Наша слова.pdf № 33, 17 жніўня 2022 г.
Слонім адсвяткаваў 770-годдзе
На мінулым тыдні Слонім адзначаў 770-годдзе. Дата сур'ёзная, але цалкам ігнаруе факты згадвання Слоніма пад 1011 і 1036 гадамі, якія цвердзяць пра 1000-гадовую гісторыю гэтага старажытнага беларускага горада, аднаго з самых старажытных. Але начальнікам відней.
12 жніўня ў Слоніме адбылася навукова-практычная канферэнцыя "Гісторыка-культурная спадчына Слонімшчыны: погляд у мінулае", прысвечаная 770-годдзю з дня першай згадкі Слоніма ў Іпацьеўскім летапісе. У канферэнцыі прынялі ўдзел супрацоўнікі Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі і музейшчыкі, а таксама выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў Беларусі. Падчас канферэнцыі слухачы пазнаёміліся з выступленнямі на самыя розныя тэмы. Гучалі даклады пра прывілеі на Магдэбургскае права мястэчку Жыровічы, пра гістарычную ўрбананімію Слоніма, пра Жыровіцкае Евангелле, пра слонімскія грамнічныя соймікі ў панаванне Аўгуста III (1736-1763) і шмат іншых. Цікава было паслухаць навукоўцаў, якія распавядалі пра грашовыя даходы і расходы Слоніма ў першай палове 19 стагоддзя, пра 1860-я гады ў гісторыі Слонімшчыны, пра медыцынскае забеспячэнне насельніцтва Слонімшчыны ў кантэксце развіцця аховы здароўя Заходняй Беларусі ў 1919-1939 гадах і г.д. Канферэнцыя праводзілася ў рамках дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў на 2021-2025 гады.
13 жніўня на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы на цэнтральным пляцы горада адбылося ўрачыстае адкрыццё маштабнага мерапрыемства, прысвечанага імпрэзе 770-гадовага юбілею Слоніма, паведамляе slonves.by.
Да 12:00 да пляца з фантанамі, упрыгожанай кветкамі і сцягамі, пачалі сцякацца калоны святочна апранутых слонімцаў, сярод якіх былі паважаныя, вядомыя ў горадзе людзі, ардэнаносцы, ветэраны працы, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Слонімшчыны, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і працоўных калектываў, шматдзетныя сем'і і моладзь. На свята прыехалі ганаровыя грамадзяне Слоніма, дэлегацыі з гарадоў-пабрацімаў блізкага замежжа і госці з розных куткоў Беларусі. Адбылася працяглая цырымонія ўзнагароджання лепшых прадстаўнікоў Слонімскай зямлі. Свята ўпрыгожылі канцэртныя нумары.
З вітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня Слонімскага раённага выканаўчага камітэта Генадзь Баляслававіч Хоміч, які адзначыў, што свята 770-годдзя Слоніма - гэта яшчэ адна нагода сказаць пра сваю любоў да малой Радзімы, бо нельга не любіць месца, дзе жывеш і працуеш, ствараеш сям'ю і выхоўваеш дзяцей. Нездарма кажуць, што самы лепшы горад - той, дзе чалавек шчаслівы!
- Юбілей горада - гэта наша сумеснае свята, - падкрэсліў Генадзь Баляслававіч. - Усіх нас аб'ядноўвае любоў да агульнага дома, удзел у яго лёсе, неабыякавасць да яго аблічча і традыцый. Мы па праве ганарымся ўнікальнай культурнай і гістарычнай спадчынай Слоніма, яго дасягненнямі. І з года ў год мы разам робім усё магчымае, каб нашы родныя месцы станавіліся прыгажэй і прывабней для жыцця. Слонім - гэта горад-працаўнік. І сёння мы ўшаноўваем нашых жыхароў - прадстаўнікоў розных прафесій. Горад жыве, дзякуючы яго душы і сэрцу - дзякуючы людзям. Я шчыра віншую ўсіх тых, хто нарадзіўся і вырас у Слоніме, хто прыехаў сюды вучыцца і працаваць. Кожны з нас сёння сваёй працай, сваім стаўленнем, словамі і ўчынкамі вызначае, якім стане ў будучыні для нашых дзяцей і ўнукаў наш горад.
Па завяршэнні ўсіх запрасілі да неспадзеўкі - на "Імянінны торт - 770".
Паводле СМІ.
Святары трох канфесій урачыста закруцілі слоік памідораў
Як у Іўі прайшло мясцовае свята "Іўеўскі памідор"
У Іўі Гарадзенскай вобласці 13 жніўня прайшло гарадское свята "Іўеўскі памідор", распавядае "Іўеўскі край".
Па вуліцах горада прайшоў карнавал, адбыўся конкурс на самае хуткае паяданне памідораў, зрабілі самы вялікі бутэрброд, памераліся ўраджаем, пабіліся памідорамі.
А потым чыноўнікі закруцілі першы слоік іўеўскіх памідораў ураджаю 2022 года. Права зрабіць гэта было "прадстаўлена" старшыні райвыканкама, міністру прыроды і дэпутату парламента.
А каб замацаваць вынік, закруцілі "сяброўскі слоік" святары трох канфесій.
Паводле СМІ.
Бабруйская настаўніца робіць настолкі, каб вывучаць беларускую мову гуляючы
Людміла Крылова, настаўніца і дэфектолаг з Бабруйска, мае ўжо 12 аўтарскіх гульняў, якімі можна карыстацца і ў школе, і дома - і так вывучаць беларускую мову, піша сайт 1387.by. Навінкі надрукаваны літаральна на днях! "На падыходзе яшчэ тры", - дзеліцца планамі энтузіястка, і дадае:
- У мяне няма мэты на настолках зарабіць. Хачу падарыць магчымасці вучыць мову цікава.
Як усё пачалося?
Ідэя рабіць дыдактычныя гульні для школьнікаў наведала Людмілу ў часы, калі яна працавала ў Цэнтры дзіцячай творчасці. Там бабруйчанка была намесніцай дырэктара па выхаваўчай працы і займалася праектам беларускамоўнай змены летніка для сотні дзяцей. А калі яна пайшла настаўнічаць у школу, паўстала пытанне - як матываваць васьмікласнікаў з цікавасцю наведваць шосты навучальны дзень. Людміла прапанавала ім ствараць гульні для малодшых. Формы настаўніца прапаноўвала сама, а яе вучні падбіралі лексічны матэрыял.
Так бабруйчанка пачала ствараць настолкі - як для малодшага, так і для дарослага школьнага ўзросту. Многія словы ці пытанні яна спярша тэстуе праз свой інстаграм, а пасля дадае ў гульні.
Тэматыка гульняў
Першымі гульнямі былі лато для малодшага ўзросту, трохкутнікі з сінонімамі і антонімамі для старэйшых класаў (па іх добра рыхтавацца да алімпіядаў), рэбусы. З апошніх - "Праўда і хлусня" на экалагічную тэму, "Пчолка Леля" для самых маленькіх (дапамагае вывучыць новыя словы), настолка-хадзілка "У пошуках скарбаў", моўнае даміно, "Калейдаскоп" - антонімы, "Калейдаскоп" - літаратура ды іншыя.
Цяпер у скарбонцы настаўніцы 12 гульняў, і тры на падыходзе.
- Адна гульня ўжо год ляжыць, ніяк не дашліфую пытанні. Абкатваю на дзецях, а яны іх не бяруць. Трэба спрашчаць. Але гэта будзе гульня жыцця, - смяецца Людміла Крылова. - Дапамагаюць вучні ды інстаграм. Там я кожны дзень выкладаю пытанні з гульняў, якія раблю, такім чынам іх абкатваю. Ідэю гульні "Незнаёмцы" год таму прапанавала мянчанка, напісала, а пасля мы стэлефанаваліся. Для гэтай настолкі я год падбірала цікавыя словы. Амаль усё ствараецца летам, бо маю больш вольнага часу для афармлення гульні ў "смачнае адзенне".
Як прыдбаць настолку ад Людмілы
Свае настолкі Людміла друкуе ў Менску, па 30 асобнікаў. Пакуль яна не знайшла замоўцаў, зацікаўленых у вырабе больш вялікіх накладаў. Але ў мінулым годзе на друк 100 асобнікаў ахвяраваў сталічны прадпрымальнік.
- Гэта быў прыемны шок, - узгадвае бабруйчанка. - Ён проста напісаў: "Хачу дапамагчы". І цяпер, калі мяне запрашаюць з аўтарскімі майстар-класамі "Вучым мову гуляючы, або лайфхакі для цікавага навучання", маю магчымасць рабіць удзельнікам падарункі. Бо мне падарылі - і я дару. Звярталася ў часопісы, але адзінае, што яны могуць прапанаваць - каляровы ўкладыш.
Таму ў асноўным раблю сваімі сіламі, на ўласныя грошы. І дзякуй настаўнікам, якія цікавяцца настолкамі, дасылаю ім. Наогул у мяне няма мэты на гэтым зарабіць. Хачу падарыць магчымасці вучыць мову цікава!
Таксама Людміла робіць закладкі для кніг, з іх дапамогай можна ўдасканальваць свае веды
Зацікавілі настолкі Людмілы Крыловай? Пішыце ў яе інстаграм. Там жа можна ўбачыць усе гульні і нават паўдзельнічаць у стварэнні новых.
1387.by.
ТУТ ЗЯМЛЯ ТАКАЯ...
Паэзіяй жыцця, чароўнай песняй можна назваць паэтычную Воранаўшчыну. Колькі ні прыязджай сюды - а душа штораз пакутуе ад расстання з гэтым Богам падараваным краем зямлі беларускай. Бо ТУТ ЗЯМЛЯ ТАКАЯ, з залатымі каласамі і са спеўна-гаманкімі, гасціннымі людзьмі, адоранымі надзвычай вабнай душэўнай прыгажосцю...
I ганарыцца сваім краем, праслаўляць яго і захоўваць духоўную скарбніцу могуць напоўніцу самі гаспадары Воранаўшчыны - людзі, неабыякавыя да сваёй спадчыны: хаты, бацькоў і землякоў, продкаў і сівой мінуўшчыны, да гаючых песень і гаманкога слоўца, да кожнай зялінкі і сінявы мірнага неба над сваім дабраславёным краем...
"Воранаўшчына лірычная " - пад такой сціплай і пашанлівай назвай сабраны творы, дзе ўкладзена душа ў кожнае слоўца і ў кожную ноту, якія дораць незвычайныя сакральныя пералівы мелодый, ігру пачуццяў на сваёй чароўнай ліры... Як быццам зіхаціць бурштынам, пераліваецца-гучыць мілагучны і загадкава каларытны малюнак Воранаўскага краю, паэтычныя скарбы якога бязмежныя і невычэрпныя, хаваюць і тояць у сваіх глыбінях залатыя россыпы людской мудрасці, досціпу і песеннай меладычнасці.
Паэзія - каралеўна літаратуры. Пісаць вершы здольны не кожны, бо неабходна мець пэўны лад душы, незвычайны погляд на людзей, неба, кветкі, на ўсё, што цябе акаляе. Быць паэтам - значыць быць гусляром свайго краю, спяваць пра яго прыгажосць, складаць вершы пра Яго Вялікасць Чалавека Працы, узвышаць гісторыю і сучаснасць, натхняць і даваць надзею на яшчэ лепшую будучыню. Слова ў паэта - гэта САПРАЎДНАЕ МАСТАЦТВА - мастацтва ЛІНІЙ, ГУКАЎ, ФАРБАЎ - мастацтва, у якім жыве і якім жывы чалавек. I хіба толькі паэт можа зблізіць найаддаленае, убачыць у змрочным, някідкім, халодным - чароўнае, "красу, і светласць, і прастор". Душа паэта надзвычай ранімая і вытанчаная. Яна рэагуе на праявы часу, і самае незвычайнае - адчувае подых Радзімы: пах сена і саломы, вецер з водарам траў, а зімою прахалодны подзьмух з дробнымі асвяжальнымі крупіцамі бялюткага снегу. Пах дыму купальскага вогнішча, народныя песні... Не толькі прырода дае натхненне, а ў многім люд беларускі, які спакон вякоў жыве на гэтай зямлі.
Воранаўшчына багатая на таленты з народа. Сваю свядомасць яны ўвасабляюць па-рознаму ва ўласнай паэзіі: прама і адкрыта, у спавядальных маналогах, у рэфлексіях, ці зусім інакш - апасродкавана, у форме выяўлення вонкавай рэальнасці, праз элементы апісання. Многім вершам зборніка "Воранаўшчына лірычная " характэрны медытатыўны пачатак, такі своеасаблівы ўсхваляваны і напружаны роздум. Сапраўдная паэзія несумяшчальна з шэрасцю і нейтральнасцю мыслення, з адсутнасцю пэўнага эмацыйнага тону. Мова вершаў паэтаў Воранаўскага раёна поўная экспрэсіі, якая становіцца дамінуючым пачаткам. Тут можна сустрэць гнуткія і насычаныя інтанацыі і рыфмы, можна заўважыць каларытныя мастацкія тропы і своеадметную мастацкую вобразнасць. Край легенд і паданняў, край ваяроў і аратых, край старадаўніх традыцый, вельмі старажытны і вельмі сучасны - такой прадстае Воранаўшчына перад чытачом.
Дыяпазон лірычных пачуццяў у зборніку надзвычай шырокі. Паэтычныя творы імкнуцца адлюстраваць уражанні ад пазітыўнага, грамадска значнага, усяго таго, што з'яўляецца каштоўнасцю ў вачах аўтараў, да трагічных старонак ваеннай гісторыі. Некаторыя з тэкстаў вельмі пявучыя і чакаюць свайго кампазітара, які адорыць іх прыгожай мелодыяй.
Вясёлыя бярозкі на ўзлесках і невялічкія сонечныя сасновыя паляны, звілістыя рачулкі між балоцістых лугоў і белыя лілеі ў цёмнай вадзе - такі пейзажны краявід Воранаўшчыны. I ў гэтым жыватворным, сакральна-задуменным спакоі можна сягаць думкамі ў нязведаныя таямніцы, у святое і вечнае... Адно прыслухаемся да такіх назваў вёсачак Воранаўскага краю, як Канвелішкі, Слёзкі, Тракелі, Лепі, Лоўцы, Лянцішкі, Падгай, Бацяны, Падзегуці, Свілы, Чырканцы і інш. Тут прыхаваны ахутаныя даўніной нацыянальна-ментальныя патаемы гэтай унікальнай мясцовасці. Маляўнічыя краявіды і незвычайная архітэктура ўражваюць, а гісторыя адкрывае новыя таямніцы... Месца спатканняў Адама і Марылі: той памятны камень з выявай крыжыка як сімвал безнадзейнай, самотнай ростані дзвюх летуценна-мройлівых душ. I вакол - безліч спараных дрэўцаў. Ці не таямніча-загадкава гэта ?..
Паэзія можа дастукацца да душаў людзей, на якія не могуць паўплываць іншыя віды мастацтва, што тлумачыцца глыбінёй падтэксту, багатай асацыятыўнай вобразнасцю. Зборніку "Воранаўшчына лірычная" характэрны шырокі тэматычны дыяпазон, насычаны ідэйны змест. На старонках кнігі са сваімі ўласнымі лірычнымі вершамі здолелі выступіць творцы рознага ўзросту, але ўсе яны горача любяць сваю бацькаўшчыну, яе мінулае і сучаснасць, з выключнай павагай ставяцца да гісторыі роднага краю, прыроды, чалавека-працаўніка, да блізкіх, а таксама прысвячаюць творы песнярам зямлі беларускай. Звычайнае і ўзнёслае крочаць побач, ствараючы незвычайны эстэтычны тандэм, поўны дзівоснага Хараства.
Маецца вялікі спадзеў на тое, што творчы запал майстравітых аматараў паэзіі падорыць яшчэ мноства ўзнёслых твораў пра загадкавы Воранаўскі райскі куток...
Р.К. Казлоўскі, А.Э. Сабуць , дацэнты кафедры беларускай філалогіі Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Гэты тэкст ёсць прадмова да кнігі "Воранаўшчына лірычная. Зборнік вершаў педагогаў і вучняў Воранаўскага раёна", якая выйшла нядаўна ў Лідскай друкарні накладам 200 асобнікаў у серыі "Мая Воранаўшчына". Зборнік выдадзены з удзелам Воранаўскага раённага выканаўчага камітэта пры фінансавай падтрымцы КСУП "Больцішкі" (старшыня Вількевіч Андрэй Феліксавіч). Рэдакцыйная рада: Н.В. Якжык, Н.І. Адамчык, Г.С. Янушка. У кнізе на 124 старонках змешчаны творы 18 аўтараў, у пераважнай большасці - гэта педагогі і вучні ўстаноў адукацыі Воранаўска раёна. У кнізе толькі каля дзясятка вершаў на рускай мове, астатнія на роднай, беларускай.
Два творы з кніжкі:
МАЯ МАЛАЯ РАДЗІМА
Версэт
Прывітанне, мае Канвелішкі!
Прывітанне, маё неба! Ты даеш мне крылы, каб лунаць у думках, каб прагнуць да цябе і да тых далёкіх гарызонтаў, што маняць сваёй казачнасцю і невядомасцю.
Прывітанне, мая зямля! Ты прыгожая ва ўсе поры года: і залатой восенню, і блакітнай вясной, і белашэрай зімой, і рознакаляровым летам. Ты корміш маіх шчырых і працавітых аднавяскоўцаў, чакаеш дажджу ў спёку і сонца - у холад.
Прывітанне, мае дарожкі-сцяжынкі! Вы ведзяце мяне да двух храмаў - нашага касцёла, дзе жыве справядлівы і мудры Бог, і да школы, дзе валадарыць навука і сяброўства, дзе цвёрдыя рукі педагогаў вядуць мяне ў Шчаслівую Будучыню.
Тут мой выток, мая аснова...
I маё сэрца.
Даніла Трахімчык.
БУСЕЛ
Ізноў вясна... I ярка свеціць сонца,
Зазелянелі травы на мяжы...
I стукаюць праменьчыкі ў аконца,
I адмываюць ад зімы дажджы.
Чырвананосы бусел аблятае
Спрадвечнае сваё жытло.
Чаму бабуля сёння не страчае?
Чаму такое ціхае сяло?
I сцежкі не вядуць зусім да хаты...
"Я тут!" - пачаў наш бусел клекатаць...
I цэлы тыдзень ён чакаў заўзята,
Не верыў, што не выйдуць прывітаць.
Калісьці тут дзятва яго страчала:
- Дзень добры, наш бацянчык-клекатун!
Бабулька галавою ўслед ківала:
- Ляціш, то буду жыць яшчэ, вястун.
I ён лунаў - прыносіў радасць, шчасце.
Не нёс дзяцей - іх не чакалі тут.
Адводзіў беды, суцяшаў у нянасці...
Чаму ж не прывітае родны кут?
Пустыя хаты... Вокны ўжо не вочы...
I вецер-сухавей тут гаспадар...
Стары калодзеж болей не рабочы,
Ад комінаў не ідзе дымочак-пар...
А моладзь уся ў горад выязджае...
Бабулечкі не стала ўжо зімой...
Ды толькі верны бусел нас чакае
У роднай вёсцы кожнаю вясной.
Наталля Якжык.
Сёлета мы ўжо пісалі пра выхады паэтычных зборнікаў у Наваградку і Лідзе, і вось Воранава. Розныя сілы і сродкі задзейнічаны, але асноўнае адно - жыве Божая іскра творчасці ў нашым народзе.
Яраслаў Грынкевіч.
У Магілёве паставілі помнік Георгію Каніскаму
Помнік Каніскаму паставілі на агляднай пляцоўцы побач з лесвіцай, якая вядзе ў Падмікольскі парк. На адкрыццё прыйшлі кіраўнікі горада і аблвыканкама. Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веніямін узнагародзіў старшыню гарвыканкама Уладзіміра Цумарава і старшыню аблвыканкама Анатоля Ісачанку медалямі "Святителя Георгия Конисского". З гараджанамі адносна таго, ці патрэбен такі помнік, улады не раіліся, паведамляе Магілёў.media.
На адкрыццё помніка сабралася вялікая грамада людзей, якія называлі сябе праваслаўнымі. Па іх словах, "Каніскі - вялікі дзеяч і святы". Некаторыя адзначалі, што ён "абараніў Белую Русь ад каталікоў".
Урачыстасць праходзіла побач з плошчай Арджанікідзэ. Яе ў 2016 годзе ўлады з ініцыятывы праваслаўных актывістаў хацелі пераназваць у гонар Каніскага. Тады было запушчана грамадскае абмеркаванне, якое выклікала палеміку ў беларускім інтэрнэце. Яно і выявіла неадназначнае стаўленне да гэтага царкоўнага дзеяча як гістарычнай асобы.
На епіскапскае служэнне ў Беларусь Каніскага запрасілі з Украіны ў 1755 годзе. Магілёўскай епархіяй ён кіраваў на зломе эпох у другой палове XVIII стагоддзя. Падзеі таго часу прывялі да знікнення з палітычнай карты Еўропы Рэчы Паспалітай.
Па ўмацаванні на беларускіх землях расійскай улады, з ініцыятывы Каніскага прымусова пачалі вяртаць у праваслаўе ўніятаў, каталікоў ды пратэстантаў. Методыку, апрабаваную на Магілёўшчыне і Мсціслаўшчыне, пазней пашырылі на ўсю Беларусь.
Паводле ўкраінскага гісторыка Яраслава Фошчана, Георгій Каніскі, трапіўшы ў Беларусь, аказаўся закладнікам часу і ўмоў, у якіх яму давялося дзейнічаць. Ён прасіўся, каб яго адправілі з архіепіскапскага служэння ў Рэчы Паспалітай ва ўкраінскі манастыр. Навуковец прызнае, што цяпер у гістарыяграфіі стаўленне да дзейнасці Каніскага палярнае.
У 1992 годзе вал "Красной звезды" пераназвалі ў архірэйскі вал Каніскага. Тады гэта не выклікала ў грамадстве напружання і расцэньвалася як аднаўленне гістарычнай праўды.
6 жніўня 1993 года архіепіскап Георгій Каніскі быў далучаны да ліку мясцовых святых. Ягоны абраз намаляваны на некалькіх праваслаўных святынях Магілёва. На Архірэйскім вале стаіць крыж у яго памяць, а на будынку былога архірэйскага палаца ўсталявана шыльда са звесткамі пра яго жыццё.
Цяперашняя ўлада ставіць Каніскага ў адзін шэраг з Еўфрасінняй Полацкай і іншымі прызнанымі беларускімі дзеячамі і асветнікамі.
Канчатковае рашэнне аб помніку Каніскаму было прынята ў 2021-м. Грамадскага абмеркавання, як у выпадку з пераназваннем плошчы, не абвяшчалася. Летась на месцы, дзе паставілі помнік Каніскаму, заклалі капсулу з пасланнем нашчадкам.
Паводле СМІ.
Пра зарплаты ў Германіі
Навіны Германіі
Сярэдняя зарплата ў Германіі, высокааплатныя сферы і што такое бюджэт 3000 еўра ў Берліне
Колькі вы будзеце зарабляць у Германіі? Гэта адно з самых распаўсюджаных пытанняў, якое задаюць сабе людзі, што пераязджаюць у Германію на працу. Нямецкая эканоміка квітнее. Такім чынам, ёй трэба шмат замежных працаўнікоў, і яна гатовая добра ім плаціць. Урэшце, нямецкія зарплаты - адны з самых высокіх у ЕС. Дык дзе самыя высокія зарплаты ў Германіі?
Што лічыцца добрай зарплатай у Германіі
У Германіі чыстая месячная зарплата ад 2 500 еўра да 3 000 еўра лічыцца добрай, а звыш 3 500 еўра - вельмі добрай. З такім прыбыткам вы можаце дазволіць сабе годнае жыццё ў буйным нямецкім горадзе, уключаючы арэнду кватэры з 2 спальнямі, рэгулярнае сілкаванне і выходныя дні.
Сярэдняя зарплата брута ў Германіі ў 2022 годзе складае 51 010 еўра ці 31 386 еўра пасля выплаты падаткаў для аднаго чалавека. Гэта адпавядае чыстай штомесячнай зарплаце ў 2 615 еўра.
Справаздача пра зарплаты 2022 года паказала, што сярэдняя зарплата брута ў Германіі па ўсіх прафесіях складае каля 51 010 еўра, а мінімальная - 44 074 еўра.
Паколькі немцы не абмяркоўваюць грошы і прыбыткі адкрыта, бывае цяжка высвятліць, колькі яны зарабляюць. Больш таго, зарплата брута далёкая ад чыстага прыбытку. Гэта можа стварыць уражанне, што вы зарабляеце шмат грошай, але пасля выплаты падаткаў сума будзе значна меншая.
У Германіі добрай лічыцца гадавая зарплата брута вышэй за 50000 еўра. У цэлым, вельмі добрая сярэднегадавая зарплата ў Германіі складае ад 64 000 еўра да 81000 еўра.
Самыя высокія прыбыткі ў Германіі назіраюцца сярод сямейных пар без дзяцей і пар з дарослымі дзецьмі, якія ўжо пакінулі дом і жывуць самастойна.
У такіх выпадках распаўсюджаны чысты сямейны прыбытак у памеры 5 160 еўра, які лічыцца хутчэй верхняй мяжой.
Людзі з гадавым прыбыткам больш за 80 000 еўра ці 6 600 еўра ў месяц належаць да меншасці.
Жыццё на 3 000 еўра ў Берліне
3 000 еўра нета ў месяц у сярэднім складаюць гадавую зарплату брута каля 60 000 еўра. Гэта цалкам рэальная зарплата для большасці навукоўцаў з досведам працы на працягу некалькіх гадоў.
- Жыллё: вы можаце зняць 2-х пакаёвую кватэру ў цэнтры горада (1500 еўра), камунальныя паслугі абыйдуцца вам яшчэ ў 150 еўра і 35 еўра за інтэрнэт.
- Прадукты і сілкаванне: 500 - 600 EUR - вы можаце дазволіць сабе даражэйшыя арганічныя прадукты.
- Наяўны прыбытак у месяц: 715 EUR на адзежу і абутак, асабістыя рэчы, сілкаванне, забаўкі, паездкі на выходныя, штогадовы адпачынак і г.д.
- Вы можаце дазволіць сабе даражэйшае хобі.
- Вы можаце часцей ездзіць у адпачынак - 2 ці 3 адпачынкі ў год, уключаючы больш далёкія кірункі ці тыднёвы зімовы спартовы адпачынак.
- Вы таксама можаце праводзіць шмат выходных.
- Эканомія: вы зможаце адкладаць, прынамсі, некалькі сотняў еўра.
Паводле СМІ. Фота: FamVeld / Shutterstock.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Калі цырыманіяльная люлька не аб'ядноўвае: умець перажыць адмову ад дарагіх, але спрэчных сімвалаў
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-32)
Тэма з'яўлення "сапраўдных" індзейцаў у "самой" Беларусі мае шмат момантаў "набліжэння" і спецыяльны "дадатак" па мастацкіх інтэрпрэтацыях - мара часта замяняе рэчаіснасць. Пісьменнік Аляксандр Тышынскі, які "пасяліў" індыянку ў "сэрцы" Беларусі і гэтым зрабіў сабе імя ў літаратары ў 19 ст., аказаўся звязаны з намерам групы індзейцаў ужо ў 20 ст. рэальна праехаць - нават прабегчы - па яе прасторах… прынамсі ў нашай перапісцы:
"БЕЛАРУСКА-ІНДЗЕЙСКАЕ ТАВАРЫСТВА
Костачка Я. В.
Школьны музей в. Мясата
Маладзечанскага р-на
№ 85 24.5.1990
Паважаная Яўгенія Васільеўна!
Г. А. Каханоўскі параіў звярнуцца да Вас у сувязі з праблемай вывучэння біяграфіі і творчай спадчыны А. Тышынскага.
Наша цікавасць да гэтага пісьменніка тлумачыцца тым, што ён з'яўляецца аўтарам твора "Амерыканка ў Польшчы", дзе індыянкі [бадай, індыянка і яе дачка-метыска - у "Літве" жыла канадская індыянка з дачкой] "вывучаюць" краіну, яе літаратуру і г.д. Крыху штучна створаная, але надзвычай цікавая сітуацыя культурнага дыялогу.
Ці не маеце Вы якіх-небудзь спецыфічна "мясцовых" матэрыялаў пра А. Тышынскага і яго сям'ю? У прыватнасці - пра склеп у Красным (мы былі б Вам удзячны за фота, калі ў Вас ёсць або ёсць магчымасць зрабіць. Мы даведаліся, што месца пахавання Тышынскіх знаходзіцца ў не вельмі добрым стане. Што трэба зрабіць, каб яго палепшыць? (Магчыма, яго пажадаюць наведаць індзейцы з ЗША, якія ў пачатку кастрычніка плануюць прайсці праз Беларусь з боку Каўнаса на Кіеў (т.зв. Свяшчэнны Бег - Еўропа, 1990)).
Што да кнігі Тышынскага, то ці не зацікаўлены Вы мець копію яе ў экспазіцыі музея? Экзэмпляр ёсць у Дзярж. бібліятэцы БССР. Ваш музей і наша таварыства маглі б аб'яднацца ў гэтай справе. Акрамя таго, думаем, варта б было хаця б паспрабаваць зацікавіць каго-небудзь з тых, хто добра перакладае з польскай, у збеларушчванні "Амерыканкі ў Польшчы".
Будзем Вам вельмі ўдзячны за любую інфармацыю пра "амерыканцаў" з Вашых мясцін (у тым ліку тых, хто вярнуўся і жыве дагэтуль).
З павагай Алесь Сімакоў, часовы выканаўчы сакратар БІТ".
"Сюжэт апавядае пра лёс польскага эмігранта і легіянера, які ў выніку караблекрушэння апынуўся на амерыканскай зямлі. Замужжа з індыянкай, знаходжанне гэтай Карысты з дачкой Анакаанай у Літве, на радзіме мужа, любоўныя прыгоды Анакааны і маладых людзей, якія на яе прэтэндавалі".
"Дзеянне разгортваецца спачатку ў Паўночнай Амерыцы, потым на Крэсах былой Рэчы Паспалітай. Шырокія прасторы Амерыкі: з аднаго боку пустыні, з другога - шырокія лясныя масівы, дзе можна сустрэць розныя пароды дрэў (кедры, клёны, белыя таполі, чырвоныя дубы) і жывёл (ласі, алені, мядзведзі, чорныя лісы).
Аўтар таксама апісвае абрады людзей, якія жывуць у Паўночнай Амерыцы" (Bibliografia polskiej powiesci minorum gentium 1840-1900).
ГАЛЫНСКІ Аляксандр - адным з першых выказаў ідэю пералётаў паміж Еўропай і Амерыкай; адзін з першых "беларусаў" ("пратапласт" Галынскіх прыехаў з Польшчы, але праз шлюбы яны змяшаліся з беларусамі; маці была з "пушкінскіх" Ганчаровых), якія ўбачылі індзейцаў у розных частках Амерыкі - па "схеме" Сант'яга - Каліфорнія - Квебек і г.д. (наведваннем многіх месцаў у абедзвюх Амерыках нагадвае М. Сяляву, С. Блікер і Г. Шостака, хаця "кругасветнікі-беларусы" М. Станюковіч і В. Хромчанка таксама мелі вялікую геаграфію кантактаў у час іх плаванняў). З яго жыцця - часткі вялікай сагі пра "згубленых сыноў", з яго падарожжаў, якія складаюць адысею або "эпапею", і "міжкантынентальных" рэпартажаў, найбольшую нашу ўвагу звярнула наведванне ім у 1846 г. індзейскіх вёсак каля возера Дзвюх Гор, паблізу ад Манрэаля. Пра гэта ён піша, каб праілюстраваць характар моўных кантактаў паміж плямёнамі. Іракезы і алганкіны, паселішчы якіх прылягаюць адно да аднаго, не разумеюць мовы суседзяў, што вымушае белых святароў даваць пропаведзі на дзвюх мовах.
Ён назіраў індзейцаў гуаймі ў Панаме, адзначыўшы іх добрыя якасці як весляроў і насільшчыкаў, але і ляноту, пасіўнасць, якую, аднак, тлумачыць адсутнасцю патрэбы ў вялікіх намаганнях для забеспячэння ўсім неабходным для жыцця. Сустрэчы з індзейцамі і "чола" ў Перу і Эквадоры (Ліме, Гуаякілі і Кіта) далі яму падставу для разважанняў пра "дэградацыю індзейцаў". У Каліфорніі сустрэтых індзейцаў трактаваў, паводле С. Браткоўскага (1934-2021), як "найглыбей здэградаваных", апатычных і г.д., з нібыта яўнымі інтэлектуальнымі праблемамі, аж да "ўпадзення" і маразму.
Тым не менш, з індзейцамі братаўся - магчыма, як ніхто ў той час. Гэта быў "інавацыйны" спосаб братання - вышэйшага, чым проста падтрымка і абарона, - адчуванне еднасці, нягледзячы на непрыемныя ўражанні і кепскія этнічныя стэрэатыпы. Не кажучы пра прыемныя ўражанні. Згаданы сучасны аўтар, які падрыхтаваў з жонкай Ромай (1933-2022) польскую скарочаную версію "Каліфорніі і міжакіянскіх маршрутаў", спрабуе дадумаць акалічнасці яго сустрэчы з прыгажунямі-метыскамі, якія пралі бялізну ў ручаі ў Акапулька. "Відаць, сапраўды быў толькі памыты" (з ног да галавы), піша Браткоўскі. Аляксандр крытыкаваў пры гэтым крывадушнасць "еўрапейскага сораму".
ГРЫНБЕРГ Джэк - буйны дэнверскі нафтагаза-прамысловец, які свідраваў зямлю і побач з індзейцамі ў розных месцах, асабліва на Паўднёвым Захадзе, і падтрымліваў індзейцаў, якія ішлі ў горную справу (памёр 11.10.2021 г. ва ўзросце 89 гадоў, а нарадзіўся ў Берасці 21.01.1932 г.). Яго імя часта фігуруе, у прыватнасці, у сувязі з Council of Energy Resource Tribes (Савет плямёнаў з энергетычнымі рэсурсамі). Быў "Speaker at Tribal (American Indian) Energy in the Southwest Conference in Albuquerque, New Mexico, December 11-12, 2006" (з рэзюмэ Грынберга). Кіраваў "Oceanic Exploration Company", якая займалася пошукам і здабычай нафты, газу і розных выкапняў у Еўропе, Азіі і Амерыцы, у т.л. у Нікарагуа, Перу.
Сам выпускнік 1952 г. Горнай школы Каларада (Colorado School of Mines - універсітэт), ён падтрымаў індзейскіх студэнтаў яе, што знайшло адлюстраванне ў публікацыях у індзейскай прэсе. Асобны артыкул пра гэта так і называецца: "Фонд Грынберга для індзейцаў": Grynberg endowment for American Indians // Rawhide Press. 1982. Jun. P. 16. Гл. таксама: $100,000 Endowment to Colorado school // Wassaja. 1982. Sept.-Oct. P. 9.
ЖЫЛІНСКІ Алег (Танта, Жалезнае Вока) - менскі індзеяніст ( "Мая індзейская гісторыя пачалася ў 1977 годзе (сёмы клас) у горадзе Заслаўе, што за дваццаць кіламетраў ад Менска, дзе я нарадзіўся"), адзін з лепшых у краіне па вырабе індзейскіх рэчаў, па танцах і іншым. Удзельнік паўваў, лакальнага беларускага, а традыцыйна - тых хутчэй злётаў, чым паўваў, у Ленінградскай вобласці, на якія прыязджалі як "індзейцы", найбольш з самой Расіі і з Украіны, так неаднаразова і ўласна індзейцы, асабліва вядомыя з гэтых гасцей - Б. Медысін (сіхасапа і мінеконджу лакота), А. Пайпер (Вялікі Арол, пагасет).
"1.22.88" датаваўся першы ліст нам ад Алега (яго адрас даслала індзеяністка Ніна Аўсюкова з Навасібірска (1968-2010) у паштоўцы са штэмпелем 14.01.1988, атрыманая 17-га): "Вы - першыя аднадумцы, якія так блізка ад нас. Да гэтага пісьма мы не ведалі ніводнага індзеяніста з Беларусі. Мы вельмі рады, што нас цяпер больш і мы не адны.
Мы - гэта я і трое маіх сяброў.
Андрэй Г. - Раз'юшаны Бізон (25 гадоў)
Канстанцін П. - Адважная Птушка (25 гадоў)
Сяргей Я. - Шэрае Воблака (26 гадоў)".
Ігар Гураў з Краснадара апісаў свае з Танта і іншымі сумесныя сустрэчы з удзельнікамі "Свяшчэннага Бегу" 1990 г. (2000, 2001) (https://www.first-americans.spb.ru/n9/koi/sacredrungurov.htm):
"Першы наш кантакт адбыўся ў гарвыканкаме на Палацавай плошчы насупраць Ісакіеўскага сабора. Мы туды прабраліся, зрабіўшы валасы заплеценымі ў косы і размаўляючы адзін з адным на скажонай англій скай, бо тады нават такой англійскай чыноўнікі не разумелі, і нам гэта сышло з рук. Да нас тут жа прымацавалі перакладчыцу, якая адвяла нас да месца збору ўсёй дэлегацыі.
Першым, хто нам трапіўся "на разарванне", быў рослы індзеец, які сядзіць у баку ад асноўнай групы на чале з Бэнксам і афіцыйнымі чыноўнікамі. Мы "атакавалі" яго. Танта тут жа ўсунуў яму пачак фатаграфій з нашых Паў-Ваў, а Лань, Якая Спявае, пачала тлумачыць нешта на англійскай. Рэакцыя яго была ніякай. Але нас гэта не збянтэжыла. Сам факт знаходжання побач з рамантычнай легендай п'яніў нас. Гэта быў Скай Хоўк. Пасля мы сталі прыяцелямі".
"Пад канец дня натоўп індзеяністаў, якія рознымі шляхамі дабраліся да гэтага месца, выціснуў з Дэніса Бэнкса і яго сястры Мэры-Джэйн абяцанне сустрэцца заўтра, тут жа, у зале аднаго з карпусоў пансіяната ў Рэпіна для больш плённых зносін. Да вечара наступнага дня ў пансіянаце сабралася чалавек 30 індзеяністаў і некалькі ўдзельнікаў прабегу: Дэніс Бэнкс, Мэры-Джэйн (сястра Бэнкса), Тачына (дачка Бэнкса), англічанін Пітар Гібс з жонкай Кэці з лакота і трыма дочкамі. Яшчэ некалькі ўдзельнікаў прабегу індыферэнтна сядзелі ў другім канцы залы і не прымалі актыўнага ўдзелу ў "саміце". Было зададзена шмат пытанняў і атрыманы адказы. Але самым знамянальным і тым, што найбольш запомнілася мне, ды і іншым таксама, было тое, што нашы хлопцы прынеслі з сабой люлькі і прапанавалі іх выкурыць Бэнксу і астатнім. Бэнкс адмовіўся, спаслаўшыся на адсутнасць настрою і неадпаведную сітуацыю. (У іх у той дзень абакралі аўтобус, знеслі кіна- і фотаапаратуру, і гэтай справай займаліся следчыя органы ў асобе падпіўшых операў, што натуральна паўплывала на агульны настрой бегуноў).
Але я ў той момант быў заняты зносінамі з памочнікам Бэнкса, Пітэрам Гібсам, які, мяркуючы па ўсім, быў яшчэ і танцорам. Гэта мяне цікавіла больш за ўсё. Таму я не адразу зразумеў, што адбылося, калі падняўся Самотны Воўк і сказаў прыкладна наступнае: "Ды пляваць я хацеў на тое, што яны з намі не жадаюць курыць. Я вырас з люлькай, і я больш індзеец, чым яны". Магчыма, я перадаў фразу Ваўка не слова ў слова, але сэнс яе быў менавіта такі. І гэта была выразная і гордая пазіцыя чалавека, які ведае сабе кошт. Справядлівасць і слушнасць яго слоў я пазней зразумеў, сутыкнуўшыся з такой жа сітуацыяй на прабегу са Скай Хоўкам. Ён таксама адмовіўся ад люлькі і гутаркі з намі, калі ўзнікла складаная сітуацыя. У такія моманты мы абломваемся на выяве "рамантычнага індзейца" і сутыкаемся з рэальнасцю, і менавіта тады ўсведамляем, хто мы ёсць. Я сапраўды ведаю, хто я, і што для мяне значыць свяшчэнная люлька, а вось яны (індзейцы) не адразу гэта прасякаюць. Хоць зразумець іх таксама можна, ведаючы ўсю іх папярэднюю, ды і сапраўдную гісторыю зносін з белым чалавекам.
Мы з Танта населі на Пітара, папярэдне дапамаглі здабыць гарачай вады для гарбаты ці кавы, што было няпроста, улічваючы спецыфіку нашага грамадскага харчавання. У адказ ён ласкава прыцягнуў з нумара свае танцавальныя рэгаліі, бастлы, фартух, роўчы і да т.п., а мы ўзмоцнена ўнікалі ў яго злёгку картавую англійскую мову. Зносінамі засталіся задаволеныя ўзаемна".
Сустрэча ў пансіянаце нагадвае І вальны сойм беларускіх суполак (1987), які адбыўся на турбазе "Палачанка" пад Менскам і ў якім мы ўдзельнічалі з гомельскім калегам Мачэта. Што тычыцца цырымоніі з люлькай, то і ў Менску індзеец У. Язі адмовіўся, сказаўшы, што не курыць. Пры гэтым таксама прысутнічаў Танта.
Гл. пра Свяшчэнны Бег словамі самога Жылінскага ў сканах з яго лістоў.
ТАЛОЧКА Ежы - пра польскага індзеяніста з продкамі-беларусамі першая інфармацыя прыйшла да нас ад індзеяніста ўкраінскага - лемкаўскага - Багдана Яхвака з Ужгарада, з яго перакладаў з польскай і ліста ад 1.10.1987 г. Наша працяглая перапіска з Ежы, на якую мы спадзяваліся, не атрымалася, але тры лісты, якія прыйшлі ад яго - каштоўная крыніца пра рух у Польшчы і яго самога.
Талочка вядомы як этнограф і спецыяліст па апісанні і ахове помнікаў. Індзеяністыкай ёй ужо не займаецца, калі меркаваць па адсутнасці яго ў апошнія дзесяцігоддзі ў актыўнай хроніцы польскіх калег. Тым не менш яго імя ўпісана "вялікімі літарамі" ў гісторыю польскай і еўрапейскай індзеяністыкі - як аднаго з першых сапраўдных актывістаў. І ставіцца побач з імёнамі Сат-Ока і Стэфаніі Антаневіч, "індзейскай" бабулі": на сайце індзеяністаў (http://www.indianie.eco.pl/bylo/babcia.html) у пэўным кантэксце ён называецца першым: "у бабулі бывалі: беластоцкі этнограф Ежы Талочка (адзін з першых перакладчыкаў у Руху, сябра Survival International, папулярызатар справы Леанарда Пелціера, а потым сузаснавальнік PSPI) […]". Што да сустрэч Ежы з індзейцамі, то яны ў дадатак да перапіскі былі як у Беластоку (індзейцы ЗША неаднаразова наведвалі яго - для Гомеля такіх фактаў няма), так і ў час паездак. 1988, 1994, 2010 і 2015 - гады, калі польскія сябры індзейцаў збіраліся на свае злёты на Беласточчыне. Першыя два прайшлі ў раёне Каралёва Моста, астатнія - каля Супрасля, у 1994 і 2015 гг. прысутнічаў перуанскі індзеец Луіс Дуэнас, у апошнім выпадку на сваёй машыне ён вёз з лагера ў Беласток госця злёту з Гомеля).
У 1990 г. Польшчу наведала цэлая група індзейцаў - удзельнікаў (варыянты назвы) "(Найдаўжэйшага - Longest Run) Свяшчэннага Бегу імя Джыма Торпа" ("Swiety Bieg - Europa 1990").
Талочка ў Гомель: "Зараз напішу крыху пра сябе. Я ўзначальваю беластоцкую групу, якая налічвае каля 30 чалавек. Мне 33 гады, і я цікаўлюся ў асноўным сучаснымі пытаннямі, звязанымі з палітыкай і сацыяльна-эканамічнымі справамі, у меншай ступені гісторыяй. Мы падтрымліваем кантакты з індзейцамі ЗША і Канады, а таксама з заходнееўрапейскімі групамі з Заходняй Еўропы, якія дапамагаюць індзейцам. Мне цікава, як вы бачыце супрацоўніцтва са мной і маімі людзьмі, у якіх галінах мы можам супрацоўнічаць адзін з адным. Калі ласка, напішыце мне пра гэта.
Магчыма, ведаеце, што мы ў Польшчы ствараем Польскі індзейскі рух сяброў індзейцаў (па-англійску Polish-Indian Friends Movement), кожны год мы ладзім вялікі паўваў усіх груп у Польшчы. Сёлета мая група праводзіць такую сустрэчу. Я думаю, што было б добра, каб вы былі на гэтай сустрэчы, напрыклад, 2-3 чалавекі. Што думаеце? Тады мы маглі б найбольш і найлепей паразмаўляць на тэмы, якія ўяўляюць для нас агульную цікавасць. Ці, можа быць, вы потым маглі б запрасіць каго-небудзь з нас, каб пазнаёміцца з вашай групай і вашай дзейнасцю? Чакаю вашага адказу па гэтым пытанні" (2.02.1990).
"Дзякуй за ўсе лісты, якія ты мне даслаў, і прашу прабачэння, што так доўга не адказваў. Не меў на гэта зусім часу, таму што ў мяне шмат працы тут, на месцы. Твой апошні ліст я аддаў дзяўчыне з беластоцкай групы, якая абяцала з табой перапісвацца.
Дасылаю вам інфармацыю аб найважнейшай падзеі, якая адбудзецца ў гэтым годзе ў Еўропе, у тым ліку ў вашай краіне. Гаворка ідзе пра "Свяшчэнны Бег - Еўропа 1990", маршрут якога вядзе з Лондана ў Маскву і які арганізоўвае Дэніс Бэнкс з AIM (некалькі тыдняў таму ён быў у Маскве, можа чуў?). Наколькі я ведаю, у Савецкім Саюзе яшчэ няма каардынатара гэтага прабегу, можа, ты б гэтым заняўся? У інфармацыі ёсць усе патрэбныя адрасы, таму пішы. Калі гэтае пытанне цябе цікавіць, напішы і я вышлю табе больш інфармацыі, як толькі атрымаю. Я нядаўна вярнуўся з Заходняга Берліна, дзе даведаўся пра гэта некаторыя падрабязнасці.
Акрамя гэтага, нічога новага тут не адбываецца. Чакаем рэгістрацыі нашай агульнапольскай арганізацыі пад назвай Польскае аб'яднанне сяброў індзейцаў са штаб-кватэрай у Беластоку. Яна павінна адбыцца ў канцы сакавіка гэтага года. Тады мы зможам легальна працаваць не толькі ў Польшчы, але і ва ўсім свеце" (6.03.1990).
У атрыманым ад польскіх калег рукапісным дакуменце " на 2-х стар. "Траса і накід праграмы "Свяшчэннага Бегу дзеля Зямлі і жыцця" - Еўропа'90 на тэрыторыі По-льшчы", між іншым, было такое месца: "9.08.90 / нядзеля / Варшава - Беласток 1) сустрэча з прадстаўнікамі нацыянальных меншасцей - Беласток 3.09.90 / пан / Беласток - Аўгустаў 1) развітанне з бегунамі".
Наша надзея прыняць эстафету ад палякаў і літоўцаў, а потым перадаць яе ўкраінцам і расіянам не апраўдалася. Індзейцы дабраліся да мэты - Масквы, але "спрошчаным" маршрутам. У "беларуска-індзейскай хроніцы" засталіся нашы арганізацыйныя клопаты, звернутыя як да расіян, так і да беларусаў; з нашых лістоў, акрамя ўжо цытаванага ліста да Я. В. Костачкі ад 24.05.1990): Здаравенку Г., Орша, 12.04.1990: "Сябры з Польшчы паведамілі пра неверагодную падзею, якая плануецца сёлета. Індзейцы разам з японцамі арганізуюць "Свяшчэнны Бег - Еўропа 1990 (імя Джыма Торпа)", Лондан-Масква, маршрут праходзіць і праз Беларусь (пачатак кастрычніка)"; Каханоўскаму Г. А., Менск, 11.05.1990: "Пасылаем Вам адзін з аргдакументаў па беспрэцэдэнтнай акцыі - індзейскаму "Свяшчэннаму Бегу - Еўропа 1990". Будзем шчыра ўдзячны за любую дапамогу. Мы спадзяемся паспець зрабіць невялічкі краязнаўчы "гід" (накшталт вядомага "Экватара", толькі з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход, з акцэнтам на беларуска-індзейскіх сувязях (галоўным чынам выхадцы з пэўных населеных пунктаў у Амерыцы), пераклаўшы яго на англійскую мову. У адной з кніг Вы сцвярджаеце. што А. Тышынскі (аўтар "Амерыканкі [г.зн. індыянкі] ў Польшчы") нарадзіўся ў Мясаце, але ў "Новым Корбуце" і ў адной з польскіх энцыклапедый называецца Пецярбург. У Вас ёсць нейкія доказы Вашай версіі?"
У "дыдактычнай аповесці" "арыгінальнага помыслу", "квазірамане" ў лістах ад імя прадстаўніцы першых народаў Канады ў "Літве" (твор прывязаны да гуронаў і да Менска, які выступае пад назвай "Міноград" або "Мінаград") каментуюцца многія рэчы, найбольш грунтоўна - літаратурныя кірункі і школы (аўтар Аляксандр Тышынскі нарадзіўся ў Пецярбургу ў бацькоў, якія жылі там часова, мелі кракаўскія і валахскія, падольскія карані і сталі "асаднікамі" ў Мясаце - там ён выхоўваўся, ствараў "Амерыканку", там і памёр).
Як бачна па матэрыялах з "дасье" Жылінскага (гл,), у наступны год быў яшчэ адзін бег, ён быў ужо больш сціплы і па ўдзеле індзейцаў.
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Вайна ў 1920 годзе*
Успаміны і разважанні
Генерал Люцыян Жалігоўскі
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Прынята ўсе непаразуменні ўскладаць на плечы нястойкасці войскаў і іхняга маральнага надлому.
Замест гэтага ні адзін з гісторыкаў - не выключаючы ген. Сікорскага - не распачаў да гэтага часу больш шырокай дыскусіі на тэму хібаў стратэгічнай прыроды, якіх без сумнення хапала ў групоўках усяго нашага паўночнага фронту.
Падымаючы сёння тыя спробы, мушу выйсці па-за рамкі дывізіі ці групы і дакрануцца прынцыпаў стратэгічнай прыроды, а таму і аперацыі на перадполлі Модліна. Загадзя мушу папярэдзіць, што раблю гэта неахвотна. Хацеў бы, каб мяне падмяніў нехта іншы - у апісваных выпадках менш асабіста заангажаваны, а што за тым ідзе, можа, больш пабочны.
За пункт адліку бяру дзве усталяваныя на працягу вякоў праўды вайны:
1. "Можна атакаваць паспяхова толькі ў той час, калі ты сам падрыхтаваны да абароны".
2. "У вырашальным месцы належыць імкнуцца да канцэнтрацыі максімуму сваіх сіл".
Рашэнне Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ад 6 жніўня палягае на адрыве нашых адступаўшых войск ад непрыяцеля і прыняцця бітвы на лініі ракі Віслы. Паўночны фронт, ад нямецкай граніцы аж да Дэмбліна, атрымаў выключную контрнаступальную задачу ("аслабіць непрыяцеля крывавым адбіццём яго чаканых на варшаўскі плацдарм атак"), падчас, калі манеўровая армія, утвораная ў цэнтры пад асабістым камандаваннем Вярхоўнага Галоўнакамандуючага мела выканаць вырашальны ўдар з-над Вепжа на фланг і тылы непрыяцеля, звязанага пад Варшавай. У той час толькі наступальнае ўзаемадзеянне войск паўночнага адрэзка бралася пад увагу.
А таму - выразная абарона адносна поўначы, флангавае наступленне адносна цэнтра.
У сваёй кніжцы "1920 год" піша пра гэта маршал Пілсудскі, гаворачы пра фронт пасіўны і актыўны:
"Варшава аказвалася загадзя на пасіўнай ролі, на вытрыманні націску, які ішоў на яе. Але тады з пасіўнай роляй мы хацелі звязваць велізарную большасць сваіх сіл. Калі зноў думаю пра змяншэння колькасці войскаў у пасіўнай абароне, пачынаю вагацца, ці Варшава вытрымае і ці сам факт выхаду нейкай часткі войска, ужо прыцягнутай да яе, не выкліча змяншэння слабых маральных сіл і недахопу веры ў магчымасць абароны. Таму ці больш дзесяці дывізій, амаль палову польскіх сіл, загадваць на пасіўнасць? Вось пытанне, якое сабе задаваў".
Спыніліся аднак на тым, што для ўдару былі вызначаны пяць дывізій пяхоты (14-я, 16-я, 21-я, 1-я легіёнаў, 3-я легіёнаў) і дзве брыгады кавалерыі (4-я і 12-я), а для пасіўных мэтаў, г.зн. да абароны - звыш дванаццаці дывізій пяхоты (2-я, 4-я, 15-я, 8-я, 11-я, 19-я, 9-я, 17-я, 18-я, дабраахвотная, 10-я, сібірская брыгада, 7-я брыгада рэзервовая, цвердзевыя батальёны Модліна, т.зв. група маёра Матчынскага, шматлікая артылерыя з рэзерву Вярхоўнага Галоўнакамандуючага і г.д.), а таксама дывізія кавалерыі ген. Карніцкага 1.
Сілы, якія ўваходзілі ў склад паўночнага фронту былі загадзя падзелены згаданым загадам Вярхоўнага Галоўнакамандавання на тры арміі, пры гэтым кожная з іх атрымала вузка акрэсленую задачу:
а) 2-я армія (ад Дэмбліна да Гары Кальварыі) - "выведка і трыманне лініі Віслы";
б) 1-я армія (ад Гары Кальварыі да Сіроцка) - "адбіццё атак на Варшаву";
в) 5-я армія (ад Сіроцка да нямецкай мяжы) - трыманне пераправы цераз Нарву, па сітуацыі цераз Нарву і Ожыц і кавалерыяй актыўна дзейнічаць на правым фланзе непрыяцеля. Усялякія спробы непрыяцеля прарвацца разбіваць. "Надта перадавая" аператыўная ідэя завяршала задачу: " Не дапусціць абходу ўздоўж нямецкай мяжы".
Ключом усёй Варшаўскай бітвы быў спланаваны ўдар маняўровай арміі з-над Вепжа. Там знаходзіўся пункт цяжару і адтуль мела прыйсці вырашаяльная перамога.
Поўнач атрымлівала ў тым загадзе задачу, якая змяшчалася ў адным слове: "Абарона".
Былі затым два складовыя чыннікі агульнага плана, якія разам стваралі гармонію цэласці: абарона Варшавы і атака з-над Вепжа.
Адкрытай заставалася праблема, дзе сканцэнтраваць галоўны высілак нашай абароны.
Было рэччу відавочнай, што ўсюды (і на Ожыцу, і на Нарве, і на плацдарме, і на лініі Віслы) пры максімальных нават сілах, аддадзеных Вярхоўным Галоўнакамандуючым на справу абароны, мы моцнымі быць не можам. Прастора ад Дэмбліна да нямецкай мяжы перавышала ўздоўж Віслы, Нарвы і Ожыца 200 км. Была за вялікая.
Асабліва на поўначы - як пра тое сведчылі дзеянні непрыяцеля - былі за слабыя, каб перагарадзіць яму дарогу. Загад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ад 6 жніўня нагадваў, што праўда, пра "ўтрыманне перапраў цераз Нарву і Ожыц" і пра "недапушчэнне абходу ўздоўж нямецкай мяжы", былі гэта аднак ўмовы, выстаўленыя на выпадак слабога ў тым кірунку напору. Паказвае на гэта выразна пачатковы падзел сілаў, пры якім 5-я армія, маючы каля 90 км фронту, мела наледзве 3 дывізіі пяхоты.
Уласна абарона ("крывавае адбіццё атак") датычыла толькі Варшавы.
Таму таксама лічу, што ідучы па лініі асноўнага плану, не толькі можна было, але і трэба было адважвацца на лакалізацыю абароны на найважнейшым кірунку.
Нечым бясспрэчна непарушным быў варшаўскі адрэзак з погляду на сталіцу, утрата якой па-за непрыемнасцямі для дзяржаўнай прыроды, гразіла ўжо стратэгічным парушэннем ўсяго плану. Тут пра кампрамісы мовы быць не магло: належала стварыць умовы, якія гарантавалі б безумоўнае ўтрыманне Варшавы нават пры найбольшай канцэнтрацыі непрыяцельскіх сілаў.
Паўставала пытанне: на якой тэрыторыі і дзе належала абараняцца. Адказ на гэтае пытанне давалі два чыннікі:
1. Уласныя сілы.
2. Тэрыторыя.
Мы маглі мець для дыспазіцыі, улічваючы пакіданне адной дывізіі пяхоты для назіральных задач на адрэзку Дэмблін - Карчаў, каля 11 дывізій пяхоты.
Таму былі гэта сілы, якія дазвалялі паспяхова абараняць каля 70 км фронту. Прымаю па прамой не больш як 6-7 км на дывізію.
Беручы пад увагу адказнасць моманту - ішлося пра такую вялікую стаўку, як утрыманне сталіцы - я гатовы хутчэй згадзіцца, што гэтая норма яшчэ залішне завышаная. Ежы Клеменц, асвятляючы ў сваёй апошняй кніжцы стасункі стабілізаванага заходняга фронту, падае цікавыя лічбы:
а) Бельгійская армія абараняла 35 км фронту, маючы 12 дывізій, ці адну дывізію на 3 км;
б) Ангельская армія бараніла 200 км фронту, маючы 61 дывізію, ці адну дывізію на 3 і 1/3 км;
в) Французская армія бараніла 530 км фронту, маючы 99 дывізій ці адну дывізію на 5 і 1/2 км.
Мы наогул не любім параўнанняў з Сусветнай вайной. Канешне кантраст сродкаў, умоў і магчымасцяў ёсць залішне яскравы. Мяркую аднак, што ў тым адным моманце, калі мелі вырашацца лёсы кампаніі і непрыяцель напружваў усе сілы, імкнучыся да захопу сталіцы на варшаўскім адрэзку, у абароне належала ўпадобіцца Захаду.
Выдзеленай такім спосабам прасторы, якую паспяхова маглі б бараніць, адпавядала лінія: Модлін (уключна з унутранымі фартамі) - Зэгжа - нямецкая лінія ўмацаванняў да ўпадзення Свідра ў Віслу. Лінія гэтая на самай справе была на 20 км даўжэйшая ад прынятай тэарэтычнай нормы ў 70 км, аднак утрымоўвала дзве цвердзі і водны бар'ер Буг-Нарва, што ўраўнаважвала надмерную расцягнутасць. Быў гэта аднак максімум, выходзіць за які мы не мелі права.
Згаданая лінія Модлін - Зэгжа - Карчаў ёсць найлепшым і адзіным натуральным забеспячэннем сталіцы ад поўначы і ад усходу.
Яе паўночная частка мае за сабой доўгую гісторыю, бо ўжо Напалеон, ацэньваючы ў 1807 годзе стратэгічную важнасць Буга-Нарвы, загадаў будаваць умацаванні, якія сталі зачаткам сённяшняга Модліна і Зэгжа.
Сама Буга-Нарва на адрэзку Модлін - Зэгжа ёсць адной з найбольшых польскіх рэк, з пункту гледжання абаронных уласцівасцяў няшмат уступае Вісле.
Фартыфікацыя Модліна і Зэгжы ўяўляла сабой выдатнае дапаўненне да гэтага бар'ера. Асабліва Модлін, дзякуючы свайму дамінантнаму размяшчэнню над усім паўночным стратэгічным абшарам, павінен быў адыграць у Варшаўскай бітве першаразрадную ролю.
Вось што на гэтую тэму слушна піша генерал Сікорскі:
"Унутраныя фарты, нягледзячы на частковае знішчэнне цвердзі, уяўлялі ў 1920 г. разам з палявымі ўмацаваннямі і засекамі, збудаванымі падчас вялікай Сусветнай вайны, сур'ёзнай перашкодай і дастаткова забяспечвалі ядро цвердзі… Модлін уяўляў у выніку таго першакласны ў нашых сучасных умовах цэнтр супраціву, які адпаведна скарыстаны, мог адыграць сур'ёзную ролю ў бітве над Віслай" 1.
Належыць дадаць , што па-за абароннымі якасцямі, меў Модлін і першаразрадныя наступальныя вартасці, бо быў натуральнай брамай для вылазак у паўночным кірунку. Трымаючы лінію фартоў, мы маглі б у любую хвілю сілы, згрупаваныя за Буга-Нарвай, кінуць у наступленне. Так яна была задумана ў 1807 г., і так магла быць выкарыстана ў 1920 г.
Натуральным дапаўненнем Модліна ёсць Зэгжа, і гэта таксама не толькі ў абаронным значэнні, але і ў значэнні наступальным, бо канцэнтруе ў сабе кірункі, якія вядуць праз Сіроцк на Пултуск і Вышкаў.
Горш выглядалі абаронныя ўмовы з усходу: тут мы маем тыповую мазавецкую мясцовасць, плоскую, злёгку ўзгорыстую, без вялікіх перашкод.
Як я ўжо ўспамінаў у апісанні бітвы над Радзымінам, немцы пакінулі нам у спадчыну велімі мэтава выбраную і часткова фартыфікаваную абаронную лінію, якая ішла ўздоўж рэк Свідар, Меня і далей наводдаль ад Рэмбяртова на Пустэльнік - Вольку Радзымінскую і Беньямінаў. Мы мелі ўсе дадзеныя для таго, каб пры пэўных фартыфікацыйных высілках зрабіць з гэтай лініі непрыступную пазіцыю.
Дэталі накрэсленай вышэй абароннай лініі:
а) была найкаротшая з усіх мажлівых іншых ліній і таму адпавядала нашым сілам;
б) выкарыстоўвала ва ўсёй паўнаце існыя натуральныя перашкоды і разбудаваныя акупацыйнымі ўладамі пастаянныя фартыфікацыі;
в) забяспечвала выгадныя ўмовы для наступальнага манёўру ва ўсіх кірунках;
г) гарантавала найпаспяховей утрыманне Варшавы, а - што за гэтым ідзе - і выканальнасць асноўнага плану.
Канчатковай умовай так зразумелай і сцэнтралізаванай абароны мусіла бы быць захаванне моцнага рэзерву. Калі ў нармальных умовах пакідаецца звычайна 1/3 сіл у рэзерве, то тут з-за няяснай сітуацыі належала даць у рэзерв палову сіл, а таму каля пяці дывізій пяхоты. Была б гэта сіла, якая гарантавала б у першай фазе бітвы поспех нашай абароны нават у найгоршым выпадку канцэнтраванага наступлення ўсіх савецкіх армій на Варшаву.
Найлепшым раёнам для згрупавання рэзерву быў трохкутнік Модлін - Зэгжа - Прага. За гэты абшар гавораць наступныя моманты:
а) выгадныя ўмовы выхаду для контрнаступлення ва ўсіх кірунках, не выключаючы найважнейшага паўночнага кірунку (густая прыгарадная дарожная сетка, салідныя масты ў Модліне і Зэгжы);
б) спрыяльныя ўмовы для някепскага адпачынку нашых войск ператомленых рухам, упарадкаванне іхніх арганізацыйных сувязяў і атрымання папаўненняў;
в) выгадныя ўмовы забеспячэння (лёгкасць падвозу боепрыпасаў, экіпіроўкі і харчавання);
г) Варшава нарэшце - належыць гэта сцвердзіць - была ў гэтыя дні крыніцай маральнай моцы, што не магло не аказваць уплыву на настроі войска.
(Працяг у наступным нумары.)
* Пераклад Станіслава Судніка паводле выдання 1930 года.
1 Акрамя таго да 5-й арміі былі таксама прызначаны аддзелы 2-ой літоўска-беларускай дывізіі, якая праходзіла рэарганізацыю.
1 "Над Віслай і Укрой" - стар. 66.
"Рэцэпты сямейнага шчасця" на рамонкавых пялёстках
(Удзел ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" ў свяце сямейнага адпачынку "Мой адрас - горад Ліда")
Сям'я - самае дарагое, што даруецца чалавеку. Яе можна параўнаць з кнігай, якая пішацца на працягу ўсяго жыцця. Свята сямейнага адпачынку "Мой адрас - горад Ліда" адбыўся 6 жніўня ля сцен Лідскага замка і стаў адной з самых запамінальных падзей лета 2022 года. Супрацоўнікі ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" прынялі актыўны ўдзел у свяце і сустрэлі гасцей цікавымі віктарынамі, квэстамі, гульнямі. Усе забавы былі прысвечаны сям'і, роднаму гораду, і, вядома ж, роднай Беларусі. Для аматараў актыўнага адпачынку былі арганізаваны спартыўныя пляцоўкі, трэнажоры, спаборніцтвы. Бібліятэкары правялі з дзецьмі і дарослымі пацешныя конкурсы па скачках на шарах, весялосць і смех суправаджалі кожнага і стваралі сапраўдную атмасферу свята. Створаны супрацоўнікамі Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы рамонак раскрыў таемныя "Рэцэпты сямейнага шчасця". Кожны госць свята змог распавесці і паказаць, што значыць для яго сям'я, адабраўшы 7 галоўных пялёсткаў з сямейнымі каштоўнасцямі.
Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынга ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" Кацярына Сандакова.