Наша слова.pdf № 29, 20 ліпеня 2022 г.
Славянскі базар - 2022
З 15 па 17 ліпеня ў Віцебску праходзіў 31-шы Міжнародны фестываль "Славянскі базар". У горад з'ехаліся госці з розных краін, на вуліцах было ажыўлена і святочна - забаўкі чакалі на кожнай вуліцы! Сёлета імянную зорку атрымаў народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка і ансамбль "Сябры". Узнагароду ён прысвяціў сваёй жонцы і фанатам.
- Гэта адзіны ў сваім родзе ў свеце фестываль, які нясе дабро, мір і паразуменне ў душы людзей. Гэта вельмі важна на сённяшні дзень, - сказаў Анатоль Ярмоленка.
Паводле яго слоў, "Славянскі базар у Віцебску" - гэта ўжо брэнд нашай краіны.
Юны беларускі выканаўца Елісей Касіч заваяваў Гран-пры юбілейнага XX Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск".
Узнагароду Елісей Касіч атрымаў з рук Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на цырымоніі адкрыцця XXXI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".
А 17 ліпеня вызначылі пераможцу XXXI Міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск".
Ліру і дыплом уладальніка Гран-пры атрымала прадстаўніца Беларусі Ганна Трубяцкая. У першы конкурсны дзень маладая спявачка набрала максімальную колькасць балаў, замацаваўшыся ў топе турнірнай табліцы разам з італьянкай Мартай. У другі дзень артыстка выканала сусветны хіт AC/DC "Highway to Hell", які набыў ёй перамогу ў песенным конкурсе на "Славянскім базары".
У выніку Беларусь сёлета стала абсалютным чэмпіёнам песенных конкурсаў "Славянскага базару".
Дыплом лаўрэата першай ступені атрымала прадстаўніца Італіі Марта, якая саступіла Ганне Трубяцкой усяго 2 балы.
Паводле СМІ.
Да 140-годдзя Янкі Купалы быў усталяваны ў касцёле і асвечаны мемарыяльны знак
10 ліпеня ў касцёле Святой Тройцы ў Радашковічах, дзе 12 ліпеня 1882 года быў ахрышчаны нацыянальны геній Янка Купала, быў усталяваны і асвечаны памятны знак.
Барыльеф быў выкананы скульптарам Сяргеем Гумілеўскім.
- Гэта праца знакавая для мяне, - адзначыў Сяргей Гумілеўскі. - Мой бацька Леў Гумілеўскі не аднойчы звяртаўся ў сваёй творчасці да вершаў і паэмаў Янкі Купалы.
Да 140-годдзя з дня нараджэння паэта барыльеф быў асвечаны кс. Юрыяем Быкавым і адкрыты для агляду.
Шмат гасцей з Менска і Радашковічаў наведалі традыцыйны Купалаў фэст, які праводзіць штогод у ліпені пробашч парафіі Св. Тройцы ксёндз Юры Быкаў дзеля ўшанавання памяці Янкі Купалы і для духоўнага разважання над творчасцю паэта і прарока, які нарадзіўся на гэтай зямлі, быў ахрышчаны ў касцёле Святой Тройцы, напісаў у раннім перыядзе шмат пранікнёных твораў на духоўную, хрысціянскую тэматыку, але гэтыя тэмы былі выцеснены часова савецкай рэчаіснасцю, і зараз атрымліваюць у чытачоў належнае асэнсаванне.
- Янка Купала ўва ўсе часы прысвячаў свой талент дабрыні, прыгажосці, праўдзе, каб ушаноўвалася ўсё чалавечнае, патрыятычнае, роднае-блізкае, - сказаў кс. Юры Быкаў.
Менавіта на Лагойшчыне Ясь Луцэвіч пачаў адкрываць для сябе чароўны свет навакольнай прыроды, на Лагойшчыне навучыўся гаварыць і разумець гаворку тутэйшых людзей, разумець і ўбіраць у душу іх песні і казкі, легенды і паданні, прыказкі і загадкі, таму мясцовыя жыхары з трапяткімі пачуццямі ставяцца да творчасці Янкі Купалы.
"Янка Купала бачыў тое, што было духоўнай веліччу народа, яго трагічнай і гераічнай гісторыяй, яго славай, ён разумеў, што гэта жыццёва неабходна для абуджэння нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, для жыўлення іх нацыянальнай годнасці", - пісаў Ніл Гілевіч.
На ўрачыстасці з чытаннем вершаў Янкі Купалы выступілі вучні мясцовай сярэдняй школы, члены гуртка "Маладзік", музычныя творы Іосіфа Жыновіча на цымбалах выканала лаўрэат міжнародных конкурсаў Таццяна Шумакова, якая прадставіла народны інструмент з яго пранікнёным і чароўным гучаннем, блізкі лірыцы народнага песняра.
У Радашковіцкім касцёле ўзнёсла і ўрачыста, як і раней, гучыць беларуская мова, нагадваючы пра шляхетныя традыцыі нашых продкаў. Касцёл - не толькі Дом Божы, але і месца, дзе годна пачувае сябе беларуская культура. Ксёндз Юры Быкаў нагадаў, што за сродкі парафіян і гасцей у касцёле нядаўна быў адрэстаўраваны арган на 24 галасы.
Эла Дзвінская, фота аўтара.
Я БУДУ МАЛІЦЦА…
Крылы яго творчасці дала Папараць-кветка - адвечная мара беларусаў знайсці шчасце і долю. Паэт, што нарадзіўся ў Купальскую ноч, праз усё жыццё бачыў яе - жаданую, агністую - толькі ў малітвах і снах. Акрылены прывідным святлом веры і надзеі, ён ішоў да народа са сваёй песняй.
Па - майстэрску, высока і годна, чуйна кіруючыся мастацкімі алегорыямі паэта, гэтую думку ўвасобіў Сяргей Гумілеўскі ў скульптурным партрэце "Мне сняцца сны аб Беларусі" (2021 г.). Пабачыць яго можна было ў мінулым годзе на аўтарскай выставе Льва і Сяргея Гумілеўскіх у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, сёлета - у Палацы мастацтваў і іншых асяродках нацыянальнай культуры. 5 ліпеня на Нясвіжчыну ад Сяргея Гумілеўскага прыйшло кароткае паведамленне пра лёс гэтага твора: "Толькі што ўстаноўлены". Як і планавалася, з ініцыятывы ксяндза Юрыя партрэт заняў пачэснае і ўжо сталае месца ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы, што ў Радашковічах, дзе 12 ліпеня 1882 года быў ахрышчаны Ян Дамінікавіч Луцэвіч.10 ліпеня ў храме адбылося яго ўрачыстае адкрыццё: служылася святая імша, прамаўляліся шчырыя словы, гучалі цымбалы, пад купал касцёла ўзносілася далікатная родная мелодыя, скульптуру атачалі букеты васількоў. Кожнаму, хто ўваходзіў у храм, вобраз песняра нагадваў пра адказнасць чалавека за лёс Радзімы, за яе мінуўшчыну і будучыню, за яе сумленны шлях сярод шматаблічнай супольнасці краін і народаў.
Час гэтай культурнай падзеі быў вельмі сімвалічны: купальскія дні, юбілей народнага песняра. А яшчэ крыху раней, на 3 ліпеня, выпадае гадавіна смерці Льва Гумілеўскага, першая гадавіна, якую сын пазначыў годнай памяткай - і дзеля песняра, і дзеля бацькі. Сяргей Львовіч неаднойчы зазначаў: " Купала ў мяне ад бацькі. Гэта не толькі яго любімы паэт, а значна больш, гэта яго духоўны настаўнік. Зборнік паэзіі Янкі Купалы быў заўсёды пры ім, ці дома, ці ў майстэрні". Вобраз народнага песняра - вядучая, скразная тэма творчасці скульптара, які таксама меў званне народнага мастака. І першую высокую ўзнагароду краіны ён атрымаў за помнік песняру ў нашай сталіцы. Пасля разам з сынам працаваў над помнікам Купалу, што ўстаноўлены ў Маскве, выйгралі конкурс на помнік Купалу-Коласу ў Варшаве.
Сёння можна сцвярджаць, што Леў і Сяргей Гумілеўскія зрабілі важкі ўнёсак у беларускую Купаліяну, што тэма нашага нацыянальнага генія перайшла па спадчыне ад бацькі да сына і мае свой годны працяг.
Несумненна, што і на Нясвіжчыне нямала такіх мясцін, дзе ўтульна размясціліся б работы скульптараў, прысвечаныя сёлетнім 140-гадовым юбілярам. У Снове, дзе Янка Купала чакаў выхаду свайго першага зборніка, - хлопчык-пастушок з жалейкай, а ў Старым парку за замкам ці на дворыку педагагічнага каледжа імя Якуба Коласа да месца была б рамантычная постаць Сымона-музыкі.
Фота: 1. Скульптурны партрэт "Мне сняцца сны аб Беларусі". 2. С. Гумілеўскі "Сымон-музыка".
Наталля Плакса, Нясвіж.
Случчына ў жыцці і творах Якуба Коласа
Сёлета ў канцы траўня менскае выдавецтва "Ковчег" выпусціла ў свет тыражом 80 экземпляраў (176 старонак з ілюстрацыямі) кнігу жыхара горада Слуцка Анатоля Жука "Якуб Колас. Случчына. Случакі". Як напісана ў анатацыі, яна адрасуецца ўсім, хто цікавіцца мінуўшчынай роднага краю.
На старонках выдання аўтар расказвае пра некаторыя факты, звязаныя са знаходжаннем Якуба Коласа (сёлета ў лістападзе спаўняецца 140 гадоў з дня яго нараджэння) на Случчыне ў пачатку 1920-х гадоў. Тады ён працаваў лектарам на настаўніцкіх курсах і жыў у Слуцку, а праз некаторы час перабраўся на жыхарства ў вёску Новы Двор.
У нашым горадзе Якуб Колас пазнаёміўся з шэрагам ураджэнцаў і жыхароў Случчыны, а каго-нікаго з іх называў сваім сябрам (напрыклад, Язэпа Дылу). Яго знаёмствы са случакамі адбываліся і пазней, на працягу жыцця і творчай дзейнасці. Сярод слуцкіх знаёмцаў паэта - настаўнікі і дзяржаўныя дзеячы, пісьменнікі і літаратуразнаўцы, навукоўцы. Аўтар расказвае пра тое, як склаўся іх лёс, як пасля знаёмства з некаторымі случакамі Якуб Колас ледзь не стаў "врагом народа", але ў выніку быў толькі сведкам на судовым працэсе па "справе лістападаўцаў" у 1926 годзе. Тая справа мела шырокі розгалас у друку (не толькі беларускім), некалькі разоў была тэмай для пасяджэнняў Бюро Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі, а 28 студзеня 1926 года значылася ў парадку дня пасяджэння Палітбюро ЦК ВКП(б) у Маскве. Менавіта там было вызначана (а не ў судзе!), што прыгавор случакам, якія праходзілі па "справе лістападаўцаў", "должен быть не выше 3-5 лет тюрьмы".
Як сказаў у размове Анатоль Жук, наўрад ці кола слуцкіх знаёмцаў народнага паэта абмяжоўваецца названымі ў кнізе прозвішчамі, іх можа быць значна больш. Іншая справа, што не ўсім меркаваным знаёмствам удалося знайсці дакументальнае пацвярджэнне. У кнізе змешчаны ўспаміны некаторых случакоў пра сустрэчы з Якубам Коласам (напрыклад, пісьменнікаў Алены Васілевіч, Юркі Гаўрука, Сцяпана Ліхадзіеўскага, настаўнікаў Андрэя Лешчанкі, Аляксея Новіка).
Якуб Колас не абмінуў увагай Случчыну і ў сваёй літаратурнай творчасці. Напэўна, многія памятаюць радкі з паэмы "Новая зямля" пра тое, як Міхал і Антось паехалі на агледзіны гаспадаркі, якую мелі намер купіць, і як
" Прад імі Случчына ляжала,
Старонка міла і багата".
А ці звярнулі ўвагу на тое, што Случчыну і случакоў Якуб Колас згадвае некалькі разоў у трылогіі "На ростанях"? Пра гэта таксама расказваецца ў кнізе "Якуб Колас. Случчына. Случакі".
Калі не памыляюся, у гэтым выданні ўпершыню ў такой колькасці і ў такім фармаце пададзены чытачам факты, што аб'яднаны тэмай "Якуб Колас і Случчына". Тэкст выдатна дапаўняюць фотаздымкі з указаннем іх крыніц, хоць, на мой погляд, здымкаў магло быць крыху больш. Немалаважна і тое, што аўтар дапоўніў сваё даследаванне спісам літаратуры, якая паслужыць дадатковай крыніцай інфармацыі для тых, хто пажадае больш падрабязна пазнаёміцца з названай тэмай.
Набыць кнігу Анатоля Жука "Якуб Колас. Случчына. Случакі" можна ў менскім магазіне "Акадэмкніга" (праспект Незалежнасці, 72), а даведацца пра яе наяўнасць у продажы - па тэлефонах: +375 (17) 379-46-52; +375 (17) 379-50-43.
Алесь Красавіцкі, жыхар г. Слуцка.
Калі ўвага горш за непавагу
У мэтах папулярызацыі культурнага патэнцыялу і гістарычнай спадчыны Рэспублікі Беларусь Міністэрствам культуры распрацаваныя эскізы банэраў, якія адлюстроўваюць юбілейныя даты 2022 года.
Гэтыя эскізы згодна з заключэннем рабочай групы Міжведамаснага савета па рэкламе ад 4 мая 2022 года № 6-2022 прызнаны сацыяльнай рэкламай і могуць выкарыстоўвацца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь:
100 гадоў Бібліятэцы гарызантальны
100 гадоў Савіцкаму вертыкальны
100 гадоў Савіцкаму гарызантальны
110 гадоў Танку вертыкальны
110 гадоў Танку гарызантальны
140 гадоў Коласу вертыкальны
140 гадоў Коласу гарызантальны
140 гадоў Купале вертыкальны
140 гадоў Купале гарызантальны
150 гадоў Бялыніцкаму-Бірулі вертыкальны
150 гадоў Бялыніцкаму-Бірулі гарызантальны
500 гадоў кнігадрукавання вертыкальны
500 гадоў кнігадрукавання гарызантальны.
Усе банэры выкананы на рускай мове. Адзін такі банэр да 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа ўжо ўстаноўлены на выездзе з Наваградка ў бок Карэлічаў.
Прыгожыя банэры, добра папрацавалі мастакі. Толькі вось ніяк не ўдаецца зразумець вельмі глыбока схаваны сэнс Міністэрства культуры выдаць гэтыя банэры па-руску. Каму і для чаго яны тут патрэбныя? Можа трэба было грошы спісаць? Ці яшчэ што? Бо нічога для папулярызацыі беларускай культуры яны не даюць, у паспалітых беларусаў выклікаюць толькі абурэнне. "І глядзець не хочацца". Паспаліты беларус не ўнікае, хто там такія навацыі прыдумаў, ён усе прэтэнзіі адрасуе проста ўладам. Дык для чаго Міністэрства культуры на роўным месцы будзіць незадаволенасць гэтымі самымі ўладамі?
Яраслаў Грынкевіч.
ТЭМАТЫЧНЫ КАНЦЭРТ "ЛЮБЛЮ НАШ КРАЙ, СТАРОНКУ ГЭТУ!"
Бібліятэкі валодаюць вялікім патэнцыялам у галіне захавання, вывучэння і папулярызацыі гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі, прапаганды нацыяналь-ных маральна-этычных каштоўнасцяў і арыенціраў, выступаюць інфармацыйным правадніком паміж пакаленнямі, застаюцца годнымі захавальнікамі патрыятычных традыцый. Найкаштоўнейшыя ўзоры гістарычнай памяці з'яўляюцца прадметам гонару кожнага беларуса, неабыякавага да дасягненняў сваіх продкаў. Веданне гісторыі і традыцый беларускага народа, любоў да сваёй малой Радзімы з'яўляюцца найбольш эфектыўным механізмам выхавання грамадзянскасці і патрыятызму.
13 ліпеня 2022 года ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 4" адбыўся тэматычны канцэрт "Люблю наш край, старонку гэту!", прысвечаны Году гістарычнай памяці. Удзельнікамі мерапрыемства сталі атрымальнікі паслуг аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў горада Ліды і члены ГА "БелТІЗ" па Лідскім раёне.
Адкрыла святочную праграму вядоўца Вольга Мікша, атрымальнік паслуг аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў горада Ліды. Яна пажадала ўсім дабра, прамяністых усмешак і добрага настрою.
Канцэртная праграма атрымалася яркай і насычанай. У праграме гучалі эстрадныя і народныя песні на беларускай і рускай мовах, былі выкананы танцавальныя нумары, падрыхтаваныя творчымі калектывамі Лідскага раёна і аддзяленнем дзённага знаходжання для інвалідаў горада Ліды. Заваражыў прысутных вальс у выкананні танцавальнай групы "Рамантыкі". З асаблівым пранікненнем і любоўю да сваёй малой радзімы прагучалі выдатныя вершы, напісаныя лідскай паэткай Тарэзай Смольскай.
Па завяршэнні мерапрыемства гледачы дзякавалі за выдатную праграму і за падораны добры настрой.
Загадчык філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 4" Л.М. Цэслік.
У мінэканомікі Германіі заявілі пра немагчымасць перажыць зіму без расійскага газу
Навіны Германіі
Кіраўнік Федэральнага сеткавага агенцтва (уваходзіць у мінэканомікі ФРГ) Клаўс Мюлер заявіў, што газасховішчы ФРГ на дадзены момант недастаткова запоўнены для таго, каб перажыць зіму без расійскага газу.
- Газасховішчы запоўнены амаль на 65%. Гэта лепш, чым у папярэднія тыдні, але ўсё ж недастаткова, каб перажыць зіму без расійскага газу, - распавёў Мюлер у інтэрв'ю Bild am Sontag.
Ён таксама нагадаў, што тэхнічнае абслугоўванне газаправода "Паўночны струмень" павінна завяршыцца 21 ліпеня.
- Цяпер многае залежыць ад таго, ці пойдзе газ па газаправодзе пасля гэтага і ў якой колькасці, - дадаў ён.
У чэрвені на фоне затрымкі з пастаўкамі абсталявання для газаправода "Паўночны струмень" з Канады "Газпрам" скараціў пастаўкі газу па ім на 40%. У Германіі ўвялі надзвычайны, перадапошні па ступені план скарачэння паставак расійскага паліва. Акрамя таго, урад Германіі падрыхтаваў законапраект пра падтрымку кампаніям, якія залежаць ад расійскага газу.
Цяпер Германія імпартуе 40% газу з Расіі. Міністр эканомікі ФРГ Роберт Хабек казаў, што яго краіна плануе дасягнуць поўнай незалежнасці ад расійскага газу да лета 2024 года. Паводле гэтага плану, да канца 2022 года пастаўкі газу з Расіі павінны былі скараціцца да 30%.
Настасся Ларына.
Германія вымушана аднавіць працу на раней зачыненых вугальных электрастанцыях
Германія вымушана зноў ўвесці ў лад раней закрытыя электрастанцыі. Пра гэта ў сваім відэазвароце сказаў канцлер Германіі Олаф Шольц.
Гаворка ідзе пра 16 раней зачыненых электрастанцый, якія працуюць на вугалі.
Паводле слоў Шольца, такая неабходнасць ўзнікла з-за канфлікту ва Украіне і складанай абстаноўкі з энергазабеспячэннем у Германіі. Разам з тым канцлер Германіі сцвярджае, што старыя электрастанцыі будуць уведзеныя ў эксплуатацыю на кароткі тэрмін, паколькі краіна хоча рабіць усё магчымае для барацьбы з кліматычным крызісам.
- Крыўдна, што праз напад Расіі на Украіну нам даводзіцца часова задзейнічаць некаторыя электрастанцыі, якія мы ўжо адключылі. Наша мэта застаецца нязменнай - мы хочам быць адной з першых прамыслова развітых краін, якія дасягнулі вугляроднай нейтральнасці, - сказаў Шольц.
Рэалізаваць гэтую праграму плануецца да 2045 года.
Наш кар.
Ёсць бібліятэка імя Адама Іосіфавіча Мальдзіса
24 чэрвеня 2022 г. выйшла рашэнне Астравецкага раённага выканаўчага камітэта № 461 "О переименовании государственного учреждения культуры "Островецкая районная библиотека". Цяпер афіцыйнае найменне - "Дзяржаўная ўстанова культуры "Астравецкая раённая бібліятэка імя Адама Іосіфавіча Мальдзіса".
Са слоў Наталлі Ачарэтавай, дырэктара бібліятэкі:
- Звычайную шыльду ўжо зрабілі. Мемарыяльную не атрымаецца: ёсць пастанова Савета Міністраў № 1372, па якой падобныя дошкі размяшчаюцца на будынках, дзе вядомы чалавек працаваў, або жыў. Мы ў фае будзем рабіць роспіс: адкрытая кніга, на адной старонцы выява Адама Мальдзіса, на другой поўная назва бібліятэкі. Шыльду яшчэ не прымацавалі. Плануем гэта зрабіць да 7 жніўня, 90-годдзя Адама Іосіфавіча.
Наш кар.
Абітурыентка з Ліды здала яшчэ адно тэставанне на 100 балаў: разам тры ЦТ з вышэйшым балам. Збіраецца паступаць на IT у БДУІР
Тры вышэйшыя вынікі на ЦТ набрала абітурыентка з Ліды Настасся Більдзь, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
- Наша дзяўчынка проста выдатная. Мы вельмі радыя яе дасягненням і вынікам. Яна вельмі старанная, адказная, з ёй вельмі лёгка. Так атрымалася, што ў Насці сёння дзень нараджэння, і паведамленне, што яна атрымала на апошнім ЦТ па фізіцы 100 балаў, прыйшло як раз сёння. Таму эмоцыі проста перапаўняюць, - падзялілася мама Настассі Алена Більдзь.
Настасся, выпускніца сярэдняй школы № 8, скончыла 11 класаў з сярэднім балам атэстата 10. На цэнтралізаваным тэставанні дзяўчына здавала беларускую мову, матэматыку і фізіку. Па кожным з прадметаў набрала найвышэйшы бал. Зараз за паступленне, кажа яна, зусім не трывожна. Мэта - спецыяльнасць "Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання" ў БДУІР - будзе дасягнута.
- Гэта было вельмі нечакана. Я сапраўды ўсё змагла, і ў мяне атрымалася. Сёння мне споўнілася 17 гадоў, і навіна пра чарговыя 100 балаў на ЦТ стала своеасаблівым падарункам, - сказала Настасся Більдзь.
Радасцю дзеляцца і сяброўкі Настассі, якія прыйшлі да яе на дзень нараджэння.
- Насця вельмі разумная, добрая і спагадная, заўсёды прыйдзе на дапамогу. І пры гэтым яна вельмі сціплая. Сёння нават не напісала нічога пра свой вынік (я дазналася пра гэта толькі цяпер). Вельмі радая за яе, яна шмат працавала. Матэматыка і фізіка ёй, вядома, даюцца лягчэй, чым мова, але ўсё адно гэта яе велізарная праца, - сказала сяброўка дзяўчыны Вікторыя Каранюк.
БЕЛТА
Шчыры вечар у Масявічах
Адна з важкіх прычын, за што люблю сваю работу, - магчымасць бываць на святах вёсак. Вось так у адзін нядзельны вечар я трапіла ў Масявічы, што ў Ганчарскім сельсавеце.
Тэндэнцыя змяншэння колькасці сельскага насельніцтва ў еўрапейскіх краінах не абмінула і Беларусь. Таму на такія святы часцей за ўсё збіраецца не больш за паўсотню чалавек. Але ад гэтага, наадварот, атмасфера, якая пануе каля сцэны, робіцца больш шчырай, амаль сямейнай. Так адбылося і ў Масявічах, дзе святочная сцэна разгарнулася… на падворку! Так, так! На падворку Віктара і Феафаніі Будзевічаў.
Цагляная хата, акуратненькія гаспадарчыя пабудовы, лагодны сабачка ў будцы, прыгожыя кветкі ўздоўж сцежкі, кусты парэчак за плотам і роўныя радкі квітнеючай малочным кіпнем бульбы - усім сваім выглядам адразу і шчыра распавялі пра сваіх гаспадароў, сціплых, руплівых, працавітых і гасцінных.
- Не замінаюць вам столькі людзей на падворку? - пытаюся.
- Ну што вы! Кожны год свята праходзіць менавіта тут. Гэта для нас вялікі гонар! - адказвае гаспадар.
- Я люблю людзей - людзі любяць мяне. Так і жывём: у міры і згодзе з аднавяскоўцамі, - дадае гаспадыня.
Дарэчы, падчас свята даведалася, што Віктар Уладзіміравіч і Феафанія Іосіфаўна жывуць у міры і згодзе не толькі з аднавяскоўцамі, але і адно з другім. Нядаўна яны адсвяткавалі сваё залатое вяселле! З гэтай нагоды ад гледачоў пачулася "Горка!", а залатыя юбіляры і не збіраліся аднеквацца. А потым гаспадар пад павольны матыў з пяшчотай павёў сваю гаспадыню ў танец…
Пакуль артысты Ганчарскага дома культуры стваралі святочны настрой, я агледзела прысутных. Позірк у каторы раз затрымаўся на сталай жанчыне, якую беражліва захутвала ў плед другая, малодшая. Каб праверыць свае здагадкі, адразу спыталася пра іх у прысутных. А потым сама падсела да Лідзіі Іванаўны Кудлы і яе дачкі Ірыны Лявонаўны Язэпчык. Аказалася, Лідзія Іванаўна - самая старэйшая жыхарка Масявіч: ёй 89 гадоў. Як і ўсе, каго закранулі вайна і час аднаўлення краіны пасля яе, працавала шмат і цяжка: была ў калгасе паляводам. Выгадавала траіх дзяцей. Цяпер пражывае з дачкой Ірынай, якая, дарэчы, таксама карыстаецца павагай у аднавяскоўцаў. Менавіта таму яе і выбралі старастай вёскі.
Між тым, групка моладзі і дзяцей не прапускала ніводнай музычнай кампазіцыі. Весяліліся шчыра, не саромеючыся (усе ж свае!), танцавалі і жартавалі. Калі глядзела на іх вясёлыя твары, жвавыя забаўкі, з'явілася надзея, што ў гэтай вёсачцы агні не згаснуць яшчэ шмат гадоў. Якраз на імправізаваную сцэну выклікалі па падарунак самага малодшага жыхара Масявіч - чатырохгадовага Міраслава Чылеку.
Дарэчы, падарункі для паважаных удзельнікаў свята былі падрыхтаваны Ганчарскім сельвыканкамам.
Падчас мерапрыемства, дзелячыся эмоцыямі, да мяне звярнулася Ганна Паўлаўна Говар:
- Вось гляджу на ўсё гэта і ўспамінаю падзеі з дзяцінства, маладосці... У нас сям'я музычная была: тата іграў на скрыпцы, брат і я - на акардэоне.
- На вяселлях таксама ігралі? - пытаюся.
- Я - не! Але на танцах, бывала, падмяняла музыкаў.
- А працавалі дзе?
- У калгасе. Адразу фуражырам, а потым - на складзе, загадчыцай. Амаль трыццаць год аддала калгасу…
Між тым для ўзнагароды запрасілі Веру Міхайлаўну Быстрыцкую і Соф'ю Антонаўну Бурдэйку, якія шмат гадоў адпрацавалі на шклозаводе ў Бярозаўцы.
Крыху пазней атрымалася перакінуцца парай фраз з Верай Міхайлаўнай. Вось што яна паведаміла пра сябе:
- Сама я родам з Дроздава. Сюды, у Масявічы, выйшла замуж (у васемнаццацігадовым узросце), так і засталася тут жыць. Шчыра кажучы, з самой маладосці былі праблемы са здароўем. Будучая свякроў адгаворвала свайго сына жаніцца са мной (я не крыўджуся на яе: кожная маці хоча свайму дзіцяці лепшую долю…), але ён сказаў, што вельмі кахае мяне і возьме ў жонкі такую, якая ёсць. Потым мы нарадзілі і выгадавалі дзвюх дачок. Даўно ўжо няма ні свекрыві, ні мужа… Дочкі, зяць дапамагаюць мне. Аб адным прашу Бога: каб мір быў на зямлі…
Імёны яшчэ многіх вяскоўцаў у той вечар гучалі з нагоды віншаванняў і падзякі. Сярод іх называлі Ганну Ігнацьеўну Кудлу, Марыю Іванаўну Карабач, Валянціну Міхайлаўну Кумпяк, Ніну Мікалаеўну Халізаву, Уладзіміра Уладзіміравіча Говара, Міхаіла Віктаравіча Говара, Аляксандра Сяргеевіча Язэпчыка, Ягора Віктаравіча Пехцерава, Андрэя Аляксандравіча Чылеку і іншых.
Аднак самай кранальнай часткай мерапрыемства сталі хвіліны памяці тых аднавяскоўцаў, твары якіх ўжо можна ўбачыць толькі на фотаздымках. Самым хвалюючым, нават сакральным момантам стала "праламленне" Хлеба памяці, якім былі абнесены ўсе прысутныя. Тыя адломвалі ад яго кавалачкі, успаміналі сваіх родных, сваякоў, аднавяскоўцаў, знаёмых. У гэты час жанчыны выціралі слёзы, мужчыны, мацуючыся, хавалі позіркі. На некалькі секунд ў паветры адчулася такое эмацыянальнае напружанне, што здавалася, быццам нябожчыкі сапраўды адарваліся ад сваіх нябесных спраў і зазірнулі на гэты падворак, каб праведаць прысутных…
Але жыццё працягваецца, пра што неўзабаве напомнілі ўсім артысты Ганчарскага дома культуры. Рэпрыза трох сябровак-весялушак з жартоўнымі кпінамі адна да другой разрадзіла сумную атмасферу.
Неўзабаве свята падышло да завяршэння, аднак разыходзіцца суседзі не спяшаліся. Калі яшчэ атрымаецца сабрацца такім вялікім колам! Будучы рэалістамі, усе разумелі, што заўтра настане новы дзень, які прынясе новыя клопаты, а тыя зацягнуць у карагод іх вырашэння…
Шчыра кажучы, у Масявічах я была ўпершыню (Бог дасць, не апошні раз!) і парадавалася магчымасці, якую дае мая прафесія - бываць сярод такіх шчырых, працавітых людзей, гутарыць з імі і расказваць пра іх нашым чытачам...
Алена Каралевіч.
Браты-асветнікі - наш нацыянальны гонар
Сымон Барыс
За апошнія два стагоддзі некалькі братоў з розных родаў, што жылі ў нашай краіне, пакінулі значны след у гісторыі Беларусі. Яны вядомы не толькі як навукоўцы, дзеячы культуры, але і як грамадскія дзеячы. На жаль, лёсы братоў Цвікевічаў, Лёсікаў і Луцкевічаў незайдросныя, бо яны пацярпелі за грамадскую дзейнасць і беларусазнаўства, сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій. Запомніце іх прозвішчы і імёны, якія з'яўляюцца нашым нацыянальным гонарам.
Альхімовічы, мастакі: Казімір (1840, в. Дубрава Лідскага пав., цяпер Шчучынскі р-н - 1916, Варшава) і Гіяцынт (1841, в. Дубрава - пасля 1897, Францыя), Дамінікавічы.
Бялыніцкія-Бірулі: Аляксей (1864, в. Каралёва Аршанскага пав. - 1937, Ленінград) - вучоны-натураліст, падарожнік і Барыс (1875, в. Каралёва - 1918, г. Віцебск) - рэлігійны дзеяч, Андрэевічы. Абодва былі рэпрэсаваны, Барыс расстраляны.
Басалыгі, рэвалюцыянеры: Дзмітрый (1884, в. Варкавічы Слуцкага р-на - 1969, г. Масква) - сцэнарыст, рэжысёр і журналіст Канстанцін (1887, в. Варкавічы Слуцкага р-на - 1963), Мікалаевічы.
Басалыгі, мастакі: Уладзімір (1940, г. Слуцк - 2020) і Міхаіл (н. 1942, г. Слуцк), Самойлавічы.
Барысы, журналісты: Сымон (нар. 1937, в. Касічы Вілейскага р-на) і Анатоль (1947, х. Струменне Вілейскага р-на - 2012, г. Менск), Вікенцьевічы.
Гараўскія герба "Кораб", мастакі: Апалінар (1833, маёнтак Уборкі Ігуменскага пав., цяпер вёска ў Дукорскім с/с Пухавіцкага р-на - 1900), Іпаліт (1828, Уборкі - пасля 1864), Гілярый (1847, маёнтак Уборкі пасля 1875), Гілярыевічы.
Гарэцкія: Гаўрыла (1900, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на - 1988) - акадэмік, вучоны-геолаг, Максім (1893, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на - 1938) - пісьменнік, Іванавічы.
Гілевічы: паэт, філолаг Ніл (1931, в. Слабада Лагойскага р-на - 2016, г. Менск) і празаік Мікола Гіль (н. 1936), Сымонавічы.
Грыцкевічы, гісторыкі, краязнаўцы: Анатоль (1929, Менск - 2015, Менск) і Валянцін (1933, Менск - 2013, Санкт-Пецярбург), Пятровічы.
Даніловіч Антон Міхайлавіч (паэт Янка Золак, 14.11.1912, в. Лучнікі Слуцкага пав. - 20.12.2000, Нью-Джэрсі, ЗША) і Яцэвіч Аляксандр Хведаравіч (пісьменнік Алесь Змагар, 01.10.1903, в. Цароўка Слуцкага пав. - 1995, Фларыда, ЗША). Браты толькі па маці.
Дрынеўскія: вірусолаг, доктар медыцынскіх навук Уладзімір (22.04.1940, в. Тонеж Тураўскага, цяпер Лельчыцкага р-на - 10.05.2014, г. Санкт-Пецярбург) і дырыжор, народны артыст Міхаіл (12.02.1941, в Тонеж Тураўскага р-на - 09.11.2020, г. Менск), Паўлавічы.
Дыбоўскія герба "Налэнч", вучоныя-прыродазнаўцы: Бенядзікт (1833, маёнтак Адамарын Вілейскага пав., цяпер Маладзечанскага р-на -1930), Уладзіслаў (1838, маёнтак Адамарын - 1910), Іванавічы.
Ельскія герба "Пелеш": Міхаіл (1831, в. Дудзічы Пухавіцкага р-на - 1904) - кампазітар, пісьменнік і Аляксандр (1834, в. Дудзічы Пухавіцкага р-на - 1916) - гісторык, літаратуразнавец, краязнавец, публіцыст, паэт, перакладчык, паэт, празаік, Карлавічы.
Ермаловічы: Валянцін Іванавіч (1925, в. Малыя Навасёлкі, Койданаўскі р-н, Менская акруга, БССР - 2004, Магілёў) - акцёр і Мікола Іванавіч (1921, в. Малыя Навасёлкі, Койданаўскі р-н Менскай вобл., цяпер Дзяржынскі р-н - 2000, Менск) - гісторык, публіцыст, пісьменьнік і паэт. Мікола выкарыстоўваў псеўданімы: Сымон Беларус, М. Ермолов, Я. Мікалаеў, Мікола Наваселец, М. Ярмолаў.
Іваноўскія: Вацлаў (1880, фальв. Лябёдка, цяпер у межах в. Галавічполе Шчучынскага р-на - 1943, Менск) - выдавец, доктар тэхнічных навук, Тадэвуш (1882, там жа -1970, г. Каўнас) - літоўскі біёлаг, акадэмік і сястра Алена (1885, там жа - 1973) - беларусанаўца, Леанардавічы.
Кавалеўскія: Аляксандр (1840, в. Шусцянка Дынабурскага пав. Віцебскай губ. - 1901) - рускі біёлаг і эмбрыёлаг, брат палеантолага-эвалюцыяніста Уладзіміра (1842, в. Шусцянка - 1883, г. Масква), Ануфрыевічы. Уладзімір Кавалеўскі - муж Соф'і Кавалеўскай (вядомая матэматык).
Каліноўскія герба "Калінова": Віктар Отан (1833, в. Мастаўляны Гродзенскага пав., цяпер Беласточчына, Польшча - 1862, ф. Якушоўка, каля Свіслачы) - гісторык, археограф, бібліяфіл, і Кастусь Вінцук (1838, Мастаўляны - 1864, г. Вільня) - публіцыст, паэт, Сымонавічы. Удзельнікі паўстання 1863 г.
Касовічы: Ігнацій (1808, г. Полацк - 1878, Санкт-Пецярбург) - філолаг, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта, яго брат санскрытолаг Каэтан (1814, Віцебская губ. - 1883, Варшава), Андрэевічы.
Кастравіцкія герба "Байбуза": мастак Казімір Рафал (паэт Карусь Каганец, 29.01(10.02) 1868, Табольск, Расійская імперыя - 20.05.1918, в. Прымагілле, Менскі пав., цяпер в. Юцкі, Дзяржынскі р-н, Менская вобл.) і лекар, грамадскі дзеяч Амброзій Самуэль (1871, Табольск -1937, в. Белагруда, Лідскі р-н), Каралевічы.
Космачы, гісторыкі: Генадзь (1953, в. Талуі Маладзечанскага р-на - 2016) і Веніямін (нар. 1959, в. Талуі), Аркадзевічы.
Крашэўскія герба "Ястрабец": мастак, фатограф Люцыян (1820, м. Пружаны Гарадзенскай губ. - 1892, Ганятычы або Яалін), пісьменнік Юзаф Ігнацы (1812, г. Варшава - 1887, г. Жэнева, Швейцарыя) і пісьменнік, бібліяфіл Каятан (1827, маёнтак Доўгае Пружанскага пав. Гарадзенскай губ. - 1896, Стары Купін Гарадзенскай губ.) - сыны Яна Крашэўскага і Зоф'і Мальскай.
Ластоўскія: пісьменнік, гісторык Вацлаў (1883, засц. Калеснікаў, цяпер Глыбоцкі р-н - 1938) і публіцыст Гладкі-Ластоўскі Юстын (Юрый, каля 1870 - пасля 1931), Юстынавічы.
Лёсікі: мовазнаўцы: Язэп (Іосіф, 1883, в. Мікалаеўшчына Стаўпецкага р-на - 1940, Саратаў) і Антон (1872, в. Мікалаеўшчына - 1949, в. Мікалаеўшчына), Юр'евічы.
Лісы: фалькларыст Арсень (4.02.1934, в. Вётхава Залескага с/с Смаргонскага р-на - 28.05.2018, Менск) і інжынер, вучоны экалогіі Леанід (нар. 24.03.1940, в. Вётхава Смаргонскага р-на), Сяргеевічы.
Літвіновічы: філосаф Аляксандр (1947, в. Любань Вілейскага р-на - 1990) і фалькларыст Анатоль (нар. 1951, в. Любань Вілейскага р-на) Фёдаравічы.
Луцкевічы герба "Навіна" выдаўцы, грамадскія дзеячы, гісторыкі: Іван (Янка, 1881, г. Шаўляй, Літва -1919) і Антон 1884, г. Шаўляй - 1946?) Іванавічы.
Лычы: Лявон (Леанід, 1929, мяст. Магільнае здзенскага р-на - 2021, Менск) - гісторык і Генадзь (н. 1935, мяст. Магільнае Уздзенсга р-на) - акадэмік, вучоны-эканаміст, Міхайлавічы.
Мамонічы герба "Ліс": Кузьма (?-1607) і Лукаш (?-1606), Іванавічы, купцы, друкары і грамадскія дзеячы Вялікага Княства Літоўскага. Пры іх доме ў Вільні ў 1574 -1623 гадах існавала заснаваная на іхнія сродкі друкарня "Дом Мамонічаў", у якой за час існавання выйшла ад 80 да 100 кніг. У сям'і Івана Мамоніча былі тры сыны - Багдан, Кузьма і Лука. Багдан займаўся купецкай справай, Кузьма і Лука (Лукаш) доўгі час займаліся выдавецкай дзейнасцю.
Міцкевічы: Адам Бярнард (1798, хут. Завоссе Наваградскага пав., цяпер Баранавіцкі р-н - 1855, г. Стамбул) - польскамоўны паэт і Юльян Аляксандр (1801, г. Наваградак - 1871, маёнтак Губерня Драгічынскага р-на) - прафесар права. Іх бацька - Мікалай Міцкевіч.
Міцкевічы: Кастусь (1882, в. Мікалаеўшчына Стаўпецкага р-на - 1956, Менск) і Міхась (1897, в. Мікалаеўшчына Стаўпецкага р-на - 1991, Нью-Ёрк), Міхайлавічы - гэта паэт Якуб Колас і дзеяч культуры Антось Галіна.
Пуслоўскія герба "Шэліга", калекцыянеры, аматары мастацтваў, філантропы: Францішак Ксаверы (1806, в. Пескі Слонімскага пав. Гарадзенскай губ., цяпер аграгарадок Бярозаўскага р-на Берасцейскай вобл. - 1874, г. Варшава) і Вандалін (1814 - 1884) - нумізмат, Войцехавічы. Яны мелі свой палац у Косаве.
Сачанкі: Барыс (1936, в. Вялікі Бор Хойніцкага р-на - 1995, г. Менск) - пісьменнік, Іван (нар. 1938, в. Вялікі Бор Хойніцкага раёна) - гісторык і Алесь (нар.1940, в. Вялікі Бор) - журналіст, Іванавічы.
Станкевічы: Адам (06.01.1892, в. Арляняты Смаргонскага р-на - 29.11.1949, г. Тайшэт, Іркуцкая вобл.) - выдавец, гісторык, публіцыст і мовазнавец, гісторык Ян (Янка, 26.11.1891, в. Арляняты Смаргонскага р-на - 16.08.1976, Хотарн, ЗША) - стрыечныя браты. Псеўданімы Адама: А. Сакалінскі; Соколинский; крыптанімы: А.С.; А.Ст.; Ад.С.; Ад.Ст-іч.
Стаповічы: Альбін (Уладзімір Загорскі,1894, в. Барані Астравецкага р-на - 1934, Вільня) - музычны дзеяч, публіцыст і Кастусь (в. Барані Астравецкага р-на, 1890-1926, Вільня) - паэт Казімір Сваяк, Мацвеевічы.
Сцяцко: географ Уладзімір (24.05.1924, в. Грабава Зэльвенскага р-на - 1924, г. Менск) і мовазнавец Павел (05.03. 1930, в. Грабава Зэльвенскага р-на - 23.03.2020, в Азёры Гарадзенскага р-на), Уладзіміравічы.
Тышкевічы герба "Ляліва": гісторыкі, калекцыянеры: Канстанцін (1806, мяст. Лагойск - 1868) і Яўстах (Ястафій, 1814, мяст. Лагойск - 1873), Піевічы.
Хлябцэвічы: Яўген (1884, мяст. Жыровічы Слонімскага пав. - 1955, г. Масква) - кнігавыдавец і Уладзімір (1894, мяст. Жыровічы Слонімскага пав. - 1917, г. Петраград) - публіцыст, удзельнік нацыянальнага руху, Іванавічы.
Урублеўскія герба "Слепаўрон": Жыгімонт (Зыгмунт,1845, г. Гародня - 1888, г. Кракаў) - фізік, Эдуард (Эдвард Вінцэнт, 1848, г. Гародня -1892, СПб. ) - хімік і Валера (1836, м. Жалудок Лідскага пав. - 1908, Францыя) - дзеяч міжнароднага рэвалюцыйнага руху, Антонавічы.
Ходзькі герба "Касцеша": Аляксандр (1804, мяст. Крывічы Вілейскага пав. - 1891) - паэт, фалькларыст, славіст, усходазнаўца, Міхал (1808, мяст. Крывічы Вілейскага пав. - 1879) - паэт, перакладчык, Іосіф (Язэп; 1800, мяст. Крывічы - 1881, Тыфліс) - расійскі геадэзіст, географ і картограф, Янавічы.
Хруцкія, мастакі: Іван (1810, м. Ула Бешанковіцкага р-на - 1885), Андрэй (1829 - ?), Фамічы.
Цвікевічы: гісторык, юрыст Аляксандр (1888, г. Берасце - 1937) і публіцыст Іван Трызна (1891, Берасце - 1938), Іванавічы.
Ціхановічы: Валянцін (28.08.1909, г. Вільня - 25.08.1978) - скульптар і Яўген (1911, ст. Джусалы, Казахстан - 2005, г. Менск) - мастак, Мікалаевічы. Яго сын - Генрых Яўгенавіч Ціхановіч (нар. 1937, г. Менск) - мастак.
Янушкевічы: Адольф Міхал Валяр'ян Юліян (1803, г. Нясвіж - 1857, в. Дзягільна Дзяржынскага р-на) - падарожнік, пісьменнік і Яўстаф (1805, в. Прусы Салігорскага р-на - 1874) - кнігавыдавец, Міхайлавічы.
Янушкевічы: Фелікс (нар. 1954 , мяст. Ракаў Валожынскага р-на) - мастак, Язэп (нар. 1959, мяст. Ракаў) - літаратуразнавец, пісьменнік і Валяр'ян (нар. 1962, мяст. Ракаў) - скульптар, Язэпавічы.
Вёска Арляняты Смаргонскага раёна - радзіма асветнікаў і грамадскіх дзеячаў Станкевічаў. Тут нарадзіліся чатыры славутыя асобы: Адам Вікенцьевіч (1892 - 1949), выдавец, публіцыст, святар; Станіслаў Язэпавіч (1907-1980), філосаф, журналіст; Станіслаў Лявонавіч (1886 - 1964), выдавец, паэт; Ян (1891-1976), мовазнавец, гісторык, грамадскі дзеяч у эміграцыі.
У Свіслачы памёр паэт Анатоль Валюк
Сумная вестка прыйшла з Свіслачы. 10 ліпеня ў шпіталі пасля цяжкай і працяглай хваробы памёр паэт і грамадскі актывіст Анатоль Валюк.
Анатоль Валюк нарадзіўся 1 студзеня 1961 года ў вёсцы Вішнеўка (Зэльвенскі раён). Пасля заканчэння Пасуціцкай сярэдняй школы, вучыўся ў Бабруйскім мастацкім вучылішчы і на філалагічным факультэце Гарадзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Пасля службы ў войску, вярнуўся на радзіму і працаваў на Ваўкавыскім заводзе ліцейнага абсталявання, у МПМК-66
Большая частка яго жыцця прайшла ў Свіслачы, дзе ён працаваў журналістам, настаўнікам, на розных іншых працах. Быў дэпутатам раённага савета, сябрам многіх беларускіх грамадскіх арганізацый. Выдаў два зборнікі вершаў. Апошні - "Музыка вятроў" - быў укладзены ў 2008 годзе.
Анатоль Валюк быў адным з ініцыятараў ўшанавання памяці братоў Каліноўскіх у Свіслачы і Якушоўцы, неаднаразова пераследаваўся ўладамі за сваю грамадскую дзейнасць, звальняўся з працы. Быў таленавітым паэтам са сваім адметным стылем вершаскладання, быў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Анатоль Валюк пахаваны на сваёй малой радзіме.
Светлая памяць Паэту і Адраджэнцу!
Вайна ў 1920 годзе*
Успаміны і разважанні
Генерал Люцыян Жалігоўскі
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
14-га на світанні зноў распачалася моцная кананада пад Радзымінам. Дывізія была ў высокай гатоўнасці. Афіцэры, як звычайна, знаходзіліся сярод жаўнераў, а іх адносіны да падуладных былі маральнай сілай дывізіі.
У поўдзень бой, мяркуючы па адгалосках, дайшоў да найвышэйшай напругі, а гук выстралаў быў чуцён з боку Волькі Радзымінскай. Цяпер ужо не падлягала для мяне сумненню, што дывізію прыменяць.
Каля гадзіны 14-й прыехалі непасрэдна з поля бітвы два французскія афіцэры, інфармуючы мяне вельмі дакладна пра няўдачны ход баёў пад Радзымінам. Абодва былі прыгнечаны і вельмі песімістычна ацэньвалі нашую сітуацыю.
Даведаўся ад іх, што літоўска-беларуская дывізія здабыла Радзымін раніцай, але, атакаваная з флангаў і маючы пад пагрозай тылы, мусіла адступаць, несучы адчувальныя страты. Адначасова непрыяцель праламаў другую абаронную лінію ў Вольцы Радзымінскай і пасунуўся ў кірунку на Ізабелін і Аляксандраў. Рэзерваў 1-я армія ўжо не мела. Другая абаронная лінія не была занятая войскамі. Прымяненне рэзерву фронту станавілася непазбежным.
Тактычная сітуацыя была цалкам ясная. Належала любой цаной затрымаць адступленне 1-й літоўска-беларускай дывізіі на другой лініі і ўдарыць 10-й дывізіяй, адбіраючы 2-ую лінію ў Вольцы. Фактам найбольш турботным быў адход левага крыла літоўска-беларускай дывізіі, бо гэта расшырала разрыў і абцяжарвала манёўр 10-й дывізіі з Яблонны.
Я адразу вырашыў неадкладна выслаць адзін батальён у бок Волькі, каб падтрымаць адступаўшае левае крыло 1-ай літоўска-беларускай дывізіі. У найгоршым выпадку батальён гэты быў бы заслонай ад правафланговай 10-й дывізіі, якая атакавала ад Непарэнтаў. Даручыў палкоўніку Томе вызначыць батальён і прыслаць да мяне яго камандзіра.
Праз хвілю ўвайшоў палкоўнік Томе з паручнікам Паганоўскім, камандзірам 1-га батальёна 28-га палка. Харошы гэты афіцэр, звычайна вясёлы і поўны веры ў сябе быў бледны і глядзеў у зямлю. Даў яму загад, каб маршыраваў на развілку дарог, што вялі да Волькі Радзымінскай і Пустэльніка, дзе павінен стаць і навязаць кантакт з аддзеламі 1-й літоўска-беларускай двыізіі.
Пасля адходу Паганоўскага спытаў палкоўніка Томе, што абазначае прыгнечанасць гэтага афіцэра. Палкоўнік Томе адказаў, што, відаць, Паганоўскаму прыкра, што яго батальёну трэба будзе дзейнічаць не разам з усім палком, а асобна. Што да мяне, то, мяркую, што было гэта прадчуваннем хуткай смерці. Такія праяўленні я неаднаразова назіраў у ходзе вайны.
Каля 15-й гадзіны ў Яблонну прыбылі адначасова камандуючы фронту генерал Галер і камандуючы арміі генерал Латынік. Сітуацыя, якую я ўжо ведаў, нічым не змянілася. Ад генерала Галера атрымаў загад прыняць камандаванне і над 11-ай і 1-ай літоўска-беларускай дывізіяй з задачай правядзення контратакі. Паведаміў пра мой намер атакаваць з боку Непарэнтаў заміж франтальнай атакі з Яблоннай. Генерал цалкам з гэтым згадзіўся і аддаў у распараджэнне дывізіі дзевяць аўтобусаў, якія прыбылі ў Яблонну. Уся гаворка адбылася на дзядзінцы дома, у якім размяшчаўся штаб дывізіі. Трывала вельмі коратка. Генерал Латынік, наколькі памятаю, не гаварыў нічога.
Пасля адходу генералаў загадаў палкоўніку Томе прыняць камандаванне над 28-м і 29-м палкамі, ператранспартаваць іх аўтобусамі да Непарэнтаў і атакаваць Вольку. 30 полк меў стаяць у Яблонне ў рэзерве. Спадзяваўся, што атаку ўдасца правесці перад змярканнем. Найбольш мяне непакоіла: 1) прыняцце камандавання над 11-й і 1-й літоўска-беларускай дывізіяй, а таксама звесткі, у якім стане яны знаходзяцца;
2) надыходзячая ноч, якая перашкодзіць пачатку аперацыі;
3) адсутнасць маіх камандзіраў брыгад. Адзін з іх, палкоўнік Малахоўскі быў адкамандзіраваны, як гаварыў, камандаваць групай Зэгжа, а другі, палкоўнік Сікорскі, захварэў і мусіў на кароткі адрэзак часу ад'ехаць у Варшаву для правядзення аперацыі.
Я знаходзіўся ў цяжкай сітуацыі. Мусіў, не маючы сваіх камандзіраў брыгад, у дадатак камандаваць яшчэ дзвюма дывізіямі, якія біліся ўжо два дні і пацярпелі свежыя неўдачы. Пры гэтым вельмі цяжкія былі ўмовы сувязі, бо абедзве гэтыя дывізіі аперавалі па восі Вышкаў - Варшава, злучанай з Яблоннай толькі дарогай, якая вяла праз Пустэльнік і якая ўжо тады была пад пагрозай. Іншыя сувязі можна было мець толькі праз штаб арміі, г.зн. праз Вар шаву
Я не прадставіў камандуючаму фронту гэтых цяжкасцяў, бо з аднаго боку яны павінны быль быць яму вядомыя, з другога камандаванне мусіла мець важныя прычыны, каб сфармаваць з большай часткі арміі групу ў такіх выключна цяжкіх умовах. Вялікую адказнасць, якая легла на мяне, ураўнаважваў давер камандавання.
У ходзе нарады з камандзірамі прыбыў з батальёна Паганоўскага паручнік Боскі і далажыў мне, што камандуючы арміі, праязджаючы паўгадзіны таму назад праз Куты Вянгерскія, загадаў каб батальён маршыраваў на Пустэльнік і стаў у тыле 1-ай літоўска-беларускай дывізіі.
Загад камандуючага арміі перакрэсліваў мае планы, і я не мог з ім згадзіцца. Батальён ва ўзаемадзеянні з левым крылом 1-й літоўска-беларускай дывізіі мусіў стварыць нерухомы пункт да хвілі пачатку наступлення палкоўніка Томе з Непарэнтаў.
Сказаў паручніку Боскаму, што камандуючы арміі, выдаючы той загад, меў на ўвазе не тыл, а левае крыло 1-ай літоўска-беларускай дывізіі. Гэтаму крылу належыць падсунуцца яшчэ бліжэй, але ні пры якіх умовах не пераходзіць на паўднёвы бок шашы.
А 16-й гадзіне я накіраваўся ў 1-ую літоўска-беларускую дывізію. На развілцы шашы Волька-Пустэльнік знайшоў батальён Паганоўскага. Сувязь з 1-й літоўска-беларускай дывізіяй ужо была ўстаноўлена. Батальён стаяў уздоўж шашы на Вольку ва ўзорным парадку. Людзі здолелі ўжо пераапрануцца ў новыя мундзіры. На тварах жаўнераў не было відаць слядоў стомленасці. У гэты вырашальны момант я моцна адчуў, якую вялікую маральную сілу складалі афіцэры, калі яны блізкія да жаўнера, калі кіруюць яго жыццём духоўным і з'яўляюцца яго прыяцелямі. Такой уласна сілай былі афіцэры 10-й дывізіі пяхоты. Адклікалася гэта ў кожным руху, у кожнай усмешцы, у кожным паглядзе жаўнера. Абходзячы шэрагі батальёна я не дапускаў думкі, што праз некалькі гадзін выпадзе якраз гэтаму батальёну і яго камандзіру адыграць такую важную ролю ў абароне Варшавы.
Ад'ехаў, загадаўшы батальёну Паганоўскага выконваць толькі мае загады. Спяшаючы ў Пустэльнік думаў пра баявыя вартасці абедзвюх дывізій, якія прымаў у гэтыя крытычныя хвілі. Менш давяраў 11-й дывізіі пяхоты. Лёсы яе ў час вайны былі цяжкія. Частая змена камандавання, а таксама вялікія страты, панесеныя ў часе адступлення, не спрыялі стварэнню добрага духу ў гэтай дывізіі.
Апошняя бітва ў першай лініі, праведзеная на вялікай прасторы і без рэзерваў магла дэмаралізаваць і больш моцную частку. Апрача гэтага дывізія была папоўнена ў большасці маладымі жаўнерамі, недасведчанымі ў баі.
Затое вельмі разлічваў на 1-ю літоўска-беларускую дывізію. Спраўная гэта баявая частка, якая складалася пераважна з дабраахвотнікаў з усходніх Крэсаў, пад камандай дасведчанага, вытрыманага жаўнера генерала Ржандкоўскага, была адной з найбольш салідных і дасведчаных дывізій. Пасады камандзіраў займалі ў ёй красавякі, людзі вытрыманыя і моцныя духам і ў баі дасведчаныя. Асабліва выдатнай асобай быў камандзір брыгады падпалкоўнік Рыбіцкі, вядомы сваёй мужнасцю і ваенным талентам. Большасць гэтых людзей я ведаў асабіста і ведаў пра іх вялікія баявыя вартасці.
Камандзіра 1-й літоўска-беларускай дывізіі знайшоў каля дроту другой абароннай лініі каля станцыі Струга. Генерал Ржандкоўскі знайходзіўся там разам са сваім штабам.
Бітва дагарала. Палкі дывізіі адступалі з-пад Радзыміна.
Пераканаўся, што левае крыло 1-й літоўска-беларускай дывізіі, якое знайходзіцца насупраць вёскі Слупна, вісіць у паветры, што трымаецца там Гарадзенскі полк і што другая лінія абароны амаль не абсталявана. Непрыяцель развіваў свой поспех у кірунку на Ізабелін, Аляксандраў, Куты Вянгерскія.
Вялікія расейскія сілы канцэнтраваліся ў ваколіцы Радзыміна і ўздоўж шашы Радзымін-Вышкаў. Пры забітым расейскім афіцэры знайшлі загады, з якіх аказалася, што расейская армія кіруецца на Прагу, а таксама ў тылы Зэгжа і Модліна, што было нам ужо вядома. 11-я дывізія пяхоты была зусім не здольная да бою акрамя 48-га палка ў Бен'ямінаве. 1-я літоўска-беларуская дывізія, вычарпаная моцнымі баямі, білася без адзінага дня адпачынку, мела вельмі слабы баявы штат, бо не атрымала яшчэ ніякіх папаўненняў.
Як другі этап бітвы, калі ўжо будзем падрыхтаваны да абароны, я абазначыў атаку на вёску Мокрае ў тылах Радзыміна. Гэты важны тактычны ключ мела здабыць і ўтрымаць 10-я дывізія. У час гэтай аперацыі 1-я літоўска-беларуская дывізія будзе атакаваць Радзымін, пазбягаючы аднак усялякай канцэнтрацыі ў раёне гэтага мястэчка. Ініцыятыва бітвы будзе належаць 10-й дывізіі, а 1-я літоўска-беларуская дывізія з рэштай 11-й дывізіі павінна ўзаемадзейнічаць з 10-й.
Паведаміў таксама генералу Ржандкоўскаму, што за яго левым крылом стаіць батальён Паганоўскага.
У літоўска-беларускай дывізіі панаваў сур'ёзны настрой. Няўдача пад Радзымінам ні ў чым не пахіснула веру ў нашую перамогу.
План мой утрымоўваў пазней выдадзены загад, які ў пункце 5-м "Выкананне" гаварыў:
"10-я дывізія з раёна Яблонна перайшла ў раён Непарэнты з задачай правесці атаку:
48 пп на Руду, 19 брыг. п. на Мокрае, 20 брыг. п. ва ўзаемадзеянні з 19-й дыв. п. (1-я літ.-бел.) і маючы адзін полк у рэзерве дывізіі на Радзымін.
У ходзе гэтай акцыі, якая пачнецца ў час, указаны пазнейшым загадам, група генерала Ржандкоўскага будзе атакаваць Радзымін з поўдня".
Палком, вызначаным гэтым загадам у рэзерв, быў 31 полк пяхоты, які ў гэты дзень вярнуўся ў дывізію.
Вяртаючыся ў змроку, не сустрэў ужо батальёна Паганоўскага на ранейшым месцы, бо ён падсунуўся бліжэй да левага крыла 1-й літоўска-беларускай дывізіі ў кірунку Слупна. Калі праязджаў праз Куты Вянгерскія па панічных паводзінах насельніцтва можна было даведацца, што ў паўночнай частцы вёскі з'явіліся непрыяцельскія патрулі.
Пасля вяртання ў Яблонну пераканаўся, што аўтобусаў не ўдалося выкарыстаць, бо кожны асобны мог забраць найбольш 30 шарагоўцаў, а маршрут туды-назад займаў больш за гадзіну, што спазняла транспарціроўку ўсёй брыгады. У сувязі з гэтым пасля высылкі пару эшалонаў, бачачы, што час непрадукцыйна сыходзіць, палкоўнік Томе арганізаваў пешы пераход ў Непарэнты.
Такім чынам прымяненне аўтобусаў у такой малой колькасці прывяло да страты часу, і гэта сталася прычынай, што ХІХ брыгада толькі ў змроку дабралася да Непарэнтаў, уваходзячы адразу ў кантакт з непрыяцелем.
Край лесу насупраць Непарэнтаў быў заняты, як ужо сёння вядома (Путна, "К Висле и обратно", стар. 131) 241-м палком расійскай пяхоты, які ад шафёра аднаго з аўтобусаў, узятага ў палон у ваколіцы Малалэнкі, даведаўся пра рух 10-й дывізіі на Непарэнты і таму па ўласнай ініцыятыве заняў край лесу.
У Непарэнтах палкоўнік Томе знайшоў аддзелы розных фармацый, якія добра абараняліся, нягледзячы на тое, што не было агульнага камандавання, а ваяваўшы там эскадрон кавалерыі не меў патронаў. У Бен'ямінаве знаходзіўся 48-ы полк пяхоты.
Расейцы занялі край лесу на адлегласці ледзьве некалькіх соцень метраў ад Непарэнтаў, а галоўныя іхнія сілы пайшлі на Ізабелін, Сусін і Куты Вянгерскія. Адтуль аж да Варшавы мы не мелі ўжо ніякіх умацаванняў, а адлегласць па прамой лініі да горада была няпоўныя 14 кіламетраў.
Заставалася вызначыць час пачатку атакі.
Пасля глыбокага роздуму вырашыў атакаваць на світанні, і ў тым кірунку былі выдадзены загады. Засталіся яны ў сіле, хоць камандаванне фронту непатрэбна ўскладніла сітуацыю выданнем уласнага аператыўнага загаду, у якім хацела наступлення яшчэ перад світаннем і ўказвала канцэнтрычны кірунак для ўсіх трох вялікіх частак на Радзымін.
Было гэта на маю думку, прадпрыемства памылковае, бо над усёй тэрыторыяй бітвы тактычна дамінаваў не Радзымін, а вёска Мокрае, размешчаная за два кіламетры ад Радзыміна. Парослыя лесам узгоркі каля гэтай вёскі пануюць і над далінай рэчкі Жондзы, насупраць вёскі Завады і над шашой Вышкаў - Радзымін. З гэтых пагоркаў адкрыты ўсе тылы Радзыміна аж да вёскі Крашава. Хто валодае пазіцыяй Мокрае, той пануе над усім полем бітвы каля Радзыміна і над левым берагам Буга, адкуль прахо-дзяць небяспечныя для нас кірункі ад вёскі Руда і Сцяна.
У рэчаіснасці сталася так, што тады, калі штаб фронту загадваў канцэнтраваную атаку на Радзымін, у той самы час 21-я савецкая дывізія атрымала загад камандуючага сваёй 3-й арміі сканцэнтравацца ў раёне Мокрае - Лось - Завады і ўдарыць на Велішава і тылы Зэгжа. Узяўшы Мокрае мы мелі б дзве карысці:
1) Апаноўвалі б тэрыторыю баёў у ваколіцах Радзыміна, маючы пад агнём шашу Вышкаў - Радзымін.
2)Забяспечвалі тылы Зэгжа і Модліна, якім пагражала 21-я савецкая дывізія.
Загад канцэнтраванай атакі на Радзымін даходчыва паказвае на кепскую практыку загадатворчасці, якая прымянялася тут камандаваннем фронту. Камандаванне не толькі загадвае, што трэба рабіць, але яшчэ гаворыць дакладна, як трэба рабіць, праз што пазбаўляе падлеглае камандаванне ініцыятывы.
Баявая канцэпцыя камандуючага фронту гучала: "Як найхутчэй, нават ноччу, канцэнтрыравана выцяць на Радзымін". Мая канцэпцыя: " Пасля вяртання і заняцця другой лініі на світанні выцяць на Мокрае".
Калі камандуючы фронту даручаў мне камандаванне свежа створанай групай у Яблонне, мы не агаворвалі дэталяў маючага контрнаступлення. Я пачуваўся свабодным у выбары рашэння і прыняў яго пасля паразумення з камандзірам літоўска-беларускай дывізіі. Тым большай неспадзяванкай быў для мяне загад фронту, які я выканаць не мог.
Бой 10-й дывізіі распачаўся, аднак, перад світаннем атакай батальёна паручніка Паганоўскага. Каля 1-ай гадзіны ночы атакаваў ён Вольку Радзымінскую. Волька Радзымінская ў той час знайходзілася ў тылах тых палкоў 27-ай савецкай дывізіі, якія ішлі на Ізабелін у кірунку Яблонны. Расійскія палкі, пачуўшы моцную страляніну ў сваіх тылах затрымаліся і пачалі адступаць.
Наступленню паручніка Паганоўскага я надаю выключнае значэнне. Існавала, як мы бачым, вельмі высокае напружанне сіл матэрыяльных, а асабліва маральных абедзвюх армій. Расейцы бачылі перад сабой сваю мэту амаль дасягнутай. З іхніх пазіцый былі відны агні і святло Варшавы. Мы баранілі нашу сталіцу ўжо з роспаччу. Біліся не толькі гарматы, карабіны і багнеты, але сэрцы і псіхіка абедзвюх армій. Яны былі пераможцамі, мы - пераможанымі. Дарога да Варшавы стаяла адкрытай. Здавалася, непрыяцель можа ўвайсці ў яе без перашкоды.
У гэтую хвілю слабы батальён, не чакаючы гадзіны агульнага наступлення, атакуе пункт, які - як пазней аказалася - становіцца найчулліўшым мейсцам расейскай арміі, цэнтрам галоўнай артэрыі непрыяцельскага руху наперад.
Мы страцілі шмат афіцэраў, якія загінулі геройскай смерцю, аднак жа смерць Паганоўскага, які ў гэтым наступленні ўпаў смяртэльна параненым, ёсць момантам гістарычным. Паводле майго пераканання ў гэтым месцы развярнулася карта вайны, наступіў псіхічны пералом у нас і ў расейцаў. Ад хвілі гэтага наступлення распачалі адход тры, датуль пераможна і нястрымна ішоўшыя брыгады, а таксама 21-я дывізія са Слупна, адступленнем тым ствараючы хаос і замяшанне.
* Пераклад Станіслава Судніка паводле выдання 1930 года.
(Працяг у наступным нумары.)
"Вераб'іная праСТОра", гусінае пяро і многае іншае
Дом Таўлая запрашае
Наведаць "Вераб'іную праСТОру", пакой, у якім жыў паэт Валянцін Таўлай, праз розныя гульні больш даведацца аб паэце, аб вераб'ях, якім паэт прысвяціў свой першы верш, а таксама прасачыць развіццё пісьма, самім паспрабаваць пісаць палачкай на васковай дошчачцы або гусіным пяром на бяросце могуць малодшыя школьнікі, якія гэтым летам стануць удзельнікамі інтэрактыўных заняткаў у Доме Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея.
- У час летніх канікул наш Дом Таўлая "штурмуюць" дзеці, якія наведваюць прышкольныя лагеры, - расказвае куратар заняткаў, навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун. - Бывае, у дзень прымаем па дзве групы дзяцей. Нас ужо наведалі вучні пачатковых класаў сярэдніх школ №№ 6, 14, 16, гімназіі №1. Для іх мы праводзілі музейна-інтэрактыўныя заняткі "Моўная хвіліна з Таўлаем Валянцінам", "Вядзе рэй верабей", "Доўгі шлях да мудрых кніг". Апошні занятак, як паказвае практыка, для малодшых школьнікаў самы складаны. Ён жа і самы першы, калісьці мною распрацаваны, сярод трох пералічаных. Доўгі час мы яго не праводзілі ў сувязі з пандэміяй, і вось гэтым летам вырашылі аднавіць. У канцы кожнага занятка дзеці атрымліваюць сімвалічныя медалі за ўдзел. Гэтыя медалі застаюцца ў іх як памяць аб наведванні Дома Таўлая.
Карэспандэнт днямі наведаў літаратурны музей разам з вучнямі чацвёртых класаў сярэдняй школы №14.
Спачатку Алесь Хітрун запрасіў дзяцей у мемарыяльны пакой Валянціна Таўлая. Алесь расказаў дзецям аб тым, як паэт у першы дзень вайны пакінуў гэты дом, некаторы час хаваўся ад акупантаў у Лідзе, а пасля жыў на Наваградчыне, удзельнічаў у партызанскім руху.
Затым чацверакласнікі падняліся на другі паверх, дзе іх чакаў музейна-інтэрактыўны занятак "Доўгі шлях да мудрых кніг", распрацаваны Алесем Хітруном паводле кнігі Анатоля Клышкі "Францыск Скарына, або Як да нас прыйшла кніга". Дзеці акунуліся ў старажытнасць і азнаёміліся з гісторыяй узнікнення і развіцця пісьма. У даступнай форме, з элементамі інтэрактыву і гульні, куратар занятка растлумачыў ім, што ўяўляла сабой пісьмо старажытных часоў: прадметнае, вузялковае (кіпу), пісьмо на васковых дошчачках, папірусе, бяросце.
- Калі гаварыць пра два іншыя заняткі, - дадае Алесь Хітрун, - то занятак "Вядзе рэй верабей" самы новы, распрацаваны мной да 100-годдзя першага верша Валянціна Таўлая - "Верабейкі". Асноўная тэма яго - вераб'і, аб якіх я даступна расказваю дзецям. Малодшыя школьнікі збіраюць па фрагментах "раскіданы ветрам" верш Таўлая, размалёўваюць папяровых вераб'ёў, чапляюць іх на "галінку". Падабаецца дзецям і насіць какошнікі ў выглядзе галавы вераб'я. Яшчэ адзін музейна-інтэрактыўны занятак - "Моўная хвіліна з Таўлаем Валянцінам", які спрыяе вывучэнню дзецьмі беларускай мовы. Ён уключае многае: адгадванне загадак, збіранне пазлаў, складанне макета газеты "Уперад" (у якой, як вядома, працаваў Валянцін Таўлай, жывучы ў Лідзе), квэст, накіраваны на пошук прадметаў мемарыяльнага пакоя паэта, і іншае. Так, у форме гульняў, дзеці знаёмяцца з нашым Домам Таўлая і яго гісторыяй, атрымліваюць першае ўяўленне аб ім.
Аляксей КРУПОВІЧ.