Папярэдняя старонка: 2022

№ 25 (25) 


Дадана: 22-06-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 25, 22 чэрвеня 2022 г.

ЦТ па беларускай мове прайшлі больш за 18 тысяч абітурыентаў

Цэнтралізаванае тэставанне ў Беларусі стартавала з беларускай мовы.

ЦТ па прадмеце планавалі прайсці больш за 18 тысяч абітурыентаў. Гэта амаль на 200 чалавек больш, чым у мінулым годзе.

Беларуская мова - гэта першыя іспыты ў спісе прадметаў ЦТ, якія прапанавана здаць абітурыентам для паступлення ў ВНУ Беларусі. Тэставанне праходзіць на базе 41 установы адукацыі.

Наш кар.

Пяты "Кушлянскі фэст"

Вось ужо ў пяты раз адбыўся на Смаргоншчыне "Кушлянскі фэст" - свята, прысвечанае аднаму з заснавальнікаў беларускай літаратуры Францішку Багушэвічу. "Усім будзе чутна: ад краю да краю" - пад такімі словамі паэта адбылася імпрэза ў ягонай музеі-сядзібе.

Для ўсіх ахвочых загадчык музея Аляксандр Жамойцін правёў экскурсію. Паглядзець ёсць што: дом захаваўся амаль такім жа, якім быў пры гаспадары. Растуць дрэвы, пасаджаныя Францішкам Багушэвічам, вабіць цікаўных камень-тайнік і ўлюбёная альтанка паэта. Нават баравікі, якія ён сеяў, па-ранейшаму тут выспяваюць...

А яшчэ Алесь Жамойцін распавёў, што Багушэвіч любіў у вольны час запрасіць да сябе вясковых галасістых жанчын і паслухаць беларускія песні. Заканамерна, што шмат песень гучала і падчас фэсту. І ў выкананні народнага тэатра песні "Вечарынка", узорнага ансамбля народнай песні "Кучарочкі", ансамбля Смаргонскай дзіцячай школы мастацтваў імя М.К. Агінскага і іншых. Знайшлося месца багушэвічаўскай тэме і ў выяўленчым мастацтве. Менавіта на фэсце былі ўручаныя ўзнагароды ад Саюза пісьменнікаў Беларусі і Выдавецкага дома "Звязда" ўдзельнікам конкурсу дзіцячага малюнка "Усім будзе чутна: ад краю да краю" і пленэра "Кушлянскі фэст-2021".

Але, зразумела, галоўнай на свяце стала беларуская паэзія. Намеснік дырэктара выдавецтва "Мастацкая літаратура" - галоўны рэдактар часопіса "Полымя" Віктар Шніп нагадаў галоўны запавет Францішка Багушэвіча - "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі". Віктар Анатольевіч родам з суседніх мясцінаў, з Валожыншчыны, амаль зямляк Багушэвіча, у яго вершах, якія ён прачытаў са сцэны, гучыць шчырая любоў да роднага краю. Выступіла перад гледачамі і паэтэса Іна Фралова.

Гасцей чакалі інтэрактыўная пляцоўка "Пуцявінамі роднага слова", літаратурны квіз, народны тэатр лялек "Батлейка", майстар-класы па розных жанрах творчасці.

Дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік, які адкрываў свята, запэўніў, што "Кушлянскі фэст" будзе працягвацца і надалей, бо набыў ужо сваё аблічча і сваіх прыхільнікаў

Людміла ІВАНОВА. Фота аўтара.

Народнае свята "Траецкае гулянне - для ўсіх замілаванне!" прайшло ў Ганчарах

Народнае свята "Траецкае гулянне - для ўсіх замілаванне!" адбылося ў нядзелю, 12 чэрвеня, у аграгарадку Ганчары Лідскага раёна. Выступленні фальклорных калектываў, знаёмства з народнымі рытуаламi "Сёмухi" - усё гэта было прапанавана мясцовым жыхарам.

Артысты аматарскага аб'яднання "Ульяніца" разгарнулі перад гледачамі сапраўдную тэатральную пастаноўку, у якой былі адлюстраваны рытуалы, звязаныя з Сёмухай. Таксама правялi абрад завівання бярозак і кумлення.

- Некалі на свята маладыя дзяўчаты з песнямі хадзілі ў лес, - патлумачыла загадчыца Ганчарскага Дома культуры Ганна Булай. - Яны выбіралі там маладыя бярозкі і завівалі іх паміж сабой стужачкамі, каб атрымаліся брамкі. Праходзячы праз іх, дзяўчаты і жанчыны куміліся, цалаваліся - гэта значыць, даравалі ўсё дрэннае, станавіліся добрымі сяброўкамі. Даследчыкі таксама кажуць, што праход праз брамкі для незамужніх - архаічны сімвал таго, што жанчына ўступае ў шлюбны ўзрост і тым самым яднаецца з прыродай, паказвае сусвету, што яна ўжо гатовая пайсці замуж і нараджаць дзетак.

- Гэта свята, як спроба аднавіць і захаваць мясцовыя звычаі і абрады, праводзіцца на Лiдчыне ўжо не ў першы раз і выклікае цікавасць сваёй неардынарнасцю. Па-першае, гэта фэст фальклорных калектываў і гуртоў раёна, дзе можна паслухаць народныя песнi і гумар. Па-другое, тэатралізаваныя абрадавыя элементы і рытуалы Сёмухі, а таксама вясёлыя сцэны з сялянскага жыцця ў выкананні мясцовых артыстаў аматарскага аб'яднання "Ульяніца" маюць пэўны каларыт; яны жывыя і яскравыя, - дадала Ганна Мікалаеўна.

Сваёй творчасцю з мясцовымі жыхарамі і гасцямі аграгарадка падзяліліся таксама артысты аматарскага аб'яднання "Альтанка". Госці весяліліся і танчылі. Настрой быў на вышыні.

Максім Кісялеўскі.

Памёр пісьменнік і выкладчык Яраслаў Клімуць

Памёр пісьменнік, выкладчык, шматгадовы старшыня магілёўскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Яраслаў Клімуць. Яму быў 81 год, і ягоныя ўзроставыя хваробы ўзмацніла захворванне на кавід.

Пра смерць Яраслава Клімуця паведаміў у Фэйсбуку магілёўскі навуковец і грамадскі актывіст Аляксандр Агееў. Паводле яго, у асобе Клімуця "Магілёўшчына згубіла адданага беларускай справе патрыёта, шляхетнага і высакароднага чалавека, абаронцу і абуджальніка беларусаў".

Яраслаў Клімуць нарадзіўся 1 кастрычніка 1940 года ў мястэчку Вострава Ваўкавыскага раёна. У 1959-1962 гадах служыў у войску, а затым вучыўся на філалагічным факультэце БДУ. У 1975 годзе пачаў працаваць у Магілёўскім дзяржаўным педагагічным інстытуце, з 1986 па 2000 год быў дэканам філалагічнага факультэта. Пазней працаваў дацэнтам на кафедры ангельскага, агульнага і славянскага мовазнаўства Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова. Сфера навуковых інтарэсаў - тэорыя літаратуры, гісторыя беларускай літаратуры і літаратурнай крытыкі, супастаўляльнае літаратуразнаўства, краязнаўства. Даследчык творчасці Якуба Коласа. Меў больш за 150 навуковых і вучэбна-метадычных публікацый.

Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1996 года.

Акрамя таго, Яраслаў Іванавіч актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці Магілёва і ўсёй краіны. З 1996 года быў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў, адным з заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы і шматгадовым кіраўніком абласной арганізацыі Таварыства. Аляксандр Агееў называе яго "знакавай постаццю Магілёўшчыны 1990-2010-х гадоў".

Дзякуючы намаганням Клімуця былі ўсталяваныя мемарыяльныя дошкі ў гонар атрымання Магдэбургскага права ў Бялынічах, Чэрыкаве, Чавусах. І любы магілёвец, які звяртаўся да Яраслава Іванавіча з беларускімі справамі, мог разлічваць на яго падтрымку.

Дачка Лада - кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры ўсеагульнай гісторыі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова; дачка Жана - супрацоўніца Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея.

110 гадоў з дня нараджэння Пятра Бітэля

19 чэрвеня беларускаму пісьменніку, перакладчыку, педагогу і праваслаўнаму святару Пятру Бітэлю (1912-1991) споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння.

Нарадзіўся Пятро Бітэль 19 чэрвеня 1912 года ў мястэчку Радунь Лідскага павета. Быў хрышчаны ў Лідскім Свята-Міхайлаўскім праваслаўным саборы. Скончыў Беларускую Віленскую настаўніцкую семінарыю (1931), Менскі педінстытут (1970).

У 1931-1939 гадах працаваў настаўнікам. У 1939 годзе быў прызваны ў польскае войска ў званні падпаручніка. Удзельнічаў у польска-нямецкай вайне. Як польскі афіцэр цудам не трапіў у Катынь. У 1944 годзе яго вывезлі ў Германію, а калі вызвалілі - служыў у Чырвонай Арміі. Пасля вайны зноў працаваў настаўнікам, а потым стаў праваслаўным святаром.

У 1950 годзе Пятра Бітэля арыштавалі і асудзілі на 10 гадоў. Зняволенне адбываў у Кемераўскай вобласці, Омску і Джэзказгане. У вольны час там пісаў паэтычныя творы і займаўся перакладамі. Рукапіс перакладу паэмы "Пан Тадэвуш" Адама Міцкевіча быў зроблены ў лагеры на паперы з мяшкоў з-пад цэменту, ён захоўваецца цяпер у Музеі гісторыі беларускай літаратуры. Пасля сталінскіх лагераў Пятро Бітэль пэўны час настаўнічаў, служыў у царкве. Яго рэабілітавалі толькі ў 1978 годзе. Друкавацца Пятро Бітэль пачаў з 1929 года ў часопісе "Шлях моладзі" пад псеўданімам Леанід з-пад Вішнева. Аўтар паэм "Замкі і людзі" (1968), "Сказанне пра Апанаса Берасцейскага" (1984). Пераклаў на беларускую мову творы Адама Міцкевіча ("Пан Тадэвуш", "Конрад Валенрод", "Гражына", "Дзяды", "Крымскія санеты"), польскамоўныя паэмы і п'есы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, аповесць Юзафа Крашэўскага "Хата за вёскай" (1989) і многія іншыя.

Шольц і Меркель разышліся ў пытанні энергазалежнасці Германіі ад Расіі

Навіны Германіі

Канцлер Германіі Олаф Шольц высока ацаніў палітыку мірнага суіснавання з Расіяй, якая праводзілася яго папярэдніцай Ангелай Меркель, аднак раскрытыкаваў адзін з асноўных пунктаў яе палітыкі. Па словах Шольца, Германія стала занадта залежнай ад Расіі ў энергетычным плане.

- Памылкай нямецкай эканамічнай палітыкі было тое, што мы засяродзілі занадта вялікую частку нашых энергапаставак на Расіі, не пабудаваўшы неабходнай інфраструктуры, каб хутка змяніць кірунак у горшым выпадку, - сказаў Олаф Шольц нямецкаму інфармацыйнаму агенцтву DPA.

Па словах канцлера, зараз Германіі неабходна хутка нагнаць упушчанае.

7 чэрвеня Ангела Меркель дала сваё першае інтэрв'ю пасля сыходу з паста канцлера. У ім яна падвергла рэзкай крытыцы палітыку Масквы, але запэўніла: яна не шкадуе, што падтрымлівала актыўныя кантакты з расійскім лідарам. Больш таго, па словах былога канцлера, яна прыняла правільнае рашэнне не падтрымліваць членства Украіны ў НАТА ў кантэксце "ўнутрыпалітычнага расколу" ў Кіеве ў 2008 годзе.

Наталля Катоўская.

Улады Германіі выдзелілі €15 млрд на паскоранае запаўненне газасховішчаў

Мінэканомікі Германіі распарадзілася выдзеліць каля €15 млрд на рэалізацыю мер па запаўненні газасховішчаў у ФРГ. Для гэтых мэт будзе выдзелены крэдыт ад банкаўскай групы KfW. Пра гэта паведаміла агенцтва DPA са спасылкай на даклад Мінэканомікі ФРГ.

Крэдыт будзе выдзелены адзінаму газаваму хабу Германіі Trading Hub Europe, каб забяспечыць ліквіднасць на закупкі сыравіны. Акрамя таго, улады Германіі хочуць больш актыўна выкарыстоўваць вугальныя электрастанцыі, каб эканоміць больш газу.

16 чэрвеня агенцтва Bloomberg паведаміла пра зніжэнне аб'ёмаў паставак газу для найбуйнейшага закупніка газу з РФ у Германіі - кампаніі Uniper. Скарачэнне паставак на 25% адбылося з-за абмежавання паставак сыравіны ў "Паўночны струмень" на 40%. У "Газпраме" зніжэнне аб'ёмаў прапампоўкі тлумачаць несваечасовым правядзеннем рамонтных работ кампаніяй Siemens, якая абслуговае газаперапампоўныя агрэгаты.

Да 24 лютага на Германію прыпадала траціна агульнага аб'ёму паставак расійскага газу ў Еўрасаюз ці 50 млрд куб. м. у год. Па плане ўладаў ФРГ, да канца гэтага года залежнасць Германіі ад расійскага газу можа паменшыцца да 30%.

Анастасія Ларына.

Міжнародны сімфанічны конкурс маладых кампазітараў імя Агінскага пройдзе ў Маладзечне

IV Міжнародны сімфанічны конкурс маладых кампазітараў краін СНД і Усходняй Еўропы імя Агінскага пройдзе ў Маладзечне 27-29 чэрвеня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Гільдыі маладых музыкантаў.

У сімфанічным конкурсе могуць прыняць удзел маладыя кампазітары ад 14 да 35 гадоў, грамадзяне СНД і замежныя грамадзяне, якія з'яўляюцца навучэнцамі сярэдніх, вышэйшых музычных і гуманітарных навучальных устаноў, аспірантамі, асістэнтамі-стажорамі або выпускнікамі музычных ВНУ і інш.

У склад журы ўвойдуць спецыялісты з Беларусі, Расіі і Малдовы: Яраслаў Судзілоўскі (Масква), Рыгор Сарока (Беларусь), Сняжана Пыслар (Малдова), Сяргей Увараў (Масква), Артур Забнін (Санкт-Пецярбург).

Па выніках конкурсу, які праводзіцца ў форме анлайн-галасавання, журы адбярэ чатыры сачыненні з прадстаўленых. Работы кампазітараў - пераможцаў конкурсу будуць выдадзены на працягу 2023 года.

БІБЛІЯТЭКА ЯНКІ СІПАКОВА

Уладзімір Барысенка

АЎДЗЕЙ І МАМА

З невысокага старога ложка, які схаваўся за старанна, акуратна пабеленай у чарговы раз печкай, на якой было ўтульней за ўсё знаходзіцца, у якой абадраў я ў дзяцінстве і згрыз, чытаючы Крапіву, Купалу, Коласа, амаль усю цагліну, мама ўставала ўсё радзей і цяжэй. "Люба, - паклікала яна больш настойліва, чым у папярэднія разы, маю сярэднюю сястру-бібліятэкарку, у якой я ўзяў не пачытаць, а перачытаць кніжку земляка з Зубрэвічаў Янкі Сіпакова "Журба ў стылі рэтра", - звані ўжо хутчэй Воўку, людзі паспелі забыць пра першы ўкос, а ў нас і конь не валяўся, перастаіць трава, якое з яе будзе сена..." І літаральна наступным днём я паехаў на сваю Аршаншыну ў чарговую камандзіроўку ад "Сельской газеты". Адпрацаваў у ёй на розных пасадах амаль чвэрць стагоддзя. Тварыў бы там, пэўна, і далей, калі б не падступства і помслівасць бяздзетнага Альберта Страпчага, прозвішча якога яскрава гаворыць само за сябе, ды здрадніцтва старэйшага сябра Віктара Леганькова, з якім глушылі "чарніла" і ў раёнах, і ў старым Доме друку, і ў ягонай чатырохпакаёўцы ў хмарачосе з вокнамі на "салаўіны востраў"...

Трава перашэптвалася недалёка ад дому з агульным калідорам для пяці сем'яў. Бліжэй да завяршэння першага пракоса, здалося, што трымаю ў руках не касу, а кніжку Сіпакова з апавяданнем "Свята". Адзін з яе герояў, Мікалай, прыехаў да бабкі Гарусі і дзеда Аўдзея, з якімі некалі пазнаёміўся, дапамагчы пасля атрымання ад іх пісьма, у такой жа сялянскай справе. Думкі апярэджвалі адна другую: як жа дакладна, не прыдумана, натуральна ўсё ў гэтым творы намалявана! Мне, як і Мікалаю, было прыемна не зважаючы на пачатковую стому, адчуваць, "як наліваецца сілаю цела, як нешта здаровае і спакойнае, цяжкае, але тым часам і лёгкае, напаўняе душу". І трава была такая ж "высокая і густая, і каса важкая", яе было нялёгка цягнуць у траве, таму часам не дацягваў да канца, і тады даводзілася даразаць другім махам ці збіваць пяткаю тое, што засталося няскошаным.

Касец з мяне, шчыра, не такі ўжо ўдалы, тым болей даволі хутка я канчаткова стаміўся і паклікаў на пакошу сябра дзяцінства, моцнага мясцовага лесніка Міколу (вось супадзенне) Шкрэдава. Ён быў адным з лепшых (нараджаюцца ж такія!) не толькі касцоў, але і плыўцоў, і рыбакоў, і аратых, і грыбнікоў, і мясцовых футбалістаў. Ды зрабіла сваю чорную справу ўсё тая ж гарэлка, якая перамагла ў барацьбе шмат іншых маіх сяброў дзяцінства і юнацтва.

Шкрэд касіў толькі сваёй касой і ніколі нікому яе не даваў, як і дзед Аўдзей, пакуль меў сілы і цяпер ужо не пакідаў змайстраваны самім свой ложак, назіраючы за ўсім праз вакно. Праз Гарусю ён кантраляваў усе дзеянні Мікалая: ці надзеў тое, што трэба, ці ўзяў вялікую касу, ці пачаў з саду, ад самага прагончыка, потым ад згароды, ці не падрэзаў агрэст, ці кладзе пракосы не ўпоперак, а ўздоўж, ці не зачапіў дуліну, пасаджаную ў памяць старэйшага сына Толіка, які падарваўся пасля вайны на міне (малодшы, Алік, "усё па Сібірах катаецца"). Стары да апошняга свайго імгнення перажываў, хваляваўся за сялянскія справы.

У Міколы, як і ў літаратурнага Мікалая, "каса рэзала шчыра, але касілася ўжо не так, як раніцою. Перашкаджалі кратавіны. Краты ўзварушылі, нібы паўскапвалі лугавіну, і грудкі вывернутай на паверхню зямлі заміналі касіць - і абкошваць іх было нязручна, і скошваць разам з травою не хацелася таксама". Якое майстэрства пісьма, як дакладна, натуральна намалявана карціна!

У нашым жа выпадку ролю дзеда Аўдзея выконвала мая мама Настасся Іллінічна. Яна раз-пораз пасылала на зялёны прамавугольнік Любу - ці не параніў Шкрэд на мяжы слівіну, ці пачынаў ад былога пограба, ці нізка бярэ касой, ці не робіць пропускаў, ці, ці, ці... Аўдзей памёр, калі Мікалай яшчэ шчыраваў у ягоных Журавельках… Мама пайшла з жыцця хутка пасля майго ад'езду з Фабрычнага пасёлка, якому я прысвяціў сваю паэтычную кніжку "Водгук фабрычнага гудка".

ЖЫЦЦЁ І МАСТАЦТВА

Сіпакоў прызнаваўся ў сваёй творчасці ў любові да роднага краю і яго людзей, як і да ўсёў краіны, сціплым і нават крыху сарамлівым, як і ён сам, голасам. Такім, якім прызнаюцца ў сваіх самых цнатлівых і непапраўных пачуццях, каб і землякі, і іншыя насельнікі радзімы не маглі падумаць, што ён і сам у такое не верыць і крычыць так толькі таму, каб пераканаць у гэтым усіх і самога. "Дык што ж гэта за феномен такі, родная, незабыўная вёска?", пытаўся ён часта сам усябе. Казаў, пражыў у ёй усяго толькі нейкіх сямнаццаць гадоў, а ўсё пісаў пра яе, чэрпаў з Зубрэвічаў і свае творчыя сілы, і натхненне. Ён пісаў, і здавалася, хопіць запасаў на ўсё жыццё. Пры гэтым не мог сказаць тое ж самае пра любімы, таксама дарагі яму Менск. Хоць і пражыў у ім шмат часу, зведаў яго чамусьці мала...

Нейкія 17 - гэта, вядома ж, найперш, дзяцінства, якое прыпала на час вялікай нягоды, няшчасця і гора. За сувязь з партызанамі гестапаўцы замучылі бацькоў. Клопаты аб пляменніку і ягонай сястры ўзяла на сябе бацькава старэйшая сястра Аляксандра Іванаўна. Холад і голад яны спазналі не толькі падчас варожай навалы, але і пасля перамогі. Рабілі ўсё магчымае, каб выжыць. Малым Іванка сам і касіў, і араў, і пасвіў кароў, і нарыхтоўваў дровы. Вяскова-жыццёвыя турботы спазнаў, канешне, спаўна, як і добрыя імгненні, якіх гэтаксама нямала як ў аўтабіяграфічных, так і ў іншых творах, што склалі, да прыкладу, кнігу нарысаў "Па зялёную маланку", якая пабачыла свет у 1971 годзе. Я ўбачыў яе ў руках свайго студэнцкага сябра, з якім жылі ў адным пакоі ў інтэрнатах спачатку на Паркавай, потым на Бабруйскай, Валодзі Саламахі, сёння вядомага ў Беларусі і Расіі пісьменніка, публіцыста і крытыка.

Саламаха так захапляльна дзяліўся зместам, што я літаральна вымаліў у яго тое выданне пачытаць.

Як і яму, мне асабліва прыйшоўся даспадобы нарыс "Акно, расчыненае ў зіму", акно, як напіша ён потым у сваёй кніжцы "Сусвет дабрыні", у свет добрых людзей, у іх самоту і радасць. Людзей, якім "прысутны" дыягназ чалавечнасці, пра іншы дыягназ я скажу крыху пазней. Як пісаў Янка Брыль, у яго жыцці было нямала меншых і большых памылак. Але адно ён ведаў цвёрда: вышэй за ўсё і перш за ўсё - чалавечнасць. Ён верыў у гэта ўсё сваё жыццё, і толькі гэта засталося б у яго, калі б прыйшло найпершае ці апошняе гора.

Менавіта чалавечнасцю адрозніваюцца рэальныя героі "Акна..." У іх ліку дзядзькі Косця, Хрол, Нікіпар, цётка Каця, "сярод якіх рос хлопчык Іванка Сіпакоў, распазнаючы дабро і зло". А такім людзям, як родная цётка Івана Данілавіча, Саша, як кажуць мае землякі, трэба ногі памыць і ваду гэту выпіць!" Цётка Саша "замяніла нам,- піша ён,- маці і бацьку. Яна чакала, што хутка прыдуць і па нас, а таму, як толькі ў вёсцы з'яўляліся немцы (у Зубрэвічах яны не стаялі), цётка цалавала нас і гаварыла: "Дзеткі, гэта прыехалі па нас ужо". Яна не адмовілася ад нас, не кінула нас, хоць гэта і ёй пагражала смерцю". Менавіта цётка Саша выправіла пляменніка ў вялікі свет, вучыцца ў Менск. З Оршы ягоным купэ стаў дах цягніка, адкуль яго паспяхова здымалі міліцыянеры. Але ўгледзеўшы атэстат сталасці, разам з выратавальнай "ксівай" зноў вярталі на ўтульны дах.

Вялікае ўражанне пакінула і кніжка "Крыло цішыні", якая пабачыла свет праз пяць гадоў пасля ўзгаданай. Калі ў Зубрэвічах паглядзелі тэлеспектакль па аднайменнай аповесці (яго стварылі акцёры Купалаўскага тэатра), землякі ніяк не хацелі паверыць у тое, што ролі ў ім выконвалі сапраўдныя актрысы. Вяскоўцы прасілі, каб Сіпакоў іх не падманваў, якія, маўляў, "арцісты", гэта ж такія самыя бабы дзеравенскія, як і яны. Пачуўшы такое, Іван Данілавіч дзякаваў не толькі ім, але і вялікай сіле творчага пераўвасаблення. Дзякаваў усім і ўсяму за тое, што жыццё, трансфармаванае ў слова, прайшоўшы мноства пераўтварэнняў, зноў стала самім сабою - тым жа самым жыццём. Пасля я знаёміўся з кнігамі Сіпакова "Жанчына сярод мужчын", "Усе мы з хат", "Спадзяванне на радасць", "Пяць струн", паўторна - з той жа "Журбой...", якую браў у Любінай бібліятэцы. Па ацэнцы выдатнага нашага паэта (на вялікі жаль, рана пайшоўшага з жыцця) Алеся Пісьмянкова, у апошняй з названых ёсць адно з самых пранізлівых у нашай літаратуры апавяданняў. Алесь, з якім мы былі добрымі таварышамі, меў на ўвазе "Клопат".

Галоўны герой пастух Хілюта-сухарукі памірае пасля паспяховай аперацыі ад сардэчнай недастатковасці. Разам з Алесем я быў уражаны тонкім псіхалагізмам у абмалёўцы характараў дзейных асоб і глыбінёй сіпакоўскіх абагульненняў. Вось тут, як і абяцаў, назаву зусім іншы дыягназ, які паставіў Сіпакоў сучаснаму грамадству, хвораму на чэрствасць, абыякавасць і раўнадушша: сардэчная недастатковасць!

Толькі за нарысы ды апавяданні Сіпакову трэба было даваць Дзяржпрэмію, на якую яго, быццам, вылучалі. Атрымаў жа ён яе за кнігу паэзіі "Веча славянскіх балад". У газеце "Літаратура і мастацтва" за 27 чэрвеня 1977 года Уладзмір Караткевіч, з якім яны моцна сябравалі, напісаў: "Гэты хлопец, сам таго не жадаючы, даў ладнага выспятка паэтам майго пакалення, і ў тым ліку, мне, і дзякуй Богу. Свет, дзе няма месца нечаканасцям - гэта не свет. І кніга гэта добра паслужыць людзям і Беларусі".

Пачынаў жа гаспадар храма сваіх талентаў, як і многія паэты, з якімі мне даводзілася ды і даводзіцца сустракацца, з паэзіі, у якой ён "такі ж элегічна-раздумны, як і ў іншых жанрах". Першы верш ( Вітай Беларусь) з'явіўся 3 ліпеня 1953 года ў аршанскім "Ленінскім прызыве", дзе падчас вучобы на журфаку я праходзіў два гады запар вытворчую практыку. Далёка не ўсе прыхільнікі творчасці майго паважанага земляка ведаюць, што гэта была не адзіная яго сустрэча з раёнкай увогуле. Адразу пасля школы ён працаваў у шклоўскім "Чырвоным барацьбіце". А пасля заканчэння аддзялення (тады было так) журналістыкі Белдзяржуніверсітэта шчыраваў у часопісах "Вожык", "Маладосць", "Беларусь.", якія разносіў маладым паштальёнам па хатах і ўстановах вёскі.

Пад уражаннем ад вершаў са зборнікаў "Сонечны дождж", "Лірычны вырай", "Дзень", "У поўдзень да вады" і "Усміхніся мне", і ўвогуле, выказваючы павагу, я прысвяціў Івану Данілавічу верш, які быў надрукаваны разам з вершам Рыгора Барадуліна ў газеце "Звязда" ў студзені 1996 года. Верш носіць назву другой з пералічаных кніг:

Шмат цудоўных людзей на радзіме,

дзе нам сонечны дождж шчодра свеціць.

Дзень лірычнага выраю леціць

весну, восень, і лета, і зіму,

позірк хат пад крылом цішыні.

Так, твой вырай - твой дзень, а не вечар,

ён - славянскіх балад тваіх веча,

станаўленне людской вышыні.

На вялікі мой гонар, той нумар "Звязды" я знайшоў ў чытальнай зале "Бібліятэка Янкі Сіпакова", якая размясцілася ў Аршанскай гарадской бібліятэцы імя Аляксандра Пушкіна, і расповед пра якую наперадзе.

Цягам усяго свайго жыцця я вельмі шкадую, што блізка мы пазнаёміліся даволі позна. Прычына гэтаму адзіная - розны ўзрост, розныя пакаленні... Дзякуй Богу за тое, што ён нас зблізіў, што мы да самых апошніх дзён падтрымлівалі прыязныя, душэўныя, па-сапраўднаму зямляцкія адносіны. І калі ў выдавецтве ўзнікла пытанне, хто зробіць прадмову да маёй другой кніжкі паэзіі "Запаленне душы", я ўпэўнена адказаў: "Сіпакоў!". Іван Данілавіч, вядома ж, не адмовіў, адзінае, запытаў: " Калі здаваць у нумар?!" Я быў на сёмым небе ад шчасця.

А калі ён, аддаючы падрытаваны ўжо ўступ, ветліва ўсміхнуўшыся прамовіў: " А ведаеш, не чакаў, вельмі нават нядрэнныя ёсць рэчы...", у мяне і мову адняло! Вытрымку з уступа прывяду толькі для таго, каб паказаць, як гаворыць майстар пра нашу мову: "Паэта моцна паклікала родная матчына мова, якой ён і спавядаецца ў новым зборніку - хоць у частцы вершаў. А змяніць мову, вярнуцца да вытокаў - гэта і праўда, як усё раўно змяніць жыццё, пачаць сваё адраджэнне і ачышчэнне. І адразу стала відаць, як чакала родная мова звароту да сябе. Як засвяціліся словы, якой цішынёй і спакоем запаланілі яны душу. Мова сама сабою запрашае ў паэзію свае адметныя вобразы, тэмы, падзеі, сярод якіх яна жыве, якім яна не чужая".

У сваіх жа вершах Сіпакоў гаварыў мовай простай, спрадвечнай, мовай сваёй вечнасці:

Ціша над лугам такая,

Як птушка ў гняздзечку жыве,

Сонечны промень шукае

Штосьці ў зялёнай траве.

Вецер ласкавым павевам

Перабірае лісты.

Чутна, як дыхаюць дрэвы,

І размаўляюць кусты.

На лузе, нібыта на свяце,

Стаю ў неспатольнай любві...

Як боязна ўсё гэта страціць,

Як страшна ўсё гэта згубіць.

І быццам дзіця, гэтаксама

Ў здзіўленні гляджу на траву:

Як рады, як рады я, мама,

Што проста на свеце жыву!

У свой час мне давялося па-зямляцку прысутнічаць на літаратурнай вечарыне, што ладзілася ў Зубрэвічах, дзе ў сярэдневеччы знаходзіўся цэнтр аднайменнага княства з радавым маёнткам Дзмітрыя Зубрэвіцкага, сына славутага князя Сямёна Друцкага. Нехта запытаў у Івана Данілавіча, які ўсё ж, твор ён лічыць галоўным. І ў адказ мы пачулі : галоўны - кожны, інакш бы ён не нараджаўся. Ёсць, да прыкладу, такое васьмірадкоўе:

Тры прыгаршчы вады ў крыніцы...

Чаму ж хвалюе так яна?

Чаму мне адусюль відна?

Тры ж прыгаршчы вады ў крыніцы.

То я спяшаю - пакланіцца,

Запомніць, плыткую, да дна...

Тры прыгаршчы вады ў крыніцы.

Чаму ж хвалюе так яна?

Дык вось гэты маленькі верш на той час быў такім жа галоўным, як і кніга "Веча славянскіх балад", дзе:

... І папялішча, дзе каля ганка

Сядзіць у одуме партызанка.

А на каленях - дзіцячай жменькай -

Ляжыць вузельчык, такі маленькі.

Дзе знемагае ўжо столькі летаў -

Сяўбы чакае насенне кветак;

У садку сваім семя тое

Яна сабрала перад вайною

І з таго часу з сабой заўсёды

Яго насіла на ўсе нягоды...

ПІСЬМО І РАШЭННЕ

Недзе гады за два да свайго адыходу ў Пантэон Славы Беларусі Іван Данілавіч пачаў падумваць наконт далейшага лёсу сваёй унікальнай хатняй бібліятэкі. Напрыканцы чэрвеня 2016 года я сустрэўся ў Оршы, у бацькоўскім доміку-церамку на ўзбярэжжы Дняпра (у прысвечаным Уладзіміру Караткевічу вершы "Заўжды" Сіпакоў называе раку Барысфен) з былым дырэктарам Аршанскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Ганнай Іванаўнай Самарукавай.

Яна распавяла "ўсю праўду" пра тое, як большая частка кніг слыннага земляка пераехала са сталіцы ў райцэнтр:

"У нас у Оршы жыве і плённа працуе краявед Ігар Яршоў (ён пісаў пра мяне нарыс у кнігу "Вёрсты пройдзеных дарог" пра аршанцаў. У. Б.). Неяк ён чарговы раз набраў мой працоўны і паведаміў: прыязджае вядомы пісьменнік. Хоча пазнаёміцца з працаўнікамі гарадскіх бібліятэк і параіцца з імі па далікатным пытанні. Звяртаўся дагэтуль у Віцебск, дзе яму назвалі маё прозвішча і запэўнілі, што я змагу дапамагчы. Я кажу: "Хай прыходзіць, якія тут пытанні!" І вось я ўпершыню ўбачыла побач з сабой Івана Данілавіча. Ведаеце, ніхто раней так не скараў мяне неверагоднай звычайнасцю і інтэлегентнасцю. Я адразу адчула ягоную светлую, спагадлівую, бескарыслівую душу. Яшчэ яскрава адчувалася, што ён чалавек, як кажуць, з народа, вельмі просты ў размове і адносінах. Пагаварылі за жыццё, потым ён намаляваў мне сваю бібліятэку, і я ўсё зразумела. Павяла госця ў аддзел культуры, які ўзначальвала тады Ірына Анатольеўна Мігаль. Ні аб якім аб'яднанні горада і раёна яшчэ не гаварылася. Мігаль нас выслухала, пажадала поспехаў, і мы пайшлі ў нашу Пушкінку. Па дарозе госць пачаў цікавіцца, як канкрэтна падарыць бібліятэку Оршы. Я сказала, што на маёй памяці і ў маёй шматгадовай практыцы падобнае ніколі не здаралася. З мецэнатамі ў свой час - вядомая справа, але ж ніякіх дакуменаў, як усё афармляецца, не засталося. Думаю, мы дамовімся з начальствам. Крыху памаўчалі, і тут я ўзяла ініцыятыву на сябе: "Іван Данілавіч, а давайце зробім, як паперы будуць падрыхтаваны, усё ў выглядзе асобнай Чытальнай залы, бо калі аддаць у агульны фонд -- лёгкага жыцця не будзе ні вам, ні нам, ні кніжкам. Адзін скрадзе, другі не верне, трэці згубіць, творы распыляцца ў прасторы. Ён ухапіўся за такую ідэю, ухваліў яе і хуценька: "А пра якія вы паперы..."

Я крыху падумала, дый кажу: " Напішыцека вы пісьмо на імя нашых мясцовых уладаў..." Ніколькі не хвалюся, але ўся мая "рыба" ўвайшла ў тое пісьмо, што напісаў Сіпакоў, як вярнуўся ў Менск, на імя старшыні Аршанскага гарвыканкама Лісоўскага.

Вось ён, гэты гістарычны ліст, які мы не без цяжкасцяў ды прыгод знайшлі, і які павінен быў вісець на самым бачным месцы чытальнай залы:

"Паважаны Мікалай Віктаравіч!

За ўсё сваё жыццё я не набыў ніякіх багаццяў апрача адзінага скарба, які маю і якім ганаруся. Ім з'яўляецца мая асабістая хатняя бібліятэка, якую я сабраў за доўгі час сяброўства з кнігаю. Яна мае звыш 10 тысяч тамоў і калісьці сярод кнігалюбаў лічылася адной з лепшых бібліятэк у Мінску.

Цяпер я па-зямляцку хачу падараваць сваю бібліятэку дарагой маёй Оршы, роднай Аршаншчыне. Бібліятэка тэматычна і жанрава разнастайная, у ёй ёсць грунтоўныя зборы сусветнай паэзіі і сусветнай прозы, літаратура па гісторыі, філасофіі, эстэтыцы, мастацтве, шматлікія энцыклапедыі, даведнікі. слоўнікі, іншая даведчая літаратура.

Я ж са свайго боку выстаўляю толькі дзве, але абавязковыя ўмовы. Першае: захаваць яе цэласнаць, не раз'ядноўваць па фондах. І другое: кнігі павінны працаваць у Оршы, для гэтага ёсць усе ўмовы: яе чытачамі могуць стаць студэнты педкаледжа (філіяла Віцебскага ўніверсітэта імя Машэрава), навучэнцы чыгуначнага каледжа, вучні школ Оршы і Аршаншчыны. Дарэчы, вучні школы нумар 7 г. Оршы ў свой час зрабілі выдатную працу па творчасці Я. Сіпакова, ды і ў школьныя праграмы ўключана персаналія гэтага аўтара.

Таму, шаноўны Мікалай Віктаравіч, шчыра прашу Вас прыняць мой падарунак сваім дарагім землякам і спадзяюся на Вашу падтрымку.

Янка Сіпакоў

10 верасня 2009 г.".

Мэр, як звычайна, напісаў на лісце: "Прашу разгледзець і ўнесці прапановы". Самарукаву выклікала Мігаль, бо разглядаць было ёй. Спачатку хацелі назваць імем Сіпакова нейкую з бібліятэк, ды яны ўжо ўсе імянныя -- Крупскай, Горкага, Караткевіча, Коласа, Корбана,тая ж Пушкінка...Тады Ганна Іванаўна прапанавала дзіцячы садок у новым мікрараёне, у яго памяшканні планавалася і бібліятэка. Сіпакоў адначасова думаў пра ільнокамбінацкую, там працавалі яго блізкія. Нічога добрага яны там не знайшлі, тым больш, кіраўніцтва збіралася ўвогуле аддаць фонд гораду. У Пушкінцы працягваўся перад "Дажынкамі" рамонт з мадэрнізацыяй. Другі паверх быў завершаны, а з першага дзіцячую бібліятэку Караткевіча перавялі ў Ратушу. Замест яе Самарукава прапанавала зрабіць залу масавых мерапрыемстваў, Заставаліся яшчэ дзве падсобкі. Адна з іх - больш за 50 квадратаў, з трыма вялікімі вокнамі ў двор, светлая, прыцягальная, утульная.

- Як вам гэта, - звярнулася Самарукава да госця.

- Божачкі, Ганна Іванаўна, родненькая, я пра такое і марыць не мог, - ускінуў рукі Іван Данілавіч і ўкленчыў перад загадчыцай.

- Вось і добра, назавём "Чытальная зала "Бібліятэка Янкі Сіпакова".

Неўзабаве Самарукава з намеснікам пабывлі па запрашэнні ў Сіпаковых. Іх сустрэлі, як самых дарагіх гасцей. Ганна Іванаўна ўзгадала, як частавалі грыбамі, якія збіраў гаспадар у родных Зубрэвічах. Калі працавала, доўга шчэ расказвала пра іх сваім падначаленым. Пасля пачастунку зрабілі экскурсію - уся чатырохпакаёўка была ў кнігах.

- Калі ж будзеце забіраць? - пацікавіўся пісьменнік.

- Ды сёння першы транш і зробім, мы ж на бусіку, - адказалі госці.

Самарукава звярнула маю ўвагу на слова"транш". Яна ведала: гэта частка міжнароднага займу для паляпшэння рыначнай кан'юнктуры. Але расшыфравала яго, як "бязвыплатная пазыка", што Сіпакову дужа спадабалася. У хуткім часе ён патэлефанаваў:

- Даражэнькая, калі там будзе другі транш?

Нягледзячы на хваробу, настрой у яго прыўзняўся. Адбыўся і другі. Шмат клопату прынесла апрацоўка. Трэба было кожны экзэмпляр "паставіць на ўлік", неяк адрозніць яго ад іншых. Таму зрабілі штамп, які гаспадар зацвердзіў: "Бібліятэка Янкі Сіпакова".

Кожны раз, як толькі ехаў на малую радзіму, Іван Данілавіч наведваў Самарукаву і дзякаваў ёй за паразуменне, высокі прафесіяналізм, цёплыя да яго адносіны. У Оршы годна адзначылі яго 75-годдзе. Яму заставалася жыць (без пяці дзён) два месяцы. Дзясятага сакавіка 2011 года ягонае дзіўнае сэрца спынілася. Адкрыцця чытальнай залы сваёй рэдкай бібліятэкі майстар слова не ўбачыў, але добра ведаў - яна застанецца людзям, якіх ён цаніў і любіў пры іхнім жыцці. Адкрыццё адбылося ў чэрвені 2012-га , які быў аб'яўлены Годам кнігі!

За літаратурную спадчыну землякі вельмі ўдзячныя як самому пісьменніку, так і ягонай жонцы Раісе Фёдараўне і сыну Сяргею Іванавічу, якія прыклалі шмат намаганняў для ажыццяўлення мары роднага чалавека.

РОЗУМ І СКАРБ

Пазнаёміць з Сіпакоўкай (яна на першым паверсе ЦБ імя Пушкіна, справа ад увахода) мяне ветліва пагадзілася загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Пушкінкі Алена Фядосава.

Часу мы (а як бы павялі сябе на нашым месцы вы? ) не шкадавалі. Спачатку я ўсё вяртаўся да экспанатаў. Трэба аддаць належнае тым, хто іх сюды засяляў ды размяркоўваў. Адразу кінуліся ў вочы два шыкоўныя светлакарычневыя сталы, на левым з якіх - югаслаўская бела-чырвоная друкарская машынка фірмы UNIS і драўляны распісны гадзіннік у форме кветкавай вазы, які паказвае палову дзявятай. Сапраўды, светла і ўтульна, нібы ў асабістай кватэры (на вокнах ральшторы). Адчуваеш нейкую цеплыню і спакой памяшкання. Справа, насупраць сталоў прыгожа аформленыя словы класіка пра бібліятэку увогуле. Вось тут бы, побач, я і прапанаваў размясціць ягонае пісьмо да мэра!

За сталамі, дзе мы насядзеліся і плённа папрацавалі, - паліцы, што глядзяць сваім літарным вокам у твары прысценных. На бліжэйшай - узнагароды, памятныя знакі і сувеніры, леваруч ад яе, над своеасаблівай паўкруглай кафедрай - карціна алеем мясцовага мастака, знаёмца пісьменніка. На ёй - Ільінская царква і рэчка Аршыца.

Найперш падышлі да паліцы з айчыннай літаратурай. Амаль уся яна, я спыніўся пры пераліку на сотні, калі Алена мяне пашкадавала і ўдакладніла, што кніг больш за 550 экзэмпляраў (усяго іх ў Сіпакоўцы 5268 ), з аўтографамі вядомых людзей, з якімі Іван Данілавіч сябраваў, якія яго ведалі, з якімі сустракаўся на літаратурных і проста жыццёвых сцяжынках.

Адным з першых аўтографаў стаў сяброўскі надпіс аднакурсніка Юрыя Новікава на паэтычным томе Пімена Панчанкі. Праз пэўны час з'явіліся аўтографы і самой славутасці. Сваю кніжку "Зямля пад белымі крыламі" У.С. Караткевіч падпісаў так: "Дарагому другу і земляку ва ўсіх сэнсах (і па зямлі, і па сэрцу) Янку Сіпакову на добры ўспамін. Ул. Караткевіч. 21 лютага 78 г." На кніжцы казак "Чортаў бот" ён жа "намаляваў": "Чорту Янку Сіпакову ад чорта Уладзіміра Караткевіча".

Шчырыя дароўныя подпісы Рыгора Барадуліна стаяць, лічы, на ўсіх яго ранніх творах. На адным з падарункаў прачытаў: "Дарагому Янку Сіпакову - паэту ва ўсіх адносінах і шчыраму сябру. Успомні, дружа, студэнцкія гады і наш 54-ы. З пажаданнем Нёмана радасці і Мінскага мора натхнення. Твой сябра Рыгор Барадулін".

Сваё месца займаюць серыі "ЖЗЛ", рускай і замежнай літаратуры: серыі "Бібліятэка сусветнай літаратуры", "Майстры сучаснай прозы", зборы твораў М. Дастаеўскага, А. Чэхава, Т, Драйзера, Д, Стэйнбека, М. Твэна... У серыях "Скарбніцы лірычнай паэзіі" і "Бібліятэка паэта" - вершы і паэмы Т. Шаўчэнкі, А. Фета, Яніса Райніса, Лесі Украінкі, А. Блока, Баратынскага, можна працягваць... Аматараў зацікавіць серыя "Творы беларускага фальклору".

Асабістую каштоўнасць уяўляюць рэдкія выданні. З павагай і ўсхвалявана гартаю "Сочинения графа Сологуба" (1885 г.) , "Сочинения Николая Гречи" (1885 г.), "Сочинения Г. П. Данилевского" (1901 г.) , "Бярозку" Ядвігіна Ш., выдадзеную "Віленскім выдавецтвам Б.А. Клёцкіна" ў 1923 годзе, зборнік вершаў Янкі Купалы "Шляхам жыцця" таго ж года і таго ж выдання, "Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік Вацлава Лас тоўскага, выдадзены Міністэрствам Беларускіх спраў у Літве (Коўна, 1924 год.), выданне Беларускага Грамадзянскага Сабрання ў Вільні "Беларускі каляндар на 1925 год", "Беларускі арнамент" (1953 г.). І тут можна працягваць...

І вось яна, даражэнькая паліца самога Сіпакова. З яе пазіраюць на нас з надзеямі і пажаданнямі дабра і шчаслівых дзён нарысы і апавяданні, вершы і эсэ, навелы і аповесці, прытчы і мініяцюры, гумарэскі і фантастыка, а гэтаксама пераклады. Дзякуючы апошнім, на беларускай мове пачалі размаўляць А. Пушкін і А. Міцкевіч, Т. Шаўчэнка і А. Блок, К. Чукоўскі і дзясяткі іншых знакамітых паэтаў. Сіпакоў прыручыў, нібы птушак, а затым выпусціў у вольны палёт вершы кітайцаў Ду Фу і Ван Міна. Пераклаў "Боскую камедыю" Дантэ Аліг'еры. Творы самога Івана Данілавіча размаўляюць на ангельскай, балгарскай, польскай, сербскай і іншых мовах сусвету.

У лістападаўскім нумары "Полымя"за 2012 год я прачытаў заканчэнне лебядзінай песні слыннага земляка "Мая бібліятэка" з падзагалоўкам "Кніга пра кнігі". Ён яшчэ не ведаў, што гэты твор стане для яго апошнім. Між тым, ва ўступным слове напісаў: "Час збіраць камяні, і час думаць пра тое, што ўрэшце рабіць з імі, сабранымі". І я думаю, менавіта пішучы гэта, Сіпакоў вырашыў перадаць бібліятэку яшчэ пры жыцці. Дарэчы, для тых, хто зацікавіцца, скажу: першая частка "Бібліятэкі" пабачыла свет у 1-3 нумарах "Маладосці" за 2011 год, яшчэ пры жыцці аўтара.

Другая "паліца" - у 2-3, 5-6 і 10-11 нумарах часопіса "Полымя". Рукапіс падрыхтаваў сын Сяргей.

На погляд майстра залатога беларускага слова, бібліятэка - гэта сабраны разам увесь розум чалавецтва за ўсе часы і народы з таго часу, як патухлая зорка Зямля зрабілася жывою, скарб, якім можна бесперашкодна і з радасцю карыстацца кожны чалавек на планеце. Давайце ж далучымся да тых, хто гэта, нягледзячы на электроніку, робіць і паразумнеем, дзякуючы майму непаўторнаму земляку, Чалавеку і Творцу з вялікай літары.

Вайна ў 1920 годзе*

Успаміны і разважанні

Генерал Люцыян Жалігоўскі

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Таму бачым, што адна толькі 15-я савецкая армія двухкратна колькасна перавышала нашую 1-ю армію, ці што 1-я армія мела супраць сябе над Нарвай чатырохкратную перавагу сіл, нават з аглядкай і на тое, што 12-я савецкая дывізія атакавала Ломжу, а нязначная частка 3-й савецкай арміі аперавала супраць нашай 4-й арміі.

У ноч з 28 на 29 ліпеня аддзелы групы, якой я камандаваў пераходзяць з зацятымі баямі цераз Нарву. Непрыяцель таптаўся ў нас па пятах, намагаючыся захапіць масты на Нарве, што ўдалося яму толькі ў адным месцы, а менавіта пад вёскай Жоўткі. Гэтая няўдача прывяла да многіх страт, а ўсе нашыя высілкі з мэтай адбіць пераправу не далі ніякага выніку.

У гэты ж дзень непрыяцель праводзіў зацятыя атакі таксама на вёску Стрэнкава Гара, не меў аднак поспеху. Далей на поўнач мы не мелі сувязі, было, аднак, вядома, што аддзелы палкоўніка Копы, якія спрабавалі вярнуць Асавец, пасля безвыніковай спробы вярнуліся ў Ломжу.

Група генерала Ендрыеўскага у выніку паспешнага адступлення суседняй з ёй справа 4-й арміі аказваецца вымушанай пакінуць Нарву пасля вельмі цяжкіх баёў, звязаных з вялікімі стрататамі, і адступае на лінію: Ольшава - Любін - Малышы - Філіпы, злучаючыся ў раёне Суража з групай, якой камандаваў я.

Вярхоўнае галонакамандаванне, занепакоенае стратай Асаўца, стварае ў Астраленцы групу генерала Урачынскага, якае мела заданне забеспячэння левага крыла і падтрымкі атакаванай ужо Ломжы.

У гэты дзень на правым крыле 1-й арміі з'яўляюцца дывізіі 3-й савецкай арміі.

30 ліпеня на адрэзку групы ідуць зацятыя баі ў двух месцах. У раёне вёскі Златарыя, дзе непрыяцель развівае плацдарм, утвораны ў паласе групы генерала Віткоўскага, што змушае гэтую групу да адступлення на лінію Ванева - Крапіўніца - Грабава, а таксама на адрэзку 10-й дывізіі, якая паспяхова ліквідуе ўварванне непрыяцеля контратакамі, а група падпалкоўніка Яцыніка (складзеная з 30-га палка пяхоты і аднаго батальёна 41-га палка пяхоты) вярнула ў цэласці батарэю, страчаную ў папярэдні дзень у раёне Волька - Тапелец, узяўшы звыш 1000 палонных і патппіўшы ў багнах Нарвы некалькі соцень расейцаў. Далей на поўдзень з-за адступлення правага крыла 1-ай арміі дабраахвотныя батальёны змушаны адступіць на лінію Лапы - Алексін.

Непрыяцельская кавалерыя пераходзіць Нарву каля Ноўгарада і зноў аказваецца ў нашых тылах.

31 ліпеня ідуць цяжкія баі па ўсім фронце. У раёне Тапельца непрыяцель, ідучы па пояс у вадзе, перапраўляецца цераз Нарву, але контратакай 10-й дывізіі адкідваецца на другі бок. Маршавай брыгадзе трэба было адступаць з-за адсутнасці расійскіх боепрыпасаў для яе карабінаў. Непрыяцельскія атакі ад Візны і Стрэнкавай Гары працягваюцца далей і прымушаюць генерала Віткоўскага да адходу на Леснікі. Непрыяцель не перастае напіраць і а 23 гадзіне пагражае прарваць фронт гэтай групы.

Калі ўся ўвага вышэйшых камандаванняў звернута на Ломжу і нашую поўнач, непрыяцелю ўдаецца прарвацца паміж дзвюмя групамі 1-й арміі і раздзяліць яе на дзве часткі, хутка пасоўваючыся на Данілава - Петкава ў кірунку на Пекуты. Становіцца гэта пачаткам абходу і адсячэння групы пад маім камандаваннем.

"Паколькі лінія 1-й арміі, - сказана ў апрацоўцы бітвы над Нарвай, што знайходзіцца ў Вайсковым гістарычным бюро, - уяўляе сабой лук, выгнуты на ўсход, кульмінацыйны пункт якога складае 10-я дывізія пяхоты, становішча гэтае падаецца камандуючаму арміі небяспечным, асабліва ў выніку разрыву, узнікшага паміж групамі генералаў Жалігоўскага і Ржандкоўскага, у выніку чаго дае каманду адысці на лінію Сліны - Тлачэўкі і далей уздоўж тракту Рудка - Гродзіск".

Адход адбываецца ноччу пад моцным дажджом. Стомленасць такая незвычайная, што паступаюць паведамленні пра бунтарскія настроі сярод шарагоўцаў, а пасля агульная апатыя. Непрыяцель наадварот знаходзіцца ў тым выгадным становішчы, што можа мяняць свае дывізіі. Гэта ён і робіць, адпраўляючы стомленыя ў тыл.

На фронце 1-й арміі пацверджана прысутнасць усіх дывізій трох непрыяцельскіх армій, г.зн., 4-й, 15-й і 3-й.

* * *

Для нашых аддзелаў, якія змагаліся без хвілі адпачынку, рака Нарва, будучы сур'ёзнай перашкодай, стварала моцны дапаможны фактар. Калі нам гэтую перашкоду трэба было паступова пакідаць, паўстала вострая праблема, якую тактыку прымяняць далей. Мая група магла з вялікімі высілкамі бараніць 60-кіламятровы адрэзак ракі, але пасля яе пакідання з-за значных страт не магла паспяхова аказваць супраціў на неўмацаванай тэрыторыі на той самай шырыні і ў той самай групоўцы. Паўставала неабходнасць прымянення іншай тактыкі, пакіданне лініі і эшаланіраванне ў глыбіню. Канешне, такая групоўка магла быць толькі наступальнай, а група, арганізаваная такім чынам, магла ваяваць толькі рухома, выкарыстоўваючы густую сетку шашы на той тэрыторыі.

Пад уплывам такіх разважанняў я накіраваў камандаванню 1-й арміі ўжо ў другі раз дэпешу з праектам змены ранейшай тактыкі. У вынятцы з таго пісьма гаворыцца:

"На маю думку, належала б усе падначаленыя мне аддзелы, якія знаходзяцца ў адносна добрым стане, выкарыстоўваючы добры кірунак шашэйных дарог, сканцэнтраваць у ваколіцы Замбраў - Снядава і стварыць, папоўніўшы яе і пасадзіўшы на вялікую колькасць аўтамабіляў, наступальную групу, якая была б у найбліжэйшыя дні здольная да наступлення. Калі б гэтая прапанова была прынятая, трэба было б адразу скіраваць прадукты, боепрыпасы і калоны аўтамабіляў ў той бок, ствараючы базу гэтай групы ў трохкутніку Астраленка - Ломжа - Замбраў".

Я прапанаваў сканцэнтраваць наступальную групу ў раёне Замбраў - Ломжа - Астраленка. Дало б гэта перадышку абаронцам Ломжы і дазволіла б адпачыць нашым змучаным аддзелам, дало б магчымасць стварэння моцнай групы, абапёртай на два названыя пункты: Ломжу і Астраленку, у той час, калі група генерала Ржандкоўскага (ранейшая Ендрыеўскага) аперавала б у раёне Малкіні. Паспяховая абарона Ломжы пацвярджала рэальнасць гэтага праекту. Густая сетка шашэйных дарог у тым месцы забяспечвала пры выкарыстанні грузавых аўтамабіляў высокую рухомасць аддзелам.

1 жніўня на поўначы трываюць высілкі па аблягчэнні становішча акружанай з усіх бакоў Ломжы і вяртання пазіцый пад Ноўгарадам. У Снядове была высаджана група генерала Роі. Далей на поўдзень непрыяцель, які, відавочна, пераправіўся цераз Нарву і сканцэнтраваўся, пад вечар узнавіў сваё наступленне.

Як цяпер відно з працы Сяргеева. 4-я і 15-я савецкія арміі мелі намер канцэнтраванага ўдару на нас у раёне Яблонкі. Сітуацыю ўскладняў факт, што ўзнікшы паміж дзвюмя групамі арміі разрыў расшырыўся на 20 з лішнім кіламетраў і тут маршыруе 15-я савецкая армія з кірункам на Чыжаў - Андрэеў - Востраў.

Мая група, аслабленая адходам для акцыі ў кірунку на Ломжу брыгады палкоўніка Лучынскага, трымаецца ў раёне Замброва. У той жа дзень непрыяцельская конніца, фарсіраваўшы Нарву пад Ноўгарадам, ідзе на Мясткова і Снядова.

Сітуацыя становіцца крытычнай.

На працягу гэтай ночы прыходзяць весткі пра падзенне Берасця, якія трактаваліся адразу як неверагодныя пагалоскі, бо было вядома, што на паўднёвым кірунку аперуюць больш слабыя сілы непрыяцеля. Толькі на другі дзень пагалоскі тыя былі пацверджаны.

На наступны дзень, 2 жніўня становішча групы ў агульных рамках не змянілася, а непрыяцель па ўсім фронце перайшоў у раптоўнае наступленне. З групай генерала Ржандкоўскага і надалей не было сувязі, а ў той жа час пацвярджаўся рух непрыяцеля на Андрэеў і Востраў. Ужо ў гэты дзень абознікі 10-й дывізіі адбілі наступленне аддзела непрыяцельскай конніцы на Востраў.

Камандаванне фронту, абапіраючыся на дырэктывы Вярхоўнага галоўнакамандавання, яшчэ разлічвала на ўтрыманне лініі Буга ад вусця Нурца і далей ад гэтага месца да Ломжы.

Палкоўнік Лучынскі, які, як я ўспамінаў, выйшаў у кірунку Ломжы, наткнуўся на непрыяцеля, якога атакаваў і разбіў, узяўшы некалькі тысяч палонных. Аперацыя гэтая з-за агульнай сітуацыі, на жаль, не магла быць скарыстана.

У ноч з 2 на 3 жніўня палкоўнік Копа пад націскам непрыяцеля пакінуў Ломжу і накіраваўся на Снядава, цераз якое ўжо прайшла непрыяцельская конніца, змяўшы марскі батальён, які там адпачываў, і нішчачы горад. У штабе маёй групы пра гэта даведаліся раніцай, і таму палкоўнік Лучынскі атрымаў загад спыніць марш на Ломжу і накіравацца на Яблонку і Замбраў, дзе непрыяцель атакаваў з раніцы вялікімі сіламі.

Палкоўнік Лучынскі меў пры сабе толькі 35-ты полк, бо 34-ты ўжо ад учора маршыраваў на Ломжу і нельга было яго хутка развярнуць. Становішча групы станавілася пагрозлівым, бо непрыяцель напіраў не толькі ўздоўж шашы Мазавецк - Замбраў, але і ў кірунку на Лентаўніцы і шашу Замбраў - Востраў. Група абаранялася, разлічваючы, што палкоўнік Лучынскі, выконваючы задачу, вытне на Яблонку. Тым часам палкоўнік Лучынскі, атакаваны з двух бакоў каля вёскі Сані, траціць цэлы полк і сам аказваецца параненым. У гэтай сітуацыі пагрозлівасць становішча павялічвала яшчэ і тое, што заміж аддзелаў палкоўніка Копы, якія па задуме загаду мелі далучыцца да групы ў Замбраве, аперавала ўжо ў Снядаве непрыяцельская конніца.

Дргі раз ад часу Шаркаўшчыны нарысаваўся для маёй групы прывід "Сядана". Калі жаўнерскі абавязак змушаў яе трымацца ў раёне Замбрава і падаваць руку дапамогі абложанай Ломжы, то ў гэты час аддзелы 15-й савецкай арміі абсаджвалі дарогі адступлення на Востраў. Калі потым стала вядома, што Ломжа пала, мусіла група заставацца ў Замбраве і чакаць далучэння брыгады палкоўніка Лучынскага.

Калі гэты "Сядан" не быў даведзены да скутку, то маем гэта, дзякуючы коннаму корпусу Гая, які пляндруючы тэрыторыю за дваццаць з лішнім кіламетраў убаку, каля Снядава, не ўзяў удзелу ў акружэнні групы, а пайшоў сабе на Астраленку.

Загад камандавання арміі, каб група стала на паўночны ўсход ад Вострава, быў ужо спознены, бо гэты раён займалі аддзелы 15-й савецкай арміі.

Адступленне групы ў гэтых умовах на Снядава - Астраленку было мажлівае, але гэта адсланіла б шашу на Вышкаў - Варшаву. Трэба было прабівацца на Востраў. У першай лініі мела маршыраваць 10-я дывізія, маючы на забеспячэнні левага флангу аддзелы палкоўніка Коса, у другой лініі - група генерала Віткоўскага.

Пераход пачаўся 4 жніўня ў 2 гадзіны пасля паўночы. Дзякуючы мужнасці і халоднай крыві камандзіраў брыгад, палкоў, а таксама ўсіх афіцэраў і шарагоўцаў дывізіі пасля цэладзённых баёў дарога на Востраў была ачышчана, і непрыяцель быў выбіты з гэтага горада. Толькі некаторыя аддзелы былі вымушаны адступіць на захад - а менавіта: дабраахвотныя аддзелы - у кірунку Ражан, а частка групы генерала Віткоўскага - на Даўгасёдла.

10-я дывізія размясцілася на шашы Востраў - Вышкаў у раёне Пуздравізна - Нягошава - тракт Востраў - Вішнева. Штаб групы ў Будыкежы. Так закончылася цяжкая, працягласцю у шэсць дзён, бітва на Нарве і Бугу. Страты, панесеныя намі, былі вельмі вялікія. 10-я дывізія мела ледзве да тусячы багнетаў, XVIII брыгада палкоўніка Лучынскага амаль не існавала, лік 2-й літоўска-беларускай дывізіі дасягаў каля 150 багнетаў, а баявы марскі батальён, які так геройскі абараняў пераправу на Нарве, налічваў ледзве каля 80 багнетаў. Змучанасць праяўлялася апатыяй і знікненнем усякай асцярожнасці.

Аднак жа гэтая бітва мела сваё вялікае значэнне. Непрыяцель, напаткаўшы моцны супраціў, накіраваў у вузкі, бо ледзве 50 кіламетраў, прамежак паміж Нарвай і Бугам амаль тры свае арміі, змяняючы іх кірунак, што не засталося без уплыву на далейшы ход падзей і Варшаўскую бітву.

У бітве на Нарве і Бугу мы маем шэраг цікавых момантаў стратэгічнай і тактычнай прыроды, з якіх некалькі коратка агавару. Тут высоўваецца на пярэдні план праблема цвердзяў.

* * *

Бітва над Бугам і Нарвай праходзіць у нас амаль незаўважна. Вярхоўнае галоўнакамандаванне спадзявалася ад яе толькі выйгрышу часу, каб завяршыць перагрупоўку на поўдні. Адразу мала звярталі ўвагі ды і сёння яшчэ на стратэгічныя вынікі гэтай бітвы. Цяпер з крыніц нашых праціўнікаў мы даведаліся, што над Нарвай не толькі выйгралі ў часе, але тут адбыліся ў групоўцы расійскіх войск змены такія значныя, што ўдзельнікі гэтай бітвы слушна могуць ганарыцца, што бралі ў ёй удзел.

Непрыяцель, як ведаем, лічыў польскую армію за няздольную для супраціву, канчаткова разбітую і здэмаралізаваную. Пакіданне без баёў Слоніма, Беластока і Асаўца зацвердзіла яго ў гэтым перакананні. Задаваў сабе цяпер пытанне, дзе знаходзяцца галоўныя польскія сілы. Галоўнакамндуючы савецкай арміі Каменеў лічыў, што знаходзяцца яны бліжэй да поўдню ў кірунку Любліна. Камандуючы заходняга фронту Тухачэўскі дырэктывай ад 23 ліпеня ставіў за мэту сваім арміям дасягненне да 3 жніўня лініі Астраленка - Востраў - Косава - Улодава. Захоп Варшавы прадбачыўся на 12 жніўня. Калі ж расійскія арміі, выконваючы гэтыя задачы, напаткалі неспадзяваны супраціў на Нарве пад Ломжай, на працягу 29 і 30 ліпеня не маглі рушыць наперад, і было гэта ў час, калі тры арміі, а менавіта 4-я. 15-я і 3-я займалі прастору меншую за прастору, якая займала налева ад іх адна армія - 16-я.

Таму ў гэты час Тухачэўскі, каб праламаць супраціў нашай 1-й арміі, мяркуючы, што тут знаходзяцца галоўныя польскія сілы, дырэктывай № 219 у ноч з 31 ліпеня на 1 жніўня загадвае канцэнтрыраваны ўдар усіх трох армій на Мазавецк. Была гэта якраз ноч, калі група пад маім камандаваннем паступова пакідала берагі Нарвы, а штаб групы пераходзіў з Сакалова ў Мазавецк.

Канцэнтрыраванае наступленне трох непрыяцельскіх армій прымае 1-я армія і трымаецца на пазіцыях, маючы на ўвазе высокую мэту даць магчымасць контратакі з раёна Берасця. Прарыў фронту ўздоўж чыгуначнай каляі на Шапятова пачынае раздзяляць абедзве групы арміі, але не змушае іх да адступлення. Замест лінейнай абароны, якая прымянялася на Нарве, аддзелы пераходзяць да групавання ўглыб.

(Працяг у наступным нумары.)

* Пераклад Станіслава Судніка паводле выдання 1930 года.

"Моладзевая хваля" накрыла Ліду:

Каля сцен замка прайшоў фэст моладзевых субкультур

Ужо стаўшае традыцыйным моладзевае свята зноў аб'яднала лідскую моладзь.

Каля сцен Лідскага замка працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, на якіх свае таленты дэманстравалі выканаўцы хіп-хопа, спартовага бальнага танцу, усходняга і сучаснага танцу, а таксама тэатралы, майстры і рамеснікі, музыкі, мастакі - усе, хто аддае перавагу яркім формам самавыяўлення.

Пад топавыя музычныя рытмы кожны, хто прыйшоў да сцен Лідскага замка, абавязкова атрымаў масу пазітыву, прачуў неверагодную энергетыку і магутны зарад дадатных эмоцый. Тут чакаў займальны і актыўны адпачынак, тэатралізавана-гульнявыя праграмы, конкурсы і розыгрышы, атракцыёны, фотазоны і яшчэ шмат усяго цікавага! Ды яшчэ - самая маляўнічая падзея - фэст фарбаў "BelHoli".

Арганізатары фэсту - аддзел ідэалагічнай працы і па справах моладзі Лідскага райвыканкама і творчы калектыў Палаца культуры г. Ліды.

Аляксей Дудзіч.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX