Папярэдняя старонка: 2022

№ 11 (11) 


Дадана: 16-03-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 11, 16 сакавіка 2022 г.

Зубры

Непрыгожыя, барадатыя

з нетраў пушчы ідуць зубры.

На плячох - вехі-грывы кудлатыя

і цяжкія нясуць гарбы.


То палягуць, то зноў паднімуцца,

растрывожыўшы трэскам глуш,

ногі моцныя аж пружыняцца

пад цяжарам магутных туш.


Сваёй пушчаю крочаць, стройныя,

цёмна-бурыя, як дымы,

неабласканыя, неасвоеныя,

першабытныя так, як мы.


Без хлусні, без лісінага нораву,

ў цеснай дружбе - свая сям'я,

вытрывалыя, непакорныя, -

да такіх належыць зямля!


Ўсе прыходзілі, ўсе іх нішчылі, -

ад чужынца дабра не пачуць,

а яны грамадой недалічанай

страпянуцца і зноў жывуць.


Адна пушча-зямля нам маткаю,

мора жытняе без граніц,

мы адною жывём чалядкаю,

з адных сілу бяром крыніц.


Ўсё гляджу на сям'ю зубрыную.

З вадапою ў гушчар брыдуць.

I здаецца, цяжкай хвілінаю

будзем жыць, бо яны жывуць.


Калі пушча цвіце пралескамі,

плешча сонца вясной з гары, -

беларускія, белавежскія

з новай сілай равуць зубры.

Ларыса Геніюш. 1965 г.

У Гародні памёр змагар за беларускую мову Аляксей Пяткевіч

Педагог, навуковец і прафесар Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч нарадзіўся 30 сакавіка ў 1931 годзе ў вёсцы Новы Свержань на Стаўпеччыне. Скончыў аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ (1954), аспірантуру (1957). Абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму "Псіхалагічны аналіз і праблема характару ў прозе Кузьмы Чорнага". Аляксей Пяткевіч жыў у Гародні з 1957 года. Ён быў адным з ініцыятараў за наданне Гарадзенскаму ўніверсітэту імя выдатнага класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы, стварэння кафедры беларускай культуры. Там, у Гарадзенскім універсітэце, Аляксей Міхайлавіч адпрацаваў амаль усё сваё жыццё. Выступаў як крытык і літаратуразнавец з 1958 года. Выдаў шэраг кніг па гісторыі беларускай літаратуры і культуры. Сярод якіх - "Літаратурная Гродзеншчына", "Людзі культуры Гродзеншчыны", "Старонкі спадчыны", "Слова і кніга Прынёмання", "Аўтографы - разам" і іншыя. Памёр Аляксей Пяткевіч у шпіталі, ён хварэў на каронавірус. Аляксей Пяткевіч быў старэйшым сябрам Гарадзенскай філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў, актыўна браў удзел у творчых сустрэчах і выездах у рэгіёны, быў у эпіцэнтры сяброўскіх кампаній.

Аляксей Пяткевіч быў дэлегатам Устаноўчага з'езда ТБМ імя Ф. Скарыны, быў абраны ў Рэвізійную камісію. Многія гады ўзначальваў Гарадзенскую гарадскую арганізацыю ТБМ, на працягу многіх кадэнцый уваходзіў у рэспубліканскую Раду ТБМ, уваходзіў у рэдкалегію газеты "Наша слова" да канца існавання газеты.

Тры магутныя гарадзенскія зубры ТБМ: Павел Сцяцко, Іван Лепешаў і Аляксей Пяткевіч пайшлі ад нас. Завяршылася велічная эпоха змагання за беларускасць у Гародні.

Шчырыя спачуванні родным і блізкім… Светлая памяць…

Пісьменнік. Педагог. Прафесар

Слова на развітанне

Памёр Аляксей Пяткевіч з Гародні… Неверагодная і балючая вестка, несправядлівая, непатрэбная, сумная. Гародня ў гэтыя дні зноў асірацела на адну вялікую асобу. У 1992 годзе ў Гародні завяршылася эпоха Аляксея Карпюка і Міхася Ткачова, у 2017 годзе - Ігара Жука, у 2020 годзе - эпоха Юркі Голуба… За імі следам завяршылася эпоха Аляксея Міхайлавіча Пяткевіча. Пісьменніка. Педагога. Прафесара. Як жа без яго будзе Гародня і ўся творчая інтэлігенцыя горада над Нёманам?.. Мы ж яго любілі, слухалі, шанавалі, бралі прыклад, вучыліся ў яго тактоўнасці, дабру, шчырасці, спакою, адданасці сваёй Бацькаўшчыне і, вядома ж, творчасці. І ён нас любіў бязмежна, як любіць бацька і дзед сваіх дзяцей і ўнукаў.

Побач з ім мы адчувалі сябе лепш, салідней, цікавей, мужней, смялей. Нават не верыцца, што няма ўжо Аляксея Міхайлавіча. Няўжо ён не паедзе з намі ў вандроўку па родным краі, няўжо ён ніколі не выступіць на Гарадзенскім абласным свяце паэзіі ў Зачэпічах на Дзятлаўшчыне, няўжо мы разам не абмяркуем свежы выпуск "Новага замка", няўжо больш ніколі ў жыцці не атрымаю ад яго з Гародні пісьмы, бандэролькі, тэлефонных званкоў?.. Няўжо ніколі ён мне не дашле штогадовы Гарадзенскі настольны краязнаўчы перакідны каляндар, які ён рыхтаваў і выпускаў разам са Станіславам Суднікам з 2010 года?.. Як жа так?.. Гэта проста невычэрпныя жаль і боль. Асобаў такога маштабу гісторыя і лёс дорыць кожнай нацыі адзінкамі. Нават пражыўшы 91 год, не здзейсніліся яшчэ творчыя задумкі Аляксея Міхайлавіча, не прачытаем мы яго новых кніжак, не пачуем цікавых выступленняў і абмеркаванняў на розных сустрэчах і прэзентацыях. Каронавірус забраў нашага таленавітага земляка, пісьменніка, вучонага.

Нарадзіўся Аляксей Пяткевіч 30 сакавіка ў 1931 годзе ў Новым Свержані на Стаўпеччыне. Скончыў аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ (1954) і аспірантуру (1957). Быў кандыдатам філалагічных навук. Абараніў дысертацыю на тэму "Псіхалагічны аналіз і праблема характару ў прозе Кузьмы Чорнага".

У Гародні пісьменнік жыў з 1957 года. Быў адным з ініцыятараў і актыўным змагаром за наданне Гарадзенскаму ўніверсітэту імя выдатнага класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы, стварэння кафедры беларускай культуры. Выступаў у друку як крытык і літаратуразнавец з 1958 года.

У Саюз пісьменнікаў, як успамінаў сам Аляксей Міхайлавіч, яго "ўпіхнуў" Васіль Быкаў у 1971 годзе. На прыёмнай камісіі Іван Мележ па праву старшыні задаў яму паўжартам пытанне: "Ну што, Аляксей Міхайлавіч, як вы дайшлі да такога жыцця?". Аляксей Пяткевіч неяк спалохана адказаў: "Я не вінаваты, гэта ўсё Васіль Быкаў". І, сапраўды, было так. Аднойчы Васіль Уладзіміравіч сказаў яму скласці для яго спіс літаратуразнаўчых публікацый. Аляксей Міхайлавіч не надаў асаблівай увагі гэтаму, але, калі Васіль Быкаў просіць, то, значыць, яму трэба гэты спіс. У спісе было каля 30 артыкулаў і рэцэнзій. Праўда, гэта Васіля Быкава не спыніла і ён напісаў Аляксею Пяткевічу рэкамендацыю для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў. А потым параіў Дануце Бічэль зрабіць тое ж самае. І вось праз пэўны час гарадзенец Аляксей Пяткевіч становіцца сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі.

У 1968 годзе ў Менску выходзіць зборнік артыкулаў і нарысаў "Наднёманскія былі", суаўтарам якога быў і Аляксей Пяткевіч. Кніга адкрывалася яго артыкулам "Сцежкамі роднага краю". На 92-х першых старонках аўтар распавёў пра літаратурную Гарадзеншчыну.

Следам за гэтым выданнем, але ажно ў 1981 годзе, выдаецца першая кніга даследчыка пра прозу Кузьмы Чорнага "Сюжэт. Кампазіцыя. Характар: Аб прозе Кузьмы Чорнага". Потым Аляксей Пяткевіч прымае ўдзел у напісанні "Гісторыі беларускай літаратуры. XIX - пачатак ХХ ст." і г.д. З-пад яго пяра выходзяць цікавыя і карысныя кнігі "Людзі культуры з Гродзеншчыны" (2000), "Старонкі спадчыны" (2006), "Слова і кніга Прынёмання" (2016), "Аўтографы - разам" (2018), "Водгулле з маёй дарогі" (2021) і іншыя. Ён быў у свой час старшынём Гарадзенскай рады ТБМ імя Францішка Скарыны, сябрам Рэспубліканскай рады ТБМ, Рэспубліканскага навуковага савета "Народная творчасць і быт беларусаў", Міжнароднага камітэта беларусістаў, Міжнароднага Купалаўскага фонду, старшынём Гарадзенскай гарадской суполкі "Ветэраны Адраджэння" і г.д., і г.д.

Вельмі любіў Аляксей Міхайлавіч свой родны куток Новы Свержань на Стаўпеччыне, які ён называў мястэчкам. Тым больш, што гэты статус быў нададзены яму афіцыйна ў 1568 годзе. Сёння ж гэта буйное паселішча - 15 вуліц, больш за дзве тысячы жыхароў. Для пісьменніка гэта была найдаражэйшая ў свеце мясціна, яна яго выгадавала. Адсюль ад'ехаў ён на вучобу ў Менск. У маладосці наведваўся ў Новы Свержань часта, то адзін, то з сям'ёй. Асабліва, калі жывыя былі бацькі. У апошнія гады - радзей: адзін-два разы ў год. Адзін раз - абавязкова, бо збіраліся, папярэдне дамовіўшыся, як правіла ў жніўні ў бацькоўскай хаце ўсе блізкія і далёкія родзічы з малымі дзецьмі. Вытрымліваючы рытуал, садзіліся за стол. Затым ішлі на Нёман, які тут зусім блізка, пасля - на могілкі. Заўсёды трымаў сувязі з землякамі, тэлефанаваў ім. І яны таксама - з ім. Стараўся заўсёды сачыць за жыццём роднага мястэчка. Супрацоўнічаў на гэтую тэму з рэдакцыяй стаўпецкай раённай газеты "Прамень" - пісаў пра гісторыю Свержня, пра яго сённяшнія складаныя праблемы. Чым далей каціліся гады, тым мацней клікала да сябе яго дарагая мясціна, тым мацней шчыміла туга па ёй. Але была ў гэтай тузе і высокая светлая нота далучанасці да роду, да зямлі маленства. Таму вельмі часта ў апошнія гады вяртаўся "дадому", бачыў сваю хату з двума вокнамі на фасадзе, высокай вішняй у палісадніку, рэчачку перад хатай і таўшчэзную магутную таполю на супрацьлеглым беразе. Чуў скрып веснічак, што вядуць у двор, і галасы дзяцей - унукаў сваёй пляменніцы, якая жыве з сям'ёй у гэтай хаце. Яму здавалася часта, што адрозніваў там і свой колішні голас.

У Аляксея Міхайлавіча было шмат сяброў. Многія, з кім сябраваў, адышлі ўжо ў лепшы свет. І цяпер забралі і свайго сябра. Сярод сяброў быў Мікола Мельнікаў з Гародні, а таксама Алесь Белакоз з Мастоўшчыны. З Алесем Белакозам, чалавекам беларускай ідэі, настаўнікам, краязнаўцам сябраваў даўно. Яго ведалі як стваральніка ўнікальнага дзяржаўнага музея ў вёсцы Гудзевічы на Мастоўшчыне. Ён выпакутаваў гэты музей цаной усяго жыцця і здароўя. Выстаяў, праявіўшы сапраўдную сілу духу. Стараўся Аляксей Пяткевіч яму дапамагаць з самага пачатку яго барацьбы з ідэалагічнымі "апекунамі", але больш падтрымліваў маральна. Усё ж жылі на адлегласці. Праўда, сустрэчы ў маладыя гады былі частымі. А потым часцей - тэлефанаванне, паштоўкі. Былі, вядома ж, і сустрэчы.

У Гародні найбліжэйшым яму чалавекам і сябрам быў Ігар Жук, доктар філалогіі, таленавіты беларускі літаратуразнавец, інтэлектуал. Яны разам добра і лёгка разумеліся. І душы іх знаходзіліся, здаецца, на нейкай адной хвалі сённяшняй цяжкай беларускай рэальнасці. Было нямала іншых прыгожых постацяў у жыцці Аляксея Пяткевіча, найперш, гэта Адам Мальдзіс і Арсень Ліс…

У жыцці Аляксея Пяткевіча найбольш хвалявала рэзкае выцясненне з афіцыйнага ўжытку беларускай мовы, масіраваная русіфікацыя Рэспублікі Беларусь і, адпаведна, звужэнне жыццядзейнасці нацыянальнай культуры. Страты беларускасці хвалявалі яго тым больш, што праз усё сваё жыццё выкладчыка ўніверсітэта, ён стараўся выхоўваць у студэнтаў нацыянальную свядомасць, пачуццё роднага, без чаго не можа скласціся духоўна паўнавартасны чалавек. Аляксей Міхайлавіч лічыў, што трэба вяртаць велізарную духоўную спадчыну краю нашым сучаснікам, адраджаць яе. У прыватнасці, яго трывожыла праблема ўшанавання вялікіх асобаў Гарадзеншчыны: у назвах вуліц, у адкрыцці помнікаў і мемарыяльных дошках…

Пра Аляксея Міхайлавіча можна пісаць і разважаць бясконца. Я вельмі спадзяюся і веру, што з цягам часу значэнне асобы Аляксея Пяткевіча будзе толькі большаць. І хоць завяршылася пры жыцці эпоха нашага таленавітага літаратуразнаўца, але справы яго, задумкі і мары нас чакаюць наперадзе.

Сяргей ЧЫГРЫН. Фотаздымкі з архіва аўтара.

10 сакавіка Міхасю Ткачову споўнілася б 80 гадоў

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, археолаг, педагог Міхась Ткачоў нарадзіўся 10 сакавіка 1942 года ў Мсціславе. Паходзіў з настаўніцкай сям'і Алеся Рыгоравіча і Дамінікі Сямёнаўны Ткачовых. Бацька ў тым жа годзе загінуў на фронце пад Ленінградам, і пасля вайны Міхася выхоўваў айчым. Пачатковую адукацыю атрымаў у Мсціславе ў сямігодцы.

У 1959 г. паступіў на гістарычны факультэт БДУ. Першы курс давучыўся завочна, бо паводле адмысловых савецкіх законаў мусіў вярнуцца ў Мсціслаў, у калгас, працаваць паляводам. Студэнцкія гады ўмацавалі нацыянальнае пачуццё Міхася Ткачова. Пасля заканчэння вучобы і размеркавання ў 1964 г. амаль пяць гадоў настаўнічаў у Жодзіне, быў завучам. Пры падтрымцы Пятра Глебкі паступіў у 1968 г. у аспірантуру Інстытута гісторыі АН БССР. Там узяўся за распрацоўку тэмы "Ваеннае дойлідства Беларусі XII-XVII ст.". З 1969 па 1972 гады вёў раскопкі замкаў і ўмацаванняў у Наваградку, Гародні, Лідзе, Койданаве, Крэве, Міры, Геранёнах, Мядзелі, Лепелі, Іказні, Камянцы, у іншых мясцінах. У 1972 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю, на аснове якой былі выдан кнігі "Абарончыя збудаванні зямель Беларусі" (1978), а таксама "Замкі Беларусі" (1977).

У 1978 годзе прыняў запрашэнне з Гародні на працу ў мясцовы ўніверсітэт. Спачатку працаваў выкладчыкам, у 1983-85 гг. - загадчык кафедры. Вазіў студэнтаў у розныя гарады Беларусі на раскопкі. У 1987 годзе вёў раскопкі Якушоўкі - родавага гнязда Каліноўскіх. У тым жа годзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэме "Арганізацыя абароны гарадоў Беларусі XIV-XVIII ст.". У гарадзенскі перыяд Ткачоў меў некалькі сутыкненняў з мясцовым кіраўніцтвам, выкліканых перашкодамі, якія чыніў навуковец знішчэнню старажытнай гарадской забудовы. Справы даходзілі да Савета Міністраў СССР, Ткачова спрабавалі выключыць з КПСС і прыцягнуць да крымінальнай адказнасці "за клевету на органы Советской власти", "за ввод в заблуждение председателя Совета министров СССР". Аднак гісторык урэшце перамог. Напрыканцы 1980-ых гадоў Ткачоў уключыўся ў актыўную грамадскую і палітычную дзейнасць. Стаў кіраўніком легендарнага гістарычна-культурніцкага клуба "Паходня". У 1989 г. вылучаўся кандыдатам у народныя дэпутаты СССР, супрацьстаяў камуністычнаму вылучэнцу, сакратару аблвыканкама Сямёнаву. У час выбарчай кампаніі на Ткачова камуністычнымі прапагандыстамі было выліта шмат бруду. Неўзабаве гісторык выйшаў з КПСС і дзеіў далей толькі ў рэчышчы нацыянальна-адраджэнцкага руху.

Пасля пераезду ў Менск у 1989 годзе ўдзельнічаў у стварэнні "Мартыралогу Беларусі", уваходзіў у Аргкамітэт БНФ "Адраджэньне", стаў намеснікам старшыні Сойму БНФ. Быў ініцыятарам аднаўлення ў Беларусі сацыял-дэмакратыі, з сакавіка 1991-га - старшыня Цэнтральнай рады адноўленай партыі БСДГ. Працаваў у рэдакцыі "Беларускай Савецкай Энцыклапедыі", спярша загадчыкам рэдакцыі гісторыі Беларусі, з 1992 года - галоўным рэдактарам "Беларускай Энцыклапедыі". Быў адным з ініцыятараў выданняў "Энцыклапедыя археалогіі і нумізматыкі Беларусі" і "Энцыклапедыя гісторыі Беларусі". Ужо хворым, у апошнія гады жыцця ён перавыдаў "Замкі і людзі", у суаўтарстве - кніжкі "Вялікае мастацтва артылерыі", "Старажытны Мсціслаў". Памёр Міхась Ткачоў 31 кастрычніка 1992 года ў Менску, яму было толькі 50 гадоў. Пахаваны на Усходніх могілках. У Гародні на доме, дзе ён жыў, усталявана памятная шыльда. У Мсціславе памятная шыльда ўсталявана на будынку, дзе ён вучыўся.

Уладзімір Хільмановіч, г. Гародня.

Статуты ВКЛ - творы юрыдычнай думкі і помнікі беларускай мовы

9 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылася лекцыя загадчыка кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў гістарычнага факультэта БДУ, кандыдата гістарычных навук, дацэнта Уладзіміра Падалінскага, даследчыка гісторыі права, прысвечаная Статутам ВКЛ - зводам законаў, якія складалі аснову прававой сістэмы старажытнай дзяржавы. Наведвальнікі мерапрыемства змаглі ўбачыць каштоўныя выданні трох Статутаў ВКЛ розных часоў - ад самых старажытных асобнікаў да блізкіх нашай эпосе. У лекцыі Уладзімір Падалінскі ўзгадаў навукоўцаў, якія вывучалі Статут ВКЛ - Івана Лапу, Юліюша Бардаха, Іосіфа Юхо і іншых.

На лекцыі абмеркавалі ролю і змест статутаў ВКЛ, якія з'яўляюцца не толькі першымі фундаментальнымі зборамі прававых нормаў і выдатнымі творамі юрыдычнай думкі, але і найважнейшымі помнікамі старабеларускай мовы. Менавіта, дзякуючы Першаму (1529), а потым Другому (1566) і Трэцяму (1588) статутам, Вялікае Княства Літоўскае ўвайшло ў кола дзяржаў, у якіх права стала важным элементам рэгулявання грамадскага і дзяржаўнага жыцця.Асаблівую цікавасць у прысутных выклікалі грамадскія дзеячы, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы дакументаў, - Францішак Скарына, Астафій Валовіч, Леў Сапега і іншыя.

Адукацыйная лекцыя "Статуты ВКЛ у кантэксце гісторыі права Беларусі" - стала апошняй сустрэчай з вядомымі навукоўцамі з цыклу "Крыніцы гістарычнай памяці". Арганізатарам і мадэратарам лекцый выступаў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша. Удзельнікі мерапрыемстваў падзякавалі арганізатару за глыбокія і змястоўныя лекцыі.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Водгулле Міжнароднага дня роднай мовы

Шануюць роднае слова на Скідзельшчыне

Падчас святкавання Міжнароднага дня роднай мовы сустрэчу са скідзельскай паэткай Тамарай Мазур наладзілі вучні 6 "А" класа СШ № 1 г. Скідзеля. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Марыя Давыдаўна Радзецкая ўжо неаднаразова запрашала Тамару Міхайлаўну на вечарыны і паэтычныя імпрэзы. Рыхтаваліся да свята вучні, вядоўцы Алеся Міхно і Салей Аляксандра, і сама госця. Паэтка старалася зацікавіць і паяднаць усіх вучняў адной ідэяй: любоўю да роднага слова; імкнулася акунуць іх у святло і хараство роднай мовы, наталіць іх душы яе звонкасцю і мілагучнасцю. Паэтцы ўдалося наладзіць кантакт са сваімі цікаўнымі слухачамі так, быццам гэта была не першая сустрэча з імі, а шчырая размова з даўно знаёмымі сябрамі - аматарамі беларускай паэзіі. Вучні задавалі пытанні нашай зямлячцы. Адным словам, сустрэча атрымалася шчырай і цёплай.

Вучні школы таксама наведалі выставу твораў "Роднай мовы пералівы" у бібліятэцы. Вялікай папулярнасцю карысталася фота- і інстаграмзоны.

На працягу ўсяго тыдня, прысвечанага Міжнароднаму дню роднай мовы, у сярэдняй школе №2 праходзіла акцыя "Гавары са мной па-беларуску". Вучні 9"В" класа - адзінага класа з беларускай мовай навучання сярод усіх школ Скідзеля, разам са сваім класным кіраўніком Аленай Мікалаеўнай Волчак запрасілі наведаць гасцёўню "Шануй сваю мову". Галоўнай высновай мерапрыемства стала вялікая значнасць роднай мовы для захавання беларускай нацыі.

У дзень роднай мовы была адзначана старанная праца вучаніцы 10 класа Святланы Ціцяк, якая ў складзе прадстаўнікоў Гарадзенскага раёна прымала ўдзел у абласной алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры. Сярод сваіх сяброў па раённай камандзе яна набрала самую вялікую колькасць балаў, але, на жаль, да прызавога месца іх трошкі не хапіла. Гэта быў першы яе ўдзел у алімпіядзе такога ўзроўню. Пажадалі Святлане поспехаў на наступны год.

Вучні 5 "А" класа прынялі ўдзел у інтэрактыўнай гульні "Сваімі словамі". Дзецям весела было разгадваць крыжаванкі, маляваць малюнкі, выконваць заданні на развіццё ўважлівасці і логікі. Таксама вельмі цікавай здалася вучням гульня ў фанты: адзін удзельнік імкнуўся правільна патлумачыць зададзенае беларускае слова, а другі гулец "ламаў галаву" над адказам.

На мерапрыемстве панаваў вясёлы і пазітыўны настрой. Усе вучні былі вельмі задаволеныя, бо ўзбагацілі свой беларускі слоўнікавы запас і папоўнілі веды.

Вучні і настаўнікі школы далучыліся да 15-ай Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Удзельнікі акцыі напісалі тэкст пра свой скідзельскі край, яго слаўнае гістарычнае мінулае, узгадалі літаратурных дзеячаў Скідзельшчыны, паслухалі цудоўную сучасную беларускую музыку, павіншавалі адзін аднаго са святам.

Шчыра падзякавала ўсім намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Алена Аляксандраўна Бычэнка, якая чытала тэкст дыктоўкі. Яна пажадала, каб дзень роднай мовы стаў годам роднай мовы, стагоддзем роднай мовы, вечнасцю роднай мовы!

Кожны год у сярэдняй школе № 3 г. Скідзеля цікава адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы. Сёлета мерапрыемствы ў час правядзення тыдня роднай мовы таксама былі разнастайныя: агульнаабласная дыктоўка, конкурсы перакладчыкаў і чытальнікаў, квэст-гульні, паэтычны чэлендж, арт-выставы, караоке-перапынкі з выкананнем народных і сучасных беларускіх песень і шмат іншых.

Па запрашэнні настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ірыны Кошчыц да навучэнцаў СШ № 3 г. Скідзеля завіталі скідзельчанкі, якія пішуць і выдаюць уласныя кнігі.

Тамара Мазур пазнаёміла старшакласнікаў з пяццю сваімі зборнікамі, у якія ўвайшлі вершы, паэмы, апавяданні і нарысы, сярод іх апошняе выданне з адметнай назвай "Як мае быць". Паэтка і журналістка акцэнтавала ўвагу на роднай мове, з якой усё жыццё чэрпае натхненне на творчую працу

Таццяна Савянкова, захавальніца літаратурна-краязнаўчага музея на малой радзіме сусветна вядомай пісьменніцы Элізы Ажэшкі ў вёсцы Мількаўшчына, прэзентавала сваю кнігу гістарычна-краязнаўчых артыкулаў "Ад роднай зямлі". Асноўная частка кнігі прысвечана гісторыі вёсак, мястэчак, жыццёваму шляху слаўных жыхароў Гарадзеншчыны. Вучні 9 "Б" класа з цікавасцю слухалі аповед пра змест раздзела кнігі "Быць беларусам", дзе асаблівая ўвага звернута на значнасць ведання сваіх каранёў, свайго роду, захавання сваёй гістарычнай і культурнай спадчыны і, галоўнае, вернасці сваёй роднай мове - мове дзядоў і прадзедаў.

Выхаванцы дзіцячага садка № 1 г. Скідзеля ў Міжнародны дзень роднай мовы падарожнічалі ў мінулае роднага слова. Яны пазнаёміліся з жыццём і дзейнасцю першадрукара Францішка Скарыны, убачылі, як выглядала першая друкаваная кніга і даведаліся, што беларуская мова прайшла доўгі гістарычны шлях. Зараз яна разам з рускай мовай з'яўляецца дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь. Вынік свята: мы - беларусы і абавязкова павінны ведаць сваю родную мову.

21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы ў дзіцячым садку № 5 была надзвычай святочная атмасфера. Песнямі, танцамі, вершамі, вясёлымі забаўлянкамі адзначалі свята беларускай мовы. Прыгожая і мілагучная мова гучала ва ўсіх групах. Ніхто не застаўся абыякавым, усім вельмі спадабалася.

Таксама кожны чацвер у дзіцячым садку праходзіць беларускамоўны дзень - гэта заняткі на беларускай мове ў групах сярэдняга і старэйшага ўзросту. На іх рэалізуюцца задачы раздзела "Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін" вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. У гэты дзень педагогі арганізуюць адукацыйны працэс (заняткі, святы, гульні, віктарыны і інш.) на роднай мове, што садзейнічае фарміраванню ў выхаванцаў цікавасці і станоўчых адносін да роднай мовы, краіны, культуры беларускага народа.

Таццяна Савянкова.

Жыла-была на белым свеце Беларуская Мова

Жыла-была на белым свеце Беларуская Мова. Стройная, гнуткая, звонкагалосая, такая прыгожая, што ўсе дзіву даваліся:

- Адкуль Ты такая?

І ўсім яна адно адказвала:

- Ад Бога.

Палюбілі Яе людзі, што жылі на Нёмане, на Прыпяці, на Дняпры, якія называліся, хто крывічамі, хто дайновічамі, хто яцвягамі, і сталі размаўляць, як Яна. Спяваць пачалі, як Яна, найпявучыя ў свеце песні, расказваць найчароўныя казкі. І тады ўзраўнавалі суседзі.

- Jestem lepszy od ciebe! - чуўся з захаду Jezyk Polski.

- Я лучше тебя! - чуўся з усходу Русский Язык.

- Добра, добра, - гледзячы, як у люстэрка, то ў Нарач, то ў Асвею, то ў Свіцязь, усміхалася Беларуская Мова. - Вы лепшыя з крайкоў, а я лепшая ўсярэдзіне.

Суседзям бы ў адказ усміхнуцца, але яны не ўсміхнуліся.

- Кпіны над намі ўздумала строіць! - усхадзіліся Jezyk Polski з Русским Языком. - Дык адусюль знікнеш, анідзе цябе не стане!..

Не пустой была пагроза. Навалу за навалай насылалі суседзі на Беларускую Мову з захаду і ўсходу. Але колькі стагоддзяў не нападалі, колькі не забіралі ў Беларускай Мовы зямлі, гарадоў і вёсак, Яна не знікала. Сыходзіла ад навалы за палескую дрыгву, хавалася ў Налібоцкай пушчы, жыла ў леснічоўках, начавала ў стагах, але адусюль чуўся Яе голас, Яе чароўныя песні.

Калі сканчаліся нашэсці, Яна выходзіла з пушчаў, вярталася з балотаў. Сядала на беразе ці Нарачы, ці Асвеі, ці Свіцязі, глядзелася, як у люстэрка, у воды возера, слухала сама сябе ў галасах людзей, якім была Богам дадзеная, і ўсміхалася.

Так міналі стагоддзі, але не сканчаліся нашэсці… І калі хавалася ад іх Беларуская Мова ў пушчах ды балотах, прыходзілі да людзей, якія жылі на Нёмане, на Прыпяці, на Дняпры, іншыя мовы.

- Як вам не сорамна жыць з ёй? - пыталі. - Яе ж нельга свету паказаць, лясную ды балотную!

І дзе сілай змушалі, дзе абяцанкамі спакушалі быць з імі… І зусім змусілі, спакусілі. Здрадзілі беларусы Мове сваёй, іншую назвалі лепшай. І аднойчы ўбачыў Бог, як сядзіць Яна на беразе Свіцязі ў белай сукні, вышытай чырвонымі кветкамі, і плача. Гэтак слёзы ліе, што вада ў возеры вышэй за берагі падымаецца.

- Што с табой, дзіцятка маё? - спытаў Бог. - Мінавалі ўсе навалы, скончыліся нашэсці, а ты сядзіш і плачаш? Чаму?..

- А таму, што ўявіць не магла, - адказвае яна скрозь слёзы, - што калі скончацца нашэсці, мінуюць навалы, людзі з Нёмана, з Прыпяці, з Дняпра, якія спявалі некалі мае песні, прыйдуць і скажуць: "Мы цябе не ведаем". Ці ж магла я падумаць, што скажуць гэтак не чужынцы, якія заганялі мяне ў лясы і балоты, а свае.

Паслухаў Яе і зажурыўся Божа.

- Дзіва, - сказаў Ён, - займець сваю мову. Але яшчэ большае дзіва - адрачыся ад яе. Што ж мне зрабіць з тымі, хто выракся? Наслаць на іх хваробы? Праклясці па саракавое калена? Спаліць агнём, громам пабіць? Што скажаш, тое і зраблю…, - супакойваў Яе, каб не плакала, Божа.

А Яна выцерла слёзы:

- Не карай іх, Госпадзі. Яны не ведаюць, што робяць. Потым ім сорамна будзе. А пакуль я ім не патрэбная, ці забяры мяне на неба, ці ператвары ў крыніцу. Каб маглі яны напіцца, калі захочуць.

Сказала Яна так - і выступілі слёзы ў вачах Бога самога.

- Святая мая, - прылашчыў Ён дачку сваю. - Усё можа Бог, але не можа не пакараць тых, хто самім сабе здрадзіў. А табе не дам я памерці. Калі такіх прыгажунь на неба забіраць, хто ж на зямлі застанецца?.. Будзь крыніцай, калі быць ёй хочаш, - сказаў Божа і ператварыў Яе ў крыніцу, у якую ўпала Ягоная сляза - і стала вада ў крыніцы той жывой вадой. Святой.

А на зямлю, што назвалася Беларуссю, але жыла з мовай чужой, наслаў Гасподзь спякоту. Сухмень. Там, дзе сінеў лён, красавалі сады і каласіла жыта, паслалася пустэча. Спёка такая стаяла, што пыльнымі шляхамі сталі Нёман, Прыпяць і Дняпро, перасохлі Нарач, Асвея і Свіцязь - і толькі адна Крыніца бруіла чыстай, празрыстай вадой. І калі б не Яна, дык звяліся б са свету беларусы, і ніхто пра іх не ўспомніў, як пра пыл на берагах высахлых рэк і азёр.

Песні, казкі, легенды пра цудадзейную Крыніцу па ўсім беларускім краі разляцеліся - і рушылі да Яе, каб выжыць, беларусы. Прыпадалі да жывой вады, пілі Яе, цалавалі і шапталі, цалуючы:

- Святая наша… Ты ўратавала нас - і мы не дадзім Табе памерці…

І вось цуд: чым болей чэрпалі з глыбіняў Яе, чым болей беларускага люду наталялася Яе жывой вадой, тым глыбейшай, паўнейшай ставала крыніца. Нарэшце Яна выйшла з берагоў і напоўніла Нёман, Прыпяць і Дняпро, Нарач, Асвею і Свіцязь, усе рэкі і азёры, на берагах якіх зноў засінеў лён, закрасавалі сады, закаласіла жыта - загучала Богам дадзеная Мова. І пачуўшы Яе, Бог усміхнуўся з нябёсаў…

(З кнігі Уладзіміра Някляева "Гей бен гіном" у перакладзе з іўрыту "Вогненная геена, пекла")

Дзень роднай мовы на Івейшчыне

Водгулле Міжнароднага дня роднай мовы

Турнір знаўцаў роднай мовы

19 лютага ў бібліятэцы-філіяле аг. Ліпнішкі прайшоў турнір знаўцаў "Як званочак гучыць наша родная мова" (да Дня роднай мовы), падчас якога ўдзельнікі турніра падзяліліся на дзве каманды і з задавальненнем выконвалі розныя заданні: складалі вершы з прапанаваных слоў, дапаўнялі беларускія прыказкі, адказвалі на бліцпытанні, прэзентавалі створаныя калажы на тэму "Мова - скарб народа".

Мерапрыемства прайшло весела, насычана і цікава.

Турнір "Таямніцы роднай мовы"

20 лютага, напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, супрацоўнік бібліятэкі-філіяла аг. Суботнікі запрасіла сваіх чытачоў на турнір знаўцаў роднай мовы "Таямніцы роднай мовы".

Падчас мерапрыемства ўдзельнікам былі прапанаваны розныя конкурсы: "Размінка", "Перакладчыкі", "Фразеалагізмы", "Расшыфруй прыказку", "Музей народнага побыту", а таксама "Загадкі з вясёлай хаткі".

Мерапрыемства прайшло весела, насычана і цікава. Усе ўдзельнікі паказалі добрыя веды, а напрыканцы атрымалі памятныя сувеніры-закладкі з фотаздымкамі Я. Купалы і Я. Коласа і іх выказваннямі аб роднай мове.

Літаратурнае падарожжа "Па старонках беларускіх казак"

Да Міжнароднага дня роднай мовы ў бібліятэцы-філіяле аг. Лаздуны I прайшло літаратурнае падарожжа "Па старонках беларускіх казак".

Падчас падарожжа дзеці ўзгадалі, што такое казка, якія бываюць віды і жанравыя асаблівасці беларускіх народных казак, пазнаёміліся з кнігамі, прадстаўленымі на выставе "Па старонках беларускіх казак", прымалі ўдзел у розных гульнях: "Перакладзі казку", "Дапоўні прымаўку", "Адгадай героя" і іншых.

Скарбы роднай мовы

Роднае слова - гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет.

Я. Колас

Моўная культура беларускага народа надзвычай багатая i самабытная. Родная мова - гэта невычэрпная крыніца эстэтычнага, маральнага, патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення.

Да Міжнароднага дня роднай мовы ў бібліятэцы-філіяле аг. Морына аформлена выстава "Скарбы роднай мовы".

Пазнавальны калейдаскоп "Падарожжа з Несцеркам у краіну роднай мовы"

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэты дзень асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта. Нам, беларусам, у спадчыну засталася ўнікальная мова - жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная.

У краіну беларускай мовы адправіліся вучні 4 класа Івейскай сярэдняй школы падчас пазнавальнага калейдаскопа, які прайшоў 18 лютага ў раённай бібліятэцы.

У імправізаваным падарожжы дзяцей суправаджаў Несцерка - вядомы персанаж шматлікіх беларускіх народных казак і аднайменнай п'есы В.Вольскага.

Падчас вандроўкі па краіне роднай мовы дзеці пазнаёміліся з матэрыяламі выставы "Усё пачынаецца з роднага слова", з задавальненнем адгадвалі загадкі, удзельнічалі ў конкурсе скорагаворак, чыталі вершы і казкі на беларускай мове, а таксама пашырылі сваё веданне прыказак і прымавак.

Падарожжа атрымалася вельмі цікавым і захапляльным. Кожны вучань зразумеў, што неабходна любіць і шанаваць родную мову.

Паводле СМІ.

У Стоўбцах з удзелам арцыбіскупа Станеўскага ўшанавалі святога Казіміра

6 сакавіка, у Першую нядзелю Вялікага посту, у Стоўбцах адзначылі парафіяльны адпуст у гонар нябеснага апекуна мясцовай парафіі святога Казіміра.

Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы з гэтай нагоды ў новазбудаваным стаўпецкім касцёле ўзначаліў Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Разам з мясцовымі вернікамі на чале з іх пробашчам ксяндзом канонікам Ігарам Лашуком іерарх маліўся аб міры і братэрстве ў Беларусі і ва ўсім свеце.

У сувязі са складанай міжнароднай абстаноўкай і драматычнай сітуацыяй ва Украіне запланаваная на гэты дзень святочная праграма фэсту "Стаўпецкія Казюкі" была адменена. Арганізатары спадзяюцца правесці фэст у гонар святога апекуна стаўпецкай парафіі ў наступным годзе.

Ксёндз Лашук уручыў арцыбіскупу Станенўскаму выяву айца Фабіяна Малішоўскага, дамініканіна, які ў сярэдзіне XVII стагоддзя быў прыёрам дамініканскага кляштара ў Стоўбцах. Менавіта пры ім у горадзе быў пабудаваны мураваны касцёл святога Казіміра. Айцец Фабіян памёр у меркаванай святасці і быў пахаваны ў крыпце пабудаванай ім святыні. Як сведчаць гістарычныя дакументы, на месцы пахавання манаха адбываліся цуды, што давала падставы для распачацця яго беатыфікацыйнага працэсу.

Нядаўна парэшткі айца Фабіяна Малішоўскага былі адшуканыя ў Стоўбцах на месцы, дзе калісьці ўзносіўся касцёл святога Казіміра, зруйнаваны ў савецкія часы.

Мясцовыя вернікі на чале са сваім пробашчам клапоцяцца пра ўшанаванне памяці айца Фабіяна і прыкладаюць намаганні для таго, каб яго беатыфікацыя калісьці стала магчымай.

Catholic.by. Фота: Віктар Ведзень.

Памёр пісьменнік Мікола Гіль - брат паэта Ніла Гілевіча

Беларускі пісьменнік Мікола Гіль памёр 14 сакавіка на 86-м годзе жыцця.

Мікалай Гіль нарадзіўся ў 1936 годзе ў Лагойскім раёне. Яго сапраўднае прозвішча - Гілевіч. Але паколькі пад ім друкаваўся яго родны брат Ніл, Мікалай узяў сабе псеўданім Гіль.

Скончыўшы аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ, Гіль працаваў у шэрагу СМІ. Большая частка жыцця звязаная з газетай "Літаратура і мастацтва", у якой ён прапрацаваў з перапынкамі больш за 30 гадоў. З'яўляўся яе галоўным рэдактарам у 1990-я гады.

Як сцвярджаў Зянон Пазняк, менавіта дзякуючы Гілю у газеце ў 1988-м з'явіўся знакаміты артыкул пра Курапаты, дзе распавядалася пра расстрэлы НКВД. Артыкул той павярнуў ход нацыянальнага адраджэння.

Гіль таксама быў вядомы як празаік, перакладчык, у яго літаратурным запісе выходзіла кніга касманаўта Пятра Клімука і ўспаміны Генадзя Карпенкі.

Светлая памяць.

30 гадоў першай беларускай паштовай марцы

20 сакавіка 1992 года пачалася гісторыя беларускай філатэліі. На першай паштовай мініяцюры - Крыж Ефрасінні Полацкай. Створаны ў 1161 годзе, сёння ён з'яўляецца каштоўным творам мастацтва і адной з самых знакамітых рэліквій Беларусі.

За мінулыя 30 гадоў выпушчаны ў аварот 1 452 паштовыя маркі. На іх вядомыя выхадцы Беларусі: выдатныя гістарычныя асобы і асветнікі, пісьменнікі, навукоўцы, кампазітары, палітыкі, маракі, касманаўты, мастакі. Выдатныя беларускія замкі і палацы, шэдэўры нацыянальнай культуры, святы, знамянальныя даты, флора і фаўна - усё гэта на паштовых марках Рэспублікі Беларусь.

У дзень выпуску паштовага блока ў аварот на паштамце Менска будзе праводзіцца адмысловае гашэнне на канверце "Першы дзень".

Колер масцікі - чорны.

Дызайн спецштэмпеля і канверта "Першы дзень" А. Мядзведзь.

Блок № 153 (марка № 1453)

У авароце з 18 сакавіка 2022 г.

belpost.by.

Па шляхецкіх ваколіцах са Святланай Лугаўцовай

У Менску ў выдавецтве "Проф-Пресс" накладам 1008 ас. выйшла кніжачка Святлана Лугаўцовай "Шляхецкімі ваколіцамі: Белагруда - Тарнова - Лебяда - Мажэйкава -Мураванка - Вялікае Мажэйкава - Ішчална: дарожныя нататкі".

Дарожныя нататкі "Шляхецкімі ваколіцамі" - ваш праваднік у свет самастойных вандровак па Беларусі. Гэта гатовы маршрут, па якім можна выправіцца ў падарожжа. На гэтым шляху вас чакае гісторыя архітэктурных пярлін, цікавосткі пра іх уладароў, знаёмствы з помнікамі прыроды, парады, дзе паснедаць ці заначаваць, што купіць у мясцовых майстроў. Галоўнае ў кожнай вандроўцы - сустрэчы з людзьмі, стваральнікамі нашага мінулага і сучаснага. Яны жылі і жывуць на беларускай зямлі, любоў да якой вымалёўвае ў іх лёсах самыя нечаканыя ўзоры. Чым глыбей мы ведаем нашу гісторыю, тым больш спазнаём сябе, набліжаемся да адказаў на спрадвечныя пытанні: Адкуль мы? Хто мы? Куды ідзём?

"Дарогі як складаныя інжынерна-тэхнічныя збудаванні, што забяспечваюць хуткі і камфартабельны рух колавых транспартных сродкаў, з'явіліся ў Расійскай імперыі ў другой чвэрці XIX ст. Сапраўдным "бацькам" расійскіх дарог стаў імператар Мікалай I. Інжынер па адукацыі і механік па складзе розуму, ён павысіў стандарты галоўных дарог імперыі да ўзроўню еўрапейскай "шашы", упарадкаваў правінцыйныя гасцінцы, наладзіў бесперабойную працу паштовай службы.

Аднак нашая вандроўка пачынаецца ў эпоху бездаражы. У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай 1772, 1793 і 1795 гг. беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. У 1796 г. па загадзе імператрыцы Кацярыны II віленскі генерал-губернатар Мікалай Рапнін пачаў рэканструкцыю старой дарогі ад Ліды да Гародні. Гэты тракт праходзіў праз вялікія панскія двары: Тарноўшчыну, Лебяду, Вялікае Мажэйкава, Ішчалну, Шчучын і Каменку. На гасцінцы пабудавалі заезныя корчмы са станцыямі коннай пошты..."

Месцамі тут яшчэ захаваліся рэшткі гэтага Кацярынінскага тракту амаль нечапанымі. Асобныя ўчасткі пакрыты асфальтам, але атмасфера тракту... Ну, проста трэба ехаць!

Яраслаў Грынкевіч.

Святлана Лугаўцова нарадзілася і вырасла ў Менску. Скончыла Бсларускі дзяржаўны педагагічны ўнівсрсітэт імя Максіма Танка. Абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме "Палітыка расійскага самадзяржаўя ў адносінах да дваранства Беларусі ў канцы XVIII - першай палове XIX ст.". Кандыдат гістарычных навук, дацэнт. У 2000-2020 гг. выкладала гісторыю Расіі і Украіны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце З'яўляецца адным з аўтараў падручнікаў па гісторыі Расіі, Украіны, Беларусі.

Сфера навуковых зацікаўленняў: саслоўная палітыка расійскага ўрада ў XIX ст., удзел беларускай шляхты ў паўстаннях, дзейнасць таемных таварыстваў у першай палове XIX ст., гісторыя дзяржаўных устаноў Беларусі ў складзе Расійскай імперыі, гістарычна-дэмаграфічныя даследаванні.

Як з маленькага сем'ечка "вырасціць" кашульку, дыван, ручнічок?

На Лідчыне адраджаюць традыцыі апрацоўкі льну

"Лён любіць паклон", - казалі нашы продкі. Але не толькі таму, што доўгі час гэтая сельскагаспадарчая культура апрацоўвалася ўручную і, каб сарваць сцяблінкі, сапраўды даводзілася нізка нагінацца. Да лёну спрадвеку ставіліся з вялікай павагай. Нездарма сёння яго кветкі ўплецены ў Дзяржаўны герб краіны.

На лідскай зямлі расліне таксама выказвалі павагу, ацаніўшы яе карысныя якасці. З валакна ткалі палатно і шылі вопратку, рабілі прадметы побыту, майстравалі цацкі для дзяцей. Ільняную кастрыцу выкарыстоўвалі як уцяпляльнік і паліва, а з сем'я выціскалі алей. Гэтыя традыцыі памятаюць і захоўваюць сёння ў філіяле "Ганчарскі Дом культуры". Мясцовыя жанчыны ведаюць, які складаны шлях праходзіць маленькае сем'ечка да квяцістага дывана.

Вырасціць і апрацаваць лён - як цэлае жыццё пражыць. Гэты працэс складаўся з мноства этапаў. І аб кожным з натхненнем расказвае Ганна Булай, загадыца філіяла "Ганчарскі Дом культуры". Ужо ў пачатку аповеду становіцца зразумела: нашыя продкі былі вельмі мудрымі людзьмі. Яны ведалі шмат прыкмет і магічных дзеянняў пры пасеве льну, таму залаты ўраджай вырастаў добры, і палотны атрымліваліся такімі ж.

- Сеялі лён у чэрвені, - праводзячы экскурс па экспазіцыі, расказвае спецыяліст. - Да сяўбы старанна рыхтаваліся, адбіралі насенне, сачылі за прыкметамі, каб пасеяць лён менавіта ў патрэбны дзень. Тады ён абавязкова будзе добра расці. Звычайна давяралі гэтую працу самым майстэрскім сейбітам. Наперадзе ішоў паважаны, праведны чалавек, якому Бог падараваў "лёгкую руку": што ні закране, усё расце і квітнее. Сеяць стараліся раніцай ці вечарам, калі поле пакрыта расой, у ціхае цёплае надвор'е, каб вецер не разносіў насенне па баках. Адпраўляючыся ў поле, сейбіт нёс сем'е льну ў беласнежным абрусе. Што цікава: пасеў сельскагаспадарчай культуры суправаджаўся пажаданнямі ў прамым сэнсе гэтага слова. Можа падацца, што ідзе чалавек па полі і нешта мармыча сабе пад нос. Але гэта не так. Сяўба льну была падобная хоць і на невялікае, але сапраўднае тэатралізаванае дзеянне.

Дарэчы, тэатралізаванае дзеянне адбывалася не толькі ў полі, сцвярджае Ганна Булай. Паўсюдна на лідскай зямлі, як і ўвогуле ў Беларусі, існаваў звычай: незамужнія дзяўчаты сеялі ў агародзе палоску льну і па яе ўзыходах варажылі на свой лёс. Добры рост золата палёў прадказваў шчаслівую долю. А як жа інакш?!

Цікавы і сам працэс апрацоўкі расліны. Спачатку лён церлі, трапалі, а потым часалі на самаробным грэбені. Атрымлівалася кудзеля. Затым кудзелю прымацоўвалі на прасніцу і пралі на верацяно, калаўрот. Дарэчы, рэшткі валакна, непрыгодныя для прадзення, не выкідвалі, а набівалі імі падушкі і сеннікі. На іх спалі.

- У залежнасці ад валакна і майстэрства ткачыхі палатно атрымлівалася рознай якасці, - гаворыць Ганна Булай. - Самае грубае ішло на мяхі, іншыя гаспадарчыя патрэбы, тонкае - на адзенне, ручнікі. Паглядзіце, якія цудоўныя рэчы можна зрабіць на кроснах. Абрусы, посцілкі, дываны… Усё гэта тканыя вырабы, без якіх не абыходзілася ніводная сялянская хата.

Аб кожным этапе апрацоўкі льну мая суразмоўніца расказвае з асаблівым натхненнем, бо веды і экспанаты экспазіцыі іх установа атрымала ад мясцовых жанчын. На тэрыторыі Ганчарскага сельсавета актыўна вырошчвалі лён. І ў мясцовых населеных пунктах яшчэ жывуць бабулькі, якія самі працавалі ў палях.

- Зараз працэс вырошчвання і апрацоўкі лёну механізаваны. Замест рук жанчыны ўсю работу выконваюць машыны, як у палях гаспадарак, так і на вялікіх ткацкіх камбінатах, - заўважыла Ганна Булай. - Хто не ведае, што на нашай ганчарскай зямлі знаходзіцца вытворчы ўчастак "Ліда" (у мінулым Лідскі льнозавод) адкрытага акцыянернага таварыства "Карэлічылён", дзе наладжана вытворчасць ільновалакна і льносем'я? Ільняны алей для нас з'яўляецца мясцовым прадуктам, ён экалагічна чысты, бо не транспартуецца на вялікія адлегласці, і таму без дабавак-кансервантаў. Працаўнікі прадпрыемства вырошчваюць лён і вырабляюць з яго доўгае і кароткае льновалакно, упаковачную вяроўку, шпагат, паліўныя брыкеты, ільняны алей і жмых. Валакно экспартуецца ў Кітай і Расію. Там нават пыл, які ўсмоктваецца з паветра, не прападае - ён ідзе на ўгнаенне палёў. Вельмі прыемна, што ў нашай мясцовасці яшчэ жывуць бабулькі, якія маюць уяўленне аб тым, як з маленькага сем'ечка льну "вырасціць" кашульку, дыван, ручнічок. Мы ведаем нашых герояў, як кажуць, у твар і будзем вельмі ўдзячныя, калі ўбачым аповед аб іх на старонках выдання. Многія з жанчын былі паляводамі, а некаторыя ўсё жыццё - звеннявымі. За найвышэйшую якасць ільнянога валакна жанчыны запрошваліся ў Маскву на ВДНГ і былі ўзнагароджаны граматамі і медалямі.

Мая суразмоўніца не хавае гонару: праца пры ручной апрацоўцы льну лічылася вельмі цяжкай. І сёння важна зберагчы тое, што мы маем. Ільняная спадчына абавязкова павінна застацца будучым пакаленням - нашым дзецям і ўнукам. А пазнаёміцца з ёй можна ўжо сёння, завітаўшы ў Ганчарскі Дом культуры.

Вольга Капцевіч, lidanews.

ЖАЎРУК - ПЕСНЯ ВЯСНЫ

Сярод мноствы птушак, якія да нас хутка прыляцяць, адмысловае месца займаюць жаўрукі - яны першыя. У Беларусі сустракаюцца чатыры віды жаўрукоў. У нас гняздуюцца чубаты, палявы і лясны жаўрукі, а рагаты прылятае да нас на зіму з поўначы.

Жаўрук - адзін з самых вядомых прадстаўнікоў пеўчых птушак. Ён цешыць вясновымі пошчакамі пяць кантынентаў. У яго гонар названы касмічны аб'ект: астэроід Alauda (у перакладзе з латыні - жаўрук).

Славянская міфалогія абвяшчае, што гэтыя птушкі з'яўляюцца прадвеснікамі новага ўраджаю. Народныя павер'і кажуць пра тое, што спеў гэтых птушак у перыяды засухі можа выклікаць дождж. Людзі верылі ў міфічныя магчымасці птушкі, таму рабілі розныя фігуркі і раздавалі суайчыннікам, як знак багатага ўраджаю. Дагэтуль нашы бабулі памятаюць свята вясны "Саракі" з выпечкай булачак у выглядзе жаўрукоў. Спеў жаўрука сведчыў пра тое, што вясна перамагла зімовыя халады.

Самы шматлікі на ўсёй тэрыторыі Лідчыны - жаўрук палявы (Alauda arvensis). Птушка памерам чуць буйнейшая за вераб'я, з даўжэйшымі крыламі і хвастом, ды і колерам апярэння падобная - пераважае пярэстая афарбоўка (ад рудавата-карычневага да шаравата-бурага, з чарнавата-бурымі падоўжнымі пярэсцінкамі). Палавы дымарфізм афарбоўкі не выяўлены. Птушкі даўжынёй ад 17 да 20 сантыметраў, вагой ад 26 да 46 грамаў. Крылы шырокія, іх размах дасягае 30-38 сантыметраў. Як і ў многіх наземных птушак, у жаўрукоў ёсць палец, які глядзіць назад і заканчваецца доўгім кіпцюром. Лічыцца, што такая канструкцыя лапкі забяспечвае ўстойлівасць пры руху па грунце. Добра ходзіць, здольны вельмі хутка бегаць, можа таксама перамяшчацца скачкамі. У выпадку небяспекі яго жыцця, жаўрук каменем валіцца ўніз і імкнецца схавацца сярод высокай травы.

Жаўрук - добра вядомая птушка, вясною прылятае адной з першых, апавяшчаючы пра сябе меладычнай звонкай песняй. Трымаецца на зямлі, на дрэвы ніколі не садзіцца. Самцы палявых жаўрукоў спяваюць, як правіла, у палёце, часта пры гэтым завісаючы над адным месцам і характэрна трапечучы крыламі. Першая песня птушак звычайна чутная з першых дзён прылёту і нават на ўскраіне горада.

А вы чулі жаўрука? Тады ў найбліжэйшыя выходныя знайдзіце час для шпацыру на свежым паветры, дзе-небудзь побач з полем, рэчкай. Вы іх пачуеце, яны ўжо прыляцелі! А застанецца час - зазірніце да нас у Лідскі музей, і мы пакажам, як яны выглядаюць.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX