Папярэдняя старонка: 2022

№ 23 (23) 


Дадана: 08-06-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 23, 8 чэрвеня 2022 г.

Пад апекай святой Ефрасінні Полацкай

5 чэрвеня - дзень памяці прападобнай Ефрасінні Полацкай, нябеснай заступніцы зямлі беларускай. Ефрасіння стала першай усходнеславянскай жанчынаю, якую праваслаўная царква абвясціла святой. Яе прызнае святой і каталіцкая царква.

Ефрасіння Полацкая (у міру Прадслава), нарадзілася каля 1104 года ў Полацку ў княжай сям'і, але Прадслава абрала для сябе іншае жыццё: пад імем Ефрасінні таемна ад бацькоў прыняла манаскі пострыг. За манастырскімі сценамі Ефрасіння змагла цалкам аддацца кнігам, што зрабіла яе адной з самых адукаваных жанчын таго часу ў Еўропе, асветніцай і мецэнаткай. На яе замову полацкі дойлід Іаан у ХІІ ст. збудаваў храм Спаса - найвыдатнейшы помнік полацкай архітэктурнай школы. Таксама яна замовіла полацкаму майстру Лазару Богшу знакаміты Крыж, які стаў нацыянальнай святыняй Беларусі. Ефрасіння памерла ў 1167 годзе падчас паломніцтва ў Святую зямлю. З пачатку мінулага стагоддзя яе мошчы захоўваюцца ў заснаваным ёй Полацкім Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры.

Сёлета ў дзень памяці святой Ефрасінні Беларусь адзначала яшчэ і 1030-годдзе заснавання Полацкай епархіі ў 992 годзе, а разам і 1030-годдзя праваслаўя на Беларусі.

На ўрачыстасці прыехаў з душпастырскім візітам Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл.

4 чэрвеня Патрыярх наведаў Менск, 5 чэрвеня асноўныя ўрачыстасці адбываліся ў Полацку.

Візіт Патрыярха Кірыла ў Менск

4 чэрвеня падчас наведвання прадстаўніцтва Патрыярхату Маскоўскага і ўсяе Русі ў Беларускім Экзархаце кіраўнік РПЦ выступіў з прамовай:

- Крануты, што на беларускай зямлі, у цэнтры горада Менска, створаны гэты храм і падворак, дзе можа спыняцца патрыярх. Не думаю, што я буду часта стамляць вас сваімі візітамі, але сам факт існавання гэтага падворка мае вялікае духоўнае і сімвалічнае значэнне. Таму што праз гэты храм, праз гэтае месца відавочна дэманструецца наша адзінства, адзінства Святой Русі. Тое самае адзінства, дзякуючы якому сфарміравалася псіхалогія рускага чалавека.

Калі я кажу "рускі", то маю на ўвазе і беларусаў, і ўкраінцаў - усіх тых, хто выйшаў з Кіеўскай купелі Хрышчэння. Больш за тое, праз гэтае адзінства фарміравалася сістэма каштоўнасцяў, якая спрыяла таму, што народ наш, гістарычна адзіны народ, аказаўся здольным пераадольваць велізарныя гістарычныя выпрабаванні. І самым, напэўна, страшным выпрабаваннем за ўсю гісторыю для нашага народа стала Вялікая Айчынная вайна. І Беларусь стала тым месцам, дзе асабліва жорстка вялася гэтая барацьба. І ў тых месцах, дзе вораг бачным чынам усталяваў сваю ўладу, мы ведаем, што, рызыкуючы сваім жыццём, падвяргаючы небяспецы сябе і сваіх блізкіх, многія верныя сыны Беларусі сышлі ў лясы, арганізавалі партызанскі рух, які шмат у чым спрыяў паслабленню націску акупантаў і садзейнічаў дасягненню перамогі.

Усё гэта - наша гераічная гісторыя, сумесна пралітая кроў, адзіная сістэма каштоўнасцяў, сфарміраваных у першую чаргу маральнымі пастулатамі і маральнымі пропаведзямі, маральным подзвігам праваслаўя - сапраўды стварыла той характар нашага чалавека і тую сілу духу, якая здольная была зламаць страшнага ворага, і адначасова здзейсніць вялікі подзвіг аднаўлення вялікай краіны. І калі едзеш па Менску, то бачыш выдатныя будынкі і разумееш, што ўсё гэта пабудавана пасля вайны, пасля татальнага разбурэння, пасля панавання іншаземнай сілы.

Таму, вядома, кожны раз, калі наведваю Менск, радуюся таму, што прадастаўляецца магчымасць ускласці вянок да манумента ў гонар загінулых абаронцаў Айчыны, і ўспамінаю аб гэтай гістарычнай і гераічнай гісторыі Менска, Беларусі і ўсёй нашай зямлі.

Няхай Гасподзь дапамагае нам у першую чаргу захоўваць аднадумства. Таму што вораг роду чалавечага дзейнічае цяпер вельмі моцна, спрабуючы разбурыць духоўнае адзінства Святой Русі. Але менавіта адносіны Рускай Праваслаўнай Царквы з беларускай царквой з'яўляюцца ў нейкім сэнсе закладам духоўнага адзінства нашых народаў.

Таму з асаблівай радасцю я сёння здзейсніў гэтае асвячэнне храма ў гонар святых роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія Патрыяршай рэзідэнцыі ў горадзе Менску.

У дар новаасвечанаму храму Патрыярх Кірыл перадаў вобраз Хрыста Збаўцы.

Наш кар.

Візіт Патрыярха Кірыла ў Полацк

5 чэрвеня ў саборы Узвіжання Крыжа Гасподняга Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра ў Полацку прайшла бажэственная літургія, якую ўзначаліў Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. Найсвяцейшы патрыярх прыбыў у Беларусь на святкаванне 1030-годдзя праваслаўя на беларускіх землях.

На святочным набажэнстве прысутнічалі ўсе беларускія епіскапы і чальцы Святога сінода Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ). Патрыярх Кірыл памаліўся за мір ва ўсім свеце, а таксама павіншаваў вернікаў, святароў і прадстаўнікоў абласной і мясцовай улады з вялікім святам. Ён падкрэсліў, што Полацкая епархія, якая з'явілася на беларускіх землях больш за тысячу гадоў назад, перажыла шмат выпрабаванняў, асабліва ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ды і ў паваенны час святары вытрымалі нямала ганенняў, але не зракліся сваёй веры.

- Прыняцце хрысціянства менавіта ў гэтым месцы паслужыла моцным штуршком да распаўсюду веры Хрыстовай ва ўсіх ускраінных землях. Гісторыя гэтай епархіі, як і Полацкай зямлі, няпростая. Тут праходзілі франты. Самы складаны і цяжкі - той, які склаўся ў гады Вялікай Айчыннай вайны, але было і шмат іншых нашэсцяў іншапляменнікаў. Памежная частка вялікай Русі, усёй гістарычнай Русі, гэта зямля прымала на сябе шматлікія ўдары, - падкрэсліў найсвяцейшы патрыярх.

Ён правёў аналогію з чалавекам, які вырас у цяплічных умовах і без досведу не можа супрацьстаяць няўдачам і выпрабаванням. Толькі той грамадзянін, тая краіна, што вынеслі нямала нягод, могуць загартавацца і стаць мацней.

- Што значыць выбіты з каляіны чалавек? Той, хто не можа ўносіць уклад у жыццё сваёй сям'і, грамадства, дзяржавы. Звычайна вонкавыя ворагі, заваёўваючы зямлю, сеюць страх, замяшанне, страту арыенціраў у душах, каб народ і зямля сталі лёгкай здабычай, - адзначыў патрыярх Кірыл і дадаў, што ў Беларусі і Расіі гэтага не здарылася, таму што ў самыя цяжкія моманты гісторыі захоўваўся дух народа.

Царква для дзяржавы - духоўная апора не толькі ў славянскіх краінах. Па меркаванні кіраўніка РПЦ, вялікі дар праваслаўнай веры неабходна ўмацоўваць у сэрцах людзей, асабліва моладзі, якая знаходзіцца пад уздзеяннем сучаснага інфармацыйнага струменя, а ў большасці прадстаўнікоў падрастаючага пакалення не выпрацавалася крытычнае стаўленне да ўсяго, што даходзіць да іх з інтэрнэту. Важна больш працаваць з моладдзю, развіваць і падтрымліваць нядзельныя школы, будаваць узаемаадносіны з сістэмай адукацыі, каб і ў агульнаадукацыйнай школе выкладалі асновы праваслаўя.

- Гэта трэба, каб дзеці маглі далучацца да самага галоўнага, на чым засноўваецца ў тым ліку і сапраўдны патрыятызм, - любові да Айчыны. Не можа хрысціянін, якога Бог заклікае любіць блізкага, не любіць сваю краіну, свой народ, - акцэнтаваў увагу прадстаяцель РПЦ.

Найсвяцейшы патрыярх таксама распавёў, што Віцебская зямля для яго блізкая, бо ён 25 гадоў служыў на Смаленшчыне.

- Той досвед, які я атрымаў у гэтым нечарназем'і, ніколі б я не атрымаў ні ў Пецярбургу, ні ў Маскве, ні ў якіх-небудзь іншых месцах і не мог бы быць сёння патрыярхам, дасведчаным у жыцці нашай царквы ў глыбінцы. Вось чаму я заўсёды з увагай і любоўю наведваю епархіі нашай царквы, тут вось і фармуецца духоўнае жыццё нашага народа, - распавёў найсвяцейшы патрыярх.

Ён пажадаў усім жыхарам Віцебскай вобласці ўмацоўвацца ў веры і памятаць, што яна першасная.

- Усе астатнія лаяльнасці другасныя, але без гэтай веры і любові да Бога не можа па-сапраўднаму фармавацца ніводная чалавечая лаяльнасць. Мы ведаем, як руйнуюцца шлюбы, каханне, калі няма веры і адказнасці перад Богам, народам, краінай. Чалавек, які баіцца Бога і дасведчаны, што здрада - гэта вялікі грэх, ніколі гэтага не зробіць, - павучаў вернікаў патрыярх Кірыл і выказаў надзею, што Віцебская зямля і далей будзе ўяўляць прыклад веры і набожнасці.

Святары таксама ўспомнілі шлях вялебнай Ефрасінні Полацкай, якая была ўзорам чысціні і адданасці Богу.

- Нездарма яе імя ўслаўлена ў стагоддзях. Каго яшчэ так шануюць народы Беларусі і Расіі, перад кім схіляюць калені, да каго звяртаюць свае малітвы? Да той самай Ефрасінні, якая злучыла і дзяржаўнае служэнне, і несумнеўны ўплыў на грамадства з найглыбокай верай, а таму здзяйсняла вялікія і добрыя справы, - з цеплынёй адазваўся пра подзвіг беларускай заступніцы найсвяцейшы патрыярх.

Алеся Пушнякова, БЕЛТА. Фота Аксаны Манчук.

ХIII Рэспубліканскі фэст нацыянальных культур у Гародні

Тое, што ў пачатку чэрвеня адбывалася ў Гародні - сапраўды ўнікальная з'ява. XIII Рэспубліканскі фэст нацыянальных культур заявіў пра сябе карнавалам яркіх фарбаў і феерверкам шчырых эмоцый. Сёлета ў свяце сяброўства ўдзельнічаюць 30 нацыянальнасцяў.

- Форум у Гародні - важная падзея для ўсіх 156 нацыянальнасцяў, якія жывуць на тэрыторыі нашай краіны. Беларусь - адна з нямногіх у свеце, дзе захаваны міжнацыянальны і міжканфесійны мір. І сённяшняе мерапрыемства - яркае таму пацверджанне, - каментуе намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Генадзь Владыка.

Цэнтр Гародні ператварыўся ў Горад майстроў. На выставу-кірмаш з'ехаліся народныя ўмельцы розных нацыянальнасцяў з усёй Беларусі - сотні тысяч каларытных работ і сувеніраў. Гасцей завабліваюць і водарамі нацыянальных страў.

У фэсце нацыянальных культур бяруць удзел і лідзяне. Да свята далучыўся танцавальны ансамбль "Красовыя забавы" Лідскага раённага аддзела грамадскага аб'яднання "Саюз палякаў на Беларусі", народны ансамбль польскай песні "Красавяцы" Палаца культуры горада Ліды, ансамбль "Смерычка" Лідскай раённай арганізацыі "Трэмбіта" Беларускага грамадскага аб'яднання ўкраінцаў "Ватра".

Святочную атмасферу ствараў падворак "Мая Беларусь". На ім былі прадстаўлены ўсе рэгіёны нашай краіны.

У прэзентацыі падворка Гарадзенскай вобласці прынялі ўдзел калектывы ГУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці", якія прадставілі міні-выставу і майстар-клас па белаўзорыстым ткацтве Панямоння, народным касцюме Гарадзеншчыны. Задорнымі песнямі і яркімі нумарамі пацешылі гасцей свята ўдзельнікі народнага фальклорнага калектыва "Талер" і народнага лялечнага тэатра "Батлейка" з п'есай сярэднявечча "Патрыкей". Прэзентацыю страў з ільняным насеннем прадставіў народны клуб традыцыйнай народнай культуры "Ульяніца" філіяла "Ганчарскі Дом культуры". Ну і, вядома, не абышлося свята без народнага ансамбля народнай музыкі "Гудскі гармонік".

Таксама ў рамках свята адбыўся VI абласны фэст кнігі "Гарадзенскі літфэст "Нас аб'ядноўвае Беларусь". Тэматычную пляцоўку на ім прадставіла Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы.

Сёлета фэст нацыянальных культур адбыўся ў трынаццаты раз. За час свайго правядзення ён не толькі змяніў статут на міжнародны, але і стаў візітнай карткай Гарадзеншчыны, абзавёўся індывідуальным лагатыпам, знакамі. Напрыклад, вось ужо некалькі гадоў удзельнікаў і гасцей гэтай значнай падзеі суправаджае кветачка-сяміколерка. А сёлета яна яшчэ і паўстала ў выглядзе шклянога сувеніра, вырабленага майстрамі найвышэйшага класу шклозавода "Нёман".

Ідэя стварэння галоўнага прыза фэсту належыць вядучаму мастаку прадпрыемства Васілю Самахвалаву (ён браў удзел у распрацоўцы канцэпцыі і іншых фэставых прызоў). А працавала над шкляным шэдэўрам каманда больш, чым дваццаці таленавітых спецыялістаў эксперыментальна-мастацкага ўчастка.

Першыя шэдэўры са шкла да самага першага фэсту нацыянальных культур прыдумала і вырабіла заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Людміла Мягкова,

Па меркаванні Васіля Самахвалава, у кветачцы-сяміколерцы зліліся разам беларускае, нацыянальнае і народнае. У яго некалькі складовых частак. На крыштальнай падстаўцы з подпісам - дзве крыштальныя стэлы з беларускім арнаментам і сімвалічным малюнкам эмблемы фэсту. Самымі складанымі элементамі выраба і для выдзімальнікаў, і для шліфоўшчыкаў сталі пялёсткі.

- Над новай арыгінальнай задумкай пачынаеш працаваць не за месяц і нават не за два да фэсту, - распавядае мастак. - Можна сказаць, ужо цяпер трэба думаць пра галоўны прыз XIV Рэспубліканскага фэсту нацыянальных культур. Пры тым, што асноўных знакаў не так ужо шмат, новы прыз таксама павінен быць арыгінальным і непаўторным.

Вольга Капцевіч.

Вячаславу Рагойшу - 80

5 чэрвеня ў слыннага літаратуразнаўца, крытыка, перакладчыка, паэта, доктара філалагічных навук, прафесара Белдзяржуніверсітэта Вячаслава Рагойшы пачэсны юбілей - 80 гадоў.

Родам Вячаслаў Пятровіч Рагойша з мястэчка Ракаў Валожынскага раёна. Скончыў Ракаўскую сярэднюю школу і БДУ, потым аспірантуру БДУ. Абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму "Паэтыка Максіма Танка: Культура вобраза. Характар верша" і доктарскую дысертацыю на тэму "Беларуская паэзія ХХ стагоддзя ў кантэксце ўсходнеславянскіх літаратур (тыпалогія, рэцэпцыя, мастацкі пераклад)".

Загадчык кафедры тэорыі літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі. Сябар вучонай рады філалагічнага факультэта БДУ і вучонай рады Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны пры міністэрстве адукацыі.

Вячаслаў Рагойша даследуе праблемы гісторыі і тэорыі беларускай літаратуры, беларуска-славянскія літаратурныя ўзаемасувязі, паэтыку літаратурнага твора, пытанні тэорыі і практыкі мастацкага перакладу.

Аўтар звыш 800 навуковых публікацый і даследаванняў па гiсторыi i тэорыi беларускай лiтаратуры, беларуска-славянскiх лiтаратурных узаемасувязяў, па вершазнаўству, праблемах тэорыi i практыкi мастацкага перакладу, паэтыцы лiтаратурнага твора, з якiх амаль 300 - асноўныя навуковыя працы, у тым лiку 16 манаграфiй. Першым дасканала даследваў рукапісы Янкі Купалы і знайшоў падчас гэтай працы дзясятак новых твораў беларускага класіка. Акрамя твораў Янкі Купалы, ён выявіў і апублікаваў шэраг невядомых архіўных матэрыялаў па беларускай літаратуры XIX стагоддзя, па творчасці Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цёткі, Сяргея Палуяна, Старога Уласа і іншых. Напісаў і выдаў дзесяткі кніг, пераклаў на беларускую мову творы многіх украінскіх літаратараў.

Старшыня Міжнароднага фонду Янкі Купалы (1996-2016). Арганізатар міжнароднай навуковой канферэнцыі "Ракаўскія чытанні" (з 1996 года).

Шчыра віншуем Вячаслава Пятровіча з юбілеем. Жадаем яму здароўя, дабрабыту і новых творчых адкрыццяў.

Берлін - навуковы цэнтр Еўропы і горад з багатай гісторыяй

Навіны Германіі

Сталіцай Германіі з'яўляецца горад Берлін. Ён уяўляе сабою культурны і навуковы цэнтр не толькі для краіны, але і Еўропы ў цэлым. Горад мае складаную гісторыю, якая адбілася на яго вонкавым абліччы. Берлін прыцягвае турыстаў сваёй архітэктурай, культурнымі каштоўнасцямі. Варта больш падрабязна спыніцца і разгледзець асноўныя славутасці нямецкай сталіцы, якіх тут не мала.

Брадэнбургскія вароты - былі збудаваны ў 18 стагоддзі і ў добрым стане захаваліся да нашых дзён, гэта адзіныя вароты, якія засталіся з таго часу. Пацярпелі вароты падчас ваенных дзеянняў у 2-ю Сусветную вайну. Адноўлены і рэканструяваны цалкам вароты былі толькі ў двухтысячныя гады.

Рэйхстаг - рэзідэнцыя парламента краіны, будынак з'яўляецца цэнтральнай гістарычнай славутасцю, знаходзіцца ў крокавай даступнасці ад Брадэнбургскіх варот. Ён моцна пацярпеў ад пажару і ваенных дзеянняў у 1945 годзе, аднаўленне працягваецца да нашых дзён. Пакінуты не кранутымі аўтографы савецкіх салдатаў, зробленыя на сценах будынка, каб не забыцца цёмнага мінулага будынка. Таксама падняўшыся на верхні паверх праз празрысты купал можна нацешыцца відамі на ўвесь горад.

Мемарыял ахвярам Халакосту - знаходзіцца ў гістарычным цэнтры не далёка ад вышэй пералічаных славутасцяў. Ён прысвечаны габрэям, загінулым ад рук нямецкіх нацыстаў. Пляц у 19 тысяч квадратных метраў заняты плітамі, якія ў сваёй сукупнасці паўтараюць форму хвалі. Вышыня кожнай пліты розная.

Царква кайзера Вільгельма, размешчаная ў цэнтральнай частцы горада, была збудавана ў 1895 годзе, на яе будаўніцтва пайшло чатыры гады. Але падчас 2-ой Сусветнай вайны будынак зруйнаваў выбух бомбы, якая трапіла ў яго, і засталася толькі адна захаваная да нашых дзён вежа. У 1961 годзе царкву пачалі адбудоўваць ізноў і паставілі ўжо цэлыя чатыры будынкі на месцы ранейшага храма.

Музейная выспа - выспа Шпрэеінзель - уяўляе сабою сукупнасць з пяці розных музеяў. Пры гэтым музеі знаходзяцца ў новых адрэстаўраваных памяшканнях, бо старыя былі зусім разбураны падчас ваенных дзеянняў. У Старым музеі можна пазнаёміцца з экспанатамі старажытнага Рыма і Егіпта, таксама знакамітая і часта наведваная галерэя скульптур 19-га стагоддзя. У музеі Бодзе захоўваецца калекцыя старадаўніх манет. У Пергамскім музеі прадстаўлены экспанаты архітэктуры старажытнага горада Вавілона. Асабліва папулярным з'яўляецца Новы музей, у якім захоўваецца найрадчэйшы артэфакт з Егіпта бюст Нефярціці.

Бульвар Унтар-ден-Ліндан з'яўляецца самым старым і вялікім бульварам у горадзе, бярэ свой пачатак ад Брадэнбургскіх варот. Названы так у гонар ліп, якія былі высаджаны тут яшчэ ў 1647 годзе. Але канчатковае аблічча і глянец, які захаваўся да нашых дзён, быў набыты гэтым месцам у 18-м стагоддзі, кароль Фрыдрых любіў гэты бульвар і ўсяляк уладкоўваў. Пры яго кіраванні на бульвары з'яўляецца будынак оперы і ўніверсітэт, у якім вучыліся калісьці такія вядомыя асобы, як Маркс і Энгельс, Гегель.

Асобнай увагі заслугоўвае Берлінскі заапарк - самая наведвальная турыстамі славутасць, кожны прыехаўшы ў горад чалавек імкнецца патрапіць менавіта сюды. Быў спраектаваны і адкрыты ў 1844 годзе. Тут можна ўбачыць больш за 20 тысяч жывёл.

Берлін - унікальны горад, які спалучае ў сабе сучаснасць і гісторыю. Тут паважаюць традыцыі і памятаюць гісторыю, нават калі яе старонкі не заўсёды былі светлымі. Гэты горад варта наведаць кожнаму чалавеку, ён не пакіне абыякавым нават самага патрабавальнага турыста.

Таццяна Сінькевіч, фота: weatlas.com, kidpassage.com,

Выйшла аўдыякніга "Кароткая гісторыя Беларусі" Алеся Краўцэвіча

Калі вы жадаеце аднавіць свае гістарычныя веды і прайсці кароткі курс гісторыі Беларусі - тады гэтая кніга для вас.

Некаторыя з'явы прадстаюць зусім у іншым святле, піша канал bel_audiobooks.

Алесь Краўцэвіч - доктар гістарычных навук, прафесар. Лаўрэат Прэміі імя Францішка Багушэвіча.

Чытае кнігу Уладзімір Лісоўскі.

Фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне

10 і 11 чэрвеня ў Маладзечне адбудзецца XXI фестываль беларускай песні і паэзіі. У аснове канцэпцыі музычна-паэтычнага форуму будуць такія падзеі, як 140-годдзе песняроў беларускай зямлі Янкі Купалы і Якуба Коласа, 75-годдзе народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга і ўсё, што звязана з Годам гістарычнай памяці. Пачнецца фестываль адкрыццём выставы "Песняры роднага краю", прысвечанай Янку Купалу і Якубу Коласу, а таксама выступленнем паэтаў, узнагароджаннем кампазітараў за захаванне нацыянальных песенных традыцый і стварэнне высокамастацкіх твораў і беларускіх хітоў.

УЗНАГАРОДА ВАСІЛЯ БЫКАВА

Уладзімір Барысенка

МІКОЛА І ПАВЕЛ

Чэрвень для мяне - месяц і радасны, і маркотны, бо ў ім нарадзіўся і памёр Васіль Быкаў, які быў і застаецца сумленнем нацыі.

Недзе ў сярэдзіне траўня 84-га Міколу Васькову, з якім мы шчыравалі тады ў "Сельской газете", патэлефанаваў з Масквы яго старэйшы сябар, публіцыст, пісьменнік і літаратурны крытык Павел Ульяшоў. Яны былі смаленскімі землякамі. Мікола, які нарадзіўся ў Драгабужы, паспеў мне ўжо расказаць пра Паўла Сяргеевіча шмат цікавага. Той быў старэйшы за яго на дзесяць гадоў. Калі яшчэ вучыўся на гістарычна-філалагічным факультэце Смаленскага педінстытута, актыўна займаўся журналістыкай і яго прынялі на працу ў абласную маладзёжку "Смена", дзе стаў з часам загадваць аддзелам прапаганды і культуры. Падтрымліваў таленавітых мальцаў не толькі свайго, але і раённых выданняў, у тым ліку і драгабужскай раёнкі, дзе выдзяляўся сваёй творчасцю Мікола. Шчыра дапамагаў тым, хто пісаў вершы, публіцыстыку, прозу, крытычныя водгукі на паэзію і прозу. Разам з іншымі літаратурнае аб'яднанне "Радуга", якое Павел пры "Смене" узначальваў, наведвалі маладыя рабочыя, студэнты, тэхнічныя спецыялісты, школьнікі. І кожны занятак, адзначаў Васькоў, станавіўся ў іх жыцці незабыўнай падзеяй.

У красавіку 1968-га у абласным драмтэатры (гэта ўжо распавядаў пасля нашага знаёмства сам Павел) ён прачытаў на паэтычнай вечарыне свой верш "Поэты". Твор падаўся абласному начальству безыдэйным і антысавецкім, і аўтара звольнілі з рэдакцыі і выключылі з партыі! Між тым, у вершы нават і не пахла нечым ідэалагічна шкодным. У ім проста выказваліся адносіны аўтара да нашых адносінаў да творцаў, якіх забіваюць розным чынам часцей, чым яны паміраюць самі...

Пасля ўсяго Павел пераехаў у Маскву, дзе працаваў у часопісах "В мире книг" і "Октябрь", у "Литературной газете" і "Литературной России". Напісаў такія цікавыя кніжкі, як "Ветер земных дорог", "Этот неумирающий жанр. Современный советский рассказ", "Одинокий искатель. О.Э. Мандельштам", "Только о любви", "Из песни слово". Узначальваў у свой час выдавецтвы "Чарли" і "Алгоритм". Быў галоўным рэдактарам сачыненняў Мікалая Кастамарава і Сяргея Тацішчава, кніг Уладзіміра Бандарэнкі, Вадзіма Кожынава і многіх іншых.

Пасля тэлефоннага званка, з якога я пачаў гэты расповед, Мікола хуценька падбег да мяне і ўзрушана-ўсхвалявана выпаліў:

- Ну, рыхтуйся, буду цябе вочна знаёміць, як і абяцаў, з сённяшнім Чарнышэўскім (знешне, як я пры сустрэчы пераканаўся, Павел, сапраўды, яго вельмі нагадваў. - У. Б.) - Прыедзе праз тыдзень, прывязе вельмі прыемны для ўсіх сюрпрыз. Кажа, мы на парозе нейкай надта ўжо значнай, вялікай і нечаканай падзеі...

Пра будучую з'яву даведаліся ўжо ў цэкоўскай гасцініцы "Кастрычніцкая", куды наш жаданы госць засяліўся і дзе мы сустрэчу дужа добра адзначылі. Спаслаўшыся на склаўшага паэтычны канспект эпохі Яўгена Еўтушэнку (сябраваў з ім), Павел паведаміў, што ў гонар 60-годдзя Васілю Быкаву павінны прысвоіць званне Героя Сацыялістычнай Працы. Так яно і адбылося! Вось што напісаў, дарэчы, на гэты конт у сваёй кнізе "Доўгая дарога дадому", якая пабачыла свет у 2004-м, праз год пасля ягонай смерці, сам Васіль Уладзіміравіч: "Як я дазнаўся пасля, у час нейкага мерапрыемства Слюнькоў папытаўся ў Гарбачова наконт яго думкі, калі б даць Быкаву героя, і той пагадзіўся. Усё вырашалася аператыўна, але, як заўжды, да пары, да часу таемна. Толькі падпісаўшы ўказ, Грамыка прыслаў віншаванне маладзёну-герою". Пры гэтым Быкаў заўважаў, што ніяк не чакаў такога ўзнагароджання. Напачатку яно яго "зьдзівіла, а пасьля засмуціла". Інстынктыўна ён адчуваў, "што карысьці з таго будзе няшмат, а клопату хопіць, і як бы ня стала бяды".

Павіншаваць юбіляра ў Купалаўскім тэатры прыехалі яго "даўнія сябры: масквічы Лазар Лазараў зь мілай Наяй, стары няўрымсьлівы Залыгін, асяцін Нафі Джусойты, мой аднадумца і аднагодак. Зь Ленінграду прыляцеў Данііл Гранін, зь Вільні - літоўскі златавуст Пяткявічус, які на ўрачыстасьці павесяліў усіх трапным выслоўем: каўбаса павінна быць доўгая, а прамова кароткая, Можа, раней за ўсіх зьявіўся з Малдовы жартоўны Васіль Васілаке". Апеквацца гасцямі адразу ўзяўся Алесь Адамовіч. Побач былі Генадзь Бураўкін, Віктар Казько, Мікалай Матукоўскі, Рыгор Барадулін, Аляксей Карпюк. Апошні, для высокага літаратурнага палёту, цырымонна ўзнагародзіў юбіляра вялізнымі фанернымі крыламі. Самае ж вясёлае чакала ўсіх на другі дзень, калі Віктар Казько арганізаваў арцельны выезд на двух аўтобусах (хтосьці быў з жонкай) на Палессе. Акрамя шмат чаго іншага, на Прыпяці чакаў рачны карабель. "Над пясчаным абрывам ужо прывабна курэла цяпельца, у вядзерцы варыліся ракі - дужа прыйшліся яны да смаку са сьцюдзёным, вынятым з вады півам. Пайшоў амаль першабытны баль гасьцей і мясцовых, а затым пачалося купаньне...". Надвячоркам Віктар Казько, з жонкай якога, цудоўнейшай Нінай, мы разам працавалі ў свой час у "Знамени юности", запрасіў усіх на сваю жыткавіцкую Вільчу…

Падрыхтаваць спецыяльны матэрыял пра аднаго з лепшых "ваенных" празаікаў і прыехаў у Менск масквіч-літаратар. Спачатку яны доўга размаўлялі ў той жа гасцініцы. Наведалі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, пахадзілі па нашай цудоўнай сталіцы. Мы, вядома ж, не маглі не пацікавіцца познім вечарам у Паўла яго ўражаннямі ад першага знаёмства з беларускім геніем. Паважаны госць сказаў, што нешматслоўны, спакойны і разважлівы Быкаў уразіў яго дакладнасцю, выверанасцю меркаванняў, унутранай цвёрдасцю і сваёй ўпэўненасцю. Увогуле ж, ён - не філосаф, не мысліцель, ён - практык!

Наступным днём, адразу пасля абеду, мы былі на Юбілейнай плошчы каля магазіна "Эра", што месціўся недалёка ад дома на Танкавай, у якім Васіль Уладзіміравіч жыў. Менавіта тут слынны пісьменнік прызначыў сустрэчу з Паўлам перад паездкай у Хатынь. А той прыхапіў з сабой нас. Васіль Уладзіміравіч, нягледзячы на нядаўні інфаркт, адразу ж прапанаваў паехаць на ягонай "Волзе" і сам сеў за руль.

НАЦЫЯНАЛЬНАСЦЬ І ПРАЎДА

Урачыста-жалобны гук званоў над былымі хатамі разносіўся адтуль па ўсёй нашай краіне. Запомнілася, як Быкаў гаварыў, што кожны народ ганарыцца перамогамі, атрыманымі ў барацьбе за свабоду і незалежнасць, і свята шануе памяць ахвяр, панесеных у гэтых перамогах. У французаў гэта Арадур, які пасля вайны не аднаўляўся, а ягоныя руіны пакінулі ў назіданне нашчадкам. У чэхаў - Лідзіцэ, які ўяўляў сабой у вайну голае папялішча. У нас - Хатынь, якая прадстаўляе некалькі сотняў вёсак, знішчаных разам з іх жыхарамі. Звяртаючы ўвагу, найперш, госця на мармуровы зварот 149 забітых да нас, жывых, Васіль Уладзіміравіч працягнуў масквічу паперу з набраным тэкстам: "Пасля прачытаеце...".

Гэта была, як мы потым высветлілі, ксеракопія яго публіцыстычнага артыкула "Званы Хатыні", напісанага яшчэ ў 71-м, надрукаванага, дарэчы, у дзясятым з чатырнаццаці тамоў поўнага збору твораў пісьменніка. У "Званах..." ён прыводзіць размешчаныя на мармуры словы звароту мёртвых да жывых і клятву апошніх перад загінулымі. Заўважае, што некалі глухая, нічым не прыкметная вёсачка стала народным помнікам, вобразным увасабленнем жалобы і гераізму беларусаў у іх нечуванай па напру жанні барацьбе з захопнікамі.

На зваротным шляху Павел, які гаварыў нам з Міколам у гасцініцы, што беларусы яшчэ не асэнсавалі значнасць і маштаб асобы Быкава, працягваў шчыра дзякаваць Васілю Уладзіміравічу за паездку і запэўніваў: ягоная газета не пашкадуе цэлага развароту для будучага нарыса пра чацвёртага (пасля Броўкі, Танка і Шамякіна) героя-літаратара.

- Ой, толькі не здзіўляйце вы мяне гэтым, калі ласка, - рэагаваў з усмешкай пісьменнік. - Я ж - нацмен, як гэта вы дасцё мне месца больш, чым некаторым сваім геніям?

Павел стаў актыўна і рашуча даказваць, што нацыянальнасць не мае ў дадзеным выпадку аніякага значэння. Ёсць, маўляў, таленавітыя, сапраўдныя пісьменнікі, якімі ганарыцца ўся наша краіна, а ёсць зусім іншыя, пра якіх і гаворка адпаведная. Васіль Уладзіміравіч схаваў некуды часова сваю рэдкую ўсмешку і цвёрда, разважліва і ўдумліва вымавіў:

- Не, браце, нацыянальнасць - справа сур'ёзная. Я не магу не ганарыцца тым, што адношуся да беларускай нацыі, і пішу, калі вы звярнулі, як крытык увагу, найперш пра яе характэрныя рысы, яе пакутны і цяжкі шлях. Пры гэтым - сапраўдную праўду, якой бы яна ні была.

- Я вас вельмі добра разумею, я ж не Чакоўскі, - адказваў Ульяшоў, нагадаўшы, вяртаючы на твар суразмоўцы ўсмешку, як павёў сябе на з'ездзе пісьменнікаў у 1976-м аўтар "Блокады". Убачыўшы, што да трыбуны незалежна і спакойна набліжаецца беларускі празаік, лаўрэат Сталінскай і Ленінскай прэмій адразу ж пакінуў прэзідыум. Ён не жадаў слухаць тое, што думае Быкаў пра тагачасную ваенную прозу, пра так званую мемуарыстыку, ад якой беларускі майстар ратнага слова адмовіўся пры напісанні ўжо першай сваёй аповесці "Жураўліны крык", што выйшла ў 1959 годзе.

У ёй шасцёра чырвонаармейцаў павінны прыкрыць адыход сваіх і на суткі затрымаць немцаў. Усе байцы зусім розныя людзі. Напрыклад, Пшанічны - сын раскулачанага падчас калектывізацыі. Між волі бацька сапсаваў яму ўсё жыццё, пазбавіў магчымасці набыць веды, знайсці належную працу, пабудаваць нармальнае жыццё. Пакрыўджаны на сталінскі рэжым, ён здраджвае, здаецца ў палон і збіраецца адпомсціць бальшавікам. Толькі вось гітлераўцы адразу ж яго расстралялі. Следам развітваецца з жыццём інтэлігент, вучоны, кандыдат мастацтвазнаўства Фішар, які забіў немца - першага і апошняга ў сваім жыцці чалавека. Што тычыцца ганарыстага і самаўпэўненага Аўсеева, то ў вырашальны момант ён не вытрымлівае і дае дзёру, за што яго расстрэльваюць свае ж. Хітры і жулікаваты Свіст, хлопец з крымінальным мінулым, падрывае коштам асабістага жыцця танк. Пасля смерці іх і камандзіра групы Карпенкі, з цвёрдым намерам прыняць смерць у баі, застаецца толькі Глечык. Кажучы словамі вядомага беларускага крытыка Віктара Каваленкі, у душы гэтага беларуса "прагаю да жыцця б'ецца прызыўны жураўліны крык". З Глечыка, лічыў той жа Каваленка, Быкаў пачаў раскрываць у сваіх творах ідэальныя магчымасці прадстаўніка нашай нацыі, той нацыі, пра якую ён распавядаў Ульяшову. Нацыянальна-ўнутранае аблічча ў вобразе Глечыка адчуваецца адразу. У адрозненне ад іншых, вышэй згаданых байцоў, ён, адзначае Каваленка, і некалькі наіўны, і празмерна даверлівы, і безадмоўна паслухмяны, і ... баязлівы. Але ж ён і рашучы, і актыўны ў дасягненні мэты.

ПЫТАННІ І АДКАЗЫ

Акрамя "Жураўлінага крыку", да знаёмства з Ульяшовым на рахунку Быкава былі ўжо аповесці "Трэцяя ракета", "Пастка", "Альпійская балада, "Праклятая вышыня", "Сотнікаў", "Абеліск", "Дажыць да світанку", "Воўчая зграя", "Яго батальён", "Круглянскі мост", "Пайсці і не вярнцца", "Знак бяды"…

Чэрвеньскі нумар "Литературной России" са сваім вялікім (як і абяцаў!) нарысам-размовай Павел даслаў нам недзе праз месяц. Найперш масквіч запытаў у ім, чаму Быкаў не піша, альбо амаль не піша, пра мірнае жыццё, пра нашы дні і ці ўзнікала ў яго ўсё ж калі-небудзь жаданне пра іх распавесці? На гэта Васіль Уладзіміравіч адказаў, што ўся справа ў тым, што ён яшчэ не вызваліўся ад цяжару ваенных успамінаў. І не ведае, у чым тут прычына - альбо ўсе ўражанні ён разглядвае недастаткова альбо, можа быць, уся наша літаратура і мастацтва праходзяць міма шмат чаго значнага, што было ў мінулай вайне і што пакуль яшчэ не заўважаецца, па-мастацку не асвоена. А яшчэ можа быць, адбываецца ягонае мастацкае паглыбленне ў тэму. Кожная рэч адкрывае яму ўсё новыя бакі вайны і суадносна ўсё новыя магчымасці для яе асвятлення. Да таго ж, калі пра франтавую вайну ён пісаў даўно, то вайна партызанская, жыццё на акупаванай тэрыторыі адкрыліся для яго паўнальна нядаўна. І ён убачыў там процьму важнага і значнага ў чалавечых адносінах, псіхалогіі, паводзінах чалавека і, урэшце, разнастайнасць форм і метадаў барацьбы з акупантмі. Узяўся за гэтую тэму толькі пасля таго, як яна, ва ўсялякім выпадку ў беларускай літаратуры, лічылася ўжо вычарпанай. Шматлікія празаікі, якія пісалі пра партызанскую вайну, перайшлі да таго часу да іншых тэм, у тым ліку бесчасовых, і тэма вайны ў некаторым сэнсе аказалася ў літаратуры сыходзячай у мінулае. І Быкаў падабраў з-пад ног у іх тое, што імі было ўжо, здавалася, вычарпана.

Пры ўсім Быкаў імкнуўся, па ягоных словах, не паўтарацца ў самым галоўным - вобразах і канфліктах. Што тычылася часу дзеянняў у аповесцях, нейкіх бытавых дробязяў, то ў вядомай ступені яны, канешне ж, пераходзілі з адной рэчы ў другую. Але ў гэтым сэнсе разнастаіць іх даволі складана, а можа, і не трэба. Таму што вайна - гэта чатыры вельмі акрэсленыя гады ў жыцці чалавека, з усім комплексам яго адчуванняў, перажыванняў, рэаліяў і дэталяў побыту. Усё гэта вельмі акрэслена.

Калі размова зайшла пра аповесць "Знак бяды", Васіль Уладзіміравіч адзначыў, што ў адрозненне ад папярэдніх яго твораў, у якіх дзеянне адбываецца цягам адных сутак, у новым народнае жыццё ўзята ў гістарычнай працягласці. Дзейнічаюць дзіўныя народныя характары, тыпы, вобразы, з усім комплексам іх вераванняў, хрысціянскай і язычаскай сімволікай. Увогуле, Быкаў даваў зразумець суразмоўцу, што яму не да рамантычнай прозы, выключэннем была хіба што "Альпійская балада", калі ён быў маладым аўтарам. Адначасова ён высока ацаніў "Пастуха і пастушку" блізкага яму Віктара Астаф'ева, твор з трагічным, але адначасова і ўзвышана-рамантычным поглядам пісьменніка. Пагадзіўся з Ульяшовым, што гэтая аповесць - твор наватарскі, крок наперад у творчасці Віктара Пятровіча, ягонага аднагодка, які вельмі добра адгукаўся аб творчасці слыннага беларуса і які памёр на два гады раней за яго. Пры гэтым Быкаў шчыра прызнаўся, што перарос зводзіць у адзінае, здавалася б, нязводнае - каханне і вайну…

Ульяшоў абмяркоўваў "Пастуха і пастушку" для таго, каб падкрэсліць: пісьменніку вельмі важна час ад часу мяняць інтанацыю. Змяніць яе - усяроўна, што змяніць імя, нарадзіцца ў новай якасці. Дапамагае ў гэтым, на погляд крытыка, зварот да новага матэрыялу альбо мастацкі эксперымент, альбо творчае асваенне вопыту класікаў. У сувязі з гэтым Ульяшоў нагадаў пра аповесць "Пайсці і не вярнуцца", адзначыўшы, што нешта падобнае падчас яе напісання пераследавала і аўтара. Дух Дастаеўскага недзе прысутнічаў і за сталом пісьменніка…

Можа і прысутнічаў, і ягоны, і Талстога, адрэагаваў на гэта Быкаў. Ды прыблізіцца да гігантаў пісьма і думкі неймаверна складана. І справа тут, на яго думку, вось у чым. Хоць сілавое поле ідэй гэтых пісьменнікаў прываблівае, яно ў той жа час і адштурхоўвае несуразмернасцю генія, бо вялікія знаходзяцца на вельмі вялікай вышыні і працуюць у асабіста створаным імі сусвеце. Яго можна назіраць збоку, прымаць ці не прымаць, і пранікаць у яго дадзена не кожнаму смяротнаму. У сваіх мастацкіх сусветах усе законы і правілы яны ўсталявалі самі. Яны пераконваюць любога сапраўднага мастака ў тым, што для высокай творчасці яму неабходна набыць свой асабісты мастацкі сусвет. Сусвет, адпаведны асабістаму светапогляду і светаадчуванню.

Знайшлося месца ў размове і для дакументальнай літаратуры, якую Быкаў падтрымаў, і для крытыкі, а як жа без апошняй?! У застойныя гады афіцыйная крытыка непрыймальна ставілася да бескампрамісных аповесцей Быкава. Адзін з самых вострапраўдзівых яго твораў "Мёртвым не баліць" убачыў у 65-м свет на той час толькі ў "Маладосці" ды "Новом мире". Аўтара абвінавачвалі, што ён " піша не з тых пазіцый", " ачарняе гераічных савецкіх воінаў". Па камандзе галоўных тады партыйных ідэолагаў Суслава, Зімяніна і так званага "спецыяліста" па беларускай літаратуры ў аддзеле прапаганды ЦК КПСС Сеўрука арганізоўвалі калектыўныя пісьмы "незадаволеных". Нягледзячы на тое, што многія творчыя саюзы, выдавецтва "Мастацкая літаратура" і яго дырэктар Міхась Дубянецкі, шматлікія чытачы патрабавалі ўключыць "Мёртвым не баліць" у збор твораў, Суслаў, а пасля Зімянін загадалі ніколі гэты твор не друкаваць і ўсякія размовы пра яго выданне спыніць, хоць у многіх краінах ён ужо тады выйшаў асобнай кнігай. I ўсё ж грамадская думка перамагла: аповесць пра падзеі падчас Кіраваградскай аперацыі, якая пачалася ў студзені 44-га, уключылі ў чацвёрты том збору твораў. Васіль Уладзіміравіч неаднойчы выказваў шкадаванне, што не ўдалося зберагчы першапачатковую рэдакцыю. У сапраўднасці ж захаваўся не толькі непадцэнзурны варыянт, які знаходзіцца на пастаянным захоўванні ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, але і чарнавая рэдакцыя твора. Яе цудам знайшоў на гарадзенскай кватэры малодшы сын Васіль. Зрабіўшы аналіз тэксту, доктар філалогіі Міхась Тычына канстатаваў: толькі па цэнзурна-рэдактарскіх меркаваннях у аповесці зрабілі каля 200 купюр. Пры гэтым скарачэнні складаюць ад аднаго слова да некалькіх старонак У такім скалечаным выглядзе твор і вядомы чытачам. Мне ўдалося набыць выданне "Мёртвым не баліць" без цэнзуры, з узнаўленнем усіх купюр. У другой яго частцы (усяго - 604 старонкі!) з вялікай цікавасцю прачытаў пра гісторыю стварэння, публікацый і крытыкі знакамітай аповесці. У фаліянце ёсць нават "Каментарыі", у якіх разглядаюцца тэксталагічныя разыходжанні паміж рознымі публікацыямі.

Па словах Быкава, тагачасная крытыка заўважна адставала. Яе погляд на мір і вайну быў больш кансерватыўным, чым адносіны да вайны літаратуры. Ваенная проза тады вырвалася наперад. Так званую "акопную праўду" прыдумалі для таго, каб, навешваючы гэты прыметнік, зрабіць гэтую праўду непрымальнай, ігнаруючы той факт, што праўда адназначная. Васіль Уладзіміравіч падзякаваў Дзядкову, Лазараву, Бурану ды іншым крытыкам за разумны і добразычлівы разгляд ягонай творчасці, іх развагі пра страх і абавязак герояў твораў пісьменніка, калі вырашаецца лёс нацыі. Быкаў гаварыў Ульяшову, што страх і абавязак вельмі цяжка спалучаюцца ў чалавечай істоце. Таму каштоўнасць кожнага байца вызначаецца тым, наколькі ён здольны панаваць над пачуццём страху і выклікаць у сабе гатоўнасць выканаць абавязак. У крытычных абставінах страх адчуваюць усе, з той толькі розніцай, што адзін умее гэтае пачуццё схаваць ад блізкіх, а другі валодае гэтай здольнасцю ў меншай ступені альбо не валодае ёй увогуле.

Васіль Уладзіміравіч з іроніяй аднёсся да свайго юбілею. З пункту гледжання саракагадовых і трыццацігадовых, заўважыў ён напрыканцы размовы, шэсцьдзясят - гэта старэча, якая не дае ніякой перавагі і з'яўляецца дзяцінствам. Хаця, можа быць, з пункту гледжання сямідзесяці- і васьмідзесяцігадовых гэта і не так непрыстойна. Канешне, усё адносна. Што сказаць пра гэты ўзрост з пункту гледжання пісьменніка? Вялікая рухаючая сіла - адсутнасць вопыту, калі маладому літаратару здаецца, што ён усё можа. З узростам, з набыццём вопыту выяўляецца, што ён можа не ўсё. А з удасканаленнем вопыту выясняецца, што ён не можа нічога. А калі я не магу так, як я жадаю, то прыходзіцца абмяжоўвацца…

Апошні раз мы бачыліся з Ульяшовым у траўні 2001-га, калі ён прыязджаў па літаратурных справах да свайго сябра Рыгора Барадуліна. Восенню 2004-га я даведаўся, што Павел Сяргеевіч памёр, так і не дачакаўшыся мяне ў Маскве, куды запрашаў сваім пакінутым на вокладцы зборніка "Из песни слово" аўтографам. Прабач, шаноўны Павел, прабач мяне і ты, Мікола Васькоў, за нашае незразумелае з табою развітанне...

7 бясплатных канцэртаў: у 11 касцёлах Беларусі пройдзе арганны фэст

Фэст акадэмічнай арганнай музыкі "Ars Magna Organi" ("Вялікае мастацтва органа") пройдзе з 18 чэрвеня па 18 верасня 2022 года ў 12 месцах Беларусі. Фэст будзе складацца з 54 канцэртаў. Вядомыя музыкі сыграюць на:

- 6 гістарычных арганах (касцёлы ў Пінску, Мядзведзічах, Гародні (францысканскі), Мсцібава, Лідзе (Фара), Ваўкалаце),

- 2 сучасных арганах (Віцебская філармонія, касцёл у Міёрах),

- 2 перанесеных б/к арганах (у касцёлах у Лельчыцах і Магілёве),

- 2 электронных арганах (касцёл на Дзевятоўцы ў Гародні і касцёл у Наваполацку).

Як паведаміў адзін з арганізатараў, арганазнавец Аляксандр Бурдзялёў, у 10 касцёлах уваход для слухачоў канцэртаў будзе вольным (Пінск, Мядзведзічы, Мсцібава, Гародня (францысканскі), Гародня касцёл на Дзевятоўцы, Ліда (Фара), Лельчыцы, Ваўкалата, Міёры, Наваполацк). Усяго ў храмах пройдзе 47 бясплатных канцэртаў акадэмічнай арганнай музыкі.

У Лідскім касцёле Узвіжання Святога Крыжа (Фарны касцёл) пройдуць два канцэрты на гістарычным органе 1939 года, уведзеным у лад летась, на якім выступяць два выпускнікі (з адзнакай) Штутгартскай вышэйшай школы музыкі і тэатра. Арган: A. A. Homan St. Jezierski w Warszawie, 1939; 14/II/P.

- 2 жніўня, 19:30 - Кастусь Валастноў (Масква);

- 10 верасня 16:00 - прэзентацыя дыска "Гістарычныя арганы Беларусі. Ліда".

Марыя Чарапанава (Масква).

Ядро фэсту - 18 бясплатных канцэртаў, у якіх прымуць удзел усе ўдзельнікі фэсту, на органе 1836/1936 гадоў у пінскім кафедральным касцёле. Тут арганізатарамі фэсту ўжо другі раз выступаюць курыя Пінскай епархіі і гарвыканкам, а вялікая частка фінансавання - сродкі, адпісаныя ў 2020 годзе на фэст Юрыем Зісерам.

Katolik.life.

Вайна ў 1920 годзе*

Успаміны і разважанні

Генерал Люцыян Жалігоўскі

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Было гэта ўжо, аднак, за позна. План камандавання фронту павінен быў быць пракантраляваным яшчэ зімой, а з надыходам вясны належала падрыхтаваць тэрыторыю. Калі б абарона была гатова, можна было б думаць пра атаку на Кіеў. Гэтая абарона падрыхтавана не была. Не былі таксама падрыхтаваны сродкі, неабходныя на выпадак няўдачы. Не была падрыхтавана ні тэрыторыя, ні манёўр. На памылкі нашых праціўнікаў мы не маглі разлічваць, а ёсць фактам, што калі б на тым баку не здзейснілі ўражвальных памылак, то ўся паўночная група мусіла б перастаць існаваць.

Не ёсць сёння нашым заданнем разважаць, чыя гэта віна і крытыкаваць распараджэнні камандавання. Не пра крытыку тут ідзецца. Ідзецца пра гістарычную праўду, якая прасвятляла б, чаму мы, перавышаючы нашага праціўніка з пункту погляду маральнага, а часткова нават матэрыяльна, вымушаны былі выконваць гэты ганебны адход без ніякай маняўровай ідэі, без тэмпераменту, без волі.

У выніку дзве дывізіі заміж таго, каб мець выразнае заданне і мэту, у выкананні якіх маглі разгарнуць ва ўсёй паўнаце свае баявыя і маральныя сілы, заміж таго, каб выконваць план і ісці па натурвльнай дарозе адходу, мусілі цягацца па ашмянскім і лідскім бездарожжы, не прыносячы ніякай карысці для справы і ў найгоршых умовах весці непатрэбныя баі, якія нішчылі і так сціплыя іх сілы, вычэрпвалі іх фізічна і ні да чаго не вялі.

Таму ў адходзе мелі мы не толькі стратэгічныя, але і тактычныя промахі. Кінуў ён таксама няслушны цень на добрае імя нашай арміі.

V. Пад Гародняй

Марш з Ліды на Гародню. - Распараджэнні штаба арміі па дарозе. - Сітуацыя пад Гародняй. - Пераход Нёмана. - Пра загады з архіваў.


Калі мы 17 ліпеня падходзілі да Ліды, атакавалі дывізію непрыяцельскія аддзелы, якія атрымалі перад гэтым значны поспех у баях з нашай 17-й дывізіяй пяхоты пад Геранёнамі. Пасля ачышчэння сабе пераходу цераз масты на рацэ Жыжме ХІХ брыгада ўвайшла ў Ліду, а ХХ стала на Віленскім тракце.

З улікам таго, што ў раёне Ліды сканцэнтравалася значная колькасць аддзелаў, вышэйшае камандаванне планавала наступальную акцыю. Да гэтага, аднак, не дайшло. Штаба арміі ўжо там не было, а Ліду абстрэльвалі некалькі палявых расейскіх гармат. У горадзе і на вакзале панаваў панічны настрой.

У Лідзе дывізія атрымала выпіску з загаду камандуючага арміі, паводле якой мы мелі накіравацца на Гародню і заняць адрэзак ад Паплаў да Друскенік. Разлік часу паказваў, што непрыяцель меў больш кароткую дарогу, ідучы праз Вільню пад Гародню, чым мы, кружачы на Солы - Ашмяны - Канвалішкі - Ліду.

Паводле ацэнкі сітуацыі ішлося не столькі пра названы адрэзак, колькі пра Гародню, на якую непрыяцель без сумнення скіруе. Вырашыў за тры пераходы прайсці да Гародні і быць там 19 ліпеня. Пасля аддання адпаведнага загаду паслаў яго лакаматывам бронецягніка ў найдалей размешчаную ХХ брыгаду, якая яго таксама атымала у час.

У папярэднім адходзе дывізія прайшла звыш 300 кіламетраў, ці беручы ў сярэднім, па 30 кіламетраў штодзень. Пераход адбываўся па цяжкіх дарогах, пры дробных, але амаль што пастаянных сутычках на правым крыле. Людзі былі жудасна змучаны, і здараліся хвілі, у якія гублялася ўвага да ўсякіх небяспекаў. Беручы аднак сітуацыю цалкам, настрой панаваў добры. Складвалася ўражанне, што мы выконваем не адход, а манёўр у чаканні бітвы на Нёмане. Усіх аднак трывожыла думка, што адходзім задалёка і пры тым кепскай дарогай, абмінаючы Вільню. Выконваны цяпер марш на Гародню паказваў на паварот дывізіі да нармальнага кірунку. Ішлося толькі пра тое, каб не спазніцца. Я дапускаў, што дывізія падыдзе да Гародні адначасова з непрыяцелем.

У першы дзень маршу прайшла група (10-я і 8-я дывізія, якая далучылася) у кірунку з Ліды на Гародню 30 кіламетраў, а разам з маршам, які адбыўся ў той дзень да Ліды - 54 кіламетры. Сітуацыя змянілася настолькі, што цяпер не левае крыло, а правае было падстаўлена пад удары непрыяцеля з поўначы. На паўночны захад ад Ліды нейкі вялікі аддзел непрыяцельскай конніцы, відочна, пракраўшыся лясамі, заспеў ХХ брыгаду на маршы падчас пераходу балоцістай рэчкі Дзітвы пад мясцовасцю Мыто.

На другі дзень падчас ажыццяўлення другога пераходу да Скідзеля атрымаў ад камандавання арміі загад затрымацца на суткі. Не могучы зразумець прычыны гэтай затрымкі, я адразу думаў, што кіраўніцтва арміі мае намер перайсці ў наступленне і шкадаваў, што ў першы дзень выканаў такі вялікі пераход. Нічога, аднак, не змянілася, і не атрымаўшы іншага загаду, мусіў у наступны дзень маршыраваць далей.

Калі сёння я шукаю прычыны той фатальнай для мяне затрымкі, даведваюся з актаў 1-й арміі, якія знаходзяцца ў архівах Вайсковага гістарычнага бюро, што выдалі ў той час інструкцыю па адходзе, у якой камандаванне арміі дакладна прадбачыць, у які час і дзе падраздзяленні маюць знаходзіцца. Інструкцыя тая загадвала дасягнуць мэты за тры дні. Паколькі я, не ведаючы той інструкцыі, прыйшоў з групай ужо 19 ліпеня вечарам пад Гародню, таму затрымалі мяне ў дарозе для "выроўнівання". Сёння падаецца гэта неверагодным, тады аднак "выроўніванне" адступаўшых падраздзяленняў было, відавочна, найбольшым клопатам штаба 1-й арміі.

У міжчассі камандаванне арміі змяніла план, вырашаўшы перайсці арміяй на левы бераг Нёмана. 10-я дывізія мела заняць адрэзак ад вусця ракі Рось у Нёман да м. Кавальцы. З той прычыны я атрымаў на маршы 18 ліпеня лаканічнае распараджэнне са штаба арміі: "Шукаць брады на Нёмане".

Усё гэта паказвала на адсутнасць цікавасці да лёсу Гародні з боку камандавання арміі, але найфатальнейшым быў той загад аб затрыманні на адзін дзень. Каб не той загад, група дайшла б да Гародні ў час першага наступлення непрыяцельскай конніцы, і сітуацыя без сумнення змянілася б. У Скідзелі група была 19 ліпеня пад вечар. Ад уцекачоў мы даведаліся, што непрыяцель ужо заняў Гародню. Пра сітуацыю я меў наступныя дадзеныя:

1) Камандаванне арміі не мае намеру клапаціцца пра Гародню, на што ўказваў загад, які затрымаў групу на адны суткі на маршы;

2) Загад шукаць брады на Нёмане ўскосна гэта пацвярджаў;

3) Вестка пра падзенне Гародні.

Што належала рабіць?


Паколькі падавалася зусім ясным, што камандаванне арміі не клапоціцца пра Гародню, улічваючы, што неканкрэтнае і незразумелае распараджэнне, выдадзенае камандаваннем, ёсць наступствам мёртвага бюракратызму і адсутнасці рашучай волі, якія, нажаль, панавалі ў штабе арміі. Хоць Гародня пасля пакідання намі паўночнага абшару страціла сваё стратэгічнае значэнне, мела, аднак, вялікае тактычнае значэнне для абароны ўсёй лініі Нёмана. А мы да той лініі падходзілі і мелі яе бараніць.

Сабраўшы ўсіх камандзіраў абгаварыў з імі сітуацыю. Былі два шляхі:

1) Атакаваць Гародню і старацца яе адабраць;

2) Перайсці на левы бераг Нёмана.

Цяжка было адгадаць, якія сілы занялі Гародню. Разлік часу паказваў, што там ужо можа быць непрыяцельская пяхота. Ва ўсякім выпадку не маглі быць вялікія сілы. Такі погляд гаварыў за атаку цвердзі.

Што было перашкодай для гэтай акцыі?

Па-першае - факт, што непрыяцель не толькі быў у Гародні, але яго аддзелы занялі ўжо Азёры, выбіраліся з гарадзенскіх лясоў, і з кожнай гадзінай павялічвалася іх колькасць.

Ідучы на Гародню ад Скідзеля, на адлегласці 35 кіламетраў трэба было маршыраваць уздоўж непрыяцельскага фронту, які вісеў над нашым правым крылом.

Па-друое - на ўсёй адлегласці з левага боку мы мелі Нёман. Без мастоў, з адным бродам у Коматаве. Па гэтым вузкім калідоры паміж непрыяцелем і ракой мусіла група здзейсніць атаку на занятую цвердзь. Пры гэтым я мог чакаць, што ў расійскай кавалерыі знойдуцца эскадроны, якія, чакаючы з гадзіны на гадзіну прыбыцця сваёй пяхоты, забарыкадуюцца ў дамах, скіроўваючы агонь уздоўж вуліц горада, што магло стаць непрыемнай, нават непераадольнай неспадзяванкай пры спробе ўзяцця горада.

Па-трэцяе - нарэшце - не было ніякай пэўнасці, што група знойдзе падтрымку з боку астатняй арміі. Апошнія падзеі ў Лідзе, загады па дарозе, а таксама гарадзенскія баі паказвалі, што штаб арміі перажывае нейкі крызіс і што на добрую дапамогу з таго боку цяжка разлічваць.

Дапускаў, што Гародню ўдасца адабраць, але сумняваўся, ці будзе можна яе ўтрымаць. Заняцце цвердзі палявымі войскамі вымагае, каб на месцы былі афіцэры інжынерыі, якія маглі б даць указанні як тыя, што тычацца сістэмы фартыфікацыі, так і плану агню. Пасля пакідання цвердзі не было пад рукой людзей, якія ведалі сістэму абароны. У дадатак да ўсяго дрэннага мост, які злучаў левы бераг Нёмана з Гародняй, быў знішчаны. Таксама запасаў боепрыпасаў, якія заставаліся ў падраздзяленнях, не магло хапіць для абароны ўмацаванняў.

Ці ў тых умовах мог рызыкаваць? Вырашыў, што не. Рызыка была залішне вялікая, а карысць сумніўная.

Дапускаю, што калі б у хвілі таго вагання ў Скідзелі меў пэўнасць якіх-небудзь акцый з паўднёвага берага Нёмана, акцыі аддзелаў, здольных да бою, то атакаваў бы Гародню і, вельмі можа быць, заняў бы яе. Праўда, не прынесла б гэта нам вялікай карысці, бо Нёман быў бы ў той час фарсіраваны паміж вусцямі Свіслачы і Росі, а атака гэтая была б паслядоўнай атакай групы, якая яшчэ аперавала на правым беразе Нёмана. Але для гэтага патрэбна была вера, што выконваецца нешта планавае і неабходнае. Аднак упакоўваць змучаныя адходам падраздзяленні ў незнаёмую ім цвердзь і чакаць у кожную хвілю ўсё большых сіл непрыяцеля, маючы за сабой спаленыя масты на такой рэчцы, як Нёман, было гульнёй "ва банк", якая магла скончыцца стратай абедзвюх дывізій. На такую сур'ёзную рэч можна было адважыцца, маючы перакананне, што прынясе гэта якую-небудзь карысць. Такога пераканання я не меў і мець не мог.

Таму выдадзены мной загад наступлення на Гародню, а таксама на поўнач і ўсход, меў на мэце толькі дыверсію і мажлівасць нам перайсці раку праз утрыманне непрыяцельскіх аддзелаў на патрэбны прамежак часу на патрэбнай адлегласці. Для атакі на цвердзь прызначыў брыгаду палкоўніка Малахоўскага, на Азёры і забеспячэнне з поўначы накіраваў 8-ю дывізію пад камандаваннем палкоўніка Бургардта-Букацкага, для дыверсіі ў бок Ліды - брыгаду палкоўніка Сікорскага. Адначасова маёр Сабяшчак на чале ўсіх тэхнічных рот будаваў пантонны мост у Лунна, а 13-ты полк уланаў забяспечваў брод у Коматаве.

155-ты полк пяхоты дапяў аж да прадмесцяў Гародні, сеючы - як ведаем сёння - панічны перапалох у аддзелах савецкай конніцы Гая. Горш былі справы на поўначы, дзе акрамя брыгады 8-й дывізіі трэба было ўводзіць у бой 28-мы полк пяхоты, які адкінуў непрыяцеля, але панёс пры гэтым адчувальныя страты.

На працягу ночы я загадаў спыніць атакі і адступіць на левы бераг Нёмана, што таксама было выканана ў найвялікшым парадку і з малымі стратамі. Непрыяцель усюды застаўся на месцах, на якіх пад вечар ішлі баі.

* * *

Праглядваючы ў архіве Вайсковага гістарычнага бюро акты, датычныя гэтага перыяду вайны, я знайшоў загад камандавання 1-ай арміі, датаваны 19-м ліпеня 1920 г., які загадвае атакаваць Гародню 20 ліпеня. Здавалася б на першы погляд, што загад гэты досыць прапрацаваны, рухае ўсе спружыны апарату арміі, каб забяспечыць поспех 8-ай і 10-ай дывізій, якія мелі непасрэдна наступаць на цвердзь. Па задуме гэтага загаду мусіла група генерала Ржандкоўскага (1-я літ.-бел. дывізія і 17-я дывізія пяхоты) атакаваць Шчучын з мэтай прыкрыцця маёй групы з усходу, група генерала Макрэцкага ў складзе 2-ой літ.-бел. дывізіі і XVIII брыгады пяхоты мела атакаваць Гародню з паўднёвага і заходняга бакоў. Нарэшце група генерала Ендрыеўскага мела закрыць пераход цераз Нёман і Свіслач, ад Лунна, выключна, да Заневіч над Свіслаччу.

(Працяг у наступным нумары.)

Выстава дзіцячых малюнкаў, прысвечаная Максіму Багдановічу

Выстава дзіцячых малюнкаў "Горды, моцны птах" - своеасаблівая справаздача, прэзентацыя вынікаў мастацкага плянэру удзельнікаў арт- майстэрні "Залаты птах" (кіраўнік Юлія Шаціла), праведзенага ў 2022 годзе, у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.

Да асобы Максіма Багдановіча, да яго жыцця і творчасці ўдзельнікі арт-майстэрні "Залаты птах" звярталіся і раней. У мінулым годзе яны ўдзельнічалі ў мастацкім плянэры, які адбываўся на тэрыторыі літаратурна-мемарыяльнага музея Максіма Багдановіча "Беларуская хатка" ў Менску. Вынікі працы юных мастакоў былі прэзентаваны падчас мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею гэтага музея - 30-годдзю з дня адкрыцця.

Творчы эксперымент па асваенні музейнай прасторы, звязанай з імем самага маладога класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, прызнаны паспяховым усімі прыхільнікамі юных талентаў, а таксама самімі мастакамі. I таму было вырашана працягнуць эксперымент, але ўжо ў новай лакацыі. Удзельнікі арт-майстэрні "Залаты птах" наведалі экспазіцыю Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Падчас экскурсіі дзеці пазнаёміліся з біяграфіяй пісьменніка, вясёлымі і сумнымі гісторыямі яго жыцця, са знакавымі экспанатамі, мемарыяльнымі прадметамі.

Супрацоўнікі музея пазнаёмілі дзяцей з мастацка-дакументальнай выставай "Пад знакам Страціма", прысвечанай 130-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча і 105-годдзю напісання паэмы "Страцім-лебедзь". Юныя мастакі ў інтэр'еры музея самастойна абіралі прастору для малявання, выбіралі экспанаты, якія ім найбольш спадабаліся. Назва мастацкай выставы "Горды, моцны птах" з'явілася невыпадкова. Па-першае, яна пераклікаецца з назвай арт-майстэрні "Залаты птах". Па-другое, як заўважылі музейныя супрацоўнікі, мастакоў моцна закрануў вобраз Страцім-лебедзя і яго трагічны лёс. Па ўспамінах, калі Максім Багдановіч першы раз чытаў паэму сваім сябрам, ён агаварыўся, і апошні радок прагучаў так: "Ад усіх цяпер патомкі ёсць, акрамя Максімавых…" (замест "Страцімавых"). За гэтай агаворкай - мара паэта пра ўласных дзе-так - і разуменне, што мара не ажыццявіцца. Няхай у Максіма няма прамых "патомкаў", яго сімвалічнымі нашчадкамі становімся мы ўсе. I юныя менскія мастакі, удзельнікі арт-майстэрні "Залаты птах", таксама… У імпрэзе прымалі ўдзел дырэктар музея паэта Максіма Багдановіча Міхал Бараноўскі, навуковы супрацоўнік музея Ірына Мышкавец і пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX