Папярэдняя старонка: 2022

№ 24 (24) 


Дадана: 15-06-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 24, 15 чэрвеня 2022 г.

ХХІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі

У Маладзечна 10-11 чэрвеня праходзіў ХХІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі. У гэтым годзе форум упершыню ладзіўся без яго ідэйнага натхняльніка, народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга. Памяць легендарнага дырыжора ўшанавалі прэзентацыяй дакументальнай стужкі і выстаўкай, якая распавядае пра асобу маэстра. На фестывальных пляцоўках размясціліся экспазіцыі, прысвечаныя важным для гісторыі нашай краіны датам - 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама выстава "Памяць пакаленняў" да Года гістарычнай памяці.

Адметнасць форуму ў гэтым годзе - экспазіцыя "Партал часу" да Года гістарычнай памяці, прадстаўленая рэгіёнамі Менскай вобласці. Жодзіна, напрыклад, зладзіла інсталяцыю, якая распавядае аб горадзе ў 50-60-х гадах мінулага стагоддзя. Манахромныя рэпартажныя фотаздымкі, агітплакаты, сцягі. Сімвалы таго часу - каваны падшкляннік, які ёсць у кожным цягніку, тэрмас, старыя шалі ды таблічка: "Заўсёды ў продажы: гарбата, кава, какава, кефір, запалкі, тытунь". Нясвіж вылучыўся сваімі старажытнымі традыцыямі - прыгожыя дамы, рыцары, высвятленне адносін паміж шляхцюкамі, прывіды замкаў і, канешне ж, музыка тых часоў. Прыцягнуў увагу і Чэрвень. На пляцоўцы пад назвай "Чэрвеньшчына: ад вытокаў да зор" можна было пагуляраць у касмічны квэст і сфатаграфацца з фігурай знакамітага беларуса, ураджэнца Чэрвеня, касманаўта Алега Навіцкага.

У чаканні канцэртаў завіталі ў Менскі абласны краязнаўчы музей, у ім размясціліся адразу дзве выставы. Першая, пад назвай "Дрэва жыцця", дэманстравала работы навучэнцаў Маладзечанскай школы выцінанкі. Работы прасякнуты фальклорнымі матывамі. Створаныя ў сучаснасці, яны вяртаюць да вобразаў мінулага, да традыцый. Наступная выстава, "Песняры роднага краю", прымеркавана да 140-годдзя з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры, Янкі Купалы і Якуба Коласа. У экспазіцыі прадстаўлены замалёўкі Сымона Геруса з серыі "Знаёмства з Якубам Коласам", работа Уладзіміра Пасюкевіча "Янка Купала і Цішка Гартны ў Капылі", а таксама фотаздымкі Якуба Коласа, якія паказваюць класіка падчас ягонага адпачынку - у грыбах, у гасцёўні дома ў Менску, на беразе возера Нарач.

Надвор'е ў першы фестывальны дзень выпрабавала на трываласць кожнага госця форума - спякота стаяла жудасная. Тым прыемней зайсці ў прахалодную залу кінатэатра "Радзіма". Там, на мой погляд, адбылася адна з галоўных падзей фестывалю - прэзентацыя дакументальнага фільма "Імправізацыя", прысвечанага памяці маэстра Міхаіла Фінберга.

Перад паказам слова ўзяла заслужаная артыстка Беларусі Наталля Тамела:

- Фільм, які вы пабачыце, вельмі правільны - ён дакладна апісвае жыццё Міхаіла Якаўлевіча. Фінберг заўсёды прыходзіў на рэпетыцыю а палове восьмай, хаця пачыналася яна ў дзевяць. Нам нельга было спазняцца. Але калі раптам такое адбывалася і я тэлефанавала, каб папярэдзіць, ён казаў: "Дачушка, усё добра".

У стужцы выкарыстаны архіўныя кадры Менска мінулага стагоддзя, партрэт маэстра ствараецца, дзякуючы ўспамінам ягоных сяброў і калег. Суседка Міхаіла Фінберга, якая памятае яго з дзяцінства, распавядае пра кволага хлопчыка, які кожны дзень іграў на губным гармоніку ў двары. Калі іншым дзецям гэта надакучвала, яны з акенцаў кідалі ў маленькага Мішу каменьчыкі... З такіх падрабязнасцяў і складаецца жывы партрэт гістарычнай асобы. Дакументальны фільм "Імправізацыя" быў створаны здымачнай групай тэлеканала "Беларусь 3".

Таксама ў холе кінатэатра была зладжана выстава "Заўсёды з вамі. Міхаіл Фінберг". У экспазіцыю ўвайшлі асабістыя рэчы народнага артыста Беларусі - касцюмы з канцэртаў, фотаздымкі, узнагароды і нават квіткі з мерапрыемстваў, у якіх маэстра прымаў удзел.

Немагчыма ўявіць "Маладзечна-2022" без Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Конкурсныя этапы традыцыйна прайшлі ў Палацы культуры.

Адметна, што сярод удзельнікаў былі юныя таленты, якія толькі пачынаюць свой творчы шлях, і моладзь, якая ўжо дасягнула пэўных вышынь. Напрыклад, хтосьці ўжо і сам выкладае вакал для маленькіх дзетак. У суправаджэнні аркестра гучалі песні на вершы Максіма Багдановіча, слухачы пазнавалі знакамітыя мелодыі Уладзіміра Мулявіна, а таксама беларускія народныя песні.

Фінальнае мерапрыемства першага дня - урачыстае адкрыццё ХХІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, цэнтральнай падзеяй якога стала канцэртная праграма "ХХІ - адлік новага часу. Пачатак" у выкананні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Максіма Расохі.

Падчас урачыстага адкрыцця фестывалю адбылося ўзнагароджанне лаўрэатаў конкурсу маладых выканаўцаў - Гран-пры атрымала Ганна Рыбакова. Дзяўчына скончыла Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.Куляшова па спецыяльнасці "Музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія". Зараз яна працуе педагогам-арганізатарам у магілёўскай школе.

На працягу фестывальных дзён Маладзечна змянілася, у розных куточках горада можна было адчуць, што зараз адбываецца нацыянальнае свята. Недзе стаіць каляровая лаўка, распісаная імёнамі класікаў беларускай літаратуры, з магазіна чуваць "Белавежскую пушчу" у выкананні "Песняроў"... Але галоўны адбітак беларускай культуры нясуць у сябе ўдзельнікі і госці форуму. Людзі, якія адмыслова прыехалі ў Маладзечна, каб дакрануцца да нашай мовы, паэзіі і музыкі.

Арына КАРПОВІЧ. Фота Лізаветы ГОЛАД.

Калі трымаюць моцна Макары...

У Лідскiм раёне адкрыўся цыкл святаў вёсак

З надыходам лета адкрываецца цыкл святаў вёсак Лідскага раёна. Макары - адна з першых вёсачак, якая прымала гасцей.

Калі рыхтавалася да паездкі на гэтае мерапрыемства, са здзіўленнем і з жалем даведалася, што на сённяшні дзень там пражываюць толькі… тры чалавекі.

- І, тым не менш, свята адбудзецца пры любым надвор'і, - супакоіла мяне Зоя Баклага, старшыня Ходараўскага сельвыканкама. - Жыхароў там сапраўды мала, але ўраджэнцы Макароў жывуць не толькі па ўсёй Беларусі, але і за яе межамі. Відаць, моцна прараслі яны каранямі на сваёй малой радзіме, прыцягвае іх да сябе родная старонка. Праўда, трэба сказаць, што без старасты вёскі Лідзіі Іванаўны Грыц і яе дачкі Наталлі свята магло б і не быць. Але паедзьце, паглядзіце - самі ўсё ўбачыце і зразумееце. Упэўнена, не пашкадуеце!

Сапраўды, тое, што гасцей чакаюць, стала зразумела, як толькі пераехалі масток цераз рачулку Лебяду. Па-гаспадарску абкошаныя ўзбочыны прывялі прама… да багата накрытага ў цяньку каля крайніх хат стала, за якім сабралася каля трох дзясяткаў чалавек рознага ўзросту (дарэчы, на працягу вечара пад'язджалі тыя, каго справы прымусілі спазніцца).

Безумоўнай гаспадыняй свята была Лідзія Іванаўна. Сціплая, прыемная ў гутарцы жанчына паведаміла, што ў Макары прыехала жыць пяцьдзясят гадоў назад.

- Адкуль такая назва вёскі? - пытаюся.

- Нічога асаблівага: недалёка рэчка, лес, а іх звычайныя спадарожнікі - камары. Ці, як кажуць, макары.

- Вёска раней вялікая была?

- Ды як сказаць! На той час, як я сюды пераехала жыць, было трыццаць шэсць сем'яў. Адметнымі асаблівасцямі ўсіх іх былі шчырасць і сяброўства. На гэтым самым пятачку заўсёды разам адзначалі ўсе святы. А бывала, і так, без прычыны, збіраліся, калі зрэдку з'яўлялася вольная гадзіна.

- А гэта традыцыя сустрэчы з землякамі даўно нарадзілася?

- Сёлета дзявяты раз сустракаемся. Шчыра скажу, што стан здароўя крыху перашкаджае арганізоўваць усё гэта. Але мне, як старасце вёскі, людзі тэлефануюць з усіх куткоў Беларусі. Пытаюцца, ці будзем збірацца. Як тут адмовіць? Тым больш што мне вельмі дапамагае мая малодшая дачка Наталля.

- А старэйшая дзе?

- Ва Украіне жыве, з сям'ёй.

- І як ёй там цяпер? - асцярожна пытаюся.

- Там, дзе яна жыве, пакуль ціха…

Вельмі пранізлівай была прамова Лідзіі Іванаўны ў пачатку свята. Акрамя традыцыйных пажаданняў міру, здароўя і поспехаў, яна не пажадала вялікага дастатку. Патлумачыла, што вялікія грошы прымушаюць людзей забываць пра звычайныя чалавечыя каштоўнасці, пазбаўляюць іх людскасці, перашкаджаюць вось так, па-прасцецку, збірацца разам. А менавіта адзін такі дзень, як сёння, дае сілы жыць на ўвесь наступны год.

Потым гаспадыня свята падарыла ўсім прысутным песню. "Приходите в мой дом, мои двери открыты, буду песни вам петь и вином угощать", -- спявала жанчына і кожны прысутны разумеў, што гэта не проста тэкст песні - гэта сапраўднае запрашэнне і запэўніванне ў тым, што кожнаму госцю ёсць куточак не толькі ў хаце, але і ў вялікім, шчырым сэрцы Іванаўны, як па-свойску клічуць жанчыну знаёмыя.

Самаадданасць, хутчэй падобная на самаахвярнасць, з якой стараста вёскі ставіцца да ўсіх людзей - родных і чужых - у аднолькавай ступені, адбіваецца ў іх адносінах да жанчыны. Трэба было бачыць, з якой пяшчотай кружыў яе ў танцы… зяць Віктар!

Музычнае аздабленне свята забяспечвалі творчыя калектывы Тарноўскага і Ходараўскага Дамоў культуры. Дарэчы, у вакальнай групе "Медуніца" з апошняга ўжо больш за дваццаць год спявае кіраўнік спраў Ходараўскага сельвыканкама Наталля Бразоўская.

У сваёй прамове яна заўважыла: куды б мы ні паехалі ад сваіх родных веснічак, адразу заўважаем, што толькі там, на малой радзіме, самае высокае неба, самыя звонкія птушкі, самая зялёная трава і, галоўнае, самыя шчырыя і спагадлівыя людзі.

Сабраўшыся за сталом, яны паводзілі сябе проста, як у вялікай і дружнай сям'і. І хоць нас з рэдакцыйным кіроўцам таксама гасцінна пасадзілі бліжэй да пачастункаў, было няёмка перашкаджаць іх сямейнай гутарцы нейкімі банальнымі пытаннямі. З большага было і так усё зразумела. Таму мы з Віктарам Андрэевічам проста назіралі за святам і разумелі, што гэтая паездка падобная хутчэй на адпачынак, чым на працу.

Тым не менш, трохі пачакаўшы, я пазнаёмілася з некаторымі гасцямі.

Вячаслаў Аляксандравіч (ураджэнец Макароў) і Юлія Грыгор'еўна (ураджэнка Магілёва) Бучы жывуць у Лідзе, стараюцца не прапускаць ніводнага свята. Дарэчы, даведалася, што ў мінулым годзе пара адзначыла залатое вяселле.

Віктар Юр'евіч (мянчанін) і Святлана Аляксандраўна (з Макароў) Лазаравы цяпер пражываюць у Менску, але з задавальненнем прыязджаюць сюды, каб пабачыца з землякамі.

Наступная пара - Віталь і Ала Пятліцкія - была самымі далёкімі гасцямі, з Ганцавіч. Дарэчы, Ала аказалася маёй калегай - таксама працуе ў раёнцы. А прыехала разам з сям'ёй на радзіму… свякрухі Людмілы Вітальеўны. Пагадзіцеся, такі прыемны рэверанс з боку нявесткі - чарговы доказ, што з гэтых мясцін паходзяць добразычлівыя, шчырыя людзі!

А вось Ала Касцюшка і Марына Дамшэвіч аказаліся сапраўднымі гасцямі. Ні яны, ні іх родныя не паходзяць з гэтых месцаў. Яны прыязджаюць сюды да сваіх сяброў, каб проста адпачыць душой.

Асобна да мяне падышла Вера Аляксееўна Буча, адна з нямногіх жыхароў гэтай вёсачкі. Пра сябе, акрамя таго, што ў халодную пару жыве ў дачкі ў Лідзе, а на цёплы сезон вяртаецца ў родныя мясціны, гаварыць не стала. Але вельмі эмацыянальна, літаральна ўзахлёб, расказвала пра Лідзію Іванаўну, з якой сябруе пяцьдзясят гадоў. "Гэта той самы чалавек, да якога заўсёды можна звярнуцца па дапамогу. Ніколі і нікому яна не адмовіла, нягледзячы на тое, свой або чужы чалавек",- паведаміла яна.

Дарэчы, сённяшняе надвор'е таксама было на баку тых, хто сабраўся: недзе здалёк грукатаў гром, але ў Макары навальніца не наведалася, нібы дазваляючы насыціцца шчырымі гутаркамі, водарам малой радзімы, успамінамі аб мінулых падзеях, людзях - жывых і адышоўшых у іншы свет. Хай у макароўцаў і ў іх сем'яў будзе так, як мае быць! А таксама хочацца пажадаць, каб і далей збіраліся вялікай і дружнай сям'ёй. Каб у наступную, юбілейную, сустрэчу давялося паставіць яшчэ больш сталоў!

Не жадаючы перашкаджаць, мы з кіроўцам паціху пакінулі гаспадароў свята і іх гасцей. Дарэчы, нягледзячы на тое, што былі толькі ад стала, па дарозе мы ўсё ж такі з'елі піражкі, якімі нас пачаставала Наталля (між іншым, сёлета яе дзень нараджэння супаў са святам вёскі!), бо водар, які напаўняў машыну, не пакінуў ім шанцу даехаць да Ліды...

Алена Каралевіч.

Творчая сустрэча ў Зэльве

Пры Зэльвенскім цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва існуе літаратурны клуб "Малюся слову". Сябры гэтага клуба запрасілі да сябе пісьменніка і краязнаўца са Слоніма Сяргея Чыгрына. Падчас сустрэчы госць распавёў прысутным пра сваю творчасць, пра тыя выданні, якія пабачылі свет у апошні час. Вялася гутарка і пра кнігі, прысвечаныя Зэльвеншчыне.

Прыгадаў Сяргей Чыгрын і пра тое, як у 1995 годзе яны разам з Міхасём Скоблам выдавалі факсімільнае выданне першай кнігі Ларысы Геніюш "Ад родных ніў". Факсімільнае выданне першага паэтычнага зборніка выйшла тады накладам 3000 асобнікаў. Прэзентаваў зэльвенцам літаратар сваю новую кнігу легендаў і паданняў "Камень-бацька і камень-сын", куды ўвайшлі легенды Слонімшчыны, Зэльвеншчыны і Дзятлаўшчыны, а таксама прачытаў некалькі сваіх новых вершаў.

Зэльвенцы шчыра сустракалі госця, задавалі яму пытанні, прасілі, каб падчас жнівеньскага свята "Ганненскі кірмаш у Зэльве" працавала кнігарня, дзе можна было б купіць кнігі сваіх землякоў.

Наш кар.

РАЗАМ З КНІГАЙ - У ЛЕТА!

Лета - гэта час творчасці і бязмежнай фантазіі. А для бібліятэк канікулы - гэта ўнікальная магчымасць стварэння для дзяцей, выдатнай ад школьнай, прасторы творчасці і зносін на аснове кнігі. Гэта магчымасць прыцягнення дзяцей да чытання, прыцягнення новых чытачоў у бібліятэкі.

Актыўны адпачынак, гульні і спаборніцтвы, экскурсіі і падарожжы - усё гэта дапаможа чытачам бібліятэчных філіялаў ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" ярка і незабыўна правесці летнія канікулы і сёлета.

Сустрэўшы разам з бібліятэкай Міжнародны дзень абароны дзяцей, які святкуецца 1 чэрвеня, дзеці з задавальненнем "увайшлі ў лета 2022 года" сумесна з кнігай.

Дзень абароны дзяцей - гэта светлае, сонечнае свята - свята шчаслівага дзяцінства. Не дарма яно адзначаецца ў першы дзень лета. У гэты дзень бібліятэкары гарадскіх і сельскіх бібліятэк Лідчыны запрасілі дзяцей усіх узростаў на святочныя забаўляльныя мерапрыемствы, бо летні перыяд працы бібліятэк з дзецьмі заўсёды пачынаецца з Міжнароднага дня абароны дзяцей.

У першы летні дзень філіял "Бярозаўская гарадская бібліятэка" прыняў удзел у гарадскім свяце (г. Бярозаўка, Лідскі раён) з выставай "Лета з цікавай кнігай". Супрацоўнікі бібліятэкі для ўсіх зацікаўленых дзяцей правялі віктарыну "Адрас дзяцінства - лета".

У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 4" адбыўся конкурс малюнкаў-калажаў "Дзяцінства - гэта мы!". Дзеці з задавальненнем гулялі ў гульні, удзельнічалі ў вясёлых конкурсах. Загадкі, конкурсы і танцавальныя заданні ўздымалі настрой усім прысутным. У канцы мерапрыемства была арганізавана выстава малюнкаў.

Тым жа днём у філіял "Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая" на гульнёвую праграму "В краски яркие одето к нам опять приходит лето" завіталі дзеці, якія наведваюць ДУА "Яслі-сад № 34 г. Ліды". Хлопчыкі і дзяўчынкі адгадвалі загадкі, малявалі, расказвалі вершы, з цікавасцю ўдзельнічалі ў гульнях і эстафетах.

У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 3" прайшоў літаратурны турнір "Востраў таямніц і загадак". Дзеці адправіліся ў падарожжа па астравах "З'явы прыроды", "Свет раслін", "Жывёльны свет", "Птушкі", "Свет чалавека", "Гародніна" і "Прылады працы". На шляху дзяцей сустракалася шмат перашкод: казачныя рэбусы, аб'явы, аўкцыён казак і многае іншае. У ходзе турніру, навучэнцы "зараблялі" часткі пазла, сабраўшы які, атрымалі пасланне з апошнім заданнем. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем удзельнічалі ў гульні, адказвалі на ўсе пытанні і разгадвалі складаныя галаваломкі.

Дзеці аграмястэчка Далекія паўдзельнічалі ў шматлікіх конкурсах, эстафетах, якія сталі часткай гульнявой праграмы "Дзеці - наша будучыня", арганізаванай супрацоўнікамі філіяла "Інтэграваная бібліятэка ам. Далекія". Без увагі не засталося не адно дзіця. Супрацоўнікі бібліятэкі пастараліся стварыць атмасферу ўсеагульнага свята, даставілі радасць дзецям ад сустрэчы з любімымі кніжнымі персанажамі, кожнаму дзіцяці прадставілася магчымасць праявіць свае здольнасці ў гульнях, танцах і песнях.

У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 2" прайшла гульнявая праграма "Мы з сябрамі не сумуем, а чытаем і гуляем". Дзеці гулялі ў рухомыя гульні, удзельнічалі ў конкурсах, вясёлых эстафетах, адгадвалі загадкі, успаміналі любімых герояў літаратурных твораў. Скончылася мерапрыемства вясёлай фізхвілінкай.

Філіял "Лідская гарадская бібліятэка № 1" наведалі школьнікі ДУА "Сярэдняя школа № 17 г. Ліды" на пазнавальна-гульнёвую праграму "Сонца, кніга, дружба - вось, што дзецям трэба". Супрацоўнікі бібліятэкі не толькі пазнаёмілі дзяцей з бібліятэкай, але і правялі шмат віктарын і шарад. Дзеці з вялікім задавальненнем гулялі, удзельнічалі ва ўсіх конкурсах. Яны бліскуча справіліся з усімі заданнямі, паказаўшы сваю эрудыцыю і кемлівасць.

Філіял "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" арганізаваў конкурс малюнкаў "Летнія праменьчыкі саграваюць дзяцінства", у якім прынялі ўдзел выхаванцы аздараўленчага лагера "Краіна дзяцінства" ДУА "Сярэдняя школа № 15 г. Ліды". З дзецьмі пагаварылі аб выдатнай пары года - пра лета, і нягледзячы на дождж за акном, гэтая пара радуе нас цёплым паветрам, спевам птушак, сваімі зялёнымі фарбамі. З дзецьмі правялі гульню "Што бывае летам", дзеці паглядзелі мультфільмы пра лета і відэапрэзентацыю "Летнія месяцы". Завяршэннем мерапрыемства сталі выдатныя дзіцячыя летнія малюнкі. А хто з дзяцей не паспеў дамаляваць, той паабяцаў абавязкова прынесці іх у бібліятэку крыху пазней. Падвядзенне вынікаў конкурсу адбудзецца ў канцы года.

Ужо шмат хлопчыкаў і дзяўчынак паўдзельнічалі ў мерапрыемствах, якія арганізоўваюць бібліятэкі Лідчыны. Вынік адзіны: час бавіцца цікава, пазнавальна, захапляльна, весела, а галоўнае - разам з сябрамі! Таму запрашаем усіх у госці да кнігі. Амаль штодня падчас летніх канікулаў вас чакаюць сапраўдныя прыгоды ў "кніжных царствах" горада і раёна.

Пачніце летні адпачынак з кнігай і бібліятэкай!

Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу К.С. Сандакова.

Шольц абяцаў дапамагчы Паўночнай Македоніі з уступленнем у ЕС

Навіны Германіі

Перамовы пра ўступленне ў Еўрасаюз Паўночнай Македоніі павінны пачацца неадкладна. Берлін прыкладзе да гэтага высілкі, заявіў канцлер Олаф Шольц падчас візіту ў Скоп'е. Па словах Шольца, Германія прызнае выкананне Паўночнай Македоніяй усіх неабходных крытэраў і настойвае на найскорым пераходзе да пачатку перамоў пра ўступленне ў ЕС. Аднак краіна павінна ісці шляхам рэформаў.

Па ўсёй верагоднасці, Паўночная Македонія заручылася зараз падтрымкай Германіі. Аднак чакаюцца перашкоды з боку Балгарыі, якая ў лістападзе 2020 года заблакавала пачатак перамоў паміж Скоп'я і ЕС. Сафія адмаўляецца прызнаваць наяўнасць македонскай мовы, якую лічыць адным з дыялектаў балгарскай, патрабуе канстытуцыйных гарантый для балгарскай меншасці, а таксама аб'ектыўнага тлумачэння сумеснай гісторыі.

Аляксандр Самажнеў.

Германія аднавіла выдачу турыстычных віз беларусам

З 11 чэрвеня ў Германіі адмянілі любыя абмежаванні на ўезд, якія дзейнічалі з-за каранавіруса. Цяпер зноў можна падаваць дакументы на шэнгенскія турыстычныя візы ў пасольства Германіі ў Менску.

"Дапускаецца ўезд на тэрыторыю Германіі з Рэспублікі Беларусь для любых мэт паездак (у тым ліку турызм і наведванне сваякоў і сяброў). Патрабаванне прад'яўлення даведкі аб вакцынацыі, даведкі аб перанесеным захворванні альбо выніку тэсту на каранавірус пры ўездзе на тэрыторыю Германіі адмяняецца.

Пасольствам Германіі ў Менску зноў прымаюцца хадайніцтвы аб атрыманні візы для любых мэт паездкі. У сувязі з павышаным попытам час апрацоўкі візавых хадайніцтваў можа павялічыцца", - паведамляецца на сайце пасольства. Пакуль свабодных месцаў для запісу на прыём няма. Але інфармацыя пра іх колькасць рэгулярна абнаўляецца.

Памёр пісьменнік Серж Мінскевіч

Яшчэ адна вельмі цяжкая навіна: памёр пісьменнік Серж Мінскевіч. Яму было 53 гады.

Серж Мінскевіч (12 лютага 1969, Менск - 8 чэрвеня 2022, Менск) - беларускі паэт і перакладчык. Былы сябар былога ўжо Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ (1995). Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў літаратурна-мастацкага руху «Бум-Бам-Літ». Быў літаратурным кансультантам газеты «Пераходны ўзрост». Працаваў ў Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Кандыдат філалагічных навук.

Займаўся бардаўскай песняй, рок-музыкай. Быў музыкам, спеваком, аўтарам песень у рок-гурце «Жах». Пісаў электронную музыку.

Стыпендыят Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы «Gaude Polonia» (2007).

Зрабіў поўны пераклад паэмы А. Міцкевіча «Дзяды» (1999), пераклаў «Крымскія санеты» (2004), «Адэскія санеты» (2018). Перакладаў з польскай Міцкевіча, Славацкага (драматычная паэма «Міндоўг, кароль літоўскі»), Івашкевіча, Галчынскага, Маслоўскую, Герберта, Мрожэка, ранія вершы Лема; з англійскай Шэкспіра, Шэлі, Лангфэла.

Пісаў фантастыку (''Сад замкнёных гор'') і кнігі для дзяцей (''Прыгоды Какоса Маракоса''). У апошнія гады найчасцей выступаў як літаратуразнаўца, друкаваў артыкулы па санетазнаўстве, займаўся перакладам.

Выказваем спачуванні родным і блізкім пісьменніка, якіх напаткала раптоўная страта. Спачывай у спакоі, Серж…

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

З "Беларуска-індзейскай энцыклапедыі" і анталогіі "Індзейцы вачыма беларусаў"

(Працяг, пачатак у №№ 19 і 22)

АЛЕКСАНДРОВІЧ Ігар - адзін з піянераў БТ, памёр у 2021 г. ад каранавіруснай інфекцыі; журналіст, эсэіст, кінадраматург, пісьменнік, акалічнасці знаёмства якога з кубінскім індзейцам (і больш дакладна пра асобу апошняга) высветліць не ўдалося, у т.л. і пры непасрэдным звароце туды, дзе інфармацыя прагучала: "Беларускае тэлебачанне / студыя "Палітра", "Скрыжалі" / Александровічу І. / 18.10.1995 № 63 / Паважаны тав. Александровіч! / Мы былі б удзячны за некаторыя падрабязнасці пра Вашага індзейскага падарожніка [спадарожніка?] па Сібіры Марселіна; просім паведаміць, па магчымасці, і яго цяперашні адрас. / Вывучаем усё, што датычыцца беларуска-індзейскіх сувязяў".

АЛЯКСЕЙЧЫК Якаў - у нас амаль не было сумнення, што індыянка з яго гісторыі пра паездку ў Мінесоту - "скво", а не "індуска", але мы паспрабавалі пераканацца ў гэтым у самога гендырэктара БЕЛТА: "Хацелі бы ўдакладніць у Вас: індыянка - прыёмная дачка праф. Ханта - індзейскага ці індыйскага паходжання? Верагодна, першае, але ўдакладненне не перашкодзіць. / Ці нельга звязацца з прафесарам? Вядома, Вы маеце візітоўкі сваіх знаёмых, калі не яго самога? / Будзем удзячныя, калі падзеліцеся "індзейскімі" ўражаннямі".

Аляксейчык пабываў у Мінесоце пасля М. Карпенкі дзякуючы арганізацыі "Сіла ў сяброўстве" ў складзе групы, у якой быў і дырэктар Дзяржаўнага ансамбля танцу Беларусі Л. Тушынскі. Госці былі размеркаваны па сем'ях. Такім чынам Аляксейчык атрымаў магчымасць апісаць Уільяма Ханта з мястэчка Гент, а таксама яго прыёмную дачку.

"За сацыялістычныя погляды Хант выгнаны з мясцовага каледжа і зараз змушаны падзарабляць за сто міль ад дома".

"Даволі шырока распаўсюджанае ўсынаўленне дзяцей, у тым ліку з Еўропы і Азіі. Падчас знаёмстваў часта даводзілася чуць такія словы:

- Гэта мая дачка, яна румынка.

Удачарыў індыянку і прафесар Хант, які мае сваіх дзесяць дзяцей. На жаль, дзіця прыроды, відавочна, не выстаяла перад спакусамі гарадскога жыцця. Дзяўчына ўцягнулася ў алкаголь, наркотыкі. У прафесара з ёй шмат праблем".

БУЛГАК Антоні Ежы (А. Джордж = A. George Bulhak) - гэты пляменнік Фелікса Дзяржынскага меў нямала сустрэч з індзейцамі. Антоні Ежы, сын Альдоны, быў завалочынскім ураджэнцам і звычайна называў сябе другім імем, а яго жонка Ванда, народжаная Юхневіч, была пляменніцай Юзафа Пілсудскага. І таму, відаць, ён сам здолеў стаць адным з ад'ютантаў маршалка. Удзельнічаў у польска-савецкай вайне.

Безумоўна, усім тым з беларусаў, хто хоча наведаць Брытанскую Калумбію або пажыць там, перш за ўсё раім знайсці як гід па правінцыі яго кнігі: U. B. C. panorama: pictorial studies (1945 - фотасправаздача пра ўніверсітэт), Beautiful Vancouver (1948 - сувенірны альбом на аснове фотаконкурсу газеты "Ванкувер сан"), Almanach of B. C. (1958 - невялікі інфарматар " пра прыроду, мікракліматы і жывёл" паўднёвай часткі правінцыі). Апошняя кніга прыцягнула асаблівую ўвагу, "вывела" яго з дыяспаральнага асяроддзя, спрыяла прызнанню яго англасаксамі. Але з-за хваробы ўтрымаўся на пасадзе кіраўніка Дэпартамента вакацыйных асяродкаў Брытанскай Калумбіі толькі тры гады. Пажадаў, каб яго прах быў высыпаны ў маляўнічую раку Капілана, якую вельмі любіў (1961).

Паляўнічы і рыбак, Булгак пісаў, уздымаючы пры гэтым і пытанні аховы прыроды, на паляўнічыя тэмы і пра іншыя ўражанні ад яго экспедыцый разам з жонкай. Гэта нагадвае пра вядомую ў СССР кнігу "Трое супраць нетраў" Эрыка Кольера, трапера, які з жонкай індзейскага паходжання і сынам пасяліўся ў Брытанскай Калумбіі.

Булгак заставаўся вялікім бібліяфілам і збіральнікам кніг і ў Канадзе. Даведаўшыся пра падарожжы і лёс Булгака мы інакш паглядзелі на публікацыі ў Бібліятэцы Беларуска-індзейскага таварыства, тэматычна і "геаграфічна" блізкія да кніг нашага земляка, аднаго з першых сапраўдных эколагаў у Ванкуверы: McDonald H. L. British Columbia: challenge in abundance (Canadian Confederation Centennial Committee of British Columbia, 1966), якая даслана нам з Каліфорніі Э. Гуткінам, як і спецыяльна купленая ім па нашай просьбе (з павагі да індзейскага аўтара - Г. Чэгак, кламат): "№33 BAIS library: new acquisitions. Halliday, Jan & Gail Chehak in Cooperation with the Affiliated Tribes of Northwest Indians. Native Peoples of the Northwest. A Traveler's Guide to Land, Art, and Culture. Seattle: Sasquatch Books, 1996 292p 23cm. Many thanks to Eduard Gutkin, the founder and leader of the Akhdut and Toldot ve Gaskala Gomel Jewish organizations" (Newsline / Belarusian - American Indian Society, June 13, 1998).

ГРЫНКЕВІЧ Мікалай - "місія" гэтага з 1888 па 1891 г. псаломшчыка, а затым святара мела фенаменальны характар і ў сэнсе працяглых і сталых кантактаў з індзейцамі. Хаця былі і іншыя настаўнікі-беларусы, якія сустракаліся з індзейскімі дзецьмі ў аўдыторыях, вопыт Грынкевіча - абсалютна ўнікальны.

Безумоўна, у І. Дамейкі ў Чылі было шмат сустрэч з карэннымі жыхарамі - не толькі ў час яго шматтыднёвага падарожжа да араўканаў, бо ён меў, напрыклад, студэнтаў адпаведнага паходжання на працягу многіх дзесяцігоддзяў ва ўніверсітэце, але гэта не дацягвае да галівудскага характару драмы, своеасаблівага педагагічнага "Тытаніка" Грынкевіча і яго вучняў, над ювенільнай годнасцю якіх не на жарт здзекаваўся "правадыр" паўночнаамерыканскага (і не толькі) праваслаўя епіскап Уладзімір. " Звычка Уладзіміра зласловіць пра самых нявінных людзей і нават пра дзяцей дзіўная . Яму нічога не значыць афіцыйна , назаўжды заклеймаваць дзіця " злодзеем " за тое толькі , што той пакінуў царкву ў адзенні , у якім хадзіў , а не распрануўся дагала , выходзячы на вуліцу ".

Пра гэты эпізод можна сказаць: "Не бачыце індзейцаў? А яны ёсць". На гэта ўказвае нават публікацыя са згадкай пра прыход 27.08.1888 г. - незадоўга да пачатку заняткаў - парахода "Берта" з Аляскі з епіскапам і вучнямі - 3 індзейцамі і 3 алеутамі (мы не можам сказаць, да каго - да індзейцаў або алеутаў - аднеслі Мікалая з беларускім прозвішчам Саўчанка).

Грынкевіч напісаў нататку, яго папрасіў зямляк-доктар. І ўсю сярэдзіну - самы востры перыяд - 1891 г. пратрымаўся сакратаром (як яго называлі ў друку Сан-Францыска) епіскапа Уладзіміра. У 1892 г. пра яго ранняе сведчанне стала вядома праз газеты, але з агаворкай, што ён змяніў сваё стаўленне. Нейкім чынам яму ўдалося даказаць лаяльнасць - да моманту апублікавання яго нататкі ў рэвалюцыйнай брашуры з адзнакай "Дазволена цэнзурай. Масква. Сакавіка 2-га 1895 г." Такім чынам, "бюракратызм" і "цяганіна" рэвалюцыйных выдаўцоў дапамаглі Грынкевічу пражыць у Сан-Францыска яшчэ больш за палову ўсяго яго "каліфарнійскага перыяду". Нягледзячы на скандалы і надзвычайныя здарэнні, гэта ў цэлым быў, несумненна, самы цікавы і шчаслівы перыяд у яго жыцці. Новы епіскап, Мікалай, быў таксама нярвовы, але пры ўсім сваім "панстве" - больш добры да людзей і дыпламатычны.

(Увага! Тарашкевіца!) "У школе 23 хлопчыкі. Яны падзеленыя на 3 клясы. Клясныя пакоі адначасова служаць і пакоямі для занятак. Пакою для адпачынку няма. Усе клясныя пакоі (спальні таксама) знаходзяцца ў сутарэньні. Два зь іх нагэтулькі слаба асьветленыя, што пасяродку іх ужо нельга разабраць друкаванае кнігі. Вэнтыляцыі аніякай. Вільгаць і смурод. Другая кляса і страўня месьцяцца ў адным і тым жа пакоі.

Васьмігадовым хлопчыкам належыць выконваць тыя ж правілы, што і пятнаццацігадовым, яны трымаюцца таго ж ладу жыцьця, што і 15-гадовыя. Лік занятак наступны: клясных занятак з настаўнікам 3 1/2 гадзіны (ад 1 1/2 да 5 па поўдні); падрыхтоўка ўрокаў 3 гадзіны (8 - 11 раніцы); сьпеў 2 гадзіны (11 - 12 раніцы і 5 - 6 вечара); царкоўная служба 2 гадзіны (6 1/2 - 7 1/2 раніцы). Суботамі і сьвятамі працягласьць службы да 6 гадзін на дзень. Прымушаюць дзяцей насіць доўгія валасы, праз гэта вошы моцна разьвяліся…

Епіскап прыўлашчыў сабе грошы хлопчыкаў, якія зь ім прыехалі сюды. Ім усім (12 чалавек) былі выдалі грошы на праезд, цяпер у кожнага засталося ня менш за 200 даляраў. Некаторых хлопчыкаў, з тых, хто прыехаў, ужо сплавілі на Аляску, і ні аднаму зь іх не далі грошай, нават каб купіць сабе хоць якое адзеньне, нягледзячы на больш чым відавочную патрэбу" (Грынкевіч, Мікалай. Пра школу / пер. з рас. Сержа Мінскевіча // Веснік БІТ. 2014. 10 ліп. № 38). Гл. арт. "Русель".

ЖДАРКІН Ігар - гомельскі індзеяніст і ўраджэнец, са старавераў, потым маскоўскі ваенны перакладчык; у час ваеннай службы, у т.л. ва ўмовах баявых дзеянняў у Анголе, ужываў індзейскі псеўданім Джэроніма; дапамагаючы спецыялістам абслугоўваць авіяцыйную тэхніку, наведаў дзясяткі краін, у Амерыцы - Бразілію, Перу і Венесуэлу, многія шматразова. Сустрэўся і з "велізарным" апачам - сяржантам на выставе МАКС (Міжнародны авіяцыйна-касмічным салон), а з яшчэ адным сяржантам - з народа гуахіра - у Венесуэле, нават спрабаваў размаўляць з ім на яго мове гуахіра - быў слоўнік. Пра тую камандзіроўку яму нагадваюць і падараваныя індзейцам каталіцкі крыж і нашыйнае ўпрыгожанне з чорным агатам.

У Бразіліі асаблівае значэнне мае эскадрылля "Поці" (Порту-Велью, Рандонія) - названая ў гонар военачальніка 17 ст. з племені пацігуара Антоніа Філіпе Камараа, які ўзяў бок партугальцаў у вайне з галандцамі. (Нацыянальны герой Бразіліі палічыў партугальскіх каланізатараў лепшымі за галандскіх, а выхаванец Радзівілаў К. Арцішэўскі, такім чынам, супрацьстаяў яму ў каланіяльным войску Галандыі.) Гэтаму прысвечаны фота, якія Ждаркін прыслаў нам (у час размовы з ім праз інтэрнэт 6.12.2021 г.; гл. таксама юнацкія фота Ждаркіна ў арт. "Мінскевіч" (№ 22)).

ЛІТВІНЦАЎ Пётр - протаіерэй, пра чыё больш чым верагоднае беларускае паходжанне сведчыць прозвішча, быў пераведзены з Каддзяка ў Нова-Архангельск і актыўна распаўсюджваў хрысціянскае вучэнне паміж колашамі (тлінкітамі). У выніку "гутарак" вясной 1847 г. ён ахрысціў 36 чалавек, на працягу 1851 і ў пачатку 1852 - 78, а за пяць гадоў (1847-1852 уключна) - да 150, акрамя дзяцей. З боку індзейцаў, як сцвярджаў святар, "былі іх уласныя выклікі", асабліва жанчын, якія "неадступна просяць аб хрышчэнні"; яго справа заключалася толькі ў павучаннях і адпраўленні таінстваў. У 1849 г. пасля доўгіх адмоў за межамі цвердзі пры актыўным удзеле індзейцаў быў пабудаваны храм для набажэнстваў на калашанскай мове. (У Сібіры "Литвины", "Литвиновы", "Литвинцевы" або "Литвинцовы", безумоўна, моцна змяшаліся з рускімі і іншымі народамі, але бессмяротны "ліцвінскі" корань аб'ядноўвае ўсіх, хто прыняў яго ў спадчыну.)

КАРПЕНКА Марыя - была галоўным рэдактарам часопіса "Работніца і сялянка" - з яго мы і бяром урывак пра яе сустрэчы з індзейцамі (публікацыя "Пра босыя ножкі і салдацкія боты", 1985, № 8, с. 14-15). Як прыклад многіх цікавых сустрэч у Мінесоце яна запісала ў сваім блакноце наведванне "Індзейскай школа метадаў выжывання" ў прыгарадзе Сент-Пола:

"Мы прыехалі туды ў выхадны дзень. Але прыйшлі настаўнікі, прыйшлі і вучні. Тут і фотажурналіст Дзік Банкроф[т], які шмат займаецца праблемамі індзейцаў. Адна са стваральнікаў школы, Банай, расказвае:

- Калісьці ў Амерыцы было 10 мільёнаў індзейцаў, цяпер нас засталося мільён, усяго 0,5 працэнта ў колькасці насельніцтва ЗША. У тутэйшым наваколлі сем нашых рэзервацый. Але нацыянальная культура, мова знікаюць. Калі гаварыць аб дыскрымінацыі, то ў мяне пальцаў на руках не хопіць, каб пералічыць усе яе напрамкі. Вось мы і стварылі гэтую школу, каб неяк захаваць мову, культуру, традыцыі карэннага насельніцтва Амерыкі. Бачыце, школа сціплая, маленькая - усяго 50 вучняў, але мы не здаёмся... Ведаеце, у традыцыі нашых плямёнаў жанчына - галава сям'і. Гэта мы захоўваем, як і свяшчэнныя адносіны да зямлі-карміцелькі..."

Карпенка дадала: "Банай спявала нам свае песні, потым школьнікі частавалі нацыянальнымі стравамі, у тым ліку і дзікім рысам, які расце толькі ў Мінесоце". Мы высветлілі, што дырэктарам гэтай школы (Red School House) быў чыстакроўны аджыбвэ Эдвард Бентан-Банаі або Банай з Хейуарда (Вісконсін). Пра Рычарда Бэнкрафта вядома, што ён не давучыўся ва Універсітэце Мінесоты, з 1966 па 1968 г. быў прэсвітарыянскім місіянерам у Кеніі, а ў 1970 г. сустрэў членаў Руху амерыканскіх індзейцаў, што прадвызначыла яго далейшы лёс: стаў "фатографам РАІ".

РУСЕЛЬ Мікалай - тут мы зноў не бачым індзейцаў яўна, як і на вядомых групавых фота вучняў з іх настаўнікамі, уключаючы Грынкевіча, дзе яны не ідэнтыфікаваны, але яны ёсць. Апроч указання на яго "аляскінска-карэнную" кліентуру ў Сан-Францыска іншымі аўтарамі, у яго тэкстах ёсць скупыя, але канкрэтныя ўказанні, што ён прымаў хлопчыкаў (і аляскінскіх, а сярод іх і індзейцаў, не кажучы пра крэолаў) як пацыентаў, пакуль гэтую практыку не забараніў епіскап:

(Увага! Тарашкевіца!) "Мне, як лекару, г.зн. чалавеку, да якога пад добрапрыстойнай падставай можна было зьвяртацца падначаленым біскупа, не выклікаючы яго падазрэньняў, - прыйшлося, так бы мовіць, з першых рук пазнаёміцца з адмоўнымі бакамі яго характару. А паколькі беспрычынныя ганеньні прымалі агульны характар, дакранаючыся ўсіх асоб, якія мелі такі ці інакшы кантакт з біскупам і наклікалі на сябе яго незадавальненьне, г.зн. прыслужваючых, падуладных, вучняў школы і г.д., дык не было дня, каб хто-небудзь зь іх не з'явіўся да мяне з горкімі нараканьнямі на "новыя парадкі" і на незаслужаныя крыўды, якія наносяцца новым біскупам. Прыслужнікі скардзіліся на тое, што не маюць за што жыць, так як Уладзімір без усякага на тое права і прычыны паменшыў іх жалаваньне напалову і на дзьве траціны, скардзіліся на бессэнсоўныя прыдзіркі, адзінай мэтай якіх было ператварыць службу ў нейкую катаргу!.. Выхаванцы скардзіліся на гнілую і недастатковую ежу, на цеснату й нявыгаду ў сырым склепе, на тое, што іх заядаюць вошы, што іх замыкаюць на цэлыя ночы ў карцар, дзе іх грызуць пацукі, на тое, што ім з раніцы да вечара не даюць спакою, стамляючы царкоўнымі службамі і ўрокамі. Справядлівасьць іх скаргаў пацьвярджалі іх зьнясіленыя, бледныя, залатушныя твары, абарваныя і брудныя касьцюмы" (Русель (Судзілоўскі), Мікалай. Дэанталёгія ў Алеуцкай і Аляскінскай япархіі / пер. з рас. Міры Лукшы // Веснік БІТ. 2015. 5 лют. № 7).

РЭШАЦЬ Язэп (Атанас) - не хацеў выходзіць са свайго бенедыкцінскага кляштара ў Лайле каля Чыкага, бо не любіў гарадское жыццё, а адчуваў сябе лепш, калі выязджаў з кляштара - але ў індзейскія раёны… Гэтая рамантычная падрабязнасць жыцця а. Рэшаця падавалася ў чыкагскім часопісе "Беларуская Царква" ў 1963 г.: "Пасьля ўрачыстай прафэсыі (прысягі), якую ён злажыў у 1943 годзе, ён паў духам. Падарвала гэта і ягонае здароўе. Ён пачуўся, як вырванае старое дзерава ды перасаджанае на неспрыяльным грунце. Ён нават не жадаў выходзіць па-за муры манастыра. На прымусовых прагулках ён зь вялікімі труднасьцямі вучыўся ангельскай мовы, якая так здольнаму да моваў чалавеку, на дзіва ішла туга. Часамі вылятаў як птушка з манастыра на місіі да індыйскіх рэзэрватаў, дзе крыху аджываў духова.

Не прызвычаены да манаскага жыцьця, адчуваў сябе дрэнным манахам. Жыў успамінамі аб Беларусі і аб сваёй працы ў Даўнарах".

Аўтарства артыкула "Вялікі сын беларускага народа" было пазначанае і ў пачатку, і ў канцы яго: "В. Карасэвіч". У артыкуле пра Рэшаця ў часопісах "Bialoruskie Zeszyty Historyczne" (1997) і "Наша вера" (2000, пераклад з BZH) яно прыпісваецца Янку Тарасевічу. Гэта здарылася ў выніку няслушнага раскрыцця псеўданіма аўтару, В. Харужаму, Ю. Туронкам - насамрэч ён належыць Вацлаву Пануцэвічу (Папуцэвічу). Але Пануцэвіч мог браць звесткі пра Рэшаця і ад Яна Тарасевіча, і яго пляменніка Уладзіміра - абодва бенедыкцінцы, звязаныя з кляштарам у Лайле, як і Рэшаць.

Пры перакладзе Харужага на польскую тэкста Пануцэвіча ў "BZH" знікае "птушка": "Czasami opuszczаl klasztor, aby prowadzic dzialalnosc misyjna wsrod Indian mieszkajacych w rezerwatach, gdzie nieco odbywal duchowo". Пры зваротным перакладзе (Д. Бурнос) на беларускую мову, зразумела, таксама няма параўнання з птушкай, але з'яўляецца ідэя пра тое, што рэзервацыі знаходзяцца блізка, можна падумаць - у самім штаце Ілінойс: "Часам толькі пакідаў кляштар - на місіянерку да індзейцаў у суседняй рэзэрвацыі, толькі там ажываў духам" . Але ў гэтым штаце няма індзейскіх рэзервацый, г.зн., ездзіць ён мог хутчэй за ўсё ў Вісконсін, Мічыган або Аяву (крыху далей была Мінесота) - дзе рэзервацыі ёсць. Найбліжэйшая з іх Пакаган - у Мічыгане - для гэтага трэба праехаць уздоўж возера Мічыган, у т.л. па Індыяне. Акрамя таго, сярод найбольш блізкіх з іх да Чыкага ў Мічыгане - Гурон-Патаватомі, у Вісконсіне - анейда, грамада Стокбрыдж-Мансі і месцы размяшчэння вінебага (рэзервацыя Хо-Чанк у Мінесоце і Вісконсіне складаецца з многіх участкаў зямлі, якія не мяжуюць паміж сабой), у Аяве - сок і фокс у графстве Тама.

Для тых, хто збярэцца вывучыць загадку індзейскіх місіянерак а. Рэшаця і, магчыма, Тарасевічаў, - пералік рэзервацый (назвы з нашымі дужкамі - тыя тэрыторыі, у назвах якіх няма слова "рэзервацыя"): Вісконсін: Bad River, Forest County Potawatomi (Community), Lac Courte Oreilles, Lac du Flambeau, Menominee, Oneida, Red Cliff, Sokaogon Chippewa (Community), St. Croix, Stockbridge Munsee (Community); Мічыган: Bay Mills, Grand Traverse, Hannahville Indian Community, Huron Potawatomi, Isabella, Lac Vieux Desert, L'Anse, Little River, Little Traverse Bay, Match-e-be-nash-she-wish Band of Pottawatomi, Ontonagon, Pokagon, Sault Ste. Marie; Аява: Sac and Fox / Meskwaki (Settlement), Omaha, Ponca Trust (Land), Winnebago.

Удзел бенедыкцінцаў і ўніятаў (а сям'я Тарасевічаў мела да іх дачыненне) у місіях сярод індзейцаў - перспектыўная тэма. Дасылаючы запыты ў лайлскі кляштар, цэнтры па каардынацыі індзейскіх місій і, магчыма, у рэзервацыі варта ўжываць пераклад тэксту пра а. Рэшаця 1963 г., які зрабіў для нас Ян Максімюк: "Sometimes, like a bird, he flew out of the abbey on missions to Indian reservations where he revived himself a little spiritually".

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска - індзейскіх сувязей.

Вайна ў 1920 годзе*

Успаміны і разважанні

Генерал Люцыян Жалігоўскі

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Загад гэты, падпісаны начальнікам штаба арміі палкоўнікам Кубінам, не дайшоў - як відаць - ні да аднаго аддзела своечасова. Нават 1-я літ.-бел. дывізія, якая аперавала найбліжэй да месца размяшчэння штаба арміі, атрымала яго толькі раніцай 20 ліпеня, а стоячы ўжо часткай сваіх сіл над Нёманам і ў Мастах, ніякай акцыі для таго прадпрыняць не магла.

Увесь гэты загад ёсць тыповым прыкладам папяровай загадатворчасці, якая з рэальнасцю вайны нічога супольнага не мае, і цяжка дапусціць, каб сам аўтар верыў у магчымасць яго выканання. Прыгледзімся бліжэй:

Памінаючы сітуацыю з 8-ай і 10-й дывізіямі, пра якія ўжо гаварыў, ніякія іншыя аддзелы не маглі ўплываць на тое, што рабілася пад Гародняй 20 ліпеня.

Група генерала Ржандкоўскага атрымала загад выцяць на Шчучын. Пункт гэты знаходзіцца на адлегласці 70 кіламетраў ад Гародні па прамой. У той паласе дзейнічала дакладна іншая непрыяцельская армія. Нават поспех акцыі групы генерала Ржандкоўскага не мог мець на ход аперацыі пад Гародняй ніякага ўплыву.

Група генерала Макрэцкага мела атакаваць Гародню з паўдня і захаду. Вось жа трэба сцвердзіць, што група гэтая была наогул паняццем ілюзорным. Складалася яна з недабіткаў слабой у баявых адносінах 2-ой літ.-бел. дыві-зіі, пазбіраных з розных маршавых падраздзяленняў, якія толькі што ў паніцы пакінулі Гародню, палячы за сабой масты, і спыніліся ў Саколцы, а часткова нават у Беластоку. Акрамя таго на паперы ўваходзіла ў групу добрая ў баявых адносінах XVIII брыгада, якая ў рэальнасці на той дзень яшчэ не прыбыла, а таму ўдзелу ў бітве ўзяць не магла.

Аслабленая баямі група генерала Ендрыеўскага мела бараніць лінію Нёмана, але гэтая абарона на здабыццё Гародні таксама не магла мець ні найменшага ўплыву.

Як з гэтага вынікае, доўгі і старанна сканструяваны загад меў кароткі змест:

"8-я і 10-я дывізіі атакуюць Гародню без дапамогі і без сувязі з інымі аддзеламі" .

Гэта было ўласна тое, пра што я добра ведаў у Скідзелі 19 ліпеня, калі вырашыў забяспечыць адход і перайсці на левы бераг Нёмана.

Генерал Шаптыцкі ў сваёй кніжцы "Літоўска-беларускі фронт", палемізуючы з маршалам Пілсудскім, гаворыць:

"Генералу Жалігоўскаму не патрабавалася "вагацца", ці дарогу да Нёмана адчыняць у Гародні, ці не, бо меў цалкам ясныя загады" .

А далей абгаворваючы справу атакі на цвердзь і гаворачы пра адсутнасць генерала Жыгадловіча, які - паводле генерала Шаптыцкага - 19 ліпеня выехаў з Ліды1, сцвярджае, што са мной у справе наступлення на Гародню размаўляў па тэлефоне палкоўнік Кубін і нават меў ад імя камандуючага арміі выдаць дыспазіцыю, якая тычылася атакі.

Таму сцвярджаю катэгарычна, што ні аднаго загаду не атрымаў, ніякай размовы з палкоўнікам Кубінам не меў, а, наколькі мне вядома, сувязі з арміяй праз увесь той час не было2.

Што праўда, ні загад, ні тэлефонная размова не ўнеслі б нічога новага ў сітуацыі аж занадта яснай. Калі б я нават пра той загад палкоўніка Кубіна ведаў, не мог бы паступіць іначай, як паступіў.

Значэнне Гародні я высока цаніў і без загаду, а калі б я той загад атрымаў 19 ліпеня вечарам у той самай форме, у якой сёння ён знаходзіцца ў архіве, пасля ўзважвання сітуацыі не мог бы прыняць іншага рашэння, чым тое, якое ў той час прыняў.

Камандаванне арміі запозна ацаніла Гародню, яе стратэгічнае і тактычнае значэнне. Мы маглі з поспехам бараніць Гародню, але ў сітуацыі, якая ўзнікла, мы не маглі здабываць яе нанава.

Расейскае камандаванне ў дыверсіі брыгады палкоўніка Малахоўскага бачыць вялікі манёўр, мэтай якога было адабраць Гародню. Гэтая думка цалкам памылковая. Як ужо гаварыў, сутнасць гэтага манёўру была не складанай, а простай. Усе складанасці засталіся ў актах 1-й арміі і пасляваенных публікацыях расейскіх вайсковых пісьменнікаў.

* * *

Тухачэўскі, Сяргееў, а асабліва камандзір коннага корпуса Гай хочуць бачыць у гарадзенскіх аперацыях пачатак стратэгічнага манёўру, з мэтай вяртання намі Гародні. Мы ведаем, што так не было, а калі б нават такія намеры існавалі, былі б ужо нерэальнымі. Гародня мела велізарнае значэнне для нашай поўначы. Яна ўтварала аперацыйную базу для арміі, што мела бараніць Вільню, змушала да спакою літоўцаў, забяспечвала лінію Нёмана і раўнавагу ўсяго нашага паўночнага крыла.

Усё гэта было б у той час, калі б аперацыі на нашым левым крыле мелі нармальны ход, калі б замест чакання бітвы на Аўце мы стварылі па задуме праекту Галоўнакамандуючага вялікую групу на поўначы. Гэтага не адбылося. Пасля бітвы 4 ліпеня ўвесь фронт адступаў лініяй, а Вільню мы аддалі без абароны. У гэтых умовах значэнне Гародні паменшала. Яна перастала быць асяродкам і падставай для вялікага стратэгічнага манёўру, а сышла да абароннага пункта на лініі Нёмана. Калі конніца Гая заняла гэты пункт, а пераважныя расійскія сілы фарсіравалі Нёман і Шчару ў некалькіх мейсцах, то ў гэты час астатнія гарадзенскія аперацыі ўяўляліся хутчэй як сатысфакцыйныя, фармальныя і практычнай вартасці не мелі. Праўда, штаб Вярхоўнага галоўнакамандавання пад уражаннем падзення Гародні пісаў, што "ад утрымання лініі Нёмана залежыць лёс Польшчы", але, нажаль, была гэта ацэнка запозненая і на шчасце памылковая. Вярхоўнае галоўнакамандаванне так жа, як раней не даацэньвала значэнне гэтай цвердзі, бо не прызначыла для яе нават адпаведнага каменданта, так цяпер пераацэньвала яе ў згаданым загадзе.

Не падлягае сумненню, што Гародня нават у той час, хоць ужо страціла сваю стратэгічную значнасць, адыграла б вялікую ролю на нашым паўночным крыле. Вярнуць яе, аднак, было немажліва, бо па-першае не мелі на тое сілаў, а па-другое паўсталі выразныя рознагалоссі ў поглядах на тую справу паміж Вярхоўным галоўнакамандаваннем з аднаго і камандуючымі фронту і 1-й арміі з другога боку. Вярхоўнае галоўнакамандаванне хацела мець моцнае левае крыло, а заміж гэтага камандуючыя фронту і арміі хацелі мець забяспечаны цэнтр фронту. Гэта ясна вынікае з тэлеграфных размоў паміж генералам Шаптыцкім і генералам Ромерам. Цытуючы гэтыя размовы ў сваёй працы "Адступальная бітва над Нёманам 1-й польскай арміі" маёр Ежы Дамброўскі прыходзіць да наступнай высновы:

"Бачым адгэтуль, што як ген. Ромер, так і ген. Шаптыцкі лічылі залішнім скіраванне адходаў пад Гародню і нават шкадавалі, што яны ўжо туды часткова нацэлены.

Узнікае тут аднак яшчэ адно апасенне. Бо ўсе пісьмовыя загады Вярхоўнага галоўнакамандавання як перад, у ходзе, так і пасля бітвы над Нёманам, падкрэслівалі неабходнасць перакладу пункта цяжару 1-й арміі на левае крыло. Тым часам ген. Ромер, які перад гэтым прыехаў у распараджэнне Вярхоўнага галоўна-камандавання з паўднёвага фронту і асабіста не мог быць з'арыентаваны ў становішчы 1-ай арміі, а таму выключна "з сітуацыі ў Вярхоўным галоўнакамандаванні рабіў выснову, што пісьмовыя загады - загадамі, але фактычна лепей пункт цяжару трымаць на правым крыле арміі".


Вось таму аперацыя з мэтай вяртання Гародні не мела ўжо практычнага значэння. Задзейнічала яна і так сціплыя нашы сілы і прыспешвала адход з лініі Нёмана, бо сцягваныя пад Гародню аддзелы мусяць агаляць гэтую лінію.

Без гэтай аперацыі мы маглі б за вялікім водным бар'ерам упарадкаваць нашыя сілы, пратрымацца яшчэ некалькі дзён, наносячы вялікія страты непрыяцелю, і адысці ў парадку. У камандаванні арміі панаваў, аднак, нярвовы неспакой, перакідванне сілаў і характарыстычнае латанне дзірак, што прыводзіла да перамяшчэння аддзелаў і вымотвала іх фізічна.

На лініі Нёмана давялося асабліва адчуць адсутнасць кавалерыі, патрэбнай для кантролю за ракой. Нешматлікіх аддзелаў, якія там знаходзіліся, было недастаткова. Таму ролю конніцы выконвала пяхота, што яе толькі абцяжарвала, не даючы вынікаў.

Ад 22 ліпеня камандаванне 1-й арміі прыняў генерал Ромер, які камандаваў ёй да 29 ліпеня. Роля кожнага камандуючага была цяжкая, бо з-за лінейнай групоўкі і расцярушаных сіл дасягненне пазітыўных вынікаў не было мажлівым. Я спадзяваўся на стварэнне вялікай групы або на сканцэнтраванне ўсёй арміі на левым крыле фронту. Генерал Ромер, аднак, імкнуўся ў цэнтр да выкідвання непрыяцеля за Нёман. Адсюль няўдачныя, цяжкія і непатрэбныя манёўры 10-й, 8-й і 1-й літоўска-беларускай дывізій. Новы камандуючы трымаўся лінейнай абароны Нёмана, а потым Нарвы і Буга.

У час адходу гарадзенскай групы ў яе тылах у Кузніцы і Саколцы ўжо аперавала непрыяцельская конніца, а ў Індуры і Адэльску старалася абысці яе непрыяцельская пяхота, якая фарсіравала Нёман у Лунна, на адрэзку 11-й дывізіі пяхоты.

VI. Баі над Нарвай і Бугам

Планы абароны Нарвы. - Ход баёў. - Уплыў баёў над Нарвай на далейшы ход аперацыі. - Цвердзь.


27 ліпеня Вярхоўны галоўнакамандуючы выдае дырэктыву далейшых дзеянняў. Задуму сваю абапірае на абароне лініі Граева - Асавец - рака Нарва - рака Арлянка - мясцовасць Лясная - Берасце, а таксама на контнаступленні з раёна Берасця, якое мела выканаць каля 5 жніўня палеская група, узмоцненая дывізіямі, перакінутымі з Украіны. Згаданая лінія мела быць абсталёвана ў фартыфікацыйных адносінах, аднак да гэтага не дайшло.

Расійскія крыніцы інфармуюць нас вельмі дакладна, што ў той час рабілася на тым баку. Быў гэта перыяд, можа, найбольшага аптымізму ў нашых праціўнікаў. Хуткае адкідванне паўночнага фронту, заняцце без высілкаў Вільні і Гародні, нарэшце, фарсіраванне Нёмана і Шчары выклікалі ўражанне, што польская армія страціла ўжо ўсялякую вартасць і не здольная да ніякага супраціву. Таму камандуючы фронту Тухачэўскі ставіць сваім арміям новую задачу: дасягнуць да 3 жніўня лініі Астраленка - Востраў - Косава - Улодава.

Дзве арміі, 4-я і 15-я былі накіраваны на поўнач ад Буга, 3-я і 16-я - поўдзень ад той ракі.

У нас бітва над Нарвай была пачата фатальным непаразуменнем. Цвердзь Асавец, якая замыкае вузкі праход цераз балоты ракі Бебжы, па загадзе камандавання 1-й арміі пакідаецца залогай, у выніку чаго непрыяцельская кавалерыя найнеспадзяваней для яе самой знайходзіць адкрытую дарогу на Ломжу ў тылы нашай 1-й арміі, а таксама на поўнач аж да нямецкай мяжы. Мы хутка разумеем тую вялікую памылку і стараемся адабраць Асавец, але гэта нам ужо не ўдаецца. Аддзелы палкоўніка Копы, якія мелі бараніць Асавец, адходзяць да Ломжы і арганізуюць абарону гэтай цвердзі.

Характарыстычным ёсць тое, што гаворыць пра тую справу стрыманы наогул Сяргееў у сваёй кніжцы "Ад Дзвіны да Віслы" (старонка 97):

"Нельга абмінуць маўчаннем проста незразумелае трактаванне польскім камандаваннем справы Асаўца, які быў запорам адзінай пераправы цераз Бебжу, дзякуючы тэрыарыяльным умовам пазіцыя Асаўца, заслоненая на ўсім фронце балотамі, дазваляла пры дапамозе аднаго ці двух палкоў, калі не цалкам адбіць напад кавалерыі, то ва ўсякім разе затрымаць яе на працягу пары дзён або змусіць да абходу, шукаючы пераправы недзе далей, і да пярэбараў цераз балоты".

Група, якой я камандую, адходзіць уздоўж чыгуначнай каляі Гародня - Беласток. 27 ліпеня затрымаліся на рэчцы Супрасль, на лініі ад мясцовасці Завады (на ўсход ад Супрасля) да Тыкоціна. Без перапынку трывалі цяжкія баі. Супраць групы дзейнічала 4-я савецкая армія. Пачынаючы ад Васількова і Беластока на нашу 1-ю армію скіроўваецца таксама савецкая 15-я армія, якая ішла між Нарвай і Бугам.

У гэтым месцы фронт нашай 1-й арміі паступова змяняецца з паўночна-ўсходняга на ўсходні. Наша 4-я армія адступала лішне гвалтоўна на поўдні, і правае крыло 1-й арміі (1-я літоўска-беларуская дывізія) правым флангам становіцца на Нарве.

1-я армія дзеліцца на дзве групы: паўднёвую (ядро якой складае 1-я літоўска-беларуская дывізія) пад камандай генерала Ендрыеўскага і паўночная (яром якой ёсць 10-я дывізія) пад маёй камандай. Арміяй камандаваў да 29 ліпеня генерал Ромер, пасля яго - генерал Ендрыеўскі.

Група пад маёй камандай займае адрэзак ад Суража (уключна) да Візны (выключна), г.зн. каля 60 кіламетраў. У яе склад уваходзяць:

1) 10-я дывізія пяхоты (каля 1650 багнетаў).

2) 3 дабраахвотныя батальёны пад камандаваннем палкоўніка Загорскага (каля 1500 багнетаў).

3) XVIII брыгада (палкі 34-ты і 35-ты) пад камандаваннем палкоўніка Лучынскага (каля 1000 багнетаў).

4) ХХ брыгада 2-ой літоўска-беларускай дывізіі, пад камандаваннем палкоўніка Завістоўскага (550 багнетаў).

5) 41-шы сувальскі полк - камандзір палкоўнік Мацкевіч (800 багнетаў).

6) Марскі батальён пад камандаваннем капітана Магучыега (250 багнетаў).

7) 24 полк пяхоты пад камандаваннем палкоўніка Янішэўскага (каля 1000 багнетаў).

8) Маршавая брыгада (каля 200 багнетаў).

9) IV батальён 155 палка пяхотыпад камандаваннем капітана Маршалка (150 багнетаў).

10) Бронецягнік "Ліс-Куля".

Канкрэтны колькасна-баявы склад гэтых аддзелаў на працягу тыдня баёў над Нарвай і Бугам цяжка акрэсліць дакладна. Прыблізна ён дасягае да 7-8 тысяч багнетаў.

Вядомы цяпер баявы склад 15-й савецкай арміі на 1 верасня ці ў кульмінацыйны момант бітвы над Нарвай дасягаў агулам 25745 байцоў.

Акрамя пералічаных аддзелаў маёй групы ўваходзіла ў склад 1-ай арміі група генерала Ржандкоўскага (раней генерала Ендрыеўскага).

Да яе належалі:

1) 1-я літоўска-беларуская дывізія (каля 1900 багнетаў).

2) 17-я дывізія пяхоты (каля 600 багнетаў).

3) 8-я дывізія пяхоты (каля 1600 багнетаў).

4) 4-я брыгада легіянераў, без 24-га палка пяхоты (каля 1000 багнетаў).

А таму разам мела 1-я армія 12-13 тысяч багнетаў, не лічачы асобнай групы палкоўніка Копы, пазней перайменаванай у групу генерала Сушынскага, склад якой вагаўся ад 3 да 5 тысяч.


* Пераклад Станіслава Судніка паводле выдання 1930 года.

1 Ліда была ўжо 17 ліпеня была занята непрыяцелем.

2 Вось што гаворыць пра канцэпцыю бітвы пад Гародняй былы начальнік ІІІ аддзела 1-й арміі, цяпер палкоўнік дыпламатычнай службы J. Бляшынскі (даклад ад 18.VIII.30 г., прысланы ў ВГБ з тагачаснай запіскай):

"Мая нататка з'яўляецца праектам аператыўнага загаду, які ніколі не быў выдадзены, бо

а) камандуючы арміі ген. Зыгадловіч выехаў на інспекцыю аддзелаў і ў выніку паломкі кола ў аўтамабілі заставаўся два дні па-за штабам арміі;

б) начальнік штаба 1-й арміі, палк. Кубін не пачуваўся ў сілах узяць адказнасць за падпісанне падобнага загаду.

У сувязі з вышэй сказаным:

а) арганізаваў у задуме устаноўленага, як сведчыць нататка манеўру, на падставе асабістых тэлефонных размоў з асобнымі камандзірамі, акцыю, адказнасць за якую клалася на камандаванне арміі і асобных выканаўцаў, спецыяльна на галоўнага, генерала Жалігоўскага;

б) палк. Кубін, у першай фазе задуманай акцыі здолеў пераканаць камандаванне фронту, якое кампрамісным загадам пакрывала адказнасць за рух арміі".

Таму з вышэй прыведзенага дакладу неабвержна вынікае, што ўсё ж загаду на бітву пад Гародняй не было. З'явіліся тыя загады "post factum", для ўзмацнення архіваў.

(Працяг у наступным нумары.)

На канікулах да Валянціна Таўлая

У дзяцей канікулы! У іх цяпер пачаўся школьны лагер. Гэта значыць, самы час наведвацца ў музеі. Забавіцца вырашылі і вучні школы №16 горада Ліды. А менавіта, у Доме Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея, што па вуліцы Замкавая, 7 на музейна-інтэрактыўным занятку "Вядзе рэй верабей". Было весела! Вучні змаглі акунуцца ў мінулае Валянціна Таўлая праз інтэрактыў. Яны дазналіся як падрыхтаваць газету для выхаду ў друк - стваралі макет. Яны складалі верш "Верабейкі", напісаны 100 год назад Таўлаем у Лідзе. Апраналі рэканструяваную "доўгую кашулю навыпуск", у якой хадзіў у лідскую школу 7-гадовы вучань Валя Таўлай. Паказалі свае мастацкія здольнасці праз афарбаванне верабейкаў і падвешванне іх на галінкі дрэва. Выканалі песню пра шустрага верабейку. І нават змаглі знайсці маленькага хлопчыка Валю сярод іншых такіх жа будучых класікаў беларускай і рускай літаратуры. Праз невялічкі квест, яны змаглі расшыфраваць загадкі паводле змешчаных прадметаў у мемарыяльным пакоі паэта. За актыўны удзел кожны атрымаў медаль з выявай вясёлага вараб'я.

Вучні з узгаданай школы № 16 з такім захапленнем распавядалі сябрам пра вераб'іную краіну ў Доміку Таўлая, што наведацца туды захацелі і іншыя класы.

Праз колькі дзён зноў вучні школы №16 горада Ліды наведалі музей. Папулярызацыя музейнай дзейнасці Дома Валянціна Таўлая, а таксама літаратурнай дзейнасці самога паэта ідзе на карысць маладому пакаленню Лідчыны. Цяпер для іх быў арганізаваны музейна-інтэрактыўны занятак "Моўная хвіліна з Таўлаем Валянцінам". Паколькі паэт вельмі любіў беларускую мову, змагаўся за яе, атрымліваў пакаранні за яе захаванне і папулярызацыю, у вучняў была магчымасць акунуцца ў мінулую атмасферу, у той час, калі будучы творца вучыўся ў Лідзе, у якой стаў паэтам у 7-гадовым узросце дзякуючы невялічкаму вершыку "Верабейкі", даведаліся і пра працу Таўлая ў газеце "Уперад". Праз інтэрактыў вучні аператыўна склалі макет газеты, каб паштальён паспеў яе даставіць чытачу. Нават справіліся з раздзьмутым вершаваным творам: верш паэта быў складзены. Цікавым для іх стала і вінтавая лесвіца, якая вядзе на другі паверх Дома-музея. Яна таксама была разыграна: на кожнай яе прыступцы можна было знайсці канверт з укладзенай у яго загадкай на тую ці іншую літару. Вызначыць правільны адказ таксама не было для вучняў складаным.

Алесь Хітрун.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX