Папярэдняя старонка: 2022

№ 41 (41) 


Дадана: 11-10-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 41, 12 кастрычніка 2022 г.

Прэзідэнт павіншаваў работнікаў культуры па-беларуску

9 кастрычніка ў Беларусі адзначылі Дзень работнікаў культуры.

Прэзідэнт Беларусі А.Р. Лукашэнка павіншаваў работнікаў культуры па-беларуску:

Шаноўныя сябры!

Сардэчна віншую вас з прафесійным святам.

Беларуская культура з'яўляецца ўнікальнай духоўнай скарбніцай народа, невычэрпнай крыніцай яго самабытнасці і нацыянальнай годнасці. Дасягненні айчынных майстроў складаюць каштоўны летапіс нашай гісторыі, уносяць значны ўклад у развіццё сусветнай творчай прасторы. Ваша найвышэйшае прызначэнне - адраджэнне народных традыцый і рамёстваў, захаванне гістарычнай памяці, стварэнне новых сучасных твораў мастацтва і выхаванне таленавітай моладзі.

Упэўнены, вы і надалей будзеце працягваць слаўныя традыцыі сваёй прафесіі, з гонарам несці адказную місію па зберажэнні і памнажэнні культурных здабыткаў.

У гэты цудоўны дзень я жадаю вам усім натхнення, поспехаў у творчасці, моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.

Па ўсёй краіне прайшло мноства мерапрыемстваў з нагоды свята.

90 гадоў з дня нараджэння Івана Пташнікава

У гісторыі беларускай літаратуры ёсць імёны творцаў, якія ў чытача адразу ж выклікаюць дакладныя асацыяцыі. Калі гаворка ідзе пра празаіка Івана Пташнікава (1932-2016), прыгадваецца вёска. І гэта не тая вясковая проза, што даўно састарэла і здаецца неактуальнай сёння, але глыбокая, густая, поўная дакладна намаляваных партрэтаў і трапных выразаў. А яшчэ - слоў і вобразаў, звязаных з роднымі мясцінамі пісьменніка - Лагойшчынай. Там празаік нарадзіўся 7 кастрычніка 1932 года. Дэбютаваўшы ў літаратуры як паэт, Іван Пташнікаў хутка намацаў іншую дарогу ў творчасці - прозу. Грунтоўную, сур'ёзную, класічную. Таму і не дзіўна, што хутка заваяваў любоў чытача і павагу крытыкаў. Першую аповесць пад назвай "Чачык" апублікаваў у 1957 годзе ў часопісе "Полымя", і ўжо праз два гады выйшла яго першая кніга апавяданняў "Зерне падае не на камень". Потым былі знакамітыя раманы: "Тартак", што праз некаторы час стаў тэлефільмам; "Алімпіяда", пераствораны ў выглядзе тэлеспектакля; "Найдорф", які прынёс аўтару Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Якуба Коласа. У прозе Івана Пташнікава гучаць антываенныя матывы, бачацца трагедыі спаленых вёсак, скалечаныя лёсы простых людзей. Гаворка ідзе не толькі пра вайну, але і пра чарнобыльскую трагедыю. Гэтая катастрофа таксама не пакінула празаіка абыякавым, ён адгукнуўся страшным апавяданнем "Львы". Яркі прадстаўнік філалагічнага пакалення айчынных пісьменнікаў. Паплечнік Уладзіміра Караткевіча, Міхася Стральцова, Вячаслава Адамчыка, Іван Пташнікаў быў і выдатным рэдактарам, доўгі час загадваў аддзелам прозы часопіса "Полымя". Яго творы вывучаюццца ў школе і ва ўніверсітэтах.

Вікіпедыя.

Прэзентацыя юбілейнага альманаха да 140-годдзя Я. Купалы прайшла ў сталіцы

Роднасловаўская традыцыя нумароў-альманахаў, прысвечаных вызначальным постацям прыгожага пісьменства, працягнулася выпускам юбілейнага альманаха да 140-годдзя Я. Купалы.

Ён выйшаў у ліпені 2022 года і быў прэзентаваны на літаратурнай вечарыне 5 кастрычніка ў Дзяржаўным літаратурным музеі Я. Купалы ў Менску.

На вечарыне рэдактар часопіса "Роднае слова" Наталля Шапран прадставіла аўтараў юбілейнага выпуска: Алеся Бельскага, Міколу Труса, Ганну Запартыку, Людмілу Сільнову, Віктара Жыбуля, Марыю Барткову і іншых, і акрэсліла дасягненні сучаснага купалаўнаўства.

"Янка Купала знаходзіўся ў працэсе няспыннага самапазнання, самааналізу, духоўных пошукаў. Ён - мысляр-думальнік, для якога верш быў сродкам паэтычнага ўвасаблення ідэй і поглядаў, адлюстравання і асэнсавання з'яў нацыянальнага жыцця, часу", - напісаў у сваім артыкуле ў юбілейным часопісе доктар філалагічных навук Алесь Бельскі.

Кандыдат філалагічных навук Мікола Трус паведаміў пра архіўныя знаходкі, прысвечаныя купалаваму зборніку "Жалейка" і першым рэцэнзіям на яго ў "Нашай Ніве" і "Мінскім кур'еры" У. Самойлы.

Доктар філалагічных навук Ванда Бароўка звярталася да прац вядомых купалазнаўцаў - Вячаслава Рагойшы, Уладзіміра Гніламёдава, Уладзіміра Калесніка. Кандыдат філалагічных навук Віктар Жыбуль узгадаў менскія адрасы, звязаныя з творчасцю Я. Купалы.

Пра тры сустрэчы з Я. Купалам Рыгора Канавалава распавяла Ганна Запартыка. Пра гумар народнага песняра, які выяўляўся ў п'есах " Паўлінка", "Прымакі", "Тутэйшыя", узгадаў у сваім артыкуле Павел Каралёў, вядучы навуковы супрацоўнік музея Я. Купалы.

Кандыдат мастацтвазнаўства Лідзія Шкор разважала на старонках часопіса пра філасофскія алюзіі верша "Хлопчык і лётчык".

Сяргей Шапран ажыццявіў спробу віртуальнай рэканструкцыі бібліятэкі Я. Купалы напярэдадні лета 1941 года, а таксама ўзгадаў пра вобраз беларускага песняра ў аповядах Аляксандра Твардоўскага.

Марыля Барткова на старонках альманаха распавяла пра 50-годдзе Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка "Вязынка" і пра Юзафа Замбжыцкага, які ўратаваў у час дзвюх сусветных войнаў дом арандатараў Луцэвічаў, дзе і нарадзіўся Я. Купала. Ю.Замбжыцкі ганарыўся, што яго дом стаў калыскай паэта. Музеефікацыя была распачата яшчэ ў 1945 годзе Уладзіславай Францаўнай Луцэвіч, жонкай паэта, якая рупліва збірала яго творчую спадчыну.

Рэдактар часопіса "Роднае слова" Наталля Шапран падзякавала ўсім аўтарам юбілейнага альманаха. Яны сімвалічна пакінулі свае аўтографы на старонцы выпуска. На вечарыне выступіў гурт "Вярба".

20 кастрычніка 2022 года ў Дзяржаўным літаратурным музеі Я. Купалы будуць праходзіць ХIV Міжнародныя Купалаўскія чытанні.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

Юбілей народнага артыста

15 кастрычніка 2022 года адзначае 60-годдзе папулярны спявак Сяргей Валянцінавіч Франкоўскі. Прозвішча паходзіць са старажытнага шляхецкага роду Рэчы Паспалітай. Нарадзіўся Сяргей у Магілёве ў звычайнай сям'і: маці Людміла Іларыёнаўна (1938-2013) - працаўніца "Лаўсана", бацька Валянцін Акімавіч - шафёр.

Сяргей быў неразлучны з прайгравальнікам і ўсюды цягаў за сабой кружэлку са знакамітай песняй "Камарыкі". Калі ў сям'і адбывалася якое-небудзь свята, хлопчык пачынаў спяваць і танчыць, а ўзнагародай былі апладысменты... Вялікі ўплыў на маленькага артыста зрабіў дзед Іларыён Іванавіч Пашуцін - былы гімназіст, чалавек дастаткова музычны, які меў добры тэнар і граў на сяміструннай гітары. Відаць, ад яго і пайшлі тыя "музычныя гены", што паспрыялі Сяргею ў дасягненні мастацкага Алімпа без спецыяльнай падрыхтоўкі, якая для многіх дзеячаў музычнага мастацтва пачыналася з ранняга дзяцінства. Сяргей, як і многія яго равеснікі, вучыўся ў звычайных сярэдніх школах г. Магілёва. Але ж цікавасць да музыкі праяўлялася і там.

У 1981-83 гадах служыў ў асобным батальёне сувязі, што пад Лепелем. Падчас службы ў войску хлопец навучыўся іграць на гармоніку... Пасля арміі будучы народны артыст працаваў на будоўлі, гадзіннікавым майстрам, токарам, а ў вольны ад працы час і ў святочныя дні падрабляў на вяселлях, імянінах і лічыўся лепшым ў Магілёве выканаўцам народных і папулярных песень.

Ідэя стаць прафесійным артыстам прыйшла не адразу. На адным з вяселляў сябры,ўзрушаныя яго голасам настойліва параілі паступаць вучыцца ў кансерваторыю.

У 1985 годзе Сяргей пачаў займацца ў вакальнай студыі таленавітага педагога Людмілы Яўгенаўны Браілоўскай. Пад яе кіраўніцтвам будучы артыст спасцігаў азы складанага опернага мастацтва.

У 1986 годзе магілёўскі самародак паступіў ў маскоўскую кансерваторыю, нягледзячы на вялікі конкурс (30 чалавек на месца). Прыёмная камісія была проста зачаравана яго шыкоўным голасам і складанай, падрыхтаванай абітурыентам праграмай. Далей Сяргей трапіў у клас вядомага саліста Вялікага тэатра Яўгена Гаўрылавіча Кібкала, дзе правучыўся адзін год, а потым... нечакана кінуў кансерваторыю.

Ці можна знайсці словы, каб перадаць перажыванні бацькоў? Тым не менш праз некаторы час Сяргей быў прыняты ў родную Беларускую дзяржаўную кансерваторыю...

У 1991 годзе Сяргей Франкоўскі стаў лаўрэатам нацыянальнага конкурсу вакалістаў імя Л. Александроўскай, а ў 1993 - лаўрэатам конкурсу імя С. Лемешава... У гэтым жа годзе Сяргей быў прыняты на працу у Нацыянальны Акадэмічны Вялікі Тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Як бачна, унікальны, лірыка-драматычны тэнар магілёўскага самародка не застаўсяі без увагі сталічных карыфеяў опернага мастацтва. У1995 годзе Сяргей Валянцінавіч скончыў Беларускую кансерваторыю, а ў 1997 асістэнтуру-стажыроўку. Увесь гэты час мудрым настаўнікам Сяргея Франкоўскага быў сам знакаміты аўтарытэтны педагог прафесар Леанід Пятровіч Івашкоў.

У 2004 годзе Сяргей Валянцінавіч стаў Заслужаным артыстам, а ў 2009 годзе атрымаў званне Народнага артыста.

Сярод прыхільнікаў творчасці Сяргея Валянцінавіча людзі розных ўзростаў і прафесій. Усё ярчэй і ярчэй разгараецца зорка яго таленту.

У яго бліскучым выкананні прагучалі такія партыі ў нацыянальнай оперы: Эдгар ("Лючыя дзі Ламермур" Г. Даніцэці), Ізмаіл ("Набука" Дж. Вердзі), Макдуф ("Макбет" Дж. Вердзі), дон Карлас ("Дон Карлас" Дж. Вердзі), Герцаг Мантуанскі ("Рыгалета"Дж. Вердзі), Манрыка ("Трубадур" Дж. Вердзі), Каварадосі ("Тоска" Дж. Пучыні), Альфрэд ("Травіята" Дж. Вердзі), Калаф ("Турандот" Дж. Пучыні),Турыду ("Сельскі гонар" П. Масканні), Хазэ ("Кармэн" Ж. Бізэ), Герман ("Пікавая дама" П. Чайкоўскага), Самазванец ("Барыс Гадуноў" М. Мусаргскага), Князь Галіцын ("Хаваншчына "М. Мусаргскага),Уладзімір Ігаравіч ("Князь Ігар" А. Барадзіна), Нігіліст ("Лэдзі Макбет Мцэнскага павета" Д. Шастаковіча), Настаўнік ("Візіт дамы" С. Картэса), Раман ("Сівая легенда" Дз. Смольскага), Дубатоўк ("Дзікае паляванне караля Стаха" У. Солтан).

Паводле водгукаў крытыкі, Франкоўскі валодае тэмбральна-яркім, паўнагучным голасам, драматычным тэмпераментам і высокім сцэнічным прафесіяналізмам. Опернае мастацтва ўнікальнага беларускага тэнара было высока ацэнена за мяжой, падчас гастроляў у Турцыі, Швейцарыі, Германіі, Францыі, Англіі, Кітаі, Польшчы, Тайландзе і іншых краінах.

Надзейным тылам опернай зоркі з'яўляецца сям'я прыгажуня жонка Вольга, дачка Алеся і зяць Аляксандр.

Аляксей Шалахоўскі.

Нобелеўскую прэмію міру атрымалі праваабаронцы з Беларусі, з Расіі і з Украіны

Нобелеўская прэмія міру 2022 года прысуджана беларускаму адвакату і актывісту Алесю Бяляцкаму, ліквідаванаму па рашэнні суда расійскаму цэнтру "Мемарыял" (прызнаны інагентам) і ўкраінскаму Цэнтру грамадзянскіх свабод. Пра гэта абвясціў у пятніцу Нарвежскі нобелеўскі камітэт.

Як адзначаецца ў матывавальнай частцы рашэння, прэмію ўручаць за "прадстаўленне грамадзянскай супольнасці ў сваіх краінах". Яны "прасоўвалі права крытыкаваць улады і абараняць фундаментальныя правы грамадзян", лічаць у Осла.

Лаўрэаты "паказваюць значэнне грамадзянскай супольнасці для справы міру і дэмакратыі", падкрэслівае камітэт.

Свой выбар у Осла таксама тлумачаць тым, што Нарвежскі Нобелеўскі камітэт хацеў бы адзначыць "трох выбітных барацьбітоў за правы чалавека, дэмакратыю і мірнае суіснаванне краін-суседзяў - Беларусі, Расіі і Украіны. Сваімі настойлівымі высілкамі ў імя чалавечых каштоўнасцяў, антымілітарызму і прынцыпаў законнасці лаўрэаты гэтага года адрадзілі і ўшанавалі уяўленні Альфрэда Нобеля пра свет і братэрстве народаў - уяўленні, найболей запатрабаваныя ў сённяшнім свеце".

Алесь Бяляцкі - беларускі актывіст, старшыня незарэгістраванага ўладамі Беларусі праваабарончага цэнтра "Вясна". Нарадзіўся ў 1962 годзе ў Карэліі ў беларускай сям'і, у 1984 годзе скончыў гістарычна-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, атрымаў дыплом выкладчыка філалогіі, у 1984-1986 гадах служыў у Савецкай Арміі, з 1991 па 1995 год быў дэпутатам Менскага гарадскога савета. У 1996 годзе ён заснаваў цэнтр "Вясна", у 2007-2016 гадах з'яўляўся віца-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека.

У лістападзе 2011 года Беляцкага прызналі вінаватым ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры і прысудзілі да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Падставай для крымінальнай справы ў адносінах да Бяляцкого стала інфармацыя пра яго замежныя банкаўскія рахункі, перададзеная праваахоўным органам Беларусі прадстаўнікамі Літвы і Польшчы. Падчас судовага працэсу Беляцкі заяўляў, што грошы, якія паступалі на яго рахункі, выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці.

ЕС і ЗША неаднаразова патрабавалі ад беларускіх улад вызвалення Бяляцкага, ён выйшаў на волю па амністыі ў 2014 годзе. 14 ліпеня 2021 года Бяляцкі быў затрыманы ў рамках крымінальнай справы па ч. 1 і 2 арт. 342 ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, груба парушаючых грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх") і ч. 2 ст. 243 ("Ухіленне ад выплаты падаткаў").

У 2012 годзе Бяляцкі атрымаў прэмію Дзярждэпартамента ЗША, у 2013 годзе Парламенцкай асамблеяй Рады Еўропы Бяляцкаму была прысуджана прэмія Вацлава Гавела, у 2020 годзе быў узнагароджаны Еўрапарламентам прэміяй Сахарава.

Уручэнне прэміі

Нобелеўская прэмія міру ўпершыню прысуджана ў 1901 годзе. Бывалі гады, калі пераможца ў гэтай намінацыі не аб'яўляўся, апошні раз гэта адбылося ў 1972 годзе. Прычынамі былі Першая і Другая сусветныя войны, супярэчнасці паміж чальцамі камітэта і "адсутнасць годных кандыдатаў".

Цырымонія ўручэння прэміі пройдзе ў Осла 10 снежня - ва ўгодкі смерці Нобеля. Памер грашовай складовай Нобелеўскай прэміі ў кожнай намінацыі сёлета, як і ў мінулым годзе, складзе 10 млн крон ($ 900 тыс. па бягучым курсе).

Нобелеўскі тыдзень пачаўся 3 кастрычніка. Таксама ўжо сталі вядомыя імёны лаўрэатаў прэмій па фізіцы, хіміі, медыцыне і літаратуры. 10 кастрычніка ў Стакгольме Нобелеўскі камітэт Каралеўскай акадэміі навук абвясціў імя лаўрэатаў прэміі Дзяржаўнага банка Швецыі памяці Альфрэда Нобеля па эканоміцы.

Паводле ТАСС.

Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру амаль кожны год атрымліваюць неадназначнае стаўленне (уладаў, грамадства, цэлых краінаў). Але, як бы там ні было, Нобелеўская прэмія Алеся Бяляцкага - трэцяя прэмія беларусаў у новы час: пасля Жарэса Алфёрава (фізіка) і Святланы Алексіевіч (літаратура). Усё пройдзе, а нобелеўскія лаўрэаты ў гісторыі Беларусі застануцца.

Мурал "Зямля пад белымі крыламі" з'явіўся ў Берасці

Шматпавярховік на вуліцы Маскоўскай у Берасці цяпер упрыгожвае мурал з дзяўчынай-беларускай. Яго стварылі пінскія мастакі Яўген Сасюра і Сяргей Рысакоў. Суаўтарам эскізу стала Ганна Дзюкава. Муралы са спалучэннем сучасных і традыцыйных вобразаў раней з'явіліся ў розных гарадах краіны - Полацку, Пінску і іншых, піша "Виртуальный Брест".

- Ідэя берасцейскага мурала - паказаць віхуры беларускай гісторыі і з'яднаць з вобразам дзяўчыны-беларускі. За аснову дызайну яе вопраткі браўся кобрынскі традыцыйны строй, а па задуме - гэта сучасная дзяўчына, якая шануе традыцыі, але глядзіць у будучыню.

Важна адзначыць і вобраз вады. Старажытнае Берасце, як і большасць беларускіх гарадоў, узнікла на беразе гандлёвай ракі. Роля рэкаў для развіцця нашай цывілізацыі - вельмі значная. Птушкі на малюнку - гэта ідэі і памкненне наперад, а замак - рамантычная стылізацыя Берасцейскага замка, зробленая па матывах гістарычных рэканструкцый. Аднавіць сапраўдны выгляд замка навукоўцы дагэтуль не могуць - не хапае крыніц і матэрыялаў археалагічных даследаванняў. Але мэта праекта - зацікавіць жыхароў і гасцей горада гэтым сярэднявечным помнікам, бо з замкам звязана шмат сюжэтаў з гісторыі Берасця, - расказалі мастакі.

Віртуальны Брэст. Фота Андрэя Рыбачука.

Памяці Васіля Ермаловіча

1 кастрычніка 2022 года памёр вядомы беларускі перакладчык, журналіст, педагог і экскурсавод, Васіль Васільевіч Ермаловіч, які нарадзіўся ў вёсцы Каранец Бярэзінскага раёна Менскай вобласці. Маці - Кацярына Іванаўна і бацька - Васіль Рыгоравіч мелі 4-х сыноў: Валодзя, Іван, Ігар і Васіль. Васіль закончыў Дзмітравіцкую школу, а ў 1961 годзе паступіў у Менскі дзяржаўны інстытут замежных моў, які закончыў у 1966 годзе. У 1967- 68 гг. выкладаў нямецкую і англійскую мовы ў вёсцы Лоша Уздзенскага раёна.

У 1968-69 гг. прыйшоў выкладаць у Інстытут замежных моў. З 1973 па 1976 г. працаваў перакладчыкам у Найрупінскай камендатуры ГСВГ (Групы савецкіх войскаў у Германіі), а пасля гэтага быў зноў запрошаны ў Інстытут замежных моў на кафедру германскіх моў, дзе працаваў да 2010-2011 навучальнага года выкладчыкам нямецкай мовы. З 1990 да 2010 г - старшыня суполкі ТБМ Лінгвістычнага ўніверсітэта. Плённа працаваў на ніве перакладчыцкай дзейнасці. Займаўся перакладамі Рыгора Барадуліна, пераклаў больш за 20 вершаў са зборніка "Ксты". У 1970-1990-ыя гг. працаваў у якасці гіда-перакладчыка з нямецкамоўнымі турыстамі падчас летніх вакацый. Займаўся навуковай дзейнасцю.

Любімыя пісьменнікі юбіляра - Купала, Колас, Багдановіч, Быкаў, Караткевіч, Барадулін. З 2012 года часта друкаваўся ў розных СМІ...

Васіль Васільевіч быў сапраўдны эрудыт. Яго можна было сустрэць у тэатры, музеі альбо на выставе.

Выказваю спачуванні братам, пляменнікам і сябрам Васіля Васільевіча.

Аляксей Шалахоускі.

Восень жыцця залатая…

У восеньскім календары ёсць незвычайная дата, калі сэрца перапаўняецца пачуццём глыбокай удзячнасці, калі хочацца выказаць словы падзякі, быць асабліва ўважлівымі да людзей - гэта 1 кастрычніка або Міжнародны дзень сталых людзей. У гэты дзень супрацоўнікі філіялаў ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" і актыўныя чытачы выказвалі словы ўдзячнасці за шматгадовую добрасумленную працу, за іх мудрасць і сардэчнасць.

У перыяд з 27 верасня па 6 кастрычніка 2022 года на Гарадзеншчыне была аб'яўлена 12-я дэкада "Залаты ўзрост". Бібліятэкамі Лідчыны арганізаваны і праведзены гадзіны ўспамінаў, літаратурна-паэтычныя гадзіны, вечары адпачынку і зносін, літаратурна-музычныя вечары з канцэртнымі нумарамі.

Старт дванаццатай дэкады "Залаты ўзрост" у ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" адзначылі акцыі-віншаванні пажылых чытачоў і калег.

Супрацоўнікі Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы 30 верасня павіншавалі сваіх старэйшых чытачоў з цудоўным святам - Міжнародным днём сталых людзей. Акцыя-віншаванне "Восень жыцця - толькі ў пашпарце" была поўная павагі, шчырасці і падзякі.

Тым жа днём бібліобус ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" выехаў на маршрут "Паперня-Дылева-Мейры" не толькі з мэтай даставіць да чытачоў кнігі, газеты і часопісы, але і павіншаваць іх са святам. Для чытачоў прайшла акцыя-віншаванне "З падзякай да старэйшага пакалення...". Гэтая акцыя - даніна павагі мудрым, з вялікім жыццёвым вопытам людзям. Бібліятэкар павіншавала чытачоў старэйшага пакалення з надыходзячым святам, у іх адрас гучалі самыя сардэчныя пажаданні.

У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 3" для чытачоў старэйшага пакалення прайшла сустрэча "Днём мудрасці завецца гэты дзень", дзе ўдзельнікі мерапрыемства пачулі шмат добрых слоў і пажаданняў у свой адрас, атрымалі магчымасць прыемных зносін, актыўна ўдзельнічаць у цікавых конкурсах і добрага правядзення часу.

У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 4" адбылася інфармацыйная гадзіна "Прававое поле пенсіянера", падчас якога бібліятэкар пазнаёміў з важнай інфармацыяй аб розных аспектах правоў грамадзян пенсійнага ўзросту. Зацікавілі прысутных і матэрыялы, прадстаўленыя на кніжнай выставе "У лабірынтах права". На мерапрыемстве прысутнічаў сакратар Лідскай епархіі протаіерэй Максім Цыгель, які павіншаваў удзельнікаў мерапрыемства са святам і пажадаў усім здароўя і дабрабыту.

Актыўныя чытачы філіяла "Далексая сельская бібліятэка-клуб" сталі ўдзельнікамі гутаркі "У гармоніі з узростам". Усе ўдзельнікі атрымалі пазітыўны, святочны настрой.

Сумесная праца бібліятэк і ўстаноў культуры стварае выдатны тандэм. Так, бібліятэкар філіяла "Інтэграваная бібліятэка агр. Гуды" разам з супрацоўнікамі філіяла "Гудскі Цэнтр творчасці і вольнага часу" правялі вечар адпачынку "Мудрасць жыцця, маладосць душы". Бібліятэкары філіялаў "Інтэграваная бібліятэка агр. Бердаўка" і "Інтэграваная бібліятэка агр. Дворышча" прынялі ўдзел у вечарах адпачынку да Дня пажылых людзей, арганізаваных мясцовымі дамамі культуры.

3 кастрычніка ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая" праводзілася сустрэча "Хай будзе цёплай восень жыцця". Удзельнікі мерапрыемства распавялі, чым займаюцца на заслужаным адпачынку, як і дзе адпачываюць, што дапамагае ім захаваць добрае здароўе і радасны настрой. Засяродзілі ўвагу на тым, што наведванне бібліятэкі і чытанне кніг з'яўляецца адным з любімых заняткаў.

У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 1" прайшла акцыя-віншаванне "Ад чыстага сэрца, простымі словамі...". Супрацоўнікам філіяла выпала магчымасць павіншаваць сваіх актыўных чытачоў з гэтым святам, пажадаць моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, часцей наведваць бібліятэку і, вядома, уручыць невялікія падарункі.

Дзень пажылога чалавека - гэта добрае і светлае свята старэйшага пакалення. У гэтую залатую восеньскую пару ўсе ўшаноўваюць тых, хто ўсе свае сілы і веды прысвяціў свайму народу, хто аддаў здароўе і маладосць працы, выхаванню дзяцей, якія, прыняўшы ў іх эстафету, працягваюць пачатае імі.

К.С. Сандакова, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу.

Гучы, роднае слова!

На заканчэнні Тыдня роднай мовы вучні 7-х класаў школы № 5 г. Ліды ўдзельнічалі ў літаратурнай гасцёўні "Гучы, роднае слова" з запрашэннем паэтэсы, члена літаратурнага аб'яднання "Суквецце" Ганны Рэлікоўскай.

Вучні і настаўнікі дакрануліся да прыгожага, гучнага, напеўнага беларускага слова. Ганна Леанардаўна чытала свае вершы, расказала прысутным пра творчую дзейнасць, сваю малую радзіму. З вялікай павагай і любоўю гучалі словы пра старэнькую маці з вуснаў Ганны Рэлікоўскай. Яна перадала ў сваіх творах найлепшыя пачуцці да радзімы, да роднага слова, да мілых яе сэрцу людзей.

Сямікласнікі з задавальненнем расказвалі на памяць вершы лідскай паэтэсы "Таткава мова, матулін напеў", "Мой горад, што іменем Ліда прыгожым завецца…", "Радзіме", "Калі ласка", "Лідскі замак", "Ах ты, восень, гарэзніца-восень…" і другія.

Актыўнасць вучняў, творчы падыход і цікавасць да роднага слова дапамаглі стварыць дзіўную, цёплую і радасную атмасферу.

Ганна Леанардаўна пажадала вучням любіць сваю Радзіму, сваю мову і паважаць традыцыі беларускага народа.

Ларыса Сяргееўна ПАЎЛЮКЕВІЧ, Лілея Люцыянаўна УГЛІЦКІХ, класныя кіраўнікі 7-га "А" і 7-га "Б" класаў, г. Ліда, школа № 5.

Памяць - галоўны сведка

У апошні вераснёўскі дзень ДУА "Гудскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад - базавая школа" наведала супрацоўнік ДУ "Лідскі гістарычна-мастацкі музей" Анастасія Аляксандраўна Каладзяжная. Тэмай сустрэчы стала раскрыццё гістарычных звестак пра пакуты дзяцей у гады Вялікай Айчыннай вайны. Слухачамі былі вучні 7 - 9 класаў і іх настаўнікі. З вуснаў лектара - даследчыка яны даведаліся аб жыцці дзяцей падчас акупацыі не толькі на Лідчыне, але і ў блакадным Ленінградзе, у акупаваных Смаленску, Бранску, Новарасійску... Хаця пра вайну напісана многа, зазняты кіламетры кінастужак, дзеці ўважліва слухалі сваю суразмоўцу аб цяжкім жыцці апаленага вайною маладога пакалення. Праз выступленне Анастасіі Каладзяжнай дзеці акунуліся ў тыя жудасныя, невыносныя ўмовы вайны і... адбылася адваротная сувязь. Вучні пачалі дзяліцца ўражаннямі і тымі гісторыямі, якія ім у свой час паведамілі іх бабулі і дзядулі - былыя дзеці вайны.

У цёплым асяроддзі не хацелася нікому развітвацца. Напрыканцы дзеці з задавальненнем пагарталі старонкі кнігі "Память - главный свидетель", аўтарам якой з'яўляецца іх суразмоўца.

Алесь Хітрун.

Жанна Кромер: Германія - не самы лёгкі варыянт

Навіны Германіі

Натуральна, што за апошні тыдзень хвалі ўцекачоў з Расеі ад так званай мабілізацыі разышліся ва ўсе бакі. Асноўныя накірункі гэта, канешне, Беларусь, Грузія ды Казахстан. Але чакаюцца гэтыя ўцекачы і ў краінах Заходняй Еўропы, як напрыклад, у Германіі. Аб тым, як быць з такімі прадстаўнікамі "рускага свету" з Жаннай Кромер, якая займаецца праектамі па інтэграцыі ўцекачоў, пагутарыў наш карэспандэнт.

Кар: Вы займаецеся бежанцамі, зараз значная хваля бежанцаў ва Усходняй Еўропе - гэта бежанцы з Расіі. Што гэта можа прынесці для рэгіёна, для Еўропы?

Жанна Кромер: Так, з пачатку года, канешне, не толькі вельмі вялікая плынь украінскіх бежанцаў ад вайны, але даволі адчувальная плынь таксама палітычных бежанцаў з Расіі. Гэта журналісты, праваабаронцы, людзі інтэлектуальных прафесій, праграмісты. То-бок людзі з пазіцыяй, якія ўжо зразумелі, што ім пагражае ў краіне, і з'ехалі. І зараз шукаюць палітычны прытулак. Але натуральна ў апошнія дні вельмі шмат тут размоваў, што нас можа захлынуць хваля таксама людзей, якія ўцякаюць ад мабілізацыі. Гэта іншыя людзі, магчыма, іншая адукацыя, іншыя погляды і не заўсёды нават яны пацыфісты і людзі, якія выступаюць супраць вайны, але паміраць ніхто не хоча. Было некалькі выказванняў у інфапрасторы з боку нямецкіх палітыкаў, якія, магчыма, падбадзёрваюць гэтых людзей прыязджаць у Германію. Я не бачу гэта так аптымістычна, бо я бачу, як выглядаюць абставіны на самой справе. Атрымаць прытулак у Германіі вельмі цяжка, недастаткова толькі факту, што твой узрост падыходзіць і што ты мужчына, напрыклад, якога могуць забраць у армію. Нават недастаткова, хутчэй за ўсё, будзе позвы. Звычайна ў такіх выпадках трэба даказваць, што ты сапраўды перажыў нейкую дыскрымінацыю, што быў нейкі ціск. То-бок, калі ты прыйшоў ці адмовіўся прыходзіць па позве, ці цябе штрафавалі ці па цябе прыйшлі і неяк гвалтам забіралі. Але з такой сітуацыі ўжо цяжка выехаць. У людзей жа, якія проста скажуць, што мне 20 год і мяне забяруць, баюся, што ў іх не ўсё так лёгка атрымаецца. Германія, на жаль, пакуль не чакае гэтых людзей. Створана петыцыя, расейская дэмакратычная дыяспара зараз збірае подпісы, звяртаецца да кіраўніцтва Германіі, каб гэтыя абставіны трохі змяніліся, каб было дапасавана заканадаўства і каб было дастаткова быць проста прызыўніком ці проста быць мабілізаваным, каб не трэба было даказваць нешта больш цяжкае ці нейкі гвалт. Але нямецкая бюракратыя цяжкавагавая, яна вельмі павольная, таму нават, калі будуць нейкія змены, яны будуць вельмі марудна прасоўвацца. Не хачу сказаць, што расейцам не трэба ехаць, я разумею людзей, якія сваё жыццё ратуюць, і ў іх няма, можа, іншага выйсця, але калі ёсць нейкія іншыя варыянты, то Германія - не самы лёгкі варыянт.

Кар: Калі сярод гэтых людзей будуць тыя прыхільнікі "рускага свету", якія на словах яго толькі падтрымліваюць, але не гатовыя ісці, баяццца, і не могуць, і не хочуць ісці ваяваць, але пры гэтым яны прасоўваюць ідэі "рускага свету"? І вось зараз іх можа з'явіцца вельмі шмат у краінах Еўропы і ў Беларусі.

Жанна Кромер: Гэта не будзе нічога новага, бо ў Еўропе даволі шмат прыхільнікаў "рускага свету", аматараў Пуціна, нават ёсць слова спецыяльнае для аматараў Пуціна на нямецкай мове. Ёсць людзі, якія выступаюць за вайну, якія ходзяць у цішотках з партрэтам Пуціна, якія выходзілі на Дзень перамогі, якія рэгіструюць аўтапрабегі і ездзяць з расейскімі сцягамі. Натуральна, гэта не тое, што бальшыня, але іх вельмі шмат. Гэта расейская дыяспара або расейскія немцы, то-бок людзі, якія прыехалі з постсавецкай прасторы і ў якіх, магчыма, не задалася самаідэнтыфікацыя ў Германіі.

Паводле СМІ.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Старыя і новыя сябры: Лучанок, Нямцэвіч, Чэрп

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-40)

12 кастрычніка - дзень "адкрыцця Амерыкі", або "Дзень Калумба". Сёлетні юбілей не такі круглы, як 30 гадоў таму, затое ёсць нагода ўспомніць 500-гадовы юбілей, які быў сур'ёзным рухавіком - для многіх зваротаў, для напісання артыкулаў і кніг, для асэнсавання гістарычнай перспектывы. У 1992 г. нам упершыню ўдалося штотыднёва друкаваць на друкарскай машынцы (на 1 старонцы праз 1 інтэрвал) самвыдавецкі "Бюлетэнь ІС БІТ [Інфармацыйнай службы Беларуска-індзейскага таварыства]", прапусціўшы толькі выпускі за верасень (№№ 35-39 не выходзілі). Падпісчыкамі была невялікая група асоб, але з шырокай геаграфіяй.

У Вярмонце - дом нашага новага героя Рэндзі Крыткаўскага. У ім Columbus Day (другі панядзелак кастрычніка) замянілі на Indigenous Peoples' Day - услед за Нью-Мексіка і Паўднёвай Дакотай, дзе ён стаў называцца Native American Day.

Пытанне пра тое, хто першым з беларусаў "адкрыў Амерыку", застаецца адкрытым, і яно ёсць у адносінах да кожнай амерыканскай краіны і нават кожнага штата ЗША.

ЛУЧАНОК Ігар - у кнізе М. Гардзеевай "Іх пункт гледжання. Маладыя амерыканцы ў СССР" (1976), прысвечанай савецка-амерыканскім маладзёжным форумам у Менску (1972) і Баку (1974), на якіх прысутнічалі і індзейцы, адну з фатаграфій суправаджае подпіс: "Беларускага кампазітара Ігара Лучанка амерыканцы доўга не адпускалі". Таксама на с. 14-15 быў прадстаўлены ўдзельнік з Вісконсіна, ужо нам знаёмы ("Наша слова.pdf" № 39):

"Джон Бодзін, амерыканскі індзеец, слухач ветэрынарных курсаў пры Вісконсінскім універсітэце, адзначыў, што "на форуме ўзнімаліся многія найважнейшыя пытанні. Нямала было сказана і пра жыццё індзейскіх плямёнаў на поўначы Злучаных Штатаў, і пра дзейнасць амерыканскага ўрада. Выказванні тычыліся ролі арміі ў абедзвюх краінах, валютнай сістэмы, становішча нацыянальных меншасцей, рэлігійных груп... Дыскусія была захапляльна цікавай.

Я даведаўся, што савецкая моладзь ставіцца да нас прыязна і што яна глыбока верыць у свае ідэалы, асабліва камсамольцы. І яшчэ я зразумеў, - дадаў Джон у заключэнне, - што, куды б ты ні паехаў у гэтай краіне, паўсюль сутыкнешся з актыўнай падтрымкай руху супраць вайны. На гэты конт у Савецкім Саюзе нідзе, абсалютна нідзе няма рознагалоссяў. У СССР усе і кожны супраць вайны. На мяне гэта зрабіла вялікае ўражанне. Я прыехаў на форум таму, што выдаўся выпадак пазнаёміцца з людзьмі іншай культуры і даведацца, як дзейнічае ў сучасных умовах іншая сацыяльная сістэма, а таксама паглядзець, якое тут становішча нацыянальных меншасцей".

НЯМЦЭВІЧ Юльян (2) - гэты літаратар і палітык наўрад ці быў першым ураджэнцам Беларусі, які назіраў п'яных індзейцаў, але, магчыма, ён першым паспрабаваў удумліва растлумачыць гэтую з'яву - у тэксце, які дайшоў да нас. Яму ж першаму кінулася ў вочы падабенства шынка ў Буфала, куды заходзілі індзейцы, з "карчмой польскіх яўрэяў" - "такім быў брудным".

Тэма "адурнення" індзейцаў "півам", абыходжання з імі так, каб "утрымаць іх у цемнаце і паволі вынішчыць", гучыць у многіх месцах дзённіка Нямцэвіча, апублікаванага ў 1959 г. пад назвай "Падарожжа па Амерыцы". Аб'ехаўшы Новую Англію і штат Нью-Ёрк, ён меў магчымасць назіраць прадстаўнікоў Шасці Нацый у гарадах і іх паселішчах, часта звяртаючы ўвагу на іх негатыўныя рысы - алкагалізм, пасіўнасць і жорсткасць. Тым не менш, ён бачыць прычыны гэтага стану рэчаў у "еўрапейскай каланізацыі" і прызнае права індзейцаў на зямлю, занятую белымі.

Нямцэвіч параўноўваў, як у выпадку з корчмамі і яўрэямі, рэаліі жыцця індзейцаў найперш з тым, што вельмі добра ведаў, але таксама з татарскімі, украінскімі і іншымі аналагамі. Нямцэвіч часта пускаецца ў гістарычныя экскурсы і параўнанні рознага роду.

Да блізкіх для яго і беларусаў рэчаў адносілася бульба. Хаця раней за Нямцэвіча на радзіме бульбы як культурнай расліны - у Чылі - пабываў ураджэнец Беларусі К. Карніцкі, Нямцэвічу, верагодна, належыць адна з першых сярод беларусаў згадка пра яе вырошчванне індзейцамі ЗША. Калі Нямцэвіч наведаў паселішча іракезаў анейда, ён "прайшоў праз вёску, бачыў парканы агародаў, але рэдка было штосьці за імі, тут і там potatoes і maіs. Але і гэтага ўжо шмат у параўнанні з жыццём цалкам качавым".

Падарожнічаючы па Беларусі, Нямцэвіч пракаментаваў, што "больш Амерыцы абавязаны за бульбу", чым за руды золата і серабра. Адам Міцкевіч аналагічным чынам ацэньваў значэнне гэтай індзейскай расліны ў паэме "Бульба".

У яго апісаннях індзейцаў істотнае месца займаюць, напрыклад, апісанні знешнасці. Наведваючы вёску індзейцаў анейда, даў ім такую кароткую антрапалагічную характарыстыку: "Як мужчыны, так і кабеты стройныя і вельмі высокія, калені маюць павернутыя да сябе, твары і цела амаль колеру медзі, рысы татарскія, а погляд дзікі альбо грубы". Тут жа ён апісвае валасы мужчын: "даўгія, чорныя і прамыя".

Нямцэвіч сустрэўся з "каралём" племені. "Яго Каралеўская Мосць", "86-гадовы стары, татуіраваны на грудзях і руках, меў велізарныя вушы".

У Олбані Нямцэвіч назіраў групу індзейцаў-магаўкаў, якія гандлявалі на рынку: "Колер твараў і цел іх цямнейшы, няроўна са скурай Літл Тэртл, правадыра маямаў, якога я бачыў у Філадэльфіі; некаторыя былі такімі чорнымі, як мулаты; постаць цела стройная і высокая, рысы твару плоскія і чатырохгранныя, крыху моху на барадзе, валасы чорныя, плоска і прама спадаючыя. У складзе твару нязмернае падабенства да татараў і калмыкаў, здаецца, каб сцвярджаць думку, што Амерыка праз паўночныя берагі Азіі і Камчаткі заселена была". Нямцэвіч, які ў сваіх запісках параўноўваў індзейцаў і татараў знешне, у каментарыі да апублікаваных ім фрагментаў працы Вільгельма Баплана пісаў: "Тут Баплан мае вялікую рацыю, я бачыў на месцы першабытных дзікіх жыхароў Амерыкі, кшталт і постаць іх зусім да татараў падобныя". З Бапланам, які, дарэчы, пазней пабываў на Антыльскіх астравах, звязваецца параўнанне казакоў і індзейцаў, якіх характарызуюць падобныя "туша і фізіяномія".

Нямцэвіч параўноўваў індзейцаў таксама з цыганамі, немцамі і македонцамі (у апошнім выпадку спасылаючыся на А. Макензі).

Ужо не з "аўтапсіі", але багацце водгукаў на амерыканскія рэаліі дэманструюць і яго больш познія дзённікі, напісаныя ў Еўропе. Яго падрыхтаваныя да выдання І. Русінавай "Дзённікі 1835-1836 гг." (2005) даюць набор звестак пра індзейцаў з тэрыторый на Захадзе, што актыўна каланізаваліся. Яны прыпадаюць на пачатак Другой семінольскай вайны і на прэлюдыю стварэння "Рэспублікі Тэхас", або "Тэхаскай Рэспублікі" (1836-1845 - уваход у склад ЗША / 1846 - перайменаванне ў штат). Пры гэтым сустракаем нямала паведамленняў пра эпізоды гвалту, у т.л., і пра забітых індзейцамі польскіх выгнанцаў. Гэта не новая гісторыя: выгнаныя са сваёй радзімы, яны атрымалі для пасялення зямлю абарыгенаў і загінулі ад рук "сапраўдных гаспадароў". Ёсць указанне і на ролю самога Нямцэвіча ў лёсе тых палякаў, якім далі ўчасткі ў "адлеглай правінцыі" і з якіх "некалькіх" забілі індзейцы.

Згаданыя Нямцэвічам тэндэнцыі ўключалі тое, што "ў Фларыдзе індзейцы ўмацоўваюцца", "у Луізіяне індзейцы з неграмі пашыраюць свае разбоі", у "лясах правінцыі Тэхас" чарговыя забітыя індзейцамі, а мексіканцы ва ўмовах сутыкнення, якія прывялі да абвяшчэння Рэспублікі Тэхас, "узбуджалі" індзейцаў, каб тыя нападалі на "правінцыі амерыканскія" - з "жорсткасцю, вядомай у людзях дзікіх". Гэта патрабавала ўмяшання "міліцыі".

І потым Майн Рыду і Эмару прыходзілася неяк рамантызаваць усё гэта, каб карціна не ўяўляла сабой скразны жах даведзенай да крыві ксенафобіі, хцівасці, правакацый, здрадніцтва, рабавання і анексій...

ЧЭРП Алег - факты знаёмстваў, сустрэч і ў цэлым "прыгод у Беларусі" і ў сувязі з беларусамі можна знайсці ў (аўта)біяграфіі жыхара Вярмонта Рэндзі Крыткаўскага. Сузаснавальнік (1989) і прэзідэнт міжнароднай экалагічнай арганізацыі "ECOLOGIA" (сярод вядучых фігур якой - і вядомы беларускі навуковец-эколаг А. Чэрп), афіцыйна зарэгістраваны член "Народа сітызен патаватомі", ён знайшоў родавыя карані ў Лашыне (Манрэаль), але там жа даведаўся і пра беларускія карані адной з тамтэйшых жыхарак. У сваю чаргу ад яго яна пачула пра іншых беларусаў, з якімі зводзіў яго лёс.

Пра гэта ў кнізе Крыткаўскага "Без рэзервацыі: абуджэнне індзейскай духоўнасці і шляху нашых продкаў" (Without reservation: awakening to Native American spirituality and the ways of our ancestors. Rochester, VT, 2020): "падслуханая мова вярнула нас у больш складаныя часы нашага жыцця і ў больш бурныя часы гісторыі дваццатага стагоддзя. Гэтая паўсвядомая сувязь узнікла, калі саўладальніца кавярні [Fam Jam Cafе] Ірына загаварыла з жанчынамі за суседнім столікам на той жа мове. Мая цікаўнасць узяла верх. Я спытаў у яе: "Гэта руская, украінская ці беларуская?" Адказ быў: "Руская. На беларускай мове размаўляюць рэдка, і гэта амаль страчаная мова". На што я адказаў: "У нас ёсць сябар з Менска, быў офіс і супрацоўнікі ў Менску, і ведаем прынамсі адну сям'ю, у якой гавораць па-беларуску".

Затым Ірына расказала, што нарадзілася ў Менску, і нашы далёка заблытаныя гісторыі пачалі выяўляць дзіўныя сувязі. Мы адзначылі, што наша сувязь з Менскам была экалагічная, у тым ліку праца, звязаная з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе. Ірына падзялілася ўспамінамі пра Чарнобыль і тое, што ёй у дзяцінстве давалі таблеткі ёду.

У адказ на наш каментарый пра тое, што нашы жыццёвыя падарожжы цяпер сыходзяцца ў Манрэалі, Ірына раскрыла свой уласны кружны і выпадковы міграцыйны шлях у Таронта, а потым у Лашын. Мы адказалі ўзаемнасцю, расповядамі пра свае прыгоды ў Беларусі. Падобна персанажам маёй "Гісторыі аб узнаўленні", якія пачынаюць з двухмерных плоскіх малюнкаў, намаляваных на старонцы, а потым паступова становяцца трохмернымі істотамі, усе мы пераходзім ад павярхоўнага першага ўражання да складаных шматмерных істот. Потым мы выявілі, што працягваем гэтае падарожжа ў чацвёртым вымярэнні, часе, звязваючы наша мінулае, сучаснасць і будучыню. І гэтае падарожжа, у духу маёй выдуманай гісторыі, у канчатковым выніку мела аспекты пятага вымярэння, глыбока духоўнага і на тэму партнёрства з Маці-Зямлёй.

Калі мы апранулі паліто і падрыхтаваліся да выхаду, мы затрымаліся перад акварыумам, які прыцягвае маленькіх дзяцей кафэ сваімі яркімі рыбкамі, раслінамі і караламі".

Сябар, які згадваецца, - гэта Алег Чэрп. І ён - сярод тых, чые водгукі на кнігу з'явіліся ўжо ў ёй самой: ""Без рэзервацыі" - гэта дзіўнае задавальненне для цікаўнага, адкрытага і навукова падрыхтаванага розуму. Гісторыя Кой-Ваўка - гэта цудоўнае спалучэнне захапляльнага апавядання, антрапалогіі, філасофіі біялагічнай навукі і высноў апошніх даследаванняў ДНК. Гэта новы і захапляльны спосаб зразумець і растлумачыць прыроду, які ахоплівае як навуковую рацыянальнасць, так і карэнную духоўнасць". - Алег Чэрп, прафесар Цэнтральна-Еўрапейскага ўніверсітэта (Аўстрыя) і Лундскага ўніверсітэта (Швецыя)".

З электроннага паведамлення Чэрпа ад 7.10.2022 мы даведаліся, што яны "сустракаліся мноства раз, пачынаючы прыкладна з 1989, потым я жыў у ЗША ў адной вёсцы з Рэндзі некаторы час, потым Р[эндзі] пазнаёміў мяне з маёй будучай жонкай і быў у нас на вяселлі і таксама хросны нашай другой дачкі". Гэта сапраўды цудоўная гісторыя, і мы спадзяёмся, што Алег і Рэндзі змогуць расказаць больш пра тое, як у іх жыцці адбываліся розныя этнічныя, культурныя ўплывы і перакрыжаванні.

Прозвішча Kritkausky гучыць як славянскае і дзякуючы "au" часткова падобнае на беларускае, але мы высветлілі, што яно літоўскае, хаця і "славянізаванае" ў канцы.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Бернардыны ў Літве і Беларусі*

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Штогод бернардынская правінцыя была павінна праводзіць капітулу. Але XV ст., пэўна, з-за вялікай адлегласці, у літоўскіх манахаў не адбылося ніводнай капітулы. Не было гэта нейкай крыўдай для віленскага кляштара, які ўжо тады вызначаўся як вялікімі памерамі, гэтак і вялікай колькасцю асоб (адных айцоў было некалькі дзясяткаў).

"З якіх грамадскіх колаў паходзілі бернардыны?", - пытаецца кс. Кантак. Аказваецца, што новы ордэн шмат што ўзяў ва ўніверсітэцкіх шкаляроў. Звычайныя парафіяне і члены іншых ордэнаў толькі рэдка і ў малой лічбе прымаліся ў шэрагі бернардынаў. Характэрна, што калі шляхта манапалізавала для сябе біскупствы, катэдральныя капітулы і абацтвы, дык гараджане звярнуліся да ордэнаў. З гэтага скарысталіся гэтак папулярныя ў тыя часы бернардыны.

У іх ніводнаму з манахаў нельга было мець асабістыя грошы. Як сурова караліся парушальнікі, бачна з таго, што калі ў Познані бернардыны даведаліся, што Войцех Літвін быў такім таемным уладальнікам грошай, дык пахавалі яго па-за кляштарнымі мурамі.

Літоўскія бернардыны аздаблялі харальныя кнігі мініяцюрамі і ініцыяламі. Шэраг такіх, добра ілюстраваных, кніг ёсць у скарбцы віленскіх бернардынаў. Шмат увагі ордэн звяртаў на харальныя спевы, якія цалкам рэгуляваліся запісамі канстытуцыі закона. Цікава заўважыць, як шмат увагі звярталася на savor vivre (смак жыцця - Л. Л.) у бернардынаў, што аднак не заўсёды трапляла на прыдатны грунт. Здараліся выпадкі, калі нават дэлегат на генеральную капітулу ў Рым кампраметаваў нашы канвенты нязграбнасцю за сталом, бо паводзіў сябе, нібы мядзведзь. Асобную катэгорыю складалі звычаі прысвечаныя тагачаснай, вельмі прымітыўнай, гігіене і медыцыне, шмат з якіх зараз успрымаюцца як анекдот. Гарадзенскія бернардыны, як занатавана ў нейкай свецкай хроніцы, так дрэнна арыентаваліся ў медыцыне, што лячылі вялікага князя ВКЛ і караля Аляксандра печанымі грушамі …

Хаця сярод літоўскіх і іншых бернардынаў у той час не бракавала асоб, адпаведных эпосе адраджэння і потым барока, былі таксама, досыць у невялікай колькасці, і святыя. Напрыклад Мельхісідак з Вільні памёр in odore sanctitatis (у паху святасці). "Яшчэ ў XVII ст. каля яго труны адбываліся цуды і таму думалі пра яго кананізацыю". Аднак найбольшую святасць набыў Рафал з Прашовіц які паходзіў з простага роду, быў сынам печніка. З Вільняй яго лучыць гвардыянства (каля 1519 г.). Якраз на часы яго кіраўніцтва прыпала барацьба за самастойнасць Літоўскай правінцыі. Яго вельмі паважалі за лагодны, добры характар і ўменне ладзіць з людзьмі. Выключнымі пахваламі абдарыла яго каралева Бона. За яго поспехі ў 1526 г. Рафала абралі правінцыялам, і ў гісторыю ордэна ён увайшоў як Regulator fratrum, decus et honor Minorum (Кіраўнік, годнасць і гонар Меншых Братоў).

Знаходзячыся ў прадмесцях вялікіх гарадоў, бернардынскія канвенты часта станавіліся адзіным Домам Божым па-за межамі горада, і жыхары прадмесцяў слушна лічылі іх касцёлы сваімі. Пры тагачаснай цеснаце ў нашых гарадах нават і самі гараджане часта высяляліся за гарадскую браму. Таксама і сяляне, якія спяшаліся на гарадскі рынак, сустракалі па дарозе такі касцёл і ахвотна заходзілі ў яго з малітвай ці ахвярай. Бернардыны разумелі вялікае значэнне рэлігійнай песні і таму ў Беларусі і Летуве пашырылі яе рэпертуар (калядкі!). Аднак бернардынская паэзія засталася безыменнай, і мы не знаходзім адказу на пытанне: дзе, калі, кім і г. д. была напісана тая ці іншая рэч. Па прозвішчы ведаем толькі аднаго бернардынскага паэта. Гэта брат Уладзіслаў з Гялнёва, які ў 1498 г. заснаваў канвент у Полацку, і, думаючы пра напрамкі дзейнасці ўсходняй місіі, распачаў акцыі супраць паганцаў (татараў), ён пашыраў сярод Літвы і Русі папулярныя друкі, што добра характарызуе шырату яго разумовага гарызонту. А сапраўднай памяццю пра брата Уладзіслава сталі ягоныя вельмі распаўсюджаныя ў Летуве і Беларусі рэлігійныя спевы.

Не забывалі бернардыны і пра ўрачыстыя працэсіі, якія мелі вялікую папулярнасць у вернікаў. "Статут правінцыі загадваў бернардынам падчас працэсіі знаходзіцца не ў прывілеяваных месцах, а працаваць, там, дзе давядзецца. Але бывалі і розныя інцыдэнты. Напрыклад, у 1541 г. у Вільні адбыўся вялікі працэс паміж імі і кавентуальнымі францішканамі". "Бернардынам прыпісваюць вялікі ўплыў на развіццё батлеек, калядак і ўвогуле на набажэнства Божага нараджэння, якія традыцыйна праводзяцца ў па-бернардынскіх касцёлах і па сённяшні дзень".

Працягваючы тое, што напісана вышэй пра высокую папулярнасць ордэна бернардынцаў, трэба сказаць, што яны ў казаннях і ўсёй сваёй дзейнасцю звярталіся да сучаснага ім чалавека. Адным з выбітнейшых бернардынскіх прапаведнікаў у Вільні быў Мікалай з Сакольнік (1501 ці 1511 г.), які таксама вядомы як пісьменнік. Яго віленскія казанні выдаў друкам адзін з хранікёраў ордэна, што кажа нам пра адметнасць брата Мікалая.

Таксама рупліва працавалі яны in foro interno (на ўнутраным полі, тут у сэнсе "ў справах душы" - Л. Л.). У гэтым накірунку ў Вільні вылучаўся кіраўнік сумлення (духоўнік) Станіслаў дэ Грыма. (Hvyma ці Hryma? - Л. Л.). Карысталіся з іх працы нават у каралеўскім двары, які досыць часта бываў у Вільні ці Гародні.

Асобнай старонкай у жыцці бернардынаў у Летуве і Беларусі з'яўляюцца іх заслугі па пашырэнні і паглыбленні культу Марыі. На працягу года кульмінацыяй марыянскага культу быў фэст Бязгрэшнага зачацця Найсвяцейшай панны Марыі (8 студзеня) злучаны з Quadraginta horarum (маецца на ўвазе 40-гадзіннае набажэнства - Л.Л.), падчас якога адбываліся нават тэатральныя пастаноўкі і адмысловыя ілюмінацыі ўнутры і звонку касцёла.

Жывучы з міласціны і квесты, бернардыны мелі шмат багатых ахвярадаўцаў і ахвярадаўчынь, што дазваляла ім трымаць сваё сэрца шырока адчыненым для бедных і хворых.

XV - XVI ст. у Летуве і Беларусі былі часамі паўстання розных рэлігійных брацтваў. Бернардыны таксама да 1500 г. заклалі ў Вільні брацтва св. Ганны, а ў 1508 г. гэткае ж брацтва ў Коўне заклаў Рафал з Прашовіц. Да гэтага часу брацтва ў Вільні ўжо добра развілося і было ў нас, бадай, першай арганізацыяй падобнага тыпу. "Паступовае яго самастойнае развіццё, можа казаць пра тое, што брацтва паўстала незалежна ад бернардынаў і толькі потым перайшло пад іх апеку". На карысць гэтага кажа тое, што ў нямецкіх гарадах у канцы XV ст. меўся вялікі культ св. Ганны, і ўжо існавалі аналагічныя брацтвы, таму і з'явілася жаданне перанесці гэтыя інстытуцыі на Віленскі грунт і тое, што горад быў багаты і меў самакіраванне, спрыяла поспеху справы. "Тое, што менавіта немцы абралі сабе бернардынаў, кажа не толькі пра тое, што гэты законы быў у той час вельмі моцным, але таксама і пра колькасць нямецкіх святароў". Брацтвы з'яўляліся ў гарадах, дзе XV ст. нямецкая стыхія была вельмі моцнай і шмат хто валодаў нямецкай мовай. Пасля кароткага часу росквіту брацтваў св. Ганны, на іх пачалі наракаць як у Германіі, гэтак жа і ў нас. Прычына - адцягванне парафіян ад фарных касцёлаў да касцёлаў бернардынскіх канвентаў. Так ў Літве пачалася векавая спрэчка паміж белым і чорным духавенствам.

Як мы зазначылі вышэй, у Беларусі і Летуве першы год існавання самастойнай правінцыі даў кляштары ў Вільні і Коўні, наступным горадам, у 1479 г., стаў Тыконін 3 а ў часы вялікага князя Аляксандра, у 1498 г. - Полацк. Гэты ж вялікі князь здолеў схіліць багатага могільскага абата да заснавання бернардынскіх канвентаў на ўсходзе, але справа нічым не закончылася. Нягледзячы на хрышчэнне Літвы і Жмудзі некалькі стагоддзяў таму, нягледзячы на наяўнасць залежнай ад Царграда дызуніцкай іерархіі, у Летуве і Беларусі яшчэ знаходзіліся гнёзды няхрышчоных летувісаў і беларусаў, якія жылі ў паганскіх абрадах ці дваяверстве. "Фларэнтыйская унія не была прынятая" на нашых землях, а ўніяцкая іерархія цалкам адсутнічала. Таму перад бернардынамі мелася падвойнае поле для працы - унутраная праца, накіраваная на расцярушаных у русінскім моры лаціннікаў і знешняя праца сярод русінаў. Тагачасныя палякі нават не лічылі істотным хрышчэнне русінаў, бо яно рабілася не па лацінскім ўзоры. Таму бернардыны, якія гэтак не лічылі і сыходзілі з пазіцыі каталіцкага ўніверсалізму, былі вымушаны звярнуцца да апостальскай сталіцы, дзе знайшлі поўнае разуменне (гл. артыкул) […]

На адкрыццё толькі што пабудаванага канвента бернардынаў ў Вільні з варшаўскай капітулы 6 студзеня 1468 г. быў накіраваны брат Рэй. "Быў гэта сёмы касцёл у сталіцы Літвы", - пісаў ксёндз Кантак. Пасля фундацый у Коўні і Тыкоціне быў створаны асобны літоўскі камісарыят, на чале якога стаў камісар і віленскі гвардыян Анёл з Вострава. Так пачаўся доўгі шэраг кіраўнікоў, які доўжыўся да скасавання. Не бракавала сярод іх людзей высокацнатлівых, добрых адміністратараў, мужоў навукі. Вялікім дабрадзеем бернардынаў быў Марцін Гаштольд, ваявода кіеўскі. У 1471 г. ён ў сваім абозе прывёз некалькі бернардынаў з Вільні ў Кіеў, дзе "знаходзячыся паміж схізматыкаў-русінаў, яны шмат шляхты і народу прывялі да прызнання вяршэнства папы праз добры прыклад і навуку". Аднак, канвенту ў Кіеву не заклалі, падобна, можа і не думалі яго закладаць. Гэты вялікі поспех віленскіх бернардынаў у "мацеры гарадоў рускіх" кажа пра тое, што нашы місіянеры не вымагалі ад далучаных русінаў прыняцця лацінскага абраду. "Такі падыход знаходзіўся ў выразнай супрацьлегласці са стаўленнем белага духавенства, з пазіцыяй Віленскай курыі, якая не прызнавала хрышчэнне па грэцкім абрадзе. Таму можна лічыць, што ажыўленне ўніяцкага руху на пераломе XVI ст. трэба прыпісаць, уласна, нашым манахам. У 1471 г. адзін з рускіх паноў, Аляксандр Солтан з Пачэпава (пад Наваградкам - Л. Л.), разам са сваім братам Солтанам, паехалі ў Рым, дзе ад іх не вымагалі паўторнага хрышчэння, а толькі жадалі пачуць вызнанне веры. Потым браты зрабілі пілігрымку ў Іерусалім. Там Солтан стаў рыцарам Труны Панскай 4. Хутка ён вярнуўся ў Вільню, дзе яго не пажадалі лічыць католікамі! Кафедральны прапаведнік з амбона выступіў супраць Солтана, назваўшы яго сабакам. Гэтак аблаяны, Солтан зноў адпаў у схізму. Аднак на смяртэльным ложку ён паклікаў да сабе бернардынаў, але не дапусціў іх набажэнства. Здаецца, працай віленскіх бернардынаў было навяртанне гэтых двух вяльможаў ці, як найменей, іх прыгатаванне да навяртання. Пра што сведчыць пілігрымка Солтана ў Святую зямлю. Таксама на іх карысць сведчыць тое, што сакратар вялікага князя Аляксандра Іван Сапега ў 1491 г. (верагодна ў 1501 г. - Л. Л.) прыняў фларэнційскую унію ў Рыме 5.

Ёсць нават гіпотэза, што браты пасярэднічалі ў выданні Актоіха ў Кракаве ў тым жа 1491 г. Пра гэта можа казаць тая акалічнасць, што выдавец гэтай кнігі Ян Турзон быў членам савета кракаўскага канвента. Адметна, прымас Алясніцкі з капітулай забараніў вольнае распаўсюджанне гэтай кнігі.

Унійная праблема і справа паўторанага хрышчэння зноў узнікла пасля смерці Казіміра, калі ў 1492 г. Аляксандр прыняў уладу ў ВКЛ і асабліва пасля шлюбу з Аленай Іванаўнай (1476-1513). Яна прыбыла ў Вільню ў лютым 1495 г. Вядома, што згодна са шлюбнай дамовай, якую падпісаў вялікі маскоўскі князь Іван ІІІ, сама Алена і яе двор атрымалі свабоднае вызнанне грэцкай рэлігіі і нават права пабудаваць праваслаўную царкву ў Віленскім замку. З другога боку, Аляксандр атрымаў у папы дазвол на шлюб з умовай, што будзе ўсімі спосабамі імкнуцца прывесці жонку да еднасці касцёла. Таму становішча князя было фальшывым, а яго жонкі прыкрым. Але, калі апостальская сталіца жадала толькі прызнання вяршэнства папы і не звяртала ўвагу на ўсходні абрад, дык віленскае духавенства на чале з біскупам Войцехам Табарам (1491-1507), не прызнавала хрышчэнне Алены, і таму па логіцы, лічыла яе паганкай. Пры такім стане рэчаў сакратар Аляксандра і кафедральны віленскі пробашч Эразм Цёлак мусілі напружваць свае дыпламатычныя таленты, каб пасярэднічаць паміж дваром і біскупам, і гэтая акалічнасць прывяла да пасольства ў Рым у 1501 г.

У супрацьстаянні з белым духавенствам, бернардыны разумелі сапраўднасць грэцкага хрышчэння і публічна цвердзілі, што "абрады і сакраманты русінаў ёсць сапраўдныя і праўдзівыя", і гэта выклікала праблемы сярод вернікаў - у асноўным абурэнне біскупскай курыі, але яна не мела ўлады над манахамі.

Калі віленскае духавенства лічыла словы бернардынаў пра ўсходні абрад зухаватасцю, дык у княжацкім двары і асабліва вялікая княгіня Алена былі задаволеныя ордэнам. Пра гэта сведчыць добрае стаўленне Аляксандра да бернардынаў і прыхільнасць Алены, якая абдарыла іх вялікімі міластынямі і нават так давярала ім, што пасля смерці мужа захоўвала ў бернардынаў свае скарбы. Манахі карысталіся гэтай прыхільнасцю, каб схіліць Алену пра прыняцця уніі, а "здраднік рускага закону" смаленскі архіепіскап Іосіф Солтан (сын вышэйзгаданага ўніята, будучы мітрапаліт) навяртаў біскупа Табара, але дарэмна. Не ведаем нават, чым скончыліся гэтыя намеры, аднак у 1498 г. вялікая княгіня адаслала ў Маскву свайго святара Фёдара, але для гэтага маглі быць і іншыя прычыны.

Уніяцкае пытанне ў той час займала ўсіх, і рэха гэтых спрэчак адбівалася нават у Кракаве, дзе біскупам у той час быў Фрэдарык Ягелончык (1468-1503). Здаецца, што ў 1495 г. ён не быў у Вільні (Барташэвіч і Крашэўскі пісалі, што Фрэдарык у 1495 г. быў у Вільні), але гэтыя пытанні разам з навяртаннем жонкі яго брата (вялікі князь і кароль Аляксандр родны брат біскупа Фрэдарыка) таксама сталі прадметам яго роздумаў. Магчыма, менавіта ён у сваёй кракаўскай курыі арганізаваў дыспут паміж белым духавенствам і бернардынамі, на чале якіх стаяў тагачасны правінцыял Шклярак (1493-1496). На гэтым дыспуце правінцыял бернардынаў атрымаў перамогу. Падобны дыспут з такім самым вынікам вучоны бернардын меў і ў Віленскай курыі. Галоўным довадам бернардынаў былі пастановы Фларэнтыйскага сабора. Пазнейшыя крыніцы дазваляюць нам такія зрабіць высновы, аднак не будзем больш працягваць гэтую тэму з-за яе складанасці. Вяртаемся да віленскага дыспуту. У адрозненні ад Кракава, высновы Шклярака не пераканалі віленскіх пралатаў. Спасылаліся яны на брэва папы, якое як быццам пацвярджала іх правату, але гэта было не так. Біскуп Табар нават забараніў уніяцкаму святару праводзіць імшу, хоць той быў ужо цэлебраваны ў Кракаве, за што потым біскупу прыйшлося даваць сваё тлумачэнне Апостальскай сталіцы. Таксама ён выклікаў да сябе з Кракава прафесара Сакрана, які ў абарону віленскага біскупа выдаў брашуру "Выясненне памылак абраду рускага" з палемікай супраць бернардынаў.

У той час кароль Аляксандр прызначыў архіепіскапа Солтана кіеўскім мітрапалітам. Маючы ўніяцкія сімпатыі, ён узяў зацверджанне на пасаду ў Царградзе, пасля чаго перадаў на рукі Табару сведчанне свайго паслушэнства папу, а калі прымас Цёлак выправіўся ў Рым, як прадстаўнік мітрапаліта, разам з ім ехаў вышэйзгаданы Іван Сапега. Вельмі магчыма, што да гэтага Солтана заахвоцілі бернардыны, але доказаў няма.

"У 1502 г. Цёлак вярнуўся з Рыма. Ён прывёз выракі папы, якія ў значнай ступені супадалі з лініяй бернардынаў. Усходняе хрышчэнне прызнавалася. Без паўторнага хрышчэння схізматыкаў павінны былі прымаць арцыбіскуп Львоўскі, біскупы Віленскі і Жмудскі, таксама, акрамя белага духавенства, біскупы павінны былі працаваць з дамініканамі і бернардынамі, якіх у Літве было яшчэ не шмат. Белае духавенства не цікавілася місійнай дзейнасцю, бо не бачыла ў гэтай справе грашовых выгадаў для сабе, не дбала яно і аб сваёй духоўнасці, аб збавенні сваіх душ, бо не жадала адкінуць звычкі да шумнага жыцця, каб уплываць на вернікаў сваім прыкладам і пастырскім словам. Таксама Цёлак прывёз з Рыму ўмовы прызнання для мітрапаліта, з якіх вынікае, што яго высвечанне Солтана прызнавалася ў Еўропе".

Здавалася б, што розныя падыходы бернардынаў і біскупа Табара ў такой пякучай справе павінны былі б выклікаць напружанне паміж імі. Але дакументы сведчаць пра іх добрыя стасункі. Напрыклад, біскуп пахаваў сваю маці ў касцёле бернардынаў і не пашкадаваў для іх сваіх дабрадзействаў… Таксама падчас візітацый браў з сабой і бернардынаў. Гвардыяна новага канвента ў Полацку (1498 г.) надзяліў шырокімі паўнамоцтвамі, роўнымі з правамі пробашча …

У той час бернардыны маглі пахваліцца сваімі маральнымі якасцямі, але ў матэрыяльным плане іх спаткала вялікая параза. Віленскій касцёл часткова разбурыўся, а тое, што засталося, давялося разабраць. Засталіся стаяць хоры з сакрыстыяй, будынак кляштара і інтэрнат. Пасля гэтага набажэнтвы былі перанесеныя ў суседні касцёл св. Ганны, над якім, не вядома з якога часу, апекаваліся бернардыны.

(Працяг у наступным нумары.)

* Bernardyni na Litwie i Bialorusi // Preglad Wilenski. 1933. № 19-20. S. 2-6.; 1933. № 21. S. 2-5.; 1933. № 22. S. 2-6.; 1934. № 1. S. 2-6.; 1934. № 2. S. 2-5.; 1934. № 3-4. S. 2-6.; 1934. № 6. S. 2-6. Пераклад Леаніда Лаўрэша.

3 Тагачасны Тыкоцін ляжаў сярод беларускай люднасці дызуніцкага веравызнання, luxta schismaticos Ruthenos noncupatos - як пісаў папа Сыкст IV Гаштольду.

4 Гл: Энцыклапедыя ВКЛ. Мінск, 2005. Т. 2. С. 620. - Л. Л.

5 Гл: Гісторыя Сапегаў: жыццяпісы, маёнткі, фундацыі. Мінск, 2017. С. 122. - Л. Л.

Мінпрыроды пераўтварыла Нясвіжскі парк

Парк "Нясвіж" пераўтвораны ў сувязі са зменамі яго межаў, плошчы, рэжыму аховы і выкарыстання.

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыняло рашэнне пераўтварыць помнік прыроды парк "Нясвіж", гэта прадугледжана пастановай ведамства № 49 ад 23 верасня, якая афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

У дакуменце адзначаецца, што гэтае пераўтварэнне звязана са зменай межаў парку, яго плошчы, рэжыму аховы і выкарыстання.

Зараз плошча гэтага помніка прыроды складае 117,63 гектара.

З тэрыторыі парку выключылі Нясвіжскі палацава-замкавы ансамбль плошчай 4,38 га, але ўключылі ў яго межы сажалку Бернардынаў і частку акваторыі сажалкі Дзікай, якія раней не ўваходзілі ў межы помніка прыроды.

Перш чым прыняць гэтае рашэнне, Мінпрыроды правяло грамадскае абмеркаванне гэтых змен. Але за час яго правядзення - з 5 па 15 верасня - ніякіх заўваг і прапаноў не паступіла.

Таксама гэтай пастановай парк перададзены ў кіраванне Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта.

Дакумент уступіў у сілу з 7 кастрычніка 2022 года.

Нясвіжскі парк

Нясвіжскі парк складаецца з пяці розных па мастацкім абліччы паркавых кампазіцый. Гэта Замкавы, Стары, Марысін, Ангельскі і Японскі паркі.

У Замкавы, ці Антоніеў, парк уваходзяць алеі на беразе абароннага рова і дзве паляны. Стары парк, які таксама завуць Азярына, лічыцца найболей каштоўным у дэндралагічных адносінах. Ён адрозніваецца вялікай разнастайнасцю шматлікіх парод дрэў і хмызнякоў.

Марысін (ці Новы) парк - самы вялікі па памерах. Там усталявана скульптура святога Георгія Пераможца і крыніца-грот пад назвай "Слёзы Марыі".

Ангельскі парк з'явіўся ў 1898 годзе на месцы іпадрома. Вялікую яго частку займаў траўнік, нешматлікія дрэвы былі высаджаны ў шахматным парадку. А вось цяперашні выгляд Японскага парку вельмі далёкі ад першапачатковай задумкі, хоць экзатычная назва за гэтым месцам захавалася.

Sputnik. Нясвіж.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX