Папярэдняя старонка: 2022

№ 44 (44) 


Дадана: 02-11-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 44, 2 лістапада 2022 г.

Дзень памяці продкаў - "Восеньскія Дзяды"

2 лістапада - Дзяды ў католікаў.

5 лістапада - Змітраўскія Дзяды ў праваслаўных.

Звычай памінаць 2 лістапада памерлых продкаў, сваякоў і ўсіх хрысціян быў уведзены бенедыктынскім абатам, святым Адылонам у 998 годзе. Праз некаторы час гэта традыцыя была афіцыйна прынята ва ўсёй каталіцкай царкве. З 1 па 8 лістапада ў каталікоў праходзіць актава малітваў за нябожчыкаў. У гэтыя дні вернікі ўзмоцнена моляцца за поўнае адпушчэнне грахоў тых душ, якія знаходзяцца ў чысццы. Скараціць тэрмін ачышчэння могуць добрыя справы і малітвы людзей, якія жывуць і памятаюць пра нябожчыкаў.

На "Дзяды" вернікі адпраўляюцца на могілкі, часта з малітвамі і спевамі, прыводзяць у парадак магілы, ставяць падпаленыя свечкі. За рытуальнай вячэрай прынята распавядаць пра добрую спадчыну, якая засталася на зямлі пасля сыходу родных людзей у свет іншы. Такія ўспаміны з'яўляюцца своеасаблівым умацаваннем традыцый роду і пасвячэннем у яго гісторыю дзяцей.

У праваслаўных Восеньскія Дзяды адзначаюцца на трэцім тыдні пасля Пакроваў.

У народным календары існуе ўніверсальны алгарытм для вылічэння дат усіх народных свят. На жаль, адносна "Восеньскiх Дзядоў", калі Дзень памяці быў уключаны ў спіс дзяржаўных свят, народная традыцыя не была выканана. Цяпер гэтае свята прынята адзначаць у адну з субот з 1 па 11 лістапада, аб'яднаўшы практычна дзве традыцыі - праваслаўную і каталіцкую.

3 лістапада - 140 гадоў з дня нараджэння Якуба Коласа

Якуб Колас, сапр. Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (3 лістапада 1882, засценак Акінчыцы (цяпер у межах г. Стоўбцы) - 13 жніўня 1956, Менск) - беларускі паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, педагог, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Народны паэт Беларусі (1926). Акадэмік АН Беларусі (1928). Заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1944).

Бацькі - Міхал Казіміравіч і Ганна Юр'еўна (народжаная Лёсік) з вёскі Мікалаеўшчына (цяпер за 12 км ад Стоўбцаў). З 13-ці іх дзяцей да сталага веку дажылі толькі 9. Бацька быў лесніком у радзівілаўскіх уладаннях, маці займалася гаспадаркай. Браты Уладзімір (1879-1954), Алесь (1880-1940), Язэп (1895-1980), Міхал (1897-1991), сёстры Міхаліна (1887-1977), Юзэфа (1891-1964), Марыя (1900). Неўзабаве пасля нараджэння Костуся сям'я пераехала ва ўрочышча Ласток (або Сухошчына), потым, у 1890-1904 гадах, Міцкевічы жылі ў леснічоўцы Альбуць паблізу Мікалаеўшчыны. На кошт скарбу ў 1898 годзе Костусь паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Падчас вучобы пісаў вершы і байкі на рускай мове, збіраў беларускі этнаграфічны і фальклорны матэрыял, пачаў пісаць па-беларуску.

У чэрвені 1913 года Якуб Колас ажаніўся з настаўніцай пінскай чыгуначнай школы Марыяй Дзмітрыеўнай Каменскай, яны пражылі разам больш за 30 гадоў, мелі трох сыноў. У гэты ж перыяд, у жніўні 1912 года, на леснічоўцы Смольня паблізу Мікалаеўшчыны Колас пазнаёміўся з Янкам Купалам, тут пачалося іх сяброўства...

"ДЗЯДЫ, хадзеце сюды…"

Недзе там, за туманным небакраем нашага зямнога пабытавання, жыткуе Божае Таемства, якое ўсё ведае, памятае і ўтрапёна прадчувае. А мы, заблукалыя ў нястомных пошуках існасці, спакваля звыкаемся з думкай, што так яно і мае быць тут, на Зямлі: шляхі людскія пралягаюць праз невядомасць, і толькі смерць злёгку прыўздымае заслону над сцэнай сусветнага Быцця ды адмяжоўвае святло ад цемры, хуткабежнасць ад вечнасці, знікласць ад Узыходжання. Ды і тое нам не дадзена, на жаль, дарэшты ўведаць і ўсвядоміць.

Прынамсі, куды зручней меркаваць звыкла зматэрыялізавана: свет, падзелены надвая з'яўленнем і сконам, падаецца сучасніку, разгубленаму ў касмічнай бясконцасці, больш-менш зразумелым, лагічна зладаваным, ці што…

Між тым, прапродкі нашы таемную формулу светаладу ведалі, за святы закон вызнавалі. І нам знакі пакінулі - не на спамін адчайны, але на кантакт, на повязь - Усяго з Усім і ўчорасці з наступнасцю. На збудову тонкіх масткоў - ад сябе сённяшніх да сябе вечных, пад наглядам і апекаваннем тых, хто быў, і тых, хто будзе.

Вось на сцяжыне, што мае выбегчы да тых нябачных масткоў, мы якраз і пачнем гаварыць пра патаемнае - расчытваць летапіс прадаўніх традыцый, што вястуюць, скуль і куды ідзем…

Восень… Сум лістападны. І ціша.

Восень. Продак насустрач мне выйшаў.

Я стаю на мастку, што спружыніць

паміж Неба й Зямлі, па-над светам.

Я чытаю замовы пражылак

на лістоце, што падае ў Лету…

Даўно-прадаўна, калі людзі яшчэ верылі Сонцу, травам і дрэвам, аднойчы ўвечар, наскрозь прадзьмуты вятрамі ростаняў, да весніц самотнай спадарыні Долі прыляцеў Птах, белы-белы, са срэбнымі крыламі. Сутонне, прапахлае горкім палыном загасання, неўпрыкмет запаліла першыя зоркі, і яны, здавалася, закалыхаліся ў пранізлівай цемры свечкамі-згадкамі. Згадкамі пра былыя часы і падзеі, пра людзей, што абжывалі колісь гэты Край і сышлі ў бязмежнасць, пра тужлівыя спевы вандроўнікаў і зажураны голас гусляў.

Не трапятаўся Птах насустрач гаспадыні, не біўся стрывожаным крыллем да шыбін, а толькі ўнікліва пазіраў з мудрым спакоем у самую глыбіню прасторы, поўнай жыцця і спамінаў. У нейкі міг падалося, што ён несапраўдны - прымроіўся ці ўзнік ніадкуль і знікне ў нікуды. Але спадарыня Доля ўмела чуць шэпты Прыроды - і прыняла нязнанага, быццам, Госця ветла, даверыўшы дрыготкай начы светлы сум па ўсіх, каго забрала з Дому праведнае Неба.

Так яно і надараецца з тае пары на белай зямлі нашай: штовосень з'яўляюцца да сядзіб сваіх і брам, да Родународу прывідныя птахі-Дзяды і вядуць даверныя размовы з усімі, каго пакінулі некалі ў смутку. І такія гэта зладныя-складныя спатканні, такія праніклівыя гаворкі - не вуснамі, не вачыма, не рукамі, а самой Сутнасцю, схаванай ва ўсяленскіх абсягах, скуль жывяцца магутнай сілай і святлом эпохі, прамільгнулыя і яшчэ не запачаткаваныя. Бо шчыльней за гэтую празрыстую лучнасьць Быцця з Нябытам не бывае ў цэлым свеце і ў нязмоўклых плынях эраў.

Дзяды… Дзяды… Чалавек, што паўстаў па-над Прыродай, адкаснуўшыся ад яе правечных завядзёнак, забыўліва пацісне плячыма: куды ўшчаміць самшэлыя прымхі ў час касмічных сягненняў і зрухаў? Ды і навошта ахоўваць зношанае зрэб'е, якое не свеціць, не грэе, адно зблытвае хаду цывілізацый?..

Але памятлівыя Дзяды, нашы ясныя памерлыя - жанчыны і мужчыны, малыя і старыя, родныя і чужыя-незнаёмыя - неадступна шукаюць дарог да сваіх зямных прыстанкаў і наведваюць радзіну і радзіму штогоду не аднойчы: на Каляды і ў Грамніцы, па вясне на ўзнёслую Радаўніцу, у Сёмушную Духаву суботу, пад жніво і на Асяніны, у Вялікую памінальную суботу. Бо Дзяды - і някемныя немаўляты, і ўсівелыя старэчы, умудрэлыя ў Вышы, спазналыя ўсяленскае Адзінства і Цэласць, - не зважаюць на залішні рацыяналізм нашчадкаў: прыходзяць прызначанай спаконвек парой і дараджваюць, саграюць, спытваюць літасціва за нашы памылкі і заганы. Ім жа, відушчым, адкрываецца сэнс, дзеля чаго ўсходзім на жыццёвых палетках і заходзім за небасхіл. Той сэнс, які не даецца растаеміць нам, блуканцам па ўтаптаных папярэднікамі гасцінцах прамаці - Зямлі.

Вось і патрапляем мы ўсе ў залатым гаспадарстве восені - хочам альбо не, пагаджаемся ці адпрэчваем - у абярожныя абдоймы продкаў, у валадарства Вялікіх Дзядоў, Асянін. Бо ўсярэдзіне самога бяскрайняга Быцця, распасцертага ўшыркі і ўвыш, да зямлі і паветра, вагню і вады, спрацоўвае нейкая няўтрымная магута, абуджаючы памкненне ў жывых і памерлых сысціся ў Адно, услухацца ў спрадвечную немату, нажыўленую подыхам самой вечнасці, і прыпасці да гаваркіх вытокаў. А каб учынілася гэткая святадзея, чалавек мае настроіцца на чуйную хвалю яднання, увайсці ў стан прымання і разумення інфармацыі, што віруе ва ўсім бяскраі ў гатовасці напоўна раскрыцца на падатлівай глебе родавай памяці.

Цёплае ўлонне памяці, дайнае поле Веды. Чысцінь і светласць - у думках, у душах, у хатах, сялібах і ў сціхлым наваколлі. Гэткія прыкметы Дзядовага прышэсця. Як ахіне зямлю празрыстым накрывам мілота і ласка нябесная, у трэцюю суботу пасля Пакроў, сходзяць родныя нашы, абаронцы нашы, абярожнікі з узвышанай далечы і чакаюць сустрэчы - памінальнай вячэры па радзіцелях. Дзеля гэтай падзеі ператворана ўсё клопатам чалавечым у трымцлівую беласць - пабелены столі ды печ, агорнуты белым набожнікам покуць і белымі фіранкамі вокны, што, як вочы, углядаюцца ў цемрадзь, засланы белымі абрусамі сталы. А ў кутнім вакне бялюткі ручнік-уціральнік - сімвалічная дарога павяртання - "заманьвае"-вабіць духі Дзядоў дамоў, да роднага гнязда… І нават конаўка з вадой на падваконніку напагатове - праз энергію вады, што чэпка зберагае інфармацыю, духі прымкнуць да сучаснасці.

Да першае зоркі на небе ўся хата-гаспода ператворана ў святую пачакальню: на покуці вось-вось успыхнуць памінальныя свечкі ў жытнім зерні, а на спаткальны стол сабрана няцотная колькасьць страў - найсмачных за цэлы год. Кажуць, шчадрэйшага за дзядоўскае частаванне нашы людзі і не ведаюць: акрамя неадменных куцці і блінцоў, памінальны стол повен усялякіх ласункаў - на радасць жывым і памерлым. Абавязковыя грыбны квас і поліўка, селядзец і клёцкі "з душамі" (нашпігаваныя мясам альбо гароднінай), сілкаваныя моцай усіх стыхій, замоўленыя на чатыры стараны свету паляндвіца і каўбасы, калдуны і дранікі, журавінавы морс і аўсяны кісель… - гасцей нябесных не толькі ж належыць задобрыць, але і сцвердзіць годнасць і вартасць наступнікаў у здабыванні і гаспадаранні, паказаць умельства і дбайнасць. Бо ўсё невыпадкова дзеецца ў гэты спавядальны вечар - кожная рысачка і кожная дэталь рытуальнага памінання "працуе" на спаўненне як найшчырага дыялогу: зярняты жыта сімвалізуюць няспынны кругазварот, з насення ў колас, з патэнцыйнага ў збылае; стравы "не да пары" - знак адзіноты чалавечай у народзінах і паміраннях.

Прычым, датычна гэткіх філасофскіх паняткаў, як смерць і вечнасць, старажытны насельнік нашага Краю таксама выстройваў сваю паслядоўнасць: увесь скліканы да памінання Род рассаджваецца адпаведна з узростам - найстарэйшыя бліжэй да дзвярэй, каб адважна прыняць адыход у свет іншы першымі і засланіць ад немачы маладых і памкнёных. Гэткі ж "практыцызм" выяўляецца і адносна розных бадзякаў-падарожнікаў, якіх ласкава запрашаюць да вячэры альбо адорваюць загадзя спечанымі хлябамі-бондамі: усе ж мы няўтомныя вандроўцы ў гэтым непазнаным, неўміручым прасцягу вечнасці, і кожнага з нас прытуляе аднойчы ў пуціне жыццё зямное ці пазасветнае.

Дзяды… Дзяды… Ад самага світанку гаспадыня выпякае ў помным улонні печы столькі блінцоў, колькі можа хата змясціць гасцей і колькі здольны ў сям'і згадаць нябожчыкаў - прадаўніх і блізкіх, сваякоў і слынных незнаёмцаў, што паўсталі колісь на ратунак ці прасвятленне Айчыны. Круглыя, як неўміручае жыватворнае сонца, гэтыя блінцы і явяцца на памінальнай вячэры кодам-шыфрам паяднання двух светаў - бачнага і нябачнага, фізічнага і Тонкага. Гэта ж дзеля самкнёнасці дум на мастку міжсветным, што выладоўваецца ў Дзядовыя 12 дзён - ад 26-га кастрычніка да 8-га лістапада - найстарэйшы з Роду распачынае таемную вячэру заклікам да Духаў: "Святыя Дзяды, прыходзце сюды, да свайго кута, да свайго парога. Чакаем вас і частуем вас набыткамі нашай нівы!.." Гэтак ці іначай прамаўляецца слова запрашальнае - не надта ўжо і важка. Блінцы на ўсіх талерках і смакаванне абрадавай куцці, згатаванай з ячменных круп, заскваранай альбо падсалоджанай, учыняюць сваю справу: энергія, вякамі назапашваная ў ячмені, жыце і пшаніцы, падмацаваная любоўюі і ўдзякай, хвалямі водару ўздымаецца ад нізу да верху, ад зямлі да неба, ад сёння да заўжды, працінаючы наскрозь прастору і час, ахопліваючы пакаленні.

Няверца не зловіць таго току і не ўразумее ўсяго адбыванага, а вось той, хто намерыўся ўвайсці ў прыадчыненыя ледзь-ледзь (каб не параніць Душы Сусвету!) дзверы Усеагульнага Дома, спрычыніцца сэрцам да здзяйснянай у Касмічнай Драме сакральнай дзеі Яднання. Нездарма ж да бляску вычышчаюць перад Дзядамі хаты і ваколіцы - высцілаюць шлях, нездарма змываюць надвячоркам у лазні ўсё састарэлае і аджылае, а затым апранаюць белыя ўбранні: усё мае быць у гэты восеньскі вечар аголена-адкрытым і вольным, здатным да ўспрымання і засваення інфармацыі панадбыццёвай, прыхаванай у сусеках усяленскай памяці.

Як уверсе, так і ўнізе - гэты нязменны прынцып светаладу праўдзівы і наадварот: як унізе, так і ўверсе. І менавіта з непахіснай пэўнасці, што на гэткіх раўнаважных шалях толькі і мажліва адчуць узлёт да гармоніі, чалавек Прыродны збудоўваў стасункі з Верхам, куды выпраўляюцца памерлыя, каб аддаць Богава Богу, у самыя энергетычна ўплывовыя дні ды згодна з самымі непарушнымі правіламі. А таму ўсё, што робіцца дзеля сустрэчы з продкамі, мае на мэце стварэнне адпаведнай праекцыі ўверсе. Чысцінёй і беласцю, руплівасцю і шчодрасцю мы і цяпер, чакаючы Дзядоў, паказваем, ЯК хочам кантактавацца з Вышаю і ШТО марым займець у жыцці штодзённым.

…Бо што сталася б з намі, з усім планетарным жыццём, калі б… Калі б раптам згубіўся ключ ад Памяці і жолуд забыўся, што быў і можа быць дубам, калі б насенне не дало ўсходаў, а дзеці адсланіліся ад бацькоў. Вось ад чаго перасцерагаюць нас Дзяды - ад бяспомнасці і зруйнавання грунту, што ўзрошчвае парасткі з каранёў. Дзеля таго і ўзвіваюцца на вокнах белыя ручнікі і выходзяць нашы землякі насустрач продкам у бялюткіх апранках: белы колер спрадвек азначае Памятлівасць, Усязлучнасць. Дзеля таго ўзбіраецца найчуйная з Роду дзяўчына з завязанымі шчыльна вачыма на высокае дрэва - невідушча прачуць набліжэнне, надыход Дзядоў. Дзеля таго адзначаюць рыскамі на вушаках дзвярэй рост усяе дзятвы ў сям'і - і гэтак штогоду засведчваюць уздым новай змены на бацькоўскай зямлі. Дзеля таго занатоўваюць у Кнігу роду ўсіх, каго спамінаюць у часе вячэры, сягаючы ажно самых далёкіх сцямнелых глыбінь старавечча. Дзеля таго і аддаюць перавагу Дзядам у ласаванні - найперш кладуць куццю, блінцы ды іншыя прысмакі на "дзядову" талерку, падрыхтаваўшы духам загадзя перакуленыя ўніз лыжкі, ды пускаюць кругам па сонцы адзіны на ўсіх кілішак з гарэлкай альбо наліўкай.

І доўжыцца памінальная вячэра почасту да самага ранку: у пругкай цішыні прыгадвае Род Дзядоў-продкаў: як умелі працаваць, радавацца, жартаваць, спяваць альбо танчыць, якія мелі характары, звычкі, норавы. І вераць малыя і дарослыя ў добрую старую казку, у якой проста і нязмушана здараюцца дзівосы і з'яўляюцца дамоў колішнія жыхары Айчыны. Ваяры і асветнікі, героі і сціплыя працаўнікі, творцы і барацьбіты - усе дарагія, незабыўныя, светлыя. А казка тая праўдзівая. Прынамсі, пра тое цёпла апавядаюць у начы прадаўнія балады, наспяваныя пад гуд гусляў вандроўнымі музыкамі.

На тое яны і духі, Дзяды-памерлыя, каб лёгка і нячутна заходзіць у нашы свяцёлкі бязважкімі зданямі і разварушваць спасярод мітусні і паспешлівасці ў душах найсветлыя пачуванні. А здараецца, пакідаюць птахі-Дзяды ў лазні на попеле, папярэдне рассыпаным жывымі на палках, птушыныя сляды - пазнакі сваёй прысутнасці ў абрадавай начы. Маўляў, не зблудзілі, былі тут, прыходзілі...

А той срэбраны Птах, зляцелы з Нябёсаў да спадарыні Долі ў сцішэлы восеньскі вечар, адкрывае сваім з'яўленнем часціну шуканай людзьмі ісціны: непадатлівы, здавалася б, неабдымны свет, што прымае нас, гадуе і памудрае, ёсць гэткай знітаванай еднасцю, як шчыльная тканка бабулінага радна, у якой усе валаконцы сплецены ў суцэльны малюнак. Ды ўзор гэты толькі звабна выдае на непарушны, застыглы праз вякі, а ўсярэдзіне яго, бязмежнага свету, няспынна-зменліва ўсё рухаецца, злучаецца і расстаецца, сыходзіць і ўзнікае…

Каб звяршалася і ўзносілася Адзінадзея, у якой нястомна збываецца яго Вялікасць Пераўтварэнне, і ўсё існае пазлучвана дзеля гэтага высокага Пераўтварэння ў моцны абярожны звяз - мінуласць і прышласць, жыццё і нябыт, з'явы і падзеі, увачавіднае і схаванае, продкі і нашчадкі.

Антаніна Хатэнка.

У Вільні аднавілі помнік Францішку Аляхновічу

Вось як ён выглядае. Рэнавацыю зрабіў літоўскі скульптар Аідас Рыціс Васіляўскас.

Грошы на яго аднаўленне збіралі талакой.

Францішак Аляхновіч - адзін з пачынальнікаў беларускага прафесійнага тэатра, вязень ГУЛАГа, жахі якога першы ў гісторыі апісаў у сваёй аўтабіяграфічнай кнізе "У капцюрох ГПУ". Быў забіты ў 1944 годзе і пахаваны на Кальвінісцкіх могілках у Вільні, якія за савецкім часам былі ліквідаваныя.

У 1989 годзе на могілках Росы з'явілася сімвалічная магіла Аляхновіча і часовая, зробленая з пластыку, мадэль помніка аўтарства скульптара Эдуарда Падбярэскага.

З часам яна сапсавалася і яе прыбралі, пакінуўшы замест драўляны крыж. Напярэдадні Дзядоў на магіле Аляхновіча з'явіўся новы помнік. Пра гэта паведаміў актывіст і бізнэсовец Кірыла Атаманчык.

- Сёння я шчаслівы, бо мы аднавілі помнік забітаму ў 1944 варожай куляй славутаму беларусу - беларускаму драматургу, пісьменніку Францішку Аляхновічу! Мы паспелі зрабіць гэта да Дзядоў. Цяпер, кожны можа прыйсці на віленскія Росы і запаліць зніч у гонар нашага славутага адраджэнца!

Я яшчэ раз шчыра дзякую ўсім тым, хто ахвяраваў сваімі сіламі, сродкамі і часам для нашай агульнай справы! Дзякуй скульптару Аідасу Рыцісу Васіляўскасу, які зрабіў цудоўную рэнавацыю! Калі мы разам, калі мы талакою, то мы шмат можам. Цаніце сваё. Бараніце сваё. Ахоўвайце сваё. Аднаўляйце сваё.

Паводле СМІ.

XIV Міжнародныя Купалаўскія чытанні

20 кастрычніка 2022 года ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбыліся XIV Міжнародныя Купалаўскія чытанні, прысвечаныя 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і 100-годдзю зборніка "Спадчына".

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі выступіла дырэктар ўстановы Ганна Васільеўна Галінская. Вельмі цікавы даклад з назвай "Ідэя нацыянальнага згуртавання ў творчасці Янкі Купалы пачатку ХХ стагоддзя" быў прачытаны прафесарам Максімовічам Валерыем Аляксандравічам. Пасля зрабіў прамову прафесар кафедры, этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў БДУ, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Аляксандравіч Гужалоўскі.

Далей адбылася захапляльная анлайн-канферэнцыя з удзелам дырэктара навуковай бібліятэкі Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Грынько Мікалая Уладзіміравіча.

Пасля слова далі маладому навукоўцу Юрыю Сігізмундавічу Барадзіну. Мне спадабаўся яго крэатыўны даклад "Пантэоны беларускіх багоў ў творчасці Янкі Купалы".

У канферэнцыі прынялі ўдзел: Павел Каралёў, Мікалай Трус, Генадзь Кажамякін, Алена Ермалінская, Алена Міхайлава, Сяргей Шапран, Міхась Бараноўскі, Дзіяна Кавалевіч, і Лідзія Шкор.

Таксама адбылася прэзентацыя кнігі "Янка Купала" з серыі "Жыццё знакамітых людзей Беларусі" якая пабачыла свет у выдавецтве "Мастацкая літаратура". Складальнік доктар філалагічных навук, беларускі літаратуразнаўца і крытык, перакладчык і перакладазнаўца Наталля Васільеўна Якавенка.

Матэрыялы гэтай знакавай і вельмі цікавай канферэнцыі ў бліжэйшы час павінны выйсці асобным зборнікам.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.

Унучка і праўнучка Якуба Коласа наведалі Слонім

20 кастрычніка 2022 года ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбыліся XIV Міжнародныя Купалаўскія чытанні, прысвечаныя 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і 100-годдзю зборніка "Спадчына".

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі выступіла дырэктар ўстановы Ганна Васільеўна Галінская. Вельмі цікавы даклад з назвай "Ідэя нацыянальнага згуртавання ў творчасці Янкі Купалы пачатку ХХ стагоддзя" быў прачытаны прафесарам Максімовічам Валерыем Аляксандравічам. Пасля зрабіў прамову прафесар кафедры, этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў БДУ, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Аляксандравіч Гужалоўскі.

Далей адбылася захапляльная анлайн-канферэнцыя з удзелам дырэктара навуковай бібліятэкі Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Грынько Мікалая Уладзіміравіча.

Пасля слова далі маладому навукоўцу Юрыю Сігізмундавічу Барадзіну. Мне спадабаўся яго крэатыўны даклад "Пантэоны беларускіх багоў ў творчасці Янкі Купалы".

У канферэнцыі прынялі ўдзел: Павел Каралёў, Мікалай Трус, Генадзь Кажамякін, Алена Ермалінская, Алена Міхайлава, Сяргей Шапран, Міхась Бараноўскі, Дзіяна Кавалевіч, і Лідзія Шкор.

Таксама адбылася прэзентацыя кнігі "Янка Купала" з серыі "Жыццё знакамітых людзей Беларусі" якая пабачыла свет у выдавецтве "Мастацкая літаратура". Складальнік доктар філалагічных навук, беларускі літаратуразнаўца і крытык, перакладчык і перакладазнаўца Наталля Васільеўна Якавенка.

Матэрыялы гэтай знакавай і вельмі цікавай канферэнцыі ў бліжэйшы час павінны выйсці асобным зборнікам.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.

Класічна. Патрыятычна. Чытаем Коласа

Карыстальнікі лідскіх гарадскіх бібліятэк у рамках Коласаўскага тыдня прымаюць удзел у абласным чэленджы "Класічна... Патрыятычна".

Крызіс дабрабыту: чаму інфляцыя турбуе грамадзян ФРГ больш за канфлікт на Украіне

Навіны Германіі

Больш за палову грамадзян Германіі лічаць інфляцыю галоўнай пагрозай, у той час як сітуацыяй на Украіне занепакоены ўсяго 18% немцаў. Пра гэта сведчаць вынікі апытання, праведзенага кансалтынгавай кампаніяй McKinsey. Грамадзяне ФРГ таксама рыхтуюцца да далейшага росту цэнаў і эканомяць электраэнергію. Эксперты называюць падобныя высновы заканамернымі і адзначаюць, што далейшае разыходжанне мэт урадаў краін ЕС з настроямі грамадзян можа прывесці да росту палітычнай турбулентнасці.

Больш за палову немцаў мацней турбуе інфляцыя, чым сітуацыя вакол Украіны, - пра гэта сведчаць дадзеныя кансалтынгавай кампаніі McKinsey. Паводле апытання, у якім прынялі ўдзел больш за 1 тыс. рэспандэнтаў, 57% грамадзян ФРГ назвалі галоўнай пагрозай падвышэнне ўзроўню цэнаў, тады як баявыя дзеянні на Украіне паставілі на першае месца сярод пагроз усяго 18% апытаных.

Акрамя таго, 60% удзельнікаў апытання паведамілі, што пачалі эканоміць электраэнергію, а 16% - што адмянілі адпачынак. У сваю чаргу, 53% апытаных збіраюцца рабіць менш пакупак на Каляды, тады як 12% рэспандэнтаў вырашылі зусім не набываць падарункі на зімовыя святы.

Эканамічны спад

Раней нямецкія СМІ са спасылкай на дадзеныя Федэральнага статыстычнага кіравання паведамілі, што ў кастрычніку 2022 года спажывецкія цэны ў Германіі, прыведзены ў адпаведнасць са стандартамі Еўрасаюза, выраслі на 11,6% у гадавым выражэнні.

У сваю чаргу, інфляцыя, разлічаная па ўнутраных стандартах, павялічылася да 10,4% - гэта максімальны паказчык з 1990 года, калі адбылося аб'яднанне ФРГ і ГДР.

Цэны на энерганосьбіты ў краіне выраслі ў кастрычніку на 43%, прадукты сілкавання падаражэлі на 20,3%, кошт паслуг - на 4%.

У той жа час ВУП Германіі за перыяд з ліпеня па верасень у параўнанні з папярэднім кварталам скараціўся на 0,2%. Па меркаванні экспертаў Нямецкага інстытута эканамічных даследаванняў (DIW), гэта азначае, што эканоміка Германіі "ўжо скацілася ў рэцэсію".

Яны звязваюць зніжэнне эканамічных паказчыкаў у першую чаргу з энергетычным крызісам і высокім узроўнем інфляцыі, а таксама агульным "астуджэннем" сусветнай эканомікі.

На фоне росту цэнаў і спаду эканомікі ў Германіі, як і ў іншых краінах Еўропы, таксама працягваецца крызіс у энергетыцы. Пасля пачатку спецаперацыі на Украіне краіны Захаду значна ўзмацнілі санкцыённы ціск на Расію, паслядоўна прыняўшы восем пакетаў рэстрыкцый, уключаючы абмежаванні на імпарт вуглевадародаў з РФ. Гэта прывяло да росту цэнаў на электраэнергію, паліва і камунальныя паслугі ў краінах садружнасці.

Пры гэтым канцлер ФРГ Олаф Шольц у нядаўнім выступе перад парламентам усклаў адказнасць за тое, што адбываецца асабіста на прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

- Бязлітаснае выкарыстанне Пуціным голаду і энергіі як зброі, велізарны рост цэнаў у нас і па ўсім свеце - Германія і Еўропа праходзяць праз такія выпрабаванні, якіх не бачылі дзесяцігоддзямі. Па апошніх дадзеных, больш чым у кожнага дзясятага жыхара Зямлі бракуе ежы. Пуцін не толькі прымае гэта ў разлік - ён выкарыстоўвае голад як зброю, - сцвярджае Шольц.

Канцлер ФРГ таксама заявіў, што яго краіна нібы вызвалілася ад залежнасці ад расійскага газу і зараз працуе над зніжэннем цэнаў на энерганосьбіты, у тым ліку пасродкам заключэння новых кантрактаў на пастаўкі з іншымі дзяржавамі. Акрамя таго, па словах Шольца, Берліну ўдалося на еўрапейскім узроўні дасягнуць згоды па скарачэнні спажывання газу на 15%.

У верасні Шольц заяўляў, што ўрад ФРГ узгадніў механізм стрымлівання цэнаў на газ для спажыўцоў, для фінансавання якога возьмуць крэдыт аб'ёмам да €200 млрд.

У сваю чаргу, кіраўнік германскага Мінэканомікі Роберт Хабек не выключыў, што цяперашнія праблемы ў энергетыцы могуць перарасці ў эканамічны і сацыяльны крызіс.

Акрамя таго, агенцтва Bloomberg паведаміла, што з-за росту цэнаў на энергію, а таксама скарачэння вытворчасці страты для эканомікі ФРГ могуць скласці $85 млрд у год.

Рахункі і каштоўнасці

Пры гэтым шэраг нямецкіх палітыкаў прызнаюць, што да крызіснай сітуацыі ў эканоміцы Германіі прывяла ў тым ліку антырасейская санкцыённая палітыка Берліна. Так, напярэдадні пра гэта заявіў прэзідэнт ФРГ Франк-Вальтар Штайнмайер.

"Так, санкцыі маюць свае недахопы, у тым ліку і для нас", - цытуе Штайнмайера РІА Навіны.

Зрэшты, ён дадаў, што, паколькі канфлікт на Украіне закранае і Германію, "эканамічны ціск на Расію немагчыма абысці", а альтэрнатывы санкцыям нібы няма.

Тым часам, як канстатуюць аналітыкі, якія б апытанні ні праводзіліся ў Еўропе, іх вынікі ў пераважнай большасці выпадкаў будуць сведчыць пра тое, што для грамадзян ЕС уласны дабрабыт застаецца ў абсалютным прыярытэце.

"Заходняга абывацеля, па сутнасці, не цікавіць, што адбываецца на Украіне. Яму навязваюць адпаведны малюначак, якому ён верыць, але пры гэтым чырвоная лінія, якую не павінна перасякаць ніякае ўмяшанне, - гэта яго кішэня", - адзначыў у гутарцы з RT эксперт Міжнароднага інстытута гуманітарна-палітычных даследаванняў Уладзімір Брутар.

Па яго словах, еўрапейскі дабрабыт дагэтуль забяспечвалася за кошт нераўнацэннага таварнага абмену, аднак зараз гэтая сітуацыя змянілася, і жыхары краін ЕС на сабе адчулі, якое гэта - быць на ніжняй прыступцы эканамічнай піраміды.

У той жа час ён лічыць, што цяпер лідары краін Захаду яшчэ кантралююць сітуацыю, але рабіць якія-небудзь прагнозы па яе далейшым развіцці заўчасна.

"Яны здольныя досыць доўга трымацца на плаву за кошт свайго друкаванага станка, нарошчвання грашовай масы, пра што і казаў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін. Яшчэ з пачатку пандэміі каронавіруса было надрукавана $10 трлн. І на гэтыя грошы яны пакуль яшчэ могуць набыць рэальную прадукцыю. Аднак такая эмісія толькі разагнала сусветную інфляцыю", - растлумачыў эксперт.

Як кажа, у сваю чаргу, старэйшы навуковы супрацоўнік Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў ІМЭМА РАН Уладзімір Аленчанка, вынікі апытання адлюстроўваюць рэальныя настроі ў Германіі і еўрапейскай супольнасці ў цэлым.

- Немцам трэба гадаваць дзяцей і ўтрымоўваць бацькоў, а для гэтага трэба, каб эканамічнае становішча ў краіне было рэгуляваным і прагназаваным. Гэта, у сваю чаргу, залежыць ад расцэнак на электраэнергію, ЖКГ і гэтак далей. І заклікі на гэтым фоне да нейкіх еўраатлантычных каштоўнасцяў, вядома, цяжка ўспрымаюцца германскім грамадствам, - падкрэсліў Аленчанка ў гутарцы з RT.

Аднак на гэты момант у большасці краін ЕС склалася менавіта такая сітуацыя, калі ва ўладзе знаходзяцца палітыкі, якія ставяць еўраатлантычныя каштоўнасці вышэй за запатрабаванні свайго насельніцтва, канстатуе аналітык.

- Можна назваць іх нават праамерыканскімі, бо яны пераважна адстойваюць інтарэсы ЗША ў Еўропе. Але казаць, што гэта тэндэнцыя распаўсюдзілася на ўсю Еўропу, нельга, таму што, напрыклад, у Венгрыі ёсць палітыкі, якія разумеюць, што трэба першым чынам вырашаць унутрыпалітычныя праблемы, а не захапляцца прапагандай, - разважае Аленчанка.

Ён мяркуе, што бягучая сітуацыя будзе толькі пагаршацца, што прывядзе да нарастання недаразумення паміж насельніцтвам і ўладамі еўрапейскіх краін.

- Па меры таго як пачнуць дзейнічаць сезонныя фактары, будуць валіцца і іншыя эканамічныя паказчыкі, насельніцтва будзе выказваць незадаволенасць палітыкай улад. Можна чакаць пратэстных выступаў і зваротнага ўжывання сілы з боку ўрада. Вядома, гэта будзе дэстабілізаваць унутрыпалітычнае становішча ў краіне і пагаршаць у цэлым стан спраў у Германіі, - заключыў Аленчанка.

Аляксандр Карпаў, Алёна Мядзведзева.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

"У далонях сяброў"; калегі і ў многім аднадумцы - разам: Каравін, Цімчанка, Шастаковіч

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-43)

КАРАВІН Леанід (3) - невыпадкова прыгадаў Купера, калі апісаў знешнасць аднаго са сваіх індзейскіх знаёмых - Апесанаха Квота, або Апесанахквота, - той з'яўляўся не ў адным мастацкім фільме, а таксама 8 разоў выбіраўся правадыром племені менаміні Вісконсіна. Гэта аб'ядноўвае яго і прэзідэнта-"акцёра" Рэйгана. На старонцы en.wikipedia.org/wiki/Apesanahkwat змешчаны спіс фільмаў з ім: "Уінд-Рывер", "Выкрадзеныя жанчыны, захопленыя сэрцы", "Паўночны бок" ("гумарыстычны і паэтычны паказ культурных адрозненняў паміж нью-ёркскім лекарам і насельніцтвам выдуманага горада" на Алясцы) і інш. Важныя месцы ў яго біяграфіі - служба ў марской пяхоце і тое, што ён ветэран В'етнама.

"І, нарэшце, яшчэ пра адну сустрэчу з індзейскім лідарам. У карпункт "Известий" у Вашынгтоне патэлефанаваў кіраўнік аднаго з індзейскіх плямёнаў Апесанах Квот. Ён прыехаў з Вісконсіна, дзе пражывае яго племя менаміні, і папрасіў аб сустрэчы.

Калі мы сустрэліся, перада мной паўстаў чалавек, які нібы сышоў са старонак раманаў Фенімора Купера: атлетычнага складу, са смуглым тварам, злёгку кранутыя сівізной валасы дзвюма сплеценымі косамі спадалі на шырокія плечы. Толькі гэтым ён, мабыць, і адрозніваўся ад сучаснага адукаванага амерыканца, які добра разбіраецца ў эканамічных і палітычных пытаннях краіны.

Прадстаўнікі індзейскіх плямёнаў праяўляюць зараз асаблівую актыўнасць, настойваючы, каб амерыканскія ўлады паважалі іх грамадзянскія правы і нацыянальныя традыцыі. "Стымулам" да такой актыўнасці, як я ўжо казаў, паслужылі выказванні прэзідэнта ЗША Р. Рэйгана ў дачыненні да індзейскіх плямёнаў, якія ён зрабіў, выступаючы ў Маскве перад студэнтамі МДУ. Індзейцы не згодныя з заявамі прэзідэнта, у якіх, як сказаў Апесанах Квот, змяшчаюцца няправільныя дадзеныя аб сапраўдным становішчы ў ЗША індзейскіх плямёнаў.

У Маскоўскім універсітэце прэзідэнт, адказваючы на пытанні савецкіх студэнтаў, згадаў сваё жаданне сустрэцца з прадстаўнікамі індзейскіх плямёнаў. Яны даўно патрабуюць такой сустрэчы. Не раз дэлегавалі ў Вашынгтон сваіх прадстаўнікоў. Пісалі ў Белы дом, у кангрэс. Яны хацелі б, сказаў Апесанах Квот, у спакойных дзелавых абставінах расказаць кіраўніку амерыканскай дзяржавы пра рэальныя ўмовы жыцця, узаемаадносіны з федэральнымі ўладамі.

Думаю, падкрэсліў лідар індзейцаў, у кіраўніка дзяржавы павінен быў бы знайсціся час, каб пабачыцца са сваімі суграмадзянамі, з індзейскімі лідарамі, якія прадстаўляюць карэннае насельніцтва. Калі я прачытаў рэпартаж з Масквы, дзе прэзідэнт згадваў пра магчымасць такой сустрэчы, я падзяліўся сваімі меркаваннямі са старэйшынамі нашага племені. Станоўчыя выказванні прэзідэнта ўсялілі ў нас аптымізм. Было вырашана дэлегаваць мяне ў Вашынгтон з тым, каб я мог афіцыйна звярнуцца ў Белы дом з просьбай аб сустрэчы. Прадстаўнікі племені менаміні заручыліся падтрымкай з боку некаторых уплывовых асоб кангрэса, якія падтрымалі іх зварот.

У Вашынгтоне ж, кажа Апесанах Квот, мой аптымізм хутка развеяўся. У канцылярыі Белага дома спецыяльны памочнік прэзідэнта па адносінах федэральных улад са штатамі Крысцін Бач сказала мне, што такая сустрэча ў цяперашні час адбыцца не можа. Гэта была, па сутнасці, адмова, выказаная ў дыпламатычнай форме. Такі кошт абяцанняў прэзідэнта.

Гэта не першае маё расчараванне, працягваў Апесанах Квот. Калі восем гадоў таму праходзілі прэзідэнцкія выбары, я ўдзельнічаў у кампаніі і як функцыянер выступаў у падтрымку Рональда Рэйгана. Мне падавалася тады, што з яго прыходам да ўлады правы індзейскага насельніцтва будуць гарантаваныя, будуць выконвацца хельсінкскія пагадненні. Але прайшлі гэтыя восем гадоў, і жыццё індзейскіх плямёнаў стала яшчэ больш трагічным. Мы па-ранейшаму загнаныя ў рэзервацыі. Дагаворы аб нашых землях груба парушаюцца. Нашы канстытуцыйныя правы парушаюцца ўладамі. Самае вялікае беспрацоўе, самы нізкі ўзровень жыцця, самая высокая дзіцячая смяротнасць... Стаўленне дзяржавы да індзейцаў - грубае парушэнне хельсінкскіх пагадненняў, парушэнне грамадзянскіх правоў і свабод карэннага насельніцтва краіны. Яно знаходзіцца на грані вымірання. Мы не жадаем маўчаць аб гэтым. Мы хочам, каб наш голас роспачы быў пачуты ў свеце.

І яшчэ на адным сур'ёзным пытанні я хачу спыніцца, кажа Апесанах Квот. Індзейцы заўсёды жылі прыродай. Рэкі, лясы, даліны - наша стыхія. Але над намі навісла яшчэ адна пагроза. Федэральныя ўлады спрабуюць атруціць нават тыя малапрыдатныя для жыцця землі, на якія нас сагналі. Некалькі гадоў таму ў раёне Ханфард, у штаце Вашынгтон, дзе пражывае індзейскае племя якона, сталі скідаць радыеактыўныя адходы. Адбываецца гэта і ў іншых месцах індзейскіх паселішчаў. Гэтыя раёны аддаленыя ад жыццёвых цэнтраў і, на думку федэральных чыноўнікаў, не ўяўляюць небяспекі для "белага насельніцтва Амерыкі". Але гэта смяротная небяспека для нас, індзейцаў! Ужо хварэюць людзі, пакутуюць многія жанчыны, якія страцілі здольнасць да нараджэння дзіцяці. Чарга дайшла і да нас, індзейцаў племені менаміні, што жывуць у Вісконсіне. Нашы землі таксама жадаюць ператварыць у могільнік ядзерных адыходаў, а такім чынам, у могілкі нашага племені. Але мы заявілі федэральным уладам: у нас няма іншага выйсця, акрамя актыўнай барацьбы. Мы будзем весці яе, каб выратаваць нашы жыцці, жыццё нашых дзяцей.

Многае, адзначыў у заключэнне індзейскі лідар, вельмі шмат мне хацелася б расказаць прэзідэнту. Але дзверы Белага дома так і засталіся зачыненымі для нас".

Надзвычай эфектны загаловак у ранняй кнізе Каравіна (з суаўтарамі Б. Гурновым і І. Шатуноўскім) - пра Ракфелераў: "Всегда по колено в крови, всегда по трупам людей...: Рассказ об одном из шестидесяти семейств американских миллиардеров" (1957).

Літ.: 12205 Корявин Л. Последние из могикан // Известия. 1988. 2 февр. (Моск. веч. вып.); 12207 Корявин Л. Плавильный котел наций: взгляд на этническое полотнo США: правовое положение наций и национальных групп в США // Российская Федерация. 1995. № 14. С. 59-61.

ЦІМЧАНКА Святлана - у 1990 г. у першамайскім нумары "Настаўніцкай газеты" змешчаны яе матэрыял "У далонях сяброў" з "грыфам" "Паход за мір", які варта прывесці цалкам - як важны фон для моманту сустрэчы з індзейцамі, што далучыліся да маршу. Перад тым у СМІ паведамлялася, што савецкая група складаецца з масквічоў, мінчан і бабруйчан, - дастаткова цікавае "непрапарцыянальнае" прадстаўніцтва, каб паспрабаваць звязацца з імі больш чым праз 30 гадоў, а таксама знайсці згадкі ў амерыканскім друку пра іх удзел.

"У першы дзень лютага гэтага года ў Санта-Моніцы, што непадалёку ад Лос-Анжэлеса, узяла свой пачатак буйная міжнародная акцыя, якая атрымала назву "Усеагульны паход за выжыванне чалавецтва".

Каля 130 яе ўдзельнікаў на працягу года пройдуць праз тэрыторыю ЗША ад Лос-Анжэлеса да Нью-Ёрка. У ліку шасцярых прадстаўнікоў Савецкага Саюза - і наш няштатны карэспандэнт Святлана ЦІМЧАНКА. Прапануем вашай увазе яе першы матэрыял.

Наш паход - гэта фізічнае адлюстраванне думак, пачуццяў і ідэй тых, хто заклапочаны праблемамі выжывання чалавека ў наша нялёгкае сёння.

Мэта паходу - стварыць мадэль такога супольніцтва людзей розных нацыянальнасцей, якія могуць пабудаваць мір унутры сябе, умеюць любіць і паважаць бліжняга, для якіх добразычлівасць, узаемаразуменне - сутнасць адносін паміж людзьмі.

Другая, больш глабальная мэта - адукацыйная. На маршруце ўдзельнікі акцыі выступаюць у школах, цэрквах, даюць інтэрв'ю для газет, іх запрашаюць на радыё, тэлебачанне. Практычна ніводная сустрэча з прэсай не абыходзіцца без абмеркавання экалагічнага стану планеты, на якой жыць нашым дзецям і дзецям дзяцей нашых.

Пакуль я не знайшла для сябе адказу, чаму менавіта тут, далёка ад дому, побач з незнаёмымі, такімі рознымі і па ўзросце, і па сацыяльным статусе людзьмі, востра адчула і сваё дачыненне да вырашэння надзённых агульначалавечых праблем. Адчула - і дзесьці ў глыбіні душы пачала ўсведамляць: актыўнасць кожнага з нас абумоўлена жыццёвай патрэбнасцю, каардынатар і абмежавальнік якой - разуменне чалавекам сэнсу жыцця. Але разуменне гэтае - катэгорыя маральная, што вынікае з узроўню грамадскай свядомасці. Аднак грамадская свядомасць, як паказала гісторыя, заўсёды адставала ад грамадскага быцця. Сёння ж яна адстала ўжо настолькі, што нават паўстала пытанне аб магчымасці небыцця.

У Невадзе, як і раней, ідуць выпрабаванні ядзернай зброі, у той час як чарнобыльская катастрофа, сведкам якой быў увесь свет, стала жорсткім папярэджаннем тым, каму падуладны не толькі ваенны, але і мірны "атамны джын".

Дарэчы, Амерыка як была, так і застаецца краінай кантрастаў. 3 аднаго боку, - ядзерныя выпрабаванні, індзейскае насельніцтва пакутуе ад радыеактыўнага забруджвання ў раёне Big Mountain (там знаходзяцца велізарныя залежы ўранавай руды), з другога, як нейкі дысананс, - безліч ветраных млыноў, устаноўленых высока ў гарах. Тады падумалася - можа гэта і ёсць простае і самае разумнае выйсце з тупіка, у які загнаў сябе чалавек? Натуральная энергія сонца і ветру - што можа быць больш танным і менш шкодным? Прырода, яна і помсціць умее, як след, калі яе "гвалцяць", страціўшы розум, але і адорвае шчодра, калі не ісці супраць яе законаў.

Аднак вернемся да будняў нашага паходу, які, насуперак нашым спадзяванням, аказаўся даволі сур'ёзным выпрабаваннем на стойкасць. А калі дадаць, што побач ідуць і чатырохгадовыя дзеці, і людзі сямідзесяцігадовага ўзросту, то гаварыць аб адных хвілінах наіўнага замілавання ўбачаным і пачутым (не толькі ж сумныя карціны праходзяць перад вачыма) і зусім не варта. Прачынаемся мы ў 6 гадзін раніцы, здымаем палаткі, снедаем. Між іншым, у лагеры - усе вегетарыянцы. Ні мяса, ні солі, ні цукру ніхто не ўжывае. Толькі садавіна, гародніна, хлеб, мёд, арэхі. Спачатку было, праўда, цяжкавата. А потым - нічога, прывыклі (гэта я пра сябе і сваю дачку).

Звычайна ў дзень група адольвае ад 15 да 26 міль. Цяпер асабліва цяжка. Пустыня, пясок, спякота. Гэты маршрут - штаты Арызона і Нью-Мексіка - прадоўжыцца да сярэдзіны траўня.

Уся работа па дарозе і на стаянках арганізуецца на добраахвотнай аснове, кожны можа стаць лідарам, але афіцыйны, вядома, ёсць. Гэта Джаан Боўкер з Карнэльскага ўніверсітэта, штата Нью-Ёрк.

У штаце Арызона да нас далучыліся індзейцы, і цяпер яны кожную раніцу і кожны вечар спраўляюць сваю малітву, робяць абрад акурвання. Вельмі своеасаблівыя людзі, моцна-намоцна звязаныя з прыродай і зямлёй. На маршруце мы наведваем самыя розныя рэзервацыі карэннага насельніцтва Амерыкі.

Звычайна да месца прызначэння мы дабіраемся ў 16-17 гадзін. 3-за таго, што цямнее вельмі рана, няма магчымасці ні чытаць, ні пісаць. Таму калі вельмі стаміліся, кладземся адпачываць, калі не - сядзем ля кастра і спяваем. Калі ж прыходзім у буйныя гарады, пачынаюцца мітынгі, сустрэчы. Савецкую групу запрашаюць у сем'і, дзе прымаюць вельмі шчыра - амерыканцы наогул славяцца сваёй гасціннасцю. А ў Феніксе нават бясплатна лячылі зубы.

Дарэчы, паход (альбо акцыя) існуе на сродкі ад добраахвотных ахвяраванняў. Людзі або ўносяць грошы, або аказваюць розныя медыцынскія паслугі - зразумела, бясплатна, як, напрыклад, дантыст, што лячыў групу з СССР.

...Наперадзе - не адзін дзясятак дзён падарожжа па Амерыцы. Хтосьці дойдзе да канца, хтосьці - толькі некаторую частку маршруту пройдзе. I не ў тым справа. Няхай той маленькай людской суполцы, якая пачала сваё існаванне на ўзбярэжжы Ціхага Акіяна, на шляху да канчатковага геаграфічнага пункта пашчасціць наблізіцца і да ўсведамлення таго, навошта мы дыхаем адным паветрам, спяваем адны песні, смуткуем, радуемся, чаму забываемся на адных і з радасцю ўпускаем у сэрца другіх. Бо толькі тады, калі мы здолеем зразумець прызначэнне зямнога чалавечага шляху, прырода нам дасць апошні шанец - шанец выжыць.

------------

Па просьбе аўтара ганарар за публікацыю будзе пералічаны ў фонд пацярпеўшых ад чарнобыльскай аварыі".

ШАСТАКОВІЧ Дзмітрый - прадзед з Шэметава Мядзельскага раёна.

У 1927 г. Дзмітрый напісаў уверцюру і іншыя дадатковыя нумары (антракт і заключэнне) да сатырычнай оперы нямецкага кампазітара Эрвіна Дрэселя "Бедны Калумб". Спектакль быў паказаны ў Малым оперным тэатры 9.03.1928 г. (пад назвай "Калумб"; прэм'ера ў Каселі, Штатстэатэр - 19.02.1928 г.). Рукапісы гэтых п'ес для аркестра былі знойдзены і апублікаваны, уверцюра запісаная на грампласцінцы пасля смерці кампазітара ("З рукапісаў розных гадоў").

Пасля таго як вясной 1937 г. Шастаковіч пачаў выкладаць у Ленінградскай кансерваторыі па класе кампазіцыі, адзін з яго вучняў, І. Болдыраў, напісаў кантату "Спеў аб Гаяваце" (паводле рукапісу А. Яўлахава "Клас кампазіцыі Д. Д. Шастаковіча").

Трагедыя савецкага народа пачуццёва праз Сёмаю сімфонію Шастаковіча даходзіла і да індзейцаў. Восенню 1943 г. пасол СССР у Мексіцы К. А. Уманскі ўрачыста ўручыў партытуры сімфоніі знакамітаму мексіканскаму кампазітару Карласу Чавесу (маці напалову індыянка), вядомага балетамі "Новы агонь", "Чатыры сонцы", "Індзейскай сімфоніяй", "Xochipili Macuilxoxhitl" на сюжэты і з выкарыстаннем індзейскіх, галоўным чынам ацтэкскіх, гісторыі і музыкі.

У 1977 г. Шастаковіча сярод самых вядомых у свеце прадстаўнікоў культуры Савецкага Саюза называў "пасол-індзеец" К. Сапата Вела ў артыкуле "Уплыў Кастрычніцкай рэвалюцыі на сусветную культуру".

У 1960 г. у СССР прыехала Іма Сумак - яна была метыскай з Перу (давяраемся ў гэтым сцвярджэнні яе цёзцы з Дэвіса, індзеяністцы Саіле С. Мендоса), але яе вобраз быў сфарміраваны ў Галівудзе і ў такім выглядзе падтрыманы ўрадам Перу (паходжанне ад імператара Атаўальпы). Яе эксплуатацыя індзейскай "эстэтыкі" для паспяховай кар'еры нагадвае гісторыю К. Кастанеды і прэтэнзію С. Суплатовіча (Сат-Ока) паходзіць не проста ад індзейца, а ад аднаго з самых славутых правадыроў - Тэкумсе: спачатку ў яе верылі, потым яна здавалася прыгожай літаратурнай фантазіяй-містыфікацыяй, а потым адкрыліся і непрывабныя бакі асобы "нашчадка індзейскага правадыра" (значна менш паспяховым містыфікатарам свайго індзейскага паходжання быў мінчанін Карлас Шэрман).

Што яшчэ "проста прыдумалі", на гэты раз "у Расіі", для ўзвышэння "інкскай прынцэсы", няхай здагадваецца сам чытач (цытата з сайта да сёлетняга стагоддзя Імы Сумак www.yma-sumac.com): "Тур мае велізарны поспех, і Сумак падарожнічае на прыватным самалёце. Яна спявае "Падмаскоўныя вечары" па-руску, а героі вайны зрываюць з сябе медалі і кідаюць ёй пад ногі. Яна глыбока кранутая гэтым жэстам. Яна выступае ў 40 гарадах Расіі, у тым ліку ў Доме оперы Чайкоўскага, дзе пры яе выкліку пад заслону гледачы выпускаюць белых галубоў. Яна дае там 10 канцэртаў і запаўняе 12000 месцаў кожны вечар. Яе прадстаўляюць Мікіту Хрушчову, а на спектаклі прысутнічаюць вядомыя кампазітары Дзмітрый Шастаковіч і Арам Хачатуран". Іма Сумак была з захапленнем прынята і ў Менску.

Літ.: 10309 Карлос Кастанеда / авт.-сост.: А. А. Грицанов, В. Л. Абушенко, О. А. Грицанов. Минск, 2009. (Тайны Посвященных) (Кніга падрыхтаваная сур'ёзнымі сацыёлагамі, філосафамі. Немагчыма паверыць!); 12216 Сапата Вела К. Влияние Октябрьской революции на мировую культуру // Известия. 1977. 15 февр.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Такса ў плоце

Інга Вінарская

(Аповесць)

1

- Нюх-нюх... Нюх... Фы-фы... Нюх-нюх... Фы-фы... Пчхі!..

- Алік, Алік, дзе ты? Хадзі сюды, хлопчык мой, дам смачненькага!..

Паміж кустоў буйна квітнеючых светла-ружовых півоняў прасоўваецца сабачая галава з выцягнутай наперад цёмнай, амаль чорнай, пысай. Потым паказваецца дастаткова доўгае цёмна-карычневае з чорным падпалам тулава, падобнае на сардэльку-грыль і па форме, і па колеры, - на кароткіх, трохі крывых лапах. Карціну завяршае тонкі, сярэдняга памеру чорны хвост, - нібы ў нейкага пацука ці нутрыі.

- Алік, ну, дзе ты хаваешся? - пытаецца мілавідная пухленькая брунэтка з кароткімі цёмнымі кучаравінкамі на галаве і "фарфоравым" тварыкам.

Жанчына гэтая трохі падобная на ляльку: ружовыя шчочкі, чырвоныя губкі, блакітныя вочкі з доўгімі густымі чорнымі вейкамі. Апранута брунэтачка ў лёгкі летні кароткі халацік, з-пад якога выглядаюць трохі паўнаватыя, але прывабныя ножкі, абутыя ў адкрытыя празрыстыя пантофлі. Яна крыху нахіляецца і гладзіць па галаве вылезшага з-пад кустоў півоняў сабаку.

Карычневыя, з белымі бялкамі, дастаткова вялікія вочы Аліка паварочваюцца ўправа-улева, а потым уважліва глядзяць на гаспадыню. Ягоныя, скругленыя зверху, вісячыя вушы трохі варушацца. "Не, канешне, яна - дурніца, - думае Алік, - але ж такая прыгожая..." І ён пакорліва ідзе ў хату следам за сваёй гаспадыняй, каб паглядзець, што яна прыгатавала для яго паснедаць. А там ён яшчэ падумае, ці будзе ён есці тое, што яму прапануюць...

Алік - такса, прычым з радаслоўнай, з перамогамі на розных выставах ды конкурсах, нават міжнародных. Ён - шматразовы чэмпіён сваёй пароды. Вельмі дарагі сабака. Адзін з Алікавых медалёў - з чыстага золата, між іншым, - вісіць, нібы медальён, на ягонай шыі. І калі дакладней, то не на самой шыі, а на тонкім ціснёным ашыйніку, які зроблены з добрай натуральнай скуры. Ашыйнік той мае чып, у якім змешчаны дадзеныя пра сабаку Аліка, ягоную гаспадыню і іх месца жыхарства...

Жывуць жа яны ў прыватным двухпавярховым доме ў прыгарадзе сталіцы. У іх ёсць сад з пладовымі дрэвамі, вялікі кветнік перад домам, прыгожая альтанка. І ўся гэтая іх тэрыторыя абгароджаная каваным ажурным плотам...

2

Лета, дымнае, маркотнае, цёплае лета, - а дакладней, яго пачатак... Чэрвень... Квітнеючыя півоні, рамонкі, пляцістыя ружы розных колераў, што абвіваюць альтанку і ўваход у дом, маргарыткі, пятуніі, прымулы, мацыёлы, духмяны тутунь... О, колькі пахаў даюць гэтыя кветкі і днём, і нават - некаторыя - ноччу!..

Гаспадыня Аліка, гэтая мілавідная пухленькая брунэтка, вельмі любіць кветкі, таму іх у яе многа пасаджана перад домам. А вось градкі яна не вельмі паважае - не хоча з гароднінай корпацца, бо тую ж можна і ў краме купіць ці ў суседскіх цётачак-бабулечак... Грошай жа хапае. Але за домам ёсць пладовыя дрэвы і ягадныя кусты, якія штогод даюць няблагі ўраджай садавіны. Галандскую ж траўку за домам, што расце на дастаткова вялікім кавалку тэрыторыі, перыядычна роўненька падстрыгае спецыяльна наняты чалавек. Дык вось, на гэтай самай траўцы летам з'яўляюцца вялізны цыратавы парасон, арэлі, столік, крэселкі, а таксама драўляны шазлонг. Гаспадыня Аліка перыядычна там адпачывае - на свежым паветры. Гушкаючыся на арэлях ці седзячы за столікам пад парасонам, яна любіць паразмаўляць праз свой нятанны вялікі смартфон з сяброўкамі ды сваякамі, часцяком ужываючы відэасувязь. А пры наяўнасці адпаведнага надвор'я жанчына гэтая нават загарае, прылегшы на шэзлонг. Вось так.

Дарэчы, пра грошы. Іх у гаспадыні Аліка насамрэч шмат, таму што ёсць у яе багаты каханак - высокапа-стаўлены чыноўнік. Шыкоўны двухпавярховы дом у прыгарадзе сталіцы, новенькае аўто перад домам - усё гэта дарагуткія ягоныя падарункі. І - нават сабака...

3

Так, Алік таксама падарунак чыноўніка сваёй каханцы, прычым, таксама нятанны. Недзе гадоў пяць таму мужчына гэты быў у камандзіроўцы ў Германіі. Там паміж іншымі справамі наведаў пітомнік, дзе разводзілі таксаў (знаёмыя туды завезлі), і набыў там шчанюка з радаслоўнай - у падарунак для сваёй каханкі. Чыноўнік быў жанаты, меў дзяцей, дом, таму ў палюбоўніцы бываў па магчымасці, а каб тая не сумавала без яго, набыў ёй маленькага"таксюка" - для кампаніі. Жанчына падарунку ўзрадавалася і назвала сабаку Алікам.

Між іншым, нездарма пародзісты шчанюк прыехаў менавіта з Германіі: з гэтай краіны і паходзіць парода таксаў, і вядомая там яна яшчэ з XVI стагоддзя. У Нямеччыне сабак гэтай пароды яшчэ называюць барсучынымі, бо выкарыстоўваліся яны на паляваннях для пераследу і загону барсукоў і іншых норных жывёлаў... Сучасныя ж рысы гэтая парода норных сабак займела напрыканцы XVIІІ стагоддзя. Вось вам і Алік - якія гістарычныя карані!..

4

Жыццё "таксюка" Аліка працякала размерана і, можна сказаць, усё ў гэтым жыцці было на высокім узроўні - згодна кошту і сабакі, і ягонай радаслоўнай. Як гэта кажуць, усё "па ранжыры": рэгулярныя візіты ў дарагую ветэрынарную клініку (за здароўем трэба сачыць) і ў салон прыгажосці, пяцьшэсць разоў на год - міжнародныя сабачыя выставы ды спаборніцтвы, дзе Алік заўсёды заваёўваў медалі і розныя іншыя ўзнагароды. Карміла гаспадыня свайго "таксюка" вельмі добра: элітнымі сабачымі кармамі ды іншымі смачнасцямі. А яшчэ ў Аліка была амаль такая ж пародзістая сяброўка - для "вязкі", - якую звалі Матыльда. З ёй "таксюк" раз-пораз меў сустрэчы - пад наглядам абодвух іхніх гаспадароў, канешне...

Усё б нічога, але Аліку перыядычна станавілася сумна: нічога дзіўнага, бо таксы - вельмі актыўныя сабакі з незалежным поглядам на жыццё. Таму Аліку час ад часу хацелася свабоды, прычым сапраўднай, і ён уцякаў з дому, каб пашвэндацца па ваколіцы ды вольным свежым паветрам падыхаць. Узнікае заканамернае пытанне: як жа яму гэта ўдавалася? А вельмі проста. Таксы ж паляўнічыя сабакі. У іх хоць і кароткія, але вельмі моцныя лапы, і вострыя кіпцюры. І гэтымі лапамі таксы могуць пракапаць лаз глыбінёй да паўметра. Вось такія лазы перыядычна і пракопваў Алік пад плотам сваёй гаспадыні, бо плот гэты бетоннага падмурку не меў. Ён быў каваны, ажурны і вельмі прыгожы. Складаўся з секцый у аднолькавага памеру рамах, а секцыі тыя былі прывараныя да чыгунных труб, укапаных у зямлю і замацаваных у ёй. Дык вось, пад абранай секцыяй гэтага плоту Аліку было не вельмі складана было пракапаць лаз і ўцячы на волю.

Зразумеўшы, што яе сабака ў чарговы раз уцёк, гаспадыня Аліка нервавалася, бегала па вузкіх вулачках сталічнага прыгарада і клікала свайго ўцекача. І Алік, крыху пабегаўшы-пагуляўшы, заўсёды вяртаўся. Палюбоўнік раіў сваёй каханцы перарабіць плот: зрабіць пад секцыямі бетонны падмурак, - і нават выдзяляў пад гэта грошы. Але жанчына грошы гэтыя звычайна, нейк незаўважна для самой сябе, спускала, а сабака яе праз нейкі час чарговы раз уцякаў. А яна ізноў бегала яго клікаць ды шукаць...

5

І вось новае лета ў сталічным прыгарадзе. Буйнасць кветак і ўсёй гэтай духмянай прыгажосці... Нанюхаўшыся півоняў, рамонкаў, маргарытак і яшчэ шмат чаго, Алік пайшоў у дом паснедаць, калі яго паклікала гаспадыня. "Не пасквапілася: усяго многа і ўсё смачна", - падумаў ён. Падсілкаваўшыся, сабака ізноў вярнуўся ў двор. У вялізным кветніку перад домам ён знайшоў куточак, дзе можна было паляжаць на сонейку і падрамаць. Раптам на чорны скураны сабачы нос прысеў матылёк і пачаў памахваць крыламі. Алік ад нечаканасці ажно вочы расплюшчыў. Потым скасіў іх на матылька і ціхенька забурчаў. Матыль імгненна ўзвіўся і пераляцеў цераз каваны ажурны плот. Аліку стала не да сну...

У доме, дзе былі адчыненыя дзверы на ганак, пачуўся тэлефонны званок.

- Ало! Ой, сястрычка, гэта ты?! Як я рада! - пачуўся голас гаспадыні Аліка, поўненькай брунэтачкі з "фарфораввым" тварыкам.

- Што? Сёння прыехаць з мужам і катом? Ну, канешне, можна! Я вячэру прыгатую. У альтанцы пасядзім - лета ж! Калі захочаце, то можаце ў мяне на ноч застацца ці яшчэ болей - месца ж хапае, дом вялікі. Буду рада. Так. Да сустрэчы! Цалую!..

І гаспадыня сабакі пабегла на кухню, каб пачаць рыхтаваць вячэру да прыезду гасцей. А гатаваць гэтая жанчына любіла і добра ўмела, да слова сказаць.

Тым часам у Аліка канчаткова знік увесь сон: перад вачыма стаяла карціна, як лёгкакрылы матыль пералятае цераз плот. І сабаку стала ад гэтага сумна, яму зноў захацелася свабоды... Алік пайшоў у бок плота і выбраў месца, дзе лаз будзе не такі заўважны: каля кустоў язміну. "Ах, які пах!.." - уздыхнуў сабака. Дастаткова хутка лаз быў гатовы. Алік лёгка выбраўся на вулачку, што праходзіла паміж участкамі, на якіх стаялі дамы, і радасна пабег па ёй - так, што доўгія вушы развяваліся на ветры...

6

"Галоўнае - не патрапіць у рукі да мясцовых дзяцей. Трэба весці сябе акуратна", - думаў Алік. Тут яму ўспомнілася гісторыя ягоных папярэдніх уцёкаў праз падкоп: кепска было, ледзь сумна ўсё не скончылася... У мінулы раз Аліка амаль адразу абкружыла на вулачцы кампанія мясцовых дзяцей на роварах рознага памеру. І дзеці, дарэчы, таксама былі рознага ўзросту: ад зусім малых да падлеткаў. Абкружыўшы сабаку, яны пачалі з яго здзеквацца, абражаць, хацелі нават зняць з шыі медальён. Алік спачатку зароў, а потым пачаў гучна гаўкаць (гэта таксы ўмеюць рабіць не горш за вялікіх сабак). Не дапамагло. Ад жаху і адчаю Алік з разгону ўпіўся сваімі зубамі ў нагу самаму вялікаму дзіцёнку. Той залемантаваў ад нечаканасці і болю, а потым зваліўся з ровара. Выкарыстаўшы момант, сабака хуценька ўцёк і здолеў схавацца ў кустах. Шакіраваная кампанія малагадовых бандытаў рэціравалася...

"Не, сёння дзяцей не бачна. Як добра!.." - думаў Алік і бег далей. Вось ужо і апошні дом перад асфальтаванай шашой. Ускраек прыгарада. Сабака прыпыніўся: трэба вяртацца. Але хто гэта? Да крайняга перад дарогай дома пад'ехаў на ровары прывабны сівы мужчына спартовага целаскладу. За ім бег нейкі сабака.

- Ася, пообач! - загадаў мужчына сваёй кампаньёнцы (як аказалася, гэта была "яна"), а сам пачаў адчыняць браму ў бетонным, у чалавечы рост, плоце.

Алік знаходзіўся трохі паводдаль, на іншым баку мясцовай дарогі: сядзеў, прытаіўшыся сярод высокай травы і дзікіх кветак, росшых каля нечага драўлянага паркана.

"Таксюк" пачаў разглядаць незнаёмку: "Прыгожая... Высокія стройныя лапы. Хвост абаранкам. Кароткая светлая поўсць на сонцы нібыта іскрыцца. Чорная невялічкая пысачка, сярэдняга памеру скругленыя цёмныя вушкі, амаль чорныя разумныя вочы..." "Вельмі прыгожая..." - зрабіў выснову Алік. У нейкі момант, нават сам не заўважыўшы, як, ён вылез са свайго сховішча паміж высокай травы і кветак, выцягнуў шыю - так, што сталі бачныя дзве доўгія жылы па яе баках, і прысеў на сваіх, і так кароткіх, лапах. Пашча сабакі трохі адкрылася, сталі бачныя белыя моцныя зубы, а ружовы язык звесіўся на бок. Алік задыхаў часцей... Незнаёмка заўважыла яго і пачала аглядаць, паварочваючы сваёй мілавіднай галоўкай то ўправа, то ўлева... Што тычыцца Асінага гаспадара, то ён працягваў корпацца з замком сваёй брамы, які чамусьці ніяк не хацеў адмыкацца...

7

- Пятровіч, здароў!

Алік ажно ўздрыгануўся ад нечаканасці. Насупраць яго - праз дарогу - каля сетчатага плота стаяла высокая хударлявая жанчына ў лінялай сукенцы даўжынёй амаль да зямлі, доўгія валасы былі падвязаны хусткай. Яна ледзь чутна падышла з іншага, ад дому прыехаўшага мужчыны, боку. Алік зноў схаваўся паміж травы і кветак.

- О, Ганна, прывітанне! - адказаў гаспадар Асі. - Ты адкуль?

- Ды вось, да Машы хадзіла, ты ж яе ведаеш.

- Канешне. Як яна?

- Ды, усё добра з большага... Нешта ты доўга з замком корпаешся. Заржавеў ён у цябе ці што?

- Напэўна. Змазаць трэба. Як Дэн, муж твой?

- Ды ў горад паехаў, у галерэю - наконт выставы сваіх карцін. Увечары вернецца.

- Перадавай ад мяне прывітанне.

- Добра.

- Ты, я бачу, зноў свой дом прадаеш? - тут Пятровіч паказаў рукой на шыльду, вісеўшую на Ганніным плоце, з надпісам "Прадам" і нумарам тэлефона.

- Ну, ты ж ведаеш, што ў мяне з правага боку не суседзі, а бандыты: там сапраўдная "блатхата"... Як "наедуць" чарговы раз, дык я шыльду пра продаж і вывешваю. Робіцца значна цішэй. А прадаць - наўрад ці. Гэта ж дом маіх памерлых бацькоў... Плюс яшчэ тая гісторыя з бярозай, што за домам сама вырасла... Ты ж бачыў: шэсць ствалоў з аднаго кораня... А ў мяне на гарадскіх могілках - шэсць магіл маіх памерлых блізкіх... Лічы, гэта іхняя бяроза - шасціствольная. Душы іх туды прылятаюць - павер'е ж такое ёсць...

- Ой, Ганна-Ганна... Не была б то пісьменніца... Містыка, і толькі... Я ў гэта не веру.

Тут Пятровіч нарэшце справіўся з замком сваёй брамы. Узяўшы ровар за стырно, пакаціў яго ў двор.

- Ася, за мной! - скамандаваў ён сваёй сяброўцы, і тая паслухмяна пайшла за сваім гаспадаром...

Алік яшчэ нейкі час прасядзеў, схаваўшыся паміж травы і кветак каля паркану. Незнаёмка з доўгімі лапамі не выходзіла ў яго з галавы. "Хаця, якая ж яна незнаёмка? Яе завуць Ася..." - падумаў сабака. "А-а-а-ся-я-я... - прыжмурыў вочы Алік. - Але ж трэба вяртацца дамоў, пакуль гаспадыня мяне не хапілася і не пачала крычаць на ўвесь свет". І сабака пакорліва патрусіў да сваёй хаты...

8

Вось ужо і знаёмы ажурны каваны плот - з кветачкамі, лісцікамі ды рознымі іншымі завітушкамі. Гаспадыня Аліка вельмі тым плотам ганарылася, бо быў ён не толькі вельмі дарагім, але ж і вельмі прыгожым...

Алік падбег да месца, дзе нядаўна пракапаў лаз. Усё было на месцы, і сабака лёгка нырнуў у свой невялічкі тунэль. "Добра, што мяне дагэтуль не хапіліся," - падумаў Алік. Ягоная гаспадыня завіхалася на кухні. Адтуль праз расчыненыя вокны і дзверы даносіліся смачныя пахі і было чуваць, як перыядычна бразгаюць то каструлі, то патэльні, то іншы посуд. Пухленькая прывабная брунэтачка вельмі адказна рыхтавалася да прыезду гасцей.

Алік пайшоў да сваіх любімых півоняў, панюхаў іх, потым прылёг паміж кустоў тых кветак і неўзабаве заснуў... Прачнуўся ён ужо тады, калі прыбылі госці. Яны шумна віталіся з гаспадыняй, абдымаліся, цалаваліся. Прыехалі не адны: захапілі з сабой свайго ката Маркіза - вялікую махнатую жывёліну персідскай пароды.

Вечарэла... Гаспадыня запаліла агеньчыкі ў альтанцы, і з'явілася ўражанне, што ўся яна нібыта абсыпаная прыгожымі маленькімі зорачкамі, якія ззялюць роўным светла-жоўтым святлом. У кветніку і па баках дарожкі, якая вяла да ўваходу ў дом, пачалі свяціцца невялічкія ліхтарыкі, што былі ўтыркнутыя ў зямлю. Вельмі прыгожа... Запахлі мацыёлы і духмяны тытунь - кветкі, якія свае лепшыя і, дарэчы, дастаткова моцныя і прыгожыя пахі дораць менвіта ўвечары і ноччу.

Сястра гаспадыні дапамагла той накрыць стол у альтанцы. Усе нарэшце расселіся. Маркіз забраўся на лаву, прыстроіўшыся побач са сваімі гаспадарамі.

- А дзе ж твой Алік? - спыталі госці.

- Ды, недзе дрыхне паміж кустоў кветак, напэўна. Нанюхаўся ды спіць. Ён у мяне вельмі любіць кветкі, як і я. Зараз паклічу.

І яна пазвала голасна:

- Алік! Алік! Хлопчык мой, дзе ты? Хадзі сюды!.

Сабака ўжо даўно не спаў, назіраючы з кветніка за тым, што адбываецца ў двары іхняга дома. Але і не выходзіў. Ну, а цяпер, раз ужо паклікалі...

- О, хадзі да нас, я табе смачненькага дам! - узрадавалася гаспадыня, пабачыўшы свайго сабаку.

Алік падыйшоў да альтанкі. Кот Маркіз адразу зашыпеў на сабаку. Алік зарычэў на ката і пару разоў гаўкнуў. Нібыта, павіталіся.

- Хлопцы, ну, што вы, не сварыцеся! - усклікнула брунэтачка з фарфоравым тварыкам. - Алік, ідзі да мяне! А ты, Маркіз, сядзі, дзе сядзіш.

Алік узлез на лаву і прымасціўся побач са сваёй гаспадыняй. Маркіз знаходзіўся праз стол насупраць - на лаве побач са сваімі гаспадарамі. Кот і сабака нядобра пазіралі адзін на аднаго, але ж у перапалку больш не ўступалі.

Стол ламаўся ад страваў. Чаго там толькі ні было: закускі, салаты, гарачае, прыгожа нарэзаныя садавіна і гародніна. А напояў! Пі - не хачу. Гучалі тосты, стукалі адзін аб аднаго бакалы, сталовыя прыборы супрацоўнічалі з талеркамі, якія ўвесь час папаўняліся рознымі стравамі ды прысмакамі...

- А што твой хахаль? - праз нейкі прамежак часу спытала ў гаспадыні яе падпіўшая сястра.

- Што-што... Як звычайна ўсё ў яго: паседжанні, камандзіроўкі, сям'я, дарослыя дзеці... Чыноўнік як чыноўнік.

- Жаніцца, значыць, не збіраецца?

- Не, не хоча маёмасць з жонкай дзяліць. Плюс дзеці. Ды і кар'еру псаваць разводам не жадае.

- Кінула б ты яго ды замуж выйшла.

- Ведаеш, сястрыца, я пра гэта думала ўжо. Да таго ж, хачу яшчэ дзетак паспець нарадзіць. Мой жа каханачак дзяцей ад мяне не хоча, бо ў яго свае ёсць.

- Дык кідай яго і жыццё сваё ўладкоўвай.

- Я ў працэсе. У мяне нават мужчына ўжо на прыкмеце ёсць - гаспадар Матыльды, сяброўкі Аліка. Ён удавец і, дарэчы, даўно мне знакі ўвагі аказвае. Нябедны, дарэчы.

- Ну, каб усё ў цябе ўладкавалася! - сказаў тост муж сястры гаспадыні.

Пачуўся звон бакалаў, а потым сталовыя прыборы ізноў запрацавалі ў талерках.

- Слухай, сястрычка, а як там Міжнародная выстава, на якую вы ездзілі з Маркізам? Мо нейкія вынікі ёсць? - задала пытанне брунэтачка.

- Ой, што ты, суцэльнае расчараванне. Дайшлі мы да фіналу ў галоўнай намінацыі: "Самы прыгожы прадстаўнік пароды". І Маркіз наш так усім падабаўся, так яму пляскалі... Разам з ім у фінале былі яшчэ бенгал і сіямец - маладыя каты. А Маркізу ж ужо дзесяць год... Ну, ты ж ведаеш тыя выставы ды конкурсы: да кожнай жывёліны падыходзяць суддзі, гладзяць, ацэньваюць параметры пароды, нейкія яшчэ іспыты робяць. Дык вось, усё было добра, пакуль да Маркіза не падышла суддзя з Малдовы. Глядзела-глядзела на яго, гладзіла, а потым незаўважна сціснула Маркізу яйкі - я ж бачыла гэта!.. Маркіз, канеше, збясіўся, зашыпеў. Каму ж такое спадабаецца, калі твае яйкі ціскаюць!.. І ўсё - трэцяе месца. А перамог малады бенгальскі кот.

- Думаю, што гэта карупцыя. Праплацілі за таго бенгала, - сказала гаспадыня.

- Я таксама так думаю, - адказала ёй сястра. - Чула, што ў гаспадароў таго ката - пітомнік па развядзенні бенгалаў. Вось і далі хабар, каб узяць першае месца на выставе. Потым жа кацяняты будуць даражэй прадавацца...

- Што ж, жанчынкі, давайце вып'ем за братоў нашых меншых і за нашу да іх любоў, - падаў тост сястрын муж, каб неяк разрадзіць абстаноўку.

Чарговы раз выпілі, потым закусілі.

- Слухай, сваячка, - зноў уступіў у размову муж сястры нашай брунэтачкі. - Мы да цябе сюды заязджалі з боку шашы. Па тваёй вуліцы, другі з ускрайку, дом стары стаіць, там яшчэ плот такі сетчаты.

- А-а-а, ведаю. Надта творчыя асобы там жывуць: Ганна - паэтка кудлатая, ды муж яе - такі ж касматы, толькі мастак. Кошкі ды каты яшчэ - разам з імі.

- Я бачыў там шыльду "Прадам". Ты б даведалася, колькі хочуць. Можа, суседзямі б з табой сталі. А то што ў нас - толькі гарадская кватэра.

- Ды не прадасць Ганна ніколі бацькоўскі дом. Кошт наўмысна завышаны выстаўляе, каб не купіў ніхто. Гэта яна так ад суседзяў-бандытаў адбіваецца, што надта хочуць іх з мужам адсюль выжыць - не падабаюцца яны ім...

Праз паўзу брунэтачка працягвала:

- Ганна... У яе ж усё праз пачуцці - ніякага розуму. Таму і дом не ў самым лепшым стане. У Ганну б тую крыху грошай укласці, - заззяла б, што зорка. Прыгожая ж жанчына. Дык не, жыве з гэтым жабраком мастаком. А колькі мужчын багатых вакол яе завіхалася! І нават зараз яшчэ не супакоіліся, хаця ў Ганны і ўзрост ужо немалы...

- Ну, творчыя людзі - гэта асобны сусвет... - у задуменні сказала сястра гаспадыні.

Муж яе ізноў пацягнуўся па напоі і пачаў іх разліваць па бакалах...

Застолле ў ззяючай агнямі альтанцы працягвалася да глыбокай ночы. І Алік, і Маркіз напрыканцы ўжо моцна спалі - на лавах побач са сваім гаспадарамі. Потым іх абодвух, нібыта дзяцей, акуратна перанеслі ў дом і там паклалі спаць. Нічога дзіўнага: да пародзістых жывёлінаў і стаўленне адпаведнае. Пасля і ўся падпіўшая кампанія сваякоў разбрылася па пакоях - на адпачынак...

9

На наступны дзень прачнуліся ўсе людзі ў доме позна - бліжэй да абеду... Маркіз і Алік папрачыналіся раней і зноў "павіталіся" адзін з адным: кот - шыпеннем, сабака - бурчаннем.

Прывёўшы сябе ў парадак і добра паснедаўшы, сястра гаспадыні дома разам з мужам і катом Маркізам паехала дахаты. Пухленькая брунэтачка ізноў засталася ў кампаніі толькі свайго любімага "таксюка" Аліка. "Трэба нешта з гэтым рабіць... - падумала яна. - Усё. Вырашана. Развітаюся са сваім каханкам і выйду, нарэшце, замуж. Трэба ж жыццё ўладкоўваць, пакуль яшчэ не стала зусім позна..." І - пайшла трошкі паляжаць-адпачыць пасля абеду...

Тым часам з галавы Аліка не выходзіла ўчарашняя выпадковая сустрэча з Асяй і яе гаспадаром. "Ох, якая ж яна прыгажуня!.. - думаў Алік пра Асю, ходзячы па вялікім кветніку сваёй гаспадыні - паміж розных там кустоў ды кусцікаў. - Высокія лапы, светлая поўсць, разумныя ўдумлівыя вочы..." Паступова сабака зразумеў, што вельмі хоча пабачыць учарашнюю знаёмую. І ён зноў накіраваўся да каванага плоту - у тое месца, дзе быў ягоны ўчарашні лаз, надзейна схаваны пад кустом язміну. Не доўга думаючы, Алік нырнуў пад плот, і вось ужо пабег па вузкай вулачцы ў накірунку апошняга перад шашой дома... Трохі не дабегшы да яго, ізноў схаваўся там жа, дзе і ўчора, - сярод высокай травы і дзікіх кветак. Пачаў назіраць. Ніякага руху. Нікога няма... Пасядзеў яшчэ нейкі кавалак часу. Ізноў нікога... "Трэба рабіць падкоп..." - вырашыў нарэшце Алік і пабег да плоту Пятровіча і Асі.

Тут яго чакала расчараванне: бетонны плот меў яшчэ і бетонны падмурак - углыбіню. А пад брамай была зацэменваная пляцоўка, яшчэ і з каменчыкамі. Нідзе не падкапаеш і не падлезеш... Што ж рабіць? Бегаючы туды-сюды, Алік заўважыў, што суседскі ўчастак, дзе быў сетчаты паркан з вуліцы, унутры меў толькі нізенькі штыкетнік з боку ўчастка Пятровіча, гаспадара Асі. "А калі зрабіць падкоп пад той сеткай? - асяніла думка Аліка. - Тады я праз суседзяў дабяруся туды, дзе жыве Ася!" Сабака хутка падбег бліжэй да сетчатага плоту, каб зрабіць пад ім падкоп, і прыняўся за справу. Але ж сетка-рабіца ўнізе мае загнутыя завіткі, і за адзін з іх Алік падчас рыцця падкопу раптам зачапіўся ашыйнікам і засеў... Ён пачаў намагацца вызваліцца - не атрымоўвалася. Спрабаваў яшчэ і яшчэ - нічога... Алік толькі мацней засядаў у плоце, прычым ашыйнік ягоны нацягнуўся ўжо дастаткова моцна - так, што сабаку стала цяжка дыхаць. Алік спалохаўся і заскуголіў, што было голасу...

10

Хвілін праз пяць гэтага сабачага ляманту дзверы старога дома адчыніліся, і з іх выйшла Ганна - суседка Пятровіча.

- Што гэта за гукі? Што тут здарылася? - уголас спытала яна.

І тут заўважыла "таксюка", засеўшага ў сваім сетчатым плоце. Наблізілася. Алік ад жаху прыціснуўся да зямлі, заплюшчыў вочы і нават перастаў скуголіць.

- І хто гэта тут у нас? - спытала жанчына. - А, бедалага, ты зачапіўся ашыйнікам, - звярнулася яна да Аліка.

- Не бойся, зараз я табе дапамагу! - яна трохі пагладзіла праз сетку сваімі тонкімі пальцамі шаўковую галаву Аліка і пайшла назад у дом.

Вярнулася Ганна ўжо з нажніцамі, каб перарэзаць ашыйнік сабакі і вызваліць яго. Але ж, нагнуўшыся, пры бліжэйшым разгляданні заўважыла, што ашыйнік дарагі ды яшчэ з нейкім медалём. "Не, такі рэзаць шкада," - вырашыла жанчына. Прысела на кукішкі і, паглажваючы "таксюка" пальцамі праз сетку плоту, пачала намагацца адчапіць ягоны ашыйнік. Трохі павошкалася, але ўсё ж такі вызваліла.

- Ну ўсё, бяжы, ты свабодны! - сказала Ганна Аліку.

Ён радасна гаўкнуў і пабег, але раптам развярнуўся і зноў прадстаў перад жанчынай.

- Гаў! - і паказаў пысай у бок Ганнінай брамы. - Гаў-гаў!..

- Што? Ты хочаш зайсці? - спытала жанчына.

- Гаў-гаў-гаў!!! - адказаў Алік.

- Ладна, - і Ганна адчыніла браму.

Сабака радасна забег і, не раздумваючы, паляцеў у бок участка Пятровіча.

- А-а-а... Ты да Асі. Я зразумела, - сказала жанчына. - Ну-ну, паспрабуй, - і пайшла паназіраць, чым справа скончыцца...

11

Алік, лёгка пераскочыўшы цераз нізенькі штыкетнік, уляцеў на ўчастак Пятровіча і амаль адразу ўбачыў Асю: яна сядзела на доўгім ланцугу каля сваёй будкі. Алік прыпыніўся і прысеў, гледзячы на даму свайго сэрца. Пашча ягоная ізноў міжволі раззявілася і збоку звесіўся ружовы язык. Ася паднялася на сваіх высокіх лапах і пачала разглядаць Аліка ў сваёй звычайнай манеры: паварочваючы мініяцюрную галоўку то ўправа, то ўлева...

Раптам з-за Асінай будкі паказаўся вялікі чорны сабака, грозна зарычэў на Аліка, потым пачаў гучна гаўкаць і пайшоў у бок прысеўшага на лапах "таксюка". Гэта быў Палкан - страх мясцовага прыгарада...

Тут, канешне, узнікае заканамернае пытанне: "А як жа Палкан дабраўся да Асі?" Ды проста: пераскочыў цераз бетонны плот Пятровіча: каля двух метраў вышыні для такога вялікага сабакі - гэта ж не праблема. А куды ж глядзеў Асін гаспадар? Ды нікуды, бо спаў п'яны ў сваім маленькім доміку. І не да сабачых разборак яму... Канешне, бо галоўным у жыцці гэтага мужчыны быў алкаголь...

І вось Палкан з рыкам і брэхам пайшоў на Аліка. "Таксюк" вырашыў ратаваць скуру: падхапіўся, і - подбегам... Хутка пераскочыў праз нізенькі штыкетнічак, а потым схаваўся за спадніцу стаяўшай непадалёк Ганны. Цяпер чорны сабака насоўваўся ўжо на жанчыну. Ганна грозна паглядзела на яго, а потым стальным голасам гучна загадала:

- Палкан, фу! Месца!

Сабака прыпыніўся, а потым і ўвогуле павярнуў назад...

Алік вылез з-за спадніцы Ганны і з удзячнасцю паглядзеў ёй у вочы, ажно прыўстаўшы на задніх лапах.

- Што, спужаўся? - спытала яна. - Ідзі ўжо дахаты. Хадзем, выпушчу цябе...

І яны накіраваліся ў бок Ганнінай брамы.

- Алік! Алік! Хлопчык мой! Дзе ты? Вярніся дахаты! - пачуўся раптам голас поўненькай брунэткі, Алікавай гаспадыні.

Яна хутка ішла па вулачцы, амаль бегла. Заўважыўшы Ганну, прывіталася і запытала ў яе:

- Вы не бачылі часам майго Аліка? Зноў, зараза, падкоп пад плотам зрабіў ды ўцёк некуды.

- Ды тут ён, - адказала Ганна. - У госці заходзіў. Зараз выпушчу яго да Вас.

Радасці брунэтачкі не было межаў. Пабачыўшы Аліка, яна падхапіла яго на рукі і пацалавала ў лоб.

- Ну, навошта ты ізноў уцёк? - спытала жанчына свайго сабаку. - Усё, з мяне хопіць. Заўтра ж патэлефаную будаўнікам і закажу зрабіць бетонны падмурак пад маім плотам, каб ты больш нікуды не бегаў, хлопчык мой маленькі! - і яна яшчэ раз пацалавала Аліка, цяпер ужо некуды ў вуха.

Ганна з замілаваннем глядзела на гэтую карціну. "Гэта ж трэба: і ў багатых, аказваецца, таксама бываюць пачуцці!.." - здзіўлялася яна пра сябе.

Гаспадыня Аліка ў нейкі момант павярнулася да Ганны і сказала:

- Ведаеце, я вельмі люблю свайго сабачку.

- Дык гэта ж добра. Некага трэба любіць у гэтым жыцці!.. - адказала Ганна.

Яны ўсміхнуліся адна адной і разышліся...

"Каханне... Канешне... З яго ж усё пачынаецца..." - падумала Ганна, заходзячы ў свой стары, але такі дарагі сэрцу дом...

Вёска Збляны - скарбніца звычаяў і традыцый

20 кастрычніка важнай падзеяй у аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" стала адкрыццё выстаўкі "Вёска Збляны - калыска традыцыйнай культуры Лідчыны".

Вёска і хутар Збляны - гэта скарбніца звычаяў і традыцый, дзе захаваўся досвед пакаленняў і любоў да сваёй зямлі. Выстаўка распавядае пра асаблівасці ручнога ткацтва, яго гісторыю, працэс вытворчасці. Экспануюцца ўнікальныя калекцыі, разнастайныя па дэкоры, каларыце і тэхніцы выканання вырабы - ручнікі, абрусы, посцілкі, дываны. Асаблівая ўвага прысвечана самабытнаму народнаму касцюму жыхароў.

Выстаўка працуе з 20 кастрычніка да сярэдзіны снежня з аўторка па суботу з 8.30 да 17.30 у зале экспазіцый аддзела рамёстваў па вул. Савецкая, 12.

Дадатковая інфармацыя па тэлефоне: 8 (0154) 54-62-48.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX