Наша слова.pdf № 40, 5 кастрычніка 2022 г.
Дзень настаўніка
Дзень настаўніка - прафесійнае свята ўсіх педагогаў, выкладчыкаў, настаўнікаў і выхавацеляў. Гэты дзень закліканы прыцягнуць увагу да становішча педагогаў у сучасным грамадстве, іх ролі ў адукацыі і грамадскім развіцці.
5 кастрычніка 1966 года скліканая ЮНЕСКА і Міжнароднай арганізацыяй працы канферэнцыя прыняла першы міжнародны дакумент, які вызначыў умовы працы настаўніцтва, - Рэкамендацыю "Аб становішчы настаўнікаў". Афіцыйна Міжнародны дзень настаўніка адзначаецца з 1994 года.
Дзень настаўніка ўваходзіць у сістэму сусветных і міжнародных дзён ААН. Звыш за 100 дзяржаў адзначаюць гэтае прафесійнае свята 5 кастрычніка. У нашай краіне, а таксама ў Латвіі, Украіне, Кыргызстане, Казахстане і Мал-дове Дзень настаўніка святкуецца ў першую нядзелю кастрычніка.
У жыцці кожнага з нас былі педагогі, якія дапамаглі нам стаць тымі, кім мы ёсць. Падзякуем нашым настаў-нікам і ўсім педагогам за іх нялёгкую працу. За цярпенне і веру ў вучняў. За адданасць прафесіі.
Сардэчна віншуем усіх настаўнікаў з прафесійным святам!
Шчасця, здароўя, станоўчых эмоцый новых прафесійных адкрыццяў вам!
На здымку Вольгі Капцевіч: Наталля Хітрун, настаўніца пачатковых класаў СШ № 17 г. Ліды.
Дажынкі ў маёнтку Ішчална Шчучынскага павета ў 30-я гады ХХ стагоддзя
Галоўнай падзеяй лета былі Да-жынкі. Гэта не сямейная ўрачыстасць, а свята маёнтка, якое сімвалізуе сціслую повязь лёсу ўладальніка маёнтка і сялян. Дажынкі адбываліся пасля заканчэння жніва жыта. Звычайна перад дажджамі на св. Яна (22 - 24 чэрвеня) належала цалкам закончыць першы пакос канюшыны. Пасля таго як канюшыну звозілі з поля, пачынаўся перыяд святаянскіх дажджоў. Пасля гэтага прыступалі да сенакосу, які, калі не замінала надвор'е, закончваўся ў першай палове ліпеня. Пасля гэтага наступаў перыяд жніва жыта. Заўсёды пільнавалі надвор'е 10 ліпеня - сем спячых братоў. Калі ў гэты дзень падаў дождж, дык прагноз быў фатальны - дажджы будуць ліць да канца жніўня - сем тыдняў. Трэба было мець вялікі спрыт, каб у перапынках паміж дажджом высушыць сена і звазіць яго ў стадолы. У такія гады Дажынкі праходзілі панура.
Але спрабую апісаць нармаль-ныя, радасныя Дажынкі, калі 10 ліпеня панавала добрае надвор'е.
Дажынкі заўсёды адбываліся ў суботу. Жніво за-канчвалі на некалькі дзён раней і на бліжэйшую суботу пакідалі які-небудзь кавалачак нязжатай зямлі, куды і выязджала жняярка са жнеярамі. Пасля таго, як апошні кавалак быў зжаты, работнікі забіралі адзін з снапоў і плялі прыгожы вянок з адмыслова выбраных прыгожых і моц-ных каласоў. У вянок упляталіся васількі, рамонкі і мак, пасля чаго мацавалі яго на верхавіну грабель жняяркі. У поўдзень работнікі ўрачыста праходзілі праз двор, дзе ўжо іх чакаў бацька з усёй сям'ёй. Згодна з традыцыйнай беларускай песняй:
"Пажалі жыта, пажалі ярку,
Пойдзем да пана аж да фальварку.
Ураджай жыта з усіх бакоў.
Не шкадуй пан сыра белага,
Дасць табе Пан Бог унука малага.
Ураджай жыта з усіх бакоў",
уручалі вянок і апошні сноп дзедзічу, пасля чаго сыходзілі. Праз некалькі гадзін, у падвячорак, усе сходзі-ліся на ўрачыстасць, якая павінна была адбыцца адпа-ведна з падрыхтаванай праграмай.
Праходзіла ўсё гэтак:
Перад ганкам жылога дома, які служба звала "палацам", на сярэдзіне газона ставіўся доўгі стол і да яго прыносіліся лавы для бяседнікаў. Пад кіраўніцтвам дзе-дзічкі ўся абслуга кухні рыхтавала прыём. Ставілі талеркі без накрывак. Уласную накрыўку кожны прыносіў сам. Ставіліся кілішкі і шклянкі. На першую страву ішла рыба - селядцы і смажаныя плоткі, акуні, ляшчы, часам ліні - усё, што злапалі. Кухар выдаваў бутэлькі гарэлкі, піль-нуючы, каб пілі ў меру. Удзельнікі самі сабе напаўнялі кілішкі, і першы тост піўся разам з дзедзічам, а часам і яго сынамі, далей ужо ўсё ішло само па сабе. Пасля рыбы выносілі кацёл з гарачым супам, гэта мог быць тлусты жур (суп на мучной заквасцы), бацвінка ці капуснік і да яго чатыры нарэзаныя хлябы. Пасля супу падавалі гарачае: вялікія кавалкі мяса (часцей ялавічына) з гарачай кашай. Перад кожным удзельнікам ставілася бутэлька піва, а на стол шмат пляшак хлебнага квасу. Пад сталом круціліся сабакі і хапалі кінутыя ім косткі, а каля бацькоў - дзеці, якім жанчыны давалі самае смачнае. На дэсерт падавалі салодкія булачкі з крушонам ці кашы з яблык і груш, якія можна было есці ці забіраць з сабой. Мэтай дажынкавых пасядзелак было накарміць удзельнікаў дасыта, па-горла. Пасля гэтага адбывалася гучная вечарынка з танцамі, і на яе дадаткова выносілі квас і садавіну.
Я любіў дажынкі, якія быццам вярталі нас ў старыя часы. Дажынкі цэментавалі адносіны дзедзіча са сваімі работнікамі і нагадвалі ўладальнікам маёнткаў, што яны выйшлі з таго самага народа, з гэтай самай зямлі ... нашы продкі жылі тут яшчэ за паганскімі часамі.
Паводле: Караль Лясковіч "Красовы двор і яго суседзі".
Жняярка. Ілюстрацыйнае фота. На беларускае слова "жняярка" не рэгуе ні беларуская, ні расейская Вікіпедыя. Каб знайсці фота для ілюстрацыі, давялося ўводзіць рускую назву. А ў нас жа гэтыя жняяркі працавалі яшчэ ў 60-я гады 20-га стагоддзя. Працавалі касілкі і грабілкі. Жняяркі сышлі першымі, за імі - касілкі. Грабілкі пратрымаліся найдаўжэй - да пачатку 70-х.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.
На заняткі па беларускай мове ў Японіі прыйшло больш студэнтаў, чым планавалася
Пра гэта распавяла на сваёй старонцы ў фэйсбуку выкладчыца беларускай мовы Сіёры Кіёсава. Яна выкладае беларускую мову ва ўніверсітэце Дзёці. Па словах Сіёры, гэта адзін з найлепшых прыватных універсітэтаў Японіі.
Заняткі па беларускай мове - факультатыўныя, універсітэт даў выкладчыцы аўдыторыю, у якой ёсць усяго 20 месцаў для студэнтаў. Прыйшло, аднак, каля 30.
- Сёння адбыліся першыя заняткі. Колькасць студэнтаў аказалася амаль 30…! Нам нават прыйшлося перайсці ў іншую, больш вялікую аўдыторыю. Я ж цяпер выкладаю і рускую мову ў іншых універсітэтах. Аднак на мае заняткі ходзяць не больш за 17 вучняў. Таму сёння быў нейкі рэкорд… (прынамсі для мяне). Усе студэнты вельмі апантаныя ды з вялікай цікавасцю вывучаюць мову нашу мілую…, - падзялілася радасцю выкладчыца.
Сіёры Кіёсава здаўна вядомая сваёй прыхільнасцю да беларушчыны, пра яе неаднаразова пісалі беларускія СМІ.
Паводле СМІ.
Водгулле Агульнай дыктоўкі
Такія сертыфікаты выдавала кампанія "Лідскае піва" тым удзельнікам Агульнай дыктоўкі, хто напісаў яе на высокі бал.
Школьнікаў цікавіць гісторыя малой радзімы
Пісьменнік, краязнавец і гісторык Сяргей Чыгрын са Слоніма правёў некалькі цікавых урокаў па краязнаўстве для вучняў і настаўнікаў Слонімшчыны. Першы ўрок адбыўся ў Сялявіцкай няпоўнай сярэдняй школе Слоні-мскага раёна. Госць не толькі прэзентаваў сваю кнігу легендаў і паданняў "Камень-бацька і камень-сын", але разам з вучнямі наведаў школьны этнаграфічны музей. Музей даволі багаты на розныя экспанаты і з густам аформлены. У музеі пасля сустрэчы ўсе разам сфата-графаваліся на памяць.
Другі ўрок да старшакласнікаў Слонімскай гімназіі № 1 адбыўся ў Слонімскай гарадской дзіцячай бібліятэцы. Сяргей Чыгрын падчас сустрэчы адказваў на пытанні настаўнікаў і вучняў. Найперш, гэта былі пытанні, звязаныя з гісторыяй Слоніма. Школьнікі пыталіся таксама пра Льва Сапегу, Міхала Казіміра Агінскага, Пуслоўскіх, пра лёс старых слонімскіх помнікаў, пра слонімскія скарбы і шмат іншых гучала пытанняў.
З гэтых сустрэч вынікае, што найбольш школьнікаў сёння цікавіць гісторыя сваёй маленькай радзімы, якой яна была ў мінулых стагоддзях, якія таленавітыя людзі выйшлі родам са Слонімскай зямлі.
Паводле СМІ.
Незабыўная Зоська Верас
Здаецца, было ўсё як учора, а ўжо прайшло 35 гадоў з той першай незабыўнай сустрэчы з выдатнай беларускай паэткай, грамадскай дзяячкай, выдаўцом і проста шчырым чалавекам Зоськай Верас (Людвікай Антонаўнай Войцік, 1892-1991) і не менш вядомым і знакамітым Лявонам Луцкевічам (1922-1997) .
24 верасня 1987 года група слонімскіх настаўнікаў вырашыла наведаць старажытную беларускую Вільню. Разам з настаўнікамі ўдалося паехаць і мне. Калі мы прыехалі ў Вільню, то на плошчы Гедыміна нас чакаў ужо Лявон Луцкевіч - зяць Зоські Верас. Пасля была цікавая экскурсія па нашай беларускай старажытнай сталіцы. Лявон Антонавіч яе добра ведаў і ўмеў вельмі цікава распавядаць пра яе завулкі і вуліцы, пра тых беларусаў, якія тут жылі, вучыліся, выдавалі кнігі і часопісы, трымалі друкарні і музеі. У мяне быў фотаапарат, і я стараўся сфатаграфаваць Лявона Антонавіча з настаўнікамі. Праўда, ён казаў:
- Сяргей, ты мяне так шмат не пстрыкай, больш фатаграфуй настаўнікаў, бо з-за мяне табе ў Беларусі можа быць непрыемнасць.
Калі я вяртаўся дамоў, усё думаў, якая мне з-за гэтага сціплага і цікавага чалавека можа быць непрыемнасць. Пасля, калі я прачытаў у "Политическом собеседнике" артыкул Бумажковай, я ўспомніў словы Лявона Антонавіча. Але і тады, і цяпер мне няма каго баяцца, я жыву на зямлі сваіх дзядоў і прапрадзедаў, якія тут нарадзіліся, жылі і працавалі і якія ганарыліся роднаю Вільняй і неаднаразова там бывалі. І любіць сваю Бацькаўшчыну ніхто і ніколі мне не забароніць, так як і сустракацца з сябрамі там, дзе я хачу і калі хачу.
А ў той дзень мы фатаграфаваліся і з Лявонам Луцкевічам, і з Зоськаю Верас, але ўжо ў яе лясной хатцы за Вільняй. Туды мы паехалі пасля віленскіх экскурсій, каб адведаць Людвіку Антонаўну. Адчыніўшы дзверы, мы быццам трапілі ў беларускі музей культуры і літаратуры. Карціны славутых мастакоў, фотаздымкі, кнігі, старая мэбля - усё тут, здавалася, дыхала нашым родным, беларускім. У адным з пакойчыкаў хаткі нас сустракала Зоська Верас, якой тады было ўжо 95 гадоў. Пасля пачалася размова. Нас цікавіла ўсё, бо мы ведалі, што Людвіка Антонаўна шчыра сябравала з многімі беларускімі дзеячамі, а таксама са слонімскім паэтам Гальяшом Леўчыкам. Дарэчы, у той дзень Зоська Верас падаравала літаратурнаму музею СШ № 7 г. Слоніма партрэт Гальяша Леўчыка, намаляваны беларускім мастаком з Вільні Алегам Аблажэем. Даўно ўжо няма гэтага музея, і невядома куды трапіў добры партрэт Леўчыка. Вельмі шкада, што часам каштоўныя музейныя экспанаты трапляюць у ненадзейныя рукі кіраўнікоў школьных музеяў.
Падчас гэтай сустрэчы мы шмат новага даведаліся ад Зоські Верас пра Гальяша Леўчыка, яна паказвала нам яго пісьмы і паштоўкі, а таксама цікава расказвала і пра Максіма Багдановіча. У час успамінаў пісьменніца нават праслязілася. А пасля Людвіка Антонаўна раздавала аўтографы. Праўда, кніжак яе ў настаўнікаў не было, таму аўтографы яна ставіла ў сшыткі і блакноцікі. А калі я назваў сваё прозвішча, ад чаго мне было прыемна і здзівіла ўсіх прысутных, яна сказала:
- А-а-а, Сяргейка, а я завочна ведаю цябе, шмат чытала тваіх твораў у прэсе....
Яна адчыніла шуфлядку, дастала адтуль сваю кніжачку "Каласкі" і падпісала: "Паважанаму Сяргею Чыгрыну на памятку сустрэчы. Вільня. 24.09.1987г. Зоська Верас"...
Пакуль настаўнікі размаўлялі з Людвікай Антонаўнай і разглядалі яе хатку-музей, мы з Лявонам Антонавічам абмяняліся адрасамі, пагутарылі пра жыццё ў Беларусі, пра навінкі беларускай кнігарні.
Вяртаючыся ў Слонім, я вырашыў праз пэўны час зноў завітаць да Зоські Верас. Але такой мажлівасці ўжо не было: у 1990 годзе (ці не знарок?) нехта спаліў лясную хатку, а праз год не стала і яе гаспадыні.
Віленскія сустрэчы з Лявонам Луцкевічам і Зоськай Верас яшчэ больш натхнілі мяне на пошукі звестак пра забытых гісторыяй беларусаў. У канцы 80-х - пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя я пачаў адшукваць па драбніцы звесткі пра Міхася Забэйду-Суміцкага, Наталлю Арсенневу, Хведара Ільяшэвіча, Гальяша Леўчыка, Сяргея Хмару, Францішка Аляхновіча і іншых прадстаўнікоў творчай беларускай інтэлігенцыі. Шукаў сляды Франука Грышкевіча, Уладыслава Казлоўшчыка і Станіслава Грынкевіча для будучай кнігі "Вяртанне да сваіх" (Беласток, 1999). Пра ўсіх іх я пытаўся ў Лявона Луцкевіча, ён дапамагаў мне, раіў, да каго звярнуцца, дзе можна прачытаць пра забытых беларусаў і г.д. Я яму ў Вільню прысылаў беларускія кніжкі, а ён мне - віленскія выданні. На жаль, як мы ведаем, час не стаіць на месцы. І вельмі часта гэты час адлічвае сумныя хвіліны: хутка не стала і Лявона Луцкевіча.
Сёлета 30 верасня Зосьцы Верас споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння. Прыгадваючы тую сустрэчу, хочацца нагадаць і яе біяграфію.
Зоська Верас нарадзілася ў сям'і вайскоўца Антона Сівіцкага і Эміліі Садоўскай, якія паходзілі з Гарадзеншчыны. Пачатковую адукацыю атрымала ад бацькоў, а ў 1904 годзе паступіла ў прыватнае гандлёвае вучылішча ў Кіеве. У 1905 годзе беларуска жыла ў Луцку на Валыні. Пасля смерці бацькі, у 1908 годзе пераехала разам з маці ў радавы маёнтак Альхоўнікі Сакольскага павета. Скончыла прыватную жаночую гімназію Кацярыны Баркоўскай, якая мясцілася ў камяніцы Стэфана Баторыя ў Гародні (1912), 10-месячныя садоўніцка-агародніцка-пчалярскія курсы і 6-тыднёвыя ваенныя санітарныя курсы ў Варшаве (1914). Падчас вучобы ўваходзіла ў Гарадзенскі гурток беларускай моладзі, займалася літаратурнай творчасцю.
З 1915 года Зоська Верас працавала сакратаркай у Менскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Супрацоўнічала з "Беларускай хаткай", дзе пазнаёмілася з Ядвігіным Ш. і яго дачкой Вандай Лявіцкай, з Аркадзем Смолічам і Уладзіславам Галубком, пасябравала з Максімам Багдановічам.
У канцы 1918 года Зоська Верас пакінула Менск з прычыны хваробы маці і вярнулася ў дзедаў маёнтак Альхоўнікі. У 1919 годзе ў яе нарадзіўся сын Антон, але яго бацька Фабіян Шантыр загінуў у 1920 годзе. Жывучы ў Альхоўніках, Людвіка пісала вершы, прысвечаныя найчасцей малому сыночку.
У 1923 годзе ў лясным масіве на Панарскіх узгорках пад Вільняй разам з новым мужам Антонам Войцікам яна пабудавала хатку з галінак дрэў, абмазаных глінай. У гэтым шлюбе ў 1927 годзе ў іх нарадзілася дачка Галіна, якая была замужам за Антонам Луцкевічам.
Зоська Верас рэдагавала часопісы "Пралескі" і "Беларуская борць", сябравала з многімі беларускімі пісьменнікамі. У 2013 годзе Міхась Скобла падрыхтаваў і выдаў вялікі том яе ўспамінаў і 386 лістоў пад назвай "Я помню ўсё".
Сяргей ЧЫГРЫН.
ТРУБІ, ТРУБІ, АНЁЛ АПОШНІ
Глеб ГАНЧАРОЎ
Паэт, празаiк, перакладчык, драматург, публiцыст. Нарадзiўся 23 верасня 1965 г. у Менску. Скончыў прыборабудаўнiчы факультэт Беларускага полiтэхнiчнага iнстытута (1988) i факультэт гаспадарчага права Беларускага iнстытута правазнаўства (1999). Працаваў iнжынерам-оптыкам, гаспадарчым юрыстам, журналiстам у газетах "Обозреватель", "Знамя юности", "Вместе!"
Творы друкавалiся ў часопiсах "Маладосць", "Полымя", "Неман", газеце "Лiтаратура i мастацтва", калектыўных зборнiках "Мы - скарынiчы", "Мiнск - горад майго лёсу" i iншых, перакладалiся на iўрыт, рускую, украiнскую, польскую мову.
Упершыню пераклаў на сучасную беларускую мову творы лiцвiнскiх паэтаў мiнулага Ю. Бакi, А. Крумана, Г. Наваградскага.
П'есы ставяцца ў тэатрах Беларусi, Украiны, Польшчы. Спектакль Гомельскага абласнога драматычнага тэатра "Уваскрэсенне Лазара" паводле аднайменнай п'есы атрымаў нацыянальную прэмiю Рэспублiкi Беларусь.
Жыве ў г. Менску.
ХХI СТАГОДДЗЮ
Трубi, трубi, анёл апошнi,
Ля надбяздоннае вярсты!
Хто гэты свет ссячэ на пожнi,
Не прадрачом нi я, нi ты!
Натоўп iзноў заве месiю,
Каб не загiнуць у чуме,
Каб кожны мог надзець на шыю
Па ланцуговым, па ярме.
Нямы прарок, нябачны коннiк,
Чый твар хаваецца ў iмжы,
Ляцi! I мiнуй нашы гонi!
Дапамажы! I зберажы!
Вярнi пранiзлiвыя стрэлы
Ў кроватачывы сагайдак,
Iмкнi ў захмарныя надзелы
Ад нашых шат. Хай будзе так!
Табе - бязмежны свет па часе
Па-над зямлёй, дзе боль i жах,
А нам - цярновае пачассе
Ды лёс пакорлiвых вужак.
ПЕСНЯ МЕСТАЧКОВАГА КАТРЫНШЧЫКА
Мой мiлы Беньямiн! Не ўсё яшчэ сышло,
Не ўсе ў тваiм жыццi знiштожаныя хiбы,
На одэрскай мяжы не ўкопана шуло -
Там цяжка бродзiць Бог i б'е прыкладам шыбы.
Народжаны на свет той самы маладзён,
Якi заб'е цябе. Вы з хлопцам - аднагодкi,
А ты пакуль гуляй… Амаль што не чуцён
Звон дзедаўскай, старой, надтрэснутай ляскоткi.
Уночы ляжа цень, уночы сцiхне крык,
Не думай, не гадай - сапрана альбо мецца.
Табе не прадказаць раз'юшаны блiцкрыг
I лiтасцi прасiць на ломанай нямецкай.
Свет скошаны на бок, мой мiлы Беньямiн!
У кветнiку цвiце махрыстая стакротка,
Ты ў люльцы цiхай спiш даверлiва. Амiн!
Як соладка звiнiць у сне твая ляскотка.
НОЧ РАСТРАЛЯНЫХ ПАЭТАЎ
Лунае ў небе чорны бусел:
Невынішчальнае чысло!
Яно палове Беларусі
На сэрцы шрамам залягло.
Часцей за ўсё, у тых, хто блізкі,
Улада ўторквае кайло...
Тады яшчэ маёй калыскі
Ў завадзе нават не было.
Але ў парахавым нагары
Я помню ўсё да гэтых пор.
А што - чысло? Што - календарык?
Апошняй ночы калідор...
***
I немата наўкол, і глухата,
I на вачах сцінаецца заслона -
Я ў чэраве азызлага кіта,
Па імю "свет", як уцякач Iона.
I гэтак жа асуджаны, як ён,
На марнаванне ў ліхалецці ўбогам,
Не кемячы, праз што я гнаны Богам,
Бо я ж не парушаў яго закон.
***
Быў Месяц спляжаны пад ранак,
Што напярэдадні Пакровы.
Як пакалечаны падранак
Скуголiў узыход барвовы.
Аскепкамі мінулай ночы
Вароны - вострыя, як коп'і -
На ім пракрэслівалі прочырк
I рассыпаліся шматкроп'ем...
Ужо нішто не адрывала
Ад надыходзячага снегу -
Адно дыван, ды пакрывала,
Ды дзеўчына на фоне неба.
Яна з пакутнага сумнення
З'явілася ў бялюткім плацці -
Апошняй міласцю асенняй,
Апошняй весткай аб расплаце.
Застылі раптам дні і чыслы,
Што каляндар імгненнем судным,
I падаў першы снег прачысты
На свет, прасякнуты абсурдам,
Дзе вуліца гарбатай коскай
Расквечвалася ў колер бальны,
Дзе боскі гнеў з пяшчотай боскай
Спляталіся неразвітальна.
ЗАБОЙСТВА МIНДОЎГА
- Ну, што, Транята! - выдыхнуў Міндоўг,
I знiк спалох з яго вачэй увішных,
Бо для яго бліжэйшым быў за іншых,
Той, хто згадзіўся выканаць свай доўг.
- Ну, што, Транята! - зноўку нараспеў
Ён вымавіў, каб быць пераканаўчым
I зразуметым так, а не іначай.
I гэта быў загад, а не сумнеў.
- Пара трыумфаў скончылася. Час
Наблізіўся ганебнага бунтарства.
Таму, з нагоды ўмацавання Княства,
Хай рокаш пачынаецца ад нас.
Манарха прызначэнне ля стырна
Не ў тым, што ён валодае дзяржавай
Ці радуецца ласцы саладжавай,
Пакуль не напаткаў Карачуна.
Iмперыі вялікай хараство
Не зводзіцца да слушнасці падзеям.
Ты, падпарадкаваўшыся ідэям,
Па сконе абярнешся ў бажаство.
Мы зберажом у велічы закон.
Забойства для Радзімы - не злачынна.
Я зараз пераходжу руб Айчыны,
Як Цэзар пераходзіў Рубікон.
Ну, што, Транята, скажам наўздагад:
Прадажніцтва запомніцца надоўга!
Я разумею: выкананне доўгу
Страшней за смерць. Але такі загад!
Ён асвяціў паходняй твары іх -
Таварышаў, што з ім стаялі побач.
Чытаў літанне ўсхваляваны пробашч,
Вятрыска засаромлены прыціх.
- Ты ўсадзіш меч у спіну, Таўцівіл,
А ты, Даўмонт з навостраным кінжалам,
Па горле паласнеш змяіным джалам,
Як аспід, што ахвяру палюбіў.
Ён расхінуў кунтушнае шаўро
I сцебануў іх голасам узнятым:
- Не валаводзь! Кідай дрыжаць, Транята!
Давай, пляменнік, цэлься пад рабро!
Парк "Гарні" набудзе новы статус
У кожную з пор года гэты старадаўні парк выглядае зусім па-рознаму, ствараючы атмасферу таямнічасці вакол сябе. Улетку цяністыя алеі хаваюць гасцей ад пякучага сонца, а ўвосень цешаць яркімі фарбамі. Помнік прыроды мясцовага значэння з'яўляецца пярлінай Лідскага краю. І па хуткім часе ён перасягне новы этап у сваім жыцці - вырашаецца пытанне пра ўключэнне парку "Гарні" ў спіс аб'ектаў Нацыянальнай спадчыны Рэспулікі Беларусь.
Запаведны свет
Падчас прэс-тура "Адраджэнне парку "Гарні" лесаводамі Гарадзеншчыны, ці фармаванне правільных каштоўнасцяў у моладзі", які нядаўна праходзіў на базе Лідскага лясгаса, удалося ў чарговы раз прагуляцца па ўжо знаёмых алеях.
- Гісторыя парку "Гарні" бярэ пачатак з далёкага 1881 года. Тады па ініцыятыве царскай Дзяржаўнай лясной аховы на паўднёвай ускраіне Ліды былі пасаджаны першыя дрэвы, - выступаючы ў ролі экскурсавода, распавядае намеснік кіраўніка Лідскага лясгаса Часлаў Барко. - Цяпер плошча парку складае 6,7 гектара. Тут суіснуюць 2070 дрэў, якія адносяцца да 41 віду. 30 адсоткаў тэрыторыі займаюць экзатычныя расліны - прышэльцы з заморскіх краін. Большасць зялёных волатаў, уключаючы рэдкія віды, перасягнула векавую мяжу. У снежні 1964 года рашэннем Лідскага райвыканкама гэты ўнікальны аб'ект быў абвешчаны батанічным помнікам прыроды мясцовага значэння, які мае навуковае, гістарычнае і экалога-асветніцкае значэнне.
Калі ўважліва паглядзець вакол, паўсюль усталяваны таблічкі з назвамі віду дрэва і месцам яго распаўсюду. А яшчэ на зялёных волатах маюцца парадкавыя нумары. Часлаў Міхайлавіч расстаўляе ўсе кропкі над "і". Аказваецца, кожны парадкавы нумар як пашпарт для чалавека. Дзякуючы яму можна дазнацца "біяграфію" дрэва: від, назву, узрост, вышыню - усю неабходную інфармацыю. Заманліва, аднак.
Разам - назаўжды!
Не сакрэт, што парк папулярны сярод мясцовых жыхароў і гасцей Лідскага краю. Апроч першароднай прыроднай прыгажосці ў яго маецца яшчэ адна важная роля - ён з'яўляецца мудрым настаўнікам. Калі пазнаёміцца з дрэвамі бліжэй, то можна дазнацца іх неверагодна цікавую гісторыю жыцця.
- Вось, да прыкладу, лістоўніца сібірская, - звяртае ўвагу на чарговае дрэва Часлаў Міхайлавіч. - Паўночная прыгажуня ўражвае і прыгажосцю, і вышынёй, і асаблівасцямі свайго віду. У сярэднім дрэва жыве 300-400 гадоў, вырастае да 50 метраў у вышыню, а на зіму, як лісцяныя дрэвы, пазбаўляецца ад іголак. Адгэтуль і назва. Але адмысловую каштоўнасць уяўляе яго драўніна, якая пераўзыходзіць па якасці іншыя іглічныя пароды. Яна мала падвяргаецца гніенню, вельмі цвёрдая і цяжкая. Што незвычайна: калі змясціць ссечанае дрэва ў ваду, праз некалькі хвілін яно пачынае тануць у вадзе. Іншыя дрэвы застаюцца на паверхні.
Прайшоўшы яшчэ некалькі метраў па зялёным лабірынце, сустракаем яшчэ аднаго магутнага волата. Цукровы клён, дыяметр ствала якога 180 сантыметраў(!), - разыначка парку. Чаму такая "салодкая" назва? Усё вельмі проста. Гэта адно з нешматлікіх дрэў у свеце, сок якога вельмі салодкі. Працягласць жыцця дрэва - да чатырохсот гадоў. Праўда, чужаземец мясцовай "прапіскі" пакуль яшчэ юнак. Яму стукнуў усяго вось 141 год! А яшчэ гэта дрэва незвычайна прыгожае ўвосень: колер свайго лісця яно змяняе з зялёнага на ярка-чырвоны. Што сказаць, прырода - неперасягнены геній!
- Ёсць у нашым парку гэтакія "антыгероі", - заўважае Часлаў Міхайлавіч. - Вось, да прыкладу, дуб чырвоны. Здавалася б, сапраўдны волат з Паўночнай Амерыкі. Але дрэва занесена ў "Чорную кнігу" флоры Беларусі і з'яўляецца інвазіўным відам, які можа нарабіць шкоды навакольнаму асяроддзю. Гэта расліна-асаднік. Апынуўшыся ў новых для сябе прыродных умовах, яно не губляецца і пачынае актыўна ўкараняцца ў мясцовыя раслінныя супольнасці, выцясняючы пры гэтым абарыгенныя віды дрэў. Дарэчы, у гэты спіс патрапілі і яго суседкі - рабініі-ілжэакацыі. Гэтыя дрэвы растуць і ў нашым горадзе, таму сталі звыклымі для мясцовых жыхароў. Разам з тым, рабінія-ілжэакацыя таксама нясе пагрозу мясцовай флоры. Расце яна хутка, асабліва ў першыя дзесяць гадоў. Штогадовы прырост можа складаць 60-80 сантыметраў. У нашых умовах да 30 гадоў яна дасягае вышыні 10 метраў і больш. Вось такая небяспечная прыгажосць!
Сустракаюцца ў парку "Гарні" насаджэнні дубу чарэшчатага, а таксама хвоі веймутавай, якая мае свае асаблівасці: іголкі гэтага віду складаюцца з пучкоў-кутасікаў (хваінкі вельмі мяккія, як хвост вавёркі!), а шышкі маюць дэкаратыўны выгляд, як быццам хтосьці адмыслова афарбаваў кончыкі іх лускавінак у белы колер. І, нарэшце, на адной з алей парку можна ўбачыць ліпу і дуб, якія растуць практычна з аднаго кораня. Гэта ўнікальнае месца з нядаўняга часу аблюбавалі маладыя для фотасесій, лічачы гэтыя дрэвы знакам кахання і вернасці.
- За паўвекавую гісторыю закаханыя і сварыліся, і мірыліся, - усміхаючыся, заўважыў наш гід, - але, нягледзячы на ўсе нягоды, яны ўсё адно разам!
"Вуха жаданняў" і зялёны лабірынт
У парку Гарні можна лёгка дакрануцца да казкі. Яшчэ адзін маршрут сярод зялёных волатаў зроблены адмыслова для маленькіх наведвальнікаў і юных натуралістаў. Дзіцячая экалагічная сцежка "Лукамор'е" знаёміць з папулярнымі міфічнымі персанажамі: Бабай Ягой, лясным духам Берандзеем, цмокам, русалкамі. У аднаго з дрэў з'явілася "вуха жаданняў". Кожны можа прашаптаць у яго самае патаемнае жаданне, і яно абавязкова спраўдзіцца. Але жаданне, як заўважыў Часлаў Барко, павінна быць толькі адным, і да таго ж рэальным, а не фантастычным.
Разыначкай жа парку па праве можна назваць зялёны лабірынт з туй, які быў закладзены ўвосень 2017 года па праекце супрацоўнікаў Інстытута эксперыментальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук. Складаецца з 1415 штук туй смарагд з ляснога гадавальніка Смаргоньскага доследнага лясгаса. Лабірынт карыстаецца велізарнай папулярнасцю ў дзяцей і дарослых наведвальнікаў парку. Заблудзіцца сярод больш тысячы смарагдаў можа нават дарослы. Квэст у лабірынце - займальнае баўленне часу.
- У траўні 2017 года на тэрыторыі парку пачаў функцыянаваць рэгіянальны лясны экалагічны адукацыйны цэнтр, які быў створаны на сродкі міжнароднага гранта Еўрапейскага звяза і Праграмы развіцця ААН "Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да "зялёнай эканомікі" (яшчэ двума гадамі раней Лідскі лясгас выйграла конкурс праекту "Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да "зялёнай эканомікі", грант склаў 112 тыс. даляраў), - распавядае Часлаў Міхайлавіч. - Сёння на яго базе падрастаючае пакаленне знаёміцца з жывёльным і раслінным светам Гарадзеншчыны. Апроч лідскіх школьнікаў, сюды з экскурсіямі прыязджаюць навучэнцы з іншых раёнаў вобласці. У экалагічным класе ўсталяваны кампутары, круглы стол на 25 месцаў. Гэта пляцоўка таксама выкарыстоўваецца для правядзення розных навучалых семінараў. Напрыклад, злёту лесаводаў-пачаткоўцаў.
Але і на гэтым усё самае цікавае не скончылася. У гэты дзень мы змаглі паспытаць мядку, зазірнуць у шышка-сушылку, наладзіць фотасесію. А затым, як прынята ў канцы любой экскурсіі, падзякавалі Чаславу Міхайлавічу за цікавы аповяд пра парк "Гарні" - пярліну Лідскага краю. Застаецца толькі запрасіць і іншых лідзян наведаць гэтае дзіўнае месца. Нішто не дадасць гэтулькі станоўчых эмоцый, як зносіны з прыродай і сустрэча з казкай!
Вольга Капцевіч.
3 кастрычніка - Дзень Германскага адзінства
Навіны Германіі
Дзень Германскага адзінства (ням. Tag der Deutschen Einheit) - нацыянальнае свята сучаснай Федэратыўнай Рэспублікі Германіі, адзначаецца 3 кастрычніка ў дзень уваходжання ГДР у склад ФРГ.
Дзень Германскага адзінства з'яўляецца непрацоўным днём і адзіным дзяржаўным святам Германіі.
Гісторыя свята
У Федэратыўнай Рэспубліцы Германія "Дзень нямецкага адзінства" (ням. Tag der deutschen Einheit, з малой літарай d) быў уведзены ў 1954 годзе ў памяць пра падзеі 17 чэрвеня 1953 года ў ГДР і святкаваўся 17 чэрвеня з 1954 па 1990 год.
Пасля аб'яднання Заходняй і Усходняй Германій, у 1990 годзе, нацыянальнае свята аб'яднанай краіны меркавалася спачатку перанесці на 9 лістапада - дзень падзення Берлінскай сцяны. Аднак паколькі гэты дзень быў звязаны з цёмнымі перыядамі ў гісторыі Германіі (піўны путч у 1923 годзе і лістападаўскія пагромы 1938 года), для новага дзяржаўнага свята была абрана іншая дата - 3 кастрычніка 1990 года - дзень канчатковага аб'яднання дзвюх нямецкіх дзяржаў. Дата 3 кастрычніка была замацавана ў артыкуле 2 дамовы пра аб'яднанне Германіі, ад 31 жніўня 1990 года, у якасці новай даты свята "Дня Германскага адзінства" (ням. Tag der Deutschen Einheit, зараз з загалоўнай літарай D).
Сёння 3 кастрычніка з'яўляецца адзіным дзяржаўным святам Германіі, устаноўленым на федэральным узроўні. Усе астатнія святы рэгулююцца землямі Германіі.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў народ Федэратыўнай Рэспублікі Германіі з Днём Германскага адзінства. Пра гэта піша БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу беларускага лідара.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што беларусы і немцы павінны разам зрабіць свой пасільны ўнёсак, каб пазбегнуць разбуральнага супрацьстаяння і не дапусціць новай катастрофы.
"Падзенне Берлінскай сцяны і аб'яднанне Германіі ўяўлялі сабою сапраўдную змену эпох і надзею на ўстойлівы свет і бяспеку ў Еўропе", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Далей у сваім віншавальным паведамленні А. Лукашэнка ўзгадаў, колькі "пакут, скрухі і болі можа прынесці такая сцяна" і што яна стала "трагічным знакам падзелу горада, народа, цэлага кантынента".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што "мы зноў вяртаемся да часоў канфрантацыі, калі паміж краінамі ў самым сэрцы Еўропы выбудоўваюцца сцены".
"Менск адкрыты для раўнапраўнага дыялогу і прагматычнага супрацоўніцтва з Берлінам, а таксама для далейшага развіцця двухбаковых адносін, якім сёлета споўнілася 30 гадоў", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Апроч усяго іншага Аляксандр Лукашэнка пажадаў народа Германіі мірнага неба, салідарнасці і годнай будучыні для нашчадкаў.
Фота: Bartolomiej Pietrzyk/Shutterstock.com
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Перакладчык з наўатль Лявон Баршчэўскі мінае Бермудскі трыкутнік - у той час як Вольга Райс жыве сярод індзейцаў на востраве ў штаце Вашынгтон
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-39)
БАРШЧЭЎСКІ Леанід - філолаг і грамадскі дзеяч, палітык, перакладаў паэзію з больш чым 30 моў і прозу - з 10, бегла размаўляе на 7 мовах; трапіў на канферэнцыю ў Сан-Сальвадоры таму, што яму пазваніў і прапанаваў паехаць Ніл Гілевіч: патрабаваўся ўдзельнік з веданнем іспанскай або англійскай.
"З вячэраю была поўная няяснасць, і я, урэшце, даеў сваё сала. Зрэшты, не вельмі й пашкадаваў пра экзатычныя, але невядома з чаго прыгатаваныя мясцовыя стравы - які-небудзь чыльмоль ці хікара.
Экзотыка мне даспадобы ў іншым. На закрыццё канферэнцыі гаспадары падрыхтавалі тое, што бальшавікі называюць "культурнай праграмай", а папросту добры выступ фальклорнага ансамблю спевакоў і танцораў. Вось дзе патыхнула старою і, відаць, аўтэнтычнаю індзейшчынай.
На заканчэнне на мове nahuatl яны спявалі гімн Богу-Сонцу (Туналь), і гэта было нешта неверагоднае:
Кан калагуі Туналь
Ну-тэку, ту-тэку!
Нэш-кукуа, нэш-кукуа,
Кан калагуі Туналь
Ну-юлу-ну-юлу чу-га Туналь тыт, Туналь тыт,
Туналь ма хсу...
(Як Сонца заходзіць, наш Бог,
Сэрца мне баліць,
сэрца мне баліць.
Як Сонца заходзіць,
Сэрца маё, сэрца маё...
Памірае - Сонца, Сонца!
- ад агню!!!)
Дзеля гэтага напраўду варта было ляцець у іншы свет...
Вынік канферэнцыі быў досыць незразумелы: канчатковы дакумент не выпрацоўваўся. Але сальвадорскія прадстаўнікі асабліва настойвалі на прапанове стварэння рэгіянальных структур "культуры міру", маючы на ўвазе, што Сан-Сальвадор стаўся б цэнтральна-амерыканскім асяродкам - вядома ж, на грошы ААН ды ЮНЭСКА Я адразу зразумеў "гульню" і са свайго боку сказаў, што Менск быў бы найлепшым месцам для такога цэнтру ў рэгіёне Усходняй Еўропы. Што ж, гуляць дык гуляць…"
У запісах пра паездку "За Бермудскім трохкутнікам" можна прачытаць і апісанне экскурсіі - удзельнікі канферэнцыі ўбачылі як гарадское, так і вясковае жыццё Сальвадора.
Лявон Баршчэўскі вядомы як складальнік анталогій па літаратуры народаў свету і іншых зборнікаў і курсаў. Перакладаў тых і пісаў пра тых, хто праславіўся на індзейскім матэрыяле. Мініяцюра Ф. Кафкі "Жаданне зрабіцца індзейцам" у яго перакладзе гучыць так: "Каб зрабіцца індзейцам канчаткова і праскакаць па зямлі, якая скача, у паветры нахіліўшыся ўбок, - аж пакуль не адпусціш шпоры, бо шпораў няма; аж пакуль не выкінеш павадок, бо павадка няма, - і тады ўбачыш зямлю з роўна пастрыжанай травою, убачыш проста перад сабой, ужо без конскай шыі і галавы".
Літ.: 2686 (тут і далей - нумары рэгістрацыі ў Беларуска-індзейскай бібліяграфіі (БІБ)) Баршчэўскі Л. За Бэрмудскім трохкутнікам // Свабода. 1994. 1-7 сак. (№ 8). С. 5; 8-14 сак. (№ 9). С. 5; 15-21 сак. (№10). С. 5.
7290 Баршчэўскі Л. П. Сетан-Томпсан (Seton-Thompson) Эрнест // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14. Мн., 2002. С. 355.
7338 Баршчэўскі Л. П. Уайб (Wiebe) Рудзі Генры // Беларуская Энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16. Мн., 2003. C. 152-153.
5030 Кафка Ф. Дзеці на дарозе // Кафка Ф. Прысуд: апавяданні і мініяцюры / пер. з ням. Л. Баршчэўскага; прадм. П. Васючэнкі. Мн., 1996. С. 21-24.
5031 Кафка Ф. Жаданне зрабіцца індзейцам // Кафка Ф. Прысуд: апавяданні і мініяцюры / пер. з ням. Л. Баршчэўскага; прадм. П. Васючэнкі. Мн., 1996. С. 38.
2664 Кафка Ф. Показкі: Гарадскі герб. Суполка нягоднікаў. Разгублены позірк з акна. Пакуты старога кавалера. Жаданне зрабіцца індзейцам / пер. з ням. Л. Баршчэўскага // Культура. 1994. 23. лют. С. 5-7.
2766 Лондан Д. Мечаны / Пер. У. Чаркаса // Хрэстаматыя па літаратуры народаў свету: дапаможнік па сусветнай літаратуры для сярэдніх навучальных устаноў гуманітарнага профілю (VIII клас) / уклад. Л. Баршчэўскі. Мн., 1992. С. 166-174.
8375 Беларуская літаратура і свет: ад эпохі раман-тызму да нашых дзён: тэксты для чытання і аналізу / уклад. Л. Баршчэўскі. Мн., 2006.
9301 Баршчэўскі Л., Васючэнка П., Тычына М. Паўночнаамерыканскі рамантызм. Творчасць Генры Лангфэла: курс "Рамантызм у літаратуры". Тэма 11. IX - X класы (50 гадзін) // Роднае слова. 2006. № 7. С. 51-52.
2374 Шэдэўры сусветнай паэзіі па-беларуску: Генры Уодсварт Лангфэла. Страла i песня. - У вячэрнiм змроку / пер. з англ. Ю. Гаўрука; рубрыку вядзе Л. Баршчэўскі // Наша слова. 1993. 12 мая. С. 7.
2850 Генрык Сянкевіч / Рубрыку вядзе Л. Баршчэўскі // Наша слова. 1995. 1 студз.
8767 Баршчэўскі, Л. Літаратура ад старажытнасці да пачатку эпохі рамантызму: Папулярныя нарысы. Мн., 2003.
РАЙС Вольга (2) - кніга "Гняздаванне для зорак і іншыя гісторыі" (Nesting Out For Stars and Other Stories) з аўтографам аўтара - Дуэйна Ніятума (Niatum) - Вользе, беларусцы з вострава Бэйнбрыдж (штат Вашынгтон), у Бібліятэцы БІТ (яе дар) - крыніца для яшчэ аднаго пера-кладу Лявона Баршчэўскага? Будучы пісьменнік пэўны час унутрана "змагаўся" паміж сваёй спадчынай ад ін-дзейцаў клалам і - па бацьку - італьянцаў. Пытанне стала вырашацца, калі яго "сурагатным бацькам" стаў дзядуля-клалам.
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Бернардыны ў Літве і Беларусі
Ад перакладчыка: Гэты вельмі цікавы і карысны тэкст з'яўляецца канспектам кнігі К. Кантака пра бернардынаў, верагодна, зроблены Людвікам Абрамовічам. Артыкул, у асноўным, складаецца з асобных фрагментаў кнігі Кантака, якія ўзяты ў двухкоссе. У гэтым надрукаваным амаль што сто гадоў таму тэксце маецца шмат памылак у датах, якія перакладчык, па меры магчымасці, імкнуўся паправіць.
Падаем тут выклад таго, што мы знайшлі пра летувіскіх і беларускіх бернардынаў у каштоўнай працы кс. К. Кантака "Польскія бернардыны", першы том якой выйшаў у Пінску вясной 1933 г., а другі хутка будзе надрукаваны1.
Рэдактар Пшэглёнду Віленскага.
Бернардынаў запрасіў кароль і вялікі князь Казімір, які адразу звярнуў увагу манахаў на навяртанне русінаў, якія зараз з'яўляюцца беларусамі і ўкраінцамі. У адрозненне ад кардынала Збігнева Алясніцкага, які ў тыя часы быў заняты праблемай гусітаў, кароль выклаў свой пункт гледжання наступным чынам: "Прасцей будзе пераканаць народ прастадушны, неачэсаны, але з добрымі схільнасцямі, які не прымае каталіцкую веру больш з-за закаранелых звычаяў, чым з асэнсаваных прычын". Словы гэтая былі напісаны адразу пасля Фларэнтыйскай уніі, лёс якой і "ў Польшчы, і ў Літве вядомы і вядома яе безвыніковасць. Таму кароль паказаў на вялікае поле працы, на шматмільённы народ, які, каб навярнуцца, толькі чакаў слоў добрага прапаведніка". Казімір, які думаў пра развіццё веры, ціснуў на кардынала Збігнева, які, як прадстаўнік сусветнага касцёла, не бачыў гэткае важнае поле працы як "руская місія". Пасля гэтага кардынал хутка напісаў да папы і таксама запрасіў бернардынаў.
Першым, хто па загадзе кіраўніцтва заняўся гэтай справай, быў венгр Ян Уладзіслаў дэ Тхары з двума таварышамі з Маравіі. "Маючы ахоўную грамату ад караля да маскоўскага цара, браты-манахі зайшлі ажно ў Маскоўскае княства. Па дарозе мелі шмат прыкрасцяў. Цар загадаў ім вяртацца туды, адкуль прыйшлі … На адваротным шляху, калі ужо зноў перайшлі мяжу з Масквой, здох асёл, які вёз іх рэчы … Місія гэтая закончылася ў канцы зімы 1452-53 гг.".
Хутка ў ордэн бернардынаў уступіў сакратар віленскага біскупа Мацея († 1453) і служыў манахам як перакладчык. Ён пакінуў запісы, якія потым сталі адной з каштоўных крыніц да дзеяў бернардынаў на Літве і Беларусі - так званыя Хронікі Камароўскага (Joannes de Komorowo. Memoriale Ordinis Minorum).
Пасля кароткага зацішша, "руская місія" зноў стала актуальнай. Бернардыны з Кракава, Львова, Тарнова пачалі займацца рэалізацыяй каралеўскай праграмы па прывабліванні русінаў да сусветнага касцёла. Натуральна, што Львоў стаў галоўным цэнтрам місіі. "Гэта горад быў адным з асяродкаў схізмы, і сталася так, што русіны паспяшаліся спаліць кляштарныя будынкі. Разам з будынкамі згарэлі і касцельныя рэчы, падараваныя фундатарамі. Аднак, не шкадуючы коштаў, будынкі былі адноўленыя". Хутка стала зразумелым, што, нягледзячы на росквіт ордэна ў адным месцы, на Чырвонай Русі было закладзена толькі два канвенты і ніводнага ў Літве. "У ягелонскай дзяржаве, якая складалася з розных народаў, пры высокім узроўні культуры і наяўнасці грамадскіх і дзяржаўных інстытуцый, добра арганізаваны манаскі ордэн і сапраўды мог стаць базай для шырокіх місійных пачынанняў сярод бела- і чырвонарусаў". Гэтаму перашкаджала тое, што бернардыны на пачатку "былі залежныя ад кіраўнікоў немцаў ці італьянцаў, якія самі знаходзіліся ў Вене ці Уроцлаве". Нават у такіх, не зусім спрыяльных умовах, бернардыны нават на ўскраінах літоўскай дзяржавы будавалі новыя кляштары. У 1498 г. яны пабудавалі багата забяспечаны канвент у Полацку.
Наогул, бернардыны і шляхта ўмелі жыць. "Характэрны вобраз ўзаемаадносін бернардынаў і шляхты нам захаваў Ян Камароўскі. Было гэта 21 студзеня 1514 г. падчас інвентарызацыі скарбаў каралевы Алены ў сакрыстыі віленскага канвета. Пасля працы, якая цягнулася цэлы дзень, змучаныя літоўскія вяльможы павінны былі разысціся галоднымі. Тады гвардыян (сам Камароўскі) запрасіў іх на вячэру. Усе радасна пага-дзіліся.
- Цудоўна! - сказаў гвардыян і загадаў кухарам спячы свежых рыб, бо дзічына, каўбасы і печыва ўжо былі гатовыя. На скрынях разаслалі абрусы і потым прынеслі стравы. Усе з прыемнасцю шмат елі. Тады гвардыян сказаў:
- Маю ў сакрыстыі віно для імшы, падараванае ласкавымі Васпанамі і ахвотна вас пачастую!
- Загадай прынесці! - закрычалі вяльможы.
Мёду гвардыян не меў, і таму вяльможы паслалі па яго ў свае гарадскія двары. З радасцю елі і пілі і дзякавалі за гэта гвардыяну, бо ніколі раней у сябе так смачна не елі. Час ляцеў, і Камароўскі жартам прапанаваў маршалку заплаціць за ранні сняданак. Маршалак адказаў:
- З задавальненнем, толькі папрасі!
Тады гвардыян прамовіў:
- Я бедны, бо ўсё, што павінен быў даць братам, загадаў прынесці Васпанам. І хоць па-праўдзе ўсё гэта паходзіць ад вашай ласкавай міласціны, але я не ведаю, што заўтра дам братам на сняданак.
На што маршалак адказаў:
- Я толькі слуга паноў, але даю чатыры злотыя для братоў.
Тады найвялікшы літоўскі вяльможа Гаштольд сказаў:
- У корчмах плацім за дрэннае піва, дык чаму мы не можам заплаціць за такую смачную ежу і віно? Ойча гвардыян, ад мяне атрымаеце тры бочкі свежага мёду і тры старога, найлепшага, чатыры бочкі аўсу і жыта, бо будуеце віленскі касцёл. І 60 бочак пшаніцы.
Камароўскі падзякаваў Гаштольду.
Усе іншыя паны з найвялікшай міласцю далі шмат дзічыны, тлушчу, аўсу, гароху, пшаніцы, жыта, мукі, ялавічыны, рыбы, сыру і масла. Гвардыян бесперапынна дзячыў панам. Міласціны было сабрана столькі, што канвент меў добры запас ажно на паўтара гады".
Бернардыны дзе-нідзе жадалі ставіць мураваныя канвенты, не зважаючы нават на тое, што ў гэтым краі нават вяльможы жылі яшчэ ў драўляных дварах. Не выклікалі яны своечасова архітэктара ці майстра-муляра (lapicidae) з-за мяжы. "Падобнае катастрофа напаткала Вільню", дзе "сапраўды, вельмі рана, дзякуючы шчодрасці караля Казіміра, пабудавалі канвент з цэглы. Аднак мулярскія работы былі зроблены нядбайна і нетрывала, таму каля 1500 г. абвалілася скляпенне са сценамі. Мусілі разабраць касцёл да фундаментаў - застаўся толькі хор, сакрыстыя і інтэрнат (dormitarz). Камароўскі, як гвардыян, зноў пачаў будоўлю ў 1521-1523 гг. (насамрэч, у 1506-1516 гг. - Л. Л.). Галоўнымі фундатарамі-дабрадзеямі касцёла называюць Радзівілаў, Кучука і Станьку з Коўні. Дзякуючы ім і іншым фундатарам, наступнік Камароўскага Готард з Сяменціна змог закончыць справу і двор касцёла абгарадзіць мурам".
Прыкладна з таго часу бернардыны пачалі акружаць свае канвенты мурамі, некаторыя касцёлы па кутах атрымалі абаронныя вежы, а ў версе сцен - байніцы. Такі сродак абароны аказаўся разумным і атрымаў назву інкастэляцыя. Дбаліся таксама і аб таўшчыні муроў і аб моцы ўжыванага дрэва. У такіх кляштарах мелася як вогнепальная зброя: гакаўніцы, фальканеты (гарматы невялікага калібру), ручніцы, гэтак і халодная зброя: мячы, шаблі, палашы, лукі і г. д. Не бракавала ў іх таксама пораху і куль. На захоўванне зброі меўся дазвол папы, згода кардынала-пратэктара і адпаведнага біскупа.
"Зацверджанне канвентаў было звязана з іх тапаграфічным размяшчэннем. У адрозненне ад даўніх францішканскіх, бернардынскія кляштары ляжалі па-за гарадскімі мурамі". Так было ў Вільні, Гародні, Коўні …, што падкрэслівалася даданнем у лацінскім тэксце слова "apud" ( каля), напрыклад apud Poznian, apud Cracoviam … На гэты факт уплывала тая акалічнасць, што "гэтыя канвенты будаваліся падчас вялікага росквіту гарадоў. Таму ў межах гарадскіх муроў проста не было месца, і каля сцен хутка раслі гарадскія прадмесці. Будынкі канвента разам з садам і гародам вымагалі значнага абшару, а дом Божы быў неабходны жыхарам прадмесцяў. Відочна, у часы нашэсця непрыяцеля такі кляштар быў асуджаны на захоп і знішчэнне".
Аднак гэткае месцазнаходжанне кляштароў уплывала і на бяспеку саміх гарадоў. Покуль канвенты былі драўлянымі, падчас аблогі іх палілі разам з прадмесцем. А калі кляштары сталі мураванымі і падобныя на цвердзі, яны здолелі даць адпор наездам татараў, якія былі негатовыя займацца доўгай аблогай. Аднак падчас вялікай вайны кляштар, які заняў вораг, мог стаць для яго апорным пунктам і пагражаць фартыфікацыі горада. Таму мы бачым, што гарады і шляхта пратэставалі супраць пабудовы канвентаў. Напрыклад мы ведаем пра пратэст супраць перабудовы ковенскага канвента ў 1487 г., бо сам горад тады меў яшчэ толькі драўляныя ўмацаванні. Пабудаваная ў той час сакрыстыя, магчыма, была першым цагляным будынкам Коўні. З'явілася нават меркаванне перанесці кляштар далей ад горада і папа Інакенцій VIII у 1487 г. нават даў дазвол на гэта. Але хутка ў самым горадзе пачалі з'яўляцца мураваныя будынкі, і вялікі князь Аляксандр дазволіў пабудову кляштара з цэглы. Бернардынскія кляштары ў Беларусі і Летуве ў архітэктурным сэнсе можна аднесці да аднаго тыпу - гэта былі пабудовы ў форме квадрата з садам пасярэдзіне і касцёлам, які займаў адзін бок. На першым паверсе месцілася трапезная (якая пры неабходнасці служыла залай для пасяджэнняў), кухня, спіжарня, лямусы і інш. У лёхах знаходзіўся карцар, піўніца, склады садавіны і гародніны і г. д. На другім паверсе месціліся келлі, інтэрнат, бібліятэка, шпіталь з аптэкай і інш. Каля кляштара меліся афіцыны, гаспадарчае падвор'е, стайні для коней, бровар, медаварні і г. д. Бернардыны Літвы звычайна мелі вялікія гароды і сады, а часта і рыбныя ставы. Тэрыторыю кляштара атачаў мур ці часовы паркан.
Келлі напачатку былі вельмі сціплыя, у іх меліся толькі ложак з сеннікам і зэдлік з мядніцай. Трошкі больш рэчаў было ў прапаведніка, гвардыяна і яго намесніка - вікарыя. Як быццам не было і печак, але з улікам нашага надвор'я ў гэта цяжка паверыць. Аднак неаспрэчна вядома, што бернардынская трапезная ў Вільні не мела печкі, а абагравалася трубамі, якія ішлі пад ёй. Такое ацяпленне працавала дрэнна і чадзіла, на што неаднаразова жаліліся хранікёры. Пасярэдзіне трапезнай, на ўзвышшы, стаяў пульпіт лектара і вадзяны гадзіннік - механічныя гадзіннікі з-за мяжы яшчэ не прывозілі2. Падлога рабілася з бітай гліны, а ў келлях з цэглы.
Калі казаць пра стыль, дык нашы бернардыны мелі схільнасць да готыкі, а потым ішлі за духам часу. Вялікая ўвага звярталася на сакрыстыі. Яны былі вялікімі, прычым халодная і цёплая будаваліся асобна. Звычайна сакрыстыю імкнуліся пабудаваць раней за касцёл, бо яна адначасова служыла і скарбцам. Прасторныя хоры з прыгожымі лавамі манахаў звычайна месцілися за вялікім алтаром, ва ўкрыцці ад чужых вачэй. Цяслярскія, сталярскія, малярскія і іншыя работы часцей за ўсе выконвалі самі манахі. Так, напрыклад, лавы для віленскіх бернардынаў зрабіў паслушнік, брат Сільвестр. Манахі лічылі волава празмерна дарагім і таму крылі бернардынскія касцёлы дахоўкай.
Вялікі князь Аляксандр, фундуючы бернардынаў у Гародні, дараваў ім у 1494 г. "даўнія княжацкія могілкі", а Полацку падараваў два келіхі. Бывала і так, што старыя і заможныя кляштары перадавалі касцельныя рэчы больш новым і бедным, напрыклад, віленскі - полацкаму. Мала што з гэтых падарункаў захавалася да нашага часу.
Кароль Казімір лічыў неабходным, каб бернардыны з Кароны і Літвы таксама сяліліся і ў Прусіі, але падчас знаходжання караля ў Гданьску яго прасілі аб гэтым і мясцовыя бернардыны-немцы. Кароль адказаў ім, што польскія манахі-бернардыны маюць большыя правы на Прускія кляштары. Незадаволеныя гэтым манахі-саксонцы адказалі яму: "Палякі не будуць загадваць немцам!". Але бернардынскія канвенты інфлянцкай кустодыі ўвесь час пашыраліся ў крыжацкай Прусіі. Нягледзячы на гэта, як найменей у XIV ст., іх суседскія ўзаемаадносіны з Літвой былі нядрэннымі, бо ў 1502 г. ковенскі гвардыян Панкрацій, што праўда - немец, паехаў на генеральную капітулу ў Рым ад Прусіі. Але лёс склаўся так, што ён не змог скарыстацца з гасціннасці тамтэйшых кляштараў, бо заблудзіўся ў лясах і памёр ад знясілення. Калі знайшлі яго парэшткі, дык пахавалі ў бернардынскім кляштары Каляраўца. Пра братэрскую еднасць сведчыла яго магіла на манаскіх могілках.
Вялікае значэнне, вядомасць і папулярнасць у Беларусі і Летуве, у не малой ступені, бернардыны атрымалі дзякуючы сваім непараўнальным квестарам. "Да кожнага мястэчка, да кожнага шляхецкага двара, да сялянскай хаты дабіраўся бернардынскі квестар". Частыя казанні, выседжванне доўгіх гадзін у аточаных людзьмі канфесіяналах прыносілі іх касцёлам штораз усё больш вернікаў абодвух палоў.
Беларускія і летувіскія бернардыны не ўхіляліся ад трактавання публічных спраў, ці як сёння сказалі б - палітычных спраў. Мала таго, яны нават сталі чыннікам палітычнай прапаганды, якую паспяхова ўжываў кароль Казімір. Яго заступнікі - ні сын, ні ўнук не ўмелі ці не жадалі рабіць гэтага. "Выключэннем быў толькі Аляксандр, але толькі як уладар Літвы".
У часы Жыгімонта Старога, бернардыны зноў атрымалі магчымасць паслужыць краю, якому тады пагражалі татары. Яны вырашылі 2/3 міласціны, якую атрымлівалі, аддаваць на справу абароны ад паўмесяца і Рымская курыя ў 1509 г. прыняла гэтую ўмову: "Праз нейкі час яны захавалі скарбы Алены Іванаўны для дзяржавы, што было складана, бо вяльможы Літвы мелі жаданне прыўлашчыць іх сабе". Таму Жыгімонт Стары і Жыгімонт Аўгуст прызналі ці пацвердзілі бернардынам цэлы шэраг дабрадзействаў і наданняў. "Таксама каралева Бона выказвала свае ласкі бернардынам".
Тым, хто цікавіцца гісторыяй ВКЛ, важна будзе даведацца, што Жыгімонт І супраць волі польскіх бернардынаў і генеральнага савета ордэна, дазволіў стварыць асобную Літоўскую правінцыю, што тагачасным польскім палітыкам лічылася некарысным як для дзяржавы гэтак і для ордэна, але, безумоўна, гэта было карысным для Літвы. Аўтар манаграфіі "Польскія бернардыны" не прымае такой палітыкі караля ў дачыненні да бернардынаў […]
"Манахі захавалі поўную лаяльнасць да караля". На пахаванні Жыгімонта І, галоўны прапаведнік бернардынаў Клеменс Рамульт з Радымна славіў манарха, як толькі ўмеў. Прытым адмыслова ўзнімаў заслугі нябожчыка ў дачыненні да Літвы, дзе ён "вярнуў забраныя маёнткі, зрабіў справядлівыя суды, ні ў каго не забіраў маёнткі". Таксама ўзяў у абарону шлюб Аўгуста з Барбарай Гаштольдавай3, спасылаючыся на тое, што Давід прызваў да сябе Суламіту, Саламон узяў дачку фараона і нарэшце, прапрадзед караля патаемна ажаніўся з Граноўскай (маецца на ўвазе кароль Ягайла, Альжбета Граноўская была яго трэцяй жонкай - Л. Л.). " Вось і мы - слушна казаў прапаведнік, - не будзем у роспачы, ад таго з кім быў кароль …".
Заснавальнікам першых канвентаў у Літве - у Вільні і ў Коўні - быў Мар'ян з Азёрка, які лічыўся ўзорным кіраўніком, вяльможамі і паспалітым людам зваўся "Каўчэгам запавету" (Arka Testamentu). "Вельмі даспадобы яму была ўсходняя місія, бо падчас свайго другога тэрміну на пасадзе правінцыяла ў 1479 - 1482 гг., з генеральнай капітулы ў Ферары (1481 г.) ён паехаў у Рым і атрымаў там тры місійныя прывілеі. Заснаваў трэці літоўскі канвент у Тыкоціне … Пасля сканчэння тэрмінаў свайго кіравання асеў у Вільні і там пасля доўгай хваробы памёр 5 жніўня 1491 г.".
Першапачаткова на абшарах ВКЛ былі толькі чатыры бернардынскія кляштары: у Вільні, Коўні, Тыкоціне, Полацку … "Паўднёва-ўсходнія землі: Палессе, Валынь, Падолле, Украіна - не мелі ніводнага". Кіраўніцтва і візітацыя гэтай колькасці кляштароў (разам з польскімі), пры вялікіх адлегласцях ад Кракава да Полацка і ад Быдгашча да Самбора, было вельмі клапатлівай справай пры тым узроўні камунікацый. Ужо ў 1488 г. першапачатковая правінцыя была падзеленая на тры камісарыяты: кракаўскі, паморскі і віленскі. На чале камісарыятаў стаяў гвардыян сталічнага канвента. Меў тытул кусташа, а яго вобласць называлася кустодыяй. Ва ўладкаванні бернардынскай правінцыі адбілася "моцная, як на тыя часы, цэнтралізацыя, што стала адметнасцю бернардынскага ордэна". […]
(Працяг у наступным нумары.)
1 Bernardyni na Litwie i Bialorusi // Preglad Wilenski. 1933. № 19-20. S. 2-6.; 1933. № 21. S. 2-5.; 1933. № 22. S. 2-6.; 1934. № 1. S. 2-6.; 1934. № 2. S. 2-5.; 1934. № 3-4. S. 2-6.; 1934. № 6. S. 2-6.; Kantak K. Bernardyni polscy. 1453-1572. T. 1. Lwów, 1933.; Kantak K. Bernardyni polscy. 1573-1795-1932. T. 2. Lwów, 1933. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
2 Механічны гадзіннік вынайшаў яшчэ ў XI ст. будучы папа рымскі Сільвестр II (у той час абат Герберт). - Л. Л.
3 Жыгімонт Стары памёр у 1548 г. а яго сын Жыгімонт Аўгуст пабраўся шлюбам з Барбарай Радзівіл у 1547 г. і таму цалкам зразумела лаяльнасць манаха да маладога манарха і яго другой жонкі Барбары Гаштольдавай з Радзівілаў. - Л. Л.
Вечар паэзіі каля кантрабаса
Арыгінальны вечар сучаснай паэзіі адбыўся ў Слоніме. Яго арганізавала музыкант Вольга Наўгародская. Невялікая ўтульная зала, на сцэне - кантрабас, фартэпіяна, скрыпка і… мікрафон для паэтаў, скуль гучалі паэтычныя радкі на самыя розныя тэмы.
Адкрыла вечар паэзіі вядомая маладая беларуская паэтка Даша Бялькевіч, якая родам з Жыровічаў. Яна пазнаёміла прысутных са сваім першым зборнікам паэзіі "Слёзы на вецер", прачытала вершы і са зборніка, і зусім новыя:
Пыл пад ложкам захоўвае сны.
Кожны раз, калі ты мне снішся,
Я мыю падлогу.
Пра паэзію Дашы Бялькевіч паэт Андрэй Хадановіч неяк сказаў, што Даша Бялькевіч "парфекцыяністка ва ўсім, яна даводзіць да дасканаласці кожны штрых". І гэта, сапраўды, так. Усе прысутныя ўпэўніліся, калі слухалі яе цудоўныя паэтычныя радкі.
Услед за Дашай Бялькевіч да кантрабаса выйшаў паэт Мікола Канановіч, аўтар двух паэтычных зборнікаў, вопытны і філасофскі, эмацыянальны і адчувальны паэт, які сёлета стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Анатоля Іверса:
Згубіўся час на палявых дарогах,
І на шашы ў сталіцу, і з яе.
Калі здаецца нам, што часу многа, -
Мінае ён, мінуў альбо міне.
У той вечар чыталі свае першыя паэтычныя радкі слонімскія паэты Юлія Стралкоўская, Ігар Латош, Юлія Булак і іншыя.
Вечар паэзіі каля кантрабаса прайшоў шчыра, натхнёна і з надзеяй на новыя творчыя сустрэчы.
Паводле СМІ.
Адраджаем старыя святаў ды абрады і ствараем новыя
У Ганчарскім Доме культуры (Лідскі раён) адсвяткавалі традыцыйнае беларускае свята "Багач".
А ў Гудах рыхтуюцца да свята бульбы.
ТК "Культура Лідчыны".