаў у Таос у 1943 г., а ў 1947 г. адкрыў тут Мастацкую школу даліны Таос, якая дзейнічала да 1953 г. Яго ранняя творчасць нью-ёркскага перыяду характарызавалася рэалізмам, але культура і асабліва пейзаж Паўднёвага Захаду зрабілі з яго абстракцыяніста, выпрацаваўшы ў ім своеасаблівы стыль "поўнай абстракцыі", або Аbstract Expressіonіsm. Пры гэтым ён "адчуваў, што адзіны спосаб адэкватна зразумець індзейца, было быць ім, перажываць (to lіve the experіences) з індзейцам" (Дональд Стрэл), і маляваў, рабіў эцюды з жыцця ў індзейскіх паселішчах, у час цырымоній, танцаў, якія ён асабліва часта адлюстроўваў.

Такім чынам, значную частку з больш чым 800 яго жывапісных работ займаюць вобразы індзейцаў, жывёльны і раслінны свет рэгіёна. Да індзейскіх работ першых двух гадоў адносіцца карціна (каля 1945 г.) "Іndіan Rіder". "Нью-Ёрк таймс" пісала пра яго персанальную выставу ў Нью-Ёрку 1946 г.: "Сярод многіх прадметаў, якія ён паказвае, ёсць некалькі відаў на індзейцаў, што ўдзельнічаюць у прымітыўных цырымоніях, з вышыні палёту птушкі". З апошніх кніг, у якіх згадваецца Рыбак, - "Indians in Color: Native Art, Identity, and Performance in the New West" (2016) Нормана Дэнзіна. Тут знаходзім і пра ўплыў Рыбака на індзейцаў - у прыватнасці, на мастака-таосца Хуана Мірабаля, вядомага таксама як Тапаю, або Чырвоны Танцор, які вучыўся ў яго школе.

Падобна Гаспару, Луіс Рыбак шмат падарожнічаў па свеце і, наведваючы Мексіку, цікавіўся рэшткамі дакалумбавых збудаванняў і там.

Мы не ведаем, ці зблізіліся гэтыя мастакі з індзейцамі не ў мастацтве, а ў рэальным жыцці так моцна, як славуты аўтар кніг пра індзейцаў, наша зямлячка Соня Блікер (па мужу Зім або Цым) - яўрэйка і квакер, бацька якой меў не вельмі тыповае для яўрэя імя Іван (мы думаем, што гэта мог быць міжнацыянальны шлюб, да таго ж Соня пісала, параўноўваючы вяскоўцаў Беларусі і Нью-Мексіка, што ў яе сям'і гадавалі свіней, што таксама не вельмі характэрна для дарэвалюцыйных яўрэяў). Спосаб жыцця ў пуэбла нагадваў Соні Блікер яе радзіму. Таксама можна пашукаць паралелі ў пранікненні ў індзейскі свет з вядомай сям'ёй Рохліных у Арызоне - род з яўрэйскага мястэчка Шчадрын на Жлобіншчыне, больш за тысячу жыхароў якога загінула ў адзін дзень.

Трэці мастак у нашым аглядзе - Тамара Стагановіч, або Ст. Тамара (з навагрудскай вёскі Несутычы), магчыма, не вельмі добра вядомая шырокаму колу, але даволі вядомая беларуска-арыентаваным знаўцам мастацтва. Выйшла яе аўтабіяграфія "Абрэзкі з мінулых гадоў". Яе досвед з Паўднёвым Захадам і з індзейцамі адлюстраваны ў двух лістах, якія мы атрымалі ад яе. Мы расшыфравалі іх цалкам, акрамя P. S. (арфаграфія, не лічачы яўна выпадковых дэфектаў, і пунктуацыя арыгіналаў захаваныя).

"5/12/90

Вельмі Паважаны Сп. Сімакоў!

Вельмі прыемнай неспадзяванкай было паведамленьне Др. Кіпеля пра Вашае зацікаўленьне ды працу над Амэрыканскімі індыянамі.

Таксама, што Вы зацікаўлены маімі карцінамі з амэрыканскіх індыянаў рэзэрвацыі.

Я таксама цікаўлюся імі, асабліва іхнім мастацтвам ды архітэктурай.

Некалькі разоў наведвала іхнія рэзэрвацыі, старынныя пасёлкі, іхнія мастацкія фэстывалі. Прыгаджосьць іх дамоў (зробленыя з adobe = "цэгла" з балота ды саломы), іхніх касьцюмаў, танцаў, а асабліва іхняй керамікі ды срэбных вырабаў - гэта нешта надзвычайнае.

Найбольш прыгожыя з іх гэта рэзэрвацыі ў штаце Новае Мэксыко й Арызоне.

Стыль керамікі адрозьнівае плямёны, бо іх тут, як Вы ведаеце, досыць шмат.

Перасылаю Вам 7 здымак з маіх алейных карцін, з рэзэрвацыі Таос Пуэбло ў Новай Мэксіко (так! - А. С.).

Я-бы вельмі хацела ведаць дзе Вы бачылі маю карціну (адбітак)? Каторую?

Перасылаю таксама біографічную даведку - можа Вам будзе цікава прачытаць.

З Пашанай - Ст. Тамара".

"23-III-1992 г.

Вельмі Паважаны Сп. Сімакоў!

Найперш выбачце мне за так запозьнены адказ на Ваш ліст. Сямейныя хваробы ды трагэдыі прымушаюць чалавека да прыгнёту, адхіляюць яго ад плыні жыцьця. За гэты час я купіла, ды перасылаю аддзельнай пачкай, National Geographic, Oct. 1991 гдзе вельмі цікава прадстаўлены амэрыканскія індыяне - 1491 America Before Columbus - 1491 Амэрыка перад Калумбусам.

Таксама высылаю Вам кнігу The Norh American Indians [in Early Photographs, by Paula R. Fleming and Judith L. Luskey, 1988 - "з найшчырэйшымі пажаданьнямі ў сьветлую будучыню, ды добрае сяброўства"], пра іхняе трагічнае жыцьцё спрычыненае белымі людзьмі. Гэтая частка амэрыканскае гісторыі не ёсьць вельмі прыемная.

Натхняюся Вашым зацікаўленьнем пра іх. Але мушу зазначыць, што яны ня вельмі вераць белым людзям, незалежна адкуль яны паходзяць. Помню як адзін раз я сядзела з адной маладой індыйкай у часе аднаго з іхніх традыцыйных танцаў, ды мы гаварылі пра накіданьне хрысьціянства на індыянаў. Яны-ж былі вельмі проці чужое рэлігіі. Я плакала, узварушаная іхнім лёсам, параўноўваючы ды расказваючы ёй пра лёс Беларусі. Хаця яна скончыла каледж, але індыйскі традыцыйны лёс вязаў яе да іх, дык яна ня вельмі цікавілася маёй гісторыяй.

Я падзіўляю іхнюю рэлігію - гэта жыцьцё чалавека зусім звязанае з зямлёю - прыродаю, што робіць шмат сэнсу, асабліва цяпер як нішчыцца ўсё. Яны былі і ёсьць першымі эколагамі, ахоўнікамі прыроды, ды дзякавалі ёй за яе дабрачыннасьць. Згодна з іхнімі традыцыямі (гэта было на Гопі (Hopi) рэзэрвацыі яна запрасіла нас як гасьцей на парог свае хаты, адкуль мы глядзелі на іхнія танцы ды сьпевы. Традыцыйна яна частавала гарохавай зупай, а мы прынесьлі ёй падарак торт. Яны далей вераць, што калі-б хто рабіў з іх фотаграфію дык тады забіраецца ад цела душа (але не ў значэньні забіраньне душы гэта смерць так як мы гэта разумеем).

На той-жа самай рэзэрвацыі я пазнаёмілася з адным мастаком-ювелірам у якога я купіла некалькі сярэбраных рэчаў. Мы дагаварыліся, што ў наступны дзень я прыйду ў ягоную краму паказаць яму свае медзярыты, забраць срэбныя рэчы ды зрабіць разам зьнімку. Ён ня вельмі быў рады калі я яго прасіла разам сфатаграфавацца. А калі я прышла - яго не было ўдома, заступіла яго дачка. Бачыце, як і далей яны трымаюцца сваіх традыцыяў!

Мажліва іхняя варожасьць да белых і ёсьць таму, што вельмі вялікая колькосць турыстоў прыяжзджае на іхнія рэзэрвацыі, хоць з гэтага яны маюць добры заробак, але маладым гэта не падабаецца. Мне адна маладая дзяўчына злосна казала: забірайся дадому! Гэта было ў Таос, маёй улюбленай рэзэрвацыі. Там-жа ў горадзе ў іхнім малым музэі я дырэктару раз'ясьняла, што Віцебск не ёсьць Расея - а Беларусь. Абяцалі, што зьменяць, але другі раз трэба будзе дапільнаваць.

Так, таоская школа зусім натхнёная індэйскімі матывамі і жыцьцём, але-ж як яно іначай магло быць, калі Таос рэзэрвацыя тут-жа пад бокам, а ў крамах пераважна індыянскія [?; "ідыйскія", "й" выпраўлена на "ы" і надпісана "ян"] вырабы? У штаце Новае Мэксыко мы адведалі пачці ўсе рэзэрвацыі. Дзьве з іх вельмі знаныя вырабамі чорнае керамікі - цудоўныя! Адна з рэзервацыяў ляжыць высока, высока на скале - як стол, гдзе таксама вырабляюць свае спэцыфічныя гаршкі. Яшчэ ў аднэй мы трапілі якраз на базар гдзе прадаўцы зялёнага каменя - turquoise - прывезьлі ў той-толькі дзень, раз на месяц прадаваць іх, ды толькі індыянам [два апошнія словы падкрэслены]. Было цікава глядзець на масу зялёных каменяў разкладзеных і на сталох і на зямлі, пад навесам, ды глядзець як індыйскія ювеліры іх выбіраюць. Мне пашанцавала там-жа купіць ад аднае індыянкі вельмі прыгожыя пацеркі з гэткага-ж каменя. Спалучэньне серабра з гэтым зялёна-сінім каменем вельмі прыгожае. Некаторыя майстры вырабілі сабе добрую апінію сярод белых амэрыканцаў, ды і калектары такіх рэчаў плацяць вялічэзныя за іх грошы.

Напішэце мне за мастацкія гурткі ў Гомелі? Магчымасьці выставы?

Буду чакаць ад Вас адказу. Цешуся, што маем шмат супольнага-цікавага. Ёсць некалькі маляроў ды скульптараў індыянаў вельмі ведамых на амэрыканскім мастацкім рынку.

З Пашанай да Вас

Ст. Тамара".

Мы сапраўды атрымалі ад мастачкі фотарэпрадукцыі сямі яе карцін з пуэбла Таос - пра гэта было і ў дзённіках Зоры Кіпель, выдадзеных кнігай "Дні аднаго жыцця" (2010): "Перадала яна здымкі са сваіх працаў, зьвязаных з індэйцамі, - Том [Бэрд] перавязе для "Беларускага Індэйца"". Работы Ст. Тамары былі прывезены і выстаўлены і на яе радзіме. З нагоды выставы 1994 г. быў выдадзены 32-старонкавы каталог "Амэрыка - мая Амэрыка". Тэматычна творчасць Ст. Тамара ўключае, напрыклад, і анімалістычныя ілюстрацыі для амерыканскіх кніг, і партрэты вядомых беларускіх дзеячаў. Адзнакай апошняга з'яўляюцца яе творы, якія яна даслала, у прыватнасці, у музей-лабараторыю Францыска Скарыны ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце.

Тэма беларускіх мастакоў на Паўднёвым Захадзе на гэтым не скончана. Напрыклад, ёсць указанні, што Ірэна Рагалевіч-Дутко (з вёскі Лутоўе Жыткавіцкага раёна, 1942-2020) адлюстравала ў сваёй творчасці жыццё індзейцаў пуэбла, Георгій Паплаўскі наведаў Вялікі каньён і, магчыма, маляваў яго...

Алесь Сімакоў, даследчык апачаў і прысутнасці беларусаў на амерыканскім Паўднёвым Захадзе.

…А напрыканцы - танец "Верабей", пячатка на памяць і падкормка птушак

Дом Таўлая запрашае

Юбілеі вершаў адзначаюць таксама, асабліва калі верш - першы ў творчасці паэта, знамянуе пачатак яго творчага шляху. 8 лютага, у дзень нараджэння Валянціна Таўлая, у Доме-музеі паэта па вуліцы Замкавай у Лідзе адкрылася выстаўка "Вераб'іная праСТОра", прымеркаваная да 100-годдзя першага верша Валянціна Таўлая - "Верабейкі".

У аснове выстаўкі - калекцыя прадметаў і матэрыялаў на "вераб'іную" тэму, сабраная на працягу года з дапамогай жыхароў горада, у тым ліку мастакоў і рамеснікаў, і некаторых адукацыйных устаноў: Лідскай дзіцячай мастацкай школы мастацтваў, Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Лідскага раённага цэнтра экалогіі, турызму і краязнаўства. У калекцыі таксама знаходзіцца тактыльная карціна (для людзей з праблемамі зроку) мастака-манументаліста з Менска Васіля Зянько, мастацкая работа траюраднай унучатай пляменніцы Валянціна Таўлая - Анастасіі Несцярук з Баранавіч. У памяшканні выстаўкі маюцца фотазона (наведальнікі быццам трапляюць у куточак прыроды з птушкамі, галоўная з якіх, канешне ж, верабей), кніжны куток (у ім прадстаўленыя галоўным чынам кнігі для дзяцей, у якіх так ці інакш згадваецца верабей, у тым ліку прыжыццёвы зборнік дзіцячых вершаў Петруся Граніта - сябра Валянціна Таўлая).

На базе выстаўкі запланавана правядзенне музейна-педагагічнага занятка для дзяцей "Вядзе рэй верабей", у праграме якога - майстар-клас па вырабе вераб'я з паперы, развучванне песні пра вераб'я, маляванне гэтай птушкі, азнаямленне з асаблівасцямі кармлення вераб'ёў зімой, гульні, забавы і многае іншае.

- Роўна сто гадоў назад, зімой 1922 года, Валянцін Таўлай напісаў свой першы верш, - адзначыў, адкрываючы выстаўку, куратар Дома Таўлая Алесь Хітрун. - Станаўленне Таўлая як паэта пачалося ў дзяцінстве, прычым у нашым горадзе Лідзе, у час навучання ў школе, якая размяшчалася за паўночным бокам Лідскага замка. У кожнага музея ёсць свой сімвал, звязаны з той ці іншай асобай. Умоўным сімвалам Дома-музея Валянціна Таўлая з'яўляецца менавіта верабей - у памяць аб яго першым вершы, якім паэт праклаў сабе сцяжынку ў беларускую літаратуру. І паколькі сімвалам Дома Таўлая з'яўляецца верабей, супрацоўнікамі музея распрацаваны штамп з выявай гэтай птушкі. Наведвальнікам Дома-музея мы будзем прапаноўваць пакінуць водціск для сябе на памяць са сваім подпісам.

Алесь зачытаў прысутным урывак з успамінаў Валянціна Таўлая аб перыядзе вучобы ў Лідзе, зачытаў і сам верш "Верабейкі" на польскай і беларускай мовах.

Яшчэ год назад супрацоўнікі Дома Таўлая вырашылі сабраць калекцыю прадметаў і матэрыялаў на "вераб'іную" тэму, якая б складалася з вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, твораў выяўленчага мастацтва, кніг і інш. І сёння такой калекцыяй літаратурны музей можа пахваліцца. Гэта карціны, малюнкі, вырабы, чучала вераб'я, свістулькі ў выглядзе вераб'ёў і, канешне ж, кнігі.

Адзін з вырабаў - з абломка галінкі, які нагадвае вераб'я, - у свой час трапіў у наш горад з далёкага Забайкалля, дзякуючы лідзянцы Людміле Русь. З нагоды нядаўняй перадачы "забайкальскага верабейкі" ў Дом Таўлая Людміла Іванаўна нават напісала верш, які і зачытала на адкрыцці выстаўкі.

Шмат малюнкаў на "вераб'іную" тэму было перададзена з Лідскай дзіцячай мастацкай школы мастацтваў, з якой літаратурны музей цесна супрацоўнічае. Актыўна ўключыліся ў акцыю па зборы "вераб'інай" калекцыі таксама цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, цэнтр экалогіі, турызму і краязнаўства. Кіраўнікам усіх трох згаданых устаноў адукацыі ў час адкрыцця выстаўкі былі ўручаны Падзячныя лісты і падарункі ад Лідскага гістарычна-мастацкага музея.

Трэба адзначыць, што незадоўга да адкрыцця выстаўкі, таксама з нагоды 100-годдзя верша "Верабейкі", Алесь Хітрун ездзіў у Баранавічы - на радзіму Валянціна Таўлая. Дарэчы, у Баранавічах ёсць помнік… вераб'ю. Баранаўцы захоўваюць памяць аб сваім земляку: у адной са школ горада ёсць музей, багаты на матэрыялы пра Валянціна Таўлая; імя Таўлая носіць Баранавіцкая гарадская бібліятэка; матэрыялы аб паэце ёсць і ў мясцовым краязнаўчым музеі. Ва ўсіх гэтых установах Алесь пабываў дзякуючы сваячкам Валянціна Таўлая - Наталлі і Анастасіі Несцярук. Апошняя перадала куратару Дома Таўлая сваю мастацкую работу для выстаўкі "Вераб'іная праСТОра".

- Помнік вераб'ю ў Баранавічах быў адкрыты ў 2003 годзе, - расказвае Алесь Хітрун. - Аўтар - скульптар Станіслаў Цалюк. Гэтым помнікам, гавораць, была закрыта ад вачэй прмінакоў труба, якая тырчала з зямлі і псавала эстэтычны выгляд плошчы. Бронзавы верабей адразу палюбіўся баранаўцам. Ёсць звычай гладзіць яго - на паспяховую здачу экзамену, на каханне, на багацце. Дарэчы, помнікаў вераб'ю ва ўсім свеце толькі тры: у Баранавічах, Кіеве і Бостане. А з 2009 года адзначаецца Міжнародны дзень вераб'я - 20 сакавіка.

Першыя наведвальнікі выстаўкі таксама азнаёміліся з прыказкамі і прымаўкамі, у якіх згадваецца верабей, з народнымі прыкметамі, звязанымі з паводзінамі вераб'ёў, з легендай і навуковым тлумачэннем таго, чаму верабей скача, з паходжаннем словазлучэння "вераб'іная ноч". Пад кіраўніцтвам супрацоўніка музея Ганны Некрашэвіч прысутныя развучылі і выканалі народны вясельны танец "Верабей".

Пакінуўшы Дом Таўлая, наведвальнікі насыпалі семкі ў кармушку, што вісіць на клёне каля будынка, - у знак павагі да вераб'ёў, птушак-сімвалаў гэтага дома, і клопату аб іх. Гэтую кармушку год назад перадалі Дому Таўлая з сярэдняй школы №6. Яе зрабілі пяцікласнікі пад кіраўніцтвам настаўніка працоўнага навучання Мікалая Філіповіча. Яна стала першым прадметам "вераб'інай" калекцыі.

Усю ж багатую калекцыю цяпер можна паглядзець на выстаўцы, трапіўшы ў цікавую і пахатняму ўтульную "вераб'іную прастору" Дома паэта Валянціна Таўлая па вуліцы Замкавай.

Прыходзьце! І не забудзьцеся пакарміць птушак!

Аляксей КРУПОВІЧ.

Дыялог аднадумцаў "Калі душа з душою размаўляе"

У рамках плана мерапрыемстваў па правядзенні Года гістарычнай памяці, накіраванага на актыўнае ўцягванне дзяцей і моладзі ў працэс вывучэння, захавання і папулярызацыі гістарычна-культурнай і прыроднай спадчыны краіны, а таксама ў рамках рэспубліканскай міжканфесійнай акцыі "Аднаўленне святынь. Нас аб'ядноўваюць гісторыя і вера" ў ДУА "Дварышчанскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа" быў арганізаваны дыялог аднадумцаў "Калі душа з душою размаўляе".

Арганізатары мерапрыемства: протаіерэй Георгій Муха, настаяцель храма Святой Сафіі Слуцкай агр. Дворышча; бібліятэкар філіяла "Інтэграваная бібліятэка аграгарадка Дворышча" Марцінкевіч Людміла Уладзіславаўна, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА "Дворышчанскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа" Сямашка Юлія Феадоссеўна.

У звароце святара гучалі словы аб тым, што Бог пастаянна "адчувае" ўсіх нас і рознымі спосабамі выклікае нашу веру. Ён дае нам выпадак бачыць патрэбу, гора, няшчасце вакол нас для таго, каб выклікаць у нас пачуццё спагады і любові да бліжняга. Кожны знак спагады спрагненаму, з Яго дапамогай, можа падняць дух у хвіліну адчаю і прынесці плён. Гісторыя хрысціянства непарыўна звязана з гісторыяй дзяржавы, нашай малой радзімы і нават нашай сям'і - гэта падкрэсліла бібліятэкар, дэманструючы фоталетапіс роднага краю, а таксама звярнула ўвагу на тое, што 2022 год багаты на юбілеі выдатных беларусаў, памяць пра якіх мы павінны захоўваць і прымнажаць.

Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" Кацярына Сандакова.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX