Наша слова.pdf № 12, 23 сакавіка 2022 г.
104-я ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі
25 сакавіка
Дваццаць пятага сакавіка -
Годны дзень
Беларускай дзяржавы.
Веснаплынных вятроў талака
Пыл з кароны атрэсла іржавы.
Шматавалі нас досыць арлы
І з адной, і з дзвюмя галавамі.
Мы не з нейкай
бязроднай імглы,
Нас вякі як сваіх
Гадавалі.
Мы - ратаі святла,
Крывічы,
Верхачы неўміруючай Пагоні.
Маладзік сакалом на плячы,
Гартны меч у цвярдое далоні.
Лучыць нашыя мары рака
Бел-чырвона-белага сцяга.
Дваццаць пятага сакавіка -
Наша свята,
Пароль
І прысяга!
Рыгор Барадулін.
"Калі да лёну з паклонам - добра аддзячыць лён"
19 сакавіка ў Ганчарскім Доме культуры адбылося ўрачыстае адкрыццё творчай майстэрні "Калі да лёну з паклонам - добра аддзячыць лён". Дзейнасць яе будзе ажыццяўляцца ў рамках экскурсійнага тура "Вёска - крыніца культуры".
Ліда ТБ.
Герою Нацыянальнага адраджэння паэту Алесю Емяльянаву споўнілася б 70
20 сакавіка споўнілася б 70 гадоў з дня нараджэння паэта Алеся Емяльянава (1952-2005), хаця лёс яму адмераў толькі 53 гады жыцця. У першым сваім паэтычным зборніку "Ранак поўніцца жыццём" (Менск, 1977) паэт пісаў:
Іду я смела між гадоў
І не баюся спатыкнуцца…
Дубы ж растуць з тых жалудоў,
Што аб зямлю ілбамі б'юцца.
Уладзімір Арлоў прыгадвае, што ў Алеся "быў моцны поціск рукі. Ды й самога яго нельга назваць чалавекам слабым…". І гэта сапраўды так. Восенню 1988 года Алесь Емяльянаў не проста стаў сябрам Арганізацыйнага камітэта БНФ "Адраджэньне", але і зарэгістраваў яго па менскім адрасе: вуліца Фрунзе, 5, дзе месціўся Саюз пісьменнікаў і дзе ён працаваў літкансультантам.
У Доме літаратара, у пакоі, у якім былі працоўныя месцы Алеся Емяльянава і Міколы Міхноўскага, быў своеасаблівы "штаб Адраджэння". Сюды вялі многія ніткі, тут завязваліся кантакты, адсюль ішла інфармацыя па Беларусі і ў замежжа. Роля гэтага "штаба" не апісана і не ацэнена ў нашым грамадстве.
Родам Алесь Емяльянаў быў з вёскі Забалацце Чавускага раёна Магілёўскай вобласці. У 1970-х гадах пачаткоўскую паэтычную творчасць яго і Алеся Пісьмянкова шчыра падтрымліваў у Магілёве паэт Аляксей Пысін. У кожнай літаратурнай старонцы "Магілёўскай праўды" друкаваліся вялікія падборкі іх вершаў, якія любілі чытаць жыхары Магілёўшчыны. Многія радкі аматары паэзіі ведалі на памяць. А пісаў Алесь Емяльянаў шчыра і ад душы:
Забалацце,
Зноў я стаю
Ля твайго парога.
Хата пад клёнам,
За пуняй стог.
Забалацце…
Як гэта многа!
Калі ёсць вярнуцца куды
З дарог…
Непасрэднасць пачуцця, душэўная шчырасць, малады настрой і клопат пра той час, калі паэт жыў - усё гэта было характэрна творчай манеры паэта.
Алеь Емяльянаў пасля дзесяцігодкі займаўся ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, працаваў журналістам, служыў у пагранвойсках, працаваў электрыкам у Менску, на Беларускім тэлебачанні, потым паступіў на філфак БДУ. І заўсёды пісаліся вершы. З-пад яго пяра свет пабачылі паэтычныя зборнікі "Нязжатае поле" (1982), "На падкове дарог" (1987) …
Гэтыя радкі няхай будуць данінай яго светлай памяці. Хаця Алесь Емяльянаў заслугоўвае значна болей: і кнігі выбраных твораў, і мемарыяльнай шыльды, і помніка.
Сяргей ЧЫГРЫН. Фотаздымкі з архіва сям'і Алеся Емяльянава.
Настаўнік правінцыйнай гімназіі стварыў дакументальны помнік Віцебшыне
15 сакавіка 2022 года споўнілася 170 гадоў з дня нараджэння Аляксея Парфёнавіча Сапунова (1852-1924) - краязнаўцы, археографа, выкладчыка, грамадскага дзеяча, аднаго са знакамітых беларускіх гісторыкаў апошняй чвэрці ХIХ - першай чвэрці ХХ ст.
Да юбілею вучонага ў 2021 годзе Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з Віцебскім краязнаўчым музеем пры ўдзеле Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь быў распрацаваны праект "Руплівец беларускай даўніны", які сёлета, у Год гістарычнай памяці, прэзентаваў віцебскі музей.
Праект прысвечаны кніжнай спадчыне А.П. Сапунова і аб'ядноўвае два зборы: матэрыялы асабістага архіва вучонага з фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея і кнігазбор А.П. Сапунова з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Аляксей Парфёнавіч Сапуноў нарадзіўся 15 сакавіка 1852 года ў мястэчку Усвяты, якое належала да Суражскага павета Віцебскай губерні ў сям'і небагатага купца і сялянкі. У 1862 годзе бацька адвёз Аляксея па навуку ў губернскі Віцебск у мясцовую Аляксандраўскую гімназію, навучанне ў якой доўжылася сем гадоў. У 1869 годзе А. Сапуноў паехаў паступаць у Пецярбурскі ўніверсітэт, дзе вучыліся пераважна дзеці дваран. Па заканчэнні гістарычна-філалагічнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта Аляксей Сапуноў вярнуўся ў Віцебскую гімназію і пачаў выкладаць старажытныя мовы, адначасова ён займаўся вывучэннем і зборам гістарычных дакументаў. Першая яго публікацыя, прысвечаная гісторыі горада, з'явілася ў 1881 годзе. Першы том "Віцебскай даўніны" выйшаў з друку ў 1883 годзе. Яго адметнай асаблівасцю была вялікая колькасць уведзеных аўтарам у тэкст ілюстрацый - факсіміле асобных дакументаў, пячатак, гравіраваныя партрэты гістарычных асобаў і помнікаў архітэктуры, планы і карты. Першы том Віцебскай даўніны напаткаў шумны поспех. Праца, якая выйшла ў правінцыі, была заўважана ў сталіцы і буйных навуковых цэнтрах Расійскай імперыі. Пасля выхаду "Віцебскай даўніны" ў Аляксея Сапунова склаўся план усёй серыі. Абапіраючыся на зробленыя ў архівах напрацоўкі, А. Сапуноў распрацаваў змест наступных пяці тамоў кнігі.
А.П. Сапуновым усяго напісана каля 50 кніг і брашур, а таксама дзесяткі навуковых артыкулаў і нарысаў, прысвечаных гісторыі, этнаграфі, археаграфіі Віцебскага Падзвіння. Навуковец упершыню выявіў, сабраў, пераклаў і выдаў вялікі пласт першакрыніц на гісторыі рэгіёна. Найбольш вядомымі выданнямі з'яўляюцца кнігі "Віцебская даўніна" і " Рака Заходняя Дзвіна".
А.П. Сапуноў з'яўляўся дзейным членам Рускага геаграфічнага таварыства, Гістарычнага таварыства пры Санкт-Пецярбургскім універсітэце, Віцебскага губернскага статыстычнага камітэта, Смаленскай вучонай архіўнай камісіі, Таварыства вывучэння Магілёўскай губерніі, Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве і іншых установаў.
"А.П. Сапуноў у галіне даследавання Віцебшчыны пакінуў значыню спадчыну, што яго імя будзе бессмяротным сярод вучоных Беларусі,- адзначаў М. Багародзіцкі ў 1925 годзе.
Усе працы Аляксея Парфёнавіча шматбочныя па закранутым тэмах і характарызуюць Віцебшчыну з усіх бакоў. Імі прыходзіцца карыстацца і археолагам, і географам, і натуралістам. Можна толькі здзіўляцца, як мог прарабіць такую тытанічную працу адзін чалавек, выключна забяспечаны мізерным заробкам настаўніка правінцыйнай гімназіі, які правёў большую частку свайго працоўнага жыцця сярод правінцыяльнай штодзёншчыны."
На адкрыцці выставы 15 сакавіка выступілі намеснік дырэктара Віцебскага краязнаўчага музея В. А. Шышанаў, вядомы віцебскі краязнавец, кандыдат гістарычных навук Мікалай Васільевіч Півавар, культуролаг і кнігазнавец Алесь Суша і іншыя.
На імпрэзе прысутнічалі прадстаўнікі віцебскай грамадскасці, студэнты гістарычнага факультэта, навукоўцы, а сярод іх знаходзілася таксама аўтар кнігі пра А. Сапунова " Гісторык з Віцебска" Людміла Хмяльніцкая.
М.В. Півавар адзначыў, што прыклад краязнаўца Аляксея Сапунова з'яўляецца сёння вельмі важным для моладзі, для тых, хто хоча пазнаваць і вывучаць родны край.
Супрацоўніца краязнаўчага музея Н.П. Варламава правяла для гасцей экскурсію па выставе і распавяла пры жыццёвы шлях і дзейнасць Аляксея Сапунова.
Эла Дзвінская, фота аўтара.
Разыначка культурна-масавых мерапрыемстваў у Палацы культуры г. Ліды - шоў славутасцяў на баціках
Калекцыя сцэнічных касцюмаў пад назвай "Бацік-шоў", якую Палац культуры выкарыстоўвае пры правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў, - творчасць сумесная.
Ідэя стварэння касцюмаў належыць супрацоўнікам установы, пашыты ўборы таксама ўласнымі сіламі. Арыгінальныя галаўныя ўборы - вянкі з прамянямі з саломкі, якія нагадваюць сонечныя, - вырабляліся майстрыхамі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".
Разыначкай жа касцюмаў з'яўляецца размалёўка па баціку, выкананая дырэктарам ДУА "Лідская дзіцячая мастацкая школа мастацтваў" Валянцінай Грышкевіч, якая, намаляваўшы аб'екты на тканіне, ператварыла архітэктурныя славутасці Лідчыны ў мастацкія.
У іх ліку аб'екты Дзяржаўнага спісу гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Сярод іх пярліна Гарадзеншчыны і галоўная візітная картка нашага горада - Лідскі замак.
Абарончае збудаванне, пабудаванае ў 1323 годзе па даручэнні князя Гедыміна, уваходзіла ў лінію абароны ад крыжакоў Наваградак - Крэва - Меднікі - Трокі і на сваім вяку пабачыла нямала бітваў, аблог і разбурэнняў. У 2009-2020 гадах у Лідскім замку вяліся працы па рэканструкцыі і рэстаўрацыі, і зараз турыстычны аб'ект актыўна прымае жыхароў горада, а таксама гасцей з блізкага і далёкага замежжа. Толькі летась помнік абарончага дойлідства XIV стагоддзя наведала больш за 60 тысяч чалавек.
Яшчэ два ахоўваныя дзяржавай аб'екты гістарычна-культурных каштоўнасцяў краіны - Свята-Міхайлаўскі кафедральны сабор і Крыжаўзвіжанскі фарны касцёл - таксама знайшлі адлюстраванне ў калекцыі Палаца культуры "Бацік-шоў".
Вяртаючыся да гісторыі, адзначым, што ў канцы XVIII-пачатку XIX стагоддзя сабор быў пабудаваны як каталіцкі храм пры манастыры піяраў. Будынак з'явіўся развіццём адмысловай лініі архітэктуры касцёлаў, якая складаецца ў будаўніцтве цэнтрычных ратондальных купальных храмаў, што ўмоўна адсылалі да антычнасці і пантэону ў Рыме. У 1863 годзе касцёл, які згарэў у 1842 годзе, быў перададзены праваслаўнай царкве. З 1960-х гадоў будынак стаў выкарыстоўвацца як музей і планетарый. Праваслаўнай царкве храм быў вернуты ў 1996 годзе.
Крыжаўзвіжанскі фарны касцёл - помнік архітэктуры ў стылі барока - быў пабудаваны ў 1765-1770 гадах па праекце архітэктара Іягана Глаубіца. У інтэр'еры храма выдзяляецца фрэскавая размалёўка скляпенняў і сцен, а таксама арнаментальная лепка і скульптуры ў стылі ракако. На пілоне ў левай частцы касцёла знаходзіцца ўшанаваны мясцовымі католікамі абраз Маці Божай Ружанцовай.
Таксама ў лідскай калекцыі ёсць малюнак найстарэйшай царквы горада - Свята-Георгіеўскай, размешчанай каля завода электравырабаў. Пабудавана яна была ў 1875 годзе на тэрыторыі могілак, і ёй прызначалася стаць звычайнай капліцай. Але лёс храма склаўся інакш, яго высвенцілі ў гонар Георгія Пераможца. Гэта адзіны праваслаўны храм, які ніколі не зачыняўся і ў якім без малога паўтара стагоддзі бесперапынна гучаць малітвы.
Уключана ў калекцыю "Бацік-шоў" і царква Усіх Святых, збудаваная ў Лідзе, у раёне рынку ў 2006 годзе Будаўніцтва храма доўжылася 16 гадоў. Царква падзяляецца на два ўзроўні: яна складаецца з ніжняга крыптавага храма, асвечанага ў гонар святога вялікапакутніка і лекара Панцеляймона, і непасрэдна з храма Усіх Святых (верхняга). Будынак пабудаваны з белай цэглы ў выглядзе крыжа. Галоўнымі святынямі праваслаўнага храма лічацца абраз Матроны Маскоўскай, ушанаваны як цудатворны, і абраз у гонар Усіх Святых, перад якім могуць маліцца вернікі любога веравызнання.
Акрамя таго, у калекцыю "Бацік-шоў" увайшлі малюнкі будынкаў ЗАГС-а, Палаца культуры і Лёдавага палаца.
У лютым бягучага года падчас візіту міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатоля Маркевіча ў Ліду калекцыя была прадэманстравана чальцу ўрада. Высокапастаўлены госць ухваліў вынік сумеснай працы супрацоўнікаў розных устаноў сферы культуры.
Лілея Лапшына.
Спектакль узорнага тэатра "Какос" па п'есе Н. Самарадзіной "Хто скраў "Ку-ку?"
18 сакавіка адбыўся спектакль узорнага тэатра "Какос" па п'есе Н. Самарадзіной "Хто скраў "Ку-ку?" для наведвальнікаў установы адукацыі "Дзяржаўны Лідскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі" ў рамках пасяджэння аматарскага аб'яднання для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі "Серабрысты праменьчык".
Дзеці з радасцю паглядзелі спектакль пра камічны выпадак у лесе, а пасля паказу змаглі сфатаграфавацца з прыязнымі героямі казкі.
palac.by.
У Лідскім замку адкрылася выстава Уладзіміра Шаркова "Славутасці Беларусі", прымеркаваная да Года гістарычнай памяці
Мастак, графік, жывапісец, чалец Беларускага саюза мастакоў Уладзімір Шаркоў добра вядомы ў Беларусі і за мяжой па акварэльных малюнках гарадоў і славутасцяў.
Палітру мастака складаюць вытанчаныя лініі, мяккія колеры. Малюе гарады Уладзімір Шаркоў такімі, якімі ўбачыў іх упершыню ў рэальным жыцці або ў архіўных крыніцах. Удасканальвае, дадае дэталі, але імкнецца захаваць выявы нібы вычышчанымі ад павеву хуткабежнага часу.
У экспазіцыі "Славутасці Беларусі" можна ўбачыць Лідскі замак князя Гедыміна, Гальшанскі замак, руіны Наваградскага і Крэўскага замкаў, царкву ў Заслаўі, Марыінскі кафедральны і Свята-Духаў кафедральны саборы ў Менску, гарадскія ратушы Менска і Нясвіжа, іншыя вядомыя славутасці нашай краіны. Некаторыя працы падобныя на старыя фатаграфіі, а некаторыя здаюцца жывымі і рэальнымі.
Сімвалічна: выстава адкрылася ў Год гістарычнай памяці - год, калі варта нагадаць пра культурнае багацце нашай краіны, унікальных нацыянальных асаблівасцях архітэктуры, шэрагі гістарычных падзей, якія стаяць за кожным помнікам і замкам, вежай, царквой, касцёлам. Рамантычныя, душэўныя, добра знаёмыя выявы і пейзажы даюць унікальную магчымасць на працягу адной экскурсіі па выставе наведаць шматлікія прыгожыя беларускія гарады, аддаць даніну павагі гістарычнай і культурнай спадчыне, асэнсаваць яго вечную каштоўнасць, задумацца і адказаць сабе на пытанне, што пакінем нашчадкам.
lixmuseum.by.
Конкурс "Лепшая паштовая марка Рэспублікі Беларусь 2021 года"
З 18 студзеня па 18 лютага 2022 года на платформе інтэрнэт-партала РУП "Белпошта" ў рэжыме аўтаматызаванай сістэмы галасавання праводзіўся конкурс "Лепшая паштовая марка Рэспублікі Беларусь 2021 года". У анлайн-галасаванні прынялі ўдзел 8 982 чалавекі.
Перамог паштовы блок "Каложскі абраз Божай Маці" з вынікам 3 188 галасоў.
Блок № 150 (марка № 1436).
У авароце з 28 кастрычніка 2021 г.
Месца гашэння: Гародня-25.
Другое месца - "З Нараджэннем Хрыстовым!"
Марка № 1435. А. Нумар па каталогу: 1435.
У авароце з 28 кастрычніка 2021 г. Месца гашэння: Менск-паштамт.
Трэцяе месца - "Трактар Belarus-1222.3".
Марка № 1415. А. Нумар па каталогу: 1415.
У авароце з 27 траўня 2021 г. Месца гашэння: Менск-паштамт.
Чацвёртае месца - "Чыгуначны вакзал цэнтральнай станцыі ў Брэст-Літоўску. 1905 г."
Марка № 1438. М. Нумар па каталогу: 1438.
У авароце з 16 лістапада 2021 г.
Месца гашэння: Менск-паштамт, Берасце-10.
Як і калі з'явілася шкло?
Пра гэта і не толькі даведаліся школьнікі 11-й лідскай школы
Сёння немагчыма ўявіць жыццё чалавека без шкла. Посуд, вазы, ёмістасці для вадкасці і многае іншае - усё гэта неабходныя прадметы для нашага паўсядзённага жыцця. На лідскай зямлі ёсць прадпрыемства з больш чым векавой гісторыяй. Гэта ААТ "Шклозавод "Нёман". Менавіта туды ў рамках рэалізацыі рэгіянальнага праекту "Эканоміка. Асоба. Будучыня" адправіліся вучні 9 "Б" класа 11 лідскай школы, каб сваімі вачыма пабачыць, як вырабляецца шкло.
Першым аб'ектам наведвання стала само прадпрыемства. Школьнікі ўбачылі ўвесь працэс вытворчасці шкляных вырабаў. З печы майстры-шкловыдзімальнікі бяруць вадкае рэчыва, тэмпература якога дасягае 1500 градусаў, і за лічаныя хвіліны, пакуль яно не астыла, ператвараюць у дзіўныя шкляныя вырабы. Але гэта, як аказалася, яшчэ не ўсё. Шкляныя вырабы праходзяць спецыяльны абпал, але і гэта яшчэ не ўсё. Далей школьнікі пабывалі ў цэху па вытворчасці крышталю і змаглі ацаніць наколькі гэта тонкая праца, якая патрабуе асаблівай увагі.
Другім аб'ектам стаў музей, дзе вучні пачулі гісторыю станаўлення прадпрыемства ў Бярозаўцы, убачылі партрэты людзей, якія ў далёкім 1883 годзе пачыналі шкляную вытворчасць на Лідчыне, а таксама звярнулі ўвагу на станок, на якім у тыя далёкія часы выраблялі бутэлькі. Унікальнай магчымасцю для ўсіх стала тое, што ў залах музея сёння сабраны экспанаты са шкла рознага часу вытворчасці: пачынаючы з 1900 года і да нашых дзён. Падлеткі змаглі палюбавацца шэдэўрамі з каляровага шкла і крышталю, дэкаратыўнымі вырабамі, створанымі мастакамі і майстрамі завода.
Трэцім, не менш цікавым аб'ектам, стаў фірменны магазін ААТ "Шклозавода "Нёман". Там школьнікі ў поўнай меры змаглі ўбачыць увесь асартымент вырабаў прадпрыемства. Здавалася, што дзеці трапілі ў крыштальнае царства. Усё блішчэла і іскрылася. Сюрпрызам для навучэнцаў сталі сувеніры на добрую памяць аб наведванні шклозавода "Нёман".
Наталля АНАШКЕВІЧ, класны кіраўнік 9 "Б" класса сярэдняй школы № 11 г. Ліды.
З успамінаў д-ра Юльяна Цітыюса1
Пра доктара Юльяна Цітыюса
Доктар Юліян Цітыюс (1819-1898), сын віленскага рэстаратара Аўгуста Цітыюса (?-1839), быў у Вільні вельмі вядомай асобай. Працаваў ён у віленскіх шпіталях Савічы і св. Якуба, быў членам Віленскага дабрачыннага таварыства і Віленскага медыцынскага таварыства. З'яўляўся вядомым калекцыянерам. Пасля заканчэння Віленскай медыцынскай акадэміі Цітыюс вучыўся ў самых вядомых прафесараў у Празе, Лондане і Вене. Пасля вяртання ў Вільню ён ужываў самыя перадавыя метады лячэння, заслужыў давер, любоў і ўдзячнасць пацыентаў. Юліян Цітыюс лячыў не толькі заможных, але і бедных пацыентаў і не проста бясплатна, але нават часта сам матэрыяльна падтрымліваў іх.
Ніжэй падаецца пераклад успамінаў доктара Цітыюса, якія друкаваліся ў 1922 г. у віленскім "Пшэглёндзе Віленскім" і каментары Уладзіслава Талочкі да часткі ўспамінаў віленскага доктара, якія выйшлі ў тым жа выданні.
Леанід Лаўрэш.
Ад рэдакцыі "Пшэглёнда Віленскага":
Пра ўспаміны д-ра Юльяна Цітыюса (1820-1898) напісаў др. Юзаф Бялінскі ў № 10 "Тыгодніка Віленскага" за 1911 г. Успаміны Цітыюса - фаліянт у 42 аркушы ў скураной вокладцы, напісаны добрым почыркам, захоўваецца ў бібліятэцы імя Урублеўскіх. Успаміны ахопліваюць значную частку XIX ст., змяшчаюць цікавыя матэрыялы пра незвычайна разгалінаваныя стасункі папулярнага ў Вільні лекара і маюць не толькі аўтабіяграфічную, але і гістарычную каштоўнасць. Не чакаючы поўнага выдання гэтых мемуараў, пачынаем друкаваць цікавыя фрагменты ў храналагічным парадку, так, як іх запісваў сам аўтар.
1.
1838 г. памятны тым, што вясной памёр слаўны доктар і прафесар Віленскай акадэміі Андрэй Снядэцкі2, брат астранома Яна Снядэцкага3, які шэсць гадоў быў рэктарам універсітэта і памёр, здаецца, у 1830 г.
Імяніны Андрэя студэнты апошні раз святкавалі ў 1837 г. у мурах клінікі, дзе ён выкладаў практычную медыцыну. Зала была аздоблена пальмамі і кветкамі, і сярод іх стаяў бюст шаноўнага віноўніка свята. Выступалі на лаціне, але апошняя прамова студэнта старэйшага курса Адама Пянкевіча была імправізацыяй, якая пачыналася наступнай страфой:
Штодзень даўні ўклад знікае,
Штодзень да новага заве,
Ды сістэма Каперніка трывае,
Ды тэорыя Снядэцкага жыве.*
Прычынай яго смерці была язва на карку. Ганаровае пахаванне ў касцёле св. Яна. Знакаміты прамоўца кафедры, ксёндз Людвік Трункоўскі, сказаў прамову, а труну вучні неслі ажно да Вострабрамскай рагаткі, дзе яе паклалі на воз і павезлі ў маёнтак Болтупі ў Ашмянскім павеце4. У памяць пра Снядэцкага, злева ад паштовага тракту, студэнты насыпалі курган. Было мала рук і часу таму гэты курган не стаў сапраўдным помнікам пасярод суседніх пагоркаў.
Калі імправізаваная праца падыходзіла да канца, пайшоў вясенні дождж і ўдарылі маланкі. Тлум асоб рознага ўзросту, полу і стану хутка вярнуўся ў горад.
Анекдот па тэме.
Была тады ў Вільні пры Акадэміі тыповая і папулярная ў горадзе рэстарацыя панны Ганны Хольснер. У зале шмат гасцей. Уваходзіць тоўсты пан, бландзін з вусамі і ў віц-мундзіравым фраку і падае ў крэсла, выціраючы пот з румянага твару. Вітае знаёмых і кажа: "Але і змучыўся! Спачатку сагрэўся, а потым дождж мяне заліў. Ажно за горад праводзіў калегу".
На гэта адзін з сучаснікаў, хуткі і праўдзівы, не апошні ў Вільні чалавек (Шкультэцкі) адказаў: "Ты - асёл, калі называеш Снядэцкага сваім калегам. Не кажы так, бо ўсе будуць смяяцца". "Брава, Шкултэцкі!", - закрычалі ўсе тыя, хто вяртаўся з пахавання.
Нефартунны ягамосць аднак усё ж у нейкім сэнсе быў калегам, бо выкладаў студэнтам акадэміі курс … коннай язды, г. зн. быў прафесійным бярэйтарам. Ён заўсёды насіў прафесарскі віц-мундзір, прозвішча яго было Хебах, і паходзіў ён з Кракава.
1844. У траўні, падчас прыезду ўдзельнікаў на так званыя кантракты, інтэлігентныя аматары давалі дабрачыннае тэатральнае прадстаўленне ў Вялікім тэатры які знаходзіўся на Віленскай вуліцы. Тады гралі камедыю графа Ал. Фрэдры5 "Помста". Прыпамінаюцца былыя ўніверсітэцкія часы. Каля 1820 г. аўтар - арыстакрат адмыслова напісаў свой твор у 5 ці 6 актах. У горадзе распаўсюдзіліся лісты з не зусім прыстойным вершыкам:
Перад святасцю намеру хай укленчыць кожны,
Для любові бліжняга і... паплакаць можна.*
З часам існаванне тэатра пачало камусьці муляць. Было вырашана ўжываць рускую мову разам з польскай і з даходаў горада заплаціць на гэта 3000 руб. Але цывільны губернатар пажадаў купіць гэты тэатр і патрабаваў не малых рэпарацый у памеры 12 ці 14 тысяч рублёў за гмах і плошчу перад ім. Гаспадыня (Кажынская)6 не пагадзілася, і яе зяць хутка перарабіў верхні паверх тэатра ў кватэры, а ніжні ў аптэку (Мікутовіча) і крамы.
Паўвека гэта быў дом муз. Пабудаваны Мараўскім у 1796 г. і прададзены яго ўдавой знакамітаму акцёру і антрэпрэнёру Мацею Кажынскаму, які са сваёй віленскай операй ездзіў у Пецярбург і Маскву. Першы публічны тэатр у Вільні адчыніў слаўны Войцех Багуслаўскі ў 1785 г. у палацы Аскеркі, які потым быў перароблены Мікалаем Абрамовічам і набыты для віленскіх губернатараў.
1846. Адкрыццё дзяржаўнага польска-рускага тэатра ў вялікай зале Ратушы, дзе адбываліся соймікі і канцэрты.
Цывільны губернатар Жарабцоў чынна гэтым займаўся. У абодвух канцах зала былі збіты каланады, усталявана сцэна і на слупах зроблена ложа. Вось ужо паўвеку, на шчасце, не было пажару, і тая ложа ўсё гэтак жа трымаецца на драўляных слупах.
Пра гэты зал з захапленнем успамінаў у Дрэздане слаўны скрыпач Караль Ліпінскі7, і ўсе спявачкі таксама хвалілі цудоўную акустыку. Тут горад даваў баль для цара Аляксандра І.
1848. Зачынены заслужаны інстытут спадарыняў Герман, у якім шмат бедных дзяўчатак бясплатна атрымала адукацыю. Гэтыя шляхетныя людзі сталі ахвярай інтрыг.
Год запомніўся страшнай халерай улетку.
1851. 17 кастрычніка смерць пачцівага прафесара Віленскага ўніверсітэта, а потым Віленскай акадэміі Фелікса Рымкевіча8. Меў незвычайную памяць. Слаўны Андрэй Снядэцкі называў яго "ходнай бібліятэкай".
Пасля смерці Снядэцкага Рымкевіч быў абраны дырэктарам клінікі ўнутраных хвароб, а пасля забароны ўніверсітэта і акадэміі не прыняў прапановы працаваць у іншых універсітэтах. З Абіхтам9 меў братэрскае сяброўства з маладосці да труны. Калі яшчэ не быў жанаты, разам з ім улетку жыў ў прыгожых Маркуцях. Абодва мелі праўдзівы і лагодны характар. Пагарджалі самым нявінным шарлатанствам і былі ўзорам для цэлага пакалення практыкуючых лекараў, іх глыбока шанавалі, а пад стараць нават любілі.
Дзякуючы ім, я маю свае прынцыпы і веды.
Рымкевіч пасля адпачынку і лекавання ў Бадзе-Кісінгене паехаў лячыцца ў Лондан, але дарэмна, бо рак страўніка невылечны. Абіхт закрыў яму вочы. Халодны быў чалавек, але заплакаў.
1855. 27 траўня шляхта Віленскай, Гарадзенскай і Ковенскай губерняў сустрэла Назімава10 прыгожым балем у залах дома Мюлера (потым Шышкі, зараз яго зяця Слатвінскага), дзе раней была Рэсурса11.
З-за манаршай ласкі мелі вялікую радасць ва ўсім краі, бо цар прыслаў чалавека справядлівага, праўдзівага і сардэчнага. Яшчэ ў 1841 г. ён выявіў інтрыгі некалькіх вышэйшых чыноўнікаў, якія з дапамогай сфальшаваных сведчанняў абвінавацілі мноства заможных і ўплывовых асоб і трымалі іх у вязніцы больш за год.
Назімаў расказаў цару Мікалаю ўсю праўду, і цар, які на пачатку не паверыў, паслаў у Вільню генерал-ад'ютанта Кавеліна12, які выпусціў нявінных з турмы13. […] Пасля гэтага Назімаў атрымаў чын генерала світы. […]
Калі б на тым вясёлым балі (я быў на ім) знайшоўся нейкі прарок, які б сказаў: "Роўна праз сем гадоў тут у Вільні будуць стаяць шыбеніцы і пацячэ кроў вінаватых і невінаватых. Ухіліцеся ад гэтага, покуль яшчэ магчыма, вы бацькі сямействаў!" - усе палічылі б яго за вар'ята, за шаленца. Аднак ідэі Гарыбальдзі і Мераслаўскага14 з Варшавы прыйшлі на ціхія вулачкі Вільні. Маладое, недасведчанае пакаленне не паслухала старэйшых, бацькі спрабавалі з імі змагацца, але дэкламацыі, запал і энергія моладзі перамагалі.
Толькі Назімаву Вільня павінна быць удзячнай за чыгуначную лінію, бо па планах французскай кампаніі, каб скараціць шлях, чыгунка на ўчастку ад Пецярбурга да Гародні павінна была абмінуць Вільню. Таксам яму трэба быць удзячным за набярэжную Віліі, сквер каля Кафедры і перанос Берасцейскага кадэцкага корпуса з Масквы ў Вільню. А яго жонцы трэба быць удзячнымі за школу швачак і краўчых, якая атрымала назву Вострабрамскай і ў якой да 50 бедных дзяўчынак вучыліся на поўным утрыманні і мелі навуку за кошт гэтай спадарыні.
2.
1856. На пачатку жніўня я з мітрапалітам Жылінскім15 выехаў праз Менск і Бабруйск у Маскву на каранацыю. Па дарозе, у Лебедзеве, у шамбеляна Ц. Цывінскага пазнаёміўся з маладзенькім доктарам Зянонам Цывінскім, які толькі што прыехаў з Масквы, а ў Радашковічах з інтэлігентнай спадарыняй В. Паміж Менскам і павятовым горадам Ігуменам мы на цэлы дзень спыніліся ў прыгожай і стаўшай нядаўна вядомай рэзідэнцыі Дукоры, маёмасці шматгадовага маршалка Менскай губерні Оштарпа16. Ён быў агульнавядомы сваёй гасціннасцю. Чаго там не было! Уласны аркестр, з Менска часта прыязджаў польскі тэатр ці конны цырк. Пасля пераносу Віленскай акадэміі ў Кіеў ў Дукоры ціха жыў "як быццам калега" Снядэцкага Хебах, ён служыў настаўнікам коннай язды для трох дачок маршалка.
Дасціпны, але трошкі зласлівы паэт, у старасці страціўшы зрок, аўтар надрукаваных эпіграм Ігнат Легатовіч17, увекавечыў гэту рэзідэнцыю двухрадковым вершам:
Па смерці Оштрапа ў Дукоры
Змены значныя прайшлі,
Паны піць перасталі ад учора,
А мужыкі там есці пачалі.*
Залатыя купалы "сорока сороков"18 цэркваў асляпілі нас здалёк. Чароўны від з гары, з якой ішла ўніз дарога. Сонца свяціла нам у спіны і перад сваім заходам асвяціла горад, які раскінуўся перад намі, а іскры золата на купалах мігацелі і блішчэлі так, што трэба было прыжмурваць ці нават заплюшчваць вочы. Толькі адсутнасць сіняга мора, як у Басфоры, падказвала, што перад намі Масква, а не Канстанцінопаль.
У той час была не надта моцная эпідэмія халеры. Але мне давялося лячыць ад халеры нашых землякоў, якія таксама прыехалі сюды: гр. Рэйнальда Тызенгаўза, маршалкаў Дамейку19 і Станіслава Хамінскага, а таксама Калікста Ажэшку20. Усе яны выздаравелі.
Арэшка і Дамейка як губернскія маршалкі запрашаліся да міністра ўнутраных спраў Ланскога21, дзе іх сакрэтна агітавалі за вызваленне сялян. Рускія маршалкі і саноўнікі працівіліся гэтаму, і на іх чале стаяў міністр дзяржаўнай маёмасці Міхаіл Мураўёў22. Нашы нагадалі, што віленскія соймікі яшчэ ў 1818 г. хацелі даць сялянам волю, але тагачасны генерал-губернатар соймікі закрыў, а маршалка Міхала Ромера23 арыштаваў.
На дадзеным нам літаратурным вечары да мяне падышоў нейкі спадар і сказаў: "Вы з Вільні, і мы можам размаўляць па-польску". Гэты быў Каткоў24, які праз сем гадоў атрымае вядомасць. Каткоў меў першую жонку польку з Любічанкоўскіх, сястру двух братоў - дактароў. Пасля яе смерці жаніўся з княжной, з якой меў цэлы тузін нашчадкаў.
1857. Падарожжа за мяжу. Меў вялікі смутак. Мой калега па шпіталю св. Якуба і галоўны лекар Юльян Машынскі (бацька сучаснага доктара Стэфана Машынскага), пасля кароткай хваробы (флебіт) памёр. Калі выязджаў з краю, ён праводзіў мяне за горад, потым мы перапісваліся, нават калі я быў у Парыжы. Смерць забрала майго добрага сябра і выдатнага, паважанага грамадствам лекара. Яго смерць зрабіла бессэнсоўнай маю працу ў шпіталі. Паветра там не для мяне. Часу забірала шмат, а аплата малая. Жадалі прызначыць галоўным лекарам мяне, але я не пагадзіўся, тым не менш на працягу года выконваў гэтыя абавязкі. У 1858 г. расстаўся са шпіталем, адпрацаваўшы 8 гадоў у шпіталі ў Савічах (толькі ўнутраныя хваробы) і 8 гадоў у шпіталі св. Якуба (хваробы ўнутраныя і акушэрства). Пасля гэтага заняўся прыватнай практыкай у горадзе.
У тым жа годзе пайшоў у вечнасць заслужаны, светлы і самы папулярны віленскі практык др. Францішак Урублеўскі, некалі ад'юнкт прафесара Франка25, чалавек рэдкай сціпласці.
Пераезд у Варшаву на пасаду дырэктара оперы шляхетнага сябра і знакамітага кампазітара Станіслава Манюшкі26. Пазнаёміліся мы за 20 гадоў да гэтага, калі з Менска праз Вільню ў Берлін ён ехаў у кансерваторыю, дзе слаўны ў той час прафесар Рунгенхаген быў яго настаўнікам. У канцы 1840 г. пасяліўся ў Вільні. Граў на Святаянскіх арганах, пісаў спеўнікі (6 сшыткаў), кантаты (Мільда і Ніёла, тэкст з літоўскай міфалогіі), якімі сам дырыжыраваў. Пярлінай сярод іх была "Галька", якая першы раз ставілася ў Вільні 16 лютага 1854 г., а ў Варшаве ў 1858 г., калі аўтар пераехаў туды27.
Для мяне ад'езд гэтага мілага, светлага чалавека з рэдкім досціпам быў стратай, якую немагчыма забыць. Гэта была страта для ўсіх, хто любіў музыку і асабліва для спевакоў-аматараў, якія спявалі кампазіцыі Манюшкі на музыкальных вечарах, гэткіх асоб як Боландзь, Ільцэвіч ці прафесар Цілях, які меў самы прыемны тэнар у Вільні. Маю шмат запісак Манюшкі, мы дзяліліся ўражаннямі і бавіліся імправізаванымі вершамі.
1858. Памятаю наведванне Вільні ў верасні царом Аляксандрам І. Ён першы раз прыехаў у наш горад і быў з энтузіязмам сустрэты. Заснавальнік Віленскага музея гр. Яўстах Тышкевіч28 меў гонар прымаць яго. Цар зрабіў запіс у кнігу наведвальнікаў і пахваліў зборы. Граф Міхал Тышкевіч29 за дзве мілі па дарозе на Вількамір зладзіў добрае паляванне.
У сваёй прамове да шляхты літоўскіх губерняў, акрамя іншага цар сказаў: "Дзякуй вам за удзел у справе паляпшэння быту сялян. Вы першыя паказалі ўзор, і ўся імперыя рушыла за вамі. Я ўпэўнены, што вы будзеце дапамагаць мне ва ўсім". І дадаў: "Яшчэ раз дзякую вам за сардэчны, ветлівы прыём. Мне прыемна быць у вашым атачэнні. Я спадзяюся на вас".
Прыгожы баль у шляхочым клубе. Манументальныя сходы вялі ў вялікую залу, пераробленую парыжскім дэкаратарам у рэстаранную залу.
Другі вечар Аляксандр ІІ правеў у польскім тэатры. Паказвалася камедыя з танцамі і спевамі Юзафа Кажанеўскага "Дажынкі". Актор у ролі вясковага арганіста сваім віншаваннем і ўстаўнымі спевамі (лепшы комік Малеўскі) пацешыў цара, а па-зухвальску станцаваная мазурка яму спадабалася.
Забыўся сказаць, што Музей старажытнасці ахвяраваў яму выданне, напісанае адмыслова ў памяць наведванне царом Вільні. Кніга на працягу лета выдадзена на пяці мовах як прысяга народаў Літвы. Гэты друкаваны падарунак выклікаў адмоўную рэакцыю ў Варшаве і Парыжы. Ананімных аўтараў назвалі адступнікамі. Не хапіла розуму ці такту зразумець, што малады манарх, пасылаючы Назімава ў Вільню, засведчыў, што будзе шанаваць наш народ, калі мы будзем вернымі манарху30. Ён на тым балі падчас вячэры, з правага боку меў гаспадыню, маршалкавую Гарадзенскай губерні Ажэшку (з Скірмунтаў), а з левага - генерал-губернатара Назімава і пасярод размовы па-французску са спадарыняй Ажэшкай размаўляў па-польску.
1859. Нарэшце, праз 5 гадоў, Вільня зноў убачыла паўсюдна любімага і шанаванага доктара Райкоўскага. Выязджаў ён у Ніжні, потым у Парыж, дзе пільна вывучаў навінкі медыцыны і акулістыкі.
Канец лета правёў у Варшаве ў жонкі міністра і сенатара Вычахоўскай-Гізэ. Тут пазнаёміўся з графам Андрэем Замойскім31. Калі зрабіў яму заўвагу, што запал моладзі можа прывесці да … паўстання, граф з жывасцю ўскочыў з крэсла і, заломваючы рукі, закрычаў: "Хай Пан Бог ад гэтага нас бароніць!".
1860. Смерць прафесара медыцыны ва ўніверсітэце, а потым Віленскай акадэміі Адольфа Абіхта. 3 жніўня. Гэты шляхетны муж заўсёды стаяў на варце чысціні і святасці навукі Гіпакрата. Як прафесар паталогіі, гэтай філасофіі медыцыны, выкладаў з непараўнальным талентам. У кароне нашых прафесараў Абіхт быў самай дарагой пярлінай. Глыбокі мысляр, меў паэтычны склад душы, любіў прыгожую прыроду і музыку. Любоў да праўды і інтэлект прыносілі яму перамогі падчас кансультацый з іншымі лекарамі. Ён паважаў сваю прафесію і ствараў з усіх нас адзіную сям'ю. Рана пазнаў людзей, а пра сабе заўсёды казаў цытатай Лафантэна: "Да пары збан ваду носіць, покуль не паб'ецца". Мой добры калега Станіслаў Вікшэмскі прыгожа прамовіў над яго магілай.
У першыя дні кастрычніка цар Аляксандр ІІ прыбыў у Вільню па праведзенай з Дынабурга чыгунцы, якая яшчэ не працавала для грамадства. Генерал-губернатар прыняў гэта як доказ царскай міласці да горада, які пакінуў у цара добрыя ўспаміны пры папярэднім наведванні. На жаль, калі гэта вестка дайшла да Варшавы, наш палітычны гарызонт пакрыўся хмарамі. Галоўныя жыхары горада і свецкія дамы атрымалі ананімныя лісты з забаронай быць на балі з царом, гэтыя лісты я сам чытаў.
Дайшло да таго, што Назімаў быў вымушаны папярэдзіць Аляксандра … Назімаў хацеў зрабіць баль у памяшканні цывільнага губернатара для высокага госця і прыбыўшага з ім вялікага князя Саска-Веймарскага (стрыечнага брата цара), князя Гессен-Касельскага (швагер цара) і двух прускіх князёў, бо свой палац уступіў цару. Я быў на тым балі і бачыў толькі некалькі мясцовых дам. Цар танцаваў з імі паланезы і доўга размаўляў са старой сяброўкай Аляксандра І, знакамітай акторкай, графіняй Шуазёль-Гуф'е (з Тызенгаўзаў)32.
Прымаючы на ранку ў палацы шляхту і чыноўнікаў, цар не прамаўляў, а гутарыў толькі з адным князем Агінскім33, бацькам Міхала і Багдана.
1 Ze wspomnien d-ra Juljana Titusa // Preglad Wilenski. 1922. № 2-4. S. 2-5.; 1922. № 5-6. S. 2-6.;1922. № 5-6. S. 2-6.; 1922. № 7-8. S. 2-7.;1922. № 9-10. S. 2-5.; 1922. № 11-12. S. 2-6.; 1922. № 15-17. S. 2-5.
2 Снядэцкі Андрэй (1768-1838) - лекар, біёлаг, хімік. Прафесар хіміі Галоўнай школы Літоўскай, потым Віленскага ўніверсітэта, а пасля яго закрыцця - Віленскай медыка хірургічнай акадэміі. Старшыня Віленскага медыцынскага таварыства. - Л. Л.
3 Пра Яна Снядэцкага гл: Лаўрэш Леанід. "I зорнае неба над галавой…": Нарысы з гісторыі. Мінск: Лімарыус, 2013. С. 75-89. - Л. Л.
* Codzien dawny system znika,
Codzien ucza nas nowego.
Trwa systemat Kopernika,
Trwa Teorja Sniadeckiego!
4 Андрэй Снядэцкі быў пахаваны ў драўлянай капліцы каля вёскі Гароднікі Ашмянскага павета. Захаваўся малюнак капліцы Напалеона Орды. Сучасная капліца на месцы старой пабудавана ў 1864 г. як сямейная пахавальня Снядэцкіх. - Л. Л.
5 Аляксандр Фрэдра (1793-1876), польскі драматург-камедыёграф, паэт і мемуарыст. - Л. Л.
* Przed swietoscia zamiaru niech kazdy ukleknie.
Dla milosci blizniego i … kpem zostac pleknie.
6 Пэўна, маецца на ўвазе трэцяя жонка вядомага акцёра, спевака, дарэктара тэатра Мацея Кажынскага (1767-1823) Ганна з Кошыкаў. - Л. Л.
7 Караль Юзаф Ліпінскі (1790-1861) - вядомы скрыпач, кампазітар і педагог. - Л. Л.
8 Фелікс Рымкевіч (1799-1851) - навуковец-медык, доктар медыцыны, прафесар Віленскага ўніверсітэта. - Л. Л.
9 Адольф Абіхт (1793-1860), навуковец-медык, ардынарны прафесар паталогіі Віленскага ўніверсітэта. - Л. Л.
10 Назімаў Уладзімір Іванавіч (1802-1874), генерал ад інфантэрыі, дзяржаўны дзеяч Расійскае імперыі. Паходзіў з пскоўскіх дваран. Служыў у лейб-гвардыі, удзельнічаў у руска-турэцкай вайне 1828-1829 гг. Быў інструктарам па ваеннай частцы ў цэсарэвіча Аляксандра Мікалаевіча, пасля - флігель-ад'ютантам у самога Мікалая І. Займаў розныя дзяржаўныя пасады. У 1840-1841 гг. гадах быў камандзiраваны ў Вiльню, дзе старшынстваваў у следчай камiсii па справе "паслядоўнiкаў Канарскага". З канца 1855 г. - віленскі генерал-губернатар. З ягонай ініцыятывы абшарнікі Віленшчыны, Гарадзеншчыны і Ковеншчыны падалі цару прашэнне аб вызваленні сялян ад прыгоннай залежнасці. Член Дзяржаўнага савета Расiйскай iмперыi (1861 г.). З 1862 г. - камандуючы войскамі Віленскай акругі. Падчас паўстання 1863 г. не пайшоў на жорсткія рэпрэсіі і быў заменены на пасадзе М. Мураўёвым-Вешальнікам. - Л. Л.
11 Рэсурса - клуб шляхты, заснавана ў 1827 г. і праз 20 гадоў зачынілася. Назімаў аднавіў дзейнасць гэтага клуба.
12 Кавелiн Аляксандр Аляксандравіч (1793-1850), ваенны i дзяржаўны дзеяч; генерал ад iнфантэрыi. Пецярбургскi генерал-губернатар (1842-1846). - Л. Л.
13 Пра гэтыя падзеі гл: Пшацлаўскi Восіп. Калейдаскоп успамінаў. уклад., прадм., камент. i iмён. паказ. Аляксандр Фядута; навук. рэд. камент. Абрам Рэйтблат. Т. 2. Мінск: Лімарыус, 2012. С. 230-233.
14 Людвік Мераслаўскі (1814-1878), вайсковец, грамадскі дзеяч і літаратар, дыктатар паўстання 1863-1864 гг. у Польшчы. Пасля паразы паўстання выехаў на эміграцыю. - Л. Л.
15 Вацлаў Жылінскі (1803-1863), з 1848 г. віленскі біскуп, з 1856 г. магілёўскі арцыбіскуп і мітрапаліт. - Л. Л.
16 Леў Оштарп (1786-1851), менскі губернскі маршалак, пабудаваў мураваны палац, завёў у маёнтку цырк з замежнымі акцёрамі, аркестр, бібліятэку. - Л. Л.
17 Легатовіч Ігнат Пятровіч (1796-1867), паэт, педагог. Магістр Віленскага ўніверсітэта (1817 г.). Выкладаў лацінскую мову ў Менскай гімназіі (1817-1839 гг.). - Л. Л.
* Smierc Osztorpa w Dukorze
zrobii zmiane znaczna.
Panowie pic przestana,
a chlopi jesc zaczna.
18 Паводле легенды ў Маскве было "сорок сороков" цэркваў, г.зн. 1600. - Л. Л.
19 Аляксандр Дамейка (1804-1878), з 1855 г. маршалак шляхты Віленскай губерні. - Л. Л.
20 Калікст Ажэшка, у 1853-1861 гг. гродзенскі маршалак шляхты, дзядзька Пятра Ажэшкі - мужа пісьменніцы Элізы Ажэшкі. - Л. Л.
21 Ланской Сяргей Сцяпанавіч (1787-1862), дзяржаўны дзеяч; мiнiстр унутраных спраў (1855-1861 гг.) граф (1861 г.) - Л. Л.
22 Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў (1796-1866), генерал ад інфантэрыі, дзяржаўны дзеяч Расійскай імперыі. Нарадзіўся ў Пецярбургу. Вучыўся ў Маскоўскім універсітэце. З 1811 г. на вайсковай службе. Удзельнік войнаў з Напалеонам. Актыўна дзейнічаў у дзекабрысцкіх гуртках. Сааўтар статута "Саюза працвітання". У 1820-я гады адыходзіць ад дзекабрыстаў і становіцца на праімперскія пазіцыі. Быў генерал-губернатарам у Віцебску, займаў іншыя высокія службовыя пасады. Дзейсна ўдзельнічаў у задушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830-1831 гг. Шмат зрабіў для "обрусения" беларускіх земляў. Ініцыятар адмены дзеяння ў заходніх губернях імперыі Статута ВКЛ 1588 г. У знак пратэсту супраць правядзення сялянскай рэформы 1861 г. пакінуў дзяржаўную службу. Але ў сувязі з паўстаннем 1863 г. быў накіраваны генерал-губернатарам у Вільню з надзвычайнымі паўнамоцтвамі. За жорсткае падаўленне паўстання атрымаў ад прагрэсіўных сучаснікаў мянушку Вешальнік, а ад дзяржавы - тытул графа з прыстаўкай Віленскі. У сваіх "Политических записках" даваў рэкамендацыі ўраду і сваім наступнікам па далейшай палітыцы ў заходніх губернях. З 1865 г. у адстаўцы. - Л. Л.
23 Miхал Ромер (1778-1853), у 1814-1817 гг. маршалак шляхты Троцкага павета, з 1817 г. - Biленскай губерні. Прыхільнік скасавання прыгоннага права, у 1817 г. узначальваў дэлегацыю шляхты, якая безвынікова звярталася да цара з праектам адмены прыгону. У маі 1826 г. арыштаваны, зняволены ў Варшаўскай турме, потым, да 1830 г. у Петрапаўлаўскай крэпасці Санкт-Пецярбурга. У 1830-1832 гг. знаходзіўся ў ссылцы ў г. Варонеж. - Л. Л.
24 Каткоў Міхаіл Нічыпаравіч (1818-1887), журналiст, з 1856 г. рэдактар часопiса "Русский Вестник". - Л. Л.
25 Франк Юзаф (1771-1842) - доктар медыцыны, прафесар Віленскага ўніверсітэта. - Л. Л.
26 Станіслаў Манюшка (1819 -1872), кампазітар, дырыжор, стваральнік нацыянальнай оперы. - Л. Л.
27 Творы Станіслава Манюшкі: Кантаты "Мільда" (1848 г.) і "Ніёла" (1865 г.), найбольш папулярная опера "Галька" (1847 г.), пастаноўкі ў 1854 г. і 2-я рэдакцыя ў 1859 г. - Л. Л.
28 Яўстах Тышкевіч (1814-1873), беларускі археолаг, гісторык і краязнавец, барысаўскі павятовы маршалак ( у 1844-1847 гг.), ганаровы папячыцель Менскай губернскай гімназіі (у 1847-1854 гг.). - Л. Л.
29 Міхал Тышкевіча (1828-1897), падарожнік, калекцыянер, археолаг-аматар. - Л. Л.
30 Маецца на ўвазе так званы "Album wilenski" ("Віленскі альбом"), падрабязней, гл: Фядута Аляксандр. Трэба жыць доўга і перажыць усіх: Антоні Эдвард Адынец і яго ўспаміны // Адынец А. Э. Успаміны пра мінулае. Мінск, 2020. С. 17-19. - Л.Л.
31 Андрэй Артур Замойскі (1800-1874), польскі дзяржаўны дзеяч. Нефармальны кіраўнік фракцыі "белых" да і ў перыяд паўстання 1863-1864 гг. - Л. Л.
32 Аўтарка ўспамінаў "Reminiscences sur l'empereur Alexandre 1-er, et sur l'empereur Napoleon 1-er."
33 Агінскі Ірэнеюш Клеафас (1808-1863 ці 1870), сын Міхала Клеафаса Агінскага, тайны дарадца і гафмайстар. У 1836 г. у чыне калежскага асэсара быў аддадзены пад суд па падазрэнні ў дзяржаўнай здрадзе. Па суду апраўданы і адноўлены на пасадзе. Ковенскі маршалак шляхты, інспектар школ Ковенскага павета. Пасля смерці М.К. Агінскага ў 1833 г маёнтак Залессе перайшоў у яго спадчыну. Ірэнеюш Клеафас жыў тут са сваёй маці, пасля смерці якой ў 1851 г. перанёс рэзідэнцыю роду Агінскіх у горад Рэтаў. Быў жанаты два разы: а) Юзафіна Каліноўская (1816-1844), дачка генерала Юзафа Каліноўскага; б) у 1845 г. Вольга Каліноўская (?-1899), сястра папярэдняй. Сыны: Багдан Міхал Юзаф Францішак (1848-1909), з 1899 г. стацкі дарадца і Міхал Мікалай Севярын Марк (1850-1902), з 1899 г. стацкі дарадца. - Л. Л.
(Працяг у наступным нумары.)
Прэзентацыя "Белага шматкроп'я"
16 сакавіка ў рамках чарговага пасяджэння літаратурнага аб'яднання "Суквецце" адбылася прэзентацыя дэбютнага зборніка вершаў лідскай паэтэсы Кацярыны Янчэўскай "Белае шматкроп'е". Паэтэса расказала пра сябе, пра сваю творчасць і, безумоўна, прачытала свае творы, якія напоўнены філасофіяй, сэнсам жыцця, маюць свой стыль, вобразы, прымушаюць хоч-няхоч задумацца над кожным словам, над якім аўтар удала і прафесійна працуе. Хочацца спадзявацца, што паэтэса нас парадуе яшчэ не адным творам і не адным зборнікам.
Для Дома-музея Валянціна Таўлая паэтэса падпісала таксама адзін асобнік.
Алесь Хітрун.