Наша слова.pdf № 9, 2 сакавіка 2022 г.
Беларусы прагаласавалі за змяненні ў Канстытуцыю ЦВК абнародавала папярэднія вынікі
Беларусы прагаласавалі за змяненні ў Канстытуцыю. ЦВК абнародавала папярэднія вынікі рэферэндуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
- Агульная колькасць грамадзян, уключаных у спісы ўдзельнікаў рэферэндуму - 6 млн 815 тыс. 667 чалавек. У галасаванні прыняло ўдзел 78,63 працэнта - гэта значыць больш за палавіну грамадзян, унесеных у спісы для галасавання. Такім чынам, лічыцца, што рэспубліканскі рэферэндум адбыўся, - адзначыў старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Ігар Карпенка.
За змяненні ў Канстытуцыю прагаласавалі 65,16 працэнта грамадзян, якія прыйшлі на рэферэндум. Не падтрымалі прапановы па змяненні Асноўнага закона краіны 10,07 працэнта.
Берасцейская вобласць - "за" - 64,21 працэнта, "супраць" - 7,74 працэнта,
Віцебская вобласць - "за" - 70,12 працэнта, "супраць" - 8,57 працэнта,
Гомельская вобласць - "за" - 71,08 працэнта, "супраць" - 9,2 працэнта,
Гарадзенская вобласць - "за" - 63,4 працэнта, "супраць" - 10,95 працэнта,
Менская вобласць - "за" - 64,58 працэнта, "супраць" - 9,63 працэнта,
Магілёўская вобласць - "за" - 71,69 працэнта, "супраць" - 10,4 працэнта,
Менск - "за" - 55,13 працэнта, "супраць" - 13,23 працэнта.
- Такім чынам, папярэднія рэзультаты ёсць. 3 сакавіка мы плануем правесці пасяджэнне камісіі і падвядзём канчатковыя вынікі рэферэндуму, - дадаў Ігар Карпенка.
28 лютага, Менск. Кар. БЕЛТА.
І мова на пярэднім краі
Сённяшні расейска-ўкраінскі канфлікт пачаўся не ў 2022 годзе, не ў 2014, не ў 1944 і не ў 1918. Канфлікт гэты цывілізацыйны. І калі ўсе цывілізацыйныя адрозненні паміж расейцамі і ўкраінцамі на працягу стагоддзяў раз за разам удавалася згладжваць, то заставаўся адзін фактар, які не згладжваўся - гэта мова.
Сёння ў пераліку крыўдаў, якія Украіна нанесла Расіі, ні адзін расійскі прапагандыст не забывае пра мову, якой украінцы мэтанакіравана і паспяхова вярталі статус адзінай дзяржаўнай.
Калі беларусы ў пачатку 90-х займаліся тым жа самым, то рабілі гэта па-беларуску, "памяркоўна", таму многага і не дасягнулі, ды і часу было мала. Украінцы накіравалі на вырашэнне гэтага пытання ўсю магутнасць дзяржаўнага апарата і дасягнулі значна больш.
Расейскія прапагандысты гавораць, што яны не маглі дапусціць, каб вырасла гэтае новае, цалкам украінамоўнае пакаленне. І працэс украінізацыі пачалі спыняць разам з іншымі (рух у Еўропу, у НАТА і г.д.) сілавымі сродкамі. Па факту паспяховы рух Украіны да поўнай украінізацыі ўсяго і ўсіх можа скончыцца стратай самой Украіны.
Не будзем гадаць, дзе і на чым усё спыніцца, мы ж міжволі - сведкі той высокай цаны, якую мае мова народа для сваіх і чужых.
І ўсё ж, нягледзячы ні на што, наш уласны шлях да мовы - шлях непазбежны і справядлівы.
Станіслаў Суднік.
Водгулле Міжнароднага дня роднай мовы
Рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове прайшла ў НАН Беларусі
Рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы адбылася 21 лютага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі.
Дыктоўка праходзіла ў адной з аўдыторый бібліятэкі. Таксама вялася прамая трансляцыя праз платформу ZOOM, па якой перадаваўся тэкст. У рэжыме анлайн зарэгістравалася каля тысячы чалавек.
Дыктоўку напісалі прадстаўнікі розных узростаў (ад 10 да 80 гадоў) і розных прафесій. Больш за тое, сярод удзельнікаў былі не толькі грамадзяне нашай краіны, але нават жыхары Кіпра.
Кожнаму выпаў шанец праверыць свой узровень валодання беларускай літаратурнай мовай. Дыктаваўся адаптаваны тэкст паводле Тараса Хадкевіча. Удзельнікі з самымі лепшымі вынікамі атрымалі сертыфікаты аб удзеле і памятныя падарункі.
Напісаць тэкст без адзінай памылкі атрымалася ў Каралёва Аляксандра, малодшага навуковага супрацоўніка Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы.
Лізавета ГОЛАД. Фота аўтар.
"НАША МОВА - ГЭТА НАША ГІСТОРЫЯ"
Супрацоўнікі Гарадзенскага аблвыканкама далучыліся да маштабнай беларускамоўнай дыктоўкі ў Міжнародны дзень роднай мовы
Па добрай традыцыі ў Міжнародны дзень роднай мовы жыхары Гарадзенскага рэгіёна далучыліся да маштабнай беларускамоўнай акцыі і сталі ўдзельнікамі абласнога дыктанта. Як і звычайна, удзел у дыктоўцы прынялі супрацоўнікі аблвыканкама, усяго каля 50 чалавек. Дыктант у аблвыканкаме прайшоў па ўсіх правілах сапраўднага экзамена і нагадаў удзельнікам школьны час: сапраўдны настаўнік, фірмовыя бланкі, ніякіх падказак і, канешне, лёгкае хваляванне. Тэкст, які прапанавалі для напісання, быў прысвечаны Году гістарычнай памяці і 140-годдзю з дня нараджэння выдатнага беларускага пісьменніка Янкі Купалы.
- Сёння мы напісалі дыктант пад назвай "Музей паэта". Ён расказвае пра нашага знакамітага песняра, нацыянальнага паэта, класіка літаратуры і чалавека, які стаяў ля вытокаў нацыянальнай літаратурнай мовы. Чалавека, які ўсё жыццё аддаў служэнню народу і Радзіме, агромністую колькасць сваіх твораў прысвяціў менавіта нашай мове і краіне, беларускаму народу і выказаў у гэтых творах усю сваю любоў да нашай нацыянальнасці, - расказала Ірына Мялешка, настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 10 горада Гародні, пад дыктоўку якой і быў напісаны тэкст супрацоўнікамі аблвыканкама. - Я б не сказала, што тэкст складаны, але ў ім ёсць уласныя назвы, якія, канешне, неабходна пісаць з вялікай літары. Акрамя гэтага, ёсць некаторыя асаблівасці ў сінтаксісе, што, можа быць, не ўсе памятаюць.
Усіх тых, хто на некаторы час адклаў свае важныя справы і паўсядзёныя клопаты, каб далучыцца да абласной дыктоўкі, аб'ядноўвае адна вельмі важная якасць - усе яны любяць родную беларускую мову.
- Мне здаецца, гэта вельма важная і неабходная акцыя. Усіх нас аб'ядноўвае наша родная Беларусь, дзе мы нарадзіліся, дзе мы выраслі самі і выхоўваем сваіх дзяцей, і няма ніякіх сумненняў, што мы павінны берагчы і шанаваць сваю родную мову, - падзялілася начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб аблвыканкама Кацярына Федасенка. - Зразумела, што сёння не кожны з нас размаўляе ў штодзённым жыцці па-беларуску, але галоўнае, што мы ведаем, беларуская мова - неад'емная частка нашай Радзімы.
Кацярына Федасенка адзначыла, што ўдзел у дыктоўцы - гэта заўсёды доўгачаканая і прыемная акцыя, у якой і яна, і яе калегі ўдзел прымаюць з вялікім задавальненнем. Дарэчы, пісаць дыктант не так складана, як здавалася б - вынікі штогод радуюць. Начальнік аддзела прафесійнай адукацыі аблвыканкама Андрэй Батура падзяліўся, што ўдзел у гэтай маштабнай акцыі прыняў першы раз. На пытанне, ці любіце родную мову, без сумненняў адказвае: "Так".
- Наша мова - гэта наша гісторыя, гісторыя нашых бабуль і дзядуль. І тое, як мы адносімся да роднай мовы - эквівалент таго, як мы адносімся да сваіх продкаў і гісторыі, - падзяліўся Андрэй Батура. - Я люблю і шаную родную мову і стараюся перадаць гэтую традыцыю сваім дзецям.
Напісанне беларускамоўнага дыктанта - гэта, як адзначылі ўдзельнікі акцыі, арыгінальны эксперымент, які абавязкова павінен захавацца добрай традыцыяй. Па-першае, таму, што кожны грамадзянін павінен ведаць сваю родную мову, валодаць ёй і выкарыстоўваць у жыцці.
Паводле СМІ.
"Беларуская мова самая прыгожая і сакавітая. Напэўна таму, што яна родная".
"Купалаўскую дыктоўку" напісалі ў ГрДУ імя Янкі Купалы
Сёлета дыктоўка была прымеркавана да 140-годдзя з дня нараджэння беларускага класіка Янкі Купалы.
У Міжнародны дзень роднай мовы, які штогод адзначаецца 21 лютага, кожны жыхар планеты мае магчымасць выказаць пашану роднаму слову, зберагчы якое і перадаць наступным пакаленням - вялікая місія сучаснага. З нагоды гэтага свята ў Гардзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы напісалі традыцыйную "Купалаўскую дыктоўку".
Сёлета дыктоўка стала асаблівай, бо была прымеркавана ў тым ліку да 140-годдзя з дня нараджэння беларускага класіка Янкі Купалы і да дня нараджэння ўніверсітэта, які 22 лютага адзначыць 82-годдзе з дня заснавання.
- Сёлета "Купалаўская дыктоўка" ў нашым універсітэце праводзіцца ў чацвёрты раз і прымеркавана адразу да трох важных падзей. Цешыць, што з кожным разам усё больш удзельнікаў далучаюцца да гэтага мерапрыемства. У свеце больш за 7 000 моў, але, на мой погляд, менавіта беларуская - самая мілагучная, прыгожая і сакавітая. Напэўна таму, што яна родная, - адзначыў першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі.
Удзельнікамі мерапрыемства сталі каля тысячы чалавек. Сярод іх выкладчыкі, студэнты Купалаўскага ўніверсітэта, школьнікі горада, навучэнцы каледжаў. Па відэасувязі да напісання дыктоўкі далучыліся таксама студэнты з Расіі і Кітая, якія вывучаюць беларускую мову, супрацоўнікі пасольства Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Дадаткова ўсе ахвочыя змаглі напісаць тэкст пад дыктоўку дзякуючы прамой трансляцыі на YouTube.
Адначасова дыктоўка пачалася ва ўсіх вучэбных карпусах ВНУ. З любоўю да роднай мовы ўдзельнікі напісалі філасофска-патрыятычны твор "Спадчына", які належыць пяру Янкі Купалы.
- Беларуская мова побач са мною з самага маленства. Я настаўнік беларускай мовы і літаратуры, лічу, што вельмі важна дарыць дзецям магчымасць вывучаць роднае слова. Гэта адказная праца, але ў той жа час вельмі натхнёная. Беларускай мовай асабіста я натхняюся на працягу ўсяго жыцця, - сказала Аляксандра Радковіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры СШ №35 г. Гародні, аспірант ГрДУ імя Янкі Купалы. - Сёння я чытаю "Купалаўскую дыктоўку". Гэта для мяне вялікі гонар і адказнасць. Такая магчымасць выпадае не кожнаму.
Пасля мерапрыемства ўдзельнікі самастойна праверылі напісанае. На памяць кожны атрымаў сімвалічны падарунак і бланк са сваім тэкстам.
Дзіяна Сідаркевіч. Фота Дзіяны Сцяпанавай.
На факультэце мастацтваў і дызайну прайшла Агульнаўніверсітэцкая Купалаўская дыктоўка
21 лютага на факультэце мастацтваў i дызайну ГрДУ імя Янкі Купалы прайшла Агульнаўніверсітэцкая Купалаўская дыктоўка, прысвечаная Дню роднай мовы. Студэнты пісалі верш Янкі Купалы "Спадчына". Мерапрыемства адбылося ў навучальным корпусе па вул. Дзяржынскага, 28 у аўдыторыi 2.
Паводле СМІ.
Агульнанацыянальная дыктоўка ў ГрДМУ
Традыцыйная Рэспубліканская беларускамоўная дыктоўка была прысвечана Міжнароднаму дню роднай мовы. У ёй прынялі ўдзел студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі Гарадзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
У гэтым годзе дыктоўка была прысвечана 140-годдзю з Дня нараджэння беларускага класіка Якуба Коласа. Удзельнікі пісалі дыктоўку па аповесці вялікага пісьменніка "Дрыгва".
Як распавёў каардынатар правядзення дыктоўкі, старшы выкладчык рускай і беларускай моў Віктар Іванавіч Варанец, Гарадзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт прымае ўдзел у ёй штогод. Таксама традыцыйна напярэдадні свята прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы.
Фота: Аляксандр Мінько.
Дзень беларускай мовы адзначылі ў Гародні
21 лютага ва ўсім свеце адзначаюць Дзень роднай мовы. І хай у нашай краіне ў статусе "дзяржаўнай" знаходзяцца і руская, і беларуская, ужо па традыцыі напрыканцы лютага ў калектывах на прадпрыемствах, ва ўстановах адукацыі і, нават у крамах, вяртаюцца да беларускай. Міжнароднае свята адзначылі і ў Гародні: кожны ахвотны мог далучыцца да Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Ва ўжо традыцыйным флэшмобе ўдзельнічалі больш за тысячу гарадзенцаў. Як яшчэ адзначалі Дзень беларускай мовы - раскажа Ганна Салавей.
Прамую трансляцыю беларускай дыктоўкі на сваім ютуб-канале правёў і тэлеканал "Гродна Плюс"
Сшытак, аловак і невялікае хваляванне. Атмасфера пры напісанні беларускай дыктоўкі для многіх падобная да школьнай кантрольнай. У Дзень беларускай мовы ўсё зусім інакш: у аўдыторыях устаноў адукацыі і кабінетах на прадпрыемствах сабраліся толькі тыя, для каго штогадовая дыктоўка па беларускай мове - магчымасць зноў вярнуцца за школьную парту і на некалькі хвілін адчуць сябе беларусам.
ЛАРЫСА ЧЭКЕЛЬ, КІРАЎНІК УПРАЎЛЕННЯ ПА ПРАЦЫ, ЗАНЯТАСЦІ І САЦЫЯЛЬНАЙ АБАРОНЕ ГАРАДЗЕНСКАГА ГАРВЫКАНКАМА:
- Я ў дзяцінстве і ў школьныя гады вельмі захаплялася беларускай мовай. Я любіла вершы чытаць, і вы ведаеце, сама спрабавала сябе ў напісанні вершаў. Я атрымала вялікае задавальненне разам са сваімі каллегамі, таму што мы яшчэ раз успомнілі нашу родную, матчыну беларускую мову і захапіліся непасрэдна тымі радкамі верша "Спадчына".
ТАЦЦЯНА ФАДЗІНА, АРГАНІЗАТАР ПРАЕКТУ "ГУЧЫ, РОДНАЯ МОВА":
- Гэта рэалізавалі вучні разам з настаўнікамі. Гэта настаўнікі гісторыі, мовы і літаратуры, дадатковай адукацыі і нават пачатковая школа. Задзейнічаны былі ўсе класы. І працавалі ў розных напрамках. Гэта шматвектарны праект "Гучы, родная мова". І напрамкі былі наступныя: вывучалі гісторыю, святы, мову, этнаграфію. І быў распрацаваны тапаграфічны план школы, і ўсе калідоры, завулкі, плошчы школы, былі даны назвы непасрэдна напрамкаў гэтага праекту.
Экскурсія па школьным міні-горадзе пачынаецца з плошчы "Святочная", дзе размясціліся кірмаш і батлейка, потым госці адразу трапляюць на вуліцу "Моўная". Далей вучні знаёмяцца з беларускім фальклорам. На гэтай станцыі дзеці з захапленнем разгадваюць загадкі, спяваюць беларускія народныя песні, складаюць прыказкі. Вялікае уражанне ў гасцей свята выклікала вуліца "Гістарычная".
Народныя абрады "Провадаў зімы" таксама магчыма было пабачыць на тэматычнай станцыі.
ГАННА САЛАВЕЙ, КАРЭСПАНДЭНТ:
- Гародню не проста так называюць "Беларускім Галівудам". Праект заканчваецца на станцыі "Кінематаграфічная", дзе кожны вучань можа адчуць сябе маленькай зоркай. Тут прадстаўлены афішы кінафільмаў, якія здымаліся на тэрыторыі нашага горада. Напрыклад, "Белыя росы" ці "Зацюканы апостал".
Дзень беларускай мовы кожны адзначыў па-свойму. Хтосьці пісаў дыктоўку, хтосьці чытаў творы любімых аўтараў або, быць можа, увесь дзень намагаўся размаўляць толькі па-беларуску. Мы розныя, але мова ў нас адна, і мы будзем яе памятаць.
Ганна Салавей.
Гадзіннікі "Мова" зроблены па дызайне "Упэўненасці"
21 лютага Міжнародны дзень роднай мовы быў адзначаны яркім мерапрыемствам - адкрыццём выставы "Гадзіна мовы", якая з'явілася, дзякуючы сумеснаму праекту ААТ "Мінскі гадзіннікавы завод" і Музея кнігі НББ. Выдатная ідэя - бачыць родную мову ва ўсіх аспектах жыцця!
Таму ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі побач з літаратурнымі творамі была прадстаўлена ўвазе наведвальнікаў лімітаваная калекцыя гадзіннікаў "МОВА", у якой 7 мадэляў.
На адкрыцці выставы выступіў намеснік дырэктара ААТ "Мінскі гадзіннікавы завод" Рафік Саркісян, які звярнуўся да прысутных па-беларуску.
- За аснову дызайна "Мінскі гадзіннікавы завод" узяў вокладку першага зборніка вершаў Пімена Панчанкі "УПЭЎНЕНАСЦЬ" 1938 года, дзе паэт услаўляе хараство і багацце роднай зямлі. Выпушчаны две партыі гадзіннікаў па 150 штук. 21 лютага ў Дзень роднай мовы гадзіннікі паступілі ў продаж ва ўсіх фірменных крамах "Луч", якія знаходзяцца ў Менску ў "Галерэі" і ў "Грыне", а таксама - у Берасці, Гародні, Віцебску і Гомелі.
Гадзіннікі дапамогуць беларускім вытворцам і мэнеджарам, іх уладальнікам, адчуваць сябе ўпэўнена ў сваім бізнэсе і штодзённых справах.
З Міжнародны днём роднай мовы павіншаваў гасцей намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша.
На адкрыцці выставы выступіла ўнучка Пімена Панчанкі - Кацярына Андрэеўна Панчанка. З прывітальным словам да гасцей звярнулася супрацоўніца Народнага музея П. Панчанкі 199-тай сярэдняй менскай школы Таццяна Уладзіміраўна Курашэвіч.
"Кожны з нас прыпасае
Радзімы куток,
Каб да старасці чэрпаць успаміны",
- працытавала Таццяна Уладзіміраўна словы П. Панчанкі.
Таццяна Курашэвіч распавяла пра дзейнасць музея:
- Наш музей быў створаны 24 кастрычніка 2003 года і знаходзіцца на вуліцы Пімена Панчанкі, 32. Да гэтага часу музея не было, таму ў нас узнікла ідэя стварыць такі музей. Мы нясём адказнасць, каб захаваць спадчыну Пімена Емяльянавіча, падтрымліваем цесныя сувязі з яго сваякамі, з акадэмічнай бібліятэкай імя Я. Коласа. У нас часты госць - унучка П. Панчанкі Кацярына Андрэеўна.
Мы шырока адзначалі 95-годдзе Пімена Панчанкі, а сёлета будзем адзначаць яго 105-годдзе. У нас праводзяцца экскурсіі ў музеі, а ў школе ідуць урокі, прысвечаныя Пімену Панчанку.
Э. Дзвінская, фота аўтара.
ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ: ГУЛЬНЯ ЦІ ПАТРЫЯТЫЧНАЯ СПРАВА
Дзень роднай мовы зноў святкавала Нясвіжчына. Як паведаміла на сваім сайце раённая газета, ва ўстановах адукацыі прайшоў шэраг мерапрыемстваў па ўшанаванні роднага слова. Так, у сярэдняй школе № 4 г. Нясвіжа адбылася квэст-гульня "З любоўю да роднга слова", у сярэдняй школе № 3 - квэст-гульня "Пагуляем у роднае слова", у Карцэвіцкай школе - квэст "Свята роднай мовы". У яслях-садку № 4 "Караблік дзяцінства" родную мову ўшанавалі "Хвілінкай беларускага вершыка".
Як высветлілася, не ў кожнай школе падтрымалі Агульнанацыянальную дыктоўку. У гэтым годзе яна пазначана лічбай 15. Аднак сталыя прыхільнікі АНД і на гэты раз не праігнаравалі яе. У Лысіцкай школе настаўніца роднай мовы Ірына Мышкавец, як і ў папярэднія гады, да ўсіх святочных дзеяў далучыла і дыктоўку з кранальным моўна-патрыятычным тэкстам. Гэтак жа штогод робіць і настаўніца школы №3 г. Нясвіжа Вольга Варэнік, адно што ўдзельнікаў тут значна больш, чым ў вясковай школцы.
Пяць апошніх гадоў праводзяцца беларускія дыктоўкі ў Раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы. Кожны раз збіраюцца сюды новыя ўдзельнікі: пенсіянеры, наведвальнікі сацыяльнага цэнтра, сябры БРСМ, а сёлета - нясвіжскія дзевяцікласнікі. Але нязменныя і абавязковыя - урачыстасць моманту, святочнасць сустрэчы ды ноткі лёгкай усхваляванасці: не памыліцца, напісаць як найлепш!
Нязменным лідарам не толькі па колькасці, але па творчым, свядомым і душэўным падыходзе да напісання дыктовак з'яўляюцца навучэнцы Нясвіжскага педагагічнага каледжа імя Якуба Коласа на чале з дырэктарам Аленай Жураўлёвай і выкладчыцай роднай мовы і літаратуры Марыяй Енчык. Шырокі тэматычны выбар тэкстаў дапасуецца тут да кожнага курса, групы і спецыялізацыі! Колькасць удзельнікаў ідзе на сотні! Ужо стала традыцыяй напісанне дыктоўкі выкладчыкамі і іншымі супрацоўнікамі каледжа; сёлета іх - 47! Добры прыклад кожнай установе! А тэкст "Калыска маленства" прысвечаны, як і належыць, Якубу Коласу, 140 гадавіне ад нараджэння вялікага беларуса.
- Усё атрамалася, як задумалі, як хацелі, бо рабілі ўсё ад душы, - кажа Марыя Фабіянаўна, - бо пачатак гэтаму шчыраму дню нашага жыцця даў вольны мікрафон "Гучы, роднае слова".
Экс-сябры ТБМ правялі хатнія дыктоўкі ў вузкім сяброўскім коле. Гарадзейцы выбралі для напісання верш Ганны Палын са зборніка "Нясвіжскі ўток". Ды не толькі пісалі, але і чыталі іншыя любімыя вершы, дзяліліся думкамі і ўражаннямі. Для жыхароў в. Карцэвічы была прадыктавана краязнаўчая замалёўка з падрыхтаванай для друку кнігі "Кунтуш Радзівіла або 100 эцюдаў нясвіжазнаўства". А Валянціна Холадава пажадала напісаць верш Васіля Казачка "Пагавары са мной па-беларуску" нават пад дыктоўку па тэлефоне.
Наведвальнікі студыі вядомай нясвіжскай мастачкі Марыны Канавалавай далучыліся да спасціжэння верша Наталлі Плаксы "Маляванкі". Да таго ж разгледзелі яе калекцыю твораў наіўнага жывапісу ды перанеслі ўсё пачутае і пабачанае на свае "палотны". Падчас перапынку пацешыла студыйцаў гульня "Салодкія словы". Натхненне, узнёсласць, акрыленасць, асалода, спасціжэнне, замілаванасць… - гэтыя і іншыя беларускія словы былі акурат да месца і настрою сустрэчы. Яны як найлепш засведчылі вядомую ісціну, што мова - душа народа, і што трэба быць з роднай мовай не хвілінку, не адзін святочны дзень, а кожны дзень свайго жыцця, не "гуляць у роднае слова", а вывучаць, засвойваць як каштоўны набытак, каб мець на вуснах штодня.
Вольга Карчэўская. Нясвіж. Фота 1. У Лысіцкай школе. Фота 2, 3, 4. Дыктуе Барыс Шпак, пішуць гарадзейцы. Фота 5. На сустрэчы з навучэнцамі педкаледжа. Фота 6 У студыі Марыны Канавалавай: не толькі пішам, але і малюем.
Краязнавец з Дзятлава выдаў сваю першую кнігу
У гарадзенскім выдавецтве "ЮрСаПрынт" выйшла з друку першая кніга грамадскага актывіста і краязнаўца з Дзятлава Валерыя Петрыкевіча. Кніга называецца "Там, дзе цячэ Маўчадка". Валерый Петрыкевіч - адзін з тых людзей, якімі павінна ганарыцца не толькі Дзятлаўшчына, але і ўся Беларусь. Гэта, дзякуючы яму, на Дзятлаўшчыне ўшанаваны амаль усе пісьменнікі-землякі. Сярод якіх - Ігнат Дварчанін, Нікіфар Жальба, Васіль Струмень, Пятрусь Граніт, Гарасім Прамень. Валерый Петрыкевіч яшчэ добры і цікавы публіцыст. Усё жыццё ён пісаў і піша розныя матэрыялы пра жыццё землякоў, пра спорт, пра вандроўкі па родным краі. Менавіта з такіх краязнаўчых сустрэч і вандровак складаецца яго першая кніга "Там, дзе цячэ Маўчадка". У кнігу дзятлаўскага краязнаўца ўвайшлі цікавыя артыкулы і даследаванні пра першага ўладальніка Дзятлава Канстанціна Астрожскага, пра прозвішчы дзятлаўчан, пра асаблівасці дзятлаўскай тапанімікі. Шчыра і чулліва напісаў Валерый Петрыкевіч пра свайго бацьку Міхася Петрыкевіча - заснавальніка Дзятлаўскага гістарычна-краязнаўчага музея і пра жонку Наталлю, былога педагога, якая зусім нядаўна нечакана пакінула гэты свет з-за каронавіруса...
Сяргей Чыгрын
Рэкордная актыўнасць лідскіх школьнікаў у Дзень роднай мовы
Пад канец Тыдня роднай мовы на Лідчыне ўдалося атрымаць агульныя вынікі 15-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ва ўстановах сярэдняй агульнай адукацыі Лідскага раёна.
Дыктоўку, якую ініцыявала Лідскае раённае ўпраўленне адукацыі, пісалі 7696 вучняў.
Гарадзенскую абласную дыктоўку пісалі 1449 вучняў, бацькоў і настаўнікаў.
Разам - 9145 чалавек, амаль на 1700 чалавек больш, чым летась.
Калі дадаць удзельнікаў дыктоўкі з двух каледжаў, трох прафесійных ліцэяў, усіх лідскіх бібліятэк і ўсіх клубаў, лідскага музея і некаторых працоўных калектываў, то агульная колькасць удзельнікаў 15-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі на Лідчыне ўпершыню перавысіла 10 тысяч чалавек.
На здымках: у Дзень роднай мовы ў 2 а класе СШ № 14 г. Ліды ладзілася інфармацыйная гадзіна "Беларуская скарбонка". І так было ў мностве класаў і школ.
Паводле СМІ.
"Тусуюцца словы роднае мовы, патрапіць імкнуцца ў рытмічны слупок"
"Лідская газета" ўзнагародзіла пераможцу чарговага моўнага конкурсу
Шаноўныя аматары роднага слоўца! Час ляціць вельмі хутка. Здаецца, за акном яшчэ зіма, а сонейка не-не ды і паверне на вясну. Вось і я вітаю вас у новым сезоне нашага моўнага праекта, які па жаданні чытачоў быў распачаты "Лідскай газетай", лічы, каля двух гадоў назад. За гэты час на яе старонках мы сустракаліся з вамі каля дваццаці разоў, шчыра разважалі як аб праблемах ужывання беларускай мовы ў нашым паўсядзённым жыцці, так і аб яе слоўным багацці.
Асабліва ўражвае ваша актыўнасць, шаноўныя чытачы, тое, з якім вялікім імпэтам вы ўдзельнічаеце ў нашых моўных конкурсах, што асабліва яскрава сведчыць аб вялікай павазе да роднага слова ў нас, на Лідчыне.
На жаль, падступная пандэмія прымушала час ад часу ўносіць змены ў графік выхаду рубрыкі, перашкаджала своечасоваму ўручэнню прызоў пераможцам моўных віктарын, але, да нашага агульнага гонару, нікога з прыхільнікаў роднай гаворкі не збіла з панталыку.
Узнагарода знайшла свайго героя
"Тусуюцца словы роднае мовы, патрапіць імкнуцца ў рытмічны слупок…" - так называўся апошні артыкул, надрукаваны ў рамках моўнага праекта "МАТЧЫНА МОВА: гаворым па-беларуску" ў "Лідскай газеце". У якасці задання прапаноўвалася перакласці на рускую мову незвычайны паэтычны твор лідскай паэтэсы Алесі Бурак, які складаўся з мноства сакавітых слоўцаў-дыяментаў, характэрных для беларускай народнай гутаркі. Я нават не спадзяваўся, што сярод чытачоў знойдзецца шмат ахвотных далучыцца да гэтай нялёгкай справы, прычым самага рознага ўзросту. Па ўмовах конкурсу былі вызначаны нават не адзін, а тры пераможцы.
Першай адгукнулася вучаніца 9 "А" класа СШ №9 Вікторыя Ягорава, якая даслала свой варыянт адказу па электроннай пошце і словамі: "Здравствуйте, я Вика, мне 15 лет. Я решила попробовать свои силы в этом задании из рубрики "Матчына мова: гаворым па-беларуску", - здзівіла не толькі добрым веданнем дзвюх моў, але і сваёй шчырасцю і непасрэднасцю. На жаль, яна не ўказала свайго зваротнага адрасу ці тэлефона, не адказвала на нашы запыты па электроннай пошце, і нам доўга давялося блукаць па многіх школах горада ў пошуках гэтай няўрымслівай дзяўчыны. Вялікі дзякуй работнікам упраўлення адукацыі райвыканкама, што дапамаглі ў гэтай нялёгкай справе.
На жаль, пандэмія каранавіруса, якая раптоўна пайшла ў наступленне, не дазволіла своечасова ўручыць прызы, бо трэба было захоўваць умовы каранціну. Але, як кажуць, узнагарода рана ці позна знойдзе свайго героя. Нядаўна мы выкраілі момант і па ўзгадненні з дырэктарам навучальнай установы, дзе вучыцца Віка, Інай Мікалаеўнай Хартановіч наведалі СШ № 9 і былі прыемна здзіўленыя добразычлівасцю як настаўнікаў, так і вучняў. Шчыра прызнаюся, што асабіста ў мяне, як аўтара рэпартажаў пад рубрыкай "Не магу маўчаць" з вулічных хваляванняў у 2020 годзе, дзе прымала ўдзел нямала юнакоў і дзяўчат, да гэтага часу захоўвалася крытычнае стаўленне да нашай моладзі. Пасля наведвання СШ № 9 такое негатыўнае меркаванне разбілася, як пустая бутэлька аб камень. Ужо ў двары групка юнакоў-старшакласнікаў ветліва павіталася і пацікавілася, хто мы і з якой нагоды завіталі ў іхнюю школу. Неўзабаве намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце Наталля Яўгенаўна Швакель запрасіла нас у чытальную залу бібліятэкі, дзе і адбылася доўгачаканая сустрэча, якую адкрыла в. а. дырэктара - галоўнага рэдактара Дзяржаўнай установы "Рэдакцыя "ЛідаМедыя-Кампанія", член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Кацярына Серафіновіч. Яна прысвяціла сваё выступленне патрыятычнаму выхаванню моладзі і таму, як важна захоўваць высокамаральныя якасці ў наш складаны час. Напрыканцы запрасіла ахвотных паспрабаваць свае здольнасці ў школе маладога журналіста, якая існуе пры "Лідскай газеце".
Ну, а я не мог не падзяліцца сваімі паэтычнымі творамі і быў прыемна ўражаны, што ўсім асабліва спадабаўся мой верш "Каб любіць Беларусь нашу мілую…".
Карыстаючыся магчымасцю, хачу запрасіць гарадскія і сельскія школы да больш актыўнага ўдзелу ў нашых моўных конкурсах, а ўсім чытачам пажадаць не цурацца роднага слова і разам з тым памятаць: чым больш чалавек ведае моў, тым ён багацейшы, але найперш трэба ведаць сваю - родную!
P. S. Таксама просім адгукнуцца для ўручэння прызоў Клаўдзію Багдановіч з Ліды і Івана Ганевіча з аграмястэчка Дворышча (тэлефануйце па нумары 544593). А ўмовы чарговага моўнага конкурсу будуць апублікаваны ў наступны раз.
Тадэвуш Чарнавус.
Роднае слова пад дыктоўку
Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы стала традыцыйным мерапрыемствам для ўсіх філіялаў ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы", вельмі важным святам для супрацоўнікаў, чытачоў, наведвальнікаў бібліятэк і звычайных аматараў беларускай мовы.
Штогод ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" святкуе гэты дзень, каб не даць загінуць роднай мове, жывой і непаўторнай, "з легендаў і казак" сатканай, "вобразнай, вольнай, пявучай", цудоўнай роднай мове. Сённяшні год не стаў выключэннем. Усе арганізаваныя мерапрыемствы былі накіраваны на папулярызацыю і захаванне беларускай мовы.
Кожная з бібліятэк Лідчыны яскрава адзначыла Міжнародны дзень роднай мовы: у адным філіяле прайшла гадзіна беларусазнаўства, у другім - тэматычны агляд літаратуры і гадзіна краязнаўства, у трэцім - гульні, конкурсы і турніры і г.д. Але з гэтай разнастайнасці кожны раз хочацца адзначыць удзел філіялаў у напісанні Агульнанацыянальнай дыктоўкі, якая ў 2022 годзе ўжо пятнаццаты раз збірае аматараў і прыхільнікаў роднай мовы. Сёлета яна прысвечана да 140-гадовага юбілею першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.
Сонечным па-вясноваму, але ўсё яшчэ зімовым днём 19 лютага філіял "Інтэграваная бібліятэка в. Мінойты" запрасіла гасцей разам святкаваць Міжнародны дзень роднай мовы. Удзельнiкамі блiц-турнiра "Слова роднае - вечнасці след" сталі члены аматарскага аб'яднання "Сяброўка", якое існуе пры бібліятэцы, i супрацоўнікі культурна-дасугавага цэнтра. Спачатку бiблiятэкар правяла конкурсы на веданне роднай мовы i моўную эрудыцыю. Прысутным неабходна было падлiчыць лiчэбнiкi, назваць беларускія стравы, аднавiць рассыпаныя прыказкi, назваць твор i аўтара, адгадаць загадкi. Мерапрыемства ўпрыгожылі музычныя нумары і выступ беларускага пісьменніка і паэта, перакладчыка, журналіста, краязнаўца Станіслава Вацлававіча Судніка. Пасля ўсе прынялi ўдзел у напiсаннi 15-й агульнанацыянальнай дыктоўкi. Да напісання быў прапанаваны тэкст Анатоля Iверса "Ён адкрыў мне Беларусь", дзе аўтар распавёў аб сустрэчы з волатам беларускага слова Янкам Купалам. Напісанне дыктоўкі далося ўсім прысутным без цяжкасцей і яны справіліся выдатна.
У чытальнай зале філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 4" ладзілася гульня "Размаўляй са мной па-беларуску". Дзеці знаёміліся са слоўнікамі беларускай мовы, нормамі маўленчага этыкету, выпраўлялі граматычныя памылкі, адказвалі на пытанні віктарыны, падрыхтаваныя загадзя на лістках, спрабавалі скончыць вядомыя прыказкі і афарызмы пра кнігу, тлумачылі значэнне фразеалагічных зваротаў. З аповеду бібліятэкара дзеці даведаліся аб разнастайнасці моў на планеце, аб тым, што родная мова - гэта характар народа, яго памяць, гісторыя, духоўная магутнасць. Напрыканцы мерапрыемства дзеці напісалі дыктоўку па тэксту Івана Навуменкі "Спадчына Скарыны". Дзеці не толькі праверылі свае веды па беларускай мове, але і даведаліся аб значнасці фігуры Францыска Скарыны ў гісторыі славянскіх культур.
Да Міжнароднага дня роднай мовы ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая" была праведзена літаратурная гасцёўня "Шануйце роднае слова!". На свята роднай мовы завіталі людзі розных прафесій і ўзросту. У гэтым годзе тэкстам да дыктоўкі быў прапанаваны ўрывак з рамана Якуба Коласа "На ростанях". Паэтычную "разынку" ў літаратурную гасцёўню ўнеслі самі ўдзельнікі мерапрыемства, кожны з якіх прачытаў верш роднай мове.
Міжнародны дзень роднай мовы штогод выступае нагодай для таго, каб пазнаць нешта новае пра беларускую культуру і мову, адкрыць сваю краіну іншай і ўбачыць у сваёй культуры сапраўдныя каштоўнасці.
Далучыцца да гэтай падзеі змаглі і актыўныя чытачы і супрацоўнікі Лідскай раённая бібліятэкі імя Янкі Купалы. Каб паспрабаваць свае сілы ў валоданні нормамі беларускага правапісу, яны пісалі тэкст дыктоўкі па ўспамінах паэта Анатоля Іверса "Ён адкрыў мне Беларусь" пра Янку Купалу, у тым ліку і пра прыезд народнага песняра ў горад Ліду. Ролю выкладчыка выканала Алена Адамаўна Быстрыцкая, намеснік дырэктара ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы". Чакаючы вынікаў дыктоўкі, усе прысутныя мелі магчымасць звярнуцца да матэрыялаў кніжнай выставы "Песні беларускай валадар".
Не засталася без увагі дадзеная падзея і ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка №3", дзе аматары беларускага слова сустрэліся з мэтай яшчэ раз выказаць пашану і павагу роднай мове. Для напісання быў абраны тэкст Анатоля Іверса "Ён адкрыў мне Беларусь".
У Міжнародны дзень роднай мовы юныя чытачы філіяла "Інтэграваная бібліятэка аграгарадка Гуды" адправіліся разам з бібліятэкарам у падарожжа па краіне "Роднай мовы". Дзеці крочылі па станцыях падарожжа, і каб спазнаць глыбіню і таямнічасць роднага слова, выконвалі разнастайныя заданні: "Мая Радзіма - Беларусь", "Прыказкі і прымаўкі", "Фразеалагізмы", "Марфалогія" і інш. Напрыканцы хлопчыкі і дзяўчынкі пацвердзілі сваё веданне беларускай мовы выдатна напісаўшы тэкст 15-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі.
Вядома, што мова забяспечвае непарыўную сувязь паміж носьбітамі, паміж мінулым, сапраўдным і будучыняй. Таму мы будзем і далей імкнуцца папулярызаваць роднае слова, у гэтым з задавальненнем і ахвотай дапамогуць бібліятэкі Лідскага краю.
Дар'я Марцінкевіч.
Тыдзень роднай мовы ў Лідскім політэхнічным ліцэі
Слова - найважнейшая часцінка нашага жыцця. Словам мы выказваем свае думкі, пачуцці, адносіны да людзей ці з'яў.
Увесь тыдзень з 15 па 21 лютага праходзіў не проста пад зоркай Слова, але Роднага слова.
21 лютага адзначаецца сапраўднае свята слова - Міжнародны дзень роднай мовы. Гэты дзень быў заснаваны ў лістападзе 1999 года рашэннем міжнароднай арганізацыяй ЮНЭСКА.
Свята адзначаецца ў свеце з 2000 года і кожны год мае сваю назву і мэту: 2002 - Дзень моўнай разнастайнасці з дэвізам "У галактыцы моў кожная з іх - зорка", у 2019 годзе адзначаўся "Дзень моў карэнных народаў" з дэвізам "Народ жывы, пакуль людзі ведаюць родную мову". 2008 увогуле аб'яўлены ААН "Міжнародным годам моў".
У 2022 годзе, як заўсёды, у ліцэі ладзіліся шматлікія мерапрыемствы з мэтай папулярызацыі і захавання роднай мовы.
Бібліятэкай нашай установы арганізавана выстава "Мова - душа народа" і флэшмоб - рэчататыў "Вобразная, вольная, пявучая мова беларуская мая".
Групы навучэнцаў запрошаны да ўдзелу ў літаратурна-інфармацыйнай старонцы "Мова - душа народа".
Чаму такая ўвага аддаецца роднай мове? У нашай краіне - каля 9 млн. 400 тыс. жыхароў. А між тым, у 2009 годзе ЮНЭСКА далучыла беларускую мову да ліку моў, якім пагражае знікненне. Ці не жахліва гэта?!
Ісціна сцвярджае: "У кожнага народа ёсь хаця б адзін геніяльны твор - гэта яго мова".
Адтуль, дзе ноччу плачуць зоры,
Мігцяць-губляюцца ў вяках,
Яна прыйшла да нас. Ад Бога.
З жытнёвым коласам у руках.
Хрысціў яе касмічны вецер
І, як у свет пусціць, сказаў:
"Чысцей не будзе мовы ў свеце!"
І беларускаю назваў.
В. Гарністава.
Роднае слова... Дзякуючы яму мы пазнаём жыццё, навакольны свет, вывучаем гісторыю і крочым у будучыню.
Праз слова, праз родную мову адраджаецца душа чалавека, народа, нацыі...
Роднае слова з'яўляецца адным з самых вялікіх здабыткаў кожнага народа. Яго з пашанай называюць люстэркам культуры i формай яе існавання, бо менавіта родная мова з'яўляецца формай захоўвання народных традыцый, звычаяў i духоўных скарбаў, спосабам i сродкам развіцця нацыянальнай культуры.
Мова - душа народа, векавая памяць многіх пакаленняў, наш галоўны нацыянальны скарб.
Жыве мова - жыве памяць продкаў. Няма роднай мовы - няма народа.
Сёння абавязак усіх нас - шанаваць родную мову. Аўтар трапяткіх гістарычных твораў У. Караткевіч некалі сказаў: "Хто забыў сваіх продкаў - сябе губляе, хто забыў сваю мову - усё згубіў".
Пра ўсё гэта мы і расказваем нашым вучням.
Сябры, паважайце ласкавае роднае слова, шануйце родную матчыну мову!
21 лютага навучэнцы і выкладчыкі ліцэя прынялі ўдзел у Гарадзенскім абласным дыктанце "Год гістарычнай памяці", прысвечаным Міжнароднаму дню роднай мовы, прынялі навучэнцы і педагагічныя супрацоўнікі ліцэя.
"Мова маці маёй, родная мова" - назва конкурсу на лепшае выкананне верша на беларускай мове, які адбыўся ў ліцэі 24 лютага ў рамках Міжнароднага дня роднай мовы. З вялікай адказнасцю падышлі навучэнцы да падрыхтоўкі конкурсу. Дапамагала ім выкладчык беларускай мовы і літаратуры Кіслая Галіна Андрэеўна. Вельмі ўразілі журы натхнёнасць, артыстызм, з якімі ўдзельнікі конкурса выконвалі вершы.
За любоў да роднай мовы, добрае валоданне мовай былі ўзнагароджаны граматамі і прызамі:
Ліцкевіч Аляксандр (гр. 6 шк) - 1 месца,
Авіжэц Кацярына (гр. 6 шк) - 2 месца,
Мажэйка Кірыл (гр. 382) - 3 месца.
Няма павагі да чалавека, які не ведае, альбо (што яшчэ горш) цураецца роднай мовы.
Памятайце, без мовы няма чалавека, няма нацыі, няма краіны! Дык жа і без носьбітаў мовы сама яна гіне…
Паводле сайта ліцэя.
Актывісты ААСБМ імя Ф. Багушэвіча выступілі ў навучальных установах
21 лютага ў Лідскім дзяржаўным прафесійным ліцэі меліярацыйнага будаўніцтва, які размяшчаецца ў мікрараёне Маладзёжны, адбылася сустрэча навучэнцаў першага курса з лідскім паэтам Алесем Хітруном. Колішні выпускнік ліцэя цэлую гадзіну адказваў на пытанні, якія загадзя былі падрыхтаваны навучэнцамі. Гаварылі пра мову, пра творчасць, пра малую радзіму і працоўныя будні. У канцы мерапрыемства Алесь выбраў лепшага чытача твора на беларускай мове. Ім стаў навучэнец 147 вучэбнай групы Максім Ганевіч.
22 лютага навучэнкі групы 101 па (пачатковая адукацыя) Лідскага каледжа сталі ўдзельніцамі цікавай сустрэчы з лідскім бардам Сяргеем Чарняком.
З нагоды Дня роднай мовы гучалі беларускія песні "Купалінка", "Простыя"словы", Завіруха" і іншыя. Мерапрыемства пад назвай "Спявайма разам па-беларуску" паказала, што моладзь ведае і з задавальненнем спявае нашы песні.
Наш кар.
Лідскі аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры прыняў удзел у праекце "Традыцыйны строй"
У рамках праекта ствараецца віртуальная энцыклапедыя традыцыйных народных строяў Беларусі. Лідскі аддзел рамёстваў прадставіў два строі гістарычна-этнаграфічнага рэгіёна Панямоння, якія бытавалі ў канцы ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя. Гэта Вілейскі строй, з арэолам распаўсюджвання на паўночным усходзе Гарадзенскай і паўночным захадзе Менскай абласцей, і Наваградскі строй, які ахапіў тэрыторыі Наваградскага, Карэліцкага, Слонімскага і Лідскага раёнаў Гарадзеншчыны.
Строі, а дакладней, асноўныя элементы адзення, можна пабачыць буйным планам, пазнаёміцца з іх аўтэнтычнымі назвамі. Дэманстрацыю гарманічна дапаўняюць дзеянні, характэрныя для тагачаснага асяроддзя: падрыхтоўка лялечнага батлеечнага тэатра да прагляду, працэс ткацтва, узоры стогадовых ручнікоў Наваградскага раёна Гарадзеншчыны. Паказ прадстаўлены ў выглядзе мастацкіх фотаздымкаў і двух відэаролікаў, якія можна ўбачыць на старонках праекта ў сацыяльных сетках, а дакладней на відэахостынгу "YouTube" на канале "Tradycyja" па спасылках:
https://www.youtube.com/watch?v=M82sKL8x7lI
https://www.youtube.com/watch?v=kc7OlcVFWLs&t=1s
Габіс Алена Чаславаўна, метадыст аддзела метадычнай і культурна-масавай работы ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".