Наша слова.pdf № 22, 1 чэрвеня 2022 г.
Сотні католікаў прайшлі па цэнтры Менска ў працэсіі Божага Цела
29 траўня ў Менску адбылася працэсія, удзельнікі якой на чале з Мітрапалітам Менска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім прайшлі па праспекце Незалежнасці ад Залатой Горкі - да Чырвонага касцёла. Хоць звычайна падобныя працэсіі праводзяцца ва ўрачыстасць Божага Цела, якая сёлета прыпадае на 16 чэрвеня, аднак у Менску працэсія традыцыйна прайшла ў апошні тыдзень траўня. Апошнія два гады працэсію не праводзілі, афіцыйна - з прычыны пандэміі.
Нядзельнай раніцай вернікі з усіх каталіцкіх парафій беларускай сталіцы сабраліся на цвінтары пры менскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы, дзе на палявым алтары адбылася святая Імша. Цэлебрацыю ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з ім Эўхарыстыю цэлебравалі Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, Генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, а таксама каля трох дзясяткаў святароў лацінскага і ўсходняга абрадаў.
Гамілію на святой Імшы арцыбіскуп Станеўскі прысвяціў самаму вялікаму сакрамэнту Касцёла, які нездарма называецца Найсвяцейшым. Іерарх зазначыў, што, праслаўляючы Найсвяцейшы Сакрамэнт, вернікі вызнаюць у ім прысутнасць Бога, Яго валадаранне, Ахвяру, любоў і ўсемагутнасць.
Нагадаўшы падзеі Апошняй Вячэры, падчас якой Езус Хрыстус перад крыжовай мукай і смерцю ўстанавіў Эўхарыстыю як таямніцу сваёй няспыннай прысутнасці ў свеце пад выглядам Хлеба і Віна, арцыбіскуп дадаў, што "Эўхарыстычны Езус яднае сваіх вызнаўцаў і заахвочвае да ўдзелу ў супольнасці святых праз Яго прысутнасць у нашым жыцці". У святле вучэння Айцоў Касцёла і Рымскіх Пантыфікаў іерарх растлумачыў, наколькі важную ролю адыгрывае Найсвяцейшы Сакрамэнт у духоўным жыцці вернікаў.
- У хрысціянстве няма ніякай магіі. Няма ў ім і шляхоў "наўпрост", але ўсё адбываецца згодна з пакорнаю і цярпліваю логікай пшанічнага зярнятка, якое памірае, каб даць новае жыццё; у хрысціянстве ўсё адбываецца згодна з логікай веры, якая перасоўвае горы моцаю Божаю. Таму Бог прагне і далей аднаўляць чалавецтва праз кансэкраваныя хлеб і віно, у якіх сапраўды прысутнічае Яго Цела і Кроў.
Хрыстус перамяняе нас, прыпадабняючы да сябе: далучае нас да сваёй справы адкуплення, дае нам здольнасць дзякуючы ласцы Духа Святога жыць згодна з Яго логікай дару, як пшанічнае зярнятка, злучанае з Ім і ў Ім.
Такім чынам засяваюцца і выспяваюць перш у нашых сэрцах, а затым на палях гісторыі нашай зямлі еднасць і супакой, згода і прабачэнне, да якіх мы імкнемся згодна з Божай задумай, - падкрэсліў арцыпастыр, заклікаўшы вернікаў падрыхтаваць у сваіх сэрцах месца для Пана...
- Такім чынам, маніфестацыяй нашай веры мы абвяшчаем, што любоў Хрыста не зарэзервавана толькі для тых, хто атрымаў веру "з малаком маці", а ахвяруецца ўсім людзям, якія жывуць на зямлі, - заўважыў арцыпастыр. Ён таксама звярнуў увагу на тое, што таямніца Эўхарыстыі наймацней яднае людзей з Богам і паміж сабою.
Скіраваўшы да Хрыста ў Эўхарыстыі шэраг малітоўных заклікаў і просьбаў, ён запрасіў сабраных на Залатой Горцы прайсці па вуліцах горада, "несучы ў сабе Цела Пана, як несла Яго Марыя ў таямніцы адведзінаў".
- З пакорным усведамленнем таго, што мы - звычайныя пшанічныя зярняткі, захавайма непахісную ўпэўненасць, што любоў Бога, уцелаўлёная ў Хрысте, мае моц нас збавіць і ўвесці ў новае неба і новую зямлю, дзе пануюць спакой і справядлівасць, - сказаў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Станеўскі, завяршыўшы казанне падзякай Богу за гэты бязмежны дар Яго любові.
Нядзельная Эўхарыстычная працэсія, як і ва ўрачыстасць Божага Цела, складалася з чатырох прыпынкаў. Першы адбыўся каля Залатагорскага касцёла, другі - на плошчы Перамогі, трэці - на Кастрычніцкай плошчы, а чацвёрты, заключны, - каля касцёла святога Сымона і святой Алены на плошчы Незалежнасці.
Там, каля Чырвонага касцёла, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў усім прысутным дабраслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.
Іерарх таксама падзякаваў вернікам за ўдзел, а арганізатарам і службам парадку - за годнае правядзенне Эўхарыстычнай працэсіі, якая з'яўляецца, бадай што, найбольш масавым касцёльным мерапрыемствам у Менску і заўсёды збірае тысячы ўдзельнікаў, якіх сёлета, па назіраннях, было не менш, чым у лепшыя "дакаронавірусныя" гады.
У Гародні, Лідзе і іншых гарадах, дзе таксама звычайна праходзілі шматлюдныя працэсіі Божага Цела, пакуль аб планах на бягучых год невядома.
Наш кар.
Апошні званок у школах Беларусі
30 траўня ў беларускіх школах прагучаў апошні званок. У многіх месцах краіны ўрачыстасці ішлі пад акампанемент майскага дожджыку.
Спецыялісты з архіваў, музеяў і бібліятэк наведалі юбілейную выставу ў Нацыянальнай бібліятэцы
У Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі 26 траўня адкрылася выстава "100 рарытэтаў: ад гістарычных кнігазбораў да сучасных арт-кніг", прысвечаная 100-годдзю галоўнай кніжнай скарбніцы. На выставе дэманструюцца найбольш значныя і каштоўныя ўзоры беларускай і сусветнай кніжнай спадчыны. Для наведвальнікаў гэта рэдкая магчымасць пазнаёміцца з эвалюцыяй кніжных форм і бібліятэчных фондаў ад старажытнасці да сучаснасці.
На адкрыцці выставы выступілі з прывітальнымі словамі дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Аляксандр Храмы, дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Андрэй Дземянюк і мецэнат Уладзімір Ліхадзедаў.
Галоўны бібліёграф навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства НББ Галіна Уладзіміраўна Кірэева правяла экскурсію для гасцей Музея кнігі і распавяла пра 100 рарытэтаў Нацыянальнай бібліятэкі на юбілейнай выставе. Яна пазнаёміла з калекцыямі рукапісаў, інкунабул, палеатыпаў, старадрукаваных кніг XVI-XVIII cтагоддзяў, рэдкіх кніг ХІХ - пачатку ХХI стагоддзя.
- Кнігадрукаванне на беларускіх землях было здаўна прыватным і манастырскім, а дзяржаўным яно стала толькі ў Расійскай імперыі, - зрабіла акцэнт Галіна Уладзіміраўна. - Таму ў нас існавала вялікая кольскасць палемічнай літаратуры і разнастайных твораў.
Таксама Г.У. Кірэева пазнаёміла з калекцыяй Статутаў Вялікага Княства Літоўскага, пачытаючы з 1619 года, з кнігамі ваеннага інжынера і тэарэтыка артылерыі Казіміра Семяновіча, распавяла пра выданні Гарадзенскай Каралеўскай друкарні, прадэманстравала рэдкія французскія кнігі ("План Парыжа 1739" і інш.), пазнаёміла з Бібліяй Францішка Скарыны (1540) і Марціна Лютара (1523), з выданнямі прац Марка Тулія Цыцарона (1540), Эўклідавай геаметрыяй (1500) і інш.
На выставе дэманструюцца заходнееўрапейскія і ўсходнееўрапейскія старадрукі другой паловы ХVI-XVIII cт., выданні знакамітых друкарскіх дамоў Еўропы, а таксама беларускія старадрукі, якія выйшлі ў свет у Куцейне, Берасці, Гародні, Магілёве, Нясвіжы, Полацку, Менску і інш. На выставе можна пабачыць кнігі з Берасцейскай друкарні Мікалая Радзівіла Чорнага і іншыя рарытэты. Г.У. Кірэева пазнаёміла з новым альбомным выданнем "100 рарытэтаў Нацыянальнай бібліятэкі". Выстава будзе працаваць да студзеня.
Э. Дзвінская, фота аўтара.
Яны запалілі ў сваіх сэрцах святло любові і радасці, святло праваслаўя
Навучэнцы 11-й лідскай школы - пераможцы рэспубліканскага конкурсу "Святло праваслаўя"
Ужо не першы год навучэнцы 11-й лідскай школы прымаюць актыўны ўдзел у рэспубліканскім конкурсе "Святло праваслаўя", арганізатарам якога з'яўляецца ДУА "Інстытут тэалогіі імя Святых Мяфодзія і Кірыла БДУ". Сёлета на конкурс былі прадстаўлены чатыры даследчыя і адна літаратурная праца, над якімі працавалі дзесяць навучэнцаў старэйшых класаў. Творчыя працы школьнікаў адзначаны Дыпломамі рознага ўзроўню.
У намінацыі "Не стаіць сяло без праведніка" былі прадстаўлены тры даследчыя работы. Праца "Алесь Мацулевіч: Давайце гартаць старонкі мінулага разам..." да Года гістарычнай памяці, аўтары Віялета Каўцэвіч і Яна Каліноўская, вучаніцы 11 класа, уганаравана дыпломам I ступені. Дыпломам II ступені ўганаравана праца вучаніцы 6А класа Кацярыны Васілеўскай "Тваё слаўнае імя, настаўнік". У гэтай жа намінацыі праца "Віктар Іванавіч Кудла - слаўны сын зямлі Лідскай", аўтары Дар'я Белавус, Ксенія Краснадубская і Мікалай Бухцееў, вучні 9 Б класа, адзначана дыпломам III ступені.
У намінацыі "Мой храм пад мірным небам Беларусі" на конкурс была прадстаўлена даследчая праца "Храм Усіх Святых горада Ліды: гісторыя і сучаснасць", аўтары Ягор Смірноў, Алена Лычкоўская і Ганна Юнда, вучні 9 Б класа, узнагароджаны дыпломамі II ступені.
На літаратурны конкурс у намінацыі "Гімн маёй душы роднай Беларусі" былі прадстаўлены вершы вучаніцы 8 А класа Лізаветы Лебядзевіч "Гімн сям'і", "Гімн маёй душы роднай Беларусі", якія былі адзначаны дыпломам III ступені.
Высокія ўзнагароды і невялікія падарункі пераможцы атрымалі з рук першага прарэктара Інстытута тэалогіі БДУ протаіерэя Сергія Гардуна. Педагогі, якія падрыхтавалі пераможцаў конкурсу, былі ўзнагароджаны падзячнымі лістамі і кнігамі духоўнага зместу.
Натхнёныя, з зарадам станоўчых эмоцый, школьнікі вярнуліся ў родны горад. Удзел у конкурсе і высокія ўзнагароды запалілі ў сэрцах дзяцей святло любові і радасці, святло праваслаўя.
Наталля Анашкевіч, класны кіраўнік 9 Б класа сярэдняй школы №11 г. Ліды.
Ліда, квітней і прыгажэй!
На клумбах горада будзе высаджана каля 200 тысяч летнікаў
Кожны з нас марыць жыць у прыгожым, чыстым і ўтульным горадзе, і спецыялістамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі шмат робіцца дзеля таго, каб гэта жаданне стала рэчаіснасцю.
У гэтыя дні ў работнікаў службы зялёнай гаспадаркі ЛГУП ЖКГ гарачая пара. Каля 200 тысяч вырашчаных у цяпліцах гаспадаркі летнікаў чакаюць свайго часу. Сярод іх сурфінія, бягонія, плюшч, пеларгонія, будра, пятунія і іншыя - усяго каля 15 відаў кветак. Узрадуюць вока жыхароў і гасцей горада і расліны, якія будуць высаджаны ўпершыню: катарантус, астэасперум, гацанія і фуксія.
Лілея Лапшына.
У Лідзе адкрыў новы сезон культурна-турыстычны праект "Замкавы гасцінец"
Наўрад ці ў нашым рэгіёне, ды і ў бліжніх раёнах знойдзецца чалавек, які не чуў бы пра гэты ўнікальны не толькі для Лідчыны, але і для ўсёй Гарадзенскай вобласці праект. Гараджане даўно называюць вуліцу Замкавую і мясцовым Арбатам і Гайд-паркам. І вось 28 траўня пасля дзевяцімесячнага "адпачынку" культурна-турыстычны праект "Замкавы гасцінец" адкрыў новы сезон. Як і летась, на працягу ўсяго лета каля сцен галоўнай славутасці - Лідскага замка - кожныя выходныя з раніцы і да позняга вечара будуць працаваць рамеснікі, гульнявыя пляцоўкі, атракцыёны, гучаць музыка.
- Дадзены старт шостаму сезону культурна-турыстычнага праекта "Замкавы гасцінец", які штогод размяшчаецца на тэрыторыі і вакол Лідскага замка, - распавядае галоўны спецыяліст аддзела культуры Лідскага райвыканкама Наталля Вайцюкевіч. - На працягу ўсяго лета каля сярэднявечных сцен будуць праводзіцца канцэртныя праграмы вядучых калектываў Лідскага раёна, вучняў дзіцячых школ мастацтваў, культурна-забаўляльныя і анімацыйныя мерапрыемствы. Гасцям і жыхарам горада мы прапануем наведванне выстаў і экспазіцый, экскурсіі, анімацыйныя прадстаўленні, інтэрактыўныя забаўкі ў стылі сярэднявечча. Праграма таксама ўключае мерапрыемствы, якія спадабаліся лідзянам па выніках мінулых сезонаў, а таксама новыя актывацыі. З вядомых абавязкова правядзём свята Купалле, фэст "Моладзевая хваля".
Мерапрыемствы арыентаваны для ўсіх узростаў. Кожны знойдзе штосьці цікавае для сябе як на вуліцы Замкавай, так і ў Лідскім замку. Лідзяне і турысты з іншых гарадоў змогуць ацаніць патэнцыял працаўнікоў усіх устаноў культуры рэгіёна, у тым ліку, бібліятэк, сельскіх дамоў культуры. Галоўнае - сачыць за абнаўленнямі афішы на лідскіх сайтах.
Ну, а тое, што ў выканаўцаў не будзе недахопу гледачоў, у рамеснікаў - пакупнікоў, у аніматараў - удзельнікаў, а ва ўсім праекце "Замкавы гасцінец" - гасцей, сумнявацца не даводзіцца. Нагоду для такой упэўненасці надаў сённяшні дзень: на адкрыцці новага сезону было хоць і не так шматлюдна, як хацелася б арганізатарам і артыстам (надвор'е правярала на вынослівасць праліўным дажджом і нават градам), але многія прыйшлі цэлымі сем'ямі. Забавак хапіла кожнаму. Праграма прадугледжвала тэматычныя і забаўляльныя пляцоўкі, майстар-клас па сярэднявечных танцах, музейна-педагагічны занятак "Школа археалогіі". На сцэне каля сцен замка перад жыхарамі і гасцямі горада выступілі навучэнцы эстраднага аддзялення Лідскай дзіцячай школы мастацтваў, працавалі экспазіцыі і выставы. Без сумневаў, праект "Замкавы гасцінец" актуальны і важны для развіцця культурнага асяроддзя горада Ліды і павышэння яго турыстычнай прывабнасці.
Вольга Капцевіч.
Іван Буднік пра сваю новую кнігу, прысвечаную паўстанню 1863-64 гг.
У Беларусі невялікім накладам выйшла чарговая кніга прысвечаная паўстанню 1863-64 гадоў. Кніга адкрывае імёны, якія ўславілі Гарадзеншчыну, як нескароны рэгіён, дзе дзеялі дзясяткі аддзелаў інсургентаў, што змагаліся з расейскімі акупантамі. Аўтар кнігі "Паўстанне 1863 - 1864 гадоў на Гарадзеншчыне: падзеі і асобы" - Іван Буднік, з ім пагутарыў карэспандэнт Якуб Сушынскі.
ЯС: Вы не так даўно выпусцілі падобную кнігу. Ці гэта дапаўненне?
- У 2013 годзе выйшла кніжка прысвечаная паўстанню і 150-годдзю пачатку паўстання. Туды ўвайшлі матэрыялы, якія ў мяне былі, а таксама адшуканыя архіўныя матэрыялы. Але прайшло амаль дзесяць гадоў і гэты мае пошукі дапоўніліся, дапоўніліся падзеі. Цікавыя падзеі былі звязаны з 2019 годам, калі быў перапахаваны Кастусь Каліноўскі, Серакоўскі ды іншыя паўстанцы ў Вільні. Там гэтыя падзеі былі прывітаны прэзідэнтамі, беларусамі. Многія тысячы людзей сабраліся на гэтыя падзеі. Многае адкрылася. У мяне цікавы матэрыял з'явіўся ў сувязі з адшуканнем кніжкі Зялінскага "Bitwy i potyczki 1863-1864", выдадзенай у 1913 годзе. Затым з Польшчы прыехаў мой знаёмы, прывёз кніжку пра сямейста Лянкевіча. Былі адшуканы матэрыялы ў архівах. Таму я вырашыў, што варта аднавіць пошукі ў сувязі з новай гадавінай і вярнуцца да падзей, дапоўніць іх. Калі ўзнікла пытанне, наколькі яна павялічылася гэтая кніжка, то трэба сказаць, што яна павялічылася ў два разы. Калі там былі толькі матэрыялы звязаныя з падзеямі ў Гародні і асобамі, то тут дапоўніліся яшчэ многімі падзеямі, што адбываліся на Гарадзеншчыне і ў суседніх раёнах. Таксама ў другой частцы я выдаў краязнаўчыя нарысы пра кіраўнікоў паўстання ў Гарадзенскай губерні і Гарадзенскім павеце.
ЯС: Значыць, яна не навуковая, а мае выразна краязнаўчую жанравасць?
- Так я б не сказаў. Яна больш навуковая, больш абапіраецца на архіўныя матэрыялы. Я тут даю спасылкі, звыш 90 спасылак на архіўныя матэрыялы і іншыя дакладныя звесткі. Матэрыялы тут, канешне, краязнаўчыя і літаратурныя, мне хацелася, каб было цікава.
ЯС: Ці будзе кніга цікавай для шырокага кола чытачоў?
- Кніга больш і разлічана на шырокае кола чытачоў. Я імкнуўся не навуковымі словамі і лексікай выкладваць і расказваць, а даступнай літаратурнай мовай. Таму я думаю, што будзе пазнавальна, асабліва ў другой частцы, дзе ідзе апавяданне пра кіраўнікоў паўстання.
Якуб Сушчынскі.
Вітаўту Кіпелю - 95 гадоў
Вітаўт Кіпель нарадзіўся 30 траўня 1927 года ў сям'і Яўхіма і Марыі Кіпеляў. Пасля арышту бацькі маці з малым сынам выехала следам за ім у Расію ў высылку (Налінск, Кіраў, Арол).
Кіпелі змаглі вярнуцца ў Менск толькі ў 1942 годзе. А ў 1944 годзе зноў сям'я была вымушана ехаць у выгнанне, гэтым разам на Захад. Такім чынам у Беларусі Вітаўт Кіпель пражыў толькі восем гадоў свайго жыцця.
У паваеннай Германіі Вітаўт Кіпель скончыў Беларускую гімназію імя Я. Купалы ў Рэгенсбургу, вучыўся ва ўніверсітэце ў Цюбінгене. У Лёвенскім каталіцкім універсітэце ў Бельгіі здабыў ступень доктара мінералогіі. У сярэдзіне 1950-х перабраўся ў ЗША. У Нью-Ёрку ён ажаніўся з Зорай Савёнак, што стала вернай спадарожніцай жыцця і аднадумцай.
Разам Кіпелі сабралі і сістэматызавалі найбагацейшую калекцыю эміграцыйных беларускіх перыёдыкаў і друкаў, выдадзеных на Захадзе.
171 скрыня каштоўных матэрыялаў была перададзеная на захаванне ў Нью-Ёрскую публічную бібліятэку. Гэты збор стаў асновай фундаментальнай працы "Беларускі й беларусаведны друк на Захадзе" - настольнай кнігі гісторыкаў эміграцыі і ўсіх зацікаўленых беларусістыкай.
Сам Вітаўт Кіпель доўгі час быў выканаўчым дырэктарам Даследчага цэнтра навукі і тэхналогіі Ньюёрскай публічнай бібліятэкі.
Ад 1982 года дзеяч займае пасаду старшыні адной з найбольш уплывовых беларускіх навуковых устаноў замежжа - Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку...
Мы віншуем Вітаўта Кіпеля з 95-годдзем і зычым яму здароўя і яшчэ доўгіх гадоў жыцця і працы на беларускай ніве!
Дзе ўжо прадаецца палёгкавы квіток за 9 еўра, ці дзейнічае ён пры правозе сабак і ровараў
Навіны Германіі
Палёгкавы квіток на праезд у грамадскім транспарце ўжо прадаецца ў Германіі. Набыць яго можна, напрыклад, праз дадатак DB Navigator ці ў без малога 5 500 аўтаматах Deutsche Bahn, а таксама ў больш за 400 турыстычных цэнтрах DB на чыг. вакзлах.
Паколькі палёгкавы праязны дзейнічае на працягу месяца ва ўсіх федэральных землях і гарадах краіны, асацыяцыя транспартных кампаній Германіі (VDV) працуе над стварэннем сумеснага стандартызаванага дадатка, праз які таксама можна будзе набыць квіток. Дакладнай даты, калі дадатак для продажу квіткоў будзе гатовы - няма. Аднак, па дадзеных VDV, ён з'явіцца да 1 чэрвеня.
Нагадаем, што квіток дзейнічае на адзін каляндарны месяц у чэрвені, ліпені і жніўні. Гэта значыць, тыя, хто плануе набыць квіток у сярэдзіне чэрвеня, 1 ліпеня будуць павінны купіць новы. Цана квітка - дзевяць еўра. Калі квіток купляецца ў сярэдзіне месяца, сума застаецца такая ж. Квіткі таксама можна набыць адразу на ўсе тры месяцы,заплаціўшы 27 еўра, паведамляе Deutsche Bahn.
Дзеці да 6 гадоў могуць карыстацца грамадскім транспартам бясплатна. Усім астатнім жыхарам краіны патрэбен праязны. Цана дзіцячага квітка роўная цане дарослага.
Каб мець магчымасць правозіць ровары ў рэгіянальных цягніках, неабходна набыць дадатковы квіток. Аднак, калі ва ўладальніка абанемента правоз ровара ўключаны ў тарыф, дадзеная перавага будзе працягваць дзейнічаць для іх "у адпаведнай зоне дзеяння", тлумачыць міністэрства транспарту. Гэта значыць, у пасажыра, які купіў абанемент на 12 месяцаў на праезд па Франкфурце-на-Майне, уключаючы правоз ровара, можа і цяпер, з квітком за 9 еўра, браць з сабой ровар у Франкфурце. Аднак у Штутгарце ці Мюнхене, напрыклад, на правоз ровара яму патрэбен будзе дадатковы квіток.
Ці патрэбен дадатковы квіток для сабак? Як паведамляе прэс-служба DB, уладальнікі сабак не маюць права правозіць гадаванцаў з сабой маючы на руках квіток за дзевяць еўра. Іх можна правозіць у звычайным парадку ў адпаведнасці са звычайнымі тарыфнымі правіламі адпаведнай транспартнай асацыяцыі. Гэта значыць, бясплатна можна правозіць маленькі жывёл. А для вялікіх сабак дзейнічаюць стандартныя тарыфы. Таму сабакарам варта атрымаць інфармацыю на сайтах чыгункі.
Наш кар.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
З "Беларуска-індзейскай энцыклапедыі" і анталогіі "Індзейцы вачыма беларусаў"
(Працяг, пачатак гл. у № 19)
Жыццё сярод індзейцаў Б. Гарадынскага, наведванне іх тэрыторый такімі рознымі людзьмі, як Ю. Нямцэвіч, І. Дамейка, А. Барскі і А. Шукелойць, Д. Пухлоў, сустрэчы і супрацоўніцтва з імі, напрыклад, навукоўцаў (К. Ельскі, Б. Малкін, М. Аніковіч) - гэта складае асноўную частку корпуса апісанняў кантактаў - працяглых або кароткіх - але часам вельмі яскравых, у чымсьці вельмі драматычных - непасрэдных кантактаў, узаемасувязей паміж ураджэнцамі Беларусі, сталымі яе жыхарамі, любымі асобамі беларускага "этнічнага" паходжання (хаця б "на 1/32") і індзейцамі (на "1/32" і нават менш). Многія з гэтых людзей як з "польскага", так і некаторыя падобныя да іх з "рускага" боку (і "савецкія"), не ўспрымаюцца як удзельнікі ўласна беларуска-індзейскіх сувязей. Штосьці "беларускае" безумоўна магло прысутнічаць у іх "па голасе крыві", з-за памяці пра карані, але вызначальнымі былі польскія і рускія арыентацыі, якія абумовілі прыналежнасць да народаў, якія здолелі зарэкамендаваць сябе каланізатарамі і ў Еўропе, і ў Амерыцы.
Мы ўключаем у энцыклапедыю і анталогію ўсіх без выключэння ўраджэнцаў Беларусі ў сучасных межах, але існуе праблема ўраджэнцаў частак "беларускіх губерняў" па-за "сучаснымі межамі". Асоб з гэтых "анклаваў" без даказанай "беларускай крыві" і не ўстаноўленым дакладным месцам нараджэння мы часам "пробна", "з агаворкай", "дыскусійна" ўключаем (праблема найбольш тычыцца Віцебскай губерні, адкуль паходзіў удзельнік кругасветнага плавання Г. Зівальд і многія маёнткі, фальваркі якой сталі часткай "Атлантыды").
БАГУН Лаўрэн - адносіцца да катэгорыі ўдзельнікаў "псеўдакантактаў", прадукт містыфікацыі. Мы рана атрымалі ўяўленне, што калі Лаўрэн Багун і / або некаторыя з польскіх эмігрантаў у Віргініі, да якіх памылкова аднеслі верагоднага англасакса Багуна, мелі беларускае паходжанне, то менавіта ад іх ідуць першыя прамыя беларуска-індзейскія кантакты. Але Багун з Беластока - гэта выдумка ва ўспамінах-фантоме Збігнева Стэфанскага (нібыта напісаных у 1625 г.). М. Ваньковіч падкрэслівае "мірны" характар працы "галоўнага лекара калоніі". Але В. Кіпель у сваім артыкуле пра "пачаткі" дыяспары (1975) прама піша, што ён ваяваў: "Бываўшы ў частых сутычках з Іньдзейцамі і выдатна вызначыўшыся ў змаганьні, ён у гэных сутычках і загінуў".
"Мы не лічым яго беларусам, а палякі дагэтуль не даказалі, што яго продкі сапраўды былі з Беласточчыны. Ніхто з нас не можа і не хоча выконваць у гэтай праблеме ролю Яўхіма Лелявеля (як вядома, гэты славуты гісторык з часткай беларускай крыві ўвёў ва ўжытак легенду аб польскім папярэдніку Калумба, Яне з Кёльна). Ці трапляліся Вам мясцовыя публікацыі, дзе б згадваўся Лаўрэн Багун?" (З нашага ліста С. Яновічу 24.4.1989).
Што датычыць беларусаў у Амерыцы ў перыяд з 1609 па 1774 г. (ад сведчання пра знаходжанне ў Віргініі Л. Багуна да прыезду ў Паўднёвую Амерыку першага дакладна вызначанага ўраджэнца Беларусі - К. Карніцкага), то сапраўды вядомы факт запрашэння ў верасні 1659 г. губернатарам Новай Галандыі Петарам Стайвесантам праз Заходне-Індыйскую кампанію палякаў, ліцвінаў і прусакоў, выгнаных з радзімы за прыналежнасць да арыянства. Уладам калоніі былі неабходны пасяленцы для запланаванага пасялення на Гудзоне. Мы таксама задавалі Кіпелю такое пытанне: "20. Якія кантакты з індзейцамі меў Абрахам Ісаак Абрахамс (1720-1796, Нью-Ёрк), яўрэй "літоўскага" паходжання, у 1753 г. жыў у Нью-Ёрку (ці ўраджэнец Беларусі ў сучасных межах) (праблема першага дакладна ўстаноўленага ўраджэнца Беларусі ў Амерыцы); хто з беларускіх або "літоўскіх" яўрэяў быў першым у Амерыцы?" (16.03.1990).
БОНЧ-БРУЕВІЧ Уладзімір - мы не ведаем, ці расказваў Бонч-Бруевіч Леніну, сакратаром якога быў, пра гэты эпізод - яшчэ да таго, як ён быў (пры жыцці Леніна) надрукаваны, але гэта адна з самых нашых любімых, лірычных старонак у гісторыі беларуска-індзейскіх сувязей, якую мы ў часопісе "Зялёны край" назвалі ""Ленін і дзеці" па-канадску".
У. Д. Бонч-Бруевіч, які зацікавіўся рускім сектанцтвам і пазнаёміўся з духаборамі ўжо ў 1898 г., калі ён са Швейцарыі паехаў у Англію, каб дапамагчы ў перасяленні іх з Каўказа за акіян, у 1899 г. суправаджаў у Канаду апошнюю, чацвёртую партыю. Ён правёў каля года ў Манітобе і Саскачэване, дзе духаборы, як пісаў пазней С.М. Маркаў, "узялі на сябе цяжкую працу па асваенні дзікіх зямель", у прыватнасці акругі Прынс-Альберт.
У сваёй працы "Духаборцы ў канадскіх прэрыях", якой папярэднічала серыя публікацый у расійскіх выданнях і якую пачаў у 1916 г., ва ўмовах "ваеннай" папярэдняй цэнзуры, але і пасля рэвалюцыі здолеў выдаць, верагодна, толькі часткова (ч. 1, 1918), параўнаў жыццё ў Расіі і Канадзе, у паўднёвай і паўночнай калоніях (адпаведна ёрктанскія і прынс-альбертаўскія духаборы), а таксама адносіны іх і іншых белых пасяленцаў да карэнных жыхароў: "У. Бонч-Бруевіч адзначае, што рускія пакарыцелі прэрый, у адрозненне ад іншых еўрапейцаў у Канадзе, выключна па-сяброўску ставіліся да бяспраўных, забітых індзейцаў. Зусім не выпадкова індзейцы пачалі падсоўваць свае вігвамы да аколіц рускіх вёсак". (Маркаў, несумненна, у шматлікіх дэталях і ў цэлым ідэалізаваў рускіх - тут і духабораў. Духаборы сапраўды, як і ў цэлым рускія, выглядаюць часта лепш, больш наіўна-душэўнымі, чым іншыя каланізатары, хаця сам Бонч-Бруевіч заўважаў, што ўнутранае братэрства гэтых "сектантаў" далёка не аднастайнае. І іх дзівацтвы былі не заўсёды бяскрыўдныя.)
Хаця ёсць яшчэ версія М. Шуканава, больш мастацкая, пераклад тут наш: "Няшчасныя, забітыя індзейцы, што расставілі паблізу свае вігвамы, хутка прывыклі да духаборцаў і нейкім чуццём зразумелі, што яны не будуць крыўдзіць іх, але, праўда, і тут бывалі нечаканасці".
Бонч-Бруевіч прыгадвае выпадак, калі ён з блакгаўза пачуў крыкі і выйшаў паглядзець, што адбываецца на беразе Лябяжай ракі (Суон-Рывер): "Бачу індзеец шукае броду для сваёй каляскі, дзе сядзелі яго тры жонкі і куча дзяцей. Рака ўзнялася ад дажджоў. Вось ён знайшоў сяк-так брод і перабраўся на наш бок. Далей яму трэба было ехаць на стромкі бераг, каб выбрацца на дарогу. Яго худая каняка ніяк не магла выцягнуць даволі загружаную каляску. Духаборскія дзеці, якія гулялі тут, стралой паімчаліся на вёску, паведамляючы пра бяду індзейца. Адразу ж прыбеглі з дзясятак хлопцаў і жанчын і акружылі каляску. Жонкі індзейца ў жаху ўскочылі на каляску, дзеці разам закрычалі, заплакалі, а няшчасны нашчадак цароў свабодных стэпаў зняў шапку і пачаў хутка, нізка кланяцца, спяшацца і з усіх сіл біць каня. Калі адзін з духаборцаў узяў каня за аброць, індзеец у страху затросся, а ў гэты час астатнія духаборцы дружна падхапілі таратайку і разам з жонкамі і дзецьмі ў адно імгненне вынеслі яе на вяршыню гарыстага берага. Індзеец зарагатаў на ўсю моц, стаў кланяцца, прыціскаць руку да сэрца, жонкі прыемна ўсміхаліся, а дзеці разам перасталі лямантаваць, усё яшчэ ў страсе хаваючыся за мацярок".
Духаборкі запрасілі іх, выкарыстоўваючы "мову жэстаў", выпіць гарбаты. Удзячны індзеец і яго жонкі знакамі ж адмовіліся, але духаборскія жанчыны "яшчэ раней зразумелі сутнасць справы і паімчаліся кудысьці; не паспеў індзеец яшчэ крануцца, як вярнуліся жанчыны і хутка, дзелавіта, па-гаспадарску сунулі ў нейкі мяшок на таратайцы індзейца вялікі бохан хлеба, дзясяткі тры печаных бульбін, край нейкага пірага і солі ў мяшочку".
"Індзеянкі і іх муж былі ўражаны, а жвавыя дзеткі хутка нырнулі ў мяшок і кожны адразу ж выцягнуў па бульбіне...
Індзеец крануўся, увесь ззяючы, са смехам паказваючы пугай на земляныя дахі духаборскіх хат, якія густа зараслі травой".
Са спачуваннем, разумеючы, што індзейцы не прызвычаіліся да такога стаўлення да сябе, духаборцы пажадалі сям'і шчаслівай дарогі.
Бонч-Бруевіч занатаваў ацэнку, дадзеную духаборамі індзейцам: "Добры народ, толькі забіты вельмі, бедны, таму і брудны, а які гасцінны, ласкавы"…
Зразумела, што "па вігвамах ішла паўсюль добрая пагалоска пра духаборцаў", у той час як, напрыклад, з ірландцамі было "шмат цяжкага".
Пераязджаючы ад аднаго духаборскага паселішча да другога на "пары хуткіх індзейскіх конікаў" - "пяшчотныя сябры" Джы і Джой (духаборы куплялі коней у індзейцаў у форце Пеле), - Бонч-Бруевіч і яго жонка ўрач В. М. Вялічкіна не толькі дапамагалі новым пасяленцам уладкавацца, запісвалі іх фальклор, але і назіралі за жыццём іншых этнічных груп, хаця апошняе не знайшло істотнага адлюстравання ў запісах.
ЗІВАЛЬД Генрых - нават тыя, хто знаходзіўся толькі на Алеуцкіх астравах або ў раёнах, населеных эскімосамі, маглі сустрэцца з тлінкітамі, атапаскамі. Тым больш усе, хто пабываў у сталіцы Рускай Амерыкі Нова-Архангельску і ў самай аддаленай кропцы калоній - цвердзі Рос. Да іх адносіцца Зівальд, яшчэ адзін з "беларуска-амерыканскіх" лекараў, актыўнай прафесіі ва ўмовах расійска-індзейскіх узброеных канфліктаў. Даведка пра яго з "Хто ёсць хто ў гісторыі Рускай Амерыкі" А. Грынёва (2009):
"ЗІВАЛЬД Генрых (Ziwald Heinrich) (1797-1829 / 1830) - доктар медыцыны (1823), ураджэнец Віцебскай губ., з немцаў, вучыўся ва ўніверсітэтах Германіі і Дэрпта (Тарту), прыняў удзел у якасці карабельнага ўрача ў кругасветным падарожжы шлюпа "Прадпрыемства" (капітан-лейтэнант О. Я. Кацэбу) у 1823-1826, які пабываў у Нова-Архангельску летам-восенню 1824 і ў лютым-жніўні 1825. Пасля заканчэння экспедыцыі З. быў узнагароджаны ордэнам Уладзіміра 4-й ступені ў 1826. Пазней удзельнічаў у руска-турэцкай вайне (1828-1829) як палкавы ўрач і памёр у Нікалаеве ў 1829 ці 1830".
На Алясцы 24-гарматны шлюп дапамагаў супрацьстаяць кантрабандыстам і пагрозам з боку індзейцаў, але яго місія каля берагоў Каліфорніі была больш спакойнай (Кацэбу, апісваючы свае ўражанні ў час наведвання цвердзі восенню 1924 г., пісаў: "Насельнікі сяла Рос жывуць у міры і згодзе з мясцовым насельніцтвам"). Такім чынам, Зівальд быў адным з ранніх выхадцаў з беларускіх губерняў (ураджэнец маёнтка Лавіша, аднесці які да гэтага або таго боку сучаснай дзяржаўнай мяжы маглі б дапамагчы краязнаўцы), хто кантактаваў з індзейцамі ў Росе. У якім у адносінах расіян і індзейцаў сапраўдны аж да ад'езду першых заставалася параўнальная гармонія…
Шлюп заходзіў і ў іншыя пункты на амерыканскім кантыненце.
ЛІТВІНАЎ Марк - жыхар Таронта, 5.05.1990 г. адказаў на наш ліст ад 13.04.1990 г. (пазней мы звярнуліся з аналагічнымі пытаннямі да ўсёй "рускай" грамады Канады праз газету "Вестник" - наш ліст з'явіўся ў ёй 1.12.1990 г.). У першым абзацы ён тлумачыць, чым займаецца (быў таксістам, але з-за сямейных, фінансавых акалічнасцей займаецца прыборкай у офісах) і якія яго прыкладныя адносіны да Беларусі - з якіх можна меркаваць, што ён мае беларускія карані, улічваючы прозвішча і сваякоў у "Літве": "Мой бацька з Урала, а маці з Уладзі вастока. Я дакладна не ведаю пра літоўцаў, але ў мяне цётка ёсць, якая з Літвы, а ў нас была кніга Даля - прыказкі з Расіі, дзе было напісана слова ліцвін, і так раней называлі літоўцаў. А наконт беларусаў, дык я ведаў беларуса - Казіміра, ці Пятра Казіміравіча - другі муж маёй нябожчыцы бабулі, і ён таксама памёр даўно, да бабулі.
З індзейцамі я шмат не сустракаўся, бо яны жывуць на рэзервацыях і толькі з'яўляюцца ў горадзе Таронта, калі шукаюць працу. Але я хадзіў у школу з адным індзейцам, і ён быў сынам чыфа Chipewa (sic) tribe. Яму нельга было жыць дома таму, што ягоны старэйшы брат абрабаваў банк і бабуля яго не хацела яго глядзець. Ён быў старэйшы за астатніх вучняў у класе. Ён жыў у чужой сям'і і быў adopted праз Сhildren's aid society. У яго былі праблемы з марыхуанай, і ён мусіў бачыць Social worker. Ну, на жаль, гэта ўсе мае адказы на ваш ліст. Уражанні ў мяне пра індзейцаў, што яны маюць праблемы з забруджваннем вады і знішчэннем лесу".
МАРЦІНОЎСКАЯ Ядвіга - адзін з першых асобных "рэпартажаў" (падарожных нататак) з Паўднёвага Захаду, які мы маем у нашай анталогіі, належыць гэтай ураджэнцы в. Старая Беліца пад Гомелем - па маці з Перасвет-Солтанаў. Пісьменніца, феміністка, падарожніца, яна найбольш апісала Усход; жыла ў Радаме, там жа пры цары яе знявольвалі. Загінула ў Варшаве ў 1943 г. пры здарэнні з трамваем.
Яна знаходзілася ў ЗША з 1922 па 1938 г., працуючы ў польскіх прадстаўніцтвах (консульстве ў Чыкага і пасольстве ў Вашынгтоне), рэдакцыях выданняў "Дзеннік людовы", "Новы Свят" і "Polіsh Press Іnformatіon Bulletіn" (жыла ў Пітсбургу, Лос-Анджэлесе і Сан-Францыска). Сярод польскіх выданняў у Еўропе, у якіх яна змяшчала амерыканскія матэрыялы, - "Блюшч" (1922-1925), "Газета польская" (1937-1938). Нарыс з паказальнай назвай "У неамерыканскай Амерыцы. Напеў ветру на ўзвышшах Новай Мексікі", надрукаваны ў "Тыгодніку ілюстраваным" (7.05.1927), прысвечаны падарожжу Марціноўскай па Нью-Мексіка, Каларада і Арызоне і незвычайным уражанням з яго. Разважаючы пра індзейскія стэрэатыпы, яна піша: "Тым часам побач з плямёнамі паляўнічымі і качавымі, у пэўных частках сённяшняй злучанаштатаўскай дзяржавы існаваў ад вякоў люд аселы, арганізаваны ў самакіравальныя камуны". Нарыс ілюстраваны фатаграфіямі прыроды Паўднёвага Захаду і "тыпу прыгожай індыянкі", "індзейскай вышывальшчыцы", "дагістарычнага скальнага горада" ў Каньёне Фрыхолес. У ім згадваецца і Каньён апачаў ("Canon de Apache", "Kanjon Apaszоw")…
МАРЭНШЫЛЬД Георгій (фон) (Джордж дэ) - мазыранін, праславіўся сваім кароткім "зямляцкім" сяброўствам з Л. Х. Освальдам. Яго сведчанні, напісаныя для знакамітай Камісіі Уорэна (былі ў друку некалькі разоў, у 1979 г. - у т. 12 публікацыі "слуханняў" адпаведнага камітэта ў ніжняй палаце Кангрэса), - гэта адзін з самых "гучных" тэкстаў у гісторыі беларуска-індзейскіх сувязей. У ім ёсць шэраг месцаў, што адлюстроўваюць спачувальнае стаўленне Освальда і самога Марэншыльда да індзейцаў, напрыклад, напісанае з горкай іроніяй у сувязі, адначасова, з Освальдам і гістарычнай практыкай скальпавання: "пазней неяк індзейцаў, жорсткіх і пагардлівых, абвінавацілі ў гэтай непрыемнай працэдуры". У сваіх рэфлексіях Марэншыльд выступае як здзіўляльна смелы вальнадумец, які не быў "аслеплены" сістэмным антысаветызмам, што адрознівала яго ад брата-саветолага Дзмітрыя.
Імкнучыся паўплываць на свой прыгнечаны псіхічны стан пасля смерці адзінага дзіцяці, ён і жонка Жана (народжаная Яўгенія Фаменка), жыхары Даласа (Тэхас), накіраваліся ў падарожжа ў Цэнтральную Амерыку і Карыбскі басейн. Яно працягвалася каля 9 месяцаў - верагодна, і па старой "Каміна рэаль" па карце, якую Марэншыльд меў. Знайшліся сведкі, якія паведамілі пра "дзікія гісторыі", якія расказвалі Марэншыльды, - пра нападзенні індзейцаў і пра тое, як прасякалі сабе шлях праз джунглі. Яны рабілі запісы і фатаграфавалі, збіраліся напісаць кніжку для дзяцей і прадаць фота часопісу "Лайф". Ні тое, ні другое не ўдалося.
"Гэтае падарожжа пачалося ў кастрычніку 1960 года, і мы вярнуліся з Панамы цывілізаваным шляхам на самалёце, спачатку на Ямайку, а потым на Гаіці, дзе добра адпачылі.
Падчас гэтай хіджры ["перасялення"] мы поўнасцю адарваліся ад усіх выгод, спалі выключна па-за памяшканнямі, на зямлі, елі ўсё, што прадаюць індзейцы, і я час ад часу абменьваў свае веды аб мінералах на запасы ежы. Мы свабодна хадзілі, колькі хацелі, спачатку павольна, пазней значна хутчэй, кіруючыся старымі горнымі картамі і компасам. Мы лёгка страцілі шмат агіднага тлушчу і праз тры месяцы сталі худымі і бронзавымі, як дзікуны, здольныя бегчы на высокую гару не задыхаючыся.
Плёнка, што перыядычна здымалася, паказвала гэтую дзіўную перамену ў нас, ад размазні да здаровых асобін, астатняе складалася з прыгожых пейзажаў, з індзейцаў, якіх мы сустракалі, з нашага цудоўнага манчэстэрскага Нерона і з нашага непрадказальнага мула - Кандэсы.
Мы спыніліся на ранча на поўдзень ад Панамскага канала і пакінулі там сваю муліцу, каб яна адпачыла ад цяжкай працы. Спадзяюся, што яна скончыла сваё жыццё мірна".
МІНСКЕВІЧ Сяргей (Серж) - арыгінальны тэкст на тарашкевіцы "Успаміны камандзіра беларускіх скаўтаў пра паў ваў 1992 года ў Ленінградскай вобласці" ўпершыню змешчаны ў "Весніку БІТ" (2014. 15 ліп. № 39). З электроннага паведамлення Мінскевіча (7.07.2014): "Дарэчы, некалі напачатку 90-х я прысутнічаў на паў ваў пад Піцерам. Я быў камандзірам у беларускіх скаўтаў, пад Піцерам праводзіўся міжнародны злёт скаўтаў, а непадалёк размесціліся індзеяністы. Некалькі тыпі. Былі ролевыя гульні - бледнатварыя супраць чырвонаскурых. А пасля прыехаў індзеец з ЗША і правёў паў ваў. Шкада, я не помню, з якога племені ён быў і як яго звалі... Усё-ткі памяць падводзіць... Але вось такі факт у маёй біяграфіі ёсць. Цікава было знаходзіцца ў тыпі".
Серж Мінскевіч успамінае (8.07.2014): "Гэта было ў 1992 годзе. Я нават пераначаваў у адным тыпі, у сям'і расейцаў, якія адмовіліся ад цывілізацыі і вырашылі жыць ладам жыцця паўночна-амерыканскіх індзейцаў. Яны дамовіліся з саўгасам, што пажывуць на яго землях. Лавілі рыбу, збіралі ягады, грыбы. Марылі паехаць у глухія мясціны ў Алтай, дзе такім чынам жывуць шмат расейскіх індзеяністаў. Нават дзяцей яны не водзяць у школы, самі іх навучаюць і таксама далучаюць да індзейскага светаўспрымання. Але ў той сям'і была гітара, і яны спявалі Цоя і расейскіх бардаў. Частавалі травяной гарбатаю і рыбаю. А той індзеец на паўваў вёў рэй, змайстраваў з галін нешта падобнае да маленькага будана, біў у бубен, танчыў вакол, неяк круціўся, прыпадаў на зямлю, уставаў, спяваў песні. Цікавыя, адрывістыя, з мімікай, рухамі цела. Пасля танчылі расейскія індзеяністы. Вечарам яны тлумачылі сэнс песень і размоў - пра тое, як павінен сябе паводзіць індзейскі мужчына. Філасофія стрыманасці - рабіць усё ў рытме прыроды, яна не спяшае, ты не спяшай, яна рэзка змяніліся, і ты будзь такім жа. Жанчына павінна быць годным дапасаваннем індзейца, тое, што дадае зручнасці жыцця, яна мае свой гонар і сваю прыроду. А ў зямной прыроды ўсюды ёсць свае духі - напрыклад, дух ракі, які дае рыбу... Трэба каб ён быў тваім сябрам... Вось што я помню..."
ПАСТУХОЎ Міхаіл - паездка, у якой удзельнічаў увесь склад КС Рэспублікі Беларусь, акрамя аднаго члена (не паехала ў ЗША В. В. Падгруша), і яго наведванне рэзервацыі коратка згадваліся ў друку (напр.: Тихиня В. "В центре внимания американского суда - человек, его права и законные интересы..." (інтэрв'ю А. Юдчыца, Народная газета, 1995, 29 верас.) Але суддзя Пастухоў даў нам асобны каментарый (л. д. 20.10.1995) пра візіт у рэзервацыю:
"Шчыра ўдзячны Вам за выказаную зацікаўленасць да паездкі суддзяў Канстытуцыйнага Суда ў ЗША.
Па Вашай просьбе паведамляем падрабязнасці аб наведванні індзейскай рэзервацыі племя паютаў у штаце Невада.
Гістарычнай радзімай племя паютаў з'яўляюцца землі, што прылягаюць да піраміднага прыроднага возера ў Невадзе, якое акружана гарамі з чырвонага і карычневага пясчаніку. Гэтыя землі былі замацаваны ва ўласнасць племя яшчэ ў эпоху Грамадзянскай вайны за незалежнасць ЗША за актыўны ўдзел у ёй прадстаўнікоў племя паютаў. Двое з іх, нават, былі прызнаны нацыянальнымі героямі ЗША.
Зараз гэтае племя налічвае каля 2 тыс. чалавек. Асноўная частка з іх моладзь. Займаюцца рыбалоўствам, жывёлагадоўляй; у зімовы перыяд выязджаюць на заробкі ў горад. Сярод індзейцаў мала пажылых людзей. Распаўсюджаны п'янства і наркаманія.
Суддзі Канстытуцыйнага Суда наведалі індзейскую рэзервацыю Пірамід-Лейк і пазнаёміліся з структурай прававой сістэмы і асаблівасцямі кіравання племя.
Каб у Вас склаліся вобразныя асацыяцыі аб мясцовасці, дзе пражывае племя паютаў, высылаем прывезены намі каляровы буклет.
Пад час гутарак з прадстаўнікамі племя (экскурсаводам і членам Савета) пытанні аб памілаванні Леанарда Пелціера і аб барацьбе за ўласную рэзервацыю ў Канадзе народа любікон кры не закраналіся.
У членаў дэлегацыі засталіся добрыя ўяўленні ад сустрэчы з індзейцамі і іх тэрыторыі.
Па даручэнні Старшыні Суда
Суддзя М. I. Пастухоў".
РАМУК Ірэна - прозвішча па мужы якой Толівер. Верагодна, гэты факт заставаўся б толькі эпізодам у сямейнай гісторыі, які б яшчэ доўга не трапляў у друк (спачатку: Сімакоў А. Неэтнацэнтрычны курс гісторыі і этнаграфіі карэнных амерыканцаў для беларускай дыяспары ў ЗША // Нацыянальная адукацыя. Тэматычны зборнік навуковых прац: Кн. IХ. Адукацыя дыяспар / навук. рэд. С. А. Яцкевіч. Брэст, 1998. С. 102-104) і інтэрнэт, калі б пра яго не паведаміў нам у двух лістах "Мальдзіс Амерыкі" В. Кіпель: "Гэтак пару гадоў таму, я спаткаў, здаецца, у Чыкага, дзяўчыну-настаўніцу, беларускага паходжаньня, добра размаўляла і валодала беларускай мовай, якая пару гадоў працавала настаўніцай недзе на індзейскай рэзэрвацыі ў штаце Мантана" (6.02.1990) . "Гэта актыўныя ў амэрыканска-грамадзкім жыцьці асобы, і іх дачка Ірына працавала настаўніцай у рэзэрвацыі. Найпэўнейшы адрыс для яе - гэта бацькоўская паштовая скрынка! Пішыце і пытайце, што Вас цікавіць. Я зь імі гутарыў аб Вас" (10.4.1990).
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Вайна ў 1920 годзе*
Успаміны і разважанні
Генерал Люцыян Жалігоўскі
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Сувязі не было надалей ані з арміяй, ані з групай генерала Ендрыеўскага. Камандзір ХІХ брыгады палкоўнік Малахоўскі даносіў пра рух непрыяцельскіх калон справа ад яго ў кірунку на паўднёвы захад. Ані на поўначы, ані на поўдні не было чутно адгалоскаў баёў. З Браслава сігналізавалі, што масы непрыяцельскай кавалерыі пасоўваюцца на захад. Я вырашыў 8-ю і 10-ю дывізіі сканцэнтраваць у раёне Шаркаўшчыны. Я быў упэўнены, што расійская армія выконвае манёўр з мэтай акружэння абедзвюх дывізій, таму аргнізаваў выведку ва ўсе бакі, шукаў выхаду з той невыразнай сітуацыі. Адначасова я меў слабую надзею, што будзе нашае контрнаступленне з паўднёвага захаду, а гэта дасць мне магчымасць узаемадзеяння з тым контрнаступленнем у любым кірунку. Я адаслаў усе непатрэбныя абозы. А таксама шпітальны авангард у кірунку на Паставы. Перад імі выйшлі грузавыя аўтамабілі з кулямётамі. Мелі яны заданне заняць выхад з балот каля вёскі Казяны, а таксама бараніць абозы ад атак кавалерыі.
Наколькі ў кірунку Дзісны і Пагоста сітуацыя была невыразная, настолькі ясней вырысоўвалася ў кірунку Глыбокага і далей на поўдзень. Наша 1-я армія выконвала гвалтоўнае адступленне, а 8-я і 10-я дывізіі былі пакінуты свайму лёсу. Я чакаў на сканцэнтраванне ўсёй групы.
Тут трэба дадаць, што ў чаканні наступлення штаб 1-ай арміі разаслаў у падраздзяленні вельмі старанна выкананую схему лініі і вузлоў абароны на ўсёй тэрыторыі. Праца тая патыхала руцінай і неразуменнем рухомай вайны і ўзніклай сітуацыі. План гэты не ўдалося - простая рэч - прымяніць пасля пачатку наступлення, то і калі су-вязь з арміяй была страчана, падраздзяленні не ведалі, што маюць рабіць.
У выніку, калі група Ендрыеўскага адступала на поўдзень, 8-я дывізія ішла на поўнач, група Савіцкага - на захад, а 10-я дывізія стаяла на месцы. Было б яшчэ горш, каб мы ўзялі Дзісну і цяпер мусілі яе бараніць.
Такі быў вынік наступальных планаў на поўначы і высоўвання паўночнага крыла на ўсход.
Пасля паўдня адшукалі досыць неспадзявана, нейкім акружным шляхам, тэлефонную сувязь з Дунілавічамі, дзе знаходзіўся генерал Ендрыеўскі. На маё пытанне пра сітуацыю генерал адказаў, што яго група знаходзіцца ў адступленні на паўднёвы захад. Размова трывала вельмі коратка, бо генерал паведаміў, што не мае часу і чуе кулямётны агонь. На маё далейшае пытанне, ці ад камандавання арміі няма для мяне загадаў, адказаў, што загадаў няма і ён нічога не ведае.
На тым размова перарвалася, а разам з ёй і сувязь не толькі з 1-ай арміяй, але, выказваючыся вобразным стылем нашых праціўнікаў, "з усім буржуазным захадам".
Стала для мяне відавочным, што армія не толькі супрацьдзеяння, але наогул ніякага манёўру выканаць не можа.
Трэба было дзейнічаць на ўласны розум.
IV. Адход
Рашэнне. - Марш на Варапаева. - Намер абароны Вільні. - Дэпеша з Солаў з прапазіцыяй стварэння моцнай групы.
Сітуацыя была выключная, і паўставала пытанне, ці не належыць яе выкарыстаць якім-небудзь спосабам. Існавала магчымасць удару на Глыбокае. Ведаў, аднак, што 8-я дывізія адступае з баямі і праўдапрадобна, падходзячы да Шаркаўшчыны, будзе мець непрыяцеля на плячах. Акрамя таго з боку Лужкоў і Германавічаў у кожную хвілю мы маглі чакаць атакі.
Якую карысць мог прынесці такі ўдар?
Можа, атрымалі б лакальны эфект, але рызыка ўблытвання абедзвюх дывізій у значна цяжэйшую сітуацыю была вельмі вялікая. Аднак найважнейшым момантам, які гаварыў супраць удару, было тое, што армія, будучы ўжо ў поўным адходзе, не магла яго выкарыстаць.
Пад вечар прыбыў у Шаркаўшчыну палкоўнік Пажэрскі, які камандаваў у той час 8-й дывізіяй. Праз пару гадзін мела прыбыць яго дывізія. Неўзабаве падышла ХХ брыгада. З ХІХ быгадай сувязі не было.
Ноч з 5 на 6 ліпеня мінула ў нярвовым чаканні.
Найважнейшай задачай быў вывад групы з балот, якія вельмі моцна абцяжарвалі магчымасць рухаў. Прадбачыў, што Казяны і Цверач заняты непрыяцельскай конніцай, Варапаева і Дунілавічы яго пяхотай. Вырашыў шукаць выйсця ў Варапаеве, а з той мэтай выйсці з Шаркаўшчыны з такім разлікам, каб на той пункт выцяць на світанні.
Паколькі баявы ўдарны пункт звычайна перасоўваўся з усходу на захад і поўдзень, то я вызначыў у якасці перадавой аховы групы ХХ брыгаду палкоўніка Сікорскага, і сам разам з ёй вырушыў. 8-я дывізія, якая маршыравала з Пагоста ў пастаянным кантакце з непрыяцелем, забяспечвала тылы. Артылерыя і абозы маршыравалі пасярэдзіне.
З Шаркаўшчыны штаб групы выйшаў 6 ліпеня пасля паўдня. Маршал Пілсудскі ў сваёй працы "1920 год" падае, што дывізія пакінула Шаркаўшчыну 5 ліпеня. Таму трэба сцвердзіць, што група выйшла толькі 6-га вечарам і што расейцы мелі звыш двух сутак для арганізацыі свайго "Сядану". Суцяшэннем у той сітуацыі было, што група, як падаецца, не скампраментавала сябе залішне паспешным адходам, зразумелым у такой сітуацыі.
Адна рэч, якая мяне непакоіла, была адсутнасць сувязі з ХІХ брыгадай. Конныя выведнікі, якія дабраліся да Лужкоў, сцвярджалі, што яе там няма. Вырашыўшы на світанні 7 ліпеня выцяць на Варапаева, спадзяваўся, што ўстанаўлю з ёй сувязь.
Падчас маршу чуліся ад Шаркаўшчыны водгукі слабога агню пяхоты і артылерыі. Выходзілі адтуль апошнія падраздзяленні 8-ай дывізіі. Перад развілкай дарог, якія вялі на Варапаева і Казяны, правёў агляд маршыраваўшых падраздзяленняў. Усюды панаваў узорны парадак. Усе разумелі значнасць сітуацыі і чакалі вырашальнага сутыкнення з непрыяцелем. З Борак выслаў конных выведнікаў дарогай на Варапаева.
Праліўны дождж зусім сапсаваў і так дрэнныя дарогі. Вазы гразлі ў твані, а па кругляках, якімі была выкладзена дарога, асабліва цяжкім быў праезд для артылерыі абедзвюх дывізій. Гэтая шматлікая артылерыя, якая мела вельмі невялікую колькасць снарадаў, была з-за кепскага стану дарог хутчэй цягасцю, чым дапамогай. На выпадак нейкай акцыі мелі б з ёю вялікія цяжкасці, бо не магла з'ехаць з дарогі. Наогул, балоты рабілі немажлівым заняцце той ці іншай пазіцыі.
А 2-ой гадзіне ночы атрымаў амаль адначасова два данясенні ад коннай выведкі. Першае, што ў Варапаеве няма непрыяцеля, другое, што ХІХ брыгада знаходзіцца ў Мосары, дзе займае плацдарм перад фронтам на поўдні. Як мне апавядаў пазней палкоўнік Малахоўскі, ён маршыраваў на адной хуткасці з расійскімі падраздзяленнямі.
На світанні пачаўся выхад з балот. Паслаў эскадрон конных выведнікаў з загадам заняць Дунілавічы. Пад прыкрыццём 10-й дывізіі, якая заняла і ўтрымлівала Варапаева, а потым і Дунілавічы, распачаўся выхад абозаў, артылерыі і 8-й дывізіі. А 10-й гадзіне ўсё было скончана.
Мы стаялі на цвёрдай зямлі, падрыхтаваныя да бою. Атрымалі адпачынак да 15 гадзін. Кантакту з непрыяцелем і сувязі з камандаваннем арміі і надалей не было.
Вырашыў рушыць на Вільню.
У Варапаеве трапіў у нашыя рукі раз'езд, які складаўся з 10 казакаў на чале з афіцэрам. Ад іх даведаліся, што брыгада конніцы, якая ўваходзіла ў склад 15-й арміі, знаходзіцца недзе ў гэтай ваколіцы і рухаецца на злучэнне з корпусам Гая. Мы павінны былі быць гатовымі да сутыкнення з большымі падраздзяленнямі конніцы, і таму я згрупаваў аддзелы ў вялікі чатырохкутнік, у сярэдзіне якога знайходзілася артылерыя і абозы. Бакі таго чатырохкутніка даўжынёй па пару кіламетраў пасоўваліся па палявых дарогах у кірунку на Манкевічы (10-я дывізія) і Паставы (8-я дывізія).
Наваколле было пустое. Ані следу сваіх, ані непрыяцеля. Я прадбачыў, што Вільні пагражае корпус конніцы, і, не маючы нічога для работы на поўначы, я прыспешыў тэмп маршу ў кірунку на Кабыльнік.
Я ведаў, што Вільня была ўфартыфікавана так званай лініяй Шаптыцкага. На самай справе было гэтае ўфартыфікаванне слабое, але ва ўсякім разе складалася з досыць саліднай лініі дроту на пару кіламетраў на ўсход ад горада. Выбралі тую лінію добра, і належала толькі парабіць апорныя пункты, каб горад мог абараняцца досыць доўга. Нават калі б гэтая лінія была прарваная, то цэлы шэраг пагоркаў, а далей мураваных будынкаў рабіў з Вільні фартэцу не латвую для ўзяцця.
Я лічыў, што ўсё тое, што мы мелі на поўнач ад Вільні, а гэта значыць 10-я і 8-я дывізіі пяхоты, група Савіцкага, Барушчака, малыя маршавыя часткі, нарэшце ахова літоўскай граніцы мусілі б сабрацца ў Вільні. Як жыхар Віленшчыны я заўсёды зайздросціў Львову і яго гераічнай абароне ў 1918 годзе. Я лічыў, што цяпер чарга прыходзіць да Вільніі і яшчэ больш прыспешваў тэмп маршу.
9 ліпеня вечарам група спынілася ў Кабыльніку. Тут атрымаў першы ад пачатку адходу загад камандавання 1-ай арміі.
Загад той накіроўваў дывізію паміж азёрамі Свір і Вішнева, а потым на Жодзішкі. Дапускаю, што тут зроблена найвялікшая памылка вайны 1920 года, бо адмовіліся ад абароны Вільні і што потым ідзе Гародня з лініяй Нёмана. Не толькі аддавалі горад, дарагі сэрцу кожнага з нас, і пазбаўлялі насельніцтва магчымасці прадэманстраваць сваю гарачую прывязанасць да Польшчы, але паказвалі поўную адсутнасць стратэгічнага плану. Калі нешта магло апраўдаць трыманне кардону на Аўце і Беразіне, то толькі існаванне вялікага стратэгічнага плану. Планам тым было б нармальна раздзяліць увесь паўночны фронт на дзве групы, з якіх адна - паўднёвая - абапіралася б на Брэст-Літоўск, другая - паўночная - на Вільню і лінію Нёмана разам з Гародняй.
Быць можа, што ўдары прымусілі б нас да адступлення на лінію Нёмана, пакуль дывізіі з паўднёвага фронту не ўзялі б удзел у бітве. Пры існаванні аднак вялікай групоўкі на поўначы гэтае адступленне было б манёўрам, які зрабіў бы магчымай эвакуацыю Вільні, трыманне на прыймальнай адлегласці нашых супляменнікаў, а таксама новых непрыяцеляў - ковенскіх літоўцаў, а перадусім абарону Гародні, якая тады была б ключом стратэгічнай і палітычнай сітуацыі нашай поўначы.
Мушу прызнаць, што той падзел фронту на дзве маняўровыя групы падаўся мне настолькі натуральным і абавязковым, што першае ўражанне, якое атрымаў пасля прачытання загаду арміі было, што Вільня мае ўжо забяспечаную абарону, а 10-я дывізія прызначана для дзейнасці на яе перадполлі. Толькі пазней, калі дывізія была накіравана на Солы і Ашмяны, а Вільню мы аддалі амаль без бою, не цяжка было зразумець, што мы дзейнічаем, нажаль, без ніякага плану. Так, як стаялі кардонам, так кардонам і адступалі.
Здаючы сабе справу, які хаос паўстае ў камандаванні, калі загады выконваюцца не дакладна, нягледзячы на гэта, сёння шкадую, што дайшоў да мяне ў Кабыльніку загад 1-й арміі і што змушаны быў яго выконваць.
Лічу, што калі б 10-я дывізія скіравалася на Вільню і разам з 8-й дывізіяй і 2-й літоўска-беларускай дывізіяй, з маршавымі аддзеламі і цывільным насельніцтвам распачала абарону горада, баі пайшлі б іншым шляхам. Нам не толькі не спатрэбілася б аддаваць Гародню малым аддзелам конніцы, але, можа быць, не былі б змушаны пазней біцца пад Радзымінам.
Нажаль дывізію накіравалі ўздоўж фронту на поўдзень. На сёння ў архівах 1-ай арміі і працы камандуючага фронту знайходзім загады пра заняцце тых ці іншых баявых адрэзкаў, расцягнутых ад сарака да шасцідзесяці кіламетраў. Загады тыя амаль ніколі да дывізіі не даходзілі ў час.
Далейшы пераход адбываўся ўздоўж непрыяцельскага фронту. Сілы дывізіі марнаваў на баі на маім левым крыле, якое, выконваючы вызначаны загадам пераход, пастаянна трэба было падстаўляць пад непрыяцельскія ўдары. Так было аднолькава як пад Смаргонню, так і пад Тракелямі, а таксама каля Саган і Ліды. Маршыраваў перад непрыяцелем, трацячы людзей і энергію на выкананне памылковага загаду камандуючага арміі; слабым суцяшэннем для нас сёння ёсць ведамасць, узятая з кніжкі ген. Шаптыцкага, што рабілася гэта супраць яго волі.
Цяжка гаварыць пра выкананне тагачасных загадаў камандавання арміі, бо як ужо адзначаў, загады тыя звычайна прыходзілі запозна і патрабавалі займаць тую ці іншую лінію "ад - да", калі было відавочна, што сілы дывізіі трэба было трымаць кампактна.
Кампактнасць тая падавалася тым больш неабходнай, што колькасны склад быў вельмі нізкі. Ад канца траўня дывізія была ў пастаянных баях, несучы страты. Папаўненняў не было ніякіх, стомленасць велізарная. Прыходзіла апасенне, што пры далейшых так фарсаваных маршах сілы яе растануць зусім.
Таму з Солаў, не могучы глядзець далей на тое, што робіцца, выслаў камандаванню арміі наступную дэпешу:
"Камандаванне 10-й дывізіі, 13.VII.1920, 15-я гадзіна, L. 1129/ор.
Камандаванню 1-ай арміі.
Пасля адступлення 8-й дывізіі на лінію Астравец-Рындзяны 10-я дывізія заняла лінію ракі Віліі ад 17-й дывізіі да 8-й дывізіі пяхоты. Апошнія баі на нашым фронце, а таксама тактыка непрыяцеля змушаюць мяне далажыць камандаванню арміі наступнае:
1) Лічу неабходным цалкам адмовіцца ад тактыкі абаронных ліній, а перайсці да тактыкі большых груп і армій. Першай такой групай магла б быць група з 8-й, 10-й і 17-й дывізій, якая прыкрыта з усходу нямецкімі акопамі і ракой Віліяй, базуецца на лініі Ліда - Вільня, адкуль мае як найхутчэй атрымаць папаўненне, боепрыпасы і правізію, будзе лепш бараніць Вільню, чым тонкая лінія. Сіла і тактыка наша мусіла б палягаць на атаках тых груп, а не на абароне тонкіх доўгіх ліній без рэзерваў. Пры прызначэнні камандзіра гэтай групы не павінна камандаванне стрымлівацца рангамі і старшынствам. Я гатовы падпарадкавацца афіцэру любога рангу, якога прызначыць камандаванне.
2) На ўсе просьбы дывізіі аб папаўненні дывізія не атрымала ніякага адказу. Я не магу падабраць досыць моцных і найбольш пераканальных выразаў, якімі звяртаюся да камандавання. Сілы левага крыла арміі, якія амаль два месяцы вядуць несупынныя баі з пераважным непрыяцелем, так вычарпаны і колькасна малыя, што калі камандаванне гэтага не разгледзіць і не прышле папаўнення, з жалем мушу паведаміць, што пазасталы яшчэ выдатны баявы і ідэйны матэрыял 10-й дывізіі змарнуецца, бо яшчэ можам абысціся без абутку і яды, але не можам абысціся без людзей.
Л. Жалігоўскі, ген.-падпаручнік".
Станавілася што раз лепш бачна, што мы дзейнічаем бяспланава.
Камандзір роты, які мае заданне абараняць пэўны пункт, мусіць мець план той абароны. Такі план кантралюе вышэйшае камандаванне і ўносіць свае папраўкі; плану таго іншы камандзір роты, якая дзейнічае на той самай тэрыторыі, ужо самавольна змяніць не можа. Так дзеецца на ўсіх узроўнях іерархіі. На маю думку такога плану адносна да паўночнага адрэзку фронту ў нас не было, прынамсі не сустракаўся з ім ні ў жыцці, ні ў кніжцы ген. Шаптыцкага.
Лічу, што Галоўнае камандаванне не можа быць вольнае ад прэтэнзій, бо надзяліла лішняй аўтаноміяй камандаванне фронту. Маршал Пілсудскі ў "1920 годзе" піша, што з пачаткам наступлення хацеў стварэння большых груповак і адступлення левага крыла. Гаворыць пра тое загад Вярхоўнага камандавання № 7344/ІІІ ад 9 ліпеня 1920 г. Адносная вынятка з таго загаду гучыць так:
"Лінія, якую гал. кам. вызначае як край нашага адходу, наступная:
Лінія Збруча - прыкрыццё Тарнопаля і Бродаў на паўночны ўсход ад той мясцовасці, далей Стыр, Лунінец, даўняя лінія нямецкіх акопаў з утрыманнем раёна Вільні з улікам узнікшай там сітуацыі.
Пры выхадзе на гэтую лінію мусіць быць групоўка, прыстасаваная (у першай фазе) да актыўнай абароны праз стварэнне моцных груп, сувязь паміж якімі ўтрымліваць з дапамогай слабых сіл або ўсялякіх іншых сродкаў сувязі".
(Працяг у наступным нумары.)
* Пераклад Станіслава Судніка паводле выдання 1930 года.
Пра пляценне на каклюшках чулі?
У Лiдзе адбылася творчая сустрэча ўдзельніц выстаўкі "Жанчына-чараўніца"
У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" адбылася творчая сустрэча ўдзельніц выстаўкі "Жанчына-чараўніца".
Выстаўка стала традыцыйнай, бо праходзіць ужо не першы раз і з кожным годам усё больш таленавітых майстрых прадстаўляюць свае работы ў розных напрамках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У гэтым годзе 16 удзельніц з горада Ліды паказалі, на што здольныя іх залатыя рукі. Інтэр'ерныя лялькі ручной работы, аўтарскія калекцыі вышывак крыжыкам, гладдзю, атласнымі стужкамі, вязанне шыдэлкам, пляценне з лазы, вырабы з саломы і нават такое рэдкае для Беларусі рамяство, як пляценне на каклюшках, - любавацца работамі можна бясконца.
На сустрэчы ўдзельніцы выстаўкі мелі магчымасць не толькі прадставіць свае творчыя работы, але і абмяняцца каштоўным вопытам і сакрэтамі майстэрства. Прыемным момантам мерапрыемства стаў майстар-клас па сухім валенні з воўны. Яшчэ дваццаць гадоў таму аб гэтым рамястве мала хто ведаў. А ўжо сёння гэта надзвычай папулярны від рукадзелля, якім з задавальненнем займаюцца як дарослыя, так і дзеці.
- Як і любы іншы від рукадзелля, валенне патрабуе ўседлівасці, вялікага цярпення, мастацкіх здольнасцей, адчування формы, колеру, - адзначыла навуковы супрацонік аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Марына Савіцкая. - Асноўны інструмент - спецыяльная іголка для валення. А яшчэ патрэбна падкладка з тоўстага паралону, на якой зручна фармаваць воўну.
Для лідзянак гэта быў першы вопыт працы з воўнай, тым больш сухім спосабам. Нечакана для ўдзельніц кветкавыя кампазіцыі атрымаліся выдатнымі.
- З ваўняных нітак, як з пластыліну, можна звязаць шапку ці рукавіцы, можна зрабіць цацку, футляр для мабільніка ці самую сапраўдную карціну. У Беларусі гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва паступова стаў вельмі папулярным. Бадай, ніводны матэрыял не дае столькі магчымасцей для фантазіі. Не верыце? Тады завітайце ў наш аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры - і самі пабачыце, на што здольныя вашы рукі!
Вольга Капцевіч.