Папярэдняя старонка: 2022

№ 35 (35) 


Дадана: 31-08-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 35, 31 жніўня 2022 г.

Жніво заканчваецца, па краіне пайшлі "Дажынкі"

Снапы з залатых каласоў, духмяныя караваі з мукі новага ўраджаю і мудрагелістыя кампазіцыі з саломы былі прадстаўлены ў конкурснай праграме раённых "Дажынак" у Воранаве.

Дажыначныя караваі ўразілі формамі, мудрагелістымі арнаментамі і нават вагой. Яны сустракалі герояў імпрэзы каля галоўнай сцэны свята. Кожны здобны шэдэўр, зроблены рукамі клапатлівых гаспадыняк раёна, быў заяўлены ў конкурсе на лепшы каравай сярод сельгаспрадпрыемстваў.На святочнай лакацыі знайшлося месца і для выставы снапоў, знакаў нацыянальнага багацця.

ТК "Ліда і яе суседзі".

100 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Шыціка

Уладзімір Мікалаевіч Шыцік (31 жніўня 1922, Шклоў Магілёўскай вобласці - 15 студзеня 2000) - беларускі журналіст, пісьменнік.

Нарадзіўся ў сям'і рабочага. У 1940-1943 гадах вучыўся ў Маскоўскім электратэхнічным інстытуце інжынераў чыгуначнага транспарту, а затым у Куйбышаўскім індустрыяльным інстытуце. У снежні 1944 года вярнуўся ў Шклоў, працаваў тэхнікам-канструктарам на папяровай фабрыцы "Спартак". Скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ (1949). У 1949-1952 гадах супрацоўнік рэдакцыі газеты "Сталинская молодежь", 1953-1964 - рэдакцыі газеты "Калгасная праўда" (1962-1990 - "Сельская газета"), 1965-1966 - адказны сакратар газеты "Літаратура і мастацтва", 1978-1983 - карэспандэнт "Сельскай газеты". Член СП СССР (з 1962).

Дэбютаваў апавяданнем у 1952 годзе (газета "Сталинская молодежь"). Значнае месца ў творчасці У. Шыціка займала фантастыка і дэтэктывы.

Вікіпедыя

Да Дня беларускага пісьменства

У Гомелі прэзентавалі брэндавы цягнік

Брэндаваны цягнік да Дня беларускага пісьменства прэзентавалі ў Гомелі, паведамляе БЕЛТА. Дызель-цягнік будзе ісці па маршруце, які звязвае Гомель і Добруш, дзе сёлета мае адбывацца свята.

Паводле афіцыйнага выдання, у цягніку "дызайн выкананы ў літаратурным стылі. На вокнах - унутры і звонку - партрэты вядомых беларускіх пісьменнікаў і дзеячаў, а таксама цытаты з іх твораў".

У Добрушы паставілі помнік Івану Шамякіну

Помнік народнаму пісьменніку Беларусі паставілі ў Добрушы да Дня беларускага пісьменства.

З шасці праектаў помніка, прадстаўленых на конкурс, перамагла праца аўтарскага калектыву Уладзіміра Піпіна і Канстанціна Касцючэнкі.

Мемарыял усталяваны на праспекце Міру і будзе ўрачыста адкрыты ў Дзень беларускага пісьменства 3 верасня, паведамляе БелТА.

Дзень пісьменства ў Лідзе

2 верасня ў Палацы культуры горада Ліды адбудзецца літаратурны вечар-сустрэча "Да вытокаў беларускага пісьменства". Мерапрыемства прысвечана 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Гледачы змогуць здзейсніць падарожжа да любімых твораў класікаў і пазнаёміцца з творчасцю лідзян, натхнёных знакамітымі паэтамі.

Пачатак а 17 гадзіне, уваход свабодны.

Мікола Канановіч: Баршчавік, залатарнік, а між іх - чалавек…

У жніўні паэт і журналіст са Слоніма Мікола Канановіч атрымаў за сваю творчасць літаратурную прэмію імя Анатоля Іверса. З гэтай нагоды наш карэспандэнт задаў лаўрэату некалькі пытанняў.

- Спадар Мікола, дазвольце павіншаваць Вас з літаратурнай прэміяй імя Анатоля Іверса. Ведаем, што пісьменнікам у Беларусі сёння жывецца даволі няпроста. А як жывецца беларускаму паэту ў глыбінцы?..

- Дзякуй за віншаванне. У беларускага паэта сёння, што ў глыбінцы, што ў сталіцы - вобмель чытача. Паэзія, наогул, элітарны жанр у літаратур свету, а ў беларускай літаратуры - асабліва элітарны, бо вельмі мала засталося носьбітаў самой беларускай мовы і яшчэ менш тых, хто чытае беларускія вершы. Але, калі зоркі запальваюцца, а вершы пішуцца, то, як нехта ўжо казаў, гэта камусьці патрэбна… Што да жыцця ў глыбінцы, то тут нічога новага: я бедным быў, я ім застаўся, нягледзячы на прэмію. А зарабляць на жыццё цяпер даводзіцца далёкімі ад літаратуры спосабамі. Зрэшты, як і раней.

- Што з напісанага ў Вас ляжыць у шуфлядзе і чакае выдання?

- У маёй электроннай шуфлядзе цяпер ляжыць і чакае сродкаў на выданне кніга прозы "Вялікае балота". Вялікім балотам так называецца месца ў даліне Зальвянкі за Кракоцкім лесам, што разлёгся за вёскамі Вострава, Старая Перавалока, Засімавічамі і Смаўжамі на нашай Слонімшчыне. У гэтую кнігу я сабраў лепшае з напісанага мной у мастацкай і дакументальнай прозе за ўсё творчае жыццё. Засталося толькі знайсці спонсара на яе выданне. Што да паэзіі, то вершаў апошніх гадоў набярэцца ў мяне на некалькі зборнікаў, але іх выданне цяпер пад пытаннем з-за адсутнасці магчымасцяў, і ў першую чаргу, сродкаў.

- Аб чым Вы марыце сёння, ці ніякай мары ўжо няма?..

- У кожным пакаленні беларускіх пісьменнікаў мары, на жаль, аднолькавыя: каб была незалежнай Беларусь, каб яна была такой беларускай, як руская Расея, як французская Францыя, ці як польская Польшча, а кожны жыхар Беларусі быў патэнцыяльным чытачом беларускага пісьменніка, бо беларуская мова для яго адзіная родная з маленства… Але наш беларускі воз і наша родная беларуская мова, літаратура і культура агулам усё недзе там - напачатку ХХ стагоддзя. Так што мары марамі, а атрымліваецца, што проста жывеш… Але і новае ў нашай літаратуры за гэты час з'явілася, як з'явілася яно і ў беларускай флоры. Пра гэта (на заканчэнне нашай гутаркі) - адзін з апошніх маіх вершаў.

Баршчавік, залатарнік -

Слоў не зналі такіх

У юначы мой ранак

Між касцоў дарагіх.

А цяпер - развялося

Ў ХХІ тут век:

Баршчавік, залатарнік,

А між іх - чалавек.

Аксана Шпак.

3 верасня пройдзе "Агульная дыктоўка"

3 верасня, у суботу, пройдзе адкрытая дыктоўка па беларускай мове "Агульная дыктоўка". Выказаць любоў да роднай мовы і праверыць сваё веданне арфаграфіі і пунктуацыі можна анлайн з любой кропкі свету ці афлайн у Менску. За кожнага ўдзельніка ААТ "Лідскае піва" пералічыць грошы на набыццё новага экспаната для Лідскага замка.

3 верасня а 15-й гадзіне на YouTube-канале і на пляцоўцы ў Менску пачнецца трансляцыя. Да прызначанага часу пад рукой трэба мець толькі ручку і аркуш фармату А4.

"Дыханне трыснягоў" Юркі Голуба

Новае выданне

У Менску свет пабачыў том (560 старонак) твораў найвялікшага паэта Гарадзеншчыны, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова Юркі Голуба (1947-2020) пад назвай "Дыханне трыснягоў". Том твораў падрыхтаваў і напісаў прадмову да яго пісьменнік Міхась Скобла. Выхад выбранай спадчыны Юркі Голуба прымеркаваны да 75-годдзя, якое паэт адзначыў бы сёлета 20 кастрычніка. На вялікі жаль, яго раптоўна не стала 12 кастрычніка 2020 года.

Кніга Юркі Голуба складаецца з выбраных вершаў з усіх ягоных прыжыцццёвых кніг "Гром на зялёнае голле", "Дрэва навальніцы", "Векапомнае поле", "Помню пра цябе", "Сын небасхілу", "Поруч з дажджом", "Зажураны камень", "Брама зімы", "Багра", "Краявід", а таксама з дзіцячых зборнічкаў "У бары грыбы бяры" і "Птушыны радавод", з нявыдадзенага зборніка "Аберуч", пераклады паэта, эсэ, артыкулы, абразкі.

У кнігу складальнік таксама ўключыў студэнцкі дзённік паэта "Агеньчык позірку твайго…", ліставанне з Рыгорам Семашкевічам і Ларысай Геніюш, артыкул-успамін Алеся Жука "Там, у нашай прасторы". Том твораў пісьменніка добра ілюстраваны фотаздымкамі розных гадоў. Шмат апублікавана фотаздымкаў даволі рэдкіх.

Міхась Скобла ў прадмове да кнігі адзначыў: "Вершы Юркі Голуба ашчадныя на эмоцыі. Паэт не шкадаваў вобразаў, сыпаў іх не шчопцямі, не жменямі - цэлымі прыгаршчамі, а воклічы захаплення ці абурэння скупа адмерваў па кроплі, нібы мікстуру ў аптэцы. Я двойчы пералічыў: у зборніках "Векапомнае поле" (1976) і "Помню пра цябе" (1983) роўна па сем клічнікаў. Паэт і гаварыў нягучна, і пісаў нібы напаўголасу. Але і напаўголас ягоны (хай сабе нават і шэпт) - непадробны, яму ўласцівыя і свой тэмбр, і сваё дыханне.

Нас возера прысніла.

Нас возера вязло.

I літасці прасіла

Кляновае вясло.

Спакойная вада.

На беразе вуголле.

А нехта спіць, відаць,

У вопратцы на голлі.

Які трывожны міг -

I войны...

І радзіны...

І як блізняты - мы

Пад сэрцам у Радзімы.

Ці не гэтым адчуваннем сябе пад сэрцам у Радзімы тады яшчэ малады паэт прыйшоўся да душы Ларысе Геніюш. Яна заапекавалася таленавітым земляком, пісала яму сардэчныя лісты, а аднойчы прыслала з Зэльвы ў Менск цёплыя рукавіцы - каб грэўся"…

А Юрка Голуб грэўся лістамі і словамі Ларысы Геніюш. А яна яму пісала не толькі лісты, але прысвячала і паэтычныя радкі:

Дзякую, хлопча, за кніжку!

Гэй ты, з беларускім тварам,

Выжыў з іх хто ці не выжыў,

У нас ёсць свае Чэ Гевары!..

Ларыса Геніюш дзякавала Юрку Голубу за яго першы зборнік вершаў "Гром на зялёнае голле", які паэт даслаў ёй у 1969 годзе.

А яшчэ паэт ствараў вершы. Першыя зборнікі Юрка Голуб пісаў з юнацкім захапленнем пра непаўторную прыгажосць роднага краю, вёў шчырую размову са сваімі сучаснікамі, якім, як самому паэту, выпала тады шчасце дбаць пра нашу будучыню. А ў зборніку "Векапомнае поле" (Мн., 1972) паэт пісаў больш пра нашу радзінную зямлю, якая нясе ў сабе балючую памяць пра барозны варожых танкавых гусеніц, і якая цяпер абходжаная людскімі рукамі, дае чалавеку сілу і хлеб:

…А пакуль што - кастрычнік.

Смуга.

Руні выпадзе белая доля:

Снезе,

Хутка табе замільгаць

Матыльком векапомнага поля.

У наступных сваіх зборніках паэзіі Юрка Голуб застаецца верным сваім вытокам - непаўторнай Бацькаўшчыне, глыбінным карэнням чалавечай душы, усяму, што створана людскім розумам і рукамі. Арыгінальныя па думцы і па выкананні, насычаныя нечаканымі метафарамі і параўнаннямі, вершы Юркі Голуба хвалююць да сённяшніх дзён, яны запамінаюцца, чытаюцца, вучаць, як трэба пісаць сапраўдныя паэтычныя творы. У тым жа зборніку "Сын небасхілу", частка вершаў увайшла і ў кнігу "Дыханне трыснягоў", чытачы прачытаюць паэтычныя радкі пра канкрэтныя зямныя рэаліі, убачаць постаці сваіх папярэднікаў і сучаснікаў. Вось як пачынаецца верш "Вуліца Пестрака":

Піліп Сямёнавіч тады

У жарт казаў з прыціскам,

Што рады з хлопцам маладым

І да дзяўчат прайсціся…

Пры сустрэчы з Юркам Голубам, я заўсёды прасіў яго распавесці мне пра пісьменніка Піліпа Пестрака (1903-1978). І ён распавядаў розныя гісторыі пра Піліпа Сямёнавіча, якія чуў ад яго ці ад іншых літаратараў. Я слухаў іх з захапленнем.

Вершы ў кнізе "Дыханне трыснягоў" абгрунтавана пранізлівай думкай, насычаны адмысловай метафарай, выкананы выразным і дакладным радком майстра з адпаведным почыркам і светапоглядам. Рух чалавечай душы ў атачэнні самых розных зямных праяў і здарэнняў - гэта маральны і існы змест усёй кнігі Юркі Голуба, якую прафесійна, далікатна і па-зямляцку шчыра склаў Міхась Скобла. Таму тыя чытачы, каму трапіць у рукі гэты вялікі том Юркі Голуба, атрымаюць пэўную асалоду і задавальненне ад прачытанага. А аўтару - гэта будзе помнік і памяць пра яго.

І хоць вялікі том твораў Юркі Голуба падрыхтаваны і выдадзены, як адзначае Міхась Скобла, не ў самы спрыяльны для паэзіі час у Беларусі, але час працуе на Беларусь, на нашу літаратуру, на творчасць тых таленавітых літаратараў, якім быў Юрка Голуб. І гэты час не за гарамі.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Валянцін Таўлай па-ўкраінску

Жонка доктара філалагічных навук, паэта Міколы Арочкі (1930-2013) Марыя Іванаўна Арочка ў сваёй хатняй бібліятэцы адшукала зборнік вершаў Валянціна Таўлая (1914-1947) на ўкраінскай мове "Паэзіі". Зборнік быў выдадзены ў Кіеве ў 1964 годзе. У ім змешчана 46 вершаў Валянціна Таўлая ў перакладзе на ўкраінскую мову, а таксама 4 паэмы: "Непераможная", "Кобрыншчына", "Песня пра сухар" і "Таварыш". Творы Валянціна Таўлая перакладалі вядомыя ўкраінскія літаратары і перакладчыкі Уладзімір Сасюра, Павел Варанько, Рыгор Коваль, Барыслаў Сцепанюк, Уладзімір Лучук, Абрам Кацнельсон і іншыя.

Зборнік каштоўны яшчэ і тым, што на ім знаходзіцца аўтограф жонкі Валянціна Таўлая Лідзіі Сяргееўны Таўлай. Свой аўтограф яна адрасавала паэту Міколу Арочку, які ў 1967 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную Валянціну Таўлаю і яго традыцыі рэвалюцыйнай паэзіі. А пасля ў 1969 годзе ў Менску ў выдавецтве "Беларусь" Мікола Арочка асобнай кнігай выдаў крытыка-біяграфічны нарыс "Валянцін Таўлай". Лідзія Таўлай на ўкраінскім выданні "Паэзіі" Валянціна Таўлая напісала: "Паважанаму Міколу ад шчырага сэрца свайго і Валянціна ў дзень абароны дысертацыі за мужнасць даследчыка, які не збаяўся зазірнуць у таямніцы творчасці і з гонарам выканаў задуманае. 12.10.67 г. Л. Таўлай".

Абараняць кандыдацкую дысертацыю па творчасці Валянціна Таўлая ў той час было няпроста. Тым не менш, Мікола Арочка прайшоў гэты шлях, і кандыдацкая дысертацыя была абаронена. А пазней паэт абараніў і доктарскую дысертацыю па даследаванні беларускай паэмы.

Мікола Арочка ўсё жыццё цікавіўся творчасцю Валянціна Таўлая. Ён напісаў пра яго шмат артыкулаў, стварыў вязанку вершаў. Адзін верш "Куртка Валянціна Таўлая" паэт прысвяціў Лідзіі Сяргееўне Таўлай. Ён быў апублікаваны ў зборніку "Дзень паэзіі-71" (Мінск, 1971). Апошняя страфа ў гэтым вершы гучыць так:

Сатлела вуголле… З печкі

Ёй падгалошваў вецер…

Ён надзеў сваю куртку на плечы

І з хаты пайшоў у бяссмерце.

У бліжэйшы час зборнік вершаў Валянціна Таўлая на ўкраінскай мове і з аўтографам жонкі паэта будзе перададзены ў Лідскі дом-музей Валянціна Таўлая.

Сяргей ЧЫГРЫН.

"...Я - лейтэнант Махнач"

27 жніўня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння драматурга, празаіка і публіцыста Алеся Махнача

Алесь (Аляксандр Іванавіч) Махнач нарадзіўся ў в. Забалацце Уздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і. Скончыў восем класаў Уздзенскай сярэдняй школы і паступіў у Менскае ваеннае пяхотнае вучылішча (1939). У 1940 г. стаў курсантам Калінкавіцкага вайсковага пяхотнага вучылішча. Пасля яго заканчэння ў 1941 г. быў накіраваны на службу ў гарнізон Берасцейскай цвердзі, дзе прыняў пад сваё камандаванне стралковы звяз.

У чэрвені 1941 г. удзельнічаў у абароне цвердзі, быў цяжка паранены і трапіў у палон. Пасля вызвалення з канцэнтрацыйнага лагера ў 1945 г. працяглы час знаходзіўся на лячэнні ў шпіталях. З 1947 па 1953 г. загадваў Прысынкаўскай сельскай бібліятэкай Уздзенскага раёна, у 1953-1961, 1963-1966 гг. працаваў у рэдакцыі газеты "Літаратура і мастацтва", завочна скончыў Менскі бібліятэчны тэхнікум (1954) і Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве (1960).

Першы верш Алеся Махнача "Калгасная восень" у 1949 г. надрукавала Уздзенская раённая газета "За Савецкую Радзіму". З цягам часу яго вершы, нарысы, рэцэнзіі сталі з'яўляліся ў рэспубліканскім перыядычным друку. У 1956 г. А. Махнач выдаў першы зборнік аднаактовых п'ес "Драматычныя мініяцюры".

За гады творчай працы ім напісана каля пяці дзясяткаў аднаактовых п'ес, камедый, сцэнак, скетчаў, інтэрмедый. Многія з іх увайшлі ў зборнікі "Аднаактовыя п'есы" (1961), "Мы будзем жыць" (1967), "П'есы" (1974), "Не кажы: мая хата з краю..." (1980), "Няхай красуе жыццё" (1982) і інш.

Пяру драматурга належаць папулярныя п'есы для дзяцей "Шпачок" (1963), "Гаўрошы Брэсцкай крэпасці" (1974), дзе адлюстравана героіка Вялікай Айчыннай вайны. Алесь Махнач аўтар дакументальных аповесцей "Дзеці крэпасці" (1988), "Камандзір Усходняга форта" (1991), за якія Міжнародная асацыяцыя пісьменнікаў баталістаў і марыністаў узнагародзіла яго дыпломам і медалём К. Сіманава.

Алесь Махнач вядомы як краязнавец, які рупліва збіраў звесткі пра свой родны край. Найбольш значнай яго працай з'яўляюцца нарысы "Мой Нёман", "Цячэ рэчка", "Ля родных крыніц". У 1998 г. у серыі "Ведаць свой край Беларусь" выйшаў яго краязнаўчы зборнік нарысаў "Нізок" пра вядомых людзей, якія нарадзіліся ў гэтай вёсцы. Не забываў пісьменнік і пра родную вёску Забалацце, яго цікавіла ўсё, што тычылася мінулага малой радзімы. Праз тры гады пасля смерці даследчыка выйшла кніжка пра вёску Забалацце і яе людзей.

Алесь Махнач, які сам выйшаў з асяроддзя сельскай творчай інтэлегенцыі, вельмі паважаў працу сельскіх настаўнікаў, супрацоўнікаў бібліятэк і дамоў культуры. У 1980 г. драматургу было прысвоена званне "Заслужаны работнік культуры Беларусі". Пісьменнік узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступеняў, медалямі. У 2001 г. адбылася прэм'ера дакументальнага тэлефільма "...Я - лейтэнант Махнач" (рэжысёр В. Жыгалка), прысвечаны гераічнай абароне Берасцейскай цвердзі.

Паводле СМІ.

Упершыню за 30 гадоў у Беластоку не набраўся беларускамоўны першы клас

У беластоцкай школе № 4 не набраўся клас з ахвотных вучыцца па-беларуску. Такога не было амаль трэць стагоддзя. Так сталася праз польскае за-канадаўства. Яно не ўлічвае дзяцей мігрантаў без грамадзянства, таму беларуская мова нібыта не запатрабаваная, паведаміла настаўніца школы Аліна Ваўранюк.

- Ужо некалькі гадоў я пачынаю новы год з вялікай цікавасцю. Цікава, якія дзеці прыйдуць, хто застанецца на гэтых уроках, а хто не. У гэтым годзе меншая цікавасць, бо першага класа ў мяне не будзе, бо няма дзяцей, якія будуць у першым класе ў нашай школе вывучаць беларускую мову. Гэта першы раз за 30 гадоў, калі не знайшлося ахвотных на беларускую мову, - распавяла Аліна Ваўранюк.

Навучанне ў Польшчы арганізуе Міністэрства адукацыі і навукі.

- Паводле законаў, гэта было з самага пачатку, навучанне беларускай мовы вядзецца, як навучанне мовы беларускай меншасці. На заняткі ходзяць толькі і выключна дзеці з меншасці, у якіх бацькі маюць польскае грамадзянства. Грамадзянства - гэта адно, а нацыянальнасць - ужо іншая справа. Раней гэтага ніхто не пільнаваў, хадзілі дзеці мігрантаў з Беларусі, хадзілі на заняткі беларускай мовы, і не было ніякіх праблем. Але ўжо ў мінулым навучальным годзе пачалі да гэтага прыглядацца. Паколькі ў Польшчы існуе такая сістэма інфармацыі, польская абрэвіятура SIO, там усё бачна. Калі ў дзіцяці і бацькоў няма гэтага пэсалю (асабісты ідэнтыфікацыйны нумар), яно як бы не ўваходзіць у гэтую сістэму навучання.

Цяпер так, няма ў нас школы, па ўсёй Беласточчыне і па ўсёй Польшчы, дзе ўсё навучанне вядзецца на беларускай мове. Беларуская мова толькі як прадмет. Паводле закону тры гадзіны ў тыдзень. Пяты і шосты клас мае дадаткова дваццаць пяць гадзін на цэлы год. "Гісторыі і культуры беларускай меншасці", можна таксама ўвесці элементы геаграфіі. Ведаю, што з'явілася такая ініцыятыва, збіралі подпісы, каб арганізаваць у Беластоку навучанне для дзяцей уцекачоў з Беларусі, каб горад гэта арганізаваў. Слухайце, я калі думала пра гэта, горад не можа "пераскочыць" цепраз гэтыя законы. З другога боку, калі маем так многа гэтых дзяцей, а іх вельмі шмат у Беластоку, то калі назбіраюць людзей, подпісы за гэта, гэтую мову і навучанне можна арганізаваць не як мову нацыянальнай меншасці, а проста, як мову людзей, якія таксама ў гэтым горадзе працуюць і плацяць падаткі і г.д. Чаму не дапамагаць жыхарам свайго горада? Думаю, што калі б ахвотныя беларусы напісалі ліст, заяву, назбіралі шмат подпісаў, бо гэта ад таго залежыць. У любым месцы, не абавязкова ў нашай школе, дзе-небудзь. Другое пытанне, школа павінна быць у цэнтры, каб усім было зручна. Таксама ўзнікае пытанне, што потым? Як доўга яны будуць жыць? Невядома калі гэтая сітуацыя памяняецца. Калі жыць у Польшчы, то ў Польшчы адукацыя на польскай мове вядзецца. Можа арганізаваць нядзельную школку?

Паводле СМІ.

Ток-шоў на канале Беларусь 4 ,"Вокны горада"

24 жніўня ў ток-шоў на канале Беларусь 4 ,"Вокны горада" ўзяў удзел творчы калектыў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".

У перадачы раскрыты такія тэмы, як знаёмства з дзейнасцю, творчасцю, планамі, мэтамі па развіцці і папулярызацыі народнай культуры, унікальнасць белаўзорыстага ткацтва, рэгіянальнага фальклору, навукова-даследчая праца і народны лялечны тэатр "Батлейка" Лідскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры.

ТК "Культура Лідчыны".

Мурал "Каханне" ў Лідзе

Хвіліна натхнення.

Узмах пэндзля і палёт ….

Гэтыя паэтычныя радкі паклалі пачатак прэзентацыі мурала "Каханне" ў Лідзе. Дадзены арт-аб'ект з'явіўся дзякуючы рэспубліканскаму праекту "Традыцыі дзеля будучыні", прымеркаванаму да векавога юбілею найбуйнейшай фінансавай установы краіны - Беларусбанка, сумесна з арт-супольнасцю Urban Myths (Міфы).

У аснове сюжэту лідскага мурала - рамантычная гісторыя кахання дзяўчыны, сімвалізуючай прыродны пачатак, і хлопца, які ўвасабляе гарадскую культуру. Угары над парай размясцілася сіняе паўкола - небасхіл, на якім замест сузор'яў намаляваны фрагмент карты Ліды.

Гарманічна ўпісаліся ў мерапрыемства творы, выкананыя музычна-эстрадным калектывам "Талісман" Палаца культуры горада Ліды, і замалёўка "Пераўвасабленне" ад выкладчыкаў Лідскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў.

Прысутныя на прэзентацыі, выказалі агульную ўпэўненасць, што мурал "Каханне" будзе доўга цешыць лідзян і гасцей горада.

ТК "Культура Лідчыны".

У Германіі пачалі хадзіць пасажырскія цягнікі на вадародзе

Навіны Германіі

У мінулую сераду ў Германіі запусцілі 14 пасажырскіх цягнікоў, якія выкарыстоўваюць вадародныя паліўныя элементы для выпрацоўкі электраэнергіі, паведамляе Associated Press.

Паводле інфармацыі афіцыйных уладаў, гэта першы ў свеце такі парк пасажырскіх цягнікоў. Вадародныя экспрэсы замянілі 15 дызельных цягнікоў, якія раней курсіравалі на неэлектрыфікаваных каляінах у зямлі Ніжняя Саксонія.

Такім чынам урад Германіі падтрымаў пашырэнне выкарыстання вадароду ў якасці чыстай альтэрнатывы выкапнёваму паліву.

Кіраўнік зямлі Штэфан Вайль сказаў, што праект коштам 93 млн еўра з'яўляецца "выдатным прыкладам" намаганняў Ніжняй Саксоніі, накіраваных на тое, каб зрабіць сваю эканоміку больш экалагічнай.

Цягнікі французскай кампаніі Alstom эксплуатуюцца рэгіянальнай чыгуначнай кампаніяй LNVG на маршрутах паміж паўночнымі гарадамі Куксхафен, Брэмерхафен, Брэмервердэ і Букстэхудэ. Alstom заяўляе, што цягнікі Coradia iLint маюць запас ходу да 1000 кіламетраў і максімальную хуткасць 140 км/г.

Выкарыстоўваючы вадарод, атрыманы з аднаўляльных крыніц энергіі, цягнікі будуць эканоміць 1,6 млн літраў дызельнага паліва штогод. Цяпер вадарод вырабляецца як пабочны прадукт хімічных працэсаў, але нямецкая газавая кампанія Linde плануе на працягу трох гадоў вырабляць яго на месцы, выкарыстоўваючы толькі аднаўляльныя крыніцы энергіі.

Паводле СМІ. Фота: Sina Schuldt/dpa via AP.

НА СХІЛЕ ЛЕТА НОВАЙ СТРЭЧЫ СВЕТ

19 жніўня 2022 года ў Менску, у бібліятэцы нумар адзін імя Талстога адбылася літаратурна-музычная імпрэза клуба "Экватар" пад назвай "На схіле лета новай стрэчы свет". Прыемным супадзеннем з'явілася тое, што мерапрыемства адбылося ў дзень вялікага светлага свята - у Яблычны Спас. Ва ўтульнай зале першай сталічнай бібліятэкі сабраліся ў той вечар паэты, пісьменнікі, журналісты, навукоўцы, а таксама прыхільнікі "Экватара" - людзі, якія спецыяльна прыходзяць на імпрэзы суполкі.

Праводзіў мерапрыемства кіраўнік літаратурнага клуба "Экватар" - паэт, пісьменнік, журналіст Вячаслаў Корбут. Ён шчыра прывітаў прысутных і падзякаваў ім за тое, што сабраліся, нягледзячы на летні расслаблены настрой і яшчэ не скончаны сезон адпачынкаў. Вячаслаў зазначыў, што мерапрыемствам 19 жніўня 2022 года распачынаецца новы творчы сезон у клубе "Экватар", які прадоўжыцца да пачатку лета наступнага года. Спадар Корбут прачытаў прысутным некалькі сваіх вершаў, сярод якіх быў і гэты, напісаны спецыяльна да новай літаратурай сустрэчы:

Жнівень

Жнівень ходзіць па пракосах,

Па той свежай збажыне,

Быццам бусел гоніць восаў

Па чыёйсьці там віне.


Чалавек прыціх у думках,

Коле дровы, піша верш,

Не чакае пачастункаў,

Лічыць: гэтак будзе лепш!


Лета радуе дажджамі

І няпраўды топіць рык.

Тым жывём, чым рады самі,

І душа ад спёк гарыць.


Лета піша дзеі драмаў,

Гоніць прэч ліхіх бажкоў.

Жнівень столькі мае ранаў

Ад ім пройдзеных вякоў...


І павее ў жніўным полі

Ціха зменамі - здалёк,

Што нясуць любоў і волю,

І да шчасця смелы крок!..

Педагог, музыкант, кампазітар Вольга Воінская вельмі любіць бываць на імпрэзах літаратурнага клуба "Экватар". Нажаль, не заўсёды атрымоўваецца ў іх паўдзельнічаць, бо спадарыня Вольга шмат працуе, выхоўвае маленькую дачку Алісу, якая, між іншым, першага верасня гэтага года пойдзе ў другі клас. Аліса Далжанкова, дарэчы, таксама прысутнічала на мерапрыемстве 19 жніўня, каб паслухаць, як будзе граць яе мама. А Вольга Воінская выканала на фартэпіяна сваю зусім новую музычную кампазіцыю "Сінявокая птушка", якую напісала нядаўна. Вельмі натхнёна гучаў інструмент. Чароўныя гукі ліліся, пранікаючы ў сэрцы ўсіх прысутных...

Паэт Вячаслаў Данілаў стараецца ніколі не прапускаць мерапрыемствы "Экватара". Нажаль, зараз гэта ў яго не заўсёды атрымоўваецца, бо моцна хварэее ягоная маці - Зінаіда Міхайлаўна Данілава (таксама даўняя прыхільніца нашай суполкі), за ёй патрэбны дагляд... Але на імпрэзу 19 жніўня Вячаслаў усё ж такі змог прыехаць. Ён паведаміў сабраўшымся, што напісаў ужо дастаткова вершаў, каб выдаць новую кнігу. Некалькі новых сваіх паэтычных твораў Вячаслаў прачытаў.

Паэт, пісьменнік, драматург Глеб Ганчароў перыядычна піша надта эпатажныя рэчы, як паэтычныя, так і празаічныя, - можна сказаць, на грані фолу. Неадназначна сустрэла аўдыторыя новае апавяданне спадара Ганчарова - пра бядотнага ката... Але прысутныя пачулі і некалькі вершаў Глеба ў аўтарскім выкананні - ужо класічнай накіраванасці. Адзін з іх быў пра каханне, пяшчотны і прыгожы:

* * *

З табой мы па законе хараства

З'яўляемся сумеснай плоццю ўсюды,

Як быццам бы адным трымценнем два

Сазлучаныя роднасцю сасуды.


Перажывем адно жыццё ўдваiх,

Нанiзваць днi на стрыжнi ўзросту будзем,

I ўзровень непрыемнасцей маiх

Усё хутчэй знiжаецца ў сасудзе.


Два нашы сэрцы б'юцца заадно,

Хаця ў маім парывы і з'ялчэлі.

Магчыма, у яго аслабла дно,

I сценкі, збузаваўшыся, станчэлі.


У ім паўсюль лунае скрушны дух,

Які шукае для сябе адтулін,

Ды пераход паміж сасудаў двух

Ужо даўно сазлучаны пакуллем.

Доктар філасофскіх навук, прафесар Вадзім Салееў 19 жніўня ўпершыню пасяціў імпрэзу літаратурнага клуба "Экватар", і канешне, атрымаў на ёй слова. Трэба зазначыць, што Вадзім Аляксеевіч працуе яшчэ і ў галіне літаратурнай крытыкі. Сваё выступленне ён прысвяцціў кароткаму аналізу сучаснага літаратурнага працэсу. Ад апошняга спадар Салееў зусім не ў захапленні, бо зашмат развялося графаманскай літаратуры і нізкага ўзроню аўтараў, якія, нажаль, лічаць сябе прафесійнымі пісьменнікамі...

Празаіка і паэтку Людмілу Лазуту, даўнюю сяброўку "экватарыяльнай" суполкі, нажаль даўно не было бачна на мерапрыемствах клуба - перашкаджалі загружанасць па працы і шматлікія сямейныя абавязкі (у спадарыні вялікая сям'я). Людміла Паўлаўна - прафесійны ўрач з вялікім стажам працы; зараз навукоўца, выкладае ў Менскім медыцынкім універсітэце. Некалі з дапамогай літаратурнага клуба "Экватар" выдала дзве кнігі сваёй кароткай прозы - светлыя і таленавітыя. Спадарыня Людміла шчыра падзякавала кіраўніцтву клуба за тое, што яе не забылі і працягваюць запрашаць на імпрэзы суполкі, а потым прачытала некалькі сваіх новых вершаў.

Паэт Зміцер Захарэвіч у літаратурным клубе "Экватар" нядаўна - з лютага 2022 года. А прывёў яго да нас Серж Мінскевіч (Царства Нябеснае!..), наш вельмі блізкі, нядаўна пакінуўшы гэты свет сябар... На імпрэзе 19 жніўня спадар Захарэвіч успамінаў сваё вайсковае мінулае, а служыў ён некалі памежнікам. Дык вось, Зміцер распавёў пра жнівеньскія ночы на мяжы, пра чароўнае чорнае неба, з якога менавіта ў жніўні часта падаюць на зямлю зоркі... Ён прачытаў прысутным шэраг сваіх вершаў. Сярод іх быў паэтычны твор, напісаны акурат да Яблычнага Спасу (Летніх Дзядоў), вельмі прыгожы і глыбокі:

Яблыні

Дзедаў разложысты сад

Яблынь - ускраек раю.

Поўны з любое - наўгад -

Мех смакаты збіраю.


Шчодра на радасць дзятве

Нас частуюць пладамі,

Што рдзяцца ў жухлай траве

Выспелымі гадамі.


За бескарыслівы чын

Рупныя ў часу астачу -

Болей не ведаю чым -

Вершам хіба аддзячу.


Збэшчаная ўшчэнт кара -

Безліч пад ёю колцаў -

Сівер без жалю караў,

Бо шлюб бралі вы з сонцам.


Колькі над вамі чарод

Шлях у вырай спазналі?

Вы ж глыбей, наадварот,

Штодня ў сваё ўрасталі.


Каб апасля наталіць

Сокам жывільным з нетраў,

Сілаў надаць нам прайсці

Стынь дарог непрыветных.


Мы ўласным плёнам услед

Свет адарыць ці ў стане? -

Яблык пад ногі зляцеў,

Як нямое пытанне...

Кіраўнік літаратурнай гасцёўні "Дзясятачка", паэт, пісьменнік Міхаіл Баранчык зазначыў, наколькі яму прыемна бываць на мерапрыемствах "Экватара", бо імпрэзы гэтыя збіраюць таленавітых прафесійных аўтараў і выканаўцаў. А калі такія людзі збіраюцца разам, то ўзнікае вялікая экуменічная энергія, і яна прыносіць у далейшым і аўтарам, і слухачам вялікае натхненне і жаданне жыць. Спадар Міхаіл з задавальненнем прачытаў перад сабраўшыміся некалькі сваіх новых вершаў.

Далей слова перайшло да жанчын-паэтак. Спачатку выступіла Святлана Ефіменка, а потым Тамара Смірнова. Абедзьве, дарэчы, бландзінкі і вельмі сімпатычныя кабеты. І Святлана, і Тамара чыталі свае чароўныя светлыя вершы пра каханне і прыгажосць навакольнага сусвету.

Паэт, пісьменнік, дакументаліст Юрась Нераток за апошнія некалькі год стаў блізкім сябрам "экватарыяльнай" суполкі - падабаецца яму наш літаратурны клуб. Спадар Юрась ужо шмат для нас зрабіў і працягвае нам дапамагаць - за што яму вялікі дзякуй! На імпрэзе 19 жніўня ў выкананні Юрася Нератка прысутныя пачулі шэраг ягоных глыбокіх прафесійных вершаў. Адзін з іх быў сумны, прысвечаны зарападу (практычна адсыл да Зміцера Захарэвіча):

Перапеў

Ціхаю рэчкаю - песня нясмелая,

Хмараю дымчатай сонца закрытае.

Ой ты, надзея мая спарахнелая!

Ой жа ты, мара мая незабытая!


Згубленым рэхам - падзеі даўнейшыя,

Мокне ад роспачы восень дачасная…

А ці былі вы, гады мае лепшыя?

А ці ляцелі з нябёс зоркі шчасныя?


Песня заціхне струною парванаю,

Гукам фальшывым, няскончанай нотаю…

І адгукнецца душа закілзаная

Болем і жалем, журбой і маркотаю...

Па заканчэнні свайго выступлення Юрась Нераток прадставіў прысутным паэтку Ксенію Ярмілаву. Некалькі разоў спадарыня ўжо бывала на мерапрыемствах "Экватара", а вось 19 жніўня, з падачы спадара Нератка, упершыню прачытала некалькі сваіх лірычных вершаў на "экватарыяльнай" імпрэзе.

Завяршаў канцэртную праграму паэт і бард Кірыл Бандзерс. Як заўсёды, ён быў у сваім "рэпертуары": брутальныя, жорсткія тэксты ў аўтарскім выкананні пад гітару, нізкі глыбокі голас... Публіка заўсёды рэагуе на Бандзерса неадназначна, але ж тэксты ягоныя, несумненна, таленавіты, як і само выкананне аўтарскіх песень...

Усіх выступоўцаў жнівеньскай імпрэзы літаратурнага клуба "Экватар" сабраўшыяся віталі шчырымі апладысментамі. Завяршылася мерапрыемства агульнай фотасесіяй.

Вячаслаў Корбут.

Вайна ў 1920 годзе*

Успаміны і разважанні

Генерал Люцыян Жалігоўскі

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Вось чаму абходны рух не быў страшны. Чым глыбей савецкія арміі ішлі на захад, тым даўжэйшымі станавіліля шляхі забеспячэння і тым большыя на нашым баку былі шанцы поўнай перамогі. Стварэнне бар'ераў, пра якія гаворыць ген. Фаўры, было б рэалізацыяй жаданняў непрыяцеля. Адзін бар'ер быў істотна патрэбны - і гэта бар'ер (а дакладней "мур"), які бараніўся намаганнямі ўсёй арміі і сталіцы Модлін - Зэгжа - Карчаў. Усялякія іншыя бар'еры былі шкодныя.

Непатрэбным і шкодным было таксама заўчаснае "задзіранне атакамі". Быў гэта выпадак тога роду, што дарогу 4-й савецкай арміі і ІІІ корпусу кавалерыі, якія слепа імкнуліся да Віслы належала, як ні парадаксальна, пасыпаць кветкамі, а не атакаваць.

Атака на поўначы павінна была пачацца 16-17 жніўня і не з лініі Укры, а з фартоў Модліна і Зэгжа. Да таго часу ўсе нашыя сілы дыспазіцыі, згрупавананыя як рэзерв фронту, павінны былі спакойна чакаць ў трохкутніку Модлін - Зэгжа - Прага.

Адчувае гэта і ген. Фаўры, калі ў іншым месцы той самай лекцыі гаворыць:

"Польскае контрнаступленне мае тым большыя шанцы на ўдачу , чым далей непрыяцель заангажуецца (даслоўна: "зааватурыцца") у заходнім кірунку".

З гэтай другой фразай і мы цалкам згодныя, у той час, калі першую цяжка лічыць адпаведнай рэчаіснасці.

Варшаўскую бітву мы ўяўляем сабе як вялікае кола, пушчанае ў рух справа налева. На адным краі таго кола савецкія арміі, якія пасоўваюцца з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад; на другім - ударная група маршала Пілсудскага, якая праводзіць свой манёўр з-над Вепжа. У цэнтры гэтага кола ў цвердзевым трохкутніку вялікі рэзерв камандуючага фронту, быў як бы воссю, вакол якой гэты рух круціцца. У вырашальны момант рэзерв будзе кінуты на шалі і вытне раўнавартасна з ударнай групай.

Блізкім да такога прыняцця справы быў ген Вэйганд. Цікавым з гэтага пункту гледжання гістарычным дакументам з'яўляецца яго нота начальніку Генеральнага штаба 11 жніўня 1920 года. Нота гэтая ўтрымлівае наступныя знакавыя словы:

"Удача прынятага плану залежыць ад утрымання абароннай лініі Варшавы ад Модліна да Гары Кальварыі".

Шмат зместу ўтрымоўваюць тыя некалькі выразаў. Ёсць у іх класічная ў сваёй прастаце праўда нашага стратэгічнага плану.

Аж да 16 жніўня нічога больш не патрэбна.

Генерал Вэйганд кідае далей дзве наступныя думкі:

"5-я армія, апошняя сіла, якая можа супрацьстаяць непрыяцельскаму руху на акружэнне, павінна быць ужыта пасля збірання сіл і ў добрым кірунку".

І зноў нельга не падзівіцца інтуіцыі і логіцы, якія прабіваюцаа ў тым розумазаключэнні.

На жаль, усё не даведзена да канца. З трох капітальных, вышэй прыведзеных думак не была выпрацавана адзіная слушная ў дадзеных умовах выснова, што для ўдачы прынятага плану патрэбна не 5-я армія, згрупаваная наступальна за Укрой, а абарона Модліна і вялікі рэзерв камандуючага фронту ў раёне Модлін - Зэгжа - Прага.

Адважваюся сцвярджаць, што толькі такая групоўка засцерагала ад раздраблення сілаў і давала нам у рукі стратэгічную і тактычную ініцыятыву. Толькі ў такой групоўцы мы маглі выбраць і адпаведны час і добры кірунак для ўдару.

Знайходжу адно толькі тлумачэнне для відочнай дваістасці пазіцыі, занятай нашым такім заслужаным дарадцам: ён меў поўнае права не верыць у паспяховасць нашай абароны. Калі меркаванні, з якімі сутыкнуўся былі хоць у адной частцы такія крайнія, як тое ўсё, што ген. Сікорскі напісаў наконт нашага адступлення (абароты: "уцёкі", "бязладныя ўцёкі некаторых дывізій" і да т.п., то паўтараю - нельга дзівіцца чужаземцу, калі ён да 15 жніўня трактаваў нас з недаверам і думаў, можа, пра іншую базу, якая не была Варшавай.

ІІ. Фактычны ход баёў

Генерал Сікорскі, аналізуючы сітуацыю на паўночным фронце, у адным з істотнейшых уступаў сваёй кніжкі паведамляе:

"Так выглядае ў тэорыі арганізацыя і задача фронту. Практыка і перш за ўсё праціўнік, пераварочваюць гэтыя жаданні і гэта як у вобласці арганізацыі і складу паасобных армій, так і ў іхніх ролях, якія вельмі хутка зменены. Роля 5-й арміі з апошнераднай стане першараднай. Роля 2-й арміі абмяжуецца слабым наглядам над Віслай, а роля 1-й арміі - абаронай Варшаўскага плацдарма, праводзімай з пераменным поспехам і пры залішне вялікім прыцягненні сіл" (Над Віслай і Укрой, стар. 53).

Ці так было ў сапраўднасці?

Не хачу з гэтым палемізаваць галаслоўна, яшчэ раз вяртаюся да ходу баёў, якія разыграліся на паўночным фронце ў памятныя дні 13 і 16 жніўня.

Будзе гэта адначасова пацверджаннем тэарэтычных разважанняў, якія прыводзіліся вышэй.

А. 13 жніўня

Варшаўская бітва пачалася ў вячэрні час 13 жніўня наступленнем 21-й і 27-й савецкіх дывізій у кірунку на Радзымін. Наша 11-я дывізія пяхоты, якая займала на тым кірунку няўдачную абаронную пазіцыю і была згрупаванна кардонна на адрэзку 32 км, не вытрымала напору і панёсшы велізарныя страты, адступае перапалоханая. За выключэннем 48-га п. палка гэтая дывізія на працягу найбліжэйшых дзён ужо фактычна не здольная да бою.

Да контрудару падрыхтавалася 1-я літоўска-беларуская дывізія пяхоты, аднак было ўстаноўлена, што варшаўскі кірунак пад пагрозай і ёсць звесткі, што назаўтра сустрэнемся з паўторным ударам ужо ўсёй 16-й арміі і 3-й арміі.

Фактычна групоўка непрыяцеля ўяўлялася наступным чынам:

а) Супраць 1-й арміі на адрэзку ад Гары Кальварыі да Модліна (выключна) - 8 дывізій; на поўдзень ад Буга-Нарвы - шэсць дывізій пяхоты (8-я, 10-я, 17-я, 2-я, 27-я, 21-я, г.зн. цэлая 16-я армія і 21-я дывізія пяхоты з 3-й арміі) і ў кірунку Зэгжа-Дэмбы дзве дывізіі пяхоты (6-я і 56-я).

Удзельнічаюць у бітве - дзве дывізіі пяхоты; рэшта сіл трохі ззаду.

б) Супраць 5-ай арміі, якая паспешна канцэнтруецца за Укрой - пяць дывізій пяхоты: адна дывізія пяхоты, якая пасоўвалася ў кірунку на Модлін (5-я дыв. пях. з 3-й арміі) і ўся 15-я армія, згрупаваная пад канец дня ў абшары Сахоцін - Папельчын - Насельск (дывізіі пяхоты: 11-я, 16-я, 4-я і 33-я).

с) У поўным адарванні ад тых дзвюх груповак далёка высунутая і вальготна раскіданая 4-я армія: Дробін (18-я дыв. пях.), Дзялдава (12-я дыв. пях.) і Ліпна (корпус кавалерыі).

Разам 17 дывізій пяхоты і корпус кавалерыі.

На нашым баку дзень 13 жніўня ёсць ужо днём спозненым, хоць нідзе выразна не выказвалася шкадавання на тэму заганнай групоўкісіл польскага фронту.

1-я армія расцягнута на надмерна шырокім фронце: у 1-й фазе тры з паловай дывізіі пяхоты на 60 км. Камандуючы фронту сам не верыць у паспяховасць бяздарна змантаванай абароны. З моманту прымянення 1-ай літоўска-беларускай дывізіі (рэзерв камандуючага арміі) ён мае ўжо ў рэзерве адну адзіную 10-ю дывізію пяхоты. Модлін замест таго, каб бараніцца, адыгрывае ролю матэрыяльна-тэхнічнай і маральнай базы. Заняты, як пра тое гаворыць камандуючы 5-й арміі, пяццю цвердзевымі дывізіёнамі "незнаёмымі з асновамі бою" і "музейнай" артылерыяй.

У гэтых умовах адзінай палачкай-выручалачкай ёсць для камандуючага фронту 5-я армія, якая групуецца за Укрой і прызначаная для правядзеня наступлення.

Камандуючы фронту хоча пачаць гэтае наступленне адразу - ужо 14.VIII на світанні, хоць ні кірункі дзейнасць непрыяцеля не распазнаны, ні згрупаванне 5-й арміі не скончана.

Аргументы, якія высоўваюцца для абгрунтавання гэтага рашэння, ёсць мімавольным пацверджаннем усіх здзейсненых у групоўцы памылак.

"Адрэзак Буга: Зэгжа - Модлін слабы і мусіць у выніку гэтага бараніцца наступальна. Акрамя таго толькі такое прымяненне 5-ай арміі ёсць у стане аблегчыць у наступныя дні фронт Варшаўскага плацдарма, які пад няспыннымі ўдарамі сканцэнтраваных на паўночным крыле бальшавіцкіх дывізій раздзяліў, быць можа, лёс многіх датыхчасовых баёў…

Нядбаласць варшаўскіх пазіцыйі адсутнасць разумення важнасці таго ўласна паўночнага адрэзка выклікала тыя ўмовы". (З размовы камандуючага паўночнага фронту ген. Галера і начальніка штаба палкоўніка Загорскага з камандуючым 5-ай арміі генералам Сікорскім 13 жніўня 1920 г., гадз 17-18).


З той размовы вынікае, што атака 5-й арміі 14 жніўня мела дзве мэты:

1) Забеспячэнне слабога адрэзка Буга - Нарвы, які мусіць абараняцца наступальна, і

2) Разгрузка фронту Варшаўскага перадмесцевага плацдарма, дзе ўжо адчувалася "нядбаласць дыслакацыі і адсутнасць разумення важнасці гэтага ўласна адрэзка", як распавядае камандуючы фронту.

Абараняць наступальна адрэзак Модлін - Зэгжа. - Задачу гэтую цяжка зразумець. Адрэзак вялікай і балоцістай воднай перашкоды, з дзвюма цвердзямі на флангах 22-кіламятровай лініі, ёсць, можа, наймацнейшым абаронным адрэзкам ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Прырода і фартыфікацыйнае мастацтва зрабілі тут усё, каб фарсіраванне Буга-Нарвы зрабіць немажлівым, без у5зяцця прынамсі адной з дзвюх названых цвердзяў. Наступальная абарона гэтага адрэзка перад масавым непрыяцельскім наступленнем з поўначы, пры адначасовым падстаўленні левага крыла пад удар непрыяцеля, маршыруючага на захад, падаецца фатальным непаразуменнем, цяжкім для тлумачэння.

Разгрузка фронту Варшаўскага плацдарма. Як гэтую разгрузку належала выканаць? Здавалася б , на колькі мы зразумелі нашую "нядбаласць" і "адсутнасць паразумення" ў вобласці абароны, што трэба неадкладна перакінуць 5-ю армію на левы бераг Буга-Нарвы, як рэзерв камандуючага фронту, а адной дывізіяй заняць Модлін і абараняць яго. Нескладаная гэтая аперацыя патрабавала часу ў адны суткі. Выбрана, аднак, нешта іншае, вялікае наступленне з лініі Укры на ўсход.

Нажаль, наступленне гэтае на баі пад Радзымінам ніякага ўплыву мець не магло. Бо не толькі варшаўскі і модлінскі адрэзкі залішне тэрытарыяльна ізаляваны адзін ад другога на кірунку дзейнасці былі пад ударам розных непрыяцельскіх армій, маючых асобныя аператыўныя задачы, а і ўсю савецкую групоўку, нацэленую на сустрэчу нашых сіл на поўнач ад Буга. Рух 5-й арміі на ўсход нічым не ўплываў на тое, што рабілася пад Мокрым і Зэгжам, затое сама яна магла скарыстацца з затрымкі 3-й савецкай арміі ў тых пунктах.

Рашэнне ген. Галера навязвае 5-й арміі толькі ўмовы матэрыяльнай прыроды, рне ўзбуджаючы сумненняў тактычных. Застаецца тут памятаць і ва ўсякім разе недацэненую раду ген. Вэйганда, каб не ўжыць 5-ю армію раней часу, як і другую яго параду, каб ужыць яе толькі ў добрым кірунку.

Момант пачатку бітвы ген Сікорскі ў сваёй кніжцы акрэслівае так:

"На палях Насельска і Плонска звыш таго мелі разыграцца смяртэльныя і першыя ад памятных ліпеньскіх дзён баі за маральны пералом войск, якія змагаліся на абодвух баках паўночнага фронту" (Стар. 112.).

А на 114-й старонцы ў сувязі з арганізацыйнымі і матэрыяльнымі цяжкасцямі піша:

"Апошняе прынятае рашэнне, якое прыспешвала атаку 5-й арміі на 12.00 14 жніўня, утрымоўвала сур'ёзную рызыку. Рызыку і адказнасць тым большую, што акцыя 5-й арміі раз распачатая мусіла быць даведзена безумоўна, бо пад пагрозай знішчэння, да канца".

З тых цікавых уступаў належыць зрабіць выснову, што:

1) палі Насельска і Плонска мелі адыграць вырашальную ролю ў распачынаўшайся бітве,

2) што ад памятных ліпеньскіх дзён не здарылася нічога, што б заслужвала на назву бітвы,

3) што ў гэтай бітве будзем змагацца не толькі за свой "маральны пералом", ал таксама за "маральны пералом" 1-ай арміі, якая знайходзілася на другім баку фронту.

Ці трэба сказаць яшчэ раз, што:

1) Кірункам найважнейшым і пад найбольшай пагрозай быў кірунак варшаўскі, на якім ляжала сталіца, слаба заслоненая з-за недахопу фартыфікацыі. Палі Насельска не мелі ні стратэгічнага, ні тактычнага значэння. Значэнне гэтае мелі фарты Модліна.

2) Баі, якія тут распачыналіся, а пад Радзымінам ужо перад тым распачаліся, не былі першымі ад ліпеньскіх дзён. На працягу ўсяго нашага адступлення праведзена іх вельмі шмат. Часта былі яны нават пераможнымі, але армія не магла іх выкарыстаць з-за нашых стратэгічных памылак. Я перакананы, што калі гісторыя нашага адступлення будзе напісана, перастанем мы яго саромецца, як не саромеюцца французы свайго адступлення ў 1812 г., ні немцы, ні французы сваіх адступленняў у Сусветную вайну.

3) Што да бітвы за маральны пералом і не толькі за ўласны, а ў дадатак і 1-й арміі, то для нас, удзельнікаў бітвы на другой частцы фронту, калі не прыкра, то ва ўсякім разе цікава, чаму 5-я армія мела весці "смяртэльныя баі" за наш маральны пералом? Чаму аўтар не схіляецца да погляду, што мы самі маглі гэта зрабіць?

Рэчаіснасць найлепш адказала на гэтыя празмерныя імкненні камандуючага 5-й арміі. Апісваючы баі на суткі пазней, генерал Сікорскі вымушаны сцвярджаць у сваёй кніжцы, што маральны стан, у які трапіла 5-я армія ў крытычную ноч з 14 на 15 жніўня, быў папросту роспачлівы.

Пустой фразай ёсць словы пра давядзенне атакі 5-й арміі "пад пагрозай знішчэння да канца". Кожная бітва мусіць быць даведзена да канца, дык што ж тады бітва, у якой уваходзіць у гульню наша сталіца. Што да "знішчэння", то 5-я армія была ў больш выгадных умовах за 1-ю, бо аперавала ў раёне вялікай цвердзі, у якой магла б у крытычную хвілю замкнуцца, у той час, калі 1-я армія мела за сабой толькі Віслу і Варшаву і таму мусіла альбо перамагчы, альбо пакрыцца ганьбай.

З дэталей таго дня можна яшчэ падкрэсліць такую выразную негатоўнасць 5-й арміі. Будучы гісторык несумненна спыніцца на гэтым. Здавалася б, што ўсе дывізіі былі ў аднолькавым стане, а ўсё ж ні адной з іх (хоць бы на варшаўскім плацдарме) не магло прыйсці ў галаву пакарыцца ці нават адмовіцца ад удзелу ў бітве. Матэрыяльны стан быў усюды слабы, а стомленасць вельмі вялікая, але з гэтым не было рады. Мы адступалі ў кантакце з арміяй непрыяцеля, а ён не пытаўся, ці гатовы мы да бою, ці не гатовы. Без сумнення паўночнае крыло было ў баявым кантакце. Але ці іншыя аддзелы не былі ў тым кантакце? Ці дывізіі, якія адступалі, напр., з кірунку Гародня - Беласток - Вышкаў былі ў лепшых умовах?

Б. 14 жніўня

На непрыяцельскім баку дзень 14 жніўня ёсць днём развіцця аперацый, распачатых у папярэдні дзень. 16-я армія, навязваючы кантакт з усім варшаўскім перадмесцем, захоўваючы асноўную канцэнтрацыю сіл на паўночным крыле: на радзымінскім кірунку дзейнічалі ўжо пад вечар тры дывізіі пяхоты: 27-я, 2-я і 21-я.

3-я армія адной дывізіяй атакуе Зэгжа, адну дывізію накіроўвае да Модліна, адну - рэзервовую - кідае ў кірунку на Дэмбы і Арэшкава.

15 армія змагаецца над Укрой, дзе сустракае больш-менш роўныя сілы нашай 5-ай арміі.

4-я армія ў штораз большым адрыве ад 15-й надалей пасоўваецца да Віслы. Кавалерыя шукае перапраў пад Улоцлаўкам і Няшавай.

(Працяг у наступным нумары.)

Тарноўскі цуд

27 жніўня ў аграмястэчку Тарнова Лідскага раёна адбыўся смачны фэст - свята яблыкаў "Тарноўскі цуд".

На пляцоўцы ля Дома культуры панавала святочная атмасфера, працавала некалькі забаўляльных пляцовак, была разгорнута выстаўка-дэгустацыя страў "Смаката".

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX