Папярэдняя старонка: 2022

№ 31 (31) 


Дадана: 04-08-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 31, 3 жніўня 2022 г.

Жыў і памёр ліцвінам

31 ліпеня споўнілася 220 гадоў з дня нараджэння філамата, удзельніка паўстання 1830-1831 гадоў, беларускага, польскага і чылійскага навукоўца-даследчыка, геолага, міне-ролага, рэктара чылійскага ўніверсітэта, нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі (1802-1889).

Родам Ігнат Дамейка быў з вёскі Мядзведка Карэліцкага раёна. У сем гадоў Ігнат Дамейка страціў бацьку, выхоўваўся ў бацькавых братоў. Адзін з іх, таксама Ігнат Дамейка, узяў яго да сябе ў маёнтак Жырбутоўшчына ў Лідскім павеце (цяпер Дзятлаўскі раён). Вучыўся Ігнат у піярскай школе ў Шчучыне. Быў там пад апекай Ануфрыя Петрашкевіча, з якім разам уваходзіў потым у Таварыства філаматаў. У 1822 годзе скончыў Віленскі ўніверсітэт. Калі пачалося следства па справе філарэтаў і філаматаў, Ігната таксама арыштавалі і прывезлі ў Вільню, у турэмнае зняволенне. Але праз паўгода яго вызваляюць і адпускаюць пад нагляд паліцыі. У час Лістападаўскага паўстання Дамейка становіцца ў шэрагі змагароў за вызваленне Айчыны ад маскоўскага "прылучэння". Пасля разгрому паўстання, ён выехаў у эміграцыю. У Дрэздане сустрэўся з Адамам Міцкевічам і разам з ім і з іншымі землякамі выехаў у Парыж. Дапамагаў Адаму Міцкевічу ў выданні яго твораў, у тым ліку "Пана Тадэвуша". У Парыжы Ігнат Дамейка добра папоўніў свае веды ў прыродазнаўстве, закончыў там горную школу. Яму даюць у Францыі працу па спецыяльнасці, якая не задавальняла Дамейку. Адам Міцкевіч знайшоў яму месца працы ў далёкай амерыканскай краіне - Чылі. Ехаў туды на час, а застаўся на ўсё жыццё. Стаў прафесарам мінералогіі ў Какімба і Сант'яга. Арганізаваў шырокае вывучэнне прыродных багаццяў Чылі, заняўся даследаваннем яе нетраў. Шмат зрабіў наш зямляк для падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне мінералогіі, наогул прыродазнаўства.

Калі сябры ў пісьмах папракалі Ігната Дамейку, што ён нібыта зрабіўся чужаком, ён адказваў ім такімі словамі: "Вядома ж, перарадзіцца я ніколі не здолею і спадзяюся на Бога, што я - ці ў Кардыльерах, ці ў Панарах усё роўна памру ліцвінам"...

Сяргей Чыгрын.

Гімназіям - імёны класікаў

27 ліпеня менскай гімназіі №28 прысвоілі імя Уладзіміра Караткевіча. Гэтую інфармацыю пацвердзілі ў самой навучальнай установе. Гімназія знаходзіцца на праспекце Ракасоўскага ў Ленінскім раёне сталіцы.

Фота: "Яндэкс".

А менская гімназія № 40 цяпер будзе насіць імя Янкі Лучыны. Гімназія знаходзіцца ў Лошыцы якраз на вуліцы Янкі Лучыны, 40.

У абедзвюх гімназіях, па папярэдняй інфармацыі, будуць створаныя адмысловыя музеі.

@shkolabel.

"Класічна... Патрыятычна"

Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы публікуе шэраг фотаздымкаў у рамках абласнога чэленджа "Класічна... Патрыятычна": Гродзеншчына чытае Я. Купалу і Я. Коласа"

Умовы чэленджа: неабходна зрабіць фотаздымак чалавека, якога засталі за чытаннем твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Месца фотаздымкаў можа быць разнастайным: парк, аўтатранспарт, бібліятэка, пляж, кавярня, аўтобусны прыпынак і г.д.

Далучайцеся да чэленджа і Вы!

Тэлеграм-канал "Культура Лідчыны"

Ён напісаў каля 600 кніг

Да 210-годдзя Юзафа Ігнацыя Крашэўскага

28 ліпеня споўнілася 210 гадоў з дня нараджэння беларускага польскамоўнага пісьменніка, фалькларыста, публіцыста, гісторыка і выдаўца Юзафа Крашэўскага (1812-1889). Юзаф Крашэўскі - аўтар найбольшай колькасці выдадзеных кніг у гісторыі сусветнай літаратуры: яго літаратурная спадчына складае каля 600 тамоў раманаў і аповесцей, паэтычных і драматычных твораў, а таксама прац па гісторыі, этнаграфіі, фалькларыстыцы, падарожных замалёвак, публіцыстычных і літаратурна-крытычных артыкулаў. За гэтае дасягненне пісьменнік занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса як "чэмпіён эпохі гусінага пяра".

Юзаф Крашэўскі нарадзіўся ў Варшаве ў 1812 годзе, а паходзіў са шляхецкага роду з вёскі Доўгае, што каля Пружан, дзе правёў сваё дзяцінства. Атрымаўшы ў Свіслачы першапачатковую адукацыю, вучыўся ў Віленскім універсітэце. Гэты край быў яму родным, і ён лічыў сваім абавязкам пісаць пра яго, захапіўся гісторыяй, мастацтвам, а пазней этнаграфіяй і археалогіяй. Шмат падарожнічаў па беларускай і суседніх землях, што дазволіла яму не толькі весці назіранні, але і збіраць краязнаўчы матэрыял. Юзаф Крашэўскі заўсёды выступаў супраць самадзяржаўя, дэспатызму і грамадскага застою, за што не раз прыцягваўся да адказнасці. Ён быў рэдактарам часопіса "Атэнэум", дзе друкавалася шмат беларускай і польскай інтэлігенцыі. Як "небяспечнага для публічнага парадку" Юзафа Крашэўскага царскія ўлады ў 1863 годзе пазбавілі права жыць у краі, і ён перасяліўся ў Дрэздан, дзе працягваў літаратурную, навуковую і выдавецкую справу. "Пінск і яго ваколіцы" - найболыш ранні літаратурна-краязнаўчы нарыс Крашэўскага, які быў напісаны пад уражаннем "Старажытнай Польшчы" Балінскага. У папулярнай форме, на канкрэтным гістарычна-краязнаўчым матэрыяле, аўтар расказаў пра горад, спасылаючыся на "Повесть временных лет", прывёў дату яго першага ўпамінання - 1097 год. Аўтар краязнаўчага нарыса цікавіўся і мясцовай тапанімікай, гідронімамі. Амаль у такой жа манеры напісана і яго кніга падарожжаў "Успаміны Палесся, Валыні і Літвы", куды ўключаны і нарыс "Пінск і яго ваколіцы". Наступнай працай з'яўлялася гісторыя Вільні. Аўтар пісаў не толькі пра горад, але і пра падзеі, якія звязвалі яго з наваколлем, са старой беларускай дзяржавай. Юзаф Крашэўскі пакінуў невялікую гістарычна-краязнаўчую нататку і пра Берасце. Ён не толькі выкарыстоўваў, але і аналізаваў гістарычныя крыніцы. Так, ім былі заўважаны недакладнасці ў "Хроніцы" М. Стрыйкоўскага, паколькі, як выказаўся Юзаф Крашэўскі, многае там узята ад анекдотаў і легенд. Як археолага, Юзафа Крашэўскага цікавіла праблема паходжання славян, якія, на яго думку, пад уздзеяннем кельтаў і пад іх націскам прыйшлі з захаду. Гістарычныя аповесці Юзафа Крашэўскага грунтуюцца на дакументальных асновах, у іх выкарыстаныя факты з жыцця. Ён добра ведаў гісторыю Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, быў знаёмы з летапісамі, хронікамі, паданнямі, у час сваіх падарожжаў наведваў мясціны, дзе разгортваліся падзеі ягоных твораў. Як сведчаць сучаснікі, гэтыя творы мелі вялікае выхаваўчае і патрыятычнае значэнне… На беларускую мову творы Юзафа Крашэўскага перакладалі Янка Купала, Уладзімір Мархель, Васіль Сёмуха, Міхась Кенька, Мікола Папека і іншыя літаратары.

Перад 200-годдзем з дня нараджэння Юзафа Ігнацыя Крашэўскага ТБМ звярталася ў пасольства Польшчы з прапановай пасадзейнічаць выданню поўнага збору твораў Крашэўскага на беларускай мове, на што атрымалі адказ, што беларусы хочуць занадта многага, бо поўны збор Крашэўскага не выдадзены нават у Польшчы.

Сяргей Чыгрын.

Выйшаў "Тлумачальны слоўнік беларускай мовы" на 65 тысяч слоў

Выданне складаецца з двух тамоў

Слоўнік змяшчае больш за 65 тысяч слоў. У слоўнікавым артыкуле даецца кароткае тлумачэнне значэння слова, прыклады яго ўжывання ў мове, тэрміналагічныя і фразеалагічныя спалучэнні, пазначаецца націск.

Шырока выкарыстоўваюцца ў слоўніку ў якасці ілюстрацый афарызмы, прыказкі і прымаўкі.

Так што ён будзе карысны як для спецыялістаў-мовазнаўцаў, так і для шырокага кола карыстальнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы: больш за 65000 слоў. У 2 т. Т.1. А-Н / уклад.: І.Л. Капылоў [і інш.]; пад рэд. І.Л. Капылова. - Мінск: Беларусь, 2022. - 487 с. Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы: больш за 65000 слоў. У 2 т. Т.2. Н-Я / уклад.: І.Л. Капылоў [і інш.]; пад рэд. І.Л. Капылова. - Мінск: Беларусь, 2022. - 483 с.

Паводле СМІ.

Творчасць як жыццё…

Адкрыццё той ці іншай выстаўкі - гэта ўжо падзея для музея. Яна застанецца ў гісторыі, у архіве. Дом Валянціна Таўлая - гэта не толькі літаратурная тэматыка, дзе гучаць вершы, песні, гэта і пляцоўка для творчых людзей, якія багатыя ўнутраным светам, неабмежаваныя фантазіяй, але з абмежаванымі магчымасцямі. Дом Валянціна Таўлая стаў пляцоўкай у правядзенні мерапрыемстваў, што ўваходзяць у інклюзіўны праект "Перадай дабро па крузе", які збірае такіх людзей. Творчасць такіх асоб такім чынам становіцца даступнай, створана безбар'ернае асяроддзе, даецца магчымасць праявіць сваё багатае ўнутранае "Я". А пачаўся праект з 2020 года, а менавіта, 3 снежня, калі адзначаецца Міжнародны дзень інвалідаў.

У Лідзе і Лідскім раёне ёсць такія прадстаўнікі - паэты, музыкі, мастакі, майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, людзі, у якіх мноства захапленняў, заняткаў па душы і добрых справаў. Ужо праведзена нямала мерапрыемстваў - сустрэч, выставак з такімі асобамі. Дом Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея супрацоўнічае з ДУ "Лідскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва" - аддзяленнямі дзённага знаходжання для інвалідаў горадоў Ліда і Бярозаўка, з Лідскай раённай арганізацыяй АТ "БелТІЗ", з Лідскай аб'яднанай арганізацыяй ГА "Беларускае таварыства інвалідаў".

2022 год стаў вызначальным і паказальным у правядзенні інклюзіўнага праекта. 10 лютага ў Рэспубліканскім конкурсе культурных праектаў патрыятычнай тэматыкі ў намінацыі "Лепшы інтэрактыўны музейны праект для спецыяльных аудыторый або інклюзіўны праект" "Лідскі гістарычна-мастацкі музей" атрымаў перамогу за інклюзіўны праект "Перадай дабро па крузе…", які праводзіцца на базе Дома Валянціна Таўлая.

27 ліпеня эстафету ў правядзенні і пашырэнні праекта зноў перанялі прадстаўнікі з горада Бярозаўка Пачабут Сяргей Яўгенавіч і Саннікава Вера Леанідаўна. Была адкрыта выстаўка, у якой сышліся два мастацтвы - дэкаратыўна-прыкладное і выяўленчае. У Сяргея Пачабута - графіка, у Веры Саннікавай - вырабы з тканіны - фаамірана і фетра - паштоўкі, брошкі, кніжкі-малышкі, вясельная кампазіцыя і створаныя ў тэхніцы скрапбукінг. У сваіх творчых работах яны пакінулі часцінкі сваіх душ, у якіх праяўляецца жыццёвы погляд на свет, які звычайны чалавек, парой і не заўважае і не бачыць. Выстаўка мае назву "Творчасць як жыццё…"

На адкрыццё выстаўкі сабраліся людзі, якія неабыякава адносяцца да такой незвычайнай творчасці. Аўтары (Сяргей Пачабут і Вера Саннікава) ў сваю чаргу расказалі, адкуль ідуць пачаткі іх майстэрства, адкуль яны чэрпаюць ідэі, хто і што іх натхняе на стварэнне мастацкіх вырабаў і карцін. Шчыра і на ўзнёслай ноце выступіла загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў горадоў Бярозаўка Саўко Наталля Мікалаеўна.

Трэба зазначыць, што члены Лідскай аб'яднанай арганізацыі ГА "Беларускае таварыства інвалідаў" і аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў горада Бярозаўка прынялі ўдзел у конкурснай праграме Міжнароднага фестываля творчасці інвалідаў імя Ігара Лучанка "Віцебск-2022", які кожны год праходзіць у рамках "Славянскага базару" у горадзе Віцебску і атрымалі 6 дыпломаў у 4 намінацыях. Дыпломам 1 ступені была ўзнагароджана Саннікава Вера (ДПМ), дыпломам 2 ступені - Кулеш Марына і Ала (ДПМ), дыпломам 2 ступені - Пачабут Сяргей (выяўленчае мастацтва), дыпломам 3 ступені - Каламійцава Кацярына (аўтарская песня) і спецыяльным дыпломам "За захаванне і развіццё нацыянальнай культуры" у намінацыі "Фальклор. Абрады", да падрыхтоўкі якіх непасрэднае дачыненне мае Саўко Наталля Мікалаеўна. Дыпломы аўтараў выстаўкі і медаль Веры Саннікавай за ўдзел у фестывалі творчасці інвалідаў імя Ігара Лучанка прадстаўлены на выстаўцы.

Выстаўка "Творчасць як жыццё…" будзе працаваць на працягу лета.

Куратар выстаўкі, навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун.

Сустрэча з мінулым і сучасным

Для супрацоўнікаў Слонімскай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа прайшоў факультатыў па краязнаўстве "Сустрэча з мінулым і сучасным". На мерапрыемства быў запрошаны беларускі паэт, літаратуразнавец, гісторык, журналіст Сяргей Чыгрын.

Пісьменнік прэзентаваў новую кнігу паэта з Наваградка Самсона Пярловіча "Сэрца замірае ад тугі", якая нядаўна пабачыла свет у Менску. У сваім выступленні Сяргей Чыгрын пазнаёміў бібліятэкараў з лёсам Самсона Пярловіча, які ў сваім жыцці прайшоў праз шматлікія выпрабаванні і пакуты, найбольшыя з іх былі - гітлераўскія і сталінскія лагеры.

- Каб ушанаваць памяць пра гэтага чалавека, я вырашыў сабраць яго лепшую літаратурную працу пад адну вокладку. Матэрыял збіраўся шмат гадоў, - адзначыў Сяргей Чыгрын.

У выданне ўвайшлі вершы паэта, сатырычныя творы і аповесць "Да белых мядзведзяў", а таксама ўспаміны тых людзей, хто ведаў і сябраваў з Самсонам Пярловічам. Напрыканцы сустрэчы аўтар падзяліўся планамі на будучыню і падараваў сваю кнігу з аўтографам раённай бібліятэцы. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Таццяна Сайчык пажадала пісьменніку творчага натхнення і плённай працы, а кнізе "Сэрца замірае ад тугі" - знайсці годнае месца сярод лепшых літаратурных выданняў Беларусі.

Наш кар.

"Дазволь жа нізка пакланіцца табе, бацькоўская зямля"

У мінулыя выхадныя ў Лідскім раёне адбылося свята вёскі Кір'янаўцы "Дазволь жа нізка пакланіцца табе, бацькоўская зямля". Землякоў вітаў і віншаваў творчы калектыў Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра. Добрым святочным падарункам стаў выступ народнага сямейнага ансамбля Парфенчыкаў.

Наш кар.

Эрдынг: з 2024 года ўсе аўтобусы на электрычнасці

Навіны Германіі

Горад Эрдынг хоча стаць адным з першых муніцыпалітэтаў у Баварыі, якія будуць выкарыстоўваць толькі электрычныя аўтобусы для мясцовага транспарту.

Першы аўтобус кампаніі Scharf у Тыткофене праходзіць выпрабаванні проста цяпер. У горадзе плануецца стварэнне інфраструктуры з зараднымі станцыямі на важных транспартных вузлах, а таксама ўсталёўка сонечных панэляў на новым вакзале. Пра гэта 26 чэрвеня ў гарадской радзе абвясціў мэр Макс Готц (ХСС), на што атрымаў ухвалу ад усіх фракцый.

Горад у супрацоўніцтве з кампаніяй Scharf перайшоў на электрычны транспарт у снежні 2021 года. Усё пачалося з двух электробусаў невялікага памеру на маршруце 580, якія курсуюць паміж тэрмальнымі ваннамі і Айчанкофенам. Удалы досвед прымусіў улады горада пайсц на далейшае павелічэнне аўтапарка на электрычнасці.

Поўны пераход на электрычны грамадскі транспарт за 2 гады

Зараз Готц абвясціў, што ўсе гарадскія транспартныя лініі павінны быць цалкам пераведзены на электрамабілі за найбліжэйшыя два гады. Адкладзены і плаўны пераход на электратранспарт абумоўлены тым, каб у кампаній было досыць часу для ўдзелу ў тэндары. "У іх усё яшчэ ёсць час, які можна выкарыстоўваць для пакупкі неабходных транспартных сродкаў".

Мэр горада растлумачыў, што да канца 2024 года дызельныя мікрааўтобусы, якія ў наш час усё яшчэ выкарыстоўваюцца, павінны быць цалкам выведзены з эксплуатацыі.

Зрэшты, пасля 2024 года цалкам абысціся без дызельных аўтамабіляў усё ж не атрымаецца. Прынамсі, для школьнага транспарту ўсё яшчэ будуць неабходны вялікія аўтамабілі. Іх плануюць выкарыстоўваць толькі раніцай і апоўдні.

Высакародная доля першапраходцаў

Готц падкрэсліў, што горад Эрдынг будзе не толькі першапраходцам, але і ўнясе адчувальны ўнёсак у глабальны пераход транспарту Германіі на экалагічна чысты від энергіі.

- Такім чынам мы значна паменшым колькасць дробнадысперснага пылу ў паветры і шумавое забруджванне горада, - тлумачыць мэр. - У найбліжэйшай будучыні больш кампактныя аўтамабілі атрымаюць шырокі распаўсюд, у выніку гэтага мы спадзяёмся, што большасць перасядзе з асабістых аўто на зручныя і экалагічныя аўтобусы.

Горад Эрдынг і далей будзе выступаць як піянер у вобласці экалагічнага грамадскага транспарту. Ужо цяпер Эрдынг каардынуе свае дзеянні з уладамі акругі. Як вынік, горад таксама будзе ўдзельнічаць у пілотным праекце па выкарыстанні вадародных аўтобусаў.

Паводле СМІ.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Сябруюць, падтрымліваюць, параўноўваюцца з імі, разам працуюць

(Працяг, пачатак гл. № 19, 22, 24. 27 і 30)

АНІКОВІЧ Міхаіл - нарадзіўся ў Томску, беларускія карані па бацьку. Быў супрацоўнікам аддзела палеаліту Інстытута гісторыі матэрыяльнай культуры РАН, памёр у час раскопак у Касцёнках. У кнізе "Паўсядзённае жыццё паляўнічых на мамантаў" (2004) апісаў наведванне рэзервацыі ў кантэксце пытанняў пра перманентную вайну ў першабытнасці і пасля яе, уключаючы "Калі людзі ў Еўропе пачалі ваяваць?" (раней яго паездка ў ЗША не адбылася з-за згубленага перад ёй пашпарта).

"Невыпадкова многія этнаграфічна вядомыя плямёны, якія знаходзіліся ў XIX стагоддзі на стадыі неаліту або ранняга металу (напрыклад паўночнаамерыканскія індзейцы), да прыходу еўрапейцаў жылі ў становішчы перманентнай вайны са сваімі суседзямі, што ніколі надоўга не спынялася. Водгукі ўяўленняў, атрыманых у спадчыну адтуль, жыва выяўляюцца нават у нашы дні, у людзей, якія насяляюць сучасную індзейскую рэзервацыю. Аўтару гэтых радкоў давялося ў 1997 годзе пабываць у штаце Каларада, у археалагічным цэнтры Кроў Кэньён. Гартаючы мясцовы часопіс, я злёгку збянтэжыўся, прачытаўшы, што ваенныя правадыры двух суседніх плямён нарэшце сышліся для заключэння міру. Не верачы сваім вачам, я зверыў даты... Аказалася, усё правільна, на двары дзевяноста сёмы... і індзейская вайна, якая доўжылася ўжо шмат дзясяткаў гадоў... ці стагоддзяў? - падышла да свайго завяршэння. Бакі дамовіліся.

Зразумела, у нашы дні такі "стан вайны" паміж плямёнамі ніколі (ці толькі ў рэдкіх выпадках) не абарочваецца крывапраліццем. Аднак гэта толькі таму, што крывапраліццю перашкаджаюць федэральныя сілы. Дарэчы, індзейскія рэзервацыі - зусім не тое, у чым пераконваліся мы ў піянерскім дзяцінстве. Рэзервацыя ў ЗША - гэта свайго роду дзяржава ў дзяржаве. Тэрыторыя кожнага племені кіруецца па ўласных племянных законах. Федэральны ўрад умешваецца ў гэтае кіраванне толькі ў адным выпадку - пры пагрозе гвалту. У тым жа 1997 годзе мне выпаў гонар быць госцем ваеннага правадыра індзейскага племені Зіа і паназіраць "знутры" жыццё сучасных амерыканскіх індзейцаў. Гэта, сапраўды, было і гонарам, і вялікім поспехам. Добра памятаю, як зайздросцілі мне мае амерыканскія сябры, калі я, навічок у Штатах, які прыехаў трохі папрацаваць у археалагічным цэнтры Кроў Кэньён, нечакана атрымаў такое запрашэнне. Справа ў тым, што для любога белага чалавека, няхай гэта будзе іншаземец або грамадзянін ЗША, уваход і ўезд на тэрыторыю рэзервацыі катэгарычна забаронены. Патрапіць туды можна толькі па адмысловым запрашэнні правадыроў племені. Так што вельмі многія сучасныя амерыканцы ніколі не бывалі на "індзейскай тэрыторыі" - і зусім не таму, што яны самі гультаяватыя і нецікаўныя. Затое кожны індзеец ЗША ў нашы дні мае канстытуцыйнае права прыехаць і жыць на тэрыторыі любога штата".

Пасля гэтага навуковец працягвае адказваць уласна на пытанне, што паставіў: " Калі людзі ў Еўропе пачалі ваяваць?" - робячы, як і Энгельс, як і мноства іншых, экскурсы ў першабытнасць.

БРАНІЦКІ Морыс - сям'я вядомага арганізатара культурных абменаў "Індзейцы - Стары свет" Гордана Браніцкага (нар. 1949), які прывёз у Менск у 1996 г. навахскага выканаўца Уільяма Язі, пераехала з Марцінсберга (Заходняя Вірджынія) у Альбукерке (Нью-Мексіка) у 1955 г. У гэтым адным з самых індзейскіх штатаў яе некалькі разоў (да сваёй смерці ў 1964 г.) наведваў дзед Гордана Морыс Браніцкі (нар. 1879 г. у "Orodisktze, Belarus" - мясцовасць у "Minski gebiet" (павеце, раёне, губерні або вобласці?); прыехаў у ЗША ў 1905 (па звестках Гордана ў яго лісце ад 3.2.1994 - у 1907); жонка - Гітэль Кесін (Kessin) (1884, Смілавічы - 1939)) Ён не цікавіўся індзейцамі, і Гордан не дае сведчанняў пра яго запамінальныя сустрэчы з індзейцамі: "Магу смела сказаць, што мой дзед ніколі не сустракаўся з індзейцамі і не бываў у якім-небудзь з пуэбла" (яго электроннае паведамленне ад 26.07.2022). У ЗША ён жыў толькі Брукліне, дзе ў яго і Гітэль магчымасць сустрэч з гарадскімі індзейцамі была параўнальна невялікая.

БУРЭ Павел - былая мянчанка нарадзіла яго ў менскай бальніцы, хоць у метрыцы запісаны масквічом. У час выступленняў за "Ванкувер кэнакс" сябраваў са славутым хакеістам-індзейцам Джына Оджыкам.

"- У "Ванкуверы" вы сябравалі са сваім партнёрам па камандзе, карэнным індзейцам Джына Оджыкам.

- Так, дакладна. У нас у камандзе было правіла - прыходзіць на гульню ў гарнітуры і гальштуку. Дык вось, Джына мог павязаць адмысловую індзейскую стужачку - яму залічвалася за гальштук. Усе паважалі яго традыцыі. Оджык - мой блізкі сябар, і я шмат часу праводзіў у іх грамадзе. Разам ездзілі на паляванне, займаліся дабрачыннасцю. Джына - кумір усіх індзейцаў Паўночнай Амерыкі. Мала хто з іх па-сапраўднаму гуляў у НХЛ. І мы выхоўвалі мясцовых дзяцей - калі будзеце займацца спортам, то станеце такімі, як Оджык.

Не трэба думаць, што індзейцы проста так хадзілі і ўсім скальпы здымалі. Гэта была ўвогуле іх зямля, а яе проста забралі. Калі я апошні раз сустракаўся з адным з правадыроў, ён расказаў, што яго племя зараз выйграла справу ў вярхоўным судзе Канады. Цяпер ім павінны плаціць кантрыбуцыю - было даказана, што зямлю адабралі незаконна.

Дарэчы, у рускіх і індзейцаў вельмі падобны характар. Калі яны нешта гавораць, то спрабуюць зрабіць. Людзі слова.

- Люльку міру курылі?

- Не, тым больш там не тытунь, наколькі вы ведаеце. Таму яна і называецца люлькай міру, - смяецца Бурэ. - І з духамі не размаўлялі. Наогул, мы больш гулялі ў хакей.

- Аднаму са сваіх сыноў Оджык даў імя... Бурэ.

- Хакеістам ён не стаў. Апошні раз яго бачыў, калі мяне гады тры таму ўводзілі ў залу славы ў Таронта. Хлопец жыве, займаецца сваімі справамі. Вялікі ўжо стаў. Ох, ляціць час…" (Павел Буре: Путин сказал мне, что играл в валенках во дворе / интервью П. Лысенкова / Комсомольская правда. 2015. 30 сент. С. 19; гл. таксама пра іх адносіны: Джой Ю. Профессия - тафгай // Аргументы и факты. 2004. Сент. № 36. С. 32, кнігу Ф. Раззакава "Российский хоккей: от скандала до трагедии", "Кто есть кто в мире" (2003) і інш.).

Бурэ, вядома, сустракаўся і з індзейцам-кры Дж. Чычу, які выступаў за "Дынама" (Менск) у 2014-2016 гг., а "частковы беларус" Уэйн Грэцкі - з усімі імі.

РАТНЕР-ШТЭРНБЕРГ Сара - падпаліла сябе ў стрэсавым стане хваробы ў блакадным Ленінградзе - на рабоце, дзе і жыла; і ў "мірны" час адрознівалася неспакоем з розных нагод. Яе працяглым індзейскім кантактам быў аспірант у іх музеі Арчыбальд Фіні (у рускіх крыніцах Финней - Фіней) з нэперсе. У СССР ён быў з лістапада 1932 па травень 1937 г. Успаміны пра бачанага Фіні пакінуў шэраг вядомых асоб, у т.л. геолаг А. І. Жамойда. Тэксты Фіні, легенды індзейцаў - "Брат арла", "Чаму індзейцы танцуюць Танец арла", "Танец арла" (суаўтар М. Мадсен) - з'явіліся ў часопісе "Костер" з малюнкамі І. Харкевіча (Храпавіцкага) у № 1 і 3 за 1938 г.

Магіляўчанка па нараджэнні, яна працавала як памочніца мужа ў МАЭ ўжо ў 1910 г. (спецыялізавалася па этнаграфіі "паўночна-заходніх індзейцаў", перш за ўсё тлінкітаў, што адзначана і ў даведніку "Навука і навуковая работа ў СССР"). Выйшлі яе пераклады з англійскай, у т.л. раздзелы ў вялікім аглядзе "Народы свету ў норавах і звычаях" (выданне выйшла ў 16-ці выпусках як бясплатны дадатак да часопіса "Природа и люди" за 1916 г.). Cклала "Даведнік па Музеі антрапалогіі і этнаграфіі імя Імператара Пятра Вялікага. Паверх I. Зала I. Паўночная Амерыка" (1917) з "Этнаграфічнай картай распаўсюджвання індзейцаў, эскімосаў і алеутаў". Аналагічнае выданне 1929 г. складаецца з уводнай часткі, прысвечанай агульнай характарыстыцы культуры індзейцаў Паўночнай Амерыкі ("Паходжанне тубыльнага насельніцтва. Мова. Гаспадарча-эканамічнае жыццё. Тэхналагічныя вытворчасці. Жыллё. Сродкі перамяшчэння. Зброя і прылады. Рэлігія. Тайныя таварыствы. Рэлігійныя цырымоніі. Ахвярапрынашэнні. Татуіроўка і афарбоўка цела. Пахавальныя і жалобныя абрады. Месіянства. Сацыяльнае жыццё індзейцаў. Грамадскія гульні. Каляндарная сістэма. Пісьменнасць. Галоўныя цэнтры культуры. Міграцыі"). Потым ідзе "Класіфікацыя тубыльнай Паўночнай Амерыкі" і "План аддзела", даюцца асобныя характарыстыкі індзейцаў Субарктыкі і Канады; ціхаакіянскага схілу; Каліфорніі і Арэгону; Паўднёвага Захаду і Паўднёвага Усходу; раўнін і лясной зоны… Ёй жа падрыхтаваны агульны "Даведнік па Музеі..." (Петраград, 1917-1918).

З іншых публікацый перыяду жыцця ў Ленінградзе Фіні можна адзначыць яе артыкул "Сям'я і род у заходніх індзейцаў Паўночнай Амерыкі (Паводле навейшых даследаванняў)" (у кн. "Пытанні гісторыі дакласавага грамадства", 1936) і надрукаваны ўжо пасля смерці нарыс "Плямёны Каліфорніі і Вялікага Басейна" ("Народы Амерыкі", т. 1, 1959), адносіцца да рэгіёну, у якім жыло племя Фіні. На 1936 і 1937 гг. прыходзіцца выданне яе кнігі "Чорныя і белыя ў Злучаных Штатах Амерыкі". Да гэтага ж часу, на думку даследчыцы В. Хорынай, верагодна, адносіцца і яе неапублікаваны машынапіс "Краснокожие "дикари" и белые "цивилизаторы"" (СПФ АРАН Ф. 282, оп. 4, д. 7. С. 8-161). Напрошваецца ідэя выдаць гэты навукова-папулярны нарыс, хаця ён і можа трактавацца палітычна ангажаванам і недарэчным для публікацыі ў наш час.

ШОСТАК Генрык - нарадзіўся ў сям'і асаднікаў на Піншчыне, малым хлопчыкам спазнаў лёс выгнанцаў у Сібір; апісаў шмат сустрэч з індзейцамі ў кнізе пра падарожжы "Ад Аляскі да Ушуаі" (на англ. мове, 2016). У анатацыі да яе паведамлялася, што гэта было ажыццяўленне яго дзіцячай мары наведаць Магеланаў праліў. У 1998-1999 гг. (на працягу 8 месцаў) ён з жонкай аб'ехаў увесь кантынент, наведаўшы дадаткова востраў Пасхі (Вялікадня): з Чыкага праз Цэнтральную Амерыку да паўднёвай ускраіны Аргенціны, адкуль вярнуліся на поўнач да Белема, дзе іх "дом на колах" адправіўся на баржы ў 1000-мільную паездку па Амазонцы ў Манаўс. Потым яны паехалі ў Венесуэлу, іх машына была перавезена ў Х'юстан, яны ж паляцелі назад у Чыкага. У першай палове 1999 г. яны здзейснілі трохмесячную паездку па Алясцы. "Увесь 40 000-мільны шлях быў напоўнены мноствам захапляльных момантаў, эфектнымі краявідамі і цудоўнымі людзьмі. Гэта сведчанне і заахвочванне для ўсіх аматараў прыгод ва ўсім свеце".

Генрык і Донна Шостакі пачалі аўтамабільныя паездкі ў 1981 г., наведваючы сваіх шасцярых дзяцей у каледжах на працягу дзесяці гадоў. Іх любоў да падарожжаў на аўтафургонах мела вынікам праведванне такім спосабам 49 штатаў (г.зн. толькі без Гаваяў) і Новай Зеландыі, увогуле ж яны наведалі больш за сто краін. Шостакі жывуць у Паўднёвай Каліфорніі (Лагуна-Вудс).

У адрозненне ад Г. і Ж. дэ Марэншыльдаў, Шостакі рэалізавалі кнігу пра падарожжа. Іх падарожжа заняло прыкладна на адзін месяц менш, чым у Марэншыльдаў, але расцягнулася на адлегласць да Аляскі і Вогненнай Зямлі…

Кніга поўная экскурсаў у гісторыю і розныя геаграфічныя, стыхійныя (прыродныя) і іншыя моманты, якіх яны самі не бачылі, але Шостак дае звесткі пра гісторыю апачаў, сіў, ваюю, згадваюцца чарнаногія, кроў, майя, мапучэ і іншыя індзейскія народы, у ёй можна знайсці згадкі індзейскай вёскі Кавак, нацыянальнага лесу Чырыкаўа і Форт-Боўі, Універсітэт грамады Сэдлбэк… У падарожжы ім давялося лічыцца і з неабходнасцю атрымаць дазвол на рух праз Ч'япас ад паўстанцаў-сапатыстаў, яны пішуць пра ч'япаскія гарады Сан-Крыстобаль, Камітан. У Манагуа сустрэлі жанчыну з-пад Пінска, якая працавала ў гатэлі "Эль Каміна Рэаль" (яе муж абучаў вайскоўцаў-сандзіністаў, пасля заканчэння перыяду актыўных савецка-нікарагуанскіх зносін яны не вярнуліся на радзіму).

Наступныя цытаты перадаюць манеру Шостака: "Затым індзейскі гід адвёз нас у домік з вясковым рэстаранам, дзе мы елі ў крытых травой хацінах і пры свечках. Ежа была простай, але піва "Палярнае" было халодным і сытным. Пасля абеду мы былі загнаныя назад у нашы хаціны". "Ла-Гран-Сабана сапраўды была даволі прымітыўная і населеная карэннымі індзейцамі. Урад Венесуэлы пастараўся ... Далей па дарозе мы наткнуліся на знак, які паказваў на індзейскую вёску. Урад Венесуэлы пабудаваў..." "Адзін індзеец дэманстратыўна падняў руку над галавой у нейкім родзе вітання. Навакольны пейзаж нагадваў нам мясцовасць у аддаленых Дакотах, за выключэннем таго, што тут на гарызонце вырысоўваліся заснежаныя Анды". "Яна прапанавала нам правесці некалькі начэй у сапраўднай індзейскай вёсцы, якая дзейнічае як партнёрства паміж урадам і карэнным насельніцтвам. Яна сказала, што гэта абсалютна бяспечна, але даволі прымітыўна". "Час ад часу каля баржы прышвартоўвалася індзейскае каноэ, у асноўным з маладымі хлопцамі. Індзейцы прывозілі на продаж бананы, амулеты і цацанкі. Яны прадавалі бананы за каністры саляркі, але нашу групу гэта мала цікавіла..." "Азартныя гульні былі ўведзены на індзейскай зямлі, і павелічэнне даходаў прынесла росквіт вобласці. Горад ажыўлены і яркі, у адрозненне ад Тумстаўна ў Арызоне, які паўстаў ва ўмовах беззаконня. За Дэдвудам мы павярнулі на поўнач..." "Мы дакладна былі на тэрыторыі індзейскай рэзервацыі. Мы паехалі ў бок Браўнінга, горада чарнаногіх, дзе пражывае каля тысячы чалавек. Ён мае Музей індзейцаў раўнін, грамадскі каледж, і спрыяе захаванню старажытнай культуры і мовы чарнаногіх". "Калі мы перасеклі мяжу Мантаны, мы апынуліся ў індзейскай рэзервацыі Народа кроў. Далей на поўнач мы падышлі да нацыянальнага мемарыяла "Поле бітвы Літл-Бігхорн", дзе індзейскі сілы пацярпелі сур'ёзнае паражэнне ад Сёмага кавалерыйскага палка". "На другім беразе ракі была вялікая індзейская рэзервацыя Колвіл, рэшткі калісьці вялікага індзейскага народа, якая цягнулася на ўсход да штата Мантана..." "Вялікая колькасць велізарных участкаў былі пазначаны як дзяржаўныя лясы або індзейскія рэзервацыі. Багацце дрэў на поўначы ўносіць вялікі ўклад у эканоміку штата. Выток магутнай ракі Місісіпі знаходзіцца ў парку штата Ітаска".

ЯЎМЕНАЎ Леанід - атрымаў фота з аўтографам жонкі Леанарда Пелціера Стэфані Отам (Отам-Пелціер) у Жэневе, дзе ў 1987 г. старшынстваваў на 43-й сесіі Камісіі па правах чалавека ААН (2.02-13.03. 1987). Гэты факт засведчаны ў інтэрв'ю ў рубрыцы "Палітычны глобус "Беларусі"" галоўнага рэдактара А. Шабаліна з беларускім дыпламатам Л. Яўменавым "На парадку дня - правы чалавека" (1988, № 3 (591), с. 10-12; тыраж - 16 тыс. (з 2022 г. часопіс выдаваўся толькі на англійскай і кітайскай - некалькі сотняў экз., выпуск беларускай версіі прыпынены)). У тэксце Пелціер і індзейцы не згадваюцца, але фота падпісанае так: "Удзельніца сесіі Стафанія Восень Пелціер (справа), жонка вядомага барацьбіта за правы чалавека ў ЗША Леанарда Пелціера. На адвароце фатаграфіі яна ўласнаручна напісала: "Супраціўляцца да канца!""

У "Official Records, 1987, Supplement No. 5" сесіі зафіксаваны ўдзел у ёй, прадстаўленне матэрыялаў, каментарыяў Міжнародным саветам па дагаворах карэннага насельніцтва - ён неаднаразова згадваецца як крыніца інфармацыі, прадстаўленая на сесіі. Таксама 11 сакавіка ініцыятыва Кубы, якую падтрымалі Мадагаскар, Нікарагуа і Сірыя, была прадстаўленая ў праекце рэзалюцыі "Policy of human rights violations of the Government of the United States of America". У яе тэксце ёсць агульныя абвінавачванні ў абыходжанні ЗША з індзейцамі, а ў прыватнасці - нядаўняе выгнанне індзейцаў са сваіх мясцін у Арызоне і пагрозы з боку экстрэмісцкіх груп, такіх як Ku-Klux-Klan і White American Resistance - у адносінах не толькі да неграў, але і індзейцаў, што "struggling for their right to self-determination, with the consent and involvement of the police forces and authorities of the United States".

Гэта адзін з двух найбольш значных эпізодаў, калі стала вядома пра праіндзейскую дзейнасць беларусаў у ААН. У многіх публікацыях на англійскай мове цытуецца выступленне ў 1948 г. Леаніда Камінскага, беларускага прадстаўніка ў ЭКАСАС, у які БССР была выбрана на трохгадовы тэрмін. Напрыклад, у кнізе "The United States and Genocide: (Re)Defining the Relationship" (2017) Дж. С. Бахман цытуе з артыкула "Cultural Genocide, the Universal Declaration, and Minority Rights" (аўтар Johannes Morsink, Human Rights Quarterly, V. 21, № 4, Nov. 1999) словы Камінскага, які паставіў пад сумненне добрасумленнасць ЗША ў перамовах, улічваючы іх стаўленне да карэнных народаў, заявіўшы, што "паўночна-амерыканскія індзейцы практычна перасталі існаваць у Злучаных Штатах". Вялікая колькасць цытаванняў гэтага выказвання ў англамоўных выданнях - "ланцуговая рэакцыя" на з'яўленне яго ў згаданым артыкуле, прымеркаваным да 50-гадовага юбілею Дэкларацыі правоў чалавека; зробленае ў рамках падрыхтоўкі яе, міжнародных вызначэнняў генацыду, уключаючы адносіны да карэнных народаў, яно прыцягвае ўвагу даследчыкаў гэтай праблематыкі. Магчыма, яны не ведаюць, што пасля той сесіі Камінскі аказаўся ў ГУЛАГу як "амерыканскі шпіён". Ён быў ураджэнцам Магілёва.

28.4.1994 г. у лісце № 23 мы пісалі Яўменаву ў сувязі з новымі прыкладамі ўвагі беларускай дзяржавы да індзейскага пытання: "Паважаны Леанід Фёдаравіч! 13.6.1993 па радыё С. С. Агурцоў паведаміў склад дэлегацыі ў Вену. Ён згадаў, што на канферэнцыі будзе разглядацца і праблематыка "карэнных народаў з ЗША і Канады".

На жаль, як і ў большасці падобных выпадкаў, мы не даведаліся пра вынікі паездкі нашых прадстаўнікоў. Будзем удзячны, калі забяспечыце БІТ адпаведнай інфармацыяй. Асабліва нас цікавіць, ці згадваўся зямельны зыск індзейскага народа возера Любікон, калектыўнага члена нашага таварыства.

У свой час мы пасылалі Вам агляд па беларуска-індзейскіх сувязях, спадзяваліся ўбачыць яго калі не ў "Нёмане", то ў адным з Вашых выданняў (накшталт колішняга "Кризиса империализма"). Ці існуе такая магчымасць цяпер? Мінскія газеты ігнаруюць нашы кароткія паведамленні па падзеях у Амерыках. Магчыма, таму што яны не ідуць па каналах "ТАСС".

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Вайна ў 1920 годзе*

Успаміны і разважанні

Генерал Люцыян Жалігоўскі

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

На наступны дзень уся дывізія сканцэнтравалася ў Вышкаве.

Удар з-над Вепжа нястрымна набліжаўся.

* * *

Звернемся цяпер дв крыніц нашых праціўнікаў, якія пішуць пра Радзымінскую бітву. Як вядома, на Варшаўскі плацдарм была скіравана 16-я армія, маючы на сваім правым крыле 27-ю дывізію пяхоты. Сяргееў у сваёй кніжцы "Ад Дзвіны да Віслы" называе гэтую дывізію адной з найлепшых. Яе камандзір п. Путна напісаў вычарпальную і ўжо тут цытаваную працу "Да Віслы і назад".

З працы гэтай даведваемся, што пасля заканчэння грамадзянскай вайны і ліквідацыі арміі Калчака, супраць якой 27-я дывізія змагалася вельмі добра, размясцілі яе ва Усходняй Сібіры, у раёне Анчынска ці каля шасці тысяч кіламетраў ад Варшавы. Там застала яе вестка пра вайну з Польшчай. Як піша п. Путна, дывізія звярнулася з просьбай да вышэйшага камандавання, каб яе паслалі на польскі фронт. У час паездкі праз Сібір і ўсю Расію камандзір дывізіі забараніў маляваць самыя разнастайныя лозунгі на вагонах, як у той час у Саветах было ў звычаі, замест гэтага ўсюды віднеўся адзін лозунг у два словы: "Даёшь Варшаву!" Неўзабаве гэтыя словы сталі лозунгам усёй арміі і атрымалі незвычайную папулярнасць. Путна запэўнівае, што ў ходзе грандыёзнага падарожжа не толькі не было выпадкаў дызертырства, а штаты колькасна павялічыліся, калі высаджваў транспарты ў Оршы. Гэтыя факты высвятляюць як найвыразней настроі расійскай арміі.

27-я дывізія атрымала кірунак на Лайск - Яблонную. Тут адбыўся цікавы выпадак. Калі 16-я армія выконвала марш на Варшаўскі плацдарм, у той час 3-я армія была на правым беразе Буга, імкнучыся апанаваць фарты Зэгжа. 3-я армія ў мэтах аблягчэння задачы 16-ай арміі выслала адну сваю дывізію, менавіта 21-ю, якая мела выцяць у кірунку Зэгжа - Залубіцы на нашае левае крыло. Адначасова атрымала гэтая дывізія загад заняць Прагу і Варшаву. Ужо з Вышкава скіравалася на Радзымін, і 13 жніўня абедзве дывізіі сустрэліся перад нашай першай лініяй, якую бараніла 11-я дывізія, а пасля фарсіравання гэтай лініі адначасова занялі Радзымін. Наступіла не толькі скрыжаванне шляхоў, але і скрыжаванне намераў. Адгэтуль у мізэрным мястэчку Радзыміне бачым аж дзве дывізіі ці 18 палкоў пяхоты. Дывізіі гэтыя дбалі пра свой гонар і гонар сваіх армій, у асноўным узаемадзейнічаючы, стараліся, паводле Путны, "перахітрыць" адна адну, каб дасягнуць першынства ў заняцці нашай сталіцы. Наступае на гэтым фронце вельмі значная канцэнтрацыя сіл, і палкі як бы ў перапляценні праводзяць ноч з 13 на 14 жніўня. Камандуючы 16-й арміі, каб не аддаць лаўраў узяцця Варшавы дывізіі чужой арміі, у загадзе ад 13-га, які ўжо цытаваў, гаворачы пра ўзаемадзеянне да сваёй дывізіі, дае ёй зразумець, што яна павінна заняць Варшаву.

На поўдзень ад Радзыміна дзейнічала 2-я савецкая дывізія ў кірунку на Цёмнае, таму ваявалі на гэтым адрэзку тры дывізіі расійскай пяхоты, гэта значыць 27 палкоў у сваю чаргу вельмі малога колькаснага штату.

Нічога дзіўнага, што расцярушаная на той прасторы наша 11-я дывізія напору гэтага вытрымаць не патрафіла, і расейцы апанавалі Радзымін, Цёмнае, Цагельню і Слупна ўжо ў першы дзень. Падобна і 1-я літоўска-беларуская дывізія, якая ў контрнаступленні здабыла Радзымін, не магла там утрымацца з-за пагрозы яе флангам ад Слупна і Цёмнага. Таму адступіла на другую пазіцыю (нямецкую), але аддзелы 27-ай савецкай дывізіі перлі наперад і ўжо ў поўдзень прайшлі і гэтую, слаба ўмацаваную, лінію паміж Волькай Радзымінскай, Матай і Бен'ямінавым, кіруючыся на Аляксандраў, Ізабелін і Яблонну.

Тэрыторыя гэтая добра падходзіць для наступлення, бо вельмі залесеная і пачынаючы ад ракі Жондзы аж да Прагі нашая артылерыя нідзе не магла перашкодзіць руху праціўніка. Быў гэта якраз момант уваходу ў справу 10-ай дывізіі. Путна скардзіцца, што не ўсе сілы 16-й арміі ўзялі ўдзел у наступленні і ўвесь цяжар бою клаўся выключна на палкі 27-ай, 21-ай і 2-ой дывізій, якія змагаліся ў Радзыміне і яго ваколіцах.

Вечарам, уласна, калі 10-я дывізія ўваходзіла ў акцыю, расійская групоўка была наступная:

1) 27-я дывізія займае пагорак (высату) 37,2 скраю лесу насупраць Непарэнтаў. Волька Радзымінская, Ізабелін, Слупна, Чорная Старая. Ведае пра рух нашай 10-й дывізіі. Усе дывізіі 16-й арміі прыбылі ўжо на поле бітвы, і іхнія штабы ўстанавілі тэлефонную сувязь. Пастаноўлена на світанні выконваць загад далейшага наступлення. А 2-й гадзіне ночы выдадзены загад пра тое далейшае наступленне на Лайск - Яблонну. Камандзір дывізіі ў добрым настроі і жартаўліва акрэслівае сітуацыю, як "далёкую ад плачэўнай".

2) 21-я дывізія атрымала заданне сканцэнтравацца ў раёне Завады, Мокрае, Радзымін і выцяць праз Непарэнты на Велішава і тылы Зэгжа. Частка гэтай дывізіі правяла ноч у Слупне, каб назаўтра далучыцца да дывізіі ў Непарэнтах. Гэтая дывізія не брала ўдзелу ў баях 14 жніўня, рыхтуючыся да сваёй новай задачы.

3) 2-я дывізія стаяла за 27-й дывізіяй у раёне Радзымін, Цёмнае, Дучкі.

Распачала наступленне 81-я брыгада 27-ай дывізіі значна раней за азначаны тэрмін, пасоўваючыся ў кірунку на Куты Вянгерскія - Яблонну, адзін з яе палкоў дабраўся ажно да Юзафова і заняў нейкія вучэбныя акопы паблізу ад Яблонны.

У гэты час, а 1-й гадзіне ночы ў глыбокіх тылах гэтага палка, на адлегласці нейкіх пяці кіламетраў распачалася густая страляніна. Была гэта якраз атака батальёна Паганоўскага. Паслалі вершнікаў да рэзерву, які складаў 242-гі полк, але палка гэтага не ўдалося знайсці. У выніку таго 243 полк пачаў адступаць, а дайшоўшы да вышыні Волькі Радзымінскай зусім нечакана ўбачыў перад сабой правае крыло 28-га палка, наступаўшага на Вольку. Крыло гэтае паводле Путны, ён атакаваў, але адначасова працягваў адступаць на Вольку, несучы з сабой каля 200 параненых.

Момант атакі Паганоўскага так апісвае Путна:

"Каб адбіць нашую атаку, непрыяцедь з раёна Пустэльніка павёў энергічнае наступленне ў кірунку на поўнач на фронце Слупна - Пякельнае - Варота - Рамбяльшчызна. Выкідваючы са Слупна часткі 21-й дывізіі, адкінуў ён і наш 242-гі полк і зрабіў гэта з такой хуткасцю, што полк нават не здолеў паведаміць 243-му палку, які высунуўся да Кутоў Вянгерскіх".

Ад гэтай хвілі 27-я савецкая дывізія траціць раўнавагу. Не дапамагае адбіццё атакі 1-ай літоўска-беларускай дывізіі ані тое, што іншыя дывізіі былі гатовыя яе падтрымаць.

Выказваючы прэтэнзіі іншым дывізіям, што адначасова не ўзаемадзейнічалі, Путна піша, што мы атрымалі значнае папаўненне, сярод якога штучна раздувалі нянавісць да маскалёў, і сцвярджае:

"Толькі тым можна вытлумачыць упартасць, з якой непрыяцель праводзіўапошнія атакі і наступленне".

"У нашых высілках становіцца заўважным пералом і пераход ад актыўнасці да пасіўнасці".

А 13-й гадзіне 21-я дывізія замест таго, каб наступаць на Непарэнты і Велішава, была занятая адбіццём атак 28-га і 29-га палкоў. Не можа яна выканаць сваю задачу і распачынаюцца зацяжныя, цяжкія баі за Мокрае. Высілкі цэлай дывізіі не могуць справіцца з супрацівам нашых двух палкоў, не здольныя зрушыць іх з месца.

Што да нашых непрыяцеляў, то справядлівасць вымагае, каб дадаць, што да пераломнага моманту баі вяліся ім вельмі станоўча з разуменнем баявой сітуацыі. Асабліва там, дзе дзейнічала 27-я савецкая дывізія, адчувалася дасканалае кіраўніцтва і энергія брыгад і палкоў. Кожная баявая ўдача, а асабліва ў час атакі 1-ай літоўска-беларускай дывізіі на Радзымін, выкарыстоўвалася імгненна і з разуменнем не толькі тактычнай але і псіхалагічнай сітуацыі.

Баі з конніцай

Конніца Гая, яе якасць і тактыка. - Далейшыя маршы 10-й дывізіі. - Пад Хажэлямі. - Спатканне з генералам Картанам дэ Вярт. - Нашая памылковая тактыка. - Перакідванне дывізіі на паўднёвы фронт. - Будзённы. - Спосабы баёў з конніцай.


Конніцу Гая мы мелі часта падчас адходу на крыле і нават за крылом. Калі штаб групы станавіўся на пастой, першай яго справай было абсаджэнне кулямётамі мураваных дамоў, ветракоў, высокіх будынкаў і да т.п. Ніколі, аднак, конніца не адважвалася на атаку. У Саколцы падавалася, што нарэшце адважыцца яна выцяць на штаб групы і адступаўшыя з-пад Гародні аддзелы, асабліва на брыўшыя па шашы абозы.

Асцярожнасць была, аднак, асноўнай рысай гэтай конніцы. Круціліся адзіночныя патрулі, рабіліся самыя розныя манёўры ў найбліжэйшым суседстве з намі, але хапала некалькі трапных выстралаў, якія нагадвалі пра існаванне парадку, каб конніца з вялікай спешкай адышла шукаць лягчэйшых і бязбольных поспехаў. Часамі даходзілі з левага флангу звесткі пра высячэнне ў пень той або іншай маршавай роты, адпачываўшага без забеспячэння батальёна або, што найчасцей, аб сплюндраванні абозу. Ніякага больш сур'ёзнага дзеяння конніца на нашых тылах ніколі не выконвала.

Трэба сказаць, што праз увесь час конніца гэтая мела задачу моцна аблегчаную. Як у Вільні, так і ў Гародні і пазней у Асаўцы не сустрэла сур'ёзнага супраціву і яе камандзір Гай мае рацыю, з гонарам пералічваючы ў сваёй кніжцы ўсе гарады і фартэцы, якія здабыў яго корпус. Для афіцэраў конніцы і гісторыі кавалерыі будзе рэччу цікавай бліжэй вывучыць тактыку гэтага корпуса. Няма сумневу, што яго камандзір патрафіў здабыць са сваіх кавалерыстаў энергію і вялікую здольнасць руху. Узнікаюць, аднак, сумненні адносна мэтаў, якія ставіліся гэтай конніцы.

Накіроўваючыся ў нашыя найглыбейшыя тылы, трымалася яна пастаянна нямецкай граніцы, а магла зрабіць у тылах 1-ай арміі значна болей, бо армія гэтая не была згрупаваная ўглыбіню і змагаючыся з пераважнай па сіле пяхотай, мела адкрытыя тылы. На ўсёй велізарнай прасторы нашага адступлення, савецкія 4-я і 15-я арміі, якія карысталіся корпусам конніцы, маглі знішчыць 1-ую армію, аблягчаючы сабе значна большыя задачы. Аднак далёкія мэты і занадта шырокае ўспрыняцце стратэгічных задач перашкодзілі расейцам ў дасягненні рэальнай карысці асабліва пад Замбравам і Востравам, дзе страта паўночнай групы падавалася непазбежнай.

Сяргееў гаворыць, што стан коней не дазволіў выканаць загон на Малкіну. Лічу гэты довад за неістотны. Конніца ніколі не задаволена станам коней, але заўсёды можа яго паправіць за кошт мясцовага насельніцтва. Здаецца, і конніца Гая не рабіла сабе ў той меры лішніх праблем, што тычыцца неабходнасці рэквізіцыі. Падаецца мне больш праўдападобным, што не любіла яна сустракацца з лінейнай пяхотай і хацела пашукаць лягчэйшых заданняў.

Ва ўсялякім разе корпус Гая мог нам у 1920 г. прычыніць значна больш клопатаў і цяжкасцяў, чым зрабіў у сапраўднасці, ідучы па найменшай лініі супраціву і залішне для сябе цэнячы блізкасць нямецкай мяжы. Калі на поўдні конніца Будзённага абапірала сваю тактыку на агні і руху, Гай абапіраўся выключна на рух. Там і вынікі дзейнасці гэтых дзвюх груп розныя.

П. Тухачэўскі скардзіўся, што не мог нідзе дагнаць нашыя войскі, каб нанесці ім паразу. Чаму ў той час не прымянілі конніцу, каб праехалася па тылах 1-й арміі і нават 4-ай арміі. Не вядома яшчэ, што б з гэтага выйшла, але рацыя вайны вымагала таго абавязкова. Конніца затрымала б нашыя адступаўшыя дывізіі, а пяхота магла б у той час спрабаваць задаць ім паразу. Што да нас, то ад дзён Шаркаўшчыны, дзе корпус конніцы з аглядкай абмінуў нашую групу і замест стварэння "Седана" памчаўся шукаць шчасця недзе ў далёкіх тылах, страцілі мы да той конніцы ўсякую павагу. Было відочна, што яна моцна баялася агню пяхоты і не вельмі прыгодная для выканання вялікіх стратэгічных задач. Наколькі конніца на поўдні пад камандаваннем Будзённага далася нам у знакі, заслугоўваючы на тое, каб уважліва вывучуць яе спосабы вайны, настолькі конніца на поўначы акрамя заняцця амаль безабароннай і агорнутай панікай Гародні, а пазней Ломжы, не заслугоўвае на большую ўвагу. Было гэта крыважэрнае войска, але каб мець поспех, шукала безабаронных людзей. Толькі ў час адступлення конніца выявіла вялікую энергію. Шкода, што з-за нашых памылак здолела перайсці ва Усходнюю Прусію.

19-га жніўня ўся дывізія сканцэнтравалася ў Вышкаве. На поўначы адбываўся гвалтоўны адход 3-й і 15-й савецкіх армій і трэба было як найхутчэй адразаць ім дарогу рухам на Астраленку.

У гэты час дывізія атрымала зусім нечаканы загад камандуючага фронту, які прадпісвў ёй марш на Пултуск у склад 5-й арміі, пасля чаго з Вышкава перайшла ў Пултуск, дзе мусіла ўброд фарсаваць Нарву бо масты былі знішчаны адступаўшымі савецкімі дывізіямі. Быў гэта той момант, які так справядлівакрытыкуе ў сваёй працы маршал Пілсудскі, гаворачы:

"Таму калі 19-га вечарам 15-я армія паспешна адходзіла на ўсход, наша 1-ая арміяпрадпрыняла забаўны манёўр пераходу з цяжкасцю Нарвы акурат у адваротным парадку - на захад".

Цяжка сёння зразумець гэты наш манёўр. Ідучы на поўнач дывізія прынесла б шмат шкоды 5-й і 15-й савецкім арміям, а выходзячы на заходні бераг Нарвы не мелі там што рабіць.

Нарва як бы не толькі перагароджвала тэрыторыю, але і псіхалогію нашых армій. Падчас, калі на ўсходнім беразе панаваў радасны настрой перамогі, на заходнім трываў яшчэ стан вялікага знервавання.

Выконваючы памылковы манёўр дывізія страціла магчымасць двухкратнага перарэзвання дарогі непрыяцелю: ідучы з Вышкава на Астраленку перарэзалі б дарогу 3-й і 15-й арміям, а ідучы з Пултуска на Хажэлі: 4-й арміі і коннаму корпусу Гая.

Замест гэтага 21-га жніўня дывізія стаяла ў Галыміне, а 22-га атрымала загад маршу на Пшасныш. Калі мы дайшлі да Пшасныша, даведаліся, што савецкая армія прайшла Хажэлі. Паехаў туды на ўтамабілі разам з ад'ютантам. Бой быў ужо скончаны. Расійскія аддзелы прарвалі фронт нашай сібірскай брыгады, нанёсшы ёй вялікія страты, і пайшлі на Мышынец.

Выгляд поля бою рабіў жудаснае ўражанне. Ляжала на ім вялікая колькасць трупаў. Былі гэта ў пераважнай большасці нашыя жаўнеры, але не толькі параненыя і забітыя у час бою, а пазабіваныя пасля бою.. Цэлыя доўгія шарэнгі трупаў, у адной бялізне і без ботаў ляжалі ўздоўж платоў і ў бліжніх кустах. Былі паколатыя шаблямі і багнетамі, мелі знявечаныя твары і павыколатыя вочы.

У гэты час мне далажылі, што прыехаў ангельскі генерал з некалькімі ангельскімі афіцэрамі. Я сказаў запрасіць яго на пабоішча і паказаў яму тое жудаснае відовішча і цэлую масакру. Я быў узбураны

- Можа пан генерал захоча распавесці пану Лойд Джорджу, - сказаў, - як яго палітычныя прыяцелі абходзяцца з нашымі палоннымі. Не верыцца, каб ангельскі народ, які так клапоціцца пра свой гонар і слынны высокай культурай духу, мог прымірыцца з варварвмі.

Ангельскія генерал і афіцэры маўчалі. Мяркую, што і яны былі ўзбураны выглядам гэтага варварства, а можа з-за палітыкі іхняга шэфа ў адносінах да Саветаў і Польшчы не мелі нічога сказаць.

Прыпамінаю пра той інцыдэнт таму, бо ён мае свой далейшы працяг 9 кастрычніка, г.зн. у дзень заняцця мной Вільні. Мушу дадаць, што гэтым генералам быў Картан дэ Вярт, шанаваны і любімы ўсёй нашай арміяй за свой рыцарскі і поўны шляхетнасці характар.

Вывучаючы тэрыторыю баёў атрымаў уражанне, што нашая тактыка, адносна гвалтоўнага адступлення савецкіх армій была памылковая. Заміж таго, каб заняць мураваныя будынкі мястэчка Хажэлі і муры могілак ды скіраваць агонь на мост, які мусілі фарсіраваць расійскія аддзелы, пяхота наша зрабіла амаль дзіцячы маставы плацдармік, выкапаўшы раўкі ў пяску. Бараніла яна той плацдарм надзвычай мужна, і я з узрушаннем слухаў апавяданне каваля, які ў час бітвы рамантаваў карабіны нашых жаўнераў. Аднак памылка такой дыслакацыі аблегчыла расійскім аддзелам здабыццё нязнішчанага моста і Хажэляў.

(Працяг у наступным нумары.)

Фестываль вулічнага мастацтва ў Мазыры

У Мазыры з'явіцца дзясятак гістарычна-фальклорных графіці - паглядзіце на першыя малюнкі, што ўжо ўпрыгожылі горад

Нядаўна СМІ расказвалі пра драматычны лёс некалькіх менскіх муралаў, якія зніклі са сцен сталіцы. Але ёсць і добрыя навіны. У Мазыры зараз праходзіць першы гарадскі фестываль вулічнага мастацтва, у выніку якога горад стаў ярчэйшым ужо на тры графіці. Блог "1906" даведаўся пра ініцыятыву падрабязней. Мы перадрукоўваем гэты тэкст.

Гарадскі фестываль вулічнага мастацтва пад назвай "Легенды Мазыра" пры падтрымцы ініцыятывы Urban Myths прадугледжвае з'яўленне дзесяці муралаў ад розных мастакоў. Усе яны так ці інакш аб'яднаныя адным кірункам: гісторыя, фальклор і прыродныя асаблівасці горада.

- Калі рыхтавалася канцэпцыя праекта, мы вельмі шмат размаўлялі з мясцовымі краязнаўцамі, хадзілі ў музей, даведаліся пра рэдкія прыгожыя расліны мазырскіх яроў. Потым адабралі ўсё самае цікавае з гэтай інфармацыі і перадалі для натхнення мастакам - мясцовым і з іншых гарадоў. Каб яны ўжо пераасэнсавалі гэта ў сваім стылі, - апісваюць куратары праекта.

Напрыклад, згодна з адной з легенд, магічны Мазыр стаіць на велізарнай вустрыцы (рачная вустрыца перлавіца - тыповы насельнік Прыпяці). Менавіта гэтая фантазія ўвасобілася ў першай рэалізаванай працы студэнткі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Лізаветы Янковай пад назвай "Мазырская галактыка".

Першы малюнак праекта асвяжыў гарадскую трансфарматарную падстанцыю. На працу пайшло каля пяці дзён, некалькі літраў акрылавай фарбы і яшчэ больш за 10 балончыкаў.

Яшчэ адзін з ужо гатовых муралаў - праца ў фальклорным стылі "На ўзгорках" Алены Катоўскай. На ёй можна пабачыць абрысы Мазырскага замка, разлівы Прыпяці і маляўнічыя ўзгоркі ўзбярэжжа. Арыенцір, каб адшукаць новае графіці для сэлфі, - гарадскі гарналыжны комплекс.

Па вуліцы ж Інтэрнацыянальная, 47, недалёка ад стадыёна "Юнацтва", мясцовыя і госці Мазыра змогуць любавацца сімвалам горада з герба - залатым арлом у вобразе рыцара.

Наперадзе ва ўрбаністаў - перанясенне яшчэ сямі малюнкаў з эскізаў на сцены горада. Праект робіцца на энтузіязме мясцовых актывістаў і запрошаных мастакоў, таму кожны ахвотны можа падтрымаць іх справу на "Патрэоне".

Увогуле, гэта не адзіны цікавы праект творчай моладзі, які яна марыць раэлізаваць у Мазыры. У планах таксама сайт з гістарычнымі артыкуламі і ўспамінамі вядомых мазыран, нефармальны канал у тэлеграме з парадамі, як цікава можна бавіць час, і рэгулярныя экскурсіі па таямнічых месцах горада.

"1906".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX