Папярэдняя старонка: 2022

№ 43 (43) 


Дадана: 26-10-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 43, 26 кастрычніка 2022 г.

25-годдзе "Нашага слова" ў Лідзе

23 кастрычніка на аграсядзібе "Гасьціна" ў Песках Лідскага раёна прайшоў яшчэ адзін Багач - сціплае падвядзенне вынікаў дзейнасці грамадзянскай супольнасці Лідчыны ў 2022 годзе.

Сёлета гэтая імпрэза супала з 25-годдзем пачатку выдання газеты "Наша слова" ў Лідзе, таму ў зале прысутнічалі многія актывісты, валанцёры і ветэраны гэтага 25-гадовага чыну, сярод іх той жа Станіслаў Карабан, які гадоў 15 штотыдзень насіў 10 асобнікаў "Нашага слова" ў гарадскую лазню, ці Сяржук Чарняк, які раздаваў газету на мінірынку на Слабадзе ды іншыя.

А да ведама шырокіх масаў - 1-шы лідскі нумар "Нашага слова" быў падрыхтаваны ў канцы кастрычніка 1997 года, выйшаў за 1 лістапада і быў прэзентаваны ў Свіслачы на свяце ў гонар паўстанцаў 1863 года на Дзяды 1997 года.

Канва вечарыны ткалася як інфармацыя рэдактара "Нашага слова" Станіслава Судніка пра сітуацыю ў грамадскім жыцці Лідчыны ў 2022 годзе і выбарачна ў мінулыя гады. Інфармацыя разбаўлялася песнямі ў выкананні барда і валанцёра "Нашага слова" Сержука Чарняка на словы таго ж рэдактара, а яшчэ і паэта Станіслава Судніка. Было падрыхтавана 10 песень, прагучала восем, бо песні - песнямі, а і сяброўскае застолле было ў праграме. Смачная юшка, дранікі, ну і адна-другая кварта блукалі па стале.

Гаспадар сядзібы Віталь Карабач, які ў свой час нямала папрацаваў і валанцёрам па распаўсюджанні "Нашага слова" на Лідчыне, добра пастараўся пры арганізацыі вечарыны.

Не было юбілейных медалёў, ганаровых грамат і прэмій, але была цёплая сяброўская атмасфера і вера ў светлую будучыню краіны і нацыі.

Яраслаў Грынкевіч.

"Дыханне трыснягоў" у Лідзе

19 кастрычніка, у Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася прэзентацыя кнігі Юркі Голуба "Дыханне трыснягоў".

Яе ўкладальнік - беларускі літаратуразнавец Міхась Скобла. Кніга выйшла ў друк за кошт сродкаў сям'і аўтара. Юркі Голуба ўжо з намі няма, два гады назад ён як птушка шчасця, надзеі ўзляцеў у нябёсы. Але ж лідзяне памятаюць творцу. Памятае яго і горад Ліда. У нас, у Лідзе, ён быў неаднаразова: прыязджаў з сябрамі па пяры з Гародні, сустрэчы былі і ў Доме Валянціна Таўлая і ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. Лідскія паэты мелі непарыўную сувязь з ім. У тым ліку і я, аўтар гэтых радкоў. (Аб маіх адносінах, пра сустрэчы з паэтам я як-небудзь напішу іншым разам).

20 кастрычніка, шаноўнаму паэту споўнілася б 75 год. Перад прысутнымі навучэнцамі УА "Лідскі дзяржаўны політэхнічны каледж, лідскімі літаратарамі і краязнаўцамі, работнікамі бібліятэкі выступілі ўкладальнік, рэдактар, аўтар прадмовы да кнігі Міхась Скобла, а таксама такія гарадзенскія творцы як Валянцін Дубатоўка, Ала Петрушкевіч, Янка Трацяк, Рычард Бялячыц, Валерый Петрыкевіч, Міхась Зізюк, Алесь Краўцэвіч, лідскі пісьменнік Станіслаў Суднік.

Імпрэза прайшла цікава і пазнавальна. Да слова, сярод выступоўцаў былі: доктар навук і два кандыдаты, узровень, аднак.

Кнігу "Дыханне трыснягоў" можна будзе пачытаць у Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы.

Яе мог набыць і любы ахвочы. Для сваёй хатняй бібліятэкі набыў і я, аўтар гэтых радкоў.

Алесь Хітрун.

75-годдзе Юркі Голуба ў Зэльве

На могілках у вёсцы Горна Зэльвенскага раёна на магіле паэта Юркі Голуба (1947-2020) адкрылі надмагільны помнік. Зэльвенскі святар айцец Георгій асвяціў помнік.

Добрае слова пра Юрку Голуба сказалі жонка паэта Кацярына Голуб і пісьменнік Міхась Скобла. Падчас адкрыцця і асвячэння помніка на могілках у Горна прысутнічалі сваякі паэта, а таксама пісьменнікі Валянцін Дубатоўка, Янка Трацяк, Ала Петрушкевіч і Сяргей Чыгрын. Пасля могілак усе наведалі вясковую хату, дзе прайшло маленства і школьныя гады Юркі Голуба, і пачаставаліся горнаўскім вінаградам.

Аксана Шпак, фота аўтара.

У Зэльвенскай школе мастацтваў адбылася вечарына, прысвечаная 75-годдзю паэта-земляка Юркі Голуба (1947-2020). Землякі шчыра прыгадвалі свайго таленавітага паэта, чыталі ягоныя вершы, паказвалі рэдкія фотаздымкі.

Настаўнік Юркі Голуба Леанід Ган успомніў Голуба-школьніка, які быў "крэпкім хлопчыкам і займаўся спортам". Жонка паэта Кацярына Голуб успомніла маладосць з Юркам, адзначыла, што ён быў вельмі добрым мужам, клапаціўся пра сваіх дзяцей, выхоўваў іх, а яшчэ:

- Юрка быў вельмі інтэлігентным чалавекам, шчырым, спакойным, разважлівым, вельмі любіў сяброў, літаратуру, кнігі, - адзначыла Кацярына Пятроўна.

Пісьменнік Сяргей Чыгрын прыгадаў цікавыя сустрэчы з Юркам Голубам, успомніў іх апошнюю сустрэчу ў Гародні, размовы пра пісьменнікаў, прыгадаў, як Юрка Голуб пачаў перакладаць вершы французскіх паэтаў на беларускую мову. Напрыканцы вечарыны Кацярына Голуб падаравала ахвочым аднатомнік Юркі Голуба "Дыханне трыснягоў", які падрыхтаваў Міхась Скобла.

Аксана Шпак, фота аўтара.

Прэзентацыя кнігі Юркі Голуба "Дыханне трыснягоў" прайшла ў Гародні

Вечарына "Смутак вечны вачэй..." да 75-годдзя Юркі Голуба прайшла ў клубе творчай інтэлігенцыі "Грані" 21 кастрычніка.

Падзея гістарычная: першая і адзіная вечарына Юркі Голуба ў Гародні. І тых, хто прыйшоў, а нават і даехаў да Гародні, было нямала. Як на сёння.

Наш кар.

Вельмі цэніць лён Лідскі раён!

Лён у Беларусі вырошчваюць са старадаўніх часоў. Нашы продкі заўсёды ставіліся з павагай да гэтай культуры, нават параўноўвалі яе з золатам. Кветка льну ўпрыгожвае Дзяржаўны герб нашай краіны. Чыстае і светлае льняное адзенне было сімвалам цнатлівасці і маральнай чысціні, таму дзяўчаты на вяселле апраналі сукенкі, зробленыя з ільнянога матэрыялу.

Дарэчы: у старажытным Егіпце, дзе людзі даведаліся пра лён 7-9 тысяч гадоў таму, тканіны з лёну лічыліся элітнымі, таму ў іх загортвалі муміі егіпецкіх фараонаў.

Прыгажосць і зручнасць ільняной тканіны цэніцца ва ўсім свеце, а ў Беларусі і дагэтуль захоўваюць традыцыі льнянога ткацтва. У Ганчарскім доме культуры створана творчая майстэрня "Калі да лёну з паклонам - добра аддзячыць лён", якую могуць наведаць усе ахвотныя і ўбачыць увесь працэс ручной апрацоўкі льну на свае вочы.

На тэрыторыі Ганчарскага сельсавета працуе вытворчы ўчастак "Ліда" ААТ "Карэлічы-лён" (раней - Лідскі льнозавод), які вырошчвае і перапрацоўвае лён. Там сёння наладжана вытворчасть ільновалакна і льна-семя, упаковачнай вяроўкі і шпагату, паліўных брыкетаў і макухі. Дарэчы, узоры прадукцыі можна было ўбачыць на выставе.

Таму і сустрэліся ў мінулую суботу тыя, хто на Лідчыне звязаны з ільном, у Ганчарскім доме культуры, каб выказаць словы падзякі тым, хто неабыякава ставіцца да сваёй прафесіі, хто дбае пра дзень сённяшні і дзень заўтрашні…

Першым з прывітальным словам да гледачоў звярнуўся старшыня Ганчарскага сельвыканкама Валерый Калодка. За ім на сцэну выйшаў Віктар Сінкевіч, кіраўнік сельгаспрадпрыемства "Беліца-Агра", які выказаў словы падзякі за цяжкую працу Марыі Яфрэмаўне Шут і Кацярыне Аляксандраўне Казак і ўручыў ім падарункі.

Дарэчы, пасля мерапрыемства давялося крыху пагутарыць з Марыяй Яфрэмаўнай. Аказалася, што нарадзілася яна ў 1927 годзе ў Расіі (Смаленскай вобласці). Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны пераехала жыць у Беларусь. Неўзабаве даведалася, што набіраюць жанчын на курсы трактарыстак. Вырашыла запісацца. Пасля іх заканчэння стала першай жанчынай-трактарысткай у Лідскім раёне і дванаццаць гадоў працавала ў калгасе на трактары.

- Раней трактары заводзілі спецыяльнай ручкай. Для жанчыны гэта было цяжка. Калі-нікалі прасіла каго з мужчын дапамагчы. Цяжка было працаваць. Гэта сёння трактарысты, амаль як на аўтамабілі едуць. Не параўнаць, - падзялілася ўспамінамі мая суразмоўніца.

А Ганна Булай, загадчыца Ганчарскага дома культуры, паведаміла, што Марыя Яфрэмаўна доўгі час працавала ў калгасе і на перапрацоўцы льну. Потым, калі ў ДК рабілі майстэрню, навучыла супрацоўнікаў усім азам ручной апрацоўкі беларускага золата. Расказала ім шмат цікавага і паказала даўно забытыя ў час развітай тэхнікі прыёмы.

За кіраўніком гаспадаркі на сцэну быў запрошаны Андрэй Павачка, начальнік вытворчага ўчастка "Ліда" ААТ "Карэлічы-лён", які заўважыў, што вырошчванне і перапрацоўка льну заўсёды былі цяжкай працай. Нягледзячы на тое што сёння шмат у чым дапамагае тэхніка, работа людзей застаецца няпростай. Таму ён выказаў словы падзякі ўсім, хто звязаў сваё працоўнае жыццё з ільном, а таксама ўручыў падарункі супрацоўніцам завода, якія шмат гадоў свайго жыцця аддалі прадпрыемству: Марыі Мітукевіч, Тамары Рэшатавай, Яніне Генец, Галіне Караньковай, Тамары Мурынай, Любові Блытавай.

Між іншым, у той дзень не застаўся без падарункаў, віншаванняў і слоў падзякі сам Андрэй Уладзіміравіч, які якраз адзначаў свой дзень нараджэння. Асабліва пранікнёныя словы гучалі з вуснаў Ганны Булай, загадчыцы Ганчарскага дома культуры, якая адзначыла зацікаўленасць імянінніка ў захаванні народных звычаяў, абрадаў і нацыянальнай спадчыны.

Іскрынкай мерапрыемства стала дэфіле ў строях, пашытых з ільну, якое прадэманстравалі ўдзельніцы тэатра "Бераг" Мінойтаўскага культурна-дасугавага цэнтра. Незвычайны падыход да ўжывання льняной тканіны - яна нібы аздабляла базавыя прадметы гардэробу - знайшоў водгук у гледачоў, якія вельмі эмацыянальна сустракалі кожную мадэль. Ідэйным натхняльнікам, мастаком і стваральнікам калекцыі стала Святлана Чайко.

Трэба адзначыць, што нават такія невялічкія, лакальныя мерапрыемствы - гэта заўсёды сімбіёз многіх творчых калектываў Лідчыны. Так было і ў гэты раз. На ўваходзе ў Дом культуры гасцей сустракалі з бульбай ды кісялём і майстар-класам па вырабе лялькі-абярэга з ільну гаспадары свята, смачнымі зёлкавымі гарбатамі частавалі іх калегі з Ваверкі. Таксама на працягу мерапрыемства стваралі добры настрой гледачам салістка Ганчарскага ДК Алена Рудзінская, удзельнікі ансамбля танцу "Забавушка", фальклорнага гурта "Талер" (аддзела рамёстваў) і народнага ансамбля народнай музыкі "Гудскі гармонік". І, як заўсёды, знайшлі водгук у сэрцах тых, дзеля каго працуюць, - сваіх гледачоў.

Хай жа расце на беларускай зямлі, радуе блакітным цвіценнем улетку, апранае, корміць і сагравае нас у любую пару малодшы брат Хлеба - Лён!

Алена Каралевіч.

Пачалася рэстаўрацыя 500-гадовага храма ў Мураванцы

Свята-Раства-Багародзіцкая царква, што знаходзіцца ў папярэднім спісе ЮНЕСКА ад Рэспублікі Беларусь, атрымала грант ад дзяржавы для яе захавання. Да канца года запланаваны работы па фасадах і рамонт меднага даху, паведамляе reform.by. Рэстаўрацыйныя работы будуць праводзіцца пад кіраўніцтвам Алены Шчаснай.

Свята-Раства-Багародзіцкая царква - праваслаўны храм у вёсцы Мураванка Шчучынскага раёна Гарадзенскай вобласці. Помнік абарончага дойлідства, што мае стылявыя прыкметы беларускай готыкі з элементамі рэнесансу. Паводле археалагічных даследаванняў, была пабудавана паміж 1524 і 1542 гадамі. У 1656 годзе, падчас вайны з Расіяй, і ў 1706 годзе, падчас Паўночнай вайны, царква была моцна пашкоджана. Адноўлена ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Падчас Першай сусветнай вайны нямецкая армія выкарыстоўвала памяшканне царквы ў якасці склада правізіі. У міжваеннай Польшчы храм быў ператвораны ў рымска-каталіцкі касцёл, а ў 1990 годзе савецкі ўрад перадаў царкву праваслаўным вернікам.

Як бачым, сучасны выгляд і выгляд у ХІХ ст. значна адрозніваюцца. Цікава, куды рушаць рэстаўратары?

Мастацтва ў выгнанні

Навіны Германіі

Гётэ-Інстытут падтрымлівае дзеячаў мастацтваў з тых краін, у якіх ён больш не можа працаваць. Першым у чарзе - мастацтва Украіны.

Дзіцячыя твары выглядаюць з вокнаў Kunsthaus ACUD у Берліне. Партрэты, зроблены ўкраінскім фатографам Аленай Божко ў Данбасе летась.

- Гэта твары дзяцей, якія пакутуюць ад вайны. Вайны, якая ўжо бушавала на ўсходзе Украіны да 24 лютага, - кажа Вольга Зіверс. Яна з'яўляецца куратарам і кіраўніком праекта "Гётэ-Інстытут у выгнанні" ў Берліне. Кожны твар распавядае сваю гісторыю. Ніхто не ведае, што стала з дзецьмі пасля таго, як былі зроблены фатаграфіі. Але паказаць, што іх гісторыі з Украіны існуюць - гэта стала важнай справай для ўкраінскіх мастакоў.

Напачатку кастрычніка 2022 гада ў Kunsthaus ACUD адбылося адкрыццё двухгадовага праекта "Гётэ-Інстытут у выгнанні". Украінскія мастакі сабраліся разам, каб паказаць сваё мастацтва ў выгнанні ў Берліне. На працягу наступных шасці месяцаў у цэнтры ўвагі будзе знаходзіцца краіна, якая ваюе. Украінскія калегі Зіверс працягваюць працаваць у лічбавым фармаце, нягледзячы на закрыццё Гётэ-Інстытута ў Кіеве; Берлін стаў "рычагом іх мастацкіх мерапрыемстваў". Аналагічны фэст для афганскіх мастакоў плануецца правесці ўвесну. Затым рушаць услед мерапрыемствы іншых Гётэ-інстытутаў - Сірыі і Беларусі, якія былі закрыты з-за войны ці па меркаваннях цэнзуры.

Знайсці кропкі судотыку

Тым, хто хоча займацца сваім мастацтвам у выгнанні, патрэбныя сувязі: са структурамі, установамі і іншымі мастакамі. Таму Берлінскі Гётэ-Інстытут хацеў бы стаць месцам сустрэчы і прытулкам датуль, пакуль інстытуты ў гэтых чатырох краінах не адновяць сваю працу. Вольга Зіверс не прадпісвае для мерапрыемстваў ніякіх папярэдніх умоў:

-Мы выслухваем мастакоў і глядзім, што мы можам рэалізаваць разам.

Пры гэтым усе гэтыя чатыры краіны вельмі розныя. Ва Украіне мастацтва вольнае, але Гётэ-Інстытут больш не можа там бяспечна працаваць. Апроч многіх мастакоў, якія ўцяклі ці доўгі час жылі ў выгнанні, многія здзейснілі цяжкую вандроўку з родных месцаў, каб прысутнічаць на ўрачыстым адкрыцці. Кожная паездка ў Берліна займае больш за 24 гадзіны. З іншага боку, з Афганістана, Сірыі ці Беларусі чакаецца прыезд толькі тых мастакоў, якія знаходзяцца ў эміграцыі, ці ж будуць праводзіцца анлайн-мерапрыемствы, часам з ананімізіраванымі работамі.

Кавалачак дома

Фэст адкрыцця ўжо паказаў, наколькі неабходны абмен меркаваннямі паміж дзеячамі мастацтваў. Вікторыя Лялека, вакалістка джазавай і фальклорнай групы "Лялека", ужо некалькі гадоў жыве ў Берліне. Яна была ў ACUD кожны дзень.

- Для многіх было ашаламляльна ўбачыць так шмат сваёй уласнай культуры, - кажа Вольга Зіверс. Яна распавядае пра дзяцей-уцекачоў, якія прыйшлі на семінар ілюстратара Ланы Ра і адразу ж пачалі маляваць:

- Гэта можна было зразумець, гледзячы на іх: Гэта кавалачак дома, які ў іх быў тут, у Берліне. А калі Серхій Жадан выступаў са сваёй групай, публіка тоўпілася проста ў двары. Тэксты песень былі пры гэтым дзіўна дакладнымі.

Украінскі голас

Апроч выстаўнай прасторы з інсталяцыямі і фільмамі, у ACUD таксама ёсць клуб. Там сем гадзін доўжыўся перформанс "Ноч у бамба-сховішчы", прадстаўлены групамі DACH і Gogol-Fest. Канцэрт быў перапынены выццём сірэн: Імітацыя начной вечарынкі ў Кіеве. Пакуль гледачы шукалі схованку, дзённікавыя запісы пачатку вайны чыталіся ўслых на розных мовах. Неўкраінская аўдыторыя змагла трохі ўжыцца ў гэтую няўяўную сітуацыю.

- Падчас гутарак было выплакана шмат слёз, - кажа Вольга Зіверс і распавядае, што адмысловая каманда псіхалагічнай падтрымкі сачыла за тым, каб ніхто не заставаўся сам-насам са сваімі пачуццямі.

- Тое, як выглядае Харкаў, можа быць значна больш уражлівым з пункту гледжання аўтара, чым навінавы сюжэт, - кажа Яўгенія Лапата. Яна са сваім выдавецтвам "Мерыдыян Чарнаўцы" падрыхтавала важную частку фэсту. Як чалавек, адказны за літаратурную праграму, яна прыехала разам з аўтарамі з Украіны: Ірынай Цылык, Андрыем Любком і Раманам Маліноўскім, якія рэгулярна дапамагаюць на фронце і агучваюць вайну ў сваіх тэкстах. Як рупар украінскай літаратуры, Яўгенія Лапата хоча зрабіць тэксты як мага больш вядомымі, "каб еўрапейцы таксама разумелі нас, як грамадзян, як нашу ўласную краіну".

Пераадоленне старых наратываў

Апроч наладжвання сувязяў, у мастакоў ёсць яшчэ адна задача: паказаць, што ўкраінская культура існавала і да Савецкага Саюза.

- Мае бацькі ўсё жыццё пражылі ў Чарнаўцах і пачулі пра Паўла Целана толькі ў 2010 годзе, - кажа Лапата. - Мы не ведалі, на якім падмурку стаім.

Да здабыцця незалежнасці ў 1991 годзе, па яе словах, многае, што было створана ў такіх многакультурных гарадах, як Чарнаўцы, душылася. Лапата таксама разглядае "Гётэ-Інстытут у выгнанні" як магчымасць пагаварыць пра культурную спадчыну Украіны. Фэст з наступным чытацкім турам пакінуў яе зусім без сіл. Але ўзнагародай за высілкі сталі зносіны і спагада.

Вольга Зіверс кажа, што і з іншымі людзьмі было гэтак жа, як з Яўгеніяй Лапатай:

- Ніхто з тых, каго мы пыталі, не сказаў, што мы не будзем удзельнічаць. Калі 10 кастрычніка Расія атакавала Кіеў і іншыя гарады бомбамі і ракетамі, большасці мастакоў мела была вярнуцца дахаты. З пункту гледжання немцаў цяжка зразумець, што яны адчувалі ў той момант. Але стала ясна, што яны сапраўды хочуць вярнуцца цяпер. Неверагодны шпагат: "Для іх было так важна дастукацца да гледачоў тут, і ў той жа час сэрцы іх заставаліся ва Украіне".

Ларалі - Мілен Швайгер.

Доўгі шлях да рэцэнзіі

Бывае так, што жывеш у горадзе ў якім нямала выдатных гістарычных аб'ектаў, з якімі абавязкова трэба пазнаёміцца, але ніяк не выпадае іх аглeдзeць, бо навошта, часу хапае, зрабіць гэта можнa ў любы момант, напрыклад заўтра... ці лепей пасля-заўтра. Так атрымалася і ў мяне з Лідай. Давялось жыць там нейкі час, а нават з замкам зняўся толькі пасля таго, як адтуль з'ехаў. Таму прачытаць гэтую кнігу мне было асабліва цікава. Вандроўка пачынаецца ад Лідскага замка, раскрываецца гісторыя яго заснавання ў 1323, ад гэтага года адлічваецца і гісторыя горада. Таксама ўзгадваецца альтэрнатыўны варыянт узнікненя паселішча з назвай Ліда на гэтым месцы на 200 гадоў раней. Пакружыўшы вакол замка аўтар распавядае пра іншыя гарадскія вуліцы і будынкі на іх. Толькі не ўсё так добра, большасць гістарычных будынкаў аказаліся знішчанымі пад час пажараў у 1891 і 1941 гадах. Таму з імі атрымліваецца азнаёміцца толькі пры дапамозе архіўных звестак, а таксама старых фотаздымкаў і паштовак з выявамі горада. Толькі звесткі ў асноўным закранаюць часы Расійскай імперыі, бо ранейшыя, з часоў Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага таксама знішчаны ў пажарах. Можна аддаць належнае аўтару, ён не завальвае чытача дадзенымі накшталт: пабудавана ў адным годзе, рэканструявана ў другім годзе. Гэта безумоўна ў кнізе ёсць, але такія звесткі разбаўляюцца ўражаннямі простых людзей і гэта асабліва каштоўна, бо робіць гісторыі дамоў больш жывымі. Акрамя таго выкарыстоўваюцца і крымінальныя хронікі - рынак, корчмы, гатэлі, піўныя і бардэлі - гэта ўсё месцы якія так і прыцягваюць злачынцаў, а з імі і праблемы. Цікавая прыведзеная гісторыя з мемарыяльнай дошкай Людвіку Нарбуту аднаму з лідараў паўстання 1863 года, які нарадзіўся ў Лідскім павеце і вучыўся ў Лідзе ў папіярскім вучылішчы. Вывешанная 8.05.1938, замураваная 17.09.1939 перад прыходам саветаў. Зноў адкрытая ў 1989, гвалтоўна сарваная 17.06.1996, а з 1997 увогуле схаваная ў адным з гарадскіх касцёлаў. І яшчэ раз адкрытая 21.04.2013. Галоўнае каб зноў не надышоў час яе хаваць. Усе раздзелы суправаджаюць QR-коды з каардынатамі месца, з якога лепей глядзець на аб'ект, аб якім ідзе гаворка, і з 360-градусным фота, таму, пры жаданні, можна нават дыстанцыйна знаёміцца з выбітнымі месцамі горада. Але, як напісана ў кнізе "такія збудаваннi дзеляцца з чалавекам сілай, прыгажосцю і любоўю, якiя заклалі ў іх стваральнiкi, але дзеляцца толькi з тымі, хто ўмее ўсё гэта ўбачыць…" Кніга пакінула прыемнае пачуццё. Цікавая прыдумка з QR-кодамі, гісторыі звычайных жыхароў горада аб іх успыяцці горада, справы розных махляроў і злачынцаў таксама было цікава пачытаць. Да кнігі толькі адна прыдзірка - аўтар напісаў, што Тотэнхэм "стаў адным з самых тытулаваных на Туманным Альбіёне", толькі як вядома Тотэнхэм "лайном не быў, але і да вяршыняў не дабраўся".

Osman_Pasha, livelib.ru: https://www.livelib.ru/review/2997811-shpatsyry-pa-staroj-lidze-leanid-laresh

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Абмеркаванне "элементарнай справядлівасці" можа аб'яднаць літаральна ўсіх

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-42)

БЯЛЯЦКІ Аляксандр Віктаравіч (у БСІ ёсць таксама Бяляцкі Аляксандр без імя па бацьку - чалавек польскай "партыі" з Менскага павета, які загінуў у грамадзянскай вайне ў ЗША, якая стала магчымай з-за спрэчкі пра рабаўладальніцтва) - трапіў у рэестр БСІ ў ліку першых 100 персаналій з тысяч, якія магчыма стварыць на тэму сустрэч беларусаў з індзейцамі, у т.л. і таму, што ён атрымаў прызнанне Нобелеўскім камітэтам - як бы ён не крытыкаваўся за "ангажаванасць", гэтая ангажаванасць можа быць лагічнай, хаця і проста юбілейнай (з індзейцаў Нобелеўскую прэмію міру атрымала Рыгаберта Менчу - кічэ, 1992 г. - было яўна прымеркавана на 500-годдзя сустрэчы Новага і Старога Светаў). Мы ведаем Алеся яшчэ практычна з пераходных у "перабудову" гадоў: будучы Нобелеўскі лаўрэат падараваў будучаму БІТ частку 3-ю з "Індзейскай трылогіі" К. і А. Шклярскіх "Золата Чорных гор" - аповесць "Апошняя бітва дакотаў" (1981 - 2-е выд.). Але найбольш важна, што ў тыя часы Алесь Бяляцкі сапраўды быў выключна рэдкім "хадзячым" імпульсам для многіх пачаць размаўляць па-беларуску - і праз беларусістыку паглыбляцца ва ўніверсальныя для людзей тэмы.

У яго кнізе "Прабежкі па беразе Жэнеўскага возера" (2006) ёсць упамінанні пра сустрэтых ім і яго калегамі эквадорскіх, мексіканскіх і, верагодна, амерыканскіх або канадскіх носьбітаў індзейскіх рыс і прыкмет.

"Затым у нас была сустрэча з прадстаўніком мексіканскай дэлегацыі. Ён быў нечым падобны да бразільца, з гальштукам і вусікамі, продак іспанцаў з ледзь заўважным дамесам мясцовай індзейскай крыві. Мексіканцы ўстрымаліся пры галасаванні за пастаноўку на абмеркаванне рэзалюцыі па Беларусі, хаця потым, гэтаксама, як бразільцы, галасавалі за рэзалюцыю. Я зноў жа прасіў яго ўважліва паставіцца да гэтай рэзалюцыі, нягледзячы на тое, што інтарэсы Мексікі пралягаюць даволі далёка ад Беларусі, але зрабіць гэта дзеля элементарнай справядлівасці і дзеля абароны правоў чалавека ва ўсім свеце... Свет вельмі малы, усё ў ім узаемазвязана, дапамажыце нам, а калі-небудзь і мы дапаможам вам, папрасіў я яго. Можа гэта гучала трохі пафасна, але тут, у Палацы Нацый ягоная Мексіка здавалася і не такой ужо далёкай ад Беларусі".

"Мы сядзім у "Серпанціне", п'ём каву, разглядаем людзей, якія гэтак, як і мы, праводзяць тут сустрэчы, абмяркоўваюць нейкія паперы, тусуюцца і працуюць адначасова. Я звяртаю ўвагу Амандзін [Рэгамэ] на высачэзнага індзейца ў нацыянальным строі з сівымі доўгімі валасамі, заплеценымі ў касу. У Палацы Нацый, ад няма чаго рабіць практыкуюся я, варта было б забараніць уваходзіць без нацыянальнай вопраткі. Во тады цікава было б. Шатландцы хадзілі б у спадніцах, украінцы і туркі ў шараварах, аўстрыйцы ў шортах, а мы, беларусы, - усе ў белым, у палатняных расшытых кашулях і нагавіцах. І ў саламяным капелюшы, смяецца Амандзін.

Вось, дарэчы, этнаграфізм этнаграфізмам, але калі ў нас не будзе арганізавана нармальнае нацыянальнае выхаванне моладзі, якое павінна ўключаць веданне роднай мовы, гісторыі, культуры, дык тады дакладна канец... […]".

Літ.: БІБ 8061 Адзярыха В. У. Менчу Тум (Menchu Tum) Рыгаберта // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1. Мн., 2004. С. 428; 956 Беляцкі [так!] А. На сустрэчу са старажытнасцю // Чырвоная змена. 1988. 12 лістап. С. 13. (Пра рэчы індзейцаў у нясвіжскіх калекцыях Радзівілаў - відавочна, з Мальдзіса, а ў яго - з аповесці Ю. Крашэўскага - таму не трэба верыць як дакументальнай крыніцы.)

КАРАВІН Леанід (2) - працягваем цытаваць з кнігі ўраджэнца Гомеля і прадстаўніка элітарнага савецкага класа, які няблага сфармуляваў і працытаваў многія найважнейшыя пункты індзейскага пытання:

"Калі справа тычыцца правоў індзейцаў, адмоўчваецца і так званая "вялікая прэса". Да яе не раз звярталіся прадстаўнікі індзейскіх плямён з просьбай даць аб'ектыўную карціну іх сённяшняга цяжкага становішча. Перада мной ліст Элмера Савілы з Каліфорніі, адрасаваны рэдакцыі газеты "Вашынгтон пост". Звяртаючыся да рэдактара, аўтар піша, што ягоны ліст - "каментарый амерыканскага індзейца да 200-годдзя канстытуцыі ЗША". "Плямёны амерыканскіх індзейцаў, - гаворыцца ў лісце, - маюць суверэнныя правы і правы па дагаворах і настойваюць на іх выкананні. Стагоддзямі яны вымушаны весці барацьбу супраць бясчынстваў белых, супраць захопу імі іх зямель і багаццяў. Белым трэба было ўсё - нашы землі, вада, золата, вугаль, нафта, а зараз і ўран. Тысячы акраў зямлі былі адабраны ў нас. Калі ж нарэшце ў 1970 годзе пачалі так-сяк выплачваць кампенсацыі, гэта выглядала здзекам: за кожны акр зямлі, з якой было здабыта золата на мільёны долараў, плямёнам плацілі па пяцьдзясят цэнтаў! Я задаю пытанне: на падставе якога закона ў ЗША спрабуюць навязаць сваю волю шматлікім індзейскім плямёнам? Якія артыкулы святой амерыканскай канстытуцыі даюць права распараджацца лёсам людзей, якія маюць іншы колер скуры?.."

Ліст Элмера Савілы не з'явіўся ў "Вашынгтон пост".

Калі задаецца пытанне, ці існуе сёння ў ЗША праблема правоў чалавека, ці парушаюцца яны, ці ёсць у краіне палітычныя зняволеныя, афіцыйныя асобы ў Вашынгтоне альбо адмаўляюць гэта, альбо адмоўчваюцца. Самакрытычнасці, тым больш крытыкі ў дачыненні да таго, што адбываецца ў краіне з праблемай правоў чалавека, афіцыйны Вашынгтон не прызнае. Толькі набор меркаванняў, тон якіх - безапеляцыйнасць, навучальнасць, павучальніцтва. Безапеляцыйнасць - для сябе, навучальнасць і павучальніцтва - для іншых…

Аднак, асвечаныя рэальнасцю, гэтыя клішэ сацыяльна-палітычнага жыцця амерыканскага грамадства агаляюць іншыя рысы і контуры. Вакол праблемы правоў чалавека ў ЗША ўзняліся вострыя дыскусіі. Нагодай паслужылі выказванні прэзідэнта Рэйгана ў Маскве адносна становішча індзейскіх плямёнаў.

Элмер Савіла, прадстаўнік племені кучыны, зноў сам патэлефанаваў у карпункт "Известий" у Вашынгтоне і папрасіў выслухаць яго меркаванні. Э. Савіла сказаў мне, што яго ўласны прыклад паказвае, наколькі ілюзорнае, скажам, уяўленне пра "незалежнасць і свабоду амерыканскай прэсы". Ён нагадаў пра ліст у газету "Вашынгтон пост".

- Адзінае, - сказаў ён, - чаго я дамагаўся: няхай амерыканцы даведаюцца праўду пра наша становішча. Я апеляваў да канстытуцыі ЗША, у прыватнасці да дзявятай папраўкі да яе, дзе гаворыцца, што пералік у канстытуцыі пэўных правоў не павінен тлумачыцца як адмаўленне і прымяншэнне іншых правоў, якія захоўваюцца за народам. Але нам жа не далі ніякіх правоў, больш за тое, у нас, у карэннага насельніцтва, адабралі правы на нашыя землі, на захаванне нашых нацыянальных традыцый і фактычна адбіраюць апошняе наша права - права на жыццё.

Закранаючы выказванні Рэйгана падчас сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, прадстаўнікі арганізацыі "Рух амерыканскіх індзейцаў у Сан-Францыска" заявілі, што гэтыя выказванні зусім няправільна адлюстроўваюць гісторыю краіны.

Патэлефанаваў мне зноў і дырэктар дэпартамента па справах індзейскіх сем'яў племені хопі Патрык Далас.

- Ніяк не магу пагадзіцца, - сказаў П. Далас, - з той пазіцыяй, якую заняў у Маскве прэзідэнт Рэйган у дачыненні да праблемы правоў чалавека. Перш, чым павучаць іншых, трэба было б уважліва паглядзець, што адбываецца дома. Трэба сур'ёзна зірнуць на тую няроўнасць людзей, якая існуе ў ЗША. Наш дом застаецца не вычышчаным ад расавых забабонаў, белай пыхі. Ён поўны парушэннямі грамадзянскіх правоў і свабод. Такая рэальная карціна. Мы, індзейцы, асабліва адчуваем усё гэта на сваім лёсе.

Як можна, працягваў П. Далас, казаць аб тым, што "нам далі магчымасць жыць у рэзервацыях"? Як можна верыць словам прэзідэнта пра тое, што "яны (гэта значыць мы, індзейцы) з самага пачатку абвясцілі аб сваім жаданні падтрымліваць наш лад жыцця". Па-першае, гэта гістарычная няпраўда. Што значыць "з самага пачатку…"? Як гэта можна было "даваць магчымасць" карэннаму насельніцтву, якое з'явілася і якое жыве на кантыненце задоўга да прыходу белых пасяленцаў? Нарэшце, хто гэта такія "мы, якія далі гэтыя магчымасці"?!

Прэзідэнт дагаварыўся да таго, што амерыканцы, маўляў, зрабілі памылку, "прынараўліваючыся або патакаючы", як ён сказаў, індзейцам "у іх жаданні жыць у прымітыўных умовах", гэта значыць у рэзервацыях. Гэта мы імкнуліся ў рэзервацыі?!

Праўда ў тым, падкрэслівае П. Далас, што нас каланізавалі, нас загналі ў рэзервацыі сілай, агнём, беззаконнем… У нас адабралі землі, пазбавілі магчымасці жыць у нармальных умовах. Рэзервацыі не дар нам, а гвалтоўнае перасяленне ў гета. Індзейцаў сагналі з багатых зямель і пасялілі ў каменных пустынях рэзервацый. Нам навязалі сілай так званыя дамовы аб зямлі. Усяго іх 550, але яны не выконваюцца. Мы губляем апошнюю надзею, мы ў роспачы. Колькі было індзейцаў да прыходу белых каланістаў? Дзесяць мільёнаў. А сёння нас засталося каля мільёна. Вось як "патурае" нашаму лёсу "рэспектабельная белая Амерыка".

Згадваючы пра індзейцаў як пра "грамадзян Злучаных Штатаў", прэзідэнт "засумняваўся". "Можа быць, - сказаў ён, - нам варта было б сказаць індзейцам - ідзіце да нас, будзьце грамадзянамі сярод усіх нас". Добрыя пажаданні… Па-першае, хіба мы не грамадзяне Злучаных Штатаў, хіба канстытуцыя не адзіная для ўсіх у ЗША? У 1924 годзе быў прыняты акт кангрэса, які пацвярджае нашае поўнае грамадзянства. Але тут прэзідэнт, мабыць, мае рацыю - мы засталіся грамадзянамі толькі на паперы, у рэальнасці ж мы - ізгоі, пазбаўленыя правоў і зямель. А хіба лёгка вырвацца з рэзервацыі? Бачныя сацыяльныя і нябачныя палітычныя межы замыкаюць нас, не даюць рэальнага права на выезд ва ўласнай краіне.

Маё племя хопі, кажа далей П. Далас, шмат гадоў вядзе барацьбу за вяртанне незаконна адарваных у нас зямель. Мы звярталіся ў кангрэс, да прэзідэнта. Я неаднаразова бываў у Вашынгтоне, але ўвесь час спатыкаўся на ўрадавых парогах. Наваха, магікане і іншыя плямёны таксама апелююць да суда, патрабуючы вяртання сваіх зямель, але апеляцыі разглядаюцца гадамі і застаюцца нявырашанымі. Колькі вады ўцякло ў нашых рэках, колькі разоў узыходзіла і заходзіла сонца над нашымі землямі, але мы так і не дабіліся справядлівасці. Усё патанула ў лабірынтах дзяржаўнага беззаконня.

Урэшце, прэзідэнт сказаў савецкім студэнтам, што сярод нас, індзейцаў, ёсць заможныя, багатыя людзі. Гэтыя багацці нібы прыйшлі да нас ад раскошных прыродных рэсурсаў, выяўленых у рэзервацыях. І гэта няпраўда. Багацці - вугаль, нафта, уран - сапраўды былі выяўлены на землях, куды нас сагналі, але гэта не стала дабрадзействам, а абярнулася новай трагедыяй для індзейцаў. На нас накінуліся манаполіі. Накінуліся са згоды федэральных улад і ў саюзе з імі. Нас зноў сталі зганяць з зямель, разбураць бульдозерамі нашы селішчы, з тым каб захапіць багатыя радовішчы. Акрамя таго, у развагах прэзідэнта выявілася поўнае няведанне нашых нацыянальных традыцый. Мы, прадстаўнікі племені хопі, напрыклад, наогул лічым супярэчным сваёй існасці ўзбагачацца за кошт эксплуатацыі прыроды. Але і тыя, хто, дапусцім, у багатай нафтай Аклахоме павінен быў атрымаць дывідэнды ад эксплуатацыі рэсурсаў, выяўленых на іх землях, былі папросту абдураныя агентамі федэральнага ўрада. Міністэрства ўнутраных спраў ЗША, у падпарадкаванні якога знаходзяцца шматлікія крыніцы сыравіны, і самі манаполіі дзесяцігоддзямі затрымліваюць плацяжы індзейцам. Дзесяцігоддзямі марынуюць у судах скаргі індзейскіх прадстаўнікоў. Некаторыя факты вымушаны расследаваць кангрэс, але і яго расследаванні ўпіраюцца ў сцяну беззаконня.

- Такія факты. Такая праўда аб індзейцах. Мы нікому не навязваем сваіх традыцый. Мы просім толькі паважаць нашу нацыянальную годнасць. Галоўнае ж наша патрабаванне, - заключае П. Далас, - спыніць таптаць грамадзянскія правы індзейцаў, гэта тычыцца і нашых людзей, і нашых зямель, і нашай гісторыі. Жадаю падкрэсліць: пан прэзідэнт, мы таксама народ Злучаных Штатаў!

Пракаментаваў выступленне Рэйгана і Элмер Савіла. Вось яго словы:

- Прэзідэнт сказаў у Маскве студэнтам пра тое, што ён не ведаў пра просьбу індзейцаў сустрэцца з ім. Ён нават сказаў: "Я быў бы вельмі рады ўбачыць іх". Нагадаю, што яшчэ ў 1981 годзе, калі пачалося кіраванне цяперашняй адміністрацыі, прадстаўнікі цэлай групы індзейскіх плямён звярнуліся да прэзідэнта з просьбай прыняць і выслухаць іх. Я быў адным з ініцыятараў такой сустрэчы, на якой мы хацелі б расказаць пра свой лёс і выкласці нашы законныя патрабаванні. Такая сустрэча была вельмі неабходная, паколькі сам Рэйган сказаў у тым жа 1981 годзе, што "нічога не ведаў аб індзейскіх справах".

Але вось мінула амаль восем гадоў. Мы яшчэ і яшчэ раз звярталіся з просьбамі аб сустрэчы, але да іх так і засталіся глухія. Дзверы Белага дома за гэтыя гады шырока расхіналіся для многіх "змагароў" за грамадзянскія правы ў мэтах палітычнай рэкламы. Але яны аказаліся шчыльна закрытымі для прадстаўнікоў карэннага насельніцтва Амерыкі, грамадзянскія правы якога сапраўды груба парушаюцца.

Так, афіцыйная Амерыка не жадае выслухоўваць меркаванні індзейцаў. "Вялікая прэса" адмаўляецца друкаваць нашы артыкулы. Прывяду толькі адну вытрымку са свайго артыкула, які мне вярнулі з "Вашынгтон пост". "Пяцьсот гадоў, - гаворыцца ў ёй, - індзейскія плямёны вялі барацьбу супраць белых заваёўнікаў, у абарону сваіх зямель і багаццяў, свайго жыцця. Індзейцы мучыліся пад шматлікімі замежнымі сцягамі: быў прыгнёт іспанцаў, прыйшлі па пушніну французы, затым ўслед за імі англічане, нарэшце, уварваліся белыя амерыканцы, якім трэба было ўсё - нашы зямля, вада, золата, нафта. Гэта гісторыя. Яе не абвергнеш, як нельга схаваць і тое, што бясчынствы ў адносінах да нас працягваюцца сёння. І яшчэ з гісторыі: індзейцы ўбачылі і іншы народ - рускіх. Яны прыйшлі да нас са справядлівым гандлем. Нікога не занявольвалі, не захоплівалі ніякіх зямель і мірна сышлі, сышлі з прыязнасцю".

- Я ўспомніў гэтую вытрымку, - сказаў у заключэнне Элмер Савіла, - калі ўбачыў па тэлебачанні выступ пасланцоў індзейскіх плямёнаў падчас сустрэчы з прадстаўнікамі міжнароднай грамадскасці ў Крамлі. Гэта праява павагі да нас, да нашай нацыянальнай годнасці. Гэта важна для нас, і ў гэтым яшчэ адзін жэст прыязнасці ў адносінах да амерыканскага народа, да нашай краіны".

СТЭФАНОВІЧ Валянцін - перадгісторыя яго сустрэч з індзейцамі ўключае пазбаўленне восенню 2003 г. яго арганізацыі "Вясна" рэгістрацыі Вярхоўным судом. Вясной жа 2004 г. на кангрэсе ў Кіта яе прынялі ў члены FIDH. Гэта і паездку Валянціна Алесь Бяляцкі згадвае ў пачатку кнігі "Прабежкі па беразе Жэнеўскага возера" (2006), у якой далей ёсць і пра ўласнае назіранне за з'яўленнем індзейцаў у Жэневе (гл. вышэй у гэтым выпуску БСІ).

"Ездзіў у Эквадор ад "Вясны" Валянцін Стэфановіч, які прывёз адтуль пляшку тэкілы і пачак дзіўных фотаздымкаў з барокавымі і неагатычнымі каталіцкімі касцёламі, невысокімі, шыракагрудымі індзейцамі на вуліцах, якіх у гэтай краіне больш за палову насельніцтва і лёгкія ў якіх па аб'ёме ў два разы большыя за лёгкія еўрапейцаў, бо Эквадор - горная краіна".

Звычайна індзеяністы - кнігалюбы, збіраюць кнігі, выразкі і г.д. па сваёй тэме, а непітушчыя з іх тым больш заўважаць, што Стэфановіч прывёз тэкілу, а не, напрыклад, кнігі пра эквадорскіх індзейцаў (скажам, цэлы баул, як Уга Чавес, індзеец па частцы продкаў, які наведваў і Менск; з замежнай кнігарні - на радзіму; не выключаем, што Валянцін прывёз і іх, але Алесь пра гэта не піша).

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Бернардыны ў Літве і Беларусі*

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Каб атрымаць зацвярджэнне літоўкай дамовы, у 1529 г. на генеральную капітулу ў Парму паехаў а. Лукаш з Коўні. Тут ён спаткаў вялікі супраціў з боку польскіх братоў і не толькі не атрымаў згоду на асобную правінцыю, але ледзь пазбегнуў вязніцы. "Дамова Каспара, у той частцы, якая датычыла палякаў, была зменена". Літоўскі камісар фактычна падпарадкоўваўся польскаму правінцыялу. Ініцыятарамі гэтых зменаў былі дэлегаты польскіх канвентаў. Гэта стала яшчэ адным прыкладам, што нават у рэлігійных справах часта перамагае толькі сіла. "Польская перамога была поўнай, і не цяжка ўявіць сабе задавальненне, з якім палякі вярталіся з Пармы".

Аднак хутка стала зразумела, што гэты поспех меў толькі маральнае значэнне. Бо ў справу зноў умяшаўся кароль. Жыгімонт даслаў лісты да толькі што абранага генерала ордэна Паўла Пісоцы з Пармы, да кардынала-пратэктара і да пракурора курыі, у якіх выказаў сваё моцнае жаданне аддзяліць Літву і працягнуць справу рымскіх папаў. Гэтыя лісты ён выслаў яшчэ 22 жніўня 1529 г. І, згодна з воляй караля і папы, генерал бернардынаў змяніў свае падыходы. 25 верасня 1530 г. ён выдаў дазвол на стварэнне новай правінцыі. Аднак, будучы выразна незадаволены ліцвінамі, стварэнне новай правінцыі ён даручыў паляку, польскаму правінцыялу Камароўскаму (1529-1532). З граматай ад караля і мандатам да Гаштольда Камароўскі паехаў у Літву. Падзел правінцыі і выбары новага кіраўніцтва ён зрабіў на капітуле 26 траўня 1530 г. "Хоць у папскім дэкрэце было выразна напісана, што толькі ліцвін можа быць правінцыялам, капітула не знайшла нікога адпаведнага гэтай пасадзе, і галасы былі адданы за паляка Готарда з Сяменціна. Готард ад пачатку не жадаў гэтай пасады, але потым дазволіў сябе ўгаварыць. Дэфінітарамі былі абраны 4 ліцвіны. Камароўскі зацвердзіў гэты выбар". Разам з ім у Польшчу выехалі тыя браты, якія не жадалі застацца ў Літве . "Аб зацятасці ліцвінаў кажа тое, што праз 2 тыдні згарэла частка будынка, дзе раней жылі польскія браты, якія да таго часу былі ўжо ў Любліне". Пра гэта па вялікім горадзе пачалі хадзіць розныя плёткі.

"Стварэнне новай літоўскай правінцыі абвязвала яе кіраўніцтва прысутнічаць у 1532 г. на генеральнай кангрэгацыі ў Месіне, аднак літоўскі правінцыял Готард паслаў на яе ліст, а сам не паехаў, што тлумачыў сваім узростам. Але, магчыма, ад літоўскай правінцыі ён паслаў кагосьці іншага".

Літоўская правінцыя існавала каля 40 гадоў, недзе да 1570-1571 гг. Мы маем пра яе вельмі скупую інфармацыю, якая амаль што цалкам паходзіць з польскіх крыніц. Гэта дробныя запісы, якія дазваляюць толькі вызначыць агульныя контуры дзейнасці правінцыі.

Акрамя першага і апошняга, мы не ведаем нават імён літоўскіх правінцыялаў. Новая правінцыя, была, магчыма, самай малой з усіх, бо налічвала толькі 4 канвенты з колькасцю каля 60 братоў. Літоўскія вяльможы абяцалі закласці яшчэ 12 кляштараў і гэтая справа сталася галоўнай для Готарда і яго наступнікаў. Але ў літоўскай правінцыі больш не паўстаў ні адзін канвент. Невядома, ці шчырымі былі абяцанні літоўскіх паноў, але хуткі рэлігійны пераварот (маецца на ўвазе надыход пратэстантаў - Л. Л.) знішчыў усе надзеі на развіццё. Пра гэта сведчыць тое, што не была выканана гарадзенская фундацыя, дакумент пра якую знаходзіўся ў архіве віленскага канвента.


У 1529 г. віленскім гвардыянам бачым а. Леана, а каля яго братоў Антонія Ліцвіна і Рыгора Вайнаровіча, якія таксама былі gente Lituanus (ліцвінскай нацыі - Л. Л.). Пасаду прапаведніка займаў Себасцян Львоўчык. "Тым часам у Літве пачаўся землятрус новаверства (пратэстанцтва - Л. Л.). Вядома, што ў Вільні, як і па ўсёй Літве, новая вера распаўсюдзілася вельмі хутка". Фактам з'яўляецца тое, што у Вільні 1550 г. у касцёле св. Ганны (гэта значыць каля бернардынскага канвента), незвычайна смела выступаў з амбоны лютаранскі прапаведнік Ян Вінклер, што сведчыць пра тое, што віленскія бернардыны папросту былі вельмі слабымі перад рэлігійнымі навацыямі і мелі вельмі малы ўплыў на брацтва св. Ганны, а гэта значыць і на калонію немцаў-католікаў у Вільні.

"У бернардынаў пачаліся праблемы. У 1560-1564 гг. у віленскім канвенце здарыліся пажары. Пасля першага, які адбыўся з-за падпалу іншаверцамі, каралеўскім загадам шкода была кампенсавана. Інакш было пасля другога, пасля якога касцёл стаўся закінутай руінай. Не было а ні скляпення, а ні алтара, а ні аздаблення, а ні абразоў. Не лепш выглядаў і кляштар. Інтэрнат і кляштар пачалі зарастаць дрэвамі, і набажэнствы былі перанесены ў суседні касцёл св. Ганны. Штораз змяншалася лічба манахаў - з-за голаду і мору 1569 г. да 1571 г. засталося толькі 5 манахаў. На бяду, паміж імі пачаліся спрэчкі, ведаем спрэчкі ў 1567 г. Тое самае адбывалася і ў Коўні - тут у 1571 г. застаўся толькі 1 манах! Браты не мелі магчымасці ўтрымліваць кляштар і канвент распаўся. На пляцах ордэна свецкія людзі пачалі ставіць свае дамы. Каб было што есці, манахі былі вымушаны прадаваць кнігі і келіхі. У Тыкоціне ў 1571 г. засталося 3 браты: ксёндз, клірык і паслушнік".

Яшчэ раней перастаў існаваць полацкі кляштар. Але яго канец ёсць помнікам славы манахам. У 1563 г. Іван Жахлівы здабыў Полацк і загадаў кляштар спаліць, а братоў пазабіваць. Гвардыян Павел, а таксама браты Дамінік, Марцін, Вацлаў і Адам загінулі смерцю пакутнікаў 12 студзеня (іх партрэты ёсць у скарбцы віленскага па-бернардынскага касцёла).

"У роспачным стане правінцыі, якая паменшылася да 9 манахаў, тым не менш выбіраліся правінцыялы. Апошні, Антоній з Тыкоціна, не меў іншага выйсця, як зноў далучыць літоўскія кляштары да польскай правінцыі. Дарогу да гэтага падрыхтавала і змена палітычнага стану: у 1569 г. Люблінская унія стварыла новую дзяржаву на месцы ранейшага асабістага звязу Літвы і Польшчы праз асобу, якая была адначасова каралём і вялікім князем. Але тагачасны стан літоўскіх канвентаў, якія квітнелі за паўстагоддзя да гэтага, не меў ужо ніякай палітычнай вартасці".

Імкненне правінцыяла Антонія ўхвалілі браты і кіраўніцтва віленскай дыяцэзіі. Біскуп Пратасевіч, катэдральная капітула і бурмістр Ратундус горача падтрымалі яго намер … . З неабходнымі паперамі літоўская дэлегацыя рушыла ў Польшчу. Дэлегацыя складалася з віленскага прапаведніка Яна з Камянца, Станіслава з Вільні і паслушніка Яна з Віцебска. Было гэта ў 1570-м ці на пачатку 1571 г. Ва ўправе польскай правінцыі просьбу ліцвінаў прынялі з задавальненнем, бо не забылі ранейшыя крыўды. "Не дарэмна Камароўскі ў сваёй хроніцы засцерагаў ад магчымай рэакцыі. У польскай правінцыі панавала меркаванне пра Літву, як пра дзікі і варварскі край, і існавала жывое нежаданне ехаць у тую старану. З іншага боку, істотным было пашырэнне правінцыі праз новую важную пляцоўку і маральнае задавальненне ад вяртання ліцвінаў. Не трэба таксама забываць пра стаўленне біскупа і кардынала. Літоўскіх бернардынаў было вырашана прыняць не ў форме рэуніі (з'яднання 2-х правінцый), а ў якасці новых фундацый, літоўскіх жа братоў проста далучыць да сваёй правінцыі".

На генеральнай капітуле, калі было пацверджанае скасаванне літоўскай правінцыі, літоўскім гвардыянам быў Павел з Камянца. "Капітула зацвердзіла ўмовы згодна з воляй палякаў, і Павел не чыніў ім у гэтым перашкод. Магчыма ён ужо быў у сталым веку, бо памёр, вяртаючыся ў Літву ў 1572 г." Так, пасля саракагадовага існавання, была пахавана літоўская правінцыя.

Было вырашана прыняць літоўскія кляштары і засяліць іх манахамі з польскай правінцыі, ці па-просту палякамі. "Першым палякам, пасланым у Вільню, быў Себасцян Пішчаты, але ён збег да 13 чэрвеня 1572 г.""Магчыма, палітычныя падзеі: смерць Жыгімонта Аўгуста і безкаралеўе, адцягнулі тэрмін прыняцця літоўскіх канвентаў". Толькі 24 жніўня 1578 г. варшаўская канферэнцыя правінцыі прызначыла першага віленскага гвардыяна Мікалая з Бельска, якога хутка змяніў, прызначаны 26 траўня 1577 г. тарноўскай капітулай, Леанард Крэтка. Ковенскім гвардыянам стаў бернардын з Свентага, тыкоцінскім - бернардын з Тыкоціна.

У XVIII ст., на іншых падставах і ў іншых палітычных умовах, з большай колькасцю кляштароў і манахаў, зноў паўстала літоўская правінцыя.

Усходняя місія на Русі і Літве з'яўляецца адной з самых прыгожых старонак у дзеях бернардынаў. Каталіцкая вера пашыралася ў любой постаці бо манахі не патрабавалі пераходу ў свой лацінскі абрад, ... яны прызнавалі дзейнасць усходніх сакраментаў і пракладвалі дарогу да лепшага разумення рэлігіі і большага ўзаемнага шанавання палякаў і русінаў … Місійная дзейнасць бернардынаў уразіла гісторыка Вільні Крашэўскага які ў сярэдзіне XIX ст. напісаў: "Асеўшы тут, бернардыны пачалі навяртаць просты народ, а менавіта Русь, і былі самымі руплівымі апосталамі, ажно покуль іх не зацмілі езуіты". У Беларусі, каталіцкая вера ў значнай ступені павінна быць удзячнай за свае развіццё ўсходняй місіі бернардынаў. Трэба дадаць, што ў апошнія гады (маецца на ўвазе 1920-30-я гг. - Л. Л.) у Югаславіі некалькі дзесяткаў бернардынаў прынялі ўсходні абрад і працуюць у ім, падтрымліваючы даўнія традыцыі свайго ордэна.

Палемісты XVI ст. бачылі ў бернардынах сур'ёзных праціўнікаў. Яны называлі іх "шкадлівай і ядавітай грамадой" і адначасова жадалі пільна іх сцерагчы, як "праўдзівых святых айцоў - манахаў", якія "вядуць чыстае жыццё ў словах, учынках і справах …, не маюць ніякай уласнасці і нават не бяруць у рукі грошы" і г. д. і г. д. Што праўда, ім не хапала адчування новага ў рэлігіі, не хапала разумення і ведаў, асабліва ў дагматыцы, аднак яны ўмелі "добра прысароміць" грэшніка. …

Гэта не перашкаджала бернардынам мець моцных сяброў у асобе каралёў і каралеў, а таксама шматлікіх дыгнітарыяў.

Ордэн бернардынаў, па думцы св. Францішка, быў уладкаваны дастаткова дэмакратычна. Бернардынскі прапаведнік - рэальны факт, мог неаднаразова паўтараць з амбона наступныя словы: "Польскі кароль і вы, ваяводы, старасты і кашталяны, працягніце свае рукі да шляхты і месцічаў … і адвярніце ад сябе гнеў Божы". Аднак у пазнейшыя стагоддзі духоўнае аблічча бернардынаў пагоршала.

Бернардынам у працы дапамагалі бернардынкі (калеткі), якія існавалі ў Вільні ад 1487 г. Трошкі пазней яны з'явіліся і ў Коўні. У Вільні бернардынскай стала Аляксандра Гаштольдаўна, ваявадзянка Ганна Аляхновічаўна, княжна Барбара і інш. Перад 1502 г. яны мелі ужо дом і капліцу на Зарэччы - адсюль з'явілася пазнейшая назва Зарэчча. Адносіны з бернардынамі-мужчынамі былі рознымі - і добрымі, і дрэннымі. Знаходзіліся пад іх духоўнай апекай, аднак, калі капліца манахінь у нечым перашкаджала братам, кароль Аляксандр, дзеля іх загадаў капліцу збурыць і пабудаваць новую, што выклікала бурчанне сясцёр. Потым яны яшчэ скардзіліся ў віленскую катэдральную капітулу на бернардынаў. …

Цікавым быў архіў віленскіх бернардынаў дзе меліся дакументы, датычныя ўсходніх спраў. Дакументы былі схаваныя ў замкнутыя на ключ скрыні, якімі ўвесь час апекаваўся гвардыян. Здаецца, што меўся і асобны брат-архівіст. У бібліятэках ордэна былі кнігі на розныя тэмы і розны густ. Тыкоцінскую бібліятэку забяспечыў кнігамі Гаштольд, а ковенская атрымала 300 кніг, дзякуючы Рафалу з Льготы.

Гісторыя бернардынаў сведчыць нам, што даследчыкі нацыянальных рухаў і даследчыкі гісторыі рэлігіі не могуць не звярнуць на яе ўвагу, а таксама і на цікавую працу кс. Кантака 7.

* Bernardyni na Litwie i Bialorusi // Preglad Wilenski. 1933. № 19-20. S. 2-6.; 1933. № 21. S. 2-5.; 1933. № 22. S. 2-6.; 1934. № 1. S. 2-6.; 1934. № 2. S. 2-5.; 1934. № 3-4. S. 2-6.; 1934. № 6. S. 2-6. Пераклад Леаніда Лаўрэша.

7 Kantak K. Bernardyni polscy. 1453-1572. T. 1. Lwоw, 1933.; Kantak K. Bernardyni polscy. 1573-1795-1932. T. 2. Lwоw, 1933. - Л. Л.

Літаратурна-музычная праграма да Дня маці

Пры ўсёй разнастайнасці святаў, ёсць асаблівыя, напоўненыя сваёй непаўторнай атмасферай... Атмасферай цяпла і дабрыні. Міжнародны дзень маці - з'яўляецца менавіта такім асаблівым святам. Мама - захавальніца сямейнага агменя, самы родны, самы дарагі чалавек на свеце.

14 кастрычніка ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы ладзілася літаратурна-музычная праграма "Мы будзем вечна праслаўляць жанчыну, чыё імя маці!".

Адкрылі святочную праграму вядоўцы, якія павіншавалі гасцей, шчыра пажадалі ім здароўя, дабра, любові і даўгалецця, шчасця, бадзёрасці, душэўнага спакою. Яны нагадалі прысутным пра гісторыю ўзнікнення свята Дня маці, пра яго сувязь з рэлігійным святам Пакроў Прасвятой Багародзіцы.

Гасцей чакалі вакальныя нумары ў выкананні юных талентаў Лідскай дзіцячай школы мастацтваў А. Кнутовіч і Э. Івуць, а таксама перад прысутнымі выступіў педагог дадатковай адукацыі Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі В.Ю. Жыдаловіч. А як мілагучна прагучалі вершы, прысвечаныя маці, якія выразна прадэкламавалі студэнты гуманітарнага аддзялення Лідскага каледжа.

Прыемным сюрпрызам для шматлікай аўдыторыі стала выступленне мясцовай паэтэсы Алы Вадзімаўны Юшко, сябра літаратурнага аб'яднання "Суквецце", якая прачытала свае вершы ў гонар маці. Якой душэўнай цеплынёй яны адклікнуліся ў сэрцы ўдзельнікаў мерапрыемства!

Мерапрыемства атрымалася цёплым і адкрытым, і кожная з прысутных жанчын пакінула гэты дзень у сваім сэрцы.

Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" Дар'я Марцінкевіч.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX