Папярэдняя старонка: 2022

№ 26 (26) 


Дадана: 29-06-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 26, 29 чэрвеня 2022 г.

ПАМЯТАЕМ І НІКОЛІ НЕ ЗАБУДЗЕМ…

22 чэрвеня... У гэты дзень у краіне ўспамінаюць тых, хто цаной свайго жыцця выканаў абавязак па абароне Радзімы, усіх загінулых, закатаваных у фашысцкай няволі, памерлых у тыле ад голаду і нягод.

Да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа ў ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" праходзіў цыкл тэматычных мерапрыемстваў і кніжна-ілюстрацыйных выстаў.

Чаму неабходна казаць пра генацыд беларускага народа? Гэта неабходна для таго, каб праз разуменне гісторыі зберагчы пераемнасць паміж пакаленнямі і памяць нашага народа. Святы абавязак усіх беларусаў - не забываць аб падзеях мінулага, не даваць іншым перапісваць і мяняць праўду аб гісторыі нашай краіны.

22 чэрвеня ў філіяле "Інтэграваная бібліятэка агм. Бердаўка" адбыўся конкурс чытальнікаў "Памяць чалавека, памяць пакаленняў". Урачыста і пранікнёна ў выкананні ўдзельнікаў конкурсу прагучалі вершы аб трагічных днях Вялікай Айчыннай вайны.

У філіяле "Інтэграваная бібліятэка агм. Гуды" прайшла літаратурная віктарына "Я памятаю! Я ганаруся!". З віктарыны дзеці даведаліся аб героях і подзвігах, аб значных падзеях вайны.

Падчас інфармацыйнай гадзіны "22 чэрвеня - Дзень памяці і смутку", якую падрыхтаваў супрацоўнік філіяла "Далекская сельская бібліятэка-клуб", юныя ўдзельнікі мерапрыемства прайшлі дарогамі вайны, каб глыбей адчуць шчасце заваяванага міру.

Дзень ваеннай кнігі ў агм. Дворышча пачаўся з урачыстага мітынгу ля помніка загінулым землякам. Працягам мерапрыемства стала сустрэча ўдзельнікаў мітынгу ў філіяле "Інтэграваная бібліятэка агм. Дворышча". Бібліятэкар распавяла аб пачатку вайны, аб земляках-героях Вялікай Айчыннай вайны, пра жудасныя здзекі ў канцлагерах. Мясцовы краязнаўца Кудла В.І. адзначыў, што Год гістарычнай памяці, які аб'яўлены ў Беларусі ў 2022 годзе, праходзіць пад знакам захавання гераічнай спадчыны і праўды аб усіх перыядах жыцця беларускага народа, распавёў аб генацыдзе беларускага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны.

На інфармацыйнай гадзіне "Тут кожны метр крывёю паліты, або Боль Лідскага гета" у філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 2" гаворка ішла пра зверствы фашыстаў на тэрыторыі Лідскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У якасці нагляднасці - артыкулы з газеты, дзе юныя ўдзельнікі змаглі прачытаць пратаколы допытаў, убачыць фота змучаных дзяцей і жанчын.

Тым жа днём у філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 4" для дзяцей адбылася гадзіна памяці "І дзеці таксама перамаглі ў той вайне". Крыху пазней у бібліятэцы для атрымальнікаў паслуг аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў г. Ліды прайшоў вечар-рэквіем "Генацыд - трагедыя беларускага народа". Кадры з ваеннай хронікі прымусілі людзей з інваліднасцю па-новаму зірнуць на падзеі ваенных гадоў, адкрыць цэлую старонку гісторыі чалавечай высакароднасці, гераізму і мужнасці савецкага салдата. Прысутныя пазнаёміліся з кнігамі аб Вялікай Айчыннай вайне, прадстаўленыя на кніжнай выставе "Без абвяшчэння вайны".

Ушанавалі загінуўшых і загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў іншых філіялах ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы".

У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 1" адбыўся ўрок памяці і смутку "Вялікая Айчынная вайна - гэта не толькі мінулае", гадзіна памяці "Гераізм і трагедыя 1941 года забыццю не падлягае" сабраў маладых людзей у Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы, у філіяле "Інтэграваная бібліятэка агр. Тарнова" адбылася гадзіна памяці "Памятае сэрца, не забудзе ніколі", пасля якога дзеці разам з бібліятэкарам наведалі абеліск загінуўшым землякам і ўшанавалі хвілінай маўчання ўсіх загінуўшых у баях, закатаваных у фашысцкай няволі, памерлых у тыле ад голаду і нягод. У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая" быў праведзены інфармацыйны час "Генацыд - трагедыя беларускага народа". 22 чэрвеня чытачы філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 3" прынялі ўдзел у гутарцы "У кніжнай памяці імгнення вайны", а філіял "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" абмеркаваў з прысутнымі дзецьмі хвалюючыя пытанні падчас гутаркі-разважання "Паміж мірам і вайной".

Усё больш і больш аддаляе нас час ад падзей Вялікай Айчыннай вайны, але подзвігі загінуўшых у баях, смутак пра мільёны нявінных ахвяр і трагедыя акупацыі застаюцца ў свядомасці людзей старэйшага пакалення, захоўваюцца ў памяці іх дзяцей, унукаў і праўнукаў.

Шлях, пройдзены нашымі продкамі, неабходна ўспрымаць як частку свайго асабістага лёсу. Бо ад таго, як грамадства ставіцца да свайго гістарычнага мінулага, залежыць захаванне народнага адзінства, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы.

Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Кацярына Сандакова.

Плённая сустрэча беларускіх і расійскіх даледчыкаў на берагах Нявы

Канферэнцыя "Санкт-Пецярбург і беларуская культура" праходзіла ў Пецярбурзе з 16 па 19 чэрвеня. Па разнастайнасці, ёмкасці і дыяпазоне прадстаўленых матэрыялаў яна атрымала добрую адзнаку ўдзельнікаў.

Сёлета мерапрыемства было прысвечана 500-годдзю "Малой падарожнай кніжкі" Францішка Скарыны.

У цэнтры ўвагі канферэнцыі былі помнікі гісторыі і кніжнай культуры, музычная і мастацкая творчасць, біяграфіі грамадскіх дзеячаў. Даследчыкі з Беларусі і Расіі паведамілі пра гістарычныя дакументы, што захоўваюцца ў мінскіх і пецярбургскіх архівах і бібліятэках, абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва ў сферы культуры.

Пра выступленні на канферэнцыі распавёў Мікола Нікалаеў:

- Юбілею былі прысвечаны тры даклады. Алесь Аляксандравіч Суша акрэсліў значэнне падзеі і асаблівасці віленскай друкарні, Андрэй Уладзіміравіч Вазнясенскі крытычна разгледзеў новыя скарыназнаўчыя працы пражскага даследчыка Ільі Лямешкіна, а Сяргей Георгіевіч Жамайціс звярнуў увагу на тых віленчукоў, хто бачыў у Францішку Скарыне магчымага друкара Статута ВКЛ, што, урэшце, не адбылося.

Анатоль Якаўлевіч Разумаў расказаў пра свае разважанні над будучым Беларусі і расійска-беларускіх кантактаў, якія ён выкладаў на Валдайскім форуме ў 2011 годзе.

Супрацоўнік Цэнтра ўсходнеславянскіх даследванняў РНБ Ксенія Барысаўна Ягорава распавяла пра таемную фігуру перакладчыка п'есы Кацэбу "Свідрыгайла" з беларускім прозвішчам.

Андрэй Леанідавіч Бараноўскі дэталёва расказаў пра тое, як улічваюцца пецярбуржцы-ленінградцы ў гісторыі беларускай бібліяграфіі.

Зміцер Яўгенавіч Саўчанка разважаў над палітычнымі акалічнасцямі часоў савецка-польскай вайны.

Калі прэзентаваная на канферэнцыі "Санкт-Пецярбург і беларуская культура" кніга Аляксея Кібіня паказвае, як зазірнуць у мінулае праз вокны-малюнкі Радзівілаўскага летапісу, то даклад Ірыны Герасімавай (Базылевай), які скончыўся выкананнем спеваў Куцеінскага манастыра 17 стагоддзя, быў падарожжам у пачуцці мінулага. І адначасова расказам пра "трансляцыю культуры" з Беларусі ў Маскву і долю манашак, якіх з Оршы перавезлі ў спустошаны эпідэміяй Маскоўскі Новадзявочы манастыр.

Шэраг "падарожжаў у мінулае з дапамогай мастацкіх сродкаў" працягнула выступленне іерэя Алега Кунцэвіча, старшыні Выдавецкай рады Беларускай Праваслаўнай царквы. Ён расказаў пра апошні вялікі выдавецкі праект: факсімільнае ўзнаўленне Жыровіцкага Евангелля 16 стагоддзя, і падараваў асобнік у фонд РНБ.

Кнігу пра Яна Баршчэўскага прафесар-біёлаг Дзімітрый Вінаходаў стварае даўно. Мы слухаем яе кавалкі шмат год запар, на кожнай канферэнцыі "Санкт-Пецярбург і беларуская культура". Гэта не надакучвае, бо кожны кавалак самастойна-цікавы і самадастатковы.

Сёлета быў прадстаўлены даклад пра аднакласніка і сябра магутнага і ўплывовага Канстанціна Сцяпанавіча Сербіновіча Гаўдэнцыя Шэпялевіча. Апошні зацікавіў прафесара Вінаходава, бо сястру Гаўдэнцыя кахаў Ян Баршчэўскі, і ў іх была (часткова захаваная) вялікая перапіска. А вось сам Шэпялевіч быў няўдалы: куды б Сербіновіч яго не ўладкаваў, праз пару год той пакідаў працу. Пакутаваў ад недахопу грошай, але не ўмеў і не хацеў цягнуць ярмо дзяржаўнай службы, нават на такой, як разбор маёмасці (у т.л. бібліятэкі) Полацкай іезуіцкай акадэміі пасля яе закрыцця.

Менскі этнограф, кандыдат гістарычных навук Юрый Іосіфавіч Унуковіч зрабіў у Пецярбургу важнае адкрыццё: дарэвалюцыйная рукапісная этнаграфічная карта літоўска-беларускага пагранічча, якую склаў Юлій Кузняцоў і якая лічылася страчанай - жывая! Яна ляжыць у засеках Рускага Геаграфічнага таварыства ў завулку Грыўцова. Ён расказваў гісторыю экспедыцыі Юлійса Калейса (такое сапраўднае, латышскае, імя Юлія Кузняцова) і дадаў каментарыі са сваёй багатай палявой этнаграфічнай практыкі.

30-я, юбілейная, канферэнцыя "Санкт-Пецярбург і беларуская культура" адбудзецца ў наступным, 2023 годзе, 15 чэрвеня.

Падрыхтавала Э. Дзвінская.

ЛЕТНІЯ ВАНДРОЎКІ "ЭКВАТАРА".

17-19.06.22. РОСЬ-ВАЎКАВЫСК-РЭПЛЯ-ПАЧУЙКІ...

2022-гі год, хаця яшчэ і да сярэдзіны не дацягнуў, але ўжо прынёс літаратурнаму клубу "Экватар" страшэнныя страты. Мы губляем сяброў, прычым самых блізкіх... 20 сакавіка ўва ўзросце васьмідзесяці сямі год пайшла з жыцця Людміла Аляксееўна Сівалобава. Гэта было складана прыняць, нягледзячы на тое, што чалавек быў ужо вельмі пажылы. Вельмі балючай і сумнай нечаканасцю стала для ўсіх нас смерць 8 чэрвеня бягучага года яшчэ аднаго нашага блізкага сябра - Сержа Мінскевіча. А яму было ўсяго пяцьдзесят тры... І вось у сеціве Інтэрнэт ужо надрукаваны ён, памінальны альбом - з фотаздымкамі Сержа розных гадоў, калі ён прымаў удзел у розных самых мерапрыемствах літаратурнага клуба "Экватар"... Прайшло дзевяць дзён ад пахавання...

І мы адпраўляемся на Гарадзеншчну, бо вельмі любім гэты рэгіён: з ім звязана шмат добрых успамінаў. Інга Вінарская ўвогуле любіць казаць, што калі б дваццаць год таму яе не падтрымала, як пісьменніцу, Данута Бічэль-Загнетава, якая тады была старшынёй Гарадзенскага аддзялення Саюза пісьменікаў, то Інга ўвогуле сышла б і з літаратуры, і нават з журналістыкі. Затым спадарыня Вінарская атрымала падтрымку Менска. А потым ужо і Берасце (адкуль Інга родам) пэўную паперку з сябе "выціснула". І Інга Вінарская ў 2004-м годзе стала сябрам Саюза пісьменнікаў...

Калі працягваць казаць пра Гарадзеншчыну, то немагчыма не зазнычыць, што больш за ўсё буйных журналісцкіх праектаў Вячаслаў Корбут і Інга Вінарская зрабілі менавіта ў гэтым рэгіёне. А займаліся яны звыш дзесяці год прамысловай журналістыкай: стварэннем навукова-вытворчых кніг, прысвечаных прадпрыемствам Беларусі. На Гарадзеншчыне былі зроблены кнігі пра ААТ "Мастоўдрэў", Скідзельскі цукровы камбінат, Шчучынскі лясгас, Слонімскую мэблевую фабрыку, Ваўкавыскі лясгас і іншыя канторы...

І канешне, асобным радком у гісторыі літаратурнага клуба "Экватар" пазначана супрацоўніцтва з шаноўнай газетай "Наша слова", якая таксама выдаецца на Гарадзеншчыне. Ад гэтага выдання мы атрымлівалі і працягваем атрымліваць вельмі моцную падтрымку, за што "Нашаму слову" - вялікі дзякуй!

Але трэба ўсё ж зазначыць, што раніцай у пятніцу 17 чэрвеня бягучага года мы адправіліся ў Гарадзенскі рэгіён не толькі для таго, каб аднавіць у памяці прыемныя ўспаміны. Была яшчэ і працоўная нагода: у сябра нашага клуба Мікалая Іваноўскга выйшла новая кніга вершаў пад назвай "Суквецце любові". Амаль усе работы па макеце гэтага выдання зрабіла Інга Вінарская. Яна ж напісала ўступны артыкул. Па дамоўленасці з аўтарам, мы павінны былі даставіць яму тыраж кнігі.

І вось пакункі з асобнікамі загружаны ў машыну, і мы - Інга Вінарская і Вячаслаў Корбут - разам з нашым сябрам і кіроўцам аўто Вадзімам Калістратавым накіроўваемся з Менска ў бок Пачуек... Але не адразу: па дарозе нас чакаюць у некалькіх гарадах - на выступленні.

Першым ў спісе значылася імпрэза 17 чэрвеня ў Роскай бібліятэцы. Нас вельмі гасцінна там сустрэлі дзве прывабныя жанчыны-бібліятэкаркі: Ірына Сухоцкая і Святлана Свірыдава. Праз нейкі час пад'ехаў у Рось і Мікалай Іваноўскі. Менавіта там і адбылося ягонае першае спатканне са сваёй новай кнігай вершаў "Суквецце любові".

На сустрэчу з прыехаўшымі ў Рось пісьменнікамі прыйшлі вучні Роскай СШ № 2, удзельнікі аздараўляльнага лагера "Летні DRIVE" - разам са сваімі педагогамі. Перад дзіцячай аўдыторыяй надта складанага нічога не пачытаеш, таму ўсе пісьменнікі-выступоўцы стараліся падабраць нешта больш адпаведнае. Вячаслаў Корбут, які праводзіў сустрэчу, перш за ўсё, канешне, павіншаваў Мікалая Іваноўскага з новай кнігай. А потым прачытаў шэраг сваіх вершаў, сярод якіх былі: "Там, дзе Колас, дык там і Купала...", "Суніцаў пах і водар ліпы..." і іншыя, а таксама байкі "Крочыў вучань на ўрок", "Галубок і галубка".

Мікалай Іваноўскі чытаў творы пра прыгажосць роднага краю і пра сваю любоў да сваіх мясцін, а дакладней да ўлюбёнай вёсачкі Пачуйкі. Прагучалі вершы: "Пачуйскія ночы", "Сцяжынка дзяцінства", "Родная хатка", "Маё гняздзечка" і іншыя.

Інга Вінарская, якая некалькі год таму працавала над макетамі некалькіх дзіцячых кніжак, з гэтай нагоды напісала нізку дзіцячых вершаў. Некаторыя з іх спадарыня ўзгадала на імпрэзе ў Росі: "Нашым коткам", "Дзяўчынка такая смяшлівая...", "Па слядах Алісы ў краіне цудаў", "Ледзь ружовым падсвечана воблака..." і інш.

Напрыканцы сустрэчы разумныя роскія дзеткі пачалі задаваць пытанні. Адно з іх з'явілася для прыехаўшых паэтаў нечаканым: "А які ў кожнага з вас свой любімы твор?" - спытала светлавалосая дзяўчынка. Вячаслаў Корбут адказаў, што вельмі любіць свае жартаўлівыя творы, і напэўна, усе яны любімыя. Інга Вінарская зазначыла, што зараз любімая ў яе кніга перакладаў "Гучы, маё сэрца, гучы...", работа над якой была вельмі складанай, таму што аўтапераклад - гэта ўвогуле няпроста. А вось Мікалай Іваноўскі назваў любімым свой адзін канкрэтны верш - "Матуліна цяплынь". І перад тым, як яго прачытаць, заклікаў прысутных хлопчыкаў і дзяўчынак любіць, паважаць і берагчы сваіх матуль:

***

Матуліны рукі і вочы, і сэрца -

У розныя поры прывабна сагрэцца.

Нас клопатам мама сустрэне з парога,

Адправіць нас шэптам малітвы ў дарогу.


Ля прыпечка пчолкаю бзынкае ўранку

І, як у дзяцінстве, гатуе мачанку.

З расолам у місцы да бульбы цыбулька,

За ласку, цяплынь шчыра дзякуй, матулька.


Прыпомніцца часта вясковая ежа,

Калі ад'язджаеш надоўга за межы.

Цудоўная "бабка", румяненькі дранік -

Вясковы наш смак не заменіш на пранік.


Нам вочы макрэюць і ў горле камок,

Дадому прыехаў - на хатцы замок.

Без мамы цяпла не хапае ў той хаце,

Бацькі калі побач - адчуеш багацце.

Але на роскай імпрэзе 17 чэрвеня справы нашых выступоўцаў не скончыліся. У другой палове дня паэтаў чакалі на мерапрыемства ў Ваўкавыскай міжраённай бібліятэцы. Там сабралася поўная зала народу: аматары літаратуры, бібліятэчныя супрацоўнікі з розных устаноў, інтылігенцыя, былі нават прадстаўнікі мясцовай ўлады.

Гасцінна сустрэла прыехаўшых на імпрэзу выступоўцаў новая загадчыца Ваўкавыскай бібліятэкі Наталля Лешчык разам са сваімі супрацоўніцамі. Спадарыня Наталля, дарэчы, і адкрыла літаратурнае мерапрыемства, назваўшы клуб "Экватар" адным з самых вядомых і паспяховых літаратурных клубаў у Беларусі. І канешне, яна павіншавала Мікалая Іваноўскага з новай кнігай.

Вячаслаў Корбут коратка распавёў прысутным пра працу і дасягненні "экватарыяльнай" літаратурнай суполкі. А потым прачытаў некалькі сваіх вершаў, сярод якіх былі: патрыятычны твор "Я змагу", лірычны верш "Ён крочыць паэт і крочыць...", гумарыстычны опус "Ехаў дзед на ровары..." і іншыя.

Сваё выступленне ў Ваўкавыску Мікалай Іваноўскі пачаў са словаў падзякі Інзе Вінарскай і Вячаславу Корбуту, якія, дарэчы, з сямі ягоных кніг дапамаглі яму ў выданні шасці. Спадар Мікалай назваў Інгу і Вячаслава хроснымі бацькамі сваіх кніжак, а потым прачытаў шэраг твораў са свайго новага вершаванага зборніка "Суквецце любові", сярод якіх былі: "Родам з вёскі", "Мне беларусам звацца варта", "Чакаем дамоў", "Пачуйскія пылінкі" і іншыя.

Інга Вінарская прадставіла прысутным сваю новую кнігу "Гучы, маё сэрца, гучы... Выбраныя вершы ў перакладах на беларускую мову". Яна распавяла, што выданне складаецца з трох раздзелаў і прачытала загалоўны верш з кожнай з трох частак кнігі: "Начныя цягнікі", "Сонца паэтаў", "Нефрытавыя воіны любві..." Потым спадарыня зазначыла, што ў яе ёсць шэраг прыгожых летніх твораў, і некаторыя з іх агучыла. Сярод гэтых летніх вершаў быў і наступны:

***

У спрадвечнасці вечара

Зноў удзелам адзначуся.

Мэты быццам намечаны,

І шляхі шчасця бачныя.


Ягад жоўтых, з пакутаю,

Раскідана шмат сцежкаю,

Алычовай атрутаю

Бездань кліча - з усмешкаю.


Ды паветра ўсё ж плавіцца -

Над кастром лета з марывам!

Ноч плыве, бы прывабніца, -

Адвячоркавым зарывам.


Пахі траваў і квецені,

Стрыкуны адгукаюцца,

Лёс, такі хітра сплецены,

На вянцы студні маецца.


А бярозкі, паважныя,

Усё ведаюць, слухаюць,

Ды праз шэпты адважныя,

Размаўляюць зноў з духамі

Альбо з душамі пруткімі,

Ў кроны зноў прыляцеўшымі,

З імі дзеляцца чуткамі -

Галасамі падсеўшымі.


Моц у гэтым падманная...

Толькі… Выйду за дзверы я,

Разуменне, стараннае,

Ад бязвер'я йдзе з вераю...

На наступны дзень, у суботу 18 чэрвеня бягучага года, адбылося яшчэ адно выступленне нашых аўтараў: на гэты раз, у старажытнай Рэплі, якая славіцца сваім магутным прыгожым касцёлам, бачным здалёк. Вячаслава Корбута, Інгу Вінарскую і Мікалая Іваноўскага прымаў Рэплеўскі Дом культуры. Шчыра сустрэлі там нашых паэтаў загадчыца клуба Марыя Гжэсяк і намесніца дырэктара мясцовай школы Ілона Маўчанава. Людзей шмат не сабралася - субота ўсё ж такі, выходны дзень... Але, як зазначыла Інга Вінарская, у старой актавай зале Рэплеўскага Дома культуры такая чароўная акустыка, што спадарыня атрымала сапраўдную асалоду ад гучання свайго голасу і гатова была выконваць свае вершы бясконца... А прачытала Інга насамрэч у той дзень нізку сваіх летніх вершаў і некалькі твораў на тэму кахання.

Мікалай Іваноўскі, канешне, рэкламаваў сваю новую кнігу "Суквецце любові". Прагучалі творы з кожнага з пяці яе раздзелаў: "Вясной вяртаецца любоў..." (вершы пра каханне), "Памяць не парвецца..." (патрыятычная лірыка), "А вёсачка вабіць..." (вершы, прысвечаныя малой радзіме і роднай мове), "Пах палёў, збажыны..." (лірыка прыроды і пораў года) і "Байкі і жарты" (гумарыстычная паэзія).

У сваім выступленні ў Рэплі Вячаслаў Корбут таксама эксперыментаваў з жанрамі: былі прадстаўлены і лірычныя творы пра каханне, і патрыятычная паэзія, і гумарыстычныя вершы і байкі. Але асобна можна было выдзяліць верш "Першая настаўніца", які аднолькава блізкі і дарослым, і дзецям:

***

Настаўніца ты першая мая...

Імя, як у княгіні нашай: Вольга.

Для нас, малых, была, нібы маяк,

Свяціла сваім сэрцам так прывольна.


А мы, вясёлыя, як тыя галубкі,

Яе лавілі словы і развагі,

І пазіралі ціха мы ў бакі,

На дошачцы чыталі неяк знакі.


Тых валасоў сівых яе капна...

Запомнілася шчырасцю - усмешка...

Маршчынкі ля вачэй - была вайна,

Да партызанаў помнілася сцежка.


Яна вучыла сэрцам дабрыні,

Чуллівым быць і ведаць сілу слова.

Цяпер спрабуй, былое павярні,

Калі ў жыцці згарэла столькі дроваў.


Калі гляджу, як крок у першы клас

Нясмела робяць паціхеньку дзеці,

Я адчуваю радасць, бо за нас

Былі бацькі шчаслівейшымі ў свеце.


Настаўніца найпершая мая,

Ты засталася ў памяці магічнай -

З усмешкай шчырай, светлай, як маяк,

І сэрцам, нам адданым фанатычна!..

Вось такія тры мерапрыемствы атрымаліся ў нашых паэтаў на Гарадзеншчыне. Да слова дадаць, уся кампанія некалькі вечароў і начэй правяла ў вёсачцы Пачуйкі, у хаце Мікалая Іваноўскага. Сказаць, што там прымалі гасцінна, - гэта нічога не сказаць. Усё было вельмі файна. А менчукі, вярнуўшыяся 19 чэрвеня ў сталіцу, яшчэ доўга будуць ўспамінаць, як спявалі салаўі, гулі пчолкі, пахлі кветкі і стракаталі конікі ў маляўнічых Пачуйках...

Інга Вінарская, Вячаслаў Корбут.

У вянок песнярам

Вельмі арыгінальную кніжку падрыхтавала і выпусціла Маладзечанская цэнтральная бібліятэка імя Максіма Багдановіча. Кніга называецца "У вянок песнярам: веха ўдзячнай памяці".

Выхад яе прымеркаваны да 140-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа. Задумаў такое выданне літаратуразнавец і бібліяфіл з Маладзечна Міхась Казлоўскі. Кніжка аздоблена ілюстрацыямі з яго прыватнай калекцыі, якую ён збірае ўжо шмат дзесяцігоддзяў. А гэта - рэдкія здымкі, запрашальныя білеты, праграмкі, афішы, творы маладзечанскіх мастакоў, прысвечаныя нашым песнярам, вокладкі кнігі пісьменнікаў з Маладзечна, дзе згадваюцца Янка Купала і Якуб Колас і г.д.

Наогул, Маладзечаншчына - гэта край Купалы, своеасаблівыя альфа і амега яго жыцця. Сцежкамі маладзечанскай зямлі хадзіў і Якуб Колас: то наездамі бываючы ў сябра маладосці Мацея Цярэшкі, то маючы ў паваенны перыяд штосьці накшталт лецішча ў ваколіцах маляўнічай Удранкі.

У кнізе вельмі шмат рэдкіх купалаўскіх фотаздымкаў, на якіх найперш адлюстравана жонка Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. Вось на адной з іх стаіць Уладзіслава Францаўна, якую ў пісьменніцкім асяродку называлі пашанотна-ласкава цётка Уладзя. Стаіць і ўважліва слухае старога барадатага мужчыну, а ўнізе фотаздымка надпіс: "Вязынка, 1945 г." А вось на гэтым мы бачым Паўліну Мядзёлку, адну з першых выканаўцаў ролі Паўлінкі ў аднайменнай п'есе беларускага класіка. А яна, трэба прызнаць, часта бывала ў Маладзечне, асабліва ў 60-70-я гады мінулага стагоддзя, калі прыязджала ў госці да сваіх маладых сяброў Міколы Ермаловіча і Генадзя Каханоўскага. А тут група пісьменнікаў у цэнтральнай гарадской бібліятэцы на вечарыне, прысвечанай 80-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы. У цэнтры сядзяць маладыя, усмешліва-вясёлыя Іван Шамякін, Максім Танк, сціпла прытуліўся да групы чытачоў Мікола Ермаловіч… I таму, гледзячы на гэтыя пажоўклыя ад часу артэфакты нашай гісторыі з калекцыі Міхася Казлоўскага, разумееш, што кожны з іх паасобку і разам з'яўляюцца адмысловым звенчаком у ланцугу нашай удзячнай памяці, які дае магчымасць яшчэ раз адчуць водар прамінулых гадоў і стаць сведкам даўно адышоўшай эпохі.

Наш кар.

Памёр протаіерэй Сергій Гардун

Айцец Сергій Гардун памёр 21 чэрвеня пасля цяжкай хваробы.

Ён вядомы найперш тым, што ўзначальваў Біблійную камісію, якая займалася перакладамі Свяшчэннага Пісання і богаслужбовых тэкстаў на беларускую мову. Быў выдатным біблеістам, прафесарам беларускіх духоўных навучальных устаноў.

Сяргей Гардун нарадзіўся 4 сакавіка 1959 года ў вёсцы Дзівін Кобрынскага раёна. Скончыў Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў па спецыяльнасці "Настаўнік англійскай і французскай моў" (1981). Пасля заканчэння інстытута працаваў настаўнікам англійскай мовы ў вясковай школе.

У 1987 годзе скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію. У тым жа годзе пасвечаны ў сан святара пад імем Сергія. Выкладаў у маскоўскіх духоўных школах, аднак пасля аднаўлення Менскай духоўнай семінарыі ў 1989 годзе быў пераведзены туды, стаў яе першым вучоным сакратаром.

У 2005-2018 гадах - загадчык кафедры бібліістыкі і хрысціянскага веравучэння Інстытута тэалогіі БДУ, са студзеня 2018 года - першы прарэктар Інстытута тэалогіі БДУ.

Сергій Гардун валодаў дзевяццю мовамі, у тым ліку грэчаскай, лацінскай, царкоўнаславянскай, англійскай, французскай, польскай, украінскай. Яму даводзілася служыць набажэнствы цалкам па-англійску, можа параўноўваць свае пераклады з тымі, што робяцца на Захадзе. Быў членам Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы па перакладзе кніг Свяшчэннага Пісання Новага Запавету на беларускую мову.

Памёр пісьменнік Эрнест Ялугін

Беларуская культура зазнала чарговую страту - 25 чэрвеня памёр пісьменнік Эрнест Ялугін.

Эрнест Ялугін нарадзіўся 19 лістапада 1936 года ў вёсцы Асінаўка (Дубровенскі раён). Бацькі працавалі на будаўніцтве Бел ДРЭС. Пасля вайны жылі ў Крычаве, дзе ў 1954 годзе Эрнест скончыў сярэднюю школу, затым працаваў рэдактарам радыёвяшчання пры Крычаўскай раённай газеце, літаратурным супрацоўнікам прамысловага аддзела гэтай жа газеты (1954-1956). Удзельнічаў у рабоце мясцовага літаратурнага аб'яднання. Працаваў загадчыкам аддзела пісем, адказным сакратаром мсціслаўскай раённай газеты (1957-1960), быў старшынём літаратурнага аб'яднання пры ёй. У 1962 годзе скончыў завочнае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ, адначасна працаваў у Салігорску ў шматтыражнай газеце "За коммунистический труд" (1960-1961), адкуль быў пераведзены літаратурным супрацоўнікам у рэдакцыю газеты "Знамя юности". Пазней перайшоў у рэдакцыю "Сельской газеты", дзе працаваў раз'язным карэспандэнтам газеты (1966-1969). З 1969 года працаваў карэспандэнтам газеты "Літаратура і мастацтва". У 1972-1976 гадах - на творчай рабоце. З 1976 года літаратурны супрацоўнік аддзела прозы, загадчык аддзела крытыкі і мастацтва, адказны сакратар, намеснік галоўнага рэдактара ў часопісе "Нёман". У 1991-1997 гадах - галоўны рэдактар штотыдневіка "Наша слова". Ялугін - аўтар нарысаў пра дзеячаў беларускай літаратуры і навукоўцаў: В. Быкава, А. Міронава, А. Мальдзіса, М. Улашчыка, дакументальнай аповесці пра жыццё і дзейнасць Ц. Гартнага ("Без эпітафіі", часопісны варыянт пад назвай "Пасля небыцця", аднаго з першадрукароў Пятра Мсціслаўца ("Мсціслаўцаў посах"), сцэнарыяў дакументальных тэлефільмаў "Мсціслаў: звенні часу", "Без эпітафі", зборніка нарысаў "Салёная планета". Пісаў аповесці, раманы на гістарычную і сучасную тэматыку: "Камяні Млечнага шляху", "Апошні князь", "Астравы", "Год-другі ў Алжыры", "Свечкі на Дзяды" (1991), "Ідзі і кажы" (2006), "А потым - рай" (2008).

Светлая памяць…

Памерла Аляўціна Вячорка

26 чэрвеня памерла Аляўціна Вячорка, беларуская выкладчыца, рэдактарка, грамадская дзяячка. Ёй было 86 гадоў.

Філолаг паводле адукацыі, выкладчыца беларускай і рускай моваў, яна працавала ў Берасці школьнай настаўніцай, пазней у Менску літаратурным рэдактарам. Да 2002 года - вядучая рэдактарка ў выдавецтве "Беларусь". Была сярод іншага рэдактаркай матэрыялаў сесій парламента, перакладаў на беларускую мову сусветнай класікі, папулярных дзіцячых кніг Анатоля Клышкі. На працягу многіх год актыўна дапамагала Таварыству беларускай мовы і беларускім газетам.

Актыўна ўдзельнічала ў грамадска-культурным жыцці.

"Наша слова.pdf" выказвае родным і блізкім спадарыні Аляўціны свае шчырыя спачуванні.

Шольц прапанаваў выплаціць безпадаткавую аднаразавую дапамогу - хто атрымае грошы?

Навіны Германіі

Федэральны канцлер Германіі Олаф Шольц плануе ў чарговы раз палегчыць фінансавае становішча жыхароў краіны ў сувязі з рэкордным ростам цэнаў і выплаціць ім аднаразавую дапамогу, паведамляе dpa, высылаючыся на ўрадавыя колы. Выплата, у адрозненне ад кампенсацыі на энерганосьбіты, не будзе абкладацца падаткам і павінна быць пераведзенай працадаўцам. Каб фінансаваць дадзеную дапамогу, канцлер просіць прафсаюзы адмовіцца ад часткі патрабаванага імі падвышэння заработнай платы супрацоўнікам, якія атрымліваюць зарплату ў рамках калектыўных дамоў.

Такім чынам, канцлер плануе прадухіліць нарошчванне інфляцыйнай спіралі, паведамляе газета "Bild am Sonntag".

Дадзеную меру падтрымкі насельніцтва Шольц абмяркуе 4 ліпеня з прадстаўнікамі прафсаюзаў і працадаўцаў. Тэмы гутаркі - стабілізацыя сітуацыі і скарачэнне інфляцыі. Краіне неабходны дзейсныя меры падтрымкі насельніцтва.

Прафсаюзы змагаюцца за падвышэнне зарплат працаўнікоў, сферы дзейнасці якіх абхоплены калектыўнымі дамовамі. Супрацоўнікі прадпрыемстваў, на якіх дзейнічаюць дадзеныя дамовы (а гэта 47% усіх працоўных жыхароў краіны), аказваюцца ў пройгрышным становішчы, як і высока аплачваныя жыхары краіны. Ад выплаты на энерганосьбіты больш за ўсё выйграюць людзі, якія выконваюць нізкааплатную працу.

Востра стаіць і пытанне падтрымкі пенсіянераў. Шольц плануе выплаціць кампенсацыю таксама жыхарам краіны, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку.

Паводле СМІ.

ПАДАРУНАК МІКОЛЫ ФЕДЗЮКОВІЧА

Уладзімір Барысенка

БЕЛАРУС і КАЗАК

Цалкам згодны з тымі, хто лічыць Мікалая Рубцова сапраўды апошнім паэтам вёскі, з якім сышоў высокі сапраўдны боль гэтай хвалюючай кожнага да глыбіні душы тэмы. У сваім багатым літаратурным архіве знайшоў неяк састарэлы бледна-блакітны пузаценькі канверт. У ім - тры фатаграфіі рана пайшоўшага з жыцця, аднаго з маіх ўлюбёных расійскіх паэтаў Барыса Прымерава. Тут жа старонка са школьнага сшытка ў клетачку. На ёй - рукапісны тэкст верша "Бэз", апублікаванага ў чацвёртай кнізе творцы, які быў шчодра надзелены паэтычнымі адносінамі да жыцця і свету, "Вясновы госць", якая выйшла ў 1972 годзе. Самі словы - зялёныя, а подпіс пад імі - чорны. Запэцканы абарот лістка кажа пра тое, што прывесці ў пачуццё першапачатковы стрыжань так і не атрымалася, і давялося выкарыстоўваць іншы.

Яшчэ ў папяровым "файле" - водгук майго смаленскага таварыша-журналіста Генадзя Сухаручанкава "Вытокі памяці" на кнігу Прымерава "Пасля расстання", падборка з трох яго вершаў у (ЛГ) за 19. 10. 1983 і "Бярозавы трыптых" з "Літаратурнай Расіі" (1984). Усё гэта, плюс "Трыпутнікі" і "Сосен шум" Мікалая Рубцова, той жа "Вясновы госць", "Талая зара" і "Вячэрнія лугі" Прымерава з іх непаўторнай зачаравальнай лірыкай перасялілася ў свой час у маю двухпакаёўку з кватэры майго старэйшага сябра, вядомага беларускага паэта Міколы Федзюковіча.

Разам з іншым беражліва захоўваю і травеньскі нумар "Маладосці" за 1993 год, у якім надрукавана нізка вершаў шчырага беларуса, сярод якіх - прасякнутая смуткам, журбой і роздумам "Элегія":

Цень прадвесняга дня -

смутак мой вечаровы!

Ад відна да відна -

гукі музыкі, словы…

П'ю да дна, да канца

слодыч мілых мелодый -

як ваду забыцця,

як віно асалоды.

………….…………………………………

Я прыйшоў да цябе

не сугнеем няшчасным:

невыносна цярпець,

калі сэрца - на часткі.

Я цябе дакараў,

ты ж ці ўсё даравала?

Дык не стой у дзвярах,

бы ў цясніне Дар'яла!..

Цень прадвесняга дня -

смутак мой вечаровы.

Ад відна да відна -

гукі музыкі, словы…

Гэты дзень карацей

за салоўчую песню:

прыгалубіць хацеў -

у грудзях стала цесна.

П'ю да дна, да канца

слодыч мілых мелодый -

як ваду забыцця,

як віно асалоды.

Хоць яно і гарчэй

ад любові расстайнай,

ды ямчэй і ярчэй,

чым жаночая тайна.

Хоць яно і гарчэй, -

гарачэй смага-прысак:

не замружвай вачэй -

смутак роспачы высах...

Хай буяе быльнёг!..

Я сумую па часе,

калі побач было

невыноснае шчасце.

Чвэрць стагоддзя няма ўжо з намі Міколы, простага, сціплага, сарамлівага, добразычлівага сялянскага хлопца з вёскі Гутава, што ў Драгічынскім раёне. Падчас адной з нашых працяглых размоў ён дзяліўся сваім цікавым успамінам пра тое, як пасля сярэдняй школы шчырэў спачатку літсупрацоўнікам драгічынскай раёнкі "Чырвоная зорка", а потым фотакарэспандэнтам лунінецкай міжраёнкі "Ленінскі шлях", якая надрукавала яго першыя вершы. Працаваў у свой час у "Народнай асвеце", загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва "Чырвонай змены", дзе я, студэнт трэцяга курса журфака, з ім і пазнаёміўся. На той час у яго былі ўжо кніжкі вершаў "Зямля-магніт" і "Мілавіца", якую ён мне падпісаў, а я "даў пачытаць" перад ад'ездам у ГДР камусьці з аднакурснікаў... Трэцяга зборніка давялося чакаць даволі доўга, "Птушыны грай" мы замочвалі ў… 1976-м, калі я ўжо працаваў (пасля "Знамени юности") ў "Сельской газете"… Праз тры гады набыў ягоны "Макаў цвет". Ведаю, што больш чым праз дзесяць гадоў пасля смерці Мікалая Мікалаевіча ў серыі "Беларуская паэзія ХХ стагоддзя" выйшаў пасмяротны зборнік ягонай выбранай паэзіі "Красадзён". Асобную падзяку выказваю за гэта нашаму агульнаму сябру, паэту, празаіку і перакладчыку, дарэчы, Федзюковіч і сам перакладаў з рускай, французскай і ўкраінскай моў, Віктару Гардзею, укладальніку выдання.

СМЕРЦЬ І СУМЛЕННЕ

У адзіным у свеце Літаратурным інстытуце Мікола падтрымліваў з аўтарам "Бэзу" самыя цёплыя сяброўскія адносіны, быў на вяселлі Барыса, які пабраўся шлюбам з Надзеяй Кандаковай - студэнткай той жа навучальнай установы. Надзея Васілеўна стала аўтарам 11 паэтычных кніг, літаратурным перакладчыкам са славянскіх моў, драматургам.

- Уяўляю, душой адчуваю, што азначаюць для цябе гэтыя імёны..., - зразумела і развітальна казаў ён, перадаючы мне пералічанае незадоўга да свайго сыходу. Ён памёр (згубіла тое ж, што і Рубцова, не ведаю, як пасля сумесных з Міколам і Яўгенам Крупенькам выпівак яшчэ жыву сам?!) у 1997-м.

Праз два гады пасля таго, як сын данскога казака з растоўскай вёскі Мацвееў Курган Барыс Прымераў, з якім Федзюковіч разам вучыўся з 1966-га па 1970-ы, павесіўся ў Перадзелкіна, дзе побач з Барысам Пастарнакам пахаваны памерлы ў Амерыцы Яўген Еўтушэнка, пра якога некалькі слоў наперадзе. Рубцоў, дарэчы, скончыў прэстыжную літаратурную ўстанову годам раней за Міколу і Барыса.

Перад суіцыдам Прымераў пакінуў перадсмяротную запіску. Вось што ў ёй было напісана: "Тры дарогі на Русі: я выбіраю смерць. Мяне паклікала Юлія Уладзіміраўна Друніна… (адчыніла ў гаражы выкідную трубу свайго "масквіча" і задыхнулася. - Аўт.). Неахвота жыць з падонкамі: Лужковым і Ельцыным… Апамятайся, народ, і зрынь кліку… такога не было і не будзе на белым свеце…".

Барысу, якога па словах Уладзіміра Цыбіна, Бог пацалаваў на творчасць, было 56. Міколу, зборнік вершаў якога "Птушынае дрэва" перакладзены на рускую, - 53... На ягоны "палціннік" я падарыў яму ў вузкім коле за чаркай "Сталічнай" кнігу Гаўрыіла Дзяржавіна "Вершы", і ён узгадаў іспыт у Літінстытуце па літаратуры XVIII стагоддзя.

Самаму беларусу, былому вайскоўцу, які перапісваўся з Яўгеніяй Янішчыц, трапіўся Радзішчаў. З яго творчасцю ён больш-менш паспяхова справіўся, і пачаў чакаць у шырокім калідоры Прымерава. Той надта доўга змагаўся за адзнаку, а калі зачыніў за сабой дзверы аўдыторыі і паўстаў перад сябрам - на ім не было твару! Прафесар, які прымаў, зганьбіў яго так, што ў пару было праваліцца скрозь зямлю: як жа можна не ведаць творчасць самога Дзяржавіна, які заўважыў ды дабраславіў Пушкіна?! Але ніякай адзнакі не паставіў, сказаў, каб усё прачытаў, як след падрыхтаваўся і прыйшоў зноў. Так што было не да замочкі - Барыс штудзіраваў Гаўрылу Раманавіча амаль тыдзень. Шмат ягоных вершаў вывучыў на памяць і атрымаў з другога заходу ў выніку, на дзіва ўсім… "пяцёрку!".

Пра згаданую вышэй запіску Прымерава я даведаўся толькі ў 1997-м, праз два гады пасля трагедыі, калі пабачылі свет "Строфы стагоддзя" Яўгена Еўтушэнкі. Не знайшоўшы ў анталогіі, дзе амаль тысяча паэтаў, прозвішча Прымерава, я зразумеў, чаму ў ёй няма аднаго з найрэзкіх рускіх лірыкаў. Успамінаю часам, як актыўна абмяркоўвалася ў друку праца складальніка анталогіі. Асабліва ўразіў востры погляд на яе Уладзіміра Салавухіна. У сваім вялікім крытычным аглядзе ён быў здзіўлены адсутнасцю ў фаліянце вагой амаль у два з паловай кіло (я спецыяльна ўзважваў) і Прымерава, і Ісаева, і Бялова, якому Рубцоў прысвяціў адзін з лепшых сваіх вершаў: "Ціхая мая радзіма". Вось як ён выглядае ў маім перастварэнні:

Ціхая мая радзіма!

Тут я валяўся ў траве...

У школу тут з Лёнем хадзілі,

Ён сёння ў Оршы жыве...

Як даўно Любачку бачылі?

Нешта знайсці не магу.

Суседзі сур'ёзна зазначылі:

- У Копысі, лечыць нагу.

А Сашка ў калгасе працуе,

Ён там даглядае бычкоў,

Кадраў, вядома ж, бракуе,

Ці ты гэта, Воўка?! Здароў!

Адтуль, дзе лавілі мы ракаў,

Нічога цяпер не пачуць,

Няма ні каня там, ні трактара,

Адны успаміны плывуць

Пра тое, як скача там конік,

Як плаваць у Лешчы любіў,

Радзіма, я твой паслядоўнік,

Нічога які не забыў:

І сад за пакінутай школаю,

І кладку - былы пераход,

Быццам варона вясёлая,

Прысяду на рэдзенькі плот.

Драўляная школа й цагляная,

Сню я вас часта ўначы,

Прабач мяне, Лешча туманная,

Прабачце скляпенні, ключы...

"Ціхі і хворы" Прымераў, сведчыць Віктар Астаф'еў у "Сшытку пра Мікалая Рубцова" са сваіх вядомых "Зарубаў", нягледзячы на ўсе цяжкасці, прыехаў 21 студзеня 1971-га з Масквы ў Волагду на пахаванне Рубцова на Пашахонскіх могілках. Быў яшчэ, піша Астаф'еў, "хлопец з горада Горкага, прозвішча якога я запамятаваў, здаецца Сізоў". Астатнія "самыя сардэчныя і блізкія сябры", як яны самі сябе называлі, "… якраз у гэты час змагаліся за народ, за Расію, і адцягваць увагу на пабочныя справы ім не было калі". "Самай горкай і адзінокай, - заўважае знаны пісьменнік, - была на пахаванні жонка Мікалая Рубцова, маці ягонай дачкі Гета Меньшыкава, прыехаўшая з вёскі Ніколы. Яна ціха плакала, седзячы ў баку, і гэтак жа незаўважна вярнулася дадому ўдавой". Хачу удакладніць шаноўнага Віктара Пятровіча. Па-першае, з Меньшыкавай паэт справіў у 1963 годзе вяселле, але не распісваўся, таму дачка, Алена, была пазашлюбнай. Па-другое, прыязджаў яшчэ разанскі паэт і празаік Барыс Шышаеў, які пражыў на два гады менш за Прымерава і ўсяго на год больш за Федзюковіча. Пра тую паездку і пахаванне Рубцова ён распавядае ў пісьме да сябра Сяргея, якое можна знайсці на сайце "Душа захоўвае". Яму належыць, дарэчы, выдатны нарыс "Алтайскае лета Мікалая Рубцова".

Што тычыцца згаданага Астаф'евым празаіка, паэта і журналіста Аляксандра Сізова, то ён стаў адным з 17 аўтараў зборніка "Мікалай Рубцоў ва ўспамінах сяброў", складзенага Мікалаем Паповым. Кніга выйшла у 2008-м , праз дзесяць гадоў пасля вядомага выдання "Мікалай Рубцоў: Валагодская трагедыя". У ім, акрамя ўспамінаў сучаснікаў і лістоў паэта, - аповесць вядомага рускага пісьменніка, былога (памёр у 2018-м у свае 69 гадоў ) сакратара Праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі Мікалая Каняева "Падарожнік на краі поля". Дзякуй Богу, Еўтушэнка хоць колькі слоў сказаў пра яго ў сваёй анталогіі: "Народнага складу паэт з жывой фальклорнай пульсуючай жылачкай, сапраўдны сябар М. Рубцова не толькі пасмяротны, але і прыжыццёвы". Тут я шчырасці мэтра паэтычнага слова веру. А вось у шчырасць ягоных слоў пра Рубцова - не вельмі: "Мяне хацелі з ім пасварыць, ды вось не атрымалася. Ніколі не забуду, як аднойчы нехта з пяшчотнай жартаўлівасцю закрыў, падышоўшы ззаду, мае вочы далонямі. Гэта быў Коля". Як бы там ні было, укладальнік анталогіі даў у ёй ажно дзевяць, калі не памыляюся, вершаў Рубцова.

Вяртаюся тым часам да Аляксандра Сізова. У сваім нарысе "Па лясах Вятлугі" з кнігі Папова ён распавядае, як сустракаў у ліпені 1969-га Рубцова на сваёй радзіме ў ніжагародскім Варнавіне, аб наведванні горада Вятлугі, вёсак Ляпунова і Ляленка. У апошняй ад мясцовай бабулькі пачулі яны "прыгожую лясную казку пра Лялю-разбойніка і яго скарбы, лясную дзеўку і выдатную княгіню Лапшангскую, пра маладога атамана Бархотку. Пасля гібелі Рубцова 19 студзеня 1971-га ад рук грамадзянскай жонкі, паэткі Людмілы Дзербіной, Сізоў прачытае ў яго "Лясной казцы":

Мне пра тое расказалі сосны

Ў лясах і кветкі ў сінім лузе:

Тут гуляў калісьці Ляля грозны

І наводзіў жах па ўсёй акрузе.

ПІСЬМО І ПАМЯЦЬ

Пра неацэнныя для мяне падарункі Міколы Федзюковіча, які даў мне калісьці рэкамендацыю для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў, я памятаў увесь мінулы час. Пераглядаў, перачытваў іх з неадольным душэўным хваляваннем і трапятаннем, непраходзячым жаданнем распавесці пра невядомыя дакументы літаратурнай эпохі ў друку. Але ўсё неяк не складвалася, не "зладжвалася" і адкладвалася… І вось надышоў час, калі цягнуць з выкананнем жаданага далей проста немагчыма - перажыў Рубцова, без якога ўвогуле не ўяляю рускую славесную мастацкую творчасць, ужо на 38 гадоў…

На адваротным баку адной з трох згаданых вышэй фатаграфій Прымерава - ліст Мікалая Рубцова. Ён быў напісаны простым алоўкам, і з часам паціху пачаў паміраць. Баючыся канчатковай смерці невядомага паслання, чаго сабе ніколі б не дараваў, я рэанімаваў яго з дапамогай шарыкавай ручкі з чорным стрыжнем, выпушчанай да 100-гадовага юбілею рэспубліканскай "Сельскай газеты", дзе мы з Федзюковічам у адзін час разам працавалі (ён быў літкансультантам). У сувязі з тым, што разабраць да канца напісанае ўсяроўна цяжка, прыводжу поўны алоўкава-ручкавы тэкст:

"Дарагі Барыс! Ты мяне здзівіў! Ліст твой атрымаў, чытаў яго цэлых два тыдні і ўсё захапляўся табой! Вось фатаграфіі. Яны, відаць, не вельмі, але якія ўжо ёсць. За сцэнар мне грошы даслалі. 90 рублёў. Ад Карпавай атрымаў ліст, напісаў шмат новых вершаў. Адзін з іх:

Жыву ў пашарпанай кватэры,

Славы няма, няма і грошай,

У свеце паэтаў ёсць дахалеры,

Ды, мо, я адзін з іх харошы.

Прысвяціў Б. Прымераву. Цалую, Барыс. Пішы. Ягору прывітанне, я не магу яму патэлефанаваць, у нас дрэнны тэлефонны".

Не цяжка здагадацца, што апошняе слова ў лісце - "вузел", якое проста не ўлезла. Шкада, што не хапіла месца для месца і даты напісання гэтага арыгінальнага, што ўжо тут казаць, твора-паслання. Але паспрабуем, усё ж, разабрацца і ўдакладніць, калі гэта было, крыху пазней. Пачнем, як кажуць, з самага пачатку.

Перадусім хацелася б спытаць (вось толькі ў каго і як цяпер гэта зрабіць?!), што за твор меў на ўвазе аўтар своеасаблівай, напалову зашыфраванай дэпешы, за якую ён атрымаў гэткі высокі па тым часе ганарар?! І хто такая, дарэчы, Карпава, кім яна тады з'яўлялася?

Што тычыцца прывітання, то яно перадавалася самаму тытулаванаму савецкаму паэту Ягору Ісаеву, якому Барыс Прымераў прысвяціў напісаны ў 1968-м верш, надрукаваны ў ягонай кнізе "Талая зара". Рубцоў пра гэты верш, вядома ж, ведаў. У тым жа годзе ён атрымаў у рэшце рэшт у Волагдзе, куды прыехаў у 1964-м і дзе працаваў пазней у "Валагодскім камсамольцы", малагабарытку № 66 на пятым паверсе "хрушчоўкі" № 3 на вуліцы імя іншага валагодскага генія, свайго старэйшага таварыша, лаўрэата Сталінскай прэміі Аляксандра Яшына, які рэкамендаваў яго ў лютым 1967-га ў Саюз пісьменнікаў. У памяць пра літаратара-франтавіка (ён пайшоў з жыцця ў 1968-м ва ўзросце 55 гадоў) Рубцоў, які вельмі любіў людзей і радзіму, напісаў верш "Апошні параход". Ён быў надрукаваны ў 1976-м у найбольш поўным на той час зборніку паэзіі "Трыпутнікі", які ўклаў і напісаў да яго прадмову "Гарыць яго зорка" валагодскі паэт-лірык Віктар Каратаеў. Пражыў ён, як і іншыя, таксама нядоўга - 58…

З невыносным сардэчным болем чытаў я лісты Рубцова (усяго іх пяць) да вядомага пісьменніка, паэта і празаіка Аляксандра Яшына. У іх гэтулькі смутку і горычы, пакут і перажыванняў, трывог і хваляванняў, надзей і расчараванняў, што хапіла б не на адзін дзясятак па-свойму няшчасных літаратараў. Мяркуючы па часе атрымання жылля ў Волагдзе, аўтар ліста да Барыса Прымерава катаваў свой просты аловак (або ён яго) менавіта ў згаданай "абшарпанай кватэры". Яе выгляд, углыбіўшыся ў жыццё і лёс "бліскучай надзеі рускай паэзіі", цалкам можна ўявіць.

Акрамя іншага, ліст Рубцова да Прымерава каштоўны яшчэ вось якімі абставінамі і высновамі. Хадзілі плёткі пра тое, што аўтар і адрасат быццам бы не любілі адзін аднога і не былі сябрамі, што яны жылі з пачуццямі прыкрасці і раздражнення, якія былі выкліканы літаратурнымі поспехамі другога. Прыведзены ліст цалкам гэта адмаўляе і абвяргае, расстаўляе, як кажуць, усе кропкі над "і". Справа ў тым, што з узыходзячай заслужанай і сапраўднай славай Рубцова вакол яго ўзнікла гэтулькі "блізкіх і верных сяброў", што Барысу і Надзеі нічога не заставалася, як ціхенька адыйсці ў бок...

Новыя вершы, пра напісанне якіх Рубцоў паведамляў у сваім надпісе на зваротным баку фатаграфіі сябра, увайшлі ў апошнюю прыжыццёвую кнігу самабытнага паэта "Сосен шум". Яна пабачыла свет у выдавецтве "Савецкі пісьменнік" у 1970-м, калі я паступіў на журфак БДУ...

Вайна ў 1920 годзе*

Успаміны і разважанні

Генерал Люцыян Жалігоўскі

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

У гэты цяжкі і вырашальны момант, у ноч з 1 на 2 жніўня пала Бярэсце, што выклікала ў нашых шэрагах вялікае ўражанне.

Тухачэўскі цяпер перакананы, што мае перад сабой галоўныя польскія сілы і вырашае пасля размовы з галоўнакамандуючым Каменевым скіраваць усе тры арміі значна на поўнач. (Дырэктыва № 287 ад 3 жніўня.) Сцвярджаюць гэта аўтары дадаткаў да кніжкі маршала Пілсудскага "1920 год".

"Моцны супраціў, аказаны палякамі над Нарвай і вялікія цяжкасці, якія сустракалі, дзякуючы таму супраціву сканцэнтраваныя галоўныя сілы заходняга фронту на ўсёй адлегласці ад Берасця праз Нарву аж да Ломжы з аднаго боку, з другога боку лёгкасць, з якой адна толькі 15-я армія пераскоквала сустраканыя на сваёй дарозе перашкоды аж да Берасця ўключна, уцвярджалі камандуючага фронту ў перакананні, што галоўныя польскія сілы змагаюцца не дзе інакш, як якраз у абшары на поўнач ад Берасця і Буга".

Сам Тухачэўскі ў сваім "Паходзе на Віслу" гаворыць пра гэта:

«У канцы ліпеня пачынаюцца нашы баі над Нарвай і Бугам. Першы раз ад часу пачатку баявых дзеянняў палякі аказвалі нам тут упарты супраціў. На адрэзку 4-й, 15-й і 3-й армій нам было неабходна фарсіраваць гразкія рэкі Бебжу, Нарву і Нурэц, якія мелі мала перапраў і ўяўлялі сур'ёзныя перашкоды. Палякі выкарысталі гэтыя перашкоды і размясціўшы за імі свае войскі аказвалі нам вельмі сур'ёзны супраціў».

А ніжай гаворыць пра кепскае функцыяванне сувязі, сцвярджае, наколькі сілы, што аперавалі далей на поўдзень, насупраць Берасця былі слабейшыя.

"Асабліва гэтая акалічнасць дала адчуць сябе на адрэзку 16-й арміі, якая займала шырокі фронт, каля 80-ці вярстовы, маючы ўсяго пяць стралковых дывізій. становішча 16-й арміі ўскладнялася яшчэ існаваннем на фланзе цвердзі Берасце".

У гэты час 1-я армія была пакінута цалкам на ўласны лёс, бо ўся ўвага камандавання фронту канцэнтруецца на крылах у ваколіцах Берасця і Астраленкі. У тым апошнім пункце ствараецца група пад камандаваннем генерала Урачынскага, якая мае падтрымліваць Ломжу і апераваць на правым крыле непрыяцельскай арміі. У ноч з 2 на 3 жніўня падае Ломжа, а цэнтр 1-й арміі аказваецца разарваным на вялікай адлегласці, звыш 20 кіламетраў, уздоўж чыгуначнай каляі. Але і ў гэтых цяжкіх умовах абедзве групы змагаюцца далей на сваіх пазіцыях. Паўднёвая - у ваколіцах Нур-Цеханавец, паўночная - у раёне Замбрава.

Абшар Нарвы - тэрыторыя найбольш зацятых баёў на ўсім фронце. На 55-кіламятровым адрэзку ад Буга да паўднёвых берагоў балота Візна тры непрыяцельскія арміі атакавалі адну нашу 1-ю армію, змучаную адступленнем і пакуль, як ужо гаварыў, пакінутую саму сабе. Гэтыя баі стваралі для нас стратэгічны поспех, уводзячы ў абман праціўніка і выклікаючы змены кірунку маршу трох армій. Іх тактычны ход вымагае і варты дэтальнага асвятлення, што з'яўляецца ўдзячнай задачай сённяшніх і будучых гісторыкаў. Тут жа выпадае спыніцца на псіхічнай вытрымцы афіцэраў і жаўнераў гэтай арміі, якая разрэзаная на дзве часткі і маючы тылы, занятыя непрыяцелем, не траціць сваёй баявой здольнасці і прабіваецца на свае шляхі адходу, здольная ў той самы дзень яшчэ да дальнейшай бітвы.

Гаворачы пра роль 1-й арміі на Нарве і Бугу, нельга прамінуць маўчанне тыя прычыны, які аказалі пэўны ўплыў на ўвесь ход баёў. Тут належыць назваць перш за ўсё карысныя абаронныя ўмовы Нарвы, прыбыццё дабраахвотнікаў і падмацаванняў, якія месцамі біліся дасканала, і нарэшце маналітнасць камандаванняў.

У час бітвы над Нарвай усе вышэйшыя камандзіры, пачынаючы ад камандуючага арміі, паходзілі з адной акупацыйнай арміі, у нашым выпадку з расійскай. Не хачу пры гэтым сказаць, што былі яны лепшыя за афіцэраў, напрыклад, аўстрыйскай арміі. Быць можа, што каб камандавалі адны аўстрыйскія афіцэры, выконвалі б свае задачы лепей. Аднак жа супольнае паходжанне вышэйшых камандзіраў давала тое, што яны, спавядаючы нейкую супольную ідэалогтю вайны і тую самую школу, разумеліся паміж сабой значна лепей і мелі да сябе давер, дзякуючы чаму ўвесь апарат камандавання фукцыянаваў значна больш спраўна.

* * *

У ходзе аперацыі на Нарве генерал Роя, высланы Вярхоўным галоўнакамандаваннем у якасці камандзіра групы, якая мела падтрымаць наша левае крыло, прапанаваў зачыніцца ў Астраленцы і зрабіць там, як гэта ў той час называлася, "Збараж".

Лічу, што была гэта думка смелая і практычная. Вайна набліжалася да апошняй развязкі. Наша сіла і энергія, раскіданыя па вялікай прасторы, мусілі сабрацца і стварыць агмень супраціву. Гэта не толькі пабуджала да супраціву наша войска, але і мяшала карты непрыяцеля, тактыка якога палягала ў руху наперад. Паколькі ад Берасця ўзнікла ў нас ідэя ўдару з поўдня ў расейскі фланг, то мелі на поўначы ўзмацніць супраціў любой цаной.

Таму трэба прызнаць, што задума генерала Роі была прадыктавана здаровым адчуваннем моманту і жаўнерскім разуменнем умоў і сітуацыі. Не ведаю, ці Астраленка магла б вытрымаць на працягу двух тыдняў, але падаецца мне несумненным, што сама думка была рацыяна-льнай.

(Працяг у наступным нумары.)

ЛІДСКАЯ ДЭЛЕГАЦЫЯ НА ФЕСТЫВАЛІ "ВЫТОКІ"

У 2022 годзе рэспубліканскі культурна-спартыўны фестываль "Вытокі" прайшоў у Наваградку - старадаўнім беларускім горадзе, першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага. У Год гістарычнай памяці кожны горад у праграме фестывалю "Вытокі" робіць акцэнт на культурную спадчыну беларусаў. У Наваградку святочныя мерапрыемствы былі аб'яднаны тэмай "Статуты Вялікага Княства Літоўскага".

У фестывалі прыняў удзел калектыў ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы", якому выпаў гонар прадстаўляць Лідскі край. Наведаўшы інтэрактыўную пляцоўку, жыхары і госці горада змаглі дакрануцца да сярэднявечнай гісторыі. Кожны мог зрабіць фота на памяць каля макета Лідскага замка, даведацца цікавыя факты аб яго будаўніцтве, а, дзякуючы кніжнай выставе "Горад мой, ты - песня і легенда", пазнаёміцца з гісторыяй г. Ліды.

Для паўнавартаснага пагружэння ў сярэднявечную атмасферу госці пляцоўкі з цікавасцю ўдзельнічалі ў майстар-класе "Мастацтва пісьма". Яны даведаліся, як была створана славянская азбука і хто стаяў ля яе вытокаў. Убачылі папярэднікаў паперы і пяра, паспрабавалі напісаць пісьмо на бяросце. На мяккай гліне з захапленнем выціскалі вострай палачкай свае імёны. А таксама пазнаёміліся з адным з самых вытанчаных і найбольш складаных каліграфічных інструментаў - востраканцовым пяром. Госці фестывалю з радасцю прынялі ўдзел у прапанаваным майстар-класе і на лістах паперы пакінулі па-сапраўднаму шчырыя і цёплыя пажаданні гасціннаму гораду Наваградку.

Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынга ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" Дар'я Марцінкевіч.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX