Папярэдняя старонка: 2022

№ 19 (19) 


Дадана: 10-05-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 19, 11 траўня 2022 г.

Беларусь адзначыла Дзень Перамогі

9 траўня па ўсёй Беларусі: ад Менска да самых да ўскраін прайшлі масавыя мерапрыемствы з нагоды 77-х угодкаў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Вялікая Перамога стала неад'емнай часткай беларускай нацыянальнай ідэі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі ў Менску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

- І сёння ля свяшчэннага Вечнага агню мы схіляемся перад нашымі ветэранамі, аддаём даніну памяці тым, хто загінуў, абараняючы наша права жыць. Жыць свабодна на роднай зямлі і ў сваёй дзяржаве, - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Юр'е ў Беліцы

У Лідскім раёне адбыўся прыгожы абрад "Юр'еў дзень". Брэндавае свята аграмястэчка Беліца сабрала шмат вяскоўцаў.

Абрад прымеркавалі да Юр'я па юліянскім календары (6 траўня), але гэтае свята вельмі важнае і для тутэйшых католікаў, бо менавіта ў Беліцы знаходзіцца касцёл Святога Юрыя.

Наш кар.

З удзячнасцю навукоўцу і палітыку за рашучасць і адкрытасць

6 і 7 траўня ў Менску прайшло развітанне з прафесарам Станіславам Шушкевічам, былым Старшынём Вярхоўнага Савета і першым лідарам незалежнай Беларусі. Вядомы беларускі вучоны, палітычны і грамадскі дзеяч адышоў у вечнасць 3 траўня ў Менску на 88-м годзе жыцця ў выніку ўскладненняў пасля перанесенага каронавіруснага захворвання.

Станіслаў Шушкевіч (1934-2022) быў сынам беларускага паэта і празаіка Станіслава Пятровіча Шушкевіча, рэпрэсаванага савецкімі ўладамі. Ён нарадзіўся ў Менску 15 снежня 1934 года. У 1951 годзе з медалём скончыў сярэднюю школу, і ў 1956 годзе скончыў фізіка-матэматычны факультэт БДУ. Станіслаў Шушкевіч прайшоў шлях ад старшага інжынера да загадчыка кафедры ядзернай фізікі БДУ, а потым - прарэктара БДУ па навуковай працы.

Беларускі навуковец і палітык, дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га склікання, член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук, першы кіраўнік незалежнай Беларусі быў адным з трох удзельнікаў падпісання Белавежскіх пагадненняў аб юрыдычным замацаванні распаду СССР.

7 траўня ў Менскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася жалобная імша па памерлым, якую ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. На жалобную імшу сабраліся вядомыя грамадскія дзеячы, навукоўцы, літаратары, дзеячы культуры, прысутнічалі ганаровыя госці, амбасадары еўрапейскіх краін.

Падчас жалобнай імшы чыталася Евангелле паводле Яна пра ўваскрашэнне Лазара.

- Супольная малітва, запаленыя свечкі, кветкі сведчаць пра тое, што сёння мы прыходзім у касцёл як супольнасць вернікаў, каб падкрэсліць нашае сяброўства, выказаць нашу пашану да памерлага, павагу і салідарнасць з яго сям'ёй, - прамовіў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. - Смерць з'яўляецца таямніцай, яна ўпісана ў жыццё кожнага чалавека.

Вера ва ўваскрэслага Езуса Хрыста сведчыць, што наша развітанне з памерлым - часовае. Мы верым, што найбольшую славу Божую мы бачым у тым, як Хрыстос перамог смерць. Вера ў Хрыста з'яўляецца адказам на безнадзейнасць.

Станіслаў Станіслававіч не быў актыўным католікам, але як навуковец ён прызнаваў, што аднымі прыродазнаўчымі навукамі немагчыма патлумачыць таямніцу стварэння Свету. Як хрысціянін ён умацаваўся ў веры пасля таго, як пачуў у Кракаве гамілію Караля Вайтылы, будучага Папы Яна Паўла II.

Падчас жалобнай імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаў словы ўдзячнасці першаму кіраўніку беларускай незалежнай дзяржавы Станіславу Шушкевічу:

- Ён застаўся ўпісаны ў гісторыю нашай краіны. Пачатак незалежнасці Беларусі быў пакладзены ў Віскулях 8 снежня 1991 года. Дзякуй табе, спадар Станіслаў, што ты быў там. Дзякуй, што ты адкрыў для беларусаў свабоду веравызнання і свабоду сумлення!

З удзечнасцю прамовіў Т. Кандрусевіч пра ролю былога старшыні Вярхоўнага Савета ў вяртанні вернікам многіх касцёлаў у краіне і падкрэсліў яго ролю ў адкрыцці Гарадзенскай духоўнай семінарыі, фармацыю ў якой прайшлі 200 святароў.

Адзначыўшы ўнёсак Станіслава Шушкевіча ў справу адраджэння Касцёла ў Беларусі, арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў прамову малітоўным заклікам: "Ты шмат учыніў дабра; няхай добры Бог за гэтае дабро аддзячыць табе дабром жыцця вечнага ў сваім Валадарстве".

Званы празванілі на плошчы Свабоды ў час развітання з вялікім чалавекам, які вёў сваю краіну да свабоды і незалежнасці.

Цэлебрацыю пахавання на менскіх Паўночных могілках, дзе быў пахаваны першы лідар незалежнай Беларусі правёў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату біскуп Алег Буткевіч.

Падчас жалобнай цырымоніі прысутны на пахаванні Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Беларусі пан Артур Міхальскі зачытаў спачувальны адрас з нагоды смерці Станіслава Шушкевіча ад прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды.

Э.Дзвінская, М. Гракаў. фота Э. Дзвінскай.

УРОК-УСПАМІН

"ДЗЕ КОЖНЫ ПОМНІК - ПАМЯЦЬ ІМ, ГЕРОЯМ"

6 траўня пасля ўрачыстага мітынгу ў памяць пра загінуўшых воінаў у аграмястэчку Дворышча вучні пачатковых класаў былі запрошаны ў філіял "Інтэграваная бібліятэка ам. Дворышча" на ўрок-успамін "Дзе кожны помнік - памяць ім, героям".

Да дзяцей бібліятэкар сп. Марцінкевіч звярнуўся са словамі з верша М.Танка "Дрэвы забылі пра буры і страты. Раны свае загаіла зямля. Толькі нічога забыць не змагла ты, Памяць мая!". Гэта быў адказ на пытанне, чаму на Дзень Перамогі людзі збіраюцца каля помнікаў, каб яшчэ раз напомніць, якой дарагой цаной людзі заплацілі за сваю свабоду. У бібліятэцы дзеці пазнаёміліся з выставамі кніг, аўтары якіх пераносяць маладое пакаленне ў далёкія саракавыя. Дзеці ўбачылі і фотаздымкі ветэранаў Дварышчанскага краю, якія ваявалі супраць фашысцкіх агрэсараў.

Наш кар.

Вучні 11-й лідскай школы аб захаванні гістарычнай памяці

Урок памяці "Нам гэты свет запаведана берагчы" сабраў у музеі "На скрыжаваннях дарог" 11-й лідскай школы навучэнцаў 8-9 класаў і быў прысвечаны захаванню гістарычнай памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны.

Госцем мерапрыемства стала навуковы супрацоўнік Лідскага гістарыка - мастацкага музея, аўтар кнігі "Памяць - галоўны сведка" Анастасія Аляксандраўна Каладзяжная. Школьнікі з першых вуснаў даведаліся пра тое, як вялася праца над кнігай, пазнаёміліся з лёсамі людзей, чые гісторыі сталі асновай гэтага выдання. У ходзе дыялогу навучэнцы змаглі задаць пытанні госці і атрымаць кампетэнтныя адказы.

Але аб усім па парадку. Як расказала школьнікам Анастасія Аляксандраўна, тэма Вялікай Айчыннай вайны была блізкая ёй з дзяцінства. Бацькі яе ўдзельнічалі ў партызанскім руху на тэрыторыі Драгічынскага раёна Берасцейскай вобласці, тата прайшоў франтавымі дарогамі. Бацькі шмат распавядалі дачцэ аб вайне. Пазней, ужо будучы навуковым супрацоўнікам Лідскага гістарычна-мастацкага музея, Анастасія Аляксандраўна пачала вывучаць старонкі гісторыі Лідчыны, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной. А напярэдадні 70-годдзя Перамогі на базе літаратурнага аддзела музея пачала працаваць гістарычная гасцёўня "Памяць за сабою пакліч". Куратарам названага праекту стала Анастасія Каладзяжная.

Кожную нядзелю ў домік Таўлая прыходзілі пажылыя лідзяне, чыё дзяцінства супала з вайной. Дзеці вайны ўспаміналі абпаленае вайной дзяцінства, дзяліліся ўспамінамі, спявалі ваенныя песні. Менавіта з гэтых сустрэч у рамках гістарычнай гасцёўні і нарадзілася ідэя стварэння кнігі "Памяць - галоўная сведка".

Успаміны ўдзельнікаў праекта Анастасія Аляксандраўна запісвала ўласна сама, прапускаючы праз сябе ўсе людскія лёсы. Не кожны хацеў успамінаць ваеннае дзяцінства, але да кожнага рэспандэнта яна знаходзіла падыход, далікатна закранала тэму, што ляжала каменем у пажылога чалавека на сэрцы.

Сёння для лідзян кніга Анастасіі Каладзяжнай унікальная, улічваючы той факт, што тэма дзяцей вайны музеем раней не закраналася - больш увагі ў надавалася франтавікам, партызанам і падпольшчыкам.

У кнізе "Памяць - галоўная сведка" сабраныя ўспаміны каля 80 відавочцаў тых далёкіх падзей. Галоўным чынам гэта ўспаміны дзяцей вайны - тых, хто жыў з бацькамі на акупаванай тэрыторыі, тых, хто быў малалетнім вязнем канцлагера, тых, чыя сям'я была вывезеная на прымусовыя працы, тых, чые бацькі былі партызанамі ці вайскоўцамі, тых, хто дзіцем жыў у блакадным Ленінградзе або ў глыбокім тыле.

Школьнікі, затаіўшы дыханне, слухалі госцю, пранікаліся пачуццём суперажывання да лёсу кожнага чалавека, аб якіх ім расказвала Анастасія Аляксандраўна.

Аўтар кнігі ўспамінаў "Памяць - галоўая сведка" парэкамендавала ўдзельнікам урока памяці таксама далучыцца да таго, каб запісаць успаміны сваіх родных і блізкіх аб тым далёкім ад нас часе. Запісаць, каб памятаць і захаваць мір, які нам запаведана зберагчы.

Наталля АНАШКЕВІЧ, класны кіраўнік 9 Б класа сярэдняй школы № 11 г. Ліды.

НА ВЯСНОВЫМ АДВЯЧОРКУ...

Прэзентацыя кнігі Інгі Вінарскай "Гучы, маё сэрца, гучы..."

29 красавіка 2022 года ў Менскую бібліятэку № 1 імя Л.М. Талстога прыйшло шмат народу: выкладчыкі, навучэнцы сталічных каледжаў, пісьменнікі, навукоўцы, музыкі, журналісты, запрошаныя госці... Утульная бібліятэчная зала была цалкам запоўненая. І, канешне, на вясновым адвячорку сабраліся ўсе гэтыя людзі не проста так, а з нагоды: шэф-рэдактар альманаха "Літаратурны экватар", паэтка, пісьменніца, журналістка Інга Вінарская выдала сваю новую кнігу "Гучы, маё сэрца, гучы... Выбраныя вершы ў перакладах на беларускую мову" - і ў перадапошні дзень красавіка бягучага года вырашыла прэзентаваць яе ў першай сталічнай бібліятэцы.

Вядучым імпрэзы стаў кіраўнік літаратурнага клуба "Экватар", паэт, пісьменнік, журналіст Вячаслаў Корбут. Узяўшы ў рукі зусім новую, з пахам друкарскай фарбы кнігу, Вячаслаў распачаў пра яе гаворку. Ён паведаміў, што мае непасрэднае дачыненне да стварэння гэтага зборніка, бо акрамя аўтарскіх перакладаў, там змешчаны і ягоныя ўласныя пераклады вершаў Інгі Вінарскай. Да слова сказаць, спадар Вячаслаў пераклаў пяцьдзясят чатыры творы аўтаркі, а сама паэтка выканала сто адзін пераклад. Усяго ж у кнізе "Гучы, маё сэрца, гучы..." змешчана сто пяцьдзясят пяць перакладаў.

Асобна Вячаслаў Корбут спыніўся на дызайне выдання, зазначыўшы, што гэты стыль можна назваць графічным мінімалізмам. Дарэчы, і вёрстку, і дызайн кнігі зрабіла сама аўтарка. Варыянтаў вокладкі было шмат, але спадарыня Інга спыніла свой выбар на адной з графічных работ славутага беларускага мастака Язэпа Драздовіча, творчасць якога яна вельмі паважае. Па меркаванні аўтаркі, менавіта графіка Драздовіча цалкам адпавядае зместу яе новай кнігі.

Вядоўца зазначыў, што як перакладчык атрымаў асалоду ад працы над перакладамі вершаў Інгі Вінарскай, хаця часам яны даваліся вельмі няпроста, бо вершы аўтаркі складаныя і глыбокія. Асабліва ж спадару Вячаславу ў творчасці спадарыні Інгі падабаецца яе грамадзянская лірыка, тэма прыроды. І нездарма, бо часцяком менавіта прыгажосць навакольнага свету і пораў года моцна натхняе паэтаў, як, напрыклад у гэтым вершы Інгі Вінарскай, які таксама пераклаў Вячаслаў Корбут:

Нібыта ўсё не тое і не так,

Але ж усе пакуты - грош-пятак,

Зямны па восі круціцца той шар,

Ужо рыхтуе вечнасць свой адвар.


І пахі, пахі велічнай вясны,

Уключаны - у формулу - яны.

Яшчэ ад лета шчасця берагі,

І сонца з полем, ды лясы, лугі,


Канешне, восень, і яна - твая

Натхнёная сяброўка і суддзя.

Ужо яе не любіш, ды яна

З табой навек, і гэта не мана.


Завею срэбна-белую на лес

Зіма падкіне ў формулу з завес.

І лёду шчэ бліскучага крыху,

Каб абышла бяда тваю страху.


Так верціцца Зямля… Кругазварот.

Прыроды рух пакліча без маркот.

Нянавісць, страхі - нам не каралі.

Верш абвяшчае новых сіл прыліў!..

Далей вядоўца запрасіў выйсці да прысутных віноўніцу ўрачыстасці, паэтку Інгу Вінарскую, каб яна больш падрабязна расказала пра свой новы зборнік. Дарэчы, надалей спадарыня Інга таксама прыняла актыўны ўдзел у вядзенні ўласнай прэзентацыі. Але напачатку яна, канешне, распавяла пра кнігу "Гучы, маё сэрца, гучы...". У зборнік увайшлі выбраныя вершы з кніг "Ночные поезда" (2011), "Солнце поэтов" (2019), з цыкла "Нефритовыя воины любви" (2020) - у перакладах на беларускую мову.

Цікава, як пачалася праца над гэтай кнігай. Некалькі год таму са спадарыняй Вінарскай звязаўся спадар Мікола Мікуліч з Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і запрасіў яе як аўтарку ўвайсці ў новую анталогію беларускамоўнай паэзіі Беларусі, якую пачаў рыхтаваць іх інстытут. Таксама Мікола Мікуліч прапанаваў Інзе Вінарскай, як рэдактару, запрасіць у гэтую анталогію найбольш моцных аўтараў літаратурнага клуба "Экватар". Спадарыня Інга, канешне, захацела патрапіць у такое выданне і зрабіла вялікую падборку перакладаў сваіх вершаў на беларускую мову. Такі быў пачатак. А потым пайшло-паехала. Інга Вінарская зрабіла выснову, што па-беларуску яе творы гучаць выдатна, і вырашыла стварыць поўнавартасны зборнік выбраных вершаў у перакладах на беларускую мову. Вельмі хутка да гэтай перакладчыцкай працы далучыўся і Вячаслаў Корбут...

Яшчэ Інга Вінарская сказала, што хацела б асобна ўспомніць свайго нядаўна пайшоўшага ў іншы свет сябра - Людмілу Аляксееўну Сівалобаву, якая вельмі хацела, каб у Інгі выйшла гэтая кніга... "Канешне, спадарыня Людміла ўжо ніколі не патрымае ў руках мой новы зборнік, але, я думаю, што яна з Неба бачыць мяне зараз і, спадзяюся, за нас усіх радуецца... Так што, у пэўным сэнсе, - гэтая прэзентацыя прысвячаецца памяці майго блізкага сябра..." - зазначыла Інга Вінарская. А потым яна заклікала прысутных берагчы сваіх сяброў і пры жыцці рабіць для іх усё магчымае...

Спадарыня Інга прачытала сабраўшымся тры свае вершы, якія з'яўляюцца загалоўнымі ў раздзелах яе кнігі: "Начныя цягнікі", "Сонца паэтаў", і канешне, - "Нефрытавыя воіны любві" (у аўтарскім перакладзе):

Нефрытавыя воіны любві,

Мы ў цішыні цямнеем ад пакутаў.

Ад мар нясбыўшыхся нясе атрутай,

Разбіты мы - хоць кліч тут, хоць заві.


Камень цямнее, старыцца браня.

Мы ведаем, з чаго акамянелі...

Бо тыдні шчасця ведалі арэлі, -

Дагэтуль ззяюць нам... Жыццё ж - хлусня.


Адвечны змрок, - нажаль, бясконцы ён...

І сонца ў ім знікае разам з сэрцам.

А шчасце ціхім рэхам адзавецца,

Бы дробязь нейкая, і гэта - як праклён...


Нязначны свет, нядбалая любоў.

Ўсё тленна, і праходзіць хутка вельмі...

Пабіцца б з лёсам хоць бы раз - суцэльна,

Каб спачувальных больш не ведаць слоў!..

Паэт Вячаслаў Данілаў, нягледзячы на свае хатнія праблемы, папросту не мог хаця б на нейкі час не заехаць і не прывітаць сваю добрую сяброўку Інгу Вінарскую. Ён ад душы павіншаваў яе з выхадам чарговай кнігі. Вячаслаў выказаў падзяку Інзе за яе добрыя і чулыя адносіны да сваіх калег па літаратурным клубе "Экватар".

Оперны спявак, бас, паэт і празаік Дзмітрый Максімавіч Марозаў адзначыў, што вельмі любіць прымаць удзел у выязных канцэртах, якія арганізоўвае Інга Вінарская, і што для яго гонар - выступаць з гэтай таленавітай жанчынай на адной сцэне. І канешне, не абышлося без спеваў. У гонар спадарыні Інгі Дзмітрый Марозаў выканаў раманс "Я знал её мілым ребёнком когда-то...", а таксама "Лясную песню".

Палкоўнік у адстаўцы, кандыдат педагагічных навук, пісьменнік-дакументаліст Якаў Рыгоравіч Анапрэенка зрабіў акцэнт на працы Інгі Вінарскай, як шэф-рэдактара і асноўнага тэхнічнага спецыяліста альманаха "Літаратурны экватар", які яна стварае штогод (выйшла ўжо дванаццаць нумароў). Гэта моцнае, вартае павагі выданне - на думку спадара Якава, і асноўная заслуга ў гэтым, канешне, спадарыні Вінарскай.

Адметнай рысай прэзентацыі 29 красавіка стала прысутнасць на ёй вялікай колькасці старых сяброў Інгі Вінарскай, сярод якіх была сям'я Давыдовічаў з дачкой Нэляй. І вось гэтая маленькая дзяўчынка выйшла перад аўдыторыяй і паведаміла: "Я вам зараз прачытаю верш Інгі Вінарскай у перакладзе Вячаслава Корбута". І прачытала. Ну, не зусім на памяць, канешне. Але гэта быў вельмі прыемны сюрпрыз для спадарыні Інгі.

Ледзь ружовым падсвечана воблака,

На галінах дзесь кроплі дрыжаць.

Непрытомнасць у сада ад мораку,

Вецер, восені брат - не чужак


Дзьме марудна, зусім паціхенечку,

Разбудзіць не жадае наўкол

Ні дзяўчыначку Соню, ні венчыкі

Дрэваў спячых, ні лялек, дзе стол, -


Яны спяць за фіранкай у доміку...

Домік дачны - лістоты паміж, -

Дрэмлюць ціха садовыя гномікі,

Гук савы не пачуеш, як спіш,


З-за суседняга лесу - за дачаю…

Шчэ ліхтарыкі дораць святло:

- Будуць казкай для сцежак, не йначай так, -

Мовіў дзед, будаваў што жытло.


Людзі спяць. Рэдкі ліст грае ўзмахамі,

Хутка ранак запусціць свой старт -

Над садовымі дачнымі дахамі,

Свой расклад з тых неонавых карт.

Валянцін Шведаў - даўні сябра літаратурнага клуба "Экватар". Гэты паэт з'яўляецца пастаянным аўтарам клубнага альманаха. Нягледзячы на вялікую колькасць хатніх і дачных справаў, пры тым у спадара яшчэ і вялікая сям'я, ён знайшоў час, каб прыехаць на прэзентацыю новай кнігі Інгі Вінарскай. Валянцін Шведаў зазначыў, што беларуская мова, несумненна, мае светлую будучыню, калі такія моцныя аўтары, як спадарыня Інга, перакладаюць на яе свае вершы. Ён шчыра павіншаваў прэзентантку і прачытаў для яе і прысутных невялікую нізку сваіх лірычных вершаў.

Паэт, кіраўнік літаратурнай гасцёўні "Дзясятачка" Міхаіл Баранчык з пажаданнямі поспехаў і выдатнага настрою звярнуўся да спадарыні Вінарскай і адзначыў, наколькі сёння важна працягваць аўтарам выдаваць свае кнігі. Ён пажадаў аўтарцы новых творчых поспехаў, а таксама мець заўсёды добры настрой для стварэння новых твораў. Міхаіл агучыў некалькі сваіх лірычных твораў - у такт вечарыне з тонкім настраёвым вясновым акцэнтам.

Таццяна Барысюк, паэтка пісьменніца, навукоўца, супрацоўніца Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі здзівіла, бадай, усіх прысутных. Спадарыня Таццяна зазначыла, што калі ў назве новай нігі Інгі Вінарскай у слове "Гучы" перадвінуць націск на "у", то атрымаецца спасылка на знакаміты модны дом. І гэтую маніпуляцыю з націскам Таццяна Барысюк зрабіла не дарма, бо Інга Вінарская, да ведама прысутных, вельмі добра ўмее шыць. Спадарыня Таццяна паведаміла сабраўшымся пра тое, што спадарыня Інга, калі вучылася на пятым курсе філалагічнага факультэта, паралельна мела запрашэнні на працу ў дзве замежныя краіны як пачынаючая мадэльерка, бо ўжо тады стварала міні-калекцыі адзення. І са сваім каханнем да моды Інга не растаецца па жыцці. Да слова сказаць, для сваёй прэзентацыі спадарыня Вінарская стварыла цёмна-фіялетавы закрыты строй у стылі строяў былога канцлера Германіі Ангелы Мэркель...

Наступнага выступоўцу Інга Вінарская прадставіла так: "Малады, высокі, прыгожы!.. Сустракайце - Кірыл Бандзерс". Адразу заўздыхалі прысутныя жанчыны і дзяўчаты. А Кірыл праспяваў пад гітару сваім нізкім, з хрыпатцой, голасам некалькі зусім новых песень.

Далей выступаў паэт, празаік, драматург Глеб Ганчароў. Ён падрыхтаваўся да прэзентацыі спадарыні Вінарскай, прачытаўшы загадзя пэўную колькасць яе вершаў у перакладах на беларускую мову. І зрабіў вельмі цікавую выснову: з пункту гледжання спадара Ганчарова, па трымценні паэтычнай душы, па глыбіні твораў і пранікнёнай беларускасці, паэзія Інгі Вінарскай у перакладным варыянце вельмі блізкая да твораў класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Але ж гэта, канешне, - асабістае меркаванне гэтага выступоўцы. Глеб Ганчароў прачытаў перад аўдыторыяй свае вершы, а таксама наступны твор Інгі Вінарскай у перакладзе Вячаслава Корбута:

Сонца палошчацца ў вокнах насупраць,

Цераз бульвар б'е лістоту наскрозь.

Ў вокнах маіх адлюструецца з сумам...

Тут я жыву? Альбо не? Проста госць?..


Светла паўсюль, прыгажосць і ахайнасць,

Толькі адчайна так з'ехаць хачу…

Бегала… Ды - зноў назад, так адчайна...

Можа, "памыйную" раць прагну чуць?..


Толькі вось нельга ніколі вяртацца

Ў дом, дзе самотныя, скрушныя сны,

Дзе немагчыма са шчасцем спаткацца,

І цішыню зноў скрадуць груганы.


Смеласці - нуль… Ды, аднак, баязліва

Лёсу зноў карты хачу перабраць...

Дзе бестурботна, дваяк, дзесь лісліва

Іх патлумачу: дык можа, пара?!


Незразумела, сыду ці жывою

З родных, здавалася б, гэтых мясцін…

Ці адкажу ўсё ж сваёй галавою

За вальналюбства - жэст смелы адзін?!

Яшчэ адзін супрацоўнік Інстытута літаратуразаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук, паэт, пісьменнік, бард Серж Мінскевіч зазначыў, што вельмі ценіць і любіць паэзію Інгі Вінарскай, а таксама лічыць, што творы спадарыні Інгі моцныя і ў беларускім, і ў арыгінальным варыянце. У гонар сваёй даўняй сяброўкі спадарыні Вінарскай спадар Мінскевіч прачытаў некалькі сваіх лірычных вершаў.

Наступная выступоўца - паэтка, пісьменніца, журналістка, спявачка і, па сумяшчальніцтве, вельмі прыгожая жанчына Людміла Шчэрба паведаміла аўдыторыі, што вельмі задаволена тым, што прысутнічае на такой прыгожай і цікавай імпрэзе і што абавязкова прачытае ў хуткім часе новую кнігу Інгі Вінарскай, творчасць якой выклікае ў яе павагу. Сабраўшыя пачулі ў выкананні спадарыні Людмілы шэраг яе цікавых эксперыментальных па форме паэтычных твораў.

Паэт, філосаф, навукоўца, кандыдат філасофскіх навук Ігар Яўгенавіч Шыршоў намагаецца не прапускаць ніводнага мерапрыемства літаратурнага клуба "Экватар", які вельмі любіць і паважае. А асаблівую павагу ў спадара Ігара, як высветлілася, выклікае шэф-рэдактар клуба Інга Вінарская, чыю паэзію ён лічыць акадэмічнай, вартай уключэння у школьную праграму. На імпрэзе 29 красавіка Ігар Яўгенавіч зазначыў, што цалкам згодны з меркаваннем Глеба Ганчарова наконт паэтычнай творчасці спадарыні Інгі. Для прэзентанткі і прысутных спадар Ігар прачытаў шэраг сваіх вершаваных твораў на тэму кахання.

Зачыняў канцэртную праграму, прысвечаную выхаду ў свет новай кнігі Інгі Вінарскай "Гучы, маё сэрца, гучы...", паэт, пісьменнік, бард Юрась Нераток. Ён шчыра павіншаваў спадарыню Інгу, вершы чытаць не стаў, а, узяўшы ў рукі гітару, выканаў некалькі сваіх дынамічных песень.

Пасля заканчэння імпрэзы прысутныя доўга не хацелі разыходзіцца: фатаграфаваліся, гаманілі, абменьваліся ўражаннямі. Кожнаму з выступоўцаў Інга Вінарская падпісала па экзэмпляры сваёй новай кнігі. Надоўга ў памяці прыйшоўшых на мерапрыемства застануцца прыгожыя вершы, добрыя словы, усмешкі, віншаванні, апладысменты і абдымкі. Вось такая прэзентацыя атрымалася на красавіцкім вясновым адвячорку...

Вячаслаў Корбут.

Вайна ў 1920 годзе*

Успаміны і разважанні

Генерал Люцыян Жалігоўскі

Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Хто ж з нас не памятае года 1919, настрояў, умоваў і стасункаў, якія ў той час панавалі на ўсходзе? Стэрарызаванае насельніцтва гарнулася да Польшчы, просячы пра дапамогу. Ці ж быў камандзір, які мог бы адмовіць у той дапамозе, нават са шкодай для спраў стратэгічнага ці тактычнага характару? Уласна цэлы 1919 год, уся зіма 1919/1920 гг. прайшлі пад знакам абароны гэтага насельніцтва. Ці можна вінаваціць камандзіраў, якія з пэўнай шкодай для баявых задач абаранялі сваіх крэўных?

Мяркую, што зняслаўленая кардонная лінія ў той канкрэтны перыяд вайны была нечым натуральным, а памылка палягала на тым, што заўчасна не выпрацавалі думкі, каб у выпадку патрэбы замяніць яе на іншую, баявую, больш для нас карысна дыслакаваную.

У сілу абставін кардон пратрываў не толькі цэлую зіму і вясну, трываючы надалей амаль да варот Варшавы.

Мы адмаўляліся ад манеўру, ваявалі фронтам. Адсюль катастрафічныя вынікі да жніўня 1920 г., г. зн. да часу, калі адмовіліся ад яе зусім.

* * *

У згаданай ва ўступе прыкрай для мяне сітуацыі дадатным бокам было тое, што пакідаў групу і вяртаўся да камандавання добра мне знаёмай і звязанай са мной цэлым шэрагам перажыванняў 10-й дывізіі пяхоты.

Дывізія гэтая мела сваю выключную гісторыю. Складалася яна з дзвюх частак: з 4-й дывізіі стральцоў, сфармаванай на Кубані ў 1918 годзе і 10-й дывізіі пяхоты, якая фармавалася ў Лодзі.

Пасля раззбраення І корпуса генерала Доўбар-Мусніцкага і пасля Каняўскай бітвы афіцэры і жаўнеры, якія не хацелі вяртацца ў край, акупаваны немцамі, накіроўваліся на Кубань у расійскую армію генерала Дзянікіна, дзе яшчэ была слабая мажлівасць для фармавання польскіх аддзелаў. Такім чынам на Кубані сабралася група людзей, якія належалі да розных арганізацый, да розных палітычных груповак.

Былі там і пілсудчыкі, і доўбараўцы з І корпуса, і галерчыкі з ІІ, па перакананнях сацыялісты, народныя дэмакраты і іншыя. Усіх тых людзей, часткова варожа паміж сабою настроеных палітычна, яднала супольная ідэя стварэння польскага войска.

Армія Дзянікіна, пераследаваная саветамі, не толькі не магла ўзброіць і забяспечыць польскія аддзелы, але яшчэ патрабавала, каб яны біліся паводле яе загадаў.

Гісторыя, безумоўна, адшукае тут шмат цікавых момантаў, якія ўключаюць патрыятызм, энернію і сілу волі тых людзей, якія ажыццяўляючы далёкае, небяспечнае падарожжа цераз самыя разнастайныя нямецкія і савецкія франты, у найцяжэйшых матэрыяльных і маральных умовах, вымушаныя часта праліваць кроў за чужыя справы, імкнуліся без стомы да аднаго, каб недзе ў ваколіцах гор Каўказа служыць інтарэсам Польшчы і рэпрэзентаваць яе гонар.

Гісторыю 4-й дывізіі стральцоў у тыя часы характарызуе загад французскага генерала д'Анзельма, камандуючага групы дывізій, якая складалася з дзвюх французскіх, дзвюх грэчаскіх і адной польскай дывізіі, якія ўтваралі пад агульным камандаваннем маршала Францыі д'Эспера Паўднёвую армію.

Калі 4-я дывізія стральцоў пакідала групу, накіроўваючыся ўздоўж Бесарабіі і Букавіны ў Польшчу, генерал д'Анзельм выдаў наступны развітальны загад:

"Чацвёртая польская дывізія пакідае групу і ідзе ў бой, каб дабрацца да межаў сваёй Айчыны і каб ажыццявіць справу канчатковай адбудовы вялікай Польшчы, якая мела да Францыі адвечную прыязнь і была найвярнейшай яе саюзніцай.

Чацвёртая польская дывізія на працягу многіх месяцаў змагалася разам з намі ў Расіі, і ўся наша група магла дзівіцца энергіі, вернасці і легендарнай бравурнасці польскіх аддзелаў.

Сярод велізарных цяжкасцяў і вялкіх недахопаў палякі высока ўтрымалі ўзровень духу і веры ў будучыню краю.

Генерад д'Анзельм віншуе іх і дзякуе за паслугі, здзейсненыя для супольнай справы. Ад імя ўсёй групы выказвае пашану генералу Жалігоўскаму, 4-й польскай дывізіі і яе штандару.

(...) д'Анзельм, генерал".


Пасля пераходу цераз Адэсу, Бесарабію і Румынію ў Польшчу яна была паводле загаду Галоўнакамандуючага злучана з 10-й дывізіяй пяхоты. У адаведным загадзе было сказана:

"Перасылаю на рукі генерала выразы сардэчнай радасці, што выдатныя войскі пад вашым камандаваннем пасля доўгіх бадзянняў і слаўных бітваў на чужой зямлі сталі нарэшце на айчынным грунце. За былую службу ў абароне польскай зброі дзякую генералу, афіцэрам і жаўнерам дывізіі. Разам з тым даводжу да ведама генерала, што з-за слабога стану дывізіі, якая мае толькі кадравы матэрыял, моцна патрэбны для ўсяго войска, распускаю цяперашнюю вашу дывізію, прызначаючы яе склад для высокай ролі наталення шэрагаў польскай арміі тым ваенным духам, які дагэтуль несла дывізі пана генерала

(...) Юзаф Пілсудскі, Галоўнакамандуючы".


З жалем расставалася "дзікая" дывізія са сваімі ранейшымі традыцыямі і змяняла назву з 4-й на 10-ю. Аднак большасць пасад камандзіраў ад брыгад да рот занялі ў ёй пераважна афіцэры 4-й дывізіі, а яе сяржанты і шарагоўцы былі таксама ўключаны ў 10-ю дывізію. Усе афіцэры і сяржанты прайшлі цвёрдую школу, мелі вялікі досвед, стаялі блізка да жаўнера і былі першаразрадным баявым матэрыялам.

10-я дывізія, раскіданая ў той час па ўсім фронце, сабралася па загадзе Галоўнакамандуючага ў ваколіцы Ніжнёва-Залатога Патоку ў пярэдадзень бітвы пад Язлоўцам, у якой героем дня быў полк уланаў (сённяшні 14-ты полк Язлавецкіх уланаў, які прыбыў разам з 4-й дывізіяй з Кубані пад камандаваннем ротмістра Плісоўскага. Тут адбылося злучэнне абедзвюх дывізій у адну. Праз некалькі дзён 10-я дывізія заняла лінію Збруча, якая да этага часу з'яўлецца мяжой дзяржавы.

Я апісваю больш абшырна ўзнікненне дывізіі і яе традыцыі, бо дзейнасць яе ў пераважнай частцы складае змест гэтых маіх успамінаў.

Пасля бітвы пад Язлоўцам і заняцця лініі Збруча, прызначаны камандаваць групай у Менску, з вялікім жалем пакідаў я шэрагі 10-й двізіі. Цяпер вяртаўся, каб зноў ёй камандаваць.

10-я дывізія складалася з чатырох палкоў пяхоты: 28-га. 29-га, 30-га і 31-га, а таксама з 10-га палка палявой артылерыі. Першыя два ўтваралі ХІХ брыгаду, якой камандаваў палкоўнік Малахоўскі, два іншыя ўтваралі ХХ брыгаду, якой камандаваў палкоўнік Ф. Сікорскі. Абодва гэтыя выдатныя афіцэры прыбылі разам з 4-й дывізіяй стральцоў і камандавалі ў ёй ад найранейшых пачаткаў.

Калі я паўторна прымаў дывізію ў Вільні, два палкі 28-мы і 30-ты знаходзіліся ў Вільні, а 29-ты і 31-шы былі на Літоўскім фронце.

Прыняўшы камандаванне, я знайшоў у штабе дывізіі вялікія змены, асабліва ў галіне канцылярскіх прац. Расцвіла незвычайная паператворчасць. Пісалі з аднаго пакоя ў другі. Пытанні, якія можна было залатвіць некалькімі словамі па тэлефоне, набіралі вагі, уваходзячы ў акты, дзе цяпер пачыналася працэдура рэферавання ўсёй гэтай папяровай гаспадаркі. Складвалася ўражанне, што ходзіць не столькі за тое, каб што-небудзь зрабіць, колькі за тое, каб на ўсё мець пацверджанне ў актах і запісах на выпадак адказнасці.

На шчасце гэтая хвароба не тычылася палкоў, не здолела туды дабрацца. Бараніліся ад яе жыццё і просты жаўнерскі розум.

Падобна да гэтага, чужой для мяне была тут і новая сістэма камандавання. Камандаванне арміі распараджалася часта ўжо не батальёнамі, але нават ротамі.

Сёння з перспектывы гадоў, шукаючы крыніцу той хваробы, бачу яе перадусім ва ўзаемнай адсутнасці даверу. Вышэйшыя афіцэры належалі да розных акупацыйных армій, а таму паходзілі з розных школ і асяроддзяў. Амаль ніколі не маглі паразумецца. Я гатовы прызнаць, што некаторыя старшыя аўстрыйскія афіцэры стаялі вышэй за расійскіх. Паляк у расійскай арміі быў пазбаўлены магчымасці атрымаць вышэйшую вайсковую адукацыю. Не мог ён закончыць вышэйшай вайсковай школы, не мог займаць цэлы шэраг штабных пасад. Мог быць толькі і выключна лінейным афіцэрам. Адсюль яго ніжэйшасць перад аўстрыйскім афіцэрам у арганізацыйнай вобласці і службе ў штабах, і адсюль яго перавага ў лінейнай службе і баявых справах. Аўстрыйскія генералы пасля пераходу ў нашую армію прынеслі з сабой усю сістэму звышмернай паператворчасці, як здаецца, нават большую, чым у старой і добра арганізаванай аўстрыйскай арміі.

У нас сістэма гэтая аказалася зусім нежыццяздольнай і замест таго, каб спрашчаць, блытала і ўскладняла жыццё нашага войска.

ІІ. Пачатак ваенных дзеянняў

Поўдзень і поўнач. - Расійскае травеньскае наступленне. - Контракцыя рэзервовай арміі. - Памылка высоўвання левага крыла. - Значэнне нямецкіх акопаў і іхняя вартасць для нас у 1920 годзе. - Наш жаўнер. - Што мы ведалі пра праціўніка. - Дактрына Напалеона.

З вясны 1920 года было ўжо рэччу абсалютна несумненнай, што саветы ў зручны дзень распачнуць правакацыйныя дзеянні супраць Польшчы, станавіўшайся для іх перашкодай у ажыццяўленні сусветнай рэвалюцыі.

У той час шмат гаварылі пра мэтазгоднасць вайны на поўдні і акцыі на Кіеў. Нас, жаўнераў, мала гэта тычылася. Выправы той хацеў і кіраваў ёй Галоўнакамандуючы, а гэтага было дастаткова для перакрэслівання ўсіх сумненняў. Зрэшты, імкненні накіраваныя на выпраўленне памылак нашай гісторыі, якія датуюцца ад часоў Хмяльніцкага, падаваліся ўсім мэтазгоднымі і слушнымі.

Мы памыліліся аднак у ацэнцы стратэгічнай сітуацыі. Замест поўдня расейцы канцэнтравалі свае войскі на поўначы. Стала гэта відавочным тады, калі большасць нашых сілаў была згрупавана на Украіне. Галоўнакамандуючы вырашыў не мяняць план вайны, а толькі прыспешыць аперацыю, і 7 траўня нашыя войскі ўвайшлі ў Кіеў.

Але атакуючы на поўдні мы мусілі аслабіць поўнач. Ангажуючы большыя сілы на поўдні, трэба было абараняцца на поўначы і з той мэтай арганізаваць адпаведна цэлую сістэму стратэгічнай і тактычнай абароны. Належала прадбачыць, што нашыя праціўнікі на наш удар на поўдні адкахуць на поўначы.

На момант пачатку кампаніі лінія паўночнага фронту ішла з-пад Полацка праз Лепель і Барысаў, потым - уздоўж Беразіны да Бабруйска. Адкуль - далей на поўдзень, уздоўж ракі Пціч да Прыпяці.

Як належала чакаць, у адказ на нашую акцыю на поўдні расейцы, якія не мелі яшчэ ўсіх сканцэнтраваных сіл на поўначы, з тымі, што мелі, распачалі так званае травеньскае наступленне.

Як толькі была атакавана 1-я армія, размешчаныя ў першай лініі 8-я дывізія і 1-я літоўска-беларуская дывізія мусілі адступіць да лініі: верхні бераг ракі Ільі - Мядзел - Паставы, наступленне тое не падавалася нам сур'ёзным.

Замест таго яно магло і павінна было даць нам многа для роздуму. Мы пераканаліся перш за ўсё, што лінія прыкрыцця, якая была адначасова нашай лініяй абароны не адпавядае патрабаванням. Расцягнутыя на некалькі дзясяткаў кіламетраў, слабыя дывізіі, без рэзерваў, ні ў адным пункце не былі здольныя ні для аказання супраціву, ні для контрнаступлення. Надта пераўзносячы кіеўскую выправу і ангажуючы там вялікія сілы, мы мелі паўночны фронт залішне выцягнуты на ўсход, бо амаль аж да прадмесця Полацка. Травеньскае наступленне саветаў моцна падкрэсліла гэтую нашу памылку, якая разам з кардоннай лініяй складала вялікую небяспеку для паўночнага фронту, асабліва для яго паўночнага крыла.

Таму асноўнай высновай, якую з сутычак на ўсёй усходняй мяжы трэба было зрабіць, было адступленне левага крыла да нямецкіх акопаў і падрыхтоўка да абароны Вільні і Гародні.

У астатніх днях траўня закончана канцэнтрацыя свежа згрупаванай рэзервовай арміі пад камандаваннем генерала Саснкоўскага.

У гэтыя ж дні таксама ўцягваецца ў баі на ўсходнім фронце брыгада 10-й дывізіі пад камандаваннем палкоўніка Малахоўскага, якая да таго часу заставалася часткова ў Вільні, часткова ўздоўж літоўскай мяжы.

Наступленне савецкіх войскаў у раёне Дзісны і Маладзечна, праламаўшы наш фронт, стварыла як бы мяшок, які дном сягаў глыбока на захад. Жадаючы гэты мяшок зліквідаваць, Галоўнакамандуючы намерваўся выцяць у двух кірунках: з боку Барысава і Ігумена ад поўня, а таксама ад Браслава - Пагоста з поўначы.

Я быў выкліканы да камандуючага рэзервовай арміі генерала Саснкоўскага. Штаб гэтай арміі знаходзіўся ў Свянцянах. Апрача маёй дывізіі падпарадкавалі яму 21-шы і 23-ці палкі пяхоты, а таксама 13-ты полк віленскіх уланаў. У той самы дзень я прыбыў у Казяны, а наступным ранкам пачалося нашае наступленне.

Пасля двухтыднёвых цяжкіх баёў дайшлі мы да вярхоўяў ракі Аўты. У перадапошні дзень нашага пераможнага маршу камандзір ІІ батальёна 30-га палка капітан Падвысоцкі, аказаўшыся ў тылах непрыяцеля, здабыў пад Гастабожам і Ямнамі 28 кулямётаў і вялікую колькасць палонных.

Паколькі палкі былі вельмі змучаныя, заняцце мястэчка Дзісна з увагі на раку Дзвіну падавалася мне неабходным. Таму я з пэўным здзіўленнем прыняў загад заняць пазіцыі паміж азёрам Ельня і Жадо і далейна поўдзень. Аднак пасля глыбокага роздуму я прыйшоў да пераканання, а сёння найглыбей перакананы, што загад той быў адзіна правільным. Чаму?

Генерал Шаптыцкі, напрыклад, лічыць што мы павінны былі працягваць чэрвенскае наступленне, наносячы паразу непрыяцелю. Піша ён у сваёй кніжцы пад назвай "Літоўска-беларускі фронт":

"Я перакананы, што працяг наступлення дало б нам немалыя поспехі. Разбіўццё аддзелаў XV савецкай арміі, моцна згрупаванай у раёне Лепеля, зрабіла б немагчымым на доўгі перыяд часу правакацыйныя намеры непрыяцеля".

І далей:

"У невыкарыстанні выгаднай для нас сітуацыі ў пачатку чэрвеня бачу адну з галоўных прычын нашых паразаў у ліпені".

(Працяг у наступным нумары.)

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Малавядомыя факты з "Беларуска-індзейскай энцыклапедыі"

Вельмі даўняй ідэяй беларускіх індзеяністаў з'яўляецца анталогія "Індзейцы вачыма беларусаў" (ІВБ). Ніжэй мы працягваем спробы ў гэтым кірунку, спалучаючы нашы тэксты для гэтай анталогіі і з "Беларуска-індзейскай энцыклапедыі" (БІЭ).

У гэтай падборцы мы даём малавядомыя факты або новыя ракурсы пра непасрэдныя кантакты. Галоўны крытэрый у вакабулах - паходжанне: беларусы і ўраджэнцы Беларусі (з рэдкімі выключэннямі, логіка якіх звычайна тлумачыцца). Некаторыя падрабязнасці пра кантакты тых, хто яшчэ жыве, мы не маглі высветліць з першакрыніц, г.зн., з перапіскі - як аказалася, гэта не заўсёды проста нават пры наяўнасці адрасоў, з розных прычын: Г. Баравік, А. Уфімцаў. Іншыя ж - гэта тыя, з кім перапіскі ў нас не было - з прычыны таго, што яны памерлі.

АДАМОВІЧ Алесь - у публікацыі ў лістападзе 1992 г. размовы з карэспандэнтам "Аргументов и фактов" гэты публіцыст і пісьменнік расказаў пра тое, што яго і яго спадарожнікаў у час паездкі па Канадзе павезлі да індзейцаў у рэзервацыю. Убачанае на ўласныя вочы ён сфармуляваў парадаксальным чынам: "Калі гаварыць пра матэрыяльны бок, яны там у рэзервацыі жывуць дай бог кожнаму, як у нас гавораць. Але што мяне ўразіла: яны пазбаўлены многіх правоў, якія маюць канадцы. Не таму што індзейцы, не таму, што ізгоі, іншае племя, а таму, што яны не могуць жыць па агульных для ўсіх законах жыцця, самі за сябе адказваць: самі сябе лячыць, вучыць, карміць. Яны на ўтрыманні дзяржавы". Гэта своеасаблівае нявольніцтва выклікала ў яго "аналогію" з савецкай сістэмай, пры якой дзяржава клапацілася пра людзей, але пазбаўляла іх свабоды.

БАРАВІК Генрых - паехаў у індзейскую рэзервацыю ў якасці савецкага журналіста - спецыяльна для "інтэрв'ю з індзейцам у звычайных для яго абставінах", атрымаўшы дазвол рэдакцыі і дзярждэпартамента, звярнуўшыся перад тым у аддзяленне Бюро па справах індзейцаў (паводле Г. Баравіка, "Бюро индейских отношений", БИО) у Санта-Фэ. Урывак узяты з яго рэпартажу "Шэрыя ўзгоркі Нью-Мексіка" (1971). Няўдалая размова з жонкай правадыра:

"Я сказаў, што я не турыст, а журналіст, і хачу напісаць аб тым, што бачу.

- Пішыце, як вам больш самому падабаецца. Як падабаецца, так і пішыце. Ні палепшыць, ні пагоршыць нічога нельга.

- Ну, а жанчыны дзе? - спытаў я.

- І жанчыны пайшлі на дарогу.

- І дзеці?

- Усе.

- І грудныя дзеці?

- Грудных у нас мала, зусім мала, - сказала яна. - Іх падзялілі паміж старымі жанчынамі.

Размова скончылася. Я развітаўся і паехаў далей.

Пазней, у час іншых паездак я бачыў яшчэ некалькі падобных індзейскіх вёсак, што не рэкламуюцца. І ў Нью-Мексіка, і ў іншых штатах. Мазанкі былі падбудаваныя па-рознаму, дыванкі на падлозе адрозніваліся арнаментам. Але ўсе вёскі мелі адну рысу - жахлівая галеча і настрой безвыходнасці".

ВАНЬКОВІЧ Мельхіёр - гэты празаік і публіцыст падарожнічаў па Мексіцы амаль адначасова з географам Б. Ф. Дабрыніным і батанікам С. В. Юзепчуком. Апісанне падарожжа ў кнізе "У касцёлах Мексікі" (1927) характарызуецца ўвагай да гісторыі індзейскіх цывілізацый і сучаснага становішча карэнных жыхароў. Пра бачаных ім у гарадах карэнных жыхароў ён піша: "Сучасныя індзейцы стаяць лагерам па пляцах і вуліцах у пыле і ў брудзе, з быдлам і з сабакамі, і ў раях мух".

ГАСПАР Леан - мастак, месцамі нараджэння якога называюць Віцебск, Кашэвічы за 9 км ад мяжы з Беларуссю і інш., з 1918 г. звязаны з Таосам у Нью-Мексіка, дзе памёр у 1964 г. Наваха, як піша Хелен Гомстак пра ўсходнія стымулы творчасці Гаспара, "прапанавалі яму добрую замену манголам, на якіх, ён кажа, яны падобныя". Пра Гаспара падрабязна - нават не ў адной кнізе - пісаў Фрэнк Уотэрс. Ён быў адным з трох беларускіх яўрэяў, якія сталі вядомымі сваімі работамі з жыцця індзейцаў Паўднёвага Захаду, іншыя - гэта Луіс Рыбак з Пружаншчыны і Ары Стыльман са Случчыны (з Су-Сіці ён ездзіў вывучаць індзейцаў пуэбла, пазней папулярызаваў іх культуру сваімі мастацкімі работамі і ў Парыжы). Да гэтых мастакоў далучаецца яшчэ Леў Бакст, які праславіўся ў Нью-Ёрку тэкстыльным дызайнам па ўзорах пуэбла і іншых народаў Зямлі зачаравання.

ДЗЕРАЖЫНСКІ Францішак - аршанец, кіраўнік Таварыства Ісуса ў ЗША, пераезд куды некаторых "беларускіх езуітаў" быў адным са шляхоў адраджэння якога. Айцы Малевэ і Анры, якія паводле розных прыкмет прадстаўлялі ў Беларусі і потым у ЗША Галандыю, Бельгію і Францыю пасля пераезду з Беларусі ў ЗША накіроўваліся да індзейцаў на рацэ Ілінойс. Даволі хутка пасля прыезду Дзеражынскага, Корвін-Крукоўскага і некалькіх іншых езуітаў-"магікан", што далі ў спіс месцаў непасрэднага выезду Галіцыю і Італію, яны памерлі. Дзеражынскі прадоўжыў вывучэнне місійных спраў, быў у сталай перапісцы з місіянерамі сярод індзейцаў - оседжаў, кікапу, аява і іншых. У 1827 г. ён наведаў індзейскую школу ("індзейскую семінарыю") у Фларысане (Фларысенце) (Місуры), адкрыццё якой сам ухваліў і ў якой вучыліся дзеці - найбольш оседжаў, але і іншых індзейцаў, а таксама белыя вучні - спецыяльна залічаныя на першы перыяд росту школы (хаця яна праіснавала толькі некалькі гадоў, дала імпульс усёй сістэме адукацыі ў раёне Сент-Луіса). Пра наведванне школ для хлопчыкаў і дзяўчынак ён напісаў:

"У індзейскай школе адзін настаўнік, свецкі брат. Дзякуй Богу, яна выдатна прагрэсуе як у маралі, так і ў пісьме, і ў фізічнай працы на палях, дзе кожны дзень, раніцай і днём, хлопчыкі праводзяць некалькі гадзін са сваімі настаўнікамі. Хлопчыкаў усяго трынаццаць, але дом больш не можа змясціць. Падобная школа для індзейскіх дзяўчынак ёсць у вёсцы Святы Фердынанд, знакамітым старым іспанскім паселішчы. За гэта адказваюць Дамы Святога Сэрца. Вучняў столькі ж, колькі і ў школе для хлопчыкаў, пра іх навучанне клапоцяцца Дамы, пра іх падтрымку - рэктар фларысанскай установы, які міласцінай і прадукцыяй сваёй гаспадаркі стараецца як мага лепш у меру сваёй здольнасці забяспечваць іх ежай і адзеннем, якімі б беднымі яны ні былі. Мне было вельмі прыемна пачуць, як індзейскія дзяўчынкі дэкламуюць свой катэхізіс. Хто цябе стварыў? Хто цябе выкупіў? Хто цябе асвяціў? На ўсе падобныя пытанні яны адказвалі з дзіцячай прастатой. Больш разгорнутая выстава была дадзена намі ў Фларысане. Дзень святога Ігнація быў адзначаны ўрачыстай імшой і панегірыкам у касцёле святога Фердынанда, некаторыя з індзейскіх хлопцаў спявалі з намі ў хоры. Пасля абеду ў пэўнага віду праставатым амфітэатры, увешаным кветкамі і зелянінай, індзейскія хлопчыкі праходзілі іспыт у вучобе, лепшыя з іх былі ўзнагароджаны прызамі. Пасля пробы адзін з іх ліку з большай, чым звычайнымі, працаздольнасцю і стараннасцю прыйшоў да мяне ў пакой вельмі ціха, каб яго не бачылі іншыя, і папрасіў мяне ўзяць яго разам з сабой у Джорджтаўнскі каледж. "Калі я застануся тут, я пайду да дрэннага". Я заахвоціў яго запэўніваннем, што ласка захаваць сваю нявіннасць не падвядзе яго ў Місуры. Ён паверыў мне на слова і пайшоў задаволены" (Peter Joseph Verhaegen, S.J. Historia missionis missourianae).

Каталіцызм меў малы поспех сярод оседжаў, як сведчыць кніга Уіларда Ролінгса "Тыя, на каго не падзейнічала евангелле: супраціўленне оседжаў хрысціянскаму ўварванню, 1673-1906: культурная перамога" (2004), якая зафіксавана ў біябібліяграфіі а. Дзеражынскага. Яшчэ адной задумай мэрылендскіх езуітаў у "індзейскай справе", якая нават не пачала рэалізоўвацца, была місія ў Мічыгане: адпраўку туды нават аднаго місіянера адхілілі нібыта па той жа прычыне, што і развіццё місіі ў Ліберыі, а менавіта з-за малалікасці паствы, якую ўдалося сабраць.

ЕЎТУШЭНКА Яўген - які неаднаразова наведваў многія амерыканскія краіны, увёў у сваю паэму "Фуку!", якая датуецца 1963-1985 гг., празаічны фрагмент, у якім апісаў здарэнне з удзелам індзейцаў на мяжы паміж Перу і Бразіліяй. Хаця мы не схільныя лічыць гэта цалкам дакументальным, нявыдуманым эпізодам, па ім можна меркаваць, што гэта "быль" і ён мог быць сведкам таго, як рэагавалі на трагедыю індзейцы і белыя. Людзі, што апынуліся на палаючай "палубе парахода і баяліся кінуцца ў ваду з-за піраній на берагах Амазонкі. Некалькі індзейцаў на перуанскім беразе, дзе стаяў і я, кінуліся да сваіх каноэ, але начальнік паліцыі спыніў іх:

- Не мяшайцеся не ў сваю справу... Усё-такі гэта бліжэй не да нашай, а да бразільскай тэрыторыі... Нейтральныя воды... Да таго ж эквадорскі флаг. Я нават не памятаю, якія ў нас з імі палітычныя адносіны..."

Бразільскі бок паставіўся аналагічна: "На другім, бразільскім, беразе таксама былі відаць фігуры, што безудзельна сузіралі".

КАСЦЮШКА Тадэвуш - сустрэча (1798) з правадыром маямі (Little Turtle, Малая Чарапаха) згадваецца ў біяграфіі Касцюшкі вельмі часта, менш вядома тое, што ў той жа Філадэльфіі Касцюшку наведаў і правадыр магаўкаў Джозеф Брант (індзейскае імя Таенданегеа).

ЛЕВАНЕЎСКІ Сігізмунд - лётчык (нарадзіўся ў Пецярбургу, але яго бацькі прыехалі туды з Сакулкі, дзявочае прозвішча маці было Бізюк) сам і тыя, хто пісаў пра яго, паведамілі пра прызямленне яго ў індзейскім паселішчы Нулата на беразе Юкана ў сувязі з тэхнічнай неабходнасцю. У выніку ў Ном яго самалёт прыляцеў праз два дні (г.зн. "жыццё сярод індзейцаў" працягвалася з 26 па 28 сакавіка 1934 г.). Леванеўскі не адчуў "роднасці" для яго Нулата і іншых месцаў. У самалёце з Леванеўскім былі даследчык Арктыкі, упаўнаважаны ўрадавай камісіі па выратаванні чалюскінцаў Г. А. Ушакоў і штурман К. Г. Армстэд (Armіstead), месцам нараджэння якога называецца "Фрэнсіс, Нацыя чыкаса, Індзейская тэрыторыя".

МАЛКІН Барыс - родам з Віцебска, ён быў выдатным даследчыкам, падарожнікам. Яго кніга па этназаалогіі серы, заснаваная на палявых даследаваннях у Саноры, выйшла ў Пакатэла ў Айдаха - горадзе з "малой порцыяй" у рэзервацыі Форт-Хол у суcеднім графстве (1962). Пасля шматгадовага жыцця і падарожжаў у Амерыцы ён вярнуўся ў Польшчу. Яго індзейскі досвед апублікаваны ў польскамоўнай кнізе "Адыходзячы свет. Па слядах індзейскіх культур і свету прыроды Паўднёвай Амерыкі" (2007).

НЯМЦЭВІЧ Юльян - жывучы з 1796 па 1807 г. у ЗША, асабіста назіраў індзейцаў маямі, чыкаса, іракезаў (магаўкаў, анейда, сенека, праязджаў праз рэзервацыі анандага і каюга).

РАЙЗІН Аляксандр - не ведаў дакладна, дзе нарадзіўся - у Віцебску або Гомелі, або паміж імі, або так жартаваў. Звесткі пра яго як "апекуна індзейцаў" прыйшлі да савецкага чытача ад А. Сафронава і іншых удзельнікаў дэлегацыі савецкіх пісьменнікаў, якія наведалі Арызону ў 1955 г. Паводле сайтаў findagrave.com, familysearch.org, "Alexander Alexis Raisin" нарадзіўся 20.08.1885 г. "у Расіі", а памёр ў 1969. Ёсць звесткі, што ён жыў у Каларада (Пуэбла) ужо ў першыя гады пасля рэвалюцыі, будучы і членам мясцовай масонскай ложы. На мяжы 30-х яго рэгіструюць у Тусане, пазней у Фініксе, дзе працаваў у кампаніі Mountain States Telephone and Telegraph, быў уцягнуты ў арызонскую палітыку, у сувязі з чым, напрыклад, згаданы ў выданнях Western Interstate Commission for Higher Education. Гэтай уцягнутасцю і масонствам можна тлумачыць яго апякунства над індзейцамі і іх адукацыяй.

Дзяячку з рэзервацыі явапаі, з якімі меў справу Райзін, савецкія госці запомнілі як прадстаўніцу апачаў, але яна была змешанага паходжання, хаця і пераважна явапаі. Нэлі Куэйл нарадзілася ў Сан-Карлас у 1882 г. (у аднайменнай рэзервацыі апачаў, але толькі яе дзед быў апачам; яе бацьку захапілі і прымусілі жыць у Сан-Карласе). Таксама гэта можа тлумачыцца і адным з варыянтаў назвы гэтай групы - явапаі-апачы.

РАСАДОЎСКІ Антоній - акрамя ўжо вядомых па нашых публікацыях эпізодаў, звязаных з індзейцамі Фларыды і Тэхаса, звяртае ўвагу, што апошнія гады свайго жыцця (1860-1865) ён правёў, займаючыся выкладаннем у навіцыяце францысканцаў, у горадзе Сірак'юзе ў штаце Нью-Ёрк, побач з якім знаходзіцца рэзервацыя іракезаў анандага.

САФРОНАЎ Анатоль - спадарожнікі А. Сафронава - Аляксей Аджубей, Валянцін Беражкоў, Мікалай Грыбачоў, Барыс Ізакаў, Віктар Палтарацкі і Барыс Палявой, якія прадстаўлялі адпаведна "Комсомольскую правду", "Новое время", "Литературную газету", часопіс "Международная жизнь", "Известия" і "Правду", - падзяліліся індзейскімі ўражаннямі, уключаючы эпізод з А. Райзіным, у сваіх выданнях і кнігах падарожных нататак, у якіх былі дадатковыя дэталі паездкі (у ЗША група журналістаў знаходзілася ў кастрычніку - лістападзе 1955 г.). Нарыс карэспандэнта "Огонька" Сафронава меў загаловак "Пад гарачым небам Арызоны" (1956).

ТРУСЕВІЧ Лявон (Леа) - афіцэр і стаматолаг; паводле паведамлення нам В. Кіпеля, некралога Р. Жук-Грышкевіч, кнігі Б. Рагулі, сям'я Л. Трусевіча (яго жонка была скандынаўскага паходжання) пэўны час (з 1958 г.) жыла ў рэзервацыі індзейцаў у Арызоне (праца па лініі Індзейскай службы здароўя). Рагуля нават сцвярджае, што сын Нік быў прыняты ў племя, з прычыны нараджэння на яго тэрыторыі. Рэзервацыя і племя ў даступных крыніцах не называюцца. Лявон Трусевіч памёр у 2000 г. пасля пажару ў іх доме ў Фларыдзе, у якім маглі знішчыцца дакументальныя і іншыя матэрыяльныя сведчанні жыцця сям'і сярод індзейцаў.

УФІМЦАЎ Андрэй - масквіч, рыэлтар, кантактаваў з індзейцамі ў час арганізаваных ім "экспедыцый" (турыстычных паездак) у Лацінскую Амерыку. Яго цікавасць да індзейцаў рэалізоўвалася праз стварэнне з калегамі сайта "Мезаамерыка".

У вёсцы Касарычы (Глускі раён) - радзіма маці, куды ён з дзяцінства прыязджаў, - ён хоча стварыць суседскі цэнтр, а ў ім - Музей індзейца. На сайце раённай газеты "Радзіма" змешчаны матэрыял, у якім яго фота з індзейцам традыцыйнага віду (нацыянальны парк Шынгу ў штаце Мату-Гросу ў Бразіліі): "Андрэй Уфімцаў паказвае знятае відэа Камеле - правадыру племені ваура": http://www.glusk.by/2018/01/proekt-zagranichnye-zametki-mir-glazami-zemlyakov-braziliya.

ФЕШЫНА Аляксандра - народжаная Бяльковіч, мела беларускія карані на Смаленшчыне. Няпростыя характары яе і мужа - мастака Мікалая Фешына - прывялі да іх разрыву і ад'езду яго з іх дачкой Іяй з Таоса, Нью-Мексіка, дзе з 1927 да 1933 г. яны жылі разам. Потым да самой смерці ў 1983 г. (Ія таксама памерла ў Таосе, у 2002 г.) Аляксандра карысталася домам і карцінамі мужа для забеспячэння існавання (штодня бясплатна ела ў рэстаране "Качына лодж", а потым як аплату ў яе бралі карціны былога мужа). Яна была ў сталым кантакце з індзейцамі, што жылі ў Таосе, наведвалі яго; Мікалай Фешын вучыўся ў некаторых з іх тэхніцы, ім былі прысвечана значная колькасць карцін таоскага перыяду.

ХУТКОЎСКІ Ігнацій - пра яго, першага сяржанта ў час Другой семінольскай вайны, непасрэдныя кантакты (інакш кажучы - ваенныя сутычкі, назіранне палонных семінолаў, індзейцаў-перагаворшчыкаў і да т.п.) з індзейцамі звестак няма, але яны, несумненна, былі ў большасці ўдзельнікаў кампаніі. Служыў з 11 красавіка 1837 г. Камандзірам яго роты ў другім драгунскім палку быў капітан Генры Фоўлер, адстаўку ў форце Хайльман засведчыў подпісам палкоўнік Д. Туігс.

ШУСТ Мікола - пра факт і падрабязнасці "штодзённых" кантактаў гэтага сціплага (яго невялікая публічнасць уключае з'яўленне ў спісе "Canadian Museum of Civilization Canadian Museum of Civilization Donors and Sponsors") землеўладальніка з суседзямі-індзейцамі стала перш за усё шырока вядома, дзякуючы публікацыі С. Яновіча ў "Ніве", але таксама з лістоў да нас апошняга і В. Кіпеля.

З ліста Шусту ад 27.4.1990 г.: "Безумоўна, гэта надзвычай цікава - наш чалавек на мяжы рэзервацыі. А ў адной нашай перадачы ТБ прагучала нават - "у рэзерве".

Быў бы Вам вельмі ўдзячны, калі б Вы проста, чыста па-чалавечы напісалі пра сваіх суседзяў-індзейцаў. Якія яны ў Вашы вачах?

Ці моцна адрозніваюцца ад нашых вяскоўцаў? Ці былі за трыццаць гадоў якія-небудзь канфлікты, непаразуменні?"

ЯНОВІЧ Сакрат - Яновіч прыгадвае свае сустрэчы з "чыпавамі" і абагульняе. Убачанае на мяжы індзейскай рэзервацыі і ўладанняў беларуса М. Шуста ў Антарыа вядома з рэпартажу С. Яновіча, які надрукаваны ў "Ніве" ў 1988-1989 гг. ("У беларускай Канадзе і далей"), можа дапоўніць і ўдакладніць адзін з адказаў у вялікім, на тры старонкі лісце пісьменніка нам (ад 2.05.1989) з яго адказамі на нашы пытанні. Тут ён дэталізуе зробленае у публікацыі параўнанне індзейцаў з цыганамі:

"Калі Вы бачылі цыганскі табар, то будзеце мець вельмі прыблізнае ўяўленне пра спосаб і норавы побыту індзейцаў; балаган, бруд, і ... сабакі наўкола. Алкагалізм, бандыцтва. Такое ўражанне спярша. Потым узнікае пытанне: чаму? Чаму яны брудныя, неахайныя, з плоймай дзецярні, з меланхоліяй уваччу? Слухайце, а Вы былі б іншымі, калі б Вас кінулі з першабытнасці ў капіталізм? З прымітыву ў індустрыю?! З трэцяга тысячагоддзя да нашай эры ў канец другога - нашай ужо!? На маю думку, шмат дапаможа Вам у сэнсе прыкладнай паралелі агляд лёсу цыганоў. Тыя ж качэўнікі. Ні індзейцам цяпер, ні цыганам у нас асабліва ніхто не перашкаджае быць інжынерам, лекарам, міністрам... Шмат Вы ведаеце такіх цыганоў? А жа ж на Палессі іх было нямала. Не буду Вам тут пісаць доктарскай дысертацыі; самі памазгуйце. Якія варункі, такі і чалавек; якая гісторыя, такое і рэагаванне яго; раса тут ні пры чым, ані мова... Калі часам гляджу на нашы "вёскі пакінутых бацькоў", як я іх называю, дык у варварскім балоце падворышчаў ды апушчэнні хат не бачу розніцы паміж індзейцам з племя чыпава, а беларусамі з племя, скажам, паляшукі. Таму наш геніяльны Лёнік Тарасэвіч рысуе цыкл "У Беластоцкім запаведніку".

Дарагія, індзейцаў не трэба шукаць ажно ля возера Гурон; яны побач нас, гляньце толькі ўважліва".

Ілюстрацыяй могуць паслужыць іранічна-сатырычныя малюнкі Лёніка з юбілейнага альбома газеты "Ніва" (2006).

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ілюстрацыі (на іх ёсць спасылка ў тэксце): 1. Андрэй Уфімцаў паказвае знятае відэа Камеле - правадыру племені ваура. Малюнкі Лёніка Тарасевіча з юбілейнага альбома газеты "Ніва" (2006)

Дзятлаўскія краязнаўцы выдаюць кнігу за кнігай

Апошнія пяць гадоў плённа працуюць краязнаўцы з Дзятлава. Следам за гісторыкам Фёдарам Красюком, які напісаў і выдаў дзве кнігі пра падарожжы па старых вуліцах Дзятлава, свет пабачылі кнігі іншых краязнаўцаў Дзятлаўшчыны. Гэта выданні Валерыя Петрыкевіча, Міхаіла Лук'янчыка і Алены Абрамчык. Найбольш актыўную даследчыцкую працу на ніве краязнаўства праводзіць супрацоўніца Дзятлаўскага краязнаўчага музея Алена Абрамчык. Яна ўжо напісала і выдала цудоўныя і цікавыя выданні: "Дзятлаўскі край: вядомыя і невядомыя старонкі", каляровыя альбомы "Пішу тое, што хвалюе" і "Вабяць родныя прасторы", напісаныя ў суаўтарстве з мастакамі Валерыям Ранцэвічам і Іванам Козелам. І вось нядаўна ў Гародні з друку выйшла новая кніга Алены Абрамчык "Дарогамі Дзятлаўшчыны". На 412 старонках аўтарка з захапленнем напісала пра вядомых людзей Дзятлаўшчыны, пра знакавыя мясціны і гістарычныя падзеі на Дзятлаўскай зямлі. Шмат старонак у кнізе адведзена Другой сусветнай вайне. Гэта і ўспаміны людзей, і невядомыя ваенныя факты, і пра тых, хто вызваляў Дзятлава ад гітлераўскіх акупантаў, і пра ліпічанскі атрад Талаша і г.д. З цікавасцю чытаюцца артыкулы ў кнізе пра таямніцы партызанскага патэфона, пра генеральскі плашч і скураное паліто, і пра невядомага раней паэта з Ліпічанскай пушчы Вахоніна. Шмат добрых і шчырых радкоў у кнізе адведзена дзеячам Заходняй Беларусі Ігнату Дварчаніну і Юрыю Тарасюку, святару Феафану Семяняку, вучонаму Міхаілу Нікіфараву, мастаку Напалеону Ордзе, пісьменнікам дзятлаўскай зямлі, і многім іншым асобам, лёс якіх быў звязаны з Дзятлаўшчынай. Кнігі дзятлаўскіх краязнаўцаў, у тым ліку Алены Абрамчык, заслугоўваюць самай вялікай павагі да творчасці аўтараў і з'яўляюцца вельмі карыснымі ў вывучэнні роднага краю, найперш сваёй малой радзімы.

Аксана Шпак.

Май на значках

Музейныя прадметы Лідскага гістарычна-мастацкага музея размеркаваны па 25-ці калекцыях. Адна з іх - "Фалерыстка". У склад калекцыі ўваходзяць медалі, ордэны, ордэнскія планкі, знакі, а таксама значкі.

Фалерыстыка - адно з самых распаўсюджаных хобі ў свеце. А значкі - бадай, самы цікавы прадмет для калекцыянавання ў савецкія часы. Гэтаму спрыяла невялікая цана і разнастайная тэматыка. Новыя "экспанаты" для калекцый выпускалі да пэўных падзей, у памяць аб знакавых будоўлях, у гонар гарадоў. Наборы значкоў можна было купіць у любым кіёску сеткі "Саюздрук".

У зборы Лідскага музея захоўваецца больш за тысячу значкоў. Некаторыя з іх прысвечаны розным майскім святам.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX