Наша слова.pdf № 36, 7 верасня 2022 г.
Дзень пісьменства ў Добрушы
3-4 верасня, невялікі і ўтульны горад Добруш на Гомельшчыне прымаў гасцей з розных куткоў нашай краіны - Беларусь адзначала ХХІХ Дзень беларускага пісьменства і друку. На вуліцах старажытнага горада праходзілі прэзентацыі і фестываль футболу, літаратурныя чытанні і канцэрты, працавалі персанальныя выставы і дзіцячыя пляцоўкі, адкрылі помнік народнаму пісьменніку Беларусі Івану Шамякіну і г.д.
Першапачаткова дата святкавання была прымеркавана да дня выдання першай друкаванай беларускай кнігі - 6 жніўня 1517 года. З 1998 года дата святкавання ўстаноўлена ў першую нядзелю верасня. Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі. За сваю шматгадовую гісторыю Дзень беларускага пісьменства стаў па-сапраўднаму нацыянальным святам, значнай падзеяй культурнага жыцця краіны. Традыцыйна праходзіць у гарадах, якія з'яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. У Беларусі 2012 год быў аб'яўлены Годам кнігі. Упершыню, у 1994 годзе, святочныя мерапрыемствы адбыліся ў старажытным Полацку. Сталіцамі свята ў розныя гады былі: Полацк (тройчы, 1994, 2003, 2017), Тураў (двойчы, 1995, 2004), Наваградак (1996), Нясвіж (1997), Орша (1998), Пінск (1999), Заслаўе (двойчы, 2000, 2014), Мір (2002), Камянец (2005), Паставы (2006), Барысаў (2008), Смаргонь (2009), Хойнікі (2010), Ганцавічы (2011), Глыбокае (2012), Шчучын (2015), Рагачоў (2016). У 2017 г. сталіцай свята, прымеркаванага да 500-годзя беларускага кнігадрукавання, зноў стаў старажытны Полацк. Юбілейны, XXV па ліку, Дзень беларускага пісьменства ў 2018 годзе прыняў горад Іванава, дзе галоўным лейтматывам свята была тэма "Мая малая радзіма". У 2019 годзе Дзень беларускага пісьменства прымаў старажытны горад Слонім. У 2021 годзе фестываль прайшоў у Капылі пад дэвізам "Слова нас аб'ядноўвае". На Магілёўшчыне, якая ўнесла вялікі ўклад у станаўленне і развіццё кнігадрукавання, Дзень беларускага пісьменства праходзіў чатыры разы: у 2001 годзе свята прымаў Мсціслаў, у 2007 - Шклоў, у 2013 - Быхаў, у 2020 - "горад белых начэй" - Бялынічы. Сёлета свята кнігі, нацыянальнай культуры і кнігадрукавання прымае "фарфоравы" гарадок на поўдні Беларусі - Добруш - родны край народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна.
Адной з самых чаканых падзей Дня беларускага пісьменства стала ўручэнне "Нацыянальнай літаратурнай прэміі". У намінацыі "Лепшы твор (зборнік твораў)" пераможцам прызнаны Алесь Бадак за кнігу "Уладар ветру".
- Ідэя такіх свят менавіта ў рэгіёнах цудоўная, паколькі ў кожным райцэнтры ёсць аматары і знатакі кнігі. Такі наплыў, такі творчы дэсант пісьменнікаў для невялікага гарадка - сапраўднае свята. Цікавасць да сучаснай беларускай прозы відавочная. Не раз абмяркоўвалі ідэю правесці свята ў Менску, але, магчыма, яно страціць сваю душэўнасць, уласцівую раёнам, - адзначыў Алесь Бадак.
Паводле СМІ.
Гомельшчына літаратурная сустракала гасцей
3-4 верасня ў Добрушы на Гомельшчыне праходзіла традыцыйнае свята беларускага пісьменства. На працягу двух дзён у выступленнях, прамовах і спевах гучала сакавітая і мілагучная беларуская мова.
У рамках свята ўдзельнікі і госці азнаёміліся з новымі кніжнымі выданнямі, сустрэліся з літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, паслухалі выступленні паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў і выканаўцаў.
3 верасня адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка народнаму пісьменніку Беларусі, Івану Пятровічу Шамякіну, герою сацыялістычнай працы, старшыні Вярхоўнага савета БССР, члену-карэспандэнту АН БССР, ураджэнцу в. Карма Гомельскай вобласці. Госці свята наведалі рэканструяваны працоўны кабінет пісьменніка ў Добрушскім краязнаўчым музеі.
У праграме свята былі тэматычныя экспазіцыі, прэзентацыі і інтэрактыўныя пляцоўкі ў павільёнах: "Бацькаўшчына" - сумесны праект Міністэрства інфармацыі і лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" У. Ліхадзедава, прымеркаваны да Года гістарычнай памяці (папярова-белавая прадукцыя Добрушскай фабрыкі, вырабленая ў розныя часы; фотавыстава, кнігі, каляндар, выдадзеныя ў рамках праекта "Бацькаўшчына".
На працягу двух дзён працавалі літаратурныя падворкі "Гомельшчына літаратурная": з прэзентацыямі лепшых праектаў бібліятэк. Госці свята змаглі пазнаёміцца з выставачным праектам "Песняры зямлі беларускай" Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, прысвечаным 140-годдзю з дня нараджэння беларускіх класікаў Якуба Коласа і Янкі Купалы. Падчас свята праходзіў Фестываль кнігі і прэсы.
Наведвальнікі Добруша пазнаёміліся з праектам, прысвечаным 100-годдзю Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі - "Дыяменты стагоддзя", наведалі літаратурны салон княгіні Ірыны Паскевіч, дзе былі прадстаўлены салонныя гульні, віктарыны, конкурсы з гледачамі, тэатралізаванае дзеянне, выставачны праект "Паскевічы і сведкі эпохі"), наведалі літаратурны музей пісьменнікаў Гомельшчыны: І. Шамякіна, І. Мележа, І. Навуменкі, А. Макаёнка (экскурсію па банернай выставе, інтэрактыўную гульню па літаратурнай карце Гомельшчыны, тэматычныя конкурсы і віктарыны, кніжная выстава, фотазону "Кабінет пісьменніка"); выставачны праект "З любоўю да Гомельшчыны"; выставачны праект "Летапісец эпохі", прысвечаны творчасці народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна; · дзіцячую пляцоўку "У краіне беларускіх казак".
3 верасня ў краязнаўчым музеі Добруша адбылася прэзентацыя кнігі, якая папулярызуе творчасць мясцовага мастака Акіма Міхайлавіча Шаўчэнкі, ураджэнца в. Карма на Гомельшчыне, які зрабіў свой унёсак у развіццё беларускага выяўленчага мастацтва. У музеі працуе таксама выстава новых твораў Уладзіміра Пракапцова "Мая Беларусь".
3 верасня на галоўнай сцэне ў Добрушы адбыўся ўрачысты лірычны канцэрт з удзелам зорак беларускай эстрады. Гасцей свята прывіталі міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў і Мітрапраліт Менскі і Заслаўскі Веніямін.
Галоўны змест урачыстасцяў - не ў афіцыйных цырымоніях, а ў тым, як мясцовыя людзі шануюць сваіх знакамітых землякоў, папулярызуюць іх творчасць, імкнуцца распавесці пра іх ўсяму свету!
Асабліва шчыравалі сёлета прадстаўнікі бібліятэчнай, культурнай сферы розных раёнаў Гомельшчыны. Кожны раён і кожная бібліятэка прадстаўлялі творчасць класікаў беларускай літаратуры, якія нарадзіліся ці жылі і працавалі ў гэтым рэгіёне.
Кожны раён праводзіў свае інтэрактыўныя віктарыны на веданне гісторыі і літаратуры. Зацікавілі аўдыторыю прадстаўнікі Рагачоўскага раёна. Каля іх стэнда можна было сустрэць герояў аповесці У. Караткевіча Бону Сфорцу і Гервасія Выліваху. Працаўніца бібліятэкі падзялілася буклетам, які нагадвае пра тое, што У. Караткевіч пачаў пісаць раман "Каласы пад сярпом тваім" 7 жніўня 1959 года на Рагачоўшчыне. У ліпені-жніўні 1964 года ў Рагачове была напісана легенда " Ладдзя роспачы" пра сярэднявечнага героя Рагачова Гервасія Выліваху. Многія вершы і кнігі У. Караткевіча былі напісаныя ў Рагачове. Прапрадзед У. Караткевіча па мацярынскай лініі Фама Грыневіч валодаў маёнткам у Ніжняй Тошчыцы.
Вельмі шануюць жыхары Рэчыцкага раёна Рыцара дзяцінства, нястомнага рэдактара "Вясёлкі", аўтара пазнавальных кніг для дзяцей Уладзіміра Сцяпанавіча Ліпскага. Яго творчасці быў прысвечаны спецыяльны стэнд, на якім госці і вучні школ маглі хутка знайсці в. Шоўкавічы, дзе нарадзіўся пісьменнік. І ён сам быў сярод гасцей свята разам са сваімі паплечнікамі.
Эла Дзвінская, фота аўтара.
Згадалі і класікаў-юбіляраў
Ва ўнісон Дню беларускага пісьменства, які сёлета шырока святкаваўся ў горадзе Добрушы Гомельскай вобласці, у малой зале Палаца культуры горада Ліды адбыўся літаратурны вечар-сустрэча "Да вытокаў беларускага пісьменства", які адначасова быў прысвечаны 140-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Спачатку гледачам быў паказаны кароткаметражны відэафільм аб пісьменніках-юбілярах, якія ўзнялі беларускую літаратуру да ўзроўню перадавых літаратур свету. Затым са сцэны гучалі музычныя кампазіцыі і вершы на беларускай мове на розныя тэмы, але галоўным тэмамі былі родны край, родная мова і, канешне ж, сувязь Янкі Купалы з нашым горадам Лідай. Перад гледачамі выступалі салісты творчых калектываў Палаца культуры Валянціна Тарашкевіч, Галіна Коўзель, Аляксандра Скляповіч, Сяргей Белаблоцкі, паэты-ўдзельнікі народнага аматарскага аб'яднання "МузАльянс" Палаца культуры Ганна Рэлікоўская, Людміла Краснадубская, Тарэза Смольская, Людміла Русь, Станіслава Белагаловая, Аляксандр Мацулевіч. Дарэчы, Людміла Русь, рускамоўная паэтэса, на гэты раз зачытала празаічны ўрывак са свайго беларускамоўнага эсэ "Нюрачка".
Танцавальным нумарам вечар аздобілі юныя ўдзельнікі ўзорнага ансамбля танцау"Забавушка" Лідскай дзіцячай школы мастацтваў.
Аляксей КРУПОВІЧ.
"Не пагарджайце роднай мовай…"
У мінулую сераду праводзіла прыём грамадзян і "Прамую телефонную лінію". Упершыню рабіла гэта сумесна з членам маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Ганнай Маліноўскай. Разам з маладой калегай выслухоўвалі пытанні лідзян і прымалі да ведама пажаданні нашых землякоў.
Увогуле, будзённая справа - прымаць звароты грамадзян і вырашаць, як лепш паступіць у тым ці іншым выпадку, каб дапамагчы чалавеку, зразумела, у адпаведнасці з заканадаўствам нашай краіны. Аднак у кожным выпадку найменшае, што можна зрабіць, - гэта выслухаць чалавека, а максімум - дапамагчы вырашыць праблему. Часцей за ўсё робіцца гэта сіламі мясцовых службаў. І гэта паказальна: мясцовая заканадаўчая і выканаўчая ўлады (раённы Савет дэпутатаў і раённы выканаўчы камітэт) не заставаліся і не застаюцца ўбаку ад вырашэння надзённых пытанняў жыхароў Лідчыны. Але сёння хацелася сказаць нават не аб гэтым. У маёй журналісцкай практыцы, а цяпер і практыцы прадстаўніка верхняй Палаты беларускага парламента нямала цікавых сустрэч з людзьмі, якія прыходзяць са зваротамі на прыём. На гэты раз таксама не абышлося без пытання, якое прынята называць у нашым грамадстве сацыяльна значным і якое падалося надзвычай актуальным.
Ядвіга Міхайлаўна з вуліцы Набярэжнай першай дазванілася на "Прамую тэлефонную лінію" і запыталася: чаму ў нас так шмат назваў магазінаў, аб'ектаў грамадскага харчавання, розных паслуг на замежнай мове і недастаткова на беларускай або на рускай. Тое ж тычыцца і музычных конкурсаў ды розных творчых праектаў. Лідзянка сказала нават больш востра: надакучыла чытаць назвы на замежных мовах.
І тут я падтрымліваю Ядвігу Міхайлаўну: нам, беларусам, патрэбна дбаць пра развіццё роднай мовы, культуры, у тым ліку не забывацца пра назвы, якія змяшчаюцца ў публічнай прасторы або знаходзяцца на нейкіх будынках. Я вельмі сумняваюся ў тым, што англамоўны падбор слоў прынясе больш поспеху нейкай ініцыятыве, чым тая ж самая назва на нашай сакавітай роднай мове. Хопіць захапляцца іншаземнымі звычкамі, слоўцамі!.. Дарэчы, з гэтым пунктам гледжання пагадзілася і Ганна Маліноўская, прадстаўніца маладога пакалення, і нагадала, што ў райвыканкам таксама звяртаюцца людзі з просьбай пры адкрыцці нейкіх аб'ектаў звярнуць увагу на назвы з тым, каб часцей гучалі беларускія словы. Цудоўна, што лідзяне неабыякавыя да роднай мовы. Ну а кіраўнікам, прадпрымальнікам - падказка: з лагатыпамі на роднай мове цікавасць да тавараў, мерапрыемстваў будзе больш значнай. Вось у мінулым годзе ў Лідзе праходзіў фестываль "Вытокі. Крок да Алімпу" і меў поспех. На слыху фестываль кнігі і друку "Зоркі лідскіх небасхілаў". Прыклады можна прыводзіць і яшчэ, аднак узгадаю нядаўняе аншлагавае мерапрыемства: у Свіслачы літаральна на днях прайшоў першы ў Беларусі каравай-фэст "Бацькава булка", які святкавалі ці не ўсёй краінай. Прыгожа? Вельмі! Так што не спыняемся! Беларускі слоўнік надзвычай багаты - у ім шмат простых, мілагучных назваў…
Кацярына Серафіновіч, намеснік дырэктара па друкаваных СМІ Дзяржаўнай установы "Рэдакцыя "ЛідаМедыяКампанія", член Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь.
"Агульная дыктоўка" адбылася ў анлайн-рэжыме
"Агульная дыктоўка" 3 верасня ў Lidbeer DVOR была адменена "па тэхнічных прычынах". Дыктоўка прайшла толькі ў анлайн-рэжыме. Тым не менш мерапрыемства сабрала значную колькасць удзельнікаў.
Арганізатары дзякуюць усім, хто сёлета паўдзельнічаў у "Агульнай дыктоўцы"! Свой вынік вы можаце паглядзець у асабістым кабінеце.
Напісалі дыктоўку 706 чалавек.
Будзе пералічана для папаўнення калекцыі каштоўным прадметам мастацтва ДУ "Лідскі гістарычна-мастацкі музей" 3530 BYN.
Экспанат, які папоўніць калекцыю музея: еўрапейскія даспехі XV стагоддзя (рэканструкцыя), бо штогод тысячы людзей з усяго свету прыязджаюць у замак, каб пазнаёміцца з культурай, гісторыяй і побытам беларусаў часоў князя Гедзіміна. Камплект стварыў кіраўнік вайскова-гістарычнага клуба "Дайнава" Юры Мандрык.
Наш кар.
На дзіцячым пюрэ з'явіліся партрэты Янкі Купалы і Якуба Коласа
З нагоды 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа брэнд "Ложка в ладошке" выпусціў лімітаваную лінейку пюрэ ў спецыяльнай упакоўцы - з партрэтамі беларускіх класікаў.
- Калі папрасіць дзяцей пералічыць беларускіх пісьменнікаў, яны абавязкова назавуць Янку Купалу і Якуба Коласа. Іх творы, ідэі, вершаваныя радкі - назаўсёды ў нашых сэрцах, - каментуюць супрацоўнікі "Ложка в ладошке".
На ўпакоўцы пюрэ, акрамя партрэтаў, ёсць цытаты з творащ класікаў: "Не шукай ты шчасця, долі на чужым далёкім полі" (Янка Купала), "Няхай надзея гарыць у сэрцы і мацнее" (Якуб Колас).
Наш кар.
Сетка крам Беларусі выпусціла абутак з цытатамі твораў класіка беларускай літаратуры
Сетка абутковых крам "Мегатоп" абвясціла пра з'яўленне ў продажы незвычайнай калекцыі кедаў.
Лінейка завецца KARATKIEVIС. У яе аснове творчасць класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча.
Кожная мадэль мужчынскіх кедаў - гэты асобны твор з героем. Так, убачылі свет мадэлі, прысвечаныя такім творам як "Каласы пад сярпом тваiм", "Дзiкае паляванне караля Стаха" і "Чорны замак Альшанскi".
На абутку змешчаны цытаты твораў, а таксама фірмовыя тэматычныя нашыўкі.
Дызайнеры распавялі, што галоўная мэта з'яўлення лінейкі - папулярызацыя чытання кніг на беларускай мове, а таксама знаёмства з творчасцю Уладзіміра Караткевіча.
Кеды даступныя ў некалькіх крамах Гародні. Кошт ад 135 да 150 рублёў за пару.
Яўген Лебедзь.
31 жніўня ў Лідзе адбылося ўрачыстае адкрыццё Дома танцу
Дом танцу ў Лідзе стане пляцоўкай для розных кірункаў харэаграфіі і допоўніць лік сацыяльных аб'ектаў Лідчыны.
Гэта знакавая падзея, якая садзейнічае далучэнню да творчасці раскрыццю і рэалізацыі талентаў і развіццю харэаграфічнага жанру, стала магчымай, дзякуючы ініцыятыве старшыні Лідскага раённага выкванаўчага камітэта Сяргея Ложачніка.
Ганаровае права адкрыць Дом танцу было прадстаўлена старшыні Лідскага раённага Савета дэпутатаў Інэсе Белуш, дырэктару Палаца культуры Ірыне Тур і ўдзельнікам дзіцячых танцавальных калектываў.
ТК "Культура Лідчыны".
Гарадзенскай гімназіі № 5 прысвоена імя беларускага класіка У.С. Караткевіча
На падставе рашэння Гарадзенскага гарадскога выканаўчага камітэта "Пра пераназванне дзяржаўных устаноў адукацыі" ад 05.08.2022 № 552 гарадзенскай гімназіі № 5 прысвоена імя Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча.
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Гімназія № 5" у Гародні заснавана на базе сярэдняй школы № 21. У 1998 годзе атрымлівае статут школы з эстэтычным ухілам. З 2004 года рашэннем гарвыканкама з'яўляецца гімназіяй.
Матэрыяльна-тэхнічную базу гімназіі № 5 складаюць 50 навучальных кабінетаў, спартовая і актавая залы, два кампутарныя класы і кабінет біялогіі, абсталяваны ПК, інфармацыйна-рэсурсавы цэнтр на базе кабінета беларускай мовы і літаратуры, бібліятэка з чытальнай залай, музей Баявой Славы, майстэрні: швейная і сталярная, цяпліца.
Класы з эстэтычнай скіраванасцю:
- музычныя,
- выяўленчага мастацтва,
- харэаграфічныя.
Профільныя класы:
- філалагічныя,
- хіміка-біялагічны.
У мэтах забеспячэння бесперапыннасці эстэтычнай адукацыі і пераемнасці яго розных прыступак, гімназія супрацоўнічае з ліцэем №1, ГрДУ імя Я. Купалы, каледжам мастацтваў, абласным аддзяленнем Саюза мастакоў, Драматычным тэатрам і Тэатрам лялек ды інш.
Садоўская В. В.
Герб горада Добруша
Правядзенне Дня беларускага пісьменства ў Добрушы запатрабавала звярнуць увагу на даволі незвычайны герб гэтага горада.
Герб: у зялёным полі французскага шчыта тры бухты каната срэбнага колеру з чорнымі швамі.
Сцяг: прастакутнае палатно зялёнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры аверснага боку якога гербавая эмблема - тры белыя бухты каната.
Герб і сцяг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 6 красавіка 2001 г. № 54
Горад Добруш вядомы з 1560 г. у Вялікім Княстве Літоўскам як вёска Гомельскага стараства Рэчыцкага павета. З 1772 г., пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, у складзе Расійскай імперыі. Каля 1795 г. тут было заснавана некалькі мануфактур, у тым ліку палатняна-ветразінавая, на якой у 1812 г. працавала 60 працоўных. Статус горада Добруш атрымаў толькі ў 1927 г.
Зафіксаваны ў гістарычных крыніцах з сярэдзіны XVI ст., Добруш не валодаў Магдэбургскім правам, а такім чынам, на першы погляд, і сваім афіцыйным гарадскім знакам - гербам.
Калі 1 чэрвеня 2000 г. Добрушскі райвыканкам звярнуўся ў Дзяржаўны камітэт па архівах і справаводству пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь з просьбай распрацаваць герб горада, то супрацоўнікам аддзела геральдыкі і генеалогіі ўдалося знайсці цікавую інфармацыю, якая тычыцца мінулага дадзенага райцэнтра Гомельскай вобласці. У "Гербоведе", які выдаецца Рускай Геральдычнай калегіяй, гаворыцца, што Добруш развіўся "з прамысловага, акружанага з усіх бакоў лясамі, мястэчка, вядомага вытворчасцю канатаў, ветразяў і драўляных вырабаў". І далей: "У … (дата не паказана) годзе быў Найвысока зацверджаны герб Добрушу з наступным апісаннем: "У зялёным полі тры бухты каната срэбнага колеру з чорнымі швамі". Наданне герба гораду Добрушу, дапускае С.Е. Расадзін, "адбылося ў валадаранне Кацярыны ІІ, у канцы XVIII ст., бо менавіта тады афіцыйна зацвярджаецца цэлая серыя гарадскіх гербаў, распрацаваных Расійскай герольдмейстарскай канторай у такім жа стылі. Гербы такога роду адлюстроўвалі вытворча-эканамічную спецыфіку населенага пункта".
Такім чынам, стаяла задача не стварэння, а ўзнаўлення гістарычнага герба.
Што ўяўляюць з сябе гэтыя бухты каната, якія вырабляліся ў Добрушы і ішлі на продаж два стагоддзі назад? Асноўная цяжкасць пры рэканструкцыі герба складалася менавіта ў правільнай перадачы малюнка. У энцыклапедычным слоўніку Ф.А. Бракгаўза і І.А. Ефрона, выдадзеным у 1891 г., прыводзіцца апісанне прадмета, які цікавіць нас: "Бухта - так званая ўсякая снасць (трос, вяроўка), складзеная ў выглядзе кругоў, цыліндраў, эліпсаў ці іншай формы. У продаж гэты тавар (канат) паступае наматаным у клубкі, на цыліндрычныя дзеравякі". Па правілах геральдыкі гербавы малюнак павінен займаць найбольшую плошчу шчыта, таму лагічна было змясціць тры бухты каната так, як яны прадстаўлены ў эталонным варыянце.
Аўтар рэканструкцыі М.М. Ялінская.
Крыніцы: Адамушка, В. І. Гербы і сцягі Беларусі / В. І. Адамушка, М. М. Ялінская. - Менск : Беларусь, 2006. - 254 с.
Выйшаў з друку беларускі каляндар "Родны край" на 2023 год
Менскае выдавецтва "Беларусь" выпусціла беларускі адрыўны каляндар "Родны край" на 2023 год. Наклад календара 4000 асобнікаў. Склаў яго Аляксандр Дылейка.
У календары "Родны край" на 2023 год змешчаны цікавыя артыкулы пра нашу краіну Беларусь, матэрыялы, карысныя для прымянення ў паўсядзённым жыцці. У ім чытачы знойдуць прыгожыя вершаваныя нізкі паэтаў-класікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і Язэпа Пушчы, размеркаваныя ў адпаведнасці з порамі года. Ён дапаможа чытачам прасачыць юбілейныя даты славутых беларусаў - юбіляраў 2023 года. Значнае месца ў выданні адведзена роднай мове, традыцыйным абрадам народнай творчасці. Каляндар распавядае пра старажытныя міфалагічныя ўяўленні нашых продкаў. У выданні змешчана шмат цікавай інфармацыі пра прыродныя аб'екты і славутыя мясціны нашай краіны. Чытачам будуць карысныя парады па захаванні і ўмацаванні здароўя, правільнага харчавання, гігіены, спорту. Не засталіся па-за ўвагай таксама жыццёвыя і побытавыя парады, рэцэпты народнай медыцыны і беларускай кухні.
Сяргей Чыгрын.
Недахоп настаўнікаў можа скласці 160 000 чалавек
Навіны Германіі
За апошняе дзесяцігоддзе выкладчыцкі склад у Германіі стаў значна маладзейшы. Гэта азначае, што ў найбліжэйшай будучыні вялікага адтоку настаўнікаў у сувязі з сыходам на пенсію не чакаецца. Нягледзячы на гэта, праблема недахопу настаўнікаў у наяўнасці. Эксперты чакаюць, што ўжо да сярэдзіны 2020-х гадоў будзе бракаваць дзясяткаў тысяч настаўнікаў. Падлікі экспертаў разыходзяцца. Адны называюць лічбу ў 76 000, іншыя - у 160 000 чалавек. Аднак усе салідарныя ў тым, што праблема з недахопам выкладчыкаў будзе толькі пагаршацца.
Яшчэ дзесяць гадоў назад выкладчыцкі склад у Германіі быў даволі сталым. У 2010/2011 навучальным годзе амаль траціна настаўнікаў была старэй за 55 гадоў. Тады як у 2020/2021 навучальным годзе адсотак настаўнікаў гэтага ўзросту складаў чуць меней чвэрці. У той час як працаздольнае насельніцтва Германіі ў цэлым становіцца старэй, выкладчыцкі склад маладзее. У выніку, толькі невялікі адсотак настаўнікаў у агляднай будучыні будзе сыходзіць на пенсію.
Тым не менш, недахоп настаўнікаў у краіне ў наяўнасці. Чакаецца, што ў 2025/2026 навучальным годзе ў ФРГ, верагодна, будзе бракаваць 35000 выкладчыкаў, праз пяць гадоў - 68 000, а ў 2035/2036 - ужо 76 000.
Прафсаюз выкладчыкаў VBE (Verband Bildung und Erziehung) прывёў яшчэ больш гнятлівыя лічбы. Па наяўных у іх лічбах, калі сітуацыя не палепшыцца, да 2035-га года Германія будзе мець патрэбу ў 160 000 выкладчыкаў.
Праблема будзе ўзмацняцца нават нягледзячы на тое, што за апошняе дзесяцігоддзе колькасць школьнікаў скарацілася амаль на 7%, а колькасць настаўнікаў у сярэднім па краіне вырасла на 4 %. Сітуацыя ў землях некалькі адрозніваецца адна ад другой. Аднак існуюць значныя рэгіянальныя адрозненні. У Берліне колькасць выкладчыкаў вырасла на 21,6%, тады як у Саксоніі-Анхальт скарацілася на 5,6%.
Востры недахоп настаўнікаў, пачынальна з 2030 года, тлумачыцца рэзкім павелічэннем нараджальнасці ў 2010-х гадах. У наш час бэбі-бум назіраецца толькі ў пачатковых школах, але ўжо да сярэдзіны 2020-х гадоў ён ахопіць сярэднія школы.
Да 2030/2031 навучальнага года колькасць навучэнцаў у агульна-адукацыйных школах павялічыцца ў цэлым па краіне на 9% па ўсёй краіне, тады як рост школьнікаў у малодшых класах сярэдняй школы вырасце больш чым на 15 %, паведамляе канферэнцыя міністраў адукацыі і культуры.
Сітуацыя ў федэральных землях таксама будзе істотна адрознівацца. У Берліне чакаецца самы вялікі прырост навучэнцаў + 17%. У Саксоніі-Анхальт колькасць школьнікаў зменшыцца на 0,6%, а ў зямлі Саар нават на 1,6%.
У 2020/2021 навучальным годзе ў Германіі працавала каля 761000 настаўнікаў. У 2025/2026 навучальным годзе, як чакаецца, будзе неабходна прыкладна 799 000 выкладчыкаў, а ў 2030/31 і 2035/36 навучальных гадах - 836 000.
Паводле СМІ.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
У Панаме, Канадзе і на Алясцы: Гарайн, Кенька, Падзюкоў
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34)
ГАРАЙН Юльян - ураджэнец Радашковічаў, пісьменнік, публіцыст (пісаў у польскія і польска-амерыканскія выданні, сам быў рэдактарам у Амерыцы) эмігрыраваў у 1871 г.: Нью-Ёрк, Хобакен, штат Нью-Джэрсі, Чыкага, Сан-Францыска; уласныя хваробы і смерць чатырох дзяцей ударылі па яго "амерыканскай мары". Стыль "гурмана-гумарыста" мог дапамагаць яму ў псіхалагічнай самаабароне.
Пра яго непасрэдныя кантакты з індзейцамі ў ЗША звестак у нас няма, як і пра тое, што ён "палымяна выступаў у абарону індзейцаў". Гэта выказванне А. Мальдзіса знаходзіцца ў супярэчнасці з высновай яго польскага калегі З. Найдэра (літаратуразнаўцы памерлі з розніцай у год ва ўзросце 89 і 90 гадоў): "Індзейскай праблемы амаль не заўважае, абмяжоўваючыся іранічнымі згадкамі".
Выказванні Гарайна пра індзейцаў вар'іруюць ад прамога спачування і спагады ("Амерыканскія калібры і амерыканскі індзеец не могуць жыць у няволі" - падобнае і магло даць падставу Мальдзісу для яго сцвярджэння) да, напрыклад, такога досыць "скептычнага" цытавання "сафістыкі" нейкага "шаноўнага аўтара": "Без прымусу і егіпцяне не хацелі б працаваць, як не хочуць дагэтуль дзікія жыхары Аўстраліі і Амерыкі. А ўсё ж без прызвычайвання да працы не было б ніякай цывілізацыі".
Поўны гумару і не без сарказму, Гарайн, падобна Марку Твэну, не палічыў неабходным "апісваць цудоўныя або страшныя віды (апісанне Ніягары чытаў, пэўна, сто разоў), больш-менш драматычныя прыгоды, у якіх самі іграюць галоўную і ганаровую ролю; апісваць галерэі, музеі, філантрапічныя ўстановы, выдатныя кафедры, замкі каралёў, час ад часу вігвамы дзікіх, салоны багацеяў, навальніцы, паляванні на слане, насарогаў, кракадзілаў і іншых драпежнікаў". Стылёвыя і метадалагічныя падыходы Гарайна адрозніваюцца ад манеры аўтараў, якія пісалі для польскай публікі ў той жа час і, у прыватнасці, у той жа "Газеце польскай": Г. Сянкевіча, С. Вісьнёўскага.
У Каліфорніі Гарайн не толькі ўвёў Сянкевіча ў асяроддзе мясцовых палякаў, але і рабіў з імі экскурсіі ў ваколіцах Сан-Францыска, у прыватнасці да Маўнт-Д'ябла (штосьці перашкодзіла ім напісаць пра гэтае месца, вядомае індзейскімі "памяткамі" вакол, але сам Гарайн спадзяваўся, што гэта можна паправіць).
Лісты Сянкевіча Гарайну з Анахайма, дзе ён пасяліўся, носяць адбітак прыгод, да якіх імкнуўся: "паеду таксама ненадоўга ў горы Сьера-Мадрэ, дзе жывуць індзейцы і грызлі". Паездкі былі, але не ў Арызоне або паўночнай Мексіцы, а ў самой Каліфорніі. "Быць у Амерыцы і не страляць пуму і грызлі - гэта сорам. Акрамя таго, краявіды там на дзіва цудоўныя, лясы, індзейцы і г.д.", aле, паводле яго самога, у яго лістах пра гэта - проста "раман": "акрамя геаграфічнай і прыроднай асновы, усё прыдуманае - толькі з пэўнай дэкарацыяй праўды. Ва ўсякім выпадку, гэта не дзіўна, таму што ўсе так робяць"; просіць Гарайна: "Яны там у Варшаве перакананы, што я не жыву з калоніяй, а дзесьці сярод індзейцаў. Не растлумачвайце ім іх памылку"). Прызнаваўся Гарайну, што "хлусіць так, што папера з сораму чырванее". У той жа час у Сянкевіча - і багатая фактаграфія, і пэўная шчырасць. Сянкевіч (трэба памятаць, што сярод яго продкаў напэўна былі не толькі "літоўскія" татары, але і беларусы) адназначна спачувае індзейцам, асабліва тым, хто, у адрозненне ад апачаў і каманчаў, не можа бараніцца ад наступу белых, шмат піша пра іх лёс у "Лістах Літваса". Гарайн жа заняў сярэднюю пазіцыю паміж ім і Вісьнёўскім.
Тэксты Гарайна пры іх скразным вывучэнні, верагодна, наўрад ці прынясуць каментарыі выразнага антыіндзейскага характару, чым якраз адрозніваюцца творы любімага ім Вісьнёўскага - падтрымліваў з ім карэспандэнцыю, верагодна, і тады, калі той пасяліўся ў Мінесоце. Гарайн чакаў ад яго напісаны "цікава і з талентам" расказ пра побыт у Амерыцы, які загадзя ставіў вышэй за свае "дробязныя прыгоды". Нарысы Гарайна і Вісьнёўскага прама параўноўваў З. Найдэр, адзначыўшы, што, нягледзячы на асобныя прыведзеныя ім факты злоўжыванняў амерыканцаў, катэгарычнага пярэчання заслугоўвае пазіцыя Вісьнёўскага ў адносінах да індзейцаў. Той так захапіўся патрэбай зямлі для прышэльцаў з Еўропы, што ад яго "manifest destiny" становіцца ніякавата.
Пакуль мы ведаем толькі адно месца сустрэчы Гарайна з індзейцамі: Панама. Урыўкі ніжэй - з часткі XXXVIII "Лістоў з Каліфорніі" (ліст з Сан-Францыска ад 12.08.1879) у № 210 (8(20).09.1879) "Газеты польскай" (Варшава):
"У дзень новага, 1876 года, а 1-й гадзіне папаўдні мы выправіліся з Нью-Ёрка на параходзе "Калон". Апісваць наша марское падарожжа не буду, тым больш што пару дзён таму чытаў у "Газеце польскай" прыгожае апісанне падобнага падарожжа майго шаноўнага калегі па пяру і валацугі - Сігурда Вісьнёўскага. Дастаткова таго, што, абплыўшы з левага боку Жамчужыну Антылаў, праехаўшы ў ноч з 4 на 5 студзеня цясніну паміж Кубай і Сан-Дамінга, а затым Карыбскае мора, - у самы дзень Трох Каралёў, а гадзіне 6-ай раніцы былі мы разбуджаны выстралам карабельнай гарматы. Гэта быў знак, што мы ўвайшлі ў порт".
"У горадзе ўжо быў вялікі рух, і не меншая спякота. Якая разнастайнасць чалавечых рас! Індзейцы, негры, мулаты, метысы, крэолы, еўрапейцы, і ўсё гэта круцілася, шумела, прадавала, навязвалася з таварам, як беларускія яўрэі. Нават тавары былі незвычайныя: кошыкі з ракавінамі і мушлямі, субтрапічная садавіна, пучкі цыгар, цыноўкі і іншыя індзейскія вырабы. Дамы былі пераважна мураваныя, некаторыя пабеленыя, але нізкія, без паверхаў, вокны без шкла, дзверы адчыненыя".
Прапускаем нязначны, але падрабязна апісаны інцыдэнт, у якім Гарайн звяртаецца да сваёй улюбёнай гастранамічнай тэмы, - яго ці не паспрабавалі пакрыўдзіць пры аплаце за шакаладны напой: "мой абаронца [француз] быў праведным, моцным чалавекам, а крыўдзіцель быў маленькім, мізэрным, жаўтлявым, крэолам або метысам.
- Вельмі шкадую, senor Polacco, я памыліўся; урэшце, акрамя Святога Айца, кожны чалавек можа памыліцца. І вам mosje вялікі дзякуй, што вы мяне папярэдзілі".
Нарэшце, яны апынуліся ў цягніку:
"Мы адчынілі вокны вагонаў і пачалі разглядаць краявід. Ён здаўся мне нізкім, багністым. Рэкі па ім віліся і цяклі ляніва; былі відаць невялікія азёры. Гэта нагадвала добра мне вядомыя палескія балоты; але тут было б небяспечна паляваць на качак або бекасаў, таму што ў многіх месцах з рэк і балот высоўваліся галовы і пашчы кайманаў - амерыканскіх кракадзілаў. На гэтых балотах зрэдку раслі даволі вялікія дрэвы. Дзеці звярнулі маю ўвагу, што ствалы некаторых дрэў абвітыя змеямі. Я не хацеў верыць; зірнуў у тэатральны бінокль: замест балерын заўважыў, што на дрэвах сапраўды віліся змеі! Я спытаўся ў кандуктара, які праходзіў міма: гэта атрутныя змеі?
- Не, - адказаў той, - яду ў іх няма, не кусаюцца, але затое душа [у пятках]!
Мы праехалі шмат мастоў і спыняліся на станцыях чыгункі; падбягалі зараз да вокнаў вагонаў індыянкі, прапаноўваючы на продаж ананасы, бананы і іншую невядомую мне садавіну, індыянкі ледзьве былі накрытыя тканінамі; але дзеці, нават не зусім малыя, абодвух палоў, падлеткі, - былі цалкам голыя".
Субтрапічны лес: "Я не мог нагледзецца на яго: птушкі з цудоўнымі пёрамі лёталі паміж галінамі дрэў, малпы гулялі на верхавінах дрэў і чапляліся за галіны. Мне здалося дзіўным, што не адпужваў гэтых стварэнняў ні свіст паравоза, ні грукат цягніка. Праўда, тыя з пасажыраў, якія стралялі ў алігатараў і змей, калі мы праязджалі па балотах, спынілі гэтую гульню.
Мы шмат аддалі б, каб падоўжыць такое падарожжа нават на некалькі гадзін; але цягнік ляцеў занадта хутка для нас. Пасля дзвюх гадзін 37 хвілін язды лес скончыўся: раптам справа ўбачылі горад Панаму, перад намі Ціхі акіян; мы заехалі пад нейкі вялізны навес, і цягнік спыніўся.
На жаль, гэта быў канец падарожжа".
"Нам загадалі выйсці з вагонаў. З-пад навеса я бачыў горад усяго за кіламетр. Я cпытаў, ці не мог бы я пайсці ў горад на гадзінку. Але мне сказалі, што яны не могуць губляць ні хвіліны. Фактычна, мы павінны былі адразу сесці ў вялізную паравую лодку, якая павінна была даставіць нас на карабель.
- А дзе гэты карабель? - спытаў я, таму што перад сабой мы бачылі толькі гладкую, люстраную гладзь Ціхага акіяна.
Нам паказалі здалёк, можа, за пяць міль, некалькі мачтаў, пад якімі павінны былі знаходзіцца караблі. З дапамогай індзейцаў мы прайшлі самі і перанеслі ручныя клункі ў лодку, якая адразу вырушыла.
Прыкладна праз паўгадзіны язды мы прыбылі да аднаго карабля, і на яго былі высаджаны пасажыры, што накіроўваліся прама ў Кітай, Японію ці Аўстралію. Нарэшце дайшла наша чарга, і мы пад'ехалі да вялізнага старога парахода "Канстыт'юшн", які павёз нас направа, у бок паўночнага полюса, у Сан-Францыска. Была ўжо ціхая, цёплая і светлая ноч.
Тут упершыню я ўбачыў прамень святла, які кідала на ваду зара (Венера).
На наступны дзень мы пачалі азірацца ва ўсе бакі: убачылі так званыя Ізумрудныя астравы; яны выглядалі такімі мілымі і зялёнымі, што сапраўды заслугоўваюць гэтай назвы. Некаторыя з іх былі прыгожа пабудаваны; а на адным з іх быў зорны сцяг нашай рэспублікі".
КЕНЬКА Міхась - звязаны з дзівоснай "адысеяй" гарайнаўска-сянкевічаўскага М. Сялявы адным з трох надрукаваных перакладаў белетрызаванай яе версіі - "Лятарнік" (1925), "Вартаўнік маяка" (1955), "Дазорца маяка" (2006 - "Краязнаўчая газета", 2010 - "Полымя") і сам ажыццявіў сваю невялікую "адысею" ў Канаду, у час якой прысутнічаў прынамсі на адной індзейскай імпрэзе.
Дзве іншыя індзейскія "лініі" ў Кенькі - яго пераклад "Караля ў Нясвіжы" Ю. Крашэўскага (дзе пра "зброю дзікіх індзейцаў" у зборах Радзівілаў" - блізка да ісціны, але ўсё ж твор мастацкі) і - асабліва - увага да "Гаяваты" пры даследаванні перакладаў А. Куляшова
З электронных паведамлення Кенькі з Канады: "У мяне было такое ўяўленне, калі першы раз ляцеў у Канаду, што тут індзейцы ходзяць чародамі па вуліцах у сваіх яркіх уборах з пер'ямі. І дзіва: ці не адзін з першых канадцаў, якіх я сустрэў у аэрапорце быў... індус. У ярка-чырвонай чалме. Іх тут многа. А індзейцы сапраўды ў рэзервацыях" (14.05.2022). Індзейцаў і індыйцаў маглі блытаць з розных прычын - у тым ліку і ў Канадзе Л. Арабей.
"Дзякую Вам за тое, што Вы даведаліся, што я цікавіўся перакладам Мардвілкі і залічылі мяне ў знаўцы "Спеву аб Гаяваце". Сапраўды, я цікаўлюся гэтым творам. Тут, у Канадзе, я больш уведаў пра жыццё індзейцаў. Аднойчы прысутнічаў на іх свяце.
Пра пераклады А. Мардвілкі я ўведаў, калі пісаў пра пераклад гэтага твора А. Куляшовым. Тады Мардвілка быў жывы, і я хацеў напісаць яму. Мне думалася, што ён мог дарабіць яго. Было б цікава параўнаць два беларускія пераклады і рускі. Мардвілка перакладаў з англійскай, а Куляшоў карыстаўся падрадкоўнікам. Ён казаў мне, што падчас працы не зазіраў у пераклад Буніна. Пра пераклад Мардвілкі я ў яго не спытаў.
У адрозненне ад Буніна, Куляшоў вытрымаў адпаведнасць арыгіналу ў захаванні той жа колькасці радкоў, што было пэўнай цяжкасцю, бо англійская мова абыходзіцца меншай колькасцю складоў. Куляшову даводзілася прадпрымаць пэўныя захады, каб не страціць чагосьці важнага ў змесце і захаваць форму. Тыя ўрыўкі з перакладу Мардвілкі, якія былі надрукаваны пад псеўданімам А. Лясны, я знайшоў. Але яны мала што маглі даць мне для параўнальнага аналізу. Я не вывучаў тады англійскую мову. Цяпер я ў ёй крыху абазнаўся і мог бы больш заглыбіцца ў аналіз. Паспрабуйце заняцца гэтым Вы" (8.05.2022).
Гл. таксама: Кенько Т. Канада: заметки с колес: первые нации, или в прошлое к индейцам // Бібліятэка прапануе. 2005. № 2. С. 3-8 (і іншыя часткі яе матэрыялу пра Канаду: "Как появилась новая Франция, или История двух Канад", "Визит в мегаполисы: мультикультурность - особенность страны").
ПАДЗЮКОЎ Сяргей (Padyukov, Padukov, Padukow, Padiukow) - нарадзіўся ў Берасці (бацька і маці (Раменка-Кавенка) ажаніліся ў 1911 г., з Бяла-Падляскі пераехалі ў Берасце). Інжынер-архітэктар і скульптар, адной з найважнейшых работ якога было ўзнаўленне пасля пажару (1966) сіткінскага Сабора Архангела Міхаіла (St. Michael's Cathedral). Пры новым асвячэнні храма ў 1976 г. (Cathedral Reconsecrated, Anchorage Daily News, Nov. 24), прысутнічалі тлінкіты і А. І. Салжаніцын (Падзюкоў быў вядомы і як праваабаронца).
У інтэрв'ю з ім (Андреев С. Золотые купола Сергея Падюкова // Родина. 1993. № 5-6. С. 116-118) было "юбілейнае" падсумаванне: "У ЗША каля 1400 праваслаўных цэркваў і капліц. Не ва ўсіх ёсць уласны клір, хоць ёсць і парафіі - па 400-500 вернікаў. На Алясцы, напрыклад, каля 70 цэркваў і капліц, дзе можна здзяйсняць праваслаўнае богаслужэнне. Цікава, што з часоў Рускай Амерыкі, 200-годдзе якой пачынаюць адзначаць сёлета, індзейцы на Алясцы ўсё яшчэ захоўваюць праваслаўе".
"- Якія з пабудаваных цэркваў вам асабліва дарагія?
- Якія з тваіх дзяцей... Вельмі цяжка і цікава было аднаўляць храм, дашчэнту знішчаны агнём у Сітцы (Аляска, востраў Баранава). Для мясцовых падрадчыкаў-будаўнікоў задача аказалася не па плячы. Тады я замовіў сталёвыя канструкцыі ў Сіэтле, сабраў іх на месцы і завяршыў рэстаўрацыю, удвая зэканоміўшы на выдатках супраць каштарысу. У Амерыцы гэта важна. Аздабленне была адноўлена дакладна. На званіцы металічныя профілі калон дакладна захоўвалі абрысы былых драўлянага бярвення і бэлек.
Тут жа я паспрабаваў сілы ў зусім новай справе - аднаўленні званоў, расплаўленых агнём. Дарэчы, званар гэтай царквы - праваслаўны індзеец з племя тынгліт [тлінгіт, тлінкітаў - з памылкай і на сайце "Брестского курьера"]. Цікава, што адзін яго суродзіч падчас пажару вынес з царквы панікадзіла. Потым, пасля аднаўлення, яго ставілі на месца 5 чалавек".
Некаторыя званы былі зроблены для Аляскі ў Беларусі.
Нягледзячы на пажары, "руска-індзейскую вайну" і іншыя ўдары па праваслаўі, тлінкіты разам з іншымі "карэннымі" захоўваюць сувязь з ім. У музычным суправаджэнні службаў на Алясцы праваслаўным дапамагаў нават апач (абмены з мескалера - які С. Альварэсам (Steven Alvarez, Alaska Native Heritage Center) у чэрвені 2008 г.; 12-га ён паведаміў, што не можа адказаць на пытанне, калі хто-небудзь з апачаў падарожнічаў на Аляску, г.зн. не ведаў пра іншых апачаў, якія прыязджалі на "апошні францір"). Наш першы карэспандэнт-тлінкіт быў не праваслаўны, а бахаіст, - Джым Уолтан (перапіска 1990-1993 гг.).
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Вайна ў 1920 годзе*
Успаміны і разважанні
Генерал Люцыян Жалігоўскі
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
На фронце ў цэлым утвараюцца два асноўныя агмені бітвы: на найбліжэйшым перадполлі Варшавы і над Укрой.
На варшаўскім кірунку змагаецца перад усім кінутая раніцай у бой 1-я літоўска-беларуская дывізія.
Гэтая, выключна спраўная дывізія, уваходзіць у бой без ніякага адпачынку і без папаўненняў, бо ледзве паспела дзень перад тым, 13 жніўня, сканцэнтравацца ў рэзерве камандуючага арміі. Нягледзячы на гэта ў баявых адносінах уяўляла сабой матэрыял дасканалы, спраўны, незвычайна трывалы і загартаваны. Каля паўдня бярэ яна Радзымін, аднак не можа яго ўтрымаць і пад напорам дзвюх непрыяцельскіх дывізій адступае з вялікімі стратамі на 2-ю, нікім не забяспечаную абаронную лінію. Пад вечар і гэтая лінія прарвана: 27-я савецкая дзівізія ўціскаецца ў разрыў нашага фронту, займае Вольку і Ізабелін, яе галаўныя аддзелы даходзяць да Кутоў Вянгерскіх (па прамой лініі 14 км ад Прагі), а таксама займае пустыя лясы насупраць вёскі Непарэнты.
У 5-й арміі дзень 14 жніўня не меней цяжкі, чым пад Варшавай.
На правым крыле два фарты Модліна (Мянкошын і Торунь) трапілі ў непрыяцельскія рукі, а на левым - паводле азначэння ген. Сікорскага - "баі не далі праціўнікам канкрэтнага мясцовага выніку". Найгорш пайшло ў цэнтры, дзе сібірская брыгада, маючы адзін полк разбіты, а другі сур'ёзна аддалены, мусіла адступаць да раёна Вароны - Юзафова (стар. 138).
Гэтае адступленне:
"стварыла невымерна прыкрую сітуацыю для левафланговай групы, а ў цэнтры прывяло да пераходу расійскага войска ракі Укры на адносна значнай прасторы" (стар. 153).
Далейшыя наступальныя дзеянні ген. Краёўскага выклікалі "расійскую контратаку", якая:
"стварала сур'ёзную небяспеку разрыву фронту на дзве паловы, што было б раўназначна са зрывам нашых намераў і пагражала паступовым знішчэннем усёй арміі" ( стар. 134).
Так выглядаў эфект агульных дзеянняў на паўночным фронце перад вечарам 14 жніўня.
Стратэгічныя памылкі пацягнулі за сабой у выніку шэраг тактычных няўдач: на варшаўскім кірунку прарваны ўсе лініі абароны, і непрыяцель стаіць на адлегласці 14 км ад сталіцы; на модлінскім кірунку выразная няўдача наступальных намераў, частковая страта Укры і прывід "знішчэння ўсёй арміі". Найгоршае тое, што ў рэзерве фронту застаецца адна адзіная дывізія пяхоты, якая стаіць у Яблонне.
З пункту гледжання пагрозы, якая навісала над Польшчай, ёсць гэта кульмінацыйны момант усёй нашай кампаніі і разам з тым найвыразнае сведчанне нашай памылковай дыспазіцыі. Паколькі непрыяцель не здолеў прымяніць тут усіх сваіх сіл, аказаліся мы на краі прайгранай пад Варшавай бітвы, і ўдача плану Вярхоўнага Галоўнакамандуючага павісла на валаску. Калі б здарылася няўдача ў рэзервовай дывізіі, то адступленне за Віслу станавілася непазбежным, а калі б абедзве нашыя арміі ў тую ноч адступілі за Віслу, то ёсць рэччу сумніўнай, ці ўдар з-над Вепжа мог бы быць выкананы. У гэты момант ішлі да Вярхоўнага Галоўнакамандуючага трывожныя просьбы прыспешыць наступленне.
Пра рэзервовую дывізію хадайнічалі абодва камандуючыя армій. Адзін хацеў бы мець яе пад Варшавай, другі - над Укрой.
Пасля паўдня з'явілася рашэнне прымянення яе на найважнейшым і вельмі пагрозлівым кірунку, г.зн. варшаўскім, з пазначэннем аднак, што ўжо назаўтра рэзерв быдзе адведзены і перакінуты да Скшэшава, дзе ўвойдзе ў раён дзейнасці 5-й арміі.
Былі гэта, аднак, рэчы пазнейшыя.
Тым часам ішлося аб адным - аб уратаванні Варшавы.
Задачу гэтую мела выканаць спешна ўтвораная аператыўная група ў складзе: 10-я дывізія пяхоты (рэзервовая), 1-я літоўска-беларуская дывізія і 11-я дывізія пяхоты. Мне было даручана камандаванне над усімі гэтымі сіламі.
Канец дня сыходзіць пад знакам неабходнай з боку групы падрыхтоўкі да наступлення, прызначанага мной на світанні 15 жніўня.
Камандаванне фронту з арганізаванай мной затрымкі незадаволена. А 21-й гадзіне выдае пісьмовы загад, які з'яўляецц адразу і папрокам, і прыспешваннем, і ацэнкай баёў усяго дня.
Загад той (№ 3939/ІІІ) у найважнейшых пунктах гучыць:
"1) 5-я армія распачала наступленне і адкінула левым крылом 18-ю і 4-ю бальшавіцкія дывізіі, якія адступаюць у паніцы на поўнач і паўночны ўсход. Правае крыло 5-й арміі паспяхова адбівае атакі пераважных сіл на лініі ракі Укры.
1-я арміі, нягледзячы на ўзмацненне яе рэзервам камандавання фронту, не справілася з непрыяцельскімі сіламі, якія прарваліся ў раёне Радзыміна.
2) Пераканаўся наглядна, што ў некаторых аддзелах у 1-й арміі кіраўніцтва мае шмат да пажадання. Галоўныя цяпер баявая спраўнасць і пунктуальнасць у выкананні загадаў проста ігнаруюцца.
3) 1-й арміі загадваю з усёй суровасцю: 11-я дывізія пяхоты, 19-я дывізія пяхоты і 10-я дывізія пяхоты выконваюць яшчэ да світання з групоўкай, якую прымуць яшчэ на працягу ночы, канцэнтрычную і энергічную атаку на Радзымін, выкідваюць непрыяцеля безаглядна яшчэ перад поўднем 15-га г. м. аж да першай лініі акопаў. Камандаванне 1-й арміі перакідвае затым спешна і пры выдатным прымяненні аўтобусаў 10-ю дывізію пяхоты да Калюшына і Скжэшава, на поўдзень ад Яблонны, дзе чакаю першага транспарту гэтай дывізіі не пазней як пунктуальна ў 12.00.
З вялікім прызнаннем успрымаю спраўнасць і асабліва энергію кіраўніцтва 5-й арміі, якая, нягледзячы на нечуваную змучанасць аддзелаў, змагла выканаць яшчэ на працягу сённяшняга дня вырашальны ўдар".
Аператыўны змест гэтага загаду быў мне вядомы ўжо 14-га познім вечарам. У тэлефоннай размове з камандуючым арміі генералам Лацінікам выяснілі, чаму загад гэты не можа быць выкананы і якія распараджэнні аддадзены. Праз некалькі гадзін пасля гэтай размовы наступіла наша перамога ў перадмесці. Хто ж меў час думаць і памятаць пра напісаныя ў тым узбуджэнні паперы?
Сёння, аднак, у кніжцы генерала Сікорскага мы знайходзім гэты загад разам з падкрэсленнем значэння яго зместу, прычым аўтар лічыць наганяй 1-й арміі за заслужаны і канешне ў маўчанні прымае пахвалу 5-й арміі.
З-за гэтага мушу глыбей унікнуць у змест гэтага загаду, які, як пераканаўся, з'яўляецца важнай памяткай Радзымінскай бітвы. Вывучаючы яго і вяртаючы памяць у часы, калі быў напісаны, спазнаў прыкрае пачуцце. Гэтае ўражанне было выклікана не толькі ўзбуджэннем думкі ў найкрытычнейшую хвілю бітвы, а і неабходнасцю водпаведзі на прэтэнзіі, скіраваныя відавочна супраць мяне і супраць аддзелаў, якімі я камандаваў.
Бо да каго ж могуць адносіцца прэтэнзіі, адносна аддзелаў 1-й арміі? Не маглі яны датычыць 15-й і 8-й дывізій пяхоты, якія змагаліся на менш актыўным кірунку, ні 7-й рэзервовай брыгады, якая бараніла Зэгжа. Не маглі яны таксама датычыць 11-й дывізіі пяхоты, якая выйшла з бою яшчэ 13-га, ні нават 1-й літоўска-беларускай, паглынутай баямі за Радзымін. Прэтэнзія адсутнасці пунктуальнасці лагічна беручы рэчы, магла адносіцца толькі да 10-й дывізіі пяхоты і групы, якой я камандаваў. Так прынамсі зразумелі гэтыя прэтэнзіі нашы гісторыкі, а таксама і генерал Сікорскі, які ў сваёй кніжцы гаворыць (стар. 131):
"Дывізія гэтая не была ў стане дастаткова хутка ўвайсці ў бой. 14 -га ўсе засталіся пад нязмерна прыкрым уражаннем расійскай, на гэтым адрэзку, перамогі".
Шукаю скутку. Адкуль магла паўстаць думка пра нейкае спазненне ў бітве 14-га жніўня? Загад на прыняцце камандавання над групай я атрымаў у Яблонне асабіста ад генерала Галера а 15-й гадзіне. Быў гэта момант, калі Літоўска-беларуская дывізія адступала з-пад Радзыміна.
Загад з дакорам пра адсутнасць пунктуальнасці быў напісаны а 21-й гадзіне. Відочна таму, што камандуючы фронту на працягу тых шасці гадзін чакаў перамогі, а калі яна не наступіла, дакараў за адсутнасць пунктуальнасці і загадваў яшчэ ноччу зноў атакаваць.
На працягу тых вячэрніх гадзін апрача перагрупоўкі і падрыхтоўкі да бітвы на саітанні ніякіх дзеянняў не праводзілася. Ці гэтыя дзеянні можна былр прыспешыць? А як жа? Мог гэта зрабіць камандуючы фронту і камандуючы арміі, калі былі на адрэзку. У гэты час 1-я літоўска-беларуская дывізія і частка 11-й, адступаючы з-пад Радзыміна, маглі ад іх атрымаць загад на новую атаку. 10-я дывізія, якая як рэзерв камандуючага фронту, была ў павышанай гатоўнасці і магла ўвайсці ў бітву ў любую хвілю. Аднак, ці была б гэтая спешка для нас карыснай?
Пра гэта маглі распавесці найбольш тыя аддзелы, якія адступалі з-пад Радзыміна. Ці маглі яны яшчэ ў той самы вечар 14-га жніўня нанава перайсці да атакі на Радзымін? Што да мяне, то мяркую, што не. Да памылкі , палягаўшай на атакаванні Радзыміна любой цаной, далучылася б яшчэ памылка гарачкавай спешкі, на якую псіхічны настрой войска рэагаваў бы як найгорш, як на праяву адсутнасці халаднакроўя. Што да гэтага аднак, меркаванні могуць быць падзелены. Не было выключэннем, што новая атака на Радзымін, як гэтага хацеў камандуючы фронту, магла быць выканана яшчэ ў той самы дзень вечарам. Было гэта мажліва як для камандуючага фронту, так і для камандуючага арміі, пры ўзяцці поўнай ініцыятывы ў іхнія рукі.
Могуць мне на гэта адказаць, што камандзіры на гэтым узроўні не могуць камандаваць часткамі сваіх сіл у той час, калі яны адказныя за ўсё. Гэтае пярэчанне не падаецца мне істотным. У дадзеную хвілю не было нічога больш важнага за факт, што непрыяцель маршыраваў на Прагу. Прыняцце камандавання было ў такую хвілю тым больш натуральным, што ні камандуючы фронту, ні камандуючы арміі не мелі ў сваім распараджэнні ўжо ніякіх рэзерваў. Хто ж, як не генерал Галер сілаю свайго вялікага аўтарытэту мог затрымаць адступаўшыя аддзелы і рушыць іх для новага ўдару? Ці не так было пад Рашынам 1, ці не так пад Мацяёвіцамі 2?!
Баі, аднак, пайшлі іншым шляхам. Камандаванне лічыла, што будзе лепей, калі створыць групу з 10-й, 1-й літоўска-беларускай і 11-й дывізій і камандаванне над імі, а разам і над усім полем бою аддасць камандзіру рэзервовай дывізіі. Цяжка сёння крытыкаваць гэтае распараджэнне. Знаходзілася яно ў акрэсе правоў камандуючага фронту. Сітуацыя была крытычная і камандаванне магло выбіраць і прымяняць усе сродкі, якія вялі да мэты. Калі лічыла, што новасфармаваная група будзе змагацца паспяхова, то яго правам і абавязкам было стварыць такую групу.
(Працяг у наступным нумары.)
* Пераклад Станіслава Судніка паводле выдання 1930 года.
1 Рашынская бітва - бітва паміж войскамі Аўстрыйскай імперыі і войскам герцагства Варшаўскага пад камандаваннем Юзафа Панятоўскага 19 красавіка 1809 года. Бітва не была вырашальнай, але яе вынікі дазволілі аўстрыйцам заняць Варшаву. Эрцгерцаг накіроўваўся на Варшаву, калі Панятоўскі, якому была даручана абарона горада, выйшаў насустрач і пасля зацятай сутычкі ў лясах і балотах каля Рашына быў адкінуты, страціўшы к. 2 тыс. чал. забітымі і параненымі. Праз некалькі дзён ён здаўся аўстрыйцам, каб выратаваць Варшаву ад бамбардзіроўкі. (Рэд.)
2 Бітва пад Мацяёвіцамі - бітва рускага войска з аддзелам польскіх паўстанцаў падчас паўстання Касцюшкі 29 верасня (10 кастрычніка) 1794 года каля Мацяёвіц на правым беразе Віслы за 50 км на паўднёвы ўсход ад Варшавы. Вынікам бітвы былі ўцёкі польскіх аддзелаў і паланенне Касцюшкі расейцамі. (Рэд.)
Свята вёскі ў Бянейках
Амаль кожная вёска ў нашай краіне мае сваё асабістае свята - дзень вёскі. У адным з такіх месцаў нам і давялося пабываць. Свята вёскі адзначылі ў мінулую нядзелю ў Бянейках Дварышчанскага сельсавета.
На жаль, тут засталося толькі 12 падворкаў, у якіх жывуць 19 чалавек. Але гэта ніяк не перашкодзіла ім сустрэць свята з сапраўднай шчодрасцю і размахам.
На сваім падворку нас сустракала стараста вёскі Марыя Іосіфаўна Каркота, гаспадыня дома нумар 17.
Усе госці тут доўгачаканыя, таму Марыя Іосіфаўна ўпрыгожыла амаль кожны куток! Тут і духмяныя кветкі, і ручнікі. Тут жа вас пачастуюць хлебам-соллю!
А якія тут прысмакі - каб вы ведалі! І мяса з сапраўдным хатнім салам, і пірагі, і тарты! Толькі ўявіце, што ўсё гэта прыгатавана галоўным арганізатарам мерапрыемства Людмілай Станіславаўнай Філіпчык. А якое ж усё смачнае! Людміла Станіславаўна - сапраўдная гаспадыня.
На такіх святах абавязкова прысутнічаюць і старажылы. Без іх не было б вёскі! Менавіта найстарэйшыя жыхары, якія жывуць і працуюць тут усё сваё, на жаль, нялёгкае жыццё, адраджалі сяло ў цяжкі для яго час - час пасля вайны.
Найстарэйшымі ў Бянейках з'яўляюцца Уладзіслава Ксавер'еўна Лыскаўка, Бярнарда Іосіфаўна Мікша, Часлава Ксавер'еўна Віршыла. Колькі цёплых слоў было сказана ў іх адрас, колькі песень саспявана! Жывіце доўга-доўга, даражэнькія!
Не абышлі ўвагай і маладое пакаленне. Якія цудоўныя галасы ў гэтых маленькіх артыстаў - так бы слухаў і слухаў!
Хто кажа, што ў вёсцы сумна жывецца? Ды што вы! У Бянейках няма месца для суму! Тут і працуюць ладна і дружна, а калі прыходзіць час адпачываць, то і танцуюць усёй вёсачкай, і песні спяваюць так, што аж на сэрцы цяплей робіцца…
Ні на што жыхары вёскі не прамяняюць бацькоўскі куток, родныя хаты, у якіх нарадзіліся, ажаніліся або выйшлі замуж, нарадзілі дзяцей і дачакаліся ўнукаў (а многія, даў Бог, і праўнукаў). Не прамяняюць яны залатыя палі, чыстае блакітнае неба, гай з грыбамі і ягадамі ды буслоў, якія штогод ляцяць з цёплых краёў, ні на якія іншыя чужыя "красоты", бо лепшай за родную вёсачку мясціны няма ва ўсім свеце. Жывіце доўга, Бянейкі!
Аляксандра Скорб.