Наша слова.pdf № 21, 25 траўня 2022 г.
"Ноч музеяў" у палацы Дамбавецкага
20 траўня маёнтак Дамбавецкага ў Бердаўцы запрасіў на творчую імпрэзу. Сустракалі гасцей Аляксандр і Марыя Дамбавецкія.
Маршрут насустрач музейнай ночы ўключаў пяць пляцовак. У прысядзібным парку адбыўся паркавы шпацыр. Сярэднявечныя танцы прадставіла народная аматарская студыя рыцарскіх мастацтваў і сярэднявечнага мадэлявання "Dies Magna".
У склепе сядзібы ўсіх чакалі прывіды палаца Дамбавецкага і магічныя гісторыі пра іх з'яўленне. Было вельмі цікава і нават трохі жудасна!
У Музеі сям'і прайшла інтэрактыўная экскурсія, а затым усе згулялі ў фанты.
У літаратурна-музычнай гасцёўні адбыўся прагляд спектакля "Патрыкей" народнага лялечнага тэатра "Батлейка" Лідскага аддзела рамёстваў. Прысутныя былі ў захапленні і адорвалі апладысментамі артыстаў сярэднявечнай п'есы!
У гэтую ноч прагучала шмат вершаў і рамансаў, станцавана шмат розных танцаў. Ноч музеяў у палацы Дамбавецкага нікога не пакінула абыякавым і адчыніла дзверы ў такі цікавы і таямнічы свет гісторыі і мастацтва!
Наш кар.
У ТРАКЕЛЯХ АДЗНАЧЫЛІ 50-ГОДДЗЕ СМЕРЦІ КС. МІХАЛА ШАЛКЕВІЧА, БЫЛОГА ПРОБАШЧА
14 траўня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем'яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбылася Імша ў інтэнцыі кс. Міхала Шалкевіча, былога пробашча гэтай парафіі, у 50-ю гадавіну яго смерці і 100-ю прызначэння яго пробашчам.
Эўхарыстыю, на якой сабраліся шматлікія парафіяне і госці, цэлебраваў біскуп Гарадзенскі Аляксандр Кашкевіч. Прысутнічалі таксама святары.
На пачатку літургіі ўсіх прывітаў кусташ санктуарыя і пробашч тракельскай парафіяльнай супольнасці кс. Юрый Бяганскі. Ён адзначыў, што гэта дзень удзячнасці Богу за руплівага пастыра, які ўчыніў шмат для мясцовай парафіі і за служэнне якога верны люд сёння хоча дзякаваць Пану.
У гаміліі кс. прэлат Вінцэнт Лісоўскі, пробашч лідскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, нагадаў жыццёвы шлях кс. Міхала, чыё жыццё было хоць і вельмі цяжкім, але багатым на розныя падзеі.
Ксёндз Лісоўскі адзначыў, што сённяшняму свету патрэбны менавіта такія клапатлівыя святары, якія будуць даваць добры прыклад, а праз сваё адданае служэнне натхняць іншых ахвяроўваць сваё жыццё для таго, каб служыць Богу, Касцёлу і людзям.
Пасля Імшы ўсе сабраліся на прыкасцёльных могілках, дзе біскуп Кашкевіч дабраславіў сімвалічны помнік, які дзякуючы старанням сённяшняга пробашча і ўдзячных вернікаў быў пастаўлены ў памяць ксяндза Міхала Шалкевіча, пахаванага ў сямейнай пахавальні ў Ольштыне (Польшча).
Ксёндз Міхал Шалкевіч, сын Мацвея і Евы, нарадзіўся 18 верасня 1891 года ў вёсцы Дубовая Гарадзенскага раёна ў шматдзетнай сям'і, у якой выхоўвалася дзесяць дзяцей.
У 1905 годзе скончыў чатырохгадовую школу ў Адэльску каля Гародні. Да 1908 года працаваў у польскага пана Клімашэўскага на пасадзе пісара, у яго абавязкі ўваходзіла занатоўваць аб'ём прац, выкананых рабочымі. Разам з тым рыхтаваўся да паступлення ў васьмігадовую гімназію ў Гародні, дзе правучыўся два гады. Пасля вярнуўся ў бацькоўскі дом і рыхтаваўся да паступлення ў духоўную семінарыю ў Вільні, у якую быў залічаны ў 1911 годзе.
Пасля чатырох гадоў вучобы ў віленскай семінарыі 14 жніўня 1915 года ў Санкт-Пецярбургу біскуп Ян Цепляк удзяліў яму празбітэрскае пасвячэнне. У сувязі з Першай сусветнай вайной на Радзіму не вярнуўся, а быў накіраваны ў Маскву ў цэнтр дапамогі палякам-мігрантам, дзе працаваў са снежня 1915 па сакавік 1916 года. Пасля быў накіраваны вікарыем у парафію ў Дзісне, а 19 снежня 1916 года - у парафію ў Мосары. Тэрыторыі гэтых парафій на той час былі ўжо вызвалены ад нямецкай акупацыі. З 4 красавіка 1917 года быў вікарыем у суседняй парафіі.
Падчас служэння выступаў з навукамі і праводзіў катэхізацыю на беларускай мове, што ў тыя часы было рэдкасцю, бо Каталіцкі Касцёл карыстаўся ў асноўным польскай мовай.
29 сакавіка 1922 года быў прызначаны пробашчам тракельскай парафіі ў Лідскім дэканаце. У 1934 годзе быў узнагароджаны мясцовымі ўладамі за грамадскую дзейнасць. Распаўсюджваў сярод вернікаў каталіцкую перыёдыку і рэлігійную літаратуру на беларускай мове. З прыходам савецкай улады пасля 17 верасня 1939 года, дзякуючы добрым адносінам з габрэямі, заставаўся ў пашане і быў у добрых адносінах з мясцовым кіраўніцтвам. Па ініцыятыве кс. Міхала і з яго дапамогай адпраўляліся харчовыя пасылкі сем'ям, сасланым у 1940 годзе ў Сібір.
Падчас нямецкай акупацыі ў ліпені 1941 года кс. Міхал выпрасіў у нямецкага каменданта адмену рашэння аб расстрэле габрэяў у вёсцы Тракелі, а таксама дапамагаў уцекачам з мясцовага гета. Акрамя гэтага таемна аказваў дапамогу савецкім салдатам, якія аказаліся ў акружэнні на акупаванай тэрыторыі. З дапамогай хабару з алкаголю і сала выкупіў групу сваіх вернікаў, якіх хацелі вывезці на працу ў Германію.
30 красавіка 1949 года быў арыштаваны НКУС па падазрэнні ў супрацоўніцтве з польскімі бандамі. Быў абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці, сцвярджалася, што з 1924 года да моманту арышту ён захоўваў у кватэры антысавецкую літаратуру і газеты. Быў заключаны ў турму №1 у Гародні. Пасля яго арышту парафіянка з вёскі Забалаць Ядвіга Кель 7 траўня 1949 года напісала пракурору ліст, у якім расказала, што кс. Міхал на працягу двух тыдняў хаваў яе мужа Уладзіслава, савецкага партызана, якому немцы пагражалі расправай, а ёй самой дапамагаў матэрыяльна.
Падобны ліст гэтаму ж пракурору скіравалі 15 чэрвеня 1949 года вернікі Ян Радзевіч і Юзаф Каркінец з вёскі Левашы Лідскага раёна. У ім паведамлялася, што падчас нямецкай акупацыі кс. Шалкевіч хаваў іх у сябе і тым самым выратаваў ад смерці. Аднак гэтыя факты не былі ўзятыя пад увагу, і 12 жніўня 1949 года кс. Міхал быў асуджаны на 10 гадоў лагернай працы і пазбаўлены грамадзянства на 5 гадоў.
Прысуд адбываў у Краснатуранску на Паўночным Урале з правам вяртання на ранейшае месца жыхарства. Знаходзячыся ў лагеры, атрымліваў ад вернікаў харчовыя пасылкі, якімі карысталіся і іншыя зняволеныя.
Быў вызвалены па стане здароўя (як інвалід) 28 лютага 1955 года, вярнуўся ў тракельскую парафію і, дзякуючы намаганням вернікаў, атрымаў 26 сакавіка рэгістрацыю. Аднак пасля трох гадоў працы 26 чэрвеня 1958 года быў пазбаўлены яе. НКУС абвінаваціў яго ў супрацоўніцтве з Ватыканам праз кантакты з польскім духавенствам.
17 лютага 1959 года са згоды дэкана Лідскага ксяндза Баляслава Гудзейкі выехаў у Польшчу. Ад вікарыя капітулу ў Беластоку ксяндза Адама Савіцкага атрымаў рэкамендацыйны ліст у Вармінскую дыяцэзію. Быў пробашчам у парафіі св. Мікалая ў Эльблонгу, капеланам у ваяводскім шпіталі, ездзіў у капліцу ў Навакове. У 1960 годзе быў адміністратарам парафіі ў Бянове. 27 студзеня 1962 года Папа Ян XXIII надаў яму тытул свайго камергера, а Папа Павел VI - званне папскага камергера.
У 1971 годзе пакінуў парафію ў Бянове і пасяліўся ў Квідзыне ў сваёй роднай сястры. Адышоў у вечнасць 15 лютага 1972 года ў шпіталі медыцынскай акадэміі ў Гданьску. Пахаваны ў сямейнай пахавальні ў Ольштыне.
Прэс-служба Гарадзенскай дыяцэзіі.
У памяці народнай
20 траўня ў Баранавічах адкрылі мемарыял Героям Беларусі Андрэю Нічыпорчыку і Мікіце Куканенку.
Год таму амаль усе беларусы перажывалі гібель лётчыкаў, якія загінулі ў Баранавічах. 19 траўня 2021 года падчас трэніровачных палётаў вучэбна-баявы самалёт Як-130 страціў кіраванне і пацярпеў крушэнне. Пілоты 116-й гвардзейскай штурмавой авіябазы не капультаваліся...
Яшчэ да таго, як следства вынесла вердыкт, было зразумела: лідскія лётчыкі маёр Андрэй Нічыпорчык і лейтэнант Мікіта Куканенка здзейснілі подзвіг. Відавочцы падзеі сведчылі: некіраваны самалёт, які падаў на жылыя дамы, у долі секунды памяняў свой маршрут - Як-130 прызямліўся на невялічкім пятачку зямлі. Толькі дзякуючы прафесійным дзеянням экіпажа, ахвяр сярод мірных жыхароў удалося пазбегнуць. За мужнасць і гераізм пры выкананні воінскага абавязку Указам Прэзідэнта лётчыкам пасмяротна прысвоена высокае званне "Герой Беларусі".
Удзячныя грамадзяне і паклапаціліся аб тым, каб увекавечыць памяць лётчыкаў. Кампазіцыя мемарыяла сімвалізуе ўлюбёных у неба прафесіяалаў сваёй справы, сапраўдных патрыётаў, верных прысязе афіцэраў. Аўтар ідэі памятнага знака - маёр Аляксандр Чарнышоў, які служыў у 61-й знішчальнай авіяцыйнай базе. Над стварэннем скульптурнай кампазіцыі працаваў калектыў з супрацоўнікаў баранавіцкага філіяла ААТ "Брэстпраект", Баранавіцкай гарадской ЖКГ і "Баранавічырэмбуда" пад кіраўніцтвам архітэктара горада Віталя Палуянчыка. Каваныя жураўлі - работа майстра Мікалая Траяновіча.
Бацька Героя Беларусі Уладзімір Нічыпорчык падзякаваў людзям за памяць, асаблівыя словы ўдзячнасці выказаў тым, хто ад ідэі да яе ўвасаблення стварыў помнік.
- Кранальнае мерапрыемства, якое выклікае пачуццё болі і смутку, і ў той жа час - гонару за нашых сыноў, - падзяліўся бацька Андрэя Нічыпорчыка. - Асэнсоўваючы тыя падзеі, цяжка прыняць, што іх ужо няма. Аднак прыходзіцца з гэтым змірыцца, хоць гэты боль застанецца з намі назаўсёды.
Вераніка КАНЮТА. Фота БелТА.
22 траўня ў Лідзе пры ўдзеле кіраўніцтва раёна, вайскоўцаў, грамадскасці адбылося адкрыццё мемарыяльных дошак на дамах, дзе жылі лётчыкі Героі Беларусі Андрэй Нічыпорчык і Мікіта Куканенка.
Лілея Лапшына.
Духоўнае яднанне
"Духоўнае яднанне" - так гучыць назва выстаўкі, якая разгарнулася ў Доме Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея па вуліцы Замкавая, 7. Менавіта яе адкрыццё адбылося ў Дзень сям'і, 15 траўня. Гэтая экспазіцыя змяшчае ў сябе работы, створаныя рукамі мамы і яе дачкі - Алай Аляксееўнай і Марынай Валер'яўнай Кулеш з горада Бярозаўка, што каля Ліды. Яны з'яўляюцца членамі Лідскай аб' яднанай арганізацыі грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства інвалідаў", наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў горада Бярозаўкі. Іх яднае адна справа - ствараць прыгажосць рукамі, дарыць радасць людзям. Гэта духоўнае яднанне, у якім сабраны ўсе гэтыя прыгажосці, рукатворы. Злучае гэтых асоб многае. Сярод захапленняў - гэта вышыўка бісерам, ігра на шумавых інструментах у ансамблі "Вясёлыя хлопцы", з'яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі разнастайных мерапрыемстваў. Асобна трэба зазначыць, што мама Ала Аляксееўна займаецца стварэннем карцін у тэхніцы стрынг-арт, вырабамі кветак з паперы і ткані, захапляецца паэзіяй і хораша дэкламуе вершы. Жыццёвае крэда для яе - гэта быць карыснай не толькі сабе і сваёй сям'і, але і прыносіць карысць іншым. А дачка Марына Валер'еўна акрамя агульнага захаплення стварае карціны ў тэхніцы кінусайга, удзельнічае ў тэатральных пастаноўках, захапляецца вакальнымі спевамі. Чым не духоўнае яднанне!?
Выстава "Духоўнае яднанне" - гэта працяг дзейнасці праекта з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі "Передай дабро па коле" і распачынае новы, на гэты раз "выставачны" сезон. Акунуцца ў рукатворнае майстэрства змаглі і першыя наведвальнікі, неабыякавыя лідзяне, якія разумеюць кошт укладзенай у іх чалавечай душы. Гэтыя працы патрабуюць фантазіі, цярпення, далікатнасці, пазітыўнага настрою.
У літаратурнай гасцёўні прайшла гутарка з гасцямі. Шчымлівыя аповеды пра сваю сям'ю, якую вядзе за сабою і, будзем спадзявацца, што ніколі не збочыць з гэтай дарогі, сям' ю, якую змагла ўтрымаць у сваіх жаночых, але моцых руках, расказала рукадзельніца, мужная духам жанчына Ала Аляксееўна Кулеш. Музычным настроем падзялілася яе дачка Марына Валер'еўна, выканаўшы адну з патрыятычных беларускіх песень.
Сваімі ўражаннямі ад убачанага падзяліліся прысутныя - старшыня Лідскай аб'яднанай арганізацыі грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства інвалідаў" Самускевіч Алена Аляксандраўна, удзельнікі гістарычнай гасцёўні "Памяць за сабою пакліч", а таксама сябры літаратурнага аб'яднання "Суквецце".
Выстаўка "Духоўнае яднанне" будзе працаваць месяц. Яна перадасць эстафету чарговаму рукадзелу. Каму менавіта - застаецца ў сакрэце. У Лідзе і раёне хапае прадстаўнікоў з багатым унутраным светам, якім яны з задавальненнем абяцаюць падзяліцца. А пакуль ёсць магчымасць атрымаць асалоду ад выставы, прадстаўленыя на якой работы духоўна з'ядналі таленавітую сям'ю Кулеш.
Алесь Хітрун.
У Дзятлаве прэзентавалі альбом мастака і паэткі
У Дзятлаўскім краязнаўчым музеі адбылася прэзентацыя прыгожага і цікавага альбома двух аўтараў - мастака Івана Козела і дзятлаўскай паэткі Алены Абрамчык. Альбом, які сёлета пабачыў свет у Гародні, мае назву "Вабяць родныя прасторы".
Ён складаецца з рэпрадукцый карцін Івана Козела і вершаў да гэтых твораў Алены Абрамчык. Падчас прэзентацыі дзятлаўчане павіншавалі Івана Козела з 60-годдзем, пажадалі яму плёну і новых мастацкіх твораў. А потым суаўтарка Алена Абрамчык узяла "ў свае рукі" правядзенне ўсёй прэзентацыі. Вядоўца адзначыла, што "творчасць Івана Козела прывабіла яе шчырасцю пачуццяў, эпічнасцю падачы краявідаў Дзятлаўшчыны і Беларусі ўвогуле. Праз працы мастака ідзе спасціжэнне гісторыі і традыцый беларускага народа, яго духоўнага свету, жаданне выратаваць манументальнасць прыроды, непаўторныя, мілыя сэрцу мясціны. Таму вершы пісаліся хутка і лёгка, на адным дыханні. Хацелася пакінуць дзятлаўчанам часцінку душы мастака і сваёй душы, разуменне нашай еднасці як нацыі, народа, землякоў". І гэта аўтарам альбома ўдалося. Пра аўтараў і альбом распавядалі дзятлаўскія краязнаўцы і музейшчыкі, супрацоўнікі Дзятлаўскага райвыканкама і проста сябры. Многія з іх атрымалі альбом з аўтографамі ў падарунак ад аўтараў.
Сяргей Чыгрын, г. Дзятлава.
Ушанавалі аўтара "Песні на загонах"
У Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа адбылася літаратурна-музычная вечарына "Лірычнае душы прызванне". Яна была прысвечана 110-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта Анатоля Іверса (Івана Міско, 1912-1999).
У вечарыне прынялі ўдзел навучэнкі Слонімскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці, настаўнікі, бібліятэкары, сябры Слонімскага літаратурнага аб'яднання імя Анатоля Іверса. Бібліятэкары Аксана Беркус і Ганна Трацяк распавядалі пра жыццёвы і творчы шлях Анатоля Іверса. Слонімская паэтка, мастачка і бард Надзея Салейка праспявала некалькі шчырых беларускіх песень. А Тамара Пяцеліна пазнаёміла прысутных з творчасцю сяброў літаратурнага аб'яднання, прачытала свой верш, прысвечаны Анатолю Іверсу.
Цікава выступіў пісьменнік Сяргей Чыгрын, які прыгадаў сустрэчы з Анатолем Іверсам, распавёў, як выдаваўся яго першы зборнік вершаў у 1939 годзе ў Вільні, і як яму дапамагаў у гэтым ксёндз Адам Станкевіч. А таксама паказаў прысутным рэдкія партызанскія выданні - газеты "Вольная праца" і "Барацьба" за 1943-1944 гады, якія ў лесе разам са сваімі сябрамі выдаваў Анатоль Іверс. Там ён нават друкаваў свае вершы пад псеўданімам Двоеў. Падчас мерапрыемства гучалі вершы Анатоля Іверса, якія прачыталі навучэнкі Слонімскага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці.
Наш кар.
У Германіі ўсё лета можна будзе ездзіць на грамадскім транспарце за 9 еўра на месяц
Навіны Германіі
Бундэсрат ухваліў пакет дапамогі жыхарам Германіі ў сувязі з ростам цэнаў на энерганосьбіты з-за вайны ва Украіне. Цяпер на гарадскім транспарце і цягніках рэгіянальных ліній можна будзе ездзіць усяго за 9 еўра ў месяц. Танны праязны будзе дзейнічаць з 1 чэрвеня да канца лета 2022 года.
Па словах чыгуначнікаў, квіток за 9 еўра будзе дзейнічаць з першага па апошні дзень месяца. Таму, калі купіць яго толькі ў сярэдзіне месяца, то выкарыстоўваць можна будзе толькі на працягу той паловы, якая засталася. Аднак можна набыць квіткі на ўсе тры месяцы адначасова з пачатку продажаў 23 траўня.
Тыя, у каго ўжо ёсць праязныя на месяц (а каштуюць яны звычайна дорага - напрыклад, у Франкфурце 94,50 Еўра), усё адно змогуць купіць новы білет. Пры гэтым ім вернуць грошы за ўжо наяўныя праязныя. Падобная ініцыятыва абыдзецца нямецкаму бюджэту прыкладна ў 2,5 млрд еўра.
Рэакцыя адносна гэтага неадназначная. Адны палітыкі радуюцца і кажуць, што квіток павінен дзейнічаць па ўсёй краіне і даўжэй, чым тры месяцы: гэта ж так добра і для жыхароў, і для абароны клімату. Іншыя ж крытыкуюць бюракратычную цяганіну і асцерагаюцца, што з-за наплыву ахвотных танна падарожнічаць транспарт будзе перапоўнены.
Наш кар.
На поўдні Германіі катам забаранілі гуляць на вуліцы пад пагрозай штрафу
Каменданцкая гадзіна для катоў? Гучыць дзіўна, але ў горадзе Вальдорф на поўдні Германіі амаль так і ёсць - там катам забаранілі гуляць па вуліцы да канца жніўня. Гаспадарам парушальнікаў рэжыму пагражае грашовы штраф 500 еўра.
Прычына такіх строгасцяў - абарона чубатых жаўрукоў (Galerida cristata), у якіх праходзіць актыўны шлюбны перыяд. Гэтыя птушкі знаходзяцца пад пагрозай знікнення і ў федэральнай зямлі Бадэн-Вюртэмберг ўнесены ў "чырвоны спіс" першай катэгорыі.
Жаўрукі гняздуюцца проста на зямлі, у кустах або, напрыклад, каля садовых пабудоў, у зацішных кутках побач з чалавечымі селішчамі, гэта значыць як раз там, дзе кот лёгка змог бы знайсці іх. І калі такое няшчасце ўсё ж адбудзецца, то за даказанае забойства жаўрука давядзецца заплаціць ужо 50 тысяч еўра.
Зрэшты, выгульваць ката пры жаданні можна - на спецыяльнай шлейцы альбо з GPS-датчыкам, каб адсочваць маршрут (для гэтага трэба запытваць асобны дазвол).
У Германіі вельмі строгія правілы ўтрымання хатніх жывёл, да прыкладу, за сабак даводзіцца плаціць спецыяльны падатак. Каты пакуль абыходзяцца ўладальнікам бясплатна, а дзе-нідзе нават шукаюць людзей на вакансію гладзільшчыка катоў - праўда, усё ж на валанцёрскіх пачатках.
Наш кар.
ПУБЛІЦЫСТЫКА ЯКУБА КОЛАСА
Уладзімір Барысенка
ДЫПЛОМ і САЧАНКА
Куратарам нашай першай групы на журфаку Белдзяржуніверсітэта ў быў малады дацэнт, будучы доктар гістарычных навук, прафесар Іван Іванавіч Сачанка, які выкладаў замежную журналістыку і літаратуру. Між ім і паступіўшымі вайскоўцамі, у ліку якіх быў і я, сяржант Барысенка, з першага курса ўсталяваліся вельмі прыязныя таварыскія адносіны, якія з часам перараслі ў шчырае сяброўства. Мае сябры-нябожчыкі Мікола Дым і Валера Драздоў ніколі не крыўдзіліся, калі ён увесь час блытаў іх прозвішчы. Разам мы толькі смяяліся!
Калі прыйшла пара напісання дыпломаў, у нас зайшла размова пра багатую спадчыну Якуба Коласа, і Сачанка нечакана прапанаваў : "Слухай, напішыка ты пра ягоную творчасць у вайну!" Так нарадзілася мала тады вывучаная тэма "Публіцыстыка Я. Коласа ваеннага перыяду". Кіраўніком дыпломнай стаў сам Сачанка, а рэцэнзентам - наш непаўторны дэкан Рыгор Васільевіч Булацкі. Абараніўся я, з адзнакай, 29 траўня 1975 года... З тага даследавання і пачалося маё бясконцае знаёмства з унікальнай творчасцю песняра.
Калі збіраў, аналізаваў і асэнсоўваў матэрыял (чытаў, як заўжды раблю, не толькі "па тэме", але і вакол яе) знайшоў прызнанне Коласа ў тым, што ён лічыў сябе ў абсалютна аднолькавай ступені паэтам і празаікам. І сапраўды: што лепш (калі гэта ўвогуле можна неяк параўноўваць) - ліра-эпічная паэма "Новая зямля", якую Пятрусь Броўка назваў своеасаблівай "Калевалай" беларускага народа, ці эпічная трылогія "На ростанях", якую Іван Навуменка лічыў першым буйным празаічным творам беларускай літаратуры, дзе ва ўсім сваім багацці і бляску заззяла беларуская мова?!
Вось урывачак з трылогіі: "Яму па душы быў і гэты глухі куток Палесся, і гэты народ з яго асаблівай моваю і звычаямі, так не падобнымі да мовы і звычаяў тых беларусаў, з гушчы якіх выйшаў Лабановіч, гэты некрануты край старажытнасці, якая на кожным кроку кідалася яму ў вочы і затрымлівала на сабе ўвагу, і гэты выгляд самой мясцовасці, агульнага тону якой не мог яшчэ ўлавіць, але ў якой таксама было многа цікавага і, на яго погляд, павабнага", - чытаем у першай частцы твора.
А цяпер нагадаю пачатак "Новай зямлі":
Мой родны кут, як ты мне мілы!..
Не раз, утомлены дарогай,
Жыццём вясны маёй убогай,
К табе я ў думках залятаю
І там душою спачываю.
О, як бы я хацеў спачатку
Дарогу жыцця па парадку
Прайсці яшэ раз, азірнуцца,
Сабраць з дарог каменні тыя,
Што губяць сілы маладыя, -
К вясне б маёй хацеў вярнуцца.
Да "Новай зямлі" трэба дадаць яшчэ адзін шэдэўр нашай паэзіі пачатку мінулага стагоддзя - ліра-эпічную паэму "Сымон-музыка", пяць частак якой, адзначаў памерлы ў 38-м у Паўночным чыгуначным лагеры таленавіты літаратуразнавец Адам Бабарэка, адпавядаюць пяці кругам жыцця і "блукання паміж нябёсаў і зямлі" галоўнага героя. "Сымон-музыка" стаў вобразам беларускага паэта-адраджэнца, які, па словах таго ж рэпрэсаванага Бабарэкі, перадусім аддаў сваю пяснярскую энергію на змаганне за нацыянальную і сацыяльную свядомасць беларусаў. Таму ён і тварыў адпаведную песню ды сам пракладаў ёю ў жыцці "пяснярскую каляіну". Кожны раз, калі перачытваю гэты вершаваны расказ пра адоранага ад прыроды вясковага хлопчыка, якога бацька выгнаў з хаты, і які апынуўся сярод добрых і злых людзей, здзіўляюся ўнікальнасці і разнастайнасці зместу, падтэкставым, як кажуць, плыням, філасофскаму сэнсу, моўнаму багаццю і гучанню... Прачытайце-перачытайце, хто гэтага яшчэ не зрабіў, і вы адчуеце, акрамя ўсяго, сапраўдную асалоду ад пейзажных замалёвак! А з якім замілаваннем намалёваны прыродныя стыхіі і ўсе поры года!
Працу над геніяльным творам пясняр распачаў у верасні 1911-га, адразу пасля выхаду з турмы. Стварэнне твора, героя якога наш знаны філосаф і літаратуразнавец Уладзімір Конан параўноўваў з героем антычнай міфалогіі Арфеем, было для паэта, як распавяла ў сваёй кнізе "Якуб Колас. Пясняр зямлі і неба Беларусі" ягоная ўнучка Вера Міцкевіч, "своеасаблівым выратаваннем ад цяжкіх думак, беспрытульнасці, неўладкаванасці і беспрацоўя". Колы пакутаў Сымонкі, якому мудры стары пастух Курыла дорыць спачатку дудку, а перад смерцю - скрыпку і смык, "выклікалі асацыяцыі з асабістым тупіковым становішчам, коламі свайго жыцця. Але, калі паэт тварыў, сваё набалелае адыходзіла на другі план".
Дарэчы, задума напісання абедзвюх паэм прыйшла да аўтара менавіта ў турме. "Была ўжо ноч, калі прывялі мяне ў мінскі астрог разам з маімі двума сябрамі... - распавядае ён у публіцыстычным артыкуле "Цені мінулага". - Камера мела выгляд бруднае запушчанае клеткі, куды сходзяцца нанач цёмныя людзі, аматары глухіх дарог, Голыя, колісь беленыя сцены, пазіралі панура пры бледным асвятленні невялічкай куравай лямпачкі. Усе мясціны ў сценах былі на дзірках, як пабіты воспаю твар. Гэта - сляды ад цвікоў, на якіх арыштанты вешалі свае манаткі. У галовах над пасцелямі віселі торбачкі з убогім скарбам іх гаспадароў і бушлаты - суконныя арыштанцкія курткі. Каля дзвярэй пры сцяне стаялі збітыя з дошак паліцы, дзе ляжаў хлеб, арыштанцкія дзённыя пайкі, лыжкі і іншы скарб. Угары над дзвярыма красаваўся напісаны вуглём каляндар.
… Столь была ўся ў рыжых плямах і падцёках. Камера была набіта людзьмі розных узростаў і сацыяльнага палажэння. Усе катэгорыі арыштантаў таксама былі тут перамешаны...".
БРОЎКА І ЗБОРНІК
Колас быў глыбоканаглядальным, удумлівым і палымяным публіцыстам. Гэта падкрэсліў у прадмове да ягонага зборніка публіцыстычных і крытычных артыкулаў, якія ўпершыню былі сабраныя разам толькі ў 1957 годзе, згаданы вышэй Пятрусь Броўка. У кнізе на 600 старонках, якая стала падарункам журфакаўскага настаўніка, і якую я, вядома ж, захаваў да гэтага часу, змешчаны амаль усе публіцыстычныя артыкулы, выказванні, заметкі і прамовы паэта. У ліку прамоў - "К мести, братья-славяне!". З ёй Колас выступіў 9 траўня 1943 года на Трэцім Усеславянскім мітынгу ў Маскве.
Вось яе крыху скарочаны тэкст: "Без малого два года зверствуют фашистские грабители на белорусской земле. Дорого обошлись немецким оккупантам попытки придавить к земле свободолюбивый белорусский народ. За время войны народные мстители Белоруссии уничтожили более 150 000 гитлеровских солдат и офицеров.
Где бы ни находился белорус - на фронте, в партизанском отряде, в тылу, - он всюду горит одним желанием: истребить взбесившееся фашистское зверьё, избавить от этой напасти родную Белоруссию. Во имя этой возвышенной и благородной цели самоотверженно борется и доблестно трудится белорусский народ.
Братья белорусы! Наступила весна. Пусть вдохнёт она в сердца новые силы, ещё выше поднимет ваш дух непреклонной воли к борьбе! Пусть вся наша земля - от Беловежской пущи до Приднепровья, от Бреста до Гомеля, от Белостока до озёрной Витебщины - запылает под ногами врага! К мести, братья славяне! К беспощадной и неугасимой мести! Пусть гитлеровские палачи захлебнуться в своей собственной крови!".
Зычны голас публіцыста пясняр узняў супраць фашызму і прыгнёту пілсудчыкаў у Заходняй Беларусі, за захаванне міру і культуры ва ўсім свеце яшчэ ў сярэдзіне трыццатых. Ён стаяў у радах лепшых пісьменнікаў, якія сваім вострым словам выступалі ў абарону прагрэсу, супраць вайны і разбурэння.
У Вялікую Айчынную публіцыстыка Коласа набыла асабліва дзейснае значэнне. Побач з гнеўнымі вершаванымі радкамі пра тое, што змяіны зброд спыніць можна толькі дубінай, што месца цемрашалаў - на эшафоце, што не трэба даваць перадышкі гітлераўскай зграі, каб спусціла дух і кішкі яна ў родным краі, з'яўляліся палымяныя, як прыведзены вышэй, заклікі да бязлітаснай барацьбы супраць ненавісных захопнікаў. Яны гучалі не толькі з трыбун народных мітынгаў. На акупаванай тэрыторыі, у партызанскіх атрадах, на фронце, у тыле іх чыталі ў газетах і лістоўках, слухалі па радыё. А як уславіў народны паэт у сваіх палымяных артыкулах перамогу! "Радостно видеть, - пісаў публіцыст-змагар у надрукаваным у "Советской Белоруссии" за 8 жніўня 1944-га артыкуле "Чудо-богатырям Красной Армии", - как после мрачных дней, окутанных густым туманом, вдруг проглянет солнце и в его животворных лучах раздвигаются дали земли, а над ними свешивается ясное, глубокое небо. Такую радость испытывает сегодня каждый из нас, когда мы оглядываемся на огненный путь победы, пройденный вами, воины-герои, легендарные богатыри великой Красной Армии".
Прыводжу гэтыя радкі і адначасова ўспамінаю верасень 1996-га - размову з Нілам Гілевічам, якога шмат хто недалюбліваў. На пытанне, якія жыццёвыя факты яму больш за ўсё запомніліся, апошні народны паэт, які пайшоў ад нас 29 сакавіка 2016-га, адказаў, што найперш - дзень вызвалення, калі ён убачыў, як стомленыя, брудныя ад поту і пылу, але са "Священной войной" на вуснах уваходзілі ў вёску савецкія салдаты. Тады ўпершыню ад шчасця ён не стрымаў слёз... А самы дарагі ўспамін ягонай літаратурнай маладосці быў звязаны менавіта з Якубам Коласам. Гілевіч паспеў не толькі шмат разоў пабачыць і паслухаць Коласа, але і адчуць бацькоўскі поціск яго рукі. На сваім юбілейным вечары сусветна вядомы класік падзякаваў яму, студэнту-другакурсніку філфака, за прысвечаныя вершы, якія яму вельмі спадабаліся.
Сярод іншых публіцыстычных артыкулаў я з вялікай цікавасцю перачытаў "Пездку на Асінбуд". І гэта зусім не выпадкова, бо пачынакцца ён з успамінаў пра маю родную Воршу. Па дарозе ў траўні 1929-га на Асінбуд да Коласа далучыўся мастак з Украіны. У Воршы яны ўзыйшлі на высокую дняпроўскую кручу (дзе ж яна цяпер?!.) і палюбаваліся прыгожымі відамі горада. Увечары схадзілі ў аршанскі чыгуначны клуб. Аглядалі будынак, знаёміліся з яго бібліятэкай, чытальняй, усімі дастасаваннямі для культурнага адпачынку гараджан. Клуб зрабіў вельмі моцнае ўражанне, быў падобны сваім знадворным выглядам на палац. Двор перад ім шырокі, прасторны. Граў духавы аркестр. У бібліятэцы , даведаліся, - трыццаць тысяч кніжак. У чытальні - спіс часопісаў, што ўстанова выпісвае. Наведалі і дзіцячы прывакзальны сад. "Рэзідэнцыя загадчыцы - малюсенькі пакойчык, вельмі бедна абстаўлены. Тут яна і жыве і тут жа вядзе кіраўніцтва сваёй установай. Трудная гэта справа, і пры цяжкіх умовах прыходзіцца весці работу, але маладая спецыялістка дасканала спраўляецца з ёю, выступаючы ў ролі і адміністратара, і дзелавода, і бухгалтара, і настаўніцы". Сёння некаторыя спецыялісты ад культуры і што-небудзь адно толкам зрабіць не могуць...
Колас піша, крамя іншага, што аднайменная станцыя заўсёды набіта народам. Вельмі цяжкае ўражанне пакідаюць сем'і перасяленцаў. "На запыленых і забруджаных лахманах, на цвёрдым каменным памосце - маткі з малымі дзецьмі... За выступам сцяны станцыённага будынка хіліцца сям'я: бацька. маці і трое дзяцей. Гэта селянін з Полаччыны, едзе ў Прыўралле, дзе ўжо асела яго "радзіна" (радня). Маленькі хлопчык гадоў пяці, прыкрыты кажушком, капрызіць і плача, просіцца дадому. На яго шчасце, у мяне знайшоўся кусок шакаладу, што на нейкі час яго супакоіла і пагадзіла з горкаю доляю перасяленца".
НАРОД І КЛАСІК
Пра лёс свайго народа Колас думаў пастаянна. З народам ён быў звязаны ўсё сваё жыццё. Выразна бачыў мэту, дзеля якой працаваў, - свабода і шчасце людзей, бо з малых гадоў зразумеў несправядлівасць, якая яго акаляла. Княжацкія палацы з аднаго боку і пахілыя, абімшэлыя, курныя хаты - з другога. Раскошныя вопраткі паноў і панят і збуцвелае зрэб'е на сялянскіх плячах. Адкрытыя шляхі да навукі багатым і немагчымасць вучыцца бедным. Неабдымныя прасторы княжацкіх уладанняў і вузенькія гіблыя палоскі бацькоў і аднавяскоўцаў. Усё гэта выклікала з дзяцінства горкі і сумны настрой. Дзякуй Богу, матчын голас не траціў дабраты і мяккасці. Кастусь вельмі любіў, як мама спявала. У сваіх успамінаў Канстанцін Міхайлавіч распавядаў : "Прыедуць госці, падгуляюць і тады заводзяць песні і жанкі, і мужчыны. Тут ішлі ў ход найболей жартоўныя мелодыі. Галасы, у тым ліку і матчын, рабіліся прарэзлівымі, як бы штучнымі. А мне падабала ся іншае. Управіўшыся з чарнейшаю работаю па хаце і па гаспадарцы, маці садзілася, як на адпачынак, за верацяно, або за шытво. Яна спачатку адзывалася ледзь чутна, тонка-тонка, як шчыгол, прабуючы голас, ці не ахрып часам за ноч. Потым матчына песня бралася ў сілу і запаўняла хату... І калі пачынаю ўяўляць гэту хату і маці пры рабоце - здаецца, чую і песню..." З матчынай песняй у сэрцы і ствараў Колас да канца свайго жыцця незабыўныя творы, сярод якіх і "Рыбакова хата":
Пытае вецер у раслінак:
- Чаму зіма вас не ўзяла?
І кажуць тысячу былінак:
- Мы ад зямельнага цяпла!
Пытае холад у крыніцы:
- Чаму цябе я не спыніў?
Яму адказвае вадзіца:
- З зямлі струменіць мой разліў.
Пытае бура старца-дуба:
- Чаму цябе я не зламлю?
І кажа дуб:
- Я ўрос ў зямлю,
З зямлёю жыць у дружбе люба.
Што тут дадаць? Толькі тое, што я працягваю сваё бясконцае знаёмства з неўміручай творчасцю волата нашага працалюбівага народа Якуба Коласа.
Вайна ў 1920 годзе*
Успаміны і разважанні
Генерал Люцыян Жалігоўскі
Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
У тых умовах кожная нават незначная страта ў людзях балюча адчувалася ў дывізіі, то і таксама страты, панесеныя ў выпадзе на Язны, былі ў гэтай сітуацыі цяжкім ударам.
У той сітуацыі, чакаючы рашучага наступлення, мы аслабілі свае сілы.
З работ расійскага штаба сёння мы ведаем, што наступленне саветаў мела распачацца адразаннем нашай паўночнай групы. План той быў несумненна рацыянальны і з улікам такой значнай перавагі сіл - выканальны. Супраць 10-ай і 8-ай дывізій, а таксама груп генералаў Ендрыеўскага і Ржандкоўскага яны мелі на фронце 3 арміі: 4-ю, 15-ю і 3-ю ў складзе 13 дывізій пяхоты і корпуса кавалерыі.
Сяргееў у сваёй працы "Ад Дзвіны да Віслы" так апісвае пачатак дзеянняў расійскага камандавання і яго намер адрэзаць нашую паўночную групу:
"У апошнія дні чэрвеня камандуючы фронту асабіста адведаў усіх камандуючых і прапанаваў ім для сумеснай апрацоўкі шырока абдуманы план новага ўдару, які ў выпадку поспеху меў прывесці да акружэння галоўнай масы праціўніка, сканцэнтраванай у раёне Германовічы - Лужкі - Глыбокае. План той ў асноўнай сваёй ідэі палягаў на тым, што:
1) 4-я армія ў складзе дывізій стральцоў і ІІІ корпуса кавалерыі (10 і 15 дывізіі кавалерыі), утрымліваючы цясніну паміж азёрамі Белая Ельня і Жадо, павінна была праламаць умацаваныя пазіцыі праціўніка паміж Дзвіной і возерам Белая Ельня і вечарам другога дня бітвы мела выйсці дзвюма дывізіямі ў раён Германавічы - Шаркаўшчына, адкуль мела развіць удар у паўднёвым кірунку на Асінагарадок. Кавалерыя з адой брыгадай стральцоў павінна была энергічна высунуцца ўздоўж левага берага Дзвіны, здабываючы ўсе цясніны паміж азёрамі ў тым абшары, фарсіраваць лінію старых нямецкіх акопаў на поўнач ад возера Багінскага і возера Дрысвяты і адтуль кінуцца наўпрост на поўдзень для захопу раёна Свянцян.
2) 15-я армія ў складзе пяці дывізій стральцоў і дзвюх самастойных брыгад кавалерыі павінна была праламаць умацаваныя пазіцыі праціўніка ўздоўж чыгункі на Маладзечна ў агульным кірунку на фронт Глыбокае - Докшыцы.
3) 3-я армія ў складзе чатырох дывізій стральцоў мела заданне хутка высунуцца з лясістай мясцовасці вытокаў ракі Беразіны і ўдарам у паўночна-заходнім кірунку перарэзаць чыгунку Полацк - Маладзечна ў ваколіцы станцыі Параф'янава (10 вёрст на захад ад Докшыц).
4) 16-я армія (5 дывізій) мела заданне заняць Менск; мазырская група павінна была адцягнуць увагу праціўніка, наступаючы на Бабруйск і Пінск.
Для выканання вышэй пазначаных задач дадана 4-й арміі 12-я дывізія стральцоў, а таксама ІІІ корпус кавалерыі. У склад 15-й арміі ўвайшлі 4-я, 11-я, 16-я, 33-я і 54-я дывізіі (6-я дывізія са сваім адрэзкам фронту была перададзена 3-яй арміі)".
Маршал Пілсудскі ў сваёй працы "1920 год" называе расійскае згрупаванне падрыхтоўкай "Сядана"*. Канешне "Сядан" той павінен быў наступіць, аднак да яго не дайшло, што не зразумела не толькі для мяне, але нават для расійскага камандавання, яко сёння неахвотна пра яго гаворыць. Ці не было рэччу відавочнай, якая сама напрошвалася, маючы трайную перавагу сілаў, скончыць з карыкатурна высунутай на поўнач і ўсход нашай паўночнай групай і не мець з ёй дачынення аж да канца вайны? Не трэба было б яе праз цэлы час адступлення "распыляць", "нішчыць", "плюшчыць" і да т.п., каб потым на працягу адной ночы быць ёй пабітымі за 14 км ад рагатак Варшавы. Такая бывае часам іронія вайны.
* * *
Чаканае расійскае наступленне распачалося ранкам 4-га ліпеня пасля папярэдняй моцнай артылерыйскай падрыхтоўкі адначасова на ўсім фронце 1-ай арміі.
Ужо пасля паўдня было відно, што група Савіцкага адступае, аказваючы зацятае супраціўленне. Адступленне гэтае адкрыла дарогу ўздоўж Дзвіны, як бы адсланяла ўсю тэрыторыю. Група Савіцкага, якая замыкала вузкую цясніну паміж возерам Ельня і Дзвіной, адчыніла як бы ўваход, праз які мог свабодна прайсці корпус кавалерыі. То ён і памаршыраваў уздоўж Дзвіны ў нашыя тылы. Таксама пасля паўдня стала вядома, што наш сусед з правага боку, VII рэзервовая брыгада, разбіта, адступае на захад дарогай на Глыбокае, а з тым сувязь з камандаваннем 1-ай арміі перарвана. На фронце 10-ай дывізіі ўсе атакі былі крывава адбіты, і дывізія ў цэласці ўтрымала свае пазіцыі.
Штаб 8-й дывізіі запытаў, ці ва ўмовах узнікшай сітуацыі я не вазьму тую дывізію пад маё камандаванне. Маючы адмоўны загад арміі і не ацэньваючы яшчэ сітуацыю песімістычна - адмовіў. 8-ая дывізія не маючы сувязі з камандаваннем арміі, уласным рашэннем рушыла на Пагост.
Тым часам штаб групы ў Шаркаўшчыне рыхтаваўся да прыёму непрыяцельскай конніцы. Прадбачылася, што гэтая конніца пасля ўхілення запору ў выглядзе групы палкоўніка Савіцкага, скіруецаа непасрэдна ў нашыя тылы. Адлегласць у 40 км магла яна прайсці без перашкод за некалькі гадзін. Чакалі мы яе з гадзіны на гадзіну. Спаборнічалі ў тактычных праектах і задумах, каб належна прывітаць кавалерыстаў. Слабая штабная рота з усімі афіцэрамі штаба падрыхтавалася да абароны. Дамы Шаркаўшчыны ператварыліся як бы ў фарты. Каля паўдня прайшла гарачкавая спешка, і чакалі ў поўным спакоі. Вечарам, да пэўнага жалю падрыхтаваных да бою, стала ўжо ясна, што конніца пайшла ў іншым кірунку.
Манёўр гэты характэрны для большых груповак конніцы. Ці корпус Гая дзейнічаў лагічна, ідучы ў нашыя глыбокія тылы, ці павінен быў рызыкнуць стратай некалькіх гадзін на тое, каб у тылах 10-ай і 8-ай дывізій стварыць поўнае замяшанне і зрабіць магчымым спланаваны "Сядан"? Дапускаю, што тое другое прынесла б расійскай арміі значна больш карысці.
З той перспектывы мы можам усвядоміць сабе спосаб барацьбы з конніцай. Корпус пайшоў на Свянцяны, унікаючы баёў з пяхотай, ці ўнікаючы агню. Насоўваецца пытанне, што б аднак было, калі б корпус той сустрэўся з фактарам агню ў ваколіцах Свянцян? Не было б гэта рэччу простай, ніякія вялікія аддзелы, ні бравурныя атакі, ні ўраганны агонь, а агонь невялікіх абозных груп пад камандаваннем смелых калег, якіх абучылі ў мірны час, што ў такіх выпадках трэба забарыкадавацца ў мураваных дамах, мець на ўсякі выпадак некалькі буханак хлеба і вядро вады, і што найважней - карабіны і шмат боепрыпасаў. Тады з песенькай на вуснах можна было б павітаць моцна расчараваную такім інцыдэнтам конніцу.
Што было б, каб усе абознікі, інтэнданты, шафёры і, наогул, мужчыны ў тылах дывізіі схапіліся за карабіны? Калі б былі загадзя падрыхтаваныя да гэтага і адпаведна настроеныя псіхалагічна, то найлепшая конніца мусіла б згінуць. Вітаў бы яе агонь з кожнага дома, ператворанага ў форт; канешне пры такой сістэме абароны страты былі б значна меншыя.
Кавалерыя пайшла аднак па найменшай лініі супраціву. Менш усміхалася ёй барацьба з нашай пяхотай, чым пашырэнне панікі ў далёкіх і безабаронных тылах. Аднак ў тым выпадку належала звыш лёгкую перамогу і мала значны тэрытарыяльны здабытак ператварыць у значна цяжэйшы поспех у раёне Германавічы - Лужкі - Шаркаўшчына.
Што ў той час дзеялася на фронце 10-ай дывізіі?
На працягу ўсяго дня 4 ліпеня абедзве яе брыгады пераможна адбівалі атакі левага крыла 4-ай арміі Сяргеева. Дробныя тэрытарыяльныя поспехі расейцаў ліквідавалі адразу контратакамі.
Вечарам вакол запанавала поўная ціша. Каля 22 гадзін ХХ брыгада палкоўніка Сікорскага далажыла, што контатакамі вярнула ўсе свае пазіцыі і ўтрымлівае іх. ХІХ брыгада выгнула сваё правае крыло трохі на захад.
Варта дадаць, што піша пра тыя баі камандуючы арміі, якая атакавала нас, Сяргееў:
"Праціўнік моцна трымаў свой фронт і нават сам вырашыў атакаваць 52 брыгаду. Якая аднак агнём адбіла тыя спробы. Адначасова рэзервы, якія стаялі відочна па-за другой лініяй абароны кінуліся на нашы аддзелы і пасля ўпартага бою вярнулі сваё даўняе становішча. Атака 18-ай дывізіі была адбіта. Дзень той каштаваў дывізіі каля 400 забітых і паранных і пацягнуў значны расход боепрыпасаў".
У прыпісках падае і пра колькасць боепрыпасаў:
"Дывізія патраціла па 300 снарадаў на лёгкую гармату і па 50-80 на цяжкую, што пры нашых сціплых запасах было адчувальна і перавышала норму".
Таму зноў памыляецца генерал Шаптыцкі, калі піша ў сваёй кніжцы:
"Паўночнае крыло 10 дывізіі трымалася, не будучы пад лішне моцным націскам, у той час, калі паўднёвае трохі адышло, каб абаперціся на VII рэзервовую брыгаду".
Як відно з апісанняпраціўніка, націск быў і вельмі моцны, а правае крыло не магло абапірацца на VII брыгаду, бо брыгады ўжо там не было.
Сяргееў успамінае таксама пра захады расейцаў з намерам абысці ХХ брыгаду з флангу. Што да нас, то мы не адчувалі тых тэндэнцый. Здавалася, што праціўнік мае ў распараджэнні большую колькасць жывой сілы і адсюль яго вялікія страты.
Абвяргаючы меркаванне генерала Шаптыцкага пра, як кажа, слабы націск на 10 дывізію, сцвярджаю таксама, што мыляецца і Сяргееў, які сцвярджае, што "Сядан" не ўдаўся, бо цэнтр быў за моцны, а флангі залішне слабыя. Выглядае гэта так, што ў цэнтры вельмі моцна высунулі 10-ую дывізію, таму крылы здолелі выканаць адход. Гэтага не было. Расійская 15-я армія прарываючы фронт VII рэзерввовай брыгады, брыгады 3-й дывізіі і 11-й дывізіі нічым не ўплывала на становішча 10-й дывізіі, якая трымалася на сваіх пазіцыях, хутчэй, задоўга. Каб не адысці лішне паспешна, пратрымалася дывізія ў тым раёне да 6 ліпеня. Праціўнікі нашы мелі залішне шмат часу, каб зрабіць "Сядан", а што таго не патрафілі зрабіць - гэта іхняя віна.
Так закончыўся дзень 4 ліпеня. А 24 гадзіне я загадаў абедзвум брыгадам адступіць і сканцэнтравацца: ХІХ - у Лужках, ХХ - у Германавічах. Адначасова вырашыў у выніку склаўшайся сітуацыі прыняць камандаванне таксама і над 8-й дывізіяй і з той мэтай выслаў у Пагост загад, думаючы, што яна знаходзіцца там.
5-га раніцай сітуацыя выглядала наступным чынам: ХІХ брыгада змагалася ў ваколіцах Лужкоў, а ХХ, нікім не атакованая, адходзіла да Германавічаў. Зноў трэба абвергнуць цверджанне п. Сяргеева, быццам бы яго 18-я дывізія мела ў той дзень поспех, праламаўшы пазіцыі 10-ай дывізіі. Ужо на світанні ХХ брыгада не ўдаючыся ў баі, адышла без пераследу непрыяцеля, а ў Германавічах знішчыла ўсё, чаго не магла забраць у свой абоз.
Сяргееў так тлумачыць няўдачу манёўру:
"Заблытанасць першапачатковага манёўру і некаторая неадпаведнасць асноўнай ідэі манёўру раздрабленне сілаў прывялі да таго што 4-я армія не мела ўласнай магчымасці абысці флангі праціўніка на полі бою, паколькі галоўная маса польскіх войскаў была разбіта лабавым ударам 15-й арміі і прадаўжала адступаць перад дасягненнем 15 арміяй, вызначаных ёй мэтаў".
Гэтае тлумачэнне няўдачы "Сядану" гучыць досыць мутна. "Адступіць", можа, і належала, але неяк не выпадала. Ніякага лабавога ўдару 15-я армія па маёй групе не наносіла. Фронт Германавічы - Лужкі атакавала 18-я дывізія пяхоты, якая, аднак, была адбіта і затрымана ў наступлені на два дні.
Наогул, расійскае камандаванне вельмі агульна і неахвотна гаворыць пра гэты паўночны эпізод. Маючы такую вялікую перавагу сілаў і корпус конніцы, не ўмелі знішчыць дзве дывізіі. Тухачэўскі распавядае, што потым па ўсёй Польшчы шукаў жывыя польскія сілы, а яны былі так блізка.
Маё такое ўпартае знаходжанне ў Шаркаўшчыне лічу сёння за памылку. Мела яна сваю крыніцу ў залішне добрым маім меркаванні пра праціўніка. Я лічыў ужо 4 ліпеня вечарам, што акружаны, таму хацеў сканцэнтраваць сілы, каб дзе-небудзь прабіцца. Спешка тут мала дапамагала. Трэба было высветліць сітуацыю. Ніколі б у той час не западозрыў расійскае камандаванне ў тым, што вышле конніцу для барацьбы з абозамі, а пяхоце дазволіць "таптацца" на поўначы.
* "Сядан" - бітва пры Сядане (фр. la bataille de Sedan, ням. Schlacht von Sedan), таксама вядомая як Сяданская катастрофа - генеральная бітва Франка-прускай вайны, якая адбылася 1 верасня 1870 года каля невялікага французскага горада Сядан. Закончыўшыся поўным разгромам асноўных сіл французскай арміі і паланеннем Напалеона III, яна вызначыла зыход вайны. Рэд.
* Пераклад Станіслава Судніка паводле выдання 1930 года.
(Працяг у наступным нумары.)
Чароўны свет батлейкі"
Спектакль "Казка пра салдата" паводле беларускай народнай казкі "Кій-самабій, люлька-невыкурка і ворак-самахват" народнага лялечнага тэатра "Батлейка" Лідскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры прызнана лепшым спектаклем па выніках VII адкрытага фестывалю батлеечных тэатраў "Чароўны свет батлейкі" ў г. Смаргонь. Акторская гульня, жывы акампанемент, рэжысура, унікальныя лялькі і дэкарацыі ўразілі кампетэнтнае журы.
Аўтар - Уладзімір Шчэлін. Рэжысёр-пастаноўшчык - Ірына Вашкевіч. Акцёры: Вашкевіч Ірына, Дыдышка Ірына, Шчалканогава Наталля, Сакалоўскі Мікалай. Музыкі: Фёдар Шчэлін, Марына Дукі, Іван Кароль.
Наш кар.
"ЗАЙГРАЙЦЕ, МУЗЫКІ!"
21 траўня ў Лідзе адбыўся абласны фэст народнай музыкі "ЗАЙГРАЙЦЕ, МУЗЫКІ!".
У фэсце прынялі удзел лепшыя дарослыя і дзіцячыя аркестры народных інструментаў, ансамблі народнай музыкі і песні, інструментальныя ансамблі.
Народны ансамбль народнай музыкі "Гудскі гармонік" ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" стаў лаўрэатам фестывалю і атрымаў дыплом II ступені. Віншуем творчы калектыў з перамогай!
Наш кар.