Наша слова.pdf № 42, 19 кастрычніка 2022 г.
У Стоўбцах усталёўваюць помнік Якубу Коласу
Трэцяга лістапада будзе адзначацца юбілей класіка беларускай літаратуры, адкрыццё скульптуры запланавалі да гэтай даты.
У сакавіку 2019 года Міністэрства культуры аб'явіла конкурс эскізных праектаў помніка Якубу Коласу ў Стоўбцах. Сярод абавязковых умоў конкурсу - стварэнне кампазіцыі ў адпаведнасці з лепшымі традыцыямі класічнага і беларускага манументальнага мастацтва. З прадстаўленых 15 скульптурных работ адабралі праект творчага калектыва Івана Міско, Сяргея Логвіна і Уладзіміра Піпіна.
Паводле СМІ.
75 гадоў з дня нараджэння Юркі Голуба
Юрка Голуб (20 кастрычніка 1947, в. Горна, Зэльвенскі раён - 12 кастрычніка 2020) - беларускі празаік, паэт, журналіст.
Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Выпускнік Зэльвенскай СШ. Скончыў філфак БДУ. З 1970 году жыў у Гародні, працаваў на абласным тэлебачанні. З 1978 года - загадчык аддзелу культуры абласной газеты "Гродзенская праўда", выдаў некалькі нумароў часопіса "Галасы", куды ўключаліся творы з літаратурнай старонкі абласной газеты. З 1979 году - загадчык аддзела мастацкага вяшчання Гарадзенскага абласнога тэлебачання і радыё. Вядовец тэлепраграмы "Гродзеншчына літаратурная". Аўтар кніг паэзіі "Гром на зялёнае голле", "Дрэва навальніцы", "Векапомнае поле", "Сын небасхілу", "Поруч з дажджом", "Зажураны камень", "Брама зімы", "Багра". На польскай мове ў перакладзе Яна Леанчука ў 2006 г. выйшла кніга "З-над Нёманскіх краёў". Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова. 10 гадоў узначальваў Гарадзенскую абласную арганізацыю Саюза беларускіх пісьменнікаў. Сябар Саюза пісьменьнікаў СССР з 1971.
19, 20, 21 кастрычніка ў Лідзе, Гародні, Зэльве пройдуць прэзентацыі пасмяротнай кнігі Юркі Голуба "Дыханне трыснягоў".
Паводле СМІ.
Завіталі ў Музей сям'і на Лідчыне
З павагай і любоўю кожны чалавек адносіцца да сваіх бацькоў. Менавіта маці і бацька заўсёды з'яўляюцца для сваіх дзяцей прыкладам міру, гармоніі, дабрабыту ў сям'і.
Падчас святкавання "Тыдня бацькоўскай любові", які праходзіць ва ўстановах адукацыі Беларусі з 14 па 21 кастрычніка, вучні 11-й лідскай школы сумесна з настаяцелем храма Усіх Святых пратаіерэем Уладзімірам Яромічам здзейснілі цікавае падарожжа, каб яшчэ больш пачуць аб значэнні сям'і і ўбачыць усё на ўласныя вочы. Дзеці наведалі аграгарадок Бердаўка, дзе пазнаёміліся з гісторыяй мястэчка, убачылі цікавыя аб'екты і, галоўнае, завіталі ў культурна-дасугавы цэнтр, дзе створаны адзіны ў нашай краіне Музей сям'і. Што адразу прыцягнула ўвагу юных турыстаў, дык гэта незвычайны будынак. Так, Музей сям'і быў заснаваны у 2017 годзе, а размясціўся ў пакоях сядзібы Аляксандра Дамбавецкага, значнага дзяржаўнага і грамадскага дзеяча сярэдзіны ХIХ - пачатку ХХ стагоддзя, губернатара горада Магілёва.
Чым жа ўразіў Музей сям'і сучасных падлеткаў? Па-першае, экскурсію па выставачным экспазіцыям праводзілі ўласна кіраўнік народнага сямейнага ансамбля Парфенчыкаў Аляксандр і яго жонка Інэса. Менавіта гісторыі іх творчай сям'і прысвечана адна з экспазіцый. Аляксандр Генадзевіч расказаў гасцям аб творчай дзейнасці іх музычнага калектыву "Мы з вёскі-калыскі", па-знаёміў з творчымі дасягненнямі, геаграфіяй гастрольнай дзейнасці, узнагародамі, традыцыямі і хобі сямейнага ансамбля.
Па-другое, завітаўшы ў наступную залу "Пачатак сямейнага жыцця - вяселле", усім адразу здалося, што яны трапілі на сапраўднае вяселле. Перад гасцямі быў шыкоўна прыбраны стол, размешчаны прыгожыя вясельныя сукенкі і касцюмы, а таксама шмат іншых атрыбутаў. Адна асаблівасць усё ж такі была заўважана вучнямі: яны нібы здзейснілі ячшэ падарожжа ў часе. Атрыбуты вяселля перанеслі іх на гадоў 50-70 назад. Менавіта ў той час, калі святкавалі свае вяселлі іх бабулі і дзядулі. Увазе гасцей былі прадстаўлены фатаграфіі маладых, пасаг нявесты, падарункі маладым, музычныя інструмены і шмат іншага. Экспазіцыі музея сёння налічваюць каля 250 экспанатаў, але фонд музея ўвесь час папаўняць новымі экспанатамі.
Па-трэцяе, вучні не чакалі таго, што ў наступным пакоі яны апынуцца на танцавальнай пляцоўцы. Кіраўнік Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра Інэса Парфенчык запрасіла гасцей развучыць танцавальныя рухі і паспрабаваць сябе на справе. Усе вучні з задавальненнем прынялі ўдзел у танцавальным майстар-класе.
Дзякуючы наведванню Музея сям'і вучні 11-й лідскай школы змаглі ўжывую пазнаёміцца з гісторыка-культурнай спадчыны беларусаў, на прыкладзе народнага сямейнага ансамбля Парфенчыкаў пераканацца ў тым, што музыка, агульная справа, творчыя задумы, падтрымка блізкіх людзей - усё гэта спрыяе здаровым сямейным адносінам.
А цёплае восеньскае надвор'е, рознакаляровае лісце і прыемная прагулка па парку векавых дрэў, якія былі пасаджаны вакол сядзібы яшчэ пры жыцці гаспадара Аляксандра Дамбавецкага, паспрыялі прыемнаму адпачынку вучняў пасля навучальнага дня.
Айцец Уладзімір Яроміч, віншуючы юных падарожнікаў са святам Пакроваў Прасвятой Багародзіцы, адзначыў, што менавіта сям'я ва ўсе часы з'яўлялася асновай грамадства, што дзеці павінны дапамагаць бацькам, таксама як бацькі клапоцяцца аб іх. Тады ўзаемная дапамога прынясе ў сем'і гармонію, лад і любоў.
Наталля Мікалаеўна Анашкевіч, класны кіраўнік 10 класа Сярэдняй школы №11 г. Ліды.
Да 500-годдзя выдання "Песні пра зубра"
У наступным годзе спаўняецца 500 гадоў з часу выдання паэмы "Песня пра зубра" Міколы Гусоўскага. У 1522 годзе ў Рыме Мікола Гусоўскі напісаў свой лепшы твор "Песню пра постаць, дзікасць зубра і паляванне на яго", дзе выклаў шматгранную ідэйна-эстэтычную і гуманістычна-асветніцкую праграму. А ў кастрычніку 1523 года ў Кракаве ў друкарні Віетара паэтычны зборнік "Песня пра зубра" пабачыў свет. З нагоды 500-годдзя выдання "Песні пра зубра" Міколы Гусоўскага рыхтуецца да выхаду цудоўны каляндар. Ужо сёння на яго можна аформіць папярэднюю замову на сайце: tn.by. Каляндар надрукуюць у студзені 2023 года.
Паводле СМІ.
Таямніцы беларускай мовы
У кнізе, у адаптаванай для дзіцячага ўспрамання форме, выкладаюцца звесткі па гісторыі беларускай мовы, расказваецца пра яе арфаграфічныя, арфаэпічныя і лексічныя асаблівасці, на займальным матэрыяле тлумачацца правілы сучаснага беларускага правапісу. Для адпрацоўкі новых ведаў, аўтаматызацыі і замацавання правапісных уменняў і навыкаў у выданне ўключаны займальныя заданні.
Кніга адрасавана ўсім, хто вывучае беларускую мову, цікавіцца яе гісторыяй і развіццём. Выданне будзе карысным школьнікам для ўзбагачэння і ўдасканальвання ведаў па роднай мове, настаўнікам беларускай мовы і літаратуры для падрыхтоўкі да праграмных вучэбных заняткаў, бібліятэкарам і арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай работы для правядзення тэматычных мерапрыемстваў, конкурсаў, віктарын і моўных алімпіяд.
Паводле СМІ.
Давайце шанаваць роднае
Жыў некалі ў Слоніме на вуліцы Багушэвіча Міхась Барысавіч Літвінчык. У свой час ён скончыў польскую школу, пасля вучыўся ў Сянькоўшчынскай сярэдняй школе. Калі пачалася Другая сусветная вайна, пайшоў на фронт. Быў двойчы паранены, з баямі дайшоў да Кенігсберга.
Пасля вайны Міхась Літвінчык прыехаў у родны Слонім і да самай пенсіі адпрацаваў шафёрам. На грузавых машынах аб'ездзіў Беларусь уздоўж і ўпоперак. Але захапленнем яго была не толькі тэхніка. Слонімец яшчэ цікавіўся прыказкамі і прымаўкамі. Спачатку іх усюды збіраў, запісваў ад людзей. А потым іх сам пачаў пісаць. Пра яго талент да прыказак і прымавак нават пісалі рэспубліканскія газеты і часопісы, а ў канцы 1980-х гадоў Міхася Літвінчыка запрасілі на Беларускае тэлебачанне ў перадачу "Роднае слова", дзе ён вельмі шчыра расказваў пра прымаўкі і прыказкі. На вялікі жаль, такой перадачы на Беларускім тэлебачанні даўно не існуе, а яна была вельмі папулярнай тады. Рэдакцыя і аўтары перадачы атрымлівалі сотні пісем, прапаноў, водгукаў.
Міхась Літвінчык часта заходзіў да мяне на працу. Мы з ім гутарылі пра Беларусь, пра мову, пра наш багаты фальклор. Аднойчы Міхась Барысавіч пакінуў мне агульны сшытак сваіх прыказак і прымавак.
- Няхай у цябе будзе адзін з маіх спісаных сшыткаў, можа калі табе прыгадзіцца, - сказаў зямляк і паклаў на стол сшытак сваіх народных твораў.
Нядаўна я гэты сшытак адшукаў у сваім хатнім архіве. Уважліва прачытаў. І мне спадабаліся прыказкі і прымаўкі Міхася Літвінчыка. Вось некаторыя з іх: запісаныя думкі, як віно - яны павінны адстаяцца; не можа быць адукаваным той, хто не ведае роднае мовы; можна жыць па-братэрску, але не па-сяброўску; не трэба здзіўляцца з нас - такія былі і да нас; каб не было памяці, дык не было б і слёз; і золата дурня не зробіць разумным; хто ходзіць, той можа падаць; пазяхаць - не спяваць, голасу не трэба; дурань смяецца не са смешнага, а з разумнага; самая праўдзівая мова - народная; калі добра працуеш - гаспадарку мацуеш; вучыць не толькі сябар, але і вораг; жонка дрэнна маецца, якая ўсім мужчынам падабаецца; бывае і барон ловіць варон; хлеб свежы добры для ежы; дай Бог усё умець і не старэць і г. д.
Міхась Літвінчык напісаў дзесяткі такіх сшыткаў прымавак і пагаворак. Але дзе яны цяпер - ніхто не ведае. А гэта ж наш народны скарб, скарб духоўнай культуры. Даўно яго трэба было б сабраць і выдаць асобнай кніжкай, але ж каму гэта сёння патрэбна. Хаця яшчэ 24 снежня 2004 года Беларусь далучылася да міжнароднай канвенцыі ЮНЕСКА 2003 года "Аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны". Гэтым самым Беларусь узяла абавязкі перад міжнароднай супольнасцю захоўваць і пашыраць аб'екты нематэрыяльнай культурнай спадчыны (НКС), да ліку якіх адносяцца і творы фальклору.
Сустракаю неяк на вуліцы ў Слоніме настаўніка-пенсіянера Мікалая Іванавіча Ракевіча.
- Добра, што я цябе сустрэў, - кажа слонімец. - Хачу даць табе некалькі прыказак пра сям'ю, нявестку, свякроў. Ты раней такіх не чытаў. Я іх запісаў ад Валянціны Самусевіч, якая родам з вёскі Азярніца Слонімскага раёна. Пачытай!...
Я ўзяў ліст з прыгожым почыркам і пачаў чытаць: нявестка свякрыві дзярэ да крыві; калі добрая свякроў, то вып'е кроў, калі ліхая, то косці пааб'ядае; калі зяць на дачцэ, то для цешчы, што сто даляраў у руцэ, калі сын на нявестцы, то што гаўно на трэсцы (для свякрыві) ; мае адно вока і тое спаць хоча; глядзіць левым вокам у правую кішэнь; бывае найгорш, калі баішся: і ліха не мінеш, і надрыжышся.
Але найлепш ведаў фальклор, і ў прыватнасці беларускія прымаўкі і прыказкі, мой зямляк са Слонімшчыны, вядомы беларускі энцыклапедыст, бібліёграф, літаратуразнавец Янка Саламевіч (1938-2012). На вялікі жаль, яго ўжо няма на гэтым свеце. Сустракацца і гутарыць з Янкам Саламевічам - гэта была вялікая асалода, гэта было сапраўднае свята, нейкі сваеасаблівы ўніверсітэт. Усё жыццё ён любіў лавіць яркія, гаваркія словы, фразеалагізмы - асаблівасці роднай і іншых моў. Іван Уладзіміравіч гаварыў мне: ну скажы, у каго ты сустракаў слова "аб'ясніць"? Ён у рукапісе Янкі Купалы ў яго музеі трапіў на такі радок: "Няхай цябе аб'ясніць розум ясны". Здорава, праўда! Бацька яму некалі казаў: "Мёрзлая зямля заскалела" (стала цвёрдаю, як скала). Неяк расказаў ён мне пра аднаго жыхара яго роднай вёскі Кракоткі, які еў блінцы: сем мазаных, сем німазаных, сем сухама - збольшага перакусіў.
Любіў распавядаць Янка Саламевіч пра сваіх аднавяскоўцаў. Казаў, што ў яго вёсцы мовяць: сучка маленька, нізенька, як слончык на чатырох ножках. Ці так: ідзе нага за нагу, як назаўтра; е што гаварыць, ды німа чаго слухаць; з носа кап, ды ў рот хап; ужэ суп у сватэ збіраецца (пачаў кіснуць) і г.д.
Сёння мне часта прыгадваецца мой дарагі і паважаны зямляк Янка Саламевіч. Ён мне казаў: не называй мяне Іван Уладзіміравіч, не трэба, кажы: спадар Янка. Я так яго ў апошнія гады і клікаў. Прымаўкі і прыказкі спадар Янка называў выслоўямі. Ён мог іх нагаварыць кучу і горбу, мех і торбу: не ўсё тое падбірай, што па вадзе плыве; не кожны хворы, што стогне; языком бервяна не ачэшаш; біты сабака здалёк бачыць кіёк; двор, як пані сесці; харошая, хоць малюй…
Прыгадваецца мне яшчэ адна прымаўка ад Янкі Саламевіча: паедзем, бабка, у чужое сяло, то будзем ведаць, што робіцца ў нашым. Нам сёння не трэба ехаць у чужое сяло, у чужыя краіны. Нам добра дома, дзе ўсё такое блізкае нам і зразумелае. Дык давайце шанаваць роднае!
Сяргей ЧЫГРЫН, г. Слонім.
"Суквецце" расквітнела ў Гародні
Сябры літаратурнага аб'яднання "Суквецце", што пры рэдакцыі "Лідскай газеты" выступілі ў абласной сталіцы - Гародні. Так, менавіта "суквеццеўцы" былі запрошаны туды па дамоўленасці са старшынёй Гарадзенскага абласнога аддзялення ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі" Людмілай Кебіч. Месцам для правядзення імпрэзы стаў ДУК "Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці".
Гарадзенцы цёпла, па-сяброўску сустрэлі лідзян. Уся зала, на колькі разлічана для гледачоў, была запоўнена. Вядома, на абласны літаратурны Рэгіён-фэст прыехаў творчы дэсант літаратураў з Лідчыны! Ды і паслухаць і пабачыць майстроў беларускага пісьменства, якія сваімі творамі радуюць і лашчаць слых ужо нават далёка за межамі Лідскага рэгіёна - гэта гістарычны момант. Творцы, прадстаўленыя кіраўніком літаратурнай суполкі "Суквецце" Аляксандрам Мацулевічам, адзін за адным падымаліся на імправізаваную сцэну. Спачатку, А. Мацулевіч зрабіў агляд дзейнасці літаратурнай суполкі, падзяліўся гістарычнымі яе вехамі. Алесь Хітрун раскрыў старонкі мінулай і сучаснай Лідскай літаратуры, прэзентаваў тры (№ 8, 9, 10) выдадзеныя за апошнія гады літаратурна-мастацкія зборнікі "Ад лідскіх муроў", як вынік дзейнасці творчай інтэлігенцыі Лідчыны, і ўручыў іх калегам па пяру на захоўванне і знаёмства з творчасцю іх сяброў-аднадумцаў. Ён жа зачытаў і свае вершы. Душэўна і цёпла, сабраныя прыхільнікі мастацкага слова слухалі вершы ў выкананні паэтэсы Ганны Рэлікоўскай, Людмілы Русь, Тарэсы Смольскай, Алы Юшко, Антона Піліпчыка, Ганны Гайдукевіч, Ірыны Маркевіч, Канстанціна Якубчыка, Іосіфа Кліза, Вольгі Ашмяны-Бічэль, Ларысы Лайкевіч. Кожны па-свойму адметны, у кожнага свой стыль напісання, у кожнага свая гісторыя нараджэння таго ці іншага твора. Гарадзенская пісьменніца Наталля Васільеўна Гарбачова таксама зачытала вершы, прысвечаныя гораду Лідзе, у якім яна ў свой час жыла і працавала. На памяць пра сябе яна падпісала для Дома Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея зборнік вершаў "Память огненных лет", у якім яна з'яўляецца ўкладальнікам і рэдактарам.
Музычныя нумары, якія аздобілі літаратурную вечарыну, таксама паднялі настрой прыхільнікам у зале, якія нават не вытрымлівалі і стоячы пляскалі - дзякавалі за падораны ім зарад эмоцый і пазітыву.
Уражанай ад пройдзенай імпрэзы засталася і сама старшыня Гарадзенскага абласнога Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Антонаўна Кебіч. Яна шчыра падзякавала лідзянам за яркія, гарачыя выступленні, зазначыла, што з гэтай вечарыны пачаўся новы праект, у якім будуць прымаць удзел літаратурныя аб'яднанні, што размяшчаюцца на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці. І ўручыла кіраўніку лідскай літаратурнай суполкі дыплом аб прысваенні звання "Ганаровы партнёр Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі".
Алесь Хітрун.
У выставачнай зале Лідскага замка адкрылася выстава карцін Уладзіміра Мельнікава
У мінулую нядзелю ў выставачнай зале Лідскага замка адкрылася выстава карцін лідскага мастака Уладзіміра Мельнікава "Жыццё кароткае - мастацтва вечнае". Адкрылася яна ў дзень нараджэння мастака. У той дзень яму споўнілася б 84 гады. На жаль, за тры месяцы да гэтай даты Уладзіміра Сяргеевіча не стала. Але памяць пра яго жыве, прадаўжаюць сваё жыццё яго шматлікія карціны. Выстава памяці таленавітага і вядомага мастака, якая адкрылася, будзе працаваць доўгі час і папаўняцца іншымі яго творамі.
Уладзімір Мельнікаў як мастак пакінуў вялікую спадчыну. Ён пісаў у розных жанрах, але ўлюбёным яго жанрам быў партрэт. У партрэтах мастаку ўдавалася перадаць стан душы чалавека, яго характар і тэмперамент. Шмат вядомых людзей Беларусі ўвасобіў Уладзімір Мельнікаў у сваіх работах. Выкананы ім партрэт Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі знаходзіцца ў Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы. З-пад пэндзля мастака выйшлі партрэты Уладзіміра Мулявіна, Анатоля Ярмоленкі, Ганны Радзько, Уладзіміра Ліпскага, Ніла Гілевіча і многіх іншых. Дарэчы, у гады работы Уладзіміра Сяргеевіча у сярэдняй школе №14 горада Ліды Анатоль Ярмоленка і Ніл Гілевіч былі гасцямі згаданай школы.
Дасягнулі поспехаў у выяўленчым мастацтве вучні таленавітага мастака. Сам Уладзімір Мельнікаў не раз быў узнагароджаны і заахвочаны за вялікі ўклад у развіццё беларускага мастацтва, у тым ліку і Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Вядомасць гэтага мастака даўно выйшла за межы Лідчыны. Яго карціны захоўваюцца ў найбуйнейшых музеях Беларусі, у многіх галерэях і вядомых дамах Еўропы, а таксама ў ЗША, Аўстраліі.
Падчас адкрыцця выстаўкі згадалі пра Уладзіміра Сяргеевіча і як пра краязнаўца, улюбёнага ў Лідскі край, які шукаў вядомых лідзян па ўсім свеце, як пра мэтанакіраванага чалавека і шчырага сябра, які заўсёды быў сумленным і адкрытым з іншымі і з самім сабой. Успамінамі пра гэтага чалавека дзяліліся з гасцямі выставы паэт Уладзімір Васько, навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Анастасія Каладзяжная, генеральны дырэктар СТАА "Бел-Пласт Інтэрнэшнл" Анатоль Вялікін і іншыя, хто добра ведаў Уладзіміра Мельнікава. І, канешне ж, шмат цёплых слоў пра таленавітага мастака казалі на адкрыцці выставы яго дачка Святлана Піваварава і зяць Руслан.
Здавалася, нябачна прысутнічаў у выставачнай зале і сам Уладзімір Сяргеевіч - у сваіх бессмяротных карцінах, якія глыбока пранікалі ў душу кожнага наведвальніка выставы.
Алесь Мацулевіч.
Памёр беларускі пісьменнік Алесь Жук
На 76-м годзе жыцця памёр беларускі пісьменнік і перакладчык Алесь Жук, паведамляе "Суполка беларускіх пісьменнікаў".
Алесь Жук нарадзіўся 1 красавіка 1947 года ў вёсцы Клешаў Слуцкага раёна. Скончыў філалагічны факультэт БДУ. Працаваў рэдактарам выдавецтва "Мастацкая літаратура", намеснікам галоўнага рэдактара часопіса "Маладосць", інструктарам ЦК КПБ, галоўным рэдактарам газеты "Літаратура і мастацтва", сакратаром праўлення Саюза беларускіх пісьменнікаў (ліквідаванага восенню 2021 года па рашэнні Вярхоўнага суда), намеснікам галоўнага рэдактара Палымя", галоўным рэдактарам часопісаў "Нёман" і "Беларусь". Аўтар кніг "Асеннія халады", "Паляванне на старых азёрах", "Зоркі над палігонам", "Не забывай мяне", "Па саннай дарозе", "Паўстанак вяртання", "Паляванне на Апошняга Жураўля". Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамолу Беларусі, літаратурнай прэміі Беларусі імя Івана Мележа. У аповесці "Чорны павой" (1986) упершыню ў сваёй творчасці Алесь Жук звярнуўся да прыгодніцка-дэтэктыўнага жанру. Да самых значных твораў пісьменніка належыць аповесць "Праклятая любоў", што ўвайшла ў аднайменны зборнік (1991, Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Коласа 1992). З новых твораў А. Жука, напісаных у апошнія гады, вылучаюцца апавяданні "Душа над чыстым полем" і "Партызан", а таксама "Сны пра маму".
А. Жук адзін з самых цікавых сучасных беларускіх празаікаў, творы якога вызначаліся тэматычнай разнастайнасцю, грунтуюцца на філасофскай і эстэтычнай аснове і з'яўляюцца роздумамі над жыццём, пісьменніка цікавіць прырода чалавечага шчасця, жыццёвыя праблемы і іх пераадоленне, асэнсаванне чалавекам самога сябе, адносіны да працы, да прыроды.
Вікіпедыя.
У Расіі памёр апошні носьбіт алеуцкай мовы
На Камчатцы 4 кастрычніка памёр апошні ў Расіі носьбіт алеуцкай мовы - Генадзь Якаўлеў. Пра гэта паведаміў губернатар края Уладзімір Соладаў.
"Велізарная страта для нашай краіны, якая яшчэ раз падкрэслівае значнасць намаганняў па захаванні моў карэнных народаў Камчаткі і нематэрыяльнай спадчыны", - напісаў губернатар у сваім тэлеграм-канале.
На алеуцкай мове размаўлялі крэолы паўночнай часткі Ціхага акіяна: Аляскі, Алеуцкіх і Камандорскіх астравоў. У 2010 годзе ў Расіі налічвалася 45 носьбітаў мовы, яшчэ прыкладна 150 - у ЗША. Цяпер у Расіі не засталося ніводнага.
У вёсцы Нікольскае, на востраве Берынга - найбуйнейшым з Камандорскіх астравоў - алеуцкую мову спрабавалі вывучаць у школе, а мясцовыя жыхары выкарыстоўваюць у сваёй рускай некаторыя алеуцкія словы.
Што тычыцца колькасці ўвогуле алеутаў, то ў ЗША іх, паводле розных ацэнак, засталося ад 3 да 15 тысяч, а ў Расіі перапіс 2010 года зафіксаваў 482 чалавекі з такой нацыянальнасцю.
Вясной 2021 года алеуты з Расіі і ЗША ўпершыню пагаварылі па відэасувязі, каб паспрабаваць захаваць сваю мову, якая знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Ад Камчацкага краю на сувязь тады выходзіў менавіта Генадзь Якаўлеў.
Паводле СМІ.
У Пастдаме рэстаран Minsk ператварылі ў музей
Навіны Германіі
Пра гэта піша сацыёлаг, вядомы аматар падарожжаў Аляксей Ластоўскі на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
"Das Minsk, Патсдам. Я ўжо неяк пісаў пра лёс рэстарацыі Minsk у Пастдаме, над якой па культурным абмене працавалі дызайнеры з БССР (а ў Мінску ў адказ быў створаны рэстаран "Патсдам"). І вось будынак рэстарана перажыў ліхія гады закінутасці, ператварыўся ў руіну і быў адноўлены на грошы мясцовага мільярдэра Хальса Платнэра. Але ўжо не як рэстаран, а як музей (што па мне дык і лепш), з фокусам на мастацтва ГДР, якога Платнэр назбіраў ці не найлепшую ў свеце калекцыю.
"Мінск" цалкам аднавілі, і музей ужо прымае наведвальнікаў, і для мяне вельмі прыемна, што захавалі і брэндзіравалі старую назву. Das Minsk. І нават беларускія канатацыі тут не хаваюцца, а наадварот, смела выкарыстоўваюцца", - піша Аляксей Ластоўскі.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Сустрэчы, але таксама званкі і перапіска
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-41)
2.10.2022 г. на X Міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які адбыўся ў Каўнасе вочна і праз інтэрнэт з 30-га па 2-е, мы патлумачылі, што перыяд "з 1992 г." у перапісцы з індзейцамі адрозніваецца ад перыяду "да канцы 1991 г." тым, што жыхарам Захаду, уключаючы індзейцаў ЗША і Канады, больш цікавай была вялікая краіна з больш жахлівай гісторыяй, чым у іх, з своеасаблівай "дэмакратыяй", але магутная. Гэта было "модай", і лістом з СССР можна было пахваліцца - але потым "першае ўражанне" прайшло, і краіны постсавецкай прасторы, да таго ж аслабленыя рознымі фактарамі, сталі не такімі "экзатычнымі" і прыцягальнымі.
Ніжэй - тэзісы нашага паведамлення "З гісторыі перапіскі жыхароў БССР з індзейцамі (1987-1991 гг.)" (секцыя "Нефармальныя грамадскія і культурныя практыкі ў БССР ды іншых краінах "рэальнага сацыялізму" (1950-я - 1980-я гады)"), некаторыя з пунктаў якога былі рэальна згаданыя ў выступленні праз ZOOM.
Упершыню беларуска-індзейскія кантакты сталі мэтанакіраванымі са стварэннем Беларуска-індзейскага таварыства (3.1.1987), і яны рэалізоўваліся галоўным чынам праз перапіску, але яна, у сувязі з пэўнай інертнасцю, перасцярогамі і моўнай недастатковасцю, пачалася толькі ў 1989 г.
Першы ліст А. Сімакова ў Амерыку быў у Гістарычны музей Форт-Уачука (1984). Ліст індзеяніста А. Елізара (Жлобін), апублікаваны ў жніўні 1987 г. у газеце "Нэйтыў невадан" (Рына), не прывёў да перапіскі (ён не ведаў пра публікацыю, выяўленую намі ў 2021 г.).
У эпізодзе з неразуменнем дзейнасці БІТ (недарэчным пры пераважна прасавецкім характары яе; наш матэрыял 1988 г. "Мы - сябры індзейцаў" пракаментаваны рэдактарам "Чырвонай змены" на нарадзе: "яны хацелі працягнуць меркаванне, што Беларусь таксама рэзервацыя!.."; з прысутных у канфлікце, што ўзнік з гэтай нагоды паміж С. Паўлавым / ЦК КПБ і А. Лукашуком, апошняга падтрымаў толькі Г. Бураўкін) згадана і наша жаданне "перапісвацца з індзейцамі".
Першымі кантактамі БІТ былі Камітэт мапучэ ў эміграцыі (Брысталь), яго бюлетэнь "Аукінь" (л. д. 14.04.1989), газета "Форт-Апачы скаўт" (30.05.1989), маладыя індзейцы з рэзервацый Форт-Апачы і Сан-Карлас, Індзейскі цэнтр дружбы Су-Сент-Мары (Антарыа). Затым індзейцы выкарысталі гомельскі адрас, што з'явіўся ў газеце "Тундра таймс", бюлетэні "Індыян ёз оф Амерыка". Былі наладжаны шматлікія кантакты ў ЗША і Канадзе і адзінкавыя ў Лацінскай Амерыцы. Наш ліст да асобы індзейскага паходжання ў межах Беларусі - да Б. Васкес, студэнткі БДСГА з Балівіі, - 21.09.1989; абмен гватэмалка Х. Рамірэс Радрыгес - гамяльчанін А. Снітко (яго перапіска з маскоўскімі індзейцамі (мапучэ з Чылі, перуанцы) страчаная): 10.07.1988 (шт. Сочы), 23.02.1989 (шт. Масква).
Няпоўны пералік арганізацый і асоб паказвае тэматыку і геаграфію перапіскі: Аб'яднаная нацыянальная індзейская племянная моладзь (ЮНІТЫ), Аддзел рыбы і дзікай прыроды Племені кольвіль, Аляскінская федэрацыя карэнных, Аляскінскі цэнтр карэнных моў, Асацыяцыя індзейскіх журналістаў, Асацыяцыя метысаў і карэнных Антарыа, Індзейскае гістарычнае таварыства, Індзейскае таварыства рыбы і дзікай прыроды, Індзейская асацыяцыя аховы здароўя, Індзейскі кансорцыум вяшчання, Індзейскі цэнтр аспірантаў, Індзейскі цэнтр даследавання і абучэння, Індзейскі цэнтр дружбы Пэры-Саўнд, "Індыян хісторыен прэс", Камітэт Духоўнага адзінства плямёнаў, "Лакота таймс", Маркетаўская ліга каталіцкіх індзейскіх місій, Мігізі кам'юнікейшнс, Міжамерыканскі індыхенісцкі інстытут, Міжнародны савет па індзейскіх дагаворах, Музей індзейскай культуры, Гістарычнае таварыства леніленапе, Музей індзейцам (Манаус), Музей індзейцаў іракезаў, Найдаўжэйшы бег (Маўнцінджэм), Народ акчын, Нацыянальная асацыяцыя індзейскай адукацыі, Нацыянальны савет індзейскага здароўя, НАЭС каледж (кнігарня "Мазена'іган"), "Нэйтыў прэс" (Елаўнайф), Паўночнаамерыканская індзейская асацыяцыя Дэтройта, Племя апачаў Заходняй Аклахомы, Племя апачаў хікарылля, Племянны савет дакота-аджыбвэ, Рух амерыканскіх індзейцаў, Саскачэванскі індзейскі федэраваны каледж, Фалілчэ Афляя, Федэрацыя індзейскай моладзі (Эквадор), Цэнтр гісторыі індзейцаў Д'Арсі Макнікл (Бібліятэка Ньюберы), Цэнтр індзейскіх даследаванняў (Каліфарнійскі ўніверсітэт, Лос-Анджэлес, аддзел сувязяў з абшчынай); П. Агрэска (кры), Л. Азурэ (гравантрка), Э. Айран Шэл (брулесіў), М. Антанёў (Су-Сент-Мары), Э. Антон (Дэтройт), Дж. Блю Спрус (лагуна пуэбла), Ш. Д. Галет (Су-Сіці), У. Даўні (пуэбла), С. Дзяменцьеф (танана), Б. Каваш (чэрокі і, "магчыма", крык і чыкаса), В. і Р. Картрайт (крык і чыкаса), Дж. Кевайгоскум (племя атава / чыпева), М. Клегхарн (апачка чырыкахуа), А. Кромвель (апач уайтмаўнцін), Дж. Р. Кук (чэрокі), А. Ландзін (каёва), Р. Марыкеа (мапучэ), Б. Медысін (сіхасапа і мінеконджу лакота), М. Модлес (апачка), Дж. М. Ольгін (паўд. юта), М. Осбарн (шашон-банак), К. Рыд (Су-Сент-Мары), М. Спірман (крык, чокта), С. Торціс (апач), Ф. Тэльё (Чылька, Перу), К. Уайтклаўд-Рот (Брандан), Дж. Уолтан (тлінкіт), М. Чымба (Лага-Агрыа, Эквадор), Л. Шэпард (шашонка-банак).
ГАЎРЫЛАВА Міла - А. Кутынка ў "Витебском курьере" (№ 51 за 09.07.2004): "На фота Каліфорнія":
"Жылі-былі ў Каліфорніі" - так называецца фотавыстава, якая праходзіць у Музычнай гасцёўні ў Віцебску. Аўтар фотаработ - віцяблянка, цяпер студэнтка Стэнфардскага ўніверсітэта ў Каліфорніі Міла Гаўрылава. Ужо некалькі год яна жыве ў ЗША, да паездкі ў Штаты вучылася на факультэце замежных моў Віцебскага дзяржуніверсітэта. Гэта яе першая персанальная выстава, якая сведчыць аб тым, што віцяблянка не магла застацца абыякавай да каліфарнійскага каларыту.
Фатаграфій сотні, але на суд віцебскіх гледачоў Міла прадставіла некалькі фотаработ з серый "Індзейцы", "Амерыканец", "Вуліцы Сан-Францыска" і некаторых іншых. Выстава будзе адкрытая да 11 ліпеня".
КАРАВІН Леанід - нарадзіўся ў Гомелі ў 1929 г., калі яго бацька Аляксей Цімафеевіч (1895, Клінцы, "Нарадзіўся ў сям'і селяніна. Рускі" - 1960) быў начальнікам Гомельскага акруговага аддзела ДПУ. Таму не дзіўна, што яму з большым поспехам даверылі місію нашага журналіста ў ЗША - у рэйганаўскі, познесавецкі час. Зразумела, яго не пускалі ў "закрытыя" раёны краіны. Тым больш у такое, у якое быў адрасаваны наш ліст, згаданы ў дакладзе на кангрэсе ў Каўнасе (гл. у гэтым выпуску БСІ; таксама гл. у № 38 "Нашага слова.pdf" чарнавік таго нашага першага ліста, адпраўленага за акіян (1984), - у Гістарычны музей Форт-Уачука (Арызона, у 24 км ад мяжы з Мексікай; камандны пункт аперацыі супраць апачаў Джэроніма, а ў час халоднай вайны - важны стратэгічны пункт; мы не ведалі гэтай акалічнасці, інакш не адрасавалі б ліст у такое зусім "пякельнае" месца ў арыдным, але любімым штаце, - "прыярытэтнае" пры абмене ядзернымі ўдарамі)).
Гэта быў тыповы стыль савецкай публіцыстыкі, у якой не хапала збалансаванасці; але ўсё ж, напрыклад, спадарожнік мінчаніна па нараджэнні А. Сафронава Мікалай Грыбачоў прызнаваў наяўнасць "сумлення" ў "дзядзькі Сэма":
"У апошні дзень нашага знаходжання ў Арызоне [1955] мы з раніцы наведалі школу для індзейскіх дзяцей і савет па кіраванні рэзервацыямі. У школе, добра абсталяваным будынку, вучыцца і жыве каля дзевяцісот індзейскіх юнакоў і дзяўчат. Выкладанне вядзецца толькі на англійскай мове і па спецыяльнай праграме. Савет кіруецца амерыканцам, а яго памочнікамі з'яўляюцца індзейцы, некаторыя з іх атрымалі вышэйшую адукацыю. Сумленне або разлік загаварылі ў амерыканскіх кіруючых колах - не ведаем, але яны стараюцца падправіць і падкарэкціраваць свае адносіны з індзейцамі".
Каравін кантактаваў (па пошце, па тэлефоне і сустракаючыся) з некалькімі індзейцамі, тры з іх вылучаюцца, утвараючы выразныя цэльныя фрагменты, у яго кнізе "Тысяча і адзін дзень у Амерыцы" (Корявин Л. Тысяча и один день в Америке. М.: Известия, 1990. 191 с., 50 к., 50000 экз.); вялікі ўрывак, узяты з главы, большая частка якой прысвечана індзейцам, "Па кім маўчыць звон", мы разбілі на тры часткі, у якіх расказваецца пра зносіны з імі: Патрык Далас (Dullas), хопі з Арызоны; Элмер Савіла (Savilla), якога Каравін называе "прадстаўніком племені кучыны" (ён быў старшынём Quechan Nation у Арызоне; гл. https://be.wikipedia.org/wiki/), Квечан - тут трэба заўважыць, што вікіпедыст Frantishak зрабіў такі ашаламляльны ўклад у напісанне артыкулаў пра індзейскія народы, што беларусы спаборнічаюць з самымі магутнымі нацыямі Еўропы ў прапрацоўцы гэтай катэгорыі ў Вікіпедыі!); Апесанах Квот (Apesanahkwat), менаміні з Вісконсіна.
"Асабліва хацелася б спыніцца на лёсе індзейскага насельніцтва ЗША. Калі гартаеш старонкі гісторыі індзейцаў, знаёмішся з іх сённяшнім жыццём, то бачыш увесь фальш, закладзены, напрыклад, у развагах прафесара права Вірджынскага ўніверсітэта ў Шарлотсвілі Дзіка Хаўарда ў сувязі з юбілеем амерыканскай канстытуцыі.
Прафесар падкрэслівае, што "канстытуцыя надае грамадзянам пачуццё ўпэўненасці, адлюстроўвае і абараняе плюралістычныя каштоўнасці разнастайнай нацыі, якая складаецца з людзей, якія маюць самае рознае этнічнае і культурнае паходжанне". Як жа "абараняюць" сёння канстытуцыйныя правы сапраўдных патрыярхаў амерыканскага кантынента, індзейскага насельніцтва? Людзі племені наваха не атрымалі падтрымкі ў міністэрства юстыцыі. Іх права на жыццё нават у рэзервацыі было адхілена. Нават адтуль выганяе іх бульдозер манаполій.
Праз стаўленне да індзейцаў, як і іншых нацыянальных меншасцей, наглядна правяраецца і па-сапраўднаму пераацэньваецца многае ў ЗША, звязанае з паняццямі "свабода", "роўнасць", "правы чалавека". Гэта не рэкламная заслона. Гэта ўжо само жыццё. Цэлы народ - старажытны, з глыбокімі гістарычнымі каранямі - зведзены сёння да вымірання. Індзейскія лідары - Леанард Пелціер, Дэніс Бэнкс былі кінутыя за краты. І ці не іроніяй паўстае ў сувязі з гэтым дзявятая папраўка да канстытуцыі, якая абвяшчае, што "пералічэнне ў канстытуцыі пэўных правоў не павінна тлумачыцца як адмаўленне або прымяншэнне іншых правоў, якія захоўваюцца народам"? У індзейцаў, як паказваюць падзеі, адбіраецца апошняе права - права на жыццё.
Памятаю, мяне запрасіў адзін з лідараў племя хопі Патрык Далас у Арызону, але ў дзярждэпартаменце чыноўнік, слізгануўшы вачыма па маіх паперах і па ўсыпанай квадратамі карце, коратка адрэзаў: "Закрытая зона для савецкіх журналістаў".
Ніякіх "стратэгічных" аб'ектаў там няма. Няма вайскоўцаў і іншых "закрытых" прадпрыемстваў. Але ў Арызоне, на землях, дзе пражываюць індзейцы, у прыватнасці прадстаўнікі племя хопі, да якога належыць Патрык Далас, закладзена міна запаволенага дзеяння, да якой амерыканскія ўлады відавочна не жадаюць прыцягваць грамадскую думку. Гэтая "міна" - індзейскія рэзервацыі.
Аднак праўда аб становішчы індзейцаў даходзіць з Арызоны і іншых штатаў, дзе іх засталося на сёння каля мільёна чалавек, хаця да прыходу туды белых каланістаў налічвалася больш за 10 мільёнаў. Не выпадкова да карэнных жыхароў Амерыкі прымяняецца тэрмін "схаваны генацыд". Ён выяўляецца ў самай высокай па краіне дзіцячай смяротнасці ў рэзервацыях і беспрацоўі сярод іх дарослага насельніцтва, самым нізкім узроўні медыцынскага абслугоўвання і сярэднегадавым даходзе (на 80 працэнтаў ніжэй, чым у сярэднім па ЗША). У апошні раз П. Далас прыехаў з таварышамі ў Вашынгтон, каб прад'явіць кангрэсу і ўраду дакументы аб беззаконні, якое чыніцца ў адносінах да племені хопі. "Мы пазбаўленыя, - кажа ён, - правоў чалавека ў Злучаных Штатах. Нас загналі ў рэзервацыі, а прасцей - гвалтоўна перасялілі на землі, зусім непрыдатныя для жыцця. У каменнай пустыні немагчыма было вырасціць ніякую культуру, але індзейцы ўсё ж прыжыліся там. Многае зрабілі сваёй працай. Літаральна разгрызлі зямлю, арганізавалі свае паляўнічыя і рыбалавецкія ўгоддзі. А што ж зараз? Нас хочуць выгнаць і з гэтых зямель".
Распавядае кіраўнік арганізацыі "Амерыкэн індыян кам'юніці хаўс" Рудзі Марцін: "У Арызоне 15 тысяч індзейцаў наваха і хопі ўжо гвалтоўна выгнаныя са сваіх зямель. Прычына перасялення - наяўнасць багатых пакладаў вугалю і радовішчы ўрану на гэтых тэрыторыях. Манаполіі жадаюць авалодаць гэтымі "жыламі" пад выглядам перадачы ў валоданне федэральных улад і ўрадаў штатаў".
- У гэтым і заключанае беззаконне, - тлумачыць адзін з адвакатаў племені хопі Даан Брэйвмэн. - Для таго каб зямля стала ўласнасцю федэральнага ўрада або ўладаў таго ці іншага штата, неабходна спецыяльнае рашэнне кангрэса ЗША, але ён не выносіў падобных заканадаўчых палажэнняў.
Арызона не выключэнне. У іншых штатах тая ж карціна. Часцей за ўсё гаворка ідзе аб грубым парушэнні так званых дагавораў аб зямлі. Дарэчы, яны ў свой час былі навязаны індзейцам сілай. А сёння нават гэтыя "пагадненні" аказваюцца перакрэсленымі. "Усяго было заключана больш за 370 падобных дагавораў, - падкрэслівае член кіраўніцтва "Руху амерыканскіх індзейцаў" В. Белекурт. - Але зараз няма ніводнага, які не быў бы парушаны".
З 1977 года, напрыклад, вядзецца судовае разбіральніцтва па справе племені чыпева з рэзервацыі Уайт-Эрт (штат Мінесота), якое патрабуе вяртання 2,5 тысячы гектараў зямлі, настойваючы на выкананні дагавора 1876 года. Шмат гадоў блукае ў лабірынтах федэральнага акруговага суда ў горадзе Уомпсвіл узбуджаны магіканамі супраць улад штата Нью-Ёрк пазоў аб вяртанні канфіскаваных у іх 18 тысяч акраў угоддзяў.
Становішча індзейцаў ускладняецца тым, што яны не маюць сваіх прадстаўнікоў у мясцовых органах улады. Фармальна кожная рэзервацыя - а ўсяго іх 291 - мае сваё "самакіраванне". Але гэта, па словах рэдактара газеты "Лакота таймс" Ц. Гіяга, "урад" на паперы. На практыцы ж усё вырашае Бюро па справах індзейцаў.
Дыскрымінацыя ў адносінах да індзейскага насельніцтва не абмяжоўваецца выгнаннем з зямлі і адсутнасцю прадстаўніцтва ў органах улады. Многія індзейскія лідары, як, напрыклад, Леанард Пелціер, пакутуюць па сфабрыкаваных абвінавачваннях у турмах. Гэта выклікае шматлікія пратэсты. Вось ліст Патрыцыі Джын Блокер-Латфініі з Кліруотэра, штат Фларыда: "Звычайна я не адрозніваюся смеласцю і настойлівасцю, але цяпер не магу сядзець склаўшы рукі і назіраць, як чыняцца беззаконні. Мне сорамна за тое, што я амерыканка. Мне сорамна, калі я думаю, як яны абышліся з такім чалавекам, як Леанард Пелціер".
З дакументамі, якія былі ў мяне, у тым ліку атрыманымі ад Патрыка Даласа, я вырашыў пабываць у кангрэсе ЗША, перш за ўсё ў сенацкім камітэце па справах індзейцаў. Менавіта на імя яе старшыні сенатара Даніэля Іноўэя перадалі петыцыі П. Далас і яго таварышы.
Блуканні па калідорах і кабінетах кангрэса аказаліся падобныя блуканню індзейскіх іскаў у судовых органах. Нідзе я не атрымаў канкрэтных адказаў на пастаўленыя пытанні - ні ў офісе старшыні сенацкага камітэта па справах індзейцаў, ні ў кабінетах кангрэсменаў і сенатараў.
РУСАК Галіна - легендарная асоба для беларускай індзеяністыкі; народжаная на Наваградчыне як Родзька, жыла і памерла ў Самерсет, штат Нью-Джэрсі.
У. Арлоў у "Імёнах Свабоды" пра яе: "У яе амерыканскім доме мяне найперш уразіла калекцыя індзейскай керамікі. Тады і зрабілася зразумелым, адкуль у карцінах спадарыні Галіны, нават у выявах беларускіх святых, гэтыя нязвычныя еўрапейскаму воку дэкаратыўныя матывы. Я не даў волі фантазіі і не стаў уяўляць, якія думкі і аналогіі маглі ўзнікаць у беларускай мастачкі падчас шматлікіх вандровак па архіпелагу індзейскіх рэзервацый".
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Бернардыны ў Літве і Беларусі*
(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)
Пра перанос набажэнствам кажа напружанасць, якая ўзнікла паміж манахамі і брацтвам касцёла св. Ганны, гэтыя праблемы на карысць бернардынаў быў вымушаны вырашаць сам вялікі князь Аляксандр. У ліпені 1502 г. вялікі князь ВКЛ выдаў некалькі прывілеяў, у якіх перадаў манахам раней абяцаны брацтву пляц, які застаўся пасля злому воднага млына на Вілейцы 6. Вялікі князь загадаў, каб брацтва касцёла св. Ганны ва ўсім слухалася бернардынаў і чужых ксяндзоў дапускала ў касцёл толькі з іх дазволу - як для імшы, гэтак і да пахавання, тое самае датычыла і набыцця касцельнага начыння, пачатку будоўлі і выканання касцельных запісаў. Тое, што брацтва вельмі жадала мець гэты касцёл, сведчыць факт, што ў 1501 г. яны праз Цёлка атрымалі адпуст для атрымання міластыні ў дзень Унебаўзяцця, а таксама ў дні патронкі касцёла св. Ганны і двух святых - Францішка і Антонія. У гэтыя дні ў касцёле заўсёды адбываліся ўрачыстыя набажэнствы.
Неадкладна манахі прыступілі да адбудовы зруйнаванага канвента. Галоўныя працы былі скончаны ў 1512 г. але ўрачыстае асвячэнне касцёла, магчыма, выканаў лягат Ферар ў 1520 ці 1521 гг.
"Аляксандр прытрымліваўся найлепшых традыцый свайго бацькі, калі ў 1498 г. фундаваў канвент бернардынаў у Полацку і пацвердзіў гэтую фундацыю на сойме ў Петрыкаве. Калі іншыя яго ласкі маглі сыходзіць з-за сімпатыі добрага манарха да манахаў, дык заснаванне полацкага канвента трэба лічыць праявай яго мудрасці. Гэта была пляцоўка, высунутая далёка на паўночны ўсход у глыб русінскіх краёў. Не дарэмна маскоўскі князь Іван ужо ў 1502 г. абураўся наяўнасцю рымскай бажніцы ў Полацку. …"
Новы канвент ляжаў у заходнім прадмесці горада, за мостам, недалёка ад вусця Палоты ў Дзвіну. Як і ўвесь горад, канвент быў пабудаваны з дрэва. "Прадмесце мела ўмацаванні, але больш слабыя, чым меў горад. Таму падчас маскоўскіх войнаў на працягу XVI ст. прадмесце не раз гарэла разам з кляштарам, але драўляныя будынкі лёгка аднаўляліся. Усе патрэбы канвента задавальняліся з Вільні". Вялікі князь Аляксандр і навакольны люд не ашчаджалі на ахвярах і міластыні. "Касцёл быў асвечаны ў імя Нябеснай брамы".
Вакол Полацка ў той час не было ні каталіцкіх парафій, ні лацінскіх святароў, і таму ўсе парафіяльная праца прыпадала на бернардынаў. І як тут ім прыдаліся рымскія прывілеі! Бо для атрымання дазволу біскупа ім трэба было пастарацца. Вялікі князь і кароль пацвердзіў бернардынам усе прывілеі і загадаў старастам і магнатам дапамагаць ім моцай brachii saecularis (свецкай рукі).
Які ў той час быў рэлігійны і маральны стан Полацка і ваколіц, сведчаць словы, што тут "шмат людзей увогуле яшчэ не былі ахрышчаны". "Бернардыны ахрысцілі шмат людзей, а іншых навярнулі ад схізмы. Каля канвента вырасла каталіцкая парафія ў некалькі тысяч чалавек. Сярод іх таксама была і сям'я Скарынаў, як пра гэта сведчыць імя першадрукара Францішак". Нягледзячы на ваенныя паразы і цяжкія часы, манахі трымаліся ў горадзе, але здараліся і замахі з мэтай забраць у іх пляц, які яны мелі ў прадмесці. Першым полацкім гвардыянам быў Леан з Ланцута (1498-1512 ?), потым кіраваў Банаветура Ліцвін, які загінуў падчас аблогі горада ў 1514 г., былі тут і іншыя ліцвіны, як, напрыклад, заслужаны паслушнік Готард. […]
"Аляксандр верна працягваў палітыку свайго бацькі ў адносінах да бернардынаў, бо гэтая палітыка вынікала не толькі з рэлігійных пачуццяў, але і з дзяржаўных патрэб. Рэпрэзентавалі бернардынаў пры віленскім двары віленскія браты, якія былі частымі гасцямі вялікага князя. Акрамя раней пераказаных дабрадзействаў, Аляксандр у 1504 г. даў ім пэўныя правы на будскую пушчу. Там манахі зрабілі сабе пустэльню і праз нейкі час маглі атрымаць пляц па праву ўласнасці. У адказ бернардыны выказвалі манарху ўдзячнасць, прывязанасць і выконвалі ўсе яго пажаданні. Гэтак, у 1502 г., выконваючы волю Аляксандра, яны вырашылі пабудаваць касцёл бернардынак у Вільні. Падчас апошняй смяротнай хваробы яны даглядалі караля, не адыходзілі ад яго ні на хвіліну і былі разам з ім падчас смерці. Усё гэта злучыла іх з вялікай княгіняй і каралевай Аленай, якая хоць не схілілася да уніі, але не перашкаджала бернардынам і заўсёды выказвала ім сваю схільнасць і удзячнасць ажно да моманту, калі спрэчкі пра яе скарб не сапсавалі добрых адносін".
Часы Жыгімонта І сталі пераломнымі для літоўскіх бернардынаў. Яны адразу адчулі змены ў сваім стане, бо Жыгімонт стала жыў у Кракаве, а ў Вільню прыязджаў на кароткі тэрмін. Таму двор тут існаваў толькі намінальна, але фактычна ў Вільні яго ўжо не было, і таму значэнне віленскіх бернардынаў паменшылася. Спрэчкі пра неабходнасць паўторнага хрышчэння і унію сцішыліся, калі ў 1507 г. памёр біскуп Табар, яго наступнік Войцех Радзівіл (1507-1519) мала ўвагі аддаваў рэлігійным справам. Па-праўдзе, прымас Ласкі на Латэранскім саборы 09.08.1515 г. атрымаў булу, у якой патрабавалася паўторнае хрышчэнне. Але бернардыны яе не выконвалі і ў 1518 г. атрымалі папскае пацверджанае сваіх прывілеяў. Папскі легат Ферар, падчас свайго знаходжання на сінодзе ў Вільні ў 1520 г., казаў пра сапраўднасць схізматычнага хрышчэння. Аднак гэта не мела вялікай вагі пасля смерці Алены ў 1513 г., калі мітрапалітам стаў рашучы схізматык Іона (1521 г.), бо рэлігійная бура, якая ішла з захаду, пахіліла самі асновы існавання каталіцкага касцёла ў Польшчы (маецца на ўвазе пратэстанцкі рух - Л. Л.).
"Відочна, бернардыны не пакінулі сваёй справы". Складзеныя імі розныя рэлігійныя песні і казанні праз кароткі час, з-за браку ці недахопу гэтага ж на мясцовых мовах, распаўсюдзіліся сярод беларусаў і летувісаў. Прыцягнулі яны іх сэрцы да веры, але і нямала прычыніліся да дэнацыяналізацыі як першых, так і другіх, а рэлігійныя мэты маглі быць дасягнутыя без гэтай абсалютна непатрэбнай шкоды. "Галоўнай справай таго часу была пабудова віленскага канвента. Зрабілі гэта выбітныя кусташы Леан з Ланцута (да 08.09.1512 г.), Ян Камароўскі (з 08.09.1512-08.09.1513) і Готард з Сяменціна (з 08.09.1513) з дапамогай вяльможаў: Радзівіла, пэўна, Гаштольда, Станькі з Коўні, Кучука і інш."
"Як дасканала ўмеў Ян Камароўскі дамаўляцца з літоўскімі панамі, кажа захаванне для караля скарбаў Алены, пры гэтым ён не занядбаў і свае рэлігійныя справы. Пасля яго Готард абгарадзіў мурам усю зямлю кляштара. Падмуркі гмахаў былі такімі моцнымі, што ў піўніцах нейкі час нават захоўваўся вялікакняскі скарб!".
Подпісы віленскім бернардынаў знаходзім на просьбе кананізацыі св. Казіміра. Калі ў 1520-1521 гг. у Вільні знаходзіўся папскі лягат Захар Ферар, яму падалі скаргу пра ковенскія скарбы, бо гэта было нагодай для спрэчак паміж літоўскімі і польскімі бернардынамі. Спрэчкі цягнуліся дзесяцігоддзі і ў выніку прывялі да стварэння Літоўскай правінцыі.
"Падобна, як каралева Алена ў Вільні, гэтак і Станька ў Коўні (згодна з пагалоскамі), меў вялікі скарб у Коўні і пасля яго смерці, манахі вывезлі яго ў Польшчу. Віленскія бернардыны аспрэчылі гэта і, калі нейкі Ян Ціхі паскардзіўся лягату на віленцаў, дык ён нічога не змог даказаць. Пагалоска пра тое, што браты вывезлі скарб у Польшчу, упарта трымалася і сам кароль ведаў пра яе".
"Аднак істотнай прычынай сутачак была палітыка. У першай палове XVI ст. сепаратысткі рух на Літве быў вельмі моцным. На яго чале стаялі ваяводы Віленскі і Троцкі Войцех і Марцін Гаштольды. Яны прагнулі абмежаваць сувязь Літвы з Польшчай толькі свабоднай асабістай уніяй манарха. Не цяжка зразумець, што гэтыя магнаты з незадавальненнем глядзелі на цэнтралізаваную польскую бернардынскую правінцыю. Стварэнне асобнай правінцыі аслабіла б звяз з Польшчай і польскія ўплывы на Літву - адлучаныя ад польскіх, літоўскія манахі, пры іх папулярнасці, атрымалі б яшчэ больш прыхільнікаў". Канвенты на захадзе Польшчы бараніліся ад нямецкіх уплываў і германізацыі, а на ўсходзе - ад празмерных польскіх уплываў і паланізацыі.
У вядомай сваёй гасціннасцю Літве, у тутэйшых канвентах прымаліся і частаваліся свецкія людзі, якія часта былі дабрадзеямі ордэна, сваякамі ці знаёмымі манахаў. Тут для іх заўсёды мелася змена коней і вазоў, што цалкам зразумела і тлумачыцца вялікімі адлегласцямі, неабходнасцю выездаў манахаў да хворых, выездамі іх па справах і г. д.
"У польскай правінцыі чатыры літоўскія канвенты стваралі ўласную кустодыю", аднак "кіраўніцтва польскай правінцыі мела права ў любы час перавесці манаха з Полацка ў Познань ці Самбор, а ў той час на Летуве і Беларусі так моцна бракавала святароў, якія зналі linguam vernaculam (народную мову - Л. Л.), на якой касцёл жадаў выкладаць навуку веры! …"
"Колькасць бернардынаў-ліцвінаў была вельмі малой, пра што сведчаць такія імёны, як Банаветура Ліцвін ці Готард Ліцвін, якія спатыкаем яшчэ ў 1514 г. і толькі на трэцім дзесятку стагоддзя з'яўляюцца Антон з Коўні і Лукаш з Коўні. Яшчэ з 1530 г. было ледзь 30 ксяндзоў-ліцвінаў, якія маглі б заняць кіраўнічыя пасады. Таму першым правінцыялам ліцвіны выбралі сабе паляка. Рэдка які ліцвін атрымліваў прызначэнне ў польскі канвент, але ў літоўскіх было шмат палякаў. Вядомыя нам віленскія гвардыяны - усе палякі. Таму можна зразумець, чаму сярод літоўскіх братоў нарадзілася прага не падпарадкоўвацца польскаму кіраўніцтву і аддзяліцца ад польскай правінцыі. Але зараз цяжка сказаць, ці сапраўды ліцвіны былі адлучаны ад магчымасці займаць кіраўнічыя пасады. Здаецца, гэтаму пярэчыць зацвярджэнне полацкім гвардыянам Банаветуры Ліцвіна, але цяжка рабіць высновы з аднаго выпадку".
"Асяродкам руху за сваю правінцыю, становіцца ковенскі канвент. Спатыкаем там кіраўнікоў канвентаў: каля 1525 г. Антонія з Коўні, а каля 1529 г. Лукаша з Коўні. На жаль, мы нічога не ведаем пра гэтых асоб акрамя іх імёнаў. Калі яны не былі палякамі, а колькасць гараджан-ліцвінаў была вельмі малой, дык можна выказаць гіпотэзу, што яны выйшлі з нямецкай калоніі, бо іх імёны кажуць, што яны гараджане".
"Ужо у 1519 г., калі не раней, ковенскі гвардыян і канвент адмовіліся падпарадкоўвацца кусташу Рафалу і, верагодна, усяму кіраўніцтву правінцыі. Не ведаем дакладных прычын гэтага, але справа адбывалася на тле супярэчнасцей з кусташам-палякам. Не мог ці не ўмеў Рафал іх супакоіць сам і таму падаў скаргу біскупу. Вырашаць справу прыйшлося новаму ардынатару Яну (1519-1535, паходзіў з літоўскіх князёў) яшчэ перад яго высвячэннем. З-за яго маладосці і недасведчанасці вырак склалі члены капітулы. Суд стаў на бок кусташа, ковенскі канвент абавязалі да паслушэнства кусташу ажно да прыезду бернардынскага камісара. Жыгімонт І пахваліў сына на гэты вырак, а калі ковенцы не пажадалі падпарадкавацца, даслаў да іх грозны ліст у якім гразіў выгнаннем. Магчыма на гэта мела ўплыў роля, якую Рафал граў у двары, асабліва ў каралевы Боны. Ковенцы заціхлі. Хутка генерал бернардынаў Ліхета прыехаў на капітулу ў Кракаў (24 - 28 жніўня 1520 г.), але яму не дакладалі пра канфлікт, бо, магчыма, канфлікт быў ужо залатвены".
"Ліцвіны не кінулі справу …. Ян Ціхі з Вільні падае скаргу лягату Ферару падчас яго побыту ў Вільні (восень - зіма 1520-1521 гг.) аб тым, што скарб Станькі быў вывезены ў Польшчу. Гэта скарга знаходзіць падтрымку ў самога караля, бо літоўскім вяльможам (у асноўным Гаштольдам) удалося перацягнуць манарха на свой бок. Лягат загадаў расследаваць падзею, але ў выніку расследавання манахі, якія вывезлі скарб, былі апраўданы. Жыгімонт І вельмі абурыўся і напісаў ліст да кардынала Гросіса, у якім пажадаў, каб справа разглядалася самім прымасам. Ці дайшло да гэтага, невядома".
"Маючы веру ў падтрымку манарха і вяльможаў, ковенцы пачынаюць паводзіць сябе штораз смялей. Яны пускаюць пагалоскі пра свае крыўды ад палякаў, кажуць пра вываз скарба і каштоўнасцяў, пра нядопуск да кіраўніцтва, і патрабуюць, каб не толькі Польшча, але і Літва мелі свае самастойныя правінцыі. Ліцвінскія паны абяцаюць заснаваць 12 новых канвентаў. Хто ведае, можа ім удалося ўцягнуць у свае планы каралеву Бону, якая пасля нараджэння сына, пачала думаць пра Літву і праз уплывы, якія на віленскі двор меў правінцыял францішканаў Марк а Турэ (1517-1538), які, аднак, не спрыяў бернардынам. Але звяз ковенскіх братоў з ліцвінскімі вяльможамі быў такі моцны, што палякі называлі іх "Гаштольдавымі паслушнікамі".
"Відочна, што пра падпарадкаванне Коўні кусташу правінцыі не магло ісці нават размовы. Каб не дапусціць візітацыі з польскай правінцыі, ковенскі канвент пільнавалі пахолкі Гаштольда. Змаглі яны нават апанаваць віленскі кляштар. 21 студзеня 1526 г. Гаштольд з віленскім біскупам Янам, некалькімі панамі і ўзброеным атрадам, заняў віленскі кляштар, ён жадаў выгнаць з яго палякаў і перадаць ліцвінам. Але гвардыян, бернардын з Каліша, хоць і быў хворы, але ўстаў з ложка і змог схіліць Гаштольда і іншых вярнуцца туды, адкуль прыйшлі. Падобна на тое, што ліцвіны яшчэ не былі ўпэўненыя ў падтрымцы караля".
Бернардынская капітула, якая сабралася ў тым жа годзе ў Кабыліне (8 верасня 1526 г.) абрала правінцыялам польскіх бернардынаў Рафала, капітула мела надзею, што ён сваёй лагоднасцю супакоіць ліцвінаў. Пасада віленскага кусташа была даверана Готарду з Сяменціна, якога паважалі ў Літве. Але дарэмна! Рафал жадаў зрабіць візітацыю Літвы і, між іншым, Коўні. А ліцвіны не жадалі нават чуць пра гэта. І мелі падтрымку апекуноў. 12 чэрвеня 1527 г. Жыгімонт напісаў ліст войту і радзе горада Коўні з загадам не дапусціць візітацыі кляштара польскім правінцыялам, пры гэтым ён прасіў генерала ордэна стварыць з канвентаў Літвы самастойную правінцыю і для гэтага прыслаць свайго камісара. Польскія браты супрацьдзейнічалі гэтай справе. На правінцыйным сінодзе 3 ліпеня 1527 г. у Ленчыцах віленскі кляштар прасіў, каб кароль супакоіў ліцвінаў і не дапусціў раздзелу адзінай правінцыі, бо гэта, па іх меркаванні, прынесла б шкоду дзяржаве. Сінод выканаў просьбу віленцаў, але яго ліст да Жыгімонта не меў вынікаў.
"Генеральная ўправа ордэна даслала да нас з апостальскай сталіцы камісара-італьянца. Але ён не змог праехаць па Германіі і вярнуўся з дарогі. Пасля гэтага быў дасланы Каспар з Крамежына, які лічыўся ворагам палякаў і таму ліцвіны прагнулі мець яго камісарам.
Каспар прыбыў у Кракаў на Вялікдзень (12 красавіка) 1528 г., тут кароль даў яму 25 зл. З Кракава, не ўзяўшы з сабой палякаў, камісар накіраваўся ў Вільню. Разабраўшыся са станам літоўскіх кляштараў, выслухаўшы літоўскіх і польскіх братоў, якія знаходзіліся ў Літве, зразумеў, што самастойную правінцыю стварыць тут немагчыма. Чатыры літоўскія канвенты налічвалі 80 - 90 манахаў, сярод іх была вялікая колькасць палякаў. Камісар вырашыў, што літоўскія кляштары будуць мець уласны камісарыят замест тагачаснай кустодыі. Літоўскага камісара бернардынаў павінен выбраць польскі правінцыял з чатырох кандыдатаў, прадстаўленых літоўскімі кляштарамі. Камісар павінен быў мець уладу правінцыяла, прычым польскі правінцыял не мог яму перашкаджаць. Камісар павінен быў кожны год рабіць візітацыю сваіх кляштараў і склікаць літоўскую капітулу. Пераводзіць літоўскіх братоў у Польшчу можна было толькі па іх жаданні альбо па згодзе літоўскай капітулы".
Польскія браты павінны былі і надалей дапамагаць літоўскім, па запрашэнні ці па звычаі прыязджаць да іх. Літоўскі камісар павінен быў удзельнічаць у сходах польскай капітулы разам з "дэлегатам літоўскай капітулы". Было вырашана больш не забіраць у Польшчу каштоўнасці з літоўскіх кляштароў і ўзаемна дараваць ранейшыя віны.
Гэтак літоўскія кляштары засталіся ў межах польскай правінцыі, але фактычна сталі незалежнымі ад польскіх уплываў. Справа была вырашана праз кампраміс. Пытанне стварэння асобнай літоўскай, цалкам незалежнай правінцыі, засталася адкрытай.
Цікава, што вырак камісара Каспара быў падтрыманы каралём і самімі палякамі! З іншага боку, мы ведаем, што дзе-нідзе, напрыклад у Любліне, на генеральнай капітуле бернардынаў былі абураны гэтым пагадненнем. Як глядзелі на яе ліцвіны - браты і вяльможы - дакладна не вядома, але можна дапусціць, што яны былі незадаволены фактам нестварэння асобнай Літоўскай правінцыі.
(Працяг у наступным нумары.)
* Bernardyni na Litwie i Bialorusi // Preglad Wilenski. 1933. № 19-20. S. 2-6.; 1933. № 21. S. 2-5.; 1933. № 22. S. 2-6.; 1934. № 1. S. 2-6.; 1934. № 2. S. 2-5.; 1934. № 3-4. S. 2-6.; 1934. № 6. S. 2-6. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
6 "Калі бернардынскі касцёл пачаў разбурацца, дык бернардыны заявілі вялікаму князю Аляксандру (каля 1500 года), што прычынай падзення іх касцёла служыць суседства млына (малатарні), што моцнае страсенне зямлі пры малацьбе вельмі шкодна ўплывае на касцёл і іншыя будынкі, што пры захаванні status quo небяспечна будзе нават заходзіць у касцёл для малітвы. Саступаючы просьбе бернардынаў, Аляксандр загадаў цалкам зачыніць млын, а пляц, на якім ён знаходзіўся, з усімі пабудовамі аддаць кляштару", - Kraszewski J. Wilno : od poczаtkоw jego do roku 1750. Т. II. Wilno, 1840. S. 316. . - Л. Л.
Свята бульбы "Бульбачка-беларусачка" прайшло ў Лідскім раёне
У мінулую нядзелю ў аграмястэчку Гуды Лідскага раёна прайшло свята бульбы "Бульбачка-беларусачка". Мерапрыемства разгарнулася на адкрытай пляцоўцы каля Гудскага цэнтра творчасці і вольнага часу. Арганізатарамі сустрэчы была падрыхтавана насычаная праграма.
Перад гледачамі выступілі народны ансамбль народнай музыкі "Гудскі гармонік" і салісты Лідскага эстраднага аркестра. На працягу ўсяго свята вядоўцы паднімалі гасцям настрой. Галоўная гераіня імпрэзы Бульбачка-беларусачка правяла цікавыя конкурсы і ўручыла падарункі.
Гэтае брэндавае мерапрыемства праходзіць у раёне не першы год. РСУП "Саўгас "Лідскі" даўно вядомы сваімі элітнымі гатункамі бульбы. Карыстаюцца попытам сярод насельніцтвы "Пажыткі", "Нара", "Лель", "Авацыя" і "Маніфест". А наогул, у кнізе Narbutt Teodor. Dzieje narodu litewskiego. T. 9. Wilno, 1841. S. 73 Леанід Лаўрэш знайшоў наступную фразу: "Бульба ў Літве атрымала вядомасць толькі ў другой палове XVIII стагоддзя; паводле эканамічных рэестраў у маёй вёсачцы садзіць гэтую расліну ў агародзе першы раз пачалі ў 1763 годзе, і, падобна, што так было ва ўсім Лідскім павеце". Для Нарбута ў 1841 г. - "толькі", а для нас ужо - "ого-го, як даўно!"
А як казала галоўная гераіня камедыі "Дзяўчаты" Тося Кісліцына, бульба - універсальны прадукт, з якога можна прыгатаваць шмат страў. Піражкі з бульбачкай і грыбамі, клёцкі, дранікі, бабка ў збанку, бульбянікі, смажаная бульбачка з цыбуляй і скваркамі. Менавіта гэтымі і іншымі разнастайнымі стравамі частавалі мясцовыя гаспадыні ўсіх аматараў свята.
- Падзялюся з чытачамі незвычайным рэцэптам дранікаў-запарнікаў, - распавяла загадчыца Беліцкага Дома культуры Тарэса Шаўлюк. - Неабходна нацерці бульбу на дробную тарку. Затым запарыць (практычна давесці да кіпення) сыроватку. Заліваем ёй працёртую бульбачку, змешваем і даём астыць. Дадаём у гэтую сумесь нацёртую цыбулю, яйкі, муку і соль. Трэба дамагчыся такой кансістэнцыі, каб цеста атрымалася не занадта густым. Смажым дранікі на сланечнікавым алеі і падаём са смятанай.
- Мы адмыслова прыехалі з мужам Станіславам на свята з горада. Прачыталі ў газеце пра мерапрыемства і захацелася паўдзельнічаць. Я планую пазнаць новыя рэцэпты падрыхтоўкі страў з бульбы і падзяліцца ўласным досведам. Спадабалася тушаная бульбачка з баварскімі каўбаскамі. Вельмі смачна! - распавяла Алена Муліца.
Яшчэ адна сям'я таксама прыехала з Ліды. Сужэнцы Юлія і Аляксандр Галавач дазналіся пра бульбяное свята з сацыяльных сетак.
- Не шкадуем, што разам з дочкамі Мартай і Дашанькай сёння прысутнічаем тут. Атмасфера проста ўзрушальная. Мне, як гаспадыні і маладой маме, хочацца папоўніць сваю кулінарную скарбонку новымі рэцэптамі. Буду песціць родных і блізкіх, - прызналася лідзянка.
Павод. Анжалікі Звярко.