Наша слова.pdf № 30, 27 ліпеня 2022 г.
"Легендарныя эпохі" ў Зэльве
У суботу, 16 ліпеня, у Зэльве адбыўся Другі Міжнародны фестываль гістарычнай рэканструкцыі "Легендарныя эпохі". Ён з'яўляўся першай часткай Ганненскага кірмашу - зэльвенскага свята, якое адбудзецца ў Зэльве ў канцы жніўня і працягнецца ў Сынковічах у верасні. "Легендарныя эпохі" пачаліся парадам эпох, рэканструкцыяй "Эпоха вікінгаў" і "Рыцарствам". Зэльвенцы і госці фестывалю пазнаёміліся з рэканструкцыяй шляхты Вялікага Княства Літоўскага", эпохай 1812 года, Другой сусветнай вайной і г.д.
У гэты дзень у Зэльве на вялікай пляцоўцы каля старога млына працавалі інтэрактыўныя лакацыі, фудкорт, "горад майстроў", фальклорна-этнаграфічная забаўляльная праграма ў сярэдневяковым стылі. І, вядома ж, людзей радавалі розныя буфеты, квас, піва і песні.
Наш кар.
27 ліпеня 1990 года была прынята Дэкларацыя пра дзяржаўны суверэнітэт БССР
Дэкларацыя абвясціла поўны дзяржаўны суверэнітэт БССР як вяршэнства, самастойнасць і поўнасць дзяржаўнай улады Рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцтва яе законаў, незалежнасць у знешніх адносінах і рашучасць стварыць прававую дзяржаву.
Прыняцце Дэкларацыі азначала вяршэнства права Рэспублікі над правам СССР. Было ўсталявана размежаванне заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады, што з'яўляецца найважнейшым прынцыпам існавання прававой дзяржавы.
У 1991 годзе Дэкларацыя пра дзяржаўны суверэнітэт атрымала статус канстытуцыйнага акту, аналагічныя дэкларацыі прынялі ўсе іншыя рэспублікі СССР, які спыніў сваё існаванне ў гэтым жа годзе.
Дзень 27 ліпеня з'яўляўся дзяржаўным святам, Днём Незалежнасці, да 1996 года.
Дэкларацыя Незалежнасці з'яўляецца дзейсным канстытуцыйным актам, якія вызначаюць незалежнасць, самастойнасць, суверэнітэт нацыі, народа, краіны.
Пра Валянціна Таўлая, пра гімназістку Марусю, пра пісьменніц-графінь…
Гэта і многае іншае можна прачытаць у новым зборніку "Ад лідскіх муроў"
Днямі адбылася доўгачаканая падзея ў літаратурным жыцці Лідчыны: у выдавецтве "Пружмень" выйшаў дзясяты літаратурна-мастацкі зборнік "Ад лідскіх муроў", у які ўвайшлі творы і артыкулы, напісаныя, надрукаваныя або перакладзеныя ў асноўным у 2020-2021 гадах. Наклад зборніка - 110 асобнікаў. Падобнага аб'ёмнага альманаха няма больш ні ў адным раённым цэнтры Беларусі. Сапраўды, Лідчына - край паэтаў і празаікаў! Прэзентацыя зборніка адбылася ў памяшканні выставы-гасцёўні "Іх слова аб'яднала…" Дома Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея.
Першы літаратурна-мастацкі зборнік "Ад лідскіх муроў" убачыў свет ва ўжо далёкім 1998 годзе. У той час было актуальным пытанне адраджэння Лідскага замка, і гэта знайшло адлюстраванне і ў назве зборніка. Той першы рэгіянальны альманах налічваў больш за 60 старонак. Дзесьці з сёмага нумара таўшчыня "лідскіх муроў" стала значна павялічвацца. Дзявяты і дзясяты зборнікі выйшлі ўжо ў цвёрдай вокладцы. Новы, дзясяты, нумар - альманах больш чым у 520 старонак, сапраўдная цвярдыня лідскай рэгіянальнай літаратуры, энцыклапедыя літаратурнага жыцця Лідчыны цяперашняга часу. Як бачна па аб'ёме зборніка, жыццё гэтае на Лідчыне б'е крыніцай. Нялёгка было падрыхтаваць да выхаду такую аб'ёмную кнігу: сабраць творы, вычытаць іх, адрэдагаваць. Але вынік карпатлівай працы рэдкалегіі зборніка таго варты.
Вось што піша аб асноўнай тэматыцы кнігі ў прадмове яе галоўны рэдактар, паэт, краязнавец, выдавец Станіслаў Суднік: "Родная зямля, родны край, бацькава хата, родная мова, каханне, звыклы побыт, прырода, гісторыя займаюць асноўную плошчу і раздзела паэзіі, і раздзела прозы. Творы лідскіх паэтаў і празаікаў самай моцнай дратвай знітаваны з рэальным жыццём, з жыццём, якое ідзе на роднай зямлі… І ўсе яны дэманструюць шчырую адданасць творцаў сваёй Бацькаўшчыне, безапеляцыйную вернасць Матулі-Беларусі".
Акрамя самых вялікіх раздзелаў - "Паэзія" і "Проза" - у альманаху ёсць раздзелы "Эпас", "Пераклады", "Літаратуразнаўства", "Літаратурнае жыццё", "Мемарыял", "Кнігапіс". У зборнік увайшлі творы больш, чым 30 сучасных аўтараў, але далёка не ўсіх пішучых людзей Лідчыны. Некаторыя лідскія творцы друкуюцца тут упершыню. Прадстаўлены і аўтары, якія жывуць не на Лідчыне, але так ці інакш звязаны з ёй (напрыклад, вядомыя Віктар Праўдзін з Менска, Данута Бічэль з Гародні, Сяргей Чыгрын са Слоніма).
Значнае месца займае ў зборніку "Аповесць пра Таўлая" Уладзіміра Калесніка, якую па просьбе куратара Дома Таўлая, навуковага супрацоўніка Лідскага гістарыка-мастацкага музея Алеся Хітруна адсканавалі работнікі Нацыянальнай бібліятэкі спецыяльна для Дома-музея ў Лідзе (у свой час аповесць была надрукавана ў часопісе "Полымя"). Знайшлося ў альманаху месца і для перакладзенай з рускай мовы першай аповесці пісьменніцы пачатку ХХ стагоддзя, дырэктара Лідскай прыватнай жаночай гімназіі Веры Навіцкай з тэтралогіі аб гімназістцы Марусі Старабельскай - "Добра жыць на свеце". У гэтым жа зборніку змешчана паэма "Шчаслівая дзяўчынка", напісаная па матывах згаданай аповесці ўжо сучаснай лідскай пісьменніцай Ірэнай Сліўко для раённага конкурсу дзіцячых твораў імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям".
Цвёрдую каляровую вокладку дзясятага літаратурна-мастацкага зборніка "Ад лідскіх муроў" упрыгожваюць партрэты выбітных жанчын ХІХ стагоддзя - лідскіх пісьменніц, графінь Сафіі дэ Шуазёль-Гуф'е і Ганны Патоцкай (абедзве пісалі на французскай мове, літаратуразнаўчы артыкул Леаніда Лаўрэша пра абедзвюх можна прачытаць у гэтай жа кнізе).
Лідскія пісьменнікі, якія прысутнічалі на прэзентацыі зборніка ў Доме Таўлая, назвалі выданне зборніка вельмі патрэбнай справай у папулярызацыі рэгіянальнай літаратуры і дзякавалі яго галоўнаму рэдактару Станіславу Судніку за дадзеную магчымасць выносіць сваю творчасць у чытацкія масы. Станіслаў Вацлававіч, у сваю чаргу, падзякаваў лідскім літаратарам: "Дзякуй вам, што вы ёсць і што вы пішаце! Без вас гэтай тоўстай кнігі не было б. Трымайцеся і надалей такой вялікай дружнай грамадой!"
P. S. Набыць асобнік дзясятага літаратурна-мастацкага зборніка "Ад лідскіх муроў" можна ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі.
Аляксей КРУПОВІЧ.
У Наваградку прэзентавалі кнігу Самсона Пярловіча
У Наваградку адбылася прэзентацыя кнігі Самсона Пярловіча "Сэрца замірае ад тугі". Яе прэзентаваў Сяргей Чыгрын - складальнік выдання і аўтар прадмовы да яе.
Кніга нядаўна пабачыла свет у Менску. Яе склалі творы паэта з Наваградка Самсона Пярловіча (1923-2001), які прайшоў гітлераўскія і сталінскія лагеры, вярнуўся на Бацькаўшчыну, жыў і працаваў у Наваградку.
Сяргей Чыгрын распавёў прысутным пра само выданне, пра асобныя моманты з жыцця Самсона Пярловіча, падараваў кнігі тым, хто напісаў успаміны пра паэта, якія ўвайшлі ў выданне.
Кніга мае назву "Сэрца замірае ад тугі". У прадмове Сяргей Чыгрын знаёміць чытачоў з лёсам Самсона Пярловіча. У 1943 годзе 20-гадовага юнака схапілі немцы і павезлі ў Германію. Везлі яго і іншых юнакоў і дзяўчат на Рыгу. Па дарозе ён і яшчэ некалькі хлопцаў скокнулі з вагона. Але хутка іх схапіла латышская жандармерыя. Пасля допытаў іх адправілі на Лібаву, дзе хутка Самсон са сваімі сябрамі апынуўся ў лагеры за калючым дротам. Адтуль хлопцы зноў уцяклі і некалькі тыдняў былі вольнымі. Але хутка іх зноў арыштавалі і адправілі ажно ў Вену. Вызвалілі Самсона Пярловіча ў пачатку красавіка 1945 года. А першага траўня ён далучыўся да савецкіх воінаў. Пасля вайны юнак вярнуўся на родную Наваградчыну і пачаў супрацоўнічаць з Наваградскай раённай газетай. У гэты час у розных рэгіёнах Заходняй Беларусі ўтварыліся падпольныя моладзевыя суполкі, якія вырашылі супраціўляцца мерапрыемствам савецкай улады, скіраваным на вынішчэнне беларушчыны. Галоўнай мэтай змагання моладзевага падполля было здабыццё незалежнасці Беларусі. Да іх далучыўся і Самсон Пярловіч. 30 траўня 1947 года ён быў арыштаваны. Яго і ўсіх астатніх хлопцаў і дзяўчат завезлі ў Баранавічы ў турму "Крывое кола", там іх і дапытвалі. Перад арыштам у Самсона Пярловіча знайшлі верш "Паднімецца крыўда", які ён напісаў у 1947 годзе. Другая страфа верша гучала так:
Бо Сталін - тыран і старых, і малых -
Запрогшы ў прыгонныя ёрмы,
Нявіннай крывёй суцяшае іклы,
Каму колькі жыць, ставіць нормы…
Пра гэты верш ведаў нават сам Цанава. Ён так хацеў паглядзець на юнака з Наваградчыны, які набраўся мужнасці ўзняць голас супраць Сталіна, што Пярловіча з Баранавіч адправілі ў Менск на допыт да Цанавы. Самсон Пярловіч успамінаў: "Заходжу ў кабінет. Там шмат чыноў НКВД. Выходзіць з-за стала нейкі гарбаносенькі чалавек. Гэта быў Цанава. Паказвае тэкст майго верша і пытае:
- Твой?
- Мой.
- Ды як жа ты набраўся нахабства так напісаць пра геніяльнага чалавека? Сталін - бацька народаў, - закрычаў Цанава.
- Для вас, можа, і бацька народаў, а для беларускага народа - палач, - адказваю. Малады я тады быў, гарачы, ды і тэрмін ведаў. Як цяпер бачу: Цанава ўвесь расчырванеўся і кажа па-беларуску:
- Не мані!…" .
За верш і за СВБ Самсона Пярловіча асудзілі на 10 гадоў сталінскіх лагераў. Яго выслалі на лесапавал у лагер Усць-Вым (Комі АССР), потым беларускі юнак будаваў шахты ў спецлагерах Караганды. Гэта былі шахты імя Кастэнкі, 107-я, 120-я… Восенню 1956 года Самсон Пярловіч вярнуўся ў родны Наваградак, дзе і пражыў сваё жыццё. Пісаў вершы, трохі друкаваўся, паспеў выдаць некалькі сваіх зборнічкаў. У кнігу "Сэрца замірае ад тугі" Сяргей Чыгрын уключыў вершы паэта, сатырычныя творы і аповесць "Да белых мядзведзяў", а таксама ўспаміны тых людзей, хто ведаў і сябраваў з Самсонам Пярловічам.
Падчас прэзентацыі выступіла былая супрацоўніца Наваградскага гістарычна-краязнаўчага музея Галіна Кавальчук. Яна распавядала пра рукапісы твораў паэта, якія захоўваюцца ў музеі і якія перадала дачка Самсона Георгіевіча. Вядома, што дачка паэта жыве ў Літве, але пакуль яе адшукаць не ўдалося.
Паэтка Святлана Абдулаева ўспомніла пра Самсона Пярловіча, расказала пра яго сямейнае жыццё ў Наваградку, пра шчырыя гутаркі з ім у апошнія гады жыцця.
Самсона Пярловіча падчас сустрэчы і прэзентацыі кнігі шчырымі словамі ўспаміналі іншыя землякі. У наступным годзе спаўняецца 100 гадоў з ягонага дня нараджэння.
Кніга Самсона Пярловіча бліжэйшым часам паступіць у менскую кнігарню "Акадэмічная кніга".
Наш кар.
Школьніца, якая набрала на ЦТ 400 балаў з 400, расказала, куды будзе паступаць
Настасся Більдзь з Ліды - рэкардсменка цэнтралізаванага тэставання ў 2022 годзе. Дзяўчына набрала 400 балаў з 400 (300 балаў ЦТ, 100 балаў - атэстат). 19 ліпеня яна стала абітурыенткай факультэта камп'ютарных сістэм і сетак БДУІР, пішуць "Мінск-навіны".
Такі фенаменальны вынік гарантуе паступленне. Раней падобныя выпадкі ўжо рэгістраваліся ў Беларусі. Так, у 2021 г. максімальны бал набрала Настасся Савасцянок з Жодзіна, а ў 2018-м - Настасся Жаўнерык з Пінска.
Насця Більдзь здавала тры тэсты - па беларускай мове, матэматыцы і фізіцы. Калі настаўніца агучыла вынікі, дзяўчына была прыемна здзіўленая. Насця з адзнакай скончыла Лідскую школу № 8 і атрымала атэстат, у якім цвёрдыя дзясяткі, а гэта дадатковыя 100 балаў да ЦТ.
- Матэматыка мне заўсёды давалася лёгка, таму рэпетытар не спатрэбіўся. А вось па фізіцы прыйшлося наймаць выкладчыка - займалася з ім цэлы год. Хадзіла на алімпіяды і займала прызавыя месцы. Таксама я два гады наведвала факультатывы па беларускай мове, - распавядае Настасся.
Апошнія рэпетыцыйныя тэсты (РТ) Настасся напісала не так добра, як хацелася б. Фізіку - на 95 балаў, матэматыку - на 91. А вось беларуская мова далася складаней - набрала толькі 80. Дзяўчына прызнаецца, што спачатку нервавалася. А потым зразумела, што гэта шанец разабраць свае памылкі, каб не дапусціць іх на ЦТ.
- Мы захоўваем усе школьныя дзённікі Насці - у іх няма ніводнай двойкі. Яна заўсёды імкнулася да ведаў - хадзіла на алімпіяды, рыхтавалася да ўсіх кантрольных і праверачных. Акрамя таго, Насця вучылася ў дзіцячым тэхнапарку. Бывае, што сыходзіць з галавой у вучобу і сядзіць да позняй ночы, чытае. Тады даводзіцца нагадваць ёй пра тое, што трэба адпачываць, - прызнаецца мама абітурыенткі.
Дзяўчына падала дакументы ў БДУІР на факультэт камп'ютарных сістэм і сетак. Абрала спецыяльнасць "Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання".
Летась прахадны бал на бюджэт тут быў 362, на платнае - 310. Настасся кажа, што яе мара - стаць айцішніцай. Сферу яшчэ не абрала, але ўпэўненая, што падчас вучобы ва ўніверсітэце вызначыцца.
Наш кар.
У Лідзе правядуць археалагічныя раскопкі
Зрабіць гэта плануецца ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных 700-годдзю горада. Юбілей Ліда адзначыць у 2023 годзе, але падрыхтоўка ўжо ідзе: праца археолага пачынаецца з выведкі.
Для дасягнення папярэдніх дамоўленасцяў у Ліду прыехаў намеснік дырэктара па навуковай працы Інстытута гісторыі НАН Беларусі Станіслаў Юрэцкі. На яго сустрэчы са старшынём Лідскага райвыканкама Сяргеем Ложачнікам гаворка ішла пра вызначэнне зон, дзе маглі добра захавацца культурныя пласты.
Станіслаў Юрэцкі падзякаваў раённаму кіраўніцтву за ініцыятыву і адзначыў каласальную цікавасць, якую ўяўляюць для археолагаў такія гарады, як Ліда.
Калі раскопкі на тэрыторыі Лідскага замка праводзіліся, і не раз, то сам горад археолагі даўно не вывучалі. Хто ведае, можа быць выявяцца новыя артэфакты, якія стануць адказам на адвечнае лідскае пытанне: "Што з'явілася раней - горад ці замак?"
Прэс-служба Лідскага райвыканкама.
Экаактывістаў у Германіі прыраўнуюць да хуліганаў
Навіны Германіі
Дзеянні радыкальных экаактывістаў з групы "Апошняе пакаленне" выклікаюць усё больш турботы ў нямецкіх палітыкаў, спецслужбаў і паліцыі. Генсак апазіцыйнай партыі ХДС Марыё Чайя называе ўдзельнікаў групы злачынцамі і лічыць, што да іх трэба ўжываць адпаведныя меры, аж да прэвентыўных арыштаў, каб не дапусціць правядзення чарговых акцый. Як паведамляе выданне Welt, на працягу гэтага года актывісты "Апошняга пакалення" больш за 500 раз блакавалі рух на аўтабанах па ўсёй Германіі. У апошні час яны не проста садзяцца на дарожнае палатно, каб спыніць плынь аўтамабіляў, а і прыляпляюць рукі да асфальту ці ўмуроўваюць сябе з дапамогай цэменту. Апроч гэтага экарадыкалы яшчэ ўвесну пачалі перакрываць вентылі помпавых станцый на нямецкіх газаправодах, прыкоўваючы сябе да іх ланцугамі.
Адказнасці актывісты практычна не нясуць. Па дадзеных берлінскага гарадскога кіравання ўнутраных спраў, са студзеня ўдзельнікам "Апошняга пакалення" было выпісана толькі 60 штрафаў у памеры 241 еўра кожны, а аплачаны з іх толькі тры. Гэта нягледзячы на тое, што толькі за апошні тыдзень чэрвеня рух на аўтабанах і вуліцах нямецкай сталіцы блакаваўся 35 раз. Прадстаўнік прафзвязу паліцыянтаў Берліна Бенджамін Джандро, словы якога прыводзіць тэлерадыёканал RBB, паказвае на тое, што да аўтабанаў сябе штораз прыляпляюць адны і тыя ж людзі, і патрабуе ўзмацнення жорсткасці пакаранняў.
- Складаецца ўражанне, што Берлін - гэта камфортнае асяроддзе пасялення для блакавальнікаў дарог, і з актывістамі "Апошняга пакалення" тут нічога не адбываецца, - кажа Джандро.
На мінулым тыдні экарадыкалы абвясцілі, што сыходзяць да канца лета на "вакацыі", але ўвосень абяцалі вярнуцца з новымі, яшчэ больш гучнымі акцыямі. У МУС Германіі кажуць, што ўспрымаюць гэтыя пагрозы з усёй сур'ёзнасцю. Увагу на праблему звярнула і нямецкае ведамства па ахове канстытуцыі, якое яшчэ не так даўно не бачыла ў дзеяннях "Апошняга пакалення" ніякага экстрэмізму. Але зараз меркаванне спецслужбы змянілася на прама процілеглае. Па словах яе прадстаўніка, у кліматычным руху назіраецца моцны ўплыў левых экстрэмістаў, якія спрабуюць "радыкалізаваць сацыяльны пратэст і дэлегітымаваць дзяржаву і яе інстытуты".
Зрэшты, пра радыкалізацыю барацьбы за выратаванне клімату ўжо даўно папярэджваюць і самі экаактывісты.
- Разгромленыя аўтасалоны, пабітыя аўтамабілі, дыверсіі на газавых электрастанцыях і трубаправодах. Гэта ўсё абавязкова будзе наступным летам. Я чую пра гэта ад прадстаўнікоў кліматычнага руху, нават ад досыць умераных, - казаў у лістападзе мінулага года ў інтэрв'ю часопісу Spiegel адзін з вядомых дзеячаў нямецкага экаруху Тадыё Мюлер. Па словах Мюлера, падобныя дзеянні стануць рэакцыяй на няздольнасць уладаў распачаць рашучыя меры, каб спыніць глабальнае пацяпленне. У выніку найболей радыкальна настроеныя актывісты могуць перайсці да сапраўднага экатэрарызму, дзейнічаючы з падполля падобна нямецкім левым тэрарыстычным групам перыяду 70-х гадоў мінулага стагоддзя.
Прагноз Мюлера пакуль аказваецца даволі дакладным - дыверсіі на газаправодах, хоць пакуль і адносна "мірныя", сапраўды пачаліся. У тое, што далей экаактывісты возьмуць на ўзбраенне рэальныя тэрарыстычныя метады, нямецкія палітыкі пакуль не вельмі вераць, але падобнага сцэнару ўжо не выключаюць.
- На дадзены момант пакуль нельга сапраўды прадказаць, ці скочваецца кліматычны рух да радыкалізацыі і адпаведнай формы ваяўнічасці. Але ёсць некаторыя папераджальныя знакі, да якіх трэба ставіцца сур'ёзна, - кажа ў інтэрв'ю тэлерадыёканалу NDR спікер па ўнутранай палітыцы фракцыі СВДП у бундэстагу Канстанцін Куле.
Для Германіі сітуацыя, якая складваецца, выглядае вельмі неадназначна. І ўрад, і пераважная большасць насельніцтва краіны падзяляюць ідэі барацьбы за выратаванне клімату, але стаяць у шматкіламятровых заторах, спазняючыся на працу, ці застацца без газу, якога і так бракуе, немцы таксама не гатовыя. Акцыі на дарогах ужо не раз прыводзілі да сутычак паміж экаактывістамі і раззлаванымі грамадзянамі. Аднак у "Апошняга пакалення" ёсць і свае сімпатыкі - гэтак жа, як яны былі ў левых тэрарыстаў у Германіі пяцьдзесят гадоў назад. Сама меней нямецкія СМІ нярэдка выказваюцца пра акцыі групы з разуменнем, а той жа часопіс Spiegel нядаўна нават даў трыбуну шведскаму экаактывісту Андрэасу Мальму, які са старонак часопіса адкрыта заклікаў да сабатажу і псавання маёмасці, вядома, выключна дзеля высакароднай мэты выратавання клімату.
Васіль Федарцоў, фота Getty Images.
Свята ручніка ў Ваверцы: вясельныя дранікі, полька басанож і яшчэ шмат нечаканасцей
У 2018 годзе элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны "Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння" ў г. Лідзе Гарадзенскай вобласці ўключаны ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Яму нададзены статус катэгорыі "А". Цэнтрам даўніх традыцый беларускага ткацтва з'яўляецца аграмястэчка Ваверка. Таму менавіта там штогод праходзіць фальклорнае свята "Па ручніку, што з роднай хаты, мы пазнаем маленькую радзіму". Але пра гэта крыху пазней.
Хто быў у Ваверцы, ведае, што па перыметры цэнтральнай плошчы размяшчаюцца самыя запатрабаваныя для забеспячэння жыццядзейнасці аб'екты: сельвыканкам, кантора сельскагаспадарчага прадпрыемства, магазін, аптэка, пошта, пажарна-выратавальны пункт, а таксама дом культуры і касцёл (дарэчы, помнік гісторыі і архітэктуры). Магчыма, менавіта такое добрасуседства і выхавала ў ваверчан узаемную павагу і разумны кампраміс паміж свецкім і духоўным. Таму ў адну з нядзель свята распачалося адразу пасля заканчэння імшы ў касцёле.
Адзначу, што настрой святу задавалі супрацоўнікі Ваверскага дома культуры і народны калектыў "Святліца" Дзітвянскага дома культуры. Дарэчы, ільняныя вышытыя касцюмы, у якія былі апрануты гаспадары мерапрыемства, - выраб майстрыцы Валянціны Сільвановіч, якая некаторы час пражывала на тэрыторыі Ваверскага сельсавета, а цяпер працуе ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".
А пачалося мерапрыемства з пасядзелак у адной беларускай хаце, дзе гаспадар-балагур, руплівая гаспадыня і іх дачушкі - майстрыцы-весялушкі разам са сваімі гасцямі распавялі гледачам пра значэнне ручніка ў жыцці нашых продкаў. Лічылася, што на ўсё жыццё чалавеку іх патрэбна было 40 (сакральная лічба, ці не так?)! Ручнік шырока выкарыстоўваўся ў разнастайных абрадавых сітуацыях: на радзінах, хрысцінах, вяселлі, пахаванні, у каляндарных абрадах, магіі, медыцыне. Такім чынам, жыццё чалавека пачыналася з першым ручніком, якім абціралі немаўля пры нараджэнні, і канчалася з апошнімі, на якіх спускалі труну ў магілу.
Таксама было паказана, як прасавалі раней ручнікі: прасам на вуголлі або пранікам. Дарэчы, гаспадар пакпіў са свайго знаёмага, які хваліўся, што ў яго дачкі бесправадныя навушнікі: "Затое ў маёй бабулі быў бесправадны прас!".
Такім чынам аповед пра наша мінулае арганічна перамешваўся жартамі, прымаўкамі, песнямі, гульнямі і танцамі з гледачамі. Нельга было не паддацца настрою. Таму некаторым, хто прыйшоў у гарачае надвор'е абуты ў шлёпанцы, давялося літаральна разуцца і скакаць польку басанож!
Каб хапіла сіл на астатнюю частку свята, гледачоў пачаставалі адмысловымі дранікамі, вясельнымі, якія прыгатавалі па рэцэпце жыхаркі Ваверкі Тарэзы Юзэфаўны Ясюкайціс. Іх асаблівасць - дабаўленне ў натаркаваную бульбу яшцэ і мяснога фаршу (між іншым, я сама гатую менавіта такім чынам, але толькі цяпер даведалася, што ем і частую сваіх блізкіх вясельнымі дранікамі!).
У траўні бягучага года ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь ўключаны элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны "Стравы з таркаванай бульбы - дранікі, бульбяныя бліны, бабка і іншыя - традыцыі прыгатавання і ўжывання". Яму нададзены статус катэгорыі "Б".
Дарэчы, пад час гутаркі пра сябе жанчына распавяла, што раней працавала ў калгасе звеннявой і займалася вырошчваннем ільну. За самаадданую працу, высокія вынікі работы, яна ўзнагароджана медалём Выставы народнай гаспадаркі СССР. На пытанне, ці займаецца якім рамяством, адказала, што раней і вышывала, і вязала, а цяпер, на жаль, зрок не дазваляе рабіць дробную работу, але нядаўна з задавальненнем звязала дыванкі, дзяружку на канапу.
Сярод гасцей заўважыла Іну Бянкевіч, начальніка аддзела ЗАГСу Лідскага райвыканкама. Яна сюды прыехала на выхадныя да бацькоў, з вялікім задавальненнем акунулася ў фальклорны каларыт і заўважыла, што падобныя святы - гэта акенца, адкуль ідзе свежае паветра шчырасці, настальгіі па мінулым і жаданне рабіць свет лепшым.
У сваёй прамове старшыня сельвыканкама Аляксандр Іодка адзначыў, што такія мерапрыемствы ў Ваверцы будуць ладзіцца і надалей. Бо яны дапамагаюць адкрываць душы для шчырых пачуццяў, жыць у згодзе і ва ўзаемапавазе адзін да аднаго.
Падчас свята я падыходзіла да некаторых гасцей з пытаннем, ці займаюцца яны якім рамяством. Адказы крыху збянтэжылі. Мяркуйце самі.
Галіна Мікуліч, жыхарка Ваверкі:
- Я вельмі люблю гатаваць! Таму і выбрала прафесію кухара, зараз працую ў Ваверскай бальніцы. А вось ткаць, вязаць, вышываць - не, не маё. Хоць ад мамы засталося шмат прыгожых ручнікоў. Захоўваю іх, як самую дарагую каштоўнасць.
Юлія Сялевіч з маленькай дачкой Соф'яй пражываюць у Лідзе, у Ваверку прыязджаюць да бацькоў:
- Вельмі цікавае мерапрыемства! Шмат чаго новага даведалася. З задавальненнем паглядзела на вырабы нашых зямлячак, але сама, на жаль, такое рабіць не ўмею.
Падобныя адказы пачула і ад іншых маіх суразмоўцаў. Шчыра, гэта для мяне стала нават не лыжкай - апалоўнікам дзёгцю ў бочцы мёду свята рамяства. Няўжо гэта ўсё адыходзіць у нябыт?! Няўжо так і будуць перадавацца ад маці да дачкі, а потым унучкам вырабы, зробленыя руплівымі рукамі жанчын, якія адышлі ў іншы свет? Няўжо мы не пабачым новых, 21-га стагоддзя?
Яскравым праменьчыкам надзеі, што яшчэ не ўсё страчана, быў пятачок на газоне пад туяй, дзе за кроснамі шчыравала Марыя Шылкоўская, майстар аддзела рамёстваў. А на працягу ўсяго часу каля яе круціліся дзеці, якія з захапленнем пазнавалі азы ткацтва. Самае цікавае, што найбольш зацікаўленымі аказаліся… хлопчыкі! Што ж, хай будзе так! Хай падрастаюць юныя ткачы і ткачыхі, якія, Бог дасць, падхопяць гэтую нематэрыяльную спадчыну сваіх прапрабабуль, пранясуць яе праз сваё жыццё і перададуць сваім дзецям і ўнукам.
А бусел, які з даху пошты ўважліва назіраў за падзеямі, што адбываліся на плошчы, нібы запэўніваў нас: усё будзе добра!
Алена Каралевіч.
Катэгорыя "А" - гiстарычна-культурныя каштоўнасцi, поўная аўтэнтычнасць i дакладнасць якiх безумоўныя i нязменныя.
Катэгорыя "Б" - гiстарычна-культурныя каштоўнасцi, якiя поўнасцю або часткова адноўлены (зафiксаваны) на другасным матэрыяле ці аб'ектыўна з часам могуць змяняцца.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Чытаюць і пішуць пра індзейцаў, падтрымліваюць, параўноўваюцца з ім, але выпадкова і супрацьстаяць
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24 і 27.)
Паколькі з тэрыторый на захад ад Віслы і з этнічна літоўскіх зямель паходзіла недастатковая колькасць знакамітасцей Рэчы Паспалітай і тытульных нацый сучасных Польшчы і Літвы, то яны ахвотна выкарыстоўвалі паланізаваны і нават русіфікаваны беларускі рэсурс. Мы гэта таксама ў некаторай ступені робім "у адваротным кірунку", але сарамліва і з агаворкай, доказамі. Пры гэтым "мы і яны" маем поўнае маральнае права толькі на ўсіх фізічных ураджэнцаў у сучасных межах і на даказаных "братоў па крыві" (этнічная самасвядомасць не з'яўляецца для нас вырашальным крытэрыем).
Літоўцы таксама стараліся прасочваць сваіх у "ранняй Амерыцы" - галоўным чынам праз "амерыканскую палоніку". Прычым яны пачалі гэта рабіць нават раней, чым галоўны ў гэтым з амерыканскіх беларусаў В. Кіпель (але ён усё ж засяроджваўся на беларусах з выразнай беларускай самасвядомасцю, а ў першую чаргу, безумоўна, беларускамоўных). Літоўцам прыемна было аднесці да сябе дырэктара ФБР (з 1912 па 1919 г., калі назва ў бюро была карацей) Аляксандра Бруса Беласкі, але яго дзед нарадзіўся ў Менскім павеце і рос там "над" нейкім возерам, якое трэба лакалізаваць краязнаўцам; магчыма, яно адносіцца да балцкай гідраніміі, але балцкія карані знакамітых носьбітаў прозвішча "Бяляцкі" яшчэ трэба пацвярджаць.
Літоўцы, нашы натуральныя браты, у складанай сітуацыі - з аднаго боку большасць лаўраў шматлікіх славутых ураджэнцаў Вільні і Віленшчыны аўтаматычна перайшла да іх, з другога боку яны адчуваюць і недахоп некаторых вялікіх імёнаў, таму з падставай або без падставы могуць уключаць у "сваіх" ледзь не ўсіх ліцвінаў, а гэта ўжо выглядае як перабор.
БЕЛАСКІ Аляксандр Брус - унук героя Грамадзянскай вайны ў ЗША, як законнік спачатку працаваў над рэарганізацыяй судовай сістэмы ў Аклахоме, якая як адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінка перажыла працэс аб'ядання з Індзейскай Тэрыторыяй у адзін штат. ФБР меў справы, звязаныя з індзейцамі, - тут таксама "генетычная" сувязь з Беларуссю праз Бруса Беласкі.
БЯЛЯЦКІ (Беласкі) Аляксандр - невядома, ці ўступаў гэты ваенны тапограф у прамое баявое сутыкненне з індзейцамі, але публіцысты, інтэрнэт-пісьменнікі сцвярджаюць, што ён ваяваў з семіноламі. Гэта можа быць толькі "абагульненнем" яго ролі ў Фларыдзе ў ваенныя гады. Літовец К. Юргела (1964) паведаміў, што ён быў "геадэзістам у зоне ваенных дзеянняў у Фларыдзе". Узяў ён гэта ў М. Хаймана, які пісаў пра ўдзел палякаў у Другой семінольскай вайне ў асобным раздзеле яго кнігі 1938 г.: "Варта дадаць, што ў час вайны з семіноламі знаходзіўся ў Фларыдзе, у якасці аднаго з землямераў, Аляксандр Беласкі, які пазней стаў капітанам унійнай арміі ў грамадзянскай вайне. Ён рабіў там вымярэнні ў 1835-1837 гг., увесь час рызыкуючы пацярпець ад нападаў індзейцаў або іклаў алігатараў (J. D. G. Shea, A Child's History of the United States, New York, 1872, vol. II, p. 413). Беласкі загінуў смерцю героя ў бітве пад Белмантам, Місуры, 7-га лістапада 1861 г.".
Некаторыя яго суайчыннікі загінулі ў час ваенных дзеянняў, але ад не вельмі гераічнай непасрэднай прычыны - дызентэрыі або неўдакладненай хваробы - у час даволі ганебнай кампаніі супраць семінолаў.
Акрамя Бяляцкага, Юргела ў 1964 г. ("Літоўцы ў Амерыцы да масавай іміграцыі і нацыянальнага адраджэння", Рым, Літоўская каталіцкая акадэмія навук) называў 4 вайскоўцаў, якіх з найбольшай верагоднасцю можна аднесці да літоўцаў. Трое з іх былі з 2-га драгунскага палка і памерлі ад дызентэрыі: Стэфан Аўгусціновіч (Stefan Augustanovitz, рота "E", Форт-Хайльман, 20.10.1838); Якаў Філіпоўскі (James Filipowskie, рота "Н", Форт-Рыд, 4.12.1840), Джэймс Сібольскі (James Sibolski, рота "F", Форт-Шэнан, 2.06.1839). "Casimir Breel", што хутчэй за ўсё можна перадаць па-беларуску як Брыль (рус. Бриль або Брыль, пол. Bryl - такая прапанова ад Хаймана, але таксама магчыма і Брэль), быў з 6-га пяхотнага палка, а не з драгун, і памёр ад невядомага хваробы (Форт-Брук, 24.07.1837). Брыль і Брэль, а таксама і Аўгусціновіч, Філіпоўскі - даволі распаўсюджаныя беларускія прозвішчы. Хайман ператварае арыгінальныя запісы ў меркавана першапачатковыя польскія.
У артыкуле 1949 г. Юргела пры пераліку не выключыў з шасці ахвяр, хто ваяваў з семіноламі, імёны яшчэ дзвюх, драгунаў з таго ж палка: Andrew Burdricke і John A. Kenсin: Анджэй Бурдзіцкі ("Burdzicki?"), капрал (адзін з шасці, хто не радавы), рота "H", хранічная дызентэрыя, 22.03.1842, Форт-Гілмер (гэта ўжо Джорджыя - адзін з фартоў, якія дапамагалі выгнанню чэрокі з іх тэрыторыі); Ян А. Кенцін - радавы, рота "I", невядомая хвароба, 6.12.1840, Пікалата.
Дадатковыя звесткі Аўгусціновіча на сайце памяці кавалерыстаў: нар. 1801, радавы, рота "E", у войску (Reenlisted, New York) з 23.12.1836 (у 35 гадоў), памёр ва ўзросце 36 гадоў, месца пахавання: Saint Augustine National Cemetery (Фларыда).
Такім чынам, алфавітны спіс - спецыяльна для ваенных гісторыкаў Беларусі - у перадачы Хаймана (у сваім пераліку польскіх ахвяр семінольскай вайны ён спасылаецца як на крыніцу на The Origin, Progress and Conclusion of the Florida War (1847) капітана Джона Спрэга (John T. Sprague), дадаткова праверанага па ўрадавым Record of Officers and Soldiers (пазначаны старонкі з Sprague)):
"AUGUSTANOVITZ STEFAN (Augustynowicz), szeregowiec kompanii E 2-go pulku dragonow, zmarl na dyzenterie w Fort Heileman, 20-go pazdziernika 1838 (str. 526). BREEL KAZIMIERZ (Bryl), szeregowiec kompanii H 6-go pulku piechoty, zmarl z niewiadomej choroby w Fort Brooke, 24-go lipca 1837 (str. 542). BURDRICKE ANDRZEJ (Burdzicki), kapral kompanii H 2-go pulku dragonow, zmarl na chroniczne dyzenterie w Fort Gilmer,. 20 marca 1842 (str. 526). FILIPOWSKIE JAKOB (Filipowski), szeregowiec kompanii H 2-go pulku dragonow, zmarl na dyzenterie w Fort Reid, 4-go grudnia 1840 (str. 527). KENCIN JAN A., szeregowiec kompanii I 2-go pulku dragonow, zmarl z niewiadomej choroby w Picolata, 6-go grudnia 1840 (str. 527). SIBOLSKI JAK ОB, szeregowiec kompanii F 2-go pulku dragonow, zmarl na dyzenterie w Fort Shannon, 2-go czerwca 1839 (str. 528)".
Ігнацій Хуткоўскі, "беларус", які выжыў, атрымліваў пенсію як ветэран індзейскіх войн (паводле выдадзенага ў 1987 г. двухтомнага паказальніка Index to Indian Wars Pension Files, 1892-1926).
ДАМЕЙКА ЛЕА - ПЛАСА Пас - у "кантакцёры" з індзейцамі могуць быць уключаныя ўсе чылійцы з беларускімі каранямі - гэта краіна метысаў. Сам дон Ігнацыё зрабіў у гэта ўклад, які па агульным рэзанансе не перасягнуў у адносінах з індзейцамі ніводны іншы "паляк" або "ліцвін". Вядома, што гэтыя кантакты перапыніліся на больш-менш значны час толькі ў канцы жыцця, калі Дамейка з'ехаў часова - выглядае, што з-за несправядлівых адносін сваёй новай радзімы да Перу і Балівіі. Штодзённыя вулічныя сустрэчы з індзейцамі для яго праўнучкі Пас скончыліся пасля яе пераезду за мяжу ў перыяд кіравання краінай Альендэ.
Выданне яе кнігі "Ігнат Дамейка: з Мядзведкі - у Санцьяга-дэ-Чылі (1802-1889)" адбылося ў выніку "двайнога" перакладу: на беларускую (В. У. Пралюк. Н. Ю. Карасёва, В. В. Шахаб, Г. П. Аўласенка) з іспанска-рускага (В. Раўчанка) і дзяржаўнай падтрымкі. Мы даведаліся пра пераклад, які рабіла Раўчанка ў Гомелі, ужо пасля выканання значнага аб'ёму працы, інакш бы мы раілі ёй перакладаць спачатку легендарны травялог патрыярха Ігнація - "Араўканія і яе жыхары" (гэта кніга нумар адзін у індзеяністыцы Польшчы, Літвы і Беларусі ў 19 стагоддзі). Пераклад на беларускую - даўняя ідэя, рэалізаваць якую ніколі не позна. І ён хоць трохі разбурыў бы распаўсюджаны фейк пра тое, што кніга была перакладзена на многія еўрапейскія мовы (рэальна вядомыя, акрамя некалькіх на іспанскай мове, толькі віленскае польскае выданне 1860 г. - у год стварэння "напаўкамічнага" Каралеўства Араўканія і Патагонія - і новы пераклад 1992 г., які мы атрымалі 27.06.1992 г. ад А. Кшаноўскага з Кракава).
КІСЯЛЁЎ Кузьма - часткай праграмы беларускай дэлегацыі на канферэнцыі ААН у Сан-Францыска (1945), ад якой адлічваецца членства Беларусі ў гэтай арганізацыі, было азнаямленне з жыццём індзейцаў. У сваю чаргу апошняе было толькі часткай паездкі ў нацыянальны парк. Кіраўнік беларускай дэлегацыі К. В. Кісялёў у "Запісках савецкага дыпламата" (1974) пакінуў, верагодна, найбольш цэльную, хоць і невялікую справаздачу пра наведванне рэзервацыі афіцыйнымі гасцямі з БССР. Кісялёў з калегамі пакідаў рэзервацыю з "цяжкім сэрцам". Другім членам беларускай дэлегацыі, які таксама апісаў яе, быў М. Лынькоў. (З беларусаў - удзельнікаў той канферэнцыі найбольш вядомы Андрэй Грамыка; хаця ён ужо быў спешчаны сваімі амерыканскімі ўражаннямі як пасол СССР у ЗША, адпачынак у яшчэ адным славутым месцы яму не пашкодзіў бы.)
Раздзел "У рэзервацыі індзейцаў" пачынаецца характэрнай уводнай фразай: "Афіцыйныя асобы ЗША любяць падкрэсліваць антыкаланіяльную пазіцыю Амерыкі і тое, што ў яе няма калоній. Мы, аднак, атрымалі магчымасць на свае вочы пераканацца, што такое "хатні каланіялізм" ЗША, маючы на ўвазе крывавую гісторыю вынішчэння індзейцаў".
Такім чынам, у канцы траўня ў час перапынку ў рабоце камітэтаў беларускія дыпламаты паехалі разам з саюзнымі ў Ёсеміцкі нацыянальны парк і па дарозе наведалі "месца", дзе "некалькі сот індзейскіх сем'яў" туліліся ў невялікіх дашчатых доміках, захоўваючы "ў асноўным традыцыйны ўклад жыцця, з уладай правадыроў, грамадскай уласнасцю на паляўнічыя і рыбалавецкія ўгоддзі і г.д." Госці агледзелі дом мясцовага правадыра, які быў адначасова настаўнікам у школе; ветлівы і ўсхваляваны, ён прачытаў "цэлую лекцыю па гісторыі каліфарнійскіх індзейцаў" , а потым паказаў, "як жывуць у рэзервацыі". Расказанае пра занесеныя белымі хваробы, уведзеныя абмежаванні ў правах, голад, непісьменнасць і антысанітарыю пацвердзілася ўбачанымі на дошцы аб'яў "правілы і інструкцыі, што рэгламентуюць кожны крок індзейца", "пярэстымі лахманамі", "старымі цыноўкамі і парванымі коўдрамі" і "худзенькімі дзецьмі з вачамі, што гнаіліся ад трахомы". "Толькі ў адным - цагляным - доме, што складаецца з трох пакояў і кухні, мы ўбачылі радыё, ложкі і іншую мэблю. Многае тут нагадвала абсталяванне сярэдняй амерыканскай сям'і і рэзка адрознівалася ад усяго таго, што з'яўлялася характэрным для ўсёй рэзервацыі. Гаспадаром гэтага дома аказаўся індзеец, які атрымаў адукацыю і адкрыў свой гандаль. У такіх людзях улады бачаць сваіх надзейных слуг у рэзервацыі і даюць ім магчымасць жыць больш або менш нядрэнна". Са слоў правадыра і з амерыканскага друку Кісялёў прыводзіць статыстычныя дадзеныя…
ПАЗНЯК Зянон - адносна мініяцюры "Індзеец" з яго кнігі "Тэрра дэй" (2014), можна зрабіць выснову, што яго лірычны герой, які меў сустрэчу з індзейцам, можа быць атаясамлены з самім аўтарам:
"Падышоў індзеец і сказаў:
- Я - індзеец. Як даехаць да Бэргэн-стрыт?
14. Х. 2011".
Але Пазняку належыць і адно з самых спрэчных - як для беларусаў-антыімперыялістаў - выказванне (з тарашкевіцы): "Еўрапейскія пасяленцы ступілі на амерыканскі мацярык як піянеры і як каланізатары і адначасна самі апынуліся ў каланіяльнай залежнасці ад метраполій. Яны сутыкаюцца з індзейцамі, што там жылі на пэўных тэрыторыях і адначасна займалі незаселеныя першародныя землі, якія абкультурылі і пераўтварылі сваёй працай, стварылі на іх цывілізаванае грамадства" ("Амерыка для амерыканцаў", датавана: 22.02.2001, Нью-Ёрк, друкавалася: "Беларускія Ведамасьці" (Варшава, сакавік 2001), "Народная воля" (2001.14 сак.), "Новае стагодзьдзе. Збор артыкулаў" (Вільня - Варшава, 2002).
На жаль, гэта выглядае як выказванне "беларускага каланізатара" або нават "беларускага канкістадора", няхай сабе і добрага, як называлі і Ігната Дамейку, - бо без бою індзейцы саступалі "незаселеныя" землі не так часта і прыходзілася ўжываць зброю. Пазняк, верагодна, ухваляе канцэпцыю, што калі землі заселеныя рэдка, то больш свабодныя з іх можна займаць - ужо не іншымі "чырвонаскурымі" каланізатарамі, а і еўрапейскімі. Яшчэ адзін крок - і можна наблізіцца да дарвінаўскага тэзіса пра справядлівасць войн супраць дзікіх.
ПАШКЕВІЧ Мікалай - гэты ўраджэнец Рыгі вярнуўся на радзіму бацькоў у час Першай сусветнай вайны, вучыўся ў Віцебску, хутка стаў "афіцыйным маладым мастаком", які адлюстроўваў "чырвонаармейскую" і іншую савецкую тэматыку, за што адным з першых быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У час вайны, як піша А. Марачкін, "Мікола Пашкевіч і ягоная сям'я не пайшлі следам за партызанамі ў лес", а потым рушылі на Захад і ў выніку апынуліся ў ЗША (1949), спачатку ў Нью-Ёрку. Неабходнасць лячэння цяжкай хваробы прымусіла яго пераехаць у Санта-Моніку, Каліфорнія. Тут, каля Лос-Анджалеса, ён і жыў з жонкай Галінай, народжанай Дакальскай, і дачкой Аліяй.
"Індзейская" творчасць гэтага мастака, як шэрагу іншых мастакоў з ЗША, дачакалася вядомасці на Радзіме ў выніку перабудовы, наладжанай перапіскі, атрымання рэпрадукцый работ і, нарэшце, выстаў.
29.05.1992 г. у "ЛіМе" з'явіўся расказ пра яго з вельмі выразным малюнкам - "Індзеец атакуе". З дапамогай П. Быкоўскага (былы член БІТ), які звярнуўся да аўтара публікацыі - мастака А. Марачкіна, мы атрымалі адрас Пашкевіча:
"19.6.1992 , Гомель.
Паважаны Мікола Аляксандравіч!
Наш добры сябар у Мінску ўзяў у А. Марачкіна Ваш адрас, я атрымаў яго толькі што, адразу ж пішу, бо вельмі шмат пытанняў да Вас.
Артыкул у "ЛіМе" і рэпрадукцыя "Індзеец атакуе" ўсхвалявалі нас.
Як вы ўпершыню сутыкнуліся з індзейцамі, якія плямёны наведвалі, чым асабліва прываблівае Вас індзейскі свет?
Вельмі просім адказаць пра гэта і іншае, што звязвае Вас з індзейцамі.
Наша Беларуска-індзейскае таварыства пакуль невялікая група, але праграма ўключае ўсе аспекты збліжэння Беларусі і Індзейскай Амерыкі.
Я заканчваю манаграфію "Індзейская сцежка праз Беларусь: Беларуска-індзейскія сувязі. 1492-1992". Хацеў бы напісаць пра Вас больш падрабязна. Вельмі спадзяюся на адказ. Найлепшыя пажаданні Вам і Вашым блізкім.
Шчыра Ваш
Алесь Сімакоў, БІТ".
У сваім адказе 13.07.1992 г. мастак ухіліўся або забыў згадаць іх непасрэдныя кантакты з індзейцамі, хаця ў яго лісце гучыць фраза пра іх "жыццё сярод індзейцаў" (пераклад з рускай; Пашкевіч піша слова індзейцы з вялікай літары: "Индейцы"):
"Мы вельмі ўдзячныя за Ваш ліст, асабліва за выразку з газеты. У якой мы даведаліся аб дзейнасці камітэта па прысуджэнні прэмій па літаратуры і мастацтве. У гэтым мы бачым адраджэнне шматпакутнай Беларусі.
Пра наша жыццё сярод Індзейцаў?
Сёння Індзейцы страцілі сваё нацыянальнае аблічча і не ходзяць з пер'ем на галаве. Толькі невялікая колькасць іх жывуць у калоніях, там яны яшчэ захавалі сваю самабытнасць, і веру ў духаў.
Індзейскае мінулае і яе культура ў нейкай ступені прыцягваюць мяне як крыніца формы і зместу ў некаторых маіх ранніх работах.
Мы пасылаем Вам ілюстраваную кнігу пра жыццё Індзейцаў у мінулым.
Паважаючы Вас М. А. Пашкевіч" (пры гэтым павагу Пашкевіч выказаў і тым, што даслаў кнігу-альбом Sherman, Josepha. Indian Tribes of North America. N.Y.: Portland House, 1990).
Такім чынам, у адказе няма прамога ўказання на сустрэчы, але мы не можам дапусціць, што за больш чым паўстагоддзя ў ЗША (да смерці ў 2003 г. у Анахайме) ён не бачыў жыўцом ніводнага індзейца - тым больш пры падкрэсленай цікавасці гэтай тэмы ў творчасці: А. Марачкін: "Праз усё мастакоўскае жыццё праходзіць тэма абарыгенаў Амерыкі - індзейцаў. Можа, у іх мастак шукаў і бачыў роднасць са сваёй душой, нейкую агульнасць лёсаў. У адлюстраванні індзейца, які схіліўся над чашай, мастак не ідзе па шляху знешніх прыкмет, экзотыкі, а падкрэслівае глыбіню пачуцця гэтага чалавека, яго веру".
Л. Лыч (2009): "Многім яго творам характэрны рэлігійныя матывы, сцэны з жыцця амерыканскіх абарыгенаў - індзейцаў. Пагаджаюся з думкай Аляксея Марачкіна: "Можа, у іх мастак шукаў і бачыў роднасць […]"".
Б. Крэпак у "Культуры" (2013): "Канешне ж, сіла Пашкевіча - у сінтэзе ліній і ценяў. Прадмет адлюстравання выведзены на аснове шматлікіх кампазіцыйных элементаў, з дапамогай якіх ствараецца ўражанне, што яны з'яўляюцца галоўнымі. З гэтых элементаў узнікае чалавечы твар, фігура скрыпача ці дырыжора, журботны настрой пасля бітвы і настрой пасля цяжкага ранку, грацыёзна бягучыя коні, лятаючыя птушкі, энергічная атака індзейцаў, трагічная сцэна распяцця Хрыста, наогул цэлы цыкл пра Хрыста, і г. д. І пры гэтым - ніводнай прамой лініі, якая дакладна абазначыла б контуры фігур. Яны не прарысаваны, а толькі абазначаны злёгку. Аднак іх незавершанасць пакідае прастору для глядацкага ўяўлення, фантазіі, імправізацыі ("Скрыпач № 2", "Конскае шаленства", "Дзеці", "Карані жыцця", "Малітвы індзейца", "Праблема")".
Яго дачка Алія Калініч-Клег, діснееўская мастачка па касцюмах, удзельнічала, напрыклад, у стварэнні "Духу Пакахонтас" - шоў "Свету Уолта Дыснея на лёдзе". Гэта яшчэ адна рыса артыстычнага, але жыцця сярод індзейцаў Пашкевічаў.
ПУШКАРЭВІЧ Андрэй - адзін з нямногіх ураджэнцаў Магілёўскай губерні - у параўнанні найперш з Віцебскай, што сустракаліся з карэннымі жыхарамі на Алясцы ў перыяд Рускай Амерыкі. "ПУШКАРЭВІЧ Андрэй (пам. 1841) - магілёўскі мешчанін на службе РАК, знаходзіўся ў Рускай Амерыцы ў канцы 1820-х - 1830-х гг. і хадайнічаў перад каланіяльным начальствам аб звальненні ў Расію ў 1840, але неўзабаве памёр у калоніях". (Грынёў А. В. Пушкарэвіч Андрэй // Веснік БІТ. 2009. 1 чэрв. № 22). У канцы таго ж года гэты артыкул з нязначнымі рэдакцыйнымі адрозненнямі з'явіўся ў даведніку Грынёва (с. 445-446).
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Вайна ў 1920 годзе*
Успаміны і разважанні
Генерал Люцыян Жалігоўскі
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Паганоўскі, якога вёў надзвычайны інстынкт, распачаў перамогу і 10-й дывізіі, і 1-й арміі на варшаўскім плацдарме. У тым палягае вялікае значэнне яго чыну і ў тым слава яго жаўнерскай смерці**.
Развіднялася, калі аддзелы палкоўніка Томе распачалі наступ з Непарэнтаў. Адначасова палкі 87-ай савецкай брыгады, адступаўшыя з Юзафова, выцялі на правае крыло 28-га палка ў ваколіцы фальварка Сусін. Завязаліся гарачыя баі, у якіх загінуў камандзір роты паручнік Пянчкоўскі. Флангавы аддзел затрымаўся і нават адступіў у выніку замяшання, выкліканага смерцю камандзіра. У выніку далейшых баёў на блізкай дыстанцыі 28-мы полк узяў Вольку Радымінскую, а 29-ты - Дамбкавізну. А 5-й гадзіне ўся нямецкая абаронная лінія была ўжо вернута.
Яшчэ перад світаннем вырушыў 30-ты полк на Ізабелін і Аляксандраў. Каля 5-й гадзіны прыбыў з Модліна 31-шы полк і стаў на шашы паміж Зэгжам і Непарэнтамі. Я правёў агляд палка, пасля чаго загадаў яго камандзіру капітану Балтнею выслаць адразу афіцэраў з мэтай рэкагнасцыроўкі нямецкай абароннай лініі ад левага крыла 1-ай літоўска-беларускай дывізіі да форта Бен'ямінаў, пасля чаго заняць гэтую лінію і падрыхтавацца да адбіцця контраатак. Пасля гэтага накіраваўся да Волькі Радзымінскай, дзе даручыў палкоўніку Томе ХІХ брыгадай атакаваць Мокрае.
У стасунках з ваяваўшымі аддзеламі вялікія паслугі аказала мне шаша Пустэльнік - Куты - Яблонна - Зэгжа - Непарэнты - Волька, па якой я мог свабодна перамяшчацца аўтамабілем. Дзякуючы гэтай шашы, зусім не спатрэбілася выкарыстоўваць тэлефон.
Я быў гарачым прыхільнікам адходу з бескарыснай першай абароннай лініі, якая ледзьве не спрычынілася да катастрофы 1-ай арміі, але поспех пад Волькай і Дамбкавізнай, баявы пад'ём, размяшчэнне на адказных кірунках выпрабаваных мужнасцю палкоў пад камандаваннем найвыдатнейшых афіцэраў і, што найважней, моцнае абсталяванне галоўнай лініі, усё гэта ўказвала на неабходнасць далейшага наступлення ў кірунку на Мокрае.
Наш поспех мог бы цалкам змяніць сітуацыю на варшаўскім плацдарме, а быць можа адбіцца станоўча і на іншых палках. Я не ведаў тады, што ў раёне Мокрага канцэнтруецца 21-я савецкая дывізія, каб адтуль выцяць на Велішава і тылы Зэгжа. Выконваючы канцэнтраваную атаку на Радзымін, мы мелі б усю гэтую дывізіію ў сваіх тылах.
У выпадку поспеху пад вёскай Мокрае мы вярталі б першую лінію плацдарма і Радзымін, што тактычна не мела залішне вялікага значэння, але пры гэтым мела вялікае значэнне маральнае, бо ламала ўпартую волю праціўніка і ўваскрашала дух перамогі ва ўласных шэрагах.
У 15 гадзін Мокрае было ўзята.
Цяпер ужо вельмі неабходным станавілася наступленне 1-ай літоўска-беларускай дывізіі на Радзымін, бо яно трымала ў напружанні савецкія 27-ую і 2-ую дывізіі ў час, калі нашы 28-мы і 29-ты палкі біліся за Мокрае, якое было тактычным ключом усяго поля бітвы. Ключ гэты 21-я савецкая дывізія нястомна намагалася вырваць у іх з рук.
Я надаваў заняццю Мокрага вялікае значэнне. Дапускаў, што пасля Волькі Радзымінскай Мокрае стане другім такім балючым нервам для расейцаў і яны любой цаной будуць хацець яго адабраць.Быў упэўнены, што ХІХ брыгада не аддасць яго лёгка. Так і адбылося, і хоць маёр Вальтар паў смяртэльна паранены, аднак 28-мы і 29-ты палкі ўпарта змагаліся за Мокрае, якое пераходзіла з рук у рукі, ведучы доўгія і зацятыя баі на тым адрэзку.
Піша пра гэтую хвілю Путна ў цытаванай ужо яго кніжцы "Да Віслы і назад":
" Наступіў момант, калі не толькі асобныя часткі, але і ўся маса траціць веру ў поспех бітвы з непрыяцелем. Надышла псіхалагічная рэакцыя. Маса перастала быць здольнай да атакі. Струна, якую мы нацягвалі ад Буга, лопнула".
Правае нашае крыло забяспечвае ў гэты час 30-ты полк з боку Радзыміна, які цалкам траціць сваё тактычнае значэнне.
Яшчэ раз выклікае замяшанне нейкі рух непрыяцеля з боку Цёмнага, а паўсталая з гэтай аказіі страляніна разганяе сбраных на шашы цывільных нашых і замежных саноўнікаў. Пасля хвіліннай панікі не могуць яны паверыць тлумачэнням, што ўжо пагоркі Мокрага за Радзымінам у нашых руках.
Загадваю 30-му палку заняць Радзымін, што ён выконвае, уваходзячы разам з часткамі Літоўска-беларускай дывізіі ў горад а 19-й гадзіне.
Так закончыўся дзень 15 жніўня.
Адначасова ішлі баі на адрэзку 8-ай дывізіі пяхоты, дзе мужна змагаўся дабраахвотны батальён і геройскай смерцю палёг ксёндз Скарупка.
16-га трывалі зацятыя баі за Мокрае. 21-я савецкая дывізія намагалася выканаць сваю задачу і загразіць тылам Зэгжа. Высілкі яе не дасягнулі, аднак, вынікаў.
Нашая артылерыя, атрымаўшы ў Радзыміне дасканалы назіральны пункт на вежы, высунулася наперад, паспяхова абстрэльваючы праціўніка. Адчувалася аслабленне нярвовай напругі, усё атрасалася ад панурай мінуўшчыны.
У той жа дзень першы раз за многія тыдні пачуў жаўнерскую песню, якую спявалі маршыраваўшыя ўланы.
Вечарам абазначыўся ўжо ўдар з-над Вепжа, аднак жа на гэтым крыле непрыяцель трымаўся яшчэ моцна, адбіваючы нашае наступленне. У гэты ж дзень 31-шы полк з рэзерву падтрымаў 28-мы і 29-ты палкі.
* * *
17-га запанаваў радасны настрой. З паўдня ішла перамога і мы адчувалі моцную знерваванасць праціўніка, якое праяўлялася ва ўзмоцненым агні. Было гэта прадвесце хуткага адступлення. У нашых штабах запанаваў гарачкавы рух. Дывізія атрымала некалькі спрэчных загадаў. То мела перайсці праз Зэгжа ў склад 5-ай арміі, то сесці ў цягнікі, то фарсіраваць Буг паміж Зэгжам і Вышкавам. Скончылася тым, што 31-шы полк, ідучы па пятах непрыяцеля, 18 верасня авалодаў мостам у Вышкаве, унемажліваўшы яго знішчэнне.
(Працяг у наступным нумары.)
* Пераклад Станіслава Судніка паводле выдання 1930 года.
** Паручнік Паганоўскі Стэфан, пасмертна прысвоена званне капітана, належаў да найстарэйшых афіцэраў дывізіі. Нарадзіўся ў 1893 г. у Ленчыцкай зямлі. Закончыў гімназію ў Лодзі, пасля гэтага юнкерскую школу ў Вільні. У Сусветную вайну быў у расейскай арміі, а потым аказаўся ў Рыцарскім легіёне Усходняга корпуса, адкуль увайшоў у склад маёй дывізіі.
Беларускамоўныя стыкеры ад Бахунаў
Індывідуальныя прадпрымальнікі Тамара і Сяргей Бахуны з Берасця выпусцілі чарговую беларускамоўную прадукцыю. На гэты раз - набор арыгінальных стыкераў "Я люблю Мінск". На налепках адлюстраваны помнік Адаму Міцкевічу, Чырвоны касцёл, тэатр Янкі Купалы, Траецкае прадмесце, фантан "Хлопчык з лебедзем", Беларускі дзяржаўны цырк, Менская гарадская ратуша і Камароўскі рынак. Кожная налепка прарэзаная па контуры. Лёгка адляпляецца і клеіцца: на тэлефон, кампутар, нататнік, сшытак… Атрымаўся добры сувенір на памяць. Замовіць налепкі можна тут: http://bakhuny.by/nalepki/.