Папярэдняя старонка: 2022

№ 39 (39) 


Дадана: 28-09-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 39, 28 верасня 2022 г.

Еўрапейскі дзень моў прайшоў незаўважна

Еўрапейскі дзень моў - адзначаецца 26 верасня, быў абвешчаны Саветам Еўропы (і падтрыманы Еўрапейскім саюзам) падчас Еўрапейскага года моў - 6 снежня 2001г. Паняцце еўрапейскія мовы больш шырокае, яго не трэба блытаць з афіцыйнымі мовамі краін-членаў Еўрасаюза. Асноўная мэта дня - заахвочванне вывучэння і засваенне розных моў як у школах, так і па-за іх межамі на працягу ўсяго жыцця чалавека. Асабліва падкрэсліваецца неабходнасць вывучэння некалькіх замежных моў, а не толькі англійскай, якая абсалютна дамінуе з пачатку 1990-х, засмечваючы шматлікія мовы непатрэбнымі запазычаннямі.

Асноўныя мэты Еўрапейскага дня моў

- прыцягненне ўвагі да вывучэння моў з мэтай павышэння ўзроўню міжкультурнага і міжмоўнага ўзаемаразумення;

- дэманстрацыя багацця моўнай і культурнай разнастайнасці Еўропы;

- заахвочванне вывучэння і асваення розных моў як у школах, так і па-за імі цягам часу ўсяго жыцця чалавека.

На тэрыторыі Еўропы налічваецца 225 аўтахтонных моў, больш за 2/3 якіх альбо ўжо вымерлі, альбо знаходзяцца на мяжы знікнення ў выніку паступовай асіміляцыі ў становішчы моўнай меншасці (напрыклад, ірландская мова і іншыя кельцкія мовы).

З іншага боку, моўная карціна Еўропы істотна ўзбагацілася з другой паловы XX стагоддзя, калі ў выніку масавай эканамічнай і палітычнай міграцыі практычна ва ўсіх еўрапейскіх краінах, асабліва ў іх сталіцах, пачала чуцца гаворка многіх народаў свету. У Германіі прыкметна прысутнасць турэцкай мовы, у Швецыі і Францыі - арабскай, у Лондане па дадзеных апошніх апытанняў пражываюць носьбіты 336 моў, у тым ліку хіндзі, урду, розных афрыканскіх моў і інш. Але вельмі часта наплыў мігрантаў з трэціх краін прыводзіць да пагаршэння становішча аўтахтонных моў нацыянальных меншасцяў, паколькі імігранты звычайна імкнуцца авалодаць толькі найбольш эканамічна "выгаднай", дамінуючай мовай, карыстаючыся роднай у хатнім ужытку і ігнаруючы ўсе іншыя. Так, наплыў мігрантаў у Ірландыі ўскосна спрыяе далейшаму заняпаду ірландскай мовы за кошт англійскай, а ў Фінляндыі - шведскай за кошт фінскай.

Большасць еўрапейскіх моў індаеўрапейскага паходжання. З канца 18-га стагоддзя, найбольш распаўсюджанай мовай Еўропы (як з пункту гледжання геаграфіі, так і колькасцi носьбітаў мовы) была руская, якая замяніла французскую мову. Каля 150 мільёнаў еўрапейцаў гавораць на рускай на штодзённай аснове. Далей з вялікім адрывам iдзе нямецкая мова - каля 95 мільёнаў, французская, - 66 мільёнаў, англійская мова - 63 мільёны, італьянская мова - 60 мільёнаў, іспанская і польская мова - прыкладна па 40 млн носьбітаў і ўкраінская мова - каля 25-30 млн носьбітаў.

У якасці замежных моў у Еўропе, якімі валодаюць еўрапейцы, вылучаюцца: англійская (38 %), нямецкая (15%), французская (14 %), руская (7 %), іспанская (5 %), італьянская (3 %).

Попыт на англiйскую ў апошнія гады стабілізаваўся на высокім узроўні, на нямецкую, французскую і асабліва італьянскую мовы некалькі спаў, затое значна павялічылася прывабнасць іспанскай мовы, у меншай ступені партугальскай.

Традыцыйна слаба вывучаюць заходнія і паўднёвыя еўрапейцы славянскія мовы (за выключэннем рускай) і фіна-ўгорскія.

Павялічваецца прывабнасць шэрагу буйных неіндаеўрапейскіх моў: кітайскай, арабскай, турэцкай, карэйскай.

У Беларусі Еўрапейскі дзень моў у апошні раз шырока адзначаўся ў 2019 годзе.

Паводле Вікіпедыі.

У Лідзе справілі раённае свята Багач

Культура беларусаў надзвычай шматгранная. Кожны абрад раскрывае адну з важных рыс характару нашага народа - імкненне адарыць усіх увагай, добрымі пажаданнямі, прыўнесці часцінку радасці ў кожную хату. 24 верасня ў Лідскім раённым цэнтры экалогіі, турызму і краязнаўства яблыку не было дзе ўпасці: тут ладзілася раённае свята Багач.

У народзе казалі: "Прыйшоў Багач - кідай рагач, бяры сявеньку - сей памаленьку", а яшчэ: "Будзь багаты, як восень". Этымалогія назвы народнага свята цалкам адпавядала стану гаспадаркі людзей у гэты час: у палявых работах пастаўлена кропка, а ў засеках - збожжа, садавіна і агародніна.

- У вёсках існаваў звычай, згодна з якім ад кожнага члена сям'і прыносілі па жменьцы жыта, абмалочанай з першага снапа на Зажынках. Жыта складалі ў агульную каробку (лубку), якая ўвесь год захоўвалася ў адной з вясковых хат, - расказвае намеснік дырэктара Лідскага раённага цэнтра экалогіі, турызму і краязнаўства Любоў Прадка. - У хаце, дзе знаходзіўся багач, святар служыў малебен "за новы лёс i Божую шчодрасць да людзей". Потым здзяйсняўся абыход вакол вёскі з каробкай, у цэнт-ры якой у зерне была ўстаўлена запаленая свечка. Пасля абыходу ішлі да хаты, у якой увесь наступны год павінна была захоўвацца каробка з жытам. Лічылася, што багач павінен прыносіць гаспадару дабрабыт, дастатак і здароўе.

Урачыста, з музыкай і народнымі песнямі ладзілася свята. Асабліва радуе тое, што ў рэканструкцыі абраду прымалі ўдзел мясцовыя школьнікі - пакаленне, якому выпала захоўваць памяць і несці беларускую культуру, традыцыі продкаў у заўтрашні дзень. У імправізаванай "хаце" (ёю стала пляцоўка каля экалагічнага цэнтра) працавалі творчая майстэрня "Лаўка цудаў" па вырабе народных абрадавых абярэгаў з саломы, пляцоўка "Кошык фарбаў", дзе хлопцы і дзяўчаты займаліся стварэннем карцін з выкарыстаннем прыродных матэрыялаў, а таксама дэгустацыйная пляцоўка "Смачна есцi", якая ўяўляла сабой калейдаскоп традыцыйных страў беларускай нацыянальнай кухні з агародніны, садавіны, збожжавых культур. Праходзілі творчая сустрэча "Смак восені" (майстар-клас па стварэнні вырабаў з агародніны) і выстава-продаж дароў восені "Восеньскi вiнегрэт". З вялікай зацікаўленасцю госці свята ўдзельнічалі ў дажыначных абрадавых гульнях, конкурсах, танцах.

- Цікава было акунуцца ў свет народных абрадаў, атмасферу таго часу, паўдзельнічаць у конкурсах, - адзначыў Мацвей Дудзіч. - Гэта вельмі добра, што на Лідчыне імкнуцца зберагчы тую багатую спадчыну, якая дасталася нам ад нашых бабуль і дзядуль. Народнае свята жыве, пакуль пра яго памятаюць і працягваюць шанаваць.

- Вельмі рада, што прыняла ўдзел у такім прыгожым мерапрыемстве. Дзякуй арганізатарам, - падтрымала размову Людміла Андрушкевіч, мама дзяўчынак Дашы і Дамінікі. - На свята прыйшлі выхаванцы цэнтра, жыхары нашага новага мікрараёна. Яно атрымалася вельмі душэўным, яркім, народным і запомніцца кожнаму надоўга.

Цікавыя факты

Багач - свята, якое заканчвала цыкл вырошчвання ўраджаю. Адзначалі яго нашы продкі 21 верасня па народным календары.

У гэты дзень было прынята сядзець у хаце з агнём. У святліцы запальвалі свечку і ставілі яе ў міску са збожжам або проста праводзілі вечар пры лучыне і чыталі малітву. Лічылася, што агонь валодае ачышчальнай сілай і зараджае энергіяй жыцця.

Асаблівае значэнне пры святкаванні Багача меў культ Маці. У гэты дзень вясковыя жанчыны вадзілі карагоды, дарылі падарункі бабкам-павітухам, хадзілі ў госці да старэйшых сваячак.

Некалькі гадоў назад была выпушчана памятная манета, прысвечаная народнаму святу Багач.

Вольга Капцевіч.

Гашэнне блока паштовых марак у Лідзе

Урачыстае гашэнне блока паштовых марак у гонар 1030-годдзя Праваслаўя на беларускіх землях адбылося ў Лідзе 23 верасня 2022 года.

Удзел у цырымоніі гашэння прынялі старшыня Лідскай раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш, начальнік раённага вузла паштовай сувязі Яўген Сярпук і сакратар Лідскай епархіі протаіерэй Максім Цыгель.

- 22 верасня 2022 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў аварот новы паштовы блок "1030-годдзе Праваслаўя на беларускіх землях", - адзначыў Яўген Сярпук. - Паштовы блок з'яўляецца прадметам калекцыянавання і менавіта таму выкананы з паслядрукарскімі тэхналогіямі. У аснове маркі - афіцыйная эмблема 1030-годдзя Праваслаўя на беларускіх землях. На канверце намаляваны храмы, размешчаныя ў гістарычнай калысцы беларускага Праваслаўя. Упершыню ў трыццацігадовай гісторыі беларускай філатэліі адзін праект утрымоўвае 15 адмысловых памятных штэмпеляў, а гэта значыць, што сёння ў гарадах 15 епархій таксама праходзяць урачыстыя гашэнні такога паштовага блока на адмысловым канверце. Тыраж паштовага блока - 20 000 асобнікаў. Яны разыйдуцца па ўсім свеце, і людзі ў розных краінах дазнаюцца пра часцінку гісторыі нашай краіны.

Паводле Вольги Яхантавай.

У Дзень народнага адзінства ў Лідзе прайшлі мітынгі, прысвечаныя адкрыццю мемарыяльных дошак Героям Беларусі

Больш года прайшло з трагедыі, якая забрала жыцці двух лётчыкаў Лідчыны - Андрэя Нічыпорчыка і Мікіты Куканенкі. Памяць пра іх застаецца жыць. У Дзень народнага адзінства ў дзявятай і шостай школах Ліды прайшлі мітынгі, на якіх адбылося адкрыццё мемарыяльных дошак, прысвечаных Героям Беларусі.

Іх гераічны ўчынак не застаецца забытым, асабліва вучнямі дзявятай школы горада Ліды. Бо тут калісьці вучыўся адзін з герояў - Андрэй Нічыпорчык.

На мітынгу ў шостай школе прысутнічалі першакласнікі, якія з вялікай увагай слухалі аповяды пра герояў Беларусі.

Вучні дзявятай і шостай лідскіх школ сёлета сталі першым пакаленнем, якія нясуць званне "Навучэнец школы імя Героя".

Паводле В. Мікшы.

VIVO ET SPERO

СЯРЖУК СЫС

* * *

А дома - зямля чакае,

Мой сад і дняпроўскія поймы,

А дома нябёсы палаюць,

І зор панасыпана плойма.


А тут штодня паміраеш…

За што і чаму - невядома.

Што брацьмець між пеклам і раем?

Дарогу - дадому.

Schloss Brоllin, 28 сакавіка 2022 г.

* * *

Зорачка халодная і кволая -

хмарамі забытая ўначы -

свеціць над застылымі анёламі,

сіл не мае ім дапамагчы…


Блякне свет і патыхае холадам,

лютым холадам каменная сцяна.

Быў і я ў жыцці нядаўна волатам,

ды жыццё дапітае да дна…

Шчэцін, сакаквік 2022 г.

ФРАГМЕНТЫ

Фрагменты - аскепкі шкла, што засталіся ў целе,

дотыкі, пробліскі, шал і цьмяныя твары…

Яшчэ - гэта тое, што недасяжнасцю цвеліць,

гострыя шкельцы тугі ў месяцовым муары.

Фрагменты - эмоцый вар'ятня і невядомае заўтра,

стрэмка збянтэжанасці, водары жарсці наўкола.

Шэсцерні перамкнула і вось пачуцці - пад вартай…

праносіцца міма душы чыёсці зламанае кола.

Вусцішна бачыць, як вуглі цьмеюць і тое

што выдзіралі з мяне пад хітрушчаю поўняй…

Як мне глядзець вам у вочы душою пустою?

Толькі фрагменты…

усё, што я маю, усё што я помню.

Schloss Brоllin, 22 сакавіка 2022 г.

НЕАСТРОЖНАЕ

Прысвячаю А.Б.

Боязна нават падумаць, што недзе яшчэ ёсць жыццё...

Там ні страху няма, ні трывогі няма, ані здрады,

А ў мяне - скамянелыя вочы, ды мулкага болю асцё

Коле спацелае цела, і мне аніяк не даць яму рады.


Я шкадую? Ды не… адгарэлі знічы, адпалала даўно

На шматкі разарванага суччамі сэрца свячэнне…

Колькі мне ў гэты час не прыснілася літасных сноў?

Колькі я ў гэты час не сустрэў сярод дрэў нават ценяў?


І яшчэ… камяні - уяўляеш - не плачуць цяпер камяні...

І яшчэ… адчуваю,

як важкім і чорным становіцца неба...

Як ты чуеш мяне, мой таварыш далёкі, хутчэй прыгарні

Да халоднай душы, вось і ўсё. Больш нічога ня трэба.

Варшава, красавік 2022 г.

* * *

Стаіўся страх у квецені вясновай,

жывеш надзеяй - горшае прайшло.

Ды толькі спатыкаешся аб словы:

спакой, лагода, шчырасць і цяпло.


Ачышчаная майскімі дажджамі

чаруе Вільня, горне да грудзей,

Але няма сугучнасці між намі -

Мне Україна ў безліч раз мілей…


А мне Чарнігаў мроіцца бясконца,

Дзясна-красуня і манастыры…

Я спадзяюся зноў пабачыць сонца,

Што цешыцца на Болдзінай гары.

Вільня, 19 траўня 2022 г.

ВІЛЬНЯ ПЕРШАЯ

Блякне ўсё навокал, выцвітае…

Аж да бела-чорнага радна…

Млосна мне ў чужым нялюбым краі,

Дзе за мной як цень - мая віна.

Чуеш, Уля, бачыш, як пагана

Жыць чужынцам, здрадзіўшы ўсяму,

Блякне ўсё, і не гаяцца раны…

Можа пагадзіцца на турму?

Трэба ж вось, у час такі сустрэцца

Нам з табой у Вільні незнарок…

Як ужо зусім збялела сэрца,

І зрабіўся бела-чорным зрок.

Вільня, 25 ліпеня 2022.

ДАРОГА ПАД СОНЦАМ

сонца ўбачыць яшчэ раз, свяціцца світанкам

анямець і не мець анічога зямнога

проста выйсці аднойчы, спыніцца на ганку

перад вечна салодкай спакусай - дарогай


куды прывядзе шлях той - ужо неістотна

у Гомель слічнюткі, ці да Беластоку

абы не канчалася кропкай самотнай

дарога пад сонцам, шлях да вытокаў.

Вільня, 9 жніўня 2022.

* * *

Хацеў распавесці табе пра рабіны,

Якія няўзнак чырванець пачалі, -

Гаркавыя ягады смаку чужыны,

Крывінкі твае і мае на зямлі.


Заўважыш ці не, як згінаецца вецце,

Як ягады сок набіраюць штодня…

І вось ужо вогнішча чырвані б'ецца

І ты ў эпіцэнтры рабіна-агня.


Паслухай, хіба што зімою магчыма

На смак арабінавы водар спазнаць.

Няхай жа палаюць-гараць арабіны,

Каб верыць, каб жыць, каб кахаць!

Вільня, 15 жніўня 2022.

ВІЛЬНЯ ДРУГАЯ

Пані Уршулі

Вечар, вуркоча сытая Вільня,

Кэнаны грэюць на пузах турысты.

Sveiki, лёсаў людскіх плавільня!

Горад для чыстых і не для чыстых.

Што мне патрэбна… напэўна нічога,

Ну, заблукаў тут у пошуку раю…

Збіраю цяпер вось ключы і дарогі,

Дварамі і вулкамі нешта шукаю.


Водар нязнаны ноздры казыча,

Сэрца пульсуе, ці дзынкаюць кулі?

Тут недзе бачылі сонца аблічча?

Тут недзе бегала пані Уршуля?


Вечар… і зніклі хворыя мроі…

Жыві сабе Вільня, сыта і вольна.

Iki, прабач, але я яшчэ воін,

Якога чакаюць уласныя войны.

Вільня, 19 жніўня 2022.

СЛІВЫ

Недзе, у краі нялюбым, і месцы страшна чужым,

Дзе ўчынкі, пачуцці і словы - лазовы гаркавы дым,

Хварэў і канаў пакутліва, угрузнуўшы ў болю друз,

Не прывід, не цень крывая -

просты, як смерць, беларус…


Па-вычварэнску скуголіў, аб літасці неба прасіў,

А з неба долу звалілася некалькі спелых сліў…

Адно - мінакі дзівіліся, не зводзячы доўга вачэй

З няўлоўнай нязграбнай постаці і крочылі прэч хутчэй.


Што ў гэтых сцішаных вулках і на брукаванках старых

Знайшоў ці яшчэ шукае сівы невылечны псіх…

А ён, ну хіба ж адкажа, што дом свой даўно згубіў,

Што мае адну спатолю - жменьку саспелых сліў…

Вільня, 30 жніўня, 2022.

VIVO ET SPERO*

Азірнуся часам - спрэс адны паразы,

Ды і сам цяпер я - невылечны псіх.

Не стае аскепкаў старадаўнай вазы,

Аніяк пачуццяў не вярнуць былых.


Брамку адчыняю ў свае сны-адхланні...

Можа там, няўлоўна, затрымціць душа

Ад вяртання шчырасці і замілавання.

Дробязь застаецца: як заснуць спярша?


Кажуць, бессэнсоўна ў зжытае вяртацца,

"Толькі тут і зараз", іншага няма.

Можа досыць, памяць, гэтых правакацый -

"Vivo et spero", мусіць, нездарма.

Жнівень, 2021 г.

*Vivo et spero (лац.) - жыву і спадзяюся.

Даверлівы дыялог з чытачом

У рамках чарговага пасяджэння літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "ЛідаМедыяКампанія" адбылася прэзентацыя кнігі вершаў адной з самых актыўных удзельніц літаб'яднання Ірыны Маркевіч. Гэтай падзеі літаратурная грамадскасць Лідчыны чакала некалькі гадоў - і вось кніга "Даверлівы дыялог" убачыла свет і была прэзентавана ў канферэнц-зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы.

Спачатку некалькі слоў аб аўтары кнігі. Ірына Уладзіміраўна Маркевіч у свой час скончыла Гарадзенскі сельскагаспадарчы інстытут па спецыяльнасці "агранамія", Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці "выкладчык біялогіі і хіміі". Працавала ў калгасах Лідчыны, была старшынёй Дакудаўскага сельскага Савета, выкладала біялогію і хімію ў Дакудаўскай сярэдняй школе.

Вершы пачала пісаць з 1999 года, будучы настаўніцай. Сваім хросным бацькам у паэзіі лічыць Уладзіміра Гаўрылавіча Васько, які ў той час узначальваў літаб'яднанне "Суквецце" і падтрымаў пачынаючую паэтэсу. Першым надрукаваным у "Лідскай газеце" вершам Ірыны Маркевіч стаў верш "В Докудово". Друкавалася яна і ў літаратурна-мастацкім зборніку "Ад лідскіх муроў", выступала з вершамі на Лідскім радыё, на розных мерапрыемствах у Палацы культуры горада Ліды.

Падрыхтаваць да выдання кнігу вершаў Ірыне Маркевіч параіла сяброўка, таксама паэтэса Ірына Бараздзіна (на жаль, яе ўжо няма ў жывых). Шмат слушных парад па падрыхтоўцы кнігі далі Ірыне Уладзіміраўне старшыня Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч і сяброўка і зямлячка Ганна Гайдукевіч. Карпатлівая праца над будучай кнігай доўжылася пяць гадоў.

Кніга называецца "Даверлівы дыялог". І сапраўды, гэта даверлівы, шчыры дыялог аўтара з чытачом на самыя розныя тэмы, якія хвалююць, натхняюць на напісанне вершаў. Паэтычны зборнік складаецца з пяці раздзелаў: "Радзіма малая нас ацаляе", "Дакудаўскія краявіды", "Настальгія кахання" (самы вялікі раздзел), "Гоман школьнага жыцця", "Па жыццёвых каляінах".

Як адзначыў аўтар прадмовы да кнігі Уладзімір Васько, дыяпазон творчасці паэтэсы вельмі шырокі, але дамінуючай тэмай з'яўляецца тэма кахання. Ёсць у зборніку вершы, прысвечаныя паэзіі і паэтам (у тым ліку пачынаючым), порам года, у кожнай з якіх паэтэса заўважае сваю прыгажосць, вершы грамадзянскага, сацыяльнага, філасофскага гучання.

Паэтэса нарадзілася і вырасла на дакудаўскай зямлі, жыве ў вёсцы Дакудава, і ў многіх яе творах паказаны прыгажосць прыроды гэтага наднёманскага краю, побыт вясковых людзей. "Дакудаўская прырода сілкавала і сілкуе Ірыну Уладзіміраўну як паэтэсу, - адзначыў падчас прэзентацыі яе кнігі Уладзімір Васько. - Жыць у Дакудаве і не быць у душы паэтам наогул немагчыма. Я ведаю гэтыя мясціны, не раз быў там, рыбачыў на Нёмане - яны сапраўды натхняюць, настройваюць на лірычны лад".

Ёсць у кнізе і вершы для дзяцей, казкі, асобны раздзел прысвечаны школьнаму жыццю. Аўтар кнігі больш за дваццаць гадоў адпрацавала ў школе, і школьная тэма ёй вельмі блізкая.

Лідскія паэты, якія прысутнічалі на прэзентацыі, адзначылі, што кніга лёгка чытаецца, у яе аўтара выпрацаваны свой паэтычны почырк, гэтыя вершы ніколі не зблытаеш з вершамі іншых аўтараў. "Ірына Уладзіміраўна актыўная, заўзятая, энергічная і ў творчасці, і ў жыцці", - дадаў Міхась Мельнік.

Паэтэсе жадалі заставацца такой жа энергічнай, не расставацца з музай і выдаць яшчэ не адну кнігу (дарэчы, над другой кнігай вершаў яна ўжо працуе і нават прыдумала яе чарнавую назву).

Аляксей КРУПОВІЧ. Здымкі Лідскай ЦРБ імя Янкі Купалы.

Ірына МАРКЕВІЧ

Дакудаўскія краявіды

Нікнуць росы пад промнямі сонца,

Подых ветрыку гойдае хвалі,

Водар кветак хвалюе бясконца

І адносіць у мілыя далі.


Пробліск Нёмна між сосен мільгае,

Звонкі спеў салаўёў Пажарова,

Дзе чаромха пялёсткі губляе

І званцы зацвітаюць нанова.


Птушкі кружаць над Нёманам з крыкам,

Дзеці шумна пясок абжываюць,

А дарослым тут добра і звыкла,

Бо дзяцінства сваё ўспамінаюць.


Пах кастроў вечаровых, Казечна,

Звон гітары, тады - семіструннай,

Будзіць памяць маю, і адвечна

Мне становіцца скрушна і сумна.

Вунь красуня ідзе беражочкам,

Ціха-сціпла табе ўсміхнецца,

Сэрца стукне ў грудзях малаточкам -

Напамін пра каханне прачнецца.


Юшка з рыбы, з мясцовае рэчкі,

Пахнуць будзе табе аж да скону.

У Дакудава ехаць, бясспрэчна,

Буду я кожны раз, як дадому.

Каханне

Каханне. Каханне? Каханне!

Якое цяжкое прызнанне.

Яго ў сябе доўга нашу,

Цярпення ў Бога прашу.


Мне вербы шапочуць - кахаю,

Рамонкі варожаць - кахаю,

Лілеі ківаюць галоўкай,

Сказаць пра пачуцці няёмка.


А ты - мой адзіны на свеце,

І толькі цябе я шукаю

На нашай вялікай планеце…

Кахаю. Кахаю. Кахаю.


Зямля мая, неба, глядзіце:

Сцяжынкаю роснаю ў жыце

Бягу да цябе і гукаю:

- Кахаю, кахаю, кахаю!..


Дзе ты? Мне хутчэй адгукніся,

На сцежцы маёй пакажыся.

Чакаю я, доўга чакаю…

Кахаю! Кахаю! Кахаю!

Пачынаючаму паэту

Чым вас Бог надзяліў, не хавайце.

Музу сёння і заўтра шукайце.

Верш у вас няхай пішацца, пішацца

І, як поле са збожжам, калышацца.


Свайго твора не трэба саромецца.

Вы складайце, а што атрымаецца,

Можна выправіць сёння ці заўтра.

Муза прыйдзе - лаві яе ўпарта.


Верш ацэняць, хтось песню напіша.

Ён у словах снуе, ляціць на ўзвышша,

Радасна ў неба вось-вось шугане,

Сонца, птушак і зор не міне…


Толькі сціпласць вам дапаможа

Твор схіліць у паэтычнае ложа.

На рабочым стале Валянціна Таўлая пастаянна высіліся стосы кніг

Пабывалі ў гасцях у пісьменніка 70-80-х гадоў, пры дапамозе вяроўкі і паперак праверылі сваё веданне беларускай літаратуры, даведаліся шмат цікавага пра ўзнікненне пісьменніцкіх псеўданімаў… У прамінулы чацвер у Доме паэта Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея адбылося мерапрыемства, прымеркаванае да Дня бібліятэк. Пакой адкрытага захоўвання, які называецца "Бібліятэка пісьменніка", наведалі вучні 10 класа сярэдняй школы №11 разам са сваім класным кіраўніком Наталляй Анашкевіч.

Спачатку арганізатар мерапрыемства, навуковы супрацоўнік музея Алесь Хітрун расказаў старшакласнікам пра Дзень бібліятэк, які адзначаецца ў нашай краіне з 2001 года, падкрэсліў, што сёлета гэты дзень супадае са 100-гадовым юбілеем Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і таму святочны ўдвайне. Дарэчы, 100-годдзе з дня заснавання Нацыянальнай бібліятэкі ўключана ў спіс памятных дат ЮНЕСКА. Школьнікі азнаёміліся з гісторыяй бібліятэкі-юбіляра, якая ўваходзіць у лік трыццаці найлепшых бібліятэк свету.

Затым прысутныя больш даведаліся пра пакой адкрытага захоўвання "Бібліятэка пісьменніка" - уласную бібліятэку Дома Таўлая, якая працуе тут з нядаўняга часу. Пакой стылізаваны пад 70-80-я гады мінулага стагоддзя і ўяўляе сабой хатнюю бібліятэку пісьменніка тых часоў. Экспанаты для яго ўзяты з фондаў Лідскага гістарычна-мастацкага музея, кнігі перададзены жыхарамі горада (галоўным чынам гэта творы класікаў беларускай і рускай літаратуры).

Алесь Хітрун зачытаў урывак з успамінаў паэтэсы Ніны Тарас, у якім згадваецца, што ў Валянціна Таўлая ў гэтым доме таксама была бібліятэка, а на яго рабочым стале пастаянна высіліся стосы кніг. Таму адкрыццё тут "Бібліятэкі пісьменніка" ў наш час - падзея невыпадковая.

- Невядома, ці менавіта ў гэтым пакоі знаходзілася таўлаеўская хатняя бібліятэка, - дадаў Алесь Часлававіч. - Але што такая бібліятэка (няхай і не перадваеннага, а больш позняга часу) у Доме-музеі паэта павінна быць, адназначна.

У пакоі адкрытага захоўвання плануецца праводзіць невялікія камерныя сустрэчы, квэсты з мэтай знаёмства з творчасцю пісьменнікаў, гульні з разгадваннем іх зашыфраваных псеўданімаў - пуставаць гэты пакой не будзе.

Куратар мерапрыемства расказаў школьнікам пра папаўненне "Бібліятэкі пісьменніка" кнігамі (дарэчы, дзесяцікласнікі СШ №11 выказалі намер таксама папоўніць яе фонд), азнаёміў з рарытэтнымі экзэмплярамі.

Як і было запланавана, для вучняў у пакоі была праведзена гульня. Да нацягнутай вяроўкі былі прымацаваны паперкі з назвамі твораў і зборнікаў класікаў беларускай літаратуры. Да іх трэба было знайсці адпаведныя паперкі з прозвішчамі і псеўданімамі аўтараў. Хлопцы і дзяўчаты з заданнем справіліся, і гэта сведчыць пра тое, што творы беларускай літаратуры яны чытаюць, з беларускімі кнігамі сябруюць.

Напрыканцы мерапрыемства Алесь Хітрун правёў для дзесяцікласнікаў экскурс у гісторыю ўзнікнення пісьменніцкіх псеўданімаў, некаторыя з якіх былі выкарыстаны падчас гульні.

Аляксей КРУПОВІЧ.

З Лейпцыга і Берліна - у Калінінград з "Панеўразіяй"

Навіны Германіі

Турыстычная кампанія "Панеўразія" з Лейпцыга прапануе новую паслугу для ўсіх ахвотнікаў паехаць у Расію - трансферны сэрвіс з Лейпцыга і Берліна ў аэрапорт Калінінграда. Кіраўнікі кампаніі Эдуард КЛЕЙН і Канстанцін ЭРМІШ адказалі на пытанні цікаўных.

- Чаму з'явіўся такі сэрвіс?

- Вы ведаеце, што цяпер вельмі складана стала перамяшчацца ў Расію. Многім нашым суайчыннікам усё адно трэба ехаць, таму што ў іх у Расіі жывуць сваякі і сябры, ёсць неадкладныя справы. Можна ляцець праз Турцыю, але турэцкая авіякампанія ўвесь час адмяняе рэйсы. І таксама гэта вельмі дорага. Акрамя таго, трэба гадзінамі сядзець аэрапорце Стамбула, чакаючы стыкоўных рэйсаў. Як альтэрнатыву мы прапануем паездкі з Берліна і Лейпцыга ў аэрапорт Калінінграда. Такім чынам, ахвотнікі паехаць у Расію маюць магчымасць зэканоміць грошы на палёце праз Стамбул, бо квіток на самалёт з Калінінграда каштуе прыблізна 50-100 еўра. У кошт паездкі на "мінібусе" ўваходзіць перавозка багажу (адно месца на пасажыра), унёсак за платныя дарогі і бензін, напоі (вада). Аўтамабіль абсталяваны кандыцыянерам, разлічаны на 8 пасажыраў і кіроўца, падае зручную камплектацыю падвышанай камфортнасці. Дарога займае парадку 11-12 гадзін, прыпынкі для сілкавання і адпачынку запланаваны. Звычайна мы ўвечар прыязджаем у Калінінград, дапамагаем пры неабходнасці памясціць гасцей у гасцініцы, а раніцай адтуль на таксі ці аўтобусе турыстаў дастаўляюць прама ў аэрапорт. І далей пасажыры ўжо ляцяць у патрэбных ім кірунках: Масква, Екацярынбург, Новасібірск ... 15 расійскіх кірункаў прапануе аэрапорт Калінінграда. Можам таксама дапамагчы і ў замове авіябілетаў, адкрыцці віз. На зваротным шляху, (калі турысты скарыстаюцца нашым сэрвісам), мы забіраем іх з аэрапорта і дастаўляем у Германію.

- Колькі каштуе сам трансфер?

- Паездка з Берліна ў Калінінград каштуе 250 еўра, з Лейпцыга - 280 еўра. Гэта сур'ёзная адлегласць, больш за 900 кіламетраў. Немалаважна, што аўтобус маленькі, гэта істотна скарачае час праходу мяжы, у адрозненне ад вялікага транспарту. Час праходу мяжы займае каля гадзіны.

.На ўсе пытанні, якія тычацца трансферу, браняванні квіткоў і гасцініц, квіткоў на самалёт, а таксама пакетных прапаноў на адпачынак па ўсім свеце адкажуць супрацоўнікі нашага тэлефоннага цэнтра, якія размаўля-юць на рускай і нямецкай мовах.

Гартаючы жыцця яго старонкі

Максім Танк - паэт-патрыёт, паэт-сатырык, паэт-філосаф, паэт-наватар, знакавая постаць у гісторыі беларускай літаратуры і адзін з лепшых майстроў паэтычнага слова ў галіне вершаванай формы. У бібліятэках Лідскага раёна прайшлі мера-прыемствы, прысвечаныя 110-годдзю з дня нара-джэння паэта.

Так, у філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая" ладзілася паэтычная хваля "Гартаючы жыцця свайго старонкі".

ТК "Культура Лідчыны".

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

У Расіі, Беларусі, Гватэмале і Эквадоры - прафесіяналы рознага роду: Грамыка, Лявонаў, Платніцкая, Рубцоў

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-38)

ГРАМЫКА Андрэй - чалавек фенаменальных інтэлекту, арганізацыі і "дыпламатыі", які, тым не менш, да канца жыцця не здолеў (або не захацеў?) пазбавіцца ад "прыемнага беларускага акцэнту" (Вікіпедыя). Вікіпедыя ж спасылаецца на "незалежныя даследаванні", якія адкрылі факт, які раней не гучаў: што яго бацька выехаў на заработкі ў Канаду, але вымушаны быў вярнуцца на радзіму пасля траўмы рукі на лесанарыхтоўках. Апошнія - гэта часта недзе каля індзейцаў.

Грамыка шматразова сустракаўся з адным з самых вядомых дзеячаў, што прэтэндавалі на часткова індзейскае паходжанне, - Чэрчылем (сумненняў у ім не прагучала пры згадцы палітыка ў час нашай прагулкі па Менску ўдзельніцай міцкевічаўскай канферэнцыі 1998 г. Верай Рыч); у яго ўспамінах "Памятнае" гаворыцца пра многіх сучасных і гістарычных дзеячаў, звязаных з індзейцамі, ён згадвае, напрыклад, Г. Лангфела, А. Дворжака і яго сімфонію "З Новага Свету", помнік метысу Луі Рылю ў Вініпегу, піша пра расавую дыскрымінацыю неграў, пуэртарыканцаў і мексіканцаў у ЗША, але для чалавека, які столькі гадоў пражыў у гэтай краіне і наведаў многія іншыя амерыканскія краіны, было дзіўным зусім нічога не сказаць пра індзейцаў прамымі словамі.

Сустрэчы Грамыкі з індзейцамі і асобамі індзейскага паходжання - нераспрацаваная тэма, але для яе ёсць шмат матэрыялу, бо некаторыя з іх былі вядомымі дзяржаўнымі і палітычнымі дзеячамі, асабліва ў Лацінскай Амерыцы. Беларус Андрэй Грамыка і татанак Карлас Сапата Вела сустракаліся афіцыйна - Сапата быў паслом у Маскве ў 1967-1971 гг., калі Грамыка быў міністрам замежных спраў СССР (1957-1985), і мы маем і крыху пазапратакольны эпізод, калі яны паспяхова выйшлі з непаразумення.

Р. А. Сяргееў, адзін з паслоў у Мексіцы, пісаў у кнізе "В сотрясаемой Мексике: Посольские будни (1980-1990 гг.)": "З нагоды юбілею ў пасольства на ўрачысты абед былі запрошаны мексіканскія дыпламаты, якія працавалі раней пасламі Мексікі ў Савецкім Саюзе, Карлас Сапата Вела, Флорас Алеа [1932-2020], Антоніа Карыльё Флорас і першы намеснік міністра замежных спраў Альфонса Розенцвайг-Дыяс".

"Падчас абеду прысутныя за сталом распавядалі пра гады, праведзеныя ў Маскве. Пра цікавы і разам з тым драматычны казус, які адбыўся з А. Карыльё Флорэсам у час яго афіцыйнага візіту ў СССР у траўні 1968 г. у якасці міністра замежных спраў Мексікі, расказаў К. Сапата Вела. Гэта быў першы афіцыйны візіт такога ўзроўню з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі. К. Сапата Вела, які быў у той час паслом у Маскве, старанна абмеркаваў перад пачаткам візіту ўсе дэталі знаходжання свайго міністра з Пратакольным аддзелам МЗС СССР, паведаміў у тым ліку пра час прыбыцця А. Карыльё Флорэса. Па існай у адносінах паміж краінамі Лацінскай Амерыкі практыцы аб часе прыбыцця самалёта ён паведаміў таксама акрэдытаваным у Маскве паслам лацінаамерыканскіх краін. Карыльё Флорэс прыбываў звычайным рэйсавым самалётам з Капенгагена (у той час яшчэ не існавала прамых авіязносін паміж Масквой і Мехіка), дзе ён рабіў перасадку, каб далей ляцець у Маскву рэйсам Аэрафлота. У прызначаны час рэйсавы самалёт прызямліўся ў аэрапорце Шарамеццева-1 і падруліў па ўказанні аэрадромнай службы да спецыяльнай стаянкі для афіцыйных гасцей. Да пярэдніх дзвярэй самалёта падвялі трап з дывановай дарожкай. Загадчык Пратакольнага аддзела ўвайшоў у кабіну, каб суправадзіць высокага госця да А. А. Грамыкі. Праз некалькі хвілін разгублены загадчык Пратакольнага аддзела спусціўся па трапе і паведаміў савецкаму міністру і К. Сапаце Вела, што міністра на борце няма. А. А. Грамыка і паслы лаціна-амерыканскіх краін, якія сустракалі мексіканскага міністра, рушылі да выхаду. К. Сапата Вела вырашыў зайсці ў залу аэрапорта, дзе праходзілі пашпартны кантроль і атрымлівалі багаж пасажыры іншых рэйсаў. Да свайго здзіўлення сярод людзей, якія чакалі свае чамаданы, ён адразу ўбачыў А. Карыльё Флораса і асоб, што яго суправаджалі. "Што вы тут робіце, пан міністр?" - звярнуўся К. Сапата Вела да А. Карыльё Флораса. "Пра гэта я хачу спытаць у Вас", - адказаў А. Карыльё. К. Сапата Вела маментальна перадаў пратакольным работнікам МЗС, што міністра ён знайшоў. Работнікі пратакола кінуліся да выхаду, каб папярэдзіць А. А. Грамыку. Але ён ужо з'ехаў. За ім была паслана адна з мзсаўскіх машын, кіроўца якой здолеў дагнаць аўтамашыну міністра. А. А. Грамыка вярнуўся, і цырымонія сустрэчы адбылася. Пазней высветлілася, што мексіканскі міністр вылецеў з Капенгагена дадатковым рэйсам самалёта Аэрафлота на гадзіну раней, чым планавалася".

З 1974 г. Сапата Вела быў прэзідэнтам Інстытута дружбы i культурнага абмену "Мексіка-СССР". Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў (1976) - відаць, і за тое, што ўдзельнічаў у руху падтрымкі СССР у час Другой сусветнай вайны. Як член Прэзідыума Сусветнага Савета Міру ён прыязджаў і ў Менск.

ЛЯВОНАЎ Анатоль - сакратар Менскага абкама камсамолу; адкрываў у 1972 г. мітынг у Хатыні, на якім прысутнічала вялікая група амерыканцаў.

Першая сустрэча паміж прадстаўнікамі беларускай і індзейскай моладзі "на арганізаванай падставе", але ў больш шырокіх рамках, адбылася ў Менску ў чэрвені-ліпені 1972 г. на савецка-амерыканскім маладзёжным форуме. Акрамя выступленняў на канферэнцыі, у якіх закраналася і індзейская праблема, удзельнікі прадставілі свае думкі і назіранні ў шматлікіх інтэрв'ю, вялікая частка якіх была ўзятая М. Гардзеевай і прызначалася спачатку толькі для асвятлення форумаў у часопісе "Сов'ет лайф". Выказванні індзейца Джона Бодзіна (Beaudin, правільнае перадача французскага гучання - Бадэн) пра нашу краіну і пра яго народ увайшлі ў яе кнігу. Яго "пункт гледжання" падаваўся ў асобна выдадзеным матэрыяле пра форум, які перадрукаваны ў часопісе "Нью ўорлд рэв'ю". Не толькі індзейская, але і эскімоская прысутнасць у паняцці "карэнныя амерыканцы" засведчана М. Гардзеевай: Элмер Джэксан з Фэрбанкса. Нядаўняй увагай да падзеі быў артыкул Э. Джэкабса, у якім ён згадаў Бодзіна, а таксама прадстаўніцу чыканас (найчасцей гэта метысы).

У кнізе Гардзеевай ён называецца слухачом ветэрынарных курсаў (Вісконсінскі ўніверсітэт) і выказваецца па шэрагу пытанняў. Вядома, што пазней ён атрымаў юрыдычную адукацыю (1980) і прафесійна дапамагаў індзейскім народам. Бодзін нарадзіўся ў Квебеку, адкуль быў і яго бацька, а маці была аджыбвэ з рэзервацыі Лак-Корт-Арэй (Lac Courte Oreilles, Вісконсін).

У 1966 г. ён трапіў у армію ЗША, служыў ва В'етнаме. У часопісе "Сов'ет лайф" прыводзіцца яго кароткае выказванне з нагоды наведвання Хатыні - яно самае кароткае з усіх і вельмі выразнае: "Everybody is antiwar, and I liked that" ("Усе настроены супраць вайны, і мне гэта спадабалася").

Памёр ад раку; 1943-1993. Наш адрас ў газеце "Ньюс фром Індыян кантры" (допіс адпраўлены ў лютым 1992 г., а толькі 1.08.1992 даведаліся пра публікацыю з ліста як водгуку на яе; месца выдання - Хэйуард, Віконсін, але офіс фактычна каля яго - у роднай рэзервацыі маці Бодзіна) Джон тэарэтычна мог бачыць, але, можна сказаць, - замест яго напісаў сын правадыра з рэзервацыі Лак-дзю-Фламбо, таксама аджыбвэ (чыпева) Алвін Бабідаш, які бываў ужо ў СССР і планаваў быць яшчэ - на гэты раз і ў Менску, а таксама ў Гомелі.

"Многія карэнныя жыхары Вісконсіна лічаць Бодзіна прычынай шматлікіх змяненняў як у прававой, так і ў адукацыйнай сістэмах штата Вісконсін дзякуючы яго шматгадоваму ўдзелу ў заканадаўчым працэсе", - паведамляла "News from Indian Country". Пра Бодзіна пісалі, што ён быў "маяком справядлівасці і роўнасці", "агентам перамен", "смелым камунікатарам", змагаўся за правы тых, каго ігнаравалі. Займаючыся агульнай грамадзянскай практыкай і індзейскім заканадаўствам, ён здолеў стаць лідарам супольнасці і юрысконсультам для многіх у Вісконсіне.

"Ён не дазволіў нічому стрымаць сябе. Ён проста ішоў наперад і рабіў тое, што лічыў правільным", - казала пра яго Джаніс Райс (Rice), жонка. "Калі прадстаўнікі істэблішменту не шануюць культуры, ён ішоў і выступаў у абарону", - успамінала Джаніс. "Я думаю, што адна рэч, якая вылучае мяне ў Джоне, - гэта тое, што ён агучвае, выказваецца і не баіцца адстойваць тое, у што верыць. Няхай гэта будзе праблема карэнных амерыканцаў, праблема меншасцей або нешта, калі студэнт або каляровы ігнаруецца". Райс адзначала, што Бодзін быў асабліва заклапочаны правамі з галіны выкарыстання і аховы навакольнага асяроддзя: паляванне, рыбалоўства, здабыча карысных выкапняў. Ён змагаўся з агенцтвамі, прынцыпы якіх не адпавядалі мясцовым індзейскім супольнасцям і іх культурам. Будучы "галоўным суддзёй" рэзервацыі Лак-Корт-Арэль, Бодзін ездзіў туды з Медысана, каб весці заняткі ў рэзервацыі і праводзіць судовыя дзеянні раз на два тыдні.

У жніўні 1973 г. адбылася наступная сустрэча - у ЗША, паведамлялі пра 9 членаў савецкай дэлегацыі з Беларусі. А ў 1974 г. беларусы змаглі ўбачыцца з індзейцам Джэкам Рашынгам (Rushing), "юрыстам і банкірам", у час працягу сустрэч у Баку.

Мы вернемся да гэтых сустрэч праз персаналіі / артыкулы пра яе ўдзельнікаў (у прыватнасці, ці не самым вядомым з іх з "беларускага" боку быў камсамольскі лідар Уладзімір Падрэз) і іншых, хто апынуўся побач, і раскажам больш пра выдатнага чалавека - Джона Бодзіна. Мы былі б рады, калі б ветэраны тых сустрэч да-ведаліся пра нашу цікавасць да іх удзелу і адгукнуліся.

Літ: Gordeyeva M. Young Americans in the USSR: their point of view // Soviet Life. 1973. № 2. P. 48-53; Гордеева М. Их точка зрения: молодые американцы в СССР / под общ. ред. А. Воробьева. М., 1976; Gordeyeva M. Their point of view: young Americans in the USSR. Moscow, 1977;

US-USSR Youth Conference, Minsk 1972 // New World Review. 1973. V. 41. № 1. P. 41-77 (Beaudin J. Native Americans. P. 65-66); Jacobs A. The 1972 Soviet-American youth conference: the illusion of consensus // Journal of Russian American Studies. 2019. V. 3. № 2. P. 163-184.

ПЛАТНІЦКАЯ Ганна - на трэцім курсе БДМУ ажыццявіла мару пра падарожжы і дапамогу на практыцы, знайшоўшы арганізацыю Health&Help і праз фандрайзінг сабраўшы грошы на паездку, - апынулася ў Гватэмале, у невялікай бальніцы, падобнай на ФАП, - для людзей з некалькіх малых населеных пунктаў.

"Чаканні апраўдаліся, хаця і расчараванне таксама было. Напрыклад, мы жылі і працавалі ў адным месцы. Па сутнасці, нават ездзіць нікуды не трэба было - два месяцы ў адным будынку: спіш, ясі і працуеш. Думаю, тады мне хацелася кудысьці ўцячы, але па факце я ўсё роўна прыбегла да самой сябе".

"Для медыкаў такі досвед працы неверагодна круты. Мы былі моцна абмежаваныя ў рэсурсах, у нас нават рэнтгена не было, толькі ЭКГ, доплер і УГД. А калі патрэбны былі складаныя аналізы крыві, даводзілася перанакіроўваць людзей у іншую лабараторыю ці бальніцу.

Бывалі выпадкі, калі ніхто з персаналу не ведаў, што з чалавекам. Прыходзілася прыдумляць любыя іншыя спосабы дыягностыкі або звяртацца па дапамогу мясцовых лекараў, бо галоўнае - дапамагчы чалавеку. Але асабліва шмат было выпадкаў цяжарнасці.

Аднойчы ў маю змену прыйшла дзяўчына сямнаццаці год. Яна скардзілася на болі ў жываце і млоснасць. Мы спыталі пра цяжарнасць, але дзяўчына сцвярджала, што нявінніца. На ўсялякі выпадак зрабілі тэст на цяжарнасць - адмоўны.

Яе паглядзела гінеколаг. Больш за ўсё бянтэжыў жывот. Дзяўчына была буйнога целаскладу, зразумець па вонкавым выглядзе было складана. Тады ёй зрабілі яшчэ адзін тэст на цяжарнасць - зноў адмоўны.

Пацыентка клялася, што не можа быць цяжарнай. Казала, што ў яе нават хлопца ніколі не было. Тады мы вырашылі зрабіць УГД. І зразумелі, што яна на чацвёртым месяцы. Мы зрабілі трэці тэст, які паказаў ужо станоўчы вынік. Дзяўчына была цяжарная, хоць клялася, што нявінніца.

Гватэмала - вельмі патрыярхальная краіна, дзе слова жанчыны нічога не значыць, а аборты юрыдычна забаронены. Менавіта таму там высокая дзіцячая смяротнасць і вялікая колькасць незаконных абортаў з ускладненнямі".

Яна апісала і яшчэ больш цяжкае з яе гінекалагічнай практыкі.

На пытанне, ці захоча Ганна зноў вярнуцца ў Гватэмалу, у той час як былыя савецкія людзі, як спявачка С. Сізова - сяброўка гамяльчаніна, спазнаўшы ўсю яе экзотыку, усё ж пазней стараліся перабрацца ў Чылі ці іншую краіну, якая не падобная на "звярынец" (выраз гэтых "былых савецкіх людзей" у адносінах да Гватэмалы), адказ такі: у наступны год яна паехала ўжо ў Нікарагуа: "У 2018 годзе я ездзіла на два месяцы, паўтара з іх я працавала ў клініцы ў Гватэмале. А ў гэтым больш часу праводзіла ў Нікарагуа. Але ў мяне ўсё роўна атры-малася паездзіць і па іншых месцах: напрыклад, адвезці лекі, з'ездзіць па нейкіх важных справах".

"Навошта я зноў паехала? Праца ў Нікарагуа і Гватэмале моцна адрозніваецца ад працы (практыкі) у Беларусі. Там меншая колькасць пацыентаў на лекара, менш папяровай працы і больш рэальнай практыкі.

У цэлым лекары ў тых умовах больш сканцэнтраваны на медычным досведзе. І, дарэчы, тамака, незалежна ад сваёй спецыяльнасці, лекар павінен умець усё: калі ты акушэр-гінеколаг, то павінен умець прыняць дыябетыка, а калі траўматолаг - умець прыняць пацыента-сардэчніка".

"Незвычайная культура, плямёны Майя, новыя мовы - усё настолькі аўтэнтычнае. Хоць, папрацаваўшы ў Беларусі, магу сказаць, што ўсе пацыенты аднолькавыя, - усміхаецца Аня. - Але ўсё ж у краінах, што развіваюцца, з-за складанай сацыяльнай абстаноўкі людзі менш думаюць пра здароўе. А дзяржава наогул ніяк не клапоціцца пра людзей: медыцына платная і недаступная большасці грамадзян".

РУБЦОЎ Андрэй - з вялікай гісторыі вандраванняў былога студэнта ў Менску (іспанская мова), аматара творчасці Я. Маўра і "кубаніста" па зацікаўленнях мы не спыняемся цяпер на публічна асветленым ім эквадорскім эпізодзе.

Ён не скончыў МДЛУ (1991), паступіў у Вышэйшы інстытут мастацтваў у Гаване. У спектаклях выступаў як літаратурны кансультант і як акцёр (за апошняе - узнагароды двух міжнародных тэатральных фестываляў; удзельнічаў у фестывалях у Гаване і Манце ў Эквадоры). Бываў у Панаме, Венесуэле, Калумбіі, Французскай Гвіяне. Быў кветкавым бізнесменам разам з амерыканцамі, стаў генеральным дырэктарам і суўладальнікам фірмы, якую стварыў з сябрамі, якія перабраліся ў Эквадор і з якімі пазнаёміўся яшчэ ў Менску, калі яны навучаліся ў тэатральна-мастацкім інстытуце. Потым вярнуся ў Еўропу (Іспанія).

Рубцоў выказаўся пра эквадорскі варыянт іспанскай мовы і пра мову кечуа: "Гэта мова бальшыні індзейскіх плямёнаў у горнай частцы Лацінскай Амерыкі, на ёй гавораць прыкладна 70% індзейцаў Эквадора, Балівіі, Перу, часткі Чылі і часткі Аргенціны, завецца яна кечуа. Гэтая мова вельмі цікавая.

Цікава, што на кечуа слова "бацька" - гэта "тайта"".

"Быў на Амазонцы. Цікава, што нашыя беларускія выцінанкі вельмі падобныя на ўсе гэтыя ўзоры, што малююць індзейцы ў джунглях Амазонкі, эквадорскай і бразільскай". Як вядома, у Канадзе "дыялог" паміж беларускімі і індзейскімі выцінанкамі ажыццяўляецца праз майстрыху І. Варабей.

Рубцоў згадаў і іншых членаў беларуска-эквадорскай грамады (Ян Вераціла і яго сястра - беларуска-басконскага паходжання, іх бацька Сяргей Вераціла жыў пэўны час з імі і жонкай у Эквадоры).

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Вайна ў 1920 годзе*

Успаміны і разважанні

Генерал Люцыян Жалігоўскі

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Выказваючы з аказіі дзесяцігоддзя Варшаўскай бітвы тыя некалькі думак да тагачаснага нашага даробку, яшчэ раз мушу перасцерагчы як найбольш катэгарычна, што я далёкі ад намеру ўменшыць чые-небудзь заслугі.

Я маю пэўнае жаўнерскае прызнанне да аддзелаў 5-ай арміі. Далі яны неаспрэчныя доказы мужнасці і гарту. Некаторыя эпізоды, як дзейнасць ген. Краёўскага пад Соньскам, выпад кавалерыі на Цеханоў і шэраг іншых, застанецца назаўсёды ў гісторыі нашай вайсковай справы, як класічныя ўзоры рупнай баявой працы.

Не магу мець нічога з прэтэнзій і да самога камандуючага 5-й арміі. Генерал Сікорскі быў заўсёды жаўнерам і выконваў загады: сказана яму згрупавацца за Укрой - згрупаваўся; сказана яму атакаваць 14 жніўня - атакаваў. Таксама добра, калі б яму сказалі бараніць Модлін - бараніў бы.

У той жа час мы можам мець шкадаванне ў адносінах да генерала Сікорскага, як аўтара кніжкі "Над Віслай і Укрой". Не толькі таму, што гаворачы пра нашае адступленне ў 1920 годзе, ужывае крыўдныя азначэнні, не называе аддзелаў, да якіх тыя абвінавачванні накіроўвае і не толькі таму, што ігнаруе аперацыі 1-й арміі на перадполлі Варшавы, узвялічвае ролю кіраўніцтва 5-й арміі, але асабліва і галоўным чынам таму, што праз восем гадоў пасля вайны стараецца апаэтызаваць найбольшыя нашы памылкі, зробленыя ў час Варшаўскай бітвы і, апісваючы іх, як выдатныя дзеянні, накіроўвае гэтым гісторыю на памылковы шлях.

Гаворачы гэта, заўсёды памятаю, што няма нічога лягчэйшага, як крытыка няўдалага манёўру. Хто памятае дні 14, 15 і 16 жніўня, той ведае, якія мы ўсе перажывалі пачуцці і як лёгка было страціць галаву.

Не справа, аднак, каб усе памылкі і недагляды трактаваць як нешта недатыкальнае - амаль як звышсправы.

Ідзе нам за тое, каб былі яны названы па імені.

Вось жа форма абароны, прымененая ў Варшаўскай бітве паўночным фронтам, а ў асаблівасці надмерная самастойнасць 5-й арміі ёсць памылкай і з гэтым нічога не зробіш.

* * *

Шукаючы прычыны гэтай асноўнай з нашай гісторыі памылкі, бачу, апрача агавораных, дзве яе крыніцы:

1. Наша нявер'е ў сілу агню, а таму і абароны;

2. Заганная арганізацыя камандавання.


Шмат прычын склалася ў хваравітую ў нашых думках непрыязнь да абароны: надмерная расцягнутасць цяжкіх для заняцця прастораў; лінейная тактыка і недахопы ў стралковай падрыхтоўцы, перадваенная дактрына атакі, непрыемныя ўспаміны з акрэсу пазіцыйных баёў Сусветнай вайны. Паўстаў цэлы шэраг нічога не гаварыўшых азначэнняў: "абарона пасіўная", "актыўная", "наступальная", "стройная", "бяздзейная" і г.д. У гэтых акадэмічных фразах загубілі змест, які палягае на тым, што баронячы ўмацаваную тэрыторыю малымі сіламі і выкарыстоўваючы магутнасць агню, можам больш сваіх сіл прымяніць для асягнення іншых мэтаў.

Дадам словы знакамітага начальніка генеральнага штаба нямецкай арміі ген. Шліфена, які на пытанне, як належыць абараняцца, меў адказаць: "Найлепшая абарона, якую ведаю, гэта абарона аднаго анархіста ў Парыжы на вуліцы Шаброль, які, маючы ў дастатку патронаў і пераходзячы ад акна да акна, абараняўся на працягу некалькіх дзён ад шматлікіх прыступаў паліцыі". З таго чсу з паняццем "форт Шаброль" 1 звязваецца паняцце бездакорнай абароны.

Вось жа рацыя вайны ўказвала на тое, каб такім "фортам Шаброль" была нашая абаронная лінія ад Модліна да Карчэва.

Тым лягчэй мы маглі гэтую абарону зрабіць паспяховай, што была яна патрэбна як кароткі часовы эпізод.

Абараняцца добра не лёгка.

Да атакі, нават няўдачнай, можна на ліхі канец прычапіць пячатку бравуру. У той час як абарона ўсе апраўданні выключае. Мусіць быць добрай, бо інакш становіцца смешнай. (Так было, на жаль, з абаронай некаторых нашых цвердзяў.) Вымагае яна ведаў, стойкасці і тэмпераменту.

Гісторыя дае нам цэлы шэраг узораў бездакорнай і ўпартай абароны. Ужо не гаворачы пра старажытныя Фермапілы, пра пазнейшую Сарагосу і навачасны Вярдэн, маем ва ўласнай гісторыі не меней слаўныя Чанстахова, Збараж і Львоў.

Другая прычына стратэгічных непаразуменняў на поўначы мае сваю падаплёку ў заганнай арганізацыі камандавання. З кніжкі ген. Сікорскага выразна відаць, што Варшава з 12 да 16 жніўня мела за шмат гаспадароў. У той жа час не хапала наймацнейшай індывідуальнасці і найбольш здатнай для выпраўлення памылак - не хапала Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.

Генерал Камон, даючы сваю ацэнку Варшаўскай бітвы, прыходзіць да высновы, што маршал Пілсудскі, стоячы асабіста на чале ўдарнай групы з-над Вепжа, меў рацыю. Дадае шэраг баёў, у якіх тое самае рабіў Напалеон.

Ацэнка гэтая толькі часткова падаецца мне слушнай.

Прыцягненне маршала да ўдарнай групы было эмацыйна цалкам зразумелае. Усё ж мела яна вырашаць лёс кампаніі - была палачкай-выручалачкай, з якой звязвалі мы ўсе надзеі. Паўставала неспакойнае пытанне, ці група гэтая не заслабая колькасна, ці адпавядае сваёй задачы? Ці не падвядзе жаўнер, змучаны адступленнем?

Прысутнасць Вярхоўнага Галоўнакамандуючага была нейкім змяншэннем тых неспакояў - давала гарантыю, што будуць ужыты максімальныя чалавечыя высілкі.

Аднак, з другога боку, тых самых асабістых якасцяў Вярхоўнага Галоўнакамандуючага - яго моцнай волі і вялікага аўтарытэту - патрабаваў і паўночны фронт. Прысутнасць маршала ў Варшаве была тым больш пажадана, што, акрамя волі і аўтарытэту, ён адзін, як бачым з тых аперацый, меў поўнае адчуванне стратэгічнай рэальнасці.

Таму таксама мяркую, што месца Вярхоўнага Галоўнакамандуючага было хутчэй у Варшаве, дзе пылала ўся бітва, а не ў Дэмбліне.

Маршал Пілсудскі пайшоў на вялікі жэст, аддаючы паўночнаму фронту для абароны дзве трэці сваіх сіл. Адначасова, аднак, адмовіўся ад абавязку кантролю над тым, як гэтыя сілы будуць прыменены на фронце; не прадбачыў, што яго вялікі план будзе ў вялікай ступені скажоны.

Простай канцэпцыі абароны былі супрацьпастаўлены шкодныя планы контрнаступальныя, якія ледзь не прывялі да пройгрышу бітвы.

Баі пад Варшавай, над Вепжам і Насельскам яшчэ раз пацвердзілі глыбокую слушнасць некалькі разоў ужо сказанай адвечнай праўды вайны, лапідарна ўзятай у Напалеона:

"Калі хочам атакаваць, мусім быць падрыхтаванымі да абароны".

На жаль, мы не даацэньвалі тую праўду ані вясной 1920 года ў адносінах да абодвух франтоў, ані ў бітве над Бугам, ані ў бітве за Варшаву.

* Пераклад Станіслава Судніка паводле выдання 1930 года.

1 "Форт Шаброль" (фр. fort Chabrol - форт - умацаванне; Шаброль назва парыжскай вуліцы) - іранічная назва дома ў Парыжы, на вуліцы Шаброль, у якім прэзідэнт антысеміцкай лігі Жуль Гярэн замкнуўся з некалькімі таварышамі і супраціўляўся арышту з 12 жніўня па 20 верасня 1899 года. Па абвінавачванні ў дзяржаўнай здрадзе Ж. Гярэн быў асуджаны на 10-гадовае турэмнае зняволенне. Здарэнне з аблогай дома на вуліцы Шаброль адбывалася ў момант, калі французскі ўрад Вальдэка-Русо асцерагаўся бунтаў нацыяналістаў і манархістаў з-за адбываўшагася ў Рэне перагляду справы Дрэйфуса.

У чаканні ператрусу і арышту па абвінавачванні ў дзяржаўнай здрадзе Жуль Гярэн замкнуўся 12 жніўня 1899 года, назапасіўшы дастатковую колькасцю зброі і пагражаючы страляць у паліцыянтаў, якія зробяць спробу ўзламаць дзверы. Урад Вальдэка-Русо, не жадаючы рызыкаваць жыццямі людзей, аддаў перавагу стратэгіі, не ўрываючыся ў дом сілай, замкнуць усе ўваходы і выхады і ўзяць Гярэна голадам. 20 верасня Гярэн здаўся.

Адданы (разам з П. Дэруледам, М. Габерам і інш.) вярхоўнаму суду (сената) па абвінавачванні ў дзяржаўнай здрадзе, у дадатак ускладненай аказаным супрацівам уладам, Гярэн быў асуджаны ў студзені 1900 года і прысуджаны да дзесяці гадоў турмы.

Аблога Гярэна ў "форце Шаброль" выклікала зласлівыя нападкі на ўрад з боку антысемітаў і нацыяналістаў, але ўрэшце большасць публікі ў здарэнні ўбачыла сілу, а не слабасць урада, і вітала здачу Гярэна даволі аднадушнымі насмешкамі.

Фестываль напояў "Глыток гісторыі з Брахоцкім" адбыўся ў Мажэйкаве

Захаванне гістарычнай спадчыны - адзін з кірункаў, якому ў нашай краіне надаюць асаблівую ўвагу.

Прычым размова ідзе не толькі пра фізічнае захаванне пабудоў або рэчаў, але і пра нематэрыяльныя каштоўнасці (абрады, традыцыі, кулінарныя рэцэпты і іншае). Самае трывалае іх захоўванне - у сэрцах і думках людскіх. Толькі для гэтага ім (людзям) патрэбна паказаць і расказаць пра наш нацыянальны матэрыяльны і нематэрыяльны скарб. І вось гэта - у руках нашых работнікаў культуры, якія арганізуюць тэматычныя мерапрыемствы ў знакавых кутках нашага краю. Адно з іх, фестываль напояў, адбылося ў мінулую нядзелю ў Мажэйкаве. Мерапрыемства праходзіла ўпершыню і мела назву "Глыток гісторыі з Брахоцкім".

Аграгарадок Мажэйкава вядомы ў рэгіёне часткова захаваным помнікам сядзібна-паркавай архітэктуры XIX стагоддзя. Палац пабудаваны ў 1880 годзе ў стылі позняга класіцызму. Да нашых дзён захаваліся некалькі пабудоў былой сядзібы рознай ступені захаванасці: флігель, дом чэлядзі, стайня, маслабойня - і рэшткі парку. Сядзіба ўключана ў Спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь рэгіянальнага значэння.

На мяжы XVIII і XIX стагоддзяў маёнтак Мажэйкава, вядомы з пачатку XVI стагоддзя, быў набыты родам Кастравіцкіх, якія пабудавалі тут сядзібу. Казіміра, дачка Рамуальда Кастравіцкага, выйшла замуж за Аляксандра Брахоцкага і атрымала маёнтак у пасаг. Аляксандр Брахоцкі працягваў яго будаўніцтва і добраўпарадкаванне. Канчатковы выгляд сядзіба набыла ў 1908 - 1910 гадах. Апошнім яе гаспадаром быў народжаны тут у 1895 годзе Андрэй Брахоцкі - унук Аляксандра.

Мажэйкава сустракала гасцей мілагучным боем мясцовага Біг-Бэна - гадзіннікам, які пасля нейкага часу адсутнасці вярнуўся на сваё месца - вежу на адміністрацыйным будынку сельгаспрадпрыемства. Пасля бою пэўнай гадзіны пачулася мелодыя вядомай песні, якую некалі выконвалі "Песняры" - "Александрына". Аказалася, такі падарунак зрабіў аднавяскоўцам кіраўнік ЛРСУП "Мажэйкава" Тадэвуш Рахатка.

Тадэвуш Уладзіслававіч распавёў, што ў 6.00 і 21.00 пасля бою гадзінніка гучыць Гімн Рэспублікі Беларусь, у іншыя гадзіны - мелодыі вядомых песень пра нашу краіну.

Тым часам на плошчы перад будынкам былога палаца (зараз там размешчаны сельвыканкам і бібліятэка) разгарнулася свята. На сталах - напоі рознай моцы: кісялі, зёлкавая гарбата, збіцень (глінтвейн на беларускі лад), наліўкі, вішнёўка, пяршак, жывіца, медавуха… Галава ішла кругам толькі ад назваў, што казаць пра тых, хто пакаштаваў штосьці з прапанаванага!

Пакуль знаёмілася з гаспадарамі запаветных штофаў і глячыкаў, пачула, як адна жанчына ў захапленні дзялілся ўражаннямі: "Вы толькі паспрабуйце кісель з гарбуза! Гэта так смачна! Я наогул гарбуз не ўспрымаю, як страву, а тут - такая смаката!". Вядома, што самая лепшая рэклама - АБС (адна баба сказала). Таму я ўпэўненым крокам рушыла да стала з кісялямі, дзе і пачаставалася тым самым напоем з гарбуза. Аказалася - сапраўды смачна! Ну, як тут было не спытацца для вас, шаноўныя чытачы, пра рэцэпт? Ім з задавальненнем падзялілася з намі Таццяна Рубава, кіраўнік Дварышчанскага дома культуры.

Кісель з гарбуза

Абіраем з гарбуза лупінне, выбіраем сярэдзіну. Прыгожыя жоўтыя "сценкі", якія засталіся, наразаем на дробныя кубікі. Засыпаем іх у каструльку і заліваем вадой (у прапорцыі 1:2). Варым хвілін дваццаць. Затым дадаем нацёртую цэдру аднаго лімона, і варым яшчэ хвілін дзесяць. Потым усё гэта добра пераціраем або блэндарам, або праз сіта. Затым - працэджваем, каб пазбавіцца ад мякаці. У атрыманую сумесь дадаем сок таго самага лімона, з якога бралі цэдру. Цукар дабаўляем на смак. Ставім ізноў на агонь.

Тым часам дзве сталовыя лыжкі бульбянога крухмалу добра размешваем з паловай шклянкі вады. І паступова, памешваючы, уліваем у гарбузовы адвар. Кіпяціць з паўхвіліны.

Ахалоджваем і спрабуем. Смачна есці!

Тым часам на імправізаванай сцэне працягвалася канцэртная праграма, у якой шчыравалі артысты Лідскага раённага цэнтра народнай творчасці і яго філіялаў -- вясковых дамоў культуры (між іншым, тэматычныя сталы з напоямі - таксама іх рук справа). Мажэйкаўская "Каханачка", Бердаўскі дуэт Парфенчыкаў "Мы з вёсачкі - калыскі", "Ганчарскія суседачкі" і іншыя акунулі гледачоў у вадаварот народнай музыкі, песні і жартаў. А артысты гурта "Талер" правялі яшчэ і майстар-клас па беларускіх танцах, закружыўшы ўдзельнікаў у карагодзе незамыславатых па… Пакуль гледачы адпачывалі ад хуткіх танцаў, да іх звярнуўся Аляксей Гайко, выканавец абавязкаў старшыні Мажэйкаўскага сельвыканкама. У сваёй прамове Аляксей Лявонцьевіч запэўніў землякоў, што такія святы будуць ладзіць і надалей, бо захаванне нашай культурнай спадчыны застаецца ў прыярытэце ўлады. Завяршалі канцэртную праграму салісткі Лідскага эстраднага аркестра Вольга Паўлюкевіч і Наталля Маркоўская.

Словам, чым заняць сябе на фестывалі, знайшлі і дарослыя і дзеці. Але ўражанні і аповед пра сябе аднаго з гасцей свята лічу проста неабходным прывесці для нашых чытачоў. І так, знаёмімся: Аляксандар Пасарар. Нарадзіўся ў Чачні. З 1997 года жыў у Ізраілі. У 2010-х гадах прыехаў у Беларусь і… палюбіў нашу краіну так, што ў 2014 годзе набыў сабе ў Мажэйкаве хату, дзе, па большай частцы, і пражывае.

- Чым Вас так прывабіла Беларусь? - пытаюся.

- Я магу сказаць, што добразычлівыя людзі, прыгожая прырода, але гэта не будзе дакладным адказам. Асноўная прычына ляжыць недзе на падсвядомасці… Гэта нельга патлумачыць словамі… Беларусь - гэта як стан душы, які адпавядае майму ўспрыманню жыцця.

- У некаторых беларусаў ёсць стэрэатып, што недзе за мяжой, у прыватнасці і ў Ізраілі, лепш…

- Так, многія туды едуць, але нямногія застаюцца. Спецыфічная краіна, не для ўсіх… Шмат хто вяртаецца назад. Між іншым, даволі шмат людзей, маіх знаёмых, набылі тут, у Лідскім раёне, сабе хаты і з задавальненнем прыязджаюць сюды пажыць пэўны час.

- А як Вам сённяшнее свята?

- Вельмі спадабалася! Усё так весела, цікава, арганічна…

Між тым фестываль падышоў да завяршэння. Гледачы і ўдзельнікі няспешна разыходзіліся па сваіх справах, а ўслед ім з мясцовага гадзінніка чулася мелодыя вядомай песні: "Молодость моя - Белоруссия…".

Алена Каралевіч.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX