Наша слова.pdf № 17, 27 красавіка 2022 г.
ВЕЛІКОДНАЕ ПАСЛАННЕ АРХІЕПІСКАПА ГАРАДЗЕНСКАГА І ВАЎКАВЫСКАГА АНТОНІЯ ПАСТЫРАМ, ДЫЯКАНАМ, МАНАХАМ І ЎСІМ ВЕРНЫМ ДЗЕЦЯМ ГАРАДЗЕНСКАЙ ЕПАРХІІ БЕЛАРУСКАЙ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЫ
Дарагія айцы, браты і сёстры!
Ад усяго сэрца вітаю вас словамі пасхальнага лікавання: Хрыстос уваскрэс!
Сапраўды ўваскрэс Хрыстос!
Усе мы любім жыццё і хочам жыць. Гэта норма для чалавека - даражыць сваім жыццём і супраціўляцца смерці. Як тонка заўважыў свяціцель Мікалай Сербскі, людзі любяць жыццё "нават болей за ісціну, хоць без ісціны і няма жыцця. Смерць ненатуральная, яна ідзе не ад прыроды, а супраць прыроды". Тым больш дзівосны феномен самаахвярнасці, калі чалавек добраахвотна абірае смерць, каб іншы чалавек застаўся ў жывых.
Увесну 1945 года ў канцлагеры Равенсбрук у Германіі прыняла пакутніцкую гібель руская манахіня, маці Марыя (Скабцова). Згодна са сведчаннямі біёграфаў, яна сама прайшла на кару замест іншай жанчыны, апрануўшы сукенку з яе нумарам. Менш чым праз месяц лагер пры ўдзеле войск 2-га Беларускага фронту быў вызвалены, і гэтая гісторыя стала вядомай. Як маці Марыя пайшла ў газавую камеру, каб жыла жанчына, імя якой мы не ведаем, так і Гасподзь наш Іісус Хрыстос пайшоў на крыж, каб жыў кожны з нас. З'яўляючыся ісцінным Богам, але таксама і ісцінным Чалавекам, Ён замяніў Сабою чалавека, асуджанага на смерць. З'яўляючыся бязгрэшным, Ён аддаў Сябе ў ахвяру за грэшны род людскі. У асобе Хрыста Бог падзяліў з чалавекам усе наступствы граху: фізічны і душэўны боль, смяротную пакуту, пякельную пасмяротную цемру. На думку свяціцеля Іаана Залатавуста, тое месца прадоння, куды спусціўся Гасподзь, "было самае змрочнае і бязрадаснае і ніколі не мела дачынення да прыроды святла, пакуль не сышло туды Сонца праўды, не асвятліла і не зрабіла пекла небам, - бо дзе Хрыстос, там і неба". Хрыстос з'явіўся туды, дзе Бога няма - і, як кажа мітрапаліт Антоній Суражскі, "Сваім Боствам, Жыццём вечным, Святлом неўміручым запоўніў усё". Прайшоўшы шляхам пакут да канца, Збаўца падараваў чалавеку жыццё бясконцае! Менавіта падараваў, як падкрэслівае свяціцель Іаан Залатавуст: "Мы не крывавілі зброю, не стаялі ў шыхце, не атрымлівалі ран і не бачылі бітвы, а перамогу атрымалі; подзвіг - Уладара, а вянок - наш".
Здавалася б, але дзе ж тады перамога Божая і наша, калі людзі ўсё яшчэ паміраюць? Дзе гэтая перамога, калі людзі ўсё яшчэ грашаць? Свяціцель Мікалай Сербскі адказвае на гэтыя пытанні так: "Кожны, хто ўваходзіць у гэтае жыццё праз матчына ўлонне, выходзіць з гэтага жыцця праз смерць і дамавіну. Такое правіла. Але толькі для нас, якія паміраюць у Хрысце, смерць ёсць ужо не змрочнай безданню, а нараджэннем у новае жыццё і вяртаннем на айчыну сваю". Мы па-чалавечы баімся смерці - але Хрыстос, Які паўстаў з мёртвых, даў нам магчымасць не быць рабамі гэтага страху, узняцца над ім і спакойна ўзірацца ў далягляд зямнога быцця, ведаючы, што шмат што праходзіць, але любоў ніколі не перастае (1 Кар. 13:8). "Сапраўды Гасподзь перамог грэх, - сцвярджае далей свяціцель Мікалай. - Хрыстос - гэта непараўнальны і найвялікшы Лекар у гісторыі чалавецтва, бо Ён даў людзям лякарства ад хваробы ўсіх хвароб, то бок ад граху, з якога нараджаюцца ўсе іншыя хваробы і ўсе іншыя пакуты чалавечыя, і душэўныя, і цялесныя. Гэтае лякарства - Ён Сам, уваскрэслы і жывы Гасподзь. Ён ёсць адзіным і толькі адным надзейным сродкам ад граху". Так вобразна святы развівае словы Збаўцы: "Хто есць Маю Плоць і п'е Маю Кроў, той мaе жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень" (Ін. 6:54). Лякарства ад граху прапануецца нам за кожнай Літургіяй пад выглядам хлеба і віна. У нашай уладзе ўжыць яго - і калі мы, ужо прычасціўшыся Хрыстовых Тайнаў, працягваем грашыць, то гэта таму, што самі зноў і зноў выбіраем грэх. Але Бог не робіць замах на нашу свабоду, а цярпліва чакае побач і ў адказ на шчырае раскаянне зноў і зноў нам даруе - да сямідзесяці разоў па сем (Мф. 18:22) і яшчэ больш. Як нам рэагаваць, чым адгукнуцца на гэтую любоў? Няхай нашы сэрцы закране бескампрамісны адказ мітрапаліта Антонія Суражскага: "Так любіць кожнага чалавека, як яго ўзлюбіў Бог: любой цаной і да канца. І калі мы так навучымся любіць, то свет наш стане новым, іншым светам; тады прыйдзе да нас Царства Божае, Уваскрасенне, новае жыццё. Але для гэтага кожны з нас павінны памерці - не цялеснай смерцю, а адмовай ад усяго себялюбства, ад шукання свайго, адкрыцца Богу, адкрыцца іншым, жыць для іншых".
Малітоўна жадаю, каб светлыя велікодныя дні сталі для ўсіх нас часам, калі мы зможам пажыць для іншых: абагрэць сваёй цеплынёй бліжніх, прабачыць нашых асабістых крыўдзіцеляў, дапамагчы слабым і ўразлівым, падзяліцца самай актуальнай навінай пра тое, што ў далёкім Іерусаліме дзеля нас уваскрэс Хрыстос.
Гэта мой першы Вялікдзень у Гародні - і я з хваляваннем і любоўю звяртаю да вас, родныя, заклік аб'яднацца ў радасці аб Госпадзе.
Радуйся, зямля Гарадзенская, слаўная традыцыямі, прыўкрасная годнасцю, багатая людзьмі!
Радуйся, бо Хрыстос уваскрэс!
Сапраўды ўваскрэс Хрыстос!
Дабраславенне Гасподняе няхай будзе з вамі і вашымі сем'ямі!
+ Антоній, архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі.
Пасха Хрыстова 2022 г.
Дзеля ўмацавання нашай веры і духоўнасці
Паклонныя крыжы і скульптурную кампазіцыю Дзевы Марыі асвяцілі настаяцелі каталіцкай і праваслаўнай святыняў Андрэй Вітэк і Ігар Валошын 20 красавіка ў г.п. Воранава.
Здаўна на воранаўскай зямлі ў добрасуседстве і згодзе жывуць людзі розных нацыянальнасцей і канфесій і паважаюць адзін аднаго, зазначылі светары.
Няхай і надалей паміж воранаўцамі не будзе разладу, заўжды пануе еднасць, а створаны вобраз Маці Божай будзе знакам умацавання нашай веры і духоўнасці.
voran.by.
Не гнуўся і не згінаўся
Памёр Анатоль Вярцінскі
Калі паміраюць паэты,
што ні перад кім не гнуцца,
у чалавецтва прасветы
на ўсе вякі застаюцца.
Гэтыя радкі згадаліся мне адразу, калі пачуў пра сыход з зямнога жыцця Анатоля Ілліча Вярцінскага, выдатнага паэта і грамадскага дзеяча, які ў справе адстойвання беларушчыны не гнуўся і не згінаўся ні перад кім. І за пісьмовым сталом, і на парламенцкай трыбуне, і на адказнай рэдактарскай пасадзе ён паводзіў сябе годна. Тыднёвік творчай інтэлігенцыі "Літаратура і мастацтва" ў час, калі яго ўзначальваў Вярцінскі (1986-1990), стаў узорам пісьменніцкай смеласці, трыбунай для вострых публіцыстычных дыскусій, да якіх прыслухоўваліся ўсе - і ўлада, і апазіцыя. Свой "лімаўскі" запал Анатоль Ілліч не страціў і стаўшы дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га склікання, дзе яму даводзілася і тэкст Канстытуцыі незалежнай Беларусі рэдагаваць, і Дзень Незалежнасці 27 ліпеня з парламенцкай трыбуны абвяшчаць.
І ўсё ж галоўным прызначэннем, нават пакліканнем для Анатоля Вярцінскага была паэзія. Як паэт ён пазнавальны з першага радка - арыгінальна-роздумны, мудра-афарыстычны. Памятаю, якім адкрыццём і скарбонкай паэтычных афарызмаў стала для мяне, у той час яшчэ студэнта, яго кніга "Ветрана". Атмасфера тады, у сярэдзіне 1980-х, была даволі гнятлівая, хацелася свежага паветра, і кніга тая зрабілася для мяне своеасаблівай кіслароднай падушкай. Чытаў - як дыхаў…
Калі паспрабаваць адным словам вызначыць галоўны матыў і сутнасць паэзіі Анатоля Вярцінскага, то гэта, на маю думку, жыццесцвярджальнасць. Нездарма адна з ягоных кніг мае назву "Жыцьмем". Дзеясловы жыцця дамінуюць у вершах і паэмах Вярцінскага, бадзёра перагукваюцца між сабой: "жыцьме мой родзе, мой народзе", "прагучаў тройчы вокліч, што радзіма жыве", "жыццё ж не канчаецца, жыццё прадаўжаецца"…
Жыццё краіны Беларусі для паэта і грамадзяніна Вярцінскага было галоўным і штодзённым клопатам. Ужо моцна хворы, ён дужа перажываў з-за тых падзей, якія ніяк не спыняцца на беларускай зямлі.
Анатоль Ілліч да апошніх гадоў жыў актыўным жыццём, глядзеў на свет і па-маладому здзіўляўся, таму і не ведаў старэчага песімізму. Вось як, да прыкладу, узрушыў яго, васьмідзесяцігадовага, расквітнелы сад:
"Глядзеў я на вішні, яблыні,
на гэты цуд новаяўлены,
глядзеў на белую квецень
і адыходзіў душой.
Такое было адчуванне,
такое было хваляванне,
якое бывае ў храме
з яго ўрачыстай імшой".
Паверце, гэта вельмі рэдкая з'ява, калі паэт і ў сталым веку не развучыўся глядзець на свет па-юнацку.
Анатоль Вярцінскі любіў дарыць сваім сябрам нечаканыя падарункі. Аднойчы ён падараваў мне… Каран. Разгарнуўшы яго наўгад, я ўслых - з вялікім здзіўленнем - прачытаў: "Паэты - хлусы, якія блукаюць па раўнінах і гавораць тое, чаго самі не робяць". Рызыкуючы наклікаць на сябе гнеў прарока Мухамеда, мы тады з Анатолем Іллічом прыйшлі да агульнай думкі, што беларускіх паэтаў тыя словы ніякім чынам не датычацца.
Бо ў Беларусі паэт - і творца, і абаронца, і араты, і сейбіт, і жнец на айчынным рэдка калі ўраджайным палетку.
Такім быў і такім запомніцца мне Анатоль Вярцінскі.
Міхась Скобла.
ІХ ЛІДСКІЯ ЧЫТАННІ
Cвоеасаблівым брэндам Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы стала правядзенне штогадовых Лідскіх чытанняў. Выступленні ўдзельнікаў канферэнцый заўсёды адзначаюцца навізной узнятых тэм, глыбінёй і шырынёй аўтарскага светапогляду. Прыемна, што сярод дакладчыкаў прысутнічаюць не толькі краязнаўцы, пісьменнікі, журналісты Лідчыны, супрацоўнікі гістарычна-мастацкага музея, выкладчыкі і бібліятэкары, але і навучэнцы школ, ліцэяў, гімназій і каледжаў Лідскага раёна. Лідскія чытанні даюць ім магчымасць прадставіць уласныя даследчыя працы.
22 красавіка 2022 года ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбыліся "ІХ Лідскія чытанні", у рамках якіх прайшла навукова-практычная канферэнцыя "Лідчына ў мастацкай літаратуры".
З прывітальным словам звярнулася намеснік дырэктара дзяржаўнай установы культуры "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" Алена Адамаўна Быстрыцкая, каб пажадаць удзельнікам канферэнцыі плённай і творчай працы.
У рамках мерапрыемства прагучала 11 дакладаў. Перш за ўсё прысутныя пазнаёміліся з дакладам "Лідскія пісьменніцы XVIIІ - XIX стагоддзяў", які прадставіў пісьменнік, краязнавец, гісторык Леанід Лявонцьевіч Лаўрэш.
Пра вобраз Лідчыны ў зборніках лідскіх паэтаў распавяла настаўніца рускай мовы і літаратуры ДУА "СШ № 11 г. Ліды" Наталля Мікалаеўна Анашкевіч. У якасці падарунка раённая бібліятэка атрымала ад Наталлі Мікалаеўны кнігу "Праваслаўныя храмы Лідчыны: гісторыя і сучаснасць".
Галоўны бібліёграф Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Галіна Раманаўна Курбыка правяла агляд кніг пра Лідчыну ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Адметнай асаблівасцю гэтай канферэнцыі стала вялікая колькасць дакладаў, якія прадставілі студэнты 1 курса (спецыяльнасць "Пачатковая адукацыя") гуманітарнага аддзялення Лідскага каледжа УА "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы". Так, Ус Анастасія распавяла аб сапраўдным майстры мастацкага слова - Дануце Бічэль. Асаблівую цікавасць у прысутных выклікала знаёмства з творчым і жыццёвым шляхам беларускіх пісьменніц Ірыны Багдановіч, Хрысціны Лялько і Ганны Серахан, пра якіх далажылі Дудзевіч Валерыя, Сафрановіч Анжаліка і Яневіч Анастасія. Для некаторых навучэнцаў гэта быў першы вопыт выступлення на канферэнцыі, але яны не разгубіліся і вельмі годна данеслі аўдыторыі свой матэрыял.
У час канферэнцыі былі агучаны такія тэмы як: "Чарговая разгадка загадкавай асобы Валянціна Таўлая ў творах мастацкай літаратуры" навуковым супрацоўнікам ДУ "Лідскі гістарычна-мастацкі музей" Алесем Хітруном; "Віктар Гамуліцкі і яго кніга "Сёмы аман ягамосці пана Макрэцкага". Аповесць з часоў Сасаў" пісьменнікам і краязнаўцам Станіславам Вацлававічам Суднікам; "Шляхамі творчасці Смарагда Сліўко" паэтэсай Ірэнай Нікадзімаўнай Сліўко; "Паяднаныя словам: літаратурнае аб'яднанне "Суквецце" паэтам і журналістам Алесем Мацулевічам.
Канферэнцыя атрымалася насычанай і цікавай. Важна адзначыць, што па выніках канферэнцыі супрацоўнікамі Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы будзе выдадзены зборнік дакладаў "IХ Лідскія чытанні".
Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" Дар'я Марцінкевіч.
Віктар Гамуліцкі і яго кніга "Сёмы аман ягамосці пана Макрэцкага"
Аповесць з часоў Сасаў
Даклад Станіслава Судніка на ІХ Лідскіх чытаннях
Лідскі пісьменнік Леанід Лаўрэш, шукаючы матэрыялы да артыкула пра Ракавіцкую парафію, выйшаў на кнігу польскага пісьменніка Віктара Гамуліцкага "Сёмы аман ягамосці пана Макрэцкага", галоўным героем якой з'яўляецца лідскі чашнік пан Антоні Казімір Макрэцкі. Леанід Лаўрэш здабыў тэкст аповесці ў інтэрнэце і перадаў мне. Пачалася даследчая праца. У Польскай паўшэхнай энцыклапедыі перш за ўсё знайшлі інфармацыю пра самога аўтара.
Віктар Гамуліцкі, псеўданім Fantazy і інш., нарадзіўся 17.10.1848 г. у Астраленцы, памёр 14.11.1919 г. у Варшаве. Паэт, пісьменнік, эсэіст, літаратурны крытык, даследчык гісторыі Варшавы і калекцыянер. У 1866 - 1869 вывучаў права ў Галоўнай школе. Супрацоўнічаў у т.л. з "Тыгоднікам ілюстраваным" (тут у 1866 г. дэбютаваў як паэт, а ў 1891 - 95 гг. рэдагаваў хроніку), з "Кур'ерам штодзённым" (ад 1875 г.), быў чальцом рэдакцыйнай суполкі "Кур'ера Варшаўскага" (1872 - 1874 і ад 1885 г.), караткачасова рэдагаваў сатырычныя выданні "Муха" і "Кольцы", а таксама "Тыгоднік паўшэхны" (1989 - 90). У 1918 г. атрымаў літаратурную ўзнагароду імя Элізы Ажэшкі.
Знаўца і аматар даўняй і сучаснай яму Варшавы, пасвяціў ёй значную частку сваёй творчасці. Увёў у польскую паэзію гарадскую тэматыку, паказваючы адначасова гістарычныя традыцыі старой Варшавы (паэмы "У камяніцы пад Акрэнтам"("У камяніцы пад Караблём", 1886-1887), "Спатканне" (1907 г.), падаваў малюнкі з жыцця варшаўскай беднаты (вершы "Накарміць галоднага", "Без мэты", "На папялішчы"), дробных чыноўнікаў ("З нізкіх лёсаў"), яўрэйскай люднасці ("El mole rachmim"). У лірыцы Гамуліцкага моцна выступае філасофская плынь і мастацкія рэфлексіі (вершы "Дзе прыгожа?", "Што такое песні?"). Гуманітарны змест яго паэзіі сведчыць у т.л. пра сувязь з паэзіяй В. Гюго, а яе мастацкая форма - пра зацікаўленасць сучаснай яму французскай паэзіяй. Апублікаваў "Паэзію" (1873, у 3-м сшытку "Кнігі песняў", рэд. А. Міхаўкс), "Паэзію" (1882, у 2-м томе зборніка "Польская ліра"), "Паэзію" (1886), "Новыя песні" (1896), "Выбраныя вершы" (1900), паэму "Песня пра Гданьск" (1900), "Вершы" (1901), "Белы штандар" (1907), "Свячэнні" (1919).
Проза Гамуліцкага ўключае шматлікія замалёўкі, навелы і апавяданні, змешчаныя ў тым ліку ў тамах "Каляровых замалёвак" (1868), у "Праўдзівых замалёўках" (1868), "Пры сонцы і пры газоўцы" (1888), "Выбраныя навелы" (т. 1-3, 1899), "Забароненае" (1906), "Пакалоссе" (1913), а таксама гістарычныя аповесці, з якіх вялікую папулярнасць атрымала "Чароўная мяшчанка" (1897) і "Меч і локаць" (1903); у аповесці "Дробныя сошкі" (1904) паказаў варшаўскае літаратурна-журналіскае асяроддзе ў канцы ХІХ стагоддзя. Вялікай папулярнасцю карысталіся яго аўтабіяграфічныя "Успаміны блакітнага мундзірчыка" (1906), якія адначасова паказвалі стасункі ў школе пад расійскім заборам. Гамуліцкі апублікаваў таксама шмат нарысаў і распрацовак, датычных Варшавы, у т.л. "Апавяданні пра старую Варшавы" (3 серыі, 1900-09, новае выданне 1960), "Warschau" (1917. ням. выд. у Мюнхене), эсэ і гістарычна-літаратурных лекцый "Каласы з польскай нівы" (1912), "Літаратурныя сілуэты і мініяцюры" (1916), папулярных гістарычных нарысаў "Касцюшкаўская рэвалюцыя" (1906), "Рэвалюцыя 1830-1831" (1906). Сабраў шмат матэрыялаў, датычных Варшавы старадрукаў, рукапісаў, малюнкаў, гравюраў. Высока цаніў забытую ў той час паэзію Норвіда і планаваў напісанне манаграфіі пра яго. Перакладаў у т.л. В. Гюго і Ш. Бадлера.
Часы Сасаў - часы, калі на польскім троне знаходзіліся кароль Аўгусі ІІ Моцны і яго сын Аўгуст ІІІ.
Аўгуст ІІ Моцны, таксама Фрыдрых Аўгуст I Саксонскі і Аўгуст II Польскі (12 траўня 1670, Дрэздан - 1 лютага 1733, Варшава) - курфюрст Саксоніі з 7 траўня 1694 года, кароль польскі і вялікі князь літоўскі з 15 верасня 1697 года (абвяшчэнне каралём 17 чэрвеня 1697года) па 16 лютага 1704 года (1-шы раз, фактычна да 24 верасня 1706 года) і з 8 жніўня 1709 года (2-гі раз).
Для таго, каб заняць польскі пасад, пратэстант Аўгуст прыняў каталіцызм 1 чэрвеня 1697 года. Яго спробы ўнутраных рэформаў і ўзмацнення каралеўскай улады абярнуліся правалам, адначасова дазволіўшы Расійскай імперыі ўзмацніць уплыў у гэтым рэгіёне. Саюзнік Пятра I у Паўночнай вайне (1700-1721) супраць Швецыі.
Валадаранне яго было эпохай падзення народнага дабрабыту Рэчы Паспалітай і ваяўнічага духу яе жыхароў. Пры Аўгусце II польскае войска паменшана было з 80000 да 18000 і падзелена на дзве часткі, з якіх адна складалася з нацыянальных, другая - з замежных войскаў.
Аўгуст III Саксонец (17 кастрычніка 1696, Дрэздан - 5 кастрычніка 1763, Дрэздан) - кароль польскі і вялікі князь літоўскі з 30 чэрвеня 1734 (абвяшчэнне 5 кастрычніка 1733), курфюрст саксонскі з 11 лютага 1733 як Фрыдрых Аўгуст II.
Пасля смерці Аўгуста II большасць сойма абрала на пасад Ляшчынскага, але частка шляхты абвясціла каралём Аўгуста, абапіраючыся не толькі на заявы Аўстрыі і Расіі пра недапушчэнне на пасад Ляшчынскага, але і на рускую ўзброеную сілу (1733).
Часы Сасаў - часы шляхочай вольніцы. Дзяржава была амаль некіраваная. Не маглі прыняць ні аднаго закона. Рэч Паспалітая кацілася да падзелаў.
І нарэшце - сам ягамосць пан Макрэцкі.
На Лідчыне былі вядомыя дзве лініі Макрэцкіх: першая ўласна ў Ракавічах - Макрацы каля Ражанкі і другая ў Дзітрыках каля Тарнова.
У аповесці гаворка ідзе пра Антонія Казіміра Макрэцкага з-пад Ражанкі, чашніка Лідскага павета, а таксама ротмістра Вялікай булавы Вялікага Княства Літоўскага.
Гэта рэальная гістарычная фігура.
Дзяржаўца рагачоўскі Антоні Казімір Макрэцкі (Макрыцкі) з 10.06.1728 г. быў лідскім канюшым, на пасаду лідскага чашніка намінаваны 10.02.1757 г. і займаў гэтую пасаду да 06.02.1764 г. Памёр у траўні 1766 г. Лідскі чашнік Антоні Казімір Макрэцкі прысутнічае і ў "Перапісе шляхты Лідскага павета 1765 г.". У аповесці падзеі адбываюцца ў 1753 годзе, калі паводле біяграфіі Макрэцкі чашнікам яшчэ не быў. Недзе маем недакладнасць: ці ў біяграфіі, ці ў аповесці.
Чашнік у часы Сасаў - пасада ўжо чыста намінальная. Калі ў часы Сярэднявечча чашнік ВКЛ падаваў віно вялікаму князю і пры гэтым павінен быў спрабаваць з кожнай чашы, ці раптам віно не атручана, то што тычыцца чашніка Лідскага павета, то нікому нічога ён не падаваў, нічога паводле пасады не рабіў, і ніхто яму за гэтую пасаду не плаціў, назва пасады сталася тытулам, бо прыгожа гучала і дадавала шляхочага гонару. Другая пасада пана Макрэцкага - ротмітр Вялікай булавы Вялікага Княства Літоўскага. Гэта ўжо больш сур'ёзна. Ротмістр павінен быў весці ў бой каля сотні шляхты, але, як было згадана раней, войска Рэчы Паспалітай было неміласэрна парэзана, то і пасада ротмістра была ўжо таксама хутчэй намінальнай.
Аповесць пачынаецца з таго, што пан ротмістр і чашнік бярэ паперу і пачынае пісаць нешта накшталт успамінаў. Магчыма, гэтыя ўспаміны існавалі ў рэальнасці і трапілі ў рукі варшаўскага пісьменніка, сталі так званай "рыбай" для мастацкай аповесці.
"20 ліпеня 1751 года наймілейшая жонка мая, дабрадзейка, а сёмай гадзіне пасля паўдня гэты свет пакінула, маючы веку 46 гадоў.
Пражылі мы з ёй 20 гадоў з ласкі Пана Бога нашага, як бы 20 тыдняў пры дабраславенстве Пана і Бога нашага.
Пахавана ў ракаўскай царкве.
Няхай да яе Пан Тварэц неба і зямлі будзе міласцівы і душы яе дасць спачынак па пратэкцыі Найсвяцейшай Панны і падтрымцы ўсіх святых Панскіх, асабліва патронак яе святых Кацярыны і Ефрасінні.
Аман. ..."
Далей пан Макрэцкі ўспамінае сямёра дзяцей ад гэтай жонкі, чацвёра з якіх памерла не дажыўшы да года. Гэта ў багатага магната такая дзіцячая смяротнасць, што пра бедных казаць? Пасля малітвы за кожнае дзіця пан ротмістр прамаўляе: "Аман".
Атрымалася пяць аманаў.
Чуць пазней пан Макрэцкі ўспамінае сваю першую жонку, з якой пражыў тры гады і з якой меў дзвюх дачок.
Гэта шосты аман.
А далей тчэцца канва самой аповесці, у якой пан ротмістр Антоні Макрэцкі са сваім памочнікам, дробным, але эклектычна адукаваным шляхціцам Пафнуціем Млечкам пражывае трохі больш за год у звыклых шляхочых клопатах і прыгодах.
Тут поўны набор:
- прыезд гасцей;
- паездка па справах з заездам у многія месцы і масай дарожных прыгодаў;
- балі, хаўтуры, зноў балі;
- наезд суседкі на сенажаць пана Макрэцкага;
- паездка да князя Ульдарыка Радзівіла, каб прыстроіць да навукі сына;
- трэцяя жаніцьба, і гэта ёсць той самы сёмы аман. Праўда, па кім будзе той аман: па даволі маладой удаве па суддзі ці ўжо па самім пане Макрэцкім, сказаць яшчэ цяжка. Магчыма, гэта проста аман па пражытай частцы жыцця.
Атрымоўваецца такая пазітыўная шляхочая рапсодыя ў досыць цяжкія часы для ўсёй дзяржавы.
Асаблівасці і каштоўнасці аповесці.
- высокая дакладнасць фактуры, што робіць аповесць з мастацкай амаль дакументальнай;
- у аповесці варшаўскага аўтара начыста адсутнічаюць палякі: ёсць ліцвіны - гэта магнаты і шляхта, ёсць беларусы - гэта ў асноўным простыя людзі, ёсць яўрэі, ёсць цыганы.
- дзяржава ў аповесці называецца Літвой і Вялікім Княствам Літоўскім, адзін ці два разы згадваецца Рэч Паспалітая;
- сама мясцовасць, па якой едзе пан Макрэцкі з Лідскага ў Ваўкавыскі павет, называецца Белай Руссю;
- ёсць асаблівасць у назве жанчын. Не ўжываюцца традыцыйныя польскія словы "кабета, невяста". Ужываецца слова "белагаловая". Што праўда, пан Макрэцкі ў запале лепіць і слова "баба". Але ў спакойнай канве - "белагаловая". Я заўважыў гэтае слова і раней у Антонія Гарэцкага, паэта і свата Адама Міцкевіча, але тады не прыдаў значэння, так і пераклаў "белагаловая".
- упершыню мы атрымалі імя па бацьку славутага і трагічнага лідскага старасты Вайдылы - Вайдыла Клаўсгайлавіч. Мабыць, рэальна будзе Вайдыла Кезгайлавіч. І тут разбіваецца ўшчэнт прыгожая легенда Пятра Бітэля пра Вайдылу як беднага беларускага хлопчыка, які розумам дайшоў да магнацкіх вышынь, што праўда, нават вышэй, аказаўся над усімі магнатамі і князямі, бо быў павешаны Кейстутам на даволі высокай шыбеніцы, мы бачым, што Вайдыла быў яцвяг, як і ўся ліцвінская знаць. Што праўда, даецца гэта са слоў шляхціца, які распавядае пра свой радавод, дзе і выдумак хапала, але прынамсі даецца;
- у аповесці Ліда згадваецца некалькі разоў, згадваецца Ваўкавыскі павет, згадваецца Мсцібаў, а вось таго ж Шчучына не заўважна. Згадваюцца больш двары магнатаў, чым вёскі ці мястэчкі. Розныя населеныя пункты згадваюцца ў тытулах. Пан Макрэцкі - чашнік лідскі, першая яго жонка - Багуміла з Галіеўскіх, дачка скарбніка Ашмянскага павета, другая жонка - Кацярына Ефрасіння Гуневіч, дачка стражніка Ашмянскага павета, яе маці Ганна з Красінскіх, дачка гомельскага старасты. І так па ўсёй аповесці...
- узгадваецца і Смаргонь, а дакладней - славутыя смаргонскія абаранкі. Колькі версій прыдумана пра паходжанне беларускага слова "абаранак", а пра паходжанне рускага слова "баранка" - яшчэ больш. Гэтая "баранка" з бакалеі куды толькі не прабралася - "Крепче за баранку держись, шофёр" і г.д. А разам з тым з простай размовы пана Макрэцкага з Пафнуціем Млечкам мы даведваемся ўсю этымалогію гэтага слова. Не, яны пра паходжанне слова "абаранак" не гавораць, проста правільна вымаўляюць назву: "Смаргонскі абваранак". І ўсё. І ўсё ясна. Слова "абваранак" - ад "варыць", "абварыць". Абваранак - прадукт абварвання. З часам літара "в" выпала, з "абваранка" зрабіўся "абаранак", і "пайшла пісаць губерня"...
- ёсць у аповесці і яшчэ адзін цікавы момант, які нейкім чынам збліжае яе з "Пінскай шляхтай" Дуніна - Марцінкевіча. Гаворка ідзе пра шляхочы гонар. Памятаеце, у "Пінскай шляхце" лупцаваць шляхціца розгамі можна было толькі, падаслаўшы дзяружку, а калі на голай зямлі, то гэта знявага шляхочага гонару. У аповесці на сенажаць пана Макрэцкага зрабіла наезд нахабная суседка са сваімі людзьмі. У зацятай бойцы наезнікі былі павязаны. І вось тут выступае тое самае датрыманне шляхочага гонару. Сыноў вяльможнай наезніцы, вяльможных шляхцюкоў пазвязвалі ядвабнымі шнуркамі. Шарачковых шляхціцаў пазвязвалі канаплянымі вяроўкамі. Мужыкоў пазвязвалі лыкам. Кожнаму сваё. Хоць сінякоў у бойцы ўсе атрымалі як мае быць, шляхочы гонар парушаны не быў;
- не мог аўтар абысціся і без жартаў адносна стасункаў паміж хрысціянамі і яўрэямі. Пан Пафнуцій Млечка напіўся ў яўрэйскай карчме і ўчыніў п'яны скандал, у якім, зачапіўшыся за нейкую дробязь, пан Млечка пераходзіць да традыцыйнага абвінавачвання ў тым, што яўрэі распялі Хрыста, і ў злачынстве, якое адбылося 1700 гадоў назад, пачынае абвінавачваць сучасных яму яўрэяў:
- Ты - першы бандыт, - крычыць. - Пану Хрыстусу цвікі ў найсвяцейшыя рукі ўбіваў! Ты - другі воцатам і жоўцю найсвяцейшыя губы паіў! Ты - трэці Сына Божага каля слупа бічаваў!
Тут яўрэі на калені падаюць і крычаць:
- Гэта абман! Гэта плётка! Я ў гэты час на кірмашы ў Мсцібаве козы прадаваў!
- Я прысягаю, што ў той час па сваёй Рыфцы на набажэнстве сядзеў!
- Я сведак пастаўлю, што ў той час меў паскудную хваробу і зусім на брычку сесці не мог!
Крык паўстаў агульны, гармідар.
У той момант выйшаў з алькова сам карчмар - яўрэй тоўсты, спакойны, звыклы раз'емца скандалістаў і забіякаў. Прыціхлі іншыя, ён жа, зняўшы ярмолку, пакланіўся да самых ног пана Макрэцкага і паважна з расстаноўкай засведчыў.
- Прашу ласкі яснага кашталяна. Ясны ваявода мусіць выслухаць, што скажа карчмар Іцак Школьнік. У мяне ўсе бываюць, таму я ўсіх ведаю. За тутэйшых яўрэяў я магу паручыцца, што яны таго не зрабілі. Яны чыстыя, спакойныя і глядзяць адно, дзе які тынф зарабіць. А калі ясны гетман хоча ведаць, хто гэта зрабіў, то я скажу. Гэта зрабілі тыя паскудныя багатыя яўрэі з Ваўкавыска - тыя эпікурэйцы, што адна трэф, крымкаў не носяць і дачок сваіх па-французску вучаць. Яны на ўсякае злачынства заўсёды гатовы...
Апраўдаліся. Цяпер няхай ваўкавыскія яўрэі чакаюць Пафнуція Млечку з яго прэтэнзіямі.
- і адно расчараванне. Падчас візіту пана Макрэцкага да князя Ульдарыка Радзівіла князь згадвае паэтэсу Альжбету Дружбацкую. Ведаючы, што канва аповесці вельмі блізкая да рэальнасці, і бачачы, што прозвішча Дружбацкай абсалютна не польскае, мы звярнуліся да энцыклапедыі. Сапраўды, была такая паэтэса, дзе нарадзілася - не сказана, а памерла ў Тарнове. Ну, думалі, пашанцавала - яшчэ адна наша лідская паэтэса. Аж не, пакапаўшыся глыбей, Леанід Лаўрэш устанавіў - пахавана яна ў польскім Тарнове. Род Дружбацкіх быў вядомы на Валыні, а менавіта там большую частку жыцця пражыў Ульдарык Радзівіл, які нарадзіўся ў нашым Дзятлаве. Але тое, што Ульдарык Радзівіл, які доўга жыў на Валыні, ведае і хваліць менавіта валынскую паэтэсу, яшчэ раз падкрэслівае, наколькі дакладна прапісана ў аповесці кожная дэталь.
Такім чынам лідзяне, а разам шчучынцы ды ваўкавысцы, ды, што там, усе беларусы маюць цікавы літаратурны твор, які, безумоўна, узбагачае нашую літаратуру, нягледзячы на тое, што напісаў яго чыстакроўны паляк. Але ж талент ёсць талент. Янка Маўр у беларускай вёсцы апісаў Вогненную зямлю. Жуль Верн апісаў увесь свет, не выязджаючы з Францыі. Дык чаму ж варшавяк Віктар Гамуліцкі не мог напісаць пра лідскага чашніка пана Макрэцкага? І, мабыць, за гэты таленавіты твор ён і атрымаў узнагароду імя Элізы Ажэшкі.
Станіслаў Суднік.
Прэм'ера "Трэцяга вока"
У Слонімскім драматычным тэатры адбылася прэм'ера спектакля па п'есе маладога драматурга Яўгеніі Кісялёвай "Трэцяе вока". Паставіла спектакль рэжысёр Вікторыя Міхальчык. У спектаклі толькі чатыры ролі, якія выконваюць артысткі тэатра: старэйшую дачку Вольгу арыгінальна сыграла артыстка Галіна Ерамейчык, а малодшую дачку Ксюшу - артыстка Дзіяна Федасевіч. Ролю іх маці, Ніны Фёдараўны, выканала вопытная артыстка Наталля Шугай, а ролю Пятра Іванавіча цудоўна сыграў артыст Ігар Макараў.
А цяпер пра што сам спектакль? Пяцідзесяцігадовая Ніна Фёдараўна атрымлівае пенсію па інваліднасці, але яшчэ працуе і адна выхоўвае дзвюх дачок. Яе муж-алкаголік даўно знік з поля зроку сям'і. Першая дачка Вольга ўжо дарослая, ёй 23 гады. Яна працуе выхавацелькай у дзіцячым садку, атрымлівае невялікі заробак у месяц, які маці адразу канфіскуе, каб дачка яго не згубіла. Разумеючы, што старэйшая дачка пасля педінстытута, "трохі не ўдалася", жанчына гатовая заплаціць ашчаджаныя грошы за тое, каб малодшую дачку Ксюшу, прынялі ў школу для здольных дзяцей. Каб у будучым яна змагла паступіць у прэстыжную вышэйшую навучальную ўстанову і выбіцца ў людзі. Гэту ідэю "фікс" Ніны Фёдараўны і выкарыстала яе дачка Вольга, каб падманным шляхам узяць у маці 100 тысяч рублёў, а потым паехаць і пачаць самастойнае жыццё. Яна запрасіла ў дом ліпавага "дырэктара школы" - пераапранутага дзетсадаўскага п'яніцу-вартаўніка, якому маці Вольгі, шкадуючы вядома ж, аддала грошы пад выглядам узносу на патрэбы школы… Большасць гледачоў у зале - самі ўдзельнікі падобных сямейных трагедый. Многія маці любяць сваіх дзяцей, але не ўмеюць даць ім шчасця, пазбаўляючы пры гэтым магчымасці набыць уласную самастойнасць. Таму дзеці часам дабіваюцца гэтай самастойнасці самым няпростым чынам. Ды і заўсёды не хапае грошай, якія даюцца вельмі цяжка.
Спектакль "Трэцяе вока" Слонімскага драматычнага тэатра пачынвае свой шлях да гледачоў. Ён будзе карысны не толькі для дарослых, а таксама для тых, хто вучыцца ў школе, каго наперадзе чакае вялікае самастойнае жыццё.
Барыс Баль.
І зноў вясна, і зноў "Жанчына-чараўніца"
Выстава, якую абавязкова варта наведаць!
У гэтым годзе ўдзел у праекце прымаюць пятнаццаць майстрых. Жанчыны-чараўніцы (у прамым сэнсе слова) сапраўды здзівілі.
Вырабы дапамагаюць пагрузіцца ў атмасферу духоўнасці і творчасці. Цікава было ўбачыць аўтарскія калекцыі вышывак, вязанне, бісерапляценне, вырабы з саломкі, скрапбукінг, інтэр'ерных лялек ручной работы і многае іншае. Як паведаміла карэспандэнту "Лідскай газеты" навуковы супрацоўнік аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Марына Савіцкая (на здымку), колькасць удзельнікаў выставы пастаянна расце. Майстрыхі з асаблівым натхненнем дэманструюць свае творы наведвальнікам.
Рукатворная прыгажосць прываблівае. Напрыклад, Марына Більдзь шмат гадоў стварае сапраўдныя валагодскія карункі, раннія ўзоры якіх захаваліся сёння толькі ў расійскіх музеях. Галоўным чынам гэта карункі з залатых і срэбных нітак. Іх прадавалі на вагу, прымаючы ў разлік дарагавізну каштоўных металаў, а не прыгажосць вырабаў. Такімі карункамі ўпрыгожвалі ўборы, выкарыстоўваліся яны ва ўбранні храмаў. Найвялікшую папулярнасць яны атрымалі ў Еўропе ў XVIII стагоддзі. Тады пра карункавыя ўпрыгажэнні рускіх майстрых не марыла рэдкая модніца. Але каб зрабіць валагодскія карункі, як і вядомыя ва ўсім свеце слуцкія паясы, трэба было правесці за працай нямала бяссонных начэй. Майстрыха ўпэўнена: па прыгажосці ажурныя ўзоры не параўнаюцца ні з якімі іншымі з народных промыслаў. Нездарма аб іх складаліся вершы і песні. Цікава, што сапраўдныя карункі Валагодчыны не вяжуцца кручком. Яны плятуцца з дапамогай адмысловых кійкоў з ядлоўцу, ці, як іх яшчэ называюць, каклюшак, на якія намотваецца льняная пража. Справа гэта нялёгкая, патрабуе часу, а яшчэ ўседлівасці і цярплівасці.
Яшчэ адна жыхарка Ліды, Людміла Крупская, увесь вольны час прысвячае вышыўцы гладдзю. Аснова работ майстрыхі - натуральны лён. Тканіну яна купляе заўжды якасную. Трывалы, зручны льняны матэрыял не толькі ўбірае вільгаць, але і забяспечвае выдатнае самаадчуванне асабліва гарачым летам. Таму ў ліку работ жыхаркі нашага горада не толькі ручнікі, абрусы, сурвэткі, але і адзенне: блюзкі, спадніцы, сукенкі, якія робяць шчаслівымі шмат людзей, выклікаюць у іх станоўчыя эмоцыі, дадаюць у іх жыццё цеплыні і ўтульнасці. Для майстрыхі гэта і ёсць шчасце, як і для яе калег. Не менш захапляе вышыўка Валянціны Коц, Таццяны Бяляевай, Алы Лысухінай, Ірыны Кароль. Гледзячы на іх работы, разумееш: вышыўка - вельмі займальны від творчасці, які дазваляе рэалізаваць на тканіне самыя яркія і мудрагелістыя фантазіі майстра. Хто б мог падумаць, што з дапамогай такіх простых рэчаў, як іголка, набор нітак, тканіна-канва, схема, з "загадкавымі" значкамі можна стварыць шэдэўр, які здольны супернічаць з карцінамі, напісанымі фарбамі? Сапраўды, вось дзе майстры на ўсе рукі!
Яшчэ адзін цікавы накірунак, які прадстаўлены на выставе, - аўтарскія лялькі. Ідэі належаць Ларысе Пашкевіч і Вользе Бурак. Усе лялькі зроблены ўручную і нібы жывыя. Анёлы, смешныя каты паводле матываў Цільд, зайцы і гэтак далей - у кожнай майстрыхі ў арсенале ёсць найбольш запатрабаваныя зараз персанажы.
- Працэс стварэння аўтарскай лялькі цудоўны і шматгранны, і той факт, што гэты від мастацтва, маючы багатую гісторыю, жыве і квітнее і сёння, кажа пра многае, - заўважыла Марына Савіцкая. - Лялька мяккая, цёплая, утульная, з ёй не хочацца расставацца ні днём, ні ноччу. Вы думаеце, што толькі маленькія дзяўчынкі любяць лялек? Нічога падобнага! Не сакрэт, што дарослыя таксама з задавальненнем гуляюць з імі. Пра лялек наогул можна апавядаць бясконца, таму што ў гэтым відзе мастацтва існуе бясконцае мноства напрамкаў, пачынаючы з тэкстылю і заканчваючы фарфорам. Тэкстыль, напрыклад, гэта самы просты від лялечнага мастацтва, у якім таксама існуе мноства накірункаў, ад зусім недарагіх да вельмі дарагіх. Лялькі - гэта ручная праца, ад асновы да самай дробнай дэталі ўбору, вобразу.
Прадстаўлены на выставе і вырабы з саломы, лёгкія, трывалыя, досыць даўгавечныя плеценыя аксесуары. Заслугоўваюць увагі вязанне з джутавай ніткі (у гэтым накірунку працуе Ірына Брушкова) і арыгінальныя касцюмы і паліто на тэму пор года, звязаныя кручком Галінай Курачкінай-Івановай. Калі глядзіш мадэлі адзежы, разумееш: гэта незямная прыгажосць. Ніякіх абмежаванняў ні па колеры, ні па фактуры пражы - толькі густ, пачуццё меры і палёт фантазіі! Але ўсе сакрэты раскрываць не будзем. Аб захапленні чароўных жанчын мы яшчэ раскажам у нашым традыцыйным праекце "З паметкай "Аўтарская работа".
- Цёплая атмасфера і столькі выдатных работ, - дзеліцца ўражаннямі наведвальніца выставы, лідчанка Галіна Навіцкая. - Сапраўды, вельмі цікава тут быць. Кожная работа мае сваю гісторыю. Вочы разбягаюцца ад прыгажосці, якую стварылі жыхаркі нашага горада. Я, напрыклад, не магу налюбавацца вышыўкай на кашулі з лёну. У сучаснай модзе гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва займае шырокую нішу, але часцей за ўсё брэндавыя вырабы з дэкорам гладдзю каштуюць немалых грошай. Таму думаю аб асваенні асноў вышывання. Калі атрымаецца, упэўнена, што гэта дапаможа не толькі мець у гардэробе эксклюзіўныя рэчы, але і нядрэнна сэканоміць сямейны бюджэт. Буду акуратнай і ўседлівай вучаніцай.
Вольга Капцевіч.
Повязь часоў
У аграмястэчку. Дайліды Івейскага раёна прайшло брэндавае свята "Повязь часоў"
Тут можна было ўбачыць сапраўдных "сведкаў" даўніны на выставах народнай творчасці і падчас майстар-класаў па традыцыйных відах рамёстваў.
Дзень радаваў цяплом і прыгажосцю, а залатыя галасы беларускай душы паклікалі ў карагод-прывітанне "Сення ў нашай хаце свята".
ivyenews.by.
Трагічнае каханне Гальяша Леўчыка
Сяргей Чыгрын
Кажуць, што каханне прымушае Зямлю круціцца, а геніяў тварыць. За кожным вялікім і невялікім пісьменнікам заўсёды стаіць і стаяла каханая жанчына. Але, на жаль, не кожны раз каханыя жанчыны прыносілі шчасце літаратарам, хаця творчыя людзі іх натхнёна кахалі, шанавалі і любілі. Да такіх пісьменнікаў з трагічным каханнем належыць і беларускі паэт, калекцыянер, мастак, музыкант, грамадскі дзеяч Гальяш Леўчык (Ілья Ляўковіч, 1880-1944).
Гальяш Леўчык быў родам са Слоніма. З 1908 года пачаў друкавацца ў газеце "Наша ніва". А ў 1912 годзе ў Вільні выйшаў яго першы паэтычны зборнік "Чыжык беларускі". Да 100-годдзя пісьменніка ў Менску быў выдадзены яго невялікі зборнік твораў "Доля і хлеб" (Мінск, 1980).
У Слоніме Гальяш Леўчык меў невялікую хатку на вуліцы 3-га траўня. Да яго ў горад над Шчарай прыязджалі многія беларускія дзеячы. Гасцявалі ў яго хатцы мастак Язэп Драздовіч, фалькларыст і кампазітар Антон Грыневіч, пісьменнік Міхась Лынькоў, святар Адам Станкевіч і нават заязджаў Янка Купала.
Меў аднапакаёвую кватэру паэт і ў Варшаве. Дарэчы, у Варшаву ён трапіў у 1904 годзе. Там уладкаваўся на працу чарцёжнікам у гарадскі магістрат і наведваў лекцыі ў школе мастацтваў. За гэты час Леўчык знаходзіць у Варшаве шмат беларусаў, знаёміцца з імі, арганізоўвае сустрэчы, ладзіць вечарыны.
Самым дарагім госцем у Варшаве для яго была пісьменніца, лексікограф, публіцыстка, перакладчыца, асветніца і грамадская дзеячка Зоська Верас (Людвіка Сівіцкая, 1892-1991). Упершыню ў Варшаву Людвіка прыехала восенню 1913 года на курсы. Але перш, чым трапіць туды, яна моцна перажывала, што там няма знаёмых. І пра гэта распавядала Вацлаву Ластоўскаму. Тады спадар Вацлаў даслаў ёй адрас Гальяша Леўчыка. Адначасова ён напісаў Леўчыку, што ў Варшаву прыедзе прыгожая і таленавітая дзяўчына і каб той яе шчыра прыняў. Але Зосьцы Верас Гальяша не прыйшлося шукаць, бо ён сам да яе завітаў і ў хуткім часе пазнаёміў яе з многімі беларусамі Варшавы.
Пра першае спатканне з Гальяшом Леўчыкам Зоська Верас прыгадвае так: "Першая сустрэча была даволі арыгінальная і смешная. Гальяш Леўчык убег шпарка, не прывітаўся, не зарэкамендаваўся… Яго першыя словы былі: "Гэта я Вас маю "ратаваць"? Ха-ха-ха! Такі маю загад з Вільні. Бег, як мага!" 1.
Прыгожая Людвіка глядзела на Гальяша здзіўлена. Перад ёй стаяў чалавек невысокага росту, незвычайна рухавы, з шапкай кучаравых валасоў, з вясёлымі невялікімі вачыма. "Нарэшце, заўважыўшы маё здзіўленне, ён спаважнеў. "Выбачайце, - кажа, - я нават не зарэкамендаваўся - Гальяш Леўчык, па прозвішчы Ляўковіч. Толькі што атрымаў ліст з рэдакцыі "Нашай нівы". Так трагічна апісалі Вашае самотнае існаванне, тым больш самотнае, што паміж тысячамі людзей, што я сапраўды бег як на ратунак…", - прыгадвае далей Зоська Верас 2.
На курсах у Варшаве Зоська Верас знаходзілася дзесяць месяцаў. І вельмі часта сустракалася і праводзіла час з Гальяшом Леўчыкам. Яны наведвалі розныя выставы, ездзілі ў Крулікарню, пазнаёміў ён яе з многімі беларусамі Варшавы, наведалі Міхала Федароўскага, аўтара "Люду беларускага", які сустрэў іх вельмі ветліва. Зоська Верас бывала і ў яго ў невялікай аднапакаёвай кватэры на вуліцы Леапальдыны, 35-32. Гасціў Гальяш і ў Зоські вечарамі, дзе яны бясконца размаўлялі і прыгадвалі ўсіх тых, каго ведалі. На той час Гальяшу Леўчыку было 33 гады, а Зосьцы Верас - 22. Магчыма тады Гальяш Леўчык прызнаўся ў сваіх пачуццях да Зоські Верас. Але Зоська яму сціпла адмовіла. А магчыма - былі іншыя прычыны…
Чаму я так упэўнена пра гэта пішу, бо пацвярджэннем гэтаму з'яўляюцца "Мэмуары. Стагодзьдзе ў рэтраспэкце" Яна Пятроўскага, якія выйшлі з друку ў горадзе Гэйнсвіл (ЗША, 1988). Адзін з артыкулаў "Мэмуараў" прысвечаны Гальяшу Леўчыку. Ян Пятроўскі прыгадвае 1931 год: "Увайшоўшы ў яго кватэру, на сцяне на левым баку я заўважыў каляровую большых памераў фатаграфію, а на ёй маладую пару. Хлапец з фатаграфіі - гэта Ляўковіч. Але маладая дзяўчына - нікога сабою мне не прыпамінала… Я запытаў у яго: "Прыгожая пара… хто яна?". Ляўковіч нічога не адказаў, а твар, як мне здалося, спаважнеў з прычыны, праўдападобна, пытаннем выкліканых рэмінісцэнцыяў перажытага мінулых дзён, адышоўшых у вечнасць… Мне здалося, што я закрануў нешта, што з'яўляецца інтымнасцю з жыцця гаспадара дома… Аднак праз доўгія гады я заставаўся пад уражаннем, што паміж ім і прыгожай дзяўчынаю на фатаграфіі мусіла быць тое, што прынята называць любоўю. І гэта праўдападобна была любоў, якая ніколі не ўвянчалася шчасцем…" 3.
Далей Ян Пятроўскі ўдакладняе, што пасля, амаль праз паўстагоддзе, ён аднойчы разгарнуў газету "Літаратура і мастцтва" ад 30 верасня 1977 года і ўбачыў там Гальяша Леўчыка і дзяўчыну "прыгожае падабенства, якое бачыў я калісьці на фатаграфіі, што знаходзілася ў памяшканні Ляўковіча" 4.
Гартаю падшыўку тыднёвіка "Літаратура і мастацтва", пра які згадвае Ян Пятроўскі, і знаходжу ўспамін Зоські Верас "Сустрэчы з Гальяшом Леўчыкам". На гэтай старонцы таксама апублікаваны і два фотаздымкі - Зоські Верас і Гальяша Леўчыка. Значыць, у варшаўскай кватэры паэта Ян Пятроўскі ўбачыў іх агульны фотаздымак. Хутчэй за ўсё яны сфатаграфаваліся разам у Варшаве ў 1914 годзе. Альбо гэта быў вядомы здымак, на якім адлюстраваны Рамуальд Зямкевіч, Гальяш Леўчык і Зоська Верас. Але крайні Зямкевіч быў проста выразаны са здымка і на сцяне вісеў партрэт Гальяша і Зоські. Асобнага фотаздымка Леўчыка з Верас я ніколі не бачыў.
Напачатку ліпеня 1914 года Зоська Верас пакінула Варшаву. Яна пачала ліставацца з Гальяшом Леўчыкам. Першы ліст Зоська Верас атрымала ад яго 1 жніўня 1914 года. У ім Гальяш пытаўся, ці прыедзе яна ў Слонім? Бо ён таксама планаваў быць у Слоніме і хацеў там з ёю спаткацца. А ў пісьме ад 13 студзеня 1915 года пытаўся: "Ці вы прыедзеце яшчэ калісь у Варшаву, ці не? На дадатковыя курсы…" 5.
У траўні 1915 года Зоська Верас на сёмуху запрашала Гальяша наведаць яе і яе маці. А 7 траўня 1915 года Гальяш Леўчык адказаў: "Вельмі дзякую вам і маме вашай сардэчна за запросіны мяне да вас на сёмуху! Але што ж - жаль, што не магу скарыстаць, бо і мая хворая сястра будзе тут праз свята…" 6.
Сустракалася з Гальяшом Леўчыкам Зоська Верас яшчэ два разы ў Вільні. Гэта вясной 1923 года і ў 1926 годзе. Першы раз яна ўбачыла Гальяша ў кнігарні на Завальнай, 7. "Але як жа ён змяніўся, як пастарэў! Ані следу даўнейшага гумару, вочы прыгаслі, поўна сівых валасоў. Матэрыяльнае становішча было вельмі цяжкае. Працы не меў…" 7 - успамінала Зоська Верас.
У гэты час Зоська Верас ужо была замужам за грамадска-палітычным дзеячам, якога расстралялі бальшавікі, Фабіянам Шантыром (1887-1920) і ад якога ў яе нарадзіўся сын Антон.
Пасля трагічнай смерці мужа Фабіяна Зоська Верас знаёміцца з журналістам, рэдактарам і перакладчыкам Антонам Войцікам (1898-1948). У 1923 годзе ў лясным масіве на Панарскіх узгорках пад Вільняй разам з Антонам яны пабудавалі прасторную хатку з галінак дрэў, абмазаных глінай так, як гэта рабілася некалі на Украіне У 1926 годзе Зоська Верас выходзіць замуж за Антона Войціка, маладыя павянчаліся ў Віленскім Касцёле Святога Мікалая…
Можа, я памыляюся, але мне здаецца, што тады ў Варшаве, калі ў Зоські Верас яшчэ нікога не было, калі быў вольны Гальяш Леўчык, магла б нарадзіцца цудоўная беларуская сям'я. Ды і жыць было дзе - кватэра ў Варшаве і хатка ў Слоніме. Але лёс распарадзіўся інакш, і ён не дужа радаваў Людвіку Сівіцкую і быў трагічным для Гальяша Ляўковіча. Да самай смерці Зоська Верас добра і шчыра прыгадвала Гальяша Леўчыка. Яна казала, што ён быў "вельмі таварыскі, спагадлівы, услужлівы, гатовы кожнаму дапамагчы, увайсці ў палажэнне" 8. Ён быў знаёмы з маці і дзедам Зоські Верас: "Мама і дзед вельмі хвалілі Г. Леўчыка. Ён, як даведаўся, што яны ў Варшаве, часта прыходзіў адведаць хворага, а нават замяняў на пару гадзін маму, каб яна магла пахадзіць, дыхнуць свежым паветрам і адпачыць" 9.
У 1986 годзе разам з настаўнікамі Слонімшчыны я наведаў Вільню і гасцяваў у хатцы Зоські Верас. У адным невялікім пакойчыку на кніжнай паліцы стаяў вялікі партрэт Гальяша Леўчыка мастака Алега Аблажэя. Зоська Верас папрасіла зняць з паліцы партрэт, узяла яго ў рукі і сказала, што гэты партрэт яна хоча падараваць Слоніму. Мы з радасцю і шчырай падзякай прынялі гэты падарунак ад старэйшай беларускай пісьменніцы. Цяпер ён знаходзіцца ў Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа…
Ілья Ляўковіч меў шмат сяброў. Яны прыязджалі не толькі ў Слонім і Варшаву, але і часта пісалі пісьмы, дасылалі кнігі, паштоўкі, часопісы. А вось сяброўкі, сапраўднай гаспадыні ў доме ў яго доўгі час так і не было. І аднойчы ў 1932 годзе ён прачытаў у газеце "Кур'ер Кракаўскі" аб'яву, дзе 30-гадовая жанчына з Ваўкавыска, якая піша апавяданні, хоча выйсці замуж. Гальяш Леўчык "клюнуў" на гэтую аб'яву і напісаў жанчыне пісьмо. Пачалася перапіска, а праз пэўны час яны спаткаліся. Жанчына аказалася прыгожай і вельмі спадабалася слонімскаму паэту. Праўда, яна была даволі лёгкіх паводзін і любіла жыць раскошна. І гэта Гальяша Леўчыка трохі насцярожвала. Ён нават заехаў у Дзярэчын да свайго сябра метадыста і публіцыста Яна Пятроўскага, які тады там жыў, каб пагутарыць пра сваю будучую жонку. Той яго шчыра прасіў, каб не жаніўся з польскай дзяўчынай з Ваўкавыска: "Быў гэта год 1933, на весну Ляўковіч на мае запросіны прыехаў да мяне ў Дзярэчын. Тут у даўжэйшай гутарцы са мною выражаў ён сумнеў, ці павінен ён браць сабе за жонку дзяўчыну, паводзіны якое ён тады ахарактарызаваў, што найменей, як анармальныя. Выслухаўшы ягоныя доўгія і сумныя выказванні, я раіў яму, каб ён парваў з дзяўчынаю, якая мела добрых трыццаць і некалькі гадоў. Далей ад гэтага я не мог пайсці, звяртаючы яго ўвагу, што апошняе слова належыць усё ж яму. У асноўным ён пагаджаўся са мною, але тут жа дадаваў, што ён шкадуе і ўсё ж спадзяецца знайсці помач у ёй. Ягоная аргументацыя болей мяне дзівіла, чымся пераконвала. Уся гутарка скончылася між намі тым, што гэта рэч паважная і вырашэнне знаходзіцца ў ягоных руках…" 10.
Але Гальяш не паслухаў сябра, і праз пэўны час слонімскі паэт і польская дзяўчына Зося ўзялі шлюб.
Вельмі цяжка жылося Гальяшу Леўчыку з Зосяй Ляўковіч. Яна яго не кахала і не берагла, а жыла, як хацела сама. Ян Пятроўскі меў рацыю. Ён прыгадваў, што Зося ў Варшаве "мела шмат знаёмых людзей, якія часта наведвалі Ляўковічаў у іхняй кватэры і тэрарызавалі яго, пра што Гальяш неаднаразова казаў мне. Ён, Ляўковіч, чуўся абкружаны варожымі людзьмі для сябе. І гэта было асноўнаю прычынаю, чаму Ляўковіч гэтак часта выязджаў, адносна на доўгі час у Слонім, дзе шукаў для сябе адпачынку" 11.
Усе зберажэнні Гальяша Леўчыка жанчына праз некаторы час поўнасцю расходавала. Яна выдумляла розныя прычыны, куды пайшлі фінансы, прыпісвала сабе хваробы, штрафы, а Гальяш ёй даваў грошы, дапамагаў. Гальяша Леўчыка яна не тое што не кахала, а і не паважала, як беларуса, як мужчыну.
Падчас Другой сусветнай вайны Гальяш Леўчык знаходзіўся ў Слоніме, а Зося Ляўковіч - у аднапакаёвай кватэры ў Варшаве. Разам быць яны доўга не маглі, бо сварыліся. Тады слонімец уцякаў у родны горад, ці туды ехала полька-жонка ад яго. Ды і з фінансамі ў Леўчыка былі вялікія праблемы.
Знаходзячыся падчас вайны ў Варшаве, Зося Ляўковіч прадала кватэру Гальяша Леўчыка палякам ці, магчыма, на нейкіх іншых умовах падаравала яе. Прадала, бо была ўпэўнена, што Леўчык загінуў. Ян Пятроўскі ўспамінае: "Ляўковічыха дзейнічае. Ляўковіча няма. Ён загінуў. Пасля яго праўнаю кватаранткаю становіцца жонка Ляўковіча. Яна "прадае" кватэру. Гаспадар дома, магчыма, ёсць добрым польскім патрыётам. Усё тое ў кватэры, чым гаспадар кватэры жыў, выкідаюць на сметнік, альбо аддаюць у адну з варшаўскіх бібліятэк…" 12. Ёсць мажлівасць, што ўсё сабранае Леўчыкам у варшаўскай кватэры, забрала Акцыя каталіцкая ў Варшаве.
Але Гальяш Леўчык не памёр, не загінуў, як думала Зося. Ён са Слоніма дабраўся да Варшавы і прыйшоў у сваю кватэру. Але ў ёй ужо жыла іншая сям'я, якая нібыта нічога не ведала пра папярэдніх кватарантаў. Так знакаміты беларус застаўся без кватэры і без каштоўных беларускіх архіваў.
А што Зося Ляўковіч? Яна вярнулася ў Слонім. Гальяша там не было.За ёй пачала актыўна сачыць нямецкая паліцыя, якой не падабаліся яе частыя выезды ў Варшаву. Паліцыя ўзяла ў яе распіску пра тое, што яна больш не будзе пакідаць межы Слоніма. Але Зося спрабавала зноў выехаць у Варшаву. Яе хутка арыштавалі, і ў камеру паліцыя падаслала правакатаршу, якой жанчына расказала, што яна захоўвае ў падушцы польскі сцяг з вышытым арлом. У хатцы на вуліцы 3-га траўня ў Слоніме немцы сапраўды знайшлі сцяг і незадоўга пасля гэтага ў 1942 годзе яе расстралялі на Пятралевіцкай гары каля Слоніма.
У 1944 годзе не стала і Гальяша Леўчыка. Ён загінуў ці памёр ад голаду ў трагічныя дні Варшаўскага паўстання.
1 Літаратура і мастацтва, 30 верасня 1977 года.
2 Тамсама. С.15.
3 Пятроўскі Ян. Мэмуары. Стагодзьдзе ў рэтраспэкце. Гэйнсвіл, 1988.С.158-159.
4 Тамсама. С.159.
5 Гальяш Леўчык. Доля і хлеб. Мн., 1980. С.116.
6 Тамсама. С.120.
7 Літаратура і мастацтва, 30 верасня 1977 года.
8 Зоська Верас. Я помню ўсё. Гародня-Wroclaw. 2013. C.28.
9 Тамсама. С.29.
10 Пятроўскі Ян. Мэмуары. Стагодзьдзе ў рэтраспэкце. Гэйнсвіл, 1988. С.158-159. С.160.
11 Тамсама. С.167-168.
12 Тамсама. С.168.
"Планета дружбы" прынесла перамогу сямейнаму ансамблю Парфенчыкаў з Бердаўкі
Вясна - гэты заўсёды прыпадняты настрой, яркія фарбы, новыя надзеі і адкрыцці. Асаблівым гэты час стаў і для калектыва народнага сямейнага ансамбля Парфенчыкаў "Мы з вёскі-калыскі" Бердаўскага культурна-досугавага цэнтра.
Напярэдадні светлага Вялікдня ён стаў лаўрэатам I ступені на IV Міжнародным фэсце-конкурсе нацыянальных сучасных мастацтваў "Планета дружбы", які праходзіў пры падтрымцы ОО "Беларускі звяз музычных дзеячаў" у горадзе Менску. Кіраўнік ансамбля Аляксандр Парфенчык і акампаніятар Зінаіда Унучка былі адзначаны Падзячнымі лістамі аргкамітэта фэсту.
IV Міжнародны фэст-конкурс нацыянальных сучасных мастацтваў "Планета дружбы" праводзіцца з мэтай захавання і развіцця нацыянальнай спадчыны народа і нацыянальных меншасцяў Рэспублікі Беларусь. Гэты фэст дае магчымасць абмену творчымі дасягненнямі, а таксама знаёмствы з нацыянальным сучасным мастацтвам краін блізкага і далёкага замежжа. Праект накіраваны на ўмацаванне дружалюбных сувязяў сярод творчай моладзі, выхаванне паважлівага стаўлення да нацыянальнай спадчыны і культуры іншых народаў. Але самае галоўнае - гэты творчы форум спрыяе развіццю інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу нашага падрастаючага пакалення. А юных удзельнікаў сапраўды было шмат.
- Музыка - сапраўды агульначалавечая мова. Яна кранае сэрцы, робіць нас лепш, натхняе і натхняе, дорыць незабыўныя пачуцці. Міжнародны фэст-конкурс нацыянальных сучасных мастацтваў "Планета дружбы" адгучаў гучнымі фанфарамі. Ён сабраў на адной вялікай сцэне шмат таленавітых выканаўцаў, даў магчымасць абмену творчымі дасягненнямі. Атрымалася сапраўднае свята музыкі, харэаграфіі, тэатра, - адзначыў Аляксандр Парфенчык.
Сёння ансамбль вядзе актыўную рэпетыцыйную працу і рыхтуецца да ўдзелу ў VI Рэспубліканскім конкурсе сямейнай творчасці "Жывіце ў радасці", які будзе праходзіць у горадзе Слоніме ў траўні. Гарадзенскую вобласць наш калектыў будзе прадстаўляць у вакальна-харавым жанры. Жадаем поспеху!
Вольга Капцевіч.