Папярэдняя старонка: 2022

№ 32 (32) 


Дадана: 10-08-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 32, 10 жніўня 2022 г.

Ён вяртаў Беларусь Беларусі

7 жніўня споўнілася б 90 гадоў з дня нараджэння Адама Мальдзіса (1932 - 2022) - пісьменніка, літаратуразнаўца, гісторыка, краязнаўца, перакладчыка, доктара філалагічных навук, прафесара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа.

Для беларускай культуры і літаратуры ён адзін зрабіў безліч адкрыццяў і даследаванняў, напісаў тысячы артыкулаў пра дзеячаў беларускай літаратуры, мастацтва і культуры XIX-XX стагоддзяў. Дзякуючы Адаму Мальдзісу мы шмат цікавага і новага даведаліся пра жыццё і творчасць Яна Чачота, Яна Баршчэўскага, Вінцэся Каратынскага, Уладзіслава Сыракомлю, Станіслава Манюшку, Аляксандра Ельскага, Ігната Дамейку, Адама Плуга, Агінскіх і многіх-многіх іншых асобаў нашай Бацькаўшчыны. У 1969 годзе з друку выходзіць яго ўнікальная кніга нарысаў "Падарожжа ў XIX стагоддзе", якая адразу стала рарытэтным выданнем. Потым былі новыя даследаванні і новыя кнігі: "Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя", "На скрыжаванні славянскіх традыцый", "З літаратуразнаўчых вандраванняў", "Астравеччына, край дарагі", "Восень пасярод вясны", "Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча" і многія іншыя. Дзякуючы Адаму Мальдзісу свет пабачылі кнігі асобных твораў Адама Міцкевіча і Язэпа Дылы, былі выдадзены "Біблія" Францішка Скарыны і "Статут Вялікага Княства Літоўскага". Ён пабываў у Ватыкане, сустракаўся з Папам Рымскім і гутарыў з ім. І самае галоўнае - дзякуючы намаганням Адама Мальдзіса быў створаны ў Менску Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Францішка Скарыны, пра які прафесар шмат гадоў марыў. Кіраўніцтва цэнтрам дало Адаму Мальдзісу магчымасць разгарнуць дзейнасць па вывучэнні беларускай літаратуры ў цеснай лучнасці з сумежнымі навукамі і навуковымі галінамі: этнаграфіяй, фалькларыстыкай, мовазнаўствам, тэксталогіяй, краязнаўствам. Доктар філалагічных навук заснаваў часопіс "Кантакты і дыялогі", у якім пачалі друкавацца матэрыялы даследаванняў Цэнтра, тэзісы дакладаў на тых міжнародных навуковых канферэнцыях, якія праводзіліся па ініцыятыве Цэнтра. У рамках Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Францыска Скарыны вялася дзейнасць па наладжванні сувязей з беларусамі за мяжой. Адам Мальдзіс узняў пытанне і пра вяртанне Беларусі вывезеных за яе межы культурных каштоўнасцей. Узначальваючы гэтую справу, Адам Восіпавіч стаў прэзідэнтам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, старшынём мемарыяльнай камісіі Саюза беларускіх пісьменнікаў, старшынём камісіі "Вяртанне" Беларускага фонду культуры і г.д. У Адама Мальдзіса вучыліся літаратуразнаўству маладыя даследчыкі нашай літаратуры. Адам Восіпавіч і сам шчыра ўсім дапамагаў, раіў, падказваў, ён адкрываў для ўсіх новую Беларусь. Ён даваў адказы ўсім тым, хто да яго звяртаўся з пытаннем ці просьбай па гісторыі беларускай літаратуры і культуры. На вялікі жаль, пры жыцці яго праца не была належным чынам ацэнена, заўважана вялікімі чыноўнікамі, ды і ў поўнай меры не скарыстана. Хаця Адам Восіпавіч узнагароджваўся медалём і ордэнам Францыска Скарыны, медалём "100 гадоў БНР", польскімі ганаровымі адзнакамі, меў званне заслужанага дзеяча польскай культуры, і сёння ўзнікаюць у вертыкальшчыкаў праблемы па ўшанаванні памяці вялікага беларуса.

Паводле СМІ.

Аўтару "У Забалоцці днее" - 105

4 жніўня Народнаму пісьменніку Беларусі Янку Брылю (1917-2006) споўнілася 105 гадоў з дня нараджэння. Янку Брылю належаць мудрыя словы: "Калі б беларуса прымусіць быць беларусам, які б атрымаўся выдатны беларус!"

Бацька пісьменніка, Антон Данілавіч Брыль, паходзіў з вёскі Загор'е (Загора), што на Наваградчыне, але ў 1914 годзе апынуўся ў Адэсе, дзе ўладкаваўся на працу чыгуначнікам. Там жа ў Адэсе нарадзіўся і будучы пісьменнік. У 1922 годзе сям'я вярнулася на радзіму бацькі ў Заходнюю Беларусь, у родную Загору. У 1931 годзе Янка Брыль скончыў польскую сямігадовую школу ў мястэчку Турэц, потым паступіў у Наваградскую гімназію, але матэрыяльныя абставіны не дазволілі яму працягнуць вучобу. Вельмі рана ў юнака прачнулася жаданне выказаць свае думкі і пачуцці ў вершах, апавяданнях. У выніку ў 1938 годзе на старонках папулярнага ў свой час заходнебеларускага часопіса "Шлях моладзі" ўбачылі свет яго першыя літаратурныя спробы.

Акрамя літаратурных здольнасцей Янка Брыль меў яшчэ і арганізатарскі талент, займаўся культурнай і асветніцкай працай. У роднай вёсцы ён стварыў драматычны гурток, ставіў спектаклі і перакладаў на беларускую мову для тэатральнага рэпертуару творы рускіх і польскіх аўтараў. У 1939 годзе Янка Брыль быў прызваны ў польскую армію, якая першай спазнала гітлераўскую навалу. Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе Янка Брыль пераехаў у Менск. Двойчы абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Першы зборнік твораў Янкі Брыля "Апавяданні" быў надрукаваны ў 1946 годзе. Услед за ім убачылі свет "Нёманскія казакі" (1947), "Вераснёвая рунь" (1949), "Ліпка і клёнік" (1949), "Зялёная школа" (1951) і аповесць "У Забалоцці днее" (1951), за якую ў 1952 годзе ён атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР. За кнігу апавяданняў, замалёвак, нарысаў "Працяг размовы" ў 1963 годзе Янку Брылю была прысуджана Літаратурная прэмія імя Якуба Коласа, а ў 1982 годзе за аповесць "Золак, убачаны здалёк" - Дзяржаўная прэмія Беларусі. У рамане "Птушкі і гнёзды" (1964), які ўвабраў у сябе матэрыялы неапублікаваных аповесцей, Янка Брыль адзін з першых паказаў вайну як супярэчлівую з'яву, увёў у беларускую ваенную прозу тэму духоўных каштоўнасцяў і праблему выбару арыенціраў. Янка Брыль з'яўляецца адным з аўтараў кнігі "Я з вогненнай вёскі" (1975), напісанай сумесна з Алесем Адамовічам і Уладзімірам Калеснікам, у якой сабраны ўспаміны людзей, ацалелых падчас карных аперацый фашыстаў, у выніку якіх былі спалены многія беларускія вёскі разам з іх жыхарамі.

Іван Антонавіч Брыль вядомы як перакладчык твораў Л. Талстога, А. Чэхава, І. Крылова, П. Бажова, Г. Траяпольскага, А. Даўжэнкі, М. Канапніцкай, Я. Івашкевіча, Э. Ажэшкі, Б. Пруса і іншых. Творы пісьменніка перакладзены на многія мовы народаў свету. У 1981 годзе Янку Брылю было нададзена званне Народнага пісьменніка Беларусі, з 1994 года ён - Ганаровы член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Янка Брыль быў старшынём Беларускага аддзялення таварыства "СССР - Канада", членам Еўрапейскага аб'яднання пісьменнікаў, Міжнароднага ПЭН-клуба ад Беларускага ПЭН-цэнтра. Пасля смерці Янкі Брыля сябрамі Таварыства беларускай мовы (ТБМ) быў арганізаваны збор подпісаў з мэтай адкрыцця мемарыяльнай дошкі ў гонар пісьменніка па праспекце Машэрава г. Менска і надання адной з вуліц нашай сталіцы імя Янкі Брыля. У выніку збору подпісаў была ўсталявана мемарыяльная дошка на доме, у якім Янка Брыль жыў апошнія дванаццаць гадоў. Таксама з ініцыятывы ТБМ быў выдадзены мастацкі канверт у гонар пісьменніка. А 26 верасня 2007 года імя Янкі Брыля атрымала вуліца ў менскім мікрараёне Міхалова. 26 жніўня 2009 года імя Янкі Брыля было нададзена адной з вуліц Гдыні (Польшча).

Сяргей Чыгрын.

Можа, памятаюць лідскія мамы і таты, як выбіралі Янку Брыля ў дэпутаты?

Да 105-годдзя з дня нараджэння Народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля

4 жніўня споўнілася 105 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Янкі Брыля. Гэтае імя вядомае нам са школьнай праграмы. Народны пісьменнік Беларусі пакінуў глыбокі след у гісторыі беларускай літаратуры. А якая сувязь яго з Лідай? Адназначна, непарыўная. З Янкам Брылём сустракаліся лідскія паэты, мелі знаёмства. У Лідзе і на Лідчыне класік быў неаднаразова, яго запрашалі ў школы на сустрэчы. Янка Брыль меў непарыўнае сяброўства з Валянцінам Таўлаем.

Але нагадаю пра значную падзею, якая адбылася 59 год назад на Лідчыне. Трэба зазначыць, што горад Ліда - гэта той прынёманскі край, які паважаў і шчыра адносіўся да беларускай літаратуры яшчэ ў той, савецкі час, бо нават пісьменнікаў вылучалі дэпутатамі ў Вярхоўны Савет БССР. Так, у сакавіку 1940 года па Лідскай-Слабадской акрузе № 306 лідзяне абралі дэпутатам Янку Купалу. У той час выбіралі дэпутатам лідскага гарадскога Савета і беларускую пісьменніцу Ніну Тарас, якая ўжо працавала ў лідскай газеце "Уперад". Значныя выбары адбыліся і 3 сакавіка 1963 года, падчас якіх у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР па Радзівонішскай выбарчай акрузе № 329 абралі Янку Брыля. Пра гэтую падзею пісала на той час лідская газета "Сцяг працы". У фондах Лідскага гістарычна-мастацкага музея захоўваецца падшыўка газет за той, 1963 год. Аўтар гэтага матэрыяла вырашыў змясціць іх нанова, каб акунуцца ў напружаную і паасабліваму святочную атмасферу.

У матэрыяле за 12 лютага ў №19 (121) пад назвай "На перадвыбарных акруговых сходах" пазначаецца:

"Больш 300 рабочых саўгасаў "Малое Мажэйкава" і "Тарнова", калгаснікаў сельскагаспадарчых арцелей імя Калініна, імя Леніна, імя Войкава, "Радзіма", "Ударнік" і іншых сабраліся на перадвыбарны акруговы сход у Радзівонішкаўскім сельскім клубе. Сход адкрыў старшыня Радзівонішкаўскай выбарчай камісіі, дырэктар мясцовай школы тав. Блажэй.

- Мы сабраліся сюды сёння, - сказаў ён, - каб канчаткова дамовіцца аб нашым кандыдаце ў Вярхоўны Савет БССР. Рабочыя саўгаса "Малое Мажэйкава" і калгаснікі сельгасарцелі імя Калініна, як вядома, кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР па Радзівонішкаўскай выбарчай акрузе назвалі беларускага пісьменніка Івана Антонавіча Брыля. Я ўпэўнены, што ўсе нашы выбаршчыкі 3 сакавіка аддадуць за яго свае галасы.

Адзін за другім узнімаюцца на трыбуну прамоўцы. Словы іх поўны хвалявання.

- Члены нашай сельгасарцелі, - гаворыць калгаснік арцелі імя Калініна тав. Ашмяна, - кандыдатам у дэпутаты па Радзівонішкаўскай выбарчай акрузе вылучылі беларускага пісьменніка Янку Брыля. Нашу прапанову падтрымалі многія калектывы. Я заклікаю ў дзень выбараў аддаць свае галасы за нашага кандыдата, за нашу родную Камуністычную партыю, за Савецкі ўрад.

Акруговы перадвыбарны сход аднагалосна рашыў прасіць акруговую выбарчую камісію зарэгістраваць Івана Антонавіча Брыля кандыдатам у дэпутаты па Радзівонішкаўскай выбарчай акрузе № 329.

На сходзе выбраны давераныя асобы і прыняты зварот да ўсіх выбаршчыкаў Радзівонішкаўскай выбарчай акругі."

Праз пару газетных нумароў, а менавіта за 21 лютага ў № 23 (125) быў змешчаны матэрыял "У сардэчнай абстаноўцы":

"Пазаўчора клуб калгаса імя Калініна запоўнілі выбаршчыкі Радзівонішскай выбарчай акругі па выбарах у Вярхоўны Савет БССР. Тут былі прадстаўнікі з калгасаў "Сцяг Саветаў", "Ударнік", імя Калініна, саўгасаў "Тарнова" і "Малое Мажэйкава".

Сход, прысвечаны сустрэчы з кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР І. А. Брылём і кандыдатам у дэпутаты абласнога сельскага Савета дэпутатаў працоўных З. Саўрас, адкрыў старшыня акруговай выбарчай камісіі П. І. Блажэй. Ён прадастаўляе слова даверанай асобе, старшыні калгаса імя Калініна А. А. Кручку. Прамоўца расказвае аб жыцці і творчай дзейнасці вядомага беларускага пісьменніка, заклікае ў дзень выбараў аддаць свае галасы за вернага сына беларускага народа, які сваім мастацкім словам кліча ўсіх наперад, да светлых вяршынь камунізму.

Ад імя мясцовай інтэлігенцыі выступіла настаўніца Радзівонішскай васьмігадовай школы Ф. В. Чыжык.

- Творы Янкі Брыля цікавыя і павучальныя, - гаворыць яна. - Чакаем ад пісьменніка новых здзяйсненняў, жадаем яму поспехаў у працы на карысць народа.

Загадчыца Радзівонішскай бібліятэкі Т. А. Цайковіч далажыла прысутным, што тэматыка твораў Янкі Брыля блізкая і зразумелая народу. Вось таму і кнігі пісьменніка ахвотна чытаюць людзі самых розных узростаў і прафесій.

Слова даецца даверанай асобе кандыдата ў дэпутаты абласнога Савета М. В. Салыгу.

- Рабочыя нашага саўгаса "Малое Мажэйкава", - гаворыць ён, - вылучылі кандыдатам у дэпутаты абласнога Савета свінарку Саўрас. Хоць яна яшчэ і маладая дзяўчына, але заслужыла такі гонар сваёй выдатнай працай. Цяпер Зіна паступіла вучыцца завочна ў тэхнікум і паспяхова спраўляецца і на рабоце, і ў вучобе. Сёлета Зіна ўзяла абавязацельства адкарміць тысячу свіней і слова сваё, безумоўна, стрымае. Я заклікаю ўсіх выбаршчыкаў у дзень выбараў галасаваць за Зіну Саўрас.

Думкі тав. Салыгі прадоўжыла ў сваім выступленні загадчыца Гасцілаўскага клуба тав. Баранава.

Цёпла сустрэтыя прысутнымі з прамовамі выступілі З. Саўрас і Янка Брыль. Сустрэча прайшла ў сардэчнай абстаноўцы.

* * *

Учора Янка Брыль сустракаўся з выбаршчыкамі - рабочымі саўгаса "Малое Мажэйкава", а сёння ад-будзецца сустрэча з выбаршчыкамі ў Вавёрцы.

І . Бярэзін".

Пра далейшую дзейнасць Янкі Брыля на Лідчыне ўзгадваецца ў газетнай заметцы за 26 лютага ў № 25 (127) "Янка Брыль у гасцях у школьнікаў":

"Убачыць жывога пісьменніка, тым больш такога, які напісаў самую любімую кнігу, мара, бадай што, кожнага школьніка. І калі ў Красноўскай школе даведаліся, што да іх прыедзе Янка Брыль, пульс школьнага жыцця быў яўна парушан. Не цярпелася хутчэй убачыць аўтара "У Забалоцці днее", "На Быстранцы", "Галя", "Граніца" і іншых цікавых твораў.

І вось, нарэшце, Янка Брыль у школе. Зайшоў, прывітаўся, так проста, так шчыра, ну, як самы звычайны чалавек.

Меркавалася спачатку арганізаваць сустрэчу навучэнцаў старэйшых класаў з пісьменнікам. Але дзе там! Хіба ўтрымаеш чатырохкласніка, калі ён прагне паслухаць пісьменніка, глядзець на яго! У класнай аўдыторыі змясцілася каля ста школьнікаў. Загадчык навучальнай часткі Раіса Макараўна Мазала расказвае навучэнцам аб жыцці і творчай дзейнасці пісьменніка. Уважліва слухаюць яе школьнікі, толькі час ад часу кідаючы цікаўныя позіркі ў бок Янкі Брыля.

Напэўна на самым цікавым уроку не было такой цішыні, як у той час, калі гаварыў пісьменнік. А гаварыў ён цікава, як і напісаў свае творы. Аўдыторыя чула рэагавала на кожны жарт, кожнае выказванне пісьменніка.

Непрыкметна праляцела гадзіна. Але яна надоўга застанецца ў памяці красноўскіх школьнікаў, як памятная падзея ў іх жыцці.

А. Краска."

І ўжо незадоўга да выбараў за 28 лютага ў №26 (128) быў змешчаны агітацыйны матэрыял "Брыль Іван Антонавіч". Пазначана наступнае:

"Калгаснікі сельскагаспадарчай арцелі імя Калініна і рабочыя саўгаса "Малое Мажэйкава" на сваіх перадвыбарных сходах аднадушна вылучылі кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР вядомага беларускага пісьменніка Янку Брыля. Кандыдатура гэта была падтрымана выбаршчыкамі іншых калгасаў і зарэгістравана па Радзівонішскай выбарчай акрузе.

Іван Антонавіч Брыль нарадзіўся 4 жніўня 1917 года ў горадзе Адэсе ў сям'і рабочага-чыгуначніка. Бацькі пісьменніка - выхадцы з былога Карэліцкага раёна. У 1922 годзе яны пераехалі на радзіму ў вёску Загор'е.

Першапачатковую адукацыю Янка Брыль атрымаў ад маці, якая навучыла сына чытаць па-беларуску. У 1937 годзе ён скончыў польскую сямігодку. Далей у навуку сялянскаму хлопцу дзверы былі зачынены. Янка працуе дома на гаспадарцы і адначасова займаецца самаадукацыяй.

У 1937 годзе Янка Брыль напісаў першае апавяданне "Марыля".

У 1939 годзе пісьменнік быў мабілізаваны ў польскую армію. У гэтым жа годзе ён трапляе ў палон да нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а ў 1941 годзе - уцякае на Радзіму. Родныя мясціны былі тады акупіраваны нямецкімі захопнікамі. Янка Брыль наладжвае сувязь з партыйным падполлем і неўзабаве ўступае ў партызанскі атрад, рэдагуе падпольную газету Мірскага РК КПБ.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх акупантаў пісьменнік працуе ў сатырычным часопісе "Вожык". У 1946 годзе з друку выходзіць першая кніга Я. Брыля "Апавяданні".

"Нёманскія казакі", "Вераснёвая рунь", "Пачатак сталасці", "Надпіс на зрубе", "У Забалоцці днее", "На Быстранцы", "Ліпка і клёнік", "Працяг размовы" - такі няпоўны пералік твораў Янкі Брыля, які выдадзены ў пасляваенныя гады.

Іван Антонавіч Брыль актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці рэспублікі. Ён дастойны кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР.

І. Лешанюк, інструктар парткома Лідскага вытворчага ўпраўлення."

Пазней, у газеце "Сцяг працы" за № 55 (157), 9 мая газетчыкі зноў напомнілі пра свайго дэпутата Вярхоўнага Савета БССР і змясцілі фотаздымак, дзе сярод моладзі сельгасарцелі "Беларусь" Маладзечанскага раёна пісьменнік Янка Брыль.

Не забываў Янка Брыль наведвацца ў Ліду. Сюды ён прыехаў 9 лютага 1964 года. Сустрэча адбылася ў рэдакцыі лідскай газеты "Сцяг працы", якая размяшчалася на вуліцы Кірава, 24. У газеце за №18, 11 лютага 1964 года была змешчана нататка "У літаратурным аб'яднанні", у якой пазначана:

"У нядзелю ў рэдакцыі газеты "Сцяг працы" сабраліся пачынаючыя літаратары Лідчыны на сход раённага літаратурнага аб'яднання. У госці да мясцовых аўтараў прайшлі вядомы беларускі пісьменнік Янка Брыль, маладыя паэты Уладзімір Караткевіч і Рыгор Барадулін, журналіст, супрацоўнік "Сельской газеты" Якаў Міско.

Супрацоўнік рэдакцыі М. Васілеўскі расказаў аб мінулай рабоце літаратурнага аб'яднання, зрабіў агляд твораў, змешчаных у апошні час на старонках газеты "Сцяг працы". З разборам вершаў мясцовых аўтараў выступіў супрацоўнік рэдакцыі В. Кучынскі. Потым прачыталі свае вершы настаўнік Іван Івашэвіч, рабочы шклозавода "Нёман" Эдуард Маціеўскі, інструктар ГК КПБ Наталля Гарбачова, служачы Мікалай Маторын.

Цікавымі і карыснымі былі заўвагі, парады, пажаданні нашых гасцей. На сходзе выступілі Я.Брыль і Р. Барадулін.

Выбрана бюро літаратурнага аб'яднання ў складзе пяці чалавек: М. Васілеўскі (старшыня), І. Івашэвіч, В. Кучынскі, М. Маторын, П. Ясінскі."

У гэты ж самы дзень, шаноўны госць падпісаў сваю кнігу і Лідскаму гістарычна-мастацкаму музею. Захоўваецца яна ў фондасховішчы. Назва кнігі - "Роздум і слова", выдадзеная ў Менску ў выдавецтве "Беларусь" у 1963 годзе.

На фарзацы змешчаны дарчы надпіс аўтара: "Лідскаму краязнаўчаму музею - на добры ўспамін. Янка Брыль. 9.ІІ.64. Ліда". На яе старонках знайшлося месца і для матэрыяла "Памяці Валянціна Таўлая", напісанага ў 1957 годзе. Але пра сяброўства Янкі Брыля і Валянціна Таўлая на гэты раз мы ўзгадваць не будзем. Пакінем на другі раз.

Аб тым, што шаноўны беларускі пісьменнік, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР па Радзівонішскай выбарчай акрузе № 329 не забываў Лідчыну, узгадана і ў яго кнізе "Вячэрняе: Лірычныя запісы і мініяцюры", якая выйшла ў Менску ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" ў 1994 годзе. Ва ўспамінах за 1965 год Янка Брыль піша:

"18-20 мая ездзіў з Аўрамчыкам і Грахоўскім па Лідчыне. Выступалі ў школах, гутарылі з калгаснікамі, выпівалі і спявалі з настаўнікамі. Успаміналіся радкі Вялюгіна: "Беларусь, Беларусь - ні канца і ні краю..." Прыгожая, працавітая, мнагалюдная Беларусь. У тым сэнсе, што многа харошых, цікавых, цудоўных людзей. І верыцца, што мова наша жыве!.. Зноў бачыў, у новых вобразах, веліч народнага подзвігу і пакут. Калі мы ўскладалі звіты школьніцамі вянок каля помніка расстраляным жыхарам балотнай вёскі Леснікі, глядзелі самотны помнічак па расстралянай сям'і - і проста на агародзе... Калі дырэктар школы паказваў у настаўніцкім пакоі сляды ад куль бандыцкіх на чыстых, пафарбаваных пасля гэтага дзвярах... Тут, у гэтым светлым пакоі, ужо ў свабоднай Беларусі, пасля выгнання гітлераўцаў, "акоўцы", "белапалякі", як называў іх з нянавісцю рахманы і талковы старшыня калгаса, - стралялі нашых людзей, актывістаў..."

Трэба зазначыць, што Янка Брыль быў абраны дэпутатам па Лідчыне на 4 гады - з 1963 па 1967 гг.

Падрыхтаваў Алесь Хітрун, навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея.

З крыніц прыгажосці, таленту і працы

На Іўеўшчыне адбылося свята "Бакштаўскі каларыт"

А праўда, навошта нам сонца Манака, калі ў Іўеўскім раёне амаль што кожныя выхадныя можна добра адпачыць ў маленькіх вёсачках ці аграгарадках.

У кожнага, хто прыехаў 7 жніўня 2022 г. ў в. Бакшты на фестываль вясковай культуры "Бакштаўскі каларыт", у душы стала светла, радасна і кветкава. Гэта быў сапраўдны шматжанравы фестываль - конкурс мастацтваў, які цудам змясціўся на пляцоўцы каля аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы, можа, таму, што галоўнае не тэрыторыя, а думкі, пачуцці і эмоцыі, якія ён падарыў людзям. Фестываль склікаў знаўцаў і аматараў вясковай культуры, прадстаўленай песнямі, танцамі, жартамі, вясковай кухняй і выдатнымі вырабамі народнай творчасці. Шанаваць сваё і памятаць мінулае - вось заклад паспяховага развіцця любой дзяржавы. Раённы конкурс побытавых танцаў "Танцуем па-даўнейшаму" дапамог успомніць немудрагелістыя рухі і, як лічылі нашы продкі, іх уплыў на здароўе чалавека, прынёс шмат прыемных хвілін і знаёмстваў.

Калектывы аматарскай творчасці раёна зрабілі для гасцей канцэрт "Гучы, родная песня". Чысціня гукаў адрознівае беларускую народную песню ад іншых мелодый. І гэта тая самая чысціня, ад якой залежыць энергетычны, духоўны патэнцыял працягу роду; гэта досвед, які назаўжды застанецца ў памяці, не зменіць каштоўнасці і погляды жыцця беларускага народа. Адчуць сябе ў сваёй талерцы дапамагала беларуская вясковая кухня - вышэйшы клас. Гэта паказала выстава-дэгустацыя страў і напояў "Што ні страва - дзіўны смак". Яна ж не давала нікому застацца галодным, бо наш народ гаспадарлівы і гасцінны. На Іўеўшчыне і за яе межамі добра ведаюць імёны такіх майстроў, як Юзэфа Старасціна, Вера Чурэйна, Ірына Смірнова і іншыя. А слава здабываецца працай, як вядома.

Плён працы таленавітых і самабытных майстроў можна было ўбачыць на выставе-кірмашы вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "З крыніц прыгажосці" і нават прыняць самім удзел у майстар-класе па традыцыйных рамёствах "Сакрэты рамяства". Як вам? Ацаніце працу майстроў. Чым далей мы ад мітусні, тым больш бачым прыгажосці. Фестываль з яго выставай прадметаў народнага побыту "Зроблена рукамі землякоў" выклікаў жаданне паўтарыць дома прыгатаванне страў беларускай кухні і зрабіць гэта менавіта ў чыгуне, а падаць у гліняным посудзе з драўлянай лыжкай. Бларусы умеюць ад душы не толькі працаваць, але і адпачываць. Доўга гучалі песні, шмат было жадаючых танчыць, прымаць удзел у забавах і конкурсах. А для малых працавалі атракцыёны. Вельмі хацелася мне прыдумаць новае свята. Напрыклад, "Бабуліна піражкі". Сабраць бабуль і ўнукаў у вясковай хаце з адпаведным інтэр'ерам, дзе і тканыя капы, і вышытыя абрусы... А потым уплятаць прыгатаваныя бабулямі толькі па вядомых ім рэцэптах піражкі пад мернае ціканне гадзінніка з зязюляй і бабулінымі апавяданнямі пра мінулае. Але навошта прыдумляць такое свята з радасцю, смехам і вяселлем, калі яно ўжо існуе - фестываль вясковай культуры "Бакштаўскі каларыт".

Ірына Халява. Фота Кірыла Маціфейчыка.

Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт зараз носіць імя Еўфрасінні Полацкай

Назва ПГУ ў апошні час публікуецца з імем Еўфрасінні Полацкай. Як стала вядома, загад пра прысваенне ўніверсітэту гэтага імя быў падпісаны ў Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь 13 ліпеня 2022 года.

З ініцыятывай пра прысваенне імя, паведамляе сайт газеты "Наваполацк сёння", выступіў сам універсітэт. У Міністэрстве адукацыі прапанову падтрымалі. Запіс пра рэгістрацыю юрыдычнай асобы ў адзіны дзяржаўны рэгістр Наваполацкі гарвыканкам унёс 19 ліпеня 2022 года. Зараз афіцыйная назва ВНУ гучыць так: Установа адукацыі "Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай".

Паводле "Наваполацк сёння".

Вернер ухваліла падвышэнне дзіцячых дапамог у Германіі

Навіны Германіі

Міністр сацыяльных спраў Цюрынгіі Хайке Вернер ("Левыя") ухваліла падвышэнне дзіцячых дапамог у Германіі. Высокая інфляцыя, а таксама рэзкі рост цэнаў на энерганосьбіты аказваюць моцны ўплыў на прыватныя хатнія гаспадаркі. Таму на вызначаны перыяд часу могуць увесці падвышэнне дапамог на дзяцей, як паведамляе "Die Zeit".

Хайке Вернер станоўча ставіцца да прапановы павялічыць дапамогі на дзяцей. Такі спосаб дапаможа разгрузіць сем'і на вызначаны перыяд часу да ўвядзення базавай дзіцячай дапамогі. У сем'яў з дзецьмі цяпер рэзка павялічваюцца выдаткі ў сувязі з ростам інфляцыі і павелічэннем кошту камунальных паслуг. Таму падвышэнне дзіцячых дапамог у Германіі дапаможа зменшыць фінансавы ціск асабліва для малазабяспечаных сем'яў.

Акрамя таго, Вернер таксама прапанавала ўвесці так званую "энергетычную надбаўку" для тых, хто атрымлівае дапамогу Hartz IV. Асноўная мэта ўрада - увесці базавую дапамогу на дзіця і ўмацаваць ранейшую фінансавую падтрымку сем'яў з дзецьмі ў Германіі. Федэральны міністр па справах сям'і Ліза Паўс ("Зялёныя") заявіла, палітыкі ўвядуць базавую дапамогу з 2025 года. Яна таксама выступіла за павелічэнне дапамог на дзяцей, каб дапамагчы сем'ям справіцца з інфляцыяй. Нагадаем, што раней міністр фінансаў Крысціян Лінднер (СВДП) прапанаваў увесці гэтую меру.

Вернер таксама турбуецца з-за падвешанага стану, у якім знаходзяцца многія грамадзяне.

- Я ўжо лічу, што сацыяльны мір знаходзіцца пад пагрозай, - сказала яна. Напрыклад, на асабістых сустрэчах яна сутыкнулася з тым, што многія пажылыя людзі заклапочаны сваёй магчымасцю аплачваць рахункі за электраэнергію. Некаторыя з іх турбуюцца, што з-за новых цэнаў гэта стане неўзабаве велізарнай праблемай.

Паводле "Die Zeit".

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

"Адлупцаваў", "стукнуў", або Праводзілі… "каб ніхто не напаў": сярод індзейцаў "як дома"

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30 і 31)

БЛІКЕР Соня (1909, Старцавічы, цяпер Знамя на Случчыне - 1971, смерць ад раку - з гэтым звязаная яе апошняя кніга для дзіцяча-юнацкай аўдыторыі "Жыццё і смерць" (1970), адзін з двух нашых экзэмпляраў якой чакае магчымасці трапіць у Нацыянальную бібліятэку Беларусі) - супрацоўніца выдавецтва "Сайман энд Шустэр" (з 1931 па 1946 г.) і жонка вядомага папулярызатара навукі Герберта С. Зіма (1909-1994), яна ўпершыню наведала Паўднёвы Захад і "індзейскую краіну" толькі пасля заканчэння ў 1933 г. Хантэраўскага каледжа; нью-ёркская сям'я Зімаў мела сяброў сярод іракезаў і наведвала іх у рэзервацыі Анандага каля Сірак'юс. Пазней яны жылі ў Фларыдзе, на каралавым востраве ў архіпелагу Фларыда-Кіс (у іх паштовым адрасе - мястэчка Тавернье), але найбольш любімым і прыцягальным раёнам заставаўся Паўднёвы Захад, дзе Зімы нават збіраліся пасяліцца. Жыццё ў пуэбла нагадвала Соні Блікер побыт жыхароў мясцовасці, адкуль дачка Івана і Юліі (? - у даведніку "Yedlіa") выехала малой дзяўчынкай.

"...Мы таксама карысталіся глінянымі кубкамі і міскамі. Раз у тыдзень назіралі за працай ганчароў. Мы пяклі свой хлеб, забівалі на мяса авечак і свіней. Мы цягалі ваду з калодзежа, так, як гэта робяць у пуэбла. Мы пралі і ткалі сваю паўсядзённую вопратку, бялізну і дываны. Замест макасінаў насілі лапці". "Магчыма, гэта і тлумачыць тое, чаму я адчуваю сябе як дома сярод індзейцаў".

Яна была аспіранткай у Калумбійскім ўніверсітэце, са спецыялізацыяй на антрапалогіі пад кіраўніцтвам Франца Боаса і Рут Бенедыкт, але толькі ў 1967 г. атрымала доктарскую ступень ад Beloit College. Яна не пайшла шляхам выключна навуковага падыходу ў індзеяністыцы, у адрозненне ад студэнткі таго ж універсітэта ў той жа час Рут Ландэс (другой па значнасці тэмай якой, пасля рэлігіі кандамбле ў Бразіліі, былі аджыбвэ, сіў (санці дакота), патаватомі; яна была дачкой леварадыкальнага лідара рабочага і сіянісцкага руху родам з Койданава Джозефа Шлосберга, сваякамі ж Соні былі вядомыя амерыканскія "бальшавікі"-трацкісты). З 1950 г. яна занялася выключна літаратурнай працай па напісанні кніг пра індзейцаў для дзяцей і моладзі, пачаўшы з найбольш блізка ёй знаёмых іракезаў. Непасрэдным імпульсам для пачатку індзейскай серыі стала тое, што для азнаямлення з жыццём індзейцаў двух яе сыноў - Олдвіна і Роджэра - не знайшлося "дастаткова дзіцячых" (разлічаных на ўзрост ад 8 да 12 гадоў) выданняў. (Ёсць і "судовая" версія, у якой праблемы храналогіяй - бо справа адносілася да 1957 г.: маўляў, Блікер "пайшла з лінгвістыкі і стала вядомым пісьменнікам-індзеяністкай" у сувязі з абвінавачваннем у плагіяце з работ Ф. Ніканава пры стварэнні дапаможніка "Запрашэнне да рускай мовы" (1949, у суаўтарстве з М. Мадрыгаль, якая зусім не ведала мовы)).

Яе індзейская серыя па плямёнах і рэгіёнах уключае: 1950 - "Індзейцы Доўгага дома: гісторыя іракезаў"; 1951 - "Індзейцы апачы: рэйдары Паўднёвага Захаду"; "Марскія паляўнічыя: індзейцы паўночна-заходняга ўзбярэжжа"; 1952 - "Чэрокі: індзейцы гор"; 1953 - "Індзейцы кроў: паляўнічыя паўночных раўнін"; "Індзейцы дэлавары: усходнія рыбаловы і земляробы"; 1954 - "Індзейцы семінолы"; 1955 - "Індзейцы пуэбла: земляробы Рыа-Грандэ"; "Індзейцы чыпева: збіральнікі рысу Вялікіх азёр"; 1956 - "Індзейцы місій Каліфорніі"; 1957 - "Коннікі заходніх плато: Індзейцы нэ персэ"; 1958 - "Наваха: пастухі, ткачы і ювеліры"; 1960 - "Інкі: індзейцы Анд"; "Майя: індзейцы Цэнтральнай Амерыкі"; 1962 - "Індзейцы сіў: паляўнічыя і воіны раўнін"; 1963 - "Індзейцы ацтэкі Мексікі".

Усе 16 кніг серыі выйшлі ў нью-ёркскім выдавецтве "Мораў"; іх ілюстравалі Патрыцыя Будэл, Алтэя Кар, Кіса Сасака; яны шматразова перадрукоўваліся, у т. л. іншымі выдавецтвамі: "Маклеад", "Добсан". Акрамя таго, выдавецтва "Сайман і Шустэр" у 1954 г. выпусціла яе "Залатую гульнявую кнігу індзейскіх марак", а "Голдэн прэс" у 1969 г. - кнігу пад назвай "Індзейцы". У тым жа годзе там жа разам з мужам яна выдала "рэгіянальны гід" "Мексіка". Адну кнігу яна прысвяціла "неіндзейскім карэнным амерыканцам": "Эскімосы: арктычныя паляўнічыя і траперы" (1959).

Герберт і Соня Зім працягвалі штогод наведваць Нью-Мексіка, бывалі ў іншых амерыканскіх краінах, Еўропе і Расіі (1964), а ў 1961 і 1969-1970 гг. рабілі падарожжа вакол свету. Восенню 1970 г. яны ўдзельнічалі ў Міжнародным кангрэсе амерыканістаў (Ліма).

За дзесяцігоддзі паездак яны сабралі вялікую калекцыю індзейскіх прадметаў (асабліва з заходняй і паўднёва-заходняй частак ЗША, Мексікі, а таксама Цэнтральнай Амерыкі і паўночнай часткі Паўднёвай Амерыкі). Частка гэтых збораў была перададзена ў Музей антрапалогіі Логан Белойцкага каледжа, Універсітэта Ілінойса, Публічнаму музею Мілуокі і іншым установам. Яе рукапісы і камплекты кніг (з адмыслова шматлікімі дублетамі ў адным месцы!) захоўваюцца ў спецыяльных калекцыях.

Не будзем, аднак, глядзець на фантастычны поспех Соні Блікер выключна праз ружовыя акуляры. Напрыклад, даследчыца А. Хіршфельдар у артыкуле "Native American literature for children and young adults" (1993) пісала: "А серыя з шаснаццаці кніг Соні Блікер пра індзейскія плямёны, апублікаваная ў 1950-х гг. Уільямам Мораў, змяшчае састарэлую або недакладную інфармацыю, якая працягвае дэзынфармаваць маладых чытачоў аб рэчаіснасці індзейцаў у 1990-я. На шчасце, даступныя больш новыя серыі, хоць яны таксама не пазбаўлены праблем".

Кнігі Соні Блікер зрабілі яе шырокавядомай і нават знакамітай. Яны былі ў продажы ў індзейскіх кнігарнях і праз 20 гадоў пасля яе смерці. У прыватнасці, яны былі зафіксаваны ў каталозе індзейскай кнігарні "Мазена'іган" Каледжа НАЭС (Мінеапаліс, штат Мінесота) - выпуск за чэрвень 1990 г. дасланы нам. Мы зрабілі спробы абмяняць беларускія кнігі на кнігі Блікер, але замест гэтага індзейскія букіністы прапанавалі абмеркаваць са студэнцкім камітэтам такі шлях, каб проста падараваць нам кнігі, сабраўшы грошы на іх набыццё (справа спынілася - з-за вялікай колькасці нашых індзеянісцкіх пачынанняў, вялікай перапіскі, якая ішла экстэнсіўна). Толькі некалькі экземпляраў з яе індзейскай і афрыканскай серый трапілі ў найбуйнейшыя бібліятэкі СССР. Дзякуючы мужу і жонцы Райсам тры "індзейскія" кнігі - пра апачаў, наваха і чыпева - апынуліся ў фондзе Англійскага культурнага цэнтра ў Гародні (Бібліятэка Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта).

У свой час д-р Зім лічыў сябе адзіным аўтарам дзіцячых кніг, які меў штосьці перакладзенае на наваха, найбольш распаўсюджаную карэнную мову ў ЗША. Мы не ведаем, ці адбылося такое ж з тэкстамі яго жонкі, але можам сказаць, што з'яўленне іх на беларускай мове, магчыма з каментарыямі-ўдакладненнямі, было б важным адукацыйным мерапрыемствам, маючы на ўвазе веды нашых дзяцей пра культуру і дыяспару як сваіх суайчыннікаў, так і заакіянскіх "духоўных братоў", шляхі іх аб'ядання ў Вялікае Цэлае.

ГУБАРЭВІЧ Канстанцін - у паўднёвых раёнах Аргенціны адчуў "біялагічны ўплыў карэннага народу гэтай краіны - індзейцаў. У большасці мясцовых жыхароў чорныя як смоль валасы, такія ж вочы, густы матавы налёт на белым прыгожым твары, стройная, дужая постаць" (Губарэвіч К. Паўсвета пад крыламі: з дарожных ураджванняў [так!] // Полымя. 1960. № 2. С. 121-147). У той час ён быў звязаны з газетай "Літаратура і мастацтва", кінастудыяй "Беларусьфільм".

ЖДАНЕНЯ Дзмітрый - у кнізе С. Шабельцава "Імігранты-чакарэра з ІІ Рэчы Паспалітай у Аргенціне і Парагваі. Успаміны беларусаў і ўкраінцаў" (2011) даюцца прыклады як канфліктаў, у т.л. "ірацыянальных", так і станоўчых узаемаадносін з індзейцамі ў месцах пасялення беларусаў і іншых славян, уключаючы і памежныя раёны Бразіліі, адкуль некаторыя пасяленцы лічылі за лепшае ўцякаць.

Так здарылася з сям'ёй Жданеняў, якая ў 1937 г. на "новым" месцы не правяла і месяца, - акалічнасці растлумачыў малодшы сын Кузьмы Якаўлевіча Дзмітрый (нар. 1933, в. Латышы Ганцавіцкага раёна) 13.09.2007 г.: "умовы на поўдні Бразіліі жудасныя (гэта на мяжы з Аргенцінай, каля ракі Парана). Мой першы ўспамін такі. Усе сышлі на працу (бацька і браты Іван, Васіль, Косця), а я гуляў у пясочку. І нейкі індзеец дзеля хохмы павадзіў перад маім тварам і шыяй сярпом - я, вядома, спалохаўся. Бацька потым пачакаў гэтага індзейца і адлупцаваў як след. Потым бацька камусьці заплаціў, і мы ноччу на лодцы пераплылі Парану - і ўжо ў Аргенціне".

З другога боку, да нейкага І. Стомы, які, паводле ўспамінаў яго дачкі, пэўны час нават вучыў індзейцаў апрацоўваць зямлю, стаўленне было проста кранальным: "Бацьку індзейцы сустракалі на працу і праводзілі з працы дадому, каб ніхто не напаў. Яны яму падарылі прыгожа зроблены пояс, а гэта гаварыла пра тое, што яны бацьку вельмі паважалі".

НІКАНАЎ Андрэй - індзеец Патрысіа Сакэ стукнуў гэтага дырэктара эквадорскага філіяла "Беларуснафты" па галаве. Гэты эпізод стаў вядомы са значным спазненнем, у навінах у красавіку 2014 г. паведамлялася, што прэзідэнт Рафаэль Карэа пакрытыкаваў паліцыю, якая не забяспечыла бяспеку. У снежні 2013 г. быў "гучна" ліквідаваны "Фонд Пачамама", які адстойваў экалогію і правы карэннага насельніцтва Амазоніі. У якасці прычыны быў выкарыстаны той самы ўдар вудай. Члены арганізацыі звярнуліся да юрыстаў. Выпадак мусіла разглядаць Міжамерыканская камісія па правах чалавека (офіс у Вашынгтоне). Удар і сама палка (тэлескапічная) Сакэ, які не належаў да "Пачамама", былі сімвалічнымі, з мэтай прыцягнення ўвагі да праблемы, - у выніку і мы, безумоўна асуджаючы любое фізічнае ўздзеянне, не выкліканае неабходнасцю абароны жыцця і здароўя іншых грамадзян, атрымалі "раны" ад усведамлення, што наш урад асацыіраваў сябе з сумна вядомымі "нафтавымі канкістадорамі" / ТНК, стаў закранаць карэннае насельніцтва Амерыкі, узмацняючы пагрозу іх асяроддзю і сацыяльнае напружанне. Гэта было адным з некалькіх самых значных прыніжэнняў, якія зазналі беларускія індзеяністы, і адзін з нямногіх "беларуска-індзейскіх" канфліктаў, якія мы ведаем. Маем масіў сведчанняў з амаль скрозь лірычным праіндзейскім стаўленнем беларусаў. Неабходнасць "падтрымкі індзейцаў" стала аксіёмай, таму супрацьлеглае здзіўляе.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

У Гродне набіраюць беларускамоўныя класы.

У школе Кастрычніцкага раёна пакуль усяго адна заяўка

гарадзенскую школу № 34 (Вішнявец, Кастрычніцкі раён) сярод першакласнікаў пададзена толькі адна заяўка ў беларускамоўны клас. Каб ён адкрыўся, патрэбна яшчэ 1-2 заяўкі.

Інфармацыя пра гэта з'явілася ў Facebook. У выпадку адкрыцця клас атрымаецца невялікі і кожны вучань атрымае шмат увагі, тлумачыць аўтарка допісу. "Гэта будзе амаль індывідуальнае навучанне. Настаўніцу таксама вельмі хвалілі!", - дадае жанчына. Да таго ж, у школе ёсць свой басейн. Дырэктар 34-й школы Віталь Парманчук адзначаў, што школа мае добрую базу для навучання на беларускай мове. Наборы ў беларуска-моўныя класы ідуць больш за 10 гадоў.

Акрамя школы № 34, беларускамоўныя класы ёсць ў Ленінскім раёне Гародні ў школе № 32, на Дзевятоўцы. Сёлета ў першы клас туды ўжо падалі заяўкі 6 чалавек. У былой "польскай школе" № 36 выкладанне цалкам перавялі на рускую мову, але, магчыма, там захаваецца першы беларускі клас 2021 года набору.

Паводле СМІ.

Вайна ў 1920 годзе*

Успаміны і разважанні

Генерал Люцыян Жалігоўскі

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Паўстаюць вельмі важныя загадкі тактычнай прыроды пра сістэму вайны ў тых, такіх асаблівых, умовах. У кніжцы генерала Сікорскага сустракаем вытрымкі з загаду і разважанні, якія аблягчаюць разуменне тактыкі, якую прымянялі аддзелы 5-ай арміі.

І так аператыўны загад № 1104/ІІІ ад 21 жніўня гаворыць:

"Баі з аддзеламі, якія намагаюцца прабіцца, мусяць палягаць на як найстараннейшай выведцы і як наймацнейшай наступальнай ініцыятыве. Аддзелы не могуць займаць пазіцыі, каб забяспечыць абаронна дадзены раён, але мусяць як найэнергічней прарывацца ў кожным асобным выпадку, абходзіць і знішчаць адступаючыя аддзелы".

Як бачым гэты загад абавязвае абходзіць непрыяцеля і праводзіць толькі наступленне.

Напрошваецца пытанне, як можа армія, якая лічэбна не нашмат перавышае праціўніка, раскіданая ў розных кірунках, абходзіць непрыяцеля, які знаходзіцца ў напружаным адступальным руху? Ці магчымы абход дзвюх дывізій конніцы ў той час, калі яны ўцякаюць, робячы штодзень найменей па пяцьдзесят кіламетраў? І паўторна, як можна дзейнічаць наступальна супраць непрыяцеля, які ўцякае?

Тактыка гэтая прывяла да таго, што мы мелі ўсюды няўдачы, і ўсюды расійцы прарывалі нашыя тонкія лініі, якія імкнуліся да "абходу", або дзейнічалі "наступальна".

Магло быць іначай. Напружанаму непрыяцельскаму руху мы мелі супрацьпаставіць напружаную сілу нашага агню. Не наступленне, а абарону трэба было прымяняць. Належала прадбачыць кірункі адступлення, знішчаць на іх масты, займаць усе мураваныя дамы, рабіць заслонныя палявыя ўмацаванні і перш за ўсё не распыляцца, а ствараць такія ўмовы, каб непрыяцель мусіў нас атакаваць. Адзін кулямёт на даху моцнага мураванага дома значыў больш, чым ланцуг батальёна, які выконвае абходна-наступальны манёўр.

Калі мы сёння вывучаем кніжку камандзіра коннага расійскага корпуса Гая, то бачым, што на ўсёй паўночнай прасторы, аж да Кольна перагароджвалі яму дарогу невялікія аддзелы, якія стараліся яго атакаваць. Дзіўная рэч, што ва ўсіх выпадках не толькі корпус заўсёды прарываўся, а і вывез з сабой увесь свой абоз.

Бо і як выглядаў такі бой? Трываў ён коратка. Аддзелы, якія перагароджвалі дарогу, адступаць не могуць, бо самі ператварыліся б ва ўцекачоў. Той, які наступае, не можа затрымлівацца на здабыванні малых цвердзяў, рассеяных па тэрыторыі, і мусіць шукаць дарог абходу, дзе зноў натыкаецца на падобныя перашкоды. Абозы аднак абходзіць не могуць. Яны мусяць застацца на дарозе. Факт, што абозы Гая здолелі дайсці да Кольна, ёсць найвідочнейшым довадам нашай памылковай тактыкі.

Раптам 10 дывізія атрымлівае загад перайсці ў Цеханоў, адкуль мае быць перавезена цягнікамі на паўднёвы фронт, дзе яшчэ апераваў Будзённы. Разышліся тады прагалоскі, што я маю быць прызначаны на іншую, больш высокую пасаду. Таму, праязджаючы праз Варшаву, наведаў я начальніка штаба генерала Развадоўскага і прасіў, каб не прызначаў мяне на іншую пасаду акрамя камандавання 10-й дывізіяй. Вайна ішла ўжо к канцу, і я меркаваў, што маю ўжо маральнае права пакінуць службу. Перажыванні адступлення і Радзымінскай бітвы яшчэ больш звязалі мяне духоўна з людзьмі, з якімі прыйшлі мы з Кубані і з якімі не хацеў расставацца. Мяркую, што і яны плацілі мне ўзаемнасцю.

Генерал паабяцаў мне гэта.

Калі ў дывізіі пыталіся ў мяне, ці гэта праўда, што пакідаю яе шэрагі, адказваў, што ніякая перспектыва вышэйшых пасад не здоляе мяне на гэта схіліць. Толькі справа Вільні, так легкадумна пакінутай намі ў ліпені, магла б мяне змусіць да пакідання шэрагаў дывізіі, з якой перажыў столькі цяжкіх і прыгожых хвілін.

* * *

Пасля перакідвання дывізіі на паўднёвы фронт у раён Замосця, Тышавец і Сокала мы аказаліся ў раёне дзеяння коннай арміі Будзённага. Армія гэтая, як вядома, цяжка заважыла на лёсах вайны 1920 года і на доўга звязала не толькі нашыя сілы, але ўвагу нашага камандавання, адцягваючы яе ад паўночнага фронту і ад гвалтоўнага адступлення, якое там адбывалася.

Маральна дзейнасць гэтай конніцы характарызуе ў "1920 годзе" маршал Пілсудскі, які піша:

"Той новы інструмент бітвы, якім аказалася для нашых, непадрыхтаваных для гэтага войск, конніца Будзённага, станавіўся нейкай легендарнай, непераадольнай сілай, і рэч магчымая, што чым далей ад фронту, тым уплыў гэтай субстанцыі, якая не паддавалася уздзеянню, быў мацнейшы і зусім няспынны".


Ніхто не мог зразумець, што сталася. Конніца, якая, дзякуючы ўдасканаленню агнястрэльнай зброі, дзякуючы развіццю тэхнікі, а потым і авіяцыі, здавалася, скончыла сваю гістарычную ролю, з'явілася зноў на арэне падзей, выступаючы ў форме вострай і вырашальнай. Рабіла гэта моцнае ўражанне на розумы таму, што на працягу ўсёй Сусветнай вайны, калі ва ўсіх арміях і асабліва ў Расіі былі сабраны вялікія масы конніцы, нідзе не паўплывала яна на лёсы вайны.

Што ж сталася? Дзе хаваўся сакрэт поспеху расійскай конніцы?

Адказаць на гэтае пытанне не цяжка. Не савецкая конніца была моцнай, а слабой была нашая падрыхтоўка да баёў.

1) Найслабейшым месцам у час баёў з конніцай былі нашы тылы. Вялікія, пустыя прасторы, не насычаныя войскам, былі выгаднай тэрыторыяй для аперацый коннай арміі. Раскіданыя па тых прасторах малыя і слабыя тылавыя аддзелы звычайна не давалі адпору. Абозы, шпіталі, інтэнданцкія склады, адміністрацыя не былі падрыхтаваны да бою і не мелі нават зброі. Конніца заміж супраціўлення натыкалася на паніку, хаос і замяшанне, так для яе пажаданыя. Здаецца, што мы зусім не маем у гісторыі нашай вайны выпадкаў абароны нефрантавых аддзелаў, а ў час конных рэйдаў на іх больш, чым на лінейных аддзелах, ляжыць абавязак аказанне супраціву.

2) Пяхота наша была вельмі слаба абучана стральбе. Мы не мелі для гэтай вучобы ні часу, ні адпаведных умоў. Зброя розных армій, розных часоў і рознай якасці не заахвочвала да стралковай вучобы, а адсутнасць уласных заводаў, недахоп боепрыпасаў не спрыялі вучобе нашых рэкрутаў. Стралковая падрыхтоўка, больш чым любая іншая ў арміі, вымагае нуднай працы, руціны і моцных нерваў у выкладчыкаў. Адсутнасць стралковай падрыхтоўкі моцна адбілася на псіхіцы нашай пяхоты. Было гэта добрае войска, якое элегантна маршыравала ў самкнёных шыхтах, аднолькава трымала карабіны, але не было сцэментаванае пачуццём уласнай сілы, якую дае ўпэўненасць у сваёй зброі.

Некаторыя нямецкія вайсковыя пісьменнікі гавораць, што немцы прайгралі вайну таму, што апошнія іхнія рэкруты не былі дастаткова падрыхтаваныя стралкова. Ёсць у тым вялікая рацыя. Стралковая падрыхтоўка - гэта не толькі добрая тэхніка агню, гэта дысцыпліна духу, мазольная праца, якая стварае рамесніка вайны, гэта аснова маральнасці арміі. Рацыянальныя стралковыя вучэнні ўліваюць мужнасць у душу жаўнера. Нельга сёння быць добрым жаўнерам не будучы адначасова добрым стралком, падобна як добры стралок не можа быць кепскім жаўнерам.

Без сумнення мы ведалі пра тыя ваенныя ісціны, але не маглі ўкараніць у жыццё. Прыходзіла на фронт шмат жаўнераў, якія ў жыцці не зрабілі ніводнага стрэлу. Для іх карабін, у іхніх руках звычайна брудны, быў непатрэбным цяжарам, які перашкаджаў ісці.

Жаўнер такі не верыць у сваю зброю і не складае з ёй аднаго цэлага.

3) Наша тактыка барацьбы з конніцай была памылковая. Заміж таго, каб абаперці яе на сілу агню, абапіралі яе на наступленні. Заміж таго каб прымяняць прыдатныя для агнявой барацьбы групоўкі, заміж таго, каб выкарыстоўваць тэрыторыю і ўсё, што на ёй знайходзіцца, для той жа мэты, прымянялі тонкія ланцугі, у якіх наш недасведчаны жаўнер губляўся, становячыся ахвярай конніцы, нават часта сумніўнай вартасці. Дух наступлення прымушаў гэтыя ланцугі да наступлення, ад чаго конніца заўсёды магла ўхіліцца. Калі змучаная пяхота нарэшце вымушана была прыняць атаку конніцы, то паводле нашага рэгламенту мела класціся на зямлю для прыняцця гэтай атакі. Абгрунтоўвалася гэта тым, што пяхота лепей можа страляць лежачы, а таксама тым, што, лёгшы на зямлю, не можа ўцякаць.

Усе гэтыя рэчы, узятыя разам, стваралі слабасць нашай пяхоты ў баях з конніцай. Наступаючы стратэгічна і тактычна, хацелі наступаць неяк фізічна. Заміж агню імкнуліся мы да бою халоднай зброяй. У гэтым выпадку мы ўпадабляліся да войска даўняй Расіі, дзе панавала дактрына Суворава: "Куля - дура, штык - маладзец", а таму - прэч кулю, бо яна абазначае абарону. Уявім сабе, што змучаная пяхота атакуе ў полі конніцу, каб дастаць яе багнетам. Дзівячыся з гэтага конніца ад'язджае, а потым, выбраўшы адпаведны момант вымае шаблі і атакуе пяхоту.

Баі нашай пяхоты з конніцай Будзённага нагадвалі бой японскай арміі з рэйдам расійскай конніцы пад камандаваннем генерала Мішчанкі ў вайне расійска-японскай у 1905 годзе. Тая самая расійская конніца ў больш-менш той самай колькасці, што армія Будзённага, мае дачыненне з дзвюма рознымі пяхотамі: польскай і японскай. Дасканалы жаўнер і афіцэр абедзвюх гэтых армій адрозніваюцца паміж сабой узбраеннем, падрыхтоўкай і тактыкай бою. У той час, калі мы маем тыя недахопы, пра якія гаварылі вышэй, японцы іх не мелі.

Конная армія Мішчанкі, акружаючы левае крыло японскай арміі ў Манчжурыі, імкнецца выцяць на мястэчка Інкоў, якое ёсць аператыўнай базай у глыбокіх тылах той жа арміі. Рэйд гэты, добра прадуманы, закончыўся нічым толькі таму, што дробныя аддзелы пяхоты на кожным кроку ставілі рашучы супраціў, і, чым меншыя былі часткі, тым супраціў быў большы. Трацячы час на бой з кожным адзіночным жаўнерам, забарыкадаваным у доме, і з кожным дробным аддзелам абознікаў і пагоншчыкаў мулаў, змушаны да правядзення вялікага абходу, калі дарогу пераразала рота, уфартыфікаваная за непраўдападобна кароткі прамежак часу, конніца Мішчанкі страціла вельмі шмат часу і, калі падышла да Інкоў, высадзіўся ўжо там з вагонаў батальён японскай пяхоты, каб заняць дамы горада для абароны. Батальён! Была гэта такая велізарная агнявая адзінка, што некалькі дзясяткаў эскадронаў конніцы генерала Мішчанкі не адважыліся яе атакаваць і распачалі адход. Нажаль, у 1920 годзе мы не мелі пяхоты, вышкаленай з такой павагай да свайго агню. Адсюль поспехі конніцы Будзённага, якія - простая рэч - нічога не мяняюць у поглядах на будычыню абодвух тых радоў войск.

Шукаючы метады барацьбы з Будзённым, маршал Пілсудскі гаворыць у сваёй працы:

"За такі метад, паўсюдна лічыцца, з чым і я згаджаюся, увядзенне ў гульню большай колькасці конніцы і з нашага боку".


З тым поглядам маршала нельга пагадзіцца ніякім чынам. Справа барацьбы з вялікімі часткамі непрыяцельскай конніцы павінна належаць выключна пяхоце, канешне, з удзелам авіяцыі і бронеаўтамабіляў. Не толькі, аднак, лінейнай пяхоце, але таксама ўсякім аддзелам, тылавым арганізацыям і інстытуцыям, падрыхтаваным для такой магчымасці і адпаведна ўзброеным.

З'яўленне непрыяцельскай конніцы не павінна нічога мяняць ані ў нашай дыслакацыі, ані ў імкненні да мэтаў, якіх намерваемся дасягнуць. Калі гаворка ідзе пра нашую конніцу, то яе выхаванне і навучанне павінна быць праведзена галоўным чынам у кірунку баёў з непрыяцельскай пяхотай. Уласна, выконваючы стратэгічныя задачы, нашая конніца не можа быць абцяжарана баямі з вялікімі аддзеламі непрыяцельскай конніцы і перамогай над ёй. Нагрузка гэтая павінна ляжаць на плячах пяхоты.

Праз адпаведнае ўзбраенне і падрыхтоўку пяхоты мы дойдзем да гэтай мэты, а якасць пяхоты яшчэ надоўга, калі не назаўсёды, будзе вызначаць якасць усёй арміі.

Разважанні пра Варшаўскую бітву

Вайсковае пісьменніцтва пра Варшаўскую бітву. - Варшаўская аперацыя з пункту гледжання вечных прынцыпаў вайны. - Баі 6-12 жніўня. - Ход бітвы 13-14-15-16-га. - Погляды генерала Вейсанда і генерала Фаўры. - Зацверджанне абароны і арганізацыя камандавання.


Заканчваючы гэты нарыс успамінаў з 1920 года, вяртаюся яшчэ раз да пераломнага моманту ўсёй кампаніі - да Варшаўскай бітвы.

Ёсць гэта момант, які - як мяркую - на працягу доўгіх гадоў будзе прадметам мазольных даследванняў і ўсебаковага аналізу.

Для шырокіх мас дзень 15 жніўня стаўся легендай - днём "Цуду над Віслай".

Гісторыі гэтага недастаткова.

Яна дамагаецца выцягвання на дзённае святло ўсёй праўды, узважвання ўсіх момантаў бітвы разам з яе памылкамі і канчатковымі вынікамі.

З пэўным сорамам належыць тут сцвердзіць, што наш даробак з гэтага пункту гледжання (калі справа ідзе пра польскае вайсковае пісьменніцтва) ёсць вельмі сціплы. Акрамя працы маршала Пілсудскага ("1920 год"), напісанай праз чатыры гады пасля вайны, пары артыкулаў ген. Кукеля і вельмі адрывачных апрацовак Генеральнага штаба, не мелі да нядаўняга часу нічога.

Праца маршала, апрацаваная, як аўтар зазначае ва ўступе пад "гістарычны дадатак", па зразумелых прычынах у дэталі тых або іншых падзей не ўдаецца. Напісана на ўзроўні Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. Баі, якія мелі месца на перадполлі Варшавы і Модліна, прадумана пададзены агульна. Рэч зразумелая, калі зважаць, што пачынаючы ад дня 12 жніўня Вярхоўны Галоўнакамандуючы ажыццяўляў асабіста камандаванне над ударнай групай.

З тым большым задавальненнем мы прывіталі ў 1928 годзе з'яўленне абшырнай працы ген. Уладзіслава Сікорскага пад назвай "Над Віслай і Украй". Само прозвішча аўтара, былога камандуючага 5-й арміі, давала гарантыю, што кніжка з-пад яго пяра будзе каштоўным укладам у наша такое сціплае вайсковае пісьменства.

Спецыяльную зацікаўленасць кніжка гэтая мусіла будзіць сярод нас - былых удзельнікаў баёў з паўднёвага берага Буга - Нарвы. Бо аўтар не абмяжоўваецца аналізам дзейнасці 5-й арміі, але не менш шырока апавядае ход бітвы на перадполлі Варшавы, званай агульна бітвай пад Радзымінам.

Нажаль спаткала нас расчараванне. Асвятленне баёў дадзенае ген. Сікорскім, далёкае ад безстаронняй праўды. Перад усім дамінуе тэзіс, што Варшава была ўратавана на палях Насельска і Плонска.

Публікацыю ген. Сікорскага не магу пакінуць без адказу.

Змушае мяне падняць голас не толькі клопат пра баявы гонар аддзелаў, якімі ў гэтую пераломную хвілю меў гонар камандаваць, не толькі жаданне высвятлення гістарычнай праўды, але і цалкам прынцыповыя перасцярогі стратэгічнай прыроды.

Маю на думцы тое незразумелае спляценне прычын, якія прывялі да таго, што нашыя арміі паўночнага фронту, лічэбна амаль роўныя непрыяцелю (каля 12 дывізій пяхоты супраць 13 дывізій 16-й, 3-й і 15-й савецкіх армій, абапёртыя ў дадатак на ўмацаваны абшар сталіцы, былі - падчас, калі непрыяцель быў адлеглы на некалькі соцень кіламетраў ад сваёй аператыўнай базы - так блізка да паразы 14 і 15 жніўня.

Перш за ўсё 14 жніўня вечарам бальшавіцкія патрулі знайходзіліся ўжо ў тылах нашага перадмосця - на адлегласці 14 кіламетраў ад Варшавы.

Дзе шукаць тлумачэнне гэтага балючага і незразумелага для нас факту?

Не падлягае ніякаму сумненню, што на працягу наступных дзён, паміма бясспрэчнай паспяховасці ўдару з-над Вепжа, перамога нашая не была такая поўная, як беручы пад увагу нашыя сілы і памылкі, зробленыя савецкім бокам, быць магла і павінна была быць.

(Працяг у наступным нумары.)

"Скарбы Гродзеншчыны" ў г. Смаргоні

Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці прыняў удзел у абласным фэсце традыцыйнай культуры "Скарбы Гродзеншчыны" ў г. Смаргоні.

Вынікамі фэсту сталі дзве перамогі!

Лаўрэатам I ступені ў намінацыі "Лепшая рэпліка народнага касцюма" стаў аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры.

Лаўрэатам I ступені ў намінацыі "Лепшы дарослы фальклорны калектыў" стала вакальная група Першамайскага ДК (М. Сакалоўскі і Д. Сакалоў).

Падворак Лідскага раёна прадставіў народны ансамбль побытавых інструментаў "Каханачка" Мажэйкаўскага ДК, народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў Бердаўскага КДЦ, працаўнікі Гудскага ЦКІД, удзельнікі аматарскай творчасці Першамайскага ДК, а таксама адміністрацыя Лідскага цэнтра культуры.

Майстар-клас па побытавых танцах паказалі І. Вашкевіч, Н. Ваўковіч, М. Сакалоўскі і Д. Сакалоў.

Майстар-клас па ткацтве прадставіла В. Сільвановіч. Рамесную творчасць прэзентавала А.Свідэрская.

Дэфіле народных строяў прадставілі А.Габіс, М. Сакалоўскі, І. Вашкевіч і Д. Сакалоў.

Культура Лідчыны.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX