Наша слова.pdf № 14, 6 красавіка 2022 г.
"Пазнавай свет з кнігай"
Пад такой назвай 25 сакавіка ў бібліятэцы СШ № 11 г. Ліды распачаўся традыцыйны Тыдзень дзіцячай кнігі - сапраўдныя імяніны дзіцячых кніжак.
Першы дзень Тыдня, як заўжды, прысвячаўся народным і літаратурным казкам. Вучні пачатковай школы наведалі "Казачны музей", дзе пазнаёміліся з казачнымі экспанатамі, героямі казак і пагарталі старонкі цудоўных кніг. Тут жа можна было скласці літаратурны пазл "Яны прыйшлі з казак", адказаць на пытанні казачнай віктарыны і здзейсніць літаратурны мацыён "Чытайце казкі, панове!".
Другі дзень Тыдня быў прысвечаны Году гістарычнай памяці. Наведвальнікі прышкольнага лагера не толькі пазнаёміліся з кнігамі па гісторыі сваёй малой радзімы, але і здзейснілі віртуальнае рэтра-падарожжа па вуліцах роднага горада "Знаёмыя вуліцы - забытыя назвы" і дзякуючы медыя-прэзентацыі яшчэ раз успомнілі "Сімвалы Беларусі", па якіх увесь свет ведае нашу Радзіму.
Трэці дзень Тыдня прысвечаны экалогіі - размова пра неабходнасць берагчы і ахоўваць прыроду роднага краю і ўсёй планеты. Гасцей чакала выстава-інсталяцыя "Суседзі па планеце" і медыядайджэст "Тайны Дзеда Усяведа. Гіганты жывёльнага свету".
Чацвёрты дзень Тыдня заўсёды прысвячаецца беларускай кнізе - "Будзь у фармаце - чытай па-беларуску". У праграме дня - кніжная выстава-прэзентацыя "Вяртанне да вытокаў - дарога ў будучыню", мультымедыйнае этнападарожжа "Пад стрэхамі прашчураў" і вернісаж загадак "Смак роднай мовы".
"Тыдзень дзіцячай кнігі" - не проста свята, гэта напамін дарослым і дзецям, што свет такі вялікі, цудоўны і цікавы, неабходна толькі працягнуць руку і ўзяць з паліцы Кнігу.
Тамара Зенюкевіч, бібліятэкар СШ № 11 г. Ліды.
Купала зноў наведаў Ліду - у партрэтах, дакументах, кнігах…
У Дом Таўлая завітаем - у Купалы пабываем! Да 140-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы ў калідоры Дома Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея адкрылася выстаўка "Ізноўку наведаў Купала наш Ліду…". Першымі яе наведвальнікамі сталі лідскія паэты, бібліятэкары, наведвальнікі Лідскага клубнага дома. Куратар выстаўкі, навуковы супрацоўнік музея Алесь Хітрун у форме лекцыі расказаў прысутным аб наведванні Янкам Купалам Ліды ў сакавіку 1940 года, аб адкрыцці ў 1946 годзе ў Лідзе бібліятэкі імя Янкі Купалы, аб рабоце ў Менску, у літаратурным музеі Янкі Купалы, Валянціна Таўлая. Прысутныя пачулі голас "незабыўнага Янкі" дзякуючы архіўным аўдыязапісам, песню "Малітва" ў выкананні вядомых "Песняроў". Лідскі паэт Уладзімір Васько падзяліўся ўспамінамі аб паездцы ў складзе дэлегацыі газеты "Уперад" у Вязынку на святкаванне 100-годдзя з дня нараджэння народнага паэта.
Якія падарункі ад лідзян атрымаў кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР Янка Купала і што падарыў лідзянам ён? Чым частаваў паэт мясцовых літаратараў? Па якіх вуліцах Ліды ён хадзіў? У якіх будынках выступаў і што цяпер знаходзіцца на іх месцы? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні, якія датычацца наведвання Купалам нашага горада, можна знайсці, наведаўшы новую выстаўку ў Доме Таўлая.
"Выходзіў па Менску на шпацыр у лідскіх галёшах Купала"
Ужо пераступіўшы парог Дома-музея, наведвальнік як бы сустракаецца з народным паэтам. Экспазіцыю ў калідоры адкрывае тэма прыезду Купалы ў Ліду ў далёкім перадваенным 1940 годзе. Пясняр Беларусі быў у нашым горадзе тры дні - з 13 па 15 сакавіка. На жаль, не захаваліся будынкі, у якіх ён выступаў перад выбаршчыкамі. Але захаваліся ўспаміны аб тых незабыўных сустрэчах.
- Хачу знайсці нумар газеты "Уперад" за 23 лютага 1940 года, - гаворыць Алесь Хітрун, - у якім змешчана пісьмо-тэлеграма ад Янкі Купалы, адрасаванае лідзянам. У ім паэт выказвае падзяку выбаршчыкам за аказаны яму высокі гонар і сваю згоду балаціравацца ў дэпутаты па Лідскай-Слабадской выбарчай акрузе, а таксама тлумачыць, чаму пакуль не можа прыехаць у Ліду (знаходзіцца ў Кіславодску), і абяцае ўсё-такі прыехаць. Магчыма, гэты нумар газеты альбо яго копія захаваўся ў Нацыянальнай бібліятэцы - буду звяртацца туды. Гэтае пісьмо-тэлеграма лідзянам - як бы пралог да прыезду Янкі Купалы ў Ліду.
Вядома, што ў першы дзень прыезду ў наш горад паэту былі падораны галёшы ад абутковай фабрыкі "Ардаль" (дарэчы, гэты факт натхніў не аднаго лідскага паэта). У фондах Дома-музея ёсць, але пакуль не экспануецца на выстаўцы фрагмент пачка ад ардалеўскіх галёшаў (магчыма, у такім пачку іх паднеслі ў падарунак песняру).
У частцы экспазіцыі, прысвечанай прыезду Янкі Купалы ў Ліду, прадстаўлены старыя фотаздымкі будынкаў у нашым горадзе, у якіх пабываў паэт: сталоўкі "Амерыканка" па вуліцы Сувальскай, дзе ён частаваў мясцовых калег па паэтычным цэху, кінатэатра "Эдысан".
- На жаль, пакуль не знайшоў фота клуба-рэстарана чыгуначнікаў "Агніско каляёва", дзе Купала выступаў перад выбаршчыкамі, - гаворыць куратар выстаўкі. - Вядома, што гэта быў доўгі аднапавярховы драўляны будынак з глядзельнай залай, чытальняй, більярднай, буфетам, сталовай. У першы ж дзень вайны ў будынак трапіла нямецкая бомба, ён згарэў. Доўгі час, аж да рэспубліканскіх "Дажынак" 2010 года, на месцы гэтага будынка размяшчаліся склады, чыгуначная адгрузачная пляцоўка завода харчканцэнтратаў. Можа, у кагосьці захавалася фота хаця б тых складоў - буду вельмі ўдзячны, калі гэтае фота перададуць у Дом Таўлая.
Падарунак ад песняра гарадской бібліятэцы
На выстаўцы можна азнаёміцца з вершамі, якія зачытаў Янка Купала лідзянам. Датычыліся яны жыцця ў Заходняй Беларусі, прыгнёту працоўных у ёй да ўз'яднання з БССР (дарэчы, Купала тады казаў лідзянам, што мала бываў у Заходняй Беларусі, мала ведае аб яе жыхарах і таму вельмі рады сустрэчы ў Лідзе).
Дзякуючы Янку Купалу, папоўніўся кніжны фонд Лідскай гарадской бібліятэкі. Перададзеная ім туды ў другі дзень знаходжання ў Лідзе кніга "Над ракой Арэсай" (1937 года выдання) стала першай беларускамоўнай кнігай у фондзе бібліятэкі. Гэтую ж кнігу пясняр падарыў Валянціну Таўлаю. Муляж кнігі "Над ракой Арэсай" у зялёнай вокладцы таксама можна ўбачыць на выстаўцы. Што датычыцца тагачаснага будынка гарадской бібліятэкі, ён таксама не захаваўся. Знаходзіўся ён прыкладна паміж сённяшнімі музычным каледжам і магазінам "Юбілейны".
Ужо калі Купала быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, у газеце "Известия" была надрукавана яго падзяка лідзянам пад загалоўкам "Моим избирателям". Копія газеты з гэтай падзякай ёсць у экспазіцыі, як і копія дэпутацкага пасведчання паэта, уручанага яму 24 сакавіка 1940 года за нумарам 306, фота Купалы з дэпутацкага білета, фота, на якім Купала адлюстраваны з дэпутатамі Вярхоўнага Савета БССР у Менску (дзякуючы калегам з Менскага літаратурнага музея Янкі Купалы Алесь Хітрун даведаўся, з кім менавіта сфатаграфаваны народны паэт).
Калі яшчэ гаварыць пра калег Алеся з Менска, то адзначым, што пяць гадоў назад, у 2017 годзе, у адным з памяшканняў Дома Таўлая працавала выстаўка "Янка Купала - наш гонар і слава", на якой быў раскрыты жыццёвы і творчы шлях песняра праз банерны паказ. Гэтымі банерамі, так званай перасоўнай выстаўкай, часова падзяліліся купалаўцы. Яны і перадалі Алесю копіі дакументаў, якія датычацца Янкі Купалы. Гэтыя дакументы склалі на той час асобную папку, штосьці было прадстаўлена ў экспазіцыі. І цяпер прыйшоў час іх паказаць. Як прызнаецца Алесь Хітрун, на выстаўцы не хапае некаторых матэрыялаў, якія раскрылі б усю сувязь Купалы з Лідай. Гэтыя прабелы куратар выстаўкі запоўніць для наведвальнікаў у вуснай форме. З цягам часу, верыць Алесь, матэрыял папоўніцца і выстаўка пашырыцца.
Ліда памятае народнага паэта
Асобная частка экспазіцыі прысвечана Валянціну Таўлаю як навуковаму супрацоўніку літаратурнага музея Янкі Купалы ў Менску. Тут прадстаўлены дакументы з асабістай справы Таўлая як навуковага супрацоўніка, перададзеныя з Акадэміі навук. Валянцін Таўлай быў намеснікам дырэктара музея (жонкі Купалы Уладзіславы Луцэвіч), даследаваў творчасць народнага паэта.
У 1946 годзе Уладзіслава Францаўна разам з дэлегацыяй пісьменнікаў, у склад якой уваходзіў і Валянцін Таўлай, прыехала на сустрэчу ў Ліду. У той дзень у Лідзе адбылося адкрыццё бібліятэкі імя Янкі Купалы. На выстаўцы можна ўбачыць фатаграфію, на якой адлюстраваны дэлегаты з Менска і тагачасныя супрацоўнікі бібліятэкі. Уладзіслава Луцэвіч разам з вядомымі пісьменнікамі наведала Лідскую бібліятэку і праз дзесяць гадоў, у 1956 годзе. Тады яна падарыла бібліятэцы партрэт Янкі Купалы работы мастака Валянціна Волкава (на выстаўцы ёсць копія гэтага партрэта, арыгінал, на жаль, у Лідзе не захаваўся) і альбом "Беларускі народны арнамент" з дарчым надпісам (альбом і зараз захоўваецца ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы). Як бачым, Ліда памятае народнага паэта: яго імя носіць раённая бібліятэка, а Палац культуры горада Ліды размяшчаецца па вуліцы Янкі Купалы, 1.
Што яшчэ можна ўбачыць на выстаўцы? Маленькі металічны бюст Купалы, біяграфію паэта, напісаную шрыфтам "Пясняр" (паводле почырка Янкі Купалы), альбомы, брашуру "Янка Купала і Лідчына", кнігі, у тым ліку прыжыццёвае выданне першага зборніка вершаў песняра "Жалейка" 1908 года (перададзенае ў Дом Таўлая краязнаўцам з вёскі Сялец Мікалаем Дзікевічам), партрэт Купалы работы лідскага мастака Пятра Цімафеева і іншае.
- Дапаўненнем да выстаўкі, - дзеліцца планамі Алесь Хітрун, - стане інсцэніроўка "У Таўлая пабываем, пра Купалу ўзгадаем" у мемарыяльным пакоі Валянціна Таўлая, у ходзе якой супрацоўнікі музея ў ролях Валянціна Таўлая, яго першай жонкі Кіры і ахмістрыні разважаюць аб сустрэчы з Купалам у Лідзе. Магчыма, запрашу на выстаўку калег з Менскага літаратурнага музея Янкі Купалы. Збор матэрыялаў, якія датычацца прыезду народнага паэта ў наш горад у сакавіку 1940 года, працягваецца. Ідэй па святкаванні 140-годдзя з дня нараджэння песняра ў нас шмат. Сачыце за публікацыямі на сайце Лідскага гістарычна-мастацкага музея і сацыяльных старонках Дома паэта Валянціна Таўлая.
Аляксей КРУПОВІЧ.
А ці ўсе ведаюць, як Янка Купала звязаны з Лідай?
З жыццём і творчасцю Янкі Купалы вучні беларускіх школ знаёмы добра. Штогод яны вывучаюць творы класіка беларускай літаратуры. Вучні 9 "Б" класа 11 лідскай школы таксама ведаюць шмат аб жыцці песняра. За апошнія гады яны наведалі музеі Янкі Купалы ў Менску і Вязынцы, былі і на месцы, дзе пахаваны паэт.
У сакавіку вучні скарысталі яшчэ адну магчымаць, каб даведацца больш цікавага аб жыцці Купалы. Яны наведалі літаратурны аддзел Лідскага гістарычна-мастацкага музея, які ўсім лідзянам больш вядомы пад назвай Домік Таўлая. Менавіта тут адкрылася выстава "Ізноў наведаў Купала наш Ліду".
З цікавым фактам з жыцця класіка беларускай літаратуры пазнаёміў вучням куратар выставы, навуковы супрацоўнік музея Алесь Хітрун.
24 сакавіка - асаблівая дата для гісторыі нашага горада. У далёкім 1940 годзе ў гэты дзень Янка Купала прыехаў у Ліду на сустрэчу з выбаршчыкамі па Лідска-Слабадской выбарчай акрузе. Візіт яго працягваўся тры дні. За гэты час паэт меў магчымасць бліжэй пазнаёміцца з горадам і людзьмі, сустрэцца з літаратарамі, прайсціся па вуліцах даваеннай Ліды. Тады ж паэту быў уручаны білет дэпутата па Лідскай-Слабадской выбарчай акрузе № 306.
Адным з цікавых фактаў тых дзён з'яўляецца тое, што Купала прыехаў у Ліду напачатку вясны і прамачыў свой абутак. Валянцін Таўлай, беларускі пісьменнік, які жыў тады ў Лідзе, заўважыўшы гэта, хутка наведаў абутковую фабрыку "Ардаль", дзе вырабляліся галёшы. Работнікі фабрыкі, пачуўшы, што галёшы патрэбны вядомаму беларускаму пісьменніку, з задавальненнем падарылі іх.
Даведаліся вучні і аб тым, як у пасляваенны час у 1956 годзе жонка паэта Уладзіслава Луцэвіч наведвала Ліду падчас прысваення лідскай гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы. Дарэчы, гэтае імя бібліятэка мае і сёння. Яшчэ ў гонар Купалы названа адна з вуліц горада Ліды.
На выставе школьнікі ўбачылі фотаздымкі, якія расказваюць аб падзеях таго часу, копіі дакументаў, артыкул газеты "Известие", дзе размешчаны зварот Купалы да выбаршчыкаў. Найбольш значнымі экспанатамі выставы з'яўляюцца, па словах куратара, прыжыццёвае выданне зборніка Я. Купалы "Жалейка" (1908 г.) і кніга "Беларускі народны арнамент", падораная падчас наведвання гарадской бібліятэкі Уладзіславай Францаўнай Луцэвіч 29 чэрвеня 1956 года, аб чым сведчыць надпіс на вокладцы.
Выстава вельмі ўразіла юных наведвальнікаў, дала магчымасць паглыбіць свае веды аб родным горадзе і бліжэй пазнаёміцца з Купалам. Тым больш у Год гістарычнай памяці наведванне выставы, упэўнена, дапаможа маладому пакаленню захаваць сувязь з мінулым, без якога немагчыма будучае.
Наталля Анашкевіч, класны кіраўнік 9Б класа Сярэдняй школы № 11 г. Ліды.
Водгук фабрычнага гудка паклікаў Уладзіміра Барысенку
У Менску ў выдаўца А.М. Вараксіна выйшла кніга вершаў сталага аўтара "Нашага слова" Уладзіміра Барысенкі "Водгук фабрычнага гудка".
Беларускі паэт і журналіст БАРЫСЕНКА Уладзімір Уладзіміравіч нарадзіўся 5 студзеня 1949 года ў Фабрычным пасёлку (в. Якаўлевічы) Аршанскага раёна. Бацька, Уладзімір Лукіч - ветэран ВАВ, працаваў механізатарам у калгасе імя Дзяржынскага. Маці, Настасся Іллінічна, працавала медсястрой Якаўлевіцкай участковай бальніцы больш за 40 гадоў.
Скончыў факультэт журналістыкі БДУ (1975), Інстытут паліталогіі і сацыяльнага кіравання Кампартыі Беларусі, з адзнакай (1991). Пасля школы працаваў памочнікам камбайнера ў калгасе імя Дзяржынскага Аршанскага раёна, электраманцёрам на Аршанскім ільнокамбінаце. У 1968-1970 гг. служыў у Савецкай Арміі. Дэлегат Х Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Берліне (1973). Удзельнік Усесаюзнай нарады маладых журналістаў у Маскве (1977 г.) Працаваў літсупрацоўнікам газеты "Знамя юности" (1975), у "Сельской газете" (1975 - 1998), у часопісе "Беларуская думка" (1998) , у газеце "На страже" (1999 - 2009) і інш. Сябар Беларускага саюза журналістаў з 1977 г., Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1998 г.
Дэбютаваў вершам "Живой памятник" у газеце 2-й асобнай Чырванасцяжнай арміі супрацьпаветранай абароны "Воздушный часовой" (1969). Аўтар кніг: "Прописан на этой земле" (1978), "Рельсы судьбы" (1994), "Запаленне душы" (1996), "Вірус адзіноты" (2000), "Калінавы лес" (2003), "Транспортная милиция. История и современность (літаратурны запіс) " (2004), "Cлужба охраны столицы" (2017), "На варце грамадскага спакою" (2018), "Перамовы з жыццём" (2020), ну і "Водгук фабрынага гудка" (2022).
Узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2001), нагрудным знакам Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь "Выдатнік друку Беларусі" (2001). Заслужаны журналіст БСЖ (2008). Пераможца творчага конкурсу "Спадчына", прымеркаванага да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, у намінацыі "Лепшы літаратурна-публіцыстычны твор" (2017), шматразовы лаўрэат прэміі Саюза журналістаў СССР і Беларускага саюза журналістаў. Уладальнік "Падзякі" выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" за вялікі асабісты ўклад у стварэнне персанальнай энцыклапедыі "Уладзімір Караткевіч" (2020).
Аўтар паэтычнага прысвячэння Уладзіміру Караткевічу "Капсула часоў", надрукаванага ў "Аршанскай газеце", часопісе "Маладосць" і кнізе "Вірус адзіноты" (2000) і артыкула-пераможцы літаратурна-мастацкага конкурсу, прысвечанага 75-годдзю з дня нараджэння У. С. Караткевіча (2005) "Сучаснік будучыні" (упершыню надрукаваны ў "Аршанскай газеце", пасля ў "Рэспубліцы" і кнізе "Калінавы лес" (2003).
Жыве ў Менску.
Кніга Уладзіміра Барысенкі "Водгук фабрычнага гудка" складаецца з чатырох раздзелаў: "Смак роднага слова", "Памяць час перамагае", "Шчасце праз слёзы", "Мой улюбёны адрасат" і ўтрымовае вершы, якія ў той ці іншай ступені адпавядаюць назвам раздзелаў. Некаторыя з іх ужо друкаваліся ў "Нашым слове", таму сёння прапануем чытачам адвольную падборку, не маючы на мэце перадаць дух усёй кнігі, а проста папесціць чытача шчырай паэзіяй на розны густ.
ТАЛАКА
Тарчма лыжка - густата смятаны,
на дражджах пузатыя бліны
ды яечня, яек сем, на ранак,
наглытаўся, ўспамінаючы, сліны.
Бабка Маша дзеда папярэдзіць:
- Болей ты яму не налівай,
бо, як бацька,
можа потым збрэндзіць,
калі п'яніца - тады, лічы, гультай, -
і працягне, - хутка на балота,
лапцікі, ля печкі, надзявай,
разумею, што няма ахвоты,
ды які ж без торфу каравай?
На балоце ў ямцы распачатай
лоўка дзед кіруе разаком,
з трох слаёў нарэзвае багата,
ў сціртах паліва, цяпер пара дамоў.
На вячэру сотачку дазволіць
хлебнага бабуля першаку,
тут і участковы падыходзіць -
толькі гэткую ён любіць талаку.
Падышла чарга лазы на дровы,
душу хмеліць валяр'янавы разліў,
раніцой заходзіў участковы
і прасіў, каб дзед яму наліў.
ШТО ЗАСТАНЕЦЦА
Тленнае ўсё, і ў пыле забыцця
згубяцца і радасць адкрыцця,
і перамогі, і парады, і нагоды,
і раны, і прыцуды, і прыгоды,
і помста пакалечанай прыроды,
і фарс ганебны, і трагедыя, і драма,
і даўгавая невылазнейшая яма,
і кукіш у пакрыўджаным жупане,
і сходы, і нарады, і планёркі,
і пасяджэнні, і дзяленні на суполкі.
I слава, і бясслаўе, здзек, магілы,
і позірк дарагі, ўлюбёны, мілы,
і вёскі роднай выгляд сіратлівы.
Застануцца з патрэб і непатрэб -
Слова, учынак і надзённы хлеб.
ДАРОГА I ЧАС
Шмат дарог на шляху чалавечым,
ды сапраўдная - толькі адна,
хібяць дзеці і ўнукі спрадвечна,
не ўсім яна добра відна.
Батальёны пралікаў, памылак
маршыруюць, трасуць кулакамі,
і, бывае, вядомы асілак
мусіць збочыць, прычым з сінякамі.
Выпадае адзіны выпадак,
якім трэба змагчы скарыстацца,
не парушыць душы распарадак,
у хадзе дзіваком не застацца.
Трэба дужа ўсумніцца, замераць
словы, крокі, якія навокал,
і самому самога праверыць -
верабей ты, варона ці сокал.
Ды пазбавіцца многіх хваробы -
прыход часу дпя справы чакаць,
выніковай не дасць гэта спробы,
час народжаны толькі знікаць.
НАЧНЬІЯ ВЕРШЬІ
Заложнік творчасці, калі толькі світае,
раблю сабе залатакорневы адвар,
начныя вершы
дрэў разгубленых гартаю,
як школьнік стомлены
загадкавы буквар.
Шмат дзён, калісь здавалася, у Бога -
ўзараць, пасеяць, вырасціць, сабраць
паспею, ды гады часцей з трывогай:
пара прыйшла каменні ўжо збіраць.
А як збіраць, калі не так раскідваў,
часам не там, не з тымі, што й казаць,
і сумняваўся, і бажыўся, і прыкідваў,
ды не прадбачыць лёс,
яго не прадказаць.
Незразумеласці маёй няма ні межаў,
ні таго часу, што ў палон малым узяў,
галінкі дрэў старых
люляе вецер свежы,
што ж ён за одум
да нябёс з сабой узняў?
Вятрыска, родны,
за табой - падтрымка,
не ведаю, рабіць мне што з сабой,
хай твае цёплыя, сяброўскія абдымкі
сагрэюць маё сэрца, дзень, настрой, астылы ў Менску
залатакорневы напой.
ЗІМОВЫ ДОЖДЖ
Зімовы дождж...
Ну што табе сказаць?..
Цябе ў Фабрычным, ведай, не чакалі,
што землякам, скажы,
там прадпрымаць,
каб да вясны цябе ўпэўнена прагналі? Далі б яны там кожнай кроплі
па цукерцы,
калі б нядоўга ты паплакаў,
нудны, шэры,
сагрэлі б у любым, на выбар, месцы,
каб адхіліўся ад прыроднае аферы.
Пакліч, урэшце,
белы снег доўгачаканы,
які радзей прыходзіць
з кожным годам,
ён гэтулькі разоў людзьмі ўзгаданы,
што ўжо дайшлі да хворасці, да стомы.
Пакліч сумёты ў нова-старыя двары,
дастань канькі з каморак, лыжы, санкі,
каб не шукалі іх там з дзецьмі
ў буквары,
каб падбяліць хоць крышку
чорныя дзянькі.
НАЧОЎКІ ПАРТВЕЙНУ
Ніяк не ўцямлю, хто каго баіцца -
ці зімка восень, ці яна яе,
настрой такі, што хочацца напіцца,
ды ні здароўя і ні грошай не стае,
хіба што на балтыйскую нулёўку,
і тое зрэдку, можа, ў квартал раз,
партвейну ж сняцца поўныя начоўкі,
што асушалі з Ларыёнавым не раз.
Калі б не піў, мне кажуць,
не зрабіў бы
"шэдэўраў" - можа, хтось і прачытаў.
Не да катурнаў мне было, ў сабо я
сматкаць чарніла ўранні пачынаў.
Таму й далёка да Катула ці Сафокла,
да іншых, прачытаць каго вам раю,
ў начоўках муза
памутнела і прагоркла,
што з ёй рабіць - стаю і разважаю.
Вось такія рознапланавыя вершы з даволі цэльнай кнігі. Кнігі пра беларускае жыццё і для беларусаў. Ад філасофіі да рэліктавага ўжо сялянскага побыту, які яшчэ памятае старэйшае пакаленне і які ўжо па кніжках вывучаюць маладыя.
Яраслаў Грынкевіч.
Сцюдзёны холад увесну
Імпрэза памяці пісьменніцы Людмілы Сівалобавай
Дзень 27 сакавіка 2022 года ў Менску выдаўся вельмі халодным. Моцны, нечакана аднекуль прарваўшыся арктычны вецер пранізваў да самых костак. Раніцай нават зацярушыў снег. Але ўсё гэтае надта халоднае для канца сакавіка надвор'е якраз адпавядала настрою людзей, якія сабраліся ў гэты дзень у сталічнай бібліятэцы № 1 імя Л.М. Талстога. Тут адбылося мерапрыемства, арганізаванае літаратурным клубам "Экватар" і прысвечанае памяці пісьменніцы Людмілы Аляксееўны Сівалобавай, якая пакінула гэты свет 20 сакавіка бягучага года ва ўзросце васьмідзесяці сямі гадоў.
Спадарыня Людміла з'яўлялася найстарэйшым членам суполкі: яна была сябрам "Экватара" з моманту заснавання літаратурнага клуба і да самай сваёй смерці (гэта значыць, дванаццаць год). Выдала тры зборнікі кароткай прозы: "Новеллы" (2011 г.), "Сюрприз" (2012 г.), "Повести и рассказы" (2014 г.). Штогод друкавала свае творы ў альманаху "Літаратурны экватар" - апошнія гады ў асноўным у перакладах на беларускую мову Інгі Вінарскай.
Праводзілі імпрэзу: паэт, пісьменнік, журналіст, кіраўнік літаратурнага клуба "Экватар" Вячаслаў Корбут і шэф-рэдактар альманаха "Літаратурны экватар" паэтка, пісьменніца, журналістка Інга Вінарская. Яны вельмі добра ведалі Людмілу Сівалобаву пры яе жыцці і доўгі час сябравалі з ёй.
Вячаслаў распавёў пра знаёмства з аўтаркай, пра тое, як нялёгка даліся ёй першыя крокі ў літаратуры, калі яна спрабавала пісаць вершы, і як разам удалося знайсці аптымальны варыянт для яе творчасці, калі за аснову была ўзята спроба складаць невялікую па аб'ёме прозу: апавяданні і навэлы. Аўтарка была захопленая характарамі людзей, вастрынёй сюжэту, мела добры жыццёвы досвед, і гэтае рашэнне аказалася правільным. Людміла Аляксееўна змагла знайсці сілы, творчы імпэт, адпрацаваць уласны стыль, і, што казаць, - гэта стала цікава.
Вячаслаў Корбут узгадаў, з якой увагай на паседжаннях літаратурнага клуба "Экватар" усе слухалі кожны "свежы" празаічны твор аўтаркі, бо і чытала, і пісала яна ўжо з тым захапленнем, якое з'яўляецца ў сапраўднага празаіка не часта. З кожнай новай кнігай яна дадавала майстэрства, раслі якасць зместу, вастрыня вобразаў, з'явіліся ноткі ўласнага падколістага гумару, які надаваў творам непаўторнасць і вастрыню. Спадарыня Сівалобава нават паспрабавала сябе ў дакументальнай прозе, дзе здолела распавесці пра сваё ваеннае дзяцінства, пра бацьку-франтавіка, пра жыццё ў пасляваеннай Беларусі. Але гады бралі сваё, і ствараць было ўсе складаней і складаней, тым не менш, талент аўтаркі паспеў развіцца, і, хто яго ведае, калі б яна пачала пісаць прозу раней, то ў нашу літаратуру магла ўвайсці свая беларуская Агата Крысці.
Напрыканцы сваёй прамовы пра Людмілу Сівалобаву Вячаслаў Корбут прачытаў верш, прысвечаны ёй і напісаны спецыяльна для імпрэзы 27 сакавіка:
Вы пайшлі ад нас, Людміла, пані...
Свет маркотным стаў,
ён лепш не стане.
Жыць Вам болей не было прасторы,
Вы далёка ўжо - усім нам гора.
Болей не напішаце пра ружы,
Ды дзвярам не рыпнуць
тым няскрушным,
І не гляне госць да Вас употай...
Погляд Ваш быў з іранічнай нотай,
Шчырыя для нас усіх дарункі -
Застануцца, бы жыцця карункі.
Доўга сумаваць кот велькі будзе,
І, канешне, не забудуць людзі.
Свечка згасла - вецер непуцёвы...
Хлеб счарствеў, ды скамянелі словы...
Наступнай выступала Інга Вінарская. Яе з Людмілай Аляксееўнай звязвала даўняе знаёмства і сапраўднае літаратурнае сяброўства. Па словах спадарыні Вінарскай, яна страціла блізкага чалавека.
- Я прывыкла да таго, што ў мяне ёсць гэты сябар, гэты голас у тэлефоннай слухаўцы, - сказала Інга. - А цяпер - ні сябра, ні голасу... І гэта невымоўна цяжка...
Як адзначыла спадарыня Вінарская, яны з Людмілай Сівалобавай маглі гадзінамі абмяркоўваць новыя творы: і свае, і калег па цэху, гаварыць на самыя розныя тэмы, спрачацца, знаходзіць і развіваць цікавыя творчыя сюжэты. Маючы глыбокі жыццёвы досвед, Людміла Аляксееўна заўсёды знаходзіла трапны выраз ці давала такую ацэнку сітуацыі, што можна было нават падзівіцца яе празарлівасці і дасканалай інтуіцыі.
Інга Вінарская зазначыла, што менавіта з Людмілай Аляксееўнай яны часта абмяркоўвалі дызайн і распрацоўку новых нумароў альманаха, а яе аналіз рукапісаў і новых кніг аўтараў клуба мог быць вельмі змястоўным і ўсебаковым. Яна заўсёды першай знаёмілася з новымі кнігамі і альманахамі, чытала іх ад "коркі да коркі", хоць і мела не вельмі добры зрок і цалкам здароўе - узрост усё ж такі. Літататура захапляла спадарыню Сівалобаву, яна асбаліва любіла чытаць па-беларуску, сама добра валодала роднай мовай і ганарылася тым, што беларуска і мае непасрэднае дачыненне да літаратурнага працэсу. Сціпласць і прыродная цікаўнасць зрабілі яе сапраўдным аўтарам.
Спадарыня Вінарская распавяла прысутным, што менавіта яна займалася стварэннем арыгінал-макетаў усіх трох кніг прозы Людмілы Сівалобавай: Інга была ў іх рэдактарам, дызайнерам, тэхнічным спецыялістам, а таксакма пісала да іх уступныя артыкулы. І гэта добра, што пасля зыходу спадарыні Сівалобавай засталіся гэтыя тры зборнікі прозы, бо кнігі аўтара, калі ён, канешне, таленавіты творца, - гэта дарога ў вечнасць.
Далей слова перайшло да паэта Вячаслава Данілава, які ўжо даўно з'яўляецца сябрам літаратурнага клуба "Экватар". Вячаслаў добра ведаў Людмілу Сівалобаву, памятае яе і вельмі паважае яе літаратурны талент. З цеплынёй спадар Данілаў распавёў сабраўшымся, што доўгія гады літаратурны клуб "Экватар" збіраўся на кватэры ў спадарыні Сівалобавай (пакуль дазваляла яе здароўе). Гэта былі файныя вясёлыя пасядзелкі, сапраўдныя літаратурныя сустрэчы ў нефармальнай абстаноўцы - з нагоды нейкіх там святаў ці выхаду ў свет новых кніг ці нумароў альманаха "Літаратурны экватар". Вячаслаў Данілаў часцяком прымаў удзел у такіх вечарынах і дагэтуль успамінае іх з прыемнасцю...
За музычную частку мерапрыемства 27 сакавіка адказвалі адразу два таленавітыя выканаўцы: кампазітар, музыкант, педагог Вольга Воінская і оперны спявак, бас, саліст Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Дзмітрый Максімавіч Марозаў.
Вольга Воінская асабіста Людмілу Сівалобаву не ведала, але шмат чула пра яе, як пра цудоўнага чалавека, таму прыйшла падтрымаць "экватарыяльную" суполку ў сумныя часы. Спадарыня Вольга выканала на фатэпіяна два творы ўласнага напісання: "Імітаванне эпохі Мендэльсона" і "Адвечная памяць і скруха". Музыка гучала сапраўды пранікнёна і, пэўна, кранула сэрца кожнага з прысутных.
Дзмітрый Марозаў жа, наадварот, добра быў знаёмы са спадарыняй Сівалобавай і нават сябраваў з ёй. Пазнаёміліся яны ў літаратурным клубе "Экватар" і хутка знайшлі агульныя кропкі судакранання. Аказалася, што калі Дзмітрый Марозаў служыў салістам у оперным тэатры, Людміла Сівалобава падпрацоўвала там акторкай мемансу, хоць мела тэхнічную адукацыю і працавала практычна па спецыяльнасці. Таму, як зазначыў Дзмітрый Максімавіч, гэта вельмі сімвалічна, што мерапрыемства памяці Людмілы Сівалобавай праходзіць у Міжнародны дзень тэатра (так атрымалася). У памяць сваёй добрай сяброўкі спявак выканаў народную песню "Ой, рэчанька, рэчанька..."
Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прадстаўлялі на жалобнай імпрэзе два навукоўцы: паэт, празаік, перакладчык, бард Серж Мінскевіч, а таксама паэтка, празаік, вядоўца літаратурных вечарын Таццяна Барысюк.
Серж Мінскевіч звярнуўся са словамі спачування да сяброў літаратурнага клуба "Экватар", а шэф-рэдактара клуба і сваю даўнюю сяброўку Інгу Вінарскую нават абняў у знак падтрымкі. Спадар Мінскевіч падзяліўся з прысутнымі сваімі думкамі пра жыццё і смерць, пра значнасць літаратурнай творчасці. Прысутныя пачулі ў яго выкананні вельмі цікавы па форме верш-выступ:
Хай паміраюць імгненні, але не мы.
Хай паміраюць хвіліны, але не мы.
Хай паміраюць гады, але не мы.
Хай паміраюць стагоддзі, але не мы.
Хай паміраюць эпохі, але не мы.
І гэта сапраўдная праўда для тых,
хто не нямы.
Таццяна Барысюк распавяла, што Людмілу Аляксееўну Сівалобаву ведала мала: сустракала пэўную колькасць разоў на паседжаннях літаратурнага клуба "Экватар", заходзіла да яе дамоў, каб забраць свае экзэмпляры альманаха "Літаратурны экватар", бачыла яе апошняга ката вялікіх памераў, які належыў да пароды Мэйн Кун. І добра, што кіраўніцтву "Экватара" удалося ўжо "прыстроіць" гэтую жывёліну, і цяпер кот жыве ў катэджы ў прыгарадзе Менска. Спадарыня Таццяна зазначыла, што Людміла Сівалобава была добрым чалавекам і таленавітым празаікам.
Але ў сваім выступленні Таццяна Барысюк закранула не тэму смерці, а супрацьлеглую - неўміручасці, якой прысвяціла сваю вялікую навуковую працу пад назвай "Пошукі бессмяротнасці ў сучаснай беларускай і рускай паэзіі". Пра бессмяротнасць пісалі І. Кант, Ф. Ніцша, М. Фёдараў, У. Салаўёў, П. Фларэнскі. Існуюць наступныя віды неўміручасці ў сучаснай беларускай і рускай паэзіі: сацыякультурная, духоўная, біягенетычная, фізічная і метафізічная...
Спадарыня Барысюк шчыра падзякавала літаратурнаму клубу "Экватар" за ўшанаванне памяці сваіх памерлых сяброў.
Празаік, дакументаліст, навуковец, грамадскі дзяяч Якаў Рыгоравіч Анапрэенка распавёў сабраным пра тое, што вельмі добра ведаў і памятае Людмілу Аляксееўну Сівалобаву. Ён заўсёды з вялікай цікавасцю і захапленнем чытаў і слухаў у выкананні пісьменніцы яе новыя творы. Спадар Якаў зазначыў тонкі псіхалагізм, вялікую дасведчанасць, увагу да дэталяў, напружанасць, што ўласцівыя творам спадарыні Людмілы. На ягоную думку, пісьменніца Л.А. Сівалобава пакінула пасля сябе вельмі цікавы і змястоўны празаічны скарб. У памяць Людмілы Аляксееўны Якаў Рыгоравіч прачытаў некалькі сваіх невялікіх празаічных твораў.
Паэт, празаік, драматург Глеб Ганчароў у "экватарыяльнай" суполцы не так даўно, таму ён асабіста Людмілу Сівалобаву не ведаў, але звярнуўся да сабраўшыхся са шчырымі словамі спачування. Прысутным ён прачытаў нізку сваіх сумных, лірычных вершаў на тэму жыцця і смерці. Але быў сярод іх і твор на тэму тэатра, а дакладней оперы, пад назвай "На рэках Вавілонскіх", прысвечаны Дж. Вердзі:
Пагасла дзённая пара...
Рабы ля рэчышча Еўфрата,
Пакутуючы ля кастра,
Пяюць крадком... Зладзеявата
Бушуе памяць пра Сiнай,
Пра водар гронак вiнаграду,
I згвалтаваны iмi рай
Iх вабiць хiжа, як прынада.
Прыносяць клятвы нiчые
Развалiнам Ершалаiма,
Дзе цень мiнулага ўстае,
Як наяве, клубамi дыму...
- О, вырвi, Божа, мой язык!
Прабач сярод чаканняў нiцых!..
I звонам здраднiцкiх вярыг
Буяе ноч у iх вачнiцах.
Далей слова перайшло да паэта і навукоўцы Ігара Яўгенавіча Шыршова. Было відавочна, што смерць даўняй сяброўкі літаратурнай суполкі вельмі моцна кранула яго. Спадар Шыршоў знайшоў пранікнёныя словы падтрымкі і павагі, якія пачулі сабраныя. Ігар Яўгенавіч прачытаў некалькі сваіх вершаў у памяць Людмілы Сівалобавай.
Паэты Валянціна Акулёнак і Міхаіл Баранчык прыйшлі выразіць спачуванні літаратурнаму клубу "Экватар" ад імя літаратурнай гасцёўні "Дзясятачка", у якой з'яўляюцца кіраўнікамі. Яны чыталі сумныя лірычныя вершы, што адпавядалі тэме мерапрыемства.
Такіх непадобных, на першы погляд, паэтку Тамару Смірнову і педагога і навукоўцу Раісу Марозаву абх'ядноўвае адна моцная рыса: абедзве яны з'яўляюцца моцна веруючымі ў Бога жанчынамі. У памяць спадарыні Сівалобавай Тамара Смірнова выканала шэраг сваіх вершаў на царкоўную тэму, а Раіса Марозава прачытала некалькі твораў свайго памерлага мужа Уладзіміра Марозава, які доўгі час быў сябрам літаратурнага клуба "Экватар".
Закрываў канцэртную праграму сумнай імпрэзы 27 сакавіка паэт, празаік Юрась Нераток. Ён падзякаваў суполцы за тое, што тут памятаюць сваіх памерлых сяброў, з павагай і пашанай ставяцца да іх літаратурнай спадчыны. У выкананні спадара Юрася сабраныя пачулі шэраг камерных вершаў, сярод якіх быў і гэты, пад назвай "Пара":
Як ні нацягвай лейцы -
Час апантана бяжыць,
А ўсведамленне смерці
Перашкаджае жыць.
Форсу хапае і фарту
На віражы і віры.
Толькі чацвёртую карту
З прыкупу лепш не бяры.
Раптам адчуеш без жаху,
Як безраздумны герой,
Сумесь іглічнага паху
З пахам зямліцы сырой.
Жартам нуду супакоіш,
Выціснеш сум з-пад пяра…
Глянеш - наўкола ўсё тое ж.
…Толькі сыходзіць пара?.
Завяршылася мерапрыемства агульнай фотасесіяй. Гэта была сумная імпрэза, але ўсё ж такі на ёй прысутнічалі, па адчуваннях сабраных, святло і цеплыня, яны літаральна луналі ў той дзень у бібліятэцы Талстога. І было адчуванне прысутнасці духу памерлай пісьменніцы, таленавітага празаіка, цудоўнага чалавека і адданага сябра "Экватара" Людмілы Аляксееўны Сівалобавай...
Інга Вінарская, Вячаслаў Корбут.
З успамінаў д-ра Юльяна Цітыюса *
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Уладзіміраў (сын папа, які служыў у рускім пасольстве ў Лондане і быў жанаты з англічанкай) у канцы 1865 г. склаў Каўфману запіску аб увядзенні ў касцёле службы і казанняў на рускай мове. Генерал-губернатар Каўфман з гэтай запіскай паехаў да мітрапаліта Сямашкі. Мітрапаліт назваў план Уладзімірава шкодным і небяспечным для праваслаўя і адмовіўся ад яго. Тады Каўфман стварыў вялікую камісію, пра якую я пісаў вышэй. Каткоў у сваёй газеце назваў здраднікамі праціўнікаў Уладзімірава. Пасля сыходу Каўфмана з пасады, Уладзіміраў прапанаваў сваю запіску Баранаву. Новы генерал-губернатар паказаў яе імператару, калі той праязджаў праз Вільню ў 1867 г. Аляксандр ІІ загадаў пераслаць запіску ў Пецярбург на разгляд міністраў. На першым паседжанні меркаванне схілілася ў бок падтрымкі запіскі, але калі на наступны разгляд з Вільні прыехалі: новы генерал-губернатар Патапаў, з Кіева генерал-губернатар князь Дундукоў-Корсакаў і прысутнічаў канцлер, князь Гарчакоў, праект Уладзімірава быў адхілены.
1880. К канцу лета паехаў у Варшаву. Назад вярталіся разам з новым генерал-губернатарам графам Татлебенам 56. На станцыі Парэчча, дзе "гарбата ці кава", каля мяне сеў паважны, але жывы і хуткі ў рухах стары. Быў ахвотнік пагаварыць і запытаў у мяне, куды я еду. Калі пачуў, што ў Вільню, сказаў: "Ну дык, спаткаемся …, але спадар мяне не ведае", - "Хто ж не ведае слаўнага героя Севастопаля і Плеўны", - адказаў я.
Праз некалькі тыдняў мы спаткаліся на вуліцы (ён любіў хадзіць па вуліцах), Татлебен спыніў мяне і спытаў, чаму я яго не наведаў? Бо мы ж знаёмыя.
Гэты стары вельмі любіў знаходзіцца сярод маладых і дасціпных жанчын. Без канца размаўляў і жартаваў з імі. Неяк у графа Плятэра падчас прыемнай вячэры на карысць бедных бавіўся вясёлай размовай пасля стала ў кампаніі дам ажно да 5-й раніцы, яго жонка з дочкамі ўжо даўно зышлі дахаты спаць.
Татлебен паказваў мне рэчы з часоў турэцкай вайны і казаў: "Прыедзь да мяне ў Кейданы і ўбачыш там цэлы музей".
1881. Закончыўся карнавал, змоўкла опера. У гэты сезоне прыгожа спявала прымадонна, сеньёра Каралі (у замустве княжна Енгалычава). Вялікая неспадзяваная падзея ў вялікі пост: 1 сакавіка Каралі дае прадстаўленне мілай аперэткі Афенбаха "La Pericholle" на карысць бедных вучняў. Яе талент забяспечыў поўную залу. Білетаў не было. Я сядзеў каля шляхетнага адміністратара студэнцкай касы Канстанціна Балінскага. На сцэне акцёр у ролі губернатара, спяваючы сваю партыю, загадвае арыштаваць вулічнага спевака. У гэтую хвіліну пачынаецца шум і замяшанне не толькі на сцэне, але і ў зале. Гледачы бачаць сапраўднага губернатара, які стаіць у сваёй ложы і робіць нейкія знакі акцёрам. Акцёры знікаюць, аркестр сціхае. Тады цывільны губернатар Сцеблін-Каменскі павольным, узрушаным голасам кажа: "З-за гаротнага выпадку … скону гасудара імператара … я спыняю спектакль". Падае тэатральная заслона. Мёртвая цішыня. Калі выходзіў з тэатра, пачуў за сабой голас нейкага расіяніна: "Забіты!". Шляхетны Балінскі адвёз мяне дахаты. Быў у смутку. Што нас чакае наперадзе? Як павернецца ўнутраная палітыка? Чаго хацелі ад імператара сляпыя шаленцы і на што спадзяваліся пасля яго смерці? Наступствы іх кароткага трыумфу хутка ўбачым. […]
Граф Татлебен атрымаў інфармацыю а 6-й гадзіне, выклікаў губернатара і паслаў яго ў тэатр спыніць вяселле.
5
1882. Адзін раз размаўлялі з Татлебенам пра яго папярэдніка Мураўёва. Добра памятаю, што мяне абралі тады ў нашым старым Таварыстве дабрачыннасці дырэктарам дэпартамента, які адказваў за галечу ў горадзе, а суцэльны брак сродкаў прымушаў шукаць дапамогі ў прыватных асоб, галоўным чынам у знаёмых свецкіх дам. "Ваша сяброўка княгіня Ядвіга Радзівіл распачала справу. Па ўласнай ініцыятыве на балі сабрала 700 рублёў і ахвяравала мне для па-сапраўднаму бедных сямей". "Гэта вельмі добра!"- адказаў я. "Павага княгіні, гэта добры і шляхетны ўчынак, які мяне не дзівіць".
Але іншы начальнік нашага краю інакш глядзеў на хрысціянскую міласэрнасць, на літасць да бедных, на людскія слёзы. Некалькі самых шляхетных дам за такую правіну адміністратыўна выслаў на чужыну і гэтая, як тады лічылася, нібы лёгкая кара, сваім наступствам мела прымусовы продаж маёнтка за бясцэнак! Спадарыні-ахвярадаўцы цалкам страцілі свае грошы і здароўе на поўначы, гэта: Кастравіцкая з дому Гарноўскіх, Бучанская з дому гр. Гюнтар, Вейсенхоф з дому Чыж, панна Ідалія Лапацінская і іншыя.
Старая Дамброўская (народжаная Тапліцкая) міласэрная і набожная спадарыня, вымуравала вялікі дом (над Віліяй, за мостам, які мае назву Зялёны) і прызначыла гэты дом для бясплатнага прытулку адзінокіх старых жанчын. Мяне часта выклікалі ў гэты дом, і я з ахвотай лячыў і ўцяшаў самотных бабулек. Прыйшоў фатальны 1863 г., і галоўны кіраўнік Літвы ўбачыў у гэтай справе патрыятычны чын. Паліцыя выгнала старых у наш дом дабрачыннасці, будынак сп. Дамброўскай быў канфіскаваны і потым прададзены. Радыкальнае лячэнне.
Карыстаючыся вольнай хвілінай, нагадаў пра гэта Татлебену. "І хто ў тым вінаваты, што такі добры цар прыслаў такога чалавека? Вы самі. Храбрыя ў бітве, гатовыя ісці на смерць за ідэю, не змаглі халоднай галавой разважыць свае дзеянні і прадбачыць вынікі. Усе вы - паэты, энтузіясты і рэдка палітыкі і дыпламаты". І дадаў: "І мяне Мураўёў не любіў. У 1860 г. па яго загадзе (быў ён тады міністрам дзяржаўнай маёмасці) адбылося агульнае выгнанне татараў з Крыма з рабункам іх зямель шпекулянтамі і нават самой уладай. Цар Аляксандр ІІ паслаў мяне ў Крым разабрацца з гэтым варварскім для XIX ст. гвалтам. У сваім рапарце я абвінаваціў Мураўёва і напісаў ўсю праўду".
Неспадзяванае і жахлівае забойства Аляксандра ІІ скараціла жыццё Татлебена і Альбядзінскага. Акрамя гэтага, падчас цырымоніі пахавання ў Пецярбургу Татлебен прастудзіўся. Восенню выехаў за мяжу, адкуль ужо не вярнуўся жывым. Памёр у 1883 г. Труну прывезлі ў Вільню і адсюль ганарова, з дэпутацыяй ад горада, адвезлі ў маёнтак Татлебена Кейданы. Потым сям'я перазахавала яго ў рыжскай капліцы Татлебенаў, а яшчэ пазней цар Аляксандр ІІІ загадаў прывезці яго парэшткі ў Севастопаль, які ён бараніў у 1854 і 1855 гг., і пабудаваць яму там манументальную пахавальню.
Вільня ўдзячна яму за зрытыя валы з гарматамі каля гары Гедыміна, якую ў 1832 г. ператварылі ў цытадэль. Цытадэль была скасавана ў часы Назімава, але менавіта Татлебен загадаў зняць з бастыённых вежаў зброю і пасадзіць прыгожы Замкавы сквер.
Любіў наш батанічны сад, праз які хадзіў у клуб і некалькі разоў я з гэтым гістарычным старцам размаўляў тут пра гісторыю Вільні, пра ўніверсітэт, пра заснаванне гэтага саду. Паказваў яму ўлюбёнае месца, дзе я ў адзіноце рыхтаваўся да экзаменаў. Расказваў пра стары каралеўскі млын XVI ст. і пра шумныя каскады на канале каля моста (праз мост ішла дарога ў батанічны сад, а канал падводзіў ваду да млына). З-за канала і Вілейкі сад, як быццам, знаходзіўся на востраве. Ён уважліва слухаў і паўтараў мне: "Es ist alles verganglich!" 57. Такое ёсць не толькі тут. Прыязджай да мяне і ўбачыш, які парк я гадую ў Кейданах …, а ці шмат мне засталося?" Праз два гады ўжо не жыў. Таксама ў траўні памёр Альбядзінскі. Руская прэса напісала пра іх суха і холадна, у некралогах былі толькі афіцыйныя, газетныя радкі. Нацыянальнасць аднаго, добрае сэрца і погляды другога, не дазвалялі прызнаць іх заслугі. Татлебен кіраваў Літвой толькі два гады і некалькі месяцаў, а змяніў яго камандуючы Віленскай ваеннай акругай генерал Нікіцін 58.
1883. У траўні ў Вільню прыбыў біскуп Караль Грынявецкі 59. Пасля 20 гадоў анархіі і суцэльнага бяспраўя ў дыяцэзіі з-за сваволі і хабарніцтва трыумвірату 60. Прэлаты Нямекша 61 і Тупальскі 62 ўжо не жылі, першага з іх з'ела працяглая хвароба (наступства дурных звычак, з-за якіх ён яшчэ раней страціў кафедру ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі), другога забіў яго малады слуга, якога ён выхаваў. Гэты слуга з адсечанай галавой прэлата, спрабаваў уцячы за мяжу 63. Застаўся толькі Пётр Жылінскі 64, які кіраваў дыяцэзіяй 20 гадоў. Жылінскі, хаця і граў ў гэтым трыумвіраце ролю Юпіцера, залежаў ад двух сваіх калег і нават пабойваўся Тупальскага, бо ведаў, што той на ўсё гатовы. Праз нейкі час з'явіўся чацвёрты такі ж самы, канонік Капцаговіч 65. Пра яго мінулае нічога не ведаю, ён як зух пачаў непачцівую спрэчку не на жыццё, а на смерць з біскупам Грынявецкім, калі іншых трыумвіраў ужо не было.
Успамінаю аб той касцельнай драме са смуткам ў сэрцы. На жаль, зблізку бачыў злосць з аднаго боку, а з другога правату і неспрактыкаванасць. Малады, энергічны, з гарачай верай біскуп не ведаў пра правінцыяльную залежнасць кожнага свайго кроку ад вышэйшых і ніжэйшых уладаў, ад зайздрасці і непрыязі пануючага вера-вызнання, ад інтрыг і бясконцых даносаў.
Жылінскі, планы якога былі ўжо зруйнаваны, прадэманстраваў пашану да Грынявецкага, а потым замкнуўся ў сваім палацы, пабудаваным за Вострай брамай 66. Ні ў што не ўмешваўся. Біскуп атрымліваў розныя пісьмовыя і вусныя скаргі на Капцаговіча з-за яго немаральнага жыцця. Капцаговіч быў тады пробашчам па-бернардынскага касцёла. Калі ўгаворы не дапамаглі, адлучыў грэшніка да алтара, пра што паведаміў уладам. Атрымаў першую маланку ад міністра гр. Талстога. Потым Капцаговіч часта ездзіў у Пецярбург з даносамі на біскупа і нарэшце біскуп сам быў выкліканы ў сталіцу.
Другі двубой біскуп меў з гарадзенскім (перад гэтым віленскім) ксяндзом Малышэвічам. Хацеў яго пакараць за скандальнае і недухоўнае жыццё, але ўлада была на баку ксяндза, які прыехаў у Вільню, пакарыўся і пакаяўся ў грахах. Шматдзённыя рэкалекцыі ў мурах семінарыі на яго добра падзейнічалі. Праз год, калі біскуп адпачываў у Друскеніках, да яго са скаргай з Гародні прыехала дэпутацыя парафіян на гэтага ж ксяндза з-за новага гучнага скандалу. Грынявецкі адразу выехаў у Гародню і адлучыў Малышэвіча ад алтара. Зараз жа гарадзенскія і віленскія ўлады абвінавацілі біскупа, не прызналі яго выраку і пакінулі ксяндза на пасадзе. Сапраўдная вайна.
Непрыязь і дрэннае стаўленне да нязручнага для іх кіраўніка касцёла ўлады выказалі яшчэ раней, падчас прыезду біскупа. Амаль што ўсе католікі выйшлі 26 траўня 1883 г. сустракаць біскупа і цалкам запоўнілі вуліцы, якія вялі да катэдры ад чыгуначнага вакзала. Дасціпны паліцмайстар Клінгенберг (праз 3 гады ковенскі губернатар) схітраваў. Ён ехаў перад чатырохконнай карэтай біскупа і правеў яе пабочнымі вуліцамі. Пабожныя тлумы ўсё яшчэ чакалі біскупа на галоўных вуліцах, а пастыр быў ужо ў катэдры. У сваёй прыгожай прамове Грынявецкі выказаў удзячнасць манарху, які яго сюды прыслаў і сказаў аб добрых і дрэнных святарах, засцерагаючыся назваць апошніх. Было бачна, як Капцэвіч усміхаўся з выразам пагарды на твары.
Кіраваў у Літве генерал Нікіцін - ні злы ні добры, але абыякавы да цывільных, а тым больш рэлігійных спраў. Таму меней слухаў парады дырэктара сваёй канцылярыі барона Гравеніца, чым руплівага паліцмайстра, які правёз біскупа ў катэдру бакавымі вуліцамі.
1884. 9 лютага 1884 г. прыехаў новы генерал-губернатар Каханаў. Віленская ваенная акруга, як і раней, засталася пад камандаваннем Нікіціна. Паважаны царом як спрактыкаваны адміністратар, які добра разумее цывільныя і рэлігійныя пытанні, Каханаў карыстаўся даверам міністра ўнутраных спраў гр. Талстога (раней, обер-пракурора сінода). Новы генерал-губернатар адразу атрымаў дрэнныя водгукі пра біскупа ад духоўных і свецкіх віленскіх уплывовых асоб. Ён вырашыў зняць біскупа. З аднаго боку было касцельнае права, якое перашкаджала, а з іншага жаданне генерал-губернатара (ці, дакладней, новага дырэктара яго канцылярыі Голалобава). Спіс вінаў "строптивого, воинственного епископа" перад уладамі ўсё павялічваўся. Уплывовая пецярбургская прэса паўтарала бязглуздыя байкі "Літоўскага епархіяльнага весніка", напрыклад, што ўся шляхта ахвяравала свайму пастыру залатую карэту і чацвёрку белых коней і ён у гэтай карэце заўсёды ездзіць па Вільні. Грынявецкі не звяртаў увагі на плёткі, не слухаў парады добрых сяброў, у Каханава не бываў і нават яго ігнараваў. Ведаючы, што нявінны і касцельнае права на яго баку, стаў ахвярай уплывовай бюракратыі. Загадам яго выклікалі ў сталіцу і думалі надоўга затрымаць там. Выкліканы з Масквы Каткоў дрэнна выказаўся пра віленскага біскупа, прапанаваў адабраць у яго дыяцэзію, а самога выслаць з эскортам урадніка ў Яраслаўль пад нагляд паліцыі 67.
1883. Частку лета правеў далёка ад гарадскіх муроў: чэрвень, прыемна і весела ў старых сяброў, спадарства Котвічаў, ліпень таксама прыемна, але сумна - у старых сяброў спсп. Свідаў. Рэзідэнцыя ў Турлах спсп. Котвічаў дасканалая. Палац ў садзе, зал, балконы, кветкі і алеі, блізкі лес, а таксама наша чароўная Вілія. За вярсту мураваны прыгожы касцёл. Прыгожая і прыемная сям'я якая складаецца з трох вясёлых дачок-прыгажунь і разумнага сына. Музыка, спевы, імправізаваны аматарскі тэатр, вандроўкі ў шарабанах і нават чароўныя танцы - усё гэта рабілася для суседзяў і сяброў з горада.
Жыццё на прыродзе, сярод лугоў і гаёў Багданава, раней напаўняла сэрца прыемнасцю, а зараз напоўніла смуткам. Стары сябар, самы шляхетны жыхар краю Юзаф Свіда, дагараў ад хваробы. Жонка і дзеці даглядалі раней жалезнага чалавека, а зараз руіну. Я паехаў са слязамі на вачах, каб апошні раз паціснуць яму руку. Калі вяртаўся, да чыгункі мяне адвёз былы маршалак Ян Лубанскі 68, адзін з заснавальнікаў Земскага банка з Вільні, чалавек рэдкага розуму і сэрца. На першы погляд чалавек халодны, але ўратаваў не мала з тых, хто гінуў. Хутка пасля нашай сустрэчы расхварэўся, і яго сям'я асірацела.
1884. Памятны наведваннем 26 жніўня Вільні царом Аляксандрам ІІІ з царыцай. У вялікай зале палаца адбыўся царскі абед.
6
Калі быў студэнтам, наслухаўся вершаваных эпіграм на ўніверсітэцкіх прафесараў. Іх якасці і характарыстыкі ўвекавечыла студэнцкая муза, вось яе творы:
Пан прафесар Франк*
Ходзіць, дзе хто "кранк"**,
Аднак ідзе і да здаровай
Да прыгожай пані Капшовай 69
Пан прафесар Рэшка 70
Жыве ўнізе без спешкі,
Хоць на гару ходзіць,
Нікому... не шкодзіць.
Там на зоркі глядзіць, колькі можна,
А бачыць..., што кожны.
Пан прафесар Снядэцкі,
Непрыяцель нямецкі,
Хоча, каб і палякі
Да працы браліся ўсякай. 71
Андрэй Снядэцкі, прыгожы старац з напудранай галавой, свежым жабо, у белай, як снег, камізэльцы, у шэрым фраку і венгерскіх ботах з кутасікамі, быў вельмі шанаваны літоўскім генерал-губернатарам Рымскім-Корсакавым. Расказвалі, што, калі на абедзе гаспадар генерал-губернатар спытаў, што перашкаджае яму вывучыць на доктара свайго адзінага сына, высокага кавалера з прыгожым, румяным тварам, Снядэцкі адказаў: "Не, генерал, для доктара ён мае заслабую галаву. Зраблю яго маршалкам. Куплю яму маёнтак і багата ажаню. Абяру яго маршалкам". Так і сталася, сп. Юзаф жаніўся з паннай Сулістроўскай з вялікім пасагам.
Не магу не згадаць пра знакамітага вучня, а з 1822 г. наступніка А. Снядэцкага на кафедры хіміі, з 1835 па 1836 гг. майго прафесара, Ігната Фонберга 72, аўтара кнігі па хіміі ў трох тоўстых тамах на польскай мове. Высокаадукаваны, вельмі сімпатычны і ўсімі любімы, паважаны прафесар у 1840 ці 1841 г. разам з Медычнай акадэміяй пераехаў у Кіеў, дзе і памёр.
Міністр Бібікаў апавядаў мне ў Дрэздане, што калі ён быў генерал-губернатарам у Кіеве і, адначасова, куратарам Кіеўскага ўніверсітэта, дык прадстаўляў цару Мікалаю знакамітых прафесараў. "Вы з якіх Бергаў?" - запытаў той прафесара: "Сын віленскага каваля", - адказаў Фонберг манарху, які, пасміхаючыся, паціснуў руку прафесару.
Мікалая зацікавіла прозвішча фон Берг, бо яно належала радавітай эстлянскай шляхце, з якой паходзіў і пазнейшы намеснік у Варшаве 73. А прозвішча Фонберг, а не фон Берг ён ніколі не сустракаў. У той жа дзень падчас абеду цар сказаў Бібікаву: "Quel belhomme votre professeur de chimie. Aves quelle droiture il m'a repondu" 74 і дадаў па-руску: "Ён - не немец, бо немец пра сваё паходжанне доўга б расказваў". "Ён паляк з Вільні, дзе быў прафесарам. Un savant sereiux, tres sereiux, Sire" 75, - "Люблю цэльныя натуры, але, - дадаў смеючыся, - шкада яго для хіміі. Каб быў чыноўнікам ці доктарам, забраў бы яго да сябе ў Пецярбург. Можаш сказаць гэта Бергу, ці фон Бергу, ці фон Фонбергу".
"Tel etait l'empereur Nicolas" 76, - закончыў Бібікаў і расказаў яшчэ адну гісторыю пра наведванне царом толькі што заснаванага кіеўскага ўніверсітэта: "Я вадзіў яго па ўсяму гмаху знутры, і аглядалі гмах звонку. На адным фасадзе цар заўважыў вялікую колькасць вокнаў.
- Чаму іх тут столькі? - пытае не ў архітэктара, а ў мяне.
- Таму, Ваша вялікасць, што гэта заходні фасад.
- І што з таго?
- Праз гэтыя вокны наш універсітэт глядзіць на захад, на Еўропу.
- Ну і хай сабе глядзіць, але хай не заглядаецца на рэспубліканскія ідэі Парыжа, якія падкопваюць трон Людвіка Філіпа.
Вяртаемся ў Вільню. Паміж прафесарамі, якія прыехалі з-за мяжы, у канцы мінулага стагоддзя быў вучоны доктар Шпіцнагель. Выкладаў на лаціне і па-польску. Лета праводзіў у сваім маёнтку на Ашмяншчыне ў суседстве з маладым паэтам А. Э. Адынцом. Меў двух сыноў 77. Старэйшы, вельмі здольны, закончыў жыццё самазабойствам, малодшы, бязглузды фанфарон, худы брунет і рэзанёр, якога ніхто не любіў. Дачакаўся эпіграмы:
Загадка.*
Другое - цвік, а першае сабака,
Усё разам - вялікае нішто ніяка.
"Балбачы, балбачы, як стары дзед", - казаў Вінцэнт Поль 78, які бясконца мог расказваць пра людзей і падзеі мінулага, пра светлых і разумных мужоў. Шмат што занатаваў, і шмат розных гісторый яшчэ засталіся ў памяці.
* Пераклад і каментары Леаніда Лаўрэша.
56 Татлебен Эдуард Іванавіч (1818-1884), генерал-ад'ютант, інжынер-генерал, віленскі генерал-губернатар у 1880-1884 гг. У сваім маёнтку Кейданы, які належаў яму з 1866 г., у 1880-1882 гг. зладзіў парк, збудаваў палац і мінарэт у памяць вайны з туркамі (нагадваў мінарэт у Плеўне). Гэта збудаванне захавалася да нашага часу. Мінарэт спарадзіў мясцовыя паданні пра тое, што ён пабудаваны для задавальнення рэлiгiйных патрэбаў палюбоўніцы-турчанкі. - Л. Л.
57 Усё мінула! (ням). - Л. Л.
58 Нікіцін Аляксандр Паўлавіч (1824-1891), генерал ад інфантэрыі, камандаваў войскамі Віленскай вайсковай акругі, з 1882 па 1884 г. выконваў абавязкі генерал-губернатара падчас хваробы графа Татлебена. - Л. Л.
59 Караль Грынявецкі (1841-1929) - рымска-каталіцкі і польскі дзяржаўны дзеяч. У 1883 г. быў прызначаны папам Львом XIII віленскім біскупам, якім фармальна заставаўся да 1889 г., але ўжо ў 1885 за супраціў русіфікацыі быў сасланы ў Яраслаўль. У 1891 г. быў прызначаны тытулярным арцыбіскупам Пэржу. Ад 1894 г. жыў у Галіцыі. У 1921 г. быў паслом на сойм Сярэдняй Літвы. - Л. Л.
60 Пра трыумвірат гл. далей.
61 Нямекша Антоні (каля 1824-1878), ксёндз, доктар багаслоўя, у 1851-1860 гг. прафесар Пецярбургскай духоўнай акадэміі. З 1861 г. стаўленік царскіх уладаў, займае адказныя царкоўныя пасады ў Вільні (прэлат, дэкан, настаяцель касцёла св. Яна). У мемуарах ад'ютанта Мураўёва-вешальніка Чарэвіна, ёсць апісанне выгнання з Вільні ў сакавіку 1865 г. кляштара ордэна Візітацыі Панны Марыі (ці візітанцінак), пры якім кс. Нямекша, як на гэта празрыста намякае мемуарыст, адпускаў блюзнерска-парнаграфічныя жарты ў бок манашак. Гл: Долбилов М.Д. Русский край, чужая вера. Москва. 2010. С. 827. - Л. Л.
62 Тупальскі Эдвард, магістр тэалогіі, узнагароджаны ордэнам св. Станісалва 2 ст. з імператарскай каронай, медалём за вайну 1853-1856 гг. і медалём за ўціхамірванне мецяжу 1863-1864 гг. - Л. Л.
63 "Аб жудасным забойстве прэлата Тупальскага. У "Віленскім Весніку" надрукавана наступнае: "У Вільні выяўлена вельмі важнае злачынства. Рэктар Віленскай рымска-каталіцкай семінарыі, прэлат Эдуард Тупальскі, быў у кансісторыі ў сераду, 26-га красавіка, вярнуўся дадому, і з таго часу яго ніхто больш не бачыў; 27-га жа знік з Вільні і служка прэлата, Лазоўскі. Праз некалькіх дзён, на працягу якіх ніхто не бачыў ні прэлата, ні яго служкі, узбудзілася падазрэнне, не ці быў прэлат пазбаўлены жыцця, і ў гэтым выпадку падазрэнне спынялася на яго зніклым служцы. 30-га Лазоўскі быў затрыманы ў Марыямпольскім павеце Сувальскай губерні і, як нам паведамляюць з пэўнай крыніцы, прызнаўся ў забойстве прэлата Тупальскага. Сапраўды, у лесе, каля месца затрымання Лазоўскага, па яго паказаннях быў знойдзены, вузел, у якім аказаліся галава, рука і нага прэлата. Гэтыя часткі цела нябожчыка ён, Лазоўскі, меў з сабой пры ўцёках з Вільні і пакінуў у лесе, відочна, толькі на нейкі час. Здаецца цалкам незразумелым, з якою мэтай ён узяў сабе гэтыя часткі цела, і, як нам паведамляюць з той жа крыніцы, сам абвінавачаны не дае пра гэта здавальняльнага тлумачэння. У пятніцу 5-га красавіка адбываўся вынас гэтых частак цела прэлата ў рымска-каталіцкі кафедральны сабор; у той жа дзень знойдзены і астатнія часткі цела, за 14 вёрст ад Вільні, па рацэ Віліі, уніз па цячэнні. 30-га абвінавачаны па гэтай незвычайнай справе дастаўлены ў Вільню, і з гэтага ж дня безупынна вядзецца следства. Вынас цела нябожчыка прэлата Тупальскага з рымска-каталіцкага кафедральнага сабора і затым пахаванне яго на Бернардынскіх могілках адбыліся ў суботу, 6-га траўня, а 1-й гадзіне па поўдні"". - цыт. па перадруку ў ЛЕВ. 1872. № 11. С. 404. - Л. Л.
64 Пётр Жылінскі (1817-1887) - кіраўнік Віленскай дыяцэзіі, прэлат-прэпазіт (кіраўнік манаскага ордэна) кафедры, доктар тэалогіі, кавалер ордэна Св. Станіслава 1 і 2 ст. з імператарскай каронай, кавалер ордэна Св. Уладзіміра 3 ст., узнагароджаны наперсным крыжам, медалямі за вайну 1853-1856 гадоў і задушэнне паўстання 1863-1864 гадоў. Гл: Памятная книжка Виленской губернии на 1875 год. Вильна, 1875. С. 136. Масолаў А.: "Некалькі пазней узвысіўся віленскі дэкан П. Жылінскі, чалавек яшчэ не стары, але цалкам сівы, трымаўся як каталіцкі біскуп - важна і стрымана. Ён атрымаў адзін з лепшых Віленскіх прыходаў - Вострабрамскі (каля гэтага касцёла - знакамітая брама з капліцай, пад'язджаючы да брамы па вузкай вуліцы ўсе людзі здымалі шапкі) і прызначаны прэлатам". Гл: Мосолов, А. Н. Виленские очерки 1863-1865 гг. / А. Н. Мосолов. СПб., 1898. С. 117-118. - Л. Л.
65 Капцаговіч Аляксандр, прэлат-кусташ, асэсар кансісторыі, узнагароджаны ордэнам св. Станіслава 2 ст., і залатым наперсным крыжам, крыж і медаль за вайну 1853-1856 гг. і медаль за ўціхамірванне мецяжу 1863-1864 гг. - Л. Л.
66 "Як вядома, адміністратар Жылінскі пабудаваў на Коннай вуліцы вельмі прыгожую камяніцу. Казалі, што з усіх пробашчаў ён цягнуў добрую даніну - пробашч нават самай малой парафіі павінен быў даваць яму ў лапу 150 рублёў штогод. Казалі яшчэ, што нейкі ксёндз нібыта прапаноўваў Жылінскаму за арэнду Вострай Брамы 50 тыс. рублёў штогод, але той не згадзіўся. Усе гэтыя грошы не аднаму Жылінскаму ішлі, іншыя прэлаты таксама "сваё" мелі. Адзін спадар расказаў яўрэю, што Жылінскі прыгожую камяніцу пабудаваў. "Ай, я і не такую б камяніцу паставіў, каб гэтакую маці меў…".
Неяк, калі Жылінскі сядзеў у сакрыстыі Вострай Брамы, у касцёл прыйшоў нейкі селянін. Селянін запытаўся ў мясцовага хлопца:
- Каму тут, паночак, на імшу даваць?
Жартаўнік адказаў:
- Дай гэтаму ксяндзу (паказвае на Жылінскага), толькі папрасі яго, каб Жылінскаму грошай не даваў, бо той імшу не адправіць.
Селянін падыходзіць, нізютка кланяецца, і, падаючы грошы, кажа:
- Прашу, вяльможны ксяндзюлячку, прыняць за імшу, толькі Жылінскаму не давай, бо той імшы не адправіць!
- Не дам. Не дам! - адказаў Жылінскі". - цыт. па: Успаміны Яўстаха Шалевіча. Пераклад і каментары Лаўрэша Леаніда // Маладосць. 2020. № 5. С. 105. - Л. Л.
67 ""С.-Пецярбургскія Ведамасці" перадаюць, што Віленскі рыма-каталіцкі біскуп Грынявецкі, выкліканы ў Пецярбург для тлумачэння з нагоды дапушчаных ім непрыстойных і варожых у бок рускай улады выхадак, адхілены ад кіравання Віленскай епархіяй і адпраўлены на жыхарства ў Яраслаўль, пад нагляд паліцыі.
... біскупу Грынявецкаму прызначана ўтрыманне ў 2000 руб. у год", - цыт. па: ЛЕВ. 1885. № 5. С. 43. - Л. Л.
68 Ян Канты Любанскі (1820-1884), буйны землеўласнік, уладальнік маёнтка Любань, банкір, грамадскі дзеяч і філантроп, маршалак ашмянскай шляхты. - Л. Л.
* Pan Profesor Frank
Chodzi, gdy kto "krank",
Jednak chodzi i do zdrowej,
Do pięknej pani Kopszowej.
Pan Profesor Reszka
Co na dole mieszka,
Choć po górze chodzi
Nikomu … nie szkodzi.
Tam patrzy na gwiazdy
A widzi … co każdy.
Pan profesor Śniadecki
Nieprzyjaciel niemiecki.
Chce, żeby i Polacy
Brali się też do pracy.
** Кранк (krank, ням.) - хворы.
69 Анелька, вядомая сваёй прыгажосцю жонка заможнага купца.
70 Рэшка Ігнат (1760-1830), доктар філасофіі, прафесар астраноміі Віленскага ўніверсітэта. - Л. Л. Пра Ігната Рэшку гл: Лаўрэш Леанiд. "I зорнае неба над галавой…": Нарысы з гiсторыi. Мінск: Лімарыус, 2013. С. 96-97. - Л. Л.
71 Антоні Эдвард Адынец пісаў, што аўтарства гэтых і іншых падобных эпіграм прыпісвалася Шурлоўскаму: " ... майстрам падобнай справы лічыўся многія гады паэт Шурлоўскі, памяць пра якога жыве дагэтуль у мясцовых традыцыях. Бо, акрамя ўласных задумаў, ён ахвотна служыў шырмай для іншых, якія ад яго імя пускалі сатырычныя стрэлы, а ён сам ніколі іх імёнаў, як сакрэтаў споведзі, не выдаў". Пра Шурлоўскага гл.: Адынец А. Э. Успаміны пра мінулае. Мінск, 2020. С. 105-107. - Л. Л.
72 Фонберг Ігнат (1801-1891), прафесар хіміі. У 1817 г. скончыў гімназію ў Беластоку і паступіў у Віленскі ўніверсітэт, быў вучнем Андрэя Снядэцкага. - Л. Л.
73 Граф Фёдар Фёдаравіч Берг, генерал-ад-інфантэрыі (потым генерал-фельдмаршал), у 04.07.1863 - 06.01.1874 гг. намеснік у Варшаве. - Л. Л.
74 Які прыгожы ваш настаўнік хіміі. З якой праведнасцю ён адказаў мне (фр.) - Л. Л.
75 Спакойны вучоны, вельмі спакойны, Сір (фр.) - Л. Л.
76 Такім быў імператар Мікалай (фр.) - Л. Л.
77 Пра Шпіцнагеляў, гл: Адынец А. Э. Успаміны пра мінулае. Мінск, 2020. С. 63-64.; 88-90. - Л. Л.
* Zagadka.
Drugie - Nagel, pierwsze - Szpic
Wszystko razem: wielkie nic.
(Nagel - ням. цвік, Szpic - ням. Schpitz, парода сабакі.)
78 Поль Вінцэнт (1807-1872), польскі паэт і географ. Удзельнік паўстання 1830-1831 гг. Пра яго гл: Адынец А. Э. Успаміны пра мінулае. Мінск, 2020. С. 286-299. - Л. Л.
(Працяг у наступным нумары.)
Памёр беларускі паэт і літаратуразнавец Алесь Барскі
На 92-ім годзе жыцця памёр беларускі паэт і літаратуразнавец Алесь Барскі (Аляксандр Баршчэўскі). Аляксандр Баршчэўскі нарадзіўся 2 лістапада 1930 года ў вёсцы Бандары, што ў гміне Міхалова. Скончыў Лодзінскі ўніверсітэт у 1955 годзе. З 1956 года - выкладчык Варшаўскага ўніверсітэта. У 1966 абараніў у Варшаўскім універсітэце кандыдацкую дысертацыю на тэму "Творчасць Якуба Коласа 1906-1930 гадоў"; загадчык кафедры беларускай філалогіі гэтага ўніверсітэта з 1975 года. Узначальваў Беларускае літаратурнае аб'яднанне "Белавежа" пры Галоўным праўленні Беларускага грамадска-культурнага таварыства. У 1975-2004 гадах Баршчэўскі ўзначальваў аддзяленне Беларускіх даследаванняў пры Варшаўскім універсітэце. Супрацаваў з Люблінскім каталіцкім універсітэтам і Універсітэтам Марыі Складоўскай-Кюры. У 1993 годзе атрымаў званне ганаровага докатара БДУ ў Менску. З 1993 года быў старшынём Цэнтральнага камітэта Алімпіяды па беларускай мове ў Польшчы. Друкаваўся з 1956 года. Як паэт дэбютаваў у зборніку "Рунь", Беласток 1959). Аўтар паэтычных зборнікаў "Белавежскія матывы" (Беласток, 1962), "Жнівень слоў" (Беласток, 1967), "Мой бераг" (Мінск, 1975), "Блізкасць далёкага" (Беласток, 1983), "Лірычны пульс" (Мінск, 1987). У паэзіі А. Баршчэўскага матывы вернасці роднай зямлі, мове, складаны і супярэчлівы духоўны свет сучасніка. Аўтар артыкулаў па гісторыі беларускай літаратуры (у штотыднёвіку "Ніва" і "Беларускім календары"), цыклу артыкулаў "Беларуская літаратура і беларускі фальклор" (1965-88), універсітэцкіх падручнікаў, шматлікіх іншых артыкулаў і працаў.
Пахавалі Алеся Барскага 1-га красавіка на могілках мясцовасці Юшкаў Груд.
Светлая памяць і шчырыя спачуванні блізкім…
Памёр баранавіцкі паэт Алесь Корнеў
Прабач, мой край, мой любы, ясны.
Прабач - магчымасці не меў.
І песень яркіх, болей шчасных
Табе не спеў… Яшчэ не спеў.
А ўсё ж хачу, хачу да болю
Табе такое праспяваць,
Каб змог і долю ты, і волю
Адваяваць… Адваяваць!..
У Баранавічах памёр беларускі паэт, лаўрэат літаратурнай Берасцейскай Мядовай прэміі (2009), былы доктар Алесь Корнеў (1935-2022). Алесь Касьянавіч нарадзіўся ў Магілёве. У 1955 годзе скончыў сярэднюю школу ў вёсцы Малахоўцы Баранавіцкага раёна, а потым - Менскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. Працаваў доктарам у Мазыры і Баранавічах. А ў вольны час пісаў вершы на роднай мове. Вершы Алеся Корнева друкаваліся ў гарадскіх і абласных газетах, штотыднёвіку "Літаратура і мастацтва", у літаратурным альманаху горада Баранавічы "Святліца" за 1997, 2000, 2006 гады і ў іншых выданнях. Пры жыцці паспеў напісаць і выдаць 32 зборнікі паэзіі, а два засталіся ў рукапісах. Сярод выдадзеных кніг - "Услед за ластаўкай" (2001 г.), "Грае раніца зару" (2002 г.), "Нязгаслыя яскі" (2003 г.), "Крыжы зямелькі нашае" (2004 г.), "Праз міфы і казкі" (2004 г.), "Вішнёвы прысмак" (2004г.), "Жаночыя напевы" (2004 г.), "Адгалоскі" (2005 г.), "На пэндзліку Марка Шагала" (2005г.) і іншыя. Захапляўся паэт таксама маляваннем, разбярствам па дрэве і лясной скульптурай. 28 сакавіка, з Алесем Корнем у Баранавічах развіталіся яго калегі па пяры, сябры і землякі.
Вечная памяць.