Папярэдняя старонка: 2022

№ 38 (38) 


Дадана: 20-09-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 38, 21 верасня 2022 г.

Беларусь у другі раз адзначыла Дзень народнага адзінства

На мінулым тыдні Беларусь у другі раз адзначыла самае маладое дзяржаўнае свята - Дзень народнага адзінства. Многія сотні мерапрыемстваў праведзены "па градах і весях краіны. Не стаў выключэннем і Лідскі раён.

16 верасня ў Палацы культуры г. Ліды прайшла раённая тэматычная праграма "Толькі разам мы адзіныя!".

17 верасня Бярозаўка адсвяткавала адразу дзве падзеі: Дзень народнага адзінства і Дзень горада, свой 32-гі дзень нараджэння.

Свята адзначалася па ўсім раёне.

ТК.

Тыдзень роднай мовы

9 верасня ў Беларусі стартаваў Тыдзень роднай мовы "Як ты дорага мне, мая родная мова!"

План мерапрыемстваў размешчаны на Нацыянальным адукацыйным партале і на сайце nslowa.by.

100-годдзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі было ўрачыста адзначана

Юбілей галоўнай кніжнай скарбніцы краіны быў адзначаны правядзеннем IX Міжнароднага кангрэсу "Бібліятэка як феномен культуры", урачыстым паседжаннем і канцэртам.

15-16 верасня у межах IX Міжнароднага кангрэсу "Бібліятэка як феномен культуры" адбывалася пленарнае і секцыйныя паседжанні, абмяркоўвалася тэма выкарыстання інфармацыйных рэсурсаў для навукі, культуры і адукацыі краіны.

15 верасня ўвечары адбылося ўрачыстае паседжанне з нагоды юбілею бібліятэкі і канцэрт з удзелам зорак беларускай эстрады. Міністр культуры Анатоль Маркевіч павіншаваў супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі са 100-гадовым юбілеем.

На ўрачыстым паседжанні былі ўзгаданы асноўныя вехі з гісторыі бібліятэкі з моманту яе стварэння ў 1922 годзе.

"НББ сёння - невычэрпная крыніца інфармацыі для ўсяго народа, сапраўдны брыльянт, які служыць высакароднай місіі, вынік плённай працы некалькіх пакаленняў адданых бібліятэкараў", - адзначалася ў віншавальных адрасах, уручаных дырэктару бібліятэкі Аксане Кніжнікавай. - Найбуйнейшае кнігасховішча, якое дазваляе дакрануцца да старажытных фаліянтаў, ацаніць багатую кніжную спадчыну, скарбніца рукапісных рарытэтаў, якая прайшла векавы шлях, распаўсюджвала веды, у ХХI стагоддзі ператварылася ў лідарскі інфармацыйны цэнтр, стала інстытуцыяй, якая генерыруе сусветныя інфармацыйныя рэсурсы, рэалізоўвае яркія выдавецкія праекты.

Калектыў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі спрыяе духоўнаму і культурнаму развіццю новых пакаленняў беларусаў, папулярызуе культуру і мастацтва, адпавядае сучаснаму развіццю навукі і інфармацыйных тэхналогій, упэўнена крочыць у будучыню".

Міністр культуры Анатоль Маркевіч пажадаў калектыву бібліятэкі доўгіх гадоў плённай працы, здароўя і дабрабыту ды ўручыў узнагароды лепшым супрацоўнікам бібліятэкі.

15 верасня ў Дзень бібліятэк ад прадстаўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, устаноў адукацыі і культуры ў адрас супрацоўнікаў бібліятэкі гучалі віншаванні са стогадовым юбілеем і пажаданні поспехаў, росквіту і рэалізацыі ўсіх намечаных планаў.

За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм і значны ўклад у развіццё бібліятэчнай справы супрацоўнікі бібліятэкі былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі, граматамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

За руплівую працу на карысць Беларускай праваслаўнай царквы і Айчыны работнікам НББ быў уручаны юбілейны медаль "1030-годдзе праваслаўя на беларускіх землях", медаль Беларускай Праваслаўнай царквы святой Еўфрасінні Полацкай, грамата Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

16 верасня ў галоўнай бібліятэцы краіны прадоўжыў работу IX Міжнародны кангрэс "Бібліятэка як феномен культуры."

Дэлегаты з Беларусі і краін блізкага замежжа Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана прынялі ўдзел у рабоце секцыйных пасяджэнняў "Гісторыя бібліятэк і бібліятэчных збораў" і "Сацыякультурная дзейнасць: сучасныя эфектыўныя практыкі", семінары на пляцоўцы "Электронныя інфармацыйныя рэсурсы: адкрыты дыялог бібліятэк і выдаўцоў".

Падчас святкавання 100-гадовага юбілею бібліятэкі ўзгадваліся цікавыя факты пра галоўную скарбніцу краіны:

Нацыянальная бібліятэка з'яўляецца адной з самых вялікіх у свеце: агульная плошча будынка - 113 669 кв. м; агульная вага - 140 000 тон. Будынак бібліятэкі ўдвая цяжэйшы за Астанкінскую тэлевежу ў Маскве.

Галоўны ўваход у бібліятэку выкананы ў выглядзе старонак раскрытай кнігі. Будынак у форме каштоўнага каменя задуманы не выпадкова: алмаз, дыямент, а яшчэ дакладней - ромбакубаактаэдр сімвалізуе духоўныя і матэрыяльныя каштоўнасці, якія захоўваюцца ў бібліятэцы. Праз незвычайнасць канструкцыі Нацыянальная бібліятэка Беларусі ўваходзіць у ТОП-50 самых "незвычайных будынкаў свету".

У будынка незвычайнае падсвечванне: вонкавае электроннае светлавое табло (ВЭСТ) - адно з самых вялікіх рэкламных носьбітаў у Беларусі плошчай 1 440 кв. м. За 15 гадоў існавання бібліятэкі не было ні дня, калі б падсвечванне не ўключалася.

Грані ромбакубаактаэдра пакрытыя сеткай з 4,5 тысяч святлодыёдных лямп і могуць свяціцца больш, чым 16 тысячамі адценняў. У начны час Нацыянальная бібліятэка бачна з космасу!

На пачатак 2022 года колькасць карыстальнікаў бібліятэкі перавысіла 200 тысяч! Ва ўстанове камфортныя ўмовы створаны для ўсіх чытачоў. Для слабавідушчых і невідушчых карыстальнікаў працоўныя месцы аснашчаны спецыяльным абсталяваннем. Некаторыя паслугі можна атрымаць у аддаленым рэжыме.

Да паслуг карыстальнікаў - 17 чытальных залаў, якія могуць прыняць больш за 1,5 тыс. чалавек. Нацыянальная бібліятэка стварае электронную бібліятэку, аб'ём якой ужо каля 650 тыс. дакументаў. Гэта самы вялікі збор дакументаў у электронным выглядзе сярод бібліятэк краіны. Каб толькі прагартаць дадзены масіў з хуткасцю 1 старонка ў секунду спатрэбіцца каля паўгода.

Сёння бібліятэка дае доступ больш чым да 100 баз дадзеных сусветных вытворцаў. Бібліятэка фарміруе ўласныя і набывае айчынныя і сусветныя электронныя інфармацыйныя рэсурсы.

На сённяшні дзень бібліятэка валодае самай вялікай у краіне калекцыяй рукапісных кніг - больш за 1 тыс. адзінак на старажытнарускай, царкоўнаславянскай, польскай, рускай, лацінскай і інш. мовах

Падрыхтавала Эла Дзвінская, фота аўтара.

Адкрытая дыстанцыйная паэтычная акцыя "Мая родная мова, ганаруся табой!"

Навукова-метадычная ўстанова "Нацыянальны інстытут адукацыі" Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь запрашае прыняць удзел у адкрытай дыстанцыйнай паэтычнай акцыі "Мая родная мова, ганаруся табой!", якая праводзіцца з мэтай развіцця творчага патэнцыялу вучняў, далучэння праз мову да культурных традыцый беларускага народа і прымеркавана да Тыдня роднай мовы.

Дыстанцыйная акцыя дае магчымасць удзельнікам прадставіць на старонках нацыянальнага адукацыйнага партала відэаролікі даўжынёй не больш за пяць хвілін з запісамі выразнага чытання на памяць верша, які напісаны на беларускай мове.

Асноўныя задачы мерапрыемства:

- павышэнне цікавасці вучняў да вучэбных прадметаў "Беларуская мова", "Беларуская літаратура";

- папулярызацыя паэтычных твораў на беларускай мове;

- выхаванне ў вучняў грамадзянскасці і патрыятызму;

- падтрымка творчых ініцыятыў;

- спрыянне развіццю інфармацыйнай культуры ўдзельнікаў акцыі.

Да ўдзелу ў мерапрыемстве запрашаюцца вучні I-XI класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама ўсе зацікаўленыя асобы (педагогі, законныя прадстаўнікі (бацькі) вучняў і інш.).

Тэрмін правядзення: з 1 па 30 верасня 2022 года.

Для ўдзелу ў мерапрыемстве неабходна падаць заяўку па ўстаноўленай форме і накіраваць разам з ёй відэаролік на электронны адрас: adumetod@adu.by з абавязковай пазнакай у тэме пісьма "Мая родная мова". Сваёй заяўкай удзельнік пацвярджае ўласнае аўтарства відэароліка і згоду з умовамі правядзення мерапрыемства. Заяўкі, аформленыя не ў адпаведнасці з патрабаваннямі і дасланыя несвоечасова, разглядацца не будуць.

Лепшыя чытальнікі атрымаюць электронныя сертыфікаты.

Больш падрабязна пра акцыю можна пачытаць у інфармацыйным лісце.

Запрашаем прыняць удзел у акцыі!

Нацыянальны адукацыйны партал.

Па "пісьменніцкіх" вуліцах з фотакамерай

Запрашаем да ўдзелу!

Як вядома, у наступным годзе старажытны і адначасова малады горад Ліда адзначыць свой 700-гадовы юбілей. У гэты знакавы для горада год юбілярам стане і адна з лідскіх вуліц, якая, дарэчы, раней так і называлася - Лідская. Цяпер гэта вуліца Валянціна Таўлая, і ў 2023 годзе ёй споўніцца 60 гадоў. Праект, прымеркаваны адразу да двух юбілеяў - горада і вуліцы, - запланаваў Дом паэта Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея.

Пра ўзнікненне Ліды напісана многа, і ў гэтым артыкуле нагадаем пра ўзнікненне вуліцы Таўлая. 11 красавіка 1963 года ў вуліцу Таўлая была перайменавана вуліца Лідская. У той дзень выканаўчы камітэт Лідскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных прыняў рашэнне за нумарам 124:

"Улічваючы шматлікія просьбы і пажаданні грамадзян горада аб увекавечванні памяці таленавітага беларускага паэта і мужнага рэвалюцыянера, які доўгі час жыў і працаваў у г. Лідзе, вырашана перайменаваць вуліцу Лідскую ў вуліцу В. Таўлая".

Дарэчы, гэтая вуліца не адзіная ў Беларусі, якая носіць імя заходнебеларускага паэта-змагара. У гонар Валянціна Таўлая таксама названы вуліцы ў гарадах Баранавічы, Гародня, Маладзечна, Слонім, у вёсках Ганькі і Жыровічы Слонімскага раёна.

А ўвогуле, у Лідзе нямала вуліц, названых у гонар вядомых пісьменнікаў. Усе яны заслугоўваюць таго, каб быць згаданымі ў юбілейны для нашага горада год. З мэтай адзначыць юбілей вуліцы Валянціна Таўлая супрацоўнікі Дома-музея, у будынку якога жыў паэт, вырашылі сабраць матэрыялы для фотавыставы "Лідскімі сцежкамі: Ліда ў імёнах пісьменнікаў". Гэта значыць, вуліца Таўлая збярэ іншыя "пісьменніцкія" вуліцы, так сказаць, пад адным дахам - у Доме паэта. На выставе можна будзе ўбачыць зафіксаваныя з дапамогай фотакамеры моманты з жыцця той ці іншай вуліцы. Пажадана, каб яны былі прадстаўлены ў розныя поры года: летам, восенню, зімой, вясной.

- Праект быў задуманы даўно, - расказвае куратар новага праекта, навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун, - але супрацоўнікам Дома Таўлая трэба было займацца іншымі пытаннямі, і да рэалізацыі яго мы прыступілі толькі з 1 верасня гэтага года. Так што зрабіць фотаздымкі "пісьменніцкіх" вуліц каляндарным летам ужо не атрымаецца. Але яшчэ радуе нас па-летняму цёплымі дзянькамі верасень. Як ужо адзначалася, вуліца Таўлая, якая ў наступным годзе адзначыць свой юбілей, у ходзе рэалізацыі праекту як бы "павядзе за сабой" іншыя вуліцы Ліды, якія носяць імёны пісьменнікаў. Гэтую вуліцу я першай абышоў са смартфонам - як толькі выйшаў з водпуску. Хаця фатаграфаваў я яе і раней - яшчэ калі рыхтавалася да выхаду кніга нашага музейнага супрацоўніка Анастасіі Каладзяжнай "Этапы жыццёвых дарог" (да 100-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая). З пачатку верасня мы з музейным фатографам Гражынай Лянцэвіч хадзілі па "пісьменніцкіх" вуліцах, фатаграфавалі іх: я - з дапамогай смартфона, яна - з дапамогай фотаапарата. Некаторыя вуліцы знаходзілі з дапамогай навігатара або карты. Абыходзілі чатыры-пяць вуліц за дзень. Скажу, што справа гэтая нялёгкая: трэба ўбачыць адметнасці вуліцы, знайсці незвычайны аб'ект і, што важна, зафіксаваць яго пад тым ракурсам, які ўпрыгожыць фота. Гэта ж дзясяткі кіламетраў, якія мы праклалі праз горад! Ёсць вуліцы кароткія, як, напрыклад, Янкі Купалы і Лермантава, ёсць доўгія - напрыклад, Максіма Горкага і Чарнышэўскага. Будзем лічыць, што сфатаграфавалі мы "пісьменніцкія" вуліцы яшчэ ў летнюю пару. Нашы "фотапаходы", магчыма, паўторым восенню (ужо калі лісце на дрэвах пажаўцее), зімой, вясной.

- Звяртаюся да жыхароў горада Ліды, - працягвае Алесь. - дарагія лідзяне, мы, супрацоўнікі Дома паэта Валянціна Таўлая, хочам сумесна з вамі ажыццявіць задуманае. Калі вы пражываеце на "пісьменніцкай" вуліцы або яна знаходзіцца недалёка ад вашага дома, дашліце ў Дом Таўлая зробленыя вамі яе фотаздымкі: як яна іграе пад промнямі яшчэ летняга сонца, як купаецца ў залацістай лістоце, як патанае пад снежнай коўдрай або амываецца вясеннімі ручаямі. А можа, у вашых сямейных альбомах ёсць фотаздымкі вуліц ранейшых гадоў, якія захоўваюць гістарычную памяць? Таксама будзем рады іх атрымаць. Дасылаць фотаматэрыялы можна да красавіка 2023 года на электронную пошту Лідскага гістарычна-мастацкага музея (mus@ lixmuseum.by), Дома Валянціна Таўлая (lixmtavlaj@mail.ru) або ў сацыяльныя сеткі "Вконтакте", "Одноклассники", "Фейсбук" з паметкай "На конкурс "Вулічнымі сцежкамі: Ліда ў назвах пісьменнікаў" (абавязкова пазначыць назву сфатаграфаванай вуліцы і аўтара фотаздымка). Найлепшыя фотаздымкі будуць змешчаны на фотавыставе ў Доме Таўлая, іх змогуць убачыць наведвальнікі экспазіцыі. Магчыма, будуць вызначаны пераможцы конкурсу, якія атрымаюць прызы.

Але да выстаўкі яшчэ далёка. Пакуль што супрацоўнікі Дома Таўлая заклікаюць лідзян: фатаграфуйце, дасылайце, зрабіце свой уклад у святкаванне юбілею горада і вуліцы Таўлая, ва ўшанаванне памяці пісьменнікаў, чые імёны носяць вуліцы Ліды!

Аляксей КРУПОВІЧ.

"Агульная дыктоўка" з'яднала беларусаў з 30 краін

Падсумаванне

У суботу 3 верасня прайшла "Агульная дыктоўка" - адкрытая дыктоўка па беларускай мове, якую праводзіла ў пяты раз ААТ "Лідскае піва". Больш за 4200 чалавек зарэгістраваліся на дыктоўку, а свае працы на праверку адправіў амаль кожны трэці ўдзельнік.

Сёлета "Агульная дыктоўка" прайшла ў анлайн-фармаце, далучыцца да праекту маглі ўсе ахвотныя, незалежна ад свайго ўзроўню ведаў, узросту і месца жыхарства. Заяўкі на ўдзел падалі 4282 удзельнікі, а за трансляцыяй 3 верасня сачылі больш за 1500 карыстальнікаў з Беларусі, Польшчы, Грузіі, Нідэрландаў, Германіі, Расіі, Літвы, ЗША, Францыі, Швецыі і іншых краін.

Для дыктоўкі арганізатары выбралі ўрывак з "Казак Светлага Ліхтаршчыка" маладой пісьменніцы Алёны Папко - лаўрэата рэспубліканскага літаратурнага конкурсу імя Максіма Багдановіча. У ролі чытальніка выступіў культавы дыктар беларускага радыё і тэлебачання, "голас" менскага метро Уладзімір Баклейчаў.

Трансляцыя доўжылася каля гадзіны. Пасля заканчэння дыктоўкі цягам некалькіх гадзін зарэгістраваныя ўдзельнікі маглі адправіць сваю працу на праверку праз асабісты кабінет на сайце праекту. Па звычцы шмат якія ўдзельнікі адпраўлялі сканы сваёй працы на электронную пошту арганізатараў. Былі і тыя, хто пісалі дыктоўку сем'ямі ці з сябрамі, а потым адпраўлялі па 3-4 працы на праверку праз адзін кабінет. Агулам арганізатары атрымалі 1328 дыктовак.

"Мэта нашага праекту - гэта развіццё беларускай культуры, падтрымка цікавасці да нашай мовы і традыцый, а таксама станоўчыя эмоцыі на кожным этапе камунікацыі. Таму незалежна ад таго, якім чынам была адпраўлена праца, праз асабісты кабінет ці па электроннай пошце, усе дыктоўкі былі прыняты на праверку і ўжо перададзены прафесійным філолагам. На выстаўленне адзнакі мы адвялі ад 10 да 14 дзён", - адзначылі ў ААТ "Лідскае піва".

За кожнага ўдзельніка, які адправіў сваю працу на праверку, ААТ "Лідскае піва" пералічвае 5 рублёў на набыццё новага экспаната для Лідскага замка.

"Важнай часткай сучаснай культуры Ліды з'яўляюцца маштабныя фэсты сярэднявечнай рэканструкцыі. Дзякуючы ім штогод у замак прыязджаюць тысячы людзей з усяго свету, каб пазнаёміцца з культурай, гісторыяй і побытам беларусаў часоў князя Гедыміна, - падзяліліся арганізатары. - Разам з супрацоўнікамі Лідскага гістарычна-мастацкага музея мы прынялі рашэнне, што сабраная сума ў памеры 6640 рублёў пойдзе на з'яўленне ў Лідскім замку еўрапейскіх лат XV стагоддзя. Гэтыя даспехі - выбітны прыклад майстэрства рэканструкцыі, камплект стварыў кіраўнік вайскова-гістарычнага клуба "Дайнава" Юры Мандрык для аднаго з першых фэстаў сярэднявечнай культуры і традыцый у Лідскім замку".

Варта адзначыць, што не застануцца без заахвочання і выдатнікі, якія напісалі дыктоўку на 8, 9 ці 10 балаў: яны атрымаюць запрашэнні ў Музей лідскага бровара, які адкрыўся ў Лідзе гэтай вясной. Адзнака па дыктоўцыі адлюструецца ў асабістым кабінеце на сайце ў бліжэйшыя дні ці прыйдзе лістом на электронную пошту (калі праца была адпраўлена на праверку такім чынам). Вынікі праекту пасля праверкі ўсіх дыктовак будуць апублікаваныя ў сацсетках кампаніі.

Прэс-служба ААТ "Лідскае піва".

Светлы голас ягонай душы

Да 100-годдзя з дня нараджэння пісьменніка і вучонага, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа, літаратурнай прэміі імя Івана Мележа, прафесара Уладзіміра Калесніка

Асабіста я не быў знаёмы з Уладзімірам Калеснікам. Але пра яго мне шмат распавядаў слонімскі паэт Анатоль Іверс (1912-1999). Яны сябравалі, перапісваліся, сустракаліся, тым больш, што Уладзімір Андрэевіч усё жыццё даследаваў Заходнюю Беларусь і яе знакамітых асобаў.

Я бачыў Уладзіміра Калесніка на літаратурных мерапрыемствах у Менску, калі вучыўся ў Белдзяржуніверсітэце, але падыйсці да яго не хапіла смеласці. Пасля заканчэння БДУ я прыехаў у родны Слонім і пачаў цікавіцца лёсам беларусаў Заходняй Беларусі, у тым ліку і сваіх землякоў. Аднойчы я напісаў ліст Уладзіміру Андрэевічу і запытаўся, што ён ведае пра заходнебеларускага юнака, рэдактара газеты для моладзі "Піянер" Уладзіміра Бялько, паэму якому прысвяціў той самы паэт Анатоль Іверс. Праз пэўны час прыйшоў з Берасця ліст. Гэта быў не проста ліст-адказ, але і пажаданне, парада і кароткі аповед пра сябе. Вось гэты ліст ад Уладзіміра Калесніка, які ён адрасаваў мне з Берасця 10 снежня 1986 года:

Паважаны Сяргей!

Мне было прыемна пачуць голас жывой душы са Слоніма, старажытнага горада і цэнтра рэвалюцыйна-вызваленчага і патрыятычнага беларускага руху 1920-х-1930-х гадоў. Добра, што і Вы берыцеся за свой родны край, даходзіце да карэнняў і зародкаў, толькі нельга абмяжоўвацца гэтым, асуджаць сябе з самага пачатку на рэгіяналізм, калі сёння не хапае свежых сіл у самым сталічным ствале і кроне нашай літаратуры. Праўда, там існуе адчуванне перанаселенасці, бо ўсе згрудзіліся ў адным месцы і для многіх адзіная крыніца жыццёвых уражанняў - гэта чуткі-плёткі з таго ж літаратурнага катла, у якім ён варыцца сам, або літаратурная прэса, адна для ўсіх і аднолькавая для кожнага. З'явішча такое не нармальнае, як ненармальным з'яўляецца праект запусціць у гэты ставок зубастых шчупакоў-крытыкаў, каб тыя павыгразалі слабейшых плотачак і карасікаў, а самі далі прыбытак нагулянымі гэтым людаедскім спосабам кілаграмамі. Вопыт цывілізацыйнага развіцця самых культурных народаў паказвае, што чалавеку творчаму супрацьпаказана жыць у табуне. Так жыў без табуна, наводшыбе Талстой, Шолахаў, Грын, так цяпер жыве Распуцін, Бялоў, Іван Васільеў. У нас жыў і не тужыў доўгія гады Васіль Быкаў, цяпер жывуць Аляксей Карпюк, Данута Бічэль-Загнетава, на Брэстчыне - Ніна Мацяш, Міхась Рудкоўскі і Ваш пакорны слуга. Я вяду гэтую гаворку да таго, каб Вы не ўспрымалі сваё становішча як ссылку. Я бы, каб бліжэй ведаў Вас, мог бы параіць пераехаць і жыць у тую вёску, дзе працуеце ці нарадзіліся. Гэта прыблізіць Вас да людзей, да вяскоўцаў і да вострых эканамічных, экалагічных і гуманітарных праблем, якім жыве сучасная беларуская вёска, надзейная ахоўніца роднай мовы, народных звычаяў, патрыятычных і маральна-этычных каштоўнасцей. Збліжэнне з вёскай збавіць Вас ад адчування адзіноты і нематы, увалье ў Вас творчы струмень жывога жыцця, рэальнай, а не высмактанай з пальца канфліктнасці, дасць байца і асмеліць змагацца словам за духоўны рост і доўгавечнасць нашага народа ў гэтым зменлівым свеце.

Рады буду чытаць Вашы матэрыялы ў прэсе. Толькі не абмяжоўваўцеся рэгіянальным краязнаўствам: мінулае патрэбна для сучаснага і будучага.

Здымак Валодзі Бялько недзе ў мяне ёсць. Пастараюся пераслаць і Вам даслаць. Але гэта будзе не хутка, бо цяпер заняты тэрміноваю работай да вясны і за друкаванне здымкаў, а тым больш пераздыманне, не вазьмуся. Запланавана ў мяне ў выдавецтве "Аповесць пра Таўлая" пачатак якой друкаваўся ў "Полымі" гадоў ці не 15 таму назад. Вось буду рабіць гэтую рэч, дык заадно і зраблю здымак для Вас. Пра грамадскую актыўнасць У. Бялько ў Віленскай беларускай гімназіі нічога не чуў. Гэта павінны ведаць Анатоль Іверс ці Юрка Тарасюк з Казлоўшчыны. Пры выпадку перадавайце ім прывітанні ад мяне. Усяго Вам добрага!

Уладзімір Калеснік.

Пра Уладзіміра Калесніка заўсёды шчыра любіць сёння прыгадваць грамадскі актывіст, краязнавец і былы педагог Валерый Петрыкевіч з Дзятлава. Бацька Валерыя Петрыкевіча Міхась Петрыкевіч (1913-1999) - заслужаны настаўнік Беларусі, заснавальнік Дзятлаўскага гістарычна-краязнаўчага музея, усё жыццё сябраваў з Уладзімірам Калеснікам.

- Пасля вайны ў 1946 годзе бацька давучваўся ў Менскім педінстытуце, - распавядае Валерый Петрыкевіч. - У групе, у якую ён трапіў, вучыўся тады і будучы знакаміты літаратуразнавец Уладзімір Калеснік. З ім тата быў ужо знаёмы. Калеснік змагаўся з фашыстамі ў адным з партызанскіх атрадаў у лясах Налібоцкай пушчы. Бацька, як чалавек адукаваны, пры немцах працаваў рахункаводам у Любчанскай канторы вузкакалейкі. Характар перавозак цікавіў партызан. Звесткі пра іх бацька перадаваў праз сувязнога Уладзіміра Калесніка, у якога былі сяброўскія партызанскія стасункі з будучым народным пісьменнікам Беларусі Янкам Брылём.

У Менску 33-гадовы Петрыкевіч-студэнт меў ужо вялікі жыццёвы вопыт, вучыўся выдатна, вызначаўся пакладзістым характарам, карыстаўся павагай. Заўсёды ён дапамагаў малодшым студэнтам у вучобе. Яны да яго цягнуліся, паважалі і любілі. У аўдыторыях і ў інтэрнаце Менскага педінстытута завязалася моцная мужчынская дружба, выпрабаваная часам і пранесеная праз усё жыццё паміж Міхаілам Петрыкевічам, Уладзімірам Калеснікам і Янкам Брылём. Іх яднала яшчэ і тое, што Наваградчына была для іх агульнай малой радзімай. Паміж іхнімі роднымі вёскамі Падкасоўем, Сіняўскай Слабадой і Загор'ем усяго пару няпоўных дзесяткаў кіламетраў...".

На працягу свайго жыцця Уладзімір Калеснік і Янка Брыль ніколі не абміналі вёску Валеўка Наваградскага раёна, дзе з 1951 да 1966 гадоў у мясцовай дзесяцігодцы Міхась Петрыкевіч займаў пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, дзе шырока разгарнулася яго педагагічна-краязнаўчая праца. Багацейшая гістарычная спадчына гэтага краю, маляўнічыя і непаўторныя ўзгоркі, легендарная Свіцязь, Чамброва, Варонча, Плужыны, Туганавічы, праслаўленыя Адамам Міцкевічам, сцежкі і дарогі, па якіх ён хадзіў і ездзіў, натхнялі на плённую працу. Уладзімір Калеснік і Янка Брыль не толькі штогод наведвалі Валеўку, але і прывозілі сюды сваіх сяброў, знаёмых літаратараў, аднадумцаў. Сярод іх былі - украінскі пісьменнік Максім Рыльскі, балгарскі пісьменнік Георгій Вылчаў, беларускія літаратары Ян Скрыган, Фёдар Янкоўскі, Алесь Адамовіч, Уладзімір Караткевіч і дзесяткі іншых знакамітых людзей. Уладзімір Калеснік любіў знаёміць з Наваградкам і ваколіцамі студэнтаў філфака Берасцейскага педінстытута, у якім ён працаваў...

Сёння я заўсёды карыстаюся кнігамі Уладзіміра Калесніка, яны стаяць побач на адной з кніжных паліц маёй хатняй бібліятэкі. Амаль штодня бяру ў рукі кнігі Уладзіміра Калесніка і гартаю, чытаю, шукаю тое, пра што пісаў гэты таленавіты даследчык у сваіх, вартых і нашага часу, кнігах. Першая кніга "Паэзія змагання" (Мінск, 1959), прысвечана Максіму Танку і заходнебеларускай літаратуры. Разглядаючы літаратурна-грамадскую дзейнасць Максіма Танка да верасня 1939 года, літаратуразнавец прыйшоў да высновы і пераканана даказаў, што творчы шлях паэта быў просты, але не лёгкі.

Пасля "Паэзіі змагання" з друку выходзяць новыя кнігі Уладзіміра Калесніка: "Час і песні", "Зорны спеў", "Ветразі Адысеі: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі", "Максім Танк: нарыс жыцця і творчасці", "Лёсам пазнанае: выбраныя літаратурныя партрэты", "Тварэнне легенды", "Янка Брыль: нарыс жыцця і творчасці" і іншыя.

Уладзімір Калеснік шмат напісаў пра паэта Уладзіміра Жылку, які быў у цэнтры літаратурнага працэсу Заходняй Беларусі першай паловы 1920-х гадоў, вёў актыўнае творчае жыццё ў Савецкай Беларусі канца 1920-х -пачатку 1930-х гадоў. Даследчык літаратуры напісаў не толькі пра паэта Жылку, але вёў гаворку пра ўсю тагачасную грамадскую атмасферу, пра жыццё і барацьбу, пра палітычную і мастацкую думку, пра творчыя кірункі, метад, стыль. Многі аспекты творчасці Уладзіміра Жылкі літаратуразнаўцам праяснілі праблему ўзаемасувязей літаратуры былой Заходняй Беларусі з савецкай літаратурай, польскай рэвалюцыйнай паэзіяй і заходнееўрапейскімі літаратурамі.

Пісаў у сваіх кнігай Уладзімір Калеснік пра Францішка Скарыну, Міколу Гусоўскага, Янку Купалу, Гальяша Леўчыка, Міхася Васілька, Алеся Салагуба, Міколу Засіма, Рыгора Шырму, Валянціна Таўлая, Уладзіміра Караткевіча, Ніну Мацяш, Аляксея Карпюка. А ў сваім "Пражскім эпісталярыі" даследчык літаратуры даў шырокую панараму літаратурнага, культурнага і палітычнага жыцця Беларусі 1920-х-1930-х гадоў і ўдзелу ў ім такіх вядомых асобаў, як Антон Луцкевіч, Ігнат Дварчанін, Тамаш Грыб і іншых беларусаў.

Дзякуючы Уладзіміру Калесніку свет пабачылі дзве кнігі паэзіі Заходняй Беларусі: "Сцягі і паходні" (1965) і "Ростані волі" (1990). Чытаючы ўсе выданні, дзіву даюся, калі і дзе ён знаходзіў час, сілы, веды, каб столькі напісаць сур'ёзнага, праверанага на факты, цікавага і грунтоўнага, новага і разнастайнага.

Пасля смерці Уладзіміра Калесніка (памёр у 1994 годзе), яго сябры і калегі з Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэта падрыхтавалі і выдалі вялікі том яго памяці "Пасланец Праметэя". У прадмове да яе напісана: "Запатрабавальнасць Калесніка, як літаратара і мастака ніколі і ў нікога не выклікала сумнення, а ягоныя кнігі знікалі з паліц магазінаў імгненна". І гэта так. Уладзімір Андрэевіч сваім прыкладам паводзін увасабляў сумленнасць, праўду і справядлівасць. А голас яго жывой душы быў і застанецца не толькі над горадам над Берэсцем і ракой Бугам, але і над усёй нашай Беларуссю.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Мюнхен і знакамітыя мясціны сталіцы федэральнай зямлі Баварыя

Навіны Германіі

Горад Мюнхен - сталіца зямлі Баварыя Федэратыўнай Рэспублікі Германія.

Як паведамляе www.germania.one. Мюнхен - адзін з самых папулярных турыстычных кірункаў у Германіі, разам са сталіцай краіны - Берлінам - і горадам Кёльнам. Тут можна знайсці не толькі больш, чым дастатковую колькасць помнікаў архітэктуры, але і прыняць удзел у даволі знакавых падзеях. Па-за канкурэнцыяй тут, вядома, сусветна вядомы Актоберфэст - свята аматараў піва. Таксама, апроч усяго іншага, Мюнхен нязменна, з 1875 года, прымае найбуйнейшы оперны фэст у Еўропе.

Мюнхен ідэальна падыходзіць для святкавання Каляд. Таксама Мюнхен (зрэшты, як і ўся Германія) з'яўляецца месцам з даволі моцнай эканомікай і высокім узроўнем бяспечнага жыцця. Мюнхен - шыкарнае месца для жыцця і вандраванняў. Кожны турыстычны маршрут Мюнхена прывядзе да цэнтральнага пляца горада - Марыенпляц. У Сярэднявеччы Марыенпляц была месцам шматлікіх рыцарскіх турніраў. Таксама ў тыя часы тут знаходзіўся рыбны рынак. Марыенпляц заняла цэнтральнае месца ў жыцці Мюнхена з самага яго заснавання. Найболей вядомыя славутасці, крамы, рэстараны і мясцовы прадуктовы рынак знаходзяцца менавіта тут.

Да славутасцяў Марыенпляц варта аднесці Новую ратушу, пабудаваную ў неагатычным стылі ў другой палове XIX - пачатку XX стагоддзя, хоць яна здаецца куды больш старажытнай. З 1874 года Новая ратуша з'яўляецца домам для мясцовых органаў улады. Аднак такі шыкарны будынак быў створаны коштам парушэння прыватнай уласнасці каля 30 мюнхенскіх сем'яў. Новая ратуша ўяўляе сабою 85-мятровую вежу са спічаком і фасад, упрыгожаны постацямі значных гістарычных асоб Германіі.

Таксама тут варта згадаць і Старую ратушу. Упершыню яна згадваецца ў гістарычных крыніцах яшчэ ў XIV стагоддзі, але агульнапрынятай датай яе стварэння лічыцца XV стагоддзе. Старая ратуша пабудавана ў пераважна гатычным стылі з дабаўленнем некаторых элементаў эпохі позняга Адраджэння. Да пабудовы Новай ратушы Старая ратуша была будынкам для мясцовых органаў улады, аднак зараз тут - толькі Музей цацак. Ратуша даволі сур'ёзна пацярпела падчас Другой сусветнай вайны, і ў выніку мясцовым уладам давялося перабудоўваць спічак.

Галоўным оперным тэатрам горада з'яўляецца Баварская дзяржаўная опера. Менавіта тут грае адзін з самых вядомых у свеце оперных аркестраў - Баварскі дзяржаўны аркестр. Таксама менавіта тут і праходзіць Мюнхенскі оперны фэст. Кожны год у Баварскай дзяржаўнай оперы адбываецца больш за 300 прадстаўленняў з вядучымі выканаўцамі. Граюцца шэдэўры як нямецкага, так і агульнасусветнага опернага мастацтва.

Ні для каго не сакрэт, што Баварыя з'яўляецца радзімай найвядомейшага ва ўсм свеце аўтамабільнага брэнда BMW. Менавіта пад гэтай маркай да Першай сусветнай вайны ствараліся заводы па вытворчасці самалётаў. І менавіта пасля першага сусветнага канфлікту гэтыя заводы пачалі вырабляць аўтамабілі. Маючы такую цікавую гісторыю, грэх не завесці ўласны музей. Менавіта ў музеі BMW можна дазнацца больш дэталёва пра гісторыю брэнду, яго шлях да поспеху і гісторыю прадукцыі маркі BMW.

Толькі там можна ўбачыць рэдкія і ўнікальныя мадэлі аўтамабіляў BMW XX стагоддзя.

Галоўным футбольным аб'ектам Мюнхена з'яўляецца знакаміты стадыён "Альянц-Арэна", пабудаваны да пачатку Чэмпіянату свету па футболе 2006 года ў Германіі. Гэты стадыён з'яўляецца домам мясцовай футбольнай каманды "Баварыя" - вечнага чэмпіёна Германіі, які саступае па колькасці Кубкаў Еўрапейскіх Чэмпіёнаў толькі мадрыдскаму "Рэалу" і італьянскаму "Мілану", першага чэмпіёна свету сярод клубаў у гісторыі Германіі. Аднак менавіта на гэтым стадыёне "Баварыя" атрымала адну з самых балючых параз у сваёй гісторыі, прайграўшы хатні фінал Лігі чэмпіёнаў УЕФА лонданскаму "Чэлсі" ў серыі пасляматчавых пенальці, калі адзін з удараў не рэалізаваў выхаванец клуба, жывая легенда "Баварыі" Бастыян Швайнштайгер.

Як згадвалася раней, адной з асноўных матывацый прыезду ў Мюнхен пераважнай большасці турыстаў з'яўляецца свята піва Актоберфэст. Менавіта тут выпіваецца вар'яцкая колькасць піва і з'ядаецца не меней вар'яцкая колькасць баварскіх сасісак і свіных рулек. Актоберфэст вядзе сваю гісторыю апошнія 210 гадоў. Першым шчасліўчыкам, якія выпівае піва на Актоберфэсце, па традыцыі становіцца кіравўнік зямельнага ўрада. Альтэрнатыўным Актоберфэсту раем для аматараў піва з'яўляецца піўны рэстаран Хофбройхаўс, створаны за два стагоддзі да самога Актоберфэсту.

Першапачаткова гэта быў прыдворны бровар. Вялікія залы Хофбройхаўса здольныя змясціць да 4000 чалавек. Рэстаран вылучаецца лаяльнай да турыста цэнавай палітыкай, мэта якой - падаць як мага большай колькасці людзей з усёй Зямлі доступ да самых розных гатункаў найлепшага піва і лепшых страваў нямецкай кухні. Такім чынам, горад Мюнхен гэта не толькі сталіца Баварыі, нямецкага футболу і Актоберфэсту, але і месца са шматлікімі рэстаранамі і музеямі. Здаецца, не існуе ніводнага жыхара Зямлі, які не знайшоў бы сабе цікавага занятку ў Мюнхене.

Таццяна Сінькевіч.

Мітрапаліт Веніямін сустрэўся ў Казахстане з Папам Францішкам

У сталіцы Казахстана праходзіў VII З'езд лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій, у якім браў удзел Папа Францішак. На палях гэтага форуму адбылася сустрэча пантыфіка з дэлегацыяй Маскоўскага патрыярхату, у складзе якой на з'езд прыбыў мітрапаліт Веніямін. Беларуская дэлегацыя з'яўлялася часткай дэлегацыі Маскоўскага патрыярхату, паведамляе тэлеграм-канал "Хрысціянская візія".

Акрамя мітрапаліта Веніяміна ў дэлегацыю ўвайшлі кіраўнік Аддзела знешніх царкоўных сувязяў (АЗЦС) Маскоўскага патрыярхату мітрапаліт Валакаламскі Антоній, мітрапаліт Астанайскі і Казахстанскі Аляксандр, мітрапаліт Казанскі і Татарстанскі Кірыл.

"Падчас сустрэчы яе ўдзельнікі абмеркавалі шэраг аспектаў праваслаўна-каталіцкіх і міжрэлігійных адносін, сітуацыю ў свеце і выклікі, якія стаяць перад грамадствам", - паведамляе АЗЦС.

Папа Рымскі знаходзіўся ў Казахстане з дзяржаўным візітам, ён сустрэўся з прэзідэнтам рэспублікі Касым-Жамартам Такаевым і прадстаўнікамі грамадскасці. Пантыфік прыняў удзел у пленарным паседжанні VII з'езда лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій.

Паводле СМІ.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

У Беларусі, Швейцарыі і Польшчы - з любоўю: Барысевіч, Крой, Самойлаў, Чурак

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-37)

БАРЫСЕВІЧ Юрась.

"Шаноўны Юрась!

Калі ласка, дапамажыце нам атрымаць дадатковыя сведчанні пра індзейскае паходжанне Пітара Бёрна (калі гэта не "паўжарт"). Юрый Варонежцаў збіраецца задаць прамое пытанне Пітару ў час наступнай тэлефоннай размовы, але нам важна ведаць тое, што казаў ён Вам, што ўвогуле Вам вядома па тэме "П. Бёрн і індзейцы". Калі Пітар "часткова індзеец", то нам будзе патрэбна больш дэтальная інфармацыя пра яго". Так у лісце ад 18.08.1999 г. мы адрэагавалі на яго публікацыю ў часопісе "Мастацтва" "Унутраная Амерыка" (1998, № 10).

"Для заакіянскага амерыканца Пітара Бёрна паездка ў беларускую вёску мела і дадатковы сэнс сустрэчы з новай, але ўжо зруйнаванай радзімай. Па крыві часткова індзеец, Бёрн не мог не прыгадаць лёс дакалумбавых цывілізацый..." - пісаў Барысевіч, расказваючы пра мастацкую імпрэзу (хэпенінг) з паездкай на "руіны" вёскі Амерыка ў Крупскім раёне. У кампаніі з "часткова індзейцам" таксама былі Міхаіл Баразна, Яўген Шунейка, Алесь Анціпенка, Артур Клінаў (аўтар малюнка "Індзейцы грэюцца ля беларускай печкі") - усяго шэсць чалавек.

У першай нашай размове Варонежцаў толькі ацаніў колер скуры Бёрна - адназначна белы. Як вядома, Пітар быў выканаўчым дырэктарам Беларускага фонду Сораса, калі ў Менск у 1996 г. прыехаў пры падтрымцы і фонду "сапраўдны" індзеец - У. Язі (гл. арт. "Браніцкі", "Грыдзін"). Пітар і яго жонка-беларуска Вераніка Бягун з 1997 г. жылі ў Кіеве, іх дачцэ ў 2022 г. было 20 гадоў. (Індзейскія карані меў вядомы даследчык галадамору кіяўлянін і муж украінкі Дж. Мэйс (1952-2004) - яго імя засталося і ў назве вуліцы, было вырашана паставіць яму помнік).

КРОЙ Алесь - адзін з лідараў ТБМ (Гарадзенская філія), краязнавец і складальнік экскурсійных маршрутаў. У матэрыяле "Праз краязнаўства да спробы стварэння турыстычнага праекту" для канферэнцыі ў Менску паведаміў пра выпадак, падобны на гісторыю С. Грачухінай (гл. арт. у БСІ) і А. Куба Эсківеля, але больш "прыземлены" ў самой Беларусі, у Гарадзенскім раёне.

(Звесткі пра канферэнцыю і яе зборнік: "Матэрыялы Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі "Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух", якая адбылася 16 красавіка 2012 г. у межах выканання праекту "Захаванне гістарычнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці", падтрыманага Праграмай малых грантаў Амбасады ЗША ў Беларусі, узгодненага з Міністэрствам культуры Беларусі і зарэгістраванага ў Дзярждэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь".)

"Маршрут № 3 "Крыніцы нашых скарбаў". 1. Лаша - малая радзіма славутага акадэміка […] Могілкі (10 хв.). Месцы пахавання Івана Карскага, яго родных і блізкіх, маці А. Цыхуна, усыпальня-саркафаг індзейца народа кечуа з Перу, які ажаніўся з лашанскай дзяўчынай. Страшная легенда пра тутэйшага гаспадара Яна Кунца, які парушыў пахаваныя косткі шведскіх жаўнераў". Могілкам у маршруце папярэднічалі памятны валун, будынак былой школы і музея Я. Карскага, створанага А. Цыхуном, Свята-Мікалаеўская царква. (Карскі быў дырэктарам Кунсткамеры, пад яго агульнай рэдакцыяй выходзілі і даследаванні супрацоўнікаў музея, уключаючы С. Ратнер-Штэрнберг, па амерыканістыцы.)

9.09.2022 г. у электронным паведамленні Алесь Крой даў падрабязнасці: "Каля 10 гадоў таму праводзіў экскурсію па мясцінах Я. Карскага і мы з экскурсантамі сустрэлі тыповага індзейца ў Лашы, хоць я праводзіў экскурсію, але ўбачыўшы такога незвычайнага чалавека, не мог яго не запыніць і распытаць.... ён расказваў сваю гісторыю, як трапіў у Лашу... вучыўся, здаецца, у Баку, адпачываў у Крыме? і пазнаёміўся з дзяўчынай з Лашы, якая там таксама адпачывала... Сустракаліся, пабраліся шлюбам і жылі. Нарадзіўся ў іх сын, які потым граў у Гарадзенскай філармоніі ў нейкім музычным гурце. Жонку пахаваў у Лашы і дарабляў (калі я з ім пазнаёміўся) усыпальню-саркафаг (насіў вёдры з вадой, рабіў сцены сваімі рукамі, працэс, як ён казаў, вельмі павольны)".

У Кроя засталіся і аўдыявізуальныя сведчанні пра індзейца і ўсыпальню (з падпісу да фота даведваемся імёны нашых герояў: Вікуні, Журневіч).

Цікава і тое, што ў Індуры каля Лашы служыў адзін з першых у Беларусі ў новы час езуітаў. Напрошваецца думка, што індзеец мог з'явіцца ў Лашы ў сувязі з членам ордэна, які так моцна звязаны з карэнным насельніцтвам Амерыкі. Айцу Казімежу мы пісалі 16.07.1998 г.: "У пачатку чэрвеня 1997 г. я прыязджаў у Гродна на канферэнцыю, наведаў многія храмы, у тым ліку і Фарны касцёл. Даведаўся [тады ў апошнім ад святара, у якога таксама пытаўся пра Амерыку-"індыянку" ў інтэр'еры] аб тым, што Вы, верагодна, першы член Ордэна езуітаў, які працуе ў Беларусі пасля вайны, і вельмі ўзрадаваўся магчымасці напісаць Вам. Я ўжо больш за дзесяць гадоў цікаўлюся сувязямі паміж беларускімі і амерыканскімі езуітамі. Сабраў даволі вялікі масіў інфармацыі, стараюся фіксаваць усе згадкі пра езуітаў у беларускай друку.

Быў бы вельмі ўдзячны, калі б Вы крыху распавялі пра сябе і Вашу службу. Магчыма, за мінулы час у рэспубліцы з'явіліся іншыя члены Ордэна?"

САМОЙЛАЎ Уладзімір - журналіст, сцэнарыст. У паралель з гісторыямі кечуа з Перу (Рыма) (гл. арт. "Грачухіна") і кечуа з Лашы (гл. арт. "Крой" у гэтым выпуску БСІ) адбывалася "візуалізацыя" культуры андскіх індзейцаў і ў Швейцарыі. Фота з матэрыялу ў рубрыцы "Фотавандроўка за мяжу" (Самойлаў У. А тым часам у Швейцарыі // Беларусь. 1993. № 3) знаходзіцца на ўкладных аркушах часопіса паміж с. 18-19.

ЧУРАК Анатоль (Czurak) - проста выконваў сваю работу па ахове мяжы, пры гэтым яго вучылі індзейцы. Найбольшая колькасць носьбітаў прозвішча - у Гайнаўцы, іх таксама нямала ў самой Беларусі.

У матэрыяле Яланты Гадэк (Gadek) 30.05.2003 г. "Індзейцы з Арызоны вучаць падляшскіх памежнікаў" ("Indianie z Arizony szkolа podlaskich pogranicznikоw"): https://wspolczesna.pl/indianie-z-arizony-szkola-podlaskich-pogranicznikow/ar/5235658) расказваецца пра вопыт абменаў паміж прафесіяналамі-памежнікамі - індзейцамі з аднаго боку і палякамі ды беларусамі з другога боку - у польскай частцы Белавежскай пушчы.

"Амерыканска-мексіканскую мяжу ў штаце Арызона ахоўвае, у тым ліку, падраздзяленне Shadows wolves (Цені ваўкоў) з 21 чалавека. Там служаць індзейцы з прылеглай да мяжы рэзервацыі. Гісторыя гэтага фармавання бярэ пачатак з 1973 года, калі ўлады індзейскага племені пагадзіліся патруляваць участак мяжы, які праходзіць праз рэзервацыю. Аднак паставілі адну ўмову - усе працоўныя месцы ў памежных службах павінны былі заняць індзейцы".

У публікацыі даецца слова тром індзейцам, што прыехалі: Браян Нэз (Nez), наваха з Арызоны, Джэйсан Гарсія (Garcia) з "Desert People" або "Tohono O'odham" (раней вядомыя пераважна як папага, "гарманічнае" вымаўленне - з націскам на сярэдні склад, "правільнае" - на першы, хаця дзеля рыфмы Ніл Гілевіч у "Сказе пра Лысую гару" падаў іх як "папаго"; складана перадаць гэта па-беларуску блізка да арыгіналу: тохана-аад(х)ам, рус. тохоно-оодхам) і Дэвід Скаўт (Scout) з аглала (лакота) сіў (на значанай частцы картак Беларускай-індзейскай бібліяграфіі (на сёння 12150 запісаў) пазначаны этнонімы - часам у неверагодных формах, "якія таксама маюць права на жыццё", - пры іх з'яўленні ў беларуска-індзейскіх друкаваных крыніцах).

"- Браян - вельмі роўны хлопец. Ён не ўзвышае сябе, ён добры і вельмі-вельмі сціплы. Ён увесь час падкрэслівае, што і ён вучыцца ў нас, а не толькі мы ў яго, - кажуць падляшскія памежнікі, якія ўдзельнічаюць у пяцідзённым навучанні, якое прайшло на гэтым тыдні ў Белавежы.

Навучанне было арганізавана ўрадам ЗША і з'яўляецца часткай праграмы, якая рэалізуецца ў 25 краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Трое індзейцаў з Арызоны, якія служаць у памежнай ахове ЗША на мексіканскай мяжы, дзеляцца сваімі навыкамі з прадстаўнікамі памежнікаў з іншых краін. У зборах у Белавежы ўдзельнічалі 24 афіцэры. Раней індзейцы былі ў Пшэмыслі, з Белавежы яны адправяцца ў Кентшын, дзе будуць вучыць высочванню афіцэраў Вармінска-Мазурскага аддзела Памежнай аховы".

"Індзейскія памежнікі прызнаюцца, што іх праца не з самых лёгкіх. Бывае, што без прыпынку ідуць па трасе па 36 гадзін. У іх распараджэнні коні, машыны і іншы рыштунак, але часцей за ўсё даводзіцца разлічваць на ўласныя ногі. На мексіканскім баку таксама жывуць індзейцы, часам мяжа дзеліць сем'і - як і ў памежных гарадах Падляшша".

"Паводле гасцей з Арызоны, экіпіроўка падляшскіх памежнікаў істотна не адрозніваецца ад стандарту экіпіроўкі амерыканскіх памежных службаў. У падарунак польскім калегам яны прывезлі некалькі дзясяткаў прылад пад назвай GPS. Яны падобныя на мабільныя тэлефоны. Падключаючыся да трох спадарожнікаў, яны дазваляюць дакладна вызначаць месцазнаходжанне карыстальніка, што палягчае арыентацыю на мясцовасці. А яшчэ падарылі калегам шматфункцыянальныя кішэнныя нажы. На іх думку, самыя простыя прадметы часцяком гэтак жа карысныя для адсочвання, як і высакакласная тэхніка. Напрыклад, індзейцы паказалі, як вымяраць сляды кіем або палкай. Праз некаторы час усе памежнікі заняліся струганнем палак... Амерыканцы былі вельмі здзіўлены, што ў Грабаўцы пад Беластокам ёсць індзейская вёска, дзе жывуць аматары культуры і звычаяў чырванаскурых. Яны вырашылі наведаць яе па дарозе ў Кентшын".

"Па словах камандзіра аддзялення Памежнай службы ў Белавежы паручніка Анатоля Чурака, яго падначаленым вельмі спатрэбяцца ўрокі сачэння. У турыстычны сезон з гараджанамі даволі часта здараецца заблудзіцца ў лесе і перайсці на беларускі бок. Некаторыя едуць туды спецыяльна, каб паглядзець знакамітую "sistiemе". Іх трэба высачыць і спыніць. Час ад часу нелегальныя мігранты спрабуюць трапіць у Польшчу праз мяжу. А Белавежская пушча - тэрыторыя, якую цяжка адсачыць.

- Сапраўды, падрыхтоўка афіцэраў уключае ў сябе элементы крыміналістыкі, напрыклад, іхіаграму (ichiogram) хады чалавека і жывёлы, навучанне сачэння, але ў асноўным яно заключаецца ў навучанні распазнаваць сляды, - кажа камендант.

Першая група ўдзельнікаў трэнінгу знікае ў лесе пасля багатага апырсквання сродкам супраць камароў. Іх задача - пакінуць невялікія сляды, каб іх знайшла другая група. Гэта крыху падобна на падходы [харцарскую гульню], але след значна менш выразны. Прадстаўнікі Арызоны прызнаюць, што сачэнне ў лесе моцна адрозніваецца ад сачэння ў пустыні. Да ўсяго, ён мае значна больш павольны тэмп, і гэта таксама стварае шмат небяспекі. У лясной глушы лёгка схавацца і нечакана напасці.

- Індзейцы вучаць нас звяртаць увагу на дробныя, здавалася б, няважныя дэталі, - кажуць удзельнікі трэнінгу. - Яны паказваюць, што на след кантрабандыста нас можа вывесці змятая травінка, каменьчык, сцёрты з кораня мох або маленькая зламаная галінка. Варта прызнаць, што індзейцы некалькі змянілі наш падыход да сачэння".

Вучыцца ў індзейцаў могуць і на беларускім баку, запрасіўшы, напрыклад, калі не мексіканскіх, то венесуэльскіх следапытаў. Ігнат Касцян выдаў кнігу "Разведвальныя практыкі паўночнаамерыканскіх індзейцаў" ("Разведывательные практики североамериканских индейцев", Минск: Р. М. Цимберов, 2020. 457, [2] с. - (Серия "Такая история")).

Беларусы Белавежы сустракаюцца з індзейцам з ЗША Дж. Брэнерам, што вучыўся ў Варшаве, калі ён адсочваў там "сляды жывёл" яшчэ ў 1978 г.; гл. яго партрэт ва ўспамінах П. Байко ("Ніва": "Індзейцы на польска-беларускім памежжы": 2021. 7 лістап. № 45. С. 5).

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Вайна ў 1920 годзе*

Успаміны і разважанні

Генерал Люцыян Жалігоўскі

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

У той час, калі ва ўсёй Польшчы ўжо ўмацавалася ўпэўненасць у перамозе, 5-я армія знаходзіцца ў цяжкай сітуацыі. Нават яе тактычныя поспехі не могуць выраўняць памылковай стратэгічнай ролі, якую яна выконвае на працягу бітвы.

Над усёй сітуацыяй вісіць першародны грэх пагарды да абароны і заўчаснай атакі. Хапіла аднаго больш моцнага ўдару з боку 4-й савецкай арміі, каб "пагібель" 5-й арміі стала па сутнасці непазбежнай.

Нічога дзіўнага, што камандаванне савецкага фронту па меры паступаўшых дакладаў пра наступленне нашай 5-й арміі - як піша Тухачэўскі - "не ведала, дзе сесці ад радасці". Непрыяцель, якога так доўга шукалі, сам падстаўляецца пад удар.

Не змяняе стану рэчаў тое, што ў выніку пазнейшых памылак савецкага камандавання, а перш за ўсё 4-й арміі, удар той спыніўся на стадыі праектавання і не дайшоў да рэалізацыі.

З нашага боку - паўтараю - быў гэта момант рызыкі нічым не абгрунтаваны.

Гісторыя войнаў ведае выпадкі, калі неабходнасць альбо вялікія мэты змушаюць да такога роду рызыкоўных прадпрыемстваў. Няма той неабходнасці ў разгляданым гістарычным моманце. Варшаву ўключна з адрэзкам Буга-Нарвы ад Модліна Да Зэгжа можна было ўтрымаць без пропуску 15-й савецкай арміі за Укру, без аддання на велізарныя страты рызыкоўна высунутай групы ген. Краёўскага і без агалення Модліна, які пасля выхаду 17-й дывізіі пяхоты быў амаль безабаронны.

Як латва можна было бараніць паўночны адрэзак, пра тое сведчыць двухдзённая паспяховая абарона Зэгжа малымі сіламі палк. Малахоўскага. Ёсць яна доказам, як латва лінію Модлін - Зэгжа можна было замкнуць.


Г) 16 жніўня


На варшаўскім адрэзку 16 жніўня мы з'яўляемся ўжо пераможным бокам. Нягледзячы на гэта, непрыяцель не хоча прызнаваць паразу; найбольш актыўна выступае 21-я савецкая дывізія, якая намагаецца выйсці ў тылы Зэгжа. 10-я дывізія пяхоты вядзе з ёй у ранішнія гадзіны зацятую бітву за Мокрае. На працягу дня ў выніку дзеянняў 5-й арміі напор на гэтым кірунку слабее: 21-я савецкая дывізія атрымоўвае загад перайсці ў рэзерв 3-й арміі і з гэтай мэтай перапраўляецца на паўночны бераг Буга-Нарвы.

Гэта першы канкрэтны факт аблягчэння варшаўскага кірунку 5-й арміяй - у дадзеных умовах зрэшты цалкам неістотны і, хутчэй, на фоне прыведзенага ў рух удару з-над Вепжа, у выніку шкодны.

У 5-й арміі сітуацыя напружаная да апошніх межаў. Утварыліся тры агмені баёў: адзін у раёне Гансоціна і Соньска, дзе геройскі змагалася, пакінутая ўсімі, група ген. Краёўскага; другі ў раёне Плоньска, дзе 1-шы полк шваляжэраў разам з 4-м паморскім палком стрымлівае напор адборных аддзелаў 4-й савецкай арміі, якія ідуць проста ў тылы нашай асноўнай групоўкі, трэці нарэшце ў раёне Насельска, дзе сканцэнтравана большасць нашых сіл.

На савецкім баку цэлы дзень праходзіць пад знакам неспакою за паўночнае крыло 15-й арміі (раён Цеханова). Савецкае камандаванне пераканана, што мы маем там сур'ёзныя сілы і паспешна перакідвае на поўнач 33-ю дывізію пяхоты (незалежна ад 4-й і 16-й, якія ўжо дзейнічаюць пад Соньскам), 56-ю, якая змагаецца на лініі Буга-Нарвы (да Макава); нарэшце згаданую ўжо 21-ю дыв. пяхоты (у рэзерв 3-й арміі).

Ці гэтыя перакідванні ёсць для нас стратэгічна карыснымі?

Мяркую, што не.

Наступленне з-над Вепжа ўжо ідзе, і нам залежыць на тым, каб яно застала максімум савецкіх сіл у раёне Варшавы. Кожны адход непрыяцеля на поўнач аслабляе эфект нашага ўдару.

Таксама і агаленне Насельска, які з'яўляецца аб'ектам канцэнтрычнага наступлення галоўных сіл генерала Сікорскага, прыводзіць да непажаданых вынікаў, бо робіць мажлівым для 15-й савецкай арміі фактычнае ўхіленне ад падрыхтаванага з такой цяжкасцю ўдару.

Вось як выглядае гэты момант у канкрэтным асвятленні Гістарычнага бюро:

"Калі на савецкім баку на поўнач ад Буга 16 жніўня галоўныя сілы 15 арміі нацэліліся ўжо цалкам на цеханоўскі кірунак, дзе страхам для іх з'яўляецца самотная група ген. Краёўскага, а галоўныя сілы завязлі цалкам на фартах Зэгжа, Дэмбага і Арэхава, галоўныя сілы 5-й польскай арміі скіраваліся канцэнтрычна на Насельск, які бараніла самотная 11-я савецкая дывізія. Каля 16.00 Насельск узялі, і сустрэліся там аддзелы 17-й і 9-й, дабраахвотнай дывізіі і сібірскай брыгады (польскіх)". (Дадаткі да працы Маршала Пілсудскага "1920 год" - выданне ІІ, стар. 360.)

Гэтае самае зрэшты сцвярджае і сам камандуючы 5-й арміі, гаворачы ў адным са сваіх загадаў:

"Нягледзячы на вялікую непрыяцельскую канцэнтрацыю ў раёне Насельска-Боркава, сцвярджаю, што ў гэтым раёне мы лічэбна і тэхнічна мацнейшыя за бальшавікоў".

Як эфект цэлага дня: узяцце Насельска з палавінчатым знішчэннем 11-й савецкай дывізіі.

Генерал Сікорскі ўспамінае, што ўжо ў найбліжэйшыя гадзіны пасля заняцця горада - "пасля хвілі пераадолення ўзнікшага замяшання" - пайшлі з боку савецкіх аддзелаў "энергічныя контратакі" (стар. 156).

З нашага боку фарсіраваныя аперацыі 14, 15 і 16 жніўня давялі да поўнага вычэрпвання сілаў. Вось як пра гэта піша камандуючы арміі:

"5-й арміі, пазбаўленай пасля вычэрпвання рэзерваў свежых сілаў, незгрупаванай, як было неабходна ў гэты момант, у глыбіню, забракла дыхання. Камандуючы фронту не мог таксама падтрымаць свае трапныя дырэктывы ніякім аргументам сілы" (стар. 156).

А сітуацыя ў сутнасці да лёгкіх не належала: у Насельску нашая лічэбная перавага з адначасовай аднак перастомленасцю, якая рабіла немагчымым "здабыццё патрэбнай для пераследвання энергіі"; у раёне Санхоціна і Сарнавай Гары кінуты ўсімі ген. Краёўскі, які імкнуўся любой цаной да адбудавання паўночнага адрэзка фронту, страчанага ў выніку разбіцця 42-га палка пяхоты; у раёне Плоньска слабая заслона супраць грозна навісшай 4-й савецкай арміі.

Нічога дзіўнага, што непрыяцель "не ведаў, дзе сесці з радасці".

Скаргі на тэму немагчымасці падтрымкі трапных дырэктыў камандуючага фронту "ніякімі аргументамі сілы", настолькі не да месца, бо большасць нашых аддзелаў была не дзе інакш, як за Укрой, ініцыятарам іх канцэнтрацыі быў сам ген. Сікорскі.

Ад вечару 14 жніўня камандуючы фронту не меў уласнага рэзерву.

Была гэта ўласна тая стратэгічная памылка, за якую 14 жніўня амаль не заплацілі пройгрышам на ўсім паўночным фронце. 5-я армія, разбудаваная за кошт асноўнай групоўкі (абарона Варшавы і ўвесь рэзерв), прыменена надзвычай заўчасна і ў неўласцівым, бо франтальным, кірунку, была тварэннем памылковым.

Адзіны пазітыўны эфект яе трохдзённых баёў у раёне Цеханова і Насельска - гэта затрымка 15-й савецкай арміі. Вынік гэты не вымагаў аднак прымянення для гэтага блізка паловы сілаў паўночнага фронту. Гэта самае магла дасягнуць адна добрая дывізія разам з існай залогай, якая паспяхова бараніла Модлін.

* * *

Асноўная памылка, якая заключалася ў заўчасным прымяненні 5-й арміі для зачэпных дзеянняў, папомсцілася і ў фазе пераследу Варшаўскай бітвы.

Нягледзячы на бліскучыя вынікі ўдару з-над Вепжа, які быў для савецкага камандавання зусім нечаканым, нягледзячы на амаль поўны разгром мазырскай групы і 16-й савецкай арміі, на поўначы сітуацыя ўсцяж невыразная і савецкія сілы ў непарушным стане адходзяць на ўсход.

3-я савецкая армія адступае хутчэй пад уплывам абходных дзеянняў нашай 4-й арміі, чым пад напорам войск паўночнага фронту. 15-я армія (за выключэннем 11-й дывізіі пяхоты) да 19 жніўня трывае бяскарна ў раёне Цеханова; адходзіць адтуль неразбітая і ва ўзорным парадку. Не ўдаецца таксама манёўр акружэння 4-й савецкай арміі.

Вось як гэтыя дзеянні былі ахарактыразаваны ў дадатках да працы маршала Пілсудскага "1920 год":

"Толькі факт, што нашая 5-я армія заміж таго, каб скіраваць на яе (15 савецкая армія) большасць сваіх сіл, прымяняючы манёўр па ўнутраных лініях, раздрабіла свае сілы веерападобна, прыкрываючыся з усіх бакоў (ад Пултуска, Цеханова і Плоньска адначасова), прывёў да таго, што 15-я савецкая армія без перашкод накіравалася потым на ўсход, а за ёй 4-я; гэтая апошняя сустракаючы па дарозе паасобныя пруцікі веера польскай 5-й арміі, ламала іх адзін за другім, пакуль не аказаўшыся разам з 15-й арміяй перад ужо сканцэнтраванай масай польскай 4-й арміі ў раёне Ломжы і Кольна, не панесла там канчатковай паразы" (стар. 371).


Характарыстыка гэтая падаецца мне найбольш трапнай.

Належыць дадаць, што 5-я армія мела ў той перыяд вельмі сур'ёзныя сілы, у яе распараджэнне перайшлі: брыгада кавалерыі ген. Дрэшара (15.VIII), 8-я брыгада пяхоты (17.VIII), 11-я дывізія пяхоты (17.VIII) і часова 10-я дывізія пяхоты (19.VIII).

Не буду далей затрымлівацца над аператыўным бокам працы 5-й арміі. Мяркую, што гісторыя дазнаецца пра памылкі нашай групоўкі на поўначы.

5-я армія не адыграла "ролі першаразраднай", бо трывала далей памылка яе стратэгічнага прызначэння.

Цікавай з'яўляецца абшырная матывацыя ген. Сікорскага, якая ўказвае на немагчымасць каардынацыі дзвюх так аддаленых ад сябе аперацый, як бітва над Укрой і ўдар з-над Вепжа:

"Удар Вярхоўнага Галоўнакамандуючага аблягчаў непасрэдна нашу 1-ю армію. У цалкам адрозным у гэты час становішчы знайходзілася 5-я армія, адрэзак фронту якой быў залішне аддалены ад пазіцый войск групы пераследу, якія наносілі ўдар з паўдня, каб можна было разлічваць на хуткі яго вынік у тылах 15-й і 3-й савецкіх армій" (стар. 125).

І як вывад:

"Дзеянні, распачатыя 14 жніўня 5-й арміяй, насілі рысы асобнай і наглядна самастойнай акцыі" (стар. 126).

Цяжка знайсці больш памылковае ўспрыняцце справы. Удар Вярхоўнага Галоўнакамандуючага меў задачу не "аблягчэння" становішча той ці іншай арміі, а выйгрышу аперацыі, якая вырашала лёс Польшчы. Абавязкам усіх было ўдар гэты аблегчыць, а не расцярушваць сілы на асобныя і самастойныя акцыі.

План ад 6 жніўня хацеў ад поўначы аднаго: упартай абароны і вытрымкі аж да вырашальнай хвілі. Толькі тады, як гаварыў загад, натупальнае "ўзаемадзеянне войскаў паўночнага адрэзка бралася пад увагу".

Канешне, гэтая надзейная і так усямерна патрэбная зацяжка часу мажліва была пры ўмовах вельмі моцна змантаванай абароннай лініі (Модлін - Зэгжа - Карчаў).

Варшава была ўратавана, дзякуючы выйгрышу пад Волькай, Мокрым і Радзымінам. Мяркую, што гісторыя належна ацэніць тут ролю 1-й арміі, якая нягледзячы на сваё аслабленне, нягледзячы на кепскі стан умацаванняў і іншыя недахопы, сумела сваю задачу выканаць.

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

"БІБЛІЯТЭЧНЫ РАРЫТЭТ ХХ СТАГОДДЗЯ "

Кніга з'яўляецца не толькі носьбітам інфармацыі, але і крыніцай ведаў, захавання памяці аб мінулым, гістарычнай праўды, якія фарміруюць будучыню краіны, будучыню новых пакаленняў.

15 верасня Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы прадставіла для сваіх наведвальнікаў музейна-выставачную экспазіцыю "Бібліятэчны рарытэт ХХ стагоддзя". Выстава дэманстравала найбольш рэдкія ўзоры беларускай і сусветнай кніжнай спадчыны, якія былі дастаўлены з фондаў публічных бібліятэк Лідскага раёна.

Наведвальнікі, напрыклад, змаглі ўбачыць альбом "Беларускі народны арнамент" з дарчым надпісам і аўтографам Уладзіславы Луцэвіч, жонкі народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Не магло не зацікавіць наведвальнікаў кніжнае факсімільнае выданне "Першае чытанне для дзетак беларусаў", якое было выдадзена ў 1906 годзе. У кнізе змешчаны вершы, навелы-замалёўкі, навучальны матэрыял, а таксама народныя казкі, загадкі і многае іншае.

Сярод дзіцячых кніжных выданняў, прадстаўленых на выставе, былі адабраны найбольш цікавыя ў афарміцельскім плане асобнікі 40-60 гадоў мінулага стагоддзя. Таксама былі прадстаўлены і бібліятэчныя дакументы. Напрыклад, уліковыя дакументы з сургучнай пячаткай і чытацкія фармуляры 70-гадоў ХХ стагоддзя.

Яркім дадаткам выставы стала фотазона, прысвечаная 100-годдзю з дня заснавання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Д.А. Марцінкевіч, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX