Папярэдняя старонка: 2022

№ 37 (37) 


Дадана: 13-09-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 37, 14 верасня 2022 г.

100-годдзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

100 гадоў з дня заснавання "алмаз ведаў" адзначыць 15 верасня 2022 года. 100-годдзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўнесена ў спіс памятных дат ЮНЕСКА. Рашэнне аб унясенні стагоддзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў спіс памятных дат было прынята на 41-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА.

Уваходжанне ў каляндар ЮНЕСКА пацвярджае значны ўклад бібліятэкі ў развіццё сусветнай культуры, папулярызацыю дзейнасці арганізацыі. Такое супрацоўніцтва спрыяе інтэграцыі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў сусветную бібліятэчную супольнасць і дазваляе ўзбагаціць дзейнасць па захаванні і выкарыстанні нацыянальнага культурнага здабытку.

Усяго ў каляндар мерапрыемстваў на 2022-2023 гады ўвайшлі 67 найбольш важных падзей з усяго свету.

110 гадоў з дня нараджэння Maкciма Taнка

Maкcім Taнк (caпpaўднae пpoзвiшчa - Яўгeн Iвaнaвiч Cкypкo) нapaдзiўcя 17 вepacня 1912 гoдa ў вёcцы Пiлькaўшчынa Biлeйcкaгa пaвeтa Mенcкaй гyбepнi (зapaз Mядзeльcкi paён Mенcкaй вoблacцi). Heўзaбaвe, кaлi ў 1914 г. пaчынaeццa Пepшaя cycвeтнaя вaйнa, бaцькi xлoпчыкa aпынyлicя ў Macквe. Tyт Жэня i pacпaчaў cвaю шкoльнyю нaвyкy. Aлe ў 1922 гoдзe, кaлi пaвoдлe Pыжcкaй дaмoвы 1921 гoдa 3axoдняя Бeлapycь i ў тым лiкy Пiлькaўшчынa aпынyлicя ў cклaдзe Пoльшчы, cям'я Cкypкo вяpнyлacя нa paдзiмy. Byчыццa тyт Жэню дaвялocя aжнo ў чaтыpox гiмнaзiяx, дзвe з якix былi бeлapycкiмi - Paдaшкoвiцкaя i Biлeнcкaя, a дзвe - Biлeйcкaя i Biлeнcкaя iмя A.C. Пyшкiнa - pycкiмi.

З 1929 гoдa бyдyчы пaэт знaxoдзiццa ў Biльнi, дзe з нeвялiкiмi пepaпынкaмi ён пpaжыў aмaль дзecяць гaдoў (з 1929 гoдa пa 1939 гoд). Актыўны ўдзельнік рэвалюцыйнай дзейнасці. Biжaвaннe, apышты, дoпыты, дaзнaннi cтaнoвяццa для ягo штoдзённaй явaй. У вiлeнcкaй тypмe "Лyкiшкi", дзe cядзeлi aмaль yce зaxoднeбeлapycкiя пicьмeннiкi, Maкciм Taнк з нeвялiкiмi пepaпынкaмi пpaвёў кaля двyx гaдoў. Tвopчaя дзeйнacць пaэтa ў знaчнaй cтyпeнi pэглaмeнтaвaлacя пapтыйнaй дыcцыплiнaй.

Kaлi ў 1941 гoдзe пaчaлacя Bялiкaя Aйчыннaя вaйнa, Maкciм Taнк aпынyўcя ў гopaдзe cвaйгo дзяцiнcтвa - Macквe. Ён пpaцaвaў y гaзeцe "Caвeцкaя Бeлapycь", a пoтым y гaзeцe "Paздaвiм фaшыcцкyю гaдзiнy".

Пacля вaйны Maкciм Taнк жыў y Mенcкy, зaймaўcя гpaмaдcкaй i твopчaй пpaцaй, шмaт пicaў. Зa твopчыя дacягнeннi быў yшaнaвaны шмaтлiкiмi дзяpжaўнымi ўзнaгapoдaмi. Герой Сацыялістычнай Працы. Лаўрэат Ленінскай і Сталінскай прэмі другой ступені. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы. Акадэмік АН БССР. Ягo твopы пepaклaдaлicя нa мoвы мнoгix нapoдaў cвeтy. Пaмёp y 1995 гoдзe.

Вікіпедыя.

Падарункі бібліятэцы - дары ўсяму народу

8 верасня ў НББ адкрылася выстава, прысвечаная 100-годдзю Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі "Біблія-компас. Навігатар па падарунках бібліятэкі".

На ёй прадстаўлены кнігі з аўтографамі вядомых беларускіх пісьменнікаў (успаміны, інтэрв'ю, эсэ Івана Шамякіна,"Дарогі вайны "Пімена Панчанкі, "Верасы на выжарынах" Івана Навуменкі,"Грошык і таемны кошык" Уладзіміра Ліпскага, мастацкія альбомы з працамі Ф. Ястраба, Г. Вашчанкі і іншых знакамітых мастакоў). На адной з кніг ёсць нават аўтограф сеньёры Паз Дамейка, праўнучкі славутага Ігната Дамейкі, якая наведвала бібліятэку ў 2018 годзе.

Дэманструюцца на выставе рэдкія каштоўныя выданні, шматлікія сувеніры з розных краін свету, узнагароды, уручаныя выданням Нацыянальнай бібліятэкі на Нацыянальным конкурсе мастацтва кнігі і ў якасці прэміі "За духоўнае адраджэнне".

Каштоўныя падарункі і ўзнагароды адлюстроўваюць шырокія грамадскія і міжнародныя сувязі Нацыянальнай бібліятэкі, значную навуковую дзейнасць гэтай найбуйнейшай культурнай установы. Тут прадстаўлены падарункі з Кітая, Мексікі, Ізраіля, Лаоса, з усходніх і заходніх краін.

На выставе прадстаўлены аўтарскія працы жывапісцаў, графікаў, дэкаратараў, якія ў свае часы былі перададзены ў дар Нацыянальнай бібліятэцы. Гэта пейзажы і мастацкія кампазіцыі Г. Драздова, Ф. Ястраба, В. Качана, А. Скавародкі і іншых творцаў.

Мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн, наведваючы выставу, высока ацаніла калекцыю жывапісу, якая захоўваецца ў бібліятэцы і ўпрыгожвае чытальныя залы.

- Кніга застаецца дарам, найлепшым скарбам, які перадаюць з рук у рукі, з пакалення ў пакаленне, сімвалічнай з'явай, - адзначыў Алесь Суша. - Ідэя арганізацыі падобнай выставы падарункаў існавала ў нас ужо даўно. З аднаго боку, можа здавацца нясціплым дэманстраваць падарункі, але яны адлюстроўваюць шырокі спектр міжнародных стасункаў бібліятэкі і кантактаў Беларусі, і перададзены ў дар усяму народу. У экспазіцыі шмат кніг і мастацкіх прац, звязаных з культурай. Апрача бібліятэчнага фонду ў нас створаны музейны фонд, і там пастаянна захоўваюцца мастацкія творы. Раней так шырока мы іх ніколі не дэманстравалі.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

Пісаў пра літаратуру і пра час

Беларускаму празаіку, публіцысту і літаратуразнаўцу Алесю Адамовічу 3 верасня споўнілася б 95 гадоў з дня нараджэння.

Родам пісьменнік быў з вёскі Канюхі Капыльскага раёна Менскай вобласці, дзе нарадзіўся ў сям'і службоўцаў. З 1928 года сям'я пражывала ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна. З 1942 года ён, вучань сярэдняй школы, сувязны, з 1943 года - баец партызанскага атрада імя Кірава Менскага злучэння. У 1944-1945 гадах - студэнт Ленінагорскага горна-металургічнага тэхнікума (Алтайскі край). У 1945-1950 гадах вучыўся на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Скончыў аспірантуру пры ўніверсітэце і працаваў там на кафедры беларускай літаратуры. Быў загадчыкам сектара літаратурных узаемасувязей Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. У 1962-1966 гадах вучыўся на Вышэйшых сцэнарных курсах у Маскве, а потым выкладаў беларускую літаратуру ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце. З 1966 года зноў працаваў у Інстытуце літаратуры. У 1982 годзе Алесь Адамовіч у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXXVII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. З 1987 года з'яўляўся дырэктарам навукова-даследчага Інстытута кінамастацтва ў Маскве, член-карэспандэнт АН БССР, доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 года і Саюза беларускіх пісьменнікаў. Як крытык і літаратуразнавец Алесь Адамовіч выступаў у друку з 1950 года. Пісаў на беларускай і расейскай мовах. Аўтар навуковых прац "Шлях да майстэрства: Станаўленне мастацкага стылю Кузьмы Чорнага" (1958), "Культура творчасці" (1959), "Беларускі раман" (1961), "Становленне жанра: Белорусский роман" (Масква, 1964), "Маштабнасць прозы" (1972), "Горизонты белорусской прозы" (Масква, 1974), "Здалёк і зблізку: Беларуская проза на літаратурнай планеце" (1976), "Кузьма Чорный: Уроки творчества" (Масква, 1977), "Лев Толстой и белорусская литература: Война и человек" (1978, даклад на VIII Міжнародны з'езд славістаў), "Літаратура, мы і час" (1979), "Браму скарбаў сваіх адчыняю…" (1980), "О современной военной прозе" (Масква, 1981), "Война и деревня в современной литературе" (1982), альбома "Сказ пра Івана Мележа" (1984), брашуры "Литература и проблемы века" (Масква, 1986), кніг літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі "Выбери - жизнь" (1986), "Ничего важнее" (Масква, 1985), "Додумывать до конца" (Масква, 1988), "Отвоевались!" (Масква, 1990) і г.д. Выйшлі з друку раман "Война под крышами" (1960), які разам з раманам "Сыновья уходят в бой" склалі дылогію "Партизаны" (1963, па сцэнарыю пісьменніка пастаўлена аднайменная кінадылогія, 1970), "Хатынская аповесць" (Масква, 1972; на беларускай мове ў 1976, інсцэніравана ў 1977), аповесці "Асия. Последний отпуск" (1975), "Каратели: Радость ножа, или Жизнеописание гипербореев" (1981), "Последняя пастораль" (часопіс "Новый мир", 1986). У 1985 г. на кінастудыі "Мосфильм" пастаўлены двухсерыйны мастацкі фільм "Иди и смотри" (сцэнарый Алеся Адамовіча і Элема Клімава, апублікаваны ў 1986 годзе, у аснову якога пакладзены "Хатынская аповесць" і "Каратели…"). Фільм заняў першае месца на Сусветным кінафестывалі ў Маскве (1985), узнагароджаны залатым прызам. Лаўрэат прэміі Міністэрства абароны СССР (1974) і Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа (1976) - за "Хатынскую аповесць".

Аксана Шпак.

ТВОРЦЫ КНІЖНАГА СЛОВА

Штогод у першую нядзелю верасня ў Беларусі ладзіцца Дзень беларускага пісьменства - урачыстасць у гонар знакамітых асветнікаў, дзяржаўных і рэлігійных дзеячаў, якія заклалі падмурак беларускай адукацыі і пісьменства. Супрацоўнікі філіяла "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" ладзяць разнастайныя мерапрыемствы, прысвечаныя развіццю беларускага пісьменства і друку, знаёмяць з творамі класікаў і сучасных беларускіх аўтараў, творамі пісьменнікаў-землякоў, з навуковымі, энцыклапедычнымі, даведкавымі і мастацкімі выданнямі па гісторыі і культуры Беларусі.

Так, да ўвагі чытачоў быў арганізаваны адкрыты прагляд літаратуры "Словы пісьменнікаў - скарб народа", прысвечаны песнярам беларускай зямлі - Янку Купалу і Якубу Коласу.

Бібліятэчны ўрок "Беларускае пісьменства: ад Скарыны да сучаснасці" быў падрыхтаваны для вучняў 4-х класаў ДУА "СШ № 1 г. Ліды". Дзеці даведаліся пра багатую гістарычную спадчыну нашай краіны. Іх пазнаёмілі з імёнамі людзей, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё беларускага слова, друку і пісьменства. Францішак Скарына і Мікола Гусоўскі, Еўфрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі, Сімяён Полацкі і Сымон Будны, Янка Купала і Якуб Колас і многія іншыя выдатныя асобы… У канцы мерапрыемства школьнікам пажадалі імкнуцца жыць так, каб імі таксама ганарылася краіна.

Незвычайны літаратурны рэбус "Творцы кніжнага слова" наведалі навучэнцы 6-га класа ДУА "Першамайская сярэдняя школа", з дапамогай якога ўспомнілі родную мову, імёны і творы пісьменнікаў, якія пакінулі пасля сябе літаратурную спадчыну, даведаліся аб першых асветніках Беларусі і праглядзелі відэаролік пра развіццё беларускага пісьменства і друку.

Загадчык філіяла "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" Алена Сокал.

Дзень пісьменства на Лідчыне

Напярэдадні Свята беларускага пісьменства супрацоўнікі філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 1" запрасілі да сябе навучэнцаў ДУА "СШ № 1 г. Ліда".

Спачатку вучні сталі ўдзельнікамі слайд-вандроўкі "Ад вузельчыка да алфавіта: гісторыя пісьменства на Беларусі", падчас якой яны даведаліся, што дадзенае свята аб'ядноўвае тых, хто з вялікай павагай ставіцца да роднага слова, духоўных здабыткаў нашага народа, нацыянальнай культуры, асветы і літаратуры.

Другая частка мерапрыемства пад назвай "Галасы з даўніх вякоў…" дала магчымасць школьнікам атрымаць звесткі пра выдатных асветнікаў Беларусі: Францішка Скарыну, Сымона Буднага, Кірыла Тураўскага, Сімяёна Полацкага, даведацца пра жыццё і дзейнасць прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

І, нарэшце, трэцяя частка - гэта сустрэча з паэтам Канстанцінам Іосіфавічам Якубчыкам, які нарадзіўся, жыве і працуе ў нашым родным горадзе Ліда. Канстацін Іосіфавіч з вялікім задавальненнем піша вершы для дзяцей, шмат якіх надрукавана ў дзіцячым часопісе "Вясёлка". На сустрэчы паэт чытаў свае вершы, адказваў на пытанні прысутных, а таксама падзяліўся сваёй задумкай - некаторыя свае вершы пакласці на музыку. На заканчэнне прысутныя пажадалі Якубчыку Канстанціну Іосіфавічу творчых поспехаў.

Дар'я Марцінкевіч.

ПРАДЧУВАННЕ ВОСЕНІ

Зміцер Захарэвіч

РАНІЦА ПАСЛЯ НАВАЛЬНІЦЫ

Ціхамірная,

Світанкавая,

Росная…

У лагу туман здарожаны прыснуў.

Ні вятрыскі ўсцяж,

Ні паўдрабінкі цёхкання,

Аблачынку вяз самотны прыгарнуў.


Адшалела навальніца,

Адсваволіла.

Не зважаючы, што пра яе вярзлі,

Шчодра смагу

спапяляльную спатоліла,

Напаіўшы

Грудзі ссохлыя зямлі.


Да пары было

Зіхценне зораў засціла

Крэпам цемрадзі

У шнарах бліскавіц

І сцябала сквар пражэрлівы

З нянавісцю

Бізунамі неба ўспененых крыніц,


Што струменямі

Звінелі жыватворнымі,

Ды спачылі,

Блаславіўшы на ўраджай.

Гэтаксама немым ранкам

Да спакою мкні,

Адгарэзіўшы ўначы,

Мая душа.

У МЁРТВЫ ШТЫЛЬ

І вятры сыходзяць на спачынак -

Склаўшы крылы на вяршынях скал,

Пазіраюць соннымі вачыма

На застылы ў цішы мой карсар.


Ён са шторму выйшаў толькі ўчора,

Адылі яму не да душы,

Калі ўсцяж апанаваў прастору

Неабсяжнай сінню мёртвы штыль.


Засталіся ва ўзбярэжных водах

Мітуслівых чаек галасы.

Пустата. Ці ж гэткае свабоды

Я шукаў, падняўшы парусы?


Не для форсу апрануў матроску -

Да нязнаных вырушыў зямель,

А цяпер праз прыхамаці лёсу

Нібы з ходу наляцеў на мель.

Дзень пры дні ў ром дадаю надзею,

Што вятры згадаюць пра азарт,

Каб між хвалямі

знік штыль без следу

І вярнуўся ў штормы мой карсар.

АМБРОЗІЯ ЗОЛКУ

Цішыня свет навакольны прымарозіла,

Шэрань легла павуціннем на палі,

А над імі

Арабінавай амброзіяй*

Золак шчодра

Неба напаіў.


Неба НАШАЕ -

Над прошчамі і пушчамі,

Нескаронае дасюль нікім здавён,

Пракаветнае,

Святое,

Непарушнае,

Непрыступны

Духу бастыён.


Да краёў яно

Кожнага ранку поўнае

У спякоту,

У мароз -

Любой парой -

І пакутнікаў, і ваяроў

Зняпомненых,

Ды ўзышоўшых на яго,

Крывёй.


Разам з продкамі

У непарыўнай злучнасьці

Да пляча плячо стаім,

Нібы ў шыхце,

Бо і ў нашых жылах

Праўдай неўміручасці

Арабінавы настой цячэ.


Сувязныя

Між мінуўшчынай і прыйшласцю

Мы,

Цяперашнія,

Ведаем адно -

Тым хутчэй

Світанак збаўны цемру высляпіць,

Чым чарнейшая пануе ноч!

*Амброзія (грэцк. міф.) - напой (нектар) антычных багоў, які надаваў ім маладосць і неўміручасць.

ВАСІЛЬКОВЫ ВЯНОК

Заўтра новы світанак

уздыме пунсовую голаў

І ў гадзінніку стрэлкі

завіруюць, бы часу на злом,

А ў далонях маіх

уначы ўзгадаванае слова

Пачне біцца сініцай

і ў неба ўзляціць жураўлём.


Дык шчаслівай дарогі

да нам недасяжных дзівосаў,

Да якіх у лятунках

апантаны я сам стырнаваў,

Дзе залевамі знічак

прадказваюць блізкую восень

Ды аблокаў муку

насыпае правечны млынар.


Там сустрэнеш сваіх

у гасціннай блакітнай гасподзе

І па шчырым вітанні,

пэўны, будзеш улучаны ў клін.

Перадай, калі ўспомніш

за клопатамі, пры нагодзе

Васільковы вянок ім

з бяскрылых абшараў зямлі.

АПОШНІ ВЕРШ

"…Ma Main

Dans la nuit trace

avec peine ces lignes.

Adieu, mon cаur…"

(Guillaume Apollinaire Poеmes

а Lou, 1914-15.) 1


Пракураны бліндаж,

святляк газніцы,

Смерць цемрай з-за пляча

Нядрэмныя ўтаропіла вачніцы

На ліст, які пачаў


Насуперак ёй, і канчар-аловак

Радкоў выводзіць вязь,

Хоць цягам месяца ўжо ні паўслова

Ад збегу літар - "Вас".


У чым маўчання

прыкрага прычына?

Аднак, што ні пішы,

Важней на фронце

спраўнасць карабіна

За румзанні душы.


Няхай кладуцца на паперу гладка

Прачулых строф карэ -

Не ўспомніш

пра няўдзячнасць адрасаткі

У згубны артабстрэл,


Калі зямля ад выбухаў здрыгнецца

І "цёпленькі" яшчэ

Стальным аскепкам

звольненая з сэрца

Кроў верш твой паглыне.

ПРАДЧУВАННЕ ВОСЕНІ

Лета будзе наўздзіў доўгім.

А калі сады напоўніць

Іржой жухлая лістота,

Ці ўзгадае пра яго хто?

І караблік папяровы,

Змайстраваны з чулых словаў

Незакончанага верша,

На асфальце рэйс завершыць.

Перазвон начных трамваяў,

Што да парку ад'язджаюць,

Замест спеваў зніклых птушак

Застануся моўчкі слухаць.


Мяккі фільтар цыгарэты,

Звыкла вуснамі сугрэты,

Клапатліва нагадае,

Як даўно мяне чакаюць

Не, не сто гадоў самоты,

Праз адчай добраахвотных,

А яны, што стала пішуць

Нават у рэжыме цішы, -

Панна Чорная і Лыбідзь,

Але ў шкло пачнуць дажджы біць

І прастуджанае сэрца

Не адкажа ў тэмпе скерца.


Хай пакуль не веру ў восень,

Тое, знаю, хутка пройдзе.

МЯДЗЯК

Сышоўшы з бальшака жыцця,

Сачу маўкліва плынь падзеяў,

І аркуш на стале бялее,

Старонні, нібы зняты сцяг.


Унік паўпраўдаў мітульгі,

Што ў спрэчках,

як Сусвет бясконцых,

Бязлітасна, страшней за стронцый

Атручвала душу й мазгі.

Аглух для ўзрушвальных прамоў, -

Хоць сам гарохам сыпаў словы, -

Бо ад гаворачых галоваў

З вушэй напорна хвошча кроў.


Свядомасць мучыцца радком -

Было ў пачатку Слова Богам…

Але цяпер сакральны Логас

Звініць разменным медзяком.


У твань з размаху той мядзяк!

Не меў багацця - не збяднею.

Хай аркуш на стале бялее,

Нібыта беззаганны сцяг.

ГОСЦЯ ВОСЕНЬ

У нязнанай краіне

блукае самотная Восень,

Там залевы плюскочуць

не часцей, чым кожны дзень,

Хмары ў небе маркоцяцца

праз тое, што не адбылося,

А туман на палях

штораніцу кужаль прадзе.


Там пажухлае лісце -

напамін пра адгаслую спёку -

Вецер носіць бязмэтна

па натамлёнай зямлі,

Выдзьмуваючы з посвістам

з прасторы надстрэшнае клёкат,

Які рэхам жыцця

пакінулі ўлетку буслы.


У паветры лунае

несціханы матыў развітання

Вачмі той, незабыўнай,

поўня блішчыць у акне,

На сярэбраных струнах,

нібы любаму ў часе спаткання,

Сваім мяккім святлом

цалуючы пальцы мае.


Насланнё альбо одум

апавілі відзежаю голаў? -

Глядзіць жнівень няўцямна

з пялёсткаў календара.

Толькі Восень, пачуўшы

настальгічныя гукі акордаў,

Падзяліцца самотай

сціпла на каву зайшла.


1 "…Мая рука

Уначы выводзіць гэтыя радкі.

Бывай, мая дарагая…"

(Гіём Апалінер, з франтавога цыклу "Вершы да Лу", 1914-15 гг.)

Свята беларускай паэзіі сёлета ў Зачэпічах не адбудзецца

Штогод на працягу 5 гадоў у вёсцы Зачэпічы на Дзятлаўшчыне праходзіла Гарадзенскае абласное свята беларускай паэзіі. Сёлета свята не адбудзецца, маўляў, з-за вялікай колькасці розных мерапрыемстваў, свята паэзіі ў Зачэпічах няма куды ўпіхнуць. Такі адказ атрымалі арганізатары ў Дзятлаўскім райвыканкаме.

Шостага свята паэзіі ў Зачэпічах, на радзіме трох заходнебеларускіх паэтаў не адбылося, але гэта не значыць, што свята знікла, памерла і больш не будзе адбывацца. Свята беларускай паэзіі ў Зачэпічах будзе жыць заўсёды і беларускае слова па-ранейшаму загучыць на Дзятлаўшчыне.

Наш кар.

Лідская літаратурная прэмія імя Валянціна Таўлая "За лепшы патрыятычны твор" сёлета ўручана не будзе

Плануецца, што першае ўручэнне прэміі адбудзецца ў рамках мерапрыемстваў да

700-годдзя горада Ліды.

Усе аспекты, звязаныя з прэміяй, будуць канкрэтызаваны пасля зацверджання плана Лідскага раёна на 2023 год.

Паштовы канверт, прысвечаны Янку Купалу і Якубу Коласу

РУП "Белпошта" выпусціла паштовы канверт з маркай, прысвечаны народным пісьменнікам Беларусі Янку Купалу і Якубу Коласу. Канверт выйшаў з друку ў паштовай серыі "Вядомыя асобы Беларусі". На канверце адлюстраваны партрэты песняроў, іх кнігі і аўтографы вершаў. Першае гашэнне канверта адбылося сёлета на галоўпаштамце ў Менску 7 ліпеня. Другое гашэнне адбудзецца ў Менску 3 лістапада. Выхад канверта прымеркаваны да 140-годдзя з дня нараджэння Я. Купалы і Я. Коласа.

Наш кар.

Улады Германіі выдзеляць €65 млрд на барацьбу з інфляцыяй

Навіны Германіі

У рамках мер нямецкія ўлады плануюць захаваць палёгкі на грамадскі транспарт, падтрымаць 9 тыс. энергаёмістых кампаній і зрабіць аднаразавыя выплаты студэнтам і пенсіянерам

Германія можа выдзеліць да €65 млрд у рамках трэцяга пакета эканамічных мер, які павінен абараніць спажыўцоў і бізнэс ад уздзеяння інфляцыі, якая імкліва расце. Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміў нямецкі канцлер Олаф Шольц, перадае Reuters.

Па яго словах, гэтыя меры, якія складаюцца з прапановы пра падаўжэнне палёгак на карыстанне грамадскім транспартам і €1,5 млрд і падатковых палёгак для 9 тыс. энергаёмістых кампаній, былі ўзгоднены кіравальнай кааліцыяй у нядзелю.

- На дадзены момант гэта самы вялікі з трох пакетаў, - заявіў канцлер.

Як удакладняе Spiegel, у рамках пакета таксама будзе зроблена аднаразавая выплата студэнтам у памеры €200 і пенсіянерам у памеры €300. Каб дакумент быў узгоднены, яго павінны ўхваліць ва ўсіх федэральных землях, указвае газета.

Фота: Filip Singer / Getty Images.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

У Беларусі, Канадзе, Мексіцы і Вялікабрытаніі: Грыдзін, Мялюк, Пуцькоў, Халезін, Шастак

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36)

ГРЫДЗІН Андрэй - індзеяніст, трэнер, які падрыхтаваў чэмпіёнаў свету і іншых выдатных спартсменаў - прадстаўнікоў тайскага боксу. Нарадзіўся ў 1962 г. у Ілімскім раёне Іркуцкай вобласці.

Яго клуб тайскага боксу "Чынук" аформіў запрашэнне для прыезду індзейца ў Беларусь. Першым у гісторыі, спецыяльна запрошаным для "сольнага" выступлення перад беларускай аўдыторыяй, стаў Уільям Язі (Yazzie), навахскі флейтыст і апавядальнік з Чынлі (Арызона), - выбар традыцыяналіста ажыццявіў Гордан Браніцкі (Bronitsky), які суправаджаў яго ў Менск. Вялікі ўдзел у арганізацыі візіту прынялі індзеяніст А. Жылінскі і журналіст С. Шапран. Спонсарамі выступілі Інфармацыйная служба Пасольства ЗША, Беларускі фонд Сораса, кампанія "Kіko Іnternatіonal" і фірма Браніцкага. Быў распрацаваны план сустрэч і выступленняў для індзейскага госця і яго агента. Да іх прыезду быў прымеркаваны І Міжнародны фестываль Іndіan Spіrіt. Галоўная імпрэза адбылася 15-16.10.1996 г. у Доме дружбы з замежнымі краінамі і ўключала танцавальна-музычныя нумары расійска-беларускай групы індзеяністаў, мелодыі на флейце, песні і аповяды У. Язі, а таксама, апошняй часткай, выступленне санкт-пецярбургскай кантры-групы "Sun Rіse". У зале было заўважана нямала вядомых дзеячаў культуры Беларусі (С. Алексіевіч, мастак Г. Паплаўскі, бібліятэкар і паэтка Л. Сільнова). Акрамя іншага, адбыўся запіс інтэрв'ю з Язі музычнага аглядальніка А. Хатэнкі.

Па свежых слядах пра падзею напісалі ў многіх газетах: Индейский дух в славянской культуре // Белорусская газета. 1996. 14 окт.; Козлова А. Белые люди с индейской душой / фото В. Стрелковского // Рэспубліка. 1996. 7 дек.; Кравченко А. По следам Фенимора Купера // 7 дней. 1996. 12 окт. С. 16.; Краснокожие - в Минске! / фото С. Грица // Народная газета. 1996. 16 окт.; Малиновский С. Индейцы тряхнули перьями / Дают краснокожие!.. // Свободные новости плюс. 1996. 18-25 окт.; Малиновский С. Фонд Сороса, индейцы, мы // Свободные новости плюс. 1996. 11-18 окт.; Сімакоў А. Мост з Навахалэнда // Голас Радзімы. 1996. 21 лістап. С. 8; Скорнякова М. Герои Купера "ожили" в Минске / фото В. Шлапака // Знамя юности. 1996. 17 окт.; Славяно-индейский фестиваль // Ва-Банкъ. 1996. 15 окт.; Шапран С. Индейцы в Минске // Имя. 1996. 25 окт. С. 20; Шкляр Н. Индейцы среди нас // Белорусский рынок. 1996. 21-27 окт. С. 31 ("БР" да гэтага практычна не асвятляў падобны дыяпазон падзей!); Шлапак У. "Хаў!" / фота аўтара // Наша ніва. 1996. 21 кастр. С. 9. Ганаровая згадка "індзейскага майстар-класа" ў Менску зроблена ў флагмане мастацтвазнаўства: Хроніка мастацкага жыцця / Мастацтва. 1996. № 12. С. 77-78.

Кватэру на праспекце Скарыны, дзе спыняліся Уільям і Гордан, наведаў і Андрэй Грыдзін, і хімік цвёрдага цела Генадзь Браніцкі (Браницкий), які ў свой, ужо далёкі час, стажыраваўся ў Арызоне.

МЯЛЮК Мікалай - выкладаў французскую мову ў МДЛУ; былі заўважаны яго пераклады, блізкія індзеяністам, для "беларускага выдання" "Монд дыпламатык"; пераехаў у Манрэаль. Пераклаў на французскую дзве часткі з праекта "Пра школу" (гл. арт. "Грынкевіч", "Русель" у БСІ). Наш абмен з ім адбыўся менавіта на гэтай глебе, а "школьны каментарый" па Канадзе стаў проста пабочным прадуктам: прыйшла інфармацыя, што Мялюк вучыць інуітаў, якая падалася нам жартам. На гэта ён адказаў нам, што гэта "амаль не жарт":

"На самой справе, я выкладаю не інуітам, а звычайным імігрантам. Ехаць у Нунавік (квебекская інуіцкая тэрыторыя), ці да індзейцаўкры быў мой першы план, але, калі мне прапанавалі выкладаць усе прадметы, я адмовіўся. Можа калі паспею вярнуцца да гэтай ідэі :) Зараз з індзейцамі-кры зрэдку ў кантакце толькі ў якасці педагагічнага дарадчыка міністэрства іміграцыі, калі шукаю выкладчыкаў французскай для імігрантаў, што селяцца на поўначы" (6.01.2015). Ён дадаў: "Хацелася бы больш падрабязна даведацца пра беларуска-індзейскі праект".

Дзве рэальныя настаўніцкія "школьныя гісторыі з індзейцамі" Канады - Э. Маккарвіл і А. Я. Кандрацюк. Таксама рамантыку працы сярод індзейцаў у "аддаленых" раёнах Канады прадставіць у нашай серыі місіянер-аблат а. Веслаў Назарук з Кодані на польска-беларускай мяжы.

ПУЦЬКОЎ Віктар - старшыня Гомельскага аблспортсавета, які ў складзе групы савецкіх турыстаў выязджаў у Мексіку ў час ХІХ Алімпійскіх гульняў (1968; з Беларусі ў групе яшчэ менскія спартыўныя функцыянеры В. Лівенцаў і Я. Анкуда (памёр у 2022 г.), а таксама спартыўны журналіст Я. Новікаў), расказаў у "Гомельскай праўдзе" ("Экзотыка і кантрасты" - 9, 11,15.01.1969 - уключаныя таксама ўражанні з Кубы і Алжыра) пра наведванне Нацыянальнага музея антрапалогіі ("ацтэкскі каляндар", "многа ўнікальных індзейскіх прылад, мастацкіх вырабаў, розных рэчаў"), "царквы святой Гвадалупы" ( "У царкве захоўваецца, па паданні, плашч святой Гвадалупы, зроблены з негніючых раслін магейі. Наш гід растлумачыў, што гэтаму вельмі тонка вытканаму плашчу, як і царкве, 400 гадоў. Гвадалупа Гвадалупай, а "святыя айцы" тым часам бойка гандлявалі царкоўнымі забаўкамі, на кожнай з якіх для рэкламы стаяла алімпійская эмблема") і індзейскіх пірамід ( "Яшчэ да паездкі мы многа чулі аб гэтых пірамідах. Але тое, што мы ўбачылі, уразіла нас сваёй веліччу" - і пасля кароткага апісання са статыстычнымі данымі: "Вярталіся мы з пірамід пад глыбокім уражаннем убачанага. Працавіты і таленавіты індзейскі народ праз многія стагоддзі данёс да нас свае звычаі і мастацтва"). Такім чынам, прадстаўнік спартыўнай Гомельшчыны ўшанаваў працу ацтэкаў, майя і тальтэкаў, якіх згадвае, і пакрытыкаваў каталіцкі клір за лёгкі заробак гандлем.

В. П. Пуцькоў, які памёр 13.08.2021 г., сам быў спартсменам, прычым у "часткова" "індзейскім" відзе спорту - веславанне на байдарках і каноэ, быў заслужаным трэнерам, ганаровым членам НАК і ганаровым старшынём аб'яднання "Ветэраны фізічнай культуры і спорту".

ХАЛЕЗІН Мікалай - адзін з заснавальнікаў і кіраўнік андэграўнднага праекту "Свабодны тэатр". З трупай, хаця і невялікай - і не ў Беларусі, а ў Лондане, - працаваў у адной паcтаноўцы з канадскім індзейцам. Гэта быў "Чырвоны лес" (Red Forest), прэм'ера якога адбылася 12.06.2014 г. пры поўнай зале на сцэне тэатра Young Vic - партнёра ў пастаноўцы. Яе замовілі London International Festival of Theatre (LIFT) і Мельбурнскі тэатральны фестываль. У інтэрнэце мала рэзанансу на гэты спектакль, але ён заслугоўвае ўвагі як адзін з першых прыкладаў супрацоўніцтва грамадзян Беларусі і індзейцаў у галіне тэатральнага мастацтва (прадстаўніца дыяспары, канадская балерына Н. Буцька (1924-1999), выступіла ў ролі індыянкі ў першыя пасляваенныя гады).

Спектакль раскрывае гуманістычную ідэалогію, якая супрацьстаіць нізкаму індэксу эмпатыі і цынічнаму абыходжанню з паняццем "справядлівасць", выкарыстоўваючы і матыў барацьбы карэнных народаў за культурнае выжыванне. Як вядома, у Лондане - штаб-кватэра арганізацыі Survival International / for Tribal Peoples, у многіх кампаніях якой удзельнічалі нашы індзеяністы, распаўсюджваючы звесткі пра вострыя сітуацыі з індзейцамі і іншымі карэннымі народамі свету ў тым ліку ў жывых зносінах з жыхарамі Беларусі (збор подпісаў пад петыцыямі "Выжывання", перакладзенымі намі з англійскай мовы). Сцвярджаецца, што стваральнікі спектакля вывучалі сітуацыю з прыродай і плямёнамі ў многіх пунктах планеты, уключаючы вынікі дзейнасці нафтапрамы-слоўцаў у Бразіліі.

Упісваючы Беларусь у "сусветны кантэкст" з дапамогай і індзейцаў, Халезін з калегамі спалучаюць беларускую і індзейскую музыку, праводзяць паралель своеасаблівай беларуска-індзейскай "manifest destiny" - "зубр-бізон" (белыя дакоцкі бізонік і белавежскае зубраня нараджаюцца ў адзін і той жа час; паводле лакоцкага веравання, гэты колер у "сакральнай" жывёліны - надзвычай добры знак).

Пачынае - якраз згаданай прыгоджай легендай - і заканчвае спектакль "Апавядаль-нік", якога іграе Джэрэмі Пру (Jeremy Proulx http://www.ipaa.ca/membership/artists/eastern/jeremy-proulx) - гэта акцёр, тан-цор, пісьменнік і кінематаграфіст паходжання з анішнаабег (Anishnaabeg; аджыбвэ) and анейда (Oneida) з Неяаашыінігаміінг, "першая нацыя" "чыпева Наваш" (Neyaashiinigamiing (Chippewas of Nawash) у Антарыа.

ШАСТАК Уладзімір - з гэтым супрацоўнікам Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі мы пазнаёміліся на I Заслаўскіх чытаннях (1989). Высветлілася, што ён адказвае за работу са студэнтамі з замежных краін, у прыватнасці лацінаамерыканскіх. Мы атрымалі ад яго 7 лістоў (і толькі апошні быў з датай - 23.08.1993; ніжэй цытаты даем з датамі па штэмпелі (пераклад з рускай)).

22.06.1989 (у выніку з некаторай паўзай выканаў абяцанне даць звесткі пра студэнтаў з Лацінскай Амерыкі і звязаць з імі): "у БСГА ёсць студэнты з наступных краін: Балівія - 18 чал., Калумбія - 4 чал., Коста-Рыка - 1 чал., Нікарагуа - 10 ч., Эквадор - 2 ч.

Мову кечуа ведае адна дзяўчына, па-мойму, добра (дома гаворыць на ёй), клічуць Бланка, і адна дзяўчына ведае аймара (наколькі добра - не ведаю, з ёй самой не гаварыў). Наконт перакласці вершы, сказала, што не ведае, ніколі не пісала".

Гаворка ішла пра пераклад на індзейскія мовы верша "А хто там ідзе?" Я. Купалы - ідэя, якая нямала абдумвалася, але не рэалізавалася, хаця тэкст верша на англійскай мове з прапановай перакласці на апачаўскую, атрымаў, напрыклад, супрацоўнік рэдакцыі газеты "Форт-Апачы скаўт" чыстакроўны апач Альберт Кромвель (у дадатку да аднаго з 7 лістоў, адпраўленых яму паміж жніўнем 1989 і лютым 1991 г.)

29.09.1989: "Ліст перадаў, праўда не Бланцы, а Беатрыс (яна аймара ведае). А Бланка вучыцца на 4-м курсе, але яе не было дома.

Наконт адрасу іх, я думаю, яны самі напішуць, калі ты ім даў (думаю, ты не пярэчыў бы)".

12.12.1989: "Чаму не адказала Бланка - не ведаю. Я быў упэўнены, што адказала (бо пытаўся ў сябровак яе, як там справы з лістом, і я зразумеў так, што яны адпісалі), але зараз яшчэ раз спытаю".

19.01.1990: "Пакуль удалося высветліць толькі наконт Бланкі. Як успомніла яе сяброўка, што той твой ліст яны чыталі, але адрасаваны быў як бы ўсяму зямляцтву і павінна быццам бы Беатрыс адказаць, але ў яе там свае праблемы былі (цяпер яна ў Балівію нараджаць паехала, наколькі я зразумеў), таму магчыма, што забылася. Дзе той ліст, яны не ведаюць. Таму сказалі, што зараз Бланка тут, дык напішы ёй яшчэ раз.

Яе адрас […]… Бланка Васкес".


Хаця "раман у лістах" з балівійскімі індыянкамі ў нас не пачаўся, гэта не выключае, што знойдзецца другі Аляксандр Тышынскі, які выкарыстае ідэю апісаць Беларусь і яе міжнародныя сувязі ў прыдуманых лістах балівійскіх індыянак.

Мы пісалі ім:

"21 верасня 1989 г.

Гомель

Дарагая Бланка!

Наш сябар гаварыў з Вамі, зараз мы просім яго перадаць гэты кароткі ліст.

У нас была магчымасць напісаць раней, бо мы чулі пра Вас ад аднаго нікарагуанскага студэнта, які прыязджаў у Гомель з Горак, але мы не адважваліся...

Падтрымліваць адносіны з індзейцамі ці асобамі індзейскага паходжання ў Беларусі, а таксама тымі, хто цесна сутыкаецца з імі на радзіме, - справа прынцыповай важнасці для нас. І гонар.

Скажам коратка: мы лічым вас сваімі братамі і сёстрамі, таму непакоімся, ці ўсё ў вас добра.

Большасць з нас, членаў Беларуска-індзейскага таварыства, выхаваны так, што мы паважаем простых людзей, сялян лацінаамерыканскіх вёсак, індзейцаў паўночнаамерыканскіх рэзервацый.

Павер, Бланка, часам мне здаецца, што я адчуваю, што адбываецца ў індзейскай душы і тады становіцца так цёпла, хоць і горка... амаль да слёз. І спачуванне, і пачуццё роднасці.

Так хацелася б, каб наш народ, беларусы, і індзейскія народы сябравалі, ішлі насустрач адно аднаму.

Калі ласка, калі Вы можаце, напішыце нам, раскажыце аб сабе, аб Радзіме, аб Вашым жыцці ў Беларусі, аб праблемах - не саромейцеся, бо мы не чужыя Вам.

Мы вельмі чакаем.

Усяго, усяго вам самага лепшага.

Алесь Сімакоў,

Беларуска-індзейскае таварыства"

Ці сорамна за "слёзы"? Не. Мы лірычна прывязаны да індзейцаў, многія пажыццёва, мы любім іх бескарысліва, не чакаючы і "ўзнагароды" за слёзы. Калі яны не адказваюць - нас гэта не крыўдзіць, у адрозненне ад некаторых выпадкаў з "бледнатварымі". Мы шчыра жадаем, каб яны былі ідэальнымі сябрамі, добрымі людзьмі і, калі трэба, воінамі - вытрывалымі, стойкімі і - пажадана - такімі высакароднымі, якімі іх паказвалі пісьменнікі-рамантыкі.

Пра шлюб беларускай дзяўчыны і індзейца кечуа, сведкамі якога сталі яе аднавяскоўцы, - будзе ў нашай серыі БСІ.

Лагічна, што горацкі педагог далучыўся да БІТ; тады ён "дапамагчы індзейцам" прапаноўваў праз Славянскі Сабор, пазней жа ўступіў у партыю "Справядлівы свет" і быў кандыдатам ад яе ў члены парламента ў 2016 і 2019 гг.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Вайна ў 1920 годзе*

Успаміны і разважанні

Генерал Люцыян Жалігоўскі

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Трэба толькі было ўзяць пад увагу, што ў гэтым выпадку мусіць наступіць затрымка ў аперацыях. Бо тады, калі камандуючыя фронту і арміі былі дакладна зарыентаваныя ў сітуацыі, паколькі самі доўгі час арганізоўвалі абарону перадмесця і мелі не толькі змантаваны апарат камандавання, але і ўсе матэрыяльныя і тэхнічныя сродкі, то ў значна горшых умовах знайходзіўся генерал, якому аддавалі камандаванне.

Камандаваў ён дывізіяй, якая толькі ўчора скончыла 600-кіламятровы адход ад Дзвіны і стаяла як рэзерв камандуючага фронту на незнаёмай для яе мясцовасці. Са сродкаў сувязі і перамяшчэння меў гэты камандзір адзін дабіты аўтамабіль і некалькі вершнікаў, а апарат камандавання складалі начальнік штаба з парай афіцэраў, якія на змену дзяжурылі пры тэлефоне. Дадаючы да гэтай дывізіі яшчэ дзве, якія вялі баі ў адступленні, мусілі лічыцца з тым, што наступіць пэўная затрымка і што новы камандзір, беручы на сябе такую вялікую адказнасць, захоча вывучыць сітуацыю на месцы, а, можа, і прыменіць іншую канцэпцыю бітвы.

Так і сталася. Наступіла перагрупоўка 10-й дывізіі, а таксама заканчэнне адводу 1-й літоўска-беларускай.

Уся акцыя мела распачацца на світанні.


Калі цяжка вытлумачыць стварэнне аператыўнай групы ў такой выключнай сітуацыі, то яшчэ значна цяжэй вытлумачыць загад, пра які я гавару. Пару хвілін тэлефоннай размовы выстарчыла б, каб развеяць сумненні камандуючага фронту. На той малой прасторы паміж Яблоннай, Пустэльнікам і Непарэнтамі лёгка можна было адшукаць камандзіра групы, які патлумачыў бы, якая сітуацыя, што робіцца для атрымання перамогі і якія ёсць на гэта надзеі. Непатрэбны быў бы ў той час загад, такі несправядлівы і крыўдны для людзей, якія рыхтавалі перамогу, а таксама загад новай атакі на Радзымін, якую не належала праводзіць.

Мы ўсе вельмі шануем генерала Ю. Галера як добрага жаўнера і гарачага патрыёта, дзівімся, аднак, як нерэальна генерал ацэньваў нашую сітуацыю.

Узнікае пытанне, што б сталася ў выніку нашага пройгрышу, які быў так блізка, і ў выпадку адступлення абедзвюх армій 5-й і 1-й за Віслу, што было б таго пройгрышу безумоўным вынікам? Хто панёс бы адказнасць за тую паразу? Рэч простая гэты загад указваў на марудаў з-пад Радзыміна, якіх "баявая спраўнасць" і пунктуальнасць у выкананні загадаў аказаліся проста "іроніяй".

Бо ці некрытычная маса здавала сабе справу, што гэта не хвілю назад створаная група і яе камандаванне былі вінаваты ў заганнай фартыфікацыі Варшавы, нерацыянальным згрупаванні войскаў і памылковым тактычным трактаванні Радзыміна, не гаворачы ўжо пра ўсё згрупаванне паўночнага фронту з яго адсутнасцю рэзерваў. Усё гэта - рэчы, якія дойдуць толькі да свядомасці людзей, якія ведаюць тэхніку вайны. Вінаватых шукалі б эмацыянальна. Бессумніўна ўказваў на іх загад. Была гэта група генерала Жалігоўскага, якая спазнілася і амаль не прывяла да паразы ўсёй Польшчы.

На шчасце мы перамаглі.

* * *

Таму сцвярджаю, што нягледзячы на выразны загад не мог згадзіцца на правядзенне наступлення перад світаннем. Залішне доўгую меў баявую практыку, каб не здаваць сабе справу з рызыкі, якая ёсць пастаянным фактарам начных баёў. У дадзеным выпадку рызыка гэтая была большая, чым калі-небудзь: сітуацыя недастаткова разведаная (ніхто дакладна не ведаў, дзе ёсць непрыяцель, а дзе свае); тэрыторыя малапразрыстая, парослая кустамі і з пакручастай дарожнай сеткай; вялікі адсотак свежапрыбылых і неабазнаных з вайной жаўнераў - а адгэтуль лёгкасць панікі; адсутнасць цеснай стыкоўкі паміж аддзеламі, залішне шырока раскіданымі на мясцовасці, нарэшце ўсведамленне найважнейшае - свядомасць, што мы былі апошнім рэзервам, які належала ўвесці ў бой у найлепшых умовах.

Як жаўнер я бескрытычна выканаў бы загад камандуючага фронту, калі б у дадзены момант быў толькі камандзірам дывізіі. Як камандзір усяго, адказны ўжо нараўне з камандуючым арміі і фронту, на начную атаку пагадзіцца не мог. Загадаў атакаваць, калі наступіць світанне. А таму гэта не было спазненнем, але падрыхтоўкай перамогі, якая такі наступіла.

Трэці момант датычыць кірунку атакі. Згодна з загадам мела яна ісці "канцэнтрычна" на Радзымін. Зноў непаразуменне, якое не было патрэбы высвятляць. Радзымін у маіх вачах, як ужо пра гэта пісаў, быў нічога не вартым геаграфічным пунктам. Скажу нават больш - быў ён пунктам шкодным, бо лежачы паміж першай і другой (незанятай) абароннымі лініямі непатрэбна прыводзіў да марнавання нашых сілаў. На гэтым пункце, на гэтым малым мястэчку, размешчаным на раўніне, пазбаўленым ўсякай тактычнай вартасці, канцэнтравалася нашая аператыўная думка. За Радзымін 13.VIII змагалася 11-я дывізіія пяхоты, 14.VIII - 1-я літоўска-беларуская дывізія. Цяпер гэта самае мусіла рабіць 10-я дывізія пяхоты.

Я быў супраць такой стратэгіі.


Здаровы розум загадваў пачаць ад таго, што павінна было быць асновай абароны Варшавы, г. зн., ад заняцця нямецкай лініі акопаў. У гэтым кірунку пайшлі мае загады, узгодненыя з камандзірам 1-ай літоўска-беларускай дывізіі генералам Ржандкоўскім. Лінія гэтая была ўжо часткова прарваная, а таму яе вяртанне (перш за ўсё ліквідацыя прарыву пад Волькай Радзымінскай) высоўвалася як першая мэта.

Толькі пасля гэтага, маючы моцную апору і будучы падрыхтаванымі да адбіцця атакі можна было думаць пра больш шырокі манёўр. І зноў мясцовасць падказвала кірунак не на Радзымін, а на Мокрае, размешчанае ў яго тылах. Як сёння вядома, там стаялі галоўныя сілы 21-й савецкай дывізіі.

Калі б мы даслоўна выканалі дырэктыву камандуючага фронту, мяркую, што параза нашая пад Варшавай была б прадвызначана.

Пункт 3-ці загаду (перакідванне 10-й дывізіі пяхоты на 12-ю гадзіну 15. VIII да Калышына і Скшэшава) загадзя меў усе рысы невыканальнасці. Калі наогул вывад часткі, звязанай боем, ёсць аперацыяй складанай, то што ж тады гаварыць пра дывізію свежа кінутую ў бой на найважнейшым кірунку, дзе непрыяцель развіў найбольшую ініцыятыву.

Даслоўнае выкананне намі фармальна не адкліканага загаду прывяло б раніцай 15. VIII да спынення баёў пад Мокрым і адкрыццё праходу ў кірунку на Варшаву.

Як і апошні пункт загаду, словы прызнання для 5-й арміі.Падаецца мне, што былі яны, асабліва ў сувязі з прэтэнзіямі да 1-й арміі, не да месца.

14. VIII, як вынікае з апісання падзей, пададзенага самім ген. Сікорскім, 5-я армія не толькі ніякага "вырашальнага" наступлення не праводзіла, але ў выніку прарыву ў цэнтры стаяла перад пагрозай "знішчэння ўсёй арміі".

Калі да таго дадаць, што загад гэты звяртаўся непасрэдна да дывізій, мінаючы і армію і новаўтвораную групу, чым ствараў хаос у кіраванні на полі бітвы, то не будзе перабольшваннем погляд, што цяжка знайсці ва ўсёй гісторыі войнаў загад, які ва ўсім сваім змесце менш трапна ацэньваў стратэгічную і псіхалагічную сітуацыю бягучага моманту.

* * *

Надышла крытычная ноч з 14 на 15 жніўня.

Вось як сам генерал Сікорскі характарызуе маральны стан сваіх аддзелаў у ноч з 14 на 15 жніўня:

"Сцвердзіўшы на працягу ночы распад некаторых аддзелаў, псіхічны надлом афіцэраў і ўтрату веры ў перамогу ў большасці вышэйшых камандзіраў, якія называлі ў начальніка штаба арміі прапанову контрнаступлення бессэнсавай і якая выкліча вялікія страты, а таксама ўносілі прапанову далейшага адступлення, я даў а 2-гой гадзіне тэлефонаграму, у якой спасылаючыся на вышэйшыя погляды, заклікаю падлеглых мне камандзіраў да безумоўнагаі выканання спушчанай ім задачы і да пачатку на світанні 15 жніўня новага ўдару на расейскія войскі". ("Над Віслай і Укрой", стар. 136.)

Як бачым было гэта жудаснае становішча, цяжка ў яго паверыць, калі б не гаварыў пра гэта сам камандуючы арміі. Генерал Сікорскі дадае, што "ў тылах распачалася паніка", і ў выніку прасоўвання савецкай арміі ў кірунку Яблонны былі высланы камандуючым арміі афіцэрскія патрулі ў бок Беньямінава з мэтай вывучэння сітуацыі. Калі 5-я армія мела быць перастрахоўкай для тых, якія не мелі даверу да плану з 6-га жніўня і не верылі ў абарону Варшавы, то баявая рэчаіснасць помсціла ім за гэта.

В) 15 жніўня

Вельмі шкода, што камандуючы 5-й арміі не гаворыць пра тое, пад уражаннем чаго настрой яго войск змяніўся на лепшае. Было б рэччу невымерна пажаданай і цікавай, калі б вышэйшыя камандзіры 5-й арміі, якія "прапаноўвалі далейшы адход", сёння хоць бы з удзячнасці за тое, што не былі аддадзены пад ваенна-палявы суд, сказалі самі, што ў іхняй псіхіцы або ў стратэгічнай ці тактычнай сітуацыі так моцна змянілася, што прызналі свае памылкі і пачалі добра біцца нанава. Высвятленне гэтай прычыны было б вельмі пажаданым не толькі з пункту гледжання гісторыі, але і псіхалогіі, якая адыгрывае такую вялікую ролю на вайне і якая так мала нам вядомая.

Для нас няма сумнення, што сталася ў тую памятную раніцу 15 жніўня. Лічу, што прычынай той змены была перамога, атрыманая раніцай 15.VIII на варшаўскім кірунку. Высланыя афіцэрскія патрулі ў ранішнія гадзіны павінны былі далажыць у штаб 5-й арміі, што непрыяцель выгнаны з Кутоў Вянгерскіх і Юзафова і адкінуты да лініі Лось - Завады, ці на 11 км па прамой лініі. Вестка гэтая несумненна прысароміла тых вышэйшых камандзіраў, якія некалькі гадзін таму назад лічылі прадаўжэнне барацьбы за бессэнсавае і жадалі далейшага адступлення.

Забягаючы наперад, падаецца мне, што было б, можа, лепей унікаць гэтых "сумніўных закуткоў гісторыі", як іх называе маршал Пілсудскі, і не падаваць іх пад дыскусію Еўропы. Замежжам гэта будзе ацэнена як недахопы тых камандзіраў, як няздольнасць і баязлівасць, а мы ж ведаем, што так не было ў сутнасці. Незразумелыя і не сустраканыя ў нашай арміі паводзіны вышэйшых камандзіраў могуць быць патлумачаны хіба толькі ўплывам адступальнай псіхалогіі.

Вяртаюся да ходу падзей на перадмесці Варшавы.

Бітва распачалася ўсё ж перад світаннем. Яе пачаткам была апісаная мной у іншым месцы самастойная атака батальёна капітана Паганоўскага. Атака гэтая выклікала раптоўнае адступленне непрыяцеля на другую абаронную лінію і далей на Радзымін. А 5-й гадзіне раніцы мы вярнулі Вольку і Дамбкавізну. А 7-й гадзіне была занята ўся другая абаронная лінія. А 10-й гадзіне распачынаецца атака 10-й дывізіі пяхоты на Мокрае, а Літоўска-беларускай дывізіі ў кірунку Радзыміна. А 13-й гадзіне бяром Мокрае і адбіваем контратакі. Расійская армія траціць здольнасць да наступлення і пераходзіць да абароны.

Перамога на ўсёй лініі.

Ход падзей у нашай 5-й арміі ў гэтую вырашальную раніцу 15 жніўня вельмі няясна і невыразна апісаны ў кніжцы ген. Сікорскага асабліва на фоне прыкрых падзей папярэдняй ночы.

Факт, што спланаванае наступленне раніцай не мае выніку (ген. Сікорскі матывуе гэта больш раннім ударам расійскіх войскаў) і, што 5-я армія наступае толькі ў поўдзень, г.зн. у момант ужо выкрасталізаванага поспеху 1-й арміі.

На правым крыле 5-я армія вяртае фарты "Мянкошын" і "Торунь", у цэнтры - лінію ракі Укры, а конніца ген. Карніцкага з групы ген. Краёўскага здабывае Цеханоў, дзе знішчае радыёстанцыю 4-й савецкай арміі, што ёсць вялікім поспехам і мае вялікае значэнне на будучыню.

Вынікі гэтыя, дасягнутыя вечарам, не маюць і мець не могуць мець - рэч простая - уплыву на лёсы бітвы за Варшаву, якая рашуча разгарнулася у ранішнія і пасля-паўдзённыя гадзіны.

Гэты найвыдатнейшы дзень у бітве за Варшаву - дзень псіхалагічнага пералому пад Волькай і Мокрым - камандуючы 5-й арміі апісвае арыгінальным спосабам.

Адпаведны уступ гучыць:

"Свой сітуацыйны рапарт за гэты дзень я закончыў словамі: "Дух перамогі ўступіў у жаўнераў, пра што сведчыць тагачасная відочная для ўсіх маральная рэгенерацыя жаўнераў, здаючы сабе справу са значэння, які меў для ўсяго фронту факт перавагі ваенных шаляў на польскі бок у распачатай пад Варшавай бітве. Не мог ён застацца без уплыву на войска, якое рыхтавалася для ўдару з-над Вепжа. Камунікаты Вярхоўнага Галоўнакамандавання, якія гаварылі пра першую польскую перамогу, аспрэчвалі ўкаранёнае ў нас таксама пад уплывам паразы панесенай пад Радзымінам меркаванне пра непераможнасць праціўніка. Будзілі яны сярод польскіх аддзелаў энергію чыну, падахвочвалі да выканання прысяг і традыцый, выклікаючы здаровае і каштоўнае на полі бітвы ўзаемадзеянне паасобных армій і дывізій". (Стар. 143 - 144.)

Здавалася б, што справа выглядала зусім адваротна, і рэгенерацыя, пра якую ідзе гаворка, наступіла не як вынік паразы, а як вынік перамогі пад Радзымінам.

Што тычыцца разбуджэння жаўнерскіх якасцяў, пра што гаворыць цытаваны ўступ, то зноў трэба сцвердзіць, што 5-я армія не магла мець у той справе ініцыятывы. Не магла яе мець не толькі таму, што сама перажывала, як гаворыць яе камандуючы, цяжкі маральны крызіс, а таксама таму, што якасці тыя былі вельмі высокія ва ўсім нашым войску.

Да гэтага вельмі характэрнага камунікату камандаванне фронту ў загадзе L. 4139 III дадае:

"Непрыяцель кінуў усе, якія меў у сваім распараджэнні, рэзервы ў атаку на 5-ю армію. Аперыруе там каля 10 непрыяцельскіх дывізій. Энергічнае камандаванне 5-й арміі і геройская стойкасць яе аддзелаў адагналі ад варот Варшавы значныя непрыяцельскія сілы".

Ацэнка гэтая недакладная:

1) Непрыяцель 15.VIII не меў ужо ніякіх рэзерваў.

2) 5-я армія ваявала з 5 дывізіямі непрыяцеля.

3) Варшава ў выніку поспехаў 1-ай арміі і даспяваўшага ўдару з-над Вепжа ніякага "аблягчэння" ўжо фактычна не патрабавала. Нават, калі б яно спатрэбілася, то 5-я армія ніякім спосабам яго даць не магла.


Дзякуючы багатай савецкай літаратуры фактычную групоўку непрыяцеля ў гістарычны дзень 15 жніўня ўдаецца ўскрыць амаль з абсалютнай дакладнасцю.

Вядома:

а) што 1-я армія мела супроць сябе напор усёй 16-й савецкай арміі (5 дывізій пяхоты);

б) ва ўзаемадзеянні з 16-й арміяй, таксама на поўдзень ад Буга-Нарвы, дзейнічала 21-я дывізія пяхоты з суседняй 3-й арміі, якая мела задачу дыверсіі ў адносінах да Зэгжа. Задача тая з-за нашай атакі страціла каштоўнасць;

в) на поўнач ад Буга-Нарвы дзве дывізіі пяхоты з 3-й арміі (6-я і большая частка 56-й) уткнуліся ў добра бароненыя фартыфікацыі Зэгжа і Дэмбага, якія належалі да 1-й арміі, а не да 5-й. (Лінія размежавання праходзіла ўздоўж усходніх фартоў Модліна, які належаў да 5-й арміі).

г) таму правае крыло ген. Сікорскага магло мець 15.VIII дачыненне толькі з адной дывізіяй пяхоты 3-й арміі. Была гэта 5-я дывізія - тая самая, якая ў папярэдні дзень здабыла фарты "Мякошын" і "Торунь". Пацвярджае гэта зрэшты між іншым і сам ген. Сікорскі гаворачы:

"А на поўнач ад Модліна размяшчалася, як пазней аказалася, цэлая савецкая дывізія, таму і атака на Насельск, распачатая 17-й дывізіяй пяхоты з апорай на Модлін, не была лёгкай для выканання". (Стар. 141.)

д) Таму на адрэзку Укры існуе тэарэтычная раўнавага сіл: на савецкім баку - чатыры дывізіі пяхоты (уся 15-я армія); на нашым баку - дывізіі пяхоты: 9-я дабраахвотная і 18-я, сібірская брыгада і кавалерыйская дывізія ген. Карніцкага.

Не значыць гэта аднак, каб сітуацыя ў 5-й арміі, нягледзячы нават на вартыя здзіўленню тактычныя поспехі на паўночным крыле (ген. Краёўскі) мела быць лёгкай.

Слова "гібель" раз-пораз паўтараецца ў выказваннях яе камандуючага.

(Працяг у наступным нумары.)

* Пераклад Станіслава Судніка паводле выдання 1930 года.

"Сустрэча пакаленняў"

У белай зале Лідскага гістарычна-мастацкага музея працуе выстаўка работ настаўнікаў і вучняў Лідскай дзіцячай выяўленчаай школы мастацтваў "Сустрэча пакаленняў".

Запрашаем у 22 залу Лідскага музея!

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX